Папярэдняя старонка: 2015

№ 37 (1240) 


Дадана: 16-09-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 37 (1240), 16 верасня 2015 г.


Памёр галоўны рэдактар газеты ТБМ "Новы час" Аляксей Кароль

У суботу, 12 верасня 2015 года, спынілася сэрца Аляксея Караля - гісторыка, палітолага, галоўнага рэдактара газеты ТБМ "Новы Час".

Яму было 70 гадоў. У апошні час сп. Кароль змагаўся з ракам лёгкіх, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у працы рэдакцыі і грамадскім жыцці Беларусі.

Аляксей Кароль нарадзіўся ў 1945 годзе ў мястэчку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Бацька пасля фронту працаваў партыйным сакратаром і старшынём выканкамаў у розных раёнах Беларусі. Маці была настаўніцай. Школу скончыў у Маладзечне, потым - Менскі педінстытут у 1971 годзе.

Гісторык, кандыдат гістарычных навук. Кандыдацкую дысертацыю абараніў па тэме паваеннай акупацыі Нямеччыны ў 1945-47 гадах. Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

Аўтар трох кніг і манаграфій: пра Першую расійскую рэвалюцыю 1905-1907 гадоў, пра Другі з'езд РСДРП і пра Ўсевалада Ігнатоўскага. У канцы 80-х пісаў даведкавую інфармацыю пра рэабілітацыю Зміцера Жылуновіча і Ўсевалада Ігнатоўскага, а таксама іншых "нацдэмаў", рэпрэсаваных у 20-30-я гады 20 ст.

Аляксей Кароль быў глыбока прыстойны чалавек і выклікаў у тых, хто яго ведаў, шчырую павагу і давер. З ім прыемна было ў кампаніі, перад мікрафонам, на мітынгу. Ён мяняўся хіба па лініі словы-справы: дасканалы знаўца беларускага палітычнага ўздыму ў 1920-я і яго разгрому ў 1930-я, ён пакінуў любімыя архівы, заняўся партыйным будаўніцтвам і стварыў газету.

Адзін з заснавальнікаў Партыі народнай згоды. Некалькі разоў быў ініцыятарам аб'яднання сацыял-дэмакратаў. У 2004 годзе балатаваўся ў парламент у Маладзечне. Падчас выбараў 2006 года быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна.

З 1992 гады выдаваў незалежную газету "Згода", якую зачынілі за два дні да выбараў 17 сакавіка 2006 года. Праз некаторы час узначаліў газету ТБМ "Новы час".

У чэрвені гэтага года выйшаў у свет аўтарскі дакументальны фільм Аляксея Караля "1990-я: Як гэта было, і які шлях мы не прайшлі".

У дэмакратычнай дзяржаве такія асобы з'яўляюцца лідэрамі ў парламенце, урадзе, прадстаўляюць сваю краіну за мяжой.

Апошнія тры месяцы Аляксей Кароль правёў у коле сям'і сына ў Сінгапуры, дзе праходзіў курс лекавання. Прах Аляксея Караля будзе пахаваны ў Менску.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім патрыёта Беларусі.


Мастацтва ператварае горад (Дзень Менска)

Дынамічна развіваецца традыцыя адзначаць свята Менска ў другую суботу верасня. Мястэчка на Менцы, якое ўпершыню ўзгадваецца ў 1067, годзе разраслося ў шматмільённы горад. З кожным годам ўсё новыя і новыя старонкі яго гісторыі паўстаюць з нябыту і набываюць каляровую афарбоўку. Летам гэтага года па Менску курсаваў трамвай з выявамі графа Караля Яна Аляксандра Чапскага. Ён кіраваў Менскам з 1890 года, правёў электрычнасць, пабудаваў 2 масты цераз Свіслач, клапаціўся пра развіццё медыцыны і не забыты нашчадкамі. На экскурсійны маршрут па сталіцы кожную нядзелю запрашае гасцей двухпавярховы чырвоны аўтобус, накшталт лонданскага.

Сёлета свята горада было адзначана шэрагам яркіх падзей: выступленнем музычных і харавых калектываў, прысуджэннем прэміі "Менчанін года", фестывалем гістарычных рэканструкцый "Менск Старажытны". На тэрыторыі Верхняга горада працавала экспазіцыя ХI Нацыянальнага фестывалю архітэктуры "Менск-2015". Галаканцэрт рэспубліканскай акцыі "Харавое веча" адбыўся 12 верасня каля храма Усіх Святых.

Цэнтрам прыцягнення паэтаў, мастакоў, музыкаў, моладзі, стаў Нацыянальны мастацкі музей, які праводзіў акцыю " Вераснёвая ноч ў Мастацкім музеі - 2015". На васьмі яго пляцоўках адбываліся паэтычныя, музычныя, тэатральныя і фотаімпрэзы. Госці і жыхары сталіцы змаглі наведаць дзве вялікія выставы: твораў жывапісу беларускіх мастакоў "Плынь часу" і шэдэўраў рускіх жывапісцаў са збораў Траццякоўскай галерэі "Ад рэалізму да імпрэсіянізму".


Спатканне з шэдэўрамі

На выставе з фондаў Траццякоўскай галерэі гледачы змаглі пабыць сам насам з творамі В.Р. Пярова, А.К. Саўрасава, І.І. Шышкіна, І.І. Левітана, К.Ф. Юнге, С. Жукоўскага, І.Я. Рэпіна. Прыцягальнымі дамінантамі па светлавым настроі і колеры з'яўляюцца карціны Шышкіна "Летні дзень" і А. Куінджы "Бярозавы гай". З замілаваннем можна сузіраць пейжаж Станіслава Жукоўскага "Лес . Папараці."

Пейзажамі Ісака Ілліча Левітана захапляўся беларускі жывапісец Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Ён імкнуўся спасцігнуць сілу ўдзеяння карціны "Над вечным спакоем", наведваў мясціны, дзе жыў і тварыў Левітан, плаваў па возеры Удомля на чаўне да вострава Аржанік, дзе назіраў за прыродай яго настаўнік - Левітан. Біруля задаваў сабе пытанне: "Як Левітан гэтак касмічна, з біблейскай магутнасцю ахапіў мастацкім рашэннем зямлю і неба, зямное і нябеснае?"

Сябра Бірулі, Станіслаў Жукоўскі быў выхадцам з Беларусі. Ён паходзіў з роду Вярбіцкіх, гадаваўся ў мястэчку Старая Воля пад Пружанамі. Потым ён вучыўся ў прагімназіі Варшаве і рэальным вучылішчы ў Беластоку. Польская і расейская мастацкія школы атрыбуюць яго як польскага і расейскага мастака адначасна, беларуская - трактуе беларускім мастаком.

У Маскве Станіслаў Жукоўскі паступіў у вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідства. Ён наведваў майстэрню Васіля Паленава і вучыўся надаваць сваім пейзажам сакавіты і яскравы каларыт. Калі ў вучэльню прыйшоў выкладаць Ісак Левітан, для Жукоўскага настала пара самага напружанага вучнёўства.

У яго малады мастак вучыўся працаваць на пленэры і выбіраць эцюдныя матывы. З 1903 года Жукоўскі быў пастаянным удзельнікам Таварыства перасоўнікаў. З 1923 году С. Жукоўскі пераехаў у Варшаву, бо пацярпеў крытыку з боку рэвалюцыйных мастакоўавангардыстаў. У Польшчы мастацтвазнаўцы станоўча ацанілі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, ягонае таленавітае і тэмпераментнае майстэрства, з'явіліся і першыя ўзнагароды за выставы. Станіслаў Жукоўскі ізноў прыняўся з запалам за напісанне сядзібаў, маёнткаў, пейзажаў.

Штогод Жукоўскі выязджаў на пленэры на Гарадзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр'еру. Часта падчас гэтых вандровак наведваў свае родныя мясціны: Свіслацкую пушчу, Панямонне, Падароск, Рось. У 1935 годзе яго актыўная мастацкая і культурна-асветніцкая дзейнасць была адзначана падзякай Ваўкавыскага краязнаўчага таварыства.

У часе Другой сусветнай вайны творца падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Ён быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання, загінуў у Пруўкаўскім лагеры смерці ўвосень 1944 года. Творы мастака, што знаходзіліся ў Варшаве, зніклі ў пажары. Таму мае важнае значэнне сустрэча з яго карцінамі сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Выстава карцін юбіляраў 2015 года "Плынь часу" ў рамках праекту "Нашы калекцыі" экспануе каля 100 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва звыш 60 беларускім мастакоў. Юбілей - падстава ўспомніць вядомых і не зусім вядомых мастакоў, убачыць іх эстэтычна каштоўныя і гістарычна цікавыя творы, якія часам дзесяцігоддзямі не бачыў ніхто, акрамя музейных супрацоўнікаў. Гэта творы Уладзіміра Гулецкага, нацюрморты Мікалая Залознага (1925-1982), Уладзіміра Мінейкі (1925-2001). Работы С. Каўроўскага, М. Азенштата, М. Сеўрука, А. Бембеля, А. Гугеля, М. Залознага пастаянна знаходзяцца з раздзеле беларускага мастацтва. Гістарычныя эпохі - свайго кшталту зніклыя "атлантыды". І ў той жа час мінуўшына не знікае бясследна, яе духоўная і матэрыяльная прысутнасць усведамляецца ў сучаснасці. Творы жывапісу адлюстроўваюць духоўны стан эпохі, унутраны свет чалавека, вечныя каштоўнасці.


Інтэрактыўны тэатр і беларуская мова

На тэатральный пляцоўцы ў музеі разгарнулася прыцягальнае дзеянне з удзелам актораў і моладзі. Ігар Ласіцкі і яго сябры з Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання (БАСС) пазнаёмілі менчукоў з прынцыпамі інтэрактыўнага тэатра, якія былі закладзены лацінаамерыканскім рэжысёрам Аўгуста Балем.

Сутнасць іх у тым, што глядач мае права спыніць дзеянне ў любы момант і замяніць аднаго з актораў, вырашыць канфлікт і адхіліць дзеянне ад драматычнай развязкі.

Тэма пастаноўкі была выбрана актуальная: адносіны ў сям'і, навучальнай установе і ў грамадскіх месцах да людзей, якія свядома карыстаюцца беларускай мовай. Галоўны персанаж, студэнтка Алеся трапляе ў шэраг складаных сітуацый, таму што размаўляе па-беларуску. Маці вымаўляе ёй, што яна не ўладкуецца на працу, што гэта не перспектыўна, выкладчык не хоча правяраць рэферат на беларускай мове, жанчына ў банку злуецца, што Алеся адбірае ў яе час на тлумачэнне касірцы па-беларуску.

Гледачы па чарзе спыняць дзею, падтрымліваюць Алесю і спрабуюць "разруліць" канфлікт. Найлепш гэта атрымліваецца ў псіхолага Інэсы, якая заклікае да дабразычлівасці ва ўзаемных стасунках. Гарачымі воплескамі моладзь падтрымлівае пазіцыю студэнткі.

- У такім ключы мы робім семінары для сацыяльных работнікаў, для моладзі, і праз мастацтва вучым развязваць канфлікты, - кажа Ігар Ласіцкі.

На паэтычнай пляцоўцы ў арт-кавярні ажыццяўляўся паэтычны праект "Гекса-гон" з праграмай "Горад міру". З чытаннем вершаў выступалі маладыя паэты Анастасія Казакова, Лейла Джэй, Алесь Снег, Маргарыта Сарычава, Дар'я Бялькевіч, Кацярына Масэ іншыя. На пляцоўцы " Лекцыі" адбылося выступленне мастацтвазнаўцаў Н. Моніса, А. Ойстраха, А. Братачкіна. Цягам вечара дзейнічаў куток дзіцячага мастацтва.

У верасні ў Менску праходзіў таксама беларуска-бразільскі фестываль стрыт-арту. Некаторыя дамы набылі нечаканую афарбоўку і гарадское асяроддзе як бы ператварылася ў месца дзеяння тэатральнай пастаноўкі ці казкі. Шэрасць і грувасткасць некаторых савецкіх збудаванняў назаўсёды знікла, даючы месца атмасферы вольнага горада.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Музычнае вітанне ансамбля трубачоў "Festivo"; 2. Карціна Івана Шышкіна" Летні дзень"( 1891); 3. Моладзь на інтэрактыўнай пляцоўцы " Тэатр"; 4. Пастаноўка моладзевага калектыва БАСС.


Свята Аршанскай перамогі

8 верасня аршанскія актывісты ўшанавалі герояў бітвы пад Воршай.

Актывісты ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг, пад якім прачыталі супольную малітву каля крыжа з надпісам "Героям Аршанскай перамогі". Яны ўсклалі кветкі каля помнікаў-камянёў з выявамі Канстанціна Астрожскага ды іншых славутых асобаў. Запалілі свечкі ў памяць пра палеглых удзельнікаў пераможнай бітвы, дата якой дагэтуль адзначаецца патрыётамі як Дзень беларускай вайсковай славы.

Дзень беларускай вайсковай славы традыцыйна адзначаюць і ва Украіне. У Львове гэты дзень святкуюць яшчэ з 2011 года, пры гэтым ва ўсіх урачыстасцях удзельнічаюць і ўкраінцы.

Адзначэнне свята распачалося каля помніка Сымону Шыдлоўскаму на Лычкіўскіх могілках. Там ушанавалі памяць паўстанцаў 1831 года, усклалі кветкі на магілы герояў Нябеснай сотні, запалілі свечкі, пасля чаго быў мітынг на плошчы Рынак, у самым сэрцы Львова. Там гучалі не толькі прамовы, але і песні беларускага барда Андрэя Мельнікава. Беларускі сцяг пранеслі па вуліцах Львова да помніка Тарасу Шаўчэнку і ўшанавалі памяць вялікага ўкраінскага паэта.

Марцін Война , Беларускае Радыё Рацыя.


Што б сказаў А. Лукашэнку чалавек, якога той хацеў бы бачыць апанентам

Інтэрв'ю tut.by з Алегам Трусавым

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў сядзіць насупраць за сталом на сядзібе ТБМ. Расказвае, што пасля інтэрв'ю журналістам недзяржаўных медыя ў жніўні, дзе пра яго ўспомніў Прэзідэнт, з ім пачалі вітацца знаёмыя чыноўнікі, якія раней нават не падавалі віду, што мелі нейкія стасункі.

- Назаўтра ж пасля выказвання беглі праз дарогу і цягнулі руку, - смяецца ён, прыжмурыўшы вочы.

Падчас размовы з журналістамі А. Лукашэнка адзначыў, што Алег Трусаў так-сама мог бы стаць кандыдатам у прэзідэнты. І калі з другімі кандыдатамі яму дэбатаваць няма пра што, то з ім бы гаварыць за адзін стол сеў.

"Потому что он, по-моему, всегда был искренним, когда что-то говорил. Хитроватая улыбка, но всегда был искренним", - сказаў тады кіраўнік дзяржавы.

Са свайго боку Алег Трусаў кажа, што таксама б пагадзіўся падыскутаваць з Прэзідэнтам, з якім "асабіста добра знаёмы", дзякуючы працы аднаго і другога дэпутатамі ў Вярхоўным савеце XII склікання.

Дык наконт чаго б паспрачаўся Трусаў з Лукашэнкам?

- Як вы пазнаёміліся з Аляксандрам Лукашэнкам?

- У першы дзень працы Вярхоўнага Савета XII склікання. Ён запісаўся ў дэмакратычны клуб, я там таксама быў. Ён праявіў сябе як вельмі актыўны дэпутат, выступаў кожны дзень. Увесь час казаў пра тое, што кіраўнікоў сельсаветаў, раёнаў, абласцей трэба выбіраць усім народам. А я ў свой час за гэта збіраў подпісы па лініі партыі БНФ. Ён першым падпісаўся за гэта, мы разам на некаторыя мітынгі хадзілі.

Калі быў дэпутатам, ён часта называў сябе апазіцыяй. Больш за тое, яго вельмі не любілі у ЦК КПБ, лічылі выскачкам. Ні Сакалоў, ні Малафееў (першыя сакратары ЦК КПБ - заўвага tut.by) ніякага захаплення ад Лукашэнкі не мелі.

Тады нельга было ўявіць, што ён стане прэзідэнтам. Тым больш, доўгі час мы, як дэпутаты, выступалі супраць прэзідэнцтва.

Адзінае, слава Богу, што народ выбраў Лукашэнку, а не Кебіча (першы прэм'ер-міністр Беларусі, галоўны апанент Аляксандра Лукашэнкі на выбарах прэзідэнта ў 1994 годзе - заўвага tut.by). Наш народ намнога разумнейшы, чым пра яго кажуць. Каб выбралі Кебіча, нас бы здалі ў Расею. Усё ж такі Лукашэнка пры ўсіх нюансах вельмі любіць уладу.

У нас з ім шмат агульнага ў біяграфіі: у яго, як і ў мяне, было цяжкае дзяцінства. Ён вырас без бацькі, а я наогул без бацькоў. Мяне маці аддала на выхаванне бабулі, тая - прабабулі.

Нарадзіліся мы ў адной вобласці, у адным годзе і адным месяцы. Я старэйшы за яго на два тыдні.

Але мы з ім розныя ў тым, што ён - прадстаўнік савецкай вёскі, а я - старажытнага горада Мсціслава. У маім родзе шмат шляхты. Мяне выхоўвалі як шляхціца, гараджаніна.

- А якія вы бачыце плюсы і мінусы ў яго палітыцы?

- Плюс у тым, што для яго незалежнасць Беларусі - уласная незалежнасць. Самы вялікі мінус - неразуменне ролі культуры ў нашай краіне.

- Ці не здзівіліся вы, што Лукашэнка назваў вас патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты?

- Не. Колькі было прэзідэнцкіх кампаній, столькі мне розныя людзі прапаноўвалі вылучацца кандыдатам. Не буду называць іх імёны… І ў гэты раз прыходзілі з прапановай. Але ў мяне ніколі не было такіх амбіцый.

- Чаму?

- Я палітык рэальны. Дакладна ведаю, што ў гэтай краіне я ніколі не перамагу. Каб галасы лічылі, я б мог узяць да 20-25%. Па розных момантах са сваімі ідэямі ў гэтым грамадстве я перамагчы не магу, а хлусіць людзям не хачу.

- А каб у вас сёння былі дэбаты з Лукашэнкам, пра што б вы паспрачаліся?

- Па-першае, я б выслухаў яго. Не бывае, што апанент цалкам не мае рацыі. Калі больш за 20 гадоў кіруе краінай, то шмат чаго ведае, досвед прыходзіць з гадамі. Але самым маім галоўным аргументам у дэбатах з ім было б тое, што аснова эканомікі - культура.

- І калі б вы сталі кандыдатам у прэзідэнты, то ў перадвыбарчай праграме таксама былі б моманты пра культуру?

- Безумоўна. Гэтыя гульні ў эканоміку без культуры нічога не даюць. Галоўная задача ў любой краіне, калі хочаш дабрабыту, - падняць узровень культуры. У бескультурнай краіне законы не дзейнічаюць. Якія б добрыя законы нi пісаў, калі маральна чалавек нявыхаваны, ён будзе красці, будзе карупцыя… Любая краіна толькі тады перамагае, калі ёсць нацыянальная ідэя, апора на культуру і мараль.

- Культура ўключае шмат момантаў. Што вы канкрэтна маеце на ўвазе?

- Я б прапанаваў на пераходны этап развіцця краіны рабіць законы прамога дзеяння. Напрыклад, на культуру ў бюджэце, які б ён ні быў, мы выдзяляем 2,5-3%, на адукацыю - 15%… І калі мы гэтыя працэнты заб'ём, тады ўжо не будзе магчымасці зрабіць нашых настаўнікаў і медыкаў галадранцамі. Пакуль наша інтэлігенцыя зарабляе менш, чым дворнік, ніколі краіна багатай не будзе.

Я б паўтарыў палітыку Прусіі ў XVIII стагоддзі, калі каралі ўпершыню ўвялі бясплатную адукацыю для ўсіх хлопчыкаў у сваім каралеўстве. Тады заробак настаўніка прыраўнялі да заробкаў жандарма і афіцэра. Нам трэба мяняць адносіны да людзей.

- А што наконт беларускай мовы?

- Я зрабіў бы беларускую мову прэстыжнай. Але наша краіна павінна быць шматмоўнай. Яна і была такая. Кожны інтэлігент павінен ведаць тры-чатыры мовы. Будучы прэзідэнтам, я размаўляў бы па-беларуску, а на іншых мовах гутарыў бы толькі з прадстаўнікамі іншых краін у нефармальнай абстаноўцы, без гальштука. Кіраўнік краіны, хаця і ведае мову суседа, павінен з ім размаўляць на сваёй праз перакладчыка. Гэта этыкет.

- Як бы вы павысілі прэстыж беларускай мовы?

- Усе чыноўнікі, не гледзячы на нацыянальнасць, павінны былі б здаваць дзяржаўны іспыт па-беларуску. Як у Казахстане, дарэчы. Прыватныя фірмы няхай самі выбіраюць, на якой мове працаваць, але ўсе афіцыйныя дакументы павінны быць па-беларуску. Таксама я б стварыў нацыянальны ўніверсітэт, дзе асноўную колькасць прадметаў выкладалі б па-беларуску, некаторыя, напрыклад, фізіку і матэматыку, - па-англійску.

У многіх школах і гуманітарных універсітэтах я б увёў польскую мову, якая калісьці таксама была ў нас дзяржаўнай. Таксама мела б плён, каб жыхары памежных тэрыторый вучылі мовы суседзяў: украінскую, латышскую, літоўскую… Калі б нашы бізнесмены, якія жывуць на мяжы з Літвой, ведалі літоўскую мову, адразу б іх бізнес расквітнеў. Літоўцы любяць тых, хто хоць пару словаў скажа на іх мове.

Дзяржаўная мова павінна быць адна - беларуская. Але павінна быць запісана у законе "Аб мовах", што ёсць мовы іншага плану. Напрыклад, руская, англійская - абавязковыя для вывучэння ва ўсіх школах.

- Чаму вы лічыце, што галоўнае - змяніць стаўленне да культуры?

- Як толькі мы зробім карэнныя змены ў культуры і адукацыі, падымецца наша эканоміка. Пакуль мы не зробім гэтага, можна мяняць любых прэзідэнтаў… Лябедзька (старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, збіраў подпісы за вылучэнне кандыдатам на пост прэзідэнта на выбарах 2015 года - заўвага tut.by) кажа, што трэба стварыць мільён працоўных месцаў. Усё гэта глупства. Без пад'ёму культуры і маралі на гэтыя месцы прыйдуць жулікі, п'яніцы і казнакрады.

- Калі казаць пра сённяшніх кандыдатаў у прэзідэнты, то каго б вы падтрымалі?

- Сярод сённяшніх кандыдатаў няма ніводнага. Сённяшнія выбары - самыя смешныя ва ўсёй гісторыі Беларусі. Калі нічога не зменіцца, то яны будуць апошнімі для ўсіх гэтых кандыдатаў, у тым ліку і для сённяшняга прэзідэнта. Ёсць прагнозы, што гэта апошнія для яго выбары. Калі не зменіцца ўнутраная палітыка, то ён, магчыма, пяць год не пратрымаецца.

Мы настолькі ў гэтай бескультурнай краіне загналі эканоміку ў такое месца… Не зрабіўшы рэформ, пра якія я сказаў, два-тры гады мы можам яшчэ пражыць па інэрцыі за кошт распродажу маёмасці, расійскіх баз набяром, нам нейкія грошы дадуць, яшчэ прадамо штосьці кітайцам - і канец.

- У адным з інтэрв'ю вы казалі, што жанчына ў нашым грамадстве магла б стаць прэзідэнтам. Чаму вы так лічыце?

- Я і далей гэтую ідэю падтрымліваю. Таленавітых і здольных жанчын у нас шмат. Тая ж наша Алена Анісім (філолаг і намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны - заўвага tut.by ), Святлана Калінкіна (шэф-рэдактар газеты "Народная Воля" - заўвага tut.by), Зінаіда Бандарэнка (дыктар, тэлевядоўца і народная артыстка Беларусі - заўвага tut.by)… Мы - жаночая нацыя. У нашай гісторый было шмат знакамітых жанчын: Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Соф'я Слуцкая. Так сталася, што менавіта жанчыны захавалі беларускія мову, песні, фальклор.

Чаму мова называецца "матчына", а не "бацькоўская"? Бо бацька можа быць хоць кітайцам, але калі маці гаворыць па-беларуску, то дзеці будуць беларусамі. Мужчын у нас вынішчалі падчас першай і другой сусветных войнаў. Бацька зрабіў дзіця, паехаў на вайну і не вярнуўся.

- Як вам падаецца, ці ёсць сёння ў Беларусі палітычны лідар?

- Няма. Раней нацыянальным палітычным лідарам быў Зянон Пазняк (адзін з заснавальнікаў партыі БНФ - заўвага tut.by). Пасля яго ад'езду ў эміграцыю спробы стварыць новых лідараў спыніліся на тым, што гэтыя людзі не вытрывалі цяжару лідарства.

Мілінкевіч (кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2005 года - заўвага tut.by) мог быць цудоўным лідарам, але нечага яму не хапіла. Той жа Казулін (кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2005 года, акадэмік, палітычны дзеяч - заўвага tut.by), Статкевіч (кандыдат на выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе - заўвага tut.by)… У Бібліі напісана пра тры выпрабаванні: агонь, вада і медныя трубы. І вось медныя трубы многіх людзей ламаюць. Як толькі чалавек дасягае нейкага ўзроўню, можа пачаць сябе няправільна ацэньваць. Бо кожны павінен дакладна ведаць сваё месца ў грамадстве. Кепска, калі ты сябе недаацэньваеш, але яшчэ горш, калі пераацэньваеш.

Пэўныя часы Аляксандр Лукашэнка быў лідарам. Але зараз ён гэты статус губляе. Сітуацыя ў краіне ў галіне эканомікі прывяла да поўнай дыскрэдытацыі таго, што ён абяцаў: заробкі ў 1000, 500 даляраў. Дзе тыя 500 даляраў? Зараз дабрабыт беларусаў зніжаецца. Выбары на носе, а рубель падае. У людзей узнікае пытанне, хто б мог гэтага чалавека замяніць. Але пакуль такіх людзей няма.

- Якая галоўная нацыянальная ідэя ў беларусаў?

- Выжыць у любых умовах. Шмат народаў свету загінулі ў XX стагоддзі, а мы не толькі выжылі, але і ўмацавалі дзяржаўнасць. Беларус можа прыстасавацца і да балота, і да любой акупацыі. Але адзінае, што нас робіць народам, гэта мова. Народ, пажыўшы ў незалежнай краіне, зразумеў, што, каб выжыць, ў тым ліку трэба быць беларусам і размаўляць па-беларуску.

Але наша ідэя зараз не толькі выжыць, але і жыць лепш, чым суседзі. Пакуль беларус будзе казаць, што жыве лепш, чым украінец і расіянін, ён будзе гэту ўладу трываць.

Яшчэ адна наша ідэя - "каб не было вайны". Увесь час мая прабабуля і бабуля баяліся вайны. Я памятаю, як сушылі сухары, якія ляжалі мяшкамі на печы, запалкі і соль заўсёды былі ў хаце. Гэтыя людзі перажылі першую і другую сусветныя войны, таму ўвесь час рыхтаваліся да вайны. Рэйтынг Лукашэнкі падняўся пасля падзей на Украіне. Але зараз пачаў апускацца, бо вайна там стала працяглай.

- Якая галоўная задача беларускага грамадства сёння?

- Захаваць незалежнасць і не трапіць ў расійскія кіпцюры. Ваенная база ў Баранавічах можа прывесці да таго, што мы атрымаем вайну на нашай тэрыторыі: ці грамадзянскую, ці партызанскую. Таму людзі павінны выступаць супраць ваенных баз: збіраць подпісы, пісаць лісты прэзідэнту.

Расія - гэта імперыя. А любая імперыя працуе толькі тады, калі пашыраецца. Нам трэба быць разумнай маленькай краінай, якая таксама шмат чаго ў свеце можа. Напрыклад, тая ж Літва. Літоўцы абмянялі свае ваенныя базы на Вільню, і Сталін яе аддаў. Яны ўвайшлі ў Савецкі Саюз маленькімі, а вышлі вялікімі. Яны не дапусцілі асіміляцыі, забралі ў нас нацыянальную гісторыю…

- Які кандыдат, на ваш погляд, мог бы сёння перамагчы на выбарах прэзідэнта?

- Больш маладзейшы прадстаўнік клану Лукашэнкі. Напрыклад, які-небудзь міністр, але маладзейшы, прыгажэйшы... .

Перамагчы можна тады, калі забярэш палову наменклатуры. Гэта нельга зрабіць толькі на сялянскіх галасах.

Што зрабіў Лукашэнка ў 1994 годзе? Забраў сабе палову наменклатуры Кебіча. Ён новую ўладу абапёр на частку старой. Як палітык - зрабіў правільна. Толькі прадстаўнік новай наменклатуры, які б знайшоў агульную мову і з апазіцыяй, элементарна перамог бы.

- Чаму такія людзі не выходзяць на палітычную арэну?

- Калі зараз выйдуць, іх або пасадзяць, або заб'юць. Казулін выйшаў раней часу і чым скончыў? Добра, што жывы застаўся. Проста яшчэ не прыйшоў час. Наш народ і нацыя даволі маладыя, нам прыкладна 800-1000 гадоў. Пры нармальнай сітуацыі мы яшчэ дзве-тры тысячы гадоў можам пражыць, калі захаваем незалежнасць і беларускую мову. Таму я бы вельмі хацеў, каб новы кіраўнік дзяржавы разумеў тое, што трэба ставіць на культуру.

Наталля Касцюкевіч , tut.by. Фота Аляксандра Васюковіча, tut.by.


Як у Магілёве збіраюцца ратаваць беларускамоўнае школьніцтва

У Магілёве за "круглым сталом" прадстаўнікі гарвыканкама, грамадскасці і настаўнікі абмеркавалі стан беларускамоўнага навучання ў мясцовых установах адукацыі. Гаварылі пра тое, што сабою ўяўляе беларускамоўнае школьніцтва і як яго ўратаваць. Сустрэча адбылася ў першай магілёўскай школе. У ёй адзіны на ўвесь горад беларускамоўны клас з адной вучаніцай.

Нагодай для дыскусіі стаўся ліст былога выкладчыка Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, а цяпер рэпетытара матэматыкі Міхася Булавацкага ў аблвыканкам. У лісце руплівец беларускай мовы звінаваціў гарадскія адукацыйныя органы ў тым, што яны пяць год не могуць папоўніць беларускамоўны клас вучнямі і зрабіць яго паўнавартасным. Булавацкі сцвярджае: кіраўнікі мясцовай сістэмы адукацыі катэгарычна адхіляюць прапановы Таварыства беларускай мовы і іншых грамадскіх арганізацыяў супольна абмеркаваць праблему.

"А між тым, - даводзіў у лісце намесніку старшыні аблвыканкама Міхась Булавацкі, - праблема ўжо дайшла да кіраўніцтва краіны і выклікала здзіўленне".

Ужо падчас сустрэчы Міхась Булавацкі прапанаваў скарыстаць ягоныя веды і досвед, каб бацькі аддалі сваіх дзяцей у адзіны ў горадзе беларускамоўны клас. На ягоную думку, праблема непапулярнасці беларускамоўнага навучання не будзе вырашацца, пакуль "на поле беларускамоўнай адукацыі не пусцяць людзей кроўна зацікаўленых, каб беларусы не зніклі з зямнога шара і не вымерлі, як маманты".

- Сярод такіх - я, - заяўляў на сустрэчы Міхась Булавацкі. - Прапануючы свае паслугі, я не шукаю вакансіяў ці заробку - ён у мяне ёсць. Гатовы працаваць з гэтым класам без аплаты і сцвярджаю: клас у гэтым выпадку напоўніцца вучнямі.

Намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч не пагадзіўся з выказваннямі Булавацкага і іншых прадстаўнікоў грамадскасці, што кіраўніцтва магілёўскіх школ і аддзелы адукацыі нічога не робяць дзеля пашырэння беларускамоўнага навучання.

- Гаварыць пра тое, што беларуская мова ў заняпадзе ў навучальным працэсе, я б не стаў гэтак катэгарычна, як тут гучала, - казаў службовец на сустрэчы. - Адзінае, з чым бы я пагадзіўся - гэта тое, што мы павінны адказаць на адно пытанне: чаму ў беларускамоўным класе адна вучаніца і што трэба зрабіць, каб колькасць вучняў гэтага класа павялічыўся.

На думку Андрэя Кунцэвіча, негледзячы на тое, што навучальны год ужо пачаўся, нічога не перашкаджае папоўніць вучнямі беларускамоўны клас. - Калі будуць ахвотныя ў ім вучыцца, - заўважыў, аднак, ён.

На пытанне, ці праблема тое, што ў абласным горадзе існуе адзін беларускамоўны клас з адным вучнем, Андрэй Кунцэвіч адказаў:

- У гэтым я не бачу вялікай праблемы. Але, на маю думку, пытанне тут у жаданні бацькоў, каб іхнія дзеці вучыліся на беларускай мове. - Беларускамоўны клас з адным вучнем сведчыць, што дзяржава пры жаданні бацькоў і дзіцяці здольная забяспечыць неабходныя ўмовы навучання нават для аднаго школьніка. Гэта вельмі важны пасыл, - казаў Андрэй Кунцэвіч.

На сустрэчы прадстаўнікі грамадскасці выказвалі незадаволенасць тым, як інфармуюць бацькоў пра беларускамоўны клас. Паводле іх, замала рэкламы пра яго. У адказ чулі: сайты навучальных устаноў размяшчаюць такія абвесткі. З'яўляюцца абвесткі і ў мясцовых газетах. На бацькоўскіх сходах таксама інфармуюць пра беларускамоўны клас.

Надзея Салаўёва, маці адзінай беларускамоўнай вучаніцы, са скрухай адзначыла: рэкламны ролік пра клас, зроблены летась, паказалі толькі адзін раз на прыватным тэлевізійным канале "Магілёў-2".

Надзея Салаўёва зазначыла, што ў яе няма прэтэнзіяў да настаўнікаў і адміністрацыі школы, дзе вучыцца ейная дачка:

- Я дужа ўдзячная адміністрацыі школы, што наша Ялінка вучыцца ў добрых умовах. У яе добрыя настаўнікі. У нас не перарываюцца стасункі з педагагічным калектывам, - казала Надзея Салаўёва.

Яна падтрымала прапанову, каб на наступны год паспрабаваць зрабіць беларускамоўны клас эксперыментальным ці профільным, напрыклад, з матэматычным ухілам. На яе думку, такі падыход паспрыяе папулярнасці класа сярод тых вучняў, якіх захочуць звязаць сваю будучыню з найноўшымі тэхналогіямі.

Дырэктарка школы Алена Мачэкіна заўважыла: праблемаў з сацыялізацыяй Ялінкі Салаўёвай з дзецьмі іншых класаў няма. Некаторыя прадметы, дзе няма беларускай мовы, казала педагог, па згодзе бацькоў Ялінка вывучае разам з вучнямі аднаго з класаў.

Выступалі на сустрэчы і настаўнікі, якія свае ўрокі праводзяць на беларускай мове. Сярод іх Юрась Каласоўскі.

- У мяне такі прынцып: я гавару з дзецьмі і ў прысутнасці дзяцей толькі па-беларуску, - казаў ён. - І тыя адзінаццацікласнікі, якіх я выпусціў летась, цалкам адэкватна да гэтага ставіліся. Яны і іхнія бацькі ведалі, што я змагу, калі будзе незразумелае слова, ім яго патлумачыць. Многія мае вучні імкнуцца гаварыць са мной па-беларуску ў школе. Я яшчэ праводжу курсы "Мова нанова", - працягваў Каласоўскі. - Мае вучні ў вольны час наведваюць іх без усялякага з майго боку стымулявання. Дзесяць вучняў прыходзяць штотыдзень і нароўні з дарослымі вывучаюць тонкасці беларускай мовы.

Кіраўнік магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў на сустрэчы выказаў незадавальненне, як з беларускай мовай знаёмяць выхаванцаў дзіцячых садкоў. Абавязковы дзень вывучэння роднай мовы, паводле актывіста, у шмат якіх садках ігнаруецца.

- Я праводжу экскурсіі для вучняў пачатковых класаў і дзіцячых садкоў. Дык многія, калі я гавару з імі па-беларуску, пытаюць: "А чаму вы з намі размаўляеце па-ангельску?". Я перакананы: дзеці з дзіцячых садкоў, калі ідуць у школу, павінны быць прызвычаеныя чуць беларускую мову, а яны яе ўспрымаюць як замежную. Большасць беларускую мову проста не разумее, - казаў Алег Дзьячкоў.

На гэта педагогі і чыноўнікі адказалі:

- Пашырэнне беларускамоўнага навучання - справа агульная. Актывістам Таварыства беларускай мовы, - казалі яны Дзьячкову, - варта больш актыўна далучацца да такой справы, а не толькі крытыкаваць.

Паводле супрацоўнікаў гарвыканкама і настаўнікаў, выпускнікі школ паказалі някепскія вынікі па беларускай мове на цэнтралізаваным тэставанні. Сярэдні бал па беларускай мове і літаратуры, казалі яны, быў сярод найвышэйшых сёлета.

Вынікі сустрэчы падсумаваў Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго, у наступным годзе высілкі варта засяродзіць на тым, каб папоўніць вучнямі беларускамоўны клас, які ўжо існуе.

- Я разумею, што гэта складана, але паспрабаваць трэба, - выказаўся ён. - Другое пытанне, - працягнуў намеснік старшыні гарвыканкам. - Варта прыкласці намаганні, каб у наступным годзе набраць вучняў у першы беларускамоўны клас. Для яго базавай школай павінна стаць першая. У ёй назапашаны адпаведны досвед.

Удзельнікі дыскусіі дамовіліся сустрэцца яшчэ раз у студзені.

Клас з беларускай мовай навучання з'явіўся ў Магілёве пасля амаль дзесяцігадовага перапынку дзякуючы намаганням грамадскасці. Калі надышоў час запісваць у яго дзяцей, гэта зрабіла толькі сям'я Салаўёвых. Непрацяглы час разам з Ялінкай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але з-за праблемаў у сям'і іх перавялі ў іншую школу. Ялінка Салаўёва цяпер у шостым класе.

Радыё Свабода.


Беларускія класы ў Гародні ёсць

Шаноўны Станіслаў Вацлававіч!

Піша Вам бацька вучня 2 "А" класа з беларускай мовай навучання сярэдняй школы № 32 г. Гродна.

Са здзіўленнем прачытаў артыкул у "Нашым слове" № 36 ад 9 верасня пад назвай "У Гародні не застаецца ніводнага класа са статусам беларускага". Сітуацыяй з беларускамоўнымі класамі па ўсёй Гародні я не валодаю, але ў СШ № 32 мой сын разам з астатнімі васьмю вучнямі навучаецца ў вельмі камфортнай і добразычлівай атмасферы ўжо другі год. Ніхто беларускіх класаў у нашай школе не скасоўваў, больш таго - у гэтым годзе набралі яшчэ пяць вучняў у першы клас. Стаўленне да беларускіх дзетак з боку як адміністрацыі школы, так і аддзела адукацыі цудоўнае.

Вельмі прыкра было чытаць негатыўную непраўдзівую інфармацыю. Вакол беларускамоўных класаў не варта нагнятаць сітуацыю, каб не адпалохваць тых нямногіх жадаючых аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны клас.

Вельмі прашу, каб у газеце з'явілася абвяржэнне дадзенай памылковай іфармацыі. Няхай старшыня абласнога ТБМ Гародні спадар Крой, згаданы ў артыкуле, разбярэцца ў сітуацыі і ўбачыць ўрэшце існуючыя ў горадзе беларускамоўныя класы.

З павагай, Аляксей Загідулін.


Беларускаму студэнту - беларускую залікоўку

М.А. Жураўкову

Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь

220010, г. Мінск, вул. Савецкая, 9

Аб забеспячэнні ўсіх устаноў

адукацыі беларускамоўнымі

камп'ютарнымі праграмамі

Паважаны Міхаіл Анатольевіч!

Сёння ўсе ўстановы адукацыі, і асабліва ВНУ, маюць толькі рускамоўнае камп'ютарнае забеспячэнне, і таму студэнты ВНУ, у тым ліку і БДУ, не маюць магчымасці атрымаць студэнцкія білеты і залікоўкі, дзе іх імёны і прозвішчы будуць пазначаныя на роднай беларускай мове.

Дарэчы, такая ж сітуацыя і ў ВНУ, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству культуры.

У сувязі з гэтым, у адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй і рэферэндумам 1995 г., просім Вас да 1 верасня 2015 г. забяспечыць адпаведнай камп'ютарнай праграмай з беларускім алфавітам усе навучальныя ўстановы нашай краіны.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага

аб'яднання Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот ад 14 ліпеня 2015 г. № 162. Паведамляем наступнае.

Установы адукацыі Рэспублікі Беларусь выдаюць студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь: Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 12 жніўня 2011 г. № 225, пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 2010 г. № 39, пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2011 г. № 87, пастановай Міністэрства адукацыі ад 26 жніўня 2011 г. № 244, пастановай Міністэрства адукацыі ад 5 жніўня 2011 г. № 216.

У заліковых кніжках і студэнцкіх білетах згодна з пажаданнямі студэнтаў іх імёны і прозвішчы пазначаюцца як на рускай, так і на беларускай мовах.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. "Об обращениях граждан и юридических лиц" Вы маеце права абскардзіць у суд адказ Міністэрства адукацыі ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.

Першы намеснік Міністра В.А. Богуш.


З куточка беларускай Беларусі

Міжнародны дзень музеяў Мальская бібліятэка адзначыла папаўненнем фонду музейнай экспазіцыі незвычайным экспанатам. У дар музею І.А. Гашкевіча была перададзена кніга "Лекторый. Марафон - дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы, юбілейнага года і года дня памяці І.А. Гашкевіча, 2014-2015 гг."

Ініцыятыўная група аг. Кемялішкі ў складзе настаўніцы беларускай мовы Марцінкевіч Дануты Сцяпанаўны, бібліятэкара Шостак Ніны Антонаўны, лесавода Буланавай Святланы Міхайлаўны штогод ладзіць дыктоўкі, прысвечаныя знакамітым людзям Астравеччыны.

Сёлета ў сувязі з новымі правіламі Марафону, да групы далучылася мастак -афармляльнік Сцефановіч Марына Рамуальдаўна.

Кіраўніца кампаніі С.М. Буланава паведаміла :

- Летась вырашана было правесці Марафон-дыктоў ку (г.зн. не аднаразовае мерапрыемства, а на працягу года) для пачатку ў межах сельскага савета.

А гэтым годам геаграфія мерапрыемства пашырыла свае межы, і Марафон "прайшоў дыстанцыю" па ўсім раёне. Практычна амаль што ўсе бібліятэкі раёна падтрымалі ініцыятыву, бралі ўдзел у Марафоне і дарослыя, і дзеці. За 2014-2015 год было напісана 90 дыктовак. Яшчэ недзе 20-30 дыктовак не зарэгістраваны, бо не былі дасланы арганізатарам. У адпаведнасці з панарамай рэгістрацыі бачна, што ў Марафоне ўзялі ўдзел: дарослых - 42.7% , з іх ліку: 15.6% - калгаснікі, 15.6% - рабочыя; 28.2% - ІТР; 40.6% - інтэлігенцыя. Сярод іх з вышэйшай адукацыяй - 12.5%, з сярэдняй-спецыяльнай - 25%, з сярэдняй - 62.5%. Адпаведна школьнікі склалі - 57.3%, з іх малодшыя класы - 34.8%; старэйшыя класы - 65.2%

Ініцыятыўная група выказвае шчырую падзяку ўсім загадчыкам бібліятэк, настаўнікам школ, якія спрычыніліся да правядзення Марафон-дыктоўкі. Хочацца адзначыць аператыўную арганізацыю мерапрыемства, асаблівую актыўнасць тых людзей, якія даслалі найбольшую колькасць дыктовак. У іх ліку: Лета Святлана Станіславаўна з в. Міхалішкі - 11 дыктовак, Пазлевіч Людміла Юліянаўна з в. Гервяты - 10дыктовак, Кукаловіч Анжэла Чаславаўна са ст. Гудагай - 8 дыктовак. Заслугоўвае ўвагі творчы падыход у працэсе падрыхтоўкі мерапрыемства Вішнеўскай Марыі Станіславаўны, якая даслала 9 юбілейных дыктовак І.А. Гашкевіча і 5 юбілейных дыктовак К. Сваяка. Апошнія былі напісаны на аркушах свайго варыянту мастацкага афармлення, адпаведна з новымі правіламі Марафон - дыктоўкі, якія надрукавала "Астравецкая праўда" 28.02.2015 года ў рубрыцы " Размаўляем па-беларуску".

Просім адгукнуцца таго, хто перадаў ў Мальскую музей-бібліятэку 10 ананімных дыктовак.

Прапанавана не засмучацца тым, хто не паспеў "стаць на дыстанцыю" летась. Можна далучыцца зараз. Дыктоўкі будуць рэгістравацца да 25 снежня 2015 г. 2015 год - гэта яшчэ і юбілейны год каталіцкага святара, нашага земляка Казіміра Сваяка (Канстанціна Стэповіча). Дарэчы, 2016 год - юбілейны год дня яго памяці (15 траўня 2016). Тэмы беларускага школьніцтва, місіі несці слова Божае на мове роднага народа галоўныя ў лекторыі, прысвечаным К. Сваяку.

Не выпадкова, што дзіцячая аўдыторыя колькасна большая, бо дыктоўкі суправаджаў лекторый, у якім тэма місіянерства ўвабрала ў сябе праблематыку хатняга духоўнага выхавання, перспектывы духоўнай асветы (адукацыі) у свецкай школе на беларускай мове ў кантэксце моўна-культурнага, духоўнага адраджэння. У школе аг. Кемялішкі лекцыю - гутарку правяла С.М. Буланава; у бібліятэцы разам з Н.А. Шостак і ў мясцовым ДК разам з М.Р. Сцефановіч, лекцыі і дыктоўкі для дарослай аўдыторыі. Рэфераты друкавала Н.А. Шостак. Было падкрэслена, што Марафон-дыктоўка прымеркавана да юбілею С.К. Паўловіча.

Цяпер ініцыятыўная група рыхтуецца да юбілею (25 верасня) праваслаўнага багаслова, перакладчыка, педагога, дзеяча беларускага школьніцтва Заходняй Беларусі пачатку ХХ ст. Сяргея Канстанцінавіча Паўловіча.

Імя гэтага чалавека не звязана з Астравеччынай, але менавіта яго самаахвярнае служэнне беларускаму народу, хрысціянскай веры на ніве беларускамоўнай адукацыі, натхніла кемялішскую групу энтузіястаў праз лекторый папулярызаваць духоўную асвету і прафарыентацыю на беларускай мове ў школе, раскрыць тэму хрысціянскага місіянерства.

С.М. Буланава атрымала дабраславенне протаіерэя Варнянскай царквы Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Ігара Пятроўскага на стварэнне выдання "Беларускі кнігазбор. С.К. Паўловіч". Распачаты пошук і збор усёй спадчыны С.К. Паўловіча: яго багаслоўскія, духоўныя, перакладчыцкія, выдавецкія, педагагічныя і іншыя працы.

Словы вялікай удзячнасці Святлана Міхайлаўна выказвае за дасланую інфармацыю аб жыцці, багаслоўна-асветніцкай спадчыне С. Паўловіча старшай навуковай супрацоўніцы цэнтра БДПУ імя М. Танка, загадчыцы лабараторыі царкоўнай гісторыі Лідзіі Кулажанка, былой супрацоўніцы Гарадзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Ніне Іванаўне Ляшчонак за "каардынаты" пошуку некаторых прац, якія склалі 3 сектары з поўнага пераліку тых, што ўклаў С. Паўловіч:

1. Пераклады Святога Пісання, богаслужбовых і катэхізацыйных тэкстаў на беларускую мову ў ХХ ст.

2. Пытанні "Беларуская мова і царква" ў гістарычным і актуальным змесце.

3. Тыпалогія праблемы: "Нацыянальныя мовы - Царква - Святое пісанне".

Таксама шчыры дзякуй вядомаму калекцыянеру буквароў народаў свету Юрыcу Цыбульсу за дасланыя буквары (на дысках) С. Паўловіча "Першыя зерняткі" (Вільня, 1936 г.) і "Zasieuki" (беларускі лемантар для хатняга навучання. Вільня, 1937 г.).

Словы вялікай удзячнасці дырэктару ДУА"НПК Кемялішкаўскі яслі-сад-сярэдняя школа", гісторыку Іванцэвічу Аляксандру Леанідавічу за прадастаўленную магчымасць пазнаёміцца і пакарыстацца інфармацыяй яго даследчай працы (па сутнасці дысертацыі) у галіне гісторыі Праваслаўнай Царквы ў ВКЛ, Беларусі (Х-ХХ ст.).

Загадчыца Мальскай бібліятэкі Мацкела Марына Браніславаўна падзякавала за каштоўны экспанат і пажадала плённай працы ў пошуку спадчыны Паўловіча. Паведаміла, што ёсць планы адшукаць месца пахавання і месца, дзе стаяла хата Іосіфа Антонавіча, устанавіць там памятную дошку. Выказала думку аб тым, што было б справядліва СВК "Гудагайскі" вярнуць імя І.А. Гашкевіча. Заўважыла, што было б цудоўна, калі б "Кніга" папоўнілася дыктоўкамі з Гомельшчыны-радзімы І.А. Гашкевіча. С.М. Буланава пажадала поспеху ў ажыццяўленні планаў пошуку, захавання і ўвекавечання ўсіх аб'ектаў звязаных з імем Гашкевіча.У сваю чаргу С.М. Буланава выказала думку, што калі будзе воля Божая, жаданне аматараў, прыхільнікаў роднага слова, актыўнасць краязнаўцаў, магчыма, дыктоўкі адбудуцца і на радзіме С.К. Паўловіча.

Вялікая просьба і прапанова аўтара гэтага ліста да ўсіх краязнаўцаў (асабліва Кобрыншчыны, Драгічынскага раёна, вёскі Асаўцы - радзімы С. Паўловіча), да гісторыкаў, духавенства і ўсіх зацікаўленых асобаў падзяліцца любой інфармацыяй, якая датычыцца гэтага чалавека.

Запрашаюцца да супрацоўніцтва ўсе патэнцыяльныя суаўтары, укладальнікі выдання, усе, хто можа і жадае паспрыяць гэтай справе.

Паўліна Святланіч.


Адзiн з першых беларускiх генералаў

15 верасня 2015 г. споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння шаноўнага чалавека, аднаго з першых беларускiх генералаў (першым быў фактычна Кiпрыян Кандратовiч) Канстанцiна Аляксеевiча Аляксееўскага (1855 - пасля 1918). Не прэтэндуючы на паўнату iнфармацыi, успомнiм з вамi яго жыццёвыя шляхi.

Ураджэнец Вiленскай губернi, праваслаўны, з дваран.

Канстанцiн Аляксеевiч закончыў у 1873 годзе Полацкую вайсковую гiмназію i ў 1875 годзе - 2-ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню (па першым разрадзе) i быў накiраваны ў 27-ю артылерыйскую брыгаду (яна была раскватараваная ў Вiльнi).

К. Аляксееўскi паступiў у службу 10 жнiўня 1873 г. (ст. ст.), 4 жнiўня 1875 г. стаў прапаршчыкам. Паступова рос па службе : 9 снежня 1876 г. стаў падпаручнiкам, 24 (з iнш. крынiц - 26) снежня 1877 г. - паручнiкам. 24 кастрычнiка (з iнш. крынiц - 24 снежня) 1881 г. стаў штабс-капiтанам. У 1889 годзе быў узнагароджаны ордэнам Св. Станiслава 3-й ступенi. А 16 снежня 1890 г. стаў капiтанам.

15 траўня 1899 г. стаў за добрую адзнаку падпалкоўнiкам, а 6 снежня 1905 г. за добрую адзнаку - палкоўнiкам. 6 снежня 1909 г. за добрую адзнаку стаў генерал-маёрам. А 6 снежня 1916 г. за выдатна-старанную службу i турботы Канстанцiн Аляксеевiч стаў генерал-лейтэнантам.

Адразу адзначу, што мне некалькi гадоў запар хацелася знайсцi партрэт, выяву гэтага генерала. I вось сёлета, нарэшце, пашанцавала - я выканаў волю паважанага гiсторыка (светлая памяць!) Вiталя Уладзiміравiча Скалабана. Прыемным супадзеннем стала тое, што якраз сёлета - памятная дата дня нараджэння генерала. З пошукам партрэта мне тут дапамаглi гiсторыкi i даследчыкi Уладзiмір Калiнiн (г. Уладзiвасток) i Дзмiтрый Нiкалаеў (г. Масква), бiяґрафiчныя дадзеныя большае часткай мне сабрала даследчыца Алiна Вальгерыст-Уолама (Alina Valgerist-Uolamo) са Свеабарга. Зрабiў пэўную дапамогу полацкi гiсторык Мiхась Баўтовiч.

Тут вам даю адзiн з яго фотаздымкаў.

Вернемся да ягонае службы. К. Аляксееўскi быў у свой час камандзiрам роты Бабруйскай цвердзевай артылерыi (10 месяцаў), памочнiкам рэманцёра Вiленскай вайсковай акругi (4 гады i 9 месяцаў), начальнiкам аддзела Дзвiнскага артылерыйскага склада (11 гадоў i 3 месяцы), камандзiрам батарэi (5 гадоў i 7 месяцаў).

З 20 сакавiка 1904 г. да 31 кастрычнiка 1906 г. ён быў камандзiрам Выбаргскай цвердзевай артылерыi. Затым Канстанцiн Аляксеевiч апынуўся практычна на другiм канцы кантынента - з 31 кастрычнiка 1906 г. да невядомай даты (недзе пазней за 1 лiстапада 1907 г.) ён лiчыцца камандзiрам 4-га Уладзiвастоцкага цвердзевага артылерыйскага палка. Да 1 лiстапада 1907 г. ён ужо быў жанаты. Выконваў абавязкi камандзiра 1-й Уладзiвастоцкай цвердзевай артылерыйскай брыгады - з 26 кастрычнiка 1908 г. да 6 снежня 1909 г., а з гэтай даты i да 20 снежня 1911 г. - камандзiр гэтай жа брыгады.

Потым - перамяшчэнне амаль назад. З 20 снежня 1911 г. К.А. Аляксееўскi лiчыцца камандзiрам Свеаборгскай цвердзевай артылерыi (гэта - блiзу суч. г. Гельсiнкi) да невядомай даты - недзе пазней за 15 красавiка 1914 г. Узнагароджаны ордэнам Св. Уладзiміра 3-й ст. у 1912 годзе. А 18 лютага 1915 г. - ордэнам Св. Станiслава 1-й ст.

З 8 лiпеня 1915 г. Канстанцiн Аляксеевiч - начальнiк артылерыi Свеаборгскай цвердзi да невядомай даты, у 1917 г. яшчэ быў на гэтай пасадзе. 24 лiстапада 1915 г. К. Аляксееўскi быў узагароджаны ордэнам Св. Ганны 1-й ст. Затым з 10 красавiка 1917 г. выконваў таксама абавязкi каменданта цвердзi.

Увесну 1917 г. далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Паводле К. Езавітава вясною 1917 г. ў Выбаргу генерал зкантактаваў з арганiзацыяй матросаў-беларусаў Балтыйскага флоту. Наўрад цi быў вясной-летам 1917 г. К.А. Аляксееўскi ў Выбаргу - аўтар публiкацыi пра гэта [К. Езавiтаў] мог лёгка пераблытаць Выбарг са Свеаборгам, тым болей, што ў Выбаргу флоцкага гарнiзона не было, а ў Свеаборгу стаяў амаль увесь Балтфлот. Канстанцiн Аляксеевiч старшынстваваў на некаторых паседжаннях Гельсiнфоргскага Савету дэпутатаў армii, флоту i рабочых Свеаборгскага порта.

На 1-м Усебеларускiм з'ездзе ў снежнi 1917 г. К. Аляксееўскi абраны ў склад Рады старэйшын, заклiкаў адрадзiць беларускую дзяржаву, выступiў у абарону беларускага нацыянальнага сцяга. Пра гэтыя падзеi чытач мог даведацца з публiкацый у "Беларускiм гiстарычным часопiсе", № 1 - 1993 г., с. 64 ; № 2 - 1993 г., с. 46 ; часопiсе "Роднае слова", № 8 - 1997 г., с. 198. Гл. іл. 1 i 2.

У 1918 г. ён запрашаўся Радай Беларускай Народнай Рэспублiкi ў Менск для фармавання беларускай нацыянальнае армii. Лiчыцца ўдзельнiкам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX ст. Аўтар "Успамiнаў пра Ўсебеларускi з'езд у г. Менску" (часопiс "Чырвоны шлях", № 1 - 2 за 1918 г.).

Далейшы лёс невядомы. Як пiша вайсковец Вячаслаў Бандарэнка (г. Менск) - на жаль, даць адназначны адказ на пытанне, дзе i чым ён у гэтыя гады займаўся, тут немагчыма. Час быў жудасны, людзi прападалi бясследна. Генерала маглi проста закалоць штыкамi ў падваротнi i прозвiшча не спытацца. Як карова языком злiзнула чалавека. Лёс Аляксееўскага, як нi сумна, тыповы. Ён мог апынуцца ў эмiґрацыi (прытым дзе хочаш - ад Кiтаю да ЗША), мог служыць у нацыянальных армiях (польскай, лiтоўскай, латвiйскай, фiнскай, украiнскай), мог цiха памерцi з голаду, мог прыткнуцца дзе-небудзь царкоўным вартаўнiком ... .

Я, як аўтар матэрыялу, усё ж спадзяюся, што з цягам часу мы зможам нешта даведацца пра лёс Канстанцiна Аляксеевiча, апошнiя гады яго жыцця. Калi мо i не дакладна, то хаця б найболей iмаверна. А пакуль будзем працягваць пошукi.

Пётр Амбрасовiч , сябар Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў г. Санкт-Пецярбургу (БГКТ).


Кузьме Козаку - 60

16 верасня 2015 года адзначае 60-годдзе адзін з самых знакамітых беларускіх гісторыкаў, кандыдат гістарычных навук, дырэктар "Гістарычнай майстэрні" Кузьма Іванавіч Козак. Ён нарадзіўся ў вёсцы Альшаны Столінскага раёна: маці Аляксандра Кузьмінічна (1916 - 1976) і бацька Іван Якаўлевіч (1915 - 2008) - сяляне, мелі 10 дзяцей і Кузьма быў апошні. У 1973 годзе хлапец скончыў Альшанскую школу, дзе вучыўся на "4" і "5". У 1973-1976 гг. - служба ў войску ў Казельску (Калужская вобласць). Пасля паступіў у Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага, дзе вучыўся ў 1976-1981 гг. Кузьма Іванавіч выкладаў гісторыю і французскую мову ў Крывіцкай СШ Салігорскага р-на. У 1981 г. ажаніўся. Жонка Ірына працавала рэстаўратарам у лабараторыі рэстаўрацыі мікрафотадакументаў пры Дзяржаўным архіве Менскай вобласці. У 1982 годзе нарадзілася дачка Вольга, якая працуе ў банку (ВТБ).

У 1990 годзе спадар Козак абараніў дысертацыю, якая мела назву "Партыйная арганізацыя Баранавіцай вобласці - арганізатар барацьбы супраць нямецкіх захопнікаў у гады ВАВ 1941 - 1944 гг.".

У 1994 годзе Кузьма Іванавіч быў запрошаны працаваць намеснікам дырэктара ў Нацыянальны архіў, але спачатку працаваў у гэтай жа установе навуковым супрацоўнікам і загадчыкам аддзела.

У 1995 годзе спадар Козак быў запрошаны ў БДУ у якасці дацэнта на кафедру "Крыніцазнаўства", дзе працуе і зараз!

У сакавіку 2003 года Кузьма Іванавіч Козак быў запрошаны ў "Гістарычную майстэрню" ў якасці дырэктара. Установа кожны год праводзіць 300 мерапрыемстваў, а ўсяго ў ёй адбылося каля 4000 мерапрыемстваў. Кузьма Іванавіч - аўтар больш за 200 навуковых прац і кніг! Мае ўнука Данілу, а не так даўно нарадзіліся ўнукі Ваня і Паліна.

Шаноўны Кузьма Іванавіч Козак працуе над доктарскай дысертацыяй, якая мае назву "Германскія ваенныя і цывільныя органы кіравання ў гады Айчыннай вайны. Устанаўленне. Структура. Дзейнасць".

Жадаем Кузьме Іванавічу Козаку творчых і навуковых поспехаў. А таксама моцнагамоцнага здароўя!

Аляксей Шалахоўскі , гісторык жураналіст.


Лявону Вольскаму - 50

Лявон ВОЛЬСКІ нарадзіўся 14 верасня 1965 года ў Менску. Яго дзед Віталь Вольскі - беларускі літаратар. Бацька, паэт Артур Вольскі пісаў для дзяцей, перакладаў з пяці моваў і стаяў ля вытокаў нацыянальнага Адраджэння канца 1980-х.

Лявон жа ўдзельнічаў у моладзевым грамадскім аб'яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979 -1984). У 1981 годзе ў Менскім мастацкім вучылішчы імя Глебава (скончыў у 1984 г.) ён разам з Уладзімірам Давыдоўскім заснаваў рок-гурт "Фаварыт" (пасля - "Мроя"). У 1989 г. у разгар перабудовы "Мроя" прагучала на ўвесь СССР, запісаўшы на ўсесаюзнай студыі "Мелодыя" кружэлку "Дваццаць восьмая зорка". У 1994 годзе музыкі "Мроі" ствараюць новы гурт - N.R.M., які за 13 гадоў выпусціў 8 альбомаў і стаў флагманам беларускага року.

Сумесныя праекты з удзелам Вольскага - "Народны Альбом" і "Я нарадзіўся тут" - сталі ў Беларусі культавымі, а "Gazeta Wyborcza" нават назвала "Народны альбом" галоўнай падзеяй 1997 года ў Польшчы. 30 снежня 2009 года выйшаў дыск "Такога няма нідзе", усе песні якога сачыніў Вольскі і запісаў іх з шэрагам музыкаў (Русяй, Алегам Хаменкам, Уладзімірам Пугачам ды іншымі).

Вольскі спяваў у гуртах "Крамбамбуля" ды "Zet". Аўтар зборнікаў паэзіі «Калідор» (1993), «Фотаальбом» (1998).

Вікіпедыя.


Беларускі нацыянальны касцюм*

Беларускі нацыянальны касцюм - комплексы адзення, абутку і аксесуараў, якія склаліся на працягу стагоддзяў для выкарыстання беларусамі ў штодзённым і святочным ужытку. Нацыянальны касцюм мае надзвычай высокую культурную каштоўнасць і з'яўляецца адным з этнічных атрыбутаў беларускага народа.

Вылучаюць прынамсі 3 разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма (у адпаведнасці з сацыяльнай прыналежнасцю):

сялянскі;

мяшчанскі;

шляхецкі.

Беларускі сялянскі касцюм мае глыбокія гістарычныя карані і захаваў шмат архаічных рыс. Спалучаючы ў сабе практычнасць і эстэтычнасць, ён з'яўляўся і з'яўляецца значна большай рэччу, чым проста адзенне ці нават мастацкі твор. Сялянскі касцюм беларусаў адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус прадстаўнікоў беларускага народа, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў дэкаратыўным арнаменце часам чытаюцца цэлыя змястоўныя гісторыі. Звычайна менавіта сялянскі касцюм маюць на ўвазе, калі вядуць гаворку пра нацыянальны касцюм беларусаў увогуле.

Мяшчанскі і шляхецкі нацыянальныя касцюмы ўпісваюцца ў агульнаеўрапейскія модныя тэндэнцыі, але пры гэтым маюць у сабе вялікую колькасць нацыянальных асаблівасцей, што дазваляе лічыць іх за разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма.

Змест

1. Этымалогія.

2. Значэнне нацыянальнага касцюма.

3. Гісторыя вывучэння.

4. Кароткая гісторыя касцюма.

5. Лакальныя разнавіднасці сялянскага строю.

6. Апісанне мужчынскага касцюма.

6.1. Плечавое і паясное адзенне.

6.2. Верхняе адзенне.

6.3. Галаўныя ўборы.

6.4. Абутак.

6.5. Аксесуары.

7. Апісанне жаночага касцюма.

7.1. Плечавое адзенне.

7.2. Паясное адзенне.

7.3. Верхняе адзенне.

7.4. Галаўныя ўборы.

7.5. Абутак.

7.6. Аксесуары.

8. Апісанне дзіцячага адзення.

9. Арнамент у беларускім традыцыйным сялянскім касцюме.

10. Тканіны, матэрыялы і афармленне.

11. Асаблівасці крою.

12. Вышыўка і нацыянальны касцюм у сялянскіх традыцыях.

13. Сучаснае выкарыстанне.

14. Зноскі.

15. Літаратура.

16. Спасылкі.

Этымалогія

Тэрмін "касцюм" звычайна выкарыстоўваецца ў двух значэннях:

Класічны камплект, які складаецца:

У мужчыны: з пінжака і порткаў (мужчынскі касцюм);

У жанчыны: з жакета і спадніцы ці порткаў (жаночы касцюм);

Адзенне, якое адрозніваецца характэрным стылістычным і вобразным адзінствам.

Слова "касцюм" славянскія народы запазычалі з французскай мовы (фр.: costume), якое перакладалі як "звычай, традыцыя, манера". Упершыню гэта слова сустракалася ў XVIII ст. Перад гэтым славяне звычайна выкарыстоўвалі словы "сукенка, ризы, покров".

Касцюм - гэта пэўная сістэма прадметаў і элементаў адзення, абутку, аксесуараў, якая адлюстроўвае сацыяльную і нацыянальную прыналежнасць чалавека, яго пол, узрост, заняткі, прафесію. У тэрмін "касцюм" уваходзяць адзенне, фрызура, касметыка, галаўны ўбор, пальчаткі, упрыгожванні.

У дачыненні да беларусаў, калі кажуць "нацыянальны касцюм", звычайна маюць на ўвазе традыцыйны сялянскі касцюм. Варта, аднак, адзначыць, што культуролагі вылучаюць, як мінімум, тры катэгорыі беларускага нацыянальнага адзення:

Сялянскі нацыянальны касцюм;

Мяшчанскі нацыянальны касцюм;

Шляхецкі нацыянальны касцюм.

Значэнне нацыянальнага касцюма

Нацыянальны касцюм - тая частка духоўнай і матэрыяльнай культуры, дзе найбольш ярка праяўляюцца этнічныя асаблівасці. Кожны народ стварае яго паводле сваіх эстэтычных і этычных уяўленняў. Касцюм з'яўляецца часткай рэальнасці, таму ўплывае на светаўспрыманне і ўздзейнічае на пачуцці чалавека. Гісторыя касцюма дазваляе атрымаць уяўленне і асэнсаваць мінулае народа і яго традыцыі, нормы ўзаемаадносін і лад жыцця.

Гісторыя вывучэння

Усебаковае вывучэнне сялянскага касцюма беларусаў пачалося ў XIX ст. і было звязанана з цікавасцю беларускіх і замежных навукоўцаў да духоўнай культуры і побыту гэтага славянскага народа. З прадметаў матэрыяльнага побыту беларусаў пачалі нават складаць асобныя і багатыя калекцыі. Яны ўяўляюць сабой багаты матэрыял для параўнальнага вывучэння сялянскага касцюма розных рэгіёнаў. У іх склад уваходзіць жаночае і мужчынскае адзенне, набытае ў этнаграфічных экспедыцыях супрацоўнікамі музеяў у раёнах Беларусі. Некаторыя вынікі і ўзоры адзення былі апублікаваныя ў XIX - пачатку XX ст. Менавіта ў азначаны перыяд назапасілася даволі шмат звестак пра народныя традыцыі, побыт, антрапалагічныя асаблівасці прадстаўнікоў сялянства, іх адзенне і фальклор. У 1920-я гг. распрацоўваліся новыя кірункі ў этналагічных даследаваннях, у тым ліку паводле новых даследчых методык:

Першы кірунак працягваў традыцыйнае этнаграфічнае вывучэнне касцюма, але паводле новых падыходаў: картаграфаванне прадметаў адзення, фіксацыя геаграфічнага распаўсюджвання асобных тыпаў і формаў касцюма. У гэтай галіне працавалі такія вядомыя супрацоўнікі Інстытута Беларускай культуры, як М.І. Каспяровіч, В.Ю. Ластоўскі, І.А. Сербаў і іншыя.

Другі кірунак фармаваўся ў галіне мастацтвазнаўства метадам структурнага вывучэння касцюма ў дызайне (з'явіўся ў другой палове XX ст.).

Пісьмовыя звесткі пра беларускі касцюм даволі шматлікія: інфармацыя сустракаецца ў агульнагістарычных, краязнаўчых і спецыяльных выданнях. Дагэтуль, напрыклад, высока цэніцца праца І. Георгі (руск.) бел. "Апісанне ўсіх народаў, якія селяцца ў Расійскай дзяржаве". Звесткі пра касцюм таксама можна знайсці ў матэрыялах, сабраных у XIX ст. афіцэрамі Генеральнага штаба Расійскай Імперыі ў асобных тамах. У.Ф. Мілер у сваім творы аб'яднаў матэрыялы, якія былі сабраныя ў беларускіх губернях на Усерасійскую этнаграфічную выстаўку 1867 г. у Маскве. Грунтоўнымі для даследчыкаў з'яўляюцца матэрыялы з архіваў Імператарскага Рускага Геаграфічнага таварыства, частка з якіх была апублікавана ў этнаграфічных, гістарычных часопісах і асобнымі выданнямі. Культура беларусаў, у тым ліку і народнае адзенне, была аб'ектам даследаванняў шэрагу польскіх навукоўцаў. Значны ўклад у апісанні і асэнсаванні нацыянальных касцюмаў не толькі беларусаў, але і ўвогуле ўсходніх славян, зрабіла Г.С. Маслава.

У другой палове XX ст. даследаванні беларускага нацыянальнага касцюма былі засяроджаны на яго этымалогіі, прычым дамінавалі ў гэтай галіне менавіта беларускія этнографы: Л. Малчанава, Г. Курыловіч, А. Дулеба, В. Цітоў. Беларускія этнографы правялі этнаграфічнае вывучэнне ўсіх раёнаў Беларусі і назбіралі матэрыялы, якія сведчылі пра багатую разнастайнасць касцюма беларусаў і дазволілі вызначыць мясцовыя асаблівасці яго рэгіянальных варыянтаў.

Адным з найбольш вядомых аўтараў, які распрацоўваў мастацтвазнаўчы кірунак у даследаванні беларускага сялянскага касцюма быў Міхаіл Раманюк. Ён стварыў альбом "Беларускае народнае адзенне" (1981) - збор фатаграфічных матэрыялаў, аналагу якога ў час яго выдання не мелі ні прыбалты, ні ўкраінцы, ні рускія. Альбом ствараўся на падставе архіваў Рускага Геаграфічнага таварыства, беларускіх музеяў і ўнікальных этнаграфічных калекцый самога аўтара. Скарочаная версія альбома выдавалася ў 2003 г. і 2014 г. М.Ф. Раманюк вядомы таксама па шматлікіх навуковых артыкулах у беларускіх энцыклапедыях.

Пасля першай сусветнай вайны агульная для еўрапейскіх краін тэндэнцыя да абмежавання штодзённага выкарыстання народнага адзення не абмінула і Беларусь, аднак тэма нацыянальнага касцюма ўсё яшчэ застаецца вельмі актуальнай для даследчыкаў. Асаблівую цікавасць для вучоных уяўляе адносна слаба вывучаны (у параўнанні з касцюмам XIX-XX стст.) касцюм беларусаў часоў Вялікага Княства Літоўскага: інфармацыю пра гэты перыяд можна знайсці ў актавых дакументах, лістах, інвентарах маёнткаў і вопісах маёмасці, успамінах, нататках вандроўнікаў, летапісах, хроніках і г. д. Вядучай навукова-даследчай установай у сферы вывучэння беларускага нацыянальнага касцюма з'яўляецца Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі. У 2007 г. у дзвюх кнігах былі апублікаваны вынікі грунтоўных даследаванняў супрацоўніц інстытута Валянціны Бялявінай і Любові Ракавай, дзе ўпершыню цалкам быў ахарактарызаваны беларускі нацыянальны касцюм усіх саслоўяў і перыядаў.

Рэканструкцыя традыцыйных тэхналогій вытворчасці нацыянальнага касцюма і адаптацыя іх да сучаснасці ажыццяўляецца ў навукова-вытворчым унітарным прадпрыемстве "Скарбніца" (г. Менск, Беларусь).

(Працяг у наступным нумары.)

* Гэты артыкул заняў 1-е месца на конкурсе артыкулаў для Вікіпедыі, арганізаываным ТБМ.


Крыжовы сплаў

З 2 па 9 жніўня адбыўся чарговы крыжовы сплаў па р. Нёман, па маршруце в. Мікалаева - в. Сялец.

Ініцыятарам мерапрыемства выступіла моладзевае братэрства ў гонар Святога вернага князя Даўмонта пры прыходзе Хрыста Збаўцы г. Ліды, настаяцелем якога з'яўляецца святар Вадзім Рубан. Сплаў аб'яднаў 25 маладых праваслаўных людзей з Ліды, Берасця і Менска. Сёлета ўдзельнікі сплаву прысвяцілі сваю дзею 1000-гадовай памяці з дня спачыну Св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра.

Сплаў пачаўся з нядзельнай Літургіі ў в. Мікалаева. Усе ўдзельнікі прыступілі да прычасця Св. Хрыстовых Таінстваў. Па дарозе наведалі храмы ў в. Морына і Дакудава. У Дакудаўскай царкве адбылося набажэнства. Да набажэнства ўдзельнікі сплаву прыйшлі з берага ракі крыжовым ходам праз усю вёску. Самым дзіўным было супадзенне часу і месца заканчэння крыжовага сплаву ў в. Сялец, са здзяйсненнем першай Літургіі ў новым храме ў той жа вёсцы. Новы храм, аказваецца, асвечаны ў гонар прап. Еўфрасінні Полацкай. Вялебная на працягу многіх гадоў з'яўляецца заступніцай крыжовага сплаву. Абраз прап. Еўфрасінні з часціцай яе мошчаў і гэтым разам суправаджаў паломнікаў і апынуўся ў нядзельны дзень у храме прысвечаным яе імю.

- Крыжовы сплаў, - гэта не адпачынак на прыродзе, як камусьці гэта можа здацца, - кажа прат. А. Глінскі. - Ідэя сплаву, як і ўсякага паломніцтва, складаецца ў магчымасці падвергнуць сябе выпрабаванню і ўбачыць свае немачы. Тыдзень у палявых умовах далёкіх ад гарадскога камфорту, немалая фізічная нагрузка, умовы надвор'я, цяжкасці ў адносінах з учора яшчэ не знаёмымі табе людзьмі - усе гэтыя акалічнасці абвастраюць эгаістычныя жаданні паклапаціцца пра сябе. Вось тады разумееш сапраўдны кошт веры і запаведзяў Хрыстовых пра любоў!

lida-eparhia.by


"Насустрач сонейку"

3 верасня ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава адбылося адкрыццё персанальнай выставы Зінаіды Сяргеўны Ляўчэні "Насустрач сонейку". У мерапрыемстве прыняў удзел хор інвалідаў па зроку, які разам з аўтаркай выставы жыва і весела выканаў народныя і аўтарскія песні. Таксама прысутнічалі і выказалі свае словы прызнання і падзякі сябры і супрацоўнікі Зінаіды Сяргееўны, у тым ліку і старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў. З магілёўскай ТБМаўскай суполкай Зінаіду Сяргееўну ўжо некалькі гадоў звязваюць шчырыя сяброўскія адносіны, і яна не стамляе радаваць нас любоўю да роднага слова, мудрай парадай і душэўнай цеплынёй. Творы Зінаіды Сяргееўны выстаўляліся ў розных краінах: у Канадзе, Чэхаславакіі, Індыі, ФРГ, Балгарыі, Югаславіі. За заслугі ў развіцці беларускай культуры (стварэнне сувернірных вырабаў з лёну) яна была ўшанаваная шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам Працоўнай Славы і званнем народнага майстра "Залатыя рукі".

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


"Ад пяра гусінага да кампутара сучаснага"

Выстава пад такой назвай, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, адкрылася ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі

Ва ўрачыстым адкрыцці яе 8 верасня прымалі ўдзел лідскія паэты, краязнаўцы, супрацоўнікі сфер культуры і адукацыі, проста лідзяне. Выступоўцы (а сярод іх былі кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Алесь Хітрун, паэт Міхась Мельнік, краязнавец, выдавец часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік, дырэктар гістарычна-мастацкага музея Ганна Драб) успаміналі нядаўнюю падзею - Дзень беларускага пісьменства, якая адбывалася, лічы, на нашай зямлі, у суседнім Шчучыне, і шмат гаварылі аб вялікім укладзе Лідчыны ў развіццё беларускага пісьменства.

- У Лідзе, першым пасля Полацка горадзе, быў устаноўлены помнік першадрукару Францішку Скарыну, - гаварыў Міхась Мельнік. - Ужо пасля Ліды такі помнік з'явіўся ў Менску.

Станіслаў Суднік прыводзіў наступныя факты: у лідскай вёсцы Вялічкі нарадзіўся Ян Карцан - адзін з першых друкароў, у Лідскім жа павеце, у маёнтку Іваноўскіх, была выдадзена адна з першых беларускіх газет... Дарэчы, удзел у выданні брала Цётка. Ды і нарадзілася яна на колішняй тэрыторыі Лідскага павета. Або такі факт: у 1915-м Цётка і Баляслаў Пачопка адкрылі ў Вільні беларускую школу, а ў канцы таго ж года такая ж школа была адкрыта ў нашых Зблянах. Такім чынам, Лідчына сапраўды значна датычная да развіцця беларускага пісьменства.

На імправізаванай сцэне ля музея паэты чыталі свае вершы, бард Сяргей Чарняк на іх жа словы выконваў песні, а артысты Палаца культуры прэзентавалі адрывак з п'есы Я. Купалы "Паўлінка". Атрымалася сапраўднае свята.

Свята мела працяг - у зале музея, дзе разгарнулася выстава. Наведвальнікам экспазіцыі было прапанавана прасачыць эвалюцыю тэхнічных сродкаў пісьменства: ад гусінага пяра да друкарскай машынкі, ад ранейшай электроннай вылічальнай машыны да сучаснага кампутара. У аснову выставы леглі прадметы з фондаў музея і прыватнай калекцыі лідзяніна Юрыя Сінічэнкава. Прадметы экспазіцыі, безумоўна, будуць цікавыя для шырокага кола наведвальнікаў. І што цікава, любы з лідзян зможа сам стаць удзельнікам: дзеля гэтага дастаткова прынесці сюды свой экспанат з разраду ўстарэлай друкарскай тэхнікі - і стаць датычным да эвалюцыі "ад пяра гусінага да кампутара сучаснага".

Тэкст і фота Вольгі ЯХАНТАВАЙ.


"Будзьма!"

22 верасня (аўторак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX