Вярнуцца: 2016

№ 03 (1258)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 3 (1258), 20 студзеня 2016 г.


Уступаем у "Год культуры"

Прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь

А.У. Кабякову,

220010, г. Мінск,

вул. Савецкая, 11, Дом Урада

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" вітае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 522, паводле якога 2016 год абвешчаны ў нашай краіне Годам культуры.

Несумненна, што асноўным фундаментальным кампанентам культуры нашага народа з'яўляецца беларуская мова. У сувязі з гэтым мы прапануем уключыць у Рэспубліканскі план мерапрыемстваў у рамках Года культуры наступныя пункты.

1. Правесці 21 лютага (Міжнародны дзень роднай мовы) ва ўсіх установах адукацыі і культуры Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку на аснове тэкстаў класікаў беларускай літаратуры.

2. Вярнуць статус юрыдычнай асобы музею Максіма Багдановіча, закончыць рамонт і ўсталяванне новай экспазіцыі ў асноўным будынку, а таксама прывесці ў належны выгляд яго былы філіял, які размешчаны па вул. Рабкораўскай у г. Мінску.

3. Адрамантаваць помнік літары "Ў", які ўжо даўно разбураецца ў Полацку, бо мясцовыя ўлады не маюць на гэта сродкаў.

4. Прыняць Пастанову Савета Міністраў "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў галіне культуры, адукацыі і выдавецкай справе".

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Б.У. Святлову,

Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь,

пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Шаноўны Барыс Уладзіміравіч!

ТБМ вітае абвяшчэнне 2016 года Годам культуры.

У сувязі з гэтым мы просім уключыць у Рэспубліканскі план мерапрыемстваў, звязаных з ажыццяўленнем Указа Прэзідэнта Беларусі № 522 на гэты год, устаноўку і адкрыццё мемарыяльных дошак у гонар славутых беларускіх рэстаўратараў-архітэктараў Валерыя Слюнчанкі і Сяргея Друшчыца на будынках, да аднаўлення якіх яны мелі непасрэднае дачыненне, (альбо ў іх інтэр'ерах) Полацкай Сафіі і Нясвіжскага замка (адпаведна).

Было б добра, каб у музейнай экспазіцыі гэтых адноўленых помнікаў гісторыі і культуры Беларусі былі размешчаны стэнды, прысвечаныя біяграфіям названых дзеячоў беларускай культуры.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


Парадак дня чарговай Рады ТБМ 24 студзеня 2016 г.

Праект

Рэгістрацыя сяброў Рады з 10.30 да 11.30.

Пачатак працы - 11.30.


1. Справаздача старшыні ТБМ аб дзейнасці арганізацыі за 2015

год.

2. Абмеркаванне і прыняцце плана дзейнасці ТБМ на 2016 год.

3. Аб удзеле сяброў ТБМ парламенцкіх выбарах 2016 года.

4. Аб стане помніка "Ў" у г. Полацку.

5. Рознае.


190 гадоў з дня нараджэння Рамуальда Траўгута

Рамуальд ТРАЎГУТ (16 студзеня 1826, в. Шастакова, Берасцейскі павет, Гарадзенская губерня - 5 жніўня 1864, Варшава; псеўданім: Кракоўскі ) - генерал, удзельнік паўстання 1863-64, адзін з яго кіраўнікоў.

Род Рамуальда паходзіць з Саксоніі, асеў у Рэчы Паспалітай у першай палове XVIII ст. Дзед Якуб Траўгут быў удзельнікам паўстання 1794 года, паплечнік Тадэвуша Касцюшкі. Бацькі Людвік і Алаіза з Блоцкіх трымалі маёнтак ў Шастакове. Найвялікшы ўплыў на сталенне Рамуальда аказала ягоная бабуля Юстына Блоцкая, якая выхоўвала яго ў духу патрыятызму.

З 1836 па 1842 год вучыцца ў Свіслацкай гімназіі, якую закончвае са срэбным медалём. Спрабаваў паступіць ў пецярбургскі інстытут інжынернай камунікацыі, але інстытут быў рэарганізаваны і Рамуальд не быў прыняты. Тады ён вырашае пайсці на службу ў расейскую армію.

Трагічныя гады для Рамуальда выпадаюць на 1859 і 1860 гады. За кароткі прамежак часу смерць забірае бабулю дачку, жонку і сына. Так-сама памерлы ў лютым 1860-га дзед Віталь Шуйскі пакідае Рамуальду ў спадчыну невялікі маёнтак ў Востраве (зараз Астроўе), што ля Кобрына. Там Траўгут знаёміцца з Антанінай Касцюшкоўнай, дачкой Аляксандра (быў паплечнікам Тадэвуша Касцюшкі) і бярэ Антаніну сабе ў жонкі. У тым жа годзе ў званні падпалкоўніка звольніўся з войска на пенсію з правам нашэння мундзіра і жалаваннем 230 рублёў. Жыў у Востраве да самага паўстання.

Пасля пачатку паўстання, у красавіку 1863 г., сфармаваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі аддзел. У баях каля в. Горкі тройчы нанёс паражэнне расійскім карным часткам. У чэрвені 1863 з Берасцейскім аддзелам Я. Ваньковіча зрабіў рэйд па Піншчыне і Паўночнай Валыні, але аддзел Р. Траўгута панёс значныя страты, і ў ліпені 1863 з дапамогай Э. Ажэшкі Р. Траўгут таемна выехаў у Варшаву. Атрымаў чын генерала, быў прадстаўніком паўстанцкіх уладаў за мяжой. У кастрычніку 1863 кіраўнік Нацыянальнага ўрада ў Варшаве і фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў дзеля пашырэння сацыяльнай базы паўстання, надання яму новага размаху, рэарганізацыі ўзброеных сіл інсургентаў. Арыштаваны 30 сакавіка 1864. Паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

У 1928 г. у мяст. Свіслач устаноўлены помнік Р. Траўгуту, адноўлены ў 1989 г.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Янкі Сіпакова

Янка (Іван Данілавіч) СІПАКОЎ (15 студзеня 1936, в. Зубрэвічы, Аршанскі раён Віцебскай вобл. - 10 сакавіка 2011, Менск) - беларускі пісьменнік, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Падчас Вялікай Айчыннай вайны бацькоў за сувязь з партызанамі закатавалі фашысты. Вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе і адначасова працаваў паштальёнам. Пасля дзесяцігодкі некаторы час (1954-1955) быў літаратурным супрацоўнікам шклоўскай раённай газеты "Чырвоны барацьбіт". У 1960 скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у часопісе "Вожык" (1960-1973). З 1973 - загадчык аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, з 1989 - адказны сакратар часопіса "Маладосць". З 1993 загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя". З 1997 працаваў у часопісе "Беларусь".

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1961. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу паэзіі "Веча славянскіх балад". Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1997).

Творчую дзейнасць Янка Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 у аршанскай раённай газеце "Ленінскі прызыў", а ў 1960 выйшаў яго першы паэтычны зборнік "Сонечны дождж". Потым былі іншыя зборнікі: "Лірычны вырай" (1965), "Дзень" (1968), "З вясны ў лета" (1972). Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі "Вочы ў вочы" (1978). Аўтар кнігі паэзіі "Усміхніся мне" (1984). Скіраванасцю да трагедый веку - землетрасення ў Арменіі і чарнобыльскай катастрофы - вызначаецца кніга паэм у прозе "Ахвярны двор" (1991).

Як празаік Янка Сіпакоў пачаў сваю творчасць з нарысаў "Акно, расчыненае ў зіму", "Па зялёную маланку", "Там, дзе Сібір", "Даверлівая зямля". У 1971 яны склалі асобную кнігу "Па зялёную маланку". Пасля былі кнігі прозы "Крыло цішыні", якая мела падзагаловак "Кніга вёскі" (1976), "Жанчына сярод мужчын" (1980), "Усе мы з хат" (1982), "Спадзяванне на радасць" (1983), "Пяць струн" (1984), "Сад людзей" (1985), "Журба ў стылі рэтра" (1990). Склаў кнігу прытчаў "Тыя, што ідуць" (1993).

Янка Сіпакоў - таксама аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці "Блуканне па іншасвеце" (1994), зборнікаў "Лысы юбілей" (1965), "Плюс на мінус" (1973), "Ланцугі для мух" (1980), "Пятніца ў суботу" (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1985).

Вікіпедыя.


Справаздача Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны аб рабоце за 2015 год

1. Візіт сяброў Рады да старшыні Гарадзенскага аблвыканкама У. Краўцова па пытанні стварэння ў Гародні дзяржаўнага музея В. Быкава (8.01.). Пазней па гэтым пытанні наведваліся ў аблвыканкам і гарвыканкам, вялася адпаведная перапіска.

2. Правядзенне алімпіяды школьнікаў па беларускай мове і літаратуры (15.01.).

3. Вечарына памяці гарадзенскага пісьменніка Ю. Гуменюка (16.01.).

4. Прэзентацыя кнігі У. Хільмановіча "Золата Беларусі" (8.02.).

5. Прэзентацыя кнігі С. Сяльверставай "Вершы, байкі, паэмы" (14.02.).

6. Юбілейная вечарына мастацтвазнаўца М. Загідулінай (19.02.).

7. Вечарына, прысвечаная выкладчыцкай і літаратурнай дзейнасці А. Петрушкевіч (28.02.).

8. Вечарына Максіма Багдановіча (20.03.).

9. Абмеркаванне альманаха "Новы замак" (23.03.).

10. Вечарына да 175-годдзя з дня нараджэння Ф. Багушэвіча (24.03.).

11. Усебаларуская дыктоўка (25.03.).

12. Выступленні пісьменнікаў А. Хадановіча, П. Касцюкевіча, А. Клінава (7.04.).

13. Круглы стол да 95-годдзя з дня нараджэння А. Карпюка (14.04.).

14. Выступленні пісьменнікаў А.Ф. Брыля, Г. Янкуты (8.05.).

15. Прэзентацыя кнігі М. Петуховай і М. Копа пра развіццё харавых спеваў на Гарадзеншчыне (21.05.).

16. Прэзентацыя кнігі А. Петрушкевіч "Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай" (16.06.).

17. Выстава ілюстрацый да паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" гарадзенскіх мастакоў (26.07.).

18. Вечарына памяці гарадзенскага гісторыка і паэта Э. Мазько (29.08.).

19. Прэзентацыя аўдыёкнігі ўспамінаў Л. Геніюш (19.09.).

20. Выступленні гарадзенскіх маладых паэтаў (24.09.).

21. Вечарына да 85-годдзя з дня нараджэння У. Караткевіча (27.11.).

22. Вечарына "Уладзімір Караткевіч і хрысціянства" (29.11.).

23. Прэзентацыя 2-ой кнігі лістоў З. Верас (10.12.).

У красавіку і жніўні 2015-га сябры ТБМ выступалі ў школах горада на сходах бацькоў першакласнікаў. У выніку былі створаны ў гэтым навучальным годзе (як і раней) беларускія першыя класы ў 32-ой і 34-ай СШ. Арганізоўвалася падпіска на газету "Наша слова". Сабраны сяброўскія складкі за 2015 год.

Старшыня Рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны А. Пяткевіч.


Аб рабоце Баранавіцкай арганізацыі ТБМ за 2015 год

2015 год для Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў Баранавічах быў даволі значным на падзеі.

Цягам году мы працягвалі дабраўпарадкаванне нашай сядзібы ў Русінах. Марудная праца пачынае прыносіць відавочныя вынікі. Другі паверх мае надзею стацца невялічкім музеям сялянскага і гарадскога побыту беларуса мінулага стагоддзя.

Сябры Таварыства апякуюцца тэрыторыяй каля "Крыжа ахвярам гвалту 1939-1953 гг". На гэтым месцы мы садзім кветкі і ставім знічы 25 сакавіка і 29 кастрычніка.

Таксама каплічка на месцы Мілавідскай бітвы і камень на месцы Палонкаўскай застаюцца пад нашай апекай. У гэтым годзе нам прышлося звяртацца ў міліцыю, таму што была пашкоджана таблічка з QR кодам каля каменя на месцы Палонкаўскай бітвы. Злодзея знайшлі і пакаралі. А яшчэ намаганнямі менскіх мастакоў на камені з'явіліся барэльефы нашых славутых пераможцаў той бітвы: ваяводы Сцяпана Чарнецкага і гетмана Паўла Сапегі.

Але галоўная наша перамога - стварэнне беларускага класа. Ёсць 6 "Д" у 4-й гімназіі! Два гады цягнулася ліставанне з чыноўнікамі, сапраўдная бойка на выжыванне. Гэта перамога ў першую чаргу бацькоў Ясі Малашчанкі, Алісы Філіпчык і Арсенія Пісарчыка, вучняў беларускага класа. Мы ганарымся імі і цешымся гэтай нагодай. Добра, што старшыня таварыства Віктар Сырыца паспеў даведацца пра стварэнне беларускага класа ў Баранавічах.

Вялікая праца была праведзена ў 2015 годзе па далейшым даследаванні месцаў пахаванняў Першай сусветнай вайны. Па выніках гэтай працы адбыліся Краязнаўчыя чытанні 19 верасня, на якія прыехала яшчэ больш даследчыкаў падзей тых часоў, чым у папярэднім годзе. Прысутныя адзначылі высокі ўзровень мерапрыемства. Гэтая праца будзе працягнута. Плануем стварэнне мапы пахаванняў Першай сусветнай вайны ў нашым краі. Таксама мы суправаджаем працу пошукавага батальёна, збіраем дакументы пра падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Баранавічаў і бліжэйшых раёнаў.

На сядзібе Таварыства зладзілі прагляд нямога кіно "Кастусь Каліноўскі". Абмяркаванне стужкі з галоўным рэдактарам сайту "тузін гітоў" і музыкам С. Пукстам было надзвычай жывое і цікавае. Кіно нікога не пакідае абыякавым. Гісторыя беларускага сінематографа мае даволі цікавыя і, нажаль, схаваныя ад нас старонкі, якія чакаюць сваіх даследчыкаў.

У 2015 г. да нас завітваў Уладзімір Арлоў з прэзентацыяй сваёй кнігі "Імёны Свабоды" ў новай рэдакцыі. Такія сустрэчы са спадаром Арловым сталі рэгулярнымі.

У верасні адбылася творчая сустрэча з доктарам гістарычных навук А. Краўцэвічам і прэзентацыя ягонай працы "Гісторыя ВКЛ". Кнігі спадара А. Краўцевіча напісаны жывой мовай і даступныя нават самым маленькім аматарам беларускай гісторыі. Яны як жывая вада неабходныя ўсім беларусам дзеля адчування сябе нашчадкамі вялікага народа. Цікавая размова была і пра беларускую гістарыяграфію.

Сябры Таварыства не засталіся ў баку ад выбарчай кампаніі 2015 года. Шмат хто з нас удзельнічаў у назіранні за выбарамі. Старшыня Таварыства Віктар Сырыца прымаў удзел у працы акруговай камісіі. Для яго гэта было складанае выпрабаванне. Сырыца - адзіны сябра камісіі, які не падпісаў выніковы пратакол па прычыне сур'ёзных парушэнняў. Ягоны апошні артыкул у мясцовай газеце "Інтекс-пресс" пасля гэтак званых выбараў яскрава паказвае сутнасць працэсу і механізм фальсіфікацый. Мы можам толькі здагадвацца, колькі душы Віктар паклаў, каб выкрыць гэтыя махлярствы, і вынік ягонай працы немагчыма пераацаніць, бо гэта рэальныя доказы, сведчанні, якія, я спадзяюся, хутка спатрэбяцца.

У снежні прайшла сустрэча з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам. Цікавая і нефармальная размова пра паходжанне назваў вуліц і ваколіц Баранавічаў.

Такім быў гэты год. Невымерная страта, якую мы ўсе панеслі ў 2015 годзе, бо сыход Віктара Сырыцы для нас усіх - асабістая трагедыя. Не пераказаць усіх словаў, як шмат ён значыў для кожнага з нас. Зараз мы павінны працягваць ягоную працу.

Будзьма вартымі памяці Віктара Сырыцы.

Анжэла Камбалава, намеснік старшыні Баранавіцкай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".


Алімпіяда па беларускай мове ў Гародні

У Гародні завяршылася шостая абласная алімпіяда па беларускай мове і літаратуры сярод школьнікаў. Прымалі ўдзел у змаганні прадстаўнікі школаў сямнаццаці раёнаў вобласці. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў прайшло ў актавай зале электратэхнічнага каледжа. Атмасфера і арганізацыя мерапрыемства ўзнагароджання гарманічна адпавядала духу беларускага свята. У перапынках паміж выступоўцамі, на сцэне з'яўляліся дзіцячыя вакальны і танцавальны калектывы.

Праводзілі алімпіяду разам з дзяржаўнымі ўстановамі і прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы. Упраўленне адукацыі аблвыканкама, інстытут удасканальвання настаўнікаў, Гарадзенскі купалаўскі універсітэт, Таварыства беларускай мовы праз сваіх прадстаўнікоў сказалі цёплыя словы на роднай мове са сцэны для ўсіх удзельнікаў.

Узроставы дыяпазон удзельнікаў ад 9-га па 11-ты клас.

Шасцёра пераможцаў атрымалі дыпломы за першае месца ў абласной алімпіядзе: Марыя Шапялевіч з Гародні (СШ №31) - настаўніца Валянціна Ярмусік, Алеся Мялешка са Слоніма (гімназія №1) - настаўніца Ала Стрык, Наталля Верамейчык з Ліды (гімназія №1) - настаўніца Таццяна Пільчук, Паліна Палюткевіч з Гародні (СШ №31) - настаўніца Аксана Здановіч, Кацярына Анціпіна з Ваўкавыска (СШ №7) - настаўніца Ірына Саўко, Уладзімір Арочка з Зэльвы (СШ №3) - настаўнік Уладзімір Манько.

Дыпломы за другое месца заваявалі дзевяць навучэнцаў: Настасся Паржон са Смаргонскай гімназіі (настаўніца Людміла Радзіён), Аляксандра Мыслівец з Гарадзенскай гімназіі №10 (настаўніца Людміла Стэцкая), Паліна Пляшко са Слонімскай гімназіі №1 (настаўніца Жана Шундрык), Ганна Юргялевіч са Слонімскай сярэдняй школы №5 (настаўніца Зоя Карповіч), Ганна Гуляй са Свіслацкай гімназіі №1 імя Кастуся Каліноўскага (настаўніца Інэса Семяняка), Марыя Каска з Дзятлаўскай гімназіі №1 (настаўніца Аксана Ванчук), Настасся Муліца з Лідскай гімназіі №1 (настаўніца Галіна Велькашынская), Лізавета Кажэцкая з Радуньскай гімназіі Воранаўскага раёна (настаўніца Ірына Удаева), Аліна Шчэмер з сярэдняй школы №4 Наваградка (настаўніца Лілея Каратай).

Дыпломы за трэція месцы атрымалі 17 удзельнікаў алімпіяды: Дар'я Радзіён з Смаргонскай гімназіі (настаўніца Людміла Радзіён), Настасся Варановіч з сярэдняй школы №8 Слоніма (настаўніца Інэса Якімец), Кацярына Броўка з сярэдняй школы №7 Смаргоні (настаўніца Валянціна Вайнілка), Валерыя Раманчук з сярэдняй школы №12 Гародні (настаўніца Святлана Прышчэпнік), Паліна Міхайлава з сярэдняй школы №23 Гародні (настаўніца Святлана Максімовіч), Ульяна Раўбель з Лідскай гімназіі №1 (настаўніца Галіна Велькашынская), Таццяна Вайгяніца з Ашмянскай сярэдняй школы №2 (настаўніца Вольга Дваранская), Вольга Рэйшэль з Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна (настаўніца Ніна Славута), Паліна Бубушка з Гарадзенскай сярэдняй школы №23 (настаўніца Святлана Максімовіч), Аляксандра Шарупская з Гарадзенскай сярэдняй школы №38 (настаўніца Таццяна Канаплянка), Аляксандра Быкава з Лідскай гімназіі №1 (настаўніца Таццяна Бобніс), Марыя Іванюк з вучэбна-педагагічнага комплекса Дабравольскага дзяцячага садусярэдняй школы Свіслацкага раёна (настаўніца Зоя Урбановіч), Дыяна Казімірчык з Поразаўскай сярэняй школы (настаўніца Марыя Белава), Кацярына Кашко з Бярозаўскай гімназіі №1 Лідскага раёна (настаўніца Лілея Козел), Алеся Трацяк з Гарадзенскай сярэдняй школы №31 (настаўніца Ала Сідаркевіч), Вікторыя Крэнь з навучальна-педагагічнага комплекса Юрацішкаўскіх ясляў-саду-сярэдняй школы (настаўніца Нона Сілюк), Ганна Казак з Беняконскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна (настаўніца Зінаіда Барысевіч).

За ўдзел у алімпіядзе некаторыя навучэнцы атрымалі граматы: Васіліса Сяргей з Міхалішаўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (настаўніца Наталля Ярмак), Павел Юдзеніч з Наваельнінскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна (настаўніца Ларыса Радзіон), Аксана Змітрукевіч з Азёраўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна (настаўніца Таццяна Галавач), Аляксей Раманюк з сярэдняй школы №2 Слоніма (настаўніца Ірына Захарчук), Кацярына Скарабагатава з Сапоцкінскай сярэдняй школы Гарадзенскага раёна (настаўніца Наталля Сушко), Настасся Каваленка з навучальна-педагагічнага дзіцячага комплексу Бакштаўскага дзіцячага садусярэдняй школы Івейскага раёна (настаўніца Люцыяна Валканоўская), Яўгенія Учкуроніс з Радуньскай гімназіі Воранаўскага раёна (настаўніца Святлана Кампанеец), Наталля Васілюк з Шчучынскага навучальна-педагагічнага комплексу (настаўніца Клаўдзія Сарока), Вераніка Медушэўская з Навучальна-педагагічнага комплексу Дэмбраўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа Шчучынскага раёна (настаўніца Ірына Саўка ).

Абсалютнай пераможцай стала дзявяцікласніца Марыя Шапялевіч, якая атрымала сумарны бал 87,25.

Ці шмат гэта? Ці мала? На думку заўсёднікаў у алімпійскіх спаборнірцтвах: поступу ў моўным майстэрстве за апошнія гады не назіраецца. Але і не змяншаецца ровень мастацкага валодання словам.

Сябры Таварыства беларускай мовы дапамаглі ў арганізацыі прызавога фонду для пераможцаў моўнага форуму. Разнастайная паліграфічная прадукцыя, энцыклапедыя "Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гарадзеншчыны і Сувальшчыны" атрымалі ўсе ўганараваныя дыпломамі і граматамі.

Апрача кніжак, сябры нашай грамадскай арганізацыі падаравалі ўдзельнікам камплекты леташніх газет "Наша слова".

Цяпер пераможцы ў вобласці рыхтаваццамуць да апошняга этапу: нацыянальнай моўнай алімпіяды, якая сёлета пройдзе ў Полацку.

Вітаўт Парфёненка , радны гарадской арганізацыі ТБМ у Гародні.


У Магілёве правялі "Беларускае пяціборства"

39 школьнікаў наважыліся ўзяць удзел у інтэлектуальным беларускамоўным спаборніцтве "Беларускае пяціборства". Сёлета яго пятнаццаты раз праводзіць Магілёўская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы пры спрыянні Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. У гэтай навучальнай установе Пяціборства і ладзіцца ўсе 15 гадоў.

Спаборнікі за 100 хвілін павінны адказаць на пытанні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры і мове. Адказы трэба даваць толькі па-беларуску. Якасць мовы ўлічваецца пры падвядзенні вынікаў.

Традыцыйна ў беларускамоўным спаборніцтве спраўджваюць свае веды ўдзельнікі школьных абласных алімпіядаў. Паводле ініцыятара спаборніцтва Міхася Булавацкага, беларускую мову вучні па-ранейшаму ведаюць на невысокім узроўні. Пяціборства гэта адлюстроўвае:

- Чаканняў асаблівых няма. Я ведаю вынік. Мова будзе слабая, - кажа Міхась Булавацкі. - У матэматыцы дзеці могуць паказаць добрыя вынікі, бо тут нямала ўдзельнікаў матэматычнай алімпіяды. Тут выдатныя матэматыкі. Па літаратуры будуць балы слабыя. Сёлета заданне па ёй цікавае. Восем партрэтаў паэтаў, трэба кожнага распазнаць і працытаваць колькі радкоў з ягонага твору.

Міхась Булавацкі заўважае, што адна з задач "Беларускага пяціборства" - паказаць удзельнікам іхні сапраўдны ўзровень ведання беларускай мовы:

- У іх па мове стаяць 8 і 9, а ў каго і 10, і яны лічаць, што беларускую мову ведаюць. А вось на Пяціборства яны прыходзяць і пераконваюцца, што ані каліва яны яе не ведаюць. Але ўдзельнікі Пяціборства - разумныя людзі, і калі ім паказаць, што мова ў іх кепская, дык яны схамянуцца і пачнуць яе давучваць. Я ведаю ўдзельнікаў, якія пасля Пяціборства пайшлі ў кнігарню і набылі расейска-беларускі матэматычны слоўнік. Вучням жа не выкладаюць матэматыку па-беларуску.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць дадае:

- "Беларускае пяціборства" развівае ў школьніка кемлівасць, бо заданні вымагаюць супастаўляць розныя чыннікі, прыгадваць матэрыял з усёй пройдзенай школьнай праграмы. І ўсё праводзіцца на беларускай мове, - заўважае тэбээмавец. З аднаго боку - гэта праверка ведаў, наколькі вучні валодаюць беларускай моваю, бо, на жаль, школы ў нас расейскамоўныя. Нават сельскія. Адначасова Пяціборства прапагандуе беларускую мову. У бліжэйшыя, прынамсі, пяць год Пяціборства будзе мець уплыў на вучняў .

Удзельнікі спаборніцтва прызнаваліся журналісту, што ў жыцці не чуюць беларускай мовы, хіба толькі на ўроках. З некаторымі спрабуюць гаварыць па-беларуску бацькі.

- Гэта наша родная мова. Кожны павінен ведаць і паважаць яе, - нібы завучана разам заяўляюць двое школьнікаў.

На пытанне, ці часта даводзіцца гаварыць на беларускай мове, напрыклад, з сябрамі ці дома, суразмоўнікі адказалі:

- У школе не гаворым, бо іншыя не разумеюць яе. А дома мой тата гаворыць на беларускай мове. А ў мяне мама. Яна навуковая супрацоўніца, дык добра валодае ёю. Аднак увесь час мы не гаворым на беларускай мове, хіба па нейкіх святах.


Некаторыя школьнікі ў Пяціборстве ўдзельнічаюць не першы раз. Адзін з такіх - магілёвец Ілля. Яму падабаецца беларускамоўнае спаборніцтва:

- У яго даволі высокі навуковы ўзровень, а па-другое - высокая павага да нашай нацыянальнай культуры.

На думку хлопца, у цяперашніх беларускіх школах няма адчування, што яны сапраўды беларускія.

Наступны суразмоўнік, Мацвей, таксама ўдзельнічаў раней у Пяціборстве і, як Ілля, быў адным з пераможцаў. Мсціславец Мацвей - прыхільнік класічнага беларускага правапісу, гэтак званай тарашкевіцы . Летась ён казаў, што тарашкевіца старэйшая за цяперашні правапіс і таму - сапраўдная. На думку хлопца, цяперашні беларускі правапіс бліжэйшы да расейскай мовы.

Пра пяціборства ж Мацвей кажа:

- Цікава схадзіць на мерапрыемства, дзе па-беларуску гавораць, дзе заданні ўсе на беларускай мове. Гэта сапраўды незвычайна.

Школьнікаў з іншых мясцін вобласці суправаджалі на пяціборстве настаўнікі. На думку аднаго з педагогаў, такія мерапрыемствы, як "Беларускае пяціборства", для вучняў дужа патрэбныя:

- Каб дзеці хоць крыху пачулі беларускую мову ды спраўдзілі веды па ёй. Матэматычныя заданні на беларускай мове парашаюць. Зразумела, што толькі на ўроках мовы і літаратуры дужа цяжка навучыць дзяцей гаварыць на беларускай мове. Мы ж не чуем у жыцці яе, а навучыцца гаварыць на тым, чаго не чуеш, дужа складана.

Пераможцы Пяціборства атрымаюць ганаровыя граматы ды рэдкія кнігі на беларускай мове.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высветліў, што заданні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Ад 2001 года спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Радыё Свабода.


Справаздача аб дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" за 2015 год

20 лютага сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы напісаннем Усебеларускай дыктоўкі на верш беларускага паэта Генадзя Бураўкіна "Я не ганю землі чужыя…" Затым адбыўся справаздачна-выбарчы сход Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ. Новым старшынём арганізацыі быў абраны Уладзімір Масакоўскі, намеснікам старшыні - Уладзімір Шыла.

5 сакавіка адбыўся сход Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ. Сябры ТБМ павіншавалі Мікалая Шаравара з прыняццем яго ў 2014 годзе ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. На сходзе ў шэрагі ТБМ былі прыняты маладыя актывісты Алена і Раман Лявончыкі, адноўлена ў сяброўстве ТБМ паэтка Ніна Ярмалінская, быў прыняты план дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ на 2015 год.

10 сакавіка ў Салігорскі райвыканкам была пададзена заява аб выдзяленні памяшкання ў гарадскім Палацы культуры для правядзення ўрачыстага сходу арганізацыі ТБМ, у чым было адмоўлена са спасылкай на тое, што ўсе памяшканні занятыя праз запланаваныя на гэты час мерапрыемствы.

У красавіку была пададзена заява аб правядзенні ўрачыстага сходу Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ кіраўніцтву будтрэста №3. Пытанне аб правядзенні ўрачыстага сходу было вырашана станоўча.

11 траўня ў Доме культуры "Будаўнік" будтрэста №3 адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Удзел у сходзе ўзялі: першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, старшыня Менскай абласной арганізацыі ТБМ Мікола Курыльчык, старшыня беларускага незалежнага прафсаюза Мікола Зімін, старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў ААТ "Беларуськалій" Сяргей Чаркасаў. Тры ўдзельнікі сходу былі прынятыя ў шэрагі ТБМ: Уладзімір Амяльчэня, Вадзім Лялькін і Сяргей Чаркасаў. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі сходу ад імя Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, якая яб'ядноўвае 41 сябра, прынялі заяву на адрас Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і на адрас Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем надаць, згодна артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, беларускай мове не дэкларатыўны, а сапраўдны дзяржаўны статус, і ва ўсіх сферах грамадскага жыцця краіны паставіць у роўнасць дзве дзяржаўныя мовы. На дасланыя ў вышэйшыя органы дзяржавы заявы былі дадзены адказы-адпіскі.

27 траўня ў газеце ТБМ "Наша слова" былі надрукаваны нататкі з урачыстага сходу, прысвечанага 25-годдзю Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ пад назвай "Каб мова родная гучала".

10 чэрвеня ў гэтай жа газеце быў надрукаваны матэрыял пад назвай "Старонкі гісторыі Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", а 12 жніўня - заява Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ на адрас уладных структур Рэспублікі Беларусь і іх адказы пад назвай "Адпіскі, як стыль працы чыноўнікаў усіх рангаў".

27 траўня на адрас старшыні Салігорскага райвыканкама Аляксандра Рымашэўскага ад групы грамадзян горада Салігорска, у тым ліку і сяброў ТБМ, была накіравана заява за подпісамі 30 чалавек з патрабаваннем аб прывядзенні ў адпаведнасць з Законам назваў Салігорскага райвыканкама і райсавета дэпутатаў (надпіс на шыльдзе Дома Саветаў выкананы толькі на рускай мове), а таксама ўстаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, якія пераважна выкананы толькі на рускай мове, адпаведна патрабаванню артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца гарантам роўнасці дзвюх дзяржаўных моў (чаго не назіраецца). У адказе на заяву сказана, што "…парушэнняў артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у дзяржаўных установах і арганізацыях выяўлена не было…"

8 чэрвеня сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ Уладзімір Масакоўскі і Ніна Ярмалінская з нагоды 45-ых угодкаў з дня трагічнай гібелі ў шахтавым ствале рудніка Другога Салігорскага калійнага камбіната (цяпер 2-га рудакіравання) беларускага паэта, гарняка Леаніда Якубовіча (21.03.1948 - 08.06.1970), ушанавалі яго памяць паездкай у яго родную вёску з ускладаннем кветак на магілу паэта. Матэрыял (аўтар Уладзімір Масакоўскі) пра таленавітага беларускага паэта, якому лёс адвёў 22 вясны, быў змешчаны ў газеце ТБМ "Наша слова" ад 24 чэрвеня і ў Салігорскай газеце "Лидер-Пресс".

Вясной 2015 года сябрам ТБМ, прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага ГА "Беларускі Хельсінскі Камітэт" у Салігорскім рэгіёне, Леанідам Мархоткам сумесна з мясцовым праваабарончым актывам, пры падтрымцы Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, быў падрыхтаваны "Даклад па выніках Салігорскага грамадскага маніторынгу выканання правоў беларускамоўных грамадзян", накладам 150 асобнікаў на 26 старонках. Даклады былі накіраваныя ва ўсе вышэйшыя ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь, у Менаблвыканкам і Менскі абласны савет дэпутатаў, у Салігорскі райвыканкам і райсавет дэпутутаў, у раённыя бібліятэкі, у СМІ і ў грамадскія арганізацыі.

2 ліпеня ў газеце "Народная воля" №51 было паведамлена, што Міністэрства юстыцыі разгледзела даклад салігорскіх праваабаронцаў і прызнала, што ў Рэспубліцы Беларусь баланс выкарыстання дзяржаўных моў не забяспечваецца.

У лістападзе 2015 года, з нагоды 20-ых угодкаў з дня смерці беларускага паэта, чальца Саюза пісьменнікаў Беларусі, Лявона Шпакоўскага-Случаніна, сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ Уладзімір Амяльчэня, Анатоль Дунецкі, Уладзімір Масакоўскі і інш. у вёсцы Чыжэвічы Салігорскага раёна наведалі магілу паэта і ўшанавалі яго памяць ускладаннем жывых кветак і чытаннем яго вершаў "Памяці Кастуся Каліноўскага" і "25-га сакавіка 1918 года". Матэрыял (аўтар Уладзімір Масакоўскі) пра паэта надрукаваны ў газеце ТБМ "Наша слова" ад 23 снежня 2015 года і ў Салігорскай газеце "Лидер-Пресс".

28 лістапада з нагоды 95-ых угодкаў Слуцкага збройнага чыну ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі супраць бальшавіцкай чырвонай арміі ў вёсках Грозава і Семежава, у г. п. Чырвоная Слабада і ў горадзе Слуцку адбыліся, арганізаваныя партыяй БНФ, мерапрыемствы па ўшанаванні памяці змагароў за незалежнасць беларускай краіны. У мерапрыемстве прыняло ўдзел каля 150 чалавек. У Слуцку ў мерапрыемствах (прыём чальцоў у маладзёвую арганізацыю партыі БНФ каля Слуцкага краязнаўчага музея і мітынг у парку культуры і адпачынку) прынялі ўдзел некаторыя сябры Салігорскай арганізацыі.

29 лістапада ў Салігорску адбыўся сход сяброў Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, прысвечаны 95-ым угодкам Слуцкага збройнага чыну. На сходзе Уладзіміру Амяльчэню, Мікалаю Зіміну, Алене Калоднікавай і Ніне Ярмалінскай урачыста былі ўручаны пасведчанні і значкі сяброў ТБМ.

У снежні на ахвяраванні сяброў Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ зроблена падпіска на газету ТБМ "Наша слова" ў 9 школ Салігорскага раёна, у 3 гімназіі г. Салігорска.

23 снежня праз мясцовую газету "Лидер-Пресс" з нагоды 210-годдзя з дня нараджэння Яўстафія Янушкевіча, беларуска-польскага выдаўца і публіцыста, ураджэнца Салігоршчыны, была ўшанавана яго памяць. Яўстафій Янушкевіч - адзін з арганізатараў паўстання 1830-1831 гадоў у Ашмянскім, Слуцкім і Наваградскім паветах, жыў і працаваў у эміграцыі, памёр у Парыжы.

26 снежня адбыўся сход сяброў Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ, на якім адбылая прэзентацыя кнігі вольных вершаў "Туга" сябра ТБМ Вадзіма Лялькіна.

Былі ўручаныя пасведчанні сяброў ТБМ. Удзельнікі сходу прынялі план дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ на 2016 год.

Уладзімір Масакоўскі, старшыня Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ.


Талент песняра расквітнеў на Беларусі

75-годдзе з дня нараджэння кіраўніка ансамбля "Песняры" было адзначана 12 студзеня канцэртам ў Белдзяржфілармоніі.

Уладзімір Георгіевіч Мулявін нарадзіўся ў Свярдлоўску ў 1941 годдзе. Яго продкі мелі добрую адукацыю і трымалі крамы ў Сібіры, але былі раскулачаныя з прыходам савецкай улады. Бацька Уладзіміра Мулявіна быў простым рабочым на заводзе "Уралмаш", але ён добра граў на гітары. У 6 год Валодзя таксама захапіўся гітарай, навучыўся граць на балалайцы, асвоіў іншыя інструменты. З 14 год ён выступаў ля вогнішча, у пераходах, цягніках і на вуліцах. Сябар параіў яму паступіць на працу ў аркестр, дзе б ён мог някепска зарабляць. У 16 гадоў Уладзімір Мулявін пачаў працаваць у аркестры. Сапраўдным яго настаўнікам стаў музыкант і педагог Аляксандр Іванавіч Наўроцкі. Ён заўважыў талент Мулявіна і яго вялікую працаздольнасць, займаўся са сваім выхаванцам па шэсць-сем гадзін у дзень, у выніку чаго Валодзя паступіў у Свярдлоўскую музычную вучэльню. Там ён стварыў групу, якая выконвала джаз. Праз некаторы час Уладзіміра і яго сяброў выключылі з вучэльні за захапленне "заходняй музыкай". Але выкладчыкі разумелі, што Уладзімір - незвычайна таленавіты хлопец, і яго аднавілі на занятках. Ён працаваў у Петразаводску і Арэнбургу, а потым прыехаў у Менск, які стаў для ўральца адкрыццём.

У 1963 годзе Мулявін атрымаў запрашэнне ў Беларускую дзяржаўную філармонію. Установа культуры выдзяліла яму, яго жонцы і дачцэ кватэру. У 60-тыя гады Уладзіміра пачала прыцягваць народная музыка. Ён збіраў рускі, украінскі, беларускі фальклор. У першых экспедыцыях на Палессе ў 1962-65 гадах ён паглыбіўся ў беларускамоўны асяродак, вывучаў і запісваў песні з першакрыніц.

Калі Мулявін быў прызваны ў войска ў 1965 годзе, то ён стварыў там вакальны квартэт і прымаў удзел у заснаванні ансамбля Беларускай вайсковай акругі. У войску сабраўся першы склад "Песняроў", у які ўвайшлі Леанід Тышко, Уладзіслаў Місевіч, Валерый Яшкін і Аляксандр Дзямешка. Яны служылі ў розных ротах, а рэпеціравалі ў Доме афіцэраў.

У 1969 годзе сябры пад кіраўніцтвам Мулявіна стварылі ансамбль "Лявоны" пры Белдзяржфілармоніі. Але "лявонамі" назвалі часцей жартаўнікоў, скамарохаў, і тады, пагартаўшы кнігі, Аляксандр Дзямешка і Уладзіслаў Місевіч знайшлі ў вершах Янкі Купалы больш адпаведнае слова "пясняр". У 1970-тым годзе пад назвай "Песняры" яны атрымалі ІІ прэмію на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. Яны вельмі ўразілі слухачоў песняй "Ты мне вясной прыснілася" і прыцягнулі да сябе ўвагу. У 1971 годзе да гурта далучыўся Леанід Барткевіч.

"Песняры" абудзілі цікавасць да беларускага фальклору, ускалыхнулі ўсю краіну. Яны падарожнічалі па Беларусі, збіралі народныя спевы, мелодыі і матывы. Калі яны выходзілі на сцэну ў стылізаваных белых світках або расшытых вялікалітоўскіх кунтушах і пачыналі спяваць - гучна, многагалосна - залы заміралі. "Песняры" напісалі вялікую колькасць песень на вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Пятруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вялюгіна.

"З першых мелодый "Песняроў" музыказнаўцы зразумелі, што творчы почырк Мулявіна адрозніваецца незвычайным пачуццём унутранай свабоды, адыходу ад стылёвых рамак і канонаў, - адзначае ў сваёй кнізе Леанід Барткевіч. - Дзякуючы шырыні музычнага кругагляду, Мулявін выкарыстоўваў і арт-рок, і барока-рок, і прагрэсіў-рок, і джаз-рок для раскрыцця вобразу той ці іншай песні. У "Песняроў" пекната была на першым месцы, яны былі прыхільнікамі класічнага ідэалу прыгажосці, свае песні спявалі добра пастаўленымі галасамі, не крычалі і не хрыпелі." Бо ў другой палове 70-тых на рок-сцэне ўжо ламаліся гітары і выканаўцы біліся ў прыпадках. А ў "Песняроў" былі "Вераніка" і "Магдаліна" на вершы М. Багдановіча, "Готыка святой Ганны" і "Аве Марыя" на словы М. Танка, "Александрына" на словы П. Броўкі. Яны выхоўвалі густ, адкрывалі прастор беларускага фальклору ўсяму свету і сталі культурным сімвалам краіны.

У 1976 годзе "Песняры" стварылі фольк-оперу па драматычнай паэме Янкі Купалы "Песня пра долю" . У 1976 годзе ансамбль стаў першым савецкім гуртом, які праводзіў гастролі па ЗША. У тым жа годзе ансамбль выступіў на міжнародным конкурсе грамзапісаў MIDEM у Канах. Да ўдзелу у ім дапускаліся калектывы, якія выпусцілі максімальную колькасць дыскаў у сваёй краіне. Гурт " Песняры" выпусціў каля 45 мільёнаў дыскаў у СССР.

У 1978 годзе "Песняры" аранжыравалі араторыю "Гусляр" па паэме Янкі Купалы "Курган" на музыку Ігара Лучанка. "Гусляр" стаў вядомы на Захадзе, дзякуючы прасоўванню альбома маскоўскай студыяй гуказапісу"Вoheme music". У 1973 годзе Уладзімір Мулявін атрымаў званне народнага артыста БССР, у 1980 годзе - тытул заслужанага дзеяча культуры Польшчы, а ў 1991 - званне народнага артыста СССР.

У 1980 музыкі склалі каляндарна-абрадавую праграму з 20 народных песень. У 1982 годзе калектывам Мулявіна была падтрыхтавана праграма да 100-годдзя Янкі Купалы "Я не паэта…". У 1991 годзе прагучала прэм'ера праграмы да 100-годдзя Максіма Багдановіча ў бібліятэцы ААН ў Нью-Ёрку. Усяго яны падрыхтавалі 12 вялікіх праграм і стварылі незлічоную колькасць папулярных песень.

Даследчыкі адзначаюць, што Уладзімір Мулявін быў не толькі выдатным аранжыроўшчыкам, граў на розных інструментах, але валодаў унікальным, чыстым і высокім тэнарам. Пры падыходзе да аранжыроўкі ён распісваў вакальныя партыі, сыходзячы з характару і тэмбру галасоў удзельнікаў гурта. Ён імкнуўся, каб кожны вакаліст быў пазнавальны і непаўторны. "Музыказнаўцы ставілі пытанне: у якой манеры спяваў гурт - у народнай,эстраднай ці класічнай? Вакальная манера " Песняроў" ўяўляла сабой сінтэз розных вакальных школ, акцэнты скіроўваліся то ў бок акадэмічнага гучання, то джазавага, то народнага" , - лічыць Леанід Барткевіч.

90-тыя гады сталі праблемнымі ў гісторыі "Песняроў". Музыкі існавалі ў дрэнных умовах, рэпеціравалі ў двух пакоях школы-інтэрната, на старых інструментах, перажывалі творчы крызіс. Апошні дыск з новымі песнямі быў запісаны Уладзімірам Мулявіным у Галандыі ў 1994 годзе. У 1998 годзе ў калектыве адбыўся раскол. Уладзіслаў Місевіч узначаліў гурт "Беларускія песняры", Уладзімір Мулявін запрасіў маладых музыкаў выступаць у складзе "Песняроў". Трыццацігоддзе гурта было адзначана закладкай імянной пліты-зоркі У. Мулявіна ў Алеі Гонару. У студзені 2001 года Уладзімір Мулявін быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

14 траўня 2002 года У. Мулявін патрапіў у аўтамабільную аварыю і атрымаў цяжкія траўмы. Артыст пайшоў з жыцця 26 студзеня 2003 года ва ўзросце 62 гадоў. Ён быў пахаваны на Усходніх могілках. У яго гонар быў пераіменаваны бульвар, які прымыкае да будынка Белдзяржфілармоніі. У 2014 годзе ў Екацярынбургу (Свярдлоўску) быў адкрыты помнік беларускаму песняру.

Да 75-годдзя з дня народзінаў Уладзіміра Мулявіна падрыхтаваны да выдання перапрацаваны і дапоўнены варыянт кнігі "Нота лёсу". Аўтарам канцэпцыі і рэдактарам-складальнікам кнігі з'яўляецца Людміла Крушынская. Змест новай кнігі быў значна перагледжаны. З'явіўся шэраг арыгінальных артыкулаў, агульная колькасць фотаздымкаў набліжаецца да паўтысячы. Як і раней, кнігу суправаджаюць даведачныя матэрыялы. Гэта пералік дат жыцця і творчасці Уладзіміра Мулявіна спіс усіх музыкаў, якія ў розныя гады выступалі ў складзе калектыву. Першае выданне "Ноты лёсу", наклад якой аб'ёмам 446 старонак складаў 3000 асобнікаў, хутка знікла з паліц кнігарняў. Кніга была падрыхтавана ў рамках ушанавання памяці Уладзіміра Мулявіна.

12 студзеня 2016 года ў Белдзяржфілармоніі адбыўся юбілейны канцэрт, прысвечаны 75-годдзю народнага артыста, які душой і сэрцам стаў сынам беларускай зямлі. Яго паслядоўнікі імкнуцца адкрываць новыя старонкі яго спадчыны і аддаваць даніну павагі песняру. На канцэрце выступілі сучасныя "Песняры" пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Вячаслава Шарапава, фальклорная група "Купалінка", вакальная група "Чысты голас", ансамбль "Камерата". На вечарыне прагучалі фрагменты з аўтарскіх праграм Уладзіміра Мулявіна "Я нясу вам дар", "Праз усю вайну", "Во весь голос". З успамінамі выступіла Святлана Пенкіна-Мулявіна, кіраўніца мемарыяльнага музея артыста ў філармоніі, дзе захоўваюцца яго ноты, рэчы, гуказапісы, дыскі і сцэнічныя строі. Цёплыя словы сказаў пра свайго сябра яго паплечнік, заслужаны артыст рэспублікі Анатоль Кашапараў.

Эла Дзвінская. На здымках: 1. Гурт " Песняры" ў 70-тыя гады. 2. На юбілейнай вечарыне ў Белдзяржфілармоніі. 3. Спяваюць сучасныя "Песняры".


80 гадоў з дня нараджэння Васіля Сёмухі

Васіль Сяргеевіч СЁМУХА (18 студзеня 1936, х. Ясенец на тэрыторыі цяперашняга Пружанскага раёна, Берасцейская вобласць) - беларускі перакладчык з нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, іспанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай і іншых моваў. За 14 гадоў напісаў беларускамоўны пераклад Бібліі, які выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысціянскіх цэркваў.

Нарадзіўся ў сям'і лесніка. Бацька быў праваслаўным, маці - пратэстанткай. Мае брата Яўгена. У ліпені 1942 г. немцы арыштавалі бацькоў праз падазрэнне ў дапамозе партызанам і спалілі хутар. Пасля катаванняў іх расстралялі ва ўрочышчы Слабодка, дзе агулам нацысты забілі 5000 чалавек. Асірацелых братоў выхоўвала родная цётка з боку бацькі Ганна з вёскі Смаляніца, дзе Васіль атрымаў хрышчэнне ў праваслаўнай царкве Святога Мікалая. Скончыў Пружанскую сярэднюю школу №2. Вучыўся на рамана-германскім аддзяленні філалагічнага факультэту Маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава. Скончыў вучобу ў 1959 годзе. Студэнтам старэйшых курсаў часова пазбаўляўся інтэрнату за адмову сачыць за студэнтамі для КДБ.

Працаваў рэдактарам у беларускім дзяржаўным выдавецтве (1959-1964), інжынерам у сектары тэхінфармацыі СКБ-3 на Менскім трактарным заводзе (1964-1965), выкладчыкам нямецкай мовы ў школе (1966-1967), літсупрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва" (1967-1972). Па сумяшчальніцтве выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966-1970). З 1972 году - рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура".

У 1967 годзе напісаў запыт міністру замежных справаў Гурыновічу, спытаўшы, ці можа ён патрабаваць ад урада ФРГ кампенсацыі за страчаную маёмасць, каб выдаць пераклад "Фаўста". Пасля гэтага быў выключаны з Саюзу пісьменнікаў БССР з фармулёўкай: "…за зносіны з замежнымі пасольствамі і спробу выдаць "Фаўста" ў Мюнхене". Супраць выключэння галасаваў толькі Васіль Вітка, устрымаўся Васіль Быкаў, усе астатнія прагаласавалі за. Копію даведкі Сёмуху адмовіліся выдаць.

Сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1977 года, Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

Звольнены з пасады рэдактара "Мастацкай літаратуры" пасля 1994 года. Выкладаў сусветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.

Хрышчоным бацькам ягонай дачкі быў Уладзімір Караткевіч.

Упершыню апублікаваў пераклад у 1959 годзе.

Перакладаў з нямецкай творы Гётэ, Шылера, Гейнэ, Шаміса, Мюлера, Рукерта, Гофмана, Грымельсгаўзена, Ніцшэ, Брэхта, Дурэнмата, Гесэ, дэ Бройна, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда ды іншых аўтараў. З польскай перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю, Гамбровіча і інш. З латышскай мовы - Яна Райніса, Чакса, Белшавіцу, Скуіньша, Белса, Вацыеціса ды іншых.

Рабіў пераклады тэкстаў для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічае з заслужаным артыстам Беларусі, кіраўніком "Беларускай капэлы" Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опер "Фаўст" Радзівіла, "Маргер" Горскага, "Страшны двор" Манюшкі.

Пераклаў на беларускую мову "Найвышэйшую песню Саламонаву" (1994), "Новы Запавет. Псалтыр" (1995), "Біблію" (2002).

Вікіпедыя.


26 студзеня (аўторак) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Новы гістарычны цыкл - Беларусь у XХ ст. Пачатак 18.00.Уваход вольны.


У Баранавічах адбыўся канцэрт Віктара Шалкевіча ў памяць Віктара Сырыцы

Вядомы беларускі спявак увечары 6 студзеня выступіў у Баранавічах.

Віктар Шалкевіч выканаў для прысутных некалькі сваіх старых і новых песень ды расказаў, што добра ведаў Віктара Сырыцу, які не так даўно нечакана адышоў ад нас.

- Гэта быў вельмі вясёлы і прыстойны чалавек, я памятаю яго апранутага ў шляхецкі строй, з шабляй, падчас святкавання Мілавідскай бітвы, - расказаў бард. - Для мяне спадар Сырыца не памёр, як падаецца, і для кожнага з прысутных. Пакуль мы жывыя, жывая і памяць пра яго!

Руслан РАВЯКА.


МОЎНЫЯ ПРАВЫ І ІХ АБАРОНА

12 студзеня ў Лідскай бібліятэцы апрайшоў "круглы стол", арганізаваны бібліятэкай і рэдакцыяй газеты "Наша слова". На "круглым стале" быў прэзентаваны двухтомнік "Моўныя правы і іх абарона".

Двухтомнік быў выдадзены па выніках Міжнароднай канферэнцыі, праведзенай ТБМ у 2015 годзе, а таксама па выніках маніторынгу моўнай сітуацыі ў краіне, праведзенага падчас падрыхтоўкі да канферэнцыі.

Імпрэзу вяла галоўны бібліёграф бібліятэкі Галіна Курбыка. Удзел у імпрэзе браў рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік, які ўдзельнічаў у канферэнцыі і ў маніторынгу. С. Суднік - тэхнічны рэдактар двухтомніка.

У 1-м томе змешчаны даклад С. Судніка на канферэнцыі "Дзейнасць газеты "Наша слова" па абароне лігвістычных правоў (у 2013 - 2014 гг.)". У 2-м томе змешчаны 6 артыкулаў С. Судніка, адзін з іх напісаны па матэрыялах, сабраных старшынём Лідскай арганізацыі ТБМ Лявонам Анацкам. Такім чынам Лідчына ў двухтомніку прадстаўлена грунтоўна.

Як тэхнічны рэдактар Станіслаў Суднік распавёў пра асаблівасці моўнай сітуацыі ў краіне, асаблівасці правядзення канферэнцыі і выдання матэрыялаў.

На самай справе у працэсе да канферэнцыі была праведзена грандыёзная праца. Былі разасланы 560 лістоў ва ўсе рай- і аблвыканкамы, ва ўсе міністэрствы і дзяржаўныя камітэты, ва ўсе ВНУ. Фактычна з усіх адрасоў былі атрыманы адказы рознага аб'ёму і зместу: ад адпіскі ў некалькі фраз да грунтоўнага аналізу на дзясяткі старонак. Усе адказы па сутнасці зведзены ў вялікія табліцы фармату А-3 і ўклеены ў 2-гі том.

Па выніках "круглага стала" 10 камплектаў двухтомніка былі перададзены бібліятэкам раёна. Цяпер чытачы і даследчыкі моўнага пытання змогуць азнаёміцца з выданнем як у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, так і ва ўсіх гарадскіх філіялах. Рэдакцыя "Нашага слова" пастараецца, каб кнігі трапілі і ў некаторыя сельскія бібліятэкі.

Будзем спадзявацца, што моўная сітуацыя ў нашай краіне будзе паляпшацца і наступны маніторынг правядуць ужо дзяржаўныя структуры.

Яраслаў Грынкевіч.


Запрашэнне на ўдзел у трэнінгу

23 - 24 студзеня 2016 г. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры праводзіць трэнінг для журналістаў па пытаннях асвячэння ў прэсе праблем аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Запрашаем да ўдзелу журналістаў, якія працуюць над вышэй азначанай тэматыкай для ўдзелу ў мерапрыемстве нашага грамадскага аб'яднання.

Аб удзеле ў мерапрыемстве просім паведаміць да 16.01.2016 г. па электроным адрасе: antonastapovicz1 gmail.com.

Старшыня РС ГА БДТАПГК А. Астаповіч.

Член Рэспубліканскага грамадскага

савета па справах культуры і мастацтва

пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.


Нечаканыя карыдныя скачкі

Скарочаная аповесць. Не выдуманая

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Не трэба, як прапаведаваў Маякоўскі, у імя асабістага выпадку адмаўляць правапіс: "Во имя свободы личного случая мы отрицаем правописание".

У СССР у вобласці слоўнага мастацтва, працягнем таго ж Маякоўскага, адны інжынеры, ні аднаго рабочага, ні аднаго майстра.

Прыгадаем выказванне аўтарытэта не толькі для славянскіх літаратур. Для сусветных таксама, нобелеўскага лаўрэата Івана Буніна:

"Какое невероятное количество теперь в литературе самоуверенных наглецов, мнящих себя страшными знатоками слова" . Ён жа: "Писатели не только знатоки языка, они через него воплотители найбольшой гармонии духа и физической основы нации, сути народа" .

Смеласць формы, навізна эпітэтаў і дыялектаў вітаецца ва ўсіх нацыях і літаратурах, а беларускія грамацеі (не кажу "недарэкі") звыклі да лапцюжнай вузкай прэснай шэрасці, другога аўтара гнуць на свой капыл. (Нельга д ругога , толькі іншага ).

Вывады.

1. Разумею, савецкіх аўтарскіх ДАСТаў і беларускіх вы толкам не ведаеце. Тым не меней папярэджваю, ні адной ідэі, прыкметы, факту, лічбы з маіх матэрыялаў не ўздумайце узяць, украсці... Вы ж не хочаце праблем.

2. Большасць аўтараў не можа словам нязгоды абазвацца з няпраўдаю вашых правак, адхіленнямі карэспандэнцый, твораў.

3. Упэўнены, вы кемкія людзі, упетрыце сказанае зараз мною, яно не для абразы вас ці прыніжэння - для добразычлівай навукі, засцярогі.

Малады можа скардзіцца на выпадак, нечаканасць, а вы даўно ўжо ў сталасці, і ў вас аглабельшчына не ўпершыню.

4. Вы, руплівыя, геніяльныя, можаце на старонках паказаць няпраўду і прыдзірлівасць доктара Аляксея Бялько, завуаліявана ці напрамую мяне раскрытыкаваць, мае творы.

Вось тады іх усе дакладна надрукуеце, без ніякіх змен. З маімі каментарыямі і цяперашнім лістом, аб'ектыўным для мяне і неаб'ектыўным для вас. Надрукуеце.

5. Зноў паўтаруся: часам прыпылены хрысціянін, мусульманін, канфуцыянец, будзіст, габрэй... зрэдку мяркуе: сам не буду подлічаць іншаверцу, хаця вера мая дазваляе, я баюся Бога, але падвучу на зло бамжатнага пня. Ашукваецца. Нават за думкі такія Неба карае самога і крэўных, неабвержна, як за ўсходам ідзе захад.

Менавіта таму людзі ўсіх канфесій не жывуць тараканамі ў слоіках, пацукамі ў скляпах. Не грызуцца і другім не дазваляюць. Носяць мір, любоў, спагаду не адно ў сэрцы і мазгах - на справе, ва ўчынках, не толькі для сябе.

Пасля пісьма ў далёкую Мексіку, каб зверыць тэкст пісьма і самога твора, перачытаў аповесць "Карыды вогненныя іскры". Не ўсю, асобныя раздзелы. Пра быка Буганеру першы раздзел:

І

Бык Буганера паміраў. Рыжыя і чырвоныя палосы на задыханых баках утомленага прыгажуна ўжо не цяклі са спіны долу, не сачыліся рэдкімі кроплямі на ўзрыхлены пясок, - кроў запяклася на хібе і баках жывёлы.

Заканчвалася бітва. Зусім нядаўна вялікія прыгожыя, а цяпер то маленькія невыразныя, то вырачаныя зяркастыя вочы быка пагасалі, з нязлосным зодумам пазіралі на сваіх катаў.

Не бунтаваў ужо Буганера, не кідаўся ў лютасці на праклятае чырвонае палотнішча, не цаляў рогам у зазыўна-няўлоўнага матадора і яго памочнікаў. Бык слухаў абуджаны ўнутры паток іскраў і ведаў, зараз адбудзецца штосьці вялікае і непапраўнае, такое агромністае, што ягоны боль, парывы да помсты, прага супакою і задавальненняў - усё раптам стала мізэрным, пошасцю перад блізкім дзіўным ператварэннем, - бык страшыўся, што паток шугоўных іскраў усяродку перастане бруіцца. Замрэ аслабелы, з кожным імгненнем танчэйшы ручаёк - і тады здарыцца непапраўнае.

Навізна новага пачуцця неўзабаве перастала палохаць быка, не была пастрахотнай, як мроілася хвіліну таму.

Аляксей Бялько не варушыўся. Блізкая смерць быка, сапраўднага звера ў бітве, свядомае забойства аднаго з найлепшых стварэнняў прыроды, забойства пад воплескі азвярэлых людзей скаланула беларускага доктара.

Агідна ў яго на душы. Мярзотніцтва людзей не мае мяжы. Забіваць на пацеху тупым і сытым, абыякавым, якія не ведаюць, дзе падзяваць час, але прагнуць новых козытных адчуванняў, дабраславяць забойства дзеля ўласнай весялосці, забойства на вачах ва ўсіх, дарослых і малых... Роспачна тэрапеўту Аляксею Бялько.

Гэтаксама было на сэрцы ў часе пажару Слуцкага суда, пры леташнім перазахаванні ў войну загінулых байцоў. Твар доктара моршчыцца.

Бык супыніўся ў цэнтры арэны, раздумвае.

Матадор Антоніа Ламелі ціхенька, каб хто на арэне і ў глядацкіх радах не ўчуў і не заўважыў, папрасіў быка не супраціўляцца смерці.

- Падай, Буганера, падай, не цягні, - умелы прыгожы матадор ад быка за пяць метраў.

Спрытны Ламелі заслужана чакаў заслужанай развязкі. Сыграй сваю ролю, бык, да канца, не супраціўляйся зыходу, падай.

Буганера пачуў шэпат матадора, зразумеў покліч ягонай душы - і застаўся на месцы, натапыраны, знярухлівы. Нават забыў, каму належыць такое прыгожае імя. Звер баяўся скрануцца хоць трошкі; сноп іскраў замрэ; невядомая, таму і жудасная посцілка туману абвалачэ поўнасцю, пацягне за сабою ў неагляднасць, ужо звабную, нястрашную, хаця нежаданую.

Пальцы Аляксея Бялько камячылі, сціснулі нядаўна такую каштоўную праграму карыды, вочы неадрыўна сачылі за рухамі карыднікаў на арэне. Мярзотнікі катуюць безабаронную жывёлу...

Першая хваля абурэння выклікала другую абуральную хвалю, трыста новых хваляў. Сярод саракапяцітысячных глядацкіх воплескаў не раздасца воплескаў Аляксея Бялько. Славутая арэна карыды ў славутым дзевятнаццацімільённым горадзе Мехіка сатрасаецца ад радаснага гулу, воклічаў, але была б яго ўлада, ён разагнаў бы карыдную шайку-лейку.

Не катуйце жывёлу, не чыніце болю любой часціцы жывой ці нежывой прыроды. Пашкадуйце нават драпежніка, разумнаму высокасцю неба і прыродай наканавана шкадаваць усё існае.

- Шлехт. Аллес матадорэн - думпкопф , - непадалёк падняліся двое зграбных немцаў, ён і яна высокаінтэлігентна пакідалі грубае відовішча грубых людзей.

Яны першы раз глядзяць карыду, таксама абураюцца.

У Аляксея Бялько парыў - падняцца за мілаю параю, хутчэй прабірацца на выхад, балазе ніхто не замінае на праходзе, зніклі і надакучлівыя прадаўцы цукерак, пірожных.

Прыроджаная цікаўнасць і выліковасць ураджэнца шматгаротнай цярплівай беларускай вёскі не дазволілі доктару зрабіць прыгожы ўчынак - пакінуць карыду, зняважыць вялізарны калектыў гледачоў непахісным рашэннем. Аляксей Бялько застаўся на месцы.

Іскроўны ручаёк, адчуў Буганера, перастаў шугаць уверх, пацёк убок і ўніз, вось-вось неглыбокія ночаўкі з цяпельцам перавернуцца - і схамянуўся. Выпрастаў падагнутую было нагу.

У хібе звера тырчалі бандэрыллі . У хіб дванаццаць секунд таму па самы эфес, па самую плешку матадор загнаў шпагу. Вострае шырокае васьмідзесяцісантыметровае лязо пранізала сэрца быка. Расцягнуты раскаленым жалезам у адну танюсенькую доўгую-доўгую струну бык яшчэ пазіраў на матадора, з кожным імгненнем заўважаў наперадзе ўсё меней. Абшарны разнастайны мілы свет момантна звужваўся. Дальніўся, згасаў прывычны гул трыбун, не раздражняў пракляты чырвоны колер. Іскрысты ручаёк яшчэ бруіўся, не перасох.

Матадор Антоніа Ламелі трымаўся спакойна, упэўненасць пераможцы не пераходзіла ў фанабэрную гардыню. Ламелі - старэйшы сярод трох матадораў, што выступяць сёння. Самы вопытны матадор адкрывае і закрывае карыду, такое пашанотнае права заслугоўваюць гадамі поту і працы, многімі драпінамі і шнарамі на целе. Сёлета яму спаўняецца сорак гадоў, упершыню выступіў на карыднай арэне перад гледачамі ў дзевятнаццаць, праз два гады прыняты ў матадоры ў горадзе Ірапуата, праз тры гады зацверджаны матадорам у Мехіка, праз тры месяцы, у лютым 1968 года, канчатковае зацвярджэнне - у Мадрыдзе.

- Падай. Не мучай сябе і мяне, - нашэптваў губамі і сэрцам Ламелі быку.

Прытварацца могуць двухногія істоты, хцівыя і добрыя, подлыя і чуллівыя. Бык Буганера, усе чатырыста дзевяноста два кілаграмы вагі якога - гэта кілаграмы сілы і адвагі, нават не мог падумаць, што на свеце ёсць прытворства. Буганера і сёння да канца выконваў уласнае прызначэнне на зямлі. Не карыўся смерці. Як могна дапамагаў слабенькаму ручайку завірушных іскраў, не дазваляў ручаёчку перасякнуць унутры.

Задыхавіца ўжо не біла быка, яму проста не ставала моцы развесці бакі для ўздыху. Галаве Буганеры морачна і спёкна, а ён стаяў. Каляровы, заўжды шырокі краявід звёўся да агіднай кропкі - чалавека перад сабою.

Прафесійна дакладным рухам матадор Антоніа Ламелі эфектна паправіў вопратку. Павярнуўся спінаю да быка, смела зрабіў крокаў колькі ад яго, не баяўся падступнага ўдару ў спіну, з годнасцю раскланьваўся з удзячнаю публікаю, расцвітаў ад усё большых воплескаў.

Вострае пачуццё агіды ў Аляксея Бялько трошкі прытупілася. Яму ўжо цікава, хаця па-ранейшаму шкада прыгажуна быка.

...Узбрыклівым цялём Буганера з вясёлай бесклапотнасцю капыціць зелень сакавітай травы, п'е ваду блізкай рэчкі. На жывёлагадоўчай ферме гассенды Хайяй неўздалёк гарадка Сан Хуан дэль Рыо правінцыі Квэратара бычку ўсё падабаецца. Гаспадар Хасэ Хуан Мадалена крычыць часам на людзей, даглядчыкаў, пастухоў. Буганеру ён падабаецца, як усё наўкол. Буганера востра чуе пахі, гукі. Голас маці супыняе выбрыкі бычка. З цяжкасцю ён прыпыняе бег, разварочваецца, пужаецца, што далёка адбег ад маці, стрымголіць па мяккай траве прама да яе. Бяжыць, аж заходзіць дух. Хоча супыніцца і не можа...

Струменьчык іскраў унутры перасёкся раптоўна. Буганера матлянуў галавою. Пярэднія ногі нечакана падагнуліся.

Важкім целам бык абрынуўся на пясок. Сэрца быка шалёна калацілася. Прайшло васямнаццаць секунд, як шпага да плешкі ўбілася ў магутнае цела.

Шквал апладысментаў, крыкі, авацыйныя ўзмахі насоўкамі. Урачысты пераможца з годнасцю трымаў уверсе рукі, кіўкамі вітаў крыкі і ўзмахі з трыбун, матадор святкаваў. Музыка ўсё больш чутная.

Чыстая праца! З трыбун ляцяць на арэну падушачкі для сядзенняў.

Бык Буганера сыграў з Антоніа Ламелі злы жарт. Неймаверным намаганнем з асобных іскаркаў мужны Буганера мужна ўзнавіў ручаёк, слабенечкі, але ручаёк, адразу занамагаўся ўстаць. Гордаму, моцнаму зверу сорамна ляжаць на баку з непрыгожа задратымі нагамі.

Заматляліся ўверсе ногі быка. Апладысменты ветрам здзьмула. Рэдкія высвісты наліваюцца тупой суровасцю. З усіх сектараў абсвіствалі клоўна і паяца Антоніа Ламелі.

Матадор, які пачаў ужо ўрачысты праход па арэне, трэба парадаваць гледачоў, даць ім мажлівасць добра ўгледзецца ў адважніка Антоніа Ламелі, - матадор азірнуўся. Смуглявы потны твар худога чалавека выбеліўся.

Бык не ляжаў на баку з няўклюдна ўскінутымі нагамі, бык падабраў іх пад сябе, могся ўстаць; заднія выпрасталіся, пярэднія яшчэ не. Галава непрыгожа ўпіралася ў пясок, ногі пружыніліся, каб адарваць цяжкія рогі ад арэны.

Гераічны ўчынак зрабіў бык Буганера - устаў. Шпага ўсяродку мяшала па-маладому ўзбрыкнуць, імкліва застрымголіць на ворагаў. Бык ступаў паволі.

Матадор Антоніа Ламелі апусціў галаву. Плечы ўцяліся, падабраная гжэчная фігура стала меншаю. Горай усяго нявіннаму быць вінаватым, слухаць заўвагі прытыраных і абмежаваных, неасяглых вышыні сапраўднай творчасці. Ва ўсіх стадыях бою матадор усё рабіў правільна, прыгожа і лёгка, аднак бык падлажыў яму свінню.

Тры стадыі жыцця, удач і няўдач, тры стадыі кахання, тры стадыі двубою матадора... - усё справядліва, лагічна; і крыўдна, калі хоць у адной з гэтых стадыяў непрывычная і незаслужаная няўдача. Галава матадора апускалася ўсё ніжэй, крокі запавольваліся.

Упершыню Аляксею Бялько шкада не быка, чалавека. Хвіліну таму ўзнятага воплескамі да воблакаў стваральніка-матадора трыбуны нізашта-ніпрашта дружна абсвіствалі.

Вакол быка Буганеры закруціліся трое з куадрыллі матадора Ламелі. Кожны пацвяляе быка чырвонаю мулетаю, прымушае звера кінуцца на сябе. Адразу эстафетна перадае быка суседу.

За пятнаццаць секунд вынослівы бык зрабіў малюсенькае, тры-чатыры метры ў дыяметры, кола.

Кіданне на няўлоўных ворагаў выматала апошнія сілы. Вось калі даверлівы Буганера ўкеміў, каго трэба пастаянна і люта ненавідзець - людзей! У хітрых двурушнікаў праўда і мана ў адным калодзежы. У ранішні час жыцця Буганера ім верыў мацней, чым сабе; прасвятленне прыляцела занадта позна, калі яшчэ не наступіў поўдзень ягонага жыцця. Патрэбныя важныя веды малады бык зараз нікому не мог перадаць, засцерагчы ад двурушнікаў. Бойся двуногіх гаспадароў, не вер самым блізкім.

Супыніўся Буганера. Стараўся адладзіць унутры струменьчыкі іскраў, узнавіць плыннасць ручайка.

Не ўдалося. Уставанне на ногі, бязмэтнае кіданне за праклятымі круцялямі адняло рэшту сілы.

Бык яшчэ падаў на пясок, сэрца ўжо не білася.

Канвульсіўныя рыўкі ног у паветры, заграбанне імі пяску перапыніў рашучы хуткі чалавек. Падышоў да ўпартага жыццялюба-быка, што сапсаваў матадору і ўсёй квадрызе настрой, не дазволіў адсвяткаваць поспех цяжкай перамогі, - рэзкім ударам дэскабеллё ткнуў у чыстае гладкае месца за рагамі.

Спінны мозг Буганеры перарэзаны.

Промнямі сонца скрозь густую чэрвеньскую лістоту яшчэ пашугвалі іскры ў свядомасці быка. Суцэльнымі ніткамі і пункцірнымі штрыхамі. Буганера асэнсоўваў вышыню ўзлёту і не цешыўся, не мог цешыцца. Нечаканыя этапныя адчуванні ахапілі жывёлу.

Быка Буганеры не было на Гэтым свеце. На карыднай арэне ў нязграбнай паставе нярушнела мёртвае цела.

Музыка, смех, а прыгажун-бык забіты. Аляксей Бялько хмурна сузірае ваколле.

Тройка хуткіх, у каляровай збруі коней вылецела на арэну. Дакладнымі рухамі абодва паганятыя на рогі Буганеры накінулі металічную пласціну, злучаную па баках з пастронкамі. Паганятыя крыкнулі - коні паімчалі; хвіліна ад з'яўлення і знікнення.

На трыбунах ажыўленне. Двухгадовы хлопчык на каленях бацькі крывіцца, маці і бацька нахіляюцца да патрабавальнага гарэзы, нешта шэпчуць - і вось ужо малы, як сустрэчныя вясельнаму вазку на Беларусі, з лагоднай развітальнасцю махае ўслед тройцы коней, паганятым і таму, што пяць хвілін назад выказвала мужную лоўкасць і адвагу - волату Буганеры.

Цела быка выбаразнавала ў пяску арэны неглыбокую роўную паласу. Статныя ўніфармісты з вясёлай хуткасцю збіраюць у паглядны разнафарбны посуд пясок са слядамі крыві, раўняюць пясчаную арэну, замятаюць сляды. Музыка мацнее, смеху і выгаласаў болей....

У сёмым раздзеле пра іншае

... Багата новага незабыўнага, што раз самага-самага, знаходзіў Аляксей Бялько ў жыцці, вось яшчэ адно адкрыццё - карыдны глядач. Людскія натоўпы цякуць ад стадыёна, асобныя не мінаюць прыгожы высокі сабор, уліваюцца ў нашыркі адчыненыя дзверы.

Набожныя людзі, якія толькі што звонка і весела, з адчаем выгалошвалі на карыдзе, малітоўна складваюць рукі, сем'ямі, сяброўскімі талакамі заходзяць у прасторны гмах касцёла, падаюць ніцма...

... На сцэне, яна перавышае сцэну Мінскага опернага тэатра, у крэслах з бліскучымі золатам спінкамі рэлігійныя дзеячы высокага рангу - архірэі, біскупы. Чалавек восем. На галовах высокія чырвоныя і белыя узорыстыя мітры. У другім радзе, на крэслах без пазалоты спінак, шараговыя ксяндзы. Таўставаты біскуп з паважнай павольнасцю прапаведуе з трыбуны. Мікрафон даносіць словы да кожнага з сямі тысяч месцаў.

У нядаўніх карыдных гледачоў, якія паспелі прысесці на доўгія шырокія лавы ў радах ці выстойвалі поруч сцен, гаротныя твары, малітоўныя паставы, рэдкія слёзы. Хрысцяцца, вышэптваюць, асобныя з заплюшчанымі вачыма.

І гэта яны толькі што ўхвалялі забойства прыгожых жывёл, адчайна і радасна сузіралі бітвы матадораў, натхнялі на забойствы, захапляліся іхняй мужнасцю, былі стыхіяй прыроды...

І доктар Бялько, які пабачыў і апісаў гэтую шматграннасць жыцця, пэўніцца: з ім могуць не згаджацца, крытыкаваць, адвяргаць, даказваць уласную праўду і логіку здатнікі на старонках любых выданняў. Толькі дазвольце пасля яму на тых жа старонках надрукаваць яго праўду, доказы, аргументаваць Вашы і яго ўзаемныя памылкі, свядомыя ці несвядомыя. Дазвольце самі. Вашы аргументы ён выслухаў, паслухайце і яго. Заўвагі на аповесць, сама аповесць, пісьмо доктара ў вас ёсць, зверыць можа любы дапытнік.

Не баіцца ён аб'ектыўнай/неаб'ектыўнай крытыкі на любой паласе, аднак, калі з нечым доказна не згодзіцца, надрукуйце яго нязгоду з крытыкай. У тым жа выданні. У тэрмін, вызначаны калегіяльна, вамі, ім. Ці судом.

Так гаворыць закон. Не ваш ці яго - нашых дзяржаваў, аднолькава дарагіх вам і яму, аўтарскае права беларускае, мексіканскае, міжнароднае. Доктар спадзяецца, болей неаб'ектыўных карыдных скачкоў зведваць не будзе. Ні ад каго.

Валер Санько


Каляды ў бібліятэцы

Паводле добрай і даўняй традыцыі, якая шмат гадоў існуе ў бібліятэцы №3 імя Уладзіміра Маякоўскага, што знаходзіцца ў мікрараёне Шабаны Заводскага раёна горада Менска, 10 студзеня 2016 года адбылося тэатральнае святкаванне праваслаўных Калядаў. На свята Калядаў былі запрошаны вучні і настаўнікі агульнаадукацыйных сярэдніх школ мікрараёна Шабаны і вучні нядзельнай школы Шабаноўскай Свята-Мікольскай праваслаўнай царквы, прыхаджане гэтай царквы, жыхары мікрараёна Шабаны і чытачы бібліятэкі. У праграме свята былі пастаўлены п'еса - казка "Жыццё чорнага і белага колеру", байка "Слон і Моська" ў новай рэдакцыі і тэатральная сустрэча дзеда Мароза і Снягуркі з гледачамі гэтага вясёлага дзейства.

Артыстамі сталі дзеці нядзельнай школы Шабаноўскай Свята-Мікольскай праваслаўнай царквы, іх бацькі і прыхаджане гэтага храма.

У чытальнай зале бібліятэкі іграла музыка. У дзяцей і дарослых быў святочны настрой.

Свята адкрыла прывітальным словам бібліятэкар Таццяна Дзмітрыеўна Жогаль. Потым слова было прадстаўлена Святлане Васільеўне Бялецкай - паэтцы, актыўнаму чытачу бібліятэкі, члену паэтычнага аб'яднання "Слова", якое існуе пры бібліятэцы, аўтару п'есы-казкі і байкі і рэжысёру - пастаноўшчыку Калядных сустрэч.

П'еса-казка распавядае пра сям'ю: бацькі працавітыя і добрыя, усё робяць для таго, каб у іх была згода і любоў адзін да аднаго. У іх тры дачкі: дзве вучацца ў школе, трэцяя наведвае дзіцячы садок. У іх усё добра. Але на сям'ю раптам наляцела Зло. Яно нясе людзям гнеў, хлусню, жорсткасць. І дарослыя, і дзеці разам аб'ядналіся, згуртаваліся ды дружна і рашуча прагналі Зло. У іх сям'і ізноў усталявалася дабро, любоў, духоўнасць, сумленне, радасць, мір і шчасце.

У п'есе "Жыццё чорнага і белага колеру" прыняла ўдзел сям'я праваслаўных вернікаў Кахно: бацька Андрэй, маці Кацярына, дочкі: Карына, Дар'я, Альбіна, прыхаджане: Тамара іграла Зло, Ірына - Чорны колер, Святлана - Белы колер. Сваім адзеннем і антуражам артысты дапамаглі гледачам зразумець шлях да святла, светлай будучыні. Дэвіз гэтага дзейства быў такі: "Дзе ёсць любоў паміж людзьмі, там ёсць духоўнасць, там ёсць вера ў Бога, там мір і там няма вайны".

У байцы "Слон і Моська" прыйшоў пацыент Слон да доктара Моські. У Слана ўсё баліць. Ніякія лекі яму ўжо не дапамагаюць - колькі ён іх перапіў, і ніякай палёгкі няма. І доктар Моська даў параду - лячы свае суставы народнымі сродкамі: рабі і прыкладвай гаючыя кампрэсы, рабі націранні, ужывай мёд, пі розныя гаючыя траўкі. Праз некаторы час прыйшоў Слон да доктара Моські вясёлы і шчаслівы. Дапамаглі парады доктара Моські. Ледзьве не загубіў сам сябе лекамі!

У гэтай байцы такі дар:

"Будзь хваробе гаспадар.

Калі доктар даў параду,

будзь ты ёй заўсёды рады."

Такую параду далі гледачам доктар Моська і Слон.

Удзячныя гледачы бурнымі пляскамі дзякавалі артыстам за байку "Слон і Моська" і вясёлы настрой.

Затым дарослыя і дзеці пачалі весела і дружна запрашаць дзеда Мароза. Патаемна адчыняюцца дзверы, і ў залу ўваходзіць Дзед Мароз (Андрэй) са сваёй дачкою Снягуркай (Карына). Прысутныя ў зале ўважліва слухалі вершы, песні, якія чыталі і спявалі дзеці. Дзед Мароз пачаставаў іх салодкімі падарункамі.

Нават дарослыя дружна і зладжана спявалі Калядкі. А потым усе пусціліся ў вясёлы карагод вакол навагодняй ёлкі.

У канцы свята Дзед Мароз запрасіў усіх разам сфатаграфавацца на памяць пра святкаванне Калядаў. Цікава і весела прайшлі Калядкі ў бібліятэцы.

Малайцы дзеці з нядзельнай школы, малайцы іх бацькі, шчырая падзяка Святлане Васільеўне!

Анатоль Валаханавіч, чытач бібліятэкі, Таццяна Жогаль, супрацоўнік бібліятэкі №3.


Беларускія Каляды ў міжваеннай Вільні

Каляды. Сцэнка Зыгмунта Нагродскага. Kurjer Wilenski, № 65, 6 сакавіка 1936 г.

Моладзь гімназій Чартарыйскага і Славацкага паставіла ўчора на Пагулянцы сапраўдную тутэйшую пастаноўку; мы ўбачылі непадробны фальклор, сапраўдны выраз пачуццяў і музыкальнасці нашага люду, такім якім ён быў многія гады назад. Выказванне глыбокага прызнання належаць пану Дранжкоўскаму, інструктару пазашкольнай асветы, за такую старанную апрацоўку твору, музыку якога на падставе ўказанняў пана Нагродскага стварыла пані Гаўронская.

Усё было сыграна, адспявана і адтанцавана моладдзю так выдатна, так жыва і натуральна, што прысутным здавалася, быццам сядзяць у тутэйшай хаце і сапраўды ўдзельнічаюць ў вясковай вечарынцы. Меланхалічныя спевы дзяўчат, такія як: "Гыля, гыля мае сівыя гусі", або "Каб я маладая зязюляй была", ці цудоўная калыханка "Гэй там у бары сасна гарэла", альбо вясёлая і жартоўная "Садзіла руту, лілею, так хачу замуж аж млею", ці хлапечая "Цякла рэчка край мястэчка, го, го, го, а другая край Дуная, го, го, го", выцягвалі нейкія даўнія струны ў душы, нейкія ўспаміны дзяцінства і журботнае працяжнае рэха, далёка-далёка ў полі чутнае.

Іншыя прыпеўкі суправаджалі цікавыя танцы, напрыклад: "Цераз рэчаньку, цераз балота, падай ручаньку мая залота" да казачка, "Я цяцёрку пасу, ух я, на зялёным лугу, ух я". Надзвычай цікавы, зусім забыты танец "Таўкачыкі", так-сама від казачка з прытупваннем, з прыпеўкамі: "Гэй, гэй, таўкачыкі, гэй, гэй, дубовыя", іншы танец "Ладушачка" з прыпеўкамі польска-беларускімі: "Каго люблю, таго пацалую, узяўшыся за рэнцэ, моцна сен окрэнцэ, і я своя душа поцаловаць муша" і г.д. Цэлы ўрок этнаграфічна-лінгвістычны можна адбыць на такім прадстаўленні, вывучаючы ўплывы моўныя і мелодый польскіх і расійскіх на карэнна беларускія. Напрыклад такая: "Гойна, гойна, пад Варшавай война, усе каровы яловы, толькі адна дойна". А яшчэ забаўкі спалучаныя са спевам: "Цярэшка" і адвечны "Яшчар - Яшчарочак", які павінен аддаць вянок, калі не патрафіць рассмяшыць ці атрымаць прабачэнне за забраны вянок. Шалёны тэмп казачка "Дзеўкі лазню палілі, хлопцы парыліся", "Лявоніха", урачысты танец, як бы фінал усіх іншых, з словамі так вядомымі пра жонку Лявона, які ёй "чаравічкі купіў". Сола казачка выдатна адтанцаваў пан Цясельскі.

Гэта было вельмі добра, па-свойску, праўдзіва і каштоўна, як помнік нашага фальклору. Трэба шчыра падзякаваць моладзі за такое выкананне: некаторыя галасы былі выдатныя ў сола пры спевах. Пасля заканчэння прадстаўлення паднеслі кош кветак пану Нагродскаму, а рэжысёра Дранжкоўскага падкідалі ўверх амаль пад сафіты.

І што ж? Хто гэтым з віленскіх людзей зацікавіўся? Пераважна гэта былі бацькі вучняў і настаўнікі, а таксама вучні. Віленскага літаратара, зразумела, ні аднаго. Гэта ж не гастрольныя выступы варшаўскага госця, не нагода аказання пашаны розным надутым шышкам, толькі шчырая "тутэйшая" заслуга. З гумарыстаў ні аднаго. Чаму? Гэта ж мужыцкія мелодыі, з якіх мог чэрпаць натхненне да сваёй несмяротнай сімфоніі Мечыслаў Карловіч, але не віленскія шышкі. З турыстаў, якіх прыехала каля 5 тысяч, калі былі, то лічаныя асобы. Не дастаткова ім рэкламуецца гэтая сапраўдная Віленшчына, не адпаведна выбраны час паказаў, таму хапае ім бачыць у кавярні вельмі банальны балецік пані Савіной-Дольскай.

Уступнае слова сказаў пан Драч, гаворачы абшырна і канкрэтна пра культуру вёскі і пра тых, хто для яе працуе.

Гро. Пераклаў з польскай Станіслаў Суднік.


Гайд-парк для беларусаў замежжа

Напрыканцы 2015 года пабачў свет новы выпуск літаратурнага альманаха беларусаў замежжа з назвай "Беларус" . Прадмову да выпуску напісаў Янка Запруднік.

Разважаючы пра свабоду слова, у тым ліку слова літаратурна творчага (як, прыкладам, у альманаху "Беларус"), прыгадваецца адна славутая брытанская мясціна, дзе свабоднае слова культывуецца з даўна-даўніх часоў. А гэта - лонданскі Гайд-парк, у якім ёсць куток для публічных прамоваў. Там на любую тэму гавары, што хочаш, толькі бяз лаянкі, без брыдкаслоўя. Бо брыдкамоўцаў спыняе паліцыя - свайго роду публічныя рэдактары. I гайд-паркаўскай публіцы такая свабода вельмі падабаецца - тым, хто гаворыць - творыць, ды тым, хто слухае.

Падобнай свабодай, нават крыху большай, як у Гайд-парку, мае магчымасць пакарыстацца ў альманаху "Беларус" кожны з нашых замежных пісьменнікаў. Яны пазбаўленыя магчымасці выказацца свабодна ў друку на Бацькаўшчыне, бо там пануюць цэнзары і рэдактары ды ўся атмасфера прасякнута самацэнзурай. А альманах "Беларус" у гэтым сэнсе значна ліберальнейшы: у ім - калі што напісана, дык і публікуецца. Пра гэта, між іншага, сведчыць ужо сам паслядоўна ўжываны альфабэтны парадак аўтараў.

Гадавік "Беларус" - з'ява эміграцыйнага жыцця вельмі прыгожая ды важная з гледзішча маральнага і палітычна-культурнага. Цягласць гэтага выдання - дзявяты год ужо - сведчыць перш-наперш пра трывалы патрыятызм выдаўца Марата Клакоцкага. Яна служыць таксама добрым прыкладам для іншых новапрыбылых з Беларусі суродзічаў, дыспрапарцыянальная бальшыня якіх, на жаль, патапілася ў матэрыялізме і абыякавасці да беларушчыны. Па-другое, творчая актыўнасць замежных пісьменнікаў, якія друкуюцца ў альманаху, падтрымлівае ў Беларусі на духу абаронцаў роднае мовы як галоўнага кампаненту нацыянальнай дзяржаўнасці. "Беларус" выконвае таксама ролю маста да перакладаў з іншамоўных літаратураў як творчага інгрэдыенту ў айчынным літаратурным працэсе. Інакш кажучы, пісьменнікам-эмігрантам альманах дае нагоду пашыраць творчы дыяпазон роднай літаратуры.

У леташнім гадавіку "Беларуса" рэцэнзент з Бацькаўшчыны, Сяргей Чыгрын, адзначыў рост альманаха са 188 старонак на самым пачатку ў 2007 годзе да 298 старонак у годзе 2014-м. Добры знак! Альманах не толькі расце, але і набірае ўсё большага значэння. Ягонай важнасці спрыяюць і пазалітаратурныя фактары. У Беларусі прыняты закон пра беларусаў замежжа, актывізавана збіранне архіўных матэрыялаў і свежых выданняў да гісторыі дыяспары. Сама ўлада, шукаючы паразумення з Захадам, актыўней рэагуе цяпер на праявы дзейнасці замежных суродзічаў.

Так што дзевяцігадовы перыяд выхаду ў свет альманаха "Беларус" засведчыў жывучасць самой ідэі такой публікацыі і пазітыўныя вынікі ейнай рэалізацыі. Выдаўцу і аўтарам альманаха ёсць чым быць задаволенымі, а чытачы і ахвярадаўцы маюць цяпер дадатковую падставу быць удзячнымі за гэтае выданне ды шчодра падтрымліваць яго.

Янка ЗАПРУДНІК.

Адзін з аўтараў альманаха Іна Снарская.

СНАРСКАЯ Іна - паэтка, тэлежурналістка, жонка, маці... Усё гэта намагаюся спалучаць з пераменным поспехам і зайздросным пастаянствам. Яшчэ - я дачка сваёй радзімы роднага Полацка. Была, ёсць, буду. "Мяне чакае сто дарог і родная - адна". Гэтая дарога жывіць душу, дае сілы пераадольваць усе выпрабаванні лёсу, натхняе...

Але і без Украіны, Палтавы, думаю, ужо не змагла б пражыць. Дзіўная посмешка лёсу - дарога мая зазямлілася з двох бакоў. Дзе мяне больш? Там, у Полацку, засталіся светлыя ўспаміны дзяцінства, юнацтва, першыя творчыя крокі, магілы бацькоў. Тут, у Палтаве - сям'я, дом, праца на тэлебачанні, сад і кветкі. Сябры, любімыя людзі - і тут, і там як і вершы. "Ад сэрца да сэрца - дарога". Дарога толькі тады мае сэнс, калі асвечана любоўю і памяццю пакаленняў. У маіх грудзях б'ецца сэрца маіх маці, бацькі, дзеда і бабулі, усіх, хто пайшоў за мяжу вечнасці. Адтуль, з нябёсаў, родныя дапамагаюць, а я за іх жыву, малюся і "прарастаю галінамі". Яны - мае карані. Аднойчы карэннем стану і я, а мой сын і ягоныя дзеці прарастуць скрозь мяне галінамі. Так прадоўжыцца жыццё. Вечнае і чалавечнае.

* * *

Душа ляцела да зямлі,

Гарэлі крылы,

Ляцела з зорных гарадоў

На бераг мілы.


Прагорклы дым у твар ёй біў,

Не ўбачыць свету.

Душа дарогаю злягла

Ад злога ветру.


Душа, душа, ты да каго

Хваробнай ноччу?

У полі вогнішча трымціць

I слепіць вочы.


Як дацягнуць ёй да зямлі

У град і злівы,

Калі, счарнелая ўжо ўся,

Згубіла крылы.


Як даспяваць ёй да зары,

Зары прарочай,

Дзе па рацэ вянок плыве,

Вянок сірочы.

Спроба малітвы

Божа,

Падсцялі рагожу

Пад хуткія ножкі,

Пад белыя крылы

Той зорцы астрожнай,

Адзінай...

Ды што гэта я, -

Зноў Цябе не пазнала,

Калі ў вочы глядзела

I прасіла так мала...

Толькі ўсё мне замала:

Не спявала - крычала,

Вокнаў не адчыніла,

А ветру панапускала

У белую, чыстую хату

Праклятую здрадлівай мной.

Даруй...

* * *

Мой дом гарыць,

Ратуйце, людзі, птушак

I птушанят у гнёздах пад страхой,

Яны павінны жыць,

Бо гэта нашы душы

I наш начны палёт

Над вечнаю ракой.

Ратуйце, людзі, іх,

Яны - безабаронны

I непрытомны, як

Апошняя зара.

Мяне ўжо там няма,

Трымціць мой свет шалёны,

Праклёны ўслед, праклёны,

Зіма мне ўслед, зіма...

А птушкі паляцяць

Туды, дзе вечар сонны,

Дзе травы, як сурма,

I знічкі на вадзе...

А дом усё гарыць,

Нібы заручнік долі,

Мо, карабель праклёнаў,

Ці вугалёк надзей.

* * *

Буду ляцець на поўнач

Рэчышчам крывіцкіх рэк,

Стане зарою поўня,

Зверам - ліхі чалавек.


Буду ляцець на поўнач.

Зменіцца час пад крылом.

Келіх атруты поўны

Стане жывым віном.


Стрэне агнямі Полацак,

Глянуць вякі з-пад рукі.

Айчыны маёй аколіцы

Скінуць зімы шаўкі.

* * *

А над полем вецер вее,

Воўк-вятрыска, спаць пара,

На парканы ў гэты вечар

Апусцілася зіма.


Ах, якая завіруха,

Не прайсці, і Божа збаў

Гэты вецер нанач слухаць,

Ці то стоган, ці кляцьба.


Я спяшалася дадому

Цераз поле напрасткі,

А мая матуля-доля

Рассцілала ручнікі.


Каб не збілася з дарогі,

Каб завея не звяла,

Каб было цяплей у ногі,

Каб я крылы зберагла.


А над полем вецер вее...

Толькі ў сэрцы - цішыня,

Мой анёл-ахоўнік верны -

Мацярынская зямля.

Памяці загінулых

1

Дзяўчынка, вяшчунка, душа,

Ты моўчкі крычыш ад болю.

Толькі табе вырашаць,

Ці прадаецца воля.

За сотню, ці за пятак,

За маселка з пірагамі.

Зноў каінава пячаць

Штандарам чужым над намі.

2

Цёмна, сястрыца, цёмна

У светлы чэрвеньскі дзень.

На камяністай прошчы

Я запалю агмень.

I паляцяць, як знічкі,

Золатам да нябёс

Душы ахвяраў прошчаных

У жаўруковы лёс.

3

А яны больш лістоў не напішуць,

Бо паляцелі лісты

Пялёсткамі сонных вішань,

Водарам кветак лясных.

А яны лістоў не напішуць.

Надта павольна хада

Дрэваў, што бачылі іх яшчэ

Жывымі.

Пакуль бяда

Не разлучыла.

Заснулі. Спачылі.

4

А лес схавае пад крыло

Апошнюю зару.

Усе дарогі замяло,

А я агнём гару.

Цяпер за кожнага дажыць

Прыдзецца ўдвая

Табе і мне, на той мяжы,

Дзе вешчая трава.

На той адчаянай мяжы

Прастрэленых вятроў,

Дзе нават горкія крыжы

Спяшаюцца дамоў.

* * *

Пастарайся проста выжыць.

Пастарайся даляцець

Да гарачых зор у жыце,

Да гаючых ценяў дрэў.

Пастарайся разам з ветрам

Выпіць поўню, як расу.

У тваёй далоні - вечнасць,

Вецер ўплецены ў касу.

У тваёй далоні - воля,

Поле белае буслоў...

Пастарайся проста выжыць,

Даляцець дамоў.

Сэрца маці

"Калі заварушыцца брук"

М. Скобла.

I раптам прарасце брук хлебам...

Ужо адрываецца... Рэкі. Палі...

Цяжка дыхае брук:

даляцець бы да неба.

Маці вырасціць сына

на вольнай зямлі.

Боханы з бруку цішынёю плывуць...

Як заснуць? Забіваюцца вочы зямлёю

У тых, хто схіліў галаву

На халодную лёлю.

"Люлі-люлі" спявала ўчора,

А сёння на вайну праваджала.

Гэты хлеб быў цяжкі і чорны,

Гэты хлеб быў з вужыным джалам.

Нават брук прарастае хлебам,

Нават брук у неба ірвецца.

Моляцца маці зямлі і небу,

Захінаюць сыноў айчынаю сэрца.

* * *

Зорка, калыска, маці мая,

Здрада так блізка,

Кволая я.

Зорка, калыска, ты не люляй,

З гораду выслізну

За небакрай.

За небакраем поўня звініць,

Песню спявае,

Хочацца жыць.

Хочацца жыць да празрыстай зары.

Сум мой натоляць

Птушкі-сябры.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX