Папярэдняя старонка: 2016

№ 48 (1303) 


Дадана: 30-11-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 48 (1303), 30 лістапада 2016 г.


Рада ТБМ

27 лістапада ў Менску ў сядзібе ТБМ прайшла чарговая Рада ТБМ. На павестку дня былі вынесены пытанні:

1. Інфармацыя аб удзеле ТБМ у парламенцкіх выбарах у 2016 годзе.

2. Абмеркаванне плана дзейнасці ТБМ на 2017 год.

3. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.

4. Аб падпісцы і далейшым лёсе газеты ТБМ "Наша слова".

5. Аб фінансавым становішчы ТБМ.

6. Рознае.

Пачалося паседжанне з хвіліны маўчання ў памяць адышоўшых у лепшы свет сяброў ТБМ, у тым ліку і спачыўшага колькі дзён таму Анатоля Валахановіча.

Наступным пунктам былі ўручаны падзякі ТБМ за актыўную працу ў арганізацыі юбілярам 2016 года Генадзю Цыхуну, Анатолю Вярцінскаму, Эрнесту Ялугіну. Нажаль, асабіста атрымаць падзяку змог толькі Генадзь Цыхун.

Па павестцы дня выступалі Алена Анісім, Алег Трусаў, Станіслаў Суднік.

7 кастрычніка, выступаючы са зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў, Аляксандр Лукашэнка заявіў: " Беларусі варта забыцца пра паняцце "вораг" ці "свой", не адмаўляцца ад рускай культуры, але і памятаць пра тое, што мы беларусы і ў нас ёсць свая мова".

"Некаторыя дамарослыя знаўцы на ўсходзе пачынаюць нас папракаць у залішняй беларускасці. Што за глупства? Мы нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае, акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці, - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?" - спытаў тады Лукашэнка.

Абапіраючыся на пазіцыю Кіраўніка краіны і дзейнічаючы ў рамках перадвыбарчай платформы ТБМ Рада прыняла зварот да міністра адукацыі пра стварэнне гімназій з беларускай мовай навучання ў кожным раёне нашай краіны.

Прыняты праект плана дзейнасці ТБМ на 2017 год, у які сябры ТБМ мусяць уносіць змены і дапаўненні да канца года з тым, каб канчаткова план быў зацверджаны на студзеньскай Радзе ТБМ, якая папярэдне мае адбыцца 22 студзеня.

Прыняты зварот з нагоды цяжкага фінансавага становішча ў ТБМ і разгледжана пажаданне сяброў ТБМ пра публікацыю ў газеце "Наша слова" раздзелаў кнігі Алега Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы ...".

Са складу Сакратарыяту выведзены Ўладзімір Кошчанка па яго просьбе і ўведзены Ўладзімір Азёма.

Рада абавязала сваіх сяброў падпісаць па два асобнікі "Нашага слова". Добра Янку і плотка.

На завяршэнне новы кіраўнік творчай суполкі "Пагоня" Ігар Марачкін падарыў старшыні ТБМ мастацкі каталог суполкі.

Даклад Алены Анісім і дакументы Рады чытайце на ст. 2, 3, 4, 5.

Наш кар.


96-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

26 лістапада актывісты партыі БНФ, Маладога фронту, грамадскага руху "За свабоду" і Руху салідарнасьці "Разам" правялі на Случчыне мерапрыемствы з нагоды 96-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

У лістападзе-снежні 1920 года вайсковыя часткі, сфармаваныя з жыхароў Слуцкага павета аказалі ўпарты супраціў Чырвонай Арміі, якая прасоўвала ўладу бальшавіцкай Расеі на Беларусь. Напярэдадні случчакі прысягнулі на вернасць Беларускай Народнай Рэспубліцы і мужна за яе змагаліся, але ўтрымаць уладу БНР на гэтых землях больш як на месяц ім не ўдалося. І ўсё ж, лічаць удзельнікі святочных мерапрыемстваў, змаганне на Случчыне засведчыла прагу беларусаў да волі і незалежнасці, а таму застанецца прыкладам для будучых пакаленняў беларусаў.

Тэма змагання за незалежную Беларусь стала галоўнай і на мітынгу, які адбыўся ў Слуцку. Выступоўцы на акцыі казалі пра чарговую небяспеку Беларусі з боку Крамля, крытыкавалі беларускі палітычны рэжым за згортванне дэмакратыі і ўзурпацыю ўлады, заклікалі беларусаў быць гатовымі да адстойвання незалежнасці краіны, у тым ліку і са зброяй у руках.

Урачыстыя акцыі на Дзень герояў - гэтак актывісты называюць 26 лістапада, калі пачаўся Слуцкі збройны чын - адбыліся таксама на месцах баёў у мястэчках Грозаў, Семежаў і вёсцы Чырвоная Слабада. Там былі ўскладзеныя кветкі да памятных крыжоў. Памяць ваяроў за незалежнасць Беларусі ўшанавалі хвілінай маўчання, былі праведзеныя маленні. Пабываўшы ў гэтых памятных мясцінах, актывісты вырашылі да наступных угодкаў адрамантаваць мемарыяльныя крыжы.

- Праз год будзе 25-годдзе, як у гэтых вёсках з'явіліся крыжы ў памяць пра слуцкіх паўстанцаў. І што мы ўбачылі? У Грозаве з крыжа знікла Пагоня, у Семежаве да помніка гэтак і не пракладзена дарога, у Чырвонай Слабадзе ўвогуле крыж знішчылі некалькі гадоў таму ды так і не аднавілі. Таму мы вырашылі за год аднавіць крыжы, а ў Вызне (Чырвоная Слабада) паставіць новы. Памяць пра случчакоў, якія змагаліся за незалежную Беларусь, мы мусім ушаноўваць і захоўваць, - сказаў удзельнік мерапрыемстваў на Случчыне Вячаслаў Сіўчык з Руху салідарнасці "Разам".

Напярэдадні мітынгу актывісты "Маладога фронту" прынялі прысягу на адданасць арганізацыі і Беларусі. Падчас акцыі праходзіў збор подпісаў за ўсталяванне ў Слуцку помніку ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Дагэтуль мясцовыя ўлады нічога не зрабілі для ўшанавання сваіх загінулых землякоў.

Гісторыя Слуцкага паўстання замоўчвалася ў савецкія часы, не нашмат больш пра яго ведаюць у Слуцку і цяпер. Удзельнікі акцыі асобна згадвалі імя гісторыка Анатоля Грыцкевіча, намаганнямі якога пра Слуцкі збройны чын стала шырока вядома ў канцы 1990-ых гадоў.

Таксама ўдзельнікі мітынгу ў Слуцку ўсклалі кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку ў мясцовым парку.

Радыё Свабода, г. Слуцк.


План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2017 год

Праект

1. Асветніцкая і педагагічна-псіхалагічная праца

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2017-2018 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства;

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў :

збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, у тым ліку з мэтай захавання і пашырэння беларускай тапанімікі, з Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

4. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

6. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час ", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

7. Правядзенне гістарычных і літаратурных сустрэч

8. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне круглых сталоў, сустрэч з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі).

Першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага, 2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап - 25 сакавіка.

9. Забеспячэнне дзейнасці інтэрнет-партала ТБМ.

10. Выданне паштоўкі і кішэннага каляндарыка да юбілею Янкі Брыля

11. Прыняць удзел у святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

12. Прыняць удзел у Дні беларускага пісьменства

13. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў

14. Адзначыць Дзень беларускай школы

15. Адзначыць 100-годдзе 1-га Ўсебеларускага кангрэсу

16. Адзначыць 800-годдзе першага ўжывання слова Albaruthenia да тэрыторыі Беларусі.

17. Адзначыць наступныя даты:

50 гадоў з часу заснавання выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" (Менск, 1967 г.).

80 гадоў з дня нараджэння Васіля Гігевіча , беларускага пісьменніка.

125 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча , беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратуразнаўца, каталіцкага святара.

80 гадоў з дня нараджэння Міхася Верацілы , калекцыянера, краязнаўца, мастака, паэта.

125 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча (1892-1938), грамадскага палітычнага дзеяча, літаратара, акадэміка.

125 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы (1892 - 1978), беларускага грамадскага і культурнага дзеяча,

хормайстра, народнага артыста БССР і СССР, Героя Сацыялістычнай працы.

130 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Шантыра (1887-1920), пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча.

75 гадоў з дня нараджэння Міколы Жылінскага , беларускага журналіста, пісьменніка, гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

210 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды , беларускага мастака, кампазітара. Зрабіў замалёўкі Гародні, Наваградка, Ліды, Міра і інш. Памёр у 1883 г.

80 гадоў з пачатку выдання газеты "ЛіМ" - органа Саюза беларускіх пісьменнікаў у 1932- 2002 гадах.

80 гадоў з дня нараджэння Георгія Галенчанкі (1937, г. Петразаводск), гісторыка-медыявіста, доктара гістарычных навук.

950 гадоў ад першага ўпамінання пра Менск у "Аповесці мінулых гадоў".

80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Крукоўскага , мастака-плакатыста.

75 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова (1942-1992), беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, археолага, доктара гістарычных навук, прафесара.

130 гадоў з дня нараджэння Алеся Гарун а (1887-1920), пісьменніка і дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху.

Дзень Волі.

100 гадоў Нацыянальнаму беларускаму сцягу

30 гадоў з часу стварэння Беларускага фонду культуры (БФК) (Менск, 1987 г.).

80 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Біча (1937-1999), доктара гістарычных навук.

90 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Кіпеля , гісторыка, грамадскага дзеяча, старшыні Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ерку.

150 гадоў з дня нараджэння Мітрафана Доўнар-Запольскага , беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара.

135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы (1882-1942), Народнага паэта Беларусі.

40 гадоў з часу заснавання Музея старажытна-беларускай культуры ІМЭФ НАНБ (Менск, 1977 г., адкрыты 15 траўня 1979 г.).

215 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейк і (1802-1889), геолага, мінеролага, даследчыка Чылі, аўтара мемуараў.

100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля , Народнага пісьменніка Беларусі.

70 гадоў з дня нараджэння Віталя Скалабан а, беларускага гісторыка, культуролага, архівіста, кандыдата гістарычных навук. Памёр у 2011 г.

100 гадоў з дня нараджэння Язэпа Сажыча , беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча на эміграцыі. Памёр у 2007 г.

220 гадоў з дня народзінаў Івана Грыгаровіча (1792-1862), археографа, гісторыка, краязнаўца, пісьменніка.

80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Содаля , пісьменніка, літаратуразнаўца, краязнаўца.

125 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас (1892-1991), беларускай грамадска-культурнай дзяячкі, пісьменніцы.

80 гадоў з дня нараджэння Яўгена Куліка (1937-2002 ), графіка.

20 гадоў таму назад у Лідзе выйшаў 1-шы нумар адноўленай газеты "Наша слова".

135 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа (1882-1956), Народнага пісьменніка Беларусі, вучонага, акадэміка НАН Беларусі.

130 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага (1887-1937), пісьменніка, акадэміка НАН Беларусі, палітычнага і дзяржаўнага дзеяча БССР.

30 гадоў з часу заснавання Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Менск, 1987, адкрыты ў лістападзе 1991 г.)

180 гадоў з дня нараджэння Міхала Эльвіра Андрыёлі (1837-1893), мастака, удзельніка паўстання 1863 года.

80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Талерчыка , беларускага краязнаўца. Памёр у 2016 г.

18. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ:

60 гадоў з дня нараджэння Алеся Астроўскага , доктара медыцынскіх навук, прафесара.

80 гадоў з дня нараджэння Івана Буднік а, беларускага педагога, краязнаўца.

70 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мілінкевіча, беларускага палітыка, кандыдата фізіка-матэматычных навук.

85 гадоў з дня нараджэння Адама Мальдзіса , доктара філалагічных навук, літаратуразнаўца, празаіка.

80 гадоў з дня нараджэння Аляксея Каўкі , маскоўскага гісторыка, літаратуразнаўца.

80 гадоў з дня нараджэння Дануты Бічэль , беларускай паэтэсы.


Выступ першага намесніка старшыні Алены Анісім на Радзе ТБМ 27 лістапада 2016 г.

Паважаныя сябры!

Завяршаецца яшчэ адзін год нашай дзейнасці. Для кожнай з нашых структурных суполак ён быў розны: адны працавалі па сваім кірунку традыцыйна, хтосьці апрабоўваў новыя формы, іншыя далучаліся да новых ініцыятыў. І мы можам сказаць з упэўненасцю: там, дзе мы працавалі, маем вынік.

Безумоўна, нас не можа задавальняць агульная сітуацыя з рэальным станам беларускай мовы як дзяржаўнай, але, лічу, трэба на гэтыя рэчы глядзець вельмі канкрэтна, з выразным усведамленнем, што і як рабіць далей.

Сёлетні год найперш вызначальны тым, што ўпершыню за многія гады наша арганізацыя брала актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Сябры ТБМ як самастойна, так і ў супрацы з рознымі партыйнымі структурамі вылучалі свае кандыдатуры для абрання дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў.

Мэтай нашага ўдзелу і падчас збору подпісаў, і непасрэдна ў агітацыйнай кампаніі, было публічнае выкарыстанне беларускай мовы. Таму кампанію мы вялі цалкам на беларускай мове: уся вырабленая прадукцыя, выступы на тэлевізіі і на радыё, а таксама непасрэдна перад выбаршчыкамі гучалі на роднай мове.

Як удзельнік ініцыятыўнай групы аднаго з актыўных сяброў нашай арганізацыі, і як удзельнік пікетаў, магу засведчыць наступнае: людзі ў значнай большасці станоўча рэагавалі на беларускую мову, ахвотна ставілі подпісы за нашага маладога вылучэнца. А гэта значыць, што патэнцыял і запатрабаванасць беларускай мовы ў грамадстве ёсць. Такім чынам, першая мэта была ажыццёўлена.

Другой мэтай было, вядома ж, атрыманне дэпутацкіх мандатаў.

На жаль, не ўсе сябры змаглі зарэгістравацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. Прычыны гэтага найперш аб'ектыўныя, бо сабраць у летні час за адзін месяц тысячу подпісаў, не маючы значных рэсурсаў і напрацовак, даволі складана. Але хачу адзначыць датычна кіраўніцтва нашай арганізацыі: мы працавалі зладжана і падтрымлівалі адзін аднаго, як і належыць згуртаванай камандзе. Вельмі прыемна адзначыць і той факт, што да нашай працы падключаліся самыя адданыя сябры ТБМ, якія дапамагалі ў зборы подпісаў, арганізацыі і правядзенні пікетаў, а таксама ахвяравалі свае сродкі на правядзенне агітацыйнай кампаніі. І за гэта ім усім я шчыра ўдзячная.

Я лічу, што месца ў парламенце, якое мае ТБМ - гэта безумоўны поспех усёй арганізацыі і заслуга найперш тых яе сяброў, хто на гэта працаваў і хто шчыра жадае рэальна змяніць сітуацыю з беларускай мовай да лепшага, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці для гэтага.

Другая мэта нашага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, таксама была дасягнута, хоць мы не можам сказаць, што нас цалкам задавальняе гэты вынік. Тым не менш, сёння, маючы свой голас у Палаце прадстаўнікоў, мы можам і павінны ставіць перад сабой далейшыя мэты.

І першае, на чым, як мне падаецца, трэба сканцэнтраваць нашы намаганні, гэта дамагчыся таго, каб законапраекты рыхтаваліся на дзяржаўнай беларускай мове. Пакуль што яны маюць толькі версію на рускай мове, за выключэннем асобных заканадаўчых актаў. І як паказваюць апошнія падзеі, змяняць гэтую сітуацыю, нягледзячы на нашыя захады, ніхто не збіраецца. Таму нам трэба прадэманстраваць выключную зацікаўленасць, згуртаванасць і настойлівасць у выкананні гэтай задачы.

Паважаныя сябры!

Мы можам спрачацца па многіх пытаннях, крытыкаваць адзін аднаго. Гэта нармальна, калі мы, безумоўна, не пераходзім межаў прыстойнасці і не становімся на бок нашых апанентаў, гуляючы на іх інтарэсы, выклікаючы ў шэрагах арганізацыі раскол. Думаю, што наспеў час нам зразумець, што сітуацыя вымагае ад нас выключнай сканцэнтраванасці і згуртаванай працы па ўсіх кірунках, далучаючы ўсіх прыхільнікаў і паплечнікаў.

Што датычыць маёй далейшай дзейнасці ў Палаце прадстаўнікоў, то я бачу яе ў тым, каб актыўна прасоўваць беларускую мову і праз гэта павышаць аўтарытэт нашай арганізацыі. У гэтым я чакаю і вашай падтрымкі і дапамогі. Важнай справай таксама лічу стварэнне Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, таму буду рабіць усё, што магчыма, каб давесці яе да рэальнага ўвасаблення.

За апошнія некалькі гадоў сітуацыя ў свеце і ўнутры нашай краіны моцна змянілася. На першы план для многіх грамадзян краіны ўпершыню ў якасці каштоўнасці паўстала пытанне захавання незалежнасці. І гэта сапраўды так. У той жа час мы з вамі цудоўна разумеем, у адрозненне ад іншых, што ключавое пытанне незалежнасці Беларусі - гэта рэальны статус дзяржаўнасці беларускай мовы. Бо без беларускай мовы наша краіна як самастойны суб'ект міжнароднай палітыкі не здольная захавацца. І мы проста абавязаныя зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб гэтую думку давесці да кожнага грамадзяніна Беларусі. Трэба выкарыстоўваць для гэтага ўсе магчымасці. Маю на ўвазе ў тым ліку і будучыя выбары ў мясцовыя саветы. Ужо сёння можна і трэба нашым актыўным сябрам рыхтавацца да таго, каб браць удзел у гэтай выбарчай кампаніі на ўсіх узроўнях і па ўсіх мясцовасцях. Калі мы хочам вызначаць кірункі развіцця нашай краіны, мы павінны і паводзіць сябе як сапраўдныя гаспадары, прэтэндуючы менавіта на такое месца. Бо ад таго, якой мы хочам бачыць сваю краіну, колькі часу, як і з кім мы гатовы працаваць на гэта, залежыць і вынік нашай працы.

Я лічу, што мы павінны голасна заявіць пра сваё права браць удзел у прыняцці важных рашэнняў датычна развіцця Беларусі і прапаную ўсім сябрам арганізацыі сваю дзейнасць планаваць з улікам гэтай мэты.


Як "малодшы" брат стаў "старэйшым"?

24 лістапада на першым Расійскім канале наладзілі абмеркаванне маёй кнігі "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст." Яно ішло вельмі цікава, бо вядоўцы перадачы абмяркоўвалі кнігу, якую не чыталі і нават не трымалі ў руках, а паказвалі гледачам толькі яе вокладку, узятую з інтэрнету. Як тут не ўспомніць абмеркаванне ў СССР кніг Салжаніцына, якіх людзі не чыталі, але вельмі абураліся іх зместам.

Замест тэксту гледачы агучвалі ў рускім перакладзе некаторыя мае выказванні на абмеркаванні маёй кнігі ў Гародні, прычым яны былі жартаўлівыя і крыху іранічныя. Аднак зразумець беларускі гумар, не ведаючы беларускай мовы, вельмі складана. Асабліва закранула гонар вядоўца праграмы, што ён прадстаўнік не "старэйшага", а толькі "малодшага" брата. Бо я лічу, што вытокі ўкраінскай нацыі сягаюць у ІХ ст., беларускай у Х ст., а рускай - толькі ў ХІІ ст.

Дык у якім жа стагоддзі пачалося фармаванне сучаснага рускага этнасу?

Адкрыем адзін з лепшых падручнікаў па рускай гісторыі, напісаны акадэмікам Платонавым у 1909-1910 гадах і перавыдадзены ў 1994 г. у Санкт-Пецярбургу. На стар. 62-64 ён піша, што да канца ХІ ст. паўночна-ўсходняя частка Кіеўскай Русі "представляла собою глухой и слабо населенный край, в лесах которого разбросаны были финские поселки. Меря и мурома не строили городов, не имели никакого гражданского устройства и не были политически объединены" . Пад ціскам славянаў "финские инородцы или покидали свои места, уступая их русским пришельцам, или же подвергались обрусению и постепенно утрачивали свой язык и своё обличье". "Однако слияние русских поселенцев с финскими туземцами не прошло бесследно для русских." "Изменился их чисто славянский тип и характер; получилось как бы новое славянское племя. Это племя, в состав которого вошли русские славяне разных областей и племён и некоторая примесь финнов, называется "великорусским" племенем."

Што датычыць Беларусі, акадэмік Платонаў (ст. 43) піша: Полоцке со времен Владимира Св. сидела особая (беларуская - А.Т. ) княжеская ветвь, родоначальником которой был сын Владимира и его языческой жены Рогнеды князь Изяслав" . А гэта Х ст.! Таму вытокі беларускай нацыі сягаюць не ў ХІІ ст., як у рускіх, а ў ІХ-Х стст., што раней на 200-300 гадоў.

Датычна слова "рускі" трэба сказаць, што яно з ХІV ст. уваходзіць у назву нашай краіны Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае , а вось сённяшнія расіяне ці расейцы ў ХІV ст. сваёй дзяржавы не мелі, а былі васаламі Залатой Арды, насельнікаў якой называлі татарамі альбо ардынцамі.

Толькі набыўшы ў 1480 г. незалежнасць, іх кіраўнік вялікі князь Маскоўскі Іван ІІІ стаў карыстацца новым "тытулам": "Государь всея Руси и великий князь".

Падручнік Платонава даводзіў гісторыю Расіі да канца кіравання ёю Аляксандрам ІІІ. На апошняй старонцы гэтай кнігі адзначаецца, што ён у сваёй дзяржаве быў носьбітам нацыянальнай ідэі. "Он стремился к тесному объединению инородческих русских окраин с государственным центром и к возможному обрусению инородцев" .

Відаць, што вядовец вышэйзгаданай перадачы зблытаў Расію канца ХІХ ст. з Расіяй пачатку ХХІ ст., і настойлівае імкненне праводзіць палітыку "обрусения инородцев" у Беларусі і Украіне ні да чаго добрага не прывядзе.

Алег Трусаў , кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


Папулярную кнігу Алега Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст." можна будзе прачытаць у газеце "Наша слова" на працягу першага квартала наступнага года

У сувязі з тым, што ў ТБМ звяртаюцца шматлікія грамадзяне Беларусі і замежжа з просьбай набыць вышэйзгаданую кнігу, Рада ТБМ на сваім пасяджэнні 27 лістапада звярнулася да сп. Станіслава Судніка з прапановай пачаць друкаваць са студзеня 2017 г. папулярны падручнік А. Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст."

Таму ўсе ахвотныя азнаёміцца з гэтай кнігай могуць выпісаць на наступны год газету "Наша слова", кошт якой на паўгода складае ўсяго 7 руб. 44 кап. (паштовы індэкс 63865).

27 лістапада 2016 г. Сакратарыят ТБМ.


ЗВАРОТ

Рады ТБМ да Міністэрства адукацы і

Паважаны спадар Міністр!

На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Кіраўнік нашай краіны заявіў пра неабходнасць паляпшэння сітуацыі з беларускай мовай у галіне адукацыі.

У сувязі з гэтым прапануем Вам прыняць рашэнне аб стварэнні гімназій з беларускай мовай навучання ў кожным раёне нашай краіны. Гэта здыме пытанне аб навучанні дзяцей на беларускай мове ў сувязі з закрыццём малакамплектных школ у вёсках, а таксама павысіць узровень адукацыі вучняў.

Пачаць гэтую справу можна з нашых цэнтральных раёнаў Менскай вобласці: Стаўбцоўскага, мясціны якога звязаныя з жыццём і дзейнасцю класіка нашай літаратуры Якуба Коласа, і Нясвіжскага, дзе на высокім міжнародным узроўні папулярызуецца наша слаўная гістарычна-культурная спадчына.

27 лістапада 2016 г.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні

Абдулаева Святлана Іосіфаўна Агуновіч Эдуард Адамоніс Валянцін Канстанц. Аксючыц Галіна Уладзімір. Аксючыц Ганна Аляксандр. Алейнік Віталь Алексяюк Дар'я Аляксандр. Андрасовіч Таццяна Валянцін. Андрэенка Яўген Барысавіч Аношка Любоў Іосіфаўна Антаноўская Людміла Анцыповіч Мікалай Ардынская Людміла Іосіфаўна Арцюшэнка Вікторыя Ўладз. Асадчая Алена Вадзімаўна Асіповіч Ананій Канстанц. Атрахімовіч Вячаслаў Аўласка Ала Афанасенка Кацярына Ўладз. Багінская Аўгіння Ніна Рыгор. Багнюк Любоў Баеў Канстанцін Генадзевіч Бандарчык Вікторыя Ігараўна Бараноўскі Аляксандр Уладз. Бартошык Наталля Пятроўна Батура Міхаіл Пятровіч Бацян Валянціна Бацяноўскі Аляксандр Рыгор. Баярчук Алена Бедка Іван Белая Алена Іванаўна Белка Сяргей Мікалаевіч Белы Аляксей Ільіч Берняковіч Іна Бойка Валянцін Юр'евіч Буданаў Зміцер Львовіч Букачова Алена Уладзіміраўна Бурак Жанна Генадзеўна Бурносаў Раман Генадзевіч Бусловіч Святлана Анатол. Вабішчэвіч Аляксандр Мікал. Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Верабей Янка Міхайлавіч Водзіч Наталля Воўкава Ала Гагуліна Юлія Аляксандраўна Гайдаровіч Анжэліка Галіноўская Ніна Васільеўна Галкоўскі Аляксандр Алякс. Гарох Мікалай Андрэевіч Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Гацкі Ўладзімір Венядзімавіч Герэра Менгана Ідаэль Ідаэл. Гінько Марыя Уладзіміраўна Гнятуля Алег Аляксандравіч Гракун Валянціна Іосіфаўна Грамыка Алена Віктараўна Гром Ігар Віктаравіч Груздзеў Аляксандр Ігаравіч Грыгаровіч Вітаўт Іванавіч Грыневіч Ганна Васільеўна Грыцаў Тарас Грэйт Таццяна Міхайлаўна Грэская Браніслава Гук Уладзімір Пятровіч Гурыновіч Генадзь Аркадз. Дабрынец Аляксей Васільевіч Давідовіч Дзмітры Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Дамарацкі Аляксандр Уладзім. Дарафей Іна Сцяпанаўна Дашкевіч Вікторыя Віктараўна Дашкевіч Галіна С. Двілянская Бэла Дземідовіч Ігар Славаміравіч Дзем'яновіч Таццяна А. Дзяменцева Ірына Донаў Павел Пятровіч Доўжык Андрэй Ігаравіч Дрозд Юля Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Дучыц Людміла Ўладзіміраўна Егіпцава Таццяна Уладзімір. Ермалёнак Марыя Георгіеўна Еўдакіменка Святлана Жаўнярчук Ларыса Васіл. Жучкова Наталля Яўгенаўна Захарэвіч Андрэй Леанідавіч Зелянко Вольга Уладзіміраўна Зімніцкая Ірына Зорка Ірына Аляксандраўна Змушка Валерыя Аляксандр. Зусько Сяргей Зылеў Дзяніс Уладзіміравіч Ільініч Дар'я Сяргееўна Каваленка Святлана Пятроўна Кавалеўскі Сяргей Мікалаевіч Кажан Анатоль Лазаравіч Казачок Ларыса Каласоўскі Юрась Уладзімір. Калбанёў Віталь Васільевіч Калыска Ірына Каляда Ірына Камароўская Зінаіда Іванаўна Камароўскі Андрэй Уладзімір. Кардаш Глеб Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Каркота Анэліка Карпенка Аляксей Аляксеевіч Касатая Таццяна Ўладзімір. Каспяровіч Паліна Ўладзімір. Кастанаў Аляксандр Кашчэеў Аляксандр Кім Таццяна Андрэеўна Кліменка Наталля Віктараўна Клімковіч Ірына Яўгенаўна Клок Валянціна Клютчэня Андрэй Колабава Ірына Навумаўна Конан Генадзь Краўчук Сяргей Ксянзова Святлана Пятроўна Курневіч Лізавета Васільеўна Курчынскі Браніслаў Бранісл. Курыльчык Мікалай Пятровіч Кутасаў Аляксандр Аляксанд. Кутырло Віталь Эдуардавіч Кухарчык Вольга Сяргееўна Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Лапцэвіч Зміцер Лашук Міхаіл Лемцюгова Валянціна Пятр. Літвінаў Мікалай Сяргеевіч Логвінава Вольга Іванаўна Лозка Алесь Юр'евіч Лукашэвіч Алена Лук'янцаў Алег Луцковіч Алена Сяргееўна Лявіцкі Ягор Вацлававіч Ляшковіч Дзмітры Іосіфавіч Макарэвіч Нікадзім Аляксан. Макарэвіч Рыгор Арсеньевіч Малахаў Зміцер Мамай Часлава Чаславаўна Мамчыц Раман Эдуардавіч Марговіч Людміла Васільеўна Мароз Аляксей Уладзіміравіч Мароз Валянціна Іванаўна Матчэня Алег Мікалаеў Андрусь Васільевіч Мілаш Валеры Уладзіслававіч Міткавец Аляксандр Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Мядзведзева Валянціна Мядзюта Аляксандр Нікіціна Зінаіда Новік Мікалай Аляксандравіч Новік Таццяна Падгол Уладзімір Паляшчук Наталля Папека Мікалай Пантус Сяргей Іванавіч Панцялей Аляксандр Уладзім. Пархімовіч Сяргей Аляксанд. Патоцкі Генадзь Мікалаевіч Паўлавіцкі Станіслаў Пахолак Раман Аляксандравіч Пахлопка Ніна Аляксееўна Пека Зоя Пятроўна Півавар Мікалай Васільевіч Піменава Алена Анатольеўна Пішчулёнак Марына Плакса Ўладзімір Поцька Віталь Станіслававіч Пракаповіч Ігар Міхайлавіч Пракопчык Ірына Міхайлаўна Прыбыльская Наталля Пудаў Дзмітры Леанідавіч Пятроўская Алена Аляксанд. Рагацэвіч Вольга Анатольеўна Раеўскі Аляксандр Аляксан. Рамашкевіч Алег Аляксандр. Русецкая Ала Рыбачкін Віктар Барькавіч Рыжая Аляксандра Васільеўна Рыжыкава Людміла Савіцкая Тэрэза Міраславаўна Сагідуліна Лідзія Дзмітрыеўна Садовіч Юры Аляксандравіч Сакалоў Багдан Анатольевіч Салаш Вольга Свідуновіч Галіна Севярынец Павел Канстанцін. Семяненка Таццяна Леанід. Сівы Сяргей Скуратовіч Аляксей Анатол. Слінько Аляксандр Віктаравіч Сныткіна Вольга Анатольеўна Станкевіч Наталля Аляксанд. Станішэўскі Віталь Валянцін. Стралко Валер Васільевіч Стральцоў Аляксандр Віктар. Супаненка Павел Ігаравіч Сугака Лявон Сыраід Яна Сярадзюк Дзіяна Эдуардаўна Трафімчык Таццяна Уладзім. Трушко Ўладзімір Туліжанава Марыся Алякс. Урублеўская Лізавета Мікал. Федаровіч Святлана Іванаўна Фунт Аляксандра Сяргееўна Халезіна Дзіяна Хальпукова Вольга Харак Анастасія Уладзімір. Хітрыкава Галіна Уладзімір. Худанёнак Ірына Цівончык Мікалай Канстанц. Цыганкова Таіса Мікалаеўна Ціханчук Алена Ігараўна Цыва Андрэй Вітальевіч Цыцыліна Таццяна Міхайл. Чуйко Аляўціна Аляксееўна Шалкоўская Людміла Віктар. Шалахоўскі Аляксей Леанід. Шаравар Мікалай Лазаравіч Шаршун Алена Сяргееўна Швед Аляксандр Аляксандр. Шушкевіч Станіслаў Станісл. Шыловіч Дзмітры Мікалаевіч Шыманец Віржыня Шымук Марыя Дзмітраўна Шыцёнак Наталля Шчарбакова Марта Алякс. Шчарбіцкі Андрэй Віктаравіч Шчэрбік Зміцер Васільевіч Шынкевіч Сяргей Іванавіч Шышко Вальдэмара Альберт. Шышко Іван Валянцінавіч Шэпетаў Мікалай Васільевіч Юданаў Віктар Канстанцінавіч Юшкевіч Міхаіл Валянцінавіч Яголда Марына Ўладзіслав. Янкін Ігар Андрэевіч Ярошкіна Ірына Фёдараўна Яўменаў Альберт Піліпавіч


У сядзібе ТБМ

06.12 аўторак 17.00-18.00 Прэзентацыя кнігі В. Санько "Карыды вогненныя іскры"


Новы амбасадар Беларусі ў ФРГ: "Мы не павінны балансаваць паміж Расіяй і Еўразвязам. Важныя абодва кірункі"

Навіны Германіі

Месяц таму, 25 кастрычніка 2016 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Германіі 40-гадовага Дзяніса Сідарэнку. Да гэтага Сідарэнка ачольваў Упраўленне агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС.

Новы амбасадар прапрацаваў у Берліне на новай пасадзе 5 дзён і прыехаў у Беларусь на XIV Менскі форум. Дзяніс Сідарэнка на адкрыцці Форуму ўдзельнічаў у дыскусіі "Беларусь - Германія - Еўразвяз: перспектывы еўрапейскага суседства і бяспекі", а потым даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

- Я толькі ў мінулую пятніцу з'ехаў у Германію на новую працу, але праз пяць дзён вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь, таму што Менскі форум - гэта вельмі сур'ёзнае, уплывовае мерапрыемства, дзе ёсць магчымасць паразмаўляць з усімі ўплывовымі асобамі, хто цікавіцца беларуска-нямецкімі дачыненнямі, і хутчэй уліцца ў мой новы мандат, які зусім нядаўна атрымаў, і стварыць своеасаблівую мапу працы на будучыню.

- Чым асаблівыя адносіны Беларусі з Германіяй?

- Так, нашы адносіны з Германіяй - гэта стасункі са стратэгічным партнёрам, які сёння з'яўляецца адным з лідараў Еўразвязу. Таму для нас гэтыя адносіны вельмі важная і патрэбныя. Я не магу сказаць, што на новай пасадзе я пачынаю з нуля. Ёсць шмат плыняў, шмат вектараў, шмат кірункаў, дзе мы працуем не толькі на дзяржаўным узроўні, але і паміж эканамічнымі суб'ектамі, паміж прадпрыемствамі, паміж людзьмі. Я як амбасадар Беларусі ў Германіі зраблю ўсё магчымае, каб падтрымаць, надаць нашым узаемаадносінам паскарэнне. Так, нашы адносіны сёння развіваюцца, але патэнцыял іх у поўнай меры яшчэ не выкарыстаны. Я таксама сканцэнтруюся, каб прывесці ў Беларусь яшчэ больш інвестараў.

- На вашу думку, Беларусь павінна балансаваць паміж Захадам і Ўсходам, паміж Расеяй і Еўразвязам, ці ўсё ж такі больш канкрэтна вызначыцца, так бы мовіць, да якога берага яна прыплыве?

- Я перакананы, што і нашы адносіны з Расіяй, і нашы адносіны з краінамі Еўразвязу, і ў прыватнасці з Германіяй, вельмі важныя ў абодвух кірунках. І гэта не пытанне балансу, гэта пытанне выбудоўвання нармальных канструктыўных і прагматычных адносінаў з усімі партнёрамі і суседзямі, бо і Расія, і краіны Еўразвязу - гэта нашы непасрэдныя суседзі, з якімі непасрэдна нам давядзецца выбудоўваць адносіны ў пазітыўным кантэксце.

Радыё Свабода.


Каляндар "Нашага слова"

Рада ТБМ 27 лістапада ўнесла ў свой план на 2017 год дату 20-х угодкаў выхаду адноўленай газеты "Наша слова" ў Лідзе 1 лістапада 1997 года.

Сябрам Рады быў прадстаўлены каляндар на 2017 год, прысвечаны гісторыі "Нашага слова". Пададзены выявы першых старонак газеты часоў бюлетэня, калі рэдактарам быў Ніл Гілевіч, часоў, калі рэдактарам быў Эрнестт Ялугін, і сучасны выгляд. Пададзены партрэт першага рэдактара Ніла Гілевіча і выява адноўленага помніка "Ў" у Полацку, да справы аднаўлення якога спрычыніліся і ТБМ, і "Наша слова".

Ідзе 27 год выдання "Нашага слова" наогул і 20-ты год выдання ў г. Лідзе. Сітуацыя на медыйным полі з кожным годам становіцца ўсё больш складанай. Многія выданні пераходзяць у электронную форму цалкам або пераносяць туды большую частку кантэнту.

Прадстаўленая гісторыя "Нашага слова" запатрабавала паглядзець на яго будычыню. Разгляд сітуацыі з газетай на Радзе ТБМ высветліў наступныя пазіцыі:

- папяровая версія газеты будзе захоўвацца любой цаной;

- кіраўніцтва ТБМ звернецца ў Міністэрства адукацыі з прапановай уключыць "Наша слова" ў спіс рэкамендаваных СМІ для настаўнікаў беларускай мовы;

- неабходна развіваць электронную складовую газеты, павінен удасканальвацца сайт naszaslowa.by, трэба ствараць мабільную версію сайта naszaslowa.mobi, адаптаваную да мабільных электронных сродкаў інфармацыі;

- неабходна павялічыць частату абнаўлення сайта.

Календары выдадзены ў фармаце А-3 і А-4.

Наш кар.


Бывайце, Анатоль Іосіфавіч!

23 лістапада 2016 года ў 12-40 у выніку інсульту пайшоў з жыцця выбітны беларускі пісьменнік еўрапейскага ўзроўню, гісторык, журналіст, культуролаг, краязнавец, акадэмік і педагог Анатоль Іосіфавіч Валахановіч

Яму было 77 гадоў. Літаратар з'яўляўся вучнем Фёдара Янкоўскага. Сябар Рыгора Барадуліна, ён у маладыя гады працаваў дырэктарам школы, а пасля - у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Быў падначаленым Петруся Броўкі. Напісаў кнігу пра Валянціну Менскую. Яе наклад - 1000 асобнікаў. Спадар Анатоль сябраваў з мітрапалітам Філарэтам і нават ўлетку яго адведваў. Пісьменнік быў рэлігійным чалавекам і свецкім адначасова. Ён казаў, што на пенсіі не мае часу.Амаль кожны дзень удзельнічаў у вечарынах, прэзентацыях, канферэнцыях, семінарах і імпрэзах. Быў сябрам ТБМ. Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Быў сябрам клуба "Спадчына". Быў сябрам суполкі прыхільнікаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Таксама трэба адзначыць, што мела вялікі поспех яго кніга пра Вільгельма Кубэ.

Асабіста я ведаў яго ў твар 20 гадоў, але пазнаёміліся ў 2009 годзе. Даведаўшыся, што я друкуюся, спадар Анатоль далучыў мяне да культпаходу ў цырк, які арганізавала Менская арганізацыя Саюза журналістаў. Таксама прыгадваецца імпрэза з нагоды яго 75-годовага юбілею і банкет на радзіме пісьменніка ў раённай бібліятэцы, які працягваўся 5 гадзін. Было заўважана як з павагай ставяцца да жывога класіка яго землякі!

Амаль кожны тыдзень мы са спадаром Валахановічам стэлефаноўваліся, абменьваліся думкамі, абмяркоўвалі гістарычныя пытанні. Гэта быў добры апавядальнік і аратар. Заўсёды тактоўны і ўважлівы, ён ні з кім не сварыўся. Любіў і паважаў людзей! Меў вялікі аўтарытэт у навуковых колах.

Развітацца з Анатолем Валахановічам прыйшло каля 50 чалавек. Гэта народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, мастак Мікола Несцярэўскі, паэт Усевалад Сцебурака, святар менскай Ефрасінінскай парафіі БАПЦ Леанід Акаловіч, гісторыкі Ігар Кузняцоў і Леанід Лыч, Ільяс Хусаінаў, удава Уладзіміра Содаля Клара Барысаўна, журналіст Уладзімір Ліпскі і іншыя…

Трэба адзначыць, што спадар Валахановіч друкаваўся не толькі ў айчынных СМІ, але і ў газеце "Беларус" (ЗША). Ён маў планы творчыя і навуковыя…

Бывайце, наш сябра і настаўнік!.. Бывайце, Анатоль Іосіфавіч!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст.


Анатоль Iосіфавіч Валахановіч нарадзіўся 17 красавіка 1939 года ў горадзе Менску ў сям'і службоўца. Бацька Іосіф Іванавіч (1901-1987) да выхаду на пенсію працаваў машыністам Менскага паравознага дэпо, маці Ванда Фларыянаўна (1913-1994) была хатняй гаспадыняй.

А. I. Валахановіч скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1961). Член Саюза журналістаў Беларусі (1975). У 1961-1962 гг. настаўнік гісторыі Бараўской СШ, з траўня 1962 г. адначасова дырэктар Паланевіцкай ПСШ Дзяржынскага раёна Менскай вобл. У 1962-1964 гг. служыў у Савецкай Арміі (Группа Савецкіх Войск у Германіі). З 1964 г. дырэктар Ракашыцкай 8-гадовай школы Дзяржынскага раёна, са жніўня 1966 г. дырэктар Зенькавіцкай СШ Уздзенскага раёна Менскай вобл. Пісаць і друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады ў 1959 г.

З верасня 1968 г. - рэдактар у БелСЭ, з лютага 1975 г. загадчык рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР, з траўня 1996 г. па 2002 г. старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

Даследаваў праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі, распрацоўваў пытанні палітычных рэпрэсій 20 - пачатку 50-х гадоў XX ст., займаўся гісторыяй хрысціянства на Беларусі. Аўтар навуковых і навукова-папулярных кніг: "Дзяржынск: Гісторыкаэка-намічны нарыс" (1977), "Дзержинск: Историко-экономический очерк" (1982), буклета "Первая в Белоруссии: К 50-летию организации Койдановской МТС. 1930-1980" (1980), "Дзержинщина: Прошлое и настоящее" (у суаўт. з А. М. Кулагіным, 1986), "Кличевщина: Историко-экономический очерк" (у суаўт. з І.І. Саўчанкам, 1989), "Партызанскі генерал з Амерыкі (пра начдыва I.Я. Траццяка)" (1995), "Феликс Эдмундович Дзержинский: Краткий очерк жизни и деятельности" (1997), "Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіяграфія Браніслава Тарашкевіча" (у суаўт. з У. М. Міхнюком, 1999) , "Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі" (2003), адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў кнігі "Кто есть кто в Республике Беларусь" (1999), адзін з аўтараў кнігі "Белоруский государственный университет информатики и радиоэлектроники: История в биографиях ректоров, ученых, удостоенных почетных званий, лауреатов премий, профессоров, докторов наук: 40 лет (1964-2004)", Мн. (2004), артыкулаў пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, паэта і святара Андрэя Зязюлю (А.А. Астрамовіча) і інш.

Аўтар звыш 350 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах, газетах, кнігах "Памяць" Дзяржынскага, Клічаўскага, Чашніцкага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Кобрынскага і іншых раёнаў Беларусі. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі населеных пунктаў Беларусі. Апублікаваў нарысы пра Станіслава Шушкевіча, Міколу Ермаловіча, Мікалая Улашчыка, Каруся Каганца, Уладзіміра Крыловіча, Браніслава Тарашкевіча, М.I. Пушчына, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, М.М. Літвінава, Гая Гая, Данілу Набароўскага і інш. Пісаў аповесці, апавяданні, эсэ, дакументальныя нарысы, казкі.

Узнагароджаны знакам "Отличник печати", медалямі, ганаровымі граматамі.

Па матэрыялах СМІ.


Зварот Рады ТБМ

ТБМ звяртаецца па дапамогу

Шаноўныя прыхільнікі роднага слова!

Просім Вас у сувязі з павелічэннем са студзеня 2017 арэнднай платы за памяшканне сядзібы ТБМ (зараз яна складае 1435,00 руб.) і неабходнасці фінансавай падтрымкі нашай газеты "Наша слова" (частка накладу якой распаўсюджваецца бясплатна) падтрымаць нас сваімі ахвяраваннямі.

Грашовыя сродкі можна прыносіць у сядзібу ТБМ штодня (акрамя суботы і нядзелі) з 15.00 да 19.00 альбо пералічыць на рахунак ТБМ - УНП ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 100129705, р/р 3015741233011 у Аддзяленні № 539 па Менску і Менскай вобласці ААТ "Белінвестбанк", код 739.

Спісы ахвярадаўцаў рэгулярна друкуюцца ў "НС", змяшчаюцца на партале ТБМ.

27 лістапада 2016 г.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Анісім Алена - 100 р., г. Менск

2. Восіпава Аляксандра - 10 р., г. Гомель

3. Васілючак Міхась - 20 р., г. Гародня

4. Бойса І.Б. - 15 р., г. Ліда

5. Ляскоўскі Ўладзіслаў - 25 р., Шаркаўшчына

6. Рэбека Мікола - 20 р., г. Менск

7. Гарбацэвіч Валер - 10 р., г. Салігорск

8. Сільнова Людміла - 10 р., г. Менск

9. Сутулаў Глеб 5 р., г. Менск

10. Стадуб Іван - 10 р., г. Менск

11. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

12. Ніжанкоўская Ірына - 20 р., Радашковічы

13. Лаўнікевіч Дзяніс - 10 р., г. Менск

14. Трусаў Алег - 100 р., г. Менск

Г. Наваполацк:

1. Фарнэль Кастусь - 10 р.

2. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.

3 Мельнікаў Юрась - 10 р.

4 Мельнікаў Алесь - 10 р.

5. Рымша Алесь - 45 р.

6. Цвяцінскі Антось - 10 р.

7. Кунцэвіч Уладзя - 10 р.

8. Паўловіч Віктар - 10 р.

9. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

10. Мудроў Алег - 10 р.

11. Гняткоў Валеры - 10 р.

12. Сідараў Сяргей - 10 р.

13. Гацкі Ўладзімір - 10 р.

14. Пісарэнка Алесь - 10 р.

15. Кулік Анатоль - 10 р.

16. Недзялкоў Яраслаў - 5 р.

17. Пожанька Ігар - 5 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.



Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар -трэнінг "Прафілактыка пакінутасці"

02.12.2016 а 18-ай

Калі ты хочаш даведацца, як папярэдзіць сваю траўму пакінутасці, каб цябе і тваіх блізкіх - дзяцей, унукаў, іншых сямейнікаў - не наведвалі думкі пра тое, што ты ахвяра жыцця, адзінокі, нікому не патрэбен, каб цябе не пакідалі блізкія людзі, каб калегі не адварочваліся ад цябе і не "з'ядалі" на рабоце, каб табе не было шкада сябе, каб не было нясцерпнага дзіцячага жадання , каб цябе абнялі, прытулілі, "узялі на ручкі", любілі і былі побач, каб тваё цела, мускулы не абвісалі, а шыйныя пазванкі не сагнуліся пры остэахандрозе, то запрашаем наведаць семінар-трэнінг "Прафілактыка пакінутасці", які адбудзецца 25.11.2016 з 18.00 па 21.00 па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст.метро пл. Перамогі).

Для кантактаў:

МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 09.12.16.


Што ёсць для беларусаў 3 ліпеня і 25 жніўня?

Вось ужо мінуў не адзін месяц, як мы ў чарговы раз развіталіся з гэтымі знакавымі ў айчыннай гісторыі датамі. І сёлета стаўленне да іх было зусім не падобным адно да аднаго. У першым выпадку развітваліся на самым высокім дзяржаўным узроўні: меў адмысловую прамову Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, па вызначаных уладамі вуліцах сталіцы прамчаліся танкі і яшчэ нешта з вайсковай тэхнікі, у небе кружыліся аэрапланы. Знайшлося нямала ахвочых патанчыць, паспяваць. Хапала людзей і на добрым падпітку. Познім жа вечарам Менск аглушыў магутны працяглы салют. Словам, ладзілася сапраўднае свята, чаго ніяк не скажаш пра 25 жніўня.

Чым жа заслужыў да сябе такой увагі Дзень 3 ліпеня? Афіцыйна тым, што ён праводзіўся як Дзень абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь, хаця адсутнічаюць усялякія прававыя дакументы пра наданне ёй менавіта ў гэты дзень такога высокага ганаровага статусу. Заканамерна паўстае пытанне: "Калі няма адпаведнага дакумента, дык ці можа 3 ліпеня быць Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь?" З юрыдычнага пункту гледжання: адназначна - "Не!"

Магчыма, у нас не ўсе ведаюць, чаму так атрымалася? Мінула ж амаль два дзесяцігоддзі, як давялося сутыкнуцца з такой з'явай, тым больш, што і пераканаўчага тлумачэння ёй не пажадалі даць афіцыйныя ідэолагі. Таму не ўсе ведаюць, што ініцыятарам перанясення Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь з сапраўднай даты абвяшчэння яе (назаву пазней) на 3 ліпеня адбылося па ўласнай волі самога Прэзідэнта А. Лукашэнкі. Прапанаваў такое неўзабаве пасля таго, як у лістападзе 1996 года адбыўся чарговы рэферэндум. Першы, як вядома, правялі ў траўні 1995 года, што дало ўладам магчымасць пусціць пад нож беларускую мову і зрабіць асноўным сродкам абслугоўвання афіцыйнага жыцця рускую мову. Такі здзек з нашага роднага слова нельга назваць інакш, як нейкім д'ябальскім пакараннем беларускага народа, чаго ён нічым не заслужыў.

Як вядома, той лістападаўскі рэферэндум даў шмат - аж залішне! - правоў палітычнаму лідару краіны. Для яго зрабіць 3 ліпеня Днём незалежнасці з'яўлялася элементарнай справай, хаця і рабіўся гэтым самым недаравальны замах на вельмі важную, прэстыжную для нашага народа дату: Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Да лістападаўскага рэферэндуму 1996 года мы ўжо больш за 50 разоў адзначалі яго і заўсёды досыць урачыста, узнёсла, масава, не скрыжоўваючы ні з ніякім іншым святам! А колькі ў Беларусь на гэтае свята з'язджалася ўдзельнікаў вызвалення яе ад акупантаў! Не будзем забывацца, што ў той час, калі прэзідэнцкая вертыкаль займалася адвольным перапісваннем гісторыі Бацькаўшчыны і на свята яе вызвалення ад нямецкіх акупантаў механічна накінула Дзень незалежнасці, тады жыло яшчэ шмат непасрэдных удзельнікаў той кровапралітнай барацьбы з ворагам. Улады ж не палічыліся з тым, як гэта адмоўна паўплывае на іх настрой з-за ўчыненага прыніжэння аўтарытэту дарагога ім свята - Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі. А не палічыліся хутчэй за ўсё таму, бо мелі глыбокую ўпэўненасць: ніхто - у тым ліку і ўдзельнікі вайны! - не асмеляцца запярэчыць таму, што робіць маладая прэзідэнцкая сістэма кіравання з добрай дамешкай да яе ўладных структур рэпрэсіўных механізмаў. Але не будзем так строга судзіць гэтую адарваную ад народа сістэму. Валюнтарысцкае перапісванне гісторыі ўласціва амаль усім такога кшталту палітычным рэжымам, асабліва ў першыя гады іх функцыянавання. Чаму б тады і нашаму не пастарацца стаць на такі шлях?

І раней, і зараз палітычная, афіцыйнай арыентацыі інтэлектуальная эліта ў вялікую заслугу ставіць прарабам лістападаўскага рэферэндуму, што дзякуючы атрыманым ад яго вынікам, удалося надаць статус дзяржаўнай і рускай мове. Да гэтага ж ім, як вядома, цалкам заканамерна карысталася (праўда, на паперы) толькі беларуская мова. А іншага падыходу і быць не магло, бо ў межах нашай краіны жыве толькі адзін тытульны народ - беларусы. Усе, апроч іх, гэта этнічныя групы. І хаця нават самаму цёмнаму чалавеку было зразумела, што ўзвядзеннем у статус дзяржаўнай мовы і рускай мы, як злачынцы, абавязкова загубім беларускую мову, паставім пад рэальную пагрозу далейшае самабытнае існаванне беларускай нацыі, уся чыноўніцкая брація разам з паслухмянымі ёй ідэолагамі і пасёння працягваюць маліцца на лістападаўскі рэферэндум. Добра, што хоць апазіцыйныя ўладам рухі, партыі глядзяць на яго, як на страшэнную нацыянальную катастрофу. Вось бы адным і другім сабрацца ды супольна паразважаць, што гэта і на самай справе за з'явішча для беларускай нацыі лістападаўскі рэферэндум. Сёлета ж яму дваццаць!

Сапраўдным жа прававым Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь неабходна лічыць - і так яно лічылася да лістападаўскага рэферэндуму - толькі 25 ЖНІЎНЯ , на што ёсць адмысловы калектыўны заканадаўчы акт, а не воля якой-небудзь адной дзяржаўнай асобы, няхай сабе і самай высокай катэгорыі. Назаву яго: прыняты ў гэты дзень 5-й нечарговай сесіяй Вярхоўнага Савета БССР Закон "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". У гэты ж дзень на згаданай сесіі прынялі яшчэ і пастанову "Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР". Як бачым, усё рабілася салідна, канстытуцыйна, чаго менавіта і патрабаваў ад дэпутатаў гэты лёсавызначальны для беларускага народа Закон.

У гэтага Закона, як бачым, ёсць свой бацька ці свая маці (кожны мае права выбіраць адно з прыведзеных слоў). Гэта прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, бо каб не было такога нарматыўнага акта, 5-й нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР яго патрэбна было тэрмінова распрацаваць і прыняць. А час жа, калі Дэкларацыі надалі статус канстытуцыйнага закона, быў надзвычай складаным, непрадбачлівым з-за злачынных дзеянняў арганізатараў путчу ў Маскве. Шкада, што сёлета апазіцыйныя партыі і рухі не палічылі патрэбным па-належнаму аднавіць у памяці людзей таго, што адбывалася ў Беларусі 25 гадоў таму падчас прыняцця без перабольшвання сапраўды гістарычнага Закона. Сфармуляваныя ў ім палажэнні і датычна пытанняў нацыянальна-культурнага, моўнага развіцця беларускага народа не падлягаюць крытыцы. Гэта зусім не тое, што рабіла і робіць сёння прэзідэнцкая вертыкаль у гэтай выключнай важнасці нацыястваральнай сферы. Ніхто іншы, як сама гэтая вертыкаль, прывяла свой дзяржаўны народ на мяжу этнічнага вымірання.

Дзякуючы прынятаму Закону ў нас ужо з 1992 года сталі на афіцыйным узроўні адзначаць Дні незалежнасці. Праўда, праходзілі яны без належнай урачыстасці і масавасці галоўным чынам з-за таго, што ў іх меліся сур'ёзныя апаненты з боку нашых прамаскоўскай арыентацыі палітыкаў і інтэлігенцыі. Яны рабілі ўсё, што было ў іх сілах, каб толькі ў народа, не дай бог, не абуджалася нацыянальна-дзяржаўная свядомасць, каб ён не імкнуўся быць гаспадаром на бацькоўскай зямлі, а цягнуўся да супольнага жыцця з усходнім суседам. Менавіта такіх поглядаў палітыкі і прыйшлі да ўлады ўлетку 1994 года. Шмат хто з іх ігнараваў і 27 ліпеня, і 25 жніўня, калі былі прыняты сапраўднай гістарычнай важнасці для суверэннага развіцця краіны дакументы, як разгляданыя мною Дэкларацыя і Закон, г. зн. прыняты без удзелу тых, хто пазней засеў ва ўладных структурах прэзідэнцкай вертыкалі. Каб штогод не згадваць пра ролю тых, дзякуючы якім з'явіўся на свет апошні з названых нарматыўных актаў, думаецца, і было прынята рашэнне аб штучным, алагічным пераносе святкавання дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь з 25 жніўня на 3 ліпеня. Такую механічную ператасоўку датаў святкавання можна яшчэ ў пэўнай ступені патлумачыць свядомай недаацэнкай высокім палітычным кіраўніцтвам краіны самога факту надання ёй статусу незалежнай. Мы добра ведаем, як яно насілася з крайне небяспечнай для беларускага народа ідэяй аб розных формах палітычнага аб'яднання іх маладой дзяржавы з выдатна спрактыкаваным у гэтай справе ўсходнім суседам. Каб не дапусціць росту прэстыжнасці ўласнай дзяржавы ў вачах яе законных гаспадароў-беларусаў, улады так адвольна і маніпулявалі з выбарам дня абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Палітыкам не ўдалося ўтаіць небяспеку такой гульні. Асабліва ўсё гэта вельмі добра ўяўлялі сабе нацыянальнай арыентацыі колы беларускага грамадства. Адстойванне свайго законнага права на суверэнную дзяржаву было альфай і амегай іх штодзённага жыцця. Затое прапанову маладога Прэзідэнта нашай краіны аб штучным, неправамерным перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь з 25 жніўня на 3 ліпеня падтрымалі амаль усе адарваныя ад нацыянальнай глебы дэпутаты. Супраць галасавалі толькі асобы цвёрдай нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці. Але іх было крайне мала. Заўважу, што ў сусветнай практыцы не заўсёды апраўдваецца навязванне волі бальшыні людзей тымі, хто знаходзіцца ў меншыні. Такога роду палітыкі, тэарэтыкі былі нават і ў самой царскай Расіі. Так, вядомы прагрэсіўны юрыст П.І. Новагародцаў у выдадзенай ім у 1909 годзе ў Маскве кнізе "Кризис современного правосознания" пісаў: "Если 99 принуждают к чему-либо одного, совершается не меншее нарушение справедливости, чем если один принуждает 99" (с. 225). Як усё гэта часта назіралася і назіраецца ў Беларусі!

Як і меркавалася многімі, 3 ліпеня 1997 года (у гэтым годзе яно адзначалася ўпершыню) не стала сапраўдным святам незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У ім мелася непараўнальна больш таго, што было характэрна для дадзенай даты, калі адзначаўся Дзень вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў. Дарэчы, такая з'ява была для спадобы і бальшыні палітыкаў, якія да канца не вызначыліся з тым, што ж рабіць далей з нацыянальным суверэнітэтам краіны. Адсутнасць належнай папулярнасці яго ў асяроддзі палітычнай эліты Рэспублікі Беларусь цешыла і Маскву, у якой было шмат праціўнікаў сапраўднай суверэнізацыі створаных на постсавецкай прасторы краін. Гэта толькі шмат гадоў пазней, калі палітычная эліта РБ, як след уцяміла, што лепш быць гаспадаром у невялікай хатцы, чым прыслугоўваць уладарам багатых харомаў, яна (эліта) пачала мяняць у лепшы бок сваё стаўленне да правядзення Дня незалежнасці. Ужо не першы год яно з'яўляецца галоўным для палітычнага кіраўніцтва краіны, у тым ліку і самога Прэзідэнта. Толькі вось нелагічна, насцярожвае, што ў святкаванні бяруць удзел і войскі Расійскай Федэрацыі.

Сёлета мы павінны адзначыць юбілейную гадавіну і яшчэ адной знакавай для Беларусі даты: 25-годдзе ад часу падпісання 8 снежня 1991 года ў Віскулях пагаднення аб спыненні існавання СССР. Пішу "знакавай" таму, бо каб такога не здарылася, не было б і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Вялікі мінус Віскулёў - гэта фармаванне нечуванага па колькасці высокааплатнага бюракратычнага чыноўніцкага апарату. Дый і карупцыянеры, галоўным чынам занятыя ва ўладных структурах, не так бы прывольна сябе адчувалі, на непараўнальна меншае зладзейства замахваліся б, і не была б іх такая процьма. Усё-такі вядомая за савецкім часам служба пад рускай абрэвіятурай ОБХСС куды эфектыўней змагалася з эканамічнымі злачынствамі, чым сёння назіраецца ў нас.

Вось такімі мне падаюцца 3 ліпеня і 25 жніўня. Дзяржава, грамадскасць не павінны абмінуць сваёй увагай і 7-8 снежня , на якія ў нас існуюць дыяметральна процілеглыя погляды, на што ёсць свае важкія прычыны.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар.


Навуковая вандроўка

18 лістапада 2016 года ў тэатральнай гасцёўні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбылася навукова-практычная канференцыя "Беларускі нацыянальны тэатр: традыцыі, пошук, эксперымент".

Арганізатарамі мерапрыемства былі: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. У канференцыі прынялі удзел 16 даследчыкаў.

З прывітальнымі словамі выступаў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Валеры Анісеенка.

Потым вельмі змястоўна распавядала доктар мастацтвазнаўства, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Катовіч. Яе даклад меў назву "Трылогія аб мастаках Віталя Баркоўскага ў Коласаўскім тэатры".

Перад прысутнымі вельмі цікава выступалі менскія даследчыцы кандыдыты навук: Наталля Валанцэвіч, Ксенія Дубоўская, Крысціна Смольская і Кацярына Яроміна. Даклад апошняў выклікаў бурныя спрэчкі і абмеркаванні. Мне вельмі спадабаўся даклад Ксеніі Дубоўскай.

У канферэнцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі тэатра: Андрэй Жыгур, магістр мастацтвазнаўства, мастак "коласаўцаў", а таксама тэатразнаўца і літаратурны рэдактар "коласаўцаў" Юрась Іваноўскі... Спадар Юрась вельмі цікава распавёў пра рэжысёрскія пошукі на Коласаўскай сцэне канца XX - пачатку XXI стагоддзя! Не абмінулі ўвагай канференцыю віцебскія архівісты - Аляксандр Бараноўскі распавёў пра жыццёвы і творчы шлях Зінаіды Канапелькі (1918-1997), а Святлана Мясаедава распавяла пра "Гісторыі партыйных чыстак 1929-1930 гадоў у БДТ-2"...

Не меньш цікава было паслухаць Ігара Падлівальчава, артыста, які атрымоўвае адукацыю рэжысёра, з новага драматычнага тэатра (г. Менск).

Малады даследчык з Менска, мастацкі кіраўнік навучальнага цэнтра сучасных мастацтваў, магістр мастацтвазнаўства Ўладзімір Галак распавёў пра "Сацыяльны тэатр у Рэспубліцы Беларусь". Удзельнікам канференцыі было зададзена шмат пытанняў.

Мерапрыемства ўпрыгожлі студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, будучыя загліты. Але я даведаўся, што публікуюцца яны толькі пакуль у інтэрнэце.

З заключным словам выступіў кіраўнік літаратурна - драматычнай часткі тэатра Алесь Замкоўскі. Наогул, усё было вельмі цікавым.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.


Бунтоўны дух мысляра

Я ведаю паэта Яўгена Гучка ўжо не адзін дзясятак гадоў. Чалавек ён чысцейшага сэрца, высокіх дум і парыванняў, неадступны і пранікнёны патрыёт сваёй роднай зямлі. Эрудыт, мысляр… А ў той жа час вочы бачаць, а душа не радуецца рэчаіснасці. І, назіраючы за ходам падзей у грамадскім жыцці, паэт-ваяр набыў скепсіс і паняверку... Таму з цікавасцю, не пазбаўленай, праўда, і зразумелай тут насцярогі, я прачытаў яго мастацка-публіцыстычны твор "Законы неба не адмяняюцца" (Нябесная Беларусь)", яго надрукавалі ў газеце "Наша слова" ў №№ 22 - 30 за чэрвень - ліпень 2016 г.

Форму ягонаму твору прыдае трохрадкоўе слупкоў, або змыслых строф, якія паэт узяў сабе на ўцеху, на ўзбраенне, адштурхнуўшыся ад японскага хоку, і не здраджвае аблюбаванаму прыёму, ладу, форме ад самага пачатку сваёй творчай біяграфіі. Па сутнасці выкладзенае ў яго паэме-эсэ, можна назваць яшчэ паэмай-маналогам, бадай што… Аўтар свядома выбраў жанр паэмы без сюжэту, а каб быў сюжэт ды былі дзеі-падзеі, вобразы, характары - яны самі па сабе ўжо разгортваліся б і завастралі цікавасць чытача.

Наватарства паэта, калі хочаце, у тым, што ён кінуў выклік класічнай паэме і замест сюжэту рызыкнуў падаць свой мыслярскі одум, набытак, клёк, афарбаваны аўтарскімі пачуццямі. І тут мы маем кіпенне пачуццяў замест сюжэту.

Пералічым раздзелы твора, якія ў пэўнай меры выяўляюць змест паэмы-эсэ. Зазначым, дарэчы: усе раздзелы працяты пякучым болем аўтара за краіну сваіх мар - Радзіму. Толькі ж гэты боль і гняце, і ўзвышае, бо за ім - бачанне Нябеснай Беларусі. Праўда, гэта адзіны станоўчы і ўзвышаны вобраз, на якія відочна бракуе паэме.

Ну дык вось, шаноўныя чытачы, чытайма разам: 1. А хлеб духоўны - без чаргі. 2. Зямная (Беларусь, - Э.Я. ), яна на ахвярах трымаецца. 3. Бойся каўтуна ў галаве. 4. Ганьба сваім і чужым. 5. Хто мову Айчыны сваёй не пакінуў. 6. У небе, у самым небе. 7. Дык будзьма ж, як сонца! 8. Замест "Не бойся" - "Смялей!" 9. І сэрцы, і думкі, і воля… 10. Радзіма і Творца - вось жа ў гэтым усё.

Душа!

Што можа

ў неба ўзняць душа,

Калі не ў спаемстве

яна з жыццём беларуса?!

Бачачы паратунак (для годных таго паратунку) суайчыннікаў у міфічнай Нябеснай Беларусі як мары, аўтар тым не менш кліча да дзеі - стварыць, зрабіць, дасягнуць на роднай зямлі тоеснасці з той ідылічнай, нябеснай краінай. А пакуль што, да здзяйснення гэткай запаветнай мары яму і нам, грэшным, далёка, бо дух народа, ёй-ёй, - наш дух нямоцны. І ёсць горкая праўда, і ёсць аўтарскае папярэджванне ў наступных радках:

Янку Купалу забілі б і сёння,

Толькі ўжо не ў Маскве,

А ў Мінску.

У падобным сцвярджэнні, дарэчы, уся драма, калі не трагедыя нашага жыцця тут, на спрадвечнай зямлі беларускай. А вось вытокі бездухоўнасці, ліха на яе:

У каго няма айчыны на зямлі,

Сваю гаротнасць аніколькі

Ён не ўяўляе.


Сям'я без культу Айчыны

Зямной і нябеснай -

Пустая ячэйка.

У паэме "Законы неба не адмяняюцца" сказана шмат горкай і непамыснай праўды. Толькі ж, калі да сэнсу, ёсць там і спрэчныя альбо знарочыста грубыя радкі і, можа паказацца нават, што празмерна згушчаюцца невясёлыя фарбы. Нехта ахвотна залічыць аўтара ў апазіцыянеры. Дарэмна, аднак!..

Гучок - сам па сабе, і крытыка ў яго - падчас жорсткая крытыка ладу - распаўсюджваецца ва ўсе бакі, на сваіх і чужых, на ніякіх, адпетых, на грамадства ў цэлым, бо, людцы мілыя, набліжаецца катастрофа - гібель нацыі, і больш няма сумненняў - страты панясуць усе!

Тут прыгадваецца падобнае ж непрыняцце карціны жыцця і нягод у грамадзе ды горыч Васіля Цяпінскага ў сярэднявечча: "Хіба не кара божая - лад, што ўсталяваўся ў нас у доме?!"

Дык страты панясуць усе… і свядомыя, і несвядомыя грамадзяне, прычым разам з уладамі. І, калі шчыра, у мяне сёння ўзнікае парадаксальная думка: паэт Гучок у сваіх клопатах, верагодна, стаіць ужо бліжэй да ўладаў, чымся да апазіцыі, прынамсі, у разуменні неабходнасці павароту краіны да неадкладнага вырашэння нацыянальных пытанняў.

У галовах высокіх паволі і тым не менш абгрунтавана, натуральна і прыкметна адбываецца ледзьве азначаны тут паварот. Зрэдзь з'яўляюцца публікацыі ўладных людзей, у якіх трактуецца неабходнасць шанаваць сваю гісторыю, культуру, духоўныя і маральныя каштоўнасці, урэшце - мову, і гэтая задача бачыцца ўсеагульнаю, калі не сказаць, абавязковаю, для ўсіх. Па крайняй меры так, як гэта рабілася і робіцца ў іншых краінах, якія дасягнулі свайго развіцця. Прынамсі, падобная задача павінна аб'яднаць намаганні дзяржаўных структур і грамадства. У вырашэнні гэтай задачы - вышэйшы сэнс утворанага дзяржаўнага арганізму. Прычым, клопат пра дабрабыт народа не адмяняецца, а, наадварот, узмацняецца.

Жалю варта, але даводзіцца прызнаць, што піраміда палітычнай апазіцыі за апошнія 20 гадоў перакулілася, і кіраўнікі палітычных партый і рухаў, як чорт ладану, баяцца ўздымаць і вырашаць нацыянальныя пытанні на сваёй зямлі, а яшчэ больш - за яе межамі, у ЕС, да прыкладу… Разам з тым у Еўропе, па прычыне недалужных і прадузятых ліберальных стандартаў страчваюць людзі сваё аблічча, каларыт, ранейшы творчы дух. Нясуць страты народы і нацыі. Замест годнасці, досціпу, прыгажосці, велічы той ці іншай нацыі вядуцца бясконцыя размовы аб правах індывіда - чалавека, які разглядаецца ў адрыве ад сваёй зямлі, роду, радзіны. І тыя славутыя і развесістыя "правы чалавека" ўсё часцей парушаюцца, і раз-пораз гучаць тэракты. Западаючы ў бок аднаполых шлюбаў і дызарыентацыі грамадства, гібее выпеставаная стагоддзямі мараль.

Бароняць правы індывіда… Вось толькі ніхто нідзе не бароніць правы нацый на развіццё і трываласць, на самую іх будучыню, што, мусі-быць, не менш важна за абарону правоў пэўнай асобы. Нацыі ж заўжды вянчаюць развіццё духу чалавечага. Як, зрэшты, і творчасці. Матэрыяльнай і духоўнай. Таму яны - вянец чалавецтва. У іх - ягоная веліч, а не ў рассыпаным па планеце боб-гароху. І ўсё гэта карэлюецца з паэтычным творам Гучка.

Трывога, скруха, сум, абвостраны боль за сваю збэшчаную размаітымі акупантамі зямлю і дзяржаву не пакідае паэта. У душы часам складваецца ўражанне, што ён у сваёй трывозе і мораку самотны-самотны і неадкуль больш чакаць ні падтрымкі, ні радасці, уцехі. Гэта не можа не хваляваць яго. Адзінота, што праўда - сяброўка філосафа, мысляра. А на Беларусі тым часам мала беларусаў… і гэта ён засведчыў у сваёй паэме. Беларусы страчваюць свае пазіцыі. А ці ж так яно?..

Адзінота пасуе Богу

І таму, хто ўлюблёны

Ў Айчыну сваю.

А людзі? Каханне?

Бацькі і дзеці?

Культура, мастацтва

і падобнае іншае? Не

Радзіма і творца -

вось жа ў гэтым усё!

У размове з дасціпным паэтам і публіцыстам Я. Гучком, пасля таго, як была надрукаваная паэма "Законы нябёсаў не адмяняюцца", я зазначыў яму, што падобны твор зацікавіць далёка не ўсіх чытачоў, не кожнаму ляжа на душу. Ён лёгка пагадзіўся і сказаў:

- Няхай і так. Я ж пісаў у разліку на падрыхтаваных, разумных ды цямных чытачоў. Буду чакаць, што скажуць людзі.

І апошняе, што мне застаецца дадаць, гэты твор Гучка патрабуе да сябе далікатнага і не перадузятага падыходу, яго лепш чытаць не ўвесь адразу, а паасобнымі дзялкамі, скажам, раздзеламі. Лягчэй засвойваецца. Дый, увогуле, браць мудрасці праз меру, упохапкі, таксама нягожа.

Васіль Якавенка, пісьменнік.


"І зорка гарыць, і не вяне вянок"

23 лістапада Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы арганізавала сустрэчу з самымі вядомымі творамі Максіма Багдановіча.

"І зорка гарыць, і не вяне вянок" - пад такой назвай прайшлі Лідскія літаратурна-музычныя зазімкі, падчас якіх радкі несмяротных і такіх любімых твораў беларускага класіка гучна і меладычна гучалі ў бібліятэцы.

Пачалася імпрэза з падвядзення вынікаў літаратурнага конкурсу "Чытаем разам Багдановіча". Сутнасць праекту заключалася ў тым, што канкурсанты чыталі любімыя вершы М. Багдановіча на камеру на фоне гістарычных помнікаў г. Ліды. Пераможцамі былі абвешчаны Алесь Хітрун - навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" з вершам "Як толькі закрыю я вочы", Габіс Марыя Іванаўна - настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА"СШ№ 12 г. Ліды" з вершам "Завіруха", Габіс Уладзіслаў - вучань 2 класа ДУА "СШ № 12 г. Ліды" з вершам "Возера", Міхно Маргарыта - 8 кл. Тарноўскай СШ з вершам "Пагоня", Курыла Людміла Тадэвушаўна - агр. Дворышча з вершам "Падымі ў гару сваё вока", Русецкі Іван Станіслававіч - лідскі паэт з санетам "Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі..."). Усе пераможцы атрымалі дыпломы і чыталі конкурсныя творы ўжо ў жывую, на залу, якая была запоўнена ў асноўным вучнямі трох класаў СШ № 1 г. Ліды.

Разам з канкурсантамі чыталі вершы М. Багдановіча, а таксама свае вершы і дзяліліся думкамі пра Багдановіча гарадзенскія пісьменнікі: старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, паэты Юрка Голуб і Рычард Бялячыц.

Паміж выступамі ішла дэманстрацыя песень на вершы М. Багдановіча ў выкананні ў асноўным "Песняроў".

Аднак жа і ўжывую прагучалі песні на словы Максіма ў выкананні Сяржука Чарняка. Першай была песня "Пісанка", напісаная і выкананая ўпершыню 35 гадоў назад на імпрэзе ў Гарадзенскім замку да 90-х угодкаў з дня нараджэння Багдановіча.

Затым пад кіраўніцтвам С. Чарняка ўся зала спявала "Зорку Венеру". І не блага спявала.

Чарговыя Лідскія зазімкі сталі знакавай падзеяй ў культурным жыцці г. Ліды. Але галоўнае, што да творчасці класіка беларускай літаратуры яшчэ раз дакрануліся маладыя лідзяне, і хоць нехта панясе з сабой несмяротныя радкі паэта, каб ніколі не забыць.

Яраслаў Грынкевіч.


Чытайма, ведайма і памятайма!

Пяцідзесяцігоддзе адзначыў вечарынай у музеі Максіма Багдановіча паэт, літаратурны даследчык, вядоўца "Вольнай студыі" на Радыё Свабода лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Міхась Скобла.

За мінулыя дзесяць гадоў ён зрабіў значны ўнёсак у літаратуразнаўства, уклаўшы кнігі эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш "Каб вы ведалі", "Лісты з Зэльвы", кнігу успамінаў "Духу магутныя чары", зборнікі пра Зоську Верас "Я помню ўсё", пра даследчыка беларускіх летапісаў Мікалая Улашчыка "Даць народу гісторыю" і іншыя. "Чытайма, ведайма і памятайма!" - такі дэвіз рупліўцы можна знайсці ў яго прадмове да тома ліставання Ларысы Геніюш.

Удзельнікі вечарыны дзяліліся ўражаннямі ад кніг М. Скоблы "Вечны Зніч" (1990), "Вочы Савы" (1994), "Нашэсце Поўні" (2000), літаратурных пародыяў "Розгі ў розніцу" (1993), зборніка вершаў для дзяцей "Камень-перунок" (1998), гістарычных нарысаў "Дзярэчынскі дыярыюш". Высокую адзнаку прыхільнікаў чытачоў і спецыялістаў атрымалі анталогіі беларускай паэзіі ХХ ст. "Краса і сіла" (2003) і сусветнай паэзіі ў беларускіх перакладах "Галасы з-за небакрая" (2008).

У межах сустрэчы былі прэзентаваныя дзве яго новыя кнігі. Зборнік вершаў "Камізэлька для месяца" пабачыў свет у бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў", а томік прозы ды эсэ "Саркафагі страху" выйшаў у серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У прэзентацыю былі ўключаны фотаздымкі М. Скоблы з Рыгорам Барадуліным, Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, з яго сябрамі і сям'ёй, а таксама на экране прайшлі выявы Л. Геніюш, З. Верас, М. Улашчыка, каб прысутнасць іх духу адчувалася ў зале.

- Пасля таго, як я падрыхтаваў іх кнігі ў выдавецтве "Лімарыус", найвыдатнейшыя дзеячы нашай гісторыі і культуры сталі мне як сваякі і сямейнікі. Без іх, я мабыць, не быў бы тым, кім я ёсць, - сказаў М. Скобла.

Сцэнар вечарыны юбіляр склаў так, каб прадставіць не толькі сваю творчасць, але і сваіх даўніх калег і сяброў, з якімі звязаны ў яго вандроўкі па ўсёй Беларусі.

Даследчык Слонімшчыны, Зэльвеншчыны, Дзятлаўшчыны і Беласточчыны, які выдаў 62 кнігі, Сяргей Чыгрын знайшоў і прачытаў студэнцкую паэму сябра. Гэта была першая кніжка Міхася, якую надрукаваў яго настаўнік у колькасці 5 асобнікаў. "Шануйце Бацькаўшчыну - маці і мову родную сваю!" было напісана яшчэ ў 1985 годзе.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч акрэсліў дасягненні ў літаратуры пакалення "Тутэйшых". Ён адзначыў велічнасць здзяйсненняў Міхася Скоблы, які заявіў пра сябе як літаратуразнавец, крытык, архівіст, але найперш як Паэт з вялікай літары. Вершы, якія ўвайшлі ў зборнік "Камізэлька для месяца", хрэстаматыйныя, іх будуць чытаць і цаніць. Саюз беларускіх пісьменікаў падрыхтаваў да юбілею М. Скоблы віншавальны адрас і выпусціў новы нумар часопіса "Дзеяслоў" з яго творамі.

50-годдзе Міхася Скоблы па часе і па змесце з'ядноўваецца з кампаніяй "Наша 500- годнасць". Бо з яго дапамогай узрастае і ўмацоўваецца цвердзь з кніг, якая служыць духоўнай абаронай нашага народа.

Міхась Уладзіміравіч Скобла нарадзіўся 23 лістапада 1966 годзе паблізу мястэчка Дзярэчын на Зэльвеншчыне. Паэт з удзячнасцю ўзгадаў сваіх бацькоў, дзеда, настаўніка Пятра Марціноўскага, родную Зэльвеншчыну. Сардэчныя словы пашаны ён выказаў прадстаўніку старэйшага пакалення - Анатолю Вярцінскаму. Мінулы тыдзень СБП прысвяціў менавіта Анатолю Іллічу.

- Мы з вамі пярэзімкі, - сказаў М. Скобла. - Так на Гарадзеншчыне называлі бычкоў, якія нарадзіліся перад зімой, а таму лічылася, што яны будуць больш трывалыя і здаровенькія. Можа, ў гэтым і ёсць сакрэт нашай працавітасці, і, спадзяюся, даўгалецця.

З віншаваннем выступіла рэдактар каталіцкага часопіса "Наша вера" Крыстына Аляксееўна Лялько. 18 эсэ Міхася Скоблы, уключаныя ў кнігу "Саркафагі страху", раней друкаваліся ў часопісе.

- На працягу многіх гадоў Міхась Скобла асвятляе "Нашу веру" сваім талентам. У гэтым годзе мы выдалі датэрмінова калядны нумар, у які ўвайшлі новыя паэтычныя здабыткі Міхася Скоблы, - паведаміла рэдактар выдання.

Паэт выказаў падзяку Таццяне Грыневіч-Матафонавай, разам з якой ён цягам двух апошніх гадоў удзельнічаў у літаратурных вечарынах у розных кутках краіны. Па яго словах, яна дапамагала яму ствараць духаўздымны настрой у грамадзе. З чытаннем вершаў і спевамі на вечарыне выступіла паэтка і спявачка з Гомеля Вальжына Цярэшчанка.

Сын Міхася Скоблы Вячка, вучань 23-цяй менскай гімназіі, прачытаў верш "Дзед" Ларысы Геніюш. Анатоль Вярцінскі ўручыў кветкі жонцы юбіляра Ларысе.

Паэтка і вядоўца тэатральных вечарын у менскай бібліятэцы імя Цёткі Аксана Спрынчан падзялілася ўспамінамі пра супрацоўніцтва з М. Скоблам. Яе муж Яраш Малішэўскі выканаў цудоўныя мелодыі на дудзе і саламяным пішчыку, а потым зачытаў шляхетнае пасланне ад іх творчай сям'і, стылізаванае пад старабеларускую мову.

Старшыня Гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка нагадаў пра ўпарты і мэтанакіраваны характар Міхася Скоблы, дзякуючы якому былі ўсталяваны мемарыяльныя дошкі Ларысе Геніюш і іншым гарадзенскім дзеячам культуры, рэалізаваныя шматлікія творчыя праекты. Павіншаваць спадара Міхася прыйшлі Юлія Якаўлеўна Бураўкіна і Алена Мікалаеўна Стральцова, Галіна Васільеўна Сіўчык, Анатоль Бутэвіч, Сяргей Шапран, Генадзь Вінярскі і іншыя, прыехалі сваякі з Зэльвы. На літаратурнай імпрэзе прагучалі вершы Ларысы Геніюш, Пімена Панчанкі, Міхася Скоблы, Анатоля Вярцінскага.

Нечакана сябры і калегі склалі юбіляру шмат падарункаў: ад шкарпэтак, звязаных матуляй, драўляных абярэгаў у выглядзе трох соваў да вышыванкі, гальштука і камізэлькі, што, напэўна, азначае шчаслівы шанец і добры лёс.

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Міхась Скобла на юбілейнай вечарыне. 2. Сяргей Чыгрын. 3. Крыстына Лялько. 4. Барыс Пятровіч. 5. Вальжына Цярэшчанка. 6. Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан. 7. Анатоль Вярцінскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX