Вярнуцца: 2017

№ 13 (1320)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1320), 29 сакавіка 2017 г.


Беларусь адзначыла Дзень Волі

Жыве Беларусь!

Насуперак грозным тыранам,

насуперак Злу і Мане

жывем не ў балотным тумане,

жывем не ў сляпым табуне…


Жывем, як Купала і Колас

калісь загадалі нам жыць…

Жывем без аглядкі на голас,

што зранку да ночы сіпіць:


- Прадайце Радзіму і Мову,

аддайце на здзек прыбышу

і Бога, і роднае Слова…

Прадайце святую Душу…

Я - бог, бо я ўладу вяршу!..


І нехта з нашчадкаў Іуды,

хто страхам і здрадаю жыў,

спаймаўся на д'яблаву вуду,

душу у ламбард залажыў,

не згледзеўшы нават,

што цэннік

ад часу Пілата ўсё той -

трыццатнік - за брата,

хоць геній,

хоць зеўрае лоб пустатой…


Ды, дзякаваць Богу,

ёсць Людзі,

якіх не прадаць, не купіць,

чый Дух не скарыўся аблудзе,

каго - ні разбіць, ні спыніць!


Дык станем,

браты мае й сёстры,

у шчыры і шчыльны хаўрус

і так, як Малітву, - узнёсла

прамовім:

- Жыве Беларусь!

Эдуард Акулін.


Берасце

Шэсце і мітынг у Берасці на 25 сакавіка былі дазволены гарвыканкамам упершыню за 20 гадоў. На акцыю сабралася каля 200 чалавек. Усё прайшло спакойна.

Гародня

На свята 25 сакавіка ў Гародні людзі сабраліся ў Каложскім парку. Гэтае было першае масавае мерапрыемства, якое за больш як 15 гадоў дазволілі ўлады. Акцыя праходзіла каля стэлы ў гонар 850-годдзя Гародні. Удзельнічалі некалькі соцень чалавек.

Паводле СМІ.



А.У. Канюку,

Генеральнаму пракурору

Рэспублікі Беларусь

Вул. Інтэрнацыянальная, 22

220030, г. Мінск

Паважаны Аляксандр Уладзіміравіч!

23 сакавіка 2017 г. у Маскоўскім раёне г. Менска быў затрыманы сябар Сакратарыяту ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", вядомы палітолаг і грамадскі дзяяч Алесь Лагвінец. Падчас затрымання яго моцна збівалі, у выніку чаго былі нанесены шматлікія пашкоджанні, што запатрабавала неабходнасць выкліку хуткай дапамогі непасрэдна ў будынак суда.

У сувязі з гэтым фактам неапраўданага прымянення фізічнай сілы, бо затрыманы не аказваў супраціўлення, прашу Вас неадкладна пачаць пракурорскую праверку ў адносінах да дзеянняў асоб, якія праводзілі затрыманне Алеся Лагвінца. На маю думку, такія дзеянні падлягаюць прыцягненню не проста да адміністрацыйнай, але да крымінальнай адказнасці.

З павагай,

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 А.М. Анісім.


100-годдзе беларускага нацыянальнага значка

12 (25) сакавіка 1917 у Менску прайшоў Дзень беларускага значка - масавая грамадская акцыя па папулярызацыі беларускай нацыянальнай сімволікі.

Акцыя была арганізаваная беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, паўсюль у Менску прадаваліся бел-чырвона-белыя значкі, кукарды і сцяжкі.

У адным з менскіх кінатэатраў адбыўся шматлюдны беларускі мітынг. Прысутныя прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала аўтаноміі для Беларусі.

Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м пачалі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай Сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

У снежнi 1917 г. падчас Усебеларускага З'езду ў Менску бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. У 1918 годзе ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вікіпедыя.


Нарэшце «Новы Час» можна будзе набыць у шапіках

РУП «Белсаюздрук» пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку нарэшце падпісаў дамову на распаўсюд газеты «Новы Час» праз сваю гандлёвую сетку.

Ужо 8 красавіка жыхары Менска і Менскай вобласці змогуць набыць газету ў бліжэйшай краме ці шапіку «Белсаюздруку». Як абяцае кіраўніцтва гэтай установы, газету можна будзе набыць практычна ў кожнай гандлёвай кропцы. Таму мы заклікаем нашых чытачоў спраўджваць гэтую інфармацыю і паведамляць у рэдакцыю пра адсутнасць газеты ў продажы.

Рады таксама паведаміць, што на другое паўгоддзе 2017 года можна будзе падпісацца на "Новы Час" праз каталог РУП "Белпошта". Пра намер заключыць адпаведную дамову паведаміла і гэтая ўстанова. Падпісны індэкс і пра ўмовы падпіскі мы паведамім дадаткова.

Новы Час.


НЕЗАБЫЎНЫ ДЗЕНЬ

Мікалай Шыла

У жыцці кожнага чалавека ёсць многа ўспамінаў. Але з іх заўсёды бываюць успаміны, якія застаюцца на ўсё жыццё ў памяці, хвалюючыя і яскравыя, успаміны аб тым, што вызначыла ўвесь далейшы шлях жыцця. Хачу з вамі, чытачы, падзяліцца адным з гэткіх успамінаў, аб падзеях, удзельнікам якіх быў тады і я, аўтар гэтых радкоў.

Ідэя незалежнасці нашай Бацькаўшчыны Беларусі ў нашых галовах нарадзілася і развівалася яшчэ да рэвалюцыі 1917 г. На сходах, на мітынгах, у прыватных гутарках яна заўсёды высоўвалася, але ажыццявіць яе тады яшчэ не хапала ў нас сілы, а тыя аргументы, якія былі ў нашых руках, мы лічылі яшчэ недастатковымі. Супраціў быў вельмі вялікі з боку ўсіх небеларускіх элементаў, а асабліва расейцаў, якія ў Радзе БНР мелі сваіх прадстаўнікоў. Ды і сярод сябе мы мелі людзей, якія гаварылі, што яшчэ зарана падымаць гэтае пытанне, што трэба да яго добра падрыхтавацца, усебакова разгледзець, зважыць і ўпэўніцца.

Але праца ішла, не спынялася. Сеялася агітацыя, вялася прапаганда. Думка незалежнасці не сціхала, а дзе толькі была магчымасць пашыралася. Аўтару гэтых радкоў прыходзілася не адзін раз выступаць сярод расейскіх эсэраў, сярод жыдоўскіх партыяў (Поалей Сіон, Бунд), польскай ППС і літоўскай (апошняя падтрымлівала нас), не лічачы ўкраінцаў, якія ішлі з намі рука ў руку, плячо ў плячо.

Першы раз ідэя Незалежнасці выказалася на спатканні Новага Года, 1918: "Беларуская Хатка", апартаменты якой не маглі змясціць усіх ахвотных прыняць удзел у спатканні, была першым гмахам, дзе была ў вузкім кругу беларускага грамадства абвешчана незалежнасьць Беларусі. У часе навагодніх прывітанняў я на вялікім аркушы друкарскай паперы напісаў: "Няхай жыве Вольная, Незалежная, Непадзельная Беларусь!" і пусціў для подпісу. Мігам аркуш быў запоўнены подпісамі і рознымі патрыятычнымі лозунгамі. Варонка, Купала, Бядуля, Ядвігін Ш., Кудзелька, Галубок, Мамонька, Грыб, Смоліч, Рак-Міхайлоўскі, Ярушэвіч, Езавітаў, Жылка і шмат, шмат іншых, каля 70 асобаў былі ўдзельнікамі гэтае ўрачыстасці. Па тэлефоне прывіталі Я. Лёсіка і А. Гаруна з Новым Годам і паведамілі ім аб нашых подпісах. Яны ўмомант прыйшлі з свае кватэры і падпісаліся і прынялі ўдзел у агульным радасным святкаванні. Дакумент гэты забраў Я. Варонка, у якога ён, магчыма, і захоўваецца цяпер у Амерыцы.

24-га сакавіка 1918 года. 18-я гадзіна. З усіх бакоў Менска ў будынак на Захараўскай вуліцы сходзяцца сябры Рады БНР на чарговае паседжанне. На парадку дня адно пытанне: Абвешчанне Незалежнасці нашае Бацькаўшчыны Беларусі. У поўнай цішы Старшыня Рады БНР Язэп Лёсік адчыняе паседжанне. Усе радныя ў поўным зборы. Месцы для гасцей усе шчыльна запоўнены. Па выпаўненні фармальнасцяў раздаецца ўрачысты голас Старшыні Я. Лёсіка: "Слова для дакладу па адзіным пытанні сённяшняга парадку дня - абвешчання Незалежнасці Беларусі - мае радны Язэп Варонка".

Паліліся поўныя запалу і веры ў нашую будучыню словы дакладчыка. Па пералічэнні і разглядзе гістарычных этапаў нашага народа і нашае Бацькаўшчыны, ён пераходзіць да геаграфічнага напісання нашае Краіны, сцвярджаючы факт, што не гледзячы на шматвяковую няволю, наш народ захаваў сваю мову, культуру, звычаі і г. д. і што па свайму геаграфічнаму палажэнню мы творым асобную суцэльнасць. Бурнымі, доўганямоўкнучымі воплескамі спатыкае зала апошнія словы дакладчыка: "Няхай жыве Вольная, Незалежная ў Яе этнаграфічных межах, Непадзельная Беларусь!" "Няхай жыве Беларускі Народ!" "Няхай жывуць усе народы, насяляючыя Беларусь!" Зала гула.

Пасля кароткага перапынку пачаліся спрэчкі па дакладу. Усе беларускія партыі, як адна, злажылі дэкларацыі, падтрымліваючыя тэзы дакладчыка. З такімі ж дэкларацыямі выступілі прадстаўнікі жыдоўскіх палітычных партыяў Поалей Сіон і Бунду, у якіх яны ад імя сваіх партыяў заяўлялі, што Беларускі Народ мае поўнае права кіраваць сваім жыццём і пастанаўляць аб сваім лёсе. Супроць даклада выступілі расейскія кадэты і эсэры, матывуючы сваё становішча тым, што адарваўшыся ад Расеі, Беларусь можа ў віхры палітычных падзеяў загінуць. Іхнія цверджанні былі разбітыя выступаючымі сябрамі Рады. На гэтым месцы мушу адзначыць, што прадстаўнік польскае меншасці ад ППС, сп. Прыстар, у сваёй яскравай прамове выступіў супроць кадэтаў і эсэраў. "Даволі - казаў ён - вы душылі нас, палякоў, і даволі вам душыць беларусаў! Настала пара, каб усе народы сталі вольнымі і жылі паводле сваіх традыцыяў і звычаяў!" Выступала яшчэ шмат прамоўцаў, якія падтрымлівалі прапанову, уносілі свае папраўкі і заўвагі. Каля поўначы Старшыня Язэп Лёсік па прапанове спыняе спрэчкі і ўносіць прапазіцыю выбраць рэдакцыйную камісію, якая б апрацавала рэзалюцыю і Ўстаўную Грамату да Беларускага Народа. Прапанова аднагалосна прымаецца. Выбіраецца Камісія, у склад якой уваходзяць усе прадстаўнікі партыяў і групіровак. Абвяшчаецца перапынак на поўгадзіны. Камісія пачала працу, а радныя, разбіўшыся на групы, жыва дзеляцца ўражаннямі сходу. Званок. Радныя займаюць свае месцы. Урачыстая цішыня. Аб працы Рэдакцыйнай Камісіі дакладае радны Язэп Варонка. Паліліся велічныя словы рэзалюцыі і Ўстаўной Граматы па зале, каб потым рэхам разнесціся па Беларусі і па ўсяму свету. Бурныя, доўганямоўкнучыя воплескі і поклічы: "Няхай жыве Вольная Незалежная Беларусь!" - пракаціліся па яшчэ сонным Менску праз вокны і дзверы, як толькі скончыўся даклад Я. Варонкі. Пасля некаторых паправак пачынаецца паіменнае галасаванне. Хоць мы былі і ўпэўнены ў добрых выніках галасавання, але сэрца неяк трывожна забілася: хацелася, каб усе прысутныя, як адзін чалавек, злілі з намі свае галасы ў адзін магутны голас вольнага ад сённяшняга дня чалавека і нашай Вольнай Бацькаўшчыны, хацелася, каб усе тут прысутныя былі братамі роўнымі і аднолькавымі ў нашай Маці Беларусі. Урачыстая хвіліна пачынаецца галасаванне. І ў гэты ўрачысты мамэнт, калі аднагалосна была прынята Рэзалюцыя і была абвешчана Вольная Незалежная Дзяржава, у залу ўпалі першыя праменні ранняга сонца. Яно абліло вясеннім ясным святлом залу, у якой, як на Вялікдзень у часе хрыстосавання, усе радныя аб[д]ымаліся і цалаваліся ад радасці. І ў гэты мамэнт узышло Сонца Свабоды над нашай шматпакутнай Бацькаўшчынай.

Аўтарам тэксту быў "стары" беларускі дзеяч Мікалай Шыла. Яго прозвішча Янка Купала праславіў у "Тутэйшых", уклаўшы ў вусны аднаго з герояў наступныя словы:

«Беларусь, мая старонка,

Куток цемнаты.

Жыве Шыла, Грыб, Мамонька -

Будзеш жыць і ты»…

Удзельнік Усебеларускага З'езду, Шыла быў сакратаром Выканаўчага Камітэта Рады Усебеларускага З'езду. 19 сакавіка 1918 г. ён стаў радным БНР, а 24-25.03.1918 быў у ліку тых, хто прымаў 3-ю Устаўную Грамату. Выконваў абавязкі пісара Рады БНР.

Свае ўспаміны пра паседжанне Рады БНР 24-25 сакавіка 1918 г. Мікалай Шыла апублікаваў пад крыптанімам М. Ш. у 3-м нумары часопіса "Шляхам Жыцця" за 1947 г., то бок праз 29 гадоў пасля падзеі, якую ён апісвае.

У іншых мемуарыстаў і гісторыкаў шмат пытанняў да тэксту Шылы, да дакладнасці пададзенай інфармацыі, але ў чым усе мемуарысты салідарныя, дык гэта ў тым, што а 6-й раніцы, калі прымалася пастанова пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, узышло сонца. Таму можна больш-менш дакладна вызначыць не толькі гадзіну, але і хвіліну прыняцця гэтай гістарычнай пастановы.

Паводле А. Сідарэвіча.


Кніга Арлова - шчыт нашай Айчыны

Адна з галоўных падзей 500-годнасці беларускага кнігадруку адбылася ў сталіцы. Кніга Ул. Арлова і П. Татарнікава "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі" была прадстаўлена шырокай публіцы пасля шэрагу паспяховых аўтографсесій ў менскай "Акадэмкнізе". Імпрэза адбывалася ў галерэі партрэтаў князёў Радзівілаў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. На фоне выяваў Юрыя, Кшыштафа і Януша Радзівілаў слова ўзялі аўтары кнігі і яе рэдактар.

Як адзначыў рэдактар выдання, дырэктар выдавецтва "Тэхналогія" Зміцер Санько:

- Менавіта Уладзімір Арлоў зрабіў найбольшы ўнёсак у папулярызацыю айчыннай гісторыі за апошнія 30 гадоў. Яшчэ на пачатку 90-тых выйшла папулярная кніга "100 пытанняў і адказаў беларускай гісторыі", адным з аўатараў якой быў спадар Арлоў. Сумарны наклад яе складаў больш за паўмільёна паасобнікаў. Потым выходзіла кніга "Адкуль наш род," адрасаваная малодшым школьнікам, якая вытрымала 4 выданні, затым у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам была падрыхтавана кніга "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі," якая вытрымала 3 выданні. За ёй з'явілася "Краіна Беларусь", якая перавыдавалася на рускай і ангельскай мовах, а за ёй " Вялікае Княства Літоўскае" і, нарэшце, новая кніга. Усё гэта яскрава сведчыць пра велізарны унёсак шаноўнага аўтара ў надзвычай важную для нашага народа тэму. З часоў кніжнага буму 80-90-тых гадоў не было здарэння, каб па кнігу людзі стаялі ў чарзе па некалькі гадзін, што сведчыць пра прызнанне таленту Уладзіміра Арлова і вялікую цягу да ведаў па айчыннай гісторыі. Гэта кніга - шчыт нашай Айчыны, не ў фізічным сэнсе, а ў тым, калі мы яе засвойваем, то яна становіцца лепшай абаронай нашай краіны, чым ракетныя комплексы, танкі і самалёты.

Сам пісьменнік распавёў пра імпульсы, якія даюць штуршок для стварэння твора:

- Я пераканаўся, што як гісторык па адукацыі, я павінен напісаць кнігу для тых дзетак, якія будуць жыць у незалежнай Беларусі, даць ім новых герояў. Кніжка "Адкуль наш род" увайшла ў школьную праграму для пазакласнага чытання. Яна даўно стала рарытэтам, і я атрымліваў шмат лістоў з прапановай яе перавыдання. Працяглы час пісалася паэзія, проза, са Змітром Герасімовічам мы стваралі аб'ёмныя фаліянты. І вось настаў час працягнуць кнігу для дзяцей на новым мастацкім узроўні. Надышоў шчаслівы дзень знаёмства з Паўлам Татарнікавым, які бліскуча валодае гістарычнай тэмай. Калі доўгі час працуеш над кнігай, у якой шмат геніяльных асобаў, то надыходзіць момант, калі ты пачынаеш адчуваць метафізічна людзей розных эпох, - прызнаўся пісьменнік.

Поспех кнігі пераўзышоў чаканні аўтараў. Выйшла другое яе трохтысячнае выданне. За адну аўтографсесію даводзілася падпісваць па 300 кніг. Цікава было пазначаць імёны дзетак, якім яны падпісвалі кнігі. Сярод іх - Альгерды, Вітаўты, Францішкі, Дамінікі і Аліцыі. 18 кніг былі падпісаны Стэфаніям. Па аўтографы прыходзілі нашчадкі ўдзельнікаў паўстання К. Каліноўскага і нашчадкі Ігната Буйніцкага. Да поспеху прывяла не толькі плённая праца пісьменніка і мастака, але і змены, якія адбываюцца ў грамадстве. Усё больш беларусаў хоча мець сваю Айчыну, аднавіць каналы духоўнай повязі з продкамі, якія ўмацоваюць род, даюць сілу і энергію. Чытачы адзначаюць, што адчуваюць згустак энергіі, калі бяруць кнігу ў рукі.

Мастак Павел Татарнікаў - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за цыкл гістарычных партрэтаў "Брама вечнасці", адзін на Беларусі уладальнік двух залатых яблыкаў - найвышэйшай узнагароды Браціслаўскага б'енале кніжных ілюстратараў. З дзяцінства творца захапляўся выявамі рыцараў, старажытных замкаў. У кнізе - 65 партрэтаў, сярод іх -12 прадстаўнікоў роду Радзівілаў. У кнізе ёсць батальныя сцэны, рэканструкцыі гарадоў. Калі мастак працаваў над ілюстрацыямі, імкнуўся, каб яны падабаліся хлопцам, якія цікавяцца старажытнасцю.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Зміцер Санько; 2. Павел Татарнікаў і Ўладзімір Арлоў; 3. Уладзімір Арлоў падпісвае свае кнігі.


Дэпутацкія развагі па выніках дзейнасці ў акрузе

Адным з самых вострых пытанняў апошніх месяцаў аказалася выкананне Дэкрэта № 3. Гэты дэкрэт у чарговы раз падзяліў беларускае грамадства на тых, хто падтрымлівае дзеянні ўлады, і на тых, хто супраць. Таксама ёсць шмат людзей, хто выступае за неабходнасць гэтага заканадаўчага акта, але з пэўнымі дапрацоўкамі. Гэта прадстаўнікі мясцовай улады і дэпутаты ўсіх узроўняў, якія сутыкнуліся з практыкай яго выканання. Асноўная праблема, якая зварухнула ўсё грамадства, непрадуманасць механізма яго прымянення. Заканадаўчы акт павінен быць адназначным, каб на месцы прадстаўнікі органаў мясцовай улады не ламалі сабе галавы, хто падпадае пад дзеянне дэкрэта, каго вызваляць ад выплаты, якім чынам спаганяць выплаты з розных катэгорый грамадства і г.д. Гэта ўсё павінна быць выразна абазначана. Акрамя таго, перш чым накіроўваць лісты з патрабаваннем аплаціць падатак, варта было запрасіць людзей для гутаркі ў падатковую інспекцыю і высветліць усе абставіны. У цэлым, сітуацыя вакол дэкрэта выглядае наступным чынам.

Мы ўсе як грамадзяне краіны з'яўляемся падаткаплацельшчыкамі і мусім сплочваць падаткі, калі маем прыбытак. Так робіцца ва ўсім свеце. Разам з тым, ёсць пэўная група людзей, якія не хочуць выплочваць падаткі, нягледзячы на тое, што яны маюць даходы, часта немалыя, працуючы без афіцыйнага афармлення, або наўпрост утойваючы сапраўдны памер прыбыткаў. Менавіта на іх найперш і павінна было быць накіравана дзеянне дэкрэта.

Але ёсць іншыя групы жыхароў, якія трапілі пад дзеянне дэкрэта, і чыя жыццёвая сітуацыя выглядае зусім іначай. Так, шмат людзей як у вялікіх гарадах, так і ў вясковых населеных пунктах не маюць магчымасці ўладкавацца на працу па спецыяльнасці з больш-менш адэкватным з пункту гледжання сённяшняй эканамічнай сітуацыі заробкам, спрабуюць шукаць працу самастойна ці перабіваюцца нейкімі падпрацоўкамі. На біржы яны ў свой час не рэгістраваліся, бо не бачылі сэнсу, а сітуацыя на раённым узроўні дапаўняецца яшчэ і транспартнымі праблемамі - складанасцю (фінансавай у тым ліку) дабірацца да раённага цэнтра, каб рэгулярна адзначацца ці выконваць грамадскія працы.

Трэба назваць і традыцыйную для ўсіх грамадстваў катэгорыю так званых "хатніх гаспадынь". У некаторых сем'ях прыняты наступны парадак размеркавання абавязкаў: муж забяспечвае сям'ю фінансава, а жонка вядзе хатнюю гаспадарку, гадуе дзяцей, у тым ліку дапамагае ім у вучобе. Паводле дэкрэта яны павінны рабіць вызначаныя выплаты. Але ж мы забываемся на тое, што гэтыя жанчыны не карыстаюцца такім правам, як аплата бальнічнага, як правіла, дзеці ў такіх сем'ях хварэюць менш, а значыць, і тут ёсць эканомія бюджэтных сродкаў.

Неабходна асобна выдзеліць яшчэ адну значную групу жыхароў, якія падпадаюць пад дзеянне дэкрэта. Гэты тыя, хто працуе зрэдзь часу, ці не працуе зусім, бо мае алкагольную (ці наркатычную) залежнасць.

Адносіны і падыходы да кожнай з гэтых (не ўсіх, а толькі асноўных) груп не могуць быць аднолькавымі.

Так, у першым выпадку выяўляць людзей, якія не жадаюць аплочваць падаткі з сваіх даходаў, але карыстаюцца рознымі правамі, набываюць даволі дарагія рэчы, будуюць шыкоўныя дамы - найпершая задача падатковай інспекцыі. І так робіцца ва ўсім свеце. Мала таго, у перспектыве варта прадугледзець падатак на багацце, які ўвесці, напрыклад, калі прыбытак складае, умоўна кажучы, 1 млн долараў. Гэта пытанне дыскусійнае, але ж сусветная практыка сведчыць менавіта пра такі падыход як найбольш адпаведны для ўстойлівага развіцця краіны і прадухілення вялікага разрыву паміж багатымі і беднымі.

Што датычыць іншых груп, то да іх павінна быць і іншае стаўленне. Так, у нашай краіне яшчэ зусім нядаўна жанчына мела права не працаваць да 14-гадовага ўзросту дзіцяці. Зразумела, што выплатаў у ФСЗАН няма, адлічэнняў няма, таму пенсія з фонду ў перспектыве невялікая, хоць у жыцці можа быць па-рознаму. І бывае, што жанчына можа паспець рэалізавацца ў прафесійным плане і ў больш сталым узросце з высокім заробкам. Як на маю думку, дэкларуючы сацыяльную скіраванасць дзяржавы, варта для гэтай катэгорыі пакінуць менавіта такі парадак рэчаў: даць магчымасць тым, хто жадае, займацца хатняй гаспадаркай да дасягнення дзецьмі ўзросту 14-ці гадоў. Гэта норма ў свой час была ўведзена, бо менавіта да 14 гадоў маці давалі бальнічны па догляду за дзіцем.

Для тых, хто спрабуе, але не можа самастойна знайсці працу, трэба прадугледзець механізм самазанятасці, як гэта дзейнічае ў выпадку з рамеснікамі і фатографамі, што выплочваюць вызначаны фіксаваны падатак на права займацца дзейнасцю і аказваць адпаведныя паслугі. Ва ўмовах сучаснай эканамічнай сітуацыі і ў сілу асабістых абставін не кожны чалавек можа зарэгістраваць ІП, прафесійна весці бухгалтэрыю і іншую дакументацыю, але можа аказваць паслугі рознага характару: рамантаваць аўто, працаваць цырульнікам дома, дапамагаць у апрацоўцы зямельных надзелаў і г.д. Такіх людзей трэба заахвоціць урэгуляваць адносіны з дзяржавай прымальным даступным спосабам.

Датычна групы людзей, якія маюць алкагольную залежнасць. Гэта адно з самых балючых пытанняў як асабістага, так і агульнадзяржаўнага маштабу. Некалькі гадоў таму мой папярэднік ў Палаце прадстаўнікоў Мікалай Міхайлавіч Іванчанка правёў у нашай выбарчай акрузе значную працу, звязаную з праблемай алкагалізацыі насельніцтва. Адбылося паседжанне круглага стала, вынікі былі агучаны ў Палаце прадстаўнікоў, сфармуляваны досыць радыкальныя прапановы ўраду краіны. На жаль, не дайшла справа да парламенцкіх слуханняў па гэтай тэме, незацікаўленыя чыноўнікі з розных ведамстваў пачалі блакаваць ініцыятыву, і ўсё засталося на тым жа месцы.

Сёння, у адпаведнасці з Дэкрэтам № 3 шматлікая колькасць алкагольназалежных людзей знаходзіцца ў спісе непадаткаплацельшчыкаў, верагоднасць іх паспяховага працаўладкавання і сацыялізацыі мізэрная. Мала таго, значная сума расходаў выпадае на абслугоўванне іх у медыцынскіх установах, дзяцей з такіх сем'яў забіраюць у прытулкі, што зноў жа цягне за сабой расходы з бюджэту, на глебе сацыяльнай неўладкаванасці адбываюцца крымінальныя здарэнні і г.д. Таму, на маю думку, з улікам дзейнасці Дэкрэта № 3 трэба вярнуцца да згаданых вышэй дакументаў, якія былі напрацаваны ў плане дэалкагалізацыі насельніцтва нашай краіны. Фактычна, мы мусім прыняць агульнадзяржаўную праграму, каб спыніць працэс поўнага разбурэння вясковага побыту і ўцягванне моладзі ў багну алкагалізму. (Акцэнтую менавіта на вяскоўцах, бо ў апошнія гады пашыраецца тэндэнцыя да перасялення адзінокіх алкагольназалежных людзей з гарадоў менавіта ў вёскі, але праграма павінна распаўсюджвацца на гэту мэтавую групу па ўсёй краіне.) А пасля распрацоўкі апрабаваць яе варта ў нейкім асобным раёне з мэтай удасканалення.

Безумоўна, я не пералічыла ўсе магчымыя варыянты жыццёвых сітуацый, бо ёсць яшчэ людзі, якія ажыццяўляюць догляд за састарэлымі бацькамі ці адзінокімі сваякамі, за паўналетнімі дзецьмі-інвалідамі і г.д., але не афармлялі гэта афіцыйна. І гэта трэба прадугледзець у адпаведным заканадаўчым акце, маючы сёння досвед яго прымянення. Зразумела, што можна было б пазбегнуць непатрэбнай канфрантацыі ў грамадстве, калі б у свой час апрабавалі дзеянне дэкрэта ў адным ці некалькіх раёнах. А пасля ўнеслі неабходныя карэктывы. Зробленага не вернеш, але высновы рабіць трэба, каб не паўтараць такіх памылак і надалей.

Што яшчэ хачу адзначыць з непасрэднага ўдзелу ў дзейнасці камісіі па вырашэнні пытанняў, звязаных з выкананнем Дэкрэта № 3, гэта значную працу па ўдасканаленні базы звестак па грамадзянах, удакладненні іх месцазнаходжання і фактычнай ацэнцы іх маёмаснага становішча, якую праводзяць дэпутаты мясцовых Саветаў сумесна з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Другое, што варта прызнаць як станоўчы факт: члены камісіі (не ўсе, але большасць) становяцца на бок грамадзян і вызваляюць ад выплаты збору, калі ёсць заява і любая нагода аб прызнанні цяжкіх жыццёвых абставін. Тым самым, менавіта на мясцовым узроўні можа адбыцца аднаўленне даверу да ўлады, калі ёсць разуменне сітуацыі, падтрымка людзей, дапамога ў іх сацыялізацыі і працаўладкаванні. Калі ж падчас гэтай справы будуць адбывацца несправядлівыя рэчы, кшталту пратэкцыянізму, ці неабгрунтаванага ўціску, то гэта толькі паглыбіць тую расколіну, якая сёння назіраецца ў нашым грамадстве. У цэлым гэты сацыяльны выбух, які даўно выспяваў і час ад часу пра сябе нагадваў, падштурхоўвае да асэнсавання таго, што трэба мяняць унутраную палітыку з мэтай забеспячэння элементарных правоў людзей, у тым ліку права на свабоду слова. Гэта тэма для далейшых развагаў і абмеркаванняў на ўсіх узроўнях: ад мясцовага да агульнадзяржаўнага. Калі ўлада хоча весці дыялог, яна павінна навучыцца паважаць людзей, слухаць і чуць іх.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 Алена Анісім.


Каб не згінула мова

У Баранавіцкім раёне апошнюю вялікую беларускамоўную школу збіраюцца перавесці на рускую мову навучання.

Гэта мае адбыцца ў пасёлку Жамчужны. Звесткі аб тым, што школа можа змяніць свой статус, у Баранавіцкую арганізацыю Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны паступалі ўжо даўно. Грунтаваліся яны на тым, што нібыта нехта з бацькоў вучняў гэтай школы (хто канкрэтна-чыноўнікі ад адукацыі сказаць адмаўляюцца), звярнуўся да дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяны Якубовіч з прапановай перавесці школу на рускую мову навучання. Якубовіч, па атрыманай інфармацыі, адрэагавала на прапанову такім чынам: яна патэлефанавала ў аддзел адукацыі райвыканкама і прапанавала "правесці даследванне сітуацыі". У выніку усім вучням раздалі анкеты ( 600 анкет). Праз тыдзень іх сабралі. Канкрэтныя лічбы вынікаў даследвання сябрам ТБМ раённае кіраўніцтва агучыць адмовілася, робячы з гэтага сакрэт. Удалося даведацца толькі тое, што самыя старэйшыя класы ў асноўным за беларускую мову, а дзеткі з малодшых (ці іх бацькі) - за рускую.

Як вядома, беларускія школы заўсёды пераводзіліся ў рускія па адной прычыне - адсутнасці вышэйшай беларускамоўнай адукацыі на дзяржаўным узроўні, адсутнасць у краіне нацыянальных ВНУ, дзе выкладанне прадметаў вялося б па-беларуску.

Сябры Баранавіцкай Рады ТБМ наведалі Жамчужненскую сярэднюю школу і аддзел адукацыі Баранавіцкага райвыканкама. Там пацвердзілі інфармацыю, што школа ў пасёлку Жамчужным - апошняя вялікая беларускамоўная ў раёне. Настаўнікі школы і яе кіраўніцтва нібыта не супраць працягваць выкладанне на мове тытульнай нацыі. Тым больш здзіўляе падыход чынавенства ўвогуле ўздымаць пытанне аб тым, каб зрабіць гэту школу рускамоўнай. Асабліва калі ўлічыць, што апошнім часам у Беларусі звяртаецца больш увагі, на тое, каб родная мова тут гучала часцей - на трэцім нацыянальным тэлеканале яна гучыць пастаянна, на беларускай мове ідуць аб'явы на вакзалах і ў грамадскім транспарце.

Сябры ТБМ з Баранавіч у сувязі з такой сітуацыяй звярнуліся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Леаніда Цупрыка і паведамілі яму аб магчымым пераводзе Жамчужніцкай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна з беларускай на расейскамоўную адукацыю, падкрэсліўшы пры гэтым, што іх хвалюе гэтае пытанне, таму што ў краіне вельмі малы ахоп школьніцтва беларускамоўнай сярэдняй адукацыяй. Яны дакладна просяць дэпутата аб наступным:

- дапамагчы ў правядзенні працы з аддзелам адукацыі і бацькамі, каб школа засталася беларускамоўнай.

Рада ТБМ лічыць, што ў дадзеных умовах апытання бацькоў нельга праводзіць, папярэдне не правёўшы з імі тлумачальную працу, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што ў незалежнай Беларусі будзе абавязкова ўдзяляцца большая ўвага роднай мове, што ў перспектыве - стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта і іншых беларускамоўных вышэйшых навучальных установаў. Сябры Рады выказалі надзею на тое, што дапамогу ў іх стварэнні акажуць і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Рада лічыць, што ліквідацыя вялікай беларускамоўнай школы ў раёне - яшчэ адзін крок да страты суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, асабліва ў святле апошніх падзеяў, таму што незалежнасць краіны - гэта найперш захаванне мовы і культуры.

Сябры ТБМ просяць дэпутата выйсці з гэтымі прапановамі ў Палаце прадстаўнікоў (разам з Аленай Анісім і іншымі) і спрыяць прыняццю закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і ўнясенні зменаў у "Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь", якія забяспечаць сапраўдную роўнасць дзвюх дзяржаўных моў.

Да звароту на імя Леаніда Цупрыка прыкладзены ліст у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь і адказ на яго сакратарыята Канстытуцыйнага суда, у якім маюцца рэкамендацыі Канстытуцыйнага суда - звярнуцца да дэпутацкага корпуса, як заканадаўцаў, з пытаннямі, што тычацца выкарыстання мовы тытульнай нацыі ў краіне.

Мікола Падгайскі , старшыня Рады ТБМ г. Баранавічы.


Падарунак Менску ад Ліды

ААТ "Лідскае піва" прэзентавала "Менскае 1067" - першы гатунак з лімітаванай лінейкі "Менскае". Новы прадукт - прысвячэнне 950-годдзю Менска. Аўтар трох гатункаў - галоўны півавар кампаніі Алег Малахаў.

Першая партыя новага прадукту з'явілася на паліцах крам 27 сакавіка 2017 года. Рэкамендаваная цана - 1 рубель 56 капеек за 0,5 літра ў шкляной бутэльцы. Таксама "Менскае" з сярэдзіны красавіка можна будзе набыць у ПЭТ-упакоўцы 1,0 л і алюмініевай бляшанцы 0,5 л.

Піва застанецца ў партфелі кампаніі на працягу ўсяго юбілейнага для Менска 2017 года. Астатнія гатункі паэтапна з'явяцца на паліцах крам цягам вясны і будуць пададзены на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

natalia.efimkina@lidskoe.by


Сустрэча Пасла Беларусі ў Германіі Д. Сідарэнкі са старшынём ландтага Саксоніі

Навіны Германіі

14 сакавіка 2017 г. па запрашэнні старшыні ландтага федэральнай зямлі Саксонія Маціяса Рослера адбылася працоўная паездка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у ФРГ Дзяніса Сідарэнкі ў г. Дрэздан.

Падчас сустрэчы з М. Рослерам былі абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і федэральнай зямлі Саксонія, у тым ліку ў эканамічнай, інвестыцыйнай і адукацыйнай сферах, пытанні рэгіянальнага парадку дня, а таксама міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

У рамках візіту ў г. Дрэздан Д. Сідарэнка таксама сустрэўся з дзяржаўным міністрам юстыцыі федэральнай зямлі Саксонія Себасцьянам Гемкавым, выступіў перад чальцамі Парламенцкага форума краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы саксонскага ландтага.

Прэс-служба Пасольства Германіі.


Агульнанацыянальная дыктоўка ў Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска

16 сакавіка ў бібліятэцы імя Францішка Багушэвіча ў Менску прайшла Агульнанацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі. Дыктоўку правяла Фрунзенская раённая арганізацыя ТБМ г. Менска. У дыктоўцы, апрача сяброў ТБМ, удзельнічалі і навучэнцы педагагічнага каледжа. Браў удзел у ёй і беларускі паэт Яўген Гучок, які прачытаў некалькі сваіх вершаў.

Тэкст дыктоўкі быў прысвечаны Францішку Скарыну. Вёў дыктоўку Алесь Чэчат - педагог, сябар Рады ТБМ. Перад пачаткам дыктоўкі старшыня арганізацыі Павел Чайкоўскі звярнуў увагу на тое, што неўзабаве па Вялікадні надыдзе Радаўніца, калі ўсе наведваюць могілкі і памінаюць продкаў, аднак мала хто пры гэтым заўважае, што пашана да роднай мовы і пашана да памяці продкаў ёсць рэчы неадлучныя адна ад адной, што трэба заўсёды мець на ўвазе.

Пасля дыктоўкі Кірыл Шык правёў віктарыну, прысвечаную беларускаму кнігадрукаванню. Найбольш актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі" - часопісы "Дзеяслоў", адна з удзельніц атрымала спецыяльны прыз - беларускі дыск. Усе ўдзельнікі дыктоўкі атрымалі падарункі - кніжныя закладкі ад грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусаміі".

Павел Чайкоўскі, г. Менск .


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў красавіку

Абакунчык Галіна Абрамовіч Віталь Мар'янавіч Адынец Сяргей Аксак (Арлова) Валянціна Ів. Аляксандраў Уладзімір Леан. Аляхновіч Андрэй Пятровіч Анацка Дзмітры Юр'евіч Андрэенка Таццяна Пятроўна Апяцёнак Мікалай Мікалаевіч Арабей Віталь Генадзьевіч Арлоў Сяргей Аляксеевіч Арэп'ева Вольга Генадзьеўна Асіеўская Крысціна Эрнест. Астапенка Аляксандр Астапеня Рыгор Яўгенавіч Астраўцоў Сяргей Аляксанд. Атрашэнка Сяргей Нікіфар. Аўшукоў Леанід Аляксандр. Ашурык Андрэй Міхайлавіч Багдановіч Юры Уладзіміравіч Базнікін Юры Іванавіч Балушэўская Ірына Бандарэнка Зінаіда Аляксандр. Бараноўская Вольга Аляксан. Бараноўскі Ўладзімір Мікал. Барскі Віктар Яўгенавіч Барысевіч Даніла Андрэевіч Басякова Аліна Болтак Аляксандр Брылеўская Наталля Міхайл. Будай Людміла Булатоўскі Арцём Ігаравіч Бульянкова Яніна Быль Віталь Анатольевіч Вайцаховіч Зінаіда Афанас. Вайцаховіч Эдуард Антонавіч Вайцяховіч Марыя Вакар Людміла Ўладзіміраўна Валадзько Вадзім Пятровіч Валынец Алена Варган Віталь Васільеў Павел Аляксеевіч Васількоў Віталь Рыгоравіч Ваўкавец Яўген Вераб'ёў Віталь Вінаградаў Дзмітры Мікал. Вінаградаў Павел Юр'евіч Войкель Павел Анатольевіч Воўкава Вікторыя Анатол. Вярбоўская Ірына Леанідаўна Гагалінская Людміла Гаеўская Аляксандра Рамуал. Гапановіч Іван Гарадовіч Ала Леанідаўна Гардынец Лідзія Міхайлаўна Гарэлікава Тамара Пятроўна Гасюк Марына Гладкая Анастасія Мікалаеўна Гоеўская Алеся Грыгаркевіч Вадзім Юр'евіч Грынявецкая Надзея Канстан. Грынявіцкі Юры Анатольевіч Грыцкевіч Аляксандра Алякс. Гуркова Аніта Гражына Аляк. Гучак Вольга Ўладзіміраўна Дайлід Павел Канстанцінавіч Дарафейчык Ганна Дарога Мікалай Філіпавіч Даўгашэй Галіна Аляксандр. Дземідзенка Анастасія Алякс. Дзенісевіч Ніна Дзінгілеўскі Віталь Віктаравіч Дзьячкоў Алег Уладзіміравіч Дзябёлая Алена Віктараўна Дзягілева Галіна Дзям'яненка Алесь Мікалаевіч Дзяргач Галіна Іванаўна Доўкша Ірына Драйліх Алена Ўладзіміраўна Дубіцкая Сцяпаніда Дулько Вольга Дундалевіч Людміла Ельяшэвіч Ірына Ермаловіч Канстанцін Уладзім. Жукаў Вітаўт В. Заблоцкі Максім Мікалаевіч Завадская Алена Міхайлаўна Занкевіч Вольга Захарэвіч Алена Міхайлаўна Зверава Тамара Мікалаеўна Звярок Андрэй Сяргеевіч Зелянеўская Аксана Міхайл. Зіноўева Святлана Зуева Ларыса Алегаўна Іванова Ніна Іваноў Ігар Віктаравіч Івашчанка Аляксандр Анатол. Ільніцкі Кірыла Ільючык Мікалай Антонавіч Іотчанка Настасся Аляксееўна Іўчына Таццяна Сяргееўна Кабзар Анатоль Ігаравіч Кадушкевіч Іван Антонавіч Казакевіч Юры Аляксандр. Казловіч Алена Казмерчак Ігар Міхайлавіч Каляда Наталля Васільеўна Камлюк Алесь Антонавіч Канановіч Аляксандр Алякс. Канапацкі Вадзім Караленя Жанна Сямёнаўна Карлінская Тамара Іванаўна Карповіч Алесь Аляксандр. Касая Ганна Кастусёў Рыгор Андрэевіч Кацэвіч Ірына Мікалаеўна Качан Алена Станіславаўна Кашалькова Марыя Якаўлеўна Кашэль Кастусь Кісялёва Святлана Клішэвіч Ігар Уладзіміравіч Кніт Уладзімір Міхайлавіч Краснасельскі Дзяніс Красоўская Наталля Леанід. Крэцкі Віталь Кузьміна Дар'я Міхайлаўна Кузняцоў Канстанцін Канст. Кулак Віктар Уладзіміравіч Кулаковіч Уладзімір Уладзім. Кульбака Аляксандр Пятровіч Курэпін Мікіта Кусянкова Любоў Яўгенаўна Лавіцкі Мікалай Емельянавіч Лакуцін Сяргей Дзмітрыевіч Лапуць Ірына Сяргееўна Лапцік Таццяна Яўгенаўна Латушка Раман Андрэевіч Леановіч Аляксандра Леванцэвіч Лена Васільеўна Лепушэнка Максім Алегавіч Леўчанка Ганна Паўлаўна Лісай Генадзь Станіслававіч Літвіноўская Алеся Генадз. Лічко Ўладзімір Яўгенавіч Лука Алена Вячаславаўна Лукашэвіч Юры Аляксандр. Лысая Наталля Львова Ганна Леанідаўна Ляхоцкая Алена Ляшчоў Віктар Максімовіч Кацярына Малец Надзея Малічэўскі Павал Віктаравіч Мамантава Любоў Манкус Артур Эдуардавіч Манкус Канстанцін Віктаравіч Манько Алеся Маразюк Анатоль Васільевіч Марачкіна Ірына Леанідаўна Марозава Наталля Анатол. Марчук Дзмітры Іванавіч Маслюкоў Тэльман Віктаравіч Матвеева Ганна Мацвеева Таццяна Віктараўна Мацельскі Міхась Альфрэд. Мельнікава Ала Міцкевіч Вольга Ўладзімір. Міцынская Валянціна Алякс. Мішур Юльяна Дзмітрыеўна Нагорная Аліна Аляксандр. Несцяровіч Антаніна Андр. Несцярук Аркадзь Вітальевіч Падэнка Наталля Анатольеўна Пазнухова Васіліса Міхайл. Паклонская Людміла Панкоў С.А. Паплаўны Анатоль Уладзім. Папоў Ігар Селівёрставіч Пархімчык Віктар Віктаравіч Парэчына Зінаіда Паўлаўна Пастухоў Міхал Іванавіч Пашук Таццяна Дзмітрыеўна Петрашэвіч Арцём Плахатнюк Святлана Паўлаўна Пракаповіч Георгі Дзмітрыевіч Пушкіна Яніна Аляксандраўна Пшанічны Юры Рыгоравіч Пяткевіч Дзяніс Пятроўская Лізавета Рабецкая Таццяна Юр'еўна Райчонак Ада Эльеўна Раманчук Раіса Міхайлаўна Рудакоў Алег Васільевіч Русецкі Сяргей Васільевіч Савельева Таццяна Анатол. Савіч Валер Уладзіміравіч Сакалоў Юры Аляксандравіч Сакалоўская Вераніка Пятр. Сакалуха Алесь Іванавіч Саладкевіч Ганна Міхайлаўна Сацута Іван Уладзіміравіч Северцаў Мікалай Аляксандр. Селуянава Ала Сівук Кацярына Сідараў Сяргей Сільнова Людміла Данілаўна Сіўковіч Валянціна Мікал. Скакоўская Марыя Вітальеўна Скідан Аляксандр Пятровіч Снапкоўскі Сяргей Уладзімір. Соркіна Іна Валер'еўна Станіславенка Ганна Рыгор. Статкевіч Андрэй Ігаравіч Сташулёнак Іван Іванавіч Стрыжак Андрэй Сяргеевіч Стрэцскене Валянціна Канст. Сугак Вадзім Канстанцінавіч Сулецкая Ніна Андрэеўна Сцяпук Валянціна Андрэеўна Сыцько Кірыл Валер'евіч Сяцко Таццяна Сяргееўна Таболіч Алена Ўладзіміраўна Талпека Дзмітры Міхайлавіч Тарарака Алена Труноў Віктар Іванавіч Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч Усціновіч Юры Федуковіч Вольга Мікалаеўна Фейгіна Сафія Георгіеўна Філіпчанка Дзяніс Уладзімір. Фінагенаў Антон Аляксандр. Фурс Антон Віктаравіч Фэйгіна Сафія Георгіеўна Фясенка Іван Іванавіч Хаданёнак Марыя Іванаўна Хадаровіч Ганна Ўладзімір. Хальманцэвіч Сяргей Анатол. Хільмановіч Уладзімір Іван. Хлапянюк Наталля Андрэеўна Царук Юлія Целеш Лявон Сцяпанавіч Цехановіч Зміцер Цімохіна Марыя Максімаўна Ціханаў Максім Віктаравіч Цярохін Уладзімір Станіслав. Цярэшка Васіль Яўгенавіч Чабатарэўская Тамара Мацв. Чаеўская Ала Канстанцінаўна Чарняўская Святлана Сярг. Чарняўскі Міхаіл Давыдавіч Чарткоў Алег Алегавіч Чырвонцава Вікторыя Мікіт. Чырэц Дзмітры Аркадзьевіч Чэбатарэўская Тамара Мацв. Шапялевіч Валянціна Рыгор. Шаўра Юры Міхайлавіч Шаўцоў Раман Ігаравіч Шашкель Ніка Пятроўна Шкобрава Вольга Піліпаўна Шук Надзея Шумчык Франц Станіслававіч Шут Павел Васільевіч Шчукін Міхаіл Уладзіміравіч Шчыракова Ларыса Шэвяка Аляксандр Пятровіч Юржыц Святлана Леанідаўна Юржыц Уладзімір Генадзьевіч Яблонскі Зміцер Міхайлавіч Яловік Павел Ірэніюшавіч Ярмоленка Васіль Сцяпанавіч Яфімовіч Юлія Паўлаўна Яцэнка Вольга


25 сакавіка 1992 г. "Нулявы" нумар "Пагоні"

Сціраецца з памяці, што кароткі час у нас была дзяржаўным гербам любімая Пагоня. Рыцар на кані з мячом. 22 гады мінулі.

Газета "Пагоня" праіснавала болей, але даўно і яе няма. А 25 сакавіка дата - 25 год, як яна з'явілася на свет. Гістарычная, можна сказаць, падзея тады адбылася.

"Пагоня" выйшла са сцен абласной "Гродзенскай праўды". Яшчэ дакладней: з пакоя шчучынскай раёнкі "Савецкая вёска", якая на хвалі адраджэння стала называцца "Дзянніцай". У чатырохпавярховым будынку абласной газеты наймалі пакоі для тэхнічных спраў дзве раённыя. У Вялікай Бераставіцы і Шчучыне закрылі друкарні. Яны існавалі пры раёнках і абсталяванне мелі ледзь не з партызанскіх атрадаў. Абкам партыі вырашыў наклад вырабляць у Гародні ў абласной друкарні.

Выпускаючым шчучынскай раёнкі быў Міхась Карневіч, на ягоным стале намі вычытваліся гранкі з друкарні, якую з будынкам рэакцыі злучаў пераход. Я знайшоў у сваіх паперах чатыры здымкі, якія адлюстроўваюць падзею. Тры друкуюцца ўпершыню. Адзін зроблены ў пакоі "Дзянніцы", злева направа Міхась Карневіч, Мікола Маркевіч і Алена Раўбецкая, яна пазней рэдагавала газету "Биржа Информации".

Мы з Раўбецкай працавалі ў аддзеле навін і сацыяльных праблем "Гродзенскай праўды", Маркевіч - у прамысловым. Уласна кажучы, з'яўляўся толькі ад часу да часу, быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савета, у фракцыі БНФ.

Газету пад назвай "Пагоня" Маркевіч зарэгістраваў яшчэ пры СССР. Яшчэ да таго, як Пагоня стала дзяржаўным гербам. Але наступіў 1992-гі, а самога выдання не было, толькі пасведчанне аб рэгістрацыі.

Гэта была газета-экспромт. Усё рабілася ў апошні момант. Зрэшты, газета ёсць газета. Размовы, будаванне паветраных замкаў - усё гэта было задоўга да 25 сакавіка. Але абавязкова павінны быць больш-менш свежыя навіны. Напісаць усё, падрыхтаваць нумар за месяц - два было немагчыма.

Хаця сам я прапанаваў для пачатковага выпуску "тавар" з пэўным тэрмінам захавання. "Лютаўска-сакавіцкія зацемкі" і апавяданне "25 сакавіка" - на апошнюю старонку. Пад псеўданімам. Апавяданне гэтае потым апынулася ў маёй кнізе "Цэнзарскія нажніцы".

Што яшчэ было больш-менш загадзя падрыхтавана, дык гэта газетная шыльда. На пасе - светла-заштрыхавана-светлым быў змешчаны герб з конным рыцарам на шчыце. Наш дзяржаўны! І сама назва газеты - "Пагоня".

"Жыве Беларусь!" - аптымістычна напісалі мы зверху.

Гэта быў "нулявы" нумар, пробны, так і было пазначана пад шыльдай.

Закрыў газету гаспадарчы суд пры канцы 2001 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Алесь Астравец.


Беларусы адзначылі Дзень Волі

У Вільні маліліся за Беларусь

26 сакавіка ў беларускім касцёле святога Барталамея на Зарэччы маліліся за Беларусь і беларусаў, і за ўсіх затрыманых на акцыях - у Менску ды рэгіёнах. Па-беларуску ў Вільні маліліся таксама за заснавальнікаў БНР і Незалежнасць Беларусі. Імша скончылася сумесным спевам гімну "Магутны Божа".


У Беластоку годна адзначылі Дзень Волі

Дзень Волі адзначылі ў Беластоку. Беларускі саюз у Польшчы, Аб'яднанне бацькоў АББА і Беларускае аб'яднанне студэнтаў арганізавалі мерапрыемства ў клубе "Змяна клімату". Святкаваць прыйшло некалькі дзесяткаў беларусаў. Традыцыйныя букеты бел-чырвона-белых кветак за працу на карысць і прамоцыю беларускай меншасці ў Польшчы атрымалі прафесар Алег Латышонак і Славамір Іванюк суаўтары кнігі "Гісторыя беларусаў Падляшша", а таксама Славамір Назарук, радны гарадской управы горада Беласток.

Барбара Пякарская:

- Гэта больш для мяне свята духоўнае. Хачу сказаць, што, я хацела б, каб Беларусь была незалежнаю, дзе б я не жыла. Але гэта і свята беларускасці ўвогуле.

Яўген Вапа:

- Зараз у Беларусі ёсць арышты, затрыманні. І гэта свята, якое нам кажа - варта быць незалежнымі.


Дзень Волі ў Гайнаўцы

Мясцовы Беларускі музей запоўнены людзьмі, якія святкуюць угодкі Дня Волі. Пра свой праект "Беларускі Беласток" расказаў супрацоўнік Беларускага Радыё Рацыя Аляксей Трубкін, дэманстравалі таксама фільм Вольгі Дзяшук "Партрэт", вытворчасці тэлеканала "Белсат". "Гэта сапраўднае беларускае свята Гайнаўскай зямлі", - кажуць ўдзельнікі мерапрыемстваў:

- Перадусім трэба паказаць, што мы, беларусы, і помнім, што ёсць такі дзень, і трэба яго святкаваць.

- Я прыехала з Бельска. Я першы раз на гэтым свяце. Вельмі важна, каб мы адзначалі гэты дзень.

- Дзень Волі вельмі важны ў гэтым годзе, асабліва з пункту гледжання пратэстаў, якія адбываюцца ў Беларусі.

- Мы проста адзначаем гэтае свята, бо гэта незалежнасць нашай Радзімы.

У рамках угодкаў Дня Волі прайшоў таксама канцэрт Віктара Шалкевіча.


Бельскі белліцэй адсвяткаваў Дзень Волі

Беларускі турнір першакласнікаў, дзе трэба было заспяваць гімн школы "Люблю наш край" ці хаця б паказаць сцэнку на беларускай мове ды прэзентацыя беларускіх страў, падрыхтаваных другакласнікамі - так ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім адзначыў Дзень Волі. Паводле настаўніка гісторыі Уладзіміра Вавульскага, святкаванні ў такім выглядзе найлепш трапляюць да моладзі.


Многія з вучняў былі ў адзенні з беларускай сімволікай. На сценах - бел-чырвона-белыя сцягі ды Пагоня. 25 сакавіка для вучняў - выхадны дзень, таму Дзень Волі адзначылі 21 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя.


Дзень Волі ў Воранаве і Лідзе

25 сакавіка грамадскія актывісты з Ліды і Бярозаўкі па даўняй традыцыі ўсклалі кветкі і запалілі зніч на магіле міністра абароны БНР генерала Кіпрыяна Кандратовіча, што ў Воранаве на царкоўным пляцы.

У Лідзе быў запалены зніч на магілах дзеячоў Беларускай Незалежніцкай Партыі на праваслаўных могілках па вул. Савецкай (каля Лідсельмаша).

Гэтая традыцыя не парушаецца многія годы.

Наш кар.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

3. Францыя ў Х-ХІІІ стст.

У X ст. у Францыі за каралеўскую ўладу змагаліся дзве феадальныя групоўкі. Гэта былі нашчадкі Карла Вялікага, або Каралінгі, і нашчадкі графа Эдо , які ў канцы IX ст. быў французскім каралём. У змаганні паміж імі перамаглі прыхільнікі з групы Эдо. З іх кола каралём Францыі абралі Гуга Капета , які заснаваў новую каралеўскую дынастыю Капетынгаў . Феадалы, якія абралі Капета каралём, не прынеслі яму феадальную прысягу вернасці, і таму яго ўлада была фармальнай. Нават у каралеўскім дамене васалы не заўжды слухаліся свайго караля, і з гэтай прычыны першыя Капетынгі мусілі ваяваць са сваімі васаламі, падпарадкоўваць іх сабе.

Каб умацаваць сваю ўладу, каралі і іншыя буйныя феадалы абапіраліся на падтрымку гарадоў. Гараджане давалі ім грошы, каб тыя забяспечылі для рамеснікаў і купцоў бяспечныя гандлёвыя шляхі і ўнутраны парадак у краіне. З мэтай дапамогі гараджанам кароль ці іншы магнат будаваў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў мураваныя замкі, дзе былі рыцарскія атрады, што абаранялі мясцовых жыхароў ад рабаўнікоў і злачынцаў.

У сярэдзіне ХІІ ст. кароль Людовік VI навёў поўны парадак у сваім дамене і пачаў пашыраць свае валоданні за кошт іншых феадалаў - суседзяў. Але на шляху аб'яднання Францыі галоўнай перашкодай сталі англійскія каралі з дынастыі Плантагенетаў. Рэч у тым, што ў сярэдзіне XII ст. буйны французскі магнат Генрых Плантагенет стаў каралём Англіі, а яго французскі дамен быў большы за дамен Людовіка VI. Аднак аб'яднанне Францыі, якая складалася з 14 даменаў, у пачатку XIII ст. завяршыў кароль Філіп II Аўгуст з дынастыі Капетынгаў. Ён спачатку павялічыў свой дамен, а потым захапіў і французскія землі Плантагенетаў. У руках англійскіх каралёў засталася толькі частка французскага ўзбярэжжа на поўначы краіны. У пачатку XIV ст. французскія каралі валодалі трыма чвэрцямі сучаснай тэрыторыі Францыі.

4. Германія ў Х-ХІІІ стст. Стварэнне Свяшчэннай Рымскай імнерыі нямецкага народа

У пачатку X ст. сітуацыя ў Германіі была вельмі складанай. На германскія землі на поўначы нападалі нарманы, на ўсходзе - палабскія славяне, на паўднёвым усходзе - венгры. Самымі спусташальнымі набегамі былі венгерскія.

З 900 па 911 г. каралём Германіі быў Людовік Дзіцяня , які не карыстаўся аўтарытэтам і не меў моцнай улады. На першае месца ў краіне выйшлі мясцовыя магнаты-герцагі. У пачатку X ст. іх улада зрабілася спадчыннай, а ўнутры герцагстваў склалася свая васальная сістэма. У X ст. на поўначы і ўсходзе краіны адчуваўся ўплыў язычніцтва і існавалі рэшткі былых племянных структур. Гарады былі толькі на захадзе, на берагах Рэйна. Асноўную масу насельніцтва яшчэ складалі вольныя людзі. Кожны селянін меў свой алод. Сярод буйных племянных герцагстваў былі: Саксонія, Франконія, Швабія (Алеманія) і Баварыя . Самым моцным герцагствам стала Саксонія, якая мела сваю дынастыю ўладароў. Пасля смерці апошняга прадстаўніка дынастыі Каралінгаў Людовіка IV і міжусобнай вайны да ўлады прыйшоў герцаг Саксоніі Генрых I Птушкалоў (919-936), які заснаваў новую, Саксонскую дынастыю (919-1024 гг.) германскіх каралёў. У сваім змаганні з герцагамі ён абапіраўся на каталіцкую царкву, якая была зацікаўлена ў моцнай уладзе. Ён стварыў моцнае коннае рыцарскае войска і збудаваў на памежных тэрыторыях сістэму ўмацаваных цвердзяў - бургаў . Пазней на базе бургаў узнікне шмат нямецкіх гарадоў. Ён таксама адабраў у Французскага караля Латарынгію, захапіў землі палабскіх славян, а ў 933 г. разбіў венгерскае войска і спыніў яго наступ ў глыбіню краіны. Адзінай сталіцы ў Германіі тады не было, і кароль кіраваў дзяржавай з дапамогай свайго двара. Раз на год склікаліся сходы герцагаў, дзе вырашаліся важныя дзяржаўныя справы. Нямецкія каралі не мелі пастаяннага дамена, каралеўскім быў дамен таго князя, якога выбіралі каралём.

У 1024 г. у Германіі адбылася змена дынастыі. Да ўлады прыйшла чарговая, Франконская , дынастыя (1024-1123 гг.). Росквіт Германіі якраз і адбыўся пры першых каралях гэтай дынастыі - Конрадзе ІІ і Генрыху III . Яны праводзілі актыўную знешнюю палітыку. У 1034 г. да імперыі было далучана Бургундскае каралеўства, і была праведзена вайсковая рэформа; з часам узмацніліся гарады. У ХІІ-ХІІІ стст. ішоў працэс германскай каланізацыі на Ўсходзе: немцы захапілі землі палабскіх славян за Эльбаю і на поўдні, у Карынтыі і Штырыі. На былых славянскіх землях і ўзнік горад Берлін, які ўпершыню згадваецца ў 1237 г. На мяжы XII і XIII стст. немцы праніклі і ў Прыбалтыку, дзе заснавалі горад Рыгу. Пры гэтым улада мясцовых герцагаў істотна павялічылася. Яны маглі чаканіць сваю манету, засноўваць гарады і спаганяць падаткі. Практычна яны сталі самастойнымі кіраўнікамі і не былі зацікаўлены ў імператарскай уладзе. Так пачаўся перыяд Вялікага Міжцаравання (1254-1273 гг.), калі не было імператара наогул. Толькі пагроза з боку моцнай Францыі змусіла князёў абраць новага імператара, але цяпер ён ужо не мог перадаваць сваю ўладу ў спадчыну.

5. Англія

Доўгі час у Брытаніі існавала шмат малых каралеўстваў, якія ваявалі паміж сабою. Аднак у 829 г. адзін з саксонскіх каралёў Экбер т здолеў аб'яднаць пад сваёй уладай большую частку вострава. Узнікла новая дзяржава - Англія . У канцы IX ст. амаль палову Англіі заваявала Данія, і сюды перасяліліся дацкія сяляне, якія не прызнавалі ўладу англійскага караля і жылі па сваіх законах. Гэтую тэрыторыю, дзе яны жылі, назвалі Дэнло (ці вобласць дацкага права). Жыхары гэтай зоны ўвесь час нападалі на англічан. Толькі ў сярэдзіне XI ст. англічане здолелі вярнуць сабе гэтыя землі.

Нармандскае заваяванне . У 1066 г. на Англію напаў герцаг Нармандыі, якая знаходзілася на поўначы Францыі, Вільгельм. Яго рыцары-вершнікі ў бітве пры Гастынгсе разбілі пяхоту англійскага караля, і герцаг Нармандыі стаў каралём Англіі. Яго назвалі Вільгельмам Заваёўнікам . Ён адразу забраў сабе сёмую частку ворных земляў краіны, амаль усе лясы і стаў самым моцным феадалам у дзяржаве. Усе насельнікі каралеўства павінны былі скласці яму васальскую прысягу. Потым быў праведзены перапіс насельніцтва, і вольныя сяляне сталі феадальна-залежнымі. Сяляне пачалі ўцякаць у лясы і нападаць на прадстаўнікоў новай улады, найперш на прадстаўнікоў караля ( шэрыфаў ). Простыя людзі іх падтрымлівалі і складалі пра іх гераічныя песні ( балады ). Самым улюбёным героем балад стаў адзін з камандзіраў атрада паўстанцаў Робін Гуд . Заваёўнікі размаўлялі на дыялекце французскай мовы і не разумелі мовы англасаксаў, якой яны пагарджалі. Французская мова ў Англіі фактычна была дзяржаўнай аж да XIV ст. За некалькі стагоддзяў заваёўнікі змяшаліся з мясцовым людам, і прыкладна ў XIV ст. утварылася новая англійская мова , якая - з пэўнымі змяненнямі - існуе і цяпер. У самым пачатку XIV ст. англічане захапілі дзяржаву валійцаў - Уэльс, які пачаў непасрэдна належаць старэйшаму сыну англійскага караля. Таму і цяпер спадкаемца англійскага трона носіць з гонарам тытул "прынца Уэльскага" . Пазней англійскія войскі высадзіліся ў Ірландыі, дзе захапілі невялічкую частку вострава і засялілі яго англійскімі сялянамі. На поўначы Брытаніі існавала незалежнае Шатландскае каралеўства, якое таксама марылі захапіць англічане. У канцы XIII ст. войскі Англіі акупавалі амаль усю шатландскую тэрыторыю, але шатландцы вялі з захопнікамі партызанскую вайну, і тыя мусілі ў 1328 г. прызнаць незалежнасць ІІІатландыі.

Пасля таго як у пачатку XIII ст. французскі кароль захапіў амаль усе землі ў Францыі, што належалі англійскім каралям з роду Плантагенетаў, якія змянілі на троне нармандскую дынастыю, кароль Англіі Джон (Іаан) атрымаў здзеклівую мянушку Беззямельны . Ён аб'явіў вайну Францыі, але выйграць яе не здолеў, што абурала англійскіх феадалаў і гараджан. Яны аб'ядналіся і ўзнялі паўстанне супраць караля. Падчас паўстання ў 1265 г. адбыўся сход прадстаўнікоў паўстанцаў, які атрымаў назву "парламент" . На ім былі абмеркаваныя найважнейшыя справы жыцця краіны, у тым ліку і памеры падаткаў. Кароль мусіў пагадзіцца з існаваннем парламента, каб пазбегнуць новых паўстанняў. Спачатку парламент працаваў на французскай мове, і таму яго назва паходзіць з французскай мовы ("parler" - "гаварыць").

6. Гарады-дзяржавы Італіі

У Сярэднявеччы ніколі не існавала адзінай італьянскай дзяржаны У XI ст. на поўдні Італіі, якая перад гэтым належала Візантыі, нарманы стварылі сваю дзяржаву - Сіцылійскае каралеўства . Сярэдняя частка Італіі ўваходзіла ў Папскую краіну, якая з 962 г. разам з Паўночнай Італіяй уваходзіла ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1274 г. імперыя прызнала незалежнасць Папскай вобласці (Рым і яго ваколіцы). Рымскі Папа стаў не толькі першаіерархам каталіц кай царквы, але і буйным свецкім феадалам. Гарады Паўночнай Італіі вялі няспынную барацьбу са сваімі сеньёрамі і германскімі імператарамі. У выніку з'явіліся гарады-дзяржавы з рэспубліканскай формай кіравання.

Кожны горад меў прыналежнае да яго наваколле ў выглядзе кола радыусам 10-15 км. Вярхоўная ўлада ў ім належала агульнаму сходу гараджан. Яго рашэнні выконвалі спецыяльныя людзі, якіх абіралі на пэўны тэрмін (звычайна на адзін год). Самымі значнымі з такіх гарадоў сталі Мілан, Фларэнцыя, Венецыя і Генуя . Прычым, Венецыя і Генуя былі вечнымі супернікамі і нават ваявалі паміж сабою.

У канцы XIII ст. на базе гарадоў-камун у паўночнай і сярэдняй частках Італіі існавала каля 70 гарадоў-дзяржаў рэспубліканскага тыпу.

7. Стварэнне саслоўна-прадстаўнічых манархій

У Высокім і асабліваў Познім Сярэднявеччы ў заходнееўрапейскіх дзяржавах складваецца саслоўна-прадстаўнічая манархія, у якой з'яўляецца яшчэ адзін орган кіравання - сход прадстаўнікоў феадальных станаў (саслоўяў), на які павінна была абапірацца каралеўская ўлада. Псршым такім органам стаў англійскі парламент, які меў дзве палаты.

Першая палата ( палата лордаў ) - буйных свецкіх і духоўных феадалаў. Другая палата ( палата грамадаў ці абшчын ) складалася з прадстаўнікоў рыцараў і гараджан. У Францыі існавалі Генеральныя штаты . Яны мелі тры палаты - палату духавенства, палату дваранства і палату гараджан. Пры галасаванні кожная палата мела адзін голас. Прадстаўнічы орган хрысціянскіх каралеўстваў на тэрыторыі Пірэнейскага паўвострава называўся картэсамі .

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Аброк - плата сялян за карыстанне зямельнымі надзеламі прадуктамі сваёй гаспадаркі або грашыма.

Алод - зямельны надзел, выдзелены феадалам сялянскай сям'і ў поўнае распараджэнне.

Бенефіцый - зямельнае падараванне караля сваім дружыннікам, а потым рыцарам за пастаянную вайсковую службу.

Бюргер - свабодны жыхар заходнееўрапейскага горада.

Васал - феадал, які атрымліваў феод ад сеньёра.

Генеральныя штаты - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў Францыі.

Граф - кіраўнік графства (адміністрацыйнай адзінкі), прызначаны каралём пры ўмове асобнай прысягі. Пасада графа магла перадавацца ў спадчыну.

Дофін - спадкаемца французскага трона.

Дынастыя - каралі, або князі, прадстаўнікі аднаго і таго ж роду, якія змяняюць адзін аднаго на троне паводле права спадчыны.

Картэсы - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў каралеўствах Пірэнейскага паўвострава.

Паншчына - адпрацоўка сялянамі пэўнай колькасці дзён на панскіх (феадальных) палях за права карыстання сваім зямельным надзелам.

Парламент - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў Англіі.

Саслоўе (стан) - асобная вялікая група насельніцтва ў краіне, якая адрознівалася ад іншых наборам правоў.

Сеньёр - феадал, які даваў феод васалу.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

829 г. - аб'яднанне англасаксонскіх дзяржаў ў адзінае каралеўства Англію.

843 г. - падзел імперыі франкаў, пачатак фармавання каралеўстваў Францыі, Германіі, Італіі.

962 г. - стварэнне на германскіх і італьянскіх землях Свяшчэннай Рымскай імперыі.

1066 г. - заваяванне Англіі Вільгельмам Нармандскім.

1265 г. - першы парламент у Англіі.

1302 г. - першыя Генеральныя штаты ў Францыі.

РАЗДЗЕЛ VIII. КРАІНЫ ПАЎНОЧНАЙ I ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЕЎРОПЫ

ў Х-ХІІІ стст.

1. Гісторыя народаў Скандынавіі.

2. Паўночная імперыя.

3. Палабскія славяне.

4. Узнікненне Польскай дзяржавы.

5. Стварэнне Чэшскага каралеўства.

6. Прыход венграў (мадзьяраў) у Цэнтральную Еўропу.

I. Гісторыя народаў Скандынавіі ў Х-ХІІІ стст.

У X ст. набегі вікінгаў на Заходнюю Еўропу спыніліся, і на тэрыторыі Скандынавіі пачалі ўтварацца нацыянальныя дзяржавы. Аб'яднанне Даніі ў адзінае каралеўства адбылося пры каралі Харальдзе , які ў 960 г. прыняў хрысціянства. У гэты час ствараецца і Нарвежскае каралеўства , якое ў 970 г. пачало вайну з Даніяй. У вайне кароль Нарвегіі загінуў, і Нарвегія на 25 год трапіла пад дацкі кантроль. Аднак у 995 г. адбылося народнае паўстанне, і да ўлады прыйшоў нарвежскі кароль Олаф (995-1000), які праводзіў актыўную хрысціянізацыю краіны. Каля 1000 г. утварылася Швецыя , і тут з'явіліся першыя каталіцкія місіянеры.

(Працяг у наст. нумары.)


"Сакавіцкі грак" у Магілёве

Напярэдадні сусветнага Дня паэзіі магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы разам з бібліятэкай імя Янкі Купалы і пры падтрымцы абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў зладзіла паэтычную імпрэзу "Сакавіцкі грак".

У нядзелю 19 сакавіка чытальная зала бібліятэкі ледзь змясціла ўсіх аматараў паэтычнага слова. Гасцямі сустрэчы сталі як знакамітыя магілёўскія паэты, так і паэты-пачаткоўцы. Да ўдзелу былі запрошаны аматары паэзіі самых розных узростаў, усе, хто сам піша вершы або чытае на памяць. Больш за дзве гадзіны доўжылася імпрэза, вершы гучалі не толькі па-беларуску, але і на розных іншых мовах. А на заканчэнні сустрэчы нават быў запачаткаваны новы гарадскі паэтычны конкурс.

- Мы спачатку думалі зладзіць імпрэзу для пачынаючых маладых паэтаў, але вырашылі зрабіць у іншым фармаце. Галоўная ідэя каб вершы змаглі прачытаць усе, хто хоча, а не той, хто ўжо рэалізаваны, масціты аўтар, хто можа як па шаблоне пачытаць. Так і атрымалася. І яшчэ была ідэя не абмяжоўвацца толькі адной беларускай мовай, таму мы запрасілі і з украінскай дыяспары людзей, і на ідыш прагучалі вершы, па-польску і нават па-ангельску, ну і канешне па-руску, - пракаментаваў падзею старшыня гарадской суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў.

Пачалі паэтычныя чытанні юныя ўдзельнікі - вучаніца адзінага ў Магілёве беларускамоўнага класа СШ № 34 Таня Турандзіна, вучні СШ № 25 Арцём Новікаў, Ліза Дзямідава і Аліна Макарава.

Наста Падрабінкіна, вучаніца 11 класа ліцэя №1, прачытала свае вершы на беларускай, рускай і англійскай мовах. Гучалі вершы на ўкраінскай мове ў выкананні Алены Громавай, а Святлана Левянец чытала вершы і нават праспявала некалькі песень на ідыш. Песня аб яўрэйскай маці, якую спадарыня Святлана спачатку выканала на ідыш, а затым на рускай мове, вельмі кранула слухачоў.

Імпрэза была надзвычай цікавая і зацягнулася амаль на дзве гадзіны.

Напрыканцы сустрэчы Тамара Аўсянікава прапанавала запачаткаваць паэтычны конкурс, які можна было б так і праводзіць у Дзень паэзіі. Яна ўзгадала, што некалі ў Магілёве ладзіўся падобны літаратурны фестываль для паэтаў-пачаткоўцаў "Пластылінавы бусел". Ён доўжыўся на працягу сямі гадоў і даў добры старт немалой колькасці магілёўскіх паэтаў. Фестываль у свой час нават перарос межы горада і стаў міжнародным.

Прысутныя вельмі актыўна падтрымалі ідэю і нават адбылося галасаванне за яе, пры чым падтрымка была амаль адзінагалосная. Атрымалася, што сённяшняя сустрэча фактычна сталася ўстаноўчым сходам новага паэтычнага фэсту. Спадарыня Тамара прапанавала і назву конкурсу - "Сакавіцкае рэха", што было ўсімі прынята. Адразу з'явіліся і прапановы. Настаўнік, паэт і перакладчык Міхась Булавацкі прапанаваў, каб новы паэтычны конкурс доўжыўся на працягу ўсяго года, у некалькі этапаў, а "Сакавіцкае рэха" сталася б яго фіналам. Было адзначана, што вельмі добра падыходзіць для правядзення такога конкурсу і памяшканне бібліятэкі, тым больш што зараз яна носіць імя нашага вялікага паэта-песняра Янкі Купалы. Спадзяёмся, што аматары паэзіі гэтак жа актыўна падтрымаюць новы фестываль як сваімі справамі так і ўдзелам у ім.

Пра паэзію, цікаўнасць да яе магілёўцаў, і пра сённяшнюю падзею пасля імпрэзы паразмаўлялі з арганізатарамі свята:

- Цяга да паэзіі ёсць, хоць можа і не такая, як калісьці раней. Але трэба для гэтага рабіць крокі, прапагандаваць, вось як напрыклад на сённяшнім мерапрыемстве. Я вяду паэтычны гурток, у якім у асноўным рускамоўныя маладыя людзі, але ўжо некаторыя паступова пераходзяць і да беларускай мовы, і я рада гэтаму. Узровень сучаснай беларускай паэзіі досыць высокі, ёсць шмат вельмі цікавых і магілёўскіх аўтараў. Многа і пачаткоўцаў, але якім патрэбна дапамога. Вось Наста Падрабінкіна прыйшла да мяне ў сёмым класе, а зараз ужо ў адзінаццатым, і мы з ёй пачыналі з беларускіх вершаў, можа спачатку ў яе вершы былі і недасканалымі, але калі падказваеш, дапамагаеш у станаўленні, зрухі вельмі вялікія, - распавяла Тамара Аўсяннікава.

Загадчыца бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Жмачынская расказала пра сваю працу і цікаўнасці чытачоў:

- Ёсць нямала чытачоў, якім падабаецца паэзія, мы і выставы адмысловыя ладзім, дні паэзіі. Цікаўнасць да вершаў не знікае, гэта паказала і сённяшняя імпрэза, хоць канешне чытаюць больш расейскіх класікаў - Пушкіна, Ясеніна. Зараз мы кожны чацвер праводзім дзень беларускай мовы. Мы заўсёды выстаўляем у фае кнігі нашых пісьменнікаў, і, звярну ўвагу, што чытачы абавязкова падыходзяць, знаёмяцца з выданнямі. Чым больш мы будзем звяртаць увагу на нашу мову, тым больш яна будзе пашырацца і гучаць.

- Сёння былі і моладзь, і ва ўзросце людзі, і зусім маленькія дзеткі. Прыйшлі нашы таленавітыя дзяўчынкі з першага беларускага класа. Нам трэба пашыраць інфармацыю пра беларускамоўнае навучанне, а нашых цудоўных дзетак найчасцей запрашаць на падобныя імпрэзы. Дзякуй і супрацоўнікам бібліятэкі за падтрымку нашых культурніцкіх мерапрыемстваў, - падсумаваў падзею Алег Дзьячкоў.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.


Міхась Скобла - лаўрэат "Глінянага Вялеса" за 2016 год

Лаўрэатам штогадовай літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес" за 2016 год названы Міхась Скобла. Адзначана яго кніга выбранай паэзіі "Камізэлька для месяца" (выдавецтва "Кнігазбор"). Як адзначаў раней сам Міхась Скобла, у "Камізэльцы..." - маё самае-самае з ранейшых дзевяці кніг. І недзе з паўсотні вершаў, якія да гэтай пары не траплялі, па нейкіх прычынах, у ранейшыя кнігі, а таксама новыя вершы". Кніга таксама ўтрымлівае пераклады і дзіцячыя вершы паэта. Прадмову да зборніка напісаў старэйшы паплечнік па літаратурным цэху - паэт Уладзімір Някляеў. Кажа старшыня арганізацыйнага камітэту прэміі ды яе заснавальнік - Алесь Аркуш:

- Гэтая кніга аб'яднала лепшыя вершы паэта, і стала вынікам яго дзейнасці на паэтычнай ніве. Дарэчы, нядаўна "Глінянага Вялеса" атрымаў іншы паэт - Эдуард Акулін, і таксама за кнігу сваіх лепшых вершаў. Калі казаць пра журы, то раней мы прызначалі журы, і кожны раз гэтае журы галасавала. Але апошнія некалькі гадоў мы трымаемся іншай тактыкі. Вызначаюць лаўрэата сябры Таварыства Вольных Літаратараў і бліжэйшыя ўдзельнікі-арганізатары прэміі. На самой справе, я прыязджаю ў Полацак толькі ўручаць прэмію, а на месцы працуе шмат людзей, якія ўсё арганізуюць і падрыхтоўваюць, і яны таксама маюць права голасу і таксама ўдзельнічаюць у вызначэнні лаўрэата. Міхась Скобла быў абраны фактычна адзінагалосна. Міхась Скобла летась выдаў дзве кнігі: "Камізэлька для месяца" і "Саркафагі страху". Кніга "Саркафагі страху" аб'яднала яго літаратуразнаўчыя нарысы, артыкулы, крытычныя артыкулы. Літаратар атрымаў за яе міжнародную беларуска-ўкраінскую прэмію "Воін святла". Гэта прэмія носіць імя Міхася Жызнеўскага. Таксама сёлета Міхась Скобла стаў лаўрэатам прэміі часопіса "Дзеяслоў" - "Залаты Апостраф" за нізку вершаў "Кансервацыя агню" - прыгадвае Алесь Аркуш.

РР: - У чым сакрэт поспеху "Глінянага Вялеса"? Прэмія застаецца прэстыжнай, нягледзячы на тое, што цяпер існуе шмат іншых незалежных літаратурных адзначэнняў і прэмій?

- Сакрэт поспеху ў тым, што мы імкнуліся не быць нейкай кулуарнай прэміяй, не займацца "кустаўшчынаю". Калі паглядзець на нашых літаратараў, то гэта, як нехта сказаў, іканастас беларускай літаратуры. Гэта аўтары, якія не ствараюць адзін асяродак, яны з розных літаратурных беларускіх абшараў. Гэта залаты фонд літаратуры, які мы сабралі, згарнулі пад шыльдай гэтай прэміі. І вельмі прыемна, калі чытаеш біяграфію славутага пісьменніка або недзе зачытваюць гэтую біяграфію, і там гучыць, што гэта лаўрэат прэміі "Гліняны Вялес". Гэта таксама і для нас пэўная ўзнагарода. Традыцыйна ў канцы года з'яўляецца шорт-ліст прэміі. Раней ён уключаў пяць кніг, але з увагі на тое, што апошнім часам выдаецца шмат цікавага, вырашана пашырыць спіс да сямі кніг. Шорт ліст прэміі "Гліняны Вялес" за 2016 год уключаў наступныя кнігі: Валеры Гапееў - "Ноч цмока", "Галіяфы"; Віктар Жыбуль - "Дзяцел і дупло", "Галіяфы"; Альжбета Кеда - "Пра тое, што люблю", "Кнігазбор"; Наста Кудасава - "Маё невымаўля", "Кнігазбор". Алена Ніякоўская - "Там, дзе жыта буяла", "Полацкае ляда"; Сяргей Пляскач - "Шоў працягваецца", "Галіяфы". Міхась Скобла - "Камізэлька для месяца", "Кнігазбор". Прэмія ўручаецца ў траўні, пераважна ў Полацку. Але, як адзначыў Алесь Аркуш, улічваюцца і пажаданні саміх лаўрэатаў, таму ў некаторыя гады ўручэнне прэміі адбываецца ў Менску. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду - гліняны стод апекуна мастацтва. Дарэчы, атрымаць "Глінянага Вялеса" можна толькі адзін раз у жыцці. Літаратурная прэмія "Гліняны Вялес" - найстарэйшая недзяржаўная літаратурная прэмія незалежнай Беларусі. Была заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Уручаецца штогод за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу, выдадзеную ў папяровым фармаце. Сярод яе лаўрэатаў такія пісьменнікі як Валянцін Акудовіч, Эдуард Акулін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Астравец, Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Віктар Казько, Алег Мінкін, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Алесь Разанаў, Франц Сіўко, Андрэй Федарэнка і інш.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.


Мастацкая выстава Алеся Цыркунова ў гонар 99-годдзя БНР

Яшчэ не сцерлicя ўражаннi ад мiнулагодняй выставы карцiн мастака Алеся Цыркунова, прысвечанай украiнскай тэматыцы, як мастак зноў нагадаў пра сябе. На гэты раз выставу сваix карцiн ён прысвяцiў 99-й гадавiне з Дня абвяшчэння БНР - Беларускай Народнай Рэспублiкi.

Выставу адкрыў Алег Трусаў, старшыня Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны". З прывiтальным словам да мастака i аматараў яго творчасцi, якiя сабралicя на адкрыццё выставы, выступiла Алена Анiciм - дэпутатка Палаты прадстаунiкoў. I Алег Трусаў, i Алена Анiciм далi станоўчую адзнаку творчасцi Алеся Цыркунова i падкрэслiлi, што ён прытрымлiваецца пэўнай грамадзянскай пазiцыi, якой нiкoлi не здраджавае. Гэтая пазiцыя адлюстравана i ў яго мастацкix творах. Пра Алеся Цыркунова можна сказаць, што ён патрыёт сваёй краiны, нацыяналiст, у самым прыстойным, высокародным сэнсе гэтых слоў.

На выставе прадстаўлена крыху больш за дзесяць карцiн, колькi дазваляе размясцiць плошча памяшкання Менскай сядзiбы ТБМ. I на гэты раз на выставе прадстаўлены карцiны, якiя маюць алегарычны сэнс. Тут нельга проста зipнуць на карцiну i перайсцi да наступнай. Тут трэба думаць, разбipaцца, што аўтар у сваix карцiнах прыхаваў для наведвальнiкaў выставы, бо ўсялякiя пабудовы, прадметы, дрэвы, раслiны, адценнi, жывыя iстоты - усё выражае глыбокi сэнс. Ля кожнай карцiны трэба пастаяць шмат часу i падумаць, паразважаць, а што аўтар хоча сказаць нам гэтым творам? Таму, на маю думку, карцiны Алеся Цыркунова разлiчаны на людзей, якiя здольны разважаць, думаць, аналiзаваць. I нiчога кепскага ў тым няма, калi глядач укладзе ў карцiну свой сэнс, якi адрознiваецца ад iдэi, закладзенай у твор аўтарам. Сам Алесь Цыркуноў пра кожную сваю карцiну можа прачытаць цэлую лекцыю. На вялiкi жаль, у мяне няма фотаздымкаў з выставы, таму я паспрабую пералiчыць назвы карцiн, якiя мне запомнiлiся:

- "Устрывожаныя Гярвяты." На першым плане мы бачым прыгожы храм. Але вакол яго не бачна людзей, нейкае запусценне. Ды i падыйсцi да яго не проста, перашкаджаюць зараслi баршчэўнiку. Як сказаў сам Алесь, пад баршчэўнiкaм падразумляюцца ворагi беларушчыны. Я ў адказ мастаку агучыў рэплiкy, што баршчэўнiк - гэта такая раслiна, з якой, каб ад яе пазбавiцца, трэба змагацца доўга i цяжка.

- "Суровая часiна". На фоне велiзарнага дрэва iдзе зусiм нямоглая бабуля i на сваix xyдых плячах нясе вязанку галля, каб прапалiць печ i крыху абагрэць сваё жыллё. А мне падумалася, можа, у бабулi адключылi газ за неаплату камунальных паслуг?

- "Прасвет над трыснягом". На карцiне вялiкae возера, магчыма, гэта Нарач. Блiжнi бераг парос трыснягом. Неба над возерам закрыта хмарамi. Але сонечны прамень знайшоў шчылiну ў хмарах, прабiycя праз яе i асвяцiy водную гладзь. Калi-небудзь "Загляне сонца i ў наша аконца", - падумалася мне.

Iншыя карцiны: "Узнясёныя над краем", "Утаймаваны каток", "Ісус Хрыстос", "Дзве зданi i прывiд" ды iншыя. Ёсць на выставе i партрэты. Гэта малады Францiшак Скарына. Ён выглядае такiм вixpacтым, упэўненым у сабе юнаком. Ёсць партрэт Вiтаўта Чаропкi. Да рэчы, маё першае шчыльнае знаёмства з беларускай гicторыяй пачалося з кнiгi Вiтаўта Чаропкi "Лёсы ў гicторыi".

За сваю грамадзянскую пазiцыю i за патрыятычна-нацыянальную скiраванасць мастацкай творчасцi Алесь Цыркуноў неаднойчы падвяргаўся пераследу з боку ўлады. Так 2.09.2012 года за асветнiцкую акцыю ў Смаргонi, у гонар антысавецкага падпольшчыка Расцicлава Лапiцкага, на Алеся Цыркунова мiлiцыянты аформiлi пратакол, а суд пакараў яго штрафам у 1 млн. рублёу. Былi выпадкi, калi кapцiны Алеся Цыркунова выдалялi з мастацкix выставаў. Так была выдалена карцiна "Бiтва пры Монтэ - Касiна" з выставы, прысвечанай 25-годдзю суполкi "Пагоня", сябрам якой з'яўляецца i ён сам.

Засталося сказаць, што гэтая выстава карцiн мастака Алеся Цыркунова адкрылася 24 сакавiкa 2017 г. напярэдаднi найвялiкшага нашага свята - 99-х угодкаў з Дня абвяшчэння БНР. А як адбылося само святкаванне 25 сакавiкa ў Менску i ў iншых гарадах Беларусi, спадзяюся, што чытачы "Нашага слова" ўжо ведаюць.

I апошняе. Пажадаем мастаку Алесю Цыркунову моцнага здароўя, творчых поспехаў, новых карцiн, новых мастацкix выставаў i ўпэўненасцi, што "баршчэўнiк" мы пераможам.

Iлля Копыл , чытач i падпiсчык.


Янка Купала - наш гонар і слава

24 сакавіка ў літаратурным філіяле Лідскага гістарычна-мастацкага музея (ў Доміку Таўлая) адкрылася літаратурная выстава "Янка Купала - наш гонар і слава", прымеркаваная да 135-х угодкаў з дня нараджэння песняра.

Гэтая выстава ёсць ажыццяўленне даўняй мары навуковага супрацоўніка Лідскага музея Алеся Хітруна, які ўвайшоў у працоўны кантакт з Дзяржаўным музеем Янкі Купалы і прывёз адтуль асноўную масу экспанатаў, фактычна ўсю выставу.

Пачалася імпрэза з "Малітвы" Янкі Купалы ў выкананні Ўладзіміра Мулявіна. Пра повязь Янкі Купалы, а потым Уладзіславы Францаўны з Лідаю распавёў Алесь Хітрун. Тутэйшыя паэты чыталі вершы, прысвечаныя Янку Купалу, чым выклікалі зацікаўлення ў навуковага супрацоўніка менскага Музея Я. Купалы Эліны Карлаўны Свірыдовіч, якая спецыяльна прыехала ў Ліду на адкрыццё выставы. Безумоўна, што ў фондах менскага музея ні аднаго з гэтых вершаў ніколі не было, то лідзяне паабяцалі перадаць свае вершы ў фонды.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы прадставіла на адкрыцці выставы ўнікальную кнігу "Беларускі арнамент" з аўтографам Уладзіславы Францаўны Луцэвіч. Кнігу Ўладзіслава Францаўна падарыла Лідскай бібліятэцы пры наданні ёй імя Янкі Купалы ў рамках кампаніі па ўвекавечанні памяці песняра, якая праходзіла неўзабаве пасля вызвалення.

Супрацоўніца Лідскага музея Настасся Каладзяжная падарыла госці кнігу пра Валянціна Таўлая, першага дырэктара музея Я. Купалы ў Менску.

Выстава будзе працаваць у Лідзе да 31 траўня.

Наш кар.


"Нататкі з краязнаўчага сшытка"

У 2015 годзе на старонках беларускамоўнай перыёдыкі я пісаў пра цікавую кнігу краязнаўца і журналіста з г. Лепеля Міколы Гарбачова пад назвай "Ліхалецце і стварэнне", якая мне вельмі спадабалася і знікла з кніжных паліц вельмі хутка. Днямі я набыў кнігу "Нататкі з краязнаўчага сшытка", што напісаў мой аднагодак з г. Лепеля Валеры Ўладзіміравіч Тухта (1976), які скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова (2003). Настаўнік гісторыі і геаграфіі Вялеўшчынскай базавай школы Лепельскага раёна (1996-2007), настаўнік гісторыі Слабадской сярэдняй школы Лепельскага раёна (з 2007), а таксама кіраўнік краязнаўчага гурта "Нашчадкі". Ён даследуе помнікі археалогіі, а таксама падзеі Першай і Другой сусветных войнаў на тэрыторыі Лепельскага раёна і займаецца зборам легенд і паданняў роднага краю... Гісторык правёў разведкі больш за 20 археалагічных помнікаў на тэрыторыі Лепельскага раёна, восем з іх упершыню ўведзены ў навуковы аварот! Спадар Валеры - аўтар больш за 100 артыкулаў на краязнаўчую тэматыку ў раённай газеце "Лепельскі край", абласных і рэспубліканскіх выданнях. Пераможца рэспубліканскага конкурсу "Беларускі настаўнік -2008".

Трэба адзначыць, што ў кнігу ўвайшлі розныя па тэматыцы краязнаўчыя матэрыялы, напісаныя на аснове ўласных палявых даследаванняў у 2000-2012 гг., літаратурных і архіўных крыніц, а таксама ўспамінаў людзей, з якімі даводзілася сустракацца падчас вандровак. Літаратурна-мастацкае выданне з'явілася ў выдавецтве "Медысонт". Яго наклад 150 асобнікаў. Кніга распачынаецца вершам Таццяны Тухты. Малюнак на вокладцы зрабіла Валянціна Маляўка. Трэба адзначыць, што ў кнізе шмат якасных фотаздымкаў. Яна хутка чытаецца. Недахопам кнігі, як і кнігі Міколы Гарбачова з'яўляецца тое, што мала краязнаўчых матэрыялаў па гісторыі Лепельшчыны ХVIII-XIX стагоддзяў. Напрыклад, гісторыя Лепельскай гімназіі - белая пляма краязнаўства, вартая кандыдацкай або доктарскай працы. Таксама трэба адзначыць, што аўтара выдання не ведаюць у г. Менску, а шкада, можна было арганізаваць з ім творчую сустрэчу ў ТБМ, БФК альбо ў ПЭН-цэнтры.

Аляксей Шалахоўскі, літаратар, гісторык культуры, журналіст-фрылансёр.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX