Вярнуцца: 2015

№ 39 (1242)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 39 (1242), 30 верасня 2015 г.


4 кастрычніка - Дзень настаўніка


Нацыянальнаму ўніверсітэту з беларускай мовай навучання быць!

Так можна коратка падсумаваць вынікі сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, якая адбылася 26 верасня на офісе Таварыства беларускай мовы.

У абмеркаванні прынялі ўдзел вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы: М. Грыб, А. Мілінкевіч, А. Казулін, В. Рымашэўскі, І. Дубянецкая, А. Трусаў, У. Колас, М. Пастухоў, А. Марачкін, а таксама сябры Рады кангрэсу.

Вяла паседжанне каардынатар Рады кангрэсу А. Анісім. У сваім уступным слове яна адзначыла, што абмеркаванне гэтага пытання на сядзібе ТБМ - добры знак. Бо менавіта тут нарадзіліся ініцыятывы, якія ператварыліся ў канкрэтныя справы, што і сёння служаць на карысць грамадству нашай краіны. Размова ідзе пра заснаванне такіх выданняў, як газета "Новы час", часопіс "Верасень", спадарожнікавы тэлеканал Белсат і іншыя справы, запачаткаваныя Таварыствам беларускай мовы.

Былі заслуханы выступы экспертаў па наступных пытаннях:

1. Праблема адукацыі на беларускай мове - А. Сядзяка (ТБШ).

2. Беларусь у Балонскім працэсе - П. Церашковіч (Балонскі камітэт).

3. Нацыянальны ўніверсітэт - У. Колас (Гуманітарны ліцэй).

Найбольшыя спрэчкі разгарэліся, як і чакалася, наконт стварэння ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Падчас дыскусіі гучалі розныя думкі і перасцярогі адносна канцэпцыі і месца заснавання будучага ўніверсітэта. Так, Мечыслаў Грыб выказаў асцярожны аптымізм наконт адкрыцця ў сённяшняй Беларусі ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Сп. А. Мілінкевіч распавёў сітуацыю з ЕГУ, а таксама сваё бачанне і магчымыя дзеянні па стварэнні ўніверсітэта. А. Казулін падзяліўся досведам дзейнасці БДУ ў 90-я гады, калі большая палова выкладчыкаў чытала дысцыпліны на беларускай мове.

А. Трусаў прадэманстраваў арыгіналы подпісаў грамадзян (55 тысяч) за адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта, якія збіраліся ў 1996 і ў 2000-м гадах.

Свой погляд на канцэптуальныя рэчы выклала І. Дубянецкая, якая мае станоўчы досвед у выкладанні на беларускай мове ў Беларускім калегіюме.

Напрыканцы паседжання быў створаны аргкамітэт, у які пагадзіліся ўвайсці 13 асоб.

1. М. Грыб;

2. А. Трусаў (сустаршыня);

3. А. Мілінкевіч (сустаршыня)

4. У. Колас (сустаршыня);

5. А. Казулін;

6. В. Рымашэўскі;

7. М. Пастухоў;

8. І. Дубянецкая;

9. П. Церашковіч;

10. С. Суднік;

11. А. Жылко;

12. А. Марачкін;

13. А. Сядзяка.

Першымі справамі аргкамітэта павінна стаць напісанне Статута і стварэнне канцэпцыі новага ўніверсітэта.

Па прапанове сяброў Рады былі прыняты: "Заява Рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць "Адукацыя на беларускай мове - аснова і гарантыя незалежнасці нашай краіны", а таксама Заява супраць размяшчэння вайсковых базаў на тэрыторыі краіны.

Падчас кангрэсу былі прадстаўлены два тамы матэрыялаў Міжнароднай навуко-вапрактычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона". Канферэнцыя прайшла 28 сакавіка 2015 г. Кнігі выйшлі ў чэрвені, шырокая прэзентацыя адбудзецца ў лістападзе.

У першы том увайшлі даклады, якія прагучалі на канферэнцыі, а ў другі том - матэрыялы маніторынгу, які правялі сябры ТБМ па ўсёй краіне ў перыяд падрыхтоўкі да канферэнцыі. Пры гэтым значная частка матэрыялаў абодвух тамоў прысвечана праблеме беларускамоўнай адукацыі.

Такім чынам ТБМ удалося згрупаваць усе нацыянальныя сілы, зацікаўленыя ў развіцці беларускамоўнай адукацыі і ў стварэнні Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта ў першую чаргу. Справа за рэалізацыяй, якая будзе нялёгкай справай, але яна будзе, бо гэтага вымагае ўся нашая гісторыя і нашая будучыня.

Наш кар.


Заява

Рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць "Адукацыя на беларускай мове - аснова і гарантыя незалежнасці нашай краіны"

З мэтай забеспячэння вышэйшай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, усведамляючы сваю адказнасць за далейшае развіццё краіны і грамадства, а таксама прымаючы пад увагу ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс, мы прапануем:

1. Падтрымаць зварот дзеячоў беларускай культуры аб стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання;

2. Стварыць аргкамітэт, які будзе займацца практычнымі крокамі для адкрыцця ў нашай краіне такога ўніверсітэта;

3. Запрасіць да ўдзелу ў працы аргкамітэта ўсіх зацікаўленых асоб незалежна ад палітычных поглядаў.

Менск, 26 верасня 2015 г.


Заява

Мы, удзельнікі сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, вітаем заяву прадстаўнікоў палітычных і грамадска-палітычных арганізацый адносна размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі ад 23 верасня 2015 г. "За Беларусь без чужых ваенных баз!" і выказваем сваю прынцыповую згоду з дадзенай заявай.

Гэта наша супольная пазіцыя, бо мы ўсведамляем, што размяшчэнне новай вайсковай базы на нашай тэрыторыі стварае рэальную пагрозу незалежнасці Беларусі і супярэчыць яе нацыянальным інтарэсам.

Мы патрабуем ад вышэйшага кіраўніцтва краіны адмовіцца ад падпісання гэтай дамовы і стаць на абарону суверэнітэту Беларусі як найвышэйшай каштоўнасці дзяржавы і народа.

26 верасня 2015 г.


Створым помнік у гонар беларускай мовы!

Паседжанне Сакратарыяту ТБМ

23 верасня адбылося паседжанне Сакратарыяту ТБМ. На ім сярод іншага абмяркоўвалася публікацыя ў газеце "Народная Воля", у якой сп. Мікола Ярмашэвіч з г. Берасця выказаў прапанову аб стварэнні ў Беларусі помніка ў гонар беларускай мовы.

У выніку сябры Сакратарыяту вырашылі наступнае:

1. Падтрымаць ініцыятыву сп. М. Ярмашэвіча, выказаную ў газеце "Народная Воля".

2. Стварыць ініцыятыўную групу з сяброў Сакратарыяту з мэтай далейшага перафарматавання яе ў грамадскі аргкамітэт.

3. Звярнуцца да мастакоў, скульптараў, пісьменнікаў, бізнесоўцаў і іншых зацікаўленых асобаў з прапановай ўвайсці ў аргкамітэт.


175 гадоў Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі

Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі споўнілася 175 гадоў. Акадэмія мае доўгую і пакручастую гісторыю.

Горы-Горыцкая земляробчая школа была адкрыта 15 (27) жніўня 1840 года. Пры адкрыцці мела курсы навучання двух разрадаў: вышэйшы і ніжэйшы. Тэрмін навучання па вышэйшым разрадзе быў 3 гады. Навучэнцы атрымоўвалі вышэйшую агранамічную адукацыю. Тут рыхтавалі аграномаў і эканомаў для казённых і прыватных маёнткаў. Земляробчая школа ў Горках хутка заваёўвала папулярнасць у Расійскай імперыі.

У 1848 годзе яна з земляробчай школы стала земляробчым інстытутам - першай у Расіі вышэйшай сельскагаспадарчай навучальнай установай, дзе адразу заклаліся, патрыятычныя традыцыі.

Выкладчыкі і студэнты інстытута прынялі самы актыўны ўдзел у паўстанні 1863 г. Ваенны начальнік Магілёўскага ваяводства Людвік Звяждоўскі, кіраўнік Горацкага падпольнага камітэту Станіслаў Віскоўскі пры дапамозе многіх студэнтаў і выкладчыкаў акадэміі змагаліся супраць расейскіх войскаў. У час бою за захоп Горак загінулі студэнты Акадэміі Дамарацкі і Прабольскі. Горкі былі адзіным горадам у гісторыі паўстання, які паўстанцы цалкам вызвалілі з-пад расейскай улады. Вядома, пасля задушэння паўстання акупацыйная расейская ўлада вырашыла расправіцца з адным з "расаднікаў" рэвалюцыйных ідэй, спачатку прыём на навучанне прыпынілі, а на наступны год перавялі інстытут у Пецярбург, падалей ад "мяцежных рубяжоў". У Горках засталіся толькі ніжэйшыя класы вучэльні.

У Горкі выхаванне спецыялістаў па сельскай гаспадарцы вярнулася толькі ў 1919 годзе, больш чым праз паўстагоддзя! Акадэміяй установу зрабілі ў 1925 годзе. На акадэмічнай бібліятэцы можна бачыць дошку ў гонар Янкі Купалы, які быў тут пачэсным госцем і браў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды заснавання "альма матэр".

Тут вучыўся (1908-1913) і працаваў загадчыкам кафедры (19261928) класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі. На корпусе № 4 устаноўлена мемарыяльная шыльда ў гонар М. Гарэцкага.

Святкаванні юбілею фактычна пачаліся яшчэ ў пятніцу, 25-га верасня, але на наступны дзень праграма была болей насычанай. Гасцей Горак знаёмілі з навуковымі дасягненнямі вучоных, якія працуюць у Акадэміі, ладзіліся канцэрты, а на вуліцы Студэнцкай была дэгустацыя прадукцыі, продаж сувеніраў, выстава з вышыванымі карцінамі (кінулася ў вочы вышытая "Альфа-Рамэа"), канцэртная праграма. Адбыліся і неспадзяванкі: у амфітэатры замест запланаванага на 13.00 выступу каманд КВЗ, пачаўся эстрадны канцэрт. Дарэчы, на доме каля амфітэатра дагэтуль намаляваны лагатып у гонар "Дажынак", якія былі тут у 2012 годзе. Варта адзначыць, што надпісаў на беларускай мове ў Горках зусім няшмат. Акрамя ўжо згаданай дошкі ў гонар Купалы і эмблемы "Дажынак" было прыемнай нечаканасцю ўбачыць шыльду "Адчынена" на краме побач з Палацам культуры БДСГА. Але ў цэлым роднай мовы практычна не сустрэць. Кантроль на ўваходах на тэрыторыю, што вылучылі пад свята, трываў, аднак быў пільным і культурным адначасна. Важна адзначыць, што сярод сувеніраў у Горках дастаткова шмат гарадской сімволікі. Па вуліцах ездзяць аўтамабілі з вымпеламі з выявай герба горада ў кабінах, што рэдка заўважыш у іншых гарадах Беларусі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя.


НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ГОДНАСЦЬ І ТЭХНІЧНЫ РЭГЛАМЕНТ

што беларускія вытворцы не хочуць маркіраваць сваю прадукцыю па-беларуску і знайходзяць для гэтага прычыну ў тэхнічным рэгламенце мытнага саюза, паводле якога маркіроўка на ўсе тавары павінна наносіцца абавязкова па-руску, а на астатніх мовах, як атрымаецца. Так, нядаўна мы публікавалі адказы з лідскіх прадпрыемстваў, якія на розныя галасы, але за якімі чуцён зладжаны чыноўніцкі хор, распавядаюць пра немагчымасць маркіраваць сваю прадукцыю па беларуску. У тым ліку згадваецца ўжо сумна славуты тэхрэгламент. У адказе з Лідскага малочна-кансервавага завода ў прыватнасці гаворыцца:

"Камбінат працуе на мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу. Харчаванне вырабляецца на падставе ТР ТС 022/2011 "Пищевая продукция в части её маркировки" - "маркіраванне харчавання павінна наносіцца на рускай мове і на дзяржаўнай мове дзяржавы - члена Еўразійскага эканамічнага саюзу, калі ёсць адпаведнае патрабаванне ў заканадаўстве гэтай дзяржавы".

І вось суседняе лідскае прадпрыемства ААТ "Ліда-харчканцэнтраты", якое адносіцца да канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і працуе ў межах той жа мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу па тым жа тэхнічным рэгламенце, выпускае два віды прадукцыі: "Клёцкі хатнія" і "Дранікі беларускія", упакоўка якіх выканана зусім па іншых прынцыпах.

Усе надпісы на правым баку ўпакоўкі выкананы па-беларуску акрамя гандлёвай маркі "Лидкон", зацверджанай у нейкія далёкія гады.

Цікавым з'яўляецца і левы бок упакоўкі. Апорнай там так-самама застаецца беларуская мова, а надпісы выкананы на трох мовах Еўразійскага саюзу: беларускай, рускай і казахскай. Пры гэтым надпіс на беларускай мове ўсюды ідзе на першым месцы.

Нават улічаны і такі момант: у графе, якая падае колькасць прадукту, можна ўжыць два тэрміны "вага" і "маса", дык на ўпакоўцы для рускай мовы ўжыта слова "масса", а для беларускай мовы - адметнае беларускае слова "вага", а не блізкае да рускага "маса". Пры гэтым беларуская "вага" пададзена шрыфтам у два разы большым, чым "масса".

Прадукт па рынку прасоўвае і рэкламная кампанія на беларускай мове. Па Лідзе, а, магчыма, і не толькі, развешаны банеры на беларускай мове - рознай канфігурацыі і рознага напаўнення, але цалкам беларускамоўныя.

А цяпер звернемся да Праекту закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь", які прапануецца Грамадскім аб'яднаннем "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і ў чарговы раз апублікаваны ў 2-м томе матэрыялаў Міжнароднай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", якая прайшла 28 сакавіка 2015 г.:

" Артыкул 19.

Дзейнасць Міністэрства гандлю і Дзяржаўнага мытнага камітэта па забеспячэнні правоў беларускіх спажыўцоў

Міністэрства гандлю і Дзяржаўны мытны камітэт дапускаюць на беларускі рынак толькі тавары, якія маюць беларускамоўную спецыфікацыю, а таксама беларускамоўны варыянт дакументацыі (інструкцыі па эксплуатацыі, тэхнічныя апісанні, гарантыйныя талоны і г.д.)".

Атрымоўваецца, што новая прадукцыя Лідскіх харчканцэнтратаў цалкам адпавядае гэтым патрабаванням, што пацвярджае і рэальнасць самога законапраекту.

Прадукцыя Лідскіх харчканцэнтратаў - прадукцыя высокай якасці і доўгатэрміновага захоўвання (на ўпакоўцы пададзены: 1 год). Яе можна давезці ў самыя далёкія куточкі той самай таямнічай мытнай тэрыторыі, куды іншыя баяцца сунуцца з беларускім словам, і яе туды давозяць і паспяхова прадаюць, бо побач з якасцю прадукцыя суправаджаецца высокім беларускім іміджам і нацыянальнай годнасцю вытворцы.

Станіслаў Суднік.


Іосіф Дзямешка: першы настаўнік на Мерлінскіх Хутарах

У Дзень Настаўніка я ўзгадваю аднаго з незлічонай грамады асветнікаў - Іосіфа Рыгоравіча Дзямешку, які ў маладосці ніяк не бачыў сябе настаўнікам.

Нарадзіўся ён у 1897 годзе ў Запарожжы. Гімназія, юнкерская вучэльня, Запарожскі ўніверсітэт. Першая ўсясветная вайна перакрэсліла планы юнака: у 1916-м ён быў залічаны ў дзейную армію афіцэрам. Цяжка паранены, трапіў у аўстрыйскі палон, у лагер "Ёзэф". Родныя атрымалі вестку пра смерць сына. Але ён выжыў, хоць атрымаў тры кулі ў лёгкія, а ў нагах усё жыццё насіў аскепкі міны.

Умовы палону былі жахлівыя. Але вязень хутка авалодаў чэшскай мовай (лагер ахоўвалі чэхі), і гэта давала яму пэўную перавагу, а потым паспрыяла ўцёкам разам з сябрам-земляком. І толькі праз тры гады, у 1923-м, яны дасягнулі мяжы Польшча - СССР. Вядома, былі вельмі абачлівыя, ішлі хаваючыся, абыходзячы ажыўленыя дарогі.

Пачалі рыхтавацца да пераходу мяжы ў найменш людным месцы. Гэта былі Мерлінскія Хутары (цяпер Столінскі раён, Альманскі заказнік), дзе па рацэ Сцвізе часткова праходзіла мяжа, а навокал - лясы, балоты, часта непраходныя. І хоць мяжа ахоўвалася пільна з абодвух бакоў, але тубыльцы, натуральна, ведалі патаемныя сцежкі ды кладкі пад вадой і бесперашкодна хадзілі сюды-туды наведаць сваякоў, нешта прадаць-набыць, а пры выпадку не адмаўляліся перавесці цераз мяжу незнаёмага чалавека.

Каб мець час агледзецца і падрыхтавацца, хлопцы скіравалі да хутара Лігора Калодзіча, спраўнага гаспадара, і прапанавалі яму свае паслугі. Хутаранін з ахвотай прыняў на працу дзве пары танных мужчынскіх рук.

Крыху акрыяўшы, адзін з сяброў вырашыў ісці дадому, у Запарожжа. На жаль, лёс не быў літасцівы да яго, і ён загінуў на радзіме ад рук новай улады як "афіцэр царскай арміі".

А Іосіф Рыгоравіч застаўся. Ці то здароўе падводзіла (моцна кульгаў, безупынна кашляў), ці то спадабалася гаспадарова дачка прыгажуня Варка. І неўзабаве ён стаў прымаком у сям'і Калодзічаў. У пасаг маладая сям'я атрымала не толькі традыцыйны дзявочы куфар. А так, як было заведзена ў тых мясцінах, - зямельны надзел Ваўчок, карову, двух валоў, лес на сваю хату, хоць і маленькую. Вось так выпускнік Запарожскага ўніверсітэта, знаўца лаціны, некалькіх заходніх моў, юрыспрудэнцыі і яшчэ шмат чаго стаў хутаранінам з мянушкай Аўстрыец.

Але надышоў верасень 1939 года. Польская школа, дзе датуль вучыліся дзеці беларусаў, была закрытая. Саветы ж да лета 1941-га не дайшлі да вырашэння праблем з адукацыяй на гэтых абшарах (дарэчы, гэты факт пацвярджаецца ў кнізе "Памяць. Столінскі раён", с. 185). І хоць бальшыня хутаран была непісьменная, усе добра ўсведамлялі, што іхнія дзеці мусяць вучыцца.

Вось тут і пачаўся для Дзямешкі шлях настаўніка. Іншай кандыдатуры на гэтую пасаду мерлінцы не шукалі. Бо Калодзічавага прымака добра ведалі ў наваколлі як высокаадукаванага чалавека, які заўсёды мог даць слушную параду ў зямельных і падатковых справах, скласці афіцыйную паперу, проста напісаць ліст.

Іосіф Рыгоравіч пагадзіўся без ваганняў, пагатоў што і сваіх дзяцей трэба было вучыць. "Школу" пусціў у сваю хату блізкі сусед Ян Гладыш, пяцём сынам якога так-сама патрабавалася навука. Настаўніку дамовіліся плаціць за кожнага вучня паўпуда жыта і адзін пуд бульбы.

На жаль, доўга вучыцца не давялося, бо грымнуў чэрвень 1941 года. Але тым не менш усе дзеці - а іх было 17 чалавек - навучыліся чытаць і пісаць.

Падчас вайны, не маючы кніг, дзеці замацоўвалі веды чытаннем лістовак, што скідвалі з нямецкіх самалётаў у партызанскую зону Мерлінскіх Хутароў. Не надаючы ўвагі сэнсу надрукаванага, цешыліся самім уменнем чытаць.

Між іншым, у 1940 годзе Дзямешка даслаў сваім родным у Запарожжа ліст, і да яго прыехала маці. У 1941 годзе яны ўдваіх выправіліся на радзіму. У Кіеве іх заспела вайна, і ў Запарожжа яны дабіраліся ўжо пехатой. Вярнуўся Дзямешка да сваёй сям'і толькі пасля вызвалення гэтых мясцін ад немцаў, і лёсам было наканавана яму ізноў стаць настаўнікам для дзяцей палешукоў.

У 1944 годзе на Мерліне была заснаваная пачатковая школа, і загадваў ёю Іосіф Дзямешка, стаўшы такім чынам ля вытокаў школьнай адукацыі на Мерлінскіх Хутарах. Аўтарытэт сярод мерлінцаў ён меў непарушны. Ведаў, хто з дзяцей на што здатны, каму трэба вучыцца далей.

Па ўзгадненні з раённым аддзелам адукацыі на хутарах стварылі два навучальныя асяродкі, бо абшар быў надта вялікі - 25 на 20 км. Дый самі хутары размяшчаліся адзін ад другога на адлегласці 5-7 кіламетраў.

Школы-класы спачатку месціліся ў хатах хутаран. Пэўны час заняткі праводзілі ў былой уніяцкай капліцы. Узгадвае адзін з вучняў Рыгор Вячорка: "Будынак быў не прыстасаваны для такіх мэтаў. Узімку ён амаль не ацяпляўся, часова змайстраваная грубка ў кутку вялікай прасторы не вырашала праблемы. Цяпла мы амаль не адчувалі. Толькі Іосіф Рыгоравіч зрэдку стаяў каля яе і, кашляючы, праводзіў урок. Мы сядзелі апранутыя ў старыя світкі, абутыя ў пасталы, пальцы рук амаль не разгіналіся, а наша самаробнае з сажы чарніла замярзала".

А ў наступным годзе, 4 кастрычніка 1945 г., раённая газета "Ленінскі шлях" паведамляла: "На Мерлінскіх хутарах у гэтым годзе побач з існаваўшымі 2 пачатковымі школамі адчынены яшчэ 4. Усе новаадчыненыя школы забяспечаны партамі, сталамі, класнымі дошкамі, 175 дзяцей атрымалі магчымасць вучыцца на сваёй роднай мове".

За гэтымі радкамі - праца, настойлівасць і адказнасць Іосіфа Рыгоравіча Дзямешкі. Трэба было дамовіцца з гаспадарамі, каб "пусцілі ў хату школу", адрамантаваць пустыя хаты і прыстасаваць іх да школьных патрэбаў, знайсці жытло для новых настаўнікаў, завезці з Давыд-Гарадка школьнае абсталяванне і падручнікі… А яшчэ - дровы на зіму, ґаза для лямпаў (электрычнасці не было)…

Настаўнікаў не хапала. А Дзямешка мог усё! Пастаянна выкладаў матэматычны цыкл, нямецкую і рускую мовы. Пры неабходнасці - усе астатнія прадметы: гісторыю, геаграфію, маляванне… Школа была беларускамоўная, і настаўнік-паліглот з лёгкасцю перайшоў на мову, блізкую да ягонай роднай украінскай.

Пазней на Мерліне з'явілася сямігодка, усе дзеці былі ўлічаныя і хадзілі ў школу, склаўся добры педагагічны калектыў. І ўва ўсім гэтым - непрыкметная часам праца першага мерлінскага настаўніка. Яму неаднакроць прапаноўвалі пасады ў Давыд-Гарадоцкім раённым упраўленні адукацыі - інспектара ці юрыста. Але ён адмаўляўся. Акрамя прывязанасці да Хутароў, немалаважнай прычынай было разуменне, што пэўныя органы маглі зацікавіцца дэталямі ягонай біяграфіі.

Шмат хто з ягоных вучняў, не гледзячы на вельмі суровае пасляваеннае жыццё, атрымаў далейшую адукацыю. А натхніў іх на гэта Іосіф Дзямешка. Успамінае Рыгор Вячорка: "Узімку ў 4-м класе я сур'ёзна захварэў і не мог хадзіць у школу за пяць кіламетраў. Мой дарагі настаўнік прыходзіў да мяне дадому два-тры разы на тыдзень, у астатнія дні пасылаў да мяне сваіх дзяцей Веру або Івана, якія прыносілі заданні. Аднойчы папко [так у сям'і называлі бацьку] сказаў настаўніку: "Ёсіп, можэ не трэба ходзіць до Грышы, тобе ж вэльмі неколі". Той адказаў: "Не, Мікалай, Грыша - гэта той чалавек, які хоча і ўмее вучыцца і мае будучыню". Дзякуючы гэтаму мудраму і добраму чалавеку я не толькі не адстаў у вучобе, але і здаў іспыты за пачатковую школу на выдатна".

На жаль, у 1961 годзе на Мерліне зрабілі сумнавядомы авіяцыйны палігон, а жыхароў Мерлінскіх Хутароў выселілі з родных хатаў, раскідалі па розных вёсках, абласцях і нават былых саюзных рэспубліках. Таму сабраць поўныя звесткі пра лёсы былых хутарскіх дзяцей - вучняў Іосіфа Дзямешкі - нялёгка. Але вядома, што многія з іх набылі вышэйшую адукацыю, а некаторыя і навуковыя ступені. І ўсё жыццё былі ўдзячныя Настаўніку, які натхніў іх зрабіць першыя крокі па дарозе Ведаў.

Аляўціна ВЯЧОРКА.Выкарыстаны ўспаміны Рыгора Вячоркі і Івана Дзямешкі. Фота з архіву Івана Дзямешкі.


Клопат пра мову і прыроду

25 верасня 2015 года ў межах Каардынацыйнага савета грамадскіх і нацыянальных аб'яднанняў горада Магілёва адбылася сустрэча грамадскасці са старшынём Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргеем Барысавічам Івановым і начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Інай Фёдараўнай Караткевіч.

Сяргею Барысавічу было зададзена два пытанні ад магілёўскага ТБМ імя Ф. Скарыны:

1. Чаму ў Магілёве працягвае звужацца сфера ўжывання нацыянальнай беларускай мовы? Нават тыя нешматлікія беларускамоўныя шыльды, што былі раней, мяняюцца на рускамоўныя. На Дзень горада ў Магілёве ў чэрвені 2015 беларускі падворак быў аздоблены па-руску.

2. Чаму бязграматна ствараецца парк на Падміколлі, што прывяло да гібелі шматлікіх дрэваў?

Сяргей Барысавіч адказаў наконт Падміколля, што дрэвы гінуць ад засухі, а не праз нейкія парушэнні спецыялістаў, бо ў "Магілёў-зелянгасе" працуюць кваліфікаваныя кадры.

Па праблемах нацыянальнай культуры і беларускай мовы старшыня гарсавета сказаў, што на гэтае пытанне лепш адкажа Іна Фёдараўна.

Начальнік адзела культуры адзначыла, што ў Магілёве дастаткова шырока выкарыстоўваецца беларуская мова на розных мерапрыемствах: пішуцца сцэнары, чыноўнікі часам выступаюць па-беларуску. А рускамоўны банер быў на беларускім падворку з той прычыны, што ў гэтым годзе ў горадзе складанае фінансавае становішча, і банер застаўся з мінулых гадоў. Іна Фёдараўна паабяцала, што ў наступным 2016-м усё будзе аздоблена на нацыянальнай беларускай мове.

Алег Дзьячкоў.


Як не стала Ларысы Геніюш

19 верасня ў Гародні адбылася прэзентацыя кнігі пра Ларысу Геніюш "Духу магутныя чары...". Зборнік ўспамінаў, лістоў, архіўных матэрыялаў выйшаў у серыі "Беларуская мемуарная бібліятэка" у выдавецтве "Лімарыюс". У Гародню новую кнігу прывёз укладальнік Міхась Скобла.

На сустрэчы сваімі развагамі падзяліўся прафесар Аляксей Пяткевіч, які ведаў Ларысу Геніюш асабіста. Ён вяртаецца ў думках, у прыватнасці, да апошніх дзён Ларысы Геніюш у гарадзенскім шпіталі, дзе яна памерла. Што датычыць яе смерці, у надрукаваных успамінах ён усяго не сказаў, прызнаўся Аляксей Пяткевіч:

- Яна была даволі моцнай фізічна. І тут яе нечакана забралі ў абласную бальніцу, у Гародню прывезлі. Мы з жонкай адразу наведалі яе. Потым ездзілі да яе ў прыгарадную вёску Лабна, у анкалагічны дыспансер. Затым у абласной бальніцы ёй зрабілі аперацыю. За аперацыяй персанальна назіраў адзін з вялікіх беларусаў ХХ стагоддзя Юры Астроўскі (пазней акадэмік, дырэктар навуковадаследчага інстытута ў Гародні), асоба вельмі надзейная ва ўсіх адносінах. Ён ведаў, каго паставіць рабіць аперацыю. Ён гаварыў мне: усё, гэтыя людзі надзейныя. Добра зрабілі аперацыю, усё. Прайшоў час, дзесьці з тыдзень, і ёй раптам стала дрэнна. Ёй зрабілі другую аперацыю, і пасля гэтага яе не стала. Аказваецца, знайшлі нагнаенне. Значыць, у рану трапіла інфекцыя. Якім чынам?! Але ж апроч дактароў былі яшчэ сёстры, былі асістэнты. Інфекцыю занесці вельмі лёгка, і ніякі кантроль не дапаможа...

Пахаванне было чымсці незвычайным.

Выйшла ўся Зэльва. Я ніколі не чакаў і сёння, да гэтага часу не магу паверыць. Большасць людзей імкнуліся не кантактаваць з ёю, гэта было небяспечна. Але калі яе не стала, усе выйшлі на вуліцу.

Адзін яшчэ штрых, каб зразумець, як Ларысе Геніюш цяжка жылося ў Зэльве. Прафесар Пяткевіч успамінае, што аднойчы выступаў у Зэльве на настаўніцкіх курсах:

- Раптам адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць з букетам Ларыса Геніюш, сядае на заднюю парту. І бачу з жахам, што людзі цішком, згінаючы спіны выслізгваюць за дзверы. Настаўніцы беларускай мовы і літаратуры - адна за другой. І застаецца кучка самых смелых.

Ларыса Геніюш была заняволенай на радзіме, персонай нон грата для начальства. Хаця такіх асобаў, як яна, ХХ стагоддзе нарадзіла толькі некалькі дзясяткаў, мяркуе Аляксей Пяткевіч:

- Пытанне: адкуль яна ўзялася - і паэтэса вялікая, і беларуска сапраўдная? Такія з'явы не ўзнікаюць раптам і не ўзнікаюць на пустым месцы. Польскую гімназію ў Ваўкавыску яна не скончыла, адукацыі вялікай у яе не было.

А вялікі ўплыў на яе зрабіў Янка Геніюш, муж, які быў і настаўнікам, чалавек, які выйшаў са сценаў Пражскага ўніверсітэта. Былі яшчэ прычыны, якія нарадзілі ў ёй моцную энергетыку, кажа прафесар Пяткевіч:

- У 1939 годзе Саветы рэпрэсавалі яе сям'ю, бацькі загінулі, а яна была ў Празе. Такі маральны ўдар выведзе з раўнавагі практычна любога. А для яе гэта быў штуршок, каб выказацца, і яна пачала пісаць. Калі нешта мучыць, баліць, калі нешта вельмі любіш, толькі тады чалавек можа завалодаць словам і стаць цікавым для іншых, - зазначае прафесар.

Так паўстала кніжка "Ад родных ніў", якая выйшла ў 1943 годзе ў Празе.

- Гэта з'ява, спелая сапраўдная паэзія, - дадае Аляксей Пяткевіч.

Міхась Скобла звярнуў увагу на тэкст пад назваю "Ці наступіць гэты доўгачаканы рашучы паварот?", змешчаны ў кнізе пад рубрыкай "Dubia". Ён на дзевяноста дзевяць адсоткаў перакананы, што тэкст належыць руцэ Ларысы Геніюш, тым больш надрукаваны, як можна меркаваць, на яе машынцы.

У ім гаворыцца, што "ў апошні час развіццё беларускай культуры... амаль што прыпынілася". Мова выкладаецца ў большасці школаў Беларусі "як іншаземная", па дзве гадзіны на тыдзень. У тэксце нават гаворыцца, што беларуская культура "крочыць не ўперад, а назад". Імя самой Геніюш у канцы няма, а стаяць прозвішчы юрыста, намесніка рэдактара раёнкі, персанальнага пенсіянера, сакратара пасялковага савету.

Не рэальна, каб у 1971 годзе ў Зэльве існавала такое кола дысідэнтаў, робіць выснову ўкладальнік кнігі. Ён мяркуе, што Ларыса Геніюш магла паставіць пад ім такія прозвішчы ў спадзяванні, што тады на яго могуць звярнуць увагу, каб надаць больш вагі. Прозвішчы надрукаваныя на іншай машынцы, а подпісаў няма. Усіх гэтых людзей так-сама няма на свеце, спраўдзіць нельга. Існуе шанец, што знойдзецца рукапіс гэтага тэксту, паколькі паэтка пісала ад рукі, на машынцы звычайна толькі перадрукоўвала, выказвае спадзяванне Міхась Скобла.

Цікава, што крытычны тэкст з Зэльвы забраў Васіль Быкаў, які перадаў яго потым Нілу Гілевічу. У Гілевіча тэкст захоўваўся 41 год, а надрукаваны быў толькі цяпер.

Настаяцель Каложы Аляксандар Балоннікаў раней служыў у зэльвенскай царкве, пры якой створаны музей Ларысы Геніюш (яна жыла насупраць храма). Святар перадаў Міхасю Скоблу копіі рукапісных твораў паэткі са свайго архіву.

Спявачка з Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава выканала пад гітару песні на вершы Ларысы Геніюш і Уладзіміра Дубоўкі.

Радыё Свабода.


"Будзьма!"

6 кастрычніка (аўторак) адбудзецца прэзентацыя кнігі "Духу магутныя чары... Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах" у Менску.

Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Міхал Агінскі - у фарбах і мелодыях

У шэрагу краінаў праходзяць дні Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833). 7 кастрычніка адзначаецца 250-гадовы юбілей выбітнага грамадскага дзеяча, паўстанца, дыпламата, кампазітара. Рашэннем ЮНЭСКА 2015-ты год абвешчаны годам Агінскага.

Да імпрэзаў далучылася і Беларусь: значная частка жыцця Міхала Клеафаса і ягонай сям'і звязаная з мястэчкам Залессе на Смаргоншчыне. Як лічаць даследчыкі, менавіта тут ён уславіў сваё імя геніяльным творам - паланэзам ля-мінор ("Развітанне з Радзімай").

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі паходзіў са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх. Ён абіраўся паслом сойму Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага (1789-1793). У 1790-1791 быў надзвычайным амбасадарам у Галандыі, выконваў дыпламатычную місію ў Лондане. У часе паўстання 1994 года М.К. Агінскі далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду.

Ён вядомы як кампазітар, аўтар папулярных паланэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, меладычнасцю, звязаны з народна-песеннымі традыцыямі.

Амаль 250 работ больш як 60 беларускіх мастакоў склалі экспазіцыю выставы "Паланэз" да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, якая дзейнічае з 23 верасня па 4 кастрычніка ў менскім Палацы мастацтваў.

У пачатку экспазіцыі гледачы могуць пазнаёміцца са шляхетнымі партрэтамі Агінскага пэндзля Віктара Варанкевіча і Івана Рабцэвіча (2015 г.). Уладзімір Новак намаляваў Міхала Агінскага разам з жонкай Ізабэлай. Сядзібе ў Залессі прысвечаны творы Ларысы Зарубінай "Маёнтак Агінскага", Дар'і Бунеевай "Восеньскі снег у Залессі". Творчасці дыпламата і кампазітара прысвечаны творы Эдуарда Агуновіча "Маці-краіна" і Юрыя Каралевіча "Усе колеры паланэзу". Музыка Агінскага натхніла Святлану Баранкоўскую стварыць адмысловы габелен з нотамі.

Экспазіцыя зацікавіць шырокае кола наведвальнікаў. Яна ўключае ў сябе розныя віды выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіку, скульптуру, дэкаратыўныя вырабы са шкла, дызайн. Усе работы аб'ядноўвае прыналежнасць да беларускай школы выяўленчага мастацтва.

Менская мастачка Маргарыта Верамейчык да юбілейнай даты стварыла аўтарскую лялечную галерэю, у якой прадстаўлены чатыры пакаленні роду Агінскіх - ад дзядоў і бацькоў Міхала Клеафаса да жонак і дзяцей.

25 верасня ў вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбылася канцэртная праграма з удзелам Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. Прагучала музыка з оперы "Зэліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры" М.К. Агінскага, рамантычная навэла "Клеафас" Вячаслава Кузняцова і іншыя творы.

Музыка М.К. Агінскага была надзвычай папулярная як пры жыцці, так і пасля смерці кампазітара. Ягоныя паланэзы распачыналі тагачасныя баляванні, вялікімі накладамі выдаваліся ў Мілане, Вене, Празе, Пецярбурзе. На выставе можна набыць дыскі з запісамі музыкі Агінскага.

Эла Дзвінская. На здымках: На выставе ў Палацы мастацтваў.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У Расійскай Імперыі да Лістападаўскага паўстання (1830-1831) шляхта ў час афіцыйных мерапрыемстваў карысталася традыцыйнымі шляхецкімі строямі, якія былі сфармаваны ў часы Рэчы Паспалітай, а таксама мела права адкрыта насіць зброю, хоць магла насіць і агульнаеўрапейскія касцюмы.

У 1831 г. адкрытае нашэнне традыцыйнай шляхецкай вопраткі (кунтушы, дэліі, жупаны, канфедэраткі) было забаронена, бо лічылася праявай апазіцыйнасці да расійскай улады. Таму сярод шляхты Беларусі распаўсюджанымі сталі агульнаеўрапейскія касцюмы, сярод якіх папулярным стаў шляхецкі (гусарскі) касцюм венгерскага ўзору ("венгерка") і зрабіўся своеасаблівай заменай нацыянальнага з часоў Рэчы Паспалітай.

У часы Лістападаўскага паўстання (1830-1831) і Студзеньскага паўстання (1863-1864) паўстанцы выкарыстоўвалі ў знак дэманстрацыі патрыятызму многія традыцыйныя віды і элементы шляхецкай вопраткі часоў Рэчы Паспалітай (жупаны, канфедэраткі і інш.). З 1864 г. сярод шляхты абсалютна стаў пераважаць свецкі касцюм агульназаходнееўрапейскага ўзоры альбо службовыя мундзіры чыноўнікаў і вайскоўцаў Расійскай Імперыі, а забароненыя расійскай уладай для публічнага нашэння традыцыйныя касцюмы часоў Рэчы Паспалітай ашчадна захоўваліся ў скрынях.

З другой паловы XIX ст. традыцыйная тунікападобная кашуля ў беларускіх сялян пачала замяняцца на кашулю з палікамі. Асаблівасць крою гэтай кашулі - наяўнасць прамых плечавых уставак. У такіх кашулях разрэз рабіўся пасярэдзіне грудзіны і меў даўжыню каля 30 см. Вакол вората кашулі тканіна збіралася ў дробныя зборачкі, да якіх прышывалі адкладны ці невысокі стаячы каўнер з прарэзкамі на канцах, дзе ворат кашулі завязваўся праз гэтыя прарэзкі каляровай стужкай альбо зашпільваўся металічнай запінкай. Пад пахамі для зручнасці рухаў у кашулю ўшывалі квадратныя палатняныя ўстаўкі. Рукавы рабіліся простыя ці з манжэтамі, а тканіна каля апошніх таксама прызборвалася ў дробныя зборачкі. Святочныя і вясельныя кашулі аздабляліся арнаментам ці малюнкам па каўняры і канцах рукавоў - пры дапамозе тканага ці вышытага крыжыкам узору з баваўняных ніткамі чырвонага колеру, а часта дадаткова і чорнага колеру. Кашулі з палікамі ў канцы XIX - пачатку XX ст. найбольш шырока былі распаўсюджаны на Палессі і выкарыстоўваліся ў Заходнім Палессі аж да пачатку Другой сусветнай вайны.


Кашулі, якія сяляне насілі ў часы працы па буднях, шылі з больш грубага палатна і ніяк не ўпрыгожваліся. Аднак абавязкова да сярэдзіны спіны падшывалі "падаплеку", каб кашуля меней зношвалася. Чыста белая (без упрыгожванняў і ўзораў) кашуля выкарыстоўвалася сялянамі для пахаванняў і звычайна рыхтавалася гаспадарамі загадзя.

Паясным адзеннем беларускага вясковага насельніцтва ў сярэдзіне XIX - пачатку XX ст. заставаліся порткі. Іх шылі з больш грубага, чым кашуля, даматканага палатна летам, а зімой - з шэрага, чорнага, альбо карычневага даматканага сукна. На Палессі быў шырока распаўсюджаны тып порткаў, вядомы пад назвай "порткі з шырокім крокам", якія шыліся без бакавых швоў і кішэняў, з шырокай верхняй часткай і звужанымі да нізу калашынамі.

Звычайна порткі кроілі, склаўшы адрэзаны для кожнай калашыны кавалак тканіны ўдвая па даўжыні, а пасля ад ніжняй часткі калашын адразалі клінападобныя кавалкі, каб яны звужваліся да нізу. Сваёй даўжынёй штаны ў мэтах эканоміі тканіны не даводзілі да костачак. Знізу ногі да паловы галёнкі абкручвалі анучамі ці суконкамі, на якія абувалі лапці ці боты. Порткі ўсіх тыпаў у канцы XIX - пачатку XX ст. у традыцыйным сялянскім касцюме шыліся на поясе, а спераду мелі разрэз. Пояс портак быў шырынёй 3-4 см і зашпільваўся на касцяныя, металічныя і самаробныя гузікі ці драўляную палачку (бірульку, парцурбалку).

(Працяг у наступным нумары.)


Дон Боска і Беларусь

У менскім раёне Серабранка будуецца касцёл ў гонар св. Яна Боскі. У 2014 годзе партрэт кс. Яна Боскі напісаў А.М. Пушкін для касцёла ў Вішневе. Мастак намаляваў святога ў сталым веку, у тыя часы, калі ён упэўнена пашыраў створанае ім Таварыства св. Францішка Сальскага. Каталіцкая салезіянская кангрэгацыя была адроджана на Беларусі ў 1990-тым годзе і дзейнічае ўжо 25 гадоў з клопатам пра выхаванне моладзі.

Чаму менавіта італьянскі святы, які жыў у 19-тым стагоддзі паблізу Турына, натхніў маладых беларусаў, стаў для іх блізкім і родным? Адказ на гэтае пытанне я знайшла ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча ў кнізе Аўгусціна Аўфрэя "Святы Ян Боска", перакладзенай з італьянскай на польскую мову. Паколькі літаратура такога характару не вельмі даступная, хацелася б пазнаёміць чытачоў з адрыўкамі з кнігі, якая жыва апавядае пра лёс, дзейнасць і педагагічную сістэму шчырага апякуна моладзі.

16 жніўня 1815 года ў гарадку Бэкі за 5 км ад Кастэльнуова нарадзіўся Ян Мельхіёр Боска. Яго бацькам быў Францішак Алойзы, а маці звалі Малгажата. У два годзікі хлопчык застаўся без таты. Стомлены штодзённай працай па гаспадарцы, бацька захварэў на запаленне лёгкіх і памёр. Хлопчык запомніў словы вяскоўцаў: "Цяпер у цябе няма бацькі". Гэтыя словы паслужылі фарміраванню паклікання да духоўнага бацькоўства ў будучага святара.

Маці Малгажата мела прыроджаны выхаваўчы інстынкт. Непісьменная жанчына дасканала разумела сэнс матчыных абавязкаў, якім ксёндз і школьны настаўнік могуць толькі спрыяць, але не замяняць. Яна хацела, каб трое яе сыноў працавалі і ніводнай хвіліны не праводзілі бясчынна. Малы чатырохгадовы Янак рубіў дровы, прыносіў ваду, падмятаў пакоі, выганяў скаціну ў поле, даглядаў выпечку хлеба. Працавалі ад святла да цямна. Маці намагалася, каб хлопцы былі прыгатаваны супрацьстаяць усім жыццёвым цяжкасцям. У сціплым дамку летам і ўзімку ўсе падымаліся пры ўсходзе сонца. Важнейшым было рэлігійнае жыццё. З раніцы і ўвечары ўсе трое хлопцаў разам з маці маліліся аб хлебе штодзённым, аб спаўненні абавязкаў і прабачэнні він.

Сям'я была беднай, але ў ёй ставала месца для яшчэ бяднейшых, якія грукаліся ў дзверы. Паколькі сям'я была гасціннай, то наведвальнікі заўсёды знаходзіліся. Гэта былі то вандроўныя гандляры, то дэзерціры з напалеонаўскай арміі, якіх шукалі каралеўскія карабінеры. Ад маці Янак навучыўся міласці да бяднейшых і бездапаможных.

Дзіўнае здарэнне дзяцінства паўплывала на ўсё яго жыццё. Гэта быў сон, які паўтараўся некалькі разоў у важных момантах. Першы раз Янку было 9 гадоў. Ён убачыў у сне, што знаходзіцца сярод тлуму хлопцаў, якія крычаць і лаюцца. Янак хацеў уцішыць іх гучнейшым крыкам, а потым з дапамогай бізуна. Але наблізілася да яго таямнічая постаць, якая прамовіла: "Не, не гвалтоўнасцю, але дабразычлівасцю, ты знойдзеш іх сяброўства." Тады хлопцы, якія здаваліся дзікімі звяранятамі, ператварыліся ў авечак, а голас кабеты сказаў: "Янка, адвядзі іх на пашу. Пазней ты зразумееш, што зараз бачыш". Па абуджэнні хлапчына распавёў свой сон родным.

- Можа, ты будзеш пастухом быдла? - спытаў брат Язэп.

- Не хутчэй, кіраўніком бандытаў, - сказаў брат Антоні.

- Не надавай увагі снам,- прабурчэла бабця.

Маці, якая ўважліва слухала, сказала:

- А можа Янак стане ксендзам?

Толькі яна разумела сэрца сына. Калі хлопец падрос, ён неаднаразова казаў маці, што прагне стаць святаром.

- Паслухай матуля, калі б я стаў ксендзам, я б прысвяціў усё жыццё моладзі, усе мае сілы, увесь мой час.

Падчас пабыту ў адной з цётак хлопчык навучыўся бегла чытаць. Зімовымі вечарамі ён займаўся чытаннем, дыкламаваў вершы і фрагменты з кніг. Стары ксёндз Калоса заўважыў імкненне хлопчыка да ведаў і пачаў вучыць яго латыні. Янка палюбіў яго больш за бацьку, імкнуўся дапамагаць яму па гаспадарцы. Навучанне пайшло хутчэй…

У гарадку К'еры Боска правёў 10 гадоў свайго жыцця. Мястэчка па дарозе да Турына насялялі студэнты, манахі розных ордэнаў: дамінікане, францішкане, кларыскі. Студэнты зараблялі на жытло разнастайнымі працамі. Штосу-боту маці прыходзіла з боханам свежага хлеба, з кукурузай і каштанамі. Янак вучыўся ў гімназіі, а ўвечары падмятаў падлогу ў кавярні, авалодаў кулінарным майстэрствам. Янак вучыўся выдатна, і кожны год яго вызвалялі ад аплаты 12 лір ў год.

- У цябе выдатная памяць, прыяцель,- казалі настаўнікі. - Старайся добра выкарыстацць у жыцці гэты дар.

Яго блізкім сябрам у тым акрэсе часу быў Алойзы Камолля. Іх з'ядноўвала вера, цяга да навукі, любоў да набажэнстваў, жаданне чынення добрых справаў і дух ахвярнасці. Янак быў рухавы і жывы, поўны фізічных сілаў, якія хацеў выкарыстоўваць. Алойзы быў спакойны і лагодны, слабейшы па здароўі. Дзякуючы свайму сябру, тэмпераментны Янак стаў больш ураўнаважаны і спакойны.

25 лістапада 1835 года Ян Боска атрымаў сутану у касцёле ў Кастэльнуова. Праз пяць дзён ён развітаўся з маці і ўвайшоў у браму семінарыі, дзе правёў 6 гадоў, скончыўшы 2 гады філасофіі і 4 гады тэалогіі. У семінарыі ён вучыўся за грошы дабрадзеяў.

У 1841 годзе Ян Боска атрымаў капланскія пасвячэнні з рук арцыбіскупа Турына. Летам гэтага года ў касцёле св. Францішка Асізскага ён адправіў сваю першую св. імшу. Некалькі месяцаў, замяняючы вікарыя ў Кастэльнуова, кс. Боска думаў пра тое, як скіраваць свае жыццё.

У закрыстыю храма св. Францішка Асізскага пачалі прыходзіць хлопцы, якіх ён заахвоціў да вывучэння катэхізісу. Гэта былі маладыя парабкі, хлопцы на паслугах, непісьменныя, але шчырыя. Распачынаючы першую лекцыю рэлігіі з імі, Ян Боска адчуў, што нараджаецца нешта істотна важнае. Спачатку хлопцаў было 9, потым - 12, а праз некалькі месяцаў іх стала 80.

У яго быў толькі сціплы студэнцкі пакойчык і ахвяраванні парафіянаў, але ён верыў у неабходнасць сваёй справы. Хлопцы збіраліся на падворку канвікта, гаманілі і гукалі, потым ён стаў выводзіць іх ў поле, каб у вольны дзень на ўлонні прыроды правесці заняткі і адпачыць. 20 месяцаў ён правёў у напружанай працы, зрабіў 5 вандровак для хлопцаў, бегаў па горадзе ў пошуках працы для іх, грукаўся ў дамы дабрачынцаў, выконваў капланскія паслугі па наведванні хворых, зняволенных. Бясконцая праца падарвала яго здароўе. Нядзельным вечарам яго, знясіленага, апанавала гарачка. Праз тыдзень ён быў блізкі да смерці. Загад лекара быў суровы: да ложка хворага дапускаліся толькі блізкія. Хлопцы, даведаўшыся пра хваробу ксендза, прыбеглі цэлым гуртом. Вялікі смутак запанаваў у іх сэрцах. Але не можа быць так, каб Неба пакінула іх без свайго сябра і абаронцы!

Лабузякі, што нядаўна бадзяліся па горадзе, да позняга вечара ў санктурарыі Божай Маці ўзносілі свае малітвы да Бога, а ўначы вымаўлялі ружанец ля дома хворага, трымалі пост.

У тую ноч, якая на думку лекара павінна была стаць крытычнай, здарыўся цуд.

- Ксёнжа Яне, - сказаў яму сябра, кс. Бараль,- ты ведаеш, што кажа св. пісьмо: "У хваробе маёй паклікаў я Пана, і ён аздаравіў мяне". Ад імя тваіх хлопцаў прашу аб гэтым Пана. Папрасі і ты. Спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Крызіс прамінуў. Праз некалькі дзён услон з ксендзам Боскам хлопцы на плячах вынеслі на вуліцу. Астатнія плакалі і гукалі з радасці.

Моладзевы араторый быў беспрытульным некалькі гадоў, пакуль не ўдалось арандаваць дом Пінардзі для сістэматычных заняткаў з юнацтвам. Кс. Боска запрасіў сваю маці на дапамогу па доглядзе за домам. У маладосці ў яе іх было толькі тры хлопцы, а цяпер ёй давялося прыглядаць за шасцю дзесяткамі гарэзнікаў, папраўляць ім аддзенне, гатаваць ежу, мыць бялізну.

Пачаліся пастаянныя заняткі вячэрняй школы. Кс. Боска арганізаваў, найперш курсы чытання і катэхізісу. Потым далучыліся курсы арыфметыкі, італьянскай мовы, малюнку, геаграфіі, дыкцыі і музыкі. Пра вечаровыя курсы на Вальдока даведаўся ўвесь Турын. Грамадская камісія, накіраваная на вывучэнне досведу курсаў, знайшла іх вельмі паспяховымі. Інспектары распытвалі хлопцаў па розных прадметах і адзначылі іх дасягненні. Урад выдзеліў кс. Боску субсідыю ў 300 лір штогод. Яго педагагічная сістэма была прэвентыўнай, а не рэпрэсіўнай. Ён падыходзіў да моладзі з добрым сэрцам, праводзіў шмат часу з юнакамі, гуляў з імі ў мяч, прыслухоўваўся да іх патрэбаў. Ён імкнуўся праз адукацыю, працу, сумленныя паводзіны ўзняць іх сацыяльны ўзровень.

Аднойчы ён атрымаў дазвол на нядзельную пілігрымку для вязняў: яны правялі дзень на свежым паветры і без аховы ўвечары разам вярнуліся на свае месцы пры вялікім здзіўленні надзірацеляў. "Чаму мы не змаглі прымусіць іх да пакоры сілай, а дон Боска зрабіў гэты сваім даверам?!" - пыталі яны.

Ён жыў у часы, неспрыяльныя для веры. У 1847-48 гадах распаўсюджваліся рэвалюцыйныя настроі, у грамадстве пашыраўся антыклерыкалізм і нападкі на касцёл. Гэта вымусіла кс. Боску ўзяць у рукі пяро і стаць рэлігійным публіцыстам. Ён выдаваў кніжачку, напісаную ясна і арыгінальна. З яго дапамогай "Чытанка каталіцкая" выходзіла колькасцю 9000 асобнікаў, а потым 14.000 асобнікаў. Ён заснаваў часопіс "Сябар дому".

За гэта з ксендзам імкнуліся расквітацца яго праціўнікі: яго не раз спрабавалі забіць альбо атруціць. Але ксёндз заўсёды браў сваіх верных хлопцаў у дамы, дзе яго чакала небяспека. Альбо яго суправаджаў верны сабака Грыга і абараняў ад нападнікаў.

Пазней, каб зрабіць сваю дзейнасць больш грунтоўнай, выхаваць вучняў і паслядоўнікаў, кс. Боска заснаваў Таварыства св. Францішка Сальскага. Ён заснаваў семінарыю для бедных, выхаваў новых ксяндзоў з шэрагу сваіх вучняў і аднадумцаў. У студзені 1863 года салезіянаў было 39, ў 1864 - 61, у 1866 - 90, у 1888 годзе іх было 763, у 1919 годзе - 3996, у 1969 годзе - 23015. Досвед салезіянскага таварыства распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Да яго дзейнасці далучылася кангрэгацыя сясцёр законных на чале з Марыяй Дамінікай Мадзарэла, якія пачалі весці аналагічную працу для дзяўчат.

У жыццяпісе св. кс Боскі засталіся факты ацалення хворых, здзяйснення прарочых сноў. 10 чэрвеня 1898 года да базілікі прывезлі на вазку спаралізаваную дзяўчыну. Дарэмна кіроўца панукаў осліка, вазок не мог праціснуцца праз натоўп. Калі дзяўчынка ўбачыла кс. Боску, яна працягнула да яго рукі і паднялася з вазка. Бацькі вельмі здзівіліся і ўзрадаваліся… Іншая дзяўчынка зусім згубіла зрок. Яе прывяла да святога цётка. Кс. Боска пагаварыў з дзяўчынкай:

- Ці верыш ты Богу і Найсвяцейшай Маці? Ці на добрае скарыстаеш зрок, калі атрымаеш яго?

Дзяўчынка адказала:

-Так.

Тады ксёндз паказаў ёй абразок.

- Паглядзі!

І яна пачала бачыць.

У 1867 годзе па просьбе бацькоў ксёндз наведваў 18-месячнага Паўла з хваробай горла. Ксёндз адправіў імшу, дабраславіў дзіця і сказаў:

- Ваш хлопчык не памрэ. Бог хоча, каб ён стаў яго капланам.

Сям'я не казала пра гэта сыну, пакуль ён не атрымаў капланскія пасвячэнні. Айцец Павел дэ Майстрэ стаў прафесарам духоўнай школы.

За сваё жыццё кс. Боска заснаваў тры храмы. Ён звяртаўся ў святы Пасад, заахвочваў дабрачынцаў, арганізоўваў латарэю, наведваў Францыю і прыцягваў да дабрачыннасці пабожных людзей. Вянцом яго працы на Вальдока ўзвышаецца велічная Базіліка Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

У найноўшай гісторыі Салезіянскае таварыства з прынцыпамі выхавання дона Боскі адрадзілася на Беларусі ў 1990 годзе і вядзе сваю дзейнасць у Менску, Смаргоні, Дзятлаве, Жупранах, Бараўлянах. Зарэгістравана рэлігійная каталіцкая місія св. Францішка Сальскага, настаяцелем якой з'яўляецца кс. Віктар Гайдукевіч.

Летам 2015 года група маладых салезіянаў з Беларусі на чале з кс. Віктарам наведала месцы ў Італіі, звязаныя з жыццём дона Боскі з нагоды святкавання 200-годдзя з дня яго нараджэння.

Пілігрымка адбылася з 18 па 28 жніўня 2015 года. Яна стала завяршальнай кропкай святкавання юбілею і была арганізавана, як падзяка шматлікім людзям за служэнне. Пілігрымы наведалі Коле дон Боска (раней - Бэкі), месца нараджэння святога, Кастэльнуова, дзе ён прымаў хрост, наведалі К'еры, дзе ён вучыўся і працаваў, пабывалі ў Турыне на Вальдока, наведалі катэдру, дзе захоўваецца Турынская Плашчаніца.

Эла Дзвінская.На здымках: 1. Партрэт св. Яна Боскі. 2. Салезіянская сям'я на 200-годзі св. Яна Боскі ў Серабранцы 3. Беларускія салезіяне ў Турыне.


Новае ў беларускай фанатэцы: Каб слухачы таксама паверылі

У сваёй грунтоўнай рэцэнзіі, якая была апублікавана ў "Нашым слове" № 29 ад 22 ліпеня гэтага года, музычны журналіст Вітаўт Мартыненка падрабязна распавёў пра гісторыю стварэння і выдання альбома "Проста вер" гурта "Мерада", прааналізаваў яго стылістычныя асаблівасці, яго паэтыку і мелодыку.

Праз некаторы час слухачам давялося параўнаць адзнакі Вітаўта і іншых крытыкаў са сваімі ўражаннямі адносна якасцей гэтай музычнай кружэлкі. У межах паэтычнага тэатра "Арт. С", які ўжо доўгі тэрмін працуе пры сталічнай бібліятэцы імя Цёткі, адбылася "жывая" прэм'ера альбома "Проста вер", у якой сабраліся як аматары беларускай сучаснай музыкі, так і знаўцы айчыннай паэзіі. Яны да апошняга крэсла запоўнілі залу бібліятэкі, з цікавасцю разглядалі дыск, выдадзены кампаніяй VIGMA…

Вядоўцы і ініцыятары паэтычнага тэатра "Арт.С", па сумяшчальніцтву і сужэнцы, паэтэса Аксана Спрынчан і музыкант Яраш Малішэўскі адзначылі тое, што гурт "Мерада" - з'ява на айчынным музычным небасхіле неардынарная. Гэта тычыцца не толькі музычнай стылістыкі, якая вызначаецца амерыканска-беларускімі ўзаемапранікненнямі, але і іх гранічна ашчаднымі адносінамі да роднага Слова і паэзіі ўвогуле. Гэтая праца вельмі заўважная ў гэтай праграме, якая мелася прагучаць падчас прэзентацыі. Аксана і Яраш адзначылі, што гурт "Мерада" і яе заснавальнікі Стыў і Ганна Крамеры - даўнія сябры паэтычнага тэатра "Арт.С". Напрыклад, музыканты з поспехам выступілі тут на вечарыне памяці Змітра Сідаровіча, які так рана пайшоў ад нас. Тады Сціў і Ганна выканалі некалькі твораў Змітра ў памяць пра незабыўнага сябра і музыканта.

У адрозненне ад музыкі і аранжыровак на дыску, дзе можна пачуць цэлую гаму разнастайных струнных інструментаў і клавішных, накшталт "Хэманд-аргана", "жывая" прэзентацыя альбома "Проста вер" была наладжана ў акустычным варыянце. Па меркаванні музыкантаў, камернае гучанне гурта павінна дапамагаць лепшаму ўспрыняццю музыкі, разуменню паэтычных радкоў. Таму склад гурта "Мерада" ў гэты дзень быў скарочаны: акустычная гітара, steel-гітара, спеў - Сціў Крамер, steel-гітара - Сяргей Бальцэвіч, вакал, перкусія, губны гармонік - Ганна Крамер.

Праграма прэзентацыі альбома "Проста вер" распачалася кампазіцыяй "Дзень народзінаў вясны", якая, на мой погляд, прыйшлася да густу прыхільнікам фольклорных кампазіцый. Бо песня "Дзень народзінаў вясны" з вакалам Ганны набыла яскравыя народныя рысы і была больш падобная на фальклорны твор каляндарнага цыклу пад назвай "Гуканне вясны".

А вось наступная кампазіцыя "Ваяр святла" мела ўжо ўзвышаны змест, баладныя рысы, несла патрыятычны пасыл для тых, каму даводзілася ці давядзецца бараніць родную зямлю.

Асобнай часткай праграмы прэзентацыі стала выкананне лірычных песень, тэмай якіх ёсць каханне. Гэта і эмацыянальна ўзрушвальная "Рака кахання", і пяшчотная "Адзіны ты", і "Няхай лунае любоў", выкананыя музыкантамі ў стылістыцы госпел… Трэба адзначыць і тое, што ў гэтых песнях асноўную ролю выконвала Ганна і яе трапяткі голас, а таксама яе ўменне акцэнтаваць увагу слухачоў на стрыжнявым нерве паэтычнага тэксту. Не здарма ж, яе выкананне пастаянна суправаджалася дружнымі апладысментамі. Потым, пасля завяршэння канцэрту, падчас аўтограф-сесіі, слухачы выказвалі сваё захапленне і шчыра дзякавалі Ганне за яе спевы.

А вось загалоўная песня "Проста вер" стала сапраўдным бенефісам гітарыстаў "Мерады" - Сціва Крамера і яго вучня Сяргея Бальцэвіча, якія сваім сола, пасажамі і акордамі знайшлі адпаведныя хады для таго, каб голас Ганны прагучаў у гэтай кампазіцыі найбольш выйгрышна. "Проста вер" - сапраўдны канцэртны гіт у рытм-энд-блюзавай стылістыцы. Гэтым жа крытэрыем валодаюць і многія іншыя кампазіцыі гурта, якія былі выкананы музыкантамі па-за межамі праграмы альбома. Маю на ўвазе новыя песні "Разам", "Да лета", якія па словах музыкантаў, абавязкова ўвойдуць у чарговую кружэлку "Мерады". Прынамсі, студыйная праца над імі ўжо пачалася.

Ну а прэзентацыя скончылася яшчэ адным гітом ў кантрыстылістыцы з мясцовым каларытам - "Шыбуе дзядзька ў Вільню", якая была напісана сумесна са Змітром Сідаровічам і прысвечана гуртом "Мерада" памяці гэтага барда, дудара, кампазітара і цудоўнага чалавека, даўняга сябра Сціва і Ганны Крамер.

Анатоль Мяльгуй.


Чаркаскі сельскі Дом культуры адзначыў 80-годдзе

19 верасня ў аграгарадку Чаркасы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці адбылося традыцыйнае свята вёскі, якое сёлета было прымеркавана да 80-й гадавіны з дня заснавання Чаркаскага сельскага Дома культуры. Праграма свята была разлічана на рознаўзростувую аўдыторыю, дзе кожны жыхар мог знайсці нешта цікавае для сябе. На свяце працавала пяць гульнёвых пляцовак, на якіх былі адроджаны старадаўнія народныя атракцыёны: чыгуны, моц калоды, воранаўскі чыгун, латарэя "Кубікі", кольцакід. Цікавай гульнёвай зонай з'яўлялася і пляцоўка грамадскай-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі", дзе кожны мог праявіць свае веды па айчыннай літаратуры і музыцы. Таксама дзеці маглі паскакаць на батутах і пакатацца на цацачных машынках, паесці папкорну і салодкай ваты, набыць прыемныя сувеніры. Варта адзначыць і спецыялізаваную кніжную выставу арганізаваную супрацоўнікамі Дзяржынскай раённай цэнтральнай бібліятэкі. Уваход на свята быў зроблены праз спецыяльную браму, дзе кожны мог азнаёміцца з экспазіцыяй: клуб учора і сёння. Запрашэнні на свята таксама былі з сюрпрызам, у выглядзе латарэйных білетаў, розыгрыш якіх адбыўся напрыканцы свята. У святочным канцэрце прынялі ўдзел артысты і калектывы Чаркаскага ДК: ансамбль народнай песні "Сяброўкі" мастацкі кіраўнік Ніна Капусціна, дзіцячая вакальная студыя "Вясёлыя ноткі" мастацкі кіраўнік Ніна Капусціна, маладзёжны гурт "Чыкага" мастацкі кіраўнік Вікторыя Манько і вакальна-інструментальны ансамбль "Шык-бэнд" мастацкі кіраўнік Яўген Сідаровіч. Павіншаваць з юбілеем Чаркаскі ДК прыехаў і вядомы музыка, тэлевядовец канала АНТ Адрусь Такінданг. Падчас свята адбыліся ўзнагароджанні ветэранаў працы Чаркаскага Дома культуры, а сярод ганаровых гасцей былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Уладзіслаў Цыдзік, старшыня Фаніпальскага сельскага выканаўчага камітэта Уладзімір Лобач, дырэктар філіяла Фалько - Агра Вадзім Кунц. Граматамі за ўклад у развіццё культуры Дзяржынскага раёны былі адзначаны: Ніна Валянцінаўна Саўко, Алена Васільеўна Маліноўская, Фёдар Фёдаравіч Асокін, Аляксандр Мікалаевіч Валахановіч, Яўгенія Адамаўна Сантаровіч, Віктар Уладзіміравіч Пташынскі, Алена Іванаўна Вінцэнтава, Наталля Яўгенаўна Слыш, Яніна Канстанцінаўна Ермаловіч, Марына Юр'еўна Раманенка, Анастасія Уладзіміраўна Касач.

Скончылася свята дыскатэкай, на якую прыйшлі цэлымі сем'ямі.

- Гэтае свята ўжо традыцыйнае для аг. Чаркасы і заўсёды праводзіцца на трэцюю суботу верасня, адзначае дырэктар Чаркаскага ДК Кірыл Шык. - Кожны год свята мае сваю тэматыку: у 2012 г. мы адзначалі 324-годдзе , а ў 2013 г. - 325-годдзе вёскі Чаркасы, у 2014 г. - 85-годдзе калгаса імя Фалько, а ў гэтым годзе - 80-годдзе Дома культуры. Кожны год свята набывае новыя актуальныя рысы, аднак канцэпцыя нязменная - гэта патрыятычнае па змесце, сучаснае па форме мерапрыемства, дзе мы ўзнагароджваем лепшых працаўнікоў вёскі, дорым радасць дзецям і дарослым, бо наша задача стварыць такія умовы, каб кожны жыхар у сельскай мясцовасці мог адчуць сябе лепш.

У арганізацыі свята прымалі ўдзел супрацоўнікамі Чаркаскага ДК і студэнты 314к і 514а групы, кафеды рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Рэжысёрам свята вёскі, якое з'яўлялася яе дыпломнай працай, выступіла маладая таленавітая выпускніца кафедры рэжысуры абрадаў і свят Ірына Антонава.

Арганізатары выказваюць падзяку грамадскай-культурніцкай кампаніі "Будзьма Беларусамі", кампаніі "Талань-М", філіялу Фалько-Агра ААТ "Агракамбінат Дзяржынскі" і ўсім тым, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні свята.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX