Вярнуцца: 2015

№ 35 (1238)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1238), 2 верасня 2015 г.


Да Дня беларускага пісьменства

Святкаванне Дня беларускага пісьменства стане маштабным яркім дзействам, пляцоўкай для якога два дні - 5 і 6 верасня - будзе горад Шчучын Гарадзенскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Урачыстае адкрыццё свята ў XXII літаратурнай сталіцы адбудзецца 6 верасня, але ўжо напярэдадні, 5 верасня, запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, прыемнай падзеяй стане адкрыццё пасля капітальнага рамонту Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. У гэты дзень пройдзе міжнародны круглы стол "Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства" з удзелам замежных і беларускіх пісьменнікаў. Навукова-практычная канферэнцыя "Шчучынскія чытанні - 2015", што арганізуюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і іншымі структурамі, таксама ў праграме Дня беларускага пісьменства 5 верасня. Цікавым мерапрыемствам стане конкурс чытальнікаў "Жывая класіка".

Вечар першага святочнага дня завершыць "Тэатральны ўік-энд". Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі" пакажа спектакль "Ціхі шэпат сыходзячых крокаў" Дзмітрыя Багаслаўскага.

Рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарога да святынь", арганізаваная напярэдадні Дня беларускага пісьменства, стартуе 2 верасня ў Менску. Канцавым пунктам назначэння стане Шчучын.

Першымі мерапрыемствамі літаратурнага свята 6 верасня стануць пасадка Саду Малітвы каля храма Святога Міхаіла Архангела, хрэсны ход да храма Богаяўлення і боская літургія ў храме. Потым госці змогуць прысутнічаць на адкрыцці адрэстаўрыраванага палаца князёў Друцкіх-Любецкіх.

У час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства 6 верасня будзе ўручана першая Нацыянальная літаратурная прэмія. Сем беларускіх пісьменнікаў стануць уладальнікамі першых узнагарод. Затым адбудзецца памятнае гашэнне канверта з арыгінальнай маркай "Дзень беларускага пісьменства".

Для гасцей свята падрыхтавана шмат выставачных праектаў. Так, дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прадставіць перасовачную выставу "Клічу вас я на перамогу", прысвечаную 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Янкі Купалы ў ваенныя гады, а Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе перасовачную выставу "Якуб Колас. Дарогамі вайны", якая таксама прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Якуба Коласа ў перыяд вайны. Акрамя таго, на свяце будуць працаваць выставачныя праекты "Дзяды Адама Міцкевіча. Гісторыя душы" да 160-годдзя з дня смерці пісьменніка і "Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду" аб жыцці і творчасці пісьменніка.

На фестывалі кнігі і прэсы, які разгорнецца на плошчы Свабоды на працягу двух дзён, госці свята змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй плакатаў-пераможцаў міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД "Нам дарагі мір" і плакатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа будзе працаваць тэматычная кніжная выстава "Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання", а таксама выстава газет, што выдаваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанамі і падпольшчыкамі.

Падагульняючая выстава рэспубліканскага конкурсу "Фота Беларусі" прадставіць лепшыя здымкі яго ўдзельнікаў. Разгорнецца таксама экспазіцыя кніг-пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі".

На свяце адбудзецца прэзентацыя факсімільных выданняў Францішка Скарыны і цырымонія іх перадачы Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

У праграме таксама маладзёжнае літаратурнае спаборніцтва, флэш-моб, спартыўныя спаборніцтвы, работа горада майстроў, майстар-класы па выцінанцы і шмат іншых мерапрыемстваў. Гасцям свята будзе цікава ўбачыць самаробныя кнігі, друкарскі станок і станок для сушкі газет, якія будуць экспанавацца ў гэтыя вераснёўскія дні ў Шчучыне.

Завершыць XXII Дзень беларускага пісьменства цырымонія перадачы эстафеты свята, канцэрт майстроў мастацтваў і маляўнічы феерверк.

БелТА.


160 гадоў з дня нараджэння Ігната Грынявіцкага

Ігнат Яўхімавіч ГРЫНЯВІЦКІ (жнівень 1855, паводле інш. звестак восень 1856, в. Калінаўка, цяпер Клічаўскага раёна - 1 сакавіка 1881) - рэвалюцыянер-нарадаволец.

Нарадзіўся ў сям'і дробнамаёнткавага шляхціца. Студэнтам Пецярбурскага тэхналагічнага інстытута (1875-1880) удзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, вёў прапаганду сярод рабочых, збіраў грошы палітычным вязням, фабрыкаваў пашпарты рэвалюцыянерам. З 1879 года сябар партыі "Народная воля". Адзін з заснавальнікаў яе беларускай фракцыі, нацыянальная праграма якой надрукавана ў 1884 годзе ў часопісе "Гоман" (№ 2).

У траўні 1880 года Грынявіцкі пакідае інстытут і, перайшоўшы на нелегальнае становішча, ператвараецца ў віленскага мешчаніна Ельнікава. Разам з А.І. Жалябавым, С.Л. Пяроўскай і іншымі ўваходзіць у цэнтральны нарадавольскі гурток прапагандыстаў. Адзін са стваральнікаў, аўтараў і наборшчыкаў нарадавольскай "Рабочей газеты", уключыў у выданне газеты земляка А. С. Барэйшу. Уваходзіў у групу, якая ўсю зіму 1880-1881 гадоў сачыла за выездамі цара. 26 лютага 1881 года на кватэры Грынявіцкага адбыўся сход арганізатараў замаху на расійскага цара Аляксандра II. Грынявіцкі стаў адным з 4 выканаўцаў, якім "Народная воля" даручыла тэрарыстычную аперацыю. У сваім запавеце напісаў: "Аляксандр II павінен памерці. Ён памрэ, а разам з ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы… Гісторыя сведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў…"

1 сакавіка 1881 года бомбай, якую кінуў Ігнат Грынявіцкі, забіты цар Аляксандр II, а Грынявіцкі смяротна паранены.

Вікіпедыя.


На Ўсходніх могілках адкрылі помнік паэту Генадзю Бураўкіну

У дзень нараджэння славутага беларускага паэта, старшыні ТБМ у 1997-1999 гг. Генадзя Бураўкіна на ягонай магіле на Ўсходніх могілках сталіцы адкрылі помнік. Аўтар помніка - скульптар Алесь Шатэрнік.

Помнік мае выгляд разгорнутай кнігі. На адной старонцы - барэльеф і надпіс "Генадзь Бураўкін, паэт", а на другой - радкі з ягоных вершаў: "Ты, мой народ, мяне не папракнеш, я ўсё табе аддаў - жыццё і сілы…"

Сын паэта Аляксей Бураўкін патлумачыў, што напісаць гэтыя словы на помніку быў запавет самога Генадзя Мікалаевіча.

На цырымонію адкрыцця помніка прыйшлі родныя паэта - жонка, дзеці і ўнукі, вядомыя беларускія літаратары, паплечнікі - Сяргей Законнікаў, Уладзімір Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Радзім Гарэцкі ды іншыя.

Хоць Генадзь Бураўкін цягам доўгіх гадоў быў вядомым дзяржаўным дзеячам - пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 10 і 11 склікання, старшынём Дзяржтэлерадыёкампаніі, нікога з афіцыйных асобаў на адкрыцьці помніка не было. Цырымонія была цалкам нефармальная, зладзілі яе выключна родныя і сябры.

Многія людзі прыйшлі з бел-чырвона-белымі кветкамі, запалілі свечкі, усе разам праспявалі "Магутны Божа".

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года, памёр 30 траўня 2014 года.

Радыё Свабода.


175 гадоў з дня нараджэння Зыгмунта Мінейкі

Зыгмунт Станіслававіч МІНЕЙКА-ГАЗДАВА (псеўданім Баравы; 1840, Балванішкі, Ашмянскі павет, Віленская губерня, цяпер Зялёны Бор, Ашмянскі раён, Гарадзенская вобласць - 27 снежня 1925, Афіны, Грэцыя) - грамадскі дзеяч, вайсковец, навуковец, рэвалюцыянер, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. З шляхецкага роду Мінейкаў гербу Газдава, сын Станіслава і Цацыліі са Шчановічаў.

У 1858 паступіў у Вайсковую Акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Па вяртанні на Беларусь далучыўся да вызвольнага руху. Пераапрануўшыся селянінам, разносіў па вёсках "Гутарку старога дзеда". Быў змушаны выехаць у Італію, ад 1861 выкладаў правілы фартыфікацыі ў Вайсковай школе ў Генуі (заснаваная Джузэпе Гарыбальдзі). З пачаткам паўстання ў 1863 вярнуўся дадому. 18 сакавіка 1863 пад кіраўніцтвам Мар'яна Лянгевіча ўзяў удзел у бітве пад Граховішкамі. Хоць бітва была выйграная, кампанія была няўдалая. Праз Прусію Зыгмунт зноў прыбыў на Беларусь, дзе зарганізаваў аддзел з 28 партызанаў. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павета. Але аддзел у першым жа баі 3 чэрвеня 1863 з расейскімі рэгулярнымі войскамі ля Расолішкаў быў разбіты. Зыгмунт мусіў хавацца, але быў здраджаны. Ён быў арыштаваны і пасаджаны ў Віленскі астрог. Суд прыгаварыў яго да павешання. Але Весялецкі і Мураўёў, падкупленыя 9.000-мі рублёў маці Зыгмунта Цацыліяй, замянілі павешанне на 12 гадоў катаргі ў Сібіры.

На шляху паміж Табольскам і Томскам памёр сябар Зыгмунта Струміла, які меў найменшы тэрмін адбыцця і быў знешне вельмі падобны да яго. Скарыстаўшыся гэтым, Мінейка выдаў сябе за Струмілу і застаўся ў Томску як вольны пасяленец. Тут ён пачаў гандляваць, вырабляючы шапкі, падушкі і штучныя кветкі, а неўзабаве пачаў аздабляць дамы горад. Набыўшы на заробленыя грошы вазы, коней і правіянт, Зыгмунт разам з вязнямі Акінчыцам і Вашкевічам уцёк у Заходнюю Еўропу, узяўшы прозвішча графа фон Мэберта.

Спачатку жыў у Галандыі, адкуль перабраўся ў Парыж. Тут ён сустрэўся з імператарам Напалеонам ІІІ, якому расказаў пра французаў-удзельнікаў паўстання 1863, што адбывалі пакаранне ў Сібіры. Пасля сустрэчы ў 1868 Напалеона ІІІ і Аляксандра ІІ вязні былі вызваленыя, а Мінейка атрымаў ва ўзнагароду магчымасць дармавога навучання ў Вайсковай Акадэміі. Будаваў масты і чыгункі ў Балгарыі, Турэччыне і Грэцыі. У 1870 удзельнічаў у франка-прускай вайне, пасля ў часе Парыжскай Камуны змагаўся на баку камунараў. Пасля перабраўся ў Турэччыну, а адтуль - у Грэцыю.

Займаўся археалогіяй, у 1878 знайшоў храм Зеўса ў Дадоне. Склаў этналагічную карту Эпіра, напісаў шматлікія работы па тапаграфіі, за што грэцкі парламент у 1910 надаў яму званне ганаровага грамадзяніна краіны. У 1891 пераехаў у Афіны, дзе ўзначаліў дэпартамент пры міністэрстве публічных работ Грэцыі. Дакладна вядома, што ўдзельнічаў у будаўніцтве і ўзнаўленні алімпійскіх аб'ектаў, у тым ліку легендарнага Мармуровага стадыёна - сімвала Алімпійскіх гульняў. У 1896 падчас Алімпіяды ў Афінах быў спартовым карэспандэнтам "Dziennika Polskiego" і "Czasu".

Удзельнічаў у грэка-турэцкіх войнах у 1896, 1897 і 1912, падрыхтаваў планы здабыцця Салонікаў і Яніны. За гэта атрымаў узнагароды ад караля Канстанціна І у 1917 і 1922 (у т. л. і Залаты крыж заслугі). Працаваў у дзяржаўнай адміністрацыі, быў кіраўніком інжынернага аддзела грэцкай арміі.

У 1921 і 1922 наведаў Беларусь.

Быў актыўным масонскім дзеячам. Уваходзіў у склад ложаў Grand Orient de France, Grand Orient d'Italie і ложаў Panhellenion і Pythagoras (належалі да Grande Loge de Grece). Уваходзіў у кіраўніцтва грэцкіх ложаў Massonic Old and Accepted Scottish Rites. На ягонае пахаванне прыбыло шмат масонаў.

У 1880 ажаніўся з Празерпінай Манарыс, дачкой дырэктара гімназіі ў Яніне. Меў 9 дзяцей: Андрамаху (жонка Караля Патоцкага), Зоф'ю (жонка будучага прэм'ер-міністра Грэцыі Георгіеса Папандрэў), Станіслава, Марыю, Ядвігу (жонка Станіслава Ябланоўскага), Вітольда (памёр малым падчас землятрусу), Цацылію (жонка Джона Ўільяма Куіна), Альдону Сафо, Эўтыміяса Касіміра

Праўнукам Зыгмунта Мінейкі з'яўляецца вядомы грэцкі палітык, кіраўнік Усягрэцкага сацыялістычнага руху, Георгіяс Папандрэў-малодшы.

Напісаў успаміны "Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848-1868. Warszawa, 1971".

Вікіпедыя.


Жыхар Магілёва прымусіў "Прыёрбанк" прызнаць беларускія "ў" ды "і"

Жыхар Магілёва Андрэй Кавалёў абараніў беларускую мову ў акцыянерным таварыстве "Прыёрбанк". Яму падзякавалі за ўвагу ды пільнасць да працы ўстановы і выправілі хібы ў электронным абслугоўванні беларускамоўных кліентаў.

Андрэй Кавалёў кажа, што ён, кліент банка, не змог запоўніць на беларускай мове электронны бланк звароту. Сістэма выдала яму памылку. Запаўненне ж бланка па-расейску такой памылкі не выдавала. Неўзабаве пасля скаргі ў банк моўную хібу выправілі.

- Мне прыйшоў адказ, у якім выбачаліся за тэхнічную памылку. Мяне ён задаволіў. Сапраўды выглядала ўсё на тэхнічны збой праграмы. Яна не ўспрымала нашы адметныя беларускія літары "ў" і "і". А на ангельскую мову праграма рэагавала нармальна", - заўважае Андрэй Кавалёў. - Наогул гэтая сітуацыя паказальная, - працягвае кліент банка. - Нашы дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы лічаць беларускую мову другаснай і не звяртаюць на яе ўвагі, калі нешта ствараюць, напрыклад, праграмнае забеспячэнне. Многія проста не думаюць, што будуць скаргі па моўных праблемах.

Андрэй Кавалёў пагаджаецца, што першапрычынай такой сітуацыі ёсць малая колькасць носьбітаў беларускай мовы, а таксама патрабаванняў, каб яна прысутнічала ў галіне абслугоўвання.

- У Прыёрбанк, відаць, ніхто і не звяртаўся з такімі скаргамі, - кажа ён. - Тыя адзінкі, якія запаўнялі бланк на беларускай мове і ў іх не выйшла, хуценька пераходзілі на расейскую мову, і праблема знікала. Калі я запаўняю бланк, а мне сістэма адпісваюць, што я маю няправільнае прозвішча, то гэта вельмі непрыемна.

У адказе з Прыёрбанка зазначаецца, што яго кіраўніцтва і супрацоўнікі з павагай ставяцца да абедзвюх дзяржаўных моваў Беларусі. Адпісалі Кавалёву з банка на беларускай мове.

Радыё Свабода.


Лявон Анацка першы моўны суд супроць "Лідскага піва" пакуль прайграў

28 жніўня ў Лідзе адбылося судовае паседжанне па позве старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявона Анацкі да ААТ "Лідскае піва" з нагоды негатыўнага стаўлення на прадпрыемстве да беларускай мовы.

Лявон Анацка патрабаваў матэрыяльнай кампенсацыі за маральную шкоду, якую наносіць яму ААТ "Лідскае піва" ігнараваннем беларускай мовы. Найбольш абурае пазіцыя кіраўніцтва "Лідскага піва", якое не збіраецца ісці ні на якія саступкі.

Што праўда, прадпрыемства пасля пяці гадоў змагання пачало такі даваць адказы па-беларуску. Па патрабаванні Л. Анацкі яму нават выдалі тэхналагічныя звесткі па трох гатунках квасу на беларускай мове, але ў адказе па асноўным пытанні пішуць:

"Анацка Л.Я.

231300, г. Ліда, вул. Хімгарадок, 3-7

Шаноўны Лявон Яўгенавіч!

ААТ "Лідскае піва" атрымала і разгледзела Ваш зварот, таксама выражае Вам удзячнасць за цікавасць да нашага прадпрыемства.

Паведамляем Вам наступнае: беларуская мова ў 2014 годзе на прадпрыемстве не выкарыстоўвалася, і не плануецца яе выкарыстанне ў 2015 годзе.

У сваю чаргу адзначаем, што выкарыстанне рускай мовы не супярэчыць дзеючаму законадаўству Рэспублікі Беларусь.

Так, адпаведна стацці 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы, а гэта азначае, што існуе свабода ў выбары мовы.

Сапраўдны адказ на звяртанне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб звяртаннях грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 Вы маеце права абскардзіць у Судзе ў парадку, які ўстаноўлены законадаўствам.

З павагай

Генеральны дырэктар А. Мікшыс.

ААТ "Лідскае піва"

2 ліпеня 2015 г."

Г. зн. яны абсалютна не плануюць ужываць беларускую мову.

У адказе на зварот старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслава Судніка завод настойвае на сваім:

Суднік С.В.

231282, г. Ліда,

вул. Лётная, д. 14, кв. 21

Шаноўны Станіслаў Вацлававіч!

ААТ "Лідскае піва" разгледзела Ваш зварот і паведамляе Вам наступнае: адпаведна стацці 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы, а гэта азначае, што існуе свабода ў выбары мовы.

Таму, адзначаем, што выкарыстанне рускай мовы пры маркіраванні прадукцыі прадпрыемства не супярэчыць дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь і ні ў якім чыне не парушае правы спажыўца.

Сапраўдны адказ на звяртанне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб звяртаннях грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. №300-3 Вы маеце права абскардзіць у Судзе ў парадку, які ўстаноўлены законадаўствам.

З павагай,

Кіраўнік службы персаналу

ААТ "Лідскае піва"

Л.Т. Гарлінская.

20 жніўня 2015 г.

Лідскі суд не знайшоў магчымым задаволіць пазоў сп. Анацкі, фармальна не маючы магчымасці вызначыць велічыню шкоды, якую нанёс завод сваёй рускай мовай пазыўніку. Каб сп. Анацка атруціўся тым півам ці квасам, то іншая справа, а пакуль не атруціўся, то і шкоды няма.

Піўзавод настойвае на сваім праве выбару мовы, аднак жа свабода аднаго заканчваецца менавіта там, дзе пачынаецца свабода другога. Свабода выбару мовы прадпрыемствам на карысць адной рускай мовы пазбаўляе права выбару беларускамоўных спажыўцоў. У іх застаецца толькі выбар не купляць лідскае піва. А калі хочаш купіць, то што рабіць?

Гэтае пытанне сп. Анацка збіраецца задаць ужо ў абласным судзе, але і без суда відавочна, што калі Закон аб мовах прадугледжвае роўнасць моваў, то на этыкетцы павінны быць дзве, і беларуская мова павінна быць першай.

Усюды ў законе стаіць: "на беларускай і (або) рускай", а не наадварот.

Аднак юрыст завода трымаўся сваёй пазіцыі: маркетынгавы план прадпрыемства ўжывання беларускай мовы не прадугледжвае. Разам з тым, ніхто з тых маркетолагаў і не падумаў палічыць, колькі яны трацяць ігнаруючы беларускую мову, бо многія жыхары і Ліды, і астатняй Беларусі не купляюць лідскае піва толькі з прычыны рускамоўнай этыкеткі, аддаючы тут перавагу "Аліварыі" і "Крыніцы".

Што тычыць самога суда, то тут усе нормы былі вытрыманыя. Суддзя вёў паседжанне на дзвюх мовах, але быў і перакладчык, то пытання з мовай не ўзнікала.

Яраслаў Грынкевіч.


Ад трасянкі да сучаснай беларускай мовы

У апошніх нумарах недзяржаўнай "БелГазеты", якая выдаецца з 1995 г., з'явіліся цікавыя цалкам беларускамоўныя матэрыялы. Гэта асабліва цешыць, бо раней шырока практыкаваліся ў некаторых публікацыях розныя "трасянкавыя" загалоўкі з прэтэнзіяй на народны гумар.

Асабліва добрай якасцю і беларускай мовай вылучаюцца матэрыялы Вадзіма Мажэйкі "Ляпіс не воўк" і "Місія без камісіі", што з'явіліся ў 31-ым і 32-ім нумарах за 2015 год. Будзем спадзявацца, што гэтая тэндэнцыя захаваецца на старонках газеты. Таксама заклікаю прыхільнікаў беларускасці падтрымаць гэтую з'яву сваімі лістамі і водгукамі.

Старшыня ТБМАлег Трусаў.


"Будзьма!"

8 верасня (аўторак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе

"Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Пачатак 18.00. Уваход вольны.


Польскі лінгвіст: Палякі Віленшчыны дагэтуль размаўляюць па-беларуску

У Літве на Віленшчыне жыве шмат людзей, якія лічаць сябе палякамі, але размаўляюць пры гэтым "па-просту". Пра гэта заявіў у інтэрв'ю Zw.lt польскі лінгвіст, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Міраслаў Янкавяк.

- Я беларусіст і ведаю беларускую дыялекталогію, і "простая мова" для мяне з'яўляецца сінонімам беларускай", - адзначыў ён, падкрэсліўшы, што польская мова для гэтых людзей ёсць мовай "культурнай, высокай і мовай інтэлігенцыі".

Навуковец паведаміў таксама пра рознасць беларускіх гаворак у Літве. Так, у Рымшанах (Ігналінскі раён) моцныя ўплывы паўночных беларускіх гаворак і шмат рускіх словаў, тады як у астатніх раёнах Літвы пераважаюць цэнтральныя беларускія гаворкі.

Міраслаў Янкавяк адзначыў таксама, што ў розных мясцовасцях Віленшчыны людзі размаўляюць па-рознаму. Так, у Падброддзі, Нямянчыне і Свянцянах дамінуе польская мова, а найбольш беларускімі з'яўляюцца Дзевянішкі і іншыя памежныя з Беларуссю раёны. "Людзі, якія перад вайной хадзілі да польскай школы, больш пачуваюцца палякамі, і ў іх простай мове будзе больш паланізмаў", - сказаў ён.

- Што цікава, аўтар першай граматыкі беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч паходзіў з-пад Лаварышак, і можна казаць, што яго гаворка, ці яго "простая мова", стала ў вялікай ступені падставай для кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы. Памятаю, як першы раз прыехаў на Віленшчыну ў 2009 годзе і папрасіў, каб людзі размаўлялі са мной часткова па-польску, а часткова "па-просту", дык здзівіўся, навошта гэтыя людзі размаўляюць са мной беларускай літаратурнай мовай, - дадаў лінгвіст.

Міраслаў Янкавяк адзначыў, што 90 % яго суразмоўцаў называлі сябе палякамі, віленскімі палякамі ці "пілсудскімі палякамі". Пры гэтым ён дадаў, што с аповедаў мясцовых людзей вынікае, што "па-просту" людзі тут размаўлялі прынамсі з другой паловы ХІХ стагоддзя.

Існаванне беларускай мовы ў Літве навуковец назваў феноменам, бо паводле розных моўных тэорый беларускія гаворкі мусілі знікнуць за дзясяткі год паланізацыі, дзвесце гадоў русіфікацыі, а пазней і літуанізацыі. "Але маем ХХІ стагоддзе, стагоддзе глабалізацыі, бярэм дыктафон, ідзём у вёску і маем паўсюль чыстую беларускую гаворку з добра захаванай структурай. Мяркую, што ў значнай ступені гэта вынікае з таго, што мова гэтая, добра зразумелая іншымі народнасцямі, з'яўляецца вельмі добрым сродкам камунікацыі", - падкрэсліў лінгвіст.

krynica.info


Прозвішчы Беларусі. Частка IV. Найменні знакамітых людзей (паводле беларускага друку)

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Смяюн (Антон С.) - семантычны вытвор ад апелятыва смяюн 'той, хто смяецца' (утварэнне смяй-ун. Параўнаем: пяюн.

Спас (Галiна С.) - семантычны вытвор ад апелятыва спас 'ратунак'. А найчасцей - назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят: Спас мядовы, Спас яблычны, Спас палатняны, як адна з назваў Хрыста - Спас 'збаўца', 'абраз з вобразам Хрыста'.

Спо рка (Іван. С.) - семантычны вытвор ад апелятыва спорка 'спрэчка' (Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак).

Стаднік (Ігнат С.) - семантычны вытвор ад апелятыва стаднік 'бугай, бык' (Там-сама).

Стрыйкоўскі (Мацей С.) - вытвор з фарматывам - оўскі ад тапоніма Стрыйкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны': Стрыйк-оўскі.

Сты рня (Фёдар С.) - семантычны вытвор ад апелятыва стырня 'іржышча' (Там-сама).

Стырнік (Адам С.) - семантычны вытвор ад апелятыва стырнік 'іржышча'. Або вытвор з суфіксам -нік ад сты-рно 'руль' і значэннем 'той, хто кіруе стырном' (шофер, авіятар, трактарыст): стыр-нік (накладанне суфікса -нік на фіналь асновы). Апелятыў пераасэнсаваўся, набыў ролю мянушкі, затым стаў прозвішчам.

Сувалка (Ніна С.) - семантычны вытвор ад апелятыва сувалка 'вяроўка' (Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак).

Су бар (Валянцін С.) - семантычны вытвор ад апелятыва субар 'адыходы збожжа (мелюць для жывёлы)' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).

Сурмачэнка (Алена С.) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Сурм ач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сурмачэнка. ФП: сурма ('хімічны элемент, серабрыста-белы метал, які ўжываецца ў розных сплавах у тэхніцы, у друкарскай справе і пад.', а таксама 'фарба для чарнення валасоў, броваў і пад.)' - Сурма (мянушка, затым прозвішча) - Сур-мачэнка.

Суромля (Адам С.) - семантычны вытвор ад апелятыва суромля 'сырасць' (Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак).

Сялецкі (Фёдар С.) - вытвор з суфіксам -скі ад та-поніма Сяльцо і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Сялец-скі - Сялецкі.

Сярэбранікаў (Сяргей С.) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сярэбранік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сярэб-ранік-аў. ФП: сярэбранікі (катэгорыя феадальна залежнага насельніцтва ў Расійскай дзяржаве 14-16 стст.; вытвор ад серабро 'пазыка ў феадала для адпрацоўкі - серабрэннем рэчаў'. Або ад апелятыва сярэ-бранік 'спецыяліст па сярэбранні'. Узніклая мянушка стала прозвішчам Сярэбранік, ад яго - Сярэбранікаў.

Талан (Якуб Т.) - семантычны вытвор ад апелятыва талан 'званок, якi чапляецца на шыю карове' (Слоўнiк белар. гав. паўн.-зах. Беларусi i яе пагран.), 'тоўсты, поўны чалавек' (КСЧ), 'лёс, шчасце'.

Талмачоў (Аляксей Т.) - вытвор з прыналежным суфiксам -оў ад антрапонiма Тал-мач i значэннем 'нашчадак названай асобы': Талмач-оў. ФП: талмач ('тлумач, перакладчык') - Талмач (мянушка) - Талмач (прозвiшча) - Тал-мачоў.

Тамарын (Iгор Т.) - вытвор з прыналежным суфiксам -ын ад антрапонiма Тамара i значэннем 'нашчадак названай асобы': Тамар-ын.

Тарановiч (Уладзiмiр Т.) - вытвор з акцэнтаваным суфiксам бацькаймення -овiч ад антрапонiма Таран i значэннем 'нашчадак названай асобы': Таран-овiч. ФП: таран ('прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавiднасць плоткi', а таксама 'старажытная прылада - бервяно для разбурэння крэпасцi' 'выступ у баявой лодцы' i iнш.) - Таран (мянушка) - Та-ран (прозвiшча) - Тарановiч.

Таўстуха (Мiкалай Т.) - семантычны вытвор ад апелятыва таўстуха 'грыб кабылка', а таксама 'тоўстая, поўная жанчына'.

Тумар (Дзянic Т.) - семантычны вытвор ад апелятыва тумар 'багацей, багатыр' (Насовiч).

Тушынскi (Дзянic Т.) - вытвор з фармантам -скi ад та-понiма Тушына i значэннем 'народзiнец, жыхар названай мясцiны, паселiшча': Тушын-скi.

Тэж (Адам Т.) - семантычны вытвор ад апелятыва тэж 'таксама' (Слоўнiк белар. гаворак паўн.-зах. Беларусi i яе пагранiчча). Параўнаем польск. tez, укр. теж, белар. рэг. тыж (Грабава, Зельв. р-н).

Фядута (Аляксандр Ф.) - народна-гутарковая форма з фармантам -ута ад Фёдар(Федзя): Фяд-ута. Параўнаем Данута (жан. ад Дан: Дан-ута).

Ханок (Эдуард Х.) - семантычны вытвор ад апелятыва ханок 'невялiкi хан', пагардл. 'хан (тытул манарха, феадальны правiцель у цюрскix i мангольскiх народаў)'.

Хвалега (Iгар Х.) - семантычны вытвор ад апелятыва хвалега 'хвалько'. Параўн. сапега, чапега.

Хвалека (Дзянic Х.) - семантычны вытвор ад апелятыва хвалека 'хвалько'.

Цалко (Дзмітры Ц.) - семантычны вытвор ад апелятыва цалко 'той, хто метка трапляе ў цэль; цалок'.

Ца рык (Яўген Ц.) - семантычны вытвор ад апелятыва ц арык (памянш.-ласк. ці зневаж.) 'цар'.

Цю па (Фёдар Ц.) - семантычны вытвор ад апелятыва цюпа 'страва, прыгатаваная з вады, цукру ці солі і хлеба', 'перапечка з сумесі рознай мукі', 'кепская страва, мешаніна', а таксама 'недасведчаная асоба' (Слоўнік беларускіх гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагран.).

Цяпінскі (Васіль Ц.) - вытвор з фармантам -скі ад та-поніма Цяпіна і значэннем 'народзінец ці жыхар названай мясцовасці': Цяпін-скі.

Чака н (Васіль Ч.) - семантычны вытвор ад апелятыва чакан, які мае шмат значэнняў: 1) 'птушка сямейства драздовых' 2) 'старажытная зброя ў выглядзе молата на доўгім дзяржанні' 3) 'інструмент для чаканкі' 4) 'штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.)' Не выключана і ўтварэнне з суфіксам -ан ад чакаць: чак-ан 'той, якога чакалі, хацелі, каб ён нарадзіўся'. У апошнім значэнні апелятыў чак ан дае два онімы: Чак ан і Чэкан (для адмежавання ад апелятыва).

Чарноцкі (Адам Ч.) - семантычны вытвор ад апелятыва чарноцкі, які адпавядае рас. монашеский (М. Байкоў і С. Некрашэвіч. Беларуска-расійскі слоўнік). Або вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Чарноты і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны': Чарнот-скі - Чарноцкі.

Часнок (Фёдар Ч.) - семантычны вытвор ад апелятыва часнок 'агароднінная расліна' і 'ядомая цыбуліна гэтай расліны'.

Чаховіц (Марцін Ч.) - другасная форма, першасная Чаховіч - вытвор з суфіксам - овіч ад антрапоніма Чэх і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чэх-овіч - Чэхавіч - Ча-ховіч. ФП: чэх (мн. чэхі 'заходнеславянскі народ, які складае нацыю Чэхіі') - Чэх (мянушка, затым прозвішча) - Чэхавіч - Чаховіч.

Чулейка (Маргарыта Ч.) - семантычны вытвор ад апелятыва чулейка 'цёплая камізэлька' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова). Або вытвор з фармантам -ейка ад чуллівы 'кранальны, сардэчны, здольны выклікаць замілаванне, добрае пачуццё', 'здольны тонка адчуваць, востра рэагаваць'.

Чэпікава (Ірына Ч.) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Чэпік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чэпік-ава. ФП : чэпік (птушка бакас) - Чэпік (мянушка, затым прозвішча) - Чэпікава.

Шадуха (Іван Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шадуха 'трава сівец' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).

Шаліхін (Аляксандр Ш.) - вытвор з фармантам -ін ад антрапоніма Шаліха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шаліх-ін. ФП: шаль ('доўгая вузкая вязаная або тканая хустка') - Шаль (мянушка, затым прозвішча) - Шалі-ха ('жонка асобы з прозв. Шаль') - Шаліхін.

Шарон (Адам Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шарон 'абледзянелая скарынка на паверхні снегу'; 'шарпак'.

Шаста к (Андрэй Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шастак 'сярэбраная манета Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага вартасцю шэсць грошаў'. Або 'шостае па ліку дзіця ў сям'і'. Для адмежавання оніма ад апелятыва (шляхам акцэнтавання) узнікае форма Ш остак.

Шахра й (Кузьма Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шахрай 'жулік, чалавек які любіць пажывіцца за кошт іншых' (ТСБМ, т. 5, кн. 2).

Шкадоба (Кароль Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шкадоба 'жаль, шкадаванне' (утварэнне: шкад (аваць)-об-а).

Шкадобін (Ігар Ш.) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Шкадоба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шкадоб-ін. ФП: шкадаваць - шкадоба - Шкадоба - Шка-добін.

Шкіле нда (Яраслаў Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шкіленда 'каўбаса вантрабянка' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).

Шляк (Васіль Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шляк 'палоска па краі тканіны іншага колеру або іншага ўзору'.

Шорац (Васіль Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шорац 'з народнасці шорцы, што жывуць у Кемераўскай вобласці Расіі і Ханскай аўтаномнай вобласці' (ТСБМ, т. 5, кн. 2, с. 384, 385).

Шпакевіч (Валяцін Ш.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Шпак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шпак-евіч. ФП: шпак ('пералётная пеўчая птушка атрада вераб'іных з чорным апярэннем') - Шпак (мянушка, затым прозвішча) - Шпаковіч.

Шпакоўскі (Вітольд Ш.) - вытвор з фармантам -оўскі ад антрапоніма Шпак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шпак-оўскі. Або як прэстыжнае найменне ад Шпак з семантыкай шляхетнасці. Мажлівы і дэрыват ад тапоніма Шпакі з фармантам -оўскі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Шпакоўскі.

Шпонка (Дзяніс Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шпонка 'дэталь у механізме, машыне (засцерагае ад узаемнага перамяшчэння злучаных ёю частак' або 'драўляны пруток, палачка, якая засоўваецца ў рыбу праз рот уздоўж цела', а таксама 'запанка ў адзенні'.

Шты кля (Макар Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва штыкля 'худы чалавек, жывёла' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).

Штэйнер (Іван Ш.) - прозвішча германскага походжання; як сведчыць яго намінант доктар філалогіі, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Іван Фёдаравіч Штэйнер, яно перайшло ад продкаў, што працавалі на прадпрыемствах Зямлі беларускай, якімі кіравалі спецыялісты-замежнікі з германскімі найменнямі. Штэ-йнер - семантычны дэрыват ад апелятыва штэйнер < нямецк. Stein 'камень' і + суфікс - er, што перадае значэнне 'спецыяліст у апрацоўцы прадметаў, названых утваральным словам'. Або ад нямецк. steinern 'каменны', 'мураваны' ('мур'); па-народнаму 'муляр' (< мураль).

Шуляк (Канстанцін Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шуляк, які мае два значэнні : 1) 'каршун', 2) 'шула' (брус ці слуп, на які падвешваюцца вароты).

Шур (Васіль Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шур 'швагер' (Романов. Беларус. сборник.; Гомельск. вобл.). Ад гэтага царкоўна-славянскага шурь (М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Том 4, 1973,с. 488) утворана (з суфіксам -ін) сучаснае руск. і ўкр. шурин, якому адпавядае белар. шва-гер. Або ад апелятыва шур 'птушка стрыж' (Даль.)

Шу рпа (Уладзімір Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва ш урпа 'кучаравы'; (пра кучаравае дзіця: Ф.А. Піскуноў. Вялікі слоўнік беларускай мовы. - 2012, с. 1108), а таксама шурп а (пра вельмі старую асобу) (Тамсама). Апелятыў шурп а - пазычанне з літоўск. siurpis 'узлахмачаны, ускудлачаны, натапыраны' (М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка).

Шушкевіч (Міхась Ш.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Шушк о і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шушк-евіч. ФП: шушкаць ('хутаць, добра ўкрываць') - шушко ('той, хто хутае - добра ўкрывае') - Шуш-ко (мянушка) - Шушко (прозвішча) - Шушкевіч.

Шэін (Павел Ш.) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Шэя (рас.) 'шыя' і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шэй-ін.

Шчогла (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва шчогла 'сошка калодзежнага жураўля' (Матэрыялы да слоўніка Магілёўшчыны).

Павел Сцяцко


Жнівеньская дзясятка - краязнаўчая вандроўка Магілёўскай суполкі ТБМ

Краязнаўчую вандроўку ў Баранавіцкі раён зладзілі 22 і 23 жніўня сябры Магілёўскай суполкі ТБМ. Асноўнай мэтай двухдзённага падарожжа былі сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы і музей Адама Міцкевіча ў Завоссі. Але і акрамя гэтага мы спланавалі наведаць нямала мясцін, звязаных з імёнамі іншых знакамітых землякоў, з цікавымі падзеямі нашай гісторыі ды са шматлікімі помнікамі айчыннага дойлідства.

Першым пунктам нашай вандроўкі сталася мястэчка Крошын (Крашын) - даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны, дзе нарадзіўся і пахаваны беларускі пісьменнік і каваль-ювелір Паўлюк Багрым. Тут, у касцёле Божага Цела знаходзіцца выкаваная ім жырандоля, і сам Паўлюк пахаваны на касцельных могілках. Цікавая адметнасць гэтага касцёла яшчэ і ў тым, што пад час Першай сусветнай вайны гэтыя могілкі патрапілі пад шчыльны агонь артылерыі, і было пашкоджана і раскідана шмат старых надмагільных пліт, якія пасля гэтага ўмуравалі непасрэдна ў гранітныя падмуркі храма, а на некаторых металічных надмагільных крыжах засталася памяць аб той вайне ў выглядзе кулявых адтулін.

Яшчэ ў Крошыне знаходзіцца парк былой сядзібы вялікага роду Завадскіх, якія вялі свой радавод ад Рурыкавічаў і былі сваякамі Радзівілаў. У гэтым парку захавалася і ўсыпальніца роду Завадскіх, дакладней тое, што ад яе засталося пасля савецкай улады, зараз яна выглядае як звычайны пагорак. У свае часы Завадскія прымалі ў сябе розных знакамітых асобаў, у тым ліку, напрыклад, у іх гасцяваў па вяртанні на Радзіму Ігнат Дамейка, які нават пасадзіў у парку дуб.

На месцы былой сядзібы зараз знаходзіцца крошынскі Дом культуры, каля якога да нашае грамады нечакана падыйшоў прыгожы дзядзька ў вышыванцы, як аказалася, гэта дырэктар Дома культуы і кіраўнік мясцовага музычнага народнага калектыву Юры Пшэўлоцкі, вельмі цікавы і раз-набокі чалавек. Спадар Юры сабраў у сваім ДК вялікую калекцыю канцэртных строяў розных беларускіх фальклорных калектываў яшчэ савецкіх часоў, народных музычных інструментаў, а якраз у час нашага наведвання парку ён са сваім калектывам сустракаў вяселле - тут жа ў ДК ёсць магчымасць прыгожа і запамінальна замацаваць стварэнне новай беларускай сям'і. Вось такое, здавалася, маленькае мястэчка, а ў наш час і ўвогуле - вёска, а колькі можна адшукаць цікавага і пазнавальнага.

Наступным месцам на шляху нашай ТБМ-аўскай вандроўкі быў ужо параўнальна вялікі населены пункт, раённы цэнтр і буйны чыгуначны вузел, ды яшчэ і з дзейнай вайсковай авіябазай, горад Баранавічы. Калі адмыслова наведаць яго з экскурсіяй, то тут можна застацца і на цэлы дзень, а можа і болей, але ж не ён быў нашай мэтай і таму мы спыніліся толькі на двух аб'ектах - Свята-Пакроўскай царкве і касцёле Ўзвышэння Святога Крыжа.

Пад гукі безупынна пралятаўшых недзе ў аблоках знішчальнікаў Алег Дзьячкоў распавёў цікавую гісторыю шэдэўру беларускага неакласіцызму Свята-Пакроўскага сабора, які быў адбудаваны яшчэ за польскімі часамі ў 20-х гадах на месцы былой драўлянай царквы, што згарэла ў 1921 годзе. Апроч такога не звыклага знешняга выгляду праваслаўнага храма, ды і пабудаванага тады, калі на ўсходзе Беларусі цэрквы ўжо пачалі руйнаваць, яго яшчэ і ўпрыгожваюць унікальныя мазаічныя смальтавыя пано. Затым мы наведалі драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які паўстаў толькі на некалькі год раней за ўзгаданы вышэй праваслаўны храм, хоць мясцовыя католікі і прасілі дазволу на будаўніцтва яшчэ ў часы Расейскай імперыі, але тады на гэтым месцы толькі дазволілі ў 1904 годзе збудаваць склеп для памерлай жонкі графа Яна Развадоўскага, а крыху пазней - невялікую драўляную капліцу. Двор касцёла ўпрыгожваюць нязвыкла вялікія туі, адну з якіх ледзь абхапіў сваймі доўгімі рукамі спадар Алег. Касцёл у гэты дзень быў зачынены, таму ўнутранае аздабленне яго мы не пабачылі і рушылі далей.

Невялікі салодкі перапынак нас чакаў на лецішчы мясцовага байкера-пчаляра Анатоля, з якім наш нязменны кіраўнік Алег Дзьячкоў пазнаёміўся пад час экскурсіі, што правёў гэтым летам для байкерскага клубу па Берасцейшчыне, а спадар Анатоль, у знак падзякі за цікавыя расповеды пра гісторыю роднага краю, запрасіў Алега ў госці. Тут мы добра пачаставаліся гарбатай з мёдам ды іншымі прысмакамі, пафоткаліся на вялізным байку і пасябравалі з няўрымслівымі хлапчукамі-двайняшкамі, дзецьмі спадара Анатоля. З новымі сіламі мы выправіліся далей - гэтым разам ужо ў адзін з асноўных пунктаў вандроўкі, Грушаўку, на сядзібу Тадэвуша Рэйтана.

У другой палове дня наша краязнаўчая экспедыцыя наблізілася да Грушаўкі, дзе знаходзіцца сядзіба Рэйтанаў, адзін з прадстаўнікоў роду якіх - Тадэвуш Рэйтан праз апантаную барацьбу за еднасць сваёй краіны ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай стаў сапраўдным героем Польшчы, ды і ў нашай краіне паступова пачынае ўспрымацца з гэткай жа павагай. Яшчэ па дарозе да Грушаўкі падрабязны і змястоўны расповед пра жыццё Тадэвуша Рэйтана распачала спадарыня Ніна Восіпава. Па прыездзе мы наведалі капліцу, што пабудавалі ў пачатку 20-га стагоддзя ў неагатычным стылі для апошняга з прадстаўнікоў роду - Юзафа Рэйтана, і куды былі перанесены парэшткі самога Тадэвуша Рэйтана. Калі пасля мы патрапілі да былой сядзібы, то яшчэ заспелі фэст-пленэр, які там ладзіла ў той дзень арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана з нагоды 275 угодкаў знакамітага земляка. Тут мы патанчылі пад гукі скрыпкі, падгледзелі за працай мастакоў ды ацанілі іхнія работы, паназіралі за выязнымі заняткамі курсаў "Мова-нанова, Баранавічы" і фехтавальнымі практыкаваннямі хлопцаў-рэканструктараў, агледзелі пабудовы сядзібы, якія захаваліся да нашага часу, ну а аматары водных працэдур наплаваліся ў мясцовым возеры. Далейшы наш шлях ляжаў у мястэчка з загадкавай назвай Ястрэмбль...

Ужо надвячоркам ТБМ-аўская дапытлівая кампанія дабралася да вёскі Ястрэмбль, якая ўпершыню ўзгадвалася за 1507 год і адносілася да Наваградскага ваяводства ВКЛ. У свае часы яна належала розным шляхецкім родам Вялікага Княства, апошнімі гаспадарамі маёнтка з 1851 і да 1939 года былі Котлубы - род шляхціцаў татарскага паходжання, пры якіх у самым канцы 19 стагоддзя на месцы старога будынка быў пабудаваны раскошны палац. Яго пакоі былі багата аздоблены прыгожымі роспісамі на антычную тэму, разнастайнай ляпнінай, тут была сабрана немалая калекцыя твораў мастацтва, але ўсё гэта было страчана з прыходам савецкай улады, гаспадар згінуў у турме, а палац перадалі пад дзіцячы дом. Практычна не захавалася і іншых пабудоў палацавага комплексу, акрамя будынка бровара, які літаральна некалькі год таму яшчэ выкарыстоўвалі па сваім прызначэнні. У 90-я гады для дзяцей пабудавалі новыя карпусы (зараз тут размешчана кадэцкая вучэльня), а сам палац быў "закансерваваны" - забіты дошкамі, але гэта зусім не перашкаджае дрэвам і іншай расліннасці добра пачувацца на карнізах і даху будынку.

Сфоткаўшыся на памяць, мы адправіліся ў апошні на сёння пункт - Завоссе.

У рэшце, з невялікім спазненнем адносна плану маршруту, магілёўцы дабраліся да галоўнай часткі нашай вандроўкі - да музея-сядзібы Адама Міцкевіча ў Завоссі. Тут ужо болей спяшацца было не трэба, і ўсім хапіла часу, каб агледзець пабудовы адноўленага на былых падмурках фальварка, маляўнічыя завоскія краявіды, паплёскацца ў прысядзібнай сажалцы... Ну і галоўнае, дзяжурныя згатавалі смачную вячэру, нават з рыбным супам, так што ніхто не застаўся галодны пасля напружанага падарожнага дня, а позні вечар бавілі ў расповедах аб жыцці, спевах ды разумовамоўных гульнях, смакуючы (у невялікіх дозах) гарачы духмяны крупнік.

Ноч праляцела хутка, з раніцы традыцыйныя дзяжурныя прыгатавалі сняданак, і пасля прыборкі ды водных працэдураў нас ужо чакала сапраўдная экскурсія па музеі Міцкевіча, якую сцісла - на тры гадзіны, правёў яго дырэктар, найцікавейшы чалавек і расказчык, Анатоль Еўмянькоў. Мала які іншы гід ці супрацоўнік нейкага музея зможа распавесці аб сваіх уладаннях, ды і не толькі, гэтак жа захапляльна, як тое робіць спадар Анатоль, гэта трэба пачуць і пабачыць, тут неабходна пабываць кожнаму сапраўднаму беларусу, каб прасякнуцца духам патрыятызму, любові і гонару за сваю зямлю і людзей.

Хутка праляцеў час, і, шчыра падзякаваўшы спадару Анатолю, мы выправіліся да іншых мясцін гістарычнай Літвы...

У другі дзень няўрымслівыя сябры ТБМ працягнулі сваё бесперапыннае падарожжа па гістарычным цэнтры нашай былой дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. З вокнаў аўтобуса мы аглядалі цудоўныя краявіды, праязджалі праз старажытныя вёскі, са шчыльна пастаўленымі адна ля адной невялікімі ліцвінскімі хаткамі, на жаль, шмат дзе ўжо закінутымі ды зарослымі пустазеллем, урэшце як і шматлікія палацы ды храмы па ўсёй Беларусі.

Першым помнікам дойлідства, што мы наведалі ў гэты дзень, сталася невялічкая драўляная царква 1764 года ў вёсцы Гарадзішча. Царква будавалася як уніяцкая, але за расейскім часам яе перадалі праваслаўным, а ў 1900-м годзе перабудавалі ў неамаскоўскім стылі.

Далей, у вёсцы Вялікая Сваротва, пабачылі вельмі незвычайную - трохкутную ў плане, царкву Святой Троіцы, якую адносна нядаўна адрэстаўравалі. Вельмі цікавая гісторыя яе з'яўлення, непарыўна звязаная з менталітэтам беларусаў. У 1747 годзе на гэтым месцы пабудавалі драўляную царкву, якая мела тры ўваходы, па адным з кожнага боку, алтар размяшчаўся ў цэнтры памяшкання, і ўсё дзеля таго, каб маліцца ў ёй маглі адразу прадстаўнікі трох канфесій - праваслаўныя, католікі і ўніяты. Драўляная царква не захавалася, а ў 1823 на тым жа месцы адбудавалі трохкутны храм з бутавага каменю, які цалкам паўтараў архітэктурныя асаблівасці папярэдніка. Трэба яшчэ дадаць, што сучасная новая кладка, зробленая пад час рэстаўрацыі на ўзор старой "разынкавай", вельмі саступае арыгінальнай. Ну і, на жаль, не атрымалася патрапіць непасрэдна ўнутр храма, ён быў зачынены ў нядзелю, а шукаць святара мы не мелі часу.

У наступным мястэчку з прыгожай назвай Вольна (а раней яно і ўвогуле называлася Вольнае), на беразе невялічкага возерца пад каронамі двухсотгадовых вязаў наша кампанія архатурыстаў зрабіла абедзенны прывал. Возера, каля якога мы спыніліся, было часткай старадаўняга парку пры былой сядзібе Слізняў. Сам палац, які перабудоўваўся і ўдасканальваўся з 17 па 19 ст., быў разбураны пад час апошняй вайны, на яго месцы зараз знаходзіцца даволі арыгінальнага выгляду драўляны мясцовы клуб, на якім усталявана памятная дошка ў гонар аднаго з найбольш вядомых прадстаўнікоў роду былых уладальнікаў сядзібы, архітэктара і скульптара Рафала Слізня.

Затое цудоўна захавалася іншая гістарычна-культурная каштоўнасць Вольна, уніяцкая царква Святой Троіцы 1768 года, якая знаходзіцца з другога боку старога парку. Зразумела, што царква была ў 19 стагоддзі перахрышчана ў праваслаўную, і яна да сёння з'яўляецца дзейнай, але, што цікава, амаль не змяніла свой вонкавы выгляд, уяўляючы сабой вельмі выразны ўзор так званага віленскага барока. Зноў такі, царква ў гэты дзень была зачынена, і ўнутр мы не патрапілі, толькі агледзелі старыя пахаванні ля яе.

Далей на шляху была вёска Паланэчка, адметная палацам Радзівілаў канца 18 - пачатку 19 стагоддзяў з арыгінальнымі калонамі на ўваходзе. Як і ўсе гэткія пабудовы, палац мае звыкла-занядбаны выгляд, праўда, некалькі год таму яго прыватызавалі, але пакуль аб гэтым сведчаць толькі таблічкі з адпаведным надпісам.

Непадалёк знаходзіцца яшчэ больш стары драўляны касцёл Святога Юр'я, ён быў пабудаваны ажно ў 1751 годзе, але і сёння выглядае велічна і прыгожа, характэрна ўпарадкаваны і прылеглы падворак, што даволі звычайна для дзейнага каталіцкага храма. А на выездзе з вёскі можна пабачыць маляўнічыя руіны вадзянога млына з выкладзеным у муры годам пабудовы - 1819.

Як бы не было цікава падарожнічаць, усяму ўрэшце наканавана скончыцца. Вось мы і дабраліся да апошняй кропкі нашага краязнаўча-пазнавальнага маршруту - вёскі Ішкалдзь. Тут знаходзіцца адзін з найбольш старажытных касцёлаў Беларусі. Сярод убачаных намі за гэтыя дні помнікаў дойлідства ён стаўся сапраўдным маленькім дыяментам, нават цяжка ўявіць, што такі просты на першы погляд, але вельмі гарманічны і дасканала-прыгожы храм быў тут пабудаваны ў сярэдзіне 15 стагоддзя. Не мінулі касцёл і наступствы паўстання 1863 года, перададзены праваслаўнай царкве, ён нават атрымаў "украшения" ў выглядзе цыбулін, але ў 1921 годзе католікі вярнулі яго і гэтыя недарэчнасці прыбралі. З 1945 года касцёл стаяў зачынены, але яшчэ пры СССР, у самым канцы 70-х быў зноў перададзены каталіцкай царкве і адрэстаўраваны.

Вось і завяршылася наша вандроўка выходнага дня, як і заўсёды, яна пакінула безліч уражанняў і ўспамінаў. Адзінае, што засмучае з вынікаў гэткіх падарожжаў, гэта тое, што на ўсходзе Беларусі было знішчана, ды і зараз бяздушна руйнуецца, значна болей нашай "нерухомай" гістарычнай спадчыны . Цяжка адказаць, ці гэта такі ўплыў усходняга праваслаўя, ці адгукнуліся тыя дзесяцігоддзі, на якія мы пабылі болей, чым заходняя частка Беларусі, пад саветамі, бо народ усё-такі адзін, і гісторыя агульная, за вельмі непрацяглым, узгаданым ужо, часам? Але трэба спадзявацца на лепшае, можа незалежнасць краіны дасць вынікі, і мы ўсе станем аднолькава паважаць і шанаваць нашу гісторыю ды клапаціцца аб спадчыне, што засталася нам спакон вякоў ад прадзедаў.

Алесь Сабалеўскі.Фота аўтара.


Да 80-годдзя Iллi Копыла

Так атрымалася, што Iлля Копыл адзначае свой юбiлей на працягу 2-х гадоў. Справа ў тым, што хоць ён i нарадзiўcя 2-га жнiўня 1934 года, але па пашпарту дзень яго народзiнаў пазначаны 1935 годам. Пасля Вялiкaй Айчыннай вайны, калi аднаўлялi страчаныя дакументы, яму зменшылi ўзрост на 1 год.

Нарадзiўcя Iлля Копыл у вёсцы Нябышына Бягомльскага раёна Менскай вобласцi, зараз гэта Докшыцкi раён Вiцебскай вобласцi. Бацька Iллi, Копыл Пiлiп да вайны працаваў старшынём мясцовага калгаса. У часы вайны сям'я жыла пад нямецкай акупацыяй. Старэйшы брат Мiкaлай у 1943 годзе пайшоў у партызаны, дзе ў 1944 годзе загiнуў. Сярэднi брат Сяргей памёр з голаду ў блакадным Ленiнградзе. Бацька Копыл Пiлiп пасля вызвалення ў 1944 годзе быў мабiлiзаваны на фронт, загiнуў у 1945 годзе. У 1944 годзе Iлля Копыл паступiў y 1-шы клас Нябышынскай сямiгадовай школы, якую закончыў у 1951 годзе. У 1954 годзе закончыў Бягомльскую сярэднюю школу. У 1954 годзе паступiў, a ў 1957 годзе закончыў Менскае артылерыйска-мiнамётнае вучылiшча. З 1957 па 1961 год нёс службу ў артылерыi Прыволжскай вайсковай акругi. У 1961 годзе пераведзены ў Ракетныя войскi стратэгiчнага прызначэння - РВСП. У 1965 годзе паступiў, a ў 1970 годзе закончыў Растоўскае вышэйшае камандна-iнжынернае вучылiшча. У снежнi 1981 года звольнены ў запас па выслузе i па ўзросту ў званнi маёра. З 1983 па 1997 год працаваў на iнжынерных пасадах у Ваенным прадстаўнiцтве Менскага электра - механiчнага завода. Прымаў удзел амаль ва ўсix мерапрыемствах апазiцыi, за што ў студзенi 1990 года працоўным калектывам быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Менгарсавета. Перадвыбарчую агiтацыю правёў пад бел-чырвона-белым сцягам. Заняў 3-е месца з 6-цi. 1-га чэрвеня 1990 года выйшаў з шэрагаў КПСС. Друкаваўся ў газетах "Свабода", "Навiны", "Народная Воля" больш за 60 разоў. Больш за 100 лiстоў адаслаў на Радыё Свабода. У 2009 годзе выдаў кнiгу "Нябышына. Вайна. (Акупацыя вачамi падлетка). У 2014 годзе вышла 2-е дапоўненае выданне кнiгi. Кнiга мела шырокi рэзананс - частка яе чытачоў была ў захапленнi, другая частка абуралася. Кнiгу прачыталi ў блiзкiм i далёкiм замежжы. Цалкам друкавалася ў часопicе "Беларуская думка" , Нью- Ёрк. Iлля Копыл - сябар ТБМ.

Матэрыял падрыхтаваў сябар ТБМ, паэт Яўген Гучок.


Да 80-годдзя Іллі Копыла,былога кадравага вайскоўца,гарачага патрыёта Беларусі.


А каб быў я прэзідэнтам,

Дык міністрам абароны

Іллю Копыла прызначыў,

Каб сваёю ён персонай

Без усякіх сантыментаў

Бездакорна і бясстрашна

І пры штабе, і на маршы

З падначальным кантынгентам

І замежным элементам

На карысць Айчыны нашай

Вырашаў усе задачы.

Яўген Гучок.


"Мастацкая літаратура" выдала карысную кнігу для дзетак

Прыемна, што кніга з вершамі Алены Церашковай "Англійская мова: слова за словам" не толькі карысная для малых, якія пачнуць вывучаць англійскую мову, але і выдатна аздоблена ілюстрацыямі Вольгі Раманюк.

У гэтай кніжцы сабраныя кароткія вершыкі, а ў канцы кожнага - англійскае слова. Прыгадаў вершык - рыфма дапаможа табе ўзгадаць i замежнае слова. Чым болей слоў ты запомніш, тым прасцей будзе табе загаварыць па-англійску.

Спяшайцеся ў кнігарні горада, бо наклад усяго 1500 асобнікаў!

knihi.by


Генадзю Краўцову - 60

31 жніўня 2015 года споўнілася 60 гадоў Генадзю Сямёнавічу Краўцову, шчыраму беларусу, мастаку па працы з металам, творчаму і натхнёнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які працуе токарам на ААТ "Лідская абутковая фабрыка" і з'яўляецца старшынём суполкі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" прадпрыемства. У знаёмых і сяброў карыстаецца непахісным аўтарытэтам і павагаю за сціпласць, працавітасць і павагу да іншых людзей.

За два гады службы пешшу прайшоў каля 30000 км, добрасумленна выконваючы ўсе даручэнні, якія на яго ўскладаліся. Уласнымі рукамі пабудаваў лецішча і аздобіў яго мастацкімі творамі, вырабленымі ўласнымі рукамі, у тым ліку гістарычнымі гербамі г. Ліды і Беларусі.

Ён, працуючы далёка за межамі нашай Беларусі ганарыўся тым, што з'яўляецца беларусам, прапагандаваў і пашыраў беларускую мову як мог.

Спадар Генадзь стаў адным з пераможцаў конкурсу, які раней праводзіла ААТ "Лідскае піва". Назва гатунку піва "Князь Гедымін" была прынятая ў свой час па яго прапанове.

Усё, да чаго дакранаюцца яго рукі і сэрца, прыгажэе і набывае больш прывабны выгляд.

Не дзіўна, што 14 траўня 2015 года ў 20-ю гадавіну рэферэндуму 1995 года на ўстаноўчым сходзе суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на ААТ "Лідская абутковая фабрыка" яго аднагалосна абралі старшынём.

Усё жыццё, робячы Сусвет лепшым, выпраменьваючы святло сваёй душы на іншых людзей, ён заставаўся выдатным сямейнікам і разам з жонкаю выхаваў сына і дачку.

Калі б у нашай краіне было большасць такіх грамадзян, як спадар Генадзь, мы жылі б у больш цывілізаванай, экалагічна чыстай і дэмакратычнай дзяржаве, дзе больш бы паважаліся наша мова, культура і гісторыя.

Лявон Анацка, старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ.


Прэзентацыі ў Магілёве

29 жніўня ў Магілёве адбылася прэзентацыя тома "Беларускага кнігазбору", прысвечанага творчасці беларускага паэта і празаіка Міхася Стральцова, а таксама зборніка "Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах". На гэты раз Магілёўская суполка ТБМ сустракала адразу трох гасцей: паэта Міхася Скоблу, гісторыка і дзеяча сацыял-дэмакратыі Анатоля Сідарэвіча, а таксама спявачку і музыку Таццяну Матафонаву. Прысутныя пачулі гісторыю стварэння прэзентаванага тома і разам з тым атрымалі невялікі экскурс у не такое далёкае савецкае мінулае і ў біяграфію Міхася Стральцова, які так і не стаў цалкам "афіцыйным" паэтам і не займаўся ўсхваленнем "роднай партыі". Пра паэта шмат расказаў блізка знаёмы з ім Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч. Выданне збору твораў Міхася Стральцова мела на мэце запоўніць пустэчу ў кніжнай серыі "Беларускага кнігазбору", дзе і дагэтуль чакаюць з'яўлення тамы, прысвечаныя многім іншым беларускім творцам. Таксама ў зале прагучалі і песні на словы беларускай класічнай паэзіі ў выкананні Таццяны Матафонавай, і, натуральна, магілёўская грамада не магла абысціся без танцаў. Пасля імпрэзы гасцей чакала развітальная экскурсія на горадзе.

Аляксей Карпенка.


Жыццёвы шлях Антонія Гарэцкага

Да дня беларускага пісьменства

Існуе некалькі ўзаемазвязаных прычын на тое, каб далучыць да даследавання творчасці А. Гарэцкага апісанне яго жыццёвага шляху. Па-першае, пасля таго, як у 1998-1999 гадах асоба паэта была ўведзена ў гісторыю літаратуры Беларусі праз пераклад з польскай мовы некалькіх яго вершаў, зроблены У. Мархелем і К. Цвіркам, узнікае лагічная неабходнасць даць беларускаму чытачу кароткі нарыс яго жыццёвага шляху, які дагэтуль не асвятляўся ў беларускім літаратуразнаўстве. Па-другое, А. Гарэцкі з'яўля ецца значнаю і цікаваю постаццю ў літаратурным жыцці XIX стагоддзя. Па-трэцяе, жыццёвы шлях паэта вельмі моцна звязаны з найважнейшымі момантамі айчыннай гісторыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, гэтаксама як яго творчасць - з барацьбой за незалежнасць былой вялікай канфедэратыўнай дзяржавы. Таму без знаёмства з лёсам А. Гарэцкага немагчыма дастаткова глыбока зразумець яго творчы шлях, у дадзеным выпадку заўсёды "адчуваецца < ..> цень асобы над паэзіяй і выпраменьванне паэзіі над асобаю".

Антоні Гарэцкі (поўнае імя - Францішак Ксавэры Антоні Мікалай Гарэцкі) нарадзіўся 1 снежня 1787 года ў Вільні як самае малодшае, чацвёртае дзіця ў сям'і. Бацька Антонія, Валенці Гарэцкі, належаў да старажытнага шляхецкага герба "Даленга" і славіўся як вопытны адвакат Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, браў чынны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і памёр даволі рана, каля 1812 года. Маці будучага паэта, Ганна з дому Рэўтаў, пакінула па сабе яскравы след ва ўспамінах сучаснікаў як заўзятая патрыётка. Станіслаў Мараўскі згадвае, што "яна ў 1792 годзе і пазней, маючы яшчэ малых сыноў, выносіла іх на двор на руках, хоць ужо былі яны цяжкімі, і наймала маскальскіх жаўнераў, плоцячы кожнаму па рублю, каб тыя дазвалялі гэтым дзеткам біць сябе ў твар. А сама ўвесь час шэптам заклікала гэтых дзеткаў: "Бі маскаля, бі маскаля!". У доме Гарэцкіх, што і цяпер стаіць у Вільні на вуліцы Дамініканскай пад нумарам 15, часта збіраліся прадстаўнікі ліцвінскай інтэлігенцыі. Ва ўспамінах сучасніка чытаем, што "дом пані войскай Гарэцкай быў адным з самых паважаных у Вільні. Дом старапольскі, з якім навамодныя тагачасныя афранцужаныя дамы іншых паноў і побач не стаялі...". Аб тым, якое выхаванне мог атрымаць будучы паэт, падрастаючы ў такой атмасферы, сведчаць і ўспаміны Г. Пузынінай пра маці А. Гарэцкага: "Яна славілася як старасвецкая дама Літвы і гарачая патрыётка. Навучаная і прызвычаеная горача любіць Айчыну, а таксама смела і голасна пра гэта казаць у спрыяльныя часы, яна не магла і не хацела адвучыцца ад гэтага, не гледзячы на змену кіраўніцтва. Праўда, пры Аляксандры I не каралі за кожнае слова, але досыць таго, што былі такія, як Навасільцаў і Байкоў, якім пані Гарэцкая ў вочы рэзала праўду...". Паэт эпохі Асветніцтва Францішак Карпінскі ў сваіх "Pamietnikach" ("Успамінах") распавядае пра тое, як падчас балю ў Вільні, дадзенага камендантам горада пасля паражэння паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, адна толькі пані Гарэцкая ўстрымалася ад танцаў: "Падышоў да яе генерал [камендант горада. - Г. Ш.] і, бачачы, што яна ні з кім не хоча танцаваць, просіць, каб яна хоць яму аказала гэты гонар і пратанцавала з ім адзін танец. Яна ж, заліўшыся слязьмі, з усхпіпамі кажа яму: "Няўжо ты, васпане, хочаш, каб я на пахаванні сваёй Айчынымаці танцавала?" Усе грамадзяне засаромеліся, і танцы скончыліся". Відавочна, сын пераняў ад маці гэтыя нязломныя патрыятычныя якасці, пра што сведчаць яго пазнейшыя творы.

Пісаць вершы А. Гарэцкі пачаў падчас вучобы на літаратурным факультэце Віленскага ўніверсітэта (1802-1806), куды паступіў пасля несістэматычнай хатняй адукацыі. Яго паэтычным дэбютам стаў пераклад Першай элегіі Тыбула, апублікаваны ў "Dzienniku Wilenskim" у 1805 годзе.

Можна з упэўненасцю меркаваць, што вучоба ва ўніверсітэце аказала вялікі ўплыў на станаўленне маладога паэта А. Гарэцкага. Па-першае, менавіта на пачатку XIX стагоддзя з асяроддзя віленскіх студэнтаў сфармавалася "першае пакаленне моладзі ў сучасным значэнні гэтага слова, г. зн. як самастойная і своеасаблівая частка грамадства. З гэтай пары яно становіцца найбольш адчувальным рэцэптарам нацыянальнага арганізму, натуральным правадніком і трансфарматарам усялякіх ідэй і кірункаў". Па-другое, сярод віленскай акадэмічнай моладзі ў 1805-1808 гадах дзейнічала Таварыства навук і мастацтваў (на працягу свайго існавання яно некалькі разоў мяняла назву, спыніўшыся ў рэшце рэшт на папулярным у той час найменні Таварыства філаматаў). У склад гэтага аб'яднання ўваходзіў і А. Гарэцкі, прапаноўваючы свае першыя вершы для крытыкі ў коле сяброў і аднадумцаў. Заканамерна, што асветніцкая праграма дзейнасці Таварыства навук і мастацтваў паўплывала на эстэтыку і паэтыку творчасці А. Гарэцкага.

Пасля ўтварэння Варшаўскага княства малады паэт, як і многія іншыя ліцвіны, якім быў неабыякавы лёс Рэчы Паспалітай. тайком перабраўся цераз Нёман, каб далучыцца да напалеонаўскага войска. З гэтага часу ў жыцці і творчасці А. Гарэцкага распачынаецца якасна новы этап, звязаны з вайсковаю кар'ераю. Як падае "Polski Slownik Biograficzny" ("Польскі біяграфічны слоўнік"), паэт служыў у трэцім пяхотным палку на чале з Калікстам Закрэўскім, затым - у пятнаццатым пяхотным палку. Быў ад'ютантам генерала брыгады Станіслава Мяльжынскага, удзельнічаў у бітвах пад Смаленскам, Мажайскам, Таруцінам, у пераправе цераз Бярэзіну. Пра апошнюю падзею з цікавымі акцэнтамі распавядае С. Шумскі ва ўспамінах пад назваю "У баях і вязніцах". Рыхтуючыся да пераправы разам з аўтарам гэтых успамінаў і зносячы з ім розныя вайсковыя цяжкасці, А. Гарэцкі выпадкова напаткаў конюха С. Шумскага, што фігуруе ў творы пад іменем Талочка. Той жа вёз з сабою два пакункі капітана Юзафа Гарэцкага (роднага брата Антонія), лаючыся з-за таго, што мае толькі лішнія клопаты з-за гэтых таямнічых цяжкіх "пачкаў". Як выявілася, у адным з іх былі чатыры багата аздобленыя абразы, "нарабаваныя або ў царкве, або ў спальнях магнатаў, якія звычайна трымаюць такія абразы ў кутах сваіх спальных пакояў; па традыцыі яны ў маскалёў даюцца ў пасаг. Кожны такі абраз, напэўна, можна было б ацаніць у пяць або шэсць тысяч дукатаў". Антон Гарэцкі быў моцна ўгневаны братавым учынкам. Яго наступныя словы нагадваюць пра тое, што і ў сітуацыі вайны не павінна быць месца рабунку і подласці, нават у адносінах да супраціўніка: "Што французы рабуюць, то гэта не навіна, але паляку пускацца на такую подласць - недаравальна, гэта ганьба. Бяру цябе за сведку, Станіславе, што, як толькі прыедзем у Вільню, я адразу ахвярую ўсё гэта ў Вострую Браму, бо не хачу пэцкаць рук гэтым нягодна набытым багаццем".

Вартасці і ідэалы, за якія А. Гарэцкі вёў змаганне ў напалеонаўскай вайне, знайшлі сваё ўвасабленне ў яго вайсковай лірыцы, якую асабліва высока цаніў А. Міцкевіч. Тагачасная паэзія А. Гарэцкага, як і іншых паэтаў-легіянераў, з'яўляецца ўнікальнаю з'яваю ў гісторыі літаратуры народаў былой Рэчы Паспалітай, стаўшы часткаю еўрапейскай "напалеонаўскай эпапеі", якая выяўляла вялікія надзеі і цяжкія расчараванні, уся афарбаваная непазбежным "адценнем смутку".

Падчас службы ў напалеонаўскім войску А. Гарэцкі быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. Паранены, пасля кампаніі 1812 года ён пакінуў войска, пэўны час знаходзіўся на лячэнні ў Кракаве, а затым вярнуўся ў сямейны маёнтак Дусіненты (Дусіняты) паблізу Вільні. На радзіме паэт працягваў займацца літаратурнаю творчасцю, адначасова актыўна ўдзельнічаючы ў грамадскім жыцці.

У 1815 годзе А. Гарэцкі выехаў у падарожжа па Еўропе, наведаў Вену, Падую, Фларэнцыю, Балонню, Рым, Пізу. У адным з лістоў ён дзяліўся з сябрам сваімі творчымі задумамі і справамі: ".. Як магу, заканчваю "Паэму пра Фішара". Наш час няпэўны. Цяжка мне было б паміраць, не аддаўшы пашаны праху сябра, нашага героя Панятоўскага". На жаль, гэтая паэма не захавалася (акрамя адрыўкаў). Паводле адной з версій, А. Гарэцкі сам яе знішчыў пасля таго, як у друку з'явілася сатыра Ф. Мараўскага "Новы Парнас". З. Цеханоўская сцвярджае, што па гэтай жа прычыне паэт "нібыта спаліў збор сваіх твораў, які рыхтаваўся да выдання, хоць больш праўдападобным з'яўляецца пазнейшае сведчанне Міцкевіча, што да друку [гэтыя творы] не дапусціла цэнзура". Так ці інакш, але паэт надоўга замаўчаў у друку пасля нядобразычлівай сатыры Ф. Мараўскага.

У 1818 годзе А. Гарэцкі быў урачыста прыняты ў віленскае Таварыства шубраўцаў, асноўным друкаваным органам якога была газета "Wiadomosci Brukowe". Паводле "Kodexu szubrawskiego" ("Шубраўскага кодэксу"), кожны новы сябар павінен быў прымацца ў таварыства толькі па рэкамендацыі іншага сталага ўдзельніка аб'яднання. У выпадку з А. Гарэцкім пасярэднікам паміж паэтам і таварыствам стаў Міхал Балінскі, які ў шубраўскім друку карыстаўся псеўданімам Аўшлявіс. Пра гэта даведваемся з "Mowy Dygnitarza Szubrawissymusa Okopirnosa z powodu przyjencia dо Szubrawstwa nowego czlonka" ("Прамовы Саноўніка Шубравісімуса Акапірноса з нагоды прыняцця ў шубраўства новага сябра [г. зн. А. Гарэцкага. - Г. Ш.]"), апублікаванай у 89-м нумары "Wiadomosci Brukowych": "Шаноўны наш калега Аўшлявіс, які рэкамендаваў нам вяльможнага пана, Вартаўнік пачэснай лапаты і менаваны Саноўнік, пры рэкамендаванні прыносіў, згодна з нашымі правіламі, твор вяльможнага пана, складзены вершам у байцы пад назваю "Авечка і вол". Дух шубраўскі, які можна было ў ім заўважыць, схіліў галасы ўсіх [сяброў таварыства. - Г. Ш.] да аднадушнага прыняцця вяльможнага пана ў нашае кола". Але, як падкрэслівае Рудольф Отман у артыкуле "Да пытання пра гісторыю Таварыства шубраўцаў. На аснове нататкаў з архіва Міхала Балінскага", А. Гарэцкі не знайшоў спажытку для сваёй ваярскай душы ў клубе жартаўнікоў і "пенсіянераў-прафесараў", таму ўжо праз некалькі месяцаў пакінуў таварыства. Польская даследчыца Я. Коваль акцэнтуе ўвагу на тым, што жаданне пакінуць таварыства ўзнікла ў А. Гарэцкага тады, калі ён "зарыентаваўся, што ўсё часцей галоўнаю формаю выступленняў шубраўцаў станавіўся пасквіль, а гэта, на яго думку, было яўным парушэннем асноўных прынцыпаў гуманізму" . Пасля выхаду паэта з таварыства ў "Wiadomosci Brukowуch" з'явіўся "надмагільны верш" былому шубраўцу Гарэцкаму:

"Мінак! Ля магілы той

затрымай крокі,

Беднага Літваніса

ляжаць тут парэшткі,

За тое, што ў шубраўцаў

ўвайшоўшы грамаду

Хацеў без працы карыстацца

слаўным імем..."

Цяжка пагадзіцца з гэтай "эпітафіяй", таму што А. Гарэцкі амаль што адзін забяспечваў "Wiadomosci Brukowe" паэтычнымі творамі "ў шубраўскім духу". І, не гледзячы на ананімнасць друкаваных там твораў, папулярнасць А. Гарэцкага як аўтара "вольналюбівых" баек толькі ўзрастала, вершы яго разыходзіліся ў рукапісах, перапісваліся і захоўваліся ў асабістых архівах. "Хто ж з нас у сваім таемным архіве, дзе, на жаль, знаходзілася шмат атрутнага плёну, не раз пакрытага шаноўнымі прозвішчамі паэтаў мінулага стагоддзя, не меў перапісанага верша "Смерць здрадніка Айчыны" або "Байкі пра фурманаў"" , - пісаў Л. Рэталь. Акурат за гэтую "Байку пра фурманаў" у 1828 годзе А. Гарэцкі быў арыштаваны ў сваім вясковым доме, вывезены ў Варшаву і там зняволены. Праз пэўны час паэт выйшаў з вязніцы пры той умове, што дасць распіску з наступным зместам: " Я, ніжэйпадпісаны... даю наступную распіску аб тым, што ў далейшым часе не буду займацца складаннем вершаў, у якіх утрымліваліся б вольныя думкі і згадкі пра ваенныя дзеянні супраць Расіі, а таксама з'едлівыя словы ў адрас навуковага кіраўніцтва, якія выклікаюць у моладзі шкодныя думкі, ...і што ў далейшым буду паводзіць сябе ціха і спакойна...". Але, як падае "Польскі біяграфічны слоўнік", гэтая карная мера яшчэ больш узмацніла папулярнасць А. Гарэцкага.

Пераломнымі ў лёсе і творчасці паэта сталі 1830-1831 гады. Пасля паражэння ў напалеонаўскай вайне паўстанне 1830-1831 гадоў давала новую надзею на вызваленне і аднаўленне Рэчы Паспалітай. таму А. Гарэцкі ўзяў у ім чынны ўдзел і быў нават сябрам Віленскага камітэта па падрыхтоўцы паўстання на землях Вялікага Княства Літоўскага.

Гучны рэзананс ва ўспамінах і мастацкіх творах атрымала спроба здабывання паўстанцамі Вільні з-пад расійскай улады. Пра непасрэдны ўдзел А. Гарэцкага ў гэтай выправе засталіся згадкі ў ("Успамінах жыхара Упіцкага павета"). А. Гарэцкі з'яўляўся начальнікам штаба Караля Залускага, які кіраваў усёй экспедыцыяй, і ўдзельнічаў у бітве пад Каўганамі. Паэт працягваў тварыць нават у кароткіх прамежках паміж баямі. Відавочна, ён бачыў у гэтым сваю місію як паэта. Вершы гэтай пары насілі прынагодны характар і не з'яўляліся шэдэўрамі паводле крытэрыяў класіцысцкай паэтыкі, бо яны ўжо пісаліся не для літаратурных салонаў, а для стомленых і параненых жаўнераў, якія ледзь не штодня глядзелі ў вочы смерці і мелі патрэбу ва ўмацаванні духу. "Назаўтра, добра ўпэўніўшыся ў кірунку непрыяцеля, - піша аўтар "Успамінаў", згадваючы пра бітву пад Каўганамі, - патрыёты прынялі ўдзел ва ўрачыстым набажэнстве, а ў вершах, імправізаваных Гарэцкім, захавалася памяць пра некалькіх палеглых".

Калі здабыванне "губернскага горада" было адкладзена на няпэўны, больш удалы час, Гарэцкі пакінуў штаб К. Залускага і разам з Замбжыцкім і варшаўскімі эмісарамі прыняў удзел у паўстанні Цяльшэйскага павета. Змагаўся ў бітвах пад Дарбянамі, Палангаю і Таўраге. Для выканання пэўнай місіі паэт быў высланы за мяжу, і, дзякуючы гэтаму, яму ўдалося пазбегнуць арышту. Перш чым А. Гарэцкага павінны былі схапіць у Шчэціне, ён уцёк на ангельскі карабель "Реnelоре" і праз некаторы час дабраўся да Парыжа як эмісар ліцвінскага паўстання. Тут паэт сустрэўся з А. Міцкевічам. Маючы намер перабрацца ў Польшчу, прыкладна 20 ліпеня 1831 года яны разам адправіліся ў Дрэздан, куды прыехалі на пачатку верасня. Падчас гэтага падарожжа А. Гарэцкім быў створаны вершпрысвячэнне ("Да Адама Міцкевіча, майго спадарожніка ў 1831 годзе, у дарозе паміж Нансі і Шалон"), у якім у адно настальгічнае пачуццё зліліся і туга па адабранай Радзіме, і сяброўская прывязанасць да адрасата верша, які падзяляе з ім лёс выгнанца, і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Заўважым, што гэтыя тры складнікі вызначалі асноўную асаблівасць літаратурнай творчасці ліцвінска-польскіх эмігрантаў, што, відавочна, было адным з фактараў, якія паўплывалі на вылучэнне даследчыкамі асобнага тыпу рамантызму, адрознага ад "краёвага", - т зв. рамантызму "эміграцыйнага".

Аблічча лірычнага героя А. Гарэцкага ў выгнанніцкі перыяд жыцця паэта таксама стала істотна змяняцца, хоць, на думку многіх даследчыкаў, А. Гарэцкі пасля паўстання 1830-1831 гадоў не эвалюцыянаваў як творца, застаўся на тым жа самым узроўні, паўтараючы старыя матывы і ідэі. Але змены, якія адбываліся ў яго паэзіі ў гэты перыяд, заключаліся ў набыцці пэўнага містычнага рэлігійнага досведу аўтара, злучанага з яго патрыятычнымі перажываннямі. Адсюль паглыбленыя месіянскія матывы ў яго творчасці і, верагодна, тыя рэлігійныя шуканні, з-за якіх паэта не разумелі нават блізкія сябры.

Вяртаючыся да апісання падарожжа А. Гарэцкага, праведзенага разам з А. Міцкевічам, дадамо, што з Дрэздана апошні адправіўся ў Пазнанскае княства, а Гарэцкі затрымаўся там з-за хваробы. Няма дакладных звестак пра тое, ці ўдалося паэту ў той час яшчэ хоць раз наведаць Радзіму. Вядома толькі, што вясною 1832 года ён зноў сустрэўся з Міцкевічам у Дрэздане і адтуль вырушыў у Парыж, дзе пасяліўся на сталае жыхарства.

У асяроддзі ліцвінскай і польскай эміграцыі, якая прыбывала ў Францыю пасля паражэння паўстання, пачало стварацца мноства патрыятычных аб'яднанняў. Іх сябры не толькі падтрымлівалі адзін аднаго матэрыяльна, каб мець магчымасць уладкавацца і выжыць на чужыне, але і ставілі перад сабою самыя разнастайныя палітычныя, сацыяльныя, духоўна-рэлігійныя задачы. Адным з першых у Парыжы быў створаны Нацыянальны камітэт Польшчы і захопленых зямель (Камітэт польскай эміграцыі, Камітэт Дварніцкага), у склад якога было прапанавана ўвайсці і А. Гарэцкаму. Але, пакрыўджаны з-за таго, што на яго месца неўзабаве быў абраны ксёндз Аляксандр Ялавіцкі, паэт адмовіўся ўвогуле прымаць удзел у якіх-кольвек эмігранцкіх палітычных аб'яднаннях.

Тым часам ён захапіўся рэлігійнай практыкай і ў снежні 1834 года разам з Багданам Янскім, Адамам Міцкевічам. Ігнатам Дамейкам, Стэфанам Вітвіцкім, Янам і Багданам Залескімі падпісаў акт заснавання Таварыства з'яднаных братоў. Утварэнне гэтай арганізацыі стала плёнам сяброўскіх і творчых сустрэч эмігрантаў і французскіх інтэлектуалаў, што рэгулярна адбываліся ў Парыжы з 1832 года. Сам А. Гарэцкі ў гэты перыяд перажываў глыбокае рэлігійнае навяртанне, кінуў азартныя гульні і вызначаўся асабліваю пабожнасцю. З цягам часу ён далучыўся да т. зв. "Дома Янскага" - рэлігійнай супольнасці, утворанай 17 лютага 1836 года, браты якой на чале з Багданам Янскім (Братам Старэйшым) далі абеты пажыццёвай братэрскай еднасці. Аднак А. Гарэцкі не вытрымаў цвёрдай дысцыпліны, якая патрабавалася ад сяброў супольнасці, і выйшаў з яе.

Пакінуўшы "Дом Янскага", праз пэўны час паэт сутыкнуўся са спакусаю захапіцца новым рэлігійным рухам на эміграцыі, звязаным з асобаю Андрэя Тавянскага - "прарока", "які прыбыў з Літвы". Каб як мага дакладней прадставіць духоўныя пошукі А. Гарэцкага, звязаныя з сектаю Тавянскага, працытуем адрывак з ліста Яна Казьмяна да кс. Пятра Семяненкі ад 30 верасня 1841 года: "...Я сустрэў Гарэцкага. Той казаў мне, што Бог злітаваўся над народам славянскім і над народам габрэйскім; над габрэйскім народам за тое, што той вытрываў у законе. Калі габрэі, казаў ён, прызнаюць Месію - скончыцца іх нядоля; праз народы славянскія, асабліва праз палякаў, Бог здзейсніць вялікія рэчы. Прыйшоў час. калі Евангелле будзе ўведзена ў жыццё, у грамадскія адносіны. Касцёл заснуў, Папа Рымскі не выконвае сваіх абавязкаў, але праўда толькі ў Касцёле. З'явіцца муж вялікі з мячом у руцэ, які будзе ваяваць за праўду, прарокі ўжо прадвяшчаюць яго. Святары будуць працівіцца і прароцтву, і яму самому, а скончыцца тым, што Святы Айцец дабраславіць [яго]. Тавянскі ведае пра душы многіх папаў і святароў, якія пакутуюць з-за невыканання абавязкаў. Хрысціяне выпраўляюцца ў далёкія місіі, хочуць навяртаць паганцаў, а самі, не выправіўшыся. падаюць ім прыклад зла".

Як бачым з гэтага фрагмента, на пачатку 40-х гадоў XIX стагоддзя А. Гарэцкі стаў надзвычай моцна захапляцца месіянствам, бачачы прарока і вызваліцеля былой Рэчы Паспалітай у асобе А. Тавянскага. З гэтай жа сітуацыі бярэ пачатак і яго антыклерыкалізм, звязаны з недаверам да касцельнай іерархіі (не да самога Касцёла!). Ліст Я. Казьмяна пацвярджае, што А. Гарэцкі быў чалавекам моцнай, нязломнай веры, а выйсце з выпрабаванняў і роспачы шукаў у містычным досведзе - як сваім, так і іншых сваіх суайчыннікаў. Такім чынам, разам з А. Міцкевічам ён стаў адным з першых прыхільнікаў тавянізму.

Але адным з першых паэт і пакінуў кола Тавянскага, хутка расчараваўшыся ў аўтэнтычнасці містычных перажыванняў і бачанняў "прарока". Пра гэты канфлікт настолькі каларытна распавядаецца ў "Аlbumie Рszonki", што дадзены эпізод з жыцця А. Гарэцкага набыў своеасаблівы "міфічны" арэол і пераказваецца ў многіх біяграфічных крыніцах: "Пра адступленне аднаго з двух найпершых паслядоўнікаў Тавянскага (паэта Гарэцкага) ходзіць такая чутка. Аднойчы Тавянскі чытаў яму Акт веры, які - па яго словах - Пан Бог яму прадыктаваў. Гарэцкі слухаў гэты Акт уважліва і пабожна, але калі назаўтра Тавянскі выклікаў яго для падпісання Акта, а той заўважыў на ім густыя папраўкі, зробленыя пасля ўчарашняга дня, то сказаў: "О Настаўнік, Пан Бог непамыльны і што адзін раз учыніць - ніколі не папраўляе; значыць, не Пан Бог табе ўчора Акт дыктаваў, калі сёння я бачу ў ім столькі паправак". I не падпісаў Акта".

Разрыў А. Гарэцкага з асяроддзем Тавянскага пацягнуў за сабою і непаразуменні ў адносінах з А. Міцкевічам, які па-ранейшаму заставаўся верным вучэнню новага "прарока Літвы". Не пагадзіла паэтаў і каханне, што зарадзілася паміж прыбылым у Парыж сынам А. Гарэцкага Тадэвушам і дачкою А. Міцкевіча Марыяй. 17-гадовая дзяўчына да знаёмства з Тадэвушам ужо мела нарачонага - бацькавага сакратара Арманда Лера, але адмовілася ад шлюбу з ім і ў 1857 годзе выйшла замуж за Тадэвуша Гарэцкага.

Верагодна, да смерці А. Міцкевіча паэты так і не знайшлі паразумення, хоць А. Гарэцкі неаднойчы рабіў спробы прымірэння з былым блізкім сябрам.

Разрыў з сектаю Тавянскага і рознымі іншымі ліцвінска-польскімі арганізацыямі ўсё ж не прывёў да поўнай адарванасці А. Гарэцкага ад удзелу ў культурным і грамадскім жыцці "Вялікай эміграцыі". Ён па-ранейшаму заставаўся адкрытаю і абаяльнаю асобаю, якая прываблівала да сябе іншых. Адзін з эмігрантаў, Ю. Зялінскі, згадваў пра яго наступным чынам: "На твары ... відаць былі сляды моцных перажыванняў. I гэта была сапраўды дзіўная мешаніна дабрадушнасці, досціпу, багабойнасці, знешняй палахлівасці, сапраўднай адвагі, роздуму і неразважнасці, нястрымнай жарсці да гульні, невычэрпнай пачцівасці. <...> Звычайна ён заікаўся, меў ліцвінскі акцэнт, але міла было яго слухаць, калі ён чытаў які-небудзь свой верш". I сапраўды, без чытання вершаў А. Гарэцкага не абыходзілася амаль ніводная гадавіна 29 лістапада, што заўжды ўрачыста святкавалася ў асяроддзі "Вялікай эміграцыі".

Тым часам здароўе паэта ўсё больш слабела. Ім апекавалася сям'я Тадэвуша і Марыі Гарэцкіх, што жылі таксама ў Парыжы. Апошнія гады жыцця А. Гарэцкі правёў у доме здароўя Маіson Мunicipalе dе Santе Dubois, дзе яму асаблівую радасць прыносілі адведзіны сяброў і знаёмых. Б. Ліманоўскі ўспамінае пра адзін з такіх візітаў, звязаны таксама з гадавінаю паўстання 1830-1831 гадоў: "Не гледзячы на хваробу, ён не ляжаў у ложку і быў цалкам апрануты. Мы заспелі яго ў таварыстве нейкага эмігранта. Бадзёры і гаманкі, ён сустрэў нас вельмі пачціва, распытваў пра Літву, Інфлянты; сам апавядаў нам разнастайныя падрабязнасці пра паўстанне 1831 года і прачытаў некаторыя са сваіх вершаў. Ён выказваў вялікае задавальненне ад таго, што мы яго наведалі".

У гэтым жа доме, 18 верасня 1861 года, А. Гарэцкі скончыў шлях зямных пакутаў і змаганняў. Пахаваны ён быў спачатку ў 15-асабовай калектыўнай магіле на могілках Манмартр у Парыжы. Толькі праз некаторы час яго парэшткі былі перанесены ў сямейны склеп Гарэцкіх на могільніку ў Манмарансі, дзе знайшлі спачынак самыя выбітныя прадстаўнікі ліцвінскай эміграцыі, у тым ліку А. Міцкевіч і Ю. У. Нямцэвіч.

Творчая спадчына, якую пакінуў пасля сябе А. Гарэцкі, дастаткова вялікая, хоць, на думку крытыкаў, не ўсё ў ёй вартае пільнай увагі чытача і даследчыка. Усе кнігі паэта выходзілі па-за межамі Айчыны, на эміграцыі, і варта заўважыць, што, не гледзячы на ранні літаратурны дэбют у перыёдыцы, складаць вершы ў паэтычныя зборнікі А. Гарэцкі пачаў ужо ў зусім не маладым узросце: першая яго кніга - "Роеzyie Litwina" ("Паэзія ліцвіна") - выйшла ў Парыжы ў 1834 годзе. Пасля новыя зборнікі пачалі з'яўляцца даволі часта: "Ваjkі і роеzjе nowе" ("Байкі і новыя вершы", 1839), "Klosek Роlskі, сzylі Nоwу tоmіk роеzуі" ("Каласок Польшчы, або Новы томік вершаў", 1843), "Wolny glos, сzуlі Nowу tomik pism" ("Вольны голас, або Новы томік твораў", 1850), "Siewbа, сzуlі Nowу tomik pism" ("Сяўба, або Новы томік твораў", 1857), "Nowу zbіоrеk wіеrszу" ("Новы зборнік вершаў", 1858), "Jeszczе tоmіk ріsm" ("Яшчэ адзін томік твораў", 1859), "Nowе ріsеmkо" ("Новая кніжачка", 1860), "Rozmaitosсі" ("Рознае", 1861).

Пасля смерці паэта ўкладаннем яго твораў заняўся Л. Рэталь, падрыхтаваўшы да друку зборнік выбранага пад назваю "Ріеsnі" ("Песні", 1868), а затым - двухтомнік "Ріsmа" ("Творы", 1886), куды ўвайшлі ўсе выдадзеныя паэтам кнігі ў храналагічным парадку.

Перавыданне выбраных твораў А. Гарэцкага ў XX стагоддзі было ажыццёўлена толькі аднойчы: у 1950 годзе ў Варшаве выйшла кніга "Djabel і zbozе" ("Чорт і збожжа"), падрыхтаваная Я. Шэлёнгам. У той жа час на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку цяперашняй Беларусі, яшчэ ніводнага разу асобнаю кнігаю не выходзіла "паэзія ліцвіна", хоць патрэба ў гэтым усё больш узрастае ў культурным жыцці краіны.

Як бачым, жыццёвы шлях А. Гарэцкага працякаў у адзін з самых складаных перыядаў айчыннай гісторыі. Атрымаўшы патрыятычнае выхаванне ў бацькоўскім доме, на пачатку XIX стагоддзя ён увайшоў у культурнае і грамадскае жыццё зямель былога Вялікага Княства Літоўскага як гарачы барацьбіт за вызваленне Айчыны. Удзел у напалеонаўскіх войнах, затым - у паўстанні 1830-1831 гадоў, а таксама жыццё ліцвінскай эміграцыі паўплывалі на тэматыку і праблематыку яго творчасці. Аўтар шматлікіх зборнікаў, прысвечаных паэтычнаму роздуму пра лёс Літвы-Беларусі, ён яшчэ чакае свайго вяртання да беларускага чытача.

Ганна Шаўчэнка


Памерла Ала Канапелька. У Менску развіталіся з пісьменніцай

Пасля цяжкай хваробы ад нас сышла беларуская паэтка Ала Канапелька. Ёй было 55 гадоў.

Ала Іванаўна нарадзілася 14 лютага 1960 года ў вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Была зямлячкай Івана Мележа, Барыса Сачанкі, Барыса Пятровіча.

У 1978 г. скончыла Лоеўскую педагагічную навучальню і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1983) працавала метадыстам у Доме літаратара, а з 1990 - загадчык арганізацыйна-прапагандысцкага аддзела Беларускага фонду культуры.

Першыя вершы апублікавала ў 1974 у хойніцкай раёнцы "Ленінскі сцяг", у 1977 яе апублікаваў часопіс "Маладосць". У 1985 г. выйшаў зборнік вершаў "Цвет алешыны".

nn.by.


25 жніўня з 10.00 да 12.00 у мемарыяльнай зале на вул. Альшэўскага, 12 у Менску адбылося развітанне з пісьменніцай. Ушанаваць памяць спадарыні Алы прыйшлі родныя і блізкія, калегі. Пахавалі Алу Іванаўну на гарадскіх могілках у Смалявічах.

***

Зашапчы гэты боль,

дождж лістоты.

Залаты лівень,

лівень барвяны.

У травы познія

падаюць ноты

Музыкі невяртання.


Невяртанне без слова,

пагляду,

Проста так -

не вярнуся аднойчы.

А на памяць -

святло зарападу

I халодныя восені вочы.


Зашапчы гэты боль,

дождж лістоты,

Ноччу ззяблай,

парою світання.

У далонях барвяныя ноты

Цішыні невяртання.

Ала Канапелька.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" смуткуе і спачувае родным і блізкім Алы Іванаўны.


Ходзіць выстаўка па крузе, бо ўсім патрэбная яна

Фотамастак Міхась Крыжаноўскі арганізаваў у гэтым сезоне ў трэці раз свой фотапраект, прысвечаны нашаму знакамітаму земляку Міхалу Клеафасу Агінскаму.

17 жніўня 2015 года а 16.00 гадзіне ў Вілейскім краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё фотавыставы вядомага мінскага фотамастака Міхася Крыжаноўскага пад назвай "Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці". Дадзеная выстава адбылася дзякуючы садзейнічанню Беларускага фонду культуры на чале з яго старшынём Уладзімірам Гілепам і яго намеснікам Тадэвушам Стружэцкім, а таксама пры значнай дапамозе кіраўніцтва Вілейскага краязнаўчага музея ў асобе дырэктара Сяргея Ганчара і старшага навуковага супрацоўніка музея Вольгі Коласавай, якія ласкава згадзіліся на правядзенне выставы і цёпла сустрэлі нас у дзень урачыстага адкрыцця фотапраекту.

Першая і другая выставы адбыліся ў Залессі і ў Менску. На гэты раз Міхась Крыжаноўскі вырашыў паказаць свой чарговы фотапраект зноў бліжэй да Залесся, каб аддаць даніну павагі і пашаны нашаму славутаму земляку - кампазітару і выдатнаму палітычнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага Міхаілу Клеафасу Агінскаму і яго ўдзячным нашчадкам, жыхарам Вілейскага краю.

Пралогам усёй выставачнай урачыстасці стала выступленне перад гледачамі юнага музыкі Андрэя Бараноўскага, які выканаў на гітары знакаміты ля-мінорны паланез М. Кл. Агінскага "Развітанне з Радзімай". Выставу адкрыла ст. навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава, якая ў сваім слове адзначыла, што ў гэтым годзе шырока адзначаецца 250-годдзе з дня нараджэння М. Кл. Агінскага. З гэтай нагоды Вілейскі краязнаўчы музей таксама актыўна ўключыўся ў выставачную дзейнасць, звязаную з іменем і юбіленай датай кампазітара, які, на думку Вольгі Коласавай і супрацоўнікаў музея, стварыў свой цудоўны паланез менавіта ў маёнтку Ганута (цяпер Ручыца), дзе ў былыя часы знаходзіўся палац ваяводы Троцкага, князя Тадэвуша Агінскага. Згаданы палац быў пабудаваны прыкладна ў 1765 годзе, калі з'явіўся на свет божы сам М. Кл. Агінскі.

Да выступлення вядоўцы далучылася тройца маладых хлопцаў з Вілейкі на чале са старшынём мясцовага аддзялення Таварыства аховы помнікаў Дзяніса Канецкага - вілейскага краязнаўца - і яго калег, якія на дабрачыннай аснове зрабілі і ўстанавілі дах над былой Гануцкай капліцай, паказаўшы сваім добрым прыкладам нашым беларускім прадпрымальнікам, як неабходна любіць сваю Айчыну і актыўна дзейнічаць у справе аднаўлення забытых і разбураных гістарычных помнікаў.

Затым Вольга Коласава дала слова сваёй супрацоўніцы Алене Мацюшонак, якая з захапленнем расказвала пра нашых дзядоў і прадзедаў, стварыўшых гістарычныя помнікі, якія неабходна адраджаць і аднаўляць па фотаздымках і карцінах, якія ствараюць нашы сучаснікі, такія як Міхась Крыжаноўскі і Эдуард Мацюшонак. У цэнтры арыгінальных фатаграфій фотамастака знаходзіцца карціна мастака Эдуарда Мацюшонка "Гукі паланеза" (1999 г.), якая вельмі ўдала ўпісалася ў шэрагі фатаграфій Міхася Крыжаноўскага.

Услед за Аленай Мацюшонак выступіла маладая паэтка і перакладчыца, настаўніца Ільянскай СШ Аксана Ярашонак, якая парадавала гасцей сваімі вершамі, напісанымі ёй у Ільі, месцы, якім калісьці валодалі Агінскія і якое натхняла на творчасць самаго М. Кл. Агінскага.

Даволі цікавым момантам трэцяй фотавыставы Міхася Крыжаноўскага была экскурсія, якую правёў па ўсёй экспазіцыйнай зале сам фотамастак, расказаўшы пра кожнае фота. Сярод ужо знаёмых фатаграфій дзвюх папярэдніх выставак у новай экспазіцыі з'явілася пяць новых фатаграфій з выявамі капліцы і царквы ў Гануце і чатыры фота работы з відамі музычнай лаўкі каля Менскай ратушы, устаноўленай у гонар 250-годдзя з дня нараджэння М. Кл. Агінскага, лаўкі, якая, для сеўшых на яе, гучыць хваляўнічымі гукамі ля-мінорнага паланезу. Як вядома, аўтарам гэтага незвычайнага арт-аб'екта з'яўляецца таленавіты малады скульптар Вадзім Мацкевіч, які на працягу цэлага году ствараў дадзены музычны шэдэўр, а сродкі на яго стварэнне ахвяравала старшыня праўлення Менскага сацыяльна-эканамічнага фонду "Чыстае дзеянне", сябар клуба "Ротары Менск" Юлія Барысевіч - Свірко, з якой нам усім неабходна браць добры прыклад.

Карыстаючыся спрыяльнай магчымасцю, мне (аўтару дадзенага артыкула Васілю Ермаловічу, далей па тэксту В.Е.) так і хочацца задаць некалькі пытанняў віноўніку ўрачыстасці.

В. Е.:Міхась, чаму Вы вырашылі якраз летам, падчас летніх вакацый, наладзіць сваю выставу?

М. К.: Справа ў тым, што ў летні час і неабходна праводзіць такія імпрызы па-за межамі сталіцы і буйных гарадоў, якія становяцца амаль бязлюднымі.

В. Е.:А чаму выстаўляецеся менавіта ў Вілейцы?

М. К.: Вілейка знаходзіцца недалёка ад Залесся і Маладзечна, якія непасрэдным чынам звязаны з іменем М. Кл. Агінскага, якому я прысвячаю сваю фотавыставу. Акрамя таго Маладзечна вядомае тым фактам, што тут у свой час жыў і тварыў родзіч Міхала Клеафаса граф Францішак Ксаверы Агінскі, які перадаў у дар Міхалу Клеафасу свой маёнтак у Залессі. Як вядома, у свой час род Агінскіх валодаў многімі землямі, у тым ліку і на Вілейшчыне. Акрамя маёнтка ў Гануце яму належалі і землі Ільі. А Вілейшчына была заўсёды крыніцай натхнення для многіх творцаў.

В. Е.:Такім чынам, атрымліваецца, што ходзіць выстава па крузе, таму што неабходная яна. А колькі каштуе білет?

М. К.: Наведванне выставы бясплатнае. Я проста хачу, каб як мага болей людзей наведалі выставу і даведаліся пра асобу М. Кл. Агінскага і яго жыццёвы і творчы шлях.

В. Е.:Гледзячы на Вашыя фатаграфіі і карціну Эдуарда Мацюшонка "Гукі паланеза", на якой адлюстраваны былы палац князя Тадэвуша Агінскага, становіцца сумна на душы ад таго, што палац не захаваўся, а хто і калі яго зможа аднавіць і ці магчыма такое наогул?

М. К.: Своечасова Вы задалі гэтае пытанне. Я вось таксама думаю: вось дзе сапраднае поле дзейнасці для нашых прадпрымальнікаў, якім варта было б узяць добры прыклад з тройкі вілейскіх хлопцаў, якія агарадзілі, як толькі маглі, капліцу ў былым маёнтку Ганута.

В. Е.:Над чым Вы працуеце ў дадзены час? Якую выставу рыхтуеце зараз?

М. К.: У гэты час у мяне некалькі выстаў: адны абнаўляю, іншыя рыхтую. Назаву некалькі новых, напрыклад "Янка Купала і сучаснікі", "Мая Беларусь", па іміджу Беларусі, па экалогіі, хрысціянству і г.д.

В. Е.:Міхась, на вашых фатаграфіях можна ўбачыцьзамкі, палацы, краявіды і людзей, якія абагульняюць эпоху Агінскага і цікавяцца яго творчасцю, ці не праўда?

М. К.: Так яно і ёсць! Вось чаму вельмі важнае месца ў гэтай выставе належыць людзям, далучаным да справы адраджэння ўнікальнай культурнай спадчыны, створанай родам Агінскіх.

В. Е.:Дзякуй за грунтоўныя адказы на каверзныя пытанні.

Падчас адкрыцця фотапректу быў паказаны невялікі фільм пра жыццёвы шлях кампазітара, а ў заключэнне ўсёй імпрэзы таленавіты навучэнец Вілейскай музычнай школы Андрэй Бараноўскі выканаў пару музычных твораў, якія міжвольна засталіся ў душы і памяці кожнага госця, наведаўшага ў гэты сонечны вечар цікавую і арыгінальную фотавыставу.

Сонца праменне

стужкай вузкай

Ператкала помны вечар.

Край бацькоўскі,

край мой беларускі,

Я табе кажу на развітанне:

"Да спаткання, да сустрэчы!"

Васіль Ермаловіч, краязнавец, перакладчык і выкладчык германскіх моваў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX