НАША СЛОВА № 6 (1313), 8 лютага 2017 г.
Нацыянальны ўніверсітэт не выключаецца
Падчас "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" 3 лютага 2017 г. першы намеснік Старшыні ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім задала А.Р. Лукашэнку два пытанні. Першае - пра неабходнасць адкрыцця Нацыянальнага ўніверсітэта. Другое - пра гатоўнасць увесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Адказваючы на пытанне пра магчымасць стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта, выкладанне ў якім вялося б цалкам на беларускай мове, Аляксандр Лукашэнка даў у прынцыпе станоўчы адказ. Па яго словах, паведамілі амаль усе сродкі масавай інфармацыі, гэтае пытанне "трэба прапрацаваць".
Ён не выключыў, што на базе нейкага ВНУ можна будзе стварыць універсітэт з выкладаннем усіх прадметаў па-беларуску, "калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі туды будуць ахвотнікі ісці па конкурсе атрымліваць адукацыю на беларускай мове". "Галоўнае, каб гэта было запатрабавана народам" , - дадаў А. Лукашэнка.
Беларуская грамадскасць многія годы змагаецца за адкрыццё цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта, і вось нарэшце не адмоўны адказ кіраўніка краіны. Цяпер наперадзе праца па рэалізацыі гэтага пазітыўнага пасылу.
Наш кар.
За Кодэкс аб адукацыі на беларускай мове
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Па даручэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы разгледжаны Ваш ліст, у якім выкладзена прапанова аб прыняцці новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі на беларускай мове.
Выказваем Вам падзяку за высокую адзнаку здольнасцей Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, у прыватнасці, здольнасці зрабіць пераклад праекту Кодэкса з рускай мовы на беларускую. Сапраўды, камісія ў стане зрабіць такі пераклад. На пасяджэнні камісіі 26 студзеня 2017 года мы даручылі члену камісіі Анісім А.М. стварыць рабочую групу з ліку аўтарытэтных спецыялістаў для перакладу праекту Кодэкса аб адукацыі з рускай мовы на беларускую. Іншая справа, што для таго, как беларускамоўны варыянт дакумента меў афіцыйны статус, ён павінен быць унесены ў Палату прадстаўнікоў суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы і прайсці ўсе стадыі разгляду на адпаведнай мове.
Старшыня камісіі І.А. Марзалюк.
Сойм Партыі БНФ падтрымаў ініцыятыву ТБМ
4 лютага Сойм Партыі БНФ падтрымаў ініцыятыву ТБМ аб прыняцці ўсіх законаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і Кодэкса аб адукацыі на беларускай мове і прыняў адпаведную пастанову. Акрамя афіцыйнай заявы Сойму аб падтрымцы названай ініцыятывы, сябрам Партыі БНФ рэкамендавана паўсюдна ўключыцца ў агульнабеларускую кампанію па зборы подпісаў пад зваротамі на адрас Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П. Андрэйчанкі і Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В. Карпенкі з патрабаваннем, каб вышэйшы заканадаўчы орган краіны сам пачаў такі выконваць закон аб роўнасці моваў.
Наш кар.
Наша мова - гэта культурная каштоўнасць беларускай дзяржавы
З 3 лютага 2017 года ўступіў у сілу Кодэкс аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь. Дзякуючы намаганням ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Саюзу мастакоў Беларусі ў ім з'явіўся 69 артыкул, які павінен ведаць кожны беларускі патрыёт.
"Артыкул 69. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi
1. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi - культурныя каштоўнасцi, форма існавання (праявы) якiх не аказвае iстотнага ўплыву на iх змест.
Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці маюць матэрыяльную або нематэрыяльную форму існавання (праявы).
2. Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцей адносяцца звычаi, традыцыi, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), беларуская мова (вусная і пісьмовая), іншыя мовы, іменаслоўныя традыцыі і традыцыйныя нацыянальныя формы звароту да людзей, змест геральдычных аб'ектаў, уласных геаграфічных назваў (тапонімаў) i вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, iншыя нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека".
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
210 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды
Напалеон ОРДА (Напалеон Матэвуш Тадэвуш Орда; 11 лютага 1807, в. Варацэвічы на Піншчыне - 26 красавіка 1883, Варшава) - беларускі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.
Нарадзіўся ў сям'і беларускай шляхты. Яго бацька - Міхал, паводле адукацыі інжынер-фартыфікатар, амаль увесь час працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў, у час падзелаў Рэчы Паспалітай з'яўляўся маршалкам Кобрынскага павета.
Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у родным доме. З існых крыніц дакладна не вядома ці былі ў іх доме гувернёры, хутчэй за ўсё так, але галоўным яго выхавальнікам і дарадцай на працягу ўсяго жыцця была маці - Юзафіна - дачка пінскага суддзі і мечніка Тадэвуша Бутрымовіча. Яна валодала французскай мовай і была таленавітай піяністкай. Юзафіна вучылася ігры на клавіры ў запрошанага ў Нясвіжскі тэатр чэшскага кампазітара і клавеініста Францішка Яржомбскага. А першыя ўрокі ігры на фартэпіяна свайму сыну, будучаму кампазітару, яна дала сама.
Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1823 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Але за ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве "Заране" быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831, пасля задушэння якога эміграваў у Францыю. Там пазнаёміўся з Фрэдэрыкам Шапенам, у якога браў урокі музыкі. Напісаў шэраг твораў для фартэпіяна (рамансы, паланезы, серэнады, мазуркі).
Піяніст і кампазітар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Разам з сябрам Фрыдэрыкам Шапэнам ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Еўропе. Музычныя творы самога Н. Орды, асабліва паланезы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў "Альбом твораў польскіх кампазітараў" (1838). Н. Орда быў аўтарам славутай "Граматыкі музыкі", што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэнена Станіславам Манюшкам, які лічыў Н. Орду сваім настаўнікам.
З 1856 жыве ў Варацэвічах, Гародні, на Валыні. Пакінуў па сабе архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў Беларусі, Літвы і Украіны. Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.
Вынікам гэтых вандраванняў з'явіўся велізарны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў, больш за 200 літаграфіяў.
Вікіпедыя.
Да цывілізаванага гандлю нам далёка
Грамадскае аб'яднанне
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
вул. Румянцава, 13,
220034, г. Мінск
Адказ на звароты
Вашы звароты, адрасаваныя на імя Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.У. Кабякова і на імя намесніка Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь М.І. Русага, разгледжаны ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Па сутнасці пастаўленых у зваротах пытанняў паведамляем.
1. У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.
Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншым заканадаўствам дапускаецца альтэрнатыўнае прымяненне дзяржаўных моў для большасці сфер грамадскіх адносін, у тым ліку для сферы абслугоўвання.
Прадметам рэгулявання Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" з'яўляецца абарона правоў спажыўцоў пры набыцці тавараў, работ, паслуг. Законам жа, які спецыяльна накіраваны на ўрэгуляванне адносін у галіне развіцця і ўжывання беларускай мовы, ахову правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь у гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, з'яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".
Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (артыкул 7), роўна як і Закон Рэспублікі Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" (артыкул 54), дазваляе прымаць і публікаваць акты дзяржаўных органаў, у тым ліку нарматыўныя прававыя акты, на беларускай і (або) рускай мове. Пры гэтым афіцыйнае апублікаванне нарматыўнага прававога акта ажыццяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой ён прыняты (выдадзены) (артыкул 62 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь"). Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" быў прыняты на рускай мове, адпаведна, яго апублікаванне таксама ажыццёўлена на рускай мове.
2. Артыкуламі 13 і 30 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", у прыватнасці, прадугледжана наступнае: "На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасці - іншыя мовы. Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанні таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове. Маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Рэспублікі Беларусь, выконваецца на беларускай ці рускай мове або на мове заказчыка. Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускай або рускай мове".
У адпаведнасці з артыкулам 7 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" спажыўцу на рускай або беларускай мове павінна быць прадастаўлена інфармацыя на маркіровачным цэтліку, у тэхнічным пашпарце і г.д. аб назве товару, даце вырабу, тэрмінах прыдатнасці (захоўвання, службы), спажывецкіх уласцівасцях (складзе, вазе, харчовай каштоўнасці і г.д.), умовах захоўвання, карыстання, назве вытворцы, пастаўшчыка і іх месцазнаходжанні.
Такім чынам, увядзенне патрабаванні аб абавязковай маркіроўцы тавару на беларускай мове магчыма толькі пасля прыняцця і ўступлення ў сілу Закона , якім будуць унесены адпаведныя змены ў законы Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і "Аб абароне правоў спажыўцоў". У 2017 годзе праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" паступіць на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Вы маеце права накіраваць вашы прапановы ў названы заканадаўчы орган для абмеркавання пры разглядзе праекту.
Разам з тым, мяркуем неабходным звярнуць увагу на наступнае. Нанясенне інфармацыі пра тавар на дзвюх дзяржаўных мовах прывядзе да павелічэння аб'ёму неабходнай інфармацыі і, як следства, да павелічэння памераў маркіровачнага цэтліка, этыкеткі і г.д. (што тэхнічна не заўсёды выканальна з-за малых памераў спажывецкай упакоўкі) або да памяншэння вышыні шрыфту (што зробіць інфармацыю для спажыўца цяжкадаступнай і негатыўным чынам адаб'ецца і на спажыўцах, і на вытворцах).
Рэалізацыя прапановы аб указанні інфармацыі пра тавар на дзвюх дзяржаўных мовах запатрабуе ад беларускіх вытворцаў дадатковых фінансавых і арганізацыйна-тэхнічных выдаткаў (на распрацоўку і ўзгадненне новых маркіровачных цэтлікаў, тэхнічных пашпартоў і г.д.; унясенне змены ў тэхналагічную дакументацыю вытворцы прадукцыі, у дакументацыю аб пацверджанні адпаведнасці (сертыфікаты адпаведнасці, дэкларацыі аб адпаведнасці, рэгістрацыйныя дакументы); закупку (мадэрнізацыю) новага маркіровачнага абсталявання і інш.; утылізацыю ўжо вырабленых маркіровачных цэтлікаў, тэхнічных пашпартоў і г.д., упакоўкі з маркіроўкай, прыведзенай на адной з дзяржаўных моў), што натуральна пацягне павелічэнне кошту на выраблены тавар.
Намеснік Міністра Э.Б. Матуліс.
Справаздача Асіповіцкай раённай рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
1. Праведзена тры паседжанні раённай рады. У студзені прыняты план дзейнасці на 2016 год.
2. Да Міжнароднага дня родных моў правялі сустрэчу членаў арганізацыі з вучнямі Дараганаўскай СШ - 19 лютага.
3. У раённай бібліятэцы праведзены 2 этапы Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага і 15 сакавіка.
4. 25 сакавіка 2016 года правялі сустрэчу з М.Булавацкім - перакладчыкам вершаў Ул. Высоцкага на бел. мову.
5. Арганізоўвалі ў траўні сустрэчу з Э. Акуліным, якая не адбылася з-за адмовы раённай улады.
6. Прынялі ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях, арганізаваных раённым музеем: 27.02 - "Праблемы і вывучэнне сакральнай тапанімікі Асіповіцкага раёна."
10.12 - "Вынікі археалагічнага вывучэння Асіповіцкага раёна ".
7. Прынялі ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Рагачове 3-4 верасня.
8. Штоквартальна праз паштовыя аддзяленні сувязі праводзім агітацыю на падпіску на беларускамоўныя перыядычныя выданні праз улёткі.
9. Праводзім маніторынг стану выкладання прадметаў па-беларуску ў беларускамоўных школах раёна і гімназіі.
10. Праводзім маніторынг знешняга афармлення, рэкламы ў раёне і г. Асіповічы.
11. Праводзім падрыхтоўку разам з аўтапаркам № 19 па абвяшчэнні прыпынкаў у аўтобусах горада па беларуску.
Старшыня Асіповіцкай раённай рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" C. Бародзіч.
ВОСТРЫЯ РОЗУМЫ ПЯЦІБОРСТВА
У Магілёве прайшло чарговае, ужо 16-е "Беларускае пяціборства". Пра гэтае спаборніцтва для адораных старшакласнікаў "Наша слова" шмат пісала ў папярэднія гады. І чытачы "НС" добра ведаюць пра сутнасць ідэі і пра тое, што яна дае беларускаму народу.
Таму зараз досыць коратка пра заданні апошняга пяціборства і пра яго пераможцаў.
У заданні па матэматыцы трэ было ўзгадаць класіфікацыю лікаў і разабрацца, да якога з лікавых мностваў адносіцца лік, які называюць дзівосна - "залатым сечывам".
У заданні па літаратуры патрабавалася ўзгадаць, кім напісаны і каму прысвечаны верш "Смерць паэта", які ў гэтым годзе адзначыць юбілей - 180 год. Ніколі не давалі заданняў, звязаных з рускай паэзіяй, але юбілей такога верша і лёсаў двух выдатных расійскіх паэтаў абыйсці не захацелі. 17 з 32-х спаборнікаў пра верш ведаюць і нават што-нішто працытавалі. Самы поўны адказ у Аліны Палагінай з Магілёва.
У заданні па прыродазнаўстве пацікавіліся, чаму сонца зімой раней будзіць Магілёў, а летам раней паказваецца ў Віцебску. Толькі 5 спаборнікаў змаглі патлумачыць сітуацыю, яшчэ 5 далі часткова правільны адказ.
У заданні па гісторыі прасілі распавесці пра Хатынь і Катынь. Пра Хатынь ведаюць 26 спаборнікаў, пра Катынь - толькі 3 з 32-х. Зараз ведаюць усе, бо на выхадзе з залы кожны спаборнік атрымаў аркуш з адказамі і там прачытаў пра Катынь. Калі ў тэлефонным апытанні мы цікавіліся ў спаборнікаў, што ў нашым аркушы з адказамі было самым цікавым для іх, амаль усе адзначалі інфармацыю пра Катынь, пра што раней не ведалі.
У заданні па мове прапанавалі паспрачацца з дырэктарам Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Л. Рашэтнікавым пра малы ўзрост беларускай мовы. Стратэг заявіў, што нашай мове толькі 90 год, бо яна была створана пастановай аргбюро ЦК ВКП(б), якая была надрукавана ў газеце "Правда" за 1926 год.
Адказы на гэтае заданне прыемна ўразілі. Каля паловы спаборнікаў гатовыя да такой спрэчкі. Яны нагадалі б расійскім стратэгам і пра "Біблію" Скарыны, і пра мову першых статутаў, і пра "Мужыцкую праўду" К. Каліноўскага, і пра Мацея Бурачка, і нават пра "Беларускую граматыку" Б. Тарашкевіча. Вось жа да выкладання гісторыі Беларусі ў школах маецца шмат прэтэнзій, дый выкладаецца яна не нашай мовай і з не зусім правільнымі акцэнтамі, але ўсё ж гэта НАША гісторыя. Школьнікі ўжо прывыклі, што жывуць яны ў Беларусі, а не ў СНГ, і ведаюць шмат чаго з жыцця нашых продкаў, чым можна ганарыцца.
Перамогу ў "Беларускім пяціборстве-XVI" атрымаў Мацьвей Дашкевіч, дзесяцікласнік школы № 2 г. Мсціслава (мяккі знак у імені трэба пакінуць, бо так піша сваё імя сам пераможца). Мацьвей удзельнічаў у пяціборстве трэці раз, але раней спыняўся блізка каля прызавога месца (VI месца, IV месца). Мабыць, гэта кранала гонар хлопца, які перамагаў у рознага ўзроўню матэматычных алімпіядах. І на гэты раз выпісаўся напоўніцу: першыя месцы ў матэматыцы і гісторыі, другое месца ў прыродазнаўстве, сёмае ў літаратуры і восьмае ў мове (улічваліся і памылкі ў мове працы), а ў выніку 217 балаў з трохсот магчымых, што стала новым рэкордам пяціборства.
На другім месцы Ілля Касакоў з Магілёва, леташні пераможца. Ілля - багата адораны малады чалавек, мае схільнасці да мова- і літаратуразнаўства. У беларускай літаратуры арыентуецца так, што дай Бог такое кожнаму настаўніку літаратуры. Зараз у яго першыя месцы ў гісторыі і прыродазнаўстве. Вынік атрымаўся на 30 балаў большы, чым год таму, але зараз і гэтых балаў не хапіла для першага месца.
Увогуле выніковасць апошняга пяціборства аказалася прыкметна вышэйшай за папярэднія. І, што асабліва прыемна, больш высокія балы па мове. Але спяшацца з абагульненнямі не варта, паглядзім, што будзе праз год.
На трэцім месцы - Уладзіслаў Астрашаб, дзесяцікласнік ліцэя № 1 Магілёва. Для таго, хто ўдзельнічае ў пяціборстве першы раз, гэта вельмі высокі вынік, тым болей, што паспяховы матэматык паказаў і добрую мову, саступіўшы ў гэтай намінацыі толькі Ксеніі Сітнік з вёскі Дараганава Асіповіцкага раёна. Цікавае прозвішча хлопца, якое мае хутчэй старадаўняе паходжанне. Мабыць, нехта з продкаў Уладзіслава быў смелым і ўдачлівым у бітвах і яго празвалі "Вострая шабля". Зараз "вострая шабля" перайшла ў востры розум хлопца, што можна лічыць больш вартаснай якасцю.
Пераможцы атрымаюць дыпломы пяціборства, медалі і прызы.
Міхась Булавацкі. На здымках Надзеі Бацілавай (зверху ўніз): Мацьвей Дашкевіч, Ілля Касакоў, Уладзіслаў Астрашаб, Ксенія Сітнік.
Гарадзенская абласная алімпіяда 2017 года
З 10 па 13 студзеня 2017 года дзяржаўная ўстанова "Гарадзенскі дзяржаўны прафесіянальны электратэхнічны каледж iмя I. Шчаснага" прымаў абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура".
У абласным этапе спаборнічалі 70 алімпіёнікаў, аматараў роднай мовы. Прадстаўнікі з 15 раёнаў і г. Гародні на працягу трох дзён паказвалі веды ў галіне беларускай мовы і беларускай літаратуры. Сябры журы ўзнагародзілі 33 удзельнікаў дыпломамі рознай ступені, з ліку пераможцаў, дыпламантаў І і ІІ ступені, сфарміравана каманда Гарадзенскай вобласці для ўдзелу на вясновых канікулах на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура". У склад журы ўвайшлі настаўнікі і выкладчыкі розных навучальных устаноў. ГрДУ прадстаўлялі ў журы філолагі: Руцкая А.В., Казлоўскі Р. К., Тарасава С.М. з кафедры беларускай літаратуры; Варановіч В.Л., Садоўская А.С., Хлусевіч І. М., Якалцэвіч М.А. з кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства.
Гарадзенская абласная Рада ГА"ТБМ імя Ф. Скарыны"традыцыйна прымала ўдзел ва ўзнагароджванні пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Сябры ТБМ падрыхтавалі каштоўныя кнігі, дыскі і перакідныя краязнаўчыя календары. Пісьменнікі горада таксама падрыхтавалі падарункі. Арганізатары мерапрыемства на чале з метадыстам вучэбна-метадычнага аддзела ГрАІРА Гузавай С.У. паклапаціліся і пра невялікую танцавальна-музычную праграму маладых гарадзенскіх талентаў перад удзельнікамі алімпіяды.
Заключную частку алімпіяды 13 студзеня распачала старшыня журы, намеснік дэкана філалагічнага факультэта Тарасава С.М. Яна коратка расказала пра хаду алімпіяды, адзначыла добрым словам усіх удзельнікаў і пажадала пераможцам добрага плёну на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Крой А.І., старшыня Гарадзенскай абласной Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ў юбілейны год 500-годнасці беларусаў пажадаў заўсёды памятаць, адкуль мы і хто мы, параіў заўсёды дапамагаць у будучым дарослым жыцці будучым пераможцам беларускай алімпіяды сваімі ахвяраваннямі на кнігі і іншыя падарункі. Гузава Святлана Уладзіміраўна правяла цырымонію ўзнагароджвання лепшых удзельнікаў алімпіяды дыпломамі рознай ступені і граматамі. Журы і сябры ТБМ узнагароджвалі пераможцаў каляндарыкамі, дыскамі, кнігамі. Запрошаныя маладыя таленты танцавалі і спявалі песні, а "народную" песню "Простыя словы" падпявалі і дзеці і дарослыя. А хто з вучняў і настаўнікаў узняў рэйтынг сваёй школы і раёна ў 9,10 і 11 класах можна ўбачыць у табліцах:
9 клас
Месца/Дыплом |
Прозвішча, імя, імя па бацьку ўдзельніка |
Раён |
Установа адукацыі |
Прозвішча, імя, імя па бацьку настаўніка |
|
І |
Жук Настасся Вячаславаўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 2 г.Гродна» |
Міхно Ніна Фёдараўна |
|
І |
Адахоўская Марта Вячаславаўна |
Смаргонскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні" |
Александровіч Наталля Альбертаўна |
|
ІІ |
Шынковіч Вольга Андрэеўна |
Воранаўскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Радунская сярэдняя школа" |
Кампанеец Святлана Юльянаўна |
|
ІІ |
Змітрукевіч Антаніна Валер'еўна |
Лідскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 15 г.Ліды" |
Гладкая Людміла Віктараўна |
|
ІІ |
Бірук Наталля Міхайлаўна |
Слонімскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна" |
Блізнюк Вольга Данілаўна |
|
ІІІ |
Касперчык Анастасія Паўлаўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 10 г.Гродна» |
Мялешка Ірына Міхайлаўна |
|
ІІІ |
Шэмет Яраслаў Аляксандравіч |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 26 г. Гродна" |
Васілевіч Данута Зігмундаўна |
|
ІІІ |
Грыг Вікторыя Юр'еўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 40 г. Гродна" |
Сарасек Святлана Валянцінаўна |
|
ІІІ |
Шчэрба Анастасія Дзянісаўна |
Слонімскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 1 г.Слоніма" |
Шундрык Жанна Юр'еўна |
|
ІІІ |
Алізаровіч Маргарыта Юр'еўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 5 г.Гродна» |
Шэршань Вольга Чаславаўна |
|
ІІІ |
Гузевіч Караліна Юр'еўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 2 г.Гродна» |
Вашкевіч Ларыса Леанідаўна |
|
гр. |
Конюх Дар'я Аляксандраўна |
Карэліцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы" |
Гурын Надзея Іванаўна |
|
гр. |
Пчэльнік Марыя Анатольеўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага г. Гродна" |
Нарута Святлана Віктараўна |
|
гр. |
Пільжыс Юлія Паўлаўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 5 г.Гродна» |
Шэршань Вольга Чаславаўна |
10 клас
Месца/Дыплом |
Прозвішча, імя, імя па бацьку ўдзельніка |
Раён |
Установа адукацыі |
Прозвішча, імя, імя па бацьку настаўніка |
|
І |
Мялешка Алеся Уладзіміраўна |
Слонімскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 1 г.Слоніма" |
Стрык Ала Генадзьеўна |
|
І |
Муліца Анастасія Вітальеўна |
Лідскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 1 г.Ліда" |
Велькашынская Галіна Антонаўна |
|
ІІ |
Радзіён Дар'я Вячаславаўна |
Смаргонскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія г. Смаргоні" |
Радзіён Людміла Уладзіславаўна |
|
ІІ |
Раўбель Ульяна Вадзімаўна |
Лідскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 1 г.Ліда" |
Велькашынская Галіна Антонаўна |
|
ІІ |
Балтрукевіч Надзея Валер'еўна |
Мастоўскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыя"Гімназія №1 г.Масты" |
Хіхол Наталья Вацлаваўна |
|
ІІІ |
Міхайлава Паліна Ігараўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 23 г. Гродна" |
Максімовіч Святлана Антонаўна |
|
ІІІ |
Альхімовіч Валянціна Яўгеньеўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 26 г. Гродна" |
Балабушка Лілія Янаўна |
|
ІІІ |
Броўка Кацярына Алегаўна |
Смаргонскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 7 г. Смаргоні" |
Вайнілка Валянціна Іосіфаўна |
|
ІІІ |
Каўбаска Настасся Віктараўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 38 г. Гродна" |
Івашкевіч Жанна Антонаўна |
|
ІІІ |
Раманчук Валерыя Алегаўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 12 г.Гродна" |
Прышчэпчык Святлана Пятроўна |
|
гр. |
Халупа Аліна Міхайлаўна |
Мастоўскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Мікелеўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа" |
Шаблова Алена Анатольеўна, Грудская Наталля Іванаўна |
|
гр. |
Кажэцкая Лізавета Сяргееўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Ліцэй №1 г.Гродна» |
Несцяровіч Вольга Львоўна |
|
гр. |
Змітрукевіч Аксана Іванаўна |
Мастоўскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Азёркаўская сярэдняя школа" |
Галавач Таццяна Анатольеўна, Грудская Наталля Іванаўна |
11 клас
Месца/Дыплом |
Прозвішча, імя, імя па бацьку ўдзельніка |
Раён |
Установа адукацыі |
Прозвішча, імя, імя па бацьку настаўніка |
|
І |
Верамейчык Наталля Віктараўна |
Лідскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 1 г.Ліда" |
Пільчук Таццяна Канстанцінаўна |
|
І |
Пілюткевіч Паліна Андрэеўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 31 г. Гродна" |
Здановіч Аксана Вацлаваўна |
|
ІІ |
Бубешка Паліна Раманаўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 23 г. Гродна" |
Максімовіч Святлана Антонаўна |
|
ІІ |
Каваленка Анастасія Сяргееўна |
Іўеўскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Навучальна - педагагічны комплекс Бакштаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа" |
Валканоўская Люцыяна Эдуардаўна, Сілюк Нона Уладзіміраўна |
|
ІІ |
Таўрэль Лізавета Алегаўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 3 імя В.М.Усава г. Гродна" |
Целеш Анастасія Андрэеўна |
|
ІІІ |
Дыско Марыя Генадзьеўна |
Смаргонскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 6 г. Смаргоні" |
Дарашкевіч Інна Віктараўна |
|
ІІІ |
Каско Марыя Сяргееўна |
Дзятлаўскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія №1 г. Дзятлава" |
Ванчук Аксана Іосіфаўна, Абрамчык Алена Грыгор'еўна |
|
ІІІ |
Скарабагатава Кацярына Аляксееўна |
Гродзенскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сапоцкінская сярэдняя школа" |
Сушко Наталля Яўгеньеўна |
|
ІІІ |
Шарупская Аляксандра Мікалаеўна |
Кастрычніцкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 38 г. Гродна" |
Канаплянка Таццяна Уладзіміраўна |
|
ІІІ |
Юргялевіч Ганна Аляксандраўна |
Слонімскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 5 г.Слоніма" |
Карповіч
|
|
ІІІ |
Вайгеніца Таццяна Мечыславаўна |
Ашмянскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 2 г. Ашмяны" |
Дваранская Вольга Сцяпанаўна |
|
ІІІ |
Дудойць Дзіяна Валер'еўна |
Смаргонскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні" |
Васілеўская Таццяна Іванаўна |
|
гр. |
Жарнікава Кацярына Алегаўна |
Ленінскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гродзенская гарадская гімназія» |
Гайдукевіч Таісія Аляксандраўна |
|
гр. |
Гуляй Ганна Валер'еўна |
Свіслацкі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія №1 імя К.Каліноўскага г.Свіслачы" |
Семяняка Інеса Яўгеньеўна |
|
гр. |
Рэйшэль Вольга Уладзіміраўна |
Мастоўскі |
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гудзевічская сярэдняя школа" |
Славута Ніна Лявонцьеўна |
Аляксандр Крой
У Бярозаўцы вывучаюць беларускую мову праз актыўныя гульні
У Бярозаўцы Лідскага раёна беларускую мову вывучаюць праз актыўныя гульні. Так у гарадскім Палацы культуры прайшла гульня-квэст на тэму беларускай мовы, культуры і народных традыцый. Вучні школ горада спаборнічалі між сабой у веданні роднай мовы, песень, прыказак і народных традыцый. Дзеці з вялікім задавальненнем праходзілі заданні на шасці кропках, што былі расстаўленыя на гульнявым маршруце па ўсім будынка мясцовага Палаца культуры. Распавядае мастацкі кіраўнік установы Аксана Цецярук:
- Прыемна, што яны хваляваліся. Яны ўсе хваляваліся, бо вельмі перажывалі, што чагосьці не ведаюць. Было вельмі прыемна, што дзеці адгукнуліся на гэта і прыйшлі паўдзельнічаць. Я думаю, што на гэтым мы спыняцца не будзем, мы будзем працягваць. Прыходзьце і вы, запрашаем усіх.
Квэст-гульня ў Бярозаўцы праходзіла ў рамках надыходзячага Міжнароднага дня роднай мовы. Перамогу ў гульні атрымала каманда навучэнцаў мясцовай сярэдняй школы № 3.
Андрусь Панямонаў , Беларускае Радыё Рацыя.
Кашуля сваімі рукамі
Такі майстар-клас адбыўся ў Берасці ў грамадска-культурніцкім цэнтры "Грунтоўня". Удзельнікі азнаёміліся з прыкладамі бездзежскага народнага строю, даведаліся пра гісторыю беларускай нацыянальнай вопраткі. Кіраўніца класа вышыўкі, дасведчаная рамесніца ў музеі "Бездзежскі фартушок" Людміла Недашкоўская падкрэсліла, што цягам майстар-класа кожны змог зрабіць сабе традыцыйную сарочку:
- Робім сарочку, падобную да нашых, у якіх хадзілі нашы бабулі. Мы рабілі спачатку выкрайку на паперы, а пасля пераносілі яе на тканіну. Рабілі аснову: полачкі, рукавы, плячо - гэта дэталі, з якіх складаецца сарочка. Потым дзяўчаты, якія ўжо раскроілі, збіраюць дэталі ўручную, каб пабачыць, як сарочка будзе выглядаць на мадэлі.
Паводле Людмілы Недашкоўскай, пасля майстар-класа кашулю можна сшыць дома як рукамі, так і на машынцы. Яе можна надзець як на святочныя імпрэзы, так і летам на штодзень.
Беларускае Радыё Рацыя.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Скамарох С.Л. - 10 р., г. Менск
2. Сарэль Канстанцін - 10 р., г. Менск
3. Кісель Жанна - 3 р., г. Менск
4. Рудзенчанка Антон - 20 р. г. Менск
5. Ляўшун Дзяніс - 11,5 р., г. Менск
6. Кук Уладзімір - 42 р., г. Пінск
7. Залькоў С.П. - 20 р., г. Гародня
8. Чумакоў С.А. - 50 р., г. Менск
9. Станішэўскі Віталь - 70 р., г. Менск
10. Бондар Наталля - 4 р., г. Бешанковічы
11. Куравы Юры - 20 р., г. Менск
12. Асіпцова Алена - 15 р., г. Магілёў
13. Трусаў Алег - 12 р., г. Менск
14. Чапота Ю. - 7 р., г. Бешанковічы
15. Філіповіч Валер - 10 р., г. Менск
16. Падаляка П.А. - 20 р., г. Чэрвень
17. Туміловіч Г.А. - 3 р., г. Гародня
18. Ляпёшкін Андрэй - 10 р., в. Зара, Круглянскі р-н
19. Аляксандраў Сяргей - 10 р., г. Менск
20. Казановіч Андрэй - 10 р., г. Менск
21. Кот Валер - 5 р., г. Менск
22. Толсцік Святлана - 123 р., г. Менск
23. Ільючак Мікола - 10 р., в. Багданаўка
24. Варанец Віктар - 5 р., г. Гародня
25. Сівы Сяргей - 1 р., г. Валожын
26. Пастухоў Міхаіл - 10 р., г. Менск
27. Падкарытаў Павел - 100 р., г. Менск
28. Акаловіч Леанід - 5 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.
Зразумець Украіну
У менскім прэс-клубе адбылася публічная дыскусія з ўдзелам Міколы Рабчука - паэта, перакладчыка, культурнага і палітычнага аналітыка, віца-прэзідэнта Украінскага ПЭН-клуба. Мікола Рабчук - лідар кіеўскага інтэлектуальнага кола, стваральнік месячніка "Крытыка", часопіса "Дух і Літара", а таксама аддзела культуры газеты "День".
У дыскусіі ўзялі ўдзел паэт і філосаф Ігар Бабкоў, паэт, перакладчык і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч і пісьменніца Наталка Бабіна.
Ігар Бабкоў распавёў пра культурніцкую кампанію " Зразумець Украіну", якая праходзіла ў мінулым годзе на Беларусі і ўключала выданне кніг, лекцыі і інтэлектуальныя дыскусіі. У межах гэтай кампаніі паэт і літаратуразнаўвец Андрэй Хадановіч ажыццявіў курс інтэрпрэтацыі ўкраінскай літаратуры, Максім Жбанкоў штосераду рабіў уводзіны ва ўкраінскае кіно. Падсумаваннем года ўкраінскай культуры стаў візіт Міколы Рабчука. Спадар Мікола мінулы раз наведваў нашу краіну ў 2001 годзе з цягніком пісьменнікаў. Гутарка была прысвечана тэме: "Геапаэтыкі/геапалітыкі: украінская і беларуская літаратуры і праблемы ідэнтычнасці на "посткаланіяльнай" мапе Еўропы". У сваім выступленнні Мікола Рабчук адзначыў падабенства нацыятворчых працэсаў, якія адбываліся ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя як на Украіне, так і на Беларусі.
Наталка Бабіна, якая паходзіць з Берасцейшчыны, цэніць свой моўны асяродак.Там людзі захоўваюць паляшуцкія гаворкі. Яна прадставіла дзейнасць Таварыства ўкраінскай літаратуры, якое было створана тры гады таму пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў з мэтай спрыяння ўзаемным кантактам паміж украінскімі і беларускімі творцамі і дзеля маральнай падтрымкі братоў-украінцаў у складаны для іх перыяд праз ажыццяўленне супольных культурных праектаў, выданне альманаха "Справа". Да Таварыства ўвесь час далучаюцца новыя людзі, якія займаюцца перакладамі і папулярызацыяй украінскай культуры.
- Для нас важна захоўваць свае гаворкі, таму што мы друкуем тэксты па-беларуску, па-украінску і на сваіх гаворках. Падобным чынам казалі ў свой час Леся Украінка і Вольга Кацюбінская. З Беларусі паходзіць шэраг украінскіх пісьменнікаў."
Ігар Бабкоў адзначыў рэгіянальную асаблівасць: калі збіраюцца беларусы і ўкраінцы, і кожны гаворыць на сваёй мове, усе выдатна разумеюць адзін аднаго. Гэта беларуска-ўкраінская парадыгма стварае важны рэгіянальны стрыжань, які дапаможа супрацьстаяць націску "рускага свету".
Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Андрэй Хадановіч і Мікола Рабчук. 2. Наталка Бабіна.
Гомельскі цэнтр беларускай мовы абвясціў конкурс эсэ пра родную мову
Цэнтр беларускай мовы пачаў дзейнічаць у Гомелі з ініцыятывы гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
На яго адкрыцці 5 лютага прысутнічалі актыўныя гараджане, некаторыя нават з дзецьмі, выкладчыкі Гомельскага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, журналісты, студэнты. Цэнтр размясціўся ў прасторным пакоі на вуліцы Кірава, 3.
- Мы даўно марылі пра месца, дзе можна было б сабрацца, праводзіць сустрэчы, арганізоўваць навучаньне дзяцей і дарослых, ладзіць кансультацыі для прадпрымальнікаў, арганізацыяў, якія імкнуцца пашыраць ужыванне беларускай мовы ў сваёй практычнай дзейнасці, - адкрываючы цэнтр, патлумачыла старшыня гарадской суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч.
Ужо сёння ёсць расклад мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай культуры, гісторыі і сучаснасці, тэматычных кінапраглядаў, а таксама заняткаў гурткоў: для малых - "Мова дзяцей", для дарослых - ужытковай беларускай мовы "Лемантар".
Будзе працягнутая таксама перапіска з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу ў межах кампаніі "Дзякуй за мову".
Пры цэнтры заснавана тэлефонная "гарачая лінія" ў пытаннях абароны правоў беларускамоўных грамадзянаў. Ствараюцца бібліятэка і куток настольных гульняў.
- Мы не будзем нікога вінаваціць у тым, чаму так сталася, што дзяржаўная беларуская мова адсунута на задні план, - дадае Алеся. - Будзем дапамагаць дзяржаве выпраўляць сітуацыю. Гэта наша падтрымка існавання беларускай мовы. Добра, калі гарадскія ўлады дапамогуць, але галоўнае, каб не перашкаджалі. Мы трымаемся на нашых актывістах, валанцёрах і гатовыя да канструктыўнай супрацы з любымі структурамі. Рады будзем, калі неабыякавыя да роднай мовы гараджане акажуць нам падтрымку крэатыўнымі ідэямі, фінансамі. Цяпер вось думаем над дызайнерскім афармленнем нашага цэнтра - і тут таксама патрэбна дапамога.
Цэнтар адкрыты найперш высілкамі бацькоў, чые дзеці займаюцца ў гуртку "Мова дзяцей".
- Мы падлічылі, - кажа сябар рады гарадской суполкі ТБМ Яўген Якавенка, - што нявыгадна пагадзінна арандаваць памяшканне для заняткаў. Зручней - на сталай аснове. Да лета, думаю, пратрымаемся. Адкрылі рахунак у банку - ёсць спадзеў на падтрымку. Бо мы ж збіраемся не толькі навучаць мове, але і ўменню карыстацца ёй, рэагаваць на здзеклівыя кпіны, абараняць сябе ў выпадку канфліктнай сітуацыі. Мусім таксама праз грамадскія ініцыятывы ўплываць на розныя ўстановы і арганізацыі, якія нядобразычліва ставяцца да выкарыстання беларускай мовы ў сваёй дзейнасці. Трэба, каб дзве дзяржаўныя мовы былі ў краіне сапраўды роўныя.
Гамяльчук Дзмітры Паўлавец заўважыў, што агульнымі высілкамі варта паспрыяць, каб парламент унёс папраўкі ў закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і прыбраў найперш з яго злучнік "або", які ўжываецца больш як два дзясяткі разоў. Тады і акты дзяржаўных органаў абавязаны будуць выдаваць на дзвюх мовах, і вытворцы тавараў зразумеюць, што інфармацыю пра іх трэба падаваць на беларускай і расейскай мовах. Да таго ж патрабуецца дапоўніць закон апісаннем правапрымянальнай практыкі.
Падчас адкрыцця цэнтра абвешчаны конкурс для школьнікаў - эсэ на тэму "Што для мяне беларуская мова". Допісы прымаюцца да 19 лютага, а абвяшчэнне пераможцаў з уручэннем прызоў адбудзецца 21 лютага, у Дзень роднай мовы.
Радыё Свабода.
Сябры ТБМ на радзіме героя
Грамадскасць Беларусі, госці з Польшчы, прадстаўнік амерыканскай амбасады ў Беларусі, консулы Польшчы, Украіны, Расеі адзначылі чарговыя ўгодкі з дня народзінаў славутага сына Беларусі Тадэвуша Касцюшк і.
Цікава, што 4 лютага 2017 г. у Косава на дзень народзінаў героя некалькіх краін Тадэвуша Касцюшкі прыбылі не толькі афіцыйныя дэлегацыі, але шматлікія дэлегацыі грамадскіх арганізацый. Так ТБМ з Баранавічаў прадстаўляла каля трыццаці чалавек, прыехала вялікая дэлегацыя з Берасця са сцяжкамі АГП, Менск прадстаўляла згуртаванне шляхты з харугвай. Дэлегацыя з Кобрына на шасці машынах пад кіраўніцтвам Аляксандра Меха да прыбыцця ў Косава наведала тры населеныя пункты, гісторыя якіх звязана з імем Тадэвуша Касцюшкі, дзе ўшанавала яго памяць. Пасля заканчэння мерапрыемства на сядзібе Касцюшкаў сябры з Берасцейшчыны сабраліся ў цёплым памяшканні на сустрэчу з пісьменнікамі. Слухалі вершы і цікавыя расповеды. Сяргей Чыгрын і Міхась Скобла прэзентавалі свае новыя кнігі.
Прынята рашэнне і надалей пры святкаванні гадавіны нараджэння Касцюшкі наведваць не толькі музей-сядзібу, а і іншыя месцы, звязаныя з яго жыццём і дзейнасцю.
Мікалай Падгайскі, Баранавічы.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
З ІХ ст. вышэйшая адукацыя сканцэнтравалася ў сталіцы імперыі. У гэтыя часы становіцца вядомым знакаміты навуковец-энцыклапедыст - Леў Матэматык (Філосаф) . Ён цікавіўся таксама медыцынай і астраноміяй. Леў Матэматык вырашыў выкарыстоўваць літары як арыфметычныя сімвалы і такім чынам стварыў падмурак асноў алгебры. Дзякуючы яму быў адноўлены Канстанцінопальскі ўніверсітэт, вышэйшая свецкая школа. Для заняткаў выдзелілі асобную залу палаца - Магнаўру . Там выкладалі граматыку, рыторыку і філасофію. Сярод выкладчыкаў быў і патрыярх Фоцій . Вялікіх поспехаў дасягнулі візантыйскія географы, якія ўмелі рабіць дакладныя марскія карты і планы гарадоў.
У IX ст. да ўлады прыходзяць імператары Македонскай дынастыі. Іх уладаранне называюць "залатым векам" візантыйскай дзяржаўнасці. Пры іх зацвярджаецца шыкоўны этыкет візантыйскага двара, строгі цырыманіял прыёму замежных амбасадараў; з'яўляецца інстытут сукіраўнікоў. Сутнасць яго палягала ў тым, што імператар рабіў свайго сына сукіраўніком імперыі, і потым той кіраваў краінай пасля смерці бацькі. Гэта было зроблена падчас уладарання Льва ІV Разумнага (886-912).
АСНОЎНЬІЯ ТЭРМІНЫ
Апсіда, абсіда (ад грэцк. Нарsіdоs - скляпенне) - паўкруглая, прамавугольная або гранёная частка бажніцы, якая выступае за межы сцяны і мае ўласнае перакрыццё. У апсідзе знаходзяцца алтар, клір, месцы для вышэйшых духоўных і свецкіх асоб, культавыя рэліквіі ды інш.
Ікона (абраз) - рэльефная або жывапісная выява багоў ці святых, якая служыць прадметам рэлігійнага пакланення.
Крыжова-купальная сістэма - архітэктурная сістэма (кампазіцыя), у якой да падкупальнай прасторы ў цэнтры храма звернутыя цыліндрычныя скляпенні галін крыжа, якія ў цэлым ствараюць крыжападобную структуру.
Літургія - набажэнства, у якім адлюстроўваецца сутнасць асноўных ідэй хрысціянскага светапогляду. Мазаіка - від жывапісу з выкарыстаннем каляровых камянёў, эмаляў і інш.
Манархія - асабістая ўлада аднаго чалавека (караля, халіфа, султана, шаха) у краіне; звычайна перадаецца ў спадчыну.
Манастыр - комплекс збудаванняў, дзе жыве грамада манахаў.
Мітрапапіт - вышэйшае царкоўнае званне і пасада (пасля патрыярха), галава царкоўнай акругі - мітраполіі.
Патрыярх - галава праваслаўнай царквы.
Сабор - 1) галоўны храм горада; 2) з'езд вышэйшага духавенства для вырашэння найбольш важных спраў дзейнасці царквы.
Смальта - каляровыя непразрыстыя шкляныя кубікі ці пласціны для выкладвання мазаік.
Фрэска - каляровы малюнак, карціна, выкананыя на свежым тынку.
НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ
527-565 гг. - Юстыніян I, візантыйскі імператар.
528-534 гг. - складанне "Збору грамадзянскага права" пры Юстыніяне І.
532 г. - паўстанне Ніка ў Канстанцінопалі.
532-537 гг. - будаўніцтва храма св. Сафіі ў Канстанцінопалі.
534-554 гг. - остгоцка-візантыйская вайна.
582-602 гг. - уладаранне Маўрыкія, візантыйскага імператара.
602-610 гг. - уладаранне Фокі, візантыйскага імператара.
610-641 гг. - уладаранне Іраклія, візантыйскага імператара.
634 г. - пачатак арабскай экспансіі на візантыйскія землі.
717-741 гг . - уладаранне Льва III Ісаўра, візантыйскага імператара.
726 г. - узвядзенне іканаборства ў ранг афіцыйнай рэлігійнай палітыкі Візантыі.
717-802 гг. - уладаранне Ісаўрыйскай дынастыі ў Візантыі.
787 г. - кананічнае асуджэнне іканаборства Сёмым Усяленскім саборам.
Канец VIII ст. - каля 869 г. - Леў Матэматык.
855 г. - адкрыццё Магнаўрскай вышэйшай школы ў Канстанцінопалі.
867-1056 гг. - уладаранне Македонскай дынастыі ў Візантыі.
РАЗДЗЕЛ IV. СЛАВЯНЕ I КАЧЭЎНІКІ ПАЎДНЁВАЙ ЕЎРОПЫ
1. З'яўленне славян на палітычнай карце Еўропы.
2. Аварскі каганат.
3. Утварэнне Першага Балгарскага царства.
4. Хазарскі каганат.
5. Усходнія славяне ў VІІ-VІІІ стст.
6. Вялікая Маравія.
7. Дзейнасць Кірыла і Мяфодзія.
8. Усходнія славяне ў VІІІ-ІХ стст.
9. Узнікненне Кіеўскай Русі.
1. З'яўленне славян на палітычнай карце Еўропы
Славяне з'явіліся ў пісьмовых крыніцах у VI ст. як склавіны . Аўтары таго часу лічылі іх сваякамі антаў і нашчадкамі венетаў (венедаў) і пісалі, што славяне жылі на левым беразе Ніжняга Дуная і далей на поўнач да вярхоўяў Віслы.
У часы ІОстыніяна I славяне пачалі свае набегі на балканскія правінцыі Візантыі. Таксама некаторыя з іх служылі ў візантыйскім войску. Трэба сказаць, што на беларускім Палессі славянскія паселішчы з'явіліся ў V-VІ стст. Самае дасканалае з іх, Хотамель , знаходзіцца ў Столінскім раёне і датуецца VII ст. У другой палове VI ст. частка славян была заваявана аварамі .
З VII ст. славяне вядомыя на паўднёвым беразе Балтыйскага мора, на Эльбе, каля Альпаў і на Балканах. Некаторую частку славян у 688 г. імператар Візантыі Юстыніян II перасяліўу Малую Азію. У VII ст. у славям пачалі стварацца першыя дзяржаўныя ўтварэні: так, група славянскіх плямёнаў на чале з франкскім купцом Сама ўтварыла дзяржаву Сама , якая паспяхова ваявала з аварамі.
Пасля 670 г. некаторыя славяне з ніжняга Дуная ўвайшлі ў склад Балгарскага царства . Некаторыя славянскія плямёны, у тым ліку і беларускае племя радзімічаў, з 730-х гадоў плацілі даніну хазарам. У канцы VIII - пачатку IX ст. славяне стварылі магутную дзяржаву Вялікую Маравію , з якой звязана дзейнасць Кірыла і Мяфодзія .
Пасля VII ст. славяне займаюць вялікія абшары Усходняй Еўропы і падзяляюцца на тры вялікія групы - заходнюю, усходнюю і паўднёвую.
2. Аварскі каганат
Авары, старажытны - магчыма, цюркамоўны - народ, некалі жылі ў Цэнтральнай Азіі, недалёка ад Кітая, дзе ў сярэдзіне V ст. стварылі сваю дзяржаву. Аднак у 552-555 гг. яе разграмілі войскі Цюркскага каганата. Рэшткі авараў рушылі на захад і ў 558 г. з'явіліся ў Паўночным Прычарнамор'і, дзе падпарадкавалі сабе мясцовыя плямёны качэўнікаў.
Аварскія ваяры былі добра ўзброеныя. Археолагі знаходзяць металічныя наканечнікі (у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі) аварскіх стрэлаў і самі аварскія стрэлы. Авары першымі ў Еўропе выкарыстоўвалі жалезныя страмёны для кіравання канём, асабліва падчас бою. Авары ваявалі з франкамі, разам з лангабардамі разграмілі і занялі тэрыторыю германскага каралеўства гепіда ў на рацэ Цісе - прытоку Дуная. Захапілі яны і частку славянскіх земляў на правым беразе Дуная. У 568 г. быў створаны Аварскі каганат на чале з каганам Баянам . Авары ваявалі з Візантыяй і захапілі некаторыя гарады гэтай імперыі. У авараў была свая пісьмовасць ( аварскія руны ). У 623 г. славяне, якія ўзнялі паўстанне на чале з князем Сама, нанеслі паразу атрадам авараў, а ў 626 г. войскі авараў былі разбітыя пад сценамі Канстанцінопаля. У канцы VII ст. авары займалі тэрыторыю паміж Карпатамі і Дунаем. У іх з'явіліся моцныя ворагі, франкі на чалез Карлам Вялікім, і балгары на чале з ханам Крумам. У выніку вайны з франкамі з 791 па 803 г. дзяржава авараў была знішчаная. Апошні раз авары (славяне называлі іх обрамі ) згадваюцца ў пісьмовых крыніцах пад 822 г. Частка аварскіх земляў увайшла ў склад балгарскага царства.
3. Утварэнне Першага Балгарскага царства
Старажытныя балгары (гісторыкі яшчэ называюць іх протабалгарамі) - гэта плямёны цюркскага паходжання. Іх гістарычная радзіма - Прыазоўе, дзе ў 635 г. быў створаны балгарскі племянны саюз на чале з ханам Кубрытам , а першай балгарскай сталіцай стаў горад Фанагорыя . Займаліся протабалгары жывёлагадоўляй і былі качэўнікамі. У VII ст. яны пачалі захопліваць розныя тэрыторыі ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе. Адна вялікая група (арда) протабалгараў пайшла на поўнач на чале з ханам Катрагам і засяліла тэрыторыі на сярэдняй Волзе і Каме, падначаліўшы сабе мясцовыя фіна-ўгорскія плямёны. Пазней тут узнікне дзяржава Волжская Булгарыя .
Другая протабалгарская арда на чале з ханам Аспарухам у канцы VII ст. з'явілася на Балканах, дзе ўжо былі прыдунайскія славяне, і падпарадкавала іх сабе. У выніку паўстала магутная дзяржава, якая атрымала пазней назву Першага Балгарскага царства Качэўнікі-протабалгары перайшлі да земляробства і паступова былі асіміляванымі славянамі, засвоілі іх мову і культуру. Так утварыўся новы паўднёваславянскі народ пад назвай балгары, а іх краіна і цяпер завецца Балгарыя. Да сярэдзіны IX ст. у Балгарыі існавала язычніцкая рэлігія. Балгарскія ханы праводзілі актыўную міжнародную палітыку і мелі цесныя кантакты з Візантыяй.
Так, балгарскі хан Тэрвал дапамог вярнуць уладу візантыйскаму імператару Юстыніяну II. На тэрыторыі Балгарыі каля скалы Мадара (непадалёк ад горада Шумена ) існуе скульптурная выява гэтага хана, зробленая ў пачатку VIII ст. Яна мае назву " Мадарскі вершнік" На каменнай скале памерам 2,6x3,1 м на вышыні 2,3 м высечаны вершнік натуральных памераў, які дзідай забівае льва. Ззаду за ім бяжыць сабака. Унізе ёсць надпіс на грэцкай мове, у якім ідзе гаворка аб адносінах Балгарыі і Візантыі ў VIII-IX стст. пры ханах Тэрвале, Круме і Амуртагу. "Мадарскі вершнік" - гэта адзіны ў Еўропе скальны рэльеф і ўнікальны помнік ранне-балгарскай культуры.
У 864 г. пры хане Барысе балгары прынялі ўсходняе хрысціянства (праваслаўе) ад Візантыі. З гэтых часоў хан пачаў звацца князем, а потым і царом. Прыняцце хрысціянства ўмацавала міжнароднае становішча Балгарыі, паскорыла развіццё яе культуры, а балгары сталі першым хрысціянскім славянскім народам.
4. Хазарскі каганат
Хазары - гэта напалову качавы народ цюркскага паходжання. Гістарычная радзіма хазараў - прыкаспійскія стэпы і Паўночны Каўказ, дзе хазары жылі побач з аланамі. У VII ст. хазары стварылі сваю дзяржаву са сталіцай у горадзе Семендэры (цяпер тэрыторыя Дагестана). Пасля разгрому хазараў арабамі ў 735 г. яны перасяліліся на Ніжнюю Волгу, і новай сталіцай іх дзяржавы стаў вышэйзгаданы горад Іціль на Волзе. Таксама хазары захапілі Таманскі паўвостраў і тэрыторыю Паўночнага Крыма. На Тамані ім належаў горад Самкерц (пазней Тмутаракань ), а на Доне - гарады Саркел i Белая Вежа .
Росквіт хазарскай дзяржавы прыпадае на VIII-IX стст. У канцы VIIІ пачатку IX ст. язычнікі-хазары прымаюць ад яўрэяў іўдаізм. Хазары мелі добрае войска, былі добрымі гандлярамі, мелі цесныя кантакты з Візантыяй. Ім плацілі даніну шмат якія плямёны, у тым ліку і беларускае племя радзімічаў. Менавіта ад хазараў і арабаў славяне запазычылі шахматы. Археолагі раскапалі руіны хазарскага Саркела, які знаходзіўся на штучным востраве каля левага берага Дона. Горад меў умацаванні, цагляныя тоўстыя муры з абарончымі вежамі ў форме чатырохвугольніка (200x130 м). Горад быў заснаваны ў 40-х гг. IX ст. і загінуў у 965 г. падчас штурму кіеўскага князя Святаслава. Археолагі знайшлі шмат зброі, аздобаў, рознага керамічнага посуду і прыладаў працы. Вуліц у горадзе не было, жытлы - юрты, хаты-мазанкі і паўзямлянкі - стаялі хаатычна. Качэўнікі-хазары жылі ў юртах на тэрыторыі цвердзі, а славяне - у паўднёва-заходняй частцы горада. Каган меў будынкі, зробленыя з абпаленай цэглы. Археолагі высветлілі, што на поўдні хазарскай дзяржавы, у стэпах, жылі качэўнікі, а на поўначы, у лесастэпе, - земляробы.
Феадалы-хазары мелі ўмацаваныя замкі, а гарадамі кіраваў каган праз сваіх прадстаўнікоў. У гарадах актыўна развіваліся розныя рамёствы: ганчарнае, жалезнаробчае, ювелірнае і г.д. Праз прыморскія гарады Крыма і Тамані ішоў гандаль з Візантыяй, паўднёвыя дарогі вялі ў Арабскі халіфат, а па Волзе праходзіў гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі". Багатых феадалаў хазары хавалі ў курганах, дзе археолагі знаходзяць шмат унікальных знаходак. Часам нябожчыка хавалі разам з канём, таксама ў магілу клалі і забітых бараноў. Загінуў хазарскі каганат у выніку нападу на яго кіеўскага князя Святаслава ў X ст.
5. Усходнія славяне ў VII-VIII стст.
У VII ст. пачалося вялікае рассяленне славян на землях балтаў і фіна-уграў . Славяне рухаліся па берагах вялікіх рэчак, і паступова асімілявалі мясцовае насельніцтва. Перайшоўшы цераз Прыпяць, славянскія плямёны рухаліся ўверх па Дняпры і па цячэнні Дзвіны ў напрамку Балтыйскага мора. Сярод іх былі і непасрэдныя продкі беларусаў. Самым вялікім і моцным племем, ці нават племянным саюзам, былі крывічы . Першая хваля крывічоў заняла цэнтральную і паўночную Беларусь. Разам з мясцовымі балтамі крывічы стваралі археалагічную культуру доўгіх курганоў . Доўгія курганы былі месцам пахавання вялікай патрыярхальнай сям'і, і кожны курган меў некалькі такіх пахаванняў. Пры раскопках гэтых курганоў, акрамя славянскіх рэчаў, знаходзяць і балцкія, што сведчаць аб змешаным насельніцтве.
(Працяг у наст. Нумары.)
Фабіян Шантыр: "Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загіне"
Да 130-годдзя з дня нараджэння
Вязень царскай турмы, муляр, настаўнік, адвакат, наглядчык палявога шпіталя, кіраўнік Бабруйскага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, загадчык Смаленскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята, народны камісар нацыянальных спраў першага рабоча-сялянскага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (так называлася наша краіна да ўтварэння ў 1922 годзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік), вязень савецкай турмы, чалец рэдакцыйнай калегіі газеты "Савецкая Беларусь", кіраўнік спраў асобай харчовай камісіі па забеспячэнні расійскай 16-й арміі і - расстрэл па прыгаворы "тройкі" асобага аддзела той жа арміі. Гэта - асноўныя штрыхі біяграфіі ўраджэнца Слуцка Фабіяна Гіляравіча Шантыра (4 лютага 1887 года - 29 траўня 1920 года).
* * *
Зразумець зігзагі жыццёвага шляху Фабіяна Шантыра ў нейкай ступені дапамогуць яго словы з пісьма сваёй будучай жонцы Зосьцы Верас: "Я вырас у атмасферы поўнай незалежнасці і ніколі не прызнаваў якіх бы то ні было варункаў, што так ці іначай абмяжоўваюць волю індывідуума" . Незалежнасць ён атрымаў у раннім дзяцінстве, калі памерла маці, а ў бацькі, які працаваў мулярам, не ставала часу для паўсядзённага кантролю за паводзінамі падрастаючага сына. Ці не адсюль - яго радыкальныя рэвалюцыйныя погляды, неадольнае жаданне зламаць усё старое, іншы раз нават не маючы ўяўлення пра тое, чым гэтае старое можна замяніць?
Дадайце да гэтага самастойны, на грані авантурызму, характар і накладзіце ўсё на бурны час пачатку ХХ стагоддзя. То хіба мог 18-гадовы Ф. Шантыр застацца ўбаку ад рэвалюцыйных падзей 1905 года? У Слуцку і Капылі ён удзельнічаў у мітынгах, дэманстрацыях, асветніцкай дзейнасці, выпуску лістовак. Паліцэйскія заўважылі маладога палітычнага актывіста, і той амаль на два гады апынуўся ў слуцкай турме.
Аднак у царскіх засценках не астыў яго рэвалюцыйны парыў. Больш таго - падзеі 1917 года сталі "роднай стыхіяй" для энергічнага маладога чалавека з аратарскімі здольнасцямі. У гэты час ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краіны: наведваў разнастайныя сходы і з'езды, праводзіў агітацыю і палеміку з палітычнымі апанентамі. Як дэлегат ад беларусаў горада Бабруйска, прымаў удзел у рабоце Усебеларускага з'езду, на ўрачыстым адкрыцці якога, паводле газеты "Беларуская Рада", выступіў з "прыгожай, поўнай журбы і пяшчоты прамовай". А 16 снежня 1917 года, калі дэлегаты абмяркоўвалі спрэчнае пытанне пра будучыню Беларусі, Ф. Шантыр звярнуўся да іх з наступнымі словамі: "Я разумею левых сац.-рэвалюцыянераў, але калі нам кажуць забыць сваю радзіму - вось гэтага я ўжо не разумею. Асіміляцыя - гэта рабства. Чаму вы сабраліся сюды? Вас прывяло сюды, браты, нацыянальнае пачуццё. Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загіне".
Дзе б Ф. Шантыр ні працаваў, у якіх мерапрыемствах ні ўдзельнічаў, заўсёды паслядоўна выступаў за беларускае адраджэнне, за самавызначэнне Беларусі. Такая дзейнасць прынесла яму шырокую вядомасць, надала рэпутацыю спецыяліста па нацыянальных пытаннях. І калі паводле дэкрэту У.І. Леніна ад 31 студзеня 1918 года быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят, то яго Смаленскае аддзяленне ўзначаліў Ф. Шантыр. Белнацкам сваю дзейнасць накіроўваў на развіццё культуры і нацыянальнай дзяржаўнасці беларускага народа, клапаціўся пра бежанцаў-беларусаў у Расіі, вёў сярод іх палітычную і культурна-асветніцкую работу.
Лагічным працягам такой дзейнасці Ф. Шантыра стала прызначэнне яго народным камісарам нацыянальных спраў першага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, якая была абвешчана 1 студзеня 1919 года. Але ўжо 16 студзеня Цэнтральны камітэт Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) прыняў рашэнне тры з пяці губерняў нядаўна абвешчанай рэспублікі далучыць да Расійскай Федэрацыі, Беларусь і Літву аб'яднаць у адну Літоўска-Беларускую ССР. Восем народных камісараў беларускага ўрада (у тым ліку і Шантыр) накіравалі прадстаўніку ЦК РКП(б) А.А. Іофе пісьмо пратэсту супраць такога рашэння, якое крыху пазней само жыццё прызнала памылковым. Пратэст не дапамог, а беларускіх нацыянал-камуністаў абвінавацілі ледзь не ў палітычным злачынстве. У пачатку лютага Фабіяна Шантыра, Язэпа Дылу (наркам працы), Усевалада Фальскага (наркам замежных спраў) арыштавалі. Неўзабаве іх вызвалілі, але ў новым складзе ўрада для іх месца не знайшлося.
Пасля гэтага Ф. Шантыр яшчэ працаваў на розных адказных пасадах, апошняй з якіх была - кіраўнік спраў асобай харчовай камісіі па забеспячэнні 16-й арміі. 17 красавіка 1920 года Ф. Шантыра арыштавалі па заяве адной з яго падначаленых. Следствам заняўся асобы аддзел 16-й арміі. У заключнай пастанове па следству гаварылася: " … Факт подрыва авторитета Советской власти, дискритирование (так у дакуменце - А.Ж. ) Коммунистической партии и преступление по должности доказаны, а посему гр. Фабиана Гиляровича Шантыра, как вредный и неисправимый элемент, подвергнуть высшей мере наказания" . На следстве Ф. Шантыр усе абвінавачванні абвяргаў, гаварыў пра свае заслугі перад савецкай уладай, аднак усё аказалася дарэмным…
Праўда, у тых, хто пазнаёміўся ў архіве Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь з крымінальнай справай Ф. Шантыра, узнікае шэраг пытанняў і нават версій адносна сапраўдных прычын расправы з ім. Але цікавы факт: у 1921 годзе чэкісты арыштавалі былога народнага камісара замежных спраў У. Фальскага, пазней пры загадкавых абставінах памруць "нацыянальныя бальшавікі" Сцяпан Булат, Алесь Бурбіс, а ў 1930-х гадах будуць знішчаны амаль усе чальцы першага беларускага ўрада на чале з яго старшынём Зміцерам Жылуновічам (сапраўднае прозвішча пісьменніка Цішкі Гартнага). А неадназначнасць справы Ф. Шантыра пракуратура Рэспублікі Беларусь улічыла і сваім заключэннем ад 23 сакавіка 1992 года яго рэабілітавала.
* * *
Свае першыя літаратурныя творы Фабіян Шантыр надрукаваў восенню 1909 года ў газеце "Наша ніва" (17 верасня - абразок "Захар", а 12 лістапада - апавяданне "У вёсцы"). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах. Падпісваўся псеўданімамі Н. Светлов, А. Хмара, крыптанімамі Ф.Ш., Ф. Ш-р., Ш.Ф. На творчасць Ф. Шантыра натхніла знаёмства з перадавымі людзьмі таго часу - Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Яўхімам Карскім, Язэпам Лёсікам. І можна сказаць, што ён з годнасцю нёс званне тагачаснага літаратара. Сведчаннем таму і такі факт. У 1918 годзе сваім спецыяльным рашэннем Беларускі нацыянальны камісарыят выдаў у Маскве літаратурна-публіцыстычны зборнік "Зажынкі". Ён меў падзагаловак - "Першы збор твораў беларускіх песняроў і пісьменнікаў, вышаўшых з сям'і працоўнага народу". Аўтары апублікаваных у зборніку твораў - Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Алесь Гарун, Цётка і ён - Фабіян Шантыр са Слуцка. У зборніку - фрагмент яго апавядання "Родны край" і апавяданне "Святы Божа!..".
Творы Ф. Шантыра ніколі не выдаваліся асобным зборнікам. Тое ж, што пабачыла свет, раскідана па газетных старонках, у асноўным дарэвалюцыйнага перыяду. Але ж і газеты не шкадуе час, некаторыя іх нумары страчаны назаўсёды. З-пад пяра нашага земляка выйшлі, акрамя згаданых твораў, апавяданні "Ноч", "Смерць убогага", "Пад шум лесу", верш у прозе "У час барацьбы", публіцыстычныя працы "З нашага жыцця", "Беларускае пытанне", "Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу".
Апошні твор выдадзены ў Слуцку ў 1918 годзе. Рэцэнзія на яго змешчана ў газеце "Дзянніца" за 12 ліпеня 1918 года: " … Ф. Шантыр выпусціў у свет невялічкую кніжачку, у якой ён разглядае досыць цікавае не толькі для кожнага беларуса, а і ўсіх тых, хто цікавіцца маладым, але становячым дужа важным, беларускім пытаннем. Накідаўшы кароткі абрыс гістарычнага становішча беларускага народу і крануўшы тое месца, якое ён занімаў у барацьбе з суседзямі, аўтар пераходзіць да выяы тых асабістасцяў беларуса, якія ўжыты ў ім, як у прадстаўніку асобнай, саматворчай нацыі … ".
Ф. Шантыр перакананы: "Кожны народ, кіруючыся к палітычнаму самаадзначэнню, мае сваё імя, сваё гістарычна-палітычнае прошлае, сваю мову, абычай і ў большай часці пануючую веру: усе гэтыя кардынальныя стораны быту мае і беларускі народ". Звяртаючыся да пачуццяў і свядомасці беларусаў (не забывайце, што гэта было ў 1918 годзе!), аўтар пісаў: "Калі хоць аднаго з іх мне ўдасца прабудзіць да вялікага гарачага кахання к забытаму абяздоленаму краю, пазваць да працы шчырай на нацыянальнай раллі дзеля свету, дзеля лепшай будучыні гаротных братоў, - я буду шчаслівы … ".
"Самаадзначэнне кожнага народу не толькі карысна для яго аднаго, бо вядзе яго па праўдзівай дарозе цывілізацыі, культуры і дабрабыту ўсяго чалавецтва. Але такжа карысна і для ўсіх народаў, бо сваім жыццём - не чынячы ніякіх перашкод на дарозе росту чалавечага духа, здабыцця эканамічных багаццяў і паляпшэння сацыяльных варункаў жыцця - прыбліжае ў сваёй частцы ўсё чалавецтва да вялікіх ідэалаў волі, брацтва, кахання" , - разважаў Ф. Шантыр.
Узнёсла пісаў Ф. Шантыр пра родную мову: "Беларуская мова. Зразумелая, ясная, поўная пекнаты і хараства родная мова. А сколькі пагарды і пляўкоў яна на сабе вынесла не толькі ад чужынцаў, але нават і ад тых здрайцаў, каторых маткі выгадавалі ў гэтай мов е (хіба не актуальная заўвага і сёння - праз сто гадоў пасля напісання гэтых радкоў? - А. Ж. ). І якіх толькі нападкаў, якіх толькі плётак яна на сабе не вынесла. Як ёй толькі не капалі і палянізатары, і русыфікатары магілу, а яна ўсё жывая, усё па-даўнейшаму злучвае дзесяцімільённы беларускі народ" .
Ф. Шантыр быў упэўнены, што беларуская мова, "прыбраная ў светлую апратку, займе пачотнае месца ў сям'і славянскіх моў. У аснове сваёй наша мова мае столькі чароўнай прастаты і хараства, што ня пройдзе і колькі дзясяткаў год, як яна не толькі зраўнуецца з другімі цывілізаванымі мовамі, але пакажа і тую містычную глыбь беларускага народу, якая дасюль не зразумета ў Міцкевічу і Дастаеўскім" .
Не ўсе творы Ф. Шантыра аднолькава значныя па літаратурна-мастацкіх вартасцях. Ён часта дапускае залішне фраз, якія называюць "траскучымі", не заўсёды клапоціцца пра тое, каб як мага паўней раскрыць той ці іншы вобраз або думку. Але ж на літаратурную творчасць у Ф. Шантыра так не хапала часу, калі бурліла цікавае і такое супярэчлівае жыццё. А ён быў яшчэ малады. І хто ведае, што б яшчэ выйшла з-пад яго пяра, каб так рана не абарвалася жыццё. Як бы там ні было, а некаторым творам Ф. Шантыра ("Святы Божа!..", "У час барацьбы" і іншым) заслужанае месца - у залатым фондзе беларускай нацыянальнай літаратуры.
* * *
Пра іх першую сустрэчу Людвіка Сівіцкая (сапраўдныя імя і прозвішча беларускай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Зоські Верас) у сваім дзённіку запісала 15 снежня 1915 года: "Хмарны зімовы дзень … Відныя праз акно бязлістыя шкілеты дрэў, шэрасць наступаючага змроку, стук пасудзіны ў суседняй сталоўцы і гоман абедаючых наводзілі нейкую цягучую жуду на апусцелую душу. Аж тут: "Знаёмцеся, наш беларускі пісьменнік і дзеяч Ш … ". Прывітанне абыякавае, халоднае. Беларускі пісьменнік? Не вялікае дзіва. Так іх многа ёсць … А пасля самая звычайная, штодзённая гутарка. Толькі густы, энергічны голас аставіў сімпатычнае ўражанне і збудзіў нейкую дзіўную веру".
Не памылілася Людвіка. Яе чуйная паэтычная душа адклікнулася на паток пачуццяў, якія хлынулі на яе ад Фабіяна Шантыра ў час іх сустрэч, а яшчэ болей - у шматлікіх пісьмах. "І што мне цяпер з гэтым фантам рабіць? - пісала яна 4 студзеня 1916 года. - Усё ж адпісаць на лісты трэба. Сколькі ў іх паэзіі і якая зычная і поўная эстэтыкі мова … Як бачу, Ш. - беларус з эстэтычнай душой, такіх дагэтуль не спатыкала".
А Фабіяну таксама запала ў душу юная паэтэса. У адным з яго пісьмаў да Людвікі Сівіцкай чытаем: "Душа ваша, вялікая хараством суму, поўная дзіўнага чарацвету, - гэта душа мусіць належыць да майго быту. Куды б ні ішлі Вы, дзе б ні былі, да каго б ні належалі, дух мой вечна будзе ісці ўслед вашай душы, агартаць яе сілай чуцця свайго і зваць да сябе … Я не бачыў Вас, а ўжо сніў аб вашай душы мары, насіў яе ў сабе, будаваў ёй алтары і маліўся, маліўся мукамі адзіноцтва, маркотнасцю нездаволенай прагі жадань. Не чыніце ж гвалту быту, аддайце ж мне сваю душу, бо яна нікому, апроч мяне, не будзе належаць. Я чакаю яе".
Але ж не ўсё так проста. Памятаеце, мы гаварылі пра характар Ф. Шантыра, умовы, у якіх ён вырас? Але ж і Людвіка - чалавек няпросты, са сваімі прынцыпамі, ідэаламі. Адным словам - "найшла каса на камень". І ўсё ж перамагло тое, што іх аб'ядноўвала, збліжала. Фабіян і Людвіка сталі мужам і жонкай. Аднак разам яны былі нядоўга. Жыццё закінула Фабіяна ў Смаленск, а Людвіка з іх сынам пад сэрцам паехала на радзіму - у мястэчка Мяджыбаж, што на Падольшчыне. Цяпер толькі пісьмы звязвалі іх. Кожнае з іх Фабіян пачынаў: "Мая Даражэнькая!", "Маё шчасце", "Мілая, Родная". "Мая родная, я з кожным днём пераконваюся, што болей без цябе жыць не магу. Ты мне патрэбна, як паветра, як хлеб для душы. Цяпер толькі, у хвілю адпачынку - хвілю суму, я бачу, як глыбока, як моцна я цябе кахаю. Кахаю ўсёй прастатой сваёй душы, шалёным жаданнем прошлага сіроцтва. Ты мая! Альбо ты, альбо ніхто і ніколі … Твой Фабіян". А вось яшчэ ў лісце за 1917 год: "Любая, даруй, што трывожу тваю душу … Ты ведаеш, што апроч цябе я нікога не маю, не маю перад кім выспаведацца, адкрыць душу, которая так доўга маўчала … маўчала ўсё жыццё … ".
Фабіян і Людвіка больш ніколі не сустрэліся. Фабіян загінуў у 33 гады, Людвіка пражыла ледзь не стагоддзе. Ужо адыходзячы з гэтага свету, амаль у паўзабыцці шаптала: "Фабіян, Фабіян, Фабіян".
Гісторыя кахання Фабіяна Шантыра і Людвікі Сівіцкай лягла ў аснову п'есы, якую стварылі пісьменніца Людміла Рублеўская і гісторык Віталь Скалабан. Пакуль што яна выдадзена невялікім тыражом асобнай кніжачкай. І хто ведае, мо калі на тэатральнай сцэне мы сустрэнемся з Фабіянам і Людвікай, каханне якіх у пачатку ХХ стагоддзя было яркім, глыбокім, іскрамётным - і да крыўднага кароткім і трагічным.
Анатоль Жук, жыхар горада Слуцка.
Спазнай смак сваёй кухні
У мінулую нядзелю ў другі раз прайшоў раённы конкурс "Спазнай смак сваёй кухні" на базе Дварышчанскага Дома культуры. Удзельнічалі амаль усе сельскія ўстановы культуры раёна. У гэты раз традыцыйная кухня была прадстаўлена стравамі, якія нашы продкі рыхтавалі на Вялікдзень і ў вялікодны пост. Заранёў, работнікі клубных устаноў культуры ладзілі этнаграфічныя экспедыцыі ў навакольныя вёскі, дзе вывучалі гастранамічны стыль.
Тарноўскі Дом культуры прыгатаваў стравы па рэцэптам Глафіры Ашмяны, якая родам з вёскі Радзівонішкі. Гэта і каўбаскі па-тарноўску, вялікодныя кулічы і пірагі, тварожная пасха. Спадабаўся журы і прысутным кулебяк з курыцай ад кухара графа Маўраса Андрэя Багданца.
Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу прадставіў багаты вялікодны стол, накрыты мяснымі стравамі: камы з мясам, бабулін сальцісон, вантрабянка, каўбаса па-аўсядаўску. А работнікі Мажэйкаўскага Дома культуры прыгатавалі наадварот - стравы беднай сям'і. Гэта тушаная капуста з скваркамі, крупнік белены малаком, нішчымны пірог.
Пералічыць усе стравы проста не хопіць часу. І складана было вызначыць пераможцу для журы, у склад якога ўваходзілі: Леўшунова Наталля Фёдараўна - загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама; Канцавенка Наталля Ўладзіміраўна - загадчык аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"; Ганевіч Іван Феліксавіч - старшыня Дварышчанскага сельскага Савета; Суднік Станіслаў Вацлававіч - рэдактар газеты "Наша слова" Таварыства беларускай мовы; Шчэліна Алена Валянцінаўна - загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" ды госці з Гародні: Андрэй Пятрук - метадыст па фальклоры ДУК "Гарадзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці" і Юлія Рыбакова - метадыст па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ДУК "Гарадзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці".
Вось і пераможцы: у намінацыі пераемнасць традыцый структурнае падраздзяленне - "Голдаўскі клуб-бібліятэка"; за прыгатаванне традыцыйнай стравы - філіял "Беліцкі Дом культуры", у намінацыі "Рэжысёрскае вырашэнне прэзентацыі стравы" - філіял "Ваверскі Дом культуры", сервіраванне стала - філіял "Ходараўскі Дом культуры", афармленне рэцэптаў - філіял "Тарноўскі Дом культуры".
Дыпломам 3 ступені ўзнагароджаны філіял "Дварышчанскі Дом культуры". Дыпломам 2 ступені - філіял "Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу". Першае месца - у філіяла "Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу".
А яшчэ журы адзначыла цудоўную беларускую мову ўсіх без выключэння ўдзельнікаў ад Тарэсы Юзэфаўны Ясюкайціс з Ваверкі, 1939 г.н. да маладзенькіх дзяўчатак з Гудаў. Ну і не забудзем, што задаў тон беларушчыне старшыня сельсавета І.Ф. Ганевіч уласным вершам на беларускай мове, а аздабляў свята гурт "Каханачка" з Мажэйкава
Працяг свята абавязкова будзе ў наступным годзе, бо ўсе мы не толькі знаёмімся з традыцыйнай кухняй, але і вывучаем гісторыю свайго краю.
Ганна Некраш, вядучы метадыст адззела метадычнай і культурна-массавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Водсветы карыдных баёў
Рэцэнзія
Пісьменнік, краязнавец, выдавецкі працаўнік Валер Санько не раз здзіўляў суразмоцаў і чытачоў нечаканымі вывадамі пра ўсталяваныя і ўтрамбаваныя падзеі, людзей, ацэнкі. Яго кнігі пра забойства Янкі Купалы і дакументальны раман пра Чарнобыльскую аварыю навізною і доказнасцю ўражваюць дасведчаных і недасведчаных, аступененых і шараговых.
Не збаімся перабольшвання, такой з'яўляецца і кніга "Карыды вогненныя іскры", Мінск, "Смэлтак", 2016, 154 стар. У ёй аднаіменная аповесць, без пропускаў, ніводная глава ў ёй не скарочаная, як увесь час (з 1987 года) раілі аўтару разумныя рэцэнзенты Менска і Масквы.
Сапраўды, часопісы "Молодая гвардия", "Наш современник", "Вокруг света", "Огонёк", "Дружба народов"… твор правінцыйнага аўтара на 44 старонкі, навічка для іх, наўрад ці стануць друкаваць такім памерам у Маскве.
За 29 гадоў ні адна літаратурная рэдакцыя Беларусі непалітычную нейтральную "Карыду" таксама не апублікавала. Часопісы "Полымя", "Маладосць", "Нёман" адхілялі яе па некалькі разоў.
Выдатныя карыдныя сутычкі, гістарычна-этнаграфічныя развагі аўтара сталі быццам забароненыя ў СССР, БССР, Беларусі. Адкладалі ў доўгую скрынку аповесць з 1987 года болей за трыццаць разоў (цытата з кнігі стар. 50).
Прафесар доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч у заключэнні кнігі аўтара "Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё" (2015) доказна дае свае варыянты такому літаратурнаму недарэкству.
Наяўнасць розных пунктаў гледжання пра чалавека, падзею, твор дапамагае вырашаць дыскусійныя праблемы. У беларускім літаратурным мастацкім працэсе, выказвае ў пасляслоўі аўтар, дамінуе усярэдненасць, бачнасць аб'ектыўнасці ў адлюстраванні быцця.
Аўтар не ведае, колькі яшчэ часу яго гаротная "Карыда" будзе мыкацца ў беларускай літаратурнай глухамені. Магчыма знаўцы з карыдных краін убачаць у ёй нешта большае за звычайную аповесць, магчыма беларускія дзяржаўныя і недзяржаўныя рэдакцыйныя сядзельцы нарэшце разбяруцца, дзе нараджаецца ісціна.
Адрынем, хаця ганебныя літаратурныя камлыцтвы аўтару ніколі не забыць, як поўнасцю не аднавіць аперыраванае сэрца, адкінем яго былыя і нядаўнія крыўды. Зададзім просценькае пытанейка простага чытача: дык чаму ў тоўстых часопісах, якія з году ў год друкуюць даўжэзныя раманы, адхілялі скарочаную да 20-25 старонак "Карыду"?
Адказ не доўга шукаць. Савецкія ідэйныя аднапартыйныя ацэншчыкі і незалежныя беларускія/рускія рэдакцыйныя стараннікі ніяк не могуць змірыцца з нечаканымі вывадамі і азарэннямі доктара народнай медыцыны В. Санько.
Напрыклад, утрамбаваная на планеце выснова пра дзікунства варварскіх ацтэкаў і майя - святары вырывалі сэрцы ў прыгожых хлопцаў і дзяўчат не з жадання ахвяраваць маладыя жыцці язычніцкім багам, нават не з карыслівага жадання прысутных на ўрачыстасці звычаёва з'есці падсмаленыя гэтыя сэрцы, а з высокага намеру хутчэй прылучыць юнацкае стварэнне да продкаў, вышняга яднання з нябеснымі ведамі.
Хіба можна згадзіцца, што паранены бандэрыльерам і матадорам карыдны бык можа нешта думаць? Сам выбірае лепшы варыянт уласнага сыходу ў Тагасветнасць? У галоўнага героя аповесці доктара Аляксея Бялько гэта мажліва.
Узгадаем воўка Паджарага і хаўруснікаў, якія не разрываюць спіхнутую з воза кабету і толькі што ахрышчанае двухмесячнае дзіцянё на руках хроснай маткі, ваўкі паляцелі за канём і бязбожнікам хросным бацькам, разарвалі іх. (Аповесць "Воўка ты знойдзеш на сваю шыю").
Не кожны чытач згодзіцца, што з падачы пісьменніка шэсць карыдных спектакляў могуць стаць цудоўнай мексіканскай феерыяй. Ні ў чым не паўторацца.
Па вялікім рахунку апофеоз карыды, удар шпагі, гэта лагічнае завяршэнне доўгага шляху мексіканцаў да кідкага святочнага прадстаўлення, веры, абрадаў. Чараўніцкая прыцягальнасць карыды не ў колькасці схопатак чалавека з быком - у мужнай прыгажосці феерычнай урачыстасці. Сузіранне праяўленых другім адвагі і мужнасці ўсяляе адвагу ў цябе, гледача.
Чытаецца кніга адным духам і захопам. Паўтораў сцэн і думак няма.
Захопліваюць чытача, узнімаюць дух і думкі апошнія філасофскія раздзелы аповесці і заключная: у велічным каталіцкім саборы (на сем тысяч месцаў для наведнікаў) вернікі з усезахопнай адданасцю вышэптваюць малітвы.
На такім узроўні апісваць падзею рэдкім аўтарам удаецца.
Дробязнае неразуменне тэмы, правінцыйная геніяльнасць і зайздрасць беларускіх і рускіх ацэншчыкаў - слова не тое, фраза не тая, вывад не падабаецца (стар. 49-50) - не дазвалялі нескарочанай аповесці раней засвяціцца на старонках часопісаў.
Публікацыя ў адной кнізе карыды на трох мовах - беларускай, рускай, іспанскай - карысная ўсім. Асабліва студэнтам і выкладчыкам, якія змогуць параўноваць варыянты перакладу.
Перакладчык Мікалай Фёдаравіч Ляніўка, 1945 г.н. ураджэнец сталіцы Аргенціны, Буэнас-Айрэса, з адзінаццацігадовага ўзросту жыхар Менска, зрабіў класную працу. Аповесць на іспанскай мове чытаецца лёгка, як на беларускай і рускай.
Анатоль Валахановіч , пісьменнік. (На жаль, Анатоль Восіпавіч Валахановіч, як паведамлялася ў друку, у тым ліку ў " Нашым слове " , не так даўно пайшоў у лепшы свет. Гэтая публікацыя, пэўна, завяршальная ў таленавітага пісьменніка, публіцыста, краязнаўца.)