Папярэдняя старонка: 2016

№ 07 (1262) 


Дадана: 17-02-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1262), 17 лютага 2016 г.


21-га лютага - Міжнародны дзень роднай мовы


Дзень беларускай мовы пачаў святкаваць Інбелкульт

Упершыню ў ДУА "Інстытут культуры Беларусі" (Інбелкульт) адбылося свята, прысвечанае Дню беларускай мовы, у якім удзельнічалі супрацоўнікі ўстановы і слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы культуры.

Вестыбюль інстытута быў святочна ўпрыгожаны, гучалі песні ў выкананні У. Мулявіна і ансамбля "Песняры", была праведзена кніжная выстава выданняў сваіх аўтараў, а ў актавай зале адбылася асноўная імпрэза. Кіраўнік установы, прарэктар па вучэбнай рабоце І.Б. Лапцёнак сказала пранікнёныя словы аб роднай мове, яе значэнні і папулярызацыі ўстановамі культуры. Затым прысутныя прынялі ўдзел у сумесных чытаннях вершаў беларускіх паэтаў. У заканчэнні мерапрыемства была праведзена беларуская дыктоўка. Тэкст узяты з прадмовы да зборніка "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча. Дыктоўку праводзіў былы настаўнік школы, а цяпер начальнік аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці А.Ю. Лозка.

Юлія Лукашэвіч , метадыст аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інбелкульта.


Урокаў беларускай мовы ў пачатковай школе будзе гэтулькі ж, колькі і рускай

Беларускую і рускую мовы ў пачатковых класах агульнаадукацыйных школ будуць вывучаць у аднолькавым аб'ёме. У апошнія гады цікавасць да вывучэння гісторыі і геаграфіі Беларусі на роднай мове ў школьнікаў вырасла. Пра гэта, адказваючы на пытанне TUT.BY, распавяла Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст кіравання агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі.

З наступнага навучальнага года другакласнікі пачнуць вывучаць беларускую і рускую мовы і літаратуру роўную колькасць гадзін, незалежна ад таго, рускамоўная іх школа ці беларускамоўная. У школьнікаў будзе па тры ўрокі рускай і беларускай мовы і па дзве гадзіны літаратуры. Сёння колькасць гадзін адрозніваецца ў залежнасці ад таго, на якой мове вучыцца школьнік. Калі на рускай, то рускай мовы больш.

Пакуль навіна запрацуе толькі ў другім класе, але праз год - у трэцім, а потым - і ў чацвёртым. Такім чынам у пачатковай школе паступова прыйдуць да роўнай колькасці дзвюх дзяржаўных моў. Такая сістэма ўжо даўно працуе ў старэйшых класах, пачынальна з пятага.

- У нас усё-такі дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. І калі з 5-га па 11-ты клас колькасць гадзін рускай і беларускай мовы, незалежна ад мовы навучання, аднолькавая, то чаму ў пачатковай школе розная? - задаецца пытаннем Ірына Булаўкіна. - Праўда, мы не чапалі першыя класы. Там дзеткі пачынаюць вывучаць грамату, вучыцца чытаць. Колькасць гадзін не змянялі, каб дзіця ўвайшло ў моўнае асяроддзе.

Па словах прадстаўніка Мінадукацыі, вывучэнне беларускай мовы ў школах не абмяжоўваецца толькі колькасцю навучальных прадметаў. У сярэдніх школах распрацавана больш за 40 факультатыўных заняткаў, гэта значыць школьнікі па жаданні могуць вывучаць беларускую мову і пасля ўрокаў.

З 2012 гады ў Міністэрстве заўважылі тэндэнцыю: вучні рускамоўных школ па жаданні вывучаюць гісторыю і геаграфію Беларусі на беларускай мове. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе гісторыю Беларусі на беларускай мове захацелі вучыць больш за 18 тысяч вучняў, а геаграфію - каля 500. З кожным годам гэта лічба расце. Па меркаванні Ірыны Булаўкінай, гэта добрая тэндэнцыя.

Таксама з гэтага навучальнага года вучні 10 класаў сярэдніх школ могуць вывучаць беларускую мову і літаратуру на падвышаным узроўні. Для гэтага не абавязкова вучыцца ў гімназіі. У такіх класах па тры гадзіны беларускай мовы і літаратуры ў тыдзень. З наступнага навучальнага года такая магчымасць з'явіцца і ў 11-класнікаў.

Нагадаем, што ў 1990 годзе беларускую мову абвясцілі адзінай дзяржаўнай мовай у краіне. У 1994-1995 навучальных гадах, каля 75% першакласнікаў пайшлі ў класы з беларускай мовай навучання. Каля 40% ад агульнага ліку школьнікаў вучыліся на беларускай мове.

Пасля рэферэндуму 1995 года, на якім беларусы выказаліся за двухмоўе, суадносіны рускамоўных і беларускамоўных школ змянілася не ў карысць роднай мовы. Напрыклад, у 2012-2013 навучальным годзе 83% школьнікаў атрымлівалі адукацыю на рускай мове, і толькі 17% - на беларускай.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў практычна адразу пасля таго, як яго прызначылі міністрам, выказаў надзею, што з часам больш паловы прадметаў у школе будуць выкладаць на "роднай мове". Пра беларускую мову ў сістэме сярэдняй адукацыі выказваўся і Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт здзівіўся, што рускай і нават ангельскай мовам адводзіцца больш гадзін, чым беларускай.

Наталля Касцюкевіч , TUT.BY.


110 гадоў з дня нараджэння Мікалая Ўлашчыка

Мікалай Мікалаевіч УЛАШЧЫК (14 лютага 1906, в. Віцкаўшчына, Койданаўская воласць, Менскі павет, цяпер Дзяржынскі раён, Менская вобласць - 14 лістапада 1986, Масква) - беларускі гісторык, археограф, празаік, перакладчык, мемуарыст. Доктар гістарычных навук. Аўтар навуковых прац па гісторыі ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Нарадзіўся ў сям'і заможнага селяніна. У 1924-1930 працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і Кніжнай палаце БССР. Браў актыўны ўдзел у нацыянальным жыцці Менска. Пачаў публікавацца з 1924. У 1929 скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Арыштаваны 16 чэрвеня 1930 у справе "Саюза вызвалення Беларусі", фактычна за працу ў галіне беларускага краязнаўства. 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Налінск Вяцкай вобласці. Арыштаваны зноў у ліпені 1932 і 10 чэрвеня 1933 асуджаны паўторна; этапаваны ў Марыінскі лагер (Новасібірская вобласць); потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці. Вызвалены вясной 1935 без права вяртання ў Беларусь. Працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі. З 1939 у Ленінградзе. Арыштаваны 23 чэрвеня 1941; высланы ў Златавуст Чалябінскай вобласці. Пры садзеянні акадэміка Л. Арбелі 28 лістапада 1942 вызвалены. У 1948 выкладаў у Маскоўскім універсітэце. У 1949 звольнены з працы. Арыштаваны 23 снежня 1950; этапаваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены 25 сакавіка 1955. Вярнуўся ў Маскву. Да 1986 працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР. Пахаваны ў Менску на Чыжоўскіх могілках. У г. Старыя Дарогі Улашчыку ўстаноўлены помнік.

Вікіпедыя.


Уладзіміру Ягоўдзіку - 60

нарадзіўся 14.02.1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах, у 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978-1982 гг. працаваў карэспандэнтам Берасцейскай абласной газеты "Заря", рэдактарам Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Менску. У 1982-1990 гг. - супрацоўнік штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва", з 1990 г. - рэдактар газеты "Дзеці і мы". Сябар СП СССР з 1985 г.

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета "Гродзенская праўда"). Выдаў кнігі прозы "Стронга" (1984), "Вочы Начніцы" (бібліятэка часопіса "Маладосць", 1989), "Прыручэнне птушкі" (1989), зборнік казак "Сонейка, свяці!" (1988). Аўтар мастацкага альбома "Алена Кіш" (1990).

Напісаў для дзяцей п'есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні, "Залатое зярнятка" (пастаўлена ў 1983), "Сонейка, свяці!" (надрукавана і пастаўлена ў 1985), "Пякла баба калачы" (з А. Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987), "Сакрэты Вогніка" (пастаўлена ў 1987), "Усміхніся, прынцэса..." (надрукавана і пастаўлена ў 1990).

Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі. Перакладае з расейскай і ўкраінскай моў.

Вікіпедыя. (Пра У. Ягоўдзіка чытайце на ст. 4.)


Справаздача Шаркоўшчынскай суполкі ТБМ за 2015 год

1) У пачатку года да нас дайшло выданне Глыбоцкай суполкі ТБМ "Голас з рэзервацыі" накладам 60 экземпляраў. Гэта зборнік беларускамоўных вершаў жыхара Глыбоччыны з вёскі Хрыстова Люцыяна Шчаснага. Нас уразіў яго лёс. Рос ён у ваеннае галоднае ліхалецце, без бацькі - маці і трое дзяцей. У 14 гадоў ён пайшоў шукаць прыгодаў, вандраваў аж да Далёкага Усходу. Пад старасць вярнуўся на радзіму ў вёску Хрыстова. Пасвіў жывёлу ў калгасе і пісаў вершы на беларускай і рускай мовах. Напісана 11 тоўстых сшыткаў. Райчонак Ада Эльеўна з сябрамі ўжо не адзін раз наведала яго з хворай жонкай у беднай яго хаце ў Хрыстове, арганізуе дапамогу. Наша суполка чытала і абмяркоўвала зборнік яго беларускамоўных вершаў.

2) Другім абмеркаваннем была кніжка "Дзісна ў 1930 - 40-я гады". Выданне "Сумежжа", Паставы, 100 экземпляраў. Гэта частка кнігі ўспамінаў нашага земляка, польскага пісьменніка Эдмунда Кузіновіча "З каралеўскага горада Дзісна праз Слупск да Уроцлава" ў маім перакладзе з польскай мовы. Дзісна - гэта адвечны павятовы горад для нашай мясцовасці, а потым - уездны горад. Аўтар успамінаў, былы жыхар Дзісны, апісвае падзеі таго бурлівага часу, якія памятаюць старэйшыя людзі, або чулі аб іх ад бацькоў.

3) Краязнаўчая канферэнцыя ў Германавічах на базе прыватнага музея А.Э. Райчонак, прысвечаная падзеям першай Сусветнай вайны ў нашай мясцовасці. З дакладамі на беларускай мове выступілі краязнаўцы з Мёрскага, Браслаўскага, Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў і наш зямляк беларус з Даўгаўпілса.

4) У Германавічах праведзены пленэр, прысвечаны памяці Рыгора Барадуліна. Сябры ТБМ сабралі камяні ад жорнаў і адвезлі да помніка Барадуліну на могілках.

5) У жніўні ў Германавічах праведзены мнагалюдны "Бульбяны фэст" з удзелам сяброў з Глыбокага. Жанчыны арганізавалі вялікую выставу розных беларускіх страў з бульбы. Гатавалі стравы і на месцы. Гучалі песні пра бульбу і не толькі. Праводзіліся віктарыны і конкурсы пра бульбу і не толькі. Выдаваліся прызы. Выступілі запрошаныя барды.

6) У верасні ў Шаркоўшчыне з удзелам краязнаўцаў і сяброў ТБМ адбылася прэзентацыя кніжкі Сяргея Васільева "Кароткая гісторыя Міёр".

7) Летам у Лужках прынялі ўдзел у прэзентацыі кніжкі ўспамінаў нашага земляка Васіля Стомы "Маё мястэчка" пра жыццё і побыт у Лужках у даваенны час. Нашы сябры выступілі са сваімі ўспамінамі пра той час і як гэты ўклад жыцця рэзка парушыўся з верасня 1939 года.

8) Летам Райчонак А.Э. правяла экскурсію па сваім багатым на экспанаты прыватным літаратурна - мастацкім музеі ў Германавічах.

9) Восенню ў Шаркоўшчыне адбылася сустрэча з вядомым беларускамоўным палітыкам Паўлам Севярынцам, які прэзентаваў свае апошнія выданні.

10) Такая ж сустрэча адбылася з беларускім палітыкам Ігарам Ляльковым па абмеркаванні пытання патрэбнасці беларусам шэнгенскіх віз.

11) Летам адбылася прэзентацыя кнігі вершаў "Шурпатая дарога", выдадзенай у Глыбокім накладам 99 асобнікаў. Аўтар кнігі Віктар Сікора, шчыры беларус, сын знакамітага садавода Івана Паўлавіча Сікоры.

12) У 2015 годзе мясцовая паэтка, сябар літаратурнага аб'яднання "Світанак" Людміла Ардынская выдала два зборнікі сваіх вершаў: "Мае карані" і "Яблыневы сад". Прэзентавала іх у нашай суполцы ТБМ.

13) У снежні 2015 года тая ж Людміла Ардынская арганізавала ў сваёй вёсцы Радзюкі Шаркоўшчынскага раёна у калгасным клубе літаратурна-музычную вечарыну з удзелам мясцовых мастацкіх калектываў з Радзюкоў, з Шаркоўшчыны і з Каўшэлева. Тут жа прэзентавалі свае вершы мясцовыя паэты Міледзі Кукуць і Паляк Надзея Васільеўна. Усе мерапрыемствы праводзіліся толькі на беларускай мове.

Справаздачу склаў Уладзіслаў Ляскоўскі.



ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у ІХ Агульнанацыянальнай дыктоўцы , прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, першы тур якой адбудзецца 21 лютага ў сядзібе ТБМ. Пачатак у 11.00 гадзін. Кожны ўдзельнік атрымае падарунак.



23 лютага (аўторак) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Новы гістарычны цыкл - Беларусь у ст. Пачатак 18.00. Уваход вольны.


Якім павінна быць "Наша слова"?

Паважаны Алег Анатольевіч!

Паважаны Станіслаў Вацлававіч!

Даўно хацеў напісаць вам свае меркаванні аб газеце "Наша слова", але не адважваўся, саромеўся. Я ж - дылетант у газетнай справе, нават не маю вышэйшай адукацыі, таму лічыў, што мае разважанні Вы ўспрымеце несур'ёзна, зробіце выснову, што "яйцо вучыць курыцу". І вось надрукаваны ў газеце ад 3 лютага ліст пісьменніка Сяргея Чыгрына пра газету "Наша слова" прыдаў мне ўпэўненасць у тым, што вам трэба ведаць меркаванні простых сяброў ТБМ.

Газета "Наша слова" нецікавая для радавых, калі можна так сказаць, чытачоў. Яна яўна прайграе па ўсіх параметрах "Новаму часу". Я ўжо некалькі разоў хацеў адмовіцца ад падпіскі на "Наша слова", і толькі абавязак сябра грамадскага аб'яднання ўтрымліваў мяне ад гэтага ўчынку.

Я цалкам згодны з заўвагамі пісьменніка Сяргея Чыгрына і хачу выказаць яшчэ некаторыя свае меркаванні аб газеце. На маю думку здымкі, якія друкуюцца ў газеце, павінны быць не толькі якасныя тэхнічна, але яшчэ адпавядаць мастацкім, эстэтычным якасцям. Я разумею, што здымкі аматарскія, але ж занадта ўжо гэтыя аматары навічкі. Уражанне ад іх здымкаў такое, што яны ўпершыню ў жыцці трымаюць у руках фотакамеру.

Рэдакцыя газеты стараецца ўціснуць у газетны аркуш як мага больш інфармацыі, і гэта прыносіць толькі шкоду газеце. Напрыклад, у "Народнай Волі" часта можна ўбачыць надрукаваныя вельмі вялікімі літарамі загалоўкі на актуальныя тэмы грамадскага жыцця. Адразу звяртаеш увагу на праблемы. Нават тэкст артыкула ўжо толькі дапаўняе загаловак.

Прабачце, Алег Анатольевіч, але ж надакучыла Ваша перапіска з чыноўнікамі, асабліва ўжо не хочацца чытаць іх (чыноўнікаў) бесталковыя адпіскі. У гэтых адпісках - здзек з усіх сяброў ТБМ. Наогул газета вельмі лаяльная да ўлады. Можа я памыляюся, але ж у газеце не друкаваліся матэрыялы, у якіх была б крытыка канкрэтных кіраўнікоў райвыканкамаў за русіфікацыю ў іх раёнах.

Увогуле трэба, Алег Анатольевіч, актывізаваць работу мясцовых суполак ТБМ. Многія сябры ТБМ у гэтых суполках непрацуючыя пенсіянеры. Ім жа няма чым дома займацца. Няхай яны ходзяць на прыём да шматлікіх чыноўнікаў раённых і абласных выканкамаў па пытаннях падтрымкі і папулярызацыі беларускай мовы. Трэба чыноўнікаў афіцыйна запрашаць на мерапрыемствы, якія праводзяцца суполкамі ТБМ. Можна і трэба кожны дзень турбаваць чыноўнікаў, дэпутатаў па пытаннях беларусізацыі паштоўкамі, тэлефанаваннямі, дасылаць звароты праз інтэрнэт. У паштоўках высылаць ім асобнікі газеты "Наша слова", віншаванні з нацыянальнымі святамі, юбілейнымі датамі беларускай гісторыі. Нас, сяброў ТБМ, вельмі многа, і калі кожны з нас хоць штосьці канкрэтнае ў справе беларусізацыі зробіць у сваіх вёсцы, пасёлку, горадзе, там дзе працуе, жыве - гэта будзе сведчыць і для ўлады, і для грамадскасці, што ёсць знізу не толькі падтрымка беларускай мовы, але і патрэба ў ёй.

Не ведаю як зрабіць, але было б вельмі добра, каб газета "Наша слова" вучыла чытачоў беларускай мове. Усе мы, сябры ТБМ - нашчадкі савецкага чалавека, усе зрусіфікаваныя, толькі хтосьці можа ў меншай ступені, а, напрыклад, я ўжо многа гадоў жыву пасля Расіі на Радзіме а ніяк не магу дасканала вывучыць беларускую мову, размаўляю на "трасянцы", пішу з памылкамі. Газетныя публікацыі па курсу беларускай мовы былі б вельмі дарэчнымі для такіх людзей, як я.

Рэдакцыі газеты трэба напоўніцу выкарыстоўваць магчымасьці інтэрнэту. У сацыяльных сетках вельмі многа сяброў ТБМ, якія праяўляюць актыўнасць. Можа трэба іх неяк арганізаваць, прыцягнуць да супрацоўніцтва з газетай.

Я разумею, што газета "Наша слова" выходзіць з друку дзякуючы грамадскай ініцыятыве людзей, якія ўваходзяць у рэдкалегію, якія падтрымліваюць газету матэрыяльна. Ужо некалькі разоў, як я памятаю, Рада ТБМ абмяркоўвала пытанне пра падпіску на "Наша слова". Арганізацыйна павялічыць колькасць падпісчыкаў можна, але не на шмат. Мяркую, што кіраўніцтву ТБМ трэба абмеркаваць патанне ўвогуле аб газетах ТБМ. Два выданні - газета "Наша слова" і газета "Новы час" - для грамадскага аб'яднання, можа, зашмат? Можа, трэба ўсе сілы і фінансавыя сродкі сканцэнтраваць на адной газеце ТБМ і зрабіць яе сучаснай па афармленні, цікавай па змесце, і тады можна разлічваць на яе масавасць? Газета ТБМ павінна ўзняцца да ўзроўню "Народнай Волі". Гэта справа гонару ўсіх сяброў ТБМ.

З павагай, Міхась Спірыдовіч , сябар Івянецкай суполкі ТБМ.


Добры дзень, шаноўная рэдакцыя "Нашага слова".

У газеце ад 3.02.2016 г. прачытала артыкул "Пра падпіску на "Наша слова" і вырашыла напісаць некалькі радкоў, бо не засталася абыякавай ад прачытанага. Я - былая настаўніца беларускай мовы, цяпер на пенсіі, мне 81 год, выпісваю і чытаю рэгулярна "Наша слова" і не толькі выпісваю, але і маю падшыўкі за шмат гадоў. У кожным квартале ўважліва чытаю, як прайшла падпіска, і вельмі не задаволена, калі бачу, што ў нейкім раёне яна панізілася.

Я не член ТБМ, бо якая з мяне карысць у любой арганізацыі, а газету і так выпісваю. То я лічу, што калі б члены ТБМ, хоць праз аднаго падпісаліся, то падпіска была б саліднай.

Прачытаўшы артыкул, я з некаторымі высновамі не згодная.

Газета, вядома, вельмі добрая, трэба вынесці падзяку яе рэдактару за яго тытанічную працу і ўвагу да кожнага чытача. І я па тэлефоне звярталася да яго, калі мне газету не даслалі. Ён патэлефанаваў на пошту ў наш раён, і справа наладзілася.

Патрабаванні ў артыкуле вялікія, але хто і за якія сродкі будзе гэта ўсё рабіць?

Пункт 3 . Я, напрыклад, вялікія артыкулы чытаю заўсёды ўважліва, бо яны актуальныя, і дзе ты іх больш прачытаеш?

Пункт 4. Вельмі слушна, на гэта трэба звярнуць увагу. З цікавасцю прачытала ў гэтым жа нумары рэцэнзію Алы Петрушкевіч на часопіс "Верасень".

Пункт 6. Без конкурсаў можна абысціся, бо яны падпісчыкаў не прыцягнуць.

Пункт 8. Вельмі слушны пункт.

Пункт 10. Як для мяне, то гэты гумар не патрэбны.

Не згодна я, што ўсе пасіўныя і гультаі. Вядома энтузіястаў мала, але ўмовы такія.

Ад сябе хачу дапоўніць. Як я паглядзела, то наклад шмат большы за падпіску. Не трэба "тыкаць" газету проста абыяк. Падпіска бібліятэк, школ іншы раз (а то і ў большасці выпадкаў) ім не патрэбная, і яны яе не выкарыстоўваюць. Хай будзе наклад па патрэбнасці.

У газеце падаюцца прэзентацыі многіх кніг, напрыклад, кнігі "Скідзель", я яе шукала паўсюль, не магла ніяк дастаць, але ўсё ж такі маю, дзякуючы добраму чалавеку. Зараз гаворыцца пра кнігу "Беларуская глыбіня". Я яе так-сама ўжо даўно чытала, дык я пра тое, хай бы які пункт ці кнігарня маглі б прысылаць кнігі накладной платай, і аб гэтым была б аб'ява ў газеце. Не кожны дойдзе да тае кнігарні.

У мяне да газеты прэтэнзій няма, добра, што яна ёсць. Яе рупліўцу Станіславу Вацлававічу жадаю плёну ў яго пачэснай працы. А прапановы, падказкі, вядома, могуць быць. Рэдакцыя, наколькі зможа, іх улічыць.

З павагай Яўгенія Кулевіч , в. Сялец, Смаргонскі р-н.



Рэдактару газеты

"Наша слова"

Судніку С.В.

Шаноўны Станіслаў Вацлававіч!

У асобных нумарах газеты падымалася пытанне аб павелічэнні колькасці падпісчыкаў на яе. З гэтай нагоды хачу выказаць сваё меркаванне і прапанову на гэты конт.

Аб існаванні газеты "Наша слова" я выпадкова даведаўся з рэспубліканскай газеты "Звязда", дзе паведамлялася аб выхадзе яе 1000-га нумара. З той пары я з'яўляюся пастаяннам падпісчыкам Вашай газеты.

Магчыма, многія не ведаюць аб існаванні такой газеты. Таму, можа, патрэбна болей рэкламаваць яе ў сродках масавай інфармацыі (ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах) і інш. Падумайце аб гэтым.

З павагай - Саўко Міхаіл Аляксандравіч , г. Барысаў, пенсіянер.


ТАКІ ВІД СПОРТУ ПРАКТЫКУЕЦЦА

Як ужо паведамляла "НС", у Магілёве праведзена чарговае Беларускае пяціборства. 9 лютага ў Магілёўскім універсітэце імя А. Куляшова адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў. З гэтай нагоды мы задалі некалькі пытанняў старшыні аргкамітэта Беларускага пяціборства Міхасю Булавацкаму.

- Спадар Міхась, вы правялі чарговае, ужо пятнаццатае Беларускае пяціборства. Нагадайце, што гэта за спаборніцтва.

- Гэта спаборніцтва для навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў на якасць іх агульнай адукацыі. Умоўна кажучы, гэта абласная алімпіяда, толькі не па адной вучэбнай дысцыпліне, а па шэрагу найважнейшых. Сюды ўваходзяць матэматыка, мова, літаратура, гісторыя сваёй краіны і прыродазнаўства. Малады чалавек не павінен быць, адпаведна Казьме Пруткову, падобным да чырая, паўната ў якога аднабокая. Але арыентацыя на традыцыйныя прадметныя алімпіяды якраз і прыводзіць да стварэння такіх "аднабокіх". Калі хлопец ці дзяўчына добра ведае фізіку і рыхтуецца да адпаведнай алімпіяды, то настаўнікі іншых вучэбных дысцыплін пачынаюць ставіцца да іх менш патрабавальна, нярэдка па прамой "падказцы" адміністрацыі. А ў выніку выходзяць з школы з добрым веданнем фізікі, але недавучанымі ў літаратуры, гісторыі, мове. Атрымліваецца чалавек гуманна недаразвітым. А добрае веданне законаў прыроды ў такога чалавека можа нават стварыць небяспеку для грамадства, бо не вядома, як ён свае веды скарыстае. Хтосьці з паэтаў сказаў: розум павінен быць асардэчаным.

- Разумею вашу заклапочанасць гэтай праблемай. Але ці спрыяе пяціборства яе вырашэнню?

- Гавораць, што правільна пастаўленае пытанне - гэта палова адказу. Пяціборства дапамагае звярнуць увагу на праблему. І тут гаворка не столькі пра настаўнікаў ці кіраўнікоў адукацыі, а найперш пра саміх навучэнцаў. Ім жа, выдатным матэматыкам, фізікам (а перш-наперш такіх мы запрашаем на наша спаборніцтва), ставяць высокія адзнакі па мове, гісторыі. І яны прывыкаюць лічыць, што роднай мовай валодаюць, што гісторыю больш-менш ведаюць. І тут выяўляецца, што патлумачыць нейкую прыродную з'яву на роднай мове ці развязаць на мове матэматычную задачу - не хапае слоў. Развязак ведае, а перадаць яго словамі не можа. Чалавек вяртаецца дадому здзіўленым і збянтэжаным. Ён жа такога не чакаў! І некаторыя спрабуюць выправіць сітуацыю. Нам вядома, напрыклад, што двое ранейшых спаборнікаў набылі сабе руска-беларускі матэматычны слоўнік. Навошта ён ім? А каб пашырыць сваё валоданне роднай мовай. Можа, такіх і не двое. Нярэдкая з'ява, калі чалавек прыходзіць на пяціборства другі ці трэці раз (было і па чатыры разы) і з кожным разам паказвае ўсё больш высокі ўзровень валодання мовай ці ведамі ў гісторыі.

- Чым пятнаццатае пяціборства адрознівалася ад ранейшых?

- Наша спаборніцтва становіца ўсё больш папулярным. Раней мы дапускалі да яго ўсіх ахвотных. Але леташняе пяціборства, на якое прыйшлі 45 спаборнікаў, стварыла напружанне. Калі б прыйшлі яшчэ некалькі чалавек, то ўзнікала праблема, куды пасадзіць. Хаця ўніверсітэт дае нам вялікую аўдыторыю, але і яна мае абмежаванні. Мы ж рассаджваем так, каб яны сядзелі не побач адзін з адным. Таму зараз мы пачынаем прымаць удзельнікаў па папярэдніх заяўках. Паступіла 44 заяўкі, але некалькі чалавек па розных прычынах не прыбылі. У пятнаццатым пяціборстве бралі ўдзел 38 спаборнікаў. І яшчэ адна адметнасць. Мы рассылалі паведамленні па школах з просьбай адгукнуцца аб атрыманні паведамлення. Адгукнуліся толькі тры школы. І мы пачалі дазвоньвацца, каб высветліць, ці атрымана паведамленне. На адзін такі запыт пачулі: "Што? Беларускае пяціборства? У нашай школе такі від спорту не практыкуецца." Спачатку пасмяяліся з такога непаразумення, а потым задумаліся: а сапраўды, чаму б не лічыць гэта відам інтэлектуальнага спорту? Вось жа шашкі, шахматы - спартыўныя гульні. У выніку ўпершыню пераможцы Беларускага пяціборства атрымалі акрамя дыпломаў і прызоў яшчэ і спартыўныя медалі.

- Раскажыце пра пераможцаў.

- Пра гэта прыемна распавядаць. Фактычна пераможцаў больш, чым тры, бо мы ўзнагароджваем таксама пераможцаў у асобных намінацыях. Першае месца заняў дзевяцікласнік 21-й школы г. Магілёва Ілля Касакоў, які годам раней быў другім. У яго самыя высокія балы па мове, літаратуры (дзякуючы, як ён напісаў у анкеце, свайму народу і настаўніцы Ю. Бузук) і па гісторыі (тут ужо дзякуючы найперш уласнай цікаўнасці да гістарычнай літаратуры). Таму акрамя галоўнага прыза і залатога медаля Ілля атрымаў тры адмысловыя прызы за перамогу ў асобных намінацыях. На другім месцы навучэнка выпускнога класа гімназіі № 3 г. Бабруйска Ангеліна Жыркевіч, якая паказала лепшы вынік ў развязванні матэматычных задач. Ангеліна ўдзельнічала ў пяціборстве чацвёрты раз і першыя тры разы станавілася пераможцай, таму застанецца ў гісторыі пяціборства як адзіная тройчы пераможца, перавысіўшы выдатны вынік яе старэйшай сястры Настассі, якая была двойчы пераможцай пяціборства. Абедзве дзяўчыны не раз перамагалі ў абласной алімпіядзе па матэматыцы, дзякуючы настаўніцкаму таленту іх маці Алены Юр'еўны, якая выкладае матэматыку ў той жа гімназіі, але - sic! - дзякуючы якой яны засвоілі і родную мову, і гісторыю сваёй краіны. Выдатны прыклад служэння сваёй Бацькаўшчыне! На трэцім месцы Ангеліна Бялясава (11 клас гімназіі № 1 г. Бабруйска). Клас Ангеліны мае фізіка-матэматычны профіль, і натуральна, што і на пяціборстве яна паказала лепшы з усіх намінацый вынік у матэматычных заданнях, выказаўшы тым самым падзяку сваёй настаўніцы І. Барысевіч. Акрамя таго адмысловыя прызы атрымалі: Мацвей Дашкевіч з Мсціслава за лепшыя адказы на пытанні з гісторыі (у яго выніковае IV месца), Лізавета Багачова за лепшыя адказы на пытанні з прыродазнаўства (падзяка выдатнаму настаўніку фізікі Магілёўскага ліцэя № 1 А. Саковічу) і Наста Шухава з Асіповіч за лепшы развязак матэматычных задач (выніковае V месца), якая летась была другой. За свае поспехі Наста дзякуе настаўніцам матэматыкі А. Жыгадла і А. Кураковай, але і бацьку, які ўзбудзіў яе цікаўнасць да розных навук, да літаратуры.

- Чым жа пяціборства, акрамя прызоў, прываблівае навучэнцаў?

- Сапраўды, прызы тут невялікія, і не яны - галоўная цукерка. Хаця трэба сказаць, што з прызам аказваецца кожны ўдзельнік. Перад пачаткам спаборніцтва праводзіцца кніжная латарэя, дзе спаборнікі ў парадку выцягнутых нумароў выбіраюць сабе кнігі з тых, што нейкім чынам здабылі валанцёры ТБМ. А зараз там не толькі кнігі, але і наборы паштовак ці паштовак марак - магчыма, нехта з філатэлістаў і спакусіцца. Але важней іншае. Гэта ж 9-11-я класы, калі вучні ўжо задумваюцца аб тым, дзе яны будуць па заканчэнні школы, і што ім для гэтага трэба. Тры разы на год праводзіцца рэпетыцыйнае тэставанне па розных дысцыплінах. І ахвотных прайсці рэпетыцыю тэстаў заўсёды шмат. Нават за плату. А пяціборства дае ім яшчэ адну магчымасць параўнаць узровень сваёй адукацыі з узроўнем адукацыі сваіх аднагодкаў, каб убачыць недахопы гэтай адукацыі і паспрабаваць нешта паправіць. Прытым адразу па некалькіх дысцыплінах і без ніякай аплаты. Яшчэ адзін аспект: наша спаборніцтва мае не толькі вымяральна-кантрольную функцыю, але і адукацыйную. 100 хвілін спаборнікі думаюць, шукаюць адказы-развязкі, нешта знаходзяць, нешта не знаходзяць. І вось на такім эмацыйным узбуджэнні здаюць працы і… на выхадзе атрымліваюць аркуш з адказамі. Каб вы бачылі, ЯК яны чытаюць тыя адказы! Няцяжка зразумець, што прачытанае ў тым аркушы надоўга застанецца ў іх свядомасці, у іх памяці. Таму мы імкнемся падбіраць заданні так, каб яны закраналі істотныя рэчы з кожнай вучэбнай дысцыпліны, якія сапраўды варта ведаць і помніць.

- Патлумачце гэта прыкладамі з апошняга Беларускага пяціборства.

- Калі ласка. Вось ці зможаце вы, напрыклад, патлумачыць розніцу паміж словамі "абое" і "абодва". На жаль, не кожны настаўнік беларускай мовы зробіць гэта дакладна. Я сам раней блытаўся з гэтымі словамі. Як дапамагчы вучням усвядоміць гэтую розніцу, каб правільна словы скарыстоўваць? І мы ўключылі гэтае пытанне ў заданне па мове. Блізкіх да правільнага адказаў было ўсяго чатыры. 34 з 38 удзельнікаў не разумелі розніцы паміж словамі. Але яны не разумелі гэтага да дня пяціборства. А атрымаўшы на выхадзе аркуш з адказамі і ўважліва прачытаўшы тлумачэнне (а чытаюць ой як уважліва!), запомняць надоўга. Ці вось заданне з прыродазнаўства. Некалькі год таму мы прапаноўвалі патлумачыць прычыну змены дня і ночы ды прычыну змены лета і зімы. Як бы можна пражыць, і не ведаючы гэтага. Але ж без гэтых ведаў што ў цябе за адукацыя! Тады тры спаборнікі не ведалі, чаму ноч змяняе дзень, а прычыну змены лета і зімы досыць прыблізна ведалі два ці тры спаборнікі. А тут жа вяршкі школьніцкай моладзі! Зараз захацелася паўтарыць гэтыя пытанні. Вынік такі: прычыну змены дня і ночы ведаюць 27 з 38, а прычыну змены лета і зімы (не зусім дакладна) - чатыры. Вось узровень нашай прыродазнаўчай адукацыі. Гэтым трыццаці васьмі мы дапамаглі сваім аркушамі з адказамі…

- Я зразумеў, што вы праводзіце Беларускае пяціборства, каб дапамагчы лепшым навучэнцам пашырыць і ўпарадкаваць сваю адукацыю?

- Пашырыць - наўрад ці. Мы не пашыраем і не паглыбляем. Мы вяртаем тое, што ўжо павінна быць, але чамусьці страчана. Ці па нейкай прычыне не набыта. Вось упарадкаваць - у нейкім сэнсе так, спрабуем. Але і не толькі…

- Што, маецца яшчэ нешта важнае ў ідэі Беларускага пяціборства?

- Маецца. Спаборнікі на дзве гадзіны трапляюць у беларускамоўны асяродак - дзе яшчэ яны такі асяродак знойдуць? 100 хвілін напружана думаюць, спрабуючы аформіць свае думкі беларускімі словамі, - на якім школьным уроку такое ўбачыш? І вось яшчэ: перад пачаткам спаборніцтва старшыня аргкамітэта робіць уступную прамову. Яна кароткая, хвілін 5-6. Сканцэнтраваць увагу на такі кароткі час любому чалавеку няцяжка і пачутае змясціць у сваёй свядомасці. Асабліва калі прамова змяшчае нязвыклую і цікавую інфармацыю. Дзе яшчэ яны пачуюць пра жыццёвую важнасць роднай мовы для існавання нацыі? Пра яе багатую гісторыю? Дзе яшчэ яны пачуюць, што матэматыка вымушана выконваць ролю логікі, бо логіку не засвоіў гімназіст Валодзя Ульянаў, і таму яна з праграмы савецкай школы выкінута і дагэтуль не вернута? Дзе яшчэ яны пачуюць пра выдатнага матэматыка, навукоўца Барыса Кіта, які 70 гадоў жыве далёка ад Беларусі, але размаўляе чыстай мовай сваёй радзімы? Хто ім калі распавядаў пра масавы расстрэл беларускіх пісьменнікаў, "нацдэмаў" у адну кастрычніцкую ноч 1937 года?.. І ў гэты раз, калі я пачаў сваю прамову, мяне амаль не слухалі, бо спаборнікі запаўнялі анкеты. Але вось адзін-другі-трэці спыняліся пісаць, паднімалі галовы і ўслухоўваліся ў тое, што гучала. Услухоўваліся ўважліва і напружана, бо тое, што гучала, было для іх новым, нязвыклым і прыцягальна патрэбным. Тут яшчэ адна маленькая спроба "ўпарадкаваць" іх адукацыю.

- Зычым вам поспехаў у гэтай добрай справе!

- Дзякую!

Пытанні задаваў Зміцер Савіч. На фота Надзеі Бацілавай: Аргкамітэт. 2. Пераможцы.


"Смутак матчын жаўранкам звініць…"

Да 60-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка

Гартаючы стары "ЛіМ" натрапіў на паэтычны дэбют Уладзіміра Ягоўдзіка. Так-так, я не памыліўся, менавіта на паэтычны дэбют, які адбыўся ў "ЛіМе" 18 чэрвеня 1976 года. Тады Уладзімір Ягоўдзік займаўся на трэцім курсе філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта і … пісаў вершы. Тры з іх апублікаваў "ЛіМ". Гэта вершы "Радзіме", "У інтэрнаце" і "Дзень Перамогі". Верш пра студэнцкі інтэрнат запомніўся адразу:

Не спіць за вокнамі

на Паркавай сталіца,

Наўкол рассыпаўшы

як пацеркі агні

А ў інтэрнаце -

хлопцам вёска сніцца,

Дзе смутак матчын

жаўранкам звініць.

Адкрыты твар

у кожнага шчаслівы,

А вусны пахнуць

кветкамі палёў

І неяк светла,

крышку сарамліва

Глядзяць з далоняў

зоркі мазалёў.

Сумны верш, але такі блізкі сэрцу, такі шчыры і цёплы, як той матчын смутак. А два вершы "Вясновае" і "Вечар" Уладзіміра Ягоўдзіка былі надрукаваныя і ў зборніку студэнтаў-узлётаўцаў Белдзяржуніверсітэта "Вёсны" (1977). Тады юнаку з вёскі Кастровічы Слонімскага раёна было толькі 21. Божа ж ты мой, а здаецца, што гэта ўсё адбывалася ўчора. А тыя ж паэтычныя "Вёсны" чытала ўся Беларусь. Ды і наклад быў прыстойны - 4700 асобнікаў.

Уладзімір Ягоўдзік у літаратуру ішоў імкліва. Але ўгняздзіцца ў паэзіі ён не змог, бо мала яму было там месца, мала было шырыні, прастору. Перайшоў на прозу. І яна прынесла юнаку ўдачу і поспех. Першую "Стронгу" ён злавіў у 1984 годзе, куды ўвайшлі аповесць "І паклікала я…", а таксама апавяданні. Другая "Стронга" да яго прыплыла з Масквы ў перакладзе Валянціны Шчадрыной у 1987 годзе. Да беларускай кнігі прозы "Стронга" прадмову напісаў Яўген Лецка, які падрэсліў, што першай кнізе "ўласцівы праўдзівасць, шчырасць і пошукавасць адначасова". Да маскоўскай "Стронгі" прадмову напісаў Уладзімір Калеснік з Берасця, адзначыўшы, што мастацкую прозу Уладзіміра Ягоўдзіка адрознівае "обостренно-нравственная мотивация чувств, намерений и поступков героев" .

Услед за "Стронгай" адна за адной пачалі пісацца і выдавацца новыя кнігі прозы, п'ес, казак, эсэ пра мастакоў і пісьменікаў. Чытачы памятаюць удалыя кнігі Уладзіміра Ягоўдзіка як для дарослых, так і для дзяцей: "Прыручэнне птушкі" (1989) у прыгожым афармленні Уладзіміра Савіча, "Вочы начніцы" (1989), што выйшла ў выдатнай некалі бібліятэчцы часопіса "Маладосць", "Белыя рысы на чорным полі" (1995) - кніга артыкулаў і эсэ пра дзеячаў беларускай культуры, а цэлую дзіцячую бібліятэку самых разнастайных па жанру выданняў. Усіх проста немагчыма пералічыць.

У 2008 годзе пісьменнік заснаваў серыю "Скарбы Радзімы" і пачаў у ёй для школьнікаў і іх бацькоў, а таксама для настаўнікаў, выдаваць прыгожыя каляровыя кніжкі. Кожная кніжка, прысвечана аднаму скарбу. І такіх кніжак-скарбаў Уладзімір Ягоўдзік падрыхтаваў і выдаў ажно 26. Якія гэта цудоўныя, прыгожыя і яркія выданні! Яны прысвечаны беларускай зіме, вясне, лету і восені, нацыянальным паркам і запаведнікам, звярам, птушкам, матылькам, кветкам, азёрам і рэкам. Асобныя выданні пабачылі свет пра разнастайныя валуны, пра тура, пра тое, чаму зніклі маманты. Усе гэтыя выданні, калі яны траплялі дзецям і настаўнікам у рукі, іх нельга было вярнуць назад, бо іх усе хацелі гартаць і чытаць. Аўтар ведае, што цікавіць сёння юных чытачоў, якую кніжку яны пакладуць у свой партфель і дома абавязкова прачытаюць. З густам дзетак і школьнікаў пісьменнік даўно пазнаёміўся. Бо некалі рэдагаваў газету "Дзеці і мы", часопіс "Бярозка". А ў лютым 1995 года Уладзімір Ягоўдзік засноўвае свой уласны дзіцячы экалагічны часопіс для сям'і і школы "Лесавік". Яму ўдалося выдаць звыш 80 нумароў. Гэта быў унікальны часопіс сяброў прыроды. У ім друкаваліся фотаздымкі вядомых фотамайстроў Беларусі Ігара Бышнёва, Сяргея Чарапіцы, Мікалая Гулінскага, Георгія Гулеўскага і іншых. Рэдактар прафесійна падбіраў для "Лесавіка" неабходныя тэксты, пісаў свае ўласныя, друкаваў пісьмы дзяцей і настаўнікаў, вершы беларускіх паэтаў, праводзіў экалагічныя конкурсы - адным словам, пісьменнік-рэдактар вучыў нас любіць і берагчы прыроду. На жаль, цяпер гэты часопіс не выдаецца з-за фінансавых праблемаў.

Наогул, Уладзімір Ягоўдзік - прыродазнаўца. Усё жыццё ён любіць вёску. У вёсцы нарадзіўся, пайшоў у школу. Але рана застаўся без бацькоў. З роднай вёскай Кастровічы яго часцей за ўсё звязвалі канікулы, куды з розных інтэрнатаў прыязджваў да свайго дзеда. Найчасцей ён сёння прыгадвае маці і дзеда. Мама часта хварэла, таму найбольш выхаваннем унука займаўся родны дзядуля. Першую сваю аповесць "І паклікала я…" празаік адрасаваў "У вянок маме". Гэта аповесць пра тое, што ён перажыў, што бачыў, што думаў. А потым была яшчэ адна аповесць "Вочы Начніцы" - шчымліва-самотны твор пра маці, пра дзеда і бабулю, пра маленства і станаўленне характару. Яна была напісана на аснове асабіста перажытага, пранізана пачуццём тужлівага болю. Шмат разоў перачытваю гэту аповесць Уладзіміра Ягоўдзіка і заўсёды перажываю разам з аўтарам, здаецца, бачачы праз акно сваёй старой хаты яго суседнія, зусім блізкія з маёй вёскай на Слонімшчыне, вёску Кастровічы. Усе вёскі-суседзі Уладзімір ведае, як кажуць, на памяць. Мы з ім дзесяткі разоў іх аб'ездзілі ўздоўж і ўпоперак. А зусім побач з Кастровічам знаходзіцца вёска Едначы. Некалі паэт Алесь Пісьмянкоў напісаў верш "Едначы" і прысвяціў яго Уладзіміру Ягодзіку. Ён пачынаецца радкамі:

Сонца заходзіць -

вогнішча ўсходзіць,

Свеціць ласкава ўначы.

Усё-такі добра, Валодзя,

Што ёсць на зямлі Едначы

Вельмі плённым для Уладзіміра Ягоўдзіка быў 2005 год. З друку выходзіць яго двухтомнік "Выбранае" ў шыкоўным афармленні мастака Юрася Алісевіча. Падмуркам для "Выбранага" сталi сем тонкiх кнiжак для дзяцей, якiя раней выходзiлi асобнымi выданнямi, сярод якiх "Птушыная дарога", "Нацыянальныя паркi Беларусi", "Менеск i яго браты", "Сонечныя пялёсткi". На мiжнародным конкурсе ў Брацiславе двухтомнік атрымаў ганаровую ўзнагароду ў намiнацыi "Самае лепшае выдавецтва". Крытэрыямi ацэнкi ў гэтай намiнацыi былi вартасць і змест кнiгi, а таксама ўменне выдавецтва правiльна i найбольш цiкава прадставiць матэрыял сваiм чытачам. Дарэчы, а гадамі раней Уладзімір Ягоўдзік становіцца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра.

З 2012 года Уладзімір Ягоўдзік плённа распачаў выданне сваіх новых кніг. Ён не толькі іх піша, але сам выдае, сам распаўсюджвае і прэзентуе свае кнігі ў навучальных установах краіны. У асноўным усе яны прысвечаны беларускай прыродзе, беларускай гісторыі, легендам і паданням і адрасаваны найперш школьнікам і настаўнікам. У 2012 годзе выходзіць кніга пісьменніка "Сіні калодзеж", у якую ўвайшлі 100 беларускіх легенд і паданняў, пераказаных аўтарам. У 2013 годзе - кніга аб прыроде "Год-карагод", потым - кніга апавяданняў і мініяцюр "Лясныя таямніцы", прысвечаная рэкам, азёрам і крыніцам, затым - кніга казак "Медзяны дзядок" і г.д. Пісьменнік добра ведае дзіцячую псіхалогію, умее размаўляць з маленькімі чытачамі пра самае вялікае, непаўторнае, агульначалавечае. Дзеці любяць яго творчасць, а ён любіць сустрэчы з імі.

Вельмі карыснай для школьнікаў атрымалася кніга Уладзіміра Ягоўдзіка "Шлях Рагвалода" (2013). Яна прысвечана беларускай гісторыі, а таксама сюды ўвайшоў і пераказ славутай "Аповесці мінулых гадоў". Здзівіў літаратар нас і выданнем "Быў знак на небе" (2015) - кнігай аб прыродзе Беларусі ў з'явах і падзеях. Што гэта значыць? Ды тое, што ў кнізе аўтар сабраў самыя цікавыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, занатаваныя ў летапісах і на старонках друкаваных выданняў, пачынаючы з 1002 года, калі "у той год з неба плылі зоркі і было шмат дажджоў"…

Уладзімір Ягоўдзік - яшчэ і драматург. Ён напісаў для дзяцей п'есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні. А гэта - "Залатое зярнятка" (пастаўлена ў 1983), "Сонейка, свяці!" (надрукавана і пастаўлена ў 1985 годзе), "Пякла баба калачы" (з А. Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987 годзе), "Сакрэты Вогніка" (пастаўлена ў 1987 годзе), "Усміхніся, прынцэса…" (надрукавана і пастаўлена ў 1990 годзе) і дзесяткі іншых…

Спіс напісаных твораў, выдадзеных кніг на самыя разнастайныя тэмы ў Уладзіміра Ягоўдзіка даволі шмат. Пра іх можна спрачацца і разважаць бясконца. Адно скажу, што ён сёння не лезе ў розныя палемікі і спрэчкі, а працуе спакойна, памяркоўна і разважліва, так, як належыць творцу. І вынікі працы - відавочныя. Таму свой юбілей празаік, драматург і публіцыст сустракае з добрай вязанкай новых планаў і адкрыццяў. А 14 лютага ён прыедзе ў дарагія сэрцу Кастровічы на Слонімшчыну, адведае магілы родных яму людзей, ускладзе кветкі і завітае ў бацькоўскую хату, якая яшчэ стаіць пры вуліцы. І хоць там сёння жывуць іншыя людзі, ён завітае да іх, каб яшчэ раз адчуць матчын смутак, які ўсё жыццё яму жаўранкам звініць…

З юбілеем цябе, дарагі мой сябра, зямляк, аднадумца. Жыві доўга і радуй нас сваім талентам!

Сяргей ЧЫГРЫН.


Дзіцячая бібліятэка № 10

Мы прызвычаіліся думаць, што бібліятэка - гэта суцэльныя паліцы кніг і цішыня. Але весела і цікава бавіць час можна і тут - у гэтым вы пераканаецеся, наведаўшы дзіцячую бібліятэку № 10. Сюды вы можаце прыйсці разам з малымі дзеткамі. Гэта месца не толькі для чытання, але і знаёмства, размоў, творчых заняткаў.

Асаблівасць дзіцячай бібліятэкі № 10 - яна мае шмат пакояў. Акрамя абанементаў і чытальных залаў для старэйшага ўзросту з камп'ютэрамі, для малодшага ўзросту са столікамі і "мядзведжым кутком", ёсць яшчэ некалькі пакояў, у тым ліку для мерапрыемстваў з авальным сталом, гульнявы з цацкамі і дыванком, яркімі і каляровымі кнігамі для дашкольнікаў.

Маючы такія магчымасці, такую прастору, бібліятэка прапануе для сваіх маленькіх чытачоў Школу ранняга развіцця "0+. Чытаем дзецям" у рамках "педагагічнай майстэрні", сутнасць якой заключаецца ў арганізацыі навучальнага працэсу праз гульнявую, даследчую дзейнасць, творчасць. Школа складаецца з дзвюх груп: для дзетак з 1 года да 2, другая - з 2 да 4-5 гадоў.

Тут вас чакаюць сустрэчы з кнігамі і іх аўтарамі, знаёмства з цікавымі людзьмі, майстар-класы і шмат-шмат іншага. Ну а вядуць заняткі ў "школе" самі бібліятэкары, прычым на добраахвотных пачатках, і займацца можна бясплатна. Гэта добрая альтэрнатыва дзіцячым цэнтрам. Да таго ж вялікі плюс бібліятэкі ў выхаванні дзетак - з маленства прывіваецца любоў да кніг і чытання, а таксама да роднай мовы.

На адным з такіх заняткаў пабывалі і мы і засталіся вельмі задаволеныя. Прысвечаны ён быў вывучэнню частак цела. Дзеткі сядзелі за столікамі, разам з бацькамі выразалі з кардону рукавічкі і ўпрыгожвалі іх, слухалі вершыкі і танцавалі. А пасля яшчэ разглядалі кнігі з малюнкамі і гуляліся ў малым пакойчыку. І не хацелася сыходзіць.

А яшчэ нядаўна ў бібліятэцы адбылася сустрэча з пісьменнікам Анатолем Зэкавым у рамках рэспубліканскай акцыі "Сямейнае чытанне", адным з арганізатараў якой з'яўляецца выдавецкі дом "Звязда". На гэтую сустрэчу былі запрошаны дзеткі 3-га класа сталічнай гімназіі № 11, дзе праходзіць Тыдзень беларускай мовы. Яны з цікавасцю слухалі аўтара, разгадвалі загадкі, атрымліваючы каляндарыкі, а напрыканцы - аўтографы да кнігі "Вожык вёз сараканожак".

Наведаўшы аднойчы гэтую бібліятэку, вы станеце яе пастаянным сябрам і чытачом.

Наш кар.


Вандроўка ў госці да карыфеяў беларушчыны

Вандроўку ў госці да карыфеяў беларушчыны зладзілі сябры магілёўскай суполкі ТБМ. 9 студзеня мы наведалі жывога класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча і пісьменніка, літаратара-даследчыка, фалькларыста-этнографа Арсеня Ліса.

Паколькі Ніл Сымонавіч у свае 84 гады пачуваецца не надта добра, планавалася не затрымлівацца ў яго і не напружваць доўгімі размовамі, абмежаваць сустрэчу 15-20 хвілінамі, каб паспець сказаць колькі добрых словаў ды атрымаць аўтографы, але незаўважна размова зацягнулася на паўтары гадзіны. Гаворка пачалася са знаёмства з гасцямі, бо апроч Алега Дзьячкова ўсе астатнія ўпершыню сустрэліся з паэтам, ды яшчэ ў яго доме. Цікавіўся Ніл Сымонавіч і нашымі ТБМ-аўскімі справамі, узгадалі вядомых землякоў з Магілёўшчыны, якіх ён ведаў, а для некага нават быў настаўнікам, абмеркавалі і сучасны стан роднай мовы і нацыянальнай культуры, адносіны дзяржавы да ўсяго беларускага, бо што і казаць, калі нават у кнігарнях не знайшлося ніводнай кнігі народнага паэта, а збор сваіх твораў шаноўны Ніл Гілевіч выдаваў за ўласную і не надта вялікую пенсію. Бясконца можна было размаўляць з гэткім цікавым чалавекам, але ўсё ж давялося спыніцца, а на доўгую памяць аб сустрэчы Ніл Сымонавіч пакінуў цёплыя запісы на нашых асобніках сваіх цудоўных кніг.

Наступнай мэтай нашай гасцёўнай вандроўкі стаўся вядомы беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, даследчык філолаг, этнограф і фалькларыст Арсень Ліс. Сустрэча пачалася як звычайна - са знаёмства, тым болей што не ўсе з нас ведалі Арсеня Сяргеевіча і ягоныя працы, бо ўсё ж кірунак яго дзейнасці больш навукова-даследніцкі, а не літаратурна-папулярны. Вельмі цікава і пазнавальна было паслухаць расповед ветлівага гаспадара пра сябе і свае даследванні, пра сустрэчы з вядомымі беларускімі дзеячамі і творцамі, малавядомыя факты і старонкі нашай гісторыі. Не абышлі ўвагай і падзеі ў сучасным свеце, нашу беларускую рэчаіснасць. Дзве гадзіны доўжылася сустрэча, напрыканцы якой спадар Арсень падпісаў нам свае кнігі, што, дарэчы, можна яшчэ прыдбаць у кнігарнях - цікавы і змястоўны зборнік выбраных твораў выйшаў у серыі "Беларускі кнігазбор".

Варта яшчэ дадаць, што па дарозе з Магілёва ў Менск мы наведалі мястэчка Дукоры, адкуль родам наш вядомы нацыянальны дзеяч часоў стварэння БССР Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў, і дзе знаходзіцца стары сядзібна-паркавы комплекс, які не так даўно выкупіў прыватны прадпрымальнік ды зрабіў там музейна-забаўляльны парк. Крыху супярэчлівыя ўражанні засталіся пасля яго наведвання, бо з аднаго боку, там нешта адрэстаўравана з былых пабудоў, у прыватнасці - вялікая ўязная брама, зроблены невялікі, але цікавы краязнаўчы музей, у якім экспазіцыя (як дарэчы і бальшыня шыльдаў ва ўсім маёнтку) аформлена па-беларуску. Вось толькі ў стары парк дадалі нейкія недарэчныя шкляныя хаткі з персанажамі розных казак, прычым даволі жудаснага выгляду, старыя паркавыя дрэвы абвешалі рознымі вяровачнымі лазілкамі, збудавалі цікавы і арыгінальны, але не зусім дапасаваны да старога места дом-пераверацень. Ну ды зрэшты гэта зараз прыватная маёмасць, напэўна гэткая задума здзейснена для прыцягнення наведнікаў розных сацыяльных груп, поглядаў, узростаў, якія знойдуць тут нешта цікавае для кожнага, ды і такіх закінутых маёнткаў яшчэ шмат па ўсёй Беларусі, галоўнае, каб яны ўвогуле не зніклі назаўжды, ператварыўшыся ў кучы друзу і зараснікі хмызняку.

Алесь Сабалеўскі, г. Магілёў.


21 лютага 2016 г.

У Магілёве беларуская дыктоўка ў Міжнародны дзень роднай мовы. Пачатак у 13.00

у Палацы культуры вобласці (ДК "Хімвалакно"), у Белай зале на другім паверсе.

Пасля дыктоўкі - урачысты канцэрт, прысвечаны 75 - годдзю Уладзіміра Мулявіна.


Да Дня роднай мовы

Да Міжнароднага дня роднай мовы Лідская гарадская арганізацыя ТБМ выпусціла камплект паштовак пад адзіным заклікам: "Не забывайма беларускія словы". Агульны наклад - чатыры тысячы асобнікаў. Паштоўкі можна будзе знайсці на сядзібе ТБМ.

Наш кар.


Да ведама жыхароў Лідскага раёна, сяброў ТБМ, аматараў і прыхільнікаў беларускай мовы

ІХ Агульнанацыянальная дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы на Лідчыне пройдзе:

19 лютага.

Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, вул. Ленінская, 10 - 11.00.

6-ты бібліятэчны філіял г. Ліды, вул. Фурманава, 17 - 15.00.

20 лютага.

Бібліятэка в. Мінойты - 10.30.

Бярозаўская гарадская бібліятэка - 13.00.

4-ты бібліятэчны філіял г. Ліды, б-р князя Гедзіміна, 5 - 14.00.

Бібліятэка в. Далекія - 16.00.

21 лютага.

3-ці бібліятэчны філіял г. Ліды, м-н Маладзёжны, вул. Фамічова, 6 - 10.30.

Аграсядзіба Пескі - 18.00.

Дзень і час дыктовак у іншых установах і насе-леных пунктах просім удакладняць на месцах.

24 лютага - літаратурныя сустрэчы з Э. Акуліным і Л. Дранько-Майсюком:

- у Лідскім каледжы, вул. Кірава, 20 - 13.45.

- у Літаратурным музеі (домік Таўлая) - 15.30.

Шаноўныя лідзяне, чакаем вас у госці да беларускай мовы па ўсёй Лідчыне.


У памяці застанецца назаўсёды

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Не магу не адзначыць, што ў той да немагчымасці азмрочаны сістэмай дзяржаўнай русіфікацыі час не адцуралася беларускай мовы ўся радня Валодзі і Клары. Калі з Ефрасінняй наведвалі іх, дык здавалася, што трапілі ў нейкі боскі беларускамоўны аазіс. Як бы хацелася, каб ён не засох, не пакрыўся ўсялякай тванню і пасля таго, як яго галоўны архітэктар Уладзімір Содаль адышоў на той свет.

Мяне з Валодзем бясконца абрадавала Гарбачоўская перабудова, як бы апошнюю не ахайвалі раней і зараз прыхільнікі казарменнага сацыялізму, уяўнага камунізму, без яе ў нас не пачалося б доўгачаканае нацыянальна-культурнае Адраджэнне, Беларусь не мела б дзяржаўнасці. А калі б усталяваная ў ліпені 1994 г. прэзідэнцкая сістэма кіравання краінай у сваім уласным доме аддала прыярытэты роднаму беларускаму, а не чужому, рускаму, дык сёння ні ў кога не ўзнікала б пытання: беларусы - гэта самастойны народ ці атожылак рускай нацыі, нешта нейкае этнічна не завершанае.

Гарбачоўская перабудова вынесла на паверхню шмат з таго, што здавалася, год-два таму назад дажывала свае апошнія дні. Да беларускага нацыянальнага руху далучалася без усялякага прымусу ўсё больш і больш людзей. Валодзя з Кларай падаліся ў шэрагі Беларускага народнага фронту "Адраджэнне" і займалі там досыць актыўную пазіцыю. Не знайсці аніводнага больш-менш значнага народафронтаўскага мерапрыемства, у якім не ўдзельнічалі б яны, прычым часта і са сваімі дзецьмі, пераважна з сынам Маратам.

Мы з жонкаю Ефрасінняю выбралі для сябе зусім іншы варыянт: заняліся ідэалагічным забеспячэннем нацыянальна-адраджэнцкага руху. І, думаю, не памыліліся, бо тут шмат чаго было да канца незразумелым нават для дастаткова адукаваных, з багатым жыццёвым досведам людзей. Свае публікацыі, галоўным чынам у перыядычным друку, прысвячалі часцей за ўсё праблемам адукацыі, культуры, мовы на розных этапах айчыннай гісторыі.

Наша праца неверагодна ўскладнілася з эксгумацыяй дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, у чым вялікая заслуга магутнай уладнай вертыкалі. Яе спаўна наваднілі чыноўнікамі, што ў савецкі час актыўна займаліся ва ўмовах БССР заганнай практыкай збліжэння і зліцця нацый і народнасцяў СССР, г. зн. русіфікацыяй. За больш як дваццаць гадоў панавання прэзідэнцкай сістэмы ў краіне не створана аніводнай сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай беларускамоўнай навучальнай установы. Амаль поўнасцю ліквідавалі ў гарадах беларускамоўную агульнаадукацыйную школу. Нікчэмная яе роля і на вёсцы. Маладыя пакаленні беларусаў - іх будучыня - узгадоўваюцца ў абсалютным адрыве ад нацыянальнай глебы. Растуць, як гарох пры дарозе. Страшэнна зрусіфікаванымі сталі афіцыйныя перыядычны друк, электронныя сродкі масавай інфармацыі, прычым часта па віне саміх жа іх супрацоўнікаў - выпускнікоў хвалёнага ў нас факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а затым яго ж Інстытута журналістыкі. Не задавальняла мяне з Валодзем стаўленне да нацыянальнага з боку кіраўнічых кадраў культуры, ад чаго ў ёй з году ў год толькі мацнеў рускі пачатак. Такога роду праблемы і падобныя ім заўжды былі ў нас тэмай безрадасных разважанняў, што не толькі наводзіла на смутак датычна будучыні Бацькаўшчыны, але і ў пэўнай ступені адбівалася на стане здароўя, што асабліва заўважалася за Валодзевым. Відаць, давалася ў знакі яго колішняя празмерная не так прафесійная, як нервовая нагрузка пад час працы на савецкім тэлебачанні. На маю долю такія выпрабаванні не выпадалі.

Як вынік, мы ўсё радзей і радзей сустракаліся на рознага роду мерапрыемствах нацыянальна-адраджэнцкага характару. А калі Валодзя і ўдзельнічаў у іх, дык звычайна толькі ў пасіўнай ролі.

З найвялікшай адказнасцю Валодзя наведваў, нават і ў апошнія гады свайго жыцця, ладжаныя Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны мерапрыемствы. У склад кіраўнічых органаў гэтай грамадскай арганізацыі ўваходзіў і я. І што характэрна: увялі і вывелі мяне з яго ў маю адсутнасць. Выключэнне з сяброў рэспубліканскай Рады ТБМ адбылося ў 2003 годзе, калі я адсутнічаў на яе пасяджэнні з прычыны цяжкай хваробы жонкі (перанесла інсульт у самай вострай форме). У спісе ўнесеных кандыдатаў у Раду (належала абраць больш за 50 чалавек) аказаўся адзін лішні чалавек. Па прапанове старшыні ТБМ Алега Трусава за такога лішняга палічылі Леаніда Лыча, і ўсе да адзінага пагадзіліся не ўключаць яго ў склад сяброў Рады*. Мяне гэта ніколькі не расхвалявала, не выбіла з жыццёвай каляіны, бо актыўным носьбітам, змагаром за беларускую мову я стаў задоўга да ўтварэння ТБМ і ніколі не меў патрэбы, каб мяне хто-небудзь падсілкоўваў у маёй беларускасці. Яе ў мяне заўжды ставала і нават іншым дапамагаў сцвярджацца ў такой якасці. Калі што і хвалявала ад пасяджэння той Рады ТБМ, дык толькі адно: чаму мой найлепшы сябар Уладзімір Содаль пагадзіўся не ўключаць мяне ў спіс для галасавання будучых сяброў новага складу Рады. Пры першай жа сустрэчы я і задаў яму гэтае пытпнне, на што атрымаў такое тлумачэнне:

- Лёня, так нельга жартаваць. Хто гэта можа паверыць, каб такога знанага ў краіне гісторыка выразнай нацыянальнай пазіцыі, на дзіва зацятага шматгадовага змагара за наша роднае слова, за ўвод яго ў афіцыйнае жыццё дый не абралі ў склад рэспубліканскай Рады ТБМ? Давай лепш абмяркуем што-небудзь з надзённага жыцця нашага народа.

- А вось і не абралі, - з усёй зур'ёзнасцю заяўляю яму, - і ты "па-сяброўску" прыклаў да гэтага руку сваю, бо прапанову Трусава прынялі аднагалосна.

- І праўда, я таксама прагаласаваў за яе, але і думаць не думаў, што ты не ўключаны ў спіс новых сяброў Рады. Усё неяк атрымалася, як кажуць, механічна. Сваю віну прызнаю і шчыра прашу прабачэння. Каб хоць крыху згладзіць сваю здраду найлепшаму сябру, у бліжэйшыя дні і я падаю заяву пра выхад з Рады ТБМ.

- А вось гэтага акурат і не трэба рабіць, - рашуча сказаў я. - Бо калі замест мяне ў склад рады ТБМ трапіў малавядомы сярод удзельнікаў нацыянальна-культурнага руху чалавек і пачне самааддана працаваць на яго карысць, дык у прапанове Трусава нічога нельга шукаць заганнага. Яна ж не зрабіла мяне пасіўным у барацьбе за выратаванне беларускай мовы ад так рэальнага скону ў выніку татальнага выкарыстання рускай мовы ва ўсіх сферах нашага жыцця, пра што так добра пастараліся і сёння стараюцца адарваныя ад нацыянальнага грунту не толькі палітыкі, але і шырокія колы інтэлектуалаў.

Заўважу, што так, як і Содаль, тлумачыў мне прычыну галасавання за прапанову Трусава прыкладна з тузін маіх прыяцеляў, добра вядомых у краіне асобаў. Ні на ёту крыўды не меў на самога Трусава: ён кіраўнік ТБМ і ў сваю каманду набіраў тых, хто яго цалкам задавальняў. Пры сустрэчы мы падавалі адзін аднаму рукі. Дый як тут крыўдаваць, калі проста на вачах пад няспыннымі шкваламі русіфікацыі гібела беларуская мова на сваім родным абшары. І як шкода, што сярод праведзеных ТБМ мерапрыемстваў не знайсці такога, якое хоць трохі прытармазіла б гэты антынацыянальны дзяржаўны разгул у моўнай сферы. Перашкодзіць уладам у гэтым так і не змаглі аніводная грамадская культурніцкага плана арганізацыя, аніводная апазіцыйная партыя. Сарваць злачынныя планы дзяржавы па суцэльнай русіфікацыі тытульнага народа краіны мог бы толькі агульнанацыянальны рух. З-за актыўнага дзеяння створанай галоўным чынам з уласнага дэзнацыяналізаванага элементу "пятай калоны" такі рух адсутнічаў і тады, і сёння. Каб паверыць у этнічнае выжыванне беларусаў у той суперэкстрэмальнай сітуацыі, трэба было быць альбо незвычайна высокай ступені аптымістам, альбо зусім не ўмець ацэньваць рэальнае становішча рэчаў. Содаль не належаў да аніводнай з гэтых катэгорый людзей. Незаменныя страты беларускай мовы ён бачыў не толькі на яве, але і ў сне, не знаходзячы аніякага надзейнага выйсця. Перажыць такую катастрофу яму было немагчыма. Гэтага шчырага, нястомнага змагара за роднае слова звялі са свету не так цяжкія хваробы: гіпертанія і цукровы дыябет, як практычна поўны, па віне дзяржавы, заняпад нацыянальна-культурнага Адраджэння з яго асяродкам - беларускай мовай. Яна для Содаля была не толькі матэрыялам плённай літаратурнай дзейнасці, адзіным сродкам камунікацыйных зносін з людзьмі, але і крайне важным атрыбутам самога жыцця. У героя маіх успамінаў яно арганічна пераплятаецца з беларускай мовай. Такога суладззя паміж родным словам і самім жыццём чалавека, як у нашым выпадку, не проста адшукаць на рубяжы ХХ - ХХІ стагоддзяў, за што мы па ўсёй справядлівасці асуджаем прэзідэнцкую сістэму - галоўную віноўніцу вываду беларускай мовы з усіх сфераў грамадскай дзейнасці чалавека.

У такой безнадзейнай для беларускай нацыянальнай ідэі сітуацыі многія мае сябры скардзіліся на пагаршэнне стану свайго здароўя, але найбольш Содаль - сапраўдны рыцар беларускай мовы. Гэтая трагічная для Бацькаўшчыны страта адбылася ў ракавы для яе дзень 15 красавіка 2015 года. На Валодзевы саракавіны я ўнёс прапанову стварыць рукапісны альбом-успаміны (гэты артыкул якраз і ўношу ў яго) яго блізкіх сяброў, які павінен захоўвацца ў сям'і нябожчыка. Чаму рукапісны альбом-успаміны? А таму, што аніводзін набраны з дапамогай сучаснай тэхнікі тэкст не валодае такой прыцягальнасцю, як напісаны рукою дый прытым яшчэ неабыякавага да таго, каму ён прысвечаны. Мо варта было б увесці ў практыку складанне падобнага роду рукапісных альбомаў-успамінаў пра самых вядомых асобаў Бацькаўшчыны, у якіх на гэтым свеце засталіся блізкія, надзейныя сябры? Іх пісьмовыя ўспаміны для альбомаў мелі б не меншую карысць для грамадства, чым выдадзеныя з гэтай нагоды зборнікі артыкулаў ці публікацыі ў газетах і часопісах. Пры неабходнасці такім албомам-успамінам знайшлося б месца і ў адпаведных архівах-музеях.

У чарнавым варыянце свае ўспаміны для альбома ў памяць аб Уладзіміры Содалі напісаў у верасні 2015 года ўдалечыні ад Радзімы на турэцкім узбярэжжы Міжземнага мора, куды ездзіў у якасці турыста. У час іх напісання стала адчуваў прысутнасць каля сябе беларуса з вялікай літары Содаля . А вось з рэальнай прысутнасцю беларусаў на тым узбярэжжы ўдалося сутыкнуцца толькі адзін раз. Гэта былі дзве маладога ўзросту беларускі, якія, пачуўшы ад мяне некалькі беларускіх слоў (дзе б ні быў, стараюся карыстацца такой руска-беларускай трасянкай, каб людзі зразумелі, што я беларус), стараліся - і вельмі ахвотна - размаўляць са мною на нашай мове. Традыцыйна на гэтым узбярэжжы, у прыватнасці ў гатэлі "Karetta", адпачывае шмат рускамоўных беларусаў, і яго адміністрацыя, лічу, цалкам справядліва заганяе іх у вялікую рускую нацыю, нібыта ведаючы, што і само палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь часта паступае такім жа чынам. Такой звыродлівай афіцыйнай практыкі ніяк не мог трываць Содаль. Яна, хочацца яшчэ раз сцвердзіць, не на адзін дзясятак гадоў укараціла яго такое поўнавартаснае жыццё. Такое, можна смела сказаць, не абмінула і многіх іншых слынных сыноў і дачок Беларусі, якія, на вялікі жаль, ужо пакінулі яе. Пакінулі, хаця патрэба ў іх бясконца вялікая. Беларуская нацыя проста на вачах гіне, не маючы крытычнай масы людзей, здольных супрацьстаяць злачыннай дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі. Год ад году ўсё менш і менш застаецца надзей на выратаванне ад гэтага сатанінскага пакарання.

Так і хочацца на ўвесь голас закрычаць: "Божа, ратуй беларускі народ, які на планеце Зямля з'явіўся з Тваёй добрай ласкі! Дай нам як мага больш Содаляў!"

* Сітуацыя падаецца не зусім дакладна. Статут ТБМ выключэнне з Рады не прадугледжвае. Рада ТБМ абіраецца на з ' ездзе ТБМ з дэлегатаў з ' езду, у тым ліку і па прапановах з залы. Была б згода самога кандыдата: вусная ці пісьмовая. Рэд.

Леанід Лыч


Зберагальнік спадчыны Коласа

На днях споўнілася 90 гадоў Міхасю Міцкевічу, выдатнаму рацыяналізатару ў тэхнічнай галіне, доктару тэхнічных навук, аўтару пранікнёных вершаў і дасціпных эпіграм, малодшаму сыну Якуба Коласа.

Вечарына, прысвечаная гэтай падзеі і 125-й гадавіне з дня нараджэння маці, жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны, адбылася ў музеі Коласа і прайшла ў вельмі цёплай і шчырай атмасферы, дзе сабраліся блізкія, родныя, сябры і прыхільнікі. Нашчадкі і аднадумцы дзядзькі Міхася напоўнілі залу гукамі народных мелодый, успамінамі, ілюстраванымі фотаздымкамі. Пяшчотна звінелі цымбалы пад далікатнымі пальчыкамі праўнучкі Лілеі. Душэўна гучалі словы дачкі Марыі, Радзіма Гарэцкага, Васіля Зуёнка, Анатоля Вярцінскага, Генрыха Далідовіча, Міколы Маляўкі, Яўгена Хвалея і інш.

Прысутныя пачулі шчымлівыя аповеды сына пра маці і бацьку і дзівіліся незвычайнай энергічнасці юбіляра. Міхась Канстанцінавіч чытаў на памяць адрыўкі з твораў Коласа, распавядаў шматлікія сямейныя гісторыі.

Дай Бог сустрэцца ўсім нам праз дзесяць гадоў, каб засведчыць жыццёвую магутнасць таленавітага роду беларусаў. Гэты верш я прысвяціла дзядзьку Міхасю, слаўнаму сыну нашай зямлі, і прачытала яго на вечарыне.


Зберагальніку спадчыны

"Міхасёвы прыгоды" кожны чытаў,

Колас трапна спісаў сваіх жэўжыкаў,

Але бацька ў ХХ-ым стагоддзі

не знаў -

Гадаваць Міхась будзе прапраўнукаў.

Што ўзяўшы ад Творцы

талент словы звіваць,

Сын навукі магутна ўздыме пласты,

Вучняў вырасціць у фізіцы цэлую раць,

З тэхналагічным працэсам

ён будзе на "ты".

Ды і бацькава творчае поле нашчадак

Не аддасць у нябыт, а ўмелай рукой

Зберажэ сваю спадчыну

годна, ашчадна,

І ўпляце эпіграмы ў сямейны сувой.

А нашчадкі яго цягнуць нітку далей,

І сям'ю, і Беларусь праслаўляюць,

Міласэрнасць нясуць

для планеты людзей,

Музейныя скарбы складаюць.

Дзевяносты гадочак

пастукаўся ў дзверы

І пацвердзіў энергію, спрыт,

Бацькаў дар -

У Беларусі для вечнасці велічна дзеіць

Доктар тэхнічных навук і пясняр.

Вось як склаўся лёс нашчадка славутага роду паводле ўспамінаў дачкі Марыі Міцкевіч.

31 студзеня 1926 года ў Менску ў сям'і Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны нарадзіўся трэці сын. Яму далі імя Міхась. Бацьку на той момант ішоў 44 год, а двое старэйшых дзяцей былі ўжо досыць вялікімі - Данілу споўнілася 11, а Юрку 8 гадоў.

быў самы меншы ў сям'і, і мне дасталося больш бацькоўскай пяшчоты - так у адным інтэрв'ю ўспамінаў Міхась Канстанцінавіч сваё маленства. - Колас сапраўды вельмі любіў сваіх сыноў, не мучыў іх муштрай, а вучыў сваім прыкладам. У доме панаваў закон "абсалютная праўда". Як схлусіць, мы не ведалі. Ад бацькі я ні разу не пачуў пры дзецях брыдкага слова. Ні разу! Самым строгім чалавекам у нашым доме была маці. Яна прайшла вельмі суровую школу ў жорсткай, але справядлівай ігуменні і на ўсё жыццё засвоіла хрысціянскія каштоўнасці: чэснасць, справядлівасць, гуманнасць Маці сачыла за нашай вучобай, паводзінамі і ўсталявала, можна сказаць, "дамастроеўскі" рэжым".

Ішлі гады. Міхась рос дапытлівым хлопчыкам, хутка навучыўся чытаць. Першай кнігай, якую самастойна прачытаў Міхась, была кніга П.В. Шэйна "Беларускія песні", да 10-12 гадоў ён адолеў Гогаля, Пушкіна, Лермантава, Чэхава - дазваляла бацькава багатая бібліятэка.

У шэсць гадоў Міхась цяжка захварэў, і бацькі вырашылі паехаць на адпачынак далей ад горада, каб умацаваць здароўе сына. З імі ён летам 1933 года патрапіў на адпачынак у мястэчка Талька. Тут ён стаў галоўным героем паэмы Якуба Коласа "Міхасёвы прыгоды". Яна мае фактычную аснову, большасць імёнаў рэальныя. Малодшаму сыну пісьменнік прысвяціў яшчэ некалькі твораў: "Рагатка" (1934), "Дронік" (1935), "Не тужы" (1938), "Сыну" (1942), "Міхасю" (1943), "…Адстану я і час разлукі" (1946).

Кожнае лета сям'я адпачывала ў маляўнічых мясцінах Пухавіччыны. Вёскі Загібелька, Вусце, Беразянка, Балачанка, хутар каля вёскі Падбярэжжа сталі роднымі не толькі для Якуба Коласа, але і для Міхася. Тут ён пазнаёміўся з сялянскай дзятвой, разам з імі збіраў грыбы, ягады, вудзіў рыбу. Навучыўся любіць і берагчы прыроду.

Да Вялікай Айчыннай вайны Міхась Міцкевіч скончыў 4 класы Менскай сярэдняй школы № 49. Атэстат сталасці атрымаў у эвакуацыі ў Ташкенце. У 1943 годзе паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт. Тады інстытут знаходзіўся ў Ташкенце.

Праз некаторы час перавёўся на аналагічны факультэт Маскоўскага авіяцыйнага інстытута. Там пазнаёміўся з будучай жонкай - дачкой Янкі Маўра - Наталляй Фёдаравай. Разам у 1949 годзе яны скончылі Політэхнічны інстытут у Менску. У сям'і Міхася і Наталлі Міцкевічаў нарадзілася трое дзяцей - Сяргей, Марыя і Кастусь. Зараз Міхась Міцкевіч мае трох унукаў і адну ўнучку, трох праўнучак і аднаго праўнука.

У 1949 годзе дырэктар Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук акадэмік С.І. Губкін вырашае ўзяць на працу свайго дыпломніка - Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча, якога прызначаюць на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка лабараторыі электрафізікі. Міхась Канстанцінавіч абараняе кандыдацкую дысертацыю і ў 1970 годзе атрымлівае ступень кандыдата тэхнічных навук. З 1974 года Міхась Міцкевіч - загадчык лабараторыі электрафізікі. Міхась Міцкевіч займаецца даследаваннямі ў галіне электраэразійнай апрацоўкі металаў, ён прапанаваў і распрацаваў шэраг арыгінальных тэхналагічных працэсаў у дрэва- і металаапрацоўцы. Міхась Канстанцінавіч - аўтар больш як 180 навуковых прац у галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў, мае каля 30 вынаходніцтваў у гэтай галіне. У 1985 годзе Міхасю Міцкевічу прысвоена ступень доктара тэхнічных навук. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 5 кандыдацкіх дысертацый. Міхась Канстанцінавіч з'яўляўся навуковым сакратаром Савета па абароне дысертацый пры Фізіка-тэхнічным інстытуце, на працягу дзесяці гадоў з'яўляўся членам экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь у галіне машынабудавання. За поспехі ў працы Міхась Канстанцінавіч быў узнагароджаны ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1981 г.), Савета Міністраў БССР (2001 г.). У 1980 годзе атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, у 1986 годзе ўзнагароджаны ордэнам "Знак пашаны". Міхась Канстанцінавіч узнагароджаны бронзавым, срэбным і залатым медалямі ВДНГ СССР. Да 70-годдзя Фізіка-тэхнічнга інстытута Міхасём Канстанцінавічам была падрыхтавана кніга баек, эпіграм, вершаў, тостаў і віншаванняў супрацоўнікаў інстытута, якая выйшла пад цікавай назвай "Техники тоже не лыком шиты - ставят вопросы ребром. Не глядя на рожи и на копыта, решают проблемы и рубят пером" . У гэтую кнігу ўвайшлі вершы і эпіграмы самаго Міхася Канстанцінавіча. У Фізіка-тэхнічным інстытуце Міхась Канстанцінавіч працаваў да 2005 года.

З 2006 па 2013 год Міхась Міцкевіч працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Ён вядзе актыўную грамадскую і літаратурную дзейнасць, часта выступае на літаратурных вечарах і сустрэчах з успамінамі пра свайго бацьку, пра тагачаснае культурнае і навуковае жыццё. Міхась Міцкевіч з'яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і публікацый, якія выходзілі ў перыядычным друку: "Кроплі і слёзы Якуба Коласа", "Песні ў доме Коласа" і іншых. Міхась Міцкевіч - аўтар успамінаў пра Якуба Коласа, якія выйшлі ў кнізе "Пад бацькоўскім дахам" (2009 г.), укладальнік кнігі, якая выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі "Якуб Колас: у думках, у сэрцах, у песнях" (2012 г.), аўтар успамінаў пра свайго брата Юрыя Міцкевіча, якія выйшлі ў кнізе "Апалены золак" (2013 г.), член рэдакцыйнай калегіі Збора твораў Якуба Коласа ў дваццаці тамах. У 2009 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" за добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё навуковага коласазнаўства і прапаганду творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Міхась Міцкевіч узнагароджаны нагрудным знакам "За вялікі ўклад у літаратуру" Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Міхась Канстанцінавіч мае званне "Майстар спорту па стэндавай стральбе. Стральбою і паляваннем захапляўся сярэдні сын Якуба Коласа Юрка Міцкевіч, які загінуў пад Смаленскам у верасні 1941 года. Ідучы на фронт ён прасіў Міхася зберагчы яго стрэльбы. Паляванне і стэндавая стральба зацікавілі і Міхася. З пачатку 1950-х гадоў Міхась пачынае ўдзельнічаць у спаборніцтвах па стэндавай стральбе. У 1954 годзе ў Ленінградзе Міхась Канстанцінавіч заняў першае месца ва Усесаюзным індывідуальна-камандным першынстве таварыства "Спартак". У 1955 годзе на першынстве БССР па стэндавай стральбе Міхась Канстанцінавіч устанавіў новы рэкорд рэспублікі з вынікам 129 мішэняў з 150 магчымых на круглым стэндзе і атрымаў першае месца ў індывідуальных спаборніцтвах. У 1956 годзе ён удзельнічаў у першай Спартакіядзе народаў СССР, дзе заняў чацвёртае месца па парных мішэнях і шостае - на круглым стэндзе. У 1957 годзе на пятай Спартакіядзе рэспублік Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі стаў першым па стральбе "з месца" з вынікам 189 мішэняў з 200 магчымых і трэцім на круглым стэндзе. На працягу дваццаці гадоў Міхась Канстанцінавіч працягвае займацца стэндаваю стральбою, атрымлівае шматлікія граматы і дыпломы.

Усе сыны Якуба Коласа ў 1930-я гады захапляліся аматарскай фатаграфіяй. Аднак любоў да гэтага занятку праз усё жыццё пранёс толькі малодшы. У Міхася Міцкевіча больш за 40 альбомаў з фотаздымкамі розных мясцін і куточкаў Беларусі, родных і знаёмых сям'і Якуба Коласа. Выстаўкі фотаздымкаў Міхася Міцкевіча некалькі разоў праходзілі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа у Менску. Яго фотаздымкі таксама ўпрыгожваюць экспазіцыю "Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю" ў Мар'інай Горцы. Міхась Міцкевіч - ганаровы грамадзянін Мар'інай Горкі.

Да гэтага часу Міхась Канстанцінавіч займаецца грамадскай працай, ён з'яўляецца старшынём таварыства "Беларусь-Ірландыя" Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. У 2001 годзе за папулярызацыю ірландскай культуры ў Беларусі ён атрымаў падзячны ліст ад прэзідэнта Ірландыі Мэры МакЭліс.

Людміла Дзіцэвіч.


2016 - Год культуры

Шляхі супрацоўніцтва ў інфармацыйнай прасторы

У рамках Дня спецыяліста "Інфармацыйныя веды як адлюстраванне мінулага і сучаснага Лідчыны" ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся круглы стол "Інфармацыйная прастора Лідчыны: шляхі супрацоўніцтва", арганізаваны бібліятэкай і газетай "Наша слова". За круглым сталом сабраліся прадстаўнікі розных устаноў, так ці інакш звязаных з інфармацыйным забеспячэннем насельніцтва: Цэнтральнай раённай бібліятэкі, раённых сродкаў масавай інфармацыі, Лідскай друкарні, Дзяржаўнага занальнага архіва, Гістарычна-мастацкага музея і інш. Удзельнікі круглага стала абмяркоўвалі пытанні эфектыўнага супрацоўніцтва ў Год культуры, абменьваліся досведам работы, дзяліліся планамі на бягучы год.

Загадчык аддзела маркетынгу бібліятэкі Дар'я Марцінкевіч азнаёміла прысутных з найбольш значнымі мерапрыемствамі бібліятэкі, запланаванымі на 2016 год, і запрасіла прадстаўнікоў іншых устаноў да супрацоўніцтва ў гэтых мерапрыемствах. Так, на працягу ўсяго года будзе праводзіцца 2-гі раённы літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" (першы такі конкурс дзіцячых твораў літаратараў Лідчыны ўжо праводзіўся ў 2014 годзе). Творы для дзяцей, дасланыя на конкурс і якія адпавядаюць усім яго патрабаванням, увойдуць у зборнік "Дарослыя - дзецям". На красавік запланаваны 4-я Лідскія чытанні (навукова-практычная канферэнцыя) "Сто год афіцыйнай беларускай школе на Лідчыне". У канцы вясны ў бібліятэцы будзе праведзены Дзень музея, прымеркаваны да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. А бліжэй да канца года, у сувязі са 125-годдзем з дня нараджэння вялікага класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, раённая бібліятэка рэалізуе літаратурны праект "Чытаем разам Багдановіча". У рамках праекту - конкурс чытальнікаў. Лепшыя чытальнікі па выніках конкурсу будуць запрошаны на Літаратурна-музычныя зазімкі "І зорка гарыць, і не вяне вянок".

Удзельнікі круглага стала праслухалі лекцыю "Архівы і іх месца ў інфармацыйным грамадстве", з якой перад аўдыторыяй выступіў малодшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Акадэміі навук, наш малады зямляк Кірыл Сыцько.

Акрамя круглага стала, у рамках Дня спецыяліста ў бібліятэцы адбыліся адкрыты прагляд часопісаў, газет, электронных і іншых краязнаўчых выданняў, экскурсія для гасцей па ўстанове.

Алесь МАЦУЛЕВІЧ.


У Мажэйкаве адкрылася выстава старажытнасцяў

2 лютага ў філіяле "Мажэйкаўскі дом культуры" Лідскага раёна адбылося адкрыццё выставы старажытнасцяў "І рук, і сэрца шчодры дар" у рамках Года культуры. На выставе прадстаўлены экспанаты хатніх рэчаў: кросны, матавіла, калаўротак і шмат іншага. Так-сама ёсць экспанаты ткацтва, вышывання, у іх ліку спадніца, якой больш за 140 год.

Зборам экспанатаў супрацоўнікі Дома культуры пачалі займацца зусім нядаўна, але для першай выставы - больш чым дастаткова. У планах работнікаў не спыняцца на дасягнутым, а далей папаўняць экспазіцыю новымі прадметамі старажытнасці, пашыраць плошчу выставы ў далейшым. Большасць экспанатаў падаравалі Дому культуры жыхары Мажэйкаўшчыны.

На адкрыццё выставы прыйшлі вучні мясцовай школы, працаўнікі спіртзавода.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX