Вярнуцца: 2017

№ 04 (1311)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1311), 25 студзеня 2017 г.


Рада ТБМ

22 студзеня 2017 года ў Менску ў сядзібе ТБМ адбылося чарговае паседжанне Рады ТБМ. Рада разгледзела наступны парадак дня.

1. Справаздача аб дзейнасці ТБМ за 2016 год.

2. Зацвярджэнне Плану дзейнасці ТБМ на 2017 год.

3. Вызначэнне даты чарговага з'езду ТБМ.

4. Вызначэнне квоты дэлегатаў на з'езд ТБМ.

5. Вызначэнне кандыдатур ад Рады ТБМ на пасаду старшыні і намеснікаў старшыні ТБМ.

6. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.

7. Рознае.

Даклад старшыні ТБМ быў апублікаваны да Рады, таму Алег Трусаў абмежаваўся кароткім выступам. Спрэчкі тым не менш узніклі. Адна з праблем - недастатковая медыйнасць дзейнасці ТБМ. І на Радзе таксама натоўпаў журналістаў не назіралася. ТБМ мае свае газеты, часопісы, сайты, але многія "незалежныя" СМІ стараюцца пакінуць ТБМ у цяні, выпучваючы нейкія дробныя ініцыятывы, якія ні на што не ўплываюць.

Па плану былі выказаны некалькі дадаткаў, у тым ліку ізноў паднята пытанне пра цалкам беларускамоўны дзяржаўны тэлеканал. У прыватнасці гэта можа быць цалкам беларускамоўны Беларускі гістарычны канал.

Рада падтрымала кампаніі ТБМ за прыняцце законаў у беларускім парламенце на беларускай мове, а таксама за прыняцце Кодэкса аб адукацыі на беларускай мове

Рада прызначыла дату чарговага ХІІІ з'езду ТБМ на 29 кастрычніка 2017 г. і зацвердзіла квоты на з'езд (пастанову Рады аб скліканні з'езду гл. на ст. 4).

Рада пастанавіла прапанаваць з'езду абраць старшыню ТБМ, першага намесніка і трох намеснікаў. Рада падтрымала прапанову аб абранні на з'ездзе ТБМ Алега Трусава ганаровым старшынём ТБМ.

Рада разгледзела прапановы сяброў Рады па кандыдатурах на пасаду старшыні ТБМ. Афіцыйна былі ўнесены наступныя кандыдатуры:

Людміла Дзіцэвіч;

Алена Анісім;

Лявон Баршчэўскі;

Уладзімір Колас;

Вінцук Вячорка.

Сакратарыяту ТБМ даручылі правесці з патэнцыйнымі кандыдатамі сумоўе.

Рада вырашыла рэкамендаваць на Х Агульнанацыянальную дыктоўку тэксты па творах Францішка Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Варыянты тэкстаў дыктовак будуць надрукаваны ў адным з наступных нумароў. Разам з тым ніхто не абмяжоўвае мясцовую ініцыятыву

Рада ўнесла змены ў склад Сакратарыяту. Са складу выведзены адзін чалавек па яго просьбе і ўведзены Леанарда Мухіна і Алесь Лагвінец.

Рада падтрымала праект Алеся Лагвінца па арганізацыі кампаніі за беларускую мову на ўпакоўках беларускіх тавараў.

Наш кар.


Пастанова Рады Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 22.01.2017 г.

Аб скліканні чарговага ХІІІ з'езду ТБМ

У адпаведнасці з дзейным Статутам ТБМ Рада ТБМ пастанаўляе:

1. Правесці чарговы ХІІІ з'езд ТБМ у Менску 29 кастрычніка 2017г.

2. Правесці з 1 лютага па 1 верасня 2017 г. справаздачна-выбарчыя сходы альбо канферэнцыі ва ўсіх рэгіянальных структурах ТБМ, на якіх абраць дэлегатаў на чарговы з'езд ТБМ па наступных квотах:

Ад рэгіянальных (раённых) структур ТБМ, якія стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады, абіраецца:

а) 1 дэлегат (калі арганізацыя налічвае да 30 сяброў ТБМ);

б) 2 дэлегаты (калі арганізацыя налічвае ад 30 да 100 сяброў);

в) 3 дэлегаты (калі арганізацыя налічвае больш за 100 сяброў ТБМ).

Абласныя канферэнцыі ТБМ абіраюць па 5 дэлегатаў.

Менская гарадская арганізацыя ТБМ абірае 10 дэлегатаў.

Дэлегатамі з'яўляюцца таксама ўсе сябры Рады ТБМ і Рэвізійнай камісіі.

3. Дэлегатам з'яўляецца сябар ТБМ, які да 1 верасня 2017 г. заплаціў складкі за 2017 год і мае пасведчанне, якое падаецца пры рэгістрацыі дэлегатаў з'езду.

4. Пратаколы аб абранні дэлегатаў дасылаюцца ў сядзібу ТБМ да 10 верасня 2017 г.


На Еўрабачанне едзе беларускамоўная песня

Увечары 20 студзеня ў Менску адбыўся фінал Нацыянальнага адборачнага туру конкурсу. З 13 прэтэндэнтаў шляхам галасавання тэлегледачоў і прафесійнага журы пераможцам стаў гурт Naviband. Іх беларускамоўная кампазіцыя "Гісторыя майго жыцця" набрала максімальную колькасць балаў па выніках рашэння журы і галасавання гледачоў. Паводле традыцыі, пераможца атрымаў спецыяльную ўзнагароду - стылізаванае крыштальнае сэрца ад завода "Нёман".

Група Naviband у складзе Арцёма Лук'яненкі і Ксеніі Жук з'явілася ў 2014 годзе і выконвае, у асноўным, беларускамоўныя песні. У адборачным туры на "Еўрабачанне" яны ўдзельнічаюць другі раз. У дзень фіналу нацыянальнага адборачнага туру конкурсу, 20 студзеня, яны выпусцілі свой трэці альбом пад назвай "Ілюмінацыя".

Радыё Свабода.


125 гадоў з дня нараджэння Алеся Гурло

Алесь ГУРЛО , сапр. Аляксандр Кандратавіч ГУРЛО (31 студзеня 1892, Капыль Слуцкага павета Менскай губерні - 4 лютага 1938, Менск; псеўданім і крыптанімы: Л. Эхо; А. Г.; А. Г-ло) - беларускі паэт, празаік, перакладчык, лінгвіст.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Капыльскае 4-класнае вучылішча (1908). Працаваў чорнарабочым на тартаку, зарабляў падзённай работай. У 1909 уступіў у Капыльскую арганізацыю РСДРП; удзельнічаў у выданні рукапісных часопісаў "Заря", "Голос низа", "Вольная думка" (1910-1911, Капыль). У 1912 з дапамогай Ц. Гартнага ўладкаваўся на работу на ліцейны завод "Вулкан" у Санкт-Пецярбургу. З 1914 служыў на Балтыйскім флоце - спачатку матросам на крэйсеры "Багатыр", а ў 1-ую сусветную вайну - унтэр-афіцэрам на мінаносцы "Забіяка". Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і грамадзянскай вайны ў Расіі. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца, у задушэнні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1919 цяжка паранены пад Казанню; камісаваны з войска як інвалід. У 1919-20 працаваў у Ніжнегародскім порце.

У 1921 вярнуўся на Беларусь, жыў у Менску. Працаваў у Наркамаце асветы БССР. У 1922-1923 у газеце "Савецкая Беларусь". У 1920-я ў тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта; займаўся ў аспірантуры. У 1929-1930 навуковы супрацоўнік Інстытута мовы БелАН. Браў удзел у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў; падрыхтаваў і выдаў слоўнік "Тэхнічная тэрміналогія" (вып. 1. Мн., 1932), рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы мяст. Капыль і краёвы слоўнік Капыльшчыны (матэрыялы загінулі падчас 2-й сусветнай вайны). Быў членам літаб'яднанняў "Маладняк", "Полымя", "Пробліск". Арыштаваны ДПУ БССР 25.7.1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Самару на 5 гадоў (умоўна). Сябар Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Памёр ад сухотаў. Пахаваны на Вайсковых могілках Менска. Рэабілітаваны 15.11.1957.

Дэбютаваў вершам у 1907 у газеце "Наша ніва". У 1912 напісаў сямейна-бытавую драму "Любоў усё змагае". Аўтар зборнікаў паэзіі "Барвёнак" (1924), "Спатканні" (1925), "Сузор'і" (1926), "Зорнасць" (1927), "Межы" (1929). Перакладаў на беларускую мову творы рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.

Вікіпедыя.


З падзей 2016 года

На 1 студзеня. У Беларусі жыве 14,5 тыс ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. За мінулы год іх не стала 3,3 тыс.

З 1 студзеня базавая велічыня 210 тыс. рублёў. Золатавалютныя запасы НБ Рэспублікі Беларусь склалі 4,176 млрд. долараў.

З 1 студзеня Урад Расіі забараніў увоз на сваю тэрыторыю сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны з Украіны. Спыннена перапампоўка нафты па тэрыторыі Украіны ў Еўропу. У выніку павысілася значэнне тэрыторыі Беларусі як транзіту, які дае прыбытак.

2-6 студзеня . Большасць прадпрымальнікаў не працуе, бо яны павінны мець сертыфікат на прадаваны тавар, а яны яго не маюць.

9 студзеня. У аўстралійскім г. Брысбена тэнісістка Вікторыя Азаранка атрымала перамогу ў спаборніцтве па тэнісе.

11 студзеня . У Менску адбыўся форум 1500 індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны пратэстуюць супроць Указа Прэзідэнта № 222 ад 2014 г.

15 студзеня . З кітайскага касмадрома Січань ракетай-носьбітам запушчаны першы беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік Зямлі "Вelintersat-1".

19 студзеня Указам Прэзідэнта № 13 зацверджаны генеральныя планы гарадоў-спадарожнікаў: Берасця - Жабінкі, Гародні - Скідзеля, Менска - Дзяржынска, Заслаўя, Рудзенска, Смалявічаў, Лагойска, Фаніпаля.

24-31 студзеня. Стаіць цёплае надвор'е з тэмпературай удзень +2 - +7 градусаў (цяпла).

28 студзеня. Мітынг індувідуальных прадпрымальнікаў каля Віцебскага аблвыканкама.

31 студзеня. Мітынг індувідуальных прадпрымальнікаў каля Гомельскага аблвыканкама.


1 лютага. У Менску, у зале гасцініцы "Пекін", адбыўся сход індывідуалных прадпрымальнікаў з патрабаванем адмены Указу № 222 ад 2014 года.

1 - 6 лютага. Стаяла цёплае надвор'е з тэмпературай +1 - +4 градусы.

4, 5 лютага. Праводзіліся вайсковыя вучэнні ў Лунінецкім раёне.

5 лютага. У Сочы адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Расіі і Беларусі У.У. Пуціна і А.Р. Лукашэнкі. Вырашэнне эканамічных пытанняў па просьбе беларускага боку.

10 лютага. У Менску ўдзень тэмпература паветра +4 градусы.

12 лютага. У аэрапорце Гаваны (Куба) адбылася сустрэча Папы Рымскага Францыска з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам. Падпісана сумесная Дэкларацыя, у якой заяўлена, што Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква - гэта не супернікі, а браты. Такая сустрэча першая амаль за тысячу гадоў.

15 лютага. Кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза скасавала санкцыі з беларускіў урадоўцаў, апрача чатырох чалавек, якія падазраюцца ў вінаватасці знікнення людзей у Беларусі.

25 лютага. У Менску адбылося паседжанне Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Удзельнічалі У. Пуцін, Дз. Мядзведзеў, В. Матвіенка і Рыгор Рапота (Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы).

29 лютага. Асуджаны на розныя тэрміны зняволення кіраўнікі Слуцкага мясакамбіната, арыштаваныя 14 красавіка 2014 г. У Менску пачаўся суд над групай (17 чалавек) прадаўцоў наркотыкаў.


8 сакавіка. Памёр амерыканскі праграміст Рэйманд Томлінсан, які ў 1971 годзе прыдумаў слімака @ для электроннай пошты. Пражыў 75 гадоў.

11 сакавіка. Супрацоўнікі КДБ затрымалі бізнесоўца Юрыя Чыжа, трымалі яго ў ізалятары некалькі месяцаў і выпусцілі на волю 14 верасня 2016 г. з патрабаваннем вярнуць дзяржаве растрату.

14 сакавіка. Супрацоўнікі КДБ затрымалі кіраўніка кампаній "Сервалюкс" і "Экамол Агро"("птушынага караля") Яўгена Баскіна ў менскім аэрапорце, калі ён са сваім дырэктарам хацелі пакінуць Беларусь.

14 сакавіка. Прадстаўнікі індывідуальных прадпрымальнікаў і некаторыя палітычныя дзеячы (сярод іх Мікола Статкевіч) аднеслі ў Міністэрства па падатках і зборах сумесную заяву з прашэннем адмяніць Указ № 222 ад 2014 г.

15 сакавіка. У Цэнтральным судзе Менска судзілі філосафа Уладзіміра Уладзіміравіча Мацкевіча за за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў месяц таму. Сведкамі выступілі міліцыянеры, але вучоны паказаў праязныя дакументы і штамп у пашпарце аб перасячэнні беларуска-польскай мяжы. У гэты час ён быў Варшаве. Ён апраўдаўся.

16 сакавіка. Памёр Сяргей Ханжанкоў (пражыў 74 гады), дыседэнт, які ў 1963 г. спрабаваў узарваць у Менску радыёглушылку. За гэта ён быў 10 гадоў у Мардоўскім ГУЛАГу, а яго два паплечнікі атрымалі 7 і 8 гадоў.

17 сакавіка. У Менску, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прайшлі Міжнародныя чытанні "Гісторыя ў імя міру". У паседжанні прынялі ўдзел вучоныя-гісторыкі Беларусі, Расіі, Літвы і Латвіі.

22 сакавіка. У Бруселі адбыўся тэрарыстычны акт.

23 сакавіка. У Менску, падворку, дзе жыве С.С. Шушкевіч, каля 20 -30 камуністаў правялі мітынг у сувязі з рэферэндумам 17 сакавіка 1991 г. Яны трымалі партрэты Леніна, Сталіна і сцягі з надпісам ВКП(б).

25 сакавіка. У Менску без дазволу гарадской улады адбылася дэманстрацыя ў гонар Дня Волі ад помніка Янку Купалу (сквер Янкі Купалы) да кінатэатра "Кастрычнік". Тут адбыўся мітынг, і далей дэманстранты прайшлі да ўніверсама "Рыга". Мерапрыемства доўжылася з 17 да 20 гадзін. Луналі сцягі беларускі нацыянальны, ЕС і Украіны.

27 сакавіка. Вялікдзень у католікаў. На дварэ цёпла, +5 градусаў.

28 сакавіка. У Мен-ску ўдзень тэмпература паветра дасягала +10 градусаў.

28 сакавіка. У цэнтры Кіева, на вул. Беларускай, 22, адкрыты памятны знак загінуўшым беларусам (Міхасю. Жызнеўскаму, Алесю Чаркашыну і Віталю Целяжэнку). На знаку герб "Пагоня" і два клічы па баках: "Слава Украіні!" "Жыве Беларусь!".

28 сакавіка. У судах Менска аштрафавалі палітычных дзеячаў Міколу Статкевіча, Віталя Рамашэўскага, Анатоля Лябедзьку ды іншых за арганізацыю мітынгу і дэманстрацыі 25 сакавіка.

Сакавік. У Менску, Мядзельскім і Пастаўскім раёнах прайшлі грамадскія мерапрыемствы, прысвечаныя стогадовай гадавіне Нарачанскай ваеннай аперацыі, якая адбылася 18 - 29 сакавіка 1916 года. Была прэзентацыя кнігі Уладзіміра Багданава "Битва у Нарочи". У кнізе прыведзены расійскія і нямецкія дакументы, што адносяцца да гэтай падзеі.

29 сакавіка. Памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

30 сакавіка - 1 красавіка. Каля Берасця праводзіліся ваенныя сумесныя вайсковыя вучэнні беларускіх дэсантнікаў і 76-й Пскоўскай штурмавой дэсантнай дывізіі.


4 красавіка Палата прадстаўнікаў НС Рэспублікі Беларусь зацвердзіла абарончую дактрыну Рэспублікі Беларусь. Беларускай арміі забараняецца ваяваць за межамі сваёй краіны.

6 і 17 красавіка ў Менску тэмпература паветра была ўдзень +20 градусаў.

13 - 15 красавіка. Афіцыйны візіт А.Р. Лукашэнкі ў Турцыю. 14 красавіка ён быў на саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які прайшоў пад дэвізам "Адзінства і салідарнасць у імя справядлівасці і міру" .

17 красавіка. У Менску памёр Вітаўт Міхайлавіч Мартыненка, вядомы журналіст, музыказнавец. Нарадзіўся ён у Менску 29.09.1959.

21 красавіка. Зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У Менску пачынаюць цвісці вішні.

26 красавіка. У Менску прайшоў традыцыйны Чарнобыльскі шлях. У гэты ж дзень А.Р. Лукашэнка наведаў пацярпелы ад той трагедыі Ельскі раён.

30 красавіка. У Беларусі радасна сустракалі маскоўскіх байкераў (матацыклістаў), якія ехалі з Масквы ў Берлін. Але, як і летась, іх не прапусцілі на сваю тэрыторыю палякі і літоўцы.


1 траўня. Праваслаўныя святкуюць Вялікдзень.

5 - 6 траўня. У Менску адбыўся Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры.

9 траўня . У Беларусі адзначаўся Дзень Перамогі. У в. Заброддзе Вілейскага р-на ў Музеі гісторыі Першай сусветнай вайны праводзіўся фэст. Ён тут стаў традыцыйны і кожны год павялічваецца колькасць яго ўдзельнікаў з многіх гарадоў Беларусі (Вілейкі, Маладзечна, Менска, Смаргоні).

Сталі вядомы новыя звесткі страт Другой сусветнай вайны. У Вялікай Айчыннай вайне страты СССР - 8 866 400 чалавек. З нямецкага палону вярнуліся 1,8 млн. чалавек. Страты германскай арміі 6,7 млн. чалавек.

11 траўня. У Магілёве прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі вялі эканамічныя перамовы па праблемах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў і Дзмітрый Анатольевіч Мядведзеў.

11 траўня . Прыняты Закон Рэспублікі Беларусь № 363-3 "Аб экспартным кантролі".

12 траўня. У аг. Александрыя Шклоўскага р-на А. Лукашэнка вёў перамовы з прэм'ер-міністрам Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым.

12, 13 траўня. У Менску на базе НАН Беларусі праведзены І Міжнародны кангрэс кардыёлагаў і тэрапеўтаў. Прымалі ўдзел медыкі з 9 краін свету.

14 траўня. На Кастрычніцкай плошчы ў Менску апазіцыйныя актывісты правялі акцыю "Праспект нацыянальнага сцяга".

15 траўня. Беларускі кангрэс дэмакратычных сіл праводзіўся ў Менску, у скверы Янкі Купалы, бо не знайшлі для такога мерапрыемства памяшкання, а Менскі гарвыканкам не дапамог.

18 траўня. Упершыню беларускі ваенны самалёт СУ-25 сеў надарогу Менск-Магілёў у цемнаце, а 23 гадзіне.

20 траўня. Прэзідэнт А. Лукашэнка прыляцеў у Рым і быў прыняты Папам Рымскім Францыскам.

29 траўня. У Менску а 4-й гадзіне пачынае віднець, а ў 5 гадзін ужо відно.

31 траўня ў Астане прайшло паседжанне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, у якім прыняў удзел А.Р. Лукашэнка. Прэзідэнты У. Пуцін, А. Лукашэнка і Н. Назарбаеў правялі неабходныя перамовы.

Травень - пачатак чэрвеня ў Вілейскім раёне больш за месяц не было дажджу.


1 чэрвеня. На Цэнтральнае тэставанне падала заявы 101 тысяча чалавек, з іх - на беларускай мове 22 348 і на рускай мове 78 тыс. чалавек.

1 чэрвеня. У Менску закрылі аўтавакзал "Усходні" (на вул. Ванеева), бо мала ездзіць пасажыраў.

3 чэрвеня. Міністэрства гандлю пераўтворана ў Міністэрства антыманапольнай палітыкі і гандлю Рэспублікі Беларусь.

4 і 5 чэрвеня. У Гародні адбыўся ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур Беларусі.

6 чэрвеня. Указам Прэзідэнта № 182 адменены Указ № 9 ад 7 снежня 2012 г., паводле якога забаранялася рабочым дрэваапрацоўчай прамысловасці звальняцца з работы да канца рэалізацыі інавацыйных праектаў.

7 чэрвеня. У газеце "Народная воля" надрукаваны артыкул "Замах расійскіх імперцаў на дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі". У сувязі з гэтым друкуецца заява руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі".

8 чэрвеня. У Палацы незалежнасці ў Менску адбылася сустрэча Прэзідэнтаў Расіі і Беларусі. У. Пуціна і А. Лукашэнкі.

8 - 11 чэрвеня. У Чэхіі чэмпіянат Еўропы па вулічных танцах. На ім 15-гадовая менчанка Сафія Ягораўна Гагіна перамагла 400 удзельнікаў, у дзвюх намінацыях выйграла два залатыя медалі і стала чэмпіёнкай Еўропы.

18 чэрвеня - 18 верасня. Праводзіліся выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ.

Ноччу з 18 на 19 чэрвеня ў Нью-Ёрку 80 беларусаў адзначалі Купалле. Такая тут традыцыя працягваецца з з 2000 года.

19 чэрвеня. У Менску з высокага дома на Кастрычніцкую плошчу выкінуўся паэт Ігар Канановіч. Гэта настаўнік з Клецка, які ў сталіцы рабіў грузчыкам. Яму сёлета 20 ліпеня было б 33 гады.

20 чэрвеня. Не гледзячы на пратэсты многіх жыхароў горада ў Віцебску пастаўлены помнік князю Аляксандру Неўскаму.

22, 23 чэрвеня. У Палацы Рэспублікі ў Менску адбыўся V Усебеларускі сход, на якім было 2500 дэлегатаў.

24 чэрвеня. У Ташкенце адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Тут А. Лукашэнка сустрэўся са старшынём КНР і заявіў, што Беларусь - гэта заходняя брама ШАС.

24 чэрвеня. Аб'яўлена, што ў Вялікабрытанніі выбаршчыкі на рэферэндуме прагаласавалі за выхад іх краіны з Еўрапейскага Саюза.

24 чэрвеня. Радыё "Свабода" на беларускай мове правяла апошнія перадачы на кароткіх хвалях. Цяпер будуць ісці перадачы на сярэдніх хвалях пасля 6 і 22 гадзін.

25 чэрвеня. У Менску пабіты тэмпературны рэкорд гэтага дня . Паветра прагрэлася да +31,5 градуса (У 1914 г. было +30,6 градуса).

26 чэрвеня. У Менску памёр Сяргей Картэс, кампазітар, народны артыст Беларусі. Нарадзіўся 10.02.1935 г. у Аргенціне. Яго бацька - чыліец. Жыў у Менску з 1955 г.

26 чэрвеня. Памёр Расціслаў Янкоўскі, народны артыст СССР. Нарадзіўся 05.02.1930 г. у Адэсе.

28 чэрвеня. У аэрапорце Стамбула адбыўся тэрарыстычны акт. Загінулі 53 чалавекі з розных краін і 239 паранены.

28 чэрвеня. У Менску, у абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, адбылася прэзентацыя кнігі Янкі Запрудніка "Кантакты" (Менск, 2016) і віншаванне аўтара з яго 90-годдзем.

Чэрвень. Пераможац сёлетняга конкурсу прыгажосці "Міс Беларусі-2016" Паліна Барадачова ахвяравала ўсе свае прызы і нават аўтамашыну дзіцячаму дому.


1 ліпеня. Адбылася дэнамінацыя беларускага рубля. Старыя грошы ўзору 2000 г. абменьваюцца на новыя ўзору 2009 г. у адносінах за 10.000 старых рублёў 1 рубель новы. Да 31 снежня 2016 г. у абарачэнні былі старыя і новыя грошы.

1 ліпеня. Пачаў дзейнічаць Закон "Аб альтэрнатыўнай службе".

1 ліпеня. У Менску, Магілёве і Пінску тэмпература ўдзень была вышэй тэмпературы рэкорду стогадовай даўнасці для гэтых мясцін на +0,8 градуса.

2 ліпеня. У Беларусі першы Дзень вышыванкі.

Ноччу з 2 на 3 ліпеня. У Багдадзе (Ірак) у выніку двух выбухаў загінулі больш за 200 чалавек. Віну на сябе ўзялі тэрарысты з групоўкі Ісламская дзяржава.

3 ліпеня. У Беларусі адзначалася свята Дзень Незалежнасці. У Менску адбыўся парад войск. Увечары быў салют.

4 ліпеня. У Лагойскім раёне адкрылася першая ў Беларусі конеферма (200 кабыл) для атрымання малака. За суткі ад адной кабылы атрымліваюць 12 літраў малака. Кошт адной бутэлькі 3 рублі.

5 ліпеня. У Менску памёр Міхась Мікалаевіч Шавыркін, першы рэдактар часопіса "Роднае слова".

8 - 9 ліпеня. У в. Аўцюкі Калінкавіцкага раёна праводзіўся 8-ы Усебеларускі фестываль народнага гумару.

11 ліпеня. У Шаркаўшчынскім раёне бура тыпу тарнада нарабіла шмат шкоды: сарвала стрэхі з 218 хат, перавярнула краны, машыны, жанчыну перакінула цераз дарогу. Аслабела ў Глыбоцкім раёне. Быў і град.

13 ліпеня. Тэмпература паветра трымалася каля 30 градусаў цяпла і было пахмурна. У сярэдзіне дня пачалася навальніца і вялікая бура, якая ахапіла ўсе беларускія вобласці, апрача Берасцейскай. У аэрапорце Менск - 2 пашкоджаны і разламаны лёгкаматорны самалёт, у сталіцы каля 1000 дрэў вырваны з карэннем і павалены. Па вуліцы ў сталіцы цяклі рэкі. Пацярпелі 510 паселішчаў. Шмат аўтамашын пашкоджана. Лініі электраперадач абясточаны.

14 ліпеня ў французскім г. Ніца грузавой аўтамашынай забіта каля 80 чалавек.

14 - 18 ліпеня ў Віцебску праводзіўся 25-ы фестываль песні "Славянскі базар". Было больш за 5 тыс. удзельнікаў з 44 краін свету. Кошт квіткоў на канцэрт ад 13 да 195 рублёў.

14 ліпеня Менскі гарвыканкам сваім рашэннем № 2008 зацвердзіў назвы станцый трэцяй і чацвёртай лініі Менскага метрапалітэна.

З 15 на 16 ліпеня ў Турцыі правалілася спроба ваеннага перавароту. Загінула 265 чалавек і паранена 1500 чалавек.

20 ліпеня. У Кіеве забіты вядомы тэлежурналіст Павел Рыгоравіч Шарамет, які нарадзіўся 28.11.1971 г. у Менску. Ён арганізатар і кіраўнік сайта "Беларускі партызан". Пахаваны 23 ліпеня ў Менску, на Паўночных могілках, каля бацькі.

25 ліпеня Прэзідэнт А. Лукашэнка зацвердзіў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры.

28 ліпеня Прэзідэнт А. Лукашэнка правёў нараду з кіраўнічымі работнікамі аб зніжэнні курэння ў краіне.

28 ліпеня памёр беларускі пісьменнік Іван Пташнікаў, які нарадзіўся ў 1932 г.

29 ліпеня. А. Р. Лукашэнка наведаў фермерскую гаспадарку "Цнянскія экапрадукты" Ўладзіміра Адамовіча ў Лагойскім раёне .

Ліпень. У Ганконгу праводзілася Міжнародная матэматычная алімпіяда На ёй выпускнік гімназіі г. Шчучын Андрэй Асанаў атымаў срэбны медаль.

Беларускія археолагі раскапалі ў в. Кардон Шумілінскага раёна скарб ІХ-Х стст. Усяго разам за сезон тут знайшлі 600 знаходак.


3 жніўня. Упершыню раніцай з Гомеля ў Менск адправіўся пасажырскі хуткасны электрацягнік бізнес-класу. У сталіцу прыйшоў за 3 гадзіны, а ўвечары ён адправіўся ў Гомель.

4 жніўня. У Менскім СІЗО № 1 памёр менчанін Ігар Пцічкін, якому стукнула ўсяго 21 год. У выніку пакаралі за халатнасць фельчара турмы.

5-21 жніўня Летнія Алімпійскія гульні - 2016 праводзіліся ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія). На час гульняў тэлеканал "Беларусь-5" стаў кругласутачным алімпійскім каналам. Беларускія спартсмены заваявалі 1 залаты медаль, 4 срэбныя і 4 бронзавыя медалі (усяго 9) Беларусь па заваяваных медалях на 40-м месцы.

10 жніўня ў Лагойску памёр Алесь Рашчынскі, кампазітар, фалькларыст, настаўнік. Нарадзіўся ў Лагойску ў 1949 г.

13 жніўня Беларускі батуціст Уладзімір Ганчароў заваяваў першы і адзіны залаты медаль для беларускай каманды на Алімпійскіх гульнях.

16 жніўня 500 іўдзейскіх дзеячаў з 30 краін наведалі г. Лёзна і памаліліся каля Залатой горкі, дзе ў аднайменным рове ў лютым 1942 года былі расстраляны 1,5 тысячы чалавек.

16 жніўня ў Рэспубліцы Комі (Расія) адкрылі памятны знак у гонар стваральнікаў тут ГУЛАГу 16.08.1937 г.

18-26 жніўня ў Маскве адбыўся кангрэс рабінаў Еўропы.


1 верасня. На амерыканскім кінафестывалі беларуска Воля Дземка, рэжысёр і прадзюсар дакументальнага фільма "Песні старой Еўропы", атрымала прыз за свой фільм.

3 верасня ў аг. Нарач Вілейскага раёна адсвяткавалі 450-я ўгодкі свайго паселішча, якое было заснавана 25 сакавіка 1566 года.

3 верасня. У г. Рагачоў Гомельскай вобласці праведзены Дзень беларускага пісьменства.У горадзе адкрыты Дом кнігі і бібліятэка імя У. Караткевіча.

3 верасня ў Менску адкрыты помнік кампазітару Станіславу Манюшку і пісьменніку Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу. Аўтары помніка скульптары Л. і С. Гумілеўскія, архітэктар Я. Мядзько.

5 верасня. У нядзелю ў Менску адбыўся марафон амаль 20 тысяч бегуноў на 21 км. Былі ўдзельнікі з 40 краін свету.

7 - 18 верасня. Праводзіліся Паралімпійскія гульні ў г. Рыа-дэ-Жанейра. Беларускія спартсмены выйгралі 8 залатых медалёў, з іх 6 па плаванні - Ігар Бокі.

10 верасня ў г. Атава (Канада) прайшла сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі.

11 верасня ў Беларусі праводзіліся выбары дэпутатаў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пачаліся яны датэрмінова за 5 дзён, як і заўжды.

11 верасня. У ЗША памёр Юрась Віктаравіч Хадыка, доктар фізіка-матэматычных навук прафесар, культуролаг, палітычны дзеяч. Пражыў 78 гадоў.

12 верасня. У абласных гарадах Беларусі была рэкордная тэмпература для гэтага дня: у Віцебску + 25,9, Менску +26,8, Гомелі +28,3, Берасці +29,6 градусаў.

14 верасня выпушчаны з СІЗА КДБ бізнесовец Юрый Чыж.

15 верасня. Суддзя Цэнтральнага раёна г. Менска Вікторыя Шабуня аштафавала старшыню грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва" Алега Кобрына на 20 базавых велічынь (420 рублёў) за раздачу бела-чырвона-белых сцяжкоў і герба Пагоня" ў гонар 25-годдзя незалежнасці Беларусі (25 жніўня) як за несанкцыянаванае мерапрыемства.

19 верасня . У Менску некаторыя грамадскія арганізацыі ("Малады фронт" ды іншыя) правялі акцыю "Дзень нацыянальнага сцяга". З бела-чырвона-белымі сцягамі стаялі і ішлі ад пл. Кастрычніцкай да пл. Незалежнасці. Акцыя, прысвечаныя 25-й гадавіне прыняцця Вярхоўным Саветам нацыянальнай сімволікі ў якасці дзяржаўнай, доўжылася з 19 да 20 гадзіны.

24 верасня. Памёр Юрый Базан, заснавальнік і галоўны рэдактар прыватнага "Аўтарадыё" (1992-2011 гг).

25 верасня ў Менску байкеры з Беларусі, Расіі і Прыбалтыкі (каля 3 тысяч) дэманстравалі сваё майстэрства язды.

26 верасня. У Віцебску каля 200 чалавек правялі ў гарадскім парку мітынг супроць высечкі дрэў для будаўніцтва Сафійскага сабора па макету Полацкага ХІ ст.

28 - 30 верасня. Візіт Прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі ў Кітай. Ён узнагародзіў старшыню КНР Сі Цзіпіна ордэнам "За ўмацаванне міру і сяброўства". Выступіў перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта і адзначыў, што "распад СССР - гэта вялікая сусветная катастрофа".

Верасень. Жыхар Пінска Павел Ляхновіч злавіў сома вагой 65 кг., а Сяргей Літвін з Берасця - на возеры Лядскае шчупака вагой 15 кг.

Каля в. Малешава Жыткавіцкага раёна 110 гадовы Кірыла Варвановіч знайшоў на полі бронзавую сякеру, якой каля трох тысяч гадоў. Раней у Беларусі такіх знаходак не было.


1 кастрычніка. У Менску адключылі правадное радыё. На год раней яно было адключана ў іншых гарадах. А ў вёсках пачалі адключаць з 2012 г. Правадное радыё больш не існуе.

1 - 2 кастрычніка. У Пінску адбылося спартыўна-забаўляльнае спаборніцтва "Нявеста на ровары". У ёй удзельнічалі 10 маладых.

5 кастрычніка. У Менску памёр Уладзімір Дзям'янавіч Ягораў, дзяржаўны дзеяч, міністр МУС (1990-1994 гг.), старшыня КДБ (1994-1995 гг.). У гэты ж дзень памёр Уладзімір Васілевіч Гарбачоў, доктар медыцынскіх навук, беларускі вучоны кардыялогіі, аўтар мемуараў "Сквозь тернии", які друкаваліся ў газеце "Народная воля" ў 2015-2016 гг.

5 - 6 кастрычніка . Візіт А.Р. Лукашэнкі ў Ісламабад (Пакістан).

10 кастрычніка. На першай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VІ склікання перавыбраны старшынём гэтай палаты Міхаіл Мясніковіч.

11 кастрычніка на першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VІ склікання абраны старшынём Уладзімір Андрэйчанка.

14 кастрычніка адбыўся візіт Прэзідэнта А. Лукашэнкі ў Арменію. У Ерэване праходзіла паседжанне дзяржаў АДКБ, на ім старшынство на адзін год перайшло да А.Р. Лукашэнкі.

14 кастрычніка. Кацярына Бягун (40 г.) з дочкамі Алісай (22 г. ) і Лізай (18 г.) адправілася ў кругасветнае падарожжа з Беларусі, якое прадоўжыцца да 10 ліпеня 2017 г.

18-20 кастрычніка. На палігоне ў лесе Берасцейскай вобласці праводзіліся вайсковыя вучэнні з удзелам А. Лукашэнкі. Удзельнічалі ў іх беларускія войскі і кастрамскія дэсантнікі з Расіі.

20 кастрычніка. У Берліне адбыўся саміт "нарманскай чацвёркі": канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт РФ У. Пуцін, прэзідэнт Украіны П. Парашэнка. Разглядалася пытанне аб урэгуляванні канфлікту ў Данбасе.

27 кастрычніка. Зміцер Дашкевіч, кіраўнік гамадскай арганізацыі "Млады фронт", з актывістамі сабралі 10540 подпісаў пад заявай у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб'явіць бела-чырвона-белы сцяг гістарычнай каштоўнасцю. Подпісы аднеслі ў Міністэрства культуры.

28 кастрычніка ў Менску адбылася нарада прэм'ер-міністраў СНД.

29 кастрычніка . Афіцыйны візіт кіраўніка Беларусі А. Лукашэнкі ў Катар.

29 кастрычніка. Зміцер Дашкевіч з актывістамі "Маладога фронту" правялі пікет каля будынка КДБ у Менску. Акцыя памяці ахвяр сталінізму.

29 кастрычніка. У лёдавым палацы ў Гомелі выступіў Сяргей Міхалок са сваім гуртом "Вrutto". Сенсанцыяй было тое, што яму некалькі гадоў забаранялася выступаць у Беларусі.

30 какастрычніка. Сустрэча Прэзідэнта А. Лукашэнкі і прынца Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Абу-Дабі.

30 кастрычніка . Дзяды. Ушанаванне памяці герояў 1863 г. на радзіме Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы Гарадзенскай вобласці. За гэтую акцыю 18 чалавек пакараны штрафамі. Старшыня рузу "За свабоду" Юрась Губарэвіч аштрафаваны на 25 базавых велічынь, што складае 525 рублёў.

30 кастрычніка. У Менску адбылося традыцыйнае шэсце і мітынг у Курапатах, арганізаваныя КХП-БНФ. Збор удзельнікаў пачаўся каля гадзіннікавага завода "Луч".

Кастрычнік. Сярэдняя зарплата ў Беларусі 379 долараў.


2 - 3 лістапада. Міністр абароны Расійскай Федэрацыі Сяргей Шайгу прыехаў у Менск на сумесную калегію міністрстваў абароны РФ і Рэспублікі Беларусь і для абмеркавання плану ваеннага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў на 2017 год.

7 лістапада. У Беларусі, як і ў Кыргызстане, святкуецца Дзень Кастрычніцай рэвалюцыі. Каля Менскага трактарнага завода адкрыты адрэмантаваны помнік У.І. Леніну, які раней стаяў на тэрыторыі гэтага завода. Зміцер Дашкевіч сапсаваў урачыстасці, звязаныя з яго адкрыццём. Першы сакратар ЦК КПБ Карпенка (першы намеснік старшыні Менскага гарвыканкама) вымушаны быў пакінуць мітынг. Дашкевіча схапілі міліцыянеры, завалаклі ў аўтазак і склалі на яго тры пратаколы. 16 лістапада ў судзе аштрафавалі Зміцера Дашкевіча на на 500 долараў.

11 лістапада. У Менску ўрачыста адкрыта саборная мячэць, якая пабудавана на турэцкія грошы (каля 7 млн. долараў). На яе адкрыцці прысутнічалі прэзідэнт Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган і Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка.

15 лістапада. Затрыманы старшыня Бабруйскага гарадскога выканкама Андрэй Каваленка пры атрыманні хабару.

16 лістапада. З касмадрома Байканур на акаляземную арбіту стартаваў беларускі касманаўт Алег Навіцкі. Ён прыслаў навагодняе віншаванне для Беларусі з космасу.

17 лістапрада. Польскія ветэраны вайны разам з паслом Польшчы ў Беларусі Конрадам Кавалікам наведалі Курапаты, дзе ў канцы 1930-х гадоў праводзіліся незаконныя расстрэлы палякаў і беларусаў.

21 лістапада. Гарадскія пасёлкі Бялынічы і Круглае атрымалі статус горада.

22 лістапада. Афіцыйная сустрэча А. Лукашэнкі і У. Пуціна ў Маскве. Аб выніках сустрэчы нічога не паведамлялася. Патрабаванне беларускага боку панізіць цэны на газ, бо сусветныя цэны панізіліся, у Маскве не прымаецца.

24 лістапада . Грамадскае аб'яднанне Расіі "Мемарыял" выставіла ў Інтэрнэце спіс прозвішчаў 40 тысяч супрацоўнікаў дзяржаўнай бяспекі СССР.

24 лістапада. На пл. Свабода М. Статкевіч, У. Някляеў і П. Севярынец правялі мітынг, прысвечаны 20-й гадавіне рэферэндуму 1996 г. Людзей прыйшло мала, і акцыя доўжылася ўсяго 40 хвілін.

26 лістапада. Актывісты Партыі БНФ і "Маладога фронту" паклалі кветкі да помнікаў слуцкім паўстанцам 1920 г. і прайшлі шэсцем па вуліцы Слуцка з нацыянальнымі сцягамі. Абышлося без затрыманняў.

29 лістапада ў Беларускай філармоніі ў Менску адбыўся чарговы ІІІ з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі. У ім удзельнічалі 387 пісьменнікаў. Былі прадстаўнікі з 10 краін. Старшынём СПБ зноў абраны Мікалай Чаргінец.

29 лістапада. С.С. Шушкевіч закрывае Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, бо няма чым аплачваць 7 памяшканняў гэтай партыі.

29 лістапада. Загінула на капанні бульбы Вікторыя Папчэня, васьмікласніца сярэдняй школы № 11 г. Маладзечна. Крымінальную адказнасць за гэта панёс шафёр грузавіка.

30 лістапада ў Гудзевічах Мастоўскага раёна памёр заслужаны настаўнік, краязнаўвец Алесь Мікалаевіч Белакоз.

30 лістапада - 3 снежня. У Вілейскім раёне збіралі ўраджай кукурузы на насенне. З Вілейкі рабочых і службоўцаў пасылалі памагаць вяскоўцам збіраць гэты ўраджай. На дварэ было ад трох да пяці градусаў марозу.

Лістапад. Стала вядома, што ў Беларусі 3 чалавекі валодаюць 14 кватэрамі. 10 чалавек маюць па 13 кватэр.


4 - 5 снежня. Святлана Алексіевіч прачытала лекцыю ў Такійскім універсітэце (Японія).

5 снежня. Вызвалены ад пасады кіраўніка адміністрацыі Аляксандр Косінец. На яго месца часова прызначаны Валер Міцкевіч.

5 - 6 снежня ў Менску знаходзіўся старшыня сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі. Ён сустрэўся з А. Лукашэнкам, М. Мясніковічам, У. Андрэйчанкам, а таксама з актывістамі апазіцыі М. Статкевічам, У. Някляевым і П. Севярынцам.

7 снежня ў Маларыце Валянціна Кавальчук атрымала паведамленне на выплату падатку 360 рублёў за дармаедства яе дачкі Ларысы Мазоль. Але Ларыса загінула ў аўтакатастрофе 12 гадоў таму. Паведамленне прыйшло з Менска. У Маларыце сёлета гэта другое такое паведамленне аб выплаце падатку нябожчыкам.

8 снежня. Актывісты "Маладога фронту" на пр. Незалежнасці ў Менску вывесілі 25 нацыянальных сцягоў у гонар 25-й гадавіны распаду СССР і ўтварэння СНД.

8 снежня. Кіраўніцтва Нацыянальнага кангрэсу Беларусі выбрала ваенную камісію і прызначыла Міколу Статкевіча кіраўніком ваеннай камісіі.

9 снежня ў Беларусі праводіцца шэраг мерапрыемстваў у гонар 125-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды работнікаў Мемарыяльнага літаратурнага музея М. Багдановіча павіншаваў А. Лукашэнка.

14 снежня ў Палацы мастацтваў у Менску адбыўся ХХІІ з'езд Саюза мастакоў Беларусі. Старшынём СМБ на альтэрнатыўнай аснове на другі тэрмін выбраны графік, паэт Рыгор Сітніца.

Потым у гэтым будынку адбыўся сход удзельнікаў літаратурнай суполкі "Тутэйшыя", якія такім чынам адзначылі 30-годдзе яе ўтварэння. Вёў сход Алесь Бяляцкі.

15 снежня . Указам Прэзідэнта А. Лукашэнкі вызвалены ад пасады міністра адукацыі Міхаіл Жураўкоў і прызначаны міністрам адукацыі Ігар Васілевіч Карпенка (першы сакратар ЦК КПБ), міністрам працы і сацыяльнай абароны - Валер Анатолевіч Малашка.

17 снежня. У Менску памёр пісьменнік Леанід Уладзіміравіч Маракоў. Ён нарадзіўся ў Менску 15.09.1958 г.

19 снежня. У Анкары (Турцыя) на адкрыцці расійскай выставы забіты пасол РФ у Турцыі Андрэй Карлаў. У гэты дзень у Берліне грузавік заехаў на калядны кірмаш і загубіў 12 чалавек.

20 снежня. Адкрыты рух транспарту па новай МКАД-2 вакол Менска. Яе даўжыня каля 160 км.

21 снежня ў Менску Л. Кучма падарыў А. Лукашэнку кнігу Макіявелі, а сам атрымаў ад кіраўніка Беларусі плюшавага пеўня.

15 і 21 снежня. Сяляне СВК імя А Суворава Крычаўскага раёна адмовіліся пераўтварыць свой СВК у ААТ, бо ён і так добра працуе. Угаворы старшыні райвыканкама Васіля Сысоева не далі выніку.

22 снежня. На з'ездзе Саюза палякаў старшынёй Саюза палякаў у Беларусі выбрана Анжаліка Борыс. (Гэта арганізацыя не зарэгістравана ў Беларусі.)

24 снежня Зянон Пазьняк накіраваў адкрыты ліст Прэзідэнту Польшчы Андрэю Дудзе і маршалку Сойму Польшчы з прашэннем прадоўжыць фінансаванне тэлестудыі "Белсат", якую мелі намер пазбавіць фінансавання.

25 снежня ў Сочы на ўзлёце рухнуў у Чорнае мора расійскі ваенны самалёт Ту-154, які вёз артыстаў ансамбля песні танца імя Аляксандрава ў Сірыю. Загінулі 92 чалавекі.

26 снежня. У Беларусі, як і ў Расіі, аб'яўлена жалоба ў сувязі з учарашняй трагедыяй у Сочы.

26 снежня. У Санкт-Пецярбургу праходзіў саміт ЕАЭС іАКДБ, але туды А. Лукашэнка не паехаў. Там падпісвалася Дамова аб мытным кодэксе. У Маскве праводзілася 51-я сесія Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі.

26 снежня. Суд Маскоўскага раёна г. Менска судзіў Уладзіміра Кандруся (жыхар г.п. Рудзенск) за тое, што 19 снежня 2010 г. пабіў вокны ў Доме Ураду. Яму далі паўтара гады абмежаванне волі і прымусовае лячэнне. Ён ужо адсядзеў паўгода ў турме.

30 cнежня. У Сірыі пачаў дзейнічаць рэжым спынення агню. Яго падпісалі варагуючыя бакі пры садзеянні Расіі і Турцыі.

Снежань. 20 гадоў таму цэнтр СНД перанесены з Менска ў Маскву.

Міністэрства спорту РФ узнагародзіла беларуса, грамадзяніна Расіі Аляксанда Лясуна (яму 28 гадоў), які на Алімпійскіх гульнях сёлета заваяваў залаты медаль па пяцібор'і. Яму падарылі легкавы аўтамабіль. Да 2009 г. ён выступаў за Беларусь, а пасля яго спісалі з спартсменаў па здароўі.

Снежань. У вёсках (Газьба і суседніх) Гарадоцкага раёна ваўкі ноччу нападаюць на сабак, курэй і авечак, трымаюць гэтыя вёскі ў страсе. Такое здарылася таму, што паляўнічыя правялі значны адстрэл дзікоў.

Адкрыта Угольскае радовішча нафты ў Рэчыцкім раёне. Яно залягае на глыбіні 5218 м і яго запасы 1,7 млн. т. У студзені 2017 г. тут атрымана першая нафта.

На менскім заводзе "Белкамунмаш" выраблены электрабус, яго выпрабаванні пачаліся ў пачатку 2017 года.

Снежань. У Менску большасць мужчын і жанчын (асабліва маладога і сярэдняга ўзросту) носяць на галаве вязаныя шапачкі (мужчыны чорнага і шэрага колеру, а жанчыны - светлага і шэрага). Гэта мода такім чынам замяняе зімовыя шапкі-вушанкі ў мужчын і хусткі ў жанчын.

У Белавежскай пушчы 480 зуброў.

У Беларусі 6 свабодных эканамічных зон, у якія ўваходзяць 419 прадпрыемстваў. Дзяржаве паступіла ад іх прыбытку толькі 200 млн долараў. Сёлета інвістыцый ад іх у прамысловасці не было.

У 2016 годзе.

У Беларусі аб'яўлены Год культуры.

У 2016 годзе ў Беларусь паступіла з Расіі толькі 18 млн тон нафты, а ў папярэднія гады паступала па 24 і 25 млн. тон. Цэны за газ для Беларусі так і не вырашаны. Расія патрабуе заплаціць 132 долары за 1000 куб м., а Беларусь просіць прадаваць нам за 72 долары, бо сусветныя цэны на энерганосьбіты панізіліся. У выніку Беларусь завінавацілася расійскаму "Газпраму" звыш 270 млн. долараў.

У Беларусі штогод на сваіх радовішчах здабываецца 1,645 млн. тон нафты.

Сёлетні год па клімату быў параўнальны цёплы.

Агульныя пасяўныя плошчы ўсіх сельскагаспадарчых культур розных катэгорый гаспадарак Беларусі ў 2016 годзе склалі 5845,1 тысячу гектараў, з іх сельскагаспадарчыя арганізацыі - 90,6 %, фермерскія - 1,9 %, гаспадаркі насельніцтва - 7,5 %.

У Беларусі ў 2016 г. сабралі збожжавых і бабовых культур 7,5 млн. т. пры сярэдняй ураджайнасці 31,5 ц/га. У Менскай вобласці намалацілі найболей - 1,9 млн. т. Бульбы накапалі 6 млн. т. Яе сярэдняя ўраджайнасць склала 205 ц/га. Гародніны сабралі 1,9 млн. т. пры сярэдняй ураджайнасці 276 ц/га (у 2015 г. была 245 ц/га). Цукровых буракоў сабралі 4,3 млн. т. (на 30,3 % болей за 2015 г.) пры ўраджайнасці 446 ц/га (у 2015 г. - 330 ц/га). Вытворчасць ільновалакна ў параўнанні з 2015 г. вырасла на 2 % і склала 41,3 тыс. т.

У 2016 г. ВВП скараціўся на 2,6 %.

За 2016 год залаты запас Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь павялічыўся на 1 т. і склаў 39,1 т.

52 тысячы дармаедаў за гэты год заплацілі 4,9 млн. дэмінаваных рублёў.

Сярэдняя месячная заработная плата за лістапад склала 717,6 рублёў.

Сярэдняя працоўная пенсія ў снежні (апрача пенсіянераў вайсковых, КДБ, МНС і органаў МУС) - каля 330 рублёў.

Базавая велічыня ў канцы года года была 21 рубель.

За снежань месяц у Менску плата за камунальныя паслугі (апрача электраэнергіі і тэлефона) прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м., у якой пражывае адзін чалавек, склала 28,3 руб.

У снежні кошт электраэнергіі за адну кВт-гадзіну для гараджан, якія карыстаюцца газавай плітой, да 150 кВт/гадзін - па 0,1188 руб., ад 150 да 300 кВт/гадзін - па 0,1544 руб., вышэй 300 кВт/гадзін - 0,19 руб. і для гараджан, якія карыстаюцца электраплітой, да 250 кВт/гадзін - па 0,1009 руб., пасля 250 да 400 кВт/гадзін - па 0,1311 руб., вышэй 400 кВт/гадзін - 0,19 руб.

У снежні праезд у гарадскім транспарце Менска каштаваў у тралебусе, аўтобусе і трамваі: адна паездка - 0,5 рубля, у метро - 0, 55 рубля.

У абменных пунктах у канцы снежня ў Менску 1 долар можна было набыць за 1,95 беларускіх рублёў; 1 еўра - за 2,045 беларускіх рублёў; 100 расійскіх рублёў - за 3,12 беларускіх рублёў.

У канцы снежня кошты тавараў у менскіх магазінах былі наступныя:

Хлеб "Нарачанскі" (1,2 кг) - 2,04 руб.

Хлеб "Водар" (860 г) - 1,41 руб.

Батон "Традыцыйны" (450 г) - 11 800 руб.

Батон "Апетытны ама-тарскі" (450 г) - 1,2 руб.

Батон "Стольны" (400 г.) - 1,2 руб.

Смятана, 26 % (400 г) - 1,54 руб.

Малако, 3,2% (1 л) - 1,01 руб.

Сыр "Расійскі", 50 % (1 кг) - 7,99 руб.

Тварог, 9 % (200 г) - 1,09 руб.

Масла сметанковае "Сялянскае", 72,5 % (180 г) - 2,40 руб.

Кефір, 3,2 % (1 л) -1,04 руб

Алей сланечнікавы (1 л) - 2,39 руб.

Свініна (1 кг) 2-й кат. І гат. - 6,6 руб.

Мяса свінное (1кг) - 8,8 -11,99 руб.

Каўбаса вараная "Рус-кая" (1 кг) - 7,49 руб.

Каўбаса вараная (1кг) - 7,42 руб.

Ялавічына 1-й кат. 3-і гат. (1кг) - 1,82 руб.

Шынка (1 кг) - 5,49 руб.

Бульба (1кг) - 0,47 - 0,5 руб.

Капуста (1кг) - 0,48 руб.

Мука пшанічная (1кг) - 1,12 руб.

Крупы грэчневыя (0,8 кг) -2,69 руб., (о,9 кг) -3,49 руб.

Крупы ячменныя (0,9 кг) - 1,29 руб.

Аўсяныя шматкі (400 г) - 0,67 руб.

Гарэлка "Хлебнае ві-но", 40 % (0,5 л) - 6,96 руб.

Гарэлка "Брэст-Лі-тоўск", 40 % (0,5 л) - 7,72 руб.

Віно "Кагор, 13 %" (0,75 л) -5,72 руб.

Віно пладова-ягаднае, 17 % (0,5 л.) - 2,67 руб.

Цукар (1кг) - 1,69 руб.

Селядзец, салака (1 кг) - 5,96 руб.

Яйкі (10 штук) - 2,19 руб.

Цыбуля (1кг) - 0,51 руб.

Соль харчовая (1 кг) - 0,49 руб.

Запалкі (1 пачак) - 0,06 руб.

Мыла гаспадарчае, 72%" (200 г) - 0,61 руб.

Cтраты за 2016 год

Ніл Гілевіч (30.09. 1931 - 29.09. 2016), народны паэт.

Валер Сядоў (1952 - 03.2016), дыседэнт, актывіст БНФ.

Зміцер Саўка (1965-09.04.2016), філолаг, журналіст тэлеканала "Белсат".

Вітаўт Мартыненка (1960-17.04.2016), журналіст, музычны крытык.

Андрэй Тур (02.06. 1953 - 2016), эканаміст, дзяржаўны дзеяч.

Сяргей Картэс (1934-26.06.2016), кампазітар, народны артыст Беларусі.

Расціслаў Янкоўскі (05.02.1930-26.06.2016), народны артыст СССР.

Павел Шарамет (1971-20.07.2016), тэлежурналіст, грамадскі дзеяч.

Юрый Базан (1963-24.09.2016), заснавальнік і галоўны рэдактар "Аўтарадыё" (1992 -2011 гг.).

Юрась Хадыка (1938-20.10.2016), фізік, грамадскі дзеяч, заснавальнік Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.

Іван Пташнікаў (07.10.1932 - 28.07.2016), пісьменнік.

Іван Шэга (1953-04.10. 2016), вядомы лекар, грамадскі дзеяч.

Святлана Мулявіна-Пенкіна (06.06.1951 - 17.10. 2016), актрыса, заснавальніца і кіраўнік музея У. Мулявіна.

Алесь Белакоз (1928-01.12.2016), заслужаны настаўнік Беларусі, краязнавец.

Якаў Радына (1946-09.12.2016), матэматык, член-карэспандэнт НАН Беларусі.

Леанід Маракоў (1958-17.12.2016), пісьменнік, гісторык.

Падзеі і цэны запісаў Сымон Барыс.


Да 100 дзён дэпутацкай дзейнасці

Гэты тэкст быў падрыхтаваны напрыканцы 2016 г. і адасланы для публікацыі ў газету "Звязда", некалькі дзён таму адтуль быў дасланы адказ пра немагчымасць надрукаваць гэты матэрыял. Таму я дасылаю яго ў орган ТБМ "Наша слова".

Кароткая справаздача дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 Алены Анісім

Крыху статыстыкі.

За перыяд з 11 кастрычніка па 30 снежня 2016 г. я правяла чатыры сустрэчы з жыхарамі Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў сумесна з памочнікам Новікам М. М., які працуе на сталай аснове ў г. Стоўбцы. Акрамя таго, мой памочнік правёў яшчэ 15 прыёмаў (па 2 прыёмы ў тыдзень на працягу 2-х месяцаў).

За гэты час я атрымала каля 60 запытаў: падчас прыёму, у выглядзе электронных і пісьмовых лістоў, тэлефонных званкоў і падчас сустрэч з грамадзянамі. Падрыхтавала больш за 50 пісьмовых адказаў і запытаў па зваротах.

З кароткай практыкі хачу падзяліцца з чытачамі некаторымі развагамі.

Пытанні лакальнага характару.

Праблемы, якія ўздымаюцца падчас прыёму і ў лістах, маюць як лакальны, так і агульнадзяржаўны характар. Таму і вырашаць іх даводзіцца на адпаведным узроўні. Так, безумоўна, у кампетэнцыі мясцовай улады знаходзяцца пытанні працаўладкавання, якасці дарог, вуліц, аказанне паслуг у сістэме ЖКГ, транспартнае забеспячэнне паміж райцэнтрам і населенымі пунктамі, абслугоўванне ў банкаўскай сістэме, наданне вуліцам імёнаў вядомых людзей і інш. І сёе-тое ўдалося вырашыць, дзякуючы рэагаванню мясцовых уладаў на запыты людзей. Але і тут узнікаюць пытанні, якія задаюць грамадзяне, што патрабуюць рэагавання на агульнадзяржаўным узроўні. Напрыклад, наконт дарожнага збору, які бярэцца з усіх аўтамабілістаў, тым не менш, грошай на рамонт дарог чамусьці не хапае. Выказваецца адна з прапаноў, каб дарожны збор перанесці ў сферу аплаты за паліва (бензін), тады той, хто ездзіць болей, будзе плаціць больш. А хто мала ездзіць, напрыклад, пенсіянеры, якія карыстаюцца ўласным аўтамабілем ўсяго некалькі месяцаў у год, адпаведна заплацяць менш. Даволі справядлівы падыход. Застаецца толькі прадугледзець, як перавесці пэўны працэнт аплаты за бензін у дарожны, умоўна кажучы, фонд. Ці атрымае падтрымку такая прапанова, пакуль невядома. Але, думаецца, яна вартая ўвагі і абмеркавання.

Пытанні агульнадзяржаўнага маштабу.

Мы шмат чуем і гаворым пра сацыяльную скіраванасць нашай краіны. І сапраўды, нямала робіцца ў гэтым плане станоўчага. Але тое, што датычыць некаторых фактаў з жыцця асобных неабароненых груп, напрыклад, інвалідаў, застаецца па-за ўвагай. Так, паводле запытаў у Стаўбцоўскім раёне шмат хто сутыкаецца з праблемай забеспячэння правоў сірот, некаторыя з якіх з'яўляюцца інвалідамі з дзяцінства. У кожным такім выпадку трэба разбірацца індывідуальна, але ж павінен быць створаны механізм прававой абароны на агульнабеларускім узроўні. Сваякі, якія праяўляюць клопат у дачыненні пляменнікаў ці ўнукаў, губляюць ільготы па аплаце падаткаў, а то і абкладаюцца дадатковымі падаткамі за тое, што даюць такім сіротам прытулак. Гэта сведчыць пра недасканаласць нашай прававой сістэмы. Напэўна, такія праблемы ёсць і ў іншых раёнах Беларусі, а не толькі ў маёй акрузе.

Указ № 100, які рэгулюе пытанні адчужэння старых і пустых дамоў у вёсцы, не можа прымяняцца ў дачыненні да неаформленых ва ўласнасць пабудоў. Значыць, таксама патрабуе ўдакладнення механізм яго прымянення. Відавочна, што ў дадзеным выпадку мы павінны весці гаворку пра ўкараненне інстытута прыватнай уласнасці як на пабудовы, так і на зямельныя ўчасткі. Бо без уласніка складана дабіцца належнага выгляду тых сядзібаў, у якіх гаспадары не жывуць стала і фігуруюць толькі як спадчыннікі.

Вострыя пытанні.

У маёй сённяшняй дэпутацкай дзейнасці я сутыкнулася і з шэрагам няпростых пытанняў. Рашэнне іх патрабуе, па-першае, публічнасці, а па-другое, адпаведнага рэагавання кампетэнтных органаў.

Так, зараз у прэсе ўсё часцей з'яўляюцца матэрыялы, якія сведчаць пра сістэму пабораў з выхавацеляў дашкольных устаноў і з настаўнікаў на падпіску часопісаў, якія не выкарыстоўваюцца ў іх прафесійнай дзейнасці, а таксама на іншыя мэты, непрадугледжаныя ні кантрактнай сістэмай, ні вытворчай неабходнасцю. Такая практыка збору наяўных грошай, відавочна, сведчыць пра недахопы вядзення фінансавай дзейнасці ў некаторых установах адукацыі. Акрамя таго, маладыя спецыялісты, маючы нізкую зарплату, нават пры вялікай сімпатыі да сваёй прафесіі, сутыкнуўшыся з падобнымі паборамі, наўрад ці захочуць заставацца працаваць у такой сістэме. І гэта становіцца агульнадзяржаўнай праблемай, якую ствараюць некаторыя кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

Усё большы розгалас набывае практыка вядзення будаўніцтва жылых дамоў, якая суправаджаецца некантраляванай высечкай дрэў у паркавых зонах. Думка жыхароў ігнаруецца, асаблівае абурэнне выклікаюць факты, калі забудова вядзецца ў месцах, дзе адбываліся масавыя расстрэлы грамадзян у розныя часы гісторыі. Пра гэта паведамляюць жыхары Гомеля ў сваім запыце на маё імя.

Не магу абысці сваёй увагай і вострае пытанне пра канфіскацыю маёмасці ў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу за нязначныя парушэнні ў дзейнасці, як напрыклад, недакладнае афармленне ТТН і пад.

Я распавяла толькі пра некаторыя запыты. Таму гэты вельмі кароткі агляд дае мінімальнае ўяўленне пра тое, з чым і як сутыкаюцца дэпутаты, і я ў тым ліку, у сваёй сённяшняй дзейнасці. Па некаторых пытаннях, датычных прававога забеспячэння сірот і інвалідаў, удасканалення прадпрымальніцкай дзейнасці маім памочнікам ужо падрыхтаваны і рыхтуюцца прапановы ў адпаведныя законапраекты.

Што засталося за кадрам?

У адзначаны перыяд я прымала ўдзел у некалькіх канферэнцыях, а таксама ў паседжаннях круглых сталоў, неаднаразова здымалася ў тэлеперадачах на каналах АНТ, "Беларусь-1", Белсат, давала інтэрвію друкаваным СМІ і на радыё па актуальных пытаннях. Па запрашэннях дыпламатычных місій наведвала афіцыйныя прыёмы.

Што далей?

Праблем у нашай адносна маладой незалежнай краіны назбіралася шмат. Таму і працаваць даводзіцца шмат. Радуе, калі людзі падымаюць не толькі асабістыя пытанні, але турбуюцца пра тое, які імідж мае Беларусь, наколькі камфортна нам у ёй жыць, прапануюць спосабы вырашэння важных для краіны пытанняў. Гэта дае надзею на тое, што калі ўладныя структуры будуць чуць запыты людзей і вырашаць іх у інтарэсах грамадзян на падставе закона, то разам мы зможам разгрэбці тыя завалы, якія замінаюць нам пачувацца сапраўднымі гаспадарамі ў сваёй краіне.

Алена Анісім.


Круглы стол у НАН Беларусі

20 студзеня ў Менску ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол "Роля і месца акадэміка Браніслава Тарашкевіча ў беларускім нацыянальным адраджэнні", прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння аўтара першай беларускай граматыкі.

З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна назвала жыццёвы шлях Браніслава Тарашкевіча "прыкладам для любога пакалення беларусаў".

- Калі глядзіш на беларускую гісторыю праз прызму постацяў і асобаў, якія ў ёй былі, то бачыш колькі выдатных дзеячоў, выхадцаў з Беларусі, што прысвяцілі сябе іншым краінам. Людзі, якія тут нараджаюцца, яны надзвычай таленавітыя, але абставіны так складаюцца, што рэалізоўваюць яны сябе на карысць іншых народаў - такіх прыкладаў шмат. Што тычыцца Браніслава Тарашкевіча, то гэта такая асоба, якая якраз усёй сваёй дзейнасцю служыла Беларусі. Вядома, шлях у яго быў няпросты, няпросты быў час. Таленавіты ад нараджэння, ён не толькі здолеў закласці цэлы падмурак для развіцця беларускай літаратурнай мовы, але яшчэ і ўвасабляў сабой выдатнага грамадскага дзеяча і, што самае важнае, ён служыў менавіта свайму народу, - падкрэсліла яна.

Першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец у сваім выступе адзначыў, што граматыка Тарашкевіча замацоўвала нацыянальную адметнасць беларускай мовы ад суседніх.

- Прысутнасць расейскай і польскай мовы ў культурнай прасторы беларусаў абумоўлівала актуальнасць тэндэнцыі на аддаленне пісьмовай беларускай мовы ад польскай і расейскай, - канстатаваў акадэмік.

Польска-расейскі ўплыў падштурхоўваў у сваю чаргу да выкарыстання фанетычнага прынцыпу ў беларускай граматыцы. Пры гэтым, выпрацоўваючы літаратурныя нормы, Тарашкевіч мог абапірацца толькі на непрацяглую пісьмовую традыцыю, якая яшчэ не набыла статусу ўстойлівай.

Дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ Сяргей Запрудскі нагадаў, што першыя чатыры выданні граматыкі Тарашкевіча друкаваліся чатыры гады запар з 1918 па 1921 год без якіх-небудзь зменаў. Гэта, мяркуе навуковец, сведчыць пра надзвычайную паспяховасць выдання.

- Граматыка Тарашкевіча надзвычай паспяхова ўварвалася ў арфаграфічна-граматычную прастору. Сам той факт, што яна чатыры гады запар выдавалася без зменаў і без ніякай крытыкі, шмат пра што сведчыць. Нейкай сур'ёзнай крытыкі граматыкі Тарашкевіча ў той час проста не існавала. З аднаго боку, гэта можа сведчыць пра стан нашых навуковых сілаў, а з другога боку - пра тое, што граматыка была вельмі паспяховай, яна не выклікала палемікі, спрэчак. Чатыры выданні выйшлі год за годам, і ніхто не сказаў, што там нешта дрэнна, - адзначыў ён.

Радыё Свабода.



У.П. Андрэйчанку,

Старшыні Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь,

вул. Савецкая, 11,

220010, г. Мінск

Паважаны Уладзімір Паўлавіч!

У адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нашай краіне дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца беларуская і руская мовы. З гэтага вынікае, што яны маюць роўны статус. Аднак на практыцы, і найперш у заканадаўчай сферы, беларуская мова ігнаруецца, што вядзе да парушэння моўных правоў грамадзян у гэтай галіне. Пра гэта адпаведным чынам выказаўся Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у 2004 г.

Нагадаем, што ў свой час на старабеларускай мове былі напісаныя перадавыя для тагачаснай Еўропы дакументы, у прыватнасці Статут ВКЛ, які перакладаўся на польскую, рускую і іншыя мовы і дзейнічаў нават у часы Расійскай імперыі аж да 1840 г.

У сувязі з гэтым, мы накіроўваем свае подпісы з прапановай прымаць усе законы і заканадаўчыя акты адпаведна Канстытуцыі Беларусі на дзвюх дзяржаўных мовах (ці толькі на беларускай мове, мове тытульнай нацыі, калі гэта эканамічна выгадней).


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Абат - настаяцель каталіцкага манастыра.

Архіепіскап (архібіскуп) - галоўны епіскап (біскуп), які ўзначальваў царкоўную акругу.

Асабістая залежнасць - страта чалавекам асабістай свабоды і пераход у падпарадкаванне іншаму чалавеку.

Базіліка (ад грэцк. Ваsіlіkе - царскі дом) - тып антычнага, потым сярэднявечнага будынка, прамавугольнага ў плане, падзеленага ўздоўж шэрагамі калон на некалькі (звычайна - 3, радзей - 5) частак (так званых караблёў або нефаў). Сярэдні неф, завершаны апсідай, вышэйшы і шырэйшы за бакавыя.

Дамен - уладанне буйнога феадала, якое перадавалася ў спадчыну.

Дагмат - асноўнае палажэнне рэлігійнага веравучэння, якое лічыцца вечным і нязменным.

Дынастыя - каралі, прадстаўнікі аднаго і таго ж роду, якія змяняюць адзін аднаго на троне паводле права спадчыны.

Евангелле - свяшчэнная кніга, у якой апісваецца зямное жыццё Ісуса Хрыста і выказаны асноўныя палажэнні хрысціянства.

Епіскап (біскуп) - галава царкоўнай акругі.

Ерэтык - чалавек, які не пагаджаецца з вучэннем царквы.

Замак - умацаванне, пабудаванае на непрыступных скалах, узгорках ці астравах, месца жыхарства феадалаў.

Кароль - уладар каралеўства, каралеўскі тытул быў другім па значнасці пасля імператарскага.

Кляштар - комплекс збудаванняў, дзе жыве грамада каталіцкіх манахаў.

Конунг - вайсковы правадыр у скандынаўскіх народаў.

Натуральная гаспадарка - гаспадарка, у якой выраблялася амаль усё, патрэбнае для жыцця, і спажывалася амаль усё, што выраблялася.

Папа Рымскі - галава Заходняй (каталіцкай) царквы.

Рабін - духоўны кіраўнік вернікаў у яўрэйскай рэлігійнай грамадзе.

Сінагога - яўрэйскі малітоўны дом.

Скрыпторый - месца, дзе перапісваліся сярэднявечныя кнігі.

Талмуд - збор рэлігійных, бытавых, прававых прадпісанняў іудзейства, заснаваны на адпаведным тлумачэнні кніг Старога Запавету.

Феадал - уладальнік феода.

Феадальная залежнасць - залежнасць, пры якой сяляне і іх дзеці прымацаваны да надзелу і павінны выконваць паншчыну ды выплачваць аброк.

Феод - надзел зямлі, які даваўся за выкананне службы, у асноўным вайсковай.

Шэрыф - каралеўскі намеснік у Англіі.

Эпас - літаратурны твор, у якім паказаны пераломныя падзеі ў гісторыі існавання пэўнага народа.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

476 г. - звяржэнне Ромула Аўгуста Адаакрам. Фармальны канец Заходняй Рымскай імперыі

481-511 гг. - уладаранне Хлодвіга, правадыра і караля франкаў.

493-526 гг. - уладаранне Тэадорыха Вялікага, остгоцкага караля.

493-555 гг. - Каралеўства остготаў у Італіі.

VI ст. - "Салічная праўда" (Франкская дзяржава).

Каля 500 г. - прыняцце франкамі хрысціянства пры Хлодвігу.

Каля500 г. - "Эдыкт Тэадорыха" (Остгоцкае каралеўства).

568-774 гг. - Каралеўства лангабардаў у Італіі.

585 г . - заваяванне вестготамі Свеўскага каралеўства.

590-604 гг. - Пантыфікат Папы Рыгора I Вялікага.

597 г. - Першая рымска-хрысціянская місія ў Брытаніі.

675-754 гг. - Св. Баніфацый.

VIII ст. - стварэнне англасаксонскай эпічнай паэмы "Бэўвульф" (запісаная каля 1000 г.).

715-741 гг. - уладаранне Карла Мартэла, франкскага маярдома.

741-768 гг. - уладаранне Піпіна Кароткага, маярдома (з 751 г. - кароль Франкскай дзяржавы).

751-843 гг. - уладаранне дынастыі Каралінгаў у адзінай Франкскай дзяржаве.

756 г. - утварэнне свецкай дзяржавы рымскіх пап.

768-814 гг. - уладаранне Карла Вялікага.

774 г. - франкскае заваяванне каралеўства лангабардаў.

793 г. - першы напад вікінгаў на Брытанскія астравы.

800 г. - каранаванне Карла Вялікага імператарскай каронай. Аб'яднанне англасаксонскіх дзяржаў у адзінае каралеўства Англію.

843 г. - падзел імперыі франкаў, пачатак фарміравання каралеўстваў Францыі, Германіі, Італіі

858-867 гг. - пантыфікат Папы Мікалая I.

865-896 гг. - "Вялікая армія" вікінгаў.

871-899 гг. уладаранне Альфрэда Вялікага, караля Уэсэкса.

872-900 гг. - аб'яднанне нарвежскіх зямель пад уладай Харальда I Прыгожавалосага.

874 г. - пачатак каланізацыі Ісландыі.

IX ст. - узнікненне паэзіі скальдаў.

ІХ-ХІІІ стст. - стварэнне скандынаўскага гераічнага эпасу - "Эды".

IX ст. - з'яўленне першых замкаў у Еўропе.


РАЗДЗЕЛ II.

ВІЗАНТЫЙСКАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ

1. Стварэнне Візантыйскай дзяржавы.

2. Росквіт Візантыі ў V-VI стст.

3. Роля хрысціянства ў візантыйскім грамадстве.

4. Візантыйскае мастацтва і літаратура.

5. Візантыйскае войска. Войны з арабамі і славянамі.

6. Візантыя ў VІІІ-ІХ стст.

1. Стварэнне Візантыйскай дзяржавы

Візантыя стала адзінай спадчынніцай Рымскай імперыі пасля знішчэння германцамі Заходняй Рымскай імперыі ў 476 г. Трэба адзначыць, што ўжываная цяпер назва краіны - Візантыя - узнікла толькі ў XIV ст. і канчаткова замацавалася ў літаратуры ў XVI - ХVІІ стст. Самі жыхары дзяржавы называлі яе Рымскай (Рамей-скай) імперыяй , а сябе незалежна ад этнічнага паходжання - рымлянамі ( рамеямі ). Сталіцай дзяржавы стаў старажытны грэцкі горад Візантый, які ўзнік прыкладна ў 660 г. да н.э. на паўвостраве ў Мармуровым моры. У 330 г. імператар Рымскай імперыі перанёс сюды з Рыма сталіцу і назваў яе Новы Рым. Пасля яго смерці горад назвалі ў яго гонар Канстанцінопалем. Горад стаяў на перакрыжаванні двух важных гандлёвых шляхоў, наземнага, з Еўропы (Балканы) у Малую Азію і марскога - з Міжземнага праз Мармуровае ў Чорнае мора. Імператар Візантыі называў сябе " васілеўс " (што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае "цар"). Кіраваў дзяржавай велізарны бюракратычны апарат, падзелены на асобныя структуры (ведамствы). Кожнай такой структурай кіраваў чыноўнік вышэйшага рангу, якога прызначаў імператар. Дзяржава мела вялікае сухапутнае войска і флот. Дзяржаўнай рэлігіяй было хрысціянства, якое паступова набыло формы ўсходняга абраду (пазнейшага праваслаўя). На чале візантыйскай царквы стаяў канстанцінопапьскі патрыярх , які залежаў ад імператара і павінен быў яго падтрымліваць. Святары не плацілі падаткаў. Царква мела вялікія зямельныя ўладанні (у тым ліку і манастыры), а таксама майстэрні і гандлёвыя крамы ў гарадах. Пасля падзелу Рымскай імперыі на дзве незалежныя дзяржавы ў 395 г. першым імператарам Усходняй (Візантыйскай) імперыі стаў Аркадзій (395-408). Дзяржава валодала Балканамі, астравамі Эгейскага мора, Малой Азіяй, Сірыяй, Палесцінай, Егіптам, часткай Месапатаміі і Арменіі, Паўднёвым Крымам ды іншымі тэрыторыямі на беразе Чорнага мора.

Гэтая тэрыторыя складала больш за 750 тыс. кв. км. Насельніцтва імперыі мела высокую земляробчую культуру. Тут вырошчвалі збожжа (пшаніцу, авёс і ячмень), разводзілі аліўкі і вінаград, а таксама фінікавыя пальмы і фісташкі. У Егіпце вырошчвалі лён, а на Балканах здаўна займаліся пчалярствам. У VI ст. з Кітая завезлі чарвякоў-шаўкапрадаў і пачалі вырабляць шоўк. Жыхары Візантыі таксама актыўна займаліся жывёлагадоўляй. Яны гадавалі буйную і дробную рагатую жывёлу, аслоў, коней, вярблюдаў і свіней. Шмат лавілі марской і рачной рыбы. Імперыя мела багатыя радовішчы жалеза, медзі, золата і срэбра, а таксама мармуру і будаўнічага каменю. Егіпет пастаўляў матэрыял для пісьма - папірус, а Фінікія - пурпуровую фарбу для дарагіх тканін.

Значную частку насельніцтва складалі грэкі, і таму дзяржаўнай мовай замест латыні неўзабаве стала грэцкая. Акрамя грэкаў у дзяржаве жыло шмат народаў, якія захоўвалі свае звычаі, мову і рэлігію. Аднак грэкі былі пануючым этнасам, а грэцкая мова - мовай царквы і дзяржавы. Насельніцтва Візантыі ў V-VІІ стст. складала ад 50 да 65 млн. чалавек.

2. Росквіт Візантыі ў V-VІІ стст.

У часы гібелі Заходняй Рымскай імперыі Візантыяй кіраваў вышэйзгаданы імператар Зянон (474-491). Ён стабілізаваў сітуацыю ў краіне, здушыў паўстанні сепаратыстаў у Малой Азіі і накіраваў армію остготаў у Італію, каб яны не напалі на яго краіну. А наступны імператар, Анастасій, праводзіў паспяховую эканамічную палітыку, але прайграў вайну з суседняй Персіяй і страціў некаторыя гарады і тэрыторыі.

Найбольшы росквіт дзяржавы звязаны з уладараннем былога вайскоўца, камандзіра палацавай гвардыі Юстына (518-527) і яго пераемніка. Ён умацаваў пазіцыі артадаксальнай хрысціянскай царквы, выдаў эдыкі супраць арыян, палепшыў адносіны з рымскімі папамі. Яго палітыку паспяхова прадоўжыў Юстыніян (527-565).

Эпоха Юстыніяна. Галоўнай мэтай яго жыцця было аднаўленне былой моцы Рымскай імперыі. Вельмі адукаваны, энергічны і працавіты чалавек, ініцыятар розных рэформаў, ён жорстка душыў народныя паўстанні, пераследаваў ерэтыкоў і жорсткай рукой кіраваў мясцовай арыстакратыяй. Яго дарадцай і памочніцай была яго жонка Феадора , былая актрыса, вельмі прыгожая і разумная жанчына. Яна дапамагала кіраваць краінай, займалася дыпламатыяй, прымала замежных паслоў. Выявы Юстыніяна і Феадоры адлюстрананыя ў творах візантыйскага мастацтва.

Юстыніян стварыў моцную армію і пачаў паспяховыя войны ў Еўропе і Афрыцы. Спачатку, у 533-534 гг. ён захапіў каралеўства вандалаў у Паўночнай Афрыцы, дзе быў створаны Карфагенскі экзархат пад уладай Візантыі. Потым войскі імператара прыйшлі ў Італію, дзе знішчылі каралеўства остготаў (535-555 гг.). Былі захоплены і далучаны да Візантыі Паўночная Італія з цэнтрам у Равене, горад Рым, уся Паўднёвая Італія і Сіцылія. У 554 г. візантыйцы захапілі паўднёвую частку Пірэнейскага паўвострава. У выніку гэтых войнаў тэрыторыя Візантыі павялічылася амаль што ў два разы. Была зроблена адміністрацыйная рэформа. Краіну падзялілі на дзве часткі ( прэфектуры ), а тыя ў сваю чаргу на дыяцэзіі (7) і правінцыі (больш за 50). Грамадзянская ўлада была аддзелена ад вайсковай. Кожны чыноўнік, кіраўнік адміністрацыйнай адзінкі, меў вялікую адміністрацыйную і судовую ўладу, збіраў падаткі і адказваў за будаўніцтва і паштовую сувязь. Канстанцінопаль стаў асобнай адміністрацыйнай адзінкай на чале з прэфектам горада ( эпархам ).

Візантыйскае войска складалася з памежных і мабільных атрадаў, у якія ўваходзілі як рэкруты з мясцовага насельніцтва, так і найміты-варвары, а таксама з вялікага флоту. Колькасць войска ў V-VІІ стст. дасягала 550 тысяч чалавек.

Пры імператары дзейнічаў дарадчы орган - сенат ( сінкліт ), у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі старой рымскай арыстакратыі. Дзякуючы Юстыніяну быў створаны "Звод грамадзянскага права" , у якім праводзілася ідэя моцнай імператарскай улады ў цесным звязе з хрысціянскай (праваслаўнай) царквой. Значнае месца займае ахова прыватнай уласнасці, што ўмацавала эканоміку краіны.

Візантыйскі горад і вёска. Характэрнай рысай Візантыі было існаванне вялікіх гарадоў - такіх, як Александрыя, Бейрут, Трапезунд, Тыр, Антыёхія, Херсанес, Равена і інш. Самы вялікі горад Канстанцінопаль пры Юстыніяне налічваў больш за 300 тысяч жыхароў. Значную частку насельніцтва вялікіх гарадоў і асабліва сталіцы склаў і гарад скі плебс, які складаўся з вольных людзей: дробных рамеснікаў і гандляроў, наёмных работнікаў, сезонных рабочых, будаўнікоў. Каб задаволіць іх побыт і заняць вольны час, у гарадах будаваліся цыркі і асабліва іпадромы, дзе адбываліся конныя спаборніцтвы. Гарадскі плебс паступова падзяліўся на розныя вялікія групы спартовых заўзятараў, якія з цягам часу ператвараліся ў своеасаблівыя партыі ( дзімы ). Урэшце іх узначалілі арыстакраты, і з дзімамі пачала лічыцца ўлада. Дзімы атрымалі некаторыя правы: крытыкаваць ці падтрымліваць асобных чыноўнікаў падчас цыркавых спаборніцтваў, насіць зброю, складаць атрады гарадской міліцыі і нават удзельнічаць у выбарах імператара.

(Працяг у наст. нумары.)


Ілюстраваны том Арлова адкрывае год Скарыны

Юбілейны год беларускага кнігадрукавання распачаў презентацыяй новай кнігі найбольш уплывовы гістарычны пісьменнік Уладзімір Арлоў. У менскай "Акадэмкнізе" 19 студзеня адбылася аўтограф-сесія з удзелам аўтараў новай кнігі "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі" - пісьменніка У. Арлова, мастака П. Татарнікава, фундатара П. Бераговіча і рэдактара З. Санько.

Атмасфера ў кнігарні панавала прыўзнятая: да самых дзвярэй салон запаўнялі прадстаўнікі інтэлігенцыі, моладзь і студэнты. За дзве з паловай гадзіны былі прададзеныя 450 асобнікаў кнігі. Чытачы сталага веку імкнуліся атрымаць аўтограф пісьменніка на раней выдадзеных творах з сямейных бібліятэк. Супрацоўнікі кнігарні прапаноўвалі ўсім ахвотным набываць таксама кнігі У. Арлова " Краіна Беларусь", "Таямніцы Полацкай гісторыі", "Пакуль ляціць страла", "Імёны свабоды".

На сустрэчы фундатар выдання Павел Бераговіч распавёў:

- З Уладзімірам Арловым мы выпусцілі яго кнігу вершаў на лацініцы і кірыліцы. Праца над нашым новым буйным праектам "Айчына" пачалася з 2012 года. У том увайшлі больш за 200 ілюстрацый. Ад пачатку мы бачылі кнігу іншай, мяняліся ілюстрацыі, мяняўся макет. Вялікую працу выканаў рэдактар выдання - Зміцер Санько. Кніга - не толькі культурны і гістарычны праект, але і бізнеспраект. Больш за 1000 асобнікаў было замоўлена ў інтэрнэце ў першыя тры дні яе выхаду.

Пакуль аўтар гістарычнай інтэрпрэтацыі пісаў асабістае пажаданне кожнаму чытачу, мастак маляваў на першай старонцы вершніка. Павел Татарнікаў - таленавіты выхаванец графічнай школы Акадэміі мастацтваў. Сваімі настаўнікамі ён лічыць Васіля Шаранговіча і Ўладзіміра Савіча.

Павел Татарнікаў нарадзіўся ў Берасці ў 1971 г. у сям'і мастакоў. У 1989 г. ён скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў, а ў 1995 - аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1997 года ён з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў, з 2001 года - акадэмікам Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.

Крытыкі заўважаюць, што работы Паўла Татарнікава перагукваюцца і ўзаемадзейнічаюць са словам не столькі сюжэтам, колькі рытмам, дынамічнымі пераходамі ад вобраза да знака, ад дэталі да панарамы, ад плоскасці да ілюзорнай глыбіні. У час работы над кнігай мастак вывучаў шмат крыніц, атрымліваў кансультацыі спецыялістаў.

Цягам тыдня ў сталіцы адбылося некалькі презентацый кнігі ў розных грамадскіх памяшканнях.

Эла Дзвінская, фота аўтара

На здымках: 1. Фундатар новага выдання Павел Бераговіч 2. Уладзімір Арлоў падпісвае свае кнігі чытачам 3. Мастак Павел Татарнікаў


Лекцыя па генеалогіі Лідчыны

18 студзеня ў актавай зале Лідскай раённай бібліятэкі была прачытана адукацыйна-пазнавальная лекцыя "Крыніцы па генеалогіі (на прыкладзе Лідчыны)". Лекцыю паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва прачытаў супрацознік архіва Вадзім Урублеўскі - кандыдат гістарычных навук, галоўны архівіст аддзела публікацый дакументаў НГАБ, намеснік старшыні гуртка даследчыкаў генеалогіі "Радавод" на гістфаку БДУ, кіраўнік Школы практычнай генеалогіі пры праваслаўным прыходзе імя Свяціцеля Мікалая Японскага ў г. Менску.

На лекцыю сабраліся работнікі Лідскага занальнага архіва, лідскіх бібліятэк, краязнаўцы і аматары гісторыі.

Лекцыя чыталася на высокім прафесійным узроўні: з аднаго боку проста і даходчыва, а з другога даносіліся і глыбокія вузкапрафесійныя звесткі.

Так, тое што архіўныя дакументы, датычныя Лідчыны, знаходзяцца ў Менску, Вільні і Гародні, навіной не было, але вось тое, што шмат дакументаў па Лідчыне знаходзіцца ў Берасцейскім абласным архіве, сталася адкрыццём. Як яны туды трапілі?

Падчас лекцыі нечакана прагучаў адказ на мясцовае краязнаўчае пытанне, чаму няма амаль ніякіх звестак пра вялікую вёску Мінойты.

Аказваецца паводле рэестраў Мінойты - гэта не простая сялянская вёска, Мінойты - гэта вёска баярская. Гэта значыць, што жыхары Мінойтаў не былі прыгоннымі. А таму гэтая вёска не прадавалася, не куплялася, не перадавалася ў спадчыну, і такім чынам успаміны пра яе адсутнічаюць у дакументах, звязаных з імёнамі магнатаў, а менавіта архіваў магнацкіх дамоў захавалася найбольш.

Былі на Лідчыне акрамя баярскіх вёсак яшчэ і вёскі стралецкія. Навуковец падкрэсліў розніцу паміж нашымі баярамі і стральцамі і маскоўскімі. Не гледзячы на аднолькавыя назвы - у нас і ў іх гэта зусім розныя станы грамадства. Нашыя стральцы ахоўвалі лясы, а нашыя баяры дзяліліся на дзве катэгорыі: на баяраў панцырных, якія хадзілі на вайну, і баяраў путных, якія вазілі пошту, адбывалі ангарыю, неслі варту ў замках...

Не гледзячы на адсутнасць хоць якога забаўляльнага элементу слухачы аказаліся вельмі задаволены. Можна было і не згадваць, што лекцыя чыталася на выдатнай беларускай мове і арганічна ўпісалася ў лідскі праект "Беларусь - мая мова і песня".

Яраслаў Грынкевіч.


Кніга пра Марыю Захарэвіч

У 2006 годзе мне падаравалі літаратурна-мастацкае выданне "Нарачанская чайка" пра Марыю Захарэвіч, народную артыстку Беларусі. Прэзентацыя выдання адбылася 19 лютага 2008 года ў адной з бібліятэк Менска.

Літаратурна-мастацкае выданне пра нашу беларускую зорку адразу разышлося і спадабалася чытачу. Некалькі месяцаў таму з'явілася кніга "Марыя Захарэвіч. Талент, інтэрв'ю, прысвячэнні", якую выдала "Мастацкая літаратура". Яе наклад 500 асобнікаў. Укладальнікам з'яўляецца Жыбулеўская Соф'я Антонаўна, вядомы ў творчых колах чалавек. У кнізе выкарыстаны фота з асабістых архіваў М. Захарэвіч, Я. Пясецкага, з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры рэспублікі Беларусь, Мядзельскага музея народнай славы.

Шмат гадоў Марыя Георгіеўна верна і аддана служыць тэатру. За гэты час яна стварыла цэлую галерэю запамінальных жаночых вобразаў. Акрамя таго Марыю Захарэвіч называюць "каралевай радыё", паколькі знакамітая актрыса часта удзельнічала ў радыёспектаклях, пранікнёна чытала вершы беларускіх паэтаў.

Да выдання кнігі спрычыніліся дзеячы беларускай культуры: Уладзімір Ліпскі, Васіль Шаранговіч, Надзея Мішчанка, Валеры Анісеенка, Валянціна Скарынкіна, Наталля Гайда, Ірына Шуміліна, Юры Сохар, а таксама Зміцер Арцюх.

Эпілог да выдання напісала Соф'я Жыбулеўская. Кніга чытаецца вельмі цікава!

Наклад ужо амаль разышоўся ў кнігарнях, нягледзячы на нятанны кошт у 25 рублёў.

Раю чытачам газеты набыць кніжку.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст фрылансер.


Калядны фэст у Лідскім замку

14 студзеня ў Лідскім замку ладзілася свята "Калядны фэст". Супрацоўнікамі дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" была падрыхтавана вялікая і змястоўная праграма.

Добрыя ўражанні ў гледачоў выклікаў літаратурна - музычны пралог "Святло Віфлеемскай зоркі", тэатралізаванае прадстаўленне "Каляды ў Лявона" з віншаваннямі калядоўшчыкаў, у выкананні работнікаў наступных філіялаў: "Крупаўскі дом культуры", "Бердаўскі дом культуры", "Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу". А якія цікавыя гульнёвыя "Ганчарскія пацешкі" падрыхтаваныя з добрым густам і гумарам таленавітымі работнікамі філіяла "Ганчарскі дом культуры", калядны карагод вакол прыгажуні - ёлкі, прадстаўленне "Цар Ірад" у выкананні лялечнага тэатра "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Для дзяцей была прадстаўлена цікавая і разнастайная праграма на чатырох пляцоўках з казачнымі асобамі, з вясёлымі конкурсамі і эстафетамі, з зімовымі забавамі, з частаваннем каляднымі прысмакамі.

Лепшыя самадзейныя артысты ўстаноў культуры раёна падаравалі цудоўны навагодні і калядны настрой. І сябры з Літоўскай Рэспублікі, з города Шальчынінкай - ансамбль песні і танцу "Сольчане" павіталі лідзян на свяце. А ўсё разам: добрае зімовае надвор'е, разнастайнасць відовіщ на свяце, святочны гандаль з аладкамі стварыла цудоўную запамінальную атмасферу свята. І гэта сімвалічна, бо святло Віфлеемскай зоркі ў сэрцы кожнага з нас.

Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.


Завіталі Святкі ў дом Валянціна Таўлая

Год Пеўня святкуем,

Усіх людзей віншуем,

На жарты запрашаем,

Шчасця, долі жадаем.

Хто з намі сябруе,

Усе нязгоды мінуе.

Наш пеўнік спявае,

Усім міру жадае,

На Святкі

ў домік Таўлая запрашае!

Менавіта так, у вершаванай форме і па-беларуску, урачыста заклікалі ў літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея ўдзельнікі праекту "Памяць за сабою пакліч". Дзякуючы ім, а менавіта сябрам клуба "Актыўнае даўгалецце", у святочную нядзелю, 15 студзеня, былі арганізаваны Святкі, пад час якіх дэманстраваліся беларускія народныя традыцыі па святкаванні на Лідчыне Нараджэння Хрыстова, а таксама Калядаў (з удзелам галоўных персанажаў: Казы, Мядзведзя, механошы, і, безумоўна, галоўнага сімвала - Каляднай зоркі).

Гэтае мерапрыемства падвяло вынікі сустрэч праекту і яшчэ раз паказала, што яго ўдзельнікі - дзеці вайны не толькі дзеляцца гаротнымі ўспамінамі пра ваеннае жыццё, але і ўмеюць гучна спяваць, удзельнічаць у конкурсах, забавах і нават кідацца ў танцы, у тым ліку і пад "Паланез Агінскага". Куратар праекту супрацоўнік музея Каладзяжная Анастасія Аляксандраўна пазнаёміла прысутных з гісторыяй узнікнення хрысціянства на Лідчыне, пачатак якога закладзены менавіта ў Лідскім замку, у заходне-паўднёвай вежы якога калісьці размяшчалася першая царква.

За цёплы прыём і гасціннасць сябар клуба "Актыўнае даўгалецце" Ганевіч Любоў Васільеўна (аўтар вышэй пазначанага верша) падаравала калядную зорку (выраб з беларускай саломкі), якая будзе аздабляць праект і нагадваць пра гэтае светлае свята.

Запланавана, што ўдзельнікі мерапрыемства ў хуткім часе зноў збяруцца ў доміку Таўлая. Яны маюць намер арганізаваць вясновае свята Саракі.

Так што, гайда, у домік Таўлая!

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX