Вярнуцца: 2016

№ 18 (1273)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 18 (1273), 4 траўня 2016 г.


У Курапатах асвяцілі Крыж Вацлава Ластоўскага

Крыж у памяць выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, этнографа і публіцыста XX стагоддзя Вацлава Ластоўскага асвяцілі на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Асвяціў крыж святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч. На гэтую цырымонію запрашаліся таксама прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі і Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Аднак яны не прыйшлі. Крыж вышынёй 5 метраў зроблены з моранага дуба і пакрыты мастацкай разьбой. Яго аўтары - кіраўнік партызанскай рады ТБМ г. Менска Алесь Цыркуноў і разьбяр Юры Камандзірчык. Знак уяўляе сабой шасціканцовы крыж белага колеру. На верхнім промні крыжа намаляваны гістарычны герб "Пагоня", у цэнтры - укрыжаваны Хрыстос. На бакавых промнях - элементы беларускага нацыянальнага арнаменту. Ніжэй за распяцце выразаны бюст Ластоўскага. Мастак Алесь Цыркуноў адзначыў, што крыж усталяваны ў памяць не толькі Ластоўскага, але і ўсіх яго паплечнікаў.

- Гэты крыж патрэбны нашаму народу. Падобныя знакі неабходны, бо калі іх не будзе, зачахне вера народа ў тое, што ёсць гэтая інтэлігенцыя, ёсць людзі, якія могуць штосьці ахвярна рабіць. Гэты крыж - помнік Ластоўскаму і яго ахвярнасці. Вацлаў Ластоўскі быў актывістам Беларускай сацыялістычнай грамады з`яўляўся старшынём кабінета міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ластоўскі - незалежнік, выступаў супраць савецкай улады і польскай акупацыі. Двойчы, у 1930 і 1937 гадах, Ластоўскі арыштоўваўся. Пасля першага арышту быў сасланы на пяць гадоў у Саратаў (Расея), пасля другога - прыгавораны да расстрэлу як "агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі".

Паводле БелаПАН.


Міколу Лавіцкаму - 70

Мікола Емяльянавіч ЛАВІЦКІ нарадзіўся 26 красавіка 1946 г. у вёсцы Бабаедава Сеннецкага раёна Віцебскай вобласці, журналіст. Скончыў школу майстроў Менскага аўтазавода, Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ, аддзяленне журналістыкі.

Сын чыгуначніка. Скончыўшы прафесійна-тэхнічнае вучылішча, на 35 гадоў звязаў сваю працоўную біяграфію з Менскім аўтамабільным заводам. Пачаўшы працоўную кар'еру кавалём-штампоўшчыкам, асвоіў прафесіі тэрміста, слесара-электрыка, вывучыўся на майстра ліцейнай вытворчасці. Займаў пасады намесніка начальніка аддзела аховы працы Менскага аўтамабільнага завода і вытворчага аб'яднання "БелаўтаМАЗ".

Актыўны член прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, старшыня прафсаюзнага камітэта аўтамабільнай вытворчасці і намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта вытворчага аб'яднання "БелаўтаМАЗ". За сваю актыўную дзейнасць двойчы трапляў пад скарачэнні, але аднаўляўся на працы дзякуючы прафсаюзнай салідарнасці.

Акрамя рабочых прафесій, прафесіі майстра ліцейнай вытворчасці атрымаў дыплом журналіста, друкаваўся ў газетах "Звязда", "Народная газета", "Народная воля", "Наша слова" і інш. У 2006-2011 гг. выдаў тры зборнікі сваіх твораў.

Прайшоўшы ў свой час службу ў Савецкай Арміі, лейтэнант запасу Мікола Лавіцкі, разам з сябрамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў у 1992 г. на плошчы перад Домам ураду прыняў ганаровую прысягу на вернасць незалежнай Беларусі.

З моманту заснавання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны стаў актыўным сябрам гэтай арганізацыі. Каля 10 гадоў узначальваў арганізацыю ТБМ у Заводскім раёне г. Менска, быў першым намеснікам старшыні ТБМ і тройчы - старшынём рэвізійнай камісіі Таварыства.

З 1995 года з'яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

Віншуючы Вас з днём нараджэння, Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя "Нашага слова" жадаюць Вам, шаноўны Мікалай Емяльянавіч, добрага здароўя, бадзёрага настрою, жадання ды сілаў і надалей служыць роднай Беларусі.

Сто гадоў!


Юрасю Бабічу - 50

Шаноўная рэдакцыя газеты "Наша слова"! З розных куткоў Віцебшчыны ляцяць да вас віншаванні для Юрыя Міхайлавіча Бабіча, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М. Машэрава. 7-га траўня ён адзначае сваё 50-годдзе. Па літаратурнай традыцыі Віцебскай зямлі, нарадзіўся нават ананімны верш, які хоць і не дацягвае да легендарнага "Тараса на Парнасе", напісаны шчыра і з любоўю да шаноўнага юбіляра:

Ці знаў з вас, братцы, хто Юрася,

што ў Віцебску на "Праўды" жыў?

Цікавы чалавек і варты,

каб верш хто пра яго злажыў.

Хлапец з Глыбоцкага раёна, закончыў БДПУ (і сёння памятаюць таго студэнта, з усмешкаю прывітанні шлюць).

Пісаць складана пра Юрася,

бо ён - сапраўдны брыліянт,

і граняў у яго так многа -

напішаш цэлы фаліянт!

Бо ён - і заўзятар спартыўны,

яшчэ і ўзорны сем'янін,

сярод калег аўтарытэтны,

любімы бацька, клапатлівы сын.

Ён - знаўца гамы каляровай,

на свеце ён такі адзін!

У таварыстве мовы роднай

абласны ён - старшыня!

Заўсёды ён у нас актыўны,

без працы не сядзіць і дня.

Вясёлы, кемлівы, дасціпны,

прыемны твар, шыкоўны вус,

Юры Міхайлавіч сумленны, шчыры,

паглядзь - сапраўдны беларус!

Сядзяць студэнткі з заміраннем сэрца,

калі заходзіць на заняткі ён,

пачуўшы: "Прошэ сядаць" і "Дзень добры", -

аж вочкі апускаюць дол…

А ўсё таму, што наш пан Бабіч -

патрабавальны наўчыцель.

Старанна дзеўкі "ензык польскі" вучаць,

хоць заўтра на Варшаву едзь!

Прабачце, што мы пасягнулі,

не меўшы таленту, на верш,

так хочацца павіншаваць героя,

ну проста на кавалкі рэж!

Надарылася такое свята ў траўні,

наш пан святкуе паўвякі

гадоў пражытых, несумненна, з плёнам

для беларускае зямлі!

Яму мы шчыра шчасця пажадаем,

каб здаровым яшчэ 100 пражыў!

Багата жыў у беларускай Беларусі,

і ні пра што ніколі не тужыў!

Даслала Кацярына Півавар.

(Працяг тэмы на ст. 4.)


Той, хто не дазволіў утварыць пустэльню на Палессі

80-гадовы юбілей будзе адзначаць 5 траўня публіцыст і пісьменнік Васіль Цімафеевіч Якавенка. Будучы літаратар нарадзіўся ў вёсцы Пажыхар Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Яго пяру належаць публіцыстычныя аповесці, экалагічныя нарысы, п'есы і раман-эпапея " Пакутны век". Кнігі публіцыстыкі Васіля Якавенкі "Другой зямлі не будзе", "Крушэнне над ростанню, "Прывіды Шанхая над Свілаччу", "Нячывелле" прысвечаны хвалюючым тэмам: экалогіі, ядзернай бяспецы, захаванню архітэктурнай спадчыны, абароне роднай мовы. З 1991 года Васіль Якавенка ўзначальвае Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль".

У кнізе "Прывіды Шанхая над Свілаччу" адлюстравана хроніка шырокіх грамадскіх кампаній і іх вынікі. Заслугоўвае вялікай павагі мужнасць, прынцыповая пазіцыя аўтара і калектыва паплечнікаў, вера ў магчымасць паўплываць на лёс краіны і перамяніць яго да лепшага. Трылогія В. Якавенкі "Пакутны век" - праўдзівы, пабудаваны на рэалістычных фактах твор, яго героі - жывыя людзі рэальных падзей. Лёс Пятра, Барыса і Ганны Рамановічаў прасочваецца паралельна з падзеямі, важнымі для ўсёй краіны. Сярод персанажаў выступаюць гістарычныя асобы: Раман Скірмунт, Васіль Захарка, Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Барыс Кіт.

Аўтарская атмасфера ў пісьменніка дабразычлівая, спагадлівая, прачулая ў дачыненні да чалавека і прыроды. Пісьменнік не аднойчы выступаў на грамадскіх пляцоўках Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, руху "За свабоду", удзельнічаў у Быкаўскіх святах у Бычках. Мы сустрэліся з Васілём Цімафеевічам напярэдадні яго юбілею.

- Раскажыце, калі ласка, якія выразныя ўспаміны засталіся ў Вас з дзяцінства? Як Вы з сям'ёй ператрывалі вайну?

- Мы жылі ў вёсцы Пажыхар. Я помню, як пачалася вайна, на захадзе сонца людзі сабраліся з вялікай трывогай і са скрухай, неспакоем на тварах, глядзелі ў неба. У 1942-тым годзе памятаю, як немцы ішлі па вёсцы ў вялікі мароз, яны былі абгорнутыя шэрымі хусткамі, паверх ботаў у іх былі лапці. Праз запацелае шкло я бачыў немцаў і назіраў за імі.

У 1943 годзе паведамілі, што вёску збіраюцца спаліць, бо яна знаходзілася ў партызанскай зоне. Бургамістр паспеў папярэдзіць, што праз гадзіны дзве прыдуць карнікі. Людзі схапілі ўсё, што маглі і рынуліся ўцякаць ў балота на выспы. Раніцай басанож мы ішлі па доўгай шаўкавістай траве. Тыдзень-два сядзелі ў балоце, жылі ў куранях, як немцы адышлі - пачалі вяртацца. З 30-ці хат захавалася адна. Але ў спаленыя вёскі карнікі не вярталіся.

Абодва мае браты і сястра засталіся жывыя. У канцы 1943 года падчас Дняпроўскай аперацыі савецкія войскі пачалі вызваляць наш раён. Падчас бамбёжак мы хаваліся пад мостам. Усё дрыжэла, гулі самалёты.

Мой бацька быў мабілізаваны, пад Арлом трапіў у акружэнне, вярнуўся на радзіму, купіў дом у Васілевічах, і мы ў 1943 годзе пераехалі туды. У 1944-тым я пайшоў у першы клас Васілевіцкай сярэдняй школы. Пасля вайны бацька ўладкаваўся на чыгунку, маці працавала ў калгасе. Дзяцінства маё прайшло ў Васілевічах, недалёка ад нас гадаваўся Іван Навуменка…

Дужа соладка рабілася на душы, калі якую заметку ці верш надрукуюць "Піянер Беларусі" ці " Зорка". Пісаў я вершы, дасылаў вершаваныя загадкі. Сярод іншых чытаў Максіма Горкага " У людзях". Кніга падштурхнула мяне абраць такую прафесію, каб паездзіць па свеце, сустрэцца з людзьмі. На вочы трапілася аб'яўка пра набор на вучобу ў геолагаразведку.

- Які досвед застаўся ў Вас ад працы геолага?

- Я паступіў у Менскі індустрыяльны тэхнікум, скончыў яго праз чатыры гады, набыў прафесію геолагаразведчыка. Пасля арміі вярнуўся, працаваў летам на вялікім тарфяным масіве ў Васілевічах. Восенню падаўся ў Паўночна-Заходнюю экспедыцыю па вышуку нярудных матэрыялаў (гліны, крэйды, мергеляў і іншых) і займаўся гэтым да 60-тых гадоў. Давялося працаваць у Мазырскай канторы глыбокага бурэння на нафту, меў справу з кернам, апісваў яго. У тым годзе, у 1964-тым, калі памерла маці, пад Рэчыцай адкрылі нафту, забіў фантан.

У Менску, як сябар літаб'яднання, я ўладкаваўся з дапамогай франтавіка і паэта Пятра Валкадаева. Пайшоў працаваць на Беларускае радыё ў рэдакцыю прамысловых перадач. Пастаянна пісаў для часопіса "Полымя". Мае літаратурныя нарысы былі адметныя адкрытым характарам, уздымам праблем. У 1972 годзе мяне запрасіў Іван Чыгрынаў перайсці ў "Полымя" на пасаду загадчыка аддзела публіцыстыкі. Я адчуваў беларускую глебу, але пісаў яшчэ па-руску. Я баяўся, што тая мова, якую я чуў у Васілевічах, была дыялектнай, але прыкладаў намаганні, каб пашырыць моўны запас. У хуткім часе мяне паслалі ў Докшыцкі раён напісаць нарыс пра мясцовую гераіню Марыю Крышталевіч. Яе лёс лёг у аснову аповесці "Пакуль сонца ў зеніце". Докшыцкі раён быў дужа камяністым, яго хацелі засадзіць лесам, высяліць адтуль людзей і такім чынам вырашыць эканамічную праблему. Але Марыя Крышталевіч, якая ў свой час была партызанскай сувязной, падняла мясцовых жыхароў на барацьбу з каменнем. Людзі праявілі высокую рупнасць, яны ўскочвалі камяні на валакушы і выцягвалі іх з палёў. Крушні гэтых камянёў цягнуліся абапал дарогі. Ураджайнасць на палях рэзка павысілася, людзі праявілі сябе як выдатныя хлебаробы. Гэта быў пасляваенны калектыўны подзвіг.

У адным з эпізодаў я перадаў сустрэчу гераіні з Машэравым. Перачытаўшы шмат матэрыялаў пра нарады Машэрава, я па інтуіцыі апісаў той эпізод. Пятро Міронавіч ухваліў маю аповесць і пажадаў мне далейшых поспехаў. Аповесць надрукаваў часопіс " Полымя". Кніжку перавыдалі ў Маскве накладам 100.000 асобнікаў.

- Вам удалося ўзняць і вырашыць важныя экалагічныя праблемы.

- Неўзабаве мяне выбралі старшынём камісіі па публіцыстыцы. Сабраўшыся з нашымі літаратарамі, мы вызначылі стрыжнявую тэму - экалагічную. Тады вельмі востра стаяла праблема з меліярацыяй. У некаторых вёсках знікала вада ў калодзежах. І мы адчувалі бяду ў тым, што праводзілася работа па асушэнні шырокай Прыпяцкай поймы. У 1988 годзе мы зрабілі некалькі выездаў на Ясельду, на Прыпяць. У экспедыцыі ўдзельнічалі нашы пісьменнікі і публіцысты. Падрыхтавалі міжрэспубліканскую канферэнцыю па абвалаванні Прыпяці і асушэнні пойменных зямель, у якой узялі ўдзел украінскія пісьменнікі, вучоныя і гідрагеолагі, усяго каля 300 удзельнікаў. З прывітальным словам на ёй выступіў Ніл Гілевіч. Актыўна ўдзельнічаў Аляксандр Петрашкевіч. Прысутнічалі два акадэмікі - Іван Ліштван і Скарапалаў.

Тэма была вельмі актуальная, ва ўсіх на слыху, прысутнічалі тры міністры: воднай, лясной і сельскай гаспадаркі. Я прачытаў востры даклад па меліярацыйных праблемах і разварушыў залу. Канферэнцыя цягнулася 12 гадзін. Старшыня Дзяржкамітэта па праблемах экалогіі і прыродных рэсурсаў прыняў наш бок і дапамог нам скласці выніковую пастанову, якая ставіла крыж на праекце абвалавання Прыпяці і асушэння ўсіх пойменных земляў. Акадэмікі і пісьменнікі падпісалі нашу пастанову. Але праект па асушэнні тым часам ужо распачаўся і выконваўся на Ясельдзе.

Я сабраў матэрыялы канферэнцыі і разаслаў у ЦК партыі, у Саўмін, па абкамах партыі. На трэці дзень намеснік старшыні Савета Міністраў спыніў фінансаванне гэтага праекту, абсёк грамадную армію экскаватараў, тэхнікі і бульдозераў. Работы спыняліся. 32 аб'екты асушэння мы вырвалі з рук меліяратараў. Гэта была вялікая перамога! Калі б гэта ўсё зрабілі, была б ужо сапраўдная пустэльня на Палессі. Чарнобыль тады ўжо здарыўся, але інфармацыю пра наступствы аварыі прыхоўвалі. Пасля канферэнцыі мы вярнуліся да праблем Чарнобыля.

- З 1991 года Вы з'яўляецеся прэзідэнтам Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюз "Чарнобыль". З чаго Вы пачыналі?

- Па маёй ініцыятыве і пад маім кіраўніцтвам быў створаны саюз, і тут жа мы стварылі газету " Набат." Разам з нашымі японскімі партнёрамі мы адкрылі санаторый для аздараўлення дзяцей. Каля пяці гадоў мы арэндавалі корпус у Стайках на медыцынскай базе. Наш санаторый быў адным з лепшых у рэспубліцы па аднаўленні імуннай сістэмы ў дзяцей, што было прызнана Міністэрствам аховы здароўя.

- У газеце "Набат" з Вамі супрацоўнічалі Міхась Малько, Віктар Дземянёў, Марыя Філіповіч, Валер Санько, Валеры Дранчук і іншыя журналісты.

- Газета была зубастая. Яна шырока распаўсюджвалася па Савецкім Саюзе. Яна мела розгалас, таму што была гранічна праўдзівай, адкрытай, прынцыповай і друкавала тое, што ні адна з газет не змяшчала. З Камчаткі, Комі АССР, з Украіны пісалі нам лісты. Гэта было яркае полымя, ад якога разыходзілася святло. Мы завяршылі сваю набатаўскую гісторыю тым, што паказалі, як Чарнобыльскае міністэрства няўдала працуе і пускае грошы на вецер. Міністр Кенік падаў на нас у суд. Суд мы выйгралі, бо далучылі матэрыялы праверкі Белдзяржкантролю, міністр забраў сваю позву, але газету мы закрылі, таму што не было сродкаў далей яе друкаваць. У тыя гады, загружаныя грамадскай работай, я пачаў падрыхтоўку новага рамана.

- Кнігу " Пакутны век" называюць беларускай "Вайной і мірам", па кнізе прайшла міжнародная чытацкая канферэнцыя. Адна з вашых гераінь, Марыя Дзямковіч шмат дапамагала беларускім дзецям пасля Чарнобыля. Як Вы з ёй сустрэліся ўпершыню?

- Мы пазнаёміліся з Марыяй Барысаўнай ў ЗША. У 1990-1992 гадах я быў у камандзіроўцы ў Злучыных Штатах па лініі Саўміна і прадстаўляў за мяжой дайджэст газеты " Набат". На сустрэчах і выступленнях з амерыканцамі мы акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці дапамогі Беларусі пасля Чарнобыля. У свеце лічылі, што больш пацярпела ад аварыі Украіна, і туды накіроўвалася дапамога ў мільярдных памерах. У шпіталі я сустрэў доктара-кардыёлага Марыю Дзямковіч, якая збірала і перасылала лекі для чарнобыльскіх дзяцей. Яна распавяла мне пра лёс сваёй сям'і. З асаблівым жалем яна гаварыла пра гісторыю дзеда Пятра, які загінуў у 1943 годзе. Вярнуўшыся на Беларусь, я паехаў у Моталь, распытаў мясцовых жыхароў, наведаў могілкі, аднавіў гісторыю роду і паклаў яе ў аснову кнігі, якая мела назву "Надлом" і выйшла ў 2003 годзе ў залатой серыі "Беларускі гістарычны раман". Мы надрукавалі раман дзякуючы кіраўніку Беллітфонду Кастусю Цвірку. У кнізе апісваліся людзі, характары, лёсы беларусаў. Кніжка карысталася вялікім поспехам. Праз некаторы час мне патэлефанаваў Васіль Быкаў.

- Васілёк, віншую цябе з новым раманам, я вельмі рады за цябе! - сказаў ён. Праз некалькі гадоў я пашырыў змест твора. Трылогія "Пакутны век" выходзіла ў 2006 - 2009 гадах. У мінулым годзе ў Санкт-Пецярбурзе кніга выйшла на рускай мове пад назвай "Надлом. Кручина вековая". Кніга атрымала прызнанне чытачоў, можа і нехта з эшэлонаў улады гэта зразумее.

З Барысам Кітам я пазнаёміўся ўжо пасля выхаду кнігі "Надлом", калі суправаджаў адну з груп дзяцей, якія ехалі на аздараўленне ў Нямеччыну. Мне хацелася, каб Кіт быў адным з герояў трылогіі. Зараз яму 106 гадоў.

- У 2015 годзе Вы выдалі брашуру "Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве", якая асвятляе ўмовы, варункі і варыянты сацыяльна-палітычнага і нацыянальнага развіцця ў дзяржаве на прыкладзе Беларусі і іншых краін.

- Я падарыў вялікую колькасць асобнікаў Нацыянальнай бібліятэцы. У 2013 годзе я выступаў з дакладам пра беларускага філосафа Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага (1923-2013), шматгранна адоранага чалавека, даследчыка прадмета філасофіі, культуралогіі, глыбокага аналітыка. Яму я прысвяціў гэтую брашуру.

Галоўны скарб Беларусі - гэта яе жыхары, таленавітыя, добразычлівыя, кемныя. Мы павінны берагчы сваю культуру, рашуча захоўваць сваю самаідэнтычнасць, развіваць самасвядомасць. Паводле думкі філосафа Леаніда Яўменава, чалавек з нерэалізаванымі, збедненымі правамі ўяўляе сабой нешта такое, што не мае стану асабістай адказнасці і не нясе на сябе абавязкаў, а наадварот, з'яўляецца ў стане нарастання сацыяльнай пасіўнасці і штодзённай агрэсіўнасці, распаду, дэградацыі.

- Вы абдумваеце цяпер старонкі новага твора? Хто будуць яго галоўныя героі?

-Так. Ён будзе мець умоўную назву "Тарнада на зямлі і ў космасе". У ім таксама прысутнічаюць тэмы нацыянальнай гісторыі, свядомасці, дасягненняў у навуцы. Адной з яго гераінь будзе вучоная, якая паспяхова займалася кібернэтыкай у нас на Беларусі, яе завуць Святлана Новікава. Яна была кіраўніцай Інстытута матэматыкі і кібернэтыкі, які дзейнічаў як грамадская арганізацыя, але меў прызнанне ў свеце. Імя і дасягненні яе былі незаслужана адрынуты ў апошнія гады яе жыцця.

Што датычыцца падзей у космасе, то я звязваўся з нашымі касманаўтамі Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам. Алег Навіцкі параіў мне неведаць Зорны гарадок, і я мару пра гэта, каб даставерна апісаць абстаноўку Цэнтра па падрыхтоўцы касманаўтаў.

- Адна з Вашых кніг носіць прысвячэнне Вашай жонцы Ларысе. Раскажыце, калі ласка, пра Вашу спадарожніцу і палечніцу. Ці мае яна таксама схільнасці да літаратурнай дзейнасці?

- Мая жонка Ларыса Мацвееўна - медык і фізіёлаг. Яна была ў свой час старшым навуковым супрацоўнікам у акадэмічнай групе прафесара Мікалая Місюка ў даследваннях, звязаных з праблемай інсультаў. Працавала яна і ў 9-тай клініцы Менска, а свой шлях пачынала з медсястры 1-ай клінінічнай бальніцы. Дзе б яна ні працавала, яе вельмі паважалі. Дасціпная, усебакова адукаваная, з пачуццём гумару, з інтуіцыяй да фразы і тэксту, яна шмат дапамагала мне ў справах, з ёй - заўсёды добра.

Мацвей Іванавіч, яе бацька, быў камандзірам аднаго з лепшых у партызанскіх атрадаў на Любаньшчыне. Баявыя дзеянні ў іх былі на самым высокім узроўні, а ў спакойны час яны дапамагалі сялянам сеяць. Ларыса Мацвееўна нарадзілася як раз на Буйніцкім полі ў 1941 годзе.

Склалася добрая сям'я, у нас дзве дачкі - Алена і Наталля. Дачка Наталля ў 1995 годзе скончыла беларускае аддзяленне філфака БДУ, у 1998 - аспірантуру, у 2002 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах мастацкага перакладу, вучыцца трэці год ў дактарантуры Акадэміі Навук.

Гутарыла Эла Дзвінская.


Навіны Германіі: У Менску прэзентавалі кнігу "Філасофія дабрыні. Ад катастрофы - да сада надзеі"

29 красавіка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча "Філасофія дабрыні. Ад катастрофы - да сада надзеі". Яна выйшла пры падтрымцы амбасады Германіі ў Беларусі. Кніга прысвечана памяці стваральніка Беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзя Грушавога.

Адкрываючы імпрэзу, амбасадар Германіі ў Беларусі Петар Дэтмар сказаў, што праз 30 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС кніга "падводзіць баланс той дапамогі, якая паступіла з Германіі ў Беларусь, з розных акругаў, па розных матывах і ў вельмі шырокім маштабе" .

- Перад абліччам Чарнобыльскай катастрофы ў Германіі была праяўлена гатоўнасць аказаць дапамогу, размах якой унікальны. Адзінай мэтай гэтага парыву было і застаецца па сённяшні дзень - жаданне дапамагчы людзям у вашай краіне пераадолець наступствы катастрофы і ў іх імкненні да лепшай будучыні.

У сваім выступе паэт Уладзімір Някляеў адзначыў, што дзякуючы Германіі паўстаў фонд Генадзя Грушавога.

- Я дзякую амаль што ўсім краінам ЕС, і толькі не магу падзякаваць уласнай краіне - на той час Савецкаму Саюзу, а пазней Рэспубліцы Беларусь. Бо тое, што рабілася адразу пасля Чарнобыльскай катастрофы, інакш як злачынствам у адносінах да свайго народа, да сваёй зямлі назваць нельга.

Яшчэ да выхаду кнігі Радыё Свабода пагутарыла з Аляксандрам Тамковічам.

- Спадар Аляксандар, дапамогу пацярпелым ад Чарнобыля аказвалі і аказваюць шмат краін. Чаму вы пішаце менавіта пра Германію?

- Калісьці існавала міжнародная асацыяцыя чарнобыльскіх ініцыятыў. Туды ўваходзілі прадстаўнікі 21 краіны. Усяго было 610 замежных чарнобыльскіх ініцыятыў, але каля 300 з іх былі ў Германіі. Гэтая краіна была першай, хто прапанаваў дапамогу і хто даў яе Беларусі найбольш. Там жа нарадзілася ідэя Міжнароднага чарнобыльскага руху. Мая кніга - гэта спроба сказаць дзякуй немцам. У нас на дзяржаўным узроўні шырока святкуецца гадавіна Перамогі, гэта свята, у кантэксце якога немцы - гэта захопнікі і акупанты. Але няправільна ўспрымаць немцаў толькі ў сувязі з Другой усясветнай вайной. Ёсць іншая дата, і мы павінны яе ведаць. Я хачу стварыць іншы вобраз немцаў - нацыі, якая неабыякава паставілася да чарнобыльскага гора беларусаў.

- Чаму вы ўзяліся за гэтую кнігу? Напэўна, была асабістая прычына?

- У 1996 годзе дабрачынны фонд "Дзецям Чарнобыля" каля сабора Усіх Тужлівых Радасць пасадзіў сад. Гэта было прымеркавана да 10-годдзя катастрофы. Пасля смерці Генадзя Грушавога, які прысвяціў вялікую частку свайго жыцця дапамозе чарнобыльцам, ад святароў царквы была ініцыятыва называць гэты сад імем Грушавога. Ідэя напісаць кнігу была ў мяне вельмі даўно, я сябраваў з Грушавым і заўсёды казаў яму, што трэба, каб пра яго дзейнасць і дзейнасць яго паплечнікаў засталася памяць. А зроблена шмат - 600 тысяч беларускіх дзетак з'ездзілі на аздараўленне. Гэта, па сутнасьці, цэлы горад. Апроч аздараўлення была безліч іншых праграмаў - моладзевых, жаночых, праграмаў для дактароў, для пажылых людзей. Зразумела, што варта было пра гэта напісаць. Я казаў Генадзю: "Трэба гэта зафіксаваць, бо іначай забудзецца". Але Грушавы заўсёды казаў: "Добра, добра", але рукі так і не даходзілі. Пасля Генадзь захварэў - анкалогія. Я зразумеў, што кнігу трэба пісаць і пісаць абавязкова. Але не дазвалялі абставіны: захварэла яго маці, затым здарыўся інфаркт, ну, а ў 2014 годзе Генадзь памёр. Я ўжо думаў ставіць крыж на праекце.

- Але вы не кінулі ідэю. Хто вам дапамог, калі не стала Грушавога?

- Мяне вельмі ўразіла Ірына Грушавая. Яна ўзяла на сябе вялікую працу для таго, каб праект быў запушчаны. Мы звярнуліся ў амбасаду Германіі і прапанавалі зрабіць кнігу - два погляды на адзін боль. Каб туды ўвайшоў погляд чарнобыльскіх рэгіёнаў і погляд з Германіі: тыя, каму дапамагалі, і тыя, хто дапамагаў. Немцам ідэя спадабалася. У выніку, дзякуючы нямецкай амбасадзе, я праехаў 4,5 тысячы кіламетраў па чарнобыльскіх рэгіёнах.

- Хто аўтары кнігі?

- Усяго атрымалася 42 артыкулы. Сярод аўтараў Святлана Алексіевіч, Уладзімір Някляеў, Юры Хашчавацкі, Валярына Кустава, Генадзь Кеснер, Сяргей Ваганаў, Алесь Марачкін, журналісты Радыё Свабода Алена Панкратава і Алесь Дашчынскі. Увогуле, сабралася вельмі прыстойная кампанія. Пісалі маналогі, нарысы, падарожныя нататкі, інтэрвію.

Падчас імпрэзы ўспамінамі дзяліліся тыя, хто браў удзел у працы фонду Грушавога. Валянціна Смольнікава назвала кнігу Тамковіча "Чарнобыльскай бібліяй".

Паводле

Радыё Свабода.


Паэзія Купалы ў песенным цыкле " Малітва"

Вершы Янкі Купалы - празрыстыя, светлыя, неўміручыя. Яны як струменьчыкі святла, якія падымаюцца ад зямлі да нябёсаў, і так лёгка кладуцца на музыку, бо гучыць унутры іх свая мелодыя.

Сапраўдным святам беларускай песні стаў новы песенны цыкл "Малітва" на вершы Янкі Купалы, які прадставіў наведвальнікам Белдзяржфілармоніі на сваёй творчай вечарыне кампазітар Алег Моўчан.

Частка песень была напісана ім ў 80-тыя гады, калі кампазітар плённа супрацоўнічаў з ансамблем "Песняры". Харавы цыкл "Я нясу вам дар", створаны ў 1986 годзе, зрабіўся хрэстаматыйным у асяроддзі акадэмічных музыкантаў і адным з найбольш часта выконваных твораў. А песня "Малітва" стала адной з самых пранікнёных лірыка-патрыятычных песень аб нашай краіне. На аўтарскім канцэрце кампазітара прагучалі новыя песні на вершы Купалы - "Дзве таполі", "Раманс да N". Удала атрымаліся музычна-паэтычныя замалёўкі з народнага жыцця - "Благая жонка", "Дзевачкі-любачкі" і этнаграфічныя карцінкі "Маладым на вяселле", "Карчма", "Аўтару дудкі беларускай".

Лёгка і арганічна ўпляліся галасы цымбалаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча ў мелодыю твораў. Харэаграфічны ансамбль "Харошкі" дадаў праграме каларыту і яскравасці танцамі і бела-чырвонымі строямі, сцэну ўпрыгожвалі слуцкія паясы.

Неўміручыя вершы Янкі Купалы заклікаюць да абуджэння, да духоўнага адраджэння. Узнёсла і шчыра выканала творы "Мая песня", "У зялёным садочку", "Родныя песні" вакальная група "Чысты голас" пад кіраўніцтвам Валерыя Прыгуна.

"Песня мая не ўзышла сярод кветак,

Кветак цвітучага вечна паўдня…

Поўначы сумнай забыты палетак

Даў ёй жыццё пасярод палыння.

Пушча і ночка яе гадавалі,

Няньчылі казкамі долі нямой,

Дождж і расіца вясною купалі,

Снежныя буры тулілі зімой."

Слухачы цёпла віталі прадстаўнікоў калектыва "Песняры" часоў Уладзіміра Мулявіна - Леаніда Барткевіча, Уладзімір Ткачэнку, Анатоля Кашапарава, Вадзіма Касенку. Лаўрэат нацыянальнай музычнай прэміі Ірына Відава выдатна выканала песні на вершы народнага песняра, а таксама новы твор на словы А. Ліпая "Карабель маёй краіны".

Эла Дзвінская. 1. Кампазітар Алег Моўчан. 2. Выступае аркестр імя І. Жыновіча.


"Лідскае. Легенда" з беларускамоўнай этыкеткай

У юбілейны для сябе год (140-годдзе) ААТ "Лідскае піва" выпусціла новы флагманскі прадукт - піва "Лiдскае. Легенда".

Новы прадукт прысвечаны заснавальніку прадпрыемства Носелю Пупко.

"Лiдскае. Легенда" - светлае піва з мяккім смакам, прыемным хмелевым водарам і лёгкім саладовым паслясмакам. У лінейцы гатункаў брэнду "Лідскае" падобнага па балансе піва да 2016 года не было: усе напоі сыходзілі ў бок лёгкасці або паўнаты, або павышанага ўтрымання алкаголю.

Пры варэнні выкарыстоўваўся нізавы спосаб закісання. "Лiдскае. Легенда" цалкам адпавядае нямецкаму закону аб чысціні піваварства: у склад уваходзяць толькі традыцыйныя інгрэдыенты без замутняльнікаў, кансервантаў і стабілізатараў.

Разліў "Лiдскага. Легенды" пачаўся 15 красавіка. А на прылаўках першая партыя новага прадукту з'явілася 19 красавіка. Каштаваць яно мае парадку 15 000 рублёў за 0,5 літра ў шкляной бутэльцы. Таксама "Лiдскае. Легенда" будзе выпускацца ў ПЭТ-упакоўцы 1 і 1,5 літра. У новым лагатыпе ААТ "Лідскае піва" сфакусавалася на назове і сімвале кампаніі - алені. Этыкетка флагманскага прадукта - беларускамоўная , на левым баку бутэлькі тэхналагічныя надпісы на дзвюх мовах - беларускай і рускай, што можна разглядаць, як крок насустрач грамадскасці.

- Сёння наша задача - нагадаць беларусам, што кожны можа стаць легендай. Галоўнае - захацець! - кажа гендырэктар "Лідскага піва" Аўдрыюс Мікшыс.

Новы фірмовы стыль будзе выкарыстаны для гатункаў ўсёй лінейкі брэнду "Лідскае", абяцаюць на прадпрыемстве.

Радыё Рацыя.


Афіцыйная беларускамоўная адукацыя на Лідчыне пачыналася са Зблянаў

Ці ведае хто з вас, паважаныя чытачы, калі на тэрыторыі Лідчыны была адкрыта першая афіцыйная беларуская школа?.. Аказваецца, сто гадоў назад, у разгар Першай сусветнай вайны, у Зблянах , на той час вельмі вялікай вёсцы. Гэты юбілей лідская грамадскасць не абышла ўвагай. "Афіцыйнай беларускай школе на Лідчыне - 100 год" - менавіта так гучала тэма навукова-практычнай канферэнцыі "IV Лідскія чытанні", якая адбылася 27 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, і на якую былі запрошаны гісторыкі, краязнаўцы, музейныя работнікі, настаўнікі, метадысты, навучэнцы. На працягу трох гадзін гаворка вялася не толькі аб гісторыі беларускай школы ў нашым рэгіёне, але і ўвогуле аб гісторыі ўстаноў адукацыі на Лідчыне.

Аб перадумовах і пачатку беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі і на Лідчыне ў прыватнасці расказаў у сваім дакладзе краязнавец, паэт, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік . Ён падкрэсліў, што ўсе тры першыя беларускамоўныя кнігі для школ, якія выйшлі ў 1905-1906 гг. - два буквары ("лемантары") і "Першае чытанне для дзетак беларусаў" - былі створаны аўтарамі, якія мелі прамое дачыненне да Лідчыны. Так, аўтар першага буквара Вацлаў Іваноўскі і аўтар "Першага чытання для дзетак беларусаў" Алаіза Пашкевіч (Цётка) - ураджэнцы Лідскага павета, аўтар другога буквара Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) падчас напісання лемантара жыў з сям'ёй і працаваў у Лідзе. Алаіза Пашкевіч і яшчэ адна лідзянка - Сабіна Іваноўская - прымалі ўдзел і ў заснаванні ў лістападзе 1915 года ў Вільні першай афіцыйнай беларускай школы. Першай жа афіцыйнай беларускай школай на Лідскай зямлі была школа ў Зблянах, якая адкрылася на некалькі тыдняў пазней. З гісторыяй гэтай школы прысутных азнаёміў краязнавец Леанід Лаўрэш .

Захавальнік фондаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Хацяновіч на падставе дакументаў з фондаў музея правяла экскурс у гісторыю ўстаноў адукацыі на Лідчыне пачатку і 1-й паловы XX стагоддзя. Аб адной з гэтых устаноў - жаночай гімназіі Навіцкіх у Лідзе - асобна распавёў настаўнік гісторыі Ліцэя №1 Іосіф Залескі .

З цікавасцю слухала аўдыторыя і даклады, якія тычыліся гісторыі асобных сельскіх школ Лідчыны: Запольскай (дакладчык - навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун ), Дзітрыкаўскай (дакладчык - найстарэйшы краязнавец Лідчыны Мікалай Дзікевіч ), Ганчарскай (дакладчык - краязнавец Віктар Кудла ), Бердаўскай (дакладчык - настаўніца Бердаўскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Галіна Альшэўская ).

Па тэме "Сучасны стан беларускамоўнага выкладання ў Лідскім раёне" выступіла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Ціховіч . Алена Вацлаваўна адзначыла, што працэнт вучняў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове, на Лідчыне пакуль што невысокі. Немалаважную ролю ў гэтым пытанні адыгрывае і жаданне бацькоў (альбо нежаданне) аддаваць сваіх дзяцей вучыцца ў беларускамоўны клас. Аднак кожная школа па-свойму імкнецца папулярызаваць беларускую мову: праз Тыдні беларускай мовы, культурныя мерапрыемствы, якія тычацца беларускай культуры, святкаванне Дня роднай мовы і Дня беларускага пісьменства, сустрэчы з беларускамоўнымі паэтамі і пісьменнікамі і г. д.

Завяршыў чытанні актор Алег Лазоўскі мастацкім выкананнем "Балады пра беларускую школу" Станіслава Судніка.

Усе даклады, якія прагучалі ў ходзе канферэнцыі, бібліятэка плануе выпусціць у канцы года асобным зборнікам, які будзе цікавым і карысным дапаможнікам для даследчыкаў і ўвогуле для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй развіцця адукацыі на Лідчыне, яе беларускамоўным аспектам.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Віцебцы - Юрасю Бабічу да юбілею

Ганна Махлінец (Мельнікава) , настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Мёрскі раён, выпускніца ВДУ 2011 г.: "Пазнаёмілася ўпершыню з Юрыем Міхайлавічам на занятках польскай мовы. Спачатку ўразіў сваёй усмешкай. Выкладчык настолькі дакладна і даходліва распавядаў, што адразу ўсё запаміналася. Было сорамна прыйсці на заняткі непадрыхтаванай! А пачуццё гумару якое! Потым мне пашанцавала працаваць з выкладчыкам над курсавой працай..., і ад яго я больш не адлучалася: навуковыя працы, дыпломная праца і магістарская дысертацыя… Мне вельмі пашанцавала! Гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы! Ён заўсёды даваў разумныя і дакладныя парады! Ды што там: гэта мой самы любімы выкладчык!

Паважаны Юрый Міхайлавіч! Віншую Вас з Днём нараджэння і жадаю шмат гадоў! Святочнага настрою, Выдатных перамог! Няхай заўсёды над галавою будзе яснае неба, жыццё няхай цячэ ракою без трывогі і клопатаў. Дзякуй Вам за усё!"

Стась Сілка , музыкант, выпускнік гістарычнага факультэта 2016 г.: "З Юрыем Міхайлавічам пазнаёміліся, калі я вучыўся на першым курсе гістарычнага факультэта ВДУ імя Машэрава. Ён вёў у мяне спецтэрміналогію на беларускай мове. Я быў уражаны ім: чалавек абсалютнай волі, быў аўтарытэтным нават для тых, хто да беларускай мовы ставіцца скептычна. Як выкладчык і мужчына можа быць узорам.

Хацелася б пажадаць спадару Бабічу добрага настрою, захаваць унутраны спакой, а таксама адэкватных студэнтаў, якім было б можна перадаць свае веды!"

Святлана Лясовіч , дацэнт кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выпускніца ВДУ 2002 г.: "Юрый Міхайлавіч кіраваў маёй навуковай працай, пачынаючы з 3-га курса, калі мы ўпершыню пісалі курсавую работу. У той жа год вывучалі з Юрыем Міхайлавічам марфалогію сучаснай беларускай мовы і культуру мовы. Гэта былі фантастычныя лекцыі, калі мы, акрамя лінгвістычнай інфармацыі, пашыралі свой кругагляд звесткамі, хто такія мікада і кулі, дзе знаходзіцца Самалі (пры вывучэнні нескланяльных назоўнікаў). Усе чакалі новых пытанняў з надзеяй зарабіць хоць 10% заліку. Мала каму шанцавала. Лагічны працяг курсавой атрымаўся ў дыпломнай, а пасля і ў кандыдацкай дысертацыі. З усіх прывабных рысаў Юрыя Міхайлавіча мне больш за ўсё імпанавалі выдатнае пачуццё гумару і прынцыповасць. Юрый Міхайлавіч - самы лепшы навуковы кіраўнік! Не ведаю, як у яго гэта атрымлівалася, але пасля яго далікатных і разам з тым бязлітасна трапных іранічных заўваг па напісаным мною тэксце адразу хацелася ліць слёзы роспачы, а пасля бегчы ўсё перапісваць згодна з заўвагамі.

Шчыра жадаю моцнага здароўя, каб заставацца невычэрпнай крыніцай беларускай дасціпнасці і прынцыповасці на доўгія гады, бошьш прыемных і светлых момантаў, навуковага плёну і вялікага чалавечага шчасця!"

Ірына Грумандзь , паэтэса, выпускніца ВДУ 2008 г.: "Юрый Міхайлавіч у нас выкладаў польскую мову. Гэта, канешне, было запамінальна. Але асабіста з ім я больш кантактавала, калі працавала ў "Мы і час", а менавіта ўступіла ў віцебскую філію ТБМ пасля вандроўкі з магілёўскімі ТБМ-аўцамі. Канешне, я жадаю юбіляру ўсяго найлепшага і найперш заставацца цікавай асобай, якой ён ёсць!"

Антон Арцямёнак , настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА "Сярэдняя школа № 12 г. Віцебска", выпускнік ВДУ 2015 г.: "Юрася Міхайлавіча ведаю ўсё свядомае жыццё, пры гэтым шчыра ганаруся, што з'яўляюся ягоным сябрам. Перакананы, спадар Юрась - узор сапраўднага беларуса. Ягоная самаадданасць на выкладчыцкай ніве, любоў да сям'і, сяброў і родных, жыццёвая няўрымслівасць і бязмежная павага да роднай зямлі ды гісторыі, робяць з шаноўнага Юрася Міхайлавіча Героя нашага часу.

Андрэй Шчарбіцкі , выпускнік ВДУ 2016 г.: "Пазнаёміўся з Юрыем Міхайлавічам на першым курсе, калі ён прыйшоў да нас у групу ў якасці куратара. Праз некаторы час ён прапанаваў уступіць у ТБМ. Кантактавалі, як правіла, на занятках і падчас дзейнасці ў таварыстве: сустрэчы на гарадской радзе, паездкі ў Полацк і Менск на з'езды ТБМ. Пазней выявілася, што мы землякі. На другім курсе ездзілі з ім на дыялекталагічную практыку. Гэта быў вясёлы і незабыўны час. Потым з'явіліся курсы польскай мовы, якую выкладае Юрый Міхайлавіч. Шчыра кажучы, адной з прычынаў пайсці на курсы было ў тым ліку і тое, што выкладаць будзе менавіта Ю.М., бо ён цудоўны выкладчык. Заўсёды да месца пажартуе і дасціпна рэагуе на адказы студэнтаў, умее даходліва падаць матэрыял. Незабыўнай была паездку ў Зялёную Гуру (Польшча). Там яшчэ лепш у нефармальнай абстаноўцы пазнаў яго, бо разам жылі ў адным пакоі. Сярод рысаў характару магу адзначыць праўдзівасць ("Праўда, праўда і нічога акрамя праўды" - яго словы), аб'ектыўнасць, справядлівасць, дасціпнасць і красамоўнасць, пастаянная мера такту.

Усяго найлепшага вам, Юрый Міхайлавіч! Няхай шчасціць на пакручыстых дарогах жыцця. Бясконцага Вам аптымізму, добрых студэнтаў і здароўя вам і вашым сваякам. Sto lat!"


700-годдзе Літоўска-Наваградскай мітраполіі

У сярэдзіне XIII ст. мангола-татары здратавалі Кіеўскую Русь. Падчас татарскага нашэсця былі спалены гарады, разбураны храмы і манастыры, насельніцтва было перабіта або ратавалася ў лясах, а моладзь выведзена ў палон. Пры спусташэнні татарамі Кіева згінуў без вестак мітрапаліт Іосіф, ён быў забіты ці вярнуўся да сябе на радзіму ў Візантыю. Кафедра мітрапаліта пуставала. Скарыстаўся гэтым становішчам холмскі епіскап Іоасаф, ён абвясціў сябе мітрапалітам кіеўскім. Аднак галіцкі князь Данііл Раманавіч, у валадарствах якога знаходзілася епіскапія Іоасафа, адабраў у яго епіскапію. Далей, у 1242 г., князь Данііл абраў на мітрапалічы пасад нейкага Кірыла, верагодна аднаго з ігуменаў мясцовых манастыроў, і даручыў яму кіраванне Кіеўскай мітраполіяй, у 1250 г. патрыярх высвяціў яго на кіеўскую кафедру. Кірыл не пасяліўся ў Кіеве, дзе была яго кафедра, а адправіўся ў горад Уладзімір-на-Клязьме. Вялікім князем тут быў Аляксандр Яраславіч, які ўгаварыў мітрапаліта Кірыла пасяліцца ў сваім горадзе і ўладкаваць тут сваю кафедру.

Пасля скону мітрапаліта Кірыла ў 1281 г. яго пераемнікам стаў мітрапаліт Максім, грэк, ён сканаў у 1305 г. Кіеў і Галіцыя былі вельмі незадаволеныя перасяленнем мітрапаліта на паўночны ўсход. Незадаволены гэтым былі і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Кіеў быў святым горадам, і таму лічылася, што мітрапаліт павінен мець сваёй сталіцай Кіеў і жыць у ім. Таму галіцка-валынскі князь Юры Львовіч звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха з просьбай прызначыць адмысловага кіеўскага мітрапаліта. Пра гэта ён прасіў і візантыйскага імператара. Патрыярх Афанасій I і імператар Андранік Старэйшы Палеолаг выканалі просьбу Юрыя Львовіча і ў 1303 г. узвялі ў сан мітрапаліта для Галіча мясцовага біскупа Ніфонта, верагодна грэка па нацыянальнасці. Галіцкая мітраполія склалася з сямі епархій якія знаходзіліся ў Валынска-Галіцкім княстве і ў Беларусі.

Калі мітрапаліт Ніфонт неўзабаве памёр, князь Юры Львовіч адправіў у Канстанцінопаль для прызначэння ў сан мітрапаліта свайго выбранніка ігумена манастыра Пятра. У той жа час у Канстанцінопаль для прызначэння мітрапалітам "усяе Русі" прыбыў стаўленік цвярскога князя Міхаіла Гяронцій. Патрыярх прыняў абодвух кандыдатаў і ў 1308 г. высвяціў Пятра не для Галіча, як таго жадаў князь Юры, а для ўсёй Русі, а Гяронцію адмовіў. З-за палітычных складанасцяў Пётр пасяліўся ў Маскве. З часам тут утварыўся новы царкоўны цэнтр. Жывучы ў Маскве, мітрапаліты працягвалі зваць сябе тытулам "Кіеўскі і ўсяе Русі". З кананічнага пункта гледжання самавольнае перанясенне епіскапскай кафедры ў іншы горад забараняецца царкоўнымі правіламі (гэта забараніў Карфагенскі сабор правілам 71 (82)). Згодна з гэтым правіламі, мітрапаліт Пётр не павінны быў перасяляцца з Кіева ў Маскву.

Невядома калі ідэя высвячэння літоўскага мітрапаліта ўпершыню абмяркоўвалася візантыйскімі ўладамі, або калі яе прапанавалі вялікія князі ВКЛ (Віцень ці Гедзімін), але царкоўны разлад заахвоціў вялікага князя літоўскага прасіць канстанцінопальскага патрыярха заснаваць у яго дзяржаве адмысловую мітраполію. Прафесар Е. Галубінскі пісаў, што "ў адным са спісаў каталога архірэйскіх кафедраў, складзенага пры імператары Андраніку Палеолагу Старэйшым (1282-1328), чытаецца гістарычная заўвага, што Літва … зроблена адмысловай мітраполіяй пры згаданым імператары Андраніку і пры патрыярху Яну Глікісу". Патрыярх Ян XIII Глікіс (Салодкі) заняў пасад патрыярха ў траўні 1315 г. Літоўская мітраполія атрымала нумар 82 і таму з'явілася пасля Галіцыйскай правінцыі, якая мела нумар 81 і была заснавана ў 1303 г. Аўтар кнігі "Уздым Літвы" С. Роўэл лічыць тэрмінам заснавання Літоўскай мітраполіі прамежак паміж траўнем 1315 г. - жніўнем 1317 г. Кіраўнік Літоўскай мітраполіі быў, верагодна, высвечаны каля 1316 г., амаль адразу пасля таго, як Ян Глікіс стаў патрыярхам. Гэтага ж меркавання прытрымліваецца большасць навукоўцаў (але называюцца таксама 1317 і 1291 гг.).

Літоўскі мітрапаліт упершыню ўзгадваецца ў жніўні 1317 г. Ён, без пазначэння імя, прысутнічае ў пратаколах канстанцінопальскага патрыярха як удзельнік дыскусіі ў сінодзе наконт межаў некаторых візантыйскіх мітраполій. Гісторыя не захавала імя першага літоўскага мітрапаліта. Але маюцца гістарычныя нататкі ў патрыяршых актах, пра тое, што ў 1329 г. літоўскі мітрапаліт Феафіл засядаў на Канстанцінопальскім саборы. Гэта дае падставу меркаваць, што першым літоўскім мітрапалітам як раз і быў Феафіл, прысвечаны патрыярхам з грэцкага духавенства. Верагодна, у тым жа, ці напачатку наступнага года, ён памёр, бо яго імя больш не згадваецца ў актах патрыярхіі. У летапісах прысутнічае эпізод пра луцкага князя Любарта Гедзімінавіча, які самавольна захапіў маёмасць літоўскага мітрапаліта Феафіла, і мітрапаліт кіевамаскоўскі Феагност прыязджаў у 1331 г. на Валынь адбіраць гэтую маёмасць. Гэты гістарычны факт паказвае, што мітрапаліт Феафіл жыў у сваёй Літоўскай мітраполіі і меў тут маёмасць, якая, зразумела, належала царкве.

Пасля скону мітрапаліта Феафіла канстанцінопальскі патрыярх не прызначыў больш мітрапаліта ў Літву.

Прафесар Карташоў пісаў, што ў патрыяршым спісе архірэйскіх кафедраў часоў імператара Андраніка Старэйшага маецца нататка адносна Літоўскай мітраполіі наступнага зместу: "Гэта мітраполія адзін раз заснаваная пры імператары Андраніку Старэйшым, які ахвотна ўзводзіў епіскапіі на ступень мітраполій, потым цалкам скасавана, часткова таму, што ў Літве хрысціян занадта мала, часткова таму, што гэты народ па суседстве з Русю можа быць кіраваны рускім мітрапалітам" . З гэтага дакумента відаць, што маскоўскі мітрапаліт Феагност і Іван Каліта багатымі падарункамі здолелі пераканаць патрыярха закрыць Літоўскую мітраполію на той падставе, што ў ёй мала праваслаўных хрысціян.

Наваградак у XIII ст. асацыяваўся з велікакняскай уладай і таму быў выбраны рэзідэнцыяй для новага мітрапаліта, чыімі суфраганамі сталі тураўскі і полацкі епіскапы. Наогул, Наваградак з'яўляўся найважнейшым цэнтрам хрысціянства ў нашым рэгіёне. Ужо ў ХІІ ст. у горадзе мелася Барысаглебская царква, Успенская (Замкавая) царква заснавана ў ХIV ст. На 1323 г. у ВКЛ існавалі толькі тры каталіцкія храмы - з іх два ў Вільні і адзін у Наваградку. Па некаторых звестках, першы (Францысканскі) касцёл у Наваградку з'явіўся яшчэ пры Віцені. Менавіта тут была закладзена першая ў межах сучаснай Беларусі каталіцкая парафія. Пасля ж стварэння ў 1316 г. Літоўскай мітраполіі, нягледзячы на яе хуткае скасаванне, Наваградак на два стагоддзі становіцца царкоўна-рэлігійным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага і ператвараецца ў буйны ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя.

Леанід Лаўрэш


Конкурс чытальнікаў у Віцебску

21 красавіка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава прайшоў арганізаваны абласной радай ТБМ і філалагічным факультэтам конкурс чытальнікаў беларускамоўнай паэзіі "Слова роднае, непаўторнае…". Асноўная мэта названай акцыі - папулярызацыя роднага беларускага слова, зацікаўленне вучняў, студэнтаў беларускай паэтычнай спадчынай, развіццё моўна-эстэтычнага густу. Імпрэза адбылася ў межах ужо традыцыйнага філфакаўскага "Тыдня пазнання і творчасці".

Гэтым разам удзел у творчым мерапрыемстве прынялі каля пяцідзесяці вучняў віцебскіх школ і гімназій, а так-сам студэнты. Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях: індывідуальнае выкананне твораў і прэзентацыя літаратурна-музычных кампазіцый.

У складзе журы былі сябры ТБМ, выкладчыкі кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ, а таксама студэнты. І перад журы паўстала сапраўды няпростая задача - абраць найлепшых. Бо ўзровень выканальніцкага майстэрства быў насамрэч высокі, што вельмі парадавала ўсіх прысутных: выкладчыкаў, настаўнікаў-філолагаў, студэнтаў ды і саміх вучняў.

А найлепш свае ўменні і здольнасці ў прэзентацыі паэтычных твораў сярод індывідуальных выканаўцаў паказалі вучаніца 10 класа ДУА "Сярэдняя школа № 15 г. Віцебска" Ксенія Кіркіж, вучаніца 9 класа ДУА "Сярэдняя школа № 4 г. Віцебска" Валерыя Курс, вучань 8 класа ДУА "Сярэдняя школа №15 г. Віцебска" Арцём Міхальчанка і вучань 9 класа ДУА "Гімназія № 1 г. Віцебска" Захар Ігнаценка.

Сярод выканаўцаў літаратурна-музычных кампазіцый перамаглі вучні ДУА "Сярэдняя школа № 33 г. Віцебска" з тэмай "Усё пачынаецца з любові" і вучні ДУА "Сярэдняя школа № 42 г. Віцебска" з тэмай "Маленне прычыстае жыць / На шляху да Кахання".

Падчас урачыстага закрыцця "Тыдня пазнання і творчасці" пераможцы прынялі ўдзел у гала-канцэрце, атрымалі Дыпломы ад філалагічнага факультэта і Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ, а таксама памятныя сувеніры. Дарэчы, сувеніры прадаставіла кіраўніцтва ТБМ, за што нашая асаблівая падзяка сп. Алегу Трусаву і сп-ні Алене Анісім.

Мяркуецца, што конкурс чытальнікаў будзе традыцыйна праводзіцца Віцебскай абласной арганізацыяй ТБМ у супрацоўніцтве з філалагічным факультэтам ВДУ імя П.М. Машэрава. Тым больш што цікавасць да названай імпрэзы з боку вучняў гарадскіх школ і гімназій сапраўды вялікая.

Юрась Бабіч , старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


На месцы перамогі паўстанцаў Каліноўскага пад Баранавічамі ўсталявалі мемарыяльны валун

Каля вёскі Мілавіды (цяпер Баранавіцкі раён) 3 чэрвеня 1863 года адбылася найбольшая ў час нацыянальна-вызвольнага паўстання Каліноўскага бітва інсургентаў з царскімі войскамі.

Рэгулярным расейскім часткам супрацьстаялі злучаныя сілы гарадзенскага, наваградскага, пружанскага, ваўкавыскага і слонімскага паўстанцкіх аддзелаў на чале з Аляксандрам Лянкевічам.

Паўстанцы адбілі ўсе атакі і, такім чынам, засталіся пераможцамі. Калі назаўтра атакі карнікаў аднавіліся, іх сустрэў пусты пакінуты лагер. Пра тую перамогу нашчадкам нагадвала капліца-помнік і ўсталяваны ў 1990 г. камень з мемарыльнай плітой.

Днямі на месцы бітвы з'явіўся новы мемарыяльны валун, на якім увекавечаныя імёны паўстанцкіх камандзіраў а таксама змешчаны медальён з партрэтам Кастуся Каліноўскага, які напярэдадні бітвы інспектаваў лагер інсургентаў.

Радыё Рацыя.


Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар - трэнінг "Зняцце маскі рыгіднага". 06.04.2016 а 18-ай

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88, х.тэл. (+375 17) 231-44-35

МТС (+375 29) 769-29-78, velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе вул. Румянцава, 13.

Наступныя заняткі - 13.05.16


У вянок памяці Уладзіміра Содаля

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Генеральнаму сакратару Цэнтральнага камітэта КПСС таварышу Гарбачову Міхаілу Сяргеевічу

Паважаны Міхаіл Сяргеевіч!

Звяртаемся да Вас па пытанні, якое нас вельмі хвалюе - аб лёсе беларускай мовы. У цяперашні час, час абнаўлення ва ўсіх сферах жыцця грамадства, час пераасэнсавання нашых дасягненняў, недахопаў і памылак, пытанні гарманічнага і паўнакроўнага развіцця нацыянальнай культуры і мовы вымагаюць асаблівай увагі.

Мова - душа народа, найвышэйшая праява яго культурнай самабытнасці, аснова паўнацэннага духоўнага існавання. Пакуль жыве родная мова, жыве, мае гістарычную перспектыву і народ. З яе заняпадам чэзне, дэградуе культура, народ перастае існаваць як нацыянальны гістарычны арганізм, як неацэнная складовая часціна зямной цывілізацыі.

Мова нашага народа прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Былі ў яе перыяды і заняпаду, і росквіту. Вырасшы з агульных усходнеславянскіх каранёў, набыўшы непаўторныя, адметныя рысы, яна дастойна служыла нашаму народу - мела статус дзяржаўнай мовы ў буйной сярэднявечнай дзяржаве, горда прагучала са старонак першай друкаванай усходнеславянскай кнігі, дала свету выдатныя ўзоры беларускай літаратуры. А ў ліхія часіны забаранялася, бэсцілася прыгнятальнікамі, паланізатарамі і русіфікатарамі ўсіх масцей.

Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла шырокія магчымасці для развіцця беларускай мовы і культуры. Значныя поспехі ў гэтай справе былі дасягнуты ў першае дзесяцігоддзе Савецкай улады. Кампартыя і ўрад Беларусі, кіруючыся ленінскімі прынцыпамі і карэннымі інтарэсамі народа, правялі ў 20-я гады беларусізацыю ўсіх сфер жыцця грамадства - дзяржаўнага і партыйнага апарату, школ, універсітэта і іншых навучальных і навуковых устаноў, што карэнным чынам паспрыяла росквіту беларускай савецкай культуры і росту свядомасці шырокіх народных масаў.

Але адступленні ў часы культу асобы ад ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, вульгарна-сацыялагічны падыход у вырашэнні складных задач развіцця літаратуры і мастацтва і, урэшце, рэпрэсіі ў дачыненні да нацыянальных кадраў інтэлігенцыі ў 30-я гады нанеслі беларускай культуры непапраўныя страты. Апошняя вайна давяршыла разбуральны працэс.

Нягледзячы на ўсё гэта, яшчэ цэлае дзесяцігоддзе пасля вайны на ўсёй тэрыторыі рэспублікі існавала шырокая сетка школ на роднай мове. З сярэдзіны 50-х гадоў, у часы валюнтарызму, інтэнсіўна ліквідаваліся беларускія школы ў гарадах, шэраг беларускіх перыядычных выданняў быў пераведзены на рускую мову, родная мова была выціснута амаль з усіх сфер жыцця грамадства.

У апошнія два дзесяцігоддзі гэты працэс паглыбляўся. Становішча з беларускімі школамі ў сельскай мясцовасці значна пагоршылася. Цяпер яны часта з'яўляюцца беларускімі толькі намінальна, бо большасць прадметаў, асабліва ў старэйшых класах, выкладаецца па-руску. Сотні вясковых школ ужо афіцыйна пераведзены на рускую мову навучання. Катастрафічна змяншаецца і колькасць вучняў, што навучаюцца ў беларускіх школах. Так, у 1983 г. у першы клас з беларускай мовай навучання прыйшлі, мяркуючы па тыражы "Буквара", 44 тыс. вучняў, а ў 1986 г. - толькі 34 тыс., што складае каля 25% ад агульнай колькасці першакласнікаў-сямігодкаў, г. зн. сёлета толькі чвэрць усіх першакласнікаў рэспублікі пайшлі ў школу з беларускім букваром.

Да таго ж у навучанні на беларускай мове ў сістэме народнай адукацыі няма ніякай пераемнасці. У занядбаным стане знаходзіцца дашкольнае выхаванне на роднай мове. Беларускамоўныя ВНУ, тэхнікумы, вучылішчы адсутнічаюць. Вось ужо некалькі дзесяткаў гадоў педагагічныя інстытуты рэспублікі не займаюцца падрыхтоўкай настаўніцкіх кадраў спецыяльна для школ з беларускай мовай навучання.

Яскрава паказвае стан роднай мовы ў БССР кнігавыдавецкая справа. Дастаткова сказаць, што ўдзельная вага мастацкай літаратуры (па друкаваных аркушах-адбітках), якую выпускаюць рэспубліканскія выдавецтвы на рускай мове, павялічылася з 89,9% ў 1981 г. да 95,3% (!) ў 1984 г. Практычна няма ў нас і кінематографа на роднай мове. Беларуская мова як рабочая мова і мова справаводства амаль не ўжываецца ні ў партыйных, ні ў савецкіх, ні ў дзяржаўных органах і ўстановах рэспублікі.

Апошнімі часамі як рэакцыя на такое становіша назіраецца прыкметны рост нацыянальнай самасвядомасці. Гэта ў сваю чаргу выклікае адмоўную рэакцыю з боку бюракратыі. Асоб, якія карыстаюцца роднай мовай, нярэдка аўтаматычна залічваюць у "нацыяналісты". Таму нават проста паслядоўнае карыстанне беларускай мовай патрабуе пэўнай грамадзянскай мужнасці.

Мы перажываем складаны перыяд у гісторыі беларускага народа, калі неабходны рашучыя захады па выратаванні (менавіта выратаванні, бо асобныя меры павярхоўна-касметычнага характару становішча не паправяць) роднай мовы, роднай культуры, а значыцца, беларускага народа ад духоўнага вымірання. Для гэтага трэба ажыццявіць у першую чаргу наступныя мерапрыемствы:

А) Распачаць паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў якасці рабочай мовы ў партыйныя, дзяржаўныя (перш за ўсё гэта датычыць міністэрстваў асветы, культуры, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сувязі, дзяржазных камітэтаў па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, па кінематаграфіі, па тэлебачанні і радыёвяшчанні, Акадэміі навук) і савецкія органы і ўстановы рэспублікі;

Б) Устанавіць абавязковы выпускны экзамен па беларускай мове і літаратуры (сачыненне) у сярэдняй школе і па беларускай мове (дыктант) у васьмігадовай (няпоўнай сярэдняй) школе, незалежна ад таго, на якой мове вядзецца навучанне ў гэтых школах;

В) Устанавіць абавязковы для ўсіх абітурыентаў (акрамя тых, хто прыехаў з-за межаў БССР і СССР) уступны экзамен па беларускай мове і літаратуры (сачыненне) ва ўсіх вышэйшых навучальных установах і па беларускай мове (дыктант) у сярэдніх спецыяльных навучальных установах (тэхнікумах) рэспублікі.

Беларуская мова з'яўляецца адной з асноў існавання дзяржаўнасці беларускага народа, і таму яна павінна ахоўвацца спецыяльнымі заканадаўчымі актамі. Яе ўжыванне ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця павінна забяспечвацца і стымулявацца ўсеабдымным комплексам мерапрыемстваў, арганічную частку якіх складаюць і мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні ("Комплекс прапаноў па карэнным паляпшэнні становішча роднай мовы, культуры і патрыятычнага выхавання ў Беларускай ССР" на 4 старонках прыкладаецца). Мы лічым, што перадумовай ажыццяўлення гэтых мерапрыемстваў з'яўляецца абнаўленне кадраў, не зацікаўленых у развіцці культуры і адукацыі на беларускай мове, у Міністэрстве асветы, Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Міністэрстве культуры, Дзяржкамвыдзе, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё Беларускай СССР.

Паважаны Міхаіл Сяргеевіч! Мы не прыбягалі ў гэтым лісце да цытавання вядомых меркаванняў выбітных мысляроў аб развіцці нацыянальных культур і моваў, сцверджанняў на гэты конт класікаў марксізму, мудрых выказванняў В. І. Леніна, таксама не сталі спасылацца і на агульнавядомыя праграмныя дакументы партыйных з'ездаў па гэтым пытанні. Мы пастараліся выкласці факты і нашыя меркаванні аб захадах, на нашую думку, неабходных для выпраўлення наяўнага стану роднай мовы ў рэспубліцы.

Нашыя прапановы (натуральна, далёкія ад вычарпальнасці), прадстаўленыя ў дадатку, грунтуюцца на існуючых ў рэспубліцы рэаліях і выкліканыя адсутнасцю тых неабходных складнікаў, што жывяць кожную развітую культуру, кожную нацыянальную мову.

Мы ўпэўненыя, што выкладзеныя намі праблемы сустрэнуць Вашае разуменне, спадзяемся на Ваш асабісты ўдзел і падтрымку ў іх вырашэнні. Мяркуем, што гэты ліст можа выклікаць зацікаўленасць і быць карысным у дзейнасці будучага пленума ЦК КПСС па ідэалагічнай рабоце.

Мы перакананыя, што толькі па-ленінску мудрае, справядлівае вырашэнне пытанняў узаемадзеяння культур і моў, сапраўдная, рэальна забяспечаная іх раўнапраўнасць, усебаковае і паўнакроўнае развіццё - гарантыя сапраўды інтэрнацыяналісцкіх адносінаў паміж народамі нашай краіны, сапраўднага сяброўства і ўзаемаразумення.

З глыбокай павагай,

1. Содаль У. І. , член Саюза журналістаў СССР, рэдактар тэлечасопіса "Роднае слова" Гостэлерадыё БССР;

2. Мірачыцкі Л. П. , кандыдат гістарычных навук;

3. Маркавец В. П ., член Саюза мастакоў СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі;

4. Каханоўскі Г. А. , член Саюза пісьменнікаў СССР, кандыдат гістарычных навук;

5. Кулік Я. С ., член Саюза мастакоў СССР;

6. Лецка Я. Р. , член Саюза пісьменнікаў СССР, кандыдат філалагічных навук;

7. Рашчынскі А. У. , член Саюза кампазітараў СССР;

8. Лаўрэль Я. М. , старшы навуковы супрацоўнік НДІ педагогікі Міністэрства асветы БССР;

9. Лыч Л. М. , кандыдат гістарычных навук;

10. Зайкоўскі Э. М. , кандыдат гістарычных навук;

11. Вярэніч В. Л. , кандыдат філалагічных навук;

12. Талстой В. С. , кандыдат гістарычных навук;

13. Арочка М. М. , доктар філалагічных навук, вядучы спецыяліст інстытута літаратуры АН БССР, член Саюза пісьменнікаў СССР;

14. Разанаў А. С. , член Саюза пісьменнікаў БССР;

15. Шчамялёў Л. Д. , народны мастак БССР, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР;

16. Конан У. М. , доктар філасофскіх навук, вядучы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР, член Саюза пісьменнікаў СССР;

17. Барадулін Р. І. , член Саюза пісьменнікаў СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі;

18. Панчанка П. Е. , народны паэт БССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР;

19. Быкаў В. У. , народны пісьменнік БССР, лаўрэат Ленінскай прэміі;

20. Дудараў А. А. , член Саюза пісьменнікаў СССР, член Саюза тэатральных дзеячоў СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу;

21. Адамчык В. У. , член Саюза пісьменнікаў СССР, лаўрэат літаратурнай прэміі імя І. Мележа;

22. Вітка Васіль , член Саюза пісьменнікаў СССР, заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат міжнароднай прэміі Г.-К. Андэрсена;

23. Станюта С. М. , народная артыстка БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР;

24. Лужанін Максім , член Саюза пісьменнікаў СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Я. Коласа;

25. Агуновіч Э. К ., член Саюза мастакоў СССР, заслужаны работнік культуры БССР;

26. Пархоменка В. В. , заслужаная артыстка БССР, лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады, дыпламант Усясветнага фестывалю моладзі і студэнтаў;

27. Кудравец А. П. , член Саюза пісьменнікаў СССР, галоўны рэдактар часопіса "Нёман";

28. Брыль Янка , народны піьсменнік БССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Я. Коласа.

15 снежня 1986 г.г. Мінск.

Дадатак

Комплекс прапаноў па карэнным паляпшэнні становішча роднай мовы, культуры і патрыятычнага выхавання ў Беларускай ССР

1. У галіне ідэйна-выхаваўчай работы

- Партыйным і камсамольскім работнікам у органах друку і ў вусных выступленнях, лектарам у сістэме палітычнай асветы, прапагандыстам паказваць і падкрэсліваць значэнне роднай мовы ў выхаванні савецкага патрыятызму;

- Шырока выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі для азнаямлення насельніцтва рэспублікі з багатымі традыцыямі беларускай культуры, слаўнай і трагічнай гісторыяй народа, паказваць багацце і прыгажосць роднай мовы;

- Праводзіць настойлівую тлумачальную работу сярод моладзі па прапагандзе фальклору як антыподу буржуазнай масавай культуры, памятаючы, што самай дзейснай прапагандай з'яўляецца далучэнне моладзі як вясковай, так і гарадской, да традыцый народнай культуры.

2. У галіне народнай адукацыі

- Павінен захоўвацца найважнейшы прынцып - моўная пераемнасць у сістэме народнай асветы і вышэйшай (а таксама сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай) адукацыі; асвета на роднай мове не можа нармальна развівацца пры адсутнасці дашкольнага выхавання і вышэйшай школы на роднай мове;

- Перавесці дашкольныя дзіцячыя ўстановы на беларускую мову: у сельскай мясцовасці - усе, у гарадах і гарадскіх пасёлках - у колькасці, прапарцыянальнай нацыянальнаму складу насельніцтва;

- Распрацаваць праграмы і метадычныя рэкамендацыі для беларускамоўных дашкольных устаноў, а таксама для дашкольных устаноў з рускай мовай навучання з улікам спецыфікі рэспублікі;

- Забяспечыць дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў дастатковай колькасці кніжкамі-карцінкамі, гульнямі, грампласцінкамі з запісамі дзіцячых песень, вершаў і казак, дыяфільмамі і іншымі дапаможнікамі для выхаваўчай работы на беларускай мове;

- Перавесці ўсе школы ў сельскай мясцовасці на беларускую мову навучання, аднавіўшы ў першую чаргу выкладанне на роднай мове ў тых школах, якія цяпер з'яўляюцца беларускімі толькі намінальна;

- Адкрыць школы з беларускай мовай навучання ва ўсіх гарадах, гарадскіх пасёлках у колькасці, прапарцыянальнай нацыянальнаму складу насельніцтва;

- Увесці ў школах з рускай мовай навучання выкладанне беларускай мовы з першага класа;

- Стварыць новыя падручнікі (для малодшых і для старэйшых класаў) і кнігі для чытання па гісторыі Беларусі, дзе б аб'ектыўна асвятляліся гістарычныя падзеі, а таксама ўклад беларускага народа ў сусветную гісторыю і культуру;

- У школах з беларускай мовай навучання ўвесці выкладанне замежных моў на беларускай мове ў якасці дапаможнай; для гэтага стварыць і выдаць падручнікі па асноўных замежных мовах спецыяльна для гэтых школ, а таксама іншамоўна-беларускія і беларуска-іншамоўныя слоўнікі;

- Забяспечыць школы вучэбнымі, пазнавальнымі і навукова-папулярнымі дыяфільмамі і фільмамі, грампласцінкамі з запісамі мастацкіх твораў і іншымі дапаможнікамі на беларускай мове;

- Увесці ў школах з пятага класа ў якасці факультатыўнага прадмета дыялекталогію (у вясковых школах - з ухілам на мясцовыя гаворкі); падрыхтаваць і выдаць адпаведны дапаможнік;

- Стварыць навукова-метадычны часопіс "Беларуская мова і літаратура ў школе";

- Ажыццявіць перавод тэхнікумаў і вучылішчаў, у першую чаргу тых, якія рыхтуюць кадры для сістэмы асветы і культуры (педагагічныя, музычныя, мастацкія, культасветвучылішчы і інш.), а таксама для сельскай гаспадаркі, на беларускую мову выкладання;

- Перавесці ВНУ, якія рыхтуюць кадры для культуры (інстытут культуры, тэатральна-мастацкі інстытут, кансерваторыю), сельскай гаспадаркі, а таксама гуманітарныя факультэты ўніверсітэтаў на беларускую мову навучання; на астатніх факультэтах і ў іншых ВНУ стварыць беларускія аддзяленні;

- Ажыццявіць пераход на беларускую мову навучання ўсіх педагагічных інстытутаў рэспублікі, у тым ліку інстытута замежных моў;

- Арганізаваць шырокую сетку курсаў для падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў ў вывучэнні і ўдасканаленні ведання беларускай мовы; падрыхтаваць і выпусціць "Курс паскоранага вывучэння беларускай мовы" з камплектам грампласцінак, а таксама ў неабходнай колькасці тлумачальны слоўнік беларускай мовы, руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі.

3. У галіне навукі

- Ажыццявіць навуковыя распрацоўкі па ахове мовы ад неапраўданых іншамоўных запазычанняў, а таксама па развіцці беларускай мовы на ўласнай аснове ў адпаведнасці з развіццём навукі, тэхнікі і ўсіх сфер жыцця грамадства;

- Актывізаваць і пашырыць дыялекталагічныя даследаванні беларускай мовы, у прыватнасці ў вобласці народнай тэрміналогіі (тэхнічнай, астранамічнай, заалагічнай, батанічнай і г. д.) з далейшым выданнем адпаведных слоўнікаў;

- Шырэй разгарнуць даследаванні гісторыі беларускай культуры і літаратуры мінулых эпох; распачаць выданне серый "Помнікі беларускай мовы", "Помнікі беларускай літаратуры", "Помнікі грамадскай думкі Беларусі"(факсіміле, пры неабходнасці адаптацыя, каментарыі) і інш.

- Арганізоўваць рэгулярныя доўгатэрміновыя камандзіроўкі беларускіх вучоных - спецыялістаў па гісторыі Беларусі, гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мастацтва - у замежныя краіны для працы ў архівах і бібліятэках;

- Выдаваць кнігі навукоўцаў Аддзялення грамадскіх навук АН БССР (па гісторыі, філасофіі, праве, мастацтвазнаўстве і інш.), а таксама іншых аддзяленняў (па рэгіянальнай тэматыцы) на беларускай мове;

- Перавесці на беларускую мову ўсе серыі часопіса "Вестник БГУ им. В. И. Ленина" і часопіс "Здравоохранение Белоруссии"; прывесці ў адпаведнасць фактычную мову часопіса "Весці АН БССР" з той, якая называецца ў тэматычных планах, выдаваць усе серыі гэтага часопіса, як і аб'яўляецца, на беларускай мове.

4. У галіне кнігавыдання, культуры і мастацтва

- Наладзіць пастаянны выпуск на беларускай мове папулярных масавых выданняў (адрыўныя календары, кнігі па дамаводстве, кулінарыі, садоўніцтве, краязнаўстве, пра лекавыя расліны, грыбы і г. д., прыгодніцкая і навукова-фантастычная літаратура, слоўнік замежных слоў і інш.); спыніць існуючую практыку дубліравання цэнтральных выдавецтваў у выпуску гэтых кніг на рускай мове;

- Карэнным чынам змяніць адносіны да выдання перакладной літаратуры (мастацкай, папулярнай, навукова-пазнавальнай, навуковай, навукова-фантастычнай, дзіцячай і юнацкай) на беларускай мове; паставіць на дзяржаўную аснову падрыхтоўку кадраў перакладчыкаў з замежных моў і моў народаў СССР на беларускую; практыкаваць штогадовую стажыроўку маладых перакладчыкаў у замежных краінах і рэспубліках СССР; падрыхтаваць і выдаць вялікія іншамоўна-беларускія слоўнікі па ўсіх асноўных мовах свету і мовах народаў СССР; устанавіць літаратурную прэмію (напрыклад, імя М. Багдановіча) для перакладчыкаў на беларускую мову;

- Наладзіць выданне на беларускай мове падпісных "Бібліятэкі сусветнай класікі", "Бібліятэкі сусветнай дзіцячай літаратуры", збораў твораў класікаў сусветнай літаратуры;

- Стварыць рэспубліканскае выдавецтва "Мастацтва" з мэтай карэннага паляпшэння становішча ў справе папулярызацыі і прапаганды здабыткаў нацыянальнай культуры;

- Пастаянна прапагандаваць матэрыяльную і духоўную спадчыну беларускага народа; выдаваць манаграфіі і альбомы: "Слуцкія паясы", "Мініяцюры беларускіх рукапісных кніг", "Беларусь на старых гравюрах", "Мастацкія аздобы беларускіх старадрукаў", серыю альбомаў "Архітэктура Беларусі" (па розных эпохах і стылях), серыю альбомаў "Скарбы беларускай культуры ў музеях свету", альбомы класікаў беларускага выяўленчага мастацтва і інш., "Папулярную эныклапедыю старадаўняга беларускага мастацтва", "Папулярную энцыклапедыю гісторыі Беларусі", факсімільныя выданні рукапісных кніг і старадрукаў, найперш друкаваную спадчыну Ф. Скарыны, і г. д.;

- З мэтай прапаганды дасягненняў беларускай савецкай літаратуры і культуры, павелічэння ліку перакладчыкаў беларускай літаратуры на мовы народаў свету, пашырэння міжнародных культурных сувязей, арганізаваць штогадовы семінар для замежных перакладчыкаў з беларускай мовы; устанавіць для іх літаратурную прэмію (напрыклад, імя М. Гусоўскага); аналагічную прэмію ўстанавіць для перакладчыкаў з беларускай мовы на мовы народаў СССР;

- Выпусціць для распаўсюджвання за мяжою падручнік "Беларуская мова для небеларусаў" на англійскай, французскай, нямецкай, польскай, чэшскай, італьянскай, іспанскай, арабскай, хіндзі і іншых замежных мовах з камплектам грампласцінак і беларуска-іншамоўнымі слоўнікамі;

- Наладзіць у рэспубліцы выпуск грампласцінак з мэтаю карэннага паляпшэння прапаганды беларускай народнай і прафесійнай музыкі;

- Выпускаць мастацкія, мультыплікацыйныя, дакументальныя фільмы у рэспубліцы на беларускай мове, фільмы іншых кінастудый (савецкія і замежныя), якія паступаюць у рэспубліканскі кінапракат, дубліраваць на беларускую мову;

- Перавесці на беларускую мову работу тэатраў оперы і балету, музычнай камедыі, лялек, тэатра-студыі кінаакцёра, нядаўна створанага маладзёжнага тэатра, абласных тэатраў; стварыць рэспубліканскі літаратурны тэатр;

- Стварыць дзяржаўныя рэспубліканскія музеі: гістарычны, этнаграфіі, беларускага выяўленчага мастацтва (старажытнага і савецкага), дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, а таксама іх філіялы: драўлянай скульптуры, народнага жывапісу, кавальства, кафлі, слуцкіх паясоў, старадаўняй зброі, старадаўняга мастацкага шкла, гісторыі тэхнікі, навукі, медыцыны, тэатра і музычнай культуры Беларусі і інш.;

- Стварыць мемарыяльныя і гістарычна-мастацкія музеі (філіялы дзяржаўных музеяў): Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага, К. Лышчынскага, К. Семяновіча, Т. Касцюшкі, Т. Ваўжэцкага, М. Агінскага, К. Каліноўскага, Т. Макоўскага, А. Тарасевіча, Н. Орды, Ф. Рушчыца, Я. Драздовіча, С. Манюшкі, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Цёткі (А. Пашкевіч), М. Гарэцкага і іншых выдатных грамадскіх і культурных дзеячоў Беларусі;

- Стварыць у рэспубліцы - на радзіме ўсходнеславянскага першадрукара Ф. Скарыны - музей-бібліятэку скарбаў беларускай пісьменнасці паводле ўзору армянскага "Матэнадарана" з мэтай захавання, комплекснага вывучэння і ўвядзення ў навуковы ўжытак раскіданых па ўсім свеце беларускіх манускрыптаў і старадрукаў;

- Звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі з мэтаю вяртання ў Беларусь скарбаў дзяржаўных і прыватных музеяў і бібліятэк, якія ў выніку вялікадзяржаўнай палітыкі рускага царызму, а таксама ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі (пасля паўстанняў у XIX ст., падчас першай сусветнай вайны, белапольскай акупацыі, Вялікай Айчыннай вайны і інш.) апынуліся ў іншых рэспубліках і краінах.

5. У сістэме сродкаў масавай інфармацыі

- Наладзіць выданне на беларускай мове новых часопісаў: "Спадчына" (гістарычны навукова-мастацкі), "Веды і праца" (навукова-папулярны), "Далягляды" (замежная літаратура), "Юнацтва" (для школьнай моладзі), "Культура мовы", "Беларускае народнае мастацтва";

- Побач з выданнем рускамоўных рэспубліканскіх газет "Советская Белоруссия", "Знамя юности" и "Зорька" аднавіць выпуск на беларускай мове "Сельскай газеты", часопісаў "Камуніст Беларусі" і "Сельская гаспадарка Беларусі", абласных газет "Зара" (Брэст) і "Гродзенская праўда" (Гродна);

- Перавесці на беларускую мову часопісы і бюлетэні "Политинформатор и агитатор", "Народное хозяйство Белоруссии", "Сельское строительство Белоруссии", "Строительство и архитектура Белоруссии", "За безопасность движения"; газеты "Физкультурник Белоруссии", "Химик" (Наваполацк), ведамасныя газеты "Железнодорожник Белоруссии", "На страже Октября", "Речник Белоруссии", а таксама аб'яднаныя і раённыя газеты Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, якія цяпер выпускаюцца на рускай мове;

- Перавесці рэспубліканскую праграму тэлебачання цалкам на беларускую мову.


МАЛАДЫ КІРАЎНІК

Павел Міхайлавіч Сапоцька нарадзіўся 4 студзеня 1992 года ў г. Маладзечне.

Ягоны сваяк, ксёндз Міхал Сапоцька (1888-1975 гг.) жыў у горадзе Беластоку. Матуля - Алена Уладзіміраўна 1963 г.н. па адукацыі метролаг (закончыла політэхнічны каледж у г. Маладзечне). Яго бабуля Галіна Іванаўна 1939 г.н. Тата - Міхаіл Станіслававіч 1965 г.н. па адукацыі будаўнік (закончыў будаўнічую вучэльню). У сферу культуры Павел пайшоў у сям'і першым.

У 1998 годе пайшоў у школу, якую закончыў ў 2009 годзе і паступіў ва Універсітэт культуры і мастацтваў на кафедру "Менеджмент сацыяльна-культурнай сферы". Практыку праходзіў у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

У школе беларускай мовай зацікавіўся праз творчасць Васіля Жуковіча, калі быў на ягоным творчым вечары. Спадар Павел любіць збіраць аўтографы вядомых людзей. Сяргей Панізнік, Анатоль Бутэвіч, Васіль Жуковіч, Эдуард Ханок пакінулі подпісы ў яго ў нататніку.

У 2011- 2012 спадар Павел працаваў спецыялітам па сувязях з грамадскасцю ў "Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва". Старшыня праўлення Менскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд культуры", намеснік старшыні Дабрачыннага фонда "Спадчына Міхала Клефаса Агінскага". Удзельнік больш за 50 навукова-практычных канферэнцый і аўтар больш, чым 150 артыкулаў у друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі.

Узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзвюмя ганаровымі граматамі Беларускай праваслаўнай царквы, ганаровай граматай Беларускага саюза кампазітараў, падзякай рэктара Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, падзякай старшыні Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта, падзякай мэра Рэтаўскага самакіравання (Літва), падзякай рэктара Гжэльскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія), падзякай старшыні прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, падзякай амбасады Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, ганаровай граматай дабрачыннага фонду "Спадчына Міхала Клефаса Агінскага", ганаровай граматай гістарычна-культурнага фонду "Ляліва", ганаровай граматай менскага сходу нашчадкаў шляхты, падзякай прадусарскага цэнтра "JAZZ in MINSK", дыпломам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У 2014 годзе спадар Павел стаў пераможцам ў намінацыі "Арганізатар года", а ў 2015 годзе - пераможцам у намінацыі "Творчая асоба года"...

Трэба адзначыць, што магістр культуралогіі Павел Сапоцька паступіў у аспірантуру! Тэма дысертацыі "Рэпрэзентацыя гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі сацыяльна-культурнымі рэкламістамі". Кіраўнік працы - Аляксандр Іванавіч Смолік.

З 1 верасня 2015 года Павел Міхайлавіч Сапоцька стаў дырэктарам галерэі "Універсітэт культуры".

За гэты час адкрыта больш за 20 выставаў. Акрамя гэтага малады кіраўнік выкладае ўжо два гады на кафедры міжкультурных камунікацый роднай навучальнай установы!

24 красавіка 2015 года спадар Павел ажаніўся. Жонка Кацярына, 1994 года нараджэння, таксама нарадзілася ў г. Маладзечне. Атрымала адукацыю ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна.

Спадар Павел наведаў многія краіны (Украіну, Расію, Чэхію, Аўстрыю, Германію, Швецыю, Егіпет, Францыю, Нідэрланды, Латвію, Літву, Славакію і іншыя краіны), але кожны тыдзень бывае ў родным горадзе Маладзечне!

Павел Міхайлавіч марыць зрабіць вялікі ўнёсак у захаванне культурнай спадчыны Беларусі, у развіццё беларускай культуры. Мае ў думках шмат цікавых культурніцкіх праектаў і вялікае жаданне іх рэалізацыі!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.


РАМЕСНЫ ПАДВОРАК

Шчыра прымалі гасцей свята "Рамесны падворак" работнікі Ходараўскага Дома культуры Лідскага раёна. А гасцямі былі ўдзельнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: "Цудоўная скарбонка" з Ганчарскага Дома культуры, "Чароўны куфар" з Голдаўскага Дома культуры, гурток "Конікі" з Пескаўскага Дома культуры, "Павуцінка" з Беліцкага Дома культуры, гурток "Чароўны куфэрак" з Ходараўскага Дома культуры.

Кожная ўстанова прадставіла свой падворак, аформлены і аздоблены рамеснымі вырабамі, што, без перабольшвання, уразіла. Маленькая зала адразу заквітнела россыпам прыгажосці. Больш за ўсё было вырабаў, зробленых у сучаснай тэхніцы пляцення з папяровых трубачак. Гэта былі вялікія і маленькія вазы для кветак, карзінкі і кошычкі, хлебніцы і вазы для цукерак, пудэлкі.

Ганчарскі падворак выглядаў, як кветкавы палісаднік. Кветак усіх колераў вясёлкі, зробленых з паперы, не адрозніць было ад жывых.

Пескаўскі падворак вылучаўся лялькамі, зробленымі з тканіны.

Фларыстыкай прыцягваў да сябе Беліцкі падворак.

Не адвесці вачэй было ад вышываных карцін умеліц з Голдава.

Гаспадары прадставілі шмат вырабаў у тэхніцы дэкупаж і памяшканне ўпрыгожылі тканыя дываны, дзяружкі і ручнікі мясцовых майстроў.

Акрамя гэтага ўдзельнікам мерапрыемства патрэбна было прэзентаваць рамёствы сваёй мясцовасці, правесці традыцыйную гульню з гледачамі, прадэманстраваць самы даўні саматканы ручнік і расказаць гісторыю яго стварэння і ўжывання (хатняе заданне) і праспяваць народную песню. З усімі заданнямі яны справіліся на выдатна, і кожная ўстанова атрымала дыплом намінацыі, у якой была лепшая. А ўсяго было пяць намінацый: лепшая візітоўка, лепшая прэзентацыя ручніка, лепшая гісторыя адной рэчы, лепшая жартоўка з народнай каморкі, самая вясёлая традыцыйная гульня.

Мерапрыемства прайшло ў камернай абстаноўцы, з асаблівай цеплынёй і пяшчотай, гучала родная мова і па ўсім адчувалася павага да нашай спадчыны, нашых продкаў. Можа, таму гледачы шаноўнага ўзросту, якіх было шмат (не гледзячы на апошні тыдзень Вялікоднага посту) напрыканцы пажадалі часцей ладзіць такія святы ў іх аграгарадку.

Г.М. Некраш, метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


Кніжная навінка

Днямі набыў кнігу "Дваранкі беларуска-літоўскіх губерняў у канцы XVIII - першай палове XIX ст.". Яе напісала Наталля Васільеўна Анофранка.

У манаграфіі ідзе размова пра прадстаўніц вышэйшага саслоўя былой Рэчы Паспалітай у складзе дваранства Расійскай імперыі: выяўлены агульныя рэгіяналныя тэндэнцыі развіцця шлюбна-сямейнай сферы ў беларуска-літоўскіх губернях; прааналізавана спецыфіка жаночай адукацыі; раскрыты прычыны і формы праяўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці прадстаўніц дваранскага саслоўя. Кніга пабачыла свет у выдавецтве "Беларуская навука". Рэцэнзентамі манаграфіі з'яўляюцца кандыдаты гістарычных навук А.М. Філатава і Н.С. Гардзіенка. Наклад кнігі 200 асобнікаў.

Манаграфія прызначаецца для ўсіх, хто цікавіцца гіторыяй Беларусі XVIII - XIX ст. Яе можна набыць усяго за 65 тысяч.

Аляксей Шалахоўскі.


На Гарадзеншчыне пасадзілі лес імя Васіля Быкава

Маленькія дрэўцы ў гонар народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава высадзілі на плошчы аднаго гектара пад час тыдня лесу на адной з дзялянак Зарубіцкага лесу Індурскага лясніцтва Гарадзенскага лясгаса.

23 красавіка супрацоўнікі лясгаса ўсталявалі каля лясной дарогі памятны знак В. Быкава.

Раздвоенае дрэва, што выкарыстана для знака, сімвалізуе пяро - галоўны інструмент пісьменніцкай працы.

Менавіта гэты вобраз прышоў на думку Іосіфу Сідаркевічу, які вырабіў фігуру. Ён працуе майстрам лесу у Індурскім лясніцтве і мае досвед разьбы па дрэву, бо раней атрымаў адукацыю мастака-разьбяра.

Дрэва, падобнае на абрысы пяра, Іосіф даўно заўважыў на сваім участку. Калі абмяркоўвалі, якім зрабіць знак, адразу пра яго ўспомніў. На выраб знака майстар патраціў некалькі вольных вечароў.

Прысвяціць частку лесу менавіта Васілю Быкаву прапанаваў Аляксей Гарохаў, кіраўнік лесагаспадарчага аддзела Гарадзенскага лясгаса.

- Класік пражыў ў Гародні каля 25 гадоў, чвэрць стагоддзя, стаў па сутнасці гарадзенцам, - разважае Аляксей. Ён лічыць, што імя Васіля Быкава ўпісана ў гісторыю і памяць Гародні і таму вартае быць уганараваным на мапе Гарадзеншчыны. - Тут, у лесе, мы можам без лішняй бюракратыі пасадзіць дрэвы і назваць дзялянку яго імем.

Аляксей расказаў, што ў Гарадзенскім лясніцтве вырашылі зрабіць традыцыяй уганараванне знакавых для рэгіёна асобаў наноў пасаджанымі дзялянакамі лесу.

- Тут жылі і Максім Багдановіч, і шмат яшчэ вартых павагі і памяці людзей, якія пакінулі частку сябе ў нашым горадзе і ваколіцах.

Дрэвы дапамогуць захаваць памяць і дадуць ёй магчымасць "прарасці" праз часы.

Галоўны ляснічы Гарадзенскага лясгаса Вячаслаў Міськевіч падцвердзіў, што Міністэрства лясной гаспадаркі дае лясгасам права даваць назвы часткам лесу:

- І загад ёсць, і пастанаўленне калегіі. Штогод рэкамендуюць 2-3 участкі рабіць "памятнымі", у гонар значных людзей ці падзеяў.

Адным з нядаўніх прыкладаў ён ўзгадаў дзялянку і знак у гонар 600-годдзя Індуры. У наступным годзе Вячаслаў Міськевіч паабяцаў такім чынам уганараваць і аднаго з удзельнікаў гэтай дзеі - Анатоля Клімко, ляснічага Індурскага лясніцтва. Бо дынастыя леснікоў Клімко і сам Анатоль даўно вартыя ўганаравання.

Сам жа Анатоль Клімко кажа, што лепш пагаварыць пра лес, чым пра яго асобу. Ён распавёў, што для дзялянкі, прысвечанай пісьменніку, выбралі чатыры пароды дрэваў:

- З краю высадзілі елкі, бо тут цень, а елка да недахопу святла больш устойлівая, далей ідуць ліпа, лістоўніца і бук еўрапейскі.

Ляснічы кажа, што раіліся наконт выбару ўсім калектывам, бо ў лясніцтве працуе пітомнік-гадавальнік, дзе вырошчваецца больш за сотня парод - выбраць было з чаго. Яшчэ Анатоль Клімко ўдакладніў, што лесам гэты ўчастак называць пакуль рана: да сямі гадоў маладыя дрэўцы называюцца "ляснымі культурамі", у катэгорыю лесу пераводзяцца толькі пасля.

- Добра, - кажа ляснік, - што цяпер пры дарозе стаіць адметны знак. Людзі будуць ведаць, што гэтыя дрэўцы пасаджаны ў гонар Васіля Быкава. А дрэвы, яны жывуць доўга, і будуць несці наступным пакаленням памяць пра народнага пісьменніка.

Ірына Новік, "Твой стыль".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX