Папярэдняя старонка: 2016

№ 50 (1305) 


Дадана: 13-12-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1305), 14 снежня 2016 г.


99 гадоў таму назад прайшоў Першы Ўсебеларускі Кангрэс

Першы Ўсебеларускі кангрэс - праводзіўся з 18 (5) снежня 1917 года ў Менску Вялікай беларускай радай. Паседжанні адбываліся ў перыяд 18-30 (5 - 17) снежня 1917 года з матэрыяльнай падтрымкай Народнага камісарыяту РСФСР. З'езд сабраў шматлікіх беларускіх палітычных дзеячоў, якія прадстаўлялі наступныя губерні: Менскую, Магілёўскую, Віцебскую, Смаленскую, Гарадзенскую. Таксама на з'езд прыбылі прадстаўнікі беларускамоўных паветаў Ковенскай і Віленскай губерняў.

Да 27 (14) снежня было зарэгістравана 1872 дэлегаты прычым 1167 з правам голасу, а 705 з дарадчым голасам. У большасці настаўнікі, вайскоўцы і чыноўнікі. Старшынём з'езду быў абраны кіраўнік Беларускай вайсковай рады Ян Серада.

Кангрэс ухваліў шэраг момантаў, між іншым абвясціў права беларускага народа на незалежнасць і самавызначэнне, а таксама прыняцце дэмакратычнай форму ўраду. Падчас паседжання можна было заўважыць розніцу ў палітычных поглядах паміж дэлегатамі з захаду і ўсходу Беларусі. І калі першыя казалі пра будзь-якую форму аўтаноміі альбо незалежнасць краіны, то другія бачылі будучыню Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расеі.

Кангрэс выбраў Раду Кангрэсу, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партыяў.

У ночы з 30 (17) снежня на 31 (18) снежня 1917 года будынак, у якім праходзіў Кангрэс быў атачоны бальшавіцкімі атрадамі. У зал паседжання ўвайшлі народны камісар ўнутраных справаў Рэзанскі разам з кіраўніком горада Міхаілам Крывашэіным і паведамілі пра роспуск з'езду і арышт прэзыдыюму. У залу ўрываюцца ўзброеныя салдаты Першага Менскага пяхотнага палка начале з прапаршчыка Рамнёвым. Прэзыдыюм акружаны. У зале распачынаецца пабудова барыкадаў, кулачныя баі. Аднак нягледзячы на гэта прэзыдыюм быў арыштаваны і накіраваны ў Савет народных камісараў, дэлегаты з'езду разагнаныя.

Рада Кангрэсу ўжо нелегальна сабралася на наступны дзень. Пайшлі палітычныя працэсы, якія закончыліся 25-м сакавіком.

Вікіпедыя.


220 гадоў з дня нараджэння Тамаша Зана

Тамаш ЗАН (21 снежня 1796, в. Мясата Ашмянскага павета Віленскай губерні, цяпер Маладзечанскі раён, Менская вобласць - 19 ліпеня 1855, маёнтак Кахачын за 39 км ад Оршы, Сенненскі павет, Магілёўская губерня) - удзельнік вызвольнага руху, даследнік прыроды, літаратар, музеязнавец, геолаг, даследнік прыродных багаццяў Урала. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, стваральнік таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазней у таварыства філарэтаў; сябар Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Кіраўнік першых рэвалюцыйных арганізацый на Беларусі і Літве. Адыграў значную ролю ў развіцці новага літаратурнага кірунку - рэвалюцыйнага рамантызму. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасць за адзін з найгалоўнейшых раздзелаў сваёй паэтычнай праграмы.

Бацька Тамаша - Караль Зан - атрымаў у спадчыну ўладанні ў Радашковічах. Удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і пасля яго здушэння вярнуўся дамоў, але з пачаткам рэпрэсій у дачыненні да паўстанцаў уцякае пад Каралявец. Воляй лёсу цяжарная жонка Кацярына з першым сынам Вінцэнтам застеацца ў вёсцы Мясаце, дзе 21 снежня 1796 года нарадзіўся Тамаш Зан.

Неўзабаве маці адвозіць юнага Тамаша да сваіх бацькоў у мястэчка Узда, дзе ўладкоўвае яго ў парафіяльную школу, аднак пасля смерці свайго дзеда разам з бабуляй ізноў вяртаецца ў Вязынь. Праз некалькі месяцаў, у 1807 годзе, разам з малодшым братам Ігнасем пасылаецца ў Менскую гімназію. Будучы гімназістам Тамаш належаў да ліку найбольш здатных вучняў. Таксама актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх зборах і забавах.

У 1815 годзе Тамаш Зан за ўласны кошт паступае на фізіка-матэматычны фалькутэт Віленскага ўніверсітэта і, каб мець сродкі на жыццё, працуе гувернёрам. Паралельна займаўся на літаратурным факультэце. У 1817 годзе Тамаш Зан становіцца адным з заснавальнікаў Таварыства філаматаў. У 1823 годзе арыштоўваецца царскімі ўладамі. За арганізацыю падпольных таварыстваў Тамаша Зана ў кастрычніку 1824 высылаюць у Арэнбургскую фартэцыю, адкуль яго вызваляюць 22 лістапада 1825 г.

У высылцы Тамаш Зан сустракае вядомага нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта. Пад яго ўздзеяннем паэт захапляецца вывучэннем геалогіі і батанікі. Праз некаторы час Тамашу даручаюць геалагічную выведку на шырокіх прасторах Прыўралля і ў Тургайскага стэпе. На Волзе, пад Самарай, ён адшукаў нафту, у Заўральскім стэпе - багатыя паклады золата, каля Троіцкай фартэцыі - медную руду... За свае адкрыцці ў 1837 г. атрымаў дазвол вярнуцца з высылкі...

Вікіпедыя.


75 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Дубінкі

Нарадзіўся Вячаслаў ДУБІНКА 17 снежня 1941 года. У 60-х гадах працаваў фотакарэспандэнтам любанскай, салігорскай і лагойскай раёнак. Пасля была праца ў рэспубліканскіх газетах "Звязда", "Чырвоная змена", у студыі "Фота і жыццё" Саюза журналістаў Беларусі, у рэстаўрацыйнай майстэрні Міністэрства культуры. З 1981 г. - у часопісе "Беларусь". Вячаслаў Дубінка быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза мастакоў Беларусі. Ён - аўтар фотанарысаў, фотаальбомаў, кніг публіцыстыкі і прозы.

Вячаслаў Дубінка адрадзіў ў Беларусі мастацтва выцінанкі. Таленавіты майстра называў свой улюбёны занятак выразаннем казак.

У сваім апошнім інтэрвію "ІК" у траўні 2010 года Вячаслаў Андрэевіч гаварыў пра тое, як шкадуе аб тым, што ў маладосці шмат растраціў жыццёвага запалу. "Хоць ты пачні жыццё спачатку. Але цягнік пагнаў за небакрай".

Кожны дзень, пачынаючы са світання, у Вячаслава Дубінкі адбывалася інтэрвію з самім сабой.

- Толькі суразмоўцы самыя розныя. І тыя, хто пайшоў з жыцця, кідаюць нязручныя пытанні, адказ на якія не знаходзіцца. Усе мы жывём, чакаючы дзіва, грошай, новай кватэры, чарговага свята, падарожжа ў дзівосную краіну…".

Вячаслаў Дубінка памёр 10 жніўня 2010 г. Яго энергіі і любові да жыцця маглі б пазайздросціць і маладыя.

Вікіпедыя.


95 гадоў з дня нараджэння

Сцяпана Хусейнавіча Александровіча

15 снежня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Хусейнавіча Александровіча . Беларускі краязнавец, пісьменнік і літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук (1972). Сябар Саюза пісьменнікаў СССР (з 1955).

Нарадзіўся ў Капылі ў сям'і беларускіх татараў. Пасля заканчэння школы паступіў на філфак БДУ (1939), правучыўся некалькі месяцаў і быў прызваны ў армію, з 20 год на фронце. У траўні 1942 г. цяжка параненым трапіў у нямецкі палон, з якога здолеў уцячы. Нягледзячы на хваробу лёгкіх уступіў у партызанскую брыгаду імя Чапаева, быў сувязным. Узнагарожданы ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, "Славы" III ступені і медалямі. Аўтар ваеннай аповесці "Далёкія зарніцы" (1967). Вельмі станоўчы водгук пра гэты твор даў Васіль Быкаў.

Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Наваельненскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна і ў Наваградку (1944-1953), у Менскім бібліятэчным тэхнікуме (1953-1958). Завочна закончыў універсітэт (1950) і аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю (1958).

Навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1958-1963), дацэнт (з 1963), прафесар кафедры беларускай літаратуры філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974 - 1986). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэме: "Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя" (1972). Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурную працу пачаў у 1946 г. з крытычных артыкулаў і краязнаўчых нарысаў. Выдаў: кнігі краязнаўчых і біяграфічных нарысаў "Незабыўнымі сцежкамі" (1959; 2-е, дапоўненае выданне 1962), "Па слядах паэтычнай легенды" (1965), "Тут зямля такая" (1974), "Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі" (1975); зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў "Старонкі братняй дружбы" (1960), "Гісторыя і сучаснасць" (1968), "Кнігі і людзі" (1976), "Слова - багацце" (1981); манаграфію "Пуцявіны роднага слова" (1971).

С. Александровіч першым напісаў мастацкую біяграфію Якуба Коласа. Аўтар аповесцей пра жыццё Якуба Коласа "Ад роднае зямлі..." (1962), "На шырокі прастор" (1972), "Крыжавыя дарогі" (1985).

Падрыхтаваў для выдання творчую спадчыну Ф. Багушэвіча ("Творы", 1967), А. Паўловіча ("Выбранае", 1975), Цёткі ("Творы", 1976), К. Каганца ("Творы", 1979).

Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (1964). Складальнік вучэбнага дапаможніка "Беларуская літаратура XIX - пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў" (з Вольгай Сцяпанаўнай Александровіч, 1978).

Артыкул пра С.Х. Александровіча змешчаны ў крыніцах на украінскай мове, дзе ён вылучаецца як даследчык беларускіх і ўкраінскіх літаратурных сувязяў, аўтар артыкулаў "Тарас Шаўчэнка і Беларусь" (1958) і інш.

Памёр 1 траўня 1986 г. у Менску, пакоіцца на Паўночных могілках.

Вікіпедыя.


Без павагі да сваіх грамадзян дзяржава не зможа выбрацца з крызісу

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім расказала "Беларускай праўдзе" пра адаптацыю на новым месцы працы, першы заробак, сітуацыю ў ТБМ і выказалася пра магчымы рэферэндум.

- Абуладкавала па мінімуму свой кабінет, але там халаднавата, таму патрэбны вентылятар. Замовіла, каб прывезлі, і ў панядзелак, спадзяюся, буду ўцяпляць свой пакой як мае быць.

- Вентылятар дзяржава дае ці за свой кошт куплялі?

- За свой, канешне. А што зробіш, калі няма цяпла.

Многае трэба набываць за свой кошт: канцылярскія тавары, тэчачкі, хочаш некага павіншаваць - паштоўкі за свой кошт, чыстую паперу таксама сваю прыношу. Дробязі, але яны даюць уяўляенне пра сам працэс.

Здаецца, я нармальна ўпісалася ў дэпутацкую працу; неверагодна цікавы занятак, які, аднак, займае вельмі шмат часу. Згадваю адно з выказванняў, якое з'явілася ў фэйсбуку пасля нашага з Канапацкай уваходу ў дэпутацкі корпус: "Дзяўчаты яшчэ не ведаюць, у якую сячкарню патрапілі". Спачатку было смешна, але цяпер разумею справядлівасць той заўвагі. Калі з самага пачатку атрымлівала допісы з рэгіёнаў, ці прымала людзей, якія гадамі не могуць вырашыць свае праблемы, то зараз усё больш і больш з'яўляецца праблем не лакальнага характару, а агульнага. Не далей як учора (2 снежня. - БП ) паступіў тэлефонны званок: калі нам вернуць уклады, якія абяцалі яшчэ ў 90-ыя гады? Пытанне ставіцца так: чаму, выдаючы крэдыт пад вельмі высокія працэнты (і блізка не тыя, пад якія бяруць грошы ў людзей), банк і дзяржава мае права канфіскаваць маёмасць, нават да апошняга цвіка? Чаму ж ніхто не нясе адказнасць за рабаўніцкія адносіны да ўкладчыкаў?

Пытанне больш за 20 гадоў вісіць у паветры. Але, з другога боку, гарантам вяртання савецкіх пазыкаў пасля распаду СССР на міжнародным узроўні выступала Расія. Толькі беларусы так і не атрымалі кампенсацыі. Мы ў саюзнай дзяржаве, у ЕАЭС, мы паўсюль-усюды, такія браты-сябры з Расіяй, аднак увесь час сутыкаемся з парушэннем правоў шараговых грамадзян.

Ці возьмем сіротаў, якія па законе маюць шматлікія прывілеі, прынамсі, права на жыллё. Але ў жыцці назіраеш настолькі несправядлівыя адносіны да гэтай катэгорыі людзей, што так і хочацца сказаць: ніякая Беларусь - не сацыяльная дзяржава, мы даўно адсунулі сацыяльныя праблемы ўбок, а іміджам "сацыяльнай дзяржавы" карыстаюцца зусім не сацыяльныя групы.

- Якое ўражанне зрабіў на вас першы заробак?

- На фоне сярэдняй зарплаты па краіне дэпутацкі заробак уражвае. Калі разглядаць яго з узроўню беларускіх цэнаў і нашага ўзроўню жыцця, то такім мусіць быць сярэдні заробак па краіне. Асабліва на фоне несупыннага росту цэнаў на прадукты, якія імкліва пайшлі ў рост пасля дэнамінацыі.

За лістапад мне налічылі 2129.93 рубля, на рукі я атрымала 1810.44 рубля.

Безумоўна, дэпутацкі заробак нашмат вышэйшы за зарплату прафесара, які толькі выкладае, ці навуковага супрацоўніка, які сядзіць выключна на голым акладзе - гэта каласальная розніца. Ідучы на выбары, мы не ведалі рэальны заробак у Палаце прадстаўнікоў, больш за тое, мы не мелі ніякіх спадзеваў стаць дэпутатамі, але пры тым заяўлялі, што дэпутацкі заробак мусіць адпавядаць сярэдняму заробку па краіне. Павышаецца сярэдні заробак - больш атрымлівае і дэпутат. Трэба думаць, як павышаць узровень жыцця ў Беларусі, бо сёння мы бачым толькі падзенне…

- Лукашэнка ўжо абяцаў вярнуць сярэдні заробак да 500 долараў у 2017 годзе.

- Пытанне палягае яшчэ і ў эфектыўнасці расходавання бюджэтных сродкаў.

Але ў асобную тэму хацелася выдзеліць тэму модных сёння інвестыцый. Ці гатовыя мы да прыходу інвестыцый? У плане заканадаўства, у плане адказнасці і, у рэшце рэшт, што мы маем сёння. На вялікі жаль, мы надзвычай дрэнна абыходзімся з унутранымі інвестыцыямі. Калі б мы ставіліся паважна да сваіх грамадзян, якія ўжо сваімі падаткамі, працай, інтэлектам з'яўляюцца інвестарамі ў сваю краіну, то маглі б жыць зусім у іншай дзяржаве. Без павагі да сваіх грамадзян, без увагі да іхніх клопатаў, мы не прарвёмся. Колькі разоў бывала: людзі збіралі сродкі на рашэнне нейкай праблемы, прымаліся рашэнні на карысць грамадзян, але грошы праз нейкі час знікалі. Дзе аселі гэтыя інвестыцыі (ці нехта катэдж пабудаваў, ці іншыя людзі скарысталіся гэтым капіталам) - невядома. Такія адносіны ставяць пад пагрозу любыя інвестыцыі.

Больш за тое, трэба мець дакладнае ўяўленне - куды пойдуць інвестыцыі. Зараз выдзелілі мільён долараў на веладарожку. Я паважаю спорт, людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця. Але, даруйце, у нас няма іншых прыярытэтаў? У нас няма сіротаў, інвалідаў, якія маюць патрэбы ў першачарговай падтрымцы дзяржавы?

- Адносіны дзяржавы да грамадзян можна характарызаваць адным сказам: страціў працу - плаці падатак на тунеядства. Як жа змяніць стаўлене дзяржавы да грамадзян?

- Безумоўна, ёсць частка грамадзян, якая свядома не плоціць падаткі. Але большая частка беспрацоўных, асабліва ў рэгіёнах, проста не могуць знайсці працу, а беспрацоўе расце. Каб змяніць сітуацыю, трэба стварыць праграму развіцця кожнага раёна, якая б улічвала канкрэтныя магчымасці, людскія рэсурсы, разуменне і жаданне ўкладаць у чалавечы капітал. Я папярэдне дамовілася сабраць маладых людзей Стаўбцоўскага раёна, каб яны выказаліся - якім бачаць свой раён і горад, яго развіццё. Каб рэгіён стаў прывабны для маладых людзей.

- Якія ініцыятывы вы гатовыя выносіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў?

- Найперш трэба дабіцца, каб запрацаваў Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Мы плануем распрацаваць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, мадыфікаваць яго і тэхнічна дапрацаваць, каб прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў. Адпаведны законапраект апублікаваны ў "Нашым слове" ў 2012 годзе, але яго трэба давесці да ладу і запусціць у працу.

- А памочнікамі ўжо абзавяліся?

- На сталай аснове працуе толькі адзін памочнік, яшчэ двое, мясцовыя жыхары, працуюць у Гарадзеі і Коласаве.

- Алега Трусава не ўзялі ў сваю каманду?

- Алег Анатольевіч - самы першы мой дарадца па той простай прычыне, што мы разам ішлі і на выбары, нас аб'ядноўвае ТБМ, якое мы ніяк не можам ігнараваць. А самае галоўнае - Трусаў мае вялікі дэпутацкі досвед. Ён мой першы дарадца, але я не маю права загружаць яго, таму што Трусаў вельмі заняты чалавек, шмат выкладае ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Да таго ж ён зараз піша доктарскую дысертацыю.

- Трусаў аб'явіў, што ў 2017 годзе сыходзіць з пасады старшыні ТБМ. Не плануеце вылучацца на пасаду старшыні ТБМ?

- Калі сур'ёзна працаваць дэпутатам (а несур'ёзна я не магу), цягнуць яшчэ і арганізацыю - вельмі складана. Наша арганізацыя вылучаецца з шэрагу ўсіх астатніх грамадскіх структур: 6500 сяброў, 52 структуры ў гарадах, райцэнтрах, суполкі ў школах. Такой махінай кіраваць адной левай, прабачце, не атрымаецца. Каб сур'ёзна займацца справамі арганізацыі, тым больш на валанцёрскіх пачатках, трэба вельмі многа часу.

Да з'езду я працую як першы намеснік старшыні ТБМ, а значыць, ахвярую на арганізацыю і свой час, і свае сілы. Я мяркую, што абранне старшыні Таварыства пройдзе на альтэрнатыўнай аснове. Кожны прэтэндэнт мусіць разумець: сёння ТБМ не мае дзяржаўнай падтрымкі ні ў выглядзе льготаў на арэнду памяшкання, ні ў выглядзе іншай дапамогі. Арганізацыяй працы таварыства, аплатай камунальных паслуг, арэнды давядзецца займацца, канешне, старшыні. Калі чалавек ведае, што ў месяц за арэнду сядзібы ТБМ трэба знайсці каля тысячы ўмоўных адзінак, то мусіць мець і адказ: а дзе ж іх браць. Бо адзіны наш даход - сяброўскія складкі і ахвяраванні.

А я штомесяц са свайго дэпутацкага заробку пералічваю 100 рублёў на арэнду сядзібы.

- У Беларусі - эканамічны крызіс, на беларускай мяжы стаяць расійскія войскі - мора праблем агульнадзяржаўнага маштабу. У такой надзвычайнай сітуацыі Палаты прадстаўнікоў не чуваць і не бачна. Ці тымі справамі займаецца ніжняя палата?

- Парламент найперш мусіць займацца тым, што хвалюе людзей, выконваць тыя наказы, якія маюць ад сваіх выбаршчыкаў. Вялікую палітыку праводзяць дзяржаўныя асобы, якія атрымліваюць за гэта заробак. Таму пытанне пра расійскія войскі на мяжы, пра ўзровень жыцця трэба адрасаваць найперш Савету міністраў. Іншая справа, што і дэпутатыі на пленарных паседжаннях, падчас сустрэчаў з міністрамі мусяць задаваць актуальныя для грамадства пытанні.

- Што гавораць дэпутаты пра магчымы рэферэндум?

- Асаблівых размоў я не чула. Выкажу сваю думку: я катэгарычна супраць любых рэферэндумаў, якія вядуць толькі да марнатраўства дзяржаўных грошай. Нам трэба мацаваць сваю краіну праз вырашэнне сацыяльна-эканамічных пытанняў з мэтай палепшыць жыццё, а праводзіць рэферэндум па надуманых неактуальных пытаннях - гэта значыць пераключаць увагу людзей на рэчы, якія можна разглядзець пры неабходнасці і праз дзесяць гадоў.

"Беларуская праўда".


Палата прадстаўнікоў у русіфікацыі не вінаватая, яна прымае законы на той мове, на якой паступаюць законапраекты

Старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ваш зварот разгледжаны ў пастаянных камісіях Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, па адукацыі, культуры і навуцы, па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце і Галоўным экспертна-прававым упраўленні Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з артыкуламі 17 і 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы, і кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін.

Аналагічныя нормы замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Да таго ж гэтым Законам урэгуляваны пытанні развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, а таксама пытанні аховы правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў гэтай сферы.

Улічваючы гэта і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у артыкуле 77 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь" і артыкуле 57 Рэгламенту Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прадугледжана магчымасць правядзення пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў як на рускай, так і на беларускай мове.

У Палату прадстаўнікоў праекты законаў і іншыя пытанні ўносяцца як на рускай, так і на беларускай мове, а разглядаюцца і прымаюцца на той дзяржаўнай мове, на якой яны ўнесены ў Палату прадстаўнікоў.

Разам з тым дэпутат Палаты прадстаўнікоў пры разглядзе пытання на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў можа выступаць на любой з дзвюх дзяржаўных моў.

Такія падыходы, на наш погляд, адпавядаюць прынцыпу роўнасці дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларўсь, замацаванаму Асноўным Законам Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

Праекты законаў уносяцца суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы ў Палату прадстаўнікоў на беларускай і (або) рускай мовах (частка першая артыкула 50 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь").

Такім чынам, выбар дзяржаўнай мовы, на якой афармляюцца законапраект і суправаджальныя да яго дакументы, - гэта прэрагатыва адпаведнага суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы, які ўносіць законапраект у Палату прадстаўнікоў.

Пры гэтым, на нашу думку, пры прыняцці палатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь усіх законапраектаў адразу на дзвюх дзяржаўных мовах могуць з'явіцца арганізацыйныя складанасці - неабходнасць дубліравання пакета суправаджальных дакументаў да законапраекту, а таксама рад працэдурных пытанняў (на якой мове ўносіць папраўкі ў праект закона, як ажыццяўляць іх пераклад на другую дзяржаўную мову, як ставіць на галасаванне праект закона і папраўкі да яго і якія наступствы таго, што па выніках галасавання адзін з тэкстаў не набраў неабходнай колькасці галасоў або адзін з тэкстаў прыняты, а другі адхілены, які тэкст браць за аснову ў выпадку выяўлення разыходжання сэнсавага значэння іх асобных палажэнняў і іншыя).

Разам з тым не знаходзім перашкод для пашырэння практыкі ўнясення законапраектаў у Палату прадстаўнікоў на беларускай мове.

Адносна прапановы інфармавання аб дзейнасці дэпутатаў у пастаяннай тэлевізійнай перадачы паведамляем, што ў мэтах забеспячэння адкрытасці парламенцкага працэсу дэпутацкі корпус актыўна ўзаемадзейнічае са сродкамі масавай інфармацыі. Арганізуецца асвятленне ўсіх пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў, сумесных пасяджэнняў палат Парламента, мерапрыемстваў з удзелам кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, пасяджэнняў пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў, рэалізацыі праграмы міжнароднага і міжпарламенцкага супрацоўніцтва, вывучэння практыкі прымянення заканадаўства, іншых значных грамадска-палітычных мерапрыемстваў.

Для інфармавання насельніцтва аб працы дэпутацкага корпуса ў выбарчых акругах шырока выкарыстоўваецца трыбуна рэгіянальнага тэле- і радыёвяшчання, шматтыражных раённых і ведамасных друкаваных выданняў.

Дэпутаты з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі такіх грамадска-палітычных тэлепраграм, як "Форум" (тэлеканал "Беларусь - 1"), "Справа прынцыпу" (Другі нацыянальны тэлеканал), "Што адбываецца" (тэлеканал "РТР-Беларусь").

Аператыўнае інфармаванне грамадскасці аб працы Палаты прадстаўнікоў забяспечваюць афіцыйны інтэрнэт-сайт Палаты прадстаўнікоў (www.house.gov.by) і персанальныя сайты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў плануе і ў далейшым працаваць над удасканаленнем працэсу асвятлення дзейнасці дэпутацкага корпуса.

З павагай,

Старшыня камісіі па заканадаўстве Н.В. Гуйвік.


Што я хацеў сказаць на паседжанні Рады 27 лістапада 2016 г.

У парадку дня першым пытаннем была "Інфармацыя аб удзеле ТБМ у парламенцкіх выбарах у 2016 годзе". Намеснік старшыні ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім зачытала справаздачу аб выніках выбарчай кампаніі. Адказала на пытанні. Маё пытанне: ці былі ў яе думкі давесці грамадскасці інфармацыю аб заробках дэпутатаў, якую абнародавала дэпутат Ганна Канапацкая, каб умацаваць аўтарытэт дэпутата ад ТБМ, выклікала абурэнне з боку сябра Рады ад акадэміі навук і было маўчаннем падтрымана сябрамі Рады. Таму прашу рэдакцыю "Нашага слова" надрукаваць тэзізна тое, што было мной абдумана пры падрыхтоўцы да паседжання.

ТРЭБА ЗМЯНІЦЬ ТРЭНД стратэгічнай і тактычнай дзейнасці кіраўніцтву ТБМ. У "Нашым слове" старшыня давёў нам, што ён і намесніца рыхтаваліся тры гады для прыходу ў Палату прадстаўнікоў. Сапраўды кіраўніцтва ТБМ апошнія гады "гуляла" па полі ўлады і па яе правілах. У нармальных умовах гэта нармальна. Але ж мы працуем у ненармальных умовах функцыянавання беларускай мовы. І ў гэтай сітуацыі кіраўніцтвам ТБМ рабілася ўсё, каб падабацца ўладам. Фактычна мы спрыяем кансервацыі трагічнага стану беларускай мовы і культуры. Не трэба падманвацца, пакуль не вернем закон "Аб мовах" 26 студзеня 1990 года, падкінутая "ціхая беларусізацыя" ёсць спосаб спускання пары ў грамадстве. На самай справе уладай распрацавана стратэгія канчатковага знішчэння беларускай мовы, нацыянальнай культуры, якая агрэсіўна рэалізуецца ўжо два дзесяцігоддзі. На нашых вачах у паўсядзённым жыцці ідзе дэгрэдацыя нацыянальнай свядомасці беларусаў, а без яе, як снежная баба ў адлігу, знікае суверэнная дзяржаўнасць Беларусі. У гэтых архітрагічных, лёсавызначальных умовах ТБМ павінна змяніць стратэгічны трэнд з пасіўнага на актыўны-асветніцкі-абарончы.

А што маем фактычна? Тут да месца прывесці падмуркавыя пасылы кіраўніцтва ТБМ: "Цяперашняе стаўленне да мовы - гэта проста цуд"; "Цяпер мы жывём проста ў ідэальных умовах" (НС №37, 14.09.16 г.). За апошнія гады відавочна ўсыханне дзейнасці ТБМ.

Люстэркам гэтага ёсць ганебна-смешны тыраж газеты "Наша слова". Проста дзіва: старшыня ТБМ назваў апошнюю лічбу 6500 - гэта колькасць сяброў ТБМ, а тыраж газеты - кругленькія аж 700 асобнікаў (НС № 41, 12.10.16. г.). А ў двухміліённым Менску сталічная Рада разам з Сакратарыятам ТБМ знайшлі аж 211 падпісчыкаў!? На 9478 жыхароў сталіцы - адзін падпісчык.

Кіраўніцтва лічыць, што "галоўная звышзадача зараз ёсць прыняццё закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" (НС, № № 40, 48). Каб нешта падтрымліваць, яго трэба мець. Рубам трэба ставіць пытанне аб адзінай дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь.

Праблема беларускамоўнага нацыянальнага ўніверсітэта ў сваёй аснове правільная і лёсавызначальная. Аднак яна патрабуе не карпаратыўнага вырашэння, а шырокага і глыбокапрафесійнага абмеркавання. Ёсць другі, а лепш казаць, паралельны варыянт. Мяркую, гаворку трэба весці адначасова аб наданні такога статусу галоўнаму педуніверсітэту - Педагагічнаму ўніверсітэту імя М. Танка. Практычна ўсе праблемы на ніве адукацыі вырашае яго вялікасць НАСТАЎНІК. Ён ёсць падмурак усёй адукацыйнай піраміды.

Прачытаны на Радзе і надрукаваны ў НС № 48 выступ першага намесніка старшыні ТБМ, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім кліча дадаць да вышэй сказанага сумесна распрацаваныя з прафесарам Лявонам Лычом прапановы дэпутатам і накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў, гэты тэкст ідзе ніжэй:

"З мэтай спынення этнанацыду беларускага народа (выключаная з грамадскага жыцця беларуская мова, амаль поўная адсутнасць беларускамоўнай адукацыі, і ў значнай ступені нацыянальная культура), забеспячэння рэальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь дэпутатам Палаты прадстаўнікоў неабходна:

а) аднавіць дзейнасць гістарычных законаў, прынятых дэпутатамі Беларусі (сярод іх колькасна пераважалі камуністы!) да ўсталявання ў ёй прэзідэнцкай сістэмы кіравання: Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі "Аб мовах у Беларускай ССР" (26 студзеня 1990 года), Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР "Аб парадку ўвядзення ў дзеянне закона Беларускай СССР "Аб мовах у Беларускай ССР" (26 студзеня 1990 года) і Закон "Аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі Беларускай ССР"(26 студзеня 1990 года);

б) альбо паставіць на абмеркаванне і прыняць у бліжэйшы час новы Закон аб адзінай дзяржаўнай мове - беларускай. У Расійскай Федэрацыі, ва ўсіх створаных на постсавецкай прасторы краінах дзяржаўнай мовай з'яўляецца толькі мова карэннага этнасу. Навошта ж Рэспубліцы Беларусь быць белай варонай сярод краін СНД? Памятайма: Закон "Аб мовах" у БССР і Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР прынялі вельмі аўтарытэтныя людзі - дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, сярод якіх было нямала і цвёрдых інтэрнацыяналістычных поглядаў камуністаў, занятых на самых высокіх пасадах у ЦК КПБ, Савеце міністраў БССР. Дык будзьце, глыбокапаважаныя абраннікі, годнымі сваіх папярэднікаў!;

в) паважайце сябе і сапраўднага гаспадара нашай зямлі - беларускі народ - праводзьце паседжанні Палаты прадстаўнікоў на роднай беларускай мове - першай дзяржаўнай па дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на мове, адпаведнай назвам тытульнай нацыі і яе дзяржавы, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, створаных на развалінах СССР; шануйце сваю прыродную мову так, як блізкі нам рускі народ;

г) прыміце заканадаўчы акт аб стварэнні ўласнага тэлеканала Палаты прадстаўнікоў ці вызначыце (гэта ваша кампетэнцыя) хоць бы гадзіны для трансляцыі паседжанняў на існых тэлеканалах, - каб павысіць аўтарытэт улады, выхаваць у народа любоў да дэпутатаў, а праз вас і да палітычнай сістэмы ў цэлым. У выніку інфармацыйнай ізаляцыі дзейнасці Палаты прадстаўнікоў народ амаль нічога не ведае пра Вас. Вы як бы ёсць, і Вас нібыта няма ў грамадскім, палітычным жыцці Беларусі. Не існуе ніякай патрэбы працягваць дэпутацкую дзейнасць "у тумане";

д) нам, як кісларод, патрэбен салідны навукова-тэарэтычны часопіс, дзе б з пазіцый карэнных беларускіх інтарэсаў рэгулярна асвятляліся самыя надзённыя пытанні з нацыянальнага жыцця краіны. Далей ніяк нельга трымаць народ у поўным недасведчанні, што яго чакае пры панаванні ў яго родным доме чужых культурна-моўных каштоўнасцяў. Назва часопіса можа быць (прапанова для разгляду): "Праблемы захавання этнакультурнай самабытнасці беларускай нацыі";

ж) у зносінах з людзьмі рашуча неабходна адрачыся ад неадпаведнага ісціне выразу: "У нас афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе", бо на працягу ўсіх гадоў функцыянавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання ў нас у афіцыйным жыцці выкарыстоўваецца толькі руская мова. Яе трэба паслядоўна замяняць беларускай, пераканаўча тлумачачы народу, што гэта робіцца дзеля таго, каб ён не страціў свайго нацыянальнага аблічча, быў самім сабой;

з) адкінуць усе думкі пра хоць якое палітычнае аб'яднанне з Расіяй, да чаго мы зусім не гатовыя ў этнакультурным плане. Нам як мінімум трэба ў дзясяткі разоў узмацніць нацыянальны патэнцыял жыццядзейнасці беларусаў, трансфармаваўшы ў першую чаргу іх родную беларускую мову з папяровай у фактычна дзяржаўную;

і) старшыня Палаты прадстаўнікоў павінен нарэшце пераадолець страх ці нерашучасць і, як трэцяя асоба ў краіне, публічна праз СМІ перыядычна ўступаць у кантакт з народам на яго роднай беларускай мове па ўсіх надзённых праблемах сучаснага жыцця, асабліва па тых з іх, што маюць прамое дачыненне да захавання беларускай культурна-моўнай ідэнтычнасці;

к) паверце, не можа быць належнага аўтарытэту, высокай павагі да Вас пры існым неапраўдана вялікім разрыве паміж зарплатай і пенсіяй дэпутатаў і іх выбарцаў? Як тут быць палітыку - апошняе слова за Вамі".

Мікола Савіцкі, прафесар, сябар Рады ТБМ.


IN MEMORIAM

Настаўнік з вялікай літары

Не стала Уладзіміра Дзіско , выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, які ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Беларускаму Слову.

Калі на пачатку 90-х гадоў у мяне і маіх калег, дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, з'явілася магчымасць паспрыяць адраджэнню беларускай школы ў нашай краіне, наш разлік быў просты. У БССР тады працавала больш за дзесяць тысяч настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Калі б кожны з іх актыўна ўключыўся ў беларусізацыю нашай адукацыі, ужо праз тры-чаты-ры гады вынікі гэтага працэсу былі б адчувальныя. На жаль, такіх педагогаў аказалася выразная меншасць: сярод выпускнікоў беларускіх аддзяленняў філалагічных аддзяленняў універсітэтаў людзей, не прыхільных да беларушчыны, я асабіста сустракаў нават больш, чым сярод выпускнікоў "рускіх" аддзяленняў. На шчасце, у нашай сістэме адукацыі былі ўсё ж такія людзі, як Уладзімір Антонавіч Дзіско.

Нарадзіўся будучы педагог 6 верасня 1936 года ў вёсцы Брольнікі Наваградскага ваяводства тагачаснай Другой Рэчы Паспалітай. У гады гітлераўскай акупацыі хлопчыку Валодзю давялося перажыць нямала: расстрэл мясцовых рамеснікаў-габрэяў, адпраўку ў Нямеччыну на прымусовыя працы старэйшых аднавяскоўцаў, сярод якіх была і яго стрыечная сястра Вольга… Толькі цуд выратаваў Валодзю і яго бацьку Антона Аляксандравіча, калі аднаго разу карнікі ўварваліся ў вёску, шукаючы партызан, сярод якіх былі і іх сваякі. Валодзева маці была арыштаваная, і толькі высілкамі яе старэйшай сястры (якая аддала ў якасці хабару свой заручальны пярсцёнак наваградскаму каменданту) яе ўдалося вызваліць. Каб узнавіць разрабаваную фашыстамі гаспадарку, сям'і Дзіско давялося звяртацца па дапамогу да спагадлівых суседзяў.

У школу Валодзя пайшоў пераросткам, і ўсё жыццё з удзячнасцю ўзгадваў сваіх першых настаўнікаў - Аляксандра Лазарэвіча, Ганну Кіклевіч, а таксама Валянціну Лістападаву, якая, прыехаўшы з Расіі, за некалькі месяцаў засвоіла беларускую мову і паспяхова выкладала на ёй… Сам Уладзімір Дзіско вучыўся на "выдатна" і ў 1952 г. абраў прафесію педагога - паступіў у Наваградскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога падаў дакументы ў Менскі педінстытут імя Максіма Горкага. Тут сярод яго сяброў-аднакашнікаў былі не абыякія асобы - напрыклад, будучы гісторык і краязнавец Анатоль Валахановіч (які, на жаль, таксама зусім нядаўна пайшоў з жыцця) або будучы паэт Раман Тармола-Мірскі... З 1961 года і да пачатку цяжкой хваробы, у студзені года гэтага, Уладзімір Дзіско прысвяціў сябе працы настаўніка беларускай мовы і літаратуры, педагога-метадыста і арганізатара. З захапленнем яго педагагічны талент узгадвалі і ўзгадваюць шматлікія выпускнікі Аршанскага педагагічнага каледжа, Беларускага гуманітарнага ліцэя. Колішняя вучаніца апошняга, цяпер выкладчыца міжнароднага каледжа ў баснійскім Мостары Настасся Рудак пісала: "Уладзімір Антонавіч быў першы настаўнік, які пастаянна падтрымліваў мае памкненні дасканала засвоіць мову не толькі сваімі неацэннымі высілкамі як педагог, але і ўласным прыкладам у любых жыццёвых сітуацыях. Таму пасля двух гадоў навучання ў ліцэі, падчас якіх, дарэчы, я даведалася больш, чым за ўсе папярэднія школьныя гады, я атрымала найвышэйшую адзнаку…"

У 1980 годзе лёс Уладзіміра Дзіско крута памяняўся: ён пераехаў у Менск, дзе яго запрасілі працаваць у Рэспубліканскім вучэбна-метадычным кабінеце пры міністэрстве асветы БССР. Цяжка нават пералічыць, колькі ўсяго зрабіў ён асабіста, каб падтрымаць творча працуючых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, колькі разнастайных метадычных напрацовак ён падрыхтаваў разам са сваімі калегамі! Уладзімір Антонавіч шчырай душой падтрымаў абвяшчэнне незалежнасці краіны, нават уступіў у Беларускі народны фронт. Першае пакаленне падручнікаў па беларускай літаратуры і мове ў Рэспубліцы Беларусь выходзіла пад яго непасрэднай апекай, дый сам ён удзельнічаў у падрыхтоўцы дапаможнікаў па беларускай літаратуры, больш за дзясятак зборнікаў экзаменацыйных матэрыялаў для 9-х і 11-х класаў. На працягу 27 (!) гадоў Уладзімір Дзіско быў нязменным сакратаром рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове для школьнікаў.

У 1997 годзе пасля чарговай змены кіраўніцтва ў Інстытуце адукацыі з ініцыятывы новай улады Уладзімір Дзіско быў звольнены з тагачаснага Навукова-метадычнага цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання. Дарога яго прывяла ў Беларускі гуманітарны ліцэй, дзе ён стаў выкладчыкам беларускай мовы. Усе гады працы ў ліцэі Уладзімір Антонавіч быў узорам прафесіяналізму і бездакорнай адказнасці: немагчыма было сабе ўявіць, каб ён нешта своечасова не выканаў, недзе ў нечым не дапрацаваў. Калі ліцэй намаганнямі цяперашняй улады быў пазбаўлены афіцыйнага статусу, ён застаўся верны ліцэістам і іх бацькам: рэгулярна, нягледзячы на немаладыя ногі, праблемы з сэрцам, дабіраўся на заняткі і - аніколі не спазняўся!

Калі праз год пасля афіцыйнага закрыцця ліцэя ў Менск прыехаў здымаць фільм (які атрымаў потым назву "Партызанская школа") беластоцкі тэлежурналіст Юрый Каліна, ён зрабіў Уладзіміра Дзіско фактычна адным з самых галоўных герояў гэтага фільма…

Варта адзначыць яго надзвычайную ўважлівасць і далікатнасць. Не было выпадку, каб ён забыўся павіншаваць каго-небудзь з калег з днём нараджэння, з іншымі важнымі падзеямі ў жыцці… Звычайна Уладзімір Антонавіч пісаў вершаваныя віншаванні. Наогул, усё сваё жыццё ён памалу пісаў - і паэзію, і прозу. Да васьмідзесяцігоддзя з дня нараджэння сёлета калегі-педагогі ў складчыну прафінансавалі выданне выбраных твораў Уладзіміра Дзіско, што - з прадмовай вышэйзгаданага Анатоля Валахановіча - выйшлі ў адным з менскіх прыватных выдавецтваў пад назвай "Хвіліны радасці і смутку".

У пачатку гэтага года, калі Уладзімір Дзіско ужо не змог далей праводзіць заняткі ў ліцэі (страціў магчымасць размаўляць), ягоны фактычны педагагічны стаж складаў 63 з паловай гады! На мой погляд, гэты факт заслугоўвае ўнясення ў любыя кнігі рэкордаў, але галоўнае іншае: жыццёвы шлях Уладзіміра Антонавіча Дзіско - прыклад таго, як можна, не прыцягваючы залішняй увагі да сябе, рабіць справу свайго жыцця.

Уладзімір Дзіско ад самага пачатку і да апошніх дзён свайго жыцця быў нязменным падпісчыкам "Народнай волі". Калі мы з калегамі завітвалі да яго, ужо моцна хворага, дадому, ён увесь час паказваў мне і мае публікацыі, і іншыя артыкулы, якія прыцягнулі яго асаблівую ўвагу ў газеце. Уладзімір Дзіско вельмі перажываў за тое, што адбываецца ў краіне; на жаль, нямала здароўя адабралі ў яго антыбеларускія дзеянні тых, хто стаіць ва ўладзе…

Застаецца верыць, што такія людзі, як ён, усё ж такі пражылі сваё жыццё недарма і што вучні і вучні вучняў гэтага сціплага працаўніка на ніве беларускай справы яшчэ скажуць сваё слова ў будучай Беларусі.

Лявон Баршчэўскі.


Памёр Якаў Радына

10 снежня ў Менску пахавалі Якава Радыну - беларускамоўнага матэматыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яму было 70 гадоў. Анкалогія.

Ён быў родам з вёскі Брылькі Валожынскага раёна.

У 1969 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і пачаў там працаваць. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю "Да тэорыі лінейных ураўненняў у тапалагічных вектарных прасторах". У 1987 годзе - доктарскую дысертацыю "Экспаненцыяльныя вектары і дыферэнцыяльныя ўраўненні". З 1975 года - загадчык кафедры функцыянальнага аналізу БДУ.

Радына распрацаваў якасную тэорыю лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з рэгулятарнымі аператарамі ў лакальна-выпуклых прасторах. Увёў паняцце вектара экспаненцыяльнага тыпу і на яго аснове пабудаваў функцыянальны падлік, які ўжываецца пры даследаванні дыферэнцыяльных і дыферэнцыяльна-аператарных ураўненнях. Пабудаваў (разам з А. Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый (мнемафункцый).

Быў навуковым рэдактарам першага ў Беларусі "Руска-беларускага матэматычнага слоўніка" (1993), суаўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі "Матэматычнай энцыклапедыі" (2001), аўтарам беларуска-польскага і польска-беларускага матэматычных слоўнікаў.

Аўтар каля 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

На пачатку 90-х яго прапаноўвалі на пасаду міністра адукацыі, але кандыдатуру не падтрымаў Вячаслаў Кебіч.

Cын Якава Радыны таксама выкладае матэматыку ў БДУ па-беларуску.

Ягоная ўнучка вучыцца на выдатна ў беларускамоўным ліцэі імя Якуба Коласа.

nn.by.

"Наша слова" далучаецца да спачуванняў сям'і выдатнага навукоўца.


Памяці Алеся Адамовіча

3 снежня з ініцыятывы магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ у сярэдняй школе № 34 г.Магілёва адбылася цікавая сустрэча. У госці да настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў завітала Наталля Аляксандраўна Адамовіч, дачка вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Яна пазнаёміла з асобай А.Адамовіча, расказала пра яго сцэнарную дзейнасць, прадэманстравала новыя выданні кніг пісьменніка. Размова атрымалася пазнавальнай і запамінальнай.

На дадзены момант у сярэдняй школе №34 г. Магілёва працуе адзіны ў горадзе беларускамоўны першы клас.

Н.Р. Воўкава, настаўніца беларускай мовы.


Праз 100 гадоў пасля смер ці паэта прызналі ўсе: і дзяржава, і царква, і грамадства

Капсулу з зямлёй з магілы Максіма Багдановіча ў Ялце заклалі ў менскім праваслаўным храме Ўсіх святых 9 снежня - у дзень 125-годдзя з нараджэння паэта. На цырымоніі намесніца прэм'ер-міністра Наталля Качанава зачытала вітанне ад Аляксандра Лукашэнкі. Міністр культуры Барыс Святлоў назваў захаванне зямлі выкананнем волі Багдановіча.

Радыё Свабода.


Максім Багдановіч перакладаў з нямецкай

Навіны Германіі

Разам з Янкам Купалам, Якубам Коласам, іншымі пісьменнікамі-перакладчыкамі нашаніўскай пары Максім Багдановіч далучаецца да перакладу нямецкай паэзіі, у прыватнасці творчай спадчыны Генрыха Гайне і Фрыдрыха Шылера. Даследчык беларуска-нямецкіх літаратурных сувязей Уладзімір Сакалоўскі сцвярджае, што: "Вершы Г. Гайне захапілі аўтара "Вянка" жараснасцю лірычнага пачуцця, глыбокім пранікненнем у самыя інтымныя зрухі чалавечай душы, філасофскім зместам, вялікім гуманізмам, саркастычным выкрыццём людскіх заган, урэшце, дасканаласцю формы, меладычнасцю, блізкасцю да народнай песні".

У 1909 г. на старонках "Нашай Нівы" быў апублікаваны першы Багдановічавы перакладны верш Генрыха Гайне - "У паўночным краю на кургане". Праз год у гэтай газеце быў змешчаны пераклад верша Фрыдрыха Шылера "Хочаш сябе ты пазнаць". Пяць іншых перакладзеных вершаў Гайне - "Азра", "Дзяцюк шчыра любіць дзяўчыну", "Калі любоў замучыць", "Калі маеш шмат чаго", "Генрых" - былі апублікаваныя толькі ў 1927 годзе ў першым акадэмічным зборы твораў Максіма Багдановіча. Ацэньваючы Багдановічавы пераклады Генрыха Гайне і Фрыдрыха Шылера Уладзімір Сакалоўскі сцвярджае: "Багдановічаўскія пераклады твораў Г. Гайне і Ф. Шылера хаця і маюць некаторыя недахопы, што больш залежалі ад часу, чым ад самога перакладчыка, сталі, як і ўся спадчына беларускага паэта, класічнымі".

З ГАЙНЕ

Ў паўночным краю на кургане

Сасна адзінока стаіць,

Абкутаўшысь лёдам і снегам,

Як белай адзежынай, спіць.


I бачыць у сне яна пальму,

Што ў дальняй паўдзённай зямле

Самотна стаіць і нудзьгуе

На спаленай сонцам скале.

* * *

Дзяцюк шчыра любіць дзяўчыну,

Ёй іншы да сэрца прыпаў,

А іншы той іншую любіць

І мужам яе хутка стаў.

За першага, хто ні спаткаўся,

Дзяўчына са злосці ідзе.

Дзяцюк жа марнее і губіць

Жыццё маладое ў нудзе.

Старая ўжо гэта гістор'я,

Хоць новаю будзе ўсягды.

Як з кім яна здарыцца - пэўне

Пакрыша ім сэрцы тады...

* * *

Калі любоў ізмучыць

Два сэрцы маладыя, -

Смяюцца ў небе зоркі,

Гавораць, залатыя:


"Хай людзі-небаракі

Душою шчырай любяць, -

Любоў іх гнібіць тугай,

Жыццё ім нават губіць.


А мы - бяссмертны; вечна

Блішчым на небе сінім,

Бо мы любві не маем

I з мук яе не гінем".

* * *

Калі маеш шмат чаго,

Дык яшчэ табе прыбавяць;

А як трохі, - ўсё вазьмуць,

Ні скарынкі не аставяць.


Галяка ж адна труна

Ў белым свеце прывітае,

Бо ў нас права на жыццё

Мае той, хто нешта мае.

ГЕНРЫХ

У Каносе, перад замкам,

Ноччу цёмнай і дажджлівай,

На дварэ стаіць цар Генрых,

Босы, у адной кашулі.

На яго ў акно хтось двое

Пазіраюць... Месяц глянуў,

Асвяціў Рыгора папы

Брыты чэрап і Мацільду.

Пабялеўшымі губамі

Генрых "Ойча наш" шапоча,

Але злуе яго сэрца,

Нешта іншае гаворыць:

"Там далёка, ў краю родным,

Горы цвёрдыя паднялісь;

У глыбі тых гор жалеза

Пахавана на сякеру.

Там далёка, ў краю родным,

Ёсць лясы з дубоў вялізных:

З самаго старога дуба

Для сякеры выйдзе ручка.

Край мой родны! Край мой верны!

Зродзіш, край, ты чалавека,

Што змяю майго мучэння

Ўраз заб'е сякерай вострай".

АЗРА

Кожны вечар ля крыніцы,

Дзе вада дзюрчыць, плюскоча,

Упярод і ўзад хадзіла

Доч прыгожая султана.

Кожны вечар ля крыніцы,

Дзе вада дзюрчыць, плюскоча,

Малады стаяў нявольнік

I марнеў штодня ўсё болей.

Раз яна ў яго паціху,

Затрымаўшыся, спытала:

"Як завуць цябе, дзе край твой

Ды з якога ты народу?"

Адказаў нявольнік: "Клічуць

Магаметам з Іемена,

А народ мой - тыя Азры,

Што канаюць ад кахання".

З Ф. ШЫЛЕРА

Хочаш сябе ты пазнаць, -

паглядзі на людзей, на іх справы;

Хочаш людзей зразумець, -

ў сэрца сваё загляні!


Даўняя пошта і тэлеграф на Лідчыне 1

Міхал Шымялевіч

I

Раней тэрыторыя ВКЛ была заселена бедным прыгонным насельніцтвам, якое была прыкута да сваёй раллі. Ані прамысловасці, ані гандлю ў сучасным разуменні тут не было. Адукаванымі былі толькі святары і іхнія памагатыя. У большасці насельніцтва не было ніякай патрэбы ў паштовай сувязі, і таму не было ніякай публічнай арганізацыі, якая б забяспечвала перадачу карэспандэнцыі.

Уладары і кіраўнікі для данясення да свайго насельніцтва сваіх загадаў і для сувязі з іншымі ўладарамі выкарыстоўвалі адмысловых пасланцоў. Захавалася прыгожая старажытная легенда пра найвышэйшага літоўскага святара і адначасова дарадцу і суддзю Крыве-Крывейта, у якой расказваецца аб яго пасланцах і яго жазле, як сімвале ягонай улады. Тое жазло мела тры выгіны, да якіх былі прычэпленыя тры таямніцы, як апавядаў Ю. Крашэўскі - тры ворачкі (мяшочкі). Пасланец жраца з гэтым жазлом ў руках, меў права апавяшчаць вайну, выклікаць князёў да Крыве-Крывейты і г.д. Дусбург пісаў, што такога пасланца шанавалі не толькі прусы, але і людзі ў іншых літоўскіх краях 2.

Кароль Уладзіслаў Ягайла і вялікі князь Вітаўт падтрымлівалі узорную сувязь з папам, чужаземнымі ўладарамі, нямецкім ордэнам, васальнымі князямі і г.д. Іхнія лісты былі датаваныя і высланыя з месцаў побыту караля ці вялікага князя, з: Вільні, Трокаў, Коўні, Меднікаў, Ашмян, Маладзечна, Ліды, Наваградка, Слоніма, Кернава, Аран, Жыжмораў, Эйшышак, Салечнікаў, Мерачы, Дубічаў, Берштаў, Гародні і г.д. Да адрасатаў лісты адвозілі адмысловыя пасланцы. Чым вышэй стаяў адрасат, тым больш значным быў пасланец. Сярод запісаў у кнігах выдаткаў нямецкага ордэна ў 1398-1410 гг. названы: "Niclus Luczke des herczogen Witouts herolde" 3. У дыярушы мсціслаўскага ваяводы Яна Тышкевіча ад 1625 г. пад назвай "Умовы са Швецыяй" знаходзім шмат падрабязнасцей, датычных перасылкі ў той час урадавай карэспандэнцыі паміж маёнткам Дзітва, дзе жыў ваявода і Варшавай, месцам знаходжання караля Жыгімонта ІІІ 4. З датаў, прастаўленых на лістах, бачна, што лісты з Дзітвы да Варшавы (каля 320 км) даходзілі на шосты ці дзевяты дзень. Не вядома, ці адразу кароль адказваў свайму ваяводу. Можа быць, што пасланец гэтую адлегласць праязджаў за пяць дзён і са зменай коней рабіў ў сярэднім па 64 км ў дзень.

ІІ

У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў іншых краях, захаваўся даўні звычай, што паны ў падарожжах ці падчас ваенных выпраў заўжды былі аточаны світай з узброеных слуг. Такая світа мела назву пошта. Кароль Жыгімонт І ў лісце да пана Станіслава Янавіча (Кезгайлы), старасты жмудскага, 1 кастрычніка 1522 г. загадваў, каб намеснікі старасты" "ездзывали по волостем з тивуны нашыми в малом подште, самотрет' албо самочветверт'" 5. У атачэнні пошты ездзілі і ганцы крымскага цара (хана). Па трактаце караля Жыгімонта І з царом Сагап-Гірэям (каля 1540 г.) запісана: "А если-бы цар гонцов своих у вельких почтах слал, а булобы их особ двадцат' або больш" 6. З гэтага ж трактата даведваемся што, пад аховай царскіх поштаў (" за старожою людей царевых" ) купцы з кароны і Літвы вывозілі соль з чарнаморскага парта Качубей 7. Гэтыя збройныя слугі на Літве называліся баярамі і ў нейкай ступені яны прызнаваліся шляхтай, пакуль з часам не ўтварылася тут шляхта на ўзор польскай. Баяры падзяляліся на катэгорыі вотчынных, панцырных, путных і служывых. Баяры служывыя - путныя, якія як бачна з іх назвы, таварышавалі сваім панам у іх падарожжах па краіне. Яны ўзгадваюцца ў данацыйных запісах караля Казіміра Ягелончыка ў сярэдзіне XV ст. Артыкул 1. (О боярах Путных и Служках) уставаў на валокі караля Жыгімонта Аўгуста 1557 г. між іншым наказваў рэвізорам каралеўскай маёмасці абіраць служывых з ліку путных баяраў і па меры неабходнасці пакідаць іх у кожным каралеўскім замку ці двары. Іхнім абавязкам было ездзіць з каралеўскім лістамі па прылеглых дварах і адвозіць сабраныя грошы ў Вільню да скарбу. Той устаў пералічваў двары, да якіх ён быў прыстасаваны, яны ляжалі на поўнач ад верхняга цячэння Нёмана: Беліца, Ожа, Пералом, Перавалок, Васілішскі, Астрына, Мерач, Канява, Дубічы, Радунь, Эйшышскі, Араны, Алькенікі, Лейпуны, Ліда, Трабы і Геранёны. У інвентары Лідскага староства ад 1680 г. пералічана 8 месцічаў, якія жылі на падзамчы, на пляцах старасты і былі павінны плаціць пляцовы чынш па 15 грошаў штогод ці "заўжды па чарзе адносіць лісты за некалькі міль у Лідскім павеце" . У некаторых каралеўскіх гарадах ці іншай маёмасці абавязкі путных баяраў па развозцы лістоў выконвалі татары, якія былі паселены на дворных землях. Інвентар Васілішскага староства 1787 г. паказвае, што татары паселеныя ў колькасці шасці дымоў у Сендзюкоўшчыне каля Васілішак, апрача выплаты чыншу старасту, былі павінны адвозіць яго лісты. У інвентары эйшышскага старасты 1790 г. аб татарах, якія былі паселены ў Таўсюнах пазначана: "а) чыншы такія, як і ў баяраў і б) паслугі для двара, такія як: лапанне беглых уласных дворных і таксама падарожжы з экспедыцыямі ліставымі ... павінны выконваць" .

Падобна як ў каралеўскіх, спатыкаем путных баяраў і ў панскіх дварах. У перапісе людзей айчынных Олдаўскага маёнтка (Голдаўскага - Л.Л. ) з дварцом Воранаўскім (у Шчучынскім павеце) прададзенага князям Міхаілам Чартарыскім Яну Трызну ў 1581 г., чытаем: "Бояре путные: Майсей Сушкович, Пётр Трохимович, Тимофей Панасович, Клим Федарович, Иван Адрейевич Шерейкович - тыя з листом яздят и то не на великую дорогу, бо земля под ними мала, на которой теперь седят" . Гэтую ж катэгорыю слуг знаходзім і ў інвентары маёнтка Ражанка ў 1599 г. Тутэйшыя баяры мелі цэлыя фальваркі: Мачылаўскі - 6 валок, Запольскі - 7 валок, Кісялевічы - 4 валокі, над ракой Тур'я - 3 валокі, за сялом Падражанка - 4 валокі, Дуперкоўшчына - 4 валокі, разам 25 дымоў, ездзілі на вайну і з лістамі "выконвалі падарожжы". Інвентар Дзітвянскай воласці (Лідскі павет) з фальваркамі Дылева і Ваверка яснавяльможных князёў Вішнявецкіх 1653 г. пералічвае наступныя баярскія вёскі: Мейры - 9 дымоў, Пехуры - 6 дымоў, Мялевічы - 10 дымоў, Дылева - 3 дымы і пастанаўляе: "А з влок боярских плациць мае по злотых 6 и подвод две до Вильна, а з листем гдзе кажен одправоваць повинны" . У інвентары баяраў Банцавічаў (Белагрудская гміна), якія належалі да маёнтка Белагруда і які пані Гальшка Завіша з Тышкевічаў, віцебская кашталянова, пусціла ў 1668 г. у заставу (арэнду) панству Рудзінскім, узгадваецца, што апрача іншых павіннасцей і данін арандатары маюць права баяраў тых "па-чарзе дасылаць". Павіннасць па дастаўцы лістоў згодна з інвентаром 1732 г. абцяжарвала баяраў ў біскупскай маёмасці Дуброўня (каля Ліды). Інвентар гэтага маёнтка, складзены пасля ягонай канфіскацыі ў 1798 г. паведамляе: "Землеўладальнікі, якія сядзяць на дворнай зямлі (вёскі Плясавічы, Сангайлы і Пашкевічы) раней былі абавязаны для большай значнасці іх паноў, мець уланскую уніформу, сядло і зброю, яны былі звыкла ўжываны для пасылак як конна так і з возам" . Гэты новы інвентар паказваў, што кожны землеўладальнік павінен штогод для двара адбыць "пасылку з лістамі" конна ці з возам на 48 міль, гэта значыць у адзін бок конна 24 мілі, а з возам па 12 міль два разы. У акце продажу Мікалаем і Марынай Свідэрскімі паловы пляца і паловы валокі юрыдыкі лідскай плябаніі (датавана 2 чэрвеня 1657 г.) пералічаны абавязкі, якія ляжалі на гэтай маёмасці: "да жніва тры дні, у дарозе з лістом дзве мілі не далей Жырмун, або да Белагруды па жалеза для выплат" . Згодна з візітацыяй лідскага касцёла Св. Крыжа 1820 г. абавязак па дастаўцы паведамленняў як і раней абцяжарваў месцічаў, якія выкарыстоўвалі зямлю плябані 8.

У дзяржаўных маёнтках гэтая павіннасць знікае па меры звальнення падданых ад натуральнага падатку і пераходу на чынш ("аброк"), што мела месца ў пяцідзясятых гадах ХІХ стагоддзя. У прыватных маёнтках гэта павіннасць знікла разам адменай прагону ў 1863 г.

ІІІ

Пачатак ліставой пошты, як публічнага інстытута, палажыў кароль Жыгімонт ІІІ у 1620 г. Тады была апублікавана каралеўская ўхвала і праз варшаўскі сойм выказаны пажаданні, каб "ад ўсіх памежных гарадоў да нашага двара, дзе асоба наша знаходзіцца, і ад найпершых у Дзяржаве нашых гарадоў, кожны тыдзень маглі бы прывозіць ведамасці і перасылаліся б патрэбныя кожнаму стану лісты па даступных коштах" . Кароль пакінуў за сабой права стварэння арганізацыі, якая б адказвала за перасыланне тых ведамасцей і лістоў. Тая арганізацыя атрымала назву "Пошта" 9.

Паколькі на тэрыторыі ВКЛ здаўна падарожнічалі ў атачэнні "поштаў", прычым тыя ж людзі звыкла развозілі лісты, да назвы гэтай арганізацыі хутка прызвычаіліся. Аднак слова гэта было запазычана з нямецкай мовы: "die reitende Post" 10.

У рахунках скарбу ВКЛ 11 ёсць запісы: "Пану Беранту Фогту, Поштмагістру Каралеўскай Мосьці віленскаму за 1648, 1649 і 1650 гады за год па 250 фларынаў, заплачана 750" . Потым каля 1649 г. асобна: "Пану Мантулепу на пошту ў Літве дадзена ф. 1000" . Маскоўскі наезд 1655-1660 гг. цалкам знішчыў арганізацыю, якая злучала ВКЛ. Пасля выгнання расейцаў пачала адраджацца пошта. У лічбе выдаткаў пана Мацея Саковіча, ваяводы смаленскага, адміністратара скарбу ВКЛ за 1661 г. знаходзім запісы датычныя арганізацыі ліставой пошты: "Пошта Рэчы Паспалітай у Варшаве адкрытна". Тут жа вызначаны нават кірункі руху пошты, ці тракты і колькасць казакаў, якія абслугоўваюць кожны тракт, а таксама сума выдаткаў 12:

Першая пошта

На Юрбарг - 6 казакаў, 400 км.

Другая пошта

Пад Барысаў - 7 казакаў, 600 км.

Трэцяя пошта

Да лагера --- ---

Чацвёртая пошта Пад Брагін і Чарнігаў - каля 10 казакаў, 1000 км.

Пятая пошта

Да скарба --- ---

Акрамя таго мелася паштовая сувязь: Гародня з ваяводам смаленскім у Яблычнай, Юрбарг з Біржанамі, Курляндыя з Вільняй. Конныя казакі былі расстаўлены праз роўныя адлегласці, і яны як мага хутчэй перадавалі з рук у рукі торбы з лістамі. Была гэта эстафетная пошта, і ў такім выглядзе яна існавала да ўпадку Рэчы Паспалітай. Кошт пошты з Варшавы да Юрбарга ў 1661 г. штомесячна складаўся з утрымання: 5 казакаў - па 20 флорынаў кожнаму і 1 казак (старэйшы?) - 25 флорынаў, разам 125 флорынаў, ці 1500 штогод. Няма інфармацыі колькі каштавала перасылка прыватных лістоў.

Як і раней, складкі на ўтрыманне ліставой пошты выплачвалі гарады, але ў соймавай ухвале 1659 г. адзначана, што: "Гарады і мястэчкі вінныя грошы на гэтыя пошты за шмат гадоў" - відочна з-за знішчэння края вайной. У соймовай ухвале 1673 г. запісана: "Каб гарады і мястэчкі ВКЛ падводныя грошы згодна з канстытуцыяй на пошту штогод 12 000 злотых у рукі Рэйнгольда Бізінга, Поштмагістра нашага аддавалі" 13.

Варшаўскі сойм 1717 г. ухваліў наступны расклад паштовых трактаў у ВКЛ: 1) З Вільні на Гародню да Варшавы і з Гародні на Берасце да Любліна ... 2) з Вільні на Коўню да прускай мяжы, і таксама на Коўню, Кейданы, Расіены да Мітавы і Рыгі, і 3) на Белую Русь праз Менск і Магілёў да маскоўскай мяжы. Сувязь павінны былі ажыццяўляць не пешыя, а конныя паштальёны і пошты павінны "нідзе не хібіць, а, менавіта, каб з Вільні да Варшавы за адзін тыдзень паспявалі, ад нядзелі да нядзелі, ... і за адзін тыдзень назад у Вільню вярталіся " 14. Хутка дадаліся яшчэ тры паштовыя тракты. Гарадзенскі сойм 1726 г. дазволіў за кошт Наваградскага ваяводства ўсталяваць паштовыя зносіны з Наваградака да Вільні, Гародні, Менска 15. Гэтыя тракты беглі праз Лідчыну: 1) з Вільні на Воранава, Жырмуны, Крупава, Мыто, Васілішкі, Астрыну, Азёры і да Гродна з адгалінаваннем ад Жырмун да Ліды, 2) з Вільны на Салешнікі, Дзевянішкі, Суботнікі, Іўе і да Наваградка, і 3) з Навагадка на Беліцу, Жалудок, Шчучын, Скідаль і да Гародні. Пошта перавозіла толькі запячатаныя ў паштовых управах лісты. Устава 1791 г. перадала пад апеку паліцыі конныя, вазовыя і ліставыя пошты, без права ўмешвацца ва ўнутраную арганізацыю паштовай справы.

Такі стан спраў дажыў да канца Рэчы Паспалітай.

(Працяг у наст. нумары.)

1 Szymielewicz Michal. Dawna poczta i telegraf w ziemi Lidzkiej // Ziemia Lidzka № 1-1939. S. 1-9.; № 2-1939. S. 53-63.

2 Litwa (1847.). I. 160.

3 Prochaska. Codex epistol. Vitoldi. 961.

4 Bibl. staroz. pisarzy polskich. V (Warszawa, 1854.). 13-57.: "Пасля таго як 2 дня красавіка адправіў да Понтуса, Пурышка вярнуўся ў Дзітву і мне пасланне ад Понтуса прывёз... Праз два дні, 23 красавіка, адсюль, з Дзітвы выправіў да Ягамосці караля ў Варшаву таго ж Пурышку з арыгіналам ліста Понтуса ... потым пасланец прыехаў ад Понтуса 28 красавіка, нейкі Андрэй Шульц, які мне прывёз ліст ад Понтуса і пасланне ад сенатараў ... зараз жа з Дзітвы паслаў гэты ліст да двара Яго Каралеўскай Мосці. 29 красавіка 1625 г. вярнуўся да мяне з Варшавы Пурышка, якога я пасылаў да Ягамосці караля і прывёз такое пасланне ад караля ... пісанае ў Варшаве дня 29 красавіка. Вярнуўся потым мой казак, з якім да караля дасылаў і ліст, і пасланне ад сенатараў шведскіх, з лістом караля датаваным у Варшаве 9 траўнем 1625 г. На гэты ліст адпісаў з Дзітвы 22 траўня 1625 г. Потым з двара Ягамосці караля вярнуўся мой пасланец і прывёз мне адказ на мае лісты. Ліст караля датаваны 28 траўнем 1625 г." Маёнтак Дзітва ці Рулевічы ў Ваверскай гміне і Лідскім павеце над ракой Дзітва за 21 км ад Ліды. У 1906 г. маёнтак быў падзелены.

5 М. Любавский. Обласн. дел. прилож. № 35.

6 Рос. Истор. Библ. ХХХ. 80.

7 У XIV ст. большая частка сучаснай Украіны, уключаючы сучасную Адэскую вобласць, ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. На месцы Адэсы паўстаў порт і мястэчка пад назвай Качыбей або Качубей. Упершыню згадваецца ў 1415 г. - Л.Л.

8 Крыніцы: а) Рэестр Олдаўскі 1581 г., б) Дзітвянскай воласці 1653 г. і в) маёнтка Дуброўня 1798 г. - у аўтара, арыгінал інвентару Дубровенскага ключа 1732 г. у публічнай бібліятэцы ў Вільні, інвентар Ражанкі і баяр Банцавічаў у АВАК XIV. 637 i XXІV. 495. Інвентар Васілішскага староства - копія ў аўтара, інвентар Эйшышскага староства - Ziemia Lidzka, 1938. № 7-8.

9 Vol. Leg. III. 183.

10 Конная пошта - Л.Л.

11 E. hr. Tyszkiewicz. Raczunki podskarbstawa litewskiego. Wilno (1885.). 32, 46.

12 АВАК. IV. 281. V. 90.

13 Vol. Leg. IV. 281. V. 90.

14 Vol. Leg. VІ. 281. V. 160.

15 Vol. Leg. VІ. 281. V. 249.


Ад Тадэвуша да Тадэвуша

6 снежня 2016 г. у Магілёў па запрашэнні суполкі ТБМ завітаў вядомы беларускі гісторык, супрацоўнік Інстытута гісторыі АН спадар Андрэй Унучак. Нагодай стала святкаванне на Беларусі ў гэтым годзе 270-годдзя з дня народзінаў Тадэвуша Касцюшкі.

Сустрэча з гісторыкам пачалася з экскурсіі па Магілёву, падчас якой спадар Андрэй шмат чаго цікавага адкрыў для сябе і задаваў шматлікія пытанні.

Было праведзена дзве сустрэчы ў навучальных установах г. Магілёва: у ліцэі № 3 і ў МДУ імя Аркадзя Куляшова. Падчас свайго выступу Андрэй Унучак распавёў пра жыццё і дзейнасць героя чатырох народаў. Постаць нацыянальнага дзеяча была яскрава адлюстраваная ў змястоўнай фотапрэзентацыі, якую падрыхтаваў гісторык. Асаблівы акцэнт быў зроблены на ліцвінскім патрыятызме Касцюшкі. Цікавыя звесткі ліцэісты і студэнты пачулі не толькі пра Касцюшку, але і пра яго папярэдніка вялікага патрыёта нашай зямлі Тадэвуша Рэйтана. Па завяршэнні свайго "дэсанту" ў Магілёў спадар Андрэй выказаў жаданне яшчэ раз наведаць наш старажытны горад.

Алег Дзьячкоў. На фота: Андрэй Унучак каля ратушы ў Магілёве.


КЛЕТКА ДЛЯ ІВАЛГІ

З цікавасцю прачытаў кнігу "Клетка для івалгі", якую напісаў адзін з самых яскравых сучасных украінскіх празаікаў Уладзімір Даніленка. Яго творы адзначаныя нацыянальнымі літаратурнымі прэміямі, уваходзяць у рэйтынгі лепшых украінскіх выданняў і перакладзеныя на многія замежныя мовы.

У беларускае выданне ўвайшлі раман "Клетка для івалгі" пра геніяльную спявачку, якой савецкі рэжым не дазволіў рэалізаваць свой талент з-за яе сувязі з дысідэнтамі, у перакладзе славутага Валерыя Стралко, а таксама аповесць "Цені ў маёнтку Тарноўскіх" пра крызіс сучаснай кіеўскай сям'і, якая спрабавала вырашыць свае праблемы нетрадыцыйнымі метадамі псіхатэрапіі, у перакладзе знакамітага Барыса Пятровіча, а таксама пяць апавяданняў ў перакладзе Валерыя Стралко.

Кнігу выпусціла ў свет выдавецтва "Кнігазбор". Літаратурна-мастацкае выданне мае наклад 200 асобнікаў. Раю набыць кнігу чытачам нашай газеты.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.


"Спагадлівым і дужым быць мне трэба"

Летам гэтага года адбылася цёплая і сардэчная сустрэча з паэтам і доктарам Феліксам Баторыным і іншымі медыкамі, звязанымі з літаратурным жыццём. Вечарына праходзіла крыху пазней за Дзень медыка, таму фотаздымкі сваечасова не патрапілі на старонкі газеты. На вечарыне выступалі Вера Міхно і светлай памяці лекар і рэдактар выдавецтва" Беларусь" Генадзь Шэршань. Аляксандра Грыцкевіч узгадвала прафесара В. Зубовіча, аўтара кнігі " Мае калегі без грыму і бутафорыі". Вершы Фелікса Баторына з кнігі "На вуліцы Максіма Багдановіча" з душэўным уздымам чытала Вера Буланда і маладыя супрацоўнікі музея П. Броўкі. Для іх яны былі адкрыццём. Успамінаецца падзея цяпер, бо прыходзяць на памяць радкі паэта:

"Калі салёным,

брудным снегам вуліц

Раз'едзены падэшвы

і душа мая,

Ёсць чалавек,

які мяне прытуліць

У старасвецкім доме

з нізкай брамаю".

Фелікс Баторын нарадзіўся зімой, таму ён знаходзіць надвычай вобразныя апісанні халоднай і казачнай пары. Калі ў прыродзе пануе "рыпенне настылай жарствы і хрумст замарожанай слоты," і "вісіць над гмахамі і хатамі суцэльны снежны пухавік", душа імкнецца да спагадлівага і вернага сябра, які пачастуе гарбатай і варэннем у дзедаўскім сподку. Цішыню і спакой навяваюць імгненні цуду.

"Буйныя

і калматыя сняжынкі

Няспешна

запарушваюць сляды."

Трыццаць восем гадоў Фелікс Барысавіч адпрацаваў у медыцыне, зрабіў каля трох тысяч аперацый, прымаў роды, ратаваў жыцці, браў на сябе чужы боль, адчуваючы што "ў апёках душа і ў рубцах міякард". Ён вызнаў свае жыццёвае крэда:

"І кожны міг,

Што ў небыцця ва ўпартай

бойцы мной адбіты,

Найдаражэйшы

мой здабытак,

Бо сэнс жыцця -

працяг жыцця."

Творца, літаратар і жыццялюб у яго асобе перамог фізіёлага. Як мы чытаем у вершы "Размова іпахондрыка з жыццялюбам". Фізіёлаг разглядае пачуцці і думкі чалавека як суцэльны " гумаральна-нярвовы кактэйль", а паэт "п'е сусвет прагнымі вачамі і дзівіцца кожнай драбнічцы".

У вершах лекара і паэта, у паэме "Бальніца" не аднойчы гучыць тэма мужнасці і адвагі ў змаганні за жыццё. Глыбока ў яго душы жыве ўспамін пра тое, што перажылі родныя, як яны выстаялі ў цяжкіх нягодах. Бацька спадара Фелікса - Барыс Хаймавіч апынуўся ў канцлагеры ў Драздах і ў Менскай турме на пачатку вайны. Яму ўдалося ўцячы і стаць арганізатарам групы, якая падтрымлівала сувязь з партызанамі, каб перапраўляць ў лес, на вольную тэрыторыю яўрэяў з Менскага гета, якім пагражала смерць. Бацькі паэта, якія ўвесь час прытулялі ў хаце то адных, то іншых родзічаў, на ўсё жыццё далі ўрокі гуманнасці і спагады. Гены нясуць памяць шматпакутнага яўрэйскага народа.

"Дзяды маіх дзядоў

з нязломным духам,

І мяккаю душою вы жылі.

З надзеяй і ў вачах

з адвечнай скрухай

Вякамі вы блукалі па зямлі".

Гісторыя і гонар беларускага народа адлюстроўваецца ў вершы, прысвечаным Рыгору Барадуліну. Памяць пра Радзівілаў, Сапегаў і Кішак, наталяе акрыленасць дум і асвятлае абшары душы. Багата ў творчасці Ф. Баторына баладаў і паэмаў, заснаваных на паданнях і лягендах: балада пра графа Тышкевіча, пра Міколу Гусоўскага, пра Дафарэнцыю, паэма пра Машэку.

Адчуць прыгажосць і каштоўнасць жыцця немагчыма без кахання. Светла і ўзнёсла вечная тэма гучыць у вершах "Прызнанне", " Вясновы вальс"," Ці помніш гэты непаўторны дзень", " Зарапад". У час вучобы студэнтмедык сустрэў сваю будучую жонку Ганну Дмітрыеўну. Ёй, роднай і бясконца любай, ён прысвяціў безліч пяшчотных радкоў. Сярод шпітальных будняў і клопатаў у іх знаходзіліся хвіліны еднасці з прыродай і ўсім сусветам.

"Схаваныя

ад позіркаў людскіх,

Мы чулі перастук

суладны сэрцаў,

І мудры лес для нас тварыў

Празрыстае

і сонечнае скерца."

У адным з васьмірадкоўяў паэт напісаў, што ўсё робіцца дзеля любові.

"Усё, што я ні вяршыў

на зямлі,

Гэта толькі любові даніна."

Мінаюць гады, спакой і задавальненне прыносяць дарослыя дзеці, унучкі дораць бясконцую радасць ад самых простых дробязей.

"Што шчасце ёсць?

У бегу дзён зямных

Імклівы і найсаладзейшы міг.

Дзеля таго,

каб хтосьці шчасце зведаў,

Ператрываць

ён мусіць безліч бедаў."

Фелікс Баторын працягвае друкаваць свае вершы на старонках часопіса "Дзеяслоў" і газеты " Новы час". У іх шмат роздуму пра перажытое, адчуваецца горыч страт, смутак і боль за хамства і дзікунства, якое сустракаецца побач.

Як запавет гучаць радкі:

"Святло, што запаліш,

павек будзе днецца,

Дабро, што ты зробіш,

дабром застанецца,

А зло, што ты ўчыніш,

вяртаецца рэштай.

Ты помні пра гэта,

аж покі жывеш ты."

Эла Дзвінская, фота аўтара 1. Фелікс Баторын і Ілля Копыл; 2. Зінаіда Бандарэнка, Фелікс Баторын, Вера Буланда; 3. Паэт і яго дачка Святлана.


У ВЯНОК НІЛУ ГІЛЕВІЧУ

Віктар Дземеш (г. Паставы).

Па адукацыі - эканаміст і журналіст. Працаваў спецыялістам агравытворчасці ў Нясвіжскім і Барысаўскім раёнах, знаходзіўся на адказных пасадах у СМІ. Зараз - на ўласнай гаспадарцы. Вершы бачылі свет у шэрагу раённых газет, у абласным і рэспубліканскім друку, а таксама ў штотыднёвіку "ЛіМ", часопісах "Маладосць", "Крыніца", "Неман". Першыя творы былі змешчаны ў "Чырвонай змене" і "Знамя юности". Працуючы ў цэнтральным рэгіёне Беларусі, шмат разоў сустракаўся з Нілам Гілевічам, смерць якога ўзрушыла, падштурхнула напісаць нізку вершаў светлай, незабыўнай памяці гэтага выбітнага, цудоўнага чалавека.

ІМЯ

Усе, хто свядомыя, у скрусе -

І роспач крывавіцца з ран:

Народны паэт Беларусі,

Апошні памёр з магікан!


Апалі калматыя бровы,

У вачах не зайграе зара.

Ён, волат амаль двухмятровы,

Не выйдзе ніколі з двара.


Завялі агністыя словы,

Суцішыўся вечны змагар.

Дайшоў да астатняй высновы,

У журбе Беларусі абшар.


Паштар, можа год, можа болей,

Ён бегаў па вёсках - ляцеў,

Душой хлапчука наваколле

Усмоктваў, запомніць хацеў.


Пра тое, што ўбачыў, паперы

Шаптаў - нібы сябру навек.

У самае чыстае верыў

Крыштальны, святы чалавек.


Гісторыя ў спіс свой далучыць

Імя, што ў нябёсах дрыжыць,

Бо кожны радок яго вучыць,

Як жыць і чым нам даражыць.

Незваротнасць

Пад Лагойскам вясна ў разгары…

Не прыедзе ўжо ён сюды.

Разлятаюцца злыя хмары,

Сонца цешыцца, зноўку ва ўдары,

Адыходзяць ад сну сады.

Як вясной паміраць нялёгка! -

Ды ашчэрыла зубы зло.

Рвецца, дзе каротка - крохка,

І на лёсе становіцца кропка:

Ўсё праходзіць, і жыцце прайшло…

Сум і горыч разрэжуць грудзі,

Мае каты, мае ўрачы.

Колькі страх гэты мучыць будзе?

Памажыце боль сцішыць, людзі,

Незваротнасць перамагчы!…

Посах і жэзл

Сцяг чырванню так палымнее,

Што боль сон зрывае з павек,

Што нема крычыць чалавек!..

Я, можа, не ўсё разумею,

Ды гэтая страта - навек.

Сцінаюць распятыя грудзі,

Сляза ўспаміны пячэ:

Ніколі Народных не будзе

На памяці нашай яшчэ!

Апошні … Апошні … Апошні…

З той жартаў не звіць, што з касой.

І плачуць самлелыя пожні

Світальнаю зыркай расой.

Не ўзяўшы ні жэзл і ні посах,

Нічога зямнога, спярша

Хай там - у сукрыстых нябёсах -

Спачне ад пакутаў душа…

Адзін

Калі памірае Паэт,

Тады замаўкае і Слова.

І боскае міласці свет

Не ззяе ўжо так адмыслова.

Ён чаўрае ў тлуме гадзін -

Неадваротна, паціху,

І ты застаешся адзін,

Сам насам з разбэрсаным ліхам.

Праменні яшчэ сонца тчэць,

Хапае ў ім ізатопу…

О, Божа, не дай мне здзічэць

Сярод нажавога натоўпу!

Па вастрыі ляза

У горы, у журбе,

Са злом у барацьбе,

(Як смерці гады рады!),

Як жыць пасля ЦЯБЕ,

Як быць без слова ПРАЎДЫ?!

Ах, сэрца: тах, тах, тах -

Пусцілася ў скокі…

Хоць нават і не лёкай,

Ніхто не скажа так,

Як ТЫ - ў брыво, у вока!

ТЫ самы яры быў.

ТЫ прама ў душы біў,

Хутчэй жа ў душонкі.

Як ТЫ жыццё любіў, -

Мацней, чым нораў жонкі!

Шчымлівая сляза

Свідруе сны паэтаў,

Што смех кідаюць свету -

Звышмужнасці прыкмету,

І ўспыхваюць - каметай,

Па вастрыі ляза

Танцуючы з імпэтам…

Хай панясуць затым

З харугвамі святымі,

Ды сутнасць жа не ў тым,

Хоць ШЛЯХ закрые дым -

У свеце маладым

Адчуем сіл уздым:

Мы зрушым горы з імі -

З ПАЧУЦЦЯМІ ТВАІМІ!

Дакор

Вось і ўсё, і не ўбачым ніколі

Яго вершаў гарачых - ва ўпор,

Новых, свежых, і Муза ў спакоі,

І стаіць у баку, як дакор…

Толькі ён мог так рэзкія словы

Ў прастору бязмежжа кідаць.

Быў паэт - і паэт адмысловы,

Грамадзянін, па справах відаць.

Мы ідзём, і бліжэй наша мэта,

Ён радкамі нас браў у палон.

І ніхто не заменіць Паэта -

Каб так годна, так востра, як ён.

Не падпітвай - сумленне загіне.

Чым жа станем цяпер даражыць?

Без Народных паэтаў, краіна,

Як ты будзеш, няшчасная, жыць?!

Надзея

Рэзкі, гучны, вясёлы, гарачы,

Як герой свой агораўшы лёс,

Пыл уклаўшы ў Праўду юначы,

Там, дзе трэба, адмераць мог здачы,

Ты дарогай ішоў, поўнай слёз.

Хоць памёр - а хутчэй жа загінуў, -

Боль не вытрываў

БОЖЫ ТВОЙ ДАР,-

Ты нашчадкам НАДЗЕЮ пакінуў,

О, ПЯСНЯР, О ТРЫБУН,

О, БУНТАР!

З ёй, з надзеяй,

усё ж шанцаў ёсць болей

Па дарозе цярністай прайсці,

Перасіліць бясчассе ў падполлі,

Перажыць неяк навалач болю,

Уключыць Неспатольную Волю, -

Каб у думках аб дзецях, аб ДОЛІ,

Зноў змагацца -

За ШЧАСЦЕ ў жыцці!..

Мэта

На полі крывавага бою,

Дзе смерць без бінокля відна,

Паэт ахвяруе сабою -

Да рэшты,

да кроплі, да дна.

Ён, як Аляксандр Матросаў

Грудзьмі амбразуру бярэ,

Ён - бедны, галодны, і босы, -

Хаця і мароз на дварэ…


Упаўшаму духам і воляй

Не дасць апусціцца ў гразь,

Ён боль не абыдзе ніколі,

Любому надзею падасць.


… Паэтам хачу, дзе апала,

Цяжкімі шляхамі ісці,

Каб гора і бедаў хапала -

Каб МЭТА свяціла ў жыцці!..

Сцяг сумлення

Будызм дапамагае выйсці з рэальнасці і жыць без пакут.

(з вучэння аб будызме)

Паэт будыстам быць не можа,

Паэт на тое і паэт,

Што кліч бяды яго трывожа,

Ён у адказе за Сусвет.

Балады піша ён і оды,

І вершы злыя - не для моды,

Ўзнімае на дзіды народы;

Такога не састараць годы,

Нікому ён не гне паклон,

Радком ён рушыць перашкоды,

Ён крэпасці бярэ ў палон!

… Калі век вытанчана мучыць

Маю душу, - хай крые Бог, -

Ён разняволенасці вучыць,

Кідае на фіёрд калючы,

Дзе пах азону, страх гаючы,

І я тады трублю ў свой рог;

Я - вой, я - віцязь, я - мужчына,

Я ўсё змагу, перамагу,

Калі на тое ёсць прычына,

(а іншае і немагчыма),

І сцяг сумлення зберагу!


Паэт паміж небам і цішынёй

У мінулую нядзелю ў гістарычна-мастацкім музеі адбыўся літаратурны вечар "Паміж небам і цішынёй", прысвечаны памяці лідскага паэта, журналіста, перакладчыка Пятра Рыгоравіча Макарэвіча.

Гэтае імя добра вядома многім лідзянам, асабліва старэйшага пакалення. Каля трыццаці гадоў Пётр Рыгоравіч аддаў працы ў рэдакцыі газеты "Уперад" (пазней - "Лідскай газеты") і на Лідскім радыё. Як паэт і перакладчык з'яўляецца аўтарам трох кніг. Пераклаў на беларускую мову шмат твораў з рускай і польскай паэзіі, на рускую мову - асобныя творы беларускіх паэтаў. Два гады, як Пятра Макарэвіча няма з намі, але ён пакінуў нам багатую творчую спадчыну з вершаў, перакладаў і газетных публікацый.

На вечар памяці ў музей былі запрошаны сваякі і сябры паэта, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Ліды, а таксама госця з Украіны - паэтэса, сябра Саюза расійскіх пісьменнікаў Ларыса Міхайлаўна Пастух, якая таксама была знаёмая з Пятром Макарэвічам. У памяшканні музея была арганізавана міні-выстава, экспазіцыю якой склалі перададзеныя ў літаратурны аддзел некаторыя асабістыя рэчы, якімі карыстаўся Пётр Рыгоравіч (у тым ліку яго вядомая "маржоўская" шапка), рукапісы яго твораў, фотаздымкі. Асобнае месца на выставе заняў стол для гульні ў шахматы (як вядома, Пётр Рыгоравіч быў заўзятым шахматыстам).

Вядовец мерапрыемства, навуковы супрацоўнік музея, кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Алесь Хітрун азнаёміў прысутных са старонкамі біяграфіі Пятра Макарэвіча, зачытаў асобныя яго вершы. Успамінамі аб Пятры Рыгоравічы дзяліліся ўдава паэта Яніна Люцыянаўна, некаторыя яго сябры і знаёмыя. Кожны выступовец характарызаваў яго як жыццялюба, аптыміста, актыўнага прыхільніка здаровага ладу жыцця, чалавека з шырокім колам зацікаўленняў і захапленняў.

Назва літаратурнага вечара - "Паміж небам і цішынёй" - перакладзены на беларускую мову радок аднаго з вершаў украінскай паэтэсы Ларысы Пастух, якой таксама было што сказаць пра Пятра Макарэвіча. Менавіта яго памяці прысвяціла Ларыса Міхайлаўна свой прыезд у Ліду.

- Я сустракалася з Пятром Рыгоравічам усяго адзін раз, - расказвае паэтэса. - Гэта было падчас майго прыезду ў ваш горад і сустрэчы з мясцовымі паэтамі вясной 2013 года, якраз напярэдадні яго 75-гадовага юбілею. Пётр Макарэвіч застаўся ў маёй памяці яркім, адкрытым, душэўным чалавекам. Адным з яго любімых паэтаў, як і ў мяне, была Марына Цвятаева. Ён тады сказаў мне, што зоймецца перакладам на беларускую мову маіх вершаў пра Цвятаеву. Не ведаю толькі, ці паспеў ён гэта зрабіць.

Ларыса Міхайлаўна зачытала свой верш, прысвечаны памяці Пятра Макарэвіча (радок з гэтага верша, перакладзены на беларускую мову, вынесены ў загаловак артыкула). Прачытала паэтэса перад аўдыторыяй і многія іншыя свае вершы, у тым ліку з "цвятаеўскага" і нават "лідскага" цыклаў.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX