Папярэдняя старонка: 2017

№ 23 (1330) 


Дадана: 06-06-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1330), 7 чэрвеня 2017 г.


1000-ны нумар "Нашага слова", выпушчаны ў Лідзе


Сёлета на ЦТ па беларускай мове запісалася 30,9% абітурыентаў. Летась было 22,1%

1 чэрвеня ў Беларусі завяршылася рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне.

Статыстыку запісу на ЦТ перадае БЕЛТА. Зарэгістравацца на тэсты ў рэзервовыя дні можна з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

Сёлета на тэсты зарэгістраваліся 92 274 абітурыенты - на 8,5 тысячы чалавек меней, чым у 2016 годзе. Але ў 2017 годзе можна было рэгістравацца не на тры тэсты, а на чатыры (для паступлення ў асноўным патрабуюць вынікі трох тэстаў, можна меней плюс унутраны іспыт, але не болей).

Каля 40% абітурыентаў скарысталіся гэтым, таму рэгістрацыяў на тэсты было на 40,5 тысячы больш, чым у 2016 годзе - агулам абітурыенты зарэгістраваліся на 311 830 тэстаў.

На тэст па беларускай мове запісаліся 28,5 тысячы чалавек, што на 5,2 тысячы больш, чым летась. На тэст па расейскай - 75,4 тысячы, або на 3,1 тысячы менш, чым у мінулым годзе. На тэсты і па беларускай, і па расейскай мовах можна было рэгістравацца адначасова.

Сёлета тэст па беларускай мове маюць здаваць 30,9% абітурыентаў. Летась - 22,1%.

Тэст па беларускай мове будзе здавацца першым у "сезоне" тэстаў, 12 чэрвеня. Тэст па расейскай мове будзе наступным - 14 чэрвеня.


Статыстыка і людзі пра беларускую адукацыю

13,3% школьнікаў атрымліваюць адукацыю па-беларуску. Але на цэнтралізаванае тэставанне па беларускай мове сёлета запісаліся 30,9% абітурыентаў. Ці можна з гэтым нешта зрабіць?

Лічба беларускамоўнага школьніцтва скарачаецца год ад году. Толькі за апошнія сем гадоў такіх дзяцей стала на 50 тысяч менш. У параўнанні з 2006/2007 гадамі іх стала менш у два разы (245 900 і 128 600 адпаведна). У першую чаргу гэта адбылося за кошт закрыцця вясковых школ і пераводу іх на расейскую мову навучання. Амаль усе школьнікі беларускамоўных школ жывуць у сельскай мясцовасці (86,6%). 91,8% гарадскіх дзяцей вучацца па-расейску.

Гэта мэтанакіраваная палітыка, - перакананая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

- Пасля 1995 года ў нас пачаўся гвалтоўны перавод школ з беларускай на расейскую мову навучання. Такіх фактаў было безліч, але пра гэта не прынята гаварыць, - кажа дэпутатка. - Увесь час толькі кажуць пра нібыта гвалтоўную беларусізацыю ў пачатку 90-х.

Насамрэч, распавядае Анісім, беларускамоўнае школьніцтва 90-х пачыналася з набору ў першыя класы. Сярэднюю і старэйшую школу, як правіла, на беларускую мову не пераводзілі.

- А сёння мы маем сітуацыю, калі закрываюцца вясковыя школы. І дзеці, правучыўшыся на беларускай мове, вымушаныя ездзіць у гарадскія школы і вучыцца па-расейску, - заяўляе дэпутатка. - І пра гэта ніхто не кажа як пра дыскрымінацыю!

Алена Анісім, якая з'яўляецца першым намеснікам старшыні Таварыства беларускай мовы, кажа, што фактаў уціску беларускамоўнай адукацыі безліч. Пры гэтым, паводле яе дадзеных, беларускамоўныя ўстановы з добрым узроўнем адукацыі ніколі не мелі праблемаў з наборам дзяцей.

- Ёсць праблема: бацькі нібыта і хочуць беларускамоўнае навучанне, але яны нібыта мусяць скамплектаваць клас, - апісвае сітуацыю Анісім. - Прабачце, гэта не зафіксавана ані ў якіх актах, гэта не іх праблема. Гэта клопат чыноўнікаў!

Анісім звяртае ўвагу і на праблему бесперапыннасці беларускамоўнай адукацыі. Нават калі дзіцяці пашанцавала вучыцца па-беларуску ў школе, трапіць у беларускамоўны ўніверсітэт амаль немагчыма.

Паводле падлікаў мовазнаўца Вінцука Вячоркі, "у 2014/15 навучальным годзе ў нас было 135100 школьнікаў, якія вучыліся па-беларуску. Іх чакала 300 месцаў і ў каледжах, і ва ўніверсітэтах (вядома, паступаюць найперш сёлетнія выпускнікі, але мы супастаўляем агульныя лічбы). Адпаведна па-расейску вучылася 795300 школьнікаў. На іх разлічана 128100 навучэнскіх месцаў у ССНУ і 362600 - у вышэйшых школах.

Няхітры падлік прапорцыяў паказвае, што расейскамоўны школьнік мае ў 73 разы больш шанцаў прадоўжыць навучанне на мове школы, чым беларускамоўны. А што да ўніверсітэтаў, то беларускамоўны школьнік мае ў 205 (!) разоў менш магчымасцяў вучыцца там на мове сваёй школы, чым вучань расейскамоўнай установы сярэдняй адукацыі.

Цяпер у планах Алены Анісім сустрэча з міністрам адукацыі.

- Буду абмяркоўваць трывожныя тэндэнцыі, нават ужо не тэндэнцыі, а трэнд пайшоў, што закрываюцца беларускамоўныя школы, - кажа Анісім.

На пытанне, ці ёсць віна грамадзянскай супольнасці ў тым, што колькасць школьнікаў у беларускамоўных школах скарачаецца, Анісім адказвае адмоўна:

- Грамадскія арганізацыі паўплываць на гэта аніякім чынам не могуць. Мы ўжо колькі спрабавалі. І не пускаюць, і забараняюць. Дэпутаты нават праходзяць у школу толькі са сваім пасведчаннем. Вось і ўсё. Гэта замкнёная сістэма, куды няма допуску грамадзянам, - тлумачыць дэпутатка.

- Гэта ілюстрацыя таго, як дзяржава забяспечвае права беларускамоўнага навучання. Ніяк яна яго не забяспечвае, - працягвае Анісім. - Вось прыклад: у Жодзіна Настасся Гурыловіч з мінулага года пачала клапаціцца пра тое, каб дзіця навучалася па-беларуску. Чыноўнікі пра гэта ведалі. Яны што-небудзь зрабілі? Нічога! Толькі заняліся адпіскамі, маўляў, "не будзем ствараць клас для аднаго чалавека".

Радыё Свабода.


Гарадзенская справаздачна-выбарчая канферэнцыя ТБМ

Паважаныя сябры! Гарадзенская абласная рада ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" запрашае на справаздачна-выбарчую канферэнцыю, якая адбудзецца ў нядзелю, 11 чэрвеня ў 11.00. па адрасе: г. Гародня, вул. Савецкая, 3 (былая "Крыга"). Кантакты для сувязі: tbm.garodnia@tut.by.

Парадак дня:

1. Рэгістрацыя дэлегатаў канферэнцыі ад раённых і гарадскіх арганізацый і суполак (10.45-11.00).

2. Кароткія справаздачы кіраўнікоў гарадскіх, раённых арганізацый і суполак вобласці, рэвізійнай камісіі (11.00-11.40).

3. Выбары кіраўніцтва Гарадзенскіх абласной і гарадской радаў ТБМ, рэвізійных камісій і вылучэнне дэлегатаў на ХІІІ з'езд ТБМ (11.40 - 12.10).

5. Рознае (12.10 - 12.30).

Старшыня абласной рады ТБМ Алесь Крой.


150 гадоў з дня нараджэння Мітрафана Доўнар-Запольскага

Мітрафан Віктаравіч ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ (14 чэрвеня 1867, Рэчыца - 30 верасня 1934, Масква) - гісторык і этнограф беларускага паходжання. Паходзіў з дробнай беззямельнай шляхты, сын калежскага сакратара.

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі ў 19 ст., гісторыі Літвы і Беларусі, па сацыяльна-палітычных рухах, сялянскім пытанні і этнаграфіі Беларусі. Працы яго пераважна мелі навукова-аналітычны характар. Шырока карыстаўся ў сваіх працах матэрыяламі больш за 20 архіваў (Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Вільня, Варшава, Кракаў, Львоў, Кастрама, Яраслаўль, Ноўгарад, Нясвіж і інш.). Многія з яго прац застаюцца неапублікаванымі. Узнагароджаны за навуковую працу ордэнам Святога Ўладзіміра 4-й ступені (1916).

Выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта (1893), магістарская дысертацыя (восень 1901), доктарская дысертацыя па гісторыі (1906). Прафесар Маскоўскага ўніверсітэта (1899), прафесар рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта (1902). Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў (Кіеў, 1906), дырэктар Палаты экспертаў, старшыня навукова-папулярных гурткоў і таварыстваў у Кіеве.

Актыўна падтрымліваў БНР, ачольваў Беларускую гандлёвую палату (Кіеў, 1918), падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Менску (кан. сакавіка 1918). У траўні-кастрычніку 1918 удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі. Па просьбе ўладаў БНР склаў "Мемарыял" ("Асновы беларускай дзяржаўнасці"), які быў надрукаваны ў Гародні і Вільні ў 1919 па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней "Мемарыял" быў перакладзены на англійскую мову П. Кларкам. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, і быў прадстаўлены на Версальскай канферэнцыі, хоць і беспаспяхова.

Прафесар Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі і Харкаўскага ўніверсітэта (1919-1921). Прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэха (1922-1925). Пасля пераезду ў Беларусь, прафесар беларускай гісторыі ў БДУ (кастрычнік 1925-восень 1926), стваральнік, супольна з Д.І. Даўгялам, Археаграфічнай камісіі Інбелкульта (1925). Пасля вымушанага пераезду ў Маскву (восень 1926) часта мусіў працаваць па-за навуковым полем дзейнасці. Прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-я). У 1920-х-1930-х таксама займаў пасады ў сістэме кіравання гаспадаркай у савецкіх Украіне, Азербайджане, Беларусі і Расіі.

Вікіпедыя.


Віцебская абласная арганізацыя ТБМ запрашае

Віцебская абласная арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны разам з ПАГА "Рух "За свабоду" праводзяць штогадовыя літаратурныя імпрэзы з нагоды дня нараджэння Васіля Быкава на радзіме пісьменніка ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёна.

У гэтым годзе літаратурныя сустрэчы адбудуцца 17 чэрвеня, у суботу. Пачатак - у 13.00. Запрашаем усіх прыхільнікаў творчасці славутага пісьменніка, аматараў беларускага слова прыняць удзел у імпрэзе.

Віцебская абласная рада ТБМ.


Моладзевы летнік на радзіме Васіля Быкава

14-18 чэрвеня ў Бычках на радзіме Васіля Быкава пройдзе моладзевы летнік, на які запрашаецца моладзь ад 18 да 30 гадоў.

Удзельнікі змогуць сумясціць супольную працу, навучанне і адпачынак: папрацуюць над аднаўленнем школы пісьменніка, паслухаюць лекцыі, паслухаюць выступленні беларускіх бардаў.

Будынак школы Васіля Быкава зараз даглядае грамадскасць Віцебшчыны, а валанцёры працуюць над яе аднаўленнем. Да важнай справы спрычыняцца і ўдзельнікі летніка.

Кожны дзень іх таксама чакаюць лекцыі, канцэрты, гульні, творчыя сустрчы пад адкрытым небам.

Летась перад удзельнікамі летніка выступалі Уладзімір Арлоў, Алесь Пушкін, Валярына Кустава, Аляксандр Лукашук ды іншыя грамадскія і творчыя дзеячы.

Фінансавыя ўмовы.

Арганізатары забяспечваюць праезд і харчаванне удзельнікаў. Пражываць яны будуць у намётах на тэрыторыі сядзібы.

Удзельнікам трэба запоўніць анкету да 10 чэрвеня (https://drive.google.com/open?id=19uY4GyF1v7yqs8x9t6Kk6_ghj_HwEV72OFN9gM3r-wg).

Дадатковыя інфармацыя: AITButsefal@gmail.com


ЗВАРОТ УСЕВАЛАДА ІГНАТОЎСКАГА І СЦЯПАНА НЕКРАШЭВІЧА ДА БЕЛАРУСКАГА НАСТАЎНІЦТВА, 14 лістапада 1925 г.

Кірыл Сыцько

Інстытут Беларускай Культуры (Інбелькульт, ІБК - 1922 - 1928 гг.) адыграў важную ролю ў развіцці айчыннай навукі, а так-сама зрабіў важкі ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры, беларускай мовы і г.д. Можна смела сцвярджаць, што за няпоўнае дзесяцігоддзе "пад мікраскоп" навукоўцаў ІБК трапілі шмат якія сферы жыццядзейнасці соцыюма беларускіх зямель.

Асобным пунктам стаяць пытанні даследавання і развіцця беларускай мовы, з мэтай вырашэння якіх была нават створана пастаянная камісія, якая ставіла перад сабой у тым ліку і задачу ўкладання вялікага слоўніка. Больш падрабязна пра "Слоўнік жывой беларускай мовы" можна прачытаць у шэрагу грунтоўных навуковых артыкулаў такіх аўтараў, як А.В. Губкіна,, І.У. Галуза, Дз.Дз. Паўлавец і інш.

Дадзеная археаграфічная публікацыя, у сваю чаргу, прысвечана дастаткова вядомаму для навукоўцаў і вельмі цікаваму боку дзейнасці інстытута - непасрэднаму пачатку збору матэрыялаў да слоўніка жывой беларускай мовы. Па-сутнасці - гэта масавы ліст (ён быў разасланы ў ва ўсе школы тагачаснай БССР) аднаго са стваральнікаў сучаснай літаратурнай мовы Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча і аднаго з найбольш выбітных беларускіх гісторыкаў першай паловы ХХ ст. Усевалада Макар'евіча Ігнатоўскага да беларускіх настаўнікаў.

Пазней, у 1927 г. С.М. Некрашэвіч надрукуе цалкам падрыхтаваную праграму для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак, а ў 1928, сумесна з М. Я. Байковым - расійска-беларускі слоўнік (беларуска-расійскі слоўнік быў надрукаваны да адпраўкі гэтага ліста ў 1925 г.).

Дакумент, тэкст якога прыведзены ніжэй, цікавы тым, што паказвае, якую значную ролю надавалі навукоўцы паступоваму развіццю беларускай мовы менавіта праз узбагачэнне яе словамі народных гаворак, збіраць якія і прапанавалася. Усе стылістычныя асаблівасці аўтараў (у тым ліку і перадача "ў" ды "у" ў асобных месцах) захаваныя, прапушчаныя літары і скароты раскрываюцца ў квадратных дужках.

Аўтарскія праўкі пазначаны ў падрадковых каментарах:

1 Падкрэслена машынапісным курсорам.

2 Падкрэслена сінім чарнілам ад рукі.

3 Выпраўлена ад рукі чарнілам. Першапачатковы варыянт "Заважана".

4 Так у машынапісе.

5 Так у машынапісе.

6 Так у машынапісе.

7 Выпраўлена ад рукі чарнілам. Першапачатковы варыянт "даць".

8 Закрэслена: "пад вялікі маг…".

9 Дапісана ад рукі чарнілам.

10 Падкрэслена ад рукі.

11 Падкрэслена ад рукі.

12 Год прастаўлены ад рукі чарнілам.

[ЦНА НАН Беларусі, Ф. 67, Воп. 1, Спр. 9, Арк. 291 - 293. Машынапіс. У правым верхнім куце пазнака ад рукі "На акадэмічны шрыфт| 7х12 - 5000 экз[эмпляраў]"]

Да Беларускага настаўніцтва 1


ПАВАЖАНЫЯ ТАВАРЫШЫ! 2

Для ўсебаковага вывучэньня й дасьледаваньня Беларусі ў Менску заложана 3 вышэйшая навукова-дасьледчая ўстанова - Інстытут Беларускай Культуры.

Інстытуту Беларускай Культуры пастаўлены надзвычайна вялікія заданьні - ён павінен дасьледаваць Беларусьць 4 ва ўсіх галінах яе жыцьця: з боку яе культуры, прыроды, эканомікі і т[ак] п[рацягваючы].

Бязумоўна, сярод іншай навукова-дасьледчай працы Інстытута асабліва важнае месца мусіць заняць праца па дасьледаваньню беларускай мовы і, у першую чаргу - па ўкладаньню слоўніка беларускай мовы.

Мяркуючыся з гэтым, Інстытут Беларускай Культуры выдзяліў з свайго складу сталую Камісію па ўкладаньню слоўніка жывой беларускай мовы.

Камісія паставіла сваім заданьнем сабраць для слоўніка па магчымасьці ўвесь жывы слоўны скарб, якім уладае беларускі народ на тэрыторыі ўсёй этнографічнай Беларусі, і на падставе сабранага матар'ялу ўлажыць слоўнік беларускай мовы.

Аб патрэбнасьці й значэньні такога слоўніка гаворыць ня прыходзіцца - ён бязумоўна павінен быць настольнай кнігай для кожнага культурнага беларускага працаўніка.

Крыніцамі для ўкладаньня слоўніка жывой беларускай мовы павінны служыць літаратурная мова і народная.

Маючы на ўвазе, што беларуская літаратурная мова яшчэ не такая багатая, Камісія галоўнай крыніцай для слоўніка ставіць народную мову.

Аднак сабраць усё слоўнае багацьце народнай беларускай мовы сіламі аднэй 5 Камісіі проста не магчыма.

На дапамогу Камісіі ў гэтый вялікай справе мусіць прыйсьці ўсё культурнае беларускае грамадзянтсва.

Але асабліва карысную дапамогу Камісіі могуць зрабіць беларускія настаўнікі.

Што гэта так, сьведчыць мінулая праца беларускага настаўніцтва.

Найлепшыя матар'ялы для зборнікаў беларускай народнай творчасьці Шэйна, Раманава, для програм Е. Карскага і інш[ых] дало беларускае настаўніцтва. Ды яно й зразумела. Стала жывучы сярод сялянства і добра ведаючы яго быт і мову, настаўніцтва лепш, чым хто іншы магло наглядаць факты жывой народнай мовы і рабіць іх запісы.

Але калі праца вывучэньня роднай культуры была дорага беларускаму настаўніцтву ў ранейшыя часы, пры панаваньні чужой культуры, то тым больш гэткая праца можа зацікавіць наша настаўніцтва цяпер, пры Савецкай Уладзе, калі йдзе адраджэньне беларускай культуры.

І найбліжэйшы ўдзел беларускага настаўніцтва ў слоўнікавай працы Інстытуту Беларускае Культуры зьяўляецца зусім зразумелым і адпавядае патрэбам культурна-асьветнае працы саміх настаўнікаў, - патрэбам беларусізацыі нашае школы.

Хоць наша літаратурная мова, якая павінна быць выкладовай моваю ў школах, ужо даволі вырасла і разьвілася ў творах нашых выдатнэйшых пісьменнікаў і мае свае азначаныя рысы, але для нармальнага разьвіцьця яе ў далейшым патрабуецца як мага больш цесная сувязь з народнай мовай, бо літаратурная мова жыве й разьвіваецца на грунце народнай мовы.

І гэта заданьне - замацаваць сувязь нашай літаратурнай мовы з мовай народнай, як нельга больш адпавядае пільнай патрэбе нашага моманту, - стварыць беларускую навуковую тэрміналёгію, якая мела б жыцьцёвы характар, у чым павінны быць зацікаўлены кожны настаўнік беларускае школы.

Кожны настаўнік добра сябе уяўляе 6, як цяжка бывае часам выкладаць тую ці іншую навуку, калі тэрміналёгія яе або яшчэ мала апрацавана, або мае значную колькасьць новатвораў, часамі неўдалых і нават незразумелых. А тым часам магчыма, што пэўны новатвор зусім непатрэбен, што ў жывой народнай мове маецца слова з тым жа самым сэнсам, што і навуковы тэрмін. Такім спосабам, зьбіраючы словы жывой народнай мовы, настаўніцтва зможа дапамагчы і тэрміналёгічнай працы Інстытуту Беларускае Культуры, а тым самым і сваёй навучальнай працы ў школе.

Праца па зьбіраньню слоў з народнай мовы цікава яшчэ для настаўніцтва з чыста мэтодолёгічнага боку. Програма нашых школ будуецца на вывучэньні ў першую чаргу вакольнага жыцьця школы; наша школа, такім чынам, мае краязнаўчы ўхіл. А пры вывучэньні вакольнага жыцьця, настаўніцтва ня можа абыйсьці такога важнага факту, як мова вакольнага насельніцтва. Наадварот, яно мусіць ня толькі добра вывучыць гэтую мову, а навучыцца спасьцерагаць яе факты, можа нават самыя дробныя і на першы раз незаметныя, і рабіць іх запісы. А навучыўшыся рабіць запісы, дасьледаваўшы гэтую справу, настаўнік аўладае разам з тым і мэтодам ажыцьцяўленьня ідэй працоўнай школы.

Трэба яшчэ заўважыць, што гэта праца, як і ўсялякая навукова-дасьледчая праца, будзе мець для кожнага настаўніка не малое культурна-асьветнае значэньне і дасьць 7 яму глыбокае маральнае задавальненьне.

Дзеля гэтага Народны Камісарыят Асьветы БССР, запрашаючы ўсіх настаўнікаў адгукнуцца на заклік Інстытуту Беларускай Культуры і прыняць актыўны ўдзел у працы па зьбіраньні народнага слоўніка-тэрмінолёгічнага матар'ялу па ўкладаньню слоўніка жывой беларускай мовы, мае пэўнасьць, што настаўніцтва прыйме гэты удзел і тым дапаможа залажыць моцную падваліну 8 для 9 беларускага культурнага будаўніцтва.

НАРОДНЫ КАМІСАР АСЬВЕТЫ І СТАРШЫНЯ ІНСТЫТУТУ БЕЛАРУСКАЕ КУЛЬТУРЫ Ў. Ігнатоўскі 10.

СТАРШЫНЯ КАМІСІІ ПА ЎКЛАДАНЬНЮ СЛОЎНІКА ЖЫВОЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ С. Некрашэвіч 11.

14-га Лістападу 1925 г. 12, Менск.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Плот, пляцень, штакет, баляска, паркан, тын (изгородь) - віды агароджы.

Плыт (плетень) - адзін або некалькі радоў бярвенняў, замацаваных разам для сплаву іх па рацэ.

Плытагон, плытнік (сплавщик) - работнік, які рыхтуе плыты і сплаўляе іх па рацэ.

Плябань - дом ксендза.

Пляцёнка, зубатка (соломенная шляпа) - саламяны капялюш з жытняй саломы ў Гарадзенскай губерні.

Повал (потолок) - столь у в. Лукава Маларыцкага раёна.

Подкур, падкур, адзёр - памост з тоўстых дошак вакол дрэва з вострымі драўлянымі калкамі, які бараніў борці, калодачныя вуллі ад мядзведзяў.

Пожня (пожня) - 1) зжатае поле: 2) няскошаны луг.

Покуць, чырвоны кут (красный угол) - кут з абразамі за сталом.

Пол, памост, палок (полати) - насціл з дошак паміж печчу і тарцавой сцяной, на якім спала сям'я. Над полам былі палаткі. Пад полам была падлога альбо яма для бульбы.

Поліка (вставка) - устаўка ў кашулі на плячах паміж заднімі і пярэднімі палотнішчамі.

Поліўка, полеўка (похлёбка) - кіслая страва прыгатаваная з мукі (аўсянай або жытняй ці пшанічнай) з дабаўкаў прысмакаў, іншы раз сала ці мяса.

Поліўка на Віцебшчыне - страва, якая нешта сярэдняя паміж украінскім баршчом і беларускай кіслай капустай . У кіслы расол квасу (хлебнага або бурачковага ) або сыроваткі дабаўлялі мучную закалоту і ўсе прысмакі, якія ішлі ў капусту

Поліўка - звараная свіная кроў з дабаўленай мукой (Вілейскі раён).

Полка (пелёнка) - 1) кавалак палатна для акутвання немаўляці; 2) льняная посцілка з прышыванымі канцамі, якая выкарыстоўвалася для пераноскі рэчаў, з якой хадзілі на рынак (Ляхавіцкі раён).

Полька (полька) - 1) бытавы беларускі танец у хуткім тэмпе і музыка да яго; 2) мужчынская стрыжка валасоў, пры якой валасы на скронях і патыліцы крыху падстрыгаюцца.

Поляк (поляк) - вялікі гаршчок з невялікай ручкай, які выкарыстоўваўся для захавання збожжа (в. Гарадная Столінскага раёна).

Поп (пастырь овец православных) - праваслаўны святар.

Поплаў (пойма) - заліўны луг, які выкарыстоўваецца для пашы свойскіх жывёл.

Попрадкі, супрадкі (посиделки) - вячоркі, на якіх прадуць.

Порткі, порты (брюки летние) - летнія штаны, сшытыя з белага палатна, а нагавіцы - суконныя штаны.

Порцік (портик) - галярэя на калонах або слупах, звычайна перад уваходам у будынак.

Посах, кавенька, кульбака, ляска (посох) - палка з ручкай і без ручкі для апірання пры хадзьбе.

Пост (пост) - добраахвотнае ўстрыманне ад прыёму скаромнай ежы ў сувязі з рэлігійнымі вераваннямі.

Постаць (стать) - 1) стан, асанка; 2) (полоса, занятая одной жницей) месца, занятае жняёй на ніве.

Посцілка, дзяружка (покрывало) - лёгкая саматканая просціна, якой пакрываюць ложак або рассцілаюць на пасцель.

Пошта (почта) - 1) установа для адпраўкі пісем і іншых паведамленняў, 2) (яма) станцыя для замены экіпажу, 3) сістэма руху людзей на дарогах у ХІV-ХІХ стст.

Поштмайстар (ад ням. Postmeister) - начальнік паштовай канторы.

Пояс, пас (пояс) - 1) вязаны шнур або тканы выраб для падпяразвання адзежы па таліі; 2) рэмень для падпяразвання.

Праварына, загарадка (стойло) - стойла ў хляве, адгароджаная жэрдкамі для адной жывёліны.

Правіла - верхняя закоціна.

Прагон (прогон) - праезд ад адной паштовай станцыі да другой.

Пража (пряжа) - ніткі, атрыманыя прадзеннем.

Пражальнік - гліняная скаварада ў в. Гарадная Столінскага раёна.

Пражаная яечня (яишница) - яйкі змешаныя з малаком і запечаныя ў латушцы або гаршчку ў печы. У Вілейскім раёне гэта проста яечня.

Пражыць (прожарить) - прапячы што-будзь на агні. Пражаны гарох атрымлівалі так. Звычайна спачатку гарох замочвалі, каб ён набрак, а пасля яго пяклі на патэльні. Потым яго елі, як арэхі.

Пражэльнік, пражэльня (гончарная сковородка) - ганчарная пасудзіна накшталт патэльні.

Пракуратар (прокуратор) - прафесійны юрыст - павераны ў ВКЛ, абаронца падсуднага ў судзе (па-сучаснаму адвакат).

Пранік, прач (валёк) - плоскі драўляны брусок з ручкай для выбівання бялізны пры мыцці ці абівання, абмалоту лёну і г.д.

Праснак (корж) - так на Магілёшчыне называлі корж, спечаны з прэснага жытняга або пшанічнага цеста (Шэйн, т. 3, с. 27).

Праснак, прэснік (опреснок) - тоўсты блін з прэснага (некіслага, недасоленага, без прыправы) цеста.

Прасніца, потась (пряслице) - прылада, да якой прывязвалі кудзелю для прадзення.

Прапінацыя (пропинация) - выраб і продаж моцных спiртных напіткаў.

Прачыстая (Успение) - адно з царкоўных святаў - дзень смерці Багародзіцы (28 жніўня па н. ст.).

Пробашч, парох, плябан (настоятель католического прихода) - кіраўнік прыходу ва ўніяцкай і каталіцкай цэрквах, што адпавядае настаяцелю царквы ў праваслаўных.

Прам - назва трама ў Пінскім раёне.

Просвіра, прасвірка (просфора, просвира) - невялікая круглая пшанічная булачка, выпечаная з пшанічнага цеста для праваслаўных абрадаў (у католікаў - госція).

Прошва (пошивка, прошва) - карункавая або вышываная палоска, якую ўшываюць у настольнік.

Прошча (место поломничества) - месца (крыніца, камень і іншае), якое надзеленае, паводле веруючых, надзвычайнай сілай.

Прочкі (уход из семьи) - часовае пакіданне сваёй сям'і з прычыны нязгоды, неладаў.

Прыварак (приварок) - крупы.

Прывен, сені, сенцы (сени) - першае прахадное гаспадарчае памяшканне, праз якое праходзяць у трысценнік (кухня) і святліцу.

Прывязка (привязка) - тонкая жэрдачка, якая мацавала салому страхі да латы.

Прыгон (крепостное право, принуждение) - павіннасць прымусовай работы.

Прыгумак, мякіннік (пригуменник) - бакавая прыбудоўка каля гумна для захоўвання мякіны (в. Лапуны Камайскага с/с Пастаўскага раёна).

Прыгуменне, пружмень (гуменник) - частка падворка каля гумна.

Прыданыя (сватьи невесты) - радня маладой, якая пасля ад'езду маладой альбо назаўтра ехала праведаць маладую ў хаце маладога і везла ёй пасаг (прыданае) і снеданне.

Прызба (завалина) - невялікі насып зямлі, кастры або лісцяў вакол сцен хаты знадворку для яе ўцяплення.

Прыкладзіны (поминки) - памінанне нябожчыка, памерлага сёлета, перад асеннімі Дзядамі.

Прыклетак (кансоль) - драўляны выступ клеці.

Прыклетнік, пераклець (крыльцо клети) - ганак клеці.

Прымха (суеверная примета) - забабонная прыкмета.

Прыпечак (припечек) - 1) пляцоўка перад чалеснікамі печы; 2) выступ печы, на якім можна сядзець альбо нешта паставіць, прымурак.

Прысмакі (лакомство) - 1) прыправы; 2) ласункі.

Прыстаў (пристав) - начальнік паліцыі невялікага ўчастка ў царскай Расіі.

Прысяжны павераны (присяжный поверенный) - адвакат у царскай Расіі.

Прытвор (притвор) - пярэдняе памяшканне перад уваходам у культавы будынак.

Прыход (приход) - ніжэйшая царкоўна-адміністрацыйная адзінка ў праваслаўнай царкве; грамада вернікаў, аб'яднаных пры храме.

Прышч - старадаўняя страва на Тураўшчыне. Густа замешанае прэснае цеста пасыпалі зверху мукой і клалі ў гарачы попел. Праз 10-15 хвілін яно спякалася і яго можна было есці. (Малчанава, с. 192.)

Прычолак (причёлок) - ніжняя частка саламянага франтона, выгнутая вонкі.

Прэнт (прут) - мера плошчы, роўная 23,7 кв. м.

Псярня, сабакарня (псярня, собачник) - памяшканне для сабак. Такія памяшканні былі ў багатых паноў.

Псяюха - чалавек, які выклікае агіду.

Птушнік (птичник) - 1) памяшканне для ўтрымання курэй; 2) рабочы, які даглядае курэй на птушніку.

Пуга (кнут) - прымацаванаы да палкі кавалак вяроўкі або сырамяці, якім паганяюць жывёлу.

Пугаўё, пужаўно (кнутовище) - дзяржанне пугі.

Пуд (пуд) - мера вагі, роўная 40 фунтам, што апавядае 16,38 кг

Пудніца (пудница) - клёпачны выраб накшталт паўасьмінкі, які разлічаны на 1 пуд жыта.

Пудзіла (чучело) - на агародзе выстаўляецца чучала - выява (фігура) чалавека для адпужвання птушак.

Пуня, сенніца, адрына (сенной сарай) - будынак для сена і кармоў жывёле.

Пук (связка) - тоўсты сноп (з 3-5 снапкоў лёну) льнотрасты (в. Садавічы Капыльскага раёна).

Путра (кулага) - саладуха на Тураўшчыне.

Пушня (ручная машина для очистки зерна) - назва ветранкі ў в. Навасёлкі Старагабскага с/с Мядзельскага р-на, арфа.

Пчальнік (пасека) - месца, дзе знаходзяцца вуллі з пчоламі.

Пчаляр (пасечник) - той, хто трымае і даглядае пчол.

Пчалярства (пчеловодство) - промысел па развядзенні пчол.

Пядзя (пядь) - мера даўжыні паміж вялікім і сярэднім раскрытымі пальцамі рукі.

Пярэзвы, перазоў, перазоўкі, падвясёлкі (перезовки) - звычай запрашэння і частавання ўдзельнікаў вяселля ў хатах сваякоў маладых у канцы вяселля і ў хатах бацькоў маладых пасля яго.

Пятро (праздник Св. Петра и Павла) - хрысціянскае свята ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, якое адзначаецца праваслаўнымі 12 ліпеня (па н. ст.).

Пятроўка, пятроўскі пост (апостольский пост) - апостальскі пост перад Пятром (ад панядзелка пасля Сёмухі да Пятра і доўжыцца ад 8 да 42 дзён).

Пярсцёнак (обручальное кольцо) - абадок на палец, зроблены з дарагога металу, які носяць сямейныя на правай руцэ як сімал шлюбу.

Пярун (Перун) - 1) язычніцкі бог навальніц і грому; 2) удар грому.

Пярына (перина, пуховик) - вялікая насыпка, напоўненая пер'ем, на якой спяць або якой накрываюцца.

Пярэплат - некалькі злучаных астроўкаў на гумнішчы для прасушкі кармоў.

Пясочнікі, запясочнікі - падоўжныя бярвёны на столі для затрымання пяску, каб ён не сыпаўся каля страхі.

Пяцідзесятніца, Сёмуха, Зялёныя святкі (Троица, Пятидесятница) - старажытнае земляробчае свята беларусаў і іншых славянскіх народаў, якое адзначалася праз 7 тыдняў (на 50-ы дзень) пасля Вялікадня. Падворак і хата пера гэтым святам упрыгожвалася маем (галінкамі бярозак і клёну).

Пячнік (печник) - той, хто робіць печкі і печы.

Пячурка (ниша в стенке печи) - выемка у бакавой сцяне печы для прасушкі дробных рэчаў (панчох, пальчатак і г. д.).

Пячысты (жаркое) - адвараная, тушаная ці смажаная тушка парасяці, труса, зайца, качкі, курыцы. і г д.

Р

Рабін (рабин) - духоўны кіраўнік вернікаў іўдзейскай грамады.

Рабінавая ноч (рябиновая ночь) - навальнічная грымотна ноч, якая здараецца ў жніўні месяцы.

Рабінка (рябинка) - адна з народных назваў піжмы.

Рабіннік (рябинник) - 1) зараснікі рабіны; 2) пеўчая птушка сямейства драздоў атрада вераб'іных.

Рабушка, рабан, шарачак (полотняная юбка) - спадніца, сшытая з палатна, вытканага ў клетку.

Рагатка (рогатка) - звычай перагароджваць дарогу вясельнаму поезду з мэтай атрымаць выкуп за маладую.

Рагатка (вьюшка) - вітушка з рожкамі для наматваня пражы (в. Студзенікі Навадворскага с/с Свіслацкага раёна).

Рагаціна (рогатина) - драўляная зброя для палявання на мядзведзя.

Рагач (рогач) - 1) драўляная саха, ніжняя частка сахі; 2) пячныя вілкі ў некаторых вёсках; 3) самец лася; 4) прозвішча або мянушка ў некаторых вёсках.

Рагожа (рогожа) - тканіна з мачалы, з лубяных палосак.

Рагожны промысел (рогожный промысел) - нарыхтоўка з ліпавай кары лубу, мачалы, лыка і выраб з іх разнастайных гаспадарчых рэчаў.

Радаслоўе, радаслоўная (родовод) - гісторыя роду.

Радаўніца (радуница) - веснавое свята памінання продкаў на дзявяты дзень (у аўторак) пасля Вялікадня.

Радзімічы (радимичы) - этнічная супольнасць, якая існвала ў часы ранняга Сярэднявечча. Радзімічы жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытокаў.

Радзіны, хрэсьбіны (крестины) - сямейнае бытавое святкаванне з нагоды нараджэння дзіцяці і яго хрышчэння.

Радзіха, парадзіха (роженица) - жанчына, якая нарадзіла дзіця.

Радзюжка (покрывало) - дзяружка, посцілка.

Радна, дзяружка (покрывало) - посцілка (в. Парэ Ласіцкага с/с Пінскага раёна).

Радно (холст) - тоўстае палатно з грубай кудзелі або з пянькі, а таксама выраб з такога палатна.

Радня (родня) - сваяцтва.

Радняны - зроблены з радна.

Раёк (раёк) - від паказу на кірмашах.

"Раёк" - старадаўняя гульня.

Раёўня (роёвня) - круглая лубяная каробка з накрыўкай для прымання раёў і пераносу іх з месца лоўлі на пасеку.

Ражка (лохань) - драўлянае (невысокае, але шырокае, дыяметр у паўтара раза большы за вышыню) вядро для кармлення жывёлы (Браслаўскі, Пастаўскі раёны).

Ражачка - кадка ў в. Скелдычы Шчучынскага раёна.

Разак (резак) - прылада для рэзання чаго-небудзь, напрыклад, торфу.

Развалкі, розвальні (розвальни) - нізкія і шырокія сані з прыстасаваннем (трапецападобная рама) для павялічэння пагрузачнай плошчы. Служылі для перавозкі сена і саломы.

Разводдзе (половодье, разлив) - вясенні разліў рэк і рэчак.

Разец (резец) - 1) хак; 2) рэжучы інструмент для апрацоўкі дрэва, металу; 3) пярэдні зуб плоскай формы ў чалавека і некаторых жывёл.

Размалёка (раскраска) - сценны жывапіс; узор, арнамент, намаляваныя з мэтай упрыгожвання.

Разора, разорына (борозда) - паглыбленне ў полі шырынёй у дзве баразны паміж двума загонамі.

Разьба (резьба) - 1) выразанне ўзораў на цвёрдых матэрыялах; 2) узор, малюнак, выразаны на цвёрдым матэрыяле.

Рай (рай) - 1) паводле рэлігійных уяўленняў, месца на тым свеце, дзе знаходзяцца ў шчаслівым існаванні бязгрэшныя душы праведнікаў пасля смерці; 2) зямны рай - прыгожае і шчаслівае месца.

Рала, сошка (сошка) - адназубая саха (плужок) для акучвання бульбы.

Ральнік (сошка) - акучнік.

(Працяг у наст. нумары.)


Выкарыстанне Скарынiяны на ўроках гiсторыi i ў пазакласнай дзейнасцi

Гiстарычнае мiнулае нашай Бацькаўшчыны адзначана многiмi значнымi постацямi. Францыск Скарына - чалавек Свету, якi ўнёс вялiкi ўклад у развiццё еўрапейскай культуры, аб'яднаў сваёй працай многiя гарады i краiны, i сёння з'яўляецца лепшым дыпламатам. Спадчына Ф. Скарыны - наш гонар, наш нацыянальны скарб, вiзiтоўка нашай дзяржавы.

Асоба Ф. Скарыны дастаткова вядомая вучням. Якую галiну ведаў ні ўзяць, мы не абыдзем сваёй увагай Ф. Скарыну, бо ён i фiлосаф, i гiсторык, i батанiк, i медык. Таму задача настаўнiка - напоўнiць змест урока новым сэнсам, новым бачаннем, новым глыбокiм разуменнем дзейнасцi чалавека, якi прысвяцiў сваё жыццё кнiгадрукаванню i асветнiцтву. На ўроках гiсторыi я iмкнуся паказаць Ф. Скарыну як жывога Чалавека, з яго марамi, думкамi, перажываннямi. Знаёмства з жыццёвым шляхам i асноўнымі вехамі дзейнасцi Ф. Скарыны пачынаецца на ўроках "Мая Радзiма - Беларусь" у 4 класе i больш дасканала вывучаецца ў 7 класе. Клас на папярэднiм уроку дзелiцца на группы. Кожная група атрымлiвае заданне. На дадзеным уроку выкарыстоўваю групавую форму работы.

Гiсторыкi - бiёграфы знаёмяць вучняў з жыццёвым шляхам Ф. Скарыны.

1. Калi i дзе нарадзiўся Ф. Скарына?

2. Хто былi яго бацькi i чым займалiся?

3. Дзе Ф. Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю?

4. Ф. Скарына, як вядома, двойчы доктар навук. У якiх галiнах яму прысудзiлi гэтыя ву-чоныя ступенi?

5. Чаму Ф. Скарына не шукаў службы пры двары якога-небудзь уладара?

6. Цi збылася мара Ф. Скарыны?

7. Дзе i калi скончылася яго жыццё?

Нарадзіўся Францыск у сям'і купца Лукі Скарыны ў старажытным Полацку каля 1490 года. Ёсць меркаванне, што ў гэты дзень было сонечнае зацменне. Сонца сярод белага дня пачало засланяцца цемраю. Людзi з жахам глядзелi, як яно ўсё меншала і меншала. Цi не сканчэнне свету? Набожныя людзi пачалi горача малiцца. Суцэльная цемра схавала ўсё. Але тут праз хвiлiну зноў выблiснула сонца. I ўсе ўздыхнулi. Мабыць, у гэты час у жонкi полацкага купца Лукi Скарыны нарадзiўся сын. Францiшак падрастаў i пачаў задумвацца пра далейшае жыццё. Ад бацькi i настаўнiкаў ён даведаўся, што ў еўрапейскiя ўнiверсiтэты прымаюць толькi тых, хто валодае лацiнскаю моваю. Францiшак пачаў вучыць лацiнскую мову ў полацкiх манахаў-бернардзiнцаў. Ён цвёрда вырашыў паступаць у Кракаўскi ўнiверсiтэт. Яму было 14 гадоў.

Адлегласць ад Полацка да Кракава 1057 кiламетраў. У наш час гэта 12 гадзiн аўтобусам у дарозе, а ў 16 стагоддзi на павозцы можна было праехаць у дзень каля 100 кiламетраў. Ва ўнiверсiтэце Францыск заплацiў уступныя грошы. Потым яшчэ па 2 грошы ён кожны тыдзень павiнен быў аддаваць за сталаванне i начлег у пакойчыку iнтэрната - бурсы. Цi вялiкая плата была 2 грошы? За 2 грошы можна было купiць добрыя чаравiкi. Хто з нас, апынуўшыся далёка ад бацькоўскай хаты, не тужыць па ёй. Напэўна нялёгка было і Францiшку жыць далёка ад сваёй сям'і на чужбiне, але ў яго была вялiкая прага да ведаў. Ва ўзросце 16 гадоў у 1506 годзе Скарына закончыў Кракаўскi ўнiверсiтэт, атрымаў ступень бакалаўра i дыплом доктара фiласофii.

У Падуi ў 1512 годзе Ф. Скарына здае экзамен i першы сярод усходнiх славян стаў доктарам медыцыны. Гэта была значная падзея не толькi ў яго жыццi, але i ў гiсторыi беларускай культуры: сын полацкага купца здолеў даказаць, што здольнасцi i прызванне важнейшыя за арыстакратычнае паходжанне. Ва ўнiверсiтэце ёсць славутая "Зала сарака", дзе калiсьцi адбывалiся паседжаннi калегii вучоных, а цяпер знаходзiцца 40 партрэтаў знакамiтых людзей, што некалi выкладалi цi вучылiся ў Падуанскiм унiверсiтэце. У верхнiм ярусе мы бачым партрэт чалавека ў поўны рост у доўгай мантыi, аздобленай залатым шыццём i футрам гарнастая. Уверсе напiсана на лацiнскай мове "Францыск Скарына з Полацка. 1512 год." Побач з iм партрэты Галiлея, Капернiка - сусветна вядомых вучоных.

У 1992 годзе была адкрыта мемарыяльная дошка Ф. Скарыны ў Падуанскiм унiверсiтэце . Доктар медыцыны мог пайсцi працаваць прыдворным лекарам i жыць заможна i шчаслiва, але не медыцына, не вольныя навукi сталi сэнсам яго жыцця. Думкi Ф. Скарыны былi пра iншае. У Заходняй Еўропе ў 260 гарадах iснавалi друкарнi. Ва Усходняй Еўропе сотнi перапiсчыкаў на працягу многiх гадоў перапiсвалi кнiгi. За дзень у сярэднiм манах мог перапiсаць 34 старонкi. У Францыска Скарыны была мара - надрукаваць кнiгi на роднай мове. Выбар беларускiм гуманiстам Чэхii не быў выпадковым, бо Прага зўяўлялася адным з буйнейшых цэнтраў кнiгадрукавання.

Кнiгазнаўцы расказваюць пра выдавецкую дзейнасць Ф. Скарыны.

1. Дзе пачаў выдавецкую дзейнасць Ф. Скарына?

2. Калi i дзе выдадзена першая кнiга Ф. Скарыны? Як яна называлася?

3. Чаму першай друкаванай кнiгай усходнiх славян стала менавiта Бiблiя?

3. Дзе ў ВКЛ была наладжана iм друкарня?

4. Якiя кнiгi былi выдадзены ў Вiльнi? Каму належала вiленская друкарня?

6 жнiўня 1517 года - дзень, якi Скарына запомнiць на ўсё жыццё. У гэты дзень пачала здзяйсняцца яго мара. Тое, што было ў думках, вось ужо ў ягоных руках. Ён гэта робiць не для таго, каб узбагацiцца, а для таго, каб узбагацiць мудрасцю, якая запiсана ў Бiблii, сваiх землякоў. 6 жніўня 1517 г. Ф. Скарына, першы сярод усходніх славян, выдаў у чэшскім горадзе Празе друкаваную кнігу - першую кнігу Бібліі - "Псалтыр". Усяго ў Празе было выдадзена 23 кнiгi. Усе яны былi часткамi старажытнай кнiгi - Бiблii. У фондах Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi захоўваецца 10 кнiг, выдадзеных Ф. Скарынам у Празе ў 1517 - 1519 гадах.

Чаму першай друкаванай кнiгай усходнiх славян стала менавiта Бiблiя? Бiблiя - галоўная кнiга чалавецтва, помнiк сусветнай культуры, кодэкс маралi. У вераснi 2015 года я была на Святой зямлi. Гэта была паломнiцкая паездка. У групе былi i праваслаўныя, i католiкi. Нам пашчасцiла прысутнiчаць на асвячэннi дошкi Магнiфiкат. Было 300 вернiкаў з Беларусi. Там, на Святой зямлi, гучала беларуская мова, якая аб'ядноўвала ўсiх людзей. Кожны адчуваў гонар за наш народ, нашу краiну. А першым хто ўзняў беларускую мову на такi ўзровень, быў Францыск Скарына. У сваiх прадмовах асветнiк пры кожным зручным выпадку падкрэслiвае, што Святое Пiсьмо ён выдае на той мове, з якой яго "лiтасцiвы Бог на свет пусцiў". Мiтрапалiт Мiнска - Магiлёўскi Тадэвуш Кандрусевiч гаварыў аб тым, што кожны чалавек на Святой зямлi пачынае духоўную рэвалюцыю, якая мяняе наша жыццё. Сёння не ў кожнага ёсць магчымасць пабыць на Святой зямлi, але ў Бiблii людзi могуць знайсцi адказы на хвалюючыя пытаннi. Бiблiя - гэта крынiца з жывой вадой, якая дапамагае залечваць нашы душэўныя раны.

Трэцяя група (лiтаратары).

1. Як называюцца артыкулы, якiмi пачынае i заканчвае свае кнiгi Ф. Скарына?

2. Апiшыце, якiмi ўяўляюцца знешнасць, характар Ф. Скарыны, яго адносiны да людзей.

3. Падбярыце цытаты з твораў беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў пра Ф. Скарыну.

У Вiльнi ў 1522 годзе была надрукавана "Малая падарожная кнiжка", у 1525 годзе - "Апостал". Скарына едзе ў Маскву, вязе туды свае кнiгi, прапануе ўладарам наладзiць кнiгадрукаванне. Вялiкi князь маскоўскi Васiль ІІІ адмовiўся i замест удзячнасцi даў загад спалiць прывезеныя кнiгi. Калi гарэла вогнiшча, то Францыску Скарыну здавалася, што гарыць не толькi яго шматгадовая праца, але гарыць i ён сам. У наш час друкаванне кнiг - звычайная, будзённая справа. А тады, 500 гадоў назад, гэта было нешта новае, неверагоднае. I адносiлiся да гэтага па-рознаму: хто з прыязню i захапленнем, а хто з адкрытай цi прыхаванай злосцю.

Лёс Ф. Скарыны, як i лёс усiх генiяў, складаны. Cкарына ўзнiмаўся на вяршыню, гэта яму давалася няпроста, з вялiкiм нечалавечым намаганнем сiлы i волi, на якiя здольны не кожны, а толькi адзiнкi. Ён падаў, паднiмаўся, iшоў наперад.

Чацвёртая група (картографы).

На контурнай карце пазначце гарады, звязаныя з жыццём i дзейнасцю Ф. Скарыны. Успомнiце, з якiмi падзеямi жыцця Скарыны яны звязаны.

5 група (графiчныя рэдактары).

1. Запоўнiць храналагiчную таблiцу "Жыццё i дзейнасць Ф.Скарыны"

2. Прадоўжыць лагiчны ланцужок: 6 жнiўня 1517 г. Прага "Бiблiя" - …

3. Разгадаць рэбусы. Якiя падзеi з жыцця Ф. Скарыны звязаны з назвамi, што зашыфраваны ў рэбусах. Полацк, Кракаў, Вiльня.

4. Неабходна дапоўнiць крыжаванку.

Памяць пра родную зямлю i свой родны горад Полацк Францыск Скарына захоўваў на працягу ўсяго жыцця. З нязменным пастаянствам адзначаў ён у кнiгах сваё полацкае паходжанне, "са слаўнага горада Полацка". Ф. Скарына вучыць нас любiць сваю Бацькаўшчыну, тое месца, дзе нарадзiўся i вырас, вучыць патрыятызму.

У 8 класе на ўроку па тэме "Рэфармацыя ў Беларусi" вучнi знаёмяцца з паслядоўнiкамi Ф. Скарыны - Сымонам Будным i Васiлём Цяпiнскiм. Сымон Будны ў 1562 годзе ў Нясвiжы выдаў на беларускай мове кнiгу "Катэхiзiс". Выдаючы "Евангелле", Васiль Цяпiнскi ставiў мэту не толькi спрыяць рэлiгiйнаму выхаванню, але ўзняць асвету i нацыянальную свядомасць беларускага народа.

У 11 класе на ўроку па тэме "Развiццё адукацыi, навукi i культуры" вучнi расказваюць, як удзячныя нашчадкi ўшаноўваюць памяць Францыска Скарыны. Яго iмем названы вулiцы ў многіх гарадах Беларусі, Гомельскi дзяржаўны ўнiверсiтэт. Помнiкi Ф. Скарыну пастаўлены ў Полацку, Лiдзе, Менску, Вiльні, Калiнiнградзе, Празе. Iмем Францыска Скарыны названа малая планета № 3283 Сонечнай сiстэмы. Уведзены дзяржаўныя ўзнагароды Беларусi - медаль Францыска Скарыны (1989) i ордэн Францыска Скарыны (1995)

Да святкавання 500 - годдзя беларускага кнiгадрукавання настаўнiкамi гiсторыi былi праведзены наступныя мерапрыемствы:

1. Гульня - вiктарына "Францiшак Скарына i яго час".

2. Вусны часопіс "Друкарнi i друкары ВКЛ".

3. Конкурс "Славутыя iмёны Бацькаўшчыны".

4. Гадзiна духоўнасцi з удзелам святара "Для чаго вывучаюць Бiблiю?"

5. Круглы стол "Жыве Скарыны запавет".

Скарына на сваiм прыкладзе паказвае, якiм можа быць чалавек, чаго ён можа дасягнуць, калi прыкладзе свае сiлы i намаганнi ў правiльна выбраным кiрунку, калi ён iдзе да мэты i ўпэўнены, што ён робiць людзям дабро. Ф. Скарына ўспрымаецца намi як сучаснiк. Душа Ф. Скарыны жыве, жыве яго справа.

Тарэса Станіславаўна Капачэль , настаўніца гісторыі СШ № 17 г. Ліды.


ЖНІВЕНЬ КНІГ

6 жніўня 1517 года Францішак, Скарынін сын з Полацка распачаў у Празе свой жнівень кніг. Напачатку ў пячатні кірылаўскага друку выйшаў "Псалтыр", а да канца 1512 года - яшчэ 20 выданняў, якія ўтрымлівалі 23 кнігі Старога Запавету.

На радзіму беларускай Бібліі са сваёй радзімы Скарына вярнуўся ў траўні 1535 года. Пішуць: эміграваў. А мо стаў выгнаннікам лёсу?

У Львове, у кнігазборы Іларыёна Свянціцкага я трымаў у руках кнігі Скарыны. І яны сталі выгнаніцамі, бо ніхто з Беларусі не зацікавіўся іх далейшым рухам. Партрэт Ф. Скарыны бачыў я ў Рызе, у Музеі медыцыны, бо там ведалі, што беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, вучоны, пісьменнік, перакладчык, гуманіст і асветнік Францішак сын Лукі Скарына з блізенькага ад Рыгі Полацка атрымаў дыплом доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце ў 1512 годзе.

У Рызе, у Латвійскай акадэміі мастацтваў вучыўся Пётра Мірановіч, аўтар партрэта Ф. Скарыны, які тут прадстаўлены. Мастак нарадзіўся 21 верасня 1902 года ў Краслаўскім павеце на беразе Дзвіны-Даўгавы. У гады нямецкай акупацыі беларусы Латвіі дамагліся адкрыцця сваіх школ і нават гімназіі. Мірановіч стаў інспектарам беларускіх школ. І калі дырэктар гімназіі Сяргей Пятровіч Сахараў пасля вайны быў рэпрэсаваны і высланы ў Казахстан, а па вяртанні мог жыць за 100 вёрст ад сям'і ў Рызе, то Мірановіч выбраў дабравольнае выгнанне. Выратавальны шлях мастака быў круцейшы, чым у першадрукара. Спачатку працаваў у Венскай акадэміі мастацтваў, з 1950 года абаснаваўся ў нью-ёрскім Брукліне.

А партрэт Ф. Скарыны ў выкананні Пётры Мірановіча я сфатаграфаваў у Чыкага ў сям'і яшчэ адных выгнанцаў - Веры і Вітаўта Рамукоў. Скарына яднаў суайчыннікаў на ўсіх кантынентах планеты Зямля.

І на ўсіх мацерыках важна бачыць вехі беларускай прысутнасці. Пазначым даты атрымання Скарынам дыплома доктара медыцыны. выхаду першай кнігі Скарыны ў Празе, чуць пазней - у Вільні… Мо і ярчэй стане ад жнівеня кніг Францішка Скарыны!

Сяргей Панізьнік.

Малітва Скарыны

Сяргей Панізьнік

Во гэтаксама, як дзічына:

на дальні выбегла лужок,

а прызнае сваё лаўжо;

як птушачка: з-пад аблачыны

палі, разлогі аглядае,

а ведае сваё гняздо

ў траве высокай і густой;

як рыба: ў касяку гуляе;

плыве да берага чужога,

а чуе схоўныя віры;


як пчолы: ў полі да пары,

а ворага ля іх парога,

вулей баронячы, зваююць, -


таксама й людзі: да зямлі,

дзе ўзгадаваныя былі,

дзе Бог ім сэрцы акрыліў, -

любоў вялікую мілуюць.

6.11.2009 г.


Трэба захаваць вясковыя музеі

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Качанавай Н. I.

вул. Карла Маркса, 38,

Мінск, 220016

Аб гаротным стане вясковых літаратурна-мемарыяльных музеяў

Паважаная Наталля Іванаўна!

Сяброў ТБМ вельмі хвалюе лёс літаратурна-мемарыяльных музеяў і памятных мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомых беларускіх пісьменнікаў, тым больш, што Міністэрства культуры Беларусі не вельмі хвалюе іх лёс. Тое ж самае можна сказаць і пра кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Каб захаваць вясковыя музеі, варта кіравацца заявай Прэзідэнта Беларусі аб тым, што ў Беларусі будуць аднаўляць невялікія вёскі. У сувязі з гэтым будзе дарэчы прыняць адпаведную Пастанову Савета міністраў з прыцягненнем не толькі Міністэрства культуры, але і іншых міністэрстваў і ведамстваў, для развіцця вёсак, дзе адкрытыя літаратурныя музеі і музейныя ўстановы.

Прывядзём некалькі вясковых музеяў (гэты спіс можна значна папоўніць):

1. Музей Петруся Броўкі ў в. Пуцілавічы Ўшацкага раёна;

2. Музей-лецішча Васіля Быкава ў Ждановічах (працуе толькі ў летні перыяд);

3. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна;

4. Будынак былой аптэкі ў в. Глуша Бабруйскага раёна, дзе хочуць зрабіць музей Алеся Адамовіча.

Просім паведаміць, ці будуць прынятыя нейкія крокі па аднаўленні вышэйназваных вёсак і тых, дзе знаходзяцца падобныя музеі. I якія вёскі ўвогуле плануецца аднаўляць.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


У гонар Міхася Мялешкі: у Менску праведзены "Ўзвышаўскія чытанні"

У мастацкай галярэі "Ўніверсітэт культуры" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, што ў Палацы Рэспублікі, прайшлі ХVII Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння гісторыка, архівіста, пісьменніка Міхася Мялешкі. Канферэнцыя, арганізаваная Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, адзначана вельмі грунтоўнымі паведамленнямі, якія прадставілі вядучыя даследчыкі краіны. Дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка нагадала прысутным аб значнай ролі выдатнага гісторыка Віталя Скалабана ў даследаваннях спадчыны Міхася Мялешкі, кінарэжысёры Ілля Бажко і Марта Клінава падзяліліся вопытам працы над дакументальным фільмам пра паэтаў, расстраляных у 1937 годзе. Шырокі рэзананс выклікалі даклады дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіла Шумейкі "Адносіны М. Мялешкі да краязнаўства і архіваў ў святле дыскусій 1920 - пач. 1930-х гг." і дацэнта Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Станіслава Рудовіча "Міхась Мялешка ў рэвалюцыйным водавароце 1917 года: погляд праз стагоддзе".

Шмат дакладаў было прысвечана знакамітым пісьменнікам, якія друкавалі свае творы на старонках літаратурна-мастацкага часопіса "Ўзвышша", сярод іх - "Узвышанскія паэмы Ўладзіміра Дубоўкі: гісторыя тэксту" (дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Таццяна Хоміч), "Светапоглядная эвалюцыя Кузьмы Чорнага як выяўленне зрухаў у грамадскай свядомасці" (дацэнт Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава Алена Гурская), "Літаратурная крытыка Кузьмы Чорнага 1930-х гадоў" (малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Карп) і іншыя.

Падчас чытанняў працавала выстава "Міхась Мялешка. Жыццё дзеля будучыні", а таксама адбыўся канцэрт нашчадкаў Міхася Мялешкі: кампазітара і канцэртмайстра Наталлі Спічко, заслужанага артыста Расіі Васіля Спічко і саліста Міхайлаўскага тэатра Санкт-Пецярбурга Івана Спічко.

Павел Сапоцька , дырэктар мастацкай галярэі "Універсітэт культуры".

На фота Кастуся Дробава: 1. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка і ўнучка Міхася Мялешкі, кампазітар і канцэрт-майстар Наталля Спічко; 2. Спяваюць заслужаны артыст Расіі Васіль Спічко і саліст Міхайлаўскага тэатра Санкт-Пецярбурга Іван Спічко.


Навучальны семінар - знаёмства з Германіяй у Майнцы

Навіны Германіі

16-24 жніўня 2017 года "Dіе Akademie fur Belarus" запрашае на семінар у Майнц, які дапаможа глыбей пазнаёміцца з Германіяй.

З 2007 года "die Akademie fur Belarus" арганізоўвае для студэнтаў і маладых выпускнікоў семінар, які дапамагае лепш спазнаць Нямеччыну. Усе мерапрыемствы праходзяць як у памяшканні народнай школы, так і ў арганізацыях, што прымаюць гасцей з Беларусі.

Семінар дапаможа бліжэй пазнаёміцца з палітыкай, грамадствам Германіі і Еўропы, індустрыяй, гандлем у Майнцы, сістэмай абароны правоў работнікаў, універсітэтам. Так-сама ўдзельнікаў семінару чакаюць экскурсіі па Майнцы і Візбадэне, Франкфурце-на-Майне, Кёльне і паездка да гары Ларэля, а таксама сустрэчы з рознымі людзьмі.

Пасля сканчэння семінару кожны атрымае падцверджанне аб удзеле.

Патрабаванні:

- узрост - 18-35 гадоў;

- добрае валоданне нямецкай мовай;

- цікаўнасць да культуры, палітыкі і грамадства Нямеччыны.

Каб падаць заяўку на ўдзел, трэба даслаць:

- запоўнены і падпісаны фармуляр заяўкі;

- матывацыйны ліст, у якім кандыдату трэба растлумачыць, чаму ён/яна жадае ўзяць удзел і які інтарэс да Нямеччыны мае (аб'ём - 1 старонка на нямецкай мове);

- жыццярыс (біяграфію) у таблічным выглядзе;

- пашпартны фотаздымак;

- падцверджанне ўзроўню валодання нямецкай мовай (альбо ліст ад спадарыні Susanne Bandau - DAAD-лектаркі, альбо падцверджанне ад свайго выклачыка нямецкай мовы).

Усе дакументы неабходна даслаць на адрас сеціўнай пошты akademie@Mainz Minsk.de.

Фінансавыя ўмовы:

Унёсак за ўдзел складае 90 еўра. Выдаткі на візу і медыцынскае страхаванне пакрываюцца арганізатарамі. Пражываць удзельнікі будуць у кватэрах/дамах сяброў мясцовай супольнасці, у якіх ужо ёсць досвед "кватэравання" ўдзельнікаў семінару. Сняданкі, абеды, а таксама вячэры (не заўжды) ўваходзяць у суму ўнёску.

Важна: пра даезд у Майнц і дадому ўдзельнікі мусяць паклапаціцца самастой-на. Дэдлайн - 31 траўня 2017 года.

Крыніца: adukacyja.info, АДБ Брусель.


Лекцыя па гісторыі

З нагоды Міжнароднага дня музеяў краязнаўцы са Слуцка Сяргей Багдашыч і Ігар Ціткоўскі правялі 18 траўня ў Салігорску лекцыю аб гісторыі нашага краю. Яе арганізавалі Незалежны прафсаюз гарнякоў і старшыня Менскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Мікалай Курыльчык.

Краязнаўцы акцэнтавалі ўвагу слухачоў на непарыўнай гістарычнай сувязі паміж Слуцкам, Капылём, Старымі Дарогамі, Любанню, Старобінам і Чырвонай Слабадою (калісьці мела назву Вызна; апошнія два населеныя пункты уваходзяць у склад сучаснага Салігорскага раёна), якіх на працягу стагоддзяў аб'ядноўвала Слуцкае княства. Гэтыя населеныя пункты і адпаведныя ім тэрыторыі складаюць асноўную частку мясцовасці, якую з даўніх часоў называлі Случчынай. Мясцовасці, пра якую выдатны беларускі мовазнавец, пісьменнік і педагог, доктар філалагічных навук Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі (1918-1989) сказаў, што Случчына - "гэта не толькі Слуцк. Як і не толькі сучасны раён ("куток") вакол Слуцка. Не-не! Гучанне слова Слуцк - нібы ідэал і непаўторнага, і прыгожага, і багатага… Не Слуцкі раён, нават не акруга, а Случчына - своеасаблівая зямля, усё своеасаблівае на гэтай зямлі. Гэта і Капыльшчына, і Клеччына, і Нясвіжчына, і Чырвонаслабодчына, і частка Любаншчыны".

Сяргей Багдашыч расказаў пра сучасны стан музейнай справы ў Слуцку, Салігорску, Старых Дарогах, Любані і Капылі. Іх краязнаўчыя музеі адлюстроўваюць не толькі мясцовую гісторыю, але і народны побыт, абрады, традыцыі продкаў. У кожным з гэтых музеяў ёсць што паглядзець. Напрыклад, асноўныя музейныя фонды ў Слуцку складаюць 27 800 адзінак захоўвання, у Капылі - 18 400, у Любані - каля 15 000. Да таго ж у музеях ёсць экспанаты нават з ХІІ стагоддзя. Уяўляеце, да якой даўніны могуць дакрануцца наведнікі музеяў?!

З такой з'явай, як слуцкі культурны феномен, пазнаёміў прысутных на лекцыі Ігар Ціткоўскі. Гэты тэрмін не штучна прыдуманы: у Слуцку у мінулым было ўсё, што лічылася атрыбутам тагачаснай цывілізацыі: друкарні, бібліятэкі, тэатр з аркестрам, балет, разнастайныя ўстановы адукацыі, а таксама талерантны падыход да сумеснага існавання прадстаўнікоў розных канфесій. Дастаткова ўспомніць хаця б пра заснаванне ў 1617 годзе князем Янушам Радзівілам кальвінісцкага вучылішча. Яно пазней было пераўтворана ў гімназію, якая дасягнула такога высокага ўзроўню навучання, што займела вядомасць і славу далёка за межамі Беларусі як "Слуцкія Афіны" і як "Узорная Слуцкая гімназія".

У ходзе лекцыі разгледзелі таксама праблему захавання гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі. Яна актуальная і для Слуцка з яго гарадамі - суседзямі. Напрыклад, у Слуцку захаваліся толькі тры будынкі, якія адносяцца да ХVIІІ стагоддзя, ад ранейшых збудаванняў не засталося і следу. З пабудовай Дома культуры на Слуцкім замчышчы яно ў многім страціла каштоўнасць як помнік археалогіі. Але ж не трэба забываць, што будучыня ў многім залежыць ад нашага стаўлення да помнікаў мінуўшчыны, ад таго, што мы пакінем сваім нашчадкам.

Сяргей Багдашыч і Ігар Ціткоўскі - сябры рэдкалегіі газеты "Інфа-Кур'ер", краязнаўцы. У якасці лектараў удзельнічаюць у правядзенні цыклу лекцый "Пазнай свой горад", які арганізаваны аддзелам па справах моладзі Слуцкай епархіі сумесна з газетай "Інфа-Кур'ер" у кастрычніку 2016 года. Случчане, якія наведваюць лекцыі, могуць даведацца пра цікавыя факты слуцкай мінуўшчыны, археалагічныя і архітэктурныя помнікі нашага краю, пазнаёміцца з яго знакамітымі ўраджэнцамі.

Анатоль Жук , сябар Слуцкай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

РАЗДЗЕЛ XI. КАЧЭЎНІКІ ПАЎДНЁВАЙ ЕЎРОПЫ X - XII стст. З'ЯЎЛЕННЕ Ў ЕЎРОПЕ МАНГОЛА-ТАТАРАЎ I СТВАРЭННЕ ЗАЛАТОЙ АРДЫ

1. Печанегі.

2. Полаўцы.

3. Сярэднявечны Крым. Гісторыя Херсанеса.

4. Тмутаракань.

5. Волжская Булгарыя.

6. Стварэнне Залатой Арды.

1. Печанегі

Печанегі - саюз качавых плямёнаў цюркскага паходжання ўтварыўся ў VIII-ІХ стст. У Еўропе печанегі з'явіліся ў другой палове IX ст. Каля 882 г. яны дайшлі да Крыма, а потым уступілі ў канфлікт з кіеўскімі князямі. Пасля разгрому хазарскай дзяржавы ў 965 г. печанегі занялі ўсе стэпы на захад ад Волгі. Гэта была вялікая тэрыторыя паміж Кіеўскай Руссю, Венгрыяй і Дунайскай Балгарыяй. Печанегі знішчылі паселішчы земляробаў: прыднястроўскіх славян (ціверцаў) і данскіх аланаў. У 968 г. яны аблажылі Кіеў, але былі разбітыя пад яго мурамі. У 972 г. хан печанегаў Кура каля дняпроўскіх парогаў знянацку напаў на вялікага князя Святаслава, забіў яго, а з яго чэрапа печанегі зрабілі чашу для віна. Кіеўскі князь Уладзімір ваяваў з печанегамі з пераменным поспехам. Ён збудаваў на стэпавай мяжы з печанегамі шэраг умацаваных паселішчаў, з якіх павінны былі своечасова паведамляць Кіеву пра набегі ворага.

У ХІ ст. печанегі мелі 13 плямёнаў і качавалі паміж Дунаем і Дняпром. Частка печанегаў каля 1009 г. прыняла іслам, а два заходнія племені колькасцю каля 20 тысяч чалавек, перайшлі Дунай, прызналі ўладу візантыйскага імператара і прынялі ўсходняе хрысціянства. Пазней каля 1048 г., вялікая група печанегаў да 80 тысяч чалавек на чале з ханам Цірахам перайшла Дунай і напала на балгарскія правінцыі Візантыі.

Некаторыя плямёны печанегаў удзельнічалі ў міжусобных войнах кіеўскіх князёў. У 1036 г. яны апошні раз аблажылі Кіеў, але былі разбітыя войскамі Яраслава Мудрага. Рэшткі былых печанегаў склалі новы качавы народ - берандзеяў, або чорных клабукоў.

Чорныя клабукі прызнавалі ўладу кіеўскіх князёў, жылі на поўдні Кіеўскай Русі і баранілі яе ад набегаў іншых качэўнікаў. Частка заходніх печанегаў пасля войнаў з Візантыяй прызнала яе ўладу і паступіла на вайсковую службу імперыі. Некаторыя плямёны печанегаў пачалі несці памежную службу пад загадам венгерскага караля. Пахаванні печанегаў знойдзены археолагамі на тэрыторыі Малдовы, Украіны і Валгаградскай вобласці Расіі. Гэта - невысокія курганы. Нябожчыка клалі галавою на захад. У магілах знаходзяць рэшткі галавы і ног каня, страмёны, шаблі, наканечнікі стрэлаў, падвескі ў выглядзе птушак, срэбныя бляшкі для ўпрыгожвання конскай вупражы, залатыя візантыйскія манеты. Захаваліся пісьмовыя сведчанні пра знешні выгляд печанегаў. Яны былі невысокага росту, мелі маленькія вочы, вузкі твар і цёмныя валасы. Мужчыны галілі свае бароды. Некаторыя даследчыкі лічаць, што нашчадкамі печанегаў з'яўляецца невялікі народ гагаузы, які жыве ў Малдове.

2. Полаўцы

Гэта вялікі качавы народ цюркскага паходжання. Арабы і персы называлі іх кыпчакамі, а візантыйцы - куманамі. У пачатку XI ст. полаўцы з-за Волгі прыйшлі ў прычарнаморскі стэп, адкуль выгналі печанегаў і яшчэ адных качэўнікаў - торкаў. Потым яны перайшлі за Днепр дайшлі да дэльты Дуная. Іх землі ішлі ад Дуная да Іртыша ў Сібіры. Палавецкля зямля ў кіеўкіх крыніцах завецца "поле Палавецкае". У 1055 г. іх атрады ўпершыню з'явіліся каля межаў Кіеўскай Русі. У 1061 г. яны разбілі дружыну князя Ўсевалада Яраславіча і разрабавалі Пераяслаўскую зямлю. У 1068 г. іх войскі на Альце разбілі аб'яднанае войска Яраславічаў, а ў 1078 г. забілі кіеўскага князя Ізяслава. Полаўцы часта бралі ўдзел у міжусобных войнах мясцовых князёў, якія часта запрашалі іх у саюзнікі і нават бралі шлюб з дочкамі палавецкіх ханаў.

У пачатку XII ст. частка полаўцаў перасялілася на Каўказ, за Волгу і Дон. Полаўцы пайшлі на службу да грузінскага цара Давіда і дапамаглі яму выгнаць з краіны туркаў-сельджукаў. Аднак пасля смерці Ўладзіміра Манамаха полаўцы зноў актыўна ўдзельнічаюць у міжусобных войнах кіеўскіх князёў і прымаюць удзел у разгромах Кіева ў 1169 і 1203 гг. Некаторыя палавецкія ханы нават прымаюць хрысціянства.

У 1091 г. полаўцы разам з князем Васількам дапамаглі Візантыі разбіць і знішчыць арду печанегаў, а потым прынялі ўдзел у міжусобнай вайне на тэрыторыі Візантыі, але былі разбітыя і вярнуліся ў свой стэп.

Полаўцы, пачынаючы з 1186 г., дапамагалі балгарам атрымаць незалежнасць ад Візантыі і былі часткаю войска цара Івана Асеня І. Яны займалі высокія пасады ў Другім Балгарскім царстве і служылі ў балгарскім войску. У бітве пад Андрыянопалем яны разбілі войскі IV Крыжовага паходу і ўзялі ў палон імператара Лацінскай імперыі. Аднак у ХШ ст. полаўцаў разбілі войскі мангола-татараў, спачатку на Доне, потым на рэчцы Калцы і ў 1229 г. на Урале.

Пасля еўрапейскага паходу хана Батыя (1236-1242 гг.) полаўцы страцілі сваю незалежнасць і ўвайшлі ў склад новай дзяржавы - Залатой Арды. Некаторыя з іх нават дабраліся да Егіпта і служылі ў егіпецкім войску.

Шматлікія палавецкія плямёны аб'ядноўваліся ў вялікія племянныя саюзы са сваімі прымітыўнымі гарадамі, дзе яны зімавалі. У канцы XI ст. гэтыя саюзы ўтварылі асобныя орды. Арда дзялілася на курані - аб'яднанні блізкіх і далёкіх сваякоў. Курэнь меў сваю тэрыторыю, дзе яго насельнікі зімавалі і качавалі летам. Насельніцтва арды складала каля 100 тысяч чалавек. У першай палове XII ст. існавала ад 12 да 15 палавецкіх ордаў. Некаторыя орды аб'ядноўваліся ў саюзы на чале з каганам, які меў вялікую ўладу. У полаўцаў ужо былі свае феадалы, простыя качэўнікі (пастухі) і нявольнікі (ваеннапалонныя). Некаторыя пастухі траплялі таксама ў феадальную залежнасць ад мясцовай знаці і гублялі асабістую свабоду. Асновай гаспадаркі полаўцаў была жывёлагадоўля. Яны разводзілі буйную рагатую жываёлу, авечак, коней і вярблюдаў. Мелі яны і прымітыўныя гарады, дзе зімавалі. Адзін такі горад, Шарукань, знаходзіўся на месцы сённяшняга Харкава і быў сталіцай заходніх полаўцаў. У ежу яны ўжывалі мяса, малако і проса, а іх улюбёным напоем быў кумыс. Апраналіся яны ў кашулі, кафтаны і скураныя штаны. Хатнімі справамі займаліся жанчыны.

Полаўцы мелі культ Тэнгры - хана ( Вечнага Сіняга Неба). Галоўнай багіняй была Умай - багіня-Зямля. Галоўная татэмная жывёла, як і ў крывічаў - воўк. Іх святары былі шаманы, якіх яны называлі словам "Кам" (адсюль паходзіць слова "камланне"). Шаманы лекавалі людзей, гадалі і былі ў вялікай пашане.

Захавалася шмат палавецкіх курганоў XII-XIIІ стст. Курганы часта абкладаліся камянямі. Побач з нябожчыкам часта клалі і яго каня з сядлом і конскай збруяй. Цікавым помнікам палавецкага мастацтва з'яўляюцца скульптуры, "каменныя бабы", выявы полаўцаў - як мужчын, так і жанчын. Іх ставілі на высокіч пагорках ці курганах каля стэпавых дарог. Гэта былі выявы ханаў, бекаў і іх жонак. Гэтым стодам прыносілі ахвяры. У музеях Расіі маецца больш за 700 такіх скульптур.

У палавецкім войску служылі ўсе мужчыны, якія маглі ваяваць. Гэта былі вершнікі, узброеныя крывымі шаблямі, дроцікамі і лукамі. Яны насілі вопратку з авечых шкурак і мелі па некалькі коней. Таксама на ўзбраенні ў іх былі арканы і дзіды. Ханы кіравалі дружынамі, якія складалі цяжкаўзброеныя вершнікі ў кальчугах, панцырах і шаломах. За войскам ішлі вялікія абозы. Прычым некаторыя павозкі былі прыстасаваныя для абароны і мелі арбалеты.

Полаўцы спрычыніліся да фармавання такіх народаў, як казахі, татары, крымскія татары, кіргізы, узбекі, нагайцы, башкіры і інш.

3. Сярэднявечны Крым. Гісторыя Херсанеса

Пасля распаду Рымскай імперыі паўднёвая частка Крыма з горадам Херсанесам апынулася ў складзе Візантыі. Ужо ў III ст. н. э. большую частку Крыма захапілі готы, але Херсанес ацалеў. У V ст. н. э. візантыйскі імператар Зянон пазбавіў Херсанес феадальнай незалежнасці і непасрэдна ўключыў яго ў склад сваёй імперыі і ўжо ў 489 г. загадаў адрамантаваць гарадскія ўмацаванні.

У сярэдзіне VI ст. у горадзе збудавалі прыморскую абарончую сцяну і некалькі новых хрысціянскіх храмаў-базілік. З V ст. у візантыйскіх крыніцах замест назвы Херсанес пачынае ўжывацца назва Херсон. Войскі Візантыі вярнулі ў сваю дзяржаву ўвесь паўднёвы Крым - ад Херсона да Керчанскага праліва. Жыхары Херсона займаліся рамёствамі, промысламі і транзітным гандлем. З імперыі прывозілі на рынкі Херсона шоўк, парфуму, дарагі посуд і ювелірныя вырабы. Усё гэта з задавальненнем куплялі суседзі - качэўнікі, якія прывозілі на продаж футра, скуры, хатніх жывёл і палонных у якасці нявольнікаў. Жыхары Херсона здабывалі сoль і таксама выгадна яе прадавалі. Ганчары выраблялі цэглу і дахоўку, керамічныя трубы для вадаправодаў, гліняныя бочкі ( піфасы) і тарны посуд ( амфары).

Горад быў чыстым і прыгожым, добра працавалі лазні, каналізацыя і вадаправод. Мураваныя дамы былі накрытыя дахоўкай, некаторыя з іх мелі разны мураваны дэкор. Гараджане былі пісьменнымі і нават мелі бібліятэкі, што складаліся з рукапісных пергаментных кніг. Сюды даволі часта з Канстанцінопаля імператары адпраўлялі ў высылку сваіх ворагаў - як свецкіх, так і духоўных.

У VII ст. значную частку Крыма засялілі протабалгары. Іхнія паселішчы археолагі знайшлі ў Горным Крыме, на Керчанскім паўвостраве і ў іншых месцах. Балгары, якія ў другой палове VII ст. прыйшлі ў Крым з Прыазоўя, прынеслі свой тып жытла - паўзямлянку з купаладобным дахам. У VIII ст. у Крым пераехала шмат грэкаў з Малой Азіі. У першай палове VIII ст. яны заснавалі горад Сугдэю - вялікі марскі порт, праз які ішоў гандаль віном, разлітым у амфары мясцовай вытворчасці. Гэтыя амфары траплялі далёка на Поўнач, нават даходзілі да Гнёздава.

У 861 г. у Херсон прыехалі з дыпламатычнай місіяй браты Кірыл і Мяфодзій, якія павінны былі наведаць Хазарскі каганат. Каб мець зносіны з хазарамі браты вывучалі хазарскую і яўрэйскую мовы, а таксама пазнаёміліся са славянскай грамадой Херсона. Тут яны пабачылі евангелле і Псалтыр "рускімі пісьмёнамі пісаныя", аднак што гэта за "пісьмёны", цяпер невядома.

(Працяг у наст. нумары.)


З памяццю пра Янку Маўра

22 траўня 2017 г. у СШ № 34 і СШ № 33 г. Магілёва адбылася прэзентацыя кнігі класіка беларускай літаратуры Янкі Маўра. У прэзентацыі прыняла ўдзел Марыя Міхайлаўна Міцкевіч - унучка Янкі Маўра і Якуба Коласа.

У СШ № 34 сустрэча пачалася з выступу трох вучаніц адзінага беларускага першага класа ў Магілёве. Марыя Міхайлаўна цікава распавяла пра свайго дзядулю-пісьменніка, пра яго вядомыя творы. Акрамя таго, спадарыня Марыя прывезла з сабой цікавую фотапрэзентацыю.

Школьнікі задавалі шмат патынняў і пасля імпрэзы з задавальненнем фатаграфаваліся і бралі аўтографы.

Вось такая "зорная" постаць наведала наш слынны Магілёў!

Магілёўская гарадская арганізацыя імя Ф. Скарыны.


Уладзімір Арлоў у баранавіцкім ТБМ

Сябры баранавіцкага ТБМ сусрэліся са спадаром Уладзімірам Арловым. Адбылася імпрэза 27.05 у садзе ў а. Яўгена, уніяцкага святара, сталага сябра ТБМ, які заўсёды гасцінна сустракае нашых сяброў.

Новая кніга Ў. Арлова і мастака Паўла Татарнікава "Айчына" сёлета атрыма прэмію Цёткі, як лепшая дзіцячая кніга.

Спадар У. Арлоў прэзентаваў свой твор як не толькі чытанку для дзетак, але хутчэй як кнігу для агульнага чытання разам з дзеткамі. Гэтая кніга - вынік шматгадовай працы. Шыкоўныя ілюстрацыі мастака Паўла Татарнікава дадаюць вагі і ствараюць непаўторны свет звычайнага жыцця жыхароў нашага Вялікага Княства. У канцы кожнага раздзела ёсць пытанні, можна ладзіць віктарыну. Там ёсць адкрыцці і знаходкі, паказана карціна канцылярыі княства, узбраенне нашых ваяроў, партрэты дзеячоў нашай гісторыі.

Выступоўца быў вельмі ўзрушаны, калі распавядаў гісторыю стварэння кнігі. Было шмат пытанняў і адказаў. Спадар Арлоў напрыканцы падзяліўся таямніцай: у партрэтах выбітных дзеячоў мастак зашыфраваў пяць партрэтаў нашых сучаснікаў, але якіх дакладна не сказаў. Вось такая загадка!

Баранавіцкая арганізацыя ТБМ.


Настаўнік настаўнікаў - рыцар прыроды

На беларускі гурток ТБМ 11.05.2017 г. Алег Дзьячкоў запрасіў Ігара Мікалаевіча Шаруху - прафесара, географа, краязнаўца, загадчыка кафедры геаграфіі і аховы прыроды прыродазнаўчага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён жа - старшыня магілёўскай гарадской суполкі Беларускага геаграфічнага таварыства, адказны рэдактар геаграфічнага часопіса абласнога аддзялення Беларускага геаграфічнага таварыства "Магілёўскі мерыдыян". Ён паказаў нам новую старонку жыцця нашага горада - распавёў пра выбітнага географа, нашага земляка Пятра Аляксеевіча Лярскага.

Пятро Аляксеевіч Лярскі быў найстарэйшым географам Беларусі, кандыдатам геаграфічных навук, дацэнтам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. 80 гадоў жыцця навукоўца былі звязаныя з гэтай навучальнай установай. Пётр Лярскі - аўтар шматлікіх навуковых прац, метадычных дапаможнікаў ды школьных падручнікаў па прыродазнаўстве.

Ігар Шаруха кажа, што Пётр Лярскі - аўтарытэтны навуковец не толькі па гадах, але і сваёй постаццю: "Калі ўзяць Вялікую савецкую энцыклапедыю, то там, дзе ёсць артыкул пра краязнаўства, пазначаны толькі два прозвішчы, адно з іх - Пятра Аляксеевіча.

П.А. Лярскаму пашанцавала ў жыццi - яму давялося на ўласныя вочы бачыць вынiкi сваёй плённай працы - ён зрабiў цэлы навучальны комплекс па прыродазнаўстве: па яго падручнiках займалiся на працягу амаль 40 гадоў вучнi малодшых класаў, па яго кнiгах вучацца студэнты, вучацца і працуюць будучыя настаўнiкi пачатковых школ не толькі ў ВНУ Беларусi, але i Расii, яго дапаможнiкi выкарыстоўваюць студэнты-географы, краязнаўцы.

Ён даказаў, што краязнаўства - гэта малая геаграфія. Краязнаўства, казаў ён, вучыць любіць свой край. У яго былі дужа паэтычныя артыкулы, якія лёгка ўспрымаліся і запаміналіся. У студэнцкім фальклоры постаць Лярскага была "нумар адзін". Калі яму было пад дзевяноста, ён здолеў авалодаць кампутарам. Свае кніжкі ён пісаў сам, потым іх перарабляў. Пісаў па-беларуску, а потым па-расейску. Гэта быў лёгкі ў стасунках чалавек. Ён прасіў, каб з ім гаварылі па-беларуску. Ён уводзіў у свае кнігі беларускую мову і творы. Вось, у перадапошняй ягонай кніжцы "Прырода Магілёўскай вобласці" ўсе фальклорныя прыклады і прыклады з літаратуры - беларускія.

Нарадзіўся Пятро Лярскі 2 студзеня 1918 года ў вёсцы Раменка Чавускага раёна Магілёўшчыны. Вучыўся ў магілёўскім інстытуце, у якім пазней і працаваў. У Другую ўсясветную вайну партызаніў. Меў баявыя ўзнагароды. Сярод іх салдацкі медаль "За адвагу". Пасля вайны быў дырэктарам школы. Меў шмат ганаровых званняў.

Аб навуковай дзейнасці П.А. Лярскага зняты два фільмы з серыі "Нашы славутыя землякі" і выдадзена кніга.

Памёр ён 26 кастрычніка на 96-ым годзе жыцця ў сваім доме на вуліцы Гвардзейскай, у якім жыў разам з жонкай, выгадаваў дачку ды сына.

Магілёўскі аддзел геаграфічнага таварыства прапануе назваць 2018 г. годам Лярскага і правесці шэраг мерапрыемстваў краязнаўчага і геаграфічнага характару ва ўстановах адукацыі краіны, а галоўнае, усталяваць мемарыяльную дошку да 100-годдзя з дня нараджэння. А гарадская тапанімічная камісія пры Магілёўскім гарвыканкаме прыняла рашэнне аб уключэнні імя Лярскага ў рэзервовы спіс найменавання вуліц.

Напрыканцы Ігар Шаруха адзначыў: галоўныя скарбы не ў зямлі, а ў людзях, якія жывуць на ёй, прырастаюць, прыкіпаюць душой і сэрцам да гэтай зямлі, і яна дае і будзе даваць свету вялікіх людзей.

Наталля Шамянкова, г. Магілёў. На здымках: І.М. Шаруха і П.А. Лярскі.


У Русінах прайшла сустрэча з баранавіцкімі паэтамі

Баранавіцкія паэты Аляксей Белы, Алесь Бакач, Алесь Корнеў і Вячаслаў Хвайніцкі сустрэліся з аматарамі беларускай паэзіі на сядзібе баранавіцкага Таварыства беларускай мовы ў Русінах. Дарослыя і дзеці з задавальненнем слухалі вершы паэтаў, песні Галіны Ярашэвіч і Таццяны Малашчанкі. Завяршаючым акордам свята стаў дэбютны выступ новастворанага лялечнага тэатра. Кажуць людзі:

- Цудоўнае мерыпрыемства. Па-першае, яно прывязана да Мілавідскай бітвы, якую мы сёння ўзгадалі. Па-другое, мы ўспомнілі Віктара Сырыцу, які быў адным з тых, хто сур'ёзна займаўся беларускай мовай, яе адраджэннем і захаваннем.

- Ёсць такая задумка пачаць пісаць музыку да вершаў, якія спадабаліся.

- Вельмі ўсцешаны, што сёння адбылася прэзентацыя лялечнага тэатра. Вялікі спадзеў, што гэтыя спектаклі будуць радаваць дзетак у нашых садках.

Завяршылася мерапрыемства калектыўным частаваннем кашай ад Міколы Чарнавуса на свежым паветры. Добраму настрою прысутных на іміпрэзе спрыяла цудоўнае надвор'е.

Беларускае Радыё Рацыя.


Іх яднае матчына песня

"Шмат ёсць розных фальклорных калектываў, але такой чысціні, такой вялікай праўды, такога нацыянальнага зместу, які мае "Гасцінец", мы не знойдзем… Перадаць матчыну песню так адказна, так чыста, са шчырай душой не кожны здольны. Нізкі вам паклон…", - такую высокую ацэнку сваёй творчасці атрымаў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь "Гасцінец" ад мэтра народнай песні прафесара Міхаіла Дрынеўскага.

"Гасцінец" існуе пры Цэнтры народнай творчасці ў Ракаве, што на Валожыншчыне (25 км ад Менска). Гэта арыгінальны, таленавіты, самабытны калектыў, адметнасцю якога з'яўляецца своеасаблівае выкананне народнай песні, максімальна прыбліжанае да аўтэнтычнага гучання. Яго добра ведаюць на Радзіме, з захапленнем слухаюць за мяжой (ва Ўкраіне, Польшчы, Расіі, Прыбалтыцы, Нямеччыне, Чэхіі, Славакіі, Швейцарыі…)

Калектыў быў створаны напрыканцы 90-ых гг. 20 ст. У 2001 г. атрымаў ганаровае найменне "Народны самадзейны калектыў". А праз 10 гадоў, у 2011 г., было нададзена званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь". У склад калектыва ўваходзяць розныя людзі: дарослыя і школьнікі, пенсіянеры і студэнты, работнікі культуры, бухгалтары, выхавацелі… ( каля 20-ці чалавек). Усіх іх яднае любоў да народнай песні і традыцый продкаў.

"Гасцінец" ладзіць экспедыцыі па раёне, падчас якіх адбываюцца сустрэчы са старэйшымі носьбітамі народнай творчасці, ад якіх навучаюцца традыцыйным формам мастацтва. Намаганнямі калектыва былі адроджаны паўзабытыя абрадавыя і пазаабрадавыя песні, побытавыя танцы, цікавыя ўзоры дзіцячага фальклору, рамёствы, некаторыя сямейна-абрадавыя і хрысціянскія святы. А такія каляндарна-абрадавыя святы, як "Зажынкі", "Каляды", "Гуканне вясны", "Масленіца" і інш. адзначаюцца калектывам штогод. Асаблівай папулярнасцю сярод жыхароў Ракава і шматлікіх гасцей мястэчка карыстаецца святочнае гулянне "Купалле". Інструментальная капэла калектыва іграе традыцыйную мясцовую музыку.

Мастацкім кіраўніком, яго стваральнікам і душой з'яўляецца Пятроўская Лізавета, улюбёная ў матчыну песню, родную зямлю, беларускую мову. Яна ж і сябра ТБМ. Лізавета Станіславаўна, пры неабходнасці, для тэматычнага сцэнічнага ўвасаблення твора сама робіць апрацоўкі песень, пастаноўкі абрадаў. Часта гэта сінтэз песні, абрадавых дзеянняў, танцу, дзякуючы чаму кожнае выступленне гурта становіцца адметным, непаўторным, запамінальным (напр., рэжысура, пастаноўка і апрацоўка балады "Бітая дарожанька", якая стала пераможцай праекту тэлеканала АНТ "Песня маёй краіны").

"Гасцінец" вядзе актыўнае творчае жыццё, якое насычана цікавымі праектамі, сустрэчамі, выступленнямі на самых высокіх творчых пляцоўках рэспублікі. У якім бы конкурсе ці фестывалі ні прымаў удзел гэты славуты калектыў, яму заўсёды спадарожнічаў поспех і прызнанне. Вось самыя значныя дасягненні:

- 1-е месца на абласным конкурсе-фестывалі "Напеў зямлі маёй", 2002 і 2006 гг.;

- удзел у Міжнародным фестывалі традыцыйнай народнай культуры "Покуць", г. Харкаў, 2004 г.;

- у 2008 г. "Гасцінец" атрымлівае Дыплом аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Аматарская творчасць";

- перамога ў рэспубліканскім конкурсе творчых калектываў "Песня маёй краіны", 2009 г.;

- Гран-пры на Рэгіянальным конкурсе "Песні памежжа", г. Астравец, 2009 г…

- удзел у шматлікіх міжнародных фестывалях.

Трэба зазначыць, што касцяк "Гасцінца", яго аснову складае сямейны гурт "Крона", куды ўваходзяць сёстры мастацкага кіраўніка, яе дзеці, пляменнікі (усіх 13 чалавек). Ужо ў 1998 г. "Крона" стала Лаўрэатам 1 ступені на Абласным конкурсе сямейнай творчасці, а ў 2008 г. атрымлівае Гран-пры на Міжнародным фестывалі сямейнай творчасці "Палярныя зоры" ў Мурманску.

Адметным выступленнем быў удзел у Рэспубліканскім конкурсе сямейнай творчасці "Жывіце ў радасці" , дзе "Крона" заваявала Гран-пры, прадставіўшы канцэртную праграму і творчую выставу работ па ткацтве паясоў, вышыўцы, выцінанцы, кавальству, жывапісе і графіцы.

У 2002 г. быў створаны дзіцячы гурт-спадарожнік "Вянок"(мастацкі кіраўнік Л. Пятроўская), які з'яўляецца пераймальнікам спеўных і танцавальных традыцый старэйшага пакалення, што з'яўляецца станоўчым момантам у выхаванні дзяцей і моладзі. Вось ужо як 10 гадоў "Вянок" носіць высокае званне "Ўзорны". У скарбонцы творчых дасягненняў вянкоўцаў самымі каштоўнымі з'яўляюцца 1-е месца і 10 дыпломаў, атрыманых на Рэспубліканскім фестывалі "Берагіня" ў 2006 г.; Гран-пры на Абласным фестывалі народнай песні Меншчыны "Напеў зямлі маёй", 2007 г., а ў 2016 г. на такім жа фестывалі 1-е месца; Гран-пры на Абласным конкурсе "Калыска талентаў", 2016 г. У гэтым жа годзе выйшлі пераможцамі ў трох намінацыях на Рэспубліканскім фестывалі "Берагіня".

Вось ужо больш як 15 гадоў ракаўскія артысты захоплена крочаць па нязведаных шляхах-гасцінцах нашых продкаў і вяртаюць сучаснікам з далёкага мінулага залацінкі бессмяротнай народнай спадчыны - бяссцэнныя духоўныя гасцінцы нашай зямлі. Няхай нялёгкая і нястомная праца іх гарыць для ўсіх яркай зоркай і вядзе пакаленні да адвечных вытокаў.

Людвіка Таўгень , г. Валожын.


ВЯРТАННЕ ПАЛЕШУКА НА РАДЗІМУ

17 траўня 2017 года ў Беларускім Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася творчая сустрэча з кандыдатам гістарычных навук, магістрам Варшаўскага ўніверсітэта Ігарам Вячаслававічам Мельнікавым, які нарадзіўся ў красавіку 1980 года ў Бабруйску. На сустрэчы гісторык зрабіў прэзентацыю вельмі цікавай кнігі "Адысея палешука".

Выданне з накладам у 300 асобнікаў пабачыла свет у выдавецтве "Альфа-кніга", дзякуючы 136 ахвярадаўцам з Беларусі, ЗША, Літвы, Польшчы, Ізраіля, Германіі і Чэхіі.

У першай частцы кнігі публікуюцца ўспаміны беларуса, ураджэнца Кобраншчыны, жаўнера другога польскага корпуса Паўла Каленікавіча Нічыпарука (1902-1979), які памёр у ЗША.

Цікавым фактам з'яўляецца тое, што з рукапісам успамінаў гэтага чалавека азнаёміўся знакаміты беларускі пісьменнік, удзельнік сусветнай вайны Васіль Быкаў. Сваяку спадара Нічыпарука Васіль Быкаў пісаў: "Я прачытаў вашыя мемуары. Несумненна яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Менску (напрыклад у выдавецтва "Беларусь"), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, у экзэмпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу.

Жадаю Вам поспехаў! На днях з'язджаю з Менска на месяц, таму Ваш рукапіс можаце атрымаць у Доме літаратара (вул. Фрунзе, дом 5) у сакратаркі Ніла Гілевіча (3 паверх). З прывітаннем Васіль Быкаў. 13.09.1989."

Аднак, нават тады ў часы перабудовы мемуары беларуса так і не ўбачылі свет. Доўгія дзесяцігоддзі яны ляжалі і чакалі свайго даследчыка...

Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 года на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (зараз Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці). У1941 годзе яго арыштавалі і накіравалі у лагер ГУЛАГу ў Свярдлоўскай вобласці. У1942 годзе беларус трапіў у Армію Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі.

У 1948 годзе Нічыпарук пасяліўся ў ЗША, дзе жыў і памёр 1979 годзе.

У нататках Нічыпарука, надрукаваных на машынцы на маленькіх амерыканскіх аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расставанне з сям'ёй і жыццё у эміграцыі. А яшчэ вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Нехта пасля вайны вяртаўся ў БССР, і ў 1951 годзе савецкія ўлады дэпартавалі такіх людзей у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашылі застацца на Захадзе.

У другой частцы выдання змешчаны нарысы гісторыка, прысвечаныя розным аспектам гісторыі Беларусі 19-20 стагоддзяў. У кнізе выкарыстоўваліся здымкі з прыватнага архіва гісторыка, з фондаў нацыянальнага архіва каралеўства Нідэрландаў у Гаазе, з фондаў польскага інстытута і музея імя генерала Сікорскага ў Лондане. Трэба адзначыць што кніга напісана вельмі інтэлігентна і чытабельна!

Гэта другая прэзентацыя выдання. Першая адбылася ў офісе "TUT.BY" (уладальнік Юры Зісер) 11 траўня, але ў той дзень у сталіцы праходзіла 3 ці 4 мерапрыемствы ў розных установах, і не кожны меў магчымасць пабываць на прэзентацыі ўзгаданай кнігі.

На імпрэзе 17 траўня 2017 года сабралася каля 50 чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі грамадскасці: Ілля Копыл, Яўген Гучок, Рыгор Асаула, Ганна Хваль, Алесь Цыркуноў, старшыня ТБМ Алег Трусаў і дэпутат Алена Анісім, а таксама сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Інэса Аронаўна Ганкіна з мужам. Былі прадстаўнікі дыпмісіі.

На маю думку выданне такой унікальнай кнігі трэба было б адзначыць добрым фуршэтам, як гэта прынята ў іншых арганізацыях і ўстановах, што надало б імпрэзе ўрачыстасці...

Безумоўна, што "Адысея палешука" будзе перавыдадзена. Кніга каштуе 30 рублёў. Лічу, што было б нядрэнна арганізаваць прэзентацыі у г. Кобрыне і г. Пінску, і іншых гарадах Беларусі і замежжа.

P.S. Аўтар артыкула удзячны Рыгору Асаулу - сябру ТБМ - за прадстаўлены асобнік гэтай цікавай кнігі.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX