Вярнуцца: 2016

№ 06 (1261)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 6 (1261), 10 лютага 2016 г.


Заява Сакратарыяту ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы
Дарагія сябры!

21 лютага міжнародная супольнасць штогод адзначае Дзень роднай мовы. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.

Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

Мы заклікаем Вас прыняць удзел у ІХ Агульнанацыянальнай дыктоўцы, якую мы прапануем пісаць па творах Янкі Сіпакова, Максіма Багдановіча і Макара Краўцова .

Узоры дыктовак чытайце ў газеце "Наша слова", а таксама на нашым партале: tbm-mova.by.

Любіце родную мову - яна дасканалая і прыгожая!

Прынята на паседжанні Сакратарыяту ТБМ.

3 лютага 2016 года.


Міхасю Міцкевічу - 90

4 лютага ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла вечарына, на якую ўдзячныя госці сабраліся, каб вітаць сына Якуба Коласа - Міхася Міцкевіча з яго 90-годдзем і добрымі словамі ўспомніць Марыю Каменскую ў сувязі са 125-годдзем з дня нараджэння.

Малодшы сын народнага песняра Беларусі дзяліўся сваёй памяццю пра маці - Марыю Дзмітрыеўну. Трох сыноў-дубочкаў выгадавала яна разам з мужам-паэтам. Прыняла на свае плечы шматлікія клопаты, вырашэннем якіх толькі спрыяла творчаму плёну Коласа. Вечарына ў музеі, на якую віншаваць Міхася Канстанцінавіча і ўвогуле чарговы раз вітаць цёплую Коласаўскую сям'ю прыйшлі пісьменнікі, навукоўцы, блізкія музею людзі, прайшла на адным дыханні. Усе з зачараваннем слухалі не толькі доктара тэхнічных навук Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча, але і яго дачку, унучку Якуба Коласа - Марыю Міхайлаўну Міцкевіч. Прыемна было слухаць, бачыць у шчырай атмасферы скарбніцы Коласаўскай памяці Радзіма Гарэцкага, Васіля Зуёнка, Казіміра Камейшу, Яўгена Хвалея, Анатоля Валахановіча, Міколу Мятліцкага, Анатоля Вярцінскага, Тадэвуша Стружэцкага ды шмат каго яшчэ.

Сяргей ШЫЧКО,"Звязда".


Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч (нар. 31 студзеня 1926, Менск) - беларускі навуковец у галіне апрацоўкі металаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980). Доктар тэхнічных навук (1985). Майстар спорту СССР па стэндавай стральбе. Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч - малодшы з трох сыноў Якуба Коласа.

Жонкай М. К. Міцкевіча стала Наталля Іванаўна Фёдарава (1924-2012), якая была дачкою беларускага пісьменніка Янкі Маўра.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыў восем класаў СШ № 49 г. Менска (I-VII класы вучыўся ў СШ № 14 Менска), у 1943 г. - дзесяцігодку ў Ташкенце з атэстатам выдатніка. Паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт (інстытут знаходзіўся ў Ташкенце ў час эвакуацыі); у тым самым годзе перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. У 1947 г. пераехаў у Менск. У 1949 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер - БНТУ) па спецыяльнасці "Тэхналогія машынабудавання". З 1949 г. працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, дзе займаў пасады малодшага навуковага супрацоўніка (1949-1961), галоўнага інжынера лабараторыі (1961-1968), загадчыка лабараторыі (1969-1993). З 1993 г. - галоўны навуковы супрацоўнік.

Падрыхтаваў больш за 150 навуковых прац, аўтар звыш 20 вынаходніцтваў.

За распрацоўкі ў галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў угаранаваны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1980).

Стаў прататыпам галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа "Міхасёвы прыгоды" (1934). Малодшаму сыну паэт прысвяціў таксама вершы: "Рагатка" (1934), "Дронік" (1935-1936), "Не тужы" (1939), "Сыну" (1942), "Міхасю" (1943), "…Адстану я, і час разлукі" (1946).

Па пасадзе - навуковы супрацоўнік у музеі бацькі. Па душэўным прызванні - захавальнік памяці пра жыццё Коласа.

Вікіпедыя.


130 гадоў з дня нараджэння Васіля Дружчыца

Васіль Данілавіч ДРУЖЧЫЦ (ДРУШЧЫЦ, 8 лютага 1886, в. Блудзень, Пружанскі павет, Гарадзенская губерня, цяпер в. Першамайская, Бярозаўскі раён, Берасцейская вобласць - 20 снежня 1937, Менск, НКУС) - беларускі гісторык.

У 1901 скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, у 1907 - Літоўскую духоўную семінарыю (Вільня), у 1911 - Юр'еўскі (Тартускі) універсітэт. У 1911-1922 выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўлях, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у рабоце Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 - прафесар кафедры гісторыі Беларусі БДУ. Адначасова з 1924 правадзейны член Інбелкульта; з 1927 - старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Інстытута гісторыі БелАН, прафесар кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута імя Герцана (Масква). Даследаваў беларускае сярэднявечча, Магдэбургскае права ў беларускіх гарадах, гісторыю кнігадрукавання.

Арыштаваны 14 студзеня 1937. Асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19 снежня 1937 на расстрэл. Расстраляны ў адну ноч з Якавам Афанасьевым, Іосіфам Валадзько, Аркадзіем Ляшчынскім, Маркам Матусевічам, Фёдарам Сулкоўскім, Іванам Суртам, Дорай Турбовіч і іншымі (усяго больш за 200 чалавек). Рэабілітаваны 5 ліпеня 1958.

Творы: 1. Палажэнне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля Люблінскай уніі // Працы БДУ. 1925, № 6-7; 2. Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст. // Працы БДУ. 1926, № 12; 3. Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1927 і інш.

Вікіпедыя.


100 гадоў з дня нараджэння Валянціны Пашкевіч

Валянціна Мікалаеўна ПАШКЕВІЧ , у дзявоцтве Жукоўская (5 лютага 1916, Казельск, Калужская губерня, сям'я беларускіх бежанцаў з Пружанаў - 2004) - беларускі педагог, лексікограф, грамадска-культурны дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе.

У Пружанах скончыла на выдатна сямігодку і гуманітарнага тыпу гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1935 годзе паступіла на факультэт класікі - культуры і мовы старажытных Грэцыі і Рыма ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Адразу ўключылася ў бурнае ў той час беларускае жыццё Вільні. Стала сяброўкаю Беларускага студэнцкага саюза. Наведвала лектарат беларусаведы др. Янкі Станкевіча. У Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча, калі была патрэба, выконвала функцыю правадніка. Пасля двух гадоў вывучэння класікі, пераканаўшыся, што цікавыя навукі старажытных моваў і культураў у жыцці могуць быць зусім непрактычнымі, бо лаціну і грэцкую перасталі вывучаць у сярэдніх школах, яна перайшла на факультэт фізіка-матэматычны.

У верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь прыйшлі бальшавікі. Сталін адрэзаў Вільню ад Беларусі і аддаў Жамойці. Увосень, калі беларускім студэнтам прыйшоў час ехаць ва ўніверсітэт на вучобу, Кацярына Стаўбунік, вядомая беларуская дзяячка ў Пружанах, сабрала ўсіх беларускіх студэнтаў з Пружаншчыны і сказала: "Дзеці, цяпер не час на навуку. Усім вам трэба ісці ў школы выкладаць беларускую мову. Інакш у школах у нас беларускай мовы не будзе." Валянціне Жукоўскай давялося выкладаць беларускую мову ў гімназіі, дзе яна сама некалі вучылася. Апрача працы ў школе яна была яшчэ выкладчыцай беларускай мовы на курсе для настаўнікаў, ейных колішніх "прафесароў". І тут яна пераканалася, якімі бясцэннымі ёй аказаліся лекцыі на факультэце грэцкай мовы і лаціны.

Як і шматлікім сябрам БСС у Вільні, так і Валянціне Жукоўскай, наканавана было пакінуць Беларусь. У другой палове 40-х гадоў яна ў Ангельскай зоне Нямеччыны ў беларускім ДП лагеры Ватэнштэце выкладала ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы фізіку і апрача таго пэўны час была сцяжной беларускга жаночага скаўтынгу.

З ліпеня 1949 года Валянціна Жукоўская ў Таронта. Як сяброўка Згуртавання беларусаў Канады на Другім агульным з'ездзе сяброў гэтай арганізацыі ў 1950 годзе выконвае функцыю сакратара з'езду. Дакументуе важную падзею першай беларускай нацыянальнай арганізацыі ў Канадзе. 22-га красавіка 1950 года Валянціна Жукоўская выйшла замуж за беларуса з Ашмянаў Міхася Пашкевіча. Яны мелі двое дзяцей: Паўлюка і Еву ды дзвюх унучак - Ларысу і Галіну.

У 50-60-х гадох Валянціна Жукоўская-Пашкевіч арганізатар і кіраўнік беларускага танцавальнага ансамбля. Арганізуе яна і праз 15 год вядзе беларускую суботнюю школу пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай ў Таронта. Складае для яе "Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў" (Кліўленд, 1968). Яна аўтар англамоўнага падручніка "FUNDAMENTAL BYELORUSSIAN" - адзінага сістэматычнага і найбольш поўнага курсу беларускай мовы для навучальных мэтаў за межамі Беларусі. Падручнік апіраецца на правапіс Б. Тарашкевіча. Падрыхтавала яна таксама вялікі (каля 50 000 словаў) "Ангельска-беларускі слоўнік", апублікавала артыкул "Навучаньне беларускае мовы ў ангельскім асяродзьдзі" (Запісы БІНіМ, Нью-Ёрк. 1983, № 17).

Вікіпедыя.


Тэксты ІХ Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якія прапануе ТБМ

Радасць адкрыцця

Сёння свет захапіўся дакладнымі навукамі. Гуманітарныя сціпла адышліся ўбок, у цень і адтуль насцярожана сочаць, як людзі гуляюць у лічбы. Спалохаліся нават вучоныя. Захапленне дакладнымі навукамі і непавага да гуманітарных… Ці не значыць гэта, што халодная разважлівасць робата, надзеленага фенаменальнай здольнасцю запамінаць лічбы, з цягам часу назаўсёды блакіруе сэрца і не дасць яму магчымасці выпраменьваць дабрыню, захапленне, здзіўленне і нават лёгкі чалавечы смутак, які таксама патрэбен паўнацэннаму здароваму арганізму, як і радасць? Колькі стагоддзяў ішоў да гэтага чалавек?

Мусіць, ніхто не ведае дакладна, калі чалавек упершыню заспяваў, але кожны разумее, што адбылося такое вельмі даўно. Хутчэй за ўсё тады, калі чалавек не ўмеў яшчэ гаварыць. Толькі я ўпэўнены, што першая песня прыйшла да яго абавязкова раніцаю…

Наогул, чалавек у сваіх адкрыццях часта ішоў ад казак. Спачатку ў сваіх казках ён выдумляў нешта нерэальнае, але вельмі патрэбнае яму, а потым настойліва шукаў, каб спраўдзіць свае мары.

Паводле Янкі Сіпакова.

Белавежскія зубры

Як нешта неверагоднае, як цікавая прыдумка нашых беларускіх казак успамінаецца гісторыя, якую я пачуў у Белавежы…

У зуброў тут не страляюць. У пушчы наогул рэдка калі чуецца сёння стрэл, бо асновай кожнага запаведніка павінна быць чалавечнасць.

Павінна быць… Але часцей за ўсё таго, што павінна быць, не бывае. Колькі стралялі ў зуброў у Белавежы! Мусіць, вельмі цяжка было царам і каралям, цешачыся сваёй неабмежаванай уладаю, стрымацца ад спакусы пастраляць ва ўпор у гэтых магутных лясных асілкаў, якіх паслужлівыя падхалімы прывязвалі і потым калаціліся ад нецярпення і страху, каб не спазніцца і таргануць за вяроўку адразу ж пасля стрэлу. Нават калі ў яго і не пацэлілі, зубр абавязкова павінен упасці. Перад уладарамі ўсе становяцца на калені.

Кажуць, што зубр пакідае тыя лясы, дзе яго перамагаюць ашуканствам. Але, нягледзячы на здзек і ганьбаванне, ён не пакінуў сваёй Беларусі, сваёй Белавежы.

Паводле Янкі Сіпакова.

Пагоня

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах -

Успомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.


У белай пене праносяцца коні,

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.


У бязмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі - гады.

Вы за кім у пагоню спяшыце?

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?


Мо яны, Беларусь, панясліся

За тваімі дзяцьмі наўздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?


Бійце ў сэрцы іх, бійце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць.


Маці родная, Маці-Краіна!

Не ўсцішыцца гэтакі боль...

Ты прабач, Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!


Усё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Паводле Максіма Багдановіча.

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны свой прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!


Няхай жыве магутны, смелы

Наш беларускі вольны дух.

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі,

На бой - усе да аднаго!


Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе, убачыць той,

Хто смее нам нясці прымусы

І першы выкліча на бой.


Браты, да шчасця мы падходзім:

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У крывавых муках мы народзім

Жыццё Рэспублікі сваей!

Паводле Макара Краўцова.

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у ІХ Агульнанацыянальнай дыктоўцы , прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, першы тур якой адбудзецца 21 лютага ў сядзібе ТБМ.

Пачатак у 11.00 гадзін. Кожны ўдзельнік атрымае падарунак.


Выйшаў яшчэ адзін настольны перакідны каляндар на 2016 год

ТАА "Выдавецкі дом "ВіАлВі" выпусціла яшчэ адзін настольны перакідны беларускамоўны каляндар на 2016 год. Цікава, што адразу чатыры старонкі календара прысвечаны Таварыству беларускай мовы. Каляндар можна знайсці на сядзібе ТБМ.

Наш кар.



ТБМ выпусціла паштоўку да 100-годдзя з дня нараджэння ксендза Уладзіслава Чарняўскага. Паштоўку можна знайсці на сядзібе ТБМ.

Наш кар.


Аўтабіяграфічны нарыс Арсеня Ліса

Я нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава, цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці, а тады Маладзечанскі павет Віленскай губерні. Вёску пабудавалі мае далёкія продкі, якія да 1861 года працавалі ў графа Агінскага. А атрымаўшы магчымасць мець зямлю, у 1861 годзе заснавалі сваю вёску і назвалі яе Нова-Александрова, у гонар цара, які вызваліў ад прыгону. Але адзін з каморнікаў, які надзяляў зямлёй (а надзялялі скупавата - 3 га і 20 сотак толькі давалі), адразу сказаў: "Ветхая будет деревушка". Слова "ветхая", і не надта зразумелае тады беларусам, стала назвай вёскі, а афіцыйнае Нова-Александрова забылася.

Ну, вёска як вёска, праўда, што маладосць бацькоў прыпала на 20-ыя гады. Бацька мой Сяргей Ліс, яго бацькі - Пятрок і Прузына. Маці Алена паходзіла з суседніх Янівіч, бацькі яе - Юстын і Агата Дудкі. І бацька, і маці хадзілі ў першую беларускую школу, якую, дарэчы, у 1920 годзе адкрыў у хаце майго дзеда Петрака пасля беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні Янка Дудка. На тых віленскіх курсах вучылі па граматыцы Браніслава Тарашкевіча, па падручніках гісторыі Усевалада Ігнатоўскага, геаграфіі Аркадзя Смоліча. Але палякі неўзабаве школу закрылі і арыштавалі Янку Дудку па падазрэнні ў распаўсюдзе лістовак супраць улады. І ён апынуўся ў Лукішках разам з Максімам Гарэцкім (гэта яшчэ да пераезду Гарэцкага ў савецкую Беларусь).

А ў 20-ыя гады, пачынаючы з нашаніўскага перыяду, ішло беларускае адраджэнне, актыўнае станаўленне беларускай нацыі. Браніслаў Тарашкевіч ужо ў 1924 годзе, выступаючы ў сойме польскім, выдатна бараніў з той высокай трыбуны беларусаў, як ніхто да гэтага. Ён казаў, што ў савецкай Беларусі бальшавікі з цяжкасцю, але будуюць беларускі дом. Так здавалася. Тады, у 20-ыя гады, савецкая Беларусь развівалася натуральна. Інтэлігенцыя нарастала. А ў Заходняй Беларусі ішло фактычна нацыянальна-вызваленчае змаганне, бо палякі ставілі задачу паланізаваць прыхопленыя беларускія тэрыторыі. І многія былі тады прыхільнікамі камуністычнай ідэі, бо камуністы абвяшчалі сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Моладзі гэта імпанавала, і яна рушыла ў падполле, займалася беларускай асветніцкай працай у гуртках Таварыства беларускай школы (ТБШ).

Я некалі цікавіўся гэтым пытаннем, і аказалася, што ў многіх суседніх ад Вётхава вёсках было таксама шмат актыўнай моладзі. Многія былі ўдзельнікамі падпольнага руху, таму ўцякалі на савецкі бок, бо баяліся польскіх рэпрэсій. Уцякалі з надзеяй, што на савецкім баку можна вучыцца, што там Беларусь будуецца. З усёй Заходняй Беларусі масава інтэлігенцыя на савецкі бок сыходзіла. Гэта быў цэлы фатальны зыход.

І мае сваякі былі актыўныя. Старэйшы бацькаў брат Іван быў адукаваны, быў падпольным камуністам і сакратаром Беларускай сялянскай работніцкай грамады ў Вётхаве. А мамін брат Грышка, хоць і не быў асабліва адукаваны, але быў сакратаром Грамады ў Янівічах. Беларуская сялянская работніцкая грамада налічвала больш за 100 000 сяброў. Так хутка паўстала партыя, ішло нацыянальнае ўсведамленне народа.

Бацька таксама быў кандыдатам у КПЗБ пад псеўданімам "Садоўскі". Старэйшыя бацькавы браты былі членамі кампартыі, працавалі ў падполлі, таму пайшлі на савецкі бок, дзе загінулі (хутчэй за ўсё былі расстраляныя ў 30-ыя гады). А Сталін жа ў 1937 годзе забараніў кампартыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы. Іх кіраўнікоў выклікаў у Савецкі Саюз і расстраляў. Сёння кажуць, што рыхтаваўся ў саюзнікі да Гітлера.

І ў Вётхава ў тыя гады моладзь цікавілася палітычнымі падзеямі, шмат чытала. Ішла ў вёску віленская беларуская прэса. Друк быў моцна пастаўлены ў Вільні ў той час. Выходзіў часопіс гумару і сатыры "Маланка", вельмі папулярны ў народзе. Адтуль мой дзядзька, мамін брат Грышка з Янівіч, расказваў на памяць вершы. Вершаў Янкі Купалы многа знаў. З вуснаў дзядзькі я яшчэ да школы вывучыў верш Францішка Багушэвіча "Не чурайся мяне, панічок" і верш Алеся Гаруна "Хто сказаў: "І я з народам…".

У нашай хаце ніякіх паэтычных вечароў не ладзілі (але маці хадзіла на такія вечарыны ў іншыя вёскі), проста прыходзіў дзядзька Грышка, а часам дзядзька Захарка (муж мамінай сястры з вёскі Сівіцы). Іх размовы часта зводзіліся да таго, што моладзь заходне-беларуская, прыціснёная палякамі, сышла ў Саветы і загінула. Для іх гэта было загадкай, чаму моладзь, якая змагалася за новы свет, хацела будаваць свабодную Беларусь, была знішчана? І заўсёды гутарка вярталася да гэтай праблемы пры розных бытавых абставінах. Чаму? Што здарылася? Трагедыя вялікая была. Знішчэнне беларускай інтэлігенцыі 30-40-ых гадоў. Навуковая інтэлігенцыя была цалкам знішчана, мастацкая інтэлігенцыя, палітычная інтэлігенцыя. Гэта наша трагедыя, якую мы выдыхаем і цяпер. У дачыненні беларусаў быў створаны этнацыд. Калі ва Украіне 45% інтэлігенцыі было знішчана, то ў нас 90%. Мэтай было, каб народ не мог асэнсаваць свайго становішча, стаць на ногі яшчэ гадоў 50-70. Без сваіх абаронцаў і стратэгаў ён стаўся бязрадны ў руках даваеннай аўтарытарнай польскай і таталітарнай савецкай палітычных сістэм. Нацыянальнатворчы працэс беларусаў 20-х гадоў ХХ стагоддзя быў спынены - і таймуецца па сённяшні дзень.

Падчас майго дзяцінства маці ўвесь час успамінала 20-ыя гады, спявала песні і народныя, і падабраныя на вершы. Спявала народных песень вельмі многа, асабліва асеннія, пераняла іх яшчэ ад сваёй маці Агаты. Апошні раз помню сяджу на яблыні, яблыкі абіраю і аднекуль асенняя песня. Кажу, ай, даўно было не чуваць. Нехта ж азваўся асенняй песняй. Тонкі мінор, надзвычай тонкі, глыбінны, плыў над зямлёю.

А спявала яна і песні на вершы Якуба Коласа. Сама складала мелодыі, яна была здольная. Мела зборнік Канстанцыі Буйло "Курганная кветка" і на гэтыя вершы так-сама падбірала мелодыі. І нейкія здольнасці, якія ў мяне ёсць, лічу, ад маці. Яна мне была найбліжэйшая, ад маці я нешта ў прыродзе сваёй меў, на генетычным узроўні. Неяк раз, седзячы на прысвіронку і перабіраючы цыбулю, яна сказала: "Усё жыццё робіш не тое, што хочаш". А яна любіла літаратуру, імкнулася да духоўнага жыцця. У маці была толькі самаадукацыя, бо ў беларускую школу пахадзіла нядоўга перад яе закрыццём. Школу закрылі, дык яна казала: "Я сама сабе задавала ўрокі ў падручніку і правярала сама сябе".

А я хадзіў у сямігодку ў Залессі, школа была ад Вётхава за кіламетр. Сярэднюю школу заканчваў у Смаргоні з 8 па 10 клас. У школе ў Смаргоні ў нас быў гурток з 8-га класа, мы выдавалі свой рукапісны часопіс па-беларуску, я там пісаў вершыкі і апавяданні. Спачатку выданне называлася "Мой родны край", а пазней - "Росквіт". Я там 3 гады правучыўся. А тады адразу ў 1951 годзе пайшоў у БДУ на філалагічны факультэт, бо любіў літаратуру, гісторыю любіў. Гэта мае прадметы. Сваё было гэта. Студэнтам я запісаў ад маці цэлы сшытак народных песень, каляндарна-абрадавых і вясельных.

Усё, што бачыў і чуў у дзяцінстве, так ці іначай паўплывала на мяне. І народныя песні, і размовы пра грамадскі рух 20-ых гадоў займалі мяне доўгія гады. Гэта зарыентавала, калі я пайшоў у аспірантуру ў 1959 годзе займацца перыядам Заходняй Беларусі. Адзінай складанасцю падчас працы з гэтым перыядам было тое, што не ўсе імёны былі рэабілітаваныя. Часта ўпіраўся ў забароненую зону. Часам даводзілася прыбягаць да так званай фігуры замоўчвання нечага. Ці ў падтэксце нешта сказаць. Вельмі захапіла работа над аналітычнымі партрэтамі прадстаўнікоў беларускай навуковай, мастацкай і грамадска-палітычнай інтэлігенцыі (кнігі "Браніслаў Тарашкевіч" 1966 года, "Мікола Шчакаціхін" 1968 года, "Пётра Сергіевіч" 1970 года, "Пякучай маланкі след" пра мастака Горыда 1981 года выдання, "Вечны вандроўнік" пра мастака Язэпа Драздовіча 1984 года выдання, "Песня ў спадчыну" 1989 года, "Цяжкая дарога свабоды" 1994 года, "Gloria victis" 2010 года, "Выбранае" 2012 года).

З Пётрам Сергіевічам я нават пасябраваў, калі працаваў над кнігай пра яго. Ён напісаў мой партрэт. А падчас майго дзяцінства да нас заходзіў мастак Павел Южык. У мяне да гэтага часу ёсць яго карціны, некаторыя здаў у Нацыянальны музей. А асноўная спадчына мастака Паўла Южыка захоўваецца ў Смаргонскім краязнаўчым музеі. Нешта не вярнуў пасля выстаўкі ў Маладзечне тагачасны кіраўнік Дома народнай творчасці, наезны з Расіі Т. Носаў.

І ў Акадэміі навук з 1962 года, працуючы спачатку малодшым навуковым супрацоўнікам, а з 1965 года, калі абараніў кандыдацкую, і старшым навуковым супрацоўнікам (пазней стаў і вядучым навуковым супрацоўнікам, абараніў доктарскую), давялося паездзіць у экспедыцыі, запісвалі песні. Падрыхтавалі цэлы шэраг выданняў "Беларуская народная творчасць" (БНТ). Маці нямала запісаў, ёсць ад яе запісанае ў жніўным, ёсць і ў вясельным тамах БНТ. Кожнае лета выбіраліся ў які-небудзь раён. Раскідаліся па раёне некалькімі групамі і рабілі запісы розных жанраў фальклору. 70-ыя гады для даследчыкаў былі актыўныя: яшчэ натуральна жыла спадчына ў народзе. Асабліва на Падзвінні. Помню на Купалле я ў гаспадара спыніўся, у якога быў матацыклет. І вось мы ад аднаго вогнішча да другога пад'едзем. І дрэвы да кастра пастаўлены ракетай. І адна група дзяўчат насупраць другой спявае. Там глядзіш - касцёр, там - касцёр. Паехалі далей. Цэлую ноч пісалі.

Плёнам маёй працы сталі 4 манаграфіі па беларускім каляндарна-абрадавым фальклоры "Купальскія песні" 1974 года, "Валачобныя песні" 1989 года, "Жніўныя песні" 1993 года, "Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў. Эстэтычны аспект" 1998 года. Цаню, што паўдзельнічаў у стварэнні шасцітомнага тэарэтычнага даследавання "Беларускі фальклор: віды, жанры, паэтыка", яно выдавалася з 2001 па 2008 гг.

За падрыхтоўку серыі "Беларуская народная творчасць" (БНТ) у 1986 годзе мы, акадэмічныя фалькларысты, атрымалі дзяржаўную прэмію. А ў 1994-ым за кнігу "Цяжкая дарога свабоды" мне была прысвоена літаратурная прэмія імя Максіма Гарэцкага. Кніга, дарэчы, змяшчае мой вялікі нарыс "Браты Гарэцкія" пра пісьменніка і яго брата акадэміка-геолага.

Мне пашчасціла быць знаёмым з акадэмікам Гаўрылам Гарэцкім, народным артыстам Рыгорам Шырмам, гісторыкам Мікалаем Улашчыкам, культурнай дзяячкай Зоськай Верас, педагогам і аўтаркай кнігі "Беларуская граматка" Алесяй Смоліч… Моцная была наша старая інтэлігенцыя. Надавала веру, што Беларусь не згіне, адродзіцца ў новых пакаленнях.

Гутарыла са сп. Арсенем Лісам і рабіла фотаздымкі Юлія Бажок .


70 гадоў Міхасю Бернату

30 студзеня сябры і аднадумцы прыйшлі ў Русіна да Міхася Язэпавіча Берната, каб адзначыць яго сямідзесяцігадовы юбілей. Гаспадар дома - філосаф, гісторык, дзеяч культуры, выкладчык БАРДУ, які прысвяціў сваё жыццё захаванню гістарычнай памяці. Спадар Міхась задумаў і стварыў музейны комплекс у сваёй вёсцы Русіна Баранавіцкага раёна. Быў там дырэктарам. Ён адзін з суаўтараў кніг "Памяць" па Баранавіцкаму і Ляхавіцкаму раёнах. Яго працай і з яго ініцыятывы пастаўлены на радзіме помнікі Яну Чачоту ў Новай Мышы і Ўладзіславу Галубку ў вёсцы Лясная.

А колькасць памятных знакаў, перайменаванняў вуліц, прачытаных у розных арганізацыях асветніцкіх лекцый, тут немагчыма і пералічыць. І ўсё гэта ва ўмовах прарасійскага і камуністычнага супрацьдзеяння.

Госці сабраліся за вялікім акруглым сталом у прасторнай зале бібліятэкі гаспадара-юбіляра. Як звычайна, гучалі віншаванні і найлепшыя пажаданні юбіляру, было мноства ўспамінаў, спяваліся песні. Паэты Аляксей Белы і Алесь Корнеў агучылі свае творы, прысвечаныя Міхасю Бернату. У Алеся Корнева атрымалася вялікая паэма з гістарычнымі ўспамінамі аб падзеях, па якіх устанаўліваліся памятныя знакі. Сябры падаравалі Міхасю Язэпавічу кветкі, цікавую карціну, вышыванку, якую сшыла і надзвычай якасна вышыла Анжэла Камбалава. Таццяна Сырыца перадала ў памяць Віктара гліняную таблічку з выявай Пагоні, якая вісела над яго рабочым сталом.

Сустрэча працягвалася сем гадзін.

А. К.


"Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!"

Такое жыццёвае крэда сапраўднага сына зямлі ліцвінскай (беларускай) філосафа, гісторыка, краязнаўцы, адраджэнца і ліцвінскага (беларускага) нацыяналіста спадара Міхася Берната.

Сёлета 29 студзеня спадар Міхась адзначыў свой 70-гадовы юбілей. А ў суботу да яго ў русінаўскі дом са шчырымі віншаваннямі наведаліся сябры і паплечнікі.

Госці падарылі юбіляру прыгожую вышываную кашулю, якую ён тут жа надзеў. Кашулю пашыла і вышыла баранавіцкая ўмеліца Анжэла Камбалава.

Асабліва ўзрадаваўся наш сябар яшчэ аднаму нечаканаму падарунку - калажу па матывах карціны Яна Матэйкі "Тадэвуш Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года". Спадар Міхась Бернат паказаны ў асобе Тадэвуша Рэйтана, бескампраміснага змагара за непадзельнасць Рэчы Паспалітай. Калаж выканаў Уладзімір Гундар.

За круглым гасцінным сталом ў гонар шаноўнага юбіляра гучалі вершаваныя віншаванні ад баранавіцкіх паэтаў. Алесь Корнеў прысвяціў яму ажно цэлую паэму, на старонках якой адлюстрораваліся ўсе дасягненні спадара Міхася на ніве адраджэння. Аляксей Белы у сваім віншавальным вершы непадзельна лучаць, шанаванага намі спадара Міхася, з Айчынай і слаўнымі сынамі-змагарамі за яе свабоду і незалежнасць:

Лес губляе белую апушку,

Зноў прырода на вясну павернута.

270 гадоў Касцюшку,

Ну і сем дзясяткаў сёння Бернату!


Верым, ты Язэпавіч, шчаслівы -

Моцна сумаваць няма прычыны,

А найперш таму, што ты руплівы,

Што перажываеш за Айчыну...


...Выпіць мог, прычым, не толькі чаю,

Хай сабе няшмат, хоць дзвесце грам!

І сяброў, надзейных і адчайных,

Карацей, такіх як ты і сам!

Спадар Міхась знакаміты не толькі ў Баранавічах, вядомы ён і ўсёй Беларусі. Адным з першых далучыўся да беларускага адраджэнцкага руху, заснавальнік Таварыства беларускай мовы, першы старшыня Баранавіцкай рады ТБМ. А сёлета, на справаздачна-выбарчым сходзе Рады абраны яе ганаровым старшынём. Ад самага пачатку нацыянальнага адраджэння спадар Міхась з галавой акунуўся ў працу адраджэння гістарычнай і культурнай памяці ў Баранавіцкім краі. Ён ініцыяваў заснаванне на базе захаваўшагася ў вёсцы Русіна Баранавіцкага раёна будынка школы - адзінага ў краіне ўзору дойлідства Заходняй Беларусі 30-х гадоў мінулага стагоддзя - музея "Земляробства". І толькі дзякуючы яго асабістай упартасці і сіле волі пабудаваў яго. Цяпер музей называецца "Раённы цэнтар рамёстваў". З-за адсутнасці грошай і сабатажу мясцовых чыноўнікаў цалкам рэалізаваць мару яму не ўдалося.

Але жыццё не стаіць на месцы, спадар Міхась і сёння, не зважаючы на ўзрост і на здароўе, працягвае гэтую нялёгкую, але пачэсную адукацыйную і адраджэнцкую працу. Не стану зараз пералічваць яго ўклад у скарбонку адраджэння і будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці, адно магу сказаць, спадар Бернат - галоўны нацыяналіст нашай баранавіцкай ліцвінскай зямлі, галоўны матор адраджэння нацыянальна-культурнай і гістарычнай памяці народа. Ён вялікі настаўнік, які сваім жыццёвым прыкладам і бескампраміснасцю ў нацыянальным пытанні паказвае маладому пакаленню, і нам, яго сябрам, шлях да вольнасці народа, да нашай спракаветнай мары, адраджэння і станаўлення моцнай нацыянальнай дзяржавы. Угэтым нялёгкім змаганні, "каб беларусы людзьмі зваліся" спадар Міхась стаіць на пярэднім краі барацьбы і ўказвае арыентыр будучым пакаленням.

Удзячны гаспадар гасцінна смачна і доўга частаваў сваіх гасцей. Разам з юбілярам, за святочным сталом у яго гонар з'елі смачны торт, прыгатаваны Стромскай Інгай на нашу замову.

Спадар Міхась, зычым вам моцнага здароўя, каб усе вашыя задумы здзейсніліся і многія, многія, многія леты.

Уладзімір Гундар , ад імя сяброў, вучняў і паплечнікаў.


ЗАГАДКА ЛІТВЫ

Выдавецтва "Тэхналогія" выпусціла асобным выданнем працу Язэпа Лёсіка "Літва-Беларусь. Гістарычныя выведы".

Акадэмік Язэп Лёсік вядомы як славуты мовазнавец, аўтар шматлікіх падручнікаў беларускай мовы, адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 года. Але мала хто ведае, што ён - яшчэ і аўтар шэрагу публікацый з гісторыі Беларусі. Адзін з такіх артыкулаў Я. Лёсіка - "Літва-Беларусь". Упершыню ён быў надрукаваны ў 1921 годзе.

Чым выклікана неабходнасць выдання яго асобнай кніжкай? Як піша ў прадмове ўкладальнік Зміцер Санько, "пачатковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, этнічная прыналежнасць старажытных ліцвіноў, паходжанне самога наймення "Літва" цікавяць апошнім часам не толькі даследнікаў, але і вялікае кола аматараў айчыннай гісторыі. Гэта падштурхнула нас даць шырэйшай аўдыторыі магчымасць азнаёміцца з гэтай даўняй публікацыяй, што наўпрост датычыць акрэсленай тэмы" .

Хоць захавалася толькі першая частка Лёсікавай працы (другая не пабачыла свет - яе "зарэзала" бальшавіцкая цэнзура), але і ў такім выглядзе тэкст уяўляе бясспрэчную цікавасць. Бо гэта адна з першых у беларускай гістарыяграфіі спробаў узняць пытанне паходжання наймення "Літва", звязаўшы яго з пытаннем характару Вялікага Княства Літоўскага.

Абапіраючыся на даследванні Ёзэфа Шафарыка і Яўстаха Тышкевіча, Язэп Лёсік паказвае на шэраг тапонімаў на беларускай этнічнай тэрыторыі з асноваю - Вільк-, Велет-, Волат- , на якія звярнулі ўвагу гэтыя даследнікі. Услед за імі ён звязвае паходжанне тых тапонімаў з заходне-славянскім племенем вількаў (вільцаў) ці велетаў, іначай званых люцічамі, што заснавалі Вільню і Вількамір.

У часы каля Нараджэння Хрыстовага, піша Язэп Лёсік, гэтае племя асялілася на тэрыторыі Віленшчыны, а ў часы перасялення народаў перамясцілася на захад і апанавала ў ІІ ст. узбярэжжа Балтыйскага мора аж да вусця Одры. Ад наймення гэтага племені, якое ўвайшло "ў склад цяперашняга беларускага народу" , і атрымала назоў дзяржава Літва. "Літва, Лютва, Люцічы - іменьні славянскага племя".

Да публікацыі, якая прапануецца ўвазе зацікаўленых чытачоў, гісторык-медыявіст Алесь Жлутка напісаў пасляслоўе, дзе каротка, але змястоўна абмаляваў спектр поглядаў - ад сярэднявечных да сучасных - на паходжанне этноніма літва . У прыватнасці, ён згадвае даследаванне гомельскага прафесара Раісы Казловай, якая пераканаўча, на аснове багатага анамастычнага матэрыялу з розных славянскіх краін, у тым ліку з Беларусі, давяла, што найменне Літва паходзіць ад славянскай асновы *l'ut- , праз дэлабіялізацыю "анлаўтнага лю > лі" . Гэтае грунтоўнае даследванне дазволіла ёй сцвердзіць, што "правамерна аднесці этнонім Літва да першапачатковага Лютва ... Думаецца, што Літва - гэта славяне заходніх ускраін Славіі (люцічы, люты, юты, одрычы і іншыя плямёны), якія з сярэдзіны VI ст. н.э., гэта значыць з перыяду германскай хрысціянізацыі славянскіх плямён, не вытрымліваючы жорсткага ваеннага націску, сталі рухацца на ўсход з мэтай захавання свайго веравызнання і сваёй культуры". Паводле меркавання даследніцы, мова старажытных ліцвіноў - гэта "сплаў мовы мясцовага ўсходнеславянскага насельніцтва і моў славян заходнеславянскіх ускраін".

У якасці дадатку да кнігі змешчаны цікавы палемічны артыкул канца 40-х гадоў Я. Люціча-Воўка "Наш адказ" - своеасаблівы працяг тэмы.

Кніга будзе прэзентаваная шырокай грамадскасці на XXIII Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, што адбудзецца 10-14 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" (пр. Пераможцаў, 14).

Аксеня Гаўрук.



18 лютага 18.00. Сядзіба ТБМ. Прэзентацыя кнігі вершаў Марыі Новікавай "Паверу ў цуды"


"Белсат" здымае фільм пра генерала Кандратовіча

У рамках цыклу перадач "Загадкі беларускай гісторыі" тэлеканал "Белсат" стварае дакументальны фільм пра міністра Беларускай Народнай Рэспублікі - "Беларускі генерал Кіпрыян Кандратовіч". Здымкі перадачы праходзілі ў мястэчку Пагародна, што на Воранаўшчыне, дзе быў маёнтак генерала, у Лідзе, дзе ён быў пахаваны, і ў мястэчку Воранава, куды на пачатку 90-х гадоў парэшткі міністра БНР былі перапахаваныя і дзе знайшлі свой апошні спачын. Аўтар і вядовец праграмы - гісторык Алесь Краўцэвіч зазначыў выключную ролю ў гісторыі Беларусі і загадкавасць асобы генерала Кандратовіча.

- Кандратовіч, па-першае, фігура, на жаль, малавядомая беларусам. Па-другое, таксама загадкавая. Будзе адна з загадак у нашым фільме: чаму расейскі генерал з польскамоўнай беларускай шляхты выбраў усё-такі Беларусь і служыў Беларусі? Ён пацярпеў паразу разам з усёй Беларускай Народнай Рэспублікай. Але параза гэтая тактычная, таму што, калі б не яго праца, калі б не праца БНР, то не было б ні БССР, ні сучаснай Рэспублікі Беларусь - незалежнай нашай краіны. Прэм'ера дакументальнага фільма "Беларускі генерал Кіпрыян Кандратовіч" з цыклу перадач "Загадкі беларускай гісторыі" адбудзецца ў пятніцу 26 лютага ў 18 гадзін 55 хвілін на тэлеканале Белсат.

Андрусь Панямонаў , Беларускае Радыё Рацыя. На фота аўтара: 1. Алесь Краўцэвіч і святар Свята-Георгіеўскай царквы ў Лідзе а. Уладзімір Камінскі; 2. Алесь Краўцэвіч і старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.


Білборды ў падтрымку беларускіх словаў

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў Лідзе ўстаноўлены тры білборды ў падтрымку беларускай мовы. Два пано ўстаноўлены па праспекце Перамогі - каля кнігарні і "архітэктуры". Трэцяе пано ўстаноўлена ў пачатку вуліцы Камуністычнай адразу за мостам на Слабаду. Яшчэ адно пано плануецца паставіць пазней пры дарозе Ліда - Дзятлава.

Пано ўстаноўлены пры ўзаемадзеянні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны з ідэалагічным аддзелам Лідскага райвыканкама і волей лёсу выдатна ўпісаліся ў плынь мерапрыемстваў абвешчанага месяц таму Года культуры.

Шлях да паразумення паміж ТБМ і ідэалогіяй быў не сказаць, каб просты, бо тое, што мы бачым - гэта недзе шосты варыянт. Але, магчыма, гэта таксама можна лічыць карысным, бо паступова ад доўгіх выказванняў пра мову, якія з акна аўтамабіля прачытаць не паспець, дайшлі да чатырох словаў на кожным пано. І то дызайнеры крытыкавалі, што зашмат, што трэба толькі тры словы.

Такім чынам на працягу года Лідскае ТБМ размясціла ў горадзе ўжо пяць білбордаў. Першыя два былі павешаны восенню да ўгодкаў Магдэбургскага права.

Улічваючы пано серыі "Смак беларускай мовы", серыі "Я люблю Беларусь" і серыі "Сэрцам адданыя роднай зямлі", а таксама беларускамоўныя рэкламныя пано "Лідскіх харчканцэнтратаў" і "Лідскай мукі", беларускамоўныя экалагічныя пано і некаторыя пано турыстычнай скіраванасці мы маем у Лідзе, безумоўна, яшчэ не палову, але ўжо значны працэнт беларускамоўнага візуальнага аздаблення горада.

Пано размешчаны на правах сацыяльнай рэкламы, таму чакаецца, што правісяць яны значны час. А ТБМ набыло важны досвед супрацы з дзяржаўнымі структурамі ў гэтым пытанні.

Яраслаў Грынкевіч.


У памяці застанецца назаўсёды

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Беларускамоўнае выхаванне дзяцей ў сям'і Содаля вельмі высока цаніла мая жонка. Бо бачыла ў гэтым магутны фактар супрацьстаяння беларусаў дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі. Не выключаю, што наведванне такой сям'і магло адыграць пэўную ролю ў тым, што Ефрасіння ўсё часцей і часцей пачала выступаць па гэтай праблеме не толькі ў рэспубліканскім, але і саюзным педагагічным друку і нарэшце цвёрда рашыла пісаць доктарскую дысертацыю па дашкольным выхаванні ў БССР у міжваенны перыяд, бо ведала, што ў тыя гады нямала чаго станоўчага, павучальнага было ў дадзеным звяне народнай адукацыі.

Нібыта ўчарашняй падзеяй паўстае перад маімі вачыма мая першая і апошняя паездка з Валодзем у маю родную вёску Магільнае. Адбылося такое ўлетку 1969 года. Тады маёй Маме было 63 гады, старэйшай за мяне сястры Лідзе - 42 гады. Гасцявалі ў іх трохі больш за суткі, але і гэтага часу хапіла Валодзі, каб пакінуць у гаспадароў пра сябе вельмі прыемныя ўражанні. Маглі б і болей пабыць у Магільным, але пад вечар прыехала з Пружанаў сястра Ада з трыма дзецьмі, і нам з Валодзем давялося спаць "салдацікамі" ў адным ложку.

Гаварылі пад час той паездкі шмат і пра самае рознае. Госця, як ён сам мне прызнаўся, вельмі ўсцешыла характэрная для нашай мясцовасці незасмечаная русізмамі, чыстая беларуская мова, на што меліся важкія падставы: тут спрадвеку не паважалі тых, хто размаўляў не па-мясцоваму, а па-гарадскому, г. зн. па-руску, хаця гэтага выразу ніхто не ўжываў з дарослых. Бацькі, праводзячы сваіх дзяцей на працу ці вучобу ў горад, строга наказвалі пры наведванні роднай вёскі не гаварыць па-гарадскому, каб ім не было брыдка, каб з іх не смяяліся суседзі. Каб я з Валодзем наведалі Магільнае дзесьці ў сярэдзіне ці канцы 1970-х гадоў, такой моўнай ідыліі не напаткалі б тут. Такой пазітыўнай нацыянальна-патрыятычнай практыцы прыйшоў нарэшце канец і на вёсцы - спрадвечнай этнічнай калысцы беларускага народа. Выпускнікі рускамоўных педагагічнага, аграпрамысловага профіляў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, у такой жа мове кіно ды плюс пераважна рускамоўныя сродкі масавай інфармацыі зрабілі і ў Магільным сваю брудную справу - "змазалі" чысціню прыроднага беларускамоўя. Як і ўсе вясковыя жыхары краіны, сёння магіляне размаўляюць на трасянцы, толькі можа ў яе лексіцы больш беларускіх слоў, чым у іншых вёсках краіны. Содаль, як сапраўдны пурыст, не любіў, асуджаў трасянку, асабліва, калі на яе хварэлі адукаваныя, неабыякавыя да беларускай нацыянальнай ідэі людзі.

У час таго прыезду ў Магільнае я па жаданні Валодзі звадзіў яго на мясцовыя могілкі. Тады яшчэ там знаходзілася вялікая драўляная капліца, у якой у гады акупацыі рэгулярна ладзілася служба. Правілі яе і ў першыя пасляваенныя гады, пакуль канчаткова не перамог атэізм. А здарылася такое дзесьці ў канцы 1940-х гадоў, але людзі выкарыстоўвалі капліцу ў адпаведных для яе мэтах, падтрымлівалі ўзорную чысціню, на што звярнуў увагу і мой госць. Не мог ён не заўважыць і такой недарэчнасці: спрэс на надмагільных помніках звесткі пра нябожчыкаў згодна з усталяванай праваслаўнаю царквою практыкай даваліся па-руску. Такую заганную практыку захавалі і за савецкім часам. Калі ж я прывёў Валодзю да магілы майго Бацькі (памёр у глыбокую восень 1942 года на 41 годзе свайго жыцця), і ён на помніку ўбачыў беларускамоўны надпіс, дык не ўстрымаўся, моцна абняўшы мяне, усклікнуў: "Малайчына!"

Самая вялікая агульнанацыянальнага маштабу заслуга Уладзіміра Содаля, несумненна - гэта арганізацыя і вядзенне на дзяржаўным рэспубліканскім тэлебачанні перадачы "Роднае слова". Упершыню яна з'явілася ў эфіры ў канцы 1960-х, а была знята па ініцыятыве зверху ў пачатку 1990-х. Гэта быў далёка не лёгкі час у нашай айчыннай гісторыі. Дзяржаўны махавік русіфікацыі працаваў на поўную магутнасць. Родную, базавую мову Бацькаўшчыны прамаскоўскай арыентацыі ўлады вытурылі амаль з усіх сфераў жыццядзейнасці чалавека, што зрабіла роднае слова беларусаў малазапатрабаваным у іх зносінах паміж сабой. У той экстрэмальнай сітуацыі немагчыма было ўхіліцца ад нацыянальнай катастрофы. Не сумняваюся, што ўварванне яе на наш абшар хоць крыху стрымлівалі рэгулярныя тэлеперадачы "Роднае слова". Як шкода, што сёння ў нас нічога падобнага няма на яе, бо моўная сітуацыя ж у краіне, прычым суверэннай (мо ліпавай?) ніколькі не палепшылася. Тады ж перадача У. Содаля "Роднае слова" хоць трохі ратавала нас ад гэтай бяды. У перадачы была вельмі вялікая і разнастайная аўдыторыя гледачоў-слухачоў, аўтараў, шчыра заклапочаных цяжкім, блізкім да смяротнага станам беларускай мовы. У наяўнасці такой аўдыторыі доказна пераконвае найбагацейшая пошта "Роднага слова". Нам нельга дараваць, што гэты скарб мы не сабралі і не выдалі паасобнай кнігай, якая сёння не мела б цаны, карысталася б велізарным попытам у чытача. Нельга не адзначыць, што супольна з У. Содалем над падрыхтоўкай чарговых перадач працавалі такія няскораныя ад уздзеяння на сябе дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі асобы, як Пётр Садоўскі, Генадзь Тумаш, светлай памяці Янка Саламевіч, Мікола Станкевіч. Іх будуць памятаць, імі будуць ганарыцца ў нашым краі незалежна ад таго, удасца нам выратаваць родную мову ці яе давядзецца пахаваць з-за неадпаведнай нацыянальнаму інтарэсу палітыкі сучаснай прэзідэнцкай вертыкалі і гэтым самым паставіць дубовы крыж на існаванні беларускага народа.

У. Содаль быў аўтарам і вядоўцам многіх вытрыманых у беларускім нацыянальным духу школьных тэлеперадач. Яны, як кісларод, былі патрэбныя грамадству. Нават невідушчыя людзі беспамылкова заўважалі, што зараз вось-вось сканае ўсялякая беларускасць у школьнай адукацыі, моладзь будзе ўзгадоўвацца толькі паводле чужых, г. зн. рускіх, культурна-моўных стандартаў і ў выніку станавіцца, як тыя янычары, ненавіснікамі да таго каштоўнага, што належыць роднай зямлі. У тагачаснай экстрэмальнай сітуацыі бальшавіцкія ідэолагі Беларусі патрабавалі праводзіць тэлеперадачы для школьнікаў толькі на адзінай тады ў нас афіцыйнай рабочай мове - рускай, што для Содаля з'яўлялася нечым смерці падобным. Каб не даць ёй жыўцом праглынуць усю дарэшты школьную моладзь, нястомны нацыянальны патрыёт знаходзіў у сябе сілы весці ўпартае змаганне з такімі ідэолагамі. Школьныя тэлеперадачы ладзіліся на беларускай мове і мелі нязменны поспех, бо будаваліся на высокім прафесійным узроўні. Не валодаючы неабходнымі здольнасцямі для ўдзелу ў такога роду перадачах, я ўсё ж ніколі не адхіляў прапановы быць аўтарам якой-небудзь з іх.

Маю цвёрдую ўпэўненасць, калі на стыку 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя нашую зямлю ахапіла зыркае полымя нацыянальна-дзяржаўнага, культурна-моўнага Адраджэння, найбольш актыўны ўдзел у ім бралі тыя, хто некалі рэгулярна глядзеў содальскія тэлеперадачы "Роднае слова", перадачы для школьнікаў, насычаныя цікавымі, малавядомымі матэрыяламі нацыянальна-патрыятычнага характару.

Да канца 1970-х гадоў мае сустрэчы з Содалем датычылі пераважна толькі нас саміх. Праўда, іншым разам яму ўдавалася пазнаёміць мяне са сваімі адданымі беларускай справе сябрамі, з якімі я адразу ж завязваў самыя цесныя кантакты. Лічыў тады і лічу сёння, што кожны аднолькавага са мною погляду на беларускую нацыянальную ідэю чалавек - гэта мой брат, прычым не стрыечны, а родны. З усіх сяброў Содаля, якія дзякуючы яму сталі такімі ж і для мяне, хацеў бы назваць Паўла Дзядзюлю, Генадзя Тумаша і светлай памяці супрацоўніка Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі Яўгена Лаўрэля. Вельмі эрудзіраваная ў многіх пытаннях айчыннай гісторыі, адукацыі, мовы, культуры, літаратуры асоба, але схіліць яе, як і Содаля, да напісання кандыдацкай, а затым і доктарскай дысертацый, што цалкам рэальна, мне так і не ўдалося. А гэта ж наша буйная нацыянальная страта, параўнаная ледзь не з сапраўднай трагедыяй. Няцяжка ўявіць, у якім вялікім выйгрышы было б наша нацыянальна-культурнае Адраджэнне канца 1980-х - пачатку 1990-х гадоў, каб гэтыя дзве асобы з'яўляліся дактарамі навук, прафесарамі і займалі ўплывовыя кіраўнічыя пасады ў сферы сваёй дзейнасці, што, напэўна, мела б станоўчыя вынікі ў жыцці нацыі, рабіла б яго больш устойлівым ад цяжкіх наступстваў русіфікацыі, якая так плаўна, нязмушана перайшла з савецкіх на постсавецкія рэйкі. Зусім недаравальна, што ў нас пасля ўсталявання прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай усе - ці амаль усе - ключавыя пасады ў адукацыі, культуры, навуцы, афіцыйных СМІ займалі далёкія, а то і варожыя беларускай нацыянальнай ідэі асобы. Асабліва гэта было характэрна вышэйшай школе - сапраўднаму вагару сучаснага нацыянальна-культурнага алраджэння ўсіх народаў планеты Зямля. У беларусаў жа і тады, і сёння такая школа не стала вагаром адраджэння. А без гэтага і сам Усявышні не дапаможа ім узняцца з калень і трывала стаць на ўласныя ногі, трансфармавацца ў поўнавартасны, самабытны народ, а не быць нейкай бесструктурнай пародыяй на рускую нацыю.

Павінен сказаць, што ўжо і ў 1960 - 1970-я гады такі прагрэсіўны погляд на нацыянальную вышэйшую школу панаваў у галовах многіх яе прафесараў, выкладчыкаў. Цвёрда прытрымліваўся яго самы аўтарытэтны, самы паважаны У. Содалем доктар філалагічных навук, прафесар Менскага дзяржпедынстытута Фёдар Янкоўскі. Паміж імі было нешта куды большае, чым толькі дачыненні прафесара са студэнтам. Ф. Янкоўскі ўбачыў у Содалі зацятага змагара за святую беларускую нацыянальную ідэю і, як толькі мог, дапамагаў яму ў гэтым. Содаль ніколі не жыў па-за такой ідэяй, хаця яна пад уплывам разбуральнай русіфікацыі страчвала сваіх носьбітаў. Не памятаю канкрэтна, у якім годзе, але ведаю, што ў 1970-я, Содаль прывёў мяне на адно досыць цікавае мерапрыемства, якое ладзілі ў педынстытуце яго выкладчыкі, выпускнікі гэтай навучальнай установы. Прысутнічалі на ім і студэнты беларускага аддзялення філалагічнага факультэта інстытута. Я, прызнацца, ніколі не чуў да гэтага такой рэзкай крытыкі ў адрас партыйных і савецкіх органаў за іх антынацыянальную культурна-моўную палітыку. Крытыка была такой вострай, прынцыповай, што некаторыя прасавецкай арыентацыі педагогі пастараліся як мага хутчэй пакінуць аўдыторыю. А вось студэнты не зрушыліся са сваіх месцаў, што мяне вельмі ўсцешыла. А ўвогуле тое мерапрыемства надало мне ўпэненасці, што ў грамадстве яшчэ ёсць сілы, якія могуць пастаяць за сябе. І гэта не магло не радаваць.

Цесныя сяброўскія кантакты з Содалем лагічна вымагалі ў большай, чым раней, ступені распаўсюдзіць іх і на нашыя сем'і. Заўважалася, што пад канец 1970-х гадоў жонка Валодзі, Клара, прыкметна прыбавіла ў сваёй беларускамоўнасці. Цешыла, што яна карысталася роднай мовай не толькі ў сям'і, але і на вуліцы, таксама і на працы. Куды больш складаным было становішча з авалодваннем беларускай мовай у маёй жонкі. Дадзенае мне слова стаць яе хаця б пасіўным носьбітам стрымала, а вось пачаць вольна карыстацца ёю з людзьмі ўсё яшчэ не адважвалася, асабліва ў асяроддзі сваіх калег з Менскага дзяржпедынстытута. Яна з году ў год пераносіла сваё абяцанне на больш позні тэрмін. І не з якой-небудзь ляноты ці няздольнасці авалодвання беларускай мовай, а з прычыны вялікіх затрат часу на напісанне доктарскай дысертацыі (абаронена ў ліпені 1988 г.).

Пасля заканчэння працы над доктарскай дысертацыяй у маёй жонкі з'явілася больш часу на сустрэчы з Валодзем і Кларай, хаця і да гэтага сяброўскіх кантактаў было нямала. Ініцыянавала іх вялікае жаданне Ефрасінні, як навукоўца ў галіне педагогікі, паназіраць, як адбываецца беларускамоўнае ўзгадаванне дзяцей у сям'і Содаляў. Гэта ж найкаштоўны практычны матэрыял. Сустракаліся не толькі ў Менску, але і ў Астрашыцкім Гарадку, дзе жыла радня Клары. Усе гэтыя сустрэчы вызначаліся не толькі сваёй шчырасцю і цеплынёю, але і вядзеннем сур'ёзных размоў пра бязрадаснае, бесперспектыўнае нацыянальнае жыццё беларусаў. Не была абыякавай да яго і руская па нацыянальнасці Ефрасіння. Як спецыяліст у галіне дашкольнага выхавання, яна не стамлялася даказваць нам, што запланаваны камуністычнымі ідэолагамі сыход беларусаў са свайго нацыянальнага поля можна хоць трохі запаволіць праз сямейнае выхаванне дзяцей на культурна-моўных традыцыях роднай зямлі. А такім жа традыцыям амаль не знаходзілася месца ў дзяржаўных і ведамасных установах. І толькі незвычайна моцнага нацыянальнага гарту дашкольныя работнікі, да прыкладу, загадчыца дзіцячага сада № 456 г. Менска Надзея Сармант і ўвесь педагагічны калектыў установы жылі ў ладзе з гэтымі традыцыямі, таму іх гадаванцы ды і іх бацькі не цураліся свайго нацыянальнага.

Мо, як у ніводнай іншай менскай сям'і, здаровы нацыянальны дух быў характэрны практыцы выхавання дзяцей Содаля. І не толькі, як пісалася вышэй, калі яны былі малымі, знаходзіліся ў школьным узросце. Такі дух прысутнічаў і тады, калі дзеці паканчалі школы і падаліся вучыцца ў навязаныя русіфікатарамі беларускаму народу рускамоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Таму і з такога ўзросту дзецьмі Содаля нам было прыемна сустракацца і весці размовы.

(Працяг у наст. нумары.)

Леанід Лыч


Год культуры крочыць па краіне

Успаміналі земляка

У музеі У. С. Караткевіча, што ў Оршы, стала добрай традыцыяй ладзіць розныя літаратурныя імпрэзы, выставы добрага плёну як мясцовых, так і сталічных аўтараў. І таму выставачныя залы ніколі не пустуюць - адзін вернісаж змяняецца другім. Вось і зараз тут змешчаны карціны маслам Леаніда Грышука і каляровыя карціны-вырабы з керамікі Міхаіла Нуднова пад агульнай назвай "Край Караткевіча". І тое, і другое ўражвае і прыцягвае наведвальнікаў.

Але ўсё ж такі сярод мноства розных мерапрыемстваў, што ладзяцца тут, большая ўвага надаецца літаратурным дзеям. Ужо толькі за адно гэта музей У. С. Караткевіча ў Оршы можна лічыць літаратурным. Тут плённа працуе паэтычная суполка "Дняпроўскія галасы", якая разам з мясцовай "Аршанскай газетай" натхняе і развівае здольнасці мясцовых маладых і сталых людзей, неабыякавых да паэзіі. Найбольш цікавымі, на мой погляд, з'яўляюцца літаратурныя пасвячэнні нашым землякам, знакамітым літаратарам Беларусі.

21 студзеня ў музеі адзначалі 80-годдзе вядомага паэта, празаіка, перакладчыка і даследчыка літаратуры Янкі Сіпакова, які нарадзіўся на аршанскай зямлі 15 студзеня 1936 года ў сялянскай сям'і вёскі Зубрэвічы.

Паэт пра гэта пісаў так:

"Сам я з Дняпра,

З-пад Оршы,

Са шляху з вараг у грэкі..."

На літаратурную сустрэчу пад назвай "Варта ў крылы паверыць свае" прыйшлі людзі, якія маюць непасрэднае дачыненне да асобы Янкі Сіпакова. Гэта пляменніца Івана Данілавіча, настаўніца Зубрэвіцкай школы Тамара Анатольеўна Шачанок, якая цікава распавяла пра свой род і пра роднага дзядзьку: продкі Івана Данілавіча спрадвеку жылі на гэтай шчодрай зямлі. Дзед Іван, прадзед Сямён, прапрадзед Анціп множылі свой род, умацоўвалі на Зубрэвіцкай старонцы радавое гняздо. А яшчэ славіліся сярод вяскоўцаў асаблівай працавітасцю і дабразычлівасцю, шчодрасцю сэрца і бескраміснасцю, надзяляючы гэтымі якасцямі сваіх дзяцей. "Маці мая - даярка, бацька - араты, я інтэлегент у першым пакаленні," - пісаў Іван Данілавіч.

З цікавым аповедам пра Янку Сіпакова выступіў яго сябар дзяцінства і маладосці Ігар Анатольевіч Яршоў, які таксама добра піша, выдае кніжкі. І хаця ён усё жыццё жыве на вёсцы, часта сустракаўся з Іванам Данілавічам і ў роднай вёсцы, куды часцяком заглядваў Янка Сіпакоў, і ў Менску, куды нязрэдку ездзіў яго сябар Ігар Яршоў.

Свае шчырыя вершы прысвяцілі знакамітаму літаратару мясцовыя паэты Людміла Міхайлава і Уладзімір Жытноў. Вельмі цікавым і шчырым было выступленне настаўніцы СШ № 9 Наталлі Анатольеўны Міхновіч, якая не адзін дзесятак год робіць усё ад яе залежнае, каб мова народа і багатая спадчына радзімы жыла, перадавалася пакаленням будучыні. Мова - гэта душа, сваю душу можна выкласці толькі праз сваю мову. Як жа ён, мой руплівы народ, любіў сваю мову, як песціў сваё роднае слова. Чужая мова робіць чужой тваю душу. Матчынай мове вучылі не толькі ў сям'і, але і ў школе. Іван Данілавіч пісаў: "Навучыць нашчадка чытаць, пісаць, гаварыць... Які гэта высакародны абавязак! І ўжо толькі за адно гэта настаўніку трэба ставіць помнікі на самых лепшых вуліцах і плошчах. Праца настаўніка - гэта яшчэ і святое памкненне з кожнага чалавека стварыць асобу: прывучыць яго любіць сваю зямлю, свой народ, сваю мову, дапамагчы яму думаць і разважаць, паважаць сябе і іншых..." Менавіта такой характарыстыцы свайго куміра і адпавядае гэтая цудоўная беларускамоўная настаўніца.

У Оршы і раёне жыве нямала людзей, якія пры жыцці Янкі Сіпакова сустракаліся з ім, слухалі яго аповеды пра жыццё і творчасць. Сярод іх - супрацоўніца гарадской бібліятэкі Валянціна Канстанцінаўна Віткоўская, якая не адну гадзіну гутарыла з пісьменнікам, слухаючы яго расповеды пра геаграфію вандровак і сустрэч. Пра ўсё гэта і пра многае іншае з жыцця вядомага беларускага літаратара і расказала яна прысутным.

Мой аповед пра гэтую юбілейную вечарыну будзе не поўным, калі не сказаць пра арганізатараў гэтага цудоўнага літаратурнага дзейства. Гэта загадчыца Аршанскага музея У. Караткевіча Ліна Апанасаўна Гатоўская, якая правяла даследванне жыцця і творчасці нашага земляка Янкі Сіпакова, стварыла добры сцэнар гэтага свята і цікава правяла саму вечарыну, дзе мы ўсе добра адпачылі, даведаліся многа цікавага і карыснага, папоўніліся новымі тэарэтычнымі ведамі і насамрэч адчулі, якая цудоўная і прыгожая наша беларуская мова, бо не толькі вядоўца, але і ўсе прысутныя тут размаўлялі толькі па-беларуску. Як гэта цудоўна!

Мінай Карніенка, г. Орша.


Краязнаўчы квартальнік "Слонімскі край"

"Слонімскі край" - так называецца першы нумар краязнаўчага квартальніка Слонімшчыны. Электронны варыянт з'явіўся на сайце, і з ім могуць пазнаёміцца чытачы: http://geron-1987.blogspot.com.by. Папяровы варыянт будзе надрукаваны ў бліжэйшы час. Выданне выйшла, дзякуючы гісторыкам і краязнаўцам Слонімшчыны: Васілю Герасімчыку, Сяргею Яршу і Сяргею Чыгрыну. Дарэчы, яшчэ ў 2000 годзе былі выдадзены два нумары квартальніка "Слонімскі край". На жаль, ён тады спыніў свой выхад і ўжо не аднавіўся. Сённяшняе выданне зусім новае. Бо пакуль выдаўцы не могуць рабіць часопіс, таму выдаюць бюлетэнь. Па словах В. Герасімчыка, "Слонімскі край" з'явіўся не на пустым месцы. "Перад намі працавалі такія краязнаўцы, як Язэп Стаброўскі, Гальяш Ляўковіч, Годэль Гольдберг, Віктар Клімкевіч, Сяргей Новік, Васіль Супрун, Міхаіл Рылко ды шмат іншых", - сказаў Васіль Герасімчык.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.


"Рускі самародак, які стаў набыткам Беларусі"

Вечарына с такой назвай, прысвечаная Уладзіміру Мулявіну, прайшла 12 студзеня ў літаратурна-музычным салоне філіяла "Бердаўскі ЦКВЧ".

Сёння прыйшоў час ацаніць маштаб творчай постаці Уладзіміра Мулявіна. І акрэсліць гэты маштаб можна адным кароткім словам - геній. Яго голас пранізваў душу наскрозь. Яму верылі заўсёды і вераць цяпер, пра што б ён ні спяваў: пра каханне, пра Беларусь, пра вайну. Яго голас - гэта яго душа, бо калі артыст спяваў, ён маліўся: "Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, распетаю буду маліцца душой…"

Стваральнік знакамітага ВІА "Песняры", нязменны яго кіраўнік У. Мулявін так палюбіў беларускую мову, народную песню, што гэта застаецца загадкай і цяпер. Як ён, рускі чалавек, за кароткі тэрмін жыцця на Беларусі ўлавіў і ўвасобіў у творчасці нацыянальны дух нашага народа. Рускі па нацыянальнасці, Мулявін адкрыў для многіх беларусаў нашую песню. Таму на вечарыне гучала шмат песень, як у запісе "Песняроў" і самаго Уладзіміра Мулявіна, а таксама ў выкананні Аляксандра Парфенчыка, загадчыка філіяла "Бердаўскі ЦКВЧ". Гучалі песні: "Белоруссия", "Спадчына", "Касіў Ясь канюшыну","А ў полі вярба," "Рэчанька", "Алеся", "Белавежская пушча", "Александрына", "Ой, рана на Івана", "Малітва".

Вечарына атрымалася вельмі цікавая, хаця і крыху сумная. Але яна пацвердзіла той факт, што песні У. Мулявіна будуць слухаць і заўтра, і паслязаўтра.

Інеса Парфенчык , мастацкі кіраўнік філіяла "Бердаўскі ЦКВЧ".


Лідская ласавальня

30 студзеня ў вёсцы Беліца Лідскага раёна прайшло сапраўды вялікае свята - раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні". Мерапрыемства ініцыявала адна з супрацоўніц аддзела метадычнай і культурна-масавай работы дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Ганна Некраш. У ім пажадалі ўдзельнічаць аж 16 клубных устаноў Лідскага раёна. Дарэчы, гэтае мерапрыемства прайшло і ў рамках адкрыцця Года культуры на Лідчыне (сярод сельскіх устаноў раёна).

Галоўнай мэтай конкурсу традыцыйнай кухні стала папулярызацыя рэгіянальных страў - страў Лідчыны. Пасмакаваць мясцовыя кулінарныя прысмакі і спазнаць смак менавіта сваёй традыцыйнай ежы.

Удзельнікі раённага свята запэўніваюць, што ў нас ёсць шмат сваіх выбітных страў, а не толькі дранікі…. Напрыклад: калатуха, верашчака (мясная страва), цыбрыкі, "скрылькі па-бердаўску" ў гаршчочках. З жытнімі і бульбянымі блінамі часта ўжывалі: "мазёху" альбо "талакно" (тоўчанае семя льну), "клынду" (заліўка з семя ільну), скваркі, гурочны і капусны расол. Шырокае распаўсюджанае ў беларускай кулінарыі мелі: "пелюхі грачаныя", сачні, драчоны. Іх рыхтавалі таксама з жытняй, ячменнай і зрэдку пшанічнай мукі. А таксама былі прадстаўлены рэгіянальныя стравы: канфітур з чорнай парэчкі, "бігас" (свіныя рэбры), "таркаванка па-тарноўску" (страва з бульбы), "панская вішнаванка" (страва з мяса птушкі), падкалочанае малако і інш.

Асаблівасцю мерапрыемства з'яўлялася тое, што ўсе ўдзельнікі конкурсу прапаноўвалі стравы нацыянальнай кухні свайго рэгіёна (фактычна некалькіх вёсак), якія гатавалі як па адзінай, так і па ўнікальнай рэцэптуры.

Супрацоўнікамі сельскіх клубных устаноў раёна мэтанакіравана для гэтага мерапрыемства збіраліся матэрыялы пра кулінарныя традыцыі, якія існуюць у вёсках Лідчыны.У час экспедыцый былі зафіксаваныя як тыповыя, так і найцікавейшыя кулінарныя рэцэпты, таксама пэўныя ўнікальныя метады прыгатавання страў. Дзеля гэтага адбыліся паездкі ў вёскі Сухвальня, Кавалі, Крупава і іншыя куточкі Лідчыны.

На раённым конкурсе прысутнічала журы, якому было вельмі прыемна дазнацца, што ў наш час, у пэўнай ступені складаны для аўтэнтычных традыцый, існуюць людзі, якія прыкладаюць шмат намаганняў для аднаўлення і ўвядзення ў сучаснае жыццё старадаўніх абрадавых страў.

Былі вызначаны не толькі пераможцы трох ступеняў, але і адзначаны спецыяльнымі дыпломамі такімі як: "традыцыйная страва сваёй мясцовасці"; "рэжысёрскае вырашэнне прэзентацыі традыцыйных страў"; "сервіраванне стала"; "афармленне рэцэптаў традыцыйных страў"; "пераемнасць традыцый"; "арыгінальнасць прэзентацыі традыцыйнай стравы"; "арыгінальнасць прадстаўлення традыцыйных кісялёў Лідчыны".

Калі мы будзем памятаць нашы народныя традыцыі, дык беларусы заўсёды здолеюць сказаць за святочным сталом: "Смачна есці, дарагія госці, частуйцеся, даражэнькія!".

Наталля Вайцюкевіч ,ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


ПЕРАМОЖЦЫ

раённага конкурсу традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні"

1 месца - філіял "Ганчарскі Дом культуры";

2 месца - філіял "Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу";

3 месца - філіял "Беліцкі Дом культуры".

Спецыяльныя дыпломы:

- традыцыйная страва сваёй мясцовасці (выпечка хлеба) - філіял "Ходараўскі Дом культуры";

- рэжысёрскае вырашэнне прэзентацыі традыцыйных страў - філіял "Дзітвянскі Дом культуры";

- сервіраванне стала - філіял "Першамайскі Дом культуры";

- афармленне рэцэптаў традыцыйных страў - філіял "Ваверскі Дом культуры";

- пераемнасць традыцый - структурнае падраздзяленне "Голдаўскі клуб-бібліятэка";

- арыгінальнасць прэзентацыі традыцыйнай стравы - філіял "Крупаўскі Дом культуры";

- за ўдзел у мерапрыемстве - танцавальны калектыў "Крэсовы забавы" Дома польскага;

- за арыгінальнае прадстаўленне традыцыйных кісялёў Лідчыны - клуб "Актыўнае даўгалецце".

Астатнія філіялы атрымалі прызы за ўдзел у мерапрыемстве.

На жаль не прадугледзелі ніякага дыплома таму, хто прыдымаў новае, прыгожае беларускае слова "ласавальня" , якога няма ні ў адным слоўніку (прынамсі, з вядомых аўтару), а тут яно было напісана на паўсцяны. Усе яго разумелі, а вось з перакладам ніхто не спяшаўся. Ну і добра, бо галоўнае, каб ласавальні былі ў Беларусі, бо ласункаў у нас даволі. А калі такія словы нараджаюцца ці ўспамінаюцца, то мова нашая жыве. І вялікі дыплом за мову належыць арганізатарам імпрэзы, бо ўсё дзейства ад пачатку да канца ішло на цудоўнай беларускай мове.

Сябар журы Станіслаў Суднік.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX