Вярнуцца: 2016

№ 20 (1275)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1275), 18 траўня 2016 г.


Заява сяброў ТБМ

14 траўня ў Менску адбыўся сход сяброў ТБМ з нагоды маючых адбыцца выбараў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Прысутнічалі прадстаўнікі горада Менска і пяці абласцей, акрамя Гомельскай. Сябры сходу прынялі заяву "Беларускую мову ў беларускі парламент" і прапанавалі ўсім, хто хоча яе падтымаць звяртацца па адрасе: siadziba.gmail.com.

Беларускую мову ў беларускі парламент

Шаноўныя сябры і аднадумцы, шчырыя прыхільнікі беларускай мовы!

У нашай краіне склалася сітуацыя, неспрыяльная для функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця.

Насуперак Канстытуцыі, якая абвяшчае роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, дзейнае заканадаўства і асабліва Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ёй пярэчаць і істотна абмяжоўваюць правы беларускамоўных грамадзян краіны, асабліва ў стасунках з дзяржаўнымі структурамі, якія перадусім працуюць на рускай мове.

Мы абвяшчаем аб стварэнні агульнай каманды беларускіх патрыётаў, кандыдатаў у дэпутаты, якія прымуць удзел у сёлетняй выбарчай парламенцкай кампаніі. Мы праводзім сваю кампанію на беларускай мове і выступаем за тое, каб новы склад беларускага парламента працаваў па-беларуску, прымаў на дзяржаўнай беларускай мове ўсе заканадаўчыя акты, а таксама ўнёс неабходныя змены ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і прыняў Закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

Мы выступаем за тое, каб Палата прадстаўнікоў была рэарганізавана ў аднапалатны парламент са спрадвечнай беларускай назвай Сойм. Мы лічым, што дэпутаты будучага парламента павінны атрымліваць заробак у памеры, роўным сярэдняму заробку па краіне, а таксама адпаведную пенсію. Тады яны будуць працаваць не толькі за грошы, але і за нацыянальную ідэю.

Мэта нашай ініцыятывы - аб'яднаць на вышэйзгаданых прынцыпах тых грамадзян краіны, хто гатовы вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты парламента, або ўвайсці ў іх ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў, пазней стаць даверанымі асобам, ці ўвайсці ў склад выбарчых камісій рознага ўзроўню або быць назіральнікамі.

З мэтай аб'яднання ўсіх беларускіх патрыётаў мы прапануем правесці агульны сход усіх зарэгістраваных кандыдатаў, на якім выпрацаваць агульныя патрабаванні, звязаныя з паляпшэннем узроўню жыцця ўсіх грамадзян Беларусі.

14 мая (траўня) 2016 г.


На шляху да Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта

14 траўня ў Менску ў сядзібе ТБМ адбылася нарада Аргкамітэта па стварэнні Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта.

Падчас нарады быў заслуханы шэраг дакладаў адукацыйнай тэматыкі, якія паступова будуць апублікаваны ў "Нашым слове" (першы з іх гл. на ст. 2).

Аргкамітэт быў створаны ў свой час з мэтай правядзення шэрагу мерапрыемстваў па адкрыцці цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта для беларусаў. Дзе, як, калі, за якія сродкі - пытанні, якія і развязвае Аргкамітэт.

Наш кар.


Манеты "Шлях Скарыны"

Нацбанк выпусціў памятныя манеты "Шлях Скарыны. Кракаў" серыі "Шлях Скарыны": срэбную - наміналам 20 рублёў, масай 33,62 г, дыяметрам 50,00 мм, пробай сплаву 925, накладам 2000 штук; медна-нікелевую - наміналам 1 рубель, масай 19,50 г, дыяметрам 37,00 мм, накладам 3 000 штук.

Манеты адбітыя на Літоўскім манетным двары.

Манетамі можна разлічвацца па намінальным кошце.

Прэс-служба НБ.


80 гадоў з дня нараджэння Барыса Сачанкі

Барыс Іванавіч САЧАНКА (15 траўня 1936, в. Вялікі Бор, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць - 5 ліпеня 1995) - беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец.

Бацька, Іван Мікалаевіч, працаваў у хімлясгасе. Маці, Вера Міхайлаўна, працавала ў калгасе, але мусіла шмат клапаціцца пра дзяцей, якіх у сям'і было сямёра. У 1943 годзе фашысты спалілі Вялікі Бор, а ў чэрвені таго ж года, Барыс, разам з бацькамі, быў вывезены ў Германію. Працаваў на ферме нямецкага землеўласніка. Затым быў лагер перамешчаных асоб. Вярнуўся на радзіму ў 1945 годзе.

У 1955 годзе Сачанка паступае на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, скончыў у 1960. Падчас вучобы ва ўніверсітэце (з 1958) пачаў працаваць у часопісе "Вожык".

Друкаваць свае творы Барыс Сачанка пачаў яшчэ будучы студэнтам. У 1956 годзе часопіс "Маладосць" надрукаваў апавяданне "Плынь". У суаўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў "Вожыку" вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

У 1960 - 1976 працаваў у аддзеле прозы часопіса "Полымя", у 1976-1986 - сакратар праўлення СП БССР. З 1986 - загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва "Мастацкая літаратура". У 1993-1995 гадах - галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя". Прымаў удзел у рабоце XXXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1980). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960).

Аўтар трылогіі "Вялікі Лес" (1980, 1982, 1984); рамана "Чужое неба" (1975); яшчэ 13 кніг прозы.

Два ордэны "Знак Пашаны", медаль Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за кнігу "Ваўчыца з Чортавай Ямы", лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1991) за кнігу "Сняцца сны аб Беларусі…".

Вікіпедыя.


Музею М. Багдановіча ў Гародні - 30 гадоў

Музей Максіма Багдановіча ў Гародні размешчаны ў мемарыяльным доме па вул. 1-га Мая, 10, пабудаваным у 1888 годзе. Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме адбылося 6 траўня 1965 г.

У 1982 годзе Упраўленнем культуры Гарадзенскага аблвыканкама выдадзены загад пра адкрыццё ў гэтым доме літаратурнага аддзела Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея.

У 1985 г. распрацаваны тэматыка-экспазіцыйны план і вялося афармленне экспазіцыі літаратурнага аддзела "Максім Багдановіч - класік беларускай літаратуры і яго эпоха". Аўтар экспазіцыі - паэтка, старшы навуковы супрацоўнік музея Данута Бічэль; мастакі - А. Ступень і В. Кічко.

16 траўня 1986 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі літаратурнага аддзела. Экспазіцыя размяшчалася ў 4-х пакоях дома (плошчай 56 м 2). Наведвальнікі маглі пазнаёміцца з агульным выглядам Гародні канца ХІХ - пачатку ХХ ст., сямейнымі фотаздымкамі і асабістымі рэчамі М. Багдановіча, зборнікам "Вянок" (1913), з дзейнасцю газеты "Наша Ніва", выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца".

У 1990 годзе загадчыцай літаратурнага аддзела была прызначана Данута Бічэль. У 1992 годзе пачаўся капітальны рамонт і перапланіроўка будынка, праектаванне новай экспазіцыі. Урачыстае адкрыццё абноўленай экспазіцыі музея адбылося 26 траўня 1994 года, сярод ганаровых гасцей быў міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, а таксама Народны паэт БССР Ніл Гілевіч.

Летам-восенню 2014 года ў межах праекту "Віртуальнае мінулае - гарант поспеху будучыні музеяў" быў праведзены рамонт экспазіцыйнай залы "Гарадзеншчына літаратурная", распрацаваны новы тэматыка-экспазіцыйны план і абноўлена аднайменная экспазіцыя, урачыстае адкрыццё якой адбылося 2 кастрычніка 2014 года.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Піліпенкі

Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (19 траўня 1936, вёска Нежыхаў, Брагінскі раён, Гомельская вобласць, Беларуская ССР) - беларускі этнограф, этнолаг, гісторык. Дырэктар (1994-2004) Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Доктар гістарычных навук (1993), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1994), прафесар (1995).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы, затым паступіў у 1956 на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам гісторыі на Віцебшчыне і Гомельшчыне.

У 1964-1967 вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 працаваў на гістарычным факультэце БДУ (з 1977 - дацэнт, прафесар - 1995, 1994 - член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі).

З 1991 М.Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 ён абараняе доктарскую дысертацыю, а з траўня 1994 па 2004 - ён дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі.

З 2004 - галоўны навуковы супрацоўнік аддзела этналогіі інстытута. Даследуе праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар манаграфіі "Этнаграфія Беларусі" (1980), "Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя" (1991) і інш. Ён аўтар звыш ста навуковых артыкулаў. У працы "Этнаграфія Беларусі" разглядае фальклор як элемент духоўнай культуры беларусаў. Абгрунтоўваючы свой пункт гледжання на паходжанне беларускага народа, побач з іншымі крыніцамі, ён шырока выкарыстоўваў матэрыялы па беларускім фальклоры.

Вікіпедыя.


СУЧАСНЫ СТАН І ДЫНАМІКА БЕЛАРУСКАМОЎНАГА ВЫКЛАДАННЯ Ў ВНУ ЗА АПОШНІЯ 25 ГАДОЎ (НА ПРЫКЛАДЗЕ БДзПУ ІМЯ МАКСІМА ТАНКА)

Паводле аналізу сайтаў Міністэрства адукацыі і вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь (устаноў, факультэтаў, кафедраў і канкрэтна інфармацыі пра супрацоўнікаў) на ўліку сёння 59 ВНУ, у т. л. 2 за межамі краіны: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (г. Вільня, Летувіская Рэспубліка) і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны інстытут культуры (г. Санкт-Пецярбург, Расейская Федэрацыя). Буйнейшыя ВНУ: Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (2195 выкладнікаў і 35000 студэнтаў усіх формаў навучання), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (2550 выкладнікаў і 29000 студэнтаў), Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (1130 выкладнікаў і 21000 студэнтаў), Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (874 выкладнікі і 17900 студэнтаў), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (500 выкладнікаў і 16000 студэнтаў), Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (808 выкладнікаў і 15000 студэнтаў), Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (1600 выкладнікаў і 14500 студэнтаў), Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (600 выкладнікаў і 14000 студэнтаў) і г. д. Разам навучаецца блізу 380 тыс. студэнтаў.

У ВНУ выкладаюць 26580 педагогаў, з гэтага ліку на беларускай мове - 650, або 2,5%. Крытэры беларускасці выкладнікаў: 1) персанальныя кантакты, 2) беларускамоўныя персаналіі на сайтах, 3) пераважна беларускамоўныя публікацыі. Аналізуючы я зыходзіў з меркавання: сёння ў Інтэрнэце карыстаюцца беларускай мовай тыя грамадзяне, хто ўжывае яе штодня, сведама, некан'юнктурна. У найбольшай меры практычна беларуская мова цепліцца там, дзе ёсць кафедры беларускай мовы і літаратуры, а таксама гісторыі Беларусі. Таму па колькасці беларускамоўных выкладнікаў першынствуюць ВНУ гуманітарнай скіраванасці: БДзУ культуры і мастацтваў (131 чал.), БДзУ (112 чал.), БДз акадэмія мастацтваў (65 чал.), ЕГУ (47 чал.), Гарадзенскі ДзУ імя Я. Купалы (45 чал.), БДзПУ (38 чал.), БДз медуніверсітэт (30 чал.), Гомельскі ДзУ імя Ф. Скарыны (29 чал.) і г. д. Канешне, пры вельмі розных суадносінах з расейскамоўнымі, нават у такіх спецыялізаваных ВНУ, як БДзУКМ (44% беларускамоўных выкладнікаў), БДзАМ (34%), ЕГУ (54%), ГДзУ імя Я. Купалы (5,1%), БДзПУ імя М. Танка (4,7%), БДзМУ (2,5%), ГДзУ імя Ф. Скарыны (4,9%) і г. д. Нацыянальнымі выспамі ў лінгвістычным моры краіны традыцыйна з'яўляюцца факультэты філалагічны і гістарычны БДзУ, ГДзУ імя Я. Купалы, ГДзУ імя Ф. Скарыны, Берасцейскі ДзУ імя А. С. Пушкіна, Віцебскі ДзУ імя П. М. Машэрава, Магілёўскі ДзУ імя А. А. Куляшова.

Сярод тэхнічных, прыродазнаўчых і грамадазнаўчых ВНУ ў захаванні і пашырэнні беларускасці акрамя згаданага БДзМУ вызначаюцца Полацкі ДзУ (20 чал.), БДзТУ (15 чал.), БНТУ (15 чал.), БДзЭУ (12 чал.). Выкладанне па-беларуску іншых, акрамя беларускай мовы і літаратуры, навучальных дысцыплін вядзецца выключна на энтузіязме нацыянальна сведамых педагогаў. Назаву асабліва паслядоўных: Людміла Іосіфаўна Майсеня - д. фіз.-мат. навук, праф. кафедры БДзУ інфарматыкі і радыёэлектронікі; Тамара Аляксандраўна Сухая - к. фіз.-мат. навук, дац. БНТУ; Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі - д. мед. навук, праф. БдзМУ; Леанід Мікалаевіч Ражкоў - д. с.-гас. навук, праф., заг. кафедры БДзТУ; Мікалай Пятровіч Дзямід - к. с.-гас. навук, ст. выкл. БДзТУ; Мікалай Леанідавіч Страха - ст. выкл. кафедры БДзПУ імя М. Танка і інш. Імі распрацаваны беларускамоўныя навучальныя праграмы, надрукаваны адмысловыя падручнікі і дапаможнікі. Гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі, сваёй нацыі. У сучаснай хвалі адмаўлення беларускасці такія людзі гераічнага ўчынку. На вялікі жаль, апошнім часам з розных нагодаў некаторыя з гэтай мужнай кагорты (праф. Алесь Астроўскі, праф. Мікола Савіцкі, праф. Мікалай Ярчак, дац. Вячаслаў Сасноўскі) змушаны адыйсці ад педагагічнай працы, а то і навогул пакінуць гэты свет (праф. Сяргей Сідор, праф. Леанід Сапегін).

Даводзіцца з горыччу канстатаваць, што стан функцыявання беларускай мовы не паляпшаецца ва ўсёй сферы даўніверсітэцкай адукацыі ("Наша слова", 11 (1266) 16 сакавіка 2016 г.). Адсюль, тэндэнцыі яе ўжывання ў ВНУ самыя негатыўныя.

На прыкладзе сярэдняй па колькасці выкладнікаў і студэнтаў ВНУ - БДзПУ імя Максіма Танка - прасочым дынаміку беларускамоўнага выкладання за апошнія 25 гадоў. Да ведама: я выпускнік гэтай установы 1977 г. (факультэта прыродазнаўства) і з 2004 па 2015 гг. - прафесар кафедры агульнай біялогіі, распрацаваў беларускамоўныя курсы і выкладаў экалагічныя дысцыпліны і "Асновы сучаснага прыродазнаўства" на розных факультэтах; меў магчымасць бачыць, параўноўваць і ацэньваць сітуацыю.

БДзПУ імя М. Танка (да 1993 г. Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага) - адна з найстарэйшых ВНУ (утворана ў 1914 г.) і галоўная кузня педагагічных кадраў на Беларусі. БДзПУ ажыццяўляе падрыхтоўку выкладнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, геаграфіі і іншых дысцыплінаў сістэмы сярэдняй адукацыі, а таксама педагогаў-псіхолагаў, дэфектолагаў і спецыялістаў дашкольных устаноў. На пачатак верасня 2015 г. ва ўніверсітэце функцыянуе 12 факультэтаў, на якіх працуюць 808 выкладнікаў, у т. л. 52 (6%) дактароў навук, 305 (38%) кандыдатаў навук, 357 (44%) маюць навуковыя званні. У БДзПУ навучаецца блізу 15 тыс. студэнтаў па 64 спецыяльнасцях І ступені вышэйшай адукацыі і па 18 - ІІ ступені вышэйшай адукацыі (магістратура).

Вось якія статыстычныя змены беларускамоўнага выкладання ва ўніверсітэце адбываліся па гадах:

1991: з 910 выкладнікаў 160 белмоўных (17,6%), у т. л. на філфаку - 38, гістфаку - 26, нар. культуры - 25, музпедзе - 17, прыродазнаўства - 10, фіз-маце - 5.

1994: з 950 выкладнікаў 310 белмоўных (32,6%), у т. л. на філфаку - 43, гістфаку - 35, нар. культуры - 27, музпедзе - 25, прыродазнаўства - 23, фізмаце - 8 і на іншых - адзінкава.

2001: 15 факультэтаў; з 930 выкладнікаў 75 белмоўных (8,1%), у т. л. на філфаку - 35, гістфаку - 16, нар. культуры - 9, музпедзе - 5, СПТ - 4, прыродазнаўства - 4, фізмаце - 2.

2009: 14 факультэтаў; з 915 выкладнікаў 60 белмоўных (6,6%), у т. л. на філфаку - 32, гістфаку - 15, СПТ - 4, эст. адукацыі (былы музпед) - 5, прыродазнаўства - 3, фізвыхавання - 1.

2015: 12 факультэтаў; з 808 выкладнікаў 38 белмоўных (4,7%), у т. л. на філфаку - 25 (65,8%), гістфаку - 10 (26,3%), СПТ - 1, прыродазнаўства - 1, фізвыхавання - 1. 2 цалкам беларускамоўныя кафедры на філфаку - каф. беларускага мовазнаўства (14 выкл., заг. ) і каф. беларускай літаратуры і культуры (11 выкл., заг.).

Заўвага: можа быць некаторая пагрэшнасць у падачы колькасці выкладнікаў з-за адсутнасці выразнага ўліку штатных працаўнікоў і сумяшчальнікаў.

Графічна гэта дынаміка выглядае наступным чынам (малюнак 1).

Як бачна з дыяграмы і прыведзеных вышэй лічбаў, оптымум беларускамоўнага выкладання выпадае на пачатак 90-х гадоў - перыяд новага нацыянальнага адраджэння, калі беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. Нягледзячы на разнастайнае, часам ваяўнічае, супрацьдзеянне постсавецкай кіроўнай эліты і ветэранаў, адбывалася паступовае нацыянальнае абуджэнне перад усім працаўнікоў адукацыйнай сферы, што мела ключавое значэнне. Спрыялі гэтаму хутчэйшая гістарычная дасведчанасць (у Менску Беларускім народным фронтам ладзіліся курсы па гісторыі і культуры Беларусі) і імкненне да нацыянальнай годнасці на фоне незалежніцкіх поспехаў суседніх народаў, асабліва Прыбалтыкі. І пэўную ролю сыгралі матэрыяльныя стымулы да беларускамоўнага выкладання (10%-я даплата). Так, у 1994 г. у БДзПУ імя М. Танка на беларускай мове выкладалі амаль трэць педагогаў. Гэта найлепшы паказнік за новы перыяд незалежнасці краіны (гл. мал. 1).

З 1995 г. пасля сумнавядомага рэферэндуму 14 траўня адбыўся рэзкі спад колькасці педагагічных асобаў, якія карысталіся беларускай мовай у сваёй прафесійнай дзейнасці. Кан'юнктурныя карыстальнікі мовай адсеяліся адразу. Засталіся патрыятычна настроеныя і самаадданыя выкладнікі, поле дзейнасці якім звужалася штогод. Паколькі такая пазіцыя разыходзілася з дзяржаўным курсам, ім навешваўся ярлык апазіцыянера. А гэта вяло (на сабе адчуў) да кар'ерных абмежаванняў і пэўнай ізаляцыі ў калектыве. Часам беларускамоўныя выкладнікі, як і аўтар, апыналіся ва ўмовах змушанага пераходу на расейскую мову пры адсутнасці адмысловай плыні для замежных студэнтаў.

Паралельна адбываецца і аб'ектыўны працэс скарачэння колькасці абітурыентаў і, як вынік, змяншэнне набору студэнтаў ды, адпаведна, штату прафесарска-выкладніцкага складу. За 1995-2015 гг. у БДзПУ скарочаны (аб'яднаны з іншымі) 4 факультэты, у т. л. фак. беларускай філалогіі і культуры, і больш за дзясятак кафедраў. Штат зменшыўся больш як на 100 педагогаў. Толькі на адным факультэце прыродазнаўства, дзе я працаваў, з розных прычынаў звольніліся (звольнены) 4 прафесары і больш за дзясятак дацэнтаў. Амаль на ўсіх адміністрацыйных узроўнях (за выключэннем аднаго загадніка кафедры) кіруюць кандыдаты навук. У прафесарска-выкладніцкім складзе і студэнцкай аўдыторыі назіраюцца як колькасныя, гэтак і якасныя змены не ў лепшы бок. Асабліва трывожыць лёс беларускай філалогіі. Так, калі ў 2009 г. на 1 курсе філфака было 10 беларускамоўных групаў, дзе я выкладаў "Асновы экалогіі", то зараз толькі адна малакамплектная. І гэта ў сталічным педуніверсітэце... Такім чынам, пад уплывам сацыяльна-палітычнага клімату ў грамадстве і зніжэннем прэстыжу роднай мовы назіраецца рэзкае скарачэнне беларускіх плыняў філалагічнага ды іншых гуманітарных факультэтаў ВНУ.

Як ужо адзначалася ("Наша слова", № 7 (1106) 13 лютага 2013 г.), ідэя стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, ініцыяваная ТБМ, - галоўны паратунак ад згаданых фатальных для нацыі тэндэнцый. Гэта быў бы моцны стымульны штуршок у нацыянальным адраджэнні, у развіцці краіны ды яе прызнанні ў свеце. На першых кроках варта практыкаваць рознамоўныя плыні ў ВНУ, як гэта робіцца паспяхова на гістфаку БДзУ. Магчымасці такой практыкі яшчэ ёсць, пакуль не знік цалкам беларускамоўны рэзерв выкладнікаў, пакуль родная мова крыху цепліцца на высілках энтузіястаў, якіх небходна падтрымаць, а не заганяць у рэзервацыю. Інакш не быць Беларускай дзяржаве.

Я. М. Стэпановіч Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, г. Менск.


ДЫНАМІЧНЫ ВНУ-шны ЛАНДШАФТ ГЕРМАНІІ

Навіны Германіі

ВНУ-шны ландшафт Германіі надзвычай шматстайны: універсітэты з гучнымі імёнамі ў сталічных гарадах накшталт Берліна ці Мюнхена і не меней прэстыжныя ўніверсітэты ў Ахене, Гейдэльберзе, Карлсруэ. Ядро акадэмічнага свету складаюць сярэднія і невялікія ВНУ з навуковымі традыцыямі і сусветнай славай. У міжнародным Шанхайскім рэйтынгу, ва ўніверсітэцкіх рэйтынгах у топ-200 мацнейшых ВНУ стабільна прысутнічаюць 10-12 германскіх універсітэтаў. Асабліва моцныя пазіцыі ва ўніверсітэта Людвіга Максіміліяна ў Мюнхене, універсітэта Гейдэльберга і Тэхнічнай школы Мюнхена.

Найстарэйшы ўніверсітэт: Універсітэт Рупрэхта Карла ў Гейдэльберзе (засн. у 1386 г.)

Самы малады ўніверсітэт: Вышэйшая медыцынская школа Брандэнбурга (засн. у 2014 г.)

Найбуйнейшы паўнавартасны ўніверсітэт: Універсітэт Людвіга Максіма ў Мюнхене (50 327 студэнтаў)

Найболей прывабны для міжнародных навуковых кадраў: Вольны універсітет у Берліне.


Па дадзеных Канферэнцыі рэктараў ВНУ, у 2015 г. студэнты маглі выбіраць з 399 ВНУ (121 універсітэт, 220 вышэйшых спецыяльных школ, 58 вышэйшых школ мастацтваў і музыкі). У сукупнасці яны прапануюць 17.731 адукацыйную праграму. Падчас Балонскага працэсу, пачатага ў 1999 г. з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай акадэмічнай прасторы, 87,4% усіх адукацыйных праграм былі прыведзены ў адпаведнасць з двухузроўневай сістэмай бакалаўр/магістр. 238 ВНУ фінансуюцца дзяржавай, 40 - царквой і 121 - прыватнымі асобамі і кампаніямі.

Самая папулярная неангламоўная краіна сярод замежных студэнтаў

ВНУ-шны ландшафт па сваёй структуры і сваіх задачах можна падзяліць на тры тыпы: універсітэт, вышэйшая спецыяльная школа і вышэйшая школа мастацтваў, кіно і музыкі. Калі класічныя ўніверсітэты прапануюць шырокі спектр прадметаў, то тэхнічныя ўніверсітэты (ТУ) сканцэнтраваны на фундаментальных даследаваннях у інжынерна-тэхнічных і натуразнаўчых дысцыплінах. У 2006 г. дзевяць мацнейшых ТУ аб'ядналіся ў ініцыятыву ТУ9. Універсітэты з'яўляюцца не толькі навучальнымі ўстановамі, але і навуковымі цэнтрамі. Яны дагэтуль увасабляюць сабой гумбальдтаўскі адукацыйны ідэал адзінства навукі і адукацыі. Галоўныя мэты ўніверсітэтаў - падтрымка маладых навуковых кадраў, трансляцыя фундаментальных ведаў і падрыхтоўка самастойных даследнікаў. 220 вышэйшых спецыяльных школ (ВСШ), арыентаваных першым чынам на прыкладныя даследаванні, з'яўляюцца асаблівасцю германскай адукацыі. У наш час абмяркоўваецца магчымасць увядзення права на абарону дысертацый у вышэйшых спецыяльных школах (пакуль гэта права маюць толькі ўніверсітэты).

Доля людзей з вышэйшай адукацыяй расце: калі ў 2005 г. доля студэнтаў першакурснікаў складала 37%, то цяпер прыкладна палова ўсіх маладых людзей у Германіі паступае ў ВНУ. Федэральны закон пра садзейнічанні адукацыі дае ім магчымасць скончыць навучанне незалежна ад фінансавага становішча сям'і. Разам з тым паспяховае навучанне шмат у чым залежыць ад сацыяльнага паходжання - сярод дзяцей з сем'яў без вышэйшай адукацыі толькі 23% паступаюць у ВНУ. У 2014 г. у ВНУ навучалася 2,7 млн. студэнтаў, з іх 301.350 студэнтаў з замежным пашпартам: 218.848 студэнтаў атрымалі атэстат сталасці за мяжой, а 82.502 - у Германіі.

З 2011 г. агульны лік студэнтаў павялічыўся на 18%, а лік навучэнцаў з-за мяжы - амаль на 20% за той жа перыяд. Сёння заняткі ў германскіх універсітэтах наведваюць удвая больш замежнікаў, чым у 1996 г. Большасць студэнтаў-замежнікаў прыязджае з Кітая, Расіі і Індыі. Германія з'яўляецца самай папулярнай неангламоўнай краінай сярод міжнародных студэнтаў. Большуую прывабнасць у вачах студэнтаў маюць толькі ЗША і Вялікабрытанія. Вельмі добрай рэпутацыяй карыстаюцца тэхнічныя ўніверсітэты - кузні інжынерных кадраў. 25% першакурснікаў у ТУ - гэта замежныя навучэнцы.

Паралельна германскія ВНУ павялічылі колькасць іншамоўных і міжнародных адукацыйных праграм да 1.104. Для дактарантаў з іншых краін створаны цэлы шэраг цікавых аспіранцкіх праграм. Яшчэ адной перавагай германскіх ВНУ з'яўляецца адсутнасць платы за адукацыю.

Павелічэнне цікавасці да вышэйшай адукацыі знаходзіць падтрымку ў федэрацыі і зямель: у рамках "ВНУ-шнага пакта - 2020", прынятага ў канцы 2014 г., у найбліжэйшыя гады будуць прафінансаваны дадаткова 760.000 бюджэтных месцаў для студэнтаў. Акрамя таго, пакт разлічаны на перыяд з 2007 па 2023 г. За гэты час федэрацыя выдзеліць 20,2 млрд. еўра, а землі - 18,3 млрд. еўра.

Ініцыятывы для павышэння эфектыўнасці і ўзмацненні інтэрнацыяналізацыі

З 2005 г. федэрацыя і землі падтрымліваюць найболей выбітныя даследчыя праекты і інстытуты ў рамках "Ініцыятывы перавагі". У бягучай фазе праграмы (2012-2017) падтрымліваюцца 45 школ дактарантаў, 43 элітныя кластары і 11 канцэпцый будучыні ў 44 універсітэтах. Аб'ём фінансавання на гэты перыяд складае 2,7 млрд. еўра. Пасля 2017 г. фінансаванне павінна працягнуцца ў тым жа аб'ёме.

Важнай тэмай застаецца тэма інтэрнацыяналізацыі. Сумеснае даследаванне DААD, Канферэнцыі рэктараў ВНУ і Фонду Гумбальдта паказала, што ў 2014 г. каля 300 ВНУ склалі 5.000 партнёрскіх дамоў з ВНУ з 150 краін - усяго каля 31.000 дамоў пра міжнароднае супрацоўніцтва, уключаючы праграмы падвойных дыпломаў. Многія ВНУ прымаюць актыўны ўдзел у стварэнні германскіх адукацыйных праграм і арганізацыі ВНУ па германскай мадэлі (у Егіпце, Кітаі, Іярданіі, Казахстане, Манголіі, Амане, Сінгапуры, Венгрыі, В'етнаме і Турцыі).

Падтрымліваецца і ўзрослая замежная мабільнасць германскіх студэнтаў. Больш за 30% ужо маюць у сваім багажы праведзены за мяжой семестр. У хуткай будучыні кожны другі выпускнік германскіх ВНУ будзе мець досвед навучання за мяжой. Такія стыпендыяльныя праграмы, як ЕRASMUS+ накіраваны на фінансаванне замежных стажыровак студэнтаў.

Жанчыны ў Германіі сёння паступаюць у ВНУ часцей, чым мужчыны і абараняюць амаль палову ўсіх доктарскіх дысертацый, але толькі 21,3% сярод прафесараў - жанчыны. Таму ў 2008 г. федэрацыя і землі пачалі рэалізоўваць праграму "Жанчыны-прафесары". У рамках праграмы да 2017 г. будзе выдзелена 300 млн. еўра на павелічэнне ліку жанчын-прафесараў у ВНУ і ўмацаванне структур раўнапраўя. У траўні 2015 г. была занята 400-я прафесарская пазіцыя, фундаваная ў рамках гэтай праграмы.

Факты пра Германію.


Арнольд Макмілін: "Я згодны быць амбасадарам Беларусі!"

У нядаўнім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў беларускай культуры браў удзел Арнольд Макмілін. Ён аўтар шматлікіх беларусазнаўчых даследаванняў, а неўзабаве выйдзе яго кніга пра маладую беларускую паэзію пад назвай "Рунь". Прафесар з Лондана адказаў на пытанні карэспандэнта "Радыё Свабоды" Міхася Скоблы.

- Спадар Арнольд, ваша кніга пра беларускую літаратуру ХХ стагоддзя "Пісьменства ў халодным клімаце" так і не трапіла на паліцы беларускіх кнігарняў. Вас гэта засмучае?

- У мецэната кнігі была такая ідэя - разаслаць яе па ўсіх навуковых установах Беларусі, яна была таксама дасланая ў Міністэрства адукацыі. Водгукаў мы так і не дачакаліся. У Лондане я паказаў кнігу беларускаму амбасадару, і ён запытаўся, што значыць "у халодным клімаце". Я адказаў дыпламатычна, маўляў, у Беларусі халадэча. А потым дадаў, што атмасфера для беларускай літаратуры хоць і становіцца лепшай, але ўсё ж большасць народу чытае па-расейску. Так што "халодны клімат" - двухсэнсоўная назва.

- А хіба Байран пісаў у "цёплым клімаце"?

- Байран не быў папулярным чалавекам у Англіі. Вядомыя словы ягонай каханкі: "Mad, bad, and dangerous to know" ("Шалёны, ліхі, знацца з ім небяспечна"). Байран быў ідэалістам, але, кіруючыся здаровым сэнсам, ён уцёк у Грэцыю, бо быў персона нон-грата ў Англіі з-за сваіх розных выбрыкаў.

- Каб напісаць кнігу на 900 старонак, вы мусілі прачытаць сотні кніг паэзіі і прозы. А ў нас ёсць паэты, якіх нават некаторыя беларусы чытаюць са слоўнікам. Напрыклад, Рыгор Барадулін .

- Барадуліна сапраўды мне было цяжкавата чытаць, але - і радасна. У свой час светлай памяці Алег Лойка казаў, што замежнікам нельга чытаць барадулінскую паэзію. На што я толькі пасміхаўся. Я сябраваў з Барадуліным, праўда, гэта не дапамагло мне ў разуменні яго цудоўных вершаў. Ведаю, што цяпер Сяргей Шапран рыхтуе мемарыяльную кнігу пра Барадуліна, і я даслаў яму свой артыкул. А цяпер у мяне ўжо скончаная кніга пад назвай "Рунь" - пра маладых беларускіх паэтаў, якія нарадзіліся пасля 1980 года.

- З беларускіх пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў вы вылучаеце Міхася Стральцова. Алесь Адамовіч пісаў у 80-я: "Не бяда, што сёння пра Стральцова мала пішуць, затое будуць пісаць заўтра" . І - як у ваду глядзеў. А каго з наймалодшага пакалення вы лічыце будучым класікам?

- Так ужо здаўна вядзецца: творцы, якія ў свой час былі экстрэмістамі, раптам становяцца класікамі. Вы згадалі Алеся Адамовіча... Калі я сам яшчэ не размаўляў па-беларуску, але хацеў, каб роднай мовай карысталіся ўсе беларусы, то не зусім разумеў, чаму ён вырашыў размаўляць па-расейску. Але з Адамовічам сябраваў Васіль Быкаў, і гэтага для мяне было дастаткова. Быкаў ведаў, хто вораг, а хто сябар.

- А чаму вам хочацца, каб усе беларусы размаўлялі па-беларуску?

- Разумееце, ёсць вялікая розніца паміж Беларуссю і Расеяй. Мяне не хвалюе, што Англія, ЗША, Аўстралія і Канада гавораць на адной мове, ім ніхто не пагражае. Але для беларусаў як "меншых братоў" заўсёды ёсць пагроза з боку Расеі. Расея ў любы момант можа ў Беларусі зрабіць так, як ва Усходняй Украіне, хоць там у яе цяпер шмат клопату. Таму вам трэба адрознівацца ад суседзяў. Літоўцы і палякі ведаюць свае мовы, то чаму беларусы мусяць ад сваёй адмаўляцца? Для мяне мова - гэта частка народа. Паўтаруся, мяне мала хвалюе, што Англія і Амерыка маюць больш-менш адну мову. Оскар Уайльд сказаў пра іх: "Дзве краіны, раздзеленыя адной мовай"... У маленькіх краінах мова падтрымлівае свядомасць народа, яго спадчыну, яго гісторыю. З тых часоў, калі навучыўся размаўляць па-беларуску, на ўсіх навуковых канферэнцыях я выступаю з беларускай тэматыкай і, калі магчыма, на беларускай мове.

- Пасля таго як прадстаўніца Беларусі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, вам стала лягчэй тлумачыць камусьці ў Лондане, дзе знаходзіцца Беларусь і што такое беларуская літаратура?

- Першаклсным кандыдатам на Нобеля быў усё ж Быкаў.

- Вы перажывалі, калі ён не атрымаў прэмію?

- Трошачкі. Мне здаецца, сам Быкаў зусім не перажываў, прынамсі, ён ні разу мне не гаварыў ні пра якую прэмію. У свой час Нобелеўскі камітэт дасылаў мне запыт, каб я сказаў сваю думку пра паэзію Барадуліна. Канешне, я паслаў раздзел са сваёй кнігі і дадаў, што пераклады Барадуліна на ангельскую мову, за рэдкім выняткам, - смецце, яны не перадаюць нічога. Калі Алексіевіч атрымала прэмію, я быў рады, але не на 100 адсоткаў, як і ўсе беларусы. А калі даведаўся, што яна не ў самых лепшых адносінах з Лукашэнкам і Пуціным, то адсоткаў стала больш. Для мяне гэта плюс. Прыкладна праз два тыдні Алексіевіч будзе выступаць у Лондане на тэму "Расея і Пуцін". Мы з жонкай вырашылі ўзяць квіткі і паслухаць.

- Недзе я чытаў, што ў лонданскай Бібліятэцы-музеі імя Скарыны ўсяго два сталыя чытачы - вы і Джым Дынглі. Што цікавага вы знайшлі ў Скарынінцы?

- У пачатку 90-х айцец Аляксандар Надсан даў мне рукапісны сшытак з вершамі Ларысы Геніюш 1945-1947 гадоў і папрасіў напісаць прадмову, што я і зрабіў. Той сшытак выйшаў асобнай кніжкай. Але ў Менску ёсць лепшыя спецыялісты па Геніюш. У фондах Скарынінкі шмат невядомых рукапісаў - эмігранцкія пісьменнікі аддавалі туды свае архівы. Калі я пісаў кнігу пра пісьменнікаў беларускай дыяспары, то праглядаў тыя архівы. Цяпер у бібліятэцы моладзь актыўна скануе рэчы, якіх няма ў Беларусі, напрыклад, часопіс "Божым шляхам".

- Вы не крыўдуеце, што беларуская дзяржава аніяк не адзначыла вашу дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры на Захадзе?

- Не. Калісьці Адам Мальдзіс вельмі хацеў, каб я атрымаў штосьці ад Лінгвістычнага ўніверсітэта. Нічога ў яго не выйшла. Аднак я не хачу быць няўдзячным. Я хачу быць здаровым, мець нармальнае жыццё і г.д. А медалі і званні - каму гэта патрэбна? Я не параўноўваю сябе з Быкавым, але для яго галоўным было - сказаць праўду. Вось і я - пішу, пакуль магу. Нядаўна ў Лондане быў Андрэй Саннікаў, прэзентаваў сваю кнігу. Я пастараюся напісаць на яе рэцэнзію для нашага навуковага часопіса. Гэта, канешне, не матэрыял для навукі, але трэба падтрымліваць добрых людзей.

- Вельмі шмат для Беларусі зрабіла ваша суайчынніца, светлай памяці Вера Рыч. Праўда, яна апошнім часам больш цікавілася ўкраінскай літаратурай. Ці можам мы спадзявацца, што Арнольд Макмілін - наш пажыццёвы сябра і прыхільнік?

- Планаў пераключыцца на нейкую іншую літаратуру ў мяне няма. Але добра, што вы згадалі Веру Рыч. Яна - адзіны чалавек, які меў талент перакладаць паэзію так, каб атрымалася таксама паэзія. Яе дзейнасць - выключна важная для Беларусі. Займацца беларускім пісьменствам мне цікава і прыемна. Калісьці тэмай маёй дысертацыі была беларуская літаратурная мова ХІХ стагоддзя, выйшла адмысловая манаграфія. Нядаўна гэтыя кнігі знайшліся ў падвале Скарынінкі, я выбраў чысцейшыя асобнікі, разаслаў сябрам і атрымаў падзякі ад многіх лінгвістаў. А нядаўна Янка Запруднік даслаў мне свае мемуары, на якіх напісаў, што я - амбасадар Беларусі. Калі ласка - я згодны ім быць!


З гісторыі беларускай школы

Нарадзілася я ў 1935 годзе, якраз прыйшлося перажыць гады ліхалецця, нястачы, хаця нястачы былі ў беларускіх вёсках і да гэтага часу. Дзеці гэтага нічога дужа не перажывалі, усё здавалася так і трэба. Дзяцінае жыццё звычайна бясклопатнае - галоўнае пагуляць, пад'есці.

Наша сям'я была, можна сказаць, самай гаротнай у вёсцы. Мама па волі лёсу засталася інвалідам, калі мне не было і трох гадоў, а бабуля, маці мамы, была ў сталым веку і я малая. Бабулі было каля сямідзеяці. Мама з 1912 г. Так і жылі: старое, хворае і малое. Мама ўмела чытаць па-руску, бо яе навучыў бацька Мікіта, ведала і польскую мову, бо скончыла адзін клас польскай школы. Ужо з пяці год яна навучыла мяне чытаць па-руску, па-польску, і нават па-славянску.

У вайну 1941-1945 гг. вучыцца не было дзе. Школ не было, а вяскоўцы дужа хацелі, каб дзеці вучыліся. I арганізавалі школу, вядома, быў афіцыйны дазвол акупацыйных уладаў, нанялі памяшканне, гэта быў дом Сарокі Аляксея. Нанялі настаўніка. Гэта быў чалавек са славутай вёскі Баброўня, якая дала Беларусі Макара Краўцова, Міхася Васілька. Знаходзіцца вёсачка ў прыгожым куточку ля самай Котры. I настаўніку, і гаспадару дома плацілі нейкія фунты жыта. Я, вядома, падрабязнасцей арганізацыі школы не ведаю. У класе-пакоі вучыліся вучні з першага па чацвёрты клас. У куце ля дзвярэй стаяла вузкая скрынка са збожжам, а на ёй стаяла класная дошка. На дошцы з левага боку была напісана крэйдай табліца множання, яна завешвалася занавесачкай у час кантролю ведання табліцы, а так была заўсёды ў полі зроку вучняў. Правая палова дошкі была пустая, на ёй пісалі крэйдай сказы, слупкі прыкладаў па арыфметыцы. Падручнікаў аніякіх не было. Былі толькі кніжачкі фармату, як школьны дзённік з загалоўкам "Адольф Гітлер: дзеці". На кожнай старонцы гэтай кнігі былі чорна-белыя малюнкі, дзе Гітлер быў з дзецьмі, подпісы ўнізе 2-3 радкі на беларускай мове. Я іх зусім не помню. Гэтая кніжачка ляжала заўсёды ў куточку на краі парты.

Яшчэ былі ў нас газеты, прыкладна на кожную парту. Вось бяда, што зусім не помню, як называлася газета, але фармат як сучаснай "Звязды". Мы маглі браць газету дамоў з дазволу настаўніка з абавязковым яе вяртаннем. Там былі нейкія звесткі пра вайну, мы вядома, іх не чыталі і не разумелі. У кожнай газеце былі карыкатуры на Сталіна, адна такая засталася ў памяці. Сталін, аброслы шчацінаю, абгрызае конскую нагу ля капыта. Цікава было б даведацца, як называлася газета, хто яе выдаваў, як атрымліваў яе настаўнік. Усё гэта выветрылася з памяці - а назусім. Бо і школа была нядоўга, прыкладна ад Калядаў да канца лютага (можа гэта быў 1944 год). Падручнікаў аніякіх не было. Мы вучыліся па савецкіх кніжках падпольна. Настаўнік растлумачыў, што кнігі будзем хаваць, калі з'явяцца немцы ў вёсцы. На варце быў заўсёды гаспадар хаты, і па яго знаку мы падносілі кнігі (іх было не так і шмат, найбольш задачнікі) да скрынкі са збожжам, настаўнік іх засыпаў зернем, а мы сядзелі над газетамі, або рашалі вусна прыклады. На дошцы былі напісаны сказы, вучні перапісвалі іх сабе. Паперы асабліва таксама не было, па-гэтаму заняткі былі больш вуснымі. Немцы з'яўляліся ў вёску можа разы тры-чатыры за ўвесь час вучобы, у школу не заходзілі.

Настаўнік нас навучыў, каб мы, як увойдуць немцы ў клас, усталі і хорам сказалі: "Гутэн таг!"

Як гэта ўсё было небяспечна, толькі цяпер можна ўявіць. А тады мы не адчувалі гэтага, хоць нейкі страх перад немцамі ў нас быў.

Але аднойчы завіталі да нас у клас "няпрошаныя госці". I гэты дзень стаў апошнім днём нашай вучобы. Памятаю, заходзяць трое: солтыс, паліцай і немец. Паліцай звярнуўся да настаўніка: "Нех пан адпусці дзеці і пойдзе з намі". Толькі настаўнік хацеў звярнуцца да нас, як паліцай паправіў загад: "Хай дзеці пабудуць, пан хутка вернецца". Мы засталіся, а настаўнік, як быў у шэрым самаробным джэмперы, так і пайшоў з імі. Мы засталіся, ніхто не прамовіў ні слова, і сядзелі, як мышы пад венікам.

Пасля прыйшоў сын солтыса, Коля, і сказаў: "Ідзіце дамоў, ваш настаўнік не прыйдзе, а школы ў вас ужо больш не будзе". Коля забраў ватоўку настаўніка і пайшоў, а мы, баючыся прамовіць слова пайшлі дамоў. Мы ўбачылі, што на падварышчы ў солтыса, ляжалі ўніз тварамі на снезе пяць чалавек, другі з краю быў наш настаўнік у сваім шэрым джэмперы, ля іх хадзіў вартавы. Сярод гэтых пяцёх яшчэ быў бацька адной нашай вучаніцы Сашы Сарока.

Казалі людзі, што настаўнік наш і гэтыя людзі, што ляжалі на снезе, мелі сувязь з партызанамі.

Усіх арыштаваных прывязалі да аглоблі і так пагналі ў Скідзель (гэта ад нашага Карашава кіламетраў каля пяці). I так скончылася мая першая школа, навука. Наш настаўнік і зараз стаіць у мяне перад вачыма ў сваім шэрым самаробным джэмперы. Колькі сіл і старанняў аддаў ён нам. Усё вусна, чатыры класы разам, умела спалучаў заданні, прыдумваў жыццёвыя задачкі, урокаў фізкультуры і спеваў у нас не было, а толькі арыфметыка, пісьмо і чытанне. Іншы раз настаўнік трошкі вучыў нас маляваць: коціка, хатку, галінку. Малявалі толькі крэйдай на дошцы, бо на паперы - гэта ўжо раскоша.

Выпадкова я агледзела запіс у кнізе "Памяць" (Гродзенскі раён), там на стар. 231 напісана: вёска Баброўня - "Курыла Іван Васільевіч, н. ў 1894 г. ,працаваў настаўнікам у вёсцы Белякоўшчына, памёр 04.01.1945 у канцлагеры Дахаў" . Гэта і ёсць наш настаўнік. А чаму напісана настаўнік в. Белякоўшчына, а не Карашава, бо аказваецца да вайны ён і працаваў настаўнікам у в. Белякоўшчына (гэта суседняя з нашым Карашава вёска, кіламетры 2 ад нас). "Сарока Міхаіл Рыгоравіч н. ў 1917 г., былы член КПЗБ, арыштаваны ў 1944 г., далейшы лёс невядомы" . Гэта і ёсць бацька нашай першакласніцы Сашы.

Я. Кулевіч.


ШАНУЙЦЕ РОДНУЮ МОВУ

Полацкая гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны з году ў год выпускае каляндарыкі пад дэвізам: "Шануйце родную мову!"

Наш кар.


Зорка Наталлі Мізон

Наталля Аляксандраўна Ралдугіна нарадзілася 1 снежня 1972 года ў гарадскім пасёлку Зялёны Луг (сёння г. Менск). Матуля Ралдугіна, Таццяна Аляксандраўна, 1953 г.н.усё жыццё працавала ў гандлі (дзе ўсё перакладала на беларускую мову), а тата - Ралдугін Аляксандр Пятровіч, 1951 г.н. працаваў у 4-й бальніцы кіроўцам. Дзяўчына вучылася ў фізматшколе № 88, якую зачынілі. З удзячнасццю ўзгадвае сп. Наталля настаўніцу беларускай мовы Алёну Сідараўну.

У 1990-1995 г.г Наталля Аляксандраўна вучылася у БДУ (беларускамоўнае аддзяленне філфака). Яе настаўнікамі былі Павел Іванавіч Навуменка,Таццяна Іванаўна Шамякіна, Алег Лойка і іншыя асобы.

У 1995 г. спадарыня Наталля пайшла працаваць у школу № 180 Цэнтральнага раёна г. Менска, дзе працавала да 2007 г. Была прапанова працаваць завучам па выхаваўчай працы, але яна адмовілася.

У 2007 годзе Лідзія Вітальеўна Макарэвіч запрасіла яе працаваць у дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Працавала малодшым, а потым старэйшым навуковым супрацоўнікам. У 2014 годзе адбылася рэарганізацыя музея, і Наталля Мізон з 1 красавіка 2014 года замяніла Таццяну Міхайлаўну Высоцкую на пасадзе загадчыка музея імя Пятруся Броўкі.

Трэба адзначыць, што асабістае жыццё ў Наталлі склалася добра. У 1994 годзе яна пабралася шлюбам з Сяргеем Рыгоравічам Мізонам 1970 года нараджэння, які ўсё жыццё працаваў у сістэме МУС, ваяваў у Нагорным Карабаху, а цяпер у адстаўцы і займаецца прадпрымальніцтвам.

Маладая кіраўніца мае дзвюх дачок Паліну (1998 г.н.) і Глашу (2002 г.н.). Старэйшая дачушка паступіла ў каледж бізнесу і права (1 курс). А малодшая - у сёмым класе.

Наталля Аляксандраўна Мізон добрая швачка (шые сукенкі і паліто). Разам з сям'ёй яна падарожнічала (Эстонія, Літва, Латвія, Германія, Аўстрыя, Чэхія і іншыя краіны). Таксама аб'ездзіла ўсю Беларусь. Ёсць у яе любімыя пісьменнікі (Янка Брыль, Іван Мележ, Міхась Стральцоў, Пятрусь Броўка).

Наталля Аляксандраўна марыць аб сапраўднай незалежнасці Беларусі!

Аляксей Шалахоўскі. На здымку - з супрацоўнікамі музея Пятруся Броўкі трэццяя злева Наталля Аляксандраўна Мізон.


Маладыя лідары культурна-асветніцкага руху

12 новых дыджэяў Адраджэння і 10 менеджараў пашыраць кола прыхільнікаў Беларушчыны, паспрыяюць арганізацыі і правядзенню асветніцкіх мерапрыемстваў у краіне.

У 11-ты раз з 1999 года прайшлі трохмесячныя лідарскія курсы дыджэяў Адраджэння пад кіраўніцтвам сустаршыні Аркамітэта па стварэнні БХД Паўла Севярынца. Яны ладзілісяў Менску на Арт-сядзібе са студзеня па красавік. Курсы дыджэяў Адраджэння ў свой час скончылі такія вядомыя асобы як Павел Пракаповіч, Наста Палажанка, Зміцер Хведарук, Андрэй Кім, Валерыя Чарнаморцава і іншыя.

Павітаць удзельнікаў гэтага году прыехалі ранейшыя выпускнікі і пераможцы - былы супрацоўнік прадстаўніцтва ў ААН Сяржук Лісічонак, арганізатар кампаній у абарону жыцця і супраць алкагалізму, актывістка БХД Вольга Кавалькова, дырэктар інтэрнэт-крамы Imbryk.by Алесь Мазанік.

На выпускным балі былі вызначаны пераможцы сёлетніх курсаў. Першае месца з аднолькавай колькасцю балаў занялі журналіст газеты "Беларуская праўда", бацька 5 дзяцей Ілля Дабратвор і Вікторыя Чаплева, прыхаджанка грэка-каталіцкай царквы. Ім былі ўручаны магістарскія дыпломы.

На вечарыне былі ўручаны прызы ў намінацыях: "Лепшая беларуская форма", "Лепшы хрысціянскі змест", "Лепшае шоў Беларушчыны" і іншых. Пераможцам у намінацыі "Лепшы хрысціянскі змест" стаў Раман Ганчароў з Маладзечна. За лепшую працу ў камандзе " Логас" быў адзначаны Вадзім Смірноў.

- Падчас спаборніцтва дыджэі ўздымаюць цэлыя асветніцкія хвалі, - распавёў Павел Севярынец. - Летась 90 шоў Беларушчыны правёў у Менску пераможца Павел Дзюсекаў, у 8 гарадах Беларусі і іншых краінах аналагічныя шоў правёў Алесь Мазанік. Сёлета Ілля і Віка зладзілі па некалькі акцыяў. Гэта толькі трэніроўка, будзем чакаць ад нашых дыджэяў добрых вынікаў у будучыні! - сказаў Павел Севярынец.

У траўні будзе праведзены летнік дыджэяў, дзе будуць уганараваныя пераможцы за ўвесь час з 1999 года.

Эла Дзвінская. На фота аўтара - узнагароджанне Іллі Дабратвора.


Вандроўка ў Жыровічы

Прыкладна раз на месяц магілёўцы выпраўляюцца ў краязнаўчыя падарожжы, каб спасцігаць свой край.

8 траўня 2016 ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва зладзіла аднадзённую краязнаўчую вандроўку па маршруце Магілёў - Жыровічы - Слонім - Альберцін - Новая Мыш.

Паколькі шлях да Жыровіч быў досыць доўгі - 5 гадзін, то ў дарозе мы мелі час, каб спяваць. Спеўнікі ўжо даўно распрацаваныя і надрукаваныя, і кожны ахвочы ўдзельнік вандроўкі, нават хто едзе ўпершыню, можа праспяваць разам з усімі вядомыя беларускія, габрэйскія і ўкраінскія песні. Таксама праслухалі два цікавыя паведамленні пра нашыя мясціны, якія падрыхтавалі Ірына Сомава і Сяржук Дымкоў.

У Жыровічах нас чакала цікавая экскурсія па святыні ў суправаджэнні мясцовага семінарыста Максіма, які з веданнем справы ўпэўнена нас праводзіў ад аднаго храма да другога. Пасля экскурсіі адбылася сустрэча з манахам Іаанам, які вядомы ў беларускіх колах як паэт Зніч. Узнёслыя вершы і змястоўная размова з незвычайным чалавекам вельмі натхніла магілёўцаў. Акрамя таго, кожны ахвочы атрымаў за сімвалічныя ахвяраванні на карысць манастыра невялічкі зборнік знічоўскіх вершаў пад назвай "Апошняму беларусу". Напрыканцы экскурсіі ў Жыровічах у кожнага была магчымасць набраць з крыніцы святой вады і акунуцца ў купелі.

У хуткім часе мы былі ўжо ў Слоніме - адным з самых прыгожых беларускіх гарадоў. Па горадзе нам пешаходную экскурсію правёў харызматычны і непаўторны апавядальнік і, мабыць, лепшы краязнавец Слоніма - спадар Сяргей Чыгрын. Мы пабачылі тэатр, на якім размешчана шыльда М. К. Агінскаму, кляштар бернардзінцаў, дзе зараз месціцца праваслаўная Траецкая царква, сінагога 17 ст. і шэраг іншых прыгожых і непаўторных будынкаў. Прайшоўшы пехатой праз мост па-над каналам Агінскага, мы завяршылі экскурсію па Слоніме ў баракальным касцёле Св. Андрэя.

Затым наш аўтобус накіраваўся ў шыкоўнае месца, якім мог бы ганарыцца любы еўрапейскі горад - Альберцін. Нягледзячы на адбітак савецкага часу і на апошнія гады безгаспадарчасці, былая сядзіба Пуслоўскіх вельмі ўразіла сваёй прыгажосцю і гісторыяй, якую нам распавёў няўрымслівы Сяргей Чыгрын. Падзячыўшы спадара Сяргея за яго працу і нястомную дзейнасць, мы рушылі ў кірунку да роднага Магілёва.

У некалькіх кіламетрах пад Баранавічамі нас чакаў апошні прыпынак нашага маршруту - старажытнае мястэчка Новая Мыш. Тут калісьці быў замак, гэта радзіма легендарнага Яна Караля Хадкевіча, менавіта ў гэтых мясцінах прайшлі юнацкія гады Яна Чачота. Чачот прысвяціў гэтаму мястэчку баладу, якая так і называецца "Мышанка":

Хадкевіч Кароль

не займеў яшчэ Мышы,

Далёка ўжо час той, далёка! -

Яшчэ без імя

у лясной гэтай цішы

Рака булькатала ў асоках…

За касцёлам знаходзіцца невялічкі помнік нашаму слыннаму паэту. Магілёўцы ўсклалі кветкі да помніка, аб якіх загадзя парупіўся Алесь Касцюковіч.

І, натуральна, мы наведалі галоўную славутасць мястэчка - каталіцкі касцёл 19 ст. Звонку святыня выглядае вельмі сціпла і досыць спрошчана. Але патрапіўшы ў памяшканне, адразу ў першыя хвіліны губляеш мову ад хараства і прыгажосці. Справа ў тым, што будынак пабудаваны ў 19 ст. у стылі класіцызму, а ўжо "начынне" 17-18 стст. у стылі барока і ракако сюды патрапіла значна пазней з тых касцёлаў, якія зачыняліся ў часы Расійскай імперыі. Магілёўцы пабачылі сярод абразоў старажытную выяву цудадзейнай Маці Божай Бялыніцкай. Патрапіць у касцёл атрымалася дзякуючы намаганням спадарыні Марыі і ксянза Паўла. Дзякуй ім вялікі за рупнасць аб нашай духоўнай і гістарычнай спадыне і пра клопат аб падарожніках і валацугах.

Па шляху да Магілёва мы паглядзелі цікавыя беларускія фільмы, а на памяць пра гэтую вандроўку кожнаму ўдзельніку застаўся адмысловы буклет, які распрацаваў Сяржук Дымкоў. Дзякуючы нашаму кіроўцу Вадзіму Сафонаму мы хутка і камфортна вярнуліся дадому. Зараз зноў збіраемся ў новую вандроўку.

Беларусы, не сядзіце ў хаце, не марнуйце час, гуртуйце сяброў і аднадумцаў, рушце па нашым родным краі!

Алег Дзьячкоў, Фота: 1. Пасля экскурсіі ў Жыровічах; 2. Паэт Зьніч. 3. З С. Чыгрыном; 1. Новая Мыш. Каля помніка Я. Чачоту.


У Гародні з'явілася бібліятэка імя Ларысы Геніюш

У царкоўна-прыходскім комплексе гарадзенскай Свята-Барысаглебскай царквы адчынілася беларуская бібліятэка імя знакамітай паэткі Ларысы Геніюш. Гэта першая ўстанова ў краіне, названая ў яе гонар. Імя Ларысы Геніюш цяперашнія ўлады выкраслілі нават са школьнай праграмы, а яе кнігі забаронена друкаваць дзяржаўным выдавецтвам. Як зазначае настаяцель Каложскай царквы пратаіерэй Аляксандар Балоннікаў, постаць Ларысы Геніюш з'яўляецца знакавай для беларускай культуры, у сувязі з чым прыходская бібліятэка і атрымала яе імя:

- Яна натхняе сваёй любоўю да Беларусі. Хочацца, прагне сэрца перачытваць зноў і зноў яе вершы. І, канешне ж, разважаць над тым жыццём, якое яна пражыла, і як яна ўмацоўвае сёння нас у праваслаўнай веры.

У бібліятэцы шырока прадстаўленыя кнігі не толькі Ларысы Геніюш, але і іншых выбітных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, такіх як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Максім Багдановіч і іншых. Для чытачоў існуе магчмасць азнаёміцца і з кнігамі духоўнай тэматыкі, у тым ліку выдадзеных па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


24 траўня (аўторак) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудуцца чарговыя заняткі

ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым.

Новы гістарычны цыкл - Беларусь у XХ ст. Пачатак 18.30. Уваход вольны.


КАБ ДУША МАГЛА ПАЧУЦЬ ДУШУ...

- Праз дзень - сустракайце! -

Тут будзе Марыя.

- Марыя? Якая?

Дык тая, што грае,

прыгожа спявае!

- А грае - на чым?

- Як - на чым?

На аргане!

I на фартэп'яне,

Яшчэ й на гітары!

- Ого! - на аргане!

Я быў у касцёле,

чуў голас анёлі -

спеў "Авэ Марыя!"

Пад купалам - нібы

грамоў вуркатанне,

анёлаў літанні...

Я зачараваўся.

- Дык гэта - яна ўсё!

I гром, і анёлы -

то ж цуды аргана!

- А дзе ж фартэп'яна?

- Найболей - то ў школе

(бо дзее Марыя і ў школе таксама).

Ды ў гэтага грання

ўжо іншыя грані -

на сцэне там грае,

дзяцей навучае!

Шчэ й вершы складае!

Сама іх спявае

пасля пад гітару!

(Заўжды з ёй гітара)

- I гэта - не мара?

Няўжо так бывае?

Бо, як сумяшчае?

Калі паспявае?

- Не цуд і не мара -

Марыя - жывая!

Яшчэ маладая!

Сваёй жа адоранасці

адпавядае!

А дадзена многа -

і робіцца многа.

Працуе ж у Бога!

I Бог - памагае.

Пра такую шматгранную, неардынарную асобу, як Марыя Новікава хочацца гаварыць вершамі. Вершы з'яўляюцца самі, іх не спыніць. Вось і атрымаўся тут, на пачатку гэтага допісу вершаваны дыялог, з якога можна зразумець, хто ж меў прыйсці да нас у Таварыства, што за такая Марыя Новікава?

Прыйшла яна, з гітарай. Адбылася прэзентацыя яе першага зборніка паэзіі "Паверу ў цуды". Прысутнічалі на імпрэзе тэбээмаўскія аматары прыгожага паэтычнага слова, сярод якіх былі такія вядомыя паэты Беларусі як Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Марыя Баравік, славутая паэтка з Падсвілля, маці Марыі Новікавай, якая не толькі забяспечвала маральную падтрымку дэбютантцы, але і дапамагала праводзіць прэзентацыю.

Паэзія для Марыі Новікавай была, можна сказаць, наканаваннем - з дзяцінства, ад нараджэння. Пашанцавала ёй нарадзіцца ў сям'і таленавітал паэтэсы Марыі Баравік, а гэта значыць - з маленства жыць у атмасферы роднай мовы, любові да яе, шанавання літаратуры, паэзіі. Усё тое жывіла яе душу і розум і натхняла на ўласныя спробы. Магчыма, таму яна ўжо ў малодшых класах умела штось зграбна зарыфмаваць, скласці нейкі жарт ці віншаванне. З дзяцінства паспяхова займалася музыкай, і музыку выбрала як прафесію. Музычная адукацыя патрабуе не толькі адпаведных здольнасцяў, але і шмат працы, вялікага цярпення і працаздольнасці. Яна ў значнай ступені сфармавала Марыю Новікаву як чалавека і творчую асобу. Праца музычнага педагога ў школе, арганісткі і салісткі ў сталічным Чырвоным касцёле дапаўняецца сёння плённай паэтычнай бардаўскай творчасцю.Тут яна далёка не навічок - вершы яе даўно з'яўляюцца ў друку, у шматлікіх агульна-беларускіх і віцебскіх рэгіянальных выданнях, а як паэтка-бард яна - удзельніца шматлікіх конкурсаў, аглядаў ды канцэртаў, альбомаў запісаў бардаўскай песні, як "Барды Свабоды", "Сто бардаў Свабоды", "Бардаўскі хрысціянскі хіт".

Першы зборнік паэзіі Марыі Новікавай мог з'явіцца значна раней, і гэта было б своечасова. Але і ў гэтай, некаторай запозненасці падзеі ёсць пэўная рацыя. Сціплы зборнічак у мяккай белай вокладцы (аб'ём - 80 старонак, наклад - 99 асобнікаў) дызайнам сваім яўна імітуе школьны сшытак, у які дзяўчынкі-школьніцы запісваюць упадабаныя вершы. Узмацняе гэты вобраз і намаляванае чырвоным стрыжнем сэрца на вокладцы. Свядома ці несвядома тут прыхаваная пэўная інтрыга, паколькі глыбіня і змястоўнасць, прафесійная выспеласць вершаў кніжкі яўна кантрастуе з наіўнай прастатой яе знешняга выгляду. Нібыта паэтка кажа: аўтарка - усё яшчэ маладая дзяўчынка ("дэвіз - шчырасць" - заяўлена ў анатацыі на адкрыцці зборніка). Чытаем і разумеем: маладая, але сталая, глыбокая, праніклівая, прафесійна выспелая, з уласным, ужо выпрацаваным стылем. Дарэчы, адрозным ад стылю маці, Марыі Баравік, тут ёй удаецца пазбегнуць пераймання, уплываў яскрава эмацыйнай, насычанай метафарычнасцю паэтычнай мовы старэйшай Марыі.

Кніга паэзіі "Паверу ў цуды" Марыі Новікавай - безумоўна, зборнік выбранага. Пры невялікім аб'ёме яна змяшчае ў сабе так шмат цудоўнай паэзіі! Тэматыка вершаў разнастайная. Лірычная гераіня выступае то як хрысціянка, прытым, дапытлівая, свабодная і смелая, то як патрыётка Беларусі, што жыве яе болем і радасцю, памкненнямі і надзеямі; то як асоба, якая імкнецца да гармоніі і дасканаласці, але пры гэтым бачыць вакол сябе шмат недарэчнага, крывога, звыродлівага, то як дзяўчынка, сэрца якой поўніцца любоўю да маці, сяброў, да вучняў, нарэшце, да каханага. Чысты голас яе паэзіі чаруе меладычнасцю, мілагучнасцю. Гэта адзначалі многія з прысутных на прэзентацыі ў сваіх выступах. Паэты Вярцінскі і Зуёнак таксама прынялі ўдзел у прэзентацыі - задавалі пытанні, выказвалі свае ўражанні. Адзначылі добрае прафесійнае валоданне формай, светлую ўзнёсласць многіх вершаў паэткі, нарэшце, тую даходлівасць, зразумеласць, дакладнасць у яе паэтычных выказваннях, чаго, на жаль, не так часта дастае цяперашнім маладым паэтам. Сапраўды, па дасканаласці выказвання, лаканічнасці, афарыстычнасці, дасціпнасці адразу западаюць у душу, запамінаюцца сходу многія яе радкі. Напрыклад, такія:

"Любоў мацнейшай робіцца ў агні,

бо ён з'ядае ўсе аковы страху."


"Не маюць улады

Уладныя людзі

Над верай маёй

I схіліцца не змусяць".


"Спраўдзімся! Збудземся!

Духам напоўнімся!

Шчасцем падзелімся

нашым напоўніцу!"


"Адкінем слоўнае смецце

I будзем сёння, як дзеці".

Некаторыя яе вершы па сваёй меладычнасці, гарманічнасці, лаканічнасці і дасканаласці выказвання - проста маленькія шэдэўры. Цікава, што ўсе тыя вершы, якія я сабе пазначыла, як найбольш удалыя, дасканалыя, Марыя таксама выбрала для першачарговага выканання на пачатку імпрэзы.

Казалася на імпрэзе пра тое, што мала нават мы самі чытаем адзін аднаго ў сваім асяроддзі, мала ведаем і прапагандуем творчасць сваіх калегаў, сяброў паплечнікаў па пяры. А як было б цудоўна, як карысна, калі б у сваіх выказваннях мы ўспаміналі цудоўныя радкі сваіх калегаў, нашых беларускіх паэтаў! I вершы Марыі Новікавай на гэта нас натхняюць. Вось, напрыклад, верш "Размаўляй са мной па-беларуску" калісьці, упэўнена, будзе змешчаны ў падручнікі і хрэстаматыі. Але гэты верш (ён жа песня) - знакавы для нас, сяброў Таварыства беларускай мовы. Нам усім трэба ведаць яго, прапагандаваць. Для пачатку хаця б набраць прыгожа ды размясціць дзесьці на сцяне ў сваіх офісах і сядзібах


РАЗМАЎЛЯЙ СА МНОЙ ПА-БЕЛАРУСКУ

I ў палацы, і на сцежцы вузкай,

Каб душа магла пачуць душу,

Размаўляй са мной па-беларуску,

Размаўляй па-роднаму, прашу.


Не шукай эпітэтаў замежных.

Каб душа прыйшлася да душы,

Ты маёй натуры незалежнай

Слова беларускае скажы.


І ў святле, і ў шчасці, і ў трывозе,

I на вечнай, на святой мяжы,

На апошняй для мяне дарозе

Слова беларускае скажы.


Каб маглі сустрэцца ў іншым свеце,

Ў незнаёмым, вечным "тым" віры

Душы нашы - кроплі дзве ў Сусвеце - Ты па-беларуску гавары.

У Марыі Новікавай гэта яшчэ і песня. I яна яе нам праспявала. Але, як і ўсе іншыя свае песні, без гітары. А чаму? Была ж гітара! Бо гітару - у нашай цеснаце і неразбярысе павалілі, і яна анямела. Гітара - далікатная істота. Хацелася б спадзявацца, што яе тады ўсё ж не прыкончылі, што можна будзе яе паднавіць ды наладзіць, бо гэтая гітара асаблівая, яна была атрымана як прыз за перамогу у конкурсе бардаўскай песні. А ў Марыі з яе гітарай наперадзе шмат творчых сустрэч, бо яе цудоўныя вершы і песні павінны ісці да людзей. "Каб душа магла пачуць душу..."

Святлана Багданкевіч. На здымках: 1. Марыя Новікава; 2. Марыя Баравік і Васіль Зуёнак.


Нілу Гілевічу прысвячаецца

Вясна пяе і свішча і шчабеча,

Яшчэ не ведае, што адышоў Паэт,

Вялікі талент, светлы чалавеча

Пакінуў дзіўны,

шматгалосы гэты свет.


Вы плачце чыстымі слязьмі,

бярозы,

На хвілю сцішчыся,

дубравы і бары,

Ён вас любіў зімою ў дзень марозны

І ў час вясёлы летняе пары.


Ён даражыў табой,

наш краю родны,

Пяяў табе без спыну ўсё жыццё,

І, мабыць, дзень

не прамінуў ніводны,

Не выказаў каб

захаплення пачуццё.


О, Беларусь, радзімая краіна,

Спрадвечна любая,

бо як матуля нам,

Ты страціла свайго такога Сына,

Які быў прыкладам

усім тваім сынам.


Згадай жа, жаўраначак,

песняй звонкай

Удзячнага Паэта весняю парой,

Спявай у небе над яго старонкай,

Любімай, роднай, вечна дарагой.

Эмілія Ліцвіновіч.


Родная мова

Каб любіць, разумець сваю мову,

Трэба шмат у жыцці паспытаць,

Слухаць птушачак спеў, як размову,

Не адну пару ботаў стаптаць.


І праехаць праз дні, нават ночы,

Ды са сталымі стрэцца людзьмі,

Зазірнуць ім у мудрыя вочы,

А яны вось такой глыбіні!


Ды паслухаць, як бусел клякоча

Ў завоблачнай дзесь вышыні.

Зразумець сваю мову захочаш -

У душу ты сваю зазірні.


Бо калі ты на свет нарадзіўся,

Зорка ў небе з табою ўзышла,

Ты да маці сваёй прытуліўся,

А яна на Шлях Млечны лягла.


З малака першай кропляй матулі

Ты ўжо мову пачаў разумець,

Бо яна над табой: "Лю-лі, лю-лі", -

Неўпрыкмет пачала ціха пець.


Вось тады, з той пары, ад радзінаў

Зразумела і я назаўжды,

Што люблю цябе, мова Радзімы,

Не забуду праз дні і гады.


Хай яна ручайком праліецца

Праз лясы, праз пяскі, камяні.

Назаўжды, на ўвесь век застанецца

Мова ў жылах маіх і крыві.

Ірына Рабіна.


Дух вольнасці

Між рэк, лясоў жывуць яны,

Сваёй святой зямлі сыны,

І вольны дух у іх жыве,

Які на вычын нас заве.


Мы ў шчасці дружна можам жыць

З той мовай нашай, што гучыць

І кліча нас з калень паўстаць

І ў краі родным вольным стаць.


І вольны дух агнём праз сэрца,

Што скрозь вякі ракой ільецца,

На волю рвецца, каб тут жыць

І каб у душах нашых быць.

Уладзімір Масакоўскі.


ЧАСЛАЎ ДОЛЬСКІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)


Душой у іх сям'і была Марыя,

Раслі ля яе дачушка і сынок.

Таленавітая, лагодная,

як анёл, мілая.

I разумнага дарадцу

меў з ёй кіраўнік.

Вытрымцы, як педагог, яго вучыла:

"Не бяры з наскоку

і не ламай чужую волю,

Сцякуць намаганні інакш,

як у лазні мыла,

Да сумленне не дойдуць ніколі.

Напачатку запытай

пра дзяцей, жонку, сям'ю,

Пахвалі за ўчынкі якія

і як бы спакваля,

Да вытокаў апазіцыйнасці

ідзі паволі,

А ў канцы кажы:

як жа носіць цябе зямля!"

Магла б на ніве адукацыі

далёка пайсці -

(Пасаду дырэктара не раз адхіліла).

Мо і ведаем мала

мы аб беларусак жыцці,

Бо мужу, сям'і

не адна талент пасвяціла.

За часам Светлы Дол

было не пазнаць,

Зямлю ўпрыгожылі рукі чалавека,

Уздоўж рэчкі дамы, будынкі стаяць,

Пляскаецца штучнае возера хваляй,

Быццам было тут адвеку.

Хвалюецца ніва, а колас важкі які!

Кароўкі ў статку поўныя, сытыя.

О, каб пабачыў Міхал парадак такі -

Наказ ягоны сынам не забыты!

Шчаслівы год

Шчаслівы той год стаў земляку,

Не раз успамінаў аб ім

ён цёпла і шчыра.

Прыснілася -

быццам з усмешкай яму руку

Працягнуў сам таварыш Машэраў.

Над мрояй-сном смяялася жонка,

Не верылі ў сны - матэрыялісты.

Як моды, мяняюцца

поры года ў старонцы,

Ідуць па арбіце адвечнай,

усталяванай.

Мінула ў напрузе вільготная вясна,

Паўсюдна стаяла вада ў лагчынах,

Не даецца і сёння лёгка збажына,

А ці ёсць належная павага селяніну?

Выдаўся шчодры ў той год уражай,

Бы лета прасіла прабачэння цяплом

- Не лянуйся, шчыруй,

працуй і дбай.

Як мора, хвалюецца поле за сялом!

З вясёлым гулам

плывуць па ім камбайны,

Гучыць той гул навакол

урачыстым акордам.

То гімн хлебароба,

непаўторны, нязычны!

Віном ён грэе душу,

лашчыць бальзамам.

Гудуць і поле, і ток,

бы ў свята стадыён!

Адчуў селянін -

ён зараз у дзяржаве - асоба!

Як верніку ў свята малінавы звон,

Жніво так на вёсцы-

час найвысшай пробы!

У дзяцінстве гэту радасць

Машэраў пазнаў,

Таму і сувязь з сялом

не рваў ніколі.

Сябе і другіх штогод акрыляў,

Магутнай энергетыкай той,

Што ў край ідзе

ад уражайнага поля.

У сярэдзіне жніва, пад вечар,

Прыехаў кіраўнік раёна ў калгас.

Гадаў мой Дольскі, чым ці нечым,

Задумаў "шэф"

азадачыць на гэты раз?

Бо добра ведаў яго дзелавітасць -

проста так не паедзе.

Крыкам ён спраў не рашаў,

А розумам папраўляў.

"Вось нам бы такога!" -

зайздросцілі суседзі.

Спытаў спачатку аб стане ўборкі,

Падрабязна: пра ўраджай,

камбайны, такі,

А потым - ці зжаў ты

вялікае поле ля горкі?

Калі не, то і пачнем

аб'езд яго ад ракі.

Ячмень у той год вырас там,

як ніколі,

Для "піва" яго Дольскі спяліў.

Не стаў і "шэф"

хаваць стан задаволены,

Таямніцу візіту адкрыў:

"Душу не тамі больш пытаннем,

- Кажу табе дзякуй,

і светладольцам усім,

Здадзім на гэтым полі

з табой зкзамены,

Ганарыцца будзеш

калектывам сваім.

Не хвалюйся, а рыхтуйся к таму

як належыць,

Машэраў тактоўна пытае людзей,

Але ж і спадзявацца

не варта на як-небудзь,

З найлепшай увагай

прымем гасцей".

Больш тыдня заняла падрыхтоўка,

Раёныя службы па спіску вялі.

Раўнялі нават

для верталёта пляцоўкі,

Але ж і ўзяць усяго

ў разлік не змаглі.

На горцы "шэф"з Дольскім

госця чакалі,

А ён праляцеў над імі

і апусціўся ля рэчкі...

Бо і там сцяжком таксама махалі.

Машэраў бачыў,

дзе і якія "чалавечкі",

Але з простым людам

сустрэцца хацеў.

I тут выпадак адбыўся

надзвычай камічны.

Крылаты карабель

на зямлю амаль сеў,

Але ж брыгадзір спужаўся і пабег,

бы ўбачыў істот міс

тычных. Спусціўся Машэраў,

махае рукой, смяецца:

"Хадзі, не бойся,

наша птушка не дзяўбецца".

"Не ведаю сам, - сказаў чалавек, -

чаго пабег?"

Забыўся прозвішча нават,

сказаў завуць: "Алег",

Машэраў з жартам дадаў:

"А прозвішча - Ячменны".

(Настрой у кіраўніка краіны

зрабіўся адменны.)

Не менш брыгадзіра

хваляваўся і "шэф" раёна:

"Паедзем хутчэй,

каб не "ляпнуў" чаго той прастак".

Пакуль даехалі -

госці ўжо ля камбайна,

У Часлава адлягло -

камбайнер Янка Прусак.

О, гэты хлопец мог быць адвакатам,

Хітрун ад прыроды -

артыст, жартаўнік,

I тонкім, дзе трэба,

яшчэ дыпламатам,

Пры гэтым меў заўжды

нейкі свой разлік.

Так, і цяпер - даў "рэпартаж"

лепш журналіста,

Ды такі, што можна

і ў "Праўду" паслаць.

Ох, Янка, умеў, дзе трэба,

сябе выстаўляць!

Не гожа цяпер і старшыні

планку апускаць.

Машэраў падаў з усмешкай руку,

прывітаўся,

Відаць, меў добры настрой.

Падрабязна, аб справах,

жыцці пытаўся,

А потым:

"Чаму народ палахлівы твой? "

Збянтэжыўся Дольскі,

і нават "шэф" ягоны,

Не ведалі, кемілі што адказаць.

"А я сам вам прычыну скажу:

Не насіла ваша пакаленне пагоны,

I паху пораху

не прышлося спазнаць,

У цяні герояў вайны

жывяце вы сёння,

I павінны аб гэтым цвёрда знаць.

Не лёгкая праца на заводзе і ў полі,

Але ж гэта не тое, як у атаку ўстаць.

I, як кажуць, дай бог, каб ніколі,

Не прыйшлося нам больш ваяваць".

I твар у Машэрава стаў

мужны, суровы,

Змянілі ўспаміны на хвіліну настрой.

Глядзелі гаспадарку і пасёлак новы.

Абвыкся і Дольскі

да новай ролі сваёй,

А тады тактоўна запрасіў

гасцей на абед.

Машэраў падзякаваў,

але папярэдзіў:

"Не разводзь банкет на ўвесь свет".

Старэйшыны, жанчыны

ля сталоўкі сустрэлі,

Марыя Антонаўна

госцю хлеб-соль падала.

На яе, як на артыстку госці глядзелі,

Гадалі - дзе ж такую знайшлі

хітруны сяла.

За сталом і госць

у "афіцыянткі"спытаўся,

У каго красамоўства ўрокі ўзяла?

Жанчыне адкрыцца прыйшлося -

I ВНУ, і школа, але болып маці,

мову сваю ёй дала.

Спадабаліся, бачна, шчырыя словы,

Бо навокал афіцыйнасць толькі адна,

Сказаў: "Берагчы

мы павінны родную мову,

Каб нацыя наша жыла,

I пакінуць лепшай

краіну нашчадкам -

Абавязак наш з вамі найперш,

Каб жылі яны з поўным дастаткам,

I за нас, сучаснікаў, сталі лепш".

На жаль, загінуў Машэраў праз год.

А ў мяне і сёння гучаць

сябравы шчырыя словы:

"Мо мы, беларусы,

таму і небагаты народ,

Што не ўмеем скарбы,

даныя Богам, моцна трымаць ...

Ды не прышлося б праз гэта

яшчэ гараваць."

Бюро

Не кожны сёння слова ведае - бюро ,

I ў нас даўней яго ніколі не ўжывалі,

А ўжыло найперш лацінскае пяро,

Калі ў сенаце зводы нейкія складалі.

У савецкі час

яно ўжывалася паўсюды.

Рашэнні важныя

на тым бюро прымалі,

Раз іншы нават неадкладна і спешна.

Казаў калісь Часлаў з усмешай:

"Мы сягоння без райкома,

як без хлеба, ці без дома".

(Але ж ў пастановах, мо і несвядома,

было нямала і дуралому...)

Заглянем жа назад -

як справы "бюракраты" вырашалі.

Забег у кабінет

парторг усхваляваны:

"Міхайлавіч,

на бюро рыхтуюць наш Савет".

"Што ж там маюць вырашаць,

якія планы?"

"Сказаў куратар,

будуць біць, як след,

Недаглядзеў Савет:

вернікі капліцу збудавалі

На могілках у Парэччы".

"Ну і што, не сакрэт жа які прадалі,

А развітацца з родным як,

калі непагадзь недарэчы?"


... Урачыстасць быццам...

інструктары шмыгаюць,

Адведзеныя месцы

кіраўнікі займаюць.

"Заходзьце", -

усіх нарэшце запрашаюць.

Зайшлі ў залу -

мала месца ў кабінеце.

"Няпростую справу, -

кажа новы сакратар, -

Разглядаць сягоння давязецца,

Збудавалі вернікі на могілках алтар,

Капліцу (невялікі храм),

Ці як ён там у католікаў завецца.

А вось Савету

і спраў няма да гэтага, здаецца.

Далей, малітвы будуць адпраўляць,

Працэсіі пойдуць ля школы,

Дзяцей пацягнуць

продкаў памінаць,

Рэлігія і цемра адродзяцца наўкола.

А камуністы ж дзе,

адказ пара трымаць,

Не жарты гэта вам,

справа тут сур'ёзная.

Няўжо вы, паважаны старшыня,

не чулі,

Што вернікі пад носам у вас зрабілі,

І што ж цяпер нам вашы слёзы.

I вы, таварыш Дольскі,

як член райкома, дэпутат,

Хоць і не ваша гаспадарка -

Савет адзін?

Чаму ж не хочам мы,

дзе трэба, паказаць мандат,

А мо не хочаце і вы,

як вернікаў тых сын,

У доме сцэн"?

"Як мне здаецца, то п'янства горш,

Чым каплічка тая",

не жадаў згаджацца Дольскі.

"Памыляецеся, п'яніца -

наш грамадзянін найперш,

А тут ідэалогія чужая,

амаль з калыскі.

А вы мірыцца з гэтым ужо гатовы?..

Уношу прапанову:

высновы зрабіць усім,

Старшыні Савета

строгую аб'явіць вымову,

На тым будынку

спілаваць крыжы зусім,

А вам, таварыш Дольскі,

абдумваць раю словы".


Успамінаў з усмешкаю Часлаў,

I ход таго бюро і пастанову.

Цікава, а што б той сакратар

цяпер сказаў?

Будуюць усюды

цэрквы і касцёлы новыя,

А душы вось закрылі на замкі...

На сметнік кінулі сумленне,

Бы старамоднае адзенне.

Не Богу моляцца,

а на даляр, ці еўр які,

У храм ідуць,

бо моднае цяпер цячэнне.

Ён часта разважаў яшчэ ў той час:

Вякамі складваўся абрад хаўтурны,

Жалобны спеў,

малітвы - на захадзе, у нас,

На ўсходзе ж, як і храмы, знішчыны.

Зразумець не мог ніяк заўжды

Часлаў,

Куды мясцовыя палітыкі вядуць:

Да затрат нікому аніякіх спраў,

Праз дзень - загады новыя даюць;

Не травой, а бульбай

карміць рагаты статак,

Малоць галінкі хвоі ды бярозы,

А па канцы года потым атрымаць

Не прыбытак, а слёзы...

Усякія былі праверкі,

нават шкодныя,

(Змушалі ж зверху на прыпіскі).

А рэвізорам

дай справаздачы аб'ектыўныя,

Чынавенства дробнае

дзьмула шчокі,

Цяпер ты, брат,

у іх руках і лёс кар'еры.

Не будзь жа порсткі,

маўчы і адкупляйся,

Інакш займуцца

ў мундзірах афіцэры,

А за прыпіскі

сам цяпер выкручвайся.

Даваў і Дольскі прайдзісветам

рыбу, мяса,

Тыя ж рыхтавалі для сябе прыпасы.

А праўда ж дзе ў той час была?

О, яна - грамаадвод,

Здалёку цягне

да сябе бяду- трывогу,

У лепшым выпадку -

кот здохлы ў агарод,

А ў горшым жа ... маліся Богу,

Не пойдзе аніхто табе на дапамогу.

Здаўна вядзецца:

з бядою праўда ходзіць побач,

На сябя разлічвай, і не плач ...

Калі палез да чорта ты ў бярлогу.

Перабудова

Ляцелі гады, мянялася аблічча сяла,

Не стала балотцаў,

валуноў, кустоўя,

Меліярацыя, бы венік, усё падмяла.

Вялікі наш зямляк, паэт,

хварэў душой за край,

Раўняў яго з здароўем.

А каб нашчадкі дбалі -

даваў запавет:

Свае хваробы лячыць самім,

без чужых дактароў.

Не збераглі...

а здзіўлялі планамі свет,

Без аглядкі ляцелі,

не шкадуючы слоў.

Мо і быў за гэта насланы

Чарнобыль,

Што ў краі ў трыццатыя скасіла

Разумных, сумленных

бяздушная сталь,

Рукамі нячыстымі, у якіх была сіла.

З тых пор загнілося грамадства:

Абман, крывадушша, зазнайства,

Пратэкцыя, агульнае п'янства,

Прыпіскі - від новы мастацтва.

(Адзін Савета кіраўнік

келішак лішні ўжыўшы,

Раскрыў сакрэт

"палішынеля" ўстаўшы:

"Мы лічбамі сваімі дурым ЗША,

Няхай дрыжыць

ад страху ў іх душа").


Цяжэй і цяжэй

адчуваў сябе Дольскі,

"Спавядаўся" Марыі

аб гэтым не раз,

Гаспадарку, трэсла

як віхура ў франтоне дошкі,

Сацыялізм закончыўся,

настаў іншы час.

Ездзіў і ў Менск,

і ў Маскву, да старэйшын,

Трывожыўся,

выйсце ў думках шукаў.

На жаль, не заладзіць

духоўныя трэшчыны,

Бо рады быў той,

хто аб сабе толькі дбаў.

Як дуб у буру,

"Светладольскі" трымаўся,

Бо злажаны быў, як добры аркестр,

З утроеным дбаннем

старшыня стараўся,

Бы студэнт у свой першы семестр.

У розных краінах пабыў за граніцай,

I з вучонымі, і фермерамі

спатыкаўся,

Унікаў да вялікага

і да малых крупіц.

(Працяг у наст. нумары.)

Мар'ян Даргель


Абрад Юр'я на Лідчыне

Юр'я, Юрай, Ягорый - старадаўняе свята беларусаў у гонар заступніка жывёлы і гаспадаркі Юрыя (Георгія), які ў часы хрысціянства замяніў язычніцкае славянскае баство вясенняй урадлівасці - Ярылу.

У Гарадзенскай вобласці свята "Юр'я" ўяляла сабой разгорнуты абрадавы комплекс: абрадавыя дзеянні, звычаі, песні, гульні, прыкметы і павер'і. Увесь комплекс падзяляўся на два ўзаемазвязаныя цыклы: жывёлагадоўчы і земляробчы. У нас на Лідчыне, больш выдзяляўся земляроб-чы. Юр'я, у якасці рэканструяванага абраду жыве ў вёсцы Збляны.

Работнікі філіяла "Беліцкі дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" вырашылі адрадзіць свята Юр'я. (дарэчы і касцёл у Беліцы Св. Юрыя).

Загадзя зладзілі экспедыцыю ў вёску Збляны (5 кіламетраў ад Беліцы) да Лазарчук Глафіры Сцяпанаўны, якая ў свой час была арганізатарам і ўдзельніцай гэтага абраду.

Свята пачалося з юр'еўскіх песень, якія выконвалі ідучы да крыжа, што ў канцы Беліцы, не толькі ўдзельніцы фальклорнага аматарскага аб'яднання "Вяртанне да вытокаў", але і старэйшыя жыхаркі вёскі: Аляксандра Лагонда, Алена Бічэль, Ганна Шулейка , Алена Хмялінская. Пасля малітвы каля крыжа ўсе рушылі на луг вадзіць карагоды. Карагоднае дзеянне пачалося з "юр'явання дзяўчат" (гэта значыць дзяўчынкі мяняліся вянкамі, прыгаворваючы: "Мы з табою паюрыліся"), што адзначае пасябравалі на ўвесь год, аж да наступнага Юр'я. У другім карагодзе дзяўчынкі выбралі "Лялю" (ёю стала Стуканожка Аліна) і ўзяўшыся за рукі, скакалі вакол яе прыгаворваючы: "Частуй, Ляля, пірагом". Пірог, спечаны Валянцінай Валюк, разышоўся ў імгненне вока, і якраз у гэты час падыйшлі Анатоль Рудзевіч і Аляксандр Шарапа (пастухі кароў). "Ля-ля" ўручыла ім спецыяльную хустачку з хлебам і соллю і наказала закапаць яе пад купінкай на лузе, (каб радзіла трава, ды жывёла спажываць магла). Пасля чаго пачаўся віншавальны абыход двароў (кажуць, што існаваў толькі на Лідчыне). Спачатку завіталі на падворак Івана і Анастасіі Сурба, вяселле якіх адбылося ў мінулым годзе (у год ад Юр'я да Юр'я). Першы кавалачак, (ён лічыўся юр'еўскім, магічным), адрэзаны ад чырвонага паяска, што вынесла гаспадыня, быў уручаны гэтай пары з пажаданнямі дабрабыту. Затым гаспадары вынеслі кошык з пачастункамі. Цырымонія віншавання зацягнулася аж да позняга вечара, заходзілі да ўсіх, хто пажадаў.

Г. Некраш, метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


Пад Гомелем прэзентавалі цудам ацалелы зборнік Анатоля Сыса

У вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне адбылася прэзентацыя цудам ацалелага паэтычнага зборніка Анатоля Сыса "Берагі майго юнацтва". У кнігу ўвайшлі больш за 160 вершаў, напісаных першым чынам у студэнцкія гады, а таксама невядомыя творы найпозняга часу. Большасць з іх раней нідзе не друкавалася, перадае "Еврарадыё".

Друкапіс гэтай кнігі быў знойдзены некалькі гадоў таму ў бацькоўскай хаце паэта. Гэтая кніга была напісана Анатолем, калі ён быў яшчэ студэнтам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Для сваіх сяброў ён сказаў, што спаліў гэтую кнігу. Магчыма, што ў роднай хаце Анатоля захаваўся адзін з асобнікаў друкапісу.

Прадмову да кнігі "Берагі майго юнацтва" напісаў сябар Анатоля Сыса, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

На свяце паэзіі ў гонар Анатоля Сыса гучалі песні як на яго вершы, так і на словы іншых беларускіх паэтаў у выкананні бардаў Таццяны Грыневіч-Матафонавай, Вольгі Гардзейчык, Сяргея Бурака і Кацярыны Ваданосавай, Аляксея Галіча, Змтра Бартосіка.

Гучаў і верш у выкананні самога Анатоля Сыса: на свяце быў прэзентаваны ўнікальны аўдыёдыск, у якім сабраны галасы шасцідзесяці беларускіх паэтаў.

Мастак Алесь Квяткоўскі падарыў сёстрам паэта, Тамары і Валянціне, партрэт Анатоля Сыса. Ён выказаў надзею, што неўзабаве іх родная хата ў Горошкове стане літаратурным музеем.

Традыцыйнае свята паэзіі штогод праводзілася ў кастрычніку і было прымеркаваны да дня нараджэння Анатоля Сыса. Аднак з гэтага года яго перанеслі на травень.

Анатоль Сыс нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Пры жыцці паспеў выдаць тры зборнікі паэзіі "Агмень", "Пан лес" і "Сыс", якія былі высока ацэненыя крытыкамі і чытачамі.

Еўрарадыё. Фота: Юлія Сівец, Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX