Папярэдняя старонка: 2016

№ 11 (1266) 


Дадана: 26-04-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 11 (1266), 16 сакавіка 2016 г.


Нядзельная школа рыхтуецца да Вялікадня

"У дзіўным святым захапленні

Богу-Сыну малілася ўсё,

Агародж прыдарожных

каменні,

Маладых ячмянёў калассё."

(Н. Арсеннева.)

Беларуская мова сёння займае пачэснае месца ў касцёле. Навучанне дзяцей асновам хрысціянскай веры вядзецца пераважна па-беларуску. Групы навучэнцаў слухаюць гутаркі пані катэхеткі па чацвярах і суботах ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча. У нядзелю ў прасторным класе дольняй залы будынка займаюцца дзеці ад 7 да 10 гадоў. Настаўніца апавядае ім пра значэнне падзей, якія будзе перажываць касцёл у наступныя два тыдні: Пальмовую нядзелю, Пасхальны трыдыум. Выкладчыца нагадвае пра тое, што ў Вялікі чацвер на апошняй вячэры са сваімі вучнямі ў Ерусаліме Езус Хрыстус усталяваў два сакраманты - св. Еўхарыстыі (Прычасця) і сакрамант Святарства. У Вялікую пятніцу Госпад пакутваў на крыжы, каб сваёй крывёй адкупіць чалавечы род ад грахоў і смерці. У Вялікую суботу Яго цела было пакладзена ў пячоры, а душа Яго сышла ў адхланне, адкуль Ён вызваліў ветхазапаветных прарокаў і айцоў.

24 сакавіка, у Вялікі чацвер дзеці разам з бацькамі змогуць прыйсці ў менскую архікатэдру і павітаць усіх святароў парафіі, якія будуць аднаўляць свае абяцанні, 27 сакавіка ўсе будуць ўдзельнічаць у Вялікодных святкаваннях.

Пасля ўроку мы пагутарылі з выкладчыцай нядзельнай школы менскага касцёла св. Сымона і Алены сп. Ірынай Адамаўнай Сакалоўскай.

- Сп. Ірына, раскажыце, калі ласка, якія формы ўключае ў сабе рэлігійнае выхаванне?

- Мы праводзім урокі, лекцыі, у нас ёсць самастойныя працы, мы вядзём падрыхтоўку да першай св. Камуніі. Дзеці робяць малюнкі на розныя тэмы, упрыгожваюць вербачкі. У канцы навучальнага года мы імкнёмся ўзнагародзіць нашых выхаванцаў за добрыя веды абразком, кніжачкай, альбо салодкім падарункам. Мы шукаем розныя стымулы, каб хлопчыкам і дзяўчынкам хацелася авалодваць навукай касцёла.

Першая св. Камунія з'яўляецца важным святам. Яна адметна не толькі прыгожымі белымі строямі для дзяўчат. Гэта як дзень нараджэння чалавека для Госпада. Мы прыводзім дзетак на першае спатканне з Езусам, каб з гэтага моманту Ён кіраваў іхнымі сэрцамі праз удзел у св. Імшы. Улетку ці на выходных мы запрашаем дзяцей з бацькамі ў пілігрымкі ў санктурый ў Будслаў і іншыя святыя месцы Беларусі.

- На колькі гадоў разлічана праграма нядзельнай школы?

- Праграма разлічана на 11 гадоў. З 5-га класа дзеці дзеляцца на групы адпаведна школьным класам.

- Якія падручнікі ў Вас ёсць? Творы якіх беларускіх літаратараў Вы выкарыстоўваеце?

- У нас ёсць падручнік, зацверджаны Канферэнцыяй каталіцкіх біскупаў Беларусі. У дзетак ёсць дапаможны сшытак, дзе яны адказваюць на пытанні, чытаюць розныя гісторыі. На ўроках мы чытаем вершы Наталлі Арсенневай і Зоські Верас. Выкарыстоўваем вершаваныя малітвы за маму і тату, за сям'ю для маленькіх дзетак, складзеныя рознымі аўтарамі. Дзеці ўсё добра разумеюць па-беларуску, нават лепш, чым іх бацькі.

- Якія тэмы Вы вывучаеце з дзецьмі са Старога і Новага Запавету?

- Мы вывучаем стварэнне свету, дзесяць Божых прыказанняў, жыццё і вучэнне прарокаў, жыццё і служэнне Езуса Хрыста, дзеянні св. апосталаў. Кожны год мы падаем інфармацыю на тым узроўні, на якім знаходзяцца вучні.

- Як Вы ўзаемадзейнічаеце з бацькамі вашых выхаванцаў?

- У нас ёсць бацькоўскі камітэт, які вырашае арганізацыйныя пытанні. Бацькі самі прыводзяць дзетак кожную нядзелю у касцёл, ладзяць святочныя вячэры, дапамагаюць упрыгожваць залу.

- Ці вучыце Вы дзяцей супрацьстаяць спакусам у школе: дрэнным паводзінам, мацернай лаянцы?

- Я з'яўляюся выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў 60-тай менскай школе. Зараз вяду першы клас. Я добра ведаю, якія сітуацыі здараюцца ў школе. Таму на нашых занятках з дзецьмі мы абмяркоўваем розныя сітуацыі, разбіраем, што добрае, а што - кепскае. Спадзяюся, што навучанне Божым прыказанням дапаможа дзецям разумець, як сябе трэба паводзіць лепшым чынам і супрацьстаяць злому.

Гутарыла Эла Дзвінская . На фота аўтара: Ірына Адамаўна Сакалоўская з групай навучэнцаў.


Аляксандру Каваленю - 70

У асяроддзi навукоўцаў, педагогаў i студэнтаў шырока вядома iмя акадэмiка-сакратара Аддзялення гуманiтарных навук i мастацтваў Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, доктара гiстарычных навук, прафесара Аляксандра Аляксандравiча Каваленi.

Нарадзiўся Аляксандр Аляксандравiч 14 сакавiка 1946 г. у гарадскiм пасёлку Капыль Менскай вобласцi ў сям'i настаўнiка. Бацька - Аляксандр Емяльянавiч, былы партызан, пасля Вялiкай Айчыннай вайны працаваў дырэктарам школы, мацi - Ганна Аляксандраўна, партызанская сувязная ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, рызыкуючы жыццём, выконвала баявыя заданнi, пасля вайны была хатняй гаспадыняй. У вялiкай дружнай сям'i было 6 дзяцей: 4 хлопцы i 2 дзяўчыны.

Пасля заканчэння дзевяцi класаў А.А. Каваленя ў 1962 г. паступiў у Менскае ПТВ № 23, якое скончыў на выдатна i атрымаў спецыяльнасць слесара. Навучанне ў прафесiйным вучылiшчы юнак сумяшчаў з вучобай у школе рабочай моладзі якую паспяхова закончыў у 1964 г. Пасля прызыву ў шэрагі Савецкай Армii ён быў накiраваны ў элiтныя дэсантныя войскi. У 1968 г. Аляксандр Аляксандравiч быў дэмабiлiзаваны ў званнi сяржанта i адразу прадоўжыў працу на будоўлях Менска.

У 1970 г. ён паступiў на гiстарычна-геаграфiчны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагiчнага iнстытута iмя М. Горкага.

У 1973 г. Аляксандр Аляксандравiч ажанiўся, у 1975 г. у яго нарадзiлася дачка Алена. Не гледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасцi, вось ужо 38 гадоў побач з iм яго жонка Тамара Кузьмiнiчна. У iх падрастае ўнучка Насця.

У 1979 г. А.А. Каваленя стаў аспiрантам кафедры гiсторыi КПСС МДПI iмя М. Горкага. Яму пашанцавала быць аспiрантам, а потым i дактарантам таленавiтага вучонага, выдатнага чалавека, доктара гiстарычных навук, прафесара Аляксандра Мiкалаевiча Мацко. У 1983 г. пад яго кiраўнiцтвам ён абаранiў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Идейно-политическая работа подпольных партийных организаций КП(б)Б в партизанских зонах".

Са снежня 1982 г. Аляксандр Аляксандравiч працаваў на пасадзе асiстэнта кафедры гiсторыi КПСС МДПI iмя М. Горкага, а ў траўнi 1987 г. быў абраны на пасаду дацэнта гэтай кафедры. З 1983 па 1991 г. ён з'яўляўся членам Рэспублiканскага каардынацыйнага савета па распрацоўцы праблем гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, з 1987 г. падтрымлiваў цесныя сувязi з аддзелам ваеннай гiсторыi Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi, удзельнічаў у распрацоўцы дзяржаўных праграм фундаментальных даследаванняў нацыянальнай гiсторыi Беларусi. У 1994 г. быў зaлiчaны ў дактарантуру, а ў 1996 г. абраны загадчыкам кафедры айчыннай i сусветнай гiсторыi Беларускага дзяржаўнага педaгaгiчнaгa ўнiверсiтэтa iмя Maксiмa Танка.

Станоўчую ацэнку навуковай грaмaдскaсцi aтрымaлi выдадзеныя iм мaнaгрaфii i вучэбныя дaпaможнiкi, якiя падрыхтаваны з улiкам новых метaдaлaгiчныx падыходаў i з'яўляюцца вынiкaм дзясяткаў гадоў працы ў aрxiвax i бiблiятэкax, шмaтлiкix сустрэч i гутарак са сведкaмi гiстaрычныx падзей. Maнaгрaфiя Аляксандра Аляксaндрaвiчa "Беларусь у гады Другой сусветнай вайны (1939-1945)" (Мн., 1996) была адзначана прэмiяй i Дыпломам лаўрэата конкурсу БДПУ iмя Максiма Танка за 1997 г. Вынiкам руплiвaгa пошуку даследчыка стала мaнaгрaфiя "Прaгермaнскiя саюзы молaдзi на Беларусi. 1941-1944. Вытокi. Структура. Дзейнасць" (Мн., 1999). У 2000 г. па гэтай тэме А.А. Каваленя абаранiў доктарскую дысертацыю, якая ўнесла важкi ўклад у навуковае вырашэнне адной з самых складаных i вострых праблем айчыннай гiсторыi перыяду Другой сусветнай вайны. У 2004 г. яму было прысвоена навуковае званне прафесара. Падрыхтаваны пад кiраўнiцтвам Аляксандра Аляксaндрaвiчa па дaручэннi Miнiстэрствa aдукaцыi Рэспублiкi Беларусь вучэбна-метадычны комплекс "Вялiкaя Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)" (Мн., 2006-2009).

У 2004-2010 гг. А.А. Каваленя працаваў дырэктарам Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай aкaдэмii навук Беларусi. Дзякуючы энергii i aргaнiзaцыйнaму таленту Аляксандра Аляксaндрaвiчa як кiрaўнiкa, Iнстытут гiсторыi ператварыўся ў дзяржаўны цэнтр aргaнiзaцыi сicтэмных гiстaрычныx даследаванняў; навукоўцы Iнстытута паспяхова выкaнaлi Дзяржаўную комплексную праграму навуковых даследаванняў на 2006-2010 гг. "Гiсторыя беларускай нацыi, дзяржaўнaсцi i культуры"; упершыню за ўсю гiсторыю крaiны ў Iнстытуце была адкрыта ўнiкaльнaя Арxеaлaгiчнaя навукова-музейная экспaзiцыя, якая яскрава раскрывае багатую гiстарычна-культурную спадчыну Белaрусi.

У лютым 2009 г. А.А. Кавалене быў аказаны высокi давер з боку кiраўнiцтва дзяржавы. Ён быў прызначаны Акaдэмiкaм-сaкрaтaром Аддзялення гуманiтарных навук i мастацтваў НАН Беларусi i ўведзены ў склад Прэзiдыума aкaдэмii навук.

Касцюк М.П., Даніловіч В.В.



Чарговы этап 9-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі пройдзе ў Менску ў сядзібе ТБМ 25 сакавіка ў 18.00


Двухмоўе для Беларусі - шлях у нікуды

У Беларусі апошнія дзесяцігоддзі савецкага перыяду і зараз актыўна мусуецца і рэалізуецца тэзіс дзяржаўнага двухмоўя. Ён быў стрыжнем і ў дакладзе чальца-карэспандэнта А. Лукашанца "Сучасны стан, функцыяванне і перспектывы развіцця беларускай мовы" 23 лютага 2016 г. на паседжанні ў Прэзідыуме НАН Беларусі, прымеркаваным да Міжнароднага дня роднай мовы. Не сумняваюся, што больш шырокае абмеркаванне "станоўчых дасягненняў" двухмоўнай стратэгіі беларускай навукі і палітыкі дзяржавы будзе на чаканым Міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры, які рыхтуецца на 5-6 траўня сёлета Дзяржаўнай навуковай установай "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры". Рэаліі, на жаль, адваротнага зместу.

На мой погляд, гуманітарныя інстытуты НАН Беларусі працуюць не на развіццё і ўдасканаленне беларускай мовы ў краіне, а на мацаванне г.зв. двухмоўя - фактычна расейскага аднамоўя - на апраўданне лінгвістычнай абмежаванасці вышэйшых чыноўнікаў, захаванне іх аднамоўнага камфорту. Дзяржаўная двухмоўнасць падаецца як дасягненне беларускай моўнай палітыкі, скіраванай быццам на пашырэнне камунікацыйных магчымасцяў грамадзян. Якое высакародства! Звычайны цынізм. Ды не ў гэтым у людзей патрэба дапамогі ад дзяржавы. Патрэбна прававая апека, забеспячэнне рэальнай магчымасці кожнага грамадзяніна атрамаць адукацыю на сваёй мове. Вядома, праз якія мытарствы і часцей беспаспяхова даводзіцца нашым патрыятычным грамадзянам забяспечыць сваім дзеткам навучанне на роднай беларускай мове. І такое ў дзяржаве з абсалютнай перавагай беларусаў...

Кожны чалавек ад нараджэння найбольш паспяхова развіваецца менавіта на мове сваіх продкаў. Гэта генетычна абумоўлена. А для далейшага і плённага камунікавання ў свеце, калі ласка, што каму трэба ў сваёй прафесійнай дзейнасці, пашырай сваю моўную валізку. Для дыпламатаў і кіраўнікоў краіны, напрыклад, пажаданы нават не бі-, а полілінгвізм. У прыватнасці бачым, як зручна весці перамовы з замежнымі калегамі на ангельскай мове М. Саакашвілі і П. Парашэнку! І грамадзянам Грузіі ды Украіны гонар за такіх кіраўнікоў. Унутры ж краіны павінна быць выдатна развіта аднамоўе, як у сям'і. Свая мова яднае і абараняе нацыю ад вонкавых уздзеянняў, падобна скураному покрыву на целе арганізма ці азонаваму слою атмасферы Зямлі. Любое парушэнне гэтага покрыва выклікае нашэсце інфекцыі і пагражае арганізму гібеллю, а разбурэнне азонавага слою - бесперашкоднаму пранікненню ультрафіялетавай радыяцыі, здольнай знішчыць усё жывое. Вось тут, у ахове нашай моўнай сферы мусіць быць клопат Беларускай дзяржавы.

Нашы слаўныя папярэднікі, выцягваючы з пашчы знясіленай Першай сусветнай вайной Расейскай імперыі і адраджаючы сваю краіну ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі, сутнасць нацыі выдатна разумелі. Такое разуменне дазволіла нешматлікай кагорце нацыянальных патрыётаў на чале з З. Пазняком у 1991 г. узнавіць незалежнаць Беларусі разам з яе спрадвечнымі сімваламі - гербам Пагоня і бел-чырвона-белым сцягам. Лагічныя і справядлівыя нормы моўнай палітыкі былі закладзены ў прынятым Вярхоўным Саветам БССР 12-га склікання 26 студзеня 1990 г. "Законе БССР аб мовах", згодна з якім беларускай мове быў нададзены статус адзінай дзяржаўнай, а расейская кваліфікавалася як "мова міжнацыянальных зносінаў народаў СССР". Практычнае ажыццяўленне артыкулаў закона ў афіцыйным асяроддзі прадугледжвалася на працягу 3-10 гадоў. У звычайных зносінах грамадзян ніякіх моўных рэгламентаў не было. Як казаў тады кіраўнік парламента М. Дземянцей: "Хто как хаціт, так і гаварыт". Савет Міністраў БССР прыняў Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў. Такім чынам, была створана заканадаўчая база адраджэння беларускай мовы.

Якія стан і тэндэнцыі мы назіраем праз ажыццяўленне двухмоўя? Вось афіцыйныя лічбы з найважнейшай сферы - адукацыі: у 2015/16 навучальным годзе на беларускай мове выхоўваецца ўсяго 43 тыс. дзяцей (10%), на расейскай - амаль 368 тыс. (90%); у мінулым годзе ў сярэдніх школах на беларускай мове навучаліся 135 тыс. вучняў (14%), на расейскай - 811 тыс. (86%); ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі на беларускай мове зараз вучацца 0,3 тыс. навучэнцаў (0,2%), на расейскай і беларускай - блізу 22 тыс. (17%), на расейскай - 107 тыс. (83%); у ВНУ на беларускай мове навучаецца ўсяго 300 студэнтаў (0,1%), на расейскай і беларускай - 149 тыс. (41%), на расейскай - блізу 212 тыс. (58%). У дадатак да гэтай адмоўнай плыні ў 2006 г. міністрам адукацыі А. Радзьковым здзейснены пераход выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі на расейскую мову, якія раней выкладаліся па-беларуску. Для параўнання: у сярэдніх школах у 1994/5 н.г. па-беларуску вучыліся больш за 75% першакласнікаў краіны, у Менску - 58%. У наступным навучальным годзе ў сталіцы ў першым класе з беларускай мовай ўжо вучылася 20% дзяцей, у 1996/7 - 12%, у 1997/8 - 7,3% і ў 1998/9 - 5,3%. Сёння ў двухмільённым Менску толькі 5 гімназій, 2 школы і 1 клас з беларускай мовай навучання. Як бачым, на ўсіх узроўнях адукацыі тэндэнцыя адна - няўхільнае змяншэнне беларускасці.

Ды і знізу ініцыяваць беларускамоўнае навучанне амаль немагчыма. Педагагічныя кадры прадметнікаў (па біялогіі, фізіцы, хіміі і г. д) нідзе не рыхтуюцца. Разлік толькі на энтузіястаў-выкладнікаў. Хто ў гэтым вінаваты? За апошнія 5 гадоў удвая і больш скарацілася колькасць беларускамоўных выпускнікоў-філолагаў. У галоўнай педагагічнай кузні - Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка закрыты цэлы адмысловы факультэт беларускай філалогіі і культуры, маюцца лічаныя малакамплектныя групы на аб'яднаным філалагічным факультэце.

Не лепшае становішча ў выдавецкай ды іншых інфармацыйных галінах краіны. Так, паводле Белстату ў 2014 г. толькі 10,1% кніг і брашур выдадзена па-беларуску (па-расейску - 82,8%), беларускамоўных часопісаў выходзіла 14%, ня кажучы пра іх усіх адносна маленькія наклады. Параўнаем: за кароткі перыяд дзяржаўнай незалежнасці з 1990 па 1995 гг. было надрукавана больш беларускамоўных выданняў, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. Доля беларускай мовы на нацыянальным тэлебачанні і радыёвяшчанні таксама мізэрная, у краіне няма нават аднаго цалкам беларускамоўнага тэлеканала. З наяўных у сеціве інтэрнэту 45 буйнейшых афіцыйных сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, паводле маніторынгу Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, толькі 8 маюць беларускамоўныя версіі, якія ў бальшыні выпадкаў з'яўляюцца ўсечанымі варыянтамі расейскамоўных і прэзентуюць толькі частку абавязковых для размяшчэння катэгорый інфармацыі. Глыбокія праблемы з беларускамоўнай рэкламай, экскурсійным абслугоўваннем і ў іншых сферах жыццядзейнасці.

Вынікам такой моўнай палітыкі і практыкі з'яўляецца люстраное зніжэнне нацыянальнай свядомасці народа. Свядомасць - гэта імунітэт нацыі. У біялогіі яго страта сведчыць пра поўную безабароннасць арганізма. Так, у 1989 г. роднай беларускую мову назвалі 65,6% насельніцтва краіны, пасля некалькіх гадоў беларусізацыі ў 1999 - 73,7%, а паводле перапісу 2009 г. - толькі 53% рэспандэнтаў. Тэндэнцыя наўпрост карэлюе з адукацыяй і інфармаваннем.

Важным паказнікам непаўнавартаснай дзяржаўнасці беларускай мовы з'яўляецца адсутнасць на ёй законаў і іншых нарматыўных актаў, якія прымаюцца і распаўсюджваюцца на расейскай мове. І паколькі афіцыйнага перакладу на беларускую мову няма, то фармальна суддзі ды іншыя суб'екты працэсу не маюць права адвольна перакладаць нормы закону. Адсутнасць законатворчасці на беларускай мове - сур'ёзная перашкода для абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзян у судзе ды іншых дзяржаўных органах.

Як бачым, двухмоўны курс краіны вядзе да сцірання асноўнай нацыянальнай адметнасці ліцвіноў-беларусаў. Для нацыі - гэта шлях у нікуды. Ва ўмовах саюзнай дзяржавы з Расейскай Федэрацыяй і пры адсутнасці раўнаважкасці беларускай і расейскай моў, без сумніву, паўторыцца сітуацыя Рэчы Паспалітай, калі польская мова выцесніла з дзяржаўнага карыстання беларускую аж да яе забароны. І да чаго гэта прывяло, вядома - да паланізацыі краю. У два наступныя стагоддзі яна змянілася яшчэ больш маштабнай русіфікацыяй. Мы - не 60-мільённыя курды з трывалым нацыянальным самаўсведамленнем, можам абрынуцца на краі выжывання. Патрэбны радыкальныя захады па ратаванні мовы тытульнай нацыі.

Без сваёй мовы не будзе нацыі і, урэшце, формы яе існавання - дзяржавы. Таму апошняя мусіць клапаціцца пра свой галоўны атрыбут. У якім кірунку павінна быць стратэгія развіцця беларускай мовы ў сучасных варунках глабалізацыі, каб спыніць паўзкі этнацыд і забяспечыць нацыянальную перспектыву? Па-першае, у яе пышырэнні праз сферу адукацыі на ўсіх узроўнях - ад дзіцячага садка да ўніверсітэта і заканадаўчае замацаванне як адзінай дзяржаўнай. Па-другое, у папулярызацыі яе лінгвістычных, у т. л. графічных (кірыліца і нацыянальная лацінка) магчымасцяў, пераваг і багатай гістарычнай спадчыны. Беларусы не толькі самаадукаваная нацыя. Яе прадстаўнікі дапамаглі авалодаць пісьмом на сваіх мовах ангельцам (згадаем Янку Ліцвіна - ён жа Джон Літоў) і расейцам (прызнаны Янка Хведаровіч - ён жа Іван Фёдараў). Парадаксальны факт.

Ці то праява інстынкту самазахавання, ці кан'юнктурны крок Міністэрства адукацыі, але апошнім часам назіраюцца некаторыя станоўчыя зрухі ў бок падтрымкі мовы карэннага насельніцтва. Так, пачынаючы з першых класаў школы, павялічваецца колькасць гадзін выкладання беларускай мовы і літаратуры да роўню расейскай, на тэлебачанні з'яўляецца больш беларускамоўных перадач, не перашкаджаецца стварэнню баларускіх груп і плыняў у ВНУ і інш. Але гэта толькі касметычная пудра на з'язваваным целе. Патрэбна радыкальная тэрапія па ратаванні ўсяго арганізма.

Ніхто з суседзяў не паклапоціцца пра лёс беларускай мовы і нацыі, акрамя нас саміх. Наадварот, існуе прыродная зацікаўленнасць народаў у пашырэнні сваёй этнічнай нішы. Дык не будзем жа дзьмуць на млын мацнейшых моў. Іх носьбіты самі справяцца.

Язэп Стэпановіч, доктар біялагічных навук, старшыня тэрміналагічнай камісіі ТБМ.


Вітальна-зычэнневыя лексемы - атрыбуты беларусаў

Як народ з тысячагадовымі традыцыямі, адметнай гісторыяй, культурай, мовай і літаратурай, беларусы маюць свае адмысловыя вітальна-зычэнневыя лексічныя адзінкі. Гэта словы дабр а нак, дабр ы- дзень, дабр а нач . Акадэмічныя слоўнікі фіксуюць толькі два з іх - дабрыдзень, дабранач . Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (т. 2, с. 106, 107) падае: дабр ы дзень , выкл. у знач. вык. Разм. Ужываецца як прывітанне пра сустрэчы днём. Якуб Колас з недаверлівасцю пачаў углядацца ў твар госця, а потым праказаў толькі адно слова: Дабрыдзень! Хведаровіч.

Дабр а нач , выкл. у знач. вык. Разм. Ужываецца як пажаданне спакойнай ночы, добрага сну. Дабранач! - паціскаючы са шчырасцю Янкаву руку, развітаўся Васіль. Гартны.

Неалагізм дабр а нак зафіксаваны фундаментальным даведнікам Ф.А. Піскунова "Вялікі слоўнік беларускай мовы" (2012, с. 251): дабр а нак , выкл. Наватвор запаўняе прагал у згаданым шэрагу лексем - "вітанняўзычэнняў". Да гэтага яго ролю выконвала словаспалучэнне: "Добрага ранку! - ранішняе прывітанне пры сустрэчы" (ТСБМ, Т.4, с. 637).

Дабранак , як і два ранейшыя словы, мае аналагічную будову - складанае слова з першым кампанентам дабр- ; першаснае дабрыранак > дабр а нак , сегмент -ры- апушчаны (спрашчэнне структуры слова).

Такім чынам, беларуская мова мае поўны камплект лексем вітальна-зычэнневых атрыбутаў беларусаў.

У мове нашых суседзяў - польскай - на месцы дзвюх беларускіх лексем дабранак і дабрыдзень выкарыстоўваецца адно словазлучэнне "Dzien dobry!" з адпаведным польскай мове парадкам слоў: дапасаванае слова стаіць пасля асноўнага (галоўнага ў словазлучэнні), як і ў выразах "Slownik rosyjsko-polski", "Rzecz Pospolita Polska" і пад.

На беларускай мове быў выдадзены "Статут Вялікага Княства Літоўскага" - першая ў Еўропе канстытуцыя. Беларуская мова была дзяржаўнай. "Статут" (тры рэдакцыі яго: 1529, 1566, 1588 гг.) быў перакладзены на польскую мову. Беларуская мова аказала свой уплыў на польскую мову. Значную ролю ў гэтым зрабілі і надрукаваныя на старабеларускай мове кнігі Ф. Скарыны.

У польскую мову трапіла белар. дабрыдзень (у польскай графіцы dobrydzien ) і слова dobranоc (з беларускім парадкам яго кампанентаў: на першым - залежны, асноўны - на другім: дабранач ) - беларусізм, а не паланізм, як мяркуюць некаторыя этымолагі (параўн. тут і ўкр. добраніч ).

Слова дабранак ухвальна прынята нацыянальным перыядычным друкам у выкарыстанне. "Звязда". "Родная газета на роднай мове" за верасень - кастрычнік 2015 года не раз карысталася гэтым словам. Вось адзін з мікратэкстаў яе: "Ох, гэтая Віка! Даўшы нам свой "Дабранак!" - так і адляцела, толькі абцасікі зацокалі па ходніку!"

Трэба адзначыць неабгрунтаванасць паметы "разм." у тлумачальных слоўніках і "Слоўніку беларускай мовы" 1987 г. Бо калі моўная адзінка кваліфікуецца як стылёва абмежаваная, то дзе ж тады яе нейтральны эквівалент?! Найноўшыя слоўнікі справядліва яе не выкарыстоўваюць пры гэтых словах.

Павел Сцяцко


Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР" . Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар-трэнінг . "Сімптомы траўмы прыніжанасці" . 18.03.2016 г. а 18-ай

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88; х.тэл. (+375 17) 231-44-35; МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" прахо-дзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Наступныя заняткі - 25.03.16



Прэзентацыя ўнікальнай аўтарскай анталогіі паэтаў Еўропы і Амерыкі "І боль, і прыгажосць" з удзелам перакладчыка Лявона Баршчэўскага на сядзібе ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" (вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі"). 22 сакавіка 2016 г. (аўторак). Пачатак - 18.30.


БІЛІНГВІЗМ - НА КАРЫСЦЬ

У сеціве блукае сацыяльная рэклама. У ёй сябры нібыта клуба ананімных карыстальнікаў беларускай мовы па чарзе расказваюць пра свой досвед: як даўно размаўляюць, з кім, з чаго ўсё пачалося і навошта яны ўвогуле гэта робяць. Дык вось, я размаўляю па-беларуску ўжо два гады, а, можа, і болей. I не стала б пра тое казаць, калі б выкарыстанне мовы кардынальна не змяніла маё жыццё ў лепшы бок.

УПЛЫЎ НА ІНТЭЛЕКТ

Гэта адчуваецца адразу. Першыя месяцы практыкі пайшлі на тое, каб навучыцца размаўляць без рускіх слоў, выключна па-беларуску. Да гэтага пісьмовую мову яшчэ ў школьныя часы мне добра паставілі, таму справа заставалася за невялікім. Але штодзённа мазгі супраціўляліся, галава так і "закіпала" ад нежадання напружыцца і запомніць новыя слоўцы. Пасля колькіх месяцаў патугаў сесія, якую было вырашана здаваць цалкам на беларускай мове, аказалася найлепшай па адзнаках за тры папярэднія гады навучання. I першая за ўсе тры курсы выдатная!

Як сцвярджае Таццяна Дзьячэнка, рускі псіхолаг, якая жыве апошнія гады ў Амерыцы, білінгвізм карысны для развіцця мозга. Даследаванні паказваюць, што ў людзей, якія валодаюць і актыўна карыстаюцца дзвюмя мовамі, больш гнуткае мысленне, вышэйшая канцэнтрацыя ўвагі, больш развітыя агульныя маўленчыя здольнасці.

Вывучэнне яшчэ адной мовы стымулюе памяць, рост і выжыванне новых клетак мозга.

Даследаванні ў Ізраілі, праведзеныя з людзьмі ва ўзросце 80 гадоў і старэйшымі, дэманструюць станоўчы ўплыў мультылінгвізму на запаволенне працэсу старэння. Людзі, якія валодаюць некалькімі мовамі, маюць вышэйшы каэфіцыент інтэлекту, і іх душэўнае здароўе значна лепшае, чым у тых, хто гаворыць толькі на адной мове. Вывучаючы і выкарыстоўваючы другую мову, мозг вырошчвае зусім новую, дадатковую сістэму нейронаў, якая апрацоўвае інфармацыю ўжо па-іншаму. А гіпакампус, адказны за памяць, стымулюе іх рост. Аб'ём некаторых участкаў мозга ў прамым сэнсе расце.

Сапраўды, акрамя таго, што за час карыстання беларускай мовай значна палепшылася памяць, таксама стала лягчэй успрымаць інфармацыю, выкладаць свае думкі вусна і на паперы.

АСОБЫ НОВЫХ БІЛІНГВАЎ

З цягам часу, калі беларуская мова была вывучана, а амаль забытая за гэты перыяд руская згадана, я пачала разумець, што, калі гавару, то на адной, то на другой мове - адчуваю сябе па-рознаму. Як высветлілася, калі мы валодаем дзвюмя або больш мовамі, то можам думаць рознымі спосабамі, таму што кожная з іх мае ўласныя законы мыслення, логіку, граматыку, сінтаксіс, семантычныя палі і структуру слоўніка, што адпюстроўваецца на пэўных асаблівасцях нацыі.

Напрыклад, на фанетычным узроўні беларуская мова больш мілагучная, напеўная, на ёй нават складана павысіць голас. Разумею, што так адбылося не толькі з-за мовы, хоць і не без яе ўдзелу, але маё жаданне канфліктаваць з навакольным асяроддзем амаль цалкам сышло на нішто. Наш дом, які раней поўніўся па-італьянску эмацыянальнымі выказваннямі і гутаркамі, стаў прытулкам спакою і шчырых размоў.

Мае здагадкі пацвярджаюць праведзеныя даследаванні, якія паказваюць, што адказы на пытанні псіхалагічнай анкеты могуць залежаць ад таго, на якой мове яны падаюцца. Напрыклад, калі кітайска-англійскіх білінгваў прасілі запоўніць анкету на кітайскай мове на тэму пачуцця ўласнай годнасці, яны давалі адказы, якія сведчылі пра больш нізкую ступень самапавагі, чым калі тую ж самую анкету ім прапаноўвалася запоўніць па-англійску. Прычына гэтаму - культурныя адрозненні. Чытаючы пытанні на англійскай мове, бікультурныя рэспандэнты наладжваюцца на амерыканскую хвалю самасцвярджэння, але калі бачаць пытанні на кітайскай - праяўляюць традыцыйную ўсходнюю сціпласць.

НОВЫЯ ЭМОЦЫІ I СЭНС

Некаторыя словы ў беларускай мове маюць яшчэ больш адценняў і значэнняў, чым у рускай. Напрыклад, праз пераклад слова "чай" я даведалася, што тоё, што заварваюць у пакеціку, так і называецца. Калі выкарыстоўваюць ліставую заварку ці дадаюць зёлкі - гэта ўжо "гарбата" . Яна засыпаецца ў імбрык і заліваецца кіпнем з чайніка . За сталом пад гарачы напой вядуцца гутаркі, размовы, бяседы . Яшчэ болей развіваюць фантазію і эмпатыю беларускія дзеясловы. Акрамя таго, што з'явілася розніца, кахаеш ты (хлопца) ці любіш (маці), новыя сэнсы атрымапа слова цешыцца, шкадаваць, шчыраваць... На ўсё сваё слова і эмоцыя! Але гэта толькі вяршыня айсберга.

Калісьці, блукаючы па прасторах Facebook, адшукала запіс, апублікаваны мужчынам, што родам з Палесся: "Палескі жаночы ген перадаецца праз слова "гараваць". Палескі мужчынскі ген перадаецца праз слова "змагацца". Калі я жыў у Менску, да мяне часта прыязджаў брат, прывозіў бульбу-варэнне ад маці. На развітанне казаў: "Ну, давай, змагайся" . Маўляў, я табе дапамог, чым мог, далей цягніся да сонца сам. А потым тэлефанавала маці: "Трэба гараваць. А як ты думаў - што ўсё лёгка будзе?"

Аўтар сцвярджае, што гэтыя два словы не перакладаюцца на рускую мову. На Палессі яны татэмныя, складаюць своеасаблівую структуру "інь і ян" , у якой гараванне стрымлівае змаганне. Мужчынская энергія стрымліваецца жаночай. Стрымліваецца не для знішчэння, а для захавання". У гэтым, маўляў, і ёсць філасофія беларускай мовы, а не ў вызначэнні дробных значэнняў.

Р.S. Аднойчы падзялілася з калегай, Валянцінай Доўнар, кую добра ведаюць чытачы "Звязды", што часам напішу слова, перачытаю і не разумею, што яно значыць. Праверу ў слоўніку - і высвятляецца, што яго выкарыстанне ў гэтым сказе самае трапнае. Чаму так? "Гэта голас продкаў унутры вас падказвае", - смяецца Валянціна Аркадзеўна. I, напэўна ж, мае рацыю. Ёсць штосьці чароўнае ў тым, што патрэбныя беларускія словы прыходзяць нібыта з паветра. Бо незалежна ад таго, карыстаемся мы імі ці не, яны прыродай упісаны ў генетычны код беларусаў, які хоцькі-няхоцькі ўздзейнічае на характар, жыццё і лёс кожнага з нас.

Вераніка ПУСТАВІТ , "Звязда".


ЯНКОЎШЧЫКІ

Хто гэта такія, ці што гэта такое?

З вялікай цікавасцю перачытаў тэкст "Пакліканне словам" - гутарку з мовазнаўцам М.А. Даніловічам у сувязі з яго 60-годдзем, апублікаваную ў тыднёвіку "Наша слова" (2015, №№ 42-44). Нібыта і я сам пабыў у прамінулым часе - з калегамі і на адзіноце. А галоўнае - даведаўся пра творчы і жыццёвы шлях выбітнага беларускага навукоўца. Прываблівае вартая пераймання любасць і пашана, з якой доктар філалагічных навук, прафесар гаворыць пра сваю бацькаўшчыну, радзіму (яна не "малая", а вялікая, лёсавызначальная для навукоўца).

Мне аповед каштоўны яшчэ тым, што на шырокай беларускай мовазнаўчай прасторы прачыняюцца дзверы ў "школу Янкоўскага". Выраз гэты сустракаецца ў літаратуры (А. Лойка, П. Місько). Навуковую і грамадскую дзейнасць Фёдара Міхайлавіча высока цаніў Янка Брыль. Ён нават меркаваў (казаў пры мне), што імя Янкоўскага магло б быць нададзена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, дзе той працаваў.

У лінгвістычным асяродку стаўленне да працы Ф. Янкоўскага было не адназначнае. Міжвольным сведкам, кажучы мякка, халаднаватых адносін да яго з боку часткі супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства АН БССР стаў я падчас працы ў гэтай установе (1968-1974). Мажліва, з падачы некага з іх Фёдар Міхайлавіч трапіў пад крытыку ў недабраслынным артыкуле К. Крапівы на пачатку 1970-х (дзе акадэмік "прайшоўся" і па мне, колішнім аспіранце). За прыхільнаспь да слоў, сінтаксічных канструкцый, больш уласцівых беларускай мове.

У другой палове 60-х, калі вялася праца над стварэннем БелСЭ, набывалі актуальнасць праблемы навуковага стылю. Выявіліся два падыходы: мацней трымацца нацыянальных вытокаў мовы - набліжацца да мовы супольнасці савецкіх народаў (рускай) .

Так, у закрытай рэцэнзіі на слоўнік БелСЭ вядомы тады мовазнавец Рыгор Клюсаў ( Грыгорый ён пісаў) выступіў супраць ужывання асобных адметна беларускіх слоў, словаформаў. Маўляў, няхай яны (Ф. Янкоўскі і яго аднадумцы) самі сабе так пішуць у "Княстве Янкоўскім", а ў энцыклапедыі гэтага дапушчаць нельга.

А вось як ацэньваецца сёння навуковая і педагагічная дзейнасць Ф. Янкоўскага знакамітым мовазнаўцам М. Даніловічам:

"Фёдар Міхайлавіч быў сапраўдным, не паказным патрыётам беларускай мовы і Беларусі і стараўся выхоўваць гэтую якасць і ў сваіх падапечных. Не выпадкова тых, хто прайшоў праз яго рукі, называлі і называюць "янкоўшчыкамі". Яны раз'ехаліся па многіх гарадах Беларусі і сёння выступаюць паважанымі прадстаунікамі беларускага мовазнаўства" .

Звяртае на сябв ўвагу слова "янкоўшчыкі". Яго сустракаю ўпершыню. Можа, і праўда так (з ухвалай) гавораць на вучняў выдатнага мовазнаўца. Але мне яно падалося як пушчанае з вуснаў тых, каму патрыятычна-беларуская лінія/пазіцыя ў айчынным мовазкаўстве не да спадобы: у гэтым аказіяналізме гучыць, чуецца негатыўнае сэнсава-стылістычнае адценне. Мо болей падышло б слова "янкоўцы"? Ды ўсё ж лепей казаць: "Вучні, выхаванцы, падапечныя і пад. Янкоўскага".

Але вернемся зноў да ўспамінаў М. Даніловіча.

"Фёдар Міхайлавіч быў кіраўнік строгі. Аспіранты яго баяліся і да сустрэчы з ім на кансультацыі рыхтаваліся вельмі сур'ёзна. ... Што да навуковых пошукаў аспіранта, то навуковы кіраўнік прытрымліваўся прынцыпу неўмяшальніцтва. Давалася поўная воля праз спробы і памылкі прыйсці да навуковай ісціны самастойна" . Дадам ад сябе. Гэтак было і ў мяне, аднаго з першых аспірантаў Ф. Янкоўскага. Прачытаўшы нейкую частку рыхтаванай мною дысертацыі, Фёдар Міхайлавіч пытаецца (піша): "А што (як) далей?"

Высокая патрабавальнасць навуковага кіраўніка да мовы і стылю дысертацыйных прац аспірантаў, да "культуры пісьма" (М. Даніловіч) ішла, відаць, ад пераканання, што даследаванні ў галіне беларускай лінгвістыкі павінны быць скіраваныя ў моўную практыку не толькі атрыманымі вынікамі-высновамі але і формай падачы тэарэтычных звестак, узорамі выкладу аналізаванага матэрыялу.

Загартаваны ў жыццёвых выпрабаваннях, абачлівы і вельмі чуйны ў людскім асяроддзі (вайной быў камандзірам разведкі партызанскага атрада), Ф. Янкоўскі, аднак, мог паддацца звычайнай чалавечай слабасці: некага перацаніць, некага недацаніць. Адзін прыклад.

У другой палове 70-х я працаваў у выдавецтве "Народная асвета" рэдактарам (маючы навуковую ступень кандыдата філалагічных навук). Аднойчы клічуць мяне да тэлефона. У трубцы, ледзь не плачам, голас знаёмай аспіранткі: "Ці можна сустрэцца з вамі?" Занепакоены, я адразу згадзіўся. Прыехаўшы (напэўна, у Дзяржаўную бібліятэку БССР), расказала пра сваю бяду. Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, навуковы кіраўнік, прачытаў раздзел яе працы і даў адмоўную ацэнку. Маладая жанчына просіць мяне пазнаёміцца з працай. Мушу патлумачыць. Аспірантка - мая былая студэнтка-выдатніца, якая была залічана на пасаду выкладчыка беларускай мовы ў тым далёкім ад сталіцы інстытуце, дзе тры гады пасля накіравання адпрацаваў і я.

Пацясніўшы свае справы, прачытаў дысертацыйны раздзел. Даследаванне сур'ёзнае, дбайнае, тэкст лагічны, сэнсава зладжны, вывады абгрунтаваныя. Сказаў пра гэта аспірантцы. Яна павесялела, павяла працу паспяхова далей. У выніку навуковы кіраўнік застаўся задаволены. Аспірантка неўзабаве абаранілася. Якая была прычына ранейшага неадэкватнага водгуку, не пытаўся ні ў яе, ні тым больш у Фёдара Міхайлавіча.

Думаю, гэты штрышок да партрэта Ф. Янкоўскага не прынізіць яго значэння ў сферы беларускай лінгвістычнай навукі і філалагічнай адукацыі.

Алесь Каўрус


Беларуская мова вяртаецца ў беларускі гандаль

Усё часцей наведвальнік айчынных крамаў можа знайсці ў продажы розныя тавары, упакоўкі якіх аформлены па-беларуску.

Наш кар.



Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

***

Нацыянальная навукова-практычная нарада

"СУЧАСНЫЯ ПРАБЛЕМЫ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА ВЫКЛАДАННЯ Ў ВНУ"

г. Мінск

Першы інфармацыйны ліст

Шаноўныя сябры беларускага слова, калегі!

Запрашаем Вас узяць удзел у працы Нацыянальнай навукова-практычнай нарады "Сучасныя праблемы беларускамоўнага выкладання ў ВНУ" , якая пройдзе 1 4 траўня 2016 года.

Галоўная мэта - выявіць кадравы патэнцыял і акрэсліць праблемы, якія неабходна развязаць да магчымага стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта і беларусізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У межах нарады прадугледжаны электронныя прэзентацыі, вусныя даклады і паведамленні. Мяркуецца апублікаванне матэрыялаў нарады ў выглядзе зборніка і ў перыядычным друку.

Асноўныя кірункі працы нарады (блокі пытанняў):

1. Геаграфія беларускамоўнага выкладання;

2. Нацыянальная навуковая тэрміналогія;

3. Пытанні, звязаныя з пераходам на беларускую мову выкладання.

Ключавыя даты падрыхтоўкі да нарады:

- прыём заявак, матэрыялаў і рэгістрацыя ўдзельнікаў з 5 сакавіка да 30 красавіка 2016 года;

- паведамленне аб прыёме заявак, матэрыялаў і форме ўдзелу ў нарадзе да 2 траўня 2016 г.

- ахвяраванні на дзейнасць ТБМ, якія ўключаюць у сябе расходы на апублікаванне матэрыялаў нарады і кава-паўзы, да 10 траўня 2016 г.

Патрабаванні да афармлення матэрыялаў:

Тэкст павінны быць набраны ў рэдактары Word і захаваны з пашырэннем rtf. Назва файла - прозвішча першага аўтара лацінскімі літарамі (напрыклад: Janoviс.rtf). Аб'ём да 5 старонак. Шрыфт Times New Roman Cyr, 12 пунктаў праз адзінарны міжрадковы інтэрвал, без пераносаў. Адступ - 1,25 см. Выраўноўванне абзацаў - па шырыні. Памер палёў - 2,0 см з усіх бакоў. Назва матэрыялаў друкуецца загалоўнымі літарамі ў 14 пунктаў, прозвішчы і арганізацыі - 13 пунктаў. Выраўноўванне загалоўка і рэквізітаў - па левым краі. Паміж назвай артыкула і прозвішчам(і) аўтара(ў), паміж апошняй арганізацыяй і асноўным тэкстам - адзін інтэрвал. Табліцы і малюнкі (графікі) размяшчаюцца ў тэксце. Выраўноўванне іх назваў - па левым краі. Малюнкі чорна-белыя. Спіс выкарыстаных крыніцаў не прыводзіцца. Памер шрыфта табліцы - 12 пунктаў.

Запоўненую рэгістрацыйную картку і матэрыялы даклада ў выглядзе прымацаваных файлаў дасылаць па электроннай пошце: siadziba@gmail.com (папяровы варыянт матэрыялаў артыкула не патрабуецца).

Публікацыя матэрыялаў у аўтарскай рэдакцыі. Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору і карэктавання дасланых матэрыялаў, у т. л. адхіляць тыя, якія не адпавядаюць тэматыцы нарады і патрабаванням да афармлення.

Чарговы інфармацыйны ліст будзе разасланы па заканчэнні рэгістрацыі заявак і фармаванні папярэдняй праграмы нарады.

Інфармацыя пра нараду будзе размешчана ў бліжэйшы час на сайте ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны": http://tbm-mova.by.

Даведкі па тэлефонах:

тэл.: +375(17) 284-85-11 - Алена Мікалаеўна Анісім;

маб.: +375 29 258-44-96 - Язэп Міхайлавіч Стэпановіч.


Узор афармлення матэрыялаў:

СЕМАНТЫЧНЫЯ З'ЯВЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ НАВУКОВА-ТЭХНІЧНАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ

(шрыфт 14 pt, паўтлусты, прапіснымі літарамі, выраўноўванне па левым краі)

1 інтэрвал

А. А. Макарчук 1, М. М. Яновіч 2

1 Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, г. Гомель, makarchuk@gsu.by

2 Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, г. Гродна, janovich@tut.by

(Шрыфт 13 pt, звычайны, выраўноўванне па левым краі) 1 інтэрвал

Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. Асноўны тэкст. (Шрыфт 12 pt, звычайны, без переносаў, выраўноўванне па шырыні, першы радок абзаца - адступ 1,25 см).


РЭГІСТРАЦЫЙНАЯ КАРТКА

ўдзельніка Нацыянальнай навукова-практычнай нарады

"Сучасныя праблемы беларускамоўнага выкладання ў ВНУ"

г. Мінск, 14-15 траўня 2016 г.

Прозвішча, Імя, Імя па бацьку

Навуковая ступень

Навуковае званне

Пасада

Месца працы (арганізацыя)

Адрас (з індэксам)

Тэлефон (з кодам горада)

Факс (з кодам горада)

Электронная пошта

Назва даклада

Нумар і назва навуковага кірунку нарады

Форма жаданага ўдзелу

(даклад / паведамленне)

Неабходнасць бранявання гатэля (так / не)

Неабходнасць афіцыйнага запрашэння

ад аргкамітэта: (так / не)


Не стала Васіля Бязмена

Ён быў лекарам і сам доўгі час хварэў, змагаўся з анкалогіяй. Яму было толькі 50 год. 14 сакавіка са Шчучына прыйшла жалобная вестка.

Васіль Бязмен паходзіў з Наваградчыны, з вёскі Багудзёнка. У 1993 годзе пасля сканчэння медуніверсітэта ў Гародні паехаў працаваць у Шчучынскі раённы шпіталь. Усе студэнцкія гады ад пачатку ўтварэння "Паходні" ў Горадні быў яе сябрам. Затым стаў актывістам БНФ "Адраджэньне".

Падчас вучобы ў Горадні разам з Данутай Бічэль і іншымі актывістамі беларускага Адраджэння браў удзел у выпуску самвыдата "Рэанімова". Данута Янаўна ўзгадвае пра Васіля Бязмена:

- Ён быў адзін з тых, хто ствараў "Рэанімову", у яго было мноства цікавых ідэяў. Мяне заўсёды здзіўляла ў ім тое, што, навучаючыся ў медыцынскім універсітэце, ён, тым не менш, вельмі добра адчуваў мову і правіў іншых. Яшчэ ў ім была вельмі заўважная патрыятычнасць і адданасць Беларусі, дзеля гэтага мог ахвяраваць чым заўгодна. Проста, у адрозненне ад іншых патрыётаў, якія падкрэслена былі эмацыйныя, часам крыклівыя, Васіль Бязмен вылучаўся сваёй інтэлігентнасцю. Ён быў надта добрым спакойным хлопцам...

Мікола Таранда, адзін з кіраўнікоў "Паходні", кажа, што Васіль Бязмен быў сапраўдным сябрам, ніколі нікога не падводзіў, калі нешта абяцаў:

- Ён імкнуўся ўдзельнічаць ці не ўва ўсіх акцыях "Паходні" ў той час, хаця вучыўся ў медуніверсітэце і часу свабоднага шмат не меў. Але, тым не менш, памятаю яго на кожным суботніку. Памятаю, як стаяў на пікетах і агітаваў за Ткачова падчас выбарчай кампаніі. Памятаю, як удзельнічаў у напісанні лістоў у самыя розныя інстанцыі. Памятаю, як хадзіў па кватэрах і агітаваў бацькоў аддаваць сваіх дзетак у беларускія класы... Для яго беларуская справа была нечым галоўным.

Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч кажа, што прыйшоў у "Паходню" пазней, але асобу Васіля Бязмена таксама добра памятае. Хоць не часта даводзілася сустракацца, але заўсёды адчуваў блізкага па духу чалавека:

- Ён быў трохі старэйшы і вучыўся раней за мяне, але духам мы былі падобныя. Васіль часта ўсміхаўся, ад яго заўсёды веяла пазітывам. І потым, я ведаў, што ў беларускай справе ён быў невыпадковым чалавекам. Ягоны бацька Канстанцін Бязмен быў актыўным удзельнікам беларускага антысавецкага падполля яшчэ ў 1940-я гады, а затым быў вязнем ГУЛАГа. Дарэчы, Васіль вельмі сябраваў з Дзімам Кісялём, бацькі якога былі таксама вязнямі сталінскіх лагераў. А Дзіма ўжо раней адышоў у лепшы свет.

У Васіля Бязмена засталіся жонка і дачка.

Міхал Карневіч.


Хто як хаціт, той так і пішат

Старшыні

ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

220034, г. Мінск,

вул. Румянцава, 13 .

У адказ на Ваш ліст адносна памылак у афармленні назваў вуліц горада Мінска паведамляем наступнае:

У сталіцы нашай краіны склалася такая сітуацыя, што пытанне афармлення аншлагаў з назвамі вуліц практычна не кантралюецца. Рабочай групай Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі была зроблена спроба высветліць, які нарматыўны дакумент рэгулюе мову назваў, шрыфт, памер шрыфту і г.д. Аднак гэтая спроба не дала станоўчага выніку. Фактычна атрымліваецца, што вырабам і ўсталяваннем шыльдаў займаюцца ЖЭСы альбо, калі гэта не камунальная ўласнасць, уласнікі будынкаў.

Такая сітуацыя прывяла да таго, што на адной вуліцы могуць суіснаваць шыльды на розных мовах, рознага памеру, колеру і г.д. Паколькі пісьменнасць назваў нікім не правяраецца і не кантралюецца, то сустракаецца надзвычай многа аншлагаў з неаднастайным і памылковым напісаннем: "вул. імя Н. Арды", "вул. Н. Орды "; "вул. Ю. Семенякі", "вул. Юрыя Семеняка", "вул. Ю. Сямянякі", "вул. Ю. Семянякі", "вул. Ю. Семяняка", "вул. Ю. Сямяняка"; "вул. Сурганова"; "вул. Тіміразева" і г.д. Падобная сітуцыя з'яўляецца недапушчальнай.

У сувязі з гэтым мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з ТБМ у плане збору інфармацыі пра парушэнні норм пры афармленні назваў вуліц і іншых унутрыгарадскіх аб'ектаў.

З мэтай ліквідацыі існуючага разнабою неабходна стварэнне адзінага каардынацыйнага цэнтра, у якім праводзілася б лінгвістычная экспертыза правільнасці афармлення назваў вуліц. Абавязкі па правядзенні лінгвістычных экспертыз гатовы ўзяць на сябе Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Старшыня Рэспубліканскай

тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі І.Л. Капылоў.

Сакратар Рэспубліканскай

тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі В.У. Міцкевіч.

26.02.2016.


Мілосць, даўжэйшая за жыццё

Беларускія артысты падрыхтавалі цудоўны канцэрт з лепшых класічных сусветных і беларускіх твораў да дня вясны і прыгажосці.

У праграме прагучалі вальсы Мікіты Багаслоўскага, мелодыі Дж. Расіні і І. Штраўса, С. Рахманінава, Г. Эрнесакса і іншых кампазітараў. Артысты звярнуліся да такога рэпертуару, "каб пра неба душы нагадаць". І пра тое, што сапраўднае каханне даўжэйшае за жыццё.

Песню Шарля Азнавура "Вечнае каханне" выканала на двух мовах Вольга Карпей. Дуэтам кветак з оперы "Лакмэ" падзяліліся са слухачамі Юлія Малых і Наталля Цыганкова.

Мужчынская вакальная група "Арнамент" праспявала песні А. Варламава і К. Веласкеса на розных еўрапейскіх мовах. Дырыжор і музыказнаўца Дмітры Хлявіч зацікавіў гасцей аповедам пра гісторыю вядомых музычных шэдэўраў.

З выкананнем паланэзу Агінскага, беларускімі і італьянскімі полькамі, негрыцянскімі спірычуэлзамі выступіла Дзяржаўная акадэмічная капэла імя Рыгора Шырмы. Дзякуючы сваім талентам беларускія артысты прапагандуюць лепшыя здабыткі сусветнай і айчыннай музыкі, падтрымліваюць у грамадстве высокія культурныя традыцыі, дораць на свята цудоўныя падарункі сваім слухачам.

Э. Дзвінская , фота аўтара. На здымках: 1. Юлія Малых і Наталля Цыганкова, 2. Вакальная група "Арнамент".


Падарожжа ў гарадскi i сeльскi быт

Выстава "Падарожжа ў гарадскi i сeльскi быт" адкрылася ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. На выставе можна убачыць інтэр'ер гарадской кватэры канца 19 пачатку 20 ст., прылады працы, ёмістасці, розныя прыстасаванні, якія захоўваліся ў каморы, печ, куфар, лучыну і шмат іншых прадметаў быту, якія былі ў сялянскай хаце.

На базе выставы праходзяць тэматычныя заняткі і экскурсіі на тэмы:

- ручнікі і вышыўка;

- печ (абаграванне хаты, прыгатаванне ежы, навошта лазню паліць, калі ў печцы памыцца можна );

- куфар і пасаг.

Наш кар.


Ачышчэнне душы

Менскі малады інтэлектуал Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі (1986 г.н.) днямі падараваў мне кнігу "Ачышчэнне душы" (успаміны пра Валянціна Ермаловіча). Рэжысёр, акцёр і педагог нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1988). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1950, курс К. Саннікава). Акцёр Пінскага (1950-1954) і Магілёўскага (1954-1956) абласных драматычных тэатраў, выкладчык Магілёўскага вучылішча культуры (1956-1985). Адначасова - кіраўнік Магілёўскага народнага тэатра Палаца культуры Завода штучнага валакна (1961-1969), тэатральнага калектыва медыцынскіх работнікаў Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы (1971-1977), Краснапольскага народнага тэатра (1978-1992), рэжысёр Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993-1998), з 1992 года быў кіраўніком народнага тэатра "Валянцін" Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу. Укладальнікамі кнігі з'яўляюцца вядомыя даследчыкі культуры Міхась Карпенчанка і Сяргей Чыгрын. Некалькі дзясяткаў чалавек у кнізе ўзгадваюць вядомую асобу. Гэта Віктар Арцем'еў, Міхась Булавацкі, Алег Дзьячкоў, Ірына Жахавец, Аляксандр Марзалюк, Мікола Мінчанка, Юрась Несцярэнка, Мікола Ножнікаў, Тамара Падымака, Надзея Палоннік, Ігар Пушкін, Людміла Рублеўская, Іван Ткачоў, Віктар Шніп, Мікола Яцкоў...

Кніга пабачыла свет у выдавецтве "Кнігазбор". Наклад 300 асобнікаў. Яе можна набыць нядорага ў кніжных шапіках г. Менска. На маю думку яна карысная усім, хто цікавіцца гісторыяй беларускай культуры. Таксама трэба адзначыць, што ў літаратурна-мастацкім выданні змешчаны цікавыя фотаздымкі.

Аляксей Шалахоўскі,

Гісторык


Ахвяраванні на ТБМ

1. Шкірманкоў Фел. - 100 000 р., г. Слаўгарад

2. Малашчанка Аляксей - 140 000 р., г. Менск

3. Бойса І.Б. - 150 000 р. - 150 000 р., г. Ліда

4. Панамароў Сяргей - 200 000 р., г. Менск

5. Якшэвіч Алег - 200 000 р., г. Менск

6. Кухаронак Аляксандр - 100 000 р., г. Смілавічы, Чэрвеньскі р-н

7. Ляскоўскі Уладзіслаў - 250 000 р., г. Шаркаўшчына

8. Несцераў Віктар - 146 500 р., г. Менск

9. Глебік Юры - 200 000 р., г.п. Свіслач

10. Рабека Мікола - 100 000 р., г. Менск

11. Чыгір Я.А. - 50 000 р., г. Гародня

12. Бабраўнічы Мікола - 200 000 р., г. Менск

13. Лягушаў Алег - 100 000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

14. Забалотны В.А. - 150 000 р., г. Менск

15. Барыс Сымон - 50 000 р., г. Менск

16. Васілеўскі Алесь - 150 000 р., в. Клетнае, Барысаўскі р-н

17. Ляўшун Дзяніс - 190 000 р., г. Менск

18. Камінская А.А. - 200 000 р., г. Менск

19. Багінская А.Н. - 500 000 р., г. Менск

20. Яніцкая Мая - 150 000 р., г. Менск

21. Давідоўскі Ігар - 200 000 р., г. Менск

22. Вяргей Аляксандр - 100 000 р., г. Менск

23. Лукашонак Тамара - 50 000 р., г. Менск

24. Кукавенка - 150 000 р., г. Менск

25. Шкірманкоў Ф. - 100 000 р., г. Слаўгарад

26. Панамароў Сяргей - 200 000 р., г. Менск

27. Лягушаў Алег - 100 000 р., ст. Ясень

28. Бойса І.Б. - 150 000 р., г. Ліда

29. Ляўшун Дзяніс - 190 000 р., г. Менск

30. Плакса Уладзімір - 50 000 р., г. Менск

31. Кухаронак А.Д. - 50 000 р., г. Смілавічы

32. Райчонак Аляксандр - 60 000 р., в. Германавічы, Шаркаўшчынскі р-н

33. Райчонак Ада - 200 000 р., в. Германавічы

34. Рабека Мікола - 100 000 р., г. Менск

35. Канчэўская Ларыса - 100 000 р., г. Ліда

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Не толькі музыка, але таксама і паэзія натхняе на стварэнне творчых праектаў

4-га сакавіка 2016 года ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага г. Менска адбылося адкрыццё чарговай фотавставы "Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці" вядомага менскага фотамастака Міхася Крыжаноўскага.

Папярэднія пяць выстаў адбыліся ў мінулым годзе, годзе 20-гадовага юбілею М.К. Агінскага, у Залессі, Менску, Вілейцы, у Менскім абласным драматычным тэатры г. Маладзечна і ў канцы года - зноў у Менску ў галерэі акадэміі мастацтваў. Дадзены факт сведчыць аб тым, што кіраўніцтва Акадэміі мастацтваў на чале з рэктарам Баразной Міхаілам Рыгоравічам звярнула ўвагу на творчасць Міхася Крыжаноўскага і прызнала яго ўжо як сапраўднага фотамастака, які з'яўляецца ўдзельнікам міжнародных і гарадскіх выстаў і конкурсаў, удзельнічае ў дабрачынных акцыях. У свой час аўтар фотавыставы арганізоўваў гаспадарча-разліковыя ўчасткі і дробныя прадпрыемствы. З'яўляецца членам Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў. Усе пералічаныя выставы прайшлі са значным творчым поспехам.

Бягучы год аб'яўлены годам культуры, у пачатку якога Міхась Крыжаноўскі выстаўляўся ў Менскай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы - і вось ужо ў сёмы раз ён радуе прыхільнікаў сваёй творчасці абноўленай экспазіцыяй. На сустрэчу з ім прыйшлі кіраўнікі гарадскіх бібліятэк, вучні 7-ых класаў СШ №145 г. Менска, а таксама вядомыя сучасныя паэты, перакладчыкі і дзеячы культуры.

Выставу адкрыла загадчыца Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Вольга Мікуліч, якая ў сваёй кароткай прамове прадставіла прысутным фотамастака чарговай выставы Міхася Крыжаноўскага. І вось на апошнім слове яе кароткай прамовы па ўсёй зале разліліся чароўныя гукі ля-мінорнага паланэза Агінскага ў выкананні дуэта скрыпачак "Экспромт" СШ №145. Затым было дадзена слова вядомаму пісьменніку, старшыні Менскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасю Пазнякову, які адзначыў, што наш фотамастак своечасова звярнуўся ў сваім творчым праекце да асобы М. К. Агінскага, каб на самай справе аднавіць памяць нашых суайчыннікаў пра славутага земляка, віднага палітычнага дзеяча і таленавітага кампазітара. Далей ён падкрэсліў, што фотамастак імкнецца адлюстроўваць на сваіх фатаграфіях усе знакавыя падзеі ў Беларусі, і гэта яму з поспехам ўдаецца. Закончыў ён сваё выступленне вершам "На вуліцах Варшавы", які прысвечаны М.К. Агінскаму.

Акрамя Міхася Пазнякова выступалі яшчэ і жанчыны-паэткі з дэкламацыяй сваіх твораў. Так, напрыклад, Таіса Трафімава, вядомая паэтка-песенніца, перакладчыца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі прачытала свае вершы, створаныя ў час наведвання Гузава пад Варшавай, дзе нарадзіўся М. К. Агінскі, якія прагучалі ў яе выкананні так кранальна і замілавана. Не менш узрушана яна прачытала і свой верш, напісаны пад уражаннем наведвання Фларэнцыі - апошняга прытулку М.К. Агінскага:

Мая Фларэнцыя, -

Спачын Агінскага…

Ты мне далёкая,

Ты мне і блізкая.

Паэтычныя нумары змяняліся музычнымі ў выкананні дуэта скрыпачак СШ №145 з музычным ухілам. Творы-паланэзы М.К. Агінскага ў іх інтэрпрэтацыі прынеслі ўсім прысутным сапраўдную радасць і асалоду. Другой жанчынай-паэткай выступіла Ганна Мартынчык, аўтар зборнікаў вершаў "Лірыка", 2015 г. і "Прад…чуванне", 2015 г. Яна пазнаёміла прысутных і гасцей вечарыны са сваёй паэзіяй, за што шматлікая аўдыторыя была ёй вельмі ўдзячная.

У заключэнне выступіў перакладчык і выкладчык германскіх моваў, краязнавец і пазаштатны журналіст Ермаловіч Васіль, які засяродзіў увагу зацікаўленых слухачоў на тым факце, што фотамастак Міхась Крыжаноўскі вызначаецца ў сваёй працы актыўнай і творчай энергіяй і няўрымслівым характарам.

Калі ў мінулым годзе нашага фотамастака натхняла на творчасць музыка М. К. Агінскага, то ў бягучым 2016 годзе на яго творчы настрой будуць аказваць самы непасрэдны ўплыў нашы беларускія сучаснікі-паэты, дзеячы культуры і ў першую чаргу нашы родныя класікі - Янка Купала і Якуб Колас сваімі "мілымі вобразамі роднага краю" і купалаўскай падзякай свайму народу "за кут у родным краі, за хлеб-соль без клапот".

Апошнім акордам вечарыны прагучала пажаданне фотамастаку заставацца ў будучым адным з тых фотамайстроў, якія маглі б дапамагаць здольным маладым пачаткоўцам, а ні ў якім разе не канкураваць з імі.

Вялікіх Табе творчых поспехаў і новых праектаў у Тваёй нястомнай фатаграфічнай дзейнасці!

У добры час, дарагі наш дружа Міхась!

Васіль Ермаловіч , краязнавец, перакладчык і выкладчык германскіх моваў.


Магілёўскія пісьменнікі выступілі ў Глуску

17 лютага гасцямі гімназіі № 1 г.п. Глуска Магілёўскай вобласці былі літаратары з Магілёва Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, Сяргей Украінка, Мікола Яцкоў, а таксама мясцовыя творцы Навум Сандамірскі і Любоў Ляпко.

Распачаў сустрэчу Міхась Булавацкі. Мала хто памятае і ведае, што некалі ў Завалочыцкім сельсавеце Глускага раёна была вёсачка пад назвай Восы-Калёсы, дзе і нарадзіўся спадар Міхась.

З цеплынёй пісьменнік вёў аповед-успамін пра сваю маленькую радзіму, пра вёску, спаленую фашыстамі ў гады ваеннага ліхалецця, прачытаў некаторыя свае творы. На добры ўспамін Міхась Пятровіч пакінуў гімназіі сваю кніжку "Гісторыя Завалочыцкага лясніцтва".

Паэтка і пісьменніца, лаўрэат 2 месца прэміі імя Гедройца Таццяна Барысік пазнаёміла слухачоў са сваёй кнігай "Жанчына і леапард", прачытала вершы, гумарыстычныя замалёўкі, адрыўкі з новых твораў, пажадала маладой аўдыторыі плёну ў вучобе і жыцці.

Вучні гімназіі разам з настаўніцай роднай мовы Ганнай Якаўлеўнай Усік падрыхтавалі выразнае чытанне вершаў Сяргея Украінкі. Спадар Сяргей выступіў з гумарыстычнымі эцюдамі і вершаванымі радкамі са сваёй новай кнігі "9 гранаў".

Мясцовая паэтка і аўтар песень Любоў Ляпко расказала пра тое, як будучы школьніцай малодшых класаў, пачала паэтычную творчасць з падтрымкай настаўніцы роднай мовы.

Пісьменнік Навум Сандамірскі пазнаёміў гледачоў са сваёй новай кнігай "Ковбой, который не стрелял".

Старшыня Магілёўскага аддзялення СБП Мікола Яцкоў прадставіў гімназістам трэці выпуск літаратурнага альманаха "Брама".

У бібліятэку гэтай гімназіі былі перададзеныя ўсе выпускі альманаха "Брама" і іншыя выданні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Дырэктар гімназіі Надзея Савельеўна Марус і намеснік па выхаваўчай рабоце Алена Рыгораўна Слічонак выказалі шчырую падзяку пісьменнікам.

Потым госці наведалі гімназічныя гістарычна-этнаграфічны музей і музей хлеба.

Па дарозе ў Магілёў літаратары прыпыніліся ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна і выказалі пашану беларускаму пісьменніку Алесю Адамовічу, які пахаваны на мясцовых могілках.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП. Фотаздымкі В. Васількова.


КАРЧАВАТКА

Аповед азірання

"Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!"

Звычайныя, зямныя словы,

Ды сэнс - глыбокі і духовы.

Яны былі штуршком да тэмы,

Запеўкай слыннае паэмы,

Што "Новая зямля" завецца.

Згадаеш іх - душа ўзаўецца,

І сэрца гулка адзавецца -

То спыніцца, то зноў заб'ецца.

І ў думках ты ляціш імкліва

У родны кут, нібы на крылах.

У кожнага ён свой, вядома,

Яго завём мы родным домам,

Старонкай бацькаўскаю мілай,

Навекі любай, да магілы.


Мой родны кут - паблізу Мінска,

Ён на Лагойшчыне Хатынскай.

Там, паміж Коранем і Гайнай,

Гісторыяю знаных даўнай,

Ў якіх бываў і сам Купала,

І іншых постацей нямала, -

Там, між мястэчкамі, асела

І Слабада мая нясмела.

Тут, на няўдобіцы пясчанай,

Даваў панок сваім сялянам

На час "слабоду" ад падаткаў, -

Зямлю давесці да парадку.

Адсюль імя і маёй вёскі:

З той, пра "слабоду", пагалоскі.

Раўнюсенька, як па шнурочку,

Хацін паўсталі два радочкі

Абапал вулкі гразкай, вузкай, -

Як большасць вёсак беларускіх.

Тапіліся тут коні й людзі.

Здавалася, з гразі не будзе

Збавення. Цягам соцень год

У твані боўтаўся народ,

Ажно пакуль тую дрыгвянку

Не пахавала брукаванка,

Што адбылося да калгасаў,

Але ўжо за савецкім часам.

І я ў тым часе нарадзіўся,

На гэты свет прыйшоў-з'явіўся.


І

Ах, часе мой! Як часта сёння,

Аглядваючыся, бы спрасоння,

Цябе мы ганім і бічуем,

Нібы саміх сябе не чуем,

Не бачым і не ўсведамляем,

Тым самым злыдням пасабляем!

Вядома, быў ты горкім, часе,

Падсмажваў люд, бы чорт на блясе;

Той люд быў для цябе казюркай,

Нікчэмнасцю, пустою дзюркай,

Вадзіцаю - людскія слёзы,

Галоў мільёны клаў пад лёзы;

Прымусам гнаў народ у шчасце,

Вяршыў крывавае прычасце.

Твае правадыры без змогі

Вялі народ да перамогі -

Над чым?

Над людскасцю, сумленнем,

Над праўдай, годнасцю, збавеннем

Ад беднасці, ад беспрасвецця...

О, час бяспраўя й ліхалецця!

Ўсім не забыць тваёй навукі -

Дзядам, бацькам і нам, унукам!

Урокі крыўды добра помнім,

Ты тут папраўдзе векапомны!


Ды ўсё ж, усё ж, мой страшны часе,

Ты і прыўкрасны ў адначассе!

Маё маленства ў тваіх шатах,

Забавы ў хаце й па-за хатай,

І кніжка першая, й рагатка -

Скупыя ўсё жыцця пачаткі.

Ды гэта нас не засмучала,

Куды больш іншае займала.

Зімой і летам прападалі

На вуліцы, мы там гулялі

У пікара і ў перагонкі, -

Да ночы чуўся галас звонкі

На ёй, каторая калісьці

Была што ні прыйсці, ні выйсці.

Цяпер жа кожную суботу

Мы мелі тут сваю работу:

Супроць свайго двара старанна

Падмесці вуліцу, і зрання

У Слабадзе папраўдзе свята -

Так выглядае зухавата.

Вясною ж сталы люд з рыдлёўкай

Каменне бруку чысціў лоўка

Ад бруду, што зімой і ўвосень

Натрэслі трактары й калёсы.

Аселіцы абапал вёскі -

Яшчэ адзін дар дзецям Боскі.

Цяклі рачулкі там жывыя,

Крынічныя, не дажджавыя,

З пясчаным плёсам і з віркамі,

Зрэдчасу знаных рыбакамі.

Адзін жа вір быў нат вялізны,

Дзе маткі перылі бялізну,

А мы ім вечна заміналі -

Пялёхаліся там, ныралі.

З вясны да восеньскае золі

Аселіцы былі нам воляй:

З драўляных стрэльбаў

там стралялі -

І "нашы" "фрыцаў" забівалі,

Там буданы з галля рабілі,

Пад вечар вогнішча палілі,

Каб іскры аж да зор ляцелі, -

Ім доўга ўслед усе глядзелі...


ІІ

Ды мой аповед покуль, здэцца,

Спантанна, быццам сам снуецца,

Няма ў ім стрыжня, ці спружыны,

Каб быць у пэўнай каляіне,

Злучаць бы ўсе канцы й пачаткі

І рэй бы весці па парадку.

А думка йкраз была такая,

Каб згадка, цёплая й жывая,

Аб родным куце ўскалыхнула

Ўсё тое, што нібы прыснула

Ў душы знявечанай, паніклай

Ад болю па ўсім тым, што знікла;

Ад жаху, што ў краіне роднай

Ўсталёваны рэжым звыродны;

Што ў нашай хаце белароснай

Чужы павук тчэ свае кросны;

Што двух сыноў, унучку, ўнука

Мінае дзедава навука

Жыць у сусвеце роднай мовы.

Гучаць ім іншыя намовы:

Са словам панскім быць нанятым,

Ці над сваімі ж прыганятым...

Ах, родны край! Ах, край забраны!

Чаму ты, Богам людзям даны,

У нашых жа людзей украдзен,

За шэлег здрайцамі прададзен,

І ўсё ніяк не акрыяеш,

А толькі стогнеш і канаеш?

Тваіх цяжкіх нягод пачатак

Бярэ аж вунь у якіх лятах,

Калі Ягайла ранг свой княскі

Змяніў на вышшы, ды не наскі,

Калі, хоць быў і не лядашчы,

Не ўзяў - аддаўся юнай ляшцы.

(Ну, хай не сам - прапанавалі,

Чаму ж не бачыў, што куплялі?)

З тае пары наш звод пачаўся,

Ліцвінства дух з нас вынішчаўся.

Зязюлька ночная кувала,

Сужонца перакукавала:

Услед за верай, як абнову,

Ягайла памяняў і мову,

Тым самым даўшы прыклад шляхце

Ўжо мувіць у ліцвінскай хаце.

У наступ рушыў косцел польскі -

Няма ратунку, месты й вёскі!

Які ж плён праца рыхтавала?

Рэч Паспалітая паўстала.

Ды гэта ўсё - гульня хвіліны,

Гульня паляка, не ліцвіна.

Ах, колькі крыку, колькі гвалту

У звязку з днём Трэцяга траўня!

Закон, вядома, легендарны,

Ды ўжо - краіны унітарнай!

А Княства дзе? Прапала Княства!

Вялікае чынілась лядства!

Дык хіба ж нашы патрыёты

Імперцы з нашых жа балотаў?

Не патрыёты, а ўлюбёнцы

Ў маёнткі ў нашае старонцы,

Ў свае сядзібы і палацы,

Зямлі нашай ліцвінскай пляцы!

Краёвы іх патрыятызм

Мы са сваім ідыятызмам

Яшчэ й дасюль ўсё лічам "нашым",

Ў расчуленасці ледзь не плачам,

Не думаючы аніколькі,

Што кліч іх быў: "Нех жые Польска!"

Хвалюе лозунг мімаволі

Аб "вашай" і аб "нашай" волі,

Ды толькі лёс наш ясна кажа,

Што тут гаворка не аб нашай.

Гаворка, моўлю без спатолі,

Тут аб Расіі й Польшчы волі,

Прытым не проста так, не нейкіх:

Адной - "великой",

другой - "велькэй".

А мы, браточкі-беларусы,

Схіляцца ўсё прад кожным мусім,

Як і даўней; капыл той самы:

Гаспадзін - злева, а пан - справа.

І сёння мы амаль такія ж,

Прыніжаныя і сляпыя,

Хоць быццам і ў сваёй дзяржаве,

Хоць быццам бы і маем права

Трымацца з годнасцю. Ды толькі

На беларускую ніколькі

Яна не выдае, паколькі

Ў ёй з беларускіх - хіба болькі.

А больш - нічога. Нічагуські!

Усё з назовам "беларускі" -

Фальшывае, бы дно двайное,

Хлуслівае ці паказное...


ІІІ

Ды зноў аповед мой са мною,

Бы тая сучка баразною,

Пабег у дзень наш прыкра горкі.

Мяне ж на родныя пагоркі

Пазвала згадка ў час забыты,

У той, калі хоць чым набіты

Жывот ствараў настрой усім нам

І хлеб быў тым адзіным гімнам,

Які змушаў нас запыніцца,

Замерці й на гульню забыцца.

Даймаў і голад, і бядота,

Усе вакол - з галот галота,

Каб што на плечы, ці на ногі -

Хоць лопні-трэсні ад знямогі!

Ды ўсё ж сваё дзяцінства брала,

На беды-звадкі не зважала,

І час той быў для нас дзівосны.

Уранку луг страчаў нас росны,

Куды прыводзілі каровы

Мы яшчэ сонныя, як совы,

Ды золак ранішні санлівасць

Гнаў прэч, а нашу варухлівасць

Нябачна ажыўляў. Паволі

Ўставала зыркае да болю

Над лесам, над балотам сонца,

Што абяцала дзень бясконцы.

Ах, як жа яно ўсё мяняла,

Падсвечвала, адцяняла,

Туману коўдру падымала

І золатам у росах ззяла!

Каровы гэткаю парою

Скубуць, аж душацца травою -

Жнуць языкамі, бы сярпамі,

І ўжо забыты пастухамі.

Яны, усеўшыся кружочкам

На ўжо падсушаным грудочку,

Азартна ў "ножыка" гуляюць,

Яго і так, і сяк кідаюць,

Каб торкнуўся лязом у дол ён -

Мастачыць кожны, на што здольны.

- Куды шпурляеш? Ці не бачыш?

Я так шпурну, што і заплачаш!

- А паспрабуй, шпурляч смаркаты!

Сам з плачам драпанеш дахаты!

Але да бойкі не даходзіць,

З меж эмацыйных не выходзіць -

Адно аднога падахвоціць.

Пасля змяняюць ножык карты,

І тут усім зноў не да жартаў.

І тут хапае едкіх кпінаў:

- Навошта ты шасцёрку кінуў?!..

Хіба няма ў цябе дзесяткі?

- Былі у свінкі парасяткі...

Ніхто не хоча быць у дурнях -

Хоць і карцёжных, ці халтурных...

А колькі радасці ў нябогі,

Калі яго дахаты ногі

Нясуць імпэтна на сняданак!

Нарэшце вось ён, родны ганак.

У хату дзверы прачыняе,

А маці ўжо яго страчае:

- От у пару, сынок! Як ведаў!

Сядай, сядай за стол ды снедай...

Аладак місачка аўсяных

Ў смятанку з макам памачаных -

Ён заслужыў такое свята,

Ён пастушок, кароўчын тата...


Згадаў цяпер аладкі з макам,

Якія умінаў са смакам,

Ля печы маму з чапялою -

І папярхнуўся я слязою.

О, дзе вы, дзе, гады-гадочкі,

Чаму вы пазбягалі ўпрочкі

І хутка так, і так няўгледна,

Што часам выдае - бясследна?

Чаму ж раней вас не лічыў я

І марнатравіў, бы каліўе,

Каб горкія цяпер ліць слёзы,

Ды ўсё ўжо - на сухія лозы?

Чаму ж я дзедаву навуку

Сам не спажыў і свайму ўнуку

Не перадаў адвечным чынам,

Як і належала б мужчыне?..


Што плакаць сёння? А тым болей -

Павінен я вярнуцца ў поле,

Каб і сябры паспелі збегаць

Дахаты ды усмак паснедаць.

Была ў мяне і свая фішка:

З сабой у поле браў я кніжкі -

Купалы, Коласа, Бядулі.

Сябры адно што пра іх чулі,

А каб чытаць, дык не чыталі,

Такое звычкі не зазналі.

Дык я для іх ваўсю стараўся:

Чытаў, расказваў, турбаваўся,

Каб і яны, ў вушах да звоні,

Паспачувалі лацароні,

Паплакалі б аб дрывасеках -

Малых Бядулі чалавеках,

Якія ў лес пайшлі, у дровы,

І склалі там навек галовы.

Найбольш я захапляўся Маўрам.

Здаваўся нейкім дыназаўрам

Сярод усіх імёнаў наскіх -

Усіх зямных і ўсіх Парнаскіх.

Яго "Палескіх рабінзонаў"

Чытаў я хлопцам, бы з амбону

Ксёндз казань іншую чытае:

Душа у хлопцаў замірае!

І мы ўжо ў далеч адплывалі,

І мы сябе ўжо уяўлялі

Хто Віктарам, а хто Міронам -

Такім жа смелым, нескароным.

І трохі крыўда забірала,

Што нас прыгода абмінала.

А ёсць жа й рэчкі, лес, балота,

І мы б паплавалі ў ахвоту,

І бандзюкоў якіх злавілі б,

І нешта мо сваё зрабілі б...

Бог не пакрыўдзіў кут наш ласкай:

Тут не зямля, а проста казка.

Такіх мясцін у нашым краі

Дзве-тры... Як ёсць па небакраі -

Пагоркі, ўзлобкі, нават горы,

Схаваны ельнікам, зрэдзь - борам,

А ўнізе - вузкія далінкі,

Лужкі, кустоўе, балацінкі,

Вакол крыніц жывых - з дзесятак,

З іх раўчукі бяруць пачатак,

І справа й злева вёску дбайна

Атульваюць, перш чым у Гайну

Уліцца на Даўгім балоце...

Эх, і раздолле ж нам, басоце,

Было тут і зімой, і летам!

Хіба раскажаш пра ўсё гэта?

Свістулькі, стрэлянкі, рагаткі,

Мяч, пікар, рэхвы-самакаткі,

Грыбы і ягады, арэхі -

Во колькі летняе уцехі!

А ўзімку - санкі, калаўроты, -

Гукнуць каго з нас да работы

Было матулям цяжкавата:

Спакус і ўзімку ніштавата!..


ІV

І тут зноў просіцца адбіўка,

Бо ўсё галопіць буркай-сіўкай -

Не надта мудрая адвага.

Патрэбен час і для развагі.

Дзяцінства ёсць заўжды дзяцінства,

Яно ахована ад свінства

Жыцця дарослага свядома.

Было мне, скажам, невядома,

Дзе бацькаў брат Ляксандра дзеўся,

Ці якім спосабам даўмеўся

Барбары-цёткі муж прапасці.

Абодва ж зніклі да напасці,

Задоўга да вайны, я й году

Не меў на час тае прыгоды.

І толькі сёлета, выпадкам,

Мне, іх старому ўжо нашчадку,

Стала вядома, што абодва

Былі расстрэлены звыродна

У тым жа трыццаць сёмым годзе...

Жылі ў дзяцінай мы свабодзе

Ад злых праяў жыцця і ўлады,

Нас больш краналі свае звады.

Ды радасць больш, не засмучэнні

Нам неслі розныя здарэнні.

Нашы дзіцячыя забавы,

Штодзённыя адкрыцці явы:

Ці сліжык, ўсторкнуты на восці,

Ці яшчаркі рухлівы хвосцік,

Які нібыта адрастае, -

Нішто увагі не мінае.

На ўлонні роднае прыроды

Нам летні дзень здаваўся годам,

Было - чакалі ўжо часіны,

Як сонца пойдзе на спачынак, --

Найперш тады, калі радоўку

Ты адбываеш за кароўку.

Куды ж часцей было, што маці

Выходзілі ўжо нас гукаці

Ісці вячэраць, спаць лажыцца,

Бо мы маглі б і абначыцца,

Не могучы ніяк пакінуць

Райлівы шумны гурт дзяціны.


Гады мае, гады маленства,

Час мрояў светлых, летуценства!

Чым больш старэю і мадзею,

Тым больш я вас успамінаю,

А чым часцей я вас гукаю,

Тым больш душою маладзею.

Бо ў час у той вяртаюць згадкі,

Дзе жыў смялей я, без аглядкі,

Дзе радавала ўсё дазвання,

Душа не ведала адхлання,

Яна ўбірала усе зыкі

Малой старонкі і вялікай,

І больш спявала, чым рыдала,

І аддавала больш, чым брала;

Дзе быў я чыстым і бязгрэшным,

Не знаўся з горам безуцешным!

А што ж аднолькава рабое -

Што маладое, што старое?

Тут сэнс другі, ён не мажорны,

Ён адваротны, ўжо мінорны:

Стары дзяцініцца, дурнее,

Няйнакш ён на маразм хварэе.

Гаворка ж тут - пра сэнс здаровы,

Калі душа, як на Пакровы,

Ці яшчэ, скажам, на Каляды,

Жыве найлепшым складам-ладам,

Напоўненая светлай верай,

З ласкавым здольная даверам

На свет і на людзей глядзеці

Так, як умеюць толькі дзеці.

Старэем целам мы з гадамі,

Душа ж старэць не хоча з намі,

Таму і мкне хоць на хвілінку

У тую светлую часінку,

Калі і раўчукі - шырокі,

І дрэвы спрэс усе высокі.

О, як мы прагнем неадольна

Ў гадах, ужо не дзеяздольных,

Вярнуцца ў леты маладыя

І зведаць зноў пачуцці тыя,

Што поўнілі душу і сэрца!

(Працяг у наст. нумары.)

Мікола ГІЛЬ


Энцыклапедыя Слуцка

Як нараджэнец Слуцка і гарачы патрыёт даўно не меў я такіх уцешных радасцей, якія атрымаў днямі. А радасці вось у чым: мне даслаў сваю кнігу "Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры" гісторык, мастак, педагог, краязнавец, сталы жыхар горада на Случы Ігар Адамавіч Ціткоўскі. Яго кніга выйшла ў свет напрыканцы мінулага года ў сталічным выдавецтве "Смэлтак" на беларускай мове (сёння гэта асабліва і вельмі важна!), мове прыродна беларускай з слуцкім каларытам; накладам 250 ас., фармат выдання 70х100, 320 старонак. "Слуцк..." добра праілюстраваны (254 ілюстрацыі).

У сціслай і сціплай (двухрадковай) анатацыі "Слуцка..." паведамляецца, што "ў кнізе прыводзяцца звесткі пра помнікі архітэктуры горада", і што "яна мае краязнаўчы характар, разлічана на школьнікаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю". Менавіта тут немагчыма не запярэчыць аўтару і выдаўцу. Гэтая кніга мае, так бы мовіць, універсальны характар як з гледзішча архітэктуры, так і з гледзішча рэгіянальнай, нават усебеларускай і, калі хочаце, еўрапейскай гісторыі і культуры. Удакладняючы гэты пасыл, маю смеласць сцвярджаць, што кніга гэтая вызначаецца энцыклапедычнасцю і анталагічнасцю.

Вельмі важна, што аўтар пры размяшчэнні артыкулаў пра архітэктурныя аб'екты (а іх тут звыш паўсотні) прытрымліваецца прынцыпу храналогіі. Гэта дае мажлівасць больш бачна і адчувальна прасачыць, як паўставаў горад замкаў, храмаў і іншых забудоў, а таксама як ужываліся, змяняліся і г.д. розныя архітэктурныя стылі. Адначасова перад намі паўстаюць падзеі, у выніку якіх з цягам часу, пры неспрыяльных варунках драматычных і трагічных падзей горад цярпеў і амаль прыходзіў у заняпад. Успомнім, як у выніку татарскіх нападаў пачатку ХVI ст. быў намер сталіцу Слуцкага княства часова перанесці ў Капыль; ці калі ў 1920 г. палякі, пакідаючы Слуцк, падпалілі будынак былой камерцыйнай вучэльні, дзе ў той час знаходзіўся беларускі цэнтр культуры "Папараць-кветка"; ці калі падчас усталявання савецкай улады Трайчанскі ансамбль Троіцкага манастыра быў бязлітасна разрабаваны і інш. Менавіта так, але з пункту гледжання амплітуды хістання часу і падзей можна прасачыць лёс кожнага помніка, прадстаўленага ў выданні; нават тых, якія на сённяшні дзень не існуюць (Вялікая замкавая горка, гасцініца "Брыстоль" і інш.). Тут на дапамогу прыходзяць вярбальнасць (слова) ці фатаграфія. Ёсць помнікі, якія маюць мала пазначаныя сляды і прыкметы, але ўсё ж яны ёсць (гарадскі валі інш.). А ёсць помнікі, якія ці часткова, ці добра захаваліся, што, безумоўна, радуе любога культурнага і цывілізаванага чалавека (Свята-Міхайлаўская царква - адзін з лепшых помнікаў драўлянага дойлідства ў славянскім свеце; "Слуцкія Афіны" - знакамітая гімназія, папярэдне Кальвінісцкі ліцэй; будынак Дваранскага сходу і інш.).

Нельга не звярнуць увагу на тое, што з пададзеным тут тым ці іншым архітэктурным аб'ектам падаюцца звесткі пра самых розных асоб (як пазітыўных, так і адмоўных), якія прыкметна зафіксавалі сябе ў рэгіёне, Беларусі, Расійскай імперыі, Савецкім Саюзе і далёка за іх межамі. Гэта Алелькавічы (князі і княгіні), Альгерд Абуховіч, Эдвард Вайніловіч, Сяргей Бярозка, Алена Васілевіч, Валянціна Відлога, Афанасій Вячорка, Юрка Гаўрук, Глеб Усяславіч князь Менскі, Міхаіл Глінскі, Анатоль Грыцкевіч, Пётр Карповіч, Якуб Колас, Сямён Косберг, Ян і Лявон Маджарскія, Напалеон Орда, Рыгор Родчанка, Станіслаў Рэйтан, Ф. Серна-Салаўевіч, Лявон Случанін (Шпакоўскі), Андрэй Снітка, Уладзімір Тэраўскі, Пётр (Павел) Умястоўскі, Мікалай Шамяціла і многія іншыя. Гэты імянны паказальнік можна было б пашырыць, але чытач гэта зробіць сам.

Апроч імяннога паказальніка, як складовай часткі дадатку, вялікую цікавасць уяўляюць гістарычныя тапонімы. Праз іх таксама прачытваюцца пэўныя старонкі слуцкай і беларускай гісторыі.

Цікавымі ў выданні бачацца моманты, калі аўтар звяртае нашу ўвагу на недакладнасці ў гістарычнай навуцы адносна імя і датаў вакол Анастасіі Слуцкай ці на спробы аўтакефалізацыі беларускай праваслаўнай царквы.

Прыемна і ўдзячна ўспрымаецца сцвярджэнне аўтара, што на змену пераважна драўлянаму горадабудаўніцтву папярэдніх стагоддзяў у XVII-XVIII і далейшых стагоддзях прыйшла горадабудаўнічая схема, якая ў пэўнай ступені адпавядала рэнесанснай тэорыі будаўніцтва "ідэальнага горада".

Адначасова хацелася б звярнуць увагу аўтара на будучае выданне: варта ўпамянуць архімандрыта Трызну з яго тэкстам "О поставлении Туровской епископии" (ХVI ст.), дзе распавядаецца, што Тураўская епіскапія была пастаўлена ў 1005 г., і да яе сярод іншых населеных пунктаў быў прыпісаны і Слуцк. Гэта сведчыць, што Слуцк на 111 гадоў старэйшы ад тэрміну, пра які гаворыцца ў "Аповесці мінулых гадоў".

Адносна Слуцкага епіскапа Мікалая Шамяцілы. Ён быў арыштаваны ў 1933 г., калі на каленях маліў бальшавікоў не бурыць храм на Замкавай горцы. Рабіў ён гэта прылюдна на плошчы перад храмам. Але храм у 1934 г. узарвалі, а епіскапа, як нібыта вар'ята, адвезлі ў Менскую турэмную бальніцу, а неўзабаве і расстралялі. Цела святара ў турэмнай робе было закапана на Лютэранскіх могілках. Але праз колькі дзён вернікі яго адкапалі, пераапранулі ў святарскі строй і там жа перазахавалі. Сёння тых могілак няма. На іх месцы разбіты сквер - дзіцячая пляцоўка з выявамі выразаных з дрэва ваўка, мядзведзя і іншых жывёлаў, пераважна драпежных. І таму не трэба сёння дзівіцца, што часта хварэюць, а то і паміраюць дзеці.

Гаворачы пра будынак гарадской электрастанцыі, якой пры яе пабудове надавалася і важнае значэнне з пункту гледжання ідэалогіі, варта было адзначыць, што будынак заняў месца двухпавярховага, аднаго з найпрыгажэйшых збудаванняў горада, дома абшарніка, дзяржаўнага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Ідэалагічнае рашэнне тут праявілася з прычыны, што ў 1920 г. у доме Э. Вайніловіча засядала рада Случчыны і штаб Слуцкага паўстання. І гэта таксама дало падставы пасля задушэння паўстання той дом зруйнаваць.

Трэба было сказаць колькі слоў пра будынак, у якім у даваенныя гады размяшчаўся штаб дывізіі і даць яго фота. Тым больш, што пабудова тая (чатырохпавярховая) і сёння ў добрым стане. А знаходзіцца яна на вуліцы Сацыялістычнай, у 11-м вайсковым гарадку, былым прадмесці Востраў (XV-XIX стст.).

Не лішнім было б даць інфармацыю пра чатыры нямецкія драўляныя дамы, што былі пабудаваны акупацыйнымі ўладамі падчас Другой сусветнай вайны на былой вуліцы Валадарскага (прадмесце Выгода ў XVIII ст.). Сёння гэта вуліца Максіма Багдановіча. Дык вось, усе гэтыя прасторныя, раскошныя дамы ўяўляюць цікавасць з многіх пунктаў гледжання. Праўда, самага першага, самага прадстаўнічага, двухпавярховага, у якім у той час размяшчалася нямецкая камендатура, ужо няма. Яго ў 1967 г. гараджане, абураныя судзействам мясцовых праваахоўнікаў, спалілі. Там у той час месціўся Слуцкі гарадскі суд. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца дзевяціпавярховы жылы дом і прадуктовая крама.

А цяпер колькі слоў пра крыніцы, якімі карыстаўся авўтар пры стварэнні свайго "Слуцка...". Пералічыць іх не так ужо і проста, тым болей - кваліфікаваць. Гэта, пачынаючы ад паданняў, летапісаў, мемуараў, дыярыюшаў, хронік (на беларускай, рускай, польскай і іншых мовах), архіўных матэрыялаў, актаў схем, планаў, газетных і часопісных артыкулаў і паведамленняў розных асоб зойме не адзін дзесятак старонак навукова-папулярнага выдання; іх не менш за паўтысячы. Праўда, пасля кожнага артыкула-характарыстыкі прадстаўленага ў выданні помніка падаецца свой спіс літаратуры і іншых крыніц, з якімі працаваў аўтар. І ўсе яны скарыстаны і прыведзены ў стан добрага ўспрыняцця паспалітым чытачом. Усё гэта, разам узятае, вельмі ўражвае. І ці не таму яшчэ можна смела сцвярджаць, што "Слуцк..." створаны для розуму і сэрца, настройвае да ўсяго на роздумнае і эмацыйнае ўспрыняцця гісторыі горада, краю і Беларусі.

А пра аўтара "Слуцка ..." можна сказаць, што ён здзейсніў вялікі грамадзянска-патрыятычны подзвіг; яго кніга - кніга-падзея, яна дае ўсе падставы ўганараваць яго навуковым званнем ці то ў галіне архітэктуры, ці то ў галіне мастацтвазнаўства, ці то ў галіне гісторыі, ці то ў галіне педагогікі. Вось жа зацікаўленні і здзяйсненні з пералічаных галін навукі ідуць з ім поруч па жыцці з ранніх юнацкіх гадоў. І думаецца, што скіраваны ён быў на такое падзвіжніцтва сваімі бацькамі Адамам Фёдаравічам і Лідзіяй Паўлаўнай Ціткоўскімі - работнікамі чыгуначнай станцыі "Слуцк", светлай памяці якіх і прысвяціў сын гэтае выданне, што ва ўсіх сэнсах не саступіць самым відным выданням з намінацыі "Слуцк і Случчына", а многія і пераўзыходзіць.

Ігар Адамавіч нарадзіўся ў Асіповічах у 1956 г. У хуткім часе бацькі яго пераехалі ў Слуцк, дзе ён навучаўся ў сярэдняй школе № 10. Пасля сканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педынстытута вярнуўся ў Слуцк на пасаду выкладчыка гарадской дзіцячай мастацкай школы. Дзесяць год працаваў там дырэктарам, а з 1995 г. - зноў выкладчык ДМШ. Ён - удзельнік гарадскіх і рэспубліканскіх выставак. Яго творчыя работы знаходзяцца ў Слуцкім краязнаўчым музеі, у прыватных зборах у Беларусі і за яе межамі.

З 1980-х гадоў захапіўся вывучэннем гісторыі, гісторыі мастацтва і культуры Слуцка і Случчыны. У выніку з'явілася выдадзеная Беларускім інстытутам праблем культуры метадычная распрацоўка для дзіцячых мастацкіх школ "Мастакі і ўмельцы" (Мн., 1995 г.). Пазней былі надрукаваны і выдадзены даведнікі "Помнікі архітэктуры Слуцка" (Слуцк, 1997 г.), "Храмы горада Слуцка. Мінуўшчына і сучаснасць" (Слуцк, 2003 г.), "Случчына. Уладары краю. Х-ХІХ стагоддзі" (Слуцк, 2004 г.), "Мастакі Случчыны" (Слуцк, 2006 г.). Браў удзел у стварэнні гістарычна-дакументальнай хронікі "Памяць. Слуцкі раён. Слуцк" (т. 1, Мн., 2000 г.; т. 2, Мн., 2001 г.).

І. Ціткоўскі - сябар ТБМ імя Францішка Скарыны, сталы падпісчык і чытач "Нашага слова".

І яшчэ. Як удзячны аўтар, І. Ціткоўскі вельмі ўважліва паставіўся да слушных заўваг на "Слуцк ..." у стадыі рэцэнзавання рукапісу сур'ёзнага і саліднага навукоўца, кандыдата мастацтвазнаўства Б.А. Лазукі. А як добра выхаваны і культурны чалавек, ён выказвае глыбокую падзяку свайму земляку - кіраўніку групы кампаній "Твая сталіца" Уладзіміру Давідовічу, а так-сама калектыву, які ён узначальвае, за спонсарскую падтрымку і дапамогу ў выданні кнігі.

І да ўсяго. Ігар Адамавіч Ціткоўскі - асоба маштабная, глыбока інтэлектуальная і пры тым, што рэдкасць, сціплая.

Поспехаў яму і творчых удач.

Яўген Гучок

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX