Вярнуцца: 2016

№ 36 (1291)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1291), 7 верасня 2016 г.


Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове

3-га і 4-га верасня ў невялікім палескім горадзе Рагачове, як з рога багацця, сыпаліся культурныя забавы: ад выстаў і канцэртаў да ўрачыстага адкрыцця Дома кнігі. Горад прымаў Дзень беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе быў прысвечаны не толькі юбілеям прызнаных класікаў, але і будучаму 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. І ўсё гэта - у Год культуры.

Менавіта тут Уладзімір Караткевіч збіраў свае «Каласы…». Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі, адкуль маці пісьменніка i адкуль, выходзіць, любоў да матчынай мовы, якой ужо мы сёння чытаем аўтарскую «Ладдзю роспачы». «Добра пісалася», - узгадваў класік аб «творчым прытулку» ў Рагачове. Векавая дзедава хата захавалася ў баку ад свята. Сваякі Караткевіча - людзі сціплыя, не гаваркія.

Дзень беларускага пісьменства на гомельскім Палессі ўжо ў чацвёрты раз. У адрозненні ад Турава (радзімы златавуста Кірылы) i Хойнікаў Івана Мележа (сёлета пісьменніку споўнілася б 95 гадоў), Рагачову было куды складаней. Свята на зямлі драматурга Андрэя Макаёнка (таксама юбіляра - 95) - у Год культуры.

Адзін дзень кардынальна змяніў калі не свет, то ўсё наваколле Рагачова. У рэгіёне мадэрнізаваны каля 40 аб'ектаў, на што выдаткавана звыш Br4 мільёнаў. «Нарадзіліся нанова», - жартуюць тутэйшыя.

Ад свята застанецца ў горадзе Дом кнігі. Тут адчынілі краму «Першацвет» - раней па друкаваныя творы (у тым ліку землякоў) рагачоўцы ездзілі ў суседнія Бабруйск і Жлобін. Два паверхі будынка займае цэнтральная бібліятэка краю.

Агульны фонд бібліятэкі - 90 тысяч тамоў. Атрымоўваецца, амаль па тры кнігі на кожнага жыхара сёлетняй сталіцы пісьменнасці. Па сваім часе жыло «роднае слова» на вуліцах Рагачова: ад прэзентацый новых зборнікаў да аўтограф-сесій літаратараў Еўразіі.

Пакiнулі ў Рагачове свае кнiгi i сем лаўрэтаў Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii. Так, у прозе ёй адзначаны Алесь Марцiновiч (зборнiк-эсэ «Цяпло колiшнiх вогнiшчаў»). Сярод тых, хто працягвае справу Максiма Багдановiча (хутка 125 год з дня народзiнаў песняра чыстае красы), - паэт Мар'ян Дукса. З-пад пяра Сяргея Давiдовiча - лепшыя творы для дзяцей і юнацтва. Упершыню на cвяце - намiнацыя «Дэбют».

Лепшы публiцыст - Мiкола Барысенка (зборнiк «Эхо Великой войны на востоке Беларуси»). Адзiная жанчына-намiнант - крытык Таццяна Мацюхiна, адзначана за даследванне «Беларускi импрэсiянiзм». Ягор Конеў атрымаў фалiянт як лепшы драматург, сiмвалiчна - на зямлі Макаёнка.

Гук варштата Францішка Скарыны як намёк на будучую сталiцу свята. Эстафету прымае Полацк - у наступны Дзень пiсьменства 500 год айчыннаму кнiгадрукаванню. «Рабi нечаканае, рабi, як не бывае, рабi, як не робiць нiхто», - запавет Уладзiмiра Караткевiча Рагачоў выканаў годна.

АНТ.


80 гадоў з дня нараджэння Сяргея Габрусевіча

Сяргей Аляксандравіч ГАБРУСЕВІЧ , кандыдат філасофскіх навук, прафесар.

Нарадзіўся 9 верасня 1936 г. у вёсцы Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гарадзенскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымаў на гістарычна-філалагічным факультэце (рускае аддзяленне) Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Аспірантуру скончыў датэрмінова і ў 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З восені 1969 г. старшы выкладчык кафедры філасофіі і палітэканоміі. Вучонае званне дацэнта па кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі прысвоена ў 1972 годзе. З 1973 года - загадчык кафедры (1974-1976), прарэктар па навуковай працы (1976-1986 ), прарэктар па вучэбнай працы (1986-1992), прафесар кафедры беларускай культуры (1992-2002), загадчык кафедры беларускай культуры (2002-2007), прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. Вучонае званне прафесара па кафедры сацыяльна-палітычных тэорый і паліталогіі прысвоена ў 1990 годзе. У 90-я гады мінулага і пачатку гэтага стагоддзя прафесар С.А. Габрусевіч плённа працаваў на глебе нацыянальнай культуры. З'яўляўся членам Прэзідыума Беларускага Фонду культуры, старшынём Гарадзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду культуры. У 1994-1995 гадах заснаваў і рэдагаваў гістарычна-культурны часопіс "Свіцязь", у якім друкаваліся матэрыялы па гісторыі культуры Гарадзеншчыны і культуры беларускага замежжа. Аўтар больш за 100 навуковых прац па тэорыі пазнання, тэорыі і гісторыі беларускай культуры.

Быў адным са стваральнікаў Гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Сяргей Габрусевіч памёр 22 кастрычніка 2013 г. на 77 годзе жыцця, пакінуўшы жонку, дачку і сына.

Вікіпедыя.


У Полацку адкрылі абноўлены помнік літары "Ў"

Да 1 верасня ў Полацку завяршылі рэканструкцыю помніка літары "Ў", паведаміў TUT.BY мясцовы краязнавец Андрэй Бухавецкі.

Аўтар праекту рэканструкцыі - полацкі мастак Ігар Куржалаў. Ён жа зрабіў і ранейшы варыянт помніка, які ўсталявалі ў 2003 годзе, падчас святкавання Дня беларускага пісьменства. У 2014 кампазіцыю пашкодзілі, сёлета мясцовыя ўлады знайшлі грошы, каб яе абнавіць.

Помнік змяніўся. Цытата Рыгора Барадуліна "Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет" раней знаходзілася на круглай пліце пастамента, цяпер - на адной з граняў стэлы. У абноўленым варыянце можна прачытаць і імя аўтара гэтага радка. У літару "С" у слове "святло" ўпісаны знак-сігнет Францішка Скарыны - сонца і месяц, якія перакрываюць адзін аднаго.

На другой грані стэлы раней знаходзілася стылізаваная літара "Ў", цяпер - яе паменшаная выява курсівам. Вышэй - шэраг слоў рознымі шрыфтамі, у якіх ёсць літара: Еўфрасіння, Браслаў, настаўнік, слоўнік, дзеяслоў і г.д.

TUT.BY.


Сустрэчы Алега Трусава з выбаршчыкамі

Адбыліся яшчэ дзве сустрэчы кандыдата ў дэпутаты Алега Трусава з выбаршчыкамі Чкалаўскай выбарчай акругі № 96 г. Менска 31 жніўня і 1 верасня.

Наш кар.


Алена Анісім правяла тры сустрэчы з выбаршчыкамі

30 жніўня Алена Анісім правяла тры сустрэчы з выбаршчыкамі Стаўбцоўскай акругі № 70.

У 11.00 гадзін адбылася сустрэча ў Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

У 18.00 - у Дзераўнянскім цэнтры культуры.

У 19.30 - у Налібоцкім сельскім доме культуры.

Падчас сустрэчы выбаршчыкі задавалі наступныя пытанні:

- Для чаго Вы ідзяце на выбары?

Адказ А.Анісім:

- Каб вырашаць пытанні пашырэння ўжывання беларускай мовы ў інфармацыйнай прасторы, заснаваць універсітэт з беларускай мовай навучання, нам трэба мець прадстаўніка ў заканадаўчым органе, які б у супрацы з іншымі дэпутатамі адстойваў нашы інтарэсы і прасоўваў ідэі нашай арганізацыі. Я іду працаваць дзеля гэтага.

- Што Вы будзеце рабіць, калі ў парламент пройдзеце адна, без сваіх паплечнікаў?

Адказ А. Анісім:

- Буду пераконваць тых, хто акажацца ў парламенце, каб падтрымалі мае прапановы па ўніверсітэце, па напаўненні хаця б аднаго тэлеканала беларускай мовай на 100%. Так-сама многіх хвалююць пытанні экалогіі, мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб есці якасныя прадукты, дыхаць чыстым паветрам, піць чыстую ваду. Я ўпэўнена, што па многіх пытаннях маёй праграмы я знайду шмат аднадумцаў сярод будучых дэпутатаў.

У сустрэчах бралі ўдзел пісьменнікі: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Генрых Далідовіч (давераная асоба Алены Анісім), Алесь Камароўскі. Яны выступілі з прамовамі ў падтрымку сваёй зямлячкі і заклікалі прысутных аддаць свой голас на выбарах за яе кандыдатуру.

Штаб кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім.


Станіслаў Манюшка і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч паўсталі ў бронзе

Кульмінацыяй святкавання сёлетняга Дня горада стала адкрыццё помніка двум знакамітым жыхарам Менска - кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу і паэту Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

Асэнсаванню ролі кампазітара ў гісторыі беларускай оперы паспрыялі і шматлікія публікацыі ў прэсе, праца па вяртанні ў нацыянальны кантэкст творачасці С. Манюшкі, якую праводзіла Беларуская капэла пад кіраўніцтвам В. Скарабагатава, папулярызацыя адзінага ў свеце музея С. Манюшкі, які дзейнічае на радзіме кампазітара ў Убелі, каля Смілавічаў, шмалікія звароты і петыцыі жыхароў сталіцы з прапановай ушанаваць памяць знакамітых землякоў. Дарэчы, Віктар Скарабагатаў таксама шчыльна спрычыніўся да выдання ўнікальнага CD "Песні з-пад Нёмна й Дзвіны", якія быў выдадзены ў серыі "Беларускі Музычны Архіў" кампаніяй БМАgroup. Дзякуючы дыску і запісаным на ім песням паводле беларускага фальклору, слухачы зразумелі карані творчай асобы С. Маніюшкі і яго схільнасць да драматургіі В. Дуніна-Марцінкевіча. За ўстаноўку гэтага помніка не адзін раз выказвалася і ТБМ.

Як свята для ўсёй нацыянальнай інтэлігенцыі ахарактарызаваў гэтую падзею кіраўнік Беларускай капэлы, народны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў. Трэба адзначыць, што да гэтага свята трэба было прайсці вялікі шлях - перш за ўсё, паказаць і даказаць, што Станіслаў Манюшка, нягледзячы на статус пачынальніка польскай оперы, адначасова быў і рухавіком адроджанага беларускага опернага мастацтва. І на гэтай глебе пачалося супрацоўніцтва С. Манюшкі з друматургам і паэтам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, які ўжо прызнаны класікам беларускай літаратуры.

Нажаль, былі на гэтым шляху адраджэння гістарычнай праўды і незваротныя згубы - у 80-90 гады мінулага стагоддзя, нягледзечы на пратэст нацыянальнай інтэлігенцыі і моладзі, гарадское кіраўніцтва дало загад знесці будынак, у якім была пастаўлена першая беларуская опера "Сялянка" ("Ідылія") С. Манюшкі на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай оперы ўпершыню загучала беларуская мова. Цяпер на гэтым месцы стаіць гатэль "Еўропа".

Пад час святкавання Дня горада і адкрыцця помніка знакамітым творцам ля гарадской Ратушай гучала музыка С. Манюшкі ў выкананні квартэта "Вярсаль", а таксама арыі з опер Манюшкі ў выкананні салістаў Беларускай оперы. Гэтыя рамантычныя творы, як і сам помнік аўтарства скульптараў А. і С. Гумлеўскіх, архітэктара Я. Мядзько былі цёпла ўспрыняты слухачамі і з гонарам за тое, што гісторыя нашай сталіцы такая багатая на геніяльных творцаў.

Пасля ўрачыстага адкрыцця помніка вядоўцы цырымоніі запрасілі ўсіх гараджан на баль ў гонар знакамітых ураджэнцаў Менска - С. Манюшкі і В. Дуніна-Марцінкевіча. Пад музыку С. Манюшкі каля ратушы ахвотныя змаглі патанчыць як еўрапейскія, так і беларускія тагачасныя танцы - адчуць сябе жыхарамі Менска ХІХ стагоддзя.

Анатоль Мяльгуй.


Падручнік беларускай мовы за 6 клас. Што новага?

Невялічкае параўнанне двух падручнікаў для 6 класа 2009 года і дапоўненае 2015 года. Аўтары тыя самыя: В.П. Красней, Я.М. Лаўрэль, С.Р. Рачэўскі.

Новае выданне 2015 года выйшла пад новай вокладкай. Замест беларускай прыроды і завязанага ручніка цяпер выява Нясвіжскага замка.

Змены адбыліся не толькі ў вокладцы, але і з першых старонак. Зніклі абзацы пра нялёгкі шлях беларускай мовы да дзяржаўнага статусу, згадка пра Ф. Скарыну, ролю Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі, К. Чорнага, пра тое, што "любоў да сваёй Радзімы, народа пачынаецца з любові да роднай мовы" і "мова яднае нас у народ" . Замест гэтага цяпер развагі, што ў Германіі авечкі кажуць: "Ме-е", а ў Турцыі: "Мі-мі". Што гаворыцца: без каментару.

У рубрыцы "Да вытокаў слова" да тлумачэння слова нацыя дадалося і тлумачэнне слова народ . Цікава хіба гэта так важна і нешта дадасць вучням у разуменні паняццяў, у якіх няма згоды і сярод саміх этнографаў? Затое на наступнай старонцы няма ўжо словаў Ф. Янкоўскага, дзе беларускім простка, напрасткі, проста, простая, праставаць даюцца расейскія аналагі напрямик, прямо . І дарма выкінулі, бо мінаку, калі ён спытаецца, як знайсці дарогу, сказаць: "Ідзіце проста" , дык ён вельмі здзівіцца і нічога не зразумее. Цяперака ўсе ходзяць выключна "прама" , а на беларускае "проста" забыліся зусім.

Прыбралі анекдот "Як мужык у пана абедаў". Але ўсё яшчэ трываюць нататкі "Лапці", "Павець" і інш. Наогул, увесь падручнік (як, зрэшты, і для іншых узроставых катэгорый) прасякнуты сельскім духам. Нібы сёння не ХХІ ст. і вучацца пераважна па ім не сучасныя гарадскія дзеці, а вясковыя пастушкі. Хай бы пра вясковыя рэаліі расказаў настаўнік, супрацоўнік этнаграфічнага музея ці даведаўся сам вучань чытаючы класікаў. Дый, баюся, што з сённяшнім прахадным балам на спецыяльнасці "беларуская мова" ў ВНУ, ці змогуць будучыя настаўнікі патлумачыць вучням сялянскую тэрміналогію. Градус вясковасці ў навучальнай літаратуры, безумоўна, трэба зніжаць і замест лапцяў абуваць красоўкі ды туфлі. Іначай і беларуская мова будзе ўспрымацца дзецьмі выключна, як мова вёскі, якая ім чужая і незразумелая, а часам варожая і непрыемная.

Сціплыя двухколеравыя малюнкі нагадваюць больш дзіцячыя, чым працы прафесійнага ілюстратара. Змест іх усё той жа. Толькі цяпер кароў і гусей замянілі камбайн і грузавік. Самога графічнага матэрыялу бракуе. Вядома, шосты клас - ужо не другі, але ўсё адно сухі тэкст хутка надакучвае і адштурхоўвае ад навучання. Таксама, падаецца, вельмі зручнымі ў засваенні матэрыялу могуць стацца графічныя ярлыкі для розных відаў заўваг, зацемак, кантрольных пытанняў і г.д. У выданні 2009 такая графічная выявая служыла для дамашніх заданняў, але ў новай рэдакцыі і яе скасавалі. Можна толькі адзначыць, што афармленнем займаецца "Нацыянальны інстытут адукацыі", і ён, відаць, не надта пераймаецца за ёмкасць карыстання і чытабельнасць падручнікаў.

У прыкладзе з народнымі гаворкамі чамусьці знік тэкст "Палескай групы гаворак". Адкінута заданне № 60, дзе Б. Сачанка гаворыць пра палескі лес. Чыста нейкі генацыд палешукоў у новым выданні.

Ну, а вось якія змены адбыліся, напрыклад, у заданні № 51 "Складзіце і запішыце сказы, каб прыведзеныя словы... (у новым выданні № 53)". З прыведзеных слоў у выданні 2009: школа, мама, Беларусь . У 2015: вецер, мама, Беларусь . Які прыхаваны сэнс гэткай рэдакцыі, цяжка ўцяміць.

Не забывае падручнік нагадаць, заезджанае клішэ, што памяркоўнасць - гэта адметная рыса беларускага народа. Добра, што хоць не галоўная.

§7 "Марфемная будова слова. Асноўныя спосабы словаўтварэння" ліквідаваны, разам са згадкай пра Р. Шырму і цымбалы. Няма і словаў Я. Сіпакова, якія даюць разуменне вялікай і малой Радзімы. У §34 "Скланенне якасных і адносных прыметнікаў" выдання 2015 года чамусьці выпалі словы, што гэта скланенне ў адзіночным ліку. Дзіўным чынам у новым выданні апынуўся пасярод тэмы "Лічэбнікі" §46 "Паглыбленне паняцця пра разважанне: асаблівасці разгортвання думкі ў тэкстах разважаннях". Якім ён тут бокам і навошта?

Памянялася дата ліста Янкі Купалы да Браніслава Тарашкевіча з памылковай 4.ІХ.1914 на 4.03.1914. Прыемная дробязь, што сведчыць пра ўвагу да дэталяў. Праўда сам тэкст застаўся з перастаўленымі ў іншым парадку словамі і ў іншай форме ("яго нам" замест "нам яго", "хутчэй" замест "найхутчэй"). Акрамя таго сказ пра Вацлава Іваноўскага папросту выкінуты. Можна думаць, што дзецям тое не важна ведаць, але зроблена гэта, мяркуючы па ўсім, выключна ў мэтах цэнзуры. Як вядома, В. Іваноўскі за пару Другой Сусветнай вайны меў пасаду бурмістра Менска, а значыцца быў калабарантам, і яго імя мусіць быць выцерта з гісторыі. Выкінуты і словы: "Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце". Відаць, каб паказаць, што гэта не рэдагаванне з цэнзурных мэтаў, а проста скарачэнне аб'ёму. Але няўжо ж гэтыя два сказы зэканомяць паперы ці зробяць з дзяцей фашыстаў?

У прыкладзе тэксту афіцыйнага стылю падаецца Арт. 31 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". А чаму б не даць Арт. 4. Шмат новага маглі б даведацца дзеці і іх бацькі, а можа і скарыстаць на практыцы. У прыкладзе з паштовым паведамленнем пададзены адрас: вул. Б. Хмяльніцкага, 34. Вуліца, якая больш пасуе ўкраінскай сталіцы. Хоць дзіўна, але і ў Менску яна існуе, праўда што дома такога няма. Ну, добра хоць не праспект Дзяржынскага ці вуліца Фрунзэ. А што ж замінае прывесці ў прыкладзе вуліцу імя якога выбітнага беларускага дзеяча ці хоць бы пр. Незалежнасці напісаць. Аналагічны выпадак і з ўзорам запаўнення адраса на канверце. Тут ужо бачым вул. Гагарына. Дык чаго тады не ў Саратаў ліст напісаны?

У кантрольных пытаннях да раздзела зменшылася колькасць заданняў. Цяпер яны не ахопліваюць увесь пройдзены матэрыял. Так, напрыклад, з раздзелаў "Назоўнік" і "Прыметнік" выключана траціна заданняў. Дарма, бо чаму б і не паўтарыць пройдзенае?

Са станоўчых правак у новым выданні можна адзначыць тэкставыя дапрацоўкі, табліцы і схемы, што дапамагаюць лепш засвойваць матэрыял, некаторыя новыя заданні. Асобныя правілы набылі статус параграфа, як напрыклад, правіла пастаноўкі працяжніка паміж дзейнікам і выказнікам. Змяніўся і колер аздаблення правілаў у падручніку. З зялёнага, які мабыць нагадваў, што Беларусь - краіна балот, на ружовы, які, падаецца, лепш акцэнтуе важную інфармацыю.

У выніку, прагартаўшы абодва падручнікі, уражанні атрымліваеш неадназначныя. З аднаго боку нібы нешта паляпшаецца, і сам падручнік даволі добра зроблены, а з іншага ёсць багата дробных заўваг, як у выніку новай рэдакцыі, так і ўвогуле па змесце падручніка. Паводле слоў намесніцы прэм'ер-міністра Наталлі Качанавай усе падручнікі будуць перавыдадзены да 2020 года, дык хацелася б спадзявацца, што стане адно лепш, і ў новых выданнях з заўваг нешта ўлічаць і сёе-тое падправяць.

Зміцер Крымоўскі.


"Настаўнік пасля ўрокаў"

Новая кніга

З такой назвай выйшла ў свет нядаўна новая кніга. Яна разлічана на настаўнікаў гісторыі і краязнаўцаў. Гэта зборнік артыкулаў (уклад. С. Барыс. Аўтары С. Барыс, В. Варганаў, Д. Кургановіч, Л. Трыгорлава і інш. - Мінск, 2016. - 292 с.)

У кнізе змешчаны 24 артыкулы, якія размеркаваны па трох раздзелах. Аб сваім вопыце пазаўрочнай работы з вучнямі расказалі 14 аўтараў. Аўтарамі выступілі вопытныя настаўнікі, пераважна гісторыі. Змешчаныя ў кнізе некаторыя матэрыялы ўжо былі надрукаваны ў педагагічных часопісах - "Беларускі гістарычны часопіс", "Гісторыя: праблемы выкладання" (цяпер "Гісторыя і грамадазнаўства"). Для кнігі адабраны лепшыя з тых, што друкаваліся ў гэтых часопісах на працягу апошніх 15 гадоў. Аднак, каб ахапіць усе аспекты дзейнасці настаўніка пасля ўрокаў, давялося адмыслова напісаць некалькі артыкулаў для гэтай кнігі. Кніга разлічана на настаўнікаў гісторыі і на класных кіраўнікоў школ, гімназій і ліцэяў.

У кнігу ўвайшлі артыкулы:

Валерый Варганаў. "Пазакласная дзейнасць настаўніка гісторыі";

Данута Кургановіч. "Тыдзень гісторыі ў школе";

Валерый Варганаў. "Тыдзень гісторыі ў школе";

Сымон Барыс. "Краязнаўства ў школе. Якім яму быць?";

Валерый Варганаў. "Краязнаўства і выхаванне школьнікаў: з вопыту работы";

Валерый Варганаў. "Гісторыка-краязнаўчы гурток у школе";

Аляксандра Кравец. "Адукацыйная роля школьных музеяў";

Людміла Даліда. "Роля музеяў у выхаванні школьнікаў";

Аліна Пахвалёная. "Музей мінскай гімназіі № 25 як цэнтр навучання і выхавання";

Любоў Пятрова. "Краязнаўчы музей для нас i нашчадкаў";

Валерый Варганаў. "Арганізацыя і методыка правядзення вучэбных экскурсій";

Сымон Барыс. "Народны музей баявой славы ў школе";

Людміла Трыгорлава. "Полацк вядомы і невядомы";

Васіль Ракуць, Сымон Барыс. "Падарожжа ў краіну замкаў";

Людміла Трыгорлава. "Мінск - наша сталіца";

Сымон Барыс. "Мінск. Праспект Незалежнасці";

Людміла Паўлава. "Радзіма мая дарагая…";

Наталля Рэберт. "Цуды Беларусі";

Аліна Пахвалёная. "Славутыя імёны Бацькаўшчыны";

Вікторыя Шпетная. "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь";

Валерый Варганаў. "Шлях да Беларусі";

Галина Беляева. "История Могилева сквозь призму веков";

Наталья Щербаченя. "Выбор профессии".

Кніга выдадзена накладам 50 асобнікаў. З ёй можна пазнаёміцца ў Менску, на вул. Румянцава, 13, у сядзібе ТБМ.

Наш кар.


З чым ідзём у школу?

Беларускамоўная 23-я гімназія набрала рэкордную колькасць першакласнікаў

Беларускамоўная гімназія № 23 Менска набрала рэкордную колькасць вучняў у першыя класы.

- Па 27 чалавек - цяпер думаем, як пасадзіць, дзе ўзяць сталы, - пахваліліся "Нашай Ніве" педагогі гімназіі.

У папярэднія гады звычайны набор складаў 18-25 чалавек у класе.

Дарэчы, у гімназію прыйшлі і некалькі новых педагогаў-мужчын.

У гімназіі з першага класа вывучаюцца англійская і кітайская мовы.

Мікола Бугай.


У магілёўскай школе стварылі беларускі клас для дзвюх вучаніц

Першакласніцы 34-й магілёўскай школы Таццяна Турандзіна і Эвеліна Самойленка адзначылі Дзень ведаў у класе з беларускай мовай навучання. Дзяўчаткі будуць вучыцца ў малакамплектным класе 1 "Г".

На школьнай лінейцы дзяўчаткі стаялі разам з настаўніцай Лідзіяй Пятроўнай Ціханоўскай. Дзяўчынак віталі і запрашалі ў іхні класны пакой па-беларуску.

На лінейцы Эвеліна трошкі паплакала. Таццяна ж была весялейшая. У класе больш гаваркой была Эвеліна. Таццяна за партай сядзела маўкліва. Абедзве паслухмяна выконвалі першыя заданні настаўніцы.

- Я плакала, бо мне было страшнавата без мамы, - прызналася Эвеліна.

- Вучыцца будзем добра, - дадала Таццяна, гартаючы кнігі, падараваныя Таварыствам беларускай мовы.

- Хвалююся крыху, але ж вельмі чакала дзяўчатак. Настрой вельмі добры, і я шчаслівы чалавек. Спачатку пачнём з дзвюх вучаніц. А потым, я мару пра гэта, будзе больш, - казала Лідзія Пятроўна на пачатку ўроку журналістам.

Настаўніца сказала, што па-беларуску дзеці будуць гаварыць тады, калі па-беларуску загавораць у сям'і.

Лідзія Ціханоўская - настаўніца з шматгадовым стажам. Выкладала школьныя прадметы на беларускай і расейскай мовах у пачатковых класах.

Першы ўрок Лідзія Пятроўна для сваіх вучаніц правяла пад назваю "Наш запавет - гэты свет берагчы".

Пакой класа аформлены па-беларуску. Шмат беларускіх кніг. На сцяне партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Эвеліна і Таццяна - разам за адной з дзвюх партаў.

Кіраўніцтва навучальнай установы адкрыццё малакамплектнага беларускамоўнага класа лічыць добрым вынікам інфармацыйнай працы і заяўляе, што будзе далей шукаць вучняў. Той жа думкі трымаюцца бацькі, якія наважыліся аддаць сваіх дзяцей у беларускі клас.

Тым часам працягне вучыцца адна ў сёмым класе першай магілёўскай школы Ялінка Салаўёва. Для яе бацькі не знайшлі аднакласнікаў.

Радыё Свабода.


Ліда - пазіцыі не ўтрымалі

У новым навучальным годзе пазіцыі беларускамоўнага навучання ў Лідзе не ўдалося захаваць. Сёлета першы беларускамоўны клас па традыцыі адкрыўся ў СШ №16. Па-беларуску тут будуць вучыцца 10 вучняў. Традыцыйна ў гэтых класах як прадмет выкладаецца польская мова. Цяпер у СШ № 16 будуць беларускія класы з 1-га па 5-ты.

У СШ № 14, дзе летась таксама быў беларускі 1-шы клас, сёлета паўтарыць поспех не ўдалося.

Разам з тым не падвяла Першамайскаям СШ. Тут многія гады трымаецца беларускамоўная паралель. Сёлета ў 1-шы беларускі клас у Першамайскім набралі 7 вучняў.

Такім чынам паступальны рух мінулага года захаваць не ўдалося. За беларускае навучанне змагаюцца толькі аддзел адукацыі і ТБМ, іншыя грамадскія арганізацыі, касцёл царква абыякавыя да гэтай праблемы. Ва ўсіх ёсць "аб'ектыўныя" прычыны ігнараваць беларускую адукацыю.

Таму ізноў паўстае пытанне пра Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, які абавязваў бы ўсе дзяржаўныя структуры займацца гэтым пытаннем. Справа не можа далей пускацца на самацёк і залежаць толькі ад пазіцыі меркантыльных бацькоў, якія не бачаць у беларускамоўнай адукацыі будучыні. Трэба такую будучыню ёй даць.

Яраслаў Грынкевіч.


Лідскае двухмоўе ...

Да 140-х угодкаў ААТ "Лідскае піва", якое бярэ свой пачатак ад бровара Пупко, заснаванага ў 1876 годзе, устаноўлены памятны знак каля месцазнаходжання яшчэ аднаго лідскага бровара - бровара Папірмейстара, які быў заснаваны, як указана на знаку, нават на тры гады раней, але спыніў сваё існаванне ў 1941 годзе і пасля вайны не быў адноўлены. Ён быў перапрафіляваны, і ўзніклі славутыя "Лідскія харчканцэнтраты".

Безумоўна, не тады, дык пазней, два бровары ў Лідзе не ўтрымаліся б, ці закрылі б адзін, ці аб'ядналі б. Таму, гісторыю не павернеш, але гістарычную памяць ніхто не адмяняў.

Звяртаюць на сябе ўвагу інфармацыйныя шыльды на памятным знаку. Яны выкананы па-беларуску. Надпіс на асноўнай шыльдзе прадубляваны па-ангельску.

Што ж, у нашай краіне двухмоўе, то чаму не такое? І, можа, самае галоўнае, што ніякія грамадскія арганізацыі, ніякае ТБМ у гэты працэс не ўмешвалася, усё ўжо ідзе "на аўтамаце". На жаль, яшчэ "не ўсюды і не заўсюды", але трэнд відавочны. Ліда рухаецца ў бок Еўропы, то, каму па дарозе, далучайцеся.

Нагадаем, што нядаўна Лідскі піўзавод пайшоў на масавае ўжыванне беларуска-моўных этыкетак.

Яраслаў Грынкевіч.


... і дзятлаўскае аднамоўе

Беларускага падарожніка-аўтамабіліста безумоўна парадуе інтэр'ер запраўкі на пад'ездзе да старажытнага горада Дзятлава. Надпісы ў сярэдзіне будынка выканананы па-беларуску кірыліцай і прадубляваны беларускай лацінкай. Прыемнае ўражанне пакідае і ветлівы персанал, які працуе на гэтым аб'екце. Гэта, бадай, адзіная запраўка ў краіне, дзе беларуская мова прадстаўлена ў абодвух варыянтах.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара.


Супрацоўніцтва Беларусь - Германія ў галіне навукі і культуры

Навіны Германіі

Двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Германіі абапіраецца на трывалы падмурак з амаль 30 міжурадавых і міжведамасных дамоў.

Значнай складовай часткай беларуска-германскіх адносін з'яўляюцца прамыя кантакты з федэральнымі землямі ФРГ, першым чынам, з Брандэнбургам, Саксоніяй, Паўночным Рэйнам-Вестфаліяй, Ніжняй Саксоніяй.

Узаемадзеянне на мясцовым узроўні на працягу працяглага часу з'яўляецца адной з найболей паспяховых формаў двухбаковага супрацоўніцтва. У гэтай сувязі варта асоба адзначыць наяўнасць 19 пар пародненых гарадоў, у тым ліку Менск - Бон, Магілёў - Айзенах, Віцебск - Франкфурт-на-Одары, Віцебск - Нінбург, Полацк - Фрыдрыхсхафен, Кобрын - Ульцен, Светлагорск - Хельмштадт. Патэнцыял далейшага развіцця супрацоўніцтва далёка не вычарпаны.

Чарнобыльская катастрофа 1986 года выклікала ў Германіі значную хвалю салідарнасці і гатоўнасці аказаць падтрымку пацярпелым рэгіёнам. Па некаторых адзнаках, у Германіі дзейнічаюць больш за 500 чарнобыльскіх ініцыятыў, якія ўносяць важны ўнёсак у пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі.

Актыўнае супрацоўніцтва ў сферы культуры дазваляе беларускім і германскім грамадзянам пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай дзвюх краін і спрыяе росту паразумення. Сучаснае беларускае мастацтва ўвесь час прадстаўлена па ўсёй Германіі. Штогод арганізуюцца выставы сучасных беларускіх мастакоў у розных германскіх гарадах. Музыкі, тэатральныя трупы, стваральнікі фільмаў з Беларусі паспяхова ўдзельнічаюць у праводжаных у Германіі міжнародных конкурсах і фэстах.

Доўгатэрміновыя перспектывы развіцця беларуска-германскіх адносін шмат у чым абапіраюцца на моладзь. У гэтай сувязі адмысловая ўвага надаецца розным формам моладзевых абменаў. Сотні дзяцей і маладых людзей з Германіі і Беларусі штогод здзяйсняюць паездкі ў рамках партнёрстваў паміж школамі, а таксама двухбаковых і шматбаковых праектаў у сферах культуры, аховы навакольнага асяроддзя, сацыяльнай працы.

Адным з найболей актыўных арганізатараў двухбаковых кантактаў на грамадскім узроўні з'яўляецца Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр, які з 2006 года носіць імя былога Федэральнага прэзідэнта ФРГ Ёханеса Раў. ММОЦ ва ўзаемадзеянні з іншымі партнёрамі арганізуе шматлікія сустрэчы прадстаўнікоў палітычных, эканамічных колаў і культурнай грамадскасці дзвюх краін.

Беларусь надае прыярытэтнае значэнне канструктыўнаму супрацоўніцтву з Германіяй, у тым ліку ў кантэксце адносін з ЕС, і зацікаўлена ў далейшым развіцці двухбаковых сувязяў па самым шырокім спектры ўзаемадзеяння.

ФРГ займае вядучыя пазіцыі ў навукова-тэхнічным супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, з'яўляючыся для Беларусі партнёрам нумар адзін сярод краін-чальцоў Еўрапейскага саюза.

Беларуска-германскае супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогій грунтуецца на палажэннях міжурадавай Дамовы пра развіццё шырока-маштабнага супрацоўніцтва ў вобласці эканомікі, прамысловасці, навукі і тэхнікі (ад 8 лістапада 1993 года) і на Сумеснай заяве Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага міністэрства адукацыі, навукі, даследаванняў і тэхналогій ФРГ пра арганізацыю навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва (ад 18 сакавіка 1996 года).

На базе гэтых дакументаў падпісаны дамовы пра супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з Германскім навукова-даследчым таварыствам (1997 год) і Фондам Гумбальдта (1998 год), а таксама Мемарандум пра паразуменне з Асацыяцыяй прамысловых даследчых аб'яднанняў "Ота фон Герыке" (2003 год).

Актыўна дзейнічае двухбаковая рабочая група па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. У яе працы з беларускага боку бяруць удзел прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, з германскай - Федэральнага міністэрства адукацыі і навуковых даследаванняў, Міжнароднага бюро Федэральнага міністэрства адукацыі і навуковых даследаванняў, Нямецкай даследчай супольнасці.

У 2010 годзе ў Беларусі прайшлі Дні навукі ФРГ.

У кастрычніку 2011 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пачаў працу Інстытут нямецкіх даследаванняў, дзейнасць якога накіравана на арганізацыйнае, інфармацыйна-метадычнае і кансультацыйнае забеспячэнне міжнароднага супрацоўніцтва БДУ з нямецкімі ВНУ і навуковымі арганізацыямі.

Навукоўцы абедзвюх краін арганізуюць сумесныя канферэнцыі, семінары, летнія школы, круглыя сталы. Ажыццяўляецца цесны кантакт і абмен рабочымі групамі навукоўцаў з беларускага і нямецкага бакоў, публікацыя вынікаў даследаванняў у перыядычных выданнях дзвюх краін.

Найбуйныя навуковыя арганізацыі Беларусі і Германіі - Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь і Нямецкая навукова-даследчая супольнасць - падтрымліваюць сталыя кантакты і абменьваюцца візітамі. Нацыянальная акадэмія навук усталявала так-сама кантакт з Таварыствам імя Макса Планка - найбуйной у ФРГ навукова-даследчай структурай, якая аб'ядноўвае больш за 80 навукова-даследчых інстытутаў.

У рамках двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва выконваецца больш за 50 праектаў, большасць з якіх рэалізуецца з германскай фінансавай падтрымкай. Сумесныя праекты выконваюцца па такіх найважных навукова-тэхнічных кірунках, як медыцына, біятэхналогіі, энергетыка, штучны інтэлект, лазерныя тэхналогіі, оптыка, біятэхналогіі, новыя матэрыялы і г.д.

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва беларускіх навукоўцаў з навукова-даследчымі арганізацыямі Таварыства Фраўнгофера па такіх кірунках, як медыцына, высокасітаватыя матэрыялы, нанаматэрыялы, энергазахавальныя тэхналогіі, машынабудаванне. Адпаведная дамова пра супрацоўніцтва падпісана паміж Дзяржаўным навукова-вытворчым аб'яднаннем парашковай металургіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытутам тэхналогіі і даследавання матэрыялаў і Цэнтрам Фраўнгофера Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Супрацоўніцтва ў сферы культуры з'яўляецца адным з найважных кірункаў развіцця адносін паміж Рэспублікай Беларусь і ФРГ.

Прававую аснову двухбаковага ўзаемадзеяння ў гэтай вобласці ўяўляе сабою Дамова паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Федэратыўнай Рэспублікі Германія пра культурнае супрацоўніцтва, падпісанае 3 сакавіка 1994 года і ратыфікаванае беларускім бокам. У Дамове замацавана імкненне Беларусі і Германіі да пашырэння і ўдасканалення ўзаемных ведаў пра культуру дзвюх краін, да далейшага развіцця ўсёабдымнага культурнага супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях, гарантаваны ўсялякая падтрымка ажыццяўлення кантактаў у сферах мастацтва, літаратуры, шырокі доступ да мовы, культуры, літаратуры і гісторыі абедзвюх краін, садзейнічанне супрацоўніцтву ў галіны навукі і адукацыі, ажыццяўленню абменаў студэнтамі і навукоўцамі, супрацоўніцтву ў вобласці прафесійнай падрыхтоўкі, інфармацыі, у іншых абласцях.

Значную ролю ў развіцці беларуска-германскага культурнага супрацоўніцтва іграюць такія арганізацыі, як Беларускае таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, Інстытут імя Гётэ, Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў, Германска-расейскае таварыства ў Вітэнбергу, таварыства сяброўства "Менск-Майнц". На працягу многіх гадоў актыўна ажыццяўляюцца кантакты ў вобласці культуры паміж гарадамі - пабрацімамі Беларусі і Германіі: Менскам і Бонам, Віцебскам і Франкфур-там-на-Одары, Віцебскам і Нанбургам, Гародняй і Мінданам, Полацкам і Фрыдрыхсхафенам, Магілёвам і Айзенахам.

Пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ аказвае садзейнічанне ва ўсталяванні і развіцці кантактаў паміж установамі і дзеячамі культуры ў абедзвюх краінах, рэалізацыі сумесных праектаў і творчых абменаў. У Германіі штогод арганізуюцца выставы сучасных беларускіх мастакоў, фотавыставы, выступы творчых калектываў, у тым ліку ў рамках міжнародных конкурсаў і фэстаў, якія праводзяцца на тэрыторыі ФРГ.

Пры садзейнічанні Пасольства беларускія кнігавыдавецкія арганізацыі на рэгулярнай аснове бяруць удзел у Франкфурцкім кніжным кірмашы. Дзяржаўнай бібліятэцы ў Берліне, фонду "Пруская культурная спадчына" перадаюцца калекцыі беларускіх выданняў, якія прадстаўляюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

З улікам наяўных магчымасцяў вядзецца праца па пошуку, вяртанні і ўцягванні ў навуковы і культурны аварот у Рэспубліцы Беларусь гістарычнай і культурнай спадчыны, змешчанай на тэрыторыі Германіі.

Паводле СМІ.


Вынікі паэтычнага конкурсу

"Быў нейкі зусім незвычайны дзень"

Паважаныя ўдзельнікі паэтычнага конкурсу, дзякуй Вам за творы і актыўны ўдзел у жыцці нашай арганізацыі.

Пераможцам конкурса стала Зорка Ірына Аляксандраўна з Менска, якая атрымала ў якасці падарунка ад ТБМ: грамату, кнігу "Шляхі да беларускай нацыі" П.П.Мурзёнка і слодычы.

Верш-пераможца быў абраны рашэнням большасці сяброў журы і друкуецца ў рэдакцыі аўтара.

З павагай, старшыня Менскай арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч.


АКВАРЭЛЬКI З МЕНСКА

Стары і новы, не мегаполіс,

Ты еўрапейскі, савецкі колісь.


О, Менск, ты розны!

Ты часам... п'яны.

Калі твае вярэдзяць раны,

Ты плачаш горка.

А зранку росны,

Лёгкі, як пёрка.

Начамі іншы,

Шукаеш нішы

для самадаек.

Удзень прытулак

птушыных зграек.

Ты шматгалосы,

Злучаеш лёсы,

Клiчаш на службу, намаз i месу.

Ты мадэрновы, дзіця прагрэсу.


Рака Няміга цячэ па трубах.

А мы штодня

"плывем" па трупах

То ў пераходзе, то на плаформе.

Ты цывiлiст,

хоць часта ў форме.

Ты - БЕЛАРУС

(не толькi трактар).

Ты ёсць душа i ёсць характар.


Ты намi ёсць, а мы табою.


Прадстаўнік БГК правёў урок роднай мовы для школьнікаў

Прадстаўнiк адмiнiстрацыi БГК Iван Караiчаў разам з беларускім пісьменнікам Уладзiмiрам Лiпскiм i прадстаўнiкамi кампанii velcom правялi ў першы дзень восенi займальны ўрок роднай мовы для школьнікаў другiх-трэцiх класаў гiмназii № 3 Берасця, паведамляе афіцыйны сайт БГК.

- Гандбольны флагман краіны БГК імя Мяшкова надае нямала ўвагі папулярызацыі беларускай мовы, - сказаў у сваiм звароце да школьнiкаў Iван Караiчаў. - Шэраг нашых кампаній па сацыяльнай рэкламе праводзяцца менавiта на беларускай мове. Так што мы з задавальненнем адгукнуліся на ініцыятыву "Чытаем па-беларуску з velcom", якая прыцягвае дадатковую ўвагу да беларускай мовы і культурнай спадчыны.

БГК імя Мяшкова - самы папулярны клуб Берасцейшчыны па колькасці падпісчыкаў у сацыяльных сетках. I мы абавязкова распаўсюдзім інфармацыю аб праекце сярод нашых заўзятараў. Упэўненыя, што такія праекты здольныя падняць цікавасць да вывучэння беларускай мовы.

Школьнікам было прапанавана перакласцi з расейскай мовы на беларускую некаторыя словы гандбольнай лексікі. Вынік уразіў. Напрыклад, слова "вратарь" вучнi переклалi практычна у адзiн голас. "Брамнiк", - выгукнула зала. А некаторыя голасы яшчэ і ўдакладнілі: "Віталь Чарапенька!"

Ініцыятарам праекту выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі. У агульнай колькасці 150 школ і больш за 15 000 вучняў па ўсёй Беларусі прымуць удзел у сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве "Чытаем па-беларуску з velcom".

Еўрарадыё.


Ранейшае Наваградскае ваяводства

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

У Слонімскім і Ваўкавыскім паветах другой асобай быў павятовы маршалак. У Наваградку ніякай ваяводскай управы не было, толькі стала функцыянаваў звычайны павятовы гродскі суд з той жа ўладай, як і ў Слоніме і Ваўкавыску. Звыкла ані староства, ані ваявода не кіравалі ў гродскім судзе, а пасля атрымання намінацыі інсталявалі сваіх намеснікаў: ваявода - падваяводу, старасту і падстарасту. Даходамі ваяводы і старасты былі даходы ад чыншаў з грунтоў, прапінацыі і таксама аплаты за чыннасці, акрэсленыя статутам. Аб адноснай велічыні даходаў наваградскага ваяводы і слонімскага з ваўкавыскім старастаў, пэўнае ўяўленне дае гадавая плата з гіберны 23, чопавага, шэлезнага (ад слова шэляг - Л.Л. ) і падымнага (на ўтрыманне войска), паказаная на варшаўскім сойме 1717 г. на аснове тарыфа 1690 г. 24. Мусілі аплаціць:

Эканомія Наваградская - 412 зл.

Эканомія Слонімская з горадам - 11 000 зл.

Ваўкавыскае староства з горадам Ваўкавыскам, Новым Дваром, Поразавым і з Пяскамі - 18 000 зл.


Інструкцыя наваградскага сойміка, ухваленая 23 жніўня 1756 г. для паслоў на сойм Юзафа Нясілоўскага і Віктара Вайніловіча між іншымі пунктамі мела і такі: "Усе прывілеі, нададзеныя гораду Наваградку, ад даўнейшых часоў каралямі польскімі пацверджаныя, ... учынённые раней ад яснавяльможных ваяводаў наваградскіх крыўды гораду, калі не могуць быць кампенсаваныя, каб больш не чыніліся, і каб наваградскія ваяводы ўласныя даходы з даходаў належных гораду, in proprios usus не бралі, ... іх мосьці паслы імкнуцца будуць" 25. Відочна, у Наваградку, як і ў іншых магдэбургскіх гарадах, паміж магістратам і ваяводам меліся старыя спрэчкі аб гарадскіх і ваяводскіх юрыдыках і аб даходах з гэтых юрыдык.

З часоў Рэчы Паспалітай ваяводамі наваградскімі былі:

Павел Сапега , да 1579 г.

Кн. Мікалай Радзівіл , 1579-1589 гг., лоўчы ВКЛ, стараста мазырскі і мерачскі.

Андрэй Сапега , сын Паўла, пераведзены на Полацкае ваяводства ў 1597 г.

Фёдар Скумін-Тышкевіч , стараста гарадзенскі і аколіцкі, памёр у 1616 г.

Мікалай Сапега , памёр у 1626 г.

Юры Храптовіч , памёр у 1635 г.

Аляксандр Служка , з 1636 г., стараста рэчыцкі, прапойскі, мазырскі і гомельскі, пад канец жыцця - ваявода троцкі.

Жыгімонт Караль Радзівіл , стараста слонімскі, упіцкі і шавельскі, кавалер мальційскі, памёр у 1642 г.

Тамаш Сапега , каля 1645 г.

Багдан Статкевіч , у 1648. Ягоным падваяводам і намеснікам ў гарадской управе быў Станіслаў Літавор Храптовіч.

Ян Вяжэвіч , да 1657 г. Ягоным падваяводам быў у 1656-1657 гг. Ян Корсак.

Крыштаф Валадкевіч , 1658-1662 г. Ягоны падваявода - Ян Харлінскі.

Крыштаф Зяновіч , каля 1665 г.

Ян Кярноўскі , у 1670 г.

Князь Дзмітры Палубінскі , у 1671-1678 гг. Падваявода наваградскі ў 1671 г. - Кшыштаф Кярноўскі.

Стэфан Тызенгаўз , каля 1700 г. У 1698 г. падваявода - Ян Вайніловіч

Князь Ян Радзівіл , стараста лідскі, 1710-1728 гг. Падваявода - Міхал Кандратовіч, мечнік наваградскі.

Князь Ежы Яблонскі , 1753-1772 гг.

Юзаф Нясілоўскі - апошні ваявода перад падзелам Рэчы Паспалітай.

Наваградскія ваяводы ў Наваградку стала не жылі. Некаторыя з іх мелі ў ваяводстве свае двары ці камяніцы ў горадзе і жылі ў сваіх маёнтках, як напрыклад Радзівілы XVIII ст. - у Дзятлаве ці Явары, Нясілоўскі ў Варончы і г.д.

Наваградскімі кашталянамі былі:

Рыгор Валовіч , 1566-1586 гг.

Князь Аляксандр Іванавіч Палубінскі , 1586-1607 гг.

Самуэль Валовіч , 1566-1586 гг.

Базыль Копец , памёр у 1637 г.

Ян Рудаміна , памёр у 1646 г.

Багдан Статкевіч , каля 1647 г.

Ежы Зяновіч , каля 1647 г.

Мікалай Юдыцкі , у 1671 г.

Крыштаф Есман , 1674-1678 гг.

Аляксандр Война Ясенск і, 1687-1690 гг., уладальнік Зулава ці Жулава, а так-сама Міцяны над Мерай, у 1687 г. "губернатар горада Вільня".

Антон Навасельскі , 1713-1725 гг.

Антон Аскерка , 1726-1735 гг.

Багуслаў Незабытоўскі , памёр у 1739 г.

Ян Рдултоўскі , у 1743 г.

Даніэль Шышка , 1749-1754 гг.

Ян Храбтовіч , 1756-1764 гг.

Гедэон Яленскі , з 1772 г.

Каспар Нясецкі пра Наваградскае ваяводства піша: "Гарады ў гэтым ваяводстве: Наваградак, Слонім, Мсцібаў, Ружаны, Мыш, Ляхавічы, Нясвіж. Звычайна соймік у Наваградку. Ягоны герб - з аднаго боку чорны Анёл на чырвоным полі, крылы распушчаны, адна рука апушчана, другой падпіраецца. З другога боку звычайная Пагоня. На сойм ад ваяводства абіраюцца два паслы, столькі ж ад Слонімскага павета і столькі ж ад Ваўкавыскага" 26.

Згодна з Гваньіні Наваградскае ваяводства мела: "Харугву з двума рагамі, чырвонага колеру, герб як у Вялікага Княства Літоўскага: Муж збройны на кані белым з мячом" 27.


IV.

Нясецкі, калі пісаў свой Гербоўнік на пачатку XVIII ст., заўважыў, што "Да гэтага ваяводства належыць Слуцкае княства, якое раней мела свае удзельныя княствы ... а калі дом слуцкіх князёў згаснуў, гэта княства да Радзівілаў адышло" 28. Што да складу Наваградскага павета, дык Антон Фрыдрых Бюшынг у другой палове XVIII ст. напісаў пра наступныя гарады і мястэчкі ў гэтым павеце: Наваградак, Нясвіж, Мір, Налібокі, Стоўбцы, Свержань, Турэц, Любча, Карэлічы, Уселюб, Цырын, Ішкальдзь, Клецк, Дарэва, Мыш, Палонка, Ліпск, Ляхавічы і Сталовічы, у склад Слуцкага княства залічыў: Раманава, Грозаў, Капыль, Цімкавічы, Кіевічы, Семежаў, Петрыкаў 29. Апісанняў межаў Наваградскага павета і Слуцкага княства, між апісанняў межаў іншых паветаў, зробленых каралеўскай канцылярыяй у 1567 г. не магу знайсці. Акрэсліць старажытныя межы Наваградскага павета і Слуцкага княства магчыма толькі прыблізна, на падставе апісання межаў некаторых суседніх паветаў і попісу войска 1567 г. Наваградскі павет на поўдні межаваў з Пінскім паветам. Згодна з апісаннем межаў Пінскага павета ад 1567 г. 30, гэта мяжа ішла ад Турава ўверх па Прыпяці да Лахвы, Хаценіч і Выгонашчаў, а адтуль ішла да возера Свяціцкага. Ад Выгана-шчанскага возера, мяжа Наваградскага павета са Слонімскім ішла на поўнач праз раку Шчару да пачатку ракі Палонкі, а потым рэчышчам ракі Моўчадзі да ракі Нёман. Нёман на поўначы аддзяляў Наваградскі павет ад Лідскага і Ашмянскага - як меней да Ярэміч, адкуль мяжа Наваградскага павета бегла на паўночны ўсход, надаючы Дзярэўна Менскаму павету, а Налібокі - Наваградскаму. Потым мяжа накіроўвалася на паўднёвы ўсход і бегла праз агромністую пушчу да ракі Пцічы, надаючы Мікалаеўшчыну Наваградскаму павету, а Грозаў Слуцкаму княству а Узду і Шацк - Менскаму павету. Мяжа Слуцкага княства бегла на поўнач па рэчышчы ракі Пціч, абмінаючы Глуск і Парэчча, якія належалі да павету Рэчыцкага. Мяжа не даходзячы да вусця Пцічы, паварочвала да ракі Прыпяць. Па Прыпяці мяжа даходзіла да Снятыні, потым паварочвала на поўнач і бегла каля рэчышча Прыпяці на захад. Межы Наваградскага павета з часам перасоўваліся. У апісанні межаў маёнтка Люлінца 1600 г. і ў інвентары маёнтка Дзятлавічы 1604 г. пазначана, што гэтая маёмасць належала ў свой час да Наваградскага павета, і што абшары Люлінца, а гэта значыць юрысдыкцыя Наваградскага павета, сягалі ажно за правы бераг Прыпяці 31. Што да Кажангарадка, дык ужо 21 красавіка 1646 г. у актах Пінскага гродскага суда чынілася пратэстацыя "Марэк Давідовіч, арандатар месца названага Кажангарадком, якое знаходзіцца ў ваяводстве Наваградскім" 32. Соймавыя ўхвалы 1775 г. таксама паказваюць Кажангарадок у Наваградскім ваяводстве 33.

Соймікі і суды Наваградскага павета мусілі адбывацца ў Наваградку. Аднак былі выпадкі, што яны пераносіліся ў іншыя месцы. Фёдар Еўлашэўскі, наваградскі падсудак, у сваіх мемуарах расказваў: "У той жа год 1566, у ва ўсёй Літоўскай дзяржаве першыя суды адбыліся на Св. Міхала. Наваградскія суды, з прычыны эпідэміі былі перанесены ў Ляхавічы" 34. З-за эпідэміі пры канцы 1571 г., па загаду караля, соймік быў перанесены ў Слонім. Эпідэмія не спынілася і на наступны год, і таму ў 1572 г. соймік сабраўся ў Машэвічах 35. Той жа, Фёдар Еўлашэўскі, у іншым месцы мемуараў заўважае: "У тым жа 1592 г., 1 верасня, у аўторак, на сойміку і элекцыі падсудкаў у Цырыне, абралі чатырох" 36. Соймікі канца XVII і пачатку XVIIІ ст. звычайна адбываліся "ў Навагрудаку" (1677 г., 1678 г., 1703 г.), у 1699 г. "соймік relationis у замку наваградскім die 22 septembris declarat" 37. Наваградскі соймік 23 жніўня 1726 г. "in loco solito consiliorum у Наваградку праходзіў" . Чатырохгадовы сойм у 1791 г. пастанавіў: "Соймікі ў гэтым павеце будуць праходзіць у Наваградку ў замку, і яны будуць высылаць двух паслоў на Сойм" 38.

Акрамя павятовых соймікаў у Наваградку некалі здараліся і зборы іншага характару. Так чальцы паноўрады і Ян Хадкевіч, маршалак земскі, каб прыняць і выслухаць маскоўскага ганца, а так-сама для адказу маскоўскаму паслу, прызначылі дзень 20 лютага 1576 г. і месца - Наваградак, каб "і князь, яго міласць Слуцкі мог там быць і каб прасцей было рыцарству з іншых паветаў з'ехацца" 39. Соймавая ўхвала 1578 г. для паправы судовых спраў ВКЛ (Статуту), прызначыла павятовыя соймікі на дзень 23 траўня, прычым "з тых соймікаў большы з'езд мае быць станаў ВКЛ, для гэтай жа паправы Статуту, у Наваградку на пэўны час, на дзень Св. Міхала, у тым жа годзе" 40.

"Трыбунал жыхароў Вялікага Княства Літоўскага на сойме варшаўскім ў 1581 г." 41 вызначыў галоўныя судовыя гарады: Вільню, Трокі, Наваградак і Менск. Згодна з гэтым раскладам, да Наваградскага трыбунальскага суда былі далучаны: Наваградскае ваяводства, Слонімскі павет, Ваўкавыскі павет, Берасцейскае ваяводства і Пінскі павет. Наваградак ляжаў на краі сваёй судовай акругі і ў гэтым сэнсе не быў добрым выбарам для кадэнцый галоўнага суда, і ўжо хутка, у 1598 г., варшаўскі сойм па просьбе жыхароў Берасцейскага ваяводства і Пінскага павета перанёс разгляд іх спраў у Вільню 42. З узгадваных вышэй мемуараў Фёдара Еўлашэўскага даведваемся, што аўтарам праекту ўставы аб трыбунале былі сам Еўлашэўскі і Андрэй Трызна, наваградскі гродскі суддзя, абодва паслы на варшаўскі сойм 1579-1580 гг. ад Наваградскага павета: "Потым 20 снежня (1579 г.) быў сойм у Варшаве, на якім пан Андрэй Трызна і я былі пасламі ад Наваградскага павета і працавалі напісаўшы дакумент пра Трыбунал, які кароль Ягамосць падпісаў ... Скончылі сойм 9 снежня 1580" 43. Не дзіва, што гэтыя два Наваградскія паслы пастараліся пра ўключэнне ў уставу паседжэнняў суда менавіта ў Наваградку, бо гэта была даходная справа для іх горада. Соймавая ўхвала 1726 г. пацвердзіла судовыя правы Наваградка. Хто зрабіў пратэкцыю на гэты раз - невядома. Праз пяцьдзесят гадоў, варшаўскі сойм 1775 г. з-за хадайніцтваў падскарбія Тызенгаўза скасаваў кадэнцыі трыбунала ў Наваградку на карысць Гародні, прычым было заўважана, што гэтыя змены з'яўляюцца "адзіным і самым эфектыўным спосабам, каб соймавы горад развіваўся і знаходжанне соймавых з'ездаў у ім стала выгадным" 44.

(Працяг у наст нумары.)

(Пераклад Леаніда Лаўрэша)

Міхал Шымялевіч


23 Гіберна - від грашовай павіннасці гараджан у ВКЛ, якую плаціла насельніцтва гарадоў на ўтрыманне войска ўзімку.

24 Vol. Leg., VI. 186, 194.

25 Акты Вилен. Археогр. Комис. XIII, 203.

26 Niesiеcki. Herbarz (1839.). I. 193.

27 Gwagnin (у перакладзе). Kronika. (1768.). 302.

28 Niesiеcki. Herbarz (1839). I. 193.

29 D. Ant. Freder. Busching. Nouvean traite de Geographie (1768.). 637-638.

30 Рос. Истор. Библ. XXX. 891.

31 Акты Вилен. Археогр. Комис., XIII, 289-298.

32 Ibid., XXVIII, 252.

33 Vol. Leg. VIII, 314 i 516.

34 Feodor Jewlaszewski. Pamientnik (w przekladzie polskim). 1860., 15.

35 Лаппо. Лит.-Рус. Повет. 1911. 561-564.

36 Feodor Jewlaszewski. Pamientnik (w przekladzie polskim). 1860., 57.

37 Volum. Leg. V., 265, 318, 404, XI, 44.

38 Rosklad Woiewodztw. Ziem y Powiatiw etc., akty kowany in Curia Regia Varsavienski 2 listopda 1791 г.

39 Лаппо. Вел. Кн. Літ. (1901.). 728.

40 Vol. Leg. II. 196.

41 Wydanie Trybunalu 1693 r.

42 Vol. Leg. II. 371.

43 Feodor Jewlaszewski. Pamientnik (w przekladzie polskim). 1860., 37-38.

44 Volum. Leg. VIII. 390.


Выйшаў "Верасень" № 14

Выйшаў з друку чарговы, чатырнаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Насці Падрабінкінай, Аляксея Карпенкі, Ганны Новік, Алеся Мацулевіча, Насты Кудасавай. Паэтычны майстар-клас для маладых дае сёлетні юбіляр Уладзімір Някляеў.

У раздзеле "Верасок" друкуюцца вершы вучня 7 класа сталічнага мастацкага каледжа Серафіма Раулы.

Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Артура Камароўскага, Ганны Дар, Яўгена Бяласіна, Міколы Сцепаненкі.

Маладая аўстрыйская літаратура прадстаўлена ў раздзеле "Пераклады" творамі Эн Котэн, Надзі Шпігель, Даніэлы Ханы, Марціна Фрыца, Соні Хартэр, Роберта Просэра, Анны Вайдэнхольцэр. Вершы ўкраінскай паэткі Ірыны Роік на беларускую мову пераклаў Дзмітро Шчарбіна.

Раздзел "Крытыка" пачынаецца гутаркай з апошнім Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам. Творчы партрэт юбіляра ў нумары ствараюць артыкулы Тамары Аўсяннікавай, Міхася Скоблы, Тамары Нуждзіной, Януся Мальца і Радзіма Гарэцкага. Пра тое, як нараджаеюцца песні і каханне - гутарка Эдуарда Акуліна з удзельнікамі гурта NAVI Ксеніяй Жук і Арцёмам Лук'яненкам. Каляровы партрэт літаратара і мастака Лявона Валасюка малюе ў сваім артыкуле мастацтвазнаўца Вераніка Мініна. Кнігі Кацярыны Ваданосавай і Кацярыны Массэ, якія выйшлі ў серыі "Электронная бібліятэчка часопіса "Верасень", аналізуе ў сваёй рэцэнзіі Эдуард Дубянецкі. З рэцэнзіяй на новыя кнігі прозы Уладзіміра Сіўчыкава і Юрыя Несцярэнкі выступае літаратуразнавец Анатоль Трафімчык. Выдавецкія далягляды "Спадчыны" разглядае ў сваім артыкуле Анатоль Мяльгуй. Заканчваецца нумар апошнім аглядам айчыннай дыскаграфіі музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.

Вокладка і мастацкае афармленне нумара Дар'і Бунеевай.

Пытайце "Верасень" № 14 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13).

Чытайце "Верасень" на сайтах: kniharnia.by, Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas gmail.com.


Сонечным жнівеньскім вечарам

Сонечным жнівеньскім вечарам 18 жніўня ТБМ імя Ф. Скарыны арганізавала пешую экскурсію па гістарычным цэнтры аднаго са старажытных гарадоў нашай Бацькаўшчыны - Магілёва. Пачалі з найбольш лагічнага месца - парку Горкага, былога Магілёўскага замка. Менавіта адсюль пайшоў Магілёў, хаця пра тыя часы ўжо нічога не нагадвае, акрамя самога ўзвышша. Застаецца толькі аглядаць наваколле з вышыні і ўяўляць, як на працягу стагоддзяў са сцен замка гэта рабілі доблесныя рыцары. У 18 стагоддзі замак у апошні раз быў спалены, і з таго часу паціху разбураўся, пакуль у 19-м стагоддзі не быў страчаны назаўсёды. А на яго месцы ўзнік парк, у якім любілі, дый любяць цяпер адпачываць гараджане. Па ім прагульваліся і мы, слухаючы легенды ўзнікнення назвы горада і разважаючы, што найверагоднейшае - ці яна звязаная з князем Львом Данілавічам Могіем, які нібыта загадаў пабудаваць замак, ці з разбойнікам Машэкам, які прамышляў у навакольных лясах, а, мабыць, комплекс гэтых і іншых фактараў з цягам часу сфарміравалі назву нашага прыгожага горада.

Перад уваходам у парк разгарнулася шырокая плошча - цяпер плошча Славы, а раней Гандлёвая, на якой, як распавёў нам наш экскурсавод - Аляксей Карпенка, раней знаходзіліся гандлёвыя рады, потым дом губернатара, а цяпер гарыць вечны агонь у памяць усіх тых, хто бараніу нашую Радзіму ад фашысцкіх захопнікаў.

Насупраць у промнях вечаровага сонца ззяе шпіль ратушы. На жаль, будынак новы - стары, 17-га стагоддзя, быў знесены таксама пасля вайны, як і многія помнікі культуры, бо савецкая ўлада больш клапацілася аб планах на чарговую пяцігодку, чым аб тым, каб захаваць тое, што прайшло праз сіта ваенных разбурэнняў.

Праходзім далей паўз былыя даходныя дамы, і праз некалькі крокаў перед нашымі вачыма паўстае Архірэйскі палац, пабудаваны ў часы, калі біскупам Магілёўскай епархіі, адзінай правалаўнай епархіі ва ўсёй Рэчы Паспалітай, быў Георгі Каніскі (1755-1795). Палац з'яўляўся яго рэзідэнцыяй. Гэты выдатны культурны і грамадскі дзеяч, можна сказаць, адрадзіў праваслаўе на Магілёўшчыне, ён адкрыў друкарню і выдаваў кнігі, у тым ліку і ўласнага сачынення, арганізаваў падрыхтоўку святароў у семінарыі, адрадзіў Спаскую царкву, якая цяпер не існуе (знаходзілася паміж Архірэйскім домам і ратушай).

А непадалёк, за хвілін 5-7 ходу знаходзіцца рэзідэнцыя каталіцкага арцыбіскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (будынак школы гімнастыкі "Багіма") і таксама звязаны з яго працай касцёл Св. Станіслава (Сабор Небаўзяцця Дзевы Марыі).

Скончылі мы сваю экскурсію па гістарычным цэнтры роднага горада каля драматычнага тэатра, а таксама месца былога касцёла св. Ксаверыя і развіталіся каля трыумфальнай аркі, якая засталася ад сабора св. Іосіфа.

Яўгенія Хмуровіч , Магілёў.


Захаваем гістарычную спадчыну разам

Актывісты грамадскага аб'яднання ТБМ імя Скарыны зладзілі невялікую талаку па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол будынка 19-га стагоддзя, што месціцца на завулку Камісарыяцкім у Магілёве.

Гэты дом, які мае статус "гістарычна-культурнай каштоўнасці", быў некалькі год таму выведзены з жылога фонду і пакуль з'яўляецца "нічыйным", то бок належыць дзяржаве. А паколькі гаспадара няма, то паступова прыходзіць у заняпад, а двор зарастае пустазеллем ды хмызняком. Нават, як часцяком бывае ў нашай дзяржаве, будынак неяк планавалася пазбавіць статусу каштоўнасці ды знесці.

І зноў жа, дзякуючы неабыякай грамадскасці - намаганнямі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў пры актыўнай дапамозе сяброў Магілёўскага ТБМ будынак удалося захаваць. У некага можа ўзнікнуць думка, маўляў, навошта ў горадзе гэткія "развалюхі", тым болей, што гэта зусім не архітэктурны шэдэўр, а так, звычайны жылы дом, якіх было вельмі шмат раней, можа нават і прыгажэйшых. Але ў тым і справа - ён застаецца фактычна апошнім гэткім архітэктурным аб'ектам у горадзе, захаваў уласцівы менавіта магілёўскаму дойлідству стыль і аздабленне. А калі ўлічыць, што нават тыя старыя будынкі, што захаваліся, пасля рамонтаў і "рэстаўрацыі" звычайна ўжо непапраўна мяняюць свой гістарычны выгляд, гэты дом цалкам можна лічыць унікальным.

Ужо які год разглядаецца магчымасць перадачы яго Таварыству аховы помнікаў. Менавіта яно з найбольшай верагоднасцю змагло б захаваць аўтэнтычны выгляд, зрабіць тут музейную экспазіцыю гарадскога побыту, ды і нават займець гэткім чынам добры ўтульны офіс з невялічкай канферэнц-залай, чаго так не хапае ў Магілёве, дзе можна было б без перашкод збірацца для абмеркавання розных актуальных грамадскіх і гарадскіх праблем. Ну а пакуль усё тая ж дзейная грамадскасць будзе і далей наглядаць за будынкам, прыбіраць смецце ды сачыць, каб у нейкі момант чарговая гістарычная каштоўнасць не ператварылася ў груд друзу.

Алесь Сабалеўскі , Магілёў.


У Лідзе гучала "Багародзіца"

3 верасня ў Лідзе прайшоў другі фэст хмелю, соладу і вады "Lidbeer". Летась падобнае мерапрыемства наведала 60 тысяч чалавек, гэтым разам, здаецца, было яшчэ больш.

Старт фэсту, які праходзіў у рамках імпрэзы Дня горада, быў дадзены ўжо ў 10 гадзін раніцы. Для працаўнікоў СМІ была арганізавана прэс-канферэнцыя ў будынку райвыканкама, дзе на пытанні журналістаў адказваў генеральны дырэктар "Лідскага піва" Аўдрыюс Мікшыс, старшыня райвыканкама Міхаіл Карповіч і іншыя арганізатары фэсту.

У 11.00 на галоўнай сцэне на дажыначнай плошчы пачалося афіцыйнае адкрыццё свята. Вітальныя словы выказалі ганаровыя госці фэсту, у тым ліку і дыпламатычныя асобы з Польшчы, Літвы і Латвіі, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Ліды. Было абвешчана, што "Лідскае піва" аказала матэрыяльную дапамогу мясцовай бальніцы ў памеры 50 тысяч еўра. Грошы накіруюць на абсталяванне для радзільнага дома.

Ад пачатку і да канца ўрачыстая імпрэза вялася на беларускай мове. Па беларуску выступалі практычна ўсе мастацкія калектывы. І скрозь усю дзею гучала: "Лідскі край". Пакуль недзе пачынаюць гаварыць пра Маладзечанскую вобласць, тут "Лідскі край" даўно ўвайшоў у свядомасць, зарыфмаваны ў песнях:

"... Весяліся і гуляй

Лідскі край..."

Падчас імпрэзы адбылася вельмі важная культурніцкая падзея. Упершыню ў Лідзе з галоўнай сцэны прагучаў найстаражытнейшы беларускі гімн "Багародзіца" ў выкананні мастацкага калектыву Лідскага палаца культуры (салістка Наталля Шчалканогава) на беларускай мове і форме тэатральнай дзеі. Каб яшчэ гледачы ў партэры ведалі, што яны слухаюць і бачаць. Трэба сказаць, што лідзяне - самыя актыўныя прапагандысты і папулярызатары "Багародзіцы" ў Беларусі. Тут вядомы і кароткі і поўны тэкст гімну.

Да абеду на вуліцах Ліды ўжо не было дзе яблыку ўпасці.

На малой сцэне выступалі музычныя групы: "NizKiz", "Skynet", "ЧуVство Палёту", "Чып і Дэйл", "MuzKultura", "Skarlet" і "Мутнаевока".

На галоўнай сцэне сёлета ў Лідзе выступілі: "Neuro Dubel", "TRUBETSKOY", "Zdob si Zdub" і "БІ-2".

У заключэнне трэба сказаць, што нават у выніку піўнога фэсту беларускасці ў Лідзе не паменшала, а пабольшала.

Наш кар.


Добры дзень, суседзі!

На Гарадзеншчыне стала добрай традыцыяй ладзіць свята-конкурс "Добры дзень, суседзі!". Першапачаткоўцам яго правядзення выступае Слонімскі раён, а ў бягучым годзе эстафету перанялі іншыя раёны. У нас на Лідчыне гэтае мерапрыемства ўпершыню адбылося ў мінулыя выхадныя. Аграгарадок Гуды запрасілі да сябе жыхары аграгарадка Дворышча. Уся дзея адбывалася на прыклубнай пляцоўцы Дварышчанскага Дома культуры.

Госці прыехалі з гарманістамі, мелодыя беларускай полькі якіх стварыла святочны настрой ва ўсім наваколлі. Хочацца адразу ўдакладніць, што музыканты адмысловыя і майстры сваёй справы: кіраўнік ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" Андрэй Колышка і былы ўдзельнік гэтага ж калектыву Адам Бярнацкі. Гаспадары, як і патрабуе звычай продкаў, сустрэлі хлебам-соллю. І пайшла, палілася гаворка пра жыццё вясковае. У каго пеўні больш галасістыя, у каго каровы больш малака даюць, куры больш яек нясуць і гаспадыні пірагі смачнейшыя пякуць.

Затым у дыялог уступілі старшыні сельскіх выканкамаў: Дварышчанскага - Іван Ганевіч і Крупаўскага (адкуль госці) - Руслан Мельнік. Старшыні павіншавалі землякоў са святам і абмяняліся падарункамі. Іван Ганевіч нават з гэтае нагоды прачытаў уласны верш, чым прыемна здзівіў прысутных. Згаданыя аграгарадкі адносяцца да адной гаспадаркі ЛРСУП "Саўгас Лідскі", дзе разводзяць новыя гатункі бульбы. Нездарма праводзілася "бульбяная" эстафета, у якой удзельнічалі дзіцячыя каманды, а прысутныя пачаставаліся дранікамі і калдунамі. Наогул спаборніцтваў і конкурсаў было шмат. Патрэбна было звязаць на хуткаць і якасць венікі з галінак бярозы, а з драўляных нарыхтовак змайстраваць табурэткі, прыняць удзел у перацягванні каната і падняцці 16- кілаграмовай гіры. Трэба сказаць: заўжды перамагала сяброўства. Толькі было відавочна: прыпевак больш ведае Марыя Бальцэвіч, яна і перамагла Ірыну Хадкевіч у гэтым конкурсе.

Напрыканцы мерапрыемства сяльчане гаварылі, што адпачылі душой, атрымалі толькі станоўчыя эмоцыі і добры настрой, якога хопіць на працяглы час. Атрымалася сапраўднае свята сяброўства. Нездарма ж у народзе кажуць: "Няма лепшага сваяка, чым добры сусед".

Ганна Некраш , вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX