Вярнуцца: 2016

№ 35 (1290)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1290), 31 жніўня 2016 г.


У Віцебску прайшлі "Барадулінкі"

"Барадулінкі" - літаратурна-музычнае свята адбылося ў Віцебску. Яно ўжо другі год ладзіцца на пляцоўцы Арт-прасторы ў гонар народнага паэта Рыгора Барадуліна. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кампанія "Будзьма беларусамі", сацыяльна-культурная ўстанова "Віцебск для мяне" і Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама. На жаль, наведвальнікаў было няшмат, нягледзячы на тое, што Віцебск - горад не маленькі, ды і арганізатары пастараліся зрабіць праграму разнастайнай. Але, паводле арганізатара імпрэзы Уладзіміра Булаўскага, не так важна, колькі людзей наведае імпрэзу, больш важна ў інфармацыйным полі трымаць увагу на развіцці беларускай культуры і на памяці Рыгора Барадуліна ў тым ліку:

- У нас ёсць такі момант нейкі, як гігантаманія, мы чамусьці думаем, што на ўсё павінна прыходзіць шмат людзей - гэта далёка не так. Хай гэта будзе 50-60 чалавек, якія натхняцца тым, што тут будзе адбывацца, чым там 200 чалавек, якія пройдуць міма і нават не заўважаць. "Барадулінкі" - гэта не такое глабальнае свята, як можна ўявіць. Мне здаецца, што такіх невялікіх мерапрыемстваў павінна быць як мага больш, і вось мы супольнымі намаганнямі спрабуем паказаць, што гораду гэта так-сама патрэбна.

Падчас свята адбыліся заняткі "Мовы Нанова", прэзентацыя кніг і выступ пісьменнікаў Віктара Марціновіча і Віталя Рыжкова, буккросінг, кінапаказ караткаметражных фільмаў. Музычная праграма прайшла з удзелам Андруся Такінданга, гуртоў "Цень", "Ілюжан" і MARTIN S. А так-сама на працягу ўсяго мерапрыемства распаўсюджвалася інфармацыя па зборы сродкаў на шыльду ў гонар Рыгора Барадуліна.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя.


80 гадоў з дня нараджэння Сакрата Яновіча

Сакрат ЯНОВІЧ (4 верасня 1936, Крынкі, Гарадзенскі павет, Польская Рэспубліка - 17 лютага 2013, Крынкі, Сакольскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча) - беларускі пісьменнік, аўтар 30 кніг. Пісаў па-беларуску і па-польску. Сябар Саюза польскіх пісьменнікаў, старшыня Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку, старшыня Беларускага дэмакратычнага аб'яднання.

Нарадзіўся ў сям'і шаўца. Скончыў Беластоцкі электратэхнікум (1955) і завочны факультэт польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта (1973).

Працаваў брыгадзірам электраманцёраў на тэкстыльным камбінаце пад Беластокам. Перакладчык, журналіст у газеце "Ніва" (ад 1956). Загадчык арганізацыйнага аддзела Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства (1959-1962). Быў звольнены з "Нівы" "за беларускі нацыяналізм" (1970). Некаторы час працаваў грузчыкам, тэхнікам бяспекі працы. Інструктар-метадыст Беластоцкага гарадскога Дома культуры (2-я пал. 1970-х), тэхнічны рэдактар "Нівы" (1-я пал. 1980-х).

Дэбютаваў апавяданнем у 1956 ("Ніва", Беласток). Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр. Пераклаў на польскую "Вітраж" Я. Брыля (Варшава, 1979), п'есу Я. Шабана "Шрамы" (для Драматычнага тэатра імя Я. Вянгеркі ў Беластоку).

За заслугі ўзнагароджаны Срэбным Крыжам.

Памёр 17 лютага 2013 года ў сваім доме ў Крынках. Пахаваны на праваслаўных могілках у Крынках.

Вікіпедыя.


У Крынках прайшоў Беларускі трыялог

Чарговы Беларускі трыялог завяршыў сваю працу ў Крынках на Падляссі. Удзельнікі - а гэта літаратары, тэолагі, святары ды іншыя зацікаўленыя асобы - дыскутавалі на тэму "Ці Бог не разумее па-беларуску". Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч даў свой адказ на гэтае пытанне:

- На гэтае пытанне "ці разумее Бог па-беларуску" адназначна адказаў сам Скарына, калі пераклаў на беларускую мову Біблію. Значыць была патрэба ў гэтым, значыць Бог захацеў, каб беларусы, якія жывуць на Беларусі, разумелі яго менавіта па-беларуску. Не праз лацінскую мову, не праз польскую ці стараславянскую, а менавіта праз беларускую. Таму Саюз беларускіх пісьменнікаў і кампанія "Будзьма беларусамі", "Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына" пачалі кампанію "500-годнасць", каб пра гэтую найзначнейшую падзею ў гісторыі Беларусі ведалі ва ўсёй Беларусі, каб ганарыліся ёй у кожнай сям'і.

Трыялог у Крынках прайшоў у 17-ты раз. Гэтае мерапрыемства ў свой час запачаткаваў выбітны беларускі і польскі пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, а цяпер справу працягвае Фонд Villa Sokrates. Сёлетнія сустрэчы завершыліся музычнымі выступамі. Гурт Re1ikt і Сяргей Доўгушаў, між іншым, прэзентавалі некалькі песень, сабраных у Брагінскім раёне Беларусі, а гурт Port Mone выступіў супольна з падляскім творцам і музыкам Юркам Асеннікам.

* * *

Беларусы да гэтага часу не маюць паўнавартаснага перакладу Бібліі на беларускую мову. Хоць нашая нацыя пачала гэта працэс адной з першых у гісторыі, але так яго і не завершыла. Пра гэта ў часе "Беларускага трыялогу" ў Крынках гаварыла бібліст і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма Ірына Дубянецкая:

- Пакуль што мы не маем, праца ідзе, але гэта праца складаная, марудная, спецыялістаў мала, каб сапраўды раскідаць на вялікую колькасць людзей, то можна было б хутка зрабіць. Калі гэта 4-5 чалавек, то 4-5 чалавек будуць перакладаць гэта 20 гадоў, каб гэта сапраўды зрабіць якасна. Бо гэтыя 4-5 чалавек, у адрозненні ад іншых моваў народаў, сутыкаюцца з сітуацыяй адсутнасці ўсталяванай тэрміналогіі.

Ірына Дубянецкая адзначыла, што ранейшыя пераклады Бібліі - Станкевіча, Сёмухі, Чарняўскага - кожны па-асобку не выконвае ўсіх патрабаванняў, у тым ліку патрабаванняў часу. У той жа час яна расказала, што гатовыя пераклады асобных кніг, у тым ліку нядаўна пабачыў свет пераклад на беларускую мову "Псалтыра" аўтарства Аляксандра Надсана. Беларуская праваслаўная царква таксама завяршае свой пераклад Новага Запавету.

Радыё Рацыя.


Адбылася першая сустрэча Алега Трусава з выбаршчыкамі

Адбылася першая сустрэча Алега Трусава з выбаршчыкамі 22 жніўня ў актавай зале ДУ "Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Менска" (вул. Ляўкова, 19). Зала была запоўнена няпоўнасцю, але тыя грамадзяне, якія наведалі сустрэчу, актыўна абмяркоўвалі разам з сп. Трусавым яго перадвыбарную праграму, уносілі прапановы і заўвагі, дзяліліся сваімі назіраннямі і жыццёвымі гісторыямі.

Заўвагі і прапановы будуць улічаны сп. Трусавым.

Прапануем наведаць другую сустрэчу, якая пройдзе 31 жніўня з 19.00 да 20.30 у актавай зале ДУ "Менскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж" (вул. Казінца, 8).

Наступныя сустрэчы з А. Трусавым адбудуцца:

1 верасня з 19.00 да 20.30 у актавай зале ДУА "Сярэдняя школа № 30 г. Менска" (вул. Жукоўскага, 11).

2 верасня з 19.00 да 20.30 у актавай зале ДУА "Сярэдняя школа № 1 г. Менска" (вул. Чкалава, 3а).

5 верасня з 19.00 да 20.30 у актавай зале ДУА "Сярэдняя школа № 168 г. Менска" (вул. Жукоўскага, 10/5).

6 верасня з 19.00 да 20.30 у актавай зале ДУА "Гімназія № 56 г. Менска" (вул. Варанянскага, 11/2).

7 верасня з 19.00 да 20.30 у актавай зале ДУА "Гімназія 75 г. Менска" (вул. Свярдлова, 30).

Тэледэбаты з удзелам Алега Трусава глядзіце на "Беларусь-3" 5 верасня з 19.00 да 20.00.


Пікет Алены Анісім у Гарадзеі

Алена Анісім - кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе 27 жніўня разам з даверанымі асобамі і прыхільнікамі правяла пікет у п. Гарадзея. Былі раздадзены ўлёткі і перадвыбарная праграма.

Пасля пікету яна назірала за матчам Гарадзея-Граніт.

Як і ў мінулы раз (20 жніўня), калі Алена Анісім была сярод заўзятараў Гарадзеі, каманда выйграла ў супернікаў. 20 жніўня лік быў 3:0, 27 жніўня - 2:0 на карысць Гарадзеі.

Вучымся перамагаць!


Графік сустрэч Алены Анісім з выбаршчыкамі Стаўбцоўскай выбарчай акругі

Навасвержанскі цэнтральны Дом культуры, в. Новы Свержань, вул. Чыгуначная; 31.08.2016 18.00-19.00

Рубяжэвіцкі сельскі дом культуры аг. Рубяжэвічы, вул. Маладзёжная; 1.09.2016 18.00-19.00

ДУК "Шашкоўскі сельскі дом культуры" аг. Шашкі, вул. Савецкая, 13; 5.09.2016 18.00-19.00

ДУ "Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры" г. Стоўбцы, вул. Багінскага, 2; 6.09.2016 18.00-19.00

ДУК "Старасвержанскі цэнтр культуры", аг. Стары Свержань, вул. Камарова, 1; 7.09.2016 18.00-19.00


Цэгла, цэбар, вага, шафа, цвік, швагер...

Навіны Германіі

Якія яшчэ падобныя па гучанні і сэнсе беларускія словы ёсць у нямецкай мове!

Не так даўно аўтар гэтай публікацыі размаўляў з Яўгенам Бабічам, выкладчыкам нямецкай мовы Глыбоцкага дзяржаўнага прафліцэя.

Натуральна, аўтар звярнуў увагу на дзясяткі моўных паралелях у беларускай і нямецкай мовах. На што Яўген Бабіч рэзюмаваў: калі трэба знайсці 100 моўных паралеляў - знайду! Калі трэба знайсці 500 беларуска-нямецкіх моўных паралеяў - таксама, знайду!

Заўсёды ўзнікае пытанне: як пэўныя словы з нямецкай мовы патрапілі ў нашу мову? Ёсць і адказ на гэтае пытанне! Адны з іх маглі патрапіць ад наўпроставых кантактаў беларусаў з немцамі, іншыя - праз польскія запазычанні з нямецкай, а іх нам маглі прынесці манахі каталіцкіх ордэнаў, рэшта - праз яўрэйскую мову, у якой было шмат германізмаў, і яўрэі жылі сярод нас стагоддзямі. Ёсць і запазычанні нямецкай мовы з лацінскай, якія таксама потым трапілі ў нашу мову.

На гэтую тэму даўно праведзены адпаведныя навуковыя даследаванні. Мы іх скарыстаем! Дык, якія ж гэта словы? Працытуем:

абцас - каблук, пол. obcas з ням. Absatz;

балея - большая лохань для мытья белья, польскае baleja, balja з н.- нямецкага Balje;

бохан - каравай хлеба, пол. bochen з ням. Bache;

брага - гуща, остающаяся после выварки водки, известный напиток, пол. braha з ням. Bruhe;

бракаваць, пол. brakowac ад brac з нямецкага;

бровар - пивоваренный завод, пол. browar пры browarnia з ням. Brauerei;

брук - камен. мостовая, пол. bruk з ням. Brucke;

бурштын - янтарь, пол. bursztyn з ням. Bernstein;

бэлька - балка, пол. belka з ням. Balken;

вага - вес, пол. waga з ст. в.-нем. Waga;

варта - караул, пол. warta з ням. Warte;

варты - стоящий, пол. wart з ням. Wart;

гак - крюк, пол. hak з ням. Hacken;

гандаль - торговля, мена, пол. handel из нем. Handel;

гвалт - крик, пол. gwalt з ням. Gewalt, пры пасярэдніцтве яўр. giewalt;

гэбель - пол. hebel з ням. Hobel;

грунт - почва, пол. grunt з ням. Grund;

дах - крыша (не соломенная), пол. dach з ням. Dach;

дрот - проволока, пол. drut з drot, ням. Dragt;

друк, друкар, друкарня - печатня, набойная и т. д., пол. druk, drukarz, drukarnia - усе з ням. Druck;

кавал, кавалак - пол. kawal, kawalek з н.-нем. Kavel;

кахля, кафля - изразец, пол. kachel, kafel з ням. Kachel;

квапіць - возбуждать желание, охоту, квапіцца - с жадностью смотреть на что-л., пол. kwap, kwapic, у сувязі з чэш. kvap - дробнае пер'е і ням. Quabbe;

кірмаш - ярмарка, пол. kiermasz з ням. Kirmess ці Kirchmesse;

клёцкі - пол. нар. klo-ski, літар. kluski з ням. Klоsschen;

клямка - защёлка, пол. klamka з ням. Klinke;

конаўка - кружка, пол. konewka з ням. Каnnе;

каштаваць - стоить, пробовать, пол. kosztowac з ням. kosten, ср. лат. costare зам. constare;

крама - лавка, пол. krama з ням. Kram;

краты - решетка, пол. kraty з ср. лац. crata;

кроква - стропило, пол. krokiew, народн. krokwa, з ср. в.-ням. Chraco;

куля - пуля, пол. kula, ср. герм. Kule, шв. kula;

куфа - большая бочка, пол. kufa з ням. Kufe;

ланцуг - цепь, пол. lancuch з ням. Lehnzug, lange Zug;

лата - известным образом обтесанная жердь, пол. lata из нем. Latte;

лейцы - вожжи, пол. lejce з ням. Leitseil;

ліня - веревка на паромах, пол. linja з н.-ням. Line, узятага ў сваю чаргу з лац. linia;

ліхтар, ліхтарня - подсвечник, фонарь, пол. lichtarz, з ням. Leuchter;

майстар - мастер, пол. majster з ням. Meister;

махляваць - лгать, пол. machlowac з ням. Mаchler;

млын - мельница, пол. mlyn з ням. Mulin, а немцы ўзялі яго ў італьянцаў - mulino;

маруда - медлительность, пол. maruda, выводзіцца з франц. maraudeur, але, верагодна, без дастатковых падставаў;

муляр - печник, пол. mularz з ням. Maurer;

мусіць, прымус - быть должным и т. д., пол. music, mus з ням. mussen, Muss;

мур - каменное строение, пол. mur з лац. murus;

меркавацца - советоваться, пол. miarkowac siе з ням. merken не без уплыву miara;

нырка - почка, пол. nyrka і nerkа з ням. Niere;

паля - свая, пол. pal з ср. в.-ням. Pal, быць можа, у сувязі с лац. palus;

пляц - пол. plac з ням. Platz;

прасаваць - гладить, пол. prasowac з ням. pressen;

проба - опыт, пол. prоba з ням. Probe;

рада - совет, пол. rada з ням. Rath, ст. сакс. Rаd;

разынка - изюм, пол. rozynka з ням. Rosine;

раіць - советовать, польск. raiс паходзіць ад rajca з radz'ca, а гэтае апошняе ад rada = ням. Rath;

ратунак - помощь, пол. ratunek з ням. Rettung;

рахавацца - считаться, пол. rachowac siе з ням. rechnen;

pэшта - остаток, пол. reszta з ням. Rest;

рыштунак - подмостка, рыштаваць - пол. rynstunek з ням. Rustung;

скварка - кусочек поджаренного сала, пол. skwarek з ням. Schwarte;

скіба - ломоть хлеба, пол. skiba з н.-ням. Skeebe (Scheibe), ісл. skifa;

стэльмах - столяр, пол. stelmach з ням. Stellmacher;

стрыхар - кровельщик, пол. strzych, strzycharz з ням. Strich;

трапіць - попасть, пол. trafiс з ням. treffen;

тузін - дюжина, пол. tuzin з ням. Dutzend;

тынк - штукатурка, пол. tynk з в.-ням. Tunche;

фурман - кучер, пол. furman з ням. Fuhrmann. Сюды ж адносіцца фурманка;

цалёўка - доска в дюйм (цалю) толщины, пол. calowka ад ням. Zoll;

цвік - гвоздь, пол. cwiek з ням. Zweck;

цэбар - ушат, пол. ceber з ням. Zober, Zuber;

цыбуля - лук, пол. cebula з ср. в.-ням. Z(w)ibolle, якое ў сваю чаргу з лац. caepulla;

цэгла - кирпич, пол. cegla з ням. Ziegel, лац. tegula;

шабля - сабля, пол. szabla з ням. Sabel;

шалі, шалькі - весы, пол. szala, szalka з ням. Schale;

шанаваць - уважать, пол. szanowac з ср. в.-ням. schаnen;

шанціць, шанцаваць - счастливиться, пол. szancowaс; без сумневу, у сувязі з ням. schanzen;

шафа - шкаф, пол. szafa з н.-ням. Schaff, а гэта з ср. лац. scaphium;

швагер - существующее рядом с "деверь", пол. szwagier з ням. Schwager;

шэлег - известная мо-нета (1/8 коп.), пол. szelag, ням. Schilling;

шэльма - плут, пол. szelma з ням. Schelm;

шыба - оконное стекло, пол. szyba з ням. Scheibe, ср. в.-ням. Schibe;

шынка - окорок, пол. szynka з ням. Schinken;

шынок - кабак и т. д., пол. szynk, szynkarz, szynkarka з ням. Schenke, Schenker;

шкода - потеря, жаль, перашкода - помеха, пол. szkoda з ст. в.-нем. Scado, Schade;

шлях - большая дорога, пол. szlak з ням. Schlich;

шляхта і вытворныя, пол. szlachta з ст. ням. Slahta;

шмальц - гусиный жир, пол. szmelz, szmalc з ням. Schmelz;

шпілька - булавка, пол. spilka з ням. Spille;

шпунт - затычка, пол. szpund з ням. Spund;

шрам - пол. szram з ням. Schramme;

шрот - дробь, пол. szrоt з ням. Schrot;

шруба - винт, пол. sru-ba з ням. Schraube;

штаба - железная полоса, пол. sztaba з ням. Stab;

штука - фокус, штукар - пол. sztuka из нем. Stuck;

ятка - мясная лавка, пол. jatka, быць можа, з ням. Hutte.

Крыніца: Беларускі Дзяржаўны ўніверсітэт, "Германізмы ў беларускай мове". Пад рэдакцыяй М.Р. Прыгодзіча. Менск.

Уладзімір Скрабатун


Дзяржаўнасць. Дэмакратыя. Дабрабыт

Гутарка кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Лідскай выбарчай акрузе № 55 Станіслава Судніка з жыхарамі слаўнага горада Ліды

Суднік Станіслаў Вацлававіч, сябар Рады ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сябар Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ "Адраджэньне". Старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА БНФ "Адраджэньне".

Нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага р-на, Менскай вобласці. Скончыў Менскае вышэйшае зенітнае ракетнае вучылішча ЗРВ СПА з адзнакай і Камандную акадэмію імя Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава з адзнакай. Служыў ва Узброеных Сілах СССР на Урале і ў Казахстане. Удзельнічаў у больш, чым 300 баявых пусках ракет. Дзяржаўныя ўзнагароды СССР: ордэн "За службу Радзіме" 3-й ступені, медаль "За баявыя заслугі", іншыя медалі і адзнакі. Майстар баявой кваліфікацыі. Вайсковы перакладчык (нямецкая мова).

У Беларусі служыў у Мастах і Росі. Падпалкоўнік запасу. З 1994 года ў Лідзе.

З 1997 г. рэдактар газеты ТБМ "Наша слова". Рэдагуе і выдае часопіс "Лідскі летапісец" і альманах "Ад лідскіх муроў". Паэт. Аўтар сямі кніг. Шмат перакладае з польскай мовы.

Шаноўныя лідзяне!

Я перш за ўсё хачу паведаміць, што на ўдзел у гэтых выбарах мяне зрушыла любоў да Беларусі і да нашага горада Ліды. Бачачы, колькі ўсяго робіцца не так, або не робіцца зусім, маючы адвагу і сілы, я хачу прапанаваць свой жыццёвы досвед і веды ў шмат якіх галінах для таго, каб паслужыць Бацькаўшчыне вялікай і малой.

Калі вы вырашыце прагаласаваць за мяне, то вы прагаласуеце не толькі за Станіслава Судніка, вы прагаласуеце за беларускі патрыятызм, за беларускую нацыянальную ідэю, за беларускую мову, за любоў да Беларусі. Вы будзеце мець у парламенце не толькі аднаго дэпутата Станіслава Судніка, вы будзеце мець увесь інтэлектуальны патэнцыял найстарэйшай у Беларусі Партыі БНФ і найбуйнейшага у Беларусі грамадскага аб'яднання "ТБМ імя Францішка Скарыны". І вы будзеце мець дэпутата, які не адарвецца ад горада, будзе бачыць усе вашыя праблемы і чуць вашыя запыты і запатрабаванні.

Усю маю праграму вы можаце прачытаць у "Лідскай газеце" за 20 жніўня. Тут жа я хачу пагаварыць з вамі коратка па трох асноўных кірунках, якія можна назваць: "Дзяржаўнасць", "Дэмакратыя", "Дабрабыт", а таксама пра тое, што можна зрабіць для Ліды і лідзян.

25 гадоў мы з вамі маем найвялікшую ў нашай гісторыі каштоўнасць - Беларускую незалежную дзяржаву. Мы яе не мелі 450 гадоў і вось маем. Гэта Божая ўзнагарода ўсяму нашаму шматпакутнаму народу за пралітую кроў, за мукі, за паўстанні, за адвечнае жаданне "людзьмі звацца" і заняць "свой пачэсны пасад між народамі". 25 гадоў я жыў тым, каб бараніць і ўмацоўваць гэтую незалежную краіну, і вельмі добра разумею, што трэба рабіць, каб "гэты скарб не збрыў дзе проч", каб не з'елі яго розныя трутні. І я вам гавару, што ў краіне, дзе ўся вертыкаль улады не гаворыць па-беларуску, дзе не ўжываецца беларуская мова ў сілавых структурах, дзе не існуе ідэалагічнай работы і патрыятычнага выхавання на аснове гістарычных і светапоглядных каштоўнасцяў беларускай нацыі, дзе малых дзетак не вывучваюць кожны дзень на беларусаў, у такой краіне не ўсё ў парадку з нацыянальнай бяспекай. Такая краіна знаходзіцца пад пагрозай. Такую краіну спрабуюць і будуць спрабаваць хоць неяк падзяліць, абрэзаць, зрабіць з жыхароў янычараў, якія будуць самі яе ж знішчаць. Будуць нам насаджваць нейкіх казакоў, Матронаў Маскоўскіх ды Хеўронняў Мурамскіх, быццам у нас няма сваёй гісторыі і сваіх святых.

Мы павінны аднавіць ментальную, культурніцкую і духоўную мяжу з Расіяй. Надзейна кантраляваная фізічная мяжа з Расіяй павінна спыніць плынь злачыннасці, нелегальнай міграцыі ды наркотыкаў.

Беларускі патрыятызм нельга выхаваць на чужых каштоўнасцях і ў чужой мове. Таму падтрымка роднай мовы, нацыянальнай адукацыі і культуры - аснова нацыі і дзяржавы. Мы выступаем за вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. На першым этапе мы прымем Закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", адкрыем Нацыянальны беларускамоўны ўніверсітэт, адкрыем беларускамоўную гімназію ў кожным горадзе. На другім этапе зробім усю адукацыю ў Беларусі беларускамоўнай.

У дадатак у душах нашых чыноўнікаў і ўрадоўцаў яшчэ моцна сядзіць "чырвоны чалавек", які не пускае туды "беларуса". І чыноўнікі, і мы з вамі яшчэ моцна савецкія. Многім гэта не замінае, але гэта ўжо замінае будучыні краіны.

Гэта ўсё трэба мяняць, і мы зменім. Беларусь будзе беларускай не толькі па назве, але і па сутнасці. Мы вернем спрадвечныя беларускія сімвалы: герба "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг. Мы зробім дзяржаўным адзін з нашых вялікіх нацыянальных гімнаў.

У нас па форме дэмакратычная краіна. Але дэмакратыя - гэта ўлада народа. Кожныя пяць гадоў мы выбіраем прэзідэнта, ён працуе дзеля краіны, робіць справаздачы перад народам і парламентам. Але чаму нас пазбавілі права выбіраць кіраўнікоў абласцей і раёнаў. Чаму старшыні мясцовых выканкамаў фактычна прызначаюцца з Менска і адказваюць не перад людзьмі, а перад верхнім начальствам. І будзь той старшыня райвыканкама сто разоў дрэнны, мы не можам яго перавыбраць. Гэта трэба мяняць.

Зараз у горадзе ідзе нябачная маўклівая вайна паміж жыхарамі і ЖЭС-амі вакол заварвання смецепровадаў. У Новым Паўднёвым гарадку супраць заварвання 950 кватэр з 960, але ніхто нікога не чуе, заварылі і ўсё. Людзі спісалі ўсю кнігу скаргаў і што? І нічога. Мы бяспраўныя.

А калі мы будзем выбіраць кіраўніка раёна, кожны чыноўнік будзе ведаць, што як не будзе працаваць для народа, то будзе шукаць новую працу.

І дабрабыт. Што трэба людзям? Мець магчымасць вольна і спакойна працаваць і атрымліваць высокую зарплату. Мець магчымасць купіць на тую зарплату ўсё, што трэба. І куды мы глядзім, каб убачыць высокія зарплаты і багатае жыццё? Ніхто з нас у гэтым плане не глядзіць на Расію, мы глядзім на Захад. Не ўсе хочуць у Еўрасаюз, не ўсім прыймальныя заходнія каштоўнасці, але кожны хацеў бы зарабляць не па 300 беларускіх рублёў, а па 3000 еўра. Таму наш курс - туды. Да высокіх тэхналогій, да якаснай прадукцыі, да справядлівых эканамічных адносін, да нармальных падаткаў, а не пабораў.

Мы выйдзем з Еўразійскага саюза, які ёсць прычынай праблем у эканоміцы. Што ён даў нашай краіне? Не ведаю. Што ён даў нам? Ведаю. Адразу пасля падпісання гэтай дамовы былі ўведзены новыя мытныя паборы з патрыманых аўтамабіляў. За той самы патрыманы аўтамабіль, за які мы плацілі 2-3 тысячы долараў, цяпер плацім па 8-10 тысяч. Аўтамабілі тыя самыя, а цэны ў чатыры разы большыя. Працу страцілі нашыя аўтаперагоншчыкі, якія гналі машыны з Еўропы ў Расію, але не ўсе. Цяпер некаторыя гоняць дабіты на расейскай бездаражы металалом у Беларусь.

Абяцанае свабоднае перамяшчэнне тавараў і паслуг цераз беларуска-расейскую мяжу на практыцы вылілася ў малочныя, мясныя, яблычныя і Бог ведае якія яшчэ войны. І ўвесь вам саюз.

Але нам патрэбна і дэверсіфікацыя ўласнай эканомікі. Добра рабіць "Белазы". Зрабіў адзін на месяц і не парся. Вось толькі як прадаць? А тое, што ў Беларусі можа мільён дачных участкаў і патрэбны мільён мотаблокаў, пілаў, касілак, гэблікаў, помпаў, тое нікога не хвалюе. Яно ўсё ёсць, але ўсё кітайскае ці яшчэ чыё. А дзе нашае? Чаму тыя ж лідскія заводы нічога гэтага не робяць? Не ўмеюць? Не хочуць? Мабыць, не ўмеюць. Зробяць грасоўку ці рыдлёўку, то яны або ломяцца, або гнуцца.

У нас добра развіты і хімія, і біяхімія, а ў крамах імпартныя фарбы. А дзе беларуская фармацэўтыка? У нас лясы, травы, грыбы, акадэмія навук, якая дрэвы кланіруе, а таблетка ад галавы імпартная.

Мы хвалімся дзесяткам кавуноў, які вырас на прэзідэнцкім агародзе, а ў краіне згнівае кожны год мо 10 мільёнаў тон яблык, груш, парэчак, сліваў. Мільёны тон гніюць, а сокі ў крамах імпартныя. Не выключэнне і Лідчына. Нарыхтовачныя цэны такія, што бензін не акупіш, з вёскі возячы. Добра, калі ёсць свінні, а так гніюць тыя яблыкі і ўсё.

Хто гэта ўсё паправіць? Дзяржава не паправіць. Паправіць прыватны бізнес, а таму мы зробін самы спрыяльны клімат для малога і сярэдняга бізнесу. Мы зробім і малы памежны рух, і бязвізавы рэжым з Еўропай. Вязіце тэхналогіі, вывозьце прадукцыю.

Лідзе патрэбны высокааплатныя рабочыя месцы, а не лоўля тунеядцаў. Увесь свет ловіць пакемонаў, а ў Беларусі чыноўнікі ловяць тунеядцаў. Таксама някепская гульня, і ўсе пры справе. І, галоўнае, карысць такая ж.

Лідзе патрэбна шмат невялікіх эфектыўных новых вытворчасцяў, але каб яны адчувалі сябе ўпэўнена, патрэбна прыватная ўласнасць на зямлю. На арандаваную зямлю ніякі сур'ёзны бізнес да нас не пойдзе.

У адпаведнасці са спецыфікай маёй працы мне заўсёды балелі пытанні культуры і добраўпарадкавання горада. Таму, я лічу:

У вобласці культуры трэба:

1. Нарэшце завяршыць рэстаўрацыю Лідскага замка, якая мусіла быць скончанай яшчэ ў 2014 годзе, але якой не відаць канца-краю і цяпер.

2. Устанавіць конны помнік заснавальніку горада вялікаму князю Гедзіміну. Ёсць рашэнне выканкама на гэты конт, ёсць некалькі макетаў, але справа не рухаецца.

3. Адкрыць нарэшце пастаянную гістарычную экспазіцыю ў Лідскім музеі, якая адсутнічае мо 10 гадоў, і нікому гэта не муляе.

4. Адбудаваць Лідскую ратушу, як сімвал мясцовага самакіравання, як сімвал еўрапейскасці горада Ліды, якая 426 гадоў назад атрымала Магдэбургскае права, адкрыць у ратушы музей горада Ліды.

5. Адбудаваць палац у Дворышчы.

6. Адкрыць музей авіяцыі на Лідскім аэрадроме.

7. Правесці раскопкі, а пасля адбудаваць сядзібу Тодара Нарбута ў Шаўрах, хоць гэта і Воранаўскі раён, але былы Лідскі павет.

8. Устанавіць у Лідзе манумент Нарбутам Лідскім.

9. Адкрыць музей паўстання 1863 года ў Жалудку, хоць гэта і Шчучынскі раён, але былы Лідскі павет.

10. Устанавіць у Лідзе або Мінойтах бюст лідскага першадрукара Яна Карцана.

11. Вярнуць вуліцам Ліды адвечныя назвы: Савецкая мусіць стаць Віленскай, Ленінская - Каменскай, Кірава - Школьнай, 8 Сакавіка - Крупаўскай, Калініна - Вызвалення і г.д.

12. Зняць з усіх устаноў культуры, як перажытак камуністычнага мінулага, план па падпісцы на розныя непатрэбныя ім газеты і часопісы, дазволіць самім выбіраць, што выпісваць.

У вобласці адукацыі трэба:

1. Адкрыць у Лідзе ўніверсітэт або хаця б філіял універсітэта. Гэта некалькі прыпыніць адток лідскай моладзі, палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў горадзе.

2. Адкрыць у Лідзе беларускамоўную гімназію № 2.

3. Перавесці палову лідскіх школ на беларускую мову выкладання.

4. Выдаць навучальны дапаможнік "Лідазнаўства".

5. Ва ўсіх школах раёна без выключэння выкладанне гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі, батанікі, заалогі, біялогіі павінна быць на беларускай мове.

У пытаннях добраўпарадкавання трэба:

1. Пабудаваць аб'язную дарогу ад рэстарана "Легенда" да "Алімпіі".

2. Рэканструяваць вуліцу генерала Бяды і вуліцу Малахава.

3. Пабудаваць касцёл у Паўднёвым гарадку.

4. Няўхільна пашыраць сетку асфальтаваных вуліц у мікрараёнах з прыватнай забудовай.

5. Прыняць меры супраць закрыцця крамаў крокавай даступнасці, якія не вытрымліваюць канкурэнцыі з гіпермаркетамі.

Ліда - найлепшы горад у свеце. Дык будзьма вартымі яго!

Я гатовы выслухаць прапановы кожнага жыхара нашага горада і прыняць усе рэальныя і разумныя.

Жыве багатая, еўрапейская, дэмакратычная незалежная Беларусь!

Жыве самы беларускі горад Ліда!


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Агееў Алесь Анацка Лявон Анісім Алена Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Асіпенка Аляксандр Асіпцова Яніна Багдановіч Алена Барада Людміла Барадаўкіна Ірына Баран Павел Баршчун Валянціна Баршчэўская Алеся Барысенка Аляксандр Барэйка Юры Батура Людміла Баярэвіч Ксенія Белакоз Алесь Бізгень Людміла Бондар Юлія Бубновіч Ніна Булатава Зоя Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варанец Міхаіл Варановіч Крысціна Васілеўскі Валянцін Васільева Вераніка Васільева Галіна Васілючак Міхаіл Вінакурава Кацярына Віняцкі Ягор Войніч Вікторыя Волкаў Міхаіл Вочка Ірына Высоцкая Таццяна Вяргей Валянціна Вярцінская Вольга Габрусевіч Сяргей Гадзюка Юрась Гайдучэнка Алег Галоцік Ганна Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Ганчар Марыя Гарбузова Аліна Гідлеўская Людміла Гнётаў Віталь Гойшык Аляксандр Грыб Мечыслаў Грынько Вольга Гуркоў Алесь Данілюк Алег Даўгашэй Франц Дзежыц Аляксандр Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Дзіско Уладзімір Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Дранец Алена Дробыш Алёна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Дымкоў Сяргей Дэц Аксана Ермаловіч Людміла Еўстратоўскі Уладзімір Ехілеўская Кацярына Жбанкова-Стрыганкова Вікт. Жолудзеў Анатоль Жук Мікалай Жукоўскі Барыс Жыгалка Уладзіслаў Жышкевіч Людміла Завяруга Вольга Зайка Антаніна Занкевіч Зміцер Збірэнка Алена Зімін Мікалай Зяновіч Ганна Іванова Вольга Івашка Ірына Ісаевіч Наталля Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Кавалевіч Алена Казак Мікалай Казакевіч Дзяніс Казлоўская Іна Каладынская Вольга Калашнікаў Уладзімір Калбасіна Ірына Канабраткіна Таццяна Канановіч Алена Канановіч Віталь Кандраценка Артур Кануннікаў Дзмітры Капусціна Святлана Карпека Андрэй Карповіч Сямён Карценька Алена Карэнька Зінаіда Касцевіч Ніна Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Кіенка Генадзь Кліменцьева Марыя Кляўцэвіч Іван Колас Уладзімір Корбут Віктар Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Кошчанка Уладзімір Крамко Ганна Краснагір Аляксей Краўцоў Андрэй Краўцэвіч Аляксандр Краўчанка Ала Крот Кацярына Круглік Юлія Крэнць Максім Кудзелька Віктар Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Купчык Мікола Курган Дзяніс Курдзя Антаніна Курдо Антон Лагун Таццяна Лазко Любоў Лапато Валянціна Лапухова Часлава Лапцік Валянціна Лізуноў Андрэй Ліпскі Міхаіл Лісай Уладзімір Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Ліцьвінчук Алена Лобан Ірына Лужкоўская Юлія Лукашэнка Любоў Лунёва Настасся Лызо Дмітры Ляшкевіч Сяргей Майсюк Вольга Малец Надзея Малочка Таццяна Маляўка Андрэй Мандрык Канстанцін Марзалюк Ігар Маркелаў Валер Маркушэўскі Ігар Марозаў Валеры Марук Мікалай Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Мацулёў Мікалай Мезяк Віктар Мельнікава Зоя Мельнікаў Мікалай Міхайлоўская Вікторыя Міхалоўская Вольга Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Мурашка Надзея Мусік Святлана Мухін Ігар Алегавіч Мухіна Алена Мяцельская Наталля Навумік Зінаіда Наздрына Ларыса Новік Дзіяна Новік Марыя Пабірушка Таццяна Панкрат Пётр Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Паўлоўская Ганна Паўлоўская Марыя Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Петрычэнка Аніта Півавар Кацярына Піваварчык Ірына Пінчук Мікалай Піткевіч Алесь Пранікава Тамара Прасольная Вольга Прывалаў Васіль Прыстаўка Яніна Птушка Алена Пузанкевіч Вікенці Пянкрат Пётр Пяткевіч Тамара Пятровіч Карней Пятроў Дзяніс Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Савостава Наталля Салавей Лія Саламевіч Кацярына Салдатава Аліса Сармант Надзея Сарока Надзея Саскавец Ала Свяколкін Антон Севярынец Канстанцін Севярынец Таццяна Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Случак Таццяна Сметаненка Аляксандр Смольнік Вольга Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Суднік Арцём Сусла Мікалай Сухаверхая Кацярына Сцяжко Канстанцін Сцяцэнка Яўгенія Сяльверстава Святлана Таніня Наталля Тарасевіч Пётр Таратута Аляксей Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Тычына Андрэй Уласюк Юры Уліцкая Ганна Усеня Уладзімір Усцімчук Мікалай Усціновіч Васіль Фёдарава Ірына Флярко Сяргей Хляба Ігар Цімохаў Сяргей Цыбулька Аляксандр Чабатарэўскі Андрэй Чайкова Ірына Чаркасаў Л.І. Чарнавус Мікалай Чарноў Павел Чырвонцаў Леў Чэчат Лілея Шпірыч Раіса Штанюк Наталля Шульчанка Вольга Шутаў Аляксандр Шыбкоўскі Сяргей Шэметава Якавец Т. Я. Якіменка Кацярына Янкоў Дзмітры Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Яшкін Уладзімір


Хто ў выбарчых спісах?

Кандыдатам ў дэпутаты па 103-й Дамброўскай выбарчай акрузе ў сталіцы, зарэгістравана прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Вольга Кавалькова.

Вольга Аляксандраўна нарадзілася і жыве ў Менску. Праваслаўная хрысціянка, па поглядах - хрысціянскі дэмакрат. Мае вышэйшую адукацыю, скончыла Акадэмію МУС, юрыст. Працавала выкладчыкам па кадравым і жыллёвым заканадаўстве, спецыялістам аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Савецкага раёна, юрыстам. Вольга Кавалькова як прадстаўнік БХД неаднаразова ўдзельнічала ў кампаніях у абарону жыцця, супраць абортаў, супраць алкагалізацыі насельніцтва. Сп. Вольга брала ўдзел у онлайн дыскусіі на "Нашай Ніве" супраць абортаў.

Хрысціянскія дэмакраты сумесна з экспертамі распрацавалі праект сістэмных рэформаў у эканоміцы, ЖКГ, адукацыі, пенсіях і іншых сферах. Яны прадугледжваюць:

- У сферы аховы здароўя: новае абсталяванне і якаснае лячэнне.

- Адмену платных паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя. Развіццё прыватных медыцынскіх цэнтраў.

- Страхавая медыцына: дзяржава і прадпрыемствы размяшчаюць на рахунак кожнага грамадзяніна страхавую суму, а чалавек самастойна абірае лекара і аплачвае яго паслугі са свайго рахунку.

- Павялічэнне выдаткаў на медыцыну за кошт адлічэнняў у фонд абавязковага медыцынскага страхавання сродкаў ад абароту спіртных напояў, тытунёвых вырабаў, гульнявога бізнесу, штрафаў за экалагічныя парушэнні.

У сістэме ЖКГ: якасныя паслугі з прымальнымі тарыфамі:

- Магчымасць выбару паміж прыватнай альбо дзяржаўнай арганізацыяй, якая абслугоўвае дом. Канкурэнцыя знізіць кошт і павысіць якасць абслугоўвання.

- Скарачэнне чыноўнікаў у аддзелах ЖКГ і міністэрстве.

Пенсіі: годнае жыццё, павага і клопат:

- Увядзенне абавязковых назапашвальных пенсій. Кожны ўласнік сродкаў у назапашвальным фондзе самастойна распараджаецца сваімі назапашваннямі.

- Перадача ў назапашвальны пенсійны фонд 25% сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Інвеставанне сродкаў у паспяховыя вытворчасці, што забяспечыць выплаты сёняшнім пенсіянерам. Старэйшае пакаленне мае права на сваю долю ў створаным іх рукамі нацыянальным багацці краіны.

- Сп. Вольга, ці ёсць у Вас досвед дзейнасці ў абарону інтарэсаў беларускай мовы?

- Цягам году мы праводзілі ў Заводскім раёне Менска кампанію "Вучымся па-беларуску". Збіралі подпісы бацькоў, якія б хацелі, каб іх дзеці наведвалі беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках. Я не аднойчы наведвала райвыканкам і даводзіла патрабаванні жыхароў раёна. Мы ўнеслі ініцыятыву ад самага пачатку рэгістраваць дзяцей у "адным акне" як беларускамоўных, каб калі яны дасягнуць садковага ўзросту, адпаведныя групы ў садках былі ўжо сфарміраваныя.

Э. Дзвінская. На фота: Вольга Кавалькова.


У Полацку рамантуюць літару "Ў"

Са спазненнем полацкія ўлады ўсё ж узяліся за рэстаўрацыю аднаго са знакавых помнікаў у Полацку.

Частку помніка, на якой былі адлітыя радкі Рыгора Барадуліна "Ад Ефрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет", знялі з пастамента.

Гэты надпіс быў пашкоджаны, і ў такім непрэзентабельным стане ўнікальны помнік прастаяў некалькі гадоў. Турысты бачылі такую карціну: у самым цэнтры горада, у скверыку на праспекце Скарыны, стаіць незвычайны помнік у выглядзе стэлы, якая магла б служыць і стрэлкай сонечнага гадзінніка. На стэле - увесь беларускі алфавіт, а на круглым "цыферблаце" - цытата з верша класіка беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна. Аднак словы прачытаць цяжка - літары пакрышыліся.

Нехта з палачанаў мяркуе, што надпіс маглі пашкодзіць вандалы, а нехта - што літары проста не вытрымалі ападкаў ды іншых прыродных з'яваў. Маўляў, вада трапляла ў шчыліны, замярзала і пакрысе разбурала сілюмінавы помнік.

Полацкая, Віцебская і цэнтральная структуры ТБМ забілі трывогу.

Улетку 2014 года стан помніка вывучала адмысловая камісія і прызнала, што частковаму рамонту ён не падлягае. Можна толькі адліць яго нанава.

Прыйшоўшы да такіх высноваў, Полацкі райвыканкам абвясціў, што няма сродкаў. Але, як высветлілася, "цана пытання" аказалася не такая ўжо і вялікая - усяго 80 мільёнаў рублёў "старымі грашыма". Полацкі выканкам паабяцаў правесці рамонт ўжо ў чэрвені 2016 года, але за работы ўзяліся толькі цяпер. У "Пашпарце аб'екта" пазначана, што рэканструкцыя мае завяршыцца да 1 верасня 2016 г.

Радыё Свабода.


Гарадзенскія літаратары арганізавалі ў Зэльве кнігарню

Упершыню на зэльвенскім свяце "Ганненскі кірмаш" сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў арганізавалі гандаль беларускімі кнігамі. Сваю кнігарню яны назвалі "Кнігі нашых землякоў". На суд зэльвенцаў і гасцей пасёлка свае творы выставілі пісьменнікі Валянцін Дубатоўка, Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын і гісторык Алесь Краўцэвіч. Дзясяткі людзей падыходзілі да літаратараў і гісторыкаў, каб набыць сабе кнігі, атрымаць аўтографы і проста пагутарыць з цікавымі людзьмі. Многія пыталіся, чаму раней не прыязджалі такія госці, прасілі прыехаць да іх выступіць у Цэнтры культуры, у школах, дзе даўно не выступалі таленавітыя людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Аўтары кніг пакідалі свае аўтографы, адказвалі на шматлікія пытанні зэльвенцаў. А людзей даўно хвалюе пытанне: чаму ў Зэльве шмат гадоў адсутнічае кнігарня? Дзе можна купіць такія кнігі ў Зэльве, Гародні, іншых райцэнтрах вобласці? Многія зэльвенцы і госці пасёлка фатаграфаваліся на памяць з літаратарамі, мянялі розныя вырабы на кнігі, і проста абдымалі іх і цалавалі, бо, сапраўды, Зэльва ў сябе даўно не бачыла сапраўднай цікавай беларускай кнігі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва. Фота аўтара.


У Пагосцішчы ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года

28 жніўня актывісты з Воршы, Лёзна ды Віцебска ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года ў вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна. Актывісты ўсклалі кветкі да ўнікальнага помніка на месцы апошняга бою паўстанцаў пад кіраўніцтвам камандзіра Аршанскага аддзела Ігната Будзіловіча. Крыж зрабіў армянскі скульптар. Помнік пастаўлены насупраць месца апошняга бою паўстанцаў на месцы, дзе раней стаяла царква святога Мікалая. Надпіс "За Незалежную Беларусь", зроблены рукой вучаніцы Лёзненскай школы. Месца ўшаноўваецца штогод у дзень пакарання смерцю Ігната Будзіловіча - 28 жніўня.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя. На здымку: настаўніца Алена Грачышнікава і яе дарослыя вучні.


Краязнаўчае падарожжа "Край, дзе мы жывём"

25 жніўня ў сельскай бібліятэцы вёскі Сейлавічы Нясвіжскага раёна было праведзена краязнаўчае падарожжа "Край, дзе мы жывём".

Распрацоўшчыкам, арганізатарам і вядоўцам імпрэзы выступала загадчыца бібліятэкі Людміла Юрашчык, якая з 4 гадоў хадзіла ў гэтую бібліятэку са старэйшай сястрой, калі тая была загадчыцай, а цяпер сама працуе тут.

Сейлавіцкая бібліятэка вызначаецца высокім узроўнем беларускасці, і само-сабой уся імпрэза ішла па-беларуску. Экскурсаводамі па родным краі выступалі вучні старэйшых класаў Сейлавіцкай школы, а экскурсантамі - вучні малодшых класаў і госці, сярод якіх былі супрацоўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, сябар Рады ТБМ Станіслаў Суднік, старажыл вёскі (1930 г.н.) Гелена Міхайлаўна Кувалдзіна з Шыдлоўскіх, настаўніца Сейлавіцкай СШ Валянціна Аляксандраўна Станкевіч, паэт з суседняй вёскі Андрушы Кастусь Праневіч. Наогул, Сейлавічы не самыя бедныя на літаратараў. Сейлавіцкую школу заканчвалі Станіслаў Суднік з саміх Сейлавічаў, згаданы Кастусь Праневіч з суседніх Андрушоў, Тамара Пральгуль і Кастусь Жук з суседняй жа Затур'і. Зараз у Сейлавічах падоўгу жыве пісьменнік Кастусь Нясвіжскі (псеўданім), які мае з Сейлавіч жонку і ўжо амаль што лічыць сябе сейлаўцам.

Перад пачаткам "падарожжа" слова меў Станіслаў Суднік, які пазнаёміў прысутных з апошнімі знаходкамі з вобласці мясцовага краязнаўства і аргументаваў высокую жывучасць гэтай зямлі тым, што самі Сейлавічы паводле археалагічных раскопак чыста славянскія, а Кунаса, да якой 3 км, зразумела, што балцкага паходжання. Класічная мяжа этнасаў.

Экскурсаводы распавялі пра пагоркі і вадаёмы, пра хутарныя масівы і невялікія засценкі, якія былі знесены падчас дэхутарызацыі і ўліліся ў Сейлавічы. Распавялі пра вуліцы і пасёлкі, што мелі смешныя назвы: Гусіны, Курыны і Нялепаўка.

Г.М. Кувалдзіна распавяла пра прыезд у Сейлавічы ў 1944 годзе Ванды Васілеўскай, знакамітай польскай пісьменніцы, якая вяла агітацыю за ўступленне мясцовых хлопцаў у Армію Людову. Гэта днём. Сама ж мабілізацыя ішла начамі. Прыходзілі польскія партызаны і забіралі. Так забралі яе брата, Чэся Шыдлоўскага. Сказалі: хутка вернецца. Не вярнуўся, але і не прапаў. Жыў па вайне ў Польшчы. Наогул, дзейнасць Ванды Васілеўскай і яе камітэта на нашых землях знаходзіцца як бы па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў.

Была згадана і такая важная ў свой час падзея, як прыезд у Сейлавічы Івана Шамякіна. Менавіта Іван Шамякін доўга гутарыў тады са Станіславам Суднікам, пра што канкрэтна - забылася, але не адгаворваў, а заахвочваў да літаратурнай творчасці, можна сказаць стаў хрышчоным бацькам будучага літаратара.

У бібліятэцы была разгорнута мінівыстава малюнкаў выпускніцы Сейлавіцкай СШ Вольгі Храмцэвіч, своеасаблівы рэтрапогляд на мясцовыя краявіды, бо нічога з паказанага на малюнках цяпер не ўбачыць. Са шкадаваннем было адзначана, што прапалі, відаць, ўсе маляваныя дываны сейлавіцкага самадзейнага мастака Юзафа Мысліцкага.

Падарожжа атрымалася, як тут кажуць, на ўсе сто.

Яраслаў Грынкевіч.


Ранейшае Наваградскае ваяводства 1

І.

Міндоўг, літоўскі кароль, у запісе 1259 г. на карысць рыцараў-мечаносцаў апісаў дараваную ім маёмасць: "Nomina autem terarum hec sunt: Dewone tota, quam eciam quidam Jetwesen uocant, exceptis quibusdam terulis scilicet Sentane, Dernen, Cresmen et villa Gubiniten dicitur ..."2. У пакаёвых запісах літоўскіх князёў з Казімірам Вялікім ад 1340 г., князі пісалі, што яны землямі ўладзімірскімі, луцкімі, бельскімі, хэлмскімі і берасцейскімі спакойна валодаць будуць 3. У хроніцы Пятра Дусбурга знаходзім аповед: пад 1314 г. "De Vastatione terrae Crivitiae et expugnatione Civitatis parvae Nogardiae", каля 1328 г. "De Vastatione territoeii Castri Carthe", каля 1304 г. "De Destructine allodii, seu praedii Dawid de Gartha"4. Віганд з Марбурга апісваючы шматразовыя крыжацкія наезды на Літву, пералічыў мясцовасці, якія гэтыя наезды закранулі, напрыклад: каля 1376 г. "Similiter Arvisten, Eroglen, Rosgeynen, Gesoven et Pastorensem, unde 6 partes terrarum"5. У часы да Ягайлы ў Літве не ўжывалася іншага тэрміну для вызначэння тэрыторыі, акрамя як: "зямля", "зямліца", "земская ўласнасць" ці "воласць" і "маёмасць". І нават пры Ягайлу, на пачатку хрысціянскай эпохі, у актах, пісаных па-старабеларуску, ужываліся тыя ж тэрміны. Так, у запісе 28 красавіка 1387 г., пералічаны ўладанні, адданыя Ягайлам у валоданне Скіргайлу: "А на сию сторону по Сколву - город Радунь и уся тая волость со всякой службой и уси люди, село и усяки доход". "Сольники и вси люди и уся тыя сяло што у Сольниках и в той волости тое село Ивано, што Андрей дзержал"6. Першыя акты Ягайлы напісаныя на латыні занатавалі новы тэрмін тэрытарыяльных адзінак: district, што цалкам адпавядала польскаму "павет" і што было перанесена да нас з Польшчы. Так, у эрэкцыйным акце Віленскага біскупства ад 17 лютага 1387 г. кароль надзяліў біскупу "districtum Dubrowno", "districtus quoque Werki et Baxti", а ў прывілеі на права і свабоды якімі ліцвіны надзяляліся 22 лютага таго ж года, засведчыў, што ставіць у кожнай кашталяніі і павеце ці акрузе (Castelania et districtu vel territirio) па аднаму суддзі для разбору праў польскім звычаем 7. Адтуль пачало стала ўжывацца слова "павет" - разам з старымі назвамі "воласць", "зямля" і г.д., новая назва замацавалася за рознымі тэрытарыяльнымі адзінкамі. Паветам называлася і дробная княжацкая ці панская воласць, і баярская акруга і, нават, групы з некалькіх дзесяткаў велікакняскіх валасцей, якія падпарадкоўваліся цэнтральнаму ўраду ў Вільні ці Троках. Згодна з валочнай уставай 1558 г. Віленскі павет абдымаў воласці вялікага князя: Браслаў, Опсу, Дзісну, Даўгялішкі, Ляхавічы, Гайны, Краснае Сяло, Маркава, Дуніловічы, Ушпаль, Пеняны, Абелі, Уцяны, Анікшты, Вількамір, Валожын, Больнікі, Ліду, Трабы, Геранёны, Вільню, Наваградак, Цырын, Менск, Крэва, Ашмяны, Меднікі, Любаў, Раканцішкі, Віршупы. А Троцкі павет: Берасце, Мілейчыцы, Мельнік, Ласічы, Драгічын, Камянец, Гарадок, Высокі Тыкоцін, Кнышын, Забелле, Мсцібаў, Зельву, Воўпу, Ваўкавыск, Лыскаў, Мендзырэч, Слонім, Ласосну, Байкевічы, Беліцу, Ожу, Пералом, Перавалоку, Васілішкі, Астрыну, Мерач, Каняву, Дубічы, Радунь, Эйшышкі, Вароны, Валкенікі, Лейпуны, Аліту, Сімну, Біржаны, Дарсунішкі, Коўню, Румшышкі, Кармілаў, Самілішкі, Жыжморы, Зослі, Трокі і Гародна8.

Начальнікаў княскіх гарадоў хранікёры-крыжакі ў XIII і XIV ст. тытулавалі "capitaneus" і "castelanus": "In hoc Castro (Colayne) fuit Surminus Capitaneus" (1290 г.); "invenerunt XXX viros per David Castellanum de Gartha" (1314 г.) 9. Потым назвы гэтых пасад трансфармаваліся ў "старасту" а ў княжых сялян - у "цівуны".

Уся славяншчына, а з ёй і Літва, сваіх кіраўнікоў і ваенных правадыроў называла ваяводай. Знаходзім пра гэта ўзгадкі, напрыклад, у Іпацьеўскім летапісе, каля 1259 г.: "Се бо быша люде Миндовгови, воевода же их Хвал, иже велико убийство творяше земле Черниговской, и Сирвид Рушкович", каля 1262 г.: "другая рать воева тое же недели литовская около Мельницы и с ними воевода Тюдяминович Комдижат"10.

У Гародле над Бугам 2 кастрычніка 1413 г. кароль Уладзіслаў Ягайла і вялікі князь Аляксандр Вітаўт, надаючы, з прыроджанай іх дабрынёй і ласкавасцю літоўскім землям вольнасць, ласку, свабоду, exempcje і прывілеі, устанавілі ў Літве тыя самыя што і ў Польшчы пасады, установы і управы, гэта значыць у Вільні і Троках ваяводаў і кашталянаў. Нованазваныя саноўнікі ўжо ў тытуле сваёй годнасці сталі разам з біскупам віленскім, першымі сенатарамі, панамі-радай ВКЛ. Потым колькасць сенатараў стала павялічваецца праз наданне асобам, часцей каралём і вялікім князем годнасцей і тытулаў, якія ў Кароне давалі права на атрыманне сенатарскага крэсла.

ІІ.

У 1428 г. князь Вітаўт запісаў Наваградак з яго паветам - "terram castrumque Nowogrodek Lithauanicum cum toto districtu Nowogrodensi" - пажыццёва, у якасці пасагу сваёй жонцы Ульяне. Згодна з гэтым запісам, у склад Наваградскага павета уваходзілі двары і вёскі: Новае Сяло, Гарадзечна, Брэтона, Басіна, Паўбераг, Дзялятычы, Любча, Асташын, Нягневічы, Паланая, Карэлічы, Свержань, Цырын, Палонка, Пачараў, Лахва і Бобр, акрамя двароў і валасцей, якія дзяржалі князі-леннікі 11. Аднак не доўга валодала гэтым княгіня Ульяна: 19 чэрвеня 1431 г. у дамове князя Свідрыгайлы з ордэнам сярод сведкаў прысутнічае "Petraschnis Montegardowicz", стараста наваградскі. Потым хутка, да 2 верасня 1432 г. рэзідэнт ордэна пры двары вялікага князя літоўскага Райбеніч, войт братыньскі, у сваім лісце ўзгадвае камандуючага збройнымі сіламі ў Літве Пятрашу "Petrasse", ваяводу наваградскага 12. У той час Петраш Манцігердавіч, відочна, быў ваяводам наваградскім, пра што сведчыць прывілей вялікага князя Жыгімонта ад 28 верасня 1432 г., на тым прывілеі як сведка запісаны "Petrasthio Montigerdowicz Palatino Nowogrodensi" 13. Але часцей Петраш Манцігердавіч быў тытулаваны толькі земскім маршалкам. Апошні раз ён быў названы ваяводам наваградскім у наданні каралём Казімірам Ягайлавічам маёнтка Сямашку Епіфанавічу ў Луцкім павеце 4 студзеня 1452 г. 14.

Згодна з каталогам Адама Банецкага наваградскімі ваяводамі да пачатку XVI ст. былі:

Марцін Гаштольдавіч, 1464-1471 гг.

Міхал Монтавіч, 1483-1483 гг.

Солтан Аляксандравіч, 1486-1487 гг.

Мікалай Радзівілавіч, 1488-1490 гг.

Юры Пацавіч, 1492-1496 гг.

Ян Юр'евіч Забярэзінскі, 1496-1498 гг.

Іван Літавор Забрэзінскі, 1496-1498 гг.

Князь Сямён Юр'евіч Гальшанскі, 1500-1501 гг.

Пётр Глябовіч, 1502 г.

Альбрыхт Гаштольд, 1503-1506 гг. У гэтым 1506 г. ён "мужна наваградскі замак абараніў ад татараў"15.

У 1507 г. Наваградак з усімі наваградскімі ўрадамі, з ключом і гарадам даў кароль Жыгімонт І у пажыццёвае валоданне князю Івану Глінскаму, які быў перад тым кіеўскім ваяводам. У сваім прывілеі кароль пісаў што пакіне за князем Глінскім ягоную чэсць і месца ваяводы кіеўскага, якое ён займаў у часы панавання ягонага каралеўскага брата - караля Аляксандра, што ён можа заўжды пісацца ў сваім тытуле наваградскім ваяводам і каралеўскім маршалкам, а сярод паноў-рады ВКЛ займаць места каля пана старасты жмудскага 16. Князь Іван Глінскі тытулаваўся наваградскім ваяводам: у 1508 г. ён далучыўся да бунту які ўзняў ягоны брат князь Міхал Глінскі і эміграваў у Маскву.

Пасля Глінскага наваградскімі ваяводамі былі:

Альбрыхт Марцінавіч Гаштольд, 1508-1509 гг.

Ян Янавіч Забярэзінскі, 1510-1530 гг.

Станіслаў Гаштольд, 1530-1541 г., муж Барбары Радзівіл.

Рыгор Осцік, 1542-1544 гг.

Аляксандр Хадкевіч, 1545-1547 гг.

У 1551 г. выконваў абавязкі старасты князь Іван Андрэевіч Палубінскі.

Іван Гарнастай, 1551-1558 г.

Павел Сапега, 1558-1579 г. 17.

З канца XV ст. да 1569 г. наваградскія ваяводы кіравалі вялікакняскай маёмасцю ў Наваградскім павеце. Згодна з Мацеем Любаўскім 18 у тыя часы ў Наваградскі павет уваходзілі двары і воласці: Гарадзечна, Брэцін, Басін, Любча, Асташын, Нягневічы, Паланая, Карэлічы, Свержань, Цырын, Ляхавічы, Сваротва, Няўдзея, Чэрніхава, Гарадзішча, Палужжа, Крошын, Сваяцічы, Дорагава, Шчорсы, Сянно, Жухавічы, Вяда, Масты, Углі і Ваўканоча.

Воласці, двары і замкі гаспадарчыя: Слонім, Ваўкавыск, Ліда і інш. з іх паветамі ў той час кіраваліся каралеўскімі намеснікамі, якія таксама, як і наваградскія ваяводы, уваходзілі ў каралеўскую раду. Што датычыць каралеўскай земскай службы, дык усе гэтыя воласці, двары і замкі ўваходзілі ў склад вялікага Віленскага павета і былі падпарадкаваныя віленскаму ваяводу. Згодна з ухвалай віленскага сойма ад 1 траўня 1528 г., гэты вялікі віленскі павет складаўся з абшараў якія былі ўласнасцю князёў ВКЛ, на гэтых абшарах стаялі двары і замкі гаспадарскія а таксама паселішчы гаспадарскіх баяраў якія былі абавязаны да вайсковай службы, у тым ліку і гаспадарскі замак Наваградак, з яго сакольнікамі, садоўнікамі і кухарамі.

Каля Віленскага павета з такімі жа ваяводскімі паўнамоцтвамі існаваў Троцкі павет, у склад якога, між іншым, уваходзілі Ваўкавыск і Слонім 19.

III.

Віленскі сойм 1565-1566 гг., рыхтуючы грунт да злучэння Літвы з Каронай, між іншымі рэформамі, які мелі за мэту ўніфікаваць адміністрацыйнае дзяленне і сістэму кіравання, падзялілі ВКЛ на трыццаць паветаў, з якіх утварылі трынаццаць ваяводстваў. У склад Наваградскага ваяводства ўвайшлі паветы: Наваградскі, Слонімскі і Ваўкавыскі 20. У такім складзе Наваградскае ваяводства існавала да ўпадку Рэчы Паспалітай. Ваяводам новаўтворанага ваяводства аўтаматычна стаў тыхчасовы ваявода Павел Сапега, будучы сенатар супольнага сенату абодвух народаў. На другога сенатара Наваградскага ваяводства - кашталяна, ад караля Жыгімонта Аўгуста ў 1566 г. намінацыю атрымаў пан Рыгор Валовіч, у той час каралеўскі маршалак, стараста слонімскі і мсцібоўскі, гараднічы гарадзенскі, дзяржаўца эйшышскі, каняўскі, вораньскі, дубіцкі і зельвінскі, пасол у Маскву ў 1563 г. 21. На Люблінскім сойме 1569 г. наваградскі ваявода атрымаў у сенаце дваццаць другое крэсла, пасля ваяводы бельскага і перад ваяводам плоцкім, а наваградскі кашталян - васемнаццатае, таксама, паміж кашталянамі бельскім і плоцкім 22.

"Кароткая дэкларацыя аб кіраванні, уладзе і прэрагатывах некаторых Іх Мосцей Паноў Сенатараў, дзеля тых, хто гэта ведаць прагне", далучанае да пачатковай часткі віленскага выдання Статута Літоўскага ад 1693 г., пра ваяводаў і кашталянаў, паведамляе: "Ваяводы, кожны з іх ёсць Princeps creatus, найперш на сваім месцы ў Сенаце засядае. Ёсць таксама гетманам свайго ваяводства і сваю ўладу не ўжывае толькі падчас паспалітага рушэння з-за вострай патрэбы ў бяспецы дзяржавы. Кашталяны, у некаторых ваяводствах чатыры, тры, а найменш два, якія таксама падчас паспалітага рушэння над шляхтай свайго павету маюць уладу і ў свайго ваяводы ёсць намеснікамі". Па-за гэтым, ваявода ў сваім павеце ваяводскім, якім як раз і быў Наваградскі павет, выконваў звыклыя абавязкі гродскага старасты. Пры адсутнасці ваяводы, рэпрэзентаваў Наваградскі павет і ўзначальваў наваградскія соймікі наваградскі падкаморы, як другая асоба ў павеце пасля ваяводы.

(Працяг у наступным нумары.)

Міхал Шымялевіч

(Пераклад Леаніда Лаўрэша)

1 Szymielewicz Michal. Dawne wojewodztwo nowogrodzkie // Ziemia Lidzka №2-1938. S.19-21.; № 3-1938. S.31-32.; № 4-1938. С. 43-45.; № 5-6-1938. С. 63-65.

2 Danilowicz, Skarbiec. I, Nr. 181.

3 Ibid. Nr. 361, 362.

4 Petri de Dusburg. Chronicon (1679.). 381, 399, 413.

5 Wigandi Marburgensis, Chronikon (1842.), 208.

6 Teodora Narbutta, Pomniejsze pisma histiryczne (1856.), 104.

7 Ks. J. Kurczewski. Kosciol Zamkowy, II., 8-11; Danilowocz, Ckarbiec, I., Nr. Nr. 538 i 539.

8 Rus. Istor. Bibl., XXX (1914.) 563-564. Прафесар Леантовіч у сваёй працы "Очерки истории литовско-русского права" (С-Пб., 1894. С. 317) цвердзіў, што тэрмін "павет" ужываўся яшчэ з часоў Гедзіміна, спасылаючыся на ліст Альгерда ад 1337 г., які пацвярджаў набыццё яго дваранінам Рыгорам Тункелем зямлі ў паветах Эйшышскім і Радунскім. Гэты ліст быў апублікаваны ў "Skarbсu" Даніловіча (І., №352). Любаўскі ў "Облостном делении …" цытуе ліст кар. Казіміра ад 1486 г. да гарадзенскага намесніка кн. Аляксандра Юр'евіча: "Ты, княже, прыслал к нам Тункелем сорок коп грошей без двух грошей" і запіс у кнізе выдаткаў кар. Жыгімонта, выплаты Алешку Жыватаву коп "у Тункеля з поддымных" (С.498.). У Адама Банецкага - Poczet Rodow, 353. знаходзім: "Тункель ці Тункялевіч д'як (пісар) Казіміра Ягайлавіча ў гадах 1482-1486, атрымаў ад Аляксандра Яг. вёску ў Драгіцкім павеце, якую наступны кароль Жыгімонт надаў у 1510 г. Ігнацевічу. Той жа самы Тункель быў арбітрам у справе княгіні Слуцкай з Філарэтам, архімандрытам Пячэрскай лаўры ў Кіеве. Ягоны вырак пацвердзіў кароль Жыгімонт у 1524 г.". Беручы пад увагу звесткі пра Тункеля і тое, што згаданы ў лісце Альгерда ў 1337 г. Януш Касцевіч быў радунскім намеснікам у 1490-1530 г. (згодна з Банецкім), можна зразумець, што лісты выданы не Альгердам, а Жыгімонтам І у 1517 г.)

9 Petri Dusburgi. Cronikon (1679.). 313, 381.

10 Poln. Sobr. Rus. Letop., II., (1908.). 840, 856.

11 Prochaska. Cod. epistol. Vitoldi. Nr. MCCCXXI.

12 Danilowicz. Skarbiec. II., 1621.

13 P. Dabinski. Zbor praw etc. (1788.). 3.

14 Акты Юж. и Запад. Рос., I., (1863.). №. 28.

15 A. Boniecki. Poczet Rodow. XLIV.

16 М. Любавский. Обл. Дел., 126-127.

17 A. Boniecki. Poczet Rodow. XLIV-XLV.

18 М. Любавский. Обл. Дел., 128-133.

19 Рус. Истор. Библ. XXXIII. 7-109.

20 И. Лаппо. Лит. - Рус. Повет. (1911.). 58.

21 Лаппо. Вел. Кн. Лит. (1901.). 136.

22 Vol. Leg., II. 93.


Паэтычная творчасць Зьніча

Паэтычная творчасць Зьніча (Алега Антонавіча Бембеля) - непаўторная і самабытная з'ява ў беларускай літаратуры.

Нарадзіўся Алег Бембель у 1939 годзе ў сям'і вядомага беларускага скульптара. Таленавіты навуковец, ён быў выгнаны ў 1980-х гадах з Інстытута філасофіі і права АН БССР за напісанне неабароненай дысертацыі, якая была прызнаная "нацыяналістычнай". Пасля атрымаў ярлык "дысідэнта" за выдадзеную ў Лондане працу "Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс". Зборнікі вершаў "Малітвы за Беларусь", "Саната ростані" (1988), "За мурам: Саната вяртання" (2007) выйшлі пазней. А сам А. Бембель у 1996 годзе стаў манахам і жыў у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры (дзе і цяпер жыве вось ужо 20 год). Вось што пра сябе піша сам А. Бембель (Зьніч) у 2015 годзе: "У свеце я быў грэшным Алегам 62 гады і 2 дні. Потым з'явіўся інак Мікалай, які пабыў з намі 12 гадкоў і 2 месяцы. А замест яго прыйшоў немаўлятка Іаан, якому ўсяго другі гадочак". Зараз Алег Бембель носіць царкоўнае імя айцец Іаан, тлумачаты, што новае імя дало яму новага нябеснага ахоўніка. У 2015 годзе выйшла кнга Зьніча з выбранымі публікацыямі розных гадоў "Шляхам сумоўя". Дадамо, што паэт Зьніч яшчэ выдае шматлікія "Жыровіцкія лісткі", куды таксама ўключае свае вершы на беларускай мове. Наогул, пра яго кажуць: "Ён - выспа беларускасці ў моры Маскоўскага Патрыярхату".

Паэт Зьніч сваёй творчасцю дапамагае нам, беларусам, глыбей пазнаць сябе. Бел-чырвона-белы сцяг ён бачыць у аблачэнні праваслаўнага архірэя з бел-чырвона-белай стужкай. Ад гэтага сімвала Зьніч не адмовіцца і на Старшным судзе. Ён кажа: "Аблачэнні святароў, упрыгожаныя колерамі Плашчаніцы ўкрыжаванага і ўваскрэслага Богачалавека Хрыста. І калі ў мяне пытаюць, дзе "жыве Беларусь", кажу - глядзіце на святочныя аблачэнні праваслаўных патрыярхаў ды архірэяў. Такім чынам Беларусь пакрыта Хрыстовымі колерамі, як нацыянальным сцягам! Дзяржаўныя сцягі могуць мяняцца ў залежнасці ад палітычных варункаў. А пад нацыянальнымі плямёны пойдуць і на Страшны суд. Мы гэтымі колерамі набліжаны да Хрыста і павінны прайсці ўвесь Яго зямны шлях - ад укрыжавання, ганення, знявагаў, пакут да крыжовай смерці і Уваскрасення". Прыведзеная цытата сведчыць аб тым, што Зьніч ставіць знак роўнасці паміж беларускасцю і Боскасцю, Святасцю. Паэт вучыць нас шукаць Радзіму ў святых месцах і святых кнігах:

"У вогнішчах і хмарах дыму -

Ад кніг святых і месц святых -

Згубілі мы сваю Радзіму -

Сляпыя, што вядуць сляпых..."

("Роўнаапостальны Уладзімір")

Паэзія Зьніча незвычайная ўжо хаця б тым, што ў манастыр прыходзяць людзі, як кажа сам паэт, "у стане спавядальным, дзеля сустрэчы з Богам". Вось чаму вершы Зніча блізкія да малітваў за Беларусь, за яе людзей:

"...зямную сцяжыну завершы

раскаяным сэрцам, найперш...

маленні - вышэй за вершы...

хай стане маленнем верш!.."

("зямную сцяжыну...")

Гэтыя вершы - малітвы вучаць нас будаваць Царства Нябеснае ўжо тут, на роднай зямлі, найперш у сваёй душы і сэрцы:

"Вораг распальвае недавер,

Каб з памяці грэшніка сцерці.

Мы маем Вечнае тут і цяпер -

Царства Нябеснае ў сэрцы!"

("Вораг распальвае недавер")

Каб гэтая задума збудаваць у сабе Нябеснае Царства здзейснілася, трэба, раіць паэт, мець чыстае сэрца, бо толькі ў яго прыходздіць Госпад, які прамаўляе з вершаў Зьніча:

"... і чую Голас:

- ... чадо, у жыцці,

падораным асобам і народам,

я Сам абмежаваў Сваю свабоду:

я ў сэрцы чыстыя магу ўвайсці..."

("... як на душы цямней...")

Клапоцячыся пра захаванне беларускай нацыі, Зьніч піша, быццам перадае спадчынны запавет нашчадкам:

"... будзь са Хрыстом...

хай поўняць тваё сэрца -

Ягоны Прыклад... Слова ...

Плоць і Кроў...

... і ты ніколі не спазнаеш смерці -

бо Смерцю смерць

перамагла Любоў..."

("Апошняму беларусу")

"Будзь са Хрыстом", - гэты наказ як выратаванне. Як дапамога ў цяжкую хвіліну, як мудрая парада гучыць з вуснаў паэта, быццам ад Самога Бога.

Айцец Іаана, паэт Зьніч, мае моцнага нябеснага ахоўніка Іаана Багаслова-апостала Ісуса Хрыста. Іаан Багаслоў - аўтар аднаго з чатырох Евангелляў. Таксама Новы Запавет уключае ў сябе такі раздзел, як "Адкрыццё Іаана Багаслова", дзе прадказана будучыня свету і ў тым ліку "зорка перадсконная - Палын" - Чарнобыль.

"... сцеран гісторыі напісаны даўно -

змірэнным Іаанам Багасловам,

узлюбленым Апосталам Хрыстовым:

як камень, грэшны свет ідзе на дно..."

("Ліст абуранаму сябру")

І толькі "ўсё Сваёй Галгофай Божы Сын пакрыў",

"Нам толькі крыж

маленькі застаецца,

Што носім,

не здымаючы, ля сэрца..."

Разумеючы сваю місію ў зямным жыцці як вайну "з самім антыхрыстам", інак Мікалай заўсёды на перадавой. Ён піша пра сябе і братаў-манахаў:

"...ваенныя карэспандэнты,

наш послух - лінія агню...

наш павадыр - матыў "memento"... -

што апявае вышыню..."

("Грукоча...")

Словамі "Меmentо mоrі" ("Памятай, што прыйдзецца паміраць") манахі віталі адзін аднаго ў Сярэднявеччы, прымушаючы задумацца над важнасцю таго, каб пражыць жыццё Богадагодна:

"... нам не відаць зямнога раю...

тут мы заручаны журбе...

даруем тым, хто ў нас страляе...

Гасподзь прытуліць - да Сябе..."

Верным, хоць і блудным сынам паўстае лірычны герой Зьніча ў вершы "... Радзіма мая, Беларусь". Ён заклікае - просіць у журбе сваю "зямную" Айчыну, каб прымусіла сябе маліцца, бо "агеньчык твой дагарае". Усхвалявана гучаць радкі верша-малітвы за Беларусь. Болем напоўнена кожнае слоўка, клопатам аб бым, каб дзеці не забывалі сваю зямелькумаці, скалечаную і знявечаную, але адзіную, родную.

"... Айчына зямная мая,

хто прысна цябе памінае?

Як рэха забранага раю,

Палынам услана Зямля..."

Царкоўнаславянскае слова "прысна" (пастаянна, няўпынна) быццам падкрэслівае тую думку, што паэт і сам не заўважыў, як "маленнем" стаў верш. Ды і як не маліцца на тую зямлю, якая нарадзіла столькі "летуценняў", хоць і "пабітых!?" Зніч - паэт і Радзіма - гэта адзінства, якое кідае свету "выклік сляпы", бо ў гэтым адзінстве спялее любоў, жыве душа паэта, святая ад самаахвярнай любові да Бацькаўшчыны, - "адзіны нятленны набытак".

Вось за такую душу Бог-бацька скажа свайму блуданму сыну:

"...сын Мой, прыходзь...

Я й з пекла цябе чакаю..."

Жыццёвы вопыт не адразу падказаў паэту шлях ад "Спакусна-прыгожых" зямнога "жыцця берагоў" да Тайнаў Бога. Гэты шлях патрабуе шмат пакутаў і любові, што толькі можа ажывіць, уваскрасіць сэрца паэта, якое ад перажытага ператварылася ў камень. Жывучы ў Жыровічах, у Божым Доме, паэт малюе карціны свайго быцця тут:

"... Дом Божы -

ля каменя сэрца майго...

... і грукае ў гэты камень Хрыстос...

І пільна ўзіраецца,

быццам за краты... -

... але вобраз Божы,

грахамі распяты, -

ў труне майго сэрца

яшчэ не ўваскрос..."

(... ад бэзавых пахаў...")

Сэрца сумавала, апраналася ў змрок, "у жалобныя - чорныя строі", яму было "скрушна і вусцішна" ў манастыры. Лірычны герой Зьніча адчуваў сябе "на разломе між светам і мурам". Гэты "разлом" быў вынікам той барацьбы, якая ішла ў самім паэтавым сэрцы, што палымяна патрабавала, марыла аб тым часе, калі "Канстытуцыяй Радзімы зноў стане Божы Запавет". І ўжо ў вершы "Мова" гучыць матыў ачышчэння душы "музыкай Слова ў Храмах", паэт славіць славянскія мовы, якія толькі з Богам, "твораць прастору й святло", "сумоўе культур". А без Бога ўсялякія "языкоеды" здзекуюцца са святой "Крывіцкай мовы", пытаючы, дзе існуе такая мова. Для паэта яна была і ёсць заўсёды.

"... і Літургічнай... і дзяржаўнай...

і мовай чыстае красы,

што лашчыць ружы й верасы... -

яна была - з часін праддаўніх..."

("... а дзе абшар Крывіцкай мовы?").

Гэта "Мова Плашчаніцы", гэта "Мова на Крыві". Пішучы з Вялікай літары словы, аўтар падкрэслівае іх сэнсавае падабенства. А таксама значную ролю, якую яны адыгрываюць у жыцці роднага краю. Паэт мае права напісаць гэтыя радкі, разумеючы і ведаючы гісторыю роднай мовы і яе самаахвярных патрыётаў.

Зьніч піша: "Плашчаніца - гэта першы мой Бел-Чырвона-Белы сцяг!" Пры гэтым ён звяртаецца да святых роднай зямлі, каб процістаяць тым, хто пагарджае яго роднай мовай. У наш час, піша Зьніч,

"... у час, калі зорка Палын дабівае

пыхлівай грахоўнай гісторыі гмах,

Патронку Святой Беларусі згадаем

І вернемся з Ёй -

на ратункавы Шлях..."

("Шляхам Святой Еўфрасінні").

Добра ведаючы гісторыю Беларусі, паэт Зьніч, як крыж, нясе грахі бацькоў, прашчураў. У ім гучыць "голас успамінаў, нібы з магілы ўсіх вякоў". Веды пра мінулае становяцца каменем на серцы. І толькі "Дух Святы аблашчыць сэрца", вызваліўшы яго праз пакаянне ад цяжару мінулых грахоў і ўспамінаў Інак Мікалай, стаўшы вольным ад пакутаў, даруе і Расіі "даўнія грахі" гісторыі, "братняй Польшчы яе шляхотныя грахі", Нямеччыне змірэннай даруе "Марсавы грахі", "Ватыкану палітыканскія грахі". І гэта не словы, гэта выражэнне той палёгкі, якая пануе на душы пасля таго, як манах Зьніч пачаў жыць па Боскім прыказанні: "Ойча, я ворагаў люблю!" Сам жа пра сябе, пра свой паэтычны талент Зьніч сціпла напіша:

"Я ўхілюся ад сірэнаў...

І падымуся ад сахі..."

("Грахі гісторыі")

Гэтыя радкі сведчаць аб тым, што боскія галасы сірэнаў, слава не для паэта Зьніча, бо ён, як і яго продкі, зноў і зноў хоча ўзвышацца ад сахі, ад працы. Іншы шлях не для Зьніча. Душа якога ўсё больш патрабуе малітвы і працы, таму ён звяртаецца да чытача з просьбай:

"Душы ўзарэм рупліва. Як араты.

Малітваю і працаю зацятай..."

("Перамога будзе за намі")

Але, бадай, самы вялікі боль адчувае інак Мікалай, айцец Іаан, з-за таго, што жанчыны забіваюць у сваім улонні дзетак-немаўлятак. У Беларусі, напрыклад, за 2001 год дзяўчатамі, маладзейшымі за 18 год, зроблена 81 тысяча абортаў. Паэт піша ў вершы "... пасля Вялікай Айчыннай":

"Кроў ліецца ў касметыку...

Ў лекі амалажэння...

Некаму поўніць кішэні..

Некаму "біяэтыку..."

Паэт Зьніч прыводзіць канкрэтныя звесткі, ад якіх халадзее сэрца: маленькія цельцы немаўлятак, знішчаныя абортамі, становяцца лекамі для амаладжэння. Так "пад бомбамі бясоўскае свабоды", якая не абмяжоўвае ў Беларусі аборты,

"узыходзяць на Галгофу -

ў сконны час,

павольна - праваслаўныя народы..."

Антыхрыст радзіць светам, у якім зноў распятыя дабрыня, чала-вечнасць, любоў, святасць, родная мова:

"...напагатове каты і цвікі...

Хрыстос Сваіх наследнікаў чакае...

І - як дарожка церпнікам да Раю -

Рассыпаны ў нябёсах васількі..."

("... з гісторыі гаротнай

без прыўкрас")

Зоркі-васількі ў нябёсах сведчаць аб пакутах беларусаў, якія вядуць у бессмяротнасць, аб нязломнасці іх надзеі і веры ў свой народ.

Уздымае паэт і праблему існавання хрысціянства. Калі "дэманскі хаўрус" неапаганскіх рэлігій спраўляе баль ведзьмаў, дзе Беларусь параўноўваецца з вокам тайфуна - адзіным спакойным месцам у кругавароце грамадскіх падзей, ідыліяй чалавечага існавання. Каб паказаць сур'ёзнасць праблемы, Зьніч узгадвае гунаў - качавы народ, які ў ІV стагоддзі рабіў разбуральныя набегі з Азіі на Усходнюю Еўропу:

"... горш, чым пад даўнім Гунам

сёння плямёнам Хрысцьянскім...

у шабасе неапаганскім

Русь Белая - вока тайфуна..."

("...дух Лейбы...")

Слова "паганыя" ў вершах Зьніча мае значэнне - нячыстыя рэлігійна, побач стаіць слова "расхрыстаныя", якое быццам сведчыць аддаленне ад Хрыста. Аднак аўтар сцвярджае, што там, дзе "малітва й трывога", там "Сам Уваскрослы Хрыстос". Выказваючы глыбокую пашану праваслаўю, паэт Зніч называе яго "Богачалавецтвам", бо Хрыстос - гэта Богачалавек.

"- ... як уваскрасіць чалавецтва?...

- Богачалавека - пусціць у сэрцы..."

Вобраз Хрыста дапамагае раскрыць сутнасць паэта Зніча. У вершы "Касавінка і мы" апавядаецца пра двух разбойнікаў, якія былі распяты побач з Хрыстом (так узнікла касавінка на праваслаўным крыжы). Адзін з разбойнікаў памёр без пакаяння, а другі раскаяўся ў зробленых грахах, таму трапіў з Хрыстом у рай.

"... а трэці, пушчаны на волю

замест распятага Хрыста,

ён намі незаўважна стаў -

гісторыяй і нашай доляй..."

Злучыўшы ў сабе рысы разбойніка і Хрыста, паэт Зьніч сведчыць аб трагічнасці чалавечага лёсу і аб бясконцасці самаахвярнай любові Хрыста да людзей. Як лёгка чалавек можа парушыць касавінку на крыжы або сваім грахом, або святасцю. Як афарызм гучыць верш Зьніча "Бліжняму".

"...дэман не можа тварыць:

лёс яго - толькі бурыць...

помні не мімаходзь:

Творца - адзін Гасподзь...

Дзеюць і Той, і той -

Нашай з табою рукой..."

"Дух чалавечы ратуецца ў царкве", - напіша Зьніч у вершы "Гімн Белай Русі". Узгадаваўшы дух, схіліўшыся ў журбе, смуткуючы па загінуўшых, ён заўважае, што жыве Беларусь у вершах Зніча. Уваскрасае і герб Пагоня пад бела-чарвона-белым сцягам Хрыста - нацыянальным сцягам беларусаў:

"... ля сэрцаў, сляпых і глухіх,

крывавячы губы і скроні, -

лятуць і лятуць тыя коні... -

па гонях сваіх і чужых...

... лунаюць бель-чырвань - і бель

у золаце і блакіце...

то - нібыта золак у жыце -

ўзыходзіць Царквы карабель..."

("Гімн Белай Русі")

Жыве Беларусь у душах тых, што "са смерці паўсталі", але паэт-патрыёт бачыць, як фізічна знішчаюцца тыя, хто не змог духоўна ўратавацца. Зніч непакоіцца пра тое, як вярнуць надзею свайму народу, калі

"... першыя класы пусцеюць...

могілкі - жах!.. як растуць...

на будучыню надзею -

як Беларусі вярнуць?.."

Адказ на гэта пытанне гучыць у вершы "Цнота", дзе паэт піша, што шчасце Бог "даў у цэласці", а мы я го шукаем у частцы, дзе кожнага з нас паасобку "джаляць шалы і жарсці". Трэба быць разам, каб даць адпор "ворагу", які завецца д'яблам. Чалавек жа павінен быць адкрытым для іншых,

"... каб ангелы радасна нас віталі -

ўсе крыўды з сэрца выкінем вонкі...

усё - забылі... - ўсё - даравалі...

й пачынаем дзень -

з чыстай старонкі!.."

("...каб ангелы")

Але самы важны наказ ад Зьніча гучыць у вершы "Беларусам", каб кожны з нас зразумеў, што выратавацца зможам толькі з Хрыстом:

"... Божа, зразумець дапамажы -

нам і ўсім зямным заканадаўцам:

мы - у часе й вечнасці -

мы - і на Фаворы ... й на Кражы..."

Паэт зноў і зноў нагадвае нам: "Царства Нябеснае ўнутры нас". І гэтым сцвярджэннем прасякнута ўся творчасць Зніча, нават жаноцкая тэма - тэма кахання. Паэт абраў сабе псеўданім Зьніч, што абазначае свяшчэнны агонь. Жанчына ў яго паэзіі - гэта знічка. Пра сябе паэт піша:

"...стварыў Гасподзь Зніча -

свабодным... -

як зародак птушкі ў скарлупіне...:

ад пачатку ўклаў яму нязводны

рытм народзін -

выраяў птушыных..."

"Зьніч знікае і ўзнікае - раптам", ён шчаслівы ў вечнай "сябрыне выраю і раю". Сваім сэрцам Зьніч прыдумаў сабе ў птушынай сябрыне залатую птушку, вольную, як і сам паэт:

"... а аднойчы Зьніч сасніў у яве

залатую птушку - у няволі...

і ў рыфмах - выпусціў на волю...

рай і вырай - сэрцам унаявіў..."

Калі Зьніч - гэта нязгасны свяшчэнны агонь, дык жанчына гэта тая, якая замірае "ў надхмарным каханні". Яна "знічка з рабрыны Зніча". А знічка - зорка, якая падае і ў каханні хутка згарае. І тым не меней, "ёсць!.. - у сэрцы рай..." Паэт апісвае гэты рай у сэрцы:

"-... абяздоленая ... неспатоленая...

заняволеная - вельмі рана...

- адпусці мяне..., адпусці мяне...,

адпусці мяне - мой каханы..."

Зямное каханне Зьніч называе "агнём іншасветным ў акрасе вар'яцтва й тугі", гэта каханне сваёй самаахвярнасцю спальвае жанчыну, як свечку!..

"... лілеяю ў вір я ўпала

і ў плынях надмарных лячу...,

о, Божа, мне гэтага мала...

запальвай мяне, як свячу!.."

("...шукаю адчайна й цяжка")

Зямны свет Зьніч называе "горным", сумным і бядотным, аднак каханне наталяе гэты свет "бліскавіцамі святла", якое прытушвае свяшчэнны агонь паэтавага сэрца, каб разгарэцца там з новай сілай ачышчэння душы. Вось што піша Зьніч пра місію жанчын у яго жыцці: ...

"... пакутліва -

для жарсцяў -

паміраю...

Асенніх бліскавіц

святло лаўлю...

Гасподзь мне -

праз жанчын -

адкрыў зямлю...

А праз цябе -

зямны куточак

Раю..."

Цікава пабудаваны радкі гэтага верша, якія разрываюцца то на тры часткі, то на дзве. Гэты разрыў надае кожнай частцы радка ў шмат разоў павялічаную эмацыянальную энергетыку слоў і выразаў. Якую адчувае чытач.

Аднак манах створаны не для зямнога кахання, а для Бога. Цікава пабудаваны верш Зніча "... Божа, я ў скрусе й журбе...", дзе паэт размаўляе з Айцом Нябесным. Гэты дыялог сведчыць аб тым, як пакутна несці яму манаскі крыж. Паэт жаліцца Богу: "Больш не магу ў целе несці сваю душу". Просячы Бога ўзяць яго да Сябе. Зьніч чуе адказ:

"-... сэрца - той самы камень,

што я не магу падняць..."

Бог, даючы чалавеку вольную волю, нагадвае яму аб тым, што сэрца чалавечае падобна да каменя, калі яно жыве без любові, вось чаму манах павінен знайсці ў Бога сілу, каб любіць, хоць, як піша паэт,

"бліжнія ўсе мяне кінулі...

сілы мае ў пекле згінулі..."

Але ўжо ў наступным вершы "Беласточчына" Зніч піша пра "суладдзе блізкіх душ", калі гучыць матыў "memento" ў "краіне руж і дыяментаў". Так паступова сэрца, акамянелае ад пакутаў, ажывае для любові да Бога, да роднай Беларусі, да братоў-манахаў. І толькі Крыж застаецца побач, бо ў ім - уратаванне:

"... і толькі Сэнс Раскрыжавання

заўсёды з намі..."

("Ліст сябру")

Лірычны герой Зьніча разумее, што "З Богам не можна быць гордымі над грахоў сваіх чорнымі прорвамі". Каб быць з Богам, трэба "ад шалаў адмовіццца", а з Ім пасумовіцца можна толькі ў няшчасці: у час хваробы, бяды, у астрозе. І толькі так прыходзіць супакой і ўсведамленне адкрыцця новага ў сабе:

"... боль ад колішніх шалаў сціх...

найважнейшае - дзеля Бога -

як мы сёння духа ліхога

адганяем ад сэрцаў сваіх..."

("... боль ад колішніх шалаў")

І толькі ў раскаяныя сэрцы можа ўвайсці Нябесная Любоў, так сцвярджае паэт, а "кутні камень Ісціны" - гэта перакананне, якое і ў перадсмяротны момант "завоблачным Тайным голасам" прамовіць: "Брат, пекла - гэта вечнасць без Хрыста". Ды і саму Беларусь манах Зьніч стаў любіць па-іншаму, свята і больш глыбока. Яна для паэта "як Нявеста Хрыстова", а мясціна роднай зямлі, "намоленыя, чыстыя мясціны", нагадваюць паэту, што беларусы гэтага часта не заўважаюць:

"... і процьмы душ у ганьбе запусцення

блукаюць - не чужыя й не свае...

заблудная краіна йшчэ жыве

бясконцасцю

Гасподняга цярпення..."

("Мой край")

У паэзіі Зніча гучыць "матыў вяртання" блудных сыноў да Бога, але часта ён чуецца ў трагічную хвіліну жыцця чалавека, "калі наўкол - абрыў". Паэт заклікае ісці да святых мясцін Беларусі, не марудзіць, каб уратавацца:

"... калі ты і плоццю

й душой нездароў,

і боль твой суняцца не можа -

успомні, што ёсць

жыватворны Пакроў

Жыровіцкай Маці Божай..."

Жыватворнымі з'яўляюцца і паэтычныя радкі Зніча, якія вядуць чытача да ўратавання душы, да збаўлення, якое, па словах паэта, можа даць толькі Бог. Паэт раіць быць заўсёды з Хрыстом, каб уваскрасаць. Ён піша:

"Хрысце мой, на крыжы

ўваскрасаю!.."

Уваскрасае душой і чытач, які паглыбіцца ў змест паэзіі Зьніча. І гэта ўваскрашэнне беларусаў і беларускасці праз Хрыста. Праз нацыянальныя сімвалы і гісторыю, праз святыя мясціны і святых Беларусі, праз самаахвярную любоў да Радзімы і яе мовы. А гэта ўваскрашэнне датычыць, перш за ўсё, сэрца і духу чалавека, што гартуецца праз жыццёвыя выпрабаванні ў самаахвярнай любові да бога і Радзімы.

Таццяна Трафімчык, г. Слонім.


Свята "Працоўная сякера"

У другі раз у аграгарадку Тарнова Лідскага раёна прайшло свята сякеры. Галоўнай дзеяй свята быў конкурс "Працоўная сякера", у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Лідскага і Фалькаўскага лясніцтваў. Да кожнай каманды-прафесіяналаў далучыліся аматары сякеры з мясцовых жыхароў. Спачатку ўдзельнікам патрэбна было ручной пілой напілаваць калодак, а затым насячы дроў. Наступным заданнем - завастрыць бярозавыя калы "пад аловак". Цікавасць, а разам і хваляванне ў гледачоў выклікаў іспыт на трапнаць і зоркасць. Патрэбна было рассекчы звычайныя запалкі ўздоўж (запалкі былі размешчаны вертыкальна на драўляных дысках і прадстаўлены кожнаму ўдзельніку). Спатрэбілася ўменне і нават сіла ў забіванні цвікоў абухам сякеры. Гаспадыні здзіўляліся, што так дробна сякерай можна пашынкаваць капусту.

Галоўны прыз - мяшок зерня падзялілі паміж сабою Звярко Сяргей з Лідскага лясніцтва і Хацукевіч Генадзь з Фалькаўскага. Прыз сімпатыі гледачоў атрымаў Анатоль Султанаў з Ліды.

Настрой задавалі калектывы аматарскай творчасці Тарноўскага Дома культуры і госці з аграгарадка Геранёны Іўеўскага раёна.

Усе прысутныя змаглі пачаставацца і ацаніць на выдатна традыцыйную кашу "з сякеры", рэцэпт якой ведае толькі загадчыца філіяла "Тарноўскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Святлана Антонік. Дарэчы, яна ж - ініцыятар і галоўны арганізатар гэтага мерапрыемства.

Ганна Некраш, вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX