Папярэдняя старонка: 2016

№ 25 (1280) 


Дадана: 22-06-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 25 (1280), 22 чэрвеня 2016 г.


Зварот Сакратарыяту Таварыства беларускай мовы да ўдзельнікаў парламенцкай кампаніі

Шаноўнае спадарства!

Найважнейшы складнік нацыянальнай культуры і незалежнасці нашай краіны - беларуская мова - перажывае надзвычай складаны перыяд.

У сувязі з гэтым мы заклікаем усіх патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ўключыць у свае выбарчыя праграмы наступныя пункты:

1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

2. Адкрыць у Мінску Нацыянальны ўніверсітэт імя Францішка Багушэвіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

3. У кожным раённым цэнтры адкрыць школу або гімназію з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

4. Канчаткова вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.

Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і культуру Беларусі.

15 чэрвеня 2016 года

Сакратарыят ТБМ.


У Бычках уручылі прэмію імя Васіля Быкава

19 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна прайшлі ўрачыстасці да 92-х угодкаў пісьменніка. Быў названы сёлетні лаўрэат прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі". Ім стаў сябар ТБМ, рэжысёр Валер Мазынскі. Уручыў узнагароду Уладзімір Арлоў.

Імпрэзу традыцыйна ладзілі Віцебская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы" і рух "За свабоду". Сёлета ўдзел у святкаванні не змагла ўзяць родная сястра пісьменніка, Валянціна Быкава. Яна знаходзіцца ў рэанімацыі Віцебскага абласнога шпіталя. Тры тыдні таму на амаль што 90-гадовую спадарыню ў яе ўласнай хаце накінуўся невядомы нападнік, у спадарыні Валянціны паламаная рука і некалькі рэбраў. Лекары ацэньваюць яе стан усё яшчэ як цяжкі.

Прэмія "За свабоду думкі" існуе з 2008 года, уганараваныя званнямі лаўрэатаў ужо былі славутыя паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратары і палітыкі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыка Лявон Вольскі, спевакі-барды Зміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч. Лаўрэатамі прэміі "За свабоду думкі" традыцыйна абіраюць тых, хто найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадскай, прафесійнай альбо творчай дзейнасці на карысць Беларусі і свабоды. Кожны лаўрэат атрымлівае памятны дыплом і ўзнагароду - скульптуру аўтарства Віктара Копача.

Радыё Свабода.


Пані Эльжбета, якая хвалюецца за беларускую мову болей за беларусаў

24 чэрвеня адзначае 85-годдзе вялікая прыяцелька Беларусі, выбітная беларусістка, былая кіраўніца кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта і кафедры беларускай культуры ўніверсітэта ў Беластоку, першы амбасадар Польшчы ў Беларусі прафесар Эльжбета Смулкова (Эльжбета Смулак), якая вывучае і пашырае беларускую мову і культуру ў Польшчы і свеце цягам амаль шасцідзесяці гадоў.

Да юбілею з друку выходзіць кніга журналіста Радыё Свабода Валера Каліноўскага "Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні".

Кніга распавядае пра тое, як Эльжбета Смулкова зацікавілася ў канцы 1950-х гадоў беларускай мовай, удзельнічала ў дыялекталагічных даследаваннях у Беластоцкім ваяводстве Рэспублікі Польшчы, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасць, а так-сама ў розных рэгіёнах Беларусі, якія ўнікальныя працы прафесар Смулкова напісала пра земляробчую лексіку і акцэнталагію беларускай мовы, пра асаблівасьці вывучэння ёю беларуска-польскага моўнага і культурнага памежжа.

Кніга распавядае так-сама пра ўклад амбасадара Эльжбеты Смулковай у станаўленне ў 1991-1995 гадах двухбаковых беларуска-польскіх міждзяржаўных сувязяў, якія перажывалі ў той час перыяд свайго росквіту. Закранае кніга і асабісты лёс Эльжбеты Смулковай, якая нарадзілася ў Львове ў 1931 годзе, у 1940-м страціла бацьку, якога савецкая ўлада забіла як адну з ахвяраў "Украінскага Катынскага спісу", разам з маці і сястрой адбыла пяцігадовую высылку ў Сібір.

Эльжбета Смулкова прыбыла на новую працу ў Менск праз тры тыдні пасля абвяшчэння Вярхоўным Саветам незалежнасці Беларусі. Менавіта ёй давялося ўсталёўваць дыпламатычныя дачыненні з Беларуссю, якая заўсёды была блізкаю да Польшчы, паглыбляць існыя і наладжваць новыя сувязі ў палітыцы, эканоміцы, культуры, навуцы, вырашаць сотні праблемаў, якія паўставалі на супольных межах, у дачыненнях людзей і прадпрыемстваў, быць сведкай тварэння ў Беларусі новага дзяржаўнага ладу, дэмакратычных зменаў, беларусізацыі пачатку 90-х, а пазней першых выбараў прэзідэнта ды іншых значных для Беларусі падзеяў. Яе погляд на тыя падзеі знутры і як бы крыху звонку несумненна цікавы для беларускай гісторыі.

25 жніўня Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэкларацыі аб суверэнітэце БССР статус канстытуцыйнага закону. Незалежнасць Беларусі першаю ў свеце вітала Польшча - гэта сталася 31 жніўня, калі Сойм Польшчы ўхваліў спецыяльную пастанову, у якой заявіў: "Прызнаючы права ўсіх народаў на самавызначэнне, Сойм Польскай Рэспублікі з радасцю вітае абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 жніўня 1991 года. Польшча, якая свабоду і незалежнасць сваёй дзяржавы ставіць вышэй за ўсё, цалкам разумее і цэніць значэнне гэтага гістарычнага рашэння Беларускага парламента...".

Генеральным консулам Эльжбета Смулкова была прызначаная з 12 верасня 1991 года, на гэтай пасадзе пабыла па 7 траўня 1992 года, потым выконвала функцыі chargе d'affaires - упаўнаважанай у справах Польшчы ў Беларусі, з 11 верасня 1992 па 30 верасня 1995 года была першым амбасадарам Рэспублікі Польшчы ў Рэспубліцы Беларусі.

Паводле Радыё Свабоды .

Таварыства беларускай мовы далучаецца да віншаванняў пані Эльжбеце з нагоды юбілею.


Мова ўваскрасае ў святынях

Пры тым, што прызнаны навуковец у галіне гісторыі піша пра "перадсмяротны" стан беларускай мовы, душа не дае пагадзіцца з гэтым выказваннем, калі бачыш ў нядзелю і ў свята поўныя народу касцёлы, дзе беларуская мова служыць пры алатары і займае пачэснае месца.

10 000 вернікаў прынялі ўдзел у Менску ў Еўхарыстычнай працэсіі 29 траўня 2016 года. На трох вялікіх плошчах - пл. Перамогі, Кастрычніцкай, пл. Незалежнасці спыняліся святары з грамадой, прамаўлялі па-беларуску пра асновы хрысціянскага веравызнання, разважалі важнасць евангельскіх ісцін.

Сёлета адзначаецца 25 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага касцёла ў Беларусі. 25 ліпеня 1989 года да службы ў Менскай дыяцэзіі прыступіў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У 1990 годзе была арганізавана Беларуская каталіцкая грамада, задачамі якой сталі вяртанне касцёла да нацыянальных вытокаў, правядзенне набажэнстваў на роднай мове, выданне літаратуры на беларускай мове, выхаванне вернікаў высокамаральнымі, патрыятычнымі, грамадскі актыўнымі і культурнымі людзьмі. Гістарычным днём стала 13 красавіка 1991 года, калі Папа Ян Павел ІІ адрадзіў касцельныя структуры ў Беларусі. Гэта дата была адсвяткавана і адзначана імшой падзякі ў красавіку 2016-га.

28 верасня 1996 года пачалі працаваць Менска-Магілёўская і Пінская дыяцэзія, якую ўзначаліў Казімір Свёнтак. У 1999 годзе ў Гародні распачала дзейнасць Вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя св. Тамаша Аквінскага, дзе вучыцца беларуская моладзь, якая паклікана несці духоўнасць у грамадства.

У 90-тыя гады актывізаваўся перыядычны друк каталікоў. У студзені 1994 г. у Баранавічах выйшаў першы нумар культурна-рэлігійнага часопіса Пінскай дыяцэзіі "Дыялог" . Паступова масавым і папулярным стала выданне часопісат "Ave Maria" , заснаванага Дабрачынным фондам Маці Божай Фацімскай і кафедральным касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыіі ў Менску. Сёння часопіс мае рубрыкі: "З жыцця касцёла", "Святар адказвае на пытанне", "Моладзь у касцёле", "Пакліканне", "Лёсы чалавечыя" , "У выдавецтве"Pro Сhristo" і інш. Галоўным рэдактарам часопіса з'яўляецца Крысціна Лялько.

У сем'ях карыстаецца папулярнасцю дзіцячы часопіс "Маленькі рыцар Беззаганнай" , рэдактарам якога з'яўляецца пісьменніца Ірына Жарнасек. Яго першы нумар выйшаў напярэдадні Каляд 1993 года. З 1995 г. у Менску выходзіць культурна-рэлігійна-асветніцкі квартальнік "Наша вера" . У ім больш за 30 рубрык - "Постаці", "У свеце Бібліі", "Галерэя", "Сведчаць архівы" і інш. Сярод аўтараў часопіса - Ю. Залозка, Т. Габрусь, Я. Янушкевіч, В. Карамазаў, Г. Далідовіч, Д. Бічэль, Г. Тварановіч, Я. Шунейка і іншыя пісьменнікі, паэты, мастакі і архітэктары. Адным з першых інфармацыйна-рэлігійных выданняў з'явілася газета Гарадзенскай дыяцэзіі "Slowa zycia" ("Слова жыцця") , якая выходзіць на беларускай і польскай мовах. У 1997 годзе яе заснаваў рэдактар кс. А. Ханько. На працягу васьмі гадоў з 11 верасня 1992 па 31 снежня 2002 г. на беларускім радыё кандыдат гістарычных навук, кс. Уладзіслаў Завальнюк, вёў перадачу "Голас душы" . Яна была знята з эфіру, але ў 2003 г. вернута ў выглядзе "Святой нядзельнай імшы" .

З 2001 года ў Менскім касцёле св. Сымона і Алены выходзіць парафіяльная газета " Голас душы" . Рыма-каталіцкі касцёл мае змястоўны інфармацыйна-аналітычны сайт catholic.by , нядаўна быў створаны новы сайт chyrvony.by .

Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якіх служаць восем біскупаў. Тут працуе каля 500 святароў. Колькасць вернікаў - каля паўтара мільёна, парафій - каля пяцісот.

Яго шырокае інфармацыйнае поле, уплыў на грамадства дае ўпэўненасць меркаваць, што родная мова не застанецца занядбанай, а наадварот стане ўсё больш шанаванай і шляхетнай.

2 чэрвеня 2016 г. у Браславе адбылася трэцяя агульнанацыянальная сустрэча святароў. "Шаноўныя святары, дапамагайце людзям, нясіце ім словы надзеі і святла, стварайце з'яднаны хрысціянскі народ", - сказаў кс. У. Завальнюк.

Ідзе падрыхтоўка да традыцыйных пілігрымак у нацыянальны санктуарый у Будслаў. 27 чэрвеня пілігрымы выйдуць з менскай Архікатэдры, 28 чэрвеня выйдзе посная пілігрымка з менскага Чырвонага касцёла, 29 чэрвеня вернікі адправяцца ў падарожжа са сталіцы на роварах на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. 1 чэрвеня два аўтобусы выправяцца ў пілігрымку ад Чырвонага касцёла - у 17.00 і 19.00. З Віцебска, Берасця, Смаргоні і іншых гарадоў выйдуць вернікі са сваімі групамі.

Дзесяцігоддзю пілігрымак у Будслаў прысвяціла сваю кніжачку Ядвіга Рай, пра якую раней паведамляся на старонках газеты. Супольныя падарожжы натхнілі маладога фатографа Віктара Ведзеня, які 12 чэрвеня адкрыў выставу сваіх работ.

Э. Дзвінская, фота аўтара і Віктара Ведзеня.


Згадайма беларуса

Міхась Тондзель

На старонках "Нашага слова" рэгулярна з'яўляюцца матэрыялы, прысвечаныя памяці рупліўцаў на ніве роднай культуры. У такіх "мемарыяльных" кантэкстах мне згадаўся Міхась Тондзель. Ці шмат хто з сённяшніх чытачоў тыднёвіка ведае пра гэтага шчырага працаўніка - журналіста, філолага?

На даўнім фотаздымку, апублікаваным у часопісе "Роднае слова" (2000, № 7). М. Тондзель - сярод выпускнікоў Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, якія ў пачатку 1960-х сабраліся на сустрэчу, арганізаваную з ініцыятывы загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Ф. Янкоўскага.

Усе гэтыя людзі прычыніліся да справы беларушчыны. Яўген Адамовіч, Віктар Бекіш, Мікола Гуліцкі, Валянцін Рабкевіч і аўтар гэтых радкоў абаранілі кандыдацкія дысертацыі, працавалі выкладчыкамі ў ВНУ (В. Рабкевіч - у БелСЭ). Віктар Гетаў, мой аднагрупнік, пасля сканчэння інстытута пачаў працоўны шлях настаўнікам у вясковай школе на Пухаўшчыне, потым працаваў рэдактарам на тэлебачанні, у БелСЭ.

З Міхасём Тондзелем да сустрэчы на кафедры я не быў знаёмы. Ён ужо працаваў журналістам беларускага радыё (для замежжа), друкаваўся. З рэцэнзіямі на мовазнаўчыя працы пачаў выступаць з 1960 года.

Міхась Тондзель адгукаўся на кнігі Ф. Янкоўскага, А. Крывіцкага, А. Антановіча, Г. Малажай, М. Яўневіча і П. Сцяцко, іншых навукоўцаў, папулярызаваў іх праз часопісы "Полымя", "Маладосць", "Настаўніцкую газету", "ЛіМ" ды іншыя перыядычныя выданні.

Адзін з навуковых артыкулаў М. Тондзеля - "Да праблемы вывучэння стылю і культуры мовы радыёперадач" (у кн.: Лінгвістычны аналіз тэксту. 1975).

Акрэсленую тэму ён распрацоўваў, можна сказаць, не толькі тэарэтычна (пішучы старонкі дысертацыі), але і практычна, выконваючы службовыя абавязкі на радыё, у ліку якіх - рэдагаванне пусканых у эфір тэкстаў.

Паводле сведчання мовазнаўцы Н. Гаўрош, якая вучылася разам з М. Тондзелем на філалагічным факультэце педагагічнага інстытута, Ф. Янкоўскі звярнуў увагу на схільнасць гэтага здольнага і стараннага студэнта да філалогіі, падтрымліваў яго імкненне глыбей пазнаваць роднае слова. І, мажліва, дапамог вызначыцца з месцам працы.

Мне даводзілася бачыцца і часам размаўляць з Міхасём у Дзяржаўнай бібліятэцы Беларусі, куды ён прыходзіў папрацаваць з дакументамі, літаратурай.

Рыхтуючы матэрыялы, уласныя і іншых аўтараў, М. Тондзель дбаў пра тое, каб замежны слухач-беларус пачуў звесткі, навіны з жыцця бацькаўшчыны, яе культуры, навукі і гісторыі на добрай беларускай мове.

Нячаста, гады ў рады ён звяртаўся да мяне з "прафесійнымі" тэлефанаваннямі. Раіўся, якое слова, сказ, выраз лепей ужыць па-беларуску, каб пазбегнуць ненатуральнасці, штучнасці выкладу (можа, таму, што я працаваў рэдактарам у выдавецтве "Народная асвета", дый увогуле цікавіўся пытаннямі культуры мовы.

Заўважым: у 60-х - першай палове 70-х яшчэ не было пяцітомавага "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы", некаторых іншых даведнікаў, якія цяпер маюць рэдактары і аўтары.

Як добра вядомы мне факт мушу прывесці такі (можа, гэта не будзе неэтычным).

Міхась Тондзель выявіў цікавасць да беларускай навуковай тэрміналогіі, абазнанасць у яе праблемах.

Разглядаючы маю кнігу "Дакумент па-беларуску: Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка" (выд-ва "Беларусь", 1994), ён напісаў актуальны артыкул пад аднайменным загалоўкам (Полымя, 1994, № 9). Цяпер я перачытаў гэтую публікацыю.

У ёй закранаецца не толькі беларускамоўная тэрміналогія, але становішча беларускай мовы наогул. Аўтар артыкула меў мужнасць назваць (напэўна не першы) прычыны заняпаду роднай мовы.

"... у выніку сталінскіх рэпрэсій на Беларусі, а больш дакладна - у выніку генацыду, наш край быў гвалтоўна зрусіфікаваны, беларусаў фактычна пазбавілі роднае мовы. Пасля смерці Сталіна гэтая гібельная для беларускае мовы палітыка працягвалася наступнымі "правадырамі" Савецкага Саюза, але ўжо іншымі метадамі і пад іншымі лозунгамі так званае дэнацыяналізацыі, інтэрнацыяналізацыі, зліцця нацый, моваў і г.д. У выніку беларускую мову выкаранілі з вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, з агульнаадукацыйных школ, з дзіцячых садкоў, з дзяржаўнага справаводства і гэтак далей.

Яшчэ два - тры пакаленні - і беларуская мова знікла б з карты свету".

Хіба ж не пра такое даводзіцца пісаць з нумара ў нумар "Нашаму слову"?

На жаль, у мяне няма неабходных біяграфічных звестак (не змог іх здабыць), каб паўней распавесці пра Міхася Лук'янавіча Тондзеля, мовалюба і мовадбаўцу. Не памылюся, калі дадам: абаронцу роднае мовы.

Алесь Каўрус.


Як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Навіны Германіі

ДЫСКУСІІ НАВУКОЎЦАЎ, НАСТАЎНІКАЎ і РЭЦЭНЗЕНТАЎ

Аб праблемах допуску падручнікаў вядзецца шмат спрэчак на метадычным і палітычным узроўнях.

Input- і Outputmodell

Паколькі апошнім часам, паводле прынцыпаў PISA, прыярытэт аддаецца "выніку на выхадзе" (Output-Modell), замест ранейшых патрабаванняў строгага кантролю навучальнага працэсу на "ўходзе" (Input-Modell), можна меркаваць, што ў бліжэйшы час нельга чакаць узмацнення цэнтралізаванага кантролю пры допусках падручнікаў.

Крытыка дзяржаўнага кантролю за падручнікамі такая ж старая, як сам гэты працэс. Пачынаючы з прускага рэфарматара адукацыйных працэсаў Ёгана Вільгельма Зювэрна (Johann Wilhelm Suvern, 1813/1814), цэнтралізацыю гэтай справы кляймяць як тормаз інавацый і развіцця эўрыстычнага мыслення навучэнцаў у практычным выкладанні. Прыхільнікі дзяржаўнага кантролю прыводзілі і прыводзяць як контраргумент некаторыя факты з'яўлення на рынку падручнікаў няякасных танных выданняў, што дыктуецца чыста грашовымі меркаваннямі. Пры гэтым, як сцвярджаюць "дзяржаўнікі", выдавецтвы, якія маюць добрыя стасункі з уладнымі структурамі, часта заплюшчваюць вочы на групавыя інтарэсы аўтараў, рэцэнзентаў і выдаўцоў.

Разам з фундаментальнай крытыкай цэнтралізацыі ёсць яшчэ адзін дыскусійны аспект праблемы, які не вынікае з кантрольнага працэсу як такога, а тычыцца так званых рэкамендаваных "пазітыўных каталогаў" патрабаванняў да новага падручніка. Многія аўтары і выдаўцы называюць кашмарам нярэдкі "фатальны начальніцка-дзяржаўны закасцянелы максімалізм", які патрабуе бязмежнага ўдасканалення паводле гэтага "пазітыўнага каталогу". Яны лічаць, што павінен быць уведзены "негатыўны каталог", у якім павінны быць сфармулявана тое, што недапушчальна. Усё астатняе павінна быць дазволена, калі яно пакрывае праграмны змест. Інакш "інстанцыя, якая фармулюе патрабаванні" будзе бязмежна "купацца ў сваёй вучонасці". Гэтая дыскусія шырока асвятлялася на старонках часопіса "Гісторыя ў навуцы і выкладанні" ("Geschichte in Wissenschaft und Unterricht").

Свабоднае спаборніцтва супраць групавога канфармізму

У 1998 годзе гэты часопіс прысвяціў тэматычны выпуск праблеме ўзважанай арганізацыі працэсу допуску падручнікаў. Адным з ініцыятараў дыскусі быў вядомы аўтар падручнікаў гісторыі Ёахім Рольфэс (Joachim Rohlfes). Ён падзяліўся сваім багатым - у тым ліку і значным негатыўным - досведам назірання за працэсам рэцэнзавання міністэрскімі "пуламі" новых падручнікаў. Паводле ягонага меркавання, міністэрскія рэцэнзенты застаюцца дэ-факта "адзінай інстанцыяй", а не "незалежнай калегіяй". Гэтая "адзіная інстанцыя" працуе за зачыненымі дзвярыма і робіць немагчымым публічны дыскурс з удзелам навуковай супольнасці. Закрытая праца спрыяе нецярпімасці адносна нават дробных адхіленняў ад "ідэальных уяўленняў пра бездакорны падручнік", які мае ў сваім уяўленні абраная карпарацыя рэцэнзентаў. Больш за тое, пры такой сітуацыі манапалізуецца права своеасаблівага ўласнага разумення "палітычнай карэктнасці" ў сферы гуманістыкі і грамадскіх дысцыплін. "У руках прыдзірлівых, гіперкрытычных рэцэнзентаў з іхнімі суб'ектыўнымі ўяўленнямі, якія яны фармулююць, кіруючыся вельмі агульнымі крытэрамі з каталогаў, права негатыўнага вердыкту дазваляе ім "расстраляць" любы новы праект" , - лічыць аўтар некалькіх падручнікаў гісторыі Ёахім Рольфэс. На ягоную думку, адзінае выйсце выбраць добры падручнік - свабоднае спаборніцтва праз адкрыты выбар кампетэнтнай настаўніцкай калегіі.

Такім чынам, альтэрнатывай жорсткаму цэнтралізаванаму кантролю выстаўляецца прынцып адпаведнасці магчымага "негатыўнага каталогу": "Падручнікі дапускаюцца, калі яны не ўступаюць у супярэчанне з тымі або іншымі пунктамі" .

Федэралізм і фінансавыя магчымасці

Дыскусіі сярод навукоўцаў, настаўнікаў, выдаўцоў і датычных да справы чыноўнікаў федэральнага ды зямельнага ўзроўняў не заўсёды ўлічваюць фінансавы стан пэўнай тэрыторыі. Падобна на тое, што бальшыня насельніцтва, як бацькі і падаткаплацельшчыкі, згодная паступіцца зямельнай спецыфікай і карыстацца абменам падручнікамі з суседнімі землямі, калі гэта менш затратна, чым рабіць новы падручнік дома. Так, былая міністарка культуры зямлі Бадэн-Вюртэмберг спн. Шаван, якая ў свой час выступала за зямельную спецыфіку, стаўшы федэральным міністрам адукацыі, у сітуацыі недахопу федэральных сродкаў пачала ў 2007 годзе схіляцца да магчымасці ўводу адзіных падручнікаў для ўсёй Германіі. Ва ўсялякім разе, яна настойвала на адзіных падручніках, напрыклад, па матэматыцы, дзе адукацыйныя стандарты ва ўсіх землях абсалютна супадаюць. Аднак не заўсёды была пачутая. Гэтыя дыскусіі звычайна праходзяць у мёртвы інфармацыйны сезон і толькі "затыкаюць летнія дзіркі" ў сродках масавай інфармацыі", мала на што ўплываючы.

Уважлівае назіранне за дыскусіямі паказвае таксама, што шматлікія працэдуры кантролю не заўсёды гарантуюць высокую якасць прадукту. Так, у 2007 годзе спецыяльная кампетэнтная камісія у рамках Фонду "Таварны тэст" правяла праверку якасці некаторых школьных падручнікаў, што падлягалі раней строгаму допуску. Вынікі аказаліся амаль разгромнымі. Маніторылася дыдактычная якасць і наяўнасць фактычных памылак. Важна адзначыць: некаторыя інспектары менш зважалі на прадметныя хібы, чым на так званыя "перспектывы выкладу матэрыялу" (параўнанне, кантраст, эмацыянальнае, рацыянальнае і г.д. ) і даступнасць выкладу, пры якім змяншаецца колькасць складаных тлумачэнняў. У выніку: тыя "скандальныя" факты аб практычных памылках, што канстатаваліся грамадскасцю, атрымаліся ўжо не такія страшныя. Галоўная крытыка скіравалася на дыдактычныя хібы. Гэты факт сведчыць пра тое, што ні рэцэнзенты (настаўнікі-прадметнікі), ні аўтары падручнікаў (таксама часта настаўнікі), ні рэдактары не ў стане сфармаваць ідэальнае бачанне раскрыцця тэмы ў патрэбным аб'ёме як "эксперты". Гэта дае права заключыць: абсалютна беззаганны падручнік - гэта толькі ідэальная мара. Да гэтага можна наблізіцца, толькі ўвёўшы ў працэс рэцэнзавання і вытворчасці спецыяльных экспертаў. Аднак і яны могуць не справіцца з задачай скарачэння складанасцяў пры тлумачэннях пэўных раздзелаў. Прыцягненне спецыяльных экспертаў нясе з сабой новыя выдаткі. Падручнік без памылак, відавочна застанецца асімптотай, прамой лініяй, якая набліжаецца да бясконцай крывой, не маючы шанцаў яе дагнаць.

Германія ў кантэксце міжнародных рэкамендацый па допуску падручнікаў

(Вытрымкі з артыкула былога дырэктара ГЭІ праф. Фалька Пінгеля. Паводле "Дакументацыі нарады навукоўцаў і адказных за выпуск падручнікаў". Нарада адбылася у Штробле-на-Вольфгангзее 6 - 7.12.1999 г. у Аўстрыі)

Мэта рэцэнзавання школьных падручнікаў, паводле азначэння пазітыўная, на жаль часта трактуецца экспертамі, аўтарамі і грамадскасцю як нейкі бар'ер, што перашкаджае інавацыям. Наадварот: яна стымулюе і забяспечвае якасць агульнай адукацыі. Скепсіс праціўнікаў дзяржаўнага кантролю базуецца на стэрэатыпным недаверы да дзяржаўных органаў. Аднак я магу прывесці дадзеныя па розных краінах, дзе яскрава відаць, што гэты кантроль уплывае значна менш на якасць падручнікаў, чым агульны палітычны клімат краіны. У Вялікабрытаніі, напрыклад, дзе сістэма кантролю ўвогуле адсутнічае, дзе настаўнікі абсалютна свабодныя ў выбары, дзе нямецкая сістэма здаецца строгай патэрналісцкай, можна толькі ўмоўна гаварыць пра большы аб'ём прапановаў на рынку падручнікаў. Аўстрыйская сістэма допуску падручнікаў падобная на нямецкую. Ёсць краіны, дзе ўсе школы карыстаюцца адзінымі падручнікамі, якія да таго ж выпускаюцца выдавецтвамі, падначаленымі дзяржаве. Паводле метадычных прынцыпаў і зместавай структуры нямецкія падручнікі можна без вялікіх агаворак параўноўваць з італьянскімі, хаця там працэс допуску праводзіцца даволі груба - арыентуюцца толькі на праграмны змест і на асноўныя каштоўнасці Канстытуцыі. Падобна выглядае сітуацыя і ў Францыі, дзе існуе свабодны рынак падручнікаў. Аднак там пэўная аднастайнасць зыходзіць з выдавецтваў, дзе існуе традыцыя пэўнай паслядоўнасці раздзелаў і аднолькавых методык у кніжных серыях.

Сістэмы розныя - вынікі блізкія

Як растлумачыць, што вынікі ў розных сістэмах допуску адрозніваюцца няшмат? Спосабы рэцэнзавання менш аказваюць уплыву на кніжны рынак, чым тое значэнне, якое надаецца падручніку настаўнікам, бацькамі і ўвогуле грамадскасцю. Я тут маю на ўвазе гуманістыку, напрыклад, падручнікі па гісторыі. Важна ўлічваць, ці абмяркоўваюцца ў грамадстве тэмы, якія вучні вывучаюць паводле праграмы, і як пабудавана выхаваўчая сістэма, - рэгіянальна, федэратыўна або кіруецца з цэнтру. Цікавы ў гэтым сэнсе досвед ЗША, дзе перакрыжоўваюцца розныя сістэмы. У асобных штатах настаўнікі абсалютна вольныя ў сваім выбары, у іншых - кантралююцца вельмі ўважліва грамадскасцю. У адрозненне ад Аўстрыі і Германіі, дзе ў працэсе задзейнічаны міністэрствы, выдавецтвы і рэцэнзенты, у ЗША сваё слова гавораць так званыя "групы ўплыву" - прафсаюзы, царква і бацькоўскія камітэты. Далікатныя тэмы, як, напрыклад, гісторыя ЗША і ўсясветная гісторыя, гендэрная палітыка, палітыка іміграцыі ды інш., дыскутуюцца вельмі глыбока, каб прыйсці да ўзважанага варыянту. Пры такім падыходзе на рынак выходзіць няшмат падручнікаў, часам нават усяго адзін. Пры гэтым пэўныя выдавецтвы атрымліваюць выдатныя шанцы зарабіць вялікія грошы. Натуральна, у найбольш выйгрышным становішчы часцей за ўсё аказваюцца два найбольш вялікія штаты - Тэхас і Каліфорнія.

У Германіі "групы зацікаўленых" уступаюць у гульню не як правіла, а толькі тады, калі нешта не задавальняе пэўных удзельнікаў працэсу і праз медыі выходзіць ў грамадскасць.

У Англіі з часу з'яўлення "National Curriculum" (дзяржаўныя праграмы навучання для школ) назіраецца адчувальны неафіцыйны ціск на школьныя выдавецтвы з мэтай дасягнення агульнай згоды. Тут няма спецыяльнай установы, якая адказвае за допуск, аднак "School Curriculum und Assessment Authority" ("Упраўленне школьных праграм і кантролю") час ад часу дае сваю ацэнку пэўным падручнікам, каб дапамагчы настаўнікам выбраць кнігі, што найбольш адпавядаюць зместавым і метадычным патрабаванням навучальных праграм. Спачатку гэтыя рэкамендацыі выклікалі пэўны супраціў, але потым былі станоўча ацэненыя, бо дапамагалі будаваць у Англіі канкурэнтаздольную сістэму адукацыі ў параўнанні з астатнімі сябрамі ЕС. Станоўчую ролю для ўніфікацыі навучальнага працэсу і ў пэўным сэнсе зместу падручнікаў адыгралі створаныя "Examination Boards" (экзаменацыйныя рады), таму што яны сфармулявалі канкрэтна прадмет праверкі. Чым бліжэй заняткі набліжаюцца да экзамену, тым больш уважліва настаўнікі і вучні павінны канцэнтравацца на экзаменацыйных раздзелах, якія штогод вызначаюцца рэгіянальна арганізаванымі экзаменацыйнымі камісіямі. Экзаменацыйныя камісіі і рады такім чынам ставяць пэўныя рамкі свабоднаму выбару настаўніка.

У экзаменацыйныя рады ўваходзяць прадстаўнікі школ, універсітэтаў і рэгіянальных выхаваўчых установаў. У гэтых камісіях рэалізуецца інтэграцыя педагогікі, навукі і палітыкі. Такім чынам пры адсутнасці працэсу допуску падручнікаў у Англіі ўтварыліся інстытуцыянальныя каналы і неафіцыйныя шляхі ўплыву, якія прыводзяць да працэсу збліжэння.

Канешне, можна жыць і без працэсу допуску, як гэта робяць у Нідэрландах, але і там рынак падручнікаў не большы, чым у Германіі. Нідэрланды - маленькая краіна, тыражы там маленькія, і гэта вядзе да змяншэння шматстайнасці. Там, праўда, шмат хто з настаўнікаў працуе па копіях, зробленых з розных падручнікаў або ўласных распрацовак. Для гэтага не патрабуецца ніякага допуску. У Германіі велізарны рынак і федэралізацыя супрацьдзейнічае цэнтралізацыі. Аднак настаўнікі павінны стаяць пастаянна пад самакантролем, каб не пайсці супраць "духу" часу, не парушыць сістэму каштоўнасцей, прынятую ў грамадскасці і Канстытуцыі.

Некаторыя кароткія рэкамендацыі

- Настаўнікам з добрай навуковай падрыхтоўкай не забывацца, што матэрыял падручнікаў мае селектыўны характар. Трэба спыняць свае спакусы заглыбляцца ў навуку на ўроках. Для гэтага ёсць іншыя формы.

- Адрозніваць і размяжоўваць мову аўтараў падручнікаў і мову цытаваных крыніцаў. Тое ж тычыцца і фактаў. Калі мы цытуем дакументы нацыянал-сацыялізму, гэта не значыць, што мы распаўсюджваем гэтыя ідэі. Калі мы агучваем (часта тэндэнцыйную) статыстыку сацыяльна-палітычных сістэмаў, якія не адпавядаюць нашым каштоўнасцям, гэта не значыць, што мы пагаджаемся з гэтай статыстыкай.

- Не трэба баяцца даваць у падручніках па грамадазнаўстве супрацьлеглыя пункты погляду. Наадварот, гэта трэба рабіць. Вучань павінен толькі ўмець патлумачыць гэта сваімі словамі, а не паўтараць па-напісанаму. На жаль, пакуль толькі ў ЗША і некаторых краінах Еўропы падручнікі напісаны з захаваннем прынцыпу мультыперспектыўнасці і плюралізму. У краінах Усходняй Еўропы і ў шматлікіх нееўрапейскіх краінах падручнікі даюць закрытую карціну гісторыі сваіх дзяржаў, што мае на мэце выхаваць асобы з закасцянелым аднастайным поглядам на ўласную гісторыю. Трэба пазбягаць цытавання, вырванага з шырокага кантэксту. Гэтым злоўжываюць таталітарныя сістэмы адукацыі.

ДАДАТАК:

прыкладны план аналізу падручніка

1. Агульныя аспекты:

- структура школьнай сістэмы / праграм;

- структура рынку падручнікаў;

- працэдура допуску.

2. Бібліяграфічныя дадзеныя :

- назва, аўтар і г.д.

- адрасат (клас);

- тэрыторыя;

- тып дапаможніка (падручнік, зборнік матэрыялаў і г.д.);

- рабочы канспект для настаўніка.

3. Дыдактычная канцэпцыя / структура кнігі:

- аўтарскае разуменне мэты;

- мэты навучання;

- аўтарскі тэкст;

- ілюстрацыі / статыстыка / карты і г. д.

- крыніцы;

- пастаноўка задач.

4. Аналіз зместу (якасны, колькасны):

- дакладнасць фактаў і канстатацый;

- актуальнасць;

- тыповасць / рэпрэзентатыўнасць / адзінкавасць;

- ступень дыферэнцыяцыі;

- інтэрпрэтацыя фактаў

5. Перспектывы падачы матэрыялу:

- праблематызацыя;

- меркаванні і ацэнкі (экспліцытныя, імпліцытныя);

- падача матэрыялу: параўнальная / кантрастыўная;

- рацыянальная / эмацыянальная.

Пётра Садоўскі


ПАЎЛЕНКА МІКАЛАЙ АНДРЭЕВІЧ

90 гадоў з дня нараджэння

Беларускі мовазнавец М.А. Паўленка нарадзіўся 26 чэрвеня 1926 г. у с. Савінка Паласаўскага раёна Валгаградскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1954 г. скончыў аддзяленне рускай мовы і літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Працаваў там на кафедры рускай мовы і агульнага мовазнаўства, на кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства, з 1980 г. займаў пасаду прафесара. Доктар філалагічных навук (1979). У 1966-68 гг. чытаў лекцыі па агульным мовазнаўстве і рускай мове ў Інстытуце рускіх даследаванняў універсітэта імя Дж. Неру ў Індыі, з 1985 г. працаваў дырэктарам філіяла Інстытута рускай мовы імя А.С. Пушкіна ў Празе, дзе раптоўна памёр 10 траўня 1987 г.

М. А. Паўленка - аўтар прац па беларускай і рускай мовах і агульным мовазнаўстве. У манаграфіі "Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: Жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове" (1978) на багатым фактычным матэрыяле помнікаў старабеларускай мовы прааналізаваў назвы жаночых асоб, утвораныя пры дапамозе розных суфіксаў, вызначыў станаўленне і функцыянаванне словаўтваральных мадэлей, структурныя і семантычныя адносіны паміж утваральнымі вытворнымі асновамі, раскрыў варыянтнасць і аднакарэнную сінанімію фемінінатываў. Манаграфія з'явілася значным укладам у распрацоўку праблем беларускага словаўтварэння.

Многа ўвагі М.А. Паўленка ўдзяляў стварэнню вучэбных дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў. Ён аўтар дапаможнікаў "Уводзіны ў мовазнаўства" (1962) і "Кароткі нарыс гісторыі пісьма" (1965), які другім, перапрацаваным і дапоўненым, выданнем выйшаў у 1987 г. пад назвай "Гісторыя пісьма". У ім паказана, як пісьмо ўзнікла і якія этапы развіцця прайшло, ахарактарызавана сутнасць самага старажытнага пісьма - піктаграфічнага і розных пазнейшых відаў - ідэаграфічнага, складовага (сілабічнага) і літарнагукавога (фанематычнага). Пры характарыстыцы відаў славянскага пісьма асобны параграф прысвечаны беларускаму пісьму.

І.К. Германовіч.


МАТЧЫНА ВЕРА, МОВА І ПЕСНЯ

… Стомленае за дзень сонца, не бліскучае, але ўсё яшчэ гарачае і чырвонае, вісіць па-над садам. На шырокім, нагрэтым ганку сядзім мы з братам і мама. Яна чытае нам "Бандароўну" Янкі Купалы: "Красаты такой у свеце не было й не будзе, аб ёй людзі гаварылі, як аб нейкім цудзе…" . "Мама, яна была такой як ты?" - пытаемся мы. Бо мама ў нас самая прыгожая. Мама ўсміхаецца і кажа, што кожнаму дзіцяці яго маці найхарашэйшая. Мы смяёмся і не пагаджаемся, бо ніхто з вясковых жанчын не апрануты так, як наша мама, ні ў кога няма такіх лагодных чорных вачэй, ніхто не ўмее граць на піяніна і спяваць так, што заслухаешся. З гадамі ўпэўненасць у тым, што мама ў нас выключная ва ўсіх адносінах, толькі пацвярджалася.

Наша мама, Марыя Іосіфаўна, нарадзілася на Купалле, 6-га ліпеня, у першы год Вялікай Айчыннай вайны, у сялянскай сям'і Гаўрысоў з вёскі Навасёлкі Вішнеўскага сельсавета Валожынскага раёна. Людзі гэта былі простыя, не адукаваныя, але да канца сваіх дзён заставаліся для нас узорам выхаванасці і мудрасці. Дзядуля, Іосіф Іванавіч, - вядомы на ўсю акругу жартаўнік. Афарызмы дзеда Юзюка і сёння "гуляюць" па Валожыншчыне. Яго гаворка, мілагучная і заўсёды трохі іранічная, лілася лёгка і вельмі пявуча. Ужо будучы амаль дарослай я даведалася, што дзед не ўмеў вымаўляць літару "Р", саромеўся гэтага і навучыўся абыходзіцца без слоў з цяжкім для яго гукам. Колькі разоў мы з братам спрабавалі паўтарыць дзедаву манеру гаворкі! Але пратрымацца доўга не маглі. Помнім, што дзядуля не казаў "раніцай кароў пасвіць", а "ўстаўшы скаціну ў поле гнаць", замест "пайду па грыбы" - "схаджу ў лес, можа які чашчэвік ці лісічку падыму". І такім чынам дзедаву "загану" ні адзін суразмоўца распазнаць не мог. Бабуля, Браніслава Антонаўна, родам з вёскі Бомбалы, была маладзейшай за дзеда на дзевяць гадоў. Яна рана засталася сіратой, з малых гадоў навучылася цярпенню і разважнасці. Спявала вельмі хораша. Асабліва любіла пець у касцёле. Яе голас і стыль выканання не зусім адпавядалі народным спевам. Яна не ўхваляла гучную, крыклівую манеру ні ў песні, ні ў гаворцы, ні падчас смеху. Эталонам для яе былі людзі сціплыя, не таропкія, прыветлівыя і не злосныя. Менавіта яна найбольш дбала, каб дзеці і ўнукі верылі ў Бога, умелі маліцца і імкнуліся хадзіць да касцёла. Рабіла гэта без гвалту і прымусу. Дзякуючы ёй, рэлігія для нас, унукаў, назаўсёды сталася нечым светлым, добрым, запатрабаваным. Бабуля, не могучы наведаць касцёл па прычыне нашай наяўнасці, у нядзельную раніцу старалася адгаварыць ружанец. Яна спачатку кленчыла перад абразамі, потым малілася, абапіраючыся локцямі на стол. Мы залазілі з братам "конна" ёй на спіну, бо ведалі, што баба ў час гутаркі з Богам не будзе на нас сварыцца…

Праўду кажуць, што да ўнукаў адносіны іншыя, чым да дзяцей. Маме і яе брату Баляславу такія выхадкі ў дзяцінстве наўрад ці сышлі б з рук. Іх выхоўвалі строга, без патакання і досыць кансерватыўна. Радыё Болясь хоча? Абыдзецца. І Болясь сам змайстраваў яго. Потым яшчэ і струнныя музычныя інструменты прылаўчыўся вырабляць. Мама на слых вучылася на іх іграць, і вельмі ёй хацелася ўзяць у рукі сапраўдную скрыпку ці гармонік. Але бацькі лічылі, што дзяўчыне трэба не пра музыку думаць, а як нітку на кроснах выводзіць. Калі да сямнаццацігадовай Мані пасватаўся хлопец з суседняй вёскі, то вырашылі аддаць, бо жаніх трапіўся заможны, сур'ёзны. Тое, што маладая нявеста пра шлюб і думаць не хоча, да ўвагі не бралася. Насупленая, абыякавая пасуе ёй вясельная сукенка ці не, Маня слупам стаяла і ні на што не рэагавала. На парозе да сельсавета яна ўстрапянулася ды так рванула прэч ад усіх, што толькі яе і бачылі… Пасля гэтага факту непадпарадкавання бацькоўскай волі наша мама пачала сама дбаць пра сваю будучыню. Спачатку паступіла ў вячэрнюю школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю, паралельна хадзіла на курсы баяністаў. Матэрыяльнай дапамогі з дому амаль не атрымлівала, галадала так, што калі здаралася нешта з'есці, пакутавала ад болю ў страўніку. Музычная грамата давалася ёй лёгка. Неяк прыехала дадому з гармонікам і заіграла… Тут нават суровыя бацькі коратка пагадзіліся: "Файна!"

Марыю Гаўрыс паставілі загадваць Навасёлкаўскім клубам. Іх агітбрыгаду горача сустракалі і на вясковых палетках, і ў іншых сельскіх клубах, і на галоўнай сцэне раёна. Значна пазней любы хор, якім кіравала Марыя Іосіфаўна, абавязкова станавіўся пераможцам розных конкурсаў. Ужо выйшаўшы замуж за нашага тату, маладога агранома Вячаслава Трапашку, мама завочна закончыла дырыжорска-вакальнае аддзяленне Маладзечанскага музычнага вучылішча. Аднакурснікам яна запомнілася тым, што з ёй вельмі лёгка было спяваць шматгалоссе - яна на хаду падбірала падгалоскі ў тэрцыю, кварту ці квінту. Пазней, калі асвоіла фартэпіяна і іншыя інструменты, на слых падстрайвалася пад танальнасць спевакоў. Гэта ўменне аказалася вельмі запатрабаваным менавіта ў касцёле, дзе арганісту часам патрэбна зайграць не па нотах, а "ісці" ўслед за выканаўцамі.

У 1970-ым годзе я пайшла ў першы клас, а мама паступіла на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. І хоць з музыкай яна не развіталася, але адчувалася, што ў яе жыцці з'явілася новае захапленне - мова і літаратура. Трэба сказаць, што беларуская гаворка заўсёды гучала ў нашай сям'і, а тут, калі мама раскрыла для сябе ўсю прыгажосць і моц роднага слова, яна стала яго верным абаронцам і прыхільнікам. Пакрысе і сама пачала пісаць. Спачатку артыкулы ў мясцовую газету, потым вершы "для душы".

Дыплом абараняла па творчасці Ніла Гілевіча. Яны з ім сябравалі. Апошні раз мама бачыла паэта за пару месяцаў да яго сходу. Разам з Галінай Дзямідовіч, вернай паплечніцай па касцельных спевах, яны гасцілі ў Ніла Сямёнавіча. Чыталі яго вершы, якіх і мама, і Галіна ведаюць бясконца многа, што мяне заўсёды здзіўляла і ўражвала: без прымусу, калі не кожны тыдзень, то штомесяц пэўна яны вучыць напамяць цэлыя старонкі… Тут варта сказаць некалькі слоў і пра Галіну Дземідовіч. Аб гэтай жанчыне яскрава гаворыць такі факт: яна, працуючы жывёлаводам, чытае (ды як!) на памяць усю прадмову Францішка Багушэвіча да зборніка "Дудка беларуская". Ці шмат хто з настаўнікаў беларускай мовы можа пахваліцца падобным веданнем?

Цікавым у лёсе мамы магу назваць і такі факт: у гады атэізму ў яе, настаўніцы музыкі і беларускай мовы, была мянушка "Святая". Чаму? Яна не магла растлумачыць, бо працуючы ў школе прыходзілася, і не раз, павышаць голас, караць неслухаў дрэннай адзнакай, "прапясочваць" на класнай гадзіне і выклікаць бацькоў у школу. А калі ў адносінах рэлігіі ўлады змянілі гнеў на міласць, мама пачала вучыць дзяцей-сірот з Валожынскай школы-інтэрната касцельным песням, наведваць Імшу. Са сваімі выхаванцамі выступала на песенным хрысціянскім фестывалі "Магутны Божа", потым - у Германіі. З-за мяжы прывезла невялічкі электрычны арган. На ім пачалі нараджацца адна за другой песні, музыку і словы да якіх пісала наша мама. Песні атрымліваліся сапраўдныя. Падчас тэлевізійных святочных службаў з Менска на Каляды вось ужо каторы год гучыць яе "Не спі, абудзіся!..", а ў Лондане, гадоў пятнаццаць назад дзякуючы старанням Гая дэ Пікарды (прах якога, дарэчы, пакоіцца ў сцяне Чырвонага Касцёла ў Менску), выйшаў цэлы зборнік з песнямі М.І. Трапашкі.

Памятаю, як яна ночы напралёт на старэнькай машынцы "Зінгер", падоранай ёй ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, друкавала песні, каб раздаваць людзям, каб яны маглі спяваць на Імшы. Хтосьці паважна ставіўся да тых лісткоў, хапала і такіх, хто не мог ацаніць чужой працы і выкідаў лісткі на сметнік. Але з часам у Вішнеўскім касцёле склалася добрае ядро аматараў новых песень і гімнаў.

Калі мама пайшла на пенсію, то ў касцёле знайшла магчымасць праявіць сябе як арганіст, выканаўца і змагар за беларускае слова ў размове з Богам. Ноша гэта не лёгкая. Ёй, адукаванаму філолагу і музыканту памылкі ў тэкстах ці спевах дастаўляюць вялікія пакуты, нярэдка даводзіцца даказваць сваю правату. Хтосьці прыслухоўваецца, іншыя адмахваюцца. Маўляў, як ёсць, хай так і будзе… Спадзявацца застаецца толькі на Усявышняга.

Магчыма, дзякуючы Найвышэйшай апецы, мама на восьмым дзясятку гадоў ажыццявіла сваю мару - выпусціла да 100годдзя з дня нараджэння ксендза Уладзіслава Чарняўскага зборнік парафіяльных песень. Купіла камп'ютра, пачала асвойваць яго самастойна. Нават мы, дзеці і ўнукі не верылі, што нешта з гэтай задумкі атрымаецца. На некаторыя маміны пытанні адказвалі, а часам і адмахваліся ад яе просьбаў дапамагчы… А яна навучалася ўсяму: набіраць тэксты, устаўляць у іх ноты і фатаграфіі, вярстаць старонкі, каб былі цалкам гатовыя да друку. Першы тыраж кнігі разышоўся за месяц, а ахвотных яе набыць усё яшчэ хапала. Тэрмінова патрабаваўся другі тыраж, якія і выйшаў праз тры месяцы пасля першага. Ужо гатовы да выдання зборнік хрысціянскіх песень на маміну музыку і словы Віталя Кунашкі "Дакраніся да неба". Гэты цікавы аўтар - ураджэнец Вішнеўшчыны, піша па-беларуску, у асноўным на рэлігійныя тэмы і з'яўляецца прыхільнікам пратэстанцкага веравызнання. У дадатак да кожнага экземпляру кнігі мама плануе прыкласці дыск з запісамі песень…

Ну, хіба мы з братам у дзяцінстве памыляліся, калі лічылі нашу маму выключнай? Прыязджайце ў Вішнеўскі касцёл - пераканаецеся, паслухаўшы яе голас, гукі аргана пад яе трапяткімі пальцамі, малітвы па-беларуску ў найстаражытнейшым храме гэтай Багаслаўленай зямлі, дзе жывуць прыгожыя душой і целам людзі…

Алена ЗБІРЭНКА, фота з сямейнага архіва.


На беразе Сожа адзначылі Купалле

Цёплым сонечным вечарам на беразе Сожа ля вёскі Хальч, што на Веткаўшчыне, сабралася моладзь з гомельскай краязнаўчай суполкі "Талака". Прыехалі госці і з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Украіны ды з Расеі. На працягу дзесяцігоддзяў "талакоўцы" штогод збіраюцца ва ўрочышчы Зыбень, каб яскрава і незабыўна правесці кароткую Купальскую ноч згодна з традыцыяй нашых продкаў. "Талака" з'яўляецца адной з самых старых беларускіх этнаграфічных суполак. Сёлетняе Купалле каля Хальча было адметнае і тым, што арганізацыя святкавала сваё 30-годдзе.

Купалле ва ўрочышчы Зыбень святкуюць з задорам, і як патрабуе традыцыя - усю ноч. Гэта адно з самых вялікіх і містычных дахрысціянскіх святаў перамогі святла ў самую кароткую ноч над цемрай. Мяркуецца, што ў гэты дзень сонца, вада і зямля з яе расліннасцю дасягаюць самага магутнага энергетычнага росквіту. Менавіта таму шмат абрадавых элементаў прысвечаныя ачышчэнню агнём, вадой і травамі.

"Талакоўцы" водзяць карагоды і скачуць праз рытуальнае вогнішча, купаюцца ў рацэ, збіраюць травы і кветкі, якімі ўпрыгожваюць купальскае кола, браму і арэлі. Запальваюць пудзіла ведзьмы, перадаючы ёй усё дрэннае. Некаторыя гойдаюцца ў расе, у той час як хлопцы з дзяўчатамі думаюць пра здзяйсненне самых патаемных мараў і бавяць час за моладзевымі гульнямі і пошукам папарацькветкі. Звычайна танцы пад дуду, спевы і гульні доўжацца ажно да самай раніцы, калі ўсе ідуць на бераг Сожа сустракаць усход сонца, адпускаць вянкі з жаданнямі і купацца ў купальскай вадзе.

Ёсць ва ўдзельнікаў свята і "свой" талакоўскі рытуал. Яго называюць "Келіх кола". Рытуал заключаецца ў тым, што звараным на вогнішчы крупнікам частуюць па чарзе ўсіх "талакоўцаў" і гасцей свята. А тыя ў сваю чаргу мусяць нешта распавесці пра сябе, свае адносіны да свята і да суполкі ці пажадаць нешта прысутным. У гэтым годзе надвор'е не перашкаджала святкаванню Купальскай ночы. А вось Сож абмялеў. Ягоны бераг, які быў заўсёды прывабны для купання, стаў глеістым, таму пакупацца і пусціць вянкі па вадзе на Купалле вырашылі не ўсе. Але ўвогуле большасць удзельнікаў абраду, як і тысячу гадоў таму, за ноч ні разу не заплюшчыла вочы. Былі і тыя, хто знайшоў сваю сапраўдную папараць-кветку…

Belsat .


"Еўраопт" адкрыў першы гіпермаркет з надпісамі па-беларуску

У гарадзенскім гандлёвым цэнтры "Old City" 16 чэрвеня адкрыўся гіпермаркет "Еўраопт", у якім усе назвы аддзелаў, тавараў і некаторых акцый напісаныя па-беларуску. Гандлёвая плошча гіпермаркета - 5200 метраў квадратных. Канцэптуальная розніца вялікай крамы ад такіх самых, пад адной гандлёвай маркай - гэта прысутнасць беларускай мовы на шыльдах аддзелаў і іншай візуальнай інфармацыі. Пакуль можна казаць, што супермаркет у Гародні дагнаў некаторыя беластоцкія супермаркеты ў моўным сэнсе. Для беларусаў, якія штодня карыстаюцца роднай мовай як асноўным сродкам камунікацыі, такая беларуская прысутнасць у гандлі занадта малая. Бо цэннікі, бягучая інфармацыя пра зніжкі, інфармацыя пра акцыі, бэйджыкі прадаўцоў засталіся на мове суседа беларусаў - расейскай. І тое, што кіраўніцтва гандлёвага цэнтра пайшло на мінімальнае выкананне правоў беларускамоўных спажыўцоў, не з'яўляецца для іх маркетынгавай рызыкай, як пісалі некаторыя СМІ. Але калі паглядзець наяўнасць беларускай мовы ў краме наогул, то канешне - гэта прыемная з'ява. І вельмі хацелася б, каб гандлёвая сетка "Еўраопт" абагнала ва ўжыванні беларускай мовы польскія прымежныя супермаркеты, і паставіла яе на належны ёй п'едэстал.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Касцюкевіч Зміцер - 50 000 р., г. Чэрвень

2. Рабека Мікола - 150 000 р., г. Менск

3. Панамароў Сяргей - 200 000 р., г. Менск

4. Вяргей Вал. і Алякс. - 100 000 р., г. Менск

5. Курава М.А. - 50 000 р., г. Менск

6. Розін Зміцер - 200 000 р., г. Менск

7. Бацян В.С. - 10 000 р., г. Валожын

8. Трапашка М.І. - 10 000 р., г. Валожын

9. Гражынская Г.І. - 60 000 р., г. Валожын

10. Сівы С.А. - 40 000 р., г. Валожын

11. Таўгень Л.С. - 60 000 р., г. Валожын

12. Таўгень А.А. - 10 000 р., г. Валожын

13. Дзягілеў - 10 000 р., г. Менск

14. Матвеева Я.І. - 50 000 р., г. Менск

15. Піваварчык Яўген - 50 000 р., г. Масква

16. Бамбіза Мікола - 600 000 р., г. Менск

17. Васілеўскі Аляксандр - 200 000 р., в. Клетная, Бабруйскі р-н

18. Прылішч Ірына - 100 000 р., г. Менск

19. Кухаронак Алесь - 50 000 р. м. Смілавічы

20. Новікаў А.С. - 105 000 р., г. Менск

21. Ляўшун - 195 000 р., г. Менск

22. Рыбачонак Алесь - 300 000 р., в Міханавічы, Менскі р-н

23. Бойса І.Б. - 150 000 р., г. Ліда

24. Лабачоў Іван - 50 000 р., г. Менск

25. Аніскевіч Ганна - 100 000 р., г. Баранавічы

26. Сцепчанка Наталля - 100 000 р., г. Менск

27. Сауліч Мікола - 100 000 р., м. Падсвілле

28. Зорка Ірына - 100 000 р., г. Менск

29. Фрыдрых Міхаіл - 100 000 р., г. Менск

30. Старыкевіч Барыс - 100 000 р., г. Менск

31. Кукавенка Іван - 150 000 р., г. Менск

32. Жыдаль Дз.У. - 100 000 р., г. Баранавічы

33. Сутулаў Глеб - 50 000 р., г. Менск

34. Данілаў Павел - 100 000 р., г. Магілёў

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Аб чым пяе азан у Наваградку

Да 220-годдзя Наваградскай мячэці

(Працяг у наст нумары.)

Татарскія святыні як пазнакі еднасці народа

У храме татараў-мусульманаў у самым сканцэнтраваным выглядзе прадстаўлена адметнасць этнасу. Можна сказаць, што гэта адзінае месца, дзе існая адметнасць захавалася найбольш некранутай на працягу не аднаго стагоддзя дзякуючы намаганням прадстаўнікоў усіх груп татарскага насельніцтва.

З гэтым не маглі не лічыцца ўлады, што і адлюстравана ў дакументах. У Статуце 1588 г. абвяшчалася, а, дакладней, замацоўвалася цярпімасць у адносінах да людзей розных рэлігійных канфесій 9. У 1591 г. султан Мурад III у звароце да караля Жыгімонта III прасіў яго "садзейнічаць у справе вольнага будаўніцтва мячэцяў у татарскіх паселішчах на Літве" .

Прывілей на будаўніцтва мячэці ў Наваградку апошнім каралём Польшчы Станіславам Аўгустам падпісаны ў 1792 г., незадоўга да канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай. За чатыры гады на Валеўскай - адной з асноўных вуліц - пабудавана мячэць. Валеўская вуліца, названая адпаведна кірунку на мястэчка, ёсць на схеме горада 1832 г., а на схемах 1872, 1935 гг. назва вуліцы змененая. З'явілася і Татарская вуліца. Недалёка мячэці перасякалася яна з былой Валеўскай, а ў канцы вуліцы месціліся татарскія могілкі.

Мячэць дзейнічала амаль шэсць дзясяткаў гадоў пакуль не звятшала. У матэрыялах Менскага губернскага праўлення за 1854 г. ёсць даведка Таўрычаскага магаметанскага духоўнага праўлення ад 31 жніўня, пры якой "пераправодзіцца на… разгляд губернскага праўлення прадстаўлены хатыпам Наваградскай саборнай мячэці Багдановічам прыгавор мясцовых прыхаджан аб хадайніцтве пра дазвол на пабудову новай мячэці ў г. Наваградку" .

У выніку намаганняў адстаўнога маёра Асановіча, які стаў фундатарам аднаўлення мячэці, а таксама сабраных дакументаў, сведчанняў гарадской паліцыі аб звятшаласці будынка "праўленне знайшло неабходным дазволіць пабудаваць новую мячэць на месцы існай" . Пры гэтым загадвалася, каб пры пабудове мячэці не было адступлення ад устаноўленага законам парадку карыстання так званымі "ўзорнымі" планамі і фасадамі. Акрамя прадпісання дэпартамента Дзяржаўнай гаспадарскі ад 31 траўня 1829 г. "О правилах постройки татарских мечетей", з асаблівасцямі ісламскага дойлідства знаёміліся праз дыванкі, малюнкі і мугіры, якія дараваліся мячэцям заможнымі гасцямі з Усходу альбо прывозіліся тымі, хто рабіў хадж у Меку. Наваградская мячэць з'яўляецца арыгінальным варыянтам "узорнага" тыпу: больш складанае рашэнне асноўнага аб'ёму, асноўных дэталяў. Але тут адсутнічае такі важны элемент, як слупавая галерэя 10.

19 і 20 верасня (1 і 2 кастрычніка) 1858 г. Вінцэсь Каратынскі рабіў свае падарожныя запісы "Наваградчына і Наваградак" 11, дзе адзначыў: "У татараў здавён у Наваградку ёсць свая мячэць, здаецца, заўсёды, так, як і сёння, драўляная..." 12. І сапраўды, паводле плана 1872 г., у горадзе драўлянымі заставаліся татарская мячэць, палкавы лазарэт, канюшні кавалерыйскага палка, ветраны млын, правіянцкі магазін. Пры гэтым вылучаюцца 11 мураваных будынкаў, у тым ліку руіны замка, турэмны замак, цэрквы, касцёлы, яўрэйская школа. Мы можам удакладніць, што Вінцэсю Каратынскаму давялося ўбачыць ужо адноўленую мячэць.

На здымку пачатку ХХ ст. бачна, што аснову мячэці складае зрубны, блізкі ў плане да квадрата аб'ём, які пераходзіць у шатровы дах з нізкім чацверыком і чатырохсхільнай страхой. Сцены ашаляваныя, вокны і дзверы аздоблены ліштвамі, афарбаванымі ў белы колер. Верхнія ліштвы маюць кілепадобную форму, што шырока распаўсюджаная ў ісламскай архітэктуры. Да асноўнага аб'ёму далучаны два прырубы - адзін як месца, дзе можна зняць абутак перад уваходам у храм. Здымкі перадаюць і яшчэ адну незвычайную замалёўку - проста перад храмам роўнымі радамі цягнуцца грады як сімвал неад'емнай часткі жыцця - знакамітых татарскіх агародаў.

У якасці абавязковага насценнага аздаблення ў мячэцях змяшчаюцца мугіры - у рамачках пад шклом аформленыя прыгожым пісьмом асобныя аяты (вершы) з Кур'ана. Быў час, калі нават дзеці маглі прачытаць напісанае арабскімі літарамі. На землях былой Рэчы Паспалітай мусульманскія школкі знаходзіліся ў кожным татарскім паселішчы, у вялікіх грамадах школы размяшчаліся ў спецыяльных будынках. У Наваградку драўляны будынак школы быў побач з мячэццю.

У адрэстаўраванай Наваградскай мячэці вісяць невялікага памеру (блізкім да традыцыйных хатніх мугіроў) дзве выявы былой мячэці, напісаныя алейнымі фарбамі мясцовым мастаком Эмірам Багдановічам у 1934 г. Гэтыя карціны захоўваліся наваградскімі мусульманамі. Таксама зберагаліся духоўныя кнігі, мугіры. У новым будынку арганічна з узгаданымі карцінамі злучаецца і яшчэ адна - на ёй намаляваны той жылы дом, што быў тут пэўны час 13.

Пры аднаўленні храма неабходна было правесці рознага кшталту работы, зрабіць усё якасна і ў межах сціплага бюджэту. Акрамя таго, што патрабавалася ўмацаванне асноўнай канструкцыі, некаторыя канструкцыі будаваліся нанова. Неабходна адзначыць, што рэканструкцыя мячэці вялася пры актыўным удзеле невялікай колькасці мясцовых татараў пад кіраўніцтвам трох прадстаўнікоў фаміліі Шагідзевічаў імама і аўтара шматлікіх рацыяналізатарскіх прапаноў Алі Амуратавіча, яго роднага брата і майстра на ўсе рукі Мустафы Амуратавіча, няўрымслівага і энергічнага Барыса Адамавіча.

Вялікая ўвага надавалася мінарэту. Як і было ад пачатку, мінарэт выкананы ў традыцыях мусульманскага дойлідства - на выцягнутым гранёным барабане трымаецца купал, аснова якога падкрэслена карнізам. На паўсферным навершы - паўмесяц, што надае храму завершанасць і ўзнёсласць і вылучае мячэць сярод цэркваў і касцёлаў. Магчыма, узгадаўшы і пра мінарэт наваградскай мячэці пісаў у санэце "Чатырдаг" Адам Міцкевіч: "Прад веліччу тваёй заўжды спыняе крокі / Жыхар тутэйшы й госць, о горды Чатырдагу! /Сусвету мінарэт! Гор Крымскіх падзішаху! " 14

Калі сам мінарэт - адноўлены, то яго маладзічок "стары". Вельмі сімвалічна, што з былой мячэці ў час яе закрыцця мусульманамі быў зняты маладзічок, і яго захоўвалі ўсе гэтыя дзесяцігоддзі. Ужо адзін гэты факт - найлепшы "жывы ўзор" для пераймання нашчадкамі.

Абавязковы элемент будынка - міхраб з накірункам да Мекі, на аль-Каабу, куды паварочваюць свае твары мусульмане ў час намазу. У Наваградку ніша ў сцяне мячэці пад міхраб чатырохвугольная, хоць бывае і пяцівугольная. Па правы бок ад міхраба - мімбар, на квадратную пляцоўку якога вядуць тры прыступкі; слупкі, парэнчы і балдахін мімбара ўпрыгожаны разьбой. З мімбара імам прамаўляе пропаведзь. Першы мімбар быў устаноўлены ў мячэці Медыні, адкуль выступаў прарок Мухамед перад вернікамі.

У свой час на мімбары можна было знайсці імя дойліда, тут была ўстаноўлена мармуровая дошка ў гонар Аляксандра Асановіча, які ініцыяваў аднаўлення мячэці і стаў фундатарам. Звычайна фундатары рабілі свае ўнёскі ў імя Алага, не спадзеючыся ні на якія зямныя ўшанаванні, але з боку людзей была павага да такіх дзеянняў, таму ў мячэцях вывешлаліся памятныя дошкі ў гонар фундатараў, а таксама змешчаныя ў рамкі тастаманты (спадчынныя акты на карысць мячэці). Летась да 160-годдзя рамонту 1855 г. не атрымалася ўзнавіць памятную дошку ў гонар Аляксандра Асановіча, але гэта абавязкова будзе зроблена.

Па другі бок ад міхраба на сцяне вісіць вялікага памеру тэкст зікра - асобнай малітвы, што гучыць напрыканцы намазу і ў якой узгадваюцца імёны 4-х анёлаў і 12-ці самых вядомых прарокаў ад Адама да Мухамеда. Пісьмовае адлюстваранне зікра - таксама адметнасць Наваградскай мячэці, такое сустракаецца яшчэ ў Іўеўскай мячэці. Зікр чытаецца ўслых усімі вернікамі ў адпаведнасці з тым рытмам, які задае імам. І гэтая супольная малітва-ухваленне з'яўляецца лагічным завяршэннем намаза.

Пасля намазу дзеляць садагу. Перад раздачай садагі чыніцца спецыяльная кароткая малітва і называюцца імёны: Адам сын Халімы, Айша дачка Евы… Рытуальнымі пачастункамі ў памяць аб памерлых лічацца - джайма і гальма. Гальмы - адметным чынам прыгатаваныя з роўных частак мукі, масла, мёду і нарэзаныя ромбікамі пачастункі. У якасці садагі раней выпякалі булачкі з разынкамі. Цяпер на садагу купляюць цукеркі, зефір і некаторыя іншыя салодкія рэчы, могуць дзяліць і свае яблыкі. Часта тыя, хто прымае садагу, пытаюцца, на ўспамін душы каго яе дзеляць, бо разумеюць, што гэта не проста ежа - яе з'ядаюць пакрысе з асобым шанаваннем.

Вернасць веры

У сваім духоўным жыцці татары кіраваліся свяшчэнным Кур'анам і хамаіламі (малітоўнікамі), якія вельмі часта перапісваліся ад рукі асобнымі людзьмі. Друкаваная рэлігійная літаратура татараў з земляў Польшчы пачала выходзіць у першай палове ХІХ ст. Падтрымлівала духоўнае жыццё адзінаверцаў татарская эліта. Апеляцыйны суддзя Наваградскага павета Юзаф Сабалеўскі 15 разважыў: "Цяжка гаварыць пра тое, што мы славім Бога незразумелай для нас мовай, не карыстаемся мовай, на якой ужо некалькі стагоддзяў размаўлялі нашы бацькі і якая змалку прыемная нам і дарагая… час абудзіцца ад нашай несвядомасці… перадаць нашым дзецям мудрасць Святога пісання на мове народа, сярод якога мы жывём". У 1828 г. у перакладзе Сабалеўскага на польскую мову быў выдадзены Кур'ан 16. Але работа не была завершана так, як задумваў гэта аўтар, і ў 1830 г. пасля дапрацоўкі ў Вільні пабачыў свет "Wyklad wiary machometanskiej czyli Islamskiej wyjaty z czesci Koranu i przykazan proroka Chadisiem zwanych i ulozony przez machometanina Jozеfa z Konkirantow Sobolewskiego" 17.

Існавалі іншыя спробы перакладу Кур'ана на польскую мову, і гэтаму спрыялі філаматы, асабліва тыя, хто меў дачыненне да Наваградчыны. Яшчэ ў сярэдзіне 1829 г. дамову з віленскім выдаўцом Тэафілам Глюксбергам ад імя наваградскіх татараў падпісаў Ігнат Дамейка. Першыя паведамленні аб перакладзе з'явіліся ў 1828-1830 гг. у яго лістах з Заполля ў маскоўскую высылку Ануфрыю Петрашкевічу. Ёсць меркаванні, што пераклад здзяйсняўся па французскім выданні "La Coran…" 1821 г. 18

Салям! Чалом!


Да 600-годдзя з нагоды татарскага асадніцтва на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскаг а

Над небам мячэці маладзічок

Займаецца колькі стагоддзяў,

Нібыта адкінуты некім

Кручок

З дзвярэй.

Каб блуканец заходзіў

У храм,

Дзе яго падпярэжа Алах

З Карана суровай сурою.

Блуканец імя сваё

Знойдзе ў імглах

І сэрца ўмые зарою.

І сэрца людское

Пачне зіхацець,

І сподзеў

не ўпусціць свой шанец.

І будзе з надзеяй

Глядзець на мячэць

Знайшоўшы

дарогу блуканец...

Рыгор Барадулін.

9 Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, гл. 3, арт. 3.

10 Лакотка, А.І. Бераг вандраванняў, ці адкуль у Беларусі мячэці. Мн.: Навука і тэхніка, 1994, с. 60; Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагруд. р-на. - Мн.: Беларусь. - 559 с.: іл., с. 233-234.

11 Упершыню надрукаваны: Gazeta Codzienna - 1858. - №№ 306-308, 315, 316.

12 Каратынскі, В. Творы. Уклад., прадмова і камент. У. Мархеля. Пер. З. Саўкі. Выд. 2-ое, дапоўн. - Мінск: Маст. літ-ра, 1994. - 406 с.

13 З нечым падобным сустракалася ў музеі гісторыі тэатра і музыкі, дзе ў фае вісіць невялікага памеру карціна з выявай былога будынка Дома масонаў.

14 Пераклад Ірыны Багдановіч.

15 Юзаф (Юсуф) Сабалеўскі памёр у 1870 г.; па некаторых звестках спачывае на мізары ў Наваградку.

16 Познань, выданне Бернарда Патоцкага на 352 с.

17 Выклад веры Магамеда, альбо Іслама, узяты з Карана і ўказанняў прарока - хадзісаў, укладзены праз магаметаніна Юзафа з Канкірантаў Сабалеўскага.

18 Вуйтик, З. Филомацкий перевод Аль-Корана для Новогрудских татар / Збигнев Вуйтик. Пер. с польского И.М. Александровича // Байрам. - 1995. - № 1. - С.62-63.

(Працяг у наст. нумары.)


Законы неба не адмяняюцца

(Нябесная Беларусь)

паэма-эсэ

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)


* * *

Абед. Сядзіць. Жарэ.

І думае, што будзе

На вячэру.

* * *

Паеў ён сытна-шчыльна

І агідна-шчыльна мысліць,

Айчыне здрадзіць як!

* * *

Цяжка люд на дабро аб'яднаць,

А на зло ён

Аператыўна і

дабраахвотна яднаецца.

* * *

Ах, душы іх - вузкія,

Быццам наскі

Чаравікаў сучасных.

* * *

І на новым вітку тутэйшыя-тутакі

Не менш небяспечныя для Айчыны,

Чымся былыя калісьці.

* * *

І на многіх сваіх,

што вельмі стараліся,

Прыходзілі ноччу,

А потым адвозілі ў Курапаты.

* * *

Яны захапляюцца дзеямі

ўсходніх ёлупняў

На сцэнах, экранах,

У эфіры.

* * *

Дазубаскалішся, нябога,

Да краю бездані

Варожай.

* * *

І музыку, і песні продкаў

Тут большасць замяніла

Амаль што візгам парасячым.

* * *

Няма у іх свята роднай зямлі,

А былыя намеры

Склалі яны ля ног акупантаў.

* * *

Тут размалёваныя целы

Чакаюць, каб іх забаўлялі

Ёлупні са сцэн, экранаў, подыюмаў.

* * *

Мора іх - чаркі,

Іх караблі - скваркі.

А яны старпамамі ў акупантаў.

* * *

Нібыта людзьмі нараджаюцца,

А выходзяць у нелюдзі…

Закон стабільнай адноснасці

ў дзеянні.

* * *

Тут вочы перад чужаком

расшыраюцца,

І звужаюцца адначасова мазгі,

І падстаўляецца зад пад бізун.

* * *

Дзе білі і б'юць,

Дзе дурылі і дураць,

Горнуцца пераважна туды тутакі.

* * *

Ах, неба іх не вышэй,

Чымся ў халадзільніку

Маразільнік.

* * *

Іх багамі былі прыгоннікі,

А прыгоннік не вучыць сваіх рабоў

Любові да спрадвечнай Радзімы.

* * *

Так, Радзіма для іх - цяжар,

Таму і збываюць яны і яе

За напітак і за наедак.

* * *

Хто здрайна на Айчыну

раззяўляе пашчу,

Ад акупантаў потым

Літасці не мецьме.

* * *

Кроў - не кроў,

А штосьці брыдотнае

Працякае ў іхніх жылах.

* * *

У краіне татальнай нянавісці

Любая ўяўная спагада

За шчырую прымаецца любоў.

* * *

Няважна ад каго і адкуль

Ім атрымліваць грошы;

Галоўнае, каб тых грошай

паболей было.

* * *

За грашыма і псеўдаславай

Спяшаюцца першымі,

А калі паміраць -

дык хай бы апошнімі.

* * *

Смеласці іх хапае настолькі,

Каб на родных абсягах

Паскудзіць на моц на ўсю.

* * *

Галоўны іх вораг -

У іх унутры,

Як сёння каўтун не на…, а ў галаве.

* * *

Твораць зло са спадзевай,

А мо пранясе…

Не, не пранясе, а адплоціць.

* * *

Што ім трэба яшчэ,

Апроч недабітай машыны з захаду

І мангола-татарскага бізуна

з усходу.

* * *

Той ганарыцца,

што быў пад палякам,

А гэты, што Сталін быў

Яму бацькам.

* * *

А каштоўнасці іх -

Нібы камяні на шыях…

Гарантавана надзейна дно.

* * *

А ў гэтага сёння страх

у касцях жыве,

І ён не ўспамінае бацьку,

Бальшавікамі расстралянага ў 37-м.

* * *

І беларус страляў у Курапатах

І быў ахоўнікам у Картуз Бярозе;

Для прыкрыцця, вядома.

* * *

Многія лічаць сябе лепшымі

за падобных сабе,

Але ж разам з падобнымі тымі…

Толькі ў свеце такіх пашукаць!

* * *

І страчаны ў іх інстынкт

Хоць часам ад сябе

За ўласныя паскудствы адвярнуцца.

* * *

А дайце выказацца гэтаму

Дык ён такую выверне лухту і дзіч,

Што лепш бы яму мову адняло.

* * *

Адзін гаворыць,

другі не слухае яго,

І кожны думае,

як накалоць бы viz-a-vi,

Нібыта матылька,

на голку ўласных інтарэсаў.

* * *

Яшчэ тут любяць браць удзел

У латарэях:

Спадзева дурняў на халяву.

* * *

Не вучыў іх прыгоннік

у неба паглядваць,

Наадварот, прымушаў,

каб рупліва глядзелі

На загоны яго

і нат ноччу іх апрацоўвалі.

* * *

А дзеравеншчыну

да быдласці скацілі

Хто на яе шыі ладна

Уссядаў.

* * *

Дух антыбеларушчыны як правіла

Найбольш зацята ў дзеравеншчыне

У горадзе сядзіць.

* * *

Ну хай - адны словы,

Ну хай - няма спраў,

Дык жа словы ўсцяж - дурныя.

* * *

З дому зносіць дабро,

А дамоў валацугаў прыводзіць…

Самому б сыйсці ў нябыт!

* * *

Ты ўжо перапіў старэйшага брата -

Двойчы якасці знак

Прыналежыць табе

* * *

Ты сёння, беларус-тутак,

Намнога якасней за рускага:

Ты ўжо гарэлкі п'еш

намнога больш, чым ён.

* * *

"Хто хлусіць - той і вып'е і закусіць,

А хто праўду скажа -

той і так ляжа," -

Вось мудрасць тутакоў.

* * *

Усё гэта множыць насенне

Абыякавасці і бяспамяцтва

Ў галовах і сэрцах тубыльцаў.

* * *

А ўжо што да філасофіі для іх,

Дык афіцыйная яна

Нібыта свінасофія.

* * *

А ў ім усё роўна,

Што ўладу мангола-татарскую

Можа змяніць улада кітайская.

* * *

Яда яшчэ ёсць,

і вайны пакуль што няма,

Але ўжо і душы няма

І ў неба няма дарогі.

* * *

Такі здаровы і не дурны нібыта,

А не пайсці "галасаваць" -

Ды дзе там!

* * *

Не на тое глядзяць іх вочы,

Не на тое іх вушы слухаюць:

Іх целы пакінуў Дух.

* * *

О Божа, што за народ!

Правакацыйна пахваліш Сталіна -

Яны сур'ёзна цябе падтрымаюць.

* * *

А вось гэты тутак-прымітыў

З гонарам у голасе цвердзіць,

Што галоўным ахоўнікам Сталіна

быў беларус Уласік.

* * *

А гэты пісьменнік народны

Тым ганарыўся,

Што Сталін прозвішча

яго (лаўрэата) бачыў.

* * *

Больш таго, для яго ганарова і тое,

Што адным з памагатых

Івана Жахлівага

Быў Малюта Скуратаў -

ураджэнец нашай зямлі.

* * *

Не забыць бы Марозава Паўліка -

Часткі збітай, зняволенай

Душы беларуса.

* * *

Тут некаторых радасць узрастае

Ад гора і няшчасця

Іншых.

* * *

Іх жарты - ніжэй паясніцы,

Патанае сур'ёзнасць у шклянцы…

Пра якія шляхі-дарогі

можа размова быць?!.

* * *

Амаль кожны тут дурань і трус

Шукае такога ж, як сам

Каб яго дурней

і трусей за сябе зрабіць.

* * *

Іх Айчына - не храм іх,

А храмы, што ёсць тут,

То будынкі чужацкія, не айчынныя.

* * *

Каб хтось, а не яны

Зрабіў для беларушчыны

дабро якое -

Такія тут параметры

асоб так званых.

* * *

І самі трымаем у рабстве

духоўным сябе,

А яно - звышкасмічнае рабства,

І праяў яго - колькі заўгодна.

* * *

Тут нізашто змардуюць чалавека,

А потым цвердзяць:

"Хай не лезе!"

* * *

Па звычаёвым праве

іх праходзяць жыцці:

Хто больш каго надурыць,

Той і адмысловец.

* * *

Хо-хо. Вось гэты гультаіза,

псеўдапатрыёт

Нідзе гадамі не працуе…

Маўляў, нацыяналаў

не бяруць нідзе на працу.

* * *

Мазгі ў большасці -

нібыта дзьмухаўцы;

Нат лёгкі ветрык ім -

Непажаданы.

* * *

Яе ўзрасцілі "Векапомныя дні",

Яго ўзгадаваў "Сцяг брыгады…"

Як выбрацца ім з палону хлусні?!.

* * *

Так, неасвечанасць - бяда;

Шчэ большая бяда -

Мазгоў дэфармаванасць.

* * *

Ах жанчыны, жанчыны

ды і мужчыны,

Вашы хобі і амплуа -

Абгаворы і плёткі.

* * *

Каб хоць слоўцам адным

адзін аднаму

Нагадаць аб нябеснай Айчыне…

Не, яны адзін аднаму

долы капаць гатовы.

* * *

Ах, тутакі, ах, тутакі!..

Сочаць адзін за адным,

адзін аднаго павучаюць

І сунуць насы

ў драбноты адзін аднаго.

* * *

Дзе трэба святло запаліць,

Там яго яны тушаць,

Ну і, вядома - нааадварот.

* * *

Бескарысныя самі,

І зямлю і людзей на ёй

Ператвараюць яны ў бескарысце.

* * *

Але як надыйдзе гадзіна ікс

і каманда "фас",

О, як будуць адзін на аднаго

Тутакі нагаворваць

у пэўнай канторы.

* * *

Дажыліся!

Цела не слухаецца душы…

А душа… А яе ўжо няма.

* * *

Тутэйшыя змовы

Адных супраць другіх -

Змовы супраць агульнай

адзінай Айчыны.

* * *

Ні Курапаты, ні Картуз-Бяроза,

ні Чарнобыль

Не абуджаюць іх

Ад звышдзірваннага жыцця.

* * *

Няма на іх тварах сораму,

Няма пакаяння ў глыбінях іх душ…

Тут слава губляе і сілу, і моц.

* * *

Няма і патаемнага сораму ў іх

І за думкі, якія яны не агучылі,

А пра сябе вымаўлялі.

* * *

Тут большасць крокаў

Зямных і падводных,

наводных і водных…

Да здрады вядуць.

* * *

Так, большасць, крый Божа,

На жаль на вялікі -

Бескаштоўны матэрыял чалавечы.

* * *

Хто не рупіцца аб Айчыне,

А толькі пад п'яныя слёзы

на сабе кашулю ірве,

Помнік ім - лебяда.

(Працяг у наст. нумары.)

Яўген Гучок


Сабакінцы

У нядзелю 2 ліпеня (1939 г., рэд. ) у Сабакінцах адбылася ўрачыстасць з нагоды змены адвечнай назвы мястэчка на Нарбутава. Падобна, мэта змены - ушанаванне памяці Людвіка Нарбута, аднаго з найвыбітнейшых кіраўнікоў паўстання 1863 г. Як вядома, Нарбут нарадзіўся ў Шаўрах Радунскай гміны і быў забіты пад Дубічамі, якія раней знаходзіліся ў Каняўскай гміне, а зараз - у Забалацкай (у наш час Дубічы знаходзяцца ў Рэспубліцы Летува - Л.Л. ). З Сабакінцамі Нарубута злучала толькі тое, што ён з аддзелам некалькі разоў праходзіў праз Сабакінскую гміну і спыняўся тут на адпачынак.

Праект змены назвы "Сабакінцы" на "Нарбутава" паўстаў некалькі гадоў таму і падобна менавіта тады прайшоў усе адпаведныя інстанцыі. Дазналіся мы пра яго позна, паспелі толькі напісаць прыватны ліст да пана (шчучынскага) старасты Вацлава Кавальскага, у якім давялі да яго шкоднасць падобнай змены. Пан стараста зычліва адказаў на наш ліст, і выкананне гэтага праекту прыпынілася. Зараз жа, відавочна, нехта адкапаў нерэалізаванае рашэнне ўладаў, і змена назвы ўсё ж адбылася.

Сабакінцы - старое мястэчка, яно насіла раней назву Забалаць і, як цвердзіць Напалеон Роўба ў сваім "Даведніку па Літве і Беларусі", у 1550 г. было аддадзена ўцекачу з Масквы Міхаілу Сабакінаву, праз якога з часам назва змянілася на Сабакінцы. У 1676 г. Сабакінцы ад караля Яна ІІІ атрымліваюць Магдэбургскае права з правам праводзіць кірмашы. Кароль Аўгуст ІІІ пацвердзіў гэтае права. У 1706 г. падчас знаходжання ў Васілішках, хворы зваротным тыфам кароль Станіслаў Ляшчынскі клянецца, а пасля выздараўлення, каб выканаць клятву, ідзе пешшу да цудоўнага абраза Маці Божай, які меўся ў сабакінскай уніяцкай царкве. Тая пілігрымка была на самой справе, бо пра яе сведчыць ахвяраваная царкве срэбная таблічка з адпаведным надпісам. Напісаў пра гэты выпадак менскі ваявода Крыштаф Завіша ў сваіх "Успамінах".

З вышэй пададзенага бачна, што назва "Сабакінцы" мае каля чатырохсотгадовую гістарычную традыцыю. Пад час знаходжання ў Расійскай імперыі "Сабакінцы" былі пераназваныя ў "Пакроўскае", а Сабакінская гміна стала Пакроўскай. Сведкам гэтага з'яўляўся я сам, бо маёнтак маіх бацькоў знаходзіўся акурат у гэтай гміне. 13 верасня 1899 г. выракам Віленскага губернскага праўлення назва "Сабакінцы" была змененая на "Пакроўскае". Але пры польскай уладзе вярнулася адвечная назва "Сабкінцы".

Старыя назвы мясцовасцяў, паселішч, урочышч, вуліц і г.д. маюць велізарнае значэнне для гісторыкаў, этнографаў і ўсялякіх даследчыкаў нашай гісторыі. Таму легкадумныя змены гэтых назваў заўсёды прыносяць шкоду навуцы і культуры. Міністэрства ўнутраных спраў зрабіла б слушна, каб прыслухалася да голасу жыхароў Сабакінскай гміны, бо не магло такога быць, каб на яе тэрыторыі не меліся б людзі, якія ведаюць сваю гісторыю.

Вельмі вялікае ўражанне робіць артыкул "Сабакінцы" ў №191 газеты "Слова" ад 14 ліпеня 1939 г. які напісаў "J.M.". Аўтар слушна дапускае, што ініцыятарам змены назвы мог быць нейкі прыезджы чыноўнік, які не ведае мясцовай гісторыі, звычаяў, стасункаў але прагне даказаць, што ён ёсць вялікі патрыёт і ініцыятыўны чалавек. Такі чын можа палепшыць кар'еру і прывесці на ўзнагарод. Але мог гэта быць і нейкі мясцовы невук. "J.M." піша: "Толькі не разумее пустая галава, якая нішчыць гістарычныя назвы даўняй Рэчы Паспалітай, зямель польскіх, літоўскіх, рускіх, што яна не адраджае, а зацямняе бляск агульнай нашай Рэчы Паспалітай, які павінен знаходзіцца ў арэоле прыгожай традыцыі".

Трэба сказаць, што гэта страшная манія змены назваў у нас толькі пашыраецца, і таму трэба гэта спыніць любой цаной. Хай самыя паважаныя арганізацыі (Акадэмія ведаў у Кракаве, універсітэты, Краязнаўчае таварыства, Таварыства сяброў навук і арганізацыі гісторыкаў) выступяць з ініцыятывай, каб змены назвы не маглі адбывацца без самага шырокага абмеркавання і выслухоўвання меркаванняў паважных знаўцаў ці навуковых інстытуцый. Толькі тады, калі з'явіцца такі вырак аб змене назваў, мы будзем мець пэўнасць, што легкадумныя кар'ерысты і невукі страцілі поле для сваёй шкоднай дзейнасці.

Антон Грымайла-Прыбытка

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Ад перакладчыка : пасля 1939 г. мястэчка зноў стала Сабакінцамі, але ў 1954 г. было пераназвана ўжо ў вёску Першамайская.


Якуб Колас, як сімвал беларускай дзяржаўнасці

Як вядома, кожная нацыя мае свае сімвалы, сутнасць якіх заключаецца ў тым, каб нагадаць сваім грамадзянам, што яны не з'яўляюцца, "іванамі, якія не памятаюць свае радні". I важнейшым элементам выступаюць у першую чаргу помнікі выдатным пісьменнікам і паэтам. Гэта хрэстаматыйнае. Аляксандр Пушкін сваімі творамі невыразных у нацыянальным плане насельнікаў Масковіі зрабіў рускімі, высока ўзняў іх нацыянальную годнасць. Дарэчы, жывучы доўгі час сярод рускага насельніцтва, адзначу тое, што яны высока ацэньваюць сваю нацыю і ганарацца ёю.

Возьмем выдатную еўрапейскую нацыю немцаў, якія не ўступаюць рускім у плане нацыянальнага пачуцця. I гэтая нацыя была фактычна створана з розных регіёнаў не выдатнымі нямецкімі філосафамі, а паэтамі накшталт Гётэ ці Шылера.

Як вядома, беларусы ў нацыянальным плане, скажам прама, не вельмі, каб вельмі. Бадай толькі з набыццём сапраўднай беларускай дзяржаўнасці ў 1991 годзе, пачынаюцца невялікія зрухі ў нацыянальным аспекце.

Вялікую ролю ў фарміравані нацыянальнага адыгрываюць падручнікі па літаратуры і гісторыі. Ёсць чым ганарыцца школьнікам і студэнтам, а разам з імі і ўсім беларусам. Наша зямля дала Францішка Скарыну і Сімяёна Полацкага, выдатнага паэта Адама Міцкевіча, мастака Наполеона Орду. Маюць беларускае паходжанне выдатны рускі вучоны ў галіне касманаўтыкі Эдуард Цыялкоўскі і першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Цярашкова і безліч іншых выдатных асоб, якія ўнеслі свой уклад у развіццё чалавечай цывілізацыі.

Але ж першае месца ў фарміраванні нацыі, як указвалася, належыць пісьменнікам і паэтам.

Трошкі асабістага. Я - стары ўжо чалавек. Мне 80 год, але яшчэ пры памяці. Мая вёска Пірэвічы Жлобінскага раёна. З гэтай нагоды я добра памятаю людзей з 19-га стагоддзя. І сярод іх майго дзеда па матчынай лініі - Леанкова Мітрафана Еўдакімавіча. Гэта быў вельмі здольны чалавек. З простай беларускай сям'і, пры тым беднай, здолеў атрымаць агранамічную адукацыю ў Маравіі. Гэта частка Чэхіі. Па сваім светапоглядзе дзед быў, скажам так, рускім нацыяналістам, хаця ж ніколі не толькі што не жыў, але нават не быў "в исконно русских землях". З усімі гаварыў толькі на рускай мове, уключаючы і сваю жонку - Саламанію Фомаўну, якая была непісьменнай. Дарэчы, яе бацька - Грушанаў Фама Іванавіч быў Георгіеўскім кавалерам. Атрымаў гэтае высокае званне ў руска-турэцкай вайне, калі ішло вызваленне Балгарыі.

Мне дзед расказваў такі выпадак. Яшчэ да рэвалюцыі ў час нейкага рэлігійнага свята, а ў нашай вёсцы вельмі прыгожая царква, пабудаваная ў візантыйскім стылі, прыйшоў адзін селянін, у якога была невялічкая ксёнжка, дзе былі надрукаваны вершы беларускіх паэтаў. Не ведаю, дзе як, а ў нас у час богаслужэння, мужчыны як правіла, знаходзяцца каля царкоўнай агароджы. Гэта не значыць што яны не бываюць у царкве. Заходзяць і выходзяць...

Дык вось гэты мужчына, пачаў чытаць сваім знаёмым вершы напісаныя на беларускай мове. Гэта іх вельмі здзівіла, бо яны прывыклі што надрукаванае даецца толькі па-руску. I гэта, па словах дзеда, не толькі ўразіла слухачоў, але і абрадавала. Бо яны пачулі не толькі тое, што іх клапоціць, але і што напісана на той мове, на якой яны гаварылі...

З гэтага невялікага прыкладу можна канстантаваць: беларусы на генным узроўні адчувалі сябе беларусамі, і гэтаму нацыянальнаму абуджэнню садзейнічалі нашы паэты.

Як вядома, у Менску пастаўлены два велічныя помнікі - Янку Купалу і Якубу Коласу. I ў гэтым вялізная заслуга Пятра Міронавіча Машэрава, які добра разумеў, што зрабілі для беларускага народа гэтыя волаты. Але гэтага, скажам так, мала. Думаю, што не памылюся, калі адзначу, што ў многіх гарадах краіны ёсць вуліцы, якія носяць імёны Войкава ці Урыцкага, пра якіх ніхто, нават гісторыкі, абсалютна не ведаць хто яны такія і што яны зрабілі добрага для беларускага народа.

Задамося ізноў пытаннем, а ў якіх гарадах ёсць вуліцы Купалы ці Коласа? Глыбока ўпэўнены ў тым, што такіх гарадоў няшмат, можна пералічыць на пальцах. А ў Польшчы, у сваеасаблівай сталіцы беларускай меншасці - Гайнаўцы ёсць вуліцы Купалы і Коласа. I шыльды даюцца на беларускай мове.

Возьмем радзіму Якуба Коласа - Стоўбцы. Там нішто не нагадвае аб тым, што гэта радзіма нашага слынага паэта Якуба Коласа. Чыгуначны вакзал "як бы на зло" цалкам аддазены рускай мове.Здаецца, што ты прыехаў у горад Смаленскай вобласці... Гэта праўда, што ў Беларусі існуе двухмоўе, гэта вельмі добра. Але павінна быць і мяжа.

Калі Стоўбцы з'яўляюцца радзімай Коласа, дык чаму ў прыгожым скверы каля чыгуначнага вакзала не паставіць яму велічны помнік. Як вядома, Колас свае творы разлічваў на беларускага чытача. Дарэчы, як і пісьменнікі іншых народаў разлічвалі на свае народы. З распадам Савецкага Саюза ва ўсіх былых саюзных рэспубліках практычна перасталі друкаваць творы савецкіх нацыянальных пісьменнікаў. Знікла пачуццё савецкага чалавека. Мяркую па сябе і сваіх знаёмых: мы абсалютна не ведаем, якое літаратурнае жыццё ідзе, да прыкладу, у Кіргізіі...

Дык вось, я як думаю. Помнік Коласу павінен напомніць усім тым, хто праязджае праз Стоўбцы, а там, як вядома, праходзіць шмат пасажырскіх цягнікоў як на захад, так і на ўсход, і пасажыры, якія пабачаць помнік Коласу, будуць ведаць, што гэта яго радзіма. І па-другое, адначасова хто-небудзь з пасажыраў зацікавіцца творчасцю нашага класіка. І па-трэццяе, будзе паказана, што мы не з'яўляемся "іванамі, якія не ведаюць сваёй радні".

Аляксандр ІІятруннікаў , г. Манчагорск Мурманскай вобласці.


Маладзечна - культурная сталіца Беларусі

"Белпошта" выпусціла мастацкі канверт з арыгінальнай маркай "Маладзечна - культурная сталіца Беларусі".

Маладзечна - буйны прамысловы, культурны, навуковы і спартыўны цэнтр Менскай вобл. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 1388 г.

З 1993 г. у горадзе праходзіць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна".

У 2016 г. Маладзечна абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі.

На канверце: лагатып Года культуры (мастак А. Самовіч), Свята-Пакроўская царква, касцёл Святога Казіміра, Палац культуры, герб горада.

Наш кар. Мастак Я. Сурмачэўская. Дызайн А. Мядзведзь.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX