Вярнуцца: 2016

№ 45 (1300)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 45 (1300), 9 лістапада 2016 г.


"Наша слова" № 1300

Дзяды ў Лошыцы

У Менску 6 лістапада прайшло шэсце да Лошыцкага яра - месца расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Акцыю традыцыйна праводзіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя - БНФ (КХП-БНФ).

Шэсце пачалося ў 12.30 каля ДК "Лошыцкі" (былы ДК Камвольнага камбіната). У ім узялі ўдзел каля 30 чалавек, у асноўным прадстаўнікі партыі. Яны неслі мноства бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама сімволіку КХП-БНФ. Акцыя была санкцыянаваная гарадскімі ўладамі.

У фінальным пункце шэсця - Лошыцкім яры - прайшоў жалобны мітынг.

БелаПАН.


Алена Анісім наведала магілу Цішкі Гартнага

У дзень памінання продкаў, у Дзмітраўскую суботу, магілёўскія актывісты Таварыства беларускай мовы наведалі магілу загінулага ў час сталінскіх рэпрэсій пісьменніка і палітыка Цішкі Гартнага. Месца пахавання Змітра Жылуновіча, больш вядомага пад псеўданімам Цішка Гартны, у Магілёве на ўскрайку Пячэрскага лесапарку - сімвалічнае. Сёлета ўпершыню тут пабывала і намесніца старшыні Таварыства, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Рупліўцы беларушчыны згадалі жыццё Цішкі Гартнага, памянулі сваіх продкаў, прыбралі пляцоўку вакол памятнага знака пісьменніку.

Мясціну, дзе пахавалі Змітра Жылуновіча, адшукаў старшыня магілёўскага аддзялення таварыства "Мартыралог Беларусі" магілёўскі акцёр Валянцін Ермаловіч. Былая медсястра лякарні паказала яму брацкую магілу, у якой мог быць закапаны пісьменнік. У 1989 годзе на ёй актывісты адраджэнцкіх арганізацыяў горада ўсталявалі памятны знак. Апошнія гады прыглядае за гэтым знакам і пляцоўкай вакол яго пенсіянерка Аляксандра Падалінская. Яна сябра ТБМ. Жыве непадалёк. Аляксандра Рыгораўна пераказвае аповеды старэйшых за сябе людзей пра таямнічыя пахаванні ў сталінскія 1930-я гады. Потым, кажа яна, у гэтых мясцінах ужо фашысты хавалі расстраляных.

Радыё Свабода.


210 гадоў з дня нараджэння Эміліі Плятэр

Эмілія ПЛЯТЭР (13 лістапада 1806 - 23 снежня 1831) - графіня, збіральніца беларускага фальклору, удзельніца паўстання 1831 года ў Польшчы, на Беларусі і Летуве.

Нарадзілася ў Вільні. Прадстаўніца графскага роду Плятэраў, якія ў ХV ст. перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае з Вестфаліі. Дзяцінства Э. Плятэр праходзіла ў маёнтку Ліксна непадалёк ад Краслаўкі, дзе яна атрымала добрую хатнюю адукацыю.

Жывучы на Віцебшчыне ў сваякоў, збірала і апрацоўвала беларускія народныя песні. Віртуозна валодала жанрам галашэнняў, выконвала на фартэпіяна народныя мелодыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы.

У часе вызвольнага паўстання 29 сакавіка 1831 разам са сваяком Ц. Плятэрам арганізавала ў мястэчку Дусяты партызанскі аддзел з 280 стралкоў, 60 вершнікаў ды некалькіх соцень касінераў і павяла яго на Дзвінск. Сярод паўстанцаў было нямала дзяўчат.

30 сакавіка паўстанцы разбілі расейскі аддзел каля паштовай станцыі Даўгелі, 2 красавіка адбыўся бой з ахоўнай часткай генерала Шырмана, потым - бой пад Уцянай і 4 красавіка захоп мястэчка Езяросы.

Па разгроме казакамі паўстання Эмілія Плятэр на чале невялікай групы далучылася да аддзела Караля Залускага. 17 траўня аддзел Э. Плятэр заняў Вількамір і ў чэрвені ўліўся ў рэгулярнае польскае войска Д. Хлапоўскага. За смеласць і рашучасць у баявых дзеяннях камандаванне паўстанцкімі сіламі прызначыла Э. Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званне капітана. Аддзел браў удзел у баях супраць царскіх войск (пад Радзівілішкамі, Вільняй, Шаўлямі і ў іншых месцах). Пры адыходзе паўстанцаў у Прусію захварэла і памерла. Пахавана ў Капцёве.

Вікіпедыя.


120 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарота

Міхась ЧАРОТ, сапр.: Міхаіл Сымонавіч Кудзелька (7 лістапада 1896, мяст. Рудзенск, Ігуменскі павет, Менская губерня, цяпер Пухавіцкі раён, Менская вобласць - 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; псеўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В. Чарот; Крыптанімы: М. К.; М. К-ка; Ч. М.; М. Ч.; М. Ч-т; Ч-т.) - беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Дзед Міхася Чарота быў майстрам па ткацтве, адкуль прозвішча ад пана, адпаведнае яго заняткам, бабуля паэта працавала карміцелькай у панскім палацы. Меў двух братоў і сясцёр: Паўла (інжынер і хатні педагог), Аляксандра (аграном), Марыю (кухарка) і Насту (актрыса).

Першую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскім двухгадовым вучылішчы. У 1913-1917 вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны служыў афіцэрам запаснога палка ў Кузнецку, там разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі намагаўся стварыць беларускі гурток.

Вясной 1918 вярнуўся ў Менск, дзе пачаў настаўнічаць у беларускай школе; паступіў у МВПІ. У 1919 чалец Белнацкама і створанай пры ім Ваеннай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 утварылася з сяброў "Маладой Беларусі". У 1922-1924 кандыдат у члены, у 1924-1931 член ЦВК БССР. У 1924 вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1930-я працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР.

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Арыштаваны 24 студзеня 1937. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 як удзельнік "контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі" да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Прыгавораны да расстрэлу 28 кастрычніка 1937 г. Рэабілітаваны 8 снежня 1956 г.

Вікіпедыя.


Алена Анісім: "... трэба неадкладна прымаць закон пра дзяржаўную падтрымку беларускай мовы"

У Беларусі нядаўна адзначылі першы месяц працы новага складу парламента. "Еўразія. Эксперт" пачынае цыкл інтэрвію з палітыкамі, якія прыцягнулі да сябе найбольшую ўвагу падчас выбарчай кампаніі. Па выніках выбараў у прэсе загаварылі пра "апазіцыйныя дэпутатаў" у ніжняй палаце парламента, да ліку якіх адносяць і Алену Анісім, намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы. Лічыцца, што парламентарый засяродзіць свае высілкі на пасоўванні беларускай культуры. У апошні час назіраюцца шматлікія спекуляцыі вакол тэмы "мяккай беларусізацыі" ў Беларусі. Хтосьці ўскладае на яе надзеі, хтосьці, наадварот, асцерагаецца. "ЕЭ" пагаварыў з Аленай Анісім пра тое, як варта прасоўваць беларускую мову, ці варта ўводзіць "карту беларуса" (па аналогіі з "картай паляка") і запускаць "план Бальцаровіча", а таксама пра тое, як супрацьстаяць "эканамічнай каланізацыі".

- Вы сталі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У чым вы бачыце сваю місію на найблізкія чатыры гады?

- Першым чынам, я ішла ў Палату прадстаўнікоў не гэтулькі ад свайго вялікага жадання быць дэпутатам, колькі выконваючы рашэнне рады ТБМ (Таварыства беларускай мовы) мець сваіх прадстаўнікоў у парламенце Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з папярэдняга досведу, мы зразумелі, што ў парламенце няма каму адстойваць нашы пазіцыі адносна рэальнага статусу дзяржаўнай беларускай мовы.

Мы вылучалі некалькі кандыдатур, але ў выніку толькі я здолела патрапіць у Палату прадстаўнікоў ад ТБМ. У цяперашнім парламенце сяброў ТБМ двое - я і Ігар Аляксандравіч Марзалюк.

У першую чаргу, мы хочам, каб законапраекты паступалі на дзяржаўнай беларускай мове. Трэба выпраўляць сітуацыю, калі асноўная маса ўсіх законапраектаў паступае на рускай мове.

Таксама мы лічым, што ў сувязі з тым, што ЮНЭСКА ўнесла беларускую мову ў спіс моў, якім пагражае знікненне, трэба неадкладна прымаць закон пра дзяржаўную падтрымку беларускай мовы.

- Што, на Ваш погляд, пагражае беларускай мове і як бы Вы абмалявалі існую сёння ў краіне моўную сітуацыю?

- Калі прайшоў рэферэндум 1996 г. (падчас рэферэндумаў 1995-1996 гг. грамадзяне Беларусі выказаліся, у прыватнасці, за саюз з Расіяй і афіцыйны статус рускай мовы - заўв. "ЕЭ"), то людзі зусім па-рознаму ўспрынялі яго вынікі. Многія палічылі, што зараз можна ігнараваць дзяржаўны статус беларускай мовы, але асноўная маса людзей, асабліва тыя, хто галасаваў за роўныя правы, меркавалі, што будзе магчымасць аднолькавага выкарыстання беларускай і рускай моў у розных сферах - запаўняць дакументы, пісаць заявы, вучыць дзяцей.

Аднак на практыцы аказалася, што, да прыкладу, ажыццявіць навучанне дзіцяці на беларускай мове - гэта складана і патрабуе ад людзей нейкіх дадатковых высілкаў. Урэшце, адсутнасць універсітэтаў з беларускай мовай навучання таксама памяншае неабходнасць беларускамоўнага навучання ў школе.

У выніку дзеянне гэтага закона, у які былі ўнесены змены, прывяло да такога становішча рэчаў, якое не можа лічыцца здавальняльным. І пра гэта сведчаць тыя трэнды, якія цяпер існуюць у грамадстве. Ідзе актыўнае пазіцыянаванне моладдзю сябе як беларускамоўнай, расце папулярнасць курсаў беларускай мовы і іншых.

Гэта ўсё, вядома, курсы грамадскія, але, тым не менш, іх папулярнасць сведчыць пра запатрабаванасць беларускай мовы ў грамадстве. Таму на сённяшні дзень ўнясенне некаторых змен у закон пра мовы паспрыяла б рашэнню гэтага пытання.

Справа тут не толькі ў законе, але і ў тым, каб грамадзяне гэтак жа разумелі важнасць існавання беларускай мовы і яе паўнавартаснага функцыянавання ва ўсіх сферах.

- У часы БССР беларуская мова ўжывалася нашмат шырэй. Тады былі дзяржаўныя, чыста беларускамоўныя, радыё і тэлеканал, ды і пазіцыянаванне Рэспублікі нават у савецкай прасторы ішло менавіта на роднай мове. Зараз жа мова перастае быць сродкам камунікацыі і пераходзіць у сімвалічнае поле, калі яе разглядаюць як знак суверэнітэту. Гэта выдатна, але мы на ёй не гаворым. Што можна з гэтым зрабіць?

- Мне здаецца, што, першым чынам, нам трэба зняць бар'еры для выкарыстання беларускай мовы. Калі чалавек жадае даць свайму дзіцяці адукацыя на дзяржаўнай беларускай мове, то ён не павінен думаць пра тое, што яму трэба сабраць 10-15 чалавек для таго, каб адкрыць групу. Гэтым у межах заканадаўства, якое як раз і прадугледжвае роўнасць моў, павінны займацца дзяржаўныя органы. Калі людзі будуць бачыць, што няма ніякай праблемы, тады і сам гэты працэс пойдзе нашмат паспяховей.

Неабходна, каб у Беларусі быў універсітэт з беларускай мовай навучання. Пры сённяшнім узроўні тэхнічных сродкаў забеспячэння і інфармацыйных тэхналогій гэта не такая ўжо вялікая праблема. Пытанне заключаецца толькі ў тым, каб ажыццявіць гэта практычна. Падобную адукацыйную ўстанову можна ствараць з улікам таго, што мы далучыліся да Балонскага працэсу, каб тыя, хто будзе тут вучыцца, разумелі, што яны атрымаюць такую адукацыю і веды, якія дазволяць ім рэалізаваць сябе ў сучасных умовах.

Было б добра, каб у нас з'явіўся хоць бы адзін тэлеканал на беларускай мове, які з раніцы да вечара прапанаваў бы гледачам перадачы па розных кірунках: навіны, аналітычныя, культурныя, навукова-папулярныя і дзіцячыя праграмы, спартовыя трансляцыі і г.д.

- Яшчэ напачатку ХХ ст. практычна ўсе фіны размаўлялі па-шведску, але за нейкія 50 гадоў сітуацыя ў корані змянілася. Сёння, нягледзячы на двухмоўе, большасць фінаў размаўляе на роднай мове. Пры гэтым ніхто ў Стакгольме не разглядае гэта як праяву антышведскай палітыкі з боку Фінляндыі. Можа быць, нам варта скарыстацца гэтым фінскім досведам, асабліва ў святле таго, што ў Расіі беларуская мова на фоне ўкраінскіх падзей часцяком успрымаецца з падазрэннем?

- Вялікая праблема складаецца ў тым, што мовы ў нас хоць і роднасныя, але пры гэтым многія расейцы не ўспрымаюць беларускую мову як блізкую. Калі людзі з Расіі першы раз сутыкаюцца з беларускай мовай, яны яе не разумеюць. Вядома, калі яны валодаюць іншымі славянскімі мовамі, то тады ім нашмат прасцей. Аднак калі з усіх славянскіх моў яны валодаюць толькі рускай, беларуская ўспрымаецца імі вельмі цяжка.

- Ці не здаецца Вам, што механізмы Саюзнай дзяржавы і іншых нашых інтэграцыйных праектаў трэба выкарыстоўваць для пасоўвання беларускай мовы не толькі ўсярэдзіне Беларусі, але і, напрыклад, у Расіі? Чаму б не стварыць у рамках Еўразійскага звяза нацыянальныя моладзевыя форумы, дзе моладзь магла б вывучаць у тым ліку і беларускую мову?

- Вы закранулі вельмі добрае пытанне, але яно ляжыць ужо ў рэчышчы агульнадзяржаўнай моўнай палітыкі. Трэба, каб дзяржаўныя органы і тыя людзі, якія працуюць у вобласці ідэалогіі, зразумелі, што і праз беларускую мову можа ісці папулярызацыя беларускай дзяржавы. Я лічу, што ў нашых пасольстваў існуюць для гэтага вялікія магчымасці. Пасоўванне і папулярызацыя беларускай мовы - гэта вельмі перспектыўная справа.

У той жа Расіі жыве шмат беларусаў. Возьмем, да прыкладу, Іркуцк, дзе дзейнічае мясцовае беларускае таварыства, якое праводзіць вялікую асветніцкую працу. Трэба сказаць, што аддзяленні ТБМ існуюць і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Маскве. Там ёсць людзі, якія і гавораць, і пішуць на беларускай мове.

Больш таго, я магу прывесці прыклад, калі ў мяне вучыўся адзін супрацоўнік расійскага пасольства. Ён вывучыў беларускую мову, але была праблема ацэнкі яго ведаў. Таму што ў нас на сённяшні дзень няма афіцыйна зацверджанага сертыфіката, які пацвярджае ўзровень валодання беларускай мовай. У свой час ТБМ выдала 6 кніг для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовай як замежнай. На сённяшні дзень гэтую працу працягвае Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, дзе, наколькі мне вядома, дзейнічае адпаведная дзяржаўная праграма.

- Сёння мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі ўсё выразней бачная дэзінтэграцыя беларусаў замежжа. Як Вы лічыце, ці варта дзяржаве ўмешвацца ў гэтыя працэсы і ці няма неабходнасці ў нейкім беларускім аналагу "карты паляка"?

- Гэта складанае пытанне. У свой час ТБМ падавала ў Міністэрства замежных спраў прапанову аформіць падобную "карту беларуса". Цяпер я ўжо не ўспомню дакладна яе назву, але сутнасць была ў тым, каб кожны чалавек, які жыве за мяжой, але пры гэтым адчувае сябе беларусам, меў бы магчымасць вучыцца ў Беларусі і атрымаць вызначаныя палёгкі.

Важна зразумець, што мы часта выпускаем з пад увагі той момант, што многія беларусы пражываюць на сваёй этнічнай тэрыторыі, але ў межах іншых дзяржаў.

Гэта вялікая праблема, якой практычна ніхто не займаўся. Так атрымліваецца, што там часцяком жывуць людзі, адданыя сваёй айчыне. Яны ведаюць сваю гісторыю і з'яўляюцца вельмі перспектыўнымі ў плане папулярызацыі беларускай культуры. У пэўным сэнсе гэтыя людзі маглі б стаць голасам народнай дыпламатыі. Вельмі часта яны такімі дыпламатамі і з'яўляюцца, што мы можам прасачыць і ў Латвіі, і ў Літве, і ў Польшчы. Таму, вядома, гэтыя пытанні трэба прадумваць у рэчышчы агульнадзяржаўнай, у тым ліку і моўнай палітыкі.

- Нягледзячы на тое, што некаторыя палітолагі звалі Вас дэпутатам "аднаго пытання" - беларускай мовы, Вы даволі актыўна выступаеце па пытаннях эканамічнай палітыкі дзяржавы. Не сакрэт, што сёлета ВУП за 9 месяцаў зваліўся на 2%. Што, на Ваш погляд, трэба распачаць для таго, каб выправіць існую эканамічную сітуацыю?

- Неабходна задзейнічаць наш чалавечы капітал і той магутны патэнцыял, які ёсць у беларусаў.

Вельмі часта даводзіцца чуць, што беларусаў варта толькі трохі пахваліць, адзначыць іх дадатныя якасці - і тады яны будуць гатовыя здзейсніць неверагоднае.

Сёння мы сутыкаемся з тым, што людзей часцяком незаслужана крыўдзяць і ставяцца да іх непаважліва, па-грубіянску. Я кажу пра нашу бюракратыю. Гэта той момант, які зводзіць усе нашы высілкі да нуля, а парой і зусім да адмоўных вынікаў.

Многія галосяць, што ў нас няма тых ці іншых рэсурсаў. Давайце зыходзіць з таго, што ў нас ёсць, і думаць, што мы можам з гэтым рабіць. Нам патрэбныя кампетэнтныя эканамісты, прычым з рознымі поглядамі.

У нас ёсць тэарэтыкі, але мы зацікаўлены ў тым, каб у нас, умоўна кажучы, быў свой "план Бальцаровіча". Ад гэтага плану эканамічнага развіцця будзе залежаць і тое, якія законы мы будзем прымаць.

Тое ж самае датычыцца пазначэння "кропак росту". Мы ўсе шмат пра гэта гаворым, але да сённяшняга дня так і не вызначыліся з тым, у якіх сферах і якія менавіта кропкі росту ў нас магчымыя. У нас павінна быць яснае разуменне таго якім будзе наша заўтра.

Заўтра - гэта новыя тэхналогіі, робатызацыя і г.д. Гэта ўжо зусім іншы ўзровень прафесіяналізму. Але адкуль узяцца прафесіяналам, калі на сённяшні дзень, нажаль, у нас такая эканамічная сітуацыя, калі выпускнік універсітэта змушаны шукаць сабе месца працы, а зарплата не дазваляе яму звычайна жыць?

Усё гэта выпустошвае сутнасць адукацыі і перакрывае кісларод нашым маладым спецыялістам, якія змушаны ў выніку з'язджаць адгэтуль, паколькі не бачаць сабе тут ніякага прымянення.

Мы знаходзімся ў глабальным свеце, дзе ўсё ўжо настолькі ўзаемапранікальна, што нам нікуды ад гэтага не дзецца. Да прыкладу, варта задумацца пра ролю транзіту і інвестыцый. Таму што, дапушчальныя на сённяшні дзень інвестыцыі гэта не тое, ад чаго мы можам адназначна выйграць. Вельмі часта інвестыцыі прыходзяць толькі для таго, каб заняць у нас месца, тэрыторыю. Мы ад гэтага нічога не атрымліваем.

Да нас прыходзяць са сваімі тэхналогіямі, са сваімі рабочымі - фактычна гэта эканамічная каланізацыя. Таму і трэба думаць, на чым мы сапраўды можам выйграць.

- Вы прадстаўляеце Акадэмію навук. Ёсць шмат нараканняў, што НАН Беларусі не здольная нічога генераваць, што гэта ледзь ці не састарэлы інстытут. На Ваш погляд, ці можа Акадэмія навук быць генератарам новых ідэй і інавацый ці ўсё такі трэба пайсці па шляху "шокавай навуковай тэрапіі"?

- Казаць пра ўсю гэтую структуру досыць складана, паколькі Акадэмія навук аб'ядноўвае розныя галіны. У нас працуюць як чыста тэарэтычныя інстытуты, так і навукова-даследчыя, і кожны інстытут прыстасоўваецца да той сітуацыі, якая ёсць. Многія працуюць напроста з прамысловасцю - гэта значыць, што ў іх апроч тэорыі ажыццяўляецца і навуковае ўкараненне.

Таму трэба выпрацаваць такі падыход, каб там, дзе ёсць магчымасць злучэння тэорыі і практыкі, абодва гэтыя кірункі маглі раўнамерна развівацца. Пры гэтым трэба разумець, што акадэмічная навука з'яўляецца тэарэтычнай. Не варта патрабаваць ад тэарэтычных інстытутаў, каб яны займаліся не ўласцівымі ім рэчамі.

Вось, да прыкладу, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Цяпер ён знаходзіцца ў складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, але калі існуе такая сітуацыя з беларускай мовай, варта было б, каб гэты інстытут працаваў асобна як юрыдычная адзінка.

У цэлым жа, у стаўленні да НАН Беларусі я мяркую, што перспектывы ёсць. Цяпер мы бачым, што прыходзяць вельмі талковыя маладыя людзі з палымянмі вачамі. Той факт, што сёння яны працуюць за зусім невялікія зарплаты і пры гэтым імкнуцца рэалізаваць сябе менавіта як навукоўцаў, кажа пра тое, што перспектыва сапраўды ёсць, і нам важна не загубіць яе.

Гутарыў Кірыл Мяцеліца.


Па слядах сяброў таемных таварыстваў

Рамантычнай і захапляльнай стала вандроўка "Шляхамі філаматаў", якую ажыццявілі аматары беларускамоўных падарожжаў разам з Валерыяй Чарнаморацавай, гісторыкам Іванам Сацукевічам і ўдзельнікам "Спеўнага сходу" Змітром Занеўскім.

Маршрут пралягаў па тэрыторыі Баранавіцкага, Наваградскага і Карэліцкага раёнаў па мясцінах, звязаных з дзейнасцю філаматаў і філарэтаў. Падарожжа было прысвечана 220-годдзю Яна Чачота і Тамаша Зана.

У дарозе з бліскучай лекцыяй пра эпоху, у якую дзейнічалі таемные таварыствы аматараў асветы і дабрачыннасці, пазнаёміў Іван Іванавіч Сацукевіч. Іх натхнёная праца і жаданне ў хуткім часе перамяніць свет былі не толькі праявай студэнцкай культуры, але і рысамі маладой шляхты XIX-га стагоддзя. Пакуль камфартабельны аўтобус імчаў па шашы, турысты ўяўлялі сабе, як падарожнічалі на конях у свой час філаматы.

Слова "філаматы" паходзіць са старажытна-грэчаскай мовы і азначае "аматары ведаў". Таварыства з'явілася ва ўлонні Віленскага ўніверсітэта, старэйшай навучальнай установы ВКЛ. Эпоха асветы канца ХVIII стагоддзя патрабавала пераменаў. Большасці жыхароў Рэчы Паспалітай было зразумела: адзіны спосаб выратаваць Радзіму ад далейшых падзелаў - якасныя перамены ў культуры, эканоміцы, палітыцы.

У 1817 годзе Адам Міцкевіч паступіў на літаратурнае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта за дзяржаўны кошт, выйграўшы конкурс. Выкладчыкамі ва ўніверсітэце ў той час былі лепшыя навукоўцы: матэматык і фізік Марцін Пачобут, біёлагі і хімікі браты Снядэцкія, легендарныя гісторыкі Ігнат Даніловіч і Іяхім Лялявель. Многія са студэнтаў засталіся вернымі тым ідэалам, якія выхоўвалі ў іх таленавітыя прафесары ў сценах віленскай Аlma Mater.

Восенню 1817 года, калі Адам Міцкевіч вучыўся на 3 курсе ўніверсітэта, ён і яго блізкі сябар Тамаш Зан вырашылі заснаваць таемнае таварыства. 1 кастрычніка 1817 года 6 студэнтаў сталі яго сябрамі. Старшынём быў абраны Юзаф Яжоўскі, намеснікам - Эразм Палюшынскі, сакратаром - Тамаш Зан , далучыліся - Адам Міцкевіч, Бруна Сухецкі і Ануфры Петрашкевіч.

Размах навуковай і творчай працы філаматаў быў велізарны: паэзія, класічныя старажытныя творы, палітычныя і рэлігійныя даследванні, матэматыка, эканоміка... Абмяркоўваліся паэтычныя творы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча і іншых. Аб'ём навуковай працы вымагаў адпаведных арганізацыйных формаў. І філаматы іх знайшлі. У 1818 годзе яны падзяляліліся на два аддзелы: аддзел літаратуры і вызваленых навук ды аддзел фізікі, матэматыкі. Сярод сяброў Таварыства былі такія вядомыя людзі як Ігнат Дамейка, Ян Сабалеўскі, Міхал Рукевіч. Усе яны да канца сваіх дзён заставаліся сябрамі Таварыства філаматаў.

У 1820 годзе, каб прывабіць моладзь, Тамаш Зан стварыў Таварыства прамяністых, не абмежаванае толькі навуковымі мэтамі. Сэнс "прамяністасці" ён растлумачыў так: кожны добразычлівы, высокай маралі чалавек выпраменьвае святло і тым самым добра ўздзейнічае на іншых. Вясёлы і жартаўлівы характар згуртавання спрыяў хуткаму росту. У маёўках і сходах прымала ўдзел каля 150 чалавек. Масавы рух студэнтаў напалохаў улады. Рэктар Сымон Малеўскі загадаў распусціць Таварыства. Замест гэтага адкрытае Таварыства прамяністых ператварылася ў тайнае Таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні).

Арышты пачаліся ў 1823 годзе. Затрыманым спачувала ўся Вільня. Згодна з прысудам, які быў падпісаны царом Аляксандрам І, дзесяць філарэтаў назаўсёды высылаліся з родных ім мясцін ў "аддаленыя губерні" Расіі (Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Францішак Малеўскі і інш.). Самае жорсткае пакаранне прысудзілі Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну, якіх выслалі на Урал, дзе яны павінны былі адсядзець свой тэрмін у цвердзі. 80 філаматаў і філарэтаў былі адпушчаны пад нагляд паліцыі.

Першым прыпынкам у падарожжы было наведванне месца нараджэння Адама Міцкевіча. У наш час даследчыкі знайшлі фундамент сядзібы, парэшткі старога дрэва, якое засталося на малюнку Ануфрыя Петрашкевіча. На гэтым месцы да 200-годдзя з дня нараджэння быў адноўлены будынак. У большасці сядзібы дробнай шляхты былі драўлянымі, з чатырохсхільнымі дахамі.

Ля ўваходу ў маёнтак падарожнікаў сустрэў дырэктар музея Анатоль Іванавіч Еўмянькоў. Натхнёна і тэмпераментна ён распавёў пра дзяцінства і юначыя гады Адама Міцкевіча, пра яго першае каханне.

- Шляхецтва нашым продкам давалі за гераізм у час войнаў. Шляхта ахоплівала 12% насельніцтва ў той час, калі ў Расіі дваране складалі толькі адзін адсотак. Пасля з'яднання Літвы з Каронай, 400 гадоў нашыя продкі жылі ў Рэчы Паспалітай. Дзяржава знаходзілася ў стане вайны з крыжакамі, з маскоўцамі. Кожнаму пакаленню нашых продкаў дасталіся войны, у час якіх гінулі лепшыя людзі. Хлопцам, хто добра біўся на вайне, бараніў Айчыну, за гераізм давалі волю, далучалі да герба. Ведалі, ідзе на вайну халоп князя Радзівіла, а вернецца роўным па статусе з князем Радзівілам. Шляхецтва не надавала права на зямлю. У часы Стэфана Баторыя жыў хлопец з Лідскага павета Міцька - прадзед Адама. Міцкевічы былі са збяднелай шляхты, - распавёў Анатоль Іванавіч. - Праз пакаленні Міцкевічы не мелі зямельных надзелаў, і толькі брат дзеда Юзаф адсудзіў маёнтак у Яновіча за даўгі. 8 гадоў меў гэты маёнтак бацька Адама, адвакат. У ноч на нараджэнне Хрыстова 1798 года ў яго нарадзіўся сын, якому было наканавана стаць вядомым на ўвесь свет. Тут гадаваліся чацвёра дзяцей Міцкевічаў і 6 дзяцей сястры. Кожнае лета Адам прыязджаў сюды з Наваградка і Вільні, калі вучыўся там.

Сядзіба захоўвае шляхецкі побыт XIX стагоддзя. Тут захоўваецца інтэр'ер тых часоў, кнігі, асабістыя рэчы. На тэрыторыіі адрэстаўраваныя гаспадарчыя забудовы - свіран, камора, амбар, пуня, клеці. Анатоль Іванавіч даў магчымасць маладому вандроўніку Андрусю апрануць шляхецкі строй часоў XIX стагоддзя: чырвоны жупан, сіні кунтуш і слуцкі пояс.

Пасля Завосся вандроўнікі праехалі праз вёску Карчова. У лесе за вёскай знаходзіцца гіганцкі валун ледавіковага перыяду, ля якога філаматы збіраліся на вакацыях. Ля высокага замшэлага каменя, дзе ладзілі свае вечарынкі А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, турысты праспявалі іх песні. Нягледзячы на дождж, усе разам выканалі спевы на словы Яна Чачота "Прэч, прэч сум, нудоты!" і "Што старыя за вар'яты".

У мястэку Варонча турысты агледзелі парафіальны касцёл, у якім быў ахрышчаны Ян Чачот. 7 ліпеня споўнілася 220 гадоў з яго дня нараджэння. Ён разам з Адамам Міцкевічам наведваў дамініканскую школу пры наваградскім касцёле. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках.

У 1816 годзе Ян паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. У 1823 годзе пасля суда над філарэтамі ён правёў год у турме, яшчэ год - у Кізіле за Уралам. Праз 15 гадоў ён атрымаў дазвол вярнуцца ў ліцвінскі край. Пасяліўся каля Лепеля і працягнуў вывучаць фальклор. Паэт сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасці зборніках "Сялянскіх песень…" у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале. У сваёй прадмове да "Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны" 1846 года ён зрабіў нарыс граматычных асаблівасцяў беларускай мовы.

21 снежня спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння Тамаша Зана, стваральніка Таварыства прамяністых, даследчыка прыроды, геолага, музеязнаўцы. Ён нарадзіўся ў в. Мясата Аршанскага павета. З 1807 года вучыўся ў Менскай гімназіі. Найбліжэйшымі сябрамі Тамаша Зана ў гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны - Міхал і Юзаф. Асабліва моцна ён пасябраваў з Міхалам, дзякуючы якому Тамаш пазнаёміўся з ягонаю сястрой Марыляй Верашчакай - будучым каханнем Адама Міцкевіча.

У 1815 годзе Т. Зан за ўласны кошт паступіў на фізіка-матэматычны фалькутэт Віленскага ўніверсітэта, стаў тут чальцом патрыятычнага Таварыства шубраўцаў, потым адным з заснавальнікаў згуртавання філаматаў, у 1820 - Таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазней у Таварыства філарэтаў. 113 сяброў таварыства былі ўраджэнцамі Беларусі.

У 1823 годзе Т. Зан арыштоўваецца царскімі ўладамі. У высылцы Тамаш Зан сустракае вядомага нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта, які прыязджаў на Урал для навуковай экспедыцыі. Пад яго ўздзеяннем паэт захапляецца вывучэннем геалогіі і батанікі. Праз некаторы час Тамашу даручаюць геалагічную выведку на шырокіх прасторах Прыўралля і Тургайскага стэпу. Т. Зан стварыў на Урале мінералагічны музей. У 1841 годзе ён вярнуўся на радзіму і пазнаёміўся з Брыгітай Свентажэцкай, якая зачытвалася рамантычнай літаратурай і захаплялася творчасцю А. Міцкевіча. Неўзабаве Брыгіда закахалася ў Тамаша, і той адказаў узаемнасцю. Пазней у лісце Марылі Путкамер ён прызнаваўся: " Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць, боства, якое прадракае мне шчаслівую будучыню". У шлюбе ў іх нарадзіліся чацвёра сыноў. Апошнія дзевяць гадоў жыцця Т. Зан вёў актыўную краязнаўчую і літаратурную работу.

На прыпынку ў Райцы экскурсавод распавёў пра фамільную капліцу шляхціцаў Раецкіх. Праз некалькі дзесяткаў кіламетраў падарожнікі спыніліся ля светлага і празрыстага возера Свіцязь, якое апеў у свах паэмах Адам Міцкевіч. Ён гуляў вакол возера з паннай Марыяй і распытваў мясцовых жыхароў пра легенды і паданні, звязаныя з гэтым цудам прыроды. Возера падсілкоўваюць крыніцы, але не ўпадае ў яго ніводная рака, таму вада ў ім крыштальна чыстая нават позняй восенню. Бярозы нізка схіляюцца над вадой.

"O, Litwo, Ojczyzna moja!", - пісаў паэт. У старажытнай сталіцы ВКЛ вандроўнікі наведалі касцёл, дзе быў ахрышчаны геній беларускай і польскай літаратуры. У Наваградку Адам Міцкевіч жыў з 1805 па 1812 год. Дом-музей паэта быў разбураны ў час Вялікай Айчыннай вайны, але адрэстаўраваны да 100-годдзя з дня смерці паэта ў 1955 годзе. Яго экспазіцыя вельмі змястоўная, калектыў музея беражліва захоўвае памяць пра Адама Міцкевіча.Тут можна ўбачыць партрэты родных паэта: яго маці,бацькі, братоў. Ва ўтульнай кухні на ніжнім паверсе, дзе захоўваюцца збаны, пахне мукой і пірагамі, малы Адась слухаў казкі старога суседа. У школе ён старанна вучыўся, ведаў 6 замежных моваў. У кабінеце бацькі знаходзіўся партрэт Касцюшкі, на старажытным дыване віселі шаблі.

У экспазіцыі можна ўбачыць партрэты сяброў па Віленскім універсітэце. Госці музея даведаліся больш пра сяброўства Міцкевіча з Пушкіным, Рылеевым, Бястужавым. Шмат увагі нададзена ў экспазіцыі эмігрантскай частцы жыцця паэта, яго падарожжам па Еўропе, працы ў Парыжы, Лазанне. Тут знаходзіцца яго пісьмовы стол, прывезены з Францыі, захоўваюцца партрэты яго жонкі Цэліны і шасцярых яго дзяцей.

Размясціўшыся ва ўтульнай зале музея, вандроўнікі разам са Змітром Занеўскім і Валерыяй Чарнаморцавай праспявалі песні на словы А. Міцкевіча і яго сяброў. Песні філаматаў і філарэтаў з арыгінальнымі мелодыямі ўдзельнікаў таемных таварыстваў былі знойдзены ў віленскіх архівах музыколагам Святланай Немагай. Іх калісьці запісала жонка Тамаша Зана. Паэт і бард Аляксей Жбанаў стварыў свае мелодыі на некаторыя з гэтых тэкстаў. Супольны спеў надаў энтузіазму ўсёй грамадзе.

"Прысягу сяброўскую помні,

Няхай кожны дзень і імгненне

Табе свецяць ярка, як промні

Словы:

Айчына, навука, сумленне!"

Увечары турысты падняліся на Замкавую гару, дзе захаваліся парэшткі вежаў старажытнага замка. З вышыні далёка бачныя ваколіцы, забудовы, дрэвы, стужка дарогі. Ля падножжа Замкавай гары знаходзіцца кляштар, дзе жылі сёстры назарэцянкі, якія ў час вайны аддалі сваё жыццё ў якасці ахвяры за мясцовых жыхароў, каб тыя пазбеглі расстрэлу.

Курган, прысвечаны Адаму Міцкевічу, быў насыпаны ў 1924-31 гадах. Разам з гарой яго вышыня - 305 метраў над узроўнем мора. У Наваградку турысты сустрэлі на зваротным шляху сучасны помнік каралю Літвы Міндоўгу. Далей на цёмнай трасе ўрачыста ззяў агнямі Мірскі замак.

Турысты засталіся вельмі задаволенымі праграмай вандроўкі, якую распрацавала турыстычная фірма "Колар Лэнд", падзякавалі гісторыку Івану Сацукевічу за тое, што змаглі паглыбіць свае веды пра філаматаў, філарэтаў і беларускую шляхту XVIII-XIX стагоддзя. Радуе, што ў нашай краіне ёсць такія дасведчаныя энтузіасты як Анатоль Еўмянькоў у Завоссі, Алесь Жамойцін у Кушлянах, якія захоўваюць памяць пра славутых суайчыннікаў і дзеляцца ведамі з людзьмі ўсіх пакаленняў.

Э. Дзвінская,На здымках аўтара: 1. Іван Сацукевіч і дырэктар сядзібы ў Завоссі Анатоль Іванавіч Еўмянькоў. 2. Група вандроўнікаў аглядае сядзібу ў Завоссі. 3. Турысты спяваюць песні філаматаў ля памятнага валуна.


"Залаты запас" беларускай медыцынскай лексікі

Беларуская лексікаграфія налічвае значную колькасць дыферэнцыяльных слоўнікаў, якія змяшчаюць дыялектную лексіку асобных абласцей ці раёнаў Беларусі. Тым не менш у беларускай дыялектнай лексікаграфіі да гэтага часу не было вузкапрофільных дыялектных слоўнікаў, якія змяшчалі б тэрміны і паняцці пэўнай галіны навукі, вытворчасці, сацыяльнай сферы.

Тэрміны, некалі вядомыя толькі ў пэўных мясцовасцях, сталі апошнім часам досыць шырока выкарыстоўвацца ў галіне медыцыны: спарон, гарачка, цягліца.

Некаторыя дыялектныя словы і сёння могуць папоўніць прафесійную лексіку, замяніўшы запазычаныя тэрміны ўласнабеларускімі адпаведнікамі. Так, слова вогнік (герпес) распаўсюджана ў паўночна-заходніх гаворках, гаворках цэнтральных раёнаў Беларусі. Шырокую геаграфію ў рэгіёнах Беларусі маюць словы жаўтачка (жаўтуха), пошасць (эпідэмія), разачка (гастрыт) і інш. Гэта дае падставу думаць, што шэраг дыялектных тэрмінаў можа арганічна ўліцца ў актыўную медыцынскую лексіку.

Менавіта з жадання паказаць "залаты запас" беларускай медыцынскай тэрміналогіі, які ўтрымлівае дыялектная лексіка, а таксама дапамагчы арыентавацца маладым спецыялістам у галіне медыцыны пры працы з насельніцтвам у розных мясцовасцях Беларусі і выйшаў у выдавецтве Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта "Дыялектны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў Беларусі" Віктара Варанца. Асноўны матэрыял для слоўніка сабраны шляхам дэталёвага аналізу як рэгіянальных дыялектных слоўнікаў, так і слоўнікаў, якія сваім лексічным матэрыялам ахопліваюць больш шырокія дыялектныя зоны Беларусі: паўночна-заходнюю, цэнтральную і сярэднебеларускія гаворкі інш.

Агульная картатэка слоўніка налічвае каля 500 картак-слоў. Слоўнік уключае толькі медыцынскі пласт лексікі: назвы хвароб, лекаў, лекавых траў, дзеянні і паняцці медыцыны. Таксама многія словы праілюстраваны адпаведнымі малюнкамі

Гэты слоўнік з'яўляецца першай спробай стварыць даведнік, у якім змяшчаюцца дыялектызмы медыцынскага характару ў іх сучасным выглядзе.

Віктар Варанец, старшы выкладчык кафедры рускай і беларускай моў УА "Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт".


"Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі"

Прэзентацыя першага тома выдання "Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі" прайшла ў магілёўскай бібліятэцы імя Янкі Купалы пры актыўнай падтрымцы гарадской суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны. Імпрэзу наведала шмат людзей, у першую чаргу гэта аматары і прыхільнікі творчасці паэтэсы, магілёўскія літаратары, настаўнікі, сябры Таварыства беларускай мовы. А прэзентавала кнігу яе ўкладальнік Тамара Аўсяннікава, аднакурсніца і блізкая сяброўка Яўгеніі Янішчыц.

Гэта выданне, якое пабачыла свет дзякуючы выдавецтву "Мастацкая літаратура" - першы грунтоўны збор твораў таленавітай беларускай паэтэсы і перакладчыцы, хоць яшчэ ў далёкім 1990 годзе была падпісана пастанова Савета Міністраў пра апублікаванне творчай спадчыны Яўгеніі Янішчыц.

Асноўную частку матэрыялаў для выдання сабралі і падрыхтавалі яго ўкладальнікі - дацэнт Інстытута мовы і літаратуры Святлана Калядка і магілёўскі літаратар і паэт Тамара Аўсяннікава. У першы том увайшлі вершы з першых пяці зборнікаў Яўгеніі Янішчыц, успаміны яе сваякоў і родных, сяброў і землякоў, аднакласнікаў і настаўнікаў ну і канешне калег-літаратараў. Адмыслова для гэтага выдання вельмі грунтоўна былі сабраны і апрацаваны біяграфічныя звесткі, як жыццёвыя, так і перыяду творчай дзейнасці паэткі.

Аўтары зборніка нават правялі самае сапраўднае і глыбокае даследаванне радаводу Янішчыц, бо паходжанне яе прозвішча - асобная і цікавая старонка біяграфіі Яўгеніі. Не самі па сабе размешчаны ў кнізе і вершы - кожны твор суправаджаецца каментаром-паясненнем, невялічкім разборам і аналізам. Увогуле, сам зборнік, які будзе ўключаць чатыры тамы, вельмі цікавае і незвычайнае выданне. Акрамя ўзгаданых і, трэба сказаць, не зусім тыповых для збору твораў матэрыялаў пра аўтара, наступныя выданні плануецца яшчэ дапоўніць мультымедыйнымі дыскамі з запісамі вершаў у выкананні самой Яўгеніі Янішчыц, альбомам песень на словы паэтэсы ў выкананні Таццяны Беланогай, фільмамі і відэаматэрыяламі пра жыццё і творчасць паэтэсы.

Само выданне зроблена надзвычай якасна і прыгожа, яно атрымалася вельмі прывабным па дызайне, мае крыху павялічаны фармат у параўнанні са звычайнай стандартнай кнігай, не кажучы ўжо пра паэтычныя прыжыццёвыя зборнікі вершаў. Нават колер вокладкі з выявай маленькай птушкі-ластаўкі і партрэтам Яўгеніі без усялякіх рамак нагадвае той вобраз "непрыручанай птушкі Палесся", які ёй далі за ўзнёсласць, незвычайнасць і недасяжную вышыню вершаванай думкі.

Першы том выдання "Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі" пакуль што можна набыць у менскіх кнігарнях ці замовіць праз інтэрнэт, але ў хуткім часе кніга з'явіцца і ў кнігарнях нашага горада.

Алесь Сабалеўскі, г. Магілёў.


Экспазіцыя, прысвечаная Святлане Алексіевіч у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы

У Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэйцы імя Янкі Купалы разгорнута выстава, прысвечаная нобелеўскаму лаўрэату па літаратуры 2015 г. Святлане Алексіевіч.

У чытальнай зале выстаўлены партрэт Святланы Алексіевіч сярод усіх нобелеўскіх лаўрэатаў, пачынаючы ад 1901 года. Выстаўлена Нобелеўская лекцыя лаўрэаткі з аўтографам, а таксама асадка пісьменніцы. Гэтыя каштоўныя экспанаты даставіў у Ліду сябар ТБМ Іосіф Бойса, той самы, які кожны месяц пералічвае ахвяраванні на дзейнасць ТБМ.

Выстаўлены таксама шэраг кніг Святланы Алексіевіч, у тым ліку новых, у асноўным расейскага выдання. У Расіі да Святланы Алексіевіч увагі значна больш, чым у Беларусі

Кнігі, вядома, на расейскай мове. Перакладаў на беларускую мову, пра якія яшчэ год назад дбала ТБМ, да гэтага часу няма. Разам з тым пытанне аб выкладанні твораў С. Алексіевіч у беларускіх школах менавіта на беларускай мове з павесткі дня не здымаецца.

Наш кар.


Глыбокая пашана да пісьменніка

1 лістапада ў Палацы Рэспублікі былі ўручаны ўрадавыя ўзнагароды заслужаным людзям Беларусі. Гэта дзеячы навукі і мастацтва, медыкі, будаўнікі. Іх уручыў 94 асобам прэм'ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў.

Медалём Францішка Скарыны за плённую літаратурную і грамадскую дзейнасць быў узнагароджаны пісьменнік, публіцыст-эколаг, старшыня Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза "Чарнобыль" Васіль Цімафеевіч Якавенка. Да ўзнагароджання пісьменнік быў прадстаўлены праз Міністэрства культуры, якое адзначыла яго шматгадовую плённую дзейнасць у галіне публіцыстыкі і літаратуры, высока ацаніла створаны ім раман-эпапею "Пакутны век".

Кнігі публіцыстыкі Васіля Якавенкі "Другой зямлі не будзе", "Крушэнне над ростанню", "Прывіды Шанхая над Свіслаччу", "Нячывелле" прысвечаны хвалюючым тэмам: экалогіі, ядзернай бяспецы, захаванню архітэктурнай спадчыны, абароне роднай мовы.

Па традыцыі медалём Ф. Скарыны ўзнагароджваюцца працаўнікі навукі, асветы і культуры за выдатныя прафесійныя дасягненні і значны ўнёсак ў памнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларускага народа.

Як распавёў пісьменнік, нарадзілася ідэя экранізаваць яго твор на кінастудыі "Беларусьфільм". Кінарэжысёра Вячаслава Нікіфарава захапілі яркія і каларытныя характары герояў рамана, і ён абмяркоўвае з калегамі магчымасць стварэння тэлесерыялу па кнізе В. Якавенкі, шукае спонсараў для ажыццяўлення гэтай ідэі.

5 траўня гэтага года Васіль Цімафеевіч адзначыў свой 80-гадовы юбілей літаратурнай вечарынай і выставай кніг у Нацыянальнай бібліятэцы. У бліжэйшым месяцы плануецца правесці чытацкую канферэнцыю па кнізе "Пакутны век" і сустрэчу з чытачамі ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча.

Э. Дзвінская.На здымках: 1. Васіль Якавенка сустракаецца з навучэнцамі гімназіі пасля ўзнагароджання. 2. Медаль Ф. Скарыны.


Паседжанне Рады ТБМ

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 27 лістапада ў сядзібе ТБМ. Пачатак рэгістрацыі 10:30, пачатак паседжання 11:30.

Парадак дня Рады ТБМ 27 лістапада 2016 года:

1. Інфармацыя аб удзеле ТБМ у парламенцкіх выбарах у 2016 годзе.

2. Абмеркаванне плана дзейнасці ТБМ на 2017 год.

3. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.

4. Аб падпісцы і далейшым лёсе газеты ТБМ "Наша слова".

5. Аб фінансавым становішчы ТБМ.

6. Рознае.

Чакаем вашыя прапановы да праекту плана дзейнасці на 2017 год.


"Лідскае піва" прадставіла яшчэ адну навінку - "Лідскае зімовае"

3 лістапада стартавалі продажы яшчэ адной навінкі ад "Лідскага піва". Адмыслова да навагодніх свят мясцовыя півавары выпусцілі "Лідскае зімовае".

Як апісваюць навінку самі вытворцы, гэта адмысловы гатунак цёмнага піва, у якім удала спалучаецца аксамітавы карамельны густ з лёгкімі нотамі ядлоўцу і тонкім водарам адмыслова падабранай кампазіцыі спецый - карыца, гваздзік, каляндра.

Рэкамендуецца ўжываць пры тэмпературы каля 14 О С (цяплей чым звычайна), каб букет духмяных навагодніх спецый раскрыўся ў поўнай меры.

Наш кар.


Уручэнне дыпламоў па нямецкай мове (DSD) у Віцебску

Навіны Германіі

27 кастрычніка 2016 г. Мерле Варнеке, аташэ па культуры Пасольства Германіі ў Менску, і Вернер Ліберкнехт, кансультант Цэнтральнага кіравання па справах нямецкай школьнай адукацыі за мяжой (ZfA), падчас урачыстага мерапрыемства ўручылі навучэнцам СШ № 34, СШ № 45 і гімназіі № 4 г. Віцебска дыпломы па нямецкай мове (DSD) I ступені.

Спадарыня Варнеке ў сваёй гаворцы падкрэсліла значэнне нямецкай мовы. Асабліва былі адзначаны старанне школьнікаў пры вывучэнні нямецкай мовы, а таксама нястомная праца настаўнікаў нямецкай мовы.

Сардэчна віншуем усіх дыпламантаў, жаданы ім задавальнення ў далейшым вывучэнні нямецкай мовы і ўсяго добрага ў будучыні!

Наш кар.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Сармант Надзея і Сяргей - 10 р., г. Менск

2. Грыбоўскі Васіль - 10 р., в. Чурылавічы, Менскі р-н

3. Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск

4. Касач Вера - 10 р., г. Менск

5. Саітава Валянціна - 10 р., г. Менск

6. Стрыжонак Ірына - 10 р, г. Менск

7. Лявончыкаў Васіль - 10 р., г. Менск

8. Вайцаховіч Н. Ю. - 8 р., г. Менск

9. Паліцэвіч А. Э. - 10 р., г. Менск

10. Балукова Н. І. - 10 р., г. Менск

11. Раманава Ж.А. - 10 р., г. Менск

12. Чайкоўскі Павел - 12 р., г. Менск

13. Анісім Алена - 65 р., г. Менск

14. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

15. Маркевіч Вера - 10 р., г. Барысаў

16. Рабека Мікола - 15 р., г. Менск

17. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск

18. Лягушаў Алег - 20 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

19. Плакса Уладзімір - 5 р., г. Менск

20. Мануленка Уладзімір - 10 р., г. Менск

21. Чыгір Я. А. - 15 р., г. Гродна

22. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск

23. Несцераў Віктар - 20 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Несуцяшальны роздум над V Усебеларускім народным сходам

Час няўмольна аддаляе нас ад тых дзён, калі ў Менску праходзіў V Усебеларускі народны сход. Праводзілі ж яго 22-23 чэрвеня, г. зн. чатыры месяцы таму. Аднак у афіцыйных СМІ працягваюць з гонарам, на высокіх нотах узгадваць пра той чэрвенскі форум. Паведамлялася, што некаторыя з яго арганізатараў адтрымалі і падзяку ад ураду. А што ж на самай справе ўяўляў сабой той з'езд? Няўжо гэта сапраўды знакавая падзея ў айчынай гісторыі? Пра ўсё гэта і пойдзе гаворка ў нашым артыкуле.

Пра рознага роду з'явы, падзеі ў жыцці краіны пішуць не толькі па гарачых слядах, але калі міне пэўны час, улягуцца, аслабеюць жарсці. У апошнім выпадку, як правіла, погляды вызначаюцца большай абгрунтаванасцю, аб'ектыўнасцю. Вось чаму і мы палічылі за лепшае паразважаць пра V Усебеларускі народны сход не па гарачых слядах, а значна пазней. Упэўнены, што адмысловай гаворкі гэтае мерапрыемства заслугоўвае, бо дазваляе лепш зразумець стаўленне ўладаў да многіх праблем, у тым ліку і самай надзённай на сёння - моўна-культурнай, дзе страт процьма, а набыткаў зусім няма.

Паводле ўсіх параметраў гэты сход быў блізнюком усім папярэднім яму такога роду форумам. Пра тое, што ўчора і сёння ўяўляе сабой найстрашнейшую бяду для беларускай нацыі дэлегаты не пачулі ні слова ні ад Прэзідэнта краіны, ні ад каго-небудзь з выступоўцаў як высокага службовага рангу, так і шараговых. А што трэба разумець пад гэтай найстрашнейшай бядой, мяркуем, яны выдатна сабе ўяўлялі. Як і ў першыя гады існавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай, так і сёння ўся палітычная раць зацыклілася на праблеме стварэння дзяржавы сацыяльнай накіраванасці. Тое, на што ў нас ужо пайшло больш за дваццаць гадоў і застаецца ўсё яшчэ нявырашаным, у многіх заходніх краінах Еўропы ўдалося рэалізаваць за пяцьдзесяць гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Час зразумець: пакуль наша краіна будзе карумпаваная, асабліва ў сваіх самых высокіх уладных структурах, пакуль у ёй будзе самая высокая ў свеце ўдзельная вага дзяржаўных чыноўнікаў, супрацоўнікаў спецслужбаў ў агульнай колькасці насельніцтва, пакуль вялізныя сумы бюджэтных сродкаў будуць выдаткоўвацца на задавальненне не ў меру прагных да роскашы занятых ва ўладных структурах людзей, Рэспубліцы Беларусь не быць дзяржавай сацыяльнай накіраванасці.

Але вернемся да згаданай намі вышэй найстрашнейшай бяды, якую не пажадалі ўжо ў пяты раз паставіць на парадак дня Усебеларускага народнага сходу. Гэтай бядой ёсць свядома здзейсненае прэзідэнцкай вертыкаллю амаль татальнае вытурэнне беларусаў са сваёй прыроднай нацыянальна-культурнай, моўнай нівы. Не баімся памыліцца ў сваіх падліках: на ёй на рускае прыпадае не менш як 90 працэнтаў, а на беларускае - жабрацкія 10 працэнтаў. У такіх экстрэмальных умовах нельга захаваць беларускі народ ад этнічнага вымірання. Гэты перакос на карысць рускага пачатку не з'яўляецца вынікам натуральнага нацыянальнага развіцця, як любяць сцвярджаць афіцыйныя ідэолагі. Наадварот, у аснове яго ляжыць глыбока, усебакова прадуманая жорсткая дзяржаўная палітыка русіфікацыі беларусаў. Незвычайную агрэсіўнасць набыла яна пасля правядзення ў траўні 1995 года рэферэндуму, згодна з якім рускую мову юрыдычна ўраўнялі з беларускай, а ў лістападзе наступнага года зноў праз рэферэндум рускай мове надалі статус другой дзяржаўнай.

На практыцы вынікаў ні першага, ні другога рэферэндумаў улады не прытрымліваліся. Яны рабілі ўсё - і ім, як на ліха, такое ўдавалася - каб толькі руская мова абслугоўвала палітычную, эканамічную сферы, адміністрацыйна-гаспадарчыя службы, сілавыя міністэрствы, навуку, адукацыю і ў значнай ступені самую культуру. На працягу апошніх больш як 20 гадоў беларуская мова і дня не знаходзілася ў статусе фактычна дзяржаўнай! За гэты час ніхто з пяцёркі самага высокага рангу палітыкаў не зрабіў на беларускай мове аніводнага выступлення! Па сутнасці ўсё палітычнае кіраўніцтва краіны з дня ў дзень груба парушала і сёння парушае канстытуцыйнае палажэнне аб абавязковым выкарыстанні беларускай мовы ў сваёй практычнай дзейнасці. Лічым, што гэта з'яўляецца адным з самых сур'ёзных палітычных злачынстваў. І гэта з боку тых, хто надзелены ўладай, хто ў адказе за этнічнае здароўе нацыі!

На вялікі жаль, знявага ўладамі дзяржаўнай беларускай мовы не выклікала раней, не выклікае і сёння належнага супраціву з боку рахманага, палахлівага, памяркоўнага, талерантнага беларускага народа, што вельмі цешыла і цешыць нашае да самых глыбокіх карэнняў зрусіфікаванае палітычнае кіраўніцтва. Супраць яго антынацыянальнай культурна-моўнай палітыкі выступаюць толькі адзінкі незасіміляваных, стойкіх,шчырых беларускіх патрыётаў. Іх высілкаў не хапіла, каб выратаваць краіну ад унутранай і знадворнай рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Нацыянальна зняважаная чынавенствам суверэнная Рэспубліка Беларусь практычна згубіла сваё этнакультурнае аблічча, не вызначаецца адметнасцю ад расійскіх рэгіёнаў. Улады ўсяляк стараюцца не выносіць на публічнае абмеркаванне гэтае архі-далікатнае пытанне. Затое не раз адкрыта заяўлялі пра адсутнасць якіх-небудзь істотных культурна-моўных адрозненняў паміж Расіяй, паміж беларусамі і рускімі, а мову рускую на ўвесь голас прызнаюць роднай для беларусаў. Словам, не марна працавалі і працуюць сваёй гадоўлі русіфікатары.

Сваёй заганнай нацыянальнай палітыкай улады, можна смела сцвярджаць, прывялі беларускую мову на ГАЛГОФУ. Галоўнае, адметнае, самабытнае багацце дзяржаўнага народа Рэспублікі Беларусь раскрыжавана. Таму нават такі прэстыжны людскі форум, як V Усебеларускі народны сход, не палічыў патрэбным карыстацца першай дзяржаўнай мовай, якая адначасна ёсць тытульнай мовай карэннага народа беларускай зямлі. Ну ці ж не з'яўляецца гэта грубым адступленнем ад нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая абавязвае ў роўнай ступені выкарыстоўваць, у тым ліку і ў палітычнай сферы, родную для беларусаў беларускую і суседнюю рускую мовы? Усе пяць Усебеларускіх народных сходаў абслугоўваліся толькі рускай мовай. Жах! Які гэта вялікі здзек з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь! І з боку каго? Палітычнага кіраўніцтва краіны разам, як публічна заяўлялася, з найлепшымі прадстаўнікамі беларускага народа, што ўжо пяць разоў збіраліся на такога роду форумы.

Пры ўсім старанні і жаданні нам не ўдалося праслухаць усе выступленні на сходзе, каб мець поўнае, беспамылковае ўяўленне пра сказанае на ім па праблеме культуры і мовы. Чулі фрагмент выступлення міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова (магчыма гэта сказанае ім у кулуарах сходу падчас інтэрвію). Фрагмент той прагучаў па-руску, што нас ніколькі не здзівіла, а толькі лішні раз пераканала ў тым, што русіфікацыя культурна-моўнай сферы носіць дзяржаўны характар і будзе далей заставацца такім. Дарэчы, на пачатку сёлетняга года гэты міністр разам з дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з камісіі па культуры ў сваім прысвечаным Году культуры інтэрвію карысталіся выключна толькі рускай мовай, з чаго лагічна вынікае, што і сам то гэты Год культуры прысвячаецца больш рускай, чым беларускай культуры.

З атрыманай з газет інфармацыі нам удалося ўстанавіць, што беларускай мовай карыстаўся Мітрапаліт Менска-Магілёўскай епархіі рымска-каталіцкай царквы Тадэвуш Кандрусевіч; пісьменнік, першы намеснік старшыні савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерый Казакоў; генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў; галоўны рэдактар газеты "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч; вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Віктар Манаеў. Вось толькі сапраўднай сур'ёзнай крытыкі ў адрас дзяржавы за яе недастатковую ўвагу нацыянальнаму фактару духоўнай сферы не ўдалося пачуць ад іх. Прычына зразумелая: не хапае дэмакратычнасці ў існай палітычнай сістэмы. З пералічаных выступоўцаў нам больш за ўсё імпануе Віктар Манаеў. Яго, мяркуем, як і ўсіх, хто ведае цану нацыянальнага ў культуры, вельмі хвалюе, што многія мясцовыя кіраўнікі, спонсары пры арганізацыі канцэртаў у рэгіёнах аддаюць перавагу не сваім прызнаным у Беларусі калектывам, а расійскім папсовым "зоркам". Нельга не пагадзіцца і з такім меркаваннем гэтага прызнанага ў нас аўтарытэту ў сферы культуры: "Папулярызацыя свайго нацыянальнага мастацтва (падкрэслена аўтарамі) павінна стаць прыярытэтам у дзейнасці дзяржаўных арганізацый культуры. Нашай грамадскасці трэба выхоўваць у дзяцей і моладзі мастацкі густ, прывіваць любоў да роднай мовы, культуры, каб з іх атрымаліся сапраўдныя грамадзяне незалежнай Беларусі" (Звязда, 24.06.16 г.).

Ніколькі не сумняваемся ў тым, калі дзяржава і надалей будзе ўсяляк стрымліваць увядзенне беларускай мовы ў афіцыйнае жыццё, народ не толькі не будзе валодаць, карыстацца ёю, але нават не захоча і чуць яе, прычым і з вуснаў артыстаў драматычных тэатраў, эстрадных і оперных спевакоў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Калі ж ім давядзецца выступаць з канцэртамі, дык будзе небяспечна без выкарыстання ўзмоцненай аховы міліцыі. Гэтымі словамі мы не збіраемся пужаць палітыкаў, але ім трэба ведаць, што ўжо і сёння беларускі моўны нігілізм уяўляе сабой страшэнную рэальную пагрозу не толькі для захавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, але і суверэнітэту краіны. На ўсёй постсавецкай прасторы пазіцыі "русского мира" нідзе не вызначаюцца такой трываласцю, як у Рэспубліцы Беларусь, зразумела, не падмацоўваючы, а, наадварот, падрываючы яе дзяржаўныя асновы. Толькі негатыўна ўплывае гэта і на яе імідж у цывілізаваным свеце. У яго ў пашане краіны з самабытным, арыгінальным этнакультурным жыццём, а не тыя, што не ў меру спажываюць чужыя духоўныя каштоўнасці, анямелі ў роднай мове. У гісторыі Еўропы не знайсці народа, акрамя беларукага, мову якога сама дзяржава не пускала ў афіцыйную сферу.

Непараўнальна больш прынцыповага, канструктыўнага мы спадзяваліся знайсці ў выступе вельмі паважанага намі Ул. Пракапцова. Як ужо даўно стала традыцыяй для нашага грамадства, ён як дзяржаўная асоба, не закранаў нацыянальнага аспекту культуры (у нас такое не модна ў афіцыйнай абстаноўцы), але справядліва назваў яе будучыняй "нашай краіны, нашай Бацькаўшчыны". На справе ж нашая сучасная культура з яе таўшчэразным напластаваннем усяго рускага пакідае Беларусь без будучыні, пераўтварае яе ў нацыянальным плане ў бясплодную пустыню.

Нельга не пагадзіцца са сказаным на сходзе дырэктарам Палаца культуры горада Маладзечна, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланай Сарокай: "Нация без культуры не может быть богатой", толькі трэба было б удакладніць: "... без нацыянальнай культуры...", бо калі культура ёсць, але ў ёй чужое пануе над уласным (а ў нас менавіта так), нацыя ўсё ж не будзе багатай, здэфармуецца ўшчэнт. Паведаміла яна дэлегатам сходу і пра працу дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ураду краіны над Кодэксам культуры, але не сказала пра месца нацыянальна-беларускага ў ім. Бо калі ў гэтым, несумненна, вельмі патрэбным дакуменце захаваць у нашай краіне статус-кво ў суадносінах паміж беларускай і рускай культурамі, справа не зрушыцца ў лепшы бок для нацыянальнага інтарэсу народа. Не ў меру спажываючы чужыя духоўныя каштоўнасці, што ў нас спрэс назіраецца, ён немінуча страціць сваю такую кволую на сёння этнічную ідэнтычнасць.

Не выракся роднай беларускай мовы, хоць ужо і даўно жыве за межамі Бацькаўшчыны ў Расіі, таленавіты пісьменнік Валерый Казакоў. Як шчыры патрыёт ён на сходзе выступаў на любімай, бясконца дарагой для яго матчынай мове. Думаем, што такі прыгожы патрыятычны вычын маскоўскага беларуса не мог не закрануць нават і каго-небудзь з дашчэнту зрусіфікаваных дэлегатаў сходу. Сам жа В. Казакоў, як пісалася ў газеце "Союз Евразия" ад 28 чэрвеня, бясконца радаваўся, калі чуў беларускамоўныя выступы іншых дэлегатаў, асабліва гамельчанкі, якая ў адрозненне ад абсалютнай бальшыні прысутных у зале, гаварыла і пра ролю культуры. Цалкам падзяляем такія словы В. Казакова: "Без культуры (мяркуем, што ён меў на ўвазе нацыянальна-беларускую) ничего не нужно: ни сельское хозяйство, ни "БелАЗы" … Потому что самую лучшую технику можно отдать дураку, которого разумным может сделать именно культура". А ў нас жа нават у Год беларускай культуры, мы нічога слушнага, прынцыпова важнага пакуль што не пачулі ад самага высокага рангу палітыкаў, вядомых інтэлектуалаў пра яе нацыянальны сегмент. А калі яны штосьці і мовяць пра культуру, дык толькі ўвогуле, у якой у нас (яшчэ раз паўторым) у дзясяткі разоў больш чужога рускага, чым уласнага беларускага. Да бесканкурэнтнага панавання ў культурнай сферы краіны знадворнага над унутраным прызвычаіліся нават многія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Вось як далёка зайшлі мы ў культурна-моўнай асіміляцыі!

Тым з дэлегатаў сходу, хто не выракся нацыянальных культурнамоўных каштоўнасцяў, напэўна ж, прыемна было пачуць сказанае першым намеснікам старшыні федэральнай нацынальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі", старшынём Думы горада Сургута Сяргеем Бандарэнкам: "…наша арганізацыя "Беларусы Расіі" была створана для захавання традыцый і звычаяў беларусаў, беларускай мовы (г.зн. таго, што ў бацькоўскім доме ў поўным заняпадзе, - аўтары) … Мы … захоўваем абрады, і культуру (зразумела, беларускую, - аўтары), бо лічым гэта нашай не толькі задачай, але і прызначэннем"("Звязда", 23.06.2016, с.5). Калі ж і мы, беларусы метраполіі, з такой павагай будзем ставіцца да сваёй нацыянальнай культуры і мовы?!

Яшчэ колькі слоў пра прыемнае, якога так мала было на сходзе. На вялікае дзіва, таго, чаго не сказалі свецкія афіцыйныя асобы, інтэлектуалы, тое дэлегаты сходу пачулі з вуснаў протаіерэя, настаяцеля Усіхсвяцкага прыходу Менска Фёдара Поўнага. А мовіў жа ён пра неабходнасць напружання "сіл дзеля стварэння дзяржавы і нацыі. Па сутнасці, - заяўляў протаіерэй, - мы цяпер знаходзімся на пачатку шляху фарміравання нацыі. Мы як нацыя набываем свае адметныя рысы …" І на самай справе: як мы можам Беларусь называць дзяржавай, а яе народ нацыяй, калі іх жыццё будуецца пераважна на чужых культурна-моўных каштоўнасцях, калі нават сам Усебеларускі народны сход абслугоўваецца не мовай тытульнага народа, а мовай суседняга яму этнасу і да таго ж яшчэ здзекліва абвешчанай уладамі роднай для беларусаў? Дапусціць, каб так ганебна ўлады ставіліся да роднай мовы не можа аніводная паўнавартасная нацыя. Беларусы дапусцілі, значыцца, не дацягваюць да такой нацыі.

А вось з астатнімі думкамі вельмі паважанай высокай духоўнай асобы можна і паспрачацца. Ні на якім пачатку шляху фармавання нацыі беларусы не знаходзяцца. З дня на дзень яны аддаляюцца ад такога нацыятворчага працэсу, бо дзяржава іх усё больш і больш зрусіфікоўвае, упарта не пускаючы ў афіцыйнае жыццё беларускай мовы. І самае страшнае, што ёй не даюць месца ў дашкольнай, школьнай сістэмах выхавання і навучання, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школе. Тут масава рыхтуюцца новыя пакаленні рускамоўнай інтэлігенцыі, амаль зусім няздольныя быць носьбітамі беларускага нацыянальнага духу.

Не адпавядаюць рэчаіснасці словы протаіерэя, што беларуская нацыя набывае свае адметныя рысы, бо іх яна непамерна больш губляе, чым набывае, ператвараючыся ў такую безэтнічную масу, якая толькі і патрэбна "русскому миру". Але ўжо сам факт, што протаіерэй стагоддзямі адарванай ад нацыянальна-культурных, моўных традыцый беларускага народа праваслаўнай царквы з такой павагай, з такімі клопатамі гаварыў пра іх, выклікае да сябе самыя добрыя пачуцці, параджае надзею, а вось можа неўзабаве Беларускую праваслаўную царкву ўзначаліць мітрапаліт такіх прагрэсіўных нацыяльных поглядаў. Не ўвесь жа час кіраваць ёю прысланым немаведама адкуль людзям небеларускага паходжання, з чужымі для беларускай зямлі культурай і мовай. Павярнуўся ж, прычым крута, каталіцкі касцёл да беларускай нацыянальнай ідэі. Каб і праваслаўная царква стала на такі нацыястваральны шлях, тады, напэўна, беларусам куды лягчэй было б набываць нацыянальныя рысы. Упэўненыя, што тады і дзяржава, калі б не цалкам адмовілася ад далейшага працягу сваёй русіфікатарскай палітыкі, дык мо хоць не з такой зацятасцю ажыццяўляла б яе.

Ведаем, што нялёгка адбыцца такому пры страшэнным дэфіцыце сапраўдных нацыянальных лідараў сярод палітыкаў, асабліва высокага рангу. Шараговыя ж функцыянеры не ў стане ўзняць народ на самаадданае змаганне за этнічнае выжыванне. Будучыя здаровай нацыянальнай свядомасці пакаленні беларусаў не пахваляць нас, што ў асяроддзі 2500 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу не знайшлося аніводнай смелай асобы, якая не збаялася б ушчэнт разнесці неадпаведную карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны дзяржаўную культурна-моўную палітыку, паказаўшы, што апошняя вядзе не толькі да поўнага размывання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, але і да страты палітычнага суверэнітэту краіны. А некалі ж былі у нас палітыкі-патрыёты, гатовыя прыняць нават смерць, каб толькі родны край не стаў жаданай здабычай для чужой дзяржавы. Згадаем тут пра гераічны вычын пасла ад Наваградскага ваяводства Тадэвуша Рэйтана, які мужна супраціўляўся спробам вальнага Сойма Рэчы Паспалітай зацвердзіць здрадніцкі акт аб першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 г.). Дамагчыся такога паслу-патрыёту не ўдалося. Тады ён, каб перашкодзіць паслам пакінуць залу паседжанняў, лёг крыжам ля дзвярэй і на ўвесь голас закрычаў: "Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!" А меў жа ён тады трохі больш за 30 гадоў! А колькі сапраўдных беларускіх нацыянальных герояў, прычым высокаадукаваных для свайго часу, улілося і самаахвярна змагалася ў 1863-1864 гадах у шэрагах нацыянальна-вызвольнага паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім! Сёння нам вельмі патрэбны такія героі-патрыёты, без якіх нельга разлічваць на поспех нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа, захаванне дзяржаўнага суверэнітэту яго Бацькаўшчыны.

Як і падчас усіх папярэдніх Усебеларускіх народных сходаў, і на гэты раз пытаннем нумар адзін заставалася сацыяльна-эканамічнае становішча краіны, хаця ім займаюцца дзесяткі міністэрстваў і ведамстваў, сотні рознага роду гаспадарча-вытворчых падраздзяленняў. Іх кіраўнікам хацелася б парэкамендаваць галоўную прычыну нашага незайздроснага сацыяльна-эканамічнага становішча, неўтаймаванай карупцыі шукаць найперш у сур'ёзных непаладках, поўнай дэзарганізацыі этнакультурнага жыцця дзяржаўнага народа краіны, у яго да апошніх падвалінаў здэфармаванай нацыянальнай свядомасці. Усякі этнічна зацюканы народ, дый яшчэ ўласнай дзяржавай, не можа быць актыўным у любой сферы грамадскай дзейнасці чалавека, у тым ліку і ў сацыяльна-экамічнай. Хворыя на нацыянальны нігілізм людзі абыякавыя да ўсяго. Іх у аднолькавай ступені не цікавяць ні нацыянальная культура і мова, ні прыгажосць роднай прыроды, ні стан эканомікі краіны, яе экалогіяі г.д. З хворай нацыянальнай свядомасцю чалавек без усялякага роздуму ідзе на здзяйсненне любога злачынства, бо ён не жыве інтарэсамі свайго народа. Усяго гэтага ніколі не дазволіць сабе чалавек, прасякнуты карэннымі нацыянальнымі інтарэсамі сваёй Бацькаўшчыны. Калі б нацыянальна-свядомыя беларусы пераважалі ў нашым грамадстве, што магчыма толькі пры кардынальным змяненні дзяржаўнай культурна-моўнай палітыкі, у краіне была б да мінімуму зведзена карупцыя, у тым ліку і ў высокіх уладных структурах, сталі б крайне рэдкімі выпадкі забойства (што не абмінула і родную сястру сусветна вядомага беларускага пісменніка Васіля Быкава), гвалту, абрабаванняў, разводаў, алкагалізму і іншых негатыўных з'яў, што адмоўна адбіваюцца і на сацыяльна-эканамічным развіцці народа.

З улікам усяго агіднага, пачварнага, што адбылося і сёння адбываецца ў нацыянальным культурна-моўным жыцці дзяржаўнага народа дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу неабходна было б у першую чаргу грунтоўна заняцца лёсавызначальнай праблемай нумар адзін - этнакультурнай. У нашыя дні страшэннай нацыянальнай дэградацыі беларусаў з-за іх найчасцей вымушанага сыходу са сваёй культурна-моўнай нівы на чужую не бачаць толькі абсалютна сляпыя людзі. А гэта трэба бачыць, асабліва палітыкам, і рэагаваць. Беларусы не па сваёй волі сёння ўжо не ўяўляюць сабой самабытную арыгінальную нацыю, паколькі жывуць пераважна не сваімі, а рускімі культурна-моўнымі каштоўнасцямі, нават робяць істотны ўнёсак у іх стварэнне, папулярызацыю на беларускай зямлі, атрымліваючы за гэта не толькі зарплату, але і ўрадавыя ўзнагароды. У дзяржаўным сектары эстрады ёсць асобы,якія і за 20-30 гадоў сцэнічнай дзейнасці не выканалі аніводнай беларускамоўнай песні і з гонарам ставяць сабе гэта ў вялікую заслугу.

Спадзявацца, што ў такой экстрэмальнай сітуацыі сам народ выкараскаецца з глыбокай асіміляцыйнай ямы, ніяк не даводзіцца. Тут тэрмінова патрэбная адпаведная нацыянальна-культурная, моўная палітыка дзяржавы, калі яна не на словах, а на справе жадае быць суверэннай, мець этнічна самастойны народ, а не адрынуты ад роднай мовы натоўп. Калі ў палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь ёсць хоць кропля такога жадання, яно павінна не заўтра, а ўжо сёння правесці Нечарговы VI Усебеларускі народны сход і абмеркаваць на ім найгалоўную агульнацыянальную праблему дня, даўшы ёй прыкладна такую фармулёўку: "Выратаванне беларускага народа ад страты этнакультурнай самабытнасці як галоўнага фактару захавання нацыянальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь".

Леанід Лыч, прафесар, Мікола Савіцкі, прафесар, кастрычнік 2016 г.

P.S. Пажадана тэрмінова выдаць стэнаграму V Усебеларускага народнага сходу, захаваўшы мову выступу дэлегатаў з тым, каб людзі ведалі, хто ёсць хто.


Сябры Баранавіцкай арганізацыі ТБМ у трэці раз арганізавалі і правялі чытанні, прысвечаныя І Сусветнай вайне

Навукоўцы, гісторыкі і краязнаўцы сабраліся 29 кастрычніка на сядзібе ТБМ ў Русінах. Адкрыў мерапрыемства Міхась Бернат, навуковы супрацоўнік, першы дырэктар і стваральнік краязнаўчага музея ў Русінах Баранавіцкага раёна.

Ён акрэсліў мэты нашай канферэнцыі. Баранавічы былі вельмі важным стратэгічным горадам падчас вайны. Тут праходзіла лінія фронту, тут была стаўка расейскага цара, тут адбываліся значныя лёсавызначальныя баі. Нажаль для нашых землякоў, тагачасных жыхароў Беларусі як часткі Расейскай імперыі, вайна прынесла адно толькі гора. Міхась Язэпавіч падкрэсліў трагедыю бежанства, што насамрэч было прымусовай департацыяй. Ніхто не клапаціўся, як гэта будзе адбывацца, як людзям давядзецца абжывацца на новых месцах. Сялян папросту вывезлі ў глыб Расейскай імперыі і кінулі на вырак лёсу. Тыя адзінкі, якія наважыліся вярнуцца на радзіму пасля вайны, таксама апынуліся са сваім горам сам-насам. Гэтая цяжкая старонка ў нашай гісторыі чакае грунтоўнага даследавання.

Дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Баранавіцкага універсітэту, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Літвінскі свой выступ прысвяціў значэнню І Сусветнай для беларускай гісторыі. Трэба прызнаць, што гэтая вайна не была справядлівай, не была абумоўлена колькі-небудзь зразумелымі прычынамі. Гэта была трагедыя нашага народа, які выпадкова апынуўся ў складзе Расейскай імперыі.

Пра тое, што гэта было злачынства супраць чалавечнасці добра паказаў баранавіцкі краязнавец Аляксандр Слабодзін. Ён распавёў пра газавыя атакі на ўчастках фронту Баранавіцкага раёна. Менавіта ў І Сусветную з'явіліся агнямёты, атрутныя газы. Расейскае войска было цалкам не гатовае да вайсковых аперацыяў з прымяненнем атрутных газаў, афіцэры збольшага былі забеспечаны газаахоўнікамі, а вось жаўнерам даводзілася карыстацца палатнянымі павязкамі. Атрутнае воблака распаўсюджвалася на дыстанцыю да 20 км, і мясцовае насельніцтва таксама заставалася не абароненае. Можна сказаць упершыню была прыменена зброя масавага знішчэння, што змяніла характар вайны аднойчы і назаўсёды. Яшчэ здараліся прыклады міласэрнасці і рыцарскіх паводзін з ваеннапалоннымі і мясцовым насельніцтвам, але павялічэнне дыстанцыі паміж варожымі войскамі заклала пачатак бязлітаснага супрацьстаяння, якое яскрава праявілася падчас ІІ Сусветнай вайны.

Настаўнік гісторыі і пісьменніца Ірына Дубейка на першых чытаннях у Баранавічах прэзентавала сваю кнігу "Забытая вайна", прысвечаную падзеям І Сусветнай на тэрыторыі Баранавіцкага раёна. Сёлета яе выступ быў дапоўнены новымі фактамі і дзейнымі асобамі. Але ж напачатку Ірына нагадала, якую страшную цану заплаціла Беларусь за ўдзел у вайне: у адной толькі Баранавіцкай аперацыі пад Скробава загінула 80 тыс жаўнераў. Дагэтуль не вядома дакладная лічба агульных стратаў з нашага боку мірнага насельніцтва, параненых і ваеннапалоных, якая прыблізна ацэньваецца пад 2,5 млн чалавек. Вайна закранула 62 % насельніцтва нашай планеты на той момант.

Супрацоўнік Баранавіцкага краязнаўчага музея Ірына Саўко распавяла пра артэфакты і дакументы, якія захоўваюцца ў музеі. Якраз гэтымі днямі працуе выстава, прысвечаная падзеям той вайны, туды варта завітаць усім цікаўным.

Найбольшую цікавасць займеў выступ Берасцейскіх аматараў гісторыі, сяброў клуба гістарычнай рэканструкцыі. Андрэй Верабей, дырэктар дабрачыннага фонду "Фартэфікацыя Брэста", паказаў прыклады вайсковага абмундзіравання і амуніцыі часоў І Сусветнай, якія яны прывезлі з сабой. Нават па шаломах можна бачыць непадрытаванасць расейскага войска да вайны, бо нямецкі жаўнер ужо тады меў металёвы шалом, форма якога практычна не змянілася і выкарыстоўваецца зараз, а расейцы былі апранутыя ў фуражкі.

Гісторык Аляксандр Стральцоў-Карвацкі распаёў пра тое, як гісторыя польскіх легіёнаў звязана з Баранавічамі. Гэты легіён з баямі прайшоў праз Берасцейшыну, воляй лёсу затрымаўся ў Баранавічах да абвяшчэння незалежнасці Польшы. У нашым горадзе адбылося ўрачыстае абвяшчэнне акту 5 лістапада 1916 г. Яшчэ стаіць апошні драўляны барак у вайсковым гарадку, які памятае гэтыя падзеі.

Баранавіцкі паэт Алесь Белы ўзгадаў, як адбілася вайна на лёсах літаратараў Максіма Гарэцкага, Мікалая Гумілёва і іншых.

Сябра геаграфічнага таварыства Раіса Аўчыннікава падзялілася гісторыяй сваёй сям'і, па якой таксама прайшлася вайна.

І Сусветная вайна была імперыялістычнай, нясправядлівай і страшнай. Але нашыя землякі, якія вынеслі на сваіх рамёнах яе цяжар, заслугоўваюць павагі і ўшанавання іхняй памяці. Сябры Баранавіцкага таварыства ствараюць мапу пахаванняў І Сусветнай, апекуюцца гэтымі могілкамі. Гісторыя не маўчыць з тымі, хто ўмее слухаць, і сувора карае за невывучаныя ўрокі.

Анэля Камбалава, г. Баранавічы


500-годнасць з "Прайдзісветам"

1 лістапада ў рамках праграмы "500-годнасць", якую прапводзіць кампанія "Будзьма беларусамі", і якая прымеркавана да 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання, Лідчыну наведалі прадстаўнікі рэдакцыі інтэрнет-часопіса "Прайдзісвет" Ганна Янкута і Ігар Крэбс.

Першая сустрэча адбылася ў Ганчарскай СШ Лідскага раёна. Расповед пра часопіс "Прайдзісвет", пра перакладную літаратуру, прадстаўленне часопіса "Гарбузік" выклікалі жывую зацікаўленасць дзяцей і настаўнікаў. Не меншую цікавасць выклікалі і конкурсы на веданне імёнаў беларускіх пісьменнікаў і рэдкіх беларускіх словаў, тым больш, што дзеці атрымоўвалі за правільныя адказы прызы ад кампаніі "Будзьма...". Фішкай стала прастаўленне на паштоўках і кнігах аўтографа самога Артура Конан Дойля.

Другая сустрэча ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы была больш акцэнтавана на нумарах часопіса "Прайдзісвет" і на кнігах замежных аўтараў, якія калектыў перакладчыкаў рэдакцыі часопіса выдаў у электронным і папяровым выглядзе. Гэта дзве кнігі пра Шэрлака Холмса і іншыя. Зусім новая кніга, ужо дзявятае папяровае выданне з серыі "PostScriptum", уключае творы "Замак Отранта" Хораса Уолпала (пераклала Ганна Янкута) і "Франкенштайн, ці Сучасны Праметэй" Мэры Шэлі (пераклала Марына Дзергачова). Вокладку для кнігі намалявала мастачка Кацярына Дубовік, а прадмову напісала літаратуразнаўца, выкладчыца ангельскай і амерыканскай літаратуры Ганна Бутырчык.

Не паспела выйсці з друку да сустрэчы, але выйшла непасрэдна пасля яе кніга Тадэвуша Даленгі Мастовіча "Знахар", пра якую таксама гаварылася на імпрэзе, тым больш, што некалі ў Лідскай гімназіі выкладала латынь сястра пісьменніка Ядвіга.

Удзельнікі сустрэчы ў бібліятэцы былі ўражаны эрудыцыяй і лёгкасцю вядзення гутаркі з боку гасцей, навізной і свежасцю вобразаў, веданнем навінак сусветнай літаратуры.

Яраслаў Грынкевіч.


Аднаўляецца дзейнасць гістарычнай школы Алега Трусава.

Адзін раз на месяц у межах сустрэч клуба "ПраМова" (які збіраецца што сераду з 18:45 у офісе ТБМ па вул. Румянцава, 13) будзе ладзіцца паказ фільмаў на гістарычную тэматыку. Першая такая сустрэча адбудзецца 9 лістапада з 18:45 у офісе ТБМ. Уваход вольны.



Лідскія літаратурна - музычныя зазімкі Лідскія літаратурна-музычныя зазімкі адбудуцца 23 лістапада ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы

Пачатак у 15.00. Асноўная тэма: "Творчсць Максіма Багдановіча". Прымаюцца заяўкі на ўдзел.


Сонца над песняю М. Багдановіча

Б і л а Р у с ь, блакітнае ў зялёным,

Беларусь, каронныя дубы.

Мо й таму ў напрузе тут страмёны,

Звяга шабляў пад зазыў трубы?

Ворагі нацэльваліся ў грудзі -

З кайданамі, крыжам і ярмом…

Беларусь - сасоністыя людзі,

Беларусь - з крутых аблокаў гром.

Не гарбей, скрышы нашэсця крыгу,

Орды варажнечы разгані!..

Вунь Скарына зрукатворыў кнігу

Вольнасці, любові, дабрыні.

Над вякамі літараў суквецце,

Словы пад вясёлкавай дугой.

Іх з далоняў развівае вецер,

Каб раслі з атаваю тугой.

Выдужалі словы і ў зазіме,

Хвалі памаглі радочкі звіць.

Суджана было табе, Максіме,

Іх у новай песні ажывіць.

Беларусь табе жадае долі,

З продкамі заве на талаку,

Падсыпаючы жывінкі солі

Да акрайчыка на ручніку.

Пачастунак гэткі - не даплата,

А прычасце на святой расе.

Ў кнізе сэрца песняй распачатай

Скрэсліваеш нагаворы ўсе.

Песню весняць крылы непакоры.

З ёю я ўздыму любую грузь.

Б і л а Р у с ь, зыркотлівыя зоры,

У разліве сонца Беларусь!

1981 г., Львоў

Мікола Пятрэнка

З украінскай мовы пераклаў Сяргей Панізьнік (каля бульвара Шаўчэнкі пад возерам Гурон у Канадзе).

18.Х.2016.

-----------------------------------------------

Мікола Яўгенавіч Пятрэнка (нарадзіўся 6 лістапада 1925 г.) - украінскі паэт-песеннік, празаік, драматург. Аўтар зборнікаў гумару, вершаў для дзяцей. Уганараваны прэміямі імя Паўла Тычыны, Маркіяна Шашкевіча, Багдана-Нестара Лепкага. Жыве ў Львове.


ЗАРОК1 МАКСІМУ

Да 125-годдзя

з дня нараджэння М. Багдановіча

1.

Быў вясновы час і зімні…

Багдановіч - над усімі!

Багдановіч наш - для ўсіх!

Цешымся з Табой, Максіме:

Дзень Народзінаў не ўціх.

У Музеі Памяць-Кварту

хочам думкамі наліць ,

у "Вянку" пялёсткам быць,

жыць Максімаваю вартай,

каб не грукаліся коні

па пустэчы, каб змаглі

мы штодня быць у пагоні

за прастор сваёй зямлі.

Мінск для госця - не парожні:

тут парог Максіма грэе,

разам з намі Львоў шчырэе,

гляне Горадня на пожні,-

Яраслаўль не ачужэе…

Бо планетай сам Максім.

З мілатой перад усім -

ён Ваяр, Вястун, Будзіцель.

Сёння кліча зноў:

- І д з і ц е,

зблізку хто і хто здалёк,

зведаць мацярык, дзе ў жыце

мой трапеча Васілёк!

2.

З намі Ён, гадоў хадок,

яравы наш і азімы…

Слухай, малады Максіме!

Сёння зноў даем зарок:

ад Паэта - ні на крок -

бо ў любові, ў веры, ў сіле

продкі шчыраваць прасілі

і над Ялтай - галубок…


Памяць - Вечнасці клубок,

а гады пры ім - плавільні…

…Вершы грэе і для Вільні

Ракуцёўшчыны 2 дубок.

-------------------------------------

Сяргей Панізьнік

1 Зарок - абяцанне, клятва.

2 У фальварку Ракуцёўшчына летам 1911 г. жыў М. Багдановіч. Там штогод у гонар паэта праходзіць свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета".

8.12. 2013, 2016.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX