Вярнуцца: 2017

№ 20 (1327)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1327), 17 траўня 2017 г.


Naviband - на 17-м
Родная мова - на 1-м

У Кіеве прайшоў фінал міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2017".

Усяго ў фінале ўдзельнічала 26 мацнейшых выканаўцаў з розных краін. У выніку складанай сістэмы сумарнага падліку галасоў прафесійных журы і тэлегледачоў перамог спявак з Партугаліі Сальвадор Собрал, які спяваў на партугальскай мове.

На другім месцы - Балгарыя, на трэцім - Малдова.

Перамогу партугальцу аднагалосна прысудзілі як гледачы, так і журы.

Гэта першая перамога ўдзельніка ад Партугаліі ў гісторыі конкурсу.

Naviband выступалі пад трэцім нумарам з беларускамоўнай песняй "Гісторыя майго жыцця" і заняла 17-е месца. Песня Арцёма Лук'яненкі і Ксеніі Жук набрала 83 балы. Максімальную адзнаку - 12 балаў - белорусам далі Азербайджан і Украіна.

Арцём і Ксенія гавораць, што вынік галасавання іх не расстроіў. Сам факт свайго выступлення на "Еўрабачанні" Naviband лічаць важным для культуры, беларускай мовы і моладзі. Арцём спадзяецца, што яны змаглі аб'яднаць беларусаў.

- Мы хочам сказаць дзякуй нашай Беларусі за такую падтрымку, за такі флэшмоб. І Сяргей Міхалок спяваў нашу песню, і некалькі дзён таму нам тэлефанаваў Аляксандр Саладуха, што крыху нетыпова, - распавядае Арцём Лук'яненка.

Пры гэтым у Naviband няма планаў выступить на "Еўрабачанні" яшчэ раз. Арцём гаворыць, што яны хочуць займацца творчасцю і музыкой. І добра, што менавіта музыка, а не шоў, сёння перамагла на конкурсе.

- Мы вельмі радыя за Партугалію. Мы паспелі з ім паразмаўляць, ён вельмі шчыры чалавек, і ён павінен быў быць першым. І мы вельмі хочам, каб у наступным годзе да гэтага конкурсу адносіліся больш лёгка, - гавораць Арцём і Ксенія, якія ўжо 3 чэрвеня выступяць каля менскай Ратушы.

Выступ Naviband парадаваў усіх беларусаў: прыхільнікаў беларушчыны тым, што беларуская мова загучала на такім высокім узроўні і Беларусь нарэшце прайшла ў фінал; ворагаў беларушчыны тым, што песня на беларускай мове не заняла ў фінале высокага месца - ізноў можна казаць, што мова нас не выратуе.

Аднак жа не будзем забываць, што на гэтым англамоўным конкурсе перамагла такі не англійская песня. Пераможац Сальвадор Собрал спяваў па-партугальску. Па-цыганску спяваў прадстаўнік Венгрыі. Значыць ёсць нахіл у бок нацыянальных моваў, і яго нам трэба трымацца далей. Прынамсі, сёлета Беларусь нічога не прайграла, а выйграла вялікі піітэт і да краіны і да мовы як дома, так і ў многіх блізкіх і далёкіх краях.

Наш кар.


115 гадоў з дня нараджэння Язэпа Пушчы

Язэп ПУШЧА , сапр. Іосіф ПЛАШЧЫНСКІ (20 траўня 1902, в. Каралішчавічы, Менскі павет, Менская губерня, цяпер Менскі раён - 14 верасня 1964, Менск) - беларускі паэт, крытык, перакладчык.

У 1918 - жніўні 1921 вучыўся ў Менскім рэальным вучылішчы. У 1921-1922 - слухач курсаў беларусазнаўства Наркамасветы БССР. У 1921-26 працаваў настаўнікам. У 1923 быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання "Маладняк", пазней - "Узвышша". У 1926 годзе працаваў у Інбелкульце. У 1925-1927 вучыўся на педагагічным факультэце БДУ. Увосень 1927 перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт. На чацвёртым курсе пакінуў вучобу; вярнуўся ў Менск, у 1929-30 працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Арыштаваны ДПУ БССР 25.7.1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 10.4.1931 як "член контррэвалюцыйнай арганізацыі" і за "антысавецкую агітацыю" да 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. Вызвалены 24.7.1935. У 1937-1941 жыў у Мурамскім раёне Уладзімірскай вобласці, настаўнічаў. У гады вайны на фронце. Пасля зноў у Мурамскім раёне. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30.1.1956. Вярнуўся з сям'ёй у Беларусь у 1958. Сябар СП Беларусі з 1958. Да апошніх дзён жыў у Мнску. Пахаваны ў Каралішчавічах.

Да высылкі выйшлі зборнікі вершаў "Раніца рыкае" (1925), "Vita" (1926), "Дні вясны" (1927), "Песні на руінах" (1929), а таксама паэмы "Песня вайны" (1928) і "Цень Консула", "Крывавы плакат" (1930). Была падрыхтавана да выдання кніга "Мой маніфест" (схаваная ў вуллі, а затым, пасля арышту брата, спаленая сястрой Лёдзяй). Быў падрыхтаваны да друку, але не выйшаў зборнік лірыкі "Грэшная кніга". Пасля прыезду ў Менску ў друку з'яўляюцца вершаваная казка "На Бабрыцы" (1960), кніга "Вершы і паэмы" (1960) і зборнік "Пачатак легенды" (1963).

Вікіпедыя.


Сяргею Панізьніку - 75

ўся 10.05.1942 г. у вёсцы Бабышкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Магілёўскую медыцынскую навучальню (1962). Працаваў фельчарам Княжыцкай бальніцы каля Магілёва. У 1962-1975 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай навучальні СА ВМФ (1967) быў ваенным журналістам. Сябра СП СССР з 1967 г.

У верасні 1969 без уласнай згоды быў пасланы ў савецкія акупацыйныя войскі ў Чэхаславакіі. Знаходзіўся пераважна ў Мілавіцы пад Прагай, дзе працаваў у армейскай дывізіённай газеце. Завязаў знаёмствы і падтрымліваў сяброўскія адносіны з чэшскімі пісьменнікамі і навукоўцамі, якія цікавіліся Беларуссю, а таксама з Міхасём Забэйдам-Суміцкім і некаторымі іншымі прадстаўнікамі старой хвалі беларускай эміграцыі ў Чэхіі. Панізьнік пачынае асуджаць увод войскаў Варшаўскага пакту ў Чэхаславакію і ў 1970 г. публічна просіць прабачэння ў чэшскіх вучоных і журналістаў за акупацыю іх Бацькаўшчыны. Пра гэта становіцца вядома ў спецорганах арміі. Яго дапытваюць, запалохваюць, шантажуюць, пастаянна за ім наглядаюць. Такім жа чынам затым абыходзяцца і з ягонай жонкай беларускай паэткай Яўгеніяй Янішчыц. У кастрычніку 1976 года быў выключаны з КПСС, у гэтым жа годзе шлюб з Яўгеніяй Янішчыц быў скасаваны.

Гэтым жа часам перад Саюзам пісьменнікаў Беларусі было пастаўлена пытанне аб выключэнні паэта з сваіх шэрагаў. Але выключэння не адбылося - большасць Прэзідыюму пісьменніцкай арганізацыі не прагаласавала за пакаранне.

У 1976 г. працаваў фельчарам траўмабрыгады на станцыі "Хуткай дапамогі" ў Менску. У 1977-1978 гг. - стыльрэдактар у газеце "Вячэрні Мінск", з 1980 г. - рэдактар Дзяржтэлерадыё БССР, з 1982 г. - рэдактар, а з 1984 г. - загадчык рэдакцыі выдавецтва "Юнацтва", з 1989 г. - вядучы рэдактар гэтай рэдакцыі.

На сёння Панізьнік - аўтар каля 15 кніжак паэзіі і дакументальнай прозы. Узнагароджаны латвійскім ордэнам Трох Зорак (1998) і беларускім медалём Францыска Скарыны.

Актыўны сябар ТБМ.

Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 4.)


Валанцёр Беларушчыны

Івану Будніку - 80!

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах..)

А.К: "Вы актывіст розных выбарчых кампаній і адзін з пачынальнікаў ТБМ у Гарадзенскім раёне. Думаю, чытачам-краязнаўцам будзе цікава даведацца больш падрабязна пра зробленае раённай ТБМ, пра перашкоды дзейнасці арганізацыі, пра самых актыўных сяброў Гарадзенскай раённай арганізацыі ТБМ, бо гэта ўжо найноўшая гісторыя Гарадзеншчыны, пра якую не напісана".

І.Б.: "У маім вяртанні да родных, беларускіх каранёў, акрамя сказанага, важная роля належыць Таварыству беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Гэтая арганізацыя ў Гарадзенскім раёне, дзе я працаваў інспектарам раённага адзела народнай адукацыі, створана 12 кастрычніка 1989 года. Падзея гэтая выклікала адабрэнне і падтрымку многіх жыхароў раёна, аб чым сведчыць тое, што ва ўстаноўчай канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі розных сфер чалавечай дзейнасці: адукацыі, культуры, медыцыны, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, дзяржаўнага кіравання. Раённая арганізацыя стваралася пры падтрымцы і актыўным удзеле работнікаў райкама КПБ і райвыканкама, сакратар РК КПБ па ідэалогіі выступала на каферэнцыі ў падтрымку Таварыства, а лектар райкама быў абраны ў раённую раду, намеснік старшыні райвыканкама таксама лічыў патрэбным быць у раённай радзе, іншыя раённыя службы і аддзелы выканкама таксама не цураліся Таварыства. Але гэта цягнулася нядоўга: дзейнасць кампартыі была прыпынена пасля путчу 1991 г., а раённыя чыноўнікі пасля абрання прэзідэнта і рэферэндуму 1995 г. нюхам адчулі негатыўныя адносіны да беларускай мовы, культуры, гісторыі, незалежнасці і ціхенька ўцякалі. Але раённая арганізацыя доўга яшчэ жыла, актыўна працавала і мела аўтарытэт.

Яшчэ пры стварэнні Таварыства мы вызначылі наступныя асноўныя кірункі яго дзейнасці:

- адраджэнне нацыянальнай гісторыі і самасвядомасці жыхароў раёна;

- адраджэнне, падтрымка і развіццё культуры, нацыянальных традыцый беларускага народа;

- адраджэнне дзяржаўнага статусу беларускай мовы, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці народа і дзяржавы. Уся работа Таварыства з першых крокаў існавання праводзілася на беларускай мове, хаця многім гэта было нязвыкла і спачатку цяжка. Зыходзячы з такога падзелу кіравання мы абралі і кіраўнічы трыумвірат - выбралі траіх сустаршынь: адзін адказваў за прапаганду гістарычных ведаў, другі - за прапаганду нацыянальнай культуры, трэці - за адраджэнне і пашырэнне ўжывання мовы. Таксама па трох кірунках планавалася і вялася дзейнасць раённай арганізацыі. Хаця спачатку і было тры сустаршыні (Буднік І.Ф. - ад райана; ад аддзела культуры Волчак Д.М., а потым Барысевіч А.А. - з Абухаўскага ДК; Варанец В.І. - з Раціцкай СШ ), але ўсе справы і лейцы кіравання канцэнтраваліся ў мяне, і мне даводзілася рыхтаваць даклады на ўсе раённыя канферэнцыі. У аддзеле адукацыі яго работнікі, мае аднадумцы, падтрымвалі дзейнасць Таварыства. Тут трэба назваць Яроміну І.Б., Яварчук А.М., Пракапенка Л.М., Абухоўскую Я.В., Бырда Л.С., загадчыка аддзела Дударава Д. В. і інш. У работу арганізацыі добра ўключыліся і супрацоўнікі аддзела культуры, раённай бібліятэкі: загадчыца аддзела Кадзевіч Л.І., намеснік Волчак Д.М., Дзятчык Г.У., Сямчук Ч.Б., Грыц Д.М. і інш. Многія мерапрыемствы Таварыства праводзіла сумесна з гэтымі аддзеламі. Для актыўнай работы арганізацыя мела добрую базу ў выглядзе Закона аб мовах у Беларускай ССР, прынятага ў 1990 г., і не было выпадку да 1998 года, каб нам перашкаджалі. Раённая арганізацыя і сябры Таварыства на месцах па прапанове рады актыўна ўдзельнічалі ў грамадска - палітычным і культурным жыцці краіны і раёна. Па іх ініцыятыве праведзены многія памятныя раённыя мерапрыемствы, сярод якіх:

- у 1991 годзе юбілейная навукова-практычная канферэнцыя з выездам у Лашу, прысвечаная акад. Я.Ф. Карскаму (разам з камісіяй міжнацыянальных зносін раённага савета);

- у 1993 годзе раённая канферэнцыя "За зямлю і волю", прысвечаная 130-годдзю паўстання 1863-1864 г.г. у Беларусі пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (з аддзеламі адукацыі і культуры);

- у 1994 годзе раённая канферэнцыя "За вольнасць нашу і вашу", прысвечаная 200-годдзю вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі;

- у 1995 годзе прэзентавалася ў раёне кніга - слоўнік "Скарбы народнай мовы" заслужанага настаўніка Беларусі А. Цыхуна;

- у 1996 годзе канферэнцыя "У нас у гасцях - "Наша слова" (па матэрыялах газеты). На канферэнцыях прысутнічалі па 150 - 170 чалавек, рыхтаваліся выставы літаратуры, на іх выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці.

У 1998 годзе рада Таварыства сумесна з работнікамі аддзелаў культуры і адукацыі распрацавалі і падрыхтавалі каферэнцыю, прысвечаную 200-годдзю з дня народзінаў Адама Міцкевіча, аднак загадчык аддзела адукацыі забараніў прыцягваць да яе правядзення настаўнікаў і вучняў. А яшчэ раней таксама было забаронена (канешне, па ўказцы вышэйшай улады) выступленне ў школах раёна пісьменнікаў Г. Бураўкіна (старшыні рэспубліканскай рады ТБМ), У. Арлова і М. Скоблы. Аднак нам удалося правесці такую сустрэчу з жыхарамі ў доме культуры ў Капцёўцы. Трэба прызнаць, што нашы штогадовыя буйныя мерапрыемствы падымалі актыўнасць неабыякавых работнікаў устаноў культуры і адукацыі ў раёне, а Таварыства беларускай мовы карысталася павагай усіх раённых устаноў і арганізацый. Гэта было звязана з тым, што

- у раённую раду мы ўключалі прадстаўнікоў многіх раённых службаў і сельскіх саветаў;

- у першай палове 1992 года арганізавалі гурткі па вывучэнні беларускай мовы ў 16 раённых арганізацыях (аддзелах райвыканкама), большасці сельскіх саветаў, прадпрыемствах і калгасах, для правядзення заняткаў былі прыцягнуты некаторыя работнікі аддзела адукацыі, настаўнікі школ;

- у райвыканкаме (старшыня Алізаровіч Р.А. і яго намеснікі) падтрымвалі Таварыства і пры патрэбе запрашалі на паседжанні выканкама і нарады з старшынямі сельсаветаў і калгасаў; а старшыня рады ТБМ Буднік І.Ф. быў залічаны ў раённую тапанімічную камісію, якая значна пачысціла наіменні калгасаў і назвы вуліц буйных населеных пунктаў раёна ад камуністычнай сімволікі (напр., калгас "Путь к коммунизму" стаў "Абухава", "Заветы Ленина" - "Зарэчны");

- па хадайніцтве рады ТБМ раённы савет прапанаваў сельсаветам абмеркаваць на сваіх сесіях выкананне Закона аб мовах у Беларускай ССР.

Раённая рада ТБМ, як адзначалася, апіралася ў сваёй дзейнасці на Закон аб мовах, у якім беларуская мова была прызнана адзінай дзяржаўнай мовай, і імкнулася рэалізоўваць яго ў рабоце. Па даручэнні рады яе старшыня Буднік І.Ф. правёў гутаркі з усімі загадчыкамі аддзелаў райвыканкама па пытанні, як выконваецца Закон аб мовах у іх службах. Вынікі яго выканання ў раёне былі падведзены на справаздачнай канферэнцыі 20 красавіка 1995 года. Да станоўчага трэба аднесці (па стану да рэферэндуму 1995 г.):

- на беларускай мове працавалі ўсе ўстановы аддзела культуры раёна (дамы культуры, бібліятэкі, дом рамёстваў, музычныя школы), беларуская нацыянальная тэматыка і мова сталі асновай працы калектываў мастацкай самадзейнасці, адраджаліся народныя святы і традыцыі; сам аддзел работу і дакументацыю вёў па-беларуску; паспяхова выконваўся Закон аб мовах у народнай адукацыі раёна: да 1995 г. усе школы (55) і дзіцячыя садкі (29) другі год працавалі на беларускай мове, г. зн. што ўсе пачатковыя класы былі беларускамоўнымі (сёння ў Гарадзенскім раёне засталося 20 школаў, з якіх толькі 2 лічацца па справаздачах аддзела адукацыі беларускімі, заўвага А.К.); школы былі забяспечаны беларускімі па духу і змесце падручнікамі па гісторыі, геаграфіі, беларускай і сусветнай літаратуры; дакументацыя ў аддзеле адукацыі, у навучальных установах і іх работа праводзілася на беларускай мове (саветы райана, педсаветы ў школах, загады);

- дзяржаўная беларуская мова ўсё больш выкарыстоўвалася ў рабоце раённых органаў улады і кіравання: сесіі раённага і многіх сельскіх саветаў, паседжанні выканкама, нарады праводзіліся на беларускай мове, дакументацыя і перапіска вяліся па-беларуску; у 1993 г. мы правялі карысную сустрэчу з старшынём райвыканкама Алізаровічам Р.А. па надзённых пытаннях беларусізацыі ў раёне, у час якой ён заявіў, што на многае ў яго раплюшчыліся вочы, і паабяцаў падтрымку;

- раённая рада ТБМ цесна супрацоўнічала з рэдакцыямі раённай газеты "Сельская навіна" і радыё, і яны ўсё больш пераходзілі на беларускую мову. Аднак было і многа цяжкасцей: і супраціўленне некаторых чыноўнікаў, і нігілізм у адносінах да беларускай мовы, і кансерватызм, і простае нежаданне што-небудзь мяняць. Усё гэта тармазіла працу. Але найбольшую шкоду нанёс рэферэндум 1995 г., супроць якога выказалася наша канферэнцыя 20.04.1995 г. Змянілася кіраўніцтва раёна, і рада Таварыства адчула недобразычлівыя адносіны да сябе. Гэта выявілася, напрыклад, у тым , што райвыканкам не запрасіў раду на мерапрыемства, прысвечанае 140-й гадавіне з дня народзінаў ак. Я. Карскага (у 2001 г.), якое ладзіў аддзел культуры. Чынавенства пачало памалу адыходзіць ад Таварыства і выходзіць з рады. І ўсё ж раённая рада працавала: арганізоўвала падпіску на газету "Наша слова" сярод сяброў ТБМ і для школ; удзельнічала ў мерапрыемствах, прысвечаных беларускім пісьменнікам; сябры рады сустракаліся з кіраўнікамі арганізацый па пытанні выканання Закона аб мовах; удзельнічалі ў грамадскім і палітычным жыцці - у выбарах, рабоце выбарчых камісій (што дазвалялася Законам). Але змяніліся часы, і актыўнасць дэмакратычных арганізацый выклікала незадаволенасць уладаў. Таму і прыдумвалі яны розныя пастановы і ўказы, каб перашкодзіць рабоце або, па магчымасці, і прыляпнуць іх. То забараняецца рэгістраваць грамадскія арганізацыі ў дзяржаўных будынках (а прыўладных там размяшчаюць), а дазвалялася - у прыватных кватэрах шматкватэрных дамоў, то ў апошніх нельга, а можна ў асобных прыватных дамах, але там накіраваная ўладаю пажарная служба выставіць такія патрабаванні, што гаспадар і за 10 гадоў іх не выканае. У такі пераплёт трапіла і наша раённае Таварыства. Спачатку арганізацыя была зарэгістравана ў будынку райвыканкама (райана), затым - на маёй кватэры, пасля паспрабаваў я атрымаць юрыдычны адрас у Саюзе палякаў, але ўлады ў той год (2005) пачалі разборкі з Саюзам палякаў; спробу прапісацца ў прыватным доме ў Лапенках спынілі пажарнікі, а тром першасным суполкам (у Раціцкай, Парэцкай і Скідальскай №2 школах) райвыканкам забараніў атрымаць адрас у сваіх школах (націснулі на дырэктараў, выклікаўшы іх у выканкам). У выніку такіх дзеянняў той жа Гарадзенскі райвыканкам летам 2005 года прыняў рашэнне зняць раённую арганізацыю ТБМ імя Ф. Скарыны з рэгістрацыі. Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі з'яўляецца правапарушэннем. Сябры раённай арганізацыі па-рознаму аднесліся да пастановы райвыканкама: адны перайшлі ў гарадскую, другія адышлі ад працы, трэція прадаўжалі выконваць мэты Таварыства самастойна, а я перайшоў у гарадскую і абласную арганізацыі. Калі аглянуцца на пройдзены шлях: ад несвядомай беларускасці ў дзяцінстве - праз культываванне-вырошчванне ў сабе русафільства - да свядомага і цвёрдага пераходу на нацыянальны беларускі грунт - то трэба прызнацца, што гэта - дарога многіх беларусаў. І вяртаннем да сваіх каранёў варта ганарыцца, а не шкадаваць аб гэтым. Гэта ўзвышае годнасць чалавека, надае сілы і вагу ў зносінах з іншымі людзьмі і арганізацыямі. Да сваіх вытокаў прыйдуць усе шчырыя беларусы, і гэта аб'яднае нацыю, тады будзе свая незалежная дзяржава з адной дзяржаўнай мовай".

А.К: "Ваш сын пасля ГрДУ страціў зрок, але выдатна авалодаў кампутарам з дапамогай адпаведных праграм, сёння дапамагае іншым інвалідам па зроку і самае цікавае - падтрымвае бацькоўскую грамадскую дзейнасць. Усім добра вядомыя курсы "Мова Нанова","Моваведа", а вось пра віртуальныя гарадзенскія курсы беларускай мовы па скайпе для беларусаў і замежнікаў, якія вядзе Ваш сын мала хто ведае?"

І.Б: "Так, маю пазіцыю падтрымвае і сын Валерый, які вядзе заняткі ў электронных сетках па беларускай мове з тымі, хто зацікавіўся беларускай мовай, гісторыяй і культурай. А імі цікавіцца ўсё больш жыхароў як нашай краіны, так і свету. Прыемна таксама адзначыць, што высілкамі адданых прыхільнікаў беларушчыны паўстала Скідзельская рэгіянальная арганізацыя ТБМ, на чале з Таццянай Савянковай, якая прадаўжае добрыя традыцыі нашай раённай…"

А.К.: "Іван Фёдаравіч, дазвольце павіншаваць ВАС яшчэ раз з юбілеем, пажадаць Вам моцнага здароўя, настрою і новых творчых ідэй. Хай пішуцца новыя цікавыя кнігі, ствараюцца новыя вершы і байкі, даследуюцца гарадзенскія архівы. Няхай збудуцца ўсе Вашы мары і надзеі , а родная мова сапраўды стане дзяржаўнай!"

P.S. І. Буднік выдаў кнігу "Да падзей 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне", кнігу вершаў "Знойдзенае ў дарозе", кнігу "Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы", друкаваўся ў зборніках "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны","Галасы"і інш. Сабраў, уклаў і рэдагаваў кнігі А. Цыхуна "Улюбёны я ў сваю зямлю" і слоўнік (другое пашыранае выданне) "Скарбы народнай мовы". Надрукаваў шэраг артыкулаў у перыядычных выданнях.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Кубел - сплеценая з саломы або лазы круглая ёмкасць, якая звужаецца ўверсе і закрываецца, маюцца два вушкі, праз якія прапускаецца палка і замыкаецца замком. (Сахараў С.П. Народная творчасць ілукстэнскіх і латгальскіх беларусаў, с. 109. )

Кубельца, кублік, сальнік (кадочка) - маленькі кубел для захоўвання сала і мясных прадуктаў.

Кубельнік (извозчик, кучер) - фурман на вяселлі, які вёз да маладога кубел (у паз-нейшы час куфар, скрыню).

Кудзялёнка (одеяло) - сшытая з дзвюх посцілак і кудзелі пакрывла на ложак.

Кужаль (холст) - самы найлепшы гатунак льнавалакна або тканіна з кужалю.

Кузка - пасудзіна, зробленая з бяросты для збору ягад (в. Струмень Кармянскага раёна).

Кузуб адолбь) - кадаўб.

Кузубка - сплеценая з саломы каробка паўкруглай формы з саламяным вечкам.

Кузня (кузница) - майстэрня каваля.

Кузьммінкі (кузьминки) - свята ў гонар Кузьмы і Дзям'яна, вядомае як свята кавалёў. Лічылася і дзявочым святам. Гэта быў час вяселляў. Летнія кузьмінкі адзначаліся 14 (1) ліпеня як пачатак лета і зімовя кузьмінкі - 14 (1) лістапада як пачатак зімы.

Кулёк, кусёк, пінжак (пинджак) - мужчынская верхняя вопратка прамога пакрою з сукна (Віцебшчына, Магілёўшчына).

Кулеш (кулеш) - рэдкая мучная каша з салам.

Куль (куль) - тоўсты сноп чыстай саломы.

Кульба, кавенька (клюка) - кульба палка з загнутым верхнім канцом для апоры пры хадзьбе.

Кулька - мужчынскі пінжак (Паазер'е).

Кумпяк (окорок) - бядровая частка тушы (звычайна свіней), пасоленая для заха-вання.

Кунтуш (кунтуш) - верхняя жаночая адзенне шляхцянак, пашытая з каляровага сукна. У плячах быў вузкі, а ўнізе расшыраўся ў выглядзе веера.

Купа (купа) - група дрэў або кустоў, якія густа растуць.

Купалле (Ивана Купало) - летні карнавал увечары і ноччу на пярэдадні Святога Яна (у праваслаўных з 6 на 7 ліпеня), прысвечаны ўшанаванню сонца і агню.

Куракі (пирожки) - піражкі з бульбяной кашы і мукі.

Куратнік (курятник) - месца, дзе знаходзяцца куры.

Курная хата (курная изба) - хата, у якой курная печ (яна не мае коміна).

Кур'ер (курьер) - пасланнік вялікага князя альбо магната, што перавозіў распараджэнні і лісты.

Курэнь, будан (шалаш) - часовае збудаванне з дошак і галля.

"Куст" - жанчына, прыбраная ў выглядзе куста на Сёмуху на Палессі.

Кут (угол) - 1) месца, дзе сыходзяцца дзве сцяны ў памяшканні; 2) далёкая глухая мясцовасць.

Кутас (бахрама, кисти) - пучок нітак, звязаных разам на адным канцы, які служыць для ўпрыгожвання чаго-небудзь.

Кухлік (кружка) - кварта на Віцебшчыне, гліняны кубак для піцця вады.

Куфар, скрыня (сундук) - вялікая скрыня з векам і замком для захавання тканіны і адзежы.

Куфэрак (сундучок, ларчик, ларец) - невялікі куфар.

Куцця (кутья, сочельник) - 1) ячневая каша (з абтоўчанага ў ступе зерня) на абрадавую вячэру; 2) абрадавая вячэра на пярэдадні Калядаў, Новага году і Вадохрышча.

Кушнер, кушняр (скорняк) - майстар па вырабе аўчын.

Л

Лава (скамья) - 1) дошка каля сцяны ў хаце, на якой сядзелі; 2) назва звяна плыта або самога плыта ў басейне Заходняй Дзвіны.

Лага (лага) - 1) падкладзенае пад што-небудзь бервяно; 2) бэлька, на якую насцілаюць дошкі для падлогі.

Лада (Лада) - багіня кахання і прыгажосці, апякунка шлюбу і хатняга агню.

Лажэтнік , залажэтнік (полка) - полка для лыжак (Харузін, с. 205).

Лазавік (лозовый улей) - 1) міфічны персанаж, які жыве ў лазе; 2) вулей, плецены з суцэльных неакораных дубцоў лазы.

Лазавікі (лапти) - лазовыя лапці.

Лазанкі, ламанцы - даўняя мучная страва з мукі (накшталт пельменяў, але без мяса), якую звычайна елі поснай з цёртым макам на куццю.

Лазьбень - кораб з вечкам для збору мёду з вулляў і борцяў.

Лазьбіны - частаванне ў дзень асноўнага медазбору.

Лазіва - вяроўчатае прыстасаванне, каб лазіць на дрэва для выбірання мёду з калоды.

Лазня (баня) - будынак, у якім мыліся.

Лайдак, гультай (бездельник) - лянівы чалавек.

Ламаць поле - першае баранаванне ўзаранага поля папярок (Падняпроўе).

"Ланцуг" - традыцыйны народны танец, у якім мужчыны і жанчыны браліся за паднятыя ўгару рукі і станавіліся ў кола. Той, хто вадзіў, "расплятаў ланцуг".

Лата - 1) (обрешетина) жэрдка, якую прыбіраюць да крокваў, каб рабіць страху; 2) заплата.

Латак (лоток, жёлоб) - карыта з адтулінай на адным канцы.

Латушка, латка, міска (миска) - невялікая гліняная пасудзіна з загнутымі краямі.

Лапацень - стальмашны інструмент, які выкарыстоўваецца для выразання ад-туліны ў калодцы кола.

Лапата (лопата) - драўляная прылада з дапамогай якой саджалі цеста ў печ, перамешвалі збожжа на таку.

Лапці, пасталы (лапти) - плецены з лыка сялянскі абутак.

Лапун, сквароднік, сачня - печыва з квашанага цеста ў выглядзе тоўстага бліна.

Лапыр - драўляная талерка ў латгальскіх беларусаў. (Сахараў, с. 106.)

Ластавіца, цвікля, клінок (клинок) - рамбічная ўстаўка пад рукавы.

Латуха - світка з кветкамі (Маларыцкі раён, Заходняе Палессе).

Латшка (миска) - гліняны посуд (міска) для яды.

Латка - гліняная міска.

Лаўка (лавка) - невялікая крама.

Лаўнікі - 1) плытагоны ў басейне Заходняй Дзвіны і на Бярэзінскай воднай сістэме; 2) прысяжныя засядацелі, члены магістрата ў горадзе; 3) службовыя асобы ў вёсцы пасля валочнай рэформы.

Лаханка, лахання (горшок) - вялікі ганчарны гаршчок з ручкамі па баках.

Лашт - адзінка вымярэння масы ў сістэме мер ВКЛ. Яна раўнялася 120 пудоў збожжа.

"Лезгінка" - гарадскі бытавы танец, вядомы з канца ХІХ ст.

Лейцы (вожжи) - вяроўчатыя або скураныя павады для кіравання канём.

Лемягі (брёвна фронтона) - бярвенні франтона, які звужаюцца даверху і з'яўляюцца прадаўжэннем сцяны.

Лесвіца, драбіна (лесница) - пераноснае прыстасаванне для пад'ёму і спуску.

Лесавік (лесовик) - міфічная істота, якая жыве ў лесе, гаспадар лесу.

Леснічоўка (дом лесника) - хата лясніка, якая ставілася на краі лесу.

"Лета", "Раёк", "Сноп" - старажытны карагод, які выконваеццпа ў час жніва, на дажынках.

Летнік, фартух (шерстяная юбка) - суконная спадніца ў Маларыцкім раёне.

Лёг, яма (погреб) - склеп у в. Ладараж Ласіцкага с/с Пінскага раёна.

Лёзны - 1) прыязны, ласкавы чалавек (Міёрскі раён); 2) у ВКЛ збяднелы гараджанін і абеззямеленя збеглы селянін.

Лёк, ляк (россол) - селядзечны расол, які елі з бульбай.

Лёля (Лёля) - 1) багіня вясны і дзявочага хараства; 2) прыгожая дзяўчына.

Ляльнік - прысвятак напярэдадні Юр'я (5 траўня па н. ст. у праваслаўных), у які дзяўчаты ладзілі ўрачыстасці ў гонар кахання і шлюбу. З песнямі яны вадзілі карагод вакол зазялянелай бярозкі. Прыгожую дзяўчыну называлі Ляля або Лёля.

Лібіла - прылада для лоўлі ракаў.

Ліпаўка, кадоўб - выдзяўбаная пасудзіна для мёду.

Ліпец - ліпавы мёд.

Ліра (лира) - музычны інструмент з нацягнутымі струнамі, які гучыць пры вярчэнні круга, які дакранаецца да іх.

Лірнік (лирник) - жабрак, які збірае сабе сродкі для існавання спевамі і ігрой на ліры.

Лісіцы - 1) падушкі або калодкі з загінамі на краях і прымяняліся на дроўнях; 2) два вертыкальныя брусы каля сцяны (адзін знадвору, а другі знутры), якія замацоўвалія разам жалезнымі або драўлянымі шурупамі і такім чынам замацоўваліся бярвёны ў сцяне, каб не каробіліся.

Лісічкі - заціскі для клёпак.

Літвіны, ліцвіны (литвины) - назва жыхароў ВКЛ, пазней у ХІХ ст. - жыхароў Віленскай і Гарадзенскай губерняў.

Ліхаманка, трасца - дэманалагічная постаць хваробы.

Ліцьвіна - бытавы танец вясковай моладзі ў Павіллі пасля Другой сусветнай вайны. Танец нагадвае падыспань, але некалькі адрозніваецца ад яго разваротам і асабліва музыкай.

Ліштва (наличники) - знадворнае афармленне планкамі аконных праёмаў.

Лодка (лодка) - невялікі вяслярны плавальны сродак, часцей зроблены з дошак.

Ложак (кровать) - від мэблі для спання. У народным побыце з'явіўся толькі ў ХІХ ст.

Локаць (локоть) - адзінка вымярэння даўжыні ў ВКЛ, раўнялася 64, 96 см.

Локша, локшына (лопша) - самаробныя макароны.

Лоўчая яма - пастка для лоўлі дзікіх звяроў.

Лубка, лубянка - пасудзіна з лубу ў форме каробкі, сявенькі.

Лубянка - каробачка, зробленая з лубу, для захоўвання солі або дробных прадметаў. Яна мела ўстаўное дно і абавязкова вечка. (Малчанава, с. 223.)

Луб - ліпавая кара разам з валакністай унутранай часткай.

Лубок (лубок) - народная карцінка, выява з подпісам, від графікі.

Лукно (лукно) - 1) старадаўняя адзінка вымярэння мёду; 2) пасудзіна для захоўвання мёду.

Луста, скіба, скібка (ломоть) - тонкая палоска хлеба.

Лучнік, свяцец, светач, дзед (светец, камелёк) - прысаванне для асвятлення лучынай памяшкання.

Лучок (лучок) - грабелькі, якія прымацоўваліся да касы пры касьбе яравых.

Лучына (лучина) - адшчэпленая палоска драўніны.

"Лучыніца" - традыцыйны танец з лучынкамі.

Лыжка (ложка) - прадмет сталовага прыбора, якім елі. Першыя лыжкі былі драўляныя.

Лыка (лыко) -1) ліпавая або лазовая кара; 2) даўняя адзінка вымярэння даўжыні, роўная каля 49 см..

Лысая гара - гара, пакрытая пяском, без раслін. Па павер'і, на ёй адбываецца галоўны шабаш ведзьмаў у самую бурную ноч (рабінавая або вераб'іная), якая бывае паміж Іллёй і Аспажой (Успенне).

Лысы - вясковы бытавы танец.

Лычачкі - вяроўкі з лыка.

Любча, любенне, любяцца - абрад звядзення маладых і іх згода на шлюб (вядомы ў Ганцавіцкім раёне, в. Хатынічы).

Люлька - 1) выраб (піпка), у які насыпаюць тытунь для курэння; 2) калыска.

"Люстра", "Люстэрка" - традыцыйны танец на Панямонні.

Люстрацыя (люстрация) - перыядычны вопіс чыноўнікамі дзяржаўнай маёмасці з мэтай вызначэння яе прыбытку.

Люстра, люстэрка (зеркало) - 1) адшліфаваная паверхня, якая дае адбіткі; падвясны асвятляльны прыбор.

"Лявоніха" - традыцыйны народны танец.

Ляжэйка, біла - перакрыццё, што складае аснову кузава калёсаў.

Ляда, навіна - дзялянка высечанага лесу, што рыхтуецца пад палянку.

Ляднік (ледник ) - частка склепа, дзе ляжыць лёд.

Лямец (войлок) - тоўсты шчыльны матэрыял, звалены з воўны.

Лямешка, зацірка - радкаватая страва з мукі на Палессі.

Лямеш (лемех, сошник) - частка плуга, якая падразае пласт зямлі знізу.

Лямус (ад ням. Lemhaus, клеть) - двухпавярховы свіран, у якім на другім паверсе былі жылыя пакоі. Бытавалі ў Заходняй Беларусі, пераважна ў панскіх сялібах.

Ляндар (шинкарь) - уладальнік, гаспадар карчмы.

"Лянок" - старадаўні карагод з песняй пра лянок.

Ляпаўка - верхняя частка свіной галавы, а ніжняя - санкі .

Ляска (посох) - прыгожая палка з ручкай для апірання пры хадзьбе (Вілейскі раён).

Ляснік (лесник) - даглядчык, ахоўнік лесу.

Ляснічы (лесничий) - загадчык лясніцтва, спецыяліст па лясной гаспадарцы.

Лясун, лесавік (лесовик) - міфалагічны персанаж, уладар лесу.

Ляток (леток) - 1) адтуліна у вуллі для вылету пчол; 2 ) адтуліна ў шпакоўні.

М

Магазін (магазин) - грамадскі свіран у дарэвалюцыйны час, дзе захоўваўся страхавы запас збожжа, сабранага з жыхароў вёскі на выпадак стыхійных бедаў і розных няшчасцяў.

Магерка (колпак) - валеная з воўны ці пашытая з сукна мужчынская шапка.

Мажары, рэдагі, тарантас, кары - калёсы з высокімі бакавымі драбінамі для перавозкі сена, саломы і снапоў.

Май, травень (май) - 1) месяц травень; 2) кляновыя і бярозавыя галінкі ў хаце на Сёмуху.

Майдан - зямельная яма для выкурвання смалы.

Майткі - штаны.

Маёнтак (имение) - гаспадарка памешчыка (панскі двор) разам з зямельнымі ўгоддзямі.

Макавішча - месца, дзе рос мак.

Макаўка - 1) плод маку; 2) купал царквы; 3) аснова хваста ў каня.

Макацёр, макатра (макотра) - ганчарная пасудзіна, у якой рассціралі мак, каноплі, льняное семя.

Макотка (вышитый коврик) - вышыты кілімок (в. Малыя Вераб'ёвічы Асташынскага с/с Наваградскага раёна).

Макуха (жмых) - пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які ішоў на корм жывёле.

Макавей (Спас) - Першы, Мядовы Спас, які адзнчаецца праваслаўнымі 14 (1) жніўня.

Макей - імя або прозвішча.

Маладая (невеста) - нявеста.

Малады (жених) - жаніх.

Малатаўня, ток (пол в гумне, на котором молотят) - гліняная падлога ў гумне, на якой цапамі малоцяць збожжавыя і бабовыя культуры.

Малатарня (молотилка) - механічная машына для малацьбы збожжавых і бабовых.

Малацьбіт (молотильщик) - той, хто малоціць у гумне.

"Малаточкі" - традыцыйны танец, у якім танцоры па парах рухаюцца па коле.

"Малацілачка" - традыцыйны танец, хуткага тэмпу, рытмічныя рухі танцораў імітуюць вымалочванне збожжа з каласоў.

Малачарня (молочная) -1) прыёмны пункт малака, 2) месца, дзе на сепаратары з малака атрымліваюць смятану і адгон.

Малітвеннік - кніга, у якой сабраны малітвы.

Маляваныя дываны - гэта маляваныя на тканіне або паперы вырабы, якія прызначаныя для ўпрыгожвання інтэр'еру народнага жылля.

Маляр (маляр) - рабочы, які беліць і фарбуе.

Мандаліна (магдалина) - струнны шчыпковы музычны інструмент.

Манеж (манеж) - 1) паветка для коннага прываду, якім малацілі малатарняй; 2) памяшканне для навучання верхавой яздзе.

(Працяг у наст. нумары.)


Нямецкае радыё рэцэнзуе "Мову" Марціновіча

Навіны Германіі

Нямецкае радыё абмяркоўвае раман Віктара Марціновіча "Мова": як і ў ранейшай рэцэнзіі тамтэйшага радыё "Культура", раман ацэнены выключна пазітыўна. Гэтым разам - з удзелам самога аўтара.

Гаворка (даступная як пяціхвілінны падкаст на сайце радыё) пачынаецца з апісання агульнай сітуацыі ў Беларусі - і ёй жа завяршаецца. Крыху пазней пісьменнік тлумачыць, што яшчэ 10 гадоў таму людзей арыштоўвалі на вуліцах сталіцы Беларусі проста за факт беларускамоўнасці. Супраць гэтага абсурднага наваколля Віктар Марціновіч, пісьменнік і палітолаг, абараняецца "ўладай фантазіі".

Тут сам Віктар Марціновіч тлумачыць па-англійску: "натуральна", усе ягоныя раманы расказваюць пра гэтую Беларусь, гэта маскі, за якімі пісьменнік можа схавацца, каб унікнуць магчымых цяжкасцей.

Растлумачыўшы нямецкаму слухачу значэнне слова "мова", аглядальніца Катрын Хілгрубэр дадае: "Гэтае паняцце стала свайго кшталту сінонімам беларускай самасці". Гэтая думка паходзіць з пасляслоўя перакладчыка Томаса Вайлера (за пераклад іншага рамана Марціновіча, "Параноі", ён быў адзначаны перакладчыцкай прэміяй мастацкага фонду зямлі Паўночны Рэйн - Вестфалія).

Між іншым, Марціновіч тлумачыць таксама ўзнікненне метафары, пакладзенай у падмурак раманнага сусвету "Мовы": ідэю мовы як наркотыку ён пазычыў у Марыйкі Мартысевіч, якая аднойчы параўнала сучасных беларускіх пісьменнікаў з наркадылерамі.

Аглядальніца радыё высока ацэньвае ўдачу пісьменніка: яму ўдалося перадаць паважную задуму ненапружана, у выніку чаго перад чытачом паўстае шматгалосы, поўны гумару раман.

Асобная ўвага надаецца цытатам з беларускай літаратуры. Многія кананічныя тэксты былі ўпершыню перакладзеныя на нямецкую мову (як прыклад прыводзіцца Ўладзімір Жылка і ягоныя "Матылі"). Вайлер адмыслова заўважае пра ўражанне "чужога знаёмага" (des Fremdvertrauten). Гэты эфект мае адчувацца праз увесь раман.

Як падкрэслівае Марціновіч, ён не меў на мэце стварыць музей "забытых ці зніклых" беларускіх класікаў. Мэта рамана, як яе бачыць аўтар, у тым, каб прыцягнуць увагу да актуальнага становішча беларускай нацыянальнай культуры. Адсюль вынікае форма твора - прыгодніцкі раман, гісторыя пра супергероя, арыентаваная на стылістыку коміксаў.

Гэтым Марціновіч тлумачыць поспех рамана, які "выклікаў надзвычайны розгалас". Акрамя двух выданняў, якія хутка разышліся, раман выклікаў неспадзяваную цікавасць у Расіі, працягвае пісьменнік.

"Мова" з'яўляецца адначасова шмат чым: гэта абсурдны сцэнар, які нагадвае сарокінскія фантазіі аб кітайска-еўразійскай усёмагутнасці; панурая антыўтопія, у якой грамадзяне дэградавалі да бяссільных наркаманаў тэксту, але і пяшчотная гісторыя кахання", - падсумоўвае Хілгрубэр і трапна звяртаецца да асабістага становішча Марціновіча.

Пісьменнік усё яшчэ пад забаронай у дзяржаўных медыя, не мае працы ў Менску і вымушаны курсіраваць паміж беларускай і літоўскай сталіцамі, "як у ягоным рамане блакітнавокі дылер з тварам узорнага вучня і забароненым рэчывам "мова" ў заплечніку". Павучальнае параўнанне.

Антон Лявіцкі , nn.by.


"Ноч музеяў" у Лошыцы

20 траўня 2017 г. музей "Лошыцкая сядзіба" - філіял ДУ "Музей гісторыі горада Менска" ў другі раз далучаецца да Міжнароднай акцыі "Ноч музеяў".

Акцыя пройдзе пад агульным дэвізам "Ноч мастацтваў у Лошыцкай сядзібе". Падчас мерапрыемства ў старадаўняй сядзібе ўдзельнікі музейнай ночы паспрабуюць аднавіць атмасферу Лошыцы пры апошніх яе гаспадарах - Яўстафію Іванавічу і Ядвізе Геранімаўне Любанскіх. У тыя часы ў маёнтак часта з'язджаліся вядомыя музыкі і мастакі, а дом бачыў шмат цікавых гасцей.

Напачатку вечара ў прысядзібным флігелі вас сустрэне лошыцкі аканом - даволі заняты, але ж, як прынята ў сядзібе, заўсёды рады гасцям...

У сядзібным доме наведвальнікаў музейнай ночы будуць чакаць Клатыльда і Зафія Кеневіч - сёстры пані Ядзвігі. Яны пазнаёмяць гасцей з жыццём дома і сям'і, прадэманструюць лепшыя свецкія манеры і зачаруюць сваёй прыгажосцю і адукаванасцю...


Месца правядзення: праезд Чыжэўскіх 8-2, 10.

Час правядзення: 18.00 - 23.00.

Кошт уваходнага квітка: 5 BYN.

Кантактныя тэлефоны: +375 17 285 18 86, +375 17 321 21 34.


Скарыніяна Сяргея Панізьніка

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Вяртальны шлях Скарыны

1. Панядзелак. "З ночы вартоўнай"

Шлях нашых продкаў -

над ноччу маёй вартоўнай.

Слухаю вейкамі, вуснамі.

Час пазнаю навобмацак...

Прага раскошная

ўчора збірала гатоўна

дзіўнага госця - ў дарогу далёкую,

ў Полацак.

Дбайна рыпелі вазы,

ўгінаючы землі Еўропы.

I падпадалі пад колы

вячэрнія цені і золакі.

Хутка я з Прагі

вярнуся дадому таропка

з скарбам, каштоўней

купецкага срэбра і золата.

Кнігі пачнуць перапісваць,

а дзесьці - панішчаць.

Узнагародзяць чужыя,

а зганьбяць - суродзічы.

На Старамесцкія шпілі

мой Ветах стагоддзі наніжа,

з герба на неба

славянскае сонца выводзячы.

Сціхла рыпенне.

Не чуюцца шоргаты кніжак.

З ночы вартоўнае

хутка вярнуся дахаты я.

Вільню і Полацак

бачу з-пад промняў увішных...

Бібліі шлях -

даўні шлях нашых продкаў нагадвае.

2. Аўторак. "Таксама й людзі..."

Во гэтаксама як дзічына,

якая падрастае ўжо,

а прызнае сваё лаўжо;

як птушка, што з-пад аблачыны

палі-разлогі аглядае

і ведае сваё гняздо

ў траве высокай і густой;

як рыба ў касяку гуляе,

хоць і ля берага чужога,

а чуе схоўныя віры;

як пчолы - ў полі да пары,

а ворага ля іх парога,

вулей баронячы, зваююць... -

таксама й людзі: да зямлі,

дзе Бог ім сэрцы акрыліў

любоў вялікую мілуюць.

3. Серада. "На сутоку. Год 1973"

Як маці ўсіх добрых размоў -

зрудзелая Кніга... Скарына,

дазволь мне вярнуцца дамоў

і за Цябе і за сына.

Ты ж зелле нясі каралю,

гаючымі травамі ўвіты...

Ля Полацка - кім?- у зямлю

калісь быў штыкетнік убіты.

Даў водмаладзь. Да бальшакоў

як волаты дрэвы ступілі.

Пытаю праз далеч вякоў:

"Завошта Цябе не ўзлюбілі?"

Выгнаннік. На роднай зямлі

ты меў толькі краты і путы...

Без Бацькаўшчыны, без сям 'і

стаяў перад чарай атруты.

А можа і выпіў... (Кароль

падпіша паперы на спадкі!)...

Ад Прагі да Полацка - золь.

Праз восень ляту без аглядкі.

А мы вось, як Ты, ці любі...

Пад роднымі зорамі, небам

любоў стала пылам, ці хлебам,

а можа атрутай - і пі!

Ад Прагі да Полацка - снег.

У чэшска-гусіцкай трывозе

на бераг прыдзвінскі прыбег.

Ты ж - тут! Нам цяпер - па дарозе!

4. Чацвер. "Жнівень. Спас. Знічка"

Скарына Працу падарыў

не жніўню - Спасу.

Адратаваў, а не скарыў

зямлі акрасу.

Плыў у Дзвінў я з ручая.

Было мне вузка.

Гартаю "Біблію..." Чыя?

Чытаю: "...руска".

Ці з веры рускае мой хрост,

ці з веры рымскай, -

на доўгія вякі быў пост

зямельцы крыўскай.

Ліцьвінам быў я, быў рабом

расейскай сілы...

Мне б сёння вольнасць піць нагбом!

Ды не ўпрасілі:

пячэ мой згорблены хрыбет

(як шрыфт - старонкі)

не, не свабоды запавет,

а лёд палонкі.

Палон палонкі, біч ярма

вякі паскручваў...

Апроч Скарыны і няма,

хто б сэрца мучыў

і выпраўляў знямелы лёс

на ўзвышша Роду, -

каб смела беларускасць нёс,

жыў не ва ўгоду.

Ахвярны Спас, Апостал - быў?

"Да Влтавы збочыў..."

А ў Палату глядзяць - як здзіў

Скарыны вочы:

з іх знічка рысу правяла -

слязу - у жнівень...

Няхай паболее святла

на нашай ніве!

5. Пятніца. "Першаптах"

Уздымаюцца кнігаў крылы:

на стагоддзі ў кніг размах.

Светлы вырай пачаў Скарына -

дальназорны наш Першаптах.

З кнігай роднаю падрастаў я

і тэўтону казаў: "Не руш

ты ахоўніцу небакраю

і збіральніцу нашых душ!

З кнігай знішчыць нас не ўдалося.

Веру кожнаму ў ёй радку

пра крывіцкае ускалоссе

на Скарынаўскім мацерыку.

Птах вярнуўся. У ціхай стоме

на вяртальнай стаіць вярсце.

З новай кнігай у новым доме

юны родзіч яго расце.

6. Субота. "По-ла-цак!"

Бераг знямеў.

Перакулены ўсе пласкадонкі.

Пад гільяцінаю -

вежы, званіцы, крыжы...

- По-ла-цак! Ты - хрутабокі і звонкі.

Памяці кроны свае ўскалышы!

На крыжака

прабіраешся воўчаю сцежкай...

Злюбамі-шлюбамі

лучыш падзвінскі прастор...

- По-ла-цак! Ты і нашчадкаў успешыў:

ордам жахлівым далі мы адпор.

Веча гудзе.

Адраджаецца Полацка вера.

Князь-чужачок

сігануў з гарадзішча як стрыж.

- По-ла-цак! Ты радаводны наш бераг,

Вечны як наш Еўфрасінеўскі Крыж.

7. Нядзеля. "I нашчадкаў Скарыны..."

Слаўлю, гордыя словы,

незгасальны ваш лад.

Хоць глуміліся з мовы

каля царскіх палат, -

а яе не скарылі,

бо на вуснах цвіла,

і нашчадкаў Скарыны

у паход павяла.

А ні грозных указаў,

ні завейных магіл,

ні пякучай абразы,

ні бяздомнай тугі

не збаяліся словы,

славу нам даняслі,

хоць ахоўнікі мовы

палыном параслі.

Усталі гордыя словы

назаўжды, назусім.

Мая крэўная мова -

перад светам усім.

* * *

На радзіме Кнігі

У Празе не да сну:

зямная вось скрыгоча...

Да Стрэчання

ідзе вясны прамень.

Скарына, стань вышэй!

З табою хоча

пражак прывеціць

над Беларусяй дзень.


Пабагацею тут

не толькі на сустрэчы.

Паверыцца: Грамніцы аддадуць

русіна Сімяона

спадкі-рэчы, -

іх выраі ў падкрылкі упрадуць.


Пад Полацкам на рунь

асядзе золь адчаю

і з дзюбачак

птушыная радня

павыпускае ўсіх вякоў маўчанне...

I мёртвая не ўзыдзе цішыня.

У Празе не да сну.


"Замкавы гасцінец" з'явіўся ў Лідзе

13 траўня ў 16.00 у Лідзе адбылася ўрачыстая прэзентацыя новага гарадскога праекту "Замкавы гасцінец".

Ідэя палягае ў тым, што пакуль што на суботу, а далей - болей, вуліца "Замкавая" робіцца пешаходнай, тут разгортваюцца розныя атракцыёны, пракат ровараў, а таксама маецца на ўвазе, што тут будзе разгортвацца гандаль сувенірамі, творамі мастацтва і падобнай прадукцыяй. Улады пры гэтым абяцаюць на першым этапе поўную свабоду гандлю і бясплатнае размяшчэнне гандлёвых ятак.

Тут будзе свабода для выступленняў вулічных музыкаў, а таксама мяркуецца арганізоўваць кросбукінг. Што да апошняга, то ці будзе эфект, цяжка сказаць, а вось даўняя мара лідзян пра кніжныя развалы можа быць рэалізавана.

На сёння ў лідскай кнігарні адсутнічае букуністычны аддзел, старыя кнігі прадаюцца толькі на кірмашы, ды і то выбар там зусім невялікі, а ў горадзе ёсць і попыт, і патэнцыял прапановы. У людзей шмат кніг савецкай эпохі, лідскія пісьменнікі не ведаюць, дзе і як прадаць хоць колькі сваіх кніг, а кнігі ж выходзяць. Таму над арганізацыяй кніжных развалаў, хаця б такіх невялікіх, як у Беластоку, варта падумаць.

Што атрымаецца з "Замкавага гасцінца" - нейкі арт-рынак ці проста прагулачная зона - пакуль не ўгадаць. Пазіцыя ўладаў - не прымяняць адміністрацыйны рэсурс, куды воляй народа пахіліцца, так і будзе. Прынамсі, абшар каля замка пуставаць не будзе, так ці гэтак напоўніцца. І адным асяродкам для вольнага часу ў Лідзе стане болей.

Наш кар.


Кулінарную кнігу для дзяцей прэзентавалі ў Менску

Кулінарную кнігу для дзяцей прэзентавалі ў менскай бібліятэцы імя Цёткі. "Смачная кніга" Аксаны Спрынчан з'явілася, дзякуючы дзяржаўнаму выдавецтву "Мастацкая літаратура". Гаворыць аўтарка кнігі:

- Уразіў усіх Юры Пацюпа, які гатаваў мачанку. Гэта было нешта неверагоднае. Паэт, філосаф, мовазнавец гатуе так, што забываешся пра ўсё на свеце. Гатаваў ён проста ў зале на вачах у прысутных. Бібліятэка Цёткі яшчэ не бачыла такога цуду! І сапраўды ён паказаў сябе як чалавек, які, ну, не прападзе і накорміць усю Беларусь.

Кнігу прэзентавалі ў межах праекту "Паэтычнага тэатра АРТ-С", які ўжо дванаццаць гадоў ладзіць свае выступы на пляцоўцы бібліятэкі імя Цёткі ў Менску.

Максім Каўняровіч , Беларускае Радыё Рацыя.


Беларуская мова на беларускіх таварах

"Барысаўдрэў" працягвае выпускаць запалкі з афармленнем, калі на адным з бакоў пачка для запалак размешчаны здымак замка Беларусі. На розных пачках можна ўбачыць розныя замкі: Косаўскі, Мірскі, Нясвіжскі, Ружанскі, Быхаўскі, Наваградскі, Гальшанскі, Гарадзенскі Стары замак.

Бярозаўскі мясакансер-вавы камбінат выпускае пяльмені "Сябрукі". Нават слоган прыдумалі: "Сябрукі з мяса і мукі".


"ЛІДСКАЕ ПІВА" ВЫПУСЦІЛА ДРУГІ ГАТУНАК З СЕРЫІ "МЕНСКАЕ"

ААТ "Лідскае піва" прадстаўляе "МЕНСКАЕ 1499" - другі гатунак з лімітаванай серыі "МЕНСКАЕ", якая прысвечана 950-годдзю сталіцы. Новы прадукт прымеркаваны да важнай для Менска падзеі - атрымання Магдэбургскага права, якое давала гораду паўнамоцтвы на самакіраванне.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык 14 сакавіка 1499 года дараваў жыхарам Менска грамату. Так горад стаў самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай з асобным органам самакіравання, гербам, падатковай сістэмай і атрымаў статус цэнтра рамяства, гандлю і культуры.

"МЕНСКАЕ 1499" - гэта класічны светлы лагер. Піва нізавога браджэння з прыемным хмелевым водарам і мяккім смакам.

У аснове кампазіцыі этыкеткі, якая выканана ў выглядзе старажытнага вітража, - мініяцюры ключа і граматы як сімвалы свабоды горада і яго права на самакіраванне.

Мацунак новага гатунку - 4,2%. Масавая доля сухіх рэчываў - 10%.

"МЕНСКАЕ 1499" будзе выпускацца ў шкляной бутэльцы аб'ёмам 0,5 л. і ПЭТ-бутэльцы 1,0 л. Рэкамендаваная цана - 1,61 BYN за шкляную бутэльку, а таксама 2,73 BYN за ПЭТ-бутэльку.

Першая партыя новага прадукту пачала з'яўляцца на паліцах крамаў з 2 траўня 2017 года.

Лімітаваная серыя "МЕНСКАЕ" ад кампаніі "Лідскае піва" створана з нагоды 950-годдзя Менска. Яна складаецца з трох гатункаў, кожны з якіх звязаны з важнай датай у гісторыі сталіцы. "МЕНСКАЕ 1067" - першы прадукт у серыі, які быў прымеркаваны да першага ўзгадвання Менска ў летапісе "Аповесць мінулых гадоў".

Не гледзячы на беларускамоўныя этыкеткі, трэба памятаць, што залішняе спажыванне піва шкодзіць вашаму здароўю.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

3. Смаленская зямля

На загад кіеўскага князя Ўладзіміра, пасля 988 г. смаленскія крывічы прынялі хрысціянства, а кіраваў імі ажно 40 гадоў сын Уладзіміра князь Станіслаў. Жыў ён у Гнёздаве. Але з цягам часу мясцовыя князі перабраліся ў Смаленск і зрабілі сваю рэзідэнцыю на дзядзінцы, на Саборнай гары. Тут, дарэчы, жыў сын Яраслава Мудрага Вячаслаў, які стаў смаленскім князем у 1054 г.

Пасля знікнення Кіеўскай Русі Смаленск належаў кіеўскаму князю Ўладзіміру Манамаху і яго нашчадкам. У 1101 г. Манамах збудаваў першы мураваны храм у Смаленску - Успенскі сабор. Ён таксама далучыў да Смаленскага княства землі вяцічаў і землі балцкага племені голядзі. У 1116 г. Манамах напаў на Полацкую дзяржаву і разам са смалянамі зрабіў паход на Менск, а таксама далучыў да Смаленскага княства полацкі горад Копысь.

Памёр Уладзімір Манамах у 1125 г. Смаленскае княства ўзначаліў яго ўнук Расціслаў Мсціслававіч, які і заснаваў дынастыю незалежных смаленскіх князёў. На мапе сярэднявечнай Еўропы з'явілася новая крывіцкая дзяржава. Расціслаў заснаваў таксама смаленскае епіскапства. Пры ім з'явіўся і першы заканадаўчы дакумент "Устаў Расціслава", які адлюстраваў эканамічную і палітычную структуру новай дзяржавы. Наступным смаленскім князем стаў яго старэйшы сын Раман. Пры ім узмацнілася роля смаленскага веча, умацавалася мясцовае баярства, узніклі ўдзельныя княствы. Першым стварылася ўдзельнае княства на поўначы Смаленшчыны з цэнтрам у горадзе Тарапцы. Тут князем стаў малодшы сын Рамана - Мсціслаў.

На месцы Рамана апынуўся яго брат Давыд. Ён у 1187 г. задушыў паўстанне гараджан, справакаванае галодным годам, і пакараў смерцю шмат знакамітых баяр. Давыд меў магутную наёмную дружыну, захапіў полацкія землі на Заходняй Дзвіне і актыўна гандляваў з краінамі Заходняй Еўропы.

У ХІІ ст. тэрыторыя Смаленскага княства істотна павялічылася. Пасля захопу полацкага Копыся князь Расціслаў адабраў у чарнігаўскіх князёў землі паўночных радзімічаў. У XII ст. тут узніклі буйныя гарады Мсціслаў, Рослаў, Крэчут (цяпер Крычаў) і Прупой (цяпер Слаўгарад). На ўсходзе Смаленшчыны з'явіліся ў гэты час Дарагабуж і Ельня. Шлях з Дняпра на Волгу кантраляваў горад Вязьма.

У пачатку XIII ст. вусце Заходняй Дзвіны захапілі крыжаносцы, таму ўплыў Смаленска на полацкія землі значна павялічыўся: пад яго патрапілі Віцебскае і Друцкае княствы. У 1229 г. была падпісана гандлёвая дамова паміж немцамі і Смаленскам, Полацкам і Віцебскам аб гандлі па Заходняй Дзвіне. Нямецкія купцы з'явіліся ў Смаленску і нават збудавалі сабе мураваны храм круглай формы (ратонду).

Аднак у 1230 г. Смаленск напаткалі адразу некалькі трагедый: землятрус, неўрадлівы год, голад і эпідэмія чумы, ад якой памерлі тысячы чалавек, у тым ліку смаленскі князь. Неўзабаве да Смаленшчыны ў 1238 г. наблізіліся войскі хана Батыя. Аб змаганні смалян з мангола-татарамі распавядае "Аповесць пра Меркурыя Смаленскакага". Смаляне выстаялі, аднак, пачынаючы з 60-х гг. XIII ст., мусілі плаціць даніну Залатой Ардзе.

Культура Смаленскага княства. У канцы XII ст. у Смаленск з Полацка прыязджае будаўнічая арцель, і пачынаецца будаўніцтва мураваных храмаў і княжацкага палаца. Узнікае смаленская школа дойлідства. Храмы мелі звонку аздабленне ў выглядзе двухпрыступкавых плоскіх пілястраў з тонкімі паўкалонкамі, унутры былі распісаны фрэскамі і мелі падлогі з керамічных рознакаляровых паліваных плітак. З іх найболын захавалася ў Смаленску царква Міхаіла Арханёла, збудаваная ў канцы XII ст. Вышыня храма складае 35 м. Былі мураваныя храмы і ў некаторых іншых гарадах, напрыклад, у Рославе.

У XII-XIII стст. Смаленскае княства робіцца адной і найбуйнейшых культурных земляў сярод іншых старабеларускіх княстваў. У адным з гнёздаўскіх курганоў знайшлі вялікае глінянае начынне - карчагу-амфару з надпісам "Гороушна". Так тады называлі гарчыцу. Навукоўцы датуюць гэты надпіс сярэдзінай X ст. і адносяць да аднаго з самых першых усходнеславянскіх надпісаў зробленых кірылічным алфавітам.

У XII ст. пры князі Расціславе і яго сынах Смаленск робіцца значным культурным і адукацыйным цэнтрам. Князь Раман стварыў тут гарадскія вучэльні, дзе выкладалі настаўнікі, запрошаныя з Візантыі і краін Заходняй Еўропы. Вельмі адукаванымі былі і мясцовыя святары Рыгор і Фама. Са Смаленска паходзіць кіеўскі мітрапаліт Клімент. Умелі чытаць і пісаць таксама простыя людзі, жыхары Смаленска. Пра гэта сведчаць знаходкі археолагамі берасцяных грамат у культурнмм пласце горада. Таксама маюцца і надпісы, выдрапаныя на сценах смаленскіх храмаў. Існаваў і Смаленскі летапіс, які складаўся з XІІІ да пачатку XV ст. Гэты твор прасякнуты ідэяй захавання і ўмацавапнм незалежнасці Смаленскай зямлі.

4. Чарнігаўская зямля

Гэтае княства ўзнікла спачатку на землях вышэйзгаданага славянскага племені севяран. Севяране ў VIII-X стст. жылі ў басейнах рэк Дзясны, Сейма, Сулы, Ворсклы і Пслы. На захадзе ямы межавалі з палянамі і дрыгавічамі, на поўначы з радзімічамі і вяцічамі, а на ўсходзе і поўдні - з качавымі плямёнамі цюркска паходжання. У 907 г. яны ўдзельнічалі разам з князем Алегам у паходзе на Візантыю. У ХІ-ХІІ стст. севяране складалі значную частку насельніцтва Чарнігаўскага княства.

Сталіца княства горад Чарнігаў упершыню згаданы ў дамове паміж Кіеўскай Руссю і Візантыяй у 907 г. У Х-ХІІ стст. ён стаў другім паводле сваіх памераў і значэння пасля Кіева горадам Сярэдняга Падняпроўя. Горад быў збудаваны на высокім правым беразе ракі Дзясны праз сістэму дробных рэчак і азёраў быў звязаны водным шляхам з горадам Любечам на Дняпры. Гэта дазваляла Чарнігаву ўласны гандаль, абыходзячы Кіеў, а таксама па рэках Сейме, Дзясне і Ацэ - непасрэдна з усходнімі краінамі. Таму ўжо ў пачатку Х ст. гэта быў вялікі горад з добрымі ўмацаваннямі і вялікім курганным могільнікам. Побач было язычніцкае капішча, пра што сведчыць знаходка ў 1700 г. срэбнага ідала. Вялікую цікавасць чарнігаўцаў выклікае і вялізны курган X ст., які ў народзе мае назву "Чорная магіла". Вышыня яго больш за 10 м, а дыяметр унізе складае 125 м. У выніку раскопак у кургане знойдзена багатае пахаванне чарнігаўскага князя, якое датуецца 60-мі гг. X ст. Пра гэта сведчаць такія знаходкі, як невялікі бронзавы ідал, дзве залатыя візантыйскія манеты і два турыныя рагі, аздобленыя срэбнымі акоўкамі з пазалотай.

У канцы Х ст. кіеўскі князь Уладзімір правёў рэканструкцыю чарнігаўскага дзядзінца, які дасягнуў плошчы каля 11 гектараў. Унізе, пад мурамі цвердзі, быў пасад - чарнігаўскі падол, які таксама быў умацаваны валам з драўлянымі канструкцыямі.

Першым вядомым нам чарнігаўскім князем быў сын Уладзіміра - Мсціслаў, які памёр у 1036 г., не пакінуўшы нашчадкаў. З 1024 г. пасля перамогі войска севяран над князем Яраславам Мудрым, Чарнігаў стаў сталіцай вялікага княства са значнай аўтаноміяй у складзе Кіеўскай Русі. Пасля Мсціслава другім чарнігаўскім князем стаў сын Яраслава Мудрага Святаслаў (1027-1076), які ў 1054 г. атрымаў паводле тастаманта бацькі кіеўскага князя Яраслава Мудрага чарнігаўскую зямлю ў спадчыну. Першы чарнігаўскі князь Мсціслаў зрабіў другую лінію гарадскіх умацаванняў, заклаў новы княскі двор і на яго тэрыторыі збудаваў мураваны Спаскі сабор.

У XII ст. плошча дзядзінца павялічылася да 16 га, а плошча вакольнага горада дасягнула 40 га. Існавала і трэцяя ўмацаваная гарадская частка з уласнымі ўмацаваннямі, якая мела назву "Трацяк".

Нашчадкі другога чарнігаўскага князя склалі ўласную княскую дынастыю Ольгавічаў, якія кіравалі ўсімі ўдзельнымі княствамі Чарнігаўскай зямлі і не раз прэтэндавалі на ўладу ў Кіеве. Праўнук Святаслава, вышэйзгаданы князь Ігар стаў галоўным героем "Слова пра паход Ігаравы".

У XI ст. у склад Чарнігаўскага княства ўваходзяць Гомель, Чачэрск і Рэчыца, прычым з 1160 г. Гомель (тады яго называлі Гомій) стаў цэнтрам удзельнага княства. Першы раз гэты горад згадваецца ў летапісе пад 1142 г. Гомель узнік на месцы паселішча радзімічаў, якое існавала на беразе Сажа ў VIII-X стст. На мяжы Х-ХІ стст. гэта ўжо быў сапраўдны горад з умацаваным дзядзінцам і пасадам плошчаю да 15 га. У XII ст. дзядзінец павялічваецца да 1,4 га, а ў пачатку XIII ст. ён атрымаў дадатковыя ўмацаванні. Другі горад радзімічаў Чачэрск вядомы з 1152 г. Захавалася старажытнае гарадзішча "Замкавая гара" на беразе ракі Чачоры, там, дзе яна ўпадае ў Сож. У X ст. з'яўляецца ўмацаванае паселішча, якое ў XI ст. становіцца горадам з дзядзінцам і пасадам.

У сярэдзіне XII ст. чарнігаўскія князі нават валодалі Слуцкам, Клецкам і Рагачовам. Паўночныя землі радзімічаў адышлі да Смаленскага княства. Пазней там узнікла ўдзельнае Мсціслаўскае княства, як складовая частка Вялікага княства Смаленскага. У складзе Чарнігаўскага княства паступова склалася Ноўгарад-Северскае княства.

Яно ўзнікае на землях севяран і часткова вяцічаў у 1096-1097 гг. Першым яго князем быў Алег Святаслававіч. У другой палове ХІІ ст. жыхары княства вядуць вайну з полаўцамі. Няўдалы паход 1185 г. князя Ігара і склаў сюжэт "Слова пра паход Ігаравы", у якім маюцца і звесткі пра старажытную Беларусь. З 1238 г. Ноўгарад-Северскае княства уваходзіць у склад Бранскага княства.

Горад Бранск як славянскае паселішча ўзнікае ў 985 г. на беразе рэчкі Дзясны. Спачатку меў назву Брынь, потым Дзябранск. У летапісе як горад Чарнігаўскага княства згадваецца пад 1146 г.

У Чарнігаве ў XII - пачатку ХIIІ стст. вядзецца інтэнсіўнае мураванае будаўніцтва. У канцы ХI - пачатку XII стст. будуецца цагляны княжацкі палац ( хорам) памерам 7,5x7,5 м. У XII ст. будуюцца парадная вежа-брама - галоўны ўваход у горад (8x8 м), а таксама Барысаглебскі сабор.

У Елецкім манастыры ў канцы XI - пачатку XII стст. пабудаваны Успенскі сабор. Шадэўрам архітэктуры з'яўляецца і Пятніцкая царква- помнік мураванага дойлідства пачатку XIII ст.

Доўгі час Чарнігаўскае княства валодала міжнародным горадам-портам Тмутараканню (Таманню) каля Керчанскага праліва. Аднак у сярэдзіне XII ст. яго захапілі полаўцы. З 1199 г. у Чарнігаве існавала ўласнае летапісанне. У 1239 г. Чарнігаўскую зямлю захапілі мангола-татары. Пасля таго як яны разбурылі і знішчылі Чарнігаў, ацалелы чарнігаўскі князь Раман у 1246 г. пераносіць у Бранск сталіцу з Чарнігава. Неўзабаве, у XIII ст., бранскія князі адначасова мелі і тытуул князёў чарнігаўскіх. У Бранску тады знаходзілася рэзідэнцыя чарнігаўскіх епіскапаў. Але ў 1285-1297 гг. бранскія князі пераходзяць пад уладу смаленскіх князёў.

(Працяг у наст. нумары.)


У межах гістарычнага Наваградка (ХІ-ХХ ст.)

Разалія Александровіч

Адміністрацыйны падзел, сімвалы горада

На адным з самых высокіх пагоркаў узвышша - цяпер яно называецца Наваградскім - узнікла старажытнае пасяленне 1, першыя летапісныя згадкі аб якім адносяцца да 1044 г. Найбольшы росквіт пасялення вакол вала прыпадае на другую палову ХІІ ст. Новыя жылыя будынкі з'яўляюцца на незабудаваным да гэтага прывальным участку. Не меў аналагаў вакольны горад з багатымi дамамi, што ўтварылi асобны квартал.

У ХІ - ХІІІ стст. новагародскi дзядзiнец умацоўваецца абарончымі збудаваннямі. Устаноўлена, што з пачатку XI ст. і да сярэдзіны XIII ст. на валах стаялі драўляныя сцены, агароджасцены аднаўляліся не менш за пяць разоў. У другой палове XIII ст. былі збудаваны моцныя дубовыя зрубы-гародні з двайной пярэдняй сценкай. Тады ж была пастаўлена першая каменная вежа. Сёння яна знаходзіцца пад зямлёй на глыбіні 7,5 м, на ёй як на моцным падмурку размешчана цагляная вежа Шчытовая (Шчытоўка) 2.

Замак на дзядзінцы быў пабудаваны ў сярэдзіне XIII ст., але канчатковы выгляд набыў у XVI ст. Дзеля абароны ад нападаў у канцы ХІV ст. пачынаецца будаўніцтва мураваных вежаў і мураваных абарончых сцен замка. Напачатку ХVІ ст. магутныя сцены і 7 вежаў надзейна абаранялі замак.

У ХІІІ - ХІV стст. Новагародак быў цэнтрам удзельнага княства (Новагародскае зямлі), а затым і поліэтнічнай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, што займала тэрыторыю паміж Нёманам і Віліяй. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу ВКЛ у Вільню.

Каля 1270 г. знак "Пагоня" быў зафіксаваны як герб Новагародка, а ў 1293 г. "Пагоня" становіцца знакам вялікага князя і дзяржаўным гербам ВКЛ.

Новагародскае ваяводства. Новагародскі павет ператвораны ў ваяводства ў на самым пачатку студзеня 1507 г., такі статус існаваў пакуль не быў далучаны да Расійскай імперыі (1795 г.). Пры гэтым князь Глінскі выступае з тытулам "воеводы Новгородского" ўжо 30 снежня 1506 г. 3 Згодна з загадам караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І былы ваявода кіеўскі Іван Львовіч Глінскі прызначаны "воеводою новгородскім". Жыгімонт прызначае яму месца каля жмудскага старасты ў вялікакняскай радзе.

У гэты ж час герб "Пагоня" прыняты як герб Новагародскага ваяводства. Пагоня з чорным анёлам адрознівалася ад гербаў "Пагоня" іншых беларускіх ваяводстваў. Горад раней атрымаў герб з эмблемай Пагоні з відарысам замка. Праз пэўны час відарыс замка на гербе з Пагоняй ужо не змяшчалі, абодва гербы пачалі лічыць ваяводскімі. У "Старажытнай Польшчы" 4 змешчана апісанне двухбаковай пячаткі: "Герб ваяводства Наваградскага ёсць, з аднаго боку, анёл чорны ў чырвоным полі... з другога ж боку, - Пагоня звычайная".

У 1511 г. Новагародак атрымаў Магдэбургскае права. Права на самакіраванне было пацверджана ў 1562, 1595, 1726 гг.

У сувязі з улікам мясцовага рэльефу ў Наваградку пачаў фармавацца новы цэнтр 5 - гарадская плошча, дзе пачалі будавацца дамы чальцоў магістрата і была ўзведзена мураваная ратуша. Упершыню наваградская ратуша ўзгадваецца ў сеймавай канстытуцыі 1652 г. 6 Але беларускі гісторык з Наваградка М. Гайба, спасылаючыся на меркаванне польскага гісторыка Г. Лаўмянскага 7, заўважае, што яшчэ ў 1597 г. прывілеем Жыгімонта ІІІ было дазволена збудаваць у горадзе цагельню, цэглу ж выкарыстоўваць на пабудову крамаў, касцёлаў і ратушы 8.

Прывілеем караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы ў 1595 г. зацверджаны гарадскі герб "Арханёл Міхаіл".

Апісанне герба Наваградка, рэканструяванага беларускім даследчыкам ў галіне геральдыкі Анатолем Цітовым, гучыць наступным чынам: "У чырвоным полі - постаць арханёла Міхаіла ў чорным панцыры з крыламі за спіной: у правай руцэ меч, у левай - шалі".

У ваяводскім цэнтры Наваградка засядаў Трыбунал ВКЛ 9. Гэтая найвышэйшая судовая інстанцыя разглядала справы паветаў Слонімскага і Ваўкавыскага, а таксама Берасцейскага і Пінскага паветаў ваяводства Берасцейскага. Галоўным местам, дзе засядаў Трыбунал ВКЛ, з'яўлялася Вільня. Таксама трыбунал засядаў у Менску. Судовая практыка Трыбунала ВКЛ заўсёды была ў полі зроку шляхты - тут разглядаліся нязгоды з рашэннямі павятовай адміністрацыі, апеляцыі па выраках гродскіх, земскіх, падкаморскіх судоў. Пры гэтым узвышэнне нейкага ваяводскага цэнтра, акрамя сталічнай Вільні, выклікала пэўную зайздрасць. Так, на сойміку Ашмянскага павета ў інструкцыі 1596 г. паслам на вальны сойм даводзілася, "абы толькі ў адной Вільні, акрамя Наваградка і Менска, суды ўсе трыбунальскія праведзены былі". Разам з тым у 1598 г. шляхціцы Новагародскага ваяводства скардзіліся на працу трыбунала, адзначалі вялікі тэрмін разгляду спраў.

Наваградскі павет. Пасля адлучэння часткі Слуцкага і Ваўкавыскага паветаў у складзе Новагародскага ваяводства засталіся паветы Баранавіцкі (самы вялікі), Слонімскі, Наваградскі, Нясвіжскі. Калі Рэч Паспалітая была канчаткова падзеленая (1793, 1795 гг.), скасоўваецца Наваградскае ваяводства і ўзнікае новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на губерні, паветы і воласці Расійскай імперыі. Наваградак становіцца цэнтрам павета. Наваградскі павет з 1797 г. знаходзіўся ў Літоўскай губерні. Але падзел на губерні неаднаразова мяняецца, і з 1801 г. на тэрыторыі Беларусі існуе 5 губерняў - Віленская, Віцебская, Гродзенская, Менская і Магілёўская. У першай чвэрці ХІХ ст. беларускія губерні ўваходзілі ў склад Беларускага, Віленскага і Кіеўскага ваенных губернатарстваў.

З 1801 г. Наваградскі павет знаходзіцца ў Гарадзенскай, а з 1842 г. - Менскай губернях. У 1861 г. у складзе Наваградскага павета былі 24 воласці, гэта быў самы густанаселены павет Менскай губерні .

У 1918 г. была абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. У гэтым жа годзе на Парыжскай мірнай канферэнцыі Надзвычайнай камісіяй БНР прапанавана карта, межы якой былі вызначаны паводле этнаграфічнага прынцыпу. Асновай стала карта, якая была складзеная М.В. Доўнар-Запольскім. Паводле этнаграфічных межаў у склад БНР павінны былі ўвайсці Магілёўшчына, беларускія часткі Меншчыны, Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі беларускіх губерняў, заселеных беларусамі" 11.

У 1919 г. Наваградскі павет увайшоў у склад Літоўска-Беларускай рэспублікі, якая праіснавала нядоўга. 1 студзеня 1919 г. была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў складзе пяці губерняў: Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Менскай, Смаленскай з часткамі пагранічных тэрыторый, населеных пераважна беларусамі. БССР уключала амаль усю тую ж тэрыторыю, што і БНР, акрамя аддадзенай Літве Віленскай губерні, дзе літоўцы складалі 15-18 % ад усяго насельніцтва, у Вільні прыжывала літоўцаў менш за 1%. 12

(Заканч у наст нумары.)

1 Летапісныя варыянты назвы горада - Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок. Паступова назва Новагародак замянілася на Навагрудак і Наваградак. У 1920-1930-х гадах у друку Заходняй Беларусі і БССР пераважала назва Наваградак. Сучасная афіцыйная назва Навагрудак (афіц. транс.: Navahrudak), але мясцовыя жыхары аддаюць перавагу назве "Наваградак"

2 Навагрудскія замкі // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11: Мугір - Паліклініка / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн., 2000. С. 98.

3 Раней кіраўнікі паветаў тытулаваліся як "намеснікі ", іншы раз "ваяводамі". З улікам апошняга і не жадаючы паніжаць тытул Глінскага, ён тытулаваўся "ваяводам", і з гэтага часу ўсе наступныя таксама. Пасля таго, як пераможца крымскіх татараў пад Клецкам Міхаіл Глінскі ўступіў у канфлікт з Жыгімонтам І, Іван разам з братам прысягнулі Васілю ІІІ і перабраліся ў Маскву (1508 г.). Іх лёс склаўся трагічна.

4 Балінскі М., Ліпінскі Ц. Старажытная Польшча ў поглядзе гістарычным, геаграфічным і статыстычным. У 3 т., 1843 - 1846. М. Балінскі напісаў 3-ці том выдання, які прысвечаны непасрэдна Беларусі. У кнізе ёсць звесткі пра шэраг населеных пунктаў Беларусі і Літвы, іх гістарычным мінулым.

5 Фармаванне цэнтральнай часткі горада завяршаецца ў канцы ХVІІІ ст. У выніку горад набыў планіроўку, што захавалася па сённяшні час.

6 Навагрудская ратуша // Архітэктура Беларусі: Энцыкл. Давед. - Мінск, 1993. - 620 с. С.359.

7 Lowmianskij H. Rys historyczny wojewodstwa Nowogrodzkiego w jego dyisiejszych granicach do 1795 r. - Wilno, 1935. 126 s. S.80. Генрык Лаўмянскі (Henryk Lowmianski, 1898-1984) - прафесар, доктар навук, акадэмік Польскай Акадэміі навук (з 1952 г.). Аўтар манументальнага 6-томнага "Пачатку Польшчы" (Poczatki Polski, 1963 - 1985).

8 Гайба, М. Планіроўка і знешняе аблічча г. Навагрудка ў ХІ - пачатку ХХ стст. // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы) - Выдавецтва "Рыфтур", 2010. - 375 с. С. 61-66.

9 Трыбунал - вышэйшая судовая інстанцыя ў Рэчы Паспалітай. Трыбунал Літоўскі адбываўся ў Наваградку, а Каронны ў "трыбунальскіх замках" у Пятркове і Дубне. Пра гэта ўзгадвае Адам Міцкевіч у "Пане Тадэвушы" (Кніга трэцяя Р. 399.)

10 У 1863 г. (Берлін) быў выдадзены "Этнографический атлас западнорусских губерний и соседних областей" (складальнік Р.Ф. Эркерт - расійскі этнограф, афіцэр, сапраўдны член Рускага геаграфічнага таварыства), які ўключаў 6 карт і звесткі пра размяшчэнне і этнічны склад насельніцтва Беларусі. Тэкставы матэрыял да яго быў змешчаны ў асобнай кнізе "Взгляд на историю и этнографию Западных губерний России" (СПб, 1864).

11 Мазец, В. Межы БНР // Спадчына. - 1993. - № 2. - С.107.

12 Юхо, Я. Фарміраванне тэрыторыі беларусаў// Спадчына - 1991. - № 6.- С.8.


Прэзентацыя новай кнігі Яўгена Гучка "Ў родным краі"

Мець магчымасць пачуць выдатнага знаўцу слова, літаратуры і гісторыі роднага краю для ўдзячнага чытача заўсёды свята. Не стала выключэннем і на гэты раз такая падзея для аўтараў літаратурнага клуба "Экватар", якія мелі магчымасць на сваім паседжанні 8 красавіка ў бібліятэцы Цэнтральнага дома афіцэраў мець гонар слухаць вершы і расповеды Яўгена Гучка.

Яўген Сяргеевіч нарадзіўся ў даваенным Слуцку ў 1940 годзе. Пасля заканчэння школы працаваў на мэблявай фабрыцы, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і аспірантуру пры ім, вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. Працаваў настаўнікам, а з 1971 па 2001 гады - рэдактарам і вядучым рэдактарам выдавецтва "Народная асвета".

Яўген Гучок, вядомы беларускі пісьменнік, публіцыст і літаратуразнаўца, на паседжанні "Экватара" прадставіў сваю новую кнігу выбранай лірыкі "У родным краі", якая выйшла ў бягучым 2017 годзе. Яўгена Сяргеевіча ў сваю чаргу прадставіў кіраўнік клуба, паэт Вячаслаў Корбут, для якога Яўген Гучок з'яўляецца зямляком-случаком, і іх даўняе знаёмства цягнецца не першы год. Спадар Яўген часцяком выступае і як літаратурны крытык. Ён ў адным з артыкулаў, надрукаваных ў "Нашым слове", даў выразную і станоўчую характарыстыку творцам літаратурнага клуба "Экватар", зазначыўшы іх пільную працу над словам і высокае стаўленне да літаратуры.

Яўген Сяргеевіч распавёў слухачам пра сваю маладосць, пра свае крокі ў літатурнае асяроддзе, пра тое, як яго з юнацтва захапіла творчасць Сяргея Ясеніна і як ён займаўся дастаткова шчыльна даследваннем творчасці і жыцця гэтага славутага класіка расійскай літаратуры. Сабараўшымся творцам, сярод якіх нямала было тых, хто спрабуе дэбютаваць у літаратуры, Яўген Гучок агучыў важнейшыя пастулаты літаратурнага працэсу, распавёў, чым пісьменнік ці паэт павінен кіравацца, каб зачапіцца за нормы пабудовы добрага і якаснага твора. Але на пачатку павінен быць талент, веданне мовы і матэрыялу, з якім працуе аўтар. Удумлівы і бадзёры, Яўген Сяргеевіч шмат расказваў цікавых гісторый са свайго жыцця, аб сваіх знаёмствах з цікавымі людзьмі, распавёў пра свой жыццёвы і творчы шлях.

Спадчына пісьменніка даволі значная: гэта кнігі паэзіі, прозы, публіцыстыкі. Сярод іх "Белое чудо", "Блакітныя чмялі", "Сэрцам і думкай", "Формула травы" і іншыя. Кніга выбранай лірыкі "Ў родным краі" ўвабрала ў сябе паэтычныя творы аўтара, напісаныя за шмат гадоў творчай дзейнасці. Гэта і лірыка, і гумар, і філасофскія развагі. Дарэчы, разважаць над тэмамі жыццёвымі альбо творчымі мала хто можа так іранічна і глыбока, як Яўген Гучок. Ягоныя востры і кемлівы розум, трапны гумар прыцягнулі вялікую ўвагу "экватарцаў", і яны ўдзячна пляскалі пасля кожнай ўдалай рэплікі альбо цытавання твораў аўтарам.

Вось некаторыя вершаваныя радкі з кнігі "Ў родным краі":

Не адрывай ад цела душу

І да канца іх не яднай,

Над целам снежань

хай цярушыць,

А над душой спявае май.


І такое моцнае шчырае чатырохрадкоўе прыцягнула ўвагу:

Люблю ўспамінаць я

Час той далёкі,

Калі найбліжэйшай раднёй

Былі мне аблокі.

Напрыканцы гучалі пытанні аўтару па розных тэмах творчасці і літаратурнага працэсу ўвогуле. Пасля прэзентацыі адбылася аўтограф-сесія Яўгена Гучка для ўсіх ахвочых набыць ягоную кнігу "Ў родным краі". "Экватарцы" шчыра дзякавалі аўтару за грунтоўнае і цікавае выступленне.

Вячаслаў Корбут.


Да, мы Юр'е сустракаем, да, мы Бога звелічаем!

У аграгарадку Беліца 5 траўня адбыўся абрад "Юр'еў дзень". Менавіта ў Беліцы знаходзіцца касцёл Св. Юр'я.

Згодна з павер'ем, Святы Юрай адмыкае зямлю, выпускае расу і распачынае рост усякай расліннасці, тым самым забяспечвае багаты ўраджай на ўвесь год. Вось і жыхары вёскі, а таксама работнікі клубных устаноў Лідскага раёна сабраліся, каб паўдзельнічаць у гэтым прыгожым свяце.

Спяваючы юр'еўскія песні і ўслаўляючы Бога са словамі:

"Зарадзі, Божа, скацінку,

зарадзі, Божа, ніўку,

ячмень і пшаніцу

і ўсяку пашніцу,"

удзельнікі абраду прайшлі цераз усю вёску да крыжа, дзе паклалі вянкі з бярозы. Пасля ішлі ў луг, ладзілі гулянне, вадзілі карагоды і спявалі песні.

Усім гуртам, калі варочваліся з лугу ў вёску, зайшлі дадому да маладзіцы, якая паміж Юр'ямі (каталіцкім і праваслаўным) выйшла замуж, і заспявалі песню:

Маладая, малодачка,

Выйдзі, выйдзі, выйдзі на вулачку,

Вынясь, вынясь, вынясь падарачак,

Падарачак, падарачак, паясочак,

Копу яек, копу яек на паўмісы,

Каўбасою, каўбасоу абкружыці

Белым сырам, белым сырам залажыці.

Маладзіца вынесла пачастунак і кінула паясок, які лічыцца абярэгам ад усіх урокаў. Яго разрэзалі на маленькія часткі і раздалі ўсім удзельнікам абраду, каб збярог ад усяго нядобрага і нячыстага. Затым вярнуліся да месца, дзе распачыналі свята, і частаваліся падарункамі ад маладзіцы.

Вось так цікава і па-вясноваму ў вёсцы Беліца адзначылі Юр'е!

Лідскі цэнтр культуры і народнай творчасці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX