Вярнуцца: 2015

№ 44 (1247)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 44 (1247), 4 лістапада 2015 г.


Дзяды ў Менску

У Менску адбылося шэсце з нагоды ўшанавання памяці продкаў "Дзяды". Калона была сфармаваная ля Менскага гадзіннікавага завода і прайшла больш, чым 10-кіламятровы маршрут да Курапатаў, дзе, паводле розных ацэнак, карнікі з НКУС знішчылі больш за 250 тысяч чалавек - перадусім дзеячаў культуры, літаратараў, навукоўцаў.

Удзельнікі акцыі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, партрэты рэпрэсаваных, былі змайстраваныя драўляныя крыжы, якія потым усталявалі ва ўрочышчы.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ, да ўдзельнікаў гэтаксама далучыліся іншыя палітыкі і грамадскія дзеячы: Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, Павел Севярынец, Віталь Рымашэўкі, Алесь Лагвінец, Юрась Губарэвіч, Людміла Гразнова, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Марачкін, Генік Лойка, Павел Вінаградаў ды іншыя. Паводле паводле візуальнай ацэнкі, агулам у шэсці і мітынгу бралі ўдзел ад 500 да 1000 чалавек - хтосьці прайшоў сваю дыстанцыю ў калоне, а хтосьці падцягнуўся ўжо да канчатковай мэты.

У 14.30, праз тры гадзіны пасля пачатку руху, удзельнікі дайшлі да ўрочышча, дзе адбыўся жалобны мітынг і ўсталяванне новых крыжоў. Актывіст КХП-БНФ Валер Буйвал зачытаў зварот да прысутных ад імя Зянона Пазьняка

Арганізатары сёлетніх "Дзядоў" заклікалі шукаць і шырока распаўсюджваць інфармацыю пра іншыя "беларускія курапаты".

Радыё Свабода.



13 лістапада (пятніца) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудзецца прэзентацыя Зборніка матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі " Моўныя правы і іх абарона" ў 2-х тамах. Пачатак 16.30. Уваход вольны.


85 гадоў з дня нараджэння Алеся Барскага

БАРСКІ Алесь (сапр. Баршчэўскі Аляксандар), нарадзіўся 02.11.1930 г. у вёсцы Бандары Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне расейскай філалогіі філалагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта (1955). З 1956 г. працуе на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, з 1975 г. - загадчык гэтай кафедры. У 1959-1980 гг. - старшыня праўлення Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа". З 1984 г. - старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Доктар філалагічных навук. Сябар Саюза польскіх пісьменнікаў з 1962 г.

Узнагароджаны ордэнамі Залаты крыж Адраджэння Польшчы, Кавалерскі крыж Адраджэння Польшчы, Францыскам Скарыны, медалём Францыска Скарыны і інш.

Выступіў упершыню ў друку ў 1956 г. (газета "Ніва", Беласток). Аўтар зборнікаў вершаў "Белавежскія матывы" (Беласток, 1962), "Жнівень слоў" (Беласток, 1967), "Мой бераг" (Менск, 1975), "Блізкасць далёкага" (Беласток, 1983), "Лірычны пульс" (Менск, 1987).

Апублікаваў цыкл навукова-папулярных артыкулаў "Беларуская літаратура і беларускі фальклор" (газета "Ніва", 1965-1988). Аўтар універсітэцкіх падручнікаў "Гісторыя беларускай літаратуры - фальклор" (Варшава, 1976), "Гісторыя беларускай літаратуры - пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Літоўскага Княства" (1981), падручніка для 7 класа "Дружба і праца" (з В. Шведам, Варшава, 1967), "Насустрач жыццю" (з В. Шведам, Варшава, 1974), навуковых кніг "Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны" (Беласток, 1990), "Ігнат Дварчанін - палітык і вучоны" (з А. Бергман, Е. Тамашэўскім, Варшава, 1990).

Пераклаў на польскую мову зборнікі казак М. Федароўскага "Д'яблава скрыпка" (1973), казак Меншчыны, Гарадзеншчыны і Магілёўшчыны "Невычэрпны збан" (1976), расейскіх казак "Асілкі-чарадзеі" (Варшава, 1984), украінскіх казак "Зачараваныя колеры стэпу" (Варшава, 1986), зборнікі паэзіі В. Лукшы "Лета круглы год" (1983), "Дрэва дружбы" (1990), В. Віткі "Тосі-тосі ладкі" (1985), А. Пысіна "У сонейку" (1985). Пераклаў паэму Янкі Купалы "Яна і я", шматлікія яго вершы ўвайшлі ў складзеныя ім "Выбраныя творы" Я. Купалы (Варшава, 1984). Складальнік і адзін з перакладчыкаў зборніка "Янка Купала і Якуб Колас: Да 100-годдзя з дня нараджэння" (Варшава, 1982). У серыі "Беларускі кнігазбор" выйшлі выбраныя творы А. Барскага. (Менск, 2011).

Вікіпедыя.


Часопісу "Наш край" - 90 гадоў

"Наш край" - беларускі краязнаўчы часопіс. Пачаў выдавацца з кастрычніка 1925 года пры Цэнтральным Бюро краязнаўства (утворана ў 1923 годзе) пры Інстытуце Беларускай Культуры. Вокладку для першага нумара зрабіў мастак Эндэ, застаўкі паводле малюнкаў на беларускіх тканінах і ўзораў беларускай драўлянай разьбы - мастак А. Тычына. Гэты нумар меў 68 старонак і выйшаў накладам 2 тысячы асобнікаў. Першы рэдактар С. Я. Плаўнік (З. Бядуля), паводле інш. звестак М. Азбукін

Першачарговай мэтай новага часопіса было пашырэнне краязнаўства да масавага руху. Для гэтага ў першым нумары часопіса быў надрукаваны артыкул-інструкцыя "Што рабіць раённым краязнаўчым таварыствам" і праграмы па канкрэтных кірунках дзейнасці. З іншага боку з пачатку 1920-ых гадоў у краіне ў розных мясцінах паўсталі краязнаўчыя гурткі, якія абапіраліся выключна на мясцовыя сілы і да сярэдзіны 1920-ых гадоў наспела неабходнасць выдання падобнага спецыялізаванага часопіса. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па трох асноўных кірунках: прыродна-геаграфічным, грамадска-эканамічным і культурна-гістарычным.

З 1929 года "Наш край" выдаваўся пры Беларускай Акадэміі навук. З 1930 па 1933 выдаваўся пад назвай "Савецкая краіна". З 1970 выходзіць як бюлетэнь "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі".

Вікіпедыя.


ПАКЛІКАННЕ СЛОВАМ

Інтэрв'ю з М.А. Даніловічам

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

- У гарадах пачалі стварацца патрыятычныя суполкі. У Гародні такой суполкай была "Паходня". Арганізатарам і кіраўніком яе стаў прафесар ГрДУ Міхась Ткачоў. "Паходня" як магнітам прыцягвала да сябе не толькі моладзь, але і неабыякавых людзей іншага веку. Сябры "Паходні" раз або два разы на тыдзень збіраліся на паседжанні пераважна ў ГДК, каб абмеркаваць надзённыя пытанні беларускай гісторыі і культуры, удзельнічалі ў шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах, суботніках па добраўпарадкаванні гарадскіх аб'ектаў. На паседжанні "Паходні" запрашаліся знакамітыя прадстаўнікі беларускай літаратуры, навукі, мастацтва, выступленні якіх мелі асветніцкі, прапагандысцкі характар. Запрашаліся і асобы ад мясцовай улады, якім прысутныя задавалі шмат дыскусійных, часам непрыемных пытанняў. Хвалявала грамадскасць пытанне пра месца і ролю камуністычнай партыі. Помню, ці то на паседжанні савета ўніверсітэта, ці то на сходзе працоўнага калектыва дацэнт А.В. Мілінкевіч адкрыта выказаўся пра камуністычную партыю як вялікае ўсенароднае зло. Выступленне стала прыемным шокам для публікі, бо большасць прысутных думала тое самае, але не асмельвалася адкрыта пра гэта гаварыць. Праз колькі часу кампартыя СССР была распушчана самім М.С. Гарбачовым, і ніводная афіцыйная асоба не выступіла ў абарону гэтай арганізацыі.

Аднойчы рэктар універсітэта А.В. Бадакоў паклікаў да сябе ў кабінет мяне і яшчэ некалькіх выкладчыкаў і сказаў, што сёння ў пэўны час пойдзем захопліваць дом палітасветы, які знаходзіцца недалёка на вуліцы Леніна (у ім раней туліўся ўніверсітэт марксізму-ленінізму, а таксама праводзіліся розныя партыйныя мерапрыемствы). Дадаў яшчэ, ні то жартам, ні то сур'ёзна, што можам узяць з сабой плакаты для надання мерапрыемству большай важнасці. У дамоўлены час мы сабраліся і выйшлі на вуліцу. Запомнілася на ўсё жыццё: наперадзе рэктар, а за ім чалавек з дзесяць - ідзём "штурмам" на дом палітасветы. Ніхто нам не перакрываў дарогу, ніхто не спыніў. Спакойна зайшлі, абышлі паверхі. Рэктар сказаў, каб выбіралі сабе кабінеты, якія захочам. У гэтым будынку размясціліся ў хуткім часе беларускія кафедры, а пасля і факультэт беларускай філалогіі і культуры. Пасля я даведаўся, што "выхадка" рэктара - гэта не якая-небудзь яго самадзейнасць, а ўказанне гарадскіх уладаў.

Беларускае адраджэнне набірала сваю моц. Беларуская мова стала запатрабаванай, быў прыняты закон, які надаваў ёй статус адзінай дзяржаўнай. Планавалася, што праз дзесяць гадоў беларуская мова будзе абслугоўваць усе сферы грамадскай дзейнасці. На спецыяльнасць "беларуская філалогія" павялічыліся конкурсы і наборы. Калі некалі набіралі адну-дзве групы, то цяпер аж чатыры, плюс дзве групы завочнікаў, ды яшчэ адкрылі спецыяльнасць "беларуская і польская філалогія". Усё гэта акрыляла, надавала ўпэўненасці, што справа, якой прысвяціў сябе, патрэбная, будзе развівацца і ўмацоўвацца. Як сталі разгортвацца падзеі пазней, у якім становішчы апынулася беларуская мова - проста не хочацца пра гэта ўспамінаць, не хочацца варушыць непрыемныя старонкі гісторыі.

- Тады давайце пагаворым пра навуку. Напэўна, яна была для Вас знакавай часткай жыцця, важным складнікам прафесійнай дзейнасці.

- Так, гуманітарныя навукі тады былі яшчэ ў пашане, мовазнаўства ў тым ліку. Кожная выдадзеная кніга была падзеяй. Да навукі ставіўся з усёй адказнасцю, аддаваў ёй шмат часу. Сваёй першай сур'ёзнай кнігай лічу манаграфію "Граматычная характарыстыка фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы", выдадзеную ў выдавецтве "Навука і тэхніка" ў 1991 годзе. У гэтым жа годзе ў выдавецтве "Народная асвета" была апублікавана кніга для настаўнікаў "Вывучэнне фразеалогіі на ўроках мовы".

Яшчэ з аспіранцкіх гадоў пачаў запісваць матэрыялы дыялектнай мовы, якая заўсёды выклікала да сябе пашану. Запісваў і звязнае маўленне, і малыя формы фальклору, і фразеалагізмы. Асаблівым захапленнем стала "паляванне" на фразеалагізмы. Іх збіраў пастаянна, дзе толькі можна: і на дыялекталагічных практыках, якімі кіраваў штолета ў розных раёнах Гарадзеншчыны, і ў экспедыцыях, якія арганізоўваў сам сабе ў выхадныя дні, і шляхам выпадковага падслухоўвання размовы людзей. Гэтым клопатам, дарэчы, жыву і сёння. Вы не ўяўляеце, якое эмацыянальнае шчасце атрымліваеш, калі пачуеш раней невядомы, арыгінальны, з незвычайнай вобразнасцю фразеалагізм! Калі сабралася ладная картатэка дыялектных запісаў, адчуў, што настаў час іх аформіць у якасці слоўніка, каб паказаць гэтае багацце людзям. Так быў створаны і апублікаваны ў 2000 годзе "Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны". Ён з'яўляецца дыферэнцыйным, змяшчае больш за две тысячы фразеалагізмаў рэгіянальнага характару, якія не фігуравалі ў літаратурных слоўніках. У гэтым жа годзе была выдадзена кніга ў суаўтарстве з Н.К. Памецькай і І.В. Піваварчык "Беларускае вяселле". Задума кнігі ўзнікла, калі ў маёй калекцыі была назапашана вялікая колькасць народных вясельных зычэнняў, такія зычэнні некалі былі абавязковым атрыбутам вяселля пры "дарэнні маладых". Яны настолькі арыгінальныя, прасякнутыя гумарам, забаўляльнай акрасай, што не пакідаюць абыякавым любога чалавека. Дарэчы, попыт на кнігу быў вялікі. Яшчэ і сёння тэлефануюць з розных куткоў Беларусі з запытаннем, ці можна дзе набыць асобнік. Адметная і гісторыя стварэння "Слоўніка рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны" (1999). Сектар дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства АН БССР распрацоўваў праекты недыферэнцыйных адносна поўных слоўнікаў асобных рэгіёнаў. Ішла праца над "Слоўнікам беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча", "Тураўскім слоўнікам". Нейк пры сустрэчы ў Мінску загадчык сектара і вучоны сакратар Інстытута П.А. Міхайлаў выказаў прапанову, каб кафедра беларускай мовы ГрДУ ўзялася распрацоўваць тэму "Слоўнік гаворак Навагрудчыны". Неабходнасць такога слоўніка ён матываваў тым, што Навагрудчына - гэта вельмі важны гістарычны рэгіён, што горад Навагрудак ужо згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе, што ён быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, што гэтая зямля была калыскай беларускай мовы. І для гісторыі мовы, і для сучаснага мовазнаўства меў бы вялікую каштоўнасць запісаны лексічны фонд гэтага арэалу. Я перадаў прапанову П.А. Міхайлава на кафедру, і ў хуткім часе тэма была зацверджана, праца пачалася, здаецца, у 1983 годзе. Кожнае лета на працягу дзесяці гадоў я і мае калегі вазілі студэнтаў на дыялекталагічную практыку ў Навагрудскі раён. Навагрудчыну я абышоў пешшу, як кажуць, уздоўж і ўпоперак. Была сабрана вялікая картатэка. Можна было прыступаць да складання першага тома адносна поўнага слоўніка. Але насталі неспрыяльныя часы. Пасля развалу СССР у краіне адбыўся фінансавы крах. Выдаць шматтомны слоўнік пры адсутнасці фінансавання нерэальна. І было прынята рашэнне напачатку стварыць дыферэнцыйны слоўнік на базе картатэкі Навагрудчыны і матэрыялаў з усіх раёнаў Гарадзенскай вобласці. Слоўнік атрымаўся арыгінальны, двойчы дыферэнцыйны, таму што для яго адбіралі лексічны неруш - толькі тыя словы, якіх няма ні ў літаратурных, ні ў дыялектных слоўніках. У рэспубліканскім навуковым друку ён атрымаў высокую ацэнку.

- Ці была магчымасць аднавіць працу над праектам "Слоўнік гаворак Навагрудчыны" пазней, у лепшыя часы?

- Сорамна і горка пра гэта гаварыць. Картатэка захоўвалася ў нішах ці шафах, прымацаваных да сцяны, у адной з аўдыторый корпуса факультэта на вуліцы Леніна-32. Летам, калі выкладчыкі былі ў адпачынку, праводзіўся рамонт гэтай аўдыторыі. Калі я выйшаў з адпачынку на працу, з жахам даведаўся, што рамонтнікі, выкідваючы шафы як непатрэбнае, выкінулі і большую частку картатэчнага матэрыялу. Тое, што засталося, ужо не магло стаць нават асновай слоўніка. Рэшткі картатэкі доўга захоўваліся на кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, на якой я працаваў. Адчуваю і сваю віну, што не змог абараніць і захаваць тое, што было здабыта вялікай працай і ўжо ніколі не зможа быць узноўлена.

- Пры падрыхтоўцы доктарскай дысертацыі сферай Вашых навуковых пошукаў стала беларуская дыялектная мова…

- Дыялектная мова, натуральная, непасрэдная, жывая, была для мяне заўсёды прыцягальнай. Яшчэ ў студэнцкія гады спецыяльна ў сваёй і навакольных вёсках запісваў ад мясцовых жыхароў фальклорныя творы і дыялектныя словы. Працягваў гэтую справу і ў часы настаўніцтва. Падчас працы ва ўніверсітэце цікавасць да народных гаворак перарасла ў прафесійны занятак. І калі паўстала пытанне выбару тэмы доктарскай дысертацыі, сумніву не было - буду займацца дыялектнай фразеалогіяй. Тым больш што і тэарэтычная, і факталагічная база для гэтага ў мяне ўжо была значная. Па рэкамендацыі рэктара ўніверсітэта Сяргея Аляксандравіча Маскевіча ў 1999 годзе я атрымаў грант для напісання доктарскай дысертацыі. У сувязі з гэтым зволіўся з пасады дацэнта і перайшоў у навукова-даследчы сектар на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка. Грант быў разлічаны на два гады. І я зноў цалкам аддаўся навуковай справе. Кіраўніцтва ўніверсітэта тады вельмі спрыяльна ставілася да падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі, усяляк дапамагала і садзейнічала дактарантам. Хораша ўспамінаецца начальнік навукова-даследчага сектара Гайда Леанід Станіслававіч, які вельмі прафесійна кіраваў сваім падраздзяленнем, часта кантактаваў са сваімі навуковымі супрацоўнікамі, унікаў у іх справы і праблемы, імкнуўся пры неабходнасці дапамагчы. Ён добра разумеў сваіх падначаленых, бо і сам у той час рыхтаваў доктарскую дысертацыю. Праз два гады доктарская ў асноўным была напісана. У 2003 годзе апублікавана манаграфія "Беларуская дыялектная фразеалогія і яе лексічная аснова". На базе яе падрыхтавана дысертацыя "Беларуская дыялектная фразеалогія: тыпалогія, лексічны склад", абарона якой адбылася ў 2004 годзе. Апанентамі па дысертацыі выступілі І.Я. Лепешаў, У.І. Коваль, М.Р. Прыгодзіч.

- Сярод апублікаваных Вамі навуковых прац вялікая доля прысвечана дыялектным гаворкам Гарадзеншчыны. Чым выклікана такая ўвага да гэтага моўнага рэгіёну?

- Думаю, прычын можна вылучыць некалькі. Гарадзеншчына - гэта мая радзіма, і мясцовыя гаворкі асабліва дарагія. Паколькі жыву ў гэтым рэгіёне, то маю большыя магчымасці вывучэння мясцовай мовы менавіта тут. І калі не я, то хто? Некалькі дзесяцігоддзяў, акрамя фразеалагізмаў, імкнуўся запісаць і розныя іншыя моўныя факты, асабліва тыя, што маюць рэгіянальную адметнасць. Найлепшыя з прыкладаў звязнага маўлення ўвайшлі ў хрэстаматыю "Дыялектная мова Гродзеншчыны" (2007). Ладную калекцыю рэгіянальных фанетычных, марфалагічных і іншых запісаў захацелася апублікаваць разам у асобным выданні. Так узнікла задума кнігі "Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны", якая выйшла ў свет у 2008 годзе. Хочацца, каб мовай Гарадзеншчыны, гэтай унікальнай з'явай, якая фарміравалася працай трох народаў - беларускага, польскага і літоўскага, займалася больш людзей, і навукоўцаў, і краязнаўцаў. З гэтай мэтай арганізаваў выданне штогодніка "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны". Выйшла ўжо тры выпускі, у якіх змешчаны артыкулы выкладчыкаў універсітэта, студэнтаў, настаўнікаў, краязнаўцаў Гарадзенскай вобласці. Рыхтуецца чацвёрты выпуск.

- У апошнія гады ў сферы Вашых навуковых інтарэсаў не толькі рэгіяналістыка. Публікуюцца даследаванні, прысвечаныя супастаўляльнаму мовазнаўству, у прыватнасці, супастаўляльнай фразеалогіі.

- Асновай, стрыжнем майго навуковага багажу, навуковага светапогляду, навуковага менталітэту была і застаецца беларуская фразеалогія. Каб не застойвацца ў сваім фразеалагічным кругаглядзе, варта рухацца далей, быць у пошуку, асвойваць новыя навуковыя ўчасткі. Гадоў пятнаццаць таму я вызначыў для сябе яшчэ і такі кірунак, як супастаўляльная фразеалогія. Актуальнасць даследаванняў такога кірунку сёння вызначаецца і практычнымі патрэбамі, напрыклад, пашырэннем кантактаў беларускай мовы з іншымі мовамі свету. Як навуковы кіраўнік, маю магчымасць прыцягваць у аспіранцкія шэрагі выпускнікоў такіх спецыяльнасцяў, як германская, раманская, руская, славянская філалогія, што дае магчымасць даследаваць беларускую мову праз параўнанне з іншымі мовамі. Магістрантам і аспірантам, якія выбралі сабе тэму даследавання па супастаўляльнай фразеалогіі, падрыхтаваў у суаўтарстве дапаможнік "Праблемы супастаўляльнай фразеалогіі" (2013).

- Як Вы ацэньваеце такі таксама адказны складнік працы прафесара, як кіраўніцтва аспірантамі? Што значыць сёння "выводзіць у людзі" новыя навуковыя сілы?

- Пад маім кіраўніцтвам кандыдатамі навук сталі тры аспіранты. Гэта шаноўная спадарыня Ірына Герасімчык, з якой я маю зараз гонар гутарыць, і дзве выкладчыцы рамана-германскіх спецыяльнасцяў Т.П. Фундатар і І.К. Цівунчык. Цяпер кіраўніцтва аспірантамі займае шмат часу. Некалі кіраваць было прасцей. Зацвярджалася тэма дысертацыі - і наперад, працуй. Аспірант сам, без залішняй апекі кіраўніка ўлазіў у праблематыку свайго даследавання і прыходзіў да навуковых адкрыццяў. Сапраўдная гуманітарная навука ў абсалютнай большасці індывідуальная, я б нават сказаў, інтымная, яна ствараецца праз каласальную працу думкі, бяссоныя ночы, выпакутаваныя праз сумненні і шматлікія спробы і памылкі ідэі, праз адчуванне радасці, што табе нарэшце ўдалося знайсці, абгрунтаваць, даказаць, адкрыць. Толькі такім шляхам вырастаюць сапраўдныя вучоныя. Сёння з-за невысокай прэстыжнасці выкладчыцкай працы і невялікіх зарплатаў таленавітая моладзь не хоча ісці ў аспірантуру. Даводзіцца працаваць з тым кантынгентам, які ёсць. Некаторыя паступаюць у аспірантуру, не маючы элементарнага ўяўлення, што такое навука і як яна робіцца. Ім здаецца, што характар вучобы ў аспірантуры такі, як і ў школе ці ўніверсітэце: выкладчык дае заданне, вучань выконвае, затым выкладчык правярае і ставіць адзнаку. Другая прычына "слабасці" аспірантаў - гэта ўсеагульная камп'ютарызацыя, ахвярамі якой становяцца ўжо з дашкольнага ўзросту. Камп'ютар замяніў такія формы працы, як чытанне-вывучэнне літаратуры, канспектаванне, а значаць, і развіццё, трэніроўку мыслярна-аналітычных дзеянняў. Навошта самастойна здабываць і абагульняць веды, калі ў Інтэрнэце яны даюцца ў гатовым выглядзе. І на першым годзе даводзіцца аспіранта, як кажуць, вадзіць за ручку, вучыць, як здабываць і сістэматызаваць навуковую інфармацыю, як лагічна мысліць, як выкладаць думкі на паперы ў адпаведнасці з логікай і правіламі культуры маўлення. Акрамя кіраўніцтва аспірантамі, было і ёсць шмат працы ў іншых сферах падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі і навукі. Гэта кіраўніцтва навуковым семінарам, рэдактарства ў часопісе "Веснік ГрДУ імя Янкі Купалы", членства ў двух саветах па абароне дысертацый, апаніраванне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, рэдагаванне навуковай і навучальнай літаратуры і інш. Вось такія прафесарскія будні.

- Ці была Ваша жыццёвая дарога шчаслівая на сустрэчы? Раскажыце, калі ласка, пра людзей, якія нечым Вам блізкія, якім удзячныя, пра якіх хацелася б успомніць.

- Добрыя словы я магу выказаць пра многіх. На першае месца ў іх пераліку я паставіў бы прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава. Амаль сорак гадоў мы з ім ішлі поруч. Спачатку я, малодшы, - вучань, ён, старэйшы, - настаўнік, а пасля - нароўні. Зраўняліся мы ва ўзаемаадносінах, у ацэнцы прафесійных пытанняў, некаторых жыццёвых пазіцый. А як вучоны-лінгвіст ён, канешне, фігура недасягальная. Па колькасці зробленага, па маштабе і глыбіні вырашэння многіх мовазнаўчых пытанняў, паводле навуковай прынцыповасці, маральнай чысціні вучонага ў сучаснай Беларусі яму, бадай, няма роўных. Калі не стала Івана Якаўлевіча, для мяне гэта было сапраўднай трагедыяй, якую я балюча перанёс.

Цёплыя сяброўскія адносіны ў мяне з прафесарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Уладзімірам Іванавічам Ковалем, загадчыкам кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства. Разам мы раслі як фразеолагі (ён ішоў крыху наперадзе), не раз лёс зводзіў нас на лінгвістычных сцежках. У.І. Коваль вельмі кантактабельны, унікальны дружбіст. Усе яго паважаюць і любяць, асабліва лінгвісткі, фразеалагіні.

З прафесарам Васілём Іванавічам Рагаўцоўвым, загадчыкам кафедры беларускай мовы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім А.А. Куляшова, лёс звёў, калі ён прыязджаў да нас у Гародню старшыняваць у камісіі ДзЭК. З тых часоў мы сябруем і прафесійна супрацоўнічаем. Як чалавек творчы, Васіль Іванавіч надзелены тонкай псіхікай, вельмі непрактычны ў бытавых зносінах і часта мае патрэбу ў парадах па тых ці іншых жыццёвых пытаннях. У гэтым плане я яму стараюся дапамагаць сваімі падказкамі і меркаваннямі.

З Васілём Васільевічам Шурам, прафесарам, загадчыкам кафедры беларускага мовазнаўства Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна, нас звязвае тое, што мы "дзеці аднаго бацькі" - у абодвух навуковым кіраўніком быў Ф.М. Янкоўскі. З другога боку, у нас ёсць навуковыя кропкі судакранання, мы - рэгіяналісты: ён займаецца мовай Мазыршыны, я - мовай Гарадзеншчыны. Як чалавек, ён вельмі народны, з простым паляшуцкім гумарам і філалагічнай дасціпнасцю.

Прафесар Генадзь Апанасавіч Цыхун, супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі, - знакаміты славіст, інтэлігентны, па характары мыслення і манерах паводзін вучоны еўрапейскага тыпу. Акрамя навуковых кантактаў, нас звязваюць зямляцкія пачуцці. Г.А. Цыхун нарадзіўся і вырас у Гародні. Многія гады я сябраваў і супрацоўнічаў з яго бацькам, вядомым краязнаўцам Апанасам Пятровічам Цыхуном.

Аляксей Васільевіч Нікіцевіч, прафесар, загадчык кафедры рускай мовы ГрДУ, - мой добры калега. Мы паралельна ўжо нямала гадоў цягнем філалагічную запрэжку ў Купалаўскім універсітэце. І хоць ён русіст, а я беларусіст, у нас ніколі на гэтай глебе не было непаразуменняў, таму што сярод каштоўнасцяў найважнейшыя ў нас - чалавек, навука і служэнне навуцы.

У такім плане я мог бы апавядаць яшчэ пра многіх, але, каб не перабіраць час, проста назаву прозвічшы тых, хай яны мне даруюць, з кім было прыемна супрацоўнічаць: А.А. Крывіцкі, А.А. Лукашанец, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова, В.М. Курцова, М.П. Антропаў, Л.П. Кунцэвіч, Ф.Д. Клімчук (Інстытут мовы і літаратуры), М.Р. Прыгодзіч, С.М. Запрудскі, І.А. Гапоненка (БДУ), В.А. Ляшчынская, А.А. Станкевіч (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны), А.А. Аляхновіч, М.І. Новік (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна). З маладых асобна хацелася б адзначыць дацэнта, загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Дзмітрыя Васільевіча Дзятко. Таленавіты, працавіты і вельмі плённы малады навуковец. Мне здаецца, Усявышні надзяліў яго місіяй быць у перспектыве флагманам беларускай лінгвістычнай навукі.

З вучоных замежжа, з якімі даводзілася мець навуковыя стасункі, успамінаюцца ў першую чаргу вядомыя расійскія фразеолагі У.П. Жукаў, А.В. Жукаў, В.М. Макіенка, украінскі фразеолаг В.Д. Ужчанка, польскі тапаніміст і беларусіст М. Кандрацюк.

А што датычыць калег па працы ў родным універсітэце, то ўсе яны мне блізкія і дарагія.

- Наша размова дазваляе скласці дастаткова выразнае ўяўленне пра Ваша працоўнае жыццё, навуковую дзейнасць. Ці мае шаноўны прафесар захапленні, не звязаныя з прафесіяй?

- Як я ўжо казаў, важнае значэнне для мяне мае лес. Без лесу, без прыроды мне цяжка. Хаця б раз у два тыдні я стараюся пабываць на радзіме і паблукаць па лясных сцежках, паздароўкацца, пагаварыць з мясцінамі, з дрэвамі, якія мне дарагія з дзяцінства. У грыбны сезон дык наогул раскоша для душы, кланяешся кожнаму грыбку, спалучаеш прыемнае з карысным. Другое захапленне - гэта пчалярства, таксама блізкае з дзяцінства. Пчолы для мяне не проста аматарскі занятак, а нешта значна большае, гэта, можна сказаць, мая радасць і ўцеха, лад майго жыцця, без іх не ўяўляю свайго існавання. Яны выключна ўнікальнае тварэнне прыроды. Калектыўная дзейнасць пчол - выдатны прыклад для людзей, як рацыянальна, разумна выжываць цэлай супольнасцю. Сабраў цікавую бібліятэку пра пчол, вывучыў тонкасці пчалярскай справы, а гэта (пераканаўся на ўсе сто) не лягчэй, чым напісаць доктарскую дысертацыю.

- Ці задаволены Вы сваёй жыццёвай дарогай, ці ўсё складвалася так, як хацелася?

- Думаю, што наўрад ці можна знайсці чалавека, які быў бы задаволены ўсім, што было ў яго мінулым. У цэлым, канешне, я не ўяўляю сабе іншага жыццёвага адрэзку, чым той, які пройдзены. Аднак, што-нішто з запланаванага, на жаль, засталося нерэалізаваным. Перашкодай былі ў асноўным праблемы зямнога, будзённага, побытавага характару. Вельмі хвалюе лёс беларускай мовы, якая на афіцыйным узроўні выдаляецца з ужытку. Хочацца крычаць… Людзі, што вы робіце! Губіце самую славянскую мову... Мову дзесяцімільённага народа... У цэнтры славянскага свету… Будучыня гэтага не даруе.

- І пытанне пад фінал. Што з запланаванага наперадзе? Над чым яшчэ неабходна і варта працаваць?

- Даўняй марай з'яўляецца складанне зводнага Фразеалагічнага слоўніка гаворак Гарадзеншчыны. Больш як трыццаць гадоў складаў картатэку слоўніка, якая ўжо мае памер больш за паўтары тысячы камп'ютарных старонак. Ужо распрацаваў слоўнікавыя артыкулы на першыя тры літары. Хачу выдаць зборнік малых форм фальклору Гарадзеншчыны, якія я збіраў некалькі дзесяцігоддзяў. У планах мару сплаціць доўг перад роднай зямлёй - напісаць дакументальную кнігу пра гісторыю сваёй вёскі, якая дажывае апошнімі жыхарамі. Выспяваюць і іншыя задумы, пра якія прадметна гаварыць яшчэ ранавата.

- Шчыра дзякую за размову! Хочацца, каб задуманае Вамі абавязкова спраўдзілася!

Ірына Герасімчык,дацэнт кафеды журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы.


Айконімы Беларусі.

Частка I. Назвы населеных пунктаў Зэльвеншчыны

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Кашалі (Каралінскі сельсавет) - ад прозвішча Кашэль (Кошаль) (семантычнае ўтварэнне ад кашэль 'кош, кошык' ( кашэль), множналікавая форма якога Кашалі набыла значэнне 'паселішча' (вёска з жыхарамі з названным прозвішчам).

Клепачы (Тулаўскі сельсавет) - ад прозвішча Кляпач (семантычнае ўтварэнне ад кляпач 'малаток для кляпання (вастрэння) касы', а таксама 'той, хто клепле касу (лязо яе)': кляпач), множналікавая форма якога набыла значэнне 'паселішча' (з асобамі з названным прозвішчам).

Лебядзі (Крамяніцкі сельсавет) - ад прозвішча Лебядзь (семантычнае ўтварэнне ад лебядзь (птушка), множналікавая форма якога набыла значэнне 'паселішча' (вёска, дзе ёсць названае прозвішча).

Мадзейкі (Ялуцавіцкі сельсавет) - ад прозвішча Мадзейка (семантычнае ўтварэнне ад мадзейка, якое ад мадз ець 'жыць у цяжкіх умовах', з суфіксам -ейк-а: мадзейка), множналікавая форма якога Мадзейкі набыла значэнне 'паселішча' (вёска з жыхарамі з названным прозвішчам).

Пузікі (Тулаўскі сельсавет) - ад прозвішча Пузік (семантычнае ўтварэнне ад пузік 'пузаты' ( пуза 'жывот'+ суфікс -ік), множналікавая форма якога Пузікі набыла значэнне 'паселішча' (з жыхарамі з названым прозвішчам).

Талалайкі (Тулаўскі сельсавет) - ад прозвішча Талалайка (семантычнае ўтварэнне ад апелятыва талалайка 'той, хто часта выгуквае: "Та-лала-Талала"), множналікавая форма якога набыла значэнне 'паселішча' (з жыхарамі з названым прозвішчам).

Шулякі (Сынкавіцкі сельсавет) - ад прозвішча Шуляк (семантычнае ўтварэнне ад шуляк 'птушка ястраб', а так-сама 'шула з пазамі'), множналікавая форма якога набыла значэнне 'паселішча' (з жыхарамі з названым прозвішчам).

Шыйкі і Шэйкі (Тулаўскі сельсавет) - ад прозвішча Шэйка (Шыйка) (семантычнае ўтварэнне ад шыйка ( шэйка - руск.), якое ад шыя (шэя) з суфіксам -ка: шыйка (шэйка), множналікавая форма якога набыла значэнне 'паселішча' (вёска з жыхарамі з названым прозвішчам).

Астатнія айконімы, як адасобленыя (несістэматызаваныя) словы, разгледзім з улікам іх алфавітнай паслядоўнасці.

Бязводна (Дабраселецкі сельсавет) - скарочаная назва ад бязводная ( без вады) 'рэчка, высахлая рака, ці мясцовасць, якой не хапае вады' - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва бязводна, які стаў найменнем вёскі.

Бярэжкі і Беражкі (Зэльвенскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад беражкі, якое з памяншальна-ласкальным суфіксам -кі ад бераг, што значыць 'тое, што знаходзіцца на беразе (ракі, вадаёму)'.

Вішнеўка (Ялуцавіцкі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад вішнеўка 'вішнёвы зараснік' ( вішнеўка).

Вострава (Палынкаўскі сельсавет) - у іншых рэгіёнах Беларусі - Востраў (семантычнае ўтварэнне ад востраў 'частка сушы, акружаная з усіх бакоў вадой', а таксама 'участак, які вылучаецца чым-небудзь сярод навакольнай мясцовасці, напрыклад, сухое месца сярод балота, невялікі лес сярод поля і пад.' Форма Вострава - дастасаванне да словаў сяло, вёска.

Галынка (Новая Галынка, Старая Галынка) (Галынкаўскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва галынка 'голае месца', з суфіксам -ынк-а ад голы 'без расліннасці', 'бедны' і пад.

Горна (Каралінскі сельсавет) - скарочаная форма ад Горная - семантычнае ўтварэнне ад прыметніка горная ( гара - гор-н-ая), што значыць 'гарыстая', 'з узгоркамі' (мясціна, тэрыторыя).

Грабава (Дзярэчынскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад грабава 'мясціна з зараснікам грабу': Граб-ав-а.

Дабрасельцы - форма множнага ліку ад прозвішча Дабраселец (утварэнне ад айконіма Добрае сяло, з суфіксам -ец ( Дабраселец).

Дзярэчын (цэнтр сельсавета) - ад прозвішча Дзярэча (семантычнае ўтварэнне ад дзярэча 'той, хто дзярэ ( дзяр-эча), выдзірае пчолы з дуплаў, забірае іх мёд' (Гл. кнігу: Міхась Скобла. Дзярэчынскі дыярыюш. (Мінск, 1999, с. 6).

Елка (Сынкавіцкі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад елка (руск. 'яліна, хваіна'), занесенае ў гэтую мясцовасць нетутэйшым чалавекам.

Задвор'е (Тулаўскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад задвор'е 'тое, што за дваром'. Вёска магла атрымаць назву ад тапоніма За Дваром, г. зн. размешчана за паселішчам Двор.

Залаце ева (Дзярэчынскі сельсавет) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ева ад прозвішча Залацей (семантычнае ўтварэнне ад апелятыва залацей 'той, хто залоціць (пазалочвае) вырабы' (утварэнне з суфіксам -ей ад дзеяслова залаціць ( < золата).

Запруддзе (Славаціцкі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад запруддзе 'тое, што за прудом' ( за-пруд-jэ - запруд-дзе). Назва паселішча магла ўзнікнуць ад тапоніма За прудом (за прудом), дзе даўнейшае слова пруд мела значэнне 'млын'.

Зэльва (цэнтр раёна) - ад назвы ракі Зэльва; гідронім Зэльва мае некалькі версій свайго паходжання, але найбольш верагодная з іх наступная: слова "Зэльва" складаецца з дзвюх частак: Зэль - 'зялёны' і -ва 'вада, рака'. Для адмежавання назвы ракі ад паселішча ўзнікла вытворнае слова Зэльвенка ( > Зальвянка) - (утварэнне з суфіксам -янка), якое стала называць раку. (Ад ранейшай, аналітычнай назвы Зэльвенская рака (цячэ праз Зэльву).

Зяле ніца і Зеляні ца (Зэльвенскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва (= агульнага назоўніка) зял е-ніца / зелян іца 'тое, што зеля-ніць' (нагадвае зялёны колер: зелян-іца).

Каліноўка (Тулаўскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад каліноўка 'калінавы зараснік' ( калін-аў-ка).

Кашчэева (страчаная назва хутара) - прыметнікавая форма з суфіксам -ава ад прозвішча Кашчэй (утварэнне ад кашчавы, косць, з суфіксам - ей ( кашч-эй) і значэннем 'худы (адны косці)'.

Конна (Зэльвенскі сельсавет) - скарочаная форма ад Конная (семантычнае ўтварэнне ад конная 'тое, што звязана з коньмі (канём)' (дарога, пабудова).

Крамяніца (Крамяніцкі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва крамяніца (ад крамяны 'усеяны каменнем, камяністы' - 'поле, дарога, збудаванне'.

Крываконна (Зэльвенскі сельсавет) - складанае слова: Крыва ( крыві < кроў) і конна (ад апелятыва крываконна 'крывавыя (параненыя) коні'. Абодва словы з коранем -кон- ( Конна і Крываконна) абазначалі першасна 'памяшканне для коней', а затым набылі значэнне 'паселішча'. Варта тут мець на ўвазе і Ганненскі кірмаш ў Зэльве, дзе найперш адбываўся гандаль коньмі.

Крэсла (Тулаўскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад крэсла 'від ланшафту, які нагадвае контуры крэсла (мэбля)'.

Лозы (хутар) - ад апелятыва лозы 'зараснік лазы'.

Луконіца (Галынкаўскі сельсавет) - семантычная ўтварэнне ад луконіца 'мясціна (бераг ракі ці вадасхоў) з абрысамі лукі (з выгінам)'.

Медухава (хутар) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ава ад прозвішча Медух (семантычнае ўтварэнне ад медух (мед-ух) са значэннем 'звязаны з мёдам' (параўн. ме-дуніца (расліна з пахам мёду).

Міжэрычы (Тулаўскі савет) і Межырэчча - семантычнае ўтварэнне ад межы-рэчча 'межы рэчча (рэчышча)', г. зн. межы рэчышча.

Мошкі (вёска, страчаная назва) - семантычнае ўтварэнне ад мошкі 'мясціна з мноствам мошак (насякомых)'.

Навасёлкі (Каралінскі сельсавет) - складанае слова: Новыя сёлкі 'паселішча (сёлкі), якое ўзнікла пазней'.

Падбалоцце (Крамяніцкі сельсавет) - утварэнне ад тапоніма: пад балотам (арыенцір).

Падгрушаны (Ялуцавіцкі сельсавет) - адтапанімічнае ўтварэнне - арыенцір ад Груша (прыставачна-суфіксальнае): пад-грушаны.

Пруд (Галынкаўскі се-льсавет) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва пруд 'млынавая запруда', (руск.) пруд 'сажалка', 'ставок'.

Пустаборы (Галынкаўскі сельсавет) - складанае слова: пусты бор (без грыбоў, ягад) пераасэнсавалася, набыла тыповую для айконімаў множналікавую форму і набыла значэнне 'паселішча'.

Пянюга (Каралінскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва пянюга 'вялікі пень' (з суфіксам -юг-а ад пень: пянюга).

Тулава (Тулаўскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва тулава 'цела чалавека або жывёлы без галавы, канечнасцей'. Відаць, ад вырабу з камля дрэва такой статуі.

Угрынь (Дзярэчынскі сельсавет) (Вялікая У., Малая У.). Існуе некалькі версій паходжання слова. Адна з іх: ад этноніма венгр (< вугор < угр). На радзіме аўтара гэтых радкоў венгрын азначала 'чалавек, які пакладае самцоў свойскай жывёлы (бугаёў, жарабцоў, кнуроў)'. Лічылася, што гэта спраўна рабілі прыезджыя асобы з Венгрыі. Адсюль Угр-ын (суфікс прыналежнасці -ын (а не -ынь). Другая версія - ад назвы рыбы (в)угор: (в)угрын. У в. Грабава кажуць: Угрынё (дастасаваная форма да слова "сяло").

Холстава (Зэльвенскі сельсавет) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам - ава ад прозвішча Холст (Холст-ава), семантычнага ўтварэння ад холст (руск.) 'палатно', 'часаны лён', 'кудзеля'). Уладанне названай асобы набыло значэнне 'паселішча'.

Цыганоўка (Каралінскі сельсавет) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва цыганоўка (ад цыган, з суфіксам -оўка ( цыган-оўка) або ад прыметніка цыгановы, з суфіксам -к-а: цыганоў-ка). Першасна было двухслоўнае найменне Цыгановае прыстанішча, якое кандэнсавалася ў адно слова Цыганоўка.

Ярнева (Сынкавіцкі сельсавет) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ева ад прозвішча Ярны (Ярн-ева), якое ад апелятыва ярны 'вясновы' (параўн. ярына, яравая пшаніца). Найменне ўладання асобы (участка зямлі) набыло значэнне 'паселішча (вёска)'.

Павел Сцяцко


Алексіевіч будуць вывучаць па-беларуску?

Старшыні Грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства адукацыі разгледзела Ваш зварот аб вывучэнні творчасці Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Святланы Алексіевіч на беларускай мове і паведамляе наступнае.

У сувязі з пераходам на профільнае навучанне ў 2015 годзе пераглядаюцца вучэбныя праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У склад рабочых груп па вучэбных прадметах "Беларуская літаратура" і "Руская літаратура" ўключаны навукоўцы (літаратуразнаўцы і спецыялісты ў сферы методыкі выкладання літаратуры), вядомыя ў рэспубліцы педагогі-практыкі, прадстаўнікі пісьменніцкай супольнасці.

Канкрэтныя змены ў вучэбных праграмах па беларускай і рускай літаратурах знаходзяцца ў стадыі абмеркавання. У тым ліку разглядаецца пытанне аб уключэнні твораў Святланы Алексіевіч у вучэбныя праграмы па рускай літаратуры (у межах аглядавай тэмы "Рускамоўная літаратура Беларусі") і беларускай літаратуры.

Члены рабочай групы па распрацоўцы зместу літаратурнай адукацыі (беларуская літаратура) вывучаюць мэтазгоднасць уключэння ў вучэбную праграму для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пэўных твораў Святланы Алексіевіч, перакладзеных на беларускую мову ("Апошнія "сведкі", "У вайны не жаночае аблічча", "Цынкавыя хлопчыкі", "Зачараваныя смерцю", "Чарнобыльская малітва"), якія будуць не толькі добра прэзентаваць асаблівасці творчай індывідуальнасці пісьменніцы, але і адпавядаць узроставым асаблівасцям вучняў. Мяркуецца правесці таксама карэляцыю зместу вучэбных праграм па беларускай і рускай літаратурах.

Паведамляем, што ў лістападзе 2015 года будзе наладжана грамадскае абмеркаванне зместу вучэбных праграм для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных прадметах "Беларуская літаратура" і "Руская літаратура" з удзелам навукоўцаў, метадыстаў, настаўнікаў, аўтараў вучэбных дапаможнікаў, прадстаўнікоў пісьменніцкіх арганізацыі і ўсіх зацікаўленых асоб. Абвестка пра час і месца правядзення гэтага мерапрыемства будзе размешчана на Нацыянальным адукацыйным партале (httр://adu.bу/).

Выказваем удзячнасць за неабыякавасць да зместу вучэбных праграм па беларускай літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" адказ Міністэрства адукацыі можа быць абскарджаны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь (220010, г. Мінск, вул. Савецкая, 9) у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Намеснік Міністра Р.С. Сідарэнка.



Трусаву А.А.,

г. Мінск, вул. Румянцава, д. 13

Паважаны Алег Анатольевіч!

ААТ "Гомельаблаўтатранс" разгледзела Ваш зварот у адрас Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2015 года і паведамляе наступнае.

Пры рэканструкцыі асфальтавага пакрыцця і перона аўтавакзала "Гомель", праведзенай у жніўні 2015 года, замены шыльдаў з беларускай на рускую мову, як паказана ў звароце, не праводзілася.

Між тым, кіраўніцтвам ААТ "Гомельаблаўтатранс" успрынятыя крытычныя заўвагі і праведзена пэўная праца па іх ліквідацыі.

Так, па стане на 1 кастрычніка 2015 года назва аўтавакзала "Гомель" заменена на "Аўтавакзал "Гомель", таксама, прадубляваны інфармацыйныя надпісы на беларускай мове ўнутры і звонку будынка.

На ўсе звароты грамадзян па дадзенай тэме дадзены вычарпальныя тлумачэнні.

Дзякуем за сваечасовыя і канструктыўныя прапановы.

З павагай, генеральны дырэктар Д.М. Старасценка.


Яўгену Гучку - 75

Пра Яўгена Гучка можна пiсаць i распавядаць, колькi xoчаш i калi хочаш, не чакаючы яго юбiлейнай даты.

Гэта вельмi цiкaвы, таленавiты, усебакова адукаваны, творчы чалавек.

Нарадзiўcя Яўген Гучок 4 лiстапада 1940 года ў Слуцку, дзе i прайшлi яго дзяцiнства i юнацтва. I хоць зараз ён пражывае ў горадзе Менску, пра сваю малую радзiму не забывае - ён проста закаханы ў яе. Пра Слуцк i яго найбагацейшую гicторыю Яўген можа распавядаць гадзiнамi. Cлуцк i Cлуччына далi для Беларусi i ўсяго свету шмат знакамiтых асоб, i пра кожную з ix Яўген Гучок шмат ведае, вывучае ix жыццядзейнасць i, каб яны не сцерлiся з памяцi, вяртае ix сучаснаму i наступным пакаленням. Так у апошнi час з-пад яго пяра выйшла кнiга "Ах, Родчанка!", у якой вядзецца расповед пра Рыгора Родчанку - "чалавека, грамадзянiна, краязнаўца, лiтаратуразнаўца, фалькларыста, паэта...". Кнiга выйшла ў 2011 годзе ў выдаведцтве "Рыфтур". Другая кнiга Яўгена Гучка, якая выйшла ў 2014 годзе - гэта "Альгерд Абуховiч". Жыццё i дзейнасць гэтай асобы даследавана дасканала, i тут немагчыма не заўважыць, што аўтар ставiцца з асаблiвай павагай да свайго зямляка. Кнiга выйшла ў серыi "100 выдатных дзеячоў беларускай культуры", заснавальнiкaм i рэдактарам якой з'яўляецца Анатоль Тарас.

Яўген Гучок нарадзiўся ў вельмi cкладаны час - ужо палыхала Другая сусветная вайна. Як сям'я перажыла гэтае лiхалецце, гэта iншая тэма. Калi, нарэшце, прыйшло вызваленне ад нямецкix акупантаў, Яўгену iшоў 4-ы год. Потым наступiлi пасляваенныя галодныя гады Магчыма гэтыя складаныя часы нашай гiсторыi i сфармавалi xapaктар Яўгена Гучка. З 1948 па 1958 ён навучаўся ў Сярэдняй школе № 9 г. Слуцка. Пасля заканчэння школы Яўген не стаў адразу паступаць у ВНУ, таму што наблiжаўся тэрмiн службы ў Савецкай Армii. У тыя часы для студэнтаў яшчэ не iснавала такой iльготы, як адтэрмiноўка ад службы ў армii на перыяд вучобы. I Яўген пасля заканчэння школы пайшоў працаваць. Працаваў у геалагiчным атрадзе. У гэты ж самы час ён заявiў пра сябе, як пра паэта - яго вершы пачалi друкавацца ў слуцкай раённай газеце. Працягваў пiсаць вершы i ў часы службы ў Савецкай Армii, якая доўжылася з 1960 па 1963 год. Пасля службы, атрымаўшы нейкi жыццёвы досвед, узмужалы, паступае ў Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт, якi закончыў у 1968 годзе, а потым i аспiрантуру пры iм. Нейкi час працаваў настаўнiкaм. Каб пашырыць свае веды i потым рухацца да новых вышынь, ён паступае ў Маскоўскi палiграфiчны iнстытут.

I, нарэшце, выдавецтва "Народная асвета" - тут на пасадзе вядучага рэдактара Яўген Гучок прапрацаваў 30 гадоў, з 1971 па 2001 год. Пасада забiрала шмат часу, якога вельмi не хапала для творчага чалавека, якiм ён быў i ёсць. Але менавiта ў гэты перыяд выйшла ў свет большасць кнiг Яўгена Гучка. Гэта "Белое чудо", вершы - выдавецтва "Мастацкая лiтаратура", 1976 год. Гэта "Блакiтныя чмялi. Паэма дзяцiнства" - выдавецтва "Юнацтва", 1983 год. Гэта "Сэрцам i думкай", вершы - выдавецтва "Мастацкая лiтаратура", 1994 год. Гэта "Формула травы", кнiга трохрадкоўяў - выдавецтва "Спадчына", 1997 год. Другое выданне кнiгi выйшла ў выдавецтве "Полымя", 2002 год. "Формула травы" - гэта ўнiкaльная кнiга. На 330 старонках разгорнута 112 тэм, якiя ўмяшчаюць больш за 2300 трохрадкоўяў. I справа тут не ў лiчбах, а ў глыбiнным мысленнi, неверагодным таленце аўтара. Як можна ў трох радках, усяго некалькi слоў выразiць глыбокую закончаную думку. Гэтыя яго трохрадкоўi не проста чытаеш, а прыходзiцца думаць, сэнс, закладзены аўтарам у ix, прымяраць на сябе. Яўген Гучок не проста паэт, а паэт - фiлосаф.

У 2004 годзе ў выдавецтве "Тэхналогiя" выйшла чарговая кнiга Яўгена Гучка "На патрэбу душы". У 2009 годзе пабачыла свет яго кнiга "Nekropolis" ("Някропалic"). Гэтая кнiга адметная тым, што яна мае кiшэнны фармат. Яе заўсёды можна мець пры сабе i ўсюды чытаць, думаць i спрабаваць зразумець мудрыя выказваннi аўтара кнiгi.

Яўген Гучок радуе нас не толькi паэзiяй. З-пад яго пяра з'яўляюцца i гiстарычныя творы. Так, у 2007 годзе ў выдавецтве "Спадчына" выйшла 1-я частка кнiгi "Чаму мы страцiлi этнонiм "Лiтва". Зараз ён працуе над 2-й часткай кнiгi. У 2013 годзе пабачыла свет новая кнiга Яўгена Гучка "Беларусь у Магдэбургскiм праве", выдавецтва "Рыфтур Прынт".

Яўген Гучок, як паэт, з'ява ўнiкaльная. Калi задаць пытанне, якiя патрэбны крытэрыi, каб мець падставу называцца паэтам, то большасць апытаных адкажа, што паэт - гэта тая асоба, якая пiша вершы. Але ж вершы пiшуць кожны другi, а паэтамi становяцца адзiнкi. На маю думку паэт - гэта чалавек, асоба, якая валодае асобым дарам, якая суiснуе ў гармонii з прыродай, з грамадствам, разумее законы ix развiцця, тонка адчувае ўсялякiя перамены. Спачатку нараджаецца паэт i толькi потым вершы. На маю думку, Яўген Гучок з шэрагу такix паэтаў. Ён суicнуе ў згодзе з прыродай. Яго кнiга "Формула травы" - сведчанне гэтаму. Тут можна адшукаць яго мудрыя выказваннi - звароты да Бога, да Неба, да Сонца, да Ветру, да Вады - гэты спic можна працягваць доўга. Не дарэмна ж яго першай працай быў геалагiчны атрад, i нарэшце ён стаў Правадзейным членам геаграфiчнага таварыства СССР.

У Яўгена Гучка хапае часу i на грамадскую дзейнасць. Так ён з'яўляецца сябрам Менскага гарадскога культурна-асветнiцкага клуба "Спадчына" i aктыўна ў iм працуе. Узнагароджаны Дыпломам Камiтэта ўшанавання i занесены ў Кнiгу гонару. Дзякуючы намаганням Яўгена ў 2014 годзе выйшла з друку кнiга "I паўстала "Спадчына". Яўген Гучок - сябар "Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны". У 90-я гады 20-га стагоддзя быў кiраўнiкoм суполкi БНФ аднаго з раёнаў Менска. Яго артыкулы друкуюцца ў газетах "Наша слова", "Народная воля", "Краязнаўчая газета" ды iншыя. Выступае на Радыё Свабода. Творы Яўгена Гучка перакладзены на англiйскую, нямецкую, польскую, чэшскую, расейскую мовы.

Застаецца павiншаваць Яўгена Сяргеевiча з юбiлейнай датай з Дня яго нараджэння, пажадаць яму моцнага здароўя, шчасця, кахання, новых творчых поспехаў, новых кнiг.

Падрыхтаваў матэрыял Iлля Копыл.


Гісторыя ў падзеях і малюнках

10 лістапада (аўторак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках"з Алегам Трусавым.

Пачатак 18.00. Уваход вольны.


У Свіслачы прайшоў фэст памяці паўстанцаў 1863 года

31 кастрычніка ў Свіслачы ўшанавалі тых, хто змагаўся за свабодную Беларусь. Сёлета мерапрыемства прайшло ўжо ў 21 раз. Каля сотні чалавек прыехалі з Менска, Гародні, Берасця, Мастоўскага, Слонімскага, Ваўкавыскага, Дзятлаўскага, Лідскага, Кобрынскага раёнаў. Прыехалі дзеля таго, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 года. Прайшла акцыя ўскладання кветак да магілы Віктара Каліноўскага, ідэалагічнага натхняльніка паўстання 1863 года, і да магілы мясцовага актывіста Віктара Дзясяціка, намаганнямі якога 20 гадоў ладзіўся гэты фестываль. Таксама група ўдзельнікаў шэсця са сцягамі выступіла перад помнікамі Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.

У Якушоўцы, родавай сядзібе Каліноўскіх, ля памятнага крыжа выступалі Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Хільмановіч, Аляксей Янукевіч. Адзін з выступоўцаў ля памятнага крыжа ў Якушоўцы Аляксандр Мех з сумам сказаў пра падмуркі сядзібы Каліноўскіх, якую за 24 гады незалежнасці так і не аднавілі:

- Каб пахаваць гісторыю, не трэба знішчаць помнікі, трэба іх не аднаўляць. Кожны год я прыязджаю сюды, падтрымліваю мясцовых хлопцаў, якія ладзяць гэтае свята, калі мы тут успамінаем паўстанне Кастуся Каліноўскага. Што тычыцца паводзінаў уладаў, то, вядома, пасля кожнага такога нашага святкавання-ўспамінаў яны сустракаюць нас штрафамі ў судах за ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Улада робіць усё так, каб зруйнаваць нашу гістарычную памяць.

Пасля Якушоўкі ўдзельнікі фэсту накіраваліся ў лес, дзе адбыўся сяброўскі пачастунак і канцэрт. З сваімі песнямі выступілі Сяргей Чарняк з Ліды, Зміцер Захарэвіч з Менска і Алесь Дзянісаў з Гародні.

Радыё Рацыя.На здымках: 1. Каля помніка К. Каліноўскаму ў Свіслачы; 2. Агульны здымак наведвальнікаў Якушоўкі: 3. Спявае намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, бард Сяргей Чарняк.


Кніга пра А.І. Кайгародава

Парадавала Раіса Аўчыннікава, якая выдала цудоўную кнігу "Кайгародаў і яго абсерваторыя".

У кнізе даследуецца жыццёвы і навуковы шлях знакамітага вучонага, фізіка, геафізіка, географа і кліматолага прафесара Аляксея Іванавіча Кайгародава (1881 - 1951), былога рэктара Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Асноўная ўвага нададзена яго шчыраванаям па стварэнні Беларускай навукова-даследчай геафізічнай абсерваторыі. У кнізе змешчаны лісты, фотаздымкі і іншыя дакументы.

Наклад выдання 55 асобнікаў. Выдавец - Віктар Уладзідміравіч Хурсік. Кніга хутка чытаецца! Яна вельмі цікавая, а набыць выданне можна ў Раісы Іллінічны.

Аляксей Шалахоўскі.


Магілёўскія актывісты ТБМ усталявалі Крыж памяці

У Магілёве на месцы масавых расстрэлаў грамадзян, якія адбываліся ў 1920-30-я гады, мясцовыя актывісты Таварыства беларускай мовы ўсталявалі Крыж памяці. Сродкі на яго збіралі талакою. Талакою пяцімятровы сімвал у памяць пра бязвінна забітых і ўсталявалі.

Памятны знак зроблены ў форме крыжа Еўфрасінні Полацкай. Ён узвышаецца над кар'ерам, які насупраць магілёўскага мясакамбіната на праспекце Дзімітрава. Гэта мясціна прызнаецца ўладаю, як месца сталінскіх расстрэлаў. Прыканцы 1980-ых тут выявілі чалавечыя парэшткі. Адмысловая камісія канстатавала: тут стралялі людзей. Сябры першай адраджэнцкай арганізацыі Магілёва, мясцовай філіі "Мартыралог Беларусі" адшукалі сведак тых падзеяў і запісвалі іх успаміны.

- Гэта для Магілёва дужа знакавая месца, - кажа кіраўнік Магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. - Калі кажуць, што няма ніводнай сям'і, якая б не пацярпела ад Другой усясветнай вайны, то няма і такой сям'і, якую б не закранулі сталінскія рэпрэсіі, таму сталінскія рэпрэсіі гэткія ж знакавыя для Беларусі, як і Другая ўсясветная вайна. Актывісты адраджэнцкіх арганізацый усталявалі ў 1989 годзе на гэтым месцы крыж. Тады ім дапамагала і ўлада. Крыжы з часам парахнеюць, і іх варта мяняць. Вось і мы зрабілі ўнёсак у гэтую справу, - зазначае актывіст.

Рашэнне пра ўсталяванне крыжа, паводле Алега Дзьячкова, прымала рада арганізацыі. Ажыццявіць задуманае дапамаглі прадпрымальнікі.

- Рада, пастанавіла, што Крыж мусіць стаяць да Дзядоў. Гэтак і выйшла, - зазначае тэбээмавец.

Разам з крыжам усталяваная і мармуровая пліта з надпісам: "Крыж памяці аб бязвінна забітых у 20-30 гады 20 стагоддзя".

Усталяваны камунальнымі службамі горада крыж, якім яны замянілі стары падгнілы, пакінуты актывістамі ТБМ. 31 кастрычніка ля яго правёў памінальную службу святар з праваслаўнай Свята-прэабражэнскай царквы.

Радыё Свабода.


Абяцанне сноў

27 кастрычніка ў галерэі "Ракурс" Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя вянка санетаў "Абяцанне сноў" Фёдара Ястраба (Франца Адамавіча Ястраба, 1953-2014), які пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну як вядомы дзеяч культуры, мастак еўрапейскага ўзроўню, мастацтвазнавец і таленавіты паэт.

Унікальнасць яго паэтычнага дару ў тым, што ён праявіўся ў перадапошні год яго жыцця. Цяжкая хвароба адкрыла яшчэ адну старонку яго таленту - вершаскладанне. Як ён сам гаварыў: "Мне пайшлі санеты на працягу 2012-2013 гадоў, штодзённа па 2-4 вершы". Напісана амаль тысяча. Гэта пяць тамоў санетаў. Кнігу выдала выдавецтва "Галіяфы". Яе рэдактарам і карэктарам выступае славутая Галіна Дубянецкая. Наклад выдання 500 асобнікаў. Прадмову да кнігі напісаў Навум Гальпяровіч.

На мерапрыемстве выступілі: міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Раман Матульскі, старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца, паэт Навум Гальпяровіч, выдавец Зміцер Вішнёў, актор Ігар Пятроў і іншыя асобы. Было цікава. На вечарыну прыйшло больш за 200 чалавек. Панавала творчая атмасфера.

Аляксей Шалахоўскі.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Лапці бытавалі ў розных рэгіёнах пад самымі рознымі назвамі такімі, як "пасталы", "лыкі", "лычакі", "лазовікі", "вязнікі", "крыставікі", "бяспятнікі", "пяцеркі", "сямерыкі". Выраб лапцяў прамога пляцення займаў 2-3 гадзіны, і кожны селянін, пачынаючы з падлетка, мог іх сплесці і меў адначасова некалькі пар і відаў лапцей. У паўночнай і цэнтральнай Беларусі найбольшае пашырэнне мелі лапці з пярэднім радком для прадзявання абор - "глухія" лапці, "слепакі", "кавярзні", "куратнікі", "пяцерыкі".

На Палессі былі распаўсюджаны ліпавыя або лазовыя "зрачыя" лапці, якія былі нядоўгавечнымі (да года ці меней). Адметнай іх асаблівасцю быў кароткі, з адкрытым верхам насок, у якім адсутнічала цэнтральны, вялікі радок для прадзявання абор, што і стварала "вока" (дзірку) лапця. "Зрачыя" лапці звычайна набывалі пад назвай "пасталы".

Найпрасцейшыя лапці прамога пляцення "шчарбакі" былі неглыбокімі і лёгкімі, не мелі галовак і запятак. У іх замест "вушак" спераду рабілі дзве лыкавыя пятлі, а па баках - сплеценыя касіцай з танюсенькіх палосак лыка "заборнікі" для прымацавання абор. Яны лічыліся летнімі і прызначаліся для палявых работ і нашэння ў хаце і на агародзе. Лепшымі лічыліся лапці з большай колькасцю паскаў лыка - "сямерыкі" (з 7 паскаў).

Лапці касога пляцення - "пахлапні" - плялі з глыбокімі круглымі насамі, высокімі запяткамі і бакамі. На іх выраб ішлі вузкія (не шырэй за 1 см) паскі лыка, з якога папярэдне знімалі кару; паскі лыка шчыльна падганяліся адна да другой, таму на пахлапні патрабавалася амаль у тры разы больш лыка, чым на лапці прамога пляцення. Іх плялі на драўлянай калодцы, зробленай па памеру нагі. Падэшву пахлапняў падпляталі вітушкамі пянькі ці тонкімі вяровачкамі тым жа прутком, што выкарыстоўваўся пры падплятанні лапцей прамога пляцення. Выраб пахлапняў патрабаваў спецыяльных ведаў і навыкаў, таму іх выраблялі звычайна сяляне-рамеснікі і прадавалі на кірмашах. Яны каштавалі даражэй за звычайныя лапці ў 5-10 разоў, таму сяляне набывалі іх толькі для святаў і ўрачыстых выпадкаў (хрысціны, прыём гасцей, наведванне царквы, выезд на кірмаш) і часта насілі па некалькі гадоў.

Лапці абуваліся на анучы з тканіны. Летам матэрыялам ануч было старое белае палатно, а зімовыя анучы ("суконкі") вырабляліся з кавалкаў старога андарака. Часта зімой суконкі дадаткова абгортваліся паверху белымі палатнянымі анучамі. У вялікія маразы закручаную суконкай ступню нагі яшчэ абкладвалі сенам або мяккай саломай, а пасля абгортвалі палатнянай анучай зверху.

Да нагі лапці мацаваліся пры дапамозе пяньковых, лыкавых або раменных абор, якія працягвалі праз усе "вушкі" лапця. Затым аборы перакрыжоўвалі на пяце і працягвалі праз сярэднія "вушкі" з бакоў лапця, што ўтварала па абодвух баках пяты петлі. Абкручаную анучай ступню нагі зацягвалі гэтымі петлямі накрыж у пад'ёме. Пасля гэтага галёнка нагі спіральна абгортвалася анучай і замацоўвалася пяньковымі, лыкавымі, ваўнянымі ці раменнымі аборамі.

Сялянамі ў асобных рэгіёнах зрэдку выкарыстоўваўся і абутак, зроблены цалкам з дрэва, які меў назву "хадакі", "чуні", "клумпы", "кандалы", "дзеравяшкі", "дзеравяннікі".

Для засцярогі ад бруду і вільгаці сяляне надзявалі паверх ботаў, чаравікаў і валёнак галёшы. Да сярэдзіны ХІХ ст. галёшы вырабляліся са скуры, а ў 1850-я гг. з'явіліся гумовыя галёшы, якія атрымалі хуткае распаўсюджанне сярод гараджан, а ў пачатку ХХ ст. пачалі выкарыстоўвацца і вясковым насельніцтвам. Глыбокія галёшы мелі назву "бахілы". У адрозненне ад фабрычных гумовых галёшаў у другой палове ХХ ст. гумовыя бахілы клеілі вясковыя ўмельцы з аўтамабільных камер.

Аксесуары

Разнастайныя аксесуары (пальчаткі, сумкі, фурнітура, паясы, ювелірныя вырабы) былі дадатковымі прадметамі і ўпрыгожваннямі касцюма і стваралі адзіны стылёвы комплекс з яго галоўнымі элементамі. Аксесуары надавалі касцюму лагічную і стылёвую завершанасць, выконвалі дадатковыя практычныя функцыі і выразна адлюстроўваюць розныя гістарычныя эпохі і перыяды матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.

Самым важным дэкаратыўным элементам мужчынскага касцюма з даўніх часоў быў пояс, які лічыўся адным з галоўных абярэгаў чалавека і суправаджаў чалавека нязменна ва ўсіх жыццёвых праявах ад нараджэння да смерці. Археолагі знаходзяць металічныя паясныя спражкі і разнастайнай формы бляшкі ад паясных набораў, якія датуюцца VI-IX стст.: круглыя, паразныя, упрыгожаныя арнаментам. Апаясанне нованароджанага чалавека сімвалізавала сабою факт далучэння яго да грамадства. Чырвоны колер пояса абяцаў новаму члену супольнасці найлепшыя пажаданні лёсу і долі, шчасця і здароўя.

У Беларусі скураныя, плеценыя, тканыя, вязаныя і вітыя паясы вясковага насельніцтва мелі розныя назвы: "пас", "крайка", "кушак", "учкур", "апаяска" і інш. Скураныя паясы бытавалі пад назвамі "рэмень", "дзяга", "папруга".

Для замацавання дэталяў адзення і прымацавання да яго розных прадметаў служылі шпількі-стрыжні з кольцападобнымі рухомымі галоўкамі.

У Х-ХІІІ стст. мужчыны насілі пярсцёнкі з медзі, бронзы, серабра, волава, золата, якія звычайна рабіліся з круглага дроту, часта ў два ці тры абароты вакол пальца. Часта ў тыя часы выкарыстоўваліся і пласцінкавыя пярсцёнкі з ціснёным арнаментам і шырокасярэдзінныя. Для ўпрыгожвання касцюма выкарыстоўваліся таксама ланцужкі, плеценыя з тонкага бронзавага дроту ці тонкіх вузкіх палосак.

(Працяг у наст. нумары.)


Старшыні ТБМ Трусаву А.А. адкрыты ліст

Паважаны Алег Анатольевіч!

Мэта майго звароту да Вас, спадар Алег, вось у чым. Мне перадалі ад Вас і за Вашым подпісам "Зборнік матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "МОЎНЫЯ ПРАВЫ I IX АБАРОНА" 28 сакавіка 2015 г." у 2-х тамах, за што я вельмі Вам удзячны.

Я чуў пра гэтую міжнароднага фармату канферэнцыю, а цяпер, пазнаёміўшыся з яе матэрыяламі, удзячны ўсім удзельнікам за грунтоўны і рэальны погляд на родную мову як з Беларусі, так і з-за мяжы. Удзячны за ацэнку дыялектаў, тых чыстых крыніц беларускай глыбінкі матчынай мовы, няхай з шапялявым, але звонкім вымаўленнем дзіцяці, калі вусны яшчэ не могуць сказаць тое, што ўжо спявае сэрца. Яшчэ ніхто не стварыў такую мелодыю, як мелодыя сэрца і душы.

Пададзеныя ў зборніку матэрыялы захапляюць і раняць, і што ж рабіць? ЖЫЦЬ!

Не гледзячы ні на што - матчына мова жыла ў стагоддзях і жыве цяпер у народзе (вось таму яна і павінна стаць роднай мовай - быць прызнанай, народнай).

Мы павінны размаўляць на роднай мове, і тады яна сама сабой стане народнай.

Хачу адзначыць, што пры падрыхтоўцы да Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона" сябры ТБМ добра вывучылі пытанні ўжывання беларускай мовы ў многіх сферах грамадскага жыцця. Вялікая ўвага надаецца агульнаадукацыйным школам, нават складзены спецыяльныя табліцы, у якіх паведамляецца, колькі ў асобных раёнах беларускіх школ і якая там колькасць вучняў. Разгледжаны і вынікі тэставання. Гэта вельмі выдатна, бо дзеці - наша будучыня.

Але не вывучалася пытанне, у якіх школах ёсць факультатывы на хрысціянскія тэмы і на якой мове. Такія заняткі былі б добрай крыніцай для пашырэння тэм, якія падаюцца ў гісторыі старажытнага свету. Гартаем падручнік для 5 кл. (ч.ІІ) аўтара Кошалева і інш. і чытаем: "Хрысціянства ў Рымскай імперыі", "Ісус Хрыстос і Яго вучэнне", "Распаўсюджанне хрысціянства", "Чатыры Евангеллі" і інш. Здаецца, што гэтыя матэрыялы распрацаваны не звычайным гісторыкам-навукоўцам, а мудрым, дасведчаным святаром.

Не вывучалася пытанне, якая хрысціянская літаратура на роднай мове выдаецца для школьнікаў Праваслаўнай і Каталіцкай Цэрквамі Беларусі. Калі такая ёсць, то ці ўкамплектаваны ёю школьныя бібліятэкі?

На вялікі жаль, пакінуты па-за ўвагай сябрамі ТБМ і нядзельныя школы пры хрысціянскіх храмах. А хацелася б бачыць у разгорнутых табліцах, пры якіх праваслаўных і катапіцкіх храмах працуюць нядзельныя школы, на якой дзяржаўнай мове вядзецца ў іх навучанне і выхаванне.

У той час, калі ў Беларусі каля 3 тысяч храмаў Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў, калі ў кожным храме ў нядзельнай школе няхай будзе па 20 дзяцей, а памножыць, то на 3 тысячы ўжо маем 60 000. Але пры храмах іх налічваецца да 80-120-250 і больш, тады якую мы атрымліваем лічбу? Вельмі салідную, і гэты фактар нельга ігнараваць.

Некаторыя бацькі, прыводзяць дзяцей у нядзельную школу менавіта таму, што ў нас хрысціянскае навучанне і выхаванне вядзецца пераважна на роднай, літаратурнай мове.

Дзеці расказваюць, што ў школе па беларускай мове і літаратуры атрымліваюць выдатныя адзнакі і на пытанне настаўніцы, адкуль у іх такія рэлігійныя веды і веданне роднай мовы, няўжо ад бацькоў у сям'і? - адказваюць, што яны ходзяць у нядзельную школу.

За мяжою, напрыклад у Польшчы, многія сямейныя пары, як толькі ажаніліся, адразу запісваюць сваё будучае дзіця ў каталіцкі дзіцячы садочак і школу, бо ведаюць, што там будзе не толькі сумленная апека, а і адукацыя, і выхаванне. У такія садкі і школы пры манастырах вельмі цяжка патрапіць - яны вельмі прэстыжныя. На вялікі жаль, у Беларусі ёсць вельмі дарагія дзіцячыя садкі, да 700 $ у месяц, але там дзеці самастойна нават апрануцца не ўмеюць або паслужыць адно другому.

Маладажоны ў ЗАГСе, якія не вераць у Бога, адразу падпісваюць дакумант на выпадак разводу, якія каму будуць належаць рэчы, а хрысціянскія маладажоны запісваюць сваё будучае дзіця ў садочак і школу, дзе яно атрымае добрае выхаванне і адукацыю.

Лічу, што і ў нашай краіне трэба арганізоўваць хрысціянскія садкі і школы, а дзяржава павінна ўзважыць, пераняць досвед нашых суседзяў і ўводзіць такую практыку выхавання і навучання, падтрымліваючы іх фінансава. Дзе конкурс, там добры вынік. У нашай краіне наконт хрысціянскіх школ і ВНУ ёсць вялікі гістарычны вопыт, які варта адрадзіць і прарвацца ў больш дасканалую навуковую і адукацыйна-выхаваўчую прастору.

Даволі цікавым і актуальным з'яўляецца распрацаваны і апублікаваны ў зборніку праект Закона "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь". Але зноў-такі Касцёл і Царква засталіся па-за ўвагай. Праўда, ёсць артыкул 39 "Рэлігійная спадчына", але ў ім нічога новага не сказана, апрача хіба таго, што дапушчаны арфаграфічныя памылкі - гэта датычыцца карэктара і рэдактара. Да іх ведама трэба сказаць, што ў назвах Каталіцкі Касцёл, Праваслаўная Царква, Уніяцкая Царква, калі яны ўжываюцца ў дачыненні ўсяленскасці, прынята абодва словы пісаць з вялікай літары. Агульнае значэнне гэтых словазлучэнняў мае больш глыбокі сэнс, чым назвы звычайных свецкіх устаноў.

Добра, што ў распрацаваным праекце Закона ідзе размова аб метадычнай службе. Але ўжо і цяпер варта было б запрасіць катэхетак на курсы павышэння кваліфікацыі, далучыўшы іх у спецгрупы да настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Вядома, у змест навучання нікому ўмешвацца не дазваляецца, але агульная культура мовы тым, хто працуе з дзецьмі, вельмі неабходная. Ды і выдаткі дзяржаўных грошай на гэта не спатрэбяцца.

Варта адзначыць той факт, што ў храмах святары, якія працуюць з людзьмі на беларускай мове, культурай мовы вельмі цікавяцца. Напрыклад, калі з'явілася кніга "Дапаможнік для слухачоў адукацыйна - хрысціянскіх курсаў беларускай мовы, рабочыя матэрыялы (глядзі фота), ёю зацікавіліся ўніяты. Такіх паасобнікаў па некалькі штук было адпраўлена ў розныя рэгіёны краіны. Толькі ў Пінск па просьбе святара іх было адпраўлена 4. Ды і многія мінчане такія кнігі захацелі мець.

А цяпер зноў пра маё расчараванне.

Уважліва гартаючы зборнік, я звярнуў увагу на тое, што ні адзін выступоўца не закрануў тэму "Родная мова ў храме", дзе мы ахрышчаны, шлюбаваліся, хрысцім дзяцей і ўнукаў, аддаём іх у нядзельную школу, дзе вянчаюцца нашы дзеці і ўнукі і дзе суправаджаем у апошнюю дарогу бацькоў і родных.

На якой мове служыліся набажэнствы і ўдзяляліся Святыя Таінствы, прамаўлялася казань?

А штогод Святы Божага Нараджэння, Хрышчэння Ісуса на рацэ Іардан, Вялікадня, Святой Троіцы, Дзяды...

У Божым храме малое дзіця разам з бацькамі чуе першыя словы літургічнай мовы ў набажэнствах, спевах, казаннях, у нядзельнай школе.

Са школай, інстытутам, службаю, працаю чалавек звязвае канкрэтную колькасць гадоў і, скончыўшы, выходзіць, а з храмам звязана ўсё жыццё - ад хрышчэння да пахавання, бо і пасля смерці родныя замаўляюць за чалавека памінальныя Богаслужбы, моляцца ў гадавіну смерці і на Дзяды, наведваюць могілкі.

Малітва за памерлага чалавека гучыць на гэтай жа мове, сягае ў вечнасць, суправаджаючы яго ў Нябесную Айчыну.

Чаму на так жыццёва важную канферэнцыю не былі запрошаны для дабраслаўлення на плённую нрацу Мітрапаліты Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў, а іх прадстаўнікі - святары не бралі чынны ўдзел у падрыхтоўчых, рабочых групах?

Мова належыць не толькі да гістарычнага, палітычнага, эканамічнага, культурнага, навуковага фактараў, яна не ў меншай меры належыць і Царкве, якая ажыўляе і захоўвае мову на сваім тэалагічна-духоўным узроўні і не толькі: батлейкі, спевы, канцэрты арганнай музыкі (рэгулярна ў Чырвоным касцёле і інш.), фсстывалі ("Магутны Божа" - Міжнародны фестываль сакральнай і духоўнай музыкі і спеву ў Магілёве і інш.), вершы, проза, духоўныя канцэрты, кіно ("SIGNIS" - штогод у Беларусі праходзіць Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў).

Царква як ніхто іншы ажыўляе мову народа, бо Царква навучае бясплатна, яна з прысвячэннем служыць народу і ў адказнасці перад сумленнем і Богам.

Навуковыя падыходы і гістарычныя абгрунтаванні патрэбны адназначна, але і ў Царкве мы знаходзім не толькі вялікую гісторыю мовы, і яе спадзвіжнікаў, распачынаючы ад Першаасветнікаў - Св. Кірылы і Св. Мяфодзія, Францішка Скарыны, Св. Еўфрасінні Полацкай, Св. Кірылы Тураўскага і многіх іншых сыноў і дачок беларускай зямлі. Менавіта Усяленская Царква стаяла каля вытокаў станаўлення мовы нашага народа і менавіта ёй належыць не меншая роля захавання і далейшага развіцця жывой літаратурнай мовы.

Як сказана ў Святым Пісанні: "Літара забівае, а дух ажыўляе", што "трэба тое рабіць, але і гэтым не ганьбаваць".

Ёсць небяспека, каб усе гэтыя каштоўныя напрацоўкі, моўныя матэрыялы, не затрымаліся толькі ў сценах навуковых установаў, а траплялі ў народ, сем'і і храмы.

Зыходзячы з вышэй сказанага, стаўлю перад сабою пытанне: а якая мая роля, як святара ў радзе ТБМ, калі Усяленская Царква і яе роля не ўспрымаецца як адна з асноўных або, як у дадзеным выпадку, зусім не ўспамінаецца?

Усё вышэй пералічанае сведчыць аб тым, што мовазнаўцы і дзяржаўныя дзеячы маюць мала дачынення да дзейнасці і жыцця Царквы на Беларусі, мала маюць і асабістай хрысціянскай практыкі як вернікі і ніколі не бралі актыўны ўдзел у набажэнствах і не маліліся.

Шчыра кажучы, у 60 адсоткаў прычынаю занядбання роднай мовы з'яўляецца тое, што амаль усе храмы Беларусі былі зачынены на працягу паўстагоддзя, а святары загінулі ў турмах.

Вера - гэта жывы дух народа, яна ідзе разам з Царквою ў наступныя пакаленні слава Богу ўжо ў трэцяе тысячагоддзе.

Яшчэ хачу сказаць.

У праекце Закона "АБ КУЛЬТУРЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ", з якім мне асабіста было даверана пазнаёміцца і ўнесці прапановы ці выказаць заўвагі, не было ані слова пра ролю Царквы ў культуры Беларусі.

Адзінае, што прысутнічала, дык гэта культавыя і манастырскія пабудовы (як помнікі архітэктуры), абразы і кнігі. Гэта яшчэ раз пацвярджае хрысціянскую некампетэнтнасць чыноўнікаў. Тут можна смела паставіць у прыклад суседнюю дзяржаву Расію, дзе кіраўніцтва схіляецца да Царквы і прыслухоўваецца да яе настаўленняў.

Царква - гэта не толькі храм, а верны Ісусу Хрысту народ - хрысціяне, а душпастары і духоўнае кіраўніцтва даражаць даверам свайго народа. Да народа і Царквы павіны далучацца і дзяржаўныя мужы.

Узважыўшы такі важны дакумент і яго доўгатрывалую вартасць, я ўнёс, дзе лічыў мэтазгодным, прапановы. Асабліва гэта датычыцца некаторых параграфаў, артыкулаў і падпунктаў: Арт. 46.1,2,3; 47. 2; 50. 1; 51. 1; 54. 3; 60. 1,6 і інш.

Шчыра дзякую паважанай камісіі, што прыслухалася да голасу Каталіцкай Царквы, уважліва аднеслася да пажаданняў і ўключыла прапановы.

Шчыра ўдзячны Вам, Алег Анатольевіч, за няўрымслівасць на ніве абуджэння роднай мовы ў многіх галінах для яе праяўлення і замацавання, каб прыносіла сторазовы плён у нашыя часы і ў наступных далёкіх стагоддзях.

У Божым храме ва ўсіх душпастарскіх паслугах, у зваротах да вернікаў і беларусаў выкарыстоўваю словы на роднай мове, а не на беларускай мове. Кожную нядзелю молімся за Беларусь і народ перад алтаром Гасподнім і Святымі Беларусі каталіцкімі і праваслаўнымі.

Няхай Добры Бог шчодра дабраслаўляе высакародную працу ўсіх суайчыннікаў, хто да яе з разуменнем далучаецца.

Падсумоўваючы моўнае пытанне, разумеем, што яно жывое і неабсяжнае, як жывы народ у яго пакаленнях-сем'ях. Таму заданне і адказнасць за жывую мову цяпер зноў ляжыць на сем'ях-бацьках і Царкве. Сям'я знаходзіцца паміж Царквою і вучонымі, дзяржаўнымі чыноўнікамі, якія змяняюцца, адыходзяць, а Царква нязменна трывае ў наступных пакаленнях.

Паважаныя суайчыннікі! Прыслухоўвайцеся да голасу Царквы, і Гасподзь будзе дабраслаўляць Вас у далёкія пакаленні.

З павагаю і шчырай адкрытасцю

Ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк.

Калі Гасподзь з намі, хто супраць нас!


ПА СВІРСКІМ КРАІ

У сваім трэцім падарожжы па Мядзельшчыне сябры Пастаўскай раённай арганізацыі ТБМ наведалі яе заходнія абшары - самабытны Свірскі край. Зранку церушыў дождж, віселі хмары, але паступова ў надвор'я паляпшаўся настрой, яно выцірала слёзы, і ў хуткім часе ўсміхнулася яркімі фарбамі маладога жнівеньскага дня.

У першай вёсцы, Канстанцінаве, на вочы кінуўся адметны дамок з ганкам і калонамі, верагодна, будынак былой школы, які, як і яго "калегі" ў іншых вёсках, дажывае свой век у варварстве і рабаўніцтве. Выбітыя вокны, разламаная падлога, паадбіваная шалёўка і іншыя сляды "гаспадарання" сведчаць пра сумныя перспектывы колішняга "агменю асветы". А вось мясцовы касцёл Маці Божай зачароўвае сваёй дагледжанасцю і нейкай мілай гармоніяй са сціплымі краявідамі наваколля . Каля храма - магілы яго ўласнікаў і фундатараў, а таксама пахаванне ксяндза Люцыяна Хмялёўца і яго матулі. Гэты святар - гераічная асоба. Ён пачаў служыць у Канстанцінаве ў 1940 годзе ў 26-гадовым узросце. У час вайны малады ксёндз выратаваў ад смерці 16 чалавек - былых дэпутатаў, кіраўнікоў устаноў, работнікаў Свірскага райвыканкама, падпольшчыкаў, яўрэяў, якіх фашысты арыштавалі па даносе. Святар падпісаў з нямецкім камендантам дамову аб сваёй асабістай адказнасці за гэтых людзей, і тых вызвалілі. Таксама, калі акупанты стварылі канцэнтрацыйныя лагеры для жыхароў, якіх збіраліся вывезці ў Германію, Л. Хмялёвец выкупіў у ахоўнікаў каля 70 дзяцей і вярнуў іх у сем'і да бацькоў. У пасляваенныя часы гэты высакародны святар спазнаў жорсткі ўціск і ганенні з боку савецкіх уладаў, у выніку чаго вымушаны быў у пачатку 60-х гадоў выехаць на новае месца службы ў вёску Дзераўная Стаўпецкага раёна. Там ён у 1989 годзе ўрачыста адзначыў паўвекавы юбілей свайго святарства, атрымаў ад Яна Паўла ІІ годнасць Генеральнага Вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, намесніка кардынала і правы біскупа, тут жа ён адзначыў і свой 90-гадовы юбілей. Памёр у 2004 годзе, паводле яго жадання пахаваны на цвінтары Канстанцінаўскага касцёла.

На ўскраіне вёскі - вялікія могілкі з брамамі ХІХ стагоддзя і мноствам старых і новых пахаванняў. Ахоўвае спачын былых жыхароў невялікая капліца.

У наступным пункце нашай вандроўкі - Камарове - мы адразу накіраваліся да хаты вядомага краязнаўца, педагога, аўтара шматлікіх кніг пра падзеі мясцовай гісторыі Івана Драўніцкага, з якім мелася папярэдняя дамова на сустрэчу. Насупраць яго сядзібы - былая польская Куцькаўская школа. Будынак і вакольная тэрыторыя яшчэ захоўваюць прыстойны выгляд, але бачна, што дзікая трава паступова акружае пабудовы. Зразумела, што ў стане такой нерухомай кансервацыі гэты помнік гісторыі доўга не пратрымаецца. Знойдуцца лайдакі, якія павыбіваюць вокны, паламаюць тое, што засталося. Калі ў будынку не размесціцца якая-небудзь установа - ці музей, ці грамадская арганізацыя, то гэтую былую польскую школу чакае сумны лёс.

Іван Драўніцкі, якому ўжо 83 гады, сустрэў нас прыязна і гасцінна. Энергіі і этузіязму гэтага чалавека можна толькі пазайздросціць. Зусім нядаўна ён выдаў новую кнігу пра свайго аднакласніка па Камайскай школе, вядомага беларускага татарына, географаэнцыклапедыста, аўтара гімна беларускіх татар Якуба Якубоўскага. Гэта выданне ён падарыў нам. Падзяліўся і сваімі планамі. А іх - мора! Зараз І. Драўніцкі працуе над кнігай па гісторыі Пастаўскага педагагічнага вучылішча, якое ў пасляваенны час адыграла вялікую ролю ў падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў для Пастаўшчыны, Мядзельшчыны і суседніх раёнаў.

Пасля смачнай гарбаты, якой нас пачаставала гаспадыня, мы накіраваліся ў былы сядзібна-паркавы комплекс Старжынскіх - Камарова, дзе Іван Пятровіч правёў для нас экскурсію. У адрозненне ад многіх іншых падобных ансамбляў тутэйшыя і парк, і пабудовы прыемна ўразілі сваёй дагледжанасцю і ўладкаванасцю. Тое, што комплекс знаходзіцца ў такім прэзентабельным стане, вялікая заслуга мясцовых грамадскіх арганізацый "Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю" (кіраўнік - А. Вайцяховіч) і фонду падтрымкі прадпрымальніцтва "Камарова" (кіраўнік - Э. Вайцяховіч). Дарэчы, офіс фонду знаходзіцца ў еўрапейскага выгляду будынку з сонечнымі батарэямі на даху - былым панскім свінарніку. Непадалёку размешчана і міні-ГЭС, якая выпрацоўвае ток для асвятлення вулічных ліхтароў.

З Камарова мы накіраваліся ў гарадскі пасёлак Свір. Паводле легенды, гэта даўняе мястэчка заснаваў Нальшчанскі князь Даўмонт, а валодаў ім доўгі час заможны род князёў Свірскіх. Бываў тут са сваім войскам кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, калі выпраўляўся адваёўваць у маскавітаў Полацк. У цэнтры былога мястэчка ўзвышаецца Мікалаеўскі касцёл, які гэтым летам не фотагенічны, бо знаходзіцца ў рыштаваннях, але службы ў ім праводзяцца.

Мы ж накіраваліся ў мясцовую школу, дзе мелі папярэднюю дамову на сустрэчу і агляд краязнаўчага музея. Крыху не пашанцавала: у гэты дзень у Мядзелі праводзілася традыцыйная жнівеньская нарада, і таму свірскія настаўнікі паехалі ў райцэнтр. Нас сустрэлі на ўваходзе піянер і піянерка - дзве сімвалічныя фігуры савецкай школы, а таксама група тэхнічных работнікаў, якія рыхтавалі навучальную ўстанову да новага навучальнага года. Сакратарка правяла нас у краязнаўчы музей. Увогуле, гістарычныя экспазіцыі нядрэнныя, ёсць шэраг вельмі цікавых экспанатаў, але агульнае афармленне, відавочна, не мянялася з часоў СССР. А вось другі музейчык, невялікі этнаграфічны куточак, спадабаўся больш. Але зноў жа, подпісы прылад працы і вырабы мясцовых майстроў чамусьці падаюцца па-руску. Хіба ж яны так называліся на гэтым культурна-гістарычным беларуска-польска-літоўскім памежжы?

У фае школы мы звярнулі ўвагу на цікавыя гліняныя карціны-кампазіцыі , аўтаркай якіх, як высветлілася, з'яўляецца дырэктарка школы А. Марчанка. Выдатныя работы! Шкада толькі, што сюжэты ўзяты з рускіх народных казак. А што наш фальклор? Няўжо слабая крыніца для творчасці?... Здаецца, дробязь, але з такіх дробязей складаецца сучасная беларуская культура.

Наступная сустрэча адбылася ў мясцовай бібліятэцы. Яе гаспадыня, Данута Саковіч, пазнаёміла нас з матэрыяламі пра Свір, пра народных майстроў і вядомых людзей Свірскага краю. Большую частку інфармацыі складаюць публікацыі ўжо вядомага нам І. Драўніцкага, але сустрэлася і новае імя - Янка Тышко. Гэты краязнавец, жыхар Віцебска, ураджэнец Свіршчыны, надрукаваў у перыядычных выданнях некалькі грунтоўных артыкулаў пра родны край.

Пасля Свіры мы спадзяваліся патрапіць у былы сядзібна-паркавы ансамбль роду Ахраноўскіх у суседняй вёсцы Лушчыкі, але гэта нам не ўдалося. Пільны ахоўнік не дазволіў прайсці на тэрыторыю, спаслаўшыся на тое, што мы можам патрывожыць ідылічнае жыццё тутэйшых жыхароў. А кантынгент тут своеасаблівы - людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так што мы туды не патрапілі. Мо яно і добра - там зусім іншы свет, у якім свае законы, сваё ўспрыманне жыцця. Толькі пытанне, хто шчаслівейшы - яны ці мы - застаецца без адказу.

Пасля Лушчыкаў мы наведалі Болькава, Засвір, Шэметава. Цудоўныя мясціны з выдатнымі помнікамі і маляўнічымі краявідамі! Але… Ні аднаго чалавека мы ў тых мясцінах не сустрэлі. Не было з кім пагаварыць, распытацца. У Болькаве паступова зарастае кустоўем закінуты бровар, у Засвіры ў цішыні і спакоі жыве сваёй адзінотай велічны касцёл, каля якога - рэшткі кляштара, капліца, брама, могілкі германскіх салдат І Сусветнай вайны. У Шэметаве - касцёл Дзевы Марыі, чырвоныя сцены былой сядзібы Скірмунтаў, з якімі жорстка расправіліся бальшавікі і партызаны, ды вялікія ставы рыбагадавальніка.

Па дарозе на Занарач звярнулі ў вёску Карабаны. Завабіла нас туды беларускамоўная шыльда-указальнік пра тое, што ў паселішчы знаходзіцца асвечаная крыніца. Сапраўды, натуральны выхад падземных вод, уладкаваны і дагледжаны кімсьці, наталіў нашу смагу чысцінёй і свежасцю. І міжволі падумалася пра тых людзей, якія чысцілі крыніцы, будавалі сядзібы і хаты, ставілі храмы, складалі вершы і легенды, спявалі песні… Дзякуй ім, бо без іх працы, без іх творчасці не было б нашага народа, і мы б не ведалі, якой павінна быць наша нацыя…

Ігар Пракаповіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX