Папярэдняя старонка: 2017

№ 22 (1329) 


Дадана: 30-05-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1329), 31 траўня 2017 г.


Аляксандр Лукашэнка: "Я вельмі хацеў бы, каб мы больш выкарыстоўвалі беларускую мову"

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў на сустрэчы з навучэнцамі "Моладзь. Погляд у будучыню", што выступае за больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы.

На пытанне пра вывучэнне гістарычных прадметаў у школе на беларускай мове Лукашэнка адказаў так:

- Я катэгарычны праціўнік навязвання вучням нейкай дзяржаўнай мовы - у нас іх дзве - руская і беларуская. Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці рускай ён будзе вывучаць. Калі вы мяне спытаеце, а я як хацеў бы... Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш маем зносіны, у тым ліку ў побыце, на рускай мове. Беларускай мовы ў нашым побыце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не думаю, што гэта катастрофа".

А. Лукашэнка выказаўся пра расейскую мову.

- Гэта наша мова. Мы на гэтай мове стагоддзямі размаўлялі, - сказаў кіраўнік краіны. - Мы гінулі за гэтую мову...

... - Праўда ў тым, што ў нас ёсць і другая мова, якая нас адрознівае ад іншых народаў. Бо дзяржава і народ маюць пэўныя асаблівасці, у тым ліку сваю мову. Калі ў народа свая мова, значыць, гэта народ. У нас такіх дзве. Мы багатыя, - цытуе БелТА А. Лукашэнку.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ён не прыхільнік таго, каб штучна нешта насаджаць, інакш можа ўзьнікнуць адтаржэнне:

- Ад неразумення моўных праблем часта войны пачыналіся. Нам гэта не патрэбна...

... Вядома, як прэзідэнт Беларусі я вельмі хацеў бы, каб мы больш выкарыстоўвалі беларускую мову, - сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Радыё Свабода.


Міжнародная канферэнцыя "Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст" прайшла ў Менску

25 траўня ў Менску адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст".

Канферэнцыя прайшла ў зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі. Арганізатары - амбасада Ўкраіны ў Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

Канферэнцыя была прымеркаваная да Міжнароднага дня славянскай пісьменнасці. Перадусім размова ішла пра захаванне і развіццё нацыянальных моваў як аднаго з асноўных складнікаў культурнай памяці, пра агульныя беларуска-ўкраінскія моўныя карані, перспектывы і цяжкасці вывучэння беларускай і ўкраінскай моваў. У рамках адзначэння 500-годдзя беларускага кнігадрукавання будуць адзначаны беларуска-ўкраінскія кніжныя сувязі.

Ад ТБМ у канферэнцыі бралі ўдзел старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы намеснік, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім. Пазіцыі А. Трусава і А. Анісім па тэме прадстаўлены на ст. 2.

Наш кар.


Гарадзенская справаздачна-выбарчая канферэнцыя ТБМ

Паважаныя сябры! Гарадзенская абласная рада ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны" запрашае на справаздачна-выбарчую канферэнцыю, якая адбудзецца ў нядзелю, 11 чэрвеня ў 11.00. па адрасе: г. Гародня, вул. Савецкая, 3 (былая "Крыга"). Кантакты для сувязі: tbm.garodnia@tut.by.

Парадак дня:

1. Рэгістрацыя дэлегатаў канферэнцыі ад раённых і гарадскіх арганізацый і суполак (10.45-11.00).

2. Кароткія справаздачы кіраўнікоў гарадскіх, раённых арганізацый і суполак вобласці, рэвізійнай камісіі (11.00-11.40).

3. Выбары кіраўніцтва Гарадзенскіх абласной і гарадской радаў ТБМ, рэвізійных камісій і вылучэнне дэлегатаў на ХІІІ з'езд ТБМ (11.40 - 12.10).

5. Рознае (12.10 - 12.30).

Старшыня абласной рады ТБМ Алесь Крой.


Вітаўту Кіпелю - 90

Вітаўт КІПЕЛЬ (нар. 30 траўня 1927, Менск) - беларускі грамадскі дзеяч, гісторык. Нарадзіўся ў сям'і грамадскага дзеяча і вучонага Яўхіма і Марыі Кіпеляў. З 1930 года разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расіі.

З 1944 года на эміграцыі. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, Цюбінгенскім універсітэце. У 1955 годзе атрымаў ступень доктара геалагічных навук Лювенскага ўніверсітэта (Бельгія). Выпускнік Ратгерскага ўніверсітэта (бібліятэказнаўства).

Пераехаў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, сабраў калекцыю беларускіх выданняў. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам шэрагу арганізацый. З 1972 года - старшыня Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў. З 1982 года ўзначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва.

Аўтар шэрагу публікацый беларусазнаўчай тэматыкі. У 1993 годзе выйшла яго першая манаграфія "Беларусы ў ЗША" (беларускае выданне падрыхтаваў перакладчык Сяргей Шупа, у ЗША кніга выйшла ў 1999 годзе). У 2017 пабачыла свет другое выданне кнігі, што выйшла значна таўсцейшая, больш як 600 старонак, багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй. Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенкі, як рэдактара.

Разам з жонкай Зорай Кіпель уклаў фундаментальную "Бібліяграфію беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе" (2003, 2-е, дапоўненае выданне - 2006). Выдаў кнігу ўспамінаў "Жыць і дзеіць" (2015).

Жонка - Зора Кіпель (дзяв. Савёнак; 1927-2003), грамадская дзяячка, літаратуразнавец, публіцыст. Дачка Алеся Кіпель працуе ў Міністэрстве ўнутраных спраў ЗША, займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю.

Кнігі:

Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography / Ed. by V.Kipel and Z.Kipel. - New York: БІНІМ, 1988. - 398 p.

Wy does Voice of America discriminate against the Byelorussian language? / [Я. Запруднік, В. Кіпель, Ю. Станкевіч]. - New York: [Byelorussian Youth Association of America], 1961. - 2 p.

Беларусы ў ЗША. - Мн.: Беларусь, 1993.

Жыць і дзеіць: Успаміны. - Мн.: З. Колас, 2015.

Вікіпедыя.

(Пра В. Кіпеля чытайце на ст. 7-8.)


Прэзентацыя ў Лідзе

7 чэрвеня ў 15.00 у актавай зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбудзецца прэзентацыя жывапіснай гісторыі Ўладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава "Айчына ад Рагнеды да Касцюшкі".

Падчас прэзентацыі можна будзе атрымаць аўтографы аўтараў.

Павел Татарнікаў працаваў над кнігай шэсць гадоў, Уладзімір Арлоў - чатыры. Калі параўноўваць з іншымі кнігамі Арлова, то можна сказаць, што гэта "Краіна Беларусь" для дзяцей і падлеткаў.

Кніга такога мастацкага ўзроўню - сярод унікальных ў свеце, не гаворачы пра Беларусь. Гэта першая частка твора пра Айчыну, якая заканчваецца паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі 1794 года. Цяпер ідзе праца над другой часткай.

Наш кар.


Алена Анісім: "Уладу трэба падштурхнуць да большага выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця"

Беларусам трэба падштурхнуць уладу да таго, каб яна пачала рабіць практычныя дзеянні па пашырэнні сферы ўжытку нацыянальнай мовы. Такое меркаванне выказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы намеснік старшыні "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алена Анісім, выступаючы 25 траўня ў Менску на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст".

Канферэнцыя была арганізаваная з ініцыятывы пасольства Ўкраіны ў Беларусі пры садзейнічанні Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнай бібліятэкі, піша БелаПАН.

Паводле слоў Анісім, існуюць два меркаванні наконт ролі мовы ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Адны лічаць, што беларуская мова з'яўляецца вызначальным фактарам нацыянальнай прыналежнасці, іншыя прытрымліваюцца думкі, што ў гэтым пытанні мова не мае ключавога значэння і з'яўляецца толькі адным з фактараў.

- Прыхільнікі другой думкі ў якасці аргументаў прыводзяць прыклады Швейцарыі і іншых краін, дзе існуе не адна, а некалькі дзяржаўных моў, - адзначыла дэпутат. - Але ў нас даволі неардынарная моўная сітуацыя. З аднаго боку, ёсць дастаткова распрацаваная літаратурная мова, якая існуе шмат стагоддзяў, мае статус дзяржаўнай, можа выкарыстоўвацца ў розных сферах грамадскага жыцця. З іншага боку, яна практычна не ўжываецца ў структурах улады, надзвычай абмежавана выкарыстоўваецца ў тэле- і радыёпрасторы, выцясняецца са сферы адукацыі...

... Нягледзячы на канстытуцыйнае права карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай без абмежаванняў, на практыцы ажыццявіць гэтае права досыць складана, а ў некаторых выпадках - немагчыма, - падкрэсліла Анісім.

У апошнія гады, адзначыла яна, грамадства пачало рэагаваць на такія трывожныя працэсы павышанай цікавасцю да нацыянальнай мовы, чаму сведчанне - з'яўленне шматлікіх бясплатных моўных курсаў. Для слухачоў гэтых курсаў "пытанне нацыянальнага самавызначэння наўпрост звязанае з беларускай мовай". Многія з іх носяць вышыванкі і "абазначаюць сябе нацыянальнай сімволікай - бел-чырвона-белым спалучэннем колераў і гербам "Пагоня", такім чынам "пазіцыянуючы сябе носьбітамі беларускай культуры".

Дэпутат звярнула ўвагу на тое, што такія працэсы ў беларускім грамадстве сталі больш актыўна праяўляцца "пасля вядомых падзей ва Ўкраіне - анексіі Крыма і падзей у Данецкай і Луганскай абласцях".

- Калі ва ўсім свеце назіраецца актуалізацыя пытанняў дзяржаўнасці, мова становіцца адным з галоўных фактараў нацыянальнай самаідэнты-фікацыі і ўстойлівасці дзяржавы, - сказала яна. - У нас шмат што прынятае на дзяржаўным узроўні, многае напрацавана ў грамадстве, таму нам, беларусам, сёння важна кансалідаваць свае дзеянні і падштурхнуць органы ўлады да таго, каб яны перайшлі ад дэкларатыўных заяў да практычных дзеянняў па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы...


Гістарычныя вытокі ўкраінскай і беларускай мовы

Даклад на Міжнароднай канферэнцыі "Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст"

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

У гэтым годзе мы будзем святкаваць 500-годдзе першай беларускай кнігі. Але ўзнікае пытанне, на якой мове яна напісаная. На беларускай альбо старабеларускай? А, можа, на стараўкраінскай? Бо ў пачатку XVI ст. беларусы і ўкраінцы жылі разам у адной дзяржаве, большасць з іх былі праваслаўнымі, маліліся на адной стараславянскай ці старабалгарскай, ці старамакедонскай мове, на ёй жа былі напісаны летапісы і хронікі, і нават метрыка ВКЛ. Аднак у канцы XV ст. на ўсходзе ў іх з'явіліся канкурэнты, якія сталі прэтэндаваць на іх культурную і моўную спадчыну, у першую чаргу сыходзячы з агульнай праваслаўнай рэлігіі і агульнай мовы набажэнства.

У 1494 г. усходнія суседзі змянілі назву сваёй дзяржавы на Расію і сталі прэтэндаваць на беларускія і ўкраінскія землі, якія тады ўваходзілі ў склад ВКЛ. Пачаліся шматлікія войны, якія ішлі з пераменным поспехам.

Але ў канцы XVІІІ ст. з боку Расіі адбылася анексія ўсіх беларускіх і большасці ўкраінскіх земляў і захопнікі пазбавілі беларусаў і ўкраінцаў не толькі незалежнасці, але і пісьмовай мовы, якую забаранілі. Таксама была перапісана і наша агульная гісторыя. Назвы нашых народаў зніклі са старонак расійскіх падручнікаў, калі ў іх ішла гаворка пра гісторыю ВКЛ.

Разгорнем папулярны ў пачатку ХХ ст. падручнік рускай гісторыі, напісаны акадэмікам Платонавым. Цытую на мове арыгінала: "Разрозненная до тех пор Литва стала складываться в государство. Выразителем объединительных стремлений у литовцев явился известный уже нам князь Миндовг (или Миндовс). Захватив русский город Новгородок (или Новогродск) в верховьях Немана, он основал в нем свое княжество и распространил свою власть на некоторую часть Литвы, Жмуди, ятвягов и на русские волости: Полоцкую, Витебскую и отчасти Смоленскую".

Тут мы бачым, што адначасова існуюць і дзейнічаюць літоўцы, літва, жмудзь, яцвягі і рускія, што жывуць у Навагрудку, якіх і заваяваў разам з літоўцамі (якія ўзніклі як новы этнас не раней, як у XVІ ст. - А.Т.) Міндоўг. Вядома, ніякіх беларусаў няма і быць не можа.

Далей гаворка ідзе пра Гедыміна: "При дворе Гедимина слышался русский язык, потому что Гедимин был сам женат на русской и детям своим устраивал браки с русскими же. Сам себя он считал не только литовским, но и русским князем..." "Он подчинил себе все русские княжества от Полоцка до Киева и подготовил присоединение Волыни".

Тут ужо ёсць згадка пра "рускую" мову пры двары Гедыміна. Чытаем далей: "Таковы были дела Ольгерда и Кейстута. Положив предел завоеваниям немцев, они собрали под своей властью, можно сказать, всю Южную и Западную Русь, освободив ее от владычества татар и дав ей единую сильную власть. Очень было важно, что эта власть была русскою по своей культуре и по своим приемам. До 1386 года в Литовско-русском государстве было две народности (русь и литва) и две религии (православие и язычество)".

Такім чынам, беларусы і ўкраінцы былі схаваныя расійскім акадэмікам пад этнонімам "русь", вядома і мова ў іх, на яго думку, была адзіная - "руская". Далей на старонцы 88 згадваецца "православно-русская народность".

Першыя згадкі пра ўкраінцаў з'явіліся толькі на стар. 200. "Южно-русские же казаки, живя на Днепре, получили название "днепровских"; а еще чаще назывались они "украинскими" казаками или "черкасами" (по имени города Черкас на правом берегу Днепра ниже Киева)". Беларусь у гэты час акадэмік называе "Літвой".

Беларусь нарэшце з'явілася на старонцы 299, калі ідзе апісанне вынікаў першага падзелу Рэчы Паспалітай: "В результате этих переговоров Пруссия оставила за собой Померанию и часть Великой Польши, Австрия присоединила к себе Галицию, а Россия взяла Белоруссию" [1].

Заходняя і цэнтральная Беларусь называлася Літвой да канца ХІХ ст. Толькі на мяжы ХІХ і ХХ стст. пад час перапісу 1897 г. у Расійскай імперыі пачалі прызнаваць існаванне беларусаў і ўкраінцаў са сваёй мовай.

Паглядзім як беларускую і ўкраінскую мову і іх носьбітаў вызначалі падчас вышэйзгаданага перапісу. Возьмем да прыкладу Віленскую губерню. Сваёй роднай мовай назвалі вялікарускую (зараз рускую - А.Т.) 78623 чалавекі, альбо 4,94%, маларускую назвала (зараз украінскую - А.Т.) 913 чалавек, альбо 0,06%, беларускую - 891903 чалавекі, альбо 56,05%, польскую - 130054 чалавекі, альбо 8,17%, літоўскую - 279720 чалавек, альбо 17,58%, жмудскую - 157 чалавек, альбо 0,01%, латышскую - 471 чалавек, альбо 0,06%, яўрэйскую - 202 374 чалавекі, альбо 12,72% [2].

Цікава, што рускія навукоўцы ў 1897 годзе ўкраінскую мову яшчэ называлі маларускай, а акрамя сучаснай літоўскай мовы выдзялялі і жмудскую як асобную мову, а не як дыялект.

Канчаткова беларуская і ўкраінская мовы былі прызнаныя ў Расійскай імперыі як самастойныя пасля рэвалюцыі 1905 года і некаторых зменаў у расійскім заканадаўстве, якое дазволіла друкаваць газеты, часопісы і кнігі на вышэйзгаданых мовах.

Пасля ліквідацыі Расійскай імперыі ў 1917 г. у Беларусі і Ўкраіне робяцца спробы абвясціць беларускую і ўкраінскую мовы ў якасці дзяржаўных.

Пасля стварэння БССР і УССР, а потым на іх аснове і СССР, у 1922 г. бальшавікі пачынаюць палітыку "карэнізацыі" і таксама пашырэнне нацыянальных моваў у савецкіх рэспубліках. Так, Канстытуцыя 1927 г. у БССР абвясціла дзяржаўнымі мовамі беларускую, рускую, польскую і яўрэйскую (ідзіш), прычым перавага пачала надавацца мове тытульнай нацыі - беларускай. Аднак ужо праз некалькі год сітуацыя рэзка змянілася. Узмацніліся сталінскія рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, у Беларусі і Ўкраіне правялі рэформы правапісу з мэтай наблізіць беларускую і ўкраінскую мовы да рускай, а вышэйшую адукацыю да пачатку Другой сусветнай вайны ўжо зноў перавялі на рускую мову навучання.

Пасля 17 верасня 1939 г., калі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі далучаны да БССР і УССР, польскія школы былі пераведзены на нацыянальныя мовы гэтых рэспублік, але ў справаводстве, судах, войску, газетным друку адразу запанавала руская мова.

Пасля вайны сітуацыя з нацыянальнымі мовамі ў школьнай адукацыі значна пагоршылася. Па-першае, загінулі альбо былі рэпрэсаваныя мясцовыя школьныя настаўнікі. Па-другое, на іх месца прысылаліся рускамоўныя савецкія настаўнікі з тэрыторый, якія не трапілі пад нямецкую акупацыю.

У гарадах масава адкрываліся рускамоўныя школы, а школы на ўкраінскай ці беларускай мовах зачыняліся. Пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 г. Лаўрэнцій Берыя паспрабаваў крыху аслабіць жалезныя абдымкі русіфікацыі, але неўзабаве быў рэпрэсаваны і забіты.

Новы кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў разгарнуў новую хвалю русіфікацыі, прычым у якасці палігона была абраная менавіта Беларусь, дзе нацыянальнай патрыятычнай інтэлігенцыі амаль не засталося.

Ён у час прыезду ў БССР зняў з пасады першага Сакратара ЦК КПБ Мазурава, за тое, што той у яго прысутнасці выступіў з дакладам па-беларуску. І потым Хрушчоў заявіў, што беларусы першымі пабудуюць камунізм, бо першымі цалкам пяройдуць на рускую мову.

Нешта падобнае было і ва Ўкраіне, асабліва ў Кіеве і на ўсходзе рэспублікі. У БССР у 1959 г. быў прыняты новы закон пра адукацыю, які дазваляў бацькам вызваляць сваіх дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школах.

Ужо ў 60-х гадах ХХ ст. у Менску, абласных і раённых гарадах усе школы сталі рускамоўнымі. Беларускамоўная адукацыя засталася толькі ў вёсках. Не нашмат лепш было і на большай частцы Украіны, за выключэннем некаторых заходніх абласцей.

Апошні пік русіфікацыі ў СССР зафіксаваны пры кіраўніцтве Андропава, калі з яго згоды настаўнікам рускай мовы і літаратуры зрабілі большыя заробкі, чым настаўнікам нацыянальных моваў.

Аднак неўзабаве пачалася перабудова, і моўнае пытанне адразу ўзнікла ва ўсіх рэспубліках СССР, асабліва прыбалтыйскіх.

Беларусь не была, на жаль, у авангардзе, тым не менш у студзені 1990 г. беларуская мова ў БССР зноў стала дзяржаўнай, і быў прыняты закон аб мовах у БССР, які прадугледжваў дзесяцігадовы перыяд на адраджэнне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі.

У снежні 1991 г. Украіна, Беларусь і Расія анулявалі акт 1922 г. аб стварэнні СССР і сталі незалежнымі краінамі.

Прайшло 25 гадоў, вырасла новае пакаленне, якое адносіцца да СССР, як да гістарычнай з'явы далёкага мінулага. Адносіны да роднай мовы ў Беларусі і Ўкраіне розныя.

Паводле Канстытуцыі 1994 г. у Беларусі была адна дзяржаўная мова - беларуская, але ўжо праз год у 1995-м праз рэферэндум было абвешчана беларуска-рускае двухмоўе, што на практыцы ператварылася ў татальную русіфікацыю, прычым не толькі ў гарадах, але і ў вёсках.

Украіна ж, нягледзячы на шалёны супраціў на ўсходзе краіны, захавала адну дзяржаўную мову, якая паступова стала актыўна ўжывацца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. У Беларусі ў апошнія дзесяць гадоў грамадская супольнасць зрабіла вялікія намаганні па захаванні і пашырэнні беларускай мовы ў некаторых сферах грамадскага жыцця, асабліва ў рэкламе, інтэрнэт-прасторы і сярод гарадской беларускай моладзі.

Аднак і Ўкраіна, і Беларусь сутыкнуліся ў апошняе дзесяцігоддзе з актыўнай экспансіяй так званага "русского мира", што скончылася акупацыяй Крыма і вайной на Данбасе. Былі напісаныя і надрукаваныя ў Расіі новыя падручнікі па гісторыі, у якіх зноў няма месца ўкраінцам і беларусам.

У якасці прыкладу пагартаем падручнік па гісторыі, напісаны ў 2013 г. для падрыхтоўкі бакалаўраў [3].

У раздзеле "Русь, Орда и Литва" паведамляецца, што насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага на тры чвэрці было рускім і праваслаўным. "Такім чынам, у выніку аб'яднання Літвы і Заходняй Русі фактычна склалася балта-славянская дзяржава". "Ужо ў XIV ст. княства ў сваёй назве ўтрымлівае тры асноўныя этнічныя кампаненты, якія склалі ўласна Літва, Жмудзь (Заходняя Літва) і рускія землі: Вялікае княства Літоўскае, Жэмайційскае і Рускае" (с. 104).

Такім чынам, калі верыць аўтару, у ВКЛ жылі літоўцы, жмудзіны і рускія. Ніякіх беларусаў і ўкраінцаў там ніколі не было. На наступнай 105 старонцы чытаем (цытую на мове арыгінала - А.Т.): "Большое распространение получил русский язык: он стал фактически государственным языком, и даже первые государственные документы - "Литовские статусы" - были написаны на русском языке".

Пасля анексіі Крыма цытаты, прыведзеныя з гэтага падручніка, сталі афіцыйнай пазіцыяй большасці расійскіх палітыкаў.

Каб супрацьстаяць гэтай культурнай агрэсіі, беларускія і ўкраінскія гісторыкі і мовазнаўцы могуць аб'яднаць свае намаганні ў напісанні сумеснай гісторыі Кіеўскай Русі, Полацкага княтва і ВКЛ, дзе трэба паказаць ролю сучасных беларусаў і ўкраінцаў у стварэнні гэтых сярэднявечных дзяржаў і іх геапалітычную вартасць для ўзнікнення і пашырэння еўрапейскай цывілізацыі.

СПІС ЛІТАРАТУРЫ:

1. Акад. С. Ф. Платонов. Учебник русской истории. Санкт-Петербург "Наука", 1994. - С. 82-84.

2. Ширяев Е. Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. - Мн.: Навука і тэхніка, 1991. - С. 76.

3. Фортунатов В. В. История: Учебное пособие. Стандарт третьего поколения. Доя бакалавров. - СПб.: Питер, 2013. - 464 с.: ил.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

"Ночка" - гарадскі бытавы танец, які ў мінулым стагоддзі бытаваў і на вёсцы.

Нужнік, прыбіральня (уборная, туалет) - памяшканне для адпраўлення натуральных патрэб, мыцця і падобнага.

Нябога (племенница) - дачка брата або сястры, пляменніца.

Нявестка (невестка) - жонка сына ў адносінах да яго бацькоў.

Нябож, пляменнік (племенник) - сын брата або сястры.

Нясвіжскія паясы - вырабы ручнога шаўковага ткацтва ў 18 ст.

Нячысцікі (нечисть) - па павер'і, уся нячыстая сіла - чэрці, злыдні, чараўнікі і г. д.

О

Озніца - сушня для соладу.

"Ойра" - гарадскі бытавы танец.

Ойча (отец) - старадаўні зварот да бацькі ў клічнай форме.

Ордэн (орден) - 1) знак узнагароды розных ступеняў; 2) манаскае або рыцарскае таварыства каталікай царквы з пэўным статутам.

Оспы - вострыя дубовыя і металічныя ўтыры , што забівалі каля бортнага дрэва, каб перашкодзіць мядзведзю дабрацца да пчол.

П

Паазер'е - этнаграфічны рэгіён Беларусі, размешчаны пераважна ў межах Віцебскай вобласці. (На пачатку 1980-х гадоў этнограф В.С. Цітоў на аснове матэрыяльнай культуры беларускага народа падзяліў Беларусь на 6 этнаграфічных рэгіёнаў: Цэнтральная Беларусь, Заходняе Палессе, Усходняе Палессе, Паазер'е, Падняпроўе і Панямонне.)

Павара, палонік (поварёшка) - драўляная вялікая лыжка для налівання вадкай стравы з гаршка ў міску (вёска Ралічы Іжанскага с/с Вілейскага раёна).

Павет (уезд) - адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, якая існавала ў Беларусі да 1930 г., падзялялася на воласці і ўваходзіла ў склад губерні.

Павець, падпаветка, паветка (поветь, навес) - прыбудова для гаспадарчых прылад і дроў.

Павілле - тэрыторыя басейна ракі Вілія (Вялля). Пераходная этнаграфічная зона з рысамі культуры Панямоння і Паазер'я. Тэрмін навязаны журналістамі рэдакцыі "Рэгіянальнай газеты" (г. Маладзечна).

Пагонны двор (погонный двор) - двор, у якім усе будынкі стаяць у адным або ў двух радах. Былі аднарадныя і двухрадныя пагонныя двары.

Пагост (погост) - 1) невялікая вёска з праваслаўнай царквой і могілкамі. Назва вядомая ў даўнія часы на Палессі; 2) у часы сярэднявечча паселішча, дзе збіралі даніну для князя; 3) могілкі.

Падаконнік (подоконник) - дошка або каменная пліта, устаўленая ці ўмараваная гарызантальна ў аконны праём знізу.

Падаплёка (подкладка) - падкладка, якая прышываецца ў мужчынскай кашулі для ўцяплення і даходзіць да паловы грудзей і спіны.

Падарожная (подорожная) - дакумент, які выдаваўся ўладай падарожніку на дазвол ездзіць па паштовых дарогах.

Падваліна (подруба) - 1) ніжні вянок зруба; 2) брус, на які насцілалі дошкі для падлогі.

Падводная павіннасць (подводная обязанность) - абавязак даваць коней і фурманоў.

Падворышча, панадворак (двор) - двор каля хаты, частка сядзібы.

Падвячорак (полдник) - дадатковы палудзень пад вечар.

Паддзёўка, каптанік (куртка) - верхняя вопратка мужчынаў на ўсходзе Беларусі. Даўжыня яе быда да каленяў або і ніжэй (Малчанава, с. 157).

Падзежнік (скатерть для квашни) - абрус або кавалак палатна, якім накрываюць дзяжу.

Падзор (подзор) - вышытая палоска на чым-небудзь, напрыклад да посцілкі.

Падклет - ніжні паверх свірана (клеці).

Падняпроўе - энаграфічны рэгіён, размешчаны каля Дняпра, аснову якога складае Магілёўская вобласць.

Падол (подол) - 1) ніз кашулі; 2) месца на рэчцы, дзе мыюць бялізну.

Падруба (нижний венец сруба) - ніжні вянок зруба, звычайна дубовы.

Падпаветка, вазоўня (навес) - паветка, павець (в. Касічы Вілейскага раёна).

Падпечак (подпечек) - невялікая прастора пад зрубам печы, дзе зімой трымалі курэй.

Падпінка, падпруга (чересседельник) - скураны пояс, які прапускаецца праз кальцо падсядзёлка, а яго канцы прывязваюцца да аглобляў.

Падсені, падчэні (галерейки) - адкрытая галярэя ў драўляным будынку.

Падсочка (подсочка) - 1) падрэзка кары хваёвых дрэў для здабывання жывіцы; 2) падрэзка кары бярозы або клёну для здабывання харчовага соку і вырабу напояў - бярозавіку або кляновіку.

Падстрэшак, падстрэшша (подстреха) - прамежак ад ніжняга краю страхі да сцяны.

Падстрэшнікі - дошкі прыбітыя да франтона пад страхой.

Падсядзёлак (седёлка) - частка вупражы. Уяўляе сабой шырокі скураны пас на лямцавай падкладцы, які замацоўваюць на спіне каня.

Падушка, баба , крэсла, узгалоўе (подушка, кресла) - асноўная часка задняга і пярэдняга перадкоў калёсаў.

Падушка (подушка) - набітая пер'ем навалачка, якую кладуць пад галаву.

Падушны падатак (налог на мужчин) - падатак з мужчын (апрача дваран, духавенства).

Падчарка, падчарыца (падчерица) - няродная дачка для бацькоў.

Падымнае (налог на каждую избу) - падатак з кожнай хаты (з "дыма").

Падыспант (подеспань) - парны бальны танец памерам 3/4 такту ўмерана хуткага тэмпу, які з'явіўся ў Расіі на пачатку ХХ ст.

Паз (паз) - выемка ў дошцы або бруску, у якую ўстаўляецца шып іншай дэталі.

Пазуха (пазуха) - глыбокі разрэз у кашулі спераду.

Пакот, гара (чердак) - гарышча ў в. Глінка Столінскага раёна.

Пакроў, Пакровы (Покров) - асенняе свята ў гонар Божай Маці, якое ў праваслаўных адзначаецца 14 (1) кастрычніка.

Пакулле, радно, атрэп'е (пакля) - кудзеля самага горшага гатунку.

Паланкі, апалушкі (корытце) - маленькія начовачкі, з дапамогай якіх ачышчаюць тоўчаныя крупы ад пасеяў. Пасеі - адходы ад тоўчаных у ступе круп.

Паланне - ачышчэнне круп ад пасеяў.

Палатка, памост - рама на дрэве, якая ахоўвае калоду з мёдам ад мядзведзяў (Севергін, с. 140).

Палаткі, палаці (нары) - насціл з дошак пад столлю (ад печы да першай бэлькі), на якім спалі.

Палатнянік (юбка из полотна) - кужэльна-баваўняная спадніца з перабраным узорам унізе.

Палетак - частка поля. Звычайна зямля ўсёй вёскі дзялілася на 3 палі: азімае, яравое і папар.

Паліва (глазурь) - пакрыццё ганчарных вырабаў.

Палісаднік, кветнік, агародчык (цветник, палисадник) - адгароджаная частка падворку каля пярэдняй сцяны хат, засеяная кветкамі або засаджаная квітнеючымі дрэвамі і кустамі.

Паліца (полочка) - 1) гарызантальна прымацаваная да сцяны ці прыбітая пад бэлькамі дошка для посуду і іншага хатняга начыння; 2) застрэшак у шатровых дахах вежаў цэрквы, каб не замакалі сцены.

Паловы хлеб - гэта хлеб, спечаны з непрасеянай жытняй мукі, якая змолатая з неправеянага жыта. Шырока ўжываўся ў побыце сялян Дрысенскага павета Віцебскай губерні.

Пальчатка - рукавіца (вязаныя або пашытыя са скуры) з аддзяленнямі для кожнага палдьца.

Паля, штандар (свая) - калодка, якая ставілася пад ніжні вянок зруба. На Паазер'і, Панямонні замест паляў клалі валуны.

Палявік - дух палёў і лугоў у міфалогіі ўсходніх славян.

Паляндвіца - мяса вышэйшага гатунку з свіной тушы (каля хрыбта).

Памінкі (поминки) - ушанаванне памяці памерлых за жалобным сталом.

Памостніца, памост, тын (пол) - падлога з дошак (в. Майсееўка Пратасаўскага с/с Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці).

Пан (господин) - уладальнік маёнтка, тое, што памешчык.

Пані (барыня, помещица) - гаспадыня маёнтка.

Паненскі вечар (девичник) - зборная субота ў Гродзенскай вобласці.

Панёва (юбка из кусков полотна) - жаночая спадніца з полак, якую насілі ў Падняпроўі.

Панцак, гушча, груца (ячменная крупа) - 1) каша з круглых ячных круп; 2) суп з такіх круп.

Панчохі (чулкі) - вязаны выраб для надзявання на ногі да кален.

Панчошніца - майстрыха па вырабу панчох.

Панямонне - этнаграфічны рэгіён, размешчаны ў басейне ракі Нёман і займае тэрыторыю Гарадзенскай вобласці.

Папар (пар) - ворыўная зямля, якая адпачывае адно лета.

Паплаў, вароты (рыболовная сетка) - сеткавы мяшок для лоўлі рыбы.

Паплёт (решетник) - латы на страху.

Парабак (батрак) - наёмны сельскагаспадарчы работнік у маёнтку або ў гаспадарцы кулака.

Парабчанка (батрачка) - жанчына, часцей за ўсё дзеўка, якая наймалася на сезонную работу ў маёнтак або ў гаспадарку кулака.

Парафія (католический приход) - гэта дыяцэзія на чале з пробашчам, інакш каталіцкі або ўніяцкі прыход.

Парафіянін (прихожанин) - мужчына-вернік з нейкай парафіі.

Парафіянка (прихожанка) - верніца нейкай парафіі.

Парка - 5-8 жменек саломы, звязаных у снапок для крыцця страхі.

Паркан, замёт (забор) - плот з бярвенняў, закінутых у шулы.

Паром (паром) - плывучы мост для перавозкі пасажыраў і падводы праз раку ад берага да берага.

Парубень (рубель) - тоўстая доўгая жэрдка для прыціскання на возе сена, саломы або снапоў. На тоўстым канцы мела засечанае паглыбленне для пятлі вяроўкі, а на тонкім канцы сук.

Парцэляцыя - распродаж зямель маёнтка невялікімі ўчасткамі. Пакупка такіх зямель праводзілася ў Заходняй Беларусі ў 1930-я гады пры польскай акупацыі

Пас - 1) плыт, які вязаўся з некалькі звёнаў або з некалькі гонак; 2) тое ж самае, што пояс для падпярэзвання.

Паса (кваска) - высокая бочка для захавання збожжа (вышынёй у рост чалавека) у в. Куляўцы Навадворскага с/с Шчучынскага раёна.

Пасаг (приданое) - маёмасць і грошы, якія давалі маладой яе бацькі, калі яна выходзіла замуж.

Пасад - 1) вясельны абрад, калі маладога або маладую садзяць на дзяжу, пакрытую кажухом; 2) паселішча ганлёва-рамесніцкага люду па-за межамі гарадскіх сцен у Сярэднявеччы.

Пасаўнік - плытагон на пасе.

Пасталы, поршні, хадакі - скураны абутак накшталт лапцей.

Пастар - святар у пратэстанцкай царкве.

Пастаў - мера палатна.

Пастаў - верхні і ніжні камяні жорнаў. (Адгэтуль і паходзіць назва паселішча Паставы, бо там было шмат млыноў.)

Пастаўнік - загарадзь для жывёлы пад адкрытым небам.

Пастронкі - тоўстыя вяроўкі, якімі злучаюць плуг з хамутом.

Пасынак (пасынок) - няродны сын маці або бацьку.

Пасэсар (посессор) - арандатар маёнтка або зямлі (часовае ўтрыманне за пэўную плату).

Пасэсія - зямля, якая арандуецца пасэсарам.

Паташ (поташ) - шчолачная соль (вуглекіслы калій), атрыманая з попелу спаленай ліпавай драўніны.

Паташняуда) - прадпрыемства па вытворчасці паташу.

Патычкі - кароткія палачкі, на якіх вучылі дзяцей лічыць (да 10 і 20).

Патэльня (сковорода) - жалезная або чыгунная скаварада.

Патэфон (патефон) - музычны апарат для прайгравання пласцінак з гукавым запісам на іх.

Паўасьміна (четверик) - пасудзіна роўная 4 гарнцам.

Пашня (хранилище зерновых) - збожжавыя культуры ў гумне альбо клеці (в. Агароднікі Слуцкага раёна).

Паштальён, паштар (почтовик) - мужчына, які дастаўляў пошту. Быў апрануты ў чырвоны каптан з зялёным абшлагам, меў медны рог на шнурку праз плячо, на скураной дзязе - медны герб "Пагоня".

Паштамт (почтамт) - буйны вузел сувязі ў гарадах.

Паштовая дарога (почтовая дорога) - дарога, на якой праз 3-7 міляў (20-50 км) пабудаваны паштовыя станцыі.

Паштовая станцыя (почтовая станция, яма) - месца, дзе мянялі коней пры перавозцы пошты і пасажыраў.

Пацеркі (бусы, бисер) - від упрыгожвання шыі жанчын.

Пацеры (молитвы) - малітвы.

Пацыят (фронтон) - франтон у вёсках Лапацін, Ласіцк Пінскага раёна.

Пацяг - групавая народная гульня.

Пачынак - 1) мера нітак на верацяне; 2) вялікае верацяно, на якое звіваюць пражу з іншых верацён; 3) рамонт чаго-небудзь.

Пекла (ад) - 1) паводле рэлігійных уяўленняў, месца , дзе церпяць вечныя пакуты душы памерлых грэшнікаў; 2) месца, дзе адбываюцца жахлівыя падзеі.

Перабіранка (браное покрывало) - посцілка, вытканая на "матузах", "на дошчачках" з перабіранамымі ўзорамі.

Перазоўкі, перазоў, ціхія госці (гости) - апошняе частаванне гасцей у канцы вяселля.

Пералаз (перелаз) - выраз у плоце з прыступкамі, каб пералезці цераз яго.

Пералог - часова закінутая зямля.

Перамёт - шнур з прывязанымі да яго кручкамі, на якія насаджвалася прынада для лоўлі рыбы.

Пераносіны (переезд свадьбы к жениху) - пераезд вясельнага поезда ад маладой да маладога.

Перапой (перепой) - 1) звычай пераймання вясельнага паезда і атрымання выкупу за ўезд у вёску, вуліцу і г.д., 2) звычай на вясельным застоллі, які звязаны з перапіваннем маладых і іх радні.

Пернік (пряник) - салодкае печыва з духмянымі прыправамі.

Печ (печь) - цаглянае збудаванне для абагрэву памяшкання і гатавання ежы.

Печка, грубка, стаяк (грубка) - невялікая чатырохгранная альбо круглая печ для абагравання ў хаце-святліца. Магла мець да сямі люфтоў (кален дымахода).

Пілігрым (поломник) - вандроўны багамолец, паломнік.

Піліпаўка (рождественский пост) - шасцітыднёвы (40 дзён) пост, які пачынаўся з 15 лістапада (па н. ст.) і доўжыўся да Калядаў.

Пілон (пилон) - масіўныя слупы, якія служаць апорай перакрыццяў або якія стаяць па баках уваходаў і ўездаў у сядзібу.

Пільніца - касьба і жніво (Докшыцкі раён).

Пласконь (плосконь) - каноплі з тычынкавымі кветкамі.

Плешчаніка - даўняя страва на Тураўшчыне. Бралі падпечаную на скаварадзе грэцкую муку і размешвалі з вадой. Атрыманае цеста дзялілі на дробныя аладачкі (ляпёшкі), пасыпалі зверху стоўчаным макам, складвалі ў міску і ставілі ў печ. (Малчанава, с. 192.)

(Працяг у наст. нумары.)


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абакановіч Віталь Феліксавіч Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васільевіч Алейнікава Антаніна Андр. Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Ганна Анацка Яўген Анташкевіч Канстанцін Андр. Асаёнак Алена Міхайлаўна Асмыковіч Міхась Мікалаевіч Аўраменка Васіль Аляксеевіч Афанассева Раіса Іванаўна Базык Вольга Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барцэвіч Іван Васільевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валянц. Бельская Ірына Казіміраўна Бельскі Аляксей Паўлавіч Бігель Дзмітры Анатольевіч Бондараў Сяргей Яўгенавіч Бруевіч Вольга Аляксандр. Бузо Марат Антонавіч Булавінская Марыя Бурачонак Аляксандр Вячасл. Бушкова Таццяна Яўгенаўна Бычэнка Алена Аляксандраўна Бязмацерных Дар'я Аляксанд. Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч Валабуеў Аляксей Вітальевіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Таццяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадзеўна Васілевіч Наталля Мікалаеўна Васілеўскі Пётр Пятровіч Васільева Анастасія Вячаслав. Вернікоўская Аксана Фёдар. Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Галушка Вера Віктараўна Гараніна Ганна Гаўрылькова Таццяна Ўладз. Гашко Ірына Аляксееўна Герасімюк Ілья Мікалаевіч Глушко Аляксей Віктаравіч Грыбоўскі Васіль Аляксандр. Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Ўладзіміраўна Гуркова Алена Валер'еўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзячэнка Алег Віктаравіч Драбышэўская Марына Вікт. Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожжына Ала Леанідаўна Дубінін Андрэй Барысавіч Дубовік Вячаслаў Юр'евіч Дубоўскі Валер Леанідавіч Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Жарнасек Міхась Васільевіч Ждановіч Таццяна Міхайлаўна Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Завадская Алена Аляксандр. Запалянская Вольга Васіл. Золаў Юры Георгіевіч Зуёнак Васіль Васільевіч Зяльвовіч Павел Іванавіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ігнатовіч Яўген Барысавіч Ільіна Анастасія Аляксандр. Ішуціна Таццяна Вікенцеўна Кавалёва Кацярына Кавалеўская Наталля Леанід. Кавалеўская Стэфанія Сярг. Калета Радаслаў Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Карповіч Аліна Аляксандр. Каўко Зміцер Кашуба Мікалай Ануфрыевіч Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандр. Колас Мікалай Мікалаевіч Комар Юры Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Дзмітры Аляксандр. Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзіміравіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандраўна Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Ўладзіміраўна Курдо Павел Аляксандравіч Курловіч Ганна Аляксандр. Курчэўскі Іван Люцыянавіч Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Ліціна Фларыда Вакілаўна Лойка Святаслаў Робертавіч Лыскавец Ігар Лясько Аляксандр Аляксанд. Майсяёнак Андрэй Георгіевіч Макарэвіч Іна Макарэвіч Марына Ўладзім. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'евіч Малочка Аляксандр Віктар. Маневіч Аляксей Манкевіч Таццяна Пятроўна Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцевіч Марозава Людміла Ўладзімір. Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Міхайлоўская Данута Канст. Міхальчук Вераніка Пятроўна Міхноўская Наталля Вячасл. Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Мысліцкая Галіна Якаўлеўна Насановіч Ларыса Ўладзімір. Нікантаў Мікалай Яўгенавіч Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Палухін Уладзімір Мікалаевіч Пальчэўскі Віталь Юр'евіч Палянскі Алег Алегавіч Панкевіч Юлія Аляксандраўна Парчынскі Яўген Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Паўловіч Валянціна Іванаўна Паўловіч Карына Георгіеўна Петракова Антаніна Алегаўна Пінчук Аляксандра Анатол. Праневіч Кацярына Генадзеўна Пукель Алена Адамаўна Пятровіч Ігар Канстанцінавіч Рабчэня Таццяна Васільеўна Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Ўладзімір. Раеўскі Аляксандр Развянкоў Яўген Аляксандр. Разжалавец Іван Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Ўладзіміраўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Ўладзіл. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Настасся Юр'еўна Русін Алег Дзмітрыевіч Русць Максім Часлававіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Саевіч Павел Вячаслававіч Сазонаў Уладзіслаў Алякс. Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салаш Сяргей Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Самусевіч Уладзімір Алякс. Саўка Юстына Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сівіцкая Наталля Віктараўна Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сільнова Ніна Сіманаў Канстанцін Яўгенавіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Сітнікава Ядвіга Леанардаўна Славута Ніна Солтан Наталля Антонаўна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Студзінская Інэса Анатольеўна Сухарэбскі Вячаслаў Іванавіч Сцяпура Дзяніс Уладзіміравіч Сямашка Ала Ўладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатол. Сяргеева Ірына Аляксандр. Таўгень Людвіка Трухан Людміла Траццяк Дзмітры Вітальевіч Туровіч Ірына Ўладзіміраўна Уласевіч Таццяна Леанідаўна Урбан Аляксандр Фадзееў Яўген Мікалаевіч Фаміна Ірына Міхайлаўна Фарманян Рыгор Міхайлавіч Філічонак Ларыса Антонаўна Фурс Юры Антонавіч Хаванскі Павел Міхайлавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Харужая Вера Харэвіч Васіль Віктаравіч Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна Ціханаў Аляксандр Валер'евіч Ціхановіч Вольга Віктараўна Цішчанка Віялета Цюленеў Аляксандр Аляксан. Чабатарэўскі Барыс Дзмітр. Чавусаў Юры Віктаравіч Чагаева Ірына Вільданаўна Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Чарнуха Сяргей Анатольевіч Шабетнік Алег Васільевіч Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шарыпкін Рыгор Леанідавіч Шаўкун Васіль Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктар. Шубіна Дар'я Алегаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Шыпіла Ўладзімір Аляксандр. Юркевіч Сяргей Іванавіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў Юры Генадзевіч Янукевіч Аляксей Антонавіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна


"Вікі-летнік 2017"

Моладзевае грамадскае аб'яднанне "Фаланстэр" сумесна з беларускай вікі-супольнасцю з 11 па 17 ліпеня 2017 года ў г. Капылі Менскай вобласці ладзяць летнюю школу "Вікі-летнік 2017".

Галоўная мэта "Вікі-летніка 2017" - паскарэнне і ўдасканаленне абмену арганізацыйнымі, сацыяльнымі і тэхнічнымі ведамі ў Вікіпедыі паміж актыўнымі пачаткоўцамі і карыстальнікамі з досведам.

Падчас летняй школы ўдзельнікі даведаюцца пра тое, як напісаць добры артыкул, як правесці вікі-майстар-клас, якое месца займае "адкрытая культура" у спісе прыярытэтаў вікі-сучаснасці, як стварыць шаблон ці бота і шмат іншых карысных і цікавых рэчаў.

Да ўдзелу запрашаюцца маладыя людзі, якія жадаюць пісаць, рэдагаваць, ці канструяваць Вікіпедыю. У летняй школе могуць прыняць удзел як вопытныя вікіфікатары, так і навічкі, якія толькі робяць першыя крокі ў свеце Вікіпедыі.

Для таго, каб прыняць удзел у "Вікі-летніку 2017", неабходна стаць карыстальнікам Вікіпедыі і паспрабаваць сябе ў вікі-актыўнасцях:

- напісаць артыкулы з нуля ці дапаўняць ўжо існыя;

- выпраўляць арфаграфічныя памылкі за іншымі;

- рабіць фота і дадаваць іх на Wiki Commons і ў артыкулы;

- перакладаць артыкулы.

Запаўняйце анкету і з найбольш актыўнымi ўдзельнiкамi абавязкова звяжуцца. Пры падборы кандыдатаў будуць улічваца геаграфічнае прадстаўніцтва і гендэрны баланс. Заяўкі прымаюцца да 5 чэрвеня. Старонка "Вікі-летніка 2017" у Вікіпедыі.

Далучайцеся да вікі-руху!


Стагоддзе БХД адсвяткавалі ў Менску

100-годдзе БХД грамадскасць адзначыла 24-25 траўня паседжаннем, імшой і экскурсіяй па мясцінах, звязаных з дзейнасцю хрысціянскіх дэмакратаў.

Аповед пра айцоў-заснавальнікаў БХД Павел Севярынец распачаў каля менскага архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут 24 траўня 1917 года сабраліся трыццаць каталіцкіх святароў. 25 траўня было прынята рашэнне аб стварэнні хрысціянскай партыі.

- У першай палове 1917 года адбылося абуджэнне палітычнага і касцельнага жыцця, - распавёў Павел Севярынец. Тады Віленскі каталіцкі біскуп Эдвард фон Роп, які быў заснавальнікам Канстытуцына-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, чалавек, які вельмі прыхільна ставіўся да беларускага Адраджэння і хрысціянскай дэмакратыі, прыняў рашэнне заснаваць Менскую дыяцэзію і накіраваць туды маладога біскупа Зыгмунта Лазінскага. Пад яго кіраўніцтвам беларуская хрысціянская дэмакратыя рабіла першыя крокі. Кніжка са статутам і праграмай БХДЗ выходзіла з касцельнай пячаткай і подпісам тагачаснага біскупа Лазінскага. На з'езд у прыфрантавы Менск прыехалі святары з Заходняй Беларусі і з Пецярбурга. Самым здольным арганізатарам з беларускіх ксяндзоў быў Фабіян Абрантовіч.

У тыя часы ў Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі найбольш адораныя хлопцы з Беларусі навучаліся на святароў. Гурток заснаваў ў 1912 годзе Люцыян Хведька. На з'езд у Менск прыехалі Язэп Барадзюля і Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Антоні Неманцэвіч і іншыя. З'езд прыняў рашэнне пра патрабаванне шырокай аўтаноміі Беларусі ў Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы, пра навучанне ў школах па-беларуску, увядзенне казанняў і набажэнстваў на роднай мове, пра заснаванне газеты " Крыніца".

- Цікавы гістарычны факту: у чэрвені 1917 года у Маскве прайшла падобная нарада беларускага праваслаўнага духавенства. У гэтай нарадзе ўдзельнічалі больш за 700 святароў. У пастановах нарады значылася, што Беларусі патрэбна аўтаномія, беларуская школа, багаслужэнне на беларускай мове. У тыя часы гэта была магутная сіла. Абсалютная большасць святароў потым была знішчана: накіраваная ў лагеры ці выкінутая ў эміграцыю, пакінутая без сродкаў існавання. Але ж 30 каталіцкіх святароў здолелі разгарнуць сваю дзейнасць у Заходняй Беларусі! Тагачасная БХД была паспяховай партыяй. У 30-я гады гэта была адзіная партыя, якая не губляла людзей, пашырала шэрагі. Ад БХД ў 1917-1939 гг. былі паслы ў сойме Рэчы Паспалітай, былі сенатары, былі прадстаўнікі ў мясцовым самакіраванні, - адзначыў П. Севярынец.

Госці наведалі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і ўявілі сябе, як 100 гадоў таму на лавах архікатэдры сядзелі святары і выступалі з дакладамі.

- Кс. Адам Станкевіч выступіў з асноўным дакладам і потым стаў лідарам беларускага руху ў Заходняй Беларусі. Яго гісторыя як лідара пачалася менавіта тут 24-25 траўня, - паведаміў прысутным сустаршыня Аркамітэта БХД.

Далей удзельнікі экскурсіі, сярод якіх былі сябры БХД і ТБМ, спыніліся ля будынка па адрасе: вул. Камсамольская, 30. Тут знаходзілася капліца Таварыства дабрачыннасці, у якой збіраліся на малітву сябры БХД. Затым група прыпынілася каля будынка па вул. Валадарскага 9, з балкона якога была абвешчана БНР. Ля будынка Чырвонага касцёла ўдзельнікі экскурсіі праслухалі аповед пра дзейнасць Станіслава Глякоўскага і Вінцэнта Гадлеўскага, драматычныя варункі іх жыцця і гібелі ў часы 2 Сусветнай вайны ад рук фашыстаў.

Падчас экскурсіі сябры грамадскіх арганізацый даведаліся пра жыццё і дзейнасць Зыгмунда Лазінскага, Адама Лісоўскага, Фабіяна Абрантовіча, Яна Пазняка і іншых дзеячаў беларускага каталіцкага Адраджэння. Прачытаць пра іх можна ў калектыўным зборніку "Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі", выдадзеным сёлета да 100-годдзя БХД.

Эла Дзвінская. На фота аўтара: Павел Севярынец праводзіць экскурсію.


Зміцер Вайцюшкевіч выступіў пад Лідай

27 траўня На аграсядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі пад Лідай адбылася творчая сустрэча са слвутым беларускім артыстам, музыкам і спеваком Зміцерам Вайцюшкевічам.

На суд мясцовых аматараў і яго творчасці і беларушчыны наогул Зміцер прадставіў праграму "Я нарадзіўся тут" і вось жа не пакрывіў ад праўды, бо сапраўды нарадзіўся ў Бярозаўцы, ад тых Пескаў кіламетраў за дзесяць.

Як падалося, нечаканасцю для Зміцера было тое, што гледачы аказаліся слабавата знаёмыя з яго творчасцю. А як ім быць знаёмымі, калі тут былі ў большасці ўсе мясцовыя, а Зміцер па пэўных прычынах выступаў на Лідчыне, калі не зусім упершыню, то бывае тут вельмі рэдка. І не яго ў тым віна. Ён выступаў бы і ў Лідзе, і ў Бярозаўцы...

Тым не менш вечарына ўдалася, і гэта дае спадзеў на тое, што аматары беларускай музыкі неўзабаве збяруцца ў гасціннай "Гасьціне" зноў. Прынамсі, канцэрт патрыятычнай песні пад 8 верасня ўжо спланаваны, і цвёрда можна сказаць, што на гэтым кавалачку зямлі пад Лідай сёння жыве Беларусь і будзе жыць, пра што паклапоціцца гаспадар "Гасьціны" Віталь Карабач.

Наш кар.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Філіповіч Валер - 10 р., г. Менск

2. Зылькоў С.П. - 20 р., г. Гародня

3. Рабека Мікола - 15 р., г. Менск

4. Васілючак Міхась - 20 р., г. Гародня

5. Шчэрбіч Мікола - 10 р., г. Чэрыкаў

6. Ляўшун Дзяніс - 12 р., г. Менск

7. Бярновік Зміцер 5 р., г. Салігорск

8. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

9. Булатаў А.К. - 2 р., г. Менск

10. Квятко Аляксей - 1 р., г. Менск

11. Падрэз Ігар - 3 р., г. Менск

12. Паляшчук Мікіта - 5 р., г. Менск

13. Яначкін Уладзімір - 5 р., г. Менск

14. Вячорка Андрэй - 5 р., г. Менск

15. Лапіцкая С.П. - 1 р., г. Менск

16. Мінкоў М.А. - 4 р., г. Мазыр

17. Андрэева К.І. - 2 р., г. Бабруйск

18. Новікаў Д.А. - 1 р., г. Менск

19. Аляхновіч Ю.У. - 3 р., г. Берасце

20. Лемеш Я.В. - 1 р., г. Менск

21. Літвінава Л.С. - 10 р., г. Менск

22. Булаўка В.М. - 5 р., г. Менск

23. Назарук Вольга - 2 р., г. Чэрвень

24. Анісім Алена - 100 р., г. Менск

25. Батура Міхаіл - 5 р., г. Бягомль

26. Васілічак М.А. - 20 р., г. Гародня

27. Супіталёў Андрэй - 10 р., г Менск

28. Асіпцова Алена - 10 р., г. Магілёў

29. Чыгір Яўген - 5 р., г. Гародня

30. Антановіч Тамарва - 20 р., а/г Лясце, Менскі р-н

31. Грыгор'еў Аляксандр - 5 р., г. Менск

32. Юхнель Юры - 10 р., г. Менск

33. Чэчат Алесь - 20 р., г. Менск

34. Кукавенка Іван - 20 р., г. Менск

35. Сутулаў Глеб - 5 р. г. Менск

36. Качановіч Андрэй - 10 р., г. Менск

37. Сінькевіч Вольга - 3 р., г. Наваполацк

38. Міхаіл - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк. З 4 ліпеня рахунак № BY84BLBB30150100129705001001, банкаўскі ідэнтыфікацыйны код у фармаце IBAN - BLBBBY2X.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы(V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Горад быў забудаваны двухпавярховымі драўлянымі дамамі. Людзі жылі на высокім другім паверсе, які абапіраўся на слупы. На першым паверсе былі склады, тут таксама трымалі птушак і дробную рагатую жывёлу. Дамы былі аздоблены разьбою, а вокны мелі шыбы, зробленыя са слюды. Горад меў драўляны водаправод і драўляныя маставыя. Археолагі вызначылі, што з X па XVI ст. яны налічылі 30 драўляных ярусаў, налепленых адзін на адным.

Абвяшчэнне незалежнасці Ноўгарада. Да другой чвэрці XII ст. Ноўгарадская зямля належала кіеўскаму князю, які пасылаў туды княжыць або сына, або бліжэйшага сваяка. З 1126 г. ноўгарадцы пачалі выбіраць пасадніка - прадстаўніка горада перад князем, а потым і тысяцкага - кіраўніка мясцовага апалчэння. У 1136 г. ноўгарадцы адмовіліся падпарадкоўвацца вялікаму кіеўскаму князю і абвясцілі незалежнасць. Сваю дзяржаву да канца XV ст. яны з гонарам называлі "Гаспадар Вялікі Ноўгарад". Межы дзяржавы даходзілі аж да Белага мора і астравоў у Ледавітым акіяне. З 1156 г. ноўгарадцы на вечы з ліку мясцовага духавенства выбіралі таксама свайго епіскапа. Для кіравання войскам (дружынай) яны запрашалі служылага князя, якому за службу добра плацілі, але ў любы момант маглі звольніць з гэтай пасады. З часоў Яраслава Мудрага князі жылі ў цэнтры горада, на тэрыторыі, што мела назву "Яраславава дварышча". Пасля 1136 г. князям было забаронена жыць у горадзе, а на месцы, дзе стаяў іх палац, зрабілі плошчу для гарадскога веча. Археолагі ўстанавілі, што плошча для веча мела суцэльны драўляны насціл, які рэгулярна падмятаўся і быў чыстым, бо тут збіраліся тысячы чалавек.

Гарадскім судом кіравалі служылы князь і пасаднік - выбраны кіраўнік дзяржавы. Горад дзяліўся на сотні. Кожная сотня мела сваё мясцовае веча і выбарнага кіраўніка - соцкага. У сваю чаргу, сотня дзялілася на вуліцы, якімі кіравалі вуліцкія старасты. Вялікія кварталы горада - канцы, якія складаліся з сотняў і вуліц, мелі канчанскага старасту, канчанскае веча і канчанскую ўправу.

Агульнае веча збіраў князь, тысяцкі або пасаднік. Пра гэта званілі ў вечавы звон. На веча запрашаліся прадстаўнікі з Пскова і Ладагі, гарадоў, што ўваходзілі ў дзяржаву.

Пскоў. Другім паводле велічыні і значэння горадам, які да XIV ст. уваходзіў у Наўгародскую зямлю, быў Пскоў, заснаваны крывічамі. На тэрыторыі сённяшняй Пскоўскай вобласці крывічы з'явіліся ў VІІ - VIII стст. і дайшлі аж да паўднёвых берагоў Чудскога возера. Яны ўвесь час кантактавалі з мясцовымі фіна-ўгорскімі плямёнамі і таму склалі асобную групу пскоўскіх крывічоў, якія мелі пэўны тып жаночых аздобаў. Упершыню пскоўскія крывічы згадваюцца ў "Аповесці мінулых часоў" пад 859 г. у сувязі з іх сумесным паходам на Візантыю ў складзе войска кіеўскіх князёў Алега і Ігара. Пад 862 г. у летапісе згадваецца вараг Трувар, што пасяліўся сярод пскоўскіх крывічоў на гарадзішчы, якое ў яго гонар названа Труваравым. Пазней, у 1329 г. тут будуецца мураваная цвярдыня, што дайшла да нашых дзён і ўзнікае горад Ізборск, які ў канцы XIV - пачатку XV ст. меў пасады і гарадскі могільнік.

У VIII ст. узнікае гарадское паселішча пад назвай Пскоў, на высокай скале ў сутоцы рэчак Вялікай і Пскавы. Археолагі знайшлі ў гістарычнай частцы горада шматлікія рэшткі дахрысціянскіх ахвярнікаў, што стаялі цэлымі шарэнгамі. Яны мелі авальную форму, былі складзены з чыстага рачнога пяску і абкладзены па перыметры каменнымі плітамі. Побач ляжалі шкілеты коней, прынесеных у ахвяру. Такім чынам, горад быў буйным рэлігійным цэнтрам у крывіцкіх землях.

Першы раз у летапісе Пскоў згадваецца пад 903 г. З X ст. ён у складзе Кіеўскай Русі, а з XII ст. належыць Наўгародскай дзяржаве. У 1240 г. горад захапілі крыжакі, але ў 1242 г. яго вызвалілі войскі Ноўгарадскага князя Аляксандра Неўскага.

Самай старажытнай часткай горада з'яўляецца дзядзінец, што спачатку меў драўляныя, а потым (з XIII ст.) мураваныя ўмацаванні і атрымаў назву Пскоўскі Крэмль, або Кром. У плане гэта няправільны шматграннік, абнесены мурамі з вежамі, складзенымі з вапняковых пліт шэрага колеру. У сярэдзіне XIII ст. зрабілі мураваную паўднёвую частку сцяны Крома, так званыя Першы, ці Персі. Сцяна выходзіць на раку Вялікую, адкуль пачынаюцца ўмацаванні іншых гарадскіх кварталаў.

Раскапаныя археолагамі рэшткі першых дамоў гараджан уяўлялі сабою паўзямлянкі чатырохвугольнай формы памерам 3x3,5 м, заглыбленыя ў зямлю на 30-40 см. Сцены пабудоў былі абмазаныя глінай, яны ацяпляліся вогнішчамі, абкладзенымі камянямі.

У канцы XII ст. за рэчкай Вялікай, на адлегласці 1,5 км ад дзядзінца быў пабудаваны першы мураваны Спаса-Мірожскі сабор. Храм быў зроблены ў тэхніцы мяшанай муроўкі, дзе чаргаваліся рады тонкавй цэглы - плінфы і каменных пліт. Сабор быў распісаны ўнікальнмі фрэскамі. Яшчэ адзін прыгожы сабор, Раства Багародзіцы, быў пабудаваны ў 1310 г. у Снетагорскім манастыры. Храм быў складзены з каменных плітаў і меў шыкоўны фрэскавы роспіс.

Першым ноўгарадскім загарадным манастыром быў Юр'еў, дзе ў 1119 г. збудавалі Георгіеўскі сабор, які захаваўся да нашых дзён. З сярэдзіны XII ст. складаецца самастойная ноўгарадская будаўнічая школа. Ноўгарадскія дойліды будавалі невялікія чатырохслуповыя храмы. Заказчыкамі іх былі багатыя баяры ці жыхары асобнык канцоў ці вуліц. Храмы будавалі з мясцовага вапняку, а інтэр'еры распісвалі фрэскамі. Сярод іх вызначаецца ўнікальны храм Спаса-на-Нярэдзіцы (1198-1199 гг.).

У другой палове XII ст. дзве мураваныя царквы збудаваны ў горадзе Ладазе, які належаў Ноўгараду. Унікальныя фрэскавыя роспісы царквы Спаса-на-Нярэдзіцы, некаторых іншых ноўгарадскіх храмаў, а таксама царква св. Георгія ў Ладазе сведчаць аб існаванні самастойнай ноўгарадскай мастацкай школы манументальнага жывапісу. Аднак пасля 1240 г. да канца XIII ст. мураванае будаўніцтва ў Ноўгарадзе спыняецца. У 1951 г. археолагі знайшлі пры раскопках у Ноўгарадзе першую берасцяную грамату на маставой-грэблі XIV ст. Цяпер такіх грамат знойдзена болей за тысячу, і не толькі ў Ноўгарадзе, але і ў іншых гарадах, у тым ліку і на Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што жыхары ўсходнеславянскіх гарадоў, простыя рамеснікі ці купцы, умелі добра чытаць і пісаць і, пачынаючы з XII ст., выкарыстоўвалі для пісьма бяросту.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Агнішчанін - княжацкі дружыннік, які кіраваў дваром і слугамі.

Аркатура, аркатурны пояс (фрыз) (ням. Аrkatur) - рытмічны шэраг дэкаратыўных несапраўдных арак на фасадах будынкаў або на сценах унутры памяшканняў.

Волакі - назва месца найболынага збліжэння дзвюх суседніх рэк, якія ўпадалі ў розныя водныя сістэмы, па якому караблі перацягвалі (валаклі) з адной рэчкі ў другую або перавозілі грузы.

Даніна - натуральны аброк. На землях усходніх славян вядомы з ІX ст. як асноўны падатак насельніцтва на карысць дзяржавы, а тасама як падатак з заваяваных народаў.

Зямля - дзяржаўнае ўтварэнне ўсходніх славян ў XII-XIII стст.

Какошнік - паўкруглая ці кілепадобная архітэктурная дэталь, якая размяшчаецца (даволі часта ярусамі) каля асновы шатроў і барабанаў купалаў культавых будынкаў. Ужывалася таксама ў аздабленні фасадаў грамадскіх будынкаў у канцы XIX - пачатку XX стагоддзя.

Крыжова купапьная сістэма - архітэктурная сістэма (кампазіцыя), у якой да падкупальнай прасторы ў цэнтры храма звернутыя цыліндрычныя скляпенні галін крыжа, якія ў цэлым ствараюць крыжападобную структуру.

Літургія - набажэнства, у якім выкладаецца сутнасць асноўных ідэй хрысціянскага светапогляду.

Летапіс - гістарычны твор з апісаннем падзей па гадах.

Пасаднік - вышэйшая дзяржаўная пасада ў Ноўгарадзе.

Пісала - жалезная ці касцяная прылада для пісьма на бяросце.

Смерд - адносна вольны працаўнік-земляроб.

Смердзій халоп - паднявольны чалавек, які выконваў простую работу ў гаспадарцы феадала.

Снем - рада або з'езд усходнеславянскіх князёў.

Цівун - кіраўнік гаспадаркі феадала.

Чынш - грашовая рэнта.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

882 г. - ноўгарадскі князь Алег захапіў Кіеў і стварыў Кіеўскую Русь.

968-969 гг. - кіеўскі князь Святаслаў знішчыў Хазарскі каганат.

988 г. - кіеўскі князь Уладзімір прыняў хрысціянства.

992 г. - утварэнне епархіі ў Полацку.

1005 г. - заснаванне Тураўскай епархіі.

1019-1054 гг. - княжанне Яраслава Мудрага ў Кіеве (пры ім была складзена "Русская Правда").

1037 г. - будаўніцтва Сафійскага сабора ў Кіеве.

Сярэдзіна XI ст. - будаўніцтва Полацкага і Ноўгарадскага Сафійскіх сабораў.

1044-1101 гг. - княжанне ў Полацку Ўсяслава Брачыславіча (Чарадзея).

1113-1125 гг. - княжанне ў Кіеве Ўладзіміра Манамаха.

1136 г. - утварэнне Ноўгарадскай феадальнай рэспублікі.

1199 г. - стварэнне Галіцка-Валынскага княства.

1253 г. - абвяшчэнне Рымскім Папам князя Галіцка-Валынскага княства Данілы Раманавіча каралём.

(Працяг у наст. нумары.)


Вакол 90-гадовага юбілею Вітаўта Кіпеля

Леанід Лыч

У мяне даволі часта ўзнікае пытанне: чаму многія закінутыя па розных прычынах на чужыну беларусы жывуць даўжэй - і жывуць творча, з вялікай карысцю для нацыянальнай справы - за сваіх суродзічаў, не адарваных ад Бацькаўшчыны? З вялікім задавальненнем удзельнічаў у мерапрыемствах, што ў 2010 годзе ладзіліся ў краіне ў сувязі са стагадовым юбілеем нашага эмігранта, сусветна вядомага навукоўца, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыса Кіта. 1 снежня 2015 года пераступіў 100-гадовы рубеж беларускі паэт ЗША Міхась Кавыль (сапр. Язэп Лешчанка). Выдатна! Ёсць з каго браць прыклад навукоўцам, майстрам мастацкага слова з метраполіі.

Летась я прысутнічаў у Менску на ўрачыстасцях, прысвечаных 90-й гадавіне добра вядомага не толькі на радзіме беларускага эмігранта гісторыка, палітолага, літаратара Янкі Запрудніка і разам з усімі радаваўся яго жыццёвай энергіі, творчай актыўнасці, жаданню і надалей нястомна працаваць над тым, што хвалюе яго, перадавыя колы беларускага грамадства.

А вось 90-годдзе Юры Весялкоўскага (1924 г. н.; жыве ў Англіі) па невядомых прычынах грамадскасць Рэспублікі Беларусь абмінула. І дарэмна, бо навуковага, творчага багажу ў гэтага беларускага эмігранта хапае з лішкам на ступень доктара гістарычных навук. З асаблівай павагай стаўлюся да яго яшчэ і з прычыны зямляцтва: ён са Стаўпеччыны, а я з суседняй ёй Вуздзеншчыны.

За 90-гадовы рубеж выйшаў, але не на доўгі час, беларускі гісторык, грамадскі дзеяч нашай эміграцыі, ініцыятар стварэння і сакратар рэдкалегіі часопіса "Полацак" (пачаў выходзіць з 1991 г. у амерыканскім горадзе Кліўлендзе) Міхась Белямук (памёр увосень 2014 г.). У 2015 годзе нацыянальнай зарыентаванасці грамадскасць Рэспублікі Беларусь магла б адзначыць 100-гадовы юбілей добра вядомага не толькі ў эміграцыі (доўгі час быў за старшыню Беларуска-амерыканскага задзіночання), але і ў сябе на радзіме Антона Шукелойця. Аднак, па нейкай прычне такога не адбылося ( з белым светам развітаўся на пачатку сёлетняга года). Падобнага роду прыклады даўгалецця нашых эмігрантаў можна было б прадоўжыць яшчэ не адным дзясяткам імёнаў.

Разважаючы над дадзенай прыемнай з'явай, міжволі задаешся пытаннем, а чаму ж у нашай незалежнай, да таго ж, як любяць заяўляць палітыкі, сацыяльна зарыентаванай краіне, дзе колькасць беларусаў у разы перасягае лік іх суродзічаў за мяжой, ніхто з прадстаўнікоў творчай навуковай інтэлігенцыі не дажывае да стогадовага юбілею, а калі пераступіў 90-годдзе, асабліва не вызначаецца актыўнасцю, вядзе пасіўны лад жыцця? А сучаснай жа Беларусі, тытульны народ якой так раз'ядае русіфікатарская паліытка ўласнай дзяржавы, як ніколі раней, патрэбныя асобы высокай творчай актыўнасці трывалага нацыянальнага гарту. Даўно не маем крытычнай масы такіх асобаў: хтосьці без пары адышоў у замагільны свет, хтосьці кінуў краіну з невылечна хворым на нацыянальны нігілізм насельніцтвам (разабрацца з дыягназам у гэтым няма аніякіх праблем) і ў пошуках асабістага шчасця падаўся ў людзі - за мяжу. На радзіму звесткі ад іх прыходзяць даволі суцяшальныя, таму беларуская дыяспара можа спакойна пазіраць наперад: ёй і надалей забяспечаны колькасны рост. Спакойна яшчэ і таму, што Беларусь не абязлюдзее з-за скарачэння колькасці абарыгенаў. Ім на змену ішлі і ідуць прадстаўнікі іншых народаў з характэрнымі для іх культурай, мовай, усім ладам жыцця. Гэта разам з дэструктыўнай нацыянальнай палітыкай дзяржавы ўжо прывяло і працягвае весці Беларусь да глыбінных этнакультурных страт. І самае страшнае, што іх не заўважаюць ці не хочуць заўважаць, і многія з тых, хто ў моц свайго прафесійнага становішча, светапогляду павінен быў бы дбаць пра захаванне беларускай этнічнай ідэнтычнасці.

Зусім іншыя прычыны развітацца з дарагой, любімай Айчынай былі ў Вітаўта Кіпеля. У іх ні грама меркантылізму, так арганічна ўласцівага абсалютнай бальшыні беларускай эміграцыі канца 1980-х гадоў і сучаснай. Для В. Кіпеля заставацца ўлетку ў 1944 годзе ў Беларусі (тады яму ўжо споўнілася 17 гадоў) - гэта значыла б атрымаць не менш як 25 гадоў зняволення ў савецкіх сталінскіх лагерах. Трэба было зусім не мець галавы на плячах, каб у той сітуацыі заставацца ў Беларусі, хаця і любячы яе, як родную маці.

Такія суровыя меры пакарання чакалі 17-гадовага Вітаўта галоўным чынам па прычыне службы яго бацькі Яўхіма Кіпеля ў створаных акупантамі ў Беларусі адміністрацыйных органах. А тая служба была зусім няпростай, адказнай. Пэўны час працаваў у Інспектарыяце беларускіх школ пры Генеральным камісарыяце Беларусі. Гэта дзякуючы такім службоўцам, як Я. Кіпель, школа ў гады акупацыі не стала сродкам анямечвання маладых пакаленняў беларускага народа, узгадоўвала іх у адпаведнасці з культурна-моўнымі традыцыямі роднай зямлі. У тыя выпрабавальныя для Айчыны гады давялося і мне вучыцца і закончыць 6-ты клас. Чаму-небудзь супярэчнаму прагрэсіўным прынцыпам чалавечства нас ніхто не вучыў. І ўсё ж тыя, хто ў гады акупацыі працаваў у школах, не мелі пашаны ў адноўленай на Беларусі савецкай улады. А хто займаў кіраўнічыя пасады ў створанай немцамі сістэме адукацыі, падлягаў непамерна строгаму пакаранню. Гэтага было дастаткова для Яўхіма Кіпеля, каб да прыходу Чырвонай Арміі пакінуць разам з усёй сям'ёй родную краіну. Да таго ж яшчэ, калі 27 чэрвеня 1944 года ў Менску праходзіў Другі Ўсебеларускі кангрэс, ён быў абраны за яго прэзідэнта, неаднаразова прамаўляў з трыбуны. Ад яго былі пачуты і такія словы: "Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія заправілы. Яны там вызначаюць апякуноў, якія ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу". Народу, як народу, а вось удзельнікам Кангрэсу і тым болей яго прэзідэнту, - напэўна ж. Вось з такім бацькам і падаўся на захад сямнаццацігадовы юнак Вітаўт.

У чужых краях дый яшчэ ў час нечувана суровых умоваў вайны жыццё ні ў кога не магло быць спакойным, шчаслівым. Можна толькі здзіўляцца ўменню Вітаўта і многіх яго сяброў правільна выбіраць шляхі для жыцця ў выгнанні.

А пачалося ж ўсё з вучобы ў створанай у Заходняй Германіі ў амерыканскай зоне акупацыі гімназіі Янкі Купалы. Наўрад ці можна было б у Савецкай Беларусі сустрэць хоць адну сярэднюю агульнаадукацыйную ці спецыяльную навучальную ўстанову з такім высокім узроўнем прафесійнага майстэрства педагогаў, як у гэтай гімназіі. Назаву толькі некаторых з іх: добра вядомыя ў міжваеннай Беларусі педагогі дырэктар гімназіі Аляксандр Орса (выпускнік славутага ў Еўропе Карлава ўніверсітэта ў Празе), настаўнік беларускай мовы і літаратуры Аўген Каханоўскі (сапр. Калубовіч; перад вайной працаваў кансультантам-метадыстам у апараце Наркамасветы БССР). Заняткі па гісторыі Беларусі вёў доктар Янка Станкевіч (адзін час выкладаў у Віленскім і Варшаўскім універсітэтах), па спевах - не проста настаўнік, а сам кампазітар Мікола Равенскі. І нядзіва, што з гэтай гімназіі выйшлі ў свет людзі, якімі не можа не ганарыцца беларускі народ.

Навучальныя ўстановы тыпу гімназій давалі іх выпускнікам права паступаць ва ўніверсітэты. Такое права не мог не скарыстаць здольны, прагны да навукі В. Кіпель. І вось ён сярод студэнтаў Каталіцкага ўніверсітэта бельгійскага горада Лювен. Радавала, што не адзін з беларусаў, прычым зусім неабавязкова каталіцкага веравызнання. Былі і праваслаўныя, да прыкладу, добра вядомы ва ўсёй нашай дыяспары, у шырокіх колах беларускага грамадства метраполіі Янка Запруднік

Амаль усе з беларусаў, што закончылі Лювенскі ўніверсітэт, сталі выдатнымі прафесіяналамі сваёй справы. Для В. Кіпеля ёю з'яўлялася геалогія. Стаў нават доктарам геалагічных навук.

Як і многія беларускія эмігранты летняй хвалі 1944 года і В. Кіпель сталым месцам пражывання выбраў ЗША. Тут ён пэўны час працаваў у розных навукова-прамысловых кампаніях, у Балтыморскім універсітэце, знаходзячы час і для ўдзелу ў дзейнасці грамадскіх арганізацый беларускіх эмігрантаў: Беларускі камітэт палітычных дзеянняў, Федэрацыя беларускіх рэспубліканскіх клубаў і інш.

Як здольная да навукі асоба, В. Кіпель мог бы і на чужыне стварыць для сябе даволі прыстойную кар'еру. Маючы 28 гадоў ад роду, ён з поспехам абараняе доктарскую дысертацыю па мінералогіі. У ЗША асобы такой спецыяльнасці заўжды мелі і маюць добры заробак. В. Кіпеля ён не дужа цікавіў, бо не даваў прасторы належным чынам спраўдзіцца ў сваёй атрыманай ад самой прыроды беларускасці. Таму паступае і заканчвае бібліятэчны факультэт, што прывяло нашага сённяшняга юбіляра ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Па колькасці беларускіх кніг (знаходзяцца ў адмысловым аддзеле) з ёю не можа параўнацца аніводная з такіх устаноў замежжа. Роля В. Кіпеля і яго светлай памяці жонкі Зоры Кіпель у гэтым бясспрэчная, проста ўнікальная.

Працы ў той бібліятэцы В. Кіпель аддаў 20 гадоў жыцця (1962-1982), што на вялікую карысць пайшло не толькі беларускай справе, але і паспрыяла росту яго аўтарытэту сярод суайчыннікаў, шырокіх творчых колаў амерыканскага грамадства і нават урадавых структур. І калі ў 1982 годзе ўзнікла неабходнасць абраць кагосьці на пасаду старшыні Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёорку, лепшай за В. Кіпеля кандыдатуры на гэтае адказнае месца не знайшлі. І мелі рацыю. Тут наш суродзіч у поўнай меры выявіў свой талент кіраўніка, паказаў, як многае для яго значыць самаадданае служэнне беларускаму нацыянальнаму інтарэсу, з якім тады так не лічыліся партыйныя і савецкія органы БССР, адкрыта, з вялікім трыумфам прыносячы яе тутульную нацыю ў ахвяру дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі.

Згаданы Інстытут выдаваў для беларускай эміграцыі навуковы часопіс "Запісы" (з 1952 г.). У ім друкаваліся такія матэрыялы, пра якія і марыць не маглі дапытлівыя чытачы з Савецкай Беларусі. Асабліва грунтоўна і аб'ектыўна асвятлялася яе нацыянальная падітыка, пра што не любілі пісаць бальшавіцкія ідэолагі, а калі і пісалі, дык толькі сфальсіфікавана. У "Запісах" друкаваліся і артыкулы В. Кіпеля.

Мне залішне шмат месца давялося б адвесці ў сваім артыкуле, калі б паставіў за мэту пералічыць хаця б асноўныя навуковыя, публіцыстычныя творы В. Кіпеля, таму згадаю толькі самыя-самыя значныя з іх у адпаведнасці з храналагічным парадкам: "Беларусы ў штаце Мэрыленд", "Беларусы ў Нью-Джэрсі", "Беларусы ў горадзе Кліўлендзе", "Беларусы ў Нью-Ёрку", "Беларусы ў ЗША". Колькі слоў пра апошнюю.

Чытачы метраполіі пазнаёміліся з ёю ў самы пік беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння - у 1993 годзе. Пастаралася пра гэта само вядучае дзяржаўнае выдавецтва "Беларусь" у Менску. У кнізе выкарыстаны не наркамаўскі ўведзены пасля рэформы 1933 года правапісны варыянт беларускай мовы, а той, якім карысталіся беларускія аўтары з ліку паваенных эмігрантаў, што ніколькі не паўплывала на попыт чытачоў на дадзеную кнігу. Яна досыць хутка разышлася, галоўным чынам за кошт індывідуальнай пакупкі, а не рассылкі ў публічныя бібліятэкі. Мне пашчасціла прысутнічаць на адной з сустрэч аўтара згаданай кнігі з чытачамі і атрымаць яе з цёплым, дарагім аўтографам. Усё, што тады мною чыталася з літаратуры, адклаў у бок і ўзяўся за "Беларусы ЗША". Прачытаным падзяліўся з чытачамі вельмі нацыянальна прагрэсіўнай на той час газеты "Літаратура і мастацтва" (28 красавіка 1994 г.). Публікацыя мела назву: "Якія ж яны, амерыканскія беларусы?" У той ужо далёкай ад нашага часу рэцэнзіі былі такія радкі: "На сёння кнізе В. Кіпеля няма роўных па колькасці выкарыстаных для напісання гісторыі беларускай эміграцыі ў ЗША замежных архіўных крыніц. Неацэнную каштоўнасць маюць і тыя фактычныя матэрыялы, што здабытыя аўтарам падчас шматлікіх сустрэч з вядомымі асобамі беларускай дыяспары ці атрыманымі ад іх у выніку ліставання". Пад гэтымі словамі я і сёння падпісаўся б.

Да матэрыялаў гэтай кнігі я звярнуўся яшчэ раз: амаль праз дваццаць гадоў. У 2011 - першай палове 2012 года ў нашай краіне пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, Польскага інстытута ў Менску былі праведзены тры Міжнародныя "круглыя сталы", прысвечаныя беларуска-амерыканскаму культурнаму дыялогу. Звязаныя з імі навукова-культурніцкія мерапрыемствы ладзіла добра вядомая ў краіне грамадская дзяячка Любоў Уладыкоўская. Яна ж стала і галоўным рэдактарам выдадзенай у 2012 годзе ў Менску кнігі па матэрыялах тых "трох сталоў": "Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця". Адзначу, што ў гэтых мерапрыемствах удзельнічала багата аўтарытэтных у краіне асобаў. У час правядзення міжнародных "круглых сталоў" выступалі з прывітальнымі словамі Часовы Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джанатан Бентан і Дарадца Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Лі Кэры.

Ужо на самім пачатку ў адказных за правядзенне Беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу найбольшую трывогу выклікала адсутнасць асобы, якая згадзілася б асвятліць яго гістарычныя карані. Як правіла, бальшыня ўдзельнікаў прапаноўвала свае выступы па вузкіх аспектах, што не дазваляла належным чынам уявіць самую праблему ў комплексе. Зусім не радавала, што такі выбар спыніўся на мне. Адмовіцца не змог, хаця і трохі ўпарціўся. А згадзіўся галоўным чынам таму, што на палічках сваёй асабістай бібліятэкі ў самым бачным месцы нязменна стаяла кніга В. Кіпеля "Беларусы ЗША" і ведаў, што ў ёй знайду ўсё, што трэба і для выступу на "круглым стале" і для публікацыі ў кнізе. Так яно і атрымалася. У гэтых мэтах ніякімі іншымі літаратурнымі крыніцамі не карыстаўся. У падзяку аўтару гэтай каштоўнай навуковай працы зместу майго артыкула для кнігі "Беларуска-амерыканскі дыялог: стратэгія развіцця" папярэднічаў такі сказ: "Прысвячаю амерыканскаму беларусу цвёрдай нацыянальнай арыентацыі Вітаўту Кіпелю".

В. Кіпель - заўважная асоба для многіх з беларусаў, прычым не толькі ЗША, дзе ён жыве з 1955 года, але і самой метраполіі, якую не даводзіцца наведваць яму ўжо каля дзесяці гадоў. Не сумняваюся, шмат што добрага будзе сказана пра юбіляра, прычым не толькі тымі, хто асабіста знаёмы з ім. Не дазволяць маўчаць яго плённая дзейнасць на карысць беларускай справы, напісаныя навуковыя, публіцыстычныя творы па самых актуальных пытаннях айчыннай гісторыі, культуры, але ў найбольшай ступені па звязанай з беларусамі ЗША тэматыцы. Лаканічны сказ вядомага беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча з Беласточчыны Алеся Барскага: "Сярод амерыканскіх беларусаў моцна ззяе зорка Кіпеля" аб'ектыўна паказвае месца гэтага чалавека ў асяроддзі нашай дыяспары ў ЗША. Але не будзе ніякім перабольшаннем, калі сцвердзім, што зорка Кіпеля моцна ззяе і сярод усёй нацыянальна свядомай часткі беларускай дыяспары свету. Для многіх жа яна ярка ззяе і ў самой Беларусі. З катэгорыі такіх людзей я не выключаю і сябе. Будучы асабіста мала знаёмым з юбілярам, збліжаны з ім у асноўным праз яго літаратурныя творы.

Можа і некарэктна звяртацца да чалавека 90-гадовага ўзросту з якой-небудзь сур'ёзнай просьбай, але я адважуся на такое, бо яна не асабістая, а мае агульнанацыянальную значнасць.З "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (Т. 4, с. 177) даведаўся, што ў свой час шаноўны юбіляр быў віца-старшынём Нацыянальнай канфедэрацыі этнічных груп, узначальваў Этнічную дарадчую раду пры губернатары штата Нью-Джэрсі. Як вынікае, мае добрую дасведчанасць ва ўсіх тонкасцях і складанасцях этнічнага жыцця народаў. А ў нас жа з гэтым нечуваны застой, поўная неразбярыха. Не толькі сярод палітыкаў, афіцыйных ідэолагаў, але і многіх прадстаўнікоў навуковай, творчай інтэлігенцыі пануе думка, быццам нішто так не мацуе этнакультурную самабытнасць беларусаў, як развіццё іх духоўнага жыцця на рускай культурна-моўнай аснове. Занесеную ў наш край каланізатарскімі метадамі рускую мову параўноўваюць з божым дарам. Перафразіраваўшы вядомыя сёння амаль кожнаму набатныя словы апостала беларускага нацыянальнага Адраджэння Францішка Багушэвіча, не толькі многія палітыкі, прычым і самага высокага рангу, але і добра дасведчаныя ў сваёй сферы інтэлектуалы пры любой зручнай нагодзе без усялякага сораму звяртаюцца да народа з заклікам: "Не покидайте русского языка, что бы не умерли". І многія слухаюць іх. Толькі рускую мову мы чуем ва ўсіх органах улады і кіравання, у калектывах дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, у публічных месцах. Руская мова пануе не толькі ў сферы адукацыі, але і культуры. Аднак, не адчуваецца, каб усё гэта спрыяла захаванню этнакультурнай самабытнасці беларусаў. Хутчэй, наадварот: пад уздзеяннем рускага культурна-моўнага пачатку яна чэзне, дэфармуецца. Дык, можа, шаноўны спадар Вітаўт, набыты Вамі, досвед у выніку даследавання этнічных працэсаў у ЗША дапамог бы палітыкам і інтэлектуалам Рэспублікі Беларусь разабрацца, што ж усё-такі значаць для яе чужыя руская культура і мова? Калі ж па якіх-небудзь прычынах не зможаце паўдзельнічаць у такога роду дыскусіях, на Вас крыўды не будзе. І без гэтага Вамі багата зроблена для святога беларускага нацыянальнага ідэалу.

Здароўя Вам, шаноўны спадар Вітаўт, на доўгія гады, а пры спрыяльных умовах - і новых творчых набыткаў.


Слаўная Скарыніяна на кніжных паліцах

Кніжная выстава, прысвечаная дзейнасці Францішка Скарыны, адкрыта ў менскай бібліятэцы імя Цёткі. Аналагічная экспазіцыя да 500-годдзя беларускай Бібліі разгорнута ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла.

Надзвычай цікава перагартаць разнастайныя выданні, прысвечаныя славутаму асветніку ў бібліятэцы імя Цёткі. Тут ёсць захапляльныя раман-эсэ паэта і літаратурнага крытыка Алега Лойкі "Францыск Скарына або Сонца Маладзіковае" і мастацкі жыццяпіс асветніка, які належыць пяру навукоўца і пісьменніка Міхаіла Расолава " Франциск Скорына".

Зачытаны амаль да дзірак зборнік аповесцяў пра першадрукара, укладзены Сяргеем Панізнікам "Слаўны сын Беларусі", у які ўвайшлі вершы і эсэ Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Адама Мальдзіса. На кніжнай паліцы ёсць драматычная паэма Міколы Арочкі "Судны дзень Скарыны" і зборнік У.У. Агіевіча " Імя і справа Скарыны". Самы аб'ёмісты том у 600 старонак, энцыклапедычны даведнік "Франциск Скорина и его время" быў выдадзены Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй імя П. Броўкі ў 1990 годзе.

Кніжачка першага міністра замежных справаў незалежнай Беларусі Пятра Краўчанкі "Абраннікі вечнасці" была выдадзена на беларускай, англійскай і італьянскай мовах. Па суседству з ёй - матэрыялы 1-ай навуковай канферэнцыі ў Венецыі 1992 года і адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў Падуанскім універсітэце, прысвечанай лекару і першадрукару. У падзеі ўдзельнічалі прафесар Адам Мальдзіс і П.К. Краўчанка.

У 2016 годзе да юбілею кнігадрукавання былі падрыхтаваны новыя выданні Алеся Сушы, Анатоля Цітовіча і Анатоля Клышкі.

Аляксандр Суша, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, з'яўляецца адным з ініцыятараў шырокага святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, актывізацыі даследванняў і папулярызацыі спадчыны Ф. Скарыны. У 2012-2017 гадах ён кіраваў працай па атрыманні лічбавых копій выданняў Ф. Скарыны з Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі і іншых краін. У 2013 годзе ён курыраваў падрыхтоўку і выкананне выдавецкага праекту па факсімільным аднаўленні кніжнай спадчыны Ф. Скарыны. Яму належаць некалькі манаграфіяў, прысвечаных першадрукару. Дзве з іх "Францыск Скарына. Чалавек-легенда" і "Францыск Скарына. Чалавек свету" дэманструюцца на кніжнай выставе.

Ілюстраванае шматлікімі фотаздымкамі выданне Анатоля Цітовіча знаёміць чытачоў з гарадамі, у якіх праходзіла дзейнасць Ф. Скарыны - Кракавым, Падуяй, Прагай, Вільняй і іх архітэктурнымі помнікамі.

Прыцягвае ўвагу новае каляровае выданне Анатоля Клышкі "Францыск Скарына, або Як да нас прыйшла кніга", адрасаване вучням і падлеткам. У ім у займальнай форме распавядаецца пра гісторыю кнігі з часоў папірусаў і рукапісных летапісаў да друкарскага варштата Ф. Скарыны.

Не пакідае абыякавым кніжачка амерыканскага лекара Дональда Кодэра " Мой Франциск Скорина". Уступнае слова да невялікага зборніка эсэ ўражвае шчырасцю. У 1997 годзе амерыканскі хірург, які змагаецца з анкалагічнымі захворваннямі, прыехаў на Беларусь з гуманітарнай місіяй. З назвы галоўнага праспекта ён упершыню даведаўся пра дзейнасць Францыска Скарыны. Як медыка яго зацікавіла праца нашага земляка і як вернік ён быў уражаны веліччу яго выдавецкага і асветніцкага подзвігу. Свае думкі ён выклаў у невялічкай кнізе, якую пераклалі на рускую мову.

Э. Дзвінская, фота аўтара.


Стварэнне беларускага лялечнага тэатра пры Баранавіцкім ТБМ

У Баранавічах пачаў працаваць беларускі лялечны тэатр, створаны сябрамі ТБМ у супрацы з заснавальнікамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і грамадскімі актывістамі.

Найбольшу працу па стварэнні тэатра зрабілі рэжысёр Вячаслаў Болбат і старшыня камісіі ТБМ па мове і адукацыі Таццяна Малашчанка. Прынцыпова важную дапамогу кансультацыямі і рэквізітам зрабіла настаўніца СШ № 10 Перагуда Алена. Цяпер стаяць задачы стварэння новых лялек і пастановак. Прэм'ерны паказ казкі "Каза-манюка" адбыўся 18 траўня ў дзіцячым садку № 2. Там праводзілася свята для дзяцей і бацькоў пад назвай "Беларусь - мая Радзіма". Першым у праграме свята было прадстаўленне лялечнага тэатра. Дзеці рэагавалі вельмі эмацыйна. Матэрыял пра спектакль увечары з'явіўся на сайце газеты "Інтэкс-прэс" (https://www.intex-press.by/2017/05/18/lyalechny-teatr-tbm-pakazau-baranavitskim-dzetsyam-kazku/).

Бліжэйшая задача - паказаць казку ва ўсіх групах дзіцячых садкоў, дзе вывучаецца беларуская мова.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX