Вярнуцца: 2016

№ 30 (1285)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1285), 27 ліпеня 2016 г.


Дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі

Пікет у падтрымку помніка літары "Ў"

Летам 2014 года ў Полацку разгарэўся скандал вакол помніка беларускай літары "У нескладовай" з-за пашкоджанага надпісу. Полацкія ўлады паабяцалі помнік рэстаўраваць і нават адкрылі рахунак для збору ахвяраванняў. Але да сёння так нічога і не зрабілі. 22 ліпеня каля помніка правяла пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Вольга Дамаскіна. Яе ініцыятыўная група зарэгістравана па Полацкай выбарчай акрузе №27.

- Абрала гэтае месца не выпадкова, - патлумачыла Вольга, - каб хоць неяк звярнуць увагу ўладаў на незадавальняльны стан гэтага ўнікальнага помніка.

Беларускае Радыё Рацыя.


"Не" - беларускай этнафілалогіі ў Беластоку

У гэтым годзе не будзе беларускай этнафілалогіі ў Беластоцкім універсітэце. У першым туры прыёму дакументаў на беларускую этнафілалогію заявы склалі 10 асобаў, з якіх толькі 3 выканалі ўсе фармальныя ўмовы. Улады ўніверсітэта кажуць, што гэта не дае надзеі на адкрыццё спецыяльнасці. Загадчыца кафедры беларускай філалогіі прафесар Галіна Тварановіч кажа пра неспрыяльную палітыку:

- Супраць тутэйшай беларусістыкі робіцца вельмі незычлівы крок. 11 ліпеня ва ўніверсітэцкіх навінах была змешчана інфармацыя пра тое, што адкрыецца набор на другі тур для некаторых спецыяльнасцяў, сярод якіх была і беларуская этнафілалогія. І вось 14 ліпеня прарэктар Галіцкі вывешвае такую інфармацыю. Дарэчы, са мной не параіліся, ніхто нават і слова не сказаў. Гэта цынізм.

Прарэктар Юры Галіцкі спасылаецца на аб'ектыўныя прычыны. Як ён кажа, досвед мінулых гадоў паказвае, што няма шанцаў на адкрыццё беларускай этнафілалогіі ў гэтым годзе. Па словах прарэктара, спецыяльнасць "Беларуская этнафілалогія" не закрываецца - гэта толькі спыненне прыёму ў гэтым годзе.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток.


255 гадоў з дня нараджэння Якуба Ясінскага

Якуб Крыштаф Ігнацы ЯСІНСКІ (24 ліпеня 1761, Венглеў Познанскага ваяводства - 4 лістапада 1794, прадмесце Прага, Варшава) - вайсковы і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай, генерал, інжынер і паэт; кіраўнік вызвольнага паўстання 1794 года на абшарах Вялікага Княства Літоўскага.

Паходзіў са шляхты. Скончыў Корпус кадэтаў (Рыцарскую школу) у Варшаве, з 1783 г. стаў у ім афіцэрам. У пачатку 1789 г. сфарміраваў корпус інжынераў войска ВКЛ (інжынерная служба арміі, 42 афіцэры і жаўнеры, у т.л. 20 мінёраў), прызначаны яго камандзірам у рангу падпалкоўніка; з 13 студзеня 1792 г. - палкоўнік. Удзельнічаў у ваенных дзеяннях войска ВКЛ у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 г. Летам 1793 г. увайшоў у канспіратыўныя групы ў Літве і Беларусі, якія рыхтавалі паўстанне. Належаў да радыкальнай групоўкі "віленскіх якабінцаў", узначаліў падрыхтоўку паўстання ў Вільні.

16 красавіка 1794 г. Якуб Ясінскі ўзначаліў паўстанне ў ВКЛ. 24 красавіка 1794 г. Вільня была вызвалена ад расійскіх войск, Ясінскі ўвайшоў у створаную Найвышэйшую літоўскую раду. 3 траўня 1794 г. ён быў прызначаны ёю камандуючым узброенымі сіламі ВКЛ. У траўні 1794 г. прадухіліў пагрозу заняцця Вільні расійскімі войскамі, якія 7 траўня 1794 г. пацярпелі паражэнне ад яго дывізіі каля вёскі Паляны ў Ашмянскім павеце. Большую частку яго дывізіі складалі сяляне. У 2-й палове траўня дывізія Якуба Ясінскага ўдзельнічала ў бітве пад Ліпнішкамі. Ясінскі арганізоўваў партызанскія экспедыцыі на тэрыторыю Менскай губерні. 29 верасня 1794 г. быў узнагароджаны Касцюшкам у Гародні пярсцёнкам "Айчына свайму абаронцу". Загінуў пры абароне Прагі, прадмесця Варшавы.

Вікіпедыя.


90 гадоў з дня нараджэння Вольгі Церашчатавай

Вольга Васілеўна ЦЕРАШЧАТАВА (24 ліпеня 1926, Лоеў - 30 сакавіка 1992, Менск) - беларускі мастацтвазнавец.

Да Вялікай Айчыннай вайны скончыла толькі няпоўную сярэднюю школу. Два гады жыла на акупаванай тэрыторыі, хавалася ад вывазу ў Германію. Калі ў 1943 годзе Чырвоная Армія вызваліла Лоеў, Вользе ішоў 18-ы год, яна запісалася ў разведшколу, вучылася на радыстку. Аднак, у тыл ворага не была закінута, бо фронт ужо перайшоў у Польшчу і без валодання польскай і нямецкай дзейнасць разведгрупы была немагчымай. Служыла радысткай у падраздзяленнях НКУС у Германіі. Пад час службы ў Германіі выйшла замуж за савецкага афіцэра і нарадзіла сына, але праз пяць гадоў сям'я распалася. Звольнілася са службы і пераехала з сынам у Менск.

Працавала сакратаром у апараце аддзялення гуманітарных навук АН БССР. Вучылася ў вячэрняй школе, каб атрымаць атэстат. Грошай на сябе, сына і аплату пакоя не хапала, таму падрабляла яшчэ і пашывам вопраткі на заказ. Паступіла завочна ў Маскоўскі тэкстыльны інстытут. Потым у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. У 1968 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па даваеннай беларускай кніжнай графіцы. З 1979 года загадчыца новастворанага Музея старажытнабеларускай культуры.

У канцы 1960-х разам з аднадумцамі на ўласныя сродкі арганізоўвала экспедыцыі па Беларусі для збірання помнікаў нацыянальнай культуры. Потым удзельнічала ў экспедыцыйнай дзейнасці Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Такім чынам пачалося стварэнне збору Музея старажытнабеларускай культуры.

Даследавала беларускае і старажытнабеларускае выяўленчае мастацтва. Аўтар манаграфіі "Старажытнабеларускі манументальны жывапіс ХІ-ХVІІІ стст." (Мінск, 1986).

Вікіпедыя.


Загінуў Павел Шарамет

У сераду раніцай 20 ліпеня ў выніку падрыву машыны ў Кіеве загінуў вядомы журналіст, ураджэнец Беларусі Павел Шарамет. Машына ўзарвалася на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка насупраць рэстарана МакДональдс.

Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Менску. Скончыў тры курсы гістфака БДУ. Затым паступіў на факультэт міжнародных адносін Беларускага эканамічнага ўніверсітэта. Дыпломная праца - афшорны бізнэс.

У 1994-1995 гадох быў аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы "Праспект" на Беларускім тэлебачанні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлежурналіст Беларусі.

З жніўня 1995 да жніўня 1996 года - галоўны рэдактар "Белорусской деловой газеты".

З верасня 1996 года - супрацоўнік тэлекампаніі ГРТ.

У 1998 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэта абароны журналістаў за ўнёсак у развіццё свабоды слова.

Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскага ТБ як "найлепшы рэпарцёр" 1999 года, фіналіст ТЭФІ-2001 у намінацыі "журналісцкае расследаванне" за фільм "Дзікае паляванне".

У 2002 годзе атрымаў прэмію Парламенцкай асамблеі АБСЕ "За журналістыку і дэмакратыю".

У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на два гады ўмоўна за рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы.

Быў заснавальнікам і каардынатарам папулярнага сайту "Беларускі партызан". У апошнія гады жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданні "Украінская праўда", быў вядоўцам на радыё "Вести".

Паўла Шарамета пахавалі 23 ліпеня ў Менску на Паўночных могілках побач з магілай бацькі.

Вечная памяць!


З інтэрвію ўкраінскаму сайту "Грамадскае радыё", якое Павел Шарамет даў напярэдадні сваёй трагічнай гібелі

Ларыса Дзенісенка: "Я 1, 2, 3 ліпеня наведала Беларусь, і 2 ліпеня там быў Дзень вышыванкі. Дарэчы, там ніхто не быў апрануты ў вышыванкі, як мы прывыклі. Хоць мы слухалі радыё, дзе чыноўнікі казалі, наколькі важна іх насіць. Але, што характэрна, журналісты вялі размову на беларускай мове, а ўсе адказвалі ім на расейскай. Чым гэта можна растлумачыць?"

Павел Шарамет: "Беларуская мова зразумелая ўкраінцам, але яны з яе смяюцца. Я заўсёды кажу сваім украінскім сябрам: вы ў адносінах да беларускай мовы паводзіце сябе так, як расейцы - у адносінах да ўкраінскай. Але што да вышыванкі, я не ведаю, каму дзякаваць - Украіне ці Пуціну. Напэўна, Пуціну, таму што пасля агрэсіі Пуціна ў Крыме і на Данбасе беларусы спалохаліся, і пачалося нацыянальнае адраджэнне пад кантролем дзяржавы. Георгіеўскія стужачкі замянілі яблыневымі стужкамі, з'явіліся вышыванкі ці, дакладней, "вышымайкі", таму што людзі асцярожнічаюць. Гэта такая выдумка, таму што "вышымайка" - гэта не вышыванка, а трафарэт на майцы, таму што вышыванку немагчыма купіць, і людзі, у асноўным маладыя, наносяць на майкі гэтыя трафарэты. І толькі цяпер вышыванкі ўваходзяць у моду.

Калі ў Кіеве на Маршы вышыванак людзі выходзяць у сапраўдных і вельмі прыгожых вышыванках - у мяне ёсць украінская вышыванка, белая па белым, гэта асаблівы шык - то ў Беларусі людзі, якія раней хадзілі ў вышыванках, лічыліся "дзівакамі", аматарамі гісторыі і фальклору. Але цяпер гэта ўсё мяняецца.

Ларыса Дзенісенка: "У Беларусі сёлета з'явіліся рэкламныя плакаты "Не саромейся размаўляць па-беларуску, беларуская мова прыгожая". Яны напісаныя дзвюмя мовамі."

Павел Шарамет: "Калі я толькі прыехаў ва Ўкраіну і спрабаваў размаўляць на ўкраінскай, то пастаянна ўжываў польскія і беларускія словы. А цяпер я часцей ужываю ўкраінскія словы, нават у эфіры амаль кожны дзень чытаю хвілін дзесяць на ўкраінскай якія-небудзь цікавыя тэксты. Гэта карава атрымліваецца, у мяне вельмі шмат памылак, але не трэба баяцца гаварыць.

Я таксама прасякнуўся гісторыяй братоў Капранавых, якія пачалі размаўляць па-ўкраінску толькі ў 90-х. А цяпер моладзі здаецца, што яны размаўлялі па-ўкраінску з дзяцінства. Але гэта не так. І яны напісалі цэлую інструкцыю аб тым, як рускамоўным вывучыць украінскую мову - на што звяртаць увагу, а што абмінуць. І я вельмі прасякнуўся гэтай гісторыяй. Я ж у прынцыпе магу не гаварыць па-ўкраінску ў эфіры, і нават не звяртаць увагі на закон, які прыняла Вярхоўная Рада аб 35 адсотках украінскага маўлення ў праймтайм. Але калі я жыў у Менску, а потым у Маскве, нягледзячы на тое, што я вырас у сям'і інтэлігенцыі, мы ніколі не размаўлялі па-беларуску, і ў нашым асяроддзі ніхто не гаварыў па-беларуску.

І калі прыйшла незалежнасць Беларусі, з'явіліся людзі, якія пачалі размаўляць пабеларуску. Я іх часам падазраваў у кан'юнктурнасьці, таму што да гэтага часу беларускія палітыкі ў эфіры гавораць па-беларуску, а па-за эфірам пераходзяць на рускую. Цяпер я прызнаю, што не меў рацыі. Сёння мне сорамна за такое снабісцкае, барбарскае стаўленне да роднай мовы. Гэта трагедыя, у Менску вы практычна не пачуеце беларускай мовы.

Тут жа, ва Украіне, людзі змагаюцца за родную мову, размаўляюць на ёй дома, некаторыя размаўляюць прынцыпова толькі па-ўкраінску. У Беларусі я прасіў людзей гаварыць са мной па-беларуску, каб я таксама мог уцягвацца ў мову, але яны ўсё роўна пераходзілі на рускую, таму што гэты культурны слой быў вельмі тонкі.

А тут - не, нават калі адзін будзе ў асяроддзі гаварыць на ўкраінскай, а ўсе - на рускай, ён усё роўна не пяройдзе на рускую.

Таму я памяняў сваё стаўленне да вывучэння моваў. Я абсалютна перакананы, што тут трэба гаварыць на ўкраінскай мове як мінімум з павагі да людзей, якія тут жывуць.

Андрэй Кулікоў: "Акрамя таго, гэта страшна цікава - шукаць адпаведнасці і адрозненні ў нашых мовах."

Павел Шарамет: "І не трэба баяцца. Чаму я публічна наладжваю сабе такую лупцоўку - чытаю на ўкраінскай мове? Хоць чытаць тэксты складана, бо мова кніг яшчэ больш складаная, чым гутарковая. Але я ўсё роўна настойліва чытаю гэтыя тэксты, паказваючы людзям, што баяцца не трэба.

Я лічу, што не страшна, калі людзі пераходзяць на суржык (у беларускай мове гэта называецца трасянка), гэтага не трэба баяцца, галоўнае - гаварыць. У беларускай мове таксама ёсьць некалькі версій - наркамаўка (савецкая версія беларускай мовы) і тарашкевіца.

Тыя ж браты Капранавы кажуць: "Не бойцеся рабіць памылкі, не звяртайце ўвагі на тых разумнікаў, якія вам гэтымі памылкамі тыкаюць ў твар. Нічога страшнага". Мы не жывём у грамадстве Нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры, мы жывём сярод простых людзей, і разумны вас зразумее, а дурняў не трэба слухаць, і наогул не трэба трымаць іх побач.

Андрэй Кулікоў: "Я даўно не быў у Беларусі, але калі быў і чуў, як гавораць мясцовыя жыхары, заўважаў, што акцэнту амаль няма, як і ў вас. А раней, каго ні вазьмі, усе "чэкалі" і "дзекалі"."

Павел Шарамет: "Я вылучаю беларусаў і жыхароў Казахстана па тым, як яны чыста гавораць на рускай мове. Яшчэ трошкі піцерскія людзі так гавораць, таму што правільна гучаць усе цвёрдыя зычныя, але гэта вынік русіфікацыі.

Яшчэ 10-15 гадоў пратрымаўся б СССР, і беларусы растварыліся б у рускім этнасе, а ўслед за імі - і ўкраінцы. Працэс адраджэння мовы вельмі цяжкі. У мяне ўсе менскія сябры пытаюцца, калі я ўжо загавару роднай мовай? Я адказваю, што хутчэй загавару ўкраінскай, таму што ўвесь час чую ўкраінскую мову: на вуліцы, у краме, у кінатэатры. І я ўжо на старце...

У Беларусі беларускай я не чую. І маладыя людзі, якія цяпер спрабуюць гаварыць на беларускай мове, здзяйсняюць подзвіг.

На радыё і тэлебачаньні ўсе гавораць па-беларуску, але гэтага не дастаткова, таму што гэтай мовы няма ў жыцці...

Андрэй Кулікоў: "Беларуская мова аб'ядноўвае ці раз'ядноўвае?"

Павел Шарамет: "У Беларусі няма падзелу на рэгіёны, як ва Украіне. Самы заходні рэгіён Берасце - вельмі прарасейскі, поўнач Віцебскай вобласці або поўдзень Гомельскай вобласці - прабеларускія. Усіх упартых, якія гавораць па-беларуску, мы называем "апантанымі" або "змагарамі". У майго прыяцеля жонка - лекар, і ў яе адзінай бэйджык быў на беларускай мове, а нядаўна яшчэ тры жанчыны захацелі зрабіць таксама. Таму ёсць шанец.

Вядома, мова - гэта не ўсё, калі мы гаворым пра любоў да радзімы, і ва Украіне рускамоўных патрыётаў не менш, чым украінскамоўных. Мы бачым, як на ўсходзе краіны змагаюцца за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў тым ліку і людзі, якія гавораць на рускай мове. Так і ў Беларусі.

Я спадзяюся, што цяга да роднай мовы ў Беларусі пад ціскам гісторыі і абставін не знікне. І дзякуй украінцам за тое, што праз Украіну я вярнуўся да сваёй роднай мовы.

Радыё Свабода.


УРОКІ УКРАІНСКАЙ

Апошні артыкул Паўла Шарамета

Мне сорамна, што я падазраваў беларускамоўных у няшчырасці ікан'юнктурнасці

Украінскі гісторык, нехта Расціслаў Мартынюк, публікаваў пост пра беларусаў, беларускіх турыстаў у Балгарыі, пра тое, як мы з вамі нізка трымаем галаву і стараемся не выдзяляцца з натоўпу турыстаў сваімі нацыянальнымі рысамі.

Я не люблю абагульненняў, таму тэкст Расціслава не цягне на сур'ёзнае сацыялагічнае даследаванне. Не да канца зразумеў аўтар характар беларусаў. Аднак нешта важнае і тыповае ў паводзінах беларусаў ён адразу адчуў.

Парадак у нас узведзены ў абсалют, і нам самім падабаецца, калі нас называюць, напрыклад, немцамі Усходняй Еўропы. Лукашэнку да пэўнага часу падабалася называць беларусаў "рускімі са знакам якасці".

Галоўнае, што кінулася ў вочы ўкраінцу і заўважаюць усе замежнікі, наведваючы Беларусь або размаўляючы з беларусамі дзе-небудзь, гэта тое, што мы, беларусы, страцiлi сваю родную мову.

Ніхто не размаўляе па-беларуску, а калі і размаўляе, то на яго глядзяць або з падазрэннем, або са здзіўленнем, рэдка - з сімпатыяй. Прынамсі, так было яшчэ нядаўна.

Маладыя людзі раз за разам спрабуюць паламаць гэты сталы парадак, яны пачынаюць размаўляць на беларускай, але потым сталеюць і пераходзяць на рускую. Як усе. Цяжка ж доўга быць белай варонай. Прыкладаў прыводзіць не буду, вы ведаеце такіх людзей не горш за мяне.

Мае менскія сябры зараз дзівяцца, што я шмат выкарыстоўваю ў штодзённым маўленні ўкраінскіх слоў і ўкраінскіх выразаў, што думкі свае я магу ўжо выказаць па-ўкраінску. Яны пытаюцца ў мяне, калі ж нарэшце я перайду на беларускую. Не ведаю…

У Кіеве я амаль увесь час знаходжуся ва ўкраінамоўным асяродку, а ў Менску нават лідары апазіцыі, адгаварыўшы ў эфіры на беларускай, у жыцці пераходзяць на рускую.

Пражыў бы Савецкі Саюз яшчэ гадоў 15-20 - і беларусы як нацыя цалкам растварыліся б у рускім этнасе. За імі сышлі б у цень гісторыі і ўкраінцы.

Лёс даў народам шанец захавацца. Ва ўкраінцаў гэта атрымліваецца лепш, у беларусаў - складаней.

З дзяцінства я быў аддзелены ад беларускай мовы правіламі нашага грамадства. Я вырас у добрай сям'і адукаваных людзей, навукоўцаў і чыноўнікаў. Але мы ніколі не размаўлялі на беларускай мове. Ніхто вакол нас не размаўляў на беларускай.

Потым, пазней, я сам быў адэптам ідэі, што не трэба навязваць людзям мову і пасмейваўся з упартасці тых, хто працягваў размаўляць на беларускай. Я падазраваў іх у няшчырасці і нават кан'юнктурнасці. Я і цяпер сцвярджаю, што сапраўднымі патрыётамі Беларусі могуць быць і людзі, якія не гавораць па-беларуску, як абараняюць Украіну рускамоўныя салдаты. Аднак сёння мне сорамна за тыя думкі.

Жыццё ва Украіне змяніла маё стаўленне да роднай мовы. Я ўсё часцей пераходжу на ўкраінскую, хай яна і гучыць у мяне карава, але я жыву ў украінамоўным асяроддзі. Спачатку вы кажаце па-ўкраінску з-за павагі да тых людзей, хто побач з вамі. Пасля гэта робіцца чымсьці натуральным.

Вы можаце не любіць ўкраінскую мову. У рэшце рэшт жыхары Львова ці Івана-Франкоўска таксама не любяць рускую. Але яны адказваюць вам на рускай, яны ведаюць рускую. Калі вы паляк ці рускі, то ніхто не павінен патрабаваць ад вас любові да беларускай мовы, але ў вас адкрыюцца дадатковыя магчымасці, калі вы загаворыце па-беларуску.

Ва Украіне, калі вы хочаце дасягнуць сапраўднага поспеху, то павінны разумець, гаварыць і пісаць на дзвюх мовах. Усе чыноўнікі там абавязаны мець зносіны па-ўкраінску. Калі-небудзь і ў Беларусі свабоднае валоданне дзвюмя мовамі (не веданне і ўменне прачытаць пару старонак, а менавіта валоданне і актыўнае выкарыстанне) стане нормай.

Я жыву ў Кіеве ўжо пяты год. Я не збіраюся мяняць грамадзянства і не ўдаю з сябе ўкраінца. Гэтага ніхто і не патрабуе. Але я бачу, як шмат людзей беражліва ставіцца да сваёй роднай, украінскай, мовы, што пачынаю і сам пераходзіць на ўкраінскую. Я ўжо амаль усё разумею, але яшчэ не кажу.

Я па раніцах вяду праграму на адной з украінскіх радыёстанцый і кожны дзень у эфіры чытаю па 10 хвілін на ўкраінскай мове. Я не баюся рабіць памылкі і выглядаць смешным.

Не бойцеся і вы, разумныя людзі вас зразумеюць і падтрымаюць, а дурням і тлумачыць нічога не трэба. Дурняў наогул не павінна быць побач з намі.

Нядаўна я быў у Менску, зайшоў у кнігарню і купіў падручнік беларускай мовы Галіны Мыцык. Не ведаю чаму, але проста вельмі моцна захацелася яго купіць.

belaruspartisan.org.


Тры гістарычныя эпохі ў адной кнізе

20 ліпеня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша "Паўстанчы дух". Гэта сёмая кніга аўтара. У ёй, грунтуючыся на шматлікіх, ужо раней друкаваных і архіўных матэрыялах, на пісьмовых успамінах удзельнікаў і сведкаў падзей, аўтар расказвае аб вайне 1812 года і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў у разрэзе Лідчыны. На прэзентацыі кнігі прысутнічалі работнікі бібліятэкі, краязнаўцы і проста тыя, каго цікавіць гісторыя Лідскай зямлі.

Спачатку некалькі слоў аб аўтары кнігі. Леанід Лаўрэш - аўтар каля сотні гістарычных артыкулаў, сямі кніг, заснавальнік і адміністратар першага ў Беларусі гістарычнага інтэрнэт-сайта - "Pawet". Дзякуючы шматлікім гістарычным працам Леаніда Лявонцьевіча вернуты з забыцця многія імёны ўраджэнцаў не толькі Лідчыны, але і ўсёй Гарадзеншчыны - дзеячоў навукі і культуры, прадстаўнікоў улады і духавенства, удзельнікаў грамадскіх рухаў і сацыяльных хваляванняў. Вядомасць Леаніда Лаўрэша як краязнаўца даўно перасягнула межы Лідчыны і нават Гарадзеншчыны.

- Задумка кнігі "Паўстанчы дух" узнікла ў мяне яшчэ ў 2010 годзе, на парозе юбілеяў трох падзей - вайны 1812 года (2012) і двух паўстанняў (2011 і 2013), - расказвае Леанід Лявонцьевіч. - Збіраючы інфармацыю, паглыбляючыся ў тэму, я вывучаў гістарычную літаратуру, працаваў у Гарадзенскім архіве, кансультаваўся з прафесійнымі гісторыкамі. Назву кнігі - "Паўстанчы дух" - падказаў мне лідскі краязнавец, паэт, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік.

Як адзначалася ў час прэзентацыі, апісваемыя ў кнізе падзеі - вызначальныя вехі гісторыі Лідчыны і ўсёй Беларусі XIX стагоддзя, барацьбы беларусаў за незалежнасць свайго краю. Развіццё той ці іншай гістарычнай падзеі паказана ад самага яе зараджэння да тых наступстваў, якія яна мела для Лідскай зямлі, для ўсёй Беларусі.

Асабліва падрабязна расказваецца пра падзеі паўстання 1863 года. Для Лідчыны гэтыя падзеі асацыююцца ў першую чаргу з імем Людвіка Нарбута - камандзіра першага на тэрыторыі Беларусі паўстанцкага аддзела тых часоў. Дарэчы, у аддзеле Нарбута змагаўся і бацька беларускай нацыі Францішак Багушэвіч (яго паўстанцкі шлях таксама паказаны ў кнізе). А ўвогуле, галерэя лідзян-удзельнікаў тых падзей у кнізе вельмі багатая.

Аўтар грунтуецца выключна на фактах і не выказвае, не навязвае чытачу свой асабісты пункт погляду на падзеі. У нарысах пададзены погляды розных бакоў канфлікту: расійскіх царскіх афіцэраў і чыноўнікаў - з аднаго боку, удзельнікаў і прыхільнікаў паўстання - з другога. Такім чынам, чытачу даецца матэрыял для супастаўлення, аналізу, роздуму.

А яшчэ - аўтар у сваім даследаванні не абмяжоўваецца толькі Лідчынай. Як адзначае аўтар прадмовы, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк, "дзеля лепшага разумення логікі развіцця падзеі … ім шырока выкарыстоўваюцца дадзеныя, што тычацца іншых, суседніх абшараў" (напрыклад, нарыс "Ашмянская разня" ў раздзеле "Паўстанне 1831 года", нарыс "Падзеі ў Гродне" ў раздзеле "Паўстанне 1863 г. на Лідчыне" і г. д.).

Дапаўненнямі да раздзелаў кнігі служаць трапныя эпіграфы, тэксты песень тых часоў, спісы маёнткаў, канфіскаваных ва ўдзельнікаў паўстанняў.

Кніга Леаніда Лаўрэша "Паўстанчы дух" ужо папоўніла фонды лідскіх бібліятэк. Электронны варыянт кнігі да канца бягучага года павінен з'явіцца ў Інтэрнэце. Удзельнікі прэзентацыі спадзяюцца, што яна, як і папярэднія кнігі аўтара, будзе запатрабавана чытачамі - у першую чаргу тымі, хто цікавіцца гісторыяй Лідскага краю, мінулым Беларусі.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Кожны народ мае ў сваёй гісторыі падзеі, якімі ён ганарыцца. На гэтых невялікіх па часе эпізодах мінулага выхоўваюцца новыя пакаленні грамадзян, яны ўключаны ў кантэкст дзяржаўнай ідэалогіі, на іх прыкладах фарміруецца гістарычная памяць народа. Не выклікае сумненняў, што падобнымі вызначальнымі момантамі айчыннай гісторыі ХІХ ст. былі нацыянальна-вызвольныя паўстанні і, у першую чаргу, паўстанне 1863 г.

У апошнія два дзесяцігоддзі незалежнай гісторыі Беларусі тэматыка падзей 1812, 1831 і 1863 гадоў пачала куды больш актыўна распрацоўвацца нашай гістарычнай навукай. За гэты час былі зроблены спробы іх новай ацэнкі і інтэрпрэтацыі, створаны некалькі абагульняючых прац па дадзенай праблематыцы, выдадзены шэраг зборнікаў па выніках тэматычных канферэнцый. Але нягледзячы на ўвесь паступальны рух наперад у вывучэнні гэтых момантаў нашай гісторыі, тут па-ранейшаму застаецца шмат "белых плямаў". Адным са спосабаў вырашэння тых пытанняў, што паўсталі на шляху вывучэння гэтых падзей, з'яўляецца распрацоўка рэгіянальнай гісторыі. Менавіта падобны падыход дазваляе нібыта праз павелічальнае шкло пабачыць тое, чаго зазвычай не відаць у акадэмічных выданнях і працах прафесійных гісторыкаў. Як вядома, на месцы бывае прасцей разабрацца з нейкай праблемай, убачыць яе спецыфіку, чым з далёкіх кабінетаў.

У дадзенай кнізе прадстаўлены нарысы гісторыі Лідчыны і яе жыхароў у барацьбе за незалежнасць свайго краю, супраць расейскага панавання. Аб'ектам аўтарскай зацікаўленасці былі абраны падзеі, звязаныя з вайной 1812 г. і паўстаннямі 1831 і 1863 гг.

Франка-расейскі канфлікт 1812 г. нельга лічыць нацыянальна-вызвольным паўстаннем у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Хутчэй за ўсё, ён трапляе пад дадзенае вызначэнне з пункту гледжання тых надзей, якія падарыла для жыхароў нашага краю гэтая падзея. Той энтузіязм, з якім многія суайчыннікі прычыніся да аднаўлення былой дзяржаўнасці, іх удзел у баявых дзеяннях дазваляе нам сёння паставіць гэтую падзею ў шэраг іншых, звязаных з барацьбой за незалежнасць.

Што тычыцца непасрэдна паўстання 1831 і 1863 гадоў, то аўтар не абмяжоўваў тэрытарыяльныя межы свайго даследавання выключна Лідскім рэгіёнам. Дзеля лепшага разумення логікі развіцця падзеі, вылучэння пэўнай яе тэрытарыяльнай спецыфікі і параўнання з іншымі землямі. Змест і, адпаведна, матэрыял кожнага з раздзелаў падпарадкаваны задачы ўсебаковага асвятлення развіцця таго ці іншага паўстання ад самага яго зараджэння аж да тых наступстваў, якія яно мела як для Беларусі ў цэлым, так і для Лідчыны ў прыватнасці.

Адным з несумненых дадатных бакоў дадзенага выдання з'яўляецца досыць шырока прадстаўленая галерэя лідзян - удзельнікаў тых падзей. На жаль, некаторыя з тых асоб сёння ў нас несправядліва забытыя. Таму іх прысутнасць на старонках нарысаў, невялікія біяграмы выглядаюць вельмі дарэчы.

У сваім бачанні таго, што адбывалася на Лідчыне ў тыя часы, аўтар далёкі ад ідэі манапалізацыі аднаго нейкага пункту гледжання на ўсе тыя падзеі. Адной з галоўных адметнасцяў нарысаў з'яўляецца прысутнасць у іх поглядаў розных бакоў канфлікту. З аднаго боку гэта расейскія афіцэры і цывільныя чыноўнікі царскай адміністрацыі, а з іншага - прадстаўнікі супрацьлеглага лагеру, мясцовыя жыхары. Асабліва каштоўнымі, на нашу думку, з'яўляюцца ўспаміны, у якіх характарызуецца тая абстаноўка, што панавала ў Лідзе напярэдадні выбуху паўстання 1863 г. У іх адлюстраваны не столькі палітычныя, колькі штодзённыя адметнасці тагачаснага жыцця гэтага горада і навакольнага рэгіёна.

Дадзенае выданне адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Лідчыны, а таксама мінулым нашай краіны.

А.Р. Радзюк, кандыдат гістарычных навук.


Лідскія майстры слова ў гасцях у вартавых мяжы

Сапраўдным днём паэзіі стала мінулая нядзеля ў Лідскім памежатрадзе. У рамках Года культуры памежатрад запрасіў у госці літаратараў - сяброў літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", каб яны выступілі перад вайскоўцамі тэрміновай службы. Суквеццеўцы запрашэнне з радасцю прынялі. Сустрэча іх з маладымі памежнікамі адбылася ў мінулую нядзелю, 24 ліпеня, у клубе вайсковай часткі Паўночнага гарадка, і прайшла яна ў цёплай, гасціннай атмасферы.

Спачатку кіраўнік літаб'яднання Алесь Хітрун коратка азнаёміў маладых вартавых мяжы з сучасным літаратурным жыццём Лідчыны, з дзейнасцю "Суквецця" і доміка Таўлая - месца сустрэч лідскіх літаратараў. Затым асобныя свае вершы зачыталі перад прысутнымі лідскія паэты Таццяна Сямёнава, Алесь Хітрун, Алесь Мацулевіч, Юлія Палякова. Гэта былі вершы і ваенна-патрыятычнай тэматыкі, і на гістарычную тэму, і пра каханне. У выкананні Таццяны Сямёнавай і Алеся Хітруна прагучалі таксама гумарыстычныя замалёўкі і карацелькі.

Сябруюць з "Суквеццем" не толькі тыя, хто сам піша вершы, але і тыя, хто выконвае песні на вершы іншых аўтараў, займаецца перакладамі альбо можа з артыстычным майстэрствам прадэкламаваць чый-небудзь твор. Так, песні на вершы беларускіх класікаў выканаў пад гітару бард Сяргей Чарняк, "Баладу пра беларускую школу" лідскага паэта Станіслава Судніка і кампазіцыю "Гэта каханне" з твораў Уладзіміра Маякоўскага і Жака Прэвера (ва ўласным перакладзе на беларускую мову) выканаў мастак-пастаноўшчык Лідскага народнага драматычнага тэатра Алег Лазоўскі.

Было бачна, што выступленні творчых людзей Лідчыны зацікавілі салдат-тэрміноўшчыкаў, сустрэча не пакінула іх абыякавымі, яны дакрануліся да мастацкага слова, атрымалі ўяўленне аб лідскім літаратурным жыцці, аб асобных лідскіх творцах.

Для гасцей-літаратараў пасля сустрэчы культарганізатарам Лідскага памежатрада Анастасіяй Яловік была праведзена экскурсія па ваенна-патрыятычным музеі часткі.

Аляксей МІХАЙЛОВІЧ.


Як немцы прасоўваюць новыя тэхналогіі, і што робяць беларусы

Навіны Германіі

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Якія яны, нямецкія аграгарадкі

Нямецкая вёска і беларуская - кардынальна розныя. Там няма калгасаў і "начальства". Кожны сам пра сябе дбае, але кожны і добра мае.

Немагчыма ўявіць, каб па нямецкай вёсцы боўталіся п'яныя рабочыя.

Тут вёска - гэта месца для жыцця. Шмат хто працуе ў горадзе, але багата і фермераў.

У кожнай вёсцы ёсць свой бар і гатэльчык, дзе ёсць і вайфай, і зычлівыя супрацоўнікі, і нумары, да якіх яшчэ не кожны гатэль у беларускім райцэнтры дацягне.

Імкліва развіваецца агратурызм. І не сказаць, што ўсе нямецкія краявіды прыгажэйшыя за нашыя. Проста немцы бяруць сэрвісам і павагай да кліента.

Граф

У Германіі не было пагалоўнага вынішчэння арыстакратычных родаў і іх уласнасці. Таму зайсці ў госці да сапраўднага графа ў ягоны маёнтак - звычайная справа. Прынамсі, аўтар пабываў у такіх гасцях.

Вядома, сёння арыстакратычны тытул не дае ніякіх выгадаў у жыцці, а побыт сучаснага арыстакрата не розніцца ад суседскага. Зрэшты, звычайны немец з сярэднім заробкам можа пабудаваць сабе дом раскошнейшы за старую сядзібку XVIII ст. Але справа тут у іншым - спадчынным духу. Прыналежнасць да роду ўскладае на ўсіх яго прадстаўнікоў адказнасць за лёс зямлі, дзе гадаваліся і працавалі іхнія продкі. Прынамсі, так мне казаў сам граф. А гэта тое, чаго вельмі бракуе беларусам.

Гарадское жыццё

Параўноўваючы дзве сталіцы - Менск і Берлін - можна сказаць, што яны нечым падобныя. Перадусім архітэктурна - невысокія будынкі ў цэнтры, жылыя кварталы на ўскрайках.

Што цікава, немцы так перарабляюць старыя савецкія хрушчоўкі, пабудаваныя за ГДР, што сёння яны добра ўпісваюцца ў гарадскую архітэктуру - іх прыгожа перафарбавалі ці змянілі планіроўку і дабудавалі звонку празрыстыя ліфты.

Такі падыход да горадабудаўніцтва і адсутнасць казарменнага мыслення і робяць Берлін прывабным. Тут ніхто не стане замалёўваць прыгожыя графіці, як гэта робяць у Менску.

Агулам жа маё ўражанне: Берлін і Германія па-ранейшаму квітнеюць. Усе росказні пра іх праблемы на нашым тэлебачанні - лухта. Немцы вельмі разумна і з думкай пра будучыню вырашаюць праблемы, якія перад імі паўстаюць.

Арцём Гарбацэвіч,nn.by.


У Іванаве ўстаноўлены сонечныя батарэі

На будынках раённай бальніцы і дзіцячай кансультацыі ў Іванаве ўстаноўлены сонечныя батарэі "Камфорт", якія прызначаны для падагрэву вады. Геліяводанагравальная сістэма куплена за мяжой, а вось манціравалі яе спецыялісты пінскага прадпрыемства "Аграмашдэталь".

Пры выхадзе на поўную магутнасць сістэма будзе поўнасцю забяспечваць бальніцу і паліклініку гарачай вадой. Батарэі, прымацаваныя на даху, экалагічныя і энергазберагальныя. Устаноўка выкарыстоўвае сонечную энергію для нагрэву цепланосьбіту, ад якога награваецца вада ў ёмістасцях.

Як расказалі ў бальніцы, праект рэалізаваны ў рамках дзяржаўнай праграмы энергазберажэння. Са сродкаў раённага і рэспубліканскага бюджэтаў на ўстаноўку затрачана крыху больш за 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Чакаецца, што сістэма акупіцца за пяць гадоў. Цяпер людзі, якія будуць кантраляваць работу абсталявання, праходзяць падрыхтоўку.

Святлана Яскевiч,Звязда.


Пікеты па зборы подпісаў за Алега Трусава

Шэраг пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне старшыні ТБМ Алега Трусава кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшоў у г. Менску на мінулым тыдні. У пікетах брала ўдзел і першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Наш кар.


НАКАЗ

тым, хто збіраецца стаць дэпутатам Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь

У незвычайна складаны, нялёгкі для Краіны час ідзе падрыхтоўка да чарговых выбараў у Нацыянальны Сход. Нягледзячы на ўсе свае бясконцыя абяцанні Прэзідэнту і ўрадам так і не ўдалося за больш чым чвэртку стагоддзя існавання суверэннай Рэспублікі Беларусь забяспечыць не на словах, а на справах "стабільную стабільнасць" у тэхналагічным і інтэлектуальным развіцці нацыі. Ідзе пагалоўнае эканамічнае і духоўнае збядненне людзей, за выняткам толькі пэўных катэгорый дзяржаўных апаратчыкаў, высокіх чыноўнікаў сілавых міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, некалькіх дзесяткаў паспяховых прадпрымальнікаў. Такая палітыка выклікае заканамернае незадавальненне беларускага народа сваім матэрыяльным і культурна-духоўным становішчам. А іншым яно ж не магло і не можа быць пры той палітыцы, якую праводзілі і праводзяць нашыя ўлады. Да прыкладу: дзе беларуская радыёэлектроніка, завод вылічальнай тэхнікі, радыё і тэлезаводы? Дзе з шумам абяцаны беларускі мабільны тэлефон для пенсіянераў і вяскоўцаў? Каб атрымаць аб'ектыўны адказ зрабіце экскурсію на завод Леніна (праспект Незалежнасці, 58), радыёзавод (вул. Чырвоная), станкабудаўнічы завод імя Кірава. Да ведама: праход на гэтыя аб'екты вольны.

Ад моманту ўтварэння суверэннай Рэспублікі Беларусь яе дзяржаўная машына амаль цалкам займаецца толькі сацыяльна-эканамічнай функцыяй, каб хаця не дапусціць татальнай галечы народа, а таксама нязменным ўтрыманнем улады ў руках тых, у каго яна знаходзіцца. Апошняе на выдатна ўдаецца палітыкам, а вось з забеспячэннем жаданага эканамічнага і тэхналагічнага росту, паляпшэннем матэрыяльнага дабрабыту народа праблем не змяншаецца. Мы цвёрда ўпэўнены ў тым, што галоўнай прычынай гэтай няўдачы з'яўляецца свядомае ігнараванне дзяржавай такой архіважнай для яе ва ўсе часы - і асабліва з паглыбленнем працэсаў сусветнай глабалізацыі - функцыяй, як нацыянальная мова і культура.

Этнічная мова - душа народа. Без роднай мовы, роднай песні, адукацыі на роднай мове народ становіцца нацыянальна пасіўным. Беларусаў свядома трымаюць у такім стане. Ствараецца шкодная "ідэалогія", што беларусы няздатныя на вялікія здзяйсненні, у тым ліку і ў культурна-тэхналагічнай і сацыяльна-эканамічнай сферах. Займацца ж нацыятворнай функцыяй палітычнаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь трэба з такой вялізнай адказнасцю, як аніводнай з іншых створаных на постсавецкай прасторы дзяржаў, бо на час распаду СССР беларусы, па віне партыйных і савецкіх органаў з'яўляліся яго найбольш зрусіфікаваным народам. У гэтых умовах роля Прэзідэнта і Урада лёсавызначальная для стварэння неабходных ўмоў для свайго самабытнага этнакультурнага развіцця. Прэзідэнцкая вертыкаль тут ні ў чым не дапамагла тытульнай нацыі. І самае страшнае, недаравальнае - не забяспечыла яе роднай мове статусу рэальна дзяржаўнай. Адсюль усе нашыя бясконцыя беды з рэзкім зніжэннем нацыянальнай самасвядомасці, дэградацыі беларускай этнічнай ідэнтычнасці. Зараз мы куды менш падобныя на адмысловую нацыю, чым чвэртку стагоддзя таму з-за сур'ёзных хібаў дзяржаўнай палітыкі. Беларусы на сваёй роднай зямлі практычна цалкам апынуліся па-за ўласным культурна-моўным асяроддзем (нівай). Яны сталі аратымі і сейбітамі чужога ім рускага культурна-моўнага поля.

Насуперак элементарнай логіцы палітыкі, якія ўлетку 1994 года прыйшлі да ўлады і сутыкнуліся амаль з поўнай адсутнасцю беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, што непазбежна вяло яе да смерці, не сталі карэнным чынам мяняць такое катастрафічнае становішча, спынілі эфектыўную беларусізацыю і пачалі суцяшаць народ варожымі байкамі, нібыта руская мова - гэта спрадвеку яго родная мова. А, як пераканаўча сведчыць сусветны досвед, са стратай роднай мовы немінуча гіне яе прыродны носьбіт - нацыя. Падтанцоўваючы ідэалогіі "русского мира", нашы гора-палітыкі сталі ўбіваць у галовы беларусаў несусветную хлусню, што яны - адзіны з рускімі народ. Палітыкамі, дзяржаўнымі ідэёлагамі не дапускалася аніякага публічнага аспрэчвання гэтых афіцыйных фальсіфікацый. У такой абсурднай сітуацыі спынілася на дзяржаўным узроўні рэгуляванне моўнага працэсу. Для абслугоўвання ўсіх сфераў афіцыйнага жыцця Прэзідэнт палічыў, што дастаткова адной толькі рускай мовы. І чвэртку стагоддзя таму і сёння толькі гэтай мовай і карыстаецца чынавенства, з якога бяруць прыклад усе катэгорыі службоўцаў. Як вынік такой заганнай палітыкі, сучаснае становішча беларускай мовы - аварыйнае, катастрафічнае. Праўда, не бязвыхаднае, калі да выпраўлення яго падысці па-дзяржаўнаму, а не самапасам. Вось таму мы і вырашылі гэтую без перабольшвання нацыянальную трагедыю давесці да розуму, да сэрцаў тых, хто будзе вылучацца кандыдатам у дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На сесіях усіх папярэдніх Нацыянальных Сходаў ніколі не ўзнімалася пытанне, як забяспечыць беларускай мове статус дзяржаўнай не толькі на словах, але і на практыцы. Калі станеце дэпутатамі зрабіце, шаноўныя, так наспелае выключэнне з такой нічым не апраўданай, супярэчнай святым беларускім ідэалам практыкі. Рашуча, настойліва патрабуйце ад высокага палітычнага кіраўніцтва краіны ўвядзення роднай мовы яе тытульнай нацыі ва ўсе сферы афіцыйнага жыцця і ў першую чаргу ў самыя верхнія эшалоны дзяржаўнай улады. Калі ж тут, як і сёння, будзе непадзельна панаваць руская мова, беларуская мова немінуча загіне, а разам з ёю і сам беларускі народ. Беларусы будуць мець перспектыву толькі ў сапраўднай нацыянальнай дзяржаве, дзе ва ўсіх сферах грамадскага жыцця вольна пануюць культура і мова карэннага народа - законнага гаспадара гэтай дзялкі еўрапейскай тэрыторыі.

Поспеху Вам у выратаванні самага галоўнага, самага дарагога, нічым не заменнага, унікальнага багацця любай Бацькаўшчыны - яе роднай беларускай мовы! Таму, хто няздольны на такі высокародны нацыянальна-патрыятычны вычын, лепш бы было устрымацца ісці ў дэпутаты. Нацыянальнаму Сходу Рэспублікі Беларусь патрэбныя не тыя, хто здольны толькі дагаджаць, нізка кланяцца высокаму палітычнаму кіраўніцтву краіны, а сапраўдныя прарабы, архітэктары нацыянальна-культурнага будаўніцтва, самаадданыя змагары за родную беларускую мову, яе шчырыя, актыўныя носьбіты. Мы разам з Вамі ўспомнім яшчэ незабытае, як дэпутаты мінулых скліканняў адседжвалі свой тэрмін "як мышы пад веннікам", іх не чулі і не бачылі ў грамадскім жыцці, яны амаль не мелі зносінаў праз сродкі масавай інфармацыі з народам Беларусі.

Жыць беларускай нацыі ў вяках у роднамоўным асяроддзі!

Леанід Лыч, прафесар. Мікола Савіцкі, прафесар.


Пікеты па зборы подпісаў за Алену Анісім

У нядзелю 24 ліпеня адбыліся пікеты па зборы подпісаў для вылучэння першага намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пікеты прайшлі ў Стоўбцах, Гарадзеі і Нясвіжы. У пікетах бралі ўдзел старшыня ТБМ Алег Трусаў, намеснік старшыні Дзяніс Тушынскі, старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч, сябры ініцыятыўнай групы і сама Алена Анісім. Пікеты выклікалі вялікую цікавасць у гараджан. Падчас пікетаў была сабрана пэўная колькасць подпісаў. Некаторыя прыязджалі спецыяльна з суседніх мястэчкаў, каб паставіць подпіс. Шмат хто пакідаў свае кантакты, бо не мелі пры сабе пашпартоў, але хацелі б падтрымаць вылучэнне кандыдатуры першага намесніка старшыні ТБМ.

Наш кар.


Хрысціянская моладзь пашырае дзейнасць сайта

6 жніўня будзе адзначаць 2 гады сваёй дзейнасці інфармацыйны хрысціянскі партал Кrynicа.info. За гэты перыяд ім скарысталася каля 1 млн. чалавек.

Сайт змяшчае навіны розных хрысціянскіх кафесій на Беларусі, аналітычныя матэрыялы, літаратурныя творы. Прэзентацыя дзейнасці сайта адбылася 29 чэрвеня ў памяшканні хрысціянскага каледжа ў Менску. На ёй прысутнічалі стваральнікі сайта і іх сябры. Вядоўцам сустрэчы быў каардынатар Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў Анатоль Шырвель, які падзяліўся вынікамі дзейнасці СХЖБ і партала, адзначыў, што за два гады Krynica.info наведалі каля 1 млн. чалавек, якія прачыталі каля 2 млн. старонак.

На фэсце ў Будславе мы пагутарылі з рэдактарам сайта Максімам Гацакам. Ён нарадзіўся ў Бабруйску, з 15-ці гадоў жыве ў Менску, вучыўся ў менскім ліцэі БДУ. Максім скончыў эканамічны ўніверсітэт, факультэт міжнародных бізнес-камунікацый, быў перакладчыкам, потым прыйшоў у журналістыку.

- Ідэя стварэння сайта "Крыніца" ўзнікла на сустрэчы хрысціянскіх журналістаў-блогераў у Беларускай асацыяцыі журналістаў. Мы стварылі сайт і вырашылі развіваць яго ў паўнавартасны партал. Мы зрабілі тры моўныя версіі: беларускую, рускую і англійскую. Сайт аб'ядноўвае вернікаў розных канфесій: католікаў, грэка-католікаў і праваслаўных Маскоўскага і Кіеўскага патрыярхату, хрысціян веры евангельскай, баптыстаў, вернікаў рэфармацкай царквы. На сайце размяшчаюцца матэрыялы па гісторыі, на сямейную тэму, навіны. Прысутнічае праваабарончая тэматыка, датычная хрысціянаў: пераслед з боку ўладаў у розных краінах, узаемадзейнасць паміж канфесіямі, пераадоленне непаразуменняў. Мы імкнёмся, каб людзі жылі ў міры паміж канфесіямі і вучыліся супрацоўнічаць адзін з адным на карысць агульных каштоўнасцяў.

Наша рэдакцыя не вельмі вялікая.Такія актыўныя аўтары як Вікторыя Чаплева, Дар'я Фаміна дапамагаюць развіваць сайт. Фатографы - Надзея Гацак і Павел Хадзінскі аператыўна перадаюць рэпартажы з падзей.

Група "Крыніца валанцёраў" арганізуе сустрэчы, імкнецца аб'яднасць розныя валанцёрскія групы ў арганізацыях і канфесіях, якія займаюцца супольнай справай. Вольга Севярынец, адказная за рубрыку "Крынічка", аб'ядноўвае маладых бацькоў, якія выхоўваюць дзетак і прывіваюць ім з маленства беларускую мову, рыхтуе да выдання вершаваную хрысціанскую азбуку.

Наша супольнасць праводзіць шэраг адукацыйных семінараў для супрацоўнікаў рэлігійных канфесійных сайтаў, пра тое, як правільна падаваць матэрыялы, каб яны былі больш чытанымі. Адбыўся шэраг сустрэч у розных гарадах Беларусі, звязаных з валанцёрскай дзейнасцю. За два гады прайшлі каля 30 сустрэч у абласных гарадах Беларусі, а таксама ў Баранавічах, Бабруйску, Полацку, Пінску. Ёсць матэрыялы, скіраваныя для тых людзей, якія жывуць у Польшчы.

Гутарыла Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымку: рэдактар партала Кrynicа.info Максім Гацак.


ПОМНІКІ САКРАЛЬНАГА БЕЛАРУСКАГА ДОЙЛІДСТВА Ў БССР

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

Вярнуць помнікам іх першапачатковае аблічча, прыстасаваць пад сучасныя культурна-асветніцкія ўстановы можа толькі навукова абгрунтаваная рэстаўрацыя. Сучасныя прынцыпы рэстаўрацыі вымагаюць не толькі ўмацавання і адбудовы помнікаў архітэктуры, але і актыўнага ўключэння іх у архітэктурную кампазіцыю новай забудовы нашых гарадоў і вёсак, прыстасавання да новых культурна-эстэтычных патрэбаў. Калі толькі ўмацаваць ці нават адбудаваць архітэктурны помнік і не вырашыць праблему яго выкарыстання, ён застанецца нерухомым музейным экспанатам. Каб шэдэўр дойлідства ці сціплы прадстаўнік радавой гістарычнай гарадской забудовы паўнакроўна ўвайшоў у наша сённяшняе жыццё, трэба надаць яму новую, сучасную функцыю, якая б не толькі падкрэсліла яго гістарычна-мастацкую каштоўнасць, але і адзначыла, узмацніла яе, надала ён новае эстэтычнае гучанне.

Такі прынцып атрымаў назву "рэваларызацыя", што азначае ў дадзеным выпадку адраджэнне згубленай ідэйна-эстэтычнай каштоўнасці. Рэваларызацыя ўключае цэлы комплекс работ па "ажыўленні" помніка: кансервацыю, навуковую рэстаўрацыю і актыўнае архітэктурнае прыстасаванне яго да сучасных патрэбаў грамадства. Менавіта прыстасаванне вызначае выбар сродкаў кансервацыі і рэстаўрацыі і, самае галоўнае, з'яўляецца сувязным звяном паміж мінулым і сучасным бытаваннем помніка. Прывядзём некалькі канкрэтных прыкладаў.

Спачатку завітаем у старажытны Полацк, дзе шмат розных архітэктурных помнікаў і ансамбляў. Адзін з іх ужо добра вядомы вам. Гэта - Полацкая Сафія. Зараз яна складаецца з двух помнікаў - XI і XVIII стст., і кожны з іх мае высокую мастацкую каштоўнасць. Таму навуковаму кіраўніку рэстаўрацыі архітэктару Валерыю Слюнчанку давялося вырашыць складаную задачу прыстасавання і музейнага паказу Сафійскага сабора.

Спачатку ў ім меркавалася размясціць рэспубліканскі музей гісторыі рэлігіі і атэізму. Але шматлікія экспанаты, уведзеныя ў цудоўны інтэр'ер XVIII ст., маглі засланіць яго мастацкія вартасці. Таму пасля шматлікіх спрэчак было вырашана зрабіць у саборы залу арганнай і камернай музыкі ў адпаведнасці з архітэктурна-археалагічнай экспазіцыяй рэштак будынка XI-XIII стст. Культурны слой таўшчынёй больш за 2 м, што залягаў пад падлогай XVIII ст., быў выняты да ўзроўню падлогі XI ст., а замест верхняй падлогі зроблена своеасаблівая столь на бэльках, пад якой утварыўся падземны музей старажытнай Сафіі. А каб глядач мог атрымаць большае ўяўленне пра пачатковы выгляд помніка, на яго фасадах былі зроблены зандажы, у якіх відаць старадаўняя муроўка. У інтэр'ерах адкрыты і замацаваны рэстаўратарамі некалькі фрагментаў старога фрэскавага роспісу.

Канцэртная зала, арганічна ўключаная ў інтэр'ер XVIII ст., дазваляе лепш адчуць архітэктуру позняга барока, дзе музыка, святло, колер, форма і прастора існуюць у непадзельным адзінстве. Цяпер у будынку Полацкай Сафіі па вялікіх святах адбываюцца праваслаўныя набажэнствы.

Адначасова з адбудовай Сафіі ў Полацку пачалі аднаўляць помнік класіцызму - Богаяўленскую царкву, дзе была адкрыта гарадская мастацкая галерэя, часта тут гучала і класічная музыка. Цяпер будынак вернуты беларускай праваслаўнай царкве.

Побач са славутай Спаса-Праабражэнскай царквой у канцы XIX ст. быў узведзены велізарны гмах праваслаўнага сабора ў псеўдавізантыйскім стылі. Нягледзячы на высокі ўзровень будаўнічай тэхнікі, пабудова ўвабрала ў сябе ўсе адмоўныя рысы архітэктуры гэтага кірунку: эклектычнасць запазычаных формаў, сухую прамалеўку дэталяў, а яшчэ - адсутнасць пачуцця меры, поўную дысгармонію з больш ранейшымі будынкамі манастыра. Але помнік не перастае быць помнікам толькі таму, што ён не адпавядае сённяшняму мастацкаму густу. Пасля рэстаўрацыі ён зноў стаў дзейным храмам.

У 70-80-я гады мінулага стагоддзя беларуская інтэлігенцыя выступіла ў абарону сваёй гістарычнай спадчыны. У выніку гэтага змагання ўдалося захаваць гістарычныя цэнтры Менска, Магілёва, Гародні і іншых гарадоў. Былі створаны ўмовы для падрыхтоўкі сваіх навуковых кадраў.

Вынікі раскопак і даследванняў помнікаў XIII - XVIII стст., распачатых у канцы 60-х гадоў, надрукаваныя ў асноўным у працах Міхася Ткачова, Марыяны Малеўскай, Зянона Пазняка, Ігара Чарняўскага, Алеся Кушнярэвіча і аўтара артыкула. Яны значна дапоўнілі раздзелы гісторыі архітэктуры Беларусі, прысвечаныя фартыфікацыі, гатычнай, рэнесансавай і барокавай архітэктуры.

З 1977 г. вывучэнне помнікаў архітэктуры ХІІ - ХVІІІ стст. праводзілі археолагі інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя". У першую чаргу даследаваліся беларускія замкі (Стары замак у Гародні, Крэўскі, Заслаўскі, Смалянскі, Любчанскі, Гальшанскі), храмы і манастыры (Прачысценскія і Каложскія цэрквы і былы фарны касцёл Вітаўта ў Гародні, Барысаглебская царква ў Наваградку, Благавешчанская ў Віцебску, Мікольская ў Магілёве, Пінскі езуіцкі калегіюм, кляштар францысканцаў у Гальшанах) і грамадскія будынкі (магілёўская, менская, нясвіжская і віцебская ратушы, гандлёвыя рады ў Менску, палац Агінскага ў Залессі, мураваная забудова ХVІІ - ХVІІІ стст. у Гародні, Магілёве, Берасці і Мсціславе).

У працэсе абследавання помнікаў была вывучана гісторыя развіцця тэхнікі каменнай муроўкі, эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі (фасадныя пліткі і кафля).

Вялікую работу за апошнія 50 гадоў правялі мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускай архітэктруры. Некалькі прац па гісторыі старажытнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і архітэктуры надрукаваў Міхаіл Кацар. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чантурыі праведзены абмеры помнікаў беларускага дойлідства і абследаваны гістарычныя цэнтры ў цэлым шэрагу гарадоў краіны. Ён аўтар некалькіх падручнікаў і манаграфій па гісторыі беларускай архітэктуры.

Тамара Чарняўская прысвяціла манаграфіі помнікам старажытнай і сучаснай архітэктуры Магілёва, Віцебска і Менска (апошняя ў суаўтарстве з Аленай Пятросавай). Драўлянае дойлідства беларускага Палесся добра пададзена ў кнізе Юрыя Якімовіча. Цікавую працу пра архітэктуру палацаў і старадаўніх сядзіб XVIII - пачатку XIX ст. напісаў Анатоль Кулагін. Сумесна з Валянцінай Караткевіч ён выдаў кнігу аб помніках Слоніма. Пяру даследчыка належыць таксама капітальная манаграфія, прысвечаная беларускаму ракако. Разнастайнае ўбранне інтэр'ераў можна ўбачыць у каляровых альбомах, складзеных Надзеяй Высоцкай. Пра фрэскавы жывапіс ХІІ - ХVIII стст. вядзецца гаворка ў кнігах В. Церашчатавай і А. Сяліцкага.

Некалькі манаграфій, прысвечаных абарончаму беларускаму дойлідству, надрукаваў Міхась Ткачоў. Культавая архітэктура Беларусі ХІІІ -ХVІ стст. добра апісана ў кнізе Алеся Кушнярэвіча. Выдавецтва "Полымя" выпусціла серыю брашур (серыя заснавана ў 1989 г.) пад рубрыкай "Помнікі беларускага дойлідства".

І. Слюнькова ў сваёй кнізе "Архітэктура гарадоў Верхняга Прыдняпроўя XVII - сярэдзіны XIX ст." падрабязна разгледзела планіроўку і забудову беларускіх гарадоў эпохі барока і класіцызму на тэрыторыі Усходняй Беларусі. Яе апошняя фундаментальная праца прысвечана архітэктуры беларускіх манастыроў і кляштароў.

Пра беларускія мячэці спецыяльную кнігу надрукаваў А. Лакотка. Ён выдаў у акадэмічнай серыі "Беларусы" манаграфію пад назвай "Дойлідства", а таксама кнігу "Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры".

Вялікім унёскам у справу вывучэння і аховы нашай архітэктурнай спадчыны з'яўляюцца сямітомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", пяцітомная "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі" і энцыклапедычны даведнік "Архітэктура Беларусі". У 1994 г. завершана шасцітомнае выданне "Гісторыя беларускага мастацтва". Разбураным помнікам нашага дойлідства прысвечаны зборнік "Страчаная спадчына", што выйшаў у 1998 г.

У 1988 г. сітуацыя ў СССР і БССР у адносінах рэлігіі, кардынальна змянілася. Кіраўніцтва СССР дазволіла афіцыйна адсвяткаваць 1000-годдзе хрышчэння Русі, спынілася ваяўнічая атэістычная прапаганда, вернікам пачалі вяртаць забраныя храмы і дазволілі будаваць новыя.

За першыя гады адноўленай беларускай незалежнасці вернікам Беларусі былі аддадзены сотні бажніц і пачалося актыўнае іх аднаўленне. Былі адбудаваныя такія ўнікальныя помнікі нашага дойлідства, як, напрыклад, царква ў в. Сынкавічы, царква ў в. Мураванка, касцёл св. Варвары ў Віцебску, касцёл св. Андрэя ў Слоніме, брыгіцкі касцёл у Гародні, сабор ІІятра і Паўла ў Гомелі.

Цяпер у Беларусі каля 1500 культавых пабудоў і храмаў, звязаных з праваслаўнымі вернікамі, і каля 500 - з католікамі. Унікальная ў гэтым сэнсе царква ў вёсцы Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна, бо ўяўляе сабой трохкутнік з алтаром у цэнтры і мае тры ўваходы: для праваслаўных, католікоў і грэка-каталікоў. Такіх храмаў больш няма не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе.

Таксама дзейнічаюць уніяцкія храмы і бажніцы розных пратэстанцкіх кірункаў. Акрамя хрысціянскіх храмаў функцыянуюць таксама мячэці і сінагогі.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук


Законы неба не адмяняюцца

(Нябесная Беларусь)

паэма-эсэ

(Заканчэн. Пач. у папяр. нумарах.)

* * *

У каго няма Айчыны на зямлі,

Сваю гаротнасць аніколькі

Ён не ўяўляе.

* * *

Дзеці і ўнукі!

Пакайцеся за бацькоў і дзядоў,

Што Радзіму з імпэтам збаёдвалі.

* * *

Праз абразанне здрады ў душы

Адкрыецца і табе

Твая нябесная Айчына.

* * *

Ніколі не стаць дываном-самалётам

Таму, аб што ногі заўжды

Выціралі і выціраюць.

* * *

Народжаныя пад Сатурнам

Могуць пазбыцца дыягназу гэтага,

Калі дбаць пра Дух пачнуць.

* * *

Калі не рабіць нічога,

дык нічога і не будзе;

Змагаймася за Айчыну нашу,

І нас не абыдзе ўвагай неба.

* * *

Толькі праз працу і праз ахвяру

Чакае нас выйсце

Ў нябесную Беларусь.

* * *

Не трызні пра канец шчаслівы,

Трымайся светлага пачатку -

І шчасце цябе знойдзе.

* * *

Калі сёння месца няма ў Беларусі

"Старадаўняй Літоўскай Пагоні",

Ведай: яна не знікла.

Яна з неба глядзіць на нас.

* * *

Як сувязь, як напамінак

Аб нашай нябеснай Айчыне

Днём - Сонца і кветкі,

а ноччу - Месяц і зоркі.

* * *

Зямля - не подыум,

Зямля - рэнтген;

І сутнасць кожнага

тут выяўлена будзе.

* * *

Ды згіне баязліва-замшэлае "Я";

Жыве хай

Светлае, смелае "Мы"!

* * *

Даўно б Беларусь адбылася б тут,

Каб з усіх яе гоняў, абсягаў усіх

Рушыў люд да слуцкіх паўстанцаў.

* * *

Беларусы, каб годнасць адчуць

І неба пачуць,

Хопіць адзін аднаго ненавідзець!

* * *

Дарэмна радуецеся! Беларусь жыве!

Дарэмна сябе супакойваем!

Змагаймася і працуйма!

* * *

Усіх, усё і ўся,

Як і заўжды, сягоння

Не запалохвае; папераджае неба.

* * *

А хто і што ўратуе нашы душы,

А хто і што праторыць

у нябёсы шлях?!.

Сапраўдныя веды, сапраўдная вера!

* * *

А што то за веды?

А ў чым тая вера?

У служэнні Айчыне і Творцу!

* * *

Айчына, ты была на зямлі

калісьці ад мора да мора,

Дык жа будзь у Сусвеце

Ад бясконцасці да бясконцасці.

* * *

Не з-пад ілба

Чакаюць нашых позіркаў

У нябеснай Беларусі.

* * *

Не знікла, не знікла Пагоня,

Яна ў Сусвеце з Пегасам разам

І з ім жа разам углядаецца

ў зямную Айчыну нашу.

* * *

Так, і з Рэспублікай Беларусь,

апроч яе магільшчыкаў,

Узнясенне кожнаму гарантавана

У нябесную Айчыну нашу.

* * *

Сцеражыцеся ценяў

Сталіна, Кагановіча,

Салжаніцына

І іх папярэднікаў, і паслядоўнікаў.

* * *

Ды што Ахматава з Цвятаевай

У параўнанні з Геніюш Ларысай,

Прынамсі, для Айчыны нашай.

* * *

Ды толькі доўга многія тутэйшыя

Не ведалі сцяжынку ў Зэльву,

А кіравалі погляды свае

ў Маскву і Ленінград.

* * *

А ці адзін Сусвет,

а ці адно ў небе неба,

Бы Нёман праз зямную Беларусь,

Айчына наша і ў Сусветах месціцца.

* * *

Частка Айчыны нашай нябеснай,

Бы Няміга, бы Курапаты

Напамінам бруіць

і да часу маўчыць пад зямлёй.

* * *

Штодня Беларусь памірае,

Штодня яна і нараджаецца…

Жывуць тут беларусажэрцы,

але жывуць і патрыёты.

* * *

Пакуль не кане ноч -

Глухая, палітычная -

Пакінь надзеі на Дабро!

* * *

Скарына, Цяпінскі, Гусоўскі…

І іх насмешліва прарокамі

сучаснікі лічылі,

А самі разбуралі ВКЛ.

* * *

Даволі пра адчай…

Рабі хоць штось карыснае Айчыне -

Яно ў Сусвеце радасным

працягам будзе.

* * *

А што такое шчасце?!.

Шчаслівым быць -

Быць часткай Творцы і Айчыны.

* * *

Беларусь не толькі ў ландшафтах;

Яна і ў душах,

Што з нябёсамі знітаваны.

* * *

Любоўю да Творцы,

да Айчыны любоўю

Жывіцца найгалоўнейшы рухавік

Унутранага згарання -

чалавечае сэрца.

* * *

Паміж Айчынай і патрыётам

Быць пасярэднікам

не наканавана нікому.

А Творца? Ён частка іх дваіх!

* * *

І сэрцы, і думкі, і воля

У рытме адным непарыўным,

Калі ў звязку з нябёсамі іх Айчына.

* * *

Сёння мала - "сонца ў ваконца",

Сёння сонцам належыць

І ў небе нам быць.

* * *

Няма ў нас гор,

Акіяна няма…

Хопіць нам неба, і Сонца,

і незлічонасці зор!

* * *

І мы, беларусы, зведаем шчасце сваё,

Калі адчуем

Адзін аднаго.

* * *

А душа пачынаецца

Праз любоў да Айчыны,

Да Духу ўзыходжання.

* * *

Розум свеціць і ў цемры,

А ў розуме - вобраз Айчыны

Заўжды.

* * *

Целы маюць магілы ў зямлі,

А душа у Духу -

Бессмяротна жыве у нябёсах.

* * *

Толькі неба, нябесныя сілы -

Былы наш зямны патэнцыял

Дапамогуць вярнуць да жыцця

Літву-Беларусь.

Х. Радзіма і творца - вось жа ў гэтым усё

"Verba volant, scripta manent."

"Словы адлятаюць,

напісанае застаецца."

(Лацінскае выслоўе.)

* * *

Шкада, не ўсё падуладна людскому

Сэрцу і воку,

І таму пра ўсё не здольны

сказаць і паэт.

* * *

Канешне, кідаць папрокі - лёгка,

Але папрокі мае

Толькі у адрас ворагаў, баязліўцаў

і здраднікаў Бацькаўшчыны.

* * *

Не пніся, таварыш,

свечку маю задзьмуць;

Лепш падбухторшчыку -

беларушчыны ворагу

Задам сваім дзьмухні ў твар.

* * *

Час напісаць ужо і кнігу "Здраднікі",

А не насіцца, бы з пісанай торбай,

з тымі,

Хто пакінуў Айчыну

і павялічваў чужыя здабыткі.

* * *

А крытыкам маім -

Зайздроснікам, недобразычліўцам

Кажу: "Ідзіце псу паршываму

пад хвост!"

* * *

Разумова адсталы

і маральна шчарбаты,

Спачатку памыйся

і з носа казлы дастань,

І не лезь са сваёю

паскуднай крытыкай.

* * *

Адзінота пасуе Богу

І таму, хто ўлюбёны

Ў Айчыну сваю.

* * *

А людзі? Каханне? Бацькі і дзеці?

Культура, мастацтва,

і падобнае іншае?

Радзіма і Творца -

вось жа ў гэтым усё!

* * *

Хто толькі нас не зжываў са свету:

Захад і Усход, Поўдзень і Поўнач,

І падонкі свае?!. Але!..

Яўген Гучок


"Купалаў фэст" у Радашковічах

Мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя вянчання Янкі Купалыз Уладзіславай Станкевіч

10 ліпеня 2016 г. магілёўскае ТБМ імя Ф. Скарыны сабрала невялічкую грамаду ў 15 чалавек і на мікрааўтобусе рушыла ў Радашковічы. Па дарозе мы наведалі некалькі адметных мясцін. Спачатку спыніліся на трассе Магілёў-Менск у гарадку Беразіно. Лічыцца, што тут няма чаго паглядзець, але гэта памылковае меркаванне. Справа ў тым, што на самым беразе ракі Беразіна прытуліўся двухпавярховы палацык, які належыў варшаўскім панам Патоцкім. Зараз, на вялікі жаль, будынак знаходзіцца ў занядбаным стане. Але парэшткі парка, краявіды ракі даюць досыць добрае ўяўленне, якая тут калісьці была прыгажосць!

Наступны наш прыпынак быў на кальцавой Менска ва ўрочышчы Курапаты. Прайшоўшы на пагорак сярод крыжоў, чытаючы імёны закатаваных, мы намагаліся перанесціся ў тыя страшныя часы сталінізму. І нават не ўдаючыся ў дакладныя лічбы колькі ж тут закатаваных, мы спрабавалі адказаць на пытанне: а як жа такое ўвогуле магло адбывацца ў нашай краіне з нашым народам?! Да аднаго з помнікаў мы ўсклалі пунцовыя (колеру чалавечай крыві) ружы, якія прадбачліва ўзяў Алесь Касцюковіч. Аглядзелі шматпакутную лаўку з надпісам: "Беларускаму народу ад амерыканскага народа", якую неаднойчы ламалі вандалы. Уразіў сваёй прыгажосцю і велічнасцю сапраўдны твор мастацтва - крыж, прысвечаны памяці Вацлава Ластоўскага. Многія з удзельнікаў узгадалі сваіх сваякоў, якія пацярпелі ад бальшавіцкай навалы. Бо, як кажуць на Беларусі, няма ніводнай сям'і, якую б не закранула апошняя вайна. Так няма і ніводнай сям'і, якую б не закранула сталінскае беззаконне.

І, нарэшце, мы ў Радашковішчах. Адразу накіраваліся да велізарнага касцёла, які велічна пануе над мястэчкам. У святыні ўжо распачаліся Купалаўскія чытанні. Затым супрацоўнікамі літаратурнага музея быў праведзены літаратурны конкурс па творчасці песняра. І, варта адзначыць, што сярод 12 фіналістаў, чацвёра было з нашай магілёўскай грамады. А пераможцаў у рэшце аказалася двое, і ў тым ліку магілёвец Алесь Касцюковіч, які атрымаў ад арганізатараў каштоўны падарунак - кампакт дыск Алеся Камоцкага! Пасля перапынку на каву-гарбату са смачнымі прысмакамі, усе ўдзельнікі фэсту з задавальненнем паслухалі выдатны канцэрт з удзелам цымбалісткі Таццяны Шумаковай, Алеся Камоцкага, Андруся Такінданга, барда Арцёма Сітнікава і гурта "Балцкі субстрат". Напрыканцы фэсту нас чакалі скокі. Патанчылі і пагоцалі, здаецца, усе хто хацеў, нават тыя, хто і не ўмеў, бо быў праведзены майстар клас, і ахвочыя маглі навучыцца некалькім беларускім народным танцам.

Напрыканцы фэсту ўсе разам у касцёле праспавялі гімн "Магутны Божа", атрымаўшы дабраславенне ксендза Юрыя Быкава і стылёвыя налепкі ад супрацоўнікаў музея з выявай Янкі Купалы. Фэст атрымаўся вельмі цікавы і незвычайны. Але дужа шкада, што нягледзячы на тое, што арганізатары склалі цікавую праграму, і Менск зусім побач, удзельнікаў усё ж такі было малавата… Так што наш удзел у фэсце аказаўся вельмі дарэчы.

Далей паехалі вывучаць старажытнае мястэчка Радашковічы. Спачатку заехалі ў мясцовую керамічную краму па сувеніры. А потым накіраваліся да помніка нашаму земляку Ядвігіну Ш. Усклаўшы кветкі і сфатаграфаваўшыся, накіраваліся да праваслаўнай Ільінскай царквы, пабудаванай у стылі народнага дойлідства. Краявід, які адкрываецца ад царквы нас дужа захапіў, і мы тутака зрабілі агульны фотаздымак. Бо мястэчка адсюль адкрывалася, як на далоні. Як кажуць, умелі нашыя прадзеды выбіраць месцы для святыняў!

Далей мы пашпацыравалі шукаць легендарную беларускую гімназію. Будынак былой гімназіі нейкім дзівам захаваўся да нашага часу і месціцца побач з аўтавакзалам. Праўда, запытаўшыся ў некалькіх месцічаў, мы высветлілі, што карэнныя жыхары нічога пра гімназію не ведаюць. І толькі з падказкі ксендза мы даведаліся, дзе знаходзіцца гэты выбітны будынак. Беларуская гімназія імя Ф. Скарыны была заснавана Таварыствам беларускай школы (ТБШ) па ініцыятыве Аляксандра Уласава і існавала тут ў 1922-28 гадах. Тут навучаліся і працавалі многія знаныя беларускія дзеячы: ксёндз Ф. Абрантовіч, Ф. Стацкевіч, Максім Танк і іншыя. Будынак знаходзіцца яшчэ ў досыць добрым стане. Хаця ўжо некалькі год не выкарыстоўваецца, вокны і дзверы забіты і зачынены наглуха.

Напрыканцы нашай вандроўкі ў нас была дамова з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай, што мы завітаем да яе ў госці. З хваляваннем і цікавасцю мы прыехалі пад вечар на вуліцу Максіма Танка ў Менску. Ірына Міхайлаўна нас сустрэла каля ліфта і запрасіла да сябе ў кватэру. Распытаўшы трошкі пра нас і нашу вандроўку, гаспадыня прапанавала пахадзіць і паглядзець кватэру-музей. А паглядзець сапраўды было чаго. На фатаздымках мы пазнавалі многіх нам добра знаёмых пісьменнікаў і дзеячоў: М. Стральцова, Р. Барадуліна, К. Сіманава, Г. Бураўкіна, Я. Глебава, Н. Гілевіча… Спадарыня Ірына нам шмат чаго цікавага распавяла пра Васіля Быкава, вельмі сціпла і кратка пару слоў сказала пра сябе. Адказала на нашыя шматлікія пытанні. Пры гэтым пацікавілася, за каго мы зараз заўзеем падчас чэмпіянату па футболе! Адмовіўшыся ад гарбаты і пачастунку, мы паболей стараліся паглядзець і запытацца ў гаспадыні. Але час праляцеў непрыкметна, і мы, дамовіўшчыся з Ірынай Міхайлаўнай, што хутка пабачымся яшчэ раз, рушылі дадому на Магілёў. Нас вельмі ўразіла энэргія і розум спадарыні Ірыны, яе апантанасць і жаданне рабіць дзеля агульнай справы, нягледзячы на ўзрост і шматлікія цяжкасці. Нам, магілёўцам, ёсць на каго раўняцца!

Вось так правялі мы з сябрамі і аднадумцамі наш выходны дзень. Як сказаў адзін з нашых удзельнікаў: "Дзень пражыты не дарма!" Дарэчы, ледзь не забыўся, усё той жа спадар Алесь Касцюковіч падараваў Ірыне Міхайлаўне прыгожыя ружы, якія вырасціў на ўласным прыватным кветніку. Пасля гэтай вандроўкі ў мяне адразу ўзнікла жаданне паболей даведацца пра беларускую гімназію ў Радашковічах і надрукаваць пра яе артыкул у нейкай мясцовай газеце ў Маладзечне. Каб жыхары гэтых мясцінаў ведалі і ганарыліся сваёй гісторыяй і сваімі землякамі. На наступны дзень я ўжо звязаўся з Арсеніем Лісам, у якога багата матэрыялаў, і з Валерыяй Чарнаморцавай, якая дала мне каардынаты сваячкі Браніслава Тарашкевіча. Так што, грамада, у каго якія ёсць матэрыялы па гімназіі і гісторыі Радашковічаў, то падкажыце і дасылайце на мой электронны адрас: tbm_mahilou tut.by

Алег Дзьячкоў.


Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды запрошаны на традыцыйны фэст "Свята мора" ў г. Клайпеду

З 29 па 31 ліпеня ў Клайпедзе, партовым горадзе Літвы 57-ы раз пройдзе традыцыйны і чаканы фестываль - "Свята мора". Гэта самы вялікі летні фэст будзе проходзіць на працягу трох дзён і трох начэй. Адбудзецца больш за 100 імпрэз рознага характару - цырымоніі, выставы, канцэрты і вулічныя кірмашы. Галоўнай падзеяй фестывалю з'яўляецца парад паруснікаў, у якім бяруць удзел даўнейшыя караблі з усяго свету.

У гэтым годзе аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" ўпершыню атрымаў запрашэнне на ўдзел у фестывалі. Падчас дзеяння фестывалю будуць працаваць чатыры гандлёвыя пляцоўкі, на якіх можна будзе не толькі пазнаёміцца з сувенірнай прадукцыяй аддзела рамёстваў, але і прыняць удзел у майстар-класе па традыцыйных рамёствах. Майстры будуць плесці беларускія паясы, выразаць выцінанку, вырабляць традыцыйную свістульку, плесці з саломы, вырабляць ляльку-абярэг. Кожны паназірае за стварэннем вырабаў, ахвотныя змогуць паспрабаваць зрабіць рэч самастойна. Майстры прадставяць прыгожыя тканыя ручнікі і беларускія кашулі з арнаментам.

На вуліцах горада Клайпеды прагучаць беларускія песні ў выкананні салістаў гурта "Талер", супрацоўнікі пакажуць традыцыйны лялечны тэатр "Батлейка".

Спадзяёмся, што нашы традыцыі і звычаі зацікавяць нашых суседзяў, і гэта будзе спрыяць далейшым адносінам у галіне творчасці і мастацтва.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX