Папярэдняя старонка: 2016

№ 38 (1293) 


Дадана: 21-09-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1293), 21 верасня 2016 г.


26 верасня - Еўрапейскі дзень моў

110 гадоў таму назад выйшаў першы нумар газеты "Наша доля"

"Наша доля" (поўная назва: "Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі" ) - штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета ў беларускай мове. Выдавалася ў Вільні ў перыяд 1(14) верасня - 1(14) снежня 1906. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова - лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 тыс. асобнікаў.

У праграмным артыкуле "Да чытачоў" газета выступіла за ўдзел у рэвалюцыйным руху, сацыяльную і нацыянальную свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Паводле вызначэння А. Луцкевіча, "Наша доля" была, "як бы апошні водгук мінулай рэвалюцыі і паводле свайго зместу і паводле фразеалогіі нагадвала фразеалогію рэвалюцыйных лісткоў 1905 г." , і менавіта таму не мела легальнай будучыні.

Вікіпедыя.


У Лідзе - першы банер да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Да Дня бібліятэк

15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк. Да гэтага дня ў рамках фестывалю "Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова", які праводзіла Лідская цэнтральная раённая бібліятэка пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на тарцавой сцяне бібліятэкі размешчаны банер з пазнакай "500 год ад пачатку беларускага кнігадрукавання". Па факту гэта першы банер у горадзе да будучага ўсебеларускага юбілею. Распрацавала банер супрацоўніца бібліятэкі Дар'я Марцінкевіч.

Назва на фасадзе будынка ўтрымоўвае толькі словы "Цэнтральная раённая бібліятэка", то цяпер ёсць і імя Купалы, і яго словы і нават партрэт.

Наш кар.


Уладзіміру Коласу - 65

Уладзімір Георгіевіч КОЛАС (нар. 22 верасня 1951, Менск) - беларускі кінарэжысёр, педагог, заснавальнік і кіраўнік (з 1990) Беларускага гуманітарнага ліцэя.

Яшчэ ў школьныя гады Уладзімір Колас займаўся ў аматарскай кінастудыі "Юнацтва" пры Палацы прафсаюзаў.

Па той прычыне, што ў знакаміты УДзІК адразу пасля школы не бралі, Уладзімір вырашыў паступаць у інстытут замежных моваў. Планаваў правучыцца гады тры, аднак дайшоў да дыплома. Першай у яго была мова французская, другой - англійская. Па размеркаванні Колас паўтары гады настаўнічаў у Браслаўскім і Чашніцкім (в. Углё) раёнах. Потым тры гады адслужыў у Белпалку. І толькі пасля паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве. Там яго і пачала хваляваць праблема тоеснасці беларусаў у былым Савецкім Саюзе.

Дарэчы, яго дыпломнай работай быў "Малады дубок" па Якубу Коласу. А дэбютам - "Багровая трава" па сцэнары Аляксея Дударава. Фільм быў прызнаны лепшым у былым СССР, і Уладзімір Колас атрымаў свой першы прыз. Далей ішлі "Дрэва на асфальце" з Галінай Макаравай у галоўнай ролі і "Хочаце ляпіце, хочаце не". Потым Колас зняў "Адну ноч" па Васілю Быкаву і шмат дакументальных фільмаў.

Лаўрэат узнагарод шэрагу фестываляў.

Непасрэдная ж прапанова стварыць беларускі ліцэй у Менску паступіла ад Алега Трусава, якому Колас дапамагаў у яго выбарчай кампаніі ў Вярхоўны савет 12-га склікання. Ужо дэпутат Трусаў (і ён жа старшыня адной з раённых суполак ТБМ) абяцаў яму поўную падтрымку.

Так узнік ЛІЦЭЙ...

Вікіпедыя.


У Магілёве з'явіліся бібліятэкі імя Купалы і Шамякіна

Да Дня бібліятэк

У Магілёве 15 верасня адной з бібліятэк надалі імя Янкі Купалы . Дагэтуль чытальня ў спальным раёне Магілёўскага Задняпроўя на праспекце Дзімітрава, 55 назвы не мела, толькі нумар. Між тым цэнтральныя бібліятэкі горада застаюцца з назвамі савецкіх часоў. Гарадская бібліятэка носіць імя Карла Маркса, а абласная - Леніна.

Урачыстасць з нагоды надання бібліятэцы імя класіка беларускай літаратуры прымеркавалі да Дня бібліятэк.

У памяшканні чытальні сабралася нямала гасцей і сталых наведнікаў. Іх віталі супрацоўніцы ў нацыянальных строях, гучала беларуская музыка. У адным з бібліятэчных пакояў арганізавалі сталую экспазіцыю пра жыццё і літаратурную дзейнасць Янкі Купалы. Тут жа разгарнулі і этнаграфічны куток з беларускай адзежай і рэчамі побыту.

Загадчыца бібліятэкі Галіна Жмачынская заўважыла: насіць імя класіка беларускай літаратуры ганарова, пачэсна і адказна.

- У горадзе была бібліятэка з імем Янкі Купалы. Месцілася яна ў заняпалым будынку. Яе зачынілі, і каб не згубілася імя, яго вырашылі надаць нашай бібліятэцы, - казала Галіна Мікалаеўна.

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Дуктаў на імпрэзе нагадаў, што 14 верасня яшчэ адной бібліятэцы было нададзена імя беларускага літаратара. Другая бібліятэка ў Магілёве ад учора носіць імя Івана Шамякіна. Учарашнюю падзею і сённяшнюю Уладзімір Уладзіміравіч назваў знакавымі.

- Я прыйшоў на сённяшнюю імпрэзу з гонарам, што наш горад зберагае спадчыну, імкнецца пашырыць кола прыхільнікаў творчасці нашага Янкі Купалы, - казаў журналісту Уладзімір Дуктаў.

Старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Яцкоў таксама казаў пра знакавасць падзеі - надання бібліятэцы імя Янкі Купалы.

- Янка Купала - гэта наша ўсё. Я перакананы, што і бібліятэкі, якія носяць імёны Карла Маркса, Леніна, з цягам часу набудуць імёны нашых беларускіх класікаў, каб яны сапраўды сталі беларускімі, - сказаў паэт і кампазітар-песеннік.

Радыё Свабода.


Хочаце, каб вашыя дзеці навучаліся па-беларуску - пішыце заявы

Экзатычная мова

Адкуль у жыцці сярэднестатыстычнага беларуса сёння бярэцца беларуская мова? Правільна, са школы, і ўспаміны пра яе не заўсёды шчаслівыя. А адкуль возьмецца той, хто захоча аддаць дзіця ў беларускамоўную школу ці садок, калі мова ў нас у жыцці - з'ява экзатычная. Тыя адзінкавыя выпадкі, калі яна ўжываецца ў абсалютна натуральных месцах мы вымушаныя заўважаць і асобным чынам дзякаваць - нават хэштэг адмысловы завялі #дзякуйзамову . Як думаеце, колькі ў Гомелі беларускамоўных садкоў з больш як 120 агулам? Аніводнага. З прыблізна 500 групак навучэнцаў толькі адна беларускамоўная. Чыноўнікі кажуць "за доўгія гады да нас ніхто не звяртаўся". Давайце прыкінем чыста статыстычна. 500 груп - гэта каля 10.000 дзяцей, а "за доўгія гады" - гэта не менш як 50.000, то бок у гарвыканкаме лічаць, што з сотняў тысячаў бацькоў НІХТО не папрасіў арганізаваць беларускамоўнае навучанне для дзетак? Такога проста не можа быць. І такога няма. Не верыце - дакажу!

Цэлыя тры святы

Гомельскае аддзяленне Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны тры гады таму ўжо звярталася з просьбай растлумачыць сітуацыю з беларускамоўным навучаннем у Гомелі. Тады нам адказалі ў тыповым чынавецкім стылі: "Мы вось цэлых тры нацыянальных святы для дзяцей на год ладзім і ўвогуле беларускую мову вельмі любім і паважаем". Сёлета мы вырашылі зрабіць хітрэй ды і напісалі ва ўсе дзіцячыя садкі Гомеля лісты з пытаннямі, ці ёсць у іх магчымасць ды жаданне ўвогуле навучаць дзетак па-беларуску, а калі што - дык можа праблемы якія маюцца? Праз нейкі час пачалі ісці адказы. У вызначаны законам тэрмін адказалі толькі 6 садкоў. Далей давялося тэлефанаваць у кожны садок ды запытваць, у чым справа. Чаго толькі мы ў тых перамовах не наслухаліся. У адных "дзень беларускай мовы што чацвер", толькі вось выкладчыкаў, якія валодаюць беларускай няма - як, запытваецца, вы гэтыя самыя дні праводзіце? Нехта казаў, што кепска валодаюць беларускай мовай, таму не зразумелі ўвогуле што мы ад іх хочам і здзіўляліся існаванню закона аб зваротах грамадзян. Наслухаліся, карацей, перлаў. Трэба сказаць, што так ці інакш адказы мы выбілі з 52% садкоў, таму маем права казаць пра рэпрэзентатыўнасць выбаркі. Каля 15% ухілілася ад адказу па сутнасці, або адказалі сухой фразай без тлумачэнняў "заинтересованность есть, возможностей нет". А вось што сярод тых, хто называў хоць якія прычыны, маем наступную карціну: 28 % - не маюць падрыхтаваных выкладчыкаў. Гэта не значыць, што астатнія 72% - маюць, хутчэй за ўсё астатнія пра гэта пабаяліся заяўляць. Давайце падумаем, што хаваецца за гэтай лічбай. У ранейшых адказах нам даводзілі, што ўсе выпускнікі каледжа "маюць права" выкладаць па-беларуску ды рэгулярна праходзяць курсы перападрыхтоўкі. Як яны іх тады праходзяць? Выхавацелі абавязаныя ведаць беларускую мову, бо гэта ёсць патрабаваннем да іх кваліфікацыі як педагогаў. За што, скажыце, выкладчыкі курсаў перападрыхтоўкі грошы атрымліваюць? Канешне, бацькі самі павінны больш актыўна змагацца за беларускую мову ў навучанні сваіх дзяцей, бо 53% садкоў спасылаліся на незацікаўленасць тэмай з боку бацькоў (паверым, як кажуць, бо іншага не застаецца), але трэба разбірацца. Што ёсць дзяржава? - добраахвотнае ўтварэнне людзей: калі адны аддаюць частку свабод і фінансаў іншым у абмен на пэўны клопат з боку той самай дзяржавы. Беларуская мова - адна з дзвюх дзяржаўных, адпаведна і клопат пра яе захаванне і развіццё - наўпроставы абавязак дзяржавы, а не нейкая літасць. І агітацыя павінна быць, і заахвочванне, калі трэба - іншая стымуляцыя. Дзеля чаго? А навошта нам было 25 год таму здабываць незалежнасць? Каб быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Але вернемся да лічбаў. Частка называла праблемай - адсутнасць метадычнай літаратуры (каля 11%), памяшканняў (21%), і г.д. І зноў гэта не значыць, што астатнія 89% і 79% адпаведна маюць літаратуру (пра гэта шчыра заявілі толькі 5%) і памяшаканні, цалкам верагодна, што іншыя пра гэта пабаяліся казаць. Як такое, скажыце, можа быць, калі дзяржава гарантуе выбар мовы?

Пра той самы выбар без выбару (фраза становіцца беларускім афарызмам)

Сёння бацькі становяцца на ўлік у мясцовым аддзеле адукацыі, праз нейкі час ім паведамляюць, што можна падаваць заяву ў неабходны садок і тут ім прапануюць выбар мовы навучання. На гэтай стадыі знаходзяцца людзі (нізкі ім паклон), якія выбіраюць беларускую. Далей іх пачынаюць адгаворваць ды папярэджваць, што ахвочым "навучацца па-беларуску", трэба сабраць такіх жа яшчэ мінімум 19 сем'яў. Першая нестыковачка для абазнанага вока. Гэта не бацькі абавязаныя шукаць нейкія сем'і, а садкі ў сілу сваіх прамых функцый. Калі ў заяве ёсць выбар - яго мусіце забяспечыць! Адной маёй знаёмай да ўсяго хацелі прапанаваць ці не шукаць беларускамоўнага выхавацеля. Зараз інфармацыя для неабазнаных. У кожнага садка існуе свая чарга на залічэнне. Дык, сыходзячы з логікі сённяшняй сістэмы, для стварэння беларускамоўнай групы трэба набраць 20 дзетак, ды не проста так, а каб яны ўсе хацелі хадзіць у гэты садок і стаялі запар (!!!), то бок адзін за адным у гэтай самай чарзе. Інакш - групе не бываць. Тут трэба сказаць, што адна беларускамоўная група ў Гомелі ўсё ж існуе. У садку № 160, што на вуліцы Косарава. Набор у яе ідзе раз на 4 гады выключна дзякуючы высілкам заангажаванай выхавацельніцы. І чарга ў яе наперад, і ўвогуле туды не прабіцца, і свайго ўнука загадчыца туды ўціснула. Вось што робіць чалавек, калі ён на сваім месцы. Нізкі палкон і яму. Разумеючы праблему, мы ў Гомельскім ТБМ доўга думалі ды шукалі выйсце з гэтай сітуацыі. А што, калі для такіх дзетак зрабіць асобную "чаргу", і каб яна хутчэй ішла, рабіць гэта ў межах не аднаго садка, а раёна? І чаргу рэгістраваць у аддзеле адукацыі пры кожным раёне, каб потым па прынцыпе субсідыярнасці (каб разбіраліся на месцы) раён сам вырашаў дзе адкрыць тую саму групку, дзе для таго ёсць выкладчык, памяшканне і г.д. Для "вагі" сабралі пад зваротам 500 подпісаў гамельчукоў (дзякуй тым, хто нас падтрымаў і хто дапамог сабраць подпісы) ды занеслі ў гарвыканкам.

Яшчэ раз пра лічбы

У дзясятку садкоў не паленаваліся і правялі такі апытанне сярод бацькоў ды паведамілі лічбы нам. Лічбы былі розныя дзе 2, дзе 5, дзе 10 - да 15% бацькоў выказваліся за беларускамоўную групу. А зараз давайце прыгадаем "доўгія гады да нас ніхто не звяртаўся", а таму і не звярталіся, што біцца з чыноўнікамі, сілаў у людзей няма, а калі гаворка ідзе пра дзіця, то мала хто наважыцца ісці насуперак сістэмы. Але за гэтымі лічбамі канкрэтныя сем'і. Мяркую, што ў межах горада смела можна казаць пра 5% ахвочых навучацца па-беларуску, а пры належнай агітацыі, перакананая, лічба можа вырасці да 25-30%, а гэта тысячы маленькіх беларусікаў. Пазітыўнае стаўленне да самой ідэі маюць толькі (або цэлых?) 16% дзіцячых садкоў Гомеля і толькі чвэрць спрабавала адказаць на мове звароту - беларускай. Роўненька праз месяц атрымалі адказ на наш калектыўны зварот Адказалі нам па-руску, тады калі мы складалі зварот на дзвюх мовах, падкрэсліваючы такім чынам іх меркаванае раўнапраўе. Ігнаруючы прапанову стварэння асобнай чаргі ў гарвыканкаме спаслаліся на 500 старонак загаду Прэзідэнта № 200 ад 26.04.2010 "Об административных процедурах, осуществляемых государственными органами и иными организациями по заявлениям граждан" (да рэчы, па-беларуску гэтага дакумента не існуе) і пастанову Міністэрства адукацыі №234 ад 16.08.2011 "О порядке постановки на учет детей, нуждающихся в определении в учреждение образования для получения дошкольного образования" (сітуацыя з мовай тая ж). У гэтых дакументах нідзе не абгаворваецца мова і не вылучаецца выбар мовы. Але праблема з рэалізацыяй правоў беларускамоўных існуе, дык чаму б выканкаму не было праявіць ініцыятыву ды ніяк не парушаючы прыгаданыя прававыя акты арганізаваць улік для "беларускамоўных" дзетак? Так падобныя спісы ахвотных арганізавалі ў Гародні, і ніякі закон для гэтага перашкодай не стаў. Мы, як арганізацыя, паднялі праблему знізу, прааналізавалі, распавялі пра прычыны, выкрылі хібы сістэмы, прапанавалі шляхі выйсця, прыцягнулі людзей на свой бок. Выканалі цалкам ролю НДА-структуры. На гэта грамадзянская супольнасць і патрэбная, каб дапамагаць дзяржаве. Да нас не прыслухаліся. З пазітыўных момантаў адказу: паабяцалі стварыць "пры наяўнасці ахвочых", групку ў садку № 47 (вул Брэсцкая, 4 - раён ДК "Фестывальны"), дзе для таго, як аказалася, быў выкладчык і дадаць яшчэ адну ў садку №160 для дзетак 2-3 гадоў зноў "пры наяўнасці ахвочых", дзе адзіная ў Гомелі група існуе сёння. Атрымоўваецца, што праблема толькі адна - выкладчыкі. Людзі добрыя, мо каму цікавая праца выхавацелем? Праўда, у тэлефоннай размове з загадчыцай аднаго з садкоў пасля чарговых скаргаў пра тое, што няма выхавацеля, я прапанавала сваю кандыдатуру. Але я са сваёй вышэйшай лінгвістычная адукацыяй (МДЛУ) была для іх занадта "пераадукаваная". Ствараць чаргу, на маю думку, пабаяліся, бо калі ў яе пачнуць запісвацца дзясяткі, то вылезе вонкі адсутнасць тых самых педагогаў, што ўскрые цэлую сістэмную праблему - разбураную адукацыю ў Беларусі. Затое па выніках нашай працы маем трохразовае павелічэнне колькасці беларускамоўных груп у Гомелі (была адна, стала тры), з чым нас усіх і віншуем. Адзіны ў Гомелі беларускамоўны клас распачынае працу з 1 верасня ў гімназіі імя Мележа - гэта ўрачыста абяцала на прыёме спадарыня Ганна Васільеўна Мельнікава, начальніца адукацыі спорту і турызму.

Да бацькоў

Калі ў вас ёсць жаданне аддаць дзіця ў беларускамоўную групку ці вы хацелі б знайсці аднадумцаў для сумеснага баўлення часу для дзетак - звяртайцеся. І самае галоўнае - пішыце заявы ў выканкамы, паведамляйце пра беларускую мову навучання, вось проста зараз бярыце ды пішыце і абавязкова інфармуйце нас, каб мы гэты працэс кантралявалі. Будзем намагацца вам дапамагчы. Мець на ўвазе можна не толькі 47 ды 160 садок, але любы, які вам бліжэй. Вельмі важна падымаць пытанні па канкрэтных садках. Будзе болей ахвочых - будзе прасцей арганізавацца. Ды і трэба, каб у выканкаме ўрэшце даведаліся, што такія людзі ёсць. Раз не захацела дзяржава фіксаваць ахвочых навучацца па-беларуску, то будзем мы самі аб'ядноўваць людзей хаця б у межах раёнаў і ўжо не прапаноўваць і прасіць, але патрабаваць стварэння груп, там, дзе будзе зручна "нашым" бацькам.

Пра людзей

Падчас збору подпісаў мы заўважылі, што людзі вельмі станоўча ставяцца да беларускай мовы. З некалькіх сотняў размоў на вуліцах толькі пару чалавек рашуча адмовілася ставіць подпіс, аргументаваўшы тым, што яны "супраць беларускай мовы", астатнія вельмі прыязна ставяцца, падтрымліваюць, шкадуюць, што не ведаюць мову самі ды падпісваюцца. Зараз на мяне пасыпюцца дзясяткі каментароў пра "калхозны", дык вось, прыхільнікі беларушчыны, не зважайце на хэйтараў ды троляў, большасць - за намі, нам бы паактыўней трэба быць.

Алеся Аўласевіч , г. Гомель.


Беларусака-моўную групу расфармавалі - бо выхавацелька сыйшла на пенсію

У Гомелі беларускамоўная група ў дзіцячым садку закрылася, не паспеўшы пачаць працаваць. Гомельскі гарвыканкам паабяцаў адкрыць дзве дадатковыя беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках № 47 і № 160. Аднак, як распавёў сябар гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Яўген Якавенка, у садку № 47 беларускамоўнай групы ўжо не будзе.

- Мы былі ў гэтым садку, і высветлілася, што выхавацелька ў 47-ым садку сыйшла на пенсію. І беларускамоўная група, па сутнасці не паспеўшы папрацаваць, была расфармаваная па іншых групах. Гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што групы ствараюцца там, дзе ёсць адпаведны спецыяліст. Няма яго - то і няма групы.

Гомельскі гарвыканкам паведаміў, што ў 2016-2017 навучальным годзе плануецца адкрыццё яшчэ адной беларускамоўнай групы, толькі пры наяўнасці ахвочых у колькасці не менш за 15 чалавек.

* * *

Каля 30% дзіцячых садкоў Гомеля не маюць выхавацеляў, якія валодаюць беларускай мовай. Пра гэта даведаліся сябры Таварыста беларускай мовы з адказаў адміністрацыяў дашкольных установаў. Гомельская філія звярнулася ў 120 дзіцячых садкоў з пытаннямі наконт магчымасці арганізацыі беларускамоўнай групы. І адно з пытанняў, гаворыць старшыня філіі Алеся Аўласевіч, датычыла таго, ці маюцца ў садку выхавацелі, якія змогуць выкладаць па-беларуску.

- Спачатку мы пісалі да Міністэрства адукацыі. Яны звычайна адпісваюць вельмі агульнымі фразамі, кшталту - так, у Канстытуцыі ёсць дзве мовы. На практыцы сітуацыя зусім іншая. Тое, што адбываецца ў чыноўніцкім кабінеце, тое, што адбываецца ў школе, ці ў дзіцячым садку, - гэта зусім іншыя сусветы. Мы маем адказы, што няма сёння беларускамоўных выкладчыкаў, то бок пытанне ўжо далей ідзе - да ўніверсітэтаў, да коледжаў, якія выпускаюць такіх прафесіяналаў.

У Гомелі каля 500 груп навучэнцаў дзіцячых садкоў. З іх - толькі адна беларускамоўная.

Беларускае Радыё Рацыя.


Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова

Фестываль лідскай прэсы і кнігі "Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова" пры вялікім зборы народу правяла Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" 15 верасня на ганку бібліятэкі. Ганак тут беларускі, змяшчае мо дзве сотні чалавек.

Сярэднявечная музыка гурта "Скудрынка" і фальклорна-сучасныя песні гурта "Талер" стваралі фон дзеі. Тым больш, што кніжная традыцыя на Лідчыне вельмі даўняя. У 1576 г. Ян Карцан родам з-пад Ліды ў друкарні Яна Кішкі друкуе сачыненне С. Буднага «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры» і працу Цыцэрона «Аб павіннасцях», перакладзеная на польскую мову С. Кашуцкім. У 1598 годзе лідскі стараста Ян Абрамовіч выдаў у Вільні евангелістычны "Катэхізіс", які змяшчаў 300 рэлігійных песень. І не так важна, якую з гэтых датаў хто возьме за пачатак лідскага друку, галоўнае, што той пачатак быў і быў не ў 1917 годзе.

Удзел у фестывалі бралі "Лідская газета", "Прынёманскія весткі", выдавецкі дом ТБМ з "Нашым словам", "Лідскім летапісцам" і альманахам "Ад лідскіх муроў", Лідская друкарня, кнігарня "Кніжны свет", "Саюздрук". Былі арганізаваны кніжныя выставы "Летапіс друку Беларусі", "Лідскія перыядычныя выданні", "Лідчына літаратурная", выстава-продаж сувенірнай і паліграфічнай прадукцыі.

Адным з першых выступіў святар Свята-Георгіеўскага храма-помніка Уладзімір Камінскі, ён спыніўся на постаці Пятра Бітэля, які нарадзіўся ў Радуні, быў ахрышчаны ў Лідзе і варты таго, каб быць тут належна ўшанаваным. Выступалі прадстаўнікі дзяржаўнай "Лідскай газеты", недзяржаўных "Прынёманскіх вестак", "Кніжнага свету" і "Саюздруку" рэдактар "Нашага слова", "Лідскага летапісца" і альманаха "Ад лідскіх муроў" Станіслаў Суднік, маркетолаг Лідскай друкарні Ларыса Кавальчук. "Прынёманскія весткі" арганізавалі латарэю і разам з турфірмай "Адрас лета" разыгралі сярод сваіх чытачоў турыстычную паездку ў Санкт-Пецярбург.

З Менска спецыяльна на фестываль прыехаў шчыры сябар г. Ліды, паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла, які чытаў свае вершы.

Намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны бард Сяржук Чарняк выканаў песню пра "Наша слова", напісаную ім спецыяльна пад фестываль на тэкст Сяргея Чыгрына са Слоніма.

Наша слова

Каб ў хаце гучала родная мова,

І грэла нам душу і сэрца:

Чытайце заўсёды,

сябры, "Наша слова",

Каб словам

бацькоўскім сагрэцца.


Чужых нам ніколі

не трэба замоваў,

Чужых не жадаем праклёнаў.

Чытайце заўсёды,

сябры, "Наша слова" -

Жывіце прыгожа, натхнёна.


Хай ліўні смяюцца

пад гром перуновы,

І ветры гуляюць на волі…

А мы не баімся,

бо ёсць "Наша слова" -

І нас не спалохаць ніколі.


Ці сонечным ранкам,

ці ў час вечаровы,

Мы з мовай задумы

ўсе здзейснім.

Чытайце заўсёды,

сябры, "Наша слова" -

Лячыцеся казкай і песняй.


Гасцей сустракаем

заўжды адмыслова,

На стол саматканы

засцелем абрус…

Чытайце заўсёды,

сябры, "Наша слова" -

І жыць будзе тут Беларусь!

Падчас фестывалю акцёры Лідскага народнага тэатра ігралі сцэны з "Паўлінкі", "Кніжны свет" прадаваў кнігі, актывісты ТБМ раздавалі "Наша слова" і паштоўкі.

Пасля перапынку прайшла прэзентацыя новай кнігі Міхася Скоблы "Саркафагі страху" (гл. ст. 8), мелі месца і іншыя мерапрыемствы.

Такім чынам першую спробу фестывалю лідскай кнігі і друку можна лічыць удалай, а таксама добрай рэпетыцыяй перад мерапрыемствамі наступнага 2017 года, года 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання.

Яраслаў Грынкевіч.


Падчас фестывалю ў чытальнай зале бібліятэкі была адкрыта партрэтная галерэя супрацоўнікаў даваеннай рэдакцыі газеты "Ziemia Lidzka" - Уладзіслава Абрамовіча, Міхала Шымялевіча, Аляксандра Снежкі, Антона Грымайла-Прыбыткі.

Выстаўлены рэпрадукцыі малюнкаў лідскага мастака Вадзіма Вераб'ёва, зробленых на аснове адзінай фатаграфіі ў польскай газеце. Фатаграфія была вельмі дрэннай якасці, і адзіным выйсцем было партрэты намаляваць.

Пра лідскіх даваенных краязнаўцаў і іхнія лёсы распавялі Станіслаў Суднік і Леанід Лаўрэш. Была падкрэслена іх краёвая пазіцыя, чаго варты хаця б той факт, што Міхал Шымялевіч быў чальцом Лідскай гарадской рады ад ТБШ, адзіным чальцом ад ТБШ у Лідзе.


Паэт шырокага душэўнага дыяпазону

3 верасня ў менскім літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшоў вечар памяці Генадзя Бураўкіна "Я ўдзячны і бацькам, і Богу за мне падараваны кут…", прымеркаваны да 80-годдзя з дня нараджэння паэта. Падзяліцца цёплымі словамі пра сябра, калегу і аднадумцу прыйшлі Міхась Скобла, Барыс Пятровіч, Сяргей Законннікаў, Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі і іншыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы. Гасцей і вядоўцаў імпрэзы прадставіла загадчыца навуковага аддзела дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Барысаўна Гулева.

У цёплы вераснёўскі дзень адбылася ўжо трэццяя прэзентацыя кнігі "Перадусім Беларусь. Згадваючы Генадзя Бураўкіна: гутаркі, успаміны, эсэ, дзённікі, прысвячэнні". Яе ўкладальнік журналіст Сяргей Шапран распавёў, як нарадзілася ідэя стварэння кнігі. Генадзь Мікалаевіч патэлефанаваў спадару Сяргею вясной 2014 года і выказаў свае нечаканыя просьбы: зрабіць кнігу апошняга часу, а таксама прыходзіць да яго штодня і размаўляць пад запіс.

- Апошнюю кнігу паэзіі "Нагаварыцца з зоркамі" мы паспелі выдаць дзякуючы Юліі Якаўлеўне за некалькі дзён да адыходу паэта. Гутаркі з Генадзем Мікалаевічам былі часткова надрукаваныя ў часопісе "Дзеяслоў" і сталі прыступкамі да стварэння кнігі "Перадусім Беларусь", - узгадаў укладальнік кнігі.

Сяргей Шапран збіраў успаміны Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова, Радзіма Гарэцкага, Кастуся Цвіркі, Міхаіла Казінца, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Содаля, рэдагаваў, дапасоўваў, папраўляў. Кніга была выдадзена ў Смаленску накладам 300 асобнікаў летам гэтага года. Дзве прэзентацыі кнігі "Перадусім Беларусь" адбыліся ў Віцебску ў абласной бібліятэцы і Дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Машэрава 6 верасня.

У сваім выступленні публіцыст Міхась Скобла назваў Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна архітэктарам нацыі.

- Сапраўды, у яго перадусім была Беларусь, - адзначыў М. Скобла. - І тады, калі ён працаваў на тэлебачанні, і калі прадстаўляў краіну ў ААН і быў першым прадстаўніком нашай незалежнай дзяржавы. І калі кіраваў Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны. І за пісьмовым сталом, калі пісаў свае вершы, таму што дух і літара бураўкінскай паэзіі - беларускія.

Калегі ўзгадалі малавядомы, але важны факт з дзейнасці Генадзя Мікалаевіча: ён перавёў тэлевізійныя футбольныя трансляцыі на родную мову і парадваў заўзятараў. Невычайным было выступленне Станіслава Шушкевіча, які прызнаўся, што пазнаёміўся з будучым паэтам адным з першых яшчэ ў 1954 годзе.Тады ён запрасіў маладога лірыка ва ўніверсітэцкі радыёвузел, дзе сустракаліся фізікі з лірыкамі. А самым першым, папраўдзе, было спатканне маладога Генадзя з факультэцкім аднакашнікам Васілём Зуёнкам. У студэнцкім інтэрнаце на Нямізе іх ложкі стаялі побач, думкі ядналіся, пачастунак дзяліўся па-братэрску, іспыты здаваліся разам.

- Самае галоўнае, што Генадзь Бураўкін стварыў выдатную сям'ю. Яго дзеці Аляксей і Святлана - інтэлігентныя, цудоўныя і прыгожыя! У яго была вельмі шчырая душа! - узгадаў яшчэ адзін сябар паэта Сяргей Законнікаў.

На вечарыне прагучалі вершы Івана Драча, Уладзіміра Някляева, Васіля Зуёнка, Анатоля Вярцінскага, прысвечаныя палымянаму паэту, мудраму дыпламату і бескампраміснаму грамадзяніну. Песні на словы Г.М. Бураўкіна выканалі Андрэй Мельнікаў і Зміцер Вайцюшкевіч. Любімы паэт і блізкі сябар назаўсёды застанецца ў сэрцах тых, хто яго памятае.

На выставе былі прадстаўлены матэрыялы з архіва творцы, кнігі з аўтарскімі подпісамі, падораныя Г.М. Бураўкіну, якія Юлія Якаўлеўна перадала ў фонды музея. Сям'ёй паэта быў перададзены на захаванне таксама макет помніка, зроблены скульптарам Э. Астаф'евым.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Кніга ўпамінаў пра Генадзя Бураўкіна. 2. На вечарыне ў музеі Максіма Багдановіча ў Менску. 3. Выступае Сяргей Шапран.


У вянок памяці легендарнага рэдактара і гісторыка

Не так даўно Беларускі прэс-клуб прымаў рэдакцыю штотыднёвіка "Новы час", заснаванага Менскай гарадской арганізацыяй ТБМ імя Ф. Скарыны, яго аўтарскі калектыў, шматлікіх сяброў і гасцей "Новага часу". Падставай для сустрэчы стала гадавіна з таго дня, як не стала рэдактра выдання Аляксея Караля - выдатнага публіцыста, палітычнага аналітыка і гісторыка.

Цяперашні рэдактар "Новага часу" А. Колб адзначыла тое, што дасюль яшчэ не верыцца, што Аляксея Сцяпанавіча з намі няма, здаецца, ён падлечыцца і вернецца да нас, але, нажаль, цудаў не здараецца.

- Тым не менш, жыццё "Новага часу" не спыняецца і сёння ў гэты светлы дзень успамінаў мы радыя прадставіць чытачам 500-ты нумар нашага штотыднёвіка, - адзначыла Аксана Мікалеўна.

Многія з тых, хто прыйшоў у гэты дзень ўспомніць А. Караля, спрычыніліся да гісторыі "Новага часу", шчыльна супрацоўнічалі з рэдактарам. Таму спадарыня Аксана запрасіла ахвочых падзяліцца ўспамінамі пра дарагога ўсім нам чалавека.

Першым да мікрафона выйшаў старшыня БСДП Мікола Статкевіч, якія ўспомніў часы, якія ён праводзіў за кратамі, дзе ён адбываў пакаранне па палітычных матывах. І "Новы час", які дастаўляўся ў калонію па патрабаванні А. Караля, быў адзінай крыніцай палітычнай аналітыкі. Былы старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь М. Грыб прыгадаў сумесную працу з А. Каралём ў складзе рабочай групы па выпрацоўцы Канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь "Стратэгія для Беларусі".

Доктар гістарычных навук, прафесар Л. Лыч распавёў прысутным пра маладыя гады Аляксея Караля, яго вучобу і сумесную працу ў Інстытуце гісторыі АН БССР, пра яго станаўленне, як беларускамоўнага вучонага.

Новаабраны дэпутат ВС Рэспублікі Беларусь А. Анісім нагадала прысутным той шлях, які прашоў калектыў "Новага часу" да свайго 500-га нумара. Сп. Анісім нагадала ролю ў рэгістрацыіі выдання Н.С. Гілевіча і пра тую вялікую працу, якую зрабілі галоўныя рэдактары "НЧ" К. Тарасаў і А. Кароль, дзякуючы якім "Новы час" набыў сваю адметнасць.

- Аляксей Кароль парупіўся пра "Новы час" так грунтоўна, што выданне не спыніцца, "Новы час" будзе ісці далей, - адзначыла А. Анісім.

Тэму ўспамінаў пра А. Караля працягнулі былы суддзя Канстытуцыйнага суда, прафесар М. Пастухоў, старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" А. Бяляцкі, старшыня БАЖ Ж. Літвіна, публіцыст А. Тамковіч, фотамастак Г. Ліхтаровіч…

Музычную часку памятнай вечарыны працягнулі беларускія музыканты, пра творчасць якіх можна прачытаць на старонках штотыднёвіка. Распачаў музычную частку вечарыны аўтар і выканавец А. Плясанаў, які праспяваў некалькі песень грамадзянскага гучання.

Музычную эстафету падхапіў фолк-гурт Vuraj пад кіраўніцствам С. Доўгушава, удзельнікі якога парадавалі слухачоў сучаснымі апрацоўкамі беларускіх народных песень. Песні ў выкананні Андрэя Сянькевіча завяршылі вечарыну "Новага часу" на светлай ноце ўспамінаў пра цудоўнага чалавека і рэдактара - А. Караля, які і па сённяшні дзень з'яўляецца прыкладам прафесіяналізму і чалавечай мужнасці.

Анатоль Мяльгуй.


Немцы заахвочваюць беларускіх дзяцей да вывучэння мовы, запрашаючы на кулінарныя майстар-класы ў амбасадзе

Навіны Германіі

Сёлета нямецкая амбасада ў Менску разам з Інстытутам імя Гётэ правяла тры кулінарныя сустрэчы для беларускіх дзяцей і студэнтаў.

Мэта - падтрымаць цікавасць да нямецкай мовы і культуры.

Да ўдзелу ў праграме былі запрошаныя дзеці 4-5-х класаў, 8-9-х і студэнты.

Тут не было ніякіх падручнікаў, усё інтэрактыўна. Госці амбасады гатавалі разам з нямецкім кухарам стравы, паралельна размаўляючы з ёй і супрацоўнікамі пасольства. Кухар - вельмі энергічная і сучасная Сафія Хофман - прыляцела ў Менск на тры дні адмыслова, каб пазаймацца з дзецьмі.

- Я люблю дзяцей, - сказала нам Сафія, - больш за тое, я не кухар у класічным разуменні - я не працую ў рэстаране, але пішу свае кулінарныя кнігі, вяду калонкі ў газетах, праводжу курсы. Словам, люблю пагаварыць не менш, як гатаваць. Спадзяюся, ім са мною цікава.

Патрапіць на такія курсы не проста - удзел узялі па некалькі чалавек з менскай, аршанскай і маладзечанскай школ, а таксама па адным чалавеку ад розных універсітэтаў.

Для студэнтаў гэта, можа, і не так цікава, а для школьнікаў патрапіць у амбасаду - што паляцець у космас, так яны самі казалі.

У перспектыве яны таксама плануюць атрымаць першую ці другую вышэйшую адукацыю ў Германіі - удзельнікам партнёрскіх праграм туды паступіць трохі прасцей, чым іншым.

- Але пакуль канца школе не відаць, дзеці не адрываліся ад гатоўкі з няўрымслівай Сафіяй. Тая прапанавала ім зрабіць вегатарыянскія стравы: суп з печаным размарынам, вегатарыянскія бургеры і бульбу фры з самаробным маянэзам, а таксама яблычны пірог з яблычным мусам.

- Я сама вегатарыянка, так, - патлумачыла выбар кухар. - Але для мяне рэч не ў тым, каб абараніць жывёл ці штосьці такое. Я хачу паказаць альтэрнатыву, размаіціць ежу расліннымі прадуктамі. Я сама была на вашай Камароўцы, гэта прынцыпова, бо я думаю, што ў гатаванні трэба выкарыстоўваць мясцовыя і сезонныя прадукты.

Купленую на Камароўцы гародніну, як і сам кірмаш, немка ацаніла на выдатна.

- Дзякуй богу, ніхто яшчэ не парэзаўся, - рэзюмавала Сафія пасля 3-гадзіннага кулінарнага марафону.

Дзеці пайшлі дадому шчаслівыя.

nn.by.


ЛІТАРАТУРНЫ ФЭСТ У КАПТАРУНАХ

Літаратурная карта Пастаўшчыны багатая на мясціны, якія звязаны з жыццём і творчасцю вядомых пісьменнікаў. Гэта Паставы, Агароднікі, Верацея, Хрыстова, Дварчаны, Камаі і іншыя паселішчы. І вось нядаўна на карце раёна заззяла яшчэ адна літаратурная зорачка: у вёсцы Каптаруны, што на Лынтупшчыне, 20-21 жніўня прайшоў першы міжнародны літаратурны open-air фестываль. Адбыўся ён дзякуючы рупнасці вядомых сучасных дзеячаў беларускай культуры канцэптуальнага мастака, пісьменніка, дызайнера Артура Клінава і выдаўца Ігара Логвінава, якія некалькі гадоў таму пачалі ўладкоўваць у Каптарунах свае лецішчы. Прычым, не толькі для ўласнага адпачынку, а з амбіцыйнай перспектывай ператварыць вёску ў адзін з цэнтраў сучаснага беларускага мастацтва. І гэта ім ужо ўдаецца: уладкаваны месцы для размяшчэння гасцей, пляцоўкі для правядзення творчых сустрэч, дыскусій, выступленняў, абсталявана сталовая-бар і іншыя зручнасці і камунікацыі. Прычым, усё гэта - з захаваннем мясцовых традыцый дойлідства і побыту. Творцы ўжо правялі тут некалькі пленэраў, і вось - літаратурны фестываль, дарэчы, міжнародны.

Сапраўды, арганізатарам удалося запрасіць у Каптаруны звыш дваццаці вядомых дзеячаў культуры. Украіну прадстаўлялі Дмытро Білы, Аляксандр Ірванец, Любоў Якімчук, Аляксей Чупа, Аляўціна Кахідзэ, Германію - Інго Петц, Беларусь - Валянцін Акудовіч, Наталка Бабіна, Ігар Бабкоў, Альгерд Бахарэвіч, Аляксей Братачкін, Вольга Гапееева, Ірына Герасімовіч, Павал Касцюкевіч, Ігар Пракаповіч, Алесь Гарбуль, Вольга Шпарага, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева. Ініцыятыву правядзення гэтага мерапрыемства падтрымалі такія арганізацыі як Літаратурны дом "Логвінаў", Літаратурны музей імя Петруся Броўкі, інстытут імя Гётэ ў Менску. Куратарам праекту была рэжысёр, арт-крытык Таня Арцімовіч.

Галоўная мэта фестывалю - даць магчымасць пісьменнікам, філосафам, дзеячам культуры ў межах тэматычных панэльных дыскусій абмеркаваць розныя праблемы сучаснасці. Акрамя гэтага былі створаны ўмовы для прэзентацыі сваіх твораў, наладжвання індывідуальных кантактаў, абмеркавання зацікаўленымі асобамі пэўных пытанняў у кулуарах, правядзення перформансаў і канцэртаў. Тэматыка панэльных дыскусій дае ўяўленне пра тыя праблемы, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы: "Міжкультурны канфлікт: літаратура па-за межамі вайны?" (мадэратар А. Хадановіч), "Гендарныя клішэ: мужчынская ідэнтычнасць у літаратуры" (мадэратарка Т. Арцімовіч), "Данбас: мяжа, якая раз'ядноўвае?" (мадэратар А. Клінаў), "Еўропа: новы нацыяналізм" (мадэратар А. Братачкін), "Зразумець Украіну: год украінскай літаратуры ў кнігарні "Логвінаў" (мадэратар І. Бабкоў), "Пра што і як маўчаць і размаўляюць страхі" (мадэратар І. Герасімовіч), "Таварыства ўкраінскай літаратуры пры СПБ і беларуска-украінскі альманах "Справа" як спроба мультыкультурнага дыялогу" (мадэратар Н. Бабіна). Выступілі на фестывалі і мясцовыя літаратары: Алесь Гарбуль правёў віртуальную экскурсію "Скарбы сівых валуноў. Міфалогія Лынтупскага краю", Ігар Пракаповіч пазнаёміў удзельнікаў з прыроднымі і гістарычнымі адметнасцямі Пастаўскага раёна, прэзентаваўшы адукацыйна-асветны комплекс "Чароўны край - Пастаўшчына", які складаецца з кнігі, сшытка і дыска з 34 прэзентацыямі. Разам з І. Пракаповічам выступіла і яго былая вучаніца, цяпер студэнтка 1 курса філфака БДУ, Віялета Сяменас, якая правяла дэманстрацыю створанай вучнямі Пастаўскай гімназіі інтэрактыўнай карты "Краязнаўцы і краязнаўчыя выданні Пастаўскага раёна", якая на рэспубліканскім конкурсе адзначана дыпломам ІІ ступені.

Многім удзельнікам гэтага літаратурнага свята запомнілася выступленне віртуоза-акардэаніста, кампазітара Аляксея Варсобы, літаратурнае шоў "Інфармацыйнае цела", перформанс А. Кахідзэ "Званкі са Жданаўскіх могілак" і іншыя імпрэзы. Вельмі шчырай і сяброўскай была атмасфера падчас чытання аўтарамі сваіх твораў апоўначы каля вогнішча. Прысутныя пачулі вершы і прозу ў выкананні А. Клінава, П. Касцюкевіча, А. Бахарэвіча, Ю. Цімафеевай, І. Бабкова, І. Пракаповіча. Выдатны атрымаўся і гітарна-паэтычны беларуска-украінскі дыялог А. Хадановіча і Дмытро Білага.

Фінальная дыскусія "Літаратура як прастора для кансалідацыі" (мадэратарка В. Шпарага) зноў нагадала і пацвердзіла думку, якую часта забываюць або ігнаруюць людзі: слова можа разбураць і ствараць, можа забіваць і лячыць, і таму вельмі важна, асабліва творцам, уважліва і ашчадна ставіцца да таго, што яны пішуць. І яшчэ адна выснова: любыя праблемы можна вырашыць шляхам перамоў і дыскусій. І хай бывае цяжка прыйсці да нейкіх агульных поглядаў і думак, але гэта значна лепш, чымсьці чуць, як пралятаюць кулі і ўзрываюцца снарады, бачыць, як ліецца кроў і плачуць родзічы загінуўшых…

Літаратурны фестываль адбыўся. Усе ўдзельнікі атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад сустрэч, размоў, ідэй, думак, незвычайна лагоднага надвор'я і цудоўных вакольных краявідаў - той атмасферы, якая панавала падчас мерапрыемства. Паколькі фестываль плануецца праводзіць штогод, то хочацца пажадаць яго арганізатарам добрага плёну ў дзейнасці на карысць літаратуры праз дыялог і кансалідацыю творцаў розных краін, розных культур, розных веравызнанняў, рознага жыццёвага вопыту. Свет уратуецца праз Слова.

Наталля Пракаповіч.


"ЗГУКІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ"

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" з задавальненнем паведамляе, што на базе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры адбудзецца раённае свята "ЗГУКІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ" . Свята пройдзе у тры этапы. Кожны з этапаў свята прымеркаваны да беларускага земляробчага календара.

24 верасня 2016 года ў 14.00 - першы этап мерапрыемства, прымеркаваны да свята Багач - земляробчага свята ў гонар заканчэння збору ўраджаю і называецца "Талака" . Запланаваны паказ тэатралізаваных традыцыйных народных абрадаў, звязаных тэматыкай збору ўраджаю. Інтэрактыўны момант, прыемны, урачысты, які канчаткова аб'яднае ўдзельнікаў - гэта прэзентацыя замешвання і выпякання дажыначнага каравая. Кожны з прысутных зможа дадаць свой унікальны інгрыдыент, напрыканцы усе удзельнікі свята змогуць пачаставацца караваем.

Другі этап прымеркаваны да свята Пакровы і назавыецца "Пакроўскі кірмаш" , і пройдзе ён 15 кастрычніка 2016 года . Будзем ладзіць сапраўдны фэст-кірмаш, на якім гледачы пабачаць выставу народных рамёстваў, пагуляюць у традыцыйныя гульні, адведаюць кашы рознага гатунку, пабачаць выступленне тэатра "Батлейка" і паслухаюць песенны фальклор: жартоўныя песні і прыпеўкі.

Спрадвеку перыяд ад Пакроваў да Піліпаўскага посту быў для нашых продкаў самым вясёлым часам. Сабраны багаты ўраджай, праца ў полі скончана, людзі весяліліся і ладзілі вяселлі. Заключны этап свята "Згукі Бацькаўшчыны" пройдзе 12 лістапада 2016 года пад назвай "Вялікая вясельніца" . Гледачы змогуць наведаць выставу народных рамёстваў, тэматычную выставу вырабаў з бяросты. Творчыя калектывы парадуюць вясельнымі песнямі, і тэатралізаваным прадстаўленнем прыказак і прымавак. Завершыць свята танцавальная этнавечарына "Скачуць сёння да зары, польку нават камары!"

Паважаныя лідзяне! Шчыра запрашаем Вас наведаць шэраг нашых свят. Прыемных вам уражанняў і добрага настрою!

Тэлефон для інфармацыі: 52-62-48, 52-04-92.


Ранейшае Наваградскае ваяводства

(Пераклад Леаніда Лаўрэша)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарапх.)

У цэласці захавалася першая актавая кніга земскага Слонімскага суда з 1565-1566 гг. 49, з якой даведваемся, што ў 1565 г. кароль Жыгімонт Аўгуст "даў" для Слонімскага павета: маршалка Яна Яцыніча , падкаморага Станіслава Мікалаевіча Нарбут а, ваяводзіча падляскага, суддзю Міхала Лаўрыновіча-Сакалоўскага , падсудка Пацея Ельца і пісара Богуша Тушэвіцкага , усе - землеўладальнікі гэтага ж павета, "в тым повете оселых" . Першы соймік адбыўся ў Слоніме 1 чэрвеня 1565 г., а першыя паседжанні суда, назаўтра пасля свята Святога Духа, 11 таго ж месяца. Павятовыя соймікі і суды пачалі адбывацца ў Слоніме аж да ўпадку Рэчы Паспалітай, крыніцы, якія я меў магчымасць вывучыць, нічога не казалі пра перанос гэтых пасяджэнняў у іншыя гарады.

Былі выпадкі, калі ў Слонім пераносіліся сеймікі іншых паветаў. Так кароль Жыгімонт Аўгуст у 1571 г., з-за эпідэміі, якая ў той час пашыралася ў ВКЛ, загадаў сабраць соймік Наваградскага ваяводства разам з соймікамі Слонімскага і Ваўкавыскага паветаў у Слонім 50. У часы акупацыі краю маскоўскімі войскамі, Сойм 1659 г., аршанскі соймік першапачаткова адбываўся ў Менску а потым быў перанесены ў Слонім 51.

Трэці Статут Літоўскі 1588 г. у 3-м раздзеле, арт. 8, устанаўліваў, што перад кожным вялікім вальным соймам мае адбыцца вальны з'езд усіх станаў ВКЛ у Слоніме і там "паміж сабой ... усе землі і паветы разам павінны зноўку ў братэрскай міласці аб усіх патрэбах земскіх дамовіцца, прыйсці да аднаго слушнага паразумення і павагі да дабрыні Рэчы Паспалітай " 52. Гэты соймік называўся генеральным і раней адбываўся ў Ваўкавыску, бо той ляжаў на галоўным тракце, які злучаў Літву і Карону, а Слонім ляжаў у баку ад гэтай галоўнай дарогі 53, і таму перанос сойміка ў Слонім немагчыма патлумачыць добрым геаграфічным становішчам. Вядома, што Трэці Статут у значнай ступені ёсць вынік працы Льва Сапегі, які з 1565 г. быў канцлерам ВКЛ, а ў эпоху паўстання Статута слонімскім старастам. Можа, я не моцна памылюся, калі прапаную тую версію, што Леў Сапега адмыслова замест Ваўкавыска ўпісаў Слонім, бо сярод іншага думаў пра інтарэсы свайго горада і, адпаведна, пра свае таксама. Магчыма, гэта прыйшлося не ўсім да спадобы, і таму варшаўскі сойм 1631 г., прыслухаўшыся да старажытных праў і звычаяў, бачыў патрэбным ухваліць, каб слонімскі з'езд, які звыкла адбываўся да сойму, абавязкова наведалі паны сенатары і паслы ВКЛ 54. Варшаўскі сойм 1677 г. пастанавіў, каб генеральны соймік праводзіўся гэтак, як і іншыя публічныя з'езды, у слонімскім замку 55, а гарадзенскі сойм 1678 г. усе законы пра гэты соймік прыняў 56. Падобны такі з'езд адбыўся ў Слоніме ў 1685 г. 57. Узгадваўся з'езд яшчэ ва ўхвале паспалітага рушэння, запісанай 30 снежня 1698 г., якое сабралася пад Гародняй, паміж Пузевічамі і Лаўнам: "Слонімскі з'езд не толькі каб быў адноўлены, пастанаўляем, але і зараз гэтым ускладаем, каб не раней ў Варшаву ехалі, покуль на тым з'ездзе будзем і ўсю сабе падрыхтоўку зробім" 58.


Вялёндка ў "Геральдыцы, ці апісанні гербаў, 1792." падаў наступны спіс урадоўцаў Слонімскага павета:

Маршалак Казімір Валовіч.

Падкаморы Ян Макавецкі.

Стараста Станіслаў Солтан , маршалак надворны літоўскі.

Харунжы Аляксандр Мікульскі.

Суддзя земскі Людвік Бронскі .

Суддзя земскі Геранім Палубінскі .

Суддзя земскі Канстанцін Працлаўскі .

Суддзя земскі Францішак Кабылінскі.

Войскі Віктар Палубінскі.

Стольнік Адам Шукевіч.

Падстолі Ігнацы Быхавец.

Пісар земскі Ігнат Шукевіч .

Падстараста Вільгельм Стравінскі.

Суддзя гродскі Тадэвуш Чудоўскі .

Суддзя гродскі Андрэй Мікульскі .

Суддзя гродскі Тадэвуш Бужымоўскі .

Пісар гродскі Ян Працлаўскі.

Падчашы Томаш Коркуць .

Чашнік Тадэвуш Пратасовіч .

Гараднічы Мацей Брадоўскі.

Скарбнік Стэфан Палубінскі .

Лоўчы Канстанцін Юндзіл .

Мечнік Антон Ячкевіч .

Канюшы Ануфры Завадскі .

Абозны Ян Працлаўскі.

Стражнік Марцін Тункгаўз .

Краўчы Юзаф Палубінскі.

Будаўнічы Адам Чэрнік .

Мастаўнічы Бенедыкт Чачот .

Рэгент земскі Францішак Белы .

Рэгент гродскі Антон Працлаўскі .

Рэгент гродскі Ян Каменскі .

Рэгент гродскі Ян Міхалоўскі .


Пра харугву Слонімскага павета Аляксандр Гваньіні паведаў наступнае: "Ужываецца харугва чырвоная ВКЛ з адным рогам" 59.

VI.

Межы Ваўкавыскага павета апісаны ў апісанні межаў 1566 г.: "Ад Каралеўскага Моста маецца маёмасць Бераставіцкая да Гародні да старога дварца Ваўпянскага, Ваўпянская мяжа да Гудзевічаў, ад Гудзевічаў да Лунна, паміж Лунна і мяжы Ваўпянскай па Нёмане, Нёмнам да ракі Зельва, там, дзе яна ўпадае ў Нёман, ракой Зельвай угору ажно да ракі Ражаны, там дзе яна ўпадае у Зельву, Ражанай міма Шэпіч і Байкавіч да Жалабатых Мастоў, падляская мяжа ад Жалабатых Мастоў да нараўскай дарогі, якая вядзе праз Белавежскую пушчу, з бору і пушчы ажно да Каралеўскага моста" 60. На карце Rizzi Zannoni 1772 г. мяжа Ваўкавыскага павета ад ракі Нараў ідзе на паўночны ўсход і далучае да таго павета Ялоўку, Ялоўскі лес, Вялікую Бераставіцу, Рэплю і Воўпу і пакідае ў Гарадзенскім павеце Гарадок, Крынкі, Алекшыцы, Лунна і Свіслач. Потым даходзіць вышэй Дубна да Нёмана і потым Нёманам угору да вусця ракі Зельва. Далей мяжой Слонімскага павета да Бярозы і адтуль мяжой Берасцейскага ваяводства да апісанай вышэй пачатковай кропкі.


Аляксандр Гваньіні ў сваёй "Хроніцы Еўрапейскай Сармаціі" апісаў два гарады сучаснага Ваўкавыскага павета 61:

"Ваўкавыск, горад вялікі, двор у ім судовы, дзе шляхецкія справы разглядаюцца".

"Мсцібаў, горад і замак драўляныя, паміж балотным ставам: сама прырода спрыяе абароне, ад Ваўкавыска дзве мілі".


Пасля смерці князя Жыгімонта Аўгуста паны-рада ВКЛ, каб параіцца пра захавання парадку і аховы межаў краю падчас безкаралеўя, з'ехаліся ў 1572 г. у Мсцібава. Былі тут таксама і паслы з Кароны: Пётр Збароўскі , ваявода кракаўскі і Ян Томіцкі , кашталян гнезненскі 62. Пасля элекцыі караля Стэфана Баторыя, Літва з'язджалася ў 1576 г. на нараду ў Геранёны, Гародню і Мсцібаў. Бельскі апавядаў, што "Літва таксама ў той час соймікі свае праводзіла, найперш у Гародні, а потым у Мсцібаве, раіліся, што рабіць, калі палякі без іх Пана абралі і каранавалі" 63. З'езды тыя былі надзвычайныя і адбываліся па меры неабходнасці. Кароль Стэфан Баторы, канфірмуючы "артыкулы" караля Генрыка Валуа, у сваім лісце ад 8 лютага 1576 г. прапанаваў для Літвы рэгулярныя з'езды станаў і паслоў перад кожным соймам у Ваўкавыску: "Таксама ў Ваўкавыску галоўны соймік мае быць" - гэта ў той жа год ухваліў каранацыйны сойм 64. Маем інфармацыю пра тыя з'езды (conventus generales, ці, па-просту general) у Ваўкавыску ў 1576, 1577, 1578, 1582, 1584 гг. 65. Відочна, што гэтыя з'езды адбываліся ў Ваўкавыску дзякуючы яго добраму геаграфічнаму становішчу на вялікай дарозе з Літвы ў Карону, толькі ў 1580 г. "генерал" літоўскі адбыўся ў Вільні, а трохі потым, пасля апублікавання Трэцяга Статута, быў перанесены ў Слонім.

Ваўкавыск стала быў цэнтрам свайго павета ажно да ўпадку Рэчы Паспалітай. Чатырохгадовы сойм 1791 г. у раскладзе дзяржавы ухваліў: "Ваўкавыскі павет не падзелены, соймікі працаваць будуць у Ваўкавыску, у касцёле па-езуіцкім і абіраць двух паслоў" .


Вялёндка ў "Геральдыцы, ці апісанні гербаў, 1792." падаў наступны спіс урадоўцаў Ваўкавыскага павета:

Маршалак Міхал Булгарын.

Падкаморы Юзаф Сухадольскі .

Стараста Павел Грабоўскі , генерал-інспектар войскаў ВКЛ.

Харунжы Казімір Жалкоўскі .

Суддзя земскі Казімір Грымайла .

Суддзя земскі Станіслаў Зыняў .

Суддзя земскі Дамінік Сухадольскі .

Войскі Адам Ельскі .

Стольнік Ануфры Дзяконскі .

Лоўчы Юзаф Хадакоўскі .

Мечнік Ігнацы Сарока .

Канюшы Міхал Сухадольскі .

Абозны Дамінік Камаеўскі .

Скарбнік Юзаф Пратоцкі .

Крайчы Павел Булгарын .

Будаўнічы Ігнат Андрэйкавіч .

Мастаўнічы Міхал Будкевіч .

Рэгент земскі Вінцэнт Славецкі .

Регент гродскі Францішак Тарасовіч .


Пра харугву Ваўкавыскага павета Аляксандр Гваньіні паведаміў: "Харугва падобна Слонімскай" 66.


Абшар Наваградскага ваяводства перад падзеламі Рэчы Паспалітай склаў каля 24000 км 2. Пасля адыходу Слуцкага (не цалкам) і Ваўкавыскага паветаў у складзе ваяводства засталіся :

павет Нясвіжскі - 1 968 км 2;

павет Наваградскі - 2930 км 2;

павет Баранавіцкі - 3298 км 2;

павет Слонімскі - 3 069 км 2;

разам - 11 265 км 2.


З даўнейшых ваяводстваў да сучаснага Наваградскага ваяводства (артыкул напісаны ў 1938 г. - Л.Л. ) далучаны:

павет Стаўпецкі - 2 371 км 2;

павет Валожынскі - 2 799 км 2;

павет Лідскі - 4 258 км 2;

павет Шчучынскі - 2 273 км 2.


Сучасны абшар Наваградскага ваяводства 22 966 км 2, што складае 49 % ад плошчы гістарычнага Наваградскага ваяводства.

Міхал Шымялевіч

49 Выдана в Актах Вилен. Археографич. Комиссии. Т. XXII.

50 Лаппо. Лит. Рус. Повет. (1911.). дод. 35.

51 Vol. Leg. IV. 316.

52 Згода з выданнем 1693 г.

53 M. Balinski.Starozytna Polska. III (1884.), 681.: Горад Слонім удалечыні ад дарогі вялікай знаходзіцца, не можа таму гандлем развівацца, Жыгімонт Аўгуст па прапанове падскарбія літоўскага, ваяводы навагрудскага, старасты слонімскага Івана Гарнастая, прывілеем ад 13 мая 1558 г. пісаным у Вільні, устанавіў двухтыднёвыя кірамашы".

54 Vol. Leg. III. 336.

55 Ibid. V. 259.

56 bid. V. 307.

57 H. Lowmianski. Rys histor. wojew. Nowogrodzkiego (1935.). 30.

58 A. Podgorski. Pomniki Dziejow Polski. (1840.). 270.

59 Gwagnin. Kronika (w przekladzie. 1768.). 303.

60 Рос. Истор. Биб. Т. ХХХ. 888.

61 Выд. 1768 г. 303.

62 M. Balinski. Star, Polska. III. 698-699.

63 Marcin Bielski. Kronika (1766.). 675.

64 Vol. Leg. II. 151 i 161.

65 Лаппо. Вел. кн. Лит. (1901.). 161, 163, 189, 190.; Лаппо. Лит. - Рус. Повет (1911.). 380-384, 402-406, доп. 50, 64, 68, 70, 74, 85.

66 Gwagnin. Kronika (w przekladzie. 1768.). 303.


"НАША НІВА" (1906-1915 гг.) ЯК КРЫНІЦА ВЫВУЧЭННЯ МАТЭРЫЯЛЬНАЙ І ДУХОЎНАЙ КУЛЬТУРЫ ПАЛЕШУКОЎ

14-15 верасня 2016 г. у НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная Палессю. Першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім выступіла на адной з секцый з паведамленнем. Прапануем адаптаваны тэкст выступу.


У гэтым годзе будзе адзначацца 110-годдзе з пачатку дзейнасці газеты "Наша Ніва", якая стала выходзіла ў Вільні з 1906 па 1915 год (пазней, у 1920 годзе, было выдадзена яшчэ 9 нумароў).

Дзейнасць газеты даўно прываблівала ўвагу даследчыкаў, але найбольш актыўна яе матэрыялы пачалі выкарыстоўвацца пасля з'яўлення факсімільных выданняў напрыканцы ХХ стагоддзя. Гэта цікавасць тлумачыцца тым, што, па-першае, "Наша Ніва" была фактычна адзіным беларускамоўным перыядычным выданнем пачатку ХХ ст. Па-другое, ствараючы новае выданне і маючы намер дайсці да кожнай мясціны і да кожнага патэнцыйнага чытача, каб данесці свае погляды на развіццё краю і народа, рэдакцыя газеты імкнулася адлюстраваць жыццё беларусаў на ўсёй тэрыторыі іх пражывання з розных бакоў. Таму ў газетных публікацыях даследчыкі могуць знайсці шмат звестак пра жыццё жыхароў тагачасных вёсак, мястэчак, гарадоў, у тым ліку і на Палессі.

Усе матэрыялы па палескай тэматыцы можна ўмоўна падзяліць на наступныя групы:

1. Артыкулы на спецыяльныя тэмы, у якіх прыводзяцца звесткі з населеных пунктаў тых паветаў і ўездаў, што адносяцца да Палесся.

2. Паведамленні, якія дасылалі мясцовыя аўтары або карэспандэнты з месца.

3. Мастацкія творы, аўтары якіх пазначаюць адпаведнае месца напісання або суадносяць тэматыку з палескімі матывамі.

4. Фотаздымкі, у якіх адлюстраваны палескія краявіды ці вонкавыя асаблівасці побыту жыхароў Палесся.

Публікацыі першага тыпу змяшчаюць некаторыя цікавыя звесткі агульнага характару. Так, у 1909 годзе ў артыкуле "Аб гарадох" прыводзяцца звесткі пра колькасць жыхароў беларускіх гарадоў: "Колькасць жыхароў: Пінск - 34 тыс., Рэчыца - 11 тысяч, Мазыр - 10 тыс.". У 1911 годзе ў артыкуле А. Бульбы "Наш рахунак за мінулы год" прыводзіцца агульная колькасць публікацый за 1910 год з розных губерній і паветаў: "Выходзіць, што за той год было ў ёй надрукавана 666 корэспандэнцій з родных мейсц нашай роднай старонкі; у тым ліку.. з Мінскай губ.: ...з пінскаго [пав.] - 2; ..мозырскаго - 4.." [6: № 6, c. 83]. У сваёй дзейнасці рэдакцыя газеты асвятляла практычна ўсе бакі грамадска-палітычнага жыцця тагачаснага грамадства. Адно з цэнтральных месцаў у "Нашай Ніве" займалі публікацыі па розных сацыяльна-эканамічных пытаннях, такіх як, напрыклад, рэформы ў галіне сельскай гаспадаркі, развіццё банкаўскай сістэмы, фінансаванне розных праграм і г.д., з якіх мы даведваемся пра тое, колькі грашовых сродкаў і на якія мэты выдзялялася з бюджэту, у прыватнасці, на палескія землі. Так, у 1913 годзе ў раздзеле "У земстві" чытаем наступную інфармацыю: "Губэрнская земская управа атпусьціла 1,188,111 руб. дарожнаго капіталу для раздзелу паміж паветовымі земствамі: на Мінск - 69,531 руб., на мінскі павет - 106, 058 р., ..мозырскі - 144,679 руб., .. пінскі - 76,496 руб., рэчыцкі - 258,179 руб." .

Некаторыя публікацыі змяшчалі падрабязнае апісанне прыродных асаблівасцей гэтага рэгіёну. Так, у 1913 годзе ў матэрыяле, які мае загаловак "С Палесься", аўтар паведамляе пра агульную сітуацыю, якая склалася ў гэтых мясцінах з прычыны неспрыяльнага надвор'я. "Трудна прыходзіцца людзям у Піншчыне. Летась зіма была неспакойная. Да Каляд ішлі дажджы. Увесь сенакос палескіх селян на балотах, куды дабрацца з хурманкаю німа ніякіх спосабоў, і сена прыходзіцца скідаць у стажкі і чэкаць марозоў, калі ўстановіцца санная дарога і падмерзне балота. Марозоў доўга не было. ...Сяголетняе лета было мокрае. Вада вылілася такая, якой не бывае і вясною ў разліў, Палесьсе выяўляе сабою аграмадную нізіну, куды адуўсюль зліваецца вада. Шмат вады прыбыло ад навальніц, шмат прынесьлі яе рэкі Стыр і Горынь, цекучы с пад Карпацкіх гор. Летам на гэтых гарах таіць сьнег, па гэтай прычыне тые рэкі, што цякуць з Карпатаў, разліваюцца па два разы ў год. Усе сенакосы затоплены...". Змест гэтай публікацыі дае агульнае ўяўленне пра тое, якія прыродныя ўмовы суправаджаюць жыццё палешукоў, як гэта адбіваецца на іх жыццёвым узроўні і як яны спраўляюцца з абставінамі.

Другая група публікацый па колькасці найбольшая. У матэрыялах гэтай групы падаецца інфармацыя пра розныя здарэнні, хваробы, паводзіны сялян у побыце. Некаторыя нататкі перадаюць таксама і апісанне мясцовасці. У якасці прыкладу прывядзём наступнае паведамленне аўтара Любешовец , змешчанае ў 1909 годзе: "З Піншчыны, Мінск. губ. Гэта край балот. Тут працекаець рэка Прыпяць, яна ўліваецца у Днепр. У Прыпяць уліваюцца меньшые рэкі: Піна, на каторай стаіць г. Пінск (паветовый), Яцольда, Горынь, Бобрык, Стоход, дый у балоцістых берагох цякуць сотні рэчэк. ...Земля мала ўрадлівая, але ў рэках шмат рыбы, і, каб ня рыба, пінчук бы прапаў; яны рыбу прадаюць і самі яе ядуць. Ціха едзе пінчук на сваім вузкім чоўне і застаўляе сетку на рыбу; бабы так сама добра умеюць ездзіць чоўнам. Да некаторых вёсак інакш, як па вадзе, і не даедзеш.

Трэба прызнацца, што пінчукі самые цёмные памеж беларусоў. ...І жывуць палешукі так сама, як і 500 лет таму назад жылі." .

У некаторых публікацыях аўтары распавядаюць пра тое, што палешукі былі не надта законапаслумяныя, час ад часу яны супраціўляліся некаторым парадкам, што прыводзіла да сутычак з уладамі. У 1907 годзе ў карэспандэнцыі, якую падрыхтаваў аўтар Міхась, даецца апісанне наступнай сітуацыі: "З Мазырскаго вуезда. У марцы месяцы ўпраўляючэму аднаго маёнтка Жытковичскай воласьци лясьники данясьли, што мужыки суседней вёски пасекли лес... Мужыки зышлися и не дали им трасьци сябе, а як гэтые людзи надта лезьли, то адзин мужык сунуў абъешчыку ў спину кулаком... Их забрали и завязьли ў турму. Ня ведама, што з ими будзе". У 1910 годзе паведамляецца наступнае: "Пінскі павет. У маёнтку Скірмунта Парэччы памеж селянамі і лесьнікамі дайшло да бойкі. Аднаго селяніна забілі, двох зранілі". У 1912 годзе ёсць апісанне наступнага здарэння: "6 мая ў дварэ Вольна, каторы належыць да памешчыка Давыдова грамада селян напала на дом дворнаго лесьніка. Пазвалі паліцію. Калі прыбыла паліція, селяне кінуліся на прыстава с каламі. Стражнікі пачалі стрэляць. Забілі на мейсцы аднаго чэлавека і зранілі 5 душ. Раненых завязьлі ў бальніцу ў Пінск. Недаразуменьне пашло аб сэрвітут. З Мінска выехало сьледзтвеннае начальства.".

Некаторыя з публікацый у "Нашай Ніве" асвятляюць тэму выбараў у Думу. Першы матэрыял, у якім закранаюцца пытанні гэтага аспекту грамадска-палітычнага жыцця на Палессі, змешчаны ўжо ў 1906 годзе: "З Мазырскаго Палесся. Па ўсём Палесси идзе ўжо даўно агитацыя перад выборами на дэпутатоў у Думу ад Минской губэрни" . У наступных публікацыях распавядаецца пра сам працэс агітацыі, пра тое, якія палітычныя сілы зацікаўлены ў атрыманні права дзейнічаць ад імя палешукоў. У такіх матэрыялах аўтары нярэдка давалі сваю ацэнку выбарнай кампаніі і тым асобам, якія ў ёй бралі ўдзел.

Даволі часта на старонках газеты змяшчалася таксама інфармацыя пра бандыцкія напады, з якіх можна атрымаць уяўленне пра агульную сітуацыю з крымінальнай злачыннасцю. Так, у 1909 годзе паведамляецца: "У Рэчыцкім павеці круціцца нейкі Капусьцёнак з шайкай уцёкшых арэштантоў і не раз ужо абіраў народ, а так спрытна перэбігае з аднэй губ. ў другую суседнюю, што наша паліція ніяк ня можэ даць гэтым злыдням рады."

Не вельмі высокі ўзровень агульнай культуры і адпаведны нізкі ўзровень жыцця часта былі прычынай нешчаслівых здарэнняў, найперш пажараў. На працягу некалькіх нумароў у 1909 годзе паведамляецца пра такія выпадкі на тэрыторыі Палесся: "Пінск. Мінск. губ. У в. Пэчанове спалілася 49 хат і грамадскі хлебны магазын. Шкоды зрабілася на 40 тысяч руб." . Праз кароткі час рэдакцыя змясціла яшчэ адно кароткае паведамленне пра пажар у гэтых мясцінах: "Пінск. У в. Табулках спалілася 113 будынін. Згарэла дзіця. Шкоды на 43 тысячы руб.".

Сярод публікацый, дасланых аўтарамі з палескага рэгіёну асобна трэба выдзеліць матэрыялы, у якіх даецца апісанне культурных падзей. Менавіта такім зместам вылучаецца публікацыя ў 1911 годзе, падпісаная Абыватэль . У ёй распавядаецца пра першую тэатральную пастаноўку ў Давыдгарадку, які ў той час адносіўся да Мазырскага павету Менскай губерні. "У нядзелю 5 чэрвеня 1911 году, адбылося тут (у актовай залі Давідгародзецкаго вучылішча) ігрышчэ на карысьць незаможных вучнёў гэтаго-ж вучылішча. Гуртком ахвотнікоў-артыстоў с тутэйшай інтэлігенціі, былі пастаўлены 2 п'есы: "Па рэвізіі" Кропывныцькаго і "Сватаньне" Чэхова. Прайшлі яны пры агульнай сымпатіі і сьмеху публікі, каторая ці ня першы раз пачула простую беларускую гутарку на сцэні. ...Публікі было надта многа, ніводнаго вольнаго куточка не было; стаялі нават на вокнах.".

Інфармацыя, змешчаная ў 1910 годзе за подпісам Магілёўскі Беларус , вызначаецца аўтарскай сімпатыяй і агульным паважлівым пачуццём да жыхароў Рэчыцкага павета. "Па рэчыцкім павеці. Рэчыцкі павет - гэта адзін з найбольшых і найбеднейшых паветоў Мінскай губ. Земля скрозь гнедо-пешчаная, балоцістая, перарэзаная жвіровымі пагуркамі, на каторых не расьце нават дзікая расьліна... Калі я праходзіў, ці праежджаў па гэтым павеці, я бачыў усюды, вялікую чыстату: вуліцы чыста падмецены, студні абгароджэны плотам, тын абсыпаны на аршын кругом жоўтым пяском; у хатах, так сама, сталы засланы чыстымі, белымі абрусамі, пасуда чыста памытая ў парадку разстаўлены на палічках." . З гэтага матэрыялу мы можам атрымаць пэўнае ўяўленне пра агульны выгляд мястэчак і побыт насельнікаў у гэтай канкрэтнай мясцовасці.

Да публікацый трэцяй групы мы, як пазначалася вышэй, адносім мастацкія творы, напісаныя на падставе назіранняў за побытам палешукоў. Так, у газеце за 1908 г. змешчана апавяданне "Кантракт" Тамаша Булавы, якое мае падзагаловак "З жыцця пинчукоў" . У апавяданні аўтар апісвае знешні выгляд сваіх герояў, а таксама дае кароткую характарыстыку іх агульнага ўзроўню адукаванасці: "Адзеты яны [палешуки] были - хто ў доўгие халаты з фалдами, хто ў кажухи с шырокими, як засланка, каўнерами. Усе яны были ў лапцях, з голыми грудзьми, хоць на дварэ крэпила зима… Усе палешуки, у тым знаку и стараста, писаць не умели" .

Яшчэ адно апавяданне "Недаступны" Тараса Гушчы змешчана ў 1912 годзе. Суаднесці яго з тэмай палескага жыцця нам дае права аўтарскае пазначэнне месца напісання. Пасля ўказання імя аўтара ў дужках падаецца назва мястэчка (Лунінец). Трэба зазначыць, што абодва апавяданні вызначаюцца гумарам, народным досціпам. З іх паўстаюць каларытныя фігуры палескіх сялян, аўтар добразычліва пасмейваецца з некаторых тыповых рыс сялянскай натуры: цемнаты, п'янства, хітрыкаў.

Крыху арозніваецца ад папярэдніх твораў апавяданне "Дзеравеншына" Тараса Гушчы, якое надрукавана ў 1912 годзе ў агульнай рубрыцы "Родные зьявы". Пасля твора пазначана месца і дата напісання: Пінск, 8/ІХ.1912 . У гэтым апавяданні аўтар распавядае пра жыццё хлопчыка-сіраты, які па волі лёсу вымушаны жыць у сям'і брата ў горадзе. Як цяжка дзіцяці звыкнуцца з гарадскімі парадкамі, як душа яго рвецца на прыроду, на прастор, знаёмы яму змалку, да роднай мясціны - асноўны матыў гэтага мастацкага твора.

У газеце надрукаваны таксама некалькі паэтычных твораў, звязаных з тэмай Палесся. Так, у 1908 годзе змешчаны верш "Вечэр на Палесьси (аўтар К. Адзиноки), у якім даецца лірычнае апісанне палескай прыроды і сялянскага побыту з яго штодзённымі клопатамі і радасцямі.

От пастух

ўжо стадка гониць;

Вол бушуе і раве...

Вёска ходзиць и гамониць,

толькі эха ў леси йдзе.

..Свист за свистам

так и льэцца,

Як Палесьсе, без канца…"

Вершаваны твор "Матчыно прычытаньне" Якуба Коласа, надрукаваны ў 1911 годзе, мае прамую сувязь з вуснай народнай творчасцю палешукоў. На гэта ўказвае як падзагаловак "Палесская легенда" , так і адпаведныя назвы ў самім тэксце.

Каля грэблі, за балотам

Людзі начэвалі;

Аж с-пад Пінска шлі пяхотам,

Таварыну гналі;

Сутуняло. Ў цёмным лесе

Галасілі совы.

Нікло ў змроку ўсё Палесьсе,

Бор дрэмаў вяковы.

Аўтар у паэтычнай форме пераказвае легенду пра тое, як загінуў маленькі хлопчык, якога выправілі дадому ўначы па хлеб. І хоць да роднай хаты было недалёка, Пятрусь туды не дайшоў. Яго маленькае цела знайшлі сярод грэблі, між бярвення. З тае пары пра гэтае месца сярод людзей ідзе нядобрая слава, што і паслужыла асновай для з'яўлення легенды.

Хоць фармальна наступная публікацыя "З народнай мудрасьці", якая змешчана ў 1913 годзе, не з'яўляецца мастацкім творам, але мы аднясём яе да гэтай групы. У гэтай публікацыі сабраныя прыказкі, у якіх даецца гумарыстычная характарыстыка жыхароў розных мясцовасцей. Сярод іх ёсць прыказкі пра насельнікаў Палесся: "Мозырчукі адвакатамі родзяцца. Піньчукі і Бога хваляць і чорта кволяць (лашчуць)" .

Акрамя тэкставай інфармацыі ў "Нашай Ніве" мы знаходзім таксама здымкі, якія адлюстроўваюць некаторыя асаблівасці побыту палешукоў ці палескія краявіды. Такія матэрыялы мы адносім да публікацый чацвёртай групы.

Прывядзём апісанне некаторых з іх. У 1909 годзе змешчана фота - Беларусы з пад Прыпеці (Палешукі) . На ім мы бачым сталых мужчын, якія сядзяць на ўзлеску. Здымак дае нам праўдзівую інфармацыю пра знешні выгляд палешукоў, іх адзенне. У 1910 г. на першай старонцы надрукаваны здымак: Палудзень пры жніве ў Палесьсі . На ім мы бачым некалькі маладых жанчын, якія адпачываюць падчас працы ў полі. У гэтым жа годзе змешчаны яшчэ адзін невялікі здымак пад назвай "Палесьсе; - на граніцы балот" , на якім бачна агароджаная сядзіба з дрэвамі каля будынка, два чоўны ля вады, якая ўяўляе ці то сажалку, ці то край крыху зарослай рэчкі.

У 1911 годзе рэдакцыя надрукавала здымак "Беларускі тэатр у Давід-Гарадку" , які дапаўняе інфармацыю пра тэатральную пастаноўку, змешчаную ў № 24 (гл. вышэй). На гэтым здымку відаць постаці ўдзельнікаў тэатральнай пастаноўкі ў характэрнай вопратцы. Праз некалькі нумароў у гэтым жа годзе рэдакцыя змясціла здымак "Ваколіцы Мозыра" , на пярэднім плане бачна постаць чалавека, які кіруе брычкай, а таксама фрагмент сядзібы.

Падагульняючы наш невялікі агляд публікацый у "Нашай Ніве" (1906-1915 гг.), датычных палескай тэматыкі, хочам зрабіць наступныя высновы:

1. Рэдакцыя газеты значнае месца адводзіла публікацыям, у якіх асвятлялася грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё насельнікаў Палесся, з якіх можна даведацца пра розныя працэсы, што мелі месца на пачатку ХХ ст., а таксама пра агульныя грамадска-сацыяльныя настроі палешукоў.

2. Газетныя матэрыялы як тэкставыя, так і ілюстрацыйныя ўтрымліваюць цікавыя звесткі пра прыродныя асаблівасці гэтага рэгіёна на пачатку ХХ ст.

3. Змест публікацый дае выразнае ўяўленне пра матэрыяльную і духоўную культуру палешукоў пачатку ХХ ст.

А.М. Анісім


Прэзентацыя новай кнігі Міхася Скоблы "Саркафагі страху"

У Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў рамках фестывалю "Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова" прайшла першая прэзентацыя новай кнігі слыннага беларускага пісьменніка, вядомага паэта і журналіста Міхася Скоблы . Зборнік "Саркафагі страху" стаўся 84-м выпускам Бібліятэкі СБП "Кнігарня пісьменніка".

"Саркафагі страху" Міхася Скоблы - творчая справаздача за апошнія дзесяць з лішкам гадоў літаратурнай працы, у тым ліку і як палеміста (на хвалях Беларускай службы "Радыё Свабода"), і як гісторыка літаратуры, укладальніка шэрагу кніг спадчыны беларускіх аўтараў. Як блогер, Міхась Скобла выбірае тэмы прыкметных праяваў абсурду ў сучаснай дзяржаўнай культурнай палітыцы - недабудаванасць нацыянальнага праекту і вечная асцярожнасць дзяржаўнай ідэалогіі, дваістасць стаўлення да беларускага ў беларускіх дэ-юрэ ўладаў, пастаяннае ігнараванне найвыдатнейшых постацей айчыннай культуры - усе гэтыя паказальныя рухі ўладных культуртрэгераў абавязкова трапляюць у поле зроку Міхася Скоблы.

Шмат старонак у кнізе аддадзена і памятным старонкам: успамінам пра нядаўна адышоўшых аўтараў Беларусі і Украіны: Змітра Сідаровіча, Івана Лепешава, Уладзіміра Дамашэвіча і інш. Знаходзіцца месца і нататкам на палях прачытаных кніг, водгукам на зборнікі вершаў і гістарычныя даследаванні, падарожным нарысам.

Немалая частка кнігі прысвечана Ларысе Геніюш, што і зразумела: якраз у апошняе дзесяцігоддзе Міхась Скобла стаўся найбольш вядомым даследчыкам зэльвенскай аўтаркі - падрыхтаваў да друку некалькі тамоў ейнай перапіскі, двухтамовік выбраных твораў і аднатамовік у "залатой" серыі "Беларускага кнізабору", кнігу ўспамінаў і персанальны выпуск біяграфічнага альманаха "Асоба і час" пра Ларысу Геніюш. Шматгадовая праца над біяграфіяй і творчасцю Геніюш спарадзіла безліч назіранняў, знаходак і нечаканых адкрыццяў, якія неадменна спадарожнічаюць напружанаму пошуку - яны адлюстраваны ў найбольш аб'ёмным тэксце кнігі - "Чайка з лётам арліным".

Напісаныя выдатным стылістам, эсэ Міхася Скоблы стануць добрым падручнікам беларускай мовы для тых маладых журналістаў, хто толькі пачынае пісаць і прадумваць свае першыя аналітычныя артыкулы.

Міхась Скобла падарыў бібліятэцы "Саркафагі страху", а таксама кнігу Мікалая Улашчыка "Даць народу гісторыю. Успаміны, лісты", якую ён укладаў разам з Аляксеем Каўкам, а таксама коратка пазнаёміў прысутных з постаццю Мікалая Улашчыка.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


Прэзентацыя кнігі "Паўстанчы дух"

12 верасня у Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага прайшла прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне" (Гродна, 2016. 244 с.).

Як адзначыў у прадмове да кнігі кандыдат гістарычных навук, дацэнт А.Р. Радзюк, у апошнія два дзесяцігоддзі незалежнай гісторыі Беларусі зроблены спробы новай ацэнкі і інтэрпрэтацыі падзей 1812, 1831 і 1863 гадоў. Але нягледзячы на паступальны рух наперад у іх вывучэнні, па-ранейшаму застаецца шмат "белых плямаў". Адным са спосабаў іх ліквідацыі з'яўляецца распрацоўка рэгіянальнай гісторыі. Падобны падыход дазваляе нібыта праз павелічальнае шкло пабачыць тое, чаго зазвычай не відаць у акадэмічных выданнях і працах прафесійных гісторыкаў. На месцы бывае прасцей разабрацца з нейкай праблемай, убачыць яе спецыфіку, чым з далёкіх кабінетаў. Менавіта такую функцыю выконваюць нарысы гісторыі барацьбы жыхароў Лідчыны за незалежнасць свайго краю лідскага даследчыка, якія нядаўна выйшлі з-пад выдавецкага варштата.

Прэзентацыя была арганізавана сумесна з факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, чые выкладчыкі і студэнты ўдзельнічалі ў абмеркаванні кнігі. Прысутнічалі так-сама гарадзенскія краязнаўцы. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі да прэзентацыі выставу апублікаваных работ Л. Лаўрэша.

Прэзентацыю распачала дырэктар бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Мальцава Л.В. Вяла прэзентацыю прафесар, доктар гістарычных навук С.В. Марозава. Пра працу гарадзенскага выдавецтва "ЮрСаПрынт", у якім выйшла кніга, распавёў яго дырэктар А. А. Рыжы. Пасля гэтага аўтар адказаў на шматлікія пытанні і расказаў пра свае творчыя планы: ужо ў выдавецтве знаходзіцца кніга пра Маламажэйкаўскую царкву, рыхтуецца вялікая кніга "Лідчына ў прэсе: 1906 - 1939 гг.".

Даведка.

Леанід Лаўрэш (нарадзіўся ў 1963 г. у Лідзе, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут) - беларускі краязнавец, даследчык гісторыі Лідчыны, аўтар 7 кніг і больш сотні артыкулаў, стваральнік гістарычна-краязнаўчага сайту pawet.net, пастаянны аўтар газеты "Наша слова", удзельнік шматлікіх навуковых канферэнцый. Сфера навуковых зацікаўленняў - краязнаўства і гісторыя прыродазнаўчых навук на Беларусі. Сваімі даследаваннямі Л. Лаўрэш робіць значны ўклад у пашырэнне ведаў пра гісторыю Лідчыны, пазнанню яе месца і значнасці ў еўрапейскім гістарычным кантэксце.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX