Вярнуцца: 2015

№ 50 (1253)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1253), 16 снежня 2015 г.


Нацыятворчая падзея

Цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч адбылася 10 снежня ў Стакгольмскай канцэртнай зале.

Побач з беларускай пісьменніцай знаходзілася кітайская прафесар медыцыны Юю Ту і амерыканскі эканаміст Ангус Дзітан. Узнагароду прадстаўніца Беларусі атрымала з рук шведскага караля Густава ХVI у прысутнасці яго сям'і , палітычнай і культурнай эліты Швецыі. З беларускага боку на ўрачыстасці прысутнічалі старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка, сябры ЗБС "Бацькаўшчына" і іншых грамадскіх арганізацый.

На Радзіме гледачы сачылі за трансляцыяй падзеі па канале "Белсат" і ў Інтэрнэце. У Менску калектыўны прагляд трансляцыі цырымоніі адбываўся ў шэрагу публічных месцаў. У прыватнасці, у менскай галерэі "Ў" гледачы гарачымі воплескамі, стоячы віталі ўрачысты момант.

- Гэта нацыятворчая падзея, - адзначыў сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і праваабаронца Алесь Бяляцкі. - Уручэнне ўзнагароды адбываецца менавіта ў Дзень правоў чалавека. Гэты Нобілеўскі медаль для нас як зорка. Ён сведчыць, што наша літаратура знаходзіцца на высокім сусветным узроўні, выяўляе спеласць нацыі. Талент Святланы Алексіевіч вырас не на пустым месцы, а выхаваны беларускай літаратурай.

Не гледзячы на тое, што яна пісала на рускай мове, літаратурныя рамкі і псіхалогія яе твораў маюць глыбокія карані. Святлана Алексіевіч вельмі ясна пазіцыянуе сябе як беларускага літаратара. Ірландскія і індыйскія пісьменнікі пішуць па-ангельску, але застаюцца прадстаўнікамі сваіх народаў. Пісьменнікі часам пішуць на імперскіх мовах, але яны не з'яўляюцца імперскімі, а нацыянальнымі. Чытачы ў розных краінах будуць чытаць яе ў перакладах, і іх у першую чаргу будзе цікавіць змест кніг.

Святлана Алексіевіч казала пра сябе, што з'яўляецца вялікім вухам, які слухае паліфанію народных галасоў. Яна перапрацоўвае іх ў сабе і выдае сапраўды арыгінальныя тэксты, якія перадаюць сутнасць думак людзей. Яе творчасць бярэ вытокі з іншых дакументальных твораў. З такіх яна ўзгадвае кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка " Я з вогненнай вёскі", - сказаў А. Бяляцкі.

На банкеце ў Блакітнай зале Стакгольмскай ратушы ўвечары 10 снежня першая беларуская нобелеўская лаўрэатка ўзгадала Алеся Адамовіча і Васіля Быкава і расказала свету пра Беларусь.

Эла Дзвінская, фота Радыё Свабода.


"Белсату" - 8 гадоў!

Незалежнаму беларускаму тэлеканалу "Белсат", ідэя якога ўпершыню ўзнікла ў ТБМ, споўнілася 8 гадоў. У Варшаве ўрачыста адзначылі гадавіну. Супрацоўнікі рэдакцыі ўзгадалі, як мінуў чарговы год для тэлеканала. Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм "Белсата" Аляксей Дзікавіцкі зазначыў, што сёлетняй асаблівасцю сталі перадвыбарчыя дэбаты і трансляцыя ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч:

- Станаўленне такога вялікага праекту, як "Белсат", нельга сказаць, што нешта радыкальна мяняецца цягам аднаго года, проста мы становімся больш прафесійнымі і зараз самі гэта бачым. Мы мелі выбары сёлета, мы мелі трансляцыю Нобелаўскай прэміі, мы таксама мелі перадвыбарчыя дэбаты ўпершыню зробленыя нашым каналам на такім узроўні. Мы асвойваем новыя тэлевізійныя формы, а цяпер мне падаецца, што мы на такім узроўні, што можам рабіць самыя вялікія і маштабныя тэлевізійныя формы.

Рэдактар праграмнага сакратарыяту "Белсата" Сяргей Пеляса дадаў, што тэлеканал ужо дасягнуў максімальнай аўдыторыі праз спадарожнікі і цяпер будзе акцэнтаваць увагу на развіцці інтэрнэт-старонкі:

- Мы ведаем дакладна, што тычыцца спадарожнікавага тэлебачання, то тут мы дасягнулі таго, што магчыма. Больш мы не можам нічога асабліва дасягуць, а будучыню, перспектыву развіцця мы хутчэй бачым у інтэрнэце. Плануецца з'яўленне новага сайта, побач са спадарожнікавым тэлебачаннем будзе развівацца вось гэты элемент інтэрнэта.

Таксама Сяргей Пеляса зазначыў, што кіраўніцтва "Белсата" асаблівую ўвагу надасць актыўнай прысутнасці ў сацыяльных сетках.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя.


145 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца

Фердынанд РУШЧЫЦ (Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц; 10 снежня 1870, маёнт. Багданава Ашмянскага пав., цяпер Валожынскі раён - 29 кастрычніка 1936, там жа) - мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасцей сваёй эпохі. Аказаў пэўны ўплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў беларускім мастацтве. Матэрыялізаваў магутны нацыянальна-патрыятычны імпульс, характэрны для беларускага мастацтва ў цэлым і для мастацтва мяжы ХІХ-XX стагоддзяў у прыватнасці. Яго вельмі суцэльная па духу творчасць мела непасрэднае дачыненне да фарміравання беларускага нацыянальна-рамантычнага пейзажу канца ХІХ - пачатку XX стагоддзя і найбольш ярка адлюстроўвала яго мастацкую праблематыку.

У яго творчасці знайшлі адлюстраванне жыццё і побыт беларускага народа, пераламіліся традыцыі беларускага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна Рушчыц сцвяржае, што яе бацька заўсёды лічыў сябе "тутэйшым", г. зн. беларусам.

Дзяцінства і юнацтва будучага мастака прайшло ў Менску. У 1883 годзе 13-гадовы Фердынанд паступіў у менскую класічную гімназію, якую скончыў у 1890 годзе з залатым медалём. Тут жа ён атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў выкладчыка Кузьмы Якаўлевіча Ермакова, выхаванца Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў.

У 1892-1897 гг. навучаўся жывапісу ў Пецярбургскай імператарскай Акадэміі мастацтваў спачатку пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а пасля таго, як той пакінуў акадэмію - у Архіпа Куінджы.

З 1904 прафесар Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1919-1932 - прафесар аддзялення прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні.

Працаваў старшынём камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, наведваў руіны замкаў у Крэве, Міры, Лідзе і інш.

Вікіпедыя.


Юбілей Валянціны Лемцюговай

Паважаная Валянціна Пятроўна!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" сардэчна віншуе Вас з юбілеем.

Нам вельмі прыемна, што ў шэрагах нашай арганізацыі ёсць такія актыўныя сябры. У Вас шмат прац па розных праблемах мовазнаўства, датычных у тым ліку і пытання паходжання беларускай нацыі, развіцця яе тапанімічнай сістэмы. Менавіта дзякуючы Вам наша ўласная беларуская тапанімія пачала вызваляцца з-пад чужамоўных наслаенняў, прабіваючыся да натуральнага аблічча. Гэта каштавала Вам неймаверных высілкаў, але вынік уражвае. Выдадзеныя пад Вашай рэдакцыяй даведнікі назваў населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь па шасці абласцях - выдатны набытак не толькі для сённяшняга, але і для будучых пакаленняў. Прызнанне важнасці гэтай працы на міжнародным узроў- ні - сведчанне высокай якасці, з якой яна была зроблена. А Закон аб назвах геаграфічных аб'ектаў, у якім замацавана першасная роля беларускай мовы, за які Вы змагаліся асабіста і сумесна з грамадскасцю - важкая цагліна ў падмурак беларускай дзяржаўнасці.

Дзякуючы Вам, з'явіўся шэраг фундаментальных прац па асэнсаванні ролі нашай эліты на пачатку XX стагоддзя - часу, калі фармавалася новая беларуская літаратурная мова. Вы здолелі ўлучыць у навуковы ўжытак і зрабіць прадметам глыбокага даследавання дзейнасць супрацоўнікаў рэдакцыі газеты "Наша Ніва" (1906-1915 гг.).

Мы вельмі ўдзячныя Вам за прафесійную дзейнасць, накіраваную на развіццё і папулярызацыю беларускай мовы ў грамадстве, тую пастаянную падтрымку, якую Вы аказвалі ТБМ на працягу многіх гадоў.

Мы жадаем Вам добрага здароўя, доўгіх шчаслівых гадоў і рэалізацыі тых планаў, якія маеце.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Пра В. Лемцюгову чытайце на ст. 3.)


Манументальная мова

У 2003 годзе ў Полацку быў адкрыты помнік своеасаблівай беларускай літары Ў, які сімвалізуе ўнікальнасць беларускай мовы. Дарэчы, і ў Менску, ля Нацыянальнай бібліятэкі, стаяць дзве калоны з літарамі А і Я наверсе.

Але час ідзе, а старыя выклікі нацыянальнай мове і ідэнтычнасці не знікаюць. Моўна-нацыянальны нігілізм рыхтуе глебу для паўтарэння крымскага ці ўсходнеўкраінскага сцэнару і ў Беларусі.

Ці не варта на гэтым фоне задумацца над адкрыццём больш грунтоўнага архітэктурнага сімвалу беларускай мовы ў сталіцы краіны? Такі аб'ект наяўна прадэманструе наша бачанне нацыянальна-культурных прыярытэтаў, стане адным з адказаў на імперскае прамыванне мазгоў. Нездарма ў свой час Ленін распрацаваў план манументальнай прапаганды ва ўмовах перамогі рэвалюцыі.

У нас, праўда, перамогі пакуль не бачна. Можна нават сказаць, што стварэнне гэтага арт-аб'екта зараз - гэта ў пэўным сэнсе баль падчас чумы, моўнага мору. У такой сітуацыі помнік мове можа ўспрымацца як чыста сімвалічная, наіўная спроба маральна кампенсаваць слабыя пазіцыі беларускай мовы ў краіне. Але зірніце з іншага боку: гэта рэч на выраст, арыенцір, маяк, сімвал надзеі, калі хочаце.

Можна выказаць і іншыя аргументы супраць. Напрыклад, ці не будзе ўжо само слова "помнік" выклікаць думку, што мова - гэта штось гістарычнае, мінулае і неактуальнае? Усе погляды маюць права на існаванне. Я лічу, тым не менш, што магчымая карысць ад помніка вартая таго, каб гэта ідэя была абдумана і абмеркавана. Дарэчы, можна правесці папярэдняе даследаванне грамадскага меркавання і прыблізна высветліць, што падумаюць людзі пра такі аб'ект

Дарэчы, калі Вы падумалі, што два помнікі - гэта занадта, дык у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ёсць не менш дваццаці памятных знакаў і манументаў мове афрыкаанс. Далей - пра сусветны досвед манументальнага ўшанавання моваў.

Акрамя нашага ёсць нямала іншых помнікаў у выглядзе літар - некаторыя з іх звязаны з пэўнымі мовамі і алфавітамі. Напрыклад, у Харватыі ёсць манументы асобным літарам глаголіцы. У расійскім Сыктыўкары, сталіцы Рэспублікі Комі, стаіць помнік у выглядзе літары О з алфавіту Комі.

У гэтай жа краіне, ва Ульянаўску, ёсць помнік літары ё. Ідэя яго ўсталявання ўзнікла ў 1997 годзе, калі святкаваўся юбілей пачатку яе ўжывання. Помнік уяўляе сабой копію літары, упершыню надрукаванай у альманаху М. Карамзіна "Ааніды" ў 1797 годзе. Валагодская празорыстая літара О ўшаноўвае мясцовае оканне.

У гэтым кірунку ў нас яшчэ ёсць варыянты, напрыклад, помнікі дж і дз ці "жы, шы пішы з ы".

Літара - добра, а алфавіт - лепей. Цэлымі скульптырнымі кампазіцыямі, прысвечанымі свайму алфавіту, вызначаецца Арменія. Армянскае пісьмо было створана ў 405 - 406 гадах біскупам Месропам Маштоцам. З таго часу алфавіт змяніўся зусім нязначна. Адзін з мемарыялаў знаходзіцца ў вёсцы Ашакан, побач з царквой святога Месропа Маштоца, дзе пахаваны асветнік. У краіне існуе традыцыя: у пачатку навучальнага года многія першакласнікі вывучаюць першую літару алфавіту менавіта ў гэтай царкве. Кожная літара выканана ў выглядзе хачкара - традыцыйнай армянскай каменнай стэлы з выявай крыжа. Хач па-армянску значыць крыж, а кар - камень.

Іншая скульптурная кампазіцыя - на схіле гары Арагац, самай высокай вяршыні Арменіі, каля вёскі Арташаван. Гэты парк алфавіту быў заснаваны ў гонар яго 1600-гадовага юбілею.

Яшчэ адзін помнік армянскаму алфавіту знаходзіцца ў Кліўлендзе (ЗША), у Армянскім культурным садзе. Манумент складаецца з прыступчатых гранітных блокаў, якія сімвалізуюць няпростую гісторыю Арменіі і адначасова - хараство яе горнай прыроды. На адным баку гэтых блокаў - выявы літар, на адваротным - імёны дзеячоў армянскай гісторыі і культуры.

(Працяг у наст. нумары.)

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы


Адданая роднай мове

Да юбілею Валянціны Пятроўны Лемцюговай

19 снежня свой юбілей адзначае актыўны сябра Таварыства беларускай мовы, вядомы мовазнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Пятроўна Лемцюгова. Яна належыць да той адметнай катэгорыі людзей, якія знаходзяцца ў няспынным творчым пошуку. Да свайго юбілею Валянціна Пятроўна падышла з добрымі творчымі набыткамі, важнымі здзейсненымі праектамі. У юбілейны год сябры Таварыства беларускай мовы віншуюць паважаную Валянціну Пятроўну Лемцюгову з юбілеем і жадаюць ёй добрага здароўя, духоўнай моцы, творчага натхнення, плённага здзяйснення ўсіх задум.

В.П. Лемцюгова нарадзілася ў 1935 г. у вёсцы Новая-Алакуя Паргалаўскага раёна Ленінградскай вобласці ў сям'і беларускіх сялян. Бацькі прыехалі сюды з Магілёўшчыны па вярбоўцы, каб дапамагчы ў арганізацыі ўзорнага калгаса на самай мяжы з Фінляндыяй. У 1940 г. бацька Валянціны Пятроўны загінуў на савецка-фінляндскай вайне. Пасля заканчэння вайны яе маці з дзецьмі вярнулася на радзіму, дарагую сэрцу Магілёўшчыну. Тут Валянціна Пятроўна закончыла Чавускую беларускую сярэднюю школу і ў 1953 г. паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння пэўны час настаўнічала на Валожыншчыне. Як часта бывае ў вясковых школах, нагрузка для маладога спецыяліста была значнай: настаўніцы даводзілася праводзіць навучанне адразу па некалькіх прадметах: весці ўрокі беларускай, рускай і нямецкай мовы. Педагагічная кар'ера складвалася паспяхова, аднак лёс павярнуў на іншы шлях. І ў 1961 г. Валянціна Пятроўна ступіла на сваю навуковую сцяжыну: прыйшла ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі. Яна адразу вызначылася як неардынарная асоба, навуковец з перспектыўным мысленнем і наватарскім падыходам.

У 1966 г. В.П. Лемцюгова паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю "Тапанімія Міншчыны", абраўшы тэму, якая толькі пачынала распрацоўвацца ў тагачасным беларускім мовазнаўстве. Яна працягвала даследаванні ў гэтай галіне і ў 1987 г. абараніла доктарскую дысертацыю "Усходнеславянская айканімія ў яе сувязі з семантычнай гісторыяй агульных назваў тыпаў паселішчаў і жылля". Ужо гэтых навуковых прац было дастаткова, каб атрымаць прызнанне навуковай грамадскасці ўсходнеславянскіх краін. Але нястомная прага да навуковага пошуку падштурхоўвала да асваення новых кірункаў айчыннага мовазнаўства. У 1980 г. выйшаў у свет першы (і пакуль што адзіны) у беларускай і славянскай лексікаграфіі "Украінска-беларускі слоўнік", аўтарам якога з'яўляецца Валянціна Пятроўна. У рэестры слоўніка налічваецца больш за 60 тыс. украінскіх слоў, што адрозніваюцца значэннем, месцам націску, граматычным родам ад беларускіх адпаведнікаў. Гэта выданне даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю.

Асноўным кірункам навуковай дзейнасці В. П. Лемцюговай пэўны час з'яўлялася лексікалогія і лексікаграфія. Валянціна Пятроўна прымала непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу буйных лексікаграфічных прац: "Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі (1970), "Слоўніка беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне" (1987), "Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі"(1994). Асобныя слоўнікі, падрыхтаваныя ў суаўтарстве з Ганнай Арашонкавай, былі адрасаваны выкладчыкам і студэнтам філалагічных факультэтаў, школьным настаўнікам і вучням. Гэта такія выданні, як "Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы" (1987, 2-е выд. 2005), слоўнік-даведнік "Кіраванне ў беларускай і рускай мовах" (1991), "Кароткі слоўнік беларускай мовы" (1994).

Узначаліўшы аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі, В.П. Лемцюгова звярнула ўвагу на адсутнасць у нашых лексікаграфічных крыніцах вялікага пласту лексікі пачатку ХХ ст. І пад яе кіраўніцтвам пачала ажыццяўляцца праца па вяртанні нашай гістарычнай і культурнай спадчыны ў навуковы ўжытак: комплекс даследаванняў мовы першай беларускай газеты "Наша Ніва" - унікальнага пісьмовага помніка нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Сярод гэтых даследаванняў цэнтральнае месца займае "Слоўнік мовы "Нашай Нівы" (1906-1915)". Адметнай рысай выдання з'яўляецца тое, што лексічны матэрыял пададзены ў слоўніку ў дзвюх графічных сістэмах - кірыліцы і лацініцы. Усяго падрыхтавана да выдання пяць тамоў, тры тамы ўжо выйшлі (2003, 2007, 2015 гг).

У В.П. Лемцюговай выйшла шмат прац па розных праблемах мовазнаўства, датычных у тым ліку і пытання паходжання беларускай нацыі, развіцця беларускай тапанімічнай сістэмы. Валянціна Лемцюгова неаднаразова выступала на Міжнародных з'ездах славістаў па актуальных праблемах беларускай анамастыкі, працягваючы актыўна развіваць навуковыя кірункі анамастычнай школы, заснаванай у 60-я гады мінулага стагоддзя акадэмікам Мікалаем Бірылам, выдала дзве манаграфіі, у якіх даследавала працэс нараджэння і эвалюцыі беларускіх айконімаў. Вынікі яе даследавання ўнеслі важкі ўклад у вырашэнне праблемы прарадзімы славян і славянскага этнагенезу ў цэлым.

Менавіта дзякуючы намаганням Валянціны Пятроўны наша ўласная тапанімія пачала вызваляцца з-пад чужамоўных наслаенняў, прабіваючыся да натуральнага аблічча. Так, яна распрацавала тэарэтычныя асновы стандартызацыі беларускіх геаграфічных назваў, якія выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы і выданні самых розных па тэматыцы і маштабе картаў, атласаў, што знайшло канкрэтнае маштабнае ўвасабленне ў нарматыўным даведніку "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь" (у 6-ці кнігах). Гэтая праца атрымала высокую ацэнку экспертаў у галіне стандартызацыі геаграфічных назваў на міжнародным узроўні. У гэтай працы ўпершыню былі прыменены асноўныя прынцыпы напісання на беларускай лацініцы, што ўжо знайшло практычнае ўвасабленне ў нашай інфармацыйнай прасторы.

Не гледзячы на значную загружанасць на асноўнай пасадзе, Валянціна Пятроўна вяла вялікую навукова-арганізацыйную, педагагічную і грамадскую працу: шмат гадоў узначальвала Рэспубліканскую тапанімічную камісію пры НАН Беларусі, уваходзіла ў склад Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, прымала актыўны ўдзел у працы Тапанімічнай камісіі па найменаванні і перайменаванні вуліц пры Мінскім гарсавеце, з'яўлялася членам анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў.

Валянціна Пятроўна - выдатны прыклад навукоўца, які не замыкаецца ад свету і дзяржаўных праблем сценамі свайго кабінета. Яна актыўна ўключаецца ў рашэнне самых актуальных задач і ў сілу сваёй кампетэнтнасці дасягае поспеху там, дзе патрабуецца асаблівае спалучэнне фундаментальных ведаў і практычнага вопыту. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да выдання ўжо згаданых даведнікаў, і да ўвядзення ў актыўны ўжытак і папулярызацыі беларускай лацінкі. Прынцыповасць і адданасць беларускай справе В.П. Лемцюговай выразна праявіліся падчас распрацоўкі і прыняцця Закона аб назвах геаграфічных аб'ектаў. Менавіта паслядоўнасць і настойлівасць Валянціны Пятроўны ў фармулёўцы артыкула Закона, які замацоўваў прысваенне назвы геаграфічнаму аб'екту спачатку на беларускай мове, а затым яго транслітарацыю на рускую мову, дазваляе на яго аснове адстойваць спрадвечнае права нашага народа на сваю тапанімічную прастору.

Валянціна Пятроўна прысвяціла шмат часу і намаганняў справе папулярызацыі навуковых даследаванняў. У 2008 годзе з-пад яе пяра выйшла кніга "Тапонімы распавядаюць", у якой змяшчаецца каля трох тысяч навукова-папулярных эцюдаў пра паходжанне назваў беларускіх паселішчаў. Па просьбе рэдакцыі "СБ" вось ужо некалькі гадоў В.П. Лемцюгова вядзе рубрыку пра этымалогію прозвішчаў жыхароў Беларусі.

Яе навуковыя дасягненні былі заўважаны і адзначаны кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. За шматгадовую плённую навуковую дзейнасць у галіне беларускага мовазнаўства, распрацоўку тэарэтычных і практычных праблем беларускай анамастыкі, падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў 2009 г. Валянціна Пятроўна была ўзнагароджана нагрудным знакам "Юбілейны медаль "У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Грамадскае гучанне яе дзейнасці адзначана ў кнізе "Жанчыны Беларусі".

За сваю дзейнасць - навуковую і грамадскую - Валянціна Пятроўна даўно заслугоўвае самай высокай дзяржаўнай узнагароды. І ў гэтыя юбілейныя дні хочацца пажадаць шаноўнаму юбіляру, Валянціне Пятроўне, жыццёвага аптымізму, добрага настрою, асабістага шчасця.

А.М. Анісім, навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, першы намеснік старшыні ТБМ.


Школа беларускай мовы на Урале распачала новы навучальны год

З невялікім спазненнем - у кастрычніку - пачаліся заняткі ў адзінай у Расіі школе беларускай мовы, якая ўжо больш за тры гады працуе ў Екацярынбургу. За парты цяперашняй восенню селі шэсць "першакласнікаў".

Гэта ўжо другая хваля вучняў, ахвотнікаў спазнаць мову. Першыя атрымалі дыпломы ў траўні цяперашняга года. Амаль усе пачаткоўцы марылі прайсці курс беларускай мовы, але праграма прадугледжвае гадавое навучанне, і тым, хто спазніўся, даводзілася чакаць новага набору. Ад нецярпення навабранцы, як праўдзівыя будучыя першакласнікі, загадзя зазіралі ў школу і нават прыйшлі на імпрэзы ў гонар уручэння дыпламоў. "Выведаць становішча і прасякнуцца атмасферай", - растлумачыў адзін з пачаткоўцаў, юрыст па адукацыі Зміцер Рабатс.

Як растлумачыў карэспандэнту "Саюза" арганізатар праекту, дырэктар і адзіны настаўнік у адной асобе Аляксандр Блешчык, ніякай адмысловай рэкламы школы не было, усе "першакласнікі" запісаліся праз сацсеткі, і гэта "дэманструе банальны факт добрая ідэя заўсёды праб'е дарогу, і праект, як вечны рухавік, не спыніць...

- У школу прыйшла моладзь, якая не імкнулася стаць паліглотамі ці вывучыць мову ў камерцыйных мэтах, як гэта цяпер часцей за ўсё адбываецца. Дзеці жадаюць зразумець сутнасць мовы, пагрузіцца ў культуру беларускага народа, зразумець яго душу. Таму праект адбыўся і працягваецца далей, - кажа прадстаўнік беларускай дыяспары на Урале і вялікі знаток гэтага навучалага праекту Уладзімір Лобач.

Ідэя школы ўзнікла ў дні "Фестывалю нацыянальных моў", які традыцыйна праводзіцца ў Екацярынбургу. Беларуская дыяспара прадставіла багата ілюстраваны стэнд, які распавядае пра народныя традыцыі краіны. Малады выкладчык юрыдычнай акадэміі Аляксандр Блешчык у белай ільняной кашулі з чырвоным арнаментам і кутасамі-завязкамі прапанаваў усім ахвотнікам акунуцца ў культуру Палесся з самых асноў - гэта значыць з азбукі беларускай мовы. Сам ён гэты шлях пераадолеў нялёгка. Беларус па нараджэнні, але аселы ў Расіі, Аляксандр у сярэдзіне двухтысячных вырашыў дасканала вывучыць мову. Ды аказалася, што ў Екацярынбургу гэта зрабіць немагчыма - няма ні курсаў, ні нават прыватных рэпетытараў. Прыйшлося паглыбляцца ў інтэрнэт і праз сусветную сетку спасцігаць мову.

У дапамогу такім жа дапытлівым патрыётам ён і запусціў праект школы. Ініцыятыву ўхвалілі і ў Екацярынбургскім аддзяленні пасольства Беларусі ў Расіі, і ў радзе нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Урала". "На Сярэднім Урале пражываюць амаль 19 тысяч беларусаў. Дыяспара дружная, якая не забываецца родныя карані", - кажа кіраўнік дыяспары Васіль Азаронак.

Сваю лепту ўнесла газета "Саюз". Пасля таго як у ёй з'явіўся першы рэпартаж пра ўральскую школу, дзе катастрафічна бракавала падручнікаў, у Беларусі сабралі для Екацярынбурга адукацыйную пасылку. Падручнікі і пропісы даслала Міністэрства адукацыі Беларусі. Шматтомнік вялікага тлумачальнага руска-беларускага слоўніка перадало пасольства краіны. А кнігі класікаў на роднай мове - прэзент ад звычайных жыхароў Беларусі. Каб перанесці ў класы гэты вялікі падарунак (37 кілаграмаў кніг!), Аляксандр Блешчык, па яго словах, амаль тыдзень бегаў на пошту па чарговыя порцыі пасылкі.

- Мы і цяпер да кожнай кнігі ставімся як да рарытэту, у пропісах пішам алоўкамі, каб навучальны дапаможнік дастаўся наступным пакаленням. Калі раней я на асноўнай працы ўпотай памнажаў пропісы, то цяпер па сапраўдных беларускіх чытанках ужо вучыцца другі набор вучняў, - расказвае Аляксандр.

Паволі школа стала цэнтрам прыцягнення беларускай дыяспары Урала. Тут праходзяць нацыянальныя святы і фэсты. Вышытая льняная белая кашуля, "дырэктара" перамясцілася на выставачны стэнд. Тутака ж сімвалічна павіс узорысты беларускі ручнік. А пасярод гэтых рэліквій - эмблема школы: злучаныя ў выглядзе разгорнутай кнігі літары Б (беларуская) і М (мова) і паходня ведаў, якая ўзвілася над імі .

Святлана Дабрыніна.


Гісторыя ў падзеях і малюнках

22 снежня (аўторак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Пачатак 18.00. Уваход вольны.


Што будзе з Музеем Максіма Багдановіча ў юбілейны год?

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб літаратурным музеі

Максіма Багдановіча

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш ліст ад 12.11.2015 № 184 аб стане філіяла ўстановы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры" - літаратурнага музея М. Багдановіча (далей - музей М. Багдановіча) паведамляем наступнае.

У сувязі з правядзеннем рэарганізацыі ўстановы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры" шляхам далучэння да яе ў якасці філіяла ўстановы "Літаратурны музей Максіма Багдановіча", новая структура і штатны расклад прадугледжвалі скарачэнне пасады дырэктара ўстановы "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" і ўвядзенне пасады загадчыка музея М. Багдановіча.

Міністэрствам культуры пасада загадчыка музея М. Багдановіча першачаргова была прапанавана былому дырэктару ўстановы "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" Шэляговіч Т.Э., якая ад дадзенай прапановы адмовілася пісьмова. 3 мая 2014 г. загадчыкам музея М. Багдановіча прызначана вядучы навуковы супрацоўнік экскурсійна-масавага аддзела М.М. Запартыка. Склад навуковых супрацоўнікаў, якія ажыццяўлялі асноўную дзейнасць, застаўся нязменным.

Сапраўды, сёння ў музеі М. Багдановіча адсутнічае пастаянная экспазіцыя, дэмантаж яе быў звязаны з правядзеннем капітальнага рамонту. На дадзены момант капітальны рамонт будынка скончаны, распачата праца па аднаўленні экспазіцыі. Распрацаваны мастацкі праект будучай экспазіцыі і рыхтуюцца дакументы для правядзення далейшых работ па яго рэалізацыі. Пры наяўнасці фінансавання, у пачатку 2016 г. будзе праведзена працэдура закупкі ў выглядзе адкрытага конкурсу на выкананне работ па мантажу экспазіцыі. Адкрыць новую экспазіцыю плануецца ў снежні 2016 г., да 125-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Актуальным застаецца і пытанне завяршэння рамонту ў філіяле "Беларуская хатка". У мэтах забеспячэння завяршэння будаўнічых работ загадам Міністэрства культуры ад 24.02.2015 № 19 функцыі заказчыка па аб'екту "Капітальны рамонт будынка філіяла ўстановы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры" "Беларуская хатка" (далей - праект) перададзены КУП "Мінская спадчына". Зараз ААТ "Белрэстаўрацыя" вядуцца работы па карэкціроўцы праекту. Пры выдзяленні фінансавых сродкаў з рэспубліканскага бюджэту, завяршэнне будаўнічых работ запланавана на II квартал 2016 г.

Што датычыць аднаўлення працы, то музей М. Багдановіча яе не спыняў і адкрыты для наведвальнікаў (у 2015 г. яго наведалі звыш 8 000 чалавек). Вядзецца актыўная работа па ўсіх кірунках музейнай дзейнасці: экспазіцыйнай, культурна-адукацыйнай, фондавай, навукова-даследчай. Супрацоўнікамі ствараюцца выстаўкі, праводзяцца святочныя мерапрыемствы, адзначаюцца юбілейныя даты. У 2015 г. створана 10 выстаў, у прыватнасці, міжнародная выстава дзіцячага малюнка "Адлюстраванні - отражения", мастацка-дакументальная выстаўка "Гімн жыцця" (рукапіс Максіма Багдановіча і каліграфічныя працы Паўла Семчанкі), "Уладзімір Жылка - паслядоўнік Максіма Багдановіча", мастацка-дакументальная выстава "Максімаў сад", выстава сучаснага канцэптуальнага мастацтва "Усё, што цвёрдае, растае ў паветры" і інш.

Лічым, што далучэнне ўстановы "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" ў якасці філіяла да ўстановы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры" не паўплывала негатыўна на яго дзейнасць па захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча.

Намеснік Міністра В.М. Чэрнік.


Не пакажам, але асветлім

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства Беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У сувязі з наяўнасцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і прававых пытанняў, Белтэлерадыёкампанія не планавала набыццё правоў на прамую трансляцыю цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі за 2015 год.

Разам з тым, тэле- і радыёканалы медыяхолдынга плануюць шырока асвятляць гэтую падзею.

Намеснік Старшыні М.С. Маркаў.


Ягорка Валчкоў хоча хадзіць

Але без вашай дапамогі гэта будзе цяжка зрабіць

Цяпер яму 10 гадоў. Ён вучыцца ў звычайнай школе ў Светлагорску сярод звычайных дзяцей. І сам - звычайны хлопчык. Любіць камп'ютар і мае сяброў, у яго ёсць старэйшы брат, з якога хочацца браць прыклад ува ўсім, любіць сваіх бацькоў, паважае настаўнікаў . Яго любімыя прадметы матэматыка і англійская мова. Ён не адстае ад аднагодкаў і стараецца быць першым ува ўсім… На прагулку заўсёды бярэ з сабой хлеб для птушак, кавалачак кілбаскі для бяздомнага ката, з якім пасябраваў ля свайго пад'езда… Вось толькі хадзіць самастойна Ягор не можа. "Сэрца разрываецца ад болю, калі ён смірна сядзіць і глядзіць на гарэзлівых дзяцей, што дурэюць, усведамляючы сваю непаўнавартаснасць", - піша яго мама Іна Валчкова.

Ягор лячыўся ў самых розных клініках і санаторыях Беларусі, Літвы. Але з яго дыягназам (ДЦП, статычная дыплегія 2-й ступені), надзея дабіцца выніку ў Ягора і яго бацькоў узнікла толькі тады, калі яны прайшлі нядаўна першы рэабілітацыйны курс у цэнтры "Алінэк" у Варшаве (olinek.polish.ru). Каб дабіцца сапраўднага эфекту, трэба рэабілітацыю прадоўжыць. Але яна, як і пакупка спецыяльнага медыцынскага рыштунку, абутку, патрабуе немалых грошай, якіх у сям'і няма. Мама займаецца доглядам Ягоркі, якога трэба завесці ў школу, забраць яго. У сям'і працуе толькі тата. Старэйшы брат Ягора яшчэ вучыцца ў школе. Толькі выраб артэзаў (спецыяльны артапедычны абутак) каштаваў Валчковым 1000 еўра.

Вы можаце дапамагчы Ягору, калі пералічыце грошы на адзін з дабрачынных рахункаў:

Беларускія рублі - транзітны рахунак 3819990019478 на дабрачынны рахунак 000032 у цэнтры банкаўскіх паслуг 322, г. Светлагорск, вул. Мірашнічэнкі, 21, УНП 400230362, МФО 151501673, бестэрміновы.

Долары ЗША - транзітны рахунак 3819990019407 на дабрачынны рахунак 000055 у цэнтры банкаўскіх паслуг 322, г. Светлагорск, вул. Мірашнічэнкі, 21, УНП 400230362, МФО 151501673, бестэрміновы.

Еўра - транзітны рахунак 3819990019407 на дабрачынны рахунак 000013 у цэнтры банкаўскіх паслуг 322, г. Светлагорск, вул. Мірашнічэнкі, 21, УНП 400230362, МФО 151501673, бестэрміновы.

Прызначэнне плацяжу: Валчкова Іна Якаўлеўна на карысць сына Валчкова Ягора Андрэевіча для лячэння і рэабілітацыі за межамі Беларусі.

Старонка дапамогі Ягору на сайце Беларусбанка belarusbank.by/ru/30394/blagotvoritelnost/3220.


Ствараем выставу разам!

У хуткім часе Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адчыняе свае дзверы для наведвальнікаў у адноўленным будынку. Першы праект новага года супрацоўнікам установы хацелася б стварыць разам з сапраўднымі прыхільнікамі беларускай літаратуры, уключыць у выставачны працэс простых людзей, магчыма, далёкіх ад прафесійнай пісьменніцкай ці філалагічнай дзейнасці, але зацікаўленых і актыўных.

Калі ў вашым фотаархіве захоўваюцца выявы з вядомымі пісьменнікамі нашай краіны ці вы сталі сведкам нейкай цікавай літаратурнай падзеі і зафіксавалі яе з дапамогай фотаапарата, то выставачны праект "Літаратура ў аб'ектыве" - гэта ваш унікальны шанец стаць непасрэдным удзельнікам і суаўтарам музейнай выставы. Дасылайце ці прыносьце да нас свае фотаздымкі, і лепшыя з іх стануць сапраўднымі экспанатамі.

У адборы ўдзельнічаюць наступныя віды фатаграфій:

- Партрэтныя: выявы пісьменнікаў;

- Групавыя: вы з беларускім(-і) пісьменнікам(-і), літаратурныя сустрэчы і мерапрыемствы;

- Відавыя: мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю беларускіх аўтараў.

Збор матэрыялаў працягваецца да 25 студзеня 2016 года.

Створым выставу разам!

Кантакты: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. Багдановіча,13.

Тэлефоны: 335-44-47; 334-56-21; 80297648163.

Электронны адрас: blm_expo tut.by.


Бясплатныя курсы польскай мовы

Пры супрацоўніцтве шматлікіх польскіх і беларускіх грамадскіх арганізацый была створана першая ў сваім родзе бясплатная інтэрнэт-платформа з магчымасцю вывучыць новую мову. Распрацоўка праекту стала адказам на павялічэнне цікавасці ў нашай краіне да польскай мовы. Над метадычнай часткай інтэрнэт-платформы працавалі лепшыя польскія філолагі. Яна ўнікальная тым, што створана спецыяльна для беларускай аўдыторыі, з улікам моўных асаблівасцей. Вывучэнне польскай пачынаецца з азоў - курса для пачаткоўцаў - узроўню А1. Першая частка праекту дазваляе вучню самастойна вывучыць польскую мову да ступені В1, калі можна здаваць афіцыйны моўны іспыт на атрыманне сертыфіката. Курсы падзелены на тэматычныя ўрокі з інтэрактыўнымі заданнямі.

Па меркаванні аўтараў праекту, моўная платформа дапаможа беларусам лепш зведаць сваю мову, пазнаёміцца з культурай палякаў і лепш разумець іх. Распачаць бесплатнае вывучэнне польскай мовы можна ўжо сёння на сайце

polskijazyk.pl


Таленавіты музейшчык

Міхась Бараноўскі нарадзіўся 1 снежня 1984 года ў г. Менску. Матуля - Зоя Аркадзеўна працавала работніцай на МЗХ. Бацька - Аляксандр Міхайлавіч таксама рабочага паходжання. Хлопец вучыўся ў СШ № 81. Пашанцавала з настаўнікамі рускай мовы і літаратуры. Захапіўся рускай белетрыстыкай.

У 16-17 гадоў пачаў пісаць вершы. Потым Міхась паступае ў Педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасці "Гісторыя і замежная мова". У навучальнай установе была першая спроба сачыняць песні. Падчас навучання ўдзельнічаў у літаб'яднанні "Крокі", якім кіраваў славуты паэт Мікола Шабовіч, дзе пазнаёміўся з вялікай колькасцю людзей. Гэта - Таццяна Беланогая, Ната Пушкарова, Ірына Чарняўская, Ганна Барадзіна. Потым, пасля заканчэння ВНУ, служыў у палку ўрадавай сувязі ў 2007-2008 гадах. У 2008 годзе ўладкаваўся ў музей М. Багдановіча. З 2008 па 2015 г. працаваў на розных пасадах у гэтым музеі.

З 2013 па 2015 г. узначальваў філіял музея "Беларуская хатка". Друкаваўся ў газеце "ЛіМ" і часопісе "Маладосць". Любімыя пісьменнікі: Караткевіч, Сыс, Гесэ. Міхась марыць аб тым, каб знайсці сваё месца ў жыцці і творчасці. Яго цікавяць памежныя станы, пытанні выбару.

Спадар Міхась Бараноўскі з'яўляецца лідарам гурта "Нельга забыць", які выконвае ўласныя вершы і класіку беларускай паэзіі. Гурт з 5 чалавек выступаў у Віцебску, Гародні, Маладзечне, Бабруйску, а таксама атрымаў Гран-пры на Бардаўскай восені ў г. Бельску-Падляскім. Жадаем сп. Міхасю творчых поспехаў і моцнага-моцнага здароўя.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


"Калевала" загучала па-беларуску

Прэзентацыя перакладу сусветна вядомага фінскага эпасу "Калевала" на беларускую мову адбылася 10 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Менску.

Прэзентацыю беларускамоўнага перакладу "Калевалы" наведаў міністр культуры Барыс Святлоў. Ён заявіў, што выхад гэтай кнігі з'яўляецца знамянальнай падзеяй для айчыннай культуры, і падзякаваў Зміцеру Коласу, уладальніку прыватнага выдавецтва, у якім выйшаў пераклад, а так-сама за працу перакладчыка Якуба Лапатку.

- Праўду кажучы, калі я браўся за "Калевалу", па-першае, гэта пачалося вельмі-вельмі даўно. Але момант ісціны наступіў аднойчы: мой добры знаёмы, рускі, хлопец з філалагічнай адукацыяй Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з вялікім здзіўленнем сказаў мне: "Ты перакладаеш "Калевалу"? А навошта, бо ёсць па-руску". Разумееце, мяне гэта вельмі шарахнула па душы, і я яшчэ з большым імпэтам узяўся гэта перакладаць. Перакладаў я, не спадзяючыся ні на што, проста гэта быў нейкі заклік душы.

"Калевала" з'яўляецца нацыянальным эпасам фінскага народа, у аснове якога ляжаць карэла-фінскія народныя песні і паэтычныя паданні, сабраныя і апрацаваныя выбітным фінскім фалькларыстам, лінгвістам і лекарам Эліясам Ленратам. Першае выданне "Калевалы" было ажыццёўлена ў 1835 годзе. Эпас пераведзены на 61 мову, цяпер і на беларускую, паведаміў пасол Фінляндыі ў Літве і Беларусі Хары Мякі-Рэйніка.

Паводле БелаПАН.На здымку: выдавец Зміцер Колас, перакладчык Якуб Лапатка і рэдактар выдання Лявон Баршчэўскі.


Слонімцы: "Падтрымаем беларускамоўныя газеты!"

У суботу, 5 снежня, адбылося паседжанне сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Падчас паседжання грамадскі актывіст Віктар Марчык выступіў з прапановай падтрымаць беларускамоўныя газеты падчас падпіскі на 2016 год. "Зараз у Беларусі ідзе падпісная кампанія на 2016 год. Таму ёсць прапанова падтрымаць падпісную кампанію на беларускамоўныя выданні "Наша слова", "Краязнаўчую газету", "Нашу ніву", "Новы час" і "Культуру". Гэтыя газеты выдаюцца толькі на роднай мове. І іх, як бачыце, зусім мала. Астатнія выданні ў нас выходзяць па-расейску, ці на дзвюх мовах. Таму заклікаю падтрымаць нашы родныя выданні", - сказаў Віктар Марчык. Прапановы Віктара Марчыка поўнасцю падтрымалі ўсе сябры згуртавання. А некаторыя ў гэты дзень пайшлі на паштовыя аддзяленні і выпісалі вышэй названыя газеты. Ад імя Слонімскага грамадскага цэнтра, які існуе на базе інфармацыйна-кансультацыйнай установы "Шэга-медкансульт" Іван Шэга сказаў, што на днях іх цэнтр выпіша ўсе выданні на паўгоддзе. Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл звярнуліся да ўсіх беларусаў, каб яны далучыліся да слонімцаў і правялі шырокія падпісныя кампаніі выданняў на роднай мове.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.


Наша слова

Каб ў хаце гучала родная мова,

І грэла нам душу і сэрца:

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова",

Каб словам бацькоўскім сагрэцца.


Чужых нам ніколі не трэба замоваў,

Чужых не жадаем праклёнаў.

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -

Жывіце прыгожа, натхнёна.


Хай ліўні смяюцца пад гром перуновы,

І ветры гуляюць на волі…

А мы не баімся, бо ёсць "Наша слова" -

І нас не спалохаць ніколі.


Ці сонечным ранкам, ці ў час вечаровы,

Мы з мовай задумы ўсе здзейснім.

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -

Лячыцеся казкай і песняй.


Гасцей сустракаем заўжды адмыслова,

На стол саматканы засцелем абрус…

Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -

І жыць будзе тут Беларусь!

Сяргей ЧЫГРЫН,г. Слонім.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Абутак

Жанчыны ў сялянскіх сем'ях часцей за ўсё насілі лапці, якія вырабляліся ў сваёй гаспадарцы. У халоднае надвор'е насілі пасталы. Жанчыны-сялянкі насілі боты і жаночыя чаравікі толькі па святах, а ў паўсядзённым ужытку былі тыповымі толькі для заможных сялянскіх сямей. Такі абутак часцей выраблялі адмысловыя рамеснікі на замову.

Аксесуары

Для свайго ўпрыгожвання жанчыны-сялянкі выкарыстоўвалі пакупныя завушніцы, каралі (шкляныя, бурштынавыя, каралавыя). Толькі прадстаўніцы заможных сямей прывілеяванага саслоўя маглі набываць і атрымліваць у спадчыну ўпрыгожванні з золата, срэбра, перлаў, рубінаў і іншых каштоўных матэрыялаў.

(Працяг у наст. нумары.)


Р О З Д У М

(паэма)

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

І хутка быццам ліхаманка

Расію стала калаціць.

Перавароты, грамадзянка -

Аж немагчыма стала жыць.

Пачаў душыць Расію голад,

Вялікі гвалт вакол стаяў.

У гарадах зімою холад

Ды пошасць Бог яшчэ паслаў.

І беларус дамоў падаўся,

Хто на падводзе, хто пяшком,

К мясцінам родным дабіраўся

З адзіным рэчавым мяшком.

Тым больш з'явілася нагода:

Дамова Рыжская была.

Па той дамове перашкоды

Масква вяртанню іх зняла.

Старыя людзі гаварылі:

Не ўсе вярнуліся дамоў.

Хто сам памёр, каго забілі,

А хто ў Расіі лёс знайшоў.

Былі і дрэнныя набыткі

У часткі бежанцаў, яны

З сабой прывезлі, як пажыткі,

Расткі распусты і маны.

Раней у продкаў нашых мала

Было падманаў, крадзяжоў,

Нішто ў людзей не прападала,

Хоць і не вешалі замкоў.

Як гаспадар кудысьці пойдзе,

К дзвярам прыхіліць ён кіёк,

І ў хату ўжо ніхто не зойдзе:

Мацней сумленне, чым замок.

Цяпер няма ў людзей даверу

І цяжка нават уявіць,

Што можна хату, ці кватэру

На ўсе замкі не зачыніць.

****

Тых, хто вярнуўся, тут чакалі

Адсутнасць ежы і жытла.

Ды ліцвіны не гаравалі,

Да гора звычка ўжо была.

З душэўнай радасцю, імпэтам

Упрагліся вёскі аднаўляць.

Зімой студзёнай, палкім летам

Ім давялося шчыраваць.

Палі залеглыя ўзаралі.

Насення, бульбы не было,

Лупіны іншы раз саджалі,

Ды, дзякуй Богу, ўсё ўзрасло.

І можна жыць было б, ды дзе там!

Маскаль іх хутка тут дастаў,

Пад зычны лозунг:

"Власть Советам".

Дзяржаву зноў акупаваў.

Яны і Польшчу меркавалі

Зноў у імперыю загнаць.

Ды толькі зубы абламалі:

Пад Менск прыйшлося адступаць.

"Даёшь Варшаву!"- верашчалі,

Туды нібы на шпацыр шлі

Ды толькі там іх не чакалі:

Пагібель тысячы знайшлі.

Антанта ляхам памагала

Дзяржаўнасць Польшчы аднавіць.

І шмат чаго ахвяравала,

Каб войска польскае стварыць.

Апроч таго, паляк-мужчына

Спрадвеку добры быў ваяр.

Вышэй за ўсё яму - Айчына,

За яе волю ён змагар.

І, шчыра кажучы, палякі

Нам прыклад добры падалі:

Яны ж таксама, небаракі,

Палон маскоўскі набылі

Пасля таго, як падзялілі

Рэч Паспаліту ў трэці раз.

Але ж палякі не схілілі

Пакорна голавы ў адказ.

І за часы сваёй няволі,

Была якая больш за век,

Не забываў паляк ніколі,

Якой крыві ён чалавек.

Паляк наперад крочыць смела,

І мова польская гучыць,

Яшчэ Польска не згінела -

Жыве яна і будзе жыць.

А недахоп - паляк пыхлiвы,

Яму ад пыхі адно зло.

Каб не характар ганарлівы,

Цаны б паляку не было.

Для нас няма бліжэй палякаў,

Цячэ адна і тая ж кроў

У нас і мазураў, не ляхаў -

Паўднёвай Польшчы жыхароў,

А жыхароў паўночнай часткі,

Яе Мазовіяй завуць.

Вось там, напэўна, з Божай ласкі

Браты этнічныя жывуць.

Адтуль, ад мазураў шыпеннне

У мову польскую прыйшло,

І нібы добрае насенне

На глебе ляхаў узрасло.

Але ж радню не выбіраюць -

Яе Нябёсы нам даюць.

Якая ёсць - такой прымаюць

І з ёй сябруюць і жывуць.

Дарэчы, у Рызе перамовы

Без беларусаў правялі,

Пад Польшчу ў выніку дамовы

Краіны захад аддалі.

Чаму ўсяго адну траціну,

Бальшавікі тады ж маглі

Аддаць пад Польшч усю краіну?...

Ды ўсю палякі не ўзялі.

Было ў палякаў меркаванне -

Усю краіну - не ўтрымаць,

Ды беларускае пытанне

Нашчадкам нельга пакідаць.

Як той казаў: хоць стой, хоць падай,

Ніхто такого не чакаў,

І жыць пад польскаю ўжо ўладай

Марыі лёс наканаваў.

****

Адбітак тых падзей далёкіх

Час пэўны будзе існаваць.

Не змог слядоў яго глыбокіх

Вялікі Хронас зруйнаваць.

Да гэтых пор у вёсках можна

Пачуць ад тых, хто састарэў,

Ці выраз: "Пан яснавельможны",

Ці "вшыстко едно", ці "пся крэў".

Сям-там дагэтуль ужываюць

Ненарматыўны лексікон,

Дурное лепш запамінаюць -

Такі няпісаны закон.

Я не пры Польшчы нарадзіўся,

Я беларус, а не паляк,

Але ў дзяцінстве навучыўся

Абэрак танчыць, кракавяк.

Магу і польку на два бокі

З паненкай спрытнай закруціць.

А паланэз, мазурка - скокі,

Якія нельга не любіць.

Культуры польскае часціна,

Якую лёгка прыняла,

Нібы сваю, мая краіна,

Нам вельмі блізкаю была.

А танцы ўсходяе краіны,

Напрыклад, барыня, трапак,

Як чужародныя часціны

Не прыжыліся тут ніяк.

Вось песні польскія ў нас глебы

Сабе прыдатнай не знайшлі.

Ну не было бо ў іх патрэбы -

Свае больш блізкія былі.

Ва ўсякім разе, ад матулі

(Яна ж любіла паспяваць)

Мы песень польскіх мала чулі,

Ну тры, чатыры, можа, з пяць.

Не чуў таксама, каб спявалі

Іх на кудзеліцах, а там,

Калі дзяўчаты кужаль пралі,

Давалі волю галасам.

Спявалі песні аж да ночы,

У лад звінелі галасы,

Як васількі блішчэлі вочы,

Як лён бялелі валасы.

У хлопцаў сэрцы заміралі

Ад песень тых і ад вачэй,

Што нібы ў душу заглядалі,

І сэрцы грукалі хутчэй.

На днях суседа я вітаю,

Яму здароўя пажадаў.

"Ну, як жывеш?"- яго пытаю.

"А як пры Польшчы," - адказаў.

Ды як жылося беларусу,

Калі пры Польшчы мы жылі?

Хто больш рабіў яму прымусу -

Палякі ці ўсё ж маскалі?

Я іх прашу мяне прабачыць,

Каб не злаваліся дарма.

На гэты конт магу адзначыць:

Амаль што розніцы няма.

Перад усім, яны тут дбалі

Пра свой уласны інтарэс.

Таму палякі край назвалі

Ўжо не Літва, а Wshodni kres.

Забыўшы Рыжскую дамову,

Яны нас сталі прыгнятаць.

Культуру нашу, гонар, мову

Паволі сталі вынішчаць,

І край гаротны наш навала,

Як бачна, новая знайшла:

Русіфікацыя прапала -

Паланізацыя прыйшла.

****

Мая матуля і Марыя

Пачатак ведаў набылі

У польскіх школах, школы тыя

Па кожнай вёсачцы былі.

Мяркую, цалкам зразумела,

Хто ў гэтых школах навучаў,

Ды так нахабна, так умела

Там беларушчыну знішчаў.

Палякі ў гэтым сэнсе докі.

Дзе толькі досвед набылі?

Бо на свядомасць больш глыбокі

Рабілі ціск, чым маскалі.

Калі Марыя з маёй маці

Пра свае школьныя гады

Вялі гаворку ў нашай хаце,

То ўспаміналі, як тады

Іх катахізісу вучылі,

Які для польскай дзетвары

Улады польскія стварылі

І, што цікава, з той пары,

Калі не стала польскай улады,

Мінула семдзесят гадоў,

А час дагэтуль не даў рады

Пазбавіць даўніх шкаляроў

Ад тых радкоў на польскай мове,

Што іх настаўнік навучаў,

Хачу, шаноўныя панове,

Каб кожны з вас іх прачытаў.


Kto ty jestes? - Polak maly.

Jaki znak twoj? - Orzel bialy.

Gdzie ty mieszkasz?- Miedzy swemi.

W jakim kraju? - W polskiej ziemi.

Czym ta ziemia? - Ma ojczyzna.

Czym zbobyta? - Krwia i blizna.

Czy ja kochasz? - Kocham szczerze.

A w co wierzysz? - W Polske wierze.

Cos ty dla niej? - Wdziezne dziecie.

Cos jej winien? - Oddal zycie.


Хто ты ёсць? - Паляк малы.

Які твой герб? - Арол белы.

Дзе жывеш ты? - Між сваімі.

У якім краі? - У польскай зямлі.

Чым гэта зямля? - Мая айчына.

Чым здабыта? - Крывёю і ранамі.

Ці яе любіш? - Люблю шчыра.

А ў што верыш?- У польскую веру.

Што ты для яе? - Удзячнае дзіця.

Што ёй павінен? - Аддаць жыццё.


Каб гэта ўсё, дык Бог бы з імі,

Але не трэба забываць,

Як з апанентамі сваімі,

Палякі ўмелі ваяваць.

І кожны, хто супроць улады

Ну хоць бы "зяпу" раскрываў,

Не быў жыццю свайму ўжо рады,

Бо ў дыфензіву ён трапляў.

А там, у турмах адмысловых,

Каб вольны дух іх паламаць,

Былі бы ў пекле тым умовы -

Гестапа можа спачываць.

Была турма ў Картуз-Бярозе,

Так катавалі людзей там,

Што многа з іх спачылі ў Бозе,

Або навек згубілі цям.

Каб кроў і бруд такі ганебны

З сябе палякам неяк змыць,

У люду з крэсаў ім патрэбна

Ўсё ж прабачэння папрасіць.

Але не ўсё было адмоўна,

Калі па шчырасці казаць,

Было пры Польшчы ўсё грунтоўна,

У тым ліку добра навучаць.

Не толькі грамаце вучылі,

Ну, там лічыць, пісаць, чытаць,

Палякі шмат чаго рабілі,

Каб навучыць лепш працаваць.

Хто жыў пры Польшчы адзначалі:

Закон там добра працаваў,

Драмаць улады не давалі -

І лад усюды існаваў.

У іх, дарэчы, план быў годны:

Гадоў праз гэдак сорак пяць

Эканамічна край наш родны

Да ўзроўню Захаду падняць.

****

Хто што прынёс - таго і варты -

Мой асабісты афарызм,

Паляк - заходнія стандарты,

Маскаль - усходні дэспатызм.

Сем класаў у школе існавала,

І той, хто змог усё прайсці

І палічыў, што гэта мала -

Мог у гімназію пайсці.

Але магчымасць і жаданне

Не вельмі хочуць сябраваць -

Не кожны мог за навучанне

За месяц сорак злотых даць.

А многа гэта або мала?

Тут трэба з чымсьці параўнаць,

Карова столькі каштавала -

Ды дзе ж скаціны той набраць.

І калі лёс твой нарадзіцца

Табе ў сяле наканаваў,

Дык, у гімназіі вучыцца

Ён вельмі мала шанцаў даў.

Хачу адзначыць існаванне

Усё ж у гімназіях ільгот -

Было бясплатным навучанне

Для здольных з талентам сірот.

Такім, напрыклад, быў мой тата,

Разумным, сціплым, добрым быў,

Ён ад прыроды меў багата,

Але ж у беднасці пражыў.

Ён у гімназіі вучыўся,

Бо быў з маленства сіратой,

І шмат чаму там навучыўся

За кошт дзяржавы польскай той.

Быў малады - іграў на скрыпцы,

А састарэў - гармонік узяў,

Някепска граў на балалайцы,

Займаўся лепкай, маляваў.


Але і школу, дзе былі

Зусім дарэмныя заняткі,

Закончыць цалкам не маглі

Ўсе хлапчукі або дзяўчаткі.

Галеча многім не давала

У школах веды набываць,

На гэта часу не хапала -

На хлеб патрэбна зарабляць.

Вось і Марыя з той прычыны

Змагла вучыцца два гады,

Напэўна, долечка ў жанчыны

Малапісьменнай быць заўжды.

Што не памогуць угаворы

І слёзы плёну не дадуць,

Марыя ведала, бо хворы

Быў яе бацька. Дык, забудзь

Дарогу ў школу, кажа маці,

Чакае хлеў цябе, гарод,

Яшчэ патрэбна жыта жаці.

Турбот, як кажуць, поўны рот.

І для Марыі перастала

Дзяцінства раптам існаваць:

Замест вучобы яна стала

На гаспадарцы працаваць.

А тым, хто ведае, што значыць

На гаспадарцы працаваць,

Няма патрэбы, каб тлумачыць,

Што неабходна шчыраваць

На ёй ад ранку і да ночы.

Да стомы іншы раз такой,

Што ўжо заплюшчваюцца вочы

І цела просіць даць спакой.

Жыццё ж у вёсцы - скрозь турботы,

Калі ў сям'і няма мужчын,

То ўсе мужчынскія работы

Тады кладуцца на жанчын.

Калі не стала бацькі ў хаце,

І вельмі цяжка стала жыць,

То адвяла Марыю маці

У Слонім нянькаю служыць.

Яна там дзетак даглядала,

І днём, і нават уначы,

Плацілі грошы і не мала,

Дадатак - вопратка, харчы.

****

Хлусня, што парабка, найміта

Заўжды наймальнік рабаваў,

Найміт у пана ношку жыта

За дзень звычайна зарабляў.

Альбо грашыма злот і болей.

Былы мне парабак казаў:

"Калгаснік так не жыў ніколі,

Бо менш найміта зарабляў.

Зрабіце самі вы выснову,

Хто сапраўды з іх гараваў ?

Бо парабак сваю карову

За гаспадарскі кошт трымаў.

Яшчэ цялушку, пару свінак,

Курэй ці качак дваццаць пяць.

Гарантаваны адпачынак

І права святы святкаваць.

Калі вярнуліся з выгнання

З братамі бацька ды ў сяло,

У іх было на харчаванне

Ячменных крупаў тры кіло.

Сям'я ў сіроцтве засталася,

Алесь, тады яшчэ хлапчук,

Міхась, Кастусь, сястрычка Кася

І самы сталы брат Пятрук.

Дык ён адразу ўладкаваўся:

У лесе дровы пілаваў.

Ён шчыраваў, не надрываўся,

У дзень тры злоты зарабляў.

Праз тыдні два прыйшоў дахаты,

Сястры аддаў заробак свой.

Сям'я за сорак злотых брата

Была два месяцы з ядой.

Лічу, што польскай той уладзе

Пара належнае аддаць,

Бо сем'ям тым, што ў заняпадзе,

Магла падтрымку аказаць.

Увесну даць маглі насенне,

Альбо карову дзеткам даць.

Але часцей адным імгненнем

Маглі падаткі скасаваць.

Дзяржава пільна наглядала,

Як зборы подацей ідуць,

І часам жорстка тых карала,

Калі хто хоча падмануць.

А каб дазнацца ў чым прычыны -

Наступствы глупства ці бяды,

Два супрацоўнікі ад гміны

З праверкай рушылі туды.

Таксама солтыс там мясцовы

Абавязкова мусіў быць,

Каб аб'ектыўныя высновы

Па гэтай справе ім зрабіць.

Калі камісія рашала,

Што для ільгот падстаў няма,

Для вінаватых азначала -

Надзею цешылі дарма.

Калі ж убачаць - скрозь нястача,

Худыя дзеткі, конік здох,

Пануе роспач, жонка плача,

Няма тут грошай, бачыць Бог,

То адпаведны акт складалі,

Маглі якім прапанаваць

Каб запазыку скасавалі,

Ды дапамогу аказаць.

І заслугоўвае падзякі

Урад той польскі ад людзей,

Бо ратавалі тут палякі

Ад смерці з голаду дзяцей.

Бо на пачатку кіраваньня

Урад стварыць паўсюдна змог

Для дзетак пункты харчавання,

А Крыж Чырвоны ім памог.

(Працяг у наступным нумары.)

Аркадзь Курыс


Язэп Палубятка: "Маю надзею пабачыць новую Беларусь…"

Сёлета 14 кастрычніка адзначыў сваё 60-годдзе беларускі грамадска-культурны дзеяч, журналіст, пісьменнік з Мастоў Язэп Палубятка. Неяк гэты юбілей прайшоў сціпла і непрыкметна. Таму я вырашыў, хоць са спазненнем, сустрэцца з Язэпам Палубяткам і пагутарыць з ім. І гэта сустрэча адбылася. Нядаўна наведаў яго ў Мастах, дзе мы, ходзячы па беразе спакойнага Нёмана, вялі гутарку найперш пра яго жыццё і творчасць. Сёе-тое з нашага сумоўя занатаваў я ў свой блакнот і прапаную чытачам "Нашага слова".

- Спадар Язэп, з якім настроем Вы сустрэлі свой юбілей? Што за гэтыя гады ўдалося ажыццяць і чаго не ўдалося?

- Юбілей сустрэў з працоўным настроем. Акрамя працы ў "Газеце Слонімскай", працую фізічна. Працую, каб здабыць сродкі для выдання сваіх даўно напісаных твораў. Патрапіць у сучасныя літаратурныя часопісы сёння рэальна немагчыма, а хадзіць з працягнутаю рукою па спонсарах не па мне. Што ўдалося здзейсніць, а што не? Удалося шмат напісаць і толькі невялікую частку надрукаваць. А яшчэ давялося пабачыць свет і людзей. Я іх не дзялю ні на добрых, ні на кепскіх. Успрымаю іх такімі, якія яны ёсць. І хачу, каб так успрымалі мяне. На тое мы людзі, каб быць рознымі: кахаць і ненавідзець, дамагацца поспеху і мець паразы, быць багатым ці бедным, здаровым ці хворым. Чаго б не адбылося з табою: толькі не зайздросць і не кляні. Ва ўсіх выпадках кажы: "Дзякуй на добрым слове!"

- Ведаю, што ў вольны час Вы займаецеся краязнаўствам і грамадскай дзейнасцю. Чытаў вашы добрыя артыкулы пра Міхася Явара, Сяргея Крыўца і іншых малавядомых, але таленавітых і забытых асобаў. Ці не пара гэтыя даследаванні сабраць пад адну вокладку і выдаць асобнай кніжкай?

- Грамадскай дзейнасцю займаюся больш за трыццаць гадоў і буду займацца да скону дзён сваіх. Не тое, што гэта мне вельмі даспадобы. Па-першае, гэта мне дае магчымасць мець большыя стасункі з вялікім колам людзей. Па-другое, я хачу бачыць Беларусь іншай, іншай ва ўсіх адносінах, як палітыкі так і жыцця. Сённяшні стан у Беларусі напамінае мне адзін эпізод майго маленства. Хутар наш Боркі з дзевяці хат, дзе прайшло маё маленства быў непадалёку ад Нёмана. І ўсё лета мы, дзеці, прападалі там. Мне было шэсць гадоў. Плаваць не ўмеў, але плёскацца ў вадзе любіў. І вось аднойчы патрапіў у яму і стаў тануць. Па сённяшні дзень памятаю, як не хапала тады мне паветра. Вось і зараз мне не хапае паветра. Толькі іншага паветра. Што датычыць краязнаўства, то тут пытанне перабольшанае. Падставай для напісання тых матэрыялаў стала просьба майго сябра-земляка Аляксея Сабасцяна, які даследаваў па рэальных фактах жыццё Крыўца і Явара. Я толькі іх апрацаваў. Каб нешта дадаць сваё, трэба папрацаваць у архівах. А ў гэтым я не спецыяліст, хоць штосьці давялося зрабіць. Прыкладам, аднавіць помнік паўстанцам 1863 года ля вёскі Пацавічы Мастоўскага раёна. Таксама - помнік воінам 70-га Гарадзенскага дабраахвотнага палка 1 БЛД у Левых Мастах, якія падчас савецка-польскай вайны ў ліпені 1920 года на пераправе цераз Нёман разбілі 6-ю армію бальшавіцкага камандарма Лазарэвіча. Даследаваць бой расейска-германскіх войскаў жніўня 1915 года ля вёскі Дашкаўцы, дзе з абодвух бакоў загінула па тысячу чалавек. Аднак, яшчэ раз паўтаруся, на мэце ў мяне іншае.

- Ведаю, што некалі Вы актыўна супрацоўнічалі з часопісам "Вожык" і там актыўна друкавалі гумарэскі і фельетоны. Цяпер гэтыя жанры неяк забытыя, ды і Вы мала іх дзе друкуеце. Чаму?

- Так, я доўгі час супрацоўнічаў з "Вожыкам", "Вожыкам" - дзевяностых. Быў пераможцам конкурсу "У гэтым свеце рознае бывае". Друкаваўся ў іх зборніку "Местачковы сэкс". Супольная праца скончылася пасля таго, як дзесьці ў сярэдзіне 1990-х гадоў была надрукавана мая гумарэска "Тутэйшы шляхціц". Там быў прыкладна такі выраз: "Народ наш цёмны, забіты. Ведае толькі камунізм, сацыялізм ды аднадушна абранага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, бо ён аб гэтым штодня сваім выбаршчыкам напамінае. Слова "шляхціц" упершыню чую". Але на працягу доўгага часу супрацоўнічаў не толькі з "Вожыкам". Былі так-сама часопісы "Родная прырода", "Алеся". Шэраг апавяданняў друкаваўся ў часопісе "Першацвет", жарты публікаваліся ў газеце "Наша слова", хоку - у "Культуры". Не прамінаў і "ЛіМ". Між іншым, я з'яўляюся аўтарам чатырох друкаваных аповесцяў. На старонках "Маладосці" былі змешчаны "Вялікая жнівенская" ды "Прыгоды Мармулка". "Салдацкае евангелле" друкавалася ў "Крыніцы" і было прызнана лепшым творам года. Сатырычная аповесць "Дуралесіца", напісаная ў 1989 годзе, пабачыла свет на старонках "Нашага слова". Нізка "Восенскія трыялеты" убірае ў сабе каля 60-ці твораў. Частка з іх была змешчана ў літдадатку "Літаратуная Беларусь" газеты "Новы час". Але пра гэта мала хто ведае? Ды і я не хачу і не ўмею сябе афішаваць. Шмат твораў друкаваў у бюлетэні "Мастоўскі веснік", які выдаў на працягу пяці гадоў.

- Чым Вы сёння займаецеся ў сваіх Мастах? І, наогул, чым цяпер жыве Ваша родная Мастоўшчына?

- Адказ той жа, як і на першае пытанне. Працую. А што датычыць Мастоўшчыны, то кожны выжывае, як можа: нехта едзе на заробкі, хтосьці з'язджае назаўжды, іншы бамжуе. Астатнія абы дзень да вечара. Мы ні чым не адрозніваемся ад іншых рэгіёнаў. І гледзячы на гэта - ой, як не хапае паветра!..

- З кім Вы, жывучы ў Мастах, сёння кантактуеце, сустракаецеся?

- Кантактую з тымі, з кім напачатку 1990-х пачынаў Адраджэнне на Мастоўшчыне: Лёвам Бартошам, Аляксеям Сабасцянам, Лявонам Карповічам і іншымі хлопцамі. А так-сама з маладымі, якія былі і засталіся вернымі нашай справе.

- Што сёння хвалюе Язэпа Палубятку, аб чым думаецца, што пішацца?

- Думаецца і ў планах толькі адно: выдаць творы, якія я лічу для сябе знакавымі. Найперш - гэта раман "Душнае лета 1989 года". Раман напісаны ў першай палове дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Твор прысвечаны людзям Адраджэння. Прататыпам галоўнага героя Гурыновіча з'яўляецца мой сябра. І іншыя героі твора спісаны з рэальных асобаў. Раман напісаны па гарачых слядах. Чытаючы яго зараз лаўлю сябе на думцы: не спакусіцца бы на праўкі, інакш згубіцца дух таго часу. Малады чытач можа не зразумець яго, бо ён не дыхаў тым паветрам, а мы глыталі яго напоўніцу. На другім месцы - трылогія "І ўсё вяртаецца на кругі свая". Твор да канца не дапісаны, але калі справы зрушацца з першай кнігай, то, пэўна, тады з'явіцца імпэт і справа будзе завершана на працягу кароткага часу. Вось такая мая асноўная жыццёвая задача. Я нават не думаю пра іншыя творы, якія гатовы для друку і вялікіх выдаткаў не запатрабуюць. Гэта мая першая аповесць "Даўгі нашыя" напісаная ў 1985 годзе, якую некалі ўхваліў Аляксей Карпюк і параіў знайсці добрага рэдактара. Тады я не стаў шукаць рэдактара, бо меў шмат задумак і тэм - ды пісаў. І так-сама не бяру да ўвагі закончаныя, ды на сённяшні дзень, актуальныя творы, такія як "Правільнае рашэнне, таварыш прэзідэнт" ды "Вандроўка ў Чыкага", а таксама гістарычны раман, які прысвяціў сваёй цётцы Любе - "Старая, старая і адзінокая жанчына". Не ў маіх правілах адступаць ад задуманага. Калі адчую праблемы са здароўем, то не будзе ніякіх праблемаў выкласці тое ў электронным варыянце. Толькі кніжка для мяне больш важкі аргумент, чым электронная версія. Кніжка можа заляжацца на паліцы, калі аўтара забудуць. Электронную версію таксама могуць забыць, але яе можа яшчэ і знішчыць вірус. Жартую.

- І ўсё ж, надзея памірае апошняй…

- Маю надзею дажыць і пабачыць новую Беларусь!

Сяргей ЧЫГРЫН.


Гаворыць Салігорск

Памалюся за цябе, Беларусь

Ты пакліч, я табе адгукнуся,

Дарагая Радзіма мая,

Чую голас маёй Беларусі

Ў напевах начных салаўя.


За цябе я малюся штодня,

За лугі, за твае сенажаці,

Пакланюся табе нізка я,

Беларусь - наша родная маці.


Памалюся за сосны, дубы,

Што растуць над шырокай ракою,

За ласіныя сцежкі ў бары,

За крынічку з крыштальнай вадою.


І за вас памалюся, сябры,

У касцёле вячэрняй парою,

За бярозавы гай малады,

Дзе сустрэліся, любы, з табою.


Ты паклічаш мяне, я прыйду,

Адгукнуся на спеў салаўя,

Да зямелькі святой прыпаду,

Беларусь, дарагая мая.

Ніна Ярмалінская.


Кветка валошка

Валошка, сінь неба, прыгожа цвіце,

Дзе полем пшаніца высока расце,

Дзяўчаты з валошак вяночкі плятуць

I ціха жалобную песню пяюць.


"Ой, штосьці рана мяне родна маці,

Ой, зараз жа замуж жадае адцаці,

Не хочацца хату сваю пакідаці,

Сябе ў чужую сям'ю аддаваці".


Валошкі спляліся ў сонечны круг,

Дзяўчаты ўраз падняліся, і з рук

На круг галавы ляглі іх вянкі,

Яны пайшлі гуртам уніз да ракі.


I вось паплылі сіньвалошкі вянкі

Па хвалях вялікай магутнай ракі,

Каб шчасце і радасць дахаты прыйшлі,

Каб любых і родных дзяўчаты знайшлі.


Валошка, ты - светлая зорная ночка,

Валошка, ты - сонца гарачага дочка,

Ты кветкай у вянок уплялася Радзімы,

Ты - сімвал маёй сінявокай краіны.

Уладзімір Масакоўскі.


Слова чаруе прастору

Слова павінна як зорная песня гучаць,

Музыкай ветру ў хвалях паветра спяваць,

Подыхам вуснаў нашай чароўнай душы

Нас заклікаць да любові, вучыць: "Не грашы!".


Слова матчынай мовай чаруе прастору,

Колерам кветкі ў вясеннюю пору,

Чарамі ночы гарачай і подыхам дня

Нашыя душы і сэрцы кранае штодня.

Уладзімір Масакоўскі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX