Папярэдняя старонка: 2016

№ 39 (1294) 


Дадана: 28-09-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 39 (1294), 28 верасня 2016 г.


85 гадоў з дня нараджэння Ніла Гілевіча

Ніл Сымонавіч ГІЛЕВІЧ (30 верасня 1931, в. Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласць - 29 сакавіка 2016) - беларускі паэт і грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980 г.). Народны паэт Беларусі (1991 г.)

Нарадзіўся ў сям'і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны Гілевічаў, бацька быў старшынём сельсавета.

Першыя гады пасля 2-ой сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 скончыў Менскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Менска.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1954 года. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1956), пасля аспірантуру пры ім, кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). З 1960 па 1986 год - супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты "Звязда". Быў рэдактарам альманаха замежнай літаратуры "Далягляды". З 1980 да 1989 года - першы сакратар праўлення СП БССР, у 1981-1991 гг. сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. У 1989-1997 гг. - старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ "Наша слова".

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XI склікання (1985-1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Дэпутат ВС Беларусі XII склікання (1990-1995), член Прэзідыюма ВС, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995).

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946 годзе. Аўтар кніг паэзіі "Песня ў дарогу" (1957), "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959), "Неспакой" (1961), "Бальшак" (1965), "Перазовы" (1967), "Лісце трыпутніку" (1968), "А дзе ж тая крынічанька" (1972), "Запаветнае" (1975), "Актавы" (1976), "У добрай згодзе" (лірыка, гумар і сатыра, 1979), "Святлынь" (1984), "Як дрэва карэннем" (1986), "Повязь" (1987) і іншых Раман у вершах "Родныя дзеці" (1985) ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сацыяльныя і духоўныя каштоўнасці. ). У 1975 годзе свет пабачыла ананімная паэма "Сказ пра Лысую Гару", у 2003 годзе Ніл Гілевіч агучыў, што гэты твор напісаў ён, а ідэі для сюжэтаў яму падкідваў Мікола Аўрамчык, сам Аўрамчык сцвярджае, што гэты твор яны пісалі разам з Гілевічам

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў "Песні сямі вёсак" (1973), "Песні народных свят і абрадаў" (1974), "Лірычныя песні" (1976), "Лірыка беларускага вяселля" (1979), "Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983). Аўтар зборнікаў вершаў і паэм для дзяцей. Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў.

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай.

Вікіпедыя.


Памяці Ніла Гілевіча - Вялікай душы чалавека

Цяжкі дзень…Беларусь…цяжкі час…

Плача дождж, плачуць з ветрам бярозы…

Ніл Гілевіч сабраў каля крыжа ўсіх нас…

З раны сэрца цякуць болем слёзы…

Неслі людзям утульнасць, любоў і цяпло

Яго шчырыя вочы-валошкі…

Зараз сум на зямлі - бо не стала яго,

Вечнасць дрэмле, дзе лёсу дарожкі…

Ніл Гілевіч сапраўдны, народны паэт,

І застаўся ён сэрцам Радзімы,

Адчыніў і дарогу, і веру ў сусвет,

Больш не будзе такіх - ён адзіны!


Паміж сосен і жыта яго валуны

Ціха плачуць на ўзгорку сягоння,

З імі вершы, як зерне, узыдуць яны

І квітнець будуць з намі штодзённа!


Ён настаўнік паэтаў і простых людзей,

Яго "Родныя дзеці" з народам,

Праз гады дачакаемся новых падзей -

Калі месца не будзе нягодам.


Яго позірк ніколі ўжо нам не сустрэць,

Толькі снег б'е па твары калючы,

Мы заўжды будзем вогнішчам, сэрцам гарэць,

Як бы нам не было зноў балюча!


Найсвятлейшай душы гэта быў чалавек -

Ніл Гілевіч! Такім і застаўся

Ён у памяці нашай, у сэрцах - на век!

Ганарыся народ ім і слаўся!


Неба быццам лягло адпачыць на дамы,

Хмары стынуць, бы ўзімку марозы…

Калыхаюць, люляюць напеў векавы -

І шумяць, і шумяць з ім бярозы…

Галіна Ліс.


125 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Смоліча

Аркадзь Антонавіч СМОЛІЧ (29 верасня 1891 - 17 чэрвеня 1938) - дзяяч нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі, адмысловец ў галіне геаграфіі, эканомікі, картаграфіі, міністр сельскай гаспадаркі БНР.

Нарадзіўся ў в. Бацэвічы Бабруйскага павета, цяпер Клічаўскі раён. Скончыў Менскую духоўную семінарыю (1905), НоваАлександраўскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

Да беларускага адраджэнцкага руху Смоліч далучыўся ў 1910 годзе, будучы студэнтам Нова-Аляксандраўскага інстытута сельскай гаспадаркі і лесаводства.

З 1910 году чалец Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клубу "Беларуская хатка" ў Менску.

У 1914 годзе ў часопісах "Раніца" і "Лучынка" ён дэбютаваў эцюдамі на навукова-папулярныя і грамадскія тэмы.


З вясны 1917 года Смоліч - адзін з дзейных лідараў БСГ у Менску, рэдактар яе друкаванага органа - газеты "Грамада", плённы публіцыст.

На працягу 1917-1920 гг. А. Смоліч удзельнічаў практычна ва ўсіх акцыях, звязаных з вызначэннем лёсу Беларусі. У снежні 1917 г. Смоліч - удзельнік Усебеларускага з'езду, які абвесціў у Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. У лютым-сакавіку 1918 г. ён - адзін з ініцыятараў ідэі суверэннасці Беларусі. Як радны Беларускай Народнай Рэспублікі ён прымаў удзел у стварэнні акту 25 сакавіка.

У Вільні ў 1919 г. дапрацоўвае і выдае "Геаграфію Беларусі", удзельнічае ў стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынём.

З 1922 г. - у Менску...

Вікіпедыя.


Сяргею Законнікаву - 70

Сяргей Іванавіч ЗАКОННІКАЎ (16 верасня 1946, в. Слабада, Бешанковіцкі раён) - беларускі паэт, публіцыст, журналіст, грамадскі дзеяч.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1969 г. У 1969-1970 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Клетнаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Пасля - супрацоўнік ушацкай раённай газеты "Патрыёт" (1970-1971), сакратар Ушацкага райкама камсамолу (1972-1975). З сакавіка 1975 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела газеты "Чырвоная змена", з кастрычніка 1975 г. - карэспандэнт газеты "Звязда". З 1978 г. - інструктар, з 1979 г. - загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, з 1986 г. па 2002 г. - галоўны рэдактар часопіса "Полымя". Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г.

З 1977 г. - сябар Саюза пісьменнікаў СССР. З 1990 г. - сябар Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Узначальваў Беларускае аддзяленне фонду славянскага пісьменства, з'яўляўся прэзідэнтам Беларускага камітэта абароны міру, сябрам савета Беларускага фонду культуры.

Першы верш апублікаваў у 1963 г. (газета "Віцебскі рабочы"). У 1970 г. у калектыўным зборніку "Рунь" была надрукавана падборка вершаў Законнікава.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы расійскіх, украінскіх, грузінскіх і літоўскіх паэтаў.

Вядзе пастаянную рубрыку "Пункт гледжання" ў газеце "Свободные новости плюс".

Літаратурная прэмія СП Беларусі імя Аркадзя Куляшова (1982).

Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы (1992).

Міжнародная літаратурная прэмія імя Вітольда Гулевіча (1996).

Міжнародная літаратурная прэмія імя Рыгора Скаварады (1997).

Ордэн "Знак пашаны", ордэн "За заслугі" III ступені, Украіна.

Вікіпедыя.


Нялёгкая перамога ТБМ

У беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі актыўна асвятлялі перадвыбарную кампанію і парламенцкія выбары ў Беларусі 2016 года, і цяпер, дзякуючы перамозе на парламенцкіх выбарах першага намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы спн. Алены Анісім, пра ТБМ ведаюць ва ўсім свеце. Як паведамляецца ў некаторых СМІ, з 2004 года ў парламент траплялі толькі актыўныя прыхільнікі дзейнай улады, таму перамога аднаго з кіраўнікоў ТБМ з'яўляецца сапраўдным поспехам, бо наша арганізацыя адстойвае не заўсёды зручныя для ўладаў погляды. Праз гэта нас нават пачалі параўноўваць з палітычнай партыяй апазіцыйнага кшталту.

Кожная значная падзея ў жыцці краіны выклікае актыўнае абмеркаванне і спрэчкі ў грамадстве. Перамога спн. Анісім не стала выключэннем. Хтосьці ўзняў пытанне аб выпадковасці яе перамогі, нехта назваў яе дэпутатам у "вышыванцы", якая будзе элементам парламенцкага "дэкору", і не больш за тое, іншыя віншуюць спн. Алену і даюць ёй дэпутацкія наказы. Такія супярэчлівыя погляды і рэакцыі азначаюць, што людзі ўсхваляваныя нашай перамогай, і нейкім чынам гэтая падзея іх закранула.

А перамога спн. Анісім не адбылася б без добрай папярэдняй падрыхтоўкі. ТБМ мэтанакіравана і паслядоўна рыхтавалася да вераснёўскіх выбараў 2016 года, актыўнымі сябрамі нашай арганізацыі праводзіліся абмеркаванні і планаванні, на Радах ТБМ 2015 і 2016 гадоў галасаваннем прымаліся адпаведныя рашэнні.

Акрамя таго, некаторыя сябры ТБМ маюць непасрэднае дачыненне да нефармальнага аб'яднання беларускіх патрыётаў, якое арганізавала 21 снежня 2014 года Усебеларускі кангрэс за незалежнасць (спн. Анісім з'яўляецца каардынатарам Рады Кангрэсу). На ім было прапанавана стварыць грамадзянскую ініцыятыву "Беларускую мову - у парламент", а абранне спн. Анісім у парламент фактычна з'яўляецца пачаткам рэалізацыі планаў вышэйзгаданай грамадзянскай ініцыятывы.

Да ініцыятывы далучыліся і іншыя сябры ТБМ. Акрамя мяне подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты збіраў старшыня Менскай гарадской арганізацыі, намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч. У рэгіёнах найбольш праявілі сябе сябры Лідскай і Баранавіцкай арганізацый ТБМ, а таксама сябар Рады ТБМ з Кобрына сп. Аляксандр Мех.

Цяпер больш падрабязна пра маю перадвыбарную кампанію. У ліпені 2016 года разам з сябрамі ініцыятыўнай групы я пачаў збор подпісаў у 96-ай Чкалаўскай акрузе г. Менска. З 38 зарэгістраваных сяброў ініцыятыўнай групы каля паловы сяброў з розных прычынаў подпісы не сабралі. Наталля Качаноўская і Святлана Тоўсцік былі самымі актыўнымі і сабралі большую частку подпісаў за маё вылучэнне. Разам з сябрамі ініцыятыўнай групы мы праводзілі па некалькі разоў на тыдзень пікеты, дзе я прысутнічаў сам і актыўна кантактаваў з жыхарамі 96-ай акругі г. Менска.

У маёй акрузе размешчана шмат студэнцкіх інтэрнатаў, але ў ліпені студэнты, вядома, у горадзе адсутнічалі. Многія грамадзяне працоўнага ўзросту былі ў адпачынках за мяжой горада, а пенсіянеры - на сваіх лецішчах. А тыя жыхары акругі, якія засталіся ў Менску, альбо баяліся ставіць подпісы, бо ім раілі падпісвацца толькі за праўладную кандыдатку, альбо казалі, што на выбары не пойдуць і таму не бачылі сэнсу ставіць подпіс. Былі і такія, што з павагі да мяне подпісы ставілі, але заяўлялі, што на выбары не пойдуць. Здаралася і так, што нямала жыхароў выбарчай акругі вельмі хацела мяне падтрымаць, але высвятлялася, што зарэгістраваныя яны не ў 96-ай акрузе. У выніку, пасля правядзення шматлікіх пікетаў і гутарак з жыхарамі раёна сабраць тысячу подпісаў мы так і не змаглі. У суседняй акрузе, дзе вылучаўся Аляксандр Давідовіч, адбылася такая самая сітуацыя.

Але пікеты паказалі, што многія вельмі прыхільна ставяцца да беларускай мовы і з ахвотай бяруць пачытаць газету нашай арганізацыі "Наша слова". Я ўжо тады зразумеў, што выбары ў маёй акрузе не адбудуцца і трэба працаваць у першую чаргу са студэнтамі, бо яны будуць вымушаныя пайсці на выбары, і з пенсіянерамі, якія больш актыўна ходзяць на галасаванне. Каб не спыняць удзелу ў выбарах, я быў вылучаны ад партыі БСДП (Грамада), сябрам якой з'яўляюся з яе заснавання (акрамя мяне больш ніхто ад партыі ў Менску не вылучаўся), і быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты.

У маёй акрузе разам са мной было 7 кандыдатаў, але перадвыбарную кампанію праводзіла толькі трое. Астатнія былі статыстамі, у тым ліку прадстаўнік АГП сп. Сяргей Скрабец і прадстаўнік БНФ сп. Мікіта Наглін, які нават не пражывае ў Менску. Узнікае пытанне да кіраўнікоў вышэйназваных партый: "Спадарства, вы даўно ведалі, што я буду вылучацца ў акрузе № 96, але з якой мэтай накіравалі сюды сваіх прадстаўнікоў, якія нават не праводзілі кампанію і (пры ўмове сапраўдных выбараў) змяншалі шанцы перамогі любога непраўладнага кандыдата, у той час, як выбар альтэрнатыўных акруг быў шырокі?"

Пасля рэгістрацыі я і мае давераныя асобы пачалі актыўную працу сярод выбаршчыкаў. Асаблівая ўвага была накіраваная на інфармацыйную кампанію, мэтай якой было азнаёміць людзей з маёй выбарчай праграмай. І гэта нам удалося. Улёткі з маёй праграмай развешваліся на ўсіх пад'ездах акругі, на ўсіх інфармацыйных стэндах і нават у краме. Праграма была надрукаваная ў газеце "Звязда", агучана на дзяржаўным радыё і двойчы на беларускім тэлебачанні. Прычым нідзе я не заклікаў ісці на выбары 11 верасня, але прапаноўваў праграму тым, хто хоча ці мусіць прыняць у выбарах удзел. Самае галоўнае, што дзякуючы маёй даверанай асобе Івану Лабачову, на усіх 28 выбарчых участках 96-ай акругі было па 2 назіральнікі, якія выканалі сваю работу бездакорна.

Маёй галоўнай задачай было прыняць на сябе асноўны ўдар сістэмы, каб аслабіць ціск на спн. Анісім, якая паспяхова сабрала подпісы на сваёй радзіме ў Стаўбцоўскім раёне і ў суседнім - Нясвіжскім. Нягледзячы на занятасць, мы актыўна ёй дапамагалі і бралі ўдзел у яе пікетах у Стоўбцах, Гарадзеі і Нясвіжы. Я таксама ўвесь час сустракаўся з выбаршчыкамі і вельмі ўдзячны ім за падтрымку маёй праграмы і актыўнага яе абмеркавання.

А калі ўжо прыйшоў час датэрміновага галасавання і непасрэдна 11 верасня, то ўвесь адміністрацыйны рэсурс быў накіраваны на тое, каб выбары адбыліся. Але нават нягледзячы на шматлікія парушэнні падчас датэрміновага галасавання, 11 верасня 2016 года ў 14.00 у маёй акрузе яўкі выбаршчыкаў не было. І тады ўлада праявіла сябе без усялякіх цырымоній. Маіх назіральнікаў выдалялі з выбарчых участкаў, каб любой цаной абвясціць, што выбары адбыліся. Але здолелі "зрабіць" яўку толькі 52-53%.

Мне намалявалі чацвёртае месца, а другое далі чалавеку, які нават не ўдзельнічаў у тэледэбатах і не зрабіў ніводнай улёткі са сваёй праграмай (я не ведаю, ці была яна ў яго ўвогуле). Толькі ў маім універсітэце, дзякуючы каласальнай падтрымцы студэнтаў і выкладчыкаў, я атрымаў "ганаровае" другое месца.

На некаторых участках мне "давалі" 20-30 галасоў з двух-трох тысяч выбаршчыкаў. Самае цікавае, калі я 11 верасня наведваў выбарчыя ўчасткі, некаторыя людзі, якія ішлі на выбары ці адтуль, падыходзілі, віталіся і казалі, што галасавалі за мяне. Некаторыя студэнты прынцыпова не пайшлі на датэрміновае галасаванне і засталіся ў нядзелю ў Менску, каб прагаласаваць за мяне менавіта ў дзень выбараў.

Калі 12 верасня ўсе даведаліся пра вынікі, шмат хто з маіх прыхільнікаў засмуціўся, але калі я ім паведаміў, што прадстаўнік ТБМ ужо ў парламенце, а мы выконваем ролю "трохсот спартанцаў", каб адцягнуць увагу ад акругі спн. Анісім, людзі ўсцешыліся і адзначалі нашу перамогу. І ўсё ж нават паводле лічбаў улады, "спартанцаў", маіх прыхільнікаў было не 300, а ажно 1489! Некаторыя партыі і такая колькасць грамадзян не падтрымала.

Але гэтая перамога паказала і на хібы ў дзейнасці ТБМ. Кіраўніцтва Кастрычніцкай арганізацыі ТБМ г. Менска, якое на словах мяне падтрымлівала, на справе катэгарычна адмовілася ўвайсці ў маю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў (а, магчыма, некаторыя з іх нават пашкадавалі і ўласнага подпісу).

Тая ж сітуацыя адбылася і ў акрузе спн. Анісім. Пасля смерці двух кіраўнікоў Стаўбцоўскай арганізацыі ТБМ, якая ў лепшыя часы налічвала больш за 400 сяброў, яна распалася, і ўлады яе знялі з уліку. У Нясвіжы справы былі яшчэ горшыя. Суполка на паперы ёсць, яна зарэгістраваная, але яе сябры выступілі супраць вылучэння спн. Анісім, не падтрымалі яе і, магчыма, галасавалі за іншую кандыдатуру. "Схаваўся ў бульбу" і кіраўнік Менскай абласной арганізацыі ТБМ сп. Мікалай Курыльчык. Некаторыя сябры Рады ТБМ самі прапанавалі дапамагчы са зборам подпісаў мне і спн. Анісім, але ніводнага подпісу так і не сабралі. Узнікае пытанне, чаму яны самі выказалі такое жаданне? А, можа, іх нехта ласкава запрасіў так зрабіць, каб мы тыя подпісы так і не сабралі?

На чарговай радзе ТБМ мы абмяркуем выбарчую кампанію падрабязна і зробім з гэтага адпаведныя высновы.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Алена Анісім: "Я хачу, каб у мяне было шмат саюзнікаў у гэтым новым парламенце"

У перадачы "Інтэрвію тыдня" - новаабраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім. Яна адказвае на пытанне, ці можна яе назваць апазіцыянеркай, тлумачыць, якія каштоўнасці будзе адстойваць у Палаце прадстаўнікоў, і заяўляе, што яна беларускамоўная "24 гадзіны ў суткі". З ёй гутарыў Віталь Цыганкоў.

- Звычайна, калі разважаюць пра вынікі парламенцкіх выбараў, то кажуць, што ў Палату прадстаўнікоў трапілі дзве апазіцыянеркі. Але іншыя аўтары робяць удакладненне, што, фармальна кажучы, прадстаўніца апазіцыйнай партыі - толькі Ганна Канапацкая з АГП. Ці можаце вы сабе ахарактарызаваць як апазіцыянерку, чалавека з апазіцыйнымі цяперашняй уладзе поглядамі?

- Я належу да дэмакратычнай супольнасці. Я прадстаўнік грамадскай арганізацыі, якая ніякім чынам дзяржавай не падтрымліваецца, у тым ліку і фінансава. Я сябе акрэсліваю як сярэднестатыстычны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае свае погляды на развіццё краіны, і яны не заўсёды супадаюць з афіцыйным курсам.

У грамадстве, вядома, ёсць людзі, якія маюць больш радыкальныя погляды на сітуацыю, якая ў нас склалася. Лічыць мяне апазіцыянеркай ці не - для мяне гэта справа другасная. Для мяне больш важна данесці тыя погляды, якія існуюць у грамадстве, у тых выбарцаў, ад імя якіх я прайшла ў Палату прадстаўнікоў. Каб яны прагучалі, каб праблемы, якія хвалююць людзей і замінаюць развіццю краіны, былі абазначаныя. І каб па іх былі прынятыя адэкватныя рашэнні.

- Што больш прадуктыўна для вас як дэпутата - сканцэнтравацца на нейкай адной праблеме, той жа беларускай мове? Ці варта паспрабаваць прасунуць адразу ўсе рэформы ў самых розных сферах?

- Я не лічу магчымым для аднаго чалавека прасоўваць усе рэформы. Я буду канцэнтравацца на некалькіх ключавых момантах, але не буду абмяжоўвацца толькі праблемамі беларускай мовы. Бо сёння ёсць шмат пытанняў і рэгіянальнага, і агульнабеларускага ўзроўню, якія трэба рашаць. І ў гэтым сэнсе я разлічваю на разуменне і падтрымку тых дэпутатаў, якія прыйшлі ў парламент не адседжвацца, а працаваць, хто адчувае сваю адказнасць перад выбарцамі і краінай.

Што будзе першым - залежыць ад таго, як будуць падрыхтаваныя законапраекты. Людзей сёння хвалюе перш за ўсё сацыяльна-эканамічны стан, заробкі, пенсійная рэформа. Як можна спакойна працаваць, аддаваць краіне сілы, час - і ў выніку апынуцца з тым мізэрным пенсійным дадаткам, на які нават немагчыма нармальна жыць?

- Як вы ўяўляеце стылістыку сваіх паводзінаў з іншымі дэпутатамі? Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце на пачатку 90-х часам вельмі актыўна кляйміла дэпутацкую большасць, але часам і спрабавала перацягнуць дэпутатаў з гэтай большасці на свой бок. Дык што галоўнае - сказаць праўду, часам вельмі непрыемную для большасці, ці шукаць нейкую агульную мову з імі?

- Вельмі добра вы прыгадалі гэты прыклад. Досвед працы Вярхоўнага Савету 12-га склікання шмат чаму нас навучыў. Я сваю працу ў парламенце разумею так - для таго, каб цябе пачулі і ўспрынялі, трэба вельмі сур'ёзна рыхтавацца. Бо ад таго, з якой інтанацыяй, настроем, энергіяй будзеш прамаўляць - ад гэтага залежыць і вынік. Таму, перш чым штосьці гаварыць і выносіць на разгляд - буду вельмі сур'ёзна рыхтавацца. Абдумваць, раіцца, кансультавацца і пераконваць. Я хачу, каб у мяне было шмат саюзнікаў у гэтым новым парламенце.

- Ужо цяпер даводзіцца чуць пра нейкія завышаныя чаканні ад вашай дэпутацкай дзейнасці. Вы ўжо сустракаліся з гэтым?

- Сустракаюцца і завышаныя, і заніжаныя патрабаванні. Заніжаныя звязаныя з тым іміджам парламенту, які склаўся за апошнія гады. Маўляў, дэпутаты мала што робяць і ад іх нічога не залежыць. Таму выснова такая - добра, што такі чалавек прайшоў у парламент, там будзе гучаць беларуская мова. І калі нешта хоць зробіць - то гэта ўвогуле выдатна. Ёсць і завышаныя - каб я вырашала як мага болей праблемаў.

У дадзеным выпадку я павінна сама вырашаць, чым я буду найперш займацца. Вядома, канцэнтравацца буду і на тых праблемах, якія ёсць у акрузе. Але, вядома, не буду забывацца на праблемы агульнадзяржаўнага ўзроўню.

- Не прыходзіла ў галаву ідэя стварыць нейкую дэпутацкую групу ў падтрымку беларускай мовы?

- Пакуль не думала пра тое, каб ствараць такую групу. Я мяркую, дастаткова таго, што я ўвесь час сама выступаю па-беларуску. Вельмі важна, каб парламент прыняў рашэнне, што ўсе дакументы і законапраекты рыхтуюцца адразу на абедзвюх дзяржаўных мовах. Гэтае рашэнне дазволіла б гаварыць пра сапраўдную дзяржаўнасць беларускай мовы, ва ўсякім разе на заканадаўчым узроўні.

- Ці лічыце вы неабходным паставіць пытанне аб наданьні бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай і нацыянальнай каштоўнасці?

- Я ведаю, што нават распачалася грамадская кампанія за гэта. Я падтрымліваю гэтыя захады і лічу, што напярэдадні стагоддзя ад таго часу, як быў створаны гэты сцяг, гэта было б лагічным рашэннем. Тым больш што грамадства нармальна ўспрымае бел-чырвона-белы сцяг. Асабліва варта ўзгадаць, што менавіта з гэтым сцягам у 1991 годзе паўстала новая краіна - Рэспубліка Беларусь.

- Людзі ў сацыяльных сетках заўважылі вашую цытату з інтэрвію Свабоды адразу пасля абрання: "Жанчыны не больш лагодныя, а больш настойлівыя, больш перакананыя. Жанчыны не адступаюць. Яны заўжды дамагаюцца свайго". І тут жа іншыя нагадалі вам пра інтэрвію Свабодзе, дзе вы заявілі, што вы не феміністка. Некаторыя пабачылі тут супярэчнасць. Я дык не бачу тут ніякай супярэчнасці - можна змагацца за роўнасць і правы жанчын і пры гэтым ніяк сябе не звязваць з сучасным фемінізмам. Як вы патлумачыце сваё стаўленне да гэтай тэмы?

- Мы жывём у свеце, дзе ёсць і мужчыны, і жанчыны, мы ўвесь час мяняемся ролямі. У адным выпадку жанчыны могуць узяць на сябе большую ролю і адказнасць, у іншым - мужчыны. Тое, што я кажу, што жанчыны часта больш настойлівыя - гэта ў сілу таго, што жанчына адчувае большую адказнасць за сябе, дзяцей.

Што да фемінізму, дык я не феміністка, гэта дакладна. Я зыходжу з вельмі рацыянальных меркаванняў. Усе ключавыя рашэнні ў нас прымаюцца, як правіла, мужчынамі, жанчыны мала прадстаўленыя ва ўладзе. Іншая справа, што жанчыны, калі трэба прыняць нейкае рашэнне, ідуць, знаходзяць паплечнікаў, саюзнікаў, прыхільнікаў, пераконваюць іх і ідуць да таго, каб гэтае рашэнне было прынятае.

- Ці бачыце вы дэпутацкую працу вяршыняй сваёй палітычнай кар'еры, ці задумваецеся і пра іншыя вяршыні?

- Цяпер перш за ўсё я задумваюся пра паспяховасць сваёй дзейнасці як дэпутата. Ад таго, наколькі паспяховая яна будзе, залежыць і далейшае планаванне. Бо калі не будзе поспехаў у гэтай галіне, на гэтай пасадзе, казаць пра нейкія далейшыя крокі будзе бессэнсоўна.

- Часам людзі абіраюць беларускую мову ў сваёй палітычнай дзейнасці, але ў астатняй частцы жыцця карыстаюцца іншай мовай. Наколькі вы ў жыцці беларускамоўная, ці беларускамоўная ў вас сям'я?

- Я беларускамоўная ўсе 24 гадзіны ў суткі. Дзеці - у мяне тры сыны - са мной размаўляюць па-беларуску, але ў соцыюме карыстаюцца расейскай мовай. Муж мой пасля войска так і не вярнуўся да беларускай мовы і размаўляе, як размаўляе большасць - на мяшанцы. Унучку я вучу размаўляць па-беларуску, яна вельмі любіць беларускія казкі, вершы. Сёе-тое спрабуе ўжо казаць па-беларуску, можна сказаць, што яна ўжо білінгвістычны чалавек.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода.


У Гомелі ТБМ зладзіла фэст беларускамоўнай адукацыі

Гомельская суполка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зладзіла фэст удзельнікаў беларускамоўнай адукацыі. Дзеці розных узростаў з бацькамі вучыліся разам спяваць беларускія песні, танцаваць, прыдумляць і маляваць ілюстрацыі да беларускіх казак, рабіць лялькі - і проста бавіліся з любімымі цацкамі.

У гарадской кавярні "Флэт" няма дзе яблыку ўпасці: апоўдні ў нядзелю яе, можна сказаць, запаланілі дзеці з татамі і мамамі. Былі і дзядулі, бабулі з унукамі. Гэта ўсе тыя, хто апошнія пяць месяцаў наведвае беларускамоўны гурток "Мова дзяцей", заснаваны кіраўніцай гарадской суполкі ТБМ Алесяй Аўласевіч.

Алеся Аўласевіч


- Нам хацелася сабраць усіх разам, - кажа Алеся, - каб перазнаёміць і дзяцей, і бацькоў і такім чынам праз знаёмствы пашыраць у горадзе беларускамоўны асяродак. І паколькі дзеці не могуць сядзець на адным месцы больш як дзесяць хвілінаў, то прапаную, каб яны далучаліся да любой з групаў паводле цікавасці.

Купку дзяцей збірае ў карагод Наталля Дуброва, выкладчыца дадатковай адукацыі аднаго з гомельскіх універсітэтаў. Яны грамадою вучаць беларускую лічылку: "Раз, два, тры, чатыры - кошку грамаце вучылі", скачуць "Грушку" ды шмат што яшчэ пад музыку беларускага гурта "Млын сонца".

Частка меншай дзятвы асядлала гульнёвыя модулі для развіцця маторыкі ад Яўгена Якавенкі. Іншыя малююць ілюстрацыі да казак.

Абазнаная ў мастацтве мама выпісвае аквагрым на шчацэ сына.

А на процілеглым ад сцэны баку актывістка моладзевай гістарычна-культурніцкай суполкі "Талака" Марыся Тульжанкова вучыць дзяцей рабіць з тканіны лялек-зернявушак. Сярэдзіна такой невялічкай лялькі запаўняецца збожжам.

Марыся цяпер на вакацыях, неўзабаве едзе ў Польшчу, дзе паступіла ў Акадэмію мастацтваў.

- Жнівень скончыўся, гаспадары сабралі ўраджай. І каб у наступным годзе таксама вырасла добрая збажына, і робіцца такі абярэг - лялька-зернявушка, - тлумачыць Марыся дзятве.

Той, хто хоць неяк вызначыўся, у любой групе атрымлівае ў падарунак ад Алесі Аўласевіч белую майку з беларускім арнаментам. Сярод іх і пяцікласнік Васілёк. Ён хуценька скідвае сваю куртку і паўзверх чырвонай майкі надзяе толькі што атрыманы падарунак - белую майку з нацыянальным арнаментам.

- Мне тут падабаецца. Я хаджу ў гурток "Мова дзяцей" ад самага пачатку, - кажа Васілёк.

Гамяльчук Іван Адаменка прывёў на фэст малых унукаў - Назара і Еву:

- Няхай прызвычайваюцца да беларушчыны - ім жа будаваць новае жыццё.

На фэсце дзеці праз спевы, танцы, выраб тых жа лялек-зернявушак замацоўвалі веды, атрыманыя ў гуртку "Мова дзяцей".

- Гэта адбываецца натуральна, - кажа Алеся Аўласевіч, - бо ўсе нашы выкладчыкі беларускамоўныя, і тлумачаць яны, што і як рабіць, па-беларуску.

Радыё Свабода.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Акаловіч Леанід Аляксандр. Алейнік Іна Міхайлаўна Алейнік Юры Леанідавіч Антановіч Лідзія Аляксандр. Арлова Эрыка Арлова Эсфір Віктараўна Архуцік Мікалай Арцёменка Віталь Аўдошчанка Валянціна Ашурак Вітольд Міхайлавіч Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Баравік Пятро Пятровіч Барташэвіч Антаніна Бархамовіч Мікалай Сямёнавіч Барэль Васіль Бекарэвіч Зміцер Геннадзевіч Бераставы Глеб Андрэевіч Бордак Наталля Васільеўна Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Букаты Алесь Уладзіміравіч Булавацкі Міхась Пятровіч Булат Алена Анатольеўна Бурлевіч Людміла Мікалаеўна Бусел Мікалай Кліменцьевіч Бычэнка Аляксей Уладзімір. Бягун Рацібор Аляксандравіч Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Васільева Вераніка Пятроўна Ваўкавыцкая Таццяна Верабей Таццяна Пятроўна Вератынскі Кірыл Віктаравіч Войніч Вераніка Восіпава Аляксандра Яўген. Гайдукевіч Ганна Іванаўна Гарбуль Аляксандр Васільевіч Гарніцкі Янка Андрэевіч Герасіменка Алесь Герашчанка Аліна Андрэеўна Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Глот Аляксей Гражынская Галіна Іосіфаўна Грушка Мікалай Пятровіч Грынкевіч Георгі Ігаравіч Грыцавец Алесь Андрэевіч Грышчук Ганна Рыгораўна Дамарад Святлана Данілаў Уладзімір Аляксандр. Даніловіч М.А. Данілюк Віктар Уладзіміравіч Даржынкевіч Генрых Фелікс. Дашкевіч Святлана Мікал. Джэйгала Уладзімір Васільевіч Дзегцярова Кацярына Алякс. Дзедушкова Алена Дзеружынская Вераніка Ав. Дзіцэвіч Юлія Дзмітрыенка Анатоль Іванавіч Долбік Ларыса Рыгораўна Дубейка Васіль Міхайлавіч Дудар Таццяна Аляксандраўна Думанская Ганна Рыгораўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васільевіч Жаўток Уладзімір Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Жэгалік Любоў Зволінскі Тодар Землякоў Міхаіл Канстанцін. Зубарава Алена Мікалаеўна Зяневіч Галіна Сямёнаўна Зянковіч Юрась Іваноў Максім Генадзевіч Ігнашэвіч Вадзім Уладзімір. Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Кавяцецкая Наталля Уладзім. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Каліноўская Бажэна Андр. Каліноўская Крысціна Карвацкая Валянціна Мікал. Калыска Раіса Рыгораўна Каратай Уладзімір Арсеньевіч Караткоў Мікалай Касцючэнка Ірына Каханчык Зміцер Качаноўская Наталля Георг. Качарагіна Людміла Алякс. Карповіч Лія Васільеўна Кірыленка Анатоль Іванавіч Клундук Святлана Сяргееўна Князюк Андрэй Вас. Конюх Віктар Лявонавіч Краўцоў Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Крот Міхаіл Мікалаевіч Крупіца Валянціна Кубанская Любоў Леанідаўна Кулеш Алена Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Куржалаў Алег Васільевіч Кутас Тамара Кушнер Васіль Фёдаравіч Лабко Іван Антонавіч Ланец Вадзім Уладзіміравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебедзь Вераніка Аляксандр. Лебядзевіч Д.М. Ліс Дар'я Алегаўна Ліхадзіеўская Вольга Мікал. Ліцін Алесь Лазаравіч Лучко Валянцін Станіслававіч Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Лявонава Галіна Лявончык Раман Раманавіч Мазырка Аляксандр Макоўская Вікторыя Алякс. Макруш Сяргей Вячаслававіч Малец Таццяна Малочка Віктар Уладзіміравіч Малочка Наталля Мікалаеўна Малько Вячаслаў Аляксандр. Мальцава Ірына Малюкова Яніна Ігараўна Марцінкевіч Іван Віктаравіч Маслюкоў Іван Віктаравіч Масяйчук Аляксандр Мартысюк Вера Мацвеенка Аляксандр Яўген. Медзяны Сяргей Віктаравіч Мінаў Леанід Уладзіміравіч Мінец Валеры Уладзіміравіч Міняйла Ганна Сяргееўна Місевіч Аляксандра Міснікова Кацярына Міцкевіч Уладзімір Валянц. Мішчанчук Мікалай Іванавіч Навуменка Генадзь Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валеры Фёдаравіч Падаляка Павел Аляксандр. Палейка Анатоль Дарафеевіч Палікарпаў Валер Канстанц. Палсцюк Валеры Віктаравіч Палтаржыцкая Ірына Генадз. Палубятка Іосіф Паляжаеў Мікалай Уладзімір. Палянскі Аляксандр Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Парыжэская Кацярына Пастушэнка Герман Сяргеевіч Пасюкевіч Ірына Уладзіслав. Пахолак Марына Іосіфаўна Паўлоўскі Аляксандр Уладзім. Пеганава Інга Піліпенка Алена Поўжык Карына Сяргееўна Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Пракопчык Таццяна Васіл. Прыбыш Іван Вітольдавіч Прылішч Ірына Аляксандр. Пунько Вольга Язэпаўна Пярова Маргарыта Сяргееўна Пярова Наталля Юр'еўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Рагачэўскі Сяргей Віктаравіч Раманоўскі Валер Іванавіч Раманоўскі Уладзімір Іванавіч Раманцоў Зміцер Уладзіміравіч Раманюк Раман Раплевіч Юры Альбінавіч Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Рудзёнак Алег Рудовіч Алена Руды Яўген Ігаравіч Русіновіч Іван Кузьміч Рындзевіч Вячаслаў Савацееў Кім Сяргеевіч Савіч Яўген Сагановіч Яніна Генадзеўна Сазонаў Віктар Паўлавіч Сазонаў Вячаслаў Мікалаевіч Сакевіч Уладзімір Клеменцевіч Салаўёў Мікалай Святоха Генадзь Уладзіміравіч Сёмкіна Вольга Віктараўна Семянчук Валеры Семянчук Генадзь Сенькавец Уладзімір Адамавіч Сідарчук Кірыл Валер'евіч Сікора Алег Георгіевіч Сіндзееў Уладзімір Дзмітр. Сіняк Павел Віктаравіч Скалабан Аляксандр Максім. Скіцёў Зміцер Андрэевіч Смашная Марына Уладзімір. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгі Стральцоў Алесь Уладзімір. Стэпановіч Алесь Язэпавіч Субоцін Андрэй Юр'евіч Суднік Святлана Георгіеўна Суліменка Дзмітры Сяргеевіч Сульжыц Кацярына Сярг. Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Сцежкін Кірыл Аляксандр. Сцефаненка Ірына Віктараўна Сялюк Іван Сямёнава Анастасія Васільеўна Сямёнаў Віталь Сянькевіч Надзея Іосіфаўна Трафімчык Сяргей Аляксан. Угрын Аляксандр Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Валер'евіч Уюльская Надзея Іларыёнаўна Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цвік Наталля Казіміраўна Цішкевіч Юлія Іванаўна Цыганкоў Віталь Аляксеевіч Цыхун Генадзь Апанасавіч Цюлькоў Аляксей Чайкоўскі Павел Іванавіч Чмарава Марына Чубат Аляксей Леанідавіч Чыжова Таццяна Дзмітраўна Шаткова Дар'я Дзмітрыеўна Шалястовіч Людміла Васіл. Шаршнёва Наталля Анатол. Швед Вячаслаў Вітальевіч Швед Іна Анатольеўна Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шульвінскі Віктар Віктаравіч Шчэрбік Вераніка Мікалаеўна Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Шык Уладзімір Раманавіч Шырокава Наталля Аляксан. Юхноўскі Віктар Францавіч Янкоўскі Юры Уладзіміравіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Яраховіч Марына Рыгораўна Яроменкаў Аляксандр Леанід.


"ДАЦЬ НАРОДУ ГІСТОРЫЮ…"

3 кастрычніка (панядзелак) на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны адбудзецца прэзентацыя кнігі Мікалая Улашчыка "Даць народу гісторыю". У ёй упершыню надрукаваныя ўспаміны славутага гісторыка пра 1918-20 гады, пра перажытае ў Гулагу, а таксама 128 адшуканых у архівах лістоў. У прэзентацыі возьмуць удзел Арсень Ліс, Алег Трусаў, Вячаслаў Чамярыцкі, адзін з укладальнікаў кнігі Міхась Скобла.

Пачатак а 17.00. Уваход вольны.


Аднагрупнік, аднакурснік і… цудоўны чалавек

Да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Дзіско

Уладзіміра Антонавіча Дзіско - вядомага беларускага педагога, метадыста вышэйшай катэгорыі рэспубліканскага ўзроўню, мовазнаўца, літаратуразнаўца, паэта, пісьменніка, асветніка, выкладчыка я ведаю 60 гадоў. Гэты год для нас юбілейны - з дня нашага знаёмства. А пазнаёміліся мы на першай лекцыі па гісторыі СССР, якую нам чытаў прафесар, доктар гістарычных навук Аляксей Пятровіч П'янкоў.

Гэта адбылося 1 верасня 1956 года, калі мы паступілі вучыцца ў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка).

Так і крочылі поплеч па жыцці 60 гадоў, і наша сяброўства з кожным годам мацнее. За гэты час паміж намі не было ніякіх непаразуменняў, перамоў на павышаным тоне, ні слоўных перапалак ці баталій. Ён адзіны, можна сказаць, мой сябра, які застаўся з тых далёкіх часоў.

Абодва закончылі гістарычна-філалагічны факультэт "на выдатна". За 5 гадоў вучобы ў інстытуце мы здалі ажно 100 экзаменаў і залікаў, да таго і выпускныя дзяржаўныя экзамены, якія студэнтамі называлі "госы".

Уладзімір Антонавіч пайшоў па педагагічным шляху - выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Аршанскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме (цяпер Аршанскі педагагічны каледж), дзе набыў вялікі аўтарытэт, павагу і пашану сярод педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў.

У 1980 годзе Уладзімір пераехаў на сталае месца жыхарства ў Менск, і з тае пары нашы кантакты і сувязі сталі цеснымі і рэгулярнымі.

Уладзімір Дзіско 17 гадоў працаваў у Рэспубліканскім вучэбна-метадычным кабінеце (цяпер Навукова-метадычны цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь).

За гэты час Уладзімір Антонавіч надрукаваў звыш 80 навуковых артыкулаў і метадычных рэкамендацый па праблемах выкладання беларускай мовы і літаратуры, па арганізацыі пазакласнай і пазашкольнай работы на мовазнаўчую і літаратуразнаўчую тэматыку. Ён выдаў у суаўтарстве 13 зборнікаў экзаменацыйных матэрыялаў па беларускай мове, дзве хрэстаматыі па беларускай літаратуры для базавай і сярэдняй школ.

На працягу 27 гадоў быў адказным сакратаром Рэспубліканскіх алімпіяд школьнікаў па беларускай мове. На працягу дзесяткаў гадоў вынікі алімпіяд сярод школьнікаў друкавау ў часопісе "Роднае слова", рыхтаваў рукапісы кніг "Школьная бібліятэка".

З пачатку 2000-х гадоў і да пачатку 2016 года працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Беларускім гуманітарным ліцэі.

Вось такі велізарны ўнёсак зрабіў Уладзімір Антонавіч у папулярызацыю беларускай мовы і літаратуры ў Беларусі.

Уладзімір Дзіско носіць ганаровае званне "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь", высокае званне "Ветэран педагагічнай працы", а таксама мае шмат іншых узнагарод ад розных арганізацый і ўстаноў.

У 2005 годзе у бібліятэцы газеты "Трыкутнік" Беларускага гуманітарнага ліцэя пабачыў свет яго паэтычны зборнік "Хвіліны смутку", як ён казаў, "маленькая доля таго, што асмеліўся аддаць на суд чытачоў, ніколі не прэтэндуючы на пахвалу і апладысменты…"

На пярэдадні 80-годдзя Уладзіміра Дзіско (у канцы жніўня - пачатку верасня 2016 года) "Літаратурным выдавецтвам Зміцер Колас" выдана яго кніга "Хвіліны радасці і смутку". Да папярэдняй назвы паэтычнага зборніка "Хвіліны смутку" аўтар дадаў слова "радасці". Словам "радасці" ён выказаў свой настрой - настрой радасці, весялосці і бадзёрасці. Кніга выдадзена з дапамогай і пры ўдзеле калег-настаўнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя. У зборнік увайшлі вершы, напісаныя Уладзімірам Антонавічам у далёкія гады маладосці, тры вершы на рускай мове, шмат празаічных твораў. Раздзел "Дзецям… і не толькі", артыкул з раздзела "Партрэт настаўніцы" "Лёс мой - школа" расказваюць чытачу пра вядомую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры школы № 12 г. Менска Валянціну Вацлаваўну Войцік.

Прыгожае беларускае пісьменства дапамагае Уладзіміру Дзіско бадзёра і ўпэўнена крочыць па жыцці. Ён не ўяўляе сябе без паэтычнага слова, празаічных твораў.

Нарыс "Лёс мой - школа" друкуецца як узор публіцыстыкі Уладзіміра Дзіско, а такіх нарысаў пра педагогаў і іх высокае майстэрства ў яго вельмі шмат. Мэтазгодна сабраць іх у адзін зборнік і выдаць. Гэта была бы яго перадавая методыка навучання вучняў сярэдняй адукацыі.

Уладзімір Антонавіч Дзіско нарадзіўся 6 верасня 1936 года ў вёсцы Брольнікі Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці. Да 1939 года Наваградскі раён уваходзіў у склад Польшчы. Бацька Антон Аляксандравіч і маці Фаціна Іванаўна - беларускія сяляне - былі працавітыя, гаспадарлівыя, дабрадушныя. Бацька скончыў адзін клас царкоўна-прыходскай школы, маці вучыцца не змагла, але лічбы і літары ведала, магла распісацца. Малы Валодзя перажыў нямецкую акупацыю. У верасні 1944 года ён пайшоў у школу. Вучыўся "на выдатна", школу скончыў з пахвальнай граматай і быў прыняты без экзаменаў у Наваградскае педагагічнае вучылішча. У 1956 годзе атрымаў дыплом выдатніка па спецыяльнасці "настаўнік пачатковых класаў".

У Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага праводзілі семінары і чыталі лекцыі студэнтам вядомыя выкладчыкі, прафесары, дацэнты, дактары і кандыдаты навук - Аляксей П'янкоў, Аляксандр Бабчынскі, Якаў Марголін, Васіль Тарасаў, Фёдар Янкоўскі, Міхась Яўневіч, Эвеліна Блінава, Алена Ленсу, Елізавета Полазава, Вера Голубева, Міхась Лазарук і многія іншыя.

Калі Уладзімір Антонавіч наведваў сваю малую радзіму, то шчыра прызнаваўся, што там яму лёгка дыхаецца, салодка спіцца, шпарка ходзіцца. Тут яго родныя вытокі, месца, дзе пахаваны яго бацькі. Тут гучыць родная беларуская мова, паэзія, проза, прырода, краязнаўства - гэта для яго невычэрныя скарбы жыцця. Усё гэта дае яму сілы і моц жыць, тварыць, назіраць за жыццём вёскі, радзімы, людзей, якія яго ведаюць.

Вось такі мой сябра, паважаны Уладзімір Антонавіч Дзіско.

Жадаю табе, даражэнькі сябра, моцнага здароўя, плёну ў працы, шчасця!

Сто гадоў!

Анатоль ВАЛАХАНОВІЧ. На здымку: Уладзімір Дзіско на занятках у Коласаўскім ліцэі.


Немцы выдаткоўваюць на прэсу больш, чым на слодычы

Навіны Германіі

Эра інтэрнэту павінна была стаць апошнім цвіком у труну папяровай прэсы. Гэты прагноз футуролагаў зняпраўджваюць немцы.

Кожны з іх купляе па 25 газет штогод. Прыбытак нямецкіх крамаў ад продажу штодзёнак, тыднёвікаў і месячнікаў складае 3 мільярды еўра ў год. Гэта больш, чым выдаткі немцаў на малако альбо пральныя парашкі.

12% кліентаў нямецкіх спажыўцоў галоўнай прычынай наведвання крамаў называюць шырокі выбар прэсы. Газеты прыцягваюць нават такіх кліентаў, якія, калі б не прэса, ніколі не наведвалі б дадзеную краму. Даследаванні паказалі, што калі газета апісвае цікавую для чытача тэму, то ён гатовы заплаціць больш не толькі за асобнік, але і за іншыя прадукты ў зоне касы. Так сябе паводзіць ажно 46% апытаных.

Паліца з прэсай складае вялікую долю прыбыткаў у нямецкіх крамах. Ад продажу газет крама атрымлівае 7200 еўра ад аднаго квадратнага метра. Гэта больш, чым ад продажу слодычаў альбо тавараў гігіены і касметыкі.

Радыё Свабода.


Нямецкі пісьменнік Грэгар Зандэр выступіць у Менску

29 верасня ў кнігарні ЛогвінаЎ - супольны літаратурны выступ Грэгара Зандэра (Германія) і Альгерда Бахарэвіча (Беларусь).

Альгерд Бахарэвіч пазнаёміць чытачоў з біяграфіяй і творчасцю Грэгара Зандэра. Прагучаць урыўкі з твораў Грэгара Зандэра ў аўтарскім выкананні на нямецкай мове і ў перакладзе на беларускую мову. Альгерд Бахарэвіч прачытае фрагменты са свайго апошняга рамана "Белая муха, забойца мужчын". І, вядома, абодва аўтары з ахвотай адкажуць на ўсе пытанні чытачоў.

Імпрэза ладзіцца пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Менску.

Кнігарня Логвінаў (Незалежнасці, 37 а).

Пачатак а 19.00. Уваход вольны.

Грэгар Зандэр нарадзіўся ў 1968 годзе ў Шверыне. Вывучаў медыцыну, германістыку, гісторыю, а таксама журналістыку ў Берліне. Дэбютаваў у 2002 годзе, апублікаваўшы кнігу "Але я нарадзіўся тут". Аўтар двух раманаў і зборнікаў апавяданняў, лаўрэат некалькіх літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі найлепшаму нямецкаму аўтару кароткай прозы Deutscher Erzаhlerpreis за кнігу Winterfisch і прэміі Аннелізэ Вагнер. Жыве ў Берліне.


Дзень друку ў Беларусі з 5 траўня на 6 жніўня пераносіць не хочуць

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб звароце

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш калектыўны зварот разгледжаны Міністэрствам інфармацыі сумесна з зацікаўленымі.

Сапраўды, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання з'яўляецца надзвычай важнай падзеяй у культурным жыцці нашай краіны, якая будзе шырока адзначацца ў Беларусі і за яе межамі. Варта адзначыць, што цэлы шэраг праектаў, прысвечаных гэтаму знамянальнаму юбілею, ужо распачаты і праводзіцца на дзяржаўным узроўні. Названая тэма будзе адной з прыярытэтных у рамках сёлетняга святкавання Дня беларускага пісьменства ў г. Рагачове і безумоўнай змястоўнай дамінантай гэтага свята ў 2017 годзе, якое адбудзецца ў г. Полацку.

Адначасова паведамляем, што Дзень беларускага пісьменства і Дзень друку адзначаюцца ў нашай краіне штогод згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. №157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь".

Пры гэтым Дзень друку, які адзначаецца 5 мая, успрымаецца грамадствам як свята найперш супрацоўнікаў рэдакцый друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, беларускіх журналістаў.

Дзень беларускага пісьменства, за 23 гады яго правядзення на дзяржаўным узроўні, стаў успрымацца менавіта як свята мастацкага слова і кнігі. Галоўныя задачы Дня пісьменства - пераемнасць нацыянальных духоўных традыцый, захаванне і прымнажэнне лепшых узораў пісьмовай культуры Беларусі, развіццё айчыннай літаратуры і кнігавыдання, прапаганда кнігі і чытання.

Улічваючы вышэйпададзенае, разгляд пытання аб пераносе святкавання Дня друку ў цяперашні час, на нашу думку, з'яўляецца нямэтазгодным.

Міністр Л.С. Ананіч.


За бела-чырвона-белы сцяг

У Беларусі ў чарговы раз пачаўся рух моладзі за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу нацыянальнай і гістарычнай каштоўнасці. З гэтай нагоды Малады фронт 19 верасня арганізаваў акцыю пад назвай "Праспект нацыянальнага сцяга" і распачаў збор подпісаў. 24 верасня быў арганізаваны збор подпісаў на пікетах. У зборы подпісаў каля ўніверсама "Цэнтральнага" ўзялі ўдзел вядомыя асобы: пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, мастак Аляксей Марачкін. Са слоў актывіста БХД Паўла Пракаповіча, за мінулыя 4 дні ў Менску было сабрана блізу тысячы подпісаў.

З нагоды прапануем заключэнне доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча па нацыянальнай сімволіцы, зробленае ім у 1991 годзе.

Членам Камісіі Вярхоўнага

Савета БССР па адукацыі,

культуры і захаванні

гістарычнай спадчыны

ЗАКЛЮЧЭННЕ

па навукова-гістарычным абгрунтаванні

герба і сцяга Беларускай рэспублікі

1. Пры зацвярджэнні дзяржаўнага герба і дзяржаўнага сцяга Беларускай рэспублікі неабходна зыходзіць з традыцыі некалькіх стагоддзяў нацыянальнай сімволікі, якую ні адзін орган улады не мока змяніць. Пры гэтым неабходна таксама прытрымлівацца навуковага падыходу да гэтай праблемы, а не кіравацца якімі-небудзь адвольнымі інтарэсамі якой-небудзь партыі або грамадскай арганізацыі.

2. Герб Пагоня з'яўляецца старадаўнім гербам Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы), канчаткова зацверджаным у ХІV ст. (1384 г.). Яле, як сведчыць старажытнарускі Іпацьеўскі летапіс, гэты герб быў прыняты вялікім кнлзем літоўскім Віценем у канцы ХІІІ ст.: "А Витен нача княжити над Литвою, измысля себе герб и всему княжеству Литовскому печать: рыцер збройный на коне з мечем, еже ныне наричут погоня" (Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов. Минск, 1959. Том I. С. 70).

Аднак Пагоня мае яшчэ больш старажытнае, беларускае паходжанне. Так, у жыццёпісе святога Меркурыя Смаленскага (ХІІІ ст.) ёсць звесткі аб выяве народнага героя з мячом на белым кані на дзяржаўных пячатках крывіцкіх (беларускіх) Полацкага і Смаленскага княстваў у выглядзе святога Меркурыя, які бароніць крывіцкую зямлю ад ворага. Гэтая выява паходзіць у Полацкай зямлі яшчэ з дахрысціянскіх часоў і ўвасабляла тады постаць славянскага бога сонца Ярылы. Такім чынам, герб Пагоня з'яўляецца старадаўнім гербам Полацкага княства, гэтай першай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі.

3. Пагоня - сімвал усеагульнага апалчэння ўсіх мужчын для барацьбы з іншаземнымі захопнікамі, за выгнанне іх са сваёй зямлі і пагоняй за імі ў іх зямлю, каб канчаткова разбіць іх. Пад час Грунвальдскай (Дубровенскай) бітвы 1410 г., у якой былі разбіты нямецкія рыцары-крыжакі і спынена двухсотгадовая нямецкая агрэсія на землі Беларусі і Літвы, сярод 40 харугваў (палкоў) войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы 30 мелі на сваіх штандарах выяву Пагоні.

Тады была ліквідавана смяротная пагроза беларускаму народу, якога чакаў лёс прусаў у Прусіі, часткова знішчаных, часткова анямечаных.

Пагоня - гэта гераічны сімвал барацьбы і перамогі над нямецкімі крыжакамі: коннік, павернуты на захад, імчыцца на бой з нямецкімі рыцарамі. Пасля Грунвальду многія беларускія землі і гарады таксама атрымалі гэты герб, які таксама называўся Пагоняй, або Пагоньчыкам (у адрозненне ад дзяржаўнага герба).

4. Пагоня заставалася дзяржаўным гербам Беларуска-Літоўскай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага) да канца ХVIII ст., калі Кацярына ІІ далучыла Беларусь да Расійскай імперыі. ІІасля гэтага Пагоня была ўключана ў Вялікі герб Расійскай імперыі - на грудзях у двухгаловага арла, побач з гербамі некаторых іншых, далучаных да Расійскай імперыі дзяржаваў - які існаваў да 1917 г.

5. У 1918 г. Пагоня становіцца дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі.

6. Бела-чырвона-белы сцяг быў вайсковым сцягам беларускіх воінаў у сярэднявеччы. На першай ва Усходняй Еўропе батальнай карціне (1520 г.) пра бітву пад Оршай 1514 г. выразна відаць шэрагі беларускіх воінаў з белымі вымпеламі з чырвонай паскай на коп'ях. У наступных стагоддзях усе конныя часткі войска Вялікага Княства Літоўскага і Рускага ажно да канца ХVIII ст. мелі гэтыя баявыя сцяжкі. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі Кацярына II у 80-х гг. ХVIII ст. сфармавала з беларускіх ураджэнцаў Беларускі гусарскі полк і Полацкі мушкецёрскі полк. Вайсковымі адзнакамі для гэтых часцей былі какарды з бела-чырвона-белым колерамі. Як баявыя сцяжкі на піках кавалерыйскіх частак Літоўскага корпуса расейскай арміі, раскватараваных у Гродзенскай губерні, былі тыя ж вымпелы бела-чырвона-белага колеру ажно да 40-х гадоў XIX ст.

Бела-чырвона-белы сцяг, як беларускі нацыянальны сцяг, быў прыняты беларускімі рэвалюцыйнымі студэнтамі ў Пецярбурзе ў канцы XIX ст. Гэты сцяг быў прыняты Усебеларускім з'ездам у Менску ў снежні 1917 г. Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіў яго ў жніўні 1918 г. у якасці дзяржаўнага сцяга Беларусі, зыходзячы з таго, што гэта нацыянальны беларускі сцяг.

7. З навуковага гістарычнага пункту гледжання герб Пагоня і бела-чырвона-белы беларускі нацыянальны сцяг з'яўляюцца адзіна правільнымі нацыянальнымі і, такім чынам, дзяржаўнымі сімваламі незалежнай Беларускай рэспублікі.

Доктар гістарычных навук,

прафесар А.П. Грыцкевіч.

15 верасня 1991 г.


Да гісторыі тэлеканала "Белсат"

Тэлеканал "Белсат" стаў неад'емнаю часткай беларускага жыцця. У тым заслуга многіх людзей, арганізацый і нават краін. Але мы лічым патрэбным нагадаць, як усё пачыналася, і друкуем адзін з першых дакументаў на гэтую тэму.

Тлумачальная запіска па арганізацыйнай працы па стварэнні Міжнароднага беларускага спадарожнікавага тэлеканала "Белсат"

Пачынаючы з 1996 года ўлады Беларусі распачалі паступовае скарачэнне вяшчання на беларускай мове на дзяржаўным тэлебачанні. З удзелам дзяржавы былі арганізаваны новыя тэлекампаніі СТБ і АНТ, якія пачалі вяшчанне выключна на рускай мове. Таварыства беларускай мовы неаднаразова накіроўвала звароты да органаў дзяржаўнага кіравання з нагоды змяншэння вяшчання на дзяржаўнай беларускай мове. Але спыніць тэндэнцыю змяншэння вяшчання на беларускай мове, якая з'яўляецца роднай для 73,6% насельніцтва краіны, не ўдалося. А гаварыць пра свабоду слова ў дзяржаўных электронных СМІ ўвогуле не выпадае. Беларускія дыяспары ў краінах Балтыі, Польшчы, Расіі і ў Заходняй Еўропе таксама пазбаўлены магчымасці глядзець навіны з радзімы на беларускай мове. Менавіта таму ў 2002 годзе ТБМ выступіла з ініцыятывай стварэння Міжнароднага беларускага спадарожнікавага тэлеканала. З гэтай нагоды ў сядзібе ТБМ 17 траўня і 14 чэрвеня 2002 г. былі праведзены паседжанні ініцыятыўнай групы па стварэнні беларускамоўнага вяшчання. У працы ініцыятыўнай групы прымалі ўдзел наступныя асобы:

1. Арлоў Уладзімір, пісьменнік, Беларускі ПЭН-цэнтр;

2. Беладубенка Іван Леанідавіч, дарацца прэзідэнта Беларускай асцыяцыі недзяржаўнага тэлебачання;

3. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч, старшыня камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні з 1978-1990. Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН у 1990-1994 гг.;

4. Дашкевіч Алег, Іnternews, рэжысёр - дакументаліст;

5. Дубавец Таццяна, загадчыца беларускай рэдакцыі праграм на Літоўскай тэлевізіі;

6. Запрудскі Сяргей, старшыня замежнай камісіі Таварыства беларускай мовы;

7. Коўган Сяргей Яўгенавіч, былы тэхнічны дырэктар Менскіх кабельных сетак (1991 - 1994), прадпрымальнік;

8. Кручкоў Сяргей Мікалаевіч, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы;

9. Літвіна Жанна, прэзідэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў;

10. Мазынскі Валер Яўгенавіч, тэатр-студыя "Вольная сцэна" пры Саюзе тэатральных дзеячоў Беларусі, галоўны рэжысёр;

11. Матафонаў Алесь, рэдактар тэлепраграмы "Біяграфія слова";

12. Мельнікаў Эдуард, віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў;

13. Носаў Дзяніс, журналіст, рэжысёр Беларускай асцыяцыі недзяржаўнага тэлебачання;

14. Папок Артур, прыватны прадпрымальнік;

15. Сафроненка Каcтусь Уладзіміравіч, рэжысёр праекту Міжнароднага французcкага канала на БТ;

16. Сіверын Спартак Кімавіч, кіраўнік Міжнароднага французcкага канала на БТ;

17. Содаль Уладзімір Ілліч, былы супрацоўнік Беларускага тэлебачання, пісьменнік;

18. Станкевіч Вячка (ЗША), былы кіраўнік беларускай рэдакцыі радыёстанцыі "Свабода", сябар Рады БНР;

19. Яканюк Данат Лявонавіч, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На праведзеных паседжаннях, найперш, абмяркоўвалася магчымасць арганізацыі вяшчання на беларускай мове. Разглядаліся канцэпцыі стварэння беларускамоўнага вяшчання. Было прапанавана звярнуцца да вядучых сусветных тэлеканалаў, такіх як: Diskovery Channel, Diskovery Тravel @ Аdventurе, Diskovery Сіvilisaition, Diskovery SСІ- ТRЕК, ЕuroNews, Еurosport, Nickelodeon, каб арганізаваць сваё вяшчанне і на беларускай мове, дадаўшы да існуючых шматмоўных гукавых дарожак і дарожку на беларускай мове. Таварыства беларускай мовы звярнулася па е-mаіl да каналаў ЕuroNews, Еurosport. На жаль адказаў на нашыя звароты не паступіла.

Адначасова на пасяджэннях ініцыятыўнай групы абмяркоўвалася пытанне стварэння ўласнага спадарожнікавага канала. Улічваючы тое, што працэс рэгістрацыі і сродкі распаўсюджвання наземнага сігналу цалкам знаходзяцца ў распараджэнні дзяржаўных органаў, была абмеркавана ідэя стварэння вяшчальнай установы па-за межамі Беларусі. На паседжанні 14 ліпеня 2002 г. была абрана рабочая група з мэтай прапрацоўкі пытання стварэння ўласнага беларускамоўнага тэлеканала. У склад групы ўвайшлі наступныя асобы: Беладубенка Іван Леанідавіч, Дашкевіч Алег, Коўган Сяргей Яўгенавіч, Кручкоў Сяргей Мікалаевіч, Мельнікаў Эдуард, Яканюк Данат Лявонавіч. Чальцы рабочай групы падалі ў ТБМ свае канцэпцыі стварэння вяшчальнай установы. Усе прапановы былі прааналізаваны, і напісана агульная канцэпцыя стварэння БЕЛСАТ (глядзі дадатак).

Намеснікам старшыні ТБМ Сяргеем Кручовым праведзены кансультацыі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары Сяргеем Дубаўцом (Вільня, Літва), Яўгенам Вапам, (Беласток, Польшча), Юрасём Юркевічам (Талін, Эстонія), а таксама з недзяржаўнымі арганізацыямі Беларусі - Беларускай асацыяцыяй журналістаў (старшыня Жанна Літвіна), Беларускім ПЭН-цэнтрам (старшыня Лявон Баршчэўскі), ТБМ (старшыня Алег Трусаў). Атрымана агульная згода выступіць заснавальнікамі БЕЛСАТ. Магчымая структура адказная за арганізацыю вяшчання - публічная ўстанова "Беларускі інфармацыйны цэнтр" (Вільня, Літва, кіраўнік Таццяна Поклад). Зараз ідзе высвятленне магчымасці арганізацыі вяшчання з тэрыторыі Літвы, удакладняюцца арганізацыйныя формы вяшчальнай структуры, кошты на атрыманне ліцэнзій на спадарожнікавае вяшчанне.

Рабочая група рыхтуе праект на імя прадстаўнікоў беларускай дыяспары ЗША па стварэнні беларускамоўнага відэаархіву на БУО на 800 гадзін. Існуе папярэдняя дамоўленасць з Фундацыяй Орсу-Роману (ЗША) на разгляд і магчымае фінансаванне праекту.

Але асноўным клопатам рабочай групы на цяперашні момант гэта пошук генеральнага фундатара на ажыццяўленне праекту па арганізацыіі вяшчання БЕЛСАТ. Канцэпцыя стварэння БЕЛСАТ на ангельскай мове была перададзена амбасадарам вядучых еўрапейскіх краін старшынём Таварыства беларускай мовы ў 2003 годзе. У лістападзе 2003 г. у Варшаве Сяргеем Кручковым праведзены шэраг сустрэч з прадстаўнікамі польскіх тэлеканалаў (ТVN, РОLSАТ) на прадмет сумеснай працы па стварэнні БЕЛСАТ і перададзена канцэпцыя стварэння БЕЛСАТ на польскай мове. На жаль, дагэтуль генеральны партнёр не знойдзены.

Адначасова прадстаўнікамі рабочай групы прапрацоўваюцца будучыя арганізацыйныя і дарадчыя страктуры БЕЛСАТ, а таксама праблемы арганізацыі перадачы відэаінфармацыі з тэрыторыі Беларусі вяшчальнай арганізацыі ў Літве.

Падрыхтавана 5 лютага 2004 г. намеснікам старшыні ТБМ Сяргеем Кручковым.


"Код прысутнасці" ў Магілёве

У межах Тыдня беларускага мыслення Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыюм ЕўраБеларусь пры садзейнічанні Магілёўскага гарадскога аддзялення Таварыства беларускай мовы прэзентавалі ў Магілёве выданне "Анталогія беларускага мыслення 2000-2015 "Код прысутнасці".

Гэтую і некаторыя іншыя кнігі прывезлі ў Магілёў аўтары, што прадстаўлены ў зборніку-анталогіі, слынныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху і мыслення Валянцін Акудовіч і Сяргей Дубавец.

Новае выданне - гэта ўжо трэці падобны зборнік пасля выхаду ў 1998 годзе "Беларускай думкі ХХ стагоддзя" і "Анталогіі сучаснага беларускага мыслення" ў 2003-м годзе. У кнізе сабраныя тэксты, якія з'явіліся ў апошнія паўтара дзясятка гадоў - у перыяд надзвычай важны і цікавы не толькі для асобна ўзятай Беларусі, але для чалавецтва ў цэлым, у час, які можна назваць пераходным у інфармацыйна-камп'ютарную эру.

Сустрэча адбылася ў памяшканні Грамадскага Цэнтра "Кола" і сабрала ўсіх зацікаўленых у развіцці і пашырэнні працэсаў мыслення, філасофскага разважання, асэнсавання таго, што ёсць Беларусь і хто ёсць беларусы. Прысутнічалі прадстаўнікі самых розных узроставых катэгорый і прафесійнай дзейнасці.

Пасля невялічкага экскурсу-агляду прыкладаў беларускага мыслення за мінулае стагоддзе, Валянцін Акудовіч распавёў пра саму кнігу і некаторых аўтараў надрукаваных у ёй тэкстаў, у сціслы час сустрэчы пастараўся на іх прыкладах паказаць дыяпазон выклікаў і пошукаў беларускага мыслення на пачатку новага стагоддзя.

Але сустрэча праходзіла не толькі ў выглядзе расповеду. Любыя разважанні пра мысленне заўсёды выклікаюць шмат пытанняў і дыскусаў, так было і гэтым вечарам - пытанні, адказы, заўвагі, нават спрэчкі.

На развітанне госці пакінулі свае подпісы ў асобніках кніг, у якіх знайшлі адлюстраванне іхныя думкі, і праз якія магілёўцы і далей будуць далучацца да працэсу "мысліць Беларусь".

Алесь Сабалеўскі , Tv6.by.


Новая кніга пастаўскіх краязнаўцаў

Нядаўна ў менскім выдавецтве "Каўчэг" пабачыла свет новая кніга вядомых пастаўскіх краязнаўцаў, актыўных сяброў Таварыства беларускай мовы, пісьменніка, настаўніка геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігара Пракаповіча (старшыня раённай Рады ТБМ) і настаўніка гісторыі Гуцкай школы Мікалая Арэха "Стары Двор і ваколіцы". У ёй падаецца апісанне прыродных асаблівасцяў мясцовасці, распавядаецца пра гістарычныя падзеі, вядомых жыхароў Старадворшчыны, тлумачыцца паходжанне назваў вёсак. Асобны раздзел складаюць цікавыя народныя гісторыі і легенды, пачутыя і запісаныя ў Старым Двары, Прудніках, Крутках, Цівунцах, Дземяшах, Чашкоўшчыне.

На думку аўтараў, на сённяшні дзень вялізарныя пласты гісторыі і культуры асобных рэгіёнаў і раёнаў не толькі не апісаны і не зафіксаваны, а сыходзяць у нябыт разам з марнеючымі вёскамі і іх апошнімі жыхарамі, таму збор як мага найбольш поўнай інфармацыі пра асобныя населеныя пункты, якім наканавана лёсам у бліжэйшы час сысці ў вечнасць, - актуальнейшая агульнабеларуская задача. На сённяшні дзень на месцы большасці з гэтых вёсак засталіся закінутыя хаты ды зарастаючыя быллём сады. А тут жылі людзі, якія працавалі, спявалі, расказвалі гісторыі, святкавалі святы, ладзілі вяселлі, выраблялі калаўроты, бочачкі, сані, ткацкія варштаты і шмат-шмат чаго іншага, але свайго, адметнага, непаўторнага. Знікаючыя і марнеючыя вёскі напоўнены матэрыяльнымі і духоўнымі скарбамі, а мы не звяртаем на гэта ўвагі, не надаём ім значэння ці то ад уласнай душэўнай пустэчы, ці то ад звычайнай абыякавасці. Аўтары імкнуцца захаваць хоць частку гэтага народнага багацця, збіраючы і апрацоўваючы краязнаўчыя матэрыялы па асобных паселішчах роднага краю. Дарэчы, гэта іх трэцяя сумесная кніга пра вёскі Пастаўшчыны, раней выйшлі "Гута-Голбія" і "Рымкі: вёска на краі вечнасці". Да таго ж, імі напісаны кнігі і паасобку або з іншымі суаўтарамі: у Ігара Пракаповіча гэта выданні пра Манькавічы, Груздава, Вялікія Споры, Задзеўе, у Мікалая Арэха - пра вёсачкі каля ракі Заражанкі.

А колькі ж яшчэ нашых беларускіх мястэчак і вёсак чакаюць сваіх летапісцаў! Хочацца пажадаць аўтарам далейшага добрага плёну ў дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны.

Наталля Пракаповіч.


Беларускі гурток на Замкавай гары

8 верасня, як звычайна ў чацвер, грамада магілёўскага ТБМ сабралася на Замкавай гары на беларускі гурток. На гэты раз госцем быў вельмі цікавы чалавек Вячаслаў Філінаў - вядомы магілёўскі калекцыянер. І збірае ён не зусім звычайныя рэчы - паштоўкі, прычым не любыя, а тыя, на якіх адлюстраваны наш горад Магілёў. Найбольш яго цікавяць дарэвалюцыйныя паштоўкі і іх у калекцыі большасць. Менавіта з такім скарбам Вячаслаў да нас і завітаў.

Увогуле першыя паштоўкі з'явіліся ў Аўстра-Венгрыі ў 1869 г., але выглядалі яны не так, як зараз - малюнка не было, толькі марка. Больш звыклы для нас выгляд паштоўкі атрымалі ў 1871 г., тады ж яны пачалі распаўсюджвацца па свеце. Спачатку адваротны бок прызначаўся для адраса, а спецыяльнага месца для ліста не прадугледжвалася. Толькі ў 1904 г. адрасны бок падзялілі на дзве часткі - левая для пісьмовага паведамлення, правая -для адрасу, маркі і паштовых адзнак.

Існуе некалькі відаў паштовак: віншавальныя, мастацкія, рэкламныя, палітычныя, патрыятычныя ды іншыя. Аднак мы, ідучы за аповедам калекцыянера з дапамогай так званых краявідных паштовак, так любімых Вячаславам, апынаемся ў Магілёве 1900-х гадоў. Паводле словаў Вячаслава, віды нашага горада з'явіліся на паштоўках прыкладна ў 1902 г. Гэта можна бачыць толькі па штэмпелях, бо выдавецтвы таго часу не ставілі дату друку. Але менавіта гэтым годам датуецца самая старая вядомая паштоўка. Да 1917 было выпушчана каля трохсот паштовак з рознымі відамі Магілёва, у Вячаслава ёсць пакуль толькі палова, але ж і гэта нямала.

Перадаем па коле чорна-белыя выявы - вось касцёл святога Ксаверыя, пабудаваны у пачатку 18 ст., а вось гатэль "Францыя", які калісьці стаяў непадалёк. Далей у рукі трапляюць паштоўкі з выглядам вуліц Малой і Вялікай Садовай (цяпер Ленінскай), Губернатарскай (Савецкай) плошчы. Ёсць і Ратуша, сімвал незалежнасці і самакіравання горада, а таксама мост цераз Дняпро - жалезабетонны, які тады будаваўся, і яго драўляны папярэднік.

Гледзячы на большасць з іх, можна толькі шкадаваць, бо многія помнікі архітэктуры не захаваліся да нашых дзён. Адны былі разбураныя вайной, іншыя - згінулі пры будаўніцтве светлай будучыні. Але ж на старых паштоўках у архівах такіх калекцыянераў-аматараў, як Вячаслаў Філінаў, яны працягваюць сваё жыццё.

Канешне, паштоўкі як від сувязі паміж людзьмі, ужо страцілі сваю актуальнасць, цяпер у іх іншая роля - усталяваць сувязь паміж мінулым і сучаснасцю і дапагаць такім зацікаўленным, як мы, здзяйсняць экскурсію ў часе.

Яўгенія Хмуровіч.


Да 600-х угодкаў Дзярэчына адкрылі мемарыяльны знак

Жыхары вёскі Дзярэчын Зэльвенскага раёна сёлета ў жніўні-верасні адзначылі 600-годдзе роднай вёскі. Спачатку ў жніўні адбылася навуковая канферэнцыя з удзелам настаўнікаў, бібліятэкараў, навукоўцаў. А ў верасні ў цэнтры вёскі адбылося вялікае свята, куды з'ехаліся госці з усяго райцэнтра. Але найважнейшай падзеяй для Дзярэчына стала адкрыццё ў цэнтры вёскі каля царквы Святога Спаса мемарыяльнага знака з тэкстам: "1416. 600-годдзю першага дакладнага згадвання Дзярэчына ў Літоўскай метрыцы прысвячаецца…" . Нагадаем, упершыню Дзярэчын упамінаецца ў XV стагоддзі, як сяло, уладанне баярына Дрэмута. У 1416 годзе вялікі князь Вітаўт "за верную службу" перадаў яго роду Копачаў. У 1501 годзе пасля смерці Яцка Копача маёнтак Дзярэчын адыйшоў да ягонай сястры Ганны Сангушкі. У гэты час тут дзейнічала царква Святога Спаса. У 1505-1510 гадах часткай маёнтку валодалі пісар каралеўскі Аляксандар Нікольскі і Сямён Палазовіч, а з 1510 года гэта была агульная ўласнасць князёў Сангушкаў, Адзінцэвічаў і Палубінскіх.

У 1685 годзе паселішча перайшло да Сапегаў і стала адной з іх галоўных рэзідэнцый.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Згукі бацькаўшчыны

Пазнаць душу народа можна рознымі шляхамі, але найлепш праз народную спадчыну: традыцыі, фальклор, мудрасць, творчасць, якія перадаюцца ад прадзедаў праўнукам, ад дзядоў унукам, ад бацькоў дзецям. Чалавеку з маленства выхаванаму народным каларытам складана адмовіцца ад пачутага і засвоенага - гэта застаецца з ім назаўжды, часам крочыць штодзён па жыцці.

24 верасня 2016 г. у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбылося раённае свята "Згукі бацькаўшчыны". Першы этап, пад назвай "Талака", быў прымеркаваны да беларускага земляробчага календара. У кожнага чалавека свой лёс, сваё прызванне, але ёсць і адзінае - любоў да беларускай песні, народнага танцу, абрадаў. Удзельнікі свята - супрацоўнікі клубных устаноў Лідскага раёна - апантанна збіраюць і адраджаюць мясцовы фальклор. Філіял "Ганчарскі дом культуры" прадставіў абрад "Напаўненне сявенькі", які паказвае анімацыйна-рэалістычнае дзеянне "Калі да лёну з паклонам - добра аддзячыць лён". Напрыканцы дзеяння гледачы атрымалі смачныя падарункі і пачаставаліся стравамі з сем'я льну.

Хлеб - святыня ў нашага народа, таму жніво лічылася вельмі адказным перыядам ў жыцці кожнага беларускага селяніна. Пачатак і заканчэнне ўборкі ўраджаю збожавых урачыста адзначаліся не толькі сельскай грамадой, але і ў кожнай сям'і.

Свята "Багач" - земляробчае свята ў гонар заканчэння збору ўраджаю. На Багач кожны гаспадар да ўсходу сонца засяваў поле асвечаным жытам: "Прыйшоў Багач - кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку". Філіял "Ваверскі дом культуры" прадставіў абрад "Багач". Напрыканцы выступлення ўсе пачаставаліся дарамі восені: яблыкамі, грушамі, вінаградам, стравамі з бульбы.

Жніво падводзіла вынік усёй шматдзённай працы сялян, суправаджалася на Беларусі комплексам разнастайных абрадаў і звычаяў, які складаўся з трох асноўных этапаў: зажынак, жніва і дажынак. Ключавымі аб'ектамі ў жніўнай абраднасці з'яўляюцца: першы сноп, апошнія нязжатыя каласы "Барада", дажынкавы вянок і апошні сноп. Абрад "Дажынкі" прадставілі супрацоўнікі філіяла "Дзітвянскі дом культуры". Інтэрактыўны момант, прыемны, урачысты - замешванне і выпяканне дажыначнага хлеба. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі свята змаглі пачаставацца караваем.

Мова, звычаі, абрады, рамёствы, якія засталіся нам ад продкаў праз вякі - каштоўныя знакі памяці. Яны могуць знікнуць назаўсёды, калі мы не захаваем іх. Асноўная мэта мерапрыемства - зберагчы, перадаць малодшым пакаленням культурныя традыцыі нашых продкаў.

Ірына Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


У Лідзе адбыўся доўгачаканы рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка"

Рыцарскія забавы, сярэднявечныя танцы і музыка, "горад майстроў" і шмат чаго іншага… Як і абяцалі арганізатары, Лідскі замак у мінулую суботу зноў часова зажыў сярэднявечным жыццём: тут адбыўся доўгачаканы рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка", арганізаваны ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама і народнай аматарскай студыяй "Dies Magna", якая дзейнічае пры названым цэнтры. Нагадаем: адметнай асаблівасцю сёлетняга рыцарскага турніру стаў удзел у ім конных рыцараў, чаго ў нашым замку не было гадоў дзесяць.

У час тэатралізаванага адкрыцця мерапрыемства рыцары студыі "Dies Magna" распавялі гледачам пра знакамітае пагадненне 1392 года паміж стрыечнымі братамі - князямі Вітаўтам і Ягайлам, - якое было заключана ў маёнтку Востраў пад Лідай і паклала канец дзесяцігадовай міжусобнай вайне. Заключаны вечны мір - і ў гонар гэтай падзеі ў Лідскім замку вырашана правесці рыцарскі турнір, ваярскія гульні. Так тэатралізаваная сцэнка плаўна перацякае ва ўласна турнір "Меч Лідскага замка".

Выязджаюць на конях і вітаюць гледачоў дзевяць рыцараў з менскага конна-гістарычнага клуба "Залатая шпора". На кані Трыстане - маршал турніру пан Павел Заслаўскі (кіраўнік клуба Павел Калінкоў). І ладзяцца адна за другой рыцарскія забавы: сеча на скаку качаноў капусты ("галоў непрыяцеляў"), удары дзідамі ў замацаваны на жэрдцы шчыт-"сарацыну", падняцце дзідай кольца і хусткі прыгожай дамы і іншае - і ўсё таксама не злазячы з каня, на скаку.

Скажам проста, забавы гэтыя нялёгкія нават для вопытных рыцараў-вершнікаў з "Залатой шпоры", не кожнаму з іх удаецца, напрыклад, падняць кольца альбо на поўным галопе дастаць уваткнуты ў зямлю меч. А тут яшчэ нечакана выбывае з шыхту адзін з коней: моцна раніць нагу аб востры каменьчык. Таму кіраўнік клуба ў час інтэрв'ю пасля першага аддзялення турніру крыху не ў настроі.

- Шкада, што адзін наш конь сёння выступаць больш не зможа, - гаворыць ён. - Так, Лідскі замак - вельмі прыдатнае і цудоўнае месца для правядзення пешых турніраў, аднак для турніраў конных, як паказаў сённяшні непрыемны выпадак з канём, яго тэрыторыя яшчэ недастаткова падрыхтавана, ёсць над чым папрацаваць. Але гэта не значыць, што мы больш не гатовы да вас прыязджаць. Узровень арганізацыі турніру высокі, лідзяне - народ гасцінны, гледачы нас актыўна падтрымліваюць. Увогуле, нам прыемна тут выступаць і мы гатовы выступаць далей.

***

А пакуль - перапынак. Але ёсць што паглядзець і ў чым паўдзельнічаць наведвальнікам замка і ў перапынках паміж аддзяленнямі. Для дзяцей арганізавана катанне на рыцарскіх конях; ансамбль сярэднявечнай музыкі "Hard-wood", тэатр гістарычнага танцу "Soleil" і дуэт "Дзівабор" (усе згаданыя калектывы - таксама з Менска) праводзяць для ўсіх ахвочых майстар-клас па сярэднявечных танцах; кожны ахвочы можа пабыць і ў ролі каваля; каля замка вабяць мінакоў рамесныя рады, імправізаваныя гандлёвыя кропкі і іншае; у вежы Вітаўта супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея адкрылі дзве выстаўкі, якія датычацца гісторыі Лідскага замка…

- Гэта ўжо трэці рыцарскі турнір у Лідзе, на якім выступае наш калектыў, - адзначае ў час інтэрв'ю музыкант ансамбля "Hardwood" Вольга Грынь. - Увогуле, Ліда для нас знакавае месца. Менавіта ў вашым горадзе чатыры гады назад мы далі свой першы канцэрт. У Лідзе жыве многа нашых сяброў. Вельмі падабаюцца ваш замак, мерапрыемствы ў ім - быццам трапляеш у маленькі сярэднявечны горад, дзе кожны займаецца сваёй справай, але ўсіх аб'ядноўвае захапленне сумеснай рэканструкцыяй той эпохі.

Сваёй справай займаецца ў замку і прафесійны каваль з Менска Дзмітрый Андрэеў, які таксама прыязджае ў наш горад не ўпершыню. Дарэчы, даводзілася яму каваць зброю і для рыцараў "Залатой шпоры".

- Ваш замак ідэальна падыходзіць для такіх турніраў і ўвогуле для мерапрыемстваў па рэканструкцыі Сярэднявечча, - згодны і ён. - Магчымасці для гэтага тут - вялікія.

***

У другім аддзяленні турніру - коннае тэатралізаванае рыцарскае шоў "Гісторыя рыцара" з удзелам клуба "Залатая шпора". Галоўны герой дзейства - баярын вялікага князя Вітаўта, ужо знаёмы нам пан Павел Заслаўскі. Перад ім стаіць нялёгкая задача - вярнуць адабраную тэўтонскімі рыцарамі ў папскага нунцыя каралеўскую карону, якую той павінен быў даставіць вялікаму князю. Для гэтага пан Павел вымушаны пад імем Вільгельма Баварскага прыняць удзел у рыцарскім турніры, які праходзіць у сталіцы Тэўтонскага ордэна Марыенбургу. Прайшоўшы шэраг выпрабаванняў, ён выходзіць пераможцам турніру, пацвярджае сваё права быць рыцарам і ў двубоі адваёўвае карону Вітаўта.

- Гісторыя гэта часткова праўдзівая, - адзначае кіраўнік клуба Павел Калінкоў. - Сапраўды, у 1429 годзе дзесьці на мяжы каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў папскага нунцыя ўкралі карону, прызначаную для Вітаўта. Аднак карона тая так і не была вернута, каралём Вітаўт так і не стаў. У нашым шоў карона сімвалізуе сілу і адвагу воінаў Вялікага Княства.

Напэўна, самым насычаным і яркім стала трэцяе - вячэрняе - аддзяленне турніру "Агні Лідскага замка", на якое прыйшла найбольшая колькасць гледачоў. Тэму папярэдняга шоў - сілу і адвагу воінаў ВКЛ - як бы развіла далей і яшчэ раз падкрэсліла інтэрактыўнае коннае рыцарскае шоў "Пад харугвамі Грунвальда", у якім, акрамя рыцараў з клуба "Залатая шпора" ўдзельнічалі і некаторыя гледачы-мужчыны, з якіх была набрана дадатковая харугва для ўдзелу ў знакамітай Грунвальдскай бітве. Гэтым людзям далі дзіды і шчыты, і яны павінны былі стаяць шчыльнай сцяной перад націскам тэўтонскай пяхоты і кавалерыі (зразумела, за бяспекай дзейства для непадрыхтаваных людзей сачылі ўдзельнікі клуба, умела аб'язджаючы на конях сцяну з апалчэнцаў). У ходзе шоў быў інсцэніраваны эпізод бітвы, у якім забілі магістра Тэўтонскага ордэна.

- Дзякую вам за тое, што выйшлі на полі бітвы ўперад і шчыльна стаялі побач адзін з другім, плячо ў плячо, - казаў удзельнікам-гледачам кіраўнік клуба. - А зараз прыйшоў час класці зброю і вяртацца да сваіх штодзённых спраў. Яшчэ раз дзякую за ўдзел.

Але на гэтым праграма мерапрыемства не завяршылася. Гледачоў чакалі сярэднявечная дыскатэка ад менскай групы "Pawa" і фаер-шоў ад сталічных тэатраў агню "Бельтайн" і "Elemental", якія сагрэлі ўсіх прысутных у той халодны позні восеньскі вечар і пакінулі ў іх мноства дадатковых яркіх уражанняў.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ. Фота Аліны ДУБЯНОК . "Лідская газета".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX