Вярнуцца: 2015

№ 40 (1243)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 40 (1243), 7 кастрычніка 2015 г.


Кірылічная даменная зона .бел

У кірылічнай даменнай зоне .бел ужо зарэгістравана больш за 7 тыс. даменаў, у тым ліку больш за 3,7 тыс. - з пачатку адкрытай рэгістрацыі даменаў у зоне .бел.

Аб гэтым паведаміў 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску Сяргей Павалішаў, начальнік аддзела хостынгу і рэгістрацыі даменаў УП "Надзейныя праграмы", якое з'яўляецца тэхнічным адміністратарам даменнай зоны .бел. Паводле яго слоў, пакуль пераважная большасць даменаў у зоне .бел рэгіструецца на рускай мове, але ёсць магчымасць рэгістраваць і беларускамоўныя адрасы.

Для рэгістрацыі дамена ў зоне .бел дастаткова выбраць любы свабодны дамен на сайце акрэдытаванага рэгістратара і аплаціць паслугу зручным спосабам. Кошт рэгістрацыі на адзін год роўны гадавому кошту дамена .by - 150.000 рублёў. Дамен можна зарэгістраваць на адзін або на два гады.

Дамен першага ўзроўню .бел, з падтрымкай алфавітаў рускай і беларускай мовы, быў дэлегаваны Беларусі міжнароднай арганізацыяй ICANN 26 жніўня 2014 года. У лютым 2015 года ў новай даменнай зоны з'явіўся адміністратар (Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі) і тэхнічны адміністратар (УП "Надзейныя праграмы", hoster.by), а праз усяго пяць дзён пасля гэтага даменная зона .бел была тэхнічна гатовая да рэгістрацыі даменаў.

Адкрытаму продажу даменаў у зоне .бел папярэднічалі два этапы прыярытэтнай рэгістрацыі, якія, як паведаміў Павалішаў, "прайшлі без сур'ёзных канфліктаў і юрыдычных калізій". "Іх вынікі даюць нам усе падставы меркаваць, што новая даменная зона паднясе нам яшчэ шмат цікавых адкрыццяў. У даменнай зоне .бел ужо ёсць праекты, якія заслугоўваюць увагі", - заявіў ён.

На думку тэхнічных адміністратараў даменаў у зоне .бел, адрас сайта на рускай або беларускай мове аб'ектыўна прасцей запомніць і правільна вымавіць на слых. Да таго ж ён дае беларусам новыя магчымасці для прасоўвання сваіх праектаў у сетцы: як у любой новай даменнай зоне, у .бел яшчэ шмат свабодных імёнаў, што дазваляе карыстальнікам выбраць для свайго сайта прыгожы і гучны адрас.

БелаПАН.


Ні адзін кандыдат у Прэзідэнты Беларусі не абяцае адзінай дзяржаўнай беларускай мовы

На пачатку кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сакратарыят ТБМ накіраваў усім кандыдатам зварот наступнага зместу:

"Паважанае спадарства!

Найважнейшы складнік нацыянальнай культуры і незалежнасці нашай краіны - беларуская мова - перажывае надзвычай складаны перыяд.

У сувязі з гэтым мы заклікаем усіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ўключыць у свае выбарчыя праграмы наступныя пункты:

1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

2. Адкрыць у Мінску Нацыянальны ўніверсітэт імя Францішка Багушэвіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

3. У кожным раённым цэнтры адкрыць школу або гімназію з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.

Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і культуру Беларусі."

Рэакцыю на гэты зварот мы знаходзім толькі ў праграме Таццяны Караткевіч, надрукаванай у газеце "Звязда":

"Падтрымка беларускай мовы- прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, адкрыць Нацыянальны ўніверсітэт, а ў кожным райцэнтры - школу альбо гімназію з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове. Чыноўнік, дэпутат або кіраўнік дзяржавы абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі."

Пры ўсёй прагрэсіўнасці прыведзенай фразы нельга не заўважыць, што ў ёй праглядваюцца дзве дзяржаўныя мовы. Што праўда, і Сакратарыят ТБМ ніякай адзінай дзяржаўнай мовы ад кандыдатаў не прасіў. Мабыць, Сакратарыят лічыў, што ад наяўных кандыдатаў чакаць нейкіх рухаў у бок адзінай дзяржаўнай мовы не выпадае, хаця б нешта другаснае паабяцалі. Але ж ёсць яшчэ і грамадзяне, якія таксама нічога не прасілі, або прасілі надта ціха.

У выніку гаворка пра адзіную дзяржаўную беларускую мову аказалася цалкам выключанай з перадвыбарчай рыторыкі. І біблейскае: "Стукайце, і вам адчыняць" не атрымала ніякай падтрымкі на практыцы. Ніхто не стукаўся. То хто мусіць адчыняць і каму?

Наш кар.


250 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага

Міхал Клеафас АГІНСКІ (па-польску: Michal Kleofas Oginski; 7 кастрычніка 1765, Гузаў Мазавецкага ваяводства - 15 кастрычніка 1833, Фларэнцыя) - кампазітар, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Удзельнік паўстання Т. Касцюшкі. Аўтар знакамітага паланэзу "Развітанне з Радзімай".

Са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх, сын Андрэя і Паўлы з Шамбэкаў. Ад бацькі ўспадкаваў тытул графа.

Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасці да музыкі і замежных моваў. Першыя музычныя ўражанні атрымаў ад наведвання Слоніма, дзе ягоны сваяк Міхал Казімір Агінскі ўтрымліваў тэатр еўрапейскага ўзроўню.

Абіраўся паслом сойму Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам Скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага (1789-1793). У 1790-1791 надзвычайны амбасадар у Галандыі, выконваў дыпламатычную місію ў Лондане.

У 1791 мусіў прысягнуць расейскай імператрыцы Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна паставіўся да Канстытуцыі 3 траўня.

У 28-гадовым веку (1793) займаў пасаду падскарбія вялікага літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм.

Пасля перамогі ў 1793 Таргавіцкай канфедэрацыі падтрымаў яе і вярнуў сабе канфіскаваныя раней маёнткі.

У часе паўстання 1794 далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстання 188 тысяч злотых, кіраваў 480 стральцамі.

У чэрвені 1794 двойчы з аддзелам стралкоў і 200 коннікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводства, каб узняць там паўстанне. У жніўні 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга. Змагаўся супраць прускіх войскаў.

Пасля таго, як расейцы занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстанні расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

Жыў у Вене, Венецыі, Стамбуле, Парыжы. Па ўступленні на расейскі сталец Аляксандра I атрымаў магчымасць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадска-палітычную і мастацкую дзейнасць. Пасля прысягі на вернасць імператару яму, як і ўсім выгнаннікам, вярталіся ранейшыя маёнткі. У 1801 у Гародні ён прысягнуў на вернасць, а ў лютым 1802 прыехаў у Пецярбург, адкуль 28 красавіка выехаў у падараваны яму Францішкам Ксаверам Агінскім даўні родавы маёнтак Залессе Ашмянскага павета.

Жыў тут у 1802-1806 гадах, ажаніўся, збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэі, звярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Менавіта тут, у Залессі, ён напісаў свой славуты паланез "Развітанне з Радзімай"...

Вікіпедыя.


75 гадоў з дня нараджэння Кастуся Тарасава

Кастусь ТАРАСАЎ (10 кастрычніка 1940, Менск - 20 сакавіка 2010, Менск) - беларускі пісьменнік.

З сям'і службоўца. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох год працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі "Спецэлеватармельбуд". Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960-1965). Пасля заканчэння інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе "Нёман", тэхнолагам на віцебскім заводзе "Маналіт". Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве "Вышэйшая школа" (1967-1975), журналістам па дагаворы і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі газеты "Знамя юности" (1975-1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса "Неман" (1977-1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты "Літаратура і мастацтва" (1986-1988). З 1990 адказны сакратар часопіса "Спадчына". Працаваў у газеце "Свабода", "Навіны", "Наша Свабода". Быў выпускаючым рэдактарам газеты "Новы час".

У 1966 г. пачаў друкавацца як журналіст. З мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 годзе (аповесць "Следственный эксперимент", часопіс "Неман"). Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар гістарычных аповесцяў пра мінулае Беларусі. Аўтар кніг аповесцяў "День рассеяния" (1980), "В час Стрельца" (1981), "Странствие в тесном кругу" (1986), "Погоня на Грюнвальд" (1986), зборніка гістарычна-літаратурных эсэ "Память про легенды" (1984, пашыранае выданне на бел. мове 1990), "Золотая горка" (1998), "Единственный свидетель - Бог" (1991), "Тры жыцці княгіні Рагнеды" (1997), "Беларусь: Гістарычнае падарожжа для дзяцей" (1999), "Апошняе каханне князя Міндоўга" (2000), "Крыж памяці. Кароткі спіс войнаў, паўстанняў, рэпрэсіяў, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагоддзе" (2001) і іншыя.

Па матывах аповесці К. Тарасава "Чорны шлях" (рас. "Стая ворон над гостинцем") драматург Аляксей Дудараў стварыў п'есу "Ядвіга" (Купалаўскі тэатр, рэж. Валеры Раеўскі).

Прэмія Міністэрства абароны СССР за раман "Погоня на Грюнвальд", 1988.

Прэмія "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў" за аповеды "Брыгіткі" і "Нячутныя гукі самоты", 2007.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра. "За актыўную і плённую працу ў галіне гістарычнай прозы і эсэістыкі, што спрыяе фармаванню сучаснай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў", 2010.

Вікіпедыя.


Старшыні ГА

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні кіраўніцтва Мінгарвыканкама Ваш зварот аб ушанаванні памяці Тарасава К.І. разгледжаны ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Прапанова аб увекавечанні ў тапаніміцы сталіцы імя Тарасава Канстанціна Іванавіча перададзена ў камісію па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска і будзе разгледжана ва ўстаноўленым парадку.

Начальнік галоўнага ўпраўлення П.В. Скалабан.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб ушанаванні памяці К. Тарасава

Міністэрствам культуры разам з Мінскім гарвыканкамам разгледжаны ліст ад 17.08.2015 № 165 аб ушанаванні памяці Кастуся (Канстанціна Іванавіча) Тарасава.

Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

Мемарыяльныя дошкі ў Мінску ствараюцца ў адпаведнасці з рашэннямі Мінгарвыканкама, якія прымаюцца на падставе звароту арганізацыі з абгрунтаваннем неабходнасці іх усталявання і указаннем крыніц фінансавання ўсіх відаў работ, а таксама ўзгаднення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2008 № 1372 "Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва").

Прапанова аб увекавечанні імя К.І. Тарасава ў тапаніміцы сталіцы накіравана Мінгарвыканкамам у камісію па найменаванні і перанайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска і будзе разгледжана ва ўстаноўленым парадку.

Намеснік Міністра В.М. Чэрнік.


У вянок памяці Кастуся Тарасава

Я не памятаю дакладна, калі пазнаёміўся з Кастусём Тарасавым, але было гэта ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Першая кніга пісьменніка, якую я прачытаў на рускай мове, мела назву "День рассеянья" і была яна прысвечана Грунвальдскай бітве. Аднак найбольш мяне зацікавіў зборнік літаратурна-гістрычных эсэ "Память о легендах", які выйшаў у 1984 годзе, у апошнія гады так званага "застою", калі за ўсёй беларускай інтэлігенцыяй сачылі розныя спецслужбы. Вядома, гэты зборнік, які імгненна разышоўся з паліц кнігарняў, выклікаў у іх пэўную цікавасць У 1984 годзе мая навуковая кар'ера была на ўздыме: паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, актыўна друкаваўся на старонках беларускіх газет, меў салідныя навуковыя публікацыі ў элітных выданнях Масквы і Ленінграда. Таму адзін з прадстаўнікоў "кампетэнтных органаў" звярнуўся да мяне з прапановай напісаць грунтоўны водгук на выданне Кастуся Тарасава. У той час я шмат пісаў розных рэцэнзій на гістарычныя выданні і таму адразу пагадзіўся.

З месяц я грунтоўна, старонка за старонкай, аналізаваў прозу Тарасава, звяраў кожную дату і падзею, прыведзеныя ў зборніку, з пісьмовымі крыніцамі, і напісаў станоўчую рэцэнзію, пазначыўшы пры гэтым дробныя памылкі і недакладнасці. Маім заказчыкам водгук не спадабаўся, бо, відаць, яны чакалі іншага, таму болей яны да мяне з такімі прапановамі не звярталіся.

Крыху пачакаўшы, я надрукаваў сваю рэцэнзію ў адным з беларускіх выданняў, і яна атрымала шмат станоўчых водгукаў. Неўзабаве мяне адшукаў Кастусь Тарасаў, шчыра падзякаваў за яе, асабліва калі даведаўся пра "заказчыкаў" водгуку, і з тых часоў мы пасябравалі. Спачатку супрацоўнічалі разам з беларускім аддзяленнем Савецкага Фонду культуры на чале з Іванам Чыгрынавым, потым у кастрычніку 1988 года ўвайшлі ў Аркамітэт па заснаванні БНФ і ўдзельнічалі ў выбарах у ВС БССР у 1990 годзе.

Пасля таго, як я ўзначаліў ТБМ, нашы сувязі яшчэ больш узмацніліся, Бо Тарасаў пачаў пісаць і размаўляць па-беларуску. ТБМ дапамагло яму выдаць некалькі яго апошніх выданняў, потым ён быў выпускаючым рэдактарам газеты "Новы час", якая была заснавана Менскай гарадской арганізацыяй ТБМ. У сядзібе ТБМ меў маленькі пакойчык, у якім і працаваў над выданнем гэтай газеты. Менавіта тут у красавіку 2006 г. з ім здарыўся інсульт, і я першы гэта заўважыў, калі зайшоў да яго з нейкай нагоды. Адна з жанчын, якая ў гэты час была ў сядзібе ТБМ, выклікала спецыяльную медыцынскую "інсультную" брыгаду, і таму тады Тарасава здолелі выратаваць і паставіць на ногі.

У сваім выдавецтве "Лекцыя" ў 2001-м годзе Тарасаў выдаў маю навуковую кнігу, а дакладней неабароненую доктарскую дысертацыю пад назвай "Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-ХVІІІ стагоддзяў. Гісторыя будаўнічай тэхнікі". Ён зрабіў макет кнігі і давёў да ладу шматлікія ілюстрацыі.

Не маючы гістарычнай адукацыі, Тарасаў здзіўляў мяне сваім веданнем розных аспектаў беларускай гісторыі, у тым ліку архітэктуры і матэрыяльнай культуры.

У свой час ён папрасіў мяне прачытаць рукапіс будучага мастацкага твора "Апошняе каханне князя Міндоўга" і выказаць свае заўвагі. Я прачытаў аповесць вельмі ўважліва і не знайшоў там вялікіх адхіленняў ад нашых ведаў пра побыт продкаў у ХІІІ ст. Тое самае можна сказаць і пра "Крыж памяці. Меч лёсу…"

Кастусь Тарасаў стаў годным спадкаемцам Уладзіміра Караткевіча, які ў свой час напісаў яму рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў БССР. Таму невыпадкова "Беларускі кнігазбор" выдаў том яго выбраных твораў.

Спадзяюся, што і ўся літаратурная спадчына К. Тарасава дачакаецца свайго перавыдання.

У гэтым годзе кіраўніцтва ТБМ звярнулася ў Мінгарвыканкам з просьбай ушанаваць памяць Кастуся Тарасава і назваць у яго гонар адну з вуліц сталіцы. Гэтае пытанне знаходзіцца ў стане разгляду.

Алег Трусаў.


Кастусь Тарасаў

Жыццё дорыць нам знаёмствы з такімі людзьмі, з якімі нават пасля іх адыходу ў лепшы свет адчуваеш духоўную лучнасць. Менавіта так думаецца мне пра Кастуся Тарасава. Я не магу пахваліцца тым, што даўно пазнаёмілася з спадаром Кастусём. Наша знаёмства пачалося фактычна з супрацы па стварэнні газеты "Новы час". Так атрымалася, што сябры ТБМ увесь час хацелі мець не толькі "Наша слова", як трыбуну арганізацыі, але і выдаваць газету з шырокім беларускім агульнакультурным зместам, газету для нацыянальнай культурнай эліты. Канцэпцыя газеты, яе назва былі падрыхтаваны тагачасным намеснікам старшыні ТБМ Сяргеем Кручковым і спадаром Кастусём Тарасавым, які ўжо меў на той час добры досвед у выдавецкіх справах. На адным з паседжанняў сакратарыяту было ўзнята пытанне, як гэтую справу ажыццявіць. Паколькі варыянтаў, хто будзе заснавальнікам новага выдання было няшмат, я пагадзілася ад Менскай гарадской арганізацыі ТБМ узначаліць гэтую справу. Ад гэтага часу - 2002 год - я і была знаёмая з слынным пісьменнікам.

Трэба сказаць, што падчас выдання газеты мы не шмат размаўлялі, кожны рабіў сваю частку працы выдання, цалкам давяраючы адно аднаму. І выходзіла ўсё неяк само сабой. Можна нават сказаць, што мы разумеліся між сабой з паўслова. Хоць, безумоўна, былі праблемы і з фінансамі, і з чытачамі.

Спадар Кастусь меў сваё бачанне "Новага часу", ён заўважаў новыя тэндэнцыі ў сусветным кантэксце, праецыраваў іх на нашу рэчаіснасць. Таму рабіў стаўку на матэрыялы не аднамомантныя, а на больш важныя рэчы - публікацыю матэрыялаў, якія будуць запатрабаваныя і ў перспектыве. Так згодна з яго канцэпцыяй газета набыла сваё аблічча, прэтэндуючы на тое, каб стаць выданнем для інтэлектуальнай эліты. Пры гэтым заставалася прынцыповай пазіцыя - ажыццяўляць выданне на беларускай мове.

Другая справа, падчас якой для мяне адкрыўся спадар Кастусь з невядомага боку, звязаная з правядзеннем З'езду інтэлігенцыі. Я была адным з актыўных сяброў аргкамітэта па правядзенні гэтага форуму. Спадар Кастусь, здавалася, мала цікавіўся гэтай падзеяй. І толькі аднойчы пры абмеркаванні газетных спраў, ён прамовіў некалькі фразаў, з якіх стала відавочна, наколькі ён хваляваўся і перажываў за правядзенне З'езду. І мне стала зразумела, што за яго маўклівасцю хаваецца надзвычай чуйная душа, якая вельмі востра рэагуе на ўсё, што звязана з лёсам краіны, з беларускай нацыяй.

Калі ў мяне здарыліся непрадбачаныя цяжкія моманты ў жыцці, не ведаю чаму, расказала спадару Кастусю. Ён выслухаў з непрыхаваным спачуваннем, распавёў пра некаторыя свае жыццёвыя абставіны. Праблемы не зніклі, але я стала пачуваць сябе больш упэўнена. Спадар Кастусь, мне здаецца, заўсёды гатовы быў падтрымаць таго, хто меў у гэтым патрэбу. Пытанне: ці заўсёды сам меў такую падтрымку?

А потым здарылася цяжкая хвароба. Падчас адведак спадара Кастуся ў бальніцы я пазнаёмілася з яго дачкой Аняй. І была прыемна ўражана, наколькі цёплыя адносіны склаліся ў бацькі з дачкой.

Пасля яго ад'езду з Беларусі мы падтрымлівалі кантакты праз электроннае ліставанне. Спадар Кастусь быў проста апантаны ў тым, каб ажыццявіць творчыя планы, пісаў, не гледзячы на перажытую хваробу. Ён дасылаў свае новыя творы для друку ў "Новым часе", у прыватнасці, аповесць "На вайне". У гэтай празе і нястомнасці мог бы даць фору кожнаму з нас.

Усё ж чалавечая энергія не знікае бясследна. Яна пераўтвараецца праз нашыя ўчынкі і справы ў нешта значнае, што сілкуе потым прамых і духоўных нашчадкаў. Так я сёння думаю пра пісьменніка Кастуся Тарасава, які пакінуў нам свае кнігі. Чытаючы і перачытваючы іх, далучаешся да ягонага погляду на нашую гісторыю і пранікаешся занепакоенасцю пра наш далейшы лёс.

Алена Анісім.


Словы з "Нашага слова"

Хачу звярнуць увагу чытачоў на некаторыя словы, што запачаткаваліся на старонках тыднёвіка ці тут упершыню былі напатканыя мною.

Адно з нядаўніх, адразу ўпадабаных слоў - назоўнік гаварковасць, ужыты ў рэцэнзіі Міколы Даніловіча (Наша слова, 16.06.2013). Ён суадносны з прыметнікам гаваркі ў спалучэнні гаваркое слова ( імя, назва і пад.).

Тым самым часам у публікацыях Паўла Сцяцко (рука свярбіць напісаць Сцяцка) пачаў сустракацца арыгінальны вытвор бацькайменне "імя па бацьку".

А хіба ж можна забыцца на ранейшую яго знаходку - тэрмін спашукальнік (рус. соискатель). Увогуле ў працах гэтага навукоўцы шмат удалых наватвораў.

Праўда, было б несправядліва і няшчыра казаць, што ўсе ягоныя прапановы на дасканаленне, развіццё слоўніка літаратурнай мовы бездакорныя і безагаворачна прымальныя. Асабіста я не магу ўзяць да выкарыстання яго ўлюбёныя словы: прыметнік томавы ў складзе парадкавых лічэбнікаў двухтомавы, пяцітомавы (слоўнік), назоўнікаў народзінец, народзінка. На маё меркаванне, болей прыдатныя варыянты - тамовы, нараджэнец, нараджэнка. Апошнія два словы маюць больш падстаў усталявацца ў літаратурнай мове: яны рэзка не "адскочылі" ад рускіх уроженец, уроженка. А такі мотант трэба ўлічваць у варунках гэтак званай дзвюхмоўнасці.

Прыемна бачыць, што П. Сцяцко ў новых публікацыях узяў у арсенал актыўна ўжываных лінгвістычных тэрмінаў назоўнік вытвор - тоеснік аддзеяслоўнага назоўніка ўтварэнне і запазычання дэрыват. Тут мушу зазначыць. У адной публікацыі (Наша слова, 30.06.2015) да тэрміну дэрыват П. Сцяцко ў дужках робіць заўвагу: " Вытвор - паводле Алеся Каўруса". Відаць, ён лічыць, што я "выдумляльнік" разгляданага слова.

Насамрэч упершыню слова вытвор у лінгвістычным значэнні я заўважыў ў публікацыі выбітнага вучонага Леаніда Лыча і праз свае тэксты пачаў яго пашыраць. Гэты тэрмін пададзены ўжо ў слоўніку "Словакладзе" (2013). Думаю, такая дэталізацыя - дзеля дакладнасці - не лішняя ў навуковых працах.

Цяперашні чытач ведае, а нехта і ўжывае прыметнікі моладзевы, маладзёвы як адпаведнікі лексчічнага запазычання молодёжный. Да іх з'яўлення і ўсталявання прычынілася "Наша слова". Дарэчы. была дадзена магчымасць і мне выказаць сваё меркаванне ў нататцы "Створым слова" (1997, 3 -9 красавіка).

У рыхтаваным для часопіса "Роднае слова" артыкуле я напісаў, як падчас працы - рэдагавання і рэцэнзавання школьных падручнікаў беларускай мовы - узнік аказіяналізм адсябечча. І якраз тады ў "Нашым слове" (2015. 12.08; 20.08) трапілі на ўвагу назоўнікі адсябечына, адсябеціна. Гэтыя тры словы ў сукупнасці дазваляюць даць адказ, ці правамерна амаль жыўцом пераносіць з рускай мовы ў беларускую лексему отсебятина, толькі зрабіўшы змены фанетычнага парадку - адсябяціна (як гэта ёсць у слоўніках).

На старонках "Нашага слова" (17.06.2015) зроблена спроба знайсці натуральны адпаведнік рускіх прыметнікаў волнующий, волнительный.

Такое новае слова - хваляўнічы - ужыў у рэцэнзіі на вершы Яўгена Петрашэвіча кандыдат філалагічных навук Міхась Губернатараў.

Увогуле "Наша слова" дае шмат каштоўных моўных фактаў для лінгвістычных даследаванняў і для патрэб маўленчай практыкі.

Папулярызацыі адметнай беларускай лексікі паслужыць артыкул Васіля Ргаўцова, у якім разглядаецца ўжыванне дзясяткаў "пазаслоўнікавых", "сваямоўных", радзімных слоў у кнігах Алеся Ветаха. Гэтыя словы апошнім часам актывізавалі сваю ўжывальнасць і "маюць усе падставы заняць годнае месца" ў новых слоўніках беларускай літаратурнай мовы.

З нагоды асобна скажу пра слова радзімны "айчынны". Яго пераймаю ад Цішкі Гартнага, каб акрэсліваць лексіку беларускай мовы паводле паходджання. На жаль, пры друкаванні майго допісу (Наша слова, 29.07.2015) яно замянілася на радзімы.

Пакуль абмяжоўваю свой выхад да цікавай, актуальнай тэмы (праблемы) разглядам некалькіх прыкладаў. Спадзяюся, чытачы працягнуць гаворку.

Алесь Каўрус.


Узвіжанне з беларускім словам

Традыцыйна 27 верасня, у святочны дзень Узвіжання Святога Крыжа настаяцель храма Усіх Святых протаіерэй Уладзімір Яроміч, клірыкі храма іерэі Алег Рапецкі і Аляксандр Збераноўскі з вернікамі сабраліся каля паклоннага крыжа, які быў усталяваны ў раёне вуліцы Касманаўтаў у г. Лідзе і асвечаны ў гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі.

Пасля слоў святара эстафету ўшанавання Крыжа Хрыстовага пераняў намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяргей Чарняк, які выканаў песні духоўнага зместу на вершы беларускіх паэтаў. Найбольш дайшла да людзей песня на словы Францішка Багушэвіча: "Маліся, бабулька...".

Ужо колькі гадоў разам з вернікамі сюды ў гэтае свята прыходзяць лідскія паэты і музыкі, каб разам са словам Божым да людзей ішло і слова беларускае, якога так не хапае сёння ў нашым зрусіфікаваным дашчэнту грамадстве.

У Лідзе беларускае слова ў праваслаўнай грамадзе не чужое, сям-там ідуць набажэнствы па-беларуску. І з кожным такім мерапрыемствам беларуская мова ўмацоўвае свае пазіцыі, бо яна сама па сабе святая, як казаў некалі згаданы ўжо тут Ф. Багушэвіч.

Наш кар.


Анатолю Шнэйдару - 85

13 кастрычніка 2015 года адзначае 85 - годдзе вядомы журналіст, караязнавец і кінааматар Анатоль Антонавіч Шнэйдар. Ён нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і сельскіх інтэлігентаў. Яго маці, Зінаіда Пятроўна, працавала настаўніцай. Бацьку. Антона Пятровіча, у 1927 годзе пасля заканчэння Горацкай акадэміі сельскай гаспадаркі накіравалі ў Талачынскі раён для правядзення калектывізацыі. У сям'і Анатоля Антонавіча два сыны і трое ўнукаў. Малодшы сын Уладзімір - радыёінжынер-канструктар, займаецца праблемамі эфірна-кабельнага тэлебачання. Старэйшы - кандыдат тэхнічных навук, кібернэтык.

У 1951 годзе спадар Анатоль скончыў Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, атрымаў спецыяльнасць тэхніка руху і званне тэхніка-лейтэнанта. Пяць год працаваў на Пермскай чыгунцы. Потым, з сям'ёй ужо, вярнуўся на радзіму. У 1963 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі Менскай вышэйшай партыйнай школы. Працаваў працяглы час у райкаме партыі, раённай газеце "Сцяг Ільіча" ("Наша Талачыншчына"), на раённым радыё. З 1991 года член Саюза журналістаў.

Яшчэ ў 1983 годзе ў выдавецтве "Беларусь" выйшла яго кніга "Талачын. Гісторы-каэканамічны нарыс". У ёй расказваецца пра гераічнае мінулае горада. Змешчана шмат фотаілюстрацый.

Шнэйдар з'яўляецца членам камісіі па стварэнні кнігі "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна". Фотаздымкі спадара Анатоля друкаваліся ў розных выданнях, былі прызёрамі фотаконкурсаў, змяшчаліся на вокладках часопісаў.

У 1965 годзе ён стварыў кінастудыю "Летапіс" пры раённым Доме культуры. З 1999 года - кінавідэаклуб.

У 1985 годзе студыі прысвоена званне народнай!

У 1986 годзе сп. Шнэйдару пашчасціла прадствўляць свой творчы калектыў на 45 - м Сусветным кангрэсе кінааматараў і 48-м Міжнародным фестывалі непрафесійнага кіно УНІКА - 86. Свае праграмы на суд міжнароднага журы і публікі прадстаўлялі тады кінааматары з 23 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Ён браў удзел у міжнародным фестывалі шырокаэкраннага кіно ў сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэсе.

Цікавымі былі і Рэспубліканскія і Усесаюзныя конкурсы, у якіх удзельнікі студыі атрымалі каля 40 узнагарод. 20 работ студыі дэманстраваліся па абласным і рэспубліканскім тэлебачанні. Усяго на студыі знята больш за 120 кароткаметражных дакументальных фільмаў розных жанраў і тэматыкі!

На працягу многіх год кінадакументалісты студыі ствараюць летапіс роднага краю, прапагандуюць ідэі гуманізму, прынцыпы ЮНЕСКА, уздымаюць праблемы працы і адпачынку нашых людзей, пытанні выхавання падрастаючага пакалення!

Дэвіз кінавідэаклуба "Летапіс" - "экран для нашчадкаў і тых, хто будзе пасля". Вось назвы некаторых фільмаў: "Мы прыйдзем да цябе, поле", "Майстрыха", "Створанае застаецца", "Удзячная памяць нашчадкаў", "Па Друці", "Летапісны Друцк", "Родныя краявіды", "На мяжы Еўропы і Азіі".

Адной з цікавых работ можна назваць кінатрыптых "З любоўю да прыроды"... Мэта гэтай кінастужкі - звярнуць увагу людзей на неабходнасць абароны навакольнага асяроддзя, захавання непаўторнай прыгажосці роднай прыроды. Стужка стала лаўрэатам чацвёртага нацыянальнага фестывалю аматарскіх фільмаў 2000 года!

Талачынскія фільмы дэманструюцца ў час правядзення святаў, тэматычных вечароў, семінараў, творчых сустрэч, кінапрэм'ер, прэзентацый. Іх глядзяць у школах, клубах, працоўных калектывах раёна. У 2015 годзе кінавідэа-клуб адзначыў 55-годдзе сваёй дзейнасці і 85 годдзе яго кіраўніка, якому некалькі год таму прысвоенна званне "Ганаровы грамадзянін Талачынскага раёна"!

Спадар Анатоль быў таксама ўзнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за асабісты ўклад у станаўленне і развіццё БелАЮ, а яшчэ - наручным гадзіннікам.

Прэзідэнт міжнароднага камітэта кінааматараў УНІКА І. Вальтэршайт на 45-м Сусветным кангрэсе кінааматараў назваў аматарскія фільмы люстэркам свайго часу, а самадзейны кінематограф - адметным фактарам у гісторыі сусветнай культуры!

Сотні кіламетраў пройдзены з кінакамерай. Адзняты тысячы метраў кінаплёнкі і многія гігабайты відэашэрагаў. Імкліва бяжыць час. Многіх герояў фільмаў ужо няма сярод нас. А самадзейны кінаматограф беражліва захоўвае для нашчадкаў вобразы роднага краю і людзей, што праславілі яго сваімі справамі. Яны працягваюць жыць у кадрах кінастужак і назаўсёды застануцца такімі, якімі іх зафіксаваў кінааб'ектыў.

Спадар Анатоль працягвае займацца творчасцю, таксама ён друкуецца ў газетах "Новы час", "Культура", раёнцы ("Наша Талачыншчына"). Ён сябруе з многімі падпісчыкамі штотыднёкіка "Наша слова". Віншуем спадара Анатоля з юбілеем, і жадаем яму творчых поспехаў і здароўя.

Аляксей Шалахоўскі.


На гомельскі аўтавакзал вярнулі беларускую мову, але часткова

Надпісы па-беларуску толькі часткова вярнуліся на гомельскі аўтавакзал. Пасля зваротаў абураных русіфікацыяй грамадзян да кіраўніцтва "Гомельаблаўтатранса" надпісы на акенцах даведкі і дзяжурнага па вакзале сапраўды прадублявалі па-беларуску, а над цэнтральным уваходам можна пабачыць беларускамоўны надпіс "Аўтавакзал "Гомель". Але пераважная большасць надпісаў так і засталася па-руску: інфармацыйны стэнд, расклад, кірункі маршрутаў на пасадачных пляцоўках. Нагадаем, пасля рэканструкцыі на гомельскім аўтавакзале амаль зніклі надпісы па-беларуску. Назва "Аўтобусны вакзал" над уваходам была змененая на рускамоўную, прыбралі таксама дубляванне па-беларуску кірункаў маршрутаў на платформах.

Еўрарадыё.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Акаловіч Леанід Аляксандр. Алейнік Іна Міхайлаўна Алейнік Юры Леанідавіч Антановіч Лідзія Аляксандр. Арлова Эрыка Арлова Эсфір Віктараўна Архуцік Мікалай Арцёменка Віталь Аўдошчанка Валянціна Ашурак Вітольд Міхайлавіч Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Баравік Пятро Пятровіч Барташэвіч Антаніна Бархамовіч Мікалай Сямёнав. Барэль Васіль Бекарэвіч Зміцер Генадзевіч Бераставы Глеб Андрэевіч Бордак Наталля Васільеўна Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Букаты Алесь Уладзіміравіч Булавацкі Міхась Пятровіч Булат Алена Анатольеўна Бурлевіч Людміла Мікал. Бусел Мікалай Кліменцьевіч Бягун Рацібор Аляксандр. Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Васільева Вераніка Пятроўна Ваўкавыцкая Таццяна Верабей Таццяна Пятроўна Вератынскі Кірыл Віктаравіч Войніч Вераніка Восіпава Аляксандра Яўген. Гайдукевіч Ганна Іванаўна Гарбуль Аляксандр Васільев. Гарніцкі Янка Андрэевіч Герасіменка Алесь Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Глот Аляксей Грушка Мікалай Пятровіч Грынкевіч Георгі Ігаравіч Грышчук Ганна Рыгораўна Дамарад Святлана Данілаў Уладзімір Аляксанд. Даніловіч М.А. Данілюк Віктар Уладзімір. Даржынкевіч Генрых Фелікс. Дашкевіч Святлана Мікал. Джэйгала Уладзімір Васільев. Дзегцярова Кацярына Аляк. Дзедушкова Алена Дзенісевіч Лідзія Дзеружынская Вераніка Ав. Дзіцэвіч Юлія Дзмітрыенка Анатоль Іван. Долбік Ларыса Рыгораўна Дудар Таццяна Аляксандр. Думанская Ганна Рыгораўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васільевіч Жаўток Уладзімір Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Жэгалік Любоў Зволінскі Тодар Землякоў Міхаіл Канстанцін. Зубарава Алена Мікалаеўна Зянковіч Юрась Іваноў Максім Генадзьевіч Ігнашэвіч Вадзім Уладзімір. Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Кавецкая Наталля Уладзім. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Каліноўская Бажэна Андр. Каліноўская Крысціна Калыска Раіса Рыгораўна Камкоў Пятро Каратай Уладзімір Арсеньев. Караткоў Мікалай Карвацкая Валянціна Мікал. Карповіч Лілея Васільеўна Касцючэнка Ірына Каханчык Зміцер Качаноўская Наталля Георг. Качарагіна Людміла Алякс. Кірыленка Анатоль Іванавіч Клундук Святлана Сяргееўна Князюк Андрэй Вас. Конюх Віктар Лявонавіч Краўцоў Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Крот Міхаіл Мікалаевіч Крупіца Валянціна Кулеш Алена Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Куржалаў Алег Васільевіч Кутас Тамара Кушнер Васіль Фёдаравіч Ланец Вадзім Уладзіміравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебедзь Вераніка Аляксандр. Лебядзевіч Д.М. Ліс Дар'я Алегаўна Ліхадзіеўская Вольга Мікал. Ліцін Алесь Лазаравіч Лучко Валянцін Станіславав. Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Лявонава Галіна Лявончык Раман Раманавіч Мазырка Аляксандр Макоўская Вікторыя Алякс. Макруш Сяргей Вячаслав. Малашчыцкая Аліна Андр. Малец Таццяна Малочка Віктар Уладзімір. Малочка Наталля Мікал. Малько Вячаслаў Аляксанд. Мальцава Ірына Малюкова Яніна Ігараўна Мартысюк Вера Маслюкоў Іван Віктаравіч Масяйчук Аляксандр Мацвеенка Аляксандр Яўген. Медзяны Сяргей Віктаравіч Мінаў Леанід Уладзіміравіч Міняйла Ганна Сяргееўна Місевіч Аляксандра Міснікова Кацярына Міцкевіч Уладзімір Валянц. Мішчанчук Мікалай Іванавіч Навуменка Генадзь Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валеры Фёдаравіч Осіпава Аляксандра Палейка Анатоль Дарафеевіч Палікарпаў Валеры Канстанц. Палсцюк Валеры Віктаравіч Палтаржыцкая Ірына Генадз. Палубятка Іосіф Палянскі Аляксандр Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Парыжэская Кацярына Пастушэнка Герман Сяргеев. Пасюкевіч Ірына Уладзіслав. Пахолак Марына Іосіфаўна Пеганава Інга Піліпенка Алена Поўжык Карына Сяргееўна Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Пракопчык Таццяна Васіл. Прыбыш Іван Вітольдавіч Прылішч Ірына Аляксандр. Пунько Вольга Язэпаўна Пярова Маргарыта Сярг. Пярова Наталля Юр'еўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Рагачэўскі Сяргей Віктаравіч Раманоўскі Валер Іванавіч Раманоўскі Уладзімір Іванав. Раманцоў Зміцер Уладзімір. Раманюк Раман Раплевіч Юры Альбінавіч Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Рудзёнак Алег Рудовіч Алена Руды Яўген Ігаравіч Русіновіч Іван Кузьміч Рындзевіч Вячаслаў Савацееў Кім Сяргеевіч Савіч Яўген Сагановіч Яніна Генадзеўна Сазонаў Віктар Паўлавіч Сазонаў Вячаслаў Мікалаевіч Сакевіч Уладзімір Клеменцев. Салаўёў Мікалай Святоха Генадзь Уладзімір. Сёмкіна Вольга Віктараўна Семянчук Валеры Семянчук Генадзь Сенькавец Уладзімір Адам. Сідарчук Кірыл Валер'евіч Сікора Алег Георгіевіч Сімановіч Мікалай Мікалаев. Сіндзееў Уладзімір Дзмітр. Сіняк Павел Віктаравіч Скалабан Аляксандр Максім. Скіцёў Зміцер Андрэевіч Смашная Марына Уладзімір. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгі Стральцоў Алесь Уладзімір. Стэпановіч Алесь Язэпавіч Субоцін Андрэй Юр'евіч Суднік Святлана Георгіеўна Суліменка Дзмітры Сяргеевіч Сульжыц Кацярына Сярг. Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Сцежкін Кірыла Аляксандр. Сцефаненка Ірына Віктараўна Сялюк Іван Сямёнава Анастасія Васіл. Сямёнаў Віталь Сянькевіч Надзея Іосіфаўна Трафімчык Сяргей Аляксан. Трунова Ірына Сцяпанаўна Угрын Аляксандр Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Валер'евіч Уюльская Надзея Іларыён. Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цвік Наталля Казіміраўна Цішкевіч Юлія Іванаўна Цыганкоў Віталь Аляксеевіч Цыхун Генадзь Апанасавіч Цюлькоў Аляксей Чайкоўскі Павел Іванавіч Чмарава Марына Чубат Аляксей Леанідавіч Чыжова Таццяна Дзмітраўна Шалястовіч Людміла Васіл. Шаршнёва Наталля Анатол. Шаткова Дар'я Дзмітрыеўна Швед Вячаслаў Вітальевіч Швед Іна Анатольеўна Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шульвінскі Віктар Віктар. Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Шык Уладзімір Раманавіч Шырокава Наталля Алякс. Юхноўскі Віктар Францавіч Янкоўскі Юры Уладзіміравіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Яраховіч Марына Рыгораўна Яроменкаў Аляксандр Леан.


І закрасуе скрозь шыпшына

23 верасня 2015 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі зладзілі сумеснае мерапрыемства "І закрасуе скрозь шыпшына...", прымеркаванае да 110 - годдзя з дня нараджэння Пятра Глебкі. Пад час мерапрыемства супрацоўнік бібліятэкі Алесь Сцефановіч прэзентаваў каталог "Бібліятэка" акадэміка П. Ф. Глебкі (1905 - 1969) і прадставіў выставу "І краскі, і словы завіў у вянок ... (па ма-тэрыялах П.Ф. Глебкі)" з уласных фондаў.

Назву імпрэзе, прысвечанай 110 - годдзю з дня нараджэння пісьменніка Пятра Фёдаравіча Глебкі, даў першы паэтычны зборнік пісьменніка "Шыпшына" (1927). Гэта красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, дзе вобраз шыпшыны набыў сэнс сімвалу Беларусі, мастацкай эмблемы пісьменніка .

На мерапрыемстве выступалі: Мікола Купава, Эмануім Іофэ, а таксама дачка Глебкі. Было цікава!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч. Семінар-трэнінг "Карэкцыя свайго выбару і заказу"

09.10.2015 а 18-ай ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88, х.тэл. (+375 17) 281-04-35

МТС (+375 29) 769-29-78, velcom (+375 29) 960-14-53, e-mail spadarl yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 2-ю і 4-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 23.10.


Краязнаўчы "круглы стол" на Лідчыне

3 кастрычніка на этнаграфічнай сядзібе "Пескі" пад Лідай прайшоў краязнаўчы "круглы стол", прысвечаны 425-м угодкам надання г. Лідзе Магдэбургскага права. Сабраліся краязнаўцы з Ліды, Бярозаўкі, Ёдак, Дворышчаў. З Менска прыехаў малады гісторык Кірыл Сыцько. Арганізоўвала імпрэзу Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.

Станіслаў Суднік зрабіў даклад пра гісторыю лідскай ратушы і пра найноўшую гісторыю дзейнасці лідскай грамадскасці па яе аднаўленні. Афіцыйна быў прадстаўлены макет лідскай ратушы, выкананы бярозаўскім скульптарам Яўгенам Лукашэвічам. Удзельнікі "круглага стала" даручылі Станіславу Судніку звярнуцца да лідскіх уладаў ад імя краязнаўчай грамады Лідчыны з прапановай аднавіць лідскую ратушу.

Кірыл Сыцько распавёў пра фонды з дакументамі Лідскага магістрата, пра тое як яны аказаліся ў Менску, што само па сабе вельмі цікава, а таксама прачытаў даклад на тэму "Нефармальная ўлада рыма-каталіцкіх святароў у Лідскім павеце".

Былі прадстаўлены партрэты сяброў рэдакцыі газеты "Ziemia Lidzka", якая выходзіла ў Лідзе ў 1936-39 гадах. Гэта было найлепшае краязнаўчае выданне на Усходніх Крэсах міжваеннай Польшчы. Фатаграфія рэдакцыі захавалася ў старой польскай газеце і мае вельмі нізкую якасць. З ініцыятывы лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша лідскі мастак і скульптар Вадзім Вераб'ёў на аснове фатаграфіі зрабіў чатыры вялікія партрэты сяброў рэдакцыі. Леанід Лаўрэш прапрацаваў іхнія біяграфіі, якія самі глядзяцца, як ілюстрацыі да лёсу беларускага народа.

Было паднята пытанне пра Зблянскую школу, па ўсёй верагоднасці першую беларускую афіцыйную школу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1926 годзе палякі разабралі гэтую школу і перавезлі ў Беліцу. Прысутны на "круглым стале" Іван Грос, родам з Дроздава, некалі хадзіў у гэтую Беліцкую школу, добра памятае яе і паабяцаў прыкласці намаганні, каб знайсці фатаграфію гэтай школы.

Напрыканцы Віктар Кудла з Дворышча паказаў фоташэраг з першага "Свята фермераў", якое нядаўна адбылося ў Дворышчы. Акрамя ўсяго іншага на свяце дэманстраваліся ўзоры даўняй сельгастэхнікі: арфа, ручная малатарня, спрунжыноўка і інш. З гонарам Віктар Кудла распавёў, як удалося знайсці сабраць і давесці да ладу конны манеж. Манежам называлі і называюць не будынак і не пляцоўку, а конны прывад, дапамогай якога конная цяга ператвараецца ў энергію вярчэння, каб рухаць сячкарню, малатарню ці іншыя прыстасаванні.

На сустрэчы можна было атрымаць апошні нумар "Лідскага летапісца" і буклет да 425-х угодкаў надання г. Лідзе Магдэбургскага права.

У завяршэнне былі акрэслены кірункі дзейнасці лідскіх краязнаўнаў на будучы час. А работы тут непачаты край. Чаго варты толькі праект "Бабуліна школа", у выніку якога павінны быць сабраны матэрыялы пра ўсе школы, якія некалі існавалі на тэрыторыі Лідскага раёна, а цяпер закрытыя. Спланаваны значныя выдавецкія праекты, у тым ліку поўны збор твораў М. Шымялевіча і збор твораў Ежы Путраманта.

Яраслаў Грынкевіч.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Верхняе адзенне

Мужчынскае верхняе адзенне, як і касцюм у цэлым, адлюстроўвала прыналежнасць да пэўнага саслоўя і пазіцыі на ўнутрысаслоўнай іерархічнай лесвіцы, на версе якой быў вялікі князь (кароль). Касцюм вялікіх князёў увасабляў і дэманстраваў моц і багацце дзяржавы. Важную ролю мела сістэма сімвалаў, якая абавязкова аблюстроўвалася ў касцюме князя - выключныя для статусу колер і малюнкі тканіны, наяўнасць спецыфічных галаўных убораў і дэталяў, каштоўных упрыгожванняў і рэдкага футра.

Колер меў хрысціянскую сімволіку. Залаты, белы і пурпуравы колеры лічыліся колерамі манархаў. Залаты колер у адзенні манарха і знаці быў сімвалам Боскай энергіі, чысціні, а таксама эмблемай багацця, сілы, адданасці; жоўты - колер сонца і яго сімвал; белы - колер Боскага святла; чырвоны - сімвал агня веры і Боскага полымя, пакуты і ўлады, прэстыжу, мужнасці; зялёны - сімвал юнацтва, жыцця і надзеі, флоры; сіні (блакітны) - рай і нябёсы; чорны колер - сціпласць, адукаванасць, а таксама смутак, гора, небыццё. Найбольш папулярнай каляровай гамай у адзенні знаці ў часы феадалізму былі спалучэнні чырвонага, сіняга, зялёнага.

Вылучаюць два варыянты касцюма манарха - штодзённы і парадна-цырыманіяльны. Верхняй вопраткай у парадна-цырыманіяльным варыянце касцюма манарха была каштоўная пурпурная мантыя, якая аздаблялася гарнастаевай падшыўкай і злучалася зашпількай на аграфы каля шыі або на правым плячы, каб правая рука была свабоднай і трымала меч, які быў сімвалам ваеннай моцы і палітычнай улады.

З XIII ст. у ВКЛ сярод знаці папулярнай верхняй вопраткай стаў атхабень з доўгімі рукавамі і зашпількай на фібулу ці завязкай: ён быў шырокай вопраткай, падобнай на аднарадку, толькі з адкідным каўняром, які дасягаў паловы спіны. Доўгія рукавы атхабеня закідваліся за плечы, а для рук меліся адпаведныя прарэзкі. Штодзённыя атхабені шыліся з сукна, а святочныя - з парчы, аксаміту, лепшых гатункаў шоўку.

У канцы XIV - пачатку XV ст. вялікі князь і знаць ВКЛ насілі вопратку паводле агульных заходнееўрапейскіх тэндэнцый і мод. Адрозненні меліся толькі ў якасці матэрыялу і ўпрыгожванняў. У ліку верхняй вопраткі вялікага князя і яго прыдворных былі кабат, плашч, плашч-мантыя, футра, якія складаліся з дарагой тканіны, падбітай футрам, вялікага футравага каўняра і апухі па падоле, шматлікі каштоўных гузікаў. На грудной частцы адзення знаці ў XVI-XVIII стст. часта вышываўся геральдычны знак.

У ліку зімовага адзення мужчын розных саслоўяў былі футра, кажух, ваўчура, тулуп, чуга. Верхняй зімовай вопраткай прывілеяванага саслоўя звычайна былі дарагія футры, у якіх спод рабіўся з шкурак гарнастаяў, рысей, куніц, лісіц, баброў, выдраў, собаляў і вавёрак. У адрозненні ад жаночых футраў, якія былі прыталеныя, мужчынскія футры былі доўгімі і прамога крою. Футры знаці аздабляліся зверху атласам, аксамітам, камкай, тафтой, сукном, упрыгожваліся карункамі, залатымі і срэбнымі гузікамі, зрэдку шнурамі з кутасамі і былі парадным адзеннем.

(Працяг у наступным нумары.)


Па шляху да беларушчыны

Халаднаватая раніца ў Гародні не астудзіла гарачага жадання групы студэнтаў Універсітэта залатога веку і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны зладзіць падарожжа ў Полацк - да вытокаў беларускай дзяржаўнасці і культуры. Такія паездкі па краіне Універсітэт арганізуе штогод. У мінулыя гады адбыліся паездкі ў першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага - Наваградак, у Мір і Нясвіж, пабывалі на радзіме Адама Міцкевіча, пакланіліся Жыровіцкім святыням. Для навучэнцаў тут працуюць курсы па беларускай мове, народнай культуры, гісторыі , праводзяцца заняткі па праграме "Мова нанова", арганізуюцца сустрэчы з вучонымі-гісторыкамі, -кульруролагамі, на працягу многіх гадоў праводзяцца "экскурсіі ў прасторы і часе" па Гародні і іншыя мерапрыемствы, што фарміруюць цікавасць да мінулага і сучаснасці сваёй краіны.

На гэты раз шлях пралягаў праз знакамітыя гістарычна-культурныя мясціны паўночна-заходняй Беларусі - Гальшаны, Крэва, Іўе, з якімі звязаны значныя падзеі ў гісторыі Беларускай дзяржавы. А дасведчаным экскурсаводам у вандроўцы быў шматгадовы выкладчык універсітэта Віктар Кірэеў, чалавек энцыклапедычных ведаў па гісторыі Беларусі, які цікава праводзіць экскурсіі на выдатнай беларускай мове.

Першым запланаваным месцам прыпынку стаў гарадскі пасёлак Іўе, вядомы кляштарам бернардзінаў і мусульманскай мячэццю. Сам пасёлак пазначаны ў пісьмовых крыніцах у пачатку 15 ст. як маёнтак Мандзігера, але яшчэ ў канцы 14 ст. вялікі князь літоўскі Вітаўт дазволіў пасяліцца ў гэтай мясцовасці татарам хана Тахтамыша, пацярпеўшага паражэнне ў барацьбе за валадарства ў Залатой Ардзе. Татары знайшлі на новым месцы сваю новую радзіму і верна яе аберагалі, баранілі нават пры нападах сваіх супляменнікаў - крымскіх татараў. Пры нападах апошніх на ВКЛ беларускія татары заяўлялі, што будуць бараніць сваю новую радзіму ад іх як ад захопнікаў і рабаўнікоў: "Мы лічым вас за драпежнікаў і шаблямі нашымі паражаем рабаўнікоў, а не братоў нашых".

Іўе цяпер вядома як цэнтр мусульманства Беларусі, дзе існуе яго духоўная святыня - мячэць, пабудаваная яшчэ ў 1884 г. Яна збудавана з дрэва, перажыла савецкую барацьбу з рэлігіяй і добра захавалася да нашых дзён. Беларускія татары, прыняўшыя беларускую мову, карысталіся беларускай лексікай, але захавалі свой арабскі алфавіт і ўнеслі значны ўклад у культуру Беларусі. Іх рэлігійныя кнігі Кітабы, якія апавядаюць аб жыцці і дзейнасці прарока Мухамеда, пра абрады і абавязкі мусульман, напісаны на беларускай мове пры захаванні арабскай графікі.

Іўе - тое месца ў нашай краіне, дзе не толькі ў дружбе пражываюць многія народы, але мірна суіснуюць чатыры царквы: праваслаўная, каталіцкая, мусульманская і іудзейская. Вялікую зацікаўленасць выклікаў велічны Петрапаўлаўскі касцёл, які ўваходзіць у склад Кляштара бернардзінаў. Кляштар пабудаваны ў 1600 - 33 гады і складаецца з названага касцёла і жылых памяшканняў, якія захаваліся не цалкам. У 18 ст. касцёл часткова дабудоўваўся (падняты франтон, надбудаваны бакавыя вежы, унутры пабудаваны хоры і інш.) і набыў сучасную веліч. Знешнюю прыгажосць дапаўняе ўнутранае багатае ўбранства: уражвае двухярусны мураваны алтар з калонамі з выявай "Распяцця" ў цэнтры і скульптурамі святых Пятра і Паўла - у праёмах паміж калонамі; распісаныя сцены і скляпенні. Усё гэтае надае ўзнёслы, святочны настрой прысутным у храме. У гэты дзень ішло набажэнства: католікі адзначалі свята - Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы. Святочны настрой перадаўся і падарожнікам, якія ўбачылі, з якой пашанай жыхары адносяцца да культурных каштоўнасцей краіны. Гарадскі пасёлак не падаўся ім забытым і закінутым, а мясцовым цэнтрам, які пашыраецца, абнаўляецца, адраджае беларускую культуру.

Наступным пунктам падарожжа былі старажытныя Гальшаны, цяпер вялікая вёска, а ў 13 - 16 ст. цэнтр Гальшанскага княства, радавое ўладанне князёў Гальшанскіх, якое ў 1525 г. пасля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшло да Сапегаў. З Гальшанамі звязаны многія гістарычныя падзеі і дзеячы, помнікі культуры і гісторыі. Тут праходзілі нарады перад абраннем вялікага князя на пасад. Князі Гальшанскія былі найбольш набліжанымі да вялікіх князёў літоўскіх, іх дарадцамі і памочнікамі, вызначаліся адданасцю свайму краю. Адзін з іх, Павел, з'яўляўся выхавальнікам будучага вялікага князя Жыгімонта Аўгуста; князёўна Соф'я, стаўшая жонкай польскага караля Ягайлы, нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, была заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. Наш экскурсавод расказаў шмат цікавага пра дзейнасць уладальнікаў Гальшан. Пры Паўле Сапегу былі пабудаваны Францысканскі кляштар і касцёл пры ім, пастаўлены з цэглы вялікі замак, які сваёй планіроўкай нагадваў Мірскі. Яны з'яўляюцца нашай гістарычна-культурнай спадчынай. Аднак гістарычны лёс касцёла склаўся лепш, чым замка: ён адрэстаўраваны і дзейнічае сёння, а замку не пашанцавала. На яго лёсе разбуральна адбіліся суперніцтва магнацкіх груповак, войны і панаванне розных акупантаў, разбуральная дзейнасць уладальнікаў. У 17 ст. замак перайшоў ад Сапегаў да іншых уладальнікаў. Пасля паўстання 1863-64 г.г. яго набыў рускі памешчык Гарбанёў і неўзабаве пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваць на пабудову карчмы. А замак мог стаць яшчэ адной пярлінай беларускай культуры і архітэктуры. Да цяперашняга разбурэння замак быў даведзены ў савецкія часы, яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны ў ім знаходзілася вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, але мясцовыя жыхары патроху разбіралі яго муры на цэглу, якую цяжка было набыць; уладамі пабач з замкам была пабудавана калгасная ферма, напэўна, каб нашкодзіць былым эксплуататарам. Цяпер ферма знесена, вядзецца ачыстка тэрыторыі замка і рыхтуецца яго кансервацыя.

За дзесяць кіламетраў ад Гальшан, у Барунах, знаходзіцца яшчэ адзін значны гістарычна - культурны цэнтр. Тут з 18 ст. захаваўся Манастыр базыльянаў у складзе царквы, пабудаванай у стылі позняга барока, і манастырскага корпуса. І падарожнікі пачулі цікавую гісторыю аб паходжанні храма і манастыра, звязаную са з'яўленнем цудатворнага абраза. У пачатку 19 ст. у манастыры працавала шасцікласная школа базыльян, якую скончылі блізкія сябры Адама Міцкевіча Антон Адынец, Ігнат Ходзька, Юльян Корсак. У лепшыя часы школа налічвала да 400 вучняў. У часы І-й сусветнай вайны немцы дазволілі тут адкрыць беларускую школу, а ў 1920 г. у манастырскім корпусе пачала працаваць беларуская настаўніцкая семінарыя, створаная вядомым дзеячам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху Сымонам Рак-Міхайлоўскім, які стаў яе дырэктарам. У ёй вучыліся многія дзеячы нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі, але пра гэта няма пакуль мемарыяльнага знака. У 1922 г. беларуская семінарыя была закрыта польскімі ўладамі і заменена польскай, якая была закрыта ў 1933 г.

Важныя падзеі ў гісторыі Беларускай дзяржавы звязаны з старажытным Крэвам, куды накіравалася падарожжа. Тут пасля 1338 г. пры вялікім князі Гедзіміне быў пабудаваны важны абарончы пункт - замак. Ён стаў сведкам многіх гістарычных падзей, звязаных з барацьбой князёў за ўладу і чужаземным нашэсцем. Цікава і займальна расказваў Віктар Кірэеў пра барацьбу князёў Ягайлы з Кейстутам і Вітаўтам у канцы 14 ст., Свідрыгайлы і Жыгімонта ў час вайны ў 30 - 40-я гады 15 ст. У замку заключаліся і пару-шаліся уніі і дамоўленасці, здзяйсняліся акты вернасці і вераломства. А сам замак раз-бураўся ў ходзе барацьбы і войн, асабліва ў І-ю сусвет-ную, калі тут стаяў фронт. Не гледзячы на разбурэнні, ён і цяпер уражвае сваёй веліччу, з'яўляецца дасягненнем аба-рончага дойлідства.

З новым відам культа-вага дойлідства ўдзельнікі па-дарожжа сустрэліся ў Смаргоні, дзе ў сярэдзіне 16 ст., у час распаўсюджання рэфармацыі ў ВКЛ, быў пабудаваны кальвінісцкі збор (храм). Ён рэстаўраваны ў сяр. 19 ст. і цяпер носіць імя св. Міхаіла Арханёла. У прылеглых да яго памяшканнях манахі салезіяне займаюцца адукацыйнай працай, і размешчаны "Салезіянскі араторый імя святога Яна Боскі".

Паўночна-заходняя Беларусь захавала шмат цікавых і каштоўных гістарычна-культурных помнікаў, якія можна сустрэць у многіх населеных пунктах. Вось мястэчка Свір, што размясцілася на маляўнічай тэрыторыі на поўначы возера з такой жа назвай, захавала і высозны курган з гарадзішчам, і шмат паданняў, і праўдзівых звестак пра Даўмонта і яго сына Давыда Гарадзенскага.

Але падарожнікі выйшлі на важную дарогу, якая атрымала назву "Альгердаў шлях" і вядзе з Вільні у Полацк. Па ім у другой палове 14 ст. часта ездзіў вялікі князь Альгерд. У падарожнікаў быў час абдумаць убачанае і пачутае з гісторыі сваёй краіны, а таксама паназіраць за прыродай Прыдзвіння, за тым, як умацоўваецца беларускасць на нашай зямлі, на якой усе назвы ўздоўж шашы дзякуючы дарожнай службе падаюцца на роднай мове. Адчуваецца, што ты едзеш па Беларусі, а не па Смаленскай зямлі, што тут дагледжаныя апрацаваныя палі, а не зараснікі кустоўя.

Пачуццё беларушчыны яшчэ больш умацавалася пасля наведвання гісторыка-культурных каштоўнасцяў слаўнага горада Полацка: пасля наведвання Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і храмаў, пасля экскурсій у музеі і простай прагулкі па горадзе. Але не спяшайся, няўрымсны падарожнік, абабегчы ўсе знакамітыя мясціны самага старажытнага горада краіны. Прыпыні свой шырокі крок і агляніся вакол: тут кожны камень, кожны адрэстаўраваны будынак дыхае нашай гісторыяй і культурай, напоўнены беларускай аўрай. Гэта асабліва адчуваецца ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Вось невялікая, утульная старажытная Спаская царква ХІІ ст. памятае сваю заснавальніцу - полацкую князёўну, асветніцу Еўфрасінню, якая яшчэ ў маладосці занялася перапіскай рэлігійных кніг, адкрыла школу для навучання дзяцей, клапацілася аб будаўніцтве храмаў.

Калі яна не вярнулася з падарожжа ў Святую зямлю, яе мошчы былі перазахаваны ў 1910 г. у гэтай царкве, а цяпер часова пакояцца ў суседнім Крыжаўзвіжанскім саборы, пабудаваным у візантыйскім стылі ў канцы ХІХ ст. Уся атмасфера манастыра настройвае прысутных на разважанні аб духоўным, аб сэнсе чалавечага жыцця. Гэты настрой умацоўваецца пры наведванні Сафійскага сабора, пастаўленага на высокім беразе Дзвіны беларускімі дойлідамі ў сярэдзіне ХІ ст. і перабудаванага ў ХVIII ст. пасля яго падрыву.

Дух беларускай старажытнасці вітае над гістарычным цэнтрам горада - вуліцай Францішка Скарыны, сквер якой яднае многія памятныя месцы горада. Працяглы сквер нібы вялікая выставачная зала, дзе прадстаўлены гістарычна-культурныя дасягненні і горада, і Беларусі. У пачатку яго - велічная постаць асветніцы, святой апякункі Беларусі Еўфрасінні Полацкай, якая сваёй дзейнасцю як бы пракладвала шлях для далейшага ўздыму культуры краіны. І выбітным дзеячам яе пастаўлены памятныя знакі.

На відным, адкрытым месцы сустракаем помнік тытану Адраджэння, першадрукару ўсходніх славян Францішку Скарыну, ураджэнцу горада, уславіўшага яго на ўвесь свет. Недалёка знаходзіцца і адзіны ў краіне Музей беларускага кнігадрукавання, які адзначаў у гэтыя дні сваё 25-годдзе. У ім наведвальнікі па 15 залах здзяйсняюць незабыўнае падарожжа ў гісторыю з'яўлення друкаваных кніг у нашай краіне. Галоўнае месца ў музеі адведзена жыццю і дзейнасці нашага першадрукара Скарыны, адлюстравана і дзейнасць яго паслядоўнікаў, прадстаўлена паліграфічнае абсталяванне, выстаўлены рэдкія кнігі і рарытэты.

На другім баку вуліцы бачым помнік яшчэ аднаму знакамітаму палачаніну - Сімяону Полацкаму (Самуілу Пятроўскаму-Сітніяновічу), пісьменніку і педагогу, які тут пачынаў літаратурную дзейнасць. Пасля вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай (1654-67 гг.) пераехаў у Маскву і стаў выхавальнікам царскіх дзяцей, склаў праект Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

Падарожнікі з Гародні з прыемнасцю ўбачылі, што палачане шануюць не толькі вялікіх дзеячоў культуры, але і сваіх старадаўніх уладароў - вялікага князя Альгерда, князя Андрэя Полацкага, а таксама адзначаюць такія яркія, хоць і невялікія асаблівасці беларускай культуры, як літара "Ў", якой пастаўлены памятны знак.

Калі пабываеш у горадзе на Дзвіне і адчуеш яго духоўнае жыццё, зразумееш, што ў гэтым горадзе павінны існаваць адукацыйныя ўстановы ўніверсітэцкага тыпу. Полацк здаўна быў цэнтрам асветніцтва, фармавання нацыянальнай культуры. Тут у 1581 г. каралём Стэфанам Баторыем быў заснаваны езуіцкі калегіюм, дзе працавалі вядомыя вучоныя свайго часу, у 1812 г. ён ператвораны ў езуіцкую акадэмію, а з 1835 г. - у кадэцкі корпус. Традыцыі вышэйшай адукацыі ў Полацку адрадзіліся ў 60-я гады мінулага стагоддзя, калі ў Наваполацку быў адкрыты філіял Беларускага політэхнічнага інстытута, стаўшы ў 1974 г. самастойным інстытутам. У 1993 г. ён стаў Полацкім дзяржаўным універсітэтам, у якім адкрыты 10 факультэтаў, дзе па 45 спецыяльнасцях навучаецца каля 14 тысяч студэнтаў і аспірантаў. Асаблівую атмасферу навучанню стварае размяшчэнне гуманітарных факультэтаў у рэстаўраваных карпусах былога калегіюма-акадэміі, дзе з сярэднявечча, здаецца, вітае дух навукі.

Аб наведаных аб'ектах Полацка можна многа расказваць, але трэба прызнаць, што кожны з іх валодае нейкай сваёй беларускай аўрай, якая перадаецца наведвальніку, напаўняе яго. Падарожнікі яшчэ раз пераканаліся, што Беларусь-Літва - старажытная, самастойная дзяржава, і пачыналася яна не пасля 1917 ці 1944 года. І сумна станавілася ім, што такой пашаны і прапаганды беларускай культуры і гісторыі не хапае ў старажытнай каралеўскай і вялікакняскай Гародні, у якой жылі і дзеілі і каралі, і вялікія князі, і вядомыя змагары вызвольгага руху, і знакамітыя пісьменнікі і вучоныя. І нікому з іх старажытная Гародня за апошнія 70 гадоў не аддзячыла помнікам.

Іван Буднік. На здымках: 1 - Мячэць у Іўі; 2 - Каля муроў Гальшанскага замка; 3 - Спаская царква; 4 - Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.


"Будзьма!"

13 кастрычніка (аўторак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Святыня для будучых пакаленняў

Адраджэнню духоўнага і культурнага жыцця на Беларусі паспрыяла вяртанне вернікам адной з галоўных святынь Менска - касцёла св. Сымона і Алены. 4 кастрычніка католікі і жыхары сталіцы адзначылі 25 -годдзе гэтай падзеі ўрачыстай імшой-падзякай з удзелам біскупа Магілёўска-Менскай дыяцэзіі Юрыя Касабуцкага і ксендза-пробашча Уладзіслава Завальнюка.

- Велічная нагода дае нам магчымасць успомніць усіх вернікаў, якія дамагаліся вяртання касцёла ў 1990 годзе. Яны не толькі пісалі лісты, петыцыі і хадзілі па высокіх кабінетах, дзе іх не разумелі і абражалі, але два разы трымалі пост і абвяшчалі галадоўку. У апошні раз вернікі вырашылі, што будуць трываць да канца, былі гатовы аддаць свае жыццё. Сярод іх трэба узгадаць Ганну Ніціеўскую. 24 студзеня 1991 года Мінгарвыканкам выдаў пратакол паседжання, якім пацвердзіў рашэнне вяртануць былы касцёл рэлігійнай грамадзе Рымска-каталіцкага касцёла з 1 кастрычнка 1990 года.

- Касцёл не бывае былым. Гэта храм, які пабудаваны, каб у ім гучала Божае слова, - прамовіў біскуп Юры Касабуцкі. - У Менску было 17 касцёлаў, якія будавалі нашыя продкі дзеля таго, каб праўды Божыя пераказваліся з пакалення ў пакаленне, каб маральныя каштоўнасці, на якіх будуецца кожнае грамадства, трывалі са стагоддзя ў стагоддзе. Каб чалавек, які губляецца сярод спакушэнняў свайго часу, мог прыйсці ў храм і ў глыбіні свайго сэрца ў намоленым месцы пачуць голас Божы. Быў цяжкі момант для Царквы Хрыстовай, момант ваяўнічага атэізму, калі святароў усіх канфесій і веравызнанняў - католікаў, праваслаўных, мусульман - кідалі ў вязніцы і пераследвалі. У нашым горадзе былі зачынены ўсе храмы.

У Савецкім Саюзе, калі праходзіла Алімпіяда-80, адной з умоваў правядзення гульняў павінна было стаць існаванне каталіцкага і праваслаўнага храма, бо прыедуць людзі з усяго свету. Дзякуючы гэтаму ў Менску і ў Кіеве былі адчынены два храмы. Паступова пачала адраджацца вера ў душах людзей. Бо без Бога чалавек губляе маральныя каштоўнасці, развальваецца сям'я і грамадства. Палітыка змянілася на тое, каб адчыніць святыні. Але працэс вяртання быў складаным.

Ксёндз-пробашч і дэкан Уладзіслаў Завальнюк быў накіраваны ў Менск. Ён служыў у касцёле на Кальварыі. У хуткім часе людзей там стала збірацца столькі, што ім не хапала месца. Тады распачалася малітва аб вяртанні Чырвонага касцёла. Мы мелі яго як Дом кіно. Напачатку ксёндз адпраўляў імшу пад аркай, людзі стаялі і кленчылі на пляцы пры любым надвор'і - у снег, і ў дождж. А ў Доме кіно ў той час ішлі фільмы фрывольнага зместу. Людзі пачалі пісаць просьбы ў розныя інстанцыіі аб вяртанні храма. Простыя словы не прыводзілі да жаданага выніку, - тады старэйшыя людзі абвесцілі пост. Яны з мужнасцю аб'явілі галадоўку ў інтэнцыі вяртання святыні. "Мы будзем пасціць да смерці", - вырашылі людзі. Яны думалі пра тое, каб святыня адчыніла дзверы для новых пакаленняў, каб у ёй здзяйсняліся святыя сакраманты, каб прыходзілі людзі да сустрэчы з Богам. Дзякуючы старанням і ахвярам тых людзей, якія склалі сваё здароўе, храм быў вернуты. Святыня была перададзена вернікам. Сёння яна прыгожая і ўтульная.

Колькі было ўнутранай радасці ў той момант, калі ксёндз-пробашч прачытаў даведку - значыць, святыня зноў будзе наша! Можна было дзейнічаць і працаваць, і тут ксёндз Уладзіслаў успомніў пра Дом фізкультурніка: гэта таксама наша святыня і яе трэба вярнуць. Вера і энтузіазм дапамаглі вярнуць і Архікатэдру. Цяпер мы бачым плён гэтай працы.

І мы ўдзячныя за новыя святыні, якія будуюцца ў Менску і ва ўсёй краіне і за тое, што Езус Хрыстус мае магчымасць дабраслаўляць людзей у сваіх святынях. Дзякуем усім тым людзям, якія сваімі просьбамі, малітвамі, пастамі, зрабілі гэта магчымым. Мы не павінны дапускаць, каб святыні зачыняліся ці ператвараліся ў свецкія ўстановы.

- Будзем ісці далей, каб беларускія сем'і былі дружныя і ўспрымалі ласку Божую, якая даецца нам праз храмы і набажэнствы, - падкрэсліў ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Дакумент Менгарвыканма аб вяртанні касцёла. 2. Нядзеля ў Чырвоным касцёле.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX