Вярнуцца: 2017

№ 09 (1316)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 9 (1316), 1 сакавіка 2017 г.


4 сакавіка - ХVІІ з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў

Агульнанацыянальная дыктоўка ў сядзібе ТБМ

Дзясятую агульнанацыянальную дыктоўку, якая традыцыйна штогод ладзіцца Таварыствам беларускай мовы, гэтым разам правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Удзельнікі дыктоўкі правяралі сваё веданне беларускай мовы па мініяцюрным аповедзе Янкі Брыля "Ўсмешка".

- Я прыходжу на дыктоўку восьмы раз. Спачатку хадзіла ў Гародні, цяпер - у Менску. Дыктоўка - гэта святочная атмасфера, магчымасць для згуртавання аднадумцаў, адчуванне прыналежнасці да нацыянальнай культуры, - кажа ўдзельніца дыктоўкі Наталля якая прыйшла з маленькім сынам Францішкам.

- Гэта знакавае мерапрыемства, якое ў чарговы раз падкрэслівае значнасць Міжнароднага дня роднай мовы, па-другое, дыктоўка чарговы раз нагадвае беларусу пра скарб, якім ён валодае. Гэта мая восьмая дыктоўка. Асабіста мне яна дазваляе дакрануцца да чагосьці больш сакральнага і аб'яднацца разам вакол нацыянальнай ідэі. Напісаць дыктоўку для мяне - адчуць еднасць, прыналежнасць да нашай цудоўнай мовы, - кажа ўдзельнік дыктоўкі Кірыл.

Варта адзначыць, што нацыянальнай тэматыкі апошнім часам не цураюцца і афіцыйныя структуры. Беларуская дыктоўка арганізоўвалася пад эгідай Дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта ў Менску, Магілёве і Гомелі, а таксама Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.

Напрыканцы дыктоўкі Алена Анісім пажадала ўсім прысутным карыстацца нашай прыгожай і сакавітай мовай як мага часцей, рэгулярна заходзіць ў Таварыства беларускай мовы і камунікаваць на ёй па-беларуску.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў падараваў усім удзельнікам дыктоўкі, а сярод іх былі прадстаўнікі рознага ўзросту, ад моладзі да пенсіянераў, рарытэтныя бронзавыя значкі з выявай Францішка Скарыны, адлітыя ў Літве 30 гадоў таму.

Арцём Лява.


Прадстаўнікі дыппрадстаўніцтваў чыталі Купалу па-беларуску

21 лютага 2017 г. у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса адбылося ўрачыстае мерапрыемства "Я нясу вам дар", арганізаванае сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем. Гэта свята, якое стала ўжо традыцыйным для МЗС, было прымеркавана да Дня роднай мовы, заснаванага рашэннем ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці народаў свету.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік Міністра замежных спраў Алег Краўчанка. У сваім выступленні А. Краўчанка падкрэсліў, што словы Янкі Купалы адлюстроўваюць нашу беларускую гісторыю, наш розум, нашу волю, наш дух, наша беларускае сэрца. Намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства адкрыў паэтычны вечар знакамітым купалаўскім вершам "Не загаснуць зоркі ў небе". Радкі Янкі Купалы, 135-годдзе з дня нараджэння якога сёлета адзначаецца ў свеце, чыталі па-беларуску і на сваіх родных мовах кіраўнікі і прадстаўнікі больш за 30 дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Менску.

mfa.gov.by Фота mfa.gov.by


60 гадоў з дня нараджэння Алеся Пісьмянкова

Алесь (Аляксандр Уладзіміравіч) ПІСЬМЯНКОЎ (25 лютага 1957, в. Бялынкавічы, паводле інш. звестак в. Іванаўка, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць - 23 красавіка 2004) - беларускі паэт, эсэіст.

Нарадзіўся ў рабочай сям'і. Бацька паэта, Уладзімір Сямёнавіч, працаваў шафёрам, маці, Марыя Сямёнаўна, - медсястрой у бальніцы. Вучыўся ў Бялынкавіцкай сярэдняй школе. Пасля школы, у 1974-1975 гадах працаваў карэспандэнтам касцюковіцкай раённай газеты "Сцяг камунізму". Тады ж асабіста пазнаёміўся з А. Пысіным, які прыязджаў на сустрэчу з сябрамі раённага літаб'яднання. У 1975 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1980 годзе. У 1980-1982 гадах працаваў карэспандэнтам у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва", у 1982 годзе перайшоў у часопіс "Полымя" на пасаду рэдактара аддзела навукі і мастацтва. Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1984), у 1990 годзе абраны сакратаром Саюза. Пазней вяртаецца ў "Полымя" намеснікам галоўнага рэдактара, але пазней зноў перайшоў у "ЛіМ" на пасаду галоўнага рэдактара (1999-2002). У 2002 годзе перайшоў у рэдакцыю часопіса "Вожык" (2002-2004). Памёр на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу, перахадзіў на нагах тры інфаркты і чацвёртага не перажыў.

Пісаў нарысы, эсэ, вершы, аўтар перакладаў. Дэбютаваў вершам у 1972 годзе (касцюковіцкая раённая газета "Сцяг камунізму"). Аўтар кнігі паэзіі "Белы камень" (1983), "Чытаю зоры" (1988), "Планіда" (1994) і інш.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу БССР (1988) за кнігу лірыкі "Чытаю зоры". Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1998) за кнігу "Вершы". Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2004, пасмяротна).

Вікіпедыя.


Х Агульнанацыянальная дыктоўка

Гародня

21 лютага ў гарадзенскай гімназіі № 6 Дзень роднай мовы пачаўся з агульнагімназічнай дыктоўкі, у якой узялі ўдзел усе чальцы педагагічнага калектыва і вучні гімназіі. Для дыктоўкі быў прапанаваны тэкст "Францыск Скарына", прысвечаны 500-годдзю кнігадрукавання на Беларусі, паведамляе сайт гімназіі.

Наш кар.

Віцебск

У кожнага чалавека ёсць свая родная мова. Для сапраўднага беларуса - яна беларуская. Каб яшчэ раз пацвердзіць гэтую выснову, 22 лютага ў абласной бібліятэцы горада Віцебска на святочную імпрэзу сабраліся сапраўдныя прыхільнікі беларускай мовы. Арганізавалі сустрэчу Віцебская абласная рада Таварыства беларускай мовы разам з абласной бібліятэкай.

Мне пашанцавала прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Уражанні засталіся найлепшыя. У цёплай і ўтульнай зале сустрэліся аматары беларускай мовы, сярод якіх настаўнікі, студэнты, пенсіянеры і ўвогуле людзі, што лічаць беларускую мову сваёй роднай. У бібліятэку былі запрошаны таксама віцебскія пісьменнікі: Міхась Мірановіч, Мар'ян Даргель, Людміла Сіманёнак. Яны прэзентавалі нам свае вершы, якія зацікавілі і паднялі настрой усёй публіцы. Таксама прагучалі вершы нашых класікаў у выкананні студэнтак ВДУ імя П.М. Машэрава: Крысціны Дайлідзёнак, Лізы Ежгуровай і Дашы Андрыцы. Было цікава назіраць за слухачамі, адчуваць, што вершы ім добра вядомыя. І гэта сапраўды прыемна.

Але галоўным падчас імпрэзы было напісанне Х Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Тэкст - урывак з апавядання сёлетняга юбіляра Янкі Брыля "Ўсмешка" - прадыктаваў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юры Бабіч. Гэты тэкст пакінуў пасля сябе самыя прыемныя ўражанні. Усе ўдзельнікі засталіся задаволеныя вынікамі, што не можа не радаваць.

Хочацца яшчэ раз адзначыць, што гэта была юбілейная, дзясятая дыктоўка. Напрыканцы ўсёй імпрэзы выступіў дуэт Аліны Таргунакавай і Генадзя Емяльянава, якія выканалі свае песні, тым самым падтрымалі наш добры настрой пасля дыктоўкі. За што ім асаблівая падзяка.

Гэты вечар сабраў шмат таленавітых людзей, сапраўдных аматараў беларускай мовы. Мне здаецца, што гэта цудоўна, калі людзі прыходзяць на такія мерапрыемствы, каб праверыць свае веды ў роднай мове. Ды і ўвогуле: калі яшчэ можна будзе напісаць дыктоўку, паслухаць вершы і песні на роднай мове!? Здаецца, на такіх вечарынах душа адпачывае. І, гледзячы на светлыя твары прысутных, можна не сумнявацца, што наша мова будзе жыць.

Крысціна Дайлідзёнак , студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава.

Магілёў

Стала ўжо добрай традыцыяй адзначаць міжнародны Дзень роднай мовы ў нашым горадзе Магілёве шматлікімі адукацыйнымі імпрэзамі і цікавымі мерапрыемствамі.

Кожны год аматары беларускай мовы і нацыянальнай культуры збіраюцца ў Палацы культуры вобласці ў "Белай зале" на дыктоўку, каб у чарговы раз праверыць сваю граматнасць і яшчэ раз адчуць еднасць з паплечнікамі і аднадумцамі.

І ў гэтым годзе 19 лютага, у бліжэйшую нядзелю да свята, адмыслоўцы ў чарговы раз селі за пісьмовыя сталы, узялі асадкі і ўважліва слухалі настаўніцу беларускай мовы Ганну Бандарэнку. Сёлета для дыктоўкі быў абраны тэкст Міхася Стральцова, якому 14 лютага споўнілася б 80 год. М. Стральцоў - наш зямляк са Слаўгарадскага раёна, выбітны празаік і таленавіты паэт, які, на вялікі жаль, вельмі рана пайшоў з жыцця. Урывак з твору "Сена на асфальце" пісала ў гэты раз блізу ста чалавек. Трэба зазначыць, што ў гэтым мерапрыемстве штогод прымаюць удзел людзі рознага ўзросту, розных поглядаў і рознага досведу. Але нас усіх, такіх непадобных адзін да аднаго, аб'ядноўвае ў гэты дзень беларуская мова і нацыянальная культура.

Ахвочыя здалі свае працы на праверку; дарэчы, лепшымі ў мінулым годзе, калі пісалі дыктоўку паводле Міхася Зарэцкага, сталі Вольга Гаўрыленка, Аляксей Карпенка, Галіна Кавалёва, Таццяна Красоўская.

Працягвалася свята ў кіназале, дзе з дапамогай рэжысёра Алы Кусковай была падрыхтавана невялікая імпрэза. На сцэну выйшлі вучаніцы першага беларускага класа СШ №34 Таццяна Турандзіна, Эвеліна Самойленка і Улада Грыцава. Працягвалі рэй Алесь Казека, Яраслаў Клімуць, Сяргей Украінка, Генадзь Гузій і іншыя аматары прыгожага пісьменства.

Алег Дзьячкоў.

Наваградак

У чытальнай зале Наваградскай раённай бібліятэкі ў Мiжнародны дзень роднай мовы чытачы і бібліятэкары прынялі ўдзел у беларускай дыктоўцы. Быў абраны тэкст Пімена Панчанкі, у якім ідзе гаворка пра бібліятэку і кнігу. Тэкст чытала Галіна Тадэвушаўна Кавальчук - старшыня суполкі "Узвышша" Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і адначасова навуковы супрацоўнік Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея. Кожны ўдзельнік узнавіў у сабе забытае пачуццё "пісаць дыктант" за партай. Удзельнікі імпрэзы дэкламавалі вершы мясцовага паэта Самсона Пярловіча. Чыталі разам вершы, прысвечаныя роднай мове.

Вось так нестандартна адзначылася свята роднай мовы, свята сапраўднай любові да Беларусі і яе нацыянальнага скарбу.

Наш кар.


Х Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

Лідскі прафесійна-тэхнічны ліцэй

Літаратурна-музычная імпрэза да Дня роднай мовы прайшла ў Лідскім прафесійна-тэхнічным ліцэі 20 лютага. На імпрэзу былі запрошаны сябры лідскага літаб'яднання "Суквецце" - паэты Алесь Хітрун, Станіслаў Суднік, паэтэса, салістка ансабля польскай песні "Красавяцы" Жанна Сянкевіч, бард Сяржук Чарняк.

Сяржук Чарняк яркімі беларускімі песнямі і разагрэў аўдыторыю, настроіў на беларускі лад, бо ад песень адразу перайшлі да напісання Х Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Навучэнцы ліцэя, а іх прыйшло 28 чалавек, пісалі дыктоўку ўпершыню. Тэкст Янкі Брыля "Ўсмешка" чытала выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Кіслая Галіна Андрэеўна. Лепшыя вынікі па дыктоўцы паказалі: Каркозаў Арцём (ні адной памылкі, ні адной праўкі), на другім месцы адразу трое - Лукусь Аляксей, Хартановіч Яўген, Міцкевіч Максім. Для "тэхнароў" проста бліскуча.

Пасля дыктоўкі пайшла менавіта літаратурная частка імпрэзы.

Алесь Хітрун, кіраўнік літаб'яднання чытаў вершы і гумарыстычныя абразкі. Жанна Сянкевіч парадавала публіку не толькі цудоўнымі беларускімі вершамі, але і лірычнымі песнямі на трох мовах: беларускай, польскай і рускай.

Наш кар.

Раённая бібліятэка імя Янкі Купалы

21 лютага прайшла 10-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. У сценах гэтай бібліятэкі дыктоўкі пішуцца, пачынаючы з 2-й. Сёлета тэкст прадмовы Францішка Скарыны да кнігі "Эклізіяст" чытаў дырэктар бібліятэкі А.М. Мартынаў. Пісалі 35 чалавек: работнікі і чытачы бібліятэкі.

Наш кар.

6-ты бібліятэчны філіял імя В. Таўлая

21 лютага літаратурную гасцёўню "Святло роднай мовы" адкрылі ў 6-м бібліятэчным філіяле г. Ліды, які носіць імя Валянціна Таўлая і размешчаны па вул. Фурманава. У рамках гасцёўні была напісана 10-я Агульнанацыянальная дыктоўка. Дыктоўку тут пісалі ў другі раз.

Прадмову Францішка Скарыны да кнігі "Эклізіяст" чытала бібліятэкар Луцыя Баляславаўна Яцэвіч. Прысутнічалі 17 чалавек, у асноўным чытачы бібліятэкі.

Наш кар.

3-ці бібліятэчны філіял

25 лютага Х Агульнанацыянальная дыктоўка прайшла ў лідскім бібліятэчным філіяле № 3. Традыцыйна сюды на дыктоўку збіраюцца сябры ТБМ, але сёлета аснову склалі вучні суседняй школы № 12. Прыйшлі шасцікласнікі. Гэта былі, мабыць, самыя юныя ўдзельнікі дыктоўкі на Лідчыне. Ад ТБМ у дыктоўцы ўдзельнічалі старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяржук Чарняк.

Чытала дыктоўку бібліятэкар філіяла Алена Янаўна Паповіч. Трэба адзначыць, што сама спадарыня Алена летась на 9-й дыктоўцы паказала тут найлепшы вынік і заняла 1-е месца.

Улічваючы аўдыторыю для дыктоўкі быў падрыхтаваны тэкст "Партрэт першадрукара", прысвечаны Францішку Скарыну. У школьнай дэлегацыі найлепшы вынік паказала настаўніца (не беларускай мовы) Мікушава Рыта Эйноеўна. На другім месцы - Паліна Маскалёва, на трэцім - Зміцер Такненка.

Пакуль ішла праверка дыктовак, дзеці слухалі беларускія песні ў выкананні Сяржука Чарняка, а таксама развучвалі "Тры чарапахі" і "Простыя словы".

Сённяшнія шасцікласнікі падрастуць, пойдуць рознымі шляхамі, але ў біяграфіях іхніх ужо ёсць гэтая дыктоўка.

Наш кар.


Х Агульнанацыянальная дыктоўка

Курапаты

21 лютага абаронцы Курапатаў напісалі дыктоўку - урывак з артыкула "Курапаты - дарога смерці".

Паводле Радыё Свабода.

Данбас

22 лютага байцы Тактычнай групы "Беларусь" на ўсходзе Украіны правялі дыктоўку прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы, гаворыцца ў паведемленні добраахвотнікаў

- Байцы Тактычнай групы "Беларусь" сочаць за моднымі трэндамі з мірнага жыцця і падтрымоўваюць усе нацыянальныя ініцыятывы. Дзякуем усім хто перадае нам кнігі! На фронце гэта важна, - адзначаюць хлопцы.

Для напісання першай франтавой дыктоўкі беларускія жаўнеры выбралі ўрывак з рамана Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". "Чытайце, пішыце і размаўляйце па-беларуску! Пакуль жыве родная мова, жыве Беларусь!" - пішуць беларусы з фронту на Данбасе.

Аляксандр Гелагаеў.

Беласток

Сталі вядомыя імёны пераможцаў дыктоўкі з нагоды Дня роднай мовы. 27 лютага ў Непублічнай школе ім св.св Кірыла і Мяфодзія прайшло ўрачыстае падвядзенне вынікаў беларускай дыктоўкі, якую 21 лютага пісалі вучні з Беластока і Нарвы. Як адзначыла арганізатарка мерапрыемства Іаанна Марко, узровень напісаных прац высокі.

- Пішаце вельмі добра. З кожным годам штораз лепш. Вельмі цешуся, што вы прыма-еце ўдзел у такіх дыктоўках, што вы шануеце і не забываеце родную мову. Мы спадзяёмся, што так будзе і далей.

Сярод вучняў з пачатковых школ першае месца заняла Оля Паўлючук. Сярод гімназістаў перамагла Вераніка Кардзюкевіч. Працы дарослых былі напісаныя амаль беспамылкова. Удзельнікі атрымалі дыпломы, узнагароды і гарачыя апладысменты.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку

Адаміна Алена Адамовіч Славамір Генрыхавіч Азарчык Раман Уладзіміравіч Анацка Ганна Андрэас Анатоль Аніскевіч Алег Аноп Віталь Аляксандравіч Антонава Алена Аляксеўна Арочка Ларыса Іванаўна Асіпчук Аксана Мікалаеўна Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Канстанцін. Астроўскі Аляксандр Алякс. Аўсяннікава Тамара Аляксан. Баброўская Людміла Бажыцка Алег Аляксандравіч Бараноўскі Сяргей Бародзіч Ганна Стафанаўна Баршчэўскі Лявон Пятровіч Барэль Таццяна Ўладзіміраўна Баўсюк Мікола Бахцізіна Кацярына Георгіеўна Белякоў Аляксандр Бермант Раіса Барысаўна Богдан Вадзім Бойка Сяргей Васільевіч Бохан Уладзіслаў Сяргеевіч Бубула Вольга Бугук Яўгенія Якаўлеўна Бука Таццяна Леанідаўна Булак Аляксандр Бураўкін Арсень Аляксеевіч Бутылін Міхась Уладзіміравіч Бяляева Наталля Уладзімір. Васільчанка Мікола Рыгоравіч Вашкевіч Андрэй Фрыдрых. Вашкевіч Ігар Пятровіч Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Вулхайзер Курт Фрэдрык Вянгура Ніна Фёдараўна Вярбіцкая Ядвіга Станіслав. Вячорка Францішак Валянцін. Галец Вольга Георгіеўна Гапеенка Анатоль Мікалаевіч Гарасюк Аляксандр Гардзей Н.М. Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Эдуардаўна Герасімовіч Валянцін Іванавіч Гіль Лілея Эдмундаўна Гоўша Сяргей Канстанцінавіч Грамыка Валянціна Васільеўна Грыгаровіч Радаслаў Іванавіч Грыгор'еў Аляксандр Віктар. Грынь Наталля Станіславаўна Грышкевіч Юры Генадзевіч Гук Ганна Іванаўна Гуркоў Канстанцін Уладзімір. Дабратвор Ілля Мікалаевіч Давыдоўская Алена Сяргееўна Дайлідка Юры Дамасевіч Віталь Уладзімір. Дапкюнас Жанна Казіміраўна Дарашкоў Сяргей Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Другакова Марына Мікал. Дрык Людміла Дубіцкі Уладзімір Пятровіч Дыдышка Ніна Дэц Алена Георгіеўна Жылко Антон Мікалаевіч Забалотная Леакадзія Віктар. Завацкі Яўген Ігаравіч Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Згірскі Міхаіл Францавіч Здзітавец Алена Уладзіміраўна Зінавенка Сяргей Леанідавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Іванова Бярнарда Пятроўна Ішчанка Галіна Мікалаеўна Кавальчук Дзмітры Леанід. Кадушка Вера Уладзіміраўна Казлова Аляксандра Віктар. Каліновік Вольга Фёдараўна Калоша Аляксандр Аляксанд. Кандраццева Зінаіда Міхайл. Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Іванаўна Карась Ганна Аляксандраўна Караткевіч Таццяна Мікал. Карлінскі Віктар Адамавіч Карпіцкі Максім Юр'евіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Кечанкоў Мікалай Мікалаевіч Кірылаў Герман Іларыёнавіч Кіслая Вольга Юр'еўна Клімавец Яўгенія Антонаўна Клімус Андрэй Клінава Дарыя Коваль Ірына Віктараўна Козел Ларыса Міхайлаўна Конічава Галіна Корань Вольга Кохан Павел Сяргеевіч Крапоціна Вольга Іванаўна Красніцкі Віктар Яўгенавіч Крол Цімур Аляксандравіч Крук Ларыса Васільеўна Крукоўскі Ўладзімір Крывенькая Марына Расцісл. Кулеўскі Ўладзіслаў Ігаравіч Кулішча Эдуард Францавіч Кунцэвіч Уладзімір Генадз. Кухаронак Валянціна Іванаўна Кухто Васіль Іванавіч Лазіцкі Дзяніс Андрэевіч Лазоўскі Алег Алегавіч Лапенка Аляксей Купрыянавіч Лапіцкі Аляксей Іванавіч Латушка Ірына Латыш Аліна Лявонаўна Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Міхайлавіч Лісоўскі Станіслаў Аляксандр. Лісоўскі Тарас Станіслававіч Ліцвінчук Наталля Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Луханіна Алена Альбінаўна Ляўковіч Міхась Васільевіч Мазанік Аляксадр Віктаравіч Макар Юры Ўладзіміравіч Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Малахава Людміла Віктараўна Малашанка Зміцер Васільевіч Малашчанка Ядвіга Алегаўна Малышчыц Мікалай Васіл. Мамонька Алена Мамчыц Эдуард Іосіфавіч Марачкін Аляксей Антонавіч Марус Алена Маханько Алена Валер'еўна Махвіц Аляксей Яўгенавіч Мацвееў Ігар Аляксеевіч Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мерцалава Надзея Фёдараўна Мінава Вера Місевіч Мар'ян Міхалькевіч Віталь Генрых. Міхалькевіч Віталь Паўлавіч Міхалькевіч Уладзіслаў Генр. Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Мухіна Надзея Аляксандраўна Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Насовіч Эдуард Піліпавіч Несмяянава Людміла Данілаўна Носава Галіна Падгайскі Мікалай Вячаслав. Пазднякова Анастасія Дзмітр. Пазняк Марыя Пальчэўскі Юры Леанідавіч Паляк Надзея Васільеўна Панкевіч Аляксандр Папковіч Уладзімір Антонавіч Паўлавец Зміцер Паўлюковіч Ніна Пералайка Мікалай Уладзімір. Перападзя Ліна Фёдараўна Праконіна Вера Ўладзіміраўна Прыбыш Ірына Мікалаеўна Прыгодзіч Фёдар Уладзімір. Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч Пятручык Уладзіслаў Анатол. Рабчынская Лідзія Аляксееўна Раманоўская Ганна Леанідаўна Раманоўская Яніна Рамашэўская Людміла Алякс. Родзік Анатоль Леанідавіч Рулевіч Алена Валяр'янаўна Русан Сяргей Іванавіч Руткоўская Антаніна Фадз. Рыбакова Ірына Алегаўна Рыбакоў Яўген Юр'евіч Рыбачонак Аляксандр Міх. Рымша Ангеліна Алегаўна Сабалеўская Вольга Аляксан. Савіцкі Максім Савіцкі Павел Уладзіміравіч Садоўская Алена Станіслав. Салдаценка Ігар Пятровіч Санько Зміцер Хведаравіч Саракавік Анатоль Вячаслав. Сарнацкі Аляксандр Балясл. Севасцьянава Ганна Сяргееўна Сідаровіч Ала Рамуальдаўна Сідарэвіч Святлана Рыгор. Сідарэнка Сяргей Уладзімір. Сінькевіч Сяргей Алегавіч Сіняўская Вера Васільеўна Смаль Вячаслаў Мікалаевіч Старавойт Наталля Юр'еўна Стаўбун Ірына Іванаўна Стахоўскі Станіслаў Аляксан. Стаціўка Мікалай Страха Соф'я Валянцінаўна Стэпусь Васіль Суравіцкі Віталь Анатольевіч Сурскі Ягор Дзмітрыевіч Сухарава Любоў Васільеўна Сцямпкоўскі Сяргей Сцяцко Павел Уладзіміравіч Сянкевіч Васіль Іванавіч Табушава Ірма Алегаўна Тамулёнак Мікалай Іванавіч Тацянкоў Генадзь Максімавіч Толсцік Вольга Точка Людміла Браніславаўна Трайнель Віктар Траццякова Алена Ўладзімір. Трацяк Іван Іванавіч Трашчанка Ўладзімір Яўхім. Турок Марыя Аляксандраўна Уазіз Амін Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валеры Васільевіч Філіпаў Мікалай Альбертавіч Фірысюк Таццяна Мікалаеўна Хабян Вольга Хамрэнка Ірына Алегаўна Харашылава Тамара Пятроўна Хацятоўскі Аляксей Аляксан. Храпавіцкі Васіль Сяргеевіч Цвяткова (Русак) Надзея Іван. Цыркуноў Аляксандр Іванав. Чакур Анатоль Мміхайлавіч Чаляпін Аляксей Чапля Аляксей Генрыкавіч Чарняўская Святлана Чашчына Наталля Мікалаеўна Чэчат Сяргей Аляксандравіч Шавель Яўген Іванавіч Шагулін Алег Іванавіч Шадыра Вадзім Іосіфавіч Шарах Генадзь Мікалаевіч Шаргаева Святлана Міхайл. Шарэйка Вольга Шахоўская Святлана Уладзім. Шыпіла Вераніка Уладзімір. Шышкіна Лена Сяргееўна Шэметава Алеся Аляксандр. Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Раманаўна Яноўская Марыя Януковіч Вікторыя Эдуард. Янчанка Алена Рыгораўна Яўдошына Ларыса Іванаўна Яцына Яна Мікалаеўна


Х Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

Свята роднай мовы ў Ходараўцах

У многіх школах Лідчыны 21 лютага прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Ходараўскі ВПК д/с - СШ таксама не стаў выключэннем. Увогуле, у вясковай школе беларуская мова - з'ява звыклая: асяроддзе беларускамоўнае, і выкладанне вядзецца па-беларуску. Але ў гэты дзень мова стала цэнтрам увагі. Гучалі беларускія песні, вучні чыталі вершы, цёплыя выказванні пра родную мову змяшчалі ў сценгазетах. Вучні 7-9 класаў прынялі ўдзел у гульні "Размаўляем па-беларуску". Усе ўдзельнікі атрымалі прызы - паштоўкі "Не забывайма беларускія словы", а пераможцы яшчэ і сшыткі з беларускім арнаментам. Праведзенае мерапрыемства дало добрую магчымасць прысутным адчуць непаўторную прыгажосць роднага слова, папоўніць свае веды і моўны запас.

Дарэчы, удзел у напісанні Х Агульнанацыянальнай дыктоўкі прынялі 30 вучняў і два настаўнікі.

Наш кар.

Дыктоўку пісалі лідскія літаратары

22 лютага ў Доміку Таўлая ў Лідзе пісалі Х Агульнанацыянальную дыктоўку лідскія літаратары, у асноўным паэты, таму быў узяты верш Пімена Панчанкі "Родная мова". Чытаў дыктоўку выдатнік адукацыі Беларусі, першы старшыня Лідскага ТБМ паэт Міхась Мельнік.

Тэкст даволі цяжкі, асабліва сінтаксічна і правяраўся па ўсіх правілах. Тым не менш, на 10 балаў напісаў кіраўнік літаб'яднання "Суквецце", супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алеь Хітрун. Ён ужо бываў пераможцам дыктоўкі і раней. 9 балаў і другое месца атрымала справавод Лідскага музея Святлана Мартыненка, якая вядзе ўсю дакументацыю музея па-беларуску. З 8 баламі на трэцім месцы аказаліся рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік і карэспандэнт "Лідскай газеты", а таксама сталы аўтар "Нашага слова" Алесь Мацулевіч.

Наш кар.

Дыктоўка ў Песках

26 лютага адну з апошніх дыктовак на Лідчыне пісалі сябры Ёдкаўскай суполкі ТБМ на аграсядзібе "Гасціна" ў в. Пескі Траццякоўскага сельсавета.

Чытаў прадмову Францішка Скарыны да кнігі "Эклізіяст" старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік. Найлепшы вынік паказала Ксенія Міхалевіч, па адукацыі выкладчык французскай мовы - памылілася ў адным знаку прыпынку. На другім месцы Юрась Дзяшук, карэспандэнт Радыё Рацыя.

Пасля дыктоўкі ўдзельнікі паглядзелі фільм "Невядомы Пазняк", зняты яшчэ недзе ў 90-х гадах.

Таксама былі абмеркаваны некаторыя актуальныя пытанні дзейнасці лідскіх арганізацый ТБМ у цэлым і Ёдкаўскай суполкі ў прыватнасці.

Наш кар.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У Парыжы ў ХV-ХVІ стст. існавала ўніверсітэцкая частка горада.

Кварталы, дзе жылі гандляры, звычайна знаходзіліся каля мастоў і гарадскіх брамаў. Асобна жылі рамеснікі са сваёй вытворчасцю, былі асобныя кварталы, дзе жылі яўрэі, славяне, прадстаўнікі іншых краін. Галоўнымі грамадскімі пабудовамі былі храмы, асабліва гарадскія саборы. Часам іх будавалі доўга, нават некалькі стагоддзяў. Званіцы касцёлаў былі асноўнымі гарадскімі дамінантамі. Пазней пачалі будаваць новыя грамадскія будынкі - ратушы і гандлёвыя цэнтры, бальніцы, каледжы, будынкі ўніверсітэтаў і інтэрнаты для студэнтаў. Гарады мелі невялікую колькасць насельніцтва. Да прыкладу, такія вялікія гарады,як Любек і Гамбург, у XIV-ХV стст. мелі каля 20 тысяч жыхароў. Сярэдні горад насяляла каля 10 тысяч чалавек, а малы - толькі дзве-тры тысячы.

Гарадскі стан (саслоўе). Дзякуючы развіццю гарадоў (местаў) у Еўропе акрамя стану феадалаў і сялян сфармаваўся трэці, асобны стан насельніцтва - гараджане. Іх эканамічная аснова - гэта гандлёва-рамесная дзейнасць і ўласнасць, заснаваная на вытворчасці і абмене. Гараджане мелі і свае правы: асабістую свабоду, права выбіраць і быць абранымі ў органы мясцовага самакіравання, а таксама і абавязак - удзельнічаць у гарадскім войску (апалчэнні) і быць пасуднымі свайму гарадскому суду.

У ХІІ-ХІІІ стст. гараджане атрымалі свае назвы. У Германіі "бюргеры" , а ў славян - "месцічы" , або "мяшчане" . Гарадскі стан паступова падзяліўся на патрыцыят, рамеснікаў і гандляроў , а таксама гарадскі плебс (вольнанаёмных гараджан, абмежаваных у сваіх правах).

Усе гарадскія рамеснікі адной спецыяльнасці аб'ядноўваліся ў саюзы, якія называліся цэхамі. У цэхі ўваходзілі толькі тыя рамеснікі, якія валодалі майстэрнямі, дзе выраблялася пэўная прадукцыя. Іх звалі майстрамі . Яны на сваім агульным сходзе прымалі статут, які рэгууляваў усе бакі жыцця сяброў цэха. Там была канкрэтна вызначана колькасць вырабаў, што маглі быць выкананыя; матэрыялы, з якіх яны павінны быць зроблены; памеры і вага вырабаў ды іх якасць. За няякасныя вырабы штрафавалі і нават маглі арыштаваць. Кожны цэх узначальваў выбарны старшыня . Майстар, які валодаў майстэрняй, сам купляў неабходную сыравіну для вырабу тавараў, браў заказы, кантраляваў увесь працэс вытворчасці і браў у ёй непасрэдны ўдзел, а потым гандляваў гатовай прадукцыяй.

У майстэрні разам з майстрам працавалі яго вучні , падлеткі і маладзёны, якіх ён браў на вучобу. Яны жылі і харчаваліся ў майстра, але грошы за сваю вучобу не атрымлівалі. Пасля пэўнага тэрміну вучань станавіўся падмайстрам , які ўжо меў заробак. Яго маглі накіраваць на вучобу ў іншы горад, а па вяртанні ён здаваў дасведчаным майстрам іспыт. Калі іспыт быў здадзены, ён станавіўся майстрам, купляў майстэрню і запрашаў на працу сваіх вучняў.

Першыя цэхі ўзніклі ў Італіі ўжо ў X ст., а ў Францыі, Англіі і Германіі - у XI - пачатку XII стст. На Беларусі цэхі з'явіліся значна пазней, толькі ў XVI ст. (раней аб'яднанні беларускіх рамеснікаў называліся сотнямі і брацтвамі ). Тэрмін вучнёўства ў залежнасці ад складанасці рамяства доўжыўся ад 2 да 7 гадоў, а ў асобных цэхах - да 10 і нават 12 гадоў. Цэх таксама быў і вайсковай арганізацыяй. Падчас вайны кожны цэх быў асобнай вайсковай адзінкай гарадскога апалчэння. Цэх меў і свайго святога-апекуна, дзень якога ўрачыста святкаваў, і сваю царкву ці капліцу. Свае аб'яднанні ў гарадах мелі купцы ( гільдыі ), медыкі і юрысты.

Дзякуючы развіццю заходнееўрапейскіх гарадоў змянілася і заходнееўрапейская эканоміка. Цяпер сяляне выраблялі прадукты не толькі для сябе і феадала, але і для продажу на гарадскім рынку Тут жа аканомы феадалаў прадавалі прадукты з феадальнага маёнтка і частку сялянскага аброку. Рамеснікі прадавалі сялянам і феадалам свае тавары. Такім чынам, розныя групы насельніцтва выраблялі тавары. За свае тавары ўсе ўдзельнікі рынку атрымлівалі грошы. Такім чынам, у XIII ст. натуральную гаспадарку ў Заходняй Еўропе паступова замяняе таварна-грашовая гаспадарка.

4. Гарады ўсходніх і заходніх славян

У Х ст. заходнія славяне, якія прынялі хрысціянства, трапілі пад моцны германскі ўплыў, і іх гарады набылі рысы гарадоў Германіі, асабліва гарады Чэхіі. Сярод рамеснікаў і гандляроў было шмат немцаў, а пазней з'явіліся і яўрэі.

Адным з самых прыгожых гарадоў стала Прага . У 996 г. арабскія пісьмовыя крыніцы ўпершыню згадалі пра Кракаў. Палабскія славяне, якія засталіся язычнікамі, гарадоў не мелі, і на месцы іх паселішчаў пасля з'явіліся нямецкія гарады. Сярод іх Любек і Берлін.

Першыя гарады ў усходніх славян узнікаюць у IX ст. Гэта - Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Смаленск і Старая Ладага. У якасці прыкладу развіцця ўсходнеславянскага горада разгледзім эвалюцыю беларускага горада.

Пачаткі горадабудаўніцтва на Беларусі сягаюць у IX ст. За сваю тысячагадовую гісторыю развіцця беларускі горад прайшоў некалькі этапаў. Першы этап беларускага горадабудаўніцтва можна назваць як дагарадскі і раннегарадскі. Ён датуецца ІХ-ХІ стст.

У гэты час гарады вырастаюць з родаплемянных цэнтраў (Полацк, Гомель, Віцебск) або з памежных абарончых цэнтраў (Берасце, Менск). Горад уяўляе сабою ўмацаванае (агароджанае, адсюль назва "град", "горад") паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Менск). У матэрыяльнай культуры горада захоўваюцца пляменныя этнавызначальныя рысы. Сярод іх - спецыфічныя ўпрыгожванні крывічоў (скроневыя кольцы - Полацк, Віцебск), радзімічаў (скроневыя кольцы - Гомель) дрыгавічоў (скроневыя кольцы і пацеркі - Берасце, Гародня).

Шмат якія гарады з'яўляліся гандлёвымі і рэлігійнымі цэнтрамі, асабліва пасля прыняцця хрысціянства. Тут, часам на месцы былых паганскіх капішчаў, узнікалі першыя спачатку драўляныя, а потым і мураваныя храмы. Ядром горада было ўмацаванне, дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, нярэдка на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, на беразе ракі або возера, якія выкарыстоўваліся як транспартныя магістралі. Усходне-славянскія гарады мелі агульныя рысы: дрэваземляныя ўмацаванні, драўляную жылую забудову і агульны тып рамесніцкіх і прамысловых прыладаў працы, тыповы набор рэчаў хатняга ўжытку.

Сярод заможных слаёў насельніцтва паступова разам з хрысціянствам пашыраўся візантыйскі ўплыў (архітэктура, пісьмовасць і рэчы хрысціянскага культу, манеты і ўпрыгожванні). Таксама ў ІХ-Х стст. прасочваюцца арабскія і скандынаўскія ўплывы (арабскія грошы, вырабы са шкла, скандынаўская зброя, рунічныя надпісы, упрыгожванні). У гэты час узніклі Полацк (IX ст.), Заслаўе, Віцебск і Тураў (X ст.), Берасце (Брэст), Лагойск, Менск, Пінск (XI ст.).

У XI ст. у беларускіх гарадах пачалі будаваць першыя хрысціянскін храмы. Спачатку яны былі драўляныя, а потым і мураваныя.

Другі этап беларускага горадабудаўніцтва прыпадае на XII-XIII стст. і звязаны з часам існавання самастойных ці ўдзельных княстваў. На гэтым этапе гарады ўзніклі найчасцей як гандлёва-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). Утварылася складаная тапаграфічная структура: дзядзінец (іншы раз асобным княскім дваром - Гародня, Смаленск, Полацк, Віцебск), пасад - вакольны горад (таксама ўмацаваны), прадмесце, гарадскі курганны някропаль, загарадныя манастыры і сельская акруга .

Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцовай і радыяльна-веернай планіроўкі . Колькасць гарадоў дасягнула 35. Сярод гараджап пашыралася пісьмовасць, пра што сведчаць графіці і берасцяныя граматы (Віцебск, Мсціслаў, Смаленск). У гарадах пераважна развівалася кавальства, а таксама ювелірнае, шавецкае, кравецкае, гарбарнае, касцярэзнае, ганчарнае, шкларобчае і бандарнае рамёствы.

Самым вялікім горадам на ўсходнеславянскіх землях быў Кіеў. Гэта быў і адзін з самых прыгожых і вялікіх гарадоў усёй Еўропы. Насельніцтва Кіева дасягала 40-50 тысяч чалавек. Вялікі ўдар па ўсходнеславянскіх гарадах нанеслі мангола-татары ў XIII ст., якія спачатку знішчылі шмат гарадоў на ўсходне-славянскіх землях, а потым захапілі Кракаў і некаторыя іншыя польскія і венгерскія гарады. Беларускія гарады захаваліся; таксама свайго росквіту дасягнулі Ноўгарад і Пскоў. Усе жылыя дамы ў гарадах былі драўляныя. Яны арыентаваліся паводле кірунку вуліц; дамы мелі агароджаныя плотам двары з дапаможнымі і гаспадарчымі памяшканнямі.

(Працяг у наступным нумары.)


Амбасадар незалежнай культуры

Нядаўна вядомы і папулярны артыст, лаўрэат прэміі "За свабоду думкі" вярнуўся з паедкі ў ЗША і Канаду. Выступы Змітра Вайцюшкевіча з поспехам прайшлі ў Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі, Вашынгтоне, Таронта, Атаве і Сан-Францыска. Усяго на амерыканскім кантыненце адбылося 9 канцэртаў спевака. На іх прыходзілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША і Канадзе. Кампазітар і выканаўца з'ядноўвае беларусаў на любові да мовы, літаратуры і музыкі, мінуўшчыны, ён кансалідуе нацыю.

Наш герой, вольны, моцны і вясёлы скарыў публіку ў самай багатай і заможнай краіне свету. Гэта натхняе нас у думцы, што мы, беларусы - мужны і годны народ, здольны пераадольваць усе крызісы. Артыст адказаў на пытанні сяброў ТБМ.

- Зміцер, якую песню Вы прывезлі з Амерыкі?

- У першую чаргу, я вазіў свае песні. І ездзіў не толькі як музыка, а як але як эксперт па беларускіх справах, якія тут адбываюцца і тычацца культуры, музыкі, палітыкі. Мая задача была данесці мэсыдж: расказаць тым , хто ў эміграцыі, як ў нас ідзе жыццё. Прыходзілася канцэнтравацца на словах. Адна справа выступаць ад імя сваіх песенных герояў, а другая - адказваць за Бацькаўшчыну. Я чытаў шмат вершаў Караткевіча і Някляева, спяваў песні Рыгора Барадуліна. Беларус і ў Менску, і ў Барысаве, і ў Нью-Ёрку заўсёды жыве надзеяй. Ім было важна пачуць меркаванне з першых вуснаў, а не толькі з сайтаў "Нашай Нівы" і Фэйсбуку. Да мяне былі розныя пытанні: пра тое, хто з палітыкаў найбольш актыўны, як дзейнічае моладзь, а некаторыя цікавіліся "Песнярамі." Людзі жывуць памяццю ў тым свеце, які яны пакінулі.

- Хто з прадстаўнікоў дыяспары прыходзіў на Вашы канцэрты?

- У Нью-Джэрсі прыходзіў Янка Запруднік. У Атаве была Івонка Сурвіла, госць высокага рангу. Шмат людзей, хто даўно з'ехаў, і тыя, хто там нарадзіўся. Моладзь нясе агенчык беларускасці, шануе нашыя нацыянальныя сімвалы, моцна перажывае за Бацькаўшчыну і шчыра жадае, каб тут жылося па-людску і Беларусь была беларускай. У Вашынгтоне прыходзілі тыя, хто працуе ў Амерыцы. Прафесар хіміі і вельмі прыгожая жанчына 80-ці гадоў Ала Орса Рамана, якая нарадзілася тут і большасць жыцця пражыла ў Нью-Ёрку, добра да мяне паставілася і прыняла ў сваім доме. У ніводным з амерыканскіх і канадскіх гарадоў я не пачуў сябе непатрэбным. Паўсюль мной добра апекаваліся, нідзе я не быў галодны, нават сняданкі не давалі рабіць, я прачынаўся - і мяне ўжо чакала на стале амерыканская ежа.

- Як прайшло Ваша выступленне ў саборы Кірылы Тураўскага у Нью-Ёрку?

- Я прыехаў 27-га студзеня, а 28-га трэба было спяваць. Там сабралася шмат людзей, мне было фізічна цяжка, таму што канцэрт пачынаўся па беларускім часе а чацвёртай гадзіне ночы. Але флюіды публікі дапамаглі. Людзі радаваліся, успрымалі ветліва, частавалі. З іншага канца Амерыкі - з Лос-Анжэлеса - госці прыехалі на канцэрт. Завіталі нашы мастоўскія і слонімскіх хлопцы, прыходзілі амерыканцы і нарвежцы.

Юрка Захарка, які там нарадзіўся, узначальвае супольнасць беларусаў у Нью-Джэрсі. Ён размаўляе з амерыканскім акцэнтам. Было шмат людзей, якія з'ехалі яшчэ пасля вайны з бацькамі. Мілыя бабулі і дзядулі, якія ўжываюць амерыканізмы: "Мы ўключаем тэлевіжн", "выязджаем на гайвэй". Але яны засталіся па сваёй сутнасці беларусамі. Эмігрантаў, якія выехалі на працягу апошніх 60-100 гадоў, там мільёны, але тых, якія засталіся беларусамі - не шмат. Амерыканскі істэблішмэнт ведае іх дзякуючы Радзе БНР і тым, хто здзяйсняе грамадскія справы. Наша зямля, як птушка Фенікс адраджаецца, і прадаўжае прыцягваць да сябе выхадцаў з яе прастораў. Я аглядаў беларускія цэрквы ў Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі і ў Таронта.

- Раскажыце, калі ласка, пра Вашых сяброў у Амерыцы і Канадзе.

- Валянціна і Юрась Шаўчэнкі ініцыявалі маю паездку ў Канаду. У Атаве жыве навуковая інтэлігенцыя: хімікі, медыкі, біёлагі. У кожнага былі свае шляхі эміграцыі, але яны дагэтуль не згубілі сувязь з Радзімай.

Прырода Канады падобна на беларускую. У паўночнаамерыканскіх гарадах цэнтр забудовы складаюць высокія будынкі, гатэлі, дзелавыя офісы і гіпермаркеты. А прыватная забудова - меншых паверхаў і некрыклівых, спакойных колераў. Нідзе не бачыў, каб людзі палілі папяросы. У Варшаве і ў Менску за адну гадзіну сустрэў больш курыльшчыкаў, чым там за тры тыдні. Амерыканцы і канадцы актыўна займаюцца здароўем, гуляюць па парках, накрочваюць кіламетры, ходзяць у трэнажорныя залы. Там ёсць шмат сучасных цэнтраў культуры і мастацтва, абсталяваных па апошняму слову тэхнікі. Мы былі ў парламенце ў Атаве. Можна прыйсці на паседжанне і паслухаць, пра што там гавораць. Звонку будынак канадскага парламента выглядае, як сапраўдны брытанскі. Унутры: квадрат з ярусамі крэслаў, дзе дэпутаты абмяркоўваюць важныя пытанні.

Вельмі горача ў Амерыцы і ў Канадзе ўспрымаюць кандыдатуру новага прэзідэнта. "Трамп-Трамп-Трамп", - гучыць паўсюль. Ёсць шмат каналаў, на якіх крытыкуюць Трампа, і іх ніхто не збіраецца зачыняць. Амерыканскія зоркі падзяліліся: хто за Трампа, хто - катэгарычна супраць, але свабода слова прысутнічае.

- Якая музыка зараз папулярная ў Амерыцы?

-Амерыка дазваляе кожнаму жыхару знайсці нешта сваё. Вельмі папулярная музыка кантры. Народная музыка ў сучасных аздабленнях з блюзам.

- Як удзейнічаюць такія помнікі прыроды, як Ніягара, возера Антарыя? Што адчуваецца на такім прасторы?

- Каля самога вадаспада вельмі холадна, вялікія плыні вады, моцны вецер, там немагчыма доўга стаяць. Побач з рэчкай Ніягарай мы спявалі з Валянцінай Шаўчэнка "Цвяток радзімы васілька" Максіма Багдановіча. З аднаго боку - Амерыка, а з другага - Канада. Я выканаў там песню "Шалік" на вершы Някляева. Праз тыдзень песня будзе ўжо у інтэрнэце, а дыск будзе называцца "У нашых снах". Туды увойдуць лепшыя песні, напісаныя з Уладзімірам Някляевым і WZ-Orkiestra за 10 гадоў, і пяць новых песень. Альбом будзе прэзентаваны ў Вільні 4 сакавіка.

- Ці праехаліся Вы па Залатым мосце ў Сан-Францыска?

- Амерыканцы назы-ваюць яго "голдэн гэйт" - "залатая брама". І я ўвесь час у сваёй творчасці будую культурныя масты паміж Захадам і Усходам. У мяне ў душы нарадзілася аналогія: сёлета спаўняецца 80 гадоў песні "Бывайце здаровы, жывіце багата" Адама Русака і таксама 80 гадоў, як пабудавалі мост, які злучае Сан-Францыска з прыгарадам Саўсаліта.

Сан-Францыска - гэта горад кантрастаў, радзіма хіпі, горад вольнасці і дэмакратыі, цёплы і сонечны. У Сан-Францыска я сустрэўся з Алесем Пузыням, з якім мы разам ігралі ў "Палацы" і ў "Крыві". У мяне быў час праехаць у электрычцы, пачытаць кніжкі, паглядзець у акно, убачыць усю інфраструктуру. Я шчаслівы чалавек, што ў мяне ёсць Вайцюшкі. Па амерыканскіх мерках, я вельмі багаты, бо вакол майго хутара ў радыусе 10 кіламетраў можна не сустрэць ніводнага чалавека.

- Што Вы прывезлі Вашым дзецям Язэпу і Стэфе па іх просьбе?

- Стэфе - сукенку з Сан-Францыска, Язэпу - цёплую шапку з надпісам "Канада". Яны зараз у Варшаве з мамай, якая знаходзіцца на стажыроўцы. Я заехаў да іх у Варшаву і спяшаўся ў Менск на канцэрт "Народнага альбома" ў Праймхоле.

- Кажуць пра амерыканскую мару, а якая Ваша беларуская мара?

- Мая беларуская мара, каб наша песня была пазнавальная ва ўсім свеце. І не важна праз каго. Што тычыцца настрою - гэта агульначалавечыя радасці.

- Калі Генадзь Мікалаевіч Бураўкін вярнуўся з ЗША, ён напісаў верш:

"Я прыду ссівелым

і стамлёным,

Да маёй любімай Беларусі,

Паздароўкаюся

з кожным клёнам,

З кожнаю бярозкай

абдымуся."

А якія пачуцці нарадзіліся ў Вас у душы, калі Вы прыехалі дадому?

- Мне ўвесь час хацелася паехаць на хутар у Вайцюшкі, на Нёман. Я вярнуўся, каб адчуць вясну і абуджэнне прыроды. Але і Нью-Ёрк, і Атава, і Нью-Джэрсі, і Філадэльфія, людзі, якія там жывуць, усе разам спявалі бураўкінскую калыханку. Для іх гэта важная песня.

Гутарыла Эла Дзвінская. На здымках: 1. Івонка Сурвіла і Зміцер Вайцюшкевіч; 2. Выкананне песні над Ніягарскім вадаспадам.


Магілёўскае ТБМ - школе!

17 лютага адбылася сустрэча старшакласнікаў з паэтам, перакладчыкам, настаўнікам матэматыкі, які выдатна валодае беларускай мовай - Міхасём Булавацкім. Наш госць падзяліўся сваімі думкамі наконт ролі роднай мовы ў жыцці чалавека. Расказаў гісторыі са свайго ўласнага жыцця, а таксама прыемна здзівіў, прачытаўшы пераклады вершаў У. Высоцкага.

Цудоўны настрой застаўся ў вучняў пасля сустрэчы з такім цікавым чалавекам. Спадзяёмся, што нашы сустрэчы стануць добрай традыцыяй.

Таццяна Грышанава, настаўніца беларускай мовы СШ № 4 г. Магілёва.


"Народны альбом": Легендарны мюзікл вярнуўся ў Менск

24 лютага ў Менску адбылася падзея, якая, прынамсі, для нас, беларусаў, заглушыла бляск і рытмы знакамітага карнавалу ў Рыа-дэ-Жанейра, які таксама стартаваў у гэтую пятніцу.

У клубе "Prime Hall" у Менску адбыўся легендарны беларускі мюзікл. На сцэну выйшлі рок-зоркі Лявон Вольскі, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая і іншыя ўдзельнікі "Народнага альбома".

Апошні раз у Менску жывое выкананне легендарнай складанкі адбылося 10 год таму. Пасля былі "чорныя" спісы, забароны музычных падзей… Тэлеканал "Белсат" ажыццявіў ідэю, якая проста лётала ў паветры: паставіць паводле "Народнага альбома" мюзікл ды зрабіць прафесійны запіс. Актуальнасць задумы пацвердзіў аншлаг на прэм'еры ў Падляшскай оперы ў верасні ды ўжо камерцыйны канцэрт у Prime Hall. Прададзена больш за 1000 квіткоў!

Пасля фінальнай песні, натуральна, ніхто не спяшаўся ў гардэроб. Плясканне з тупаценнем трэсла сцены і падлогу, пакуль не пачуўся каларытны акцэнт вобразу Аляксандра Памідорава:

- А што вы не разыходзіцеся? Вам дома няма чаго рабіць? Вы прыехалі з Маладзечна? З Чашнікаў? З Койданава? А з Кёнінсберга хто-небудзь ёсць?

Менскі канцэрт адбыўся пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Менску і Інстытута Адама Міцкевіча.

Іван Мяжуй.


Пявучае роднае слова

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у малой зале Палаца культуры горада Ліды адбыўся творчы вечар лідскага барда і кампазітара, намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяргея Чарняка "Пявучае роднае слова". Гэта быў другі па ліку сольны канцэрт названага выканаўца песень, першы меў месца на гэтай жа сцэне гадоў дваццаць назад. Як адзначае сам Сяргей Чарняк, ён вельмі даўно не выконваў перад публікай столькі песень (каля дваццаці) ў адзін вечар, звычайна ўдзельнічаў у розных імпрэзах з дзвюмя-трымя песнямі. А пяе Сяргей Чарняк з юнацкіх гадоў, стварае і выконвае песні на словы беларускіх (у тым ліку лідскіх) паэтаў.

Пачаўся творчы вечар, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, з прадмовы да зборніка вершаў Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская", тэкст якой зачытаў перад аўдыторыяй мастак-пастаноўшчык Лідскага народнага драматычнага тэатра Алег Лазоўскі. У гэтай прадмове Багушэвіч заклікае беларусаў ведаць і любіць сваю мову. Шмат гаварылася ў час імпрэзы аб беларускай мове як частцы гісторыі і культуры беларускага народа, яго душы, галоўным нацыянальным скарбе беларусаў.

Любоўю да роднай мовы прасякнута і творчасць Сяргея Чарняка. Са сцэны ў яго (і не толькі ў яго) выкананні гучалі беларускамоўныя песні на словы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна, Хрысціны Лялько і многіх іншых паэтаў мінулага і сучаснасці, у тым ліку лідскіх паэтаў Міхася Мельніка і Станіслава Судніка. Асобныя песні, музыку да якіх напісаў Сяргей Чарняк, выконвалі ў той вечар салісты Палаца культуры, навучэнцы Гарадзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, а таксама хор ветэранаў "Майскія зоры". Пад канец канцэрту разам з Сяргеем Чарняком спявалі і гледачы.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


МУЗЫЧНЫЯ ПАДАРУНКІ РОДНАЙ МОВЕ

У мінулую суботу, 18 лютага, у канцэртнай зале Пастаўскай школы мастацтваў па вуліцы Чырвонаармейскай прайшло цікавае мерапрыемства, прысвечанае Дню роднай мовы. Тут адбыўся канцэрт, які надаў прысутным шмат станоўчых эмоцый і моцную энергетыку. На сцэне для гледачоў - прыхільнікаў беларускай мовы - ігралі і спявалі мясцовыя пастаўскія выканаўцы і госці горада. Ярка і кранальна прагучалі песні "Алесандрына", "Спадчына", "Мой лёс", "Вясна" ў выкананні ансамбля "Скіфы"; пранікнёна праспявалі песню "Простыя словы" муж і жонка Сіланавы. Выдатную праграму падрыхтаваў гурт "Тутэйшыя", у якім іграюць і спяваюць вучні старэйшых класаў гімназіі і школ горада. Асабліва ўпадабалі слухачы песні "Зорачкі", "Я жыву тут", "Тры чарапахі" і іншыя. Аматарам цяжкога року невялікую праграму прапанаваў гурт з Нарачы "Дабл". Не ўсе слухачы здолелі вытрымаць высокі накал іх музыкі, але сапраўдныя рокеры і рокершы выяўна насалоджваліся прапанаванай дзеяй.

Канцэрт быў арганізаваны Пастаўскай раённай арганізацыяй Таварыства беларускай мовы сумесна з ансамблем "Скіфы" пад кіраўніцтвам Віктара Верацельнікава. Вёў імпрэзу Вадзім Шышко. У невялікіх перапынках паміж выступленнямі груп гледачам прапаноўваліся пытанні віктарыны з гісторыі нашай літаратуры і культуры за правільныя адказы на якія ўдзельнікі ўзнагароджваліся цукерачкамі.

Хочацца падзякаваць усім удзельнікам мерапрыемства за тое, што на свяце роднай мовы мы былі разам.

І. Пракаповіч , старшыня Пастаўскай арганізацыі ТБМ. На здымках: 1. Скіфы; 2. Тутэйшыя; 3. Дабл.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX