Вярнуцца: 2016

№ 28 (1283)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 28 (1283), 13 ліпеня 2016 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале падпіска ўпала па ўсіх абласцях. Шмат хто вырашыў, асабліва ў Менску, што можна летам абысціся без газеты, а, магчыма, нехта і забыўся. Такім нагадваем, што падпіска цяпер каштуе: на адзін месяц - 1 р. 6 к., на тры месяцы - 3 р. 18 к., на 5 месяцаў - 5 р. 30 к. У розніцу цана па дамове пастаўкі, але прыблізна складае 12 капеек. Газета прадаецца ў шапіках "Саюздруку" толькі ў Лідзе, Гародні, Віцебску і Берасці.

Студзень Красавік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 15 13

Бяроза р.в. 9 9

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 7 6

Ганцавічы р.в. - 1

Драгічын р.в. 1 -

Жабінка р.в. 1 1

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 5 4

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 2 1

Ляхавічы р.в. 1 2

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 6 7

Пружаны р.в. 6 7

Столін р.в. 1 1

Усяго: 60 58


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 23 21

Віцебск РВПС 2 2

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 8 9

Гарадок р.в. 4 -

Докшыцы р.в. 4 3

Дуброўня р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 2 2

Наваполацк гор. 21 19

Орша гор. 11 6

Полацк гор. 7 4

Паставы р.в. 11 10

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 8 7

Шуміліна р.в. 1 -

Усяго: 119 99


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 6 6

Вілейка гор. 2 1

Валожын гор. 9 8

Дзяржынск р.в. 12 7

Клецк р.в. 1 -

Крупкі р.в. 4 5

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 7 3

Любань р.в. - 1

Менск гор. 260 211

Менск РВПС 11 7

Маладзечна гор. 10 10

Мядзель р.в. 8 6

Пухавічы РВПС 5 3

Нясвіж р.в. 5 4

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 9 8

Салігорск гор. 19 6

Ст. Дарогі р.в. 1 -

Стоўбцы р.в. 4 5

Узда р.в. 6 2

Чэрвень р.в. 3 3

Усяго: 388 302


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. 1 -

Ветка р.в. 2 2

Гомель гор. 24 21

Гомель РВПС - -

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. - 1

Жыткавічы р.в. 16 15

Жлобін гор. 2 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. - -

Лельчыцы р.в. 2 -

Лоеў р.в. 1 1

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 2 1

Нароўля р.в. - 1

Петрыкаў р.в. 2 1

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 2 -

Хойнікі р.в. 2 -

Чачэрск р.в. 2 1

Усяго: 67 55


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 8 8

Воранава р.в. 4 4

Гародня гор. 37 33

Гародня РВПС 15 17

Дзятлава р.в. 9 13

Зэльва р.в. - 3

Іўе р.в. 3 4

Карэлічы р.в. 3 3

Масты р.в. 3 4

Наваградак гор. 3 3

Астравец р.в. 3 3

Ашмяны р.в. 3 3

Смаргонь гор. 3 3

Слонім гор. 12 9

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 3 2

Ліда 16 10

Усяго: 132 129


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 3 2

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. 2 -

Глуск р.в. 1 2

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. 1 -

Кіраўск р.в. 2 -

Клічаў р.в. 1 2

Клімавічы р.в. 1 -

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. 2 -

Крычаў р.в. 1 -

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 36 28

Магілёў РВПС 1 1

Асіповічы гор. 17 11

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. 1 -

Чэрыкаў р.в. - 2

Чавусы р.в. 1 -

Шклоў р.в. 2 1

Усяго 80 57

Усяго на краіне: 846 700


Чаму я іду на выбары?

Падчас сёлетняй парламенцкай кампаніі я прыняла рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру для ўдзелу ў выбарах. Многія задаюць пытанне: а навошта я гэта раблю, калі, на іх думку:

- у нас няма паўнавартаснага парламента, дэпутаты нічога не вырашаюць;

- будзе працаваць адміністрацыйны рэсурс на "сваіх" вылучэнцаў , а з іншадумцамі будуць змагацца;

- галасы лічыць не будуць, а дэпутатаў фактычна амаль прызначылі.

Безумоўна, усе гэтыя разважанні маюць пад сабой пэўны грунт, заснаваны на досведзе апошніх гадоў. Тым не менш, я лічу, што седзячы і разважаючы на канапе, ні на якія змены не паўплываеш. І толькі выказваючы сваю пазіцыю, гуртуючы вакол яе аднадумцаў, актыўна працуючы з людзьмі, можна на нешта паўплываць. Пра гэты сведчыць і мой асабісты вопыт як аднаго з кіраўнікоў грамадскай арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Не было б у нас ні 23-й гімназіі з беларускай мовай навучання ў г. Менску, ні газеты "Новы час", ні шмат якіх канферэнцый і выдадзеных кніг, калі б мы спадзяваліся толькі на тое, што нехта гэта зробіць за нас, а мы паглядзім збоку і пакрытыкуем.

У нас ёсць і планы па адкрыцці Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Але каб гэтая справа ажыццявілася, ёю трэба займацца, і пэўныя крокі для гэтага намі зроблены. І для таго я іду ўдзельнічаць у выбарах, каб мець магчымасць вырашаць такія важныя пытанні на больш высокім узроўні, маючы мандат народнага даверу.

Я маю свой погляд на тое, якім павінен быць парламент і на гэта буду працаваць.

1. Парламент - гэта орган народнага прадстаўніцтва. Трыбуна, з якой гучаць усе найбольш пашыраныя ў грамадстве меркаванні і погляды, датычныя важнейшых дзяржаўных спраў. Таму трэба, каб у парламент балатаваліся людзі, якія маюць досвед практычнай дзейнасці ў грамадстве, вядомыя і паважаныя дзеячы, лідары грамадскай думкі.

2. Парламент павінен працаваць на дзяржаўнай беларускай мове, мове тытульнай нацыі. Законы павінны прымацца на беларускай мове і пры неабходнасці перакладацца на іншыя мовы.

3. Заробак дэпутата павінен адпавядаць сярэдняму заробку па краіне, як і пенсія дэпутатаў.

Ёсць і іншыя меркаванні наконт розных аспектаў нашага жыцця, але пра іх варта будзе казаць пасля таго, як я збяру неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Таму я запрашаю ўсіх выбаршчыкаў Стаўбцоўскай акругі № 70 - прыхільнікаў і апанентаў - паставіць свой подпіс за вылучэнне маёй кандыдатуры для ўдзелу ў выбарах.

Па ўсіх пытаннях вы можаце скантактавацца са мной праз электронную пошту alenaanisim gmail.com, а так-сама па тэл. 8-029-661-65-98.

Чакаем вас на нашых пікетах. Члены маёй ініцыятыўнай групы гатовы зафіксаваць ваш подпіс і занатаваць вашыя прапановы.

З павагай, першы намеснік старшыні ТБМ

Алена Анісім.


140 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

Алаіза Сцяпанаўна ПАШКЕВІЧ (15 ліпеня 1876, фальв. Пешчын, Лідскі павет, цяпер Шчучынскі раён Гарадзенскай вобл. - 5 лютага 1916; Псеўданімы: Цётка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла з Полацка, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь Асака і інш.) - беларуская паэтэса, грамадскі дзяяч, публіцыст.

Нарадзілася ў шляхецкай сям'і. Скончыла Віленскае прыватнае сямікласнае вучылішча В. Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. У 1902-1904 вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбурзе. У Пецярбурзе аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаў-беларусаў "Круг беларускай народнай прасветы", А. Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў. Тады ж пачалася і літаратурная творчасць А. Пашкевіч. У нелегальных выданнях гуртка - "Каляднай пісанцы" і "Велікоднай пісанцы" - былі змешчаны яе вершы "Мужык не змяніўся", "Музыкант беларускі", "Нямаш, але будзе". Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі.

У 1904 А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасова працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. У 1904-05 - дзеячка БСГ (Беларускай Сацыялістычнай Грамады). Пад пагрозай арышту была вымушана ў 1905 на нейкі час пакінуць Вільню, едзе ў Галіцыю, дзе паступае вольнаю слухачкай (1905) на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. Займаецца вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. Па замове Вацлава Іваноўскага рыхтуе "Першае чытанне для дзетак беларусаў". У 1908-09 А. Пашкевіч жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім універсітэце (да 1911). У эміграцыі выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1914 яна пачынае выдаваць у Менску часопіс для моладзі "Лучынка". На некаторы час зноў выязджае ў Фінляндыю і Швецыю. У 1915 А. Пашкевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку. У 1916 памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.

Самымі раннімі з вядомых вершаў А. Пашкевіч (Цёткі) лічацца "Лета" і "Восень", апублікаваныя ў зборніку "Скрыпка беларуская" (1906). У цэлым зборнік увасабляе адраджэнцкую плынь у творчасці Цёткі. Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік - "Хрэст на свабоду" (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі кірунак яе творчасці. Асноўныя матывы паэзіі Цёткі - любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, - характэрныя рысы яе лірыкі. Цётка - адна з пачынальніц і беларускай прозы.

Вікіпедыя.


Памёр Міхась Шавыркін

5 ліпеня раптоўна пайшоў з жыцця шматгадовы рэактар часопіса "Роднае слова", актыўны сябар ТБМ Міхась Шавыркін.

Міхась Шавыркін нарадзіўся 15 верасня 1947 года ў вёсцы Дзяніскавічы Жлобінскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у "Беларускай энцыклапедыі", у часопісе "Народная асвета". З 1987 да 2006 года працаваў галоўным рэдактарам часопіса "Роднае слова". Пры ім наклад выдання даходзіў ад 10 тысяч асобнікаў.

Пісьменніца Алена Масла ўзгадвае, што асоба Міхася Шавыркіна заўсёды была прысутная ў яе сям'і: бацькі былі настаўнікамі, "Роднае слова" заўжды выпісвалі, лічылі яго вельмі аўтарытэтным выданнем, неад'емнай часткай свайго жыцця.

- Калі я ўжо працавала ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" загадчыцай рэдакцыі дзіцячай літаратуры, а спадара Шавыркіна звольнілі з "Роднага слова", я ўзяла яго на працу. І мне пашчасціла больш блізка пазнаёміцца і сысціся з гэтым чалавекам.

Я лічу, што з зыходам такой постаці мы асірацелі. На маю думку, Міхась Мікалаевіч належыць да той катэгорыі людзей, пра якіх кажуць "уходящая натура". Ён быў рупліўцам на ніве беларушчыны, быў галоўным рэдактарам часопіса "Роднае слова", выдаваў проста ўзорнае выданне. Натуральна, вакол яго гуртавалася вельмі шмат людзей, прытым найлепшых людзей, прафесіяналаў. Пра яго кажуць, што ён быў вельмі патрабавальным і строгім рэдактарам. Але тых, ад каго ён патрабаваў, ён бязмерна любіў і паважаў.

Спадар Міхась быў такім чалавекам, які ўмеў уздымацца над мітуснёй, драбязой. Я яго лічыла сваім старэйшым сябрам, і калі я дзялілася з ім сваімі "непярэліўкамі" ў прафесійным жыцці, ён слухаў мяне са спагадай, і я разумела, што ён скажа, і гэта было не праз абыякавасць да майго лёсу, а толькі выснова вельмі мудрага чалавека. Ён ўважліва выслухоўваў мяне і казаў: "Спадарыня Масла, пераводзьце ўсё ў літаратуру. Не стаўцеся да гэтага сур'ёзна". І гэта вельмі дапамагала жыць. Гэта паблажлівасць да людзей, да іх слабасці, але разам з тым уменне бачыць і цаніць у чалавеку галоўнае.

А яшчэ ён служыў аб'яднанню. Ён ніколі не дзяліў людзей паводле таго, хто ў якіх саюзах, хто дзе працуе, хто з кім сябруе, хто з кім разышоўся - ён умеў прыміраць, мірыць умеў. Такіх людзей - "яднальнікаў" вельмі мала. Беларусь надзвычай раз'яднаная, кожны цягне ў свой бок. Асабіста для мяне не стала такога чалавека, які ўсё гэта бачыў і хацеў з'яднаць.

А якім уважлівым, клапатлівым ён быў бацькам і дзедам! Гэта было так міла: набываў сеткі садавіны, ішоў праведаць унукаў, дачку Міраславу, якую бязмежна любіў! З любога дня (накшталт дня веснавога раўнадзенства) - мог зрабіць свята, мог пажартаваць: "Сёння дзень піянерскай арганізацыі, а я былы камсамолец". У гэтым была ягоная сутнасць - ён не цураўся свайго жыцця, не саромеўся нашай агульнай гісторыі, ні ад чаго не адракаўся.

Ён быў сябрам нашай сям'і. З вялікай павагай да яго ставіліся і муж, і дзеці. Спадзяюся, гэта было ўзаемна. Для яго сям'і гэта страшэнны ўдар. Асабіста для мяне гэта вялікая страта.

Паэт Віктар Жыбуль працаваў у "Родным слове" пад непасрэдным рэдактарствам Міхася Шавыркіна:

- Калі я прыйшоў на працу, ён мяне адразу папярэдзіў: "З Шавыркіным працаваць цяжка". Адпрацаваўшы некалькі гадоў, я зразумеў: ён - вельмі патрабавальны рэдактар. Працу сваю Міхась Мікалаевіч вельмі любіў і стараўся, каб часопіс быў рознабаковым. На планёрках, калі абмяркоўваліся матэрыялы, ён заўсёды на іх глядзеў з такога пункту гледжання: "А што гэта дасць настаўніку?", бо "Роднае слова" было разлічана найперш на школьных настаўнікаў, вучняў, таксама на студэнтаў і выкладчыкаў мовы і літаратуры гуманітарных ВНУ. Але пры гэтым Міхась Шавыркін імкнуўся, каб настаўнікі, а разам з імі і вучні, адукоўваліся рознабакова. Таму ён стараўся, каб у часопісе былі матэрыялы і пра мову, і пра музыку, і пра архітэктуру, і пра жывапіс. Сам ён асабліва любіў музыку, народныя песні - гэтым сілкавалася яго душа.

І яшчэ згадваецца такі яскравы момант. Я прыйшоў на працу ў "Роднае слова" 25 сакавіка 2004 года, якраз у Дзень Волі. І тады на афіцыйнай шыльдзе "Роднага слова" (а рэдакцыя размяшчалася на праспекце Машэрава) быў яшчэ герб "Пагоня". Можаце ўявіць, 2004 год, амаль усе шыльды на ўстановах краіны замененыя. У Менску заставаліся толькі тры шыльды з "Пагоняй": на будынку Саюза пісьменьнікаў, на будынку прафсаюзаў і на будынку рэдакцыі "Роднага слова".

Звальнялі яго пры мне. Гэтаму папярэднічалі выклікі Шавыркіна ў Міністэрства інфармацыі. Часопіс атрымліваў папярэджанні за тое, што на другой старонцы вокладкі друкаваліся партрэты не тых пісьменнікаў. Міхасю Мікалаевічу даводзілася проста бараніць часопіс. Я думаю, звальненне яго было невыпадковым, а менавіта з-за яго грамадзянскай пазіцыі. Бо на старонках часопіса ён стараўся прапагандаваць творчасць пісьменнікаў, не аблашчаных уладамі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у нашу літаратуру.


Грамадскі актывіст Зміцер Марчук узгадвае, што з Міхасём Шавыркіным пазнаёміўся на пачатку 1990-х гадоў, калі ў Менску паўстаў клуб аматараў творчасці Данчыка (Багдана Андрусішына). Зміцер стаў старшынём фан-клуба, а Міхась Шавыркін - ягоным намеснікам:

- Міхась Шавыркін прыклаў шмат намаганняў пры стварэнні фан-клуба, друкаваў у "Родным слове" вершы, ноты песень Данчыка, ад яго мы даведаліся пра гісторыю роду Луцкевічаў, Данчыкавых продкаў. І збіраліся мы заўсёды ў рэдакцыі "Роднага слова" на праспекце Машэрава. Быў там і куточак музея Данчыка. Ладзілі разам імпрэзы, канцэрты Данчыка. Такія ўзнёслыя былі часы, верылі ў перамогу дэмакратыі. Ад яго заўсёды выпраменьваліся зычлівасць, інтэлігентнасць, аптымізм. Ён быў выбітным змагаром за нацыянальнае адраджэнне. Светлым быў чалавекам. Вечная памяць.

У Міхася Шавыркіна засталіся ўдава, сын, дачка, унук і ўнучка.

Вечная памяць!


З успамінаў розных людзей пра спадарыню Лілею Тамашову

18 траўня 2016 г. памерла Лілея Фёдараўна Тамашова. Яна была верным змагаром за беларускае слова, захавальніцай і прыхільніцай беларускай літаратуры. Пахавалі яе побач з мужам, у яго родным Каралёвым Стане, што пад Менскам.

Па падручніках і хрэстаматыях, складзеных Лілеяй Тамашовай, ужо тры пакаленні беларускіх школьнікаў знаёмяцца з Янкам Купалам і Якубам Коласам, Максімам Багдановічам і Змітраком Бядулем, а некалькі пакаленняў настаўнікаў карыстаюцца яе метадычкамі.

Лілея Тамашова, вяртаючыся з камадзіровак па сельскіх школах, так цешылася просьбам настаўнікаў пра перавыданне кніг. Яе натхнялі ўдзячныя водгукі, бо яна працавала для людзей. Апантана любіла дапамагаць, вучыць, падзяліцца не толькі парадай. Магла аддаць апошняе. Ніколі не скардзілася, яе аптымізм падтрымліваў і зараджаў многіх.

Яна кідалася на дапамогу чужым людзям, нібы ад гэтага залежыў яе ўласны дабрабыт. Часта дзеля справядлівасці яна прымала рашэнні з рызыкай для рэпутацыі і жыцця. У яе часы нават увесці ўжо вядомага тады Васіля Быкава ў школьную праграму - было сведчаннем мужнасці і волі, непрымірымага сумлення і тонкага пачуцця.

Лілея Тамашова любіла кампаніі, і разам з ёй добра танчылася і спявалася. Цудоўныя вандроўкі па роднай зямлі ажыццяўляліся пад яе кіраўніцтвам, калі гэта яшчэ не было модным і простым. Энергіі яе хапала не толькі на карпатлівую і ўдумлівую працу, але і на захапленні: яна не толькі з задавальненнем малявала і вышывала, працягваючы традыцыі сваіх сялянскіх продкаў, але і рабіла гэта з выдатным густам і вынаходлівасцю.

У сталым узросце Лілея Тамашова напісала для дзяцей і ўнукаў гісторыю свайго жыцця, у якой апісала эпоху рэвалюцый і войн, перасяленняў і рэпрэсій, голаду і беспрацоўя, веры і расчараванняў… Чытаеш - і захапляешся: як Чалавек змог захаваць у сабе запаветы, традыцыі і духоўнасць простай сялянскай сям'і, памкненне да справядлівасці, ведаў і прыгажосці.

Цягнула яе да родных мясцін, на Віцебшчыну. Не губляла сувязі з сваякамі ў Віцебску, Багушэўску і Цепляках. Наведвала і дапамагала і аднойчы прывезла адтуль вішню, каб пасадзіць каля дома мужа ў Каралёвым Стане... Беларусь была адзінай, і яна павінна была квітнець. У Лілеі Тамашовай быў яркі тэмперамент, і, калі яна прыязджала з вёсак і жарстна абуралася становішчам беларускага настаўніка, станам вясковых школ, падавалася, што зараз сістэма зруйнуецца. Сумленне яе патрабавала справядлівасці.


Дбаючы пра культуру мовы

Надоечы Зміцер Санько выпусціў у выдавецтве "Тэхналогія" сваю новую кніжку "А як па-беларуску? Прыказкі, прымаўкі, фраземы". У ёй змешчаныя найбольш пашыраныя расейскія выслоўі і іх беларускія адпаведнікі. Там чытач знойдзе адказы на пытанні, як сказаць па-беларуску "язык мой - враг мой", "видит око, да зуб неймет", "в ногах правды нет", "седина в бороду - бес в ребро", "человек предполагает, а Господь располагает", "насильно мил не будешь", "не все коту масленица", "лучше синица в руках, чем журавль в небе" ды інш.

Як адзначана ў анатацыі, рыхтуючы гэтае выданне, аўтар меў на мэце паказаць хараство, адметнасць і багацце роднай мовы ў галіне выслоўяў. Яно адрасуецца ўсім, хто імкнецца да чысціні сваёй гаворкі, да вобразнасці і трапнасці ў штодзённым маўленні. Асабліва карыснае будзе школьнікам, студэнтам і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.

Адначасова з названай кніжкай ў выдавецтве пабачылі свет яшчэ два выданні на гэтую тэму: двухбаковая лістоўка, якая таксама называецца "А як па-беларуску?", і маленькая брашура кішэннага фармату "125 папулярных выслоўяў. Падарожны даведнічак". Усе яны каляровыя, надрукаваныя на якаснай паперы, прадаюцца па невысокім кошце.

Пытайцеся ў крамах кнігагандлёвага таварыства "Белкніга".

Наш кар.


Да ведама сяброў ТБМ.

У сувязі з дэнамінацыяй прыводзім памеры складак у BYN:

10 рублёў у год - для тых, хто працуе,

5 руб. у год - пенсіянеры,

5 руб. у год - беспрацоўныя,

2 руб. у год - студэнты,

1 руб. у год - школьнікі,

грамадзяне РФ - 500 рас. руб.,

іншых краін - 10$ ці 10 еўра.

Сакратарыят ТБМ.


Памяць пра Яна Чачота

Ян Чачот - слаўны сын беларускай зямлі, першы сябар і паплечнік Адама Міцкевіча, паэт і збіральнік народных песень.

Сябры ТБМ г. Баранавічы сабраліся 9 ліпеня, каб ушанаваць памяць Яна Чачота. Ён нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы пад Наваградкам 7 ліпеня 220 гадоў таму, а значную частку свайго жыцця пражыў у Баранавіцкім краі. Назвы ягоных паэмаў гавораць пра гэта: "Калдычэўскі шчупак", "Узногі", "Мышанка". Нездарма сябры называлі Чачота - Ян з Мышы. Таму шанаваць памяць нашага знакамітага зямляка - абавязак для жыхароў горада.

Фэст у гонар Яна Чачота пачалі з ускладання кветак да ягонага бюста ў Новай Мышы, усталяванага ў 1996 г. з ініцытывы Міхася Берната, навуковага супрацоўніка краязнаўчага музея ў Русінах. Працягнулі святочную імпрэзу на сядзібе ТБМ у Русінах. Чыталі вершы Чачота, узгадвалі яго няпросты лёс. Міхась Бернат распавёў прысутным пра важную ролю рамантызму ў творчасці Яна Чачота і ягоных сучаснікаў: Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, іншых сяброў "Таварыства філаматаў і філарэтаў", таксама пра ўплыў рамантызму на станаўленне беларускай нацыянальнай свядомасці. Вершы Яна Чачота поўныя любові да Радзімы, спагады да простага люду, замілавання хараством роднай прыроды. У "Таварыстве філаматаў і філарэтаў" ён узначальваў літаратурны аддзел, што азначае прызнанне ягонага таленту сучаснікамі.

Музычную частку прадставіў Сяржук Доўгушаў - унікальны музыка, аўтар шматлікіх музычных праектаў: "Спеўны сход", "Vuraj" ды іншых. Сяржук расказаў пра музычныя інструменты, якія характэрныя для Беларусі. Прадставіў унікальны інструмент - колавую ліру, нямногія нават ведаюць, што гэта за інструмент, але гэта менавіта старажытны беларускі музычны інструмент. Напрыклад дуда ўжо папулярызавана дастаткова, каб грамадскасць пазнавала і прызнавала яе беларускасць. А вось колавая ліра яшчэ не адкрыта для нашых людзей, яшчэ чакае свайго зорнага часу. Сяржук падрыхтаваў песні на словы Яна Чачота і беларускія народныя песні, якія добра спяваць разам. Госці імпрэзы з задавальненнем спявалі беларускія народныя песні, а пасля канцэрту яшчэ доўга не адпускалі музыку, распытвалі пра экспедыцыі, у якіх збіраліся народныя песні, і будучыя музычныя праекты.

- Імя Яна Чачота вартае пашаны, - распавяла Анэля Камбалава, першы намеснік старшыні ТБМ, - я калі рыхтавалася да фэсту адчувала страшэнную нясправядлівасць, бо Адама Міцкевіча ведаюць і шануюць, а Чачот як бы застаецца ў ягоным цені, але вершы Чачота таксама таленавітыя і пранізлівыя, яны беларускія па сутнасці і зместу, яны напісаныя для нас. Я адчуваю неабходнасць выправіць гэтую несправядлівасць, тым больш, што Ян Чачот наш зямляк і гэтая неабходнасць кладзецца ў першую чаргу на нас.

Ян Чачот мусіць заняць сваё месца ў пантэоне герояў Беларусі. Ён пакутнік за Беларусь, яго лёс - прыклад жыцця для сучасных людзей, грамадзян Беларусі.

Наш кар.


Тры музы Ірыны Багдановіч

6 ліпеня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у рамках імпрэзы "Перакрыжуй мой летуценны быт", адбыліся сустрэча з беларускай паэтэсай, перакладчыцай і літаратуразнаўцам, кандыдатам філалагічных навук Ірынай Багдановіч і прэзентацыя яе новай кнігі "Залатая горка". На мерапрыемстве прысутнічалі работнікі і наведвальнікі бібліятэкі, сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" і сябры лідскіх арганізацый ТБМ.

Ірына Багдановіч мае лідскія карані, жыве ў Менску, працуе ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі. Сёлета, 30 красавіка, яна адзначыла свой 60-гадовы юбілей.

Новая кніга Ірыны Эрнстаўны "Залатая горка" вельмі аб'ёмная - у 400 старонак - і шматгранная па жанрах і тэматыцы. Паводле выразу самой аўтаркі, у ёй суседнічаюць тры музы: паэтычная, перакладчыцкая і літаратуразнаўчая. Чытач знойдзе тут і вершы, і пераклады, і артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры, і аўтабіяграфію самой Ірыны Багдановіч.

Паэзія аўтаркі ў кнізе прадстаўлена ў асноўным цыклам "Балтыйскія абразкі", створаным паэтэсай пад уражаннямі ад падарожжа ў 2012 годзе на востраў Готланд - выспу, дзе жыве дух Сярэднявечча, дзе па сённяшні дзень захаваліся велічны сабор XIII стагоддзя, старажытная мураваная цвердзь на ўзбярэжжы, дзе і ў нашы дні праводзяцца сярэднявечныя карнавалы і рыцарскія турніры. Асобныя вершы з "готландскага" цыклу Ірына Эрнстаўна зачытала перад прысутнымі.

У раздзел перакладаў трапілі творы такіх прадстаўнікоў польскамоўнай літаратуры XIX стагоддзя, як Антоні Гарэцкі, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Габрыэля Пузыня. Вядомы нам як паплечнік Адама Міцкевіча, збіральнік фальклору, аўтар вершаў пра беларускае сялянства Ян Чачот раскрываецца тут і як чалавек вельмі глыбокай хрысціянскай культуры, стваральнік свайго роду "паэтычнага катэхізісу". Глыбока веруючым чалавекам паказана і менш вядомая нам Габрыэля Пузыня. "Зараз я займаюся перакладам успамінаў Габрыэлі, - гаворыць Ірына Багдановіч. - У далейшым планую прадставіць яе багатую літаратурную спадчыну ў асобнай кнізе".

Літаратуразнаўчыя працы ў кнізе "Залатая горка" прадстаўлены артыкуламі аб паэзіі, прысвечанай вастрабрамскаму абразу, аб праблеме аўтарства паэмы XIX стагоддзя "Мачыха" і іншымі.

Гаворачы аб сваёй аўтабіяграфіі, Ірына Эрнстаўна адзначыла, што нямала цёплых успамінаў з дзяцінства звязана ў яе з Лідчынай. Нашы Нёман і Дзітву яна называе рэкамі свайго дзяцінства. Яркія ўспаміны назаўсёды засталіся і ад канікул у летнім лагеры ў нашай Белагрудзе (гэтыя мясціны настолькі запалі ёй у душу, што праз шмат гадоў і ўзяць шлюб са сваім мужам Ірына Эрнстаўна прыехала на Лідчыну, у Белагрудскі касцёл.

Бліжэй да заканчэння мерапрыемства слынны лідскі бард Сяргей Чарняк выканаў пад гітару песню на верш Ірыны Багдановіч "Млын" - музычны падарунак паэтэсе ад лідзян, падрыхтаваны спецыяльна да імпрэзы.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Як немцы прасоўваюць новыя тэхналогіі, і што робяць беларусы

Навіны Германіі

Шмат хто з беларусаў бываў у Германіі, Берліне. Таму не мае сэнсу засяроджваць увагу на відавочных адрозненнях краін, такіх як памер заробку, узровень жыцця і дарогі.

Сёння мы раскажам, як немцы прасоўваюць новыя тэхналогіі.

Што найбольш уражвае ў сённяшняй Германіі - гэта іхні падыход да карыстання энергіяй. Доля энергіі з альтэрнатыўных крыніц дасягнула 30% ад агульнага спажывання - як ад вугалю і АЭС разам узятых!

Калісьці размовы пра сонечную і ветравую энергію выклікалі толькі ўсмешку. Але на пачатку 2000-х стала зразумела: прадукцыйнасць сонечных і ветравых генератараў расце, а цана на такую энергію падае, і немцы пачалі ўсталёўваць іх паўсюдна. За 15 гадоў інвестыцыі ў альтэрнатыўную энергетыку Германіі склалі 200 мільярдаў еўра. Сума, дарэчы, не такая і гіганцкая, калі ўлічыць маштаб краіны. Затое на сёння ў гэтай галіне працуюць каля 400 тысяч чалавек.

- Усё пачыналі рамантыкі, але потым замест іх прыйшлі капіталісты, - сказаў мне адзін немец, які займаецца тэхабслугоўваннем ветракоў у Ніжняй Саксоніі. Пераход на ўзнаўляльныя крыніцы - не толькі ініцыятыва "зверху".

Нават простыя сяляне ў Германіі размяшчаюць на дахах дамоў сонечныя панэлі, каб быць незалежнымі ад дзяржавы і вялікіх кампаній. Што ў сваю чаргу робіць больш незалежнай саму дзяржаву.

Тут логіка простая: альбо мы купляем энерганосьбіты (у Расіі) і выводзім свае грошы з краіны, альбо вырабляем сонечныя панэлі ў сваёй краіне, прадаём іх сваім грамадзянам і пакідаем грошы тут. Так думае нямецкі ўрад.

Некаторыя буйныя гульцы на рынку альтэрнатыўнай энергетыкі ўжо ўсур'ёз кажуць, што традыцыйныя энерганосьбіты аджылі і што наспявае патрэба ствараць штосьці накшталт АПЕК ва ўзнаўляльнай энергетыцы.

Дарэчы, немцы скептычна ставяцца да атамнай энергетыкі, да якой беларусы толькі намацваюць шлях. Невялічкая краіна не можа дазволіць сабе рызыку новай Фукусімы ці Чарнобыля, мяркуюць яны. А з АЭС такая рызыка заўжды ёсць.

Пасля аварыі на "Фукусіме" ўрад Германіі са згоды ўсіх палітычных партый пастанавіў спыніць усе 17 атамных станцый. 8 з іх адключылі адразу ж, у 2015-м - яшчэ адну. Астатнія мяркуецца спыніць да 2022 года.

Другая прычына адмовы ад атамнай энергіі - гэта яе дарагавізна. Так, менавіта дарагавізна! Гэтак лічаць ашчадныя немцы. Яны не маюць свайго ўрану і, па іхніх прагнозах, адэкватная цана на ўран будзе трымацца яшчэ гадоў 30, пасля чаго скарачэнне запасаў гэтага рэчыва непазбежна зробіць яго вельмі дарагім. Да таго ж абслугоўванне атамных станцый таксама патрабуе велізарных грошай. Напрыклад, як арганізаваць бяспечнае пахаванне радыеактыўных адкідаў пасля закрыцця атамных станцый?

Па падліках экацэнтраў, усе выдаткі, звязаныя з закрыццём станцый і захаваннем адкідаў, патрабуюць каля 40 мільярдаў еўра, па некаторых разліках і ўсе 70. А на тое, каб пахаваць усе атамныя адкіды, спатрэбіцца каля 100 гадоў! Месца для могільніка яшчэ не знойдзена, бо насельніцтва, што жыве побач з прапанаванымі раней пляцоўкамі, выступае рашуча супраць такога суседства.

Нарэшце, распад ядзерных рэчываў складае сотні тысяч гадоў. І ўвесь гэты перыяд тэрыторыі пахавання давядзецца пільна ахоўваць. А гэта ўсё грошы наступных пакаленняў.

Арцём Гарбацэвіч,nn.by.


Дагонім і перагонім

Каля Наваградка працуе ветрапарк з шасці ветракоў. Ён можа забяспечыць электрычнасцю жылы сектар і ўстановы райцэнтра з трыццацітысячным насельніцтвам.

У "Гроднаэнерга" Свабодзе паведамілі: як мяркуецца, ветрапарк будзе выпрацоўваць за год 22 мільёны кілават-гадзін электраэнэргіі. Першы з шасці ветракоў пачаў працаваць пяць гадоў таму. Яшчэ пяць былі дастаўленыя летась у лістападзе. Да нядаўняй пары ветракі наладжвалі ды выпрабоўвалі, і сёння ўсе яны падключаныя да агульнай энергасістэмы.

Каля Наваградка ёсць яшчэ некалькі ветракоў. Іх паставілі прыватныя інвестары. Гэта ўстаноўкі меншай магутнасці, якія былі ў выкарыстанні за мяжой. У "Гроднаэнерга" патлумачылі, што раней куплялі ў прыватных уладальнікаў ветракоў энергію па падвышаным тарыфе. Аднак урадавай пастановай яго зменшылі, паколькі выкарыстоўваецца старое абсталяваньне, якое менш адпавядае экалагічным нормам.

У ваколіцах Наваградка плануецца паставіць яшчэ адзін вятрак - за кошт еўрапейскага крэдыту.

Каля Мядзела пачала працаваць найбуйнейшая ў краіне сонечная электрастанцыя магутнасцю 5,7 MW. Яна можа вырабляць 6,27 мільёнаў kWh электраэнергіі штогод - дастаткова, каб на гэты перыяд забяспечыць каля 3 тысяч хатніх гаспадарак.

"Гэта найбуйнейшая сонечная электрастанцыя не толькі ў Беларусі, але і ў рэгіёне, яна больш магутная, чым электрастанцыі ў краінах Балтыі, у Польшчы. Сучасная электрастанцыя забяспечыць моцную генерацыю і энергетычную бяспеку краіны. Уся электрычная энергія будзе падавацца ў беларускія энергетычныя сеткі", - кажа дырэктар кампаніі "Modus Energija" Мікалай Maтынюк.

З улікам закупачных цэнаў, прадугледжаных у законе Беларусі аб узнаўляльных крыніцах энергіі, можна выказаць здагадку, што сонечная электрастанцыя акупіць сябе на працягу 6 гадоў.

Новы аб'ект знаходзіцца побач з возерам Нарач. Тут на ўчастку 15 га абсталявана больш за 22 тысячы сонечных модуляў. Для таго, каб іх даставіць, спатрэбіўся 31 грузавік.

Паводле СМІ.

Такім чынам Беларусь робіць крокі ў тым жа кірунку. Але гаварыць пра нейкія працэнты ў агульным энергетычным балансе краіны яшчэ рана. Беларусь пры тым жа ўпарта будуе АЭС, а гэта крок у супрацьлеглым кірунку. Ну, але для нас гэта нармальны стан. Без кроку назад нельга зрабіць два крокі наперад.


Кіраўніцтва ТБМ на перадавой

Пікеты па зборы подпісаў за Алега Трусава

Першыя пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Алега Трусава кандыдатам у дэпутаты ў Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96 адбыліся 7, 10 і 11 ліпеня (дадаем здымкі Міколы Лавіцкага з пікета).

На наступных пікетах можна будзе паразмаўляць з самім Алегам Трусавым і падпісацца за яго.

Пікеты адбудуцца:

14 ліпеня з 17.00 да 19.00 па адрасе: г. Менск, вул. Варанянскага, 1А (каля крамы "Хэпі Хэнд" насупраць палаца Чыгуначнікаў);

18 ліпеня з 17.00 да 19.00 па адрасе: г. Менск, вул. Маскоўская, 17 (каля Акадэміі кіравання);

19 ліпеня з 17.00 да 19.00 па адрасе: г. Менск, вул. Маскоўская, 17 (каля Акадэміі кіравання);

21 ліпеня з 17-ці да 19-ці гадзін па адрасе: г. Менск, вул. Магілёўская, 12 (каля ўніверсама "Магілёўскі").

Жыхары гэтай акругі, пачынаючы з узросту 18 гадоў, могуць паставіць свой подпіс за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты па вышэйзгаданай акрузе старшыні ТБМ Трусава Алега Анатольевіча.

Гэта можна зрабіць у ліпені кожную сераду і чацвер у сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13, каля станцыі метро "Плошча Перамога" з 17.00 да 19.30.

Для таго, каб паставіць подпіс, з сабой трэба мець пашпарт.

Наш кар.


Адказ Старшыні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах аб адсутнасці беларускамоўнай версіі сайта камісіі

Нядаўна ТБМ даслала ліст у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, дзе запытвала пра адсутнасць беларускамоўнай версіі сайта камісіі. Далей можна цалкам прачытаць адказ ад Старшыні камісіі спн. Лідзіі Ярмошынай.


Старшыні грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Наконт Вашага звароту аб адсутнасці беларускамоўнай версіі афіцыйнага сайта Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў паведамляем наступнае.

Інфармацыя, размешчаная на інтэрнэт-сайце Цэнтральнай камісіі, адпавядае патрабаванням, якія прадугледжаны Палажэннем аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2010 г. № 645.

Пытанне аб размяшчэнні інфармацыі на беларускай мове можа быць разгледжана ў будучым.

Версія сайта на англійскай мове створана для замежных (міжнародных) наглядальнікаў, вялікая колькасць якіх традыцыйна прысутнічае пры правядзенні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

Старшыня камісіі Л.М. Ярмошына.


Да ўвагі выбаршчыкаў Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70, якая ўключае

Стаўбцоўскі і Нясвіжскі раёны

Усе жадаючыя, жыхары гэтай акругі, пачынаючы з узросту 18 гадоў, могуць паставіць свой подпіс за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па вышэйзгаданай акрузе першага намесніка старшыні ТБМ Анісім Алены Мікалаеўны.

Гэта можна зрабіць у ліпені кожую сераду і чацвер у сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13, (непадалёк ад станцыі метро "Плошча Перамогі") з 17.00 да 19.30.

З сабой трэба мець пашпарт.

Подпісы таксама можна будзе паставіць на пікетах, якія будуць арганізаваныя на тэрыторыі гэтай выбарчай акругі. Інфармацыю пра пікеты мы паведамім пазней.

Можна таксама паставіць свой подпіс у членаў ініцыятыўнай групы, якія збіраюць подпісы ў населеных пунктах Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў.

Дадатковая інфармацыя па тэл. 8-029-6616598.

Ініцыятыўная група па вылучэнні Алены Анісімкандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.


Сябрам грамадскага аб'яднаная "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Паважаныя сябры!

Галоўная задача ТБМ - адраджэнне беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці беларускага народа.

Кожны з нас, сяброў ТБМ, несумненна падзяляе занепакоенасць сітуацыяй, што склалася з беларускай мовай, пра гэта сведчыць сам удзел у грамадскай арганізацыі.

Для дасягнення задач, пастаўленых перад ТБМ, вамі абіраецца кіраўніцтва арганізацыі - ад кіраўнікоў раённага і гарадскога ўзроўняў да кіраўнікоў рэспубліканскай арганізацыі.

Са свайго боку, кіраўніцтва рэалізуе план мерапрыемстваў для дасягнення пастаўленых перад арганізацыяй задач.

Праца праводзіцца вельмі вялікая і складаная. Вы ўсе сутыкаецеся з дзяржаўным бюракратычным апаратам і ведаеце асаблівасці працы з ім. Большасць матэрыялаў па сваёй дзейнасці мы імкнемся выкладаць на партале ТБМ у інтэрнэце і друкаваць у газеце "Наша слова".

Кіраўніцтва ТБМ увесь час чуе ў свой бок скаргі на недастатковую працу ў кірунку адраджэння мовы, малую колькасць рэальных захадаў і г.д.

Сябры, ад невялікай колькасці актыву ТБМ мала чаго можна патрабаваць. Таму мы перыядычна звяртаемся з просьбай аб Вашай дапамозе. Бо ў некаторых выпадках некалькі лістоў ад арганізацыі не могуць паўплываць на вынік, але шэсцьдванаццаць тысяч лістоў, безумоўна, дадуць плён.

З пачатку 2016 года Менская гарадская арганізацыя ТБМ пачала перапіску з гіпермаркетамі, каб у іх адкрылі хаця б адну касу з беларускай мовай абслугоўвання, адказы былі стандартнымі: прынялі да разгляду, але нікому гэта не патрэбна, бо ў нас дзве дзяржаўныя мовы.

Далей быў зварот да Вас, сябры, каб кожны напісаў мінімум адзін ліст у падтрымку нашай ініцыятывы і даў зваротную інфармацыю. І вось ужо пайшоў другі месяц, але ад вас нічога няма.

І тут паўстае пытанне, ці патрэбна кіраўніцтву ТБМ арганізоўваць такія ініцыятывы, калі ад сяброў арганізацыі няма ніякай падтрымкі.

Сябры, па ўсёй краіне нас з вамі паводле апошніх звестак больш за шэсць тысяч чалавек, думаю, што напісаць адзін ліст (тым больш ёсць іх узоры) не складана і па грашовых выдатках, і па фізічных намаганнях.

Без дзейнай падтрымкі сваіх сяброў любая грамадская арганізацыя не можа дасягнуць пастаўленых перад ёю задач. Праявіце, калі ласка, больш актыўнасці да гэтай ініцыятывы і да наступных. І тады беларускай мовы стане болей у нашым з вамі штодзённым жыцці.

Спадзяюся на вашу падтрымку!

З павагай,

старшыня Менскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднаная

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Аляксандр Давідовіч.


Не бі сябе, вёска

Апавяданне

(Заканчэнне. Пачатвк у папярэднім нумары.)

Родзічы і мілыя аднавяскоўцы надта шмат сёння сцёбаюць яму па фізіі. Бруднымі анучамі. Мяккія словы, яшчэ мілейшыя ўсмешкі, апраўданні, а вынік адзін, родная вёска чужаніцца сына.

Да суседа Шнейдароўскага стукацца не спатрэбілася. Чатыры гады таму слуцкі адстаўнік купіў хату ў Рыгора Прышчэпы. Хата, сенцы, прыгрэбіца, пограб, сцёпка, хлеў, садовыя дрэвы, калодзеж, гараж - усё служыла стараннаму маёру за дачу. Шнейдароўскі стаяў на ганку.

- Анатоль Іванавіч, прашуся пераначаваць.

Не прамовілася пара фразаў, з сенцаў выплыла гаспадыня. Яна чула просьбу. Акінула дыпламат і пакет у вымазаных фарбаю руках потнага прыгальштучнага госця ацэнкім позіркам, знеаспрэчыла:

- Не можам, не крыўдуйце, не можам. - З той жа ветлай усмешкай: - Збіраемся заўтра на кватэру ў Слуцак. Уходжванняў і збораў па вушы.

Няма пытанняў, чаму не ідзе начаваць у недалёкую хату дваюраднага брата, суседзі ўжо зведалі характар і паводзінства Івана Бялько.

- Я не затрымаюся, рана прачнуся.

- Не, не. - Паміж мужам і жонкаю сузіркі ўзаемаразумення. - Выбачайце.

Аляксей Бялько хлестануты не дубцом адмовы - токам чарговага адлупа. Сярод палёў і лясоў усё добра, мілыя спагадныя вяскоўцы хутчэй адзавуцца на просьбу любога чалавека, асабліва земляка. Такое няраз чуў і сам мовіў. Сёння чацвёрты раз за вечар аднавяскоўцы плюнулі яму ў твар. Харкнулі цемраю этычнага пазбывання даўніннага, невуцтвам.

Боль ціскануў сэрца Аляксея Бялько. Кірпаносая жанчына яшчэ выціскала прабачэнні, шумнула на мужыка, чаго замёр слупам, а ўсарамотнены за лішніцу папрашайніцтва Бялько ўжо адыходзіў.

Даўно насіў тэрапеўт валідол у кішэні. Адкусіў кавалачак таблеткі, смактаў. Непадалёк хата, у якой часта штогод завіхаўся ў садзе і агародзе, з-за абшызоідналага брата цяпер у яе сцеражэцца ўвайсці. На сваёй вуліцы ў чатырох гаспадароў прасіўся пераначаваць; настаўніца, дзеці двух сваякоў і сусед зыходзілі з розных пазіцыяў, усе адмовілі. Традыцыйная беларуская гасціннасць, вясковая сардэчнасць ім да лямпы. Потым сыны Сяргея Бабурэвіча і Алены Чыжык будуць гаварыць, што не пазналі, не разабралі словаў Бялько, настаўніца і сусед таксама вышукаюць дадатковыя апраўданні.

Вясковым жмотным эканамістам мажліва думнулася, што вячэрні госць аб'есць іх, можа трэбла сказаць пра набытую на ўсю сям'ю вячэру.

Можна схадзіць на далекаватыя вуліцы да Бадановічаў, Куневічаў, Ярашэвічаў. Нікуды не пайшоў. Усё згадзела, ні ў кога болей падарэйніцца не стане. Няпрошаны госць - косць.

Чалавек не клыпаў па вуліцы, поўз. Пайшлі ў лепшы свет маці і бацька, зразу не стала радзіны на мілай Случчыне. Ёсць любая крэўшчынавёска, радзімны куток, а землякі, сваякі, аднавяскоўцы ў ёй зніклі. Запаўсюдзілі недамыслікі, п'янь, набрыдзь. Жывуць насельнікі. Ні традыцыі, этыкі, ні роднай мовы.

Ёсць толькі клады, адсюль Аляксея Бялько не выганяць, ніколі, ніхто. Помнікі і дрэвы заўжды яго вітацьмуць, калі б ні прыехаў, на Радаўніцу ці трошкі пасля, як сёння. Прыдурачная беларуская вясковая цемрань умее адно бедніцца, прытварацца, ліслівіць перад уладнікам і кожным удачным. Цемра сябе жрала, жрэ, будзе жраць.

Не звяртай на яе ўвагі. Кланяйся даўніне беларускай, святому язычніцтву, што б ні было. Цярпі, інваліды і пенсіянеры не тое церпяць. Табе адзін вечар пагэпалі па баках і мазгаўні, а вяскоўцы штодня зносяць удары камуністычнай сістэмы, змушванай люду паціху тупець. У вёсцы пад трыста хатаў, у чатырох гаспадары адважылі табе па мордзе, а выснову робіш пра ўсіх. Іншых вучыш і лечыш, а сам цёмны.

Не злуй на сваю вёску, не закіпай велькім гневам. Усё ўладзіцца, будзе нармальна, на адзін мінус у Вялікай Ігрушы - сотня плюсаў.

Бялько прадыбаў палову вуліцы, не бачыў садоў, святла ў вокнах, дворышчаў. Агаломшаны знячэўнасцю калектыўнай абразы не чуў ветру, похаладу.

- Вас я пазнаў. Добры вечар вам, - супыніў веласіпед Коля Мінчэня.

На прыніжана-паніклую просьбу Аляксея Бялько адвечны халасцяк шчыранька замітусіўся. Ён жыве адзін, у хаце не прыбрата, няёмка выказваць брудоцце.

- Прасіўся ў чатыры хаты. Не ўзялі.

Разгубленыя сардэчныя выбачэнні. Не-не, другім разам калі прыязджайце. На веласіпед малады бабыль не сеў, павёў у руках.

Аднавяскоўцаў ніколі не падставіш, не падвядзеш, калі ты кемкі, спагадны, дабразычны, часам іх за нешта папракаеш, то як сыноў, калі дапяклі, зарабілі папрокаў, усё адно іх на вякі цэніш. Так гаварыў і дзейнічаў доктар Аляксей Бялько усё жыццё. Сёння мілая, родная вёска ўбачылася з найгоршага боку.

Кожная тутэйшая кропля дажджу цямкая, кожнай мясцовай травіне і кроплі знавец афіцыйнай і народнай медыцыны кланяўся. Тут ён нарадзіўся і рос, землякі ў сэрцы і думках зажурботнага былі, ёсць, будуць.

А вялікаігрушаўцы нічым не абавязаныя нікому? Забылі, тысячагадовую язычніцкую сілу абавязаны цаніць любы чалавек і калектыў, жытло і месца; шанаваць веды мінуўшчыны і працягваць іх, служыць абярэгству вёскі, асцерагацца застацца без дапамогі старабытнай. Бо ператворышся ў траву, ліст.

У асобных землякоў пры размове на кладах пацікавіўся, чаму няма подпісаў на беларускай мове, калі ў вёсцы ўсе гавораць на ёй адной. Адказ тыповы для выканальных бяздумкіх недалужцаў: так у Слуцку пішуць; яны як усе; праваслаўныя папы за рускую мову; дасць начальства распараджэнне - будуць беларускамоўныя надпісы на помніках.

У хаўтурных выжальботваннях не камандзірыць старшыня калгаса, міністр. Усё ідзе ад сям'і, а ў вялікаігрушаўскай сям'і цяпер - як набяжыць. Яны як усе, а жыць хочуць не як усе - лепей, адметней.

Сам дзеіш, стараешся не растварыцца ў моры расейшчыны - не знікнеш, лепей жыцьмеш. Не думаеш пра гэта, другі пра цябе таксама клапатаць не стане, знікнеш порхаўкаю ў лесе.

… Праз тыдзень доктар Бялько ўранні прыехаў з Менска, дафарбаваў агароджу на магілах, пасля абеду паўторна фарбаваў. На вітанні ўведалых пра ўсё вяскоўцаў адказваў суха, суразмовіць ні з кім не меў часу.

* * *

"Мала часу, ды і прычыны вялікай няма на працяглую размову, таму пішу вам, паважаны сусед Анатоль Іванавіч, надзвычай сцісла:

1. Не перажывайце шмат, што адмовілі суседу ў прытулку на адну ноч. Вы маўчалі, а ваша жоначка выказалася з рускай бранскай кароткасцю і прамізной (ці не таму яе братам і сёстрам так млосна стала ва ўсіх рэспубліках СССР, дзяржавах свету). Яна мае сваю праўду. Яе і вас не асуджаю. Ёй і вам зла не жадаю. Жывіце спакойна і ўпэўнена, як дасюль, а мо' лепей. Калі зможаце.

2. Учора мне, ураджэнцу Вялікай Ігрушы, які няраз узносіў вёску, далі яснае пацвярджэнне аб'ектыўных вывадаў. Пяць (!) гаспадароў хатаў у 19-30 - 20-00 адмовілі пераначаваць земляку. На адну ноч. Парушылі адвечную беларускую прыкмету: памажы незнаёмцу з прытуллем, асабліва калі просьбітніка хоць трохі ведаеш. Праклятая аднапартыйная сістэма адвучыла асобных людзей памятаць і развіваць набыткі, быць гаспадарамі, самому рашаць; выпрацавала філасофію ірвача, раба - "той не гаспадар, каторы не ўмее красці пры савецкай уласці".

Цяперашняе ўладдзе, хоць і перабудоўнае, гарбачоўскае, яшчэ болей амаральнічае на ўсіх узроўнях, выбівае жаданне самааддана працаваць, пасамаахвярнічаць, разбагацець. У тым ліку Алене Чыжык, майму брату Івану, аднакласніку Сяргею Бабурэвічу. Ад незанятасці і пустаты існавання дзяцінеюць.

Астатнім чатыром адмоўнікам не буду пісаць, зашоранцам і траве не пішуць. Вам скажу: малайчынка вы і жоначка, вя-лі-кі-я адважнікі. Лёгка, адстаўнік, схопліваецеся накрыжкі з мінуласцю, не баіцеся мільёнагадовай адляцеласці, моцы прыкметы. Яшчэ раз паўтараю суседу нашай хаты: жывіце спакойна, шчасліўцеся пакуль можацца. Дасюль нічога ў вас не прасіў, дасць Бог, далей таксама золіцца да вас хоць з чым не буду.

3. Гарадскія верхагляды і пустальгі часам наіўнічаюць: у вёсцы народ добры, сходу адзываецца на праблему чалавека, асабліва земляка. Я ім адказваў: пажывіце ў вёсцы, паглядзіце яе і люд зблізку, тады неаспрэчна захапляйцеся. Трэйція злётна ганяць закарэлую нядумкую вёску, багата за што.

Учора вы ўсе пацвердзілі найгоршыя словы зласнюкоў пра вас, вёску.

4. Агароджу на магіле родных трэбла воцатам і газаю працерці, наждаком і металічнай шчоткай прадраць, кожны віток/узор загрунтаваць, двойчы пафарбаваць - вось і закапаўся. Схадзіў у магазін, купіў каўбасу, сыр, сок, хлеб, малако - і зноў на клады. Пераначую, заўтра ўпраўлюся з дафарбоўкаю. Пра начлег не турбаваўся, як жа, землякі, як жа, беларускі народ колішніцу, здавённе чуе, слуццакі не вырачэнцы ад сябе, даўніны.

Дарэмна не турбаваўся. У Слуцку не ўсё па-людску.

5. Суседзяў не выбіраюць, з імі не заядаюцца нават на драбніцу, таму я, невінаваты, выбачаюся перад вамі. Прабачце, што зайшоў на двор, папрасіўся пераначаваць. Толькі глядзіце, каб не асуджалі хворага суседняга мужчыну, майго брата, да якога я па вядомых вам і мне прычынах нават не пастукаўся ў весніцы.

Глядзіце, каб з якой прычыны, а то і без яе, пра вас не пачалі ўсюды талкаваць, шкадаваць. Як кажа Ігар Бадановіч, лёс бальней стукае асветных, аднак і цёмным дастаецца; мужычок жрэ і жрэ, чорным валом робіць і робіць, перад усімі паслухмяннічае, і вечна плача: яго такога харошага сустрэлі ўдары жыцця, змусілі рыдма рыдаць. Бо трэба не толькі каўтаць, прасіць, сеяць, а і спараджаць, адзывацца, радавацца просьбе да цябе. Сам цёмны, дык вучыся ў асветных. Не ты дапамагаеш просьбітніку, ты павінны ўдзячыцца, што ёсць мажлівасць абцяпліць, зрабіць дабро, пасабіць. Любому. Асабліва вартнаму. Сваяку і зямелю найперш.

6. Нядоўга цыбаў пехатою, галасаваў. Падабраў легкавік з Вялікай Ігрушы, хлопцам два кэмэ ў Лясішча, а падкінулі аж за Слуцак, на развілку. Аплаты не ўзялі, землякоў возяць бясплатна. Там прыватнікі на Менск плывуць часта.

7. Калі вам спатрэбіцца якая памога і я змагу - пасадзейню.

8. Родная вёска, свая вуліца, дзе вырас і якую часта хваліў, сёння дала мне пяць аплявушынаў. Самая вялікая з іх - вашая, найблізкія суседзі. Малайчыначкі.

9. Спадзяюся, не будзем уступаць у перапіску і перазвоньванні, тлумачэнні-ператлумачэнні, даказванне знячэўнасці, дабрыні, занятасці, негатоўнасці..."

Перачытаў пісьмо, хацеў дадаць рэзкія ёлкія словы атупеламу ад лёгкасці жыткі пры вялікай пенсіі павярхоўніку-салдафону. Нічога не дапісваў.

Ніхто ў адбылым не вінаваты, у кожнага свае матывы, хвілінныя, секундныя, не было часу падумаць пра заўтра, даўніну. А ў цэлым у Вялікай Ігрушы гучна і фанфарна абвясцілі пра пахаванне слуцкай адзыўлівасці. Прагучэла сімфонія пачатку забыцця і забіцця народнай бываляшніцы на Беларусі. Вёска сама біла сябе.

Пакуль расткі атупеласці прабіваюцца ў адной вёсцы, думаў доктар.

Вераемна, у суседніх гэтаксама. Едзе сын у сонечную цёплую раднюсенькую вёску, а выязджае з вёскі шэрай, бруднай, завэдзганай.

Прайшоў тыдзень, месяц, Аляксей Бялько з'апавядаў родзічцы пра ласку мілай Вялікай Ігрушы. Пра здаранае гідоцце на Случчыне акушэрка параіла нікому не казаць. Со-о-ра-мна. Вялікаігрушаўцам і нам, пенсіянерам. Цяперашняя вёска ў перабудоўны час пастаянна сябе не толькі зніжае - пастаянна б'е.

Аднапартыйнасць адняла ў чалавека ўласнасць, мажлівасць заможніць, самастойніць, а значыць, пачуццё годнасці, гонару, дапамогавасці. Аднапартыйнікі як не называй - камуністы ці аграрнікі, сацыялісты або народнафронтаўцы… - не могуць доўга справядліва кіраваць у дзяржаве, як не можа доўга беззаганным сядзець на седале старшыня калгаса і райвыканкама, міністр.

Не казаў Аляксей Бялько знаёмым пра майскую зганьбу роднай вёскі гадамі. Усё часцей працаваў у Гомелі, у дзіцячым радыяцыйным Цэнтры. Дапінаў Добрушчыны. Чым болей ездзіў доктар па вёсках, прымаў хворых, тым мацней пераконваўся ў дэградацыі занадта многіх беларускіх вясковых жыхараў. Дбаюць адно пра сёння, выракаюцца традыцыйня, беларускай мовы, фальклору.

Развучыліся да сёмага поту ўкалваць, раскурыліся, аблаянкаваліся, распіваюцца, песні на вуліцах зніклі. Дзяцей на вуліцах мала, дзесяцігодку замяніла дзевяцігодка. Вяскоўцам не да язычніцтва, ахвярнасці, годнасці, уласнага гонару і гонару Айчыны.

Думаюць, будуць карытнічаць, не бачыць неба і прошласць, мовы роднай і культуры, і ўсё ім сходзіцьме. Не, так не бывае. Перад растварэннем кожная сям'я і род, нацыя і дзяржава зведаюць пакуты зніжэння, сцёбы пекла ўжо тут, у зямным існаванні. Беларусу неабходна хутчэй азірнуцца на продкаў, суседзяў.

Раствараюць не беларускую мову - сябе. Начальнікі забудуць адвечнасць традыцыі - выкінуць з існавання планіды не адно сябе - род, нацыю. Садзейнічалыя такому растварэнню кіраўнічкі на Тым свеце пазайздросцяць чарвяку на распаленай патэльні. Не скажаш Там "я маленькі, выконваў, не меў мажлівасці паправіць памылку, меркавалася на лепшасць…"

Заслужанае тут атрымаеш Там, папоўніцы. За неасвету цёмных і малых, за аб'яданне коду і высілкаў прашчураў, за ўсё атрымаеш.

Думкі доктара Бялько паўтараюцца, множыцца цвёрдая і гнеўная ўпэўненасць пра вялікіх і малых, якія ў неаб'ёмнасці Тагасвецця пазайздросцяць, моцна пазайздросцяць чарвяку на распаленай патэльні.

… Лячыць народ беларускі патрэбна. Мажліва ўведы пра недарэкніцтва, утворанае ў навекі роднай Вялікай Ігрушы, разаб'е лёд зашэрхлых сэрцаў, не асобных, а большасці.

Не бі сябе вёска, ратуй сябе і люд родны. Ты, адна ты, надзея нацыі і дзяржавы. Не дай ім растварыцца.

Жнівень, 2012.

Валер Санько


Законы неба не адмяняюцца

(Нябесная Беларусь)

паэма-эсэ

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

* * *

Авохці мне! У прыкарытных паэтаў

Слёзы па Бацькаўшчыне -

Заўсёды склізкія слёзы.

* * *

Ну які ты паэт беларускі,

Калі дзеці і ўнукі твае

Беларускай грэбуюць мовай, але…?!.

* * *

Яны яшчэ прыкідваюцца

часам дурнямі,

А то - сляпымі і глухімі,

Каб на сябе не ўзяць якой адказнасці.

* * *

Паэт прадажны, паміраючы,

Шаптаў: "А дзе за смерць мне

Ганарар?!"

* * *

У большасці паэтаў-тутакоў

такая завядзёнка -

Няздатнымі лічыць

Адзін другога.

* * *

О нехлямажасць і

прыдуркаватасць "мілыя":

Адзін упаў на роўным месцы -

Другі з яго там радасна рагоча.

* * *

А як любяць яны латарэйныя гульні:

Заўсёды халяву любіў

Прымітыўны хітрун.

* * *

Адзін аднаго пад'ялдыкваюць

На прымітыве -

На гэтым базуецца гумар тутэйшы.

* * *

Шмат можна было б

пералічваць заганаў,

Але шкада часу і паперы,

Ды і ці мецьме гэта карысць.

* * *

Цікава, а ў царстве птушыным

Ці існуе такое -

Мовы сваёй выракацца.

* * *

А ў "год культуры"

Мову нашу родную

Шчэ больш "культурна"

стануць вынішчаць.

* * *

Нат і на дні пісьменнасці беларускай,

Не кажучы ўжо

пра дзень роднай мовы

Беларускага слова

ад начальнікаў - ані-ні.

* * *

Пазбаўлена правоў

дэ-факта мова наша,

Час надыходзіць і дэ-юра…

Трымаймася, змагаймася,

не падымайма рукі!

* * *

І "ЛіМ" і "Звязда" губляюць сябе,

А ўсё таму, што сядзяць на мове,

А не змагаюцца за яе.

* * *

Хто мову Айчыны сваёй

Не пакінуў,

Не пакіне і неба яго.

* * *

Няма у нябёсах сметнікаў, куды б

Які паскуднік мог бы выкінуць

Штось з беларускага

прыгожага пісьменства.

* * *

І помнік з надпісам на роднай мове -

Таксама ліст-пасланне

У Беларусь нябесную.

* * *

Прыцягальную сілу магніта

Мова мае ў нябёсах,

Але шлак і адходы зямлі яна не бярэ.

* * *

А хто Айчыну нашу, нашу мову

Зліквідаваць задумаў,

Ужо сам ён зліквідоўвацца пачаў.

VI. У небе, у самым небе…

"Но есть же и Небо - Идея Идей,

Пространство Пространств

и Времён Времена…"

(Е. Г.)

"Што ў небе ёсць над галавой,

Свіння не бачыла ніколі."

(Кандрат Крапіва.)

* * *

Побач з нябесным Ерусалімам,

Без межаў усялякіх,

Месціцца і нябесная Беларусь.

* * *

Што гістарычная Айчына наша ў небе

Пра гэта светлым, чыстым душам

І Сонца, і мірыяды зорак сведчаць.

* * *

Шляхі прамыя, але не напраломныя,

А больш - ахвярныя

З зямной ў нябесную Айчыну.

* * *

Чым больш на шчырасць

Цісне глеба,

Тым болей шчырасць

у неба ўздымаецца.

* * *

У нябеснай Айчыне нашай

Незлічоная колькасць храмаў,

брамаў, палацаў,

І "Пагоняй" усе яны ўпрыгожаны.

* * *

У небе, у самым небе,

У самай нябеснай Айчыне -

Ніякіх недасканаласцей.

* * *

Як пакутніца ад паскуднікаў,

У нябёсы Айчына ўздымаецца,

А ты думаў…

* * *

Дзе Чарнобыль кропку

сваю паставіў,

Адтуль адыйшлі, узняліся ў нябёсы

Душы рэк і азёраў, дуброў і лясоў.

* * *

Не перасаджваюць

гвалтоўна душы ў нябёсах,

Як на зямлі -

Пячонку, ныркі і нават сэрца.

* * *

Глянеш з нябёсаў уніз ва ўсе бакі -

І ўбачыш:

Усе людзі і ўсе народы -

ворагі адзін аднаму.

* * *

Тут стрэлкі гадзіннікаў

Не падпарадкуюцца нават Сонцу;

Сонца і сёння для многіх зямлян -

у Крамлі.

* * *

Няма ў небе "СБ - сегодня"

TV і радыё

з іх сягонняшнім кіраўніцтвам:

Яны ўнізе змагаюцца

з беларушчынай.

* * *

Цялесных тыпаў,

Адкормленых і гладкіх на іншых кошт

Не знойдзеш, не сустрэнеш там.

* * *

Не стрэнеш там і служак Божых,

Што пра выгоды

ўласныя клапоцяцца,

А самавыстаўляюцца

нібы пасланнікі ад Творцы.

* * *

А неба бывае яшчэ і такое,

Што падаюць з яго не на паверхню,

А ў цемрадзь - прорву зямлі.

* * *

У нябёсах няма пагрозаў -

Ад усходу - мангола-татарскай,

А ад захаду - ганашыстай бязбожна.

* * *

Хто здраджвае нябеснай Беларусі

На зямлі, -

Ідзе ў злавеснае небыццё.

* * *

Мы так глыбока ў зямлю зашыліся,

Што без нябёсаў

Не вярнуць Айчыну нам.

* * *

У небе, у самым небе,

Здараецца, наплываюць

жывыя аблокі;

Ды то не аблокі, а Духу выявы.

* * *

А як глянеш уверх:

Там - і Герадот, і Тацыт, і Мішле,

І Ластоўскі між імі.

* * *

Лышчынскі весела

спрачаецца-жартуе

У асяродку Кальвіна,

Сакрата і Скарыны,

І многіх іншых

адраджэнцаў-рэфарматараў.

* * *

А хто гэта там ідзе?!.

Вераніцын з "Тарасам…"

І з "Эніядай…" Равінскі!

* * *

А то Якуб Ясінскі

У Фермапілах між спартанцаў;

Цар Леанід яго вітае.

* * *

Ці то не Рэйтан Станіслаў

І Палах Ян,

Якія сваёй смерцю

Бацькаўшчыну ратавалі.

* * *

А гэта Каліноўскі і Тупак Амару,

І Шандар Пецёфі,

Свабодныя, пасмейваюцца

над расійскім і сусветным рабствам.

* * *

Тут ветліва, сардэчна сустракаюць

Нязломнага Альгерда Абуховіча

Сам Дантэ, Гётэ з Шыллерам,

і Байран, і Гюго.

* * *

А вунь Францішак Багушэвіч,

Удзячны Украіне за прытулак,

Пра беларушчыну Шаўчэнку мовіць.

* * *

І вунь жа ён

Развітваецца з Ажэшковай:

"Чаму не пішуць беларусы

на мове беларускай?!."

* * *

А гэта Магдалена Радзівіл з Завішаў

З Тарэсай Гардзялкоўскай

Вядуць размовы аб асвеце беларусаў.

* * *

Было б тут дзіўна

Не сустрэць

урад Рэспублікі народнай -

БНР.

* * *

А вось і Зоська Верас

Распавядае штосьці з захапленнем

Паэту - вечна юнаму Максіму.

* * *

А на памежжы паднябесся і неба

Вакол Ігната Грынявіцкага

Прабачліва і ўмольна

цары расійскія віюцца.

* * *

А вунь Вінцэнт Іванавіч

з дачкой Камілай -

Сямейнага патрыятызму прыклад -

З сузор'я Блізняцоў

углядаюцца ў краіну нашу.

* * *

А то спяшаюцца сустрэцца,

Быццам на зямлі,

Купала Янка з Коласам Якубам.

* * *

І нельга не заўважыць

Максіма Багдановіча

з Сяргеем Палуянам,

А з Ісікаву Такубоку

і Джакома Леапардзі.

* * *

Па духу тройцу тут прыемна бачыць:

Украінку, і нашу Цётку,

і Ларысу Геніюш…

І Габрыель Містраль да іх імкнецца.

* * *

Браты Луцкевічы - нашчадкі

Нашых мусульман-татараў

На беларушчыне

жыццё расплавілі сваё.

* * *

А то паэт цудоўны Паўлюк Трус.

Ён завяршае новую паэму

"Падмурак Бацькаўшчыны

ў нябёсах".

* * *

А вунь славуты наш празаік

Габрэй Змітрок Бядуля,

Хто палка заклікаў

быць беларусамі тутэйшых.

* * *

А ці не Дубоўка гэта

З яго вясновай песняй

Пра нечарнобыльскую Беларусь?!.

* * *

А дзесьці ў глыбі нябёсаў

Са Слуцка Ян Пятроўскі

Афінскай школы мудрасць спасцігае.

* * *

Па беразе Нёмна нябеснага

Кіруецца ў Кромані бок

Дух расстралянага расійскімі

бальшавікамі Янкі Нёманскага.

* * *

А гэта хто?!. А гэта Мележ

Чытае карэктуру новай сваёй кнігі

"У нябёсах людзі".

* * *

Адзін з апосталаў апошніх

праўды Быкаў,

Атросшыся

ад псеўдасябрукоў зямных,

З палёгкай далучаецца

да патрыётаў аднадумцаў.

* * *

А вось праміла гутарку вядуць

Рамантыкі, паэты, патрыёты

Скот Вальтар і Уладзімір Караткевіч.

* * *

Глядзі сюды.

Ды то ж Мікола Ермаловіч,

А побач з ім Міхась Ткачоў

І многа іх прыхільнікаў -

сапраўдных беларусаў.

* * *

А вунь і Баразна Лявон;

Ён барануе ў нябёсах глебу

Для будучых усходаў

беларускіх на зямлі.

* * *

А то славутыя акторы нашы

Юрый Авяр'янаў

і Дубашынскі Павел,

І безліч іх прыхільнікаў навокал.

* * *

Вунь грамада "безвинно убиенных",

Што "скрадзены" рэжымамі былі,

І сярод іх нямала беларусаў.

* * *

А гэта грамада татараў беларускіх,

Іх на чале Сцяпан Александровіч

І Якубоўскі з Канапацкім.

* * *

А там кангрэс музейшчыкаў сусветны

І сярод іх прысутнічае правадзейна

Навуковец Белы Анатоль.

* * *

А гэта мужны праўдалюб Наўроцкі

Алесь - паэт, празаік, доктар,

Зацкованы ўладамі

і іх літаратурнымі паслугачамі.

* * *

А ці не Содаль гэта

З прыемнаю усмешкай

і кніжкаю сваёй

Спяшаецца ў "Спадчыну"

ўжо нябесную?!.

* * *

Дух Цяпінскага,

Ясінскага і Каліноўскага,

Паўстанцаў Слуцкіх дух

Заўжды вітае годных беларусаў.

* * *

І добра адусюль відаць,

як Мураўёў-кат, вешальнік

З аднапляменнай сваёй хэўраю

Галовамі ўніз вісяць

і дрыгаюць чупрынамі.

* * *

Так, нябесная зорная музыка

Выпрамляе і лекуе душы

У адрозненні ад папсы,

што пануе ўсцяж на зямлі.

* * *

О музыка нябёс!

Адсюль натхняліся народы,

Адсюль жывіліся Бетховен, Моцарт,

і Тэраўскі, і Равенскі.

* * *

Без Галубка не будзе

Поўным неба беларускае…

А вунь і ён з тэатрам са сваім!

(Працяг у наст. нумары.)

Яўген Гучок


Вандроўка магілёўскіх сяброў ТБМ

Халоднай раніцай 5 чэрвеня наша грамада сяброў і прыхільнікаў магілёўскай арганізацыі ТБМ распачала сваю чарговую вандроўку. У гэты раз мы накіраваліся ажно ў Будслаў праз Зембін, Княгінін, Мядзел, Нарач і Крывічы. Першым нашым прыпынкам стаў Зембін, дзе знаходзіцца руіна Касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. З Зембінам звязаныя таксама імёны паэта Ізі Харыка (які тут нарадзіўся) і мастачкі Надзі Лежэ (Хадасевіч), чыя маці паходзіла з Зембіна. Наведаць музей Надзі Лежэ нам так і не ўдалося, але ў дарозе паслухалі цікавы расповед пра яе біяграфію і творчы шлях : звычайная жанчына з беларускай правінцыі здзейсніла сваю мару - трапіла ў Парыж і стала мастачкай (а потым і жонкай мастака Фернана Лежэ, якім захаплялася).

У Княгініне мы наведалі царкву Святой Тройцы, а ў Мядзелі - касцёл Маці Божай Шкаплернай ХVIII стагоддзя. Далей наш шлях ляжаў да Нарачы, дзе змаглі адпачыць, а хтосьці і паплюхацца ў яшчэ даволі халаднаватай нарачанскай вадзе.

У Крывічах нас чакаў касцёл Святога Андрэя Апостала, дзе знаходзяцца ўнікальныя фігуры Маці Божай і святых і фігура Збаўцы, якая лічыцца ў католікаў цудатворнай і была прывезеная з трынітарскага кляштара ў Антокалі. Там паслухалі і невялічкі расповед аб гісторыі ордэна трынітарыяў, які займаўся ратаваннем палонных і манахі нават аддавалі сябе ў рабства ў абмен на чужую свабоду.

Апошнім пунктам нашага падарожжа стал Будслаў і яго шыкоўны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе мы змаглі пабачыць не толькі асноўную частку аздобы, але яшчэ і памяшканне за алтаром і старадаўнюю скульптурную кампазіцыю са Збаўцам, святымі ды іншымі біблейскімі персанажамі.

Стомленыя, але задаволеныя мы вярнуліся ў Магілёў. Шчыры дзякуй Алегу Дзьячкову, Сяргею Дымкову і ўсім, хто спрычыніўся да нашай вандроўкі.

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


430 гадоў Сейлавічам

Вёсцы таксама трэба свята, трэба сяды-тады разагнуцца ад спрадвечных, як сама зямля, градаў. Сейлавіцкі сельсавет Нясвіжскага раёна ахвотна падтрымлівае ініцыятывы работнікаў культуры па адзначэнні дзён вёскі. 9 ліпеня свой дзень адзначылі Сейлавічы. Тут не вельмі падыходзіць слова "вёска", бо Сейлавічы спрадвеку складаліся з вёскі і засценка і разам іменаваліся сялом, а ў нямецкай кнізе "Erdbe-schreibung" за 1788 год названы Stadchen, што па-нашаму - мястэчка. Сейлавічы адзначалі сёлета 430-я ўгодкі першага пісьмовага ўспаміну, і вельмі радасна, што цераз такі тэрмін сяло не заняпала, пра што сведчыць і выдатны калектыў "Натхненне" мясцовага клуба, які вёў рэй на свяце, а дапамагала ім яшчэ адно "Натхненне" - з Заазер'я.

І трэба сказаць, што тутэйшыя жыхары аказаліся ўдзячнымі гледачамі, ахвотна пляскалі ў ладкі і не пакідалі свята да самага канца. І нават дожджык, які ўвесь час прымерваўся, падумаў і не пайшоў:

- Святкуйце, дарагія сейлаўцы, а я ночы пачакаю.

Наш кар.


Баяцца нават уласнай гісторыі

Даследчык і краязнавец Лявон Карповіч правёў першую прэзентацыі кнігі "Маё мястэчка Луна-Воля". Сустрэча адбылася ў родным мястэчку Лунна і сабрала некалькі дзясяткаў аматараў гісторыі з розных куткоў Гарадзеншчыны. Пра сустрэчу расказвае Лявон Карповіч:

- Прэзентацыю планавалі правесці або ў клубе, або ў школе, або ў бібліятэцы. Калі мой сябра звярнуўся ў сельсавет па дазвол, каб правесці прэзентацыю кнігі, выканаўца абавязкаў старшыні сельсавета сказала, што параіцца з галоўным ідэолагам раёна. Адказ быў: "Непажадана".

Разам з тым мясцовыя краязнаўцы высока ацэньваюць кнігу.

Язэп Палубятка:

- Кніга напісана выключна пра жыхароў мястэчка, пра іх лёсы, пра іх пакуты, пра жыццё ў розныя часы. І калі падобная кніга выйдзе ў кожным населеным пункце, то мы ўжо ніколі не забудзем, што яны існавалі на зямлі. У кнізе - амаль 300 старонак гісторыі мястэчка Лунна, і яна з'яўляецца міні-энцыклапедыяй жыцця ў зах.-бел. мястэчку.

Выданне з'явілася дзякуючы ініцыятыве Гарадзенская бібліятэка ў серыі "Краязнаўцы Беларусі".

Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX