Вярнуцца: 2017

№ 07 (1314)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1314), 15 лютага 2017 г.


21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы


Беларусь пачынае пісаць Х Агульнанацыянальную дыктоўку

XXIV Менская кніжная выстава-кірмаш

З 8 па 12 лютага ў Менску праходзіла XXIV Менская кніжная выстава-кірмаш .

Спадчына Францішка Скарыны і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, юбілеі класікаў літаратуры і найноўшыя выданні для дзяцей, даследаванні нашай культуры і практычныя дапаможнікі па стварэнні нацыянальнага касцюма. Вось асноўныя акцэнты аб'яднанага стэнда беларускіх дзяржаўных выдавецтваў. Але калі зірнуць на кніжную выставу шырэй, тут можна заўважыць не толькі і не столькі кнігі, колькі жаданне экспанентаў праз выданні расказаць пра ўласную культуру. Таму часта на стэндах - поруч з кнігамі - мастацкія вырабы, артэфакты, а самі выдаўцы і пісьменнікі - у касцюмах з элементамі традыцыйных строяў свайго народа.

Сёлета ў Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы прымалі ўдзел некалькі соцень экспанентаў з 31 краіны. Гэта Беларусь, Азербайджан, Венесуэла, Германія, Грэцыя, Ізраіль, Іран, Італія, Казахстан, Рэспубліка Карэя, Кітай, Куба, Малдова, Пакістан, Палесціна, Польшча, Расія, Сербія, Сірыя, Славакія, ЗША, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эквадор. Ганаровым госцем выставы стала Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.

Паводле СМІ.



Сп. Л.С. Ананіч

Міністру інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

220004, г. Мінск,

пр. Пераможцаў, 11

Аб пашырэнні выкарыстання

дзяржаўнай беларускай мовы

ў дзяржаўных папяровых СМІ

Шаноўная Лілія Станіславаўна!

У ТБМ звяртаюцца грамадзяне нашай краіны, якія абураны тым, што з кожным годам у рэспубліканскіх, абласных і раённых газетах, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту (а гэта значыць з падаткаў, якія выплачваюць вышэйзгаданыя грамадзяне), колькасць беларускамоўных матэрыялаў змяншаецца, і яны складаюць мізэрную частку газетных палос.

Хачу прыгадаць да прыкладу сваю раённую мсціслаўскую газету "Святло Кастрычніка", якая ў часы БССР выходзіла на беларускай мове, і дзе я надрукаваў шмат артыкулаў. Зараз засталася толькі беларуская назва, і калі-нікалі з'яўляюцца невялікія публікацыі на нашай роднай мове. I гэта адбылося на радзіме класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Падрабязны аналіз сітуацыі, у якой апынулася беларуская мова з маўклівай згоды ўладаў розных узроўняў у нашым перыядычным друку, зрабіў нядаўна на старонках "Народнай Волі" сп. Аляксандр Навіцкі (гл. № 9 ад 31.01.2017 г.).

У сувязі з гэтым, прашу Вас абмеркаваць гэтае набалелае пытанне на бліжэйшай Калегіі Вашага Міністэрства і рэкамендаваць усім рэдактарам дзяржаўных газет, якія зарэгістраваныя як двухмоўныя, друкаваць у кожным нумары не менш за 50% матэрыялаў на беларускай мове.

У год юбілею беларускага кнігадрукавання такая пазіцыя Міністэрства інфармацыі будзе цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. I галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


110 гадоў з дня нараджэння Алеся Звонака

Алесь ЗВОНАК (сапр. - Пётар Барысавіч Звонак; 14 лютага 1907, Менск - 2 лютага 1996, Менск) - беларускі паэт, драматург, перакладнік, тэатразнавец.

Бацька Барыс Антонавіч працаваў рабочым у князёў Радзівілаў, графа Чапскага, потым у пошуках заробку накіраваўся на чыгунку ў Менск. Удзельнічаў у расейска-японскай і грамадзянскай вайне ў Расеі. Маці паэта была родам з былога Ігуменскага павета Пухавіцкай воласці. У часе знаходжання бацькі на фронце з 1914 па 1917 гг. тры яго сыны былі змешчаны ў дзіцячы прытулак. На руках у маці заставаўся самы меншы, чацвёрты.

Ужо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі будучы паэт апынуўся на матчынай радзіме - Пухавіцкай воласці, дзе працаваў падпаскам. Пазней, ратуючыся ад голаду, прыехаў на Аршаншчыну ў мястэчка Ляды. Пасля вяртання бацькі з грамадзянскай вайны будучы паэт разам з ім і старэйшымі братамі хадзіў па вёсках, клаў печы і рабіў падмуркі ў сялянскіх хатах.

У 1923 годзе Пётр Звонак скончыў сямігодку, агульнаадукацыйныя курсы і атрымаў пасведчанне аб сярэдняй адукацыі. Мову і літаратуру на курсах выкладаў ужо вядомы тады паэт Язэп Пушча. Звонак паказаў яму два сшыткі ўласных вершаў, і той запрасіў яго ў Інстытут беларускай культуры. Пасля заканчэння курсаў у 1925 г. працаваў у Беларускім аддзяленні акцыянернага таварыства "Кніга вёсцы" і адказным сакратаром полацкай акруговай газеты "Чырвоная Полаччына". Таксама кіраваў полацкай філіяй "Маладняку" (1925-1927).

У 1927-1929 гг. быў рэдактарам літаратурных перадач Беларускага радыё, у 1929-1931 гг. - адказны сакратар і рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладняк". Адначасова ў 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэту БДУ і паступіў на трэці курс Маскоўскага ўніверсітэта на літаратурны факультэт.

У лістападзе 1936 года быў беспадстаўна арыштаваны савецкімі ўладамі і сасланы ў Магаданскую вобласць (1937-1946). Па вызваленні з лагера працаваў на Поўначы геолагам і золаташукальнікам. У 1954 годзе рэабілітаваны. Пад канец 1955 вярнуўся у Менск, дзе займаўся творчай дзейнасцю. У 1992 годзе яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў "Святлацені" і прысвоена званне заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь.

Вікіпедыя.


Валерыю Мазынскаму - 70

Валеры МАЗЫНСКІ (20 лютага 1947, Вялікае Стахава, Барысаўшчына) - беларускі тэатральны рэжысёр. Стваральнік менскага тэатра "Вольная сцэна". Заслужаны дзеяч мастацтваў (1984), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) і прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1978).

Атрымаў адукацыю будаўніка. У 1974 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Галоўны рэжысёр драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску (1976-1989). Адзін з ініцыятараў стварэньня дзяржаўнага тэатра "Лялька" ў Віцебску. Многія з пастаўленых ім спектакляў сталі з'явамі ў тэатральным жыцці - "Званы Віцебска" (1974) і "Кастусь Каліноўскі" (1978) паводле Ул. Караткевіча, "Сымон-музыка" (1976) паводле Я. Коласа, "Парог" (1982), "Вечар" (1983), "Радавыя" (1984) А. Дударава ды іншыя. Ад 1991 года ў Менску. Ставіў спектаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладаў рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, стварыў тэатар-лабараторыю беларускай драматургіі "Вольная сцэна", кіраўніком якой быў восем гадоў да самага яе закрыцьця ўладамі.

Пасля звальнення з тэатра працаваў вартаўніком, будаўніком і вахцёрам.

У 2008 годзе зняў тэлефільм паводле п'есы Янкі Купалы "Тутэйшыя". У 2010 годзе зняў дакументальны фільм "Як пошуг маланкі" пра дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Расціслава Лапіцкага. У 2012 годзе зняў фільм пра адзіную жанчыну ва ўрадзе БНР "Палута Бадунова. Успомніць і... не забыць".

Мае двух сыноў - Васіля ды Яўгена.

Вікіпедыя.


Алена Анісім: "Я буду працаваць, пакуль не праб'ю гэтую сцяну"

Чарговым героем перадачы "Інтэрвію тыдня" была дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна разважае, ці ёсць шанцы на стварэнне беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, дзеліцца сваімі ўражаннямі пра першыя месяцы працы ў Палаце прадстаўнікоў і адказвае на пытанне, ці збіраецца вылучацца на пасаду старшыні ТБМ. З ёй гутарыў Віталь Цыганкоў.

- Падчас прэсавай канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў вас адбылася даволі прыкметная размова з кіраўніком дзяржавы наконт стварэння беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Назіральнікі адзначылі, што раней А. Лукашэнка на такія пытанні адказваў даволі адзначна - маўляў, не, не трэба, у нас ёсць БДУ. Але цяпер ягоны адказ ужо быў не такі адназначны. А як бы вы яго ацанілі?

- Я зразумела і ўспрыняла гэта так - калі будзе ўсё падрыхтавана, каб адкрыць універсітэт, то ўлада не будзе замінаць гэтаму. Я расцэньваю гэта як вектар спрыяння.

- Але ўніверсітэт - гэта такая рэч, якую само грамадства не можа стварыць. Без удзелу дзяржавы гэтага не зробіш.

- Стварэнне ўніверсітэта можа ісці рознымі формамі і шляхамі. Сёння закон дазваляе і юрыдычным, і фізічным асобам быць заснавальнікамі ўстаноў адукацыі, у тым ліку і вышэйшых навучальных. Акрамя таго, і замежныя арганізацыі таксама могуць быць заснавальнікамі. Варыянтаў шмат, можна засноўваць і прыватныя ўстановы.

Трэба, каб мы рухаліся да практычнага ажыццяўлення самой ідэі. А ўжо на фінішнай прамой мы можам выбіраць той варыянт, які нам больш падыходзіць.

- На той жа сустрэчы кіраўнік дзяржавы жартам ужо прызначыў рэктара і прарэктара будучага ўніверсітэта - Ігара Марзалюка і вас. Ці вы пазней гаварылі з Марзалюком на гэтую тэму?

- Вядома, гэта быў жарт. Але для нас гэта не жарт, я маю на ўвазе ТБМ і аргкамітэт стварэння нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Мы над гэтым працуем, а хто будзе рэктарам - гэта пытанне заўтрашняга дня.

- Што галоўнае дала вам праца ў Палаце прадстаўнікоў за гэтыя паўгода? Чаго было больш - расчараванняў ці набыткаў? Ці спраўдзіліся чаканні ці больш было песімізму?

- Я не паддаюся ані расчараванню, ані залішняму аптымізму. Я працую, разумеючы, у якіх умовах я ёсць. Шмат хто з маіх калег па Палаце прадстаўнікоў дапамагае мне ў многіх пытаннях. І я бачу, што многія з іх вельмі добра падрыхтаваныя для заканадаўчай дзейнасці. І ў плане ўзаемавыручкі бачу шмат пазітыўнага.

Ёсць пэўнае калі не расчараванне, то здзіўленне тым, як некаторыя з грамадскага сектару ці з інтэрнет-прасторы рэагуюць на тыя ці іншыя мае крокі. Пакуль я незадаволеная тым, што ніяк не магу пераканаць і знайсці механізм такога пытання, як прыняцце заканадаўчых актаў адразу на дзвюх мовах. Бо на сёння практычна няма заканадаўчых актаў, якія б мелі юрыдычную сілу.

Зараз я працую з бізнес-супольнасцю. Многія прадпрымальнікі хацелі б працаваць па-беларуску ў сваёй прафесійнай сферы, але няма афіцыйных дакументаў на беларускай мове, што стрымлівае працэс беларусізацыі.

Да мяне нядаўна быў зварот, што ў Баранавічах Міністэрства аховы здароўя адмовілася выдаць даведку на беларускай мове, спаслаўшыся, што дакументы міністэрства зацверджаныя толькі на расейскай. Так што пытанняў вельмі шмат.

- У верасні ў нашай перадачы вы казалі: хачу, каб у мяне было шмат саюзнікаў у гэтым новым парламенце". Атрымалася? Менавіта не ў сэнсе нармальных чалавечых сувязяў, а ў грамадска-палітычным сэнсе ў вас ёсць там саюзнікі?

- Я веру, што ёсць. Не ўсе яны яшчэ абазначыліся. Але пасля розных маіх выступаў да мяне падыходзяць, выказваюць падтрымку, такія ж самыя думкі. І ў плане некаторых заканадаўчых актаў пазіцыі ў нас вельмі падобныя. Таму я спадзяюся, што калі ў мяне ўзнікне патрэба іх пераканаць, да таго часу яны ўжо будуць маімі паплечнікамі ў некаторых пытаннях. Не ва ўсіх, вядома, бо мы людзі вельмі розныя. Неабавязкова, што ў нас будзе адзіная думка ва ўсім.

- Вы даволі асцярожна выказваецеся наконт таго, ці можна называць вас апазіцыянеркай. Але, пакантактаваўшы з іншымі дэпутатамі ці чыноўнікамі, ці вы сталі сябе адчуваць больш апазіцыянеркай ці менш? Ёсць у вас уражанне, што гэта людзі з іншага цеста, ці яны такія ж самыя, як і вы, напрыклад?

- Я не асцярожнічаю, я проста за чысціню тэрмінаў. Калі, напрыклад, вы не пагаджаецеся з чыноўнікам у нейкіх пазіцыях, ці значыць гэта, што вы апазіцыянер? Гэта пытанне не асцярожнасці, а сэнсу.

Я не магу сказаць, што ў мяне з чыноўнікамі 100-адсоткавае паразуменне. Многія ставяцца насцярожана. Бо я не чалавек сістэмы, я не прыйшла з важнай чыноўніцкай пасады ў дэпутацкае крэсла. Таму мне ў гэтым сэнсе не лягчэй і не прасцей, чым загадзя вызначанаму "апазіцыянеру".

- Калі вы звяртаецеся да чыноўнікаў з нейкімі прыкладамі, што тычацца той жа беларускай мовы, як да вас ставяцца? "О, гэта дэпутат, і зараз жа ўсё зробім" ці "Ну, гэта апазіцыянерка, можам яе не слухаць"?

- Па-рознаму. Усё залежыць ад таго, які службовец і якое стаўленне яго да мовы. Адзін з апошніх прыкладаў - размова на радыё "Сталіца", дзе мае пазіцыі з чыноўніцай адназначна не супадалі.

Але, вядома, даводзіцца пераадольваць пэўны супраціў. Бо калі я гавару па-беларуску, некаторыя адразу ўспрымаюць, што я хачу кагосьці да нечага прымусіць. Насамрэч я проста паказваю, што можна ісці па жыцці з беларускай мовай, і пры гэтым трэба выконваць беларускія законы і Канстытуцыю. У гэтым я і бачу сэнс сваёй дзейнасці ў Палаце прадстаўнікоў.

- Ці вы плануеце ўзначаліць ТБМ? Алег Трусаў заяўляў, што далей не будзе вылучацца, і таму ваша кандыдатура ўяўляецца найбольш адпаведнай.

- Пытанне пра кандыдатуру старшыні ТБМ будзе вырашацца падчас выбарчых канферэнцыяў, сходаў і потым на з'ездзе. Будзе відаць, як разгорнецца выбарчая кампанія. Пакуль я нічога больш сказаць не магу. Маю кандыдатуру назвалі падчас апошняй рады, я не адмаўляюся.

- Ці не з ' явілася за гэтыя паўгода ў Палаце ў вас уражанне, што ваша дзейнасць там - гэта біццё галавой аб сценку, што перад вамі мур, які вам наўрад ці ўдасца прабіць?

- Дзякуй, Віталь, за пытанне. Вядома, часам узнікае такое ўражанне. Але гэта не роспач, а проста канстатацыя факту, што ў некаторых пытаннях, магчыма, гэта сапраўды сцяна. Але я проста думаю, што яшчэ можна зрабіць, з якога боку зайсці, якія механізмы падключыць.

Таму я буду працаваць датуль, пакуль будзе магчыма. Пакуль хопіць маіх сілаў. І пакуль не праб'ю гэтую сцяну.


Святлана Багданкевіч: "У мове - зарука жыцця!"

Юбілейная вечарына актывісткі і сябра Рады і Сакратыяту ТБМ Святланы Багданкевіч адбылася 11 лютага ў літаратурным музеі Пятруся Броўкі ў Менску. Вядоўца імпрэзы, названай "Дарога да сябе", паэтка Вера Буланда напоўніла сардэчнасцю, паэзіяй і цёплымі ўспамінамі гэтую святочную падзею. З дапамогай чароўнай скрынкі, у якой знаходзіліся асабістыя рэчы сям'і Багданкевічаў, яна раскрыла характар гераіні і абставіны яе жыцця. На відэашэрагу на экране ўваскрэслі моманты сустрэч сп. Святланы з Нілам Гілевічам, Стэфаніяй Станютай, Адамам Мальдзісам і сябрамі ТБМ. Светлая, натхнёная, упэўненая і ўпартая, - так ахарактэрызавала яе сяброўка і паплечніца Людміла Дзіцэвіч.

Святлана Мікалаеўна Багданкевіч нарадзілася ў 1947 годзе ў вёсцы Рубяжэвічы ў сям'і настаўнікаў. Яна скончыла сярэднюю школу № 1 у 1965 годзе і паступіла вучыцца ў Менскі педагагічны інстытут імя М. Горкага на музычна-літаратурны факультэт. У 1970 годзе пасля яго заканчэння працавала ў Менскай педагагічнай вучэльні (пазней - дзяржаўны педагагічны каледж № 2 імя Максіма Танка) і выкладала музычныя дысцыпліны.

Першым прадметам з чароўнай скрынкі быў залаты мядаль. Яго Святлана адтрымала за дасканалыя веды і прыкладныя паводзіны. "Як жа было не вучыцца, - узгадвае сп. Святлана, - калі твой бацька-загадчык раённага аддзела адукацыі, а маці - настаўніца!" Добрым словам памянула актывістка і паэтка свайго бацьку Мікалая Сцяпанавіча, моцнага характарам і здароўем, які пражыў амаль 90 гадоў. Успомніла спадарыня Святлана і матулю Яўгенію Рыгораўну, якая нарадзілася ў Віцебску і насіла прозвішча - Багданава. Матулю размяркавалі ў Рубяжэвічы, дзе яна пазнаёмілася з бацькам. Невыпадкова сустрэліся Багданава і Багданкевіч. Пра маму нагадалі бурштынавыя каралі, беражліва пакладзеныя ў скрынку. А наступны прадмет - скрыпічны ключ - вызначыў любоў гераіні да музыкі. У пятым класе светлавалосая дзяўчынка паступіла вучыцца яшчэ і ў музычную школу ў Стоўбцах, а для гэтага бацькі знялі ёй кватэру, дзе яна жыла ўжо самастойна. Яна іграла на фартэпіяна і спявала. А яблык з сямейнай скрынкі ў вышыванай торбачцы нагадаў пра сад брата Уладзіміра. Ён прыйшоў на вечарыну з жонкай Верай, каб павіншаваць таленавітую і адданую беларушчыне сястру.

На пачатку 90-х гадоў Святлана Мікалаеўна ўспрыняла ідэі нацыянальнага адраджэння і ўлілася ў шырокі адраджэнцкі рух. Неўзабаве яна перайшла на беларускую мову выкладання свайго прадмета ў каледжы, стала актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы і Беларускага народнага фронту.

У 1992 годзе каледж набыў статус беларускамоўнай навучальнай установы. Выкладчыкі здавалі экзамен на права выкладання па-беларуску і паступова пераходзілі на беларускую мову. Па-беларуску вялася ўся дакументацыя, пісаліся аб'явы, расклады .

Адкрылася шырокае поле дзейнасці па беларусізацыі ўнутранага моўнага рэжыму каледжа. Вось і Святлане Багданкевіч даводзілася рабіць шмат перакладаў рознай дакументацыі, дапамагаць іншым. Па сваім прадмеце яна ўдзельнічала ў складанні музычна-педагагічнага тэрміналагічнага руска-беларускага слоўніка (разам з мужам Валянцінам Карпуцем, дацэнтам кафедры народных інструментаў БДПУ імя Максіма Танка). Даводзілася ёй ствараць беларускія тэксты для дзіцячых песняў. І ўсё гэта яна рабіла з вялікім энтузіязмам, радавалася, што можа паслужыць нашаму нацыянальнаму адраджэнню. "Я нібыта набыла другое дыханне, новы стымул для сваёй прафесійнай дзейнасці", - узгадвала спадарыня Святлана.

Яна працавала ў Адукацыйнай камісіі ТБМ і некаторы час ўзначальвала яе. Нямала парупілася для арганізацыі курсаў па вывучэнні беларускай мовы і па культуры мовы пры ТБМ. Святлана Багданкевіч падрыхтавала шэраг публікацый у "Нашым слове" і ў "Літаратуры і мастацтве". Яе вершы друкаваліся ў альманахах " Дзень паэзіі" і ў калектыўных зборніках клуба "Спадчына" - " Скрыжалі Спадчыны". У 2012 годзе выйшаў зборнік яе вершаў і перакладаў з польскай паэзіі " Напрадвесні". У 2013 годзе С.М. Багданкевіч была прынятая ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. У апошнія гады ёй давялося выканаць адказнае даручэнне: скласці летапіс Таварыства беларускай мовы з 2009 па 2014 год, які быў прэзентаваны на апошнім з'ездзе грамадскай арганізацыі.

На юбілейнай вечарыне прагучалі вершы Святланы Багданкевіч з калектыўнага зборніка ТБМ-аўскіх паэтаў "Аднойчы вечарам". Яе творы " Код несмяротнасці" і " Каб не ўмёрлі" прачытаў Ян Мяльніцкі. Свой верш з падзякай за 20-гадовае сяброўства прысвяціла юбілярцы Людміла Дзіцэвіч. Са словамі віншавання і пажаданнем творчага плёну выступіў Аляксей Шалахоўскі. Прафесар Аляксей Уладзіміравіч Рагуля ў сваёй прамове акрэсліў нязломную сілу людскасці ў творах С.М. Багданкевіч, якая яднае яе з класікамі беларускай літатаруты Янкам Купалам, Якубам Коласам і Максімам Гарэцкім. Сябры ТБМ імя Ф. Скарыны шчыра віншуюць спадарыню Святлану і зычаць ёй моцнага здароўя і далейшых поспехаў на літаратурнай ніве і ў грамадскай дзейнасці!

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Святлана Багданкевіч чытае свае вершы; 2. На юбілейнай вечарыне.


Справаздача аб дзейнасці Скідзельскай суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" за 2016 год

Скідзельская суполка прынята на ўлік Сакратарыятам ТБМ 2 сакавіка 2016 года.

На працягу 2016 года была праведзена наступная работа:

З Каляднымі віншаваннямі і салодкімі пачастункамі наведалі вучняў беларускамоўных класаў у Скідзелі: СШ № 1 - 4 "А" клас і СШ № 2 - 3 "В" клас (студзень) - Т. Савянкова, В. Мароз, І. Ражко.

На базе літаратурна-краязнаўчага музея ў Мількаўшчыне арганізавалі свята "Прыйшла Каляда" (студзень) - І. Ражко, В. Мароз, А. Юшкевіч, Г. Зяневіч.

Да Міжнароднага дня роднай мовы сумесна з бібліятэкай сямейнага чытання і Цэнтрам па месцы жыхарства г. Скідзеля правялі свята "Слова роднае - вечнасці след" (люты) - Т. Мазур, Р. Фарманян, А. Юшкевіч.

Беларускую дыктоўку і займальную віктарыну " Смак роднай мовы" правялі з вучнямі 5 "А"класа СШ № 1 г. Скідзеля, якія навучаюцца на роднай мове з першага класа і вучнямі Галавацкай СШ (люты) - Т. Савянкова, Т. Мазур, А. Салей, А. Бычэнка.

На свята "У нас сягоння Масленіца" запрасілі жыхароў в. Мількаўшчына і навакольных вёсак (сакавік) - А. Салей, Л. Салей, І. Ражко, В. Мароз.

Удзельнічалі ў напісанні 9-ай гарадзенскай беларускай дыктоўкі (красавік) - Т. Савянкова, Л. Салей, Г. Зяневіч, Р. Фарманян.

Прынялі ўдзел у свяце "Да пабачэння, пачатковая школа" з віншаваннем вучняў беларускамоўнага 4 "А" класа СШ № 1 г. Скідзеля (травень) - Т. Савянкова.

Сустрэча з бацькамі будучых першакласнікаў у дзіцячым садку № 5 г. Скідзеля (травень) - І. Ражко, В. Мароз, Т. Савянкова.

Удзел у экалагічным свяце "Жыві, Котра!" (аграсядзіба "У Івана" в. Галавачы (чэрвень) - У. Трахімчык, А. Юшкевіч, Т. Савянкова, А. Бычэнка.

Працоўны дэсант па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля памятнага знака на малой радзіме Макара Краўцова і Міхася Васілька ў в. Баброўня (ліпень) - А. Юшкевіч, У. Трахімчык, Г. Зяневіч.

Правялі свята да 125-годдя з дня народзінаў Макара Краўцова (в. Баброўня) (жнівень) - У. Трахімчык, А. Юшкевіч, А. Салей, Т. Мазур, І. Ражко, Г. Зяневіч.

Віншаванні з пачаткам навучальнага года вучняў, якія навучаюцца на беларускай мове ў школах Скідзеля (верасень) - Т. Савянкова, В. Мароз, І. Ражко.

Літаратурная гасцёўня "Прэзентацыя кнігі Алы Петрушкевіч "Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай" у літаратурна-краязнаўчым музеі в. Мількаўшчына. (кастрычнік) - Л. Салей, І. Ражко, А. Юшкевіч, Р. Фарманян.

Павіншавалі з юбілейнымі днямі народзінаў сябраў суполкі - А. Салей, Л. Салей (лістапад).

Наведванне вучняў 2 "А" класа СШ № 3 г. Скідзеля і віншаванне з прэм'ерай мюзікла на беларусай мове "Калядная казка" (снежань) - Т. Савянкова.

Усе экскурсіі ў літаратурна-краязнаўчым музеі в. Мількаўшчына праводзіліся на беларускай мове - Т. Савянкова, І. Ражко, В. Мароз.

Сабралі і пералічылі сяброўскія складкі за 2016 год (красавік).

Арганізавалі падпіску на газету "Наша слова" і друкаваліся ў газеце (люты, жнівень).

Старшыня Скідзельскай суполкі ТБМ Таццяна Савянкова.



Цукар "Добрая жонка" з беларускамоўным афармленнем упакоўкі пачаў выпускаць Скідзельскі цукровы завод.

Наш кар.


Па слядах забытых патрыётаў

Краязнаўчая вандроўка ТБМ г. Магілёва 11 снежня 2016 г.

Савецкая ўлада сумесна з няўхільным часам добра папрацавала над тым, каб мы, беларусы, выкраслілі са сваёй памяці імёны выдатных дзеячоў нашай зямлі. Канешне, цяпер, пасля здабыцця незалежнасці, усё болей і болей мы пазнаём сваю культурную спадчыну, але імёны некаторых людзей, якія плённа працавалі на карысць Бацькаўшчыны, застаюцца несправядліва забытымі. Па родных мясцінах некалькіх ураджэнцаў Магілёўскай вобласці, пралёг шлях снежаньскай вандроўкі Магілёўскага ТБМ.

Першым той сонечнай зімовай раніцай перад намі паўстала мястэчка Гразівец Чавускага раёна. Зараз ужо не вялікае, але калісьці тут была нават царква, аб чым сведчыць крыж, усталяваны на полі пад раскідзістымі старымі ліпамі. Тут нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства Іван Насовіч, беларускі мовазнавец-лексікограф, фалькларыст і этнограф. Асноўнай навуковай працай І.І. Насовіча з'яўляецца тлумачальна-перакладны "Слоўнік беларускай гаворкі", у які ўвайшло больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам падчас падарожжаў па беларускіх губернях, а таксама выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых помнікаў. Усе значэнні слоў і словазлучэнняў раскрываюцца аўтарскімі тлумачэннямі з дакладнымі рускімі эквівалентамі і цытатамі з дыялектнай, фальклорнай ці агульналітаратурнай мовы, часам даецца этымалогія слоў. У 1881 быў выдадзены "Дадатак да беларускага слоўніка І.І. Насовіча" (каля 1 тыс. новых слоў). Слоўнік да гэтага часу застаецца ўнікальным зборам беларускай лексікаграфіі.

Значнымі былі і фальклорна-этнаграфічныя працы І.І. Насовіча, галоўная сярод якіх - "Зборнік беларускіх прыказак", які змяшчае каля 3,5 тыс прыказак, прымавак, прыгаворак, праклёнаў, скарагаворак і іншых блізкіх да іх паняццяў.

Гэты чалавек сапраўды любіў сваю спадчыну і сумеў захаваць яе для нашчадкаў, але ж, нажаль, памяць аб ім самім амаль што згубілася на роднай зямлі. Ніводзін з напатканых намі мясцовых жыхароў не ўзгадаў выдатнага аднавяскоўца.

Далей нас чакала вёска Будзіна Дрыбінскага раёна. Там нарадзіўся Цімох Зарэчны (Цімох Рублёў) - беларускі пісьменнік, педагог, які пераклаў на беларускую мову "Першыя людзі на Месяцы" Г. Уэлса і "Дон Кіхота" М. Сервантэса. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў на Нясвіжчыне, друкаваўся ў "Беларускай газеце". Лёс ягоны пасля вайны не вядомы, але ж і тое, што ён паспеў зрабіць дзеля развіцця беларускай мовы, заслугоўвае павагі, а не, як адбываецца, забыцця. Бо і тут размова з мясцовымі не дала плёну, памяць не захавалася. Таму нам заставалася палюбавацца хараством амаль што не кранутай прыроды, адчуць хуткасць руху жыцця на ўзбярэжжы Проні і рухацца да сяброў-супрацоўнікаў мясцовага гістарычна-археалагічная музея ў горад Мсціслаў.

Дарога пралягала праз вёску Расна, і мы не змаглі абмінуць магчымасць яшчэ разок паглядзець на мясцовую славутасць, касцёл Святога Казіміра, дакладней на яго рэшткі. Ён быў пабудаваны у 1812-1819 гадах у стылі класіцызму. А ўжо ў 1930-х гадах быў зачынены i пераўтвораны спачатку ў клуб, а потым у склад. I ўсё ж найбольш пацярпеў храм у вайну. Як самы высокi будынак, ён стаў арыенцiрам для прыстрэлкi, а аднаўленнем, зразумела, ужо нiхто займацца не стаў. Сёння ад касцёла засталiся толькi цагляныя сцены i скляпенні. Кожны раз, калі сюды прыязджаеш, стан будынка ўсё горшы і горшы, і, мабыць, праз рекалькі гадоў мы не пабачым тут нічога, акрамя горкі разбітай цэглы.

Так, у лёгкім суме аб страчанай мінуўшчыне мы дабраліся да музея, дзе багатая экспазіцыя і супрацоўнікі, улюбленыя ў сваю справу яго развеялі і надалі сіл да далейшага падарожжа.

І вось перад намі ўжо паўстае веска Дубейкава, дзе ў ліпені 1869 года нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер-будаўнік, архітэктар, прадаўжальнік старажытнага шляхецкага роду Дубейкаўскіх, браўшых свой пачатак прыкладна з XIV стагоддзя, з часоў існавання Імсціслаўскага ўдзельнага княства. Перацаніць тое, што ён зрабіў для Беларусі, складана, бо гэта вельмі рознабакова развіты чалавек, які большасць свайго жыцця аддаў на служэнне радзіме.

У юнацкім узросце Лявон збіраў беларускі фальклор, самастойна апрацоўваў вусныя народныя творы, спрабаваў пісаць сам. Аднак потым жыццё зрабіла круты паварот, ён выправіўся ў Варшаву і паступіў вучыцца на будаўніка ў школу будаўнічых рамёстваў. З пачатку 1890-х гг. Вітан-Дубейкаўскі ўжо кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў па ўсім усходзе цяперашней Беларусі. Потым займаўся будаўніцтвам касцёла і многіх іншых будынкаў на Смаленшчыне, а затым у Варшаве.

У перыяд з 1917 года ён цалкам аддаўся беларускай нацыянальнай справе. У Беларусь пераехаў незадоўга да бальшавіцкага перавароту, а ўжо ў чэрвені 1918 г. пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі быў зацверджаны галоўным урадавым архітэктарам БНР. Пасля эміграцыі Рады БНР працаваў у беларускім прадстаўніцтве ў Варшаве. З 1922 жыў у Вільні, быў прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя Св. Міколы, дзеячом Беларускага Інстытута гаспадаркі і культуры. Удзельнічаў у выданні газеты "Беларускі фронт". Займаўся архітэктурна-будаўнічымі работамі, між іншым праектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах.

У Дубекаве нам пашчасціла болей, мясцовыя жыхары нават паказалі месца, дзе некалі стаяла хата родных Лявона, а с другога боку і не пашчасціла, бо зусім нядаўна памерла былая школьная настаўніца, якая, напэўна, нешта ведала пра выдатнага земляка і про тое, як склалася жыццё яго родных.

Апошняй кропкай маршруту была вёска Багданаўка, дзе нарадзіўся Ананій Дзякаў, дзяржаўны дзеяч, педагог, рэктар БДУ. Ён удзельнічаў у Першай Сусветнай вайне, служыў у чырвонай арміі, працаваў старшынём Магілёўскага акруговага выканкама. З лютага 1934 - намеснік рэктара, рэктар БДУ, а ўліпені 1936 прызначаны наркамам асветы БССР. За сваю дзейнасць атрымаў вялікую падзяку ад савецкага кіраўніцтва ў выглядзе арышту і вышэйшай меры пакарання. У гэтую маленькую вёсачку, у якой жывых толькі пара хат, мы прыехалі ўжо зацемна, таму запытацца не было ў каго. Але ўсе ж напрыканцы вандроўкі мы адчулі задавальненне, мы зрабілі гэта, напомнілі сабе, што зямля наша беларуская багатая на выдатных людзей, не абыякавых да ўласнай спадчыны. А, мабыць, нешта ўзрушылася і ў душы тых, каго мы сустрэлі, бо калі не ведаць і не ганарыцца нашай гісторыяй і культурай, то як мы можам называцца нацыяй?

Пасля вандроўкі напісаўся маленькі верш…

Лёс вёскі беларускай

Не завідны і не файны,

І для гасцей,

прыйшоўшых сцежкай вузкай

Адкрыецца абшар жыцця ўскрайны.


Не здолееш ты зрокам ахапіць

Палі, лясы,

што цягнуцца за гарызонт,

Прырода-маці быццам бы тут кпіць

З тваёй патугі разважаць наконт


Таго, як ёсць, і як павінна быць

Што памяць кінутую гэту

Ўжо нішто не можа ажывіць,

Ды і няма ні ў кога такой мэты.


Але ж прыгледзься, можа, усё не так,

Як нам адразу падаецца,

І вецер лісце калыхае ў такт,

Аб нечым пустым шыбам

кажа і смяецца.


А шэпча ён бур'яну і траве

Словы таемныя,

якія мы ніколі не пазнаем,

Што доўгая гісторыя

краіны тут жыве.

Жыве.....і ціха памірае.....

Яўгенія Хмуровіч, Магілёў.


З нагоды ўрачыстасцяў у Мерачоўшчыне

Аляксей Белы

Каб адзначыць 271-я ўгодкі з дня народзінаў Тадэвуша Касцюшкі, на яго малую радзіму ва ўрочышча Мерачоўшчына, што недалёка ад горада Косава ў Івацэвіцкім раёне, 4 лютага з'ехаліся не толькі жыхары з многіх рэгіёнаў Беларусі, а і прадстаўнікі блізкага і далёкага замежжа. Імя нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі помняць і шануюць.

Так сталася, што аўтар гэтых радкоў нарадзіўся недалёка ад Мерачоўшчыны, у вёсцы Міхнавічы, і ў дзяцінстве шмат часу правёў зусім блізка ад сядзібы Тадэвуша Касцюшкі, у вёсцы Хадоркі ў сваіх суродзічаў, ладзячы з сябрамі экскурсіі да падмурка сядзібы і палаца Пуслоўскіх, які месціцца побач. Таму і напісаўся пазней верш у гонар і памяць нашага нацыянальнага героя.

Сны аб радзіме

Гісторыя нас жорстка падманула,

Няма ні веры тут цяпер, ні меры.

Сувораўцаў пачэсным каравулам

Мы ставім да магілаў касінераў.


Узгоркі, гасцінцы ды пушчы,

Гісторыі сумныя цені…

Дык хто ты, Тадэвуш Касцюшка?

- Са шляхты. У сёмым калене!

Нам мару аб волі пакінуў,

(А шаблі спявалі так звонка!)

Той, хто "нарадзіўся ліцвінам"

Ля Косава ў ціхім маёнтку.

Зубры тут блукалі і туры,

Казуль па прагалах насіла.

Таму , пэўна, Бенавентура

Тут браў і адвагу, і сілу.

То лес, то балотца, то поле,

А ў небе начным столькі зорак!

Твае сябрукі - з наваколля,

З Мілеек. А можа з Хадорак.


Пакуль ты не вой, не паплечнік,

І волі пакуль пакуль што не мала.

Твой бацька па тытуле - мечнік.

Ты ж станеш пасля генералам.

Але і ў пашане, і ў чыне

(Хоць тут заслужыў значна большы),

Ты будзеш не ў гэтай краіне -

У Амерыцы, Францыі, Польшчы, -

Ішоў ты праз горы і плошчы -

У баях адстаяў гэта права.

Змагаўся зусім не за грошы,

І нат не заўжды дзеля славы.

Хоць ты і не марыў аб славе,

А час цябе вынес на стрыжань.

Быў корпус кадэцкі ў Варшаве,

Пасля - навучанне ў Парыжы.

…Людзей бараніў ад навалы,

Пакінуўшы родную хату.

Брыгадным ты стаў генералам

У Арміі Злучаных Штатаў.

…Не знік, не скарыўся, не згінуў,

Хоць біўся зусім не з вятрамі.

І два прэзідэнты краіны

Былі табе проста сябрамі.

…Ці ў Мерачоўшчыне ў хаце

Хто думаў калі і хто марыў,

Пра ордэн такі - "Цынцынаці"

І пра "Віртуці Мілітары"!?

…Каму стала проста палёгка,

Каму адстаялі свабоду,

А тут шчэ было так далёка

Да "Акту Паўстання Народа".

Далёка было да палону,

Да плачу ўдоў і самоты,

Калі беларускія клёны

Гарэлі крывавай лістотай.


…Пад час чалавечага гора

Забойцам - крыжы і пагоны…

І ў нас атрымае Сувораў

Чатырнаццаць тысяч прыгонных.


Табе ж родны край будзе сніцца

Ў краіне не мілай, хоць большай.

Астрог -"дар" расейскай царыцы -

І за Беларусь, і за Польшчу.

…У лютым надыдзе світанак

Так проста, не з нейкай нагоды.

І босая памяць зноў ступіць на ганак

ЗА НАШУ І ВАШУ СВАБОДУ!


"Мова дзяцей" у Гомелі становіцца і мовай бацькоў

Гомельская гарадская суполка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны аднавіла заняткі для малодшых гараджанаў пад назваю "Мова дзяцей".

11 лютага яны ўпершыню праходзілі ў нядаўна адкрытым Цэнтры беларускай мовы па вуліцы Кірава, 3.

Мама з пяцігадовым Ягоркам подбегам агінаюць інтэрнат на рагу вуліц Сялянскай і Кірава. Да будынка, дзе месціцца Цэнтр беларускай мовы, застаецца нейкіх метраў пяцьдзесят.

- Няёмка ж спазняцца нават на дзве хвіліны! - тлумачыць на хаду маці. - Мы ж першы раз. І заняткі сёння першыя.

У пакоі, дзе месціцца Цэнтр, сабралася больш за дзесятак юных гамельчукоў. Гэта наймаладзейшая група: хлопчыкам і дзяўчынкам ад нараджэньня 3-6 гадоў.

Старшыня гарадской суполкі ТБМ, выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта Алеся Аўласевіч з калегам Яўгенам Якавенкам рассаджваюць дзятву вакол стала. Пачынаецца знаёмства. Хто атрымаў у рукі "кароўку", мяккую плюшавую цацку, той называе сваё імя і адначасова распавядае, якія стравы спажываў на сняданак. Калі хтосьці з малышні згадвае "чай", Алеся папраўляе:

- Давайце гаварыць "гарбату".

Праз кашу, макароны, гарбату і адбываецца знаёмства. Дзеці запамінаюць, што грэцкую кашу елі Маша, Даша, Піліп, макароны - Мая, Данік, Жэня, мяса - Ягор.

Глядзім мульцік пра свінку Пепу.

На светлую сцяну праз праектар выводзяцца колеры, і дзеці засвойваюць іх: чырвоны, блакітны, памяранцавы. Для замацавання ведаў пра стравы, колеры выкарыстоўваюцца мультфільмы, агучаныя па-беларуску. А каб дзеці не стаміліся, Алеся і Яўген прапануюць 3-хвілінныя танцы - зноў-такі пад рытмічную беларускую песеньку.

- Я сама распрацоўвала праграмы для малодшай і старэйшай групаў, - тлумачыць Алеся Аўласевіч. - Маючы педагагічны досвед, пераканалася, што дзеці найбольш засвойваюць веды праз гульню, загадкі, розныя цікавосткі. Усё гэта імкнёмся выкарыстоўваць на занятках гурткоў "Мова дзяцей". Іншы раз бяру нейкія тлумачэнні з перадачаў на Свабодзе "Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам".

Аня Карніенка, якая прывяла дачку Алёну на заняткі ў Цэнтр беларускай мовы, проста захапляецца тым, як праводзяцца заняткі:

- Лёгка, ненавязліва, з выдумкай - так і павінны дзеці вучыцца роднай мове. Мадэратары проста малайцы. Я калісьці ў школе беларускую мову вывучала, але не карысталася ёю. Таму яна забылася. Зараз сяджу і пра сябе паўтараю пачутыя словы - сама вучу разам з дзецьмі. Без мовы мы - не нацыя, не народ. Упэўнена, што да таго часу, як дачка падрасце, наша мова будзе запатрабавана на ўсіх узроўнях.

Кіраўнік абласной рады ТБМ Яўген Яўкавенка, які вядзе для дарослых гурток ужытковай беларускай мовы "Лемантар" і дапамагае арганізаваць заняткі ў гуртку "Мова дзяцей", тлумачыць, што да мінулагодніх трох з паловай дзесяткаў юных аматараў беларускай мовы сёлета ў Гомелі праз заявы бацькоў далучыліся яшчэ сямнаццаць.

Якавенка дадае, што некаторых шасцігодак, якія наведвалі летась гурток "Мова дзяцей", бацькі аддалі навучацца ў першы клас на роднай мове ў Беларускую славянскую гімназію імя Івана Мележа.

Радыё Свабода.


Бывай, мільянер!

Грашовае абарачэнне на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII - пачатку ХХІ ст.

Цяжка ўявіць сучаснае жыццё без грошай. Грошы - гэта мера кошту, сродак плацяжу, адна з формаў назапашвання зберажэнняў. Гэта важнае вынаходніцтва чалавецтва, без якога развіццё грамадства было б немагчымым. Пра грошы і грашовае абарачэнне на Гарадзеншчыне распавядае выстава "Бывай мільянер", якая адкрылася ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

Прыкладна з VII стагоддзя да нашай эры людзі пачалі выкарыстоўваць для разлікаў высакародныя металы - золата і срэбра. Праз нейкі час з каштоўных металаў пачалі рабіць грошы. Пазней у залатыя і срэбныя манеты сталі дадаваць розныя металічныя сплавы. Папяровыя грошы з'явіліся на радзіме паперы - у Кітаі ў 910 годзе нашай эры. Металічныя манеты было цяжка перавозіць, таму ўрад задумаўся аб выкарыстанні ў разліках папяровых грошай. Купцам пачалі плаціць не манетамі, а спецыяльнымі сертыфікатамі, якія лёгка разменьваліся на залатыя ці срэбныя манеты.

У Еўропе першыя папяровыя грошы былі надрукаваны ў канцы XVII ст. Называліся яны асігнацыямі. Але гэта былі не тыя папяровыя грошы, якія мы ведаем цяпер, а даўгавыя абавязацельствы. Цяпер бы мы іх назвалі аблігацыямі. У банку іх можна было абмяняць на манеты.

Папяровыя грошы, што выйшлі з абароту і сталі аб'ектам калекцыянавання, у нас прынята называць бонамі, а само іх збіранне - баністыкай. У свеце гэта слова мала пашырана, і звычайна збіранне папяровых грошай адносяць да нумізматыкі. Грошы - адзін з самых старажытных аб'ектаў збірання, яны заўсёды былі творам мастацтва і выклікалі цікавасць. Частку сваёй асабістай калекцыі на выстаўцы прадставіў калекцыянер з Ліды, сакратар клуба калекцыянераў Аляксандр Кашуцін.

Папяровыя грошы на беларускіх землях выкарыстоўваюцца больш за дзвесце гадоў. Насельніцтва прыняло іх як зручны сродак плацяжу. Экспанаты выстаўкі "Бывай, мільянер!" расказваюць пра грошы не толькі як пра прадмет калекцыянавання, але і як пра рэальны плацёжны сродак. На простых прыкладах можна даведацца, як функцыянавала грашовая сістэма ў асобныя гістарычныя перыяды з канца XVIII да пачатку ХХІ ст., якія былі заробкі, колькі людзі трацілі на ежу, вопратку, іншыя рэчы.

Самыя першыя папяровыя грошы, якія кароткі час хадзілі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, былі выпушчаны ў жніўні 1794 г. падчас паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Дырэкцыяй скарбовых білетаў былі надрукаваны асігнацыі на квоту 8 мільёнаў злотых наміналамі ад 10 грошаў да 1000 злотых. Гэтыя грошы былі выведзены з ужытку пасля задушэння паўстання і ніколі не выкупляліся ўладамі.

У першыя часы насельніцтва даволі прыхільна сустрэла папяровыя грошы. Яны моцна аблегчылі кішэні і кашалькі, спрасцілі грашовыя разлікі.

На выстаўцы прадстаўлены грашовыя знакі часоў Расійскай імперыі, перыяду нямецкай акупацыі 1915-1918 гг., 1941-1945 гг., польскія маркі і злотыя 1919-1939 гг., грашовыя знакі СССР і Рэспублікі Беларусь, копіі разменных знакаў Лідскага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, выпушчаныя 16 лютага 1919 г. у чатырох наміналах - 1, 3, 5 і 10 рублёў, боны 77 пяхотнага палка, які размяшчаўся ў Паўночным гарадку ў 20-30-ыя гг. ХХ ст.

Калі не лічыць найпрасцейшае прыстасаванне для палягчэння вылічэнняў - лічыльнікі, то першай прыладай для аўтаматызацыі вылічэнняў у Расіі быў арыфмометр. На выстаўцы прадстаўлены самы распаўсюджаны савецкі арыфмометр "Фелікс", або механічная вылічальная машынка. Пазней для палягчэння падліку грошай пачалі выкарыстоўваць калькулятары, якія таксама змешчаны ў экспазіцыі.

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены самыя разнастайныя кашалькі, скарбонкі. Напярэдадні адкрыцця выстаўкі была перададзена ў дар музею жыхаром нашага горада Здзіславам Дашкевічам самаробная скарбонка. Ёсць надзея, што выставачны праект "Бывай, мільянер!" дасць магчымасць папоўніць музейныя зборы іншымі цікавымі прадметамі.

Жыхары і госці горада змогуць убачыць мноства аўтэнтычных прадметаў на своеасаблівым рынку і ў карчме пачатку ХХ ст., імправізаваным магазіне і кватэры 1980-х гг.

Наталля Валынец.


Беларускае вершаванае слова гучала ў Свята-Пакроўскім саборы

Беларускае вершаванае слова прагучала ў зале Свята-Пакроўскага сабора ў Гародні. Там адбыўся вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні. Галоўныя героі вечарыны: адзінаццаць гарадзенскіх паэтаў, якія сталі аўтарамі зборніка, аднайменнага фэсту, "Каложскі дабравест". Пра творчую супрацу праваслаўнай Царквы і паэтычнага цэха Гародні кажа паэт Анатоль Брусевіч - укладальнік кнігі.

- Усё нараджалася з сяброўства паміж мной і айцом Паўлам Каспяровічам. У нас даўно ўзнікла ідэя падвышаць ровень агульнай культуры ў літаратурным плане ў гарадзенцаў, прывіваць літаратурныя густы. Вось гэтая ідэя паступова рэалізоўвалася праз розныя мерапрыемствы, праз паэтычныя спатканні і нарэшце вырасла да зборніка. І паколькі я з'яўляюся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, а айцец Павел прадстаўле праваслаўную царкву, то атрымалася супраца нібыта паміж Епархіяй і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Сярод старэйшых літаратараў, якія сталі суаўтарамі зборніка: Данута Бічэль і Юрка Голуб. Зборнік знойдзе свайго чытача, бо гарадзенцы цікавяцца паэзіяй і літаратурай, нягледзячы на малы наклад такога кшталту выданняў - усяго 200 асобнікаў. Кажа адзін са старэйшых паэтаў Гародні Юрка Голуб.

- Для мяне асабіста гэта ўпершыню ўдзельнічаць у такім выданні. І гэта прыемна і зразумела, што лепш пазней, чым ніколі. Таму што падобныя выданні выходзяць не такімі вялікімі тыражамі. Паўдзельнічаць у такім выданні як "Каложскі дабравест" - гэта для аўтара вельмі прэстыжна.

Сярод удзельнікаў былі не толькі гарадзенцы, але і госці: іераманах Іаан (Алег Бембель), бард Андрэй Мельнікаў. На імпрэзе ўдзельнікі маглі не толькі сустрэцца з аўтарамі кнігі "Каложскі дабравест", але і набыць яе.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня. Фота аўтара.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Згуртаванне беларусаў Канады - 200 $

2. Кот Алесь і Святлана - 70 $, Канада

3. Кавалёвы Віялета і Слава - 50$, Канада

4. БАПЦ - 200 $

5. Дробіна Н. - 100 $, Канада

6. Шаўчэнкі В. і Ю. - 50 $, Канада

7. Сурвіла Івонка - 50 еўра, Канада

8. Навакольцаў Аляксандр - 5 р., г. Менск

9. Прымшвіц Д.І. - 7 р., г. Менск

10. Анісім Алена - 100 р., г. Менск

11. Савіч Надзея - 10 р., г. Магілёў

12. Міхась А. - 20 р., г. Нясвіж

13 Казлоўская Іна - 15 р., г. Менск

14. Таццянін Артур - 10 р., г. Магілёў

15. Асадна Рыгор - 10 р., г. Менск

Суполка "Польская мова на Беларусі"

1. Маліцкая Кацярына - 5 р.

2. Бяльковіч Алена - 5 р.

3. Канецкі Яўген - 13 р.

4. Забалотная Леакадзія - 5 р.

5. Папова Марыя - 13 р.

6. Кабзар Анатоль - 5 р.

7. Зуева Ларыса - 5 р.

8. Чапля Аляксей - 5 р.

9. Бурлевіч Людміла - 20 р.

10. Альшэўскі Андрэй - 13 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Другая хваля крывічоў у VІІІ-ІХ стст. заняла ўсё Верхняе Падняпроўе, басейн Заходняй Дзвіны і нават дасягнула Верхняй Волгі (раён Цверы) і Чудскага возера. Паўднёвую частку Беларусі занялі дрыгавічы . Апошнімі ў VIII ст. на тэрыторыю Беларусі з Захаду (тэрыторыя Польшчы) прыйшлі радзімічы , якія занялі басейн ракі Сожа. Іх пахавальны абрад вельмі адрозніваўся ад суседзяў, бо яны не мелі курганоў, а спаленых нябожчыкаў з рэчамі клалі ў гліняныя гаршчкі (урны) і ставілі іх, як сведчыць летапісец, на прыдарожных слупах Побач з радзімічамі жылі севяране (басейн ракі Дзясны). На поўдні Беларусі, каля паселішчаў дрыгавічоў, жылі валыняне і драўляне .

На тэрыторыі Цэнтральнай Украіны жылі паляне , якія мелі непасрэдныя кантакты з качэўнікамі, а ў фіна-ўгорскіх землях з'явіліся ільменскія славяне і вяцічы , якія прыйшлі разам з радзімічамі з тэрыторыі Польшчы. У VIII ст. усе яны мелі шчыльныя кантакты з варагамі і разам з імі хадзілі ў ваенныя набегі на Візантыю. У сярэдзіне IX ст. варажскія конунгі рознымі шляхамі прыйшлі да ўлады ў першых усходнеславянскіх гарадах: Ноўгарадзе, Полацку, Тураве, Белавозеры, Растове, а крыху пазней - у Кіеве.

Славяне прынеслі з сабою падсечнае і плужнае земляробства, а таксама жывёлагадоўлю. Яны таксама актыўна займаліся паляваннем, рыбалоўствам і бортніцтвам, кавальскай і ліцейнай справай. Паводле веравызнання яны былі язычнікамі, сваіх памерлых спальвалі на вогнішчах і іх парэшткі хавалі ў курганах. Кожнае племя мела свае этнічныя прыкметы, якія найбольш выяўляліся ў элементах жаночага адзення і прычоскі. Для пакланення шматлікім багам славяне мелі спецыяльныя месцы - свяцілішчы , ці капішчы . Тут гарэў свяшчэнны агонь і прыносіліся ахвяры. Кіравалі рытуальнымі абрадамі людзі- вешчуны .

6. Вялікая Маравія (833-907 гг.)

Гэта была дзяржава заходніх славян ( мараваў ) у басейне Сярэдняга Дуная. Заснаваў яе ў 833 г. князь Маймір , які ў 836 г. далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства . Сталіцай дзяржавы быў горад Велеград , але ёсць і іншае меркаванне, што сталіцай быў горад Нітра .

Упершыню назва Маравія сустракаецца ў заходніх крыніцах пад 822 г., калі паслы мараваў прыбылі да двара караля франкаў Людовіка I. У 829 г. кароль Баварыі Людвіг II вырашыў ахрысціць мараваў і паслаў туды сваіх місіянераў. Заснавальнік дзяржавы Маймір прыняў у 831 г. хрысціянства ад нямецкіх біскупаў. Аднак у 846 г. Людвіг II адхіліў Майміра ад пасады і зрабіў князем яго пляменніка Расціслава . Кароль спадзяваўся, што Расціслаў будзе яго васалам, але той пачаў умацоўваць сваю ўладу, будаваць цвердзі, усталяваў добрыя адносіны з Балгарскім царствам і Візантыяй, У 855 г. войскі Людвіга II напалі на тэрыторыю Маравіі, але іх разбілі, і вайна перайшла на тэрыторыю Баварыі. Каб канчаткова стаць незалежным, Расціслаў выгнаў з Маравіі баварскіх ксяндзоў і запрасіў з Візантыі вышэйзгаданых Кірыла і Мяфодзія, якія ўсталявалі тут праваслаўную царкву. У 870 г. Расціслаў перадаў частку Маравіі Нітранскае княства свайму пляменніку Святаполку . Пазней яны пасварыліся, і Святаполк узяў яго ў палон і перадаў франкам. Тыя асляпілі Расціслава, і ён неўзабаве памёр у манастыры, куды яго перад тым выслалі. Пазней немцы схапілі ў палон Святаполка. Князем Маравіі выбралі Славаміра . Ён узначаліў паўстанне супраць немцаў, разбіў іх і перадаў уладу зноў Святаполку. Святаполк паспяхова ваяваў з немцамі і ў 874 г. заключыў з Людвігам II мір, прызнаўшы фармальна ягоў ладу. Потым ён значна пашырыў тэрыторыю Маравіі. Памёр Святаполк у 894 г., а перад гэтым падзяліў сваю краіну паміж| сынамі Маймірам II і Святаполкам II . Аднак ужо ў наступным 895 г. браты пачалі міжусобную вайну, што істотна аслабіла Маравію. У гэтай вайне перамог Маймір II. У 896 г. да Маравіі падышлі венгры, якія пачалі засяляць частку Маравіі ўздоўж Цісы, а потым перайшлі Дунай і занялі яго правы бераг. На працягу 902-906 гг. маравы адбівалі набегі венграў, часам з дапамогай баварцаў. Але ў 907 г. кіраўнікі Маравіі загінулі ў бітве з прыхаднямі, і Вялікая Маравія спыніла сваё існаванне.

Культура Маравіі адчувала вялікі ўплыў Візантыі. Пасля атрымання дазволу Рымскага Папы ў краіне пачалі праводзіць набажэнствы на славянскай мове, пачала развівацца славянская літаратура. Археолагі знайшлі на тэрыторыі Вялікай Маравіі рэшткі 20 храмаў, зробленых з каменных блокаў і аздобленых унутры каляровымі фрэскамі. Значная частка гэтых храмаў была пабудаваная яшчэ да прыходу сюды Кірыла і Мяфодзія.

Храмы мелі акруглую форму і адносіліся да ратондаў . У мастацтве мараваў адчуваўся ўплыў арабскіх і персідскіх майстроў. Мясцовыя ювеліры выраблялі дасканалыя жаночыя ўпрыгожанні, якія траплялі нават да крывічоў. У свае найлепшыя часы Маравія займала тэрыторыі сённяшніх Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, паўднёвай Польшчы, частку Сілезіі і Украіны. Краіна моцна паўплывала на развіццё ўсяго славянскага свету, бо ў ёй упершыню ў Еўропе з 863 г. пачала ўжывацца славянская пісьмовасць, а набажэнствы ў храмах загучалі на збольшага зразумелай для ўсіх славян стараславянскай мове.

7. Дзейнасць Кірыла і Мяфодзія

Каля вытокаў культуры паўднёвых, а потым і ўсходніх, славян стаяць вышэйзгаданыя візантыйскія навукоўцы і асветнікі браты Кірыл (827-869) і Мяфодзій (825-885), якія нарадзіліся ў горадзе Салуні (Салоніках) на поўначы Грэцыі. Абодва яны мелі бліскучую адукацыю і ведалі некалькі замежных моў.

У 861 г. яны былі накіраваны спачатку ў Херсанес, а потым, з дыпламатычнай місіяй, у Хазарскі каганат. Каб вольна размаўляць з хазарамі, папярэдне браты вывучылі хазарскую і яўрэйскую мовы, а таксама пазнаёміліся са славянамі, што жылі ў Херсанесе. Там яны пабачылі Евангелле і Псалтыр, "рускімі пісьмёнамі пісаныя". Што гэта за пісьмовасць, мы не ведаем, але ёсць версія, што гэта былі гоцкія ці скандынаўскія руны. Ёсць звесткі, што Кірыл знайшоў чалавека, які ведаў славянскую мову, і размаўляў з ім. Гэта дапамагло яму скласці славянскі алфавіт. Адзін са славянскіх летапісцаў ХV ст. пісаў што "Гасподзь дараваў у Корсуні (Херсанесе) азбуку". Потым Кірыла накіравалі ў заходнеславянскую краіну - Вялікую Маравію, дзе жылі язычнікі, каб прапаведаваць ім хрысціянства. Кірыл ужо меў створаны ім на базе грэцкай мовы алфавіт для запісу тагачаснай славянскай мовы. Потым разам з Мяфодзіем ён пераклаў на стараславянкую мову кнігі для набажэнства: "Евангеллі", "Дзеі Апосталаў" і "Псалтыры". У 884 г. Мяфодзій ды яго вучні пераклалі і ўсю Біблію.

У 862 г. уладар славянскай Вялікай Маравіі вышэйзгаданы Расціслаў звярнуўся да імператара Візантыі Міхаіла III з просьбай прыслаць прапаведнікаў для прыняцця ўсходняга хрысціянства. Імператар адправіў у Маравію Кірыла і Мяфодзія, якія прабылі ў гэтай краіне да 866 г. і стварылі там незалежную ад нямецкіх біскупаў славянскую царкву. Пасля гэтага іх выклікалі ў Рым, дзе ў 880 г. выйшла папская була, якая дазваляла чытаць Евангелле на стараславянскай мове і карыстацца новым алфавітам. Наступнм кіраўнік Маравіі князь Святаполк даверыў Мяфодзію клопат пра ўсе храмы ў гарадах. У гэтыя часы дзейнасць наступнікаў і вучняў Кірыла і Мяфодзія пашырылася і ў Балгарыі, якая на той час ужо была хрысціянскай дзяржавай.

8. Заходнія славяне ў VІІІ-ІХ стст.

Як ужо казалася, у першай палове VII ст. адбылося аб'яднанмс часткі заходніх і паўднёвых славян у першую славянскую дзяржаву - княства Сама. Яно займала тэрыторыю Чэхіі, Маравіі і Славакіі, Але пасля смерці ўладара дзяржава распалася. Этнічныя межы рассялення заходніх славян канчаткова вызначыліся ў VIII-IX стст., Землі паміж рэкамі Одэрам (Одрай) і Эльбай (Лабай) насялялі палабска-паморскія славяне ( абадрыты, люцічы, палабскія сербы, велеты, памаране і інш.). Усе яны пазней былі заваяваны, знішчаны або асіміляваны германцамі. Да нашых дзён захаваліся толькі дзве невялічкія этнічныя групы славян. Гэта сербы-лужычане (Усходнян Германія) і кашубы (Польшча). Яны здолелі ў германскім асяроддзі захаваць сваю мову і культуру.

З VI ст. існуюць чэшскія плямёны , якія пасяліліся ў вярхоўяхі ракі Лабы і басейне ракі Влтавы. Далей, у басейне ракі Маравы жыло вялікае племя мараваў, або мараванаў , якія пазней стварыліі Вялікую Маравію. Поўдзень Цэнтральнай Еўропы занялі славакі , якія межавалі з паўднёвымі славянамі - славенцамі і балгарамі Продкі сучасных палякаў (плямёны палян, віслян, мазаўшан і інш. жылі ў басейнах рэк Варты, Віслы і Одры. Племя мазаўшан было суседам беларускіх плямёнаў дрыгавічоў і крывічоў, а так-сама заходніх балтаў - прусаў і яцвягаў.

У VII ст. адначасова з дзяржавай Сама ўзнікла дзяржава паўднёвых славян-славенцаў - Карантанія , а таксама племянныя саюзы сербскіх і харвацкіх плямёнаў. У 681 г. побач з імі ўзнікла Першае Балгарскае царства. Першыя дзяржавы і паўднёвых, і заходніх славян былі слабымі, часта мянялі свае межы і доўга не існавалі. Выняткам была толькі Балгарыя.

9. Узнікненне Кіеўскай Русі

У VIII і асабліва ў IX ст. на ўсходніх славян пачаў імкліва пашырацца так званы "варажскі ўплыў" . Варагі паспрыялі завяршэнню працэсу фарміравання першых дзяржаўных утварэнняў усходніх славян - княстваў; стваралі з дапамогай сваіх лідараў-конунгаў і іх баявых дружын апарат княжацкай улады, які адпавядаў тагачасным умовам.

У пачатку IX ст. землі ўсходніх славян і іх суседзяў балтаў і фіна-ўграў залежалі ад трох моцных палітычных і эканамічных уплываў. Паўднёвыя і ўсходнія тэрыторыі (у тым ліку і беларускае Пасожжа былі даннікамі Хазарскага каганата, а таксама знаходзіліся ў залежнасці ад Візантыі, якая валодала паўднёвым Крымам. Паўднёвыя і заходнія землі ўсходніх славян трапілі ў зону палітычных інтарэсаў варагаў (нарманаў). Разам з варагамі баявыя атрады славян на чале з нарманскімі дружынамі пачалі называцца "русамі" або "руссю" і рабіць набегі на Візантыю.

Пачаткам утварэння будучай дзяржавы Кіеўскай Русі лічыцца 862 г., калі два славянскія племені, ільменскія славяне і крывічы, і два фінскія племені,чудзь і весь, запрасілі варага на пасаду князя. Атрымаўшы запрашэнне, у горад Старую Ладагу з-за мора прыплыў з дружынай вышэйзгаданы напалову легендарны конунг (князь) Рурык, які пазней перабраўся ў Ноўгарад. Ён стаў правадыром у ільменскіх славян, крывічоў, весі і чудзі, а потым далучыў да свайго княства фінскія плямёны меру і мураму . Ён жа заснаваў дынастыю Рурыкавічаў , якая, калі верыць расійскім гісторыкам, кіравала Расіяй з 862 па 1598 г. Рурык кіраваў Наўгародскім княствам з 862 па 879 г. і быў пахаваны на бера Ладажскага возера (ваколіцы цяперашняга горада Прыазёрск Ленінградскай вобласці). У 1862 г. на загад расійскага імператар Аляксандра II беларускі скульптар Міхайла Мікешын зрабіў вялікі помнік "Тысячагоддзю Расіі" ў гістарычным цэнтры Ноўгарада. Большасць сучасных расійскіх гісторыкаў лічыць 862 г. пунктам адліку расійскай дзяржаўнасці.

Цікава, што наш горад Полацк вядомы таксама з 862 г., але ў дзяржаву Рурыка ён не ўваходзіў і меў уласнага князя. Такім чынам і мы, як і нашы суседзі, можам лічыць 862 г. годам пачатку нашай дзяржаўнасці (Полацкае княства часова ўвайшло ў Кіеўскую дзяржаву толькі напрыканцы X ст.).

Трэба сказаць, што ў IX ст. племянны саюз крывічоў падзяліўся на тры вялікія групы: полацкія крывічы (палачане), смаленскія крывічы і пскоўскія крывічы. Таму, відаць, Рурыка запрашалі на княжанне толькі пскоўскія крывічы, сябры і саюзнікі ільменскіх славян. Полацкія і смаленскія крывічы ў дзяржаву Рурыка ніколі не ўваходзілі.

(Працяг у наступным нумары.)


Зберагаючы літаратурную спадчыну народнага паэта

Новыя грані асобы Рыгора Барадуліна і веліч яго таленту адкрываюцца пры вывучэнні яго працоўных нататнікаў. Трэці том "Дзённікаў і запісаў. 1979-1982 год" быў укладзены Наталляй Давыдзенка і выйшаў у выдавецтве " Кнігазбор" у 2016 годзе ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" і "Кнігарня пісьменніка". Наталля Аляксееўна рыхтуе да друку чацвёрты том спадчыны народнага паэта. Пры знаёмстве з кнігай ўражвае геаграфія камандзіровак Р. Барадуліна, плённасць яго творчых стасункаў з замежнымі і айчыннымі паэтамі і тое, як слынны майстра беларускага слова, не шкадуючы свайго часу, спрыяў паэтам-пачаткоўцам, узрошчваў таленты.

- Спадарыня Наталля, у гэтым годзе мы адзначаем 82-я ўгодкі з дня нараджэння паэта. Вы ведалі яго на працягу 42 гадоў. Укладаючы новы том запісаў, Вы аналізуеце кожны год дзейнасці творцы. Чым быў адметны для яго перыяд з 1979 па 1982?

- У першы том "Дзённікаў" увайшлі запісы 18-ці гадоў - школьных, студэнцкіх і першых працоўных. Другі том ахоплівае 8 гадоў яго жыцця, а трэці - усяго толькі тры. Гэта адлюстроўвае працоўную і творчую напоўненасць, якая ўрастала з кожным годам.

Пачатак 80-тых гадоў ў Рыгора Іванавіча быў вельмі насычаным. Нават, калі бегла пералічыць, дзе за гэты час Рыгор Іванавіч пабываў, то гэта ўражвае. Два тыдні ён правёў на Кубе ў канцы 1979-пачатку 1980 года. Там ён хадзіў па музеях, сустракаўся з выдаўцамі, наведваў рэдакцыі газет, бачыўся з Анхелем Аўх'ерам, цікавіўся творамі Нікаласа Гільена, Хасэ Марцінеса Матаса і іншых кубінскіх паэтаў. Потым яны прыязджалі ў Маскву ці ў Менск, і сустракаліся на нарадах перакладчыкаў, завязваліся сувязі, нешта перакладалася і выдавалася ў нас.

На адной з такіх нарад Рыгор Іванавіч занатаваў выступленні Іосіфа Брагінскага, Льва Возерава і Сяргея Міхалкова з Расіі, Лявона Мкртчана з з Арменіі, Дзмітра Паўлычкі з Украіны. Перакладчыкі прыязджалі з самых розных краёў.

Восенню 1980 года ў яго была працяглая паездка ў Балгарыю. Ён сустракаўся, ў асноўным, з паэтамі і літаратарамі, сябраваў са Стэфанам Паптоневым і Найдэнам Вылчавым, а таксама з Мацеем Шопкіным і перакладаў іх творы. Аднойчы адзін з паэтаў Сярэдняй Азіі сціпла перадаў яму падрадкоўнік с просьбай пачытаць і перакласці. "Як мне стала сорамна! - успамінаў Рыгор Іванавіч! - Нас сустракаюць, прывячаюць як дарагіх гасцей, а потым мы вяртаемся дадому і пра ўсё забываем. Іх трэба абавязкова перакласці!". Ён ніколі не забываў, прадставіць тых літаратараў на беларускай мове.

У 1981 годзе ён ездзіў у Італію на семінар, прысвечаны творчасці Аляксандра Блока. Колькі ж там было ім пабачана: усе знакамітасці Рыма, Мілана, гістарычныя рэаліі. Даследчыкі з Канады, Амерыкі, Італіі, рускія па паходжанні, якія ўдзельнічалі ў семінары, з гадамі сталі дастаткова вядомымі. Там ён пазнаёміўся з фінскай перакладчыцай Быкава, прысвяціў вершы новым знаёмым. Была яшчэ адна адметнасць: па ўсім свеце, дзе б Рыгор Іванавіч ні быў, ён заўсёды шукаў беларусаў.

Быў ён і ў Празе на курсах чэшскай мовы, наведваў месцы былых канцлагераў і яўрэйскіх гета. Асабліва яго ўразілі дзіцячыя малюнкі з гета.

У 1982 годзе ён пабываў у Казахстане, дзе адзначалася 25-годдзе асваення цаліны. Ён сам там папрацаваў у студэнцкія гады. Засталіся запісы з нарады нарысістаў, што пісалі на сельскагаспадарчую тэматыку. Усе выступленні ён занатоўваў. За гэтыя тры гады ён пабываў ва Узбекістане, Азербайджане, Таджыкістане, Туркменіі, двойчы на Украіне, у Літве і Латвіі.

- У гэтыя ж гады Рыгор Барадулін быў шчыльна заняты працай у выдавецтве "Мастацкая літаратура"?

- Выдавецтву "Мастацкая літаратура" Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. Рыгор Іванавіч рабіў вельмі шмат, працаваў не толькі ў рэдакцыі перавыданняў, шмат рыхтаваў паэтычных зборнікаў і перакладаў, перавыданняў кніг.

Да яго ў выдавецтва самацёкам ішлі ўсе маладыя аўтары: ён сустракаўся з пачынаючымі паэтамі, дапамагаў ім рыхтаваць першыя зборнікі. Рыгор Іванавіч заўсёды імкнуўся дапамагаць віцебскім і полацкім землякам. Ён песціў маладых паэтаў: рабіў падборкі іх вершаў, насіў іх рукапісы да знаёмых машыністак, рэдагаваў, разносіў па часопісах і ў "ЛіМ", адсылаў, тэлефанаваў. Не толькі дапамагаў выдаць першую кніжку, але і даваў рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў. Нават спяшаўся адправіць тэлеграму чалавеку аб тым, што яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. З якім піетэтам ён ставіўся да старэйшых пісьменнікаў: Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Пятруся Броўкі! Ён любіў гэтых людзей, адносіўся да іх з павагай.

У прысвячэнні Анатолю Вялюгіну ён пісаў:

"Настаўнік мой!

На Вашай далані

Паэзіі пясчынкі залатыя.

Хай Вашай музе

лёс стагодзіць дні.

Шле Вам паклон

вячыстая Сафія."

Да яго самаго, на маёй памяці, ставіліся такім чынам далёка не ўсе маладыя. Часам здаралася так: ён дапамагае, робіць першую кніжку, а калі праходзіць час, гэты юны геній ледзь не па-свойску па плечуку яго ляпае: Грыша! (ці Рыгор!). Я здзіўлялася: "Як жа гэта так вы ім дазваляеце?!" А ён адказваў быццам бы нават вінавата: "Няхай! Гэта для беларускай літаратуры!"

Ён быў гранічна далікатным рэдактарам і шчыра радаваўся поспехам пачаткоўцаў. Мог адзначыць удалы радок, кожнаму аўтару стараўся сказаць добрае, а там, дзе не надта добрае, дзе можна паправіць, ён быў заўсёды асцярожным.

Тыя, хто пісаў на рускай мове, таксама не былі для яго чужымі. Ён вельмі любіў Радзіслава Лапушына, які пісаў па-руску. Зараз гэта доктар філалогіі і чэхавед, які жыве ў Чыкага. Ён ставіўся да яго з павагай як да чалавека і да паэта. Рыгор Іванавіч дапамагаў так-сама рускамоўнаму паэту Глебу Артханаву. І ў тыя часы, калі ён працаваў у выдавецтве "Мастацкая літаратура", і пазней яго проста завальвалі рукапісамі.

Ён быў рэдактарам і маіх кніжак.У апошнія гады, калі мы былі занятыя яго архівамі і матэрыяламі, ён успамінаў, што ў мяне заляжаліся свае вершы, і настойліва падштурхоўваў: "Рабі кніжку! Рабі кніжку!"

- Рыгор Іванавіч перакладаў вершы кубінскіх, балгарскіх, латышскіх паэтаў. Але ён не ведаў столькі моваў. Як яму гэта ўдавалася?

- Ён працаваў з падрадкоўнікамі. У яго асабістай бібліятэцы я сустрэла пару тоўстых тамоў падрадкоўнікаў латышскіх паэтаў. Аказваецца, у савецкія гады падрадкоўнікі выдаваліся ў некаторых рэспубліках, каб імі маглі карыстацца ва ўсіх кутках СССР. Ён збіраў слоўнікі і даражыў імі, шукаў спецыялістаў у розных мовах, раіўся з імі. Мы ведаем, як шмат напісана было ім самім! Але ў яго творчым здабытку не меньш перакладаў, да якіх ён сур'ёзна адносіўся! Неаднаразова ездзіў на нарады прафесійных перакладчыкаў у Маскву.

У 80-тыя гады ён чарговы раз пабываў на Далёкім Усходзе (наведаў Хабараўск, Усурыйск, Нікалаеўна Амуры), сустракаўся з рускімі і нацыянальнымі літаратарамі. Ён цікавіўся іх лёсам і творчасцю. Дэлегацыі літаратараў заўсёды запрашалі ў гаркамы ды райкамы. Партыйныя і гаспадарчыя кіраўнікі края ці вобласці расказвалі журналістам і пісьменнікам пра гаспадарку. Ён скрупулёзна запісваў, колькі бавоўны пасеялі, колькі сталі наварылі, якія параходы куды ходзяць з грузамі, чым мы гандлюем. Часам дзіву даешся, навошта яму гэта трэба было?! Калі я расшыфроўвала запісы на маленечкіх аркушах, то ўвесь час здзіўлялася. Зараз гэта чытаецца з цікавасцю.

Усурыйск. Гандлёвы порт. Калектыў 5,5 тыс. чалавек, цяжкая праца докераў, купляюць тэхніку за мяжой. Пагрузачна-разгрузачныя работы, стаянкі караблёў, вадапаліва.

Хабараўск. Мартэны вулканаў. Над густой тайгой ляцім. Раніца. Экраны ілюмінатараў. Гарачыя рэкі, салюты, кастры

Сяло Сусаніна. Амур. Выступленне на рыбабазе на насцілах з дошак на прычале. На бочках - кнігі ўдзельнікаў, біяграфіі і даведкі. Пахне рыбай, шуміць Амур.

- Верагодна, ён потым пісаў на аснове гэтага нарысы?

- Ён не пісаў артыкулаў і нарысаў, ён пісаў толькі вершы! Але занатоўваў усё, пра што яму распавядалі. Ён мог запісваць за іншымі людзьмі іх аповеды. Напрыклад, пра тое, як малады лейтэнат Артур Вольскі пасля вайны выступаў на літаратурнай нарадзе на Далёкім Усходзе, у якой удзельнічаў Аляксандр Твардоўскі. Такіх запісаў у яго вельмі шмат. Рыгор Іванавіч шмат едзіў з Пятрусём Броўкам па Віцебшчыне, па родных мясцінах. У 80-тыя гады ён едзіў у такія паездкі з Васілём Быкавым.

Не аднойчы ён выпраўляўся на Віцебшчыну і на Вушаччыну з фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам. Яны шмат гадоў збіралі матэрыялы аб Ушацкай партызаншчыне і рыхтавалі альбом пад называй "Вяртанне", які выйшаў ў 1988 годзе. Альбом атрымаўся прыгожым, напоўненым цудоўнымі краявідамі і матэрыяламі пра дзейнасць партызанаў. Там былі вершы Рыгора Іванавіча і сабрана цэлая галерэя партрэтаў былых партызан. Бясцэнны набытак тых гадоў!

Паездкі па вёсках Рыгор Іванавіч апісваў у дзённіках. Ён мог апісаць закінутую студню і вярбінку, глядзеў на ўсё вачамі паэта. Ён занатоўваў рыфмы.

Лясніцтва Лімень. Ластаўкі ў сенцах пры ўваходзе, ластаўкі пад вокнамі раённых гасцініц. Верш пра ластаўчыныя гнёзды. Бор праз пальцы сосен цэдзіць сонца, як золата. Возера сіняе, шэрая чапля, раняе перапялёсае пяро на вечар, на ціхія думы.

Усе тры тамы дзённікаў і запісаў - вялікая мазаіка яго творчага жыцця і сяброўскага кола, насычаная фарбамі і пачуццямі.

Сустрэцца з Клышкам, падрыхтаваць рукапіс для Зуёнка, пазваніць Брылю. Прачытаць карэктуру, занесці рукапіс ў часопіс ці на радыё. Вечарыны. Запісы на тэлебачанні. Чытаючы кароткі запіс, мы можам уявіць насычанасць яго працы і тагачаснага жыцця. У маленькіх рабочых штодзённічках занатаваны ягоныя клопаты.

Радуюся, што ўдалося расчытаць многія беглыя і неразборлівя зацемкі. Ва ўсіх трох тамах "Дзённікаў і запісаў" я змяшчаю яго вершы, якія ў зборніках не друкаваліся. Праглядаючы яго блакноты, я складала картатэку яго твораў, і ў гэтае выданне змяшчала раней ненадрукаваныя вершы, а так-сама вершаваныя прысвячэнні сябрам, эпіграмы. Гэта надае тамам лёгкасць, вясёласць, выклікае цёплыя пачуцці.

- Што будзе змешчана ў 4-тым томе "Дзённікаў і запісаў" Рыгора Барадуліна?

- У чацвёрты том увойдуць гады з 1983 па 1988, будзе зафіксавана адна з самых значных паездак - у Нью-Ёрк для ўдзелу дзяржаўнай дэлегацыі БССР у 39-тай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

На пачатку 2001 года, калі выходзіў яго 4-том том збору твораў, ён папрасіў дапамагачы падрыхтаваць яго вушацкі слоўнік. Я ведала, што задума напісаць "Вушацкі слоўнік" у яго прысутнічала з восьмага класа. Бурнае жыццё і творчасць адсоўвалі гэтую ідэю на дальні план. У душы яго спелілася ідэя, а калі мы вырашылі рыхтаваць асобнае выданне "Вушацкі словазбор", (які выдалі ў 2013 годзе), то заставаўся яшчэ матэрыял, які шкада было згубіць. І паступова з'явілася ідэя пабудаваць гэтыя запісы як плынь свядомасці. І тады мы падрыхтавалі адно з самых дарагіх яму выданняў.

каровы чаічка на ілбе. Кароўі імі пазапісвай: Туроля, Белахвостка, Букетка, Звяздоня, Падласка, Лысоня, Белахрыбтка, Быстроня, Касмыль, Памаўза, Гілёня," - гаворыць Акуліна Андрэеўна.

...Ёсць Сусвет на галактыкі вельмі багаты, але што ён у параўнанні з другім Сусветам дабрыні, цеплыні, самай шчырай спагады, падтрымкі, імя яму - маці. Бедны той, хто яго не ведае.

Я вельмі ўдзячная Богу, што Рыгор Іванавіч усё паспеў прачытаць, калі "Вушацкі словазбор" рыхтаваўся, мы змаглі ўдакладніць і дадаць усё, што ён хацеў. Гэта такі багаты матэрыял, ён не мог быць адкінуты! Тры вечары, не спяшаючыся, я чытала Рыгору Іванавічу кніжку ад пачатку да канца. Ён успрымаў усё на слых і потым гатовую кнігу трымаў у руках.

Гутарыла Эла Дзвінская. Фота аўтара: 1. Наталля Давыдзенка і Анатоль Валахановіч; 2. Спадарыня Наталля за працоўным сталом; 3. Трэці том "Дзённікаў і запісаў".


Паэтка Алёна друкавалася на старонках "Сялянскай нівы"

Наша спадчына

Грамадска-палітычная, літаратурная і гаспадарчая газета Беларускага сялянскага саюза "Сялянская ніва" выдавалася з 6 снежня 1925 года да 7 ліпеня 1930 года ў Вільні на беларускай мове два разы на тыдзень. Выдаўцом і рэдактарам яе быў Фабіян Ярэміч (1891-1958).

Ужо ў першым нумары "Сялянскай нівы" чытачы тады заўважылі смелы верш "Кахаю Беларусь…". Пад вершам стаяла толькі імя - Алёна. Потым газета яшчэ некалькі разоў публікавала вершы Алёны. У недасканалых паэтычных радках адчувалася, што аўтарка мае паэтычныя здольнасці і дужа перажывае за свой народ, за сваю Бацькаўшчыну, якую моцна кахае і не хоча, каб Беларусь была "служкай розных слуг".

Паэтка Алёна, як іншыя беларускія паэты, якія друкаваліся на старонках "Сялянскай нівы", смела адстойвала сваю тактыку барацьбы за нацыянальную незалежнасць. Газета з кожным нумарам станавілася ўсё больш папулярнай, а на яе старонках друкаваліся вершы паэтаў Міхася Васілька, Макара Краўцова, Гальяша Леўчыка, Франука Грышкевіча, Пятра Сокала Язэпа Драздовіча і многіх іншых заходне-беларускіх аўтараў.

Хто такая паэтка Алёна - невядома. Ці гэта проста псеўданім, ці гэта на самай справе жыла ў Заходняй Беларусі сялянская паэтка, лёс які нам зусім невядомы? Але засталіся яе паэтычныя радкі, напісаныя ажно ў 1925 годзе. І мне здаецца, што сваёй актуальнасці вершы Алёны не страцілі і сёння. Два з іх - "Кахаю Беларусь…" і "Праўда аб Беларусі" прапаную чытачам "Нашага слова".

Сяргей ЧЫГРЫН.


АЛЁНА

Кахаю Беларусь

Кахаю Беларусь сучасную - выснену,

Сялянскім сэрцам, ратая душой.

Кахаю творчым дзелам, а не мыслена,

Кладу падмурак мазольнаю рукой.

Кахаю радасным каханнем будаўнічага,

Што кінуў цераз пропасць мост-праход.

Кахаю гордасцей я погляду мужычага

На свой аруд, дзе зверхам умалот.

Кахаю моцай, блескам току электрычнага,

Што сонцам - чарам апраменіць край.

Калі і паляшук задзівіць энергічнасцяй

І загрыміць з пагрозай: не чапай!

Кахаю палкасцяў агонь - каня сталёвага,

Што нетрам і аблогам дзень і ноч

Разводзяць творчы рух, жыццё адмысловае,

Наперад, напралом імчыць наўскоч.

Кахаю дзействам спорным

я нутра фабрычнага -

Машынаў дабрадзеек сакатух…

І не люблю мацней узрыва вулканічнага

Я Беларусь, як служку розных слуг.

1925 г.


Праўда аб Беларусі

Вынеслі раз пастанову

Даць святочну абнову

Для батрачкі Беларусі.

Апранулі тым і гэтым

На зайздрасць ўсім кабетам -

То завяліка, то душыць.

Клікнулі краўцоў з усходу -

Навярнула іх з заходу.

Ўрэшце ніваю-тканінай

Беларусь - красу дзяўчыну

Селянін сам упрыгожыў.

Зноў рашылі дабрадзеі

Выдаць замуж нашу жнею

За багатага суседа.

Панічы таўкліся хмарай,

А працоўніца ім жара:

"Не пайду за дармаеда!".

І купец-брухач з усходу,

Шляхціц-махціц аж з заходу

Хвігу з'елі так жа жвава.

Бо сялянін быў ёй мілы,

З ім на век саюз зрабіла

Дзеля шчасця, добрай славы!

1925 г.


"Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць"

У кнігарні "Акадэмкніга" мне на вочы трапіла духоўна-асветніцкае выданне "Евангельская царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць." Выпуск ІІ. Гэта зборнік матэрыялаў ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 5 снежня 2015 года). Укладальнікамі кнігі з'яўляюцца Антон Бокун, Андрэй Унучак і Юры Бачышча. Наклад кнігі 400 асобнікаў.

Зборнік прысвечаны 500-годдзю адной з выдатных постацяў беларускай рэфармацыі: Мікалаю Радзівілу Чорнаму (1515-1565). У зборнік увайшлі артыкулы беларускіх і замежных аўтараў (Андэрсена Бруса, Асененка Паўла, Балтрушэвіч Наталлі, Бачышча Юрася, Бокуна Антонія, Бортніка Ігара, Бычко Міхаіла, Габрусевіча Ігара, Гяцэвіча Юрася, Івановай Людмілы, Касатай Таццяны, Міранчука Яна, Міховіча Леаніда, Паднюка Сяргея, Русецкага Уладзіміра, Сакалова Алеся, Сітніка Паўла, Снапкоўскага Юрыя, Супранковай Таццяны, Унучака Андрэя, Філатавай Алены, Фрысюка Аляксандра і Яноўскай Валянціны.

Старонкі гісторыі Евангельскай царквы Беларусі ад часоў Рэфармацыі XXІ ст. Чытачу прапануюцца даследванні па гісторыі багаслоўскай, філасоўскай і грамадска-палітычнай думкі, панарамныя гістарычныя агляды пэўных перыядаў гісторыі Пратэстанцкай царквы Беларусі, даследванні па гісторыі асобных памесных цэркваў і служэнняў.

Асабіста мне спадабаўся артыкул Алены Філатавай "Пратэстанцкія цэрквы беларуска - літоўскіх губерняў Расійскай імперыі ў 1772-1860 гг., структура і дзейнасць", з якога я даведаўся шмат цікавага!

Выданне аздоблена каляровымі фотаздымкамі. Аўтар выказвае ўдзячнасць кандыдату гістарычных навук Унучаку Андрэю, які прадставіў на рэцэнзію кнігу.

З'яўляючыся праваслаўным вернікам, я з вялікай цікавасцю прачытаў гэтае духоўнае выданне.

Аляксей Шалахоўскі , гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Летапісец роднай зямлі

Пабачыла свет чарговая, трэцяя кніжка нараджэнца Баранавіцкага раёна, навукоўца і краязнаўца Міхася Амялішкі, якая, як і папярэднія дзве, атрымала назву "Заблудныя".

Міхась Амялішка, які нарадзіўся ў 1929 годзе ў сям'і гаёвага (лесніка), у мястэчку Вольна Баранавіцкага павета, распавядае ў сваіх эсэ пра жыццё на хутарах каля вёскі Бортнікі, куды сям'я неўзабава пераехала, пра сваіх родных і блізкіх, пра дзяцінства. Аўтар, які, займаўся ўсё жыццё навуковай справай ў галіне сельскай гаспдаркі - быў асістэнтам, старшым выкладчыкам, выконваў абавязкі загадчыка кафедры фізікі і сельскагаспадарчай метэаралогіі Гарадзенскага сельскагаспадарчага інстытута, разам з тым сур'ёзна даследуе гісторыю сваёй малой радзімы, добра ведае свой радавод.

Так сталася, што ў былым панскім доме каля Бортнікаў, у якім жыла сям'я Амялішкаў, напачатку 19 стагоддзя нарадзіўся знакаміты скульптар і медальер Рафал Слізень. Ён зляпіў медальёны такіх выбітных асоб, як Томаш Зан, Ян Чачот, стварыў бюст Адама Міцкевіча… Зараз гэтая шматлікая калекцыя знаходзіцца часткова ў Санкт-Пецярбурзе, часткова ў Варшаве.

У трэцяй кнізе Міхась Амялішка шмат узгадвае пра часы Другой Сусветнае вайны, пра тое, як партызаны палілі гістарычныя палацы ў іх мясцінах, як згарэла тады іх школа, у якой падчас акупацыі ў сёмым класе вучыўся Міхась. Распавядае ён і пра тое, як іх простая сялянская сям'я набыла пры паляках ў маёмасць не толькі некалькі гектараў панскае зямлі, а і два дамы абшарнікаў Слізняў па сто квадратных метраў кожны. Вядома, грошы на гэта збіралі на працягу дзесяці гадоў, але ж якім станоўчым быў вынік! Праўда, потым саветы адабралі і зямлю, і ўсю набытую маёмасць…

"Адбылося стварэнне калгаса напачатку саракавых, - піша Міхась. - Вясною 1941 года тагачасныя калгаснікі на сваёй нарадзе прынялі рашэнне аб раскулачванні кулака Амялішкі. Першыя крокі ў раскулачванні былі такія: тую плошчу, якую мой бацька падрыхтаваў для вясенняй сяўбы, засеялі калгаснікі, а тыя палі жыта і пшаніцы, якія Васіль засеяў восенню 1940 года, запісалі калгаснымі …" Сям'ю паставілі ў чаргу на вываз. Але… Пачалася вайна. І людзі зноў атрымалі магчымасць працаваць на сваёй зямлі. Гэта быў вельмі цяжкі час. Сваю прадукцыю людзі везлі на базары ў гарады, плацілі падаткі нямецкім акупантам, але, як заўважае Амялішка меншым памеры, чым савецкай уладзе." Такім чынам, хутарская сістэма падчас вайны карміла насельніцтва. Падтрымлівалі хутаране харчамі і партызан.

Скончылася вайна.. Пачаліся абавязковыя пастаўкі сялян на карысць дзяржавы. Часам на гэта ішоў увесь намалот. А калгасныя вартаўнікі не дазвалялі на агульных палетках нават рваць зелле для хатняй жывёлы.

Праз успаміны сваіх землякоў Міхась Амялішка даводзіць да чытача звесткі пра тое, як прыходзіла вызваленне, як жылі ў пасляваенны час. Адзін з яго землякоў пра тое, як прыйшла Чырвоная Армія, гаворыць так: "Пярун яго знае, як гэтыя рускія немцаў пабілі. Паняцця не маю. У немцаў тэхніка была новая - машыны, матацыклы. А рускія нейкімі валамі пушкі цягнулі, на нейкіх трактарах ехалі Праўду, мусіць кажуць пра магутны дух рускіх вайскоўцаў "

Пра тое, як нашых людзей панавучвалі піць - таксама ўзгадкі ў кніжцы Амялішкі. "Як прыйшлі Саветы, прыбеглі ў хату два русія салдаты і просяць "Цётка, дай самагонкі!" А яна вочы вырачыла на іх: шо гэта такое?"Яны ўзлаваліся і пачалі крычаць: "Не прыдурвайся " Потым і ў нас самагонку пачалі гнаць паўсюдна.

Расказвае аўтар і пра тое, як у Бортніках жывуць цяпер. Магазін там зачынены - прыязджае аўталаўка. Не працуе і клуб. Моладзь з'язджае ў горад, вёска вымірае. Раней нават у самых бедных была на падворку карова, цяпер малако купляюць.

Што раіць Мікалай Амялішка сваім чытачам? - Вярнуцца да хутарное сістэмы вядзення сельскай гаспадаркі, якая была ў часы яго дзяцінства і якую ён бачыў не так даўно ў Даніі.

Але хто зараз занадта хоча ў Беларусі стаць за плуг, ці ў шмат каго знойдуцца грошы на набыццё трактара?..

"Мне падаецца, што сучасную працу ў калгасе для простага калгасніка можна параўнаць з працай ягонага прапрадзеда на панскай зямлі, - заўважае Міхась Амялішка.- Змяніўся толькі ўладар гэтай зямлі. Але ў простага працаўніка , як і ў яго далёкага продка, няма волі, няма сваёй прыватнай уласнасці, ён нічым не абаронены падчас вялікай бяды ад голаду. холаду і знішчэння" .

Аляксей Белы

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX