Вярнуцца: 2016

№ 14 (1269)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 14 (1269), 6 красавіка 2016 г.


У Нябесную Беларусь пайшоў Ніл Гілевіч

29 сакавіка памёр апошні Народны паэт Беларусі Ніл ГІЛЕВІЧ . Яму было 84 гады.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Менскай вобласці. Скончыў Менскае педагагічнае вучылішча імя Н.К. Крупскай (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1958-1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты "Звязда". З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980-1989 - першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1989 па 1997 год - старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Ініцыятар заснавання і на пачатковым этапе выдання галоўны рэдактар газеты ТБМ "Наша слова". Ніл Гілевіч з 60-ых гадоў актыўна выступаў за беларусізацыю, у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета 11-га склікання быў адным з ініцыятараў прыняцця Закона аб мовах. У Вярхоўным Савеце 12-га склікання з чэрвеня 1990 года ўзначальваў пастаянную Камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.

Адзін з сустрашыняў Усебеларускага з'езду за Незалежнасць (ліпень 2000 года).

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1946 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі "Песня ў дарогу" (1957), "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959), "Неспакой" (1961), "Бальшак" (1965), "Перазовы" (1967), "Лісце трыпутніку" (1968), "А дзе ж тая крынічанька" (1972), "Запаветнае" (1975), "Актавы" (1976), "Святлынь" (1984), раман у вершах "Родныя дзеці" (1985), "Як дрэва карэннем" (1986), "Повязь" (1987), "Жыта, сосны і валуны" (1990), "Талісман" (1994), "На высокім алтары" (1994), "Вечны матыў" (1994), "…І плямы на табе няма" (2003), "На флейце самоты" (2004) і інш.

За свой кошт выдаў 23 тамы Збору твораў. У канцы 2013 году выйшаў апошні 23-ці том.

ТБМ, не адкладваючы, звярнулася да ўладаў г. Менска і г. Лагойска з прапановай надаць вуліцам у гэтых гарадах імя Ніла Гілевіча.

Паводле СМІ.


Ніл Гілевіч: Усё ж дойдзем мы да Беларусі!

За векам век плыве-цячэ,

А мы ідзем, ідзем… I што ж?

О, як далёка нам яшчэ

Да Беларусі!


Ужо няўсцерп нам крыж пакут,

I мы крычым, крычым, але -

Не дакрычаліся пакуль

Да Беларусі.


А можа быць, яна - міраж,

I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж

Не далятае голас наш

Да Беларусі?


Відаць, пракляцця знак ляжыць

На нас ад роду, і таму

Так цяжка шлях нам церабіць

Да Беларусі.


Равуць вятры, грымяць грамы,

Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,

I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы

Да Беларусі!..


Беларусь развіталася з Нілам Гілевічам

Народнага пісьменніка Беларусі Ніла Гілевіча пахавалі 1 красавіка на Кальварыйскіх могілках побач з ягонай жонкай Нінай Іванаўнай.

Паніхіда ў Свята-Петрапаўлаўскай царкве сабрала больш за 2 тысячы чалавек. У іх ліку літаратары, музыкі, мастакі, палітыкі, прадстаўнікі ўладных колаў, людзі рознага веку. Вялікі букет ружаў прынесла міністр інфармацыі Лілея Ананіч. На разівітанне з Нілам Гілевічам прыйшоў амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус і міністр культуры Барыс Святлоў. Таварыста беларускай мовы, створанае Гілевічам, прадстаўлялі яго цяперашні старшыня Алег Трусаў, першы намеснік Аленам Анісім, кіраўнікі і сябры рэгіянальных арганізацый з Магілёва, Гомеля, Ліды, Маладзечна і інш. Па словах Трусава, дзякуючы Гілевічу і яго аднадумцам мы маем мову і незалежную дзяржаву:

- ТБМ, заснаванае Гілевічам, працуе бясплатна. У нас 2 штатныя супрацоўнікі на 0,25 стаўкі: бухгалтар і кіраўнік спраў. Чыста фармальна. Гэта заклаў Гілевіч. Па-другое, ён заснаваў газету "Наша слова", якая выходзіць і сёння.

Каб развітацца з Нілам Гілевіча, у царкву прыйшло нямала яго колішніх студэнтаў. Гаворыць журналіст, музыказнаўца Зміцер Падбярэзскі:

- Гэты чалавек вельмі добра ведаў фальклор. Мне пашанцавала, што на першым курсе ў мяне фальклор выкладаў менавіта Ніл Сымонавіч. Пасля ён кіраваў фальклорнай практыкай. Я хачу падкрэсліць, што яго вершы па прыродзе вельмі блізкія да народнай мелодыкі, да народных тэкстаў. Таму мяне не здзіўляе, што яны вельмі добра кладуцца на музыку.

У ліку тых, хто прыйшоў развітацца з Нілам Гілевічам, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

- Я памятаю Гілевіча як чалавека, якога ведаў 65 гадоў. Ён манумент чыстай і справядлівай беларускасці. Ён дзейнічаў разумна ў любой сітуацыі. У памяці народнай Ніл Гілевіч будзе жыць вечна: яго памяталі, памятаюць і будуць памятаць... Шкада, што ён ранавата адышоў. І шкада, што ўяўленне нашай улады пра тое, што такое Ніл Гілевіч - прымітыўнае, убогае. Бо нават не стварыць умовы ў апошнія гады яго жыцця, каб ён мог выйсці на вуліцу, магла толькі бязглуздая ўлада.

- Гэты чалавек усё сваё жыццё прысвяціў змаганню за беларускую мову, за беларускую дзяржаву, - заявіў у інтэрв'ю "Свабодзе" былы міністр замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка, які таксама прыйшоў на пахаванне.

Спачуванні з нагоды спачыну Ніла Сымонавіча выказалі мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

"Шчырасць, спавядальнасць, грамадзянскасць вершаў Ніла Гілевіча зрабілі яго творчасць неад'емнай часткай беларускай культуры. Роля сапраўднага паэта блізкая да ролі прарока. Сваёй душой ён успрымае дух народа, яго спадзяванні, яго боль, падзяляе з ім трагізм яго лёсу. Такой была творчасць Ніла Гілевіча, пры тым, што заўсёды, нават у самыя цяжкія часы выпрабаванняў, ён заставаўся паэтам, улюбёным у жыццё" , - сказана ў спачуванні мітрапаліта Філарэта.

"Адыход з жыцця яркага і таленавітага мастака слова адгукнуўся болем ў сэрцах беларусаў. Ніл Сымонавіч усё сваё жыццё і творчасць прысвяціў свайму народу і пакінуў для нашчадкаў каштоўны скарб. Яго шматлікія творы з'яўляюцца неад'емнай часткай беларускай культуры", - адзначаецца ў спачуванні мітрапаліта Паўла.

Развітацца з Нілам Гілевіч сабраліся не толькі менчукі, але і людзі з розных куткоў Беларусі. Гаворыць фермер, былы падпалкоўнік КДБ Валерый Костка. Ён пракаментаваў з'яўленне на паніхідзе прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі ды Міністэрства культуры.

- Калі ты паважаеш чалавека, ты абавязаны прыйсці. І калі прыходзяць людзі ад улады, у іх ёсць разуменне таго, што адышоў ад нас волат беларускай літаратуры, волат Беларусі ўвогуле.

Пісьменнік Міхась Скобла лічыць, што Народны паэт насіў вельмі трапнае і сімвалічнае імя:

- Можна сказаць, што Ніл Гілевіч быў тым Нілам, які жывіў гэтую пустэльню. Беларусь не зусім ужо Сахара, але штосьці на ўзор саваны, дзе аазісы беларушчыны раскіданыя, і паміж імі часам няма сувязі. І трэба, каб гэтыя аазісы размнажаліся і пашыраліся. Гэта ўжо рабіць нам.

Ніл Гілевіч быў заснавальнікам і першым старшынём Таварыства беларускай мовы, а таксама адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Cтаршыня Рады гэтай арганізацыі Ніна Шыдлоўская выказала спачуванні не толькі блізкім і родным паэта, але ўсім беларусам:

- Я б хацела працытаваць тыя словы, якія Ніл Сымонавіч гаварыў з высокай трыбуны Першага з'езду беларусаў свету і якія, на жаль, актуальныя сёння. Ён казаў: "Гаварыў неаднойчы і яшчэ раз скажу з гэтай высокай трыбуны: наша дзяржава яшчэ далёка не стала ў поўным сэнсе слова беларускай дзяржавай. На вялікі жаль, і ў нашым Парламенце, і ва ўрадзе, у нашых дзяржаўных і недзяржаўных структурах - супраць лініі на станаўленне суверэннай, незалежнай, нейтральнай, бяз'ядзернай беларускай дзяржавы выступаюць не толькі даўнія загартаваныя і асатанелыя ворагі беларушчыны, але і некаторыя дэмакраты, прыхільнікі і абаронцы эканамічных рэформаў".

Грунтоўна выказаўся Барыс Сачанка::

- Для большасці маладых літаратараў і літаратараў сярэдняга пакалення Ніл Сымонавіч быў найбліжэйшым сябрам, які заўсёды мог падтрымаць добрым, мудрым словам, з якім было заўсёды лёгка. Ён любіў гутарыць з маладымі, любіў цікавіцца справамі маладых, вельмі шмат чытаў паэзіі і прозы маладых, любіў пажартаваць у гутарках, і гэта якраз праяўляецца ў ягоных творах: у яго шмат сатырычных паэмаў, пачынаючы ад найбольш вядомай і вялікай паэмы "Сказ пра лысую гару". Мы часта бывалі ў яго і літаральна штомесяц стараліся наведаць, каб падтрымаць і расказаць пра справы, якія адбываліся ў Саюзе. Збіраліся неўзабаве запісаць ягоны голас, хацелі, каб ён сам начытаў свае сатырычныя паэмы, але, на жаль, не паспелі зрабіць задуманае. Каб выдаць дадатковыя тамы да збору твораў, каб падрыхтаваць сваю публіцыстыку, запісы розных гадоў, якія ён рабіў і пастаянна друкаваў у тым жа "Дзеяслове" і іншых выданнях. На жаль, вось гэтага часу лёс яму не даў, і гэтага вельмі шкада. Гэта найвялікшая страта для ўсёй Беларусі.

- Што тут скажаш? Гэта адыходзіць эпоха, - сказаў празаік Віктар Казько.

Але нікуды не адыходзіць наш клопат пра Беларусь. Беражліва трымаць гэтую Беларусь і несці ў будучыню - наш абавязак перад памяццю Ніла Сымонавіча.

Паводле Радыё Рацыя .


У Гародні маліліся за Ніла Гілевіча

Паніхіда за спачын душы Ніла Гілевіча ў гарадзенскім Свята-Пакроўскім саборы распачалася а 16-й гадзіне 1 красавіка. Яе служылі адразу сем святароў, служба вялася на беларускай мове.

Святар айцец Георгі Рой сказаў Свабодзе, што сярод святароў шмат аматараў беларускай паэзіі і наогул літаратуры. А Ніл Гілевіч, паводле яго - адзін з тых беларускіх паэтаў, якога вельмі шанавалі і будуць шанаваць у царкве.

Паводле яго, паніхіду прызначылі менавіта ў дзень пахавання, бо многія хацелі б асабіста развітацца з паэтам, але не маюць такой магчымасці.

- А таму гэта наш хрысціянскі абавязак - памаліцца за спачын ягонай душы. А так-сама і грамадзянскі абавязак, паколькі гэта наш на цяперашні час апошні Народны паэт Беларусі, які змог выказаць тое, што адчуваюць беларусы адносна сваёй Радзімы, адносна сваёй гісторыі і сучаснасці. І для нас натуральна, развітваючыся з такім вялікім сынам нашай Айчыны, за яго памаліцца.

Айцец Аляксандар займаецца літаратурай. Кажа, што сумна было пачуць пра смерць Ніла Гілевіча, бо літаральна некалькі дзён таму ў гарадзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў перадалі кнігу, падпісаную Нілам Гілевічам, і ён трымаў яе ў руках.

- Гэта вялікая страта, бо каму яшчэ і калі дадуць званне Народнага паэта Беларусі? Кажуць жа, што сапраўдныя паэты нараджаюцца раз на сто гадоў...

Сярод прысутных у храме былі і гарадзенскія літаратары, а таксама былыя выкладчыкі з факультэта беларускай філалогіі ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч - адзін з тых, хто добра ведаў не толькі творчасць Гілевіча, але і асабіста яго як чалавека. Ён кажа, што гэта вельмі цяжкая страта.

- Гэта страта для ўсёй нацыі і нацыянальнай культуры, бо гэта не проста вядомы літаратар, а гэта яшчэ самы вялікі змагар за беларушчыну сярод пісьменнікаў яшчэ з савецкага часу. Ён быў вядомы сваёй пазіцыяй чалавека цвёрдага, непахіснага ў барацьбе за беларушчыну. Акрамя ўсяго, гэта постаць у літаратуры: выдатны паэт, перакладчык, фалькларыст, педагог, прафесар універсітэта - гэта вялікая постаць у нацыянальнай культуры. І, як кажуць, апошні з магікан: такой велічыні побач з ім сёння ўжо няма...

Гарадзенская паэтка Ала Петрушкевіч кажа, што сёння развітвалася з Нілам Гілевічам дзякуючы прамой трансляцыі Радыё Свабода. Паводле яе, у кожнага свой Гілевіч і свой Купала, і ёй сёння ўзгадваецца нешта сваё:

- Найперш я ўяўляю Ніла Сымонавіча на лесвіцы Дома літаратара на Фрунзе. Вось ён збягае з гэтай лесвіцы, а насустрач яму Алесь Белакоз, і кажа, што мае справу наконт паэта М. Арла. Гілевіч адказвае, што ў яго пяць хвілін, а потым, паслухаўшы Белакоза, забывае пра ўсё і з жалем кажа, што не ведаў гэтага паэта, ... і робіць усё, каб ягоная кніжка пазней пабачыла свет. А яшчэ - маленькі хлопчык чытае са сцэны:

Я беларус, я нарадзіўся

на гэтай казачнай зямлі,

Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх

спрадвеку волаты жылі...

Гэты верш чытаў мой сыночак, а цяпер чытае ўнук... Гілевіч застанецца не гледзячы на тое, як сёння ставяцца да літаратуры.

А вось сталая верніца, якая трымае ў руках знічку і прагаворвае словы малітвы за Гілевіча. Я цікаўлюся ў яе - кім быў Гілевіч для вас?

- Гэта сімвал служэння беларускасці. Я ўспрыняла гэтую страту як асабістую. Больш за тое, я была ягонай студэнткай на першым курсе ў БДУ на філалагічным факультэце. Ён у нас чытаў фальклор: гордая асанка, чупрына прыгожая, малады, статны быў такі... Была некалькі гадоў таму на сустрэчы з ім, так добра пагаварылі. І таму я тут. Больш за тое, лічу, што грамадзянскі абавязак кожнага чалавека - прыйсці сёння сюды ў храм, каб памянуць яго.

Філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы - побач са Свята-Пакроўскай царквой, але ніводнага студэнта на паніхідзе па Нілу Гілевічу не было.

Міхал Карневіч, Радыё Свабода.


Фанаты гарадзенскага "Нёмана" ўшанавалі памяць Ніла Гілевіча на матчы чэмпіянату краіны песняй i хвілінай маўчання

Пачатак футбольнага сезону, а фанаты "Нёмана" зноў здзіўляюць грамадскасць. На гэты раз гарадзенцы правялі акцыю ў памяць пра народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.

На працягу матча "Нёман" - "Граніт" (1:1), фанаты некалькі разоў спявалі песню на словы народнага паэта Беларусі "А я лягу прылягу", а таксама правялі хвіліну маўчання.

- Мы, як патрыёты сваёй краіны, проста абавязаны былі гэта зрабіць. Ніл Гілевіч - быў сапраўдным сынам Беларусi, якім ганарацца і якога паважаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. На матчы адкрыцця чэмпіяната мы спявалі песню на словы Ніла Гілевіча "А я лягу прылягу". Зрабілі мы гэта ў знак павагі і смутку аб народным паэце. Ідэя прыйшла зрабіць падобнае за некалькі дзён да матчу. Многія песню ведалі, але былі і тыя, што карысталіся падказкай з паперы. На наш погляд, атрымалася ўсё добра, - распавёў старшыня Клуба заўзятараў Дзяніс.

Твой стыль.


Беларуская мова ў Інбелкульце

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адпаведнасці з Вашым лістом ад 18 лістапада 2015 года № 186 паведамляем, што дзяржаўная ўстанова адукацыі Інстытут культуры Беларусі (далей - Інстытут) з'яўляецца ўстановай адукацыі, якая забяспечвае павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў у сферы культуры. Інстытут мае статус навуковай арганізацыі, ажыццяўляе навукова-метадычнае забеспячэнне дзейнасці арганізацый культуры. Беларуская мова выкарыстоўваецца ва ўсіх кірунках дзейнасці ўстановы. Справаводства вядзецца ў асноўным па-беларуску.

У рамках рэалізацыі адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў у сферы культуры вучэбна-праграмная дакументацыя распрацоўваецца пераважна на беларускай мове - на 90 %. Выкладанне дысцыплін на 80 % ажыццяўляецца па-беларуску.

Шырока выкарыстоўваецца беларуская мова ў навуковай дзейнасці Інстытута. Навуковымі калектывамі ўстановы выкананы навукова-даследчыя работы па актуальных праблемах развіцця культуры, большасць з якіх - на беларускай мове. Так, у 2015 годзе завершаны чатыры навукова-даследчыя работы, тры з якіх прадстаўлены на беларускай мове.

Работа калегіяльных органаў, самакіравання (Савета інстытута, Вучонага савета, Навукова-метадычнага савета, рэктарата) вядзецца пераважна на беларускай мове.

Навуковыя мерапрыемствы (канферэнцыі і семінары) праводзяцца ў 70 % на беларускай мове.

Выдавецкая прадукцыя Інстытута ў асноўным прадстаўлена на беларускай мове. Сярод іх найбольш значныя навуковыя і іншыя выданні Інстытута: "Культура Беларусі: 20 год развіцця" (2012), "Беларуская культура сёння. Гадавы агляд" (2003 - 2015), "Музеі Беларусі: Праблемы. Перспектывы. Інавацыі : экспазіцыйна- выставачная дзейнасць" (2012), Алесь Шамак "Міфалогія беларусаў" (2013), практычнае кіраўніцтва "Ідэнтыфікацыя і інвентарызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі" (2013), матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці. Нацыянальная культура ў зменлівым свеце" (2012, 2015), ілюстраваны каталог "Скарбы музеяў Беларусі=Сокровища музеев Беларуси=Тreazures оf Веlarusian Мuzeums" (2014), каталог "Жывая спадчына. Нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі" (2014). Як крок далучэння да еўрапейскай культурнай палітыкі ў сферы культурнай спадчыны Інстытутам упершыню перакладзена на беларускую мову "Белая кніга па міжкультурнаму дыялогу. Жыць разам у роўнай годнасці" (2013), зацверджаная Саветам Еўропы.

Штогод у Інстытуце ладзяцца майстар-класы для кіраўнікоў творчых калектываў грамадскіх аб'яднанняў беларусаў замежжа, мэта якіх - пашырэнне ведаў па захаванню, развіццю і трансляцыі нацыянальнай культуры. У рамках праграмы вядучыя спецыялісты Рэспублікі Беларусь праводзяць на беларускай мове майстар-класы па народных промыслах і рамёствах, вакальна-харавой, харэаграфічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і абрадава-святочнай культуры па вывучэнню беларускай мовы і культуры маўлення. Ладзяцца на беларускай мове і разнастайныя культурна-адукацыйныя праекты.

У Інстытуце культуры Беларусі распрацаваны на беларускай мове і падтрымліваюцца ў актуальным стане чатыры інфармацыйныя рэсурсы:

дзяржаўная інфармацыйная сістэма "Інтэграваны банк даных устаноў культуры";

галіна культуры ў лічбах;

банк даных таленавітай моладзі;

сайт "Жывая спадчына" (змяшчае Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі).

У 2016 годзе пералік беларускамоўных інфармацыйных рэсурсаў папоўніў інтэрнэт-партал нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць Інстытута ў электронным асяроддзі прадстаўлена на сайце іnbelkult.by на беларускай і англійскай мовах.

Прарэктар па вучэбнай рабоце І.Б. Лапцёнак.


Помнік "Ў" адновяць

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Полацкі раённы выканаўчы камітэт па пытанні рэстаўрацыі помніка адной з літар беларускага алфавіту "Ў" паведамляе.

ААТ "Тэхналіт-ГІолацк" праведзена абследаванне помніка. З-за асаблівасцяў выкарыстанага пры вырабе дадзенага знака матэрыялу (сілумін), ухіліць пашкоджанні, якія маюцца, няма магчымасці, патрабуецца яго поўнае аднаўленне з чыгуну па скульптурным праекце.

Прыкладны кошт работ па аднаўленні помніка літары "Ў", размешчанага па пр. Ф. Скарыны ў г. Полацку, складае 80.0 млн. рублёў (выраб макета, адліццё помніка, выдаткі на будаўніча-мантажныя работы).

У цяперашні час КУП ЖКГ г. Полацка разглядаецца пытанне аб магчымасці адкрыцця дабрачыннага рахунку, на які грамадзяне Беларусі змогуць дасылаць свае ахвяраванні на рэстаўрацыю вышэйзгаданага помніка.

У адпаведнасці з арт.20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 дадзены адказ можа быць абскарджаны ў Віцебскі аблваканкам.

Прылажэнне: на 2 л.

Намеснік старшыні А.М. Міхалевіч.


Чарговы зборнік "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны"

У 2012 годзе навукоўцамі кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы было заснавана навуковае выданне "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны (матэрыялы і даследаванні)". Традыцыйна штогод з друку выходзяць новыя выпускі серыі. На цяперашні момант іх налічваецца чатыры. Апошні па часе зборнік - Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны (матэрыялы і даследаванні): зб. навук. арт. Вып. 4 / рэдкал. М.А. Даніловіч (адк. рэд.) і інш. - Гродна: ЮрСаПрінт, 2015. - 230 с. У ім змешчаны матэрыялы па такіх кірунках краязнаўства, як лінгвістычнае, літаратурнае і фальклорнае. Аўтарамі артыкулаў з'яўляюцца выкладчыкі, аспіранты, студэнты і магістранты ўніверсітэта, настаўнікі школ, пісьменнікі, краязнаўцы-аматары.

Структурна зборнік падзелены на два раздзелы. Першы раздзел "Лінгвістычнае краязнаўства" ўключае два падраздзелы: "Дыялектнае маўленне, лексіка, фразеалогія, парэміялогія" і "Анамастыка" . Большасць артыкулаў згаданага раздзела ўяўляюць сабой індывідуальныя слоўнічкі, у якіх змяшчаюцца лексічныя дыялектызмы, фразеалагізмы, прыказкі, мянушкі, мікратапонімы, айконімы, запісаныя на Гродзеншчыне. Кожны слоўнічак з'яўляецца сукупнасцю моўных адзінак, сабраных аўтарам у пэўнай мясцовасці. Слоўнікавыя артыкулы ў іх пабудаваны па агульных прынцыпах лексікаграфіі. Артыкулы-слоўнічкі М.А. Даніловіча "Спроба фразеалагічнага слоўніка Гродзеншчыны" і І.С. Лісоўскай, Ю.М. Парфіновіч "Дзеясловы маўлення пры адлюстраванні навакольнай рэчаіснасці (на матэрыяле гаворак Мастоўшчыны)" з'яўляюцца фрагментамі вялікіх прац, якія яшчэ ствараюцца і паэтапна апрабоўваюцца ў выпусках выдання.

Каштоўнымі для сучаснай беларускай дыялекталогіі з'яўляюцца артыкулы С.Г. Ляскевіч ""Абы вайны не было", альбо вайна і пасляваеннае жыццё вачыма простых вясковых жанчын" і С.Г. Ляскевіч, К.Л. Ляскевіч "Вайна ўспамінамі гаспадароў вёскі Косцекавічы Зэльвенскага раёна" . У іх падаюцца ўспаміны вясковых людзей, напісаныя жывой дыялектнай мовай.

Адметным з'яўляецца артыкул М.А. Якалцэвіч "Моўныя скарбы Косаўшчыны" - гэта водгук на зборнік Алеся Зайкі "Прыказкі і прымаўкі Косаўшчыны" , які выйшаў з друку вясной 2015 года.

Другі раздзел "Літаратурнае і фальклорнае краязнаўства" складаецца з розных па характары артыкулаў, адрасаваных шырокаму колу чытачоў. Першы з іх - артыкул М.А. Даніловіча "Народныя прыкметы Гродзеншчыны" , які пабудаваны ў форме слоўніка, што ахоплівае матэрыял, сабраны аўтарам за апошнія трыццаць гадоў. Прыкметы ў ім раскласіфікаваны па назвах вызначальных аб'ектаў. Слоўнікавы артыкул мае наступную будову: 1) назва аб'екта, якому прысвечана прыкмета; 2) сама прыкмета; 3) назва мясцовасці, дзе запісана.

Незвычайнай цеплынёй вее ад артыкула А.М. Петрушкевіч "Са шчонаўскіх гаворак" . У ім аўтарка апісвае адметныя словы і выразы сваёй роднай вёскі, тлумачыць іх семантыку, асаблівасці ўжывання, апісвае свае ўласныя адносіны да акрэсленых з'яў. Пры прачытанні артыкула, з'яўляецца пачуццё духоўнай еднасці з аўтаркай, бо Ала Мікалеўна адкрывае нам свае сакрэты, сваю душу.

Цікавы артыкул А.В. Руцкай "Зоська Верас: вандроўка ў лясную хатку" . Гэта падрабязны аповед пра візіт групы настаўнікаў са Слонімшчыны да беларускай пісьменніцы ў 1987 годзе. У артыкуле вельмі каштоўны матэрыял для нас, нашчадкаў, якія павінны захаваць светлую памяць аб славутых постацях беларускай літаратуры і культуры.

Грунтоўны артыкул пісьменніцы з Гародні Галіны Самойлы "Бібліятэчка майго дзядулі Самойлы Осіпа Сямёнавіча" змяшчае пералік кніг, сабраных дзядулем у даваенныя часы, бібліяграфічныя звесткі пра іх аўтараў, кароткі агляд або крытычны аналіз кожнай кнігі.

Артыкул С.М. Тарасавай "Экзістэнцыйныя праблемы ў творчасці В. Быкава: аповесць "Пайсці і не вярнуцца"" скіраваны на выяўленне філасофскіх праблем у творы, што спрыяе больш глыбокаму разуменню экзістэнцыйных матываў у творчасці беларускага пісьменніка.

Чацвёрты выпуск "Філалагічнаага краязнаўства Гродзеншчыны" будзе цікавы і карысны мовазнаўцам, літаратуразнаўцам, фалькларыстам, выкладчыкам, студэнтам, настаўнікам, школьнікам, усім, хто цікавіцца роднай беларускай мовай, культурай Гродзеншчыны.

Ірына Яўгенідзэ, магістрант ГрДУ імя Я. Купалы.


"Каб жыць у Беларусі, а не ў Белоруссии" - у Гомелі распачаў працу гурток "Мова дзяцей"

Першыя заня-ткі гуртка беларускай мовы для дзяцей адбыліся 2 красавіка. Па колькасці заявак было сфармавана тры групы рознага ўзросту: 4-5 год, 5-6 і 8-12. Малодшыя дзеткі ў гульнявой форме вывучалі лексіку па тэме вясны, рабілі аплікацыі птушак, танчылі, вывучалі назвы жывёлаў, старэйшыя знаёміліся з першымі плямёнамі Беларусі, малявалі, даведаліся пра Полацк, пашпарты дрыгавічоў ды Лявона Вольскага.

Арганізатарам з'яўляецца Таварыства беларускай мовы ў Гомелі, старшыня і каардынатар гуртка Алеся Аўласевіч:

- Да мяне звярнуліся бацькі дзяцей, якія хочуць стварыць такі гурток і мы вырашылі, што варта запрасіць і іншых. Нечакана прыемна было атрымаць больш за 30 заявак ад зацікаўленых гамельчукоў, таму арганізавалі тры групы, каб камфортна было па колькасці і па ўзросту.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца маладая маці Юлія:

- Нам вельмі спадабалася. Цімафей яшчэ паўдня прыгадваў беларускія назвы жывёлаў. Прыйшлі, каб падаўжаць вывучаць родную мову. Усё ж з дзяцінства трэба ўкладаць у самасвядомасць, асабіва, калі ўлічыць, што дома мала размаўляем на беларускай мове, а па-за хатай яна прысутнічае толькі на занятках у межах агульнаадукацыйнай праграмы. Родная мова патрэбная дзецям, каб яны ўсведамлялі, што жывуць у сваёй краіне з назвай Беларусь, а не ў нейкай выдуманай Белоруссии.

Нагадаем, што Гомельская арганізацыя ТБМ першай у горадзе арганізавала ў лістападзе 2014 беларускамоўны гурток аратарскага майстэрства "Лемантар", у межах якога правялі больш за 25 заняткаў.

Клічнік.


Беларускі культурны цэнтр імя Якуба Коласа ў Вільні адзначыў Дзень Волі

26 - 27 сакавіка ў віленскім Доме правоў чалавека імя Барыса Звозскага Беларускі культурны цэнтр імя Якуба Коласа (Вільня) зладзіў святкаванне Дня Волі ў коле сяброў з Беларусі і Вільні. Сустрэча адбылася ў цёплай, амаль сямейнай атмасферы.

Былі зачытаны віншаванні ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, замежных беларусаў, выслуханы паведамленні пра дзейнасць ТБК на працягу 25 гадоў з дня заснавання, праблемы, якія ўзніклі ў жыцці беларусаў Вільні.

Рэпартаж з мерапрыемства вёў рэдактар і вядовец перадачы "Тутэйшы час" на Літоўскім радыё Андрусь Старавойтаў.

Прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў - галоўны спецыяліст Дэпартамента нацыянальных меншасцяў Раса Палюкене і сянюнас (стараста) Вяркяйскага раёна Вільні Вацлаў Гульбіновіч.

Сярод гасцей з Беларусі былі акадэмік Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай, грамадскі дзеяч і перакладчык Лявон Баршчэўскі, старшыня ТБМ Алег Трусаў, намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, кіраўнікі "Бацькаўшчыны Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, рэжысёр - дакументаліст Вольга Мікалайчык і яе калега Алег Дашкевіч, прадпрымальнікі Вячка Піліпук і Мікола Люцко. Украінскую дыяспару прадстаўляў А. Кароўка.

Віленскія гаспадары былі ў такім складзе - заснавальнік і шматгадовы кіраўнік ТБК, а цяпер кіраўнік КЦ Якуба Коласа Хведар Нюнька, настаўніца Віленскай беларускай гімназіі Леакадзія Мілаш, мастачка Крысціна Балаховіч, мастак і літаратар Алег Аблажэй, Валеры Радзюкевіч з жонкай Фаінай.

Гасцей цешылі сваімі спевамі вядомы бард Алесь Камоцкі і вучаніца Беларускай гімназіі Ксенія Мілаш. На жаль, не змог прысутнічаць Мікола Статкевіч, якога не выпусцілі з Беларусі памежныя службы.

Удзельнікі абмяркоўвалі становішча ў Беларусі напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў, моўную сітуацыю.

Так супала, што напярэдадні спадар Хведар Нюнька адзначыў сваё 88 - годдзе, у сувязі з чым ён дачакаўся нямала цёплых словаў падтрымкі і пажаданняў усяго найлепшага ад прысутных.

Шкада, што візы і мяжа робяць падобныя сустрэчы такімі рэдкімі.

Алег Аблажэй. На здымку: Выступае Хведар Нюнька.


Створаны грамадскі аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР

26 сакавіка ў Вільні было абвешчана пра стварэнне грамадскага аргкамітэта па адзначэнні ў Беларусі і за яе межамі 100-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. Старшынём аргкамітэта выбраны акадэмік Радзім Гарэцкі, яго намесніцай - вядомая грамадская дзяячка, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Склад аргкамітэта адкрыты.

Першачарговымі крокамі яго дзейнасці будзе стварэнне разгорнутага плана працы і збор сродкаў на годнае ўшанаванне вялікай гістарычнай даты. Плануецца, што каардынаваць працу будуць МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і ГА "Культурны цэнтр імя Якуба Коласа ў Вільні".

Лявон Баршчэўскі, "Народная воля". На здымку. Злева направа: Хведар Нюнька, Леакадзія Мілаш, Радзім Гарэцкі, Галіна Гарэцкая, Марыя Міцкевіч.



Нашыя спачуванні Леаніду Лаўрэшу

Лідскія арганізацыі ТБМ, рэдакцыі газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец" выказваюць шчырыя спачуванні Леаніду Лаўрэшу ў сувязі з напаткаўшым яго горам - смерцю маці.

Ніна Аляксандраўна пражыла 86 гадоў. Пахавана 2 красавіка на Слабадскіх могілках г. Ліды побач з мужам.


Вечарына памяці Цімоха Вострыкава і Рыгора Клімовіча

У Гомелі прайшла вечарына памяці герояў антысавецкага супраціву. У грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай у межах Дня Волі адбылася тэматычная сустрэча, на якой выступалі сваякі і знаёмыя палітвязняў сталінскіх лагераў Цімоха Вострыкава і Рыгора Клімовіча. Праваабаронец Алесь Яўсеенка згадвае Цімоха Вострыкава, які, нягледзячы на 25 год турмы і пастаянны нагляд спецслужбаў, не адракаўся беларускай справы.

- Ён шмат беларускіх песняў ведаў, фальклор. Добра ведаў беларускую літаратуру, гісторыю. Калі выйшла праца Міколы Ермаловіча, новая альтэрнатыўная гісторыя Беларусі, Вострыкаў ужо меў напрацоўкі па гэтых момантах, якія адлюстраваныя ў працах Ермаловіча, і ён крытыкаваў Ермаловіча, што той трошкі недзе не даглядзеў.

Юрый Клімовіч распавёў прысутным пра свайго бацьку Рыгора Клімовіча, які быў адным з кіраўнікоў паўстання вязняў у Нарыльскім лагеры.

- Фармаванне майго бацькі як чалавека працягвалася ў месцах зняволення. Пачынаючы з 45-га года пайшлі масава ў лагеры ўкраінскія нацыяналісты - сотнямі тысячаў. Літаральна вёскамі Заходняй Украіны. Ён у Савецкім Саюзе такіх людзей не сустракаў, несавецкіх людзей, якія проста адкрыта казалі, што мы змагаліся супраць савецкай улады, змагаемся і будзем змагацца.

У гэтым годзе гомельскія дэмакратычныя актывісты плануюць паспрыяць выхаду кнігі, у аснову якой пракладзены расповед пра жыццё і дзейнасць Цімоха Вострыкава і Рыгора Клімовіча.

Беларускае Радыё Рацыя.


Слонімцы адзначылі Дзень Волі

У Слоніме Дзень Волі адзначылі сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл на дзень пазней - 26 сакавіка. Справа ў тым, што 25 сакавіка многія слонімцы прымалі ўдзел у іншых святочных мерапрыемствах. Таму сабраліся ўсе разам на дзень пазней. Сустрэчу адкрыў былы дырэктар школы Мікалай Барысік, якія распавёў прысутным пра 25 Сакавіка і Беларускую Народную Рэспубліку. Паэт Мікола Канановіч парадаваў усіх сваімі новымі вершамі, якія прысвечаны Беларусі і волі. У гэты дзень віншавалі адзін аднаго са святам сябры розных партыйных суполак Слонімшчыны: ад БНФ да БХД. А потым хвілінай маўчання памянулі ўсіх тых, хто загінуў за незалежнасць нашай Бацькаўшчыны.У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 20 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.


РЭЗАЛЮЦЫЯ

сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць

"ЗА ЛЕГІТЫМНЫ ДЭМАКРАТЫЧНЫ БЕЛАРУСКІ ПАРЛАМЕНТ"

Мы, удзельнікі сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, разважаючы аб будучай мадэлі беларускага парламента, заяўляем наступнае.

Сёння ў нашай краіне склалася крытычная сітуацыя як у эканоміцы, так і ў палітычнай сферы, што нясе ў сабе пагрозу незалежнасці краіны і яе ўстойліваму развіццю. Змяніць сітуацыю павінен беларускі парламент, які можа ўнесці неабходныя папраўкі ў існае заканадаўства і тым самым паспрыяе правядзенню адпаведных структурных рэформаў. На жаль, сённяшні склад нашага заканадаўчага органа рабіць гэта не збіраецца. Беларускі заканадаўчы орган, які з 1996 года называецца Нацыянальны Сход, зараз не карыстаецца павагай і вядомасцю сярод грамадзян Беларусі. Большасць з іх не ведае нават імёны сваіх дэпутатаў, не кажучы ўжо пра іх дзейнасць. Гэта сведчыць аб тым, што беларускі парламент таксама павінен змяніцца як функцыянальна, так і структурна. Для гэтага неабходна зрабіць наступныя крокі.

1. Прызнаць, што дзейнасць будучага парламента павінна грунтавацца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі 1994 г.

2. Пакінуць права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты палітычным партыям і грамадзянам у адпаведнасці з законам. У перспектыве перайсці на змешаную сістэму выбараў у парламент.

3. Забяспечыць права кожнаму кандыдату ў дэпутаты парламента мець свайго прадстаўніка ва ўсіх выбарчых камісіях адпаведнага ўзроўню.

4. Новы парламент павінен быць прабеларускім па складзе, мове і культуры. Ён будзе спрыяць адраджэнню гістарычных сімвалаў беларускага народа, яго традыцыяў, менталітэту.

5. Лічыць неабходным, каб першым крокам да стварэння легітымнага дэмакратычнага парламента стала правядзенне ў гэтым годзе напярэдадні выбараў шырокага прадстаўнічага форуму грамадзян Беларусі.

Мінск, 3 красавіка 2016 г.


Беларуская дыктоўка па тэксту Ніла Гілевіча прайшла ў Гародні

3 красавіка "Гарадзенская бібліятэка" зладзіла чарговую (9-ю) беларускую дыктоўку. Шмат людзей рознага ўзросту, прыемная атмасфера і напрыканцы невялікі канцэрт Віктара Шалкевіча.

Гарадзенская дыктоўка прайшла з удзелам амаль 150-ці гарадзенцаў. Сёлета дыктоўку ў Гародні пісалі па ўрыўку з эсэ Ніла Гілевіча "Шчаслівы абдзіраўца". Тэкст чытаў Віктар Шалкевіч.

Прысутны на дыктоўцы прафесар Аляксей Пяткевіч расказаў "Радыё Рацыя":

- Па-першае, сёння трэба вучыцца ў Гілевіча шукаць прыгожае ў сваім родным, беларускім. Перадусім, у народнай маральнасці, народнай культуры, народным ладзе жыцця. Вось ён у гэтых адносінах быў вельмі паслядоўны. І гэты арыенцір быў для яго вельмі дарагі.

Некалькі вершаў Гілевіча прачытаў гарадзенскі паэт Юрка Голуб, які ў свой час быў студэнтам Ніла Гілевіча на філалагічным факультэце БДУ.

Міхал Карневіч.


У Гародні адзначылі 85-годдзе Аляксея Пяткевіча

85 гадоў споўнілася славутаму гарадзенцу, грамадскаму дзеячу, навукоўцу Аляксею Пяткевічу. У Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага з гэтай нагоды, а таксама з нагоды выхаду яго кнігі, якая ўбачыла свет у мясцовым выдавецтве, прайшла ўрачыстасць. Пра што кніга "Слова і кніга Прынёмання" кажа пісьменніца Ала Петрушкевіч:

- Кнігі Аляксея Міхайлавіча заўсёды ўражваюць энцыклапедычнасцю. Новае выданне, якое мы сёння маем, а яно выйшла якраз напярэдадні 85-годдзя шаноўнага аўтара, не выключэнне. Фактычна тут тыя вялікія напрацоўкі, якія зроблены ім за многія-многія гады, пачынаючы ад рукапіснай кнігі - да сённяшняга часу, да таго, што мы маем сёння на нашай Гарадзеншчыне з матэрыялаў культуры, літаратуры.

На сустрэчу з аўтарам кнігі прыйшлі прадстаўнікі творчых саюзаў, арганізацыяў, філолагі, пісьменнікі. Гарадзенцы шануюць Аляксея Пяткевіча за актыўную грамадзянскую і нацыянальна арыентаваную пазіцыю. Ён стаяў на пачатку гістарычна-культурнага клуба "Паходня", доўгія гады стаіць на чале гарадзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.



12 красавіка (аўторак) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Новы гістарычны цыкл - Беларусь у XХ ст. Пачатак 18.30. Уваход вольны.


Святкуем і помнім

Сёлета старажытны Слуцк (Слуцак, Случэск) адзначае свой дзевяцісотгадовы юбілей. Пад 1116 годам ён упершыню ўзгадваецца ў летапісе "Аповесць мінулых гадоў" (у Іпацьеўскім спісе), калі "Мински князь Глеб воевал дреговичи и пожег град Случеск " - горад Кіеўскай Русі. Дарэчы, вельмі цесна будуць звязаны з Кіевам слуцкія князі Алелькавічы. 1116 год з'яўляецца і годам летапісання, адліку, фіксацыі драматычных падзей у гісторыі горада.

Вялікая і велічная і адначасова мала з чым ці з кім параўнальная драматычная, а то і трагічная гісторыя беларуска-еўрапейскага горада… У смузе стагоддзяў пачалася яго гісторыя. З яго імем звязаны многія незабыўныя даты гаспадарчага, ваеннага, інтэлектуальна-духоўнага і культурнага жыцця беларускага народа. У ім, як у фокусе, на яго лёсе адбівалася і жыццё нашай Беларусі і, вядома, многія еўрапейскія падзеі не абмінулі яго.

Слуцк і гістарычная Случчына размешчана пераважна на землях, якія часам параўноўваюць з чарназёмам Украіны. Таму тут ва ўсе вякі сельская гаспадарка і на яе базе прамысловая вытворчасць знаходзіліся на даволі высокім узроўні, і жыццёвы ўзровень пераважнай часткі насельніцтва адпавядаў гэтаму. Случчына ў сэнсе самазабеспячэння заўжды была самадастатковая. Гэта адлюстравана нават у прымаўцы: "Як не ўродзіць слуцкая раўніна, дык не накорміць і Украіна" . І як вядома, Случчына заўсёды патанала ў садах. А вяршыняй дасягнення садоўніцтва тут была славутая груша бэра Слуцкая. Нездарма можна было яшчэ не так даўно пачуць: "А хто бэру Слуцкую не еў, той ад смакоцця не млеў" . Дарэчы, яна і сёння сустракаецца нават у самім Слуцку, у прыватнасці, на сядзібе светлай памяці маёй былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Паўлы Антонаўны Стралкоўскай. Заўважым, да Другой сусветнай вайны яна працавала ў школе ў Койданаве (сёння Дзяржынск), і яе вучнямі былі наш славуты гісторык Мікола Ермаловіч і паэт Алесь Салавей (сапраўднае імя і прозвішча - Альфрэд Радзюк).

Усе сельскагаспадарчыя культуры і жывёлагадоўля на Случчыне добра "радзілі" з года ў год. На гэтай аснове паспяхова базавалася і развівалася мясцовая прамысловасць. Пасля яна, канешне, узрасла, пашырылася і ўзмацнела за кошт інтэграцыі з іншымі рэгіёнамі Беларусі і рэгіёнамі суседніх і дальніх народаў. Гаспадарчае жыццё краю, а з ім і грамадзянская самасвядомасць, атрымалі такі развой, што ў 1190 годзе Случчына выдзелілася са складу Тураўскага княства і аформілася ў княства самастойнае. З 1320 года яно - у складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Уваходжанне было мірным. У ХVІІ - ХVІІІ стагоддзях - Слуцкае княства адно з буйнейшых у ВКЛ. Эканамічнае і сацыяльна-палітычнае развіццё ў далейшым дало мажлівасць Слуцку ўключыцца ў кантэкст еўрапейскага жыцця і другім пасля Берасця сярод беларускіх гарадоў і мястэчак атрымаць поўнае Магдэбургскае права (1441 г.). Дарэчы, юны Альгерд Абуховіч, наведваючы ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Кіеў, у сваіх пазнейшых успамінах-мемуарах параўноўваў Слуцк з "маці гарадоў рускіх".

Датычна вайсковай (ваеннай) гісторыі, дык яна не заўсёды была роўнаспрыяльнай для Слуцка і Случчыны. Як ужо згадвалася, горад у пачатку ХІІ стагоддзя быў спалены менскім князем Глебам. Яшчэ адна трагічная падзея ў гісторыі Слуцка - пачатак ХVІ стагоддзя, калі з-за нападу Севярына Налівайкі (лістапад 1595 г.) князь Багуслаў Радзівіл ператварыў горад у цвердзь. І ў часе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (руска-польская вайна 1654 - 1667 гг.) Слуцк у 1655 годзе - адзіны буйны горад Беларусі, які вытрымаў аблогу расійскіх і казацкіх войск. На рахунку Слуцка і Случчыны было нямала памятных падзей у барацьбе з акупантамі з усіх бакоў. Але асобна і асабліва трэба назваць Слуцкае паўстанне 1920 года - Слуцкі збройны чын, як акт узброенага выступлення часткі беларускай інтэлігенцыі і сялянства супраць расійскіх камуна-бальшавікоў.

Слуцк на працягу ўсёй сваёй гісторыі быў адным з адметных цэнтраў інтэлектуальна-духоўнага і культурнага жыцця беларускіх земляў. Варта толькі ў пацверджанне гэтаму назваць хаця б такія ўстановы, як кальвінісцкі ліцэй-гімназію (1617 - 1918 гг.); друкарню (1672 - 1705 гг.); езуіцкі калегіюм (1689 - 1773 гг.); капэлу Радзівіла (1746 - 1760 гг.); балетную школу (1756 - 1760 гг.) музычную школу (1746 - 1760 гг.); мастацкую школу (ХVІІІ ст.); культурна-асветніцкую арганізацыю "Папараць-кветка" (ХХ ст.) і інш. Слуцк меў і свой летапіс, і сваё Евангелле. Горад у свой час яшчэ называлі горадам храмаў і збораў, манастыроў і кляштароў. З тых далёкіх часоў цалкам захавалася Міхайлаўская царква (ХVІІ - ХVІІІ стст.) - адзін з лепшых помнікаў драўлянага дойлідства ў славянскім свеце. Слуцк вядомы і сваімі былымі гарадскімі ўмацаваннямі (ХІ - ХVІІІ стст.), і замкамі (ХV - ХVІІІ стст.).

Маючы такі шырокі развой культурнага жыцця, горад меў і яго ўвасабленне ў матэрыяльных каштоўнасцях, скажам, такіх, як Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў - Слуцкая персіярня (1740 - 1844 гг.), слуцкае ткацтва і інш. Слуцк - гэта яшчэ і месца, дзе таксама зараджалася новая беларуская літаратура, у прыватнасці, у асобе Альгерда Абуховіча і інш. Слуцк мае прамое дачыненне і да касманаўтыкі: тут нарадзіліся выдатныя вучоныя Вітольд Цэраскі (1849 - 1925) - астраном сусветнага значэння, Сямён Косберг (1903 - 1965) - канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў.

Рэестр пералічаных духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей можна было б пашырыць і прадоўжыць, але добра, што і з большага названае ў пэўнай ступені цэніцца, шануецца і працягваецца годнымі нашчадкамі славутых Слуцка і Случчыны. І ім, вядома, ёсць што святкаваць - 900-годдзе роднага горада і Зямлі Слуцкай. А святкуючы і адсвяткаваўшы добры юбілей, будзем памятаць, што гадоў Слуцкай зямлі і яе цэнтру значна больш.

Меркаванні пра найбольш ранні перыяд жыцця Слуцка, дакладней пратагорада - пратаСлуцка даюць матэрыялы даследаванняў тых далёкіх часоў, калі на выспе ў сутоцы рэк Случ і Бычок з'явілася паселішча балтаў; гэта, верагодна, першае стагоддзе нашай эры, а то і раней, калі тут маглі жыць фіна-угры. Пасля падзення Рымскай імперыі і ў перыяд Вялікага перасялення народаў (ІV - VІІ стст.) сюды прыбылі славяне.

Агульнавядома, што Слуцк першапачаткова ўваходзіў у склад Тураўскага княства, якое ў пэўным сэнсе падпарадкоўвалася Кіеву.

Ніканаўскі летапіс паведамляе, што пасля заснавання мітраполіі ў Кіеве (990 - 991 гг.) пры вялікім князі Уладзіміры Святаслававічы адразу былі заснаваны епархіі ў Ноўгарадзе, Чарнігаве, Растове, Уладзіміры-Валынскім і Белгарадзе. Даследчыкі лічаць, што адначасова былі заснаваны Полацкая, Тураўская і Тмутараканская епархіі. А. Я. Галубінскі ў сваёй "Истории русской церкви" (том 1, М., 1901 год, стар. 334), спасылаючыся на дадзеныя даследчыкаў мінулых гадоў, у прыватнасці, на працу В. Ундоскага (Ундольскага?) (ХІХ ст.) "Иосиф Тризна, редактор Патерика Печерского", сцвярджае, што Тураўская епіскапія была пастаўлена ў 1005 г. Гэта інфармацыя ўтрымліваецца і ў "Гісторыі Беларускай [Крыўскай] кнігі" (1926 год) Вацлава Ластоўскага. Беларускі аўтар удакладняе: "О поставлении Туровское епископии" - гэта ёсць статут, дадзены Тураўскай біскупіі кн. Валадзімерам у 1005 г. Захаваўся ў пазнейшым сьпіску ў Кіява-Пячэрскім Патэрыку, рэдакцыі архімандрыта І. Трызны (1647 - 1656)" і г.д.

А цяпер звернемся да кнігі А. Чароніна "Туровское княжество (Х - ХІV века)". Гэта - навуковае выданне ("Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа (Масква - Мінск) 2012 года, тыраж 1700 экз.) . Аўтар манаграфіі на аснове вывучэння і абагульнення маладаступных гістарычных крыніц выкладае падрабязную гісторыю Тураўскага княства, якое ўваходзіла ў розныя перыяды-прамежкі часу ў склад Кіеўскага, Галіцка-Валынскага і Літоўскага вялікіх княстваў. Дык вось адносна пастаўлення ў 1005 годзе ў Тураве хрысціянскай епіскапіі на грэцкі манер аўтар, з прыцягненнем гістарычных крыніц паведамляе: "Устаўная грамата вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаслававіча аб заснаванні Тураўскай епіскапіі" (даецца ў перакладзе з рускай мовы на беларускую; пераклад - Я. Г. ). Далей тэкст граматы падаецца па копіі з арыгінала: "Се аз великий киевский Василий, нарицаемый Владимер, умыслих со своею княгинею Анною и з детьми своими: с сыном Изяславом [яго імя носіць сёння Заслаўе - паселішча гарадскога тыпу пад Менскам. - Я.Г. ] и Мстиславом, Ярославом [Мудрым (пазней). - Я.Г. ] и Всеволодом, Борисом и Глебом, и со всеми детми, и з боляры своими третие б(о)гомол(и)е епископию постави в Турове в лето 6513 [1005 год. - Я.Г. ]. И придах к ней городы с погосты в послушание и священие и благоссловение держати себе Туровской епископии: Пинск, Новгород [Новогородок - Навагрудак? - Я.Г. ], Городен, Слоним, Берестен, Волковыеск, Здитов, Небле, Степан, Дубровица, Высочко, Случеск, Копыл, Ляхов, Городок, Смедян. И поставих первого епискупа Фому [родам з Візантыі, 1005 - 1014 гады епіскапства. - Я.Г. ]. И придах села, винограды, земли бортные, волости со всеми придатки, озера, реки, тако и в мыте, и на торгу, и на перевозах десятую неделю,десятый пенязь и от жита десятая копа святому Спасу и святой богородицы…". "У горад Тураў на адкрыццё Тураўскай епархіі прыбыў вялікі князь Уладзімір Святаслававіч (948 - 1015 - гады жыцця князя) са сваёй жонкаю княгіняй Ганнай Візантыйскай (памерла ў 1011 г.) і з дзецьмі: сынам Ізяславам? (памёр у 1001 г.), Мсціславам (978 - 1036 гг.), Яраславам (978 - 1054 гг.) і Усеваладам, Барысам (990 - 1015 гг.) і Глебам (памёр у 1015 гг.) і з усімі дочкамі, і з баярамі, і клірам, і дружынай, і слугамі".

А звяртаемся мы да гэтых імён і дат, каб хоць пакуль ускосна абгрунтаваць яшчэ большую старажытнасць роднага Слуцка. Не выключана, што Нестар - пісьменнік і гісторык канца ХІ - пачатку ХІІ стагоддзя, адзін са складальнікаў "Аповесці мінулых гадоў" па нейкай невядомай прычыне мог і не зафіксаваць падпал менскім князем Глебам горад. Але за гэтым князем многа зямных грахоў вадзілася. Ён нават сваіх суайчыннікаў прадаваў у рабства. І гэта пры ім у Друцку на рацэ Друць быў арганізаваны рынак нявольнікаў, якіх адпраўлялі на Усход. Відаць, гэта (спаленне Слуцка) і падштурхнула аўтара "Аповесці мінулых гадоў", які больш сімпатызаваў Святаславічам, чымся Усяславічам, упамянуць менскага князя, што спаліў Случэск, на той час не такі ўжо, верагодна, і значны горад. А што датычна даціроўкі першага ўпамінання, скажам, Полацка пад 862 годам у той жа "Аповесці мінулых гадоў" (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы), то, як бачым, адлегласць у часе ад мяркаванага ўзнікнення Полацка і яго ўзгадвання ў пісьмовых крыніцах складае амаль 300 гадоў. Тут крыніцай даціроўкі магло паслужыць вуснае народнае, ці царкоўнае паданне, ці яшчэ што. Не выключана, што і для архімандрыта І. Трызны (ХVІІ ст.) узгадванне Турава, Слуцка і іншых беларускіх гарадоў і паселішч так-сама маглі быць такія ж крыніцы.

Але, як бы там пакуль ні было, сёлета святкуем 900-годдзе старажытнага і славутага горада Слуцка і, вядома, Случчыны і адначасова помнім, што гісторыя мае глыбіню, у якую не перастануць кідаць свой зацікаўлены позірк тыя дапытлівыя, хто шукае ісціну і ў стагоддзях, і ў тысячагоддзях.

Яўген Гучок, паэт, публіцыст.


У Нясвіжы - прэзентавалі "…Апошняму беларусу…" Зьніча

У Нясвіжы, на паседжанні тутэйшага духоўна-асветніцкага цэнтра "Ноеў каўчэг", адбылася прэзентацыя новага паэтычнага зборніка "…Апошняму беларусу…" Зьніча. Гэта псеўданім паэта, філосафа, музыкі, 76-гадовага Алега Бембеля. Бліскучы пачатак кар'еры таленавітага навукоўца ў 80-х быў перарваны выгнаннем з Інстытута філасофіі і права. Пасля атрымаў ярлык "дысідэнта" за выдадзеную ў Лондане працу "Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс". Цяпер ужо 19 год жыве ды творыць у Свята-Успенскім Жыровіцкім кляштары, дзе сёння вядомы як айцец Іаан.

У райбібліятэцы Нясвіжа сабралася звыш паўсотні аматараў творчасці Зьніча з усяго горада. Людзі розных узростаў і прафесій былі адразу зачараваныя ягоным - па-акторску пададзеным паэтычным словам. Зьніч (айцец Іаан) выдаў зборнікі вершаў "Малітвы за Беларусь", "Агніва". У 1988 адстойваў Курапаты разам з Зянонам Пазьняком. Дагэтуль выйшаў яго фаліянт, большы чым на паўтысячы старонак, з архіўнымі матэрыяламі ды выбранымі публікацыямі розных гадоў "Шляхам сумоўя".

Віталь Сямашка , Беларускае Радыё Рацыя.


КАРЧАВАТКА

Аповед азірання

(Працяг. Пач. у папяр. нумары.)

Мінуліся гады, і згадка

Пра балаціну Карчаватку

Ўва мне збуджала ўжо не слодыч,

А крыўду ўсё часцей і горыч, -

Бо карчавалась не благое,

А роднае, найдарагое!

Найпершым чынам - наша мова,

Народа кожнага аснова.

Казаць пра гэта не стамлюся:

Няма без мовы Беларусі,

Дзіцяткі як няма без маткі,

Ці як дарогі без аглядкі,

Без берагоў няма як рэчкі,

Ці як без курыцы яечка,

Ці дня - без сонца залатога,

Ці праўды і дабра - без Бога!

Жыве народ, пакуль і мова

Жыве ягоная. Бо слова

Не проста нейкі набор гукаў,

Яно матэрыяй ёсць духу,

Спрадвечным досведам народа,

Ёсць сутнасці яго прыродай.

Слова - ў пачатку ўсіх пачаткаў.

Яно само ўсяго пачатак.

Бо, як вядома, было ў Бога,

І больш за тое - было Богам!

Чаму ж мы д'яблу дагаджаем

І сваім словам пагарджаем?

Хіба ж мы ўжо не Божы дзеці?

О так! Мы - суччыны, вашэце!

Прынамсі, тыя, што кіруюць,

Край прадаюць наш і жыруюць.

Бо толькі суччынае семя,

Звыродлівых мяшанцаў племя

Кусае, матчыны рве грудзі -

Няздатныя на гэта людзі!

Бо толькі вырадкі-паганцы,

Нібы міфічныя траянцы,

Каня ў свой дом прывесці схільны,

Каб стаў у доме дух магільны.

Траянскі конь у нашым доме -

Чужая мова. Час ўсвядоміць!

Яна прынесена не госцяй,

А гаспадыняй-ягамосцяй;

Не толькі нашую дратуе, -

Яна і як нам жыць дыктуе;

Бо мала што русіфікатар -

Яна яшчэ й каланізатар

Народа нашага і краю.

Бо ролю і такую грае:

Яна няўпынна насаджае,

Паўсюдна і ва ўсім сцвярджае

Чужыя норавы, ўяўленні,

Манеры, звычкі, захапленні,

Ў сям'і стасункі і на працы,

Паўсюль практычна, што ні ўзяці,

Да норм паводзін і абрадаў, -

Ва ўсім - на шкоду нам і страты.

Вось так і прэе доля-каша:

Глядзіш, а ўжо й жыццё не наша!

А гэтак званае двухмоўе -

Суцэльны фальш і пустаслоўе.

Якая роўнасць, без падману,

Між дворным людам й яго панам?

Хоць можа ён адно па-наску,

Люд пнецца гаварыць па-панску.

Спачатку - з панам, неўзаметку ж

Са словам панскім -

к жонцы, дзеткам...

І як не быць тут паўтарайлам?!

Так, пачалося ўсё з Ягайлы...

ХІІ

І зноў мкне думка ў кут мой мілы,

Туды, дзе родныя магілы,

Дзе маё лецішча пустуе,

Сляпымі вокнамі смуткуе

Па мне і па вясне таксама.

Там смуткавала колісь мама

Начамі доўгімі узімку

Гадаючы, мо заўтра сынку

Які пад'едзе неспадзеўкай.

"Мо Ніл ? Мо Коля? Хутчэй - Леўка.

Яму часцей нейк выпадае

Дадому вырвацца...". Гадае

І ў гэтых думках засынае...

Я знаю, хутка ўжо сустрэча,

Жыццё й мае ўвагнула плечы,

А ўсё адно віна даймае,

Мая віна прад мамай - тая,

Ўжо даўняя, са мною будзе

Яна, пакуль ўздыхаюць грудзі...


Я помню дзень. У клубе - свята.

Людзей набілася багата.

Нат і камар не ўточыць нос свой -

Бітком дзяцей тут і дарослых.

Спытаеце, з якой прычыны?

ГЭС збудавалі ля Звярыніч

На рэчцы Гайне. Драбнавату,

На пяць дзесяткаў кілаватаў.

Якая й ГЭС, але ж - плаціна,

Ў ёй шлюз і камера з турбінай.

А найважней - святло у хатах,

Няхай яго і малавата:

Гадзіна - ўранку, тры - увечар.

Ды гэтакае чалавечай

Я радасці датуль не бачыў -

Такая, што да слёз, да плачу.

Той, хто газніцы чадам дыхаў,

Мяняў лучынкі без прадыху,

Той зразумее несумненна,

Што значыць ў час пасляваенны

Займець святло электры ў хаце.

Найбольшы гэта цуд, мой браце!

Я добра помню і сягання:

Прыйшла аднойчы цётка Ганна

(Слаўцо - узор яе маўлення).

Яшчэ з парогу ў захапленні

Да мамы ўсклікнула: "Сястрыца!

Як відненька! То ж бо святліца!

Дай Бог і нам калі разжыцца,

Каб не душыцца й не сляпіцца..."

На тое мама амаль шчасна:

"І ў вас, напэўна, будзе з часам.

Але ж тут, Ганна, й супярэчнасць:

З усіх куткоў палезла беднасць!"

"Такой бяды! Яе ж, ты знаеш,

Каб і хацеў, дык не схаваеш..."

І мама ў згоды знак ківае,

Сядаць сястрыцу запрашае;

Маўляў, пра беднасць - для прыліку,

От проста - з радасці вялікай.

Няспешна і шчасліва-горка

Ідзе пра "лектрыку" гаворка...


А перш чым святу таму стацца,

Трэ земляку было азвацца,

Які ў Маскве рабіў дацэнтам -

Ўчыў гідратэхніцы студэнтаў.

Пасля вайны сястру адведаць

Прыехаў першы раз і зведаў

Ён шок: такога разарэння

У самых страшных уяўленнях

Не мроілася аніколі.

І думка ўзнікла мімаволі:

Ён ГЭС на Гайне пабудуе;

Хай чалавек і тут адчуе

Хоць трошкі радасці, угледзіць

Ў канцы тунелю той прасвецік,

Што шлях да новай жыткі меціць;

Электралямпка хай асвеціць

Ўсю непрагляднасць тае ночы,

Што слепа слепіць людзям вочы.

Адчаю змрок з людзей ён скіне,

А тым і аб сабе пакіне

Тут памяць добрую. Тры годы

Вазіў студэнтаў "на прыроду" -

Вучэбну практыку праходзіць:

Малую ГЭС на Гайне ўзводзіць.

Тры вёскі ўсім сваім кагалам

Там працавалі. Сіл замала

Было на талацэ народнай,

Каб і капаць канал абводны,

І шлюз бетанаваць, плаціну

Абкладваць дзёрнам. Ўсё чын чынам

Рабілася, у будаўніцтве

Удзельнічала й кіраўніцтва

Калгасаў, сельсавета, школы.

І мы - дзіцячы гурт вясёлы,

Хоць клопат наш быў не задзёрны:

Накопка й пераноска дзёрну.

За тое мы былі не ў крыўдзе,

Мы бачылі, што час той прыйдзе,

Калі пад столлю ў нашых хатах

Заззяюць зырка-зухавата

Элетралямпачкі. Стаялі

Слупы ўздоўж вуліцы, блішчалі

Сярэбраныя ніткі дроту;

Ужо з варотаў у вароты

Снавалі хлопцы і дзяўчаты

Ў камбінезонах сіняватых,

На столь, на сцены набівалі

Радочкі ролікаў - трымалі

Яны ўжо дрот ізаляваны,

Дзе ток пад "вопраткай" схаваны.

Студэнты з Тулы і Тамбова,

З Арла, Разані, Курска, Пскова

Ў гаспадара ці ў гаспадыні

Пытаюць, дзе яны павінны

Паставіць, каб было ім зручна,

Разетку, разам з ёй уключна

І выключальнік, і смяюцца,

Што аніяк не разбяруцца

З іх тлумачэннем беларускім.

І мы ўжо, дзеці, ім па-руску

Сяк-так тлумачым, бо "праходзім"

У школе "рускі" і знаходзім

Нейкія словы патлумачыць,

Што "столі бліз",

"ля ліштвы" значыць,

Ці "над услончыкам". Нам смешна,

Што надта ўжо яны пацешна

Крыўляюць словы... Схамянуся

І сам з сябе ўжо пасмяюся,

Як гэтак сама, недарэка,

І я па-руску "кукарэкаў".

А вось Антон Фаміч, зямляча,

З'яўляецца іх выкладачам,

І аж дасюль яго студэнты

Наўрад ці зналі, што дацэнт іх

Ёсць беларусам. І пытанне:

Пабольшае іх шанаванне

У выніку такога знання?

То - ў будучыню зазіранне,

Тады пра гэта я не думаў.

А сёння ж канстатую з сумам:

Здаўна расійцы вызнавалі

Нас толькі лёкаямі, звалі

На службу і падчас хвалілі

Нашу пакорнасць і цярплівасць,

Нашу рахманасць і маўклівасць,

Любоў да працы й цягавітасць.

Аднак ніколі не прымалі

Сабе нас роўнымі. Трымалі

У пачакальні нас стагоддзі.

А калі мы нарэшце "годзе!"

Сказалі, шавініст расійскі

Узняў шалёны гвалт і віскат:

"Какой народ? Какая "мова"?

Единая у нас основа!

И белорусцы - народ росский,

Одно - с испорченностью польской!"

О, колькі год мы чуем гэта,

А песня ўсё яшчэ не спета.

На ўсе лады і на ўсе ноты

Пяўцы стараюцца ў ахвоту.

Чаму ж тады студэнт-тамбовец

Не цяміў мамінае мовы?

Адказ тут, быццам дзень той, ясны:

Дзве мовы галіны славянскай.

Скажу і больш: белмова наша

Ўжо сваім лёсам шмат што кажа.

Вякі палякі і расейцы

Шчамілі нашу мову ў лейцы,

А знішчыць не змаглі. Й не змогуць!

Гвалтоўнікі - не перамогуць!

Бяда надарылася з намі:

Мы не баронім яе самі.

Каланізатары ў галовы

Убілі ўсё ж, што наша мова

Мужычая, што яе доля -

Быць моваю "дзяцей нядолі",

То бок - лакеяў, мовай "хлопаў",

Па-руску ж кажучы - "холопов";

Што ў высі духу ёй не ўзлезці,

Адно на стайні яе месца.

І мы нібыта пагадзілісь,

З такою доляю змірылісь;

А той, хто "ў людзі" выбіваўся,

Ўжо на "язык" пераключаўся,

Ды так старанна, так заўзята,

Што ўжо быў роднай мовы катам,

Яе аплёўваў і высмейваў,

І дзетак ад яе адсейваў.

І праз гады якісь патомак,

Такі ж, як бацька-пустадомак,

Ўжо выбіўся ажно да ўлады

І гэткі ўводзіць тут парадак,

Што мова выгнана й са стайні,

Што час ёй надышоў расстайны.

Ах, карчаватка, карчаватка!

Усё вузее наша кладка,

Вузее, тончыцца. Здаецца,

Шчэ крок, другі - й нага сарвецца...

Ну, што маўчыш, мой запытайла?

Так, пачалося ўсё з Ягайлы...

ХІІІ

І йшчэ разок я адхінуся,

На час дзяцінства азірнуся...

Згадалася мне раптам кніжка

"Дзед і мядзведзь"... З гадоў узвышка

Як сёння бачу я акладку

Блакітную, там безаглядку

Імчыць мядзведзь на спіне з дзедам.

І я, пяцігадовы, следам

Імчу за імі ў нашу школу -

На навагодні баль вясёлы.

Вядома, "баль" - даніна часу,

Тады ж казалі без акрасу:

"У школе ёлка!" І малеча

Гурмой дзявоцкай і хлапечай

Ішла туды: хто панібратам,

А хто - старэйшых пад прыглядам.

З кім я прыйшоў - ужо забрала

Гадоў няпрошаных навала,

Ды, мусіць, быў я смелы жэўжык,

Бо прачытаў пад ёлкай вершык

І быў ўганараваны казкай

Якуба Коласа. З той ласкі

Чытаць я хутка навучыўся,

Да свету кніжак далучыўся.

О, кніжак свет! О, свет чароўны!

Таемнасцей, загадак поўны!

Я быў табою паланёны,

Ў цябе бязмежна улюбёны.

Вышыні гор, глыбіні мораў,

Тунелі дзіўныя пячораў,

Пяскі пустыняў, нетры джунгляў,

І назвы, кшталту Джамалунгмы, -

Нястомна вабілі і звалі

Кудысь ў нязведаныя далі...


І тут мне хочацца адзначыць

І нават неяк лёс аддзячыць,

Што кніжка тая беларускай

Была, а не, як зараз, рускай,

Як і наступныя. Напэўна,

Яна і вызначыла крэўны,

Тутэйшы стан душы. Магчыма,

Таму і не прайшоў я міма

Магіл дзядоўскіх і сялібаў,

І па жыцці не надта хібіў,

Сумленна жыў, рабіў сумленна,

Свой дзейсніў кон я неадменна.

Ах, Божа мой, ці ж яшчэ трэба

Камусь даказываць, што хлебам,

Што дае сілу, грунт, аснову,

Для чалавека - свая мова,

Як кажуць, матчына, жывая,

А не там нейчая, чужая.

І найважней - на жыцця ранку,

Калі дзіця, як абаранка,

Бог лепіць і душу ўдзімае

І яе зместам напаўняе,

Перш чым пусціць у свет шырокі.

Вось тут і мае сэнс глыбокі,

Якія формы змест той мецьме,

К якой скірован будзе мэце, -

З чым пойдзе ў свет дзіця нязнаны

Й як будзе светам тым прызнана.

Як дзеці ў свет, сваім чародам

Прыходзяць у яго й народы.

І ёсць шчаслівыя між імі!

Яны сваіх між ёсць сваімі,

Сябе паводзяць годна й чынна,

Як і належыць, як павінна.

А мы? Хто знае нас у свеце?

Згадае па якой прыкмеце?

Ну - як "заказнік камунізму",

А йшчэ - і "таталітарызму"

З "царом апошнім у Еўропе", -

Такім мінуўшчыны патопам

Краіна "славіцца" сягоння.

Ні знаку слаўнае Пагоні,

Былое мужнасці, адвагі -

Няма нават самапавагі.

Нібы зусім і не народ мы,

А зборня нейкіх іншародцаў,

Няведама, дзе й кім сабраных,

Па гэтых гонях раскіданых.

Імя і вызнаём нібыта -

Моў, беларусы мы. І - квіты!

І больш нічога. Ані знаку.

Ні там гісторыі, ні сцягу,

Ні герба, ні важнейшых датаў,

Ні ваяроў сваіх, ні свята -

Дня незалежнасці абвесткі -

Не ведаем. Кладзем мы кветкі

Да помнікаў чужым героям,

Да знакаў славы чужой зброі.

Свайго не знаем, не шануем,

Ў няведанні дзяцей гадуем,

І рады нат, калі нашчадак

Убіўся ўжо ў расійскі статак.

І тут найпершая умова -

Атрэсціся ад роднай мовы.

Яны ўжо ведаюць, нашчадкі:

У мове - усяго пачаткі.

Ты іншы ўжо, калі пазбыўся

Бацькоўскай мовы, нарадзіўся

На свет нанова ты, ты нехта,

Ты тут ужо кшталту ландкнехта,

Ці янычара - то блізняты:

Яны абодва тым заняты,

Што, нібы ворагаў заклятых,

Свой родны край кладуць на плаху,

Не засталося каб і паху

Ад родных котлішч і аселіц,

І ад людзей, што тут аселі

Здаўна і з ласкі пана Бога,

Жылі, не крыўдзілі нікога,

Зямлю аралі, жалі жыта,

Дзяцей расцілі, самавіта

Сябе паводзілі заўсёды -

І ў мірны час, і ў час прыгодаў.

Ах, як жа многа іх, ландкнехтаў,

Ўзрасло на нашых жа палетках!

Як многа зла яны ўчынілі,

Як многа шкоды нарабілі!

Няўтомна чыняць і па сёння...

Няма, няма на іх Пагоні!..


Маёю самай першай кніжкай

Была, зноў нагадаць не лішне,

Якуба Коласава казка.

Яна мне - добраю падказкай

І пра наступнае чытанне

У час майго узгадавання.

З тых пор дасюль не прымусова

Прыгоды помню Міхасёвы,

Міколку-паравоза, Мушку,

Што звалася йшчэ Зелянушкай,

І Вернідуба, і Карготу

З Сынам Удовіным... З ахвотай

Пра многіх і яшчэ б згадаў я,

Ды зноў найперш скажу пра Маўра.

Тады, калі я з захапленнем,

З душэўным шчырым пакланеннем

Чытаў яго дзівосы-творы,

Не сніў я нават, што прасторы

Жыцця майго, што маё мліва,

Мой лёс складуцца так шчасліва,

Што я не толькі Маўра ўбачу,

А буду у яго на дачы

Сядзець у маўрытанскім крэсле,

Маўрыкіі хрумсткія есці

І маўрытанскую піць каву,

Аповед слухаць найцікавы

Пра яго кнігі і герояў...

Ды думка тчэцца пра другое.

З тых пор прайшло ўсяго паўвеку,

Малых жа нашых чалавекаў

Любым частуюць чытвостраўем,

Толькі не Коласам, не Маўрам,

Не Багдановічам з Купалам,

А чым заўгодна, чым папала -

Ўсё монстры, поттэры ды шрэкі

І мноства іншых недарэкаў.

О, бедная душа дзіцяці!

Вялікі грэх забараняці

Ёй натуральнае сталенне,

Усім спрэс родным напаўненне,

Каб вырас праз гады з малога

Не абыякавы нябога,

А патрыёт народа, краю,

Што не папоўніць сабой зграю

Манкуртаў - вырадкаў звыродных,

Што за народ, за край свой родны

Устане волатам-гарою,

За іх ён пойдзе галавою, -

Бо ён не нейкі там нядбайла,

Што пачаліся ў нас з Ягайлы...

(Працяг у наст. нумары.)

Мікола ГІЛЬ


Татэмнае свята "Камаедзіца"

Сёлета ў Дзяржаўнай ўстанове "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" стартаваў этнапраект "Абрады маёй краіны". Гэта значыць, што кожная сельская клубная ўтанова не толькі рыхтуе абрад ці свята традыцыйнай культуры, але як мага больш далучае да ўдзелу ў ім мясцовых жыхароў. Доказ таму, што насельніцтву падабаюцца такія мерапрыемствы - татэмнае свята "Камаедзіца", якое днямі адбылося ў філіяле "Тарноўскі Дом культуры".

Трэба сказаць, што свята продкаў "Камаедзіца", заўжды адбывалася напярэдадні "Дабравешчання", яно ўслаўляла жывёлу, асабліва пакланяліся мядзведзю, бо прашчуры-беларусы лічылі, быццам бы род наш пайшоў ад мядзведзя і ставіліся да яго, як да паважанага родзіча.

Гэтак, па-беларуску, шчыра і шчодра ў гэты дзень услаўлялі мядзведзя ў аграгарадку Тарнова. Ролю мядзведзя вельмі ўдала выканаў кульарганізатар Дома культуры Дзмітрый Лінга. Увесь час ён быў актыўны у сваім цяжкім футры, насамрэч гэта не такая і лёгкая справа. Каб заручыцца спагадлівасцю мядзведзя, яго частавалі мёдам ( "Вось табе салодкі мядок, каб быў гладзенькі бачок" ), грыбамі ( "А вось смачныя грыбочкі, каб пільна глядзелі вочкі" ), сушаным рэпнікам і гарохавымі камамі (гэтыя камы, верагодна, і далі назву усяму святу - "камаедзіца"- камы есці ).

У вясёлую забаву ператварыліся качанні мядзведзя з гледачамі на імпразаваным ложку, а качаліся дзеля таго, каб мядзведзь быў спагадлівы і больш лагодны і людзям шкоды не рабіў. Весялілі мядзведзя "гарохавай" полькай удзельнікі дзіцячага танцавальнага калетыву "Чаравічкі" згаданай ўстановы. З удзельнікамі фальклорна-этнаграфічнага гурта "Талер" (аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры) і з ўсімі прысутнымі "касалапы" танчыў і "Кракавяк", і "Падэспань", і "Лявоніху". Ногі ішлі ў скокі ў мядзведзя і тады, калі вакальны гурт "Сустрэча" (Тарноўскага Дома культуры) выконваў прыпеўкі. Потым "Мішку" запрасілі пагуляць у гульні: "У мядзведзя ў бару...", "Гарохавы ком", "Малінка". Настрой задавалі і вядоўцы: мастацкі кіраўнік установы Алена Палейчык і ветырынарны лекар мясцовай гаспадаркі Яўген Мякіш.

Свята суправаджалася жывым акампанементам і песнямі народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў Бердаўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Кожны змог пачаставацца любімымі стравамі мядзведзя: мёдам, блінамі з мёдам і малінавым варэннем, аўсяным кісялём, сушаным рэпнікам і гарохавымі камамі.

Напрыканцы мядзведзь прызнаўся, што абудзіўся ад сну і носам ужо чуе сапраўдную вясну.

Свята стала доказам таго, што нашы продкі жылі ў гармоніі з прыродай і жывёльным светам. А нам патрэбна захоўваць гэтыя абрады, звычаі, святы і перадаваць нашчадкам.

Г.М. Некраш, метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


Новае выданне

Кніга пра гісторыю слонімскай прэсы

Сучасныя тэхналогіі імкліва змяняюць нашае жыццё. Газеты і часопісы ўжо даўно згубілі сваё былое значэнне. У цяперашні час чалавек атрымлівае інфармацыю найперш з Інтэрнэту, тэлебачання, радыё (яна там больш аператыўная). І неяк трывожна становіцца, калі падумаеш, што ў адзін момант гэта ўсё можа знікнуць: нашая электронная пошта, блогі, старонкі ў сацсетках з тэкстамі, здымкамі, відэа... І як нашчадкі даведаюцца пра тое, як мы жылі, кахалі, працавалі? Але хочацца спадзявацца, што ўсё ж такога "інфармацыйнага апакаліпсісу" не здарыцца. Што навукоўцы прыдумаюць, як захаваць інтэлектуальны набытак сучасных пакаленняў.

З мінулым адначасова і складана, і проста. Продкі нашы шмат пісалі на паперы (у адрозненне ад нас), друкавалі на машынках. Яны на працягу дзесяцігоддзяў мелі асноўнай крыніцай інфармацыі газету - раённую, абласную ці рэспубліканскую. Вядома, у розныя часы была розная свабода слова, ці яе ўвогуле не было, і тады людзі, каб даведацца праўду, чыталі "між радкоў". У любым выпадку газета была летапісцам нашага жыцця: беднага ці гаротнага, заможнага ці шчаслівага. Гартаючы пажоўклыя старонкі, прыгадваеш падзеі, сведкам ці нават удзельнікам якіх ты быў, згадваеш людзей, якіх ужо няма сярод нас, успамінаеш той час ці тых людзей, якіх часам сустракаеш на старонках старой прэсы...

Напярэдадні 100-х угодкаў заснавання слонімскага перыядычнага друку, слонімскія даследчыкі даўніны Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын вырашылі паспрабаваць абагульніць назапашаныя веды пра яго гісторыю. Яны напісалі і выдалі ў менскім выдавецтве "Кнігазбор" кнігу "Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны 1916-2016".

Вядома, не ўсё захавалася. Войны і пажары не шкадавалі архіваў. На жаль, на сённяшні момант у Слоніме няма поўнага збору мясцовай перыёдыкі. Некаторыя слонімскія газеты і часопісы можна знайсці толькі ў бібліятэках і архівах Варшавы, Кракава, Вільні ці Менска, у прыватных зборах. Тым не менш, аўтары паспрабавалі адшукаць большасць газетных і часопісных скарбаў Слонімшчыны, каб падзяліцца знаходкамі з чытачамі.

Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны бярэ свае пачаткі ў гады Першай сусветнай вайны. Раней, пад уладай царскай Расіі, ніякіх мясцовых выданняў не было, слонімцы чыталі газеты і часопісы, якія выпісвалі з Гародні, Вільні, Менска, Варшавы, Масквы і Санкт-Пецярбурга. У кнізе слонімскага гісторыка Годэля Гольдберга "Нарыс падзей горада Слоніма" згадваецца нарыс М. Заблоцкага пра яўрэйскую грамаду і яе дзеячоў, нібыта, апублікаваны ў газеце "Slonimer Wort" ("Слонімскае слова") у 1913 годзе. Аднак гэта была памылка, насамрэч гаворка ішла пра публікацыю 1931 года.

Напрыканцы жніўня 1915 года на Слонімшчыну прыйшлі нямецкія войскі, якія ўстанавілі тут свае парадкі. Горад быў часткова знішчаны падчас баёў, многія прамысловыя прадпрыемствы рускія войскі, адступаючы, вывезлі на ўсход або знішчылі. Магчыма, такі лёс напаткаў і друкарню, заснаваную ў 1892 годзе ў Слоніме Вольфам Гурвічам. Нямецкія акупацыйныя ўлады выдавалі ў Беларусі свае газеты на нямецкай мове. Была такая і ў Слоніме, прычым гумарыстычная.

У 1916 годзе ў Слоніме пачала выходзіць нямецкамоўная газета "Der Schara-Lurch" ("Шчара-Амфібія"; варыянт: "Шчара-Жаба"). Калі выйшаў першы нумар, невядома - на жаль, ён не захаваўся (можна меркаваць, што адбылося гэта вясной). Тым не менш, можам з упэўненасцю сказаць, што на 2016 год прыпадаюць 100-я ўгодкі з часу заснавання слонімскага перыядычнага друку.

Як было пазначана пад лагатыпам, "Der Schara-Lurch" - гэта "гумарыстычны часопіс шэрых палёў і зялёнай лістоты". Выданне было рукапісным, аздобленым малюнкамі таленавітага мастака. Гатовы макет нумара памнажаўся, магчыма, на шапірографе. Рэдакцыя і выдавецтва знаходзіліся ў цэнтры горада - на тагачаснай Параднай вуліцы (цяперашняя Першамайская вуліца). Прозвішча рэдактара ў 9-м нумары ад 1 лістапада 1916 года, якія аўтары мелі магчымасць праглядзець, адсутнічае.

Газета з гумарам пісала пра жыццё нямецкіх вайскоўцаў у Слоніме, нехта пад крыптанімам Э. К. змясціў артыкул "Год гарадской друкарні". Безумоўна, "фішкай" газеты з'яўляюцца яе малюнкі. Часам некалькі з іх аб'яднаныя нейкай адной тэмай. Напрыклад, "вайна ў 1916 годзе ад нараджэння Хрыста" і "у 1816 годзе ад нараджэння Хрыста". Дарэчы, нямецкія даследчыкі, пішучы пра вайсковую прэсу часоў Першай сусветнай вайны, адзначаюць, што слонімская газета мела ці не самую арыгінальную назву і змест.

Безумоўна, "Der Schara-Lurch" чыталі толькі нямецкія вайскоўцы. Жыхары горада яе ўвогуле маглі не бачыць. На сённяшні дзень асобныя нумары выдання захаваліся ў бібліятэках Польшчы, Германіі і ЗША. Апошні вядомы нам нумар газеты выйшаў 20 снежня 1916 года. Ці выходзіла яна ў 1917 годзе, інфармацыі няма. Пра Слонімшчыну пісала і нямецкая ваенная газета, якая выдавалася ў Баранавічах. У ёй змяшчаліся малюнкі слонімскіх краявідаў. Гэтае выданне меў у сваім хатнім архіве даследчык беларуска-нямецкіх сувязяў Уладзімір Сакалоўскі (1930-2013). Як вядома, Слонім знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй да студзеня 1919 года…

Аўтары кнігі адшукалі ў розных архівах і бібліятэках Беларусі, Польшчы, Літвы, Германіі, Ізраіля каля 100 выданняў, якія выдаваліся ў Слоніме ў ХХ - пачатку XXI стагоддзяў. Гэта ўнікальная кніга - адно з першых даследаванняў гісторыі беларускай рэгіянальнай прэсы. Выданне ўжо паступіла ў гандаль у менскую кнігарню "Акадэмічная кніга".

Барыс БАЛЬ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX