Вярнуцца: 2016

№ 10 (1265)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 10 (1265), 9 сакавіка 2016 г.


"Ніве" - 60

Беларускі тыднёвік "Ніва" з Беластока адзначае 60-годдзе выхаду ў свет. Першы нумар выйшаў 4-га сакавіка 1956-га года.

"Ніва" ўзнікла на хвалі паслясталінскай адлігі, як орган Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пасля смерці Сталіна быў перыяд, калі партыйныя ўлады дайшлі да высновы, што ўсім тым нацыянальным мяншыням, якія тады існавалі ў Польшчы, варта мець і сваю арганізацыю, і свой прэсавы орган.

Першы рэдактар "Нівы" Юры Валкавыцкі меў прафесійную адукацыю журналіста, працаваў на партыйнай пасадзе і атрымаў заданне арганізаваць працу тыднёвіка. Валкавыцкі прабыў на гэтай пасадзе 30 гадоў. З ягоным імем звязаны практычна ўсе на той час дасягненні беларускага руху ў Польшчы, таму што ў "Ніве" дэбютавалі ўсе нашыя пісьменнікі і паэты. "Ніва" так-сама ліквідавала непісьменнасць на вёсках сярод старэйшых пакаленняў, якія па-польску не пісалі і не чыталі. Гэта была народная газета ў 1960-я гады, калі яшчэ жылі нашыя вёскі. Пад канец 1960-х наклад "Нівы" дасягаў 10 тысяч асобнікаў, што на такі невялічкі рэгіён, як Беласточчына, было вялікім дасягненнем.

"Ніва" выхавала беларускую нацыянальную эліту на Беласточчыне, як і пакаленне студэнтаў 1980-х, якое прынесла новы павеў у беларускі нацыянальны рух.

Савецкія ўлады амаль да канца БССР хавалі "Ніву" ад беларускага чытача. Гэта было як бы акенца ў іншую беларускую рэальнасць, у іншыя праблемы, якія мелі беларусы ў Польшчы, праблемы нацыянальнай меншасці. А і сёння іх праблемы - гэта працяг праблем беларусаў метраполіі, калі беларусы далей інтэнсіўна русіфікуюцца, то яны не могуць падтрымаць сваіх суродзічаў у Польшчы.

Радыё Свабода. На здымку: На 60-годдзі "Нівы". Віталь Луба, Яўген Вапа, Міра Лукша, Алесь Бяляцкі, Адам Паўлоўскі.


Курсы беларускай мовы ў Варшаве

Культурны цэнтр Беларусі арганізуе бясплатныя курсы беларускай мовы для жыхароў польскай сталіцы. Наведваць заняткі можна будзе ўвечары па панядзелках і чацвяргах у залежнасці ад ўзроўню валодання мовай.

Гэта ўжо трэці этап правядзення курсаў, што сведчыць пра зацікаўленасць беларускай мовай сярод палякаў, - лічыць выкладчыца беларускай мовы Вольга Траццяк:

- Ёсць нагода прыблізіць людзей да нашай культуры. У польскіх СМІ не шмат кажуць пра Беларусь, а калі кажуць дык не ў адных суперлатывах, а нешта палітычнае, а культуры мала бывае. Мы спадзяёмся, што тут будзе нешта пра абрадавыя рэчы, пра беларускую літаратуру. Вялікдзень, напрыклад, можна падрыхтаваць.

Кася Бергель , Бел. Радыё Рацыя, Варшава.



Чарговы этап 9-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі пройдзе ў Менску ў сядзібе ТБМ 15 сакавіка ў 18.00


90 гадоў з дня нараджэння Васіля Супруна

Васіль СУПРУН (10 сакавіка 1926, в. Глоўсевічы на Слонімшчыне - 2 траўня 2007, Слонім) - ініцыятар заснавання і кіраўнік беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падполля ў 1946-1947 на тэрыторыі Заходняй Беларусі (арганізацыя "Чайка"), паэт, краязнавец, археолаг.

Падчас вайны скончыў у Слоніме беларускую сямігодку, трохмесячныя настаўніцкія курсы, 2-і і 3-і класы Слонімскай настаўніцкай семінарыі.

Пасля выгнання немцаў са Слоніма быў мабілізаваны на работу па аднаўленні чыгункі. 20 жніўня 1944 г. быў накіраваны дырэктарам Міжэвіцкай школы Слонімскага раёна. У 1946 г. скончыў Ганцавіцкую педагагічную вучэльню. Узначальваў Цэнтр Беларускага вызвольнага руху, які аб'ядноўваў слонімскія, баранавіцкія і берасцейскія суполкі.

6 чэрвеня 1947 г. быў арыштаваны і асуджаны на 25 год няволі і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Пакаранне Васіль Супрун адбываў у лагерах Інты і Варкуты. У зняволенні падтрымліваў тайную міжлагерную перапіску з беларускай паэткай Ларысай Геніюш. 16 чэрвеня 1956 г., згодна з пастановай Вярхоўнага Савета СССР, быў вызвалены з няволі і атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму.

Вершы з перапіскі Васіля Супруна і Ларысы Геніюш упершыню былі апублікаваныя ў тыднёвіку "Літаратура і мастацтва" вясной 1989 года. Іх публікацыя была тады вялікай падзеяй у беларускім літаратурным жыцці. Аказалася, што Васіль Супрун усё жыццё пісаў вершы, найбольш патрыятычныя. А першы ягоны верш быў надрукаваны ў "Баранавіцкай газеце" яшчэ 29 верасня 1943 года. І толькі праз 50 гадоў дзяржаўнае выдавецтва "Мастацкая літаратура" выдала невялікі зборнічак вершаў Васіля Супруна пад назвай "Крык" з прадмовай прафесара Алега Лойкі. Вершы ў ім былі напоўненыя духоўнай сілай і верай, нязломнасцю духу ды бясконцай любоўю да роднага краю.

Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 5.)


"Спрабуйма!" - у Японіі выйшаў пачатковы курс беларускай мовы для японцаў

"Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў" выдадзены ў якасці навучальнага матэрыялу ў цэнтры замежных моў Цукубскага ўніверсітэта (Японія).

- Хацела б падзяліцца з усімі добрай навінаю. Нарэшце выйшаў з друку падручнік "Спрабуйма! Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў. Частка I", які я сумесна напісала са спадарыняй Таццянай Рамзой (дацэнт БДУ) пад рэдакцыяй спадара Тасінобу Усуяма (прафесар Цукубскага ўніверсітэта), -паведаміла вядомая многім беларусам Сіёры Кіёсава.

Падручнік складзены на аснове распрацаваных матэрыялаў па прадмеце "Славянскія мовы і культуры", які выкладаўся на факультэце гуманітарных навук Цукубскага ўніверсітэта ў 2015 г. Падручнік упершыню ў Японіі падрыхтаваны ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй беларускага правапісу, які быў прыняты ў 2008 г.

- Увогуле кніга з'яўляецца, відаць, першым практычным падручнікам пачатковага курсу беларускай мовы ў Японіі, - піша Сіёры Кіёсава. - Пры выданні гэтага падручніка неацэнную дапамогу аказалі мне мае паважаныя настаўнікі з Японіі і Беларусі: прафесар Тасінобу Усуяма (прафесар Цукубскага ўніверсітэта, рэдактар кнігі) і спадарыня Таццяна Рамза (дацэнт БДУ, суаўтар кнігі).

Падручнік атрымаў цудоўную назву "Спрабуйма!". Спадзяюся, што гэтая першая "спроба" вывучэння беларускай мовы кожным зацікаўленым японскім чытачом перарасце надалей у глыбокую цікавасць да культуры, гісторыі ды іншых разнастайных прывабнасцей Беларусі, - піша японка Сіёры Кіёсава.

Радыё Свабода.


ВОСТРЫМ ВОКАМ САТЫРЫКА

Да 120-годдзя Кандрата Крапівы

У снежні 1922 года, на самым пачатку свайго творчага шляху, Кандрат Крапіва напісаў цікавы алегарычны верш "Крапіва", які адразу стаў папулярным сярод чытачоў. Даследчыкі называюць яго паэтычнай дэкларацыяй, праграмным творам пісьменніка. Верш раскрываў змест псеўданіма аўтара і абгрунтоўваў сатырычную стратэгію мастацкай творчасці:

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава.

А якая? - смех, дый годзе:

Я - пякучка-крапіва.


Я расту вось тут пад плотам

І не так даўно ўзышла,

А ўжо многім абармотам

Рукі-ногі папякла.


Хто палез за агуркамі,

Хай той носіць пухіры -

Мяне голымі рукамі

Асцярожна, брат, бяры.


Хто сустрэўся быў са мною,

Дакрануўся раз ці два,

Дык той ведае ўжо, хто я:

Я - пякучка-крапіва.

Тады на слыху былі псеўданімы: Чарот, Пушча, Дудар, Вольны, Чырвоны, Чорны, Галодны і г.д. На пытанне пра тое, чаму ён абраў псеўданім Крапіва , Кандрат Кандратавіч адказваў: "Матывы былі розныя. Па-першае, я не лічыў свае творы таго часу сапраўды мастацкімі і саромеўся падпісваць іх сваім прозвішчам. Па-другое, маё прозвішча - Атраховіч - нязручнае для вымаўлення і нялёгкае для запамінання. Па-трэцяе, сатырычны характар маіх твораў, у якіх часам называліся і сапраўдныя імёны, патрабаваў нейкага прыкрыцця хоць бы ў выглядзе псеўданіма. У адпаведнасці з характарам жанру я і выбраў "Крапіву".

І псеўданім, і аўтарскі каментар да яго ў пэўнай ступені выяўляюць галоўны структурны стрыжань творчай індывідуальнасці Кандрата Атраховіча. Стрыжань гэты - асветніцтва. Ён адначасова мастак і асветнік, прычым маральна-этычны пафас у К. Крапівы часта нават пераважаў над эстэтычным. Гэтую акалічнасць, на наш погляд, і варта перш за ўсё ўлічваць падчас даследавання пытання аб арыгінальнасці пісьменніка і яго ўзаемадачыненнях з беларускай літаратурай. Ён - з плеяды беларускіх пісьменнікаў-асветнікаў. Але гэта асветнік новага часу, адзін з заснавальнікаў беларускай савецкай літаратуры. У той час у савецкай літаратуры тварылі розныя майстры: Уладзімір Маякоўскі, Дзям'ян Бедны, Міхаіл Булгакаў, Міхаіл Зошчанка, Вячаслаў Шышкоў... Сатырычны струмень гэтай літаратуры быў моцны. Кандрат Крапіва знайшоў належнае месца ў адзначаным шэрагу, але быў бліжэй да нацыянальнай мастацкай традыцыі, да жанру "гутаркі", распаўсюджаным у беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры. Пра гэта сведчаць такія яго творы, як "Людзі - суседзі!", "Што я бачыў на "Трэку", "Гульня ў жмуркі", "Каго мне ўзяць за кума?", "Год Сцяпана-лайдака", якім уласціва вастрыня сацыяльна-бытавой праблематыкі, сюжэтнасць, сказавасць інтанацыі. Аўтар, відавочна, ухіляўся ад звышнавацый, усялякіх эксперыментальных празмернасцяў, характэрных для многіх літаратараў 1920-х гг. Прастата і даступнасць вылучалі К. Крапіву на гэтым фоне. I, як ні дзіўна, у яго не было пераймальнікаў - пісьменнік стаяў неяк асабняком, дарэчы, добра гэта ўсведамляючы.

Але глыбокая ўнутраная сувязь з нацыянальнай культурай, несумненна, была. Маюць рацыю тыя даследчыкі, якія бачаць у яго з'яўленні на беларускай літаратурнай "ніве" факт заканамерны, сацыяльна абумоўлены. У плане маральна-эстэтычным Крапіва-сатырык вырас з таго, што літаратуразнаўцы называюць "народнай смехавай творчасцю" (выраз Міхаіла Бахціна). Беларускі фальклор і літаратура ў паказе сваіх герояў не пазбягалі ні шаржу, ні кпінаў, ні парадзіравання і скамароства. Байкі Крапівы - прамое і непасрэднае, амаль не апасродкаванае нейкімі прыватна-аднаразовымі, асабовымі сітуацыямі выяўленне сацыяльных і маральных асаблівасцяў народнага жыцця. Пачуццё гумару не пакідала беларускі народ у самыя цяжкія часы. Гэта і знайшло сваё ўвасабленне ў творах К. Крапівы, набыўшы там пэўную накіраванасць, узмацніўшыся да вострай сатыры, а нярэдка і да сарказму.

У 1920-я гг. малады сатырык высмейваў адмоўныя рысы ў свядомасці людзей, адсталасць старой вёскі, рэлігійныя вераванні, бескультур'е ("Ціт заводзіць новы быт", "Будуйце лазні!", "Мы не паклонімся богу" і іншыя творы) і рабіў гэта з выразных асветніцкіх пазіцый. "З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд - задача мая ўдарная" - вось крэда пісьменніка. Дастаецца ад яго і знешнім ворагам: "Да ноты Керзана", "Сава, Асёл ды Сонца", "Жаба ў каляіне"...

Адзін з самых ранніх твораў К. Крапівы - верш "Грышча". Прадметам мастацкага асэнсавання ў ім з'яўляецца звычайная вясковая вечарынка. Прыняць удзел у скоках ці проста паглядзець на іх у хату да Агаты "сышлася вёска ўся", ад малога да старога. "Тут сынок, ды тут і тата, Тут унучак, тут і дзед" , - кажа паэт. "Сцёпка ціскае гармонік, Той пішчыць, як парася" .

А пад піск той сярод хаты

Дык аж стогнуць, бы аруць,

Скачуць хлопцы і дзяўчаты -

Вобуй бацькаўскі дзяруць.


Аж сапуць, абліты потам,

Як улетку ў сенакос;

Як каторы тупне ботам -

Здэцца, зломіцца памост.

Паэт выяўляе сваё непрыняцце старых форм грамадска-культурнага жыцця на сяле, асуджае абмежаванасць інтарэсаў, прымітыўнасць адпачынку моладзі, бескультур'е і нявыхаванасць. На першых ролях у вячэрніх скоках выступаюць тыя з вяскоўцаў, хто не дужа падкі да працы днём. "Як ідзе ж Паўлінін Тодар, Дык ад дзівяцца ўжо ўсе , - чытаем у вершы, - Да работы, здэцца, лодар, Тут, як чорт яго нясе" . Як лёгка заўважыць, тонкай іроніяй, сатырычным высмейваннем напоўнены аўтарскія параўнанні і характарыстыкі, у якіх стома ад скокаў суадносіцца са стомай ад цяжкой сялянскай працы. Паэт сцвярджае думку аб тым, што на месца такіх форм адпачынку на вёсцы, як бязладнае грышча з яго распушчанасцю нораваў, шумам-гоманам, крыкам, лаянкай і "дзікім Градам адборных мацюкоў" павінны прыйсці сістэмная культурна-асветная праца і самаадукацыя, звязаныя з духоўнасцю, кнігамі, імкненнем да ведаў. Красамоўныя заключныя строфы верша "Грышча":

Бела-сіні, надта горкі

Лезе ў вочы, есць да слёз,

Душыць горла дым махоркі,

Самагон зрывае нос.


Вось - забава для вялікіх,

Вось - навука для малых:

Ў самагонцы, скоках дзікіх,

Ў мацюках заместа кніг.

Неяк незаслужана абыдзена ўвагай даследчыкаў цікавая і павучальная байка К. Крапівы "Каршун і Цецярук", якая прысвечана выкрыццю абыякавасці і баязлівасці, падхалімства і ўгодніцтва. Стары Каршун раптам "стаў хваліцца на ўвесь лес, Што ён - спявак вялікі" . Гэтую амбіцыйную і беспадстаўную прэтэнзію на мастацтва асуджаюць іншыя лясныя птушкі, у прыватнасці, галкі і сіваграк, аднак толькі шэптам, "на вушка" , "бо той каршун стары Начальствам быў у іх, І ведалі даволі ўсе наўкола, Што хоць паганы меў ён голас, Ну дык затое ж кіпцюры!" Асяроддзе страху, маўчання і прыніжанасці становіцца спрыяльнай глебай для развіцця негатыўных якасцяў, самасцвярджэння непрыстойных асоб. У ім спакваля выспявае амаральны ўчынак Цецерука, які, каб узвысіцца над іншымі, крывадушна абвяшчае Каршуна выдатным спеваком, сапраўдным мастаком. "Няма на свеце прыямнейшай рэчы, як слухаць песні Каршуна" , - безапеляцыйна сцвярджае ён. Паэт удала выкарыстоўвае прыём адваротнасці. З дапамогай гэтага прыёму ён робіць акцэнт на ўчынку і асобе Цецерука, нарошчвае яе адмоўную характарыстыку і сатырычнае высмейванне. Імкнучыся дагадзіць свайму начальніку, Цецярук адмаўляе ў таленце спевака нават такому агульнапрызнанаму майстру, як Салавей і, наадварот, беспадстаўна ўзвышае зусім няздатную да мастацтва Варону, якая, на яго думку, "мацней і за Шпака, і за Грака" . "Але найлепш за ўсіх - шаноўны старшыня" , - акцэнтавана падагульняе свае разважанні бязмерна ўгодлівы Цецярук. Зразумела, змадэляванае на аснове стасункаў і ўзаемаадносін у птушыным асяроддзі К. Крапіва праецыраваў на сацыяльную сферу, чалавечае грамадства. Страх і падхалімства, адхіленне ад маральных норм і законаў, прынцыпаў праўды і справядлівасці вядуць да ўсёдазволенасці, узурпацыі ўлады і дыктатуры. У канцы твора аўтар прадугледжвае, што ўгодлівасць Цецерука будзе належна ацэнена Каршуном:

За што ж бы Цецярук

хваліў так Каршуна?

Перш-наперш, ён быў глух,

Чаго б нікому я не зычыў,

А па-другое, Каршуну

Дык ён тут проста… ну…

Каля хваста казыча,

У Каршуна каб быць у ласцы.

Яму, напэўна, гэта ўдасца,

Бо шмат здарэнняў і падзей

Такіх я бачыў між людзей.

Пазней будуць і Уладзімір Корбан, і Міхась Скрыпка, і Эдуард Валасевіч, і іншыя байкапісцы-сатырыкі, але што аб'ядноўвае іх з Крапівой? Хіба што толькі праца ў пэўным жанры. Крапіва - непаўторны.

Вялікае месца ў творчасці К. Крапівы даваеннага перыяду належыць заходнебеларускай тэматыцы. Пісьменнік уважліва сачыў за тым, як разгортваліся падзеі па той бок Рыжскай мяжы, актыўна адгукаўся на іх, выступаючы палымяным абаронцам сваіх прыгнечаных і занядбаных заходніх братоў. Вершы "На "Крэсах Усходніх", "Польскаму пану ў дзень стварэння Беларускай дывізіі", "Не да "бжуху" страва", "Праметэй", "Балабонь да пары, балабонь!", "Кат у няміласці", "З фашыстоўскай падваротні", "Ад пачосткі ныюць косткі", "Некралог" і іншыя сведчаць пра тое, што ён выступаў супраць палітыкі дэнацыяналізацыі беларускага этнасу, якую праводзілі польскія ўлады на "крэсах усходніх", супраць абмежавання сацыяльных правоў і свабод беларусаў.

Верш "Не да "бжуху" страва" прысвечаны самому факту падзелу Беларусі ў адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай 1921 года і яго вынікам:

Кускі смачныя цалком

Пан глытае век-вяком, -

Так жа вось вайной мінулай

Польшча "Крэсы" праглынула.

Толькі гэтакі кусок

Каб не вылез ёй праз бок…

"Праглынуўшы" Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, Польшча цяжка захварэла, сцвярджае аўтар.

З ёю дрэнна нешта справа

(Не да "бжуху", мусіць, страва), -

Дактароў усіх рэцэпты

І бабулек розных шэпты

Не памоцны хворай тут,

Не памог і пан Тугут.

Ужо каркаюць вароны…

Шчыра просячы "аброны"…

Паны спадзяюцца на тое, што "Можа бог дасць, пранясе" і хворая неўзабаве паправіцца, ачуняе, прагноз жа самога аўтара несуцяшальны: "Але Польшчы, як здаецца, Пастагнаць тут давядзецца". Верш характарызуецца натуральнасцю лірыка-апавядальнага дыскурсу, прадметна-пачуццёвай канкрэтнасцю і выразнасцю, яскравым вобразным малюнкам. Вастрыня сацыяльнага погляду лірычнага героя спалучаецца ў ім з дакладным рэалістычным адлюстраваннем, непасрэднасць выяўлення думкі і пачуцця пераплятаецца з публіцыстычна-сатырычнай завостранасцю.

У 1922 годзе ў выніку падрыхтоўкі да выбараў у вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы Сойм актывізавалася грамадска-культурная і палітычная дзейнасць нацыянальных меншасцяў Польскай Рэспублікі. Для падрыхтоўкі да выбараў быў створаны выбарчы блок беларусаў, украінцаў, яўрэяў і немцаў, асобна паўстаў таксама Беларускі выбарчы камітэт у Вільні. Як вядома, у 1922 годзе ў польскі Сойм і Сенат прайшло чатырнаццаць беларускіх паслоў, і гэта было вялікае дасягненне нашых суайчыннікаў. Пасля выбараў паслы ад нацыянальных меншасцяў аб'ядналіся ў асобны дэпутацкі блок, а таксама былі створаны іх самастойныя соймавыя фракцыі, у тым ліку і Беларускі пасольскі клуб на чале з Б. Тарашкевічам. Зразумела, што з гэтай сілай вымушаны былі лічыцца кіраўнічыя колы, уладныя структуры ўсіх узроўняў. Выступаючы з гадавой справаздачай аб дзейнасці ўрада на пленарным паседжанні Сойма, прэм'ер-міністр Польшчы У. Сікорскі не шкадаваў кампліментаў для нацыянальных меншасцяў, называў іх неад'емнай часткай польскага грамадства, адзначаў, што дзяржава будзе выконваць свае абавязкі перад беларусамі і ўкраінцамі, агавораныя ў Версальскім і Рыжскім трактатах, гарантаваў захаванне іх сацыяльных і нацыянальных правоў, абяцаў падтрымку ўсіх грамадска-культурных ініцыятыў і пачынанняў. Прамова У. Сікорскага стала прадметам з'едлівай іроніі і сатырычнага асмяяння ў вершы К. Крапівы "На "Крэсах Усходніх":

Пан клапоціцца на "Крэсах".

Аб чыіх жа інтарэсах?

Можна бачыць і сляпому -

Не аб нашых жа, вядома.

Элементы апавядальнасці, рэалістычнай аб'ектыўнасці мастацкага выяўлення спалучаюцца тут з драматызмам лірычных пачуццяў, адзнакі актыўнага і дзейснага аўтарскага гуманізму, узвышанасці духоўна-маральнага свету героя дапаўняюцца і ўзмацняюцца вастрынёй яго ідэйна-эмацыянальных характарыстык і ацэнак, выразным сацыяльна-выкрывальным пафасам:

Воўчы зуб не памагае,

Дык палітыка другая

У яго як бач паспела -

Хвост пусціць лісіны ў дзела…

…………………………………

"Мы вас любім, мы вам рады,

То чыноўнікі ўсё, гады,

Вас там крыўдзілі дагэтуль -

Мы пакажам ім за гэта.

Вось вам цацак (папяровых),

Вось вам школы, вось вам мовы…"

У канцы верша паэт падкрэслівае, што "Ходзіць пан лісой-хітрушкай Перад крэсаваю птушкай" нездарма:

Беларус, глядзі не каркай,

Бо адчуеш сваім каркам,

Чаму пан такі стаў добры:

Кось-кось-кось - пакуль ў аглоблі,

Потым па баку дугою

Ды ў жывот яшчэ нагою.

У сваім даследаванні "Пытанні літаратуры і эстэтыкі" М. Бахцін адзначаў, што "міфалагічнае і мастацкае мысленне лакалізуе ў мінулым такія катэгорыі, як мэта, ідэал, справядлівасць, дасканаласць, гарманічны стан чалавека і грамадства". Вершам "Праметэй" К. Крапіва адгукнуўся на разгром польскімі ўладамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, у прыватнасці, на заключны судовы працэс над яе кіраўнікамі, які адбыўся ў лютым-траўні 1928 года ў Вільні. Народ Заходняй Беларусі асацыяваўся ў свядомасці паэта са старажытна-грэчаскім тытанам Праметэем. Як і прыкуты да скалы за перадачу агню людзям Праметэй, "Рукою панскаю прыкуты" заходнебеларускі народ таксама церпіць страшныя мукі, пакутуе пад польскім сацыяльным і нацыянальным прыгнётам:

Крывёй абліты ён, зняможан!

Маўчыць халодная скала.

Крамсае цела "бялы ожэл" -

Сваяк "двухглавага арла".


Ён сэрца рве. Ён шчыпле печань.

Ён п'яны выглядам крыві…

Крывавы баль, аднак, не вечны,

Калі ў грудзях агонь жывы.

Верш вызначаецца скандэнсаванасцю і ёмістасцю, напружанасцю драматычнага зместу і дыхае моцнай духоўна-грамадзянскай энергетыкай. Аўтарскі маналог арганічна спалучае думку і эмоцыю, ён прасякнуты сцвярджэннем героікі народнага духу і волі і насычаны яркімі, пластычна-выяўленчымі штрыхамі і дэталямі. Лірычны герой паэта спадзяецца на годную адплату працоўных Заходняй Беларусі, якім верш прысвечаны, сваім прыгнятальнікам:

І прагну аднаго цяпер я:

Каб мне прыждаць хвіліны тэй,

Калі паганай птушкі пер'е

Па ветры пусціць Праметэй.

Творчасць К. Крапівы развівалася ў рэчышчы авангардных ідэйных тэндэнцый беларускай савецкай літаратуры. Бязлітасным асуджэннем апанентаў поўняцца вершы паэта "Балабонь да пары, балабонь!", "Кат у няміласці", "З фашыстоўскай падваротні" і іншыя, у якіх падвергнуты знішчальнай крытыцы канкрэтныя гістарычныя асобы, перыядычныя выданні і г.д.

Трэба сказаць, сатырычна-выкрывальны талент Кандрата Крапівы добра клаўся на грамадска-сацыяльную глебу Заходняй Беларусі, яго творы карысталіся вялікай папулярнасцю ў шырокім працоўным асяроддзі краю, якое любіла вострае, дасціпнае, арыгінальнае слова пісьменніка. "Імя і вершы Крапівы, - дасведчана пісаў В. Таўлай, - настолькі зрадніліся з шырокімі чытацкімі коламі Заходняй Беларусі і былі настолькі сугучнымі тагачасным настроям, што заходні беларус без асаблівага роздуму залічаў аўтара ў землякі-заходнікі.

Але трэба прызнаць, што ў гэтай сімпатычнай памылцы была значная віна рэдакцыі "Маланкі", якая з мэтай "акліматызацыі" Крапівы самастойна ўводзіла некаторыя тэрміналагічныя змены ў яго вершы, а таксама шляхам дапісання прысвячальных дапісак звязвала іх з канкрэтнымі асобамі і падзеямі заходнебеларускага палітычнага жыцця…

Творы Крапівы білі з гнеўнай сілай па панскай рэчаіснасці.

У гэтым - галоўная прычына шырокай папулярнасці Крапівы ў былой Заходняй Беларусі. Вершы і байкі сатырыка часта дэкламаваліся з аматарскай сцэны, а раз пачутыя - глыбока западалі ў памяць".

Асаблівым попытам сярод заходнебеларускіх чытачоў карысталася паэма К. Крапівы "Біблія", якая, па словах П. Пестрака, "пераходзіла з вёскі ў вёску ў рукапісным выглядзе - на школьных сшытках "у клетачку", каб гусцей можна было напісаць, каб больш змясцілася. У такім выглядзе яе пранеслі і ў турму. Я сам пазнаёміўся з "Бібліяй" у пружанскай турме. Помню, як цяпер, пасля паверкі садзіліся ўсе ўкруг за стол, і я хлопцам чытаў "Біблію". Чытаць яе было цяжка, бо не паспееш ты прачытаць страфы, як выбухае такі грамовы смех, што аж вераб'і з падаконнікаў фыркаюць са спалоху.

Калі хто-небудзь з хлопцаў адседжваў свой тэрмін, яму клалася на дарогу "Біблія" ў халяву, зашывалася і такім чынам выносілася на волю, даходзіла ў тыя куткі, дзе яе яшчэ не было.

Праводзячы такога хлопца з "Бібліяй", казалі: "Нясі бацьку, няхай пачытае".

Дарэчы, папулярнасць твораў К. Крапівы ў Заходняй Беларусі, тое, што яны распаўсюджваліся там сярод чытачоў у мностве рукапісных экземпляраў, аднойчы дапамаглі маладому Максіму Танку пазбегнуць турэмнага зняволення. Баронячыся ў судзе ў снежні 1934 года пасля паўторнага арышту і абвінавачвання ў напісанні знойдзеных у турэмнай камеры на Лукішках антырэлігійных і рэвалюцыйных вершаў, а таксама першатравеньскай адозвы, М. Танк даводзіў, што гэта вершы беларускага савецкага паэта Кандрата Крапівы. "Няхай мне даруе наш выдатны сатырык за тое, што я прыпісаў яму свае бездапаможныя раешнікі… Але гэта тады памагло мне падважыць абвінавачанне суддзі-следчага і выйсці на свабоду…", - разважаў паэт падчас гутаркі з адным з аўтараў артыкула ў траўні 1995 года.

Прыцягвалі К. Крапіву і літаратурна-палітычныя спрэчкі і барацьба таго часу. На жаль, не даследавана ў нас тэма "Крапіва і Купала". Сатырычны верш Крапівы "Янкавы казкі" (1923) - празмерна аўтарытарны ў дачыненні да Я. Купалы, які ў той час не падзяляў аптымізму маладнякоўцаў у адносінах да новай тагачаснай явы. Аднак і сам Крапіва не пайшоў за бальшавікамі па шляху татальнага пераўтварэння быцця, звязанага з рэалізацыяй усіх планаў наступу на прыроду. У ім заўсёды быў моцны здаровы сэнс. Нават да згаданых "Янкавых казак" ён праз пэўны час палічыў патрэбным зрабіць своеасаблівы пастскрыптум:

Выбачай жа, Янка, брат, -

Памыліўся я, ды рад,

Што сляпыя ўсе калекі

Адчынілі ўжо павекі.

Праўду кажуць - такі ў нас,

Што найлепшы доктар - час.

Пісаць вершы і байкі Кандрат Крапіва не пакідаў да канца свайго жыцця, аднак, як бачым, яго праблемна-тэматычныя і жанрава-стылёвыя пошукі былі досыць шырокія ўжо на раннім этапе творчасці. "Байкі і сатырычныя творы Крапівы, - абгрунтавана падкрэсліваў І. Навуменка, - адразу атрымалі ў літаратуры сталую "прапіску", сталі творамі хрэстаматыйнымі, па якіх вучыцца глядзець на жыццё ўжо каторае пакаленне школьнікаў… Самыя сучасныя ідэі паэт "апрануў" у народныя вопраткі, на падзеі сучаснасці глядзеў праз прызму народнага светабачання, светаадчування, і гэта забяспечыла яго творам зайздроснае даўгалецце…

Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камедый, рамана "Мядзведзічы", то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно з першых месц у беларускай літаратуры".

Ягоныя апавяданні 1920-х гг. нагадваюць творы Міхаіла Зошчанкі, хаця ў іх у першы час пераважае сатырычна-прыкладны, асветніцкі пачатак ("Людзі - суседзі", "Снег ідзе", "Вайна" і інш.). З цягам часу, аднак, К. Крапіва імкнуўся глыбей раскрыць унутраны свет чалавека і стаў вопытным майстрам псіхалагічнай прозы. На мяжы 1920-1930-х гг. ён стварыў сацыяльна-бытавы раман "Мядзведзічы", у якім намаляваў карціну беларускай вёскі 1920-х гг., пераднавальнічную атмасферу напярэдадні калектывізацыі. Раман не страціў свайго гістарычна-мастацкага значэння да цяперашняга часу. Яго цэнтральны герой Юзік Верамейчык - тыповая фігура маладога чалавека 20-х гг., у мінулым удзельніка грамадзянскай вайны, які вяртаецца ў роднае сяло з намерам зрабіць крок да новага жыцця... Асноўная, выніковая думка пісьменніка - мужык не можа існаваць па-за турботамі пра зямлю, пра сваю работу на ёй - не страціла сваёй філасафічнасці і актуальнасці і сёння.

I вобразамі сваімі, і сітуацыямі, і праблемамі "Мядзведзічы" тыпалагічна суадносяцца з іншымі беларускімі раманамі пачатку 1930-х гг. - Міхася Зарэцкага, Платона Галавача, Сымона Баранавых, Рыгора Мурашкі...

У творах канца 1920 - пачатку 1930-х гг. і больш позніх дамінавала не толькі сатыра. Пісьменнік не пакідаў па-за ўвагаю і іншыя матывы - лірычныя, гераічныя і нават трагічныя, як, напрыклад, у тым жа рамане "Мядзведзічы", у многіх п'есах. К. Крапіву ўсё больш цікавіў чалавек, складанасць яго ўнутраннага свету, маральнае самаадчуванне ў новых абставінах жыцця. Гэты свой інтарэс ён імкнуўся рэалізаваць у драматычных творах. Мысленне Крапівы-драматурга, несумненна, выспявала ў "баечна-гутаркавым" перыядзе яго творчасці. Многія ягоныя тагачасныя сатырычныя творы пабудаваны ў форме дыялогу ("Гаагская "Каробачка", "Калядная размова", "Дзве кумы" і інш.). У персанажах ужо выяўляліся "зерні" сцэнічных характараў. На шляху да сцэны шмат у чым яму дапамагла руская літаратура, у першую чаргу драматургія Аляксандра Астроўскага.

Першая п'еса "Канец дружбы" была напісана ў 1933 г. У ёй разглядаецца праблема сяброўства і абавязку, складанасць чалавечых адносінаў падчас рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, напружаных класавых канфліктаў. Сёння мы, вядома, па-іншаму разумеем канфлікт Карнейчыка і Лютынскага, але п'еса застаецца дакументам таго часу.

Гераічная драма "Партызаны" (1937) стаіць у адным шэрагу з такімі творамі савецкай драматургіі, як "Любоў Яравая" Канстанціна Транёва, "Браняпоезд 14-69" Усевалада Іванова, "Разлом" Барыса Лаўранёва, "Шторм" Уладзіміра Біль-Белацаркоўскага. Аўтар узнавіў карціны грамадзянскай вайны ў Беларусі, вывеў на сцэну народ, які ўсвядоміў сябе рухавіком гісторыі.

А славутая камедыя "Хто смяецца апошнім", створаная ў 1939 г., па сіле абагульнення, мастацкай дасканаласці, сцэнічнасці з'явілася адной з вяршыняў савецкай драматургіі 1930-х гг. Здзіўляе мастацкая пераканальнасць яе персанажаў. Вобразы Тулягі, Гарлахвацкага, Зёлкіна і іншых герояў сталі тыповымі і абагульняльнымі.

У 1939 г. Кандрат Крапіва - былы штабс-паручнік - удзельнічаў у паходзе за вызваленне Заходняй Беларусі ў якасці камандзіра стралковай роты. Потым ваяваў на "лініі Манергейма" ў Фінляндыі. "Праз год, - успомніць ён пазней, - мне зноў давялося апрануць шынель, каб удзельнічаць у чацвёртай "маёй" вайне, якая прынесла незлічоныя бедствы маёй роднай Беларусі і ўсёй Савецкай краіне". Пісьменнік працаваў у франтавой газеце "Красноармейская правда" - той самай, у якой упершыню выступіў у друку. Вайна зрабіла актуальнымі ранейшыя формы сатыры - памфлет, фельетон, эпіграму, гутарку.

Яго напружаная работа ў гады вайны ў перыядычных выданнях набліжала перамогу. Не забываў ён і пра драматургію. У гэты перыяд напісаны п'есы "Проба агнём" і "Мілы чалавек". Апошняя - зноў жа сатырычная камедыя, у якой таленавіта выстаўлены "напаказ", на асмейванне адмоўныя з'явы тагачаснага жыцця.

Плённа працаваў Кандрат Крапіва ў розных жанрах драматургіі і пазней. Вельмі цікавы, напрыклад, ягоны тэарытычны артыкул "Канфлікт - аснова п'есы". Мастак імкнуўся рэалізаваць усю шматграннасць свайго таленту і светаўспрымання. Гэтую яго рысу добра падмеціў Іван Шамякін.

"Крапіва ў сваёй творчасці, - пісаў I. Шамякін, - і гісторык, і філосаф, і сацыёлаг. Драматургія - разведка новых асноў быцця. Драматургі першымі адчуваюць новыя канфліктныя сітуацыі, супярэчнасці. Добра ведаючы, разумеючы мінулае, яны пільна ўглядаюцца ў будучае. Часам Крапіва звяртаўся да працэсаў, вынік якіх было цяжка прадказаць (таму не ўсе адразу яго разумелі), да працэсаў, якія мелі тэндэнцыю да развіцця ці, надварот, да адмірання, нягледзячы на іх уяўную жыццяздольнасць. Крапіва паказваў шлях наступнаму пакаленню не толькі драматургаў - усім беларускім пісьменнікам".

У 1970-я гг. Кандрат Крапіва стварыў сваю "фантастычную камедыю" "Брама неўміручасці" (1973), якая, на нашу думку, дае падставы меркаваць, што славуты асветнік пад канец жыцця ў пэўнай ступені зняверыўся ў ідэях і ў ідэалогіях - у іх здольнасці ахапіць цэласную карціну быцця, карэнным чынам змяніць чалавечую прыроду. Калі ўважліва прачытаць п'есу, то можна прыйсці да высновы, што аўтару "Брамы неўміручасці" ідэі, нават самыя маштабныя, здаюцца абстрактнымі. У гэтым сваім творы ён набліжаецца да шырокай панарамы жыцця.

Уражвае духоўная насычанасць п'есы, вострая пастаноўка пытання пра сэнс чалавечага быцця, месца чалавека на зямлі. Аўтар зыходзіць з нераўнамернасці развіцця навукова-тэхнічнага і маральнага прагрэсу, закранаючы розныя аспекты гэтай праблемы - сацыяльна-эканамічныя, біялагічныя, маральна-этычныя і філасофскія. У камедыі створаны тыповыя сатырычныя характары. Герантолаг Дабрыян адкрыў закон неўміручасці. Плёнам гэтага яго адкрыцця спяшаюцца пакарыстацца Дажывалаў, Караўкін, Шусцік, Скараспей, Застрамілава і іншыя, якія хацелі б быць неўміручымі, "вечнымі". Перад веліччу вечнасці драматург, паводле яго слоў, паказвае "звычайных людзей, добрых і дрэнных, з іх характарамі, грамадскімі і асабістымі інтарэсамі і маральнымі якасцямі".

Гэтыя "звычайныя" людзі часам здзіўляюць сваёй нахабнасцю, цынізмам, адсутнасцю элементарнай чалавечай прыстойнасці. Гэта і ёсць рэальныя людзі ў рэальным жыцці. Такімі зрабіла іх прырода і ўмовы грамадскага існавання, і яны не хочуць стаць лепшымі. Славуты гумар драматурга часам набывае саркастычную афарбоўку. Уражанне такое, што гарлахвацкія і зёлкіны добра прыжыліся ў чалавечым грамадстве. "Фантастычная камедыя" прымушае задумацца над складаным жыццём і яго супярэчнасцямі, дазваляе бліжэй зразумець духоўны свет сучасніка, яго погляды і інтарэсы, адносіны да будучыні.

Драматургія Кандрата Крапівы - галерэя тыпаў. У старажытнага аўтара Феафраста ёсць кніга "Характары", у якой ён апісвае розныя чалавечыя тыпы - найперш адмоўныя. Такое даследаванне можна было б зрабіць на матэрыяле камедый Крапівы. Мяркуем, што з цягам часу нашы крытыкі, сацыёлагі, маралісты гэтым зоймуцца. Цікавая праца можа атрымацца…

"Крапіва, безумоўна, вялікі майстар байкі і камедыі, але ён і добры лірычны паэт і цудоўны бытапісец, - падкрэсліваў П. Глебка. - Дыяпазон яго творчасці вельмі шырокі, таму што пісьменнік шырока глядзіць на жыццё і глыбока пранікае ў яго тайнікі: ён бачыць у ім і гераічнае, і трагічнае, і смешнае". Багатая спадчына класіка беларускай літаратуры, урокі яго творчасці, ідэі і вобразы, несумненна, спатрэбяцца ў будучым, яны будуць карысныя для наступных пакаленняў беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры. I не толькі для іх - для ўсіх.

Уладзімір Гніламёдаў, Мікола Мікуліч.


Помнік Касцюшку: нешта не так

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства Беларускай мовы

імя Францішка Скарыны",

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Аб стварэнні помніка

Для ўшанавання памяці знакамітага земляка на яго малой радзіме ў г. Косава пабудаваны мемарыяльны музей-сядзіба імя Т. Касцюшкі, бліз якога ўстаноўлены памятны знак.

Штогод музей наведвае каля 20,0 тыс. чалавек, у тым ліку каля 3,0 тыс. замежных грамадзян. Музей налічвае 338 прадметаў музейнага значэння, звязаных з жыццём і дзейнасцю Т. Касцюшкі.

Перад Жабінкаўскім раённым музеем ў в. М. Сяхновічы ўстаноўлены бюст Т. Касцюшкі, у касцёле Узвіжанне Святога Крыжа па вул. Леніна ў г. Брэсце ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Т. Касцюшкі. Іменем Т. Касцюшкі названы вуліцы ў гарадах Косава, Івацэвічы, Брэст.

Паведамляем, што стварэнне помнікаў рэгламентуецца патрабаваннямі Палажэння "Аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2008 № 1372.

Стварэнне і ўстаноўка помніка можа быць ажыццёўлена толькі пры наяўнасці фінансавых сродкаў.

Намеснік старшыні аблвыканкама Л.А. Цупрык.


Пад зоркай Касцюшкі

Да 270-годдзя з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Пад зоркай Касцюшкі", дзе прадстаўлены выданні з фондаў аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў. На экспазіцыі змешчаны кнігі, якія выдадзены ў к. ХІХ - пач. ХХI стст. Многія асобнікі, якія экспануюцца на выставе, сёння з'яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746-1817) - адзін з тых сусветна вядомых дзеячаў, якія нарадзіліся і ўзгадаваны на беларускіх прасторах, а карысць прынеслі для многіх народаў. Яму было наканавана лёсам стаць нацыянальным героем не толькі Беларусі, але і Польшчы, Францыі, ЗША. Не толькі беларусы ўшаноўваюць памяць пра Тадэвуша Касцюшку. Помнікі нашаму суайчынніку ёсць у Кракаве, Лодзі (Польшча), Вашынгтоне, Чыкага, Мілуокі, Кліўлендзе (ЗША), Салюры (Швейцарыя). Яго імя носіць самая высокая гара Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, востраў на Алясцы (ЗША).

Рэтраспектыва выставы "Пад зоркай Касцюшкі" дае магчымасць прасачыць жыццёвы шлях чалавека-легенды, які валодаў дзяржаўным і вайсковым талентам, быў кіраўніком паўстання 1794 года. Сярод прадстаўленых матэрыялаў праца С. Гараінава "Заточение Ф. Костюшки в крепости. (1794 - 1795 гг.)", выдадзеная ў 1912 г. Праз дзелавую перапіску, якая змешчана ў асобніку, можна даведацца аб ажыццяўленні дастаўкі палоннага Тадэвуша Касцюшкі ў Санкт-Пецярбург, дзе ён быў зняволены ў Петрапаўлаўскай цвердзі. Так дакументы сведчаць аб таемным перамяшчэнні Т. Касцюшкі пад чужым прозвішчам - шляхціц Шуманскі, аб надзвычайных умовах аховы і іншых падрабязнасцях.

Тадэвуш Касцюшка - асоба адметная ў гісторыі. Значэнне яго вайсковай і палітычнай дзейнасці, уплыў на гістарычныя падзеі даследуюцца ў працах сучасных навукоўцаў. На выставе прадстаўлены аўтарскія выданні, зборнікі навуковых прац і публікацыі ў перыядычным друку. Матэрыялы экспазіцыі яшчэ раз сведчаць, што Тадэвуш Касцюшка застаўся ў сусветнай гісторыі неардынарнай асобай, якая прыцягвала ўвагу многіх пакаленняў у мінулым, а сёння цікавіць даследчыкаў, пісьменнікаў, мастакоў і тых, хто імкнецца глыбей ведаць нашу багатую спадчыну.

Святлана Паўлавіцкая, супрацоўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.


Мова - найпершая каштоўнасць

У Салігорску адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы.

18 лютага 2016 года, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў чытальнай зале Дзяржаўнай установы культуры "Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка" адбылася творчая сустрэча старшакласнікаў Салігорскай гімназіі № 3 з чальцамі краязнаўча-літаратурнага аб'яднання "Вытокі", якое дзейнічае пры бібліятэцы.

Вядоўца мерапрыемства, бібліятэкар Ніна Мігун расказала яго ўдзельнікам аб развіцці і сучасным стане беларускай мовы, якая знаходзіцца ў заняпадзе і патрабуе дзяржаўнай падтрымкі, чаго сёння не назіраецца.

Затым гімназісты, апранутыя ў касцюмы з нацыянальнай сімволікай, чыталі вершы беларускіх паэтаў.

Свае вершы таксама чыталі чальцы аб'яднання "Вытокі" Валянціна Бабко-Аляшкевіч, аўтар некалькіх кніг і Уладзімір Масакоўскі.

У чытальнай зале быў выстаўлены стэнд з творамі беларускіх пісьменнікаў пад назвай "21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы". А ў філіяле бібліятэкі з нагоды Года культуры выстаўлены тэматычны стэнд пад назвай "Душа народа - жывіца культуры!" з літаратурай па сямі кірунках культурнага жыцця краіны.

2. Агульнанацыянальная дыктоўка ў Салігорску

21 лютага 2016 года сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" правялі 9-ю Агульнанацыянальную дыктоўку.

Напачатку Ніна Ярмалінская расказала аб гісторыі ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, які прыняты 17 лістапада 1999 года Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА і адзначаецца з 2000 года штогод 21 лютага з мэтай садзейнічання захаванню і развіццю моўнай і культурнай спадчыны.

Затым пад дыктоўку сябра ТБМ Мікалая Шаравара напісалі тэкст "Беларускія зубры" паводле Янкі Сіпакова.

Пасля завяршэння дыктоўкі Ніна Ярмалінская, Мікола Шаравар і Уладзімір Масакоўскі прачыталі свае вершы, прысвечаныя роднай мове.

Уладзімір Масакоўскі , старшыня Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Час Адраджэння

Ідзём па цярністых дарогах змаганняў

За родную мову без лішніх ваганняў,

За землі багатыя нашых бацькоў,

За зорную спадчыну нашых дзядоў.


Свае карані на зямлі захаваўшы

І родную мову ў вяках шанаваўшы,

Мы славу краіне ў баях здабывалі,

Радзіме ў вянок мы яе запляталі.


А мова ў краіне зноў нішчыцца сёння,

І зноў да змагання нас кліча Пагоня

З чынамі краіны любімай сваёй,

Якія гамоняць на мове чужой.


Але набліжаецца час Адраджэння,

Гадзіна вялікага дня Прабуджэння,

І скінем прымусу навалы мы з плеч

Высока падняўшы вызвольны свой меч.


Адродзіцца мілая родная мова,

І душу кране беларускае слова,

Пальецца ў бясконцасць прасторы гамонка

Ад сіняй валожкі, ад белай рамонкі.

Уладзімір Масакоўскі.


АРШАНШЧЫНА БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ

"Моўная стыхія Уладзіміра Караткевіча"

Пад такой назвай у аднайменным музеі літаратара-земляка ў Оршы адбыўся "круглы стол", прысвечаны Дню роднай мовы. І адбылася гэтая імпрэза яшчэ за тыдзень да 21 лютага. Асаблівасцю гэтага дзейства было тое, што асноўную частку прысутных складалі школьнікі. На гэтае знакавае мерапрыемства быў запрошаны намеснік загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава В.Э. Зіманскі, які правёў з прысутнымі, а гэта ў асноўным былі вучні мясцовых школ, цікавую і вельмі пазнавальную лекцыю-урок па беларускім мовазнаўстве, па асаблівасцях розных моў, а таксама па гісторыі і сучасным стане роднай мовы.

Рэфрэнам усяго мерапрыемства гучала: "… родную мову трэба берагчы, як сваю ўласную будучыню…" І гэта змястоўна і даходліва прадэманстравала група школьнікаў СШ № 9, якая яскрава прадставіла імпрэзу па творах Кастуся Цвіркі і Якуба Коласа. Некалькі літаратурных тэатралізаваных пастановак зрабілі вучні гэтай школы, якіх з'арганізавала і падрыхтавала да выступлення настаўніца СШ №9 Н.А. Міхновіч - вялікі аматар і знаўца беларушчыны. За вялікую душэўнасць, дабрату і адданасць беларускай мове яе любяць не толькі вучні, а і многія сталыя аршанцы.

З вялікай цікавасцю праслухалі вучні і ўсе прысутныя нізку вершаў удзельніка творчага літаратурнага аб'яднання "Дняпроўскія галасы" Ірыны Еўланавай, якая прызналася, што размаўляць і пісаць па-беларуску яна пачала ўжо ў даволі сталым узросце (зараз ёй 50 гадоў), і яна так захапілася роднай мовай, што раіць усім, асабліва школьнікам, размаўляць на роднай мове з ранніх гадоў.

Вядоўца ўсёй гэтай імпрэзы загадчыца музея Л.А. Гатоўская яшчэ раз напомніла прысутным, як бязмерна любіў беларускую мову У.С. Караткевіч, што і выказаў у вершы "Мова"

Ты мой ясны хлеб і каханы май,

Песня продкаў,

нашчадкаў палі,

Без цябе, не з табой -

не патрэбны мне рай

На душы, у небясі, на зямлі.

У заключэнні Ліна Афанасаўна адзначыла, што кожны беларус павінен ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць яе: "Мы ў сваю чаргу будзем і надалей працягваць увасабляць планы У.С. Караткевіча па папулярызацыі беларускай мовы ў розных мерапрыемствах на базе музея нашага земляка".

І трэба прызнаць, што гэтая дзяржаўная ўстанова культуры многае робіць у плане папулярызацыі беларушчыны ў нашым усходнім рэгіёне. А ад гэтага на душы становіцца цяплей і радасней.

Мінай Карніенка, сябар ТБМ, г. Орша.


Тыдзень беларускай мовы на Аршаншчыне

На гэты раз беларуская мова на Аршаншчыне лунала амаль што цэлы тыдзень. Прычынай таму было, вядома - ж, добрае свята "Міжнародны дзень роднай мовы". Не засталіся ў баку ад міжнароднай культурнай ініцыятывы ў дамах культуры і бібліятэках, школах і садках, музеях. "Аршанская газета" напярэдадні раіла сваім чытачам: "Калі нядзелю вы мусіце правесці дома, знайдзіце вольны час, каб далучыцца да роднай мовы: пачытайце вершы ці апавяданні, паслухайце песні на ёй". Для ўсходняга зрусіфікаванага рэгіёна такая парада з боку ўладнага органа "дарагога каштуе".

Не засталася ў баку ад Міжнароднага дня моваў і Аршанская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны. Да нас былі запрошаны і прыехалі ў суботу 20 лютага са сталіцы Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Колас і іншыя. На працягу ўсёй сустрэчы бард Зміцер Бартосік добра аздабляў літаратурныя і моўныя разважанні выступоўцаў беларускаімі бардаўскімі песнямі пад любімую гітару.

Але гэтага ўсяго нам здалося мала і, узяўшы, так бы мовіць, добры разбег, мы сабраліся зноў ужо ў самае моўнае свята, у нядзелю яшчэ раз. Ужо без усялякіх гасцей сваімі сіламі зрабілі свята ніколькі не горшае за іншыя. Ва ўступным слове кіраўнік аршанскай суполкі ТБМ Ю.А. Нагорны яшчэ раз напомніў аб гісторыі "Міжнароднага дня роднай мовы", а потым правёў з намі дыктоўку і літаратурную віктарыну. Але самым прыемным для ўсіх было тое, што некаторыя з нас не толькі добра ведаюць і шануюць родную мову, але і нядрэнна складаюць на ёй свае вершы. Умацавала ў чарговы раз усіх нас сваімі патрыятычнымі і грамадзянскімі перакананнямі, выказанымі ў вершаванай форме на добрай беларускай мове Яўгенія Казлова - было чым і заслухацца і замілавацца.

А мясцовая паэтка-пачаткоўка Ірына Рабіна прачытала на добрай беларускай мове свае лірычныя і патрыятычныя, сямейныя і дзіцячыя вершаскладанні. Яна таксама пазнаёміла нас з выдадзеным нядаўна паэтычным зборнікам, у які ўвайшоў і яе тузін вершаў.

Добра распавядаў пра мову і чытаў свае вершы былы настаўнік беларускай мовы Мікола Камароўскі. Упрыгожыў нашу сустрэчу мясцовы самародак-гітарыст Уладзіслаў Лепяшынскі, які разам з Яўгенам Наквасам з'яўляецца стваральнікам гурта "Лепшы квас", які набірае папулярнасць у краіне. Яго выключна беларускія песні на словы вядомых аўтараў не пакінулі нікога абыякавым. І ўсе былі аднадушнымі ў тым, што наша мясцовая імпрэза была ніколькі не горшая за першую - са сталічнымі гасцямі.

Трэба дадаць, што ў гэты дзень шэрагі нашай суполкі папоўніліся некалькімі сябрамі.

Мінай Карніенка, сябар ТБМ, г. Орша.


Сход ТБМ у Салігорску

21 лютага 2016 года ў Міжнародны дзень роднай мовы адбыўся сход Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.

На сходзе ў шэрагі ТБМ былі прыняты Наталля Аляксандраўна Скрыпаль (22.02.1980 г.н.) і Надзея Сямёнаўна Храдчэня (12.03.1949 г.н.). Аляксею Скрыпалю і Дзмітрыю Талпеку былі ўрачыста ўручаны пасведчанні сяброў ТБМ.

У шэрагах ТБМ адноўлены і ўнесены ў спісы Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны 10 чалавек.

Справаздачу аб дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ за 2015 год зрабіў яе старшыня.

На сходзе таксама разглядалася пытанне аб падтрымцы дзейнасці Таварыства беларускай мовы. Было сказана, што самая простая дапамога дзейнасці ТБМ - гэта падпіска сябрамі ТБМ на пошце газеты ТБМ "Наша слова", кошт якой складае да 60 000 рублёў на паўгода, што даволі танна.

Удзельнікі сходу азнаёміліся са зваротам у Пастаянную камісію па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь аб грубым парушэнні ў Беларусі артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца гарантам роўнасці дзвюх дзяржаўных моў - беларускай і рускай.

Уладзімір Масакоўскі, старшыня Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".


Урок памяці Васіля Супруна

10 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, публіцыста, краязнаўца, археолага, ініцыятара і кіраўніка беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падполля ў 1946-1947 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі (арганізацыя "Чайка") Васіля Супруна (1926-2007), які быў родам з вёскі Глоўсевічы Слонімскага раёна. З гэтай нагоды на Слонімшчыне запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Першай такой згадкай стаў урок, прысвечаны памяці Васіля Супруна ў СШ № 2 г. Слоніма. Урок у 7-х класах правялі бібліятэкары Слонімскай раённай дзіцячай бібліятэкі. Яны арганізавалі невялікую выставу кніг Васіля Супруна, расказалі пра яго творчы шлях пасля сталінскіх лагераў, прачыталі вершы паэта. На ўрок быў запрошаны і даследчык беларускай літаратуры Сяргей Чыгрын. Ён распавёў пра сяброўства з Васілём Супруном, пра яго жыццёвы шлях, пра знаёмства Васіля Супруна і Ларысы Геніюш, пра земляка як археолага.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другі квартал 2016 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 73. Цана змянілася нязначна. У 2016 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Два тыдні роднай мовы на Лідчыне

Міжнародны дзень роднай мовы ва ўстановах адукацыі Лідскага раёна

Моцны клічнік у лідскім марафоне з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы паставілі ўстановы адукацыі Лідскага раёна. Быў праведзены цэлы шэраг мерапрыемстваў:

1. Лінгвістычны конкурс "Буслік"

18.02.2016 прайшоў рэспубліканскі лінгвістычны конкурс "Буслік", у якім прынялі ўдзел 1998 вучняў з 33 устаноў адукацыі Лідскага раёна.

2. Дыктоўка на беларускай мове, прысвечаная Дню роднай мовы

Згодна з рэкамендацыямі Лідскага райвыканакама (№ 02-6/25 ад 03.02.2016) ва ўсіх установах адукацыі (2-11 кл.) на класных гадзінах настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры праведзена дыктоўка з мэтай папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы. У дыктоўцы ўзялі ўдзел 5365 чалавек.

3. Акцыя "Гавары са мной па-беларуску"

Ва ўсіх установах адукацыі у межах правядзення Тыдня беларускай мовы прайшла акцыя "Гавары са мной па-беларуску".

4. Кніжныя выставы і інш.

Ва ўсіх установах адукацыі Лідскага раёна былі падрыхтаваны выставы кніг, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, пісьменнікам - юбілярам.

Тэматыка выстаў рознабаковая: "Юбіляры 2016 года: пісьменнікі, кнігі", "Адвечны голас Радзімы", "Шануйце роднае слова", "Чароўная краіна паэзіі", "Святло роднай мовы", "Родная мова - крыніца святая", "Іх слаўныя імёны", "Беларуская палічка", "Ты будзеш звінець, мая родная мова!" і інш.

5. Размяшчэнне інфармацыі аб мерапрыемствах на стэндах і сайтах ўстаноў адукацыі

Ва ўсіх установах адукацыі былі аформлены інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя Дню роднай мовы.

Настаўнікі і адміністрацыя СШ № 9 г. Ліды, Ганчарскага ВПК д/с-СШ, Гудскага ВПК д/с-БШ на сваіх сайтах аформілі беларускамоўныя старонкі, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы.

6. Тэматычныя вечарыны (літаратурна-музычныя кампазіцыі) для вучняў старэйшых класаў

Настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ліцэя № 1 г. Ліды, СШ № 1, СШ № 4, СШ № 8, СШ № 12, СШ № 16 г. Ліды, Мінойтаўскай СШ, Тарноўскай СШ былі падрыхтаваны і праведзены літаратурныя гасцёўні, літаратурна-музычныя кампазіцыі ("Над Белай Руссю - белы бусел", "Мова беларуская мая", "Зямля пад белымі крыламі", "Багата, родная ты мова!", "Святло лучыны", "Гучы, родная мова!", "Люблю свой край, старонку гэту", "Гучыць беларускае слова", "І. Шамякін - чалавек - эпоха" і інш.).

7. Конкурсы на лепшага дэкламатара твораў, прысвечаных роднай мове

Конкурсы на лепшага дэкламатары твораў прайшлі ў СШ № 1, СШ № 5, СШ № 6, СШ № 12, СШ № 13, СШ № 15, СШ № 16 г. Ліды, гімназіі № 1 г. Бярозаўкі, Бердаўскім ВПК д/с-СШ, Ваверскай СШ, Ганчарскім ВПК д/с-СШ, Гуд-скім ВПК д/с-БШ, Дварышчанскім ВПК д/с-СШ, Ёдкаўскай СШ, Першамайскай СШ, Пескаўскім ВПК д/с-СШ, Тарноўскай СШ, Ходараўскім ВПК д/с-СШ.

8. Выстава дзіцячых малюнкаў да твораў бел. пісьменнікаў

Праведзены конкурсы малюнкаў у СШ № 1, СШ № 10, СШ № 12, СШ № 15, СШ № 16 г. Ліды, гімназіі № 1 г. Бярозаўкі, Бердаўскім ВПК д/с-СШ, Ваверскай СШ, Ганчарскім ВПК д/с-СШ, Дзітвянскай СШ, Тарноўскай СШ.

У СШ № 2 г. Бярозаўкі - конкурс паштовак "Віншуем родную мову" (да Міжнароднага дня роднай мовы).

9. Конкурсы, інтэлектуальныя гульні

Цікава і займальна прайшлі конкурсы эрудытаў, моўныя турніры, інтэлектуальныя гульні, КВЗ, квэст - гульні сярод вучняў СШ № 4, СШ № 8, СШ № 11, СШ № 12, СШ № 14, СШ № 17 г. Ліды, СШ № 2 г. Бярозаўкі, Бярозаўскай СШ № 3, Ваверскай СШ, Дзітвянскай СШ, Дварышчанскага ВПК д/с-СШ, Крупаўскай СШ, Першамайскай СШ, Тарноўская СШ.

10. Віктарыны

Штогод вучні правяраюць свае веды беларускай мовы і літаратуры на віктарынах, якія праводзяць для іх настаўнікі ліцэя № 1 г. Ліды, гімназіі № 1 г. Ліды, СШ № 1, СШ № 11, СШ № 12, СШ № 14, СШ № 15, СШ № 16, СШ № 17 г. Ліды, Беліцкага ВПК д/с-СШ, Гудскага ВПК д/с-БШ, Бердаўскага ВПК д/с-СШ, Ёдкаўскай СШ, Мажэйкаўскай СШ і інш.

11. Выпуск насценных газет

Пры афармленні насценгазет і плакатаў вучні СШ № 8, СШ № 9, СШ № 10, СШ № 12, СШ № 13 г. Ліды, гімназіі № 1 г. Бярозаўкі, Бярозаўскай СШ № 3, Ходараўскага ВПК д/с-СШ прадэманстравалі не толькі літаратурныя, але і мастацкія здольнасці.

12. Сустрэчы з пісьменнікамі (паэтамі) і экскурсіі

У час святкавання Дня роднай мовы настаўнікі ліцэя № 1, СШ № 9 г. Ліды і Мінойтаўскай СШ правялі творчыя сустрэчы з пісьменнікамі Лідчыны.

Для вучняў СШ № 1, СШ № 5, СШ № 12, СШ № 16 г. Ліды, гімназіі № 1 г. Бярозаўкі былі арганізаваны экскурсіі ў школьныя музеі ("Падарожжа ў беларускую хатку", "Краязнаўчы калейдаскоп", "Нам засталася спадчына", "Вышыўка і ткацтва", "Рамёствы беларусаў" і інш.).


Такім чынам у выніку магутнай падтрымкі аддзела адукацыі 9-ю Агульнанацыянальную дыктоўку на Лідчыне пісалі больш за 5,5 тысяч чалавек у каля 20 населеных пунктах Лідчыны. Гэта яшчэ не поўны ахоп раёна, але лік ужо ідзе на тысячы, і рэзервы так-сама яшчэ ёсць.

Яраслаў Грынкевіч.


Літаратурная сустрэча ў СШ № 9 г. Ліды

Літаратурная сустрэча ў СШ № 9 г. Ліды, мабыць, завяршала двухтыднёвік роднай мовы на Лідчыне.

На сустрэчу са школьнікамі прыйшлі паэты Алесь Хітрун - старшыня літаб'яднання "Суквецце", паэт Станіслаў Суднік і бард Сяржук Чарняк - старшыня і намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Па гэтай школе можна меркаваць і пра тое як выглядалі і іншыя школы ў гэтыя два тыдні. У фае разгорнута выстава з партрэтамі пісьменнікаў - юбіляраў 2016 года і малюнкамі серыі "Смак роднай мовы". Зала была ўважлівай і жыва рэагавала на пытанні і павароты гутаркі. Было відно, што мова для дзяцей не чужая, за што вялікі дзякуй настаўнікам, бо 9-я школа - гэта Паўднёвы вайсковы гарадок са сваёй спецыфікай. Тым не менш тут цудоўныя беларускія дзеці і цудоўныя настаўнікі.

Яраслаў Грынкевіч.


"Вянок санетаў" ад юных мастакоў

Падведзены вынікі раённага конкурсу дзіцячага малюнка "Вянок санетаў", прысвечанага 125-годдзю з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча. Яго ініцыятар і арганізатар - Лідская дзіцячая мастацкая школа. Удзельнікамі конкурсу сталі больш за пяцьдзесят юных мастакоў з дзіцячай мастацкай школы, дзіцячай школы мастацтваў, Лідскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Бярозаўскага цэнтра дзіцячай творчасці. Яны прадставілі журы 125 прац у намінацыях "Партрэт", "Беларускі пейзаж", "Зорка Венера", "Этнаграфія", "Фальклор", "За арыгінальнасць", "За творчае перажыванне" і "Рамантычны малюнак". Пераможцам конкурсу "Вянок санетаў" стала першакласніца Лідскай дзіцячай мастацкай школы, вучаніца Анастасіі Урублеўскай Сафія Алейнік. Высокую адзнаку атрымала яе карціна "Мае песні".

Па выніках конкурсу дзіцячага малюнка "Вянок санетаў" Лідская дзіцячая мастацкая школа выдала складанку вершаў Максіма Багдановіча, ілюстраваную дваццаццю лепшымі конкурснымі працамі юных мастакоў. Вельмі добра было б знайсці грошы і раздрукаваць гэтую складанку большым накладам.

ЛідаТБ.


Усё сучаснае мастацтва Лідскага раёна - у адной экспазіцыі

У рамках дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася пастаянная экспазіцыя "Сучаснае мастацтва краю".

Ці ёсць муза для сучаснага мастацтва? Ці актуальна такое паняцце, як натхненне? Мастак чакае яго ці вынаходзіць сам? У новым экспазіцыйным праекце музея ва ўсёй сваёй шматаблічнасці паўстала муза дзясятка розных аўтараў. Тут яна загадвае і падпарадкоўваецца, дыктуе і падказвае, тут яна сама вядзе дзённік - дзённік сучаснага мастацтва Лідскага раёна.

- Сюды ўвайшлі вельмі розныя па тэхніцы, погляду на свет і творчым почырку творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, - знаёміць з экспазіцыяй яе куратар, старэйшы навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Таццяна Нікіфарава. - Такі сінтэз абумоўлены жаданнем пазнаёміць гледача з той творчай шматстатнасцю і патэнцыялам, якімі багаты наш рэгіён.

Не гледзячы на тое, што дамінанта - гэта аўтарскія працы, "Сучаснае мастацтва краю" знаёміць гледача ў тым ліку і з рознымі мастацкімі школамі: віцебскай, менскай, гарадзенскай. Прадстаўлены тут і адзін з галоўных брэндаў нашага рэгіёна - "нёманскае" шкло. Але галоўная "заслуга" экспазіцыі ўсё ж у пераемнасці пакаленняў: на адной пляцоўцы ўжываюцца і ўжо прызнаныя мэтры, і аўтары, якія толькі "ствараюць" сабе імёны. Каб дагадзіць і старэйшаму, і маладому пакаленню, мастацкае афармленне экспазіцыі літаральна балансуе на грані. Белая падлога, драпіраванне столі струменямі тканіны, люстэрка на ўсю сцяну, шкляныя стэлажы, шмат святла і паветра - гэта не "цукровая" класіка, але і не адкрыты хайтэк. Мастак-афармляльнік экспазіцыі Юлія Бурбліс характарызуе такое рашэнне як "драматургію канфлікту".

З наватарскага, таго, што адназначна прыйдзецца па душы моладзі і зацікавіць людзей старэйшых - шырокаэкранны сэнсарны інфакіёск.

- Ён утрымоўвае 872 старонкі, на якіх змешчана інфармацыя пра аўтараў, якія нарадзіліся ці цяпер жывуць у Лідскім раёне, іх працы, фатаграфіі, адсканаваныя артыкулы, - распавядае распрацоўнік лакальнага сайта, супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Мікалай Іода, - Тут ёсць і 15-хвілінныя відэапраграмы "Адлюстраванне", над якімі працавалі журналісты мясцовага тэлебачання Марына Грыгор'ева і Аляксандр Плескачоў. Такая электронная энцыклапедыя, якая будзе папаўняцца новымі імёнамі, фактамі і працамі.

…"Сучаснае мастацтва краю" - гэта экспазіцыя дня сённяшняга. А гэта значыць, што пад уплывам часу, па ходу творчага росту і з'яўлення новых аўтараў яна абавязкова будзе змяняцца. І ў гэтай сталай незавершанасці ўтоены ўнікальнасць экспазіцыі, яе непадобнасць і яе прывабнасць.

* * *

У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася яшчэ адна вельмі значнае не толькі для нашага горада, але і для краіны ў цэлым падзея - адкрыццё майстэрні ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Ўладзіміра Мурахвера. Тут сабраны ўсе рэчы з майстэрні-студыі, якая размяшчалася ў Бярозаўцы і ў якой з 1968 года працаваў мастак.

- Уладзімір Сямёнавіч цяпер не карыстаецца майстэрняй, - распавядае навуковы супрацоўнік музея Таццяна Нікіфарава. - Уся маёмасць са студыі, уключаючы мантыю ганаровага акадэміка, па яго рашэнні і згодзе сям'і перададзена нам. За гэтакі шчодры дарунак калектыў музея выказвае шчырую падзяку. Пад майстэрню мы адвялі асобнае памяшканне, імкнучыся захаваць творчую атмасферу.

Каб зразумець усю каштоўнасць і важнасць стварэння майстэрні Уладзіміра Мурахвера, яе трэба наведаць. Тут фатаграфіі мастака, няскончаныя карціны, эцюды, замалёўкі, фарбы і пэндзлікі, якімі ён маляваў, палітра… Было адсканавана 15 нататнікаў рознай таўшчыні з графічнымі замалёўкамі Уладзіміра Сямёнавіча, а гэта больш 900 прац. Кожную з іх на месцы можна паглядзець у электронным варыянце.

…У майстэрні мастака заўсёды пануе цішыня, да пэўнага часу так было і ў майстэрні Уладзіміра Мурахвера. Надалей у ёй заўсёды будзе шумна - гэтага ў першую чаргу жадае сам Уладзімір Сямёнавіч. Мастак вельмі любіць дзяцей. Таму калі раней здароўе дазваляла, ён заўсёды знаходзіў час на выкладанне, тым самым імкнучыся прышчапіць ім любоў да мастацтва і разуменне яго. Яго справа працягнецца. У майстэрні будуць праходзіць заняткі і прагляды для выхаванцаў школ з мастацкім ухілам. У якасці "натуршчыкаў" выступяць эскізы і іншыя працы легендарнага Уладзіміра Мурахвера.

У падзяку за адкрыццё майстэрні Уладзіміра Мурахвера яго калега і сябар, Прэзідэнт Расійскай акадэміі мастацтваў Зураб Цэрэтэлі даслаў Лідскаму гістарычна-мастацкаму музею тэлеграму, у якой - шчырыя словы ўдзячнасці і пажаданні дабра.

Вікторыя Русілевіч, сайт "Лідскай газеты".


"Паходні" - 30 гадоў

12 сакавіка спаўняецца 30 гадоў гарадзенскаму гістарычна-культурніцкаму клубу аматараў роднага краю "Паходня". Гэта першая нацыянальна-культурніцкая пляцоўка, якая паўстала ў Гародні ў часы Перабудовы.

У сярэдзіне 1980-х гадоў у Гародні супрацоўнік Інстытута біяхіміі АН БССР Мікола Таранда з парады сяброў прачытаў кнігу Кастуся Тарасава "Памяць пра легенды". Уражанне ад велічнай гісторыі Беларусі было такім моцным, што ўзнікла ідэя арганізаваць клуб, каб сустракацца з такімі людзьмі, як той жа Тарасаў, вывучаць і прапагандаваць гісторыю і культуру краю. На першае паседжанне сабраліся 19 чалавек. Пастанавілі самім размаўляць па-беларуску. На дыспуты, вечарыны, сустрэчы з зоркамі беларускай літаратуры, навукі, культуры, якія лічылі за гонар прыехаць у Гародню і выступіць перад "Паходняй", прыходзілі пазней сотні людзей. Дыскусіі неўзабаве пачалі набываць і палітычны характар.

Найважнейшай справай лічылі абарону старажытнага горада ад руйнавання. Удалося зберагчы шэраг будынкаў XVІІІ стагоддзя на плошчы Леніна, хаця з гэтага мелі непрыемнасці. А вось спроба ўратаваць будынак вакзала мела адваротны вынік - нават паскорыла яго знос.

На трэцяе паседжанне клуба прыйшоў ужо знакаміты гісторык Міхась Ткачоў. Ён спачатку не хацеў быць ганаровым прэзідэнтам клуба, але, - кажа нязменны старшыня клуба Мікола Таранда, - "калі за нас узяліся, пасля таго як у Менску адбыўся разгон "Гукання вясны", пасля таго як мы выступілі ў абарону будынкаў на плошчы Леніна, ён сказаў: "Так і быць, я згодны быць прэзідэнтам "Паходні", магчыма, мой аўтарытэт дапаможа захаваць клуб". Пасля гэтага мне адзін работнік культуры сказаў: "Мы табе так давяралі, але як ты мог паставіць на чале "Паходні" такога антысаветчыка, як Ткачоў?!"

Веды і красамоўства прафесара Ткачова зрабілі паседжанні і акцыі "Паходні" надзвычай папулярнымі. Дзейнасць клюба апынулася пад пільным вокам КДБ. Усе "шышкі" валіліся на Ткачова, хоць ён часам нават стрымліваў актыўнасць сяброў клуба. І пасля пераезду Міхася Ткачова ў Менск клуб працягваў і працягвае працаваць, нягледзячы на пераслед з боку ўладаў.

- Самае галоўнае, што ў нас выхаваліся людзі. І кожны мае сваю арганізацыю, ці гістарычную, ці нейкі хор. Практычна ўсімі гарадзенскімі арганізацыямі кіруюць тыя, хто калісьці быў у "Паходні", - кажа Мікола Таранда. - Да нас прыходзілі людзі творчыя - мастакі, музыканты, літаратары, гісторыкі. Хачу назваць такія імёны як Аркадзь Жукоўскі, Міхась Амялішка, Аляксандр Талерчык, Віктар Сазонаў. Сярод сяброў "Паходні" былі акадэмік, член-карэспандэнт Акадэміі навук, больш за два дзясяткі дактароў навук. Менавіта "Паходня" абудзіла грамадскую актыўнасць інтэлектуалаў, зрабіла іх неабыякавымі да лёсу сваёй краіны

Клуб фактычна стаў гісторыяй, хоць афіцыйна ён працягвае існаваць.

Паводле СМІ.


БЯСПЛАТНЫЯ ЗАНЯТКІ ПА-БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ, АРХЕАЛОГІІ І ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ З ДЭМАНСТРАЦЫЯЙ ВІДЭАМАТЭРЫЯЛАЎ

для вучняў 7-х-9-х класаў з вядомымі навукоўцамі і педагогамі!

Арганізацыйны сход на сядзібе ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" (вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі") 15 сакавіка 2016 г. (аўторак). Пачатак - 16.30.



Прэзентацыя ўнікальнай аўтарскай анталогіі паэтаў Еўропы і Амерыкі "І боль, і прыгажосць" з удзелам перакладчыка Лявона Баршчэўскага на сядзібе ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" (вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі") 22 сакавіка 2016 г. (аўторак). Пачатак - 18.30.


Тыдзень беларускай мовы ў Магілёве

18 лютага, у Тыдзень беларускай мовы, пісьменніца, сябра СБП Тамара Аўсяннікава сустрэлася з адзінаццацікласнікамі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 2.

Тамара Пятроўна распавяла аб літаратурным жыцці Магілёва, пра альманах "Брама" Магілёўскага абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", працу гарадскога літаратурнага клуба "Святліца", якім кіруе сама паэтка. Таксама спадарыня Тамара прэзентавала сваю кнігу паэзіі "Скрыжалі", якая выйшла ў 2015 годзе ў Бібліятэцы СБП "Кнігарня пісьменніка".

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лілея Давыдзенка пазнаёміла шаноўную госцю з тым, чым вызначыўся сёлетні Тыдзень беларускай мовы ў ліцэі: вучні з задавальненнем удзельнічалі ў акцыях: "Маё любімае слова па-беларуску" і "Спяваем разам".

Адбыліся ў Магілёве і інтэлектуальныя гульні "Літаратурны калейдаскоп", "Паляванне на слова"; з вялікай адказнасцю падышлі навучэнцы да выпуску газет "Пісьменнікі юбіляры"; тэме кахання быў прысвечаны конкурс чытальнікаў. А напрыканцы Тыдня спеўна прагучаў Фестываль беларускай песні.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП, фота Ганны Піскуновіч.


Нявестка добрая, як дачка родная

Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць у Мажэйкаўскім Доме культуры мерапрыемствы пра сваяцкія адносіны "Мая свякроўка - мудрая галоўка", "Мой зяць, як у людзей пяць". А пятага сакавіка адбылася раённая конкурсная шоў-праграмы "Нявестка добрая, як дачка родная".

Спонсарам праграмы выступіла раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Усе ўзельніцы таксама працуюць у аграпрамысловым комплексе: Ашмяна Вольга Мікалаеўна працуе ў ЛРСУП "Мажэйкава", Юсько Вераніка Леанідаўна працуе ў ЛРСУП "Мажэйкава", Буйко Тарэса Станіславаўна працуе ў КСУП "Беліца-Агра".

Пакуль удзельніцы рыхтаваліся да конкурсаў, для гледачоў спявалі: Эдуард Антонік, Леанід Петрукевіч, Дзмітрый Лінга, Мікалай Жукаў і Ўладзімір Бачыла.

Мерапрыемства адбылося напярэдадні свята - Дня жанчын і нагадала, што ўсё самае лепшае і прыгожае ў жыцці звязана з жанчынамі, што жанчыны не толькі працуюць ў вытворчасці, але з'яўляюцца захавальніцамі сем'яў.

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX