Вярнуцца: 2016

№ 22 (1277)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1277), 1 чэрвеня 2016 г.


Феліксу Шкірманкову - 90

Фелікс ШКІРМАНКОЎ нарадзіўся 27 траўня 1926 года ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён ветэран вайны, сябар Партыі БНФ ды ТБМ, літаратар, журналіст. У 2005 годзе быў адным з найстарэйшых дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны. У дваццаць адзін свядома ўступіў у КПСС. У 25 добраахвотна паехаў працаваць на Калыму. Яго вяртанне ў Беларусь супала з бурлівымі падзеямі распаду СССР.

З вяртаннем на радзіму вярнулася да Фелікса Шкірманкова і беларушчына. Яго паглынула грамадская дзейнасць. У 63 гады стаў ініцыятарам стварэння раённай арганізацыі "Дзеці Чарнобыля". У 64 выйшаў з партыі і ўступіў у Беларускі Народны Фронт.

Землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынём Слаўгарадскага гарадскога савета народных дэпутатаў.

Фелікс Шкірманкоў мае некалькі кніг рознага літаратурнага жанру. Сярод яго твораў - успаміны, замалёўкі, абразкі, "ваенныя" і "геалагічныя" апавяданні, паэтычная кніга на расейскай мове, кнігі вершаў па-беларуску.

Вікіпедыя.

(Фрагменты гутаркі журналіста РС з Ф. Шкірманковым чытайце на ст. 4.)


Ільі Кургану - 90

Ілья Львовіч Эйдельман (белор. Iлья КУРГАН , нар. 26 траўня 1926 года) - дыктар Беларускага радыё і тэлебачання з 1949 па 1990 год, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (снежань 1968), літаратурны кансультант у Купалаўскім тэатры і Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, прафесар кафедры сцэнічнага маўлення ў Беларускай акадэміі мастацтваў і Менскам універсітэце культуры і мастацтваў.

Нарадзіўся ў Барысаве. У 1934 годзе сям'я пераехала ў Менск. Вучыўся ў менскай школе № 5. У вайну працаваў у Самаркандзе ў літаграфіі, вучыўся ў інстытуце інжынераў марскога флоту, а пасля паступіў у чыгуначны тэхнікум, адначасова падзарабляючы ў майстэрні пры чыгунцы. Затым працаваў у Ташкенце на паравозарамонтным заводзе разьбяром па метале.

У 1945 годзе паступіў у Менскі тэатральны Інстытут на акцёрскі факультэт на курс Еўсцігнея Міровіча, народнага артыста БССР. Скончыў інстытут у 1949 г. 1 лістапада 1949 г. прайшоў сярод амаль 100 кандыдатаў па конкурсе і быў прыняты дыктарам Беларускага радыё. 4 лістапада 1950 года быў апублікаваны артыкул Ільі Львовіча "Хай растуць нашы дзеці" пад псеўданімам Ілья Курган . Кіраўніцтва радыё прапанавала афіцыйна памяняць прозвішча для радыё. Гэта было не цяжка. Курган - дзявочае прозвішча маці. Неўзабаве псеўданім стаў фірмовым знакам. Гэтае прозвішча ў савецкай Беларусі ведалі ўсе. Ілья Курган думаў, што папрацуе на радыё часова, а затрымаўся на паўжыцця. Але цяга да сцэны ў дыктара Кургана не прапала і была часткова рэлізавана працай у якасці акцёра ў радыёпастаноўках. Быў на радыё "Тэатр ля мікрафона", у якім удзельнічалі карыфеі - Барыс Платонаў, Леанід Рахленка, Стафанія Станюта… Яны ўмелі зрабіць так, што слухач бачыў чутае.

Ілья Курган лічыць, што для таго, каб было раўнапраўнае двухмоўе, сёння трэба добра ўкласціся ў беларускую мову. І зрабіць акцэнт трэба на навучанні ёй у школе.

- Гэта мой боль, мой пункцік: каб артысты, якія вядуць радыё і тэлеперадачы, ды ўсе мы - на вуліцах, у транспарце, на працы - маглі гаварыць і гаварылі на "чысцюткай беларускай мове". Дагэтуль чую - памятаю! - як гаварылі вялікія купалаўскія артысты - Глебаў, Платонаў, Ржэцкая, Стома, Уладамірскі, Дубашынскі… Яны былі захавальнікамі мовы, - гаворыць Ілья Курган.

Вікіпедыя.


Віншуем Маю Яніцкую

Мая Міхайлаўна ЯНІЦКАЯ (22 траўня 1931, хутар Валянцінава, Плешчаніцкі, цяпер Лагойскі раён, Менская вобласць) - беларускі мастацтвазнавец, кандыдат мастацтвазнаўства (1974). Сябар Беларускага саюза мастакоў (1975), актыўны сябар ТБМ імя Ф. Скарыны.

Скончыла Усесаюзны завочны інстытут савецкага гандлю ў Маскве (1955), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі па спецыяльнасці "Выяўленчае мастацтва" (1970). У 1971-74 гг. малодшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ НАН Беларусі, у 1974-77 гг. у выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" (у 1975-76 гг. загадчык рэдакцыі "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі"). З 1978 г. старшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ НАН Беларусі, з 1991 г. - Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, з 1997 г. - рэдакцыі мультымедыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры. Даследуе гісторыю беларускай культуры, у т. л. дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Aўтар кніг "Беларускае мастацкае шкло (XVI-XVIII стст.)" (1977), "Вытокі шкларобства Беларусі" (1980), "Фёдар Зільберт" (1980, творчы партрэт мастака-кераміста), "Беларускае мастацкае шкло XIX - пачатку XX стст." (1984), "Людміла Мягкова" (1984, творчы партрэт мастака), "Гісторыя шкляной вясёлкі" (1986), "Художественное стекло Советской Белоруссии" (1989). Першы аўтар фундаментальных артыкулаў па гісторыі розных відаў дэкаратыў-напрыкладнога мастацтва ў шэрагу энцыклапедычных выданняў. Адзін з аўтараў, навуковых рэдактараў і член рэдкалегіі "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" (1984-88) і серыйнага навуковага выдання "Вяртанне-1", "Вяртанне-2", "Вяртанне-3", "Вяртанне-4" (1992-97), адзін з аўтараў "Гісторыі беларускага мастацтва" (т. 1-6, 1987-94), а таксама першага мультымедыйнага выдання Беларускага інстытута праблем культуры "Беларуская культура. Лепшыя старонкі: Іканапіс. Традыцыйны касцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музеяў Беларусі" (2000). Аўтар шматлікіх артыкулаў у перыядычных выданнях Беларусі і Расіі, прысвечаных агляду выстаў розных відаў сучаснага беларускага мастацтва, аналізу твораў персанальных выстаў сучасных мастакоў Беларусі, а таксама складальнік каталогаў гэтых выстаў. Складальнік раздзела "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" да альбома-каталога "Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя" (2003).

Вікіпедыя.


Генрыху Далідовічу - 70

Генрых Вацлававіч ДАЛІДОВІЧ (1 чэрвеня 1946, в. Янковічы, Стаўпецкі раён, Менская вобласць) - беларускі пісьменнік.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1968). Служыў у арміі. Настаўнічаў на Барысаўшчыне (1971-1973), працаваў у аддзеле прозы часопіса "Полымя" (1973-1979), намеснікам галоўнага рэдактара (1979-1991), галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць" (1991-2002). З 2003 года намеснік галоўнага рэдактара "Краязнаўчай газеты".

Друкуецца з 1966 года. Першы зборнік апавяданняў "Дажджы над вёскай" (1974). Творы Г. Далідовіча адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам.

У рамане "Гаспадар-камень" (1984), прысвечаным пярэдадню І сусветнай вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нацыянальнай інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах "Пабуджаныя" (1988) і "Свой дом" (1989) шмат новых персанажаў - удзельнікаў і кіраўнікоў палітычнага руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917-18 г. У рамане "Заходнікі" (1992) створана панарамная карціна жыцця заходнебеларускага сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх "перавыхаванне", рэпрэсіі, міграцыі.

Вікіпедыя. (Гутарку з Г. Далідовічам чытайце на ст. 2-3.)


"Мы - з роду радзівілаўскіх дойлідаў"

1 чэрвеня адзначае 70-годзе сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Генрых Далідовіч.

Генрых Далідовіч ў 1968 годзе скончыў філфак БДУ, пасля некалькі гадоў настаўнічаў на Барысаўшчыне, з 1973 года стала займаецца літаратурнай працай. Амаль 6 гадоў ён працаваў у аддзеле прозы часопіса "Полымя", з 1979 па 2002 - намеснікам, галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць". Ён - аўтар шматлікіх апавяданняў, аповесцей, раманаў на гістарычную тэматыку. За раман "Гаспадар-камень" пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію імя Івана Мележа (1986 г.). За раман "Заходнікі" ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1996 г.).

Як у большасці твораў на сучасную тэматыку, так і на гістарычную, пісьменнік шчодра апісвае свой налібоцкі край, сваіх землякоў, у тым ліку і тых, каго ўжо не паспеў пабачыць.Так, у рамане "Кліч роднага звона" яго герой Міндоўг прыкладна ў 1246 годзе сядзіць на беразе рэчкі Шура, што цячэ ў вёсцы Янкавічы Стаўпецкага раёна, разважае пра рэчаіснасць і лёс зямлі, дзе паблізу было яго княства, дзе ўзвышаўся сусед Наваградак, што неўзабаве стане паўнавартаснай сталіцай ВКЛ. Мы пагутарылі з пісьменнікам напярэдадні яго юбілею.

- Генрых Вацлававіч, пішучы пра даўніх сваіх землякоў, наколькі Вы ведаеце свой род?

- Маю звесткі пра сваіх прадзедаў з 1710 года. Прозвішча паходзіць ад назвы прафесіі продка - дойліда. Іх, будаўнікоў, па-сёняшнему - прарабаў, архітэктараў, князі Радзівілы пасялілі на маіх родных мясцінах. Менскі медык Казімір Далідовіч выдаў кнігу пра наш род, у якой ён узгадаў 1453 прадстаўнікоў некалькіх адгалінаванняў сям'і, а я рэдагаваў рукапіс, напісаў да кнігі прадмову.

- Як родныя мясціны паўплывалі на Вашыя ўражанні, якія ўвайшлі ў апавяданні і кнігі?

- Кожны пісьменнік у свеце на гэта пытанне адказаў бы так: "Дзякуй Богу, ёсць родны кут, як сказаў Якуб Колас, які табе мілы" . Я пабачыў свет у зямлянцы ў 1946 годзе на хутары Амшарок паблізу згаданай вёскі Янковічы Стаўпецкага раёна.

Калі наша мясцовасць у 1921 годзе апынулася ў складзе Польшчы, то падпала пад палітыку рассялення на хутары. Мой дзед Уладыслаў пакінуў вёску і пераехаў на блізкі хутар Амшарок, дзе паставіў хату, завёў гаспадарку, у 1922 годзе займеў першанца, майго бацьку. Бацька закончыў 7 класаў, але далей вучыцца не было за што. У вопытнага прафесіянала вывучыўся на каваля. Гэтай справе ён прысвяціў сваю старанную і ўмельскую працу каля 70 гадоў, стаў адным з вядомых людзей нашага Налібоцкага краю.

Надышла Другая сусветная вайна. Нашыя мясціны апынуліся ў партызанскай зоне. Вёску і хутар акупанты спалілі, людзей вывезлі ў Германію. Бацька ўцёк па дарозе, быў у бежанцах. Але калі вайна пакацілася на Захад, вярнуўся ўжо не адзін, а з маладзенькай жонкай Янінай, маёй будучай маці. Па лясах яшчэ бадзялася розная пошасць, бандзюгі, дыверсанты, было накідана многа мін у лесе і ў полі, але бацькі ўпарта імкнуліся вярнуцца на родныя папялішчы, каб пусціць карэнні і аднавіць род. Іх лёс я апісаў у аповесці " Жывы покліч".

Яны выкапалі яміну, абклалі яе кроквамі, дзірваном, паставілі грубку з цаглін былой печы, збудавалі зямлянку. І тут у 1946 годзе з'явіўся я - адзін з першых дзяцей адрожданых Янковіч і хутароў. У Амшарку пабачылі свет дзве мае сястры і два браты. І як было не адчуць на хутары радасць, што бачыш навокал вялікае поле, лес, рэчку, узімку - белую прастору, вясной - зеляніну. Што толькі не расло тут! Палавелі жаўтавата-белыя лапікі малога, з дробным калоссем жыта, пшаніцы і ячменю, зелянеліся авёс і бульба, а яшчэ больш гусцеліся абшары пырніку, лебяды, высознага асоту, свірэпы і лубіну.

Міжволі з маленства я ўспрыняў прыроду як нешта арганічнае. У вёску мы пераехалі ў 1961 годзе, дзе хутка дачакаліся электрычнасці. У новай нашай хаце я пажыў толькі 2 гады. У 1963 годзе я падаўся ў Менск на вучобу.

- У гэтым годзе Вы адзначыце не толькі 70-годдзе, але і 50-годзе літаратурнай дзейнасці. Раскажыце, калі ласка, як яна пачыналася.

- Прыкладна ў 7 класе я пачаў пісаць заметкі ў "Ивенецкую правду", пазней - у стаўпецкую газету "Прамень". Вучнем 9 класа стаў яе карэспандэнтам, а ў 10 класе асмеліўся пасылаць напісанае ў менскія газеты, і стаў няштатным карэспандэнтам "Сельскай газеты", пачаў спрабаваць свае сілы ў прозе. Дасылаў замалёўкі і апавяданні ў "Маладосць", дзе працавалі выдатныя празаікі, як Міхась Стральцоў і Вячаслаў Адамчык. Яны дасылалі мне лісты, цярпліва вучылі мяне шукаць сваё слова не столькі пра нейкі прыдуманы свет, а пра жывое ў рэчаіснасці. А для вёскі падзеяй быў факт, што Геніку (так звалі мяне ў дзяцінстве) прыходзяць канверты са штэмпелямі з самога Менска. У 1966 годзе стаўпецкі "Прамень" надрукаваў маё першае апавяданне. Гэты год я лічу пачаткам маёй літаратурнай творчасці.

Па заканчэнні вучобы мяне накіравалі настаўнічаць ў Барысаўскі раён. Там я падрыхтаваў першую кнігу прозы "Дажджы над вёскай", якую выдаў у 1974 годзе. Яшчэ калі яна была ў рукапісе, славуты наш празаік Іван Паўлавіч Мележ запрасіў мяне да сябе і даў мне вялікія літаратурныя ўрокі. Прапанаваў рыхтавацца да ўступлення ў Саюз пісьменнікаў. І ў час выхаду кнігі я стаў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. Тады прымалі ў Менску, але дакументы адпраўлялі ў Маскву. Два пасведчанні пацвярджалі, што ты ў літаратуры ўжо прафесіянал. Па-другое, пасведчанне Саюза пісьменнікаў асцерагала пераследу "за тунеядство". З траўня 1969 па чэрвень 1970 года я служыў у войску радавым салдатам, потым атрымаў афіцэрскае званне.

- Вы напісалі тэтралогію пра тагачаснае настаўніцтва. Ацэнкі яе былі рознымі.

- І цяпер лічыцца лепшым творам пра настаўнікаў трылогія Якуба Коласа "На ростанях". Яго любімы Лабановіч выклікае агромністую павагу. Але ён працаваў у дарэвалюцыйны час, калі ў вёсках панавала непісьменнасць, прыгнечанасць. Я патрапіў у школу ў 1968 годзе ў зусім іншых умовах. Настаўнік перастаў быць адзіным інтэлігентам на вёсцы, з'явіліся аграномы, інжынеры, заатэхнікі. І з гэтым у пэўнай меры страчвалася ўзвышэнне настаўніка. Старшыня калгаса, увогуле, быў для вёскі царок .

Папрацаваў я настаўнікам, завучам школы, спазнаў жыццё. У сваёй аповесці " Усё яшчэ наперадзе" ў 1974 годзе я пачаў адлюстроўваць рэальнае становішча. Мне пасыпаліся пасланні з ўсёй Беларусі. Атрымліваў 150-200 лістоў у месяц,большасць з іх - ад настаўнікаў. Адны пісалі : "Ты нас прынізіў!" Іншыя казалі мне: "Ты напісаў праўду, паказаў, як настаўніку цяжка". Некаторыя крытыкі сустрэлі мяне вельмі рэзка. Я быў глыбока ўдзячны Івану Мележу, які сказаў: "Генрых, вы перадалі рэаліі". Я аддаў 10 гадоў працы і стварыў ў 70-тыя гады 4 аповесці пра настаўнікаў, адлюстраваў лёс і долю сапраўднага настаўніцтва. Дзве мае сястры выкладаюць беларускую мову ў Стаўпецкім і Нясвіжскім раёнах, вядуць семінары. Іх не разгубіла тое, што і як я пісаў.

- Вы сабралі шмат гісторый пра каханне, пра прыгажосць пачуццяў маладых, пра развіццё адносін, пра закладанне сям'і. Вобразы Істы, Аглаі, Клаўдзіі перадаюць тонкае разуменне жаночай душы.

- Як пісьменніку не ўдзяляць гэтаму вялікую ўвагу?! Кніга "Жар кахання" выйшла ў 1996 годзе і я здзівіўся: яе раскупілі за два тыдні. Яна мела ашаламляльны поспех! Я быў уражаны, калі запрасілі выступіць студэнты Менскага Лінгвістычнага ўніверсітэта. Некалькі груп прыйшлі на сустрэчу. Дзяўчаты выкупілі ў "Кнігарні пісьменніка" 200 асобнікаў кнігі, і ўсе прышлося падпісаць. Яны падрыхтавалі 50 пытанняў да мяне. Адна чытачка сказала: "Вы паказалі любасць, адкрытасць, хараство жанчыны. А хто Вы былі сам - Дон Жуан ці Дон Кіхот?" Я адказаў: "Я - Дон". Праз некалькі дзён яны выпусцілі насценную газету з маімі адказамі пра дадзенае Богам пачуццё, якое чалавек можа развіваць і якае, на жаль, можа глыбока азмрочыць.

- Адзін з раздзелаў Вашай кнігі называецца "Хваласпеў сям'і". Значыць, Вы шануеце сямейны лад і традыцыі. Скажыце, калі ласка некалькі словаў пра Вашу спадарожніцу жыцця.

- Марыя Нічыпараўна - настаўніца, як і я. Яна - гісторык, добра разумее мае памкненні ў асэнсаванні нашай гісторы і падтрымлівае мяне. Мы разам з 1968 года. У нас з ёй у многім еднасць поглядаў і мэтаў. Больш за 30 гадоў яна працавала ў літаратурным музеі Якуба Коласа ў Менску. Нашы сын і дачка маюць філалагічную адукацыю, нас радуюць унук-юрыст, і ўнучка, яшчэ дашкольніца.

- З-пад Вашага пяра выйшаў раман пра ўтварэнне ВКЛ, трылогія пра ўзнікненне БНР і БССР.

- Паколькі я жыў у Заходняй Беларусі, то можа болей за сваіх калег з Усходняй яшчэ ў савецкі час сустракаўся з нашчадкамі тых, хто ў 1918 годзе ўтвараў БНР. Я задумаўся над тым, якая яна, наша Беларусь? Калі і як пачала складвацца? Скажам, а што значаць БНР, БССР у пераломныя 1917-1919 гады? Імкнуўся ў архівы. З цяжкасцю, але здабываў дакументы пра тыя часы. Яны былі схаваныя, вывезеныя, недаступныя, але мне іх давалі.

Мікола Ермаловіч натхніў напісаць раман " Кліч роднага звона" пра ўтварэнне ВКЛ з цэнтрам у сёняшнім Наваградку, падказаў мне нацыянальную канцэпцыю афармлення гэтай дзяржавы, што стала адной з найбуйнейшых у Еўропе.

- Як узнікла задума напісаць раман " Заходнікі", які стаў лаўрэацкім?

- Паколькі я шмат чуў ад бацькі, бабулі і старэйшых аднавяскоўцаў пра іхняе жыццё на працягу не менш стагоддзя, то мне захацелася распавесці пра гэта. Тым больш, што наступіла перабудова і можна было напісаць пра тое, што раней замоўчвался, у прыватнасці, як маіх землякоў-заходнікаў гвалтам гналі ў "сацыялістычны рай". Я пастараўся расказаць, як многія землякі, вярнуўшыся з прымусовых прац у Германіі, пачыналі новае жыццё, адраджалі вёску. А ім прыслалі кіраўнікоў, якія палічылі іх кулакалі і прымушалі "перайсці на новыя рэйкі". Хіба не паказальна, што менавіта з-за гэтага палова аднавяскоўцаў ў 1945 і ў 1956-м пакінула вёску і выехала ў Польшчу, дзе іх пасялілі паблізу Германіі.

- Некалькі слоў пра Ваш сыход з часопіса "Маладосць".

- Там папрацаваў я 23 гады. Многіх радавала,што спрыяў друкавацца здольнай моладзі, выдаваць першыя кнігі ў серыі "Бібліятэка часопіса "Маладосць". Як і радавалі публікацыі выдатных твораў "Старажытная Беларусь" Міколы Ермаловіча і "Споведзь" Ларысы Геніюш. У 2002-м антыбеларускія сілы, пад прыкрыццём "скарачэння штатаў" выдалілі мяне з "Маладосці", а Сяргея Законнікава - з "Полымя". За некалькі гадоў да пенсіі мы, няўгодныя губіцелям беларускасці, апынуліся на вуліцы. Тады я перайшоў па запрашэнні Гілепа ў "Краязнаўчую газету" .

- Вас не чутно ў друку. Ідзе назапашванне матэрыялу для новых кніг?

- З 2012 года я мала друкуюся, але працягваю пісаць мініяцюры, апавяданні. Я ўсё зрабіў, каб сабраць і выдаць аднатомнікам творы майго любімага настаўніка Уладзіміра Дамашэвіча, напісаў прадмову да яго, таксама і да твораў Міколы Аўрамчыка.

Раман "Свой дом" - трэццяя частка раманаў пра ўтварэнне БНР і БССР. Услед за Ермаловічам, Гілевічам я разважаў над паняццем "свой дом" і гэта паклікала мяне ўзяцца за больш даўнюю гісторыю. Я пазнаёміўся з летапісамі, хронікамі, даследваннямі. Наш дом, наша дзяржаўнасць закладалася яшчэ ў Полацку, далёка да Рагвалода, калі ствараліся, мацаваліся асновы нашай пляменнасці, роднасці, арміі, скарбу. Полацкае княства стала асновай нашай дзяржаўнасці.

Цяпер заканчваю раман у дзвюх кнігах "Рурыкавічы і Рагвалодавічы", які ахоплівае падзеі з канца Х стагоддзя па 1044 год, да ўзыходжання на пасад Усяслава Чарадзея, дзе паказваю жыццё крывічоў, вяцічаў, радзімічаў. Рэалізоўваю сваё права празаіка расказаць пра той перыяд па-свойму. Першая кніга друкавалася ў "Дзеяслове" ў 2012 годзе, там, верыцца, будзе і другая частка.

Запаветная мая мара - напісаць раман пра Грунвальдскую бітву. Не адзін год збіраю матэрыял, езджу і аглядаю Варшаву, Віслу, крыжацкі замак у Мальборку.

- У апавяданні "Губаты" праз лёс маленькага ласяняці Вам удалося выдатна перадаць любоў да прыроды і ўсіх жывых стварэнняў, апісаць непрыкметныя лясныя сцяжынкі, выказаць прагу да свабоды, уласцівую кожнай жывой істоце.

- Гэта апавяданне ўвайшло ў школьную праграму і было перакладзена на 25 моваў свету.

- Даследчыкі прызнаюць: у Вашых творах яркая, сакавітая мова?

- Я пачуў яе ад маці і бабулі. Да слова, у школе я пачынаў урок з 5-хвіліннай моўнай "фізкультуры". Вучні з вёсак запісвалі мясцовыя назвы, скажам, частак воза, рыбалоўнай аснасткі і г.д. Вось да слова ісці застаўся запіс 50-ці сінонімаў і блізказначных словаў.

- Хто з Вашых паслядоўнікаў Вам найбольш цікавы як творца?

- Андрэй Федарэнка. Я дапамог яму выдаць першую кнігу.

- Дзякую за гутарку. Сардэчна віншуем Вас з юбілеем, жадаем магутнага здароўя і творчага плёну!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота з архіва сям'і Далідовічаў: 1. Генрых Далідовіч на Наваградскім замчышчы; 2. З бацькамі на хутары Амшарок, 1948 г.; 3. З жонкай Марыяй.


Пошук беларускай тэрміналогіі

Падчас напісання тэкстаў на беларускай мове і перакладаў на беларускую мову можа ўзнікаць патрэба ў выкарыстанні спецыяльнай галіновай тэрміналогіі. Гэта задача можа быць складанай. Як вядома, у Рэспубліцы Беларусь цяпер у прафесійных галінах асноўным сродкам камунікацыі з'яўляецца руская мова. Адпаведна, каб ужыць спецыяльны тэрмін у беларускім тэксце, практычна немагчыма звярнуцца да адпаведнай беларускамоўнай практыкі. Гэта практычна заўжды перакладчыцкая задача, у якой мовай арыгіналу выступае руская. Нават калі тэкст пішацца непасрэдна па-беларуску, і яго піша адукаваны носьбіт беларускай мовы, то з прычыны практычнага несутыкнення з беларускай мовай у прафесійных сферах адпаведны беларускі тэрмін проста невядомы, і тут у якасці арыенціра выступаюць рускія адпаведнікі.

У рэдкіх выпадках беларуская мова сапраўды ўжываецца ва ўнутраных працэсах нейкай фірмы або нават цэлай галіны, і тады можна звярнуцца да яе ўзусу . Яшчэ прасцей, калі фірма мае свой уласны гласарый - тады ім можна карыстацца, бо многае ўжо падрыхтавана для вас. Што ж рабіць у болей распаўсюджаных выпадках, калі даводзіцца перакладаць нанова, без прывязкі да фірмы з існым узусам і гласарыем? Для гэтага прапануем наш падыход у пошуку тэрміналогіі.

Сёння ў беларускай мове існуе праблема з тэрміналогіяй. Пашырана меркаванне, што беларускамоўная тэрміналогія не распрацавана, адсутнічае. У такой пастаноўцы пытання праблема перабольшана. Вялікая частка тэрміналогіі калі-небудзь перакладалася. Ёсць болей важныя праблемы. Гэта і вядомасць тэрміналогіі, даступнасць яе для людзей. Тэрміналогія проста не вядомая шырока і не адлюстравана шырока ў агульных перакладных (руска-беларускіх) слоўніках, да якіх лягчэй атрымаць доступ. У сапраўднасці, ёсць шмат літаратуры, з якой можна атрымліваць звесткі пра беларускую тэрміналогію. Асноўны яе спіс прыведзены на сайце Мовазбор (спіс папаўняецца). Яна даступная ў бібліятэках, паступова яе выстаўляюць у інтэрнэт. Але найбольш важная праблема, якая ў тым ліку вынікае з праблемы невядомасці, гэта няўзгодненасць тэрміналогіі.

Тэрміналогія, даступная ў гэтай літаратуры, разрозненая і супярэчлівая. Гэта больш актуальная праблема. Пры перакладзе спецыяльных тэрмінаў з рускай на беларускую ўзнікае праблема неаднастайнай тэрміналогіі. У агульных перакладных слоўніках могуць быць адны словы, у спецыялізаваных - іншыя. Акрамя таго, у розных спецыялізаваных слоўніках адзін і той жа тэрмін можа быць перакладзены па-рознаму. Сярод такіх спецыялізаваных слоўнікаў сустракаюцца і неафіцыйныя слоўнікі, выдадзеныя аматарамі самастойна. Яны могуць моцна адрознівацца ад афіцыйных і ўтрымліваць лексіку, узятую са старых слоўнікаў або з аўтарскіх слоўнікаў, дзе выбар слова часам абгрунтоўваецца вядомымі толькі аўтару прычынамі, або самастойна выдуманыя словы. Таксама папулярнасць набываюць слоўнікі, выдадзеныя на пачатку 20 ст. да рэформы 1933 года ў рамках афіцыйнага мовазнаўства, напрыклад, зборнікі Беларускай навуковай тэрміналогіі.

Як жа пераадолець гэтыя супярэчнасці? Лічым, што дзеля гэтага трэба вызначыць для сябе пэўныя прыярытэты. Што нараджае такую вялікую разнастайнасць?

1) Усведамленне мовы як мёртвай і імкненне яе адрадзіць. Гэта прыводзіць многіх да думкі, што можна тварыць па-новаму. У выніку кожны робіць па-свойму і ўзнікае разнастайнасць.

2) Перакананне ў тым, што выдадзеныя ў Рэспубліцы Беларусь і БССР афіцыйныя слоўнікі - як агульныя, так і галіновыя - непрымальныя, бо русіфікуюць мову. У выніку - пошук больш беларускіх адпаведнікаў, напрыклад, у дарэформенных слоўніках.

3) Падыход да перакладу як да чыста лінгвістычнай задачы і арыентацыя на абстрактную правільнасць, без увагі да аспекту практычнага ўжывання.

4) Няведанне пра ўжо наяўныя, створаныя нядаўна і афіцыйныя слоўнікі прымушае карыстацца першым слоўнікам, які трапіцца пад руку - старадаўнім, неафіцыйным, сумнеўнымі самаробкамі ў інтэрнэце, а часам вымушае займацца самадзейнасцю і выдумляць.

Мова не мёртвая, бо ёсць жывыя носьбіты беларускай мовы, якія выхоўваліся і вучыліся на ёй, у тым ліку спецыяльным тэрмінам. Адпаведны ўзус зафіксаваны ў нарматыўных слоўніках і даведніках. Перастварэнне тэрміналогіі супярэчыць захадам па яе ўсталяванні, якія мелі месца ў 1990-х гадах пры абвяшчэнні беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У лексіцы з тагачасных крыніц прасочваецца пераемнасць з папярэднімі напрацоўкамі, і тое, што яна разглядалася як лексіка, якой бы вучыліся і якою б карысталіся ў рэальным жыцці грамадзяне Беларусі. Гэта азначае пэўную легітымізацыю або рэабілітацыю лексікі як прыналежнай да рэальных суверэнных беларускамоўных атрыбутаў. Безумоўна, было б прыемна мець беларускамоўную тэрміналогію, якая б адпавядала крытэрыям аўтэнтычнасці і гарманічнасці. Аднак спраўнае і несупярэчлівае функцыянаванне беларускай мовы ў прафесійных сферах тут і цяпер - найбольш важная задача. Прамаруджванне можа быць небяспечным. Калі тэрміналогія будзе прыгожай, але не ўніфікаванай, ад гэтага больш шкоды. Калі дамагацца прыгожай тэрміналогіі, то трэба каб гэтыя памкненні былі падтрыманы ўсімі бакамі, ад якіх залежыць функцыянаванне тэрміналогіі, найперш - афіцыйнымі структурамі.

Ігнараванне лексікі з афіцыйных слоўнікаў - немэтазгодны падыход, і з той прычыны, што яны існуюць у адным полі з беларускімі навучальнымі праграмамі ў школах і ВНУ, з выкарыстаннем беларускай мовы (нават перакладным) у дзяржаўных установах. Практычна, пры жаданні атрымліваць ад дзяржавы беларускую мову, немэтазгодна парушаць агульную з ёй мову. Аматары моўных інавацый і альтэрнатыў (адносна цяперашняй нормы) у большасці - новыя беларускамоўныя, якія вывучылі мову на аснове рускай, таму іх свавольнае супярэчанне афіцыйнай норме з прычын густу або пурызму не выглядае паважнай прычынай, каб падладжвацца пад іх. Акрамя таго, ва ўмовах дамінавання рускай мовы беларускамоўныя лёгка падпадаюць пад абагульненне, пра іх ствараюцца стэрэатыпы, таму такія неканструктыўныя паводзіны накладаюць негатыўны адбітак і ствараюць уражанне аб ненатуральнасці патрэб у абслугоўванні на беларускай мове.

Урэшце, пры перакладзе на няродную мову заўжды трэба кіравацца узусам гэтай мовы. Цяпер з прычыны моцнай стагнацыі беларускай мовы гэта практычна немагчыма, бо носьбіты беларускай мовы не твораць адзінай супольнасці, яны разрозненыя. Затое магчыма абаперціся на узус, зафіксаваны ў аднамоўных крыніцах - тлумачальных слоўніках, энцыклапедыях, навучальных матэрыялах на беларускай мове. Гэта апраўдана тым, што ён фіксаваўся на аснове моўнай практыкі некалі наяўнай, адзінай супольнасці носьбітаў. Пры перакладзе на няродную мову карысна абапірацца на такія аднамоўныя крыніцы, бо яны тлумачаць мову з гледзішча носьбіта, які выкарыстоўвае гэтую мову не ў перакладзе, а ў непасрэдным абмене інфармацыяй. У гэтых крыніцах раскрываюцца значэнні слоў, іх стылістычная прыналежнасць і семантычныя ўзаемасувязі. Такімі крыніцамі ў беларускай мове з'яўляюцца: тлумачальныя слоўнікі, энцыклапедыі, навучальныя матэрыялы (падручнікі і даведнікі). Карыстанне такімі аднамоўнымі матэрыяламі стварае грунт для незалежнага існавання моўнай супольнасці, калі мовай карыстаюцца, а не перакладаюць на яе.

Афіцыйнасць крыніц важная з той прычыны, што пры іх укладанні выконваецца пэўная метадалогія і дысцыпліна, якая робіць розныя выданні адносна ўзгодненымі паміж сабой, абапіраючыся на некалі зафіксаваны ўзус.

Такім чынам, з улікам вышэй апісанага, пры перакладзе на беларускую мову спецыялізаваных тэрмінаў трэба арыентавацца на:

- сучаснасць;

- афіцыйнасць;

- галіновую спецыялізацыю;

- аднамоўныя крыніцы.

Вось яшчэ некалькі важных прынцыпаў.

Тэрміналогія вымагае аднастайнасці. Для дакладнага аперыравання паняццем, для недвухсэнсоўнага яго называння патрэбны ў ідэале адзін тэрмін. З гэтага вынікае, што ў агульнай мове можа быць некалькі сінонімаў, але пры выбары нейкага слова ў якасці тэрміну адбудзецца раздзяленне. Напрыклад, у простай мове словам "жалеза" могуць называць любы метал, але ў металургіі жалеза і метал - не адно і тое ж. Або "машына" можа быць агульным словам, але ў дарожным руху тэрмінам будзе "аўтамабіль". Гэтаксама "дамова" цяпер - агульнае слова, але тэрмінам з'яўляецца "дагавор" ці "кантракт".

Пажадана каб спец. тэрмін не ўступаў у супярэчнасць са значэннем у агульнай мове. Напрыклад, у Руска-беларускім слоўніку "сообщающиеся сосуды" перакладаюцца як "сазлучаныя сасуды". У той жа час значэнні слова "сасуд" у сучаснай мове: 1) Трубчасты орган у целе чалавека ці жывёлы, па якім цячэ кроў або лімфа. 2) У раслін - трубка, па якой праходзіць вільгаць з растворанымі мінеральнымі солямі і іншымі рэчывамі. Тут, відаць, супярэчнасць, бо ў патрэбным нам сэнсе "сосуд" - "пасудзіна". Або калі мы бачым, што "дробь" як зарад для паляўнічых стрэльбаў перакладаецца "дроб", то гэта памылка, бо дроб - гэта 1. Кавалачак чаго-н.; драбок. 2. Лік, які складаецца з пэўнай колькасці роўных частак адзінкі. Відавочна, маецца, на ўвазе "шрот". Або калі "шоколадное масло" перакладаецца як "шакаладны алей", а гаворка пра прадукт у брусках, які можна мазаць на хлеб, то тут памылка перакладу, бо алей мае вадкую кансістэнцыю. Тут правільна "шакаладнае масла".

Акрамя грубых сэнсавых памылак варта звяртаць увагу і на паметы стылю і рэгістру. Напрыклад, слова "чашчыня" азначае тое ж, што і "частата", але яно размоўнае.

Пры адсутнасці ў сучасных крыніцах трэба шукаць у ранейшых крыніцах, але як мага бліжэйшых да сучаснасці, г.зн. паступова "спускацца". Гэтым мы праяўляем абыходжанне з беларускай мовы як з жывой, якая мае паслядоўныя этапы развіцця.

Узгодненасць у слоўніках з розных галін. Дапусцім, у фізічным слоўніку бачым тэрмін "вадкасць", а ў медыцынскім "жыжка". Гэта непажадана. Безумоўна, у нармальных сітуацыях у здаровых моўных супольнасцях з гістарычных прычын розныя галіны могуць называць адно і тое ж рознымі словамі. Але ж у беларускай сітуацыі мы ўсталёўваем, ставім на ногі прафесійную тэрміналогію. У нашых умовах неаднастайнасць у розных галінах гэта раскоша, таму лепш не фарсіраваць такое адрозненне без пільнай патрэбы.

Пашыранасць у розных слоўніках. Напрыклад, рускае "мышцы" паводле агульнага слоўніка перакладаюцца і "мышцы", і "цягліцы". У спецыяльных яны то так, то гэтак. Ёсць сэнс звярнуць увагу, якога слова болей.

Аўтарытэтнасць крыніцы. Сярод згаданых крыніц могуць быць цэнтральныя. У выпадку цяжкага выбару можна звярнуцца да іх, і калі прыведзеныя ў іх варыянты не маюць сур'ёзных заган, можна звярнуцца да іх як да аўтарытэтных. Гэта, напрыклад, Беларуская энцыклапедыя або Шматмоўны слоўнік юрыдычных тэрмінаў.

З улікам усяго гэтага можна ўзважыць і прыняць рашэнне.

Гэта часовы падыход, якім варта кіравацца на бягучы момант. Безумоўна, прафесійная тэрміналогія патрабуе ўніфікацыі для таго, каб надалей выбар тэрміну быў больш адназначны, каб можна было, зірнуўшы ў адзін слоўнік, зроблены пад эгідай уніфікацыі тэрміналогіі, быць упэўненым, што ён не будзе супярэчыць іншым такім жа. Уніфікацыя вымагае каардынацыі розных бакоў - мовазнаўчых інстытутаў, адукацыйных устаноў, органаў стандартызацыі, галіновых аб'яднанняў. Неабходны пэўны каардынацыйны цэнтр, які б узгадняў тэрміналогію. У прыватнасці, важна, каб забяспечвалася адзінства сумежнай тэрміналогіі ў розных галінах.

Віталь Станішэўскі.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абакановіч Віталь Феліксавіч Абужынская Ганна Аляксанд. Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васільевіч Алейнікава Антаніна Андр. Алёшка Вячаслаў Часлававіч Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Ганна Анацка Яўген Анташкевіч Канстанцін Андр. Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч Асмыковіч Міхась Мікалаевіч Аўраменка Васіль Аляксеевіч Афанассева Раіса Іванаўна Баеў Дзмітры Уладзіміравіч Баеў Павел Віктаравіч Базык Вольга Балашоў Аляксей Анатольевіч Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барцэвіч Іван Васільевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валянц. Бельская Ірына Казіміраўна Бельскі Аляксей Паўлавіч Бігель Дзмітры Анатольевіч Біза Юльян Сцяпанавіч Бондараў Сяргей Яўгенавіч Бруевіч Вольга Аляксандр. Бузо Марат Антонавіч Булавінская Марыя Бурачонак Аляксандр Вячас. Бушкова Таццяна Яўгенаўна Бычэнка Алена Аляксандраўна Бязмацерных Дар'я Аляксанд. Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч Валабуеў Аляксей Вітальевіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Таццяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадзеўна Васілевіч Наталля Мікалаеўна Васілеўскі Пётр Пятровіч Васільева Анастасія Вячаслав. Вернікоўская Аксана Фёдар. Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Галушко Вера Віктараўна Гараніна Ганна Гаўрылькова Таццяна Уладз. Гашко Ірына Аляксееўна Герасімюк Ілья Мікалаевіч Глушко Аляксей Віктаравіч Грыбоўскі Васіль Аляксандр. Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Гуркова Алена Валер'еўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзюсекаў Павел Аляксандр. Дзячэнка Алег Віктаравіч Драбышэўская Марына Вікт. Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожжына Ала Леанідаўна Дубовік Вячаслаў Юр'евіч Дубоўскі Валеры Леанідавіч Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Жарнасек Міхась Васільевіч Ждановіч Таццяна Міхайлаўна Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Завадская Алена Аляксандр. Запалянская Вольга Васіл. Золаў Юры Георгіевіч Зуёнак Васіль Васільевіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ігнатовіч Яўген Барысавіч Ільіна Анастасія Аляксандр. Ішуціна Таццяна Вікенцьеўна Кавалёва Кацярына Кавалеўская Наталля Леанід. Кавалеўская Стэфанія Сярг. Калета Радаслаў Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Карповіч Аліна Аляксандр. Каўко Зміцер Кашуба Мікалай Ануфрыевіч Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандр. Колас Мікалай Мікалаевіч Комар Юры Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Зміцер Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзіміравіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандраўна Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Уладзіміраўна Курдо Павел Аляксандравіч Курловіч Ганна Аляксандр. Курчэўскі Іван Люцыянавіч Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ларын Іван Юр'евіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Ліціна Фларыда Вакілаўна Лойка Святаслаў Робертавіч Лыскавец Ігар Лясько Аляксандр Аляксанд. Ляўковіч Анатоль Іосіфавіч Магонаў Сяргей Аляксандр. Майсяёнак Андрэй Георгіевіч Макарэвіч Іна Макарэвіч Марына Уладзім. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'евіч Малочка Аляксандр Віктар. Маневіч Аляксей Манкевіч Таццяна Пятроўна Маркевіч Мікалай Мікалаевіч Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцьевіч Марозава Людміла Уладзімір. Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Міхайлоўская Данута Канст. Міхальчук Вераніка Пятроўна Міхноўская Наталля Вячасл. Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Мысліцкая Галіна Якаўлеўна Насановіч Ларыса Уладзімір. Нікантаў Мікалай Яўгенавіч Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Няганаў Яўген Сяргеевіч Палухін Уладзімір Мікалаевіч Пальчэўскі Віталь Юр'евіч Палянскі Алег Алегавіч Палянскі Андрэй Валер'евіч Панкевіч Юлія Аляксандраўна Парчынскі Яўген Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Паўловіч Валянціна Іванаўна Паўловіч Карына Георгіеўна Петракова Антаніна Алегаўна Петрашэвіч Яўген Праневіч Кацярына Генадзеўна Пукель Алена Адамаўна Рабчэня Таццяна Васільеўна Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Уладзімір. Раеўскі Аляксандр Развянкоў Яўген Аляксандр. Разжалавец Іван Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Уладзіміраўна Рак Вольга Рыгораўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Уладз. Раманчук Анатоль Анатол. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Наста Юр'еўна Русць Максім Часлававіч Раўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Саевіч Павел Вячаслававіч Сазонаў Уладзіслаў Алякс. Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салаўёва Людміла Мікалаеўна Салаш Сяргей Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Самусевіч Уладзімір Алякс. Саўка Юстына Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сівіцкая Наталля Віктараўна Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сідляр Андрэй Сіліч Аляксандр Анатольевіч Сільнова Ніна Сіманаў Канстанцін Яўгенавіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Сітнікава Ядвіга Леанардаўна Славута Ніна Солтан Наталля Антонаўна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Студзінская Інэса Анатольеўна Сухарэбскі Вячаслаў Іванавіч Сцяпура Дзяніс Уладзіміравіч Сямашка Ала Уладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатол. Сяргеева Ірына Аляксандр. Таўгень Людвіка Трухан Людміла Траццяк Дзмітры Вітальевіч Туровіч Ірына Уладзіміраўна Уласевіч Таццяна Леанідаўна Урбан Аляксандр Фадзееў Яўген Мікалаевіч Фаміна Ірына Міхайлаўна Фарманян Рыгор Міхайлавіч Філічонак Ларыса Антонаўна Фурс Юры Антонавіч Хаванскі Павел Міхайлавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Харужая Вера Харэвіч Васіль Віктаравіч Хашылёва Таццяна Аляксан. Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядзвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна Ціханаў Аляксандр Валер'евіч Ціхановіч Вольга Віктараўна Цішчанка Віялета Цюленеў Аляксандр Аляксан. Чабатарэўскі Барыс Дзмітр. Чавусаў Юры Віктаравіч Чагаева Ірына Вільданаўна Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Чарнуха Сяргей Анатольевіч Чашчына Вольга Мікалаеўна Чэбатарэўскі Барыс Дмітр. Шабетнік Алег Васільевіч Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шарыпкін Рыгор Леанідавіч Шаўкун Васіль Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктар. Шубіна Дар'я Алегаўна Шумская Ірына Антонаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Шыпіла Уладзімір Аляксандр. Юркевіч Сяргей Іванавіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў Юры Генадзевіч Якубовіч Ю.А. Янукевіч Аляксей Антонавіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна


Фелікс Шкірманкоў: "Калі вы хочаце, каб вас паважалі ў свеце, то найперш трэба паважаць сябе і сваё"

Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў жыве з жонкай Верай Васільеўнай у райцэнтры Слаўгарад, што на Магілёўшчыне. Ягоны дом з дагледжаным агародам ды садам - на ўскрайку колішняга панскага парку. За паркам праваслаўная царква. Непадалёк замчышча. У доме шмат кніг і нацыянальнай атрыбутыкі.

З Феліксам Уладзіміравічам гутарыць карэспандэнт Радыё Свабода:

- Свайму 90-годдзю сам дзіўлюся. Усе мае думкі, пачуцці - не дзевяностагадовага старога, а трыццаці-саракагадовага мужчыны. Тое, як я думаю, як успрымаю падзеі, што адбываюцца ў краіне, у свеце, тое, як я гавару з людзьмі - усё гэта не стыкуецца з маімі гадамі. Увесь час думаю, дзе ж тут памылка, бо такога не можа быць, каб у 90 год са сваімі думкамі я быў у сваёй маладосці.

Напэўна, гэта воля Усявышняга. Яму аднаму бачна, каму захаваць розум у дзевяноста і сто гадоў, а ў каго яго забраць у сорак ці нават у трыццаць. Іншага адказу не знаходжу. Я ўдзячны яму за тое, што ёсць. Хаця апошні год у мяне з нагамі бяда. Цяжка хадзіць. Але на астатняе грэх наракаць.

Кожны новы дзень я сустракаю з удзячнасцю. Дзякую Богу, бо каб не Ён, у мяне б нічога не было.

Галоўнае тое, што са мною побач мая дарагая палавінка Вера Васільеўна. Яна дадзеная мне Ім. Сёлета 67 гадоў, як мы разам, і прыцерліся адно да аднаго гэтак, што нам не трэба ніякіх словаў. Мы разумеем адно аднаго з позірку. Тое, што мы разам, дапамагае нам пераносіць фізічныя цяжкасці.

Ад самага юнацтва я трымаўся камуністычнай ідэалогіі, бо ўсе мы выхоўваліся тады на ёй. Мы свята верылі ў тое, што нам казалі, калі прымалі ў піянеры, камсамол, калі ўступалі ў партыю.

Калі паглядзець фармальна на тое, што тады гаварылася, якія былі заклікі, дык не знойдзеш у іх нібыта нічога дрэннага. Што кепскага ў лозунгу "Зямлю сялянам!" ці "Заводы працоўным!"? Што кепскага, калі бясплатнае навучанне, медыцына, калі кватэры давалі, хоць і даводзілася стаяць гадамі ў чэргах?.. Усё гэта разглядалася як станоўчае, і я асабіста за гэта выступаў...

А потым надышоў дзень, калі быў развянчаны культ Сталіна. Пасля выступу Мікіты Хрушчова (25 лютага 1956 года першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам "Аб кульце асобы і яго наступствах". Прамова была прысвечана культу асобы Сталіна. - РС ) мяне нібы ўдарылі "абухом па галаве". Я не мог паверыць: як такое магло быць?

Пазней трапляліся доказы таго, што камуністычная ідэя стварыла камуністычны рай для кіраўніцтва партыі. І яны жылі ўжо ў гэтым раі. А ўсім астатнім прапаноўвалася пачакаць яшчэ пяцігодку, потым яшчэ адну, маўляў, пабудуем тое, гэтае...

На Калыме я сустрэўся з людзьмі, якіх савецкая ўлада абвясціла ворагамі народа. Іх саслалі на Калыму бестэрмінова, бо пасля адбыцця свайго, пераважна, дзесяцігадовага пакарання яны не мелі права выязджаць у цэнтральныя раёны Савецкага Саюза...

Надышлі 90-я гады. Я ўжо быў у Слаўгарадзе. Тады ўтварылася Дэмакратычная плятформа ў КПСС (Аб'яднанне сяброў КПСС, утварылася ў 1991 годзе, мела на мэце абнавіць грамадства праз пераўтварэнне КПСС з дзяржаўнай структуры ў сучасную левую палітычную партыю. - РС ). Мяне ад Магілёўскай вобласці вылучалі дэлегатам у Маскву на Усесаюзны з'езд гэтай платформы КПСС. Я прыняў з радасцю, што на ёй гаварылася...

Калі ўтварыўся Беларускі Народны Фронт і да нас у Слаўгарад прыехаў Генадзь Грушавы, дык ён запрасіў мяне на мітынг у Менск. На ім пазнаёміўся з Зянонам Пазьняком. Я прыняў прапанаваную Беларускім Народным Фронтам праграму. Па вяртанні ў Слаўгарад разам з аднадумцамі стварылі раённую раду БНФ. Існавала яна некалькі гадоў.

Пазней Генадзь Грушавы, утварыўшы камітэт "Дзеці Чарнобыля", звярнуўся да мяне з просьбай заснаваць такі камітэт і ў Слаўгарадзе, бо, казаў ён, была небяспека, што ўлада можа закрыць рахунак арганізацыі ў Менску. Мы ўтварылі Слаўгарадскі раённы камітэт "Дзеці Чарнобыля" і зарэгістравалі яго ў райвыканкаме. Гэтая арганізацыя не была фармальная. Мы пачалі праводзіць працу па аздараўленні за мяжою дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў. За гады існавання гэтага камітэта не сотні, а тысячы дзяцей адпачылі ў Італіі, Ангельшчыне, Германіі...

Улада ў гэтым угледзела небяспеку: маўляў, не яна праявіла ініцыятыву, а БНФ-аўцы, якіх яна паўсюль ганьбіла. Надышоў дзень, калі я вымушаны быў асабіста сказаць, што мы зрабілі ўсё, што маглі. Улада многае забараніла, і мы вымушаныя былі самаліквідавацца. Але да сённяшняга дня я ганаруся тым, што было зроблена камітэтам "Дзеці Чарнобыля". Гэта рабілася дзеля нашых людзей, дзяцей.

Калі былі выбары ў Вярхоўны Савет 12 склікання, мяне агульнагарадскім сходам жыхары вылучылі кандыдатам у дэпутаты. Гаркам партыі ўспрыняў маё вылучэнне ў штыкі, але нічога не мог зрабіць. Акрамя таго, маю кандыдатуру вылучыла канферэнцыя райкама камсамолу. Першага сакратара райкаму камсамолу выклікалі да першага сакратара райкама партыі і змусілі скасаваць рашэнне канферэнцыі. Мяне не хацелі ні ў якім разе прапускаць у Вярхоўны Савет... Тады я выступіў з адкрытым лістом у друку і заявіў пра выхад з КПСС...

Беларуская мова жыла ўнутры мяне, але дзесяцігоддзі, праведзеныя ў расейскамоўным асяроддзі, зрабілі сваю справу. Я карыстаўся толькі расейскай мовай. Калі я вярнуўся ў Слаўгарад, то тут больш было беларускай мовы, чым сёння. Мяне запрасілі на працу ў раённую газету. Тады яна выходзіла на беларускай мове. Я рабіў у ёй загадчыкам аддзела пісем. Пакрысе, неўпрыкмет для сябе, пачаў ужываць беларускую мову. А карэнны пералом адбыўся, калі я сустрэўся з Зянонам Пазьняком.

Я не бачу бяды ў тым, што беларус ведае расейскую мову, аднак бяда ў тым, што беларус пры гэтым не ведае сваёй, беларускай мовы. Беларус павінен ведаць беларускую мову і ёй карыстацца. І калі так будзе, то сапраўды Беларусь зойме належнае месца ў сям'і народаў. Але ўлада нічога не робіць дзеля гэтага. Чакаць ад улады зменаў у гэтым пытанні не выпадае. Ёй гэта не патрэбна.

Калі не будзе ўведзена ў практыку, што чыноўнік, які не ведае беларускай мовы, не можа займаць дзяржаўнай пасады, то нічога не зменіцца. У сённяшняй сітуацыі ён мусіць ведаць дзве мовы, і ў выпадку, калі да яго звяртаюцца па-беларуску, ён мае адказваць па-беларуску. Кіраўнік дзяржавы павінен ведаць беларускую мову і ёй карыстацца падчас афіцыйных мерапрыемстваў. Безумоўна, колькасць гадзін у школе на беларускую мову і літаратуру павінна павялічыцца. Вось тады змены і пачнуцца...

У мяне адно пажаданне да беларусаў, якія пакуль не знайшлі дарогі да беларушчыны: вымеркуйце час і пацікаўцеся гісторыяй Беларусі, гісторыяй свайго роду, і тады ў вас узнікне жаданне вярнуць сабе нацыянальны гонар і годнасць. І, галоўнае, калі вы хочаце, каб вас паважалі ў свеце, то найперш трэба паважаць сябе і сваё. Калі такой павагі не будзе, то паважаць вас не будуць нідзе...

Радыё Свабода.


Германскі Бундэстаг запрашае

Навіны Германіі

Германскі Бундэстаг штогод запрашае выпускнікоў ВНУ з больш за 40 краін, у тым ліку з Беларусі, прыняць удзел у конкурсе на атрыманне Міжнароднай парламенцкай стыпендыі. У рамках дадзенай праграмы маладыя людзі, якія валодаюць высокай кваліфікацыяй і праяўляюць цікавасць да палітыкі, змогуць азнаёміцца з практычным досведам у сферы парламенцкай дзейнасці. Акрамя гэтага Германскі Бундэстаг прапануе cтыпендыятам шырокую рамачную праграму і магчымасць наведваць заняткі ў трох універсітэтах Берліна.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца ў Пасольстве Германіі ў Менску да 30 чэрвеня 2016 г.


Палажэнне аб паэтычным конкурсе

"Быў нейкі зусім незвычайны дзень"

1. Арганізатар, партнёры і мэты конкурсу

Арганізатар конкурсу - Менская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Партнёр конкурсу - Грамадскае аб'яднанне "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Мэта конкурсу - пошук новых талентаў сярод сяброў арганізацыі і прадастаўленне ім магчымасцяў для творчага росту і рэалізацыі.

2. Хто можа прымаць удзел у конкурсе

Твор на конкурс можа дасылаць аўтар, які з'яўляецца сябрам грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", альбо падаў заяву на ўступленне.

Удзельнікі конкурсу нясуць асабістую адказнасць за парушэнне аўтарскіх правоў трэціх асобаў.

3. Патрабаванні да твору і яго афармлення

Жанр конкурснага твору - верш.

Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца паэтычныя творы, якія адпавядаюць тэме і напісаныя непасрэдна для ўдзелу ў конкурсе.

Тэмы паэтычнага твору (на выбар):

1. 25 гадоў незалежнасці Беларусі.

2. Менск і менчукі.

Конкурсная работа павінна быць надрукавана на адной старонцы папяровага ліста фармату А-4, шрыфт - Times New Roman, мінімальны памер шрыфту - 12, міжрадковы інтэрвал - 1.

На асобным лісце неабходна пазначыць:

- прозвішча, імя, імя па бацьку;

- дату нараджэння;

- месца працы ці навучання;

- хатні паштовы адрас;

- нумар кантактнага тэлефона;

- адрас электроннай пошты.

4. Месца і тэрміны прыёму конкурсных твораў

Творы з пазнакай на канверце "На паэтычны конкурс" прымаюцца на адрас сядзібы ТБМ: 220005, г. Мінск, вул. Румянцава, 13.

Пачатак прыёму твораў: 30 траўня 2016 г.

Заканчэнне прыёму твораў: 22 ліпеня 2016 г.

Творы, дасланыя пасля вызначаных тэрмінаў, не разглядаюцца.

5. Прызы

Творы пераможцаў будуць надрукаваны ў газеце "Наша слова", літаратурным дадатку "Літаратурная Беларусь" газеты "Новы час", на сайце ТБМ , у суполках ТБМ у сеціве і іншых інфармацыйных рэсурсах (пры магчымасці).

Пераможцы будуць ушанаваны памятнымі падарункамі ад сяброў журы, ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны" і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

6. Абвяшчэнне пераможцаў

Абвяшчэнне пераможцаў адбудзецца 25 жніўня 2016 г. на сядзібе ТБМ: 220005, г. Менск, вул. Румянцава, 13, і на сайце ТБМ не пазней за 31 жніўня 2016 г.

7. Абмежаванні на ўдзел у конкурсе

Да конкурсу не дапускаюцца тэксты:

- аўтараў, маладзейшых за 16 год;

- што ўтрымліваюць лаянку, прыкметы распальвання нацыянальнай, расавай, рэлігійнай ці іншай варожасці;

- апублікаваныя раней;

- што парушаюць патрабаванні да афармлення;

- напісаныя не на беларускай мове;

- што змяшчаюць вялікую колькасць граматычных памылак.

8. Журы

Склад журы будзе абвешчаны дадаткова.

9. Рознае

Дасланыя на конкурс творы не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.

Арганізатары пакідаюць за сабой права па сваім меркаванні публікаваць любыя творы аўтараў, якія прынялі ўдзел у конкурсе, без выплаты ганарару.

Старшыня Менскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (старшыня журы конкурсу)

А.А. Давідовіч.



7 чэрвеня (аўторак) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым Новы гістарычны цыкл - Беларусь у XХ ст. Пачатак 18.30. Уваход вольны.


Да дэлегатаў 5-га Усебеларускага народнага сходу

Паважаныя дэлегаты 5-га Усебеларускага народнага сходу!

Мяне, як і многіх беларусаў, вельмі непакоіць гаротны стан роднай мовы. Хоць афіцыйна яна з'яўляецца дзяржаўнай, але пасля рэферэндуму 1995 года нашы чыноўнікі паставілі беларускую мову фактычна на мяжу знікнення, поўнага выцяснення яе з усіх сфер грамадскага жыцця. Вышэйшым кіраўніцтвам краіны, дэпутатамі парламента парушаны прынцып канстытуцыйнай роўнасці моваў пры дзяржаўным двухмоўі. Я хачу чытаць усе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы кіраўніка дзяржавы, пастановы ўрада, рашэнні мясцовых улад па-беларуску. Але ж такой магчымасці не маю. Амаль усе заканадаўчыя і нарматыўныя акты прымаюцца і публікуюцца на адной дзяржаўнай мове - рускай. Чаму ўлада абмежавала маё права як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь?

Прэзідэнт краіны аднойчы сказаў, што мова не павінна быць палітычнай катэгорыяй. А на самой справе беларускія ўлады зрабілі ўсё для таго, каб мова стала "яблыкам разладу", сродкам палітычнай барацьбы. Беларусаў сённяшнія дзяржаўныя чыноўнікі мэтанакіравана, свядома вядуць да этнічнага вымірання. Агрэсіўная русіфікацыя, ігнараванне на дзяржаўным узроўні беларускай мовы, пераслед грамадзян за прыхільнасць і ўшанаванне нацыянальнай гісторыі, культуры, нацыянальных сімвалаў, святаў - хіба ж гэта нармальная палітыка?

Прапаную вам, паважаныя дэлегаты, глыбока і ўсебакова абмеркаваць прычыны перакосаў у дзяржаўнай культурнамоўнай палітыцы і патрабаваць ад улад усіх узроўняў прыняцця дзейсных захадаў, каб выправіць гэтыя перакосы. На гэта ў вас ёсць права дэлегаванае народам Беларусі, і вы павінны памятаць аб адказнасці перад гісторыяй за лёс краіны. Сёння, як ніколі раней, беларускай мове патрэбна грунтоўная дзяржаўная падтрымка. Беларускім уладам, на маю думку, трэба зрабіць найперш тры рашучыя крокі:

- забяспечыць канстытуцыйную роўнасць моваў пры дзяржаўным двухмоўі;

- забяспечыць навучанне ў палове (50%) сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў па-беларуску;

- прыняць Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".


Паважаныя дэлегаты! Уратуйце нашу родную беларускую мову. Выратуйце беларусаў ад русіфікацыі.

Міхась Спірыдовіч, сябар ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", г.п. Івянец, Валожынскі раён.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Ціткоўскі Ігар - 400 000 р., г. Слуцк

2. Ялугін Эрнест - 50 000 р., г. Менск

3. Асаула Рыгор - 200 000 р., г. Менск

4. Чыгір Я.А. - 100 000 р., г. Гародня

5. Сутунаў Глеб - 50 000 р., г. Менск

6. Давідоўскі Ігар - 200 000 р., г. Менск

7. Бойса І.Б. - 150 000 р., г. Ліда

8. Новікаў Аляксандр - 100 000 р., г. Менск

9. Ляўшун Дзяніс - 200 000 р., г. Менск

10. Фурс Юры - 100 000 р., г. Паставы

11. Джэгайла Уладзімір - 200 000 р., г. Менск

12. Чылек Міхась - 190 000 р., г. Бярозаўка

13. Фурс Антон - 300 000 р., г. Паставы

14. Шэвякова Святлана - 50 000 р., г. Менск

15. Кукавенка Іван - 150 000 р., г. Менск

16. Плакса Уладзімір - 50 000 р., г. Менск

17. Звярок Андрэй - 30 000 р., г. Менск

18. Кернажыцкая Святлана - 200 000 р., г. Менск

19. Кавалёў Мікола - 100 000 р., г. Менск

20. Цумарава Алена - 100 000 р., г. Магілёў

21. Міцкевіч Яўген - 50 000 р. г. Менск

22. Кукавенка Іван - 150 000 р., г. Менск

23. Новікаў А.С. - 150 000 р., г. Менск

24. Рыбачонак Аляксандр - 50 000 р., Міханавічы, Менскі р-н

25. Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Як у Голдаве святкавалі абрад "Юр'еў дзень"

Юр'я - старадаўняе свята земляробчага календара. Святкуецца 6 траўня (23 красавіка ст. ст.) у гонар заступніка жывёлы і гаспадаркі Юр'я (у праваслаўным календары прымеркаваны да дня ўшанавання Св. Георгія Пераможцы). Веснавое Юр'я сведчыла сабой сапраўдны пачатак вясны. Святы Юрай - "Божы ключнік", бо ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, выпускае расу, дабраслаўляе ўсё навокал: зямлю, людзей, жывёл.

Юр'я, устань рана, Юр'я,

Юр'я, умыйся, бела.

Юр'я, ідзі ў стайню, Юр'я,

Юр'я, сядлай каня.

Юр'я, едзь у поле, Юр'я,

Юр'я, адмыкай зямлю.

Юр'я, выпусць росу, Юр'я,

Юр'я, на цёплу зямлю.

...Так заспявалі ўдзельнікі фальклорнага клуба "Ігнаткаўскія весялухі" і вакальнага гурта "Мара" Голдаўскага клуба-бібліятэкі і тым самым распачалі абрадавую дзею.

Раса раніцай на Юр'я лічылася лекавай як для жывёлы, так і для чалавека. Хто хацеў быць дужым і здаровым, павінен быў пакачацца гэтай раніцай па расе. Расу нават збіралі ў місачку і выкарыстоўвалі як лекавы сродак. Лічылася, што святы Юрай асвяціў яе. " Юр'ева раса" - ад сурокі, ад сямі хвароб. Будзь здароў, як "Юр'ева раса" .

У гэты дзень на пляцоўцы ля Храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў аграгарадку Голдава сабралася багата жыхароў. Удзельнікі абраду зычна спявалі юр'еўскія песні, упрыгожвалі стужкамі і зеленню карагод (каравай), які напярэдадні спякла гаспадыня, абыходзілі поле з маладой рунню, мералі карагодам маладое жыта (калі каравай хаваецца ў жыце, то ў гэтым годзе жыта будзе добрае), танчылі "Кракавяк", "Польку", "Падыспань", вадзілі карагоды, гулялі ў традыцыйныя гульні, частаваліся сялянскай яешняй. Кульмінацыйным момантам стаў малебен, які правёў святар Храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. Таксама Айцец Алег асвяціў поле на добры ўраджай і хатнюю жывёлу аграгарадка.

Сапраўдным упрыгожваннем свята стаў фальклорна-этнаграфічны калектыў "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды. Трапныя спевы, беларускія традыцыйныя танцы ўразілі гледачоў.

Наш кар.


Масла "Стары Менск"

З цягам часу ўсё больш прадпрыемстваў маркіруе сваю прадукцыю па-беларуску. Часта ўдаецца сустрэць і арыгінальныя, густоўныя дызайнерскія рашэнні, як нкапрыклад у выпадку з маслам "Стары Менск".

Назва так і просіць паверыць, што і якасць, як у старыну, без хіміі, дабавак кансервантаў. І хочацца купіць менавіта гэты прадукт.

Наш кар.


Мястэчка меншае за вёску

"Дакудава каля Ліды" - гэтак гучыць паштовы адрас. Але што значыць "каля"? Колькі кіламетраў аддзяляе павятовы горад ад нашага мястэчка? Адказаў шмат, і кожны з іх дасканалы.

Раней ад Ліды да Дакудава было 25 км, зараз ёсць нейкіх 18 км, перад вайной (Першай сусветнай - Л.Л. ) было болей за 30, зімой бывае не болей за 15.

Відочна, гэта з-за багны. Доўгім пасам цягнецца яна на поўдзень і ўсход ад Ліды і трэба яе аб'язджаць па шашы на Наваградак да Нёмана, а тут павярнуць на дрэнны гасцінец, і па напалову гнілых бярвеннях-кругляках якія яшчэ памятаюць акупацыйную нямецкую ўладу, даехаць да Дакудава.

Насыпаная апошнім часам дарога цераз багну скарачае трасу на некалькі кіламетраў, але яна не заўжды прыдатная для ўжытку.

Ці можа мястэчка быць меншым за вёску? Уяві сабе, што можа! Перад тым, як патрапіць у мястэчка Дакудава, трэба мінуць вёску Дакудава: паўтара кіламетры жабраціх хат, крытых саломай, падзеленыя вузкім пасам багны, над якой амаль што ў вадзе і балоце стаяць сапхнутыя суседзямі гаспадаркі.

Вёска мае 600 жыхароў. Мястэчка, якое ляжыць праз кіламетр далей, толькі 300. Але яно ёсць мястэчкам, тут маецца ўсё неабходнае для часовага і вечнага чалавечага жыцця: дзве крамы, царква, школа, гміна і пастарунак паліцыі.

Дакудава мае гісторыю якая даўжэйшая на некалькі вякоў за гісторыю мільённых амерыканскіх гарадоў. Тут, напрыклад адбылася крывавая бітва паміж князямі Наваградка і Ліды. Над Нёманам яшчэ можна бачыць некалькі невысокіх курганоў: ці гэта сляды той бітвы, ці магілы шведаў, якія палеглі пры пераправе цераз Нёман падчас Паўночнай вайны - пра гэта кажуць мясцовыя людзі, ці можа магілы дагістарычных паганцаў, як напрыклад курганы Дзіснейшчыны? Але пра гэта нічога сказаць немагчыма. Археолагі тут яшчэ не працавалі, а мясцовыя аматары скарбаў вырылі ў адным з курганоў некалькімятровую яміну але нічога не знайшлі і супакоіліся.

А ці ёсць акрамя гэтых курганоў у Дакудаве нейкія гістарычныя помнікі, нейкія руіны і памяткі мінулага? Не, няма, але ... будуць.

Маленькая мясцовая царква знаходзіцца на стадыі паміж руінай і ўжыванай пабудовай. Уздоўж Нёмана, на два кіламетры, цягнецца ланцуг прыгожых помнікаў сусветнай вайны - жалезабетонных нямецкіх бліндажоў. Ад двух з іх застаўся ўжо толькі жвір, адзін з каранямі вырвала паводка 1931 г., іншыя зараслі глінай і пяском і толькі адзін знаходзіцца ў дасканалым стане, нехта з гаспадароў мае ў ім склеп.

Пэўна, праз сто гадоў многа турыстаў гатовыя будуць заплаціць добрыя грошы каб агледзець гэтыя помнікі нашай культуры.

Але аматараў прыгажосці ў Дакудаве мусіць заспакоіць прырода. Стымулюе яна да мастацтва.

Панарама ваколіц мястэчка - калекцыя раўнінных пейзажаў. На поўнач і захад багна - тарфянік парослы карлікавай сасной і алешынай. Недзе ў сэрцы багны маецца два возеры, да якіх немагчыма дайсці ўлетку, смутныя кругі тарфяной вады, без рыбы, без людзей, штогод усё больш здушаных купамі кіслай, вострай травы, якая расце ў багне - гэта дакудаўскае Палессе.

На поўдні ляжыць доўгі але нешырокі пас гаспадарчай зямлі. Гладкія палі працятыя гасцінцамі. Уздоўж гасцінцаў тоўстыя разлапістыя бярозы. На межах рэдкія грушы-дзічкі. На блізкім гарызонце ланцуг пясчаных дзюн, невысокія дзюны параслі ядлоўцам. Гэта мясцовае Мазоўша.

Пройдзем праз гэтую кіламетровую нізкую, пляскатую пашу. Паром перавязе цераз Нёман. Лугі і трава да калень, салодкі пах зуброўкі, мядовыя травы, дробныя і густыя лугавыя кветкі. І праз трыццаць - пяцьдзясят крокаў ... дубы. Іх саноўныя кароны узвышаюцца над куртатымі дрэўцамі, сонца не паліць лугі, промні рассейваюцца і слабнуць.

Гэтым узорным дакудаўскім лясам могуць пазайздросціць найпрыгажэйшыя дубравы Валыні. Гэта так званыя гарэлыя лугі пра якія з захапленнем пісала вялікая геаграфічная энцыклапедыя рускай імперыі.

А на ўсход, аж да Нёмана спускаюцца густыя, цёмна-зялёныя, спічастыя яловыя бары, па костачкі засыпаныя апаўшым іголлем - без траўкі, без кустоў.

Тут жа выбуяўшы мешаны лес - асіны, бярозы, дасканалыя мускулістыя сосны, рэдкія але разрослыя піхты, блытаніна падлеску, арэшнік, крушына, воўчая ягада. І нарэшце звыклы, адвечна шумны бор страявой сасны.

Гэтыя такія розныя краявіды моцна злучае разам, зшывае шырокая стужка Нёмана.

Ён, з розных кавалкаў, узятых з розных краін, стварае адзіную, непаўторную цэласць. Узімку, ягоным рэчышчам бяжыць галоўная мясцовая дарога, улетку тут цягнуцца караваны плытоў з Налібоцкай пушчы і праслізгваюць яшчэ рэдкія лодкі адпачывальнікаў. Увосень рака набрыньвае, шарэе, становіцца няветлівай і маўклівай, цярэбіць прыціснуты да парома трос.

Але самая ўдзячная і радасная рака вясной. Калі толькі знікнуць крыгі, аднекуль з гары, з-пад Любчы і Налібок наплываюць агромністыя масы вады, тонуць берагі, лугі і пашы, некалькікіламетровы пас нізін становіцца адной вялікай халоднай, узбуранай вадой. Тонуць летнія расліны, рака спяшаецца напралом, праз ёлкі, дубы, арэшнік. Толькі ў вёсак прылепленых да правага берага дастаткова моцы, каб ператрываць паводку. Але Нёман не пакідае шанцаў выйграць, ён ірве сваё рэчышча, здзірае дзёран і штогод сягае на крок, на пяць крокаў.

Для высунутых наперад могілак вёскі Дакудава гэтыя вясеннія атакі Нёмана найбольш небяспечныя.

Моцныя далоні ракі ўпіваюцца ў зямлю, зрываюць спарахнелыя крыжы, вылушчваюць з гліны тое, што засталося ад нябожчыкаў. Улетку Нёман ападае ўніз, на косах жвіру і пяску ляжаць сцёртыя косці і чарапы, панурыя парэшткі сялян, якім і смерць не прынесла спакою.

Іхняе жыццё не было звыш меры напоўненае адпачынкам і ўражаннямі. Жыхары мястэчка - сяляне. Толькі некалькі чыноўнікаў, некалькі паліцыянтаў, некалькі крамнікаў не зарабляюць на жыццё цяжкай сельскай гаспадаркай, пасадкай і копкай бульбы. Яны ўтвараюць тое, што называецца жыццём малога мястэчка, але іх няшмат, і трымаюцца яны ад большасці на адлегласці, і іх уплыў на іншых жыхароў мястэчка мінімальны.

Уласна, адзінае, што адрознівае Дакудава ад рэшты навакольных вёсак - гэта гміна. Няма тут ніякай, нават дробнай, прамысловасці - толькі млын. Няма рамёстваў - быў калісьці шавец, але збанкрутаваў, кажуць што хутка будзе нейкі кравец. Няма гандлю - жыхары ездзяць на кірмаш у Ліду, дзве крамы з цяжкасцю выжываюць толькі на тутэйшых, бо ўсе навакольныя вёскі таксама маюць свае крамкі. Чыгунка і шашэйная дарога абмінулі гэтую дзюру, і не было ніякай рацыі рабіць па-іншаму - а нашто сюды заязджаць?

Але гміна, але падаткі, прызыў у войска, звароты, складкі, прапіска. Толькі гэта змушае тых ці іншых грамадзян павярнуць з тракту на Ліду, каб праз балота і бруд па бруку дзвюх дакудаўскіх вуліц дабрацца да гміннай управы.

Адміністратыўны цэнтр - і толькі. Як сталіца Аўстраліі Канбера ці амерыканскі Вашынгтон.

Падабенства тым мацнейшае, што ў да дакудаўскай гміны належыць Бярозаўка, сядзіба гуты Нёман, найвялікшага прамысловага прадпрыемства Наваградскага ваяводства і аднаго з найвялікшых у нашым краі. Там ёсць рух, шум, фабрычная праца, замовы з усяго свету - тут спакой, ціхая бюракратычная праца. Там Чыкага, тут Вашынгтон.

Цяжкае жыццё ў Дакудаве. Цяжка па-людску кіраваць! Неяк так заўсёды выходзіць, што калі жадаюць спакою і цішы - дык той спакой атрымліваецца мёртвы і нецікавы, а калі жадаюць руху і шуму, дык той рух неяк незаўважана б'е, а шум пераходзіць у крык і праклёны. Бо ў Дакудаве яшчэ не ведаюць іншых спосабаў здабывання радасці акрамя гарэлкі, а радасць, здабытая такім шляхам - кароткатэрміновая і хутка абарочваецца злосцю.

Што жа тут рабіць доўгімі, цёмнымі вечарамі?

Кніжак ва ўсім мястэчку можа будзе якая сотня, яны ўсе вядомы на-памяць. Ёсць два радыёпрыёмнікі, але чамусьці ім заўсёды нечага не хапае, і яны не працуюць.

Можна спаць. Ноч у Дакудаве лячэбная, даўжэйшая чым дзе-небудзь і сны прыносіць толькі прыгожыя. Бо тут значна болей рэчаў, пра якія можна толькі марыць, якіх няма і ніколі не будзе.

Неба чорнае і хмурнае, але таполі над дакудаўскім дваром чарнейшыя, яны заўсёды шумяць але ноччу шумяць мацней. Далёка за імі брудная, больш светлая пляма, гэта адпачывае ўжо сонная Ліда.

Адзіны след жыцця, больш нічога навокал не бачна - цемра, пустка. Толькі вільготным вечарам лёгкі вецер прынясе з захаду ляск цягніка які едзе з Вільні ў Львоў, рэха чужога поспеху, чужога размаху, якога тут няма і які тут нічога не важыць. Важыць толькі: "Чуцён цягнік, хіба на раніцы будзе дождж".

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Ежы Путрамант


Законы неба не адмяняюцца

(Нябесная Беларусь)

паэма-эсэ

Светлай памяці Ніла Сымонавіча Гілевіча

"Мне сняцца сны аб Беларусі…"

(Янка Купала)


"Пад небам усё толькі

часовае бывае".

(Лао-Цзы)


"Тое, што сціскаюць - расшыраецца.

Тое, што аслабляюць -

умацоўваецца.

Тое, што знішчаюць - расцвітае.

Хто хоча адабраць што-небудзь

у іншага,

абавязкова згубіць сваё…"

(Лао-Цзы)


"Абы быў гатовы разам са сваёй Айчынай загінуць, калі яна згіне,

а калі Яна праз ваш ратунак

будзе выратавана,

то разам з ёю і ўваскрэснуць…"

(Васіль Цяпінскі)

І. А хлеб духоўны - без чаргі…

"Не лъпо ли бяшетъ, братіе,

начяти старыми словесы…"

(Слова о плъку Игоревъ…)

"Ці не лепей было, каб нам, брацця, пачаць старадаўнімі словамі…"

(Пераклад Янкі Купалы)

* * *

Мне не наблізіцца да ценяў

Гесіёда і Вергілія,

Тым болей - Дантэ, Мільтана

і іншых,

Але…

* * *

Даволі ўжо адседжвацца

ў метафарах,

У экзатызмах досыць шчыраваць,

Час проста праўду гаварыць.

* * *

Не рыфмавалі антыкі,

не рыфмаваў і Ніцшэ;

Ім падуладны,

Таксама не рыфмую я.

* * *

Вядома, ёсць духоўны хлеб,

І ён бесплатны, без чаргі…

Але так мала набываць

яго жадаюць.

* * *

Ужо і аб зямлі не пішуць

простым словам;

А, можа, рызыкнуць

Аб небе гэтым словам мовіць.

* * *

З дзяцінства кішэні мае зашыты,

З дзяцінства я слова ў неба

Бяру.

* * *

Айчына!

Так мала ў цябе бацькоў і дзяцей,

Хто годна цябе бараніць

быў гатовы.

* * *

Усе вякі ад заваёўнікаў

Хаваўся наш народ

(у балоты, бульбу),

І ўсе вякі няшчасціла яму.

* * *

Калі з усіх бакоў

ды шчэ і зверху, знізу

Народ мардуюць,

Народу цяжка

ў першароднасці застацца.

* * *

Адпрэчаныя ад карыта,

Учарашнія недабразычліўцы

беларушчыны

Сягоння падбухторваюць

па-за вуголлях Беларусь любіць.

* * *

Каб Беларусь не ратаваць,

Яны (вядома - хто!),

Прыкідваюцца

і ратуюць чалавецтва.

* * *

Не трэба ісці на плошчу,

А нешта ўсё ж рабіць патрэбна…

А што?!

Маўчаць зацята канфармісты.

* * *

І не глядзяць пад ногі,

І ў неба не ўзіраюцца…

Яно - надзейней

так паўзці да прорвы.

* * *

А гэты хваліцца, што менш дубінак

Атрымаў ад міліцаяў,

Прад тым, каму ўсыпалі без меры.

* * *

Мой Божа!

Ды ў іх жа каўтуны

З паверхні ды ва ўнутр

галоваў перабраліся.

* * *

Як білі яго, так і б'юць,

А ён нат ужо не крычыць

і не плача…

Стопудовая амнезія.

* * *

Ці ёсць такія і ці многа іх,

Каму хаця б у сне глыбокім

Нябесная Айчына паўставала?!

* * *

Давялі і дагналі,

што пытанні з'яўляюцца:

А ці ёсць яшчэ тут Беларусь,

Ды ці ёсць яшчэ ўрэшце і беларусы.

* * *

Ха! Нат гародніна не так ужо лёгка

Свае пакідае грады,

А яны, маладыя,

імпэтна з Айчыны лятуць.

* * *

Не важна, дзе пераважна цела,

Важна - у душы каб прысутнічаў

Светлы Дух.

* * *

Перастанеш жывіць душу,

Дык і рот твой не доўга

Жавацьме.

* * *

Адно пажаданне-праклён

У адрас гэтай публікі:

Каб душу вы сваю

бессмяротную ўспомнілі.

* * *

Ні ў якія часы і ніякім чынам

Законы неба не адмяняў

Ніхто.

* * *

Няхай супакаення нам не будзе,

Няхай трывожыць нас

І Беларусь нябесная таксама.

* * *

Як і ўсе, і усё,

Айчына з нябёсаў сыйшла,

Як і ўсе, і усё туды ж яна вернецца

Душамі лепшых сваіх

зямных сыноў і дачок.

* * *

Нам - выбар свабодны,

А суд справядлівы - у Яго:

Ці ў небе нам быць, ці ў зямлі.

* * *

Будзьма, як дзеці:

За плячыма ў іх і наперадзе -

Неба.

* * *

О неба! Якая ўцеха! Якая надзея!

Няма ў ім кірпатасці,

носапляскатасці, картаваротасці

І ашчэраных пашчаў - няма.

* * *

Як будзеш, светлы, з Айчынай,

Дык будзе і Бог

З табой.

ІІ. Зямная, яна на ахвярах трымаецца…

"Ідуць народы з лета ў лета

К жыццю, к святлу, з бяды, з жуды,

А мы, як цені з таго свету,

Ідзём, не знаючы куды."

(Янка Купала)


* * *

О Балта-Русія!

Дык гэта ж ты ад мора і да мора…

А потым Polska перайначыла

сабе ad morza i da morza.

* * *

Радыё: "У Беларусі шэсць гадзін".

Я: "А ці ёсць Беларусь?!."

А ты, а ён, а яна, а вы, а мы?!. Маўчым!

* * *

У мінулым была ты нібыта

Пад снегам,

А сёння - нібыта пад лёдам ужо.

* * *

Была ты Еўропай -

Кляпам была для Азіі;

Сёння ты - кляп для Еўропы.

* * *

Беларусь у нябёсах не мае межаў,

А вось на зямлі з сабою мяжуе яна:

Яе землі і людзі па суседзях

наўкол раздадзены.

* * *

Тут неба з зямлёю

Па-хамску змешана,

А там…там хамаў,

спадзеву маю, няма.

* * *

Калі якая кропля духу

тут была калісьці,

Дык ці то высахла,

Ці у нябыт памкненнямі

харчовымі яе змахнулі.

* * *

А сягоння калі хто

з той кропляй з'явіцца,

Дык у яе такіх дабавак змесцяць,

Што можна ці памерці,

ці - у вар'ятню.

* * *

Даўно ўжо не крывавіць,

Даўно ўжо амаль дагнівае

Край беларуска-ліцвінскі.

* * *

Жыве Беларусь!?. Жыве нібыта!

Але пакуль што гарбаціцца,

П'е чарніла і зельц жуе.

* * *

Калі народ - усяго народец,

Дык яго дураць,

Немаўля нібыта.

* * *

Так, чорнаскурыя ў Амерыцы

Правоў намнога болей маюць,

Чымся беларусы ў Беларусі.

* * *

Няма горш, як жыць на чужыне,

А тым больш, што чужынаю

Стала табе Айчына твая.

* * *

Ужо даўно жыве ў народзе думка,

Што трэба перайначыць

Мінск у Менск,

Бо ён мянтоў сталіца,

а не беларусаў.

* * *

Беларусь! Дзе сыны твае мужныя,

Дзе мужы твае мудрыя?!.

Можа, няма каму

нарадзіць іх сёння?!.

* * *

Якія маткі - такія і дзеткі,

І не падсадзяць, нібыта на печ,

У нябёсы сваіх нараджэнцаў.

* * *

Ці будуць дзеці патрыётамі,

Калі іх маці з чужакамі

Выспеўвае пашляціну прыблудную.

* * *

Якіх толькі пятых калон тут няма?!.

Усе і не злічыць,

І нат беларускамоўныя ёсць.

* * *

І сёння тут многіх куміры тыя,

Хто таптаў правы чалавека,

Хто Айчыны яго пазбаўляў.

* * *

А хто песціць шкуру сваю,

Ён не здольны любіць Беларусь -

Ні зямную і ні нябесную.

* * *

Чым болей расшыраюцца Дразды,

Тым болей беларушчына

Звужаецца.

* * *

У сабак болей гонару і адвагі

За родны завулак свой,

Чымся ў іх за Айчыну.

* * *

Добра вядома - і нашы напаўізгоі:

У адзін мікрафон - адно

І іншае - у другі.

* * *

За Беларусь!

Спачатку грошы, пасля Беларусь.

О! Гэта ўзаемавыключальна!

* * *

Сягоння большасць

тут дзядоў, бацькоў, дзяцей -

Ад нараджэння - антыпатрыёты…

Яны на мэце маюць прыкарыцце.

* * *

О Беларусь! Ужо і твае нетры,

І людзі - танная рабсіла

Належаць не табе…,

і ты ім не належыш.

* * *

Ах, і сёння такая наўкол біямаса,

Як калісьці, калі адных

вязлі на расстрэл,

Другія з уздымам крычалі:

"Так ім і трэба!"

* * *

Чаму ж нам не пець,

Не гудзець чаму,

Калі мы ў хатачцы

з лебяды жывем?!.

* * *

Толькі нячыстыя вочы

Не бачаць сваю Айчыну:

Духу ў іх няма.

* * *

Нібы ў куры з-пад хваста…,

Бязвольна многіх тутакоў

Цячэ амёбнае жыццё.

* * *

Не спадзявайся,

тут амаль няма такіх,

Хто змог бы заступіцца за цябе,

Наадварот…

* * *

Сённяшні "класічны" беларус -

Істота з абчасана-абструганай

Мазгаўнёй.

* * *

Калі ты, беларус, - не беларус,

Дык ці асоба ты,

Ці homo sapiens увогуле.

* * *

Час памякчэў нібыта:

Раней артыкул шылі

"ворага народа";

Сягоння: "лаяўся ты матам". Але…

* * *

Такая музыка сягоння, -

Нібы пад дых адзін аднаму

Б'юць.

* * *

Цень палону, акупацыі цень

І да сёння не пакідае

Душы тутэйшых.

* * *

Даўно мараль

рыфмуецца з маразмам,

А што да надбудоў і прыбудоў,

Усе яны - ашчэраныя пашчы.

* * *

"Як той казаў",

"То нейк жа яно будзе" -

Вось адпраўная ўсякіх спраў,

Тым больш - ідэй.

* * *

Ён, бачыце, не можа без Радзімы,

Дамоў яго нясцерпна цягне…

Ну дык чаго цягацца па замежжах?!.

* * *

У Беларусь бягуць такія,

Хто пра сваю зямную

і нябесную Айчыну

Не дбалі і не рупіліся;

а наадварот…

* * *

Частку тваёй тэрыторыі

ампутавалі…

Ну дых хоць душу сваю

Не ампутуй сама…, Беларусь.

* * *

Здавалася б, разумны чалавек,

І ў жыцці было заўжды не соладка,

А часам - не-не -

ды Сталіна ўхваліць.

(Працяг у наст. нумары.)

Яўген Гучок


Ад журналістыкі - да рамана-эпапеі, як партрэта стагоддзя

Літаратурная вечарына "Узыходжанне", прысвечаная 80-годдзю Васіля Цімафеевіча Якавенкі адбылася 25 траўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Яе распачаў намеснік бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша:

- Дарагія сябры, чытачы, даследчыкі творчасці пісьменніка, якія сочаць за шматграннай дзейнасцю юбіляра, з вялікім гонарам мы прысутнічаем на адкрыцці выставы кніг і імпрэзы, прысвечанай яго юбілею. ХХ стагоддзе пакінула нам нялёгкую спадчыну. Апісаць гэты час не заўсёды проста. Васіль Якавенка - адзін з тых, хто не баіцца выказваць сваё ўласнае меркаванне, здольны да інтэрпрэтацыі найбагацейшага пласту нашай гісторыі. Праца Васіля Якавенкі - гэта праца чалавека, які здольны ахапіць вялікі масіў фактаў, імёнаў і па-мастацку аб'яднаць іх у адной сюжэтнай лініі. Прапанаванае ім ўспрыняцце гістарычных фактаў для нас сёння надзвычай актуальнае.

Загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Менскага лінгвістычнага ўніверсітэта Пётр Васільевіч Васючэнка адзначыў:

- Я стараюся даваць нашым студэнтам лепшае, што ёсць у нашай літаратуры, і быў узрадавваны, калі быў надрукаваны раман "Пакутны век". Наш юбіляр паказаў, як можна перайсці ад журналістыкі да рамана-эпапеі, стварыўшы патрэт стагоддзя. Ён нарадзіўся, дарэчы, 5 траўня, у дзень друку. Твор яго інфармацыйна насычаны, у ім сабрана велізарная факталогія. Мне імпануе экалагічны імператыў, які суправаджае публіцыстыку Васіля Якавенкі: тут супадаюць экалогія прыроды і экалогія душы.

Філасофскі аналіз творчасці пісьменніка даў у кароткай лекцыі прафесар культуралогіі Аляксей Уладзіміравіч Рагуля. Ён прасачыў творчую эвалюцыю аўтара, разважаў пра яго літаратурны феномен.

- Якавенка ідзе ад народнасці культуры. Першапачатковыя чалавечыя каштоўнасці такога ўзору, як мацярынства і бацькоўства, людскасць, дыхтоўнасць, пісьменнік свядома падкрэслівае. Ён дае глыбокі сацыяльна-псіхалагічны аналіз рэчаіснасці. Сутнасць феномену Якавенкі ў тым, што ён адштурхоўваецца ад народнай філасофіі. Народнасць - ёсць паказчык вышэйшага інтэлектуальнага ўзроўню творцы, - заўважыў прафесар А. Рагуля.

Сябра ТБМ, паэт і публіцыст Яўген Гучок сказаў пра свайго калегу, як пра асобу:

- Васіль Якавенка - беларусацэнтрычны чалавек, бескампрамісны грамадскі дзяяч, выдатны арганізатар канферэнцый, шчыры і таварыскі чалавек, які не раз прыходзіў з дапамогай сябрам і ўсяму народу. У 1991 годзе сярод першых арганізацый ён запачаткаваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль" і дапамог змагацца з бядой. Трэба пакланіцца яму і пажадаць моцнага здароўя і плённай дзейнасці!

Як зямляк са шчырымі пажадання выступіў фізік і палітолаг Анатоль Астапенка:

- У нас, у Васілевічах заўсёды ўзгадвалі пісьменнікаў-выхадцаў з нашых мясцін - Івана Навуменку і Васіля Якавенку. З Васілём Цімафеевічам мне давялося сустракацца з 1986 года. Яго публіцыстыка была заўсёды вострай, але ён яшчэ і дапамагаў людзям, якія шукалі падтрымкі. Ён выпускаў вострую незалежную газету "Набат". Ён шмат зрабіў ў абарону беларускай мовы: напісаў мноства лістоў і зваротаў, правёў шэраг канферэнцый і семінараў.

- Мяне ўсхвалявала праўдзівасць твору, у ім шмат страронак пра багацце зямлі, пра моц народнага духу, - сказала паэтка Вера Буланда.

- Каб радасна пад беларускім небам крыяла мудрасць Якавенкі Васіля! - пажадала ў вершаваных радках Аляксандра Грыцкевіч.

Спявак і мастак Андрэй Плясанаў цягам пяці гадоў меў магчымасць падарожнічаць з Васілём Якавенкам і браць удзел у сустрэчах з чытачамі.

- Мы разам наведвалі Моталь, радзіму герояў пісьменніка, дзе нас сардэчна сустракалі мясцовыя жыхары, - узгадвае спадар Андрэй.

Спявак выканаў для свайго сябра і паплечніка некалькі песень патрыятычнага зместу. Песню "Край" заспявала Кацярына Ваданосава. Мастак М. Карпук падарыў сябру свой пейзаж "Восеньскі матыў". Цеплыню сустрэчы з чытачамі ў бібліятэцы падзялілі жонка юбіляра Ларыса Мацвееўна, дзве яго дачкі - Наталля і Алена, унук і ўнучка.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Выступае Аляксандр Суша; 2. Васіль Якавенка з сям'ёй і сябрамі


Цікавыя сустрэчы

"Вожык" шукае новых сяброў

У Ліду завітаў… "Вожык". "Вожык" незвычайны - не з лесу, а з самой сталіцы! З усмешкай, з пачуццём гумару… У рамках чарговага паседжання літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лiдскай газеты" адбылася сустрэча з в. а. галоўнага рэдактара беларускага часопіса сатыры і гумару "Вожык" Ганнай Кіслушчанка і намеснікам галоўнага рэдактара названага часопіса, яго мастацкім рэдактарам, карыкатурыстам Аляксандрам Каршакевічам. Ініцыятарам і арганізатарам сустрэчы стаў кіраўнік літаб'яднання Алесь Хітрун, даўні сябар "Вожыка". Акрамя лідскіх літаратараў, на мерапрыемстве прысутнічалі старшакласнікі сярэдняй школы № 11.

Ганна Аляксандраўна азнаёміла прысутных з гісторыяй выдання. А пачыналася яго гісторыя ў ліпені грознага 1941 года, калі ў Гомелі пачаў выходзіць агітплакат "Раздавім фашысцкую гадзіну" (пазней - газета-плакат, выходзіла ў Маскве). Дарэчы, сустрэча з членамі рэдкалегіі "Вожыка" адбылася ў тым памяшканні доміка Таўлая, дзе змешчаны арыгіналы гэтага плаката - папярэдніка "Вожыка". Джала сатыры газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну" было накіравана на Гітлера і яго паслугачоў, на нямецкіх акупантаў. Газета падпольна распаўсюджвалася на акупаванай тэрыторыі Беларусі, яе вострыя, трапныя слова і малюнак таксама дапамагалі змагацца з ворагам, умацоўвалі баявы дух і веру ў перамогу. Дапоўнілі аповед Ганны Кіслушчанка аб газеце-папярэдніцы "Вожыка" кароткаметражныя фільмы.

Уласна ж часопіс "Вожык" выдаецца са жніўня 1945 года ў Менску. У жніўні мінулага, 2015, года часопіс адзначыў свой 70-гадовы юбілей, а ў ліпені бягучага года адзначыць яшчэ адзін - 75 гадоў з дня выхаду першага нумара агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну".

Асобна ў час імпрэзы гаварылася пра вядомага беларускага байкапісца і драматурга Кандрата Крапіву, з дня нараджэння якога сёлета споўнілася 120 гадоў. Справа ў тым, што Кандрат Крапіва быў першым галоўным рэдактарам "Вожыка", яго "хрышчоным бацькам" (менавіта Кандрат Кандратавіч даў часопісу яго "калючую", як і свой псеўданім, назву).

З дапамогай мультымедыйных сродкаў прысутныя больш блізка пазнаёміліся з сучасным "Вожыкам", яго шматлікімі рубрыкамі, праектамі. Была магчымасць і пагартаць часопіс: Алесь Хітрун прынёс на мерапрыемства мноства яго нумароў са сваёй хатняй бібліятэкі.

Алесь таксама адзначыў, што часопіс мае некаторае дачыненне да Лідчыны. Так, у газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну" (як мы памятаем, папярэдніцы "Вожыка") друкаваўся і звязаны лёсам з Лідай паэт Валянцін Таўлай (пад псеўданімамі Мсцівец і інш.). Адзін з колішніх супрацоўнікаў і галоўных рэдактараў "Вожыка" Уладзімір Корбан да працы ў часопісе ўзначальваў некаторы час цвіковы завод у Лідзе. Дарэчы, Уладзіміра Корбана называлі "другім пасля Крапівы". Кандрат Кандратавіч аднойчы сказаў яму: "Што ж, дарагі Корбан, ёсць у мяне добрая замена, табе зараз і лейцы ў рукі". У фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваецца насценгазета "Лідскі "Вожык"", калісьці перададзеная ў музей былым галоўным рэдактарам газеты "Уперад" (цяпер "Лідская газета") Аляксандрам Жалкоўскім (магчымасць пазнаёміцца з "Лідскім "Вожыкам"" таксама была ў тых, хто наведаў імпрэзу ў доміку Таўлая). І, нарэшце, дзякуючы "Вожыку" выйшаў дзесяць гадоў назад на прасторы рэспубліканскага друку ўжо не раз згаданы намі Алесь Хітрун, у творчым багажы якога нямала гумарыстычных твораў.

Ганна Кіслушчанка і Аляксандр Каршакевіч заклікалі прысутных папоўніць шэрагі падпісчыкаў "Вожыка", а таксама супрацоўнічаць з часопісам - дасылаць туды свае гумарыстычныя або сатырычныя творы, а, магчыма, і карыкатуры, і нават смешныя фотаздымкі. "Вожык" чакае новых сяброў!

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX