Вярнуцца: 2016

№ 34 (1289)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 34 (1289), 24 жніўня 2016 г.


25 гадоў назад 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі нададзена сіла Канстытуцыйнага закону


Лідскі край - шляхам волі

21 жніўня ў Лідзе прайшлі традыцыйныя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года. Сёлета лідскія ўлады не дазволілі правесці імпрэзу пад 27 ліпеня, то яна прайшла пад 25 жніўня, якраз пад 25-я ўгодкі надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (27 ліпеня 1990 г.) сілы Канстытуцыйнага закону.

З гэтай нагоды падчас беларускамоўнай імшы ў лідскім касцёле Святой сям'і, што па вул. Тухачэўскага прагучала малітва за героя паўстання 1863 года, ксендза Адама Фалькоўскага, пробашча на Ішчалне, які быў расстраляны ў Лідзе царскімі карнікамі за прачытанне ў касцёле маніфеста Нацыянальнага ўрада.

Сёлетняй адметнасцю стала тое, што на імшу прыехалі шэсць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ па шасці акругах Гарадзенскай вобласці: Валер Мінец (Гарадзенская-Занёманская № 49), Міхась Бурачэўскі (Іўеўская № 54), Станіслаў Суднік (Лідская № 55), Вітольд Ашурак (Дзятлаўская № 56), Уладзімір Круцікаў (Наваградская № 57), Сяргей Трафімчык (Шчучынская № 60), усе сябры ТБМ.

Пасля імшы кандыдаты ў дэпутаты накіраваліся па мясцінах горада Ліды, звязаных з імёнамі паўстанцаў 1863 года. Першы зніч памяці быў запалены перад стэлай Людвіку Нарбуту каля піярскага касцёла на імя Юзафа Каласантага ў мікрарваёне Індустрыяльны. Аснову стэлы складае мемарыяльная дошка, вырабленая яшчэ ў 1938 годзе да 75-годдзя паўстання на сродкі грамадзян Ліды, а сама стэла ў Індустрыяльным была пастаўлена ўжо ў 2013 годзе, да 150-годдзя паўстання.

Наступны зніч - месца расстрэлу ксендза Адама Фалькоўскага, за якога толькі што маліліся ў касцёле. Неўзабаве мы прычакаем часу, калі імша па ксендзу Фалькоўскаму будзе адпраўляцца тут, у парку, у прысутнасці тысяч вернікаў, а заміж сціплага каменя будзе стаяць велічны манумент.

Трэці зніч быў запалены на магіле Валерыі Цехановіч з Цыбульскіх на старых каталіцкіх могілках. Тут рэальная магіла паўстанкі была заслана сцягам паўстання.

Так, пачаўшы з імшы, наведаўшы частку мясцін Лідчыны, звязаных з паўстаннем, лідскія кандыдаты ў дэпутаты прадоўжаць шлях па дарозе да розуму і сэрцаў беларусаў, каб давесці да іх, што наш шлях да незалежнай краіны пачынаецца ад храма і ідзе цераз гістарычную памяць. Інакш ніяк.

Яраслаў Грынкевіч.


80 гадоў з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна

Генадзь Мікалаевіч БУРАЎКІН (28 жніўня 1936, в. Шуляціна, цяпер в. Тродавічы, Расонскі раён, Віцебская вобласць - 30 траўня 2014, Менск) - беларускі паэт, дзяржаўны дзяяч. Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны ў 1996-98 гг.

Нарадзіўся ў сям'і службоўца. 2-ю Сусветную вайну перажыў на акупаванай тэрыторыі. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959). Працаваў у часопісе "Камуніст Беларусі", у газеце "Літаратура і мастацтва", быў карэспандэнтам "Правды" па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць", дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка "Я з вогненнай вёскі".

З'яўляўся старшынём Дзяржтэлерадыё БССР (1978-1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу. У 1990 атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, але ў 1993 звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994-1995 гг., быў намеснікам міністра культуры і друку.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 10 і 11 склікання (1980-1990), быў адным з ініцыятараў прыняцця Закона аб мовах. Аўтар многіх кніг паэзіі. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

У 1995-2001 працаваў у часопісе "Вожык" у Менску.

Член Беларускага ПЭН-Цэнтра, сустаршыня ўсебеларускага з'езду за Незалежнасць (2000), сябар Рады беларускай інтэлігенцыі.

З 2008 года з'яўляўся кіраўніком назіральнай рады спадарожнікавага тэлеканала Белсат.

Вікіпедыя.


Алегу Дзярновічу - 50

Алег Іванавіч ДЗЯРНОВІЧ (19 жніўня 1966, Менск) - беларускі гісторык і выдавец. Кандыдат гістарычных навук (2004).

У 1990 скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1988-1991 працаваў археолагам у Інстытуце "Белспецпраектрэстаўрацыя". З 1991 па 1994 навучаўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі АН Беларусі. З 1994 - у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У 2004 абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Дакументальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносін Вялікага Княства Літоўскага і Лівоніі ў канцы XV - першай палове XVI стст. (Сістэматызацыя і актавы аналіз)" (Навук. кіраўнік Г. Я. Галенчанка). З 2005 - старшы навуковы супрацоўнік аддзела ўсеагульнай гісторыі, міждзяржаўных і міжнародных адносін.

У 1992, 2002, 2004 стажыраваўся пры Варшаўскім універсітэце; у 2005 - у Вышэйшай школе сацыяльных даследаванняў (EHESS, Парыж) Найбольшы ўплыў на фармаванне гістарычнага светапогляду аказалі Э.М. Загарульскі, У.С. Кошалеў, В.Н. Рабцэвіч, К.А. Равяка, В.А. Фядосік.

Даследуе гісторыю Балтыйскага рэгіёна і балтыйскай палітыкі ВКЛ, крыніцазнаўства гісторыі ВКЛ і Беларусі, Метрыку ВКЛ, нямецкую гістарыяграфію гісторыі ВКЛ. Заснавальнік і галоўны рэдактар штогадовага навуковага альманаха "Metriciana: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага" (выдаецца з 2001, неперыядычна). Рэдагуе перыядычныя выданні "ATHENAE-UM: Commentarii Historiе et Culturae" і "ШУФЛЯДА: Часопіс Найноўшае Гісторыі".

Вікіпедыя.


25 жніўня 1991 г. Беларусь дамаглася незалежнасці

25 жніўня 1991 г. былі юрыдычна замацаваныя вынікі змагання пакаленняў за незалежнасць - Вярхоўны Савет надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону.

Сесія была склікана на патрабаванне дэпутатаў Апазіцыі БНФ, да якіх далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты (усяго за скліканне сесіі выказалася 84 дэпутаты), і працавала 24-25 жніўня. Прэзідыум ВС прапанаваў павестку дня з двух пунктаў - «Аб бягучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы», апазіцыя БНФ унесла пакет прапаноў, сярод якіх былі галоўнымі абвяшчэнне незалежнасці, пытанне аб адказнасці кіраўніцтва ВС за бяздзеянне ў дні путчу, аб забароне КПБ-КПСС, аб стварэнні ўласнага войска.

Перад пачаткам сесіі група дэпутатаў БНФ дамаглася прадстаўлення прамога тэлеэфіру і звярнулася да жыхароў Менска з заклікам прыходзіць на плошчу перад Домам урада. На плошчы сабраліся тысячы людзей.

У выніку, камуністычная большасць была вымушаная пагадзіцца з большасцю прапаноў дэпутатаў БНФ. Старшыня ВС Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, дзейнасць КПБ-КПСС была прыпынена. Нарэшце, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР быў нададзены статус канстытуцыйнага закону - Беларусь юрыдычна зрабілася незалежнай дзяржавай.

Ужо праз некалькі дзён пачаўся працэс прызнання Беларусі краінамі свету - так, у пачатку верасня газета «Свабода» паведаміла, што Польшча прызнала Беларусь як незалежную дзяржаву.

Праз некалькі тыдняў, у верасні 91-га, Вярхоўны Савет прыняў рашэнне аб назове краіны (замест БССР - Рэспубліка Беларусь) і наданні бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сімвалаў.

Ад гэтага часу, вось ужо 25 год Беларусь існуе ў свеце як раўнапраўная незалежная дзяржава, прызнаная ўсёй міжнароднай супольнасцю. Такім чынам, гістарычна адбыліся тры падзеі, тры этапы беларускай незалежнасці: 25 сакавіка, 27 ліпеня і 25 жніўня, а лагічна завяршае гэты пералік датаў 8 снежня - дзень Белавежскіх пагадненняў, калі перастаў існаваць Савецкі Саюз і Беларусь цалкам вылузалася з імперскіх путаў.

А ці не многа ў нас дзён незалежнасці? Не! Незалежнасці шмат не бывае, і святкаваць яе можна не толькі чатыры дні ў год, а і кожны дзень, і па два разы на дзень.

Паводле СМІ.


ПЕРАДВЫБАРНАЯ ПРАГРАМА СТАРШЫНІ ТБМ АЛЕГА ТРУСАВА

ЗА ЗМЕНЫ РАЗАМ

Паважаныя выбаршчыкі 96-й акругі Кастрычніцкага раёна горада Мінска!

11 верасня гэтага года адбудуцца чарговыя парламенцкія выбары. У сувязі са складанай сітуацыяй у нашай краіне, якая праяўляецца ў доўгатэрміновым эканамічным крызісе (зніжаюцца заробкі і пенсіі, растуць кошты на тавары першай неабходнасці, скарачаецца колькасць працоўных месцаў, людзі атрымліваюць жабрацкую пенсію пры адначасовым павелічэнні пенсійнага ўзросту), я вырашыў прыняць удзел у гэтых парламенцкіх выбарах, бо маю досвед працы ў беларускім парламенце ў самы адказны для нашай Бацькаўшчыны час (1990-1996 гг). Прапаную вам абмеркаваць і падтрымаць наступную праграму.

I. У Кастрычніцкім раёне горада Мінска я прапаную:

1. Палепшыць экалагічны стан Кастрычніцкага раёна, звязаны з забруджваннем паветра і глебы пад прыдарожнымі прысадамі, спыніўшы высечку ўсіх зялёных насаджэнняў у раёне і тэрмінова замяніўшы тыя, што загінулі. У першую чаргу гэта датычыцца вуліц Каржанеўскага, Чкалава, Казінца, Кіжаватава, Варанянскага, Магілёўскай, Сярова, Брэсцкай, Аэрадромнай, Брылеўскай, а таксама дзвюх чыгуначных трас, плошчаў Прывакзальнай і Казінца. Паводле назіранняў эколагаў жыццёвы стан прыдарожных прысадаў з клёну, каштану і ліпы па вуліцы Каржанеўскага - адзін з самых дрэнных у Мінску.

2. Спыніць так званае ўшчыльненне і не будаваць без грамадскага абмеркавання і згоды жыхароў раёна новыя прадпрыемствы і будынкі.

3. Адкрыць у раёне некалькі новых дзіцячых садкоў, у тым ліку і беларускамоўны садок.

4. На базе адной з найлепшых школ раёна адкрыць новую гімназію з беларускай мовай навучання.

II. У горадзе Мінску зрабіць ільготны праезд у грамадскім транспарце за кошт гарадскога бюджэту для студэнтаў і пенсіянераў.

III. У Беларусі :

1. Адмяніць абавязковае размеркаванне студэнтаў. Размеркаванне з неабходным сацыяльным пакетам павінны атрымаць з іх згоды найлепшыя выпускнікі ВНУ.

2. Зрабіць рэформу заробкаў, пры гэтым прывязаць заробкі і пенсіі чыноўнікаў да сярэдніх па краіне. Настаўнік, медык, работнік культуры, сацыяльны работнік, выкпадчык ВНУ павінны мець заробак, адпаведны заробку міліцыянта, вайскоўца, мытніка і іншых дзяржслужбоўцаў. Толькі тады наша краіна дасягне дабрабыту і міжнароднага аўтарытэту.

3. Правесці пенсійную рэформу, пры якой выхад на пенсію па ўзросце ўсіх катэгорый службоўцаў і розных спецыялістаў павінен быць аднолькавы, незалежна ад займанай пасады. Выключэнне можа быць зроблена толькі для тых, хто заняты ў шкоднай вытворчасці. Памер пенсіі залежыць толькі ад выслугі работніка і атрымліванага сярэдняга заробку. Усе прывілеі для чыноўнікаў, дэпутатаў і пэўных катэгорый службоўцаў адмяняюцца. Пенсія настаўніка, трактарыста, даяркі, дацэнта і прафесара ВНУ павінна адпавядаць пенсіі беларускага вайскоўца, міліцыянта, дырэктара завода альбо мясцовага бюракрата.

4. У кожным раённым цэнтры Беларусі ствараецца як мінімум адна беларускамоўная гімназія, а ў Мінску адкрываецца класічны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання.

5. Стварыць у Беларусі інстытут Упаўнаважанага па правах чалавека, у тым ліку і Упаўнаважанага па правах дзіцяці, надаўшы яму назву "Народны праваабаронца па правах дзіцяці".

6. Беларускі парламент патрабуе істотных зменаў:

- адмена верхняй палаты (Савета Рэспублікі);

- законы, прынятыя парламентам, маюць сілу больш значную, чым дэкрэты Прэзідэнта і пастановы Савета Міністраў. Менавіта яны павінны выконвацца бездакорна;

- заробкі і пенсіі дэпутатаў парламента прывязваюцца і запежаць ад сярэдняга заробку і пенсій па краіне;

- усе законы прымаюцца на дзяржаўнай беларускай мове з перакладам на рускую і іншыя мовы пры неабходнасці;

- на працягу бліжэйшага тэрміну прымаецца закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы;

- выдаткі на культуру павінны складаць не менш за 2 працэнты ад гадавога бюджэту.


ПЕРАДВЫБАРНАЯ ПРАГРАМА ПЕРШАГА НАМЕСНІКА СТАРШЫНІ ТБМ АЛЕНЫ АНІСІМ

РАЗАМ ДА ЛЕПШАГА ЖЫЦЦЯ

Паважаныя выбаршчыкі!

11 верасня гэтага года ў нашай краіне адбудуцца чарговыя выбары ў парламент. Яны праходзяць на фоне складанай эканамічнай сітуацыі ў краіне, якая праяўляецца ў зніжэнні заробкаў і пенсій, пастаянным росце коштаў на тавары першай неабходнасці, скарачэнні колькасці працоўных месцаў. Я вырашыла прыняць удзел у гэтых парламенцкіх выбарах, бо як чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй адчуваю адказнасць за тыя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, і хачу зрабіць усё, каб жыццё ў нашай краіне павярнулася да лепшага. Прапаную вам абмеркаваць і падтрымаць наступную праграму.

І. У Стаўбцоўскай выбарчай акрузе я прапаную:

- Узяць пад пільны грамадскі кантроль выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця па будаўніцтву жылля, школ, паліклінік, гандлёвых цэнтраў. У прыватнасці, знайсці інвестараў для адкрыцця ў адным з будынкаў на тэрыторыі п. Новаколасава сучаснага гандлёвага цэнтра;

- вырашыць пытанне пра будаўніцтва раддома ў г. Нясвіжы;

- паскорыць будаўніцтва дзіцячага садка ў г. Стоўбцы для зніжэння перагрузкі ў дзіцячых дашкольных установах;

- разам з навукоўцамі стварыць экалагічную карту наваколля з пазначэннем забруджанасці шкоднымі рэчывамі зямель і водных аб'ектаў;

- спыніць неабгрунтаваную меліярацыю, якая наносіць шкоду прыродзе і вядзе да марнатраўства дзяржаўных сродкаў;

- зрабіць прыпыначны пункт электрычкі для жыхароў наступных населеных пунктаў: в. Савоні, Горкі, Жацерава, Вечатарова;

- паспрыяць газафікацыі в. Вечатарова;

- падтрымаць грамадскую ініцыятыву па захаванні і ўвядзенні ў экскурсійнае выкарыстанне сядзібы айца Аляксандра Надсана ў пасёлку Гарадзея.

ІІ. У межах краіны:

1. Зрабіць рэформу заробкаў, пры гэтым прывязаць заробкі і пенсіі чыноўнікаў да сярэдніх па краіне. Настаўнік, медык, работнік культуры, сацыяльны работнік, выкладчык ВНУ павінен мець заробак адпаведны заробку міліцыянта, вайскоўца, мытніка і іншых дзяржслужбоўцаў. Толькі тады наша краіна дасягне дабрабыту і міжнароднага аўтарытэту.

2. Правесці пенсійную рэформу, пры якой выхад на пенсію па ўзросце для ўсіх катэгорый службоўцаў і розных спецыялістаў павінен быць аднолькавы, незалежна ад займанай пасады. Выключэнне можа быць зроблена толькі для тых, хто заняты ў шкоднай вытворчасці. Памер пенсіі залежыць толькі ад выслугі работніка і яго сярэдняга заробку. Усе прывілеі для чыноўнікаў, дэпутатаў і пэўных катэгорый службоўцаў адмяняюцца. Пенсія настаўніка, трактарыста, даяркі, дацэнта і прафесара ВНУ павінна адпавядаць пенсіі беларускага вайскоўца, міліцыянта, дырэктара завода ці мясцовага чыноўніка.

3. Ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі ствараюцца як мінімум адна беларускамоўная гімназія, а ў Мінску адкрываецца сучасны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання (для падрыхтоўкі паўнавартаснай нацыянальнай эліты).

4. Беларускі парламент патрабуе істотных зменаў:

- законы, прынятыя парламентам, маюць сілу больш значную, чым дэкрэты Прэзідэнта і пастановы Савета Міністраў. Менавіта яны павінны выконвацца бездакорна;

- заробкі і пенсіі дэпутатаў парламента прывязваюцца і залежаць ад сярэдняга заробку і пенсій па краіне;

- усе законы прымаюцца на дзяржаўнай беларускай мове з перакладам на рускую і іншыя мовы пры неабходнасці;

- на працягу бліжэйшага тэрміну прымаецца закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы;

- выдаткі на культуру павінны складаць не менш за 2 працэнты ад гадавога бюджэту.


Лідскае ТБМ на выбарах

Гарадзенская-Занёманская выбарчая акруга № 49

Мінец Валер Уладзіміравіч , старшыня Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Сябар партыі БНФ.

Нарадзіўся 20 кастрычніка 1976 года ў горадзе Лідзе. Бацькі - працоўная інтэлегенцыя. У 1993 годзе скончыў сярэднюю школу, у 1994 з адзнакай скончыў ПТВ-235 прыборабудавання.

Пасля войска працаваў слесарам па рамонту аўтамабіляў, прадпрымальнікам па абслугоўванні аўтамабіляў і грузаперавозках. Апошнія 10 год працуе кіроўцам-міжнароднікам. Мае траіх дзяцей.

Кандыдат у дэпутаты па Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе № 49.

Іўеўская выбарчая акруга № 54

Бурачэўскі Міхаіл Уладзіміравіч , старшыня рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Сябар партыі БНФ.

Нарадзіўся 2 сакавіка 1959 года ў горадзе Лідзе. У 1977 г. закончыў Гарадзенскае ГПТУ 64 будаўнікоў, атрымаў прафесію каменшчык-мантажнік канструкцый. Працаваў мантажнікам на будоўлях Беларусі. У 1978 г. прызваны ў СА, служыў ў мотастралковых вайсках. З 1980 г. працаваў на будоўлях. У 1983 г. атрымаў вытворчую траўму. Пенсінер.

Краязнаўца, фатограф.

Кандыдат у дэпутаты па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54.

Лідская выбарчая акруга № 55

Суднік Станіслаў Вацлававіч , сябар Рады ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Сябар партыі БНФ. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага р-на, Менскай вобласці. Скончыў Менскае вышэйшае зенітнае ракетнае вучылішча і Камандную акадэмію імя МСС Г.К. Жукава. Служыў ва Узброеных Сілах СССР і Беларусі. Падпалкоўнік запасу. З 1994 года ў Лідзе.

З 1997 г. рэдактар газеты ТБМ "Наша слова". Рэдагуе і выдае часопіс "Лідскі летапісец".

Кандыдат у дэпутаты па Лідскай выбарчай акрузе № 55.

Дзятлаўская выбарчая акруга № 56

Ашурак Вітольд Міхайлавіч , сябар Бярозаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Сябар партыі БНФ.

Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 года ў вёсцы Агароднікі Ганчарскага сельсавета Лідскага раёна. У 1988 г. скончыў сярэднюю школу № 1 г. Бярозаўкі. Два гады адслужыў у Савецкім войску на Камчатцы. Пасля тэрміновай службы працаваў на шклозаводзе "Нёман" . У 2006 г. звольніўся і неўзабаве ўладкаваўся ў прыватнай будаўнічай кампаніі. На дадзены момант - часова беспрацоўны.

Кандыдат у дэпутаты па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 56.

Наваградская выбарчая акруга № 57

Круцікаў Уладзімір Уладзіміравіч , старшыня Цэнтральнай суполкі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Сябар партыі БНФ.

Нарадзіўся 15 траўня 1959 года на ст. Бераставіца, Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласць. У 1981 г. скончыў Украінскую сельскагаспадарчую акадэмію ў г. Кіеве. Інжынер-электрамеханік. Працаваў у Іўеўскай сельгасхіміі, лідскім в.а. "Конус", лідскім в. а. "Будканструкцыя". З 2012 г. працуе на лідскім АСП "Нёман" ААТ "Менскі завод колавых цягачоў", майстар электрапагрузачнага абсталявання.

Кандыдат у дэпутаты па Наваградскай выбарчай акрузе № 57.

Шчучынская выбарчая акруга № 60

Трафімчык Сяргей Аляксандравіч , сябар Бярозаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Сябар партыі БНФ.

Нарадзіўся 2 кастрычніка 1971 года ў г.п. Гарадзішча Баранавіцкага раёна ў сям'і рабочых. Пасля сканчэння школы прыехаў у Бярозаўку, дзе атрымаў спецыяльнасць "выдзімальшчык шкловырабаў". Ад снежня 1989 г. па лістапад 1991 г. служыў у войску. У студзені 1992 г. вярнуўся на завод "Нёман". З 1999 г. - апрацоўшчык гарачых шкловырабаў, брыгадзір. Зараз займаецца культурна- і праваабаронча-асветніцкай дзейнасцю.

Кандыдат у дэпутаты па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60.


МАЛАДЫ ДЗЯДОК - ПРЫСУТНЫ!

З нагоды памятных дат Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна

Спаўняюцца 110 гадоў ад нараджэння і 22 гады памяці пра Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна (27.8.1906 - 26.8.1994) - паэта, празаіка, драматурга, мастака. Ён аўтар паэтычных зборнікаў: "Заўсёды з песняй" (1984), "Зорачкі ясныя" (1986), "Песні з-за кратаў" (1993). Стваральнік аўтарскіх песняў: "Зорачкі", "Над Шчарай" ("Слонімскі вальс")… Песня "Сэрца, не плач!" была напісана да кінафільма "Боль мой - Хатынь". Музычны альбом "Дні лятуць. Песні з-за кратаў" быў выдадзены да 100-годдзя з дня нараджэння С. Новіка-Пеюна.

Пісаў на беларускай, польскай, рускай мовах, на эсперанта.

Цярпеў ад польскіх, нямецкіх акупацыйных уладаў; у 1945-м пасля арышту органамі НКВД быў асуджаны за "здраду радзіме" на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пахаваны на цвінтары ў Лявонавічах.


"Сэрца, не плач!"

Да 10-годдзя памяці пра Сяргея Новіка-Пеюна, хрэсніка Янкі Купалы.


Паэтаў планіда не кратае

рукамі лагоды.

Яна чацвяртуе за кратамі

крукамі нягоды.

На годы ссылае ў нясповедзі

на зімную безлюдзь.

У катаў паэты - для поедзі…

Ды - косткаю - песня!

І "Зорачкі" з лагернай наледзі

прыходзяць на помач.

… Быў Янка Купала - у памяці.

І ў памяці - Поўнач….

О "Сэрца, не плач!" З горкай чараю

і словам сыноўнім -

вяртанне! Зноў поўня над Шчараю

вальсуе на Слонім.

2004 г.

Дні лятуць

Да 110-годдзя з дня нараджэння Сяргея Новіка-Пеюна


За "здраду радзіме" - дзесятка…

Калымскае "эсперанта"

даводзіла: творчасць - аглядка,

у волі няма гаранта.

З калдычаўскай ранай - Слонім…

З Нясвіжа - у Менск сцяжына.

"Калі што якое - зловім…", -

шыпела дзвярэй спружына.

Дзядок Малады над Шчарай

шукае царкву Прадцечы...

………………………………………….

А зорачкі ясныя - чары:

там з песняй заўсёды свечна!

2016 г.

Сяргей Панізьнік. На здымках: 1. Сяргей Міхайлавіч у сваёй працоўні. 1989 г. Фота С. Панізьніка. 2. Царква Святога Іаана Прадцечы ў 1621 годзе. Вёска Садовая (Блячын) Клецкага р-на. Малюнак С.І. Новіка-Пеюна. 7. 12.1926 г.


У Лідзе прэзентавалі "Псалтыр" у перакладзе а. Аляксандра Надсана

У Цэнтральнай лідскай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя малітоўніка "Псалтыр" на беларускай мове. Пераклад яго выканаў грэка-каталіцкі святар айцец Аляксандр Надсан. Па словах пробашча ўніяцкай парафіі ў Лідзе, айца Андрэя Буйніча, пераклад а. Надсана сёмы па ліку ад часоў Францішка Скарыны і ўнікальны тым, што выкананы ім менавіта з грэцкай мовы.

- Унікальнасць гэтага перакладу ў тым, што ён рабіўся менавіта з грэцкай мовы. Усе іншыя папярэднікі перакладчыкі псалтыра рабілі гэта з іншых моваў, з габрэйскай напрыклад, або з лацінскіх моваў, а айцец Аляксандр Надсан зрабіў гэта з грэцкай мовы, а грэцкая мовы вельмі важная для Усходняй Царквы, і Каталіцкай і Праваслаўнай.

Лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш спыніўся на акалічнасцях першага перакладу "Псалтыра" Францішкам Скарыном, выданне якога адбылося якраз 499 гадоў таму назад. Менавіта "Псалтыр" быў той першай друкаванай беларускай кніжкай, ад дня выхаду якой мы будзем у наступным годзе адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Станіслаў Суднік на правах земляка распавёў пра асобу Аляксандра Надсана і ўмовы, у якіх фармаваўся ягоны беларускі светапогляд.

Аляксандр Надсан, з сям'і Аляксандр Бочка, нарадзіўся ў Гарадзеі Нясвіжскага павета ў міжваеннай Польшчы. Палякі сфармавалі Нясвіжскі павет з кавалкаў колішніх Слуцкага і Наваградскага ўездаў і нечакана для сябе атрымалі вельмі беларускую тэрыторыю. У 20-я гады ўвесь павет выступіў супраць польскіх школаў, патрабуючы пагалоўна беларускіх. Што цікава, аднолькавую пазіцыю займалі і шляхочыя засценкі, і сялянскія вёскі. І калі ўсход павета аказаўся ў памежнай зоне, і там катэгарычна было задушана ўсялякае вальнадумства, то ў заходняй частцы беларускі рух не згасаў. Гарадзея была якраз у больш заходняй частцы, і свой беларускі светапогляд а. Надсан вынес менавіта адтуль.

Завяршыў прэзентацыю слынны лідскі бард Сяржук Чарняк актуальнай песняй на словы Станіслава Судніка "Крыжы", хаця сам верш першапачаткова называўся "Велікоднае".

Прэзентацыя "Псалтыра", якая адбылася ў Лідзе, стала трэцяй па ліку ў Беларусі, пасля Полацка і Менска. І трэба сказаць, што лідская аўдыторыя была добра падрыхтаваная да размовы па тэме. Часам вузка спецыяльныя тэрміны ад будучага доктара тэалогіі а. Андрэя ўспрымаліся прысутнымі з асэнсаваным разуменнем і зацікаўленнем. Многія пажадалі мець "Псалтыр" у асабістым карыстанні.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.


Беларускія гурткі ў Магілёве

Як заўсёды ў чацвер, 11 жніўня прайшоў беларускі гурток магілёўскай арганізацыі ТБМ, на гэты раз у касцёле Сенажацкіх на Віленскіх могілках. У тых, хто прыйшоў раней, была магчымасць у сваё задавальненне прагуляцца па самiх могiлках, i мы не прамiнулi гэтым скарыстацца. Увогуле, варта толькi зайсцi за браму і, ты быццам бы трапляеш у iншую рэчаiснаць, дзе час спынiўся. Там, сярод сведкаў розных эпох ад Напалеона (самае старое надмагiлле, змешчанае злева ад уваходу ў касцёл датуецца 1810 годам) да сучаснасцi, адчуваеш неверагодны спакой. Прыгожыя помнiкi, дакладней тое, што ад iх засталося, бо вайна i савецкая палiтыка не ведалі жалю, уражваюць, як i выразныя эпiтафii. А параўнанне з цяперашнiмi, па большай частцы безаблiчнымi, надмагiллямi наводзiць на думку, што раней любiлi i ўспрымалi людзей i жыццё значна глыбей. Мабыць, гэта ад таго, што зараз у нас больш iнфармацыi i забаваў, больш мэтаў i стэрэатыпаў. Мы бяжым усё хутчэй, а заўважаем усё менш, таму што нашая ўвага з кожным днём, гадзiнай, нават хвiлiнай расцягваецца на мноства фактараў. I толькi невялiчкая колькасць, адзiнкi, здолеюць спынiцца i хоць нешта адчуць....

Разважаннi спынiў ксёндз Раман, запрасiўшы нас у свае ўладаннi. Каплiца маленькая, наўрад цi змесцiць больш за 50 чалавек, з не вельмi багатым убраннем, але ўтульная. У такiх месцах звычайна душа адпачывае. Пры ўваходзе на вочы адразу трапляюць прыгожыя разьбяныя аконныя рамы i вiнтавая лесвiца. Як пазней мы даведалiся ў Наталлi, супрацоўнiцы музея гарадской ратушы, якая правяла нам экскурс у гiсторыю каплiцы - гэта адзiнае, што акрамя самога будынку, засталося з моманту збудавання (1904 г.). Унутраныя памяшканні выкарыстоўваліся як склад, а знешнiя сцены яшчэ захоўваюць сляды Вялiкай Айчыннай вайны, але ж вера перамагла i мясцовая парафiя, як i сто год таму, можа звярнуцца тут да Бога. Ксёндз Раман, які служыць у каплiцы апошнiя 4 гады, паляк па паходжанні, прыхiльнiк дамiнiканскага ордэна, таксама зрабiў цiкавы аповед. Мы даведалiся пра гісторыю ордэна дамініканцаў, лад iх жыцця, а таксама пра адрозненнi ад iншых каталіцкіх ордэнаў. Разгарнулася невялiчкая дыскусiя, i сапраўды было што абмеркаваць. Каталiцызм амаль што адзiная рэлiгiя, якая мае шмат плыняў з уласнымi трактоўкамi святога пiсанiя, з'яўляючыся пры гэтым цэласнай адзiнкай. А на пасадзе вышэйшага кiраўнiцтва змяняюць адзін аднаго прадстаўнiкi розных кірункаў. Цiкавы факт - перадапошнi папа Рымскi сярод iншых ведаў i беларускую мову, чым можа пахвалiцца далёка не кожны беларус. Напрыканцы ксёндз i ўвогуле ўразiў нас высновай - "Якая ўлада, такая i рэлiгiя". I сапраўды, калi звярнуцца да нашай багатай гiсторыi, ды i да рэчаicнасцi таксама, бо заходняя каталiцкая частка Еўропы i ўсходняя праваслаўная адрознiваюцца не толькi палiтычным укладам, а, найперш, ходам думак насельнiцтва, то знойдзецца вельмi шмат пацверджанняў. Нечакана было гутарыць аб гэтым са служыцелем царквы, але, мабыць, па гэта мы i збiраемся кожны чацвер - каб разгледзець жыццё з розных бакоў.

А праз тыдзень, 18 жніўня, магілёўскія сябры ТБМ наведалі невялічкую экскурсію па гістарычным цэнты горада, праведзеную Аляксеем Карпенкам. Паслухалі гісторыю магілёўскага замка, гарадской ратушы, культавых збудаванняў, у тым ліку страчаных. Напрыканцы, на месцы колішняга Іосіфаўскага сабора, вырашылі не спыняць на гэтым сваё знаёмства з мінулым горада, а ахапіць іншыя выбітныя помнікі архітэктуры ў наступнай экскурсіі.

Яўгенія Хмуровіч , Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


Дарога ўзаемапаразумення Майнц-Менск

Навіны Германіі

Гісторыю сяброўства з Майнцам і фраў Герліндай прыгадала мне энергічная віцебская кабета Яўгенія Міхееўна Вырвіна. Яна нарадзілася ў горадзе над Дзвіной у 1940 годзе. З матуляй і 19-гадовай сястрой Ганнай іх вывезлі ў Германію ў студзені 1944 года. У мястэчку Заафельзале яны працавалі на фабрыцы пральных машын, выраблялі міны і снарады. Кармілі палонных баландай, кавалак хлеба здаваўся самай смачнай ежай. Усе захварэлі тыфам. Маці ў 48 гадоў памерла.

Маленькая Жэня Дегцярова захавала ў памяці толькі некаторыя моманты з дзяцінства. Калі яны з дапамогай амерыканцаў вярнуліся ў Віцебск, сястра вырашыла, што лепшым для іх лёсу будзе забыццё перажытага і захаванне таямніцы. Дзяўчынкі страцілі і бацьку. "Ніхто не бача, як сірата плача", - кажуць у народзе. І Жэня заўсёды старалася глядзець наперад з аптымізмам і не паказваць свайго суму. Яна скончыла тэхнікум і інстытут у Менску, улілася ў калектыў, працавала на заводзе, выйшла замуж. Толькі ў 1991 годзе Ганна распавяла Яўгеніі праўду: "Мы былі вывезеныя ў Нямеччыну".

Плён сяброўства

У 1990-я гады была створана Беларуская асацыяцыя былых непаўнагадовых вязняў фашызму (БАБНВФ).У розных гарадах з'явіліся яе суполкі. Такое аб'яднанне ўзнікла і ў Менску. Нямецкі народ прынёс пакаянне за злачынствы фашызму і імкнуўся, хаця і праз гады, дапамагчы ахвярам вайны, былым вязням канцлагераў. Пачаў дзейнасць фонд "Узаемапаразуменне і прымірэнне", беларускім вязням былі выдадзены кампенсацыі ў нямецкіх марках, наладзілася сяброўства паміж асобнымі людзьмі і грамадскімі аб'яднаннямі Беларусі і Германіі.

- Старэйшая за нас сяброўка Ядвіга Піўнявец першая напісала ў Германію, - успамінае Еўгенія Міхееўна. - У час вайны ў 14-гадовым узросце яна знаходзілася ў Майнцы. Яе ліст патрапіў супрацоўніцы дэпартамента Герліндзе Браўч.

Спецыяліст па міжнародных сувязях, знаўца замежных моваў, фраў Герлінда прыцягнула ўвагу грамадскасці да ліста былых непаўнагадовых беларускіх вязняў фашызму. У хуткім часе было створана "Нямецка-беларускае таварыства сяброўства Майнц - Менск." Фраў Герлінда дала магчымасць былым вязням наведаць аб'яднаную Германію, выступіць у школах і цэрквах, падзяліцца сваімі ўспамінамі. Пажылыя мужчыны і жанчыны з сівізною ў валасах упершыню за многія пасляваенныя гады выправіліся ў Еўропу.

- Я ўпершыню пабывала ў Германіі ў 2002 годзе, - гаворыць Яўгенія Міхееўна. - Фраў Герлінда вельмі цёпла і душэўна ставілася да нас, бо яна - наша равесніца, дзіця ваеннага часу. Яна праніклася павагай і любоўю да былых вязняў.

Мне давялося прысутнічаць на сустрэчы з фраў Герліндай ў менскім Доме дружбы на вечарыне 20 кастрычніка 2009 года. У гонар прыезду нямецкай дэлегацыі быў арганізаваны канцэрт хору, фотавыстава аб дзейнасці таварыства "Майнц - Менск" і аб нямецка-беларускім праекце дапамогі былым вязням. Высокая, хударлявая, вельмі эмацыйная немка шчыра дзялілаля сваімі ўражаннямі аб сустрэчах у сталіцы Беларусі.

- Калі я ўпершыню патрапіла сюды ў 1996 годзе, - сказала фраў Герлінда, - думала, а як сустрэнуць мяне, немку, нашчадка тых, хто тварыў на гэтай зямлі страшныя злачынствы. Цёплае стаўленне і гасціннасць беларусаў развеялі мае сумневы. Людзі і народы зноў адкрылі добрае адно ў адным і наладзілі супрацоўніцтва. Пашырэнне кантактаў паміж нашымі гарадамі і краінамі набывае важнае міжнароднае значэнне і спрыяе справе дыялогу паміж дзяржавамі, - адзначыла Герлінда Браўч.

У той дзень пасля прыёму адбылося выступленне хору "Лёсы", а потым - частаванне хатнімі пірагамі.

Па беларуска-нямецкім праекце ў 2009-2011 гадах былі матэрыяльна і псіхалагічна падтрыманы былыя вязні, якія жывуць у Першамайскім раёне Менска. Ім была накіравана гуманітарная дапамога ў выглядзе прадуктаў харчавання, мыйных сродкаў, танометраў. Удзельнікі самадзейнага хору "Лёсы" з былых вязняў змаглі некалькі разоў наведаць Германію.

- Мы пабывалі ў Майнцы, Франкфурце і іншых гарадах, - успамінае Яўгенія Міхееўна Вырвіна. - Выступалі з канцэртамі хору ў дамах састарэлых ("дамах сеньёраў"), у цэрквах і мэрыях, спыняліся на начлег на кватэрах у немцаў і ў вайсковых частках. Некаторыя з такіх паездак фраў Герлінда арганізоўвала за свае сродкі. У іншыя разы яна прыязджала на Беларусь з падарункамі для нас, прывозіла пачастунак. Яна - незвычайны, вельмі чулы чалавек. І яшчэ вельмі любіць сабак. Тут падбрала шчанюка і ўзяла з сабой у Нямеччыну.

Урокі мужнасці

- Жэня Дзегцярова! Галіна Змушка! Ганна Грыгор'ева! Ёсць! - з пераклічкі яны пачынаюць у школе ўрокі мужнасці. Так на нямецкіх паверках кожную раніцу выклікалі мужчын, жанчын і дзяцей у лагерах і на месцах паднявольнай працы. Да дня вызвалення вязняў 11 красавіка і Дня Перамогі дзеці вайны праводзяць кожны год у гімназіях і школах жывыя гістарычныя ўрокі, выступаюць з хорам "Лёсы". Яны сведчаць аб выпрабаваннях і цярпеннях нашага народа, пра нязломнасць і вытрымку, узаемадапамогу і сяброўства.

За час актыўнай дзейнасці ў арганізацыі былых вязняў Галіна Ігнаццеўна Змушка і яе паплечніцы не толькі падтрымлівалі сваіх састарэлых і знямоглых сяброў, але і набраліся адвагі падарожнічаць па ўсёй Еўропе. Пабывалі ў мемарыяле ў чэшскай Лідзіцы, наведалі Кракаў. Яны наладзілі сапраўдную місію народнай дыпламатыі - у 2013 годзе сустракаліся з палітыкамі і жыхарамі Францыі і Германіі.

Эла Дзвінская. Фота аўтара: 1. Герлінда Браўч сярод былых вязняў фашызму. 2. Яўгенія Вырвіна, Галіна Змушка разам з сябрамі і паплечнікамі.


Памяці Леаніда Вінніка

17 жніўня прайшло чарговае паседжанне літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце". У праграме яго - вечар успамінаў, прысвечаны памяці лідскага паэта-юбіляра Леаніда Вінніка "Праз успаміны Паэта не забудзем".

Леанід Віннік быў паэт Божым дарам. Ён быў залішне паэтам, каб жыць доўга. Ён лятаў так высока, што надоўга не мог затрымацца на зямлі. Леанід Віннік пісаў у асноўным па-руску, хоць меў і выдатныя беларускія тэксты, і беларускамоўная песня, якая доўга ўспрымалася ў Лідзе гімнам горада, была на словы Леаніда Вінніка. Паэт Віннік памёр у дарозе і на дарозе ў літаральным сэнсе. Мабыць, такія сімвалы яго жыцця: нядойдзеная дарога і недапісаны верш.

Сябры-аднадумцы (Міхась Мельнік, Уладзімір Васько, Ірына Сліўко, Алег Лазоўскі, Людміла Баягіна) падзяліліся ўспамінамі пра лідскага класіка, зачыталі прысвячэнні, яго вершы, рэцэнзію на кнігу Л. Вінніка ад Дануты Бічэль (захавалася ў У. Васько), а таксама паслухалі песні ў выкананні лідскага барда Сяргея Чарняка на словы юбіляра, а разам з тым і песні "Мой горад" і інш. у выкананні "Ліда-мюзікл" на кружэлцы. Слова было дадзена і яшчэ аднаму паэту-юбіляру Івану Гушчынскаму, які таксама ўзгадаў пра сяброўства з Віннікам і зачытаў вершы. Калі першы нарадзіўся ў адзін дзень з Аляксандрам Пушкіным, то другі - у адзін дзень з Янкам Купалам. Вось якія ў нас лідскія класікі!!!! Слова было дадзена і Таццяне Сямёнавай - аўтару чарговага зборніка "Позвала судьба в дорогу": паэтэса зачытала вершы, распавяла пра гісторыю выхаду зборніка.

Паводле А. Хітруна.


У Баброўні ўшанавалі Макара Краўцова

Гарадзенская вёска Баброўня мае цікавую адметнасць, калі сюды прыязжаюць людзі, яны атрымоўваюць зарад энергетыкі, які іх падштурхоўвае да творчай дзейнасці (паэзіі, літаратуры, мастацтва, пошукаў радаводу і іншага). Гэта адзначылі некаторыя сябры ТБМ, паэты і пісьменнікі, журналісты, якія прыехалі ўшанаваць славутых Касцевічаў, аднаму з якіх - Макару Краўцову споўнілася 125 гадоў. Не трэба ніякіх літаратурных курсаў - проста трэба моцна захацець і прыехаць сюды да ракі Котры, каб гэтая багатая на творцаў зямля зарадзіла вас тутэйшай энергетыкай і натхніла на творчыя вяршыні. Настаўнік і паэт з заможнай сям'і пасля Свіслацкай настаўніцкай семінарыі, удзельнік I Сусветнай вайны, Слуцкай абароны, равеснік (1891 год нараджэння) М. Багдановіча і А. Смоліча, К. Душ-Душэўскага і А. Баліцкага, Я. Варонкі і Я. Станкевіча, удзельнік разам з Я. Карскім Усебеларускага кангрэсу 1917 г. у Менску, нарадзіўся ў вёсцы Баброўня на беразе Котры. Пасля абароны Слуцка жыў з жонкай Ганнай ў Вільні да свайго арышту ў 1939 г. У 30-я гады ў яго роднай вёсцы было 7 настаўнікаў, якія пад кіраўніцтвам ужо былога настаўніка Макара Касцевіча (Краўцова) утварылі гурток мастацкай самадзейнасці і натхнілі на творчы шлях не толькі будучага паэта Міхася Васілька (Касцевіча). Найперш гэта былі браты Макара: Фёдар, Габрыель, Антон, Сямён. Родныя мясціны Макар наведваў з Вільні штогод, дзе яго чакала мясцовая моладзь, ён ім расказваў павучальныя гісторыі і граў на скрыпцы зробленай пляменнікам Платонам Касцевічам. Пазней на ёй граў і Апанас Цыхун, а потым яна перададзена ў музей Максіма Багдановіча. Макар друкаваўся ў шматлікіх беларускіх выданнях, пісаў выдатныя вершы, публіцыстыку, перакладаў, пісаў крытыку. У 1939 ён быў закатаваны ў беластоцкай турме НКВД. За абарону Слуцка і напісаны ім самы вядомы верш " Ваяцкі марш", ён паплаціўся сваім жыццём, а яго выдатны твор выконвалі і ў БССР пасля рэдакцыі другой страфы Міхасём Чаротам. Але, "канвеер смерці" не пашкадаваў і Чарота і стваральніка музыкі да гімна У. Тэраўскага. "Ваяцкі гімн (марш)" добра ведала і спявала па вечарах моладзь Скідзельшчыны і Гарадзеншчыны, і ў Заходняй Беларусі, пра гэта ўспамінаў пляменнік Макара добры гаспадар і майстар скрыпак Платон Касцевіч у 1992 г. Нават у 84-гадовым узросце ён мог заспяваць "Ваяцкі марш"…

Ускласці кветкі і ўспомніць добрым словам паэта і грамадзяніна, аднаго з пачынальнікаў беларускай дзяржаўнасці і яе абаронцу Макара Краўцова прыехала Ала Міхайлаўна Чаплюк, якая жыве ў Гарадзенскім раёне, памятае карані свайго роду, продкі якога пераехалі ў Баброўню з Берштаў, выдатна спявае і збіраецца вярнуцца ў Баброўню са сваёй сям'ёй. Яе дачка, калі вучылася ў ліцэі №1 пад кіраўніцтвам Алеся Госцева, зрабіла свой радавод (Касцевічаў), а ўжо былы ліцэіст, сёння вядомы гісторык Андрэй Вашкевіч дапамог надрукаваць яе працу ў Польшчы. Магчыма, некалі на радзіме Касцевічаў будзе створаны і невялікі прыватны музейчык. Сябры абласной Рады ТБМ, Скідзельскай гарадской арганізацыі, родныя і госці ўсклалі кветкі каля памятнай шыльды, прагучалі словы ўдзячнасці і пашаны за мужнасць і патрыятызм, асветніцкую і творчую дзейнасць, любоў да Бацькаўшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя.


Спроба класіфікацыі зямель

1

Першай вядомай нам класіфікацыяй зямель, ці, дакладней, зямельнай нерухомасці, па іх вартасці і прыбытковасці па ўсяму ВКЛ, з'яўляецца Устава аб падатках, прынятая на Экстраардынарным сойме 1775 г. у Варшаве. Згодна з гэтай уставай усё ВКЛ было падзелена на сем класаў: у мясцовасці 1-га класа падатак з кожнага дыму складаў 10 злотых штогод, у 2-м класе 9 злотых і г.д., ... у 7-м класе - 4 злотыя. Што датычна нашых тэрыторый, дык ва Уставе было запісана: "У пятым класе знаходзіцца: Віленскае ваяводства, Троцкае ваяводства, Ашмянскі павет (акрамя ваколіц Трабаў і Іўя ў радыюсе некалькіх міль вакол гэтых мястэчак), Лідскі павет, ... Гарадзенскі павет, ... Ваўкавыскі павет, .... Наваградскае ваяводства, Слонімскі павет". У гэтым класе стаўка падымнага падатку была 4 злотыя з дыму штогод.

Пётр Лаўроў у сваёй працы "Топографическое описание Лидского уезда" (1849.) не разглядаў справу класіфікацыі зямель і толькі коратка напісаў пра лідскія глебы: "Усе ўзвышаныя раўніны, берагі Нёмана, дольныя часткі цячэння Котры, Лебяды, Дзітвы і іншых рэк, якія прылягаюць да Нёмана, маюць пераважна пясчаныя глебы ... Гліністая глеба знаходзіцца ў нізінах пераважна ў паўночна-заходняй і паўднёва-заходніх частках павета. На астатніх абшарах глебы глініста-пясчаныя і балоты. Значныя абшары балотаў знаходзяцца ў паўночна-заходняй частцы павету і вядомы пад назвамі Дубіцікіх ці Пеляскіх, Каняўскіх, Катранскіх, Дзітвянскіх, а таксама ў паўднёва-усходняй частцы - пад назвамі Плябанскіх, Дубровенскіх і Дакудаўскіх".

Фіскальную класіфікацыю зямель у XIX ст., калі спарадычна, а калі і сістэматычна, рабіла Віленскае казначэйства. Класіфікацыю і таксацыю зямель Віленскай губерні апублікаваў у 1866 г. "Виленский Вестник".

Тарыф ( Збор. Устаў, Т. V. 1874.) даваў мінімальную цану 1 дзясяціны зямлі для падлікаў велічыні аплаты падаткаў у дзяржаўны скарб:

Лідскі павет - 35 рублёў.

Ашмянскі павет:

паўночная частка павета да р. Беразіна - 35 рублёў,

астатняя частка павета - 20 рублёў.

Наваградскі павет - 50 рублёў.

Слонімскі павет:

частка павета на поўнач ад шашы Кобрын - Слуцк - 30 рублёў,

астатняя частка павета - 10 рублёў.

Ваўкавыскі павет - 45 рублёў.

Гарадзенскі павет:

паўднёвая частка павета да ракі Нёман - 65 рублёў,

астатняя частка павета - 40 рублёў.

Гэтыя стаўкі дзейнічалі на працягу амаль што сарака гадоў.

У першыя месяцы Сусветнай вайны Рада Міністраў 4 кастрычніка 1914 г. вырашыла падняць стаўкі некаторых выплат і ўвяла новыя падаткі. Быў уведзены новы табель ацэнкі зямель. Згодна з гэтым табелем Лідскі павет быў падзелены на дзве зоны:

1-я, сярэдняя частка павета, у межах: на ўсход, ад Ашмянскага павета, на поўнач - ад Віленскага і Троцкага паветаў, на захад - ад паўночнай мяжы павета вялікая дарога з мястэчка Алькенікі Троцкага павета, да мястэчка Эйшышкі і далей на паўднёвы захад дарога па дарозе з Эйшышак на Начу, з Начы на поўдзень праз Кавалькі і Салтанішкі на Праважу, ад Праважы, праз вёску Якубаўцы і Лябёдку на мястэчка Васілішкі, з Васілішак вялікая дарога праз мястэчка Астрына да мяжы павета. З Паўднёвага захаду - мяжа павета з Гарадзенскай губерняй, ад перакрыжавання гэтай мяжы з Нёманам, уверх па Нёману да мястэчка Орлі, ад Орлі дарогай на мястэчка Жалудок, ад Жалудка дарога на Голдава і далей на поўнач дарогай да вёскі Радзівонішкі, ад Радзівонішак Лідскім трактам на паўночны ўсход да перакрыжавання тракту з ракой Дзітва, далей па Дзітве на ўсход да перакрыжавання ракі з старым Наваградскім трактам і гэтым трактам на поўдзень, да ракі Нёман. Нёманам на паўночны ўсход да мяжы павета. У гэтай зоне 1 дзесяціна зямлі вызначана ў 85 рублёў.

2-я - астатняя частка - усходняя і заходняя Лідскага павета - 55 рублёў 1 дзесяціна.

15 траўня 1886 г. міністр скарбу зацвердзіў расклад коштаў на зямлю для аперацый Сялянскага зямельнага банка. Згодна з гэтым раскладам, Лідскі павет падзяліўся на тры зоны:

1-я, сярэдняя частка павета, з поўначы абмежаваная лініяй ад возера Маторы (на мяжы Гарадзенскага павета) потым рэчкай Дварчанкай да вялікай дарогі каля вёскі Забалаць, потым гэтай дарогай на поўнач да вёскі Каргоўды, потым дарогай на вёскі Нача, Пастаўкі, Павяланцы, адтуль па рэчцы Радунцы каля Парадуні да ваколіц Гервеланцаў, адтуль па Радунцы і да вёскі Казакоўшчына, потым рэчкай Дзітвой да Воўкавіч, па рэчцы Нешкрупа (прыток Дзітвы) да Тубялевічаў і дарогамі на Надзею, Белявічы, Бычкаўшчыну, Дашкялі і Уладыславова а таксама дарогай з Ліды на Эйтуны. З поўдня - ад вусця ракі Жыжмы на Белундзі, Бердаўку, Больтуці, потым на Навіцкія, Курасёўшчыну, Калясішча, Пяцюлеўцы, Траццякоўцы, Астроўлю, Дайнаву, Кульбакі, Мыто, Янаўляны, Касілаўцы, Мееры, Паперню, далей па рацэ Лябёдцы каля вёсак Востраў, Ладыгі, Татары, Арцішы, Збрашкі, адтуль дарогамі на Сасоўшчыну, Клешнякі, а потым ракой Нявішай да мяжы Гарадзенскага павета. У гэтай зоне цана адной дзесяціны зямлі вызначана ў 55 рублёў.

2-я, паўночная частка павета, у ёй цана адной дзесяціны вызначана ў 40 рублёў.

3-я паўднёвая частка павету, у ёй цана вызначана ў 30 рублёў на адну дзесяціну.

2.

Ашмянскі павет быў падзелены на дзве зоны, іх мяжа праходзіла па рэках Іслач і Беразіна.

1-я, паўднёвая зона павета, цана дзесяціны 20 рублёў.

2-я паўночная зона павета, цана за дзесяціну 35 рублёў.

... Гэты падзел праіснаваў дваццаць восем гадоў. 8 студзеня 1914 г. міністр скарбу, са згоды міністра унураных спраў зацвердзіў для Сялянскага зямельнага банка новы расклад зон і ставак. Лідскі павет быў падзелены да два рэгіёны:

1-ы, у яго склад увайшлі воласці: Лідская, Тарноўская, Мытлянская, Лябёдская, Ражанкаўская, Шчучынская, Лядская, Астрынская, Радунская, Эйшышская, Аляксандраўская, Беняконская і Жырмунская. У гэтым рэгіёне стаўка 1дзесяціны ворнай зямлі узнята да 70 рублёў, а 1 дзесяціна іншых зямель да 60 рублёў.

2-гі, астатняя частка павета, а менавіта воласці: Дакудаўская, Ганчарская, Беліцкая, Арлянская, Жалудокская, Васілішская, Дубіцкая, Пакроўская, Забалацкая і Каняўская. У гэтым рэгіёне стаўка 1 дзесяціны ворнай зямлі ўзнята да 55 рублёў, а 1 дзесяціна іншых зямель да 50 рублёў.

Новы расклад значна палепшыў банкаўскую працу але выбух Сусветнай вайны спыніў далейшую працу па аптымізацыі.

3 чэрвеня 1914 г. міністр скарбу са згоды з міністрам унутраных спраў зацвердзіў расклад нармальных цэн на грунт для Дзяржаўнага зямельнага дваранскага банка. Гэты расклад зон цалкам паўтарыў расклад для Сялянскага банка ад 1886 г., стаўкі склалі, для 1-й зоны 55 рублёў а для 2-й і 3-й зоны - 45 рублёў за 1 дзесяціну.


Параўноўваючы гэтыя дакументы, можна пераканацца, што яны ніяк не карылююцца паміж сабой.

Міхал Шымялевіч

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Беларускі Вярсаль. Зона цвярозасці

Добраўпарадкаваны і асвечаны куток Глыбоччыны - Мосар, пярліна Віцебшчыны, летам патанае у квецені півоняў, лілеяў і лотацяў. Над старажытнымі дубамі кружаць буслы, ціха струменяць крыніцы, у возеры плешчуцца плоткі. Пра жыццё кс. Юзафа (Юозаса) Булькі народ гаворыць з пашанай і ўдзячнасцю. 16 гектараў зямлі дагледжаны з любоўю і ласкай. З гісторыяй стварэння комплексу ў выходны дзень нас пазнаёміла экскурсавод Мосарскага філіала Глыбоцкага гістарычна-этнаграфічнага музея Марыя Раманаўна Ткачонак.

Першы ўспамін пра вёску Мосар, уласнасць Юрыя Зяновіча, датуецца 1514 годам. У 18-тым стагоддзі пры Роберы і Ганне Бжастоўскіх быў пабудаваны двухпавярховы палац у стылі класіцызму. Побач з ім была закладзена дубовая алея і сад. Храм, пабудаваны ў 1792 годзе гэтай сям'ёй, быў названы ў гонар св. Ганны. Тут гасцяваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пазней была створана копія капліцы абраза Маці Божай Вастрабрамскай, якая з'яўляецца міжканфесійнай. На 500-годдзе вёскі ў жніўні 2014 г. жыхары паставілі памятны камень і пасадзілі алею дрэўцаў. Сярод выхадцаў з вёскі ёсць кіраўнік райвыканкама і кандыдат медыцынскіх навук.

Літовец Юозас Булька працаваў у Вільні на заводзе электрапрыбораў. Па нейкай прычыне ён звольніўся і ўладкаваўся вартаўніком у касцёл. Убачыўшы, што ён халасты і не мае дзяцей, яму параілі пайсці вучыцца на святара. Як ні дзіўна, ён атрымаў сан святара ва ўзросце 62 гадоў і знайшоў новае месца ў жыцці. У 64 гады ён ўзяўся на перамяненне Мосара і яшчэ 20 гадоў упарадкоўваў гэты кут.

Тут былі паша і балота. Калі Юзаф Булька прыехаў сюды ў 1989 годзе, ён сказаў: "Я хачу стварыць у вас райскі куток, каб сюды прыязджалі людзі не толькі з Беларусі, але і з усяго свету."

- Мы думалі, а што ж тут такое будзе? - кажа экскурсавод. - Усе паверылі яму, жанчыны і дзеці пачалі высаджваць кветкі, мужчыны - выконваць работы па камені і дрэву, і паступова пачала стварацца прыгажосць. Людзі з розных арганізацый дапамагалі. Кветкі і ўсё жывое, радуе дущу і сэрца чалавека.

У студзені 2005 года Юзаф Булька атрымаў прэмію "За духоўнае адраджэнне". Сродкі ён накіраваў на стварэнне скульптуры і ўпрыгожванне тэрыторыі. Скульптар з Менска Эдуард Барысавіч Астаф'еў стварыў копію скульптуры Мікеланджала. Скульптуру Св. Францішка падаравалі вернікі з Відзаў.

- Кс. Юзаф Булька ездзіў на сустрэчы ў Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, і той прысвоіў яму вышэйшае званне - ксяндза-пралата. Адзін з першых помнікаў Яну Паўлу ІІ быў пастаўлены ў нас у Мосары. Падняўшы руку, ён дабраслаўляе усіх, хто прыязджае ў Мосар і трымае ў руцэ крыж, - распавяла экскурсавод.

Кампазіцыю з валуноў ксёндз назваў садам камянёў. Над ёй узвышаецца старажытны каменны крыж. Тут сабраны камяні з усёй Віцебскай вобласці. Каменная арка названа Варотамі ў рай, над ёй Міхаіл-Арханёл з мячом. Расліны так-сама незвычайныя. Карэльская сасна з дзіўным шышкамі, па якіх сцякае смала, распушыла хваінкі. "Трусіныя вушкі" мяккія, як сапраўдныя.

Уздоўж алеі размешчаны капліцы з шыльдачкамі, на чые сродкі яны фундаваны. Сям'я Юркевіч, 1995 год. Бабулі і дзядулі ахвяравалі сродкі на капліцы, а цяпер прыходзяць іх унукі, дадаюць нешта сваё. Дубам больш за 200 гадоў. Ружанцовая дарога вядзе да крынічак з чыстай вадой і возера. Выспу пакрываюць вялікія лісты белакапытніка, на дзялянках растуць душыца, піжма.

Ад возера вядзе некалькі алей. На Алеі музыкі гасцей сустракае цар Давід. На Алеі цвярозасці на камені сядзіць Езус, які смуткуе аб загубленых у алкаголі і наркаманіі маладых душах. На Алеі Божых Запаветаў знаходзіцца Маісей, які прапаноўвае шанаваць запаветы.

Крыжовая дарога вядзе на ўзгорак. Тут усталёўваюць крыжы ад вёсак і сямей з розных куткоў Беларусі. Самы вялікі крыж - вышынёй 19 метраў. Там ёсць крыж ад Чырвонага касцёла.

Святар паставіўся вельмі строга супраць алкаголю. Ён паабяцаў, што не будзе вянчаць маладых, калі ў храме з'явяцца п'яныя. І аднойчы стрымаў сваё слова - прыпыніў малітву і гучанне аргана.

Іншай умовай было - праводзіць пахаванне без спіртнога. Спачатку людзі ішлі на хітрыкі. Але ксёндз потым адмаўляўся маліцца за памерлых, калі даведваўся, што на хаўтурах была выпіўка. Цяпер, у краме няма ніякага спіртнога - ні гарэлкі, ні віна, ні джын-тоніку.

Нарэшце, 200 з 354 жыхароў вёскі сабралі подпісы і накіравалі ў раённы савет заяву аб тым, што не хочуць мець у мясцовай краме алкагольных напояў, і патрабуюць, каб выпіўку не прывозілі.

- Ксёндз Булька падымаўся а пятай раніцы, абыходзіў сваю тэрыторыю і паліваў кветкі. Ён вельмі любіў сустракаць гасцей і выходзіў да людзей, бывала, прасіў дапамагчы прапалоць клумбачку. Запросіць у дом, напоіць грабатай, распытае, падорыць паштовачку са сваім аўтографам. Ён любіў сыр і хлеб на кляновым лісточку, масла і малако. Дзяліўся такім простым пачастункам са сваімі наведвальнікамі, - успамінае Марыя Раманаўна.

Сёння за паркам наглядаюць 7 супрацоўніц дзяржаўнай установы. Яны рады ўсім гасцям і памочнікам. Для тых, хто прыязджае сюды, пабудаваны Дом пілігрыма.

Э. Дзвінская. Фота аўтара: 1-2-3. Касцёл і паркавы комплекс у Мосары. 4. Марыя Раманаўна Ткачонак з групай пілігрымаў з Чырвонага касцёла Менска.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX