Папярэдняя старонка: 2016

№ 42 (1297) 


Дадана: 18-10-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 42 (1297), 19 кастрычніка 2016 г.


Праз 20 гадоў сябар ТБМ ізноў узначаліў Камісію па адукацыі, культуры і навуцы беларускага парламента

Прафесар-гісторык, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, сябар ТБМ імя Ф. Скарыны Ігар Марзалюк абраны старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. Выбары адбыліся на безальтэрнатыўнай аснове, за яго прагаласавалі 102 дэпутаты, супраць - 6. 20 гадоў назад аналагічную камісію ўзначальваў Ніл Гілевіч, намеснікам быў Алег Трусаў, сакратаром - Яўген Цумараў, усе сябры ТБМ.

Асобнымі думкамі Ігар Марзалюк падзяліўся з Радыё Свабода.

Пра беларускую мову ў парламенце

- Сам я думаю па-беларуску. Вось такі я "выкапень" у чацвёртым пакаленні. Што да беларускай мовы ў парламенце, пакуль няма пра што гаварыць. Дайце хаця б тры месяцы папрацаваць. Але я не буду нікога прымушаць размаўляць па-беларуску. Свабода выбару - фундаментальны прынцып усіх грамадзян. А дэпутаты ведаюць не горш за мяне і адну, і другую дзяржаўныя мовы. Як яны хораша размаўляюць па-беларуску - вы нават не ўяўляеце сабе!

Пра сваю мару пра незалежнасць

- Вось я думаю, што было б з беларусамі, калі б Яўхім Карскі ў свой час не займаўся б кар'ерай, не станавіўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта, не пісаў свой шматтомнік "Беларусы". Ён жа не бегаў і не крычаў пра мову. Проста ён даў аснову ўсім тым, хто потым прыйшоў у палітыку. Тое самае - Мітрафан Доўнар-Запольскі. Ёсць такое паняцце ў польскай традыцыі: арганічная праца. Самае важнае, што адбылося за апошнія 20 год - гэта тое, што ў нас сёння 90 % насельніцтва, незалежна ад палітычнай арыентацыі, ад мовы - выступае за суверэнітэт Беларусі. Гэта мая была запаветная мара ўзору 1989 года - калі я быў маладым і смаркатым і ў 21 год вярнуўся пасля службы ў войску - пасля спецназу ва Ўруччы...

Чым будзе займацца камісія па адукацыі?

- У бліжэйшых планах - прыняцце новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі. Мы абавязкова будзем прагаворваць "балючыя пункты" ў сістэме адукацыі, праблемы з прафесіяналамі. Я буду ініцыяваць, каб да нашай працы далучаліся прафесіяналы, якія маюць досвед, шмат ведаюць, працуюць па 40 год у сістэме адукацыі. Трэба не кідацца з крайнасці ў крайнасць, а прадумана, адэкватна думаць, каб не выплеснуць дзіця з начовак.

Я лічу, што нам патрэбна якасная сістэма адукацыі. У нас была вельмі вялікая пагоня за колькаснымі паказчыкамі: дагнаць і перагнаць Фінляндыю па колькасці дыпломаў аб вышэйшай адукацыі. Вось у ФРГ 25 % выпускнікоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а ў нас - 90%. Вы хочаце сказаць, што ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі менш якасная адукацыя? Тады паглядзіце на іхнія прарывы!

Мы павінны перастаць размазваць масла па вялікім кавалку хлеба

- Мы павінны перастаць размазваць масла па вялікім кавалку хлеба. У нас вельмі шмат вышэйшых навучальных устаноў, вельмі шмат студэнтаў. Калі б гэтая колькасць пераходзіла ў якасць, я б нічога не меў супраць. Але тут ёсць што аптымізаваць. Каб дыплом стаў важкім, патрэбна, каб людзі, якія ствараюць навуковыя школы, самі з'яўляліся вучонымі, у якіх індэксы цытаванасці нармальныя - каб яны вучылі. А калі паўтара дацэнта на факультэт - гэта праблема. То бок ёсць праблема забеспячэння кадрамі вышэйшай кваліфікацыі. Не з пачатковай школы і не з дзіцячага садка растуць праблемы на самой справе, а з сістэмы вышэйшай адукацыі. То бок нам патрэбна ў першую чаргу вельмі цвяроза, адэкватна разабрацца з сістэмай вышэйшай адукацыі.

Мы павінны акумуляваць грошы, бо мы не самая багатая краіна ў свеце. Дзяржава многае робіць, але ад нас, прафесіяналаў, залежыць, каб гэтыя грошы траціліся эфектыўна. І мы павінны ў Кодэкс аб адукацыі ўнесці ўсё тое, што будзе дапамагаць калегам і зарабляць, і павышаць якасць. Павінны быць зацікаўленыя грамадскія слуханні, і ў першую чаргу з прыцягненнем прафесіяналаў.


Застаецца пажадаць спадару Ігару Марзаляку на новай адказнай пасадзе быць годным сваіх папярэднікаў, якія стваралі незалежную Беларусь тады, калі ён пра тое толькі марыў. Будзем спадзявацца, што ягоныя патрыятычныя памкненні не загрузнуць у бюракратычным балоце.

Паводле Радыё Свабода.


110 гадоў з дня нараджэння Марыі Жыдовіч

Беларускі мовазнавец Марыя Андрэеўна ЖЫДОВІЧ нарадзілася 19 кастрычніка 1906 г. ў в. Дукора Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Скончыла Менскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1938). Працавала ў БДУ (1943-46, 1959-77), Інстытуце мовазнаўства АН БССР (1946-59). Доктар філалагічных навук (1958), прафесар (1959), заслужаны дзеяч навукі БССР (1971). Памерла 12 лістапада 1977 г.

Асноўныя кірункі навуковых зацікаўленняў М. А. Жыдовіч - гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія. У кандыдацкай дысертацыі (1944) даследавала лексічныя, фанетычныя і марфалагічныя рысы помніка беларускага пісьменства 16 ст. - Супрасльскага летапісу. У манаграфіі "Назоўнік у беларускай мове. Ч. I. Адзіночны лік" (1969), напісанай на матэрыяле старажытных помнікаў беларускага пісьменства, дадзеных народных гаворак і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, твораў беларускіх пісьменнікаў паказала станаўленне сістэмы скланення назоўнікаў, развіццё на працягу стагоддзяў іх граматычных катэгорый - роду, ліку, склонаў, катэгорыі адушаўлёнасці - неадушаўлёнасці і інш. Аналіз матэрыялу М. А. Жыдовіч робіць у параўнальным плане, выкарыстоўваючы для супастаўленняў усходнеславянскія і іншыя славянскія мовы. Аўтар высветліла, як сістэма скланення назоўнікаў у беларускай мове ад пяці тыпаў у старажытныя часы трансфармавалася ў працэсе гістарычнага развіцця ў сучасную, якая складаецца з трох тыпаў, і змены адбыліся "не за кошт знікнення таго ці іншага тыпу скланення, а за кошт перагрупіроўкі, выкліканай аб'яднаннем назоўнікаў па граматычнаму роду" . Разам з М. В. Бірылам і Ю. Ф. Мацкевіч М. А. Жыдовіч з'яўляецца аўтарам "Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання дыялекталагічнага атласа беларускай мовы" (1950). Яна - адзін з аўтараў і рэдактар "Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак" (вып. 1-3, 1970-77), адзін з укладальнікаў "Слоўніка гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі" (т. 1, 1990).

М. А. Жыдовіч удзельнічала ў напісанні першых у беларускім мовазнаўстве калектыўных дапаможнікаў ("Нарысы па гісторыі беларускай мовы". Мн., 1957) і падручнікаў ("Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія". Мн., 1957) для студэнтаў філалагічных факультэтаў універсітэта і педагагічных інстытутаў. З Я. М. Рамановіч і А. К. Юрэвіч яна з'яўляецца ўкладальнікам "Бібліяграфічнага ўказальніка літаратуры па беларускаму мовазнаўству" (1960), з А. Д. Васілеўскай, Я. М. Рамановіч і А. К. Юрэвіч - бібліяграфічнага паказальніка "Беларускае мовазнаўства (1825-1965)" (1967).

Беларуская мова.


110 гадоў з дня нараджэння Алеся Салагуба

Алесь (Аляксей) Феафілавіч САЛАГУБ (18 кастрычніка 1906, в. Зарудзічы, цяпер Смаргонскі раён - 17 траўня 1934) - беларускі паэт, вязень Лукішак. Верагодна, сваяк Андрэя Салагуба.

У 1923 уступіў у ЛКСМБ, затым у КПЗБ. Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1927), у 1928 годзе нелегальна перайшоў у БССР, дзе скончыў БДУ (1931). Друкаваўся з 1925 года, у 1929 г. у Менску выйшаў зборнік вершаў "Лукішкі".

Арыштаваны 10 жніўня 1933 у Менску па адрасе: вул. Садовая, д. 10, кв. 8. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 9.1.1934 як "член контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ", прыгавораны да расстрэлу і 17 траўня 1934 г. расстраляны. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 18.4. 1956. Асабовая справа С. № 10182-с (спынена 16.8.1956) з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

У 1961 годзе ў часопісе "Полымя" апублікаваны яго "Лукішскі дзённік".

Вікіпедыя.


У дапамогу настаўніку і вучню

Менская галерэя "Ў" даўно стала своеасаблівым творчым цэнтрам, дзе збіраюцца літаратары і іншыя творчыя асобы, каб распавесці пра свае новыя творы, прэзентаваць кнігі, ладзіць абмеркаванні і дыскутаваць. У мінулую пятніцу такая сустрэча адбылася, хоць і ўдзельнікамі яе былі не паэты альбо празаікі, а навукоўцы - гісторыкі і географы. Таму яна выклікала вялікую цікаўнасць настаўнікаў і студэнтаў, прыхільнікаў нацыянальнага погляду на мінулае краю ў кантэксце гісторыі Еўропы і свету.

У гэты дзень вядомыя беларускія гісторыкі і педагогі А. Трусаў, В. Голубеў, П. Церашковіч прадставілі зацікаўленым чытачам свае новыя гістарычныя творы, якія пабачылі свет у выдавецтве З. Коласа ў рамках працы Навуковатворчай лабараторыі "Еўрапейская школа ХХІ стагоддзя" пры Таварыстве беларускай школы (куратар Т. Мацкевіч).

Былы кіраўнік Коласаўскага ліцэя Уладзімір Колас нагадаў, што згодна з гэтай праграмай выйшла ў свет, альбо знаходзіцца ў працэсе стварэння, серыя кніг па гісторыі сусветнага мастацтва, па літаратуры, а таксама, па гісторыі беларускага мастацтва. Не абыходзіць выдавецтва і гістарычныя дапаможнікі. Сведчаннем гэтаму з'яўляецца ўнікальнае выданне А. Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст.", кніга В. Голубева "Найноўшая гісторыя Беларусі", якая ахоплівае перыяд ад 1945 года да нашых дзён. Таксама, у планах выдавецтва яшчэ адна цікавая кніга, над якой працуе прафесар П. Церашковіч - "Геаграфія Польшчы".

Філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі, які каардынаваў працу над гэтымі вучэбнымі выданнямі, адзначыў:

- Прадстаўленыя сёння кнігі - сапраўды інтэлектуальна прадуманыя даследаванні, але напісаныя даступнай мовай, каб гэтымі кнігамі маглі карыстацца настаўнікі, студэнты, вучні і ўсе, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, археолаг А. Трусаў распавёў, што перад тым, як узяцца за фармаванне беларускай канцэпцыі гісторыі сярэднявечнай Еўропы, давялося пазнаёміцца гістарычнымі трактоўкамі, якія пануюць у падручніках і навуковых працах новых дзяржаў. Гэтыя дзяржавы з'явіліся на мапе Еўропы ў 90-я гады мінулага стагоддзя і пачалі фармаваць сваё бачанне гістарычных падзей і выпускаць адпаведныя падручнікі (а іх у калекцыі А. Трусава каля 40 асобнікаў!)

- Тады і ўзнікла жаданне вылучыць беларускую канцэпцыю сярэднявечнай гісторыі Еўропы. Асабліва, у такіх важных для нас падзеях, як, напрыклад, утварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Бо ёсць польская, літоўская, расейская, украінская, нават латышская канцэпцыі, а вось беларуская яшчэ поўнасцю не сфарміравана. Акрамя гэтага, я не знайшоў ніводнага падручніка па сярэднявечнай гісторыі, які быў бы напісаны па-беларуску, - адзначыў аўтар.

Спадар Трусаў пад час працы над кнігай прыйшоў да высновы, што мы, беларусы, можам адлічваць сваю дзяржаўнасць ад 862 года.

- Менавіта ў гэтым годзе Полацк, як цэнтр незалежнай сярэднявечнай дзяржавы, упершыню згадваецца ў летапісе, - падсумаваў свой выступ А. Трусаў.

Пад час абмеркавання новага вучэбнага дапаможніка А. Трусава зазначалася, што аўтар у гістарычных даследаваннях смела абапіраецца на вынікі сваіх раскопак і археалагічных знаходак, выкарыстоўвае свае ўнікальныя здымкі.

Доктар гістарычных навук, вядомы грамадскі дзеяч В. Голубеў прадставіў прысутным кнігу "Найноўшая гісторыя Беларусі ад 1945 да нашых часоў". Аўтар адзначыў, што ствараць такую кнігу вельмі складана. Бо сучасная гісторыя яшчэ не сфармаваная, кожны пажадае яе раскрытыкаваць, патлумачыць падзеі і факты са свайго пункту гледжання і выказаць шмат пярэчанняў.

- Для напісання гэтай кнігі, - працягваў В. Голубеў, - я карыстаўся ўжо існымі падручнікамі, публіцыстыкай, матэрыяламі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, даследаваннямі акадэмічных вучоных. Гэтыя матэрыялы падаваліся так, каб вучні зразумелі важнасць таго, што ўсё добрае і станоўчае, што адбылося за апошнія 20 гадоў, стала магчымым таму, што Беларусь стала незалежнай дзяржавай

Стваральнік кнігі "Геаграфія Польшчы" гісторык, антраполаг прафесар П. Церашковіч спыніўся на пытанні: навошта нам, беларусам, геаграфія Польшчы? Таму, што гэтая краіна - наша бліжэйшая суседка, з якой у нас шмат агульнага ў гісторыі, шмат кантактаў на розных узроўнях, ад палітычных і эканамічных да моўных і культурных. Веданне геаграфіі гэтай краіны дазваляе зразумець, як Польшча трансфармавалася ў 25-ю эканоміку свету, у чым іх праблемы і як нашыя суседзі шукаюць з іх выйсце, каб выкарыстаць іх вопыт.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы спадарыня Тамара Мацкевіч, якая актыўна дапамагала выданню кніг А. Трусава, В. Голубева, П. Церашковіча, нагадала пра тое, што праз месяц мы будзем адзначаць 95 год Таварыства беларускай школы. Прадстаўленыя тут кнігі выдадзены сябрамі ТБШ і гэта сведчыць пра тое, што яго інтэлектуальны рэсурс не губляецца.

Сваім бачаннем ролі новых гістарычных і геаграфічных выданняў у адукацыйным працэсе падзяліўся з калегамі і прысутнымі вядомы археолаг, кандыдат гістарычных навук С.Тарасаў.

Анатоль Мяльгуй.


Такія падручнікі Якубу Коласу і не сніліся

15 кастрычніка Нясвіж наведалі вядомыя беларускія навукоўцы і педагогі У. Колас, А. Трусаў, В. Голубеў, П. Церашковіч, Л. Баршчэўскі. Актыўна спрычынілася да арганізацыі паездкі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Нагодай візіту сталася прэзентацыя новых падручнікаў, якія пабачылі свет або падрыхтаваныя да друку ў рамках працы Навуковатворчай лабараторыі "Еўрапейская школа ХХІ стагоддзя" пры Таварыстве беларускай школы. І ў першую чаргу "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст." А. Трусава, кніга В. Голубева "Найноўшая гісторыя Беларусі" і "Геаграфія Польшчы" Паўла Церашковіча.

Прэзентацыя прайшла ў Нясвіжскай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, у будынку, побач з якім стаяла славутая Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе некалі вучыўся Якуб Колас. Так што дух Коласа адразу як бы залунаў над прысутнымі і калі не дыктаваў, то карэктаваў усё сказанае з тым, каб сказана яно было на карысць і славу Беларусі.

Распачала сустрэчу супрацоўніца бібліятэкі, пісьменніца, старшыня мясцовага літаб'яднання "Валошкі" Валянціна Шчарбакова.

Затым рэй пераняў Уладзімір Колас, заснавальнік і першы дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Менавіта ліцэісты перш за ўсё змогуць вучыцца па гэтых падручніках. Калі яны трапяць у дзяржаўную школу? Афіцыйна можа ніколі, але ўжо на сустрэчы кожны настаўнік мог атрымаць "Гісторыю Еўропы ..." бясплатна, а астатнія змогуць праз некалькі месяцаў знайсці гэты падручнік ды і іншыя на сайце nastaunik.info.

Што пачулі прысутныя настаўнікі, краязнаўцы, сябры ТБМ, проста цікаўныя людзі пра новыя падручнікі? А перш за ўсё тое, што падручнікі напісаны з беларускіх пазіцый - яны беларусацэнтрычныя, тут Беларусь не толькі ў цэнтры Еўропы, але і ў цэнтры гісторыі, у цэнтры метадалогіі.

Пасля выступаў аўтараў кніг і Лявона Баршчэўскага, як рэдактара многіх з іх, прысутныя маглі задаць пытанні і скарысталіся гэтым, хаця гучалі хутчэй не пытанні, а выказваўся боль за стан беларускай мовы, за тое што ў Нясвіжы неяк вось не стала гімназіі і г.д.

У праграме ТБМ, з якой у тым ліку і Алена Анісім ішла на выбары ёсць пункт пра адкрыццё беларускіх гімназій у кожным горадзе, але, як сказаў А. Трусаў, паперадзе павінна ісці жаданне людзей.

Трэба думаць, што Якуб Колас вынікамі сустрэчы быў бы задаволены, бо на Нясвіжчыне яшчэ жыве Беларушчына і па ўсім відаць збіраецца мацнець, а не чэзнуць.

Яраслаў Грынкевіч.


З "Гісторыі сярэднявечнай Еўропы V-XV стст." А. Трусава

РАЗДЗЕЛ XIX.

ЗАЛАТАЯ АРДА. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА МАСКОЎСКАЕ - УЛУС ЗАЛАТОЙ АРДЫ

1. Залатая Арда ў ХІV-ХV стст.

2. Узнікненне Масквы. Палітыка маскоўскага князя Івана I (Каліты).

3. Вялікае княства Маскоўскае ў другой палове XIV - першай палове XV стст.

4. Вызваленне ад улады Залатой Арды. Палітыка князя Івана III.

1. Залатая Арда ў XIV-XV стст.

У першай палове XIV ст. назіраецца росквіт Залатой Арды, асабліва падчас уладарання ў ёй хана Узбека (1313-1341) і яго сына Джанібека (1342-1357). У пачатку 1320-х гадоў Узбек абвясціў іслам адзінай дзяржаўнай рэлігіяй у краіне. Прыхільнікаў язычніцтва ён жорстка караў і быў вельмі жорсткім кіраўніком. Маскоўскія і цверскія князі, якія мусілі прасіць у яго права на кіраванне сваімі княствамі, вельмі яго баяліся і перад паездкамі ў сталіцу Арды пакідалі духоўніцы (духоўныя тэстаманты) і наказы сваім дзецям, на выпадак сваёй смерці, што і здаралася час ад часу. Хан Узбек збудаваў новы горад-сталіцу Сарай аль-Джэдзід ("Новы палац", непадалёк ад сучаснага Валгаграда) і шмат увагі прысвячаў караваннаму гандлю. Арда актыўна гандлявала з краінамі Заходняй Еўропы, Малой Азіі, Егіптам, Індыяй і Кітаем.

У пачатку XIV ст. Узбек зрабіў у краіне адміністратыўна-тэрытарыяльную рэформу. Былі створаны чатыры вялікія ўлусы Сарай, Харэзм, Крым і Дэшт-і-Кыпчак. Начале іх хан паставіў эміраў (улусбекаў) . Галоўнага ўлусбека, намесніка хана, называлі беклярбекам . Наступным паводле пасады быў візір . Чатыры згаданыя ўлусы дзяліліся на 70 дробных уладанняў ( туменаў ) на чале з цемнікамі ( тумэнбашы ). Пасля цемніка ішлі пасады тысячніка, сотніка і дзясятніка . Як ужо казалася, у часы Батыя сталіцай Арды быў горад Сарай-Бату пазней - Сарай-Берке. Наогул жа, у Залатой Ардзе было шмат гарадоў: іх колькасць дасягала 150. Самымі вялікімі былі Сарай-Бату, Сарай-Берке, Булгар, Казань, Азык (Азоў), Ургенч і інш.

Для міжнароднага гандлю Арда выкарыстоўвала гандлёвыя калоніі генуэзцаў у Крыме і вусці Дона. Гандлявалі сукном, рознымі тканінамі, зброяй, ювелірнымі аздобамі, каштоўнымі камянямі, футрам, скурай, мёдам, воскам, соллю, збожжам, лесам, рыбай, аліўкавым алеем і рабамі. Галоўнай гандлёвай ракой была Волга. Залатая Арда выпускала свае манеты, срэбныя дырхемы і медныя пулы і сумы.

Арда мела вялікае войска, у асноўным гэта былі вершнікі. Ардынцы вельмі добра валодалі шабляй і добра стралялі з лукаў. З XIV ст. яны насілі кальчугі і даспехі з кольцаў і пласцін. У канцы XIV ст. у войску з'явіліся арбалеты і гарматы. Значную частку насельніцтва Арды складалі шматлікія цюркскія народы, у асноўным качэўнікі. Таксама тут жылі славяне, фіна-ўгорскія і паўночна-каўказскія народы. У канцы XIV - пачатку XV стст. качэўнікі Залатой Арды атрымалі агульную назву (этнонім) татары. Менавіта з іх выдзеліліся ў XV ст. волжскія і сібірскія татары. Ад народаў усходняй часткі залатой Арды паходзяць і сучасныя казахі, каракалпакі і нагайцы.

Асаблівыя адносіны склаліся ў ханаў Залатой Арды з заваяванымі імі ў XIII ст. усходнеславянскімі княствамі. Самыя вялікія з іх, Уладзіміра-Суздальская, Мурамская, Разанская землі, прызналі ўладу вялікага хана Залатой Арды і зрабіліся яго васаламі. Яны мусілі прасіць у яго ярлык на кіраванне сваімі тэрыторыямі.

Заваёўнікі перапісалі ўсё насельніцтва ў гэтых княствах і абклалі яго грашовым падаткам "выхадам" у памеры паловы грыўні з кожнай сахі. Спачатку ў складзе сахі было двое мужчын-аратых, а пазней сахой пачалі называць пэўную колькасць ворнай зямлі, з якой і плацілі "пасошны падатак" . Акрамя "выхаду", або "царскай даніны", было і шмат іншых пабораў. Напрыклад, "ям" і "падводы" - удзел у перавозках і паштовай службе, "мыт" і "тамга" - гандлёвыя зборы; "корм" - для прыезджых ардынцаў і г. д.

Паколькі ўсю залатую і срэбную манету ардынцы забіралі, на заваяваных імі славянскіх землях наступіў "безманетны перыяд" . У якасці дробных плацёжных адзінак выкарыстоўвалі шкуркі звяроў, шыферныя праселкі, шкляныя пацеркі і старыя манеты. Эканоміка была ў доўгім заняпадзе. Аднак у адносінах да праваслаўнай царквы дзейнічала "Яса Чынгісхана" , закон, паводле якога манастыры і святары не плацілі данін і падаткаў, калі маліліся за хана і яго сям'ю.

Пасля Узбека Ардой кіраваў яго сын, вышэйзгаданы Джанібек, якога славянскія летапісы называлі "добрым". Пасля Джанібека на сталец прыйшоў яго сын Бердыбек , якога неўзабаве ў 1359 г. забілі, і дынастыя Батуідаў закончылася. Пасля гэтага ў Залатой Ардзе пачаліся міжусобіцы. З 1359 па 1380 г. на ханскім троне змянілася больш за 25 ханаў, і некаторыя ўлусы імкнуліся стаць незалежнымі. Гэтаму перыяду маскоўскія летапісцы далі назву "Вяпікая замятня". У гэтыя часы на палітычнай арэне Залатой Арды з'явіўся цемнік Мамай , які стварыў уласны ўлус у заходняй частцы Арды. Аднак, не будучы нашчадкам Чынгісхана, ён не мог стаць вялікім ханам Залатой Арды і таму меў пасаду беклярбека пры тых ханах, якія часта змяняліся на пасадзе ўладара Арды. Арда ўгэты час працягвала развальвацца на асобныя ўлусы, якія варагавалі паміж сабою.

Мамай пачаў персанальную вайну з маскоўскім князем Дзмітрыем і спачатку ў 1378 г. прайграў бітву на рацэ Вожы , а потым у 1380 г. - на Кулікоўскім полі. Пакуль ішоў узброены канфлікт на Захадзе, у Ардзе да ўлады прыйшоў хан Тахтамыш (1380-1395). Перад гэтым ён спыніў сепаратныя выступы кіраўнікоў розных улусаў у Ардзе і на рэчцы Калцы, разграміў рэшткі войск Мамая, які іх зноў сабраў пасля Кулікоўскай бітвы. У 1382 г. Тахтамыш захапіў і спаліў Маскву, пасля чаго прымусіў князя Дзмітрыя зноў плаціць даніну Ардзе. Аднак у 1391 г. на Арду напалі войскі Тамерлана , які прыйшоў з Сярэдняй Азіі. У выніку вайны 1391-1396 гг. войскі Тахтамыша былі разбітыя, а паволжскія гарады, у тым ліку і сталіца Арды былі разбураныя. Потым Тамерлан абрабаваў і гарады Крыма. Пасля гэтага Залатая Арда прыйшла ў заняпад. У першай палове XV ст. яна пачала распадацца на асобныя, незалежныя дзяржавы. У пачатку 1420-х гадоў узнікла Сібірскае ханства , у 1428 г. - Узбекскае ханства , потым - Казанскае (1438 г.), Крымскае (1441 г.) ханствы, Нагайская Арда (1440-я гады) і Казахскае ханства (1465 г.). Галоўнай дзяржавай сярод гэтых новых дзяржаўных утварэнняў лічылася Вялікая Арда . У 1480 г. яе хан Ахмат зрабіў паход на маскоўскага князя Івана III, але мусіў адступіць без бою, а Іван III адмовіўся плаціць яму даніну і пачаў кіравацьз 1480 г. незалежнай дзяржавай - Вялікім княствам Маскоўскім . У пачатку 1481 г. Ахмата забілі войскі Сібірскага ханства і Нагайскай Арды. У самым пачатку XVI ст. пры дзецях хана Ахмата Залатая Арда канчаткова спыніла сваё існаванне.

2. Узнікненне Масквы. Палітыка маскоўскага князя Івана I (Каліты)

Узнікненне Маскоўскага княства. Першы ярлык на вялікае княжанне ханаў Залатой Арды атрымаў вышэйзгаданы пераяслаўскі князь Аляксандр Неўскі. Пры ім татары накіравалі ў заваяваныя гарады сваіх карнікаў на чале з баскакамі (намеснікамі хана), якія зрабілі перапіс заваяванага насельніцтва і абклалі яго данінай. Потым даніну даручылі збіраць і прывозіць у Арду таму князю, які меў ханскі ярлык. Вядома, кожны князь, збіраючы даніну, не забываўся і пра сябе. Таму за права атрымаць ярлык паміж князямі ішлі вялікія спрэчкі і нават бойкі. У выніку гэтых спрэчак паступова на першае месца выйшлі маскоўскія і цверскія князі, што не раз прыводзіла іх да міжусобных войнаў. Але Масква паступова ў іх перамагала.

Асобнае Маскоўскае княства ўзнікла ў другой палове ХІІІ ст. Першым удзельным маскоўскім князем стаў малодшы сын Аляксандра Неўскага Даніла. Масква мела вельмі выгоднае геаграфічнае становішча, бо стаяла на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў з поўдня на поўнач і з Ноўгарада ў Разань. Перасяленцы з поўдня, якія мусілі ратавацца ад татараў, сяліліся вакол Масквы, бо тут, у лясах, татары іх значна менш турбавалі.

Даволі вялікая рака Масква злучала вярхоўі Волгі і сярэднюю Аку. Па гэтым водным шляху ноўгарадцы везлі сабе з Разанскай зямлі хлеб, воск і мёд, а маскоўскія князі бралі з іх за гэта немалое мыта. Першыя маскоўскія князі Даніла і яго сын Юрый здолелі прыўлашчыць усё цячэнне Масквы-ракі і захапіць у разанскага князя Каломну , а ў смаленскага князя - Мажайск . Таксама князь Даніла атрымаў у спадчыну горад Пераяслаў-Залескі.

Адчуўшы сваю моц, маскоўскі князь Юрый захацеў атрымаць ярлык на вялікае княжанне Уладзімірскае і пачаў змаганне за яго са сваім сваяком цверскім князем Міхаілам. Скончылася гэта тым, што ў Ардзе забілі абодвух князёў, а ярлык атрымаў сын Міхаіла Аляксандр Цверскі . Маскоўскім князем стаў брат Юрыя Іван з мянушкай Каліта (кашэль). Гады яго ўладарання - 1328-1340. Ён праводзіў праардынскую палітыку, чым моцна спадабаўся вялікаму хану (якому ён заўсёды прывозіў, акрамя даніны, і хабар). З 1328 г. ён здолеў адабраць у Цверы ярлык на вялікае княжанне і практычна стаў адзіным прадстаўніком хана на паняволеных татарамі землях. Дзякуючы яму хан адмяніў сістэму баскакаў і вывеў у Арду карныя татарскія атрады. Усю даніну збіраў і адвозіў у Арду толькі князь Іван. Калі ж мясцовыя ўдзельныя князі былі не ў змозе заплаціць сваю частку даніны, Каліта за гэта забіраў іх землі сабе.

Сабраўшы вялікія грошы, Іван распачаў у Маскве вялікае будаўніцтва. Менавіта ён збудаваў з дубовага бярвення першы Маскоўскі крэмль , а на яготэрыторыі - пяць мураваных (белакаменных) храмаў, у тым ліку славуты Успенскі сабор. Тут быў пахававны першаіерарх праваслаўнай Русі мітрапаліт Пётр, які з Уладзіміра пераехаў жыць у Маскву, а пазней быў далучаны да ліку святых.

Так Масква зрабілася галоўным рэлігійным цэнтрам паўночна-ўсходніх славянскіх земляў . З прычыны, што татары не бралі даніны з праваслаўнай царквы, яе матэрыяльнае становішча палепшала. У гэтыя часы былі заснаваныя Тройца-Сергіеўскі і Кірыла-Белаазёрскі манастыры . Іншы крамлёўскі сабор, св. Архангела Міхаіла , стаў храмам-пахавальняй маскоўскіх князёў. У ім і пахавалі Івана Каліту.

3. Вялікае княства Маскоўскае ў другой палове XIV - першай палове XV стст.

Сыны Івана Каліты - Сямён Ганарлівы (1340-1353) і Іван Красны (1353-1359) умацавалі і памножылі бацькоўскую спадчыну. Вакол іх сфармавалася кіроўная маскоўская эліта - удзельныя князі і баяры, а таксама мясцовыя святары. Так, фактычным кіраўніком Масквы ў гады княжання Івана Краснага і яго малалетняга сына Дзмітрыя быў маскоўскі мітрапаліт Алексій, які паходзіў з багатай баярскай імм'і. Ён меў таксама вялікую падтрымку і ў Залатой Ардзе, бо здолеў вылечыць ад цяжкай хваробы вачэй Тайдулу, жонку вялікага хана. Пазней яго таксама пачалі лічыць святым. Другім вядомым Маскоўскім святаром быў манах Сергій , які заснаваў славуты Троіца-Сергіеўскі манастыр непадалёк ад Масквы. Да другой паловы XIV ст. у Маскоўскае княства ўвайшлі новыя ўдзелы: Дзмітрыеўскі, Галіцкі, Угліцкі , землі Уладзімірскага і часткова Разанскага княстваў.

Варта адзначыць, што сыны Івана Каліты доўга не жылі. Сямён Ганарлівы памёр ад чумы і дзяцей не меў. Яго брат Іван пакінуў толькі двух сыноў і памёр у 31 год. Таму Маскоўскую зямлю не разабралі на ўдзелы сваякі і дзеці вялікіх князёў, што спрыяла яе ўмацаванню. Аднак пасля раптоўнай смерці Івана ярлык на вялікае княжанне атрымалі суздальскія князі.

Але мітрапаліт Алексій і маскоўскія баяры, якія фактычна кіравалі краінай (князь Дзмітрый меўтолькі 10 гадоў), здолелі праз два гады вярнуць ярлык, і Масква яго ўжо больш ніколі не губляла...


У літоўскай Коўні завяршыў сваю працу VI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

Каля 500 чалавек прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Цягам трох дзён з 8-га па 10-га кастрычніка ў Літве абмяркоўвалі найноўшыя актуальныя даследаванні, прысвечаныя палітычнай і сацыяльнай тэматыцы.

Старшыня арганізацыйнага каміэта Кангрэсу, кіраўнік Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч падзяліўся са Службай iнфармацыi "ЕўраБеларусi" ацэнкамі працы сёлетняга Кангрэсу:

- Найперш мы планавалі Кангрэс як адкрытую пляцоўку для абмеркавання сучасных даследаванняў і іх вынікаў. Ён робіць для грамадства вынікі даследаванняў больш адкрытымі, а акадэмічную супольнасць больш якаснай, узбагачае беларускую культуру. Найперш, варта адзначыць, што праца Кангрэсу дае больш яснае разуменне, што адбываецца ў Беларусі. І, канешне ж, "раскручвае", калі так можна сказаць, пэўных людзей, якія без наяўнасці адпаведных пляцовак у Беларусі засталіся б проста незаўважнымі і былі б вядомымі выключна вузкаму колу знаўцаў.

- Калі падобныя мерапрыемствы маюць вялікую актуальнасць, чаму іх не праводзяць у Беларусі? І ці дастаткова аднаго толькі Кангрэсу?

- У Беларусі, сапраўды, нічога падобнага не адбываецца. Нажаль, з-за пэўнай палітычнай сітуацыі мы не можам быць упэўненымі ў бяспецы і магчымасці шырокага і непадцэнзурнага абмеркавання, якое дасяжнае ў Коўні. Чаму яшчэ - цяжка сказаць. Раз у чатыры гады праходзіць Кангрэс беларусістаў. Але ён засяроджваецца выключна на класічнай гуманістыцы: літаратуры і лінгвістыцы. Калі мы толькі пачыналі свой Кангрэс, то спрабавалі неяк дамовіцца з арганізатарамі Кангрэсу беларусістаў аб супрацы, але, на жаль, так нічога дагэтуль і не зрушылася. Але калi казаць пра "дастатковасць", то ў экспертных колах ёсць запатрабаванасць у сустрэчах, дзе збіраюцца адмыслоўцы з розных навуковых галін, з Беларусі і іншых краін. Найперш, патрэбны такія сустрэчы, каб было развіццё, і каб яны адбываліся рэгулярна, а не раз на 4 гады.

- Як вы ацэньваеце сёлетняю працу Кангрэсу?

- Праца была надзвычай паспяховая. Шмат удзельнікаў з розных краін свету. Ажно траціну гасцей склалі за-межнікі, і дзве траціны - з Беларусі. Па водгуках каардынатараў панеляў і даследчыкаў, былі надзвычай цікавыя абмеркаванні вузкіх тэм. Мы радыя, што прадаставілі даследчыкам магчымасць непадцэнзурнага і шырокага абмеркавання. Спадзяёмся, што матэрыялы дыскусiй і прэзентацый мы зможам шырока выкласці ў СМІ і ў сеціва.

- Гэта ўжо шосты Кангрэс - як вы мяркуеце, ці змяніліся палітычныя даследаванні за гэты час?

- Сапраўды, за апошнія 5 гадоў шмат што змянілася. Паўстаў цэлы шэраг даследніцкіх устаноў і ініцыятыў. Мы бачым, што вырастае новая генерацыя аналітыкаў. Экспертная супольнасць выглядае цяпер больш умацаванай і задзіночанай, уздымаецца больш шырокі спектр праблем. Агулам варта адзначыць, што як раз Кангрэс даследчыкаў Беларусі спрыяе ўмацаванню беларускай экспертнай супольнасці і пашырэнню яе ўплыву.

- Ці вы думалі, што за гэтыя гады Кангрэс гэтак разбудуецца?

- Першапачаткова мы разлічвалі на вузкія сустрэчы на 50-100 чалавек. Але штогод усё большая колькасць даследчыкаў падавала заяўкі і рэфераты да ўдзелу. Таму мы можам адзначыць, што фенаменальна Кангрэс будуецца не "па жалезным плане", але з-за патрэбы.

- Вы адзначалі, што асаблівую ўвагу на Кангрэсе аддавалі даследаванням расійскай знешняй палітыкі і сітуацыі ў рэгіёне Ўсходняй Еўропы.

- Гэта пытанне сёння турбуе абсалютна ўсіх. Рэгіён адыходзіць ад шоку, які распачаўся два гады таму. Варта выбудоўваць новыя правілы гульні і сістэму бяспекі. Абмеркаванні гэтых аспектаў важныя для фармавання экспертнага меркавання і яго далейшага ўплыву на знешняю палітыку ў рэгіёне.

- А што б вы яшчэ адзначылі?

- Асабліва ўражлівымі былі даклады Ананкі і Паротнікава адносна ўзбраенняў і стану беларускага ВПК. Надзвычай цікавым быў разгляд постсавецкай прасторы, інтэграцыйных і дэзінтэграцыйных працэсаў у рэгіёне, працэсы кааперацыі, гандлю і эканамічнага партнёрства. Агулам мы можам адзначыць, што цяпер у рэгіёне ўсё меншае значэнне маюць доўгатэрміновыя стратэгіі. Гэта значыць, што меншы ўплыў маюць працэсы еўрапейскай і еўраазіяцкай інтэграцыі на карысць вузкіх інтарэсаў.

Служба iнфармацыi "ЕўраБеларусi".


У Віцебску беларускую мову будуць вывучаць у кафедральным касцёле

У Віцебску пры кафедральным касцёле Езуса Літасцівага 13 снежня ў рамках фэсту "Дні хрысціянскай культуры" пачнуцца заняткі "Мова Нанова". Заняткі будуць прысвечаны тэме "Каляды"

У Віцебску курсы "Мова Нанова", створаныя з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў грамадстве, пачаліся ў 2014 годзе.

Кожную сераду яны збіраюць ахвотнікаў вучыць родную мову. Кожны занятак прысвечана пэўнай тэме, пра якую распавядае адмыслова запрошаны госць - прафесіянал у заяўленай сферы.

У канцы заняткаў навучэнцам прапануецца творчае заданне, у якім удзельнікі могуць прадэманстраваць свае таленты, - распавядае кіроўны віцебскіх курсаў "Мова Нанова" Сяргей Маркаў.

Ксёндз Віктар Місевіч, які з'яўляецца адным з арганізатараў "Дзён хрысціянскай культуры", адзначае:

- Касцёл у Беларусі вельмі клапатліва ставіцца да беларускай мовы, бо ён з'яўляецца Божым дарункам. Таму я асабіста рады, што пры Кафедральным касцёле адбудуцца курсы "Мова Нанова". Спадзяюся, гэта дапаможа ўсім ахвотнікам палепшыць валоданне роднай мовай, тым больш, што і тэма сама па сабе цікавая - "Каляды".

catholicnews.by.


Ірына Дубянецкая: Біблія чакае перакладу на жывую сучасную беларускую мову

Чатыры гады назад на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне ўтварылася працоўная група па навуковым перакладзе Бібліі на сучасную беларускую мову - непасрэдна з моваў арыгіналу - габрэйскай і грэцкай. Група навукоўцаў і даследчыкаў, у якую ўваходзяць прафесар Ірына Дубянецкая, перакладчык Сяргей Шупа і іншыя, працуе пераважна завочна (бо ўдзельнікі жывуць у розных краінах), а збіраецца штогод у Коўне. Сёлетні Кангрэс быў апошнім перад юбілеем пяцісотгоддзя выдання Бібліі Францішкам Скарыном. Доктар філасофіі і тэалогіі Ірына Дубянецкая расказвае пра працу групы і важныя рашэнні, якія былі прынятыя.

Ірына Дубянецкая:

- У наступным годзе будзе надзвычай яркая, унікальная для ўсяго свету падзея - 500-годдзе перакладу Бібліі на нацыянальную мову. Беларусы тады амаль першыя ў свеце пачалі пераклад Бібліі, але ў XXI стагоддзе прыйшлі апошнія, гэта апошняя тытульная сучасная мова, на якую няма навуковага перакладу, перакладу з арыгінальных моваў на жывую літаратурную мову з улікам усіх сучасных стандартаў біблеістыкі. Перакладаў было сапраўды многа цягам XX стагоддзя, можа за паўсотні розных спробаў было зроблена, у тым ліку тры поўныя Бібліі. Але ўсе пераклады, якія рабіліся, альбо толькі фрагментарныя, гэта толькі нейкая частка Бібліі, альбо тая мова, на якую яны перакладзены, абсалютна неўжывальная цяпер, альбо яны робяцца з вельмі слабых тэкстуальных крыніц, альбо яны разыходзяцца з сучаснымі прынцыпамі біблеістыкі.

РР: - Раскажыце, калі ласка, чым вы займаецеся на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі?

Ірына Дубянецкая:

- Гэта пяты год, пяты Кангрэс, калі адбываецца секцыя "Беларуская Біблія. Праблемы і перспектывы навуковага перакладу на беларускую мову". Першыя тры Кангрэсы мы чыталі даклады, мы вызначалі канцэпцыю перакладу. Але ўжо другі год асноўная праца секцыі - гэта праца з перакладамі, наўпроставая непасрэдная праца па перакладзе, тое, што мы пакуль умоўна называем "Новая Беларуская Біблія". Што вельмі важна, што менавіта на ковенскім Кангрэсе ў 2012-ым годзе ўпершыню ўтварылася група людзей, якія і могуць, і кваліфікаваныя, і хочуць рабіць гэты пераклад.

РР: - Які склад працоўнай групы?

Ірына Дубянецкая:

- Гэта больш за дзесяць чалавек: чатыры гебраісты, чатыры эліністы (часам гэта супадае, адзін чалавек і тое, і другое), тры літаратары, два дактары навук, два дактары біблеістыкі. Вельмі часта задаюць канфесійнае пытанне, дык тут адразу трэба сказаць, што гэта ўсе. Усе канфесіі, якія ў Беларусі ёсць, у нашай групе прадстаўленыя. Як вельмі часта наракаюць людзі, якія маюць дачыненне да гэтых перакладаў, што ўтвараецца нешта накшталт "беларускай праваслаўнай мовы", "беларускай каталіцкай мовы". Канешне, гэтага трэба пазбегнуць, трэба, каб была проста беларуская мова, і каб была агульнабеларуская Біблія. Гэта шок для ўсяго свету, калі мы гаворым, што беларусы не могуць нават разам сказаць імя Хрыста, што ў нас існуе некалькі варыянтаў, як мінімум тры: ёсць Іісус, Езус, Ісус.

РР: - Выбар у бок якой лексікі робіце вы ў вашым перакладзе Бібліі?

Ірына Дубянецкая:

- Гэта вельмі вялікае пытанне, мы яго абмяркоўваем.

РР: - Ну ўсё ж такі як будуць гучаць у вашым перакладзе Бібліі імя Збаўцы і, напрыклад, імя Хрысціцеля?

Ірына Дубянецкая:

- Гэта будзе тое, што найбольш ужываецца ў беларускай традыцыі, і ў старажытнай богаслужэбнай традыцыі, і ў літаратуры, - гэта менавіта варыянты Ісус і Ян . А вось, напрыклад, Лука ці Лукаш , - мы яшчэ спрачаемся, бо ёсць аргументы і на карысць Лукі , і на карысць Лукаша . Хаця, канешне, паглядзіце на беларускую анамастыку, на беларускія імёны. Усе прозвішчаўтваральныя мадэлі ад варыянту Лукаш ёсць: у нас ёсць Лукашук, Лукашанец, Лукашэнка, Лукашэўскі, Лукашык і гэтак далей. Усе мадэлі ўтварэння ад Лукаша ёсць. Але ў варыянта Лука ёсць свае аргументы. І таму сапраўды гэта павінна быць узважана, разважана і каб мы сапраўды маглі патлумачыць свае выбары.

РР: - Ці зможа поўны, цэльны пераклад Бібліі на беларускую мову зараз стаць такім штуршком у адраджэнні і развіцці беларускай мовы, беларускамоўнай культуры, як гэта было з іншымі культурамі ў ранейшыя стагоддзі?

Ірына Дубянецкая:

- Цяпер гэта цяжка сказаць. У XXI стагоддзі ўсё памянялася, і значэнне Бібліі ў чалавечым жыцці ўжо іншае. Пераклад можа стаць сапраўды вельмі важным фактарам для большага зацікаўлення беларускасцю, беларускай культураю, беларускай моваю і пэўным чынам кансалідаваць беларускую мову, якая ў нас цяпер усё ж такі не кансалідаваная.

РР: - Скажыце, калі ласка, якая частка перакладу ўжо гатовая?

Ірына Дубянецкая:

- Зараз паралельна робіцца, - то бок яшчэ ў працэсе, але будзе скончана ў больш-менш аглядальнай, бліжэйшай будучыні, - прыкладна 4-5 кніг з сямідзесяці трох кніг Бібліі.

РР: - А вы маглі б расказаць, выданне якой кнігі рыхтуецца на наступны год?

Ірына Дубянецкая:

- Мы хочам зрабіць узоры перакладаў некалькіх біблійных жанраў са Старога і Новага Запаветаў. Максімум тры фрагменты вялікія. Але самае галоўнае, гэта даць да іх каментары, і што тычыцца характару самога тэксту, і што тычыцца складанасцяў у тэксце, і складанасцяў перакладчыцкіх.

РР: - Калі дакладна выйдзе гэтая кніжка?

Ірына Дубянецкая:

- Мы спадзяемся зрабіць гэта ў 2017-ым годзе, канешне, дэдлайнам сабе ставім 6-га жніўня (дзень выдання Бібліі Скарыны), але тут ужо як Бог дасць.

РР: - Гэтую кніжку будзе лёгка чытаць ці складана?

Ірына Дубянецкая:

- Яе будзе лёгка чытаць.

РР: - Ці на вашую думку, выданне кнігі, якая будзе фрагментам перакладу Бібліі, дапаможа ў прыцягненні ўвагі і арганізацыі цалкавітага перакладу Бібліі?

Ірына Дубянецкая:

- Вельмі на гэта спадзяюся. І спадзяюся, што будзе зацікаўленне і жаданне гэтую Біблію мець, і тады будзе і маральная падтрымка, і, магчыма, інтэлектуальная падтрымка…

РР: - А фінансавая?

Ірына Дубянецкая:

- Гэта было б ідэальна, каб была і фінансавая, а дакладней, матэрыяльная. Не толькі фінансавая, гэта матэрыяльная, таму што гэта ўвогуле інфраструктура, гэта сучасныя праграмы кампутарныя, гэта шмат што. Але гэта будзе толькі ў тым выпадку, калі сапраўды гэты пераклад зацікавіць, і калі будзе відаць, што ён патрэбны.


Ірына Дубянецкая зазначыла, што выдаць цалкам пераклад Бібліі ў наступным годзе нерэальна, гэтая праца ва ўсіх народаў займае шмат гадоў і мусіць быць якасная. На мінулым Кангрэсе ў Коўне прынята рашэнне, што ў кнігу, якая выйдзе да Скарынаўскага юбілею, увойдзе пераклад трох фрагментаў - "Песні песняў", першыя чатыры раздзелы "Кнігі Роду", таксама вядомай як "Быццё", а з Новага Запавету - "Дабравесце паводле Яна". У каментарах да тэксту будзе патлумачана ў тым ліку тое, якія складанасці выклікае пераклад, якія супярэчнасці ёсць між рознымі варыянтамі перакладу.

Станіслаў Раманчук , Беларускае Радыё Рацыя.


Стажыроўкі для кіраванцаў на прадпрыемствах Германіі

Навіны Германіі

Беларуска-нямецкая праграма падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў запрашае на стажыроўку ў Германію.

Набор удзельнікаў праводзіцца ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў падпісанай 30.06.2015 г. у Менску сумеснай заявы Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага Міністэрства эканомікі і энергетыкі ФРГ пра супрацоўніцтва ў падвышэнні кваліфікацыі кіраўнічых кадраў беларускай эканомікі.

Патрабаванні да кандыдатаў:

- кіраўнічая пазіцыя на беларускім прадпрыемстве любой формы ўласнасці;

- паўнамоцтвы весці перамовы;

- веданне гутарковай ангельскай мовы (для груп з ангельскай мовай);

- накіраванасць на ўсталяванне дзелавых кантактаў з нямецкімі прадпрыемствамі для рэалізацыі сумесных бізнэс-праектаў;

- узрост да 45 гадоў.

Праграма стажыроўкі фінансуецца Федэральным Міністэрствам эканомікі і энергетыкі Германіі, у тым ліку пражыванне, харчаванне, навучанне, наведванне выстаў і транспарт у Германіі. Беларускія слухачы аплачваюць навучанне ў Рэспубліцы Беларусь і праезд у Германію і назад.

Мяркуецца, што ў 2017 годзе 40 беларускіх менеджараў з г. Менска і рэгіёнаў пройдуць стажыроўку ў Германіі. Прыём анкет ажыццяўляецца да 25 кастрычніка 2016 года.

Праграма стажыроўкі складаецца з некалькіх этапаў:

- падрыхтоўчага курсу ў Інстытуце бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ (6-дзённы 36-гадзінны семінар), які складаецца з тэмы па арганізацыі і вядзенні сумеснага бізнэсу з нямецкімі партнёрамі;

- непасрэдна стажыровку ў Германіі на працягу 25 дзён і выніковага семінара "Follow-up", які праводзіцца праз 6-12 месяцаў пасля завяршэння стажыроўкі для ўсіх удзельнікаў з мэтай абмену досведам і вынікамі ўдзелу ў праграме.

Уся інфармацыя даступная на сайце Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ.

Дадатковая інфармацыя па Праграме можа быць атрымана па тэлефоне +375 17 399 23 93 і +375 29 322 58 61.

АДБ "Брусель".


Студэнт агучыў па-беларуску назвы прыпынкаў у Слоніме

З нядаўняга часу прыпынкі грамадскага транспарту ў Слоніме аб'яўляе голас студэнта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ды карэспандэнта гарадскога тэлеканала "ГародняПлюс" Змітра Якубоўскага. Малады чалавек зрабіў гэта абсалютна бясплатна, з уласнай ініцыятывы.

- Гэтую ідэю я выношваў даўно, - распавядае Зміцер. - Калі ездзіў па Слоніме на аўтобусах, заўважыў, што абвяшчаюць прыпынкі розныя дыктары. Сядаеш у адзін аўтобус - гаворыць дзяўчына, у іншым аб'яву робіць мужчына на расейскай мове, сядаеш на наступны маршрут - кажа яшчэ адзін мужчына, ужо на беларускай мове і з некаторымі недакладнасцямі. Ад гэтага было крыху не па сабе. Захацелася ўсё гэта зрабіць правільна і на беларускай мове, бо ў шмат якіх гарадах краіны ў грамадскім транспарце пасажыраў інфармуюць людзі з добра пастаўленым голасам па-беларуску. А яшчэ я гэта зрабіў дзеля малодшага брата, які ў гэтым годзе пайшоў у 1-ы клас. Ён дабіраецца да школы на аўтобусе, а праз тое, што я вучуся ў Горадні, удалечыні ад сям'і, я вельмі хацеў, каб мой голас нагадваў яму пра мяне. Нібы я побач з ім.

Так Зміцер Якубоўскі са сваёй ідэяй агучкі прыпынкаў грамадскага транспарту прыйшоў да дырэктара аўтапарку № 3 Мікалая Скока. Той уважліва выслухаў і ўхваліў.

- Пасля гэтага я звярнуўся да выкладчыцы беларускай мовы СШ № 8 Ірыны Ганісеўскай, - распавядае Зміцер. - Яна дапамагла перакласці назвы ўсіх прыпынкаў Слоніма на беларускую мову. Мы абмеркавалі з Ірынай Пятроўнай правільнае вымаўленне.

А ў студыі гуказапісу СШ № 8 (гэта родная школа Змітра) на прафесійным узроўні быў зроблены запіс. У выніку голасам хлопца было агучана больш за 80 прыпынкаў - усе яны гучаць на беларускай мове. Голас Змітра ў грамадскім транспарце ўжо пазнаюць ягоныя знаёмыя, блізкія людзі. Малады чалавек сказаў, яму вельмі прыемна ўсведамляць, што ён суправаджае свайго малодшага брата ў дарозе ад дому да школы і назад.

- Шмат хто тэлефанаваў, пісаў у сацыяльных сетках пра тое, што чулі мяне ў аўтобусах, - кажа Зміцер. - Я задаволены праведзенай працай. Аднак няма мяжы дасканаласці. Я аналізую сваю працу і бачу свае хібы.

А неўзабаве ва ўніверсітэт, дзе вучыцца хлопец, прыйшло пісьмо з падзякай ад аўтапарку № 3 за подпісам дырэктара Мікалая Скока. Кіраўнік прадпрыемства ад сябе асабіста, а таксама ўсіх землякоў-слонімцаў выказаў словы падзякі актыўнаму студэнту.

belsat.eu, паводле gs.by.


100 гадоў паэту, які змагаўся за беларускія школы

У ХХ стагоддзі ў вёсцы Азярніца Слонімскага раёна жыў паэт Алесь Сучок (сапраўднае прозвішча яго было Пётр Дабрыян ).

Нарадзіўся Пётр Дабрыян 20 кастрычніка 1916 года ў вёсцы Ахматава Алатырскага раёна Чувашыі, калі бацькі знаходзіліся ў бежанстве. У 1922 годзе разам з бацькамі ён вярнуўся дамоў у вёску Какошчычы Слонімскага павета. На радзіме пайшоў у першы клас Мяльканавіцкай польскай школы. Вясной 1932 года ўступіў у нелегальную піянерскую арганізацыю, а праз год яго выбіраюць сакратаром Слонімскага падпольнага райкама піянераў. Аднойчы пасля вечарыны ў вёсцы Мяльканавічы Пятро Дабрыян папрасіў застацца сваіх юных сяброў у хаце.

- Нам патрэбна навучанне на беларускай мове, - палымяна казаў Пятро. - Трэба падрыхтаваць забастоўку вучняў, каб адкрыць такую школу… .

Юныя змагары горача ўзяліся за справу. За некалькі тыдняў размножылі на шапірографе больш за дзвесце пракламацый. 16 студзеня 1934 года дзеці прыйшлі ў школу і заявілі дырэктару Вішнеўскаму, што хочуць вучыцца на роднай мове. Для Вішнеўскага гэта быў гром з яснага неба. Ачомаўшыся ад нечаканасці, ён са злосці кінуў:

- Ніколі гэтага не будзе!

Тады беларускія школьнікі выйшлі на вуліцу і разгарнулі транспарант са словамі: "Патрабуем школы на роднай мове!". Больш за дзвесце вучняў прайшлі па вуліцах вёскі Мяльканавічы, раскідваючы лістоўкі з такім жа зместам. Праз некаторы час Пятра Дабрыяна арыштавала паліцыя, а ў верасні 1935 года польскі акруговы суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў турэмнага зняволення. Адбываў зняволенне ў Картуз-Бярозе. Але да Картуз-Бярозы была яшчэ турма ў Слоніме. Там ён і пачаў пісаць свае першыя вершы.

- Паперы і алоўка мець у камеры адміністрацыя не дазваляла. Але я ўхітрыўся… Пісаў алюміневай лыжкай на сцяне…, - распавядаў некалі пры жыцці мне Пятро Навумавіч. А калі юнак выйшаў на волю, паціху адсылаў вершы ў Вільню. А каб схавацца ад пераследаванняў, падпісваўся псеўданімам спачатку Андрэй Сучок, а потым Алесь Сучок.

Зробім так: у 1938 годзе віленскі часопіс "Шлях моладзі" (№ 24) упершыню змясціў яго верш "Я бачыў" пад псеўданімам Андрэй Сучок. А пасля Другой сусветнай вайны Пётр Дабрыян заўсёды падпісваў свае вершы псеўданімам Алесь Сучок. У простай і непасрэднай форме, выкарыстоўваючы традыцыйныя вобразы вясны, сонца, вольнай птушкі, паэт услаўляў свабоду. Ён пісаў пра жыццё вясковага бедняка, пра сялянскага хлопца-бунтара, які сядзіць у турме. Сёння вершы Алеся Сучка, напісаныя ў 1930-х гадах, маюць перш за ўсё літаратурна-гістарычную цікавасць. Іх агульны пафас - стваральны, сугучны нашым пераўтварэнням. Гэта вершы-заклікі, вершы-лозунгі. Паэт-змагар вучыўся майстэрству ў Валянціна Таўлая, Міхася Васілька, Максіма Танка, Анатоля Іверса і ў іншых паэтаў Заходняй Беларусі. Алесь Сучок ніколі не меціў у вялікія паэты, ды і пра гэта не думаў. Жывучы ў вёсцы, ён дасылаў свае творы ў раённы і абласны друк. І радаваўся кожнай публікацыі. Вершы яго друкаваліся таксама ў зборніках "Сцягі і паходні" (Мн., 1965), "Ростані волі" (Мн., 1990), "Золак над Шчарай" (Слонім, 1994). Яго бясхітрасныя радкі былі напоўнены шчырасцю, адкрытасцю і даверлівасцю:

Як жаўрука пачую спеў,

У захапленні стану:

Так прывітацца б з ім хацеў -

Рукою не дастану.

Калі мне бывала сумна і надакучвала гарадская мітусня, я ехаў да яго ў Азярніцу. Ён радаваўся сустрэчы. Ён любіў людзей і любіў жыць, яму заўсёды хацелася шчасця. Памятаю, у 1990-х гадах, калі быў дэфіцыт мэблі, ён, як ветэран вайны, купіў у вясковай краме для мяне кніжную шафу. Ён мне пажадаў, каб я напісаў і выдаў столькі добрых кніг, каб былі запоўненыя ўсе паліцы гэтай шафы. Тая азярніцкая мэбля і цяпер стаіць у маім пакоі гарадской кватэры. На яе паліцах месцяцца не толькі мае кнігі, але і кнігі іншых беларускіх пісьменнікаў і гісторыкаў. Чатыры гады таму я сабраў вершы Алеся Сучка і выдаў асобнай кніжачкай у Менску. Зборнік назваў "Захацелася шчасця". І цяпер на паліцах шафы стаіць і паэтычны зборнічак Алеся Сучка - як успамін пра гэтага шчырага вясковага паэта і добрага чалавека. А 7 кастрычніка яму споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя. Фота з архіва аўтара. На фота: Пеця Дабрыян (паэт Алесь Сучок) у польскай турме, 1934 г.; 1980-я гады Алесь Сучок; вокладка зборніка Алеся Сучка.


Жыццё, аддадзенае дзецям

(Да 100-годдзя з дня нараджэння П.А. Грудзіны)

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

Каб неяк забяспечыць дзяцей абуткам, даводзілася па начах пад кіраўніцтвам кастэлянкі Фрузы са старых, ужо непрыдатных паліто, шыць буркі. Купалі выхаванцаў у драўляных цэбарках і толькі старэйшых вадзілі ў гарадскую лазню. Прывезеныя дзеці часам уцякалі, і на гэта ў кожнага былі свае прычыны. Памятаю, як збеглі два хлопчыкі - браты. На наступны дзень мы знайшлі іх соннымі ў адным з куткоў станцыі Орша. На пытанне, чаму пайшлі з дзіцячага дома, пачулі ў адказ: "Трэба да мамы на магілку з'ездзіць…".

Але паступова, дзякуючы бесперапыннай карпатлівай працы калектыва дзіцячай установы да пачатку 50-х гадоў умовы побыту, вучобы, адпачынку і матэрыяльнае забеспячэнне дзяцей значна палепшыліся. У дакументах, якія датаваны 1954 годам, ужо гаворыцца, што ў дзіцячым доме на выхаванні знаходзіцца 144 чалавекі. Ёсць шэсць будынкаў, з якіх 3 - на балансе дзіцячага дома, а таксама па аднаму будынку - на балансе домакіраўніцтва, ваенкамата і РАНА. Дапаможная гаспадарка налічвае пяць галоў буйной рагатай жывёлы, каля 20 свіней. Маецца аўтамашына ЗІС - 5.

Самы актыўны ўдзел ва ўсіх работах па рамонту памяшканняў і мэблі, добраўпарадкаванні тэрыторыі, іншай гаспадарчай дзейнасці прымалі непасрэдна самі дзеці. Праглядаючы план работы дзіцячага дома на 1959 год, можна прачытаць: "Сіламі выхаванцаў адрамантаваць да новага навучальнага года ўсю мэблю, зрабіць скрыні для чарнільніц, прадоўжыць работу на агародзе ў адпаведнасці з існым замацаваннем груп па ўчастках" .

Калектывам дзіцячага дома пастаянна падтрымліваўся належны парадак на прылеглай тэрыторыі і на "бульвары", так называлася прыбярэжжа ад дзіцячага дома да ракі Днепр. У той час бульвар быў не толькі любімым месцам адпачынку дзяцей-сірот, але і ўсіх гараджан.

Шмат сіл давялося затраціць, каб у дзіцячага дома з'явіліся шэфы і займець якую-небудзь падтрымку з іх боку. Удалося ўстанавіць цесныя сяброўскія сувязі з авіяцыйнай вайсковай часткай з пасёлка Балбасава Аршанскага раёна. Ваенныя лётчыкі разам са сваімі сем'ямі часта бывалі ў дзяцей, прывозілі падарункі, выступалі з канцэртамі. З іх дапамогай для дзіцячага дома ўдалося набыць духавы аркестр і, безумоўна, пасля таго святы праходзілі ў суправаджэнні духавой музыкі.

У калектыве вялася вялікая спартыўна-аздараўленчая работа, працавалі гурткі па інтарэсах, была арганізавана мастацкая самадзейнасць. Выхаванцы ўдзельнічалі ў турыстычных паходах у гарады Магілёў, Орша, Горкі. Па кожным паходзе афармляліся дзённікі з апісаннем маршруту, фатаграфіямі наведваных месцаў. Па выніках вучэбнага года абавязкова арганізоўвалася экскурсія ў горад Берасце, дзе наведваліся славутая крэпасць і Белавежская пушча. У распараджэнні дзяцей былі музычныя інструменты, усё неабходнае для заняткаў фатаграфіяй, радыёла, магнітафон, кінаапарат.

Безумоўна, усё, што адбывалася ў дзіцячым доме, было ў полі зроку яго дырэктара. Яўна або няяўна, але першай асобе заўсёды трэба ўмець кіраваць такім складаным арганізмам, якім з'яўляецца калектыў дзяцей. Пры гэтым адказнасць значна павялічваецца, калі гэта дзеці - сіроты, прайшоўшыя праз жудаснае кола страшэннай вайны. Сотні спраў штодзённа праходзяць праз кіраўніка, і яны патрабуюць абавязковага вырашэння. Забеспячэнне харчаваннем і адзеннем, арганізацыя вучобы, побыту і адпачынку, рамонт памяшканняў і ўраджай у дапаможнай гаспадарцы, і пры гэтым столькі дзіцячых праблем, канфліктаў і радасцей праходзіць праз сэрца кіраўніка.

У сям'і ўсе ведалі, што зранку ён ідзе на пад'ём, вечарам - на адбой. Да нас часта прыходзілі супрацоўнікі, рэгулярна бывалі дзеці - выхаванцы, прыходзілі і бацькі тых, у каго яны былі, або раптоўна знаходзіліся. Сям'я жыла тымі ж клопатамі, што і калектыў дзіцячага дома. Гэта паўсядзённая дзейнасць займала бацьку амаль чвэрць стагоддзя лепшых гадоў яго жыцця. І калі ў 1969 годзе Шклоўскі дзіцячы дом № 2 быў закрыты, можна толькі здагадвацца, што тварылася ў бацькавай душы, душы чалавека, які сам з ранняга дзяцінства зведаў гаротную долю сіраты" [2,7].

А вось вытрымка з пісьма былой выхаванкі дзіцячага дома Веры Іванаўны Голяс, якое захоўваецца ў раённым музеі: "Я знаходзілася ў Шклоўскім дзіцячым доме № 2 з 1945 па 1958 год. Дырэктар дзіцячага дома Пётр Аляксандравіч Грудзіна здолеў наладзіць для нас добрыя ўмовы побыту і адпачынку, здаровы рэжым дня, які абавязкова выконваўся. Гэта ранішняя зарадка, умыванне халоднай вадой, спорт, рэжым сну, вучоба, заняткі ў майстэрнях, на прысядзібным участку і гаспадарчых службах. Мы яго вельмі паважалі і "баяліся" выклікаць яго гнеў. Сваё дзяцінства я лічу шчаслівым, дзякуючы той цёплай і адладжанай сістэме. І цяпер, калі я ўжо бабуля, разумею, чаго каштавала асабіста дырэктару штодзённая высокая і дакладная арганізаванасць у нашым калектыве".

Сваімі ўспамінамі дзеліцца Эма Віктараўна Мышко, якая пражывала ў дзіцячым доме з 1950 да 1960 года: "У той час мы мелі патрэбу ў ласцы, мацярынскім і бацькоўскім клопаце. Як маглі, стараліся нам замяніць іх супрацоўнікі дзіцячага дома. Я да гэтага часу памятаю іх усіх. Дырэктара Пятра Аляксандравіча, завуча Івана Ягоравіча, выхавальнікаў Паліну Ягораўну, Таццяну Паўлаўну, Веру Сямёнаўну, кухара Тамару Аляксандраўну і шафёра дзядзю Федзю, нашу ўсеагульную любіміцу, заўсёды вясёлую і жыццярадасную піянерважатую Антаніну Іосіфаўну. Памятаю, як разліваўся Днепр і затапляў нашы агароды, і як аднойчы вясной мы каталіся на льдзінах, і нас панесла ў Днепр. Колькі было хваляванняў і якую знаходлівасць давялося праявіць супрацоўнікам дзіцячага дома для нашага выратавання. Добра памятаю шэфаў, іх падарункі і асабліва жонак ваенных лётчыкаў, якія ўдзялялі шмат увагі нам, дзецям".

Успамінае Паліна Цімафееўна Лобава, якая пражыла ў дзіцячым доме 8 год: "Успамінаў аб дзіцячым доме шмат і ўсе добрыя. Заўсёды з цеплынёй і любоўю прыгадваю Пятра Аляксандравіча Грудзіну. Памятаецца мне, ён вельмі строгім, напэўна, таму, што насіў ваенную форму, як былы франтавік. Гаварыў мала, але на ўсіх урачыстасцях і ў будні быў разам з намі. Успамінаю завуча Івана Ягоравіча, усіх выхавальнікаў і іншых супрацоўнікаў. Ніколі не забуду, як са мной песцілася Таццяна Дзмітрыеўна Качанава і як потым яе мне не хапала. Успамінаю тыя гады як самыя добрыя. Нізкі паклон усім, хто быў з намі" [2,7].

Шклоўскі дзіцячы дом № 2 праіснаваў 24 гады. Сяброўства, распачатае ў яго сценах, працягваецца. Шмат хто з былых выхаванцаў і зараз падтрымліваюць сувязь паміж сабой.

У архіве Магілёўскага абласнога ўпраўлення адукацыі захоўваюцца кнігі руху былых выхаванцаў, асобныя дакументы знаходзяцца ў Шклоўскім раённым гістарычна-краязнаўчым музеі. Да гэтага часу па вуліцы Луначарскага ёсць былыя будынкі дзіцячага дома (акрамя галоўнага корпуса). Пра дзіцячы дом нагадвае і невялікі парк на беразе Дняпра, які ўсе шклаўчане ведаюць як "бульвар". Менавіта калектыў дзіцячага дома апекаваў і даглядаў гэты маляўнічы куток прыроды.

Пасля дзіцячага дома Пётр Аляксандравіч невялікі час працаваў старшынём камісіі Шклоўскага райвыканкама па справах непаўнагадовых. Да баявых узнагарод дадаліся мірныя.

З успамінаў Віктара Палікарпавіча Буевіча, які доўгі час працаваў галоўным урачом Шклоўскай раённай бальніцы і які па службовых справах неаднойчы бываў у дзіцячым доме: "Шклоўская раённая бальніца знаходзілася побач з дзіцячым домам № 2. Дырэктар дзіцячага дома Пётр Аляксандравіч Грудзіна карыстаўся вялікай павагай сярод выхаванцаў. Ён заўсёды знаходзіўся сярод дзяцей і яны, у сваю чаргу, нібыта "шчаняты" імкнуліся заўсёды быць побач, каля яго. У дзіцячай установе заўсёды быў дасканалы і высокі ўзровень арганізаванасці працы. Супрацоўнічаць з Пятром Аляксандравічам было заўсёды прыемна і яго заслужана паважалі ў асяроддзі кіраўнікоў Шклова" [1,3].

Але адпачыць гэтаму чалавеку не прыйшлося. У 1972 годзе, на 56-м годзе жыцця, Грудзіна Пётр Аляксандравіч захварэў і пакінуў гэты свет. Надмагільны помнік быў зроблены выхаванцам дзіцячага дома.

Шклоўскі дзіцячы дом № 2 дзейнічаў з 1945-га да 22 верасня 1969 года. Працавалі ў ім людзі, якія за гэта не атрымалі высокіх дзяржаўных узнагарод, але яны рабілі найцяжэйшую работу па выхаванні дзяцей-сірот. Непасрэдна выкладаць навучэнцам беларускую мову і літаратуру майму бацьку не атрымалася. Аднак, відавочна, любоў да Радзімы і свайго краю перадавалася маладому пакаленню ў штодзённай працы і клопатах. Дзіцячы дом, злучыўшы пад сваім дахам жыццё некалькі соцень абяздоленных дзяцей, нават перастаўшы існаваць, дагэтуль грэе іх сваім цяплом.

Спасылкі:

1. Буевіч Віктар Палікарпавіч. Былы галоўны ўрач шклоўскай бальніцы, асабістыя ўспаміны.

2. Грудзіна А. Дом у якім з'ядналіся сэрцы. Настаўніцкая газета № 106 ад 3 верасня 1998 года.

3. Казакевіч Уладзімір Антонавіч. Ветэран педагагічнай працы, асабістыя успаміны.

4. Шклоўскі гістарычна-краяўзнаўчы музей, акт прыёму № п-16 ад 18 лістапада 2005 года.

5. Шклоўскі гістарычна-краязнаўчы музей, акт прыёму № 15 ад 28 кастрычніка 2005 года.

6. Шклоўскі гістарычна-краязнаўчы музей, акт прыёму № п-17 ад 19 снежня 2005 года.

7. Памяць. Шклоўскі раён. Мінск, 1998 год.

А.П. Грудзіна


Вершы Гілевіча пакладзены на музыку

На юбілейнай вечарыне да 85-годдзя Ніла Гілевіча прагнула ўзяць слова Марыя Іосіфаўна Трапашка, кіраўніца спеўнай групы Вішнеўскага касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбэты. Яна прывезла ў Менск і падаравала родным і сябрам Ніла Гілевіча новы зборнічак песень на вершы паэта, які яна склала і выдала за свае ўласныя сродкі накладам 150 асобнікаў. Кніжачка пані Марыі "Надзеі прамень" - празрыстая крыніца святла. Гэта трэцяя кніга, якую выдала М.І. Трапашка за нядаўні перыяд.

- Ніл Сымонавіч Гілевіч быў маім выкладчыкам фальклору на філфаку БДУ, - успамінае Марыя Іосіфаўна. - Каб пазнаёміцца з яго вершамі, я ўзяла ў бібліятэцы яго зборнік "Лісце трыпутніку" (1968). У меня наспела ідэя напісаць дыпломную працу па творчасці Ніла Гілевіча, і я абараніла яе ў 1976 годзе.

У верасні - кастрычніку 2012 года я напісала восемь песень на вершы Ніла Гілевіча са зборніка "Незалежнасць" ( 1991). Пад уздзеяннем моцных, пранізаных болем радкоў і ад працы над іх меладычным увасабленнем, патэлефанавала Нілу Сымонавічу і праспявала яму некалькі куплетаў. Потым мы з сяброўкай наведалі народнага паэта, і я выканала гэтыя творы ў яго на кватэры. Атрымаць пахвалу ад самога Ніла Сымонавіча і нават размаўляць з ім было вялікай радасцю!

У зборнік увайшлі песні не толькі лірычныя, але і вострыя і праўдзівыя, у якіх паэт выкрывае "чужое, разбойнае, хамскае", "пачварнае, дзікае, жорсткае" і спачувае "чыстаму, светламу і мудраму". Вершы "Ці ачнемся?", " У родным горадзе", "Трывайма, браты" абуджаюць сумленне і годнасць, заклікаюць адстаяць свой лёс:

"Таму трывайма, любыя браты,

Трывайма й верыма;

Нішто не спляміць

І не асіліць нашай праваты

І нам яшчэ паслужыць наша памяць!"

Таксама Марыя Іосіфаўна паклала на музыку вершы Мар'яна Дуксы, Уладзіміра Арлова, Ларысы Геніюш, Алеся Ставера, Галіны Дземідовіч. Склала яна дзіцячыя песенькі і калыханкі на вершы Наталлі Арсенневай, Новікава-Пяюна, Эдзі Агняцвет, Артура Вольскага. Кніжачку аздобіла выявамі краявідаў, нацыянальнымі сімваламі, фотаздымкамі дзетак у вышыванках, малюнкамі птушак.

Марыя Іосіфаўна была настаўніцай музыкі, бо мае музычную адукацыю, яна выкладала ў школе беларускую мову. Калі надышлі часы, больш спрыяльныя да веры, пры касцёле яна працавала з дзецьмі-сіротамі, вучыла іх рэлігійным спевам. Два разы яна ўдзельнічала з імі ў канцэртах ў Менску на Залатой горцы, у Чырвоным касцёле, брала ўдзел у фестывалі "Магутны Божа" ў Магілёве. Сёлета педагог і спявачка адзначыла 75-годдзе. Пранікнёны голас пані Марыі напаўняе Вішнеўскі касцёл трапяткім пачуццём блізкасці да святога і вечнага.

Эла Дзвінская. На здымку: першая і другая старонкі вокладкі песеннага зборніка.


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар-трэнінг

" Ачышчэнне свядомасці здраджанага"

21.10.2016 а 18-ай

Калі вы хочаце даведацца, як ачысціць сваю свядомасць ад негатыўных эмоцый і думак пра тое, што табе здрадзілі самыя блізкія людзі, твае каханыя, сябры, сваякі, вучні, што ў цябе крах усім тваім спадзяванням, што ты больш нікому не давяраеш, што нікому ўвогуле нельга давяраць, табой усе маніпулююць, абманваюць цябе, табе прыходзіцца ўсё і ўсіх кантраляваць, ты баішся раз'яднання, разводу, то запрашаем наведаць семінар - трэнінг "Ачышчэнне свядомасці здраджанага", які адбудзецца 21.10.2016 з 18.00 па 21.00 па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст. метро пл. Перамогі).

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88

х.тэл. (+375 17) 231-44-35

МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з аб-весткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 28.10.16 г.


Яўрэі Шчучына [1]

Мястэчка Шчучын, якое раней называлася Літоўскім (каб адрозніць ад Шчучына Мазавецкага), з 1919 г. - Лідскім, потым Шчучыным каля Ліды, зараз Наваградскім, знаходзіцца за 6 км ад станцыі Ражанка чыгуначнай дарогі Маладзечна - Ваўкавыск і за 2,5 км ад шашы Ліда - Гародня. Раней у Шчучыне скрыжоўваліся два старажытныя гасцінцы: Вільня - Кракаў і Смаленск - Крулявец. Шчучын - вёска і двор, знаходзіліся на зямлі маёнтка Шчучын, вядомыя з XV ст. Касцёл рыма-каталіцкі пабудаваны ў 1436 г. У 1719 г. уладальнік Шчучына Юры Глябіцкі-Юзафовіч фундаваў тут піярскі калегіюм. У візіце шчучынскага касцёла ад 1783 г. пазначана, што драўляны касцёл Св. Юрыя таго часу, быў перададзены піярам і да яго ў 1719 г. была далучана парафія ранейшага касцёла ў Ятвеску. У 1742 г. Тарэса Сцыпіён з Глябіцкіх-Юзафовічаў, кашталянша смаленская з сынам Юзафам і нявесткай, фундавала канвент Сясцёр міласэрнасці, якія адкрылі тут шпіталь, што існаваў да 1865 г.

Шчучын першапачаткова быў вёскай і маёнткам, праз час, калі тут быў пабудаваны касцёл, стаў мястэчкам, а потым нават і горадам. У дэкрэце караля Жыгімонта ІІІ, выдадзеным на вальным сойме ў Варшаве 12 чэрвеня 1593 г. у справе па зыску інстыгатара (абвінаваўцы - Л.Л. ) ВКЛ з Лімантамі аб давойнаўскай маёмасці напісана: "Шчучын з мястэчкам, якое яму належыць, у тым жа павеце (Лідскім) знаходзіцца" .

Першы раз яўрэі ў Шчучыне ўзгадваюцца ў люстрацыі Шчучына ад 1613 г.: "Горад Шчучын. Згодна з рэгістрам Пана Гладавіцкага мае 57 дамоў. З мястэчка, з дамоў, з пляцаў, з агародаў, моргаў і з валок чыншу гатовага - коп 42. Арэнды з таго горада ад яўрэя - коп 80". Далей ідзе падлік шчучынскіх месцічаў, пачынаючы "ад броду" і пад пад нумарам 10 запісана: "Яўрэй, арандатар" . Відавочна, гэта быў арандатар шчучынскай прапінацыі. У справах Шчучына 1665 г. знаходзіцца ўспамін пра яўрэйскі пляц, на якім, праўдападобна, стаяла карчма. З ліквідацыі 1766 г. даведваемся, што ў той час Шчучын быў ужо асяродкам малога яўрэйскага кагалу, які налічваў 401 чалавека яўрэйскай нацыянальнасці і па ўсіх справах падлягаў вярхоўнай уладзе гарадзенскага кагалу. Люстрацыя 1796 г. паказала наяўнасць у самім Шчучыне 58 мужчын-яўрэяў і 72 жанчыны-яўрэйкі - разам 130. Пасля некалькіх зменаў, статутам ад 19 снежня 1844 г., кагал тут быў ліквідаваны, і ўсе яўрэі падпарадкаваны магістрату горада Ліда. Пастановай губернскай управы ў Вільні ад 21 кастрычніка 1846 г. мястэчка Шчучын было залічана да ліку тых мястэчак, у якіх пакінута права вольнага пасялення для яўрэяў. Рэвізія 1847 г. зарэгістравала тут 327 яўрэяў. Для сувязі з магістратам Ліды шчучынская яўрэйская гміна мела дэлегатаў ці дэпутатаў, а прадстаўнік магістрата ў гміне зваўся "зборшчык" - зборшчык падаткаў. У 1875 г. яўрэйская супольнасць была аддзелена ад улады Лідскага магістрата і стала гарадскім кагалам Шчучына. На чале яго стаяў стараста, якога абіралі. Сярод абавязкаў старасты было вядзенне спісаў сямей, выданне асабістых дакументаў і г.д. Гарадская гміна ў Шчучыне ў 1897 г. налічвала 1204 мужчыны і 1198 жанчын. Каля паловы гэтых людзей не жыло ў мястэчку. У тым жа 1897 г. у Шчучыне зарэгістравана 1742 жыхары, з іх яўрэяў 1356, ці 77,84%. Кіравалі горадам тут з 1885 г. Антон Іляковіч, з 1889 г. Самуэль Ясіноўскі, з 1897 г. Казімір Жыжэмскі, з 1905 г., паўторна, Самуэль Ясіноўскі.

Сродкі для жыцця яўрэйскаму насельніцтву даваў, у асноўным, дробны лакальны гандаль і рамесніцтва.

Рынак у Шчучыне ўжо з паловы XVIII ст. збіраўся па нядзелях, але, зразумела, што рынкавыя дні існавалі ад пачатку мястэчка. Пра тыя нядзельныя кірмашы Ігнацы Лахніцкі пісаў ў сваёй "Статыстыцы губерні Літоўска-Гарадзенскай 1817 г.". У 1895 г. нядзельныя кірмашы перанесены на чацвер. Аварот кожнага такога рынкавага дня ў 1868 г. не перавышаў 800 рублёў.

Спіс кірмашоў, змешчаны ў выдадзеным у Супраслі "Календары ..." на 1722 год падае ў Шчучыне Літоўскім два кірмашы: "на Св. Якуба і на Св. Міхала Рымскага". Інфармацыі пра аварот гэтых кірмашоў не маем. Тыя таргі і кірмашы па просьбе ўладальніка Шчучына Ігнацыя Сцыпіёна дэ Кампа кароль Аўгуст ІІІ пацвердзіў прывілеем ад 18 сакавіка 1761 г. Ігнацы Лахніцкі ў той жа "Статыстыцы..." апроч штонядзельнага кірмашу, успамінае таксама пра два дадатковых кірмашы 24 ліпеня і 29 кастрычніка - па два дні кожны. Міхал Балінскі (Starozytna Polska, III, 1848 r.) адзначае, што Шчучын Лідскі ёсць гандлёвым месцам. У апісанні Віленскай губерні Карэвы, у Шчучыне ў 1858 г. адбыліся два кірмашы: на Св. Марыю Магдалену - з 15 ліпеня па 15 жніўня і на Св. Сымона - з 16 кастрычніка да 16 лістапада, усе па нядзельных днях. На першы з тых кірмашоў прывезена тавараў на 2 200 рублёў і прададзена на 1 850 рублёў, на другі - прывезена на 2 200 рублёў і прададзена на 950 рублёў. "Слоўнік геаграфічны імп. Расійскай" П. Сямёнава (1886 г., ІІІ.) падаў у Шчучыне чатыры аднадзённыя кірмашы: 12 траўня, 15 ліпеня, 15 жніўня і 16 кастрычніка. Верагодна, гэтыя даты не былі выгоднымі для мясцовых жыхароў, бо хутка былі вернуты ранейшыя тэрміны шчучынскіх кірмашоў. У 1879 г. тут, як і ў ранейшыя часы, адбыліся два кірмашы ў нядзельныя дні паміж 12 ліпенем і 15 жніўнем і так-сама паміж 15 кастрычнікам і 16 лістападам. Першапачаткова ў дзяржаўных дакументах тыя кірмашы было забаронена зваць па імёнам святых з рыма-каталіцкага календара - "Марыі Магдалены" і "Сымона Юды", аднак потым ўсё вярнулася да ранейшага. Тыя два кірмашы "Магдаленскі" і "Сымонаюдскі" адбыліся ў 1889 г. пад гэтымі назвамі, пра што сведчыць "Памятная кніжка Віленскай губерні на 1891 г.". На першы з гэтых кірмашоў было прывезена тавараў на 4 900 рублёў і прададзена на 2 830 рублёў, на другі прывезена на 5 300 рублёў і прададзена на 3 025 рублёў. У 1895 г. на кожным з кірмашоў (перанесеных на чацвер) прывозілася тавараў на 3000 рублёў і прадавалася на 2000 рублёў. У 1896 г. абодва кірмашы зноў адбыліся ў нядзелю, прычым на першы з іх было прывезена тавараў на 3500 рублёў і прададзена на 2 000 рублёў, а на другі - прывезена на 4000 рублёў і прададзена на 2500 рублёў. З 1900 г. кірмашы стала адбываліся ў чацвер. Галоўнымі артыкуламі гандлю былі коні, быдла, свіні, палатно і іншыя вырабы сельскай гаспадаркі.

У 1868 г. у Шчучын меў 938 жыхароў, у асноўным яўрэяў. З гэтай лічбы жыхароў, 636 душ сродкі для жыцця здабывалі гандлем, 51 сям'я (плюс-мінус 250 душ) - рамесніцтвам. У мястэчку меўся 121 дом, 24 крамы, 11 карчом і заезджых дамоў, 1 гарбарня і 1 вінакурня, 1 млын (утрымліваў яўрэй). У 1896 г. тут жыло 1648 месцічаў і 16 сялян, разам 1664. У мястэчку было 40 крам, 2 гарбарні і 1 млын.


Вялікі пажар 1896 г. знішчыў амаль што ўсё мястэчка.


Яўрэі Шчучына як і яўрэі іншых мястэчак мелі тут з даўніх часоў некалькі хэдараў для дзяцей, невялікую талмуд-тору, сінагогу - beis medresz, уласнае кола дапамогі хворым - bikur cholim і пахавальнае брацтва - chewre kadysza, якое ўтрымлівала могілкі. На чале рэлігійнага жыцця стаяў так званы рабін, якога абіралі. Каля 1900 г. тут была заснавана іешыва - рэлігійная школа вышэйшай ступені, колькасць вучняў іешывы дасягала 250 чалавек, за навучанне яны плацілі па 10 рублёў у год, так-сама на яе ўтрыманне ішла дапамога яўрэйскай эміграцыі з Амерыкі. Існавала да 1915 г.

З дазволу губернскага камітэту па справах дробнага крэдыту з 30 чэрвеня 1908 г. у Шчучыне быў заснаваны пазыкаваашчадны кааператыў па стандартным статуце, зацверджаным міністрам скарбу 14 верасня 1905 г. Узнос сябра складаў 10 рублёў, максімальная квота крэдыту - 150 рублёў. Кааператыў праіснаваў да 1915 г. і абслугоўваў дробную мясцовую яўрэйскую прамысловасць і гандаль.

Каля мястэчка Шчучын знаходзілася яўрэйская вёска Тур'я, якая калісьці, разам з фальваркамі Макееўцы, Далкнеўшчына, Заполле, Багушоўшчына і Дзеражна, уваходзіла ў склад маёнтка Пацаў Ражанка. Пасля эміграцыі генерала Людвіка Паца гэтая маёмасць у 1832 г. была секвестравана і потым зканфіскавана. У 1840-х гг. з зямлі фальварка Тур'я выдзелілі 16 дзялак (разам 192 дзесяціны ворнай зямлі і 32 дзесяціны лугоў) якія былі перададзены яўрэям, якія пажадалі стаць сялянамі. З 1 студзеня 1848 г. гэтыя дзялкі расійскі урад перадаў 26 яўрэям. У 1865 г. частка гэтай зямлі перададзена асаднікам з Расіі, якія стварылі новую вёску Туроўку. У 1907 г. яўрэйская вёска складалася з 4 першапачаткова нададзеных дзялак на якіх гаспадарыла 11 яўрэйскіх сям'яў (агулам 57 чалавек). Вёска мела 96, 46 дзесяціны, 2 коней і 14 галоў быдла.

Міхал Шымялевіч

Пераклад Лаўрэша Леаніда.


Урокі распачаліся

Таварыства беларускай мовы горада Оршы ў канцы верасня распачало новы праект "Урок паэзіі". Яго прэзентаваў кіраўнік арганізацыі Юрый Нагорны. Творчыя асобы будуць запрашацца ў наш горад дзеля таго, каб дзяліцца з аршанцамі сваімі думкамі, творамі, абмяркоўваць розныя культурніцкія падзеі і з'явы. Але ўвага звяртаецца не толькі на іншагародніх творцаў - у Оршы таксама хапае творчых асоб, якіх варта запрашаць на выступ. Першым госцем стал паэт Мікола Камароўскі.

Ён з 1972 працаваў настаўнікам, даўно жыве ў Оршы. Часткова вечарына прысвячалася настаўніцкай працы, розным прачытанням сутнасці настаўніцкіх абавязкаў. Узгадвалася як тое, што настаўнік прышчапляе любоў да роднага краю, так і прыкры факт з савецкай гісторыі, калі многія настаўнікі вызвалілі сваіх уласных дзяцей ад вывучэння беларускай мовы. Спадар Камароўскі нават узгадаў, як ад вывучэння роднай мовы сваіх дзяцей вызваліла адна настаўніца, якая сама выкладала …родную беларускую мову.

Таксама паэт звярнуўся да малой радзімы - Мікола Камароўскі паходзіць з Мікалаеўшчыны, што на паўднёва-заходняй Меншчыне. Паэт параіў усім гасцям літаратурнай сустрэчы наведаць гэтыя знакамітыя коласаўскія мясціны, дзе ладзяцца "Каласавіны", чытаюцца творы Якуба Коласа. Не забыў ён і яшчэ аднаго паэта з тых мясцінаў - Міколу Дземідовіча. Мала хто з прысутных дагэтуль ведаў пра слова "церабяжы" - так у Мікалаеўшчыне і на прылеглай тэрыторыі называюцца могілкі. Гэтае слова прысутнае ў творчасці бадай кожнага паэта адтуль, тут спалучаюцца думкі пра хуткасць жыцця і пра памяць продкаў.

Частку вечарыны склалі вершы з іроніяй на некаторыя з'явы беларускай рэальнасці, Мікола Іванавіч з гумарам ды ў вершаванай форме апісаў многае з таго, што адбываецца, публіка смяялася і ўспрымала сітуацыю па-новаму. Мікола Камароўскі адзначыў, што ў адрозненне ад многіх паэтаў не спрабуе выдаць вялікі зборнік сваіх вершаў, лічыць, што трэба папросту пісаць. Ці атрымаецца замацаваць вершы ў гісторыі беларускай літаратуры - гэта справа саміх людзей, якія запомняць найбольш яскравыя рэчы.

Мікола Камароўскі мае насычаную ўнікальнымі словамі і формамі паэзію, яна выключна беларускамоўная. Сам паэт перакананы - толькі з роднай мовай Беларусь мае будучыню, маюць будучыню маладыя беларусы, і толькі з ёй мы станем самадастатковай нацыяй.

Першы ўрок прайшоў больш чым паспяхова, у гэтым вялікая заслуга паэта, які нягледзячы на сціпласць у характары, умее перадаць свае думкі іншым людзям. Дзякуючы такім людзям і жыве Беларусь.

Арцём Сізінцаў, сябар ТБМ, Орша.


Вядомы марш "Развітанне славянкі" перакладзены і на кітайскую мову, і на нямецкую, і на іспанскую, і на іншыя. Мне не ўдалося пабачыць беларускі варыянт, хаця ён, відаць, існуе. Я зрабіў сваю спробу перакладу маршу на беларускую мову.


Наступае хвіліна растання.

Ясны погляд твой поўны тугі.

Блаславі ты мяне на змаганне

За Радзіму, за край дарагі.

Воляй продкаў Радзіма трымала

Не адзіны бязлітасны бой.

Каліноўскі, Касцюшка, Купала

Клічуць нас і вядуць за сабой.


Бывай, родны край,

Ты нас ўспамінай,

Бывай, твой пагляд,

Не ўсе з нас вернуцца назад.


Слаўся, беларуская зямля!


Ідуць за днямі дні,

Зараніц палыхаюць агні,

І ў небе ясным

Няхай не гасне

Наш сцяг,

Каб край наш бараніць.


Я ўглядаюся ў воблік любімы,

Дарагое дыханне лаўлю.

Мы змагацца ідзём за Радзіму,

За пакутную нашу зямлю.

Бел-чырвоны-бел сцяг наш лунае

Пад Пагоняй на белым кані.

І цябе, і мой край, дарагая,

Мы выходзім, каб вас бараніць.


Калі ж у паход

Пакліча народ,

За край наш святы

Выходзім мы

Ў смяротны бой,

Свяшчэнны бой.


Слаўся, беларуская зямля!


Ідуць за днямі дні,

Зараніц палыхаюць агні,

І ў небе ясным

Няхай не гасне

Наш сцяг,

Каб край наш бараніць.


Наступае хвіліна растання,

Ясны погляд твой поўны тугі.

Блаславі ты мяне на змаганне

За Радзіму, за край дарагі.

Воляй продкаў Радзіма трымала

Не адзіны бязлітасны бой.

Каліноўскі, Касцюшка, Купала

Клічуць нас

і вядуць за сабой.

КАЛАСАВІНЫ НЁМАНУ

Да 134-й гадавіны Якуба Коласа

Дзень добры, Нёман! Вольным часам

Я на знаёмых берагах

Заўжды збаўляюся адчаю,

А з ім знікае і туга.

Ці то ўвосень тут, ці летам,

Калі ўглядзецца - зноў і зноў

Мне постаць бачыцца Паэта

З кіёчкам між званіц-дубоў.

Пад шапкамі бусліных гнёздаў

Яны здалёку ўжо відаць.

Ды час плыве, няўмольна-грозны:

"Дубоў паменшылася раць…"

Ты пры Паэце - "срэбразвонны" -

Сваё не ўтойваў серабро,

Каб за яго набыць нам волю,

Каб годны лёс прыдбаў народ.

Сягоння ж хвалі памялелі

І пасівелі, бляск пагас.

Плыты на мелі сёння б селі,

Якія гнаў Міхал не раз.

Як памяць пра Паэта, родны,

Ты ў будучыню шлях трымай.

Мо зноўку станеш паўнаводным,

Калі набудзе волю край.

…Яшчэ адно мінула лета,

І восень жоўціць берагі.

Дзень нараджэння у Паэта…

Дзень добры, Нёман дарагі.

МАЛІТВА

Мне сняцца сны аб Беларусі.

Янка Купала.

Да лёсу, ўкленчыўшы ля ног,

З адной малітваю звярнуся,

Каб у жыцці я нешта змог

Зрабіць для роднай Беларусі.

Мяне з працягнутай рукою

Каб лёс ісці ў сусвет не змусіў

Прасіць падаць на шчасце - волю

Маёй гаротнай Беларусі,

Каб груганнё ў чарговы раз

Не паспрыяла чорнай скрусе,

Каб ведаў свет, што ёсць у нас

І Беларусь, і беларусы,

Каб белым крыллем небасхіл

Быў ахінуты - і навекі

І край зняслаўленых магіл

Цяжкія сны змахнуў з павекаў.

Калі ж гарбатая старая

Прыцягнецца ка мне з касою,

Скажу ёй, хай зямля прымае,

Але з умоваю адною:

Каб там, дзе Вечны Супакой,

Дзе ўжо ніколі не прачнуся

Прысніўся светлы сон аб ёй,

Урэшце шчаснай Беларусі.

СУЧАСНІКУ

Ці спытаў ты сам сябе, сучаснік,

Дык якая ж набрыдзь к нам ідзе,

Што ўсё менш

і менш сустрэнеш красак

У палях, лугах і на вадзе?

Ці хаця б аднойчы ты падумаў,

Колькі гэта будзе ў нас яшчэ:

Чэзнуць людзі, і бары, і душы,

І ўсё больш засмучаных вачэй?

І няўжо ж у краі ў нас сатруцца

Фарбы распагоджанага дня,

Ці замнога мо ў крыві атруты,

Што хваробаў нашых не суняць?

Мабыць, ты на ўсё махнуў рукою,

Ты - не барацьбіт, не ў барацьбе:

Абы ціха, абы паспакойней, -

Кожны па сабе і для сябе.

Мікола Камароўскі, Орша.


На чароўна-вандроўнай хвалі

Змест новай кнігі паэткі Кацярыны Мяшковай "Чароўная хваля вандровак" сапраўды мае прыцягальную здольнасць і сілу ўзняць чытача на сваю чароўна-вандроўную хвалю і, натуральна, па-добраму інтэлектуальна-духоўна хваляваць. Дзве складовыя часткі кнігі (паэтычная і празаічная) - гэта адзінае цэлае, калі хочаце, - унісон пры адкрыцці экзатычнага (і не толькі) свету і захаплення ім. Па вершах і празаічных тэкстах аўтара відаць, што яна многа дзе пабывала на нашай планеце (Еўропа - Расія, Польшча, Германія, Чэхія, Балгарыя; Амерыка - ЗША, Канада; Азія - Турцыя, Тайланд, Манголія; Афрыка - Туніс, Алжыр), многае пабачыла, многім любавалася, многае прачула і таму мае геаграфічна-маральнае права і абавязак сцвярджаць: "Як дзіўна і як радасна, што на зямным шары ёсць такія месцы, дзе моц і лёгкасць прыроды сплятаюцца разам, выклікаючы самыя незвычайныя пачуцці" . Але гэта толькі кантэкст, які не можа існаваць без Радзімы паэткі. Менавіта такі ўнутраны лад і змест кнігі К. Мяшковай.

Да гэтай, так бы мовіць, агульнай ацэнкі кнігі неабходна дадаць, што змест яе багаты інфармацыйна-інтэлектуальна. Гэта свайго роду энцыклапедычна-хрэстаматыйны твор з займальна-пазнавальнай скіраванасцю, з якога мы многа даведваемся як пра выдатных людзей і побытавыя з'явы і рэчы старажытнасці, якія сімвалічна і прама існуюць сярод сучаснага чалавецтва. Нельга не пагадзіцца, што такіх кніг у сучасных беларускіх аўтараў не так ужо і багата.

К. Мяшковай удалося папулярна выкласці змест дактрыны будзізму з многімі яго адгалінаваннямі і варыяцыямі. Яна даходліва тлумачыць падабенства і адрозненні ў вучэннях двух вялікіх кітайцаў - Канфуцыя і Лао-Цзы. Падаецца тут і многа іншага рознага, пра што цяжка распавесці ў кароткім газетным водгуку.

Многа паведамляецца ў кнізе пра творчых асоб зямлі беларускай (Ф. Рушчыц, А. Макаёнак, А. Марачкін, свая радня - Батуры і інш.).

Паэтка засведчыла сябе ў гэтым выданні і як перакладчык твораў Г. Апалінэра і Себасціяна Гоша (пра С. Далі).

Усё гэта датычна другой - празаічнай часткі кнігі. А каментаваць, інтэрпрэтаваць, прэпараваць змест першай часткі (паэзіі) справа, як кажуць, - рызыкоўная і няўдзячная. Паэзію трэба чытаць. Вершы К. Мяшковай таксама з падсветкай чароўнай хвалі вандровак і да таго ж з мясцовым родным беларускім (патрыятычным) каларытам.

"Чароўная хваля..." мае багаты іканаграфічны матэрыял. Але шкада, што амаль усе фотаздымкі не маюць подпісаў. А адзін з тых здымкаў (стар. 147) не пасуе гэтай цнатліва-узнёслай кнізе сваім антыэстэтычным змесцівам, сваім грубым натуралізмам. Як высветлілася, гэта недагляд выдавецтва, яго рэдактараў.

Выйшла "Чароўная хваля..." літаральна днямі ў менскім выдавецтве "Галіафы" накладам 200 паасобнікаў.

І яшчэ. К. Мяшкова - добра вядомы аўтар у творчых колах. Яна аўтар зборнікаў "Алея кахання", "Кляновы цуд"; супрацоўнічала і супрацоўнічае з часопісамі "Першацвет", "Маладосць", "Мастацтва", "Зрок", "Нёман", "Праваслаўе", "Alpha Woman"; з газетамі "Голас Радзімы", "Чырвоная змена", "Наша слова", "Настаўніцкая газета", "Мінская праўда", "Книжный мир", "Культура".

Жыве ў Менску.

Віншуем таленавітага аўтара з выхадам новага змястоўнага зборніка паэзіі і прозы і жадаем ёй усяго найлепшага на ўсіх пуцявінах жыцця, асабліва ў творчасці!

Яўген Гучок.



[1] Szymielewicz Michal. Zydzi w Szczuczynie Nowogrodzkim // Ziemia Lidzka №1-1938. S.13-14.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX