Вярнуцца: 2015

№ 41 (1244)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 41 (1244), 14 кастрычніка 2015 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале колькасць падпісчыкаў рэзка ўзрасла. У асноўным гэта адбылося ў выніку акцыі "Бліжэй да чытача", у якой удзельнічала Асацыяцыя рэгіянальнай прэсы і "Наша слова" ў тым ліку. Разам з тым некаторыя раёны самастойна павялічылі колькасць падпісчыкаў. Гэта Берасце, Гародня, Гарадок, Дзятлава, Наваполацк і іншыя. Аднак запаветнай тысячы падпісчыкаў як не было, так і няма.

Ліпень Кастрычнік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 12 13

Бяроза р.в. 10 8

Белаазёрск р.в. - 1

Бярэсце гор. 7 9

Ганцавічы р.в. - 19

Драгічын р.в. 1 -

Жабінка р.в. - 1

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 7 6

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 1 2

Ляхавічы р.в. - 1

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 6 6

Пружаны р.в. 4 5

Столін р.в. 2 1

Усяго: 55 77


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 2 1

Віцебск гор. 21 21

Віцебск РВПС 2 1

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 6 19

Гарадок р.в. 3 5

Докшыцы р.в. 2 1

Дуброўня р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 2 1

Міёры р.в. 2 2

Наваполацк гор. 14 16

Орша гор. 5 4

Полацк гор. 4 15

Паставы р.в. 12 12

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 2 2

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 7 8

Шуміліна р.в. - 1

Усяго: 97 122


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 8 9

Вілейка гор. 4 3

Валожын гор. 8 7

Дзяржынск р.в. 8 9

Клецк р.в. 1 1

Крупкі р.в. 5 5

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 4 4

Любань р.в. - 1

Менск гор. 210 242

Менск РВПС 8 8

Маладзечна гор. 11 11

Мядзель р.в. 4 4

Пухавічы РВПС 3 4

Нясвіж р.в. - 21

Смалявічы р.в. 1 1

Слуцк гор. 9 5

Салігорск гор. 5 6

Ст. Дарогі р.в. - 2

Стоўбцы р.в. 4 24

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. 3 4

Усяго: 301 376


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. 1 2

Гомель гор. 26 25

Гомель РВПС - -

Добруш р.в. 1 22

Ельск р.в. 1 2

Жыткавічы р.в. 16 17

Жлобін гор. 3 3

Калінкавічы гор. 1 2

Карма р.в. - -

Лельчыцы р.в. - 1

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 3 3

Акцябарскі р.в. 2 1

Нароўля р.в. - -

Петрыкаў р.в. - 2

Рэчыца гор. 2 2

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 2 2

Хойнікі р.в. - 1

Чачэрск р.в. 1 2

Усяго: 63 92


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 8 8

Воранава р.в. 4 20

Гародня гор. 32 37

Гародня РВПС 16 11

Дзятлава р.в. 13 15

Зэльва р.в. 1 2

Іўе р.в. 2 15

Карэлічы р.в. 3 3

Масты р.в. 3 3

Наваградак гор. 4 4

Астравец р.в. 4 4

Ашмяны р.в. 2 2

Смаргонь гор. 3 3

Слонім гор. 6 6

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 2 2

Ліда 8 45

Усяго: 118 187


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 2 4

Бялынічы р.в. - 1

Быхаў р.в. 1 3

Глуск р.в. - 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - 1

Кіраўск р.в. - 1

Клічаў р.в. - 1

Клімавічы р.в. - 1

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. - 1

Крычаў р.в. - 1

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. - 2

Магілёў гор. 30 61

Магілёў РВПС 1 1

Асіповічы гор. 10 11

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - 1

Чэрыкаў р.в. - 2

Чавусы р.в. - 1

Шклоў р.в. 1 1

Усяго 50 100

Усяго на краіне: 684 954


Святлана Алексіевіч - лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

8 кастрычніка Святлана Алексіевіч стала першай беларускай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію! Віншуем пісьменніцу і прапануем некалькі цікавых фактаў пра Святлану.

Святлана Алексіевіч нарадзілася ў Івана-Франкоўску, бацька пісьменніцы - беларус, маці - украінка, аднак дзяцінства Алексіевіч прайшло ў Беларусі, у Гомельскай вобласці. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ і працавала ў раённай прэсе: менавіта журналісцкі падыход да напісання тэкстаў стаў асноўным у творчасці Алексіевіч.

Алексіевіч - аўтарка шасці кніг, першая з якіх ("У вайны не жаночае аблічча") была напісаная яшчэ ў 1985 годзе, аднак выйшла толькі ў 1987 годзе. Апошняя кніга пісьменніцы "Час second-hand" выйшла ў 2013 годзе, і стала хітом продажаў у Беларусі, а таксама мела пэўную папулярнасць у шэрагу краін Еўропы. Апошняя кніга - падсумаванне даследаванняў "чырвонага чалавека", у якім Алексіевіч вывучае феномен савецкага чалавека і яго светаўспрымання. Дарэчы, гэтая кніга Алексіевіч у 2013 годзе выйшла ў перакладзе на беларускую мову.

Творчасць Святланы Алексіевіч вывучаецца на філалагічных факультэтах беларускіх універсітэтаў. Менавіта з яе імя студэнты пачынаюць вывучэнне рускамоўнай літаратуры Беларусі XX ст., - распавялі kp.by ў Міністэрстве адукацыі.

Мяркуючы па ўсім, вернецца пісьменніца і ў сярэднюю школу. Міністэрства адукацыі збіраецца ўключыць яе "Чарнобыльскую малітву" і "Цынкавых хлопчыкаў" у праграму па літаратуры.

- У сувязі з пераходам на профільнае навучанне, сёлета пераглядаюцца навучальныя праграмы для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. У праект праграмы для 11-класнікаў, якія вучацца як на павышаным, так і базавым узроўні, у раздзеле "Рускамоўныя пісьменнікі Беларусі" прапанавана два творы для вывучэння творчасці лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, - заявілі ў Міністэрстве адукацыі.

У сваю чаргу ТБМ не падтрымлівае такія намеры Міністэрства адукацыі і ў бліжэйшы час звернецца з прапановай, каб творы С. Алексіевіч у школах вывучаліся на беларускай мове. Таксама ТБМ звернецца да Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем выдаць усе творы нобелеўскага лаўрэата на дзяржаўнай беларускай мове.


Алексіевіч - жывы і трапяткі доказ таго, што Беларусь існуе і перамагае

Прысуджэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры спарадзіла прадказальную дыскусію ва ўсходне-славянскім трохкутніку.

У Беларусі Алексіевіч лічаць сваёй, ды і сама яна звязвае сябе менавіта з гэтай краінай. Але пісьменніца піша па-руску, што дае магчымасць уключыць яе ў спіс рускамоўных лаўрэатаў. А нарадзілася яна ў Івана-Франкоўску і шчыра перажывае за краіну сваёй маці. Можа быць, і ўкраінцы маюць права лічыць яе сваёй суайчынніцай?

Уся гэтая спрэчка - ад нашага няўмення рассоўваць культурныя межы.

Святлана Алексіевіч, без усялякага сумнення, беларуская пісьменніца. Беларуская у той жа ступені, у якой Джойс і Ейтс - пісьменнікі ірландскія, Марк Твэн і Хэмінгуэй - амерыканскія, Маркес - калумбійскі, Льёса - перуанскі. У сучасным свеце прыналежнасць пісьменніка вызначаецца не мовай, а цывілізацыйным выбарам.

Рускай пісьменніцай Алексіевіч можа аказацца толькі ў свеце расейскай фанабэрыі, але ў гэтым бедным свеціку Праханава, Прылепіна і іншых шаргуновых сапраўднаму літаратару наогул ніякага месца няма.

Таму, замест таго каб ганарыцца новым дасягненнем рускай культуры, лепш проста шчыра парадавацца за Беларусь і Алексіевіч.

Нобелеўская прэмія Алексіевіч нагадае свету аб "крывавых землях" на захад ад Расеі і пра людзей, якія пражываюць свае жыцці ў беднасці і нягодзе - ды так звыкла, што ўжо самі гэтай беднасці і нягоды не заўважаюць.

І, дарэчы, тэма гэтага бясконцага апавядання Алексіевіч пра змучаных лёсах магла прадвызначыць выбар мовы.

Могуць спытаць - і некаторыя беларускамоўныя каментатары ўжо пытаюцца: чаму ж беларуская пісьменніца не піша па-беларуску, што будзе з гэтай мовай, калі нават Нобелеўскі камітэт згодны з тым, што лепшае ў беларускай культуры - на іншай мове?

Запэўніваю вас, што з беларускай мовай і культурай усё будзе ў парадку, мы ўжо набліжаемся да моманту, калі імперыя нарэшце аслабіць свае жудасныя шчупальцы і пакіне Беларусь у спакоі.

І ў тым, што так будзе, шмат у чым і заслуга Святланы, таму што яе мова - гэта мова сумленнасці, а толькі з дапамогай такой зброі і можна змагацца з шматгаловы цмокам - і пісаць так, каб і ён зразумеў.

Беларуская літаратура заўсёды была літаратурай ўкаранення, яна была - літаратурай пра краіну, а не пра імперыю, таму што яе галоўнай задачай было захаванне Беларусі ва ўмовах, калі галоўнай мэтай імперыі было знішчыць Беларусь, пазбавіць гэтую прыгожую ціхую краіну ўласнага адчування свету, культуры, мовы.

А Алексіевіч адважылася кінуць гэтай імперыі выклік - сапраўдны выклік, сілу якога можна адчуць толькі з дапамогай мовы, якой карыстаецца сама імперыя. Ці магла Алексіевіч зрабіць гэта па-беларуску?

Вядома, але пачуў бы яе толькі "свой" чытач, які, між іншым, - калі ўжо ён да гэтага часу працягвае чытаць па-беларуску тады, калі гэтая мова выганяецца з паўсядзённага жыцця, шальмуецца і ўспрымаецца ў якасці вясковай гаворкі, - і так цудоўна разумее розніцу паміж дабром і злом. Алексіевіч жа звярнулася да тых, хто гэтую розніцу не заўважае або скажае.

Яна заўсёды пісала пра імперыю як пра злачынства супраць звычайнага, "маленькага" і пакрыўджанага дзяржавай і грамадскай абыякавасцю чалавека.

І як інакш пісаць, як не на мове гэтай крыўды - тым больш калі ты глядзіш на яе з Беларусі? Бо нават пра беларускую мову - пра гісторыю яе выжывання, знішчэння і прыніжэння - сёння лепш за ўсё пісаць па-руску. Каб усе ведалі, што такое подласць.

Менавіта таму Святлана Алексіевіч - зусім не шосты рускі нобелеўскі лаўрэат па літаратуры. Хопіць рускім чатырох зацкаваных і выгнаных і Шолахава ў дадатак. Святлана Алексіевіч - першы нобелеўскі лаўрэат з Беларусі. Жывы і трапяткі доказ таго, што Беларусь існуе - і перамагае.

Віталь Портнікаў, Радыё "Свабода".


Нобелеўскі маяк для Беларусі

Для літаратурнага свету рашэнне Нобелеўскага камітэта сёлета ў пэўным сэнсе стала нечаканасцю. Бо ў фінальным спісе было шмат такіх цяжкавагавікоў, як Харукі Муракамі, Філіп Рот і Джойс Кэрал Оўтс. Значна меней шырока вядомая Святлана Алексіевіч з Беларусі, якая ў канчатковым выніку атрымала перамогу "за яе поліфанічныя сачыненні, помнік пакут і мужнасці ў наш час", як выказаўся Нобелеўскі камітэт.

Гэтыя прыемныя словы наўрад ці хаваюць ясныя палітычныя матывы, якія стаяць за гэтым выбарам. У той час, калі Усходняя Еўропа перажывае вяртанне вайны, калі Расея зноў уяўляе пагрозу свету ва ўсім свеце, жыццёва важна лепш зразумець сацыяльныя карані гэтага палітычнага механізму, яго рухальныя сілы. І, па ўсёй бачнасці, ніхто, акрамя Алексіевіч, не стаў летапісцам і не даў тлумачэнняў савецкай і постсавецкай сітуацыі больш тонка і пранікліва.

***

Сярод Нобелеўскіх лаўрэатаў беларуска - незвычайная постаць. Журналіст па адукацыі, яна пачала выкарыстоўваць і давяла да дасканаласці тэхніку, якая па сваёй прыродзе больш дакументальная, чым літаратурная. Як правіла, яна прыводзіць шматлікія інтэрв'ю са сведкамі, удзельнікамі і ахвярамі найважных гістарычных падзей, з якіх затым стварае шматгранныя цэласныя аповяды. Пачаўшы з Другой сусветнай вайны, праз савецкую кампанію ў Афганістане, ядзерную катастрофу ў Чарнобылі, і заканчваючы жыццём пры дыктатуры ў яе роднай Беларусі, Алексевіч стварыла ўнікальную і шырокую панараму ўмоў чалавечага існавання ў гэтай частцы свету.

У цэнтры яе работ стаіць савецкі чалавек і яго ментальнасць. Па яе ўласных словах, "у камунізму быў вар'яцкі план - перарабіць "старога" чалавека, трухлявага Адама. І гэта атрымалася... Можа быць, адзінае, што атрымалася. За семдзесят з лішнім гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып - homo soveticus. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя завуць яго "саўком".

Гэты персанаж, "савок", працягвае жыць па ўсім былым Савецкім Саюзе, хоць у Расеі - больш, чым дзе-нібудзь яшчэ. Ён поўны падазрэнняў, цынізму і нянавісці. Ён пазбаўлены памяркоўнасці, ён плодзіць рэакцыйнасць. Ён баіцца змен і прагне стабільнасці. Яго маральныя прынцыпы разбураны, у яго адсутнічае пачуццё праўды і хлусні, ён тужыць па ўладзе і паважае прыгнёт. Вынікам такой ментальнасці, па назіранні Алексіевіч, з'яўляецца раскол у грамадстве і недзеяздольныя дзяржавы.

***

На гэтыя паталогіі ўжо вельмі даўно пара было звярнуць увагу шырэйшай аўдыторыі. Ужо прайшло амаль 30 гадоў з тых часоў, як у 1987 годзе Нобелеўская прэмія па літаратуры была ўручана пісьменніку з СССР Іосіфу Бродскаму. За гэтыя тры дзесяцігоддзі распаўся Савецкі Саюз, спробы дэмакратычных змен і рынкавых рэформаў у большасці яго краін-пераемнікаў былі распачатыя без асаблівага поспеху, вярнуліся аўтакратыя і клептакратыя, а Расія зноў паднялася як агрэсіўная дэструктыўная сіла ў рэгіёне і за яго межамі. Гэта злапомнае і пагрозлівае развіццё падзей - не ў апошнюю чаргу вынік грамадскай свядомасці, якая па большай частцы засталася без змен і зводзіць на нішто ўсе спробы пабудаваць адкрытыя грамадствы і дзяржавы.

Нобелеўская прэмія Алексіевіч безумоўна дапаможа праліць святло на гэтую сацыяльную псіхалогію, якую многія так доўга ігнаравалі. Гэта можа даць штуршок сусветнай аўдыторыі, каб зразумець першапрычыны драматычных падзей, якія разгортваюцца ва Усходняй Еўропе апошнія некалькі гадоў.

Новая агрэсіўнасць Расеі - не меншы сімптом "саўка", чым уяўная стабільнасць беларускага рэжыму.

"Савок" адмоўна ўплывае на поспех вельмі неабходных рэформаў ва Украіне і Малдове, а ў мякчэйшай версіі ён нават хаваецца за папулісцкай палітыкай, якая пагражае ліберальнай дэмакратыі ў некаторых частках Цэнтральнай Еўропы. У гэтых адносінах работы Алексіевіч сапраўды гэтак жа адкрываюць вочы, як працы памерлага Вацлава Гавела.

***

Не меней важна, што родная краіна пісьменніцы, Беларусь, павінна выйграць ад гэтай узнагароды. Усе беларусы адсвяткавалі гэтую першую Нобелеўскую прэмію ў гісторыі, і можна спадзявацца, што іх цікавасць да кніг Алексіевіч вырасце. Дзяржаўныя ўлады і СМІ доўга ігнаравалі пісьменніцу, але цяпер гэта будзе цяжка, улічваючы яе славу. Тым часам дэмакратычная апазіцыя, якая часта папракала Алексіевіч за тое, што яна піша на рускай, а не на беларускай, зараз прымірыцца з ёй. І дынамічная і яркая незалежная культура краіны, якая перажывае бум у апошнія гады, атрымае падтрымку і цікавасць, якія яна заслугоўвае, усярэдзіне краіны і за мяжой.

Гэта нядрэнная навіна для краіны, якая звычайна асацыявалася вылучна з дыктатурай.

Па ўсіх гэтых чынніках, Швецкую Акадэмію можна павіншаваць з такім рашэннем сёлета, як і, вядома, Святлану Алексіевіч, з яе актуальнымі і важнымі работамі, якія ствараюць глыбокае ўражанне.

Ёрг Форбрыг, дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала, "Politico". Пераклад - charter97.org.


Жарэс Алфёраў: Алексіевіч - віншую, беларуская мова - мая, а Быкава я ведаў асабіста

Жарэс Алфёраў нарадзіўся ў 1930 годзе ў Віцебску. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізыцы (2000 г.) за развіццё паўправадніковых гітэраструктураў для высокахуткаснай оптаэлектронікі. Дэпутат Дзяржаўнай думы РФ ад КПРФ, віцэ-прэзідэнт Расейскай Акадэміі навук, адказаў на пытанні "Радыё Свабода".

- Спадар Алфёраў, вы нарадзіліся ў Беларусі. Як вы ўспрынялі наданне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч?

- Я вельмі рады, што беларуская пісьменніца атрымала Нобелеўскую прэмію. Я усё шукаю яе электронную пошту, каб даслаць ёй віншаванне.

- А вы не бачыце нейкага палітычнага складніку?

- Напэўна, напэўна ён, магчыма, і ёсць, але ў выпадку са Святланай Алексіевіч... Па-першае, ужо часы іншыя, гэта раз. Па-другое, у мяне такое ўнутранае перакананне, што ў яе гэта абсалютна шчыра. Я не ўпэўнены, скажам, у шчырасці Салжаніцына, у тым ліку і ў ягоным "Гулагу", і ў шмат якіх іншых рэчах. Хаця ён канешне, цудоўны пісьменнік, і для мяне "Матронін двор" - яго лепшы твор. А вось у Алексіевіч, я думаю, гэта цалкам шчыра. Можна пра гэта размаўляць. Я думаю, я б з задавальненнем з ёй сустрэўся і паразмаўляў. І ў нашай Беларусі, і запрасіў бы яе да сабе ў акадэмічны ўніверсітэт. Я абавязкова яе прачытаю. Але з таго, што я цяпер паспеў паглядзець, гэта, безумоўна, шчыра і цікава. І я думаю, што яна цалкам заслужыла прэмію.

- Вы родам з Віцебска. Скажыце, а віцябляне і ўвогуле беларусы могуць вас таксама лічыць "сваім" нобелеўскім лаўрэатам?

- Ну, а як жа? Беларусы мяне і лічаць сваім нобелеўскім лаўрэатам. Не толькі віцябляне, але і менчане. І калі я прыязджаю ў Беларусь, я прыязджаю ў сваю родную краіну.

- Гэта справядліва так лічыць?

- Ну я там не толькі нарадзіўся, я там скончыў школу. Мае бацькі пражылі практычна ўсё жыццё там. У мяне ўсе беларускія карані. Я люблю наш цудоўны народ. Я магу сказаць, што я неаднаразова казаў, што калі вы сёння едзеце на аўтамабілі з Расеі ў Беларусь, у Пскоўскай вобласці (асабліва летам гэта дакладна бачна) вы едзеце між палёў, што параслі бур'янам, - а потым пераязджаеце і трапляеце ў сучасную, цывілізаваную еўрапейскую краіну.

- І такое пытанне, паколькі вы - для мяне, прызнацца, нечакана - выявілі такія адносіны да Бродскага, і як фізік выказалі добрае веданне літаратуры. Цяпер шмат пішацца (і New Yorker сёння напісаў), што ўпершыню за доўгі час атрымала прэмію аўтар літаратуры нон-фікшн - не белетрыстыкі, не раманаў мастацкіх, а менавіта аўтар дакументалістыкі. Гэта ўпершыню пасля Чэрчыля.

- Разумееце, ёсць вялікая розніца паміж дакументалістыкай Чэрчыля і творамі Святланы Алексіевіч. Дакументалістыка Чэрчыля... Я думаю, тады шмат хто быў здзіўлены Нобелеўскай прэміяй па літаратуры. Канешне, Чэрчыль цудоўна пісаў свае прамовы. Я да гэтага часу ў захапленні ад ягонай бліскучай прамовы 22 чэрвеня 1941 года. А Алексіевіч - гэта ўсё ж і журналістыка, і літаратура. Літаратура! Магчыма, нават новы жанр літаратуры... Хаця, напэўна, не яна з'яўляецца тут першым аўтарам. Не дарэмна і Алеся Адамовіча прыгадваюць.

- А каго з беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце, акрамя Адамовіча? Магчыма, Быкава?

- Ну, Васіля Быкава я ведаў асабіста і вельмі добра да яго ставіўся. Увогуле, трэба сказаць, што калі вучыўся ў школе пасля вайны ў Менску, дык маім бліжэйшым сябрам быў Ігар Атраховіч, сын Кандрата Крапівы. І пісьменнікаў таго часу - і Коласа, і Міхася Лынькова, і Пятруся Броўку, і Пятра Глебку, і Куляшова - я ўсіх іх ведаў! Юнаком іх ведаў. Я вельмі захапляўся Куляшовым. Ягоная паэма "Сцяг брыгады" - гэта бліскучы твор.

- Вы напэўна, маглі б і па-беларуску размаўляць, калі б прыгадалі?

- (Пераходзіць на беларускую) А як жа? Гэта ж мая мова.

- Усяго добрага вам і дзякуй за гутарку!

- Калі ласка!

(Надрукавана скарочана.)


100 гадоў з дня нараджэння Усевалада Краўчанкі

Усевалад Ігнатавіч КРАЎЧАНКА (14 кастрычніка 1915, вёска Каплічы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць - 27 жніўня 1961) - беларускі пісьменнік.

Нарадзіўся ў сям'і настаўніка. Пасля заканчэння рабфака ў Мазыры (1933) і да 1941 г. працаваў у рэдакцыі раённай газеты "Калгаснік Мазыршчыны" (пазней рэарганізаванай у абласную газету "Бальшавік Палесся"). Адначасова завочна вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў два курсы). У першы год вайны - супрацоўнік армейскай газеты "Боевое знамя". Потым на журналісцкай рабоце ў Саратаўскай вобласці, з траўня 1943 г. - загадчык аддзела партызанскага жыцця ў газеце "Савецкая Беларусь". З 1945 г. - адказны сакратар часопіса "Полымя". З 1950 г. - адказны сакратар, у 1953-1961 гг. - галоўны рэдактар часопіса "Бярозка". Сябар саюза пісьменнікаў з 1939 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1933 г. (часопіс "Чырвоная Беларусь"). Аўтар зборнікаў аповесцей, апавяданняў "На крутым павароце" (1937), "Калгасныя навелы" (1940), "Зямля гудзе" (1945), "Станаўленне" (1947), "У імя Радзімы" (1948), "Жыта красуе" (1951), "Вясна на Палессі" (уключаны аднаактавыя п'есы, 1952), "Крыгаход" (1957), "Не поле перайсці" (1958), "Зорка Венера"(1960), "Над хвалямі Прыпяці" (выбранае, 1964), "Крыгалом" (1985). Выйшлі кнігі для дзяцей "Таямніца аднае вышкі" (1935). "Дзве сяброўкі" (1948, 1959), "Падарунак" (1950), "Тэорыя імавернасці" (1958), "Злачынства ля Зялёнай тоні" (1961), "Таямніца вугла альфа" (выбранае, 1973).

Выдаў зборнік аднаактавых п'ес "Апошняя варажба" (1960). Пераклаў з рускай і ўкраінскай моў на беларускую "Бялее парус адзінокі" В. Катаева (1949), "Сцяганосцы" А. Ганчара (з І. Мележам, 1949), "Служу Радзіме" І. Кажадуба (1950) і інш.

Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" і медалямі.

Вікіпедыя.


Беларуская мова на прэзідэнцкіх выбарах

У Беларусі з прадказальнымі вынікамі прайшлі прэзідэнцкія выбары.

Тэма незалежнасці Беларусі была адной з найгалоўнейшых у праграмах прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва. За фаварыта ў гонцы на найвышэйшую дзяржаўную пасаду Аляксандра Лукашэнку агітавалі пад слоганам "За будучыню незалежнай Беларусі". А якое месца адводзілі ў агітацыі ахвотнікі стаць прэзідэнтамі беларускай мове? Ці прыкметнай нацыянальная мова беларусаў была ў сёлетняй выбарчай кампаніі?

Вонкава беларускай мовы ў абвестках пра выбары стала больш. Расцяжак, банераў, невялікіх плакатаў у чырвона-зялёных колерах на вуліцах гарадоў нямала. Бальшыня з іх, аднак, аднатыпныя з немудрагелістым тэкстам, якім нагадваюць пра дату выбараў. Такія абвесткі былі паўсюдна: у вітрынах крамаў, на пры-дарожных слупах ды на білбодах. Самі ж кандыдаты ў гэты раз выступалі амаль цалкам на расейскай мове. Часам некаторыя іхныя плакаты былі напісаныя па-беларуску. Сям-там у нешматлікіх беларускамоўных газетах праскоквалі праграмы кандыдатаў на беларускай мове.

- Але было б да месца большае выкарыстанне беларускай мовы і чыноўнікамі, і дзейным Прэзідэнтам, і кандыдатамі ў прэзідэнты, бо па-за выбарамі беларускую мову пачалі афіцыйна ў Магілёве, напрыклад, выкарыстоўваць болей, - гаворыць старшыня Магілёўскай арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў. - Таму, калі кандыдаты ў прэзідэнты і дзейны Прэзідэнт падчас агітацыі гаварылі б па-беларуску, то яны б былі, як кажуць, у трэндзе. А так апынуліся па-за ім.

Разам з тым, як адзначе старшыня ТБМ Алег Трусаў, ні адзін з кандыдатаў не дапускаў сёлета негатыўных выказванняў у адрас беларускай мовы, то тут яны аказаліся "ў трэндзе", бо чаго мы дасягнулі за чвэрць стагоддзя незалежнасці, дык гэта зняцце з мовы арэолу "дзеравенскай", мова стала "элітарнай".

Трэба звярнуць увагу і на такі момант: выбарчыя бюлетэні былі надрукаваны па-беларуску, а гэта больш за 7 мільёнаў асобнікаў. Такіх накладаў на беларускай мове не мае ні адно выданне. Своеасаблівы рэкорд, хоць у кнігу Гінеса. Наклад паштоўкі "За будучыню незалежнай Беларусі" пазначаны як 2 500 000. Зноў жа такіх накладаў у штодзённым жыцці беларусам таксама не ўбачыць да наступных выбараў. Але вясна пачынаецца з адной травінкі і са спеву аднаго жаваранка, то, можа, і прычакаем мільённых беларускамоўных накладаў і для звычайных выданняў.

Наш кар.



І. А. Шуневічу,

Міністру ўнутраных спраў

Рэспублікі Беларусь

вул. Гарадскі Вал, 4

220030, г. Мінск

Аб вырабе беларускамоўных штампаў для выкарыстання ў пашпартных сталах Рэспублікі Беларусь

Шаноўны Ігар Анатольевіч!

У Таварыства беларускай мовы прыходзяць грамадзяне са скаргамі на тое, што ўсе ранейшыя штампы ў пашпартах цалкам замененыя на рускамоўныя. Такім чынам, пашпарт грамадзяніна незалежнай Рэспублікі Беларусь выглядае як пашпарт аднаго з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Так, напрыклад, грамадзянка Блохава Л.У. абураная тым, што без яе згоды ў яе пашпарце з'явіліся штампы на рускай мове і запатрабавала ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь аформіць іх на дзяржаўнай беларускай мове. Але як высветлілася з афіцыйнага адказу ёй за № 40/2/Б-6114 ад 20.08.2015 г. за подпісам Часова выконваючага абавязкі па пасадзе начальніка Дэпартамента М.В. Грыба, штампаў на беларускай мове ў нашай краіне не існуе.

У сувязі з гэтым просім Вас як мага хутчэй вырабіць адпаведныя штампы і забяспечыць імі ўсе пашпартныя сталы нашай краіны.

Спадзяюся, што Вы падзяляеце наступнае выказванне Кіраўніка нашай дзяржавы: "Мы ніколі не адрачомся ад сваіх каранёў, роднай беларускай мовы, культуры".

Таксама хачу Вам нагадаць, што пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з'яўляецца візітнай карткай і адсутнасць у ім дзяржаўнай беларускай мовы можа прывесці да непажаданых палітычных наступстваў.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


150 гадоў з дня нараджэння Люцыяна Жалігоўскага

Люцыян ЖАЛІГОЎСКІ (17 кастрычніка 1865, Ашмяны - 9 ліпеня 1947, Лондан) - вайсковы і палітычны дзеяч, генерал.

Люцыян Жалігоўскі быў сынам Густава Жалігоўскага і Уладзіславы з Трачэўскіх. 17 кастрычніка 1865 года адбыўся хрост дзіцяці ў Касцёле Маці Божай Ружанцовай у вёсцы Солы (цяпер - у Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці) пад імем Люцыян Мечыслаў Рафал. Хросныя бацькі - капітан 2-га Сафійскага палка Люцыян Мікаш і ўдава Палагея Зданеўская.

Бацька Люцыяна Жалігоўскага разам з жонкаю і двума братамі быў высланы ў Сібір за ўдзел у студзеньскім паўстанні, адкуль яны не вярнуліся. Люцыян быў выхаваны цёткай Катарынай, якая жыла ў Жупранах. Тамсама наведваў мясцовую школу, з якой перайшоў у класічную гімназію ў Вільні і тут скончыў 7 класаў. Па атрыманні атэстата сталасці 30 сакавіка 1885 паступіў у школу юнкераў I ступені ў Рызе, дзе рыхтаваліся афіцэры пяхоты Расейскага войска. Скончыў яе ў 1888 г., атрымаўшы першае афіцэрскае званне. Браў удзел у расейска-японскай вайне (1904-1905) у званні капітана. Далей служыў у Растове на Доне.

Пад час выбуху Першай сусветнай вайны быў у званні падпалкоўніка камандзірам батальёна. 6 траўня 1915 быў падвышаны да звання палкоўніка і прызначаны камандзірам 261 палка пяхоты.

Калі 9 верасня 1915 года пачалося фармаванне польскай часткі пры расейскім войску - Польскай брыгады стральцоў, па ўласнай просьбе перайшоў у брыгаду, дзе стаў камандзірам батальёна. У чэрвені 1916 г. Польская брыгада стральцоў дасягнула баявой гатоўнасці і 27 ліпеня 1916 г. і прайшла баявы хрост фарсуючы раку Шчару. У студзені 1917 на базе Польскай брыгады стральцоў распачалася арганізацыя Дывізіі польскіх стральцоў, і Жалігоўскі стаў камандзірам 1 палка гэтай дывізіі.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 г. у сувязі з ростам рэвалюцыйных настрояў у расейскім войску наступіла рэарганізацыя Дывізіі польскіх стральцоў у 1 Польскі корпус, а палкоўнік Жалігоўскі быў накіраваны зноў у расейскае войска. Хутка, аднак, вярнуўся і стаў камандзірам 1 дывізіі пяхоты. Пасля выбуху кастрычніцкай рэвалюцыі справа дайшла да канфлікту паміж ім і камандзірам I Польскага корпуса у Расеі генералам Юзафам Доўбар-Мусніцкім. У выніку таго канфлікту вясной 1918 ген. Доўбар-Мусніцкі зволіў Жалігоўскага з усіх пасадаў.

Жалігоўскі выехаў у Кіеў, дзе ўвайшоў у склад Найвышэйшага польскага вайсковага камітэта, які праводзіў перамовы з французскай вайсковай місіяй наконт стварэння польскіх частак у Францыі і Расеі. Пасля атрымання дапамогі з боку Францыі распачалося фармаванне Блакітнай арміі ген. Юзафа Галера. Жалігоўскі 3 ліпеня 1918 быў прызначаны ген. Галерам камандзірам Польскага Войска на Усходзе і ўзведзены ў годнасць генерал-падпаручніка.

Сярод створаных тады ў Расеі частак паўстала ў 1918 г. на Кубані 4-я Дывізія польскіх стральцоў, якую ўзначаліў Жалігоўскі.

У красавіку і траўні 1919 яна праводзіла баі з часткамі Чырвонай Арміі і разам з французскім інтэрвенцыйным корпусам сышла ў Адэсу, скуль перайшла ў Бесарабію. 23 траўня 1919 дывізія была знятая з лініі фронту, a потым наравана ў Польшчу, куды прыбыла ў чэрвені 1919 г.

У Войску Польскім Л. Жалігоўскі быў спачатку камандзірам Літоўска-Беларускага Фронту, потым аперацыйнай групы ў раёне Менска, а таксама камандзірам 10 Дывізіі пяхоты (1919) у Польска-савецкай вайне.

Падтрыманы сяброўствам і даверам Юзафа Пілсудскага, ад кастрычніка 1920 камандаваў 1-й Беларуска-літоўскай дывізіяй, якую падняў на вядомы "бунт". У выніку бунту 9 кастрычніка 1920 года заняў Вільню і сфармаваў Часовую кіраўнічую камісію Сярэдняй Літвы, якая была абвешчана самастойнай і незалежнай ад Польшчы дзяржавай. Пісаў ва ўспамінах:

"9 кастрычніка 1920 г… заняў Вільню не польскі генерал Жалігоўскі, а ліцвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыннікаў на літоўскай зямлі. Я не вылучаў сярод іх ні палякаў, ні русінаў, ні жмудзінаў. Будучы ліцвінам, я ніколі не пераставаў быць палякам. Два гэтыя паняцці звязаныя між сабою. Яны ўзаемна дапаўняюць адно другое".

"Мы ўсе апелявалі даўнімі катэгорыямі. Пад словам "ліцвін" мы разумелі паняцце Літвы гістарычнай, Літвы вялікіх мэтаў, вялікіх людзей, вялікай ідэі. Мы шанавалі нашыя традыцыі, нават попел Зніча пад Катэдрай. Нічога з мінуўшчыны не пакінула следу, новаяўлены "ліцвін" аказаўся ворагам… і чакаў прыезду на трон літоўскі - Гагенцолерна, пад імем - о іронія - Міндоўга ІІ. Найбольш перажываў за гэта Маршалак. Чакаў, верыў у людское разуменне і розум. І люднасць мясцовая адкідала ўсё, што звалася літоўскім. Ніхто не хацеў чуць пра навуку жмудскай мовы, ніхто не прызнаваў "літоўскага" чыноўніка, і любая кабета не хацела ісці ў касцёл, дзе служыў "літоўскі" ксёндз. Чаму мы, адвечныя насельнікі Літвы, мусілі ўнікаць той дарагой для нас назвы, а іншыя людзі, што не маюць з Літвой нічога супольнага, называць сябе ліцвінамі?"

У першы перыяд існавання Сярэдняй Літвы Часовая кіраўнічая камісія праводзіла ў адносінах да беларускага насельніцтва ліберальную нацыянальную палітыку. 9 кастрычніка 1920 ў Вільні на нарадзе беларускіх дзеячаў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для развіцця беларускай адукацыі і асветы. У 1921 А. Луцкевіч стварае Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Па прапанове ўраду Б. Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы. Вясной 1921 г. у краі дзейнічала 186 беларускіх школ. У канцы 1920 тут заснавана Барунская настаўніцкая семінарыя. У 1921 па ініцыятыве Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы. Аднак беларускае школьніцтва на Віленшчыне існавала да таго часу, пакуль у складзе Часовай кіраўнічай камісіі заставаліся Іваноўскі і Тарашкевіч (у кастрычніку 1921 г. ён адмовіўся ад працы ў Дэпартаменце асветы). У гэты час Л. Жалігоўскага адклікалі ў Польшчу. З 20 лістапада 1921 да 27 лістапада 1925 быў ён інспектарам арміі ў Варшаве. Кіраваў працаю Інспектарату 2-ой Арміі. 1 снежня 1921 быў падвышаны да годнасці генерал-паручніка.

Новы ўрад Сярэдняй Літвы прыступіў да ліквідацыі беларускай асветы. У 1922 колькасць беларускіх школ скарацілася да 29.

27 лістапада 1925 года Люцыян Жалігоўскі атрымаў пасаду міністра вайсковых справаў у кабінеце Аляксандра Скрынскага. На гэтай пасадзе дапамагаў Пілсудскаму ў падрыхтоўцы і правядзенні травеньскага перавароту. Абавязкі міністра выконваў да 10 траўня 1926. У жніўні 1926 па ўтварэнні Генеральнага Інспектарату Збройных Сілаў стаў інспектарам арміі. 31 жніўня 1927 года па ўласнай просьбе сышоў на адпачынак...

Ганаровы грамадзянін Варшавы з 1920 г.

Вікіпедыя.


Рэальны сектар эканомікі за беларускую мову

Беларускія банкі пашыраюць ужыванне беларускай мовы

СМІ ўжо паведамлялі пра станоўчыя рухі ў бок беларушчыны, якія робяць беларускія банкі. Прынамсі, многія з іх не першы год выпускаюць шыкарныя календары па-беларуску.

Нядаўна мы пісалі пра тое, што ў інфармкіёсках "Белаграпрамбанка" з'явілася беларуская мова. Наведвальнік можа выбраць, якой мовай карыстацца. А сёлета "Белаграпрамбанк" пайшоў далей, выдаў вельмі якасную кніжачку "Твае першыя фінансы" і распаўсюдзіў яе па беларускіх школах. Кніжачка разлічана на вучняў 5-х класаў. У ёй героі кнігі Алесік, Стэфка і фантастычная істота Агрык па-беларуску ў забаўляльна-практычнай форме выкладаюць дзеткам асновы фінансавых ведаў.

Зрабіў крок да беларушчыны і "Беларусбанк". Так, у лідскім аддзяленні па вул. Савецкай пасля рамонту было пастаўлена новае абсталяванне, тыя ж інфармкіёскі. Цяпер у іх прадугледжаны тры мовы расейская, ангельская і беларуская. У адрозненне ад "Аграпрамбанка", дзе квіткі друкуюцца па-расейску, тут і квіткі друкуюцца па-беларуску.

Наш кар.


Кампанія "Kinderfoх" прэзентавала "Казкі Беларусі" для іPhone і іPad

Дадатак для мабільных тэлефонаў "Казкі Беларусі" для дзяцей і дарослых у менскай галерэі "Ў" прэзентавала кампанія "Kinderfoх". Гэта 93 казкі, якія па-беларуску агучыў лідар гурта "Палац" Алег Хаменка.

Аўдыёверсія праекту суправаджаецца ілюстрацыямі ў нацыянальнай традыцыі мастачкі Юлі Рудніцкай. Як паведамляюць распрацоўнікі, мабільныя "Казкі Беларусі" даступныя для спампоўвання за невялікую плату.

- Усе казкі падзеленыя на пяць раздзелаў: казкі для дзяцей, казкі пра жыццё, казкі пра жывёлаў, казкі для дарослых і чароўныя казкі. Упэўненыя, што кожны зможа знайсці казку, адпаведную ягонаму настрою і светапогляду, - кажа прадзюсар мабільнага дадатку Андрэй Залатар.

Лідар этна-гурта "Палац", збіральнік і выканавец беларускіх народных казак Алег Хаменка гэтак патлумачыў свой удзел у праекце:

- Я не проста музыка, а музыка, які па жыцці звязаны з фальклорам. Бо для таго, каб граць нацыянальную музыку, трэба было адштурхнуцца ад фальклору. Вось гэтае жаданне яшчэ раз пераасэнсаваць наш фальклор было вельмі важным, і казкі тут граюць значную ролю. У іх можна знайсці новыя вобразы, новыя сюжэты - і гэта тая нашая спадчына, якая ёсць скарбам, які цяжка скрасці.

Карыстальнікам мабільных тэлефонаў кампанія "Kinderfoх" вядомая такімі праектамі, як "Беларуская азбука для іPad", "Простая навука", "Панда WWF" і іншымі.

Ганна Абакунчык, Радыё Свабода.На здымку: аўтары праекту - Леанід Каліценя, Андрэй Залатар, Алег Хаменка.


Мабільны аператар "Velcom" ладзіць пры падтрымцы камітэта па адукацыі Менгарвыканкама праект "Чытаем па-беларуску".

Цягам наступных трох месяцаў у 30 з лішнім школах Менска, у ліку якіх і школы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, пройдуць незвычайныя ўрокі беларускай мовы, культуры і літаратуры. Настаўнікамі на іх будуць беларускі дзіцячы пісьменьнік Уладзімір Ліпскі, паэтка Раіса Баравікова, пісьменніца-казачніца Алена Масла, паэтка і публіцыст Таццяна Сівец, а таксама актор і тэлевядовец Юры Жыгамонт, вядомы па тэлеперадачы "Падарожжы дылетанта".

У чацвер, 8 кастрычніка, першы адкрыты ўрок прайшоў у менскай школе №136 з тэатральным ухілам. Яго для вучняў малодшых класаў правялі Юры Жыгамонт і Раіса Баравікова.

- Гэта пакажа, што беларуская мова і беларуская культура - гэта не толькі вельмі важна, але гэта можа быць і цікава, - патлумачыў ідэю кіраўнік аддзела карпаратыўнай камунікацыі "Velcom" Вячаслаў Смірноў ды прыгадаў вялікі пазітыўны розгалас ад беларускамоўных рэкламных ролікаў аператара.

- Беларуская мова нашая з'явілася на нашай зямлі, калі сонейка ўстала над зямлёю, - пачаў урок Юры Жыгамонт. - Промні сонца трапілі на зямлю і сказалі: "Вітаем цябе, Беларусь!" І Беларусь адказала: "Вітаем цябе, сонейка!" І вось з таго часу мова нашай зямлі сонечная, праменная, наша родная беларуская мова, якую мы павінны любіць, шанаваць, каб сонейка радавала Беларусь сваімі промнямі.

Урок вёўся не па падручніках, а ў фармаце аповедаў і гульняў. Дзеці радасна адгадвалі, як скончацца вершы, якія ім прапаноўвала Раіса Баравікова:

Мы збіраемся на вулку,

Нас выводзяць на прагулку.

Толя руды, Славік русы,

Але ўсе мы... (дзеці хорам. -

РС) беларусы!

Рэчка, поле, потым луг,

А над імі сонца круг.

І паставіў подпіс Дзіма:

Гэта ўсё мая... (дзеці хорам. -

РС) радзіма!

Жыгамонт прапаноўваў дзецям свае гульні і аповеды. Адна з ягоных гульняў - "перакладчык". Сярод іншых ён зачытаў у ёй і верш Уладзіміра Сіўчыкава "Вялікдзень", а затым папрасіў дзяцей перакласці асобныя словы. Якіх словаў дзеці не ведалі, тыя тлумачыў:

Нам з сястрой

сказала мама Рая:

- Сонейка купаецца і грае!

З кубка, у якім ляжыць яечка,

Умывайцеся, мае сардэчкі!

Соль, ваду і маляванкі ў храме

Асвяціла мама золкім ранкам.

Выбачай, цябе не возьмем,

кошка,

Не табе падрыхтавалі кошык! На Вялічка для бабулі роднай Мы збіраем

кошык Велікодны.

Юры Жыгамонт стане настаўнікам яшчэ на некалькіх уроках у іншых школах. "Пілотным" урокам ён застаўся задаволены, пра што распавёў Свабодзе:

- Гэты ўрок і яшчэ некалькі ўрокаў, што я правяду, - гэта пра творчасць беларускага пісьменніка Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага, які доўгія гады з'яўляецца галоўным рэдактарам дзіцячых часопісаў "Вясёлка" і "Буся". Запрашаюцца на такія сустрэчы і іншыя пісьменнікі.

Рэакцыя дзяцей вельмі файная была. Я нават не думаў, што яны знаюць, што месяц май завецца яшчэ па-беларуску травень. Вельмі шмат прыказак, якія яны сканчалі, адразу казалі па-беларуску. Мяне гэта задаволіла. Што б ні казалі, а то некаторыя журналісты тут пыталіся, ці патрэбна гэта дзецям, яны ж яшчэ маленькія, яшчэ, можа, дома размаўляюць па-расейску... Не, яны ўсе добра ведаюць беларускую мову, добра ёй валодаюць, чуюць яе на вуліцах, чытаюць кніжкі, часопісы беларускія.

Вось калі б у школах было больш урокаў на беларускай мове, пазакласных урокаў... Гэта было б вельмі файна, калі б у школы прыходзілі бела-рускія знакамітыя асобы і расказвалі менавіта пра Беларусь, пра яе культуру, гісторыю - гэта трэба самім дзецям.

Радыё Свабода.


Чэрпаць жыццёвую стойкасць у творах Ларысы Геніюш

6 кастрычніка на Менскай сядзібе ТБМ паэт і эсэіст Міхась Скобла прэзентаваў кнігу "Духу магутныя чары". У кнігу ўвайшлі ўспаміны 64 аўтараў пра мужную, нязломную паэтку Ларысу Геніюш і сустрэчы з ёй: Міколы Кана-ша, Рыгора Барадуліна, Вольгі Іпатавай, Дануты Бічэль, Аляксея Марачкіна, Алега Трусава і іншых, лісты, архіўныя матэрыялы. У Гародні, Магілёве і Менску, дзе праходзілі прэзентацыі кнігі, усё больш людзей імкнецца наталіць прагу жыватворнымі радкамі паэзіі, даведацца пра Ларысу Геніюш як пра вялікую асобу.

Укладальнік кнігі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2000), вядовец "Вольнай студыі" на Радыё Свабода Міхась Скобла распавёў гасцям Менскай сядзібы ТБМ пра рэдкія і цікавыя знаходкі, якія ўвайшлі ў зборнік і адказаў на пытанні.

- Міхась Уладзіміравіч, Вы нарадзіліся ў Зэльвенскім раёне на Гарадзеншчыне, можа таму Вам так дорага ўсё, што звязана з Ларысай Геніюш?Ці не было ў Вашай сям'і сувязі з паэткай?

- Мая мама Леакадзія Уладзіміраўна была з ёй знаёмая, яна сустракала яе ў Свята-Троіцкай Зэльвенскай царкве. Мае мама і тата бралі шлюб у гэтай царкве. Ларыса Геніюш шчыра дапамагала царкве. Яна прытуляла ў сябе святара, калі яго пазбавілі хаты. З яе фінансавай дапамогай туды была праведзена электрычнасць. Аксаміт, які прыслалі ёй з Канады, яна перадала ў царкву. Мой школьны настаўнік Пятро Мікалаевіч Марціноўскі сябраваў з Ларысай Геніюш, перапісваўся з ёй. Ад яго я ўпершыню пачуў імя і вершы паэткі.

- А калі быў другі штуршок, які наблізіў Вас да творчасці Ларысы Геніюш?

- На філфаку я паглыбіў вывучэнне беларускай літаратуры. Яе імем было ўсё пранізана, калі ішла гаворка пра беларускую мову. Мне захацелася зачарпнуць з гэтага калодзежа. А калі я падышоў і паглядзеў, то зразумеў, што ён глыбокі,бяздонны. У тыя ж часы 11 кніг паэткі "На чабары настоена" набыў у правінцыйнай кнігарні мовазнавец Фёдар Янкоўскі і распаўсюдзіў іх сярод сваіх студэнтаў.

Калі я бываю ў маці ў Зэльвенскім раёне, то заходжу ў хату Геніюшаў на вуліцы Савецкай, якую пабудавалі ў 1895 годзе, сябрую з тымі людзьмі, якія там жывуць. Марыя Васільеўна Дайкала жыве цяпер у той хаце.

- Вы - аўтар і ўкладальнік значнай колькасці кніг. У прыватнасці кніг эпісталярнага жанру Ларысы Геніюш "Каб вы ведалі", "Лісты з Зэльвы".

- У новай кнізе змешчана перапіска Ларысы Геніюш з 60 карэспандэнтамі. Тут ёсць лісты да яе. Напрыклад, лісты да Ларысы Геніюш Кастуся Езавітава 1943 года з Рыгі ў Прагу. Важна, пра што думалі ў той час дзеячы культуры - пра беларускія кнігі, падручнікі, выданні. Лісты Уладзіміра Караткевіча таксама тут друкуюцца. Геніяльнасць Рыгора Барадуліна была відна Ларысе Антонаўне яшчэ ў тыя часы. З лістоў можна даведацца пра яе кулінарныя здольнасці. Рэцэпт крупніку можна таксама знайсці ў лісце да Міхася Чарняўскага.

Як кніга Ларысы Геніюш трапіла ў космас - пра гэта вам могуць распавесці ў Гудзевіцкім музеі. Там ёсць цэлы пакой, прысвечаны паэтцы. Шэраг экспанатаў яна сама пры жыцці перадала заснавальніку музея Алесю Белакозу. Кнігу " Невадам з Нёмана" узяў з сабой у падарожжа наш першы касманаўт Пятро Клімук. Потым ён прыслаў кнігу ў музей з аўтографам.

Які верш Геніюш любіў Уладзімір Мулявін? У яе ў архіве быў фотаздымак "Песняроў" з цёплым надпісам Уладзіміра Мулявіна. Яны пазнаёміліся ў Гародні на канцэрце. Апошняя песня, якую запісаў Мулявін, была на верш Ларысы Геніюш: "Уздымам сэрцаў нашых шуміць Белавежа". Цікавай акалічнасцю з'яўляецца тое, што Ларыса Антонаўна не галасавала з 1937 года. Яна была грамадзянкай БНР і Чэхіі, а савецкае грамадзянства не прыняла.

- Некалькі гадоў таму Вы выдалі зборнік матэрыялаў "Зоська Верас. Я помню ўсё".

- Ларыса Антонаўна Геніюш і Людвіка Антонаўна Сівіцкая сябравалі не толькі таму, што яны моцна любілі Беларусь. Яны абедзве былі сябрамі Рады БНР. Ларыса Геніюш была Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР, апекавала беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў, беларускіх работнікаў за мяжой. Захавалася 309 лістоў з Зэльвы ў Вільню.

Зараз я рыхтую яшчэ адну кнігу Зоські Верас. Потым трэба будзе рабіць кніжку Міколы Улашчыка, Міхася Стральцова. Склалася так, што мала выдаецца зборнікаў з навуковымі каментарамі, трэба рупіцца, каб кніжкі ўсё ж выходзілі.

- Дзякуй Вам вялікі за Ваш клопат, ад усіх чытачоў жадаем Вам здароўя, поспехаў і плёну у дзейнасці!

Э. Дзвінская, фота Г. Лабадзенкі.


Новая паштоўка ТБМ да юбілею Кастуся Тарасава

10 кастрычніка знакамітаму беларускаму пісьменніку, публіцысту, выдаўцу Кастусю Тарасаву споўнілася 75 гадоў. Да гэтага юбілею ТБМ выпусціла чарговую паштоўку з выявай партрэта пісьменніка на фоне касцёла Святога Роха на Залатой Горцы. Менавіта гэтым мясцінам беларускай сталіцы быў прысвечаны адзін з твораў пісьменніка. Таксама плануецца выдаць кішэнны каляндарык на 2016 г. з такой жа выявай.

Ахвотныя атрымаць юбілейную паштоўку могуць звяртацца ў сядзібу ТБМ і ў офіс БНФ, пачынаючы з 13 кастрычніка.

Акрамя таго, кіраўніцтва ТБМ звярнулася ў Менгарвыканкам і ў Міністэрства культуры з прапановай надаць адной з вуліц сталіцы імя вядомага пісьменніка. Зараз гэта пытанне разглядаецца.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Выйшлі беларускамоўныя календары на 2016 год

Выдавецтва "Беларусь па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла каляндар "Родны край" на 2016 год. Складальнікі Сідарава Ларыса Ўладзіміраўна і Мурзіна Вольга Уладзіміраўна.

Наклад календара сёлета склаў 6000 асобнікаў. Летась наклад быў 4500 асобнікаў.

У календары змешчана шмат цікавага пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, прыроду, карысныя парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, выхаванні дзяцей, парады садаводу і агародніку, рэцэпты народнай медыцыны і шмат чаго іншага.

Нагадваем нашым чытачам, што наклад календара цалкам залежыць ад таго, як яго раскупляюць. Раскупяць гэты наклад - на наступны год ён будзе павялічаны, не раскупяць - і наклад будзе паменшаны.

Каляндар надрукаваны ў дзве фарбы. "


ААТ "Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа" выпусціў настольны перакідны каляндар на 2016 год "Мая Беларусь".

Рэдактар-складальнік А.П. Касцялецкая.

Наклад 10 000 асобнікаў.

Кожная разгортка календара ўтрымоўвае 1-2 слупкі з вершаў беларускіх паэтаў. На кожнай старонцы фота якой небудзь памятнай мясціны Беларусі.

Каляндар надрукаваны ў чатыры фарбы.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У паўсядзённым жыцці верхнім зімовым адзеннем была ваўчура, якую шылі з воўчых ці мядзведжых шкур і якая выкарыстоўвалася паверх кунтуша. Ваўчура аздаблялася пунсовым атласам і завязвалася пад шыяй тоўстымі, срэбнымі ці залатымі шнурамі. Кірэя была плашчападобным адзеннем прамога крою з тоўстага сукна кіра, ад якога яна і атрымала сваю назву. Зімовыя кірэі часта падшываліся мядзведзямі. У міжсезонні і зімой у ліку верхняй вопраткі гараджан і шляхты была таксама капота, якая была двубортнай з адкладным каўняром і абшлагамі па рукавах, а ззаду і з бакоў - з вялікімі складкамі ці зборкамі. Яна зашпільвалася на плеценыя альбо шаўковыя гузікі. Зімовыя капоты падбіваліся футрам і абвязваліся літым поясам.

Кажух звычайна быў быў зімовым адзеннем больш нізкіх сацыяльных праслоек - майстроў, служкаў шляхецкага двара, чаляднікаў, пляцовай варты.

Традыцыйная верхняя вопратка сялян шылася з тоўстага і грубага даматканага сукна і захоўвала свае асноўныя рысы: была зручнай для працы і жыцця, шылася з танных тканін і футра. Верхняя вопратка шылася з сярмяжнага сукна хатняй вытворчасці і была як натуральных колераў (белага, шэрага, чорнага), так і пафарбаваная ў карычневы, руды, жоўты колеры (пры дапамозе карэнняў, кары, траў).

Галаўныя ўборы

Беларускія нацыянальныя галаўныя ўборы

Галаўныя ўборы мелі выключна важнае месца ў мужчынскім комплексе адзення, бо заўсёды завяршалі строй і былі адзнакай сацыяльнага стану, прафесійнай, этнічнай, полаўзроставай прыналежнасці чалавека. Чалавек без галаўнога ўбора на вуліцы ўспрымаўся звычайна як бедны, хворы, пагарэлец.

Паводле няпісаных правіл, шапку трэба было здымаць перад больш высакароднымі людзьмі, духоўнымі асобамі, а таксама ўваходзячы ў хату, храм і ў залу суда. Збіване шапкі з галавы іншага чалавека лічылася маральным злачынствам і асуджалася грамадствам.

У якасці матэрыялу для глаўных убораў выкарыстоўваліся скуры дзікіх звяроў, якія меліся ў вялікай разнастайнасці і колькасці ў мясцовых лясах, - рысі, ваўкі, мядзведзі, куніцы, собалі, вавёркі, бабры, выдры і інш. Для заможных людзей выкарыстоўвалі дарагое футра - собаля, рысі, леапарда, бабра, гарнастая, выдры, а для сялян патаней - авечкі, лісы, зайца, труса. Існавалі розныя па пакроі футравыя шапкі, якія шыліся са скуры, лямцу, воўны, сукна, футра і ўпрыгожваліся бронзавымі спіральнымі пранізкамі, фібуламі і бляшачкамі.

У X-XIII стст. форма княжацкіх шапак была паўсферычнай ці конусападобнай. Верх іх шылі з дарагой тканіны яркага (чырвонага, жоўтага, сіняга) колеру ці двух колераў. Абшывалі шапкі па нізу футравай апухай.

(Працяг у наступным нумары.)


Лёсы родных Алаізы Пашкевіч

Паэтэса, грамадскі дзеяч і публіцыст Алаіза Пашкевіч (1876 -1916) нарадзілася ў фальварку Пешчын у шляхецкай сям'і, але ранняе дзяцінства прайшло пад апекай бабулі Югасі ў суседняй вёсцы Тарэсін, у маёнтку Стары Двор.

Сям'я Пашкевічаў складалася з маці Ганны з Вызгаў, бацькі Стэфана Пашкевіча, старэйшай сястры Стэфаніі, сясцёр Зосі, Караліна і Алаізы, братоў Войцаха і Язэпа.

У 1915 г. Алаіза Пашкевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школаў і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку. У 1916 г. памёр яе бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.

Муж паэтэсы, інжынер Стэпонас Кайрыс успамінаў пра сям'ю сваёй жонкі: "Алаіза Пашкевічанка, ... нарадзілася і вырасла ў Старым Двары, Васілішскай воласці, Лідскага павета Віленшчыны, на бацькавай гаспадарцы блізу ў 100 гектараў. ... Ейныя два браты, Войцах і Язэп Пашкевічы, абодва афіцэры Маладзечанскага пяхотнага палка, нежанатыя, мелі супольнае памяшканне на Сніпішках. Братоў наведвалі прыездам з правінцыі старэйшая сястра Стэфанія і маладзейшая Караліна. Наймаладзейшая Цётчына сястра - Зофія - паказвалася тады ў Вільні рэдка. У братоў жыла і Алаіза. Паводле нацыянальнай сведамасці Цётчына сям'я была неадналітая, а адначасна і своеасабліва "тутэйшая". Хатняя мова была польская, польская таго асаблівага характару, які яна мела ў дробнай шляхты Летувы і Беларусі і на які гэтак своеасабліва ўплывалі сінтаксіс, вымова і слоўнік мясцовых моваў. Цётчына маці была пад найбольшым уплывам польскай культуры. Старэйшая сястра Стэфанія была "па-панску" настаўленая і выразна аддавала першыню польскай мове. Прыхільнасць да польскай культуры выяўлялі брат Войцах і сёстры Караліна ды Зофія. Найбольш за ўсіх з беларускай вёскай і беларускай мовай зросся Цётчын бацька і ейны брат Язэп. Дзейнай падтрымкі сваёй беларускай нацыянальнай працы ад членаў сваёй сям'і Цётка не мела. Але і ейны ўдзел у беларускім руху не ўважаўся ў сям'і за нейкае няшчасце".


Перакладаючы і рыхтуючы да друку рукапіс "Высяленне ў Казахстан у 1940 г. значнай часткі жыхароў Лідскага павета" лепшага знаўцы гісторыі Ліды Міхала Шымялевіча, копію якога атрымаў з фонду Асалінскіх у Вроцлаве, я знайшоў кароткую інфармацыю пра лёс старэйшай сястры Цёткі Стэфаніі і брата Войцаха. Старэйшая сястра Цёткі ва ўзросце 80 гадоў была выслана ў Палудзенскі раён Казахстана.

У другой палове 1941 г., калі Сталін дамовіўся з лонданскім польскім урадам пра фармаванне на тэрыторыі Савецкага Саюза польскай арміі, для ссыльных у Казахстан пачаўся перыяд адноснай лібералізацыі. Ссыльны Міхал Шымялевіч, як чалавек з вышэйшай адукацыяй быў прызначаны прадстаўніком польскай амбасады ў Палудзенскім раёне Казахстана - раёне, у якім жыла значаная частка ссыльных лідзян. Шымялевіч вёў адмысловыя спісы выселеных лідзян і за гэта ў 1943 г. ва ўзросце 64 гадоў у дадатак да ссылкі гісторык атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1948 г. ён быў памілаваны і выехаў да сваёй сям'і ў Сопат, дзе ў 1950-я гг. аднавіў свой спіс у шмат сотняў чалавек і дэпанаваў ў фондзе Асалінскіх.

Міхал Шымялевіч - сябар Таварыства беларускай школы быў добра абазнаны ў беларускай культуры, і таму ён адразу заўважвае, што Стэфанія Сапоцька (1860 г.н.) - гэта старэйшая сястра Алаізы Пашкевіч: "Стэфанія паходзіць з ваколіцы Пешчын Васілішскай гміны, з дому Пашкевіч. Была замужам за Сапоцькам ў фальварку Шымкаўшчынаса Сабакінскай гміны. Удава. Яе малодшая сястра Алаіза Пашкевіч, у замустве Кайрыс, знаная беларуская паэтка з псеўданімам "Цётка" з віленскіх "Нашай Долі" і "Нашай Нівы", якая памерла ў часы Першай сусветнай вайны". Маючы больш за 80 гадоў, тым не менш Стэфанія Сапоцька ў ссылцы працавала вартаўніком у калгасе.

Інфармацыю пра Войцаха Пашкевіча, Шымялевіч падае са слоў сястры, бо яго не было ў Казахтане: "Войцах Пашкевіч, 1872 г.н., падпаручнік рускага войска, жыў у Катлове пад Вільняй, у Рудамінскай гміне. Арыштаваны ў 1939 г., загінуў" .

Вось такі лёс найбліжэйшых родных пісьменніцы.

Лаўрэш Леанід


"Будзьма!"

20 кастрычніка (аўторак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Памёр Алесь Савіцкі

5 кастрычніка памёр пісьменнік Алесь Савіцкі.

Нарадзіўся Алесь Ануфрыевіч 8 студзеня 1924 года. Гэта па пашпарце. А па сапраўднасці - 8 студзеня 1925. У час вайны ён паправіў сабе дакумент, каб узялі ў партызаны. З 1942 года - партызан атрада "Смерць фашызму", з 1943 - камандзір падрыўной групы атрада "Бальшавік" брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944- 45 гг. удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе ў 1943 годзе.

Першае апавяданне "Рыбацкае шчасце" надрукаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце. Алесем Савіцкім напісана шмат цікавых твораў. Асаблівай папулярнасцю ў юных чытачоў карыстаецца аповесць-казка "Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка". Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей "Кедры глядзяць на мора" (1960), "Пасля паводкі" (1962), "Белы гарлачык" (1965), "Самы высокі паверх" (1969), дакументальнай аповесці "След пракладае першы" (1971), "Белая знічка" (1984), раманаў "Жанчына" (1963), "Палын - зелле горкае" (1967), "Верай і праўдай" (1976), "Толькі аднойчы" (1979), "Зямля не раскажа" (1980), "Літасці не чакай" (1982), "Памерці заўсёды паспееш" (1983), "Верасы" (1987), "Обаль" (1989), кнігі нарысаў "На посту у тишины" (1987), зборніка апавяданняў для дзяцей "Шкляная нітка" (1970). У 1982 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, "Знак Пашаны" (1984), Айчыннай вайны I ступені, Францішка Скарыны (2010), медалямі.

Вікіпедыя.


На дзевяці еўрапейскіх мовах

На дзевяці еўрапейскіх мовах прачыталі мастацкія творы магілёўцы розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў увечары 30 верасня на імпрэзе да Еўрапейскага дня моў. Традыцыйную ўжо з гэтай нагоды імпрэзу зладзіла суполка ТБМ Магілёва ў гістарычным для гараджан месцы - на Замкавай гары, і хоць народу сабралася не так шмат, як летась, але словы еднасці, павагі да мовы і нашай культуры як неад'емнай часткі агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў гучалі гэтак жа цёпла і пранікнёна. Уладзімір Мартынюк прачытаў творы на нямецкай і венгерскай мовах, а таксама пагутарыў з грамадой па-англійску. Таксама нямецкія вершы ў арыгінале і ва ўласным перакладзе на беларускую прачытаў паэт, педагог і грамадскі дзеяч Міхась Булавацкі. Алена Громава і Людміла Дунаеўская падзяліліся з прысутнымі вершамі на ўкраінскай мове, а Міла Ізаксон зрабіла невялікі экскурс у свет яўрэйскай культуры, праспяваўшы песні на іўрыце і на ідышы. Таксама прагучалі творы на польскай мове ў выкананні Людмілы Дунаеўскай і Алега Дзьячкова, а беларускімі і рускімі вершамі Пімена Панчанкі і Юліі Друнінай падзяліўся Аляксей Карпенка.

Алесь Сабалеўскі.На здымках: 1. Падчас імпрэзы; 2. Міхась Булавацкі; 3. Уладзімір Мартынюк; 4. Міла Ізаксон.


Сэрцу родныя матывы

З нагоды святкавання Міжнароднага дня пажылых людзей ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава пейзажнага жывапісу "Сэрцу родныя матывы..." ўдзельнікаў клуба "Прырода і фантазія" .

Аўтарамі прадстаўленых у экспазіцыі работ з'яўляюцца людзі самых розных прафесій, многія з якіх, толькі пасля выхаду на заслужаны адпачынак, здолелі адкрыць у сабе новыя таленты, захапіліся мастацтвам. Гэта - Эдуард Серафімавіч Самойлаў, Ганна Анфімаўна Гадзірава, Анатоль Дзмітрыевіч Крывенка, Галіна Іосіфаўна Карповіч.

Выстава будзе доўжыцца да 30 кастрычніка 2015 года.

Час працы экспазіцыі: з 9.00 да 19.00 па буднях.

Уваход вольны. Пры сабе мець пашпарт або чытацкі білет Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь знаходзіцца па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 11 (правае крыло Дома Ураду).


ПАДАРОЖЖА ПА ЗЯМЛІ КРЫВІЧОЎ

14 жніўня група краязнаўцаў і сяброў Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны здзейсніла аўтавандроўку па цэнтральнай і паўднёва-усходняй частках Мядзельскага раёна. Мэтамі паездкі былі сустрэчы з цікавымі людзьмі, наведванне школ, музеяў, храмаў і іншых мясцовых устаноў, збор краязнаўчых матэрыялаў.

Першым населеным пунктам на нашым шляху была невялічкая вёска Шкленікава - адно са старэйшых паселішчаў Мядзельшчыны, цэнтр былой Скленікаўскай воласці. У яго ваколіцах ёсць шэраг цікавых прыродных і гістарычных аб'ектаў: азярцо пры дарозе Сваткі-Мядзел, якое, як лічаць некаторыя даследчыкі, мае метэарытнае паходжанне; вялікая колькасць валуноў, сярод якіх вылучаецца Чортаў камень (больш за 4 метры даўжыні, дарэчы, ён ляжыць пасярод поля і ўдзельнікам вандроўкі даводзілася пераходзіць па збажыне); мясцовыя могілкі, на якіх захавалася многа даўніх пахаванняў, і пра якія сведчаць заімшэлыя камяні; помнік загінуўшым землякам і падмурак пачатковай школы, у якой вучыўся Максім Танк. У вёсцы нас чакала сустрэча з народным майстрам, разьбяром па дрэве Міхасём Чарняўскім, які займаецца вырабам сувенірных кубкаў, дэкаратыўных рамак для люстэркаў і карцін, іншых цікавых рэчаў з драўніны. Ён, філолаг па адукацыі, пакрысе збірае матэрыялы пра родную вёску і яе ваколіцы.

Наступны пункт паездкі - аграгарадок Сваткі, дзе па папярэдняй дамове нас ужо чакалі ў мясцовай школе. Сама школа пакінула вельмі прыемнае ўражанне сваёй дагледжанасцю і чысцінёй, але найбольш уразілі дзве камеры знешняга назірання, чаго не маюць многія гарадскія школы, і музей Максіма Танка. У Сватках наш славуты паэт вучыўся, таму варта выказаць словы глыбокай павагі вучням і педагагічнаму калектыву, якія сабралі матэрыялы і аздобілі музейныя экспазіцыі. Увагу прыцягваюць тэматычныя раздзелы "Літаратурная карта Мядзельскага раёна", "Радавод Максіма Танка", "Сялянская хата", кампазіцыя па кнігах паэта. Па словах настаўнікаў, у Сватках жыве шмат творчых людзей, сярод якіх выдзяляюцца "майстар на ўсе рукі" Ірына Чараповіч і былы настаўнік гісторыі, а цяпер майстар-каваль, удзельнік гістарычных рэканструкцый, Мікалай Малько. На жаль, з гэтымі людзьмі сустрэцца не ўдалося. Адметным аб'ектам аграгарадка з'яўляецца мураваная брама і некалькі помнікаў на месцы былой мясцовай царквы.

Наступны прыпынак - вёска Гарадзішча. Назва дакладна адлюстоўвае яе галоўную адметнасць: каля паселішча адметна ўзвышаецца старажытнае гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры, якое грунтоўна вывучаў археолаг А. Мітрафанаў. На вясковых могілках пахаваны шчыры беларускі патрыёт, настаўнік Мікола Пашкевіч. Ён выступаў у перыёдыцы з вершамі, літаратуразнаўчымі артыкуламі, кіраваў літаратурным аб'яднаннем пры газеце "Нарачанская зара", быў аўтарам першай на Беларусі кніжкі "З вопыту работы літаратурнага гуртка" (1968), у пасяджэннях якога прымалі ўдзел М. Танк, Я. Брыль, В. Быкаў, Н. Гілевіч, У. Караткевіч, Р. Барадулін і іншыя. Памяці М. Пашкевіча В. Быкаў прысвяціў аповесць "Абеліск", А. Лойка - верш "Каліны", мастак А. Пупко - карціну "Памяць". На помніку - словы Максіма Багдановіча "Светлы след будзе вечна жывы".

Пасля Гарадзішча група зрабіла невялікі прыпынак каля вёскі Конікі, дзе агледзела даўнія мясцовыя могілкі, якія знаходзяцца ў лесе. На іх пахаваны цэлыя роды Пуняў, Клімовічаў, Падбярэзскіх, Рапановічаў. Дарэчы, з роду апошніх паходзіць нараджэнец суседняй вёскі Холма, шчыры руплівец на ніве беларушчыны, мовазнавец, пісьменнік, педагог Яўген Рапановіч. Галоўнай справай яго жыцця стала ўкладанне шасцітомнага "Слоўніка назваў населеных пунктаў" усіх абласцей Беларусі, які не страціў каштоўнасці і да сённяшняга дня.

Наступным пунктам падарожжа была вёска Выгалавічы, якую наведваў калісьці ў дзяцінстве і аб якой у памяці засталіся гразь на вуліцах ды паваленыя платы. Цяпер, пасля дрогкай і пыльнай жвіроўкі ад Конікаў, паселішча прыемна ўразіла: чысціня, дагледжанасць і новы асфальт на ўсіх вуліцах. Толькі на выездзе ў бок Княгініна дарога шматкроць леплена-пералеплена. Дарэчы, каля яе яшчэ захаваўся сімвалічны знак з выявай пеўня. Гэта нездарма: у вёсцы яшчэ нядаўна дзейнічала птушкафабрыка, якая "грымела" на ўвесь рэгіён, купляць курэй сюды прыязджалі з усіх суседніх раёнаў. Аднак цяпер "грому" няма, прадпрыемства зачынена, шмат людзей засталося без работы. Гэта выклікала ланцужковую рэакцыю: спыніла дзейнасць школа, цяпер, як кажуць мясцовыя людзі, зачыняецца ФАП. Міжволі ўзнікае пытанне: можа гэта такая палітыка? Спачатку разбураецца эканамічная аснова беларускіх мястэчак і вёсак, затым "перакрываецца кісларод" нацыянальным школам, дзіцячым садкам, бібліятэкам, установам культуры. Мясцовыя жыхары падаюцца ў свет у пошуках лепшай долі, а на іх месца прыязджаюць маргіналізаваныя "перакаці-поле" ці дачнікі, якія адгароджваюцца ад суседзяў высокімі платамі і бавяць час у сваёй "зоне", далёкія ад тутэйшых традыцый, мовы, культуры. А "кінутае" прадпрыемства за бесцань выкупляе небеларускі інвестар і працэс далейшай дэнацыяналізацыі краю ідзе ўжо сам па сабе…

Наступны населены пункт на нашым шляху - аграгарадок Княгінін. Дарэчы, на Мядзельшчыне гэта мястэчка раней называлі мякчэй і распеўней "Княгініна", як і "Мядзела", "Свіра", "Нароча". У Максіма Танка ёсць верш "Станцыя Княгініна". Чамусьці ў афіцыйную назву ўвялі кальку з рускай або польскай моў, а не з мясцовага вымаўлення. Здаецца, дробязь, адна літарка, а мова бяднее…

У Княгінінскай школе нас чакала ветлівая і прыязная дырэктарка, якая ўжо папярэдне дамовілася з былой настаўніцай - найбольш дасведчанай жыхаркай мястэчка - аб магчымай сустрэчы з намі. У школе тым часам ішоў рамонт - дабудоўваўся харчблок. Варта адзначыць, што некалькі гадоў таму школу меліся зачыніць, бо яна пабудавана ў 1955 годзе і не адпавядае сучасным патрабаванням. Між іншым, пастаўлена яна на падмурку былога сядзібнага дома Козел-Паклеўскіх, які ў вайну спалілі партызаны. Школу, аднак, не зачынілі, бо мясцовыя жыхары згуртаваліся і супольнымі намаганнямі яе адстаялі. Будынак стаіць у прыгожым месцы на ўзгорку, перад ім - стаў і рэшткі былога парка.

Наступная сустрэча адбылася на хутары Будзькаў. Каля яго знаходзіцца помнік на магіле паўстанцаў 1863 года, які даглядае гаспадыня гэтай сядзібы Ірына Будзька (Клямяціч). Яе бацька пры Польшчы быў у Амерыцы, зарабіў грошы і купіў тут зямлю. Побач купіў зямлю Герасімовіч. Паставілі гаспадары тут хаты, якія на сённяшні дзень ужо можна ўспрымаць як помнікі, якія перажылі шматлікія калектывізацыі, меліярацыі, рэарганізацыі і іншыя "-ацыі", але захавалі сваю адметнасць. Спадарыня Ірына аказалася шчырай і адкрытай жанчынай, з якой лёгка і цікава было весці гутарку. Яна паказала багаты архіў сваіх фотаздымкаў, сярод якіх ёсць карткі міжваеннага і пасляваеннага часу, партрэты "амерыканцаў" - нашых хлопцаў, якія працавалі ў Амерыцы. А крыж на магіле паўстанцаў варта было б занесці ў рэестр нацыянальнай спадчыны і ўзяць пад ахову дзяржавы.

Зрабіўшы фотаздымкі княгінінскай царквы і помніка на магіле 2500 рускіх салдат, якія загінулі на фронце І сусветнай вайны, мы накіраваліся ў Крывічы. Праехалі каля адметнага прадпрыемства - газанапаўняльнай станцыі. Па словах мясцовых жыхароў, станцыя перажывае часы заняпаду і яе рыхтуецца выкупіць расейскі "інвестар". Што ж, месца для бізнесу амаль ідэальнае: чыгунка, шаша, гатовая інфраструктура…

У Крывічах удзельнікі вандроўкі агледзелі стары млын на рацэ Наква; могілкі з пахаваннямі мясцовых жыхароў, роду Козел-Паклеўскіх і мемарыялам польскім жаўнерам, якія загінулі ў баях супраць бальшавікоў у 1920 годзе; касцёл і кляштар трынітарыяў, дзе зараз вядуцца рэстаўрацыйныя работы; царкву; яўрэйскія могілкі; былую сядзібу ўласнікаў мястэчка Ходзькаў-Швайкоўскіх. Адбылася цікавыя сустрэчы ў мясцовай школе, бібліятэцы, у царкве і на вуліцах з мясцовымі жыхарамі. Так, у школе настаўніца гісторыі Ала Ермаковіч расказала пра некаторыя адметнасці былога мястэчка, пазнаёміла з экспанатамі невялікага краязнаўчага куточка, ў якім маецца шэраг цікавых рэчаў, вартых увагі даследчыкаў нашай даўніны. Па яе словах, вучні і настаўнікі вядуць пошукавую работу ў асноўным па тэме ІІ сусветнай вайны, нядаўна выявілі месца, дзе фашысты расстралялі сям'ю мясцовага рабіна.

Шмат тэматычных папак пра Крывічы сабрана ў пасялковай бібліятэцы, загадчыца якой, Ала Гурло, захоплена і эмацыянальна расказвала пра людзей, падзеі і адметныя мясціны тутэйшай мясцовасці. І ў школе, і ў бібліятэцы мы пакінулі буклеты і матэрыялы з планам збору матэрыялаў і напісання кніг пра паселішчы. Крывічы вартыя таго, каб пра іх хтосьці падрыхтаваў грунтоўнае выданне.

Пра гісторыю царквы распавёў нам яе настаяцель айцец Мікалай.

Апошняя сустрэча гэтага дня адбылася на месцы былой сядзібы Ходзькаў-Швайкоўскіх - колішніх уласнікаў мястэчка. Ад былога сядзібна-паркавага ансамбля засталася частка пераробленага жылога будынка, паўразбураны склеп і некалькі старых дрэў. Цікавай інфармацыяй падзяліўся з намі тутэйшы жыхар Анатоль Адамовіч.

Падчас паездкі было шмат цікавых сустрэч і знаёмстваў, зроблена вялікая колькасць фотаздымкаў, сабраны багаты краязнаўчы матэрыял.

Ігар Пракаповіч,г. Паставы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX