Вярнуцца: 2017

№ 16 (1323)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1323), 19 красавіка 2017 г.


Храм дзвюх канфесій

Сёлета, калі католікі і праваслаўныя святкавалі Вялікдзень разам, можа, найбольш урачыста было ў невялікім храме вёскі Бярозаўка Докшыцкага раёна на Віцебшчыне. Святыня, якой апякуецца а. Марэк Пасюта OFMCap, стала кропкай аб'яднання жыхароў вёскі не толькі каля алтара на малітве, але і ў сумеснай працы на зямлі.

Святыня паўстала стараннямі многіх людзей, у памяць аб працы якіх была асвечана спецыяльная табліца з надпісам:

"У памяць пра ўсіх, хто захоплены прыгажосцю створанага свету, ператварыў яе ў чалавечы ўчынак у гэтым будынку аж да часу, пакуль яго сцены не сталі асновай для Божай святыні ў годзе Пана 2010, паказваючы ўсім надзею Ўваскрасення".

Святыня, якая лічыцца афіцыйна касцёлам Маці Божай Вастрабрамскай, была асвечана цяпер ужо біскупам Віцебскім на пенсіі Ўладзіславам Блінам. Але асаблівасцю яе ёсць тое, што гэта - агульны храм і для католікаў, і для праваслаўных. У алтары абапал агульнабеларускага абраза Маці Божай Вастрабрамскай (гэты абраз вісіць на Беларусі і ў каталіцкіх, і ў праваслаўных храмах) размешчаны абразы каталіцкага і праваслаўнага святых, а таксама крыжы абедзвюх канфесій. Маліцца сюды ідуць усе. Сімвалічна і тое, што храм перароблены з былой калгаснай адміністрацыі, своеасаблівая рэканкіста ў памяць пра многія сотні храмаў, ператвораных некалі ў клубы, канторы, склады і інш.

Наш кар.


За пашырэнне беларускамоўнай адукацыі ў ВНУ

Павялічыць колькасць гадзін на курс "Беларуская мова: прафесійная лексіка" ў вышэйшых навучальных установах краіны прапанаваў дэкан філалагічнага факультэту БДУ Іван Роўда.

Гэтая прапанова прагучала 12 красавіка на круглым стале аб развіцці сістэмы адукацыі на беларускай мове, які з ініцыятывы дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім прайшоў на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

- Таварыства беларускай мовы таксама падтрымлівае гэтую прапанову, - сказала "Свабодзе" Алена Анісім. - Да яе прыхільна паставіўся і першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, які таксама ўдзельнічаў у семінары. Мы звярнуліся ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, каб і там звярнулі ўвагу на гэтую праблему.

Прыемна сёння было пачуць, што ў педагагічным універсітэце праз месяц правядуць цікавае спартыўна-адукацыйнае свята на беларускай мове. Пасля апрабацыі яго перанясуць і ў іншыя навучальныя ўстановы.

Дэпутатка Анісім гаворыць, што за апошнія два гады беларускамоўная справа выйшла за межы выключна адукацыі:

- Нам трэба цяпер хуценька абагульніць тое, што мы ўжо маем, і вырашыць, куды рухацца далей. Калі раней размова пра беларускую мову пераважна замыкалася ў рамках адукацыі, то цяпер усё болей і болей людзей, уключаючы чынавенства, разумеюць ролю роднай мовы і ў грамадскім жыцці.

Я ў ТБМ з 2000 года. І толькі дзесьці за апошнія гады два агульны настрой да мовы не толькі ў грамадстве, але і ва ўладзе змяняецца на пазітыўны. І цяпер справа ў тым, каб надаць гэтаму практычнае ўвасабленне. Хай гэта будзе неаднамомантава, але паслядоўна і ў многіх кірунках.

І раней ва ўладных структурах былі асобныя людзі, якія пазітыўна ставіліся да беларускай мовы. Дзякуючы ім прымаліся асобныя станоўчыя рашэнні. Але тады яны не даводзіліся да канца. Дзесьці гэтыя рашэнні праводзілі ў жыццё, але шмат дзе яны проста "правісалі".

Зараз трэба выправіць гэтую сітуацыю. Грамадскія тэндэнцыі проста падштурхоўваюць улады рабіць нешта карыснае ў гэтым кірунку. І наша задача гэтым эфектыўна скарыстацца.

Уладзімір Глод.


"Вясёлцы" - 60 гадоў

У красавіку 1957 года быў заснаваны дзіцячы часопіс "Вясёлка".

Часопіс прызначаны ў асноўным для чытачоў малодшага школьнага ўзросту, некаторыя матэрыялы даступныя і для чытання дашкольнікам. Сярод часопісаў, якія выдаюцца ў Рэспубліцы Беларусь для розных узроставых груп дзяцей, стаіць паміж чытанкай-маляванкай для дашкольнікаў "Буся" і часопісам для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту "Бярозка".

Распаўсюджваецца праз падпіску поштай і праз продаж у "Белсаюздруку". Падпісныя індэксы на "Белпошце": для індывідуальных падпісчыкаў - 74845, для ведамасных - 748452.

Публікуе пераважна літаратурна-мастацкія творы і матэрыялы на грамадскія тэмы, розныя па памерах і складанасці - як для самастойнага чытання дзяцьмі 6 - 10 год, так і для чытання дзецям дарослымі альбо больш старэйшымі школьнікамі. Друкуе апавяданні, казкі, вершы беларускіх пісьменнікаў, пераклады, загадкі, рэбусы, галаваломкі, песні беларускіх кампазітараў для дзяцей. Распавядае пра культуру і гісторыю Беларусі і іншых краін. Мае розныя тэматычныя рубрыкі. Вядзе літаратурную адукацыю і маральна-этычнае выхаванне сваіх чытачоў. Перавага аддаецца казкам, якія прапагандуюць дабро і справядлівасць, узаемадапамогу.

У савецкія часы тыраж часопіса складаў 100 тыс. асобнікаў. Па стану на сакавік 2017 г. выдадзена 720 нумароў.

Рэдакцыя "Вясёлкі" з'яўляецца таксама заснавальнікам чытанкі-маляванкі для дашкольнікаў "Буся". Да пачатку выдання "Бусі" (жнівень 2013) "Вясёлка" была адзіным беларускім перыядычным выданнем для дзяцей як дашкольнага, так і малодшага школьнага ўзросту.

З лютага 2011 г. дзейнічае сайт часопіса, на якім змешчаны казкі і дзіцячыя вершы. У творах дакладна расстаўлены маральныя акцэнты, гэта адносіцца як да фальклорных казак ("Каралевіч, чараўнік і ягоная дачка", "Заяц і вожык", "Дзяцел, лісіца і варона" і інш.), так і да літаратурных твораў з казачным сюжэтам ("Цямлівы кот і шляхецкі сын" А. Грушэцкага, "Прынцэса Румзаніда ў Краіне Лялек" А. Масла, "Пра кашэчага караля і мышку-прынцэсу" Р. Баравіковай, "Бусел і бусляняты" Я. Лёсіка і інш.). На сайце створана фотагалерэя, ладзяцца конкурсы.

"Вясёлка" ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Ліцера" 2004, 2007, 2010 гадоў.

Галоўныя рэдактары: Васіль Вітка (1957-1974); Еўдакія Лось (1974-1976); Анатоль Грачанікаў (1976-1978); Уладзімір Ліпскі (з 1978).

Вікіпедыя


У Беларусі выпусцілі рубель з заклікам выгнаць маскоўскіх акупантаў

12 красавіка тыражом 100 асобнікаў, была выпушчана сувенірная манета (жэтон) "Адзін магілёўскі рубель". Выпуск сувенірных манет ажыццявілі адмыслоўцы сайтa belmoneta.by у рамках праекту "113 гарадоў Беларусі".

На аверсе манеты герб горада Магілёва, выява Магілёўскай ратушы і заклік "Пара, пара" бургамістра Магілёва Язэпа Левановіча. (Язэп Левановіч - лідар паўстання 1661 года супраць расійскага акупацыйнага гарнізона. Менавіта пад гэты заклік, кінуты бургамістрам, жыхары Магілёва паднялі паўстанне і знішчылі расійскі гарнізон - рэд.).

На рэверсе манеты - малюнак Рэспублікі Беларусь і знак краіны - бусел.

Намінал манеты - адзін рубель. Манета не з'яўляецца аплатным сродкам.

Паводле СМІ.


Аб павышэнні ролі патрыятычнага выхавання ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб павышэнні ролі патрыятычнага выхавання

ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам у рамках сваёй кампетэнцыі разгледзела Ваш ліст па пытаннях неабходнасці павышэння ролі патрыятычнага выхавання ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і паведамляе наступнае.

Патрыятычнае выхаванне з'яўляецца неад'емнай часткай адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца ў цэнтры пастаяннай увагі органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў адукацыі.

У адпаведнасці з планам работы Міністэрства адукацыі ў кастрычніку 2016 г. пытанні патрыятычнага выхавання разгледжаны на калегіі "Сучасныя падыходы да арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы: ад школы да ўстановы вышэйшай адукацыі", а ў сакавіку 2017 года на семінары-нарадзе "Шляхі ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь".

Ваша прапанова аб больш шырокім выкарыстанні ў адукацыйным працэсе дакументальных фільмаў на гістарычную тэму з'яўляецца слушнай. Міністэрства адукацыі ўжо ў бліжэйшы час прыме неабходныя захады ў гэтым накірунку (патрабуецца сумесна з зацікаўленнымі вывучэнне ўмоў выкарыстання дакументальных фільмаў, правядзення, як гэта патрабуе заканадаўства, іх навукова-педагагічнай экспертызы і г.д.).

Аналагічныя захады плануецца здзейсніць у мэтах выкарыстання ў адуацыйным працэсе ва ўстановах дашкольнай адукацыі мультыплікацыйньіх фільмаў.

Прымаюцца паслядоўныя меры па ўдасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня (загад Міністра адукацыі ад 19.01.2017 № 21 "Аб удасканаленні шостага школьнага дня"). У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі адным з накірункаў у арганізацыі работы па напаўненні шостага школьнага дня з'яўляецца правядзенне турыстычна-краязнаўчых мерапрыемстваў.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, ГА "БРСМ", ГА "БРПО", Беларускім грамадскім аб'яднаннем ветэранаў у мэтах пашырэння супрацоўніцтва ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, развіцця дзіцячага і юнацкага турызму ў маі 2016 года падпісаны Пратакол аб намерах супрацоўніцтва ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, распрацавана праграма супрацоўніцтва (ў 2015/2016 навучальным годзе больш за 70 тыс. навучэнцаў прынялі ўдзел у турыстычных паходах і каля 231 тыс. чалавек - у экскурсіях па гістарычных мясцінах Беларусі).

У сістэме адукацыі створаны ўмовы, якія гарантуюць грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Мова навучання і выхавання ў адпаведнасці з заканадаўствам вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам пажаданняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўнагадовых навучэнцаў).

Так, на ўзроўні дашкольнай адукацыі з улікам пажаданняў законных прадстаўнікоў установы дашкольнай адукацыі фарміруюцца групы, у якіх адукацыйны працэс ажыццяўляецца на беларускай мове (налічваецца 2 790 груп, у якіх выхоўваецца 40 727 дзяцей).

У групах устаноў дашкольнай адукацыі ствараецца беларускамоўнае асяроддзе (куткі дзяржаўнай сімволікі (герб, сцяг), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вырабы з керамікі, саломкі, ільну, дрэва і інш.), кніжныя (творы беларускіх аўтараў), тэатральныя куткі (элементы касцюмаў герояў беларускіх казак, тэатры па тэматыцы твораў беларускай мастацкай літаратуры і фальклору); міні-музей "Беларуская хатка" і інш.).

З мэтай далучэння выхаванцаў да беларускай мовы і культуры спецыялістамі ўстаноў дашкольнай адукацыі ў рабоце з дзецьмі выкарыстоўваюцца гульні, гутаркі ("Мой горад", "Помнікі сталіцы", "Беларусь - мая Радзіма", "Сімволіка нашай Радзімы" і інш.), святы, у тым ліку фальклорныя ("Свята беларускага слова", "Каляды", "Гуканне вясны" і інш.), віктарыны ("Зямля пад белымі крыламі", "Беларускія народныя загадкі" і інш.), конкурсы, віртуальныя падарожжы і інш. Выхаванцы знаёмяцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, этнакультурнай спадчынай беларускага народа, у гульнявых абставінах выкарыстоўваюць свой моўны вопыт.

У межах пераемнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі з першай ступенню агульнай сярэдняй адукацыі педагагічнымі работнікамі ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з мясцовымі этнаграфічнымі музеямі, раённымі бібліятэкамі, цэнтрамі рамёстваў (арганізацыя сумесных тэматычных выставак, заняткаў і інш.).

З 2016/2017 навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (далей - УАСА) пачынаючы з II класа незалежна ад мовы навучання і выхавання на вывучэнне беларускай мовы і беларускай літаратуры (літаратурнага чытання) адведзена аднолькавая колькасць гадзін (на вывучэнне беларускай мовы - 2,5 гадзіны на тыдзень, літаратурнага чытання - 2 гадзіны ў тыдзень). Для III класа пераход на новы тыпавы вучэбны план ажыццявіцца з 2017/2018 навучальнага года, для IV класа - з 2018/2019 навучальнага года. Такім чынам, на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі на працягу трох гадоў здзейсніцца паступовы пераход да вывучэння дзвюх дзяржаўных моў у роўнай колькасці гадзін.

Незалежна ад мовы навучання ў V-ІХ класах на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін. На вывучэнне беларускай мовы і літаратуры прадугледжана ў V-VІ класах 5 гадзін у тыдзень, у VІІ-ІХ класах - 3,5 гадзіны ў тыдзень. З 2015/2016 навучальнага года вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў X класе УАСА з беларускай і рускай мовамі навучання арганізавана на двух узроўнях - базавым і павышаным (з 2016/2017 навучальнага года - у XI класе). На базавым узроўні на вывучэнне беларускай мовы прадугледжана 1 гадзіна ў тыдзень, беларускай літаратуры - 1,5 гадзіны. На павышаным узроўні на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры прадугледжана па 3 гадзіны на тыдзень.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі УАСА могуць камплектавацца вучэбнымі выданнямі па гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі на рускай і беларускай мовах. У гэтых мэтах пачынаючы з 2012 года Міністэрствам адукацыі вывучаецца запатрабаванасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання, вучні якіх жадаюць вывучаць вучэбны прадмет "Гісторыя Беларусі" на беларускай мове, што ўлічваецца пры фарміраванні тыражу падручнікаў па дадзеным вучэбным прадмеце.

У 2016/2017 навучальным годзе 22 740 навучэнцаў VІ-ХІ класаў УАСА пажадалі вывучаць гісторыю Беларусі на беларускай мове (у 2015/2016 навучальным годзе - 18 760 вучняў).

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры вывучэнні вучэбных прадметаў (дысцыплін) агульнаадукацыйнага кампанента выкарыстоўваюцца навучальныя праграмы і падручнікі па вучэбных прадметах для УАСА з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. Вучэбныя прадметы (дысцыпліны) "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" ва ўстановах прафесійнай адукацыі вывучаюцца ў аб'еме 86 вучэбных гадзін. Пры правядзенні выніковай атэстацыі навучэнцы маюць права здачы экзамену альбо па вучэбным прадмеце (дысцыпліне) "Беларуская мова", альбо па вучэбным прадмеце (дысцыпліне) "Русский язык" па выбары.

Пры рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях прадугледжана вывучэнне вучэбнага прадмета (дысцыпліны) "Беларуская мова (прафесійная лексіка) ".

Навучэнцы таксама маюць магчымасць дадатковага вывучэння беларускай мовы на факультатыўных занятках.

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы, у тым ліку дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", арганізавана ў межах цыклу агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплін. Аб'ёмы гэтых дысцыплін у рамках напрамкаў адукацыі, груп спецыяльнасцей і спецыяльнасцей вызначаюць вучэбна-метадычныя аб'яднанні ў сферы вышэйшай адукацыі. Колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы ў залежнасці ад установы вышэйшай адукацыі можа вагацца ад 28 да 70 гадзін. У рамках падрыхтоўкі да новага 2017/2018 года Міністэрства адукацыі плануе рэкамендаваць установам вышэйшай адукацыі пры зацвярджэнні вучэбных планаў і праграм на новы навучальны год у адпаведнасці з кампетэнцыяй разгледзець пытанне павелічэння колькасці гадзін, якія вызначаюцца на вывучэнне дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)".

У адпаведнасці з пунктам 7 Канцэпцыі аптымізацыі зместу, структуры і аб'ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі, зацверджанай загадам Міністра адукацыі ад 22.03.2012 № 194, у межах інтэграванага модуля "Гісторыя" вывучаецца абавязковая дысцыпліна "Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый)", а таксама 1-2 спецыялізаваныя модулі паводле выбару студэнта (напрыклад, станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці, гісторыя культуры Беларусі, інш.).

Паводле інфармацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі, у большасці з іх выкладанне дысцыпліны "Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый)" ажыццяўляецца па-беларуску.

Асноватворнымі дакументамі ў сучаснай сістэме адукацыі, якія адлюстроўваюць мэты, прынцыпы і змест выхавання навучэнцаў, з'яўляюцца Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнцкай моладзі і Праграма бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнцкай моладзі на 2016-2020 гг. (далей - Праграма). Заснаваная на іх сістэма выхавання арыентавана на развіццё асобы дзіцяці, яго прыродных задаткаў і здольнасцей, захаванне і ўмацаванне здароўя, патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Праграма - чацвёрты па ліку нацыянальны дакумент, які вызначае практыку выхавання ў нашай краіне. У ёй адлюстраваны ідэі дзяржаўнай ідэалогіі, канцэптуальныя падыходы да працэсу выхавання, прадстаўлены асноўныя накірункі і змест выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі.

Рэалізацыя Праграмы прадугледжвае выкарыстанне рэгіянальных і лакальных умоў: выхаваўчых магчымасцей соцыуму, мясцовых традыцый, узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей і навучэнцкай моладзі, кансалідацыі дзеянняў педагогаў і такіх сацыяльных інстытутаў, як сям'я, грамадскія аб'яднанні, установы культуры і спорту і г. д.

Шэраг мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы і культуры, захаванне гістарычнай спадчыны, фарміраванне патрыятычных якасцей у навучэнцаў. Таму Міністэрства адукацыі надае асаблівую ўвагу правядзенню мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнцкай моладзі "Жыву ў Беларусі і тым ганаруся", да якой далучыліся амаль усе ўстановы адукацыі краіны. У адпаведнасці з напрамкамі "Мой род, мая сям'я", "Мая школа - часцінка майго жыцця", "Мая вёска, мой горад", "Мая радзіма - Беларусь" праводзяцца конкурсы, якія даюць навучэнцам магчымасць пазнаваць свой край у розных формах - ад прасцейшых апісанняў гісторыка-культурных і прыродных аб'ектаў да сур'ёзных даследчых работ, а таксама прымаць удзел у стваральнай дзейнасці, развіваць свае творчыя якасці, набываць практычныя навыкі краязнаўчай работы.

З мэтай масавага ўключэння моладзі ў пошукава-даследчую, экскурсійную дзейнасць ва ўстановах адукацыі з 2016 года рэалізуецца рэспубліканскі грамадзянска-патрыятычны праект "Збяры Беларусь у сваім сэрцы". У рамках праекту ва ўстановах адукацыі ствараюцца новыя турысцка-экскурсійныя маршруты (з выкарыстаннем экскурсійных аб'ектаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў), праводзіцца падрыхтоўка юных экскурсаводаў для правядзення экскурсій па распрацаваных турысцка-экскурсійных маршрутах; ствараецца промапрадукцыя аб турыстычных магчымасцях на маршрутах (фатаграфіі, даведачна-інфармацыйныя зборнікі, карты-схемы, буклеты і інш.); даследуюцца культурныя традыцыі рэгіёнаў; праводзяцца рэкламна-інфармацыйныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы з мэтай папулярызацыі і захавання гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны краю. У 2016 годзе каля 3250 навучэнцаў устаноў адукацыі ўдзельнічалі ў мерапры-емствах праекту на раённых, абласных і рэспубліканскім узроўнях.

У 2017 годзе працягнута рэспубліканская патрыятычная акцыя "Кветкі Вялікай Перамогі", якая стала адным са значных элементаў святкавання Вялікай Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У красавіку 2017 года будуць падводзіцца вынікі рэспубліканскага конкурсу турысцка-экскурсійных маршрутаў "Пазнаем Беларусь разам".

Ва ўстановах адукацыі краіны працуе каля 1,5 тысячы музеяў розных профіляў. Носяць ганаровае званне "народны" 90 музеяў устаноў адукацыі. Назапашаны краязнаўчы матэрыял музеяў выкарыстоўваецца пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі: пры правядзенні навучэбных і факультатыўных заняткаў, заняткаў у аб'яднаннях па інтарэсах і мерапрыемствах выхаваўчага характару. Арганізуюцца ўзаеманаведванні музеяў навучэнцамі ўстаноў адукацыі, реалізуюцца сумесныя міжмузейныя праекты, акцыі, мерапрыемствы, музеі ўстаноў адукацыі ўключаюцца ў турысцка-экскурсійныя маршруты па рэгіёне. Міністэрства адукацыі рэкамендуе менавіта ў шосты школьны дзень наведваць музеі, ажжыццяўляць экскурсійную дзейнасць.

Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі ў рамках Дня беларускага пісьменства, тыдня роднай мовы традыцыйна праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, а таксама алімпіяды, інтэрнэт-конкурсы па беларускай мове, літаратуры і гісторыі. Штогод Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам інфармацыі праводзіцца рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў "Жывая класіка", удзел у якім прымаюць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацы з усіх регіёнаў краіны. У сакавіку 2017 года ва ўстанове адукацыі "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" адбылася акцыя "Чытаем Янку Купалу разам", у якой актыўны ўдзел разам са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта прынялі ўдзельнікі семінара-нарады "Шляхі ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь".

Міністэрства адукацыі будзе і надалей з удзелам усіх зацікаўленых прымаць неабходныя меры па ўдасканаленні патрыятычнага выхавання дзяцей, навучэнцкай і студэнцкай моладзі.

Міністр І.В. Карпенка.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Бравэрка (армяк, зипун) - 1) мужчынскі доўгі аднабортны пінджак з даматканага сукна; верхняя кароткая мужчынская вопратка звычайна з аўчын, абцягнутых даматканым сукном, жакетка на Случчыне.

Браднік, брэдзень (рыболовная снасть) - невад, які выраблены з рэдкага палатна для лоўлі рыбы.

Бразготкі, бразгаўкі (погремушки) - агульная назва некаторых музычных самагучных інструментаў.

Брама (ворота) - драўляныя вароты, зробленыя з дошак. Маюць застрэшак

Брамка, весніцы - маленькія дзверы для ўваходу з вуліцы ў падворак ці з падворышча ў агарод.

Братоўка, братавая (невестка) - жонка брата (для яго сяцёр і братоў).

Братчына, складанка (братчина) - калектыўнае частаванне ў складчыну.

Браценік (братан) - дваюрадны брат (радзей родны брат).

Бровар (винокурня) - так называлі раней невялікі спіртзавод, дзе выраблялі спірт і гарэлку.

Брук (булыжная мостовая, каменный забор) - 1) брукаванка - дарога або плошча , выкладзеная камянямі; 2) мураваны плот (в. Новікі Капцевіцкага с/с Гарадзенскага раёна).

Брукар (мостильщик) - работнік, які кладзе брук.

Брускі - мучная страва накшталт кісялю. У падсолены кіпень засыпалі бабовую або гарохавую муку. Заскварвалі і пасля астуджвалі. Перад падачай на стол рэзалі на кавалкі. Страва была пашырана на Магілёшчыне і Віцебшчыне.

Брусочкі (брусочки) - народны самагучальны ўдарны інструмент, папярэднік ксілафона. Складваецца з сасновых або бярозавых брусочкаў рознай даўжыні (ад 10 см і болей).

Бручка (брюква) - агародная карнепплодная расліна.

Брыкі, лайба - прыстасаванне для перавозкі сена і саломы на санях і калёсах (в. Ваўкалаты Докшыцкага раёна). Уяўляе сабой кузаў, зроблены з тонкіх жэрдачак.

Брыль (картуз, казырёк) - 1) войлачны капялюш; 2) казырок шапкі.

Брычка, калымажка (бричка) - лёгкі выязны вазок.

Бубен (барабан) - 1) музычны ўдарны мембранны інструмент, барабан; 2) паша, на якой няма травы.

Буда (смолокурня) - 1) смалакурня, печ для гонкі смалы і дзёгцю; 2) лясное паселішча, дзе жылі буднікі.

Будан (шалаш) - часовая пабудова ў садзе, у лесе, на сенажаці.

Буднікі - рабочыя, якія рабілі ў будзе.

Букетнік - гліняная пасудзіна для кветак.

Була - народная гульня ў дзве каманды.

Булён (картофельный суп) - бульбяная пахлёбка.

Буракі (свекольный суп) - вадкая страва, звараная з буракоў.

Бурлаты, пясочніцы (закотины) - падоўжаныя бярвенні ўздоўж сцяны на гарышчы дзеля дадатковага замацавання крокваў.

Бульбоўнік, бульбошнік (ботва) - лісце бульбы.

Бульбянікі, дранікі - бліны з цёртай бульбы..

Бульбянішча (картофлянище) - поле, на якім расла бульба.

Бульбяная яечня (картофельная яичница) - спечаная яечня з варанай растоўчанай бульбяной кашы, чатырох або пяці яек і малака.

Бурка, чуйка, сэрдак (армяк, бурка) - верхняе суконнае адзенне з башлыком, якое надзяваецца паверх кажуха або світкі. Нагадвае сучаснае пальто з башлыком.

Бурка (юбка) - набедранае жаночае адзенне тыпу спадніцы з узорнага сукна ці паўсукна (в. Макраны Маларыцкага раёна).

Буркі - цёплы суконны пашыты абутак з халявамі (з галёшамі альбо з прышытай падэшвай).

Бурнос (бурнос, плащ) - даўгаполая з шырокімі рукавамі сялянская вопратка з саматканага сукна.

Бусак, багор (багор) - доўгі шэст з круком на адным канцы.

Буч, верш (верша) - рыбалоўна конусападобная прылада, сплеценая з дубцоў лазы.

Быдла (скот) - жывёла.

Бычок - 1) традыцыйнае прыстасаванне для захавання рыбы ў вадзе; 2) прыстасаванне для звязвання плытоў на Заходняй Дзвіне; 3) традыцыйны танец.

Бэлька (балка) - круглае альбо абчасанае бярвяно, пакладзенаае ў будынку гарызантальна, і яно служыць для падтрымання насцілу столі.

Бягун - 1) элемент дзвярэй ці варот з натуральным адгалінаваннем або са стойкі і прымацаваных да яе гарызантальных брускоў, што стваралі аснову палатна дзвярэй (варот); 2) бігун - вяроўка, скручаная з бярозавых галінак для звязвання звёнаў плыта на Віцебшчыне.

Бяда (двухколка) - 1) двухколка для перавозкі невялікіх грузаў на кароткія адлегласці; 2) народны танец-карагод.

Бязмен (безмен) - рычажная ручная мера для вызначэння вагі.

Бялільня - у мінулым у фальварках існавала збудаванне для адбельвання палатна.

Бяляк - 1) прылада для мяцця шкур; 2) белая жаночая спадніца.

Бярозавік - бярозавы сок.

Бяроста (берёста) - верхні слой бярозавай кары.

Бяседа (пир, застолье) - збор гасцей з пачастункам.

Бяссольнік (суп на квасе) - рэдкая страва, звараная на хлебным квасе з крупамі (звычайна прасянымі) без солі. Бытавала на Піншчыне і Мазыршчыне.

В

Вабік (вабик, пищик) - дудачка або свісток для прываблівання

Вадзянка (кадка) - бандарная пасудзіна для захоўвання вады.

Вадзянік (водяной) - злы дух, які жыве ў вадзе, міфічная істота.

Вадохрышча (крещение) - свята ў гонар хрышчэння Ісуса Хрыста, якое адзначаецца праваслаўнымі 19 снежня.

Вазок (возок) - лёгкія выязныя сані.

Вазоўня, абозня (навес) - паветка, у якой захоўваліся калёсы, сані, вупраж.

Валакавое акно (волоковое окно) - маленькая прамавуголная адтуліна ў сцяне, якая закрываецца дошчачкай.

Валак, качалка (рубель) - рабрыстая невялікая дошка з ручкай для качання (выраўнівання) бялізны пасля мыцця і прасушкі.

Валакуша (волокуша) - палазное прыстасаванне для перавозкі грузаў.

Валатоўкі (курганы) - старажытныя курганы ў Паазер'і.

Валаць (вызывать) - патрабаваць, выклікаць на яўку.

Валачобнікі, валоўнікі, лалоўнікі (волочебники) - група мужчын, якія на вялікдзень абходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні.

Валачобныя песні (волочебные песни) - песні ў гонар свята Вялікдзень, у якіх праслаўляецца свята і гаспадары і жыхары гэтай хаты.

Валёнкі (валенки) - абутак з воўны.

Валока (волока) - плошча зямлі памерам 21,36 га.

Валокі, аборы (подвязки) - вяровачкі для падвязвання лапцяў да ног (в. Бобрык на Піншчыне).

Валынка (волынка) - духавы музычны інструмент, зроблены з трубак, устаўленых у скураны мяшок; дуда.

Вальцы (пресс) - прэс у выглядзе некалькіх цылінраў, які служыць для драблення чаго-небудзь.

Валюшня, валюш (валяльня, сукновальня) - майстэрня, у якой валяць сукно.

Валюшнік (валяльщик, сукновал) - той, хто валіць сукно.

Вантрабянка (ливерка) - каўбаса з свінных лёгкіх, печані, сэрца і галавізны.

Вандлярня (коптильня) - невялікая будка для вэнджання мяса і сала.

Вапельня (печь для выжигания извести) - печ для выпальвання вапны з вапняку.

Вапельнік - рабочы, які здабывве вапняк, вапну.

Варануха (варенуха) - гарэлка, падрыхтаваная з мёдам і вострымі прыправамі.

Варыўня, істопка (варевня) - памяшканне для захоўвання агародніны.

Варэнікі (вареники) - мучная страва, клёцкі.

Ватоўка (ватник, стёганка) - зімняе верхняе адзенне, падбітае ватай ці кудзеляй. Папярэднічала фуфайцы.

Ваўкалак (вурдалак, оборотень) - персанаж славянскай міфалогіі, пярэварацень.

Ваўкаўня (волчья яма, пастка) - 1) месца ў лесе, дзе водзяца ваўкі; 2) глыбокая яма для лоўлі ваўкоў, пастка.

Векавуха (старая дева) - старая дзеўка.

Венцер, жак (вентерь) - прыстасаванне для лоўлі рыбы, якое складаецца з аднаго сеткавага мяшка, нацягнутага на 3-5 лазовых абручоў і аднаго або двух сеткавых крылаў., які адыходзяць ад горла мяшка.

Веранда (веранда) - лёгкая прыбудова ўздоўж сцяны хаты.

Верацяно (веретено) - конусападобная палка для прадзення.

Верашчака, мачанка (верещака) - святочная страва, якую варылі на Каляды і Вялікдзень, і елі з блінамі. У вадзе (або рэдкай мучной вадзе) былі звараныя ў гаршку костачкі, сала і каўбаса.

Вепр, дзік (вепрь) - дзікая свіння.

Вепручыніна (кабанина) - мяса дзіка.

Верад (вред) - шкода, якая прычынена руцэ, назе або якім-небудзь унутраным органам.

Вербніца (вербное воскресенье) - нядзеля за тыдзень перад Вялікаднем.

Верхнік (верхнее отверстие) - адтуліна над дзвярыма для выхаду дыму ў курнай хаце. Калі печ не паліцца, яна зачынялася драўлянай засаўкай.

Ветранка (пушня) - механічнае прыстасаванне (драўляны станок без сіт, папярэднік арфы) для правейвання збожжа.

Ветраніцы (причелины) - вузкія дошкі, якія закрываюць край страхі спераду, каб вецер не псаваў салому.

Вечарынка, вячоркі (игрище, танцы) - моладзевыя гулянні і танцы.

Вечарніцы (посиделки) - вячэрнія зборы моладзі ў асенні або зімовы час.

Века, вечка (крышка) - накрыўка нейкай ёмкасці (скрыні, пасудзіны).

Вешніца (вьездные ворота) - вароты, якія закрываюць заезд на вуліцу вёскі (в. Шчыткавічы Ігуменскага пав.).

Весніца, веснічкі (калитка) - варотцы для ўваходу на падворак (Палессе).

Веялка (совок) - драўляны чарпак для кідання зерня, каб ачысціць яго ад мякіны.

Вілкі, вілы (ухват) -доўгая палка з двума з металічнымі паўкруглымі паўрагамі на канцы, з дапамогай якой ставяць у печ і вымаюць з яе гаршкі, чыгункі і т. д.

Вільчак (гребень, конёк) - месца, дзе сходзяцца дзве плоскасці страхі.

Вільчык (вилка) - над вяршынай франтона выступаюць канцы бурлацін у выглядзе двух рагоў.

Вітушка (вьюшка) - драўлянае прыстасаванне для наматвання нітак пасля прадзення і з маткоў (талек).

Вітка (жгут из прутьев) - 1) cкручаны лазовы дубец для прывязвання саломы да латаў страхі; 2) тычка з купінай на версе для паказвання мяжы ўчасткаў на сенажаці.

Віціна (витина) - рачны вёсельны карабель.

Войт - сельскі стараста ў розныя часы.

Волак - 1) рыбалоўная прылада: сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў; 2) тое. Што валакуць; 3) мясцовасць, дзе валакуць груз.

Волат - велікан, асілак, персанаж беларускай міфалогіі.

Воласць (волость) - самая меншая адміністрацыйная тэрытарыяльная адзінка, якая ўваходзіць у склад павета. Існавала ў Беларусі да 1930 г.

Восці (острога) - рыбалоўная прылада ў выглядзе віл.

Воўна (шерсть) - валасяное покрыва авечкі як матэрыял для вырабу сукна і валёнак.

Ворчык (валёк) - драўляная перакладзіна для злучэння пастаронкаў з плугам.

Вочапка - ручка вядра.

Вочап (шест) - шэст жураўля, да якога чапляецца вядро.

Вочка (петля) - 1) пятля ў вязанні; 2) невялікая круглая адтуліна ў якім-небудзь прадмеце (напрыклад, у гузіку).

Вуда (удочка) - рыбалоўная снасць, якая складаецц з вудзільна і жылкі з кручком.

Вудар, вудзільшчык (удильщик) - той, хто вудзіць рыбу.

Вульвачка, вулеўка (ковшик) - драўляны чарпак для вылівання вады з лодкі (в. Востраў Пінскага раёна).

Вусы, хванды, вілачкі (клинья) - устаўкі ў ніжнія часткі верхняй вопраткі.

Вушак (косяк, притолока) - бакавы брус у дзвярной асадзе.

Вупраж, збруя (упряжь) - рыштунак для запрэжкі коней і іншай рабочай жывёлы.

Выцінкі, выцінанкі (бумажные занавески) - ажурны ўзор, выразаны з каляровай ці белай паперы.

Вышкі, гарышча (настил в сарае) - насціл і прастора паміж насцілам і страхой у хляве.

Вэлюм, вуаль (фата) - белае тонкае пакрыццё маладой на вяселлі.

Вялікі пост (пасхальный пост) - сямітыднёвы (48 дзён) пост перад Вялікаднем.

Вялікдзень (пасха) - свята Ўваскрашэння Ісуса Хрыста.

Вянок (венок) - 1) круглая пляцёнка з раслін або кветак; 2) замкнуты прамавугольнік з чатырох бярвёнаў пры будаўніцтве; 3) вянок з кветак для маладой.

Вянкі - (кавалерский вечер, мальчишник) - кавалерскі вечар перад вяселлем у маладога (у вёсках Шчучынскага раёна).

Вяночкі, зборная субота, паненскі вечар (девичник) - дзявочы вечар перад вяселлем.

Вяночны двор (П-образный двор) - падворак, у якім забудова нагадвае літару П.

Вярстат, вярстаць, варштат, кросны, ставы (ручной ткацкий станок) - ручны ткацкі станок.

Вятрак (ветряная мельница) - ветраны млын.

Вяршок (вершок) - мера даўжыні, роўная 4,4 см.

Вяршнік (притолока, перекладина) - верхняя перакладзіна ў аконным альбо дзвярным праёме.

Вясноўка (весновка) - выбраная і ўпрыгожаная вянком дзяўчына, якую вясной моладзь садзіла на смык і катала па полі (у Барысаўскім павеце).

Вяселле (сватьба) - застоллі, урачыстасці з комплексам абрадаў і звычаяў пры афармленні шлюбу.

Вярста расійская (верста) - адлегласць, роўная 1,06 км.

Вярэнька (туесок) - 1) кашэль, сплецены з лубу, бярэсты або лазы; 2) маленькая гліняная місачка з увагнутымі беражкамі для кармлення дзяцей.

Вячоркі, вечарушкі, вечарніцы (посиделки) - збор сельскай моладзі ў зімовыя вечары.

Г

Габэлек, гэбель (фуганок) - сталярны інструмент у выглядзе калодкі з клінам і шырокім лязом для стругання.

Ганак (крыльцо) - лёгкая прыбудова са страхой і прыступкамі перад уваходам у хату.

Галкі (клёцкі) - рыбныя клёцкі.

Галеўка (платок) - штодзённая хустка.

Галушка (катыш) - круглы камяк, шарык, скачаны з якога-небудзь мяккага рэчыва.

Галушкі (галушки, клёцки) - 1) нацёртая на тарцы сырая бульба змешвалася з грэцкай мукой і варылася ў гаршку, пасля запраўлялася тлушчам і гарачая падавалася на стол; 2) мучная страва, якая нагадвае клёцкі. На Пішчыне называлі вараніна, і яна варылася з цеста, скатанага з цёртымі каноплямі.

Ганчар (гончар, горшечник) - рамеснік па вырабе керамічнага посуду.

Ганчарня (гончарня) - майстэрня па вырабе керамічнага посуду.

(Працяг у наст. нумары.)

Сымон Барыс


Беларуска-нямецкае супрацоўніцтва па пераадоленні наступстваў Чарнобыля

Навіны Германіі

Да 31 угодкаў аварыі на ЧАЭС Міжнародны савет "Будучыня - дзецям Чарнобылю", Беларуская асацыяцыя журналістаў, міжнародны Прэс-клуб і журналіст Аляксандр Тамковіч арганізавалі 12 красавіка дыскусію "Чарнобыль: паміж мінулым і будучыняй" з прэзентацыяй нямецкага варыянту кнігі "Чарнобыльскі шлях. Ад катастрофы - да саду надзеі".

У імпрэзе, падтрыманай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!", узялі ўдзел Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч, рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, Ангела Геснер з Ротвайля, лекар-педыятр Валянціна Смольнікава з Буда-Кашалёва і кіраўніца праекту " Жыццё з дыябетам" Людміла Марушкевіч.

Аляксандр Тамковіч паведаміў, што ідэя стварэння кнігі нарадзілася пасля круглага стала, прысвечанага Генадзю Грушавому некалькі гадоў таму. Святлана Алексіевіч падтрымала аўтара і напісала адзін з раздзелаў кнігі. Беларускі варыянт склаў 350 старонак з 240 ілюстрацыямі. Нямецкі фармат быў пашыраны да 300 фотаздымкаў і дадатковых мапаў Чарнабыльскага рэгіёна. Аўтар падзякаваў нямецкай амбасадзе за дапамогу ў стварэнні кнігі, у арганізацыі паездак у забруджаную зону і ў Германію, дзе ў розных гарадах дзейнічаюць ініцыятывы дапамогі фонду "Дзецям Чарнобыля".

Аўтар узгадаў, што Генадзь Грушавы быў адным з першых свабодных філосафаў, які дапамагаў пераасэнсаваць планетарныя маштабы Чарнобыльскай аварыі і дабрачынцам, які здолеў арганізаваць дапамогу пацярпелым і стварыць фонд "Дзецям Чарнобыля", які быў зарэгістраваны 20 лістапада 1990 года.

Аднымі з першых адгукнуліся на бяду і выдзелілі грашовы ўнёсак чальца Саюза беларускіх кінематаграфістаў.

Пра гэта засведчыў на сустрэчы кінарэжысёр Вячаслаў Нікіфараў. Ён падкрэсліў, што чалавецтва існуе на небяспечнай мяжы. Каб знізіць рызыку, патрабуецца асабістая адказнасць людзей за стан прыроды, экалогіі, здароўя.

Для самога Аляксандра Тамковіча з'яўляецца парадоксам, што на Беларусі працягваецца будаўніцтва Астравецкай АЭС, у той час, калі Германія прыняла закон аб паступовай адмове ад ядзернай энергетыкі да 2022 года.

На імпрэзе выступіла адна з гераінь кнігі "Філасофія дабрыні" Марына Казакова, якая прадстаўляла фонд "Дзецям Чарнобыля" ў ААН у 90-тыя гады. Там яна сведчыла пра экалагічных эмігрантаў, якія вымушаны былі з'язджаць са сваёй тэрыторыі, пакідаць родныя хаты, могілкі.

Педыятр Валянціна Смольнікава з Буда-Кашалёва распавяла пра супрацоўніцтва з выдатнымі дактарамі - прафесарам Яўгенам Дзямідчыкам і яго сынам, якія даследвалі рак шчытападобнай залозы ў дзяцей у Гомельскай вобласці і рабілі аперацыі маленькім пацыентам.

- Саркафаг абыякавасці апусціўся на сэрцы чыноўнікаў, якія вырашаюць лёсы людзей. Зараз на першым месцы дзеці чыноўнікаў і сілавікоў, а дзеці Чарнобыльскай зоны застаюцца ў цені. Між тым, у нашых дзетак уся табліца Мендзялеева (цэзій, стронцый) у костках, валасах. Бацькам вельмі цяжка гадаваць дзяцей-інвалідаў.

Яшчэ адна з гераінь кнігі А. Тамковіча Людміла Паўлаўна Марушкевіч была раней настаўніцай матэматыкі. З 1992 года яна ўзначальвае ініцыятыву "Жыццё з дыябетам", вывозіла дзяцей на аздараўленне ў Англію. Праз ініцыятыву тысячы дзетак атрымалі дапамогу і палепшылі стан здароўя.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч распавёў, што працаваў у тыя часы ў "Гомельскай праўдзе." Першая інфармацыя, якая прайшла на старонках газеты была вельмі сціслай. Усе рыхтаваліся да Першамая. Зразумець маштабы бяды давялося потым, калі шведскае радыё паведаміла пра радыяцыйнае воблака ў Еўропе. Ужо пазней былі камандзіроўкі па Хойніцкім, Нараўлянскім і Брагінскім раёнах. У беларускай літаратуры тэма Чарнобыля знайшла адлюстраванне ў творах А. Федарэнкі, Я. Брыля, Ю. Станкевіча, Св. Алексіевіч, В. Санько.

Усім прысутным на імпрэзе цікава было паслухаць меркаванне Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, якая прысвяціла важнай тэме сваю кнігу " Чарнобыльская малітва".

- У той перыяд сышліся разам дзве планетарныя катастрофы: адна палягала ў тым, што сацыялізм, як ідэя скончыўся, іншая - касмічная, Чарнобыльская бяда, была засакрэчана.

У тыя часы я гаварыла з людзьмі, якія перажылі патрасенне і шукалі выратавання. Яны адчувалі, што дзяржава ім хлусіць, і ім патрэбна самаарганізоўвацца.

Найбольшую пашану трэба аддаць Генадзю Грушавому, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працаваў для чарнобольскіх дзяцей і дзейнічаў для развіцця псіхалогіі і асэнсавання пераменаў.

Адным са злачынстваў улады бачыцца тое, што Чарнобыль не стаў той з'явай, пра якую можна было б казаць адкрыта. Калі б прафесар Бандажэўскі, адзін з самых цікавых даследчыкаў гэтай тэмы, не сядзеў бы ў турме, то мы б маглі больш супрацьстаяць катастрофе. Зараз мы можам рабіць гэта толькі агульнымі намаганнямі.

Пісьменніца распавяла пра наведванне Японіі пасля землятрусу і аварыі на Фукусіме. Выклікамі з будучыні назвала Нобелеўская лаўрэатка тое, што перажывалі беларусы і японцы ў часы тэхнагенных аварый.

У сваіх 18-ці кнігах журналіст і пісьменнік А. Тамковіч адлюстроўвае падзеі найноўшай гісторыі. Ён стварае летапіс народнай памяці, захоўваючы менавіта памяць народа, а не памяць улады, па слове Св. Алексіевіч, занатаваным на старонках кнігі "Філасофія дабрыні".

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Аляксандр Тамковіч; 2. Святлана Алексіевіч; 3. Святлана Алексіевіч, Генадзь Мерчы, Аляксандр Тамковіч; 4. Барыс Пятровіч.


Каралева тэатра

Мы пазнаёміліся ў аўтобусе № 100. Яна везла торт. Я адразу пазнаў, што каля мяне славутая актрыса Галіна Аляксееўна Дзягілева - актрыса, рэжысёр, заснавальнік, дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зніч" Беларускай дзяржаўнай філармоніі (вядучы майстар сцэны).

У 1968 годзе сп. Галіна скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (курс В. Рэдліх і А. Бутакова) У 1968-1985 гг. - актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа. Прыгажуня выканала больш за 50 роляў класічнага і сучаснага рэпертуару, сярод якіх Лада ("Снежныя зімы", І. Шамякіна), Караліна ("Кастусь Каліноўскі" Ўладзіміра Караткевіча), Святлана ("Таблетка пад язык" Андрэя Макаёнка), Наташа ("Прыніжаныя і зняважаныя") паводле Ф.М. Дастаеўскага), Жэнька Камялькова ("А зоры тут ціхія..." паводле Барыса Васільева), Элена ("Раба свайго каханага" Л. дэ Вега), Гера ("Шмат шуму з нічога" У. Шэкспіра) і іншыя.

У 1986 годзе Галіна Аляксееўна ўладкавалася ў канцэртна-лекцыйны аддзел Белдзяржфілармоніі, а ў 1989 г. у краіне пачаў сваю дзейнасць новы творчы калектыў, які атрымаў назву: Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра "Зніч", у якім на сённяшні дзень 19 монаспектакляў, якія грунтуюцца на творах сусветнай і беларускай літаратурнай класікі.

Спадарыня Галіна выконвае монаспектаклі: "Выгнанне ў рай" Н. Рапа, "Любіць..." паводле А. Вярцінскага, "Мне сняцца сны аб Беларусі" паводле Я. Купалы, "Пяюць начлежнікі" паводле З. Бядулі, "Абраніца" паводле А.С. Пушкіна ў перакладзе Рыгора Барадуліна, "Пачакай сонца!" паводле Л. Кастэнкі і Н. Мацяш.

Шаноўная каралева тэатра з'яўляецца рэжысёрам - пастаноўшчыкам монаспектакляў: "У краіне светлай, дзе я ўміраю..." паводле Максіма Багдановіча, "Не праклінай,што люблю..." паводле рамана "Родныя дзеці" славутага Ніла Гілевіча, "Прыпадаю да нябёс" паводле Я. Янішчыц, "Красёнцы жыцця" паводле паэмы "Новая зямля" Я. Коласа, "Мой маленькі прынц" А. дэ Сэнт-Экзюперы ў перакладзе Н. Мацяш, аўтар лібрэта паводле твораў А. Міцкевіча, Я. Чачота і Р. Барадуліна да першай нацыянальнай монаоперы "Адзінокі птах" А. Залётнева.

Творчасць Галіны Дзягілевай прымаюць на міжнародных фестывалях монаспектакляў "Марыя" ў Кіеве, "Адзін і ўсе", у Валгаградзе, на міжнародным фестывалі "Залаты Віцязь" у Маскве, дзе яна станавілася лаўрэатам і атрымоўвала ўзнагароды.

Беларуская зорка прадстаўляла айчыннае мастацтва на міжнародным фестывалі ў Познані (Польшча, 2009). У 2008-2010 гг. была сябрам журы ў Крымскім міжнародным фестывалі "Баспорскія агні", дзе была двойчы узнагароджана дыпломам лаўрэата. На міжнародным фестывалі "Белая вежа" ў Берасці ўзнагароджана дыпломам лаўрэата "За лепшую жаночую ролю" (2011).

У 2012- 2016 гг. Галіна Дзягілева ўдзельнічала ў міжнародным тэатральным фестывалі жаночай драмы "Марыя", а таксама з'яўлялася сябрам журы (2012, 2013, 2015) і старшынёй журы фестывалю ў 2016 г.

У 2016 годзе тэатр аднаго акцёра "Зніч" Белдзярж-філармоніі прыняў удзел у ХХІ міжнародным тэатральным фестывалі "Белая вежа" ў Берасці з музычнай меладрамай "Пачакай сонца!" паводле Ліны Кастэнкі і Ніны Мацяш...

Тэатру "Зніч", заснаванаму Галінай Дзягілевай прысвечана больш за 250 артыкулаў у розных выданнях ("Настаўніцкая газета", "Літаратура і мастацтва", часопісах "Нёман", "Роднае слова", "Крыніца", "Беларусь".

Інфармацыя пра калектыў, які ўзначальвае сп. Галіна, уключана ў энцыклапедыі.

Творчую асобу перыядычна запрашаюць на беларускае радыё і тэлебачанне. У 2017 годзем на хвалях канала "радыё Культура" свет пабачыў цыкл сюжэтаў аб тэатры "Зніч" у папулярных праграмах "Фактар лёсу", "Дыялогі пра культуру", "Мэры Попінс"...

Шаноўная Галіна Аляксееўна з'яўляецца сябрам мастацкага савета Белдзяржфілармоніі, а таксама сябрам праўлення Беларускага фонду культуры, які ўзначальвае шаноўны Ўладзімір Аляксандравіч Гілеп.

Мой старэйшы сябар, вядомы супрацоўнік тэлебачання, радыё і філармоніі Ўладзімір Аляксеевіч Шаліхін (1930-2002 гг.) на сяброўскіх панядзелках у яго дома ў 2002 годзе казаў мне, што міністрам культуры Беларусі павінна быць жанчына. Ён казаў, што добрым міністрам была б Галіна Аляксееўна Дзягілева!

Асабіста віншую славутую каралеву тэатра з юбілеем! Жадаю творчых поспехаў, здзяйснення мар, задум, кахання, радасці, аптымізму, а таксама новых ўзнагарод!

З павагай,

Аляксей Шалахоўскі, журналіст-фрылансер, гісторык культуры.


Алена Анісім працягвае змаганне за Алеся Лагвінца

Дэпутатка Алена Анісім атрымала адказ на свой зварот да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка аб неабходнасці неадкладна пачаць пракурорскую праверку ў дачыненні да дзеянняў асобаў, якія 23 сакавіка праводзілі затрыманне сябра сакратарыяту Таварыства беларускай мовы і грамадскага дзеяча Алеся Лагвінца.

Спадарыня А. Анісім сказала Свабодзе:

- Намеснік генпракурора Аляксандар Лашын напісаў даволі вялікі адказ. Але сутнасць там такая, што я звярнулася нібыта не зусім туды. Вось фрагмент адказу з пракуратуры:

"У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам прыняцце рашэння па паступіўшых заявах або зваротах аб злачынствах, якія здзейснілі службовыя асобы органаў унутраных спраў, адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства".

Я абмеркавала сітуацыю з Алесем. Ён сказаў мне, што спачатку параіцца з юрыстамі, а пасля будзем вырашаць, што рабіць далей. Таму я ўзяла невялічкую паўзу, бо хачу, каб нашы супольныя з Алесем далейшыя дзеянні былі і ўзгодненыя, і ўзмоцненыя.

У звароце да генпракурора Алена Анісім пісала:

"23 сакавіка 2017 года ў Маскоўскім раёне Менска быў затрыманы сябар Сакратарыяту ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", вядомы палітолаг і грамадскі дзяяч Алесь Лагвінец. Падчас затрымання яго моцна збівалі, у выніку чаго былі нанесены шматлікія пашкоджанні, што запатрабавала неабходнасці выкліку "хуткай дапамогі" непасрэдна ў будынак суда.

У сувязі з гэтым фактам неапраўданага прымянення фізічнай сілы, бо затрыманы не аказваў супраціву, прашу Вас неадкладна пачаць пракурорскую праверку ў дачыненні да дзеянняў асоб, якія праводзілі затрыманне Алеся Лагвінца. На маю думку, такія дзеянні падлягаюць прыцягненню не проста да адміністрацыйнай, але і крымінальнай адказнасці"...

23 сакавіка Алеся Лагвінца моцна збілі і даставілі ў суд Маскоўскага раёна. Падчас працэсу яму стала кепска, выклікалі "хуткую дапамогу", у 9-м шпіталі паставілі дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія ўдары.

Тры дні Лагвінец правёў у хірургічным аддзяленні ў шпіталі. 27 сакавіка са шпіталя яго зноў прывезлі ў Маскоўскі суд. Сведкі-амапаўцы казалі, што Алесь сам нанёс сабе цялесныя пашкоджанні, калі біўся галавой аб сядзенне аўтамабіля. Суддзя Віктар Казак з гэтым пагадзіўся. Лагвінец атрымаў 10 сутак арышту.

Уладзімір Глод.


Як два энтузіясты агучваюць вядомыя фільмы па-беларуску

Такі занятак прыдумала сабе сямейная пара, іх творчыя псеўданімы - Адам Трыпутнік і Таша Мурзенштольц.

Восем фільмаў яны ўжо агучылі і выклалі ў адкрыты доступ.

Усё трымаецца выключна на альтруізме. Для Адама і Ташы галоўнае - развівацца самім і развіваць Беларусь.

Апошнія 10 гадоў Адам працаваў у Навукова-даследчым інстытуце транспарту. У рэшце рэшт надакучыла, і ён вырашыў зладзіць перазагрузку - сканцэнтраваўся на агучцы. Таша цяпер у дэкрэтным адпачынку, таму па магчымасці дапамагае мужу ў справе, пiша "Новы час".

- Мы хацелі размаўляць на роднай мове, агучка - адзін са спосабаў паглыбіцца ў асяроддзе. Гэта наш маленькі ўнёсак у справу пашырэння беларускасці. Нам гэта падабаецца, мы адчуваем унутранае задавальненне, - тлумачыць Адам. - Аднойчы я знайшоў сайт з аўдыёдарожкамі да фільмаў. Там іх было каля дзвюх тысяч - на англійскай, столькі ж - на рускай, адсоткаў на 30 менш - на ўкраінскай. А далей - на літоўскай, балгарскай, французскай, індускай… Здагадайцеся, на якой не было ніводнай?

Адам і Таша займаюцца толькі агучкай. Голас, запіс, постпрадакшн і рэліз - гэта іх работа. Спачатку бралі тыя тэксты, што ўжо існуюць у сеціве, таму выбар быў не надта багаты. Нядаўна пачалі шчыльна супрацоўнічаць з перакладчыкам Цімафеем Каліноўскім. Менавіта ён пераклаў улюбёны фільм Адама і Ташы "Капітан Фантастык", які яны пасля агучылі.

Адам заўважае, што агучыць фільм не так і проста. Трэба і тэкст выразна ды правільна прачытаць, і эмоцыі перадаць, і пачуцці.

- Асобныя сказы ў дыялогах даводзіцца адаптоўваць пад маўленне, бо часам велізарныя дзеепрыметнікавыя звароты ў арыгінале гучаць як некалькі словаў, - распавядае Адам.

Звычайна агучка аднаго фільма займае каля двух тыдняў.

- Пакуль зваротная сувязь зусім невялікая, нават людзі з нашай суполкі не надта глядзяць, - заўважае Адам. - Але мы разумеем, што для таго, каб нас глядзелі, патрэбная доўгая планамерная праца. Хацелася б развіваць праект і падвышаць уласны узровень.

У той жа Расіі ці Украіне існуе шмат студый і рэліз-суполак, якія перакладаюць і агучваюць фільмы. Адны ствараліся прафесійнымі перакладчыкамі, акцёрамі і гукаінжынерамі. Іншыя выраслі з аматарскіх ініцыятыў і цяпер наступаюць прафесійным на пяткі, канкуруюць з імі і нават робяць агучкі па замове дзяржтэлеканалаў. Беларусі ж у гэтай справе трэба пракладаць свой шлях.

Паглядзець беларускамоўныя фільмы, якія агучылі Таша і Адам, можна ў іх суполцы "УКантакце". Сюды яны выкладаюць усе новыя работы. Тут жа можна адшукаць анонсы кінапаказаў у розных гарадах Беларусі, дзе ўдзельнічаюць гэтыя фільмы.

Паводле СМІ.


Памёр гісторык Юры Бохан

Юры Бохан - беларускі гісторык і археолаг, доктар гістарычных навук. Нарадзіўся ў Менску 21 лютага 1966 года. Даследаваў урбаністычнае развіццё, узбраенне і арганізацыю войска, шляхецкі побыт у Вялікім Княстве Літоўскім. Адзін з аўтараў кніг "Археалогія Беларусі" (т. 4, 2001), "Гісторыя Беларусі" (т. 3, 2004). Памёр 13 красавіка 2017 года.

Гісторык Аляксандар Краўцэвіч сказаў "Свабодзе":

- Сумная навіна. Я ведаў Юрася з часоў студэнцтва. Я быў апанентам на абароне яго кандыдацкай дысертацыі.

Апроч таго, што Юрась быў выбітны спецыяліст па вайсковай справе ВКЛ, ён яшчэ быў вельмі сумленным і прыстойным чалавекам. Ён ніколі не ішоў на службу ідэялогіі. Ён трымаўся чысціні навукі. Толькі даведаўся пра гэтую смерць, не магу асэнсаваць да канца.

Мікола Воўкаў, гісторык:

- Юры Бохан - фактычна заснавальнік гістарычнага збраязнаўства ў Беларусі. Ён стварыў цэлую школу. Я быў яго вучнем. Я практычна апошні, хто ў яго абараніў кандыдацкую дысертацыю. Гэта быў вельмі шляхетны чалавек, які, нягледзячы на свае рэгаліі, паводзіўся з усімі прыязна і адкрыта, без фанабэрыі. Гэтая смерць - вялікая страта для беларускай навукі.

Развітанне з Юрыем Боханам адбылося ў Чырвоным касцёле 15 красавіка.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Кернажыцкая Святлана - 10 р., г. Менск

2. Сутулаў Глеб - 5 р., г. Менск

3. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск

4. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск

5. Гасанаў - 4, 5 р., г. Менск

6. Рыбачонак Аляксандр - 20 р., г. Менск

7. Ліпскі Канстанцін - 10 р., г. Менск

8. Міхаіл - 3 р., г. Менск

9. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

10. Крыўко Ірына - 10 р., г. Наваполацк

11. Ляпёшкін Андрэй - 10 р., в. Зара, Круглянскі р-н

12. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

13. Кавалюк - 10 р., г. Менск

14. Кот Валер - 5 р., г. Менск

15. Ганчарова Ружа - 10 р., г. Менск

16. Герасіменка А.В. - 10 р., г. Гомель

17. Максімовіч - 1 р., г. Менск

18. Вайдзялевіч Д. - 10 р., г. Менск

19. Вяргей Валянціна - 10 р., г. Менск

20. Лагуціна Марына - 5 р., г. Менск

21. Шаўроў Валер - 10 р., г. Гародня

22. Бойса Язэп - 15 р., г. Ліда

23. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск

24. Данілюк Віктар - 15 р., г. Менск

25. Пухоўская Юлія - 25 р., г. Менск

26. Лягушаў Алег - 20 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

27. Рабека Мікола - 15 р., г. Менск

28. Залькоў С.П. - 40 р., г. Гародня

29. Анісім Алена - 100 р., г. Менск

30. Чаркасаў Сяргей - 10 р., г. Салігорск

31. Шадура Андрэй - 10 р., г. Браціслава

32. Талуць Станіслаў - 60 р., г. Гомель

33. М.А.О. - 2 р., г. Менск

34. Ляўшун Дзяніс - 19 р., г. Менск

35. Фурс Антон - 20 р., г. Паставы

36. Табушава Ірына - 5 р., г. Менск

37. Яніцкая Мая - 30 р., г. Менск

38. Бусел Мікола - 10 р., в. Пружынішчы

39. Герашчанка Г.А. - 20 р., г. Менск

40. Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск

41. Корбут Вячаслаў - 10 дол., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы(V - XV стагоддзі)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Алег Трусаў

У 1235 - 1236 гг. нікейцы разам з балгарамі захапілі большую частку Фракіі, а 25 ліпеня 1261 г. нікейская армія заняла практычна без бою Канстанцінопаль. Апошні кіраўнік Лацінскай імперыі БалдуінІІ уцёк у Італію, а венецыянцы зноў страцілі ўсю сваю маёмасць. У жніўні 1261 г. Міхаіл VIII Палеолаг каранаваўся і аднавіў Візантыю юрыдычна. Аднак яго ўладу не прызналі Эпір, Фесалія і Трапезунд.

Візантыя ў другой палове XIII ст. Імператар Міхаіл VIII (1261- 1282), каб адрадзіць эканоміку, даў прывілеі італьянскім купцам. Каля сталіцы ў Галаце заснавалі генуэзскую гандлёвую калонію. Каб прадухіліць чарговы напад крыжаносцаў, Міхаіл VIII прапанаваў падпарадкаваць канстанцінопальскую царкву Рыму. На Ліёнскім саборы ў 1274 г. візантыйская дэлегацыя ад імя свайго імператара выказала сваю падпарадкаванасць Папу Рыгору X. Гэта выклікала вялікае абурэнне жыхароў Візантыі. У 1281 г. на Візантыю напалі войскі Карла Анжуйскага, але візантыйцы здолелі спыніць іх і на сушы, і на моры. У 1282 г. на Сіцыліі, якой кіраваў Карл Анжуйскі, адбылося паўстанне, і востраў захапілі войскі пірэнейскага каралеўства Арагона. Неўзабаве Міхаіл VIII памёр, а падданыя назвалі яго ерэтыком і здраднікам.

Сістэма кіравання і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў Х - ХІІІ стст. УХ ст. улада імператара дасягнула найбольшай моцы. Сінкліт (дарадчая рада) з чыноўнікаў і знаці меў толькі дарадчую функцыю, а патрыярхі былі імператарскімі стаўленікамі. Дзяржавай кіраваў велізарны бюракратычны апарат, што складаўся з 18 класаў і 5 разрадаў. Кожны чыноўнік мог рабіць кар'еру і падымацца ўверх па бюракратычнай лесвіцы. Таксама можна было купляць і пажыццёвыя тытулы і потым мець з іх штогадовы прыбытак.

Вялікі бюракратычны апарат патрабаваў шмат грошай, і таму ўсіх сялян і рамеснікаў абклалі вялікімі падаткамі. Асаблівы падатак спаганялі на карысць царквы. У гарадах падаткам абкладалі нерухомую маёмасць, спаганялі гандлёвыя зборы з рамеснікаў і гандляроў, а таксама асобныя зборы з кожнай гандлёвай аперацыі.

У XII ст. назіраецца росквіт земляробства. У гарады Паўночнай Італіі з Візантыі завозяць збожжа, віно, алей, садавіну і гародніму.

У Х-ХІ стст. склаліся асноўныя катэгорыі насельніцтва. Сяляне падзяліліся на містыі і парыкі. Першыя былі наёмнымі работнікамі і сваёй зямлі не мелі. Другія мелі свой зямельны надзел, які можна было перадаваць у спадчыну, але зямля была ўласнасцю феадала, і селянін павінен быў плаціць яму за карыстанне гэтай зямлёй. Былі і дзяржаўныя парыкі, якія забяспечвалі харчаваннем імператарскі двор. Заставалася невялікая колькасць вольных сялян, якія жылі грамадою. Частка бедных сялян уцякала ад феадалаў у манастыры, якіх у пачатку XV ст. было каля сямі тысяч.

Клас феадалаў складалі конныя вершнікі - аснова візантыйскага войска. Візантыйскія магнаты вельмі залежалі ад імператара, і іх уласная маёмасць была не вельмі вялікай, а асноўны прыбытак ішоў за службу з дзяржаўнай казны.

Культура Візантыі ў Х-ХІІІ стст. У Х-ХІ стст. Візантыя заставалася марской дзяржавай, якая, дзякуючы "грэцкаму агню" і скосаму ветразю, мела вялікі ваенны і гандлёвы флот і таму займала пануючае становішча ў басейне Міжмор'я. Візантыйская залатая манета мела функцыі міжнароднай валюты на ўсіх рынках ад Еўфрата да Гібралтара. Канстанцінопаль да канца XII ст. заставаўся цэнтрам праваслаўя і захавальнікам антычнай культуры. Шматлікія рамеснікі выраблялі тут прадметы раскошы, якія шырока расходзіліся па ўсёй Еўропе. Расквітнелі і іншыя гарады, асабліва Салонікі і Трапезунд, якія праводзілі вялікія кірмашы. Аднак, пачынаючы з другой паловы XII ст., эканоміка візантыйскіх гарадоў прыходзіць да заняпаду.

Вельмі высокага ўзроўню ў Візантыі дасягнула літаратура. У Х ст. былі складзены энцыклапедыі па гісторыі, сельскай гаспадарцы і медыцыне. Вялікую папулярнасць набылі трактаты імператара Канстанціна Парфірагенета (913-959). У X ст. быў напісаны слоўнік "Лексікон Суды", дзе быў сабраны розны матэрыял па гісторыі, літаратуры, граматыцы і філасофіі. У XI ст. у Канстанцінопалі адрадзіўся ўніверсітэт, дзе каля 1045 г. быў створаны юрыдычны факультэт. Вельмі вядомым быў і філасофскі факультэт, дзе вывучалі працы антычных аўтараў, логіку і рыторыку. Універсітэт існаваў да 1209 г. і быў адным з самых вядомых навуковых цэнтраў тагачаснага свету, разам з Парыжам і Багдадам. Існаваў універсітэт за дзяржаўны кошт і меў моцны дзяржаўны кантроль. На мяжы XI-XII стст. вышэйшыя школы з'яўлюцца і ў іншых гарадах краіны, напрыклад, у Салоніках.

Вельмі цікавую працу пра жыццё і дзейнасць імператара Аляксея I Комніна напісала яго дачка Ганна, якую яна назвала "Алексіяда", на ўзор "Іліяды" Гамера. Цікавы гістарычны твор "Гісторыя рамеяў", у якім апісаны захоп крыжаносцамі сталіцы імперыі ў 1204 г., напісаў гісторык Нікіта Акамінат з Хонаў.

У царкоўнай архітэктуры, замест базілікі, візантыйскія дойліды распрацавалі дасканалую мадэль крыжова-купальнага храма, які быў аздоблены мазаікамі са смальты і прыгожымі фрэскамі. Палацы магнатаў і багатых гараджан будаваліся па ўсёй імперыі. Іх будавалі з чэсанага каменю і аздаблялі калонамі і мазаікай. Да ХІІІ ст. візантыйскае дойлідства было адным з самых дасканалых у тагачасным свеце і вельмі паўплывала на архітэктуру Балгарыі, Сербіі, Кіеўскай Русі і, вядома, Беларусі.

У Х-ХІІ стст. расквітнела дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва Візантыі. Гэта візантыйскія тарэўтыка-мастацкія вырабы з золата, срэбра, бронзы і іншых металаў. Сярод іх шмат культавых рэчаў, розны срэбны і залаты посуд. Рамеснікі Візантыі выраблялі прыгожы керамічны паліваны посуд, аздоблены рознымі малюнкамі. За межамі краіны добра ведалі і візантыйскае шкло: лямпы, лампады, свецкі і царкоўны посуд, розныя пацеркі і бранзалеты. Вырабы з візантыйскага шкла археолагі Беларусі знаходзяць пры раскопках курганоў і гарадскіх паселішчаў.

Візантыйскія ткачы выраблялі розныя шаўковыя, ваўняныя і парчовыя тканіны, а таксама золататканыя тканіны, з якіх шылі адзенне для імператарскага двара і вышэйшага духавенства.

У XI-XII стст. візантыйскае мастацтва шырока вядома і ў Італіі, асабліва на востраве Сіцылія, дзе спалучаецца антычнае, візантыйскае, арабскае і нармандскае мастацтва. Так, храмы ў Палерма маюць рысы трох культур: візантыйскай, раманскай і арабскай Асабліва гэта праявілася ў архітэктуры царквы св. Іаана (1132 г.), Візантыйскі ўплыў можна прасачыць сярод мазаік і фрэсак галоўнага храма Венецыі - сабора Сан-Марка, а таксама мазаік апсіды сабора ў Трыесце і сабора ў Тарчэла.

2. Першае Балгарскае царства: працяг гісторыі

Да X ст. завяршылася асіміляцыя цюркамоўных балгараў славянамі, якія пакінулі сабе назву асіміляванага народа. У ІХ-Х стст. назіраецца росквіт першай балгарскай дзяржавы, якая, акрамя тэрыторыі сённяшняй Балгарыі, часткова займала частку Румыніі і Венгрыі. Найбольш умацавалася балгарская дзяржава пры цары Сімяоне Вялікім (893-927). Яго войскі захапілі Македонію і хадзілі на Канстанцінопаль. Сталіцай краіны спачатку быў горад Пліска, а потым Прэслаў.

У гэтым горадзе стварыўся буйны культурны цэнтр паўднёвага славянства, дзе перакладаліся на стараславянскую мову грэцкія кнігі і пісаліся новыя. Да пачатку XI ст. у Балгарыі сфармаваліся два асноўныя грамадскія станы. Гэта - феадалы, якія валодалі зямлёй, і залежныя ад іх парыкі. Але большасць насельніцтва складалася з вольных сялян і гараджан. Існаваў вялікі фонд дзяржаўных земляў, якія кіраўнікі краіны раздавалі за службу феадалам-балярам. У краіне па-ранейшаму пераважала дробнае сялянскае землеўладанне. Актыўна развівалася агародніцтва, вінаградарства, ільнаводства і жывёлагадоўля. Галоўнай цяглавай жывёлай у гаспадарцы быў буйвал. Балгарскія рамеснікі займаліся апрацоўкай жалеза, ганчарствам і рознымі будаўнічымі рамёствамі (вытворчасцю цэглы і апрацоўкай каменю). Актыўна развіваўся гандаль, асабліва з Венгрыяй, Чэхіяй і Кіеўскай Руссю.

Аднак у другой палове X ст. у выніку феадальнай раздробленасці і сялянскіх паўстанняў краіна пачала страчваць былую сілу і славу. Гэтым скарысталіся імператары Візантыі, якія пачалі заваяванне Балгарыі. У 1014 г. у вырашальнай бітве каля гары Беласіцы армія Балгарыі была цалкам разбітая, і ў палон трапіла больш за 14 тысяч балгараў. На загад імператара Візантыі Васілія II іх амаль усіх асляпілі, пакінуўшы на кожныя 100 чалавек, аднаго аднавокага правадыра і адпусцілі, каб напалохаць іншых. У 1018 г. візантыйцы захапілі ўсю тэрыторыю Балгарыі і ўключылі яе ў сваю імперыю.

3. Другое Балгарскае царства

Вольналюбны балгарскі народ не раз уздымаў паўстанні супраць захопнікаў. Самае вялікае паўстанне пачалося ў 1185 г. у горадзе Тырнаве і ахапіла значную частку краіны. Паўстанцаў узначалілі двое баляраў - браты Асень і Пётр. У 1187 г. паўстанцы перамаглі, і Балгарыя зноў зрабілася незалежнай. Сталіцай краіны стала Тырнава, а царом - вышэйзгаданы Асень (Іван Асень I). Другое Балгарскае царства існавала з 1187 па 1396 гг. Пры цары існавала балярская рада, а мясцовую праваслаўную царкву ўзначальваў незалежны ад Візантыі патрыярх. Візантыйскую знаць замянілі мясцовыя феадалы, якія падзяліліся на "вялікіх" і "малых" баляраў, і ўсе яны падпарадкоўваліся цэнтральнай царскай уладзе. Павялічылася колькасць залежных сялян, але да XV ст. існавала яшчэ значная колькасць вольных сялян, якія плацілі падаткі непасрэдна ў царскую казну. Былі і прыгонныя сяляне: халопы, пастухі і іншыя. Раслі балгарскія гарады, якія залежалі ад буйных феадалаў. У краіне склаўся моцны бюракратычны апарат (намеснікі цара ў правінцыях, кіраўнікі гарадоў, чыноўнікі, старасты ў вёсках і гэтак далей). Уплывовую сілу складала і балгарскае духавенства. Актыўна развіваўся гандаль. Балгарскія купцы гандлявалі збожжам, мясам, воўнай, скурамі, мёдам, воскам і абуткам, а таксама ганчарнымі вырабамі. Найбольшы росквіт краіны назіраецца пры цары Іване Асені ІІ (1218-1241). Яго войскі захапілі Македонію, Фракію і Паўночную Грэцыю, а таксама Албанію.

Істотную шкоду Балгарыі нанеслі мангола-татары ў сярэдзіне XIII ст. У 1227-1280 гг. адбылося сялянскае паўстанне супраць татараў, і незалежнасць Балгарыі аднавілася. У канцы XIII ст. балгары нават захапілі Бялград.

4. Утварэнне Сербскай дзяржавы

Першая сербская дзяржава ўзнікла пры князі Ўладзіміры (836 - 843). У другой палове IX ст. сербы прымаюць ўсходняе хрысціянства, дзякуючы місіянерскай дзейнасці Кірыла і Мяфодзія. Аднак пазней сербы на доўгі час трапілі ў залежнасць ад Візантыі і прызнавалі яе ўладу. Паўторна сербская дзяржава адрадзілася пры князі Стэфане Нямане (1168-1196). Сербія вызвалілася ад візантыйскага прыгнёту і ў 1217 г. стала каралеўствам. Брат караля Сава стаў архіепіскапам на чале самастойнай праваслаўнай царквы са службай на стараславянскай мове. Сербія атрымала выхад да мора, і ў яе склад з 1186 і на правах вольнага горада ўвайшоў марскі порт Котар. Унікальным помнікам сербскай архітэктуры з'яўляецца манастыр у Студзёніцы, каля горада Кралева ў паўднёвай частцы краіны. Ён быў заснаваны ў 1183 г. князем Стэфанам Няманем, а потым дабудоўваўся яго сынамі. Манастыр стаў някропалем дынастыі Няманічаў і шмат стагоддзяў быў нацыянальнай святыняй Сербіі. Самы галоўны храм манастыра - мураваная царква Успення Багародзіцы (1183 - 1196 гг.). У архітэктуры храма спалучаюцца візантыйскія і раманскія традыцыі, а інтэр'ер аздабляюць фрэскі, напісаныя ў 1209 г. Росквіт Сербіі прыпадае на XIV ст.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Мазаіка - від жывапісу з выкарыстаннем каляровых камянёў, смальты, эмаляў і інш.

Парыкі - балгарскія і візантыйскія залежныя сяляне - трымальнікі чужой (панскай ці дзяржаўнай) зямлі, за якую выконвалі розныя павіннасці.

Туркі - сельджукі - качавы народ, які ў XI ст. стварыў у Малой Азіі і Туркменістане вялікую дзяржаву.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1014 г. - разгром балгарскай арміі візантыйскім імператарам Васіліем II.

1018 г. - заваяванне Візантыяй Першага Балгарскага царства.

1185 - 1187 гг. - паўстанне балгараў супраць Візантыі.

1187 г. - утварэнне Другога Балгарскага царства.

60-я гады XII ст. - стварэнне Сербскай дзяржавы.

1261 г. - аднаўленне Візантыйскай імперыі.

(Працяг у наст. нумары.)


Магілёўская "Брама"

"Сваю браму мае кожная чалавечая душа…", - такімі словамі магілёўскай паэтэсы і празаіка Таццяны Барысік пачынаецца чарговы выпуск магілёўскага літаратурнага альманаха. Чацвёрты выпуск "Брамы" быў прэзентаваны ў магілёўскім грамадскім цэнтры "Кола сяброў" 13 красавіка. На прэзентацыю, арганізаваную магілёўскімі абласнымі арганізацыямі Таварыства беларускай мовы і Саюза беларускіх пісьменнікаў, завіталі не толькі гледачы ды ўкладальнікі і аўтары альманаха, але і намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака і бард Яўген Барышнікаў.

Вёў імпрэзу старшыня магілёўскай абласной філіі СПБ Мікола Яцкоў. Выступоўцы - аўтары альманаха падзяліліся часткай сваёй творчасці і свае душы. Таццяна Барысік прачытала ўрыўкі са свае жыццёвае і кплівае прозы і паэзіі, мастак і паэт Базыль Камароў - свае патрыятычныя і філасофскія творы, паэтэса і педагог Тамара Аўсяннікава распавяла свае лірычныя вершы, а таксама сатырычную байку. Педагог і літаратар Міхась Булавацкі падзяліўся сваімі перакладамі расійскіх і расійскамоўных паэтаў на беларускую мову, і яго пераклад вершаў Арсенія Таркоўскага выдатна агучыў і сыграў на гітары магілёўскі паэт і бард Васіль Аўраменка. Пра сваю творчасць распавёў празаік Сяргей Целеш. Зачытаў свае творы і малады магілёўскі паэт Аляксей Карпенка.

Прагучалі і творы нашых гасцей - вершы Ўсевалада Сцебуракі і песні Яўгена Барышнікава, які не прыехаў у Магілёў без гітары.

Арганізатары, госці і слухачы імпрэзы не першы раз зайшлі ў браму магілёўскай літаратуры, і, будзем думаць, такіх падарожжаў у творчы свет нашага горада будзе ўсё болей і болей.

Магілёўская гарадская агранізацыя ТБМ.


Яго нябачная сляза

(Скарына)

Яўген Гучок

* * *

Сапраўдная навука

ёсць акно ў іншы свет...

Ды ў нас заўсёды

Вокны біць умелі.

* * *

А Слова Божае -

Не са смятанай жбан,

Таму туды не лезуць

суайчыннікі з імпэтам.

* * *

Ім не патрэбна кніга, Бог;

Прад бізуном яны схіляць

Імкнуцца голаў.

* * *

Здаецца, бачу я

Хрыста ўкрыжаванне...

О Божа мой, а як штодня па дурасці

Сябе крыжуюць людзі нашы!

* * *

Ну хоць бы галаву адну сустрэць,

А то азадкі ўсё,

Адны наўкол азадкі.

* * *

Я ім кажу: "Чытайце Слова Божае!",

А мне ў адказ: "Навошта?

Ды яшчэ на гэтай мове?!."

* * *

Я эстафету ў Еўропы ўзяў

І ў родны край прынёс,

Але яна тут не патрэбна.

* * *

Мой Бог, чаму хоць бы я не эфіоп?

Бо там і Слова Божае, і кніга

Наўкол прымаюцца людзьмі.

* * *

Так, кніга пойдзе ў свет,

Ды ўсё часцей людскі падман узнёслы

Ў яе з часамі будзе запаўзаць.

* * *

Цікавяць іх не кніжкі і не Бог,

А колькі грошай водзіцца

Ў кішэні ў суседа.

* * *

Як кніга да казны - не прыступка,

Тады навошта ім

Яна.

* * *

Губляе ласку да Радзімы чалавек -

І разбурае ён яе,

А заадно знішчае рыб і птушак...

* * *

Якім бы Рым ні быў -

Ці першы, ці другі, ці трэці,

Ён нас апошнімі ў свеце бачыць хоча.

* * *

А пра Маскву

І слоў няма...

Адвечны штаб турмы народаў.

* * *

Так, фарбы не адной маёй душы

Не знойдуць месца

На парсунах родных!

* * *

Дзе справе твайго жыцця

Гняздо не дазволена звіць,

Ты пойдзеш адтуль у выгнанне.

* * *

Жыццё такіх асоб

Звычайна фінішуе

На чужыне.

* * *

Наш край - і Чэхія.

То не дарога проста дружбы,

То шлях складаны

ўцёкаў ад шаленства.

* * *

Калісь славуты Полацак,

Сягоння ўжо не той...

А надалей што будзе?!.

* * *

І толькі смерць прытулкам стане мне

І ад зямлі, і неба,

І ад Айчыны, і чужыны

* * *

А сыйдуцца мінулае з сучасным,

Дык бачу я:

Скарына ў засмучэнні.

* * *

Падумайце пра лёс Скарыны -

І вы адчуеце

Яго нябачную слязу.


Загадкі-прыпавесці ад Зайкі

Зайка Алесь Фаміч нарадзіўся ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна Берэсцейскай вобласці. У 1966 годзе скончыў Косаўскую сярэднюю школу, у 1971 - філалагічны факультэт Берасцейскага педінстытута. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родную вёску, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Цяпер загадвае школьным этнаграфічным музеем.

Алесь Зайка - спецыяліст у галіне лакальнай этналогіі. Кола яго навуковых зацікаўленняў улучае дыялекталогію, фразеалогію, парэміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў. Аўтар кніг "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" (2011), "Населеныя пункты Івацэвіччыны" (2012), "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны" (2014), "Прыказкі і прымаўкі… з Косаўшчыны" (2015). Яго пяру належаць дзве мастацкія кнігі: "Дым з коміна" (2011) і "Чысты чацвер" (2015).


Загадкі - прыпавесці

Я застаў яшчэ той час, калі доўгімі восеньскімі вечарамі моладзь збіралася на кудзяльніцы. Спявалі, жартавалі, наладжвалі гульні, не забываліся і пра загадкі. Тады пачыналася сапраўднае спаборніцтва, дзе патрабаваліся і кемлівасць, і здагадлівасць, уменне супастаўляць, урэшце, мець жыццёвы досвед.

І дасюль памятаю тыя загадкі.

Пыталіся: "А што гарыць без полымя?" Адказвалі:"Сонца!" "- А што расце без кораня? - Камень! - Што плача, а слёз не лье? - Скрыпка! - А што бяжыць без рук, без ног? - Вада! - А хто белы не бялёны, сівы не сівёны, чорны не чарнёны? - Лебедзь, голуб, варона! - Што цвіце, а кветкі ніхто не бачыў? - Папараць! - А што ўецца кругом дзерава? - Хмель! - А што паліць - агню няма? - Маланка!"

Запіс загадак зроблены ў 1980 г. ад Зайкі Аляксандры Пятроўны, 1911 г. н., в. Заполле, Косаўскага с/с.

Загадкі былі розныя, пра ўсё на свеце. Памятаю яшчэ, што здатныя загаднікі прыдумлялі пэўныя жыцёвыя сітуацыі, а слухачам прапаноўвалася даць правільны адказ і, на жаль, запісаць такіх загадак-сітуацый, загадак-прыпавесцяў удалося няшмат. Але яны настолькі цікавыя, што мне захацелася пазнаёміць чытачоў з імі. Вось яны.

* * *

… Да калодзежа па ваду ідуць дзве дзяўчыны. Адна чыста апранутая, а вёдры брудныя, а другая ў бруднай сукенцы, а вёдры чыстыя.

Стаіць хлопец і разважае: каго з іх замуж узяць? Доўга думаў. Нарэшце, вырашыў: трэба за жонку браць тую, якая сама чыстая. Чаму ён прыняў такое рашэнне? Дзяўчына, што была чыста апранутая, за сабою глядзіць, у яе будзе парадак у хаце, і вёдры памые. Другая, неахайная, усюды бруд развядзе. У яе парадку не будзе. А вёдры чыстыя, бо, відаць, маці памыла.

Запіс зроблены ў 2001 г. ад Лушчык Веры Ігнатаўны, 1930 г. н., в. Альшаніца, Квасевіцкі с/с.

* * *

… Трое юнакоў закахаліся ў адну дзяўчыну. Яна ж ніяк не магла выбраць, за каго выйсці замуж. Каб не пакрыўдзіць адмоваю, сказала, што падумае. Раз'ехаліся жаніхі. А неяк сустрэўшыся, згадалі каханую, вырашылі купіць ёй падарункі і ўжо з падарункамі зноў ехаць сватацца. Адзін купіў дыван-самалёт, хуткі, як думка; другі - люстэрка: глянеш у яго - далёка відаць; трэці - яблык ад усіх хвароб. Паглядзеў хлапчына ў сваё люстэрка і ўбачыў, што дзяўчына моцна хворая. Трэба ратаваць! Селі яны на дыван-самалёт і ўмомант апынуліся ў дзяўчыны. Даў юнак ёй гаючы яблык, з'ела дзяўчына і ачуняла. О, цяпер яна ведала, каму аддасць руку і сэрца!

Дык каму? Дыван-самалёт застаўся гаспадару, люстэрка - таксама, а трэці юнак дзеля выратавання каханай аддаў адзінае, што ў яго было - чароўны яблык. Яго і выбрала дзяўчына.

Запіс зроблены ў 2004 г. ад Ступака Мікалая Паўлавіча, 1930 г. н., в. Падстарынь, Падстарынскага с/c.

* * *

… Жылі тры сястры. Дзве старэйшыя моцна хацелі замуж, а малодшая і не думала пра замужжа. Вырашылі сёстры паваражыць і даведацца, да каторай з іх першай сваты прыдуць.

Узялі яны аднолькавыя чыгункі, налілі аднолькава вады, паставілі на агонь. Вырашылі: у чыім чыгуне раней вада закіпіць, тая першая да вянца пойдзе.

Адгадайце, у каго хутчэй вада закіпела?

Вядома, у той, што пра замужжа не думала. Чаму? Бо яе сёстры раз за разам накрыўкі падымалі, усё глядзелі, ці не кіпіць вада, - і пару выпускалі. У іх пазней і закіпела. А малодшая сястра ніводнага разу накрыўкі не падняла.

Запіс зроблены ў 2011 г. ад Зайкі Антаніны Іванаўны, 1953 г. н., в. Заполле, Косаўскага с/с.

Як бачыце, каб адгадаць загадку-прыпавесць, трэба было добра падумаць. Часам загаднік, які меў цярпенне, не гаварыў разгадку. То, бывала, думалі ўсім сялом. І не адзін дзень…

Алесь Зайка, Івацэвіцкі раён.


"Дударскі фэст-2017": перавага ансамблевага выканання?

У гэтым годзе на дзяржаўным узроўні было пастаўлена пытанне аб унясенні беларускай дуды, разам з выканаўчымі традыцыямі і разнастайнымі тыпамі інструментаў еўрапейскіх краін, у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Пад знакам гэтай падзеі прайшоў чарговы ХІІ "Дударскі фэст-2017", які засведчыў вялікі прагрэс у аднаўленні нацыянальнай традыцыі грання, тэхналогіі вырабу сакральнага ад пачатку інструмента - беларускай дуды.

Перад тым, як распачаць фестывальны канцэрт у клубе "Re:Public", вядоўца "Дударскага фэсту" Зміцер Сасноўскі коратка нагадаў тое, што ўжо прайшло 25 гадоў з таго моманту, як быў арганізаваны першы "Дударскі балтыцкі фэст", а таксама, пра беларускую дуду, яе гісторыю і адрозненні ад аналагічных інструментаў. У пацверджанне сваіх вывадаў Зміцер прапанаваў патанчыць пад яе гукі: услед за "Ойрай", прагучалі рытмы "Кракавяка", а далей - "Анёл" і іншыя танцы, якія настроілі слухачоў на актыўны лад успрымання дударскай музыкі ў сучасным варыянце.

Але не толькі беларуская дуда гаспадарыла на сцэне "Дударскага фэсту". Тут гучалі і іншыя варыянты інструмента, універсальная назва якога bagpipes. На "Дударскім фэсце-2017" рэпрэзентантамі яго еўрапейскага ўзору стаў гурт "PriobRock" у складзе Аксаны і Андрэя Мароз. Музыканты прадставілі слухачам шатландскі хайлэнд і выступ з сусветна вядомымі мелодыямі для гэтага інструмента: ад ірландскіх балад, да "Rock-mixt'а" з хітамі Рода Сцюарта, AC/DC, "Nirvana", сучаснымі дыскатэчнымі рэміксамі…

Еўрапейскай музыцы, у яе сярэднявечным варыянце, аддаваў перавагу гурт "Lity Taler", якія кіруе дудар Дзяніс Шматко. Рэпертуар музыкантаў у асноўным складаюць танцавальныя мелодыі, якія вельмі падабаюцца наведавальнікам рэканструктарскіх мерапрыемстваў - рыцарскіх турніраў, фэстаў і канцэртаў. Таму такія адроджаныя для беларускай дуды творы, як "Бургунскі браль", "Totentonz", "Fever Dreams", "Мора фаўна", гімн беларускіх дудароў - песня "А мой дзядзька дуднік быў…" прагучалі неяк па-асабліваму цёпла і дыхтоўна, што знайшло свой водгук у душах слухачоў.

Танцавальна-забаўляльную тэматыку на фесце працягнуў гурт "Hardwood", лідарам якога з'яўляецца вядомы выканаўца на дудзе еўрапейскага ўзору - дудэльзаку - Яўген Бейня, у дуэце з якім выступае таксама і Вольга Грынь, якая выкарыстоўвае варыянт іспанска-партугальскай gaita. Распачаўшы свой фестывальны выступ аўтарскімі кампазіцыямі ў стылістыцы фолк-фэнтэзі, музыканты разварушылі публіку да актыўнага ўспрымання музычнага матэрыялу - скокаў і развучвання танцавальных рухаў. Тым больш, што дапамагалі ім у гэтым дзяўчаты з танцавальнага калектыву "Flammea"!

Гурт "Стары Ольса" толькі што вярнуўся з новых канцэртных паездак па Злучаных Штатах Амерыкі, дзе на шматлікіх тамтэйшых фэстах прадстаўляў свой альбом "Medieval Classic Rock", а таксама еўрапейскую і беларускую музычную спадчыну Сярэднявечча. Таму з асаблівым пачуццём гонару за суайчыннікаў слухачы сустракалі сваіх улюбёнцаў: і знакаміты "Літвін", і іншыя хіты гурта ўспрымаліся, як быццам, ужо легендарная сусветная класіка.

Музыканты адчулі гэтыя адносіны і прапанавалі сваім прыхільнікам навінку: знакамітую танцавальную кампазіцыю "Маразуля", але ў новым варыянце - з беларускім тэкстам, перакладзеным з пазнейшай латыні. Высветлілася, што "Маразуля" - гэта твор, які быў шырока распаўсюджана па ўсёй Еўропе ў XVI ст., як частка музычнай містэрыі. Завяршыўся сэт "Старога Ольсы" на энергічнай ноце - каверам на AC/DC "Highway To Hell" і беларуска-польскай класікай drink song - застольнай песняй "Кола рыцэрска"…

Чарговаму ўдзельніку "Дударскага фэсту" - гурту "PAWA" - толькі і засталося сваёй музыкай і рытмамі падтрымаць гэты актыўны настой слухачоў. Ад пачатку сэта - гімна "Дуднік", праз электронныя апрацоўкі народных мелодый "Кракавяк", "Яшчарка-прыгаўка", "Цяцерка", "Ух, я!" і да яго завяршэння - сусветна вядомай "Тарантэлы", гук дуды кіраўніка гурта Юрася Панкевіча лунаў пад слухачамі, узмацняў пазітыў ад незвычайных аранжыровак "PAWA".

На заканчэнне "Дударскага фэсту - 2017" слухачоў чакаў metal-сэт ад удзельнікаў гуртоў "Sakramant" (кіраўнік Васіль Верабейчыкаў) і "Troll-wald", лідарам якога з'ўлецца Андрэй Апановіч. Першая з названых каманд - "Sakramant" - паслала ў залу вельмі высокі энергетычны разрад, які прымусіў слухачоў успомніць словы лепшых кампазіцый гурта: "Чортаў Скарб", "Мужны волат", "Бона" і адзін з галоўных хітоў каманды - pagan-metal кампазіцыю "Русалка".

Калі ж на сцэну выйшаў гурт "Trollwald", які быў ачолены харызматычным Андрэем Апановічам, то іх folk-metal-кампазіцыі нагадалі, што, нават пасля нечаканага завяршэння сумесных выступаў Верабейчыкава і Апановіча ў гурце "Litvintroll", слухачы аднолькава слухаюць і вітаюць і "Trollwald", і "Sakramant", як яскравых спадчыннікаў выкарыстання беларускай дуды ў сучаснай folk-metal-музыцы. Гэты факт пацвердзілі такія аўтарскія кампазіцыі, як "У кішэні нуль", "У гушчары", "Беляшы-чабурэкі", "Паганяйла", апрацоўка народнай песні "Нясе Галя воду" і іншыя. Іх выкананне стала своеасаблівым аптымістычным падрахункам справы, распачатай ініцыятарамі "Дударскага фэсту": беларуская дуда ўсё больш упісваецца ў сучасны культурны кантэкст XXI стагоддзя.

Але "Дударскі фэст" хоць і паказаў, што наша беларуская дуда - неад'емная частка сучаснай нацыянальнай культуры, але не трэба забываць пра яе асаблівасці, як сакральнага, спавядальнага інструмента, які суправаджаў жыццё беларуса ад калыскі да магілы.

Таму група энтузіястаў-дудароў прапанавала правесці 6-7 траўня ў беларускім мястэчку Глыбокае "Дударскі рэй", на якім можна было б пазнаёміцца з салістамі-выканаўцамі з Польшчы, Чэхіі, Шатландыі і інш. А галоўнае - абмяняцца вопытам грання на гэтым інструменце, зрабіць сумесныя выступы і запісы, правесці навуковыя канферэнцыі, адкрыць новыя імёны таленавітых сольных выканаўцаў,

Дваццаць пяць гадоў таму, на мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя, разам са сваім настаўнікам Алесем Ласём мастак і дудар Тодар Кашкурэвіч зрабілі этнаграфічную экспедыцыю, каб адшукаць сляды беларускай дударскай традыцыі. Пад час гэтых вандровак яны знайшлі часткі ўнікальных беларускіх дудаў, па рэштках якіх можна было зразумець магчымасці і аднавіць канструкцыю інструмента, адкрылі для сябе і для айчыннага музыказнаўства імя легендарнага дудара Хведара Стэся.

- Цяпер вырашаецца пытанне аб унясенні традыцыі беларускай дуды, разам з традыцыямі і інструментамі такога тыпу з іншых краін, у спіс нематэрыяльных культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. У Беларусі створаны "Дударскі клуб", праводзіцца "Дударскі фэст", выйшаў першы нумар альманаха "Dudar", з'явілася шмат таленавітых майстроў, якія працягваюць нацыянальныя традыцыі інструмента: Зміцер Сасноўскі, Юрась Панкевіч, Дзяніс Сухі, Алесь Сурба і іншыя сучасныя беларускія дуднікі. Думаю, што мінулае беларускай дуды, як сакральнага інструмента, яго стан выкарыстання ў сённяшняй айчыннай музычнай культуры дазваляе нам спадзявацца, што мы дасягнём гэтай мэты", - адзначыў Тодар Кашкурэвіч.

Анатоль Мяльгуй.На здымках: 1. Васіль Верабейчыкаў - лідар гурта Sakrament; 2. Граюць музыкі Старога Ольсы; 3. Выканаўца на gaita з гурта Hardwood Вольга Грынь; 4. Гурт Lity Taler выконвае музыку беларускага Сярэднявечча; 5. Юрась Панкевіч - музыкант і майстар па вырабу дудаў; 6. Што такое беларуская дуда, адказваюць З. Сасноўскі і Д. Шматко.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX