Вярнуцца: 2015

№ 45 (1248)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 45 (1248), 11 лістапада 2015 г.


13 лістапада - Дзень беларускай школы

100 гадоў афіцыйнай беларускай школе

Як толькі прайшлі 25 гадоў пасля паўстання 1863-64 гг., як толькі прайшлі амністыі і дзяды-паўстанцы павярталіся на Беларусь, адразу з туманных нізінаў нашага грамадства пачаў усплываць прывід новага змагання. Гэты прывід яснеў на фоне агульнаеўрапейскага і ўнутрырасейскага рэвалюцыйнага ўздыму. І перадавым людзям Беларусі стала абсалютна ясна, што нічога ў нас не атрымаецца, пакуль мы не створым сістэму беларускай адукацыі, пакуль мы не пачнём насельніцтва губерній Паўночна-Заходняга краю вывучваць на беларусаў.

Стыхійныя спробы адкрыць беларускія школы пастаянна натыкаліся на забароны і супраціў чыноўнікаў, царквы, паліцыі. І толькі 13 лістапада 1915 г. у Вільні на Юр'еўскай (Георгіеўскай) вуліцы, дзякуючы старанням А. Пашкевіч-Кайрыс (Цёткі) і Б. Пачобкі была адкрыта першая афіцыйная беларуская школа. Адбылося гэта ўжо на акупаванай немцамі тэрыторыі ў зоне Обер-Ост. Неўзабаве нямецкі галоўнакамандуючы ўсходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад пра арганізацыю школ, у тым ліку ў немцаў не выклікала пярэчання адкрыццё беларускіх школ.

На працягу зімы 1915-1916 гг. у Вільні былі адкрыты яшчэ 5 беларускіх школ (на Антокалі, у Звярынцы - ля Знаменскай праваслаўнай царквы, Зарэччы, на Артылерыйскай і Вастрабрамскай вуліцах). Усе яны былі "аднакласавыя" (з 2-гадовым тэрмінам навучання), у якіх мелася 1-3 школьныя камплекты (аддзелы) і адзін штатны настаўнік. Пры нямецкай фінансавай падтрымцы з кастрычніка 1916 г. па красавік 1918 г. колькасць беларускіх казённых школ у генеральнай акрузе "Беласток-Гародня" ўзрасла з 3 да 79. Адпаведна лік беларускіх школьнікаў узрос з 497 да звыш 3 тыс. Агульная колькасць беларускіх школ у зоне Обер-Ост, паводле звестак X. Земке, дасягнула 89. Доля беларускіх школ у агульнай колькасці навучальных устаноў у зоне Обер-Ост на першую палову 1918 г. склала 6,5%, у той час як у генеральнай акрузе "Беласток-Гародня" яна ўзрасла да 21,2%.

13 лістапада 1915 г. - дзень утварэння першай беларускай школы ў Вільні - мусіць стаць днём свята беларускай школы. Гэтая дата выклікае пярэчанне як у прыўладных, так і апазіцыйных апалагетаў антыбеларускасці, але мы не маем намеру з імі спрачаццва, мы маем за сабой той факт, што беларускія актывісты ў Заходняй Беларусі менавіта 13 лістапада 1925 года шырока адзначалі 10-годдзе беларускай школы, а яны былі непараўнальна бліжэй да падзеі і маглі з больш блізкай адлегласці ацаніць тое, што адбылося 13 лістапада.

Як бы там ні было, але сёлета мы маем 100 гадоў легальнага, афіцыйнага існавання беларускіх школ на тэрыторыі Беларусі. І да чаго ж мы дайшлі ў развіцці беларускамоўнай адукацыі ў нашай краіне?

У школьным раскладзе першага класа звычайнай гарадской беларускай школы прадмет "беларуская мова" стаіць толькі адзін раз на тыдзень. Руская - шэсць урокаў, фізкультура - два. Хаця ва ўмовах білінгвізму ў праграме беларускай і рускай мовы павінна быць пароўну.

Глядзім расклад 159-й менскай школы. У пятым класе беларускую і рускую мовы вывучаюць тры разы на тыдзень. У 10-м класе родная мова - адзін раз на тыдзень, руская - тры. У 11-м па два ўрокі абедзвюх моў на тыдзень.

Каб дзеці ведалі родную мову, гадзіны трэба дадаваць, упэўненая настаўніца Вольга, якая працуе у вясковай школе.

- Напрыклад, матэрыял шостага класа непад'ёмны, складаныя падручнікі і мала часу. Да таго ж, няма матывацыі ў дзяцей. Рэдкі вучань бярэцца яе вучыць. Гадзіны - не самае галоўнае, але гэта б паўплывала, больш было б часу, каб данесці тэму. Напрыклад, адна гадзіна ў 10-м класе на тыдзень. А ім іспыты здаваць у 11-м класе. Гэта смешна, - кажа настаўніца.

Студэнтка спецыяльнасці "беларуская філалогія" Тоня сёлета ўпершыню прыходзіць на практыку ў гімназію. Там мову ведаюць, у адрозненне ад звычайнай школы.

- У гімназіі дзеці падрыхтаваныя, і яны хочуць вывучаць беларускую мову. А ў школе, я там летась працавала, там практычна не размаўляюць. Нават не хочуць час на беларускую мову губляць. Не хапае гадзін і не хапае жывой мовы.

У сям'і рэпетытара Аляксея Васілеўскага беларускай мове вучаць самі бацькі, бо адной гадзіны на тыдзень першаклашкам не хапае.

- Мая жонка сама з імі займаецца кожны дзень. Да таго ж, наша бабуля з вёскі добра гаворыць па-беларуску. Яна з імі размаўляе, ім падабаецца. А так бы, не хапала, вядома, гэтай гадзіны.

Цікавімся ў Мінадукацыі: чаму ж у пачатковай школе так мала роднай мовы.

- Першакласнікам пакуль складана вывучаць дзве мовы. Таму ў першым класе тры ўрокі рускай мовы, і адзін урок беларускай. У другім класе ўжо два. А ў старэйшай школе яны зраўняюцца.

Па інфармацыі Еўрарадыё, ужо ёсць іншыя школьныя праграмы, якія могуць пачаць дзейнічаць з наступнага года. Там беларускай мовы можа стаць больш.

У цэлым па краіне згодна з Белстатам, толькі 15% ад усіх школьнікаў атрымліваюць адукацыю на роднай мове.

Вось куды мы зайшлі за 100 гадоў змагання за беларускую адукацыю. І ніякіх перспектыў на лепшае, і тут прыцярпеліся.

Паводле СМІ.Фота: lit-bel.org.



13 лістапада (пятніца) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудзецца прэзентацыя Зборніка матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі " Моўныя правы і іх абарона", ў 2-х тамах. Пачатак 16.30. Уваход вольны.


Раптоўна памёр Віктар Сырыца

9 лістапада ў Баранавічах памёр старшыня Баранавіцкай рады ТБМ Віктар Сырыца.

Сэрца Віктара Сырыцы спынілася на вакзале ў Баранавічах, дзе ён чакаў з Міколам Чарнавусам цягнік на Менск. Як распавёў Свабодзе Мікола Чарнавус, яны са спадаром Сырыцам мусілі ад'язджаць а 9-й гадзіне раніцы, калі Віктару стала дрэнна і ён упаў.

Лекары хуткай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя дзеянні, але вымушаныя былі канстатаваць смерць. Віктару Сырыцу было 62 гады.

Сакратарыят ТБМ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім сапраўднага патрыёта Беларусі. Няхай зямля яму будзе мяккай, а шлях у неба лёгкім.


Сырыца Віктар Антонавіч нарадзіўся 5 скавіка 1953 г. у вёсцы Слабодка Нясвіжскага раёна. Адукацыя вышэйшая - скончыў у 1978 г. гістарычны факультэт Менскага педагагічнага ўніверсітэта. Краязнавец, мае 30 публікацый у мясцовых газетах па гісторыі Беларусі і асабліва Баранавіччыны. Месца працы - намеснік дырэктара Баранавіцкага недзяржаўнага эканамічна-юрыдычнага тэхнікума. Сябар ТБМ з 1991 г. З 1997 г. старшыня Баранавіцкай рады ТБМ.


Дзяды ў Лошыцы

Каля 50 чалавек прынялі ўдзел у санкцыянаваным шэсці і мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які адбыўся 8 лістапада ў Менску і быў прымеркаваны да дня памяці продкаў "Дзяды". З-за непагадзі мітынг доўжыўся 30 хвілін замест заяўленых паўтара гадзін. На мітынгу быў зачытаны зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазьняка, які знаходзіцца ў эміграцыі. Кіраўнік партыі звярнуўся да сведчанняў жыхаркі Лошыцы, якія ён запісаў у 80-я гады. "Каля расстрэлаў тут пастаянна круціліся мясцовыя падонкі-камсамольцы, якія прасілі ў супрацоўнікаў НКУС даць ім пастраляць па "ворагах народа". Ім давалі пастраляць і плацілі па 50 капеек за гэта - нікчэмныя па тых часах грошы. Гэта "цітушкі" 30-х гадоў. Мы і цяпер усюды назіраем іх злачынную дзейнасць - і на Каўказе, і ва Украіне, і ў нас, у Беларусі ", - заявіў Пазьняк. На ягоную думку, цяпер мы назіраем дэградацыю "гнілой імперыі" на ўсходзе. "Калі яна разваліцца канчаткова, усё чалавецтва ўздыхне з палёгкай", - лічыць палітык. Намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі падзякаваў прысутным за тое, што яны прыйшлі да памятнага знака ў Лошыцы, не гледзячы на дрэннае надвор'е. Удзельнікі акцыі праспявалі гімн "Магутны Божа" і ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

БелаПАН.



17 лістапада (аўторак) на сядзібе ТБМ адбудзецца творчая сустрэча з паэтам А. Корневым, г. Менск, вул. Румянцава, 13. Пачатак 18.00. Уваход вольны.


Да ведама сяброў Рады ТБМ

Паважаныя сябры Рады ТБМ!

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 29 лістапада ў сядзібе ТБМ.

Пачатак: 11.30.

Папярэдні парадак дня:

1. Абмеркаванне плана працы ТБМ на 2016 год.

2. Пастанова аб памеры складак на 2016 год.

3. Падвядзенне вынікаў выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2015 г.

4. Аб удзеле сяброў ТБМ у будучых парламенцкіх выбарах.

5. Аб падпісцы на "Наша слова".

6. Рознае.

Чакаем вашы прапановы да праекту плана дзейнасці на наступны 2016 год.

Сакратарыят ТБМ.


Найлепшай рэгіянальнай газетай года стала беларускамоўнае выданне

"Рэгіянальная газета" атрымала перамогу ў конкурсе рэгіянальнай прэсы, арганізаваным асацыяцыяй "Аб'яднаная мас-медыя". Выданне атрымала сем узнагарод у намінацыях і ўзяло галоўны прыз.

Узнагароджанне адбылося 6 лістапада.

У конкурсе ўдзельнічалі 12 выданняў, якія ўваходзяць у "Аб'яднаныя мас-медыі". Сярод іх, акрамя "РГ", "Брэсцкая газета", "Вольнае Глыбокае", "Вячэрні Бабруйск", "Intex-press", "Слонімская газета", "Інфа-кур'ер", "Інфарм-прагулка", "Брэсцкі кур'ер", "Ганцавіцкі час", "Наша слова", "Барысаўскія навіны".

"Рэгіянальная газета" атрымала сем узнагарод: па адным дыпломе за першае і трэцяе месцы, пяць дыпломаў за другія месцы.

Журы адзначыла сайт выдання (другое месца), сацыяльную акцыю - зладжаны краязнаўчы квест для моладзі (трэцяе месца), відэаматэрыял Настассі Роўды (другое месца). Сярод журналісцкіх тэкстаў адзначаны работы Зоі Хруцкай, Наталлі Тур і Настассі Роўды пра ўдоў знакамітых асоб, тэксты Настассі Роўды і Зоі Хруцкай пра нежаданне грамадскаці пагаджацца з пабудовай буйных свінакомплексаў на Маладзечаншчыне, тэксты Наталлі Тур пра магчымае значнае павелічэнне аплаты за садок і пра складанасці пры атрыманні талонаў у паліклініцы.

У журы былі: медыя-аналітык Аляксандр Коктыш, фатограф Сяргей Гудзілін, журналіст Анджэй Пачобут, мовазнавец, грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, блогер Віктар Малішэўскі.

"Рэгіянальная газета" - адно з нешматлікіх сучасных выданняў, якое выходзіць выключна на беларускай мове і ўтрымлівае тыраж у 6 тысяч асобнікаў. Сёлета тыднёвік справіў сваё 20-годдзе.

Газета аб'ядноўвае беларускае Павілле: Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі, Валожынскі раёны Менскай вобласці і Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі раёны Гарадзенскай вобласці.

"Рэгіянальная газета" асаблівую ўвагу звяртае на краязнаўчыя і гістарычныя тэмы, важных асоб, грамадскія і сацыяльныя праблемы, сочыць за спартыўным жыццём у рэгіёне, а таксама за крымінальный абстаноўкай.

Заснавальнікі выдання - галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч і намеснік па фінансах і эканоміцы Ніна Манцэвіч.

Рэдакцыя газеты "Наша слова" віншуе калектыў "Рэгіянальнай газеты" з заслужаным вялікім поспехам.

На здымках: 1. Прыз "Найлепшай рэгіянальнай газеце года"; 2. Выканаўчы дырэктар асацыяцыі "Аб'яднаныя масмедыі" Ганна Ягорава, карэспандэнты "Рэгіянальнай газеты", рэдактар "Рэгіянальнай газеты Алесь Манцэвіч; 3. Агульны здымак прызёраў конкурсу.


Дыяканы будуць прамаўляць па-беларуску

31 кастрычніка напярэдадні Дня ўсіх святых каталіцкім касцёлам была арганізавана пілігрымка ў Нясвіж, дзе адбыліся новыя дыяканскія пасвячэнні. У падарожжа з Менска адправіліся хлопцы-міністранты, якія служаць пры касцёле, і вернікі сталага веку. Залатыя тонкія бярозкі ўздоўж шашы шчодра рассыпалі лісце. Палеткі, схопленыя першымі замаразкамі, апрануліся ў карункі інею, травінкі і галінкі з раніцы сталі бялюткімі.

Праводзячы аўтобус, ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк раіў паразважаць пра Дзень усіх святых (1 лістапада), тых дабраславёных і кансэкраваных асобаў, чыя імёны мы носім, а таксама тых невядомых святароў, якія загінулі ў Сібіры ў час рэпрэсій, чые могілкі нават невядомыя, але якія трывалі да канца ў веры, і іх подзвіг роўны святым. З 1 па 8 лістапада ідуць дні ўспаміну ўсіх памерлых дзядоў і прадзедаў, якія годна неслі з пакалення ў пакаленне Хрыстовыя запаветы.

Але, на жаль, у буйных гарадах з уплывамі чужых культур у моладзі з'явілася спакуса адзначаць у гэтыя дні Хэлуін. Хтосьці проста бавіцца з гарбузамі і свечкамі, не задумваючыся пра тое, што робіць. Іншыя старанна расфарбоўваюць сабе твары белай фарбай, апранаюць дэманічныя маскі. Ксёндз заклікаў да малітвы за тых, хто не ведаючы, служыць злым духам і распаўсюджвае іх культ.

Юнакі, якія служаць пры Менскім Чырвоным касцёле, выхоўваюцца іх бацькамі і бабулямі ў духу веры, наведваюць катэхізічныя заняткі, бываюць у споведзі. Сёння яны мелі магчымасць стаць сведкамі пасвячэння новых дыяканаў, іх старэйшых братоў і сяброў.

У велічным Нясвіжскім Фарным касцёле Божага цела, пабудаваным ў 1587-1601 гадах, у прысутнасці мясцовага насельніцтва, святароў і гасцей з розных гарадоў Мітрапалітам Менска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам былі ўдзелены дыяканскія пасвячэнні выпускнікам Пінскай духоўнай семінарыі Раману Сташко і Аўгусту Калясінскаму. Яны завяршаюць сваю духоўную фармацыю, і цяпер не проста як прыватныя асобы, а з дыяканскай моцай будуць абвяшчаць Евангелле, служыць словам пры алтары. З чыстымі думкамі, паводзінамі і ўчынкамі новыя дыяканы закліканы да міласэрнай дапамогі людзям, да наведвання хворых. Яны будуць з беларускім словам на вуснах вучыць і асвячаць народ, будаваць хрысціянскую супольнасць. З іх дапамогай узмоцненыя Еўхарыстыяй людзі змогуць аднаўляць жыццё сваіх сямей. Дыякан - гэта ступень да святарства. У часы першых хрысціянаў апосталы ўсклалі рукі на 7 мужоў, якія мусілі несці служэнне ў царкве.

Доўгі час служыў у Нясвіжскім касцёле святар Гжэгаж Каласоўкі (1909-1991), якому на сцяне ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Былі моманты, калі ён запытваў: а хто будзе служыць далей, пасля мяне? У адказ пачуўся толькі адзін голас. Цяпер жа надышлі доўгачаканыя часы, калі на Беларусі ўзрастаюць і выхоўваюцца маладыя святары, дзеці нашай зямлі. Таму гонар, радасць і хваляванне панавалі сёння пад магутным купалам храма.

Сонечнае святло залатымі промнямі лілося праз вокны старажытнага храма на арцыпастыра і дыяканаў, якія ўкленчылі перад ім, прысягаючы на вернасць сваім абавязкам. У вышыні спяваў хор, а за ім - увесь народ.

Дыяканы Раман і Аўгуст шчыра падзякавалі сваім бацькам і ксёндзам Пятру і Францішку, якія спрыялі іх выхаванню і росту іх як асобаў, а таксама выкладчыкам Міждыяцэзіяльнай Пінскай духоўнай семінарыі і рэктару Андрэю Рылку. "Раман вырас у Нясвіжы, - распавёў пасля імшы яго бацька Дзмітры Сташко. - Сын скончыў 11 класаў сярэдняй школы № 1. У выхаванні яго вялікую ролю адыграла бабуля Тарэса Францаўна. Мы мяркавалі, што сын выбярэ эканамічны факультэт ВНУ, алё ён цвёрда вырашыў прысвяціць сябе духоўнаму шляху. Вучыцца ў семінарыі было даволі цяжка, некаторыя сябры не вытрымалі і сышлі. Наш сын цяпер ведае 4 замежныя мовы."

Урачыстая цырымонія пасвячэння адбывалася на беларускай мове. Маладых дыяканаў ад чыстага сэрца павіншавалі прывітаннямі, вершамі і кветкамі вучні і настаўнікі сярэдняй школы №1, родныя і сябры. Бацькі і бабулі дыяканаў былі ў пашане і ласцы ўсёй грамады. Пасля імшы яны пачаставалі гасцей хатнімі смачнымі стравамі і падзяліліся ўспамінамі. Пабожнасць ідзе ад старэйшага пакалення, і моладзь успрымае сваё пакліканне і адказвае на яго з мужнасцю.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

На здымках: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і новыя дыяканы Раман Сташко і Аўгуст Калясінскі.


Высоцкі цяпер гучыць на 158 мовах свету

З інтэрнэт-крыніц вядома, што творчая спадчына выдатнага расійскага паэта, карані якога з Беларусі, аўтара-выканаўцы і папулярнага акцёра Уладзіміра Высоцкага гучыць на 157 мовах свету. Гэтая праца па перакладу агулам 144 вершаў і песень Высоцкага ажыццяўлялася з удзелам 62 паэтаў і перакладчыкаў з 26 краін. Пра беларускія пераклады ў Вікіпедыі сціпла гаворыцца, што творы Высоцкага па-беларуску перастварае паэт і перакладчык з Магілёва Міхась Пятровіч Булавацкі.

Што тычыцца асобы Міхася Пятровіча, дык ён вядомы не толькі як літаратар, паэт і перакладчык, але як наватар у галіне беларускай педагогікі. Так у родным Магілёве з яго ініцыятывы праводзіцца "Беларускае пяціборства" - спаборніцтва вучняў 8-11 класаў па матэматыцы, прыродазнаўству, гісторыі Беларусі, па беларускай літаратуры і мове. Агульнае патрабаванне да ўдзельнікаў інтэлектуальнага спаборніцтва вучняў - адказваць на заданні па-беларуску. Старшнём аргкамітэта "Беларускага пяціборства" з'яўляецца Міхась Пятровіч Булавацкі - сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, кіраўнік магілёўскай суполкі ПЭН-цэнтра, у цяперашні час прадпрымальнік у галіне матэматычнай адукацыі.

Яшчэ адно даўнішняе захапленне Міхася Пятровіча - паэзія і песенная творчасць Уладзіміра Высоцкага. Гэтая зацікаўленасць спачатку выкрышталізавалася ў выглядзе літаратурных твораў, прысвечаных У. Высоцкаму, якія друкаваліся ў мясцовай газеце "Ратуша". Напрыклад, артыкул "Запозненае слова", у якім можна было пазнаёміцца з развагамі пра творчую спадчыну Высоцкага і з першымі перакладамі М. Булавацкага вершаў гэтага расійскага паэта і спевака. У 1999 годзе выйшла першая кніга з 27 яго перакладамі твораў У. Высоцкага "Я не падману. Вершы, песні, балады", якая выклікала як цікавасць з боку прыхільнікаў творчасці У. Высоцкага (пра гэта сведчыць згадка перакладаў М. Булавацкага ў расійскай Вікіпедыі), так і крытычныя заўвагі, які былі ўлічаны Міхасём Пятровічам у далейшай яго перакладніцкай дзейнасці.

І вось днямі на сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Міхась Пятровіч прадставіў чытачам сваё новае выданне перакладаў твораў Уладзіміра Высоцкага - "Уладзімір Высоцкі. Пра жыццё, пра волю, пра сябе", якое не так даўно пабачыла свет у выдавецтве "Кнігазбор". Гэта падборка з 45 вершаў, якія перастварыў па-беларуску М. Булавацкі. Сярод іх такія творы, як "Паляванне на ваўкоў", "Канатаходцы", "Балада аб часе", "Адзін не страляў", "Не хачу паміраць", "Коні наравістыя", "Балада пра каханне", "Нуль сем", "Я не люблю" і шмат іншых легендарных вершаў.

У раздзеле "Слухайце Высоцкага!" ёсць беларускія пераклады артыкулаў Б. Акуджавы "Пра Валодзю" і А. Гарадніцкага "На смерць Высоцкага", якія застаюцца яскравымі прыкладамі тагачаснай незалежнай публіцыстыкі.

Пад час прэзентацыі зборніка перакладаў вершаў У. Высоцкага Міхась Пятровіч падкрэсліў, што захапленне творчасцю Уладзіміра Сямёнавіча ў яго шчасліва супала з цікаўнасцю да роднай мовы, да яе магчымасцяў ў адпаведнай аўтарскай задуме перадачы душэўных пакут і эмоцый, што скразяць у творах Высоцкага. Як высветліў аўтар перакладаў, наша мова сярод тых, на якіх Высоцкі гучыць вельмі арганічна і адпаведна аўтарскаму настрою. У якасці доказу, Міхась Пятровіч прачытаў прысутным свой першы пераклад "Паляванне на ваўкоў", які ён і да гэтага часу лічыць лепшым.

Таксама, не абыйшоў Міхась Пятровіч і праблемы якасці самога пераладу. І тут вельмі вялікую дапамогу перакладчыку аказалі такія знаўцы мовы і паэтычнай творчасці, як Г. Бураўкін, Л. Баршчэўскі. На жаль, не адбылося абмеркаванне перакладаў з Рыгорам Барадуліным. Міхась Пятровіч успамінае: "Я адаслаў пераклады Рыгору Іванавічу, ён іх хутка прачытаў і адказаў мне: "Добра. Але дзе-нідзе пераклады трэба рэдагаваць". Мяне гэтая адзнака ўзрадавала, і я падрыхтаваўся да сустрэчы з дзядзькам Рыгорам. Але за два дні да нашай сустрэчы Рыгора Барадуліна не стала. У мяне на аркушах засталіся пазнакі, якія аслабленай рукой рабіў сам Рыгор Іванавіч. І гэта стала падставай каб яшчэ раз задумацца над адпаведнасцю маіх перакладаў арыгіналу."

Як адзначыў перакладчык, яму хацелася зрабіць выданне беларускіх перакладаў вершаў і песень Уладзіміра Высоцкага такім, каб яно выклікала жаданне пазнаёміцца з імі, дазваляла зразумець думку Паэта, а таксама адчуць прыгажосць нашай мовы. Дзеля гэтай мэты Міхась Пятровіч ахвяраваў усімі сваімі зберажэннямі, прыцягнуў да справы сродкі магілёўскіх прадпрымальнікаў-патрыётаў. У выніку беларусы маюць кнігу перакладаў твораў У. Высоцкага з якаснымі беларускімі ўвасабленнямі яго вершаваных радкоў, да таго ж у цвёрдай вокладцы, на мелаванай паперы. Сапраўды, вартае выданне, якое, як выказаў упэўненасць Міхась Булавацкі, не толькі ўпрыгожыць бібліятэкі беларусаў, але і стане рарытэтам у музеі У. Высоцкага ў Маскве, куды па дамове з праваўладальнікам спадчыны У. Высоцкага, адправяцца асобнікі кнігі беларускіх перакладаў "Уладзімір Высоцкі. Пра жыццё, пра волю, пра сябе".

Анатоль Мяльгуй.


Вацлаў Ластоўскі

Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, этнограф Вацлаў Ластоўскі (1883-1938) - нарадзіўся 8 лістапада ў фальварку Калеснікi Дзісенскага павета Віленскай губерні.

Скончыўшы пачатковую школу паступіў у Пецярбургскі інстытут, аднак давучыцца ў ім да канца з-за матэрыяльных цяжкасцей Ластоўскаму не давялося.

З 1906 года Вацлаў Ластоўскі жыве ў Вільні, дзе становіцца сябрам Беларускай Сацыялістычнае Грамады. Пачынае супрацоўнічаць з газетай "Наша Ніва", а ў 1909 годзе становіцца яе сакратаром. У 1910 выдае кнігу "Кароткая гісторыя Беларусі", у якой упершыню спрабуе сістэматызаваць гістарычныя веды пра беларускі край.

У 1916-1917 гадах Вацлаў Ластоўскі рэдагаваў у Вільні грамадска-палітычную і літаратурную газету нацыяна-льна-дэмакратычнага кірунку "Гоман". Ён чынна працаваў у Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе, змагаючыся за нацыянальную самастойнасць Бацькаўшчыны. Стаў адным з аўтараў "Мемарандуму прадстаўнікоў Беларусі", які адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены ў 1916 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане.

Ластоўскі быў адным з тых палітыкаў, што стаялі ля вытокаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў снежні 1919-га ўзначаліў яе Раду міністраў. У 1923 годзе Вацлаў Ластоўскі адыходзіць ад палітычнай дзейнасці, жыве на эміграцыі ў Коўне, займаецца рэдагаваннем часопіса "Крывіч". У Коўне ён выпускае свае знакамітыя працы "Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" і "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі".

У 1927 годзе, паверыўшы ў лібералізацыю Савецкай Беларусі, вяртаецца на радзіму, дзе некаторы час працуе дырэктарам дзяржаўнага музея БССР. Ад 1928 года В. Ластоўскі неадменны сакратар і акадэмік АН БССР.

21 ліпеня 1930 года Ластоўскага арыштаўваюць па справе гэтак званага "Саюзу вызвалення Беларусі" і праз дзесяць месяцаў турэмнага зняволення, допытаў і катаванняў высылаюць ў Саратаў. Там ён працуе загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў у бібліятэцы мясцовага ўніверсітэта. Але ў 1937-м яго зноў арыштоўваюць і прыгаворваюць да пакарання смерцю. 23 студзеня 1938 г. Вацлава Ластоўскага расстрэльваюць.

Вікіпедыя.


Другі Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі (1880-1954) - батанік, фенолаг і спецыяліст ў галіне сельскагаспадарчых навук нарадзіўся ў Леляканцах Віленскага павета. Ягоны бацька працаваў лекарам у ваколіцах Вільні.

Вацлаў Ластоўскі скончыў Віленскую гімназію, і ўжо з гадоў навучання ў ёй цікавіўся флорай і фаўнай Віленшчыны. У шостым класе гімназіі стаў феналагічным карэспандэнтам прафесара Кайгародава. Атэстат гімназіі атрымаў у 1901 г. а ў 1905 г. скончыў сельскагаспадарчы факультэт Пулаўскага інстытута і атрымаў званне агранома 1-й ступені. Пасля гэтага працаваў у старэйшага брата ў вёсцы Казакоўшчына, паглыбляў веды пра сельскую гаспадарку і селекцыю раслін. Займаўся даследаваннямі ў галіне феналогіі і экалогіі, паглыбляў свае веды з аграметэаралогіі. Уступіў у Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, дзе плённа працаваў - у 1906-1909 гг. арганізаваў метэастанцыю, праводзіў палявыя эксперыменты, займаўся селекцыяй. У 1910 г. па яго ініцыятыве было створана Віленскае таварыства сельскагаспадарчых даследаванняў, якое адкрыла эксперыментальную станцыю ў Беняконях.

Па рэкамендацыі Эдуарда і Рамана Рымшаў у верасні 1910 г. Вацлаў Ластоўскі абследаваў поле паблізу мястэчка Беняконі і ў выніку выбраў тэрыторыю, ахвяраваную графам Путкамерам (15 га палеткаў). 15 кастрычніка 1910 г. на сходзе Таварыства сельскагаспадарчых даследаванняў было прынятае канчатковае рашэнне аб стварэнні станцыі. Путкамер перадаў на двухгадовае карыстанне станцыі 10-гектарную сядзібу былой сельскагаспадарчай суполкі з грамадскімі будынкамі, што дало магчымасць размясціць рабочых і інвентар, закласці першыя доследы. Механічны аналіз глебаў выканаў прафесар Славамір Міклашэўскі. Вясной 1911 г. па ініцыятыве і паводле планаў інжынера А. Панікоўскага (пазней прэм'ер Польшчы) доследнае поле было дрэнажавана. У траўні на галоўным полі закладзены першыя доследы з рознымі гатункамі бульбы. Летам усталяваны метэаралагічныя прыборы (дажджамер функцыянаваў са студзеня 1911 г.). Восенню былі закладзены доследы з жытам, набыты патрэбныя прылады працы.

Газета "Наша Ніва" пісала ў 1911 г.: "У Беняконях ... аткрылася пробнае поле (станцыя) Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі на 15 дзесяцінах. Пабудавалі гожае мураванае гумно, хату для чэлядзі, кожнаму па пакою і пекарню. Пакуль што жывець там і дырэктар пробнай станцыі аграном Ластоўскі, а на вясну будуць будаваць мураваны дом. Памешчыкі далі на станцыю 20 тысяч, і казна 20 тысяч рублёў дасць, калі затвердзіць Дума, і што год будзе казна 20 тысяч рублёў даваць па 3 тысячы руб.

У гэтым гаду пасадзілі на пробу 26 гатункаў бульбы, поле ўсё дрэнавалі. У восень жыта сеялі і садзілі розных гатункаў.

Адну дзесяціну бульбы, касілі бульбяннік, як толькі кончыў красаваць, а другую пакінулі. Някошаная бульба дала на 320 пудоў больш бульбы, як кошаная. На вясну станцыя будзе шырока рабіць розныя пробы, каб ведалі гаспадары, як гаспадарыць. Каля пробнага поля дырэктар Ластоўскі засеяў сам ... жыта двом гаспадаром Войшніцы і Развадоўскаму. Паглядзім, што будзе!"

Станцыя была пабудавана за 1 год дзякуючы намаганням сяброў Віленскага таварыства сельскагаспадарчых даследаванняў. Будаўніцтва галоўнага будынка пачалося ў 1912 г. i было закончана ў 1914 г. у час 1-й сусветнай вайны.

Доследнае поле арганізавана паводле плану В. Ластоўскага, план быў ухвалены Сельскагаспадарчым дэпартаментам Pacii. Методыка і тэхніка доследаў, прынятая ў Беняконях, адрознівалася ў пэўных падрабязнасцях, прынятых у іншых станцыях. Для асобных доследаў існавалі малыя дзялянкі. Праводзіліся доследы па ўздзеянні ўгнаенняў на розныя гатункі раслін, а таксама даследаваліся севазвароты. Станцыя займалася акліматызацыяй раслін. У 1911 г. В. Ластоўскі пачаў селекцыю жыта, якое потым было названа Беняконскім, а пазней - ячменю і аўсу.

Хімічная лабараторыя была яшчэ ў стадыі камплектавання, аднак ужо ў 1914 г. умовы дазвалялі выконваць хімічны аналіз на ўласныя патрэбы станцыі. З дапамогай апарата Шэна праводзіўся аналіз механічнага складу тыпаў глебаў Віленшчыны. Праводзіліся доследы па распазнаванні хвароб раслін і шкодных насякомых. У Беняконях упершыню на Віленшчыне пачалі пратручваць пасяўное жыта супраць шкоднікаў.

Метэаралагічная станцыя, акрамя абавязковых прылад, мела геліёграф для вымярэння сонечнай радыяцыі, у 14 пунктах Віленшчыны арганізавана вымярэнне колькасці ападкаў з дапамогай дажджамера Гельмана. Штомесячныя справаздачы высылаліся ў абсерваторыю ў Санкт-Пецярбург і Цэнтральнае метэаралагічнае бюро ў Варшаве. Выконваліся таксама феналагічныя назіранні. Персанал Беняконскай доследнай станцыі складаўся з дырэктарата В. Ластоўскага, старшага асістэнта Стэфана Змігродскага, трох практыкантаў, двух тэхнічных даглядчыкаў і пяці сезонных супрацоўнікаў для доследаў па зборы ўраджаю.

У 1915 г. Ластоўскі стаў бежанцам і пасяліўся ў Менску. Лідскі абшарнік Андрэй Раствароўскі ў сваіх успамінах пісаў, што Ластоўскі ў Менску, у "1917-18 гг. лічыў сябе беларусам". У якой ступені навуковец далучыўся да беларускага руху покуль не вядома, але гэты факт дазваляе лічыць яго ў тым ліку і беларускім навукоўцам.

На пачатку 1920-х гг. Віленская сельскагаспадарчая доследная станцыя ў Беняконях аднавіла сваю працу. Падчас вайны станцыя страціла жывы інвентар, пабудовы і абсталяванне, а таксама частку селекцыйнага матэрыялу. Часткова захавалася толькі бібліятэка. Віленская газета "Слова" пісала ў 1925 г.: "Аднавіў працу станцыі яе дырэктар В. Ластоўскі. Перад Першай сусветнай вайной, акрамя дырэктара, на станцыі працавалі 2 асістэнты і 3 практыканты. З 1923 г. дырэктар меў толькі аднаго практыканта. Справа ў тым, што калі ў 1915 г. на працу станцыі было асігнавана 15 008 рублёў, дык у 1922 г., у пераліку на царскія грошы, на працу станцыі было выдаткавана толькі 1 200 руб. Тым не менш з сярэдзіны 1920-х гг. станцыя вяла неабходныя для сельскай гаспадаркі навуковыя даследаванні. Дырэктар станцыі В. Ластоўскі яшчэ да Першай сусветнай вайны напісаў шэраг кніг па сельскай гаспадарцы: "Опыты с картофелем", "Опыт с рожью", "Опыты с азотистыми удобрениями", у 1920-х гг. ён выдаў "Dobor odmian zboz dla Wilenszczyzny", "Wynniki doswiadczen z odmianami ziemniakow" і інш. Працы станцыі атрымалі належнае прызнанне ў навуковым свеце".

25 верасня 1929 г. прэзідэнт Польшчы Масціцкі наведаў Ліду пасля чаго выехаў ў Беняконі. У Беняконях прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстым асвячэнні і адкрыцці новай школы і дазволіў, каб гэтая школа насіла назву "Школа імя прэзідэнта Масціцкага". Тут жа прэзідэнт наведаў даследчую агранамічную станцыю і ўдзельнічаў у паседжанні ваяводскай сельскагаспадарчай камісіі. Увечары Масціцкі накіраваўся ў Вільню.

Ластоўскі кіраваў станцыяй на працягу 35 гадоў. Сярод іншых прац, вывеў адаптаванае да прыродных умоў Віленшчыны беняконскае жыта, тыбецкі авёс, авёс Лонгінус, бульбу Альмарыя і раннія гатункі лубіну. У 1924 г. ён быў абраны сябрам Фізіяграфічнай камісіі Польскай акадэміі навук. У 1929 г. быў прызначаны на кафедру глебы і раслін універсітэта Стэфана Баторыя. Ён быў першым дэканам факультэта сельскай гаспадаркі ўніверсітэта (1939 г.). Падчас другой нямецкай акупацыі, арганізаваў падпольныя курсы па аграноміі. У 1945 г. ён пакінуў Беняконі і пераехаў у Познань, працаваў на кафедры глебазнаўства факультэта сельскай і лясной гаспадаркі ўніверсітэта горада Познань. Напісаў каля 60 навуковых прац і некалькі сотняў артыкулаў у прафесійныя часопісы.

Леанід Лаўрэш


Беларускамоўны бельгіец

Рэдакцыю Радыё Свабода ў Празе наведаў малады чалавек, Адрыен Бадуэн (Adrien Beauduin) з Бельгіі. Паколькі гаварыў ён з намі свабодна па-беларуску, мы не маглі не пацікавіцца, адкуль у яго веданне беларускай мовы. Атрымалася наступная гутарка.

РС: Адрыен, якім чынам вы навучыліся беларускай мове?

Адрыен Бадуэн: Калі я быў у Беларусі, я пазнаёміўся з беларускамоўнымі студэнтамі і падумаў, што мне трэба вывучыць беларускую мову. Таму што я не хацеў прымушаць іх гаварыць па-расейску са мной. Я ўжо ведаў расейскую мову, трошкі польскую, вось і ўзяўся за беларускую. Потым я закахаўся ў беларускамоўную дзяўчыну, з якой трэба было размаўляць толькі па-беларуску. Таму я навучыўся вельмі хутка.

РС: Вы вывучылі мову для дзяўчыны, а потым - што?

Адрыен Бадуэн: Потым проста закончылася наша знаёмства. Было складана, было шкада, але што зробіш…

РС: А калі вы спачатку сутыкнуліся з тымі студэнтамі і пастанавілі вывучыць мову, то вывучалі яе па падручніках ці проста ў размовах?

Адрыен Бадуэн: Пяць гадоў таму было даволі складана вывучаць беларускую мову. Цяпер з гэтым крыху лепш, ёсць больш слоўнікаў і падручнікаў. Ёсць падручнік "Размаўляйце са мной па-беларуску"; ёсць "Беларуская мова з задавальненнем", вельмі добрая кніга; ну і перакладныя слоўнікі з нямецкай і ангельскай таксама вельмі дапамагалі.

РС: А ў Бельгіі якой мовай вы карыстаецеся на штодзень?

Адрыен Бадуэн: Я жыву ў сталіцы, Бруселі. Там амаль усе размаўляюць па-французску. Там таксама шмат іншаземцаў, з якімі я размаўляю па-ангельску. І час ад часу размаўляю на нідэрландскай - гэта наша другая дзяржаўная мова.

РС: Дзе вы вывучылі нідэрландскую мову? Яна была абавязковым прадметам у школе?

Адрыен Бадуэн: Так. Але справа ў тым, што я шмат гадоў жыў у Квэбеку, у Канадзе, бо туды пераехалі мае бацькі. Таму я шмат па-нідэрландску ў школе не навучыўся. Але калі вярнуўся ў Бельгію, я пачаў вывучаць нідэрландскую мову, таму што трэба ведаць усе дзяржаўныя мовы сваёй краіны.

Радыё Свабода.


Міжнародная навуковая канферэнцыя "Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура"

Міжнародная навуковая канферэнцыя пад назвай "Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура" прайшла 5-6 лістапада. Яе ладзіла Нацыянальная Акадэмія Навук сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай, Польскім інстытутам у Менску, дзяржаўным і педагагічным універсітэтамі. 140 навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі і Малдовы прывезлі свае даклады, якія тычацца палітыкі, эканомікі і культуры ВКЛ.

У выступе доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянціна Голубева былі названыя асноўныя праблемы гістарыяграфіі і працэсу вывучэння гісторыі ВКЛ у Беларусі:

1. Да пачатку 1990-х гадоў беларуская гістарыяграфія гісторыі ВКЛ прыйшла з вельмі сціплымі дасягненнямі. Гэтаму было шмат прычын, асноўная з якіх - адсутнасць у беларусаў сапраўднай нацыянальнай дзяржаўнасці і дзяржаўнай незалежнасці.

2. Беларуская гістарыяграфія ВКЛ як самастойны кірунак даследаванняў практычна адсутнічала ў БССР.

3. У савецкай Беларусі ВКЛ не вывучалася як дзяржаўнае ўтварэнне. Разглядаліся толькі асобныя пытанні сацыяльнага і эканамічнага развіцця беларускіх тэрыторыяў. Прычым гэтыя аспекты разглядаліся проста ў часе: напрыклад, сялянства ў часы феадалізму. Дзяржава Вялікае Княства Літоўскае не называлася.

4. Не даследаваліся пытанні палітычнай арганізацыі, вайсковай справы, культуры, адукацыі беларускіх зямель часоў ВКЛ. Прычыны - ідэалагічныя.

5. У 1990-я гады, калі даследчыкі сталі свабаднейшымі ў выбары тэмы, з'явілася больш прац па гісторыі ВКЛ, чым за папярэднія 50 гадоў.

6. Пачатак вывучэнню месца Беларусі ў гэтым дзяржаўным утварэнні паклалі працы гісторыка-аматара Міколы Ермаловіча, які выступіў супраць навязанага савецкай гістарыяграфіяй сцверджання пра тое, што ВКЛ было чужой для беларусаў дзяржавай. Мікола Ермаловіч быў сапраўдным змагаром за Вялікае Княства Літоўскае.

7. Вывучэнне беларускімі даследчыкамі знешняй палітыкі і дыплматыі ВКЛ зводзіцца да вывучэння стасункаў з усходнім суседам.

8. У Акадэміі навук Беларусі вывучэннем ВКЛ займаецца 3-5 чалавек. Аддзел гісторыі, які займаецца гэтым перыядам, вельмі малы. Яго тэрмінова трэба пашыраць.

9. Выкладанне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага грунтуецца на ненавуковых канцэпцыях. І па гэтых канцэпцыях мы вучым нашых маладых грамадзянаў.

10. Гісторыя ВКЛ, паводле Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, з'яўляецца замежнай гісторыяй. Менавіта таму аспіранты пазбягаюць тэмаў, звязаных з ВКЛ, каб не абараняцца па замежнай гісторыі.

11. Гісторыя ВКЛ амаль не вывучаецца ў Берасці, Віцебску і Гомелі, дзе ёсць сур'ёзныя навуковыя цэнтры.

12. Трэба, каб вывучэнне гісторыі ВКЛ стала дзяржаўнай праграмай - хаця б на пяцігоддзе.

Акрамя пленарнага паседжання праца канферэнцыі ішла ў чатырох секцыях. Праз некаторы час даклады ўдзельнікаў канферэнцыі стануць даступнымі шырокаму колу спецыялістаў і аматараў гісторыі ВКЛ, якія не прысутнічалі на канферэнцыі, але якіх у Беларусі непараўнвальна больш, чым навукоўцаў.

Паводле СМІ.



Людміла Дзіцэвіч мае гонар запрасіць шаноўнае спадарства на сваю літаратурную вечарыну "Улюбёная ў жыццё і людзей", якая адбудзецца 13 лістапада а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

У праграме вершы, песні, апавяданні, казкі, пераклады, публіцыстыка, навукова-метадычная і рэдакцыйная творчасць. А таксама гарбата, кава, печыва і добры настрой.

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88; х.тэл. (+375 17) 281-04-35; МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail: spadarl yandex.ru.


Імпрэзы Таварыства беларускай культуры ў Літве

На Еўфрасіннеўскіх могілках Вільні адкрылі адноўлены помнік Аляксею Арсеньеву

7 лістапада намаганнямі Таварыства беларускай культуры ў Літве адбылося адкрыццё адноўленага помніка на магіле Аляксея Арсеньева - бацькі найвыдатнейшай беларускай паэткі Наталлі Арсеньевай. Аўтар і фундатар адноўленай шыльды на помніку - Аляксандр Панцялей.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Зянон Пазьняк (яму і Аляксандру Панцялею быў даручаны гонар адкрыць помнік), а. Леанід Акаловіч, які асвяціў помнік, вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін, гісторык, археолаг Генадзь Семянчук і інш.

Прамоўцы спыніліся не толькі на значнасці асобы Наталлі Арсеньевай для беларускай культуры, але і адкрылі для многіх і самога Арсеньева, расейскага чыноўніка V рангу, начальніка Віленскай мытнай акругі, сапраўднага штацкага дарадцу. І па словах З. Пазьняка, беларускасць Наталля атрымала менавіта ад свайго бацькі, які быў беларусам. І як пацверджанне - менавіта бацькі аддалі Арсеньеву ў беларускую гімназію, не гледзячы на тое, што ў Вільні было шмат іншых школ розных нацыянальнасцей.

Айцец Леванід Акаловіч распавёў пра свае пошукі радаслоўнай Арсеньевых. Яму ўдалося знайсці партрэт Аляксея Арсеньева і іншыя цікавыя дакументы з яго біяграфіі.

Такім чынам яшчэ на адзін беларускі знак стала больш на Еўфрасіннеўскіх могілках і ў Вільні. Памятаючы мінулае, шануючы тых, хто яго ствараў зможам адрадзіць Беларусь і захаваць для будучых пакаленняў.


Сустрэча з Зянонам Пазьняком

7 лістапада ў Вільні прайшла сустрэча з Зянонам Пазьняком, арганізаваная Таварыствам беларускай культуры ў Літве, якая адбывалася ў доме нацыянальных меншасцяў.

У часе мерапрыемства спадар Зянон прадставіў свае кнігі. Ахвотныя атрымалі ад аўтара аўтографы.

У сваёй прамове сп. З. Пазьняк закрануў тэму сучасных падзей, якія адбываюцца і ў Беларусі і свеце. Асаблівую занепакоенасць выклікае агрэсія Расеі. Але выказаў надзею на адраджэнне Беларусі, якую будзе будаваць новае маладое пакаленне.

На сустрэчы прысутнічаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

На прыканцы мерапрыемства госці і ўдзельнікі пазнаёміліся з хлопцамі, якія зараз змагаюцца за вольнасць Украіны і Беларусі.

ТБК інф.


Успомнім свайго сябра

Анатоль Белы, які арганізаваў знакаміты менскі культурна-асветніцкі клуб ''Спадчына'', стварыў на сядзібе сваіх бацькоў, прыбудаваўшы арыгінальную, адпаведную двухпавярховую прыбудову, унікальны музей. Арганізатар і распрацоўшчык праектаў устаноўкі помнікаў нацыянальным творцам як тут на радзіме, так і за мяжой. Ягоная постаць яшчэ па-сапраўднаму не ацэнена ні дзяржавай, ні грамадствам.

13 лістапада 2015 г. на сядзібе БНФ а 17 гадзіне адбудзецца прэзентацыя кнігі ''Жыццё ў імя Бацькаўшчыны. Вянок успамінаў і разваг пра Анатоля Белага''. Дарэчы, згаданы клуб з'яўляўся калектыўнай сябрынай нашага Таварыства і ўдзельнічаў у яго заснаванні.

Мікола Лавіцкі.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У якасці ювелірных упрыгожанняў з XII ст. пачалі шырока выкарыстоўвацца гузікі - каштыльковыя, пляската-выпуклыя, шарападобныя, якія вырабляліся з дрэва, косці, пляліся з нітак, абцягваліся каштоўнымі тканінамі, адліваліся з розных металаў і металічных сплаваў.

Зімой насілі рукавіцы ("рукавіцы", "вязёнкі", "сподкі", "ісподкі"), якія служылі для аховы рук ад холаду. "Рукавіцамі", "сподкамі", "ісподкамі" часцей за ўсё сяляне называлі рукавіцы, пашытыя з аўчыны. Вязаныя рукавіцы называлі звычайна "вязёнкамі", вельмі рэдка - "скарпэткамі". У сярэдзіне XIX ст. у святочныя дні сяляне насілі рукавіцы з афарбаванай у чырвоны колер скуры ці ваўняныя вязаныя пальчаткі з каляровым узорам.

У ВКЛ гараджане і сяляне насілі на поясе каліту - скураную сумачку, дзе захоўвалі грошы і іншыя дробязі.

Шляхта з XVII-XVIII стст. у касцюме выкарыстоўвала гальштукі, доўгія шаўковыя паясы і ордэны (некаторыя з якіх мацаваліся на стужках цепраз плячо). Важным аксэсуарам для свецкай шляхты ў ВКЛ была зброя: калі дома шляхціц заўсёды насіў пры сабе нож на поясе, то па-за межамі дома абавязковым прадметам прадстаўніка прывілеяванага саслоўя была шабля (пазней шпага). У XVIII ст. заможная шляхта, калі насіла заходнееў-рапейскія касцюмы, выкарыстоўвацца парыкі, а пры нашэнні нацыянальнага шляхецкага касцюма галіла валасы на ілбе спераду, вакол вушэй і патыліцы. У XIX ст. парыкі выйшлі з моды, а нашэнне ордэнаў, медаляў і іншых знакаў адрознення працягвалася і было важным элементам дэманстрацыі статусу і заслуг на фоне аднатыпных агульнаеўрапейскіх касцюмаў.

Важным аксесуарам вясковага святочнага касцюма ў XIX - пачатку XX ст. служыў разрэзаны па дыяганалі кавалак крамнай тканіны, якая выкарыстоўвалася ў якасці шыйнай хусткі. Шыйную хустку звычайна насілі ў комплексе з сарочкай з адкладным каўняром у святы ці на кірмашы, у госці, у храм.

У XIX - пачатку XX ст. у якасці дапаўнення ў касцюме гараджане выкарыстоўвалі гадзіннікі ў кішэні жылеткі на залатым ці срэбраным ланцужку.

(Працяг у наступным нумары.)


Што мне не далі сказаць на ХІІІ з'ездзе СЖ

24.9.2015 г. адбыўся чарговы з'езд Саюза журналістаў Беларусі. Выступілі дзевяць дэлегатаў і два госці. Я прасіў дазволу на выступленне да з'езду, на з'ездзе. Не дазволілі. Мяркую, скарочаныя тэзісы выступлення зацікавяць чытачоў.

За дваццаць дзён да пачатку з'езду напісаў просьбу старшыні СЖ Беларусі А.І. Лемяшонку: прасіў дазволу на выступленне, 5-7 хвілін. Перад пачаткам з'езду Анатоль Лемяшонак пераканаўча ўгаворваў мяне не выступаць: мы цябе выклічам на сакратарыят, будзеш гаварыць не сем хвілін, а хоць гадзіну.

Перад заканчэннем з'езду вядоўца Вадзім Гігін аб'явіў:

- Запісана дзевяць чалавек, выступілі дзевяць і два госці. Ёсць прапанова падвесці рысу.

На маю не раз паднятую руку, выгук - нуль увагі.

Прагаласавалі: закончыць выступленні. Разумны Вадзім Францавіч Гігін велікадушна паставіў на галасаванне маю просьбу пра выступленне. Сам першым падняў руку супраць.

Канец вядомы. Большасць вольналюбівых, патрыётных, кемкіх беларускіх журналісцкіх рэдактараў (дэлегатамі былі ў асноўным начальнікі) адмовілі мне ў выступленні.

Думаецца, нават не думаецца, я ўпэўнены, прапановы ветэрана журналістыкі на з'ездзе былі б якраз да месца. Спадзяюся, чытачы "Нашага слова" належна ацэняць маё непрамоўленае выступленне.

Нармальны чалавек разумее, жыццё - пакуты і праца, праца і пакуты - і навучваецца цярпець боль. Значыць - несці навуку, радасць, цяпло іншым. Мяркую, я выцярпеў шмат жыцейскіх удараў і "пацалункаў", набыў нейкі вопыт.

18 уласных кніжак і 1089 (!) аўтарскіх, дабраслаўленых мною на чытацкія полкі, дазваляюць сёння гаварыць напрамую, без эўфемізмаў і прыгладжванняў.

Пытанняў шмат. Таму, гаспадары, калегі, сябры, буду гаварыць строга ў назыўным плане. Без асаблівых расшыфровак.

Саюз журналістаў Беларусі робіць плойму добрых спраў. Яго праца пазітывіць у многім. Для эканоміі часу не буду гаварыць шмат станоўчых словаў пра старшыню - Анатоля Іванавіча Лемяшонка. Яго кіраўніцтва і праца СЖ Рэспублікі Беларусь яшчэ болей заплюсуюцца, калі сённяшнія дэлегаты хоць з большага ўлічаць мае прапановы.

Сэрцам беларускай выдавецкай справы апошнія 48 гадоў з'яўляецца Беларуская Энцыклапедыя. Заўжды працавалі ў ёй адданыя беларускасці людзі, кіравалі БЭ такія ж. У рэдакцыях, у калідорах, на сходках у БЭ жыла беларуская мова. Але вось узначаліла БЭ Таццяна Бялова, разумная жанчына, рускамоўніца, абсалютна нейтральная да беларушчыны. Пры Бяловай у БЭ загаспадарыла рюская мова. Хутка правінавацілася Бялова. Адхілілі ад дырэктарства.

Грэх мне і вам не ўспомніць сёння Уладзіміра Браніслававіча Наркевіча. Трыццаць сем гадоў чалавек адпрацаваў у "Звяздзе", дваццаць два гады быў галоўным рэдактарам. Пры ім не пісалі кіруючыя, здольнасцей, дамінуючыя, прызначаемыя, мяркуемыя, адыходзячае сонца, кансалюдуючыя… Фактаграфіі, слізгатні па тэме ў ёй было меней. Наркевічу патрэбна было ордэн даваць, званне прысвойваць, а яго за колькі месяцаў да 60-годдзя... выправілі з газеты. За лічаныя месяцы да юбілею! Заўсёды паважаны Саюз журналістаў Беларусі зараней ведаў няпраўду, мог змікшыраваць сітуацыю. Не паварушыліся. Атрымалася дрэнна.

У Беларусі 649 выданняў двухмоўныя. Пануюць у іх рускія старонкі. Хто, калі прааналізаваў роўнасць дзвюх моваў у дзвюхмоўных газетах за год, пяцігодку, у сталічных, абласных, раённых газетах. Міністэрству інфармацыі абсурдную няроўнасць варта бачыць.

Скажыце, гаспадары, калегі, сябры, калі ў якой дзяржаўнай газеце прынцыпова, па-дзелавому разбіралася праца хоць аднаго міністэрства, аблвыканкама, нават райвыканкама. За апошнія дзесяць гадоў. Нават не міністэрства, а ўпраўлення міністэрства, аддзела міністэрства, аблвыканкама, райвыканкама.

Не сустракаюцца глыбокія крытычныя матэрыялы. А яны найперш патрэбныя народу, адміністрацыям, прэзідэнту.

Назавіце краіну, у якой дазваляюць здзеквацца з уласнага алфавіту. Няма такой, скажаце. Запярэчу - ёсць такая дзяржава. Гэта Беларусь. Знайдзіце рэдакцыі Чэхіі, Польшчы, Германіі, каб там над літараю не паставілі адобраныя народам і законам лініі, дыфтонгі, умляўты. Няма такіх.

У Беларусі запраста. Замест і, ё друкуюць цурку, палку, літару е. Паставіць кропку над і, двукроп'е над ё ў нас часта праблема. На многіх шыльдах установаў, у тым ліку ўрадавых, літары і няма, стаіць тая ж цурка, палка.

Загалоўнай літары, вялікай у многіх беларускамоўных і рускамоўных выданнях не існуе. Рэдакцыйнікі як аслеплі. У іх усе літары вялікія, прапісныя. Забылі навуку першых класаў, калі іх вучылі: першая літара пішацца вялікай у назве горада, прозвішча, дзяржавы, пачатку сказа. Беларускія рэдакцыйныя грамацеі свядома/несвядома цягнуць аблёгкія шаблоны афармляльнікаў і паліграфістаў, якія ў асноўным навучаліся ў Маскве і Львове. А вынік - і з гэтага боку ў нас ліквідуюць прыгажосць і адметнасць беларускай мовы.

Мноства прыстойных газет на Беларусі. Кіруюць імі толькі выдатныя рэдактары. Яны любяць народ, парадкі, яны за аб'ектыўнасць, справядлівасць. Не знойдзеце дзяржаву, у якой такім добразычліўцам і абаронцам праўды дазваляецца не звяртаць увагі на Канстытуцыю, законы.

У Беларусі дазволена ці што. Нават у адвечна рускамоўнай "СБ - сегодня" ("Советской Белоруссии") могуць праскочыць на старонку беларускамоўныя матэрыялы. Свет не пераварочваецца.

Паспрабуйце сунуцца з чым беларускамоўным (артыкул, апавяданне) у "Женскую газету", "Тайны души", "Брест". Ад варот паварот сходу ад Таццяны Жаўняркевіч, Вольгі Шкварэнка, Сяргея Маркузава, іншых. Заснавальнікі ў статуце правільна/няправільна запісалі - выданне рускамоўнае. Цяперашняя рэдактура з вялікага розуму ў дзвюхмоўнай дзяржаве матэрыялу на асноўнай мове нацыі дае аплявуху. Беларуская для іх чужародніца, на ёй яны прынцыпова не друкуюць.

Рэдактар "Маладзечанскай газеты" Алесь Лазоўскі сам пазваніў мне. Адобрыў беларускамоўны матэрыял "Курыць - пляваць на неба і зямлю". Неўзабаве надрукуюць. Па сваёй ахвоце я двойчы скарачаў яго, да 4,5 стар. Не надрукавалі. А ў ім асноўнае было не курава, а прыкметы і язычніцкія традыцыі супраць курава, рэдкая статыстыка.

Дарэчы, гэты матэрыял, скарочаны з 8 старонак да 5,5 старонак, да 4,5 старонак, адхілілі 17 выданняў Беларусі.

...Амаль тры тысячы чалавек штогод самагубнічае, робіць спробу на такое дурноцце ў нас. У Расіі пад шэсцьдзясят тысяч. Фаталістычна-язычніцкі матэрыял, у якім прыкметы аформлены ў форме апавядання "Самазабойства - грэх апраметны", за пяць гадоў не надрукавала ні адна дзяржаўная, недзяржаўная тыражная газета.

Выключэнне - малатыражныя "Наша слова" і слуцкі "Інфа-кур'ер".

Разумны Вадзім Гігін талкова выступае на тэлебачанні, вучыць, абсякае, падтрымлівае прамоўцаў, суразмоўцаў. Рэдактару часопіса "Беларуская думка" Вадзіму Гігіну важныя рускія, амерыканскія праблемы, еўрапейскія, беларускія палітычныя - усяго кратаецца дасведчанец. Толькі чамусьці фізічнае існаванне беларусаў па-сапраўднаму яго не займае. 6,5 старонак фаталізму прыкметаў, знятых мною з неба, кніжных схронаў, ад ведуноў і шаптуноў выратуюць - я ўпэўнены - многіх ад кроку ў Тагасвецце. Ад самазагубства. Не Гігіна і падобных.

Чалавек пачытае, як адносіліся да самазабойцаў продкі, нацыі, дзяржавы, рэлігіі, якое пекла чакае звіхнутага на Тым свеце - і збаіцца вар'яцтва. Дзяржаве і продкам захаваецца цялесная і духоўная іпастась чалавека. Ён ачомаецца, будзе працаваць, прыносіць карысць. А Сівец (ЛіМ), Міховіч ("Сельская газета"), Якубовіч ("СБ сегодня"), Гігін ("Беларуская думка"), Лазоўскі ("Маладзечанская газета")… гэтага не бачаць, не хочуць удумвацца ў сэнс напісанага.

За пяць гадоў 44 разы адхілілі гэты матэрыял вы, калегі, рэдактары цэнтральных газет, абласных, асобных раённых. Сорамна за беларускую рэдакцыйную прадузятасць, зашоранасць.

Артыкул "Развал рэактара і развал судовай справы №19-73", 7 стар., у ім дакументальна, са спасылкамі на лісты судовай справы паказана нізасць саюзных міністэрстваў пры праектаванні, будаўніцтве ЧАЭС, пасляаварыйных разборках, іхныя агідныя выкруцельствы на судзе. Матэрыял не надрукавала ні адна дзяржаўная, ведамасная, недзяржаўная газета. Ні адна. Акрамя "Нашага слова".

Усе баяцца. Чаго, каго? Так званы барацьбіт за правы і праўду Васіль Зданюк таксама тройчы здрэйфіў, даў бязглуздыя адгаворкі, галоўная з якіх - беларуская мова.

Адрыўкі з майго дакументальнага рамана пра чарнобыльскую трагедыю не асмелілася надрукаваць ні адна дзяржаўная/недзяржаўная тыражная газета. Толькі "Народная воля" (Іосіф Сярэдзіч), "Новы час" (Аляксей Кароль) і "Наша слова" (Станіслаў Суднік) крыху адгукнуліся. Рэцэнзію прафесара Рагулі, 4 стар., на дакументальны чарнобыльскі твор, акрамя "НС", нідзе не надрукавалі. У тым ліку ніводная гомельская газета. На Гомельшчыне радыяцыі няма.

Артыкул "Не трэба байкі пра цяжкасці з ажыўленнем мовы", 7 стар. і 5 стар., не змясціла ні адно выданне Беларусі. Усё ім нешта муляе. У першых радках артыкула было сказана, што гэта маё выступленне на з'ездзе беларусаў свету ў 1997 годзе, яно скарочаным надрукавана ў матэрыялах з'езду, а нашы смелякі і аб'ектывісты... ўсё баяцца.

Дайшло да парадоксаў. Рэдактар ЛіМа Таццяна Сівец няпраўду адхіленняў прыкмета-язычніцкіх матэрыялаў "Крыж пры дарозе", 4 стар., "Грэх рушыць помнікі", 4 стар., "Курыць - пляваць на неба і зямлю", 5 стар., практычна ніяк не матывуе.

Ёй, як і Дзянісавай у "Маладосці", усё дазволена. Захаванне чалавечага жыцця не парафія Гігіна, невыкананне беларускай народнай традыцыі не абавязак Сівец, Лазоўскага. Матэрыялы пра кошачак і сабачкаў, што іржою распаўзаюцца па беларускіх выданнях, абцяжарваюць жыццё люду ў кватэрах - іх тэмы, устаноўка паўз дарогі, на палях крыжоў, развал помнікаў, грэх лаянкі - не іх тэматыка.

Кіраўнікі "Нашай Нівы" Дынько і Скурко ў аб'ектыўнасць і незалежнасць часта пагульваюць. Пнуцца крытыкаваць. А самі не надрукавалі дзве-тры старонкі анатацыі на кнігу пра забойства Янкі Купалы. Геній працаваў у "Нашай Ніве", рэдагаваў яе, а цяперашнія нашаніўцы не змясцілі ні слова пра яго смерць, пра абмеркаванні "НН" цэкоўцамі Беларусі і Масквы ў даваенні і пасля. Пяць маіх спробаў апублікаваць хоць старонку ў іх - шлёг пугай па вадзе. "Звязда" рэцэнзію надрукавала, яны - не. Каму і што НН даказвае, не ведаю, а што сябе балезна адлупцоўвае - факт.

Пытанне да вас усіх. Якая дзяржаўная рэдакцыя дапамагла Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць Указ пра дрэннае існаванне беларускай мовы? Не ведаю я такой.

Уйма тэм не ўлезла ў прамову, важных для ўсіх - кшталту станцыі метро імя Леніна, ідэалагічных справаў.

Сорамна, панове. Шмат чаго мы не бачым.

Прапаную працу Саюза журналістаў ацаніць здавальняльна. Дзякую за ўвагу.

Валер Санько, член СЖ з 1966 года, дэлегат з'езду.


27 лістапада, пятніца

Прэзентацыя кнігі Валера Санько "Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё".

Сядзіба ТБМ, г. Менск, вул. Румянцава, 13.

Пачатак у 18.00. Уваход вольны.


Каб памяць жыла

Барысаў Ілля Аляксандравіч (13 ліпеня 1927 г. , Скідзель Гарадзенскага раёна - 6 лістапада 2014 г.) - журналіст, краязнавец, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям'і. Бацька - Барысаў Аляксандр Мікалаевіч, беларус. Маці - Анастасія Іванаўна, беларуска. 87 год білася сэрца гэтага прыгожага чалавека. Але такі хуткацечны час.

Жыццё - міг. Ілля пражыў вельмі складаны час. Гэта Польшча, тыя (як мы называлі) Саветы, Вялікая Айчынная вайна, Беларусь у складзе СССР, Рэспублікі Беларусь.

І. Барысаў закончыў Менскую савецкую партыйную школу пры ЦК КПБ у 1958 г., Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут у 1970 г.

У 1954 г. ў сям'і Іллі Аляксандравіча і Лізаветы Кірылаўны нарадзіўся сын Уладзімір, а ў 1955 г. - дачка Таццяна.

Больш за ўсё я ведаю пра І. Барысава калі ён выйшаў у 1987 годзе на пенсію. Як пазаштатны карэспандэнт пісаў у розныя газеты на розныя тэмы. Як вучоны аграном вельмі глыбока разумеў прыроду, экалогію, чалавека. Часта прыязджаў да мяне і здымаў з пчоламі, у садзе. Пісаў. Называў мяне Мічурыным. Мы вельмі добра разумелі адзін однаго. Змагаліся за дрэвы. Разам удзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Памятаю, як у Скідзельскай гімназіі былая настаўніца беларускай мовы Святлана Леанідаўна, адміністрацыя і вучні старэйшых класаў ладзілі літаратурную гадзіну пра Пятра Якаўлевіча Сяўрука - скідзельскага паэта і філосафа, змагара за беларускую мову. Ганаровымі гасцямі запрасілі мяне, І. Барысава і Рыгора Фарманяна. Рыгор Фарманян, выхадзец з Арменіі, але добра ведае беларускую мову і лічыць сябе беларусам. Гаварылі і мы.

Вялікі ўклад І. Барысава ў нашу культуру, гісторыю. У 2008 годзе выйшла кніга "Скідзель. 500 год гісторыі". Кніга рэкамендавана да друку кафедрай археалогіі і этналогіі ГрДУ імя Янкі Купалы. Аўтары: І. Барысаў, М. Дзелянкоўскі, А. Вашкевіч, Д. Люцік, Я. Лялевіч, З. Сямашка, С. Токць. Я вельмі ўдзячны навуковаму рэдактару С.М. Токцю і І. Барысаву за здымкі з асабістага архіва.

А яшчэ я вельмі ўдзячны старшыні Скідзельскага гарвыканкама А.І. Вітко, якога ўжо няма з намі, за тое, што падарыў мне гэтую кнігу.

Андрэй Юшкевіч.


У Салігорскай бібліятэцы мова родная гучала

У сярэдзіне верасня 2015 года сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Франціска Скарыны" праз раённую газету "Шахцёр" павіншавалі беларускага паэта, чальца Саюза пісьменнікаў з 1990 года, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, уражэнца вёскі Крывічы Салігорскага раёна, жыхара горада Салігорска Хведара Хведаравіча Гурыновіча з 65-годдзем з дня народзін і пажадалі яму здароўя, шчасця, доўгіх гадоў жыцця і новых творчых поспехаў на цярністым шляху да вялікай паэзіі.

Хведар Гурыновіч - журналіст, паэт і заядлы паляўнічы. Ён у сваіх паэтычных творах па майстэрску, мастацкім, яркім словам апісвае жывую дзікую прыроду, яе звяроў і птушак, зеляніну лясоў і пушчаў, а таксама сваю Бацькаўшчыну, шчырую любоў да сваёй малой і вялікай Радзімы, чым услаўляе Беларусь.

16 кастрычніка 2015 года ў Салігорску, у чытальнай зале дзяржаўнай установы "Раённая цэнтральная бібліятэка" Салігорскага раённага выканаўчага камітэта адбылася прэзентацыя Новага паэтычнага твора беларускага паэта Хвёдара Гурыновіча - кнігі паэзіі "Роднасць".

Кніга "Роднасць" - гэта 21-ае паэтычнае выданне аўтара, пераклад рускамоўнай біяграфічнай паэмы "Год - как жизнь, жизнь - как год", але ў выніку працы над перакладам гэтай паэмы атрымалася, па сваёй сутнасці, зусім новая паэма, больш шчырая і мілагучная - імя якой "Роднасць".

У эпілогу кнігі "Роднасць" ёсць такія радкі: "Паэма прасякнута тонкім лірызмам, насычана яркімі эпітэтамі, свежымі параўнаннямі, трапнымі пароднымі выслоўямі".

Новы паэтычны твор Хведара Гурыновіча, кніга "Роднасць", выдадзена менскім выдаведствам "Кнігазбор на 400 старонках накладам 500 асобнікаў у 2015 годдзе.

Паэма "Роднасць" разбіта на 12 частак па назвах месяцаў года - "Студзень", "Люты", "Сакавік" і гэтак далей.

Галоўнымі ўдзельнікамі прэзентацыі кнігі "Роднасць" былі навучэнцы старшых класаў Салігорскай гімназіі № 3. многія з іх на памяць чыталі трапныя вытрымкі з новай паэмы Хведара Гурыновіча. У якой спалучаюцца жыццёвы шлях паэта ў сугучнасці з жыццём народа цудоўнага кутка Салігоршчыны і Беларусі.

Прэзентацыю кнігі "Роднасць" вяла бібліятэкар Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Ніны Мігун - адзін з актыўных арганізатараў творчых мерапрыемстваў у бібліятэцы.

У сваім выступленні Хведар Гурыновіч, у прыватнасці, сказаў:

- Паэзія - гэта мудрасць чалавечая. Яна не кожнаму дадзена. Паэзія абыякавасці не прымае. Яна сама ў душу ўваходзіць... Мая новая паэма "Роднасць" - гэта адзін з лепшых маіх паэтычных твораў. Гэта песня майго жыцця, майго краю і маёй краіны - роднай Беларусі...

Салігорская паэтэса, старшыня Краязнаўчага-літаратурнага аб'яднанння "Вытокі", створанага ў сакавіку 2015 года пры Салігорскай бібліятэцы Валянціна Бабко-Аляшкевіч у сваім выступленні заклікала ўсіх удзельнікаў мерапрыемства любіць кнігу, любіць паэзію і родную матчыну мову.

Па заканчэнні прэзентацыі кнігі "Роднасць" старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзія Клішэвіч шчыра павіншавала Хведара Гурыновіча з выхадам у свет новай кнігі паэзіі і пажалада яму новых творчых здзяйсненняў.

Уладзімір Масакоўскі, старшыня Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", удзельнік мерапрыемства.


Адрывак з паэмы "Роднасць" Хведара Гурыновіча, якім яна завяршаецца.

Але ж і Бог дае нам толькі раз

Пражыць жыццё.

Інакш і немагчыма.

Адну дае Усявышні і Айчыну.

Яе, як зрэнку вока, берыгчы нам

Патрэбна ўсім.

Адна Радзіма ў нас.


Прасёлкамі хадзіў я і барамі,

Дзе столькі жаўрукоў і салаўёў

Мяне страчалі!

І з такім стараннем

Па цёплай нотцы, па расінцы ранняй

Па макаваму зернятку збіраў я,

Радзіма, Вас ў сэрцайка сваё.


Вы - спавядальны храм мой і трывога,

І чыстае свячэнне ручая.

Вы - маці незабыўная мая,

І ў свет шырокі светлая дарога...

Вас у маёй душы настолькі многа,

Што й дня без Вас не змог пражыць бы я.


Вы птушанят праводзілі з гнязда

У дальні шлях арбітаю высокай.

Гайдалі Вы калыскай ноччу золкай

І труны - на чарнобыльскіх кладах.

У небе Вы ўзышлі пакутнай зоркай,

У сэрцы прараслі шчымлівай зёлкай...

І я нікому вырваць Вас не дам!!!


Зорны чалавек

Зміцер Ермаловіч - Дашчынскі - унук вядомага рэжысёра Валянціна Ермаловіча (1925-2004) нарадзіўся 16 красавіка 1986 года ў г. Менску. Маці - Наталля Дашчынская шмат год адпрацавала ў бібліятэцы Акадэміі навук імя Якуба Коласа. Бацька - Зміцер Валянцінавіч з'яўляецца дацэнтам кафедры філасофіі БДУІР. Хлапец вучыўся ў школе № 73 з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы. З дзяцінства захапіўся творчасцю Марыны Цвятаевай, а таксама беларускіх аўтараў: Яўгеніі Янішцыц, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Някляева.

Мае хобі: тэатр, паэзія, вандоўкі па Беларусі. Таксама наведаў Варшаву і Украіну... Пасля школы паступіў вучыцца ў Менскі каледж прадпрымальніцтва (прыватная ўстанова адукацыі), які закончыў з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці "Страхавая справа". Потым паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у якім атрымаў спецыяльнасць "Эканаміст". Потым пайшоў працаваць у Беларускае таварыства інвалідаў. З 2012 па 2015 год там працаваў і закончыў на пасадзе галоўнага спецыяліста па сацыяльнай працы ўстановы "Інвацэнтр".

З пачатку 2015 года працуе рэжысёрам у Рэспубліканскім палацы культуры імя Мікалая Шарко Беларускага таварыства глухіх. У 2015 годзе атрымаў адукацыю ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН РБ і абараніў магістарскую працу па тэатразнаўству (кіраўнік - прафесар сп. Вераніка Ермалінская). З'яўляецца магістрам мастацтвазнаўства і аспірантам Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН РБ. Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі піша вершы, якія друкаваліся ў часопісах "Алеся" і "Заходняя Дзвіна", а таксама газеце "Разам", часопісе "Мастацтва", калектыўных зборніках: "Квартет". "Сугучча", "Пралог даўжынёю ў 10 год".

Наш зорны хлапец пісаў вакальныя тэксты для шматлікіх эстрадных, камерных сімванічных, харавых музычных твораў, а таксама музычных і драматычных спектакляў. Спадар Зміцер у 2013 годзе выдаў альбом "Маленькая балерына".

У канцы года малады чалавек чакае прэм'еру спектакля "Пунсовая кветачка" ў Гомельскім абласным драмтэатры. Гэта - п'еса Ермаловіча-Дашчынскага і Таццяны Аксёнкінай па матывах казкі Аксакава!

Зорны чалавек марыць пра здароўе для сваіх родных, аб яркіх вандроўках і пачуцці шчасця!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


Музей Напалеона Орды адкрылі на радзіме мастака ў Іванаўскім раёне

Музей Напалеона Орды адкрыўся 7 лістапада на малой радзіме мастака і кампазітара ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці, паведамляе БелТА.

Музей створаны ў вёсцы Варацэвічы, дзе калісьці быў родавы маёнтак Напалеона Орды.

Чатыры выставачныя залы раскажуць наведвальнікам пра жыццё і творчасць славутага земляка. Першая зала прысвечаная дзяцінству мастака і кампазітара, другая - яго шматграннай дзейнасці, 3-я і 4-я - спадчыне.

Фота БелТА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX