Папярэдняя старонка: 2017

№ 24 (1331) 


Дадана: 13-06-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1331), 14 чэрвеня 2017 г.


Гарадзенскія справаздачна-выбарчыя канферэнцыі ТБМ

11 чэрвеня ў Гародні адбыліся справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Гарадзенскай абласной і Гарадзенскай гарадской арганізацый ТБМ, якія традыцыйна праводзяцца разам.

Былі заслуханы справаздачныя даклады старшыні абласной арганізацыі Алеся Кроя і старшыні гарадской арганізацыі Аляксея Пяткевіча, справаздачы рэвізійных камісій, а таксама паведамленні з рэгіёнаў: Лідскі раён (Станіслаў Суднік, Лявон Анацка, Сяргей Чарняк і Валеры Мінец) і Бераставіцкі раён А. Рамашкевіч.

У справаздачных дакладах і паведамленнях з рэгіёнаў падымаліся пытанні дзейнасці арганізацыі, гаварылася пра поспехі і няўдачы. Акрэсліліся дзве асноўныя праблемы і задачы Гарадзеншчыны - адкрыццё беларускамоўных гімназій у Гародні і Лідзе. Задача з аднаго боку цяжкая і невырашальная, калі ёй будзе займацца толькі ТБМ, і абсалютна вырашальная, калі да праблемы далучыцца дзяржава. І хоць устаноўку Мураўёва-вешальніка пра рускага папа і рускагам настаўніка ў Беларусі так ніхто і не адмяніў, але трэба спадзявацца, што і нашыя ўлады нарэшце зразумеюць важнасць беларускамоўнай адукацыі ў сістэме патрыятычнага выхавання і ў сістэме нацыянальнай бяспекі.

Былі абраныя Гарадзенская абласная рада ТБМ у складзе: А. Крой, І. Соркіна, В. Парфёненка, І. Буднік, А. Пяткевіч, І. Карнялюк, Л. Анацка, С. Тарасава, Т. Савенкава. Пасля трох кадэнцый пакінуў пасаду старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Алесь Крой. Старшынём абраны Вітаўт Парфёненка. Алесь Крой абраны намеснікам старшыні.

У рэвізійную камісію абласной арганізацыі абраны: М. Жукевіч, Н. Кануннікава, Кракоціна.

Гарадзенская гарадская рада ТБМ абрана ў складзе: А. Пяткевіч, С. Тарасава, І. Кузьмініч, А. Місцюкевіч, К. Галота.

У рэвізійную камісію гарадской арганізацыі абраны: У. Хільмановіч, В. Сазонаў, Я. Трацяк.

Дэлегатамі на чарговы з'езд ТБМ у кастрычніку 2017 года акрамя сяброў рэспубліканскай Рады ТБМ (А. Крой, А. Пяткевіч, С. Тарасава, І. Буднік) абраны ад абласной арганізацыі: В. Парфёненка, Т. Савенкава, А. Рамашкевіч. Ад гарадской арганізацыі дэлегатамі з'езду абраны І. Кузьмініч і Н. Кануннікава.

У "розным" песні на словы ў асноўным гарадзенскіх паэтаў выканаў слынны лідскі бард Сяржук Чарняк.

Наш кар.


105 гадоў з дня нараджэння Пятра Бітэля

Пятро БІТЭЛЬ, сапр. Пётр Іванавіч Бітэль (19 чэрвеня 1912, Радунь Лідскага павета - 18 кастрычніка 1991, Вішнева; псеўданімы: Леанід з-пад Вішнева) - беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік.

Хрышчаны ў лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы. Скончыў беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю ў 1931 г.

У 1931-1939 гадах настаўнічаў. Мабілізаваны падпаручнікам ў польскае войска ў 1939. Прымаў удзел у баях з фашыстамі. У Берасці трапіў у савецкі палон. Вывезены ў Арзамас, дзе быў вызвалены. Вярнуўся ў Беларусь. У 1940 годзе працаваў настаўнікам у Вішневе, пасля дырэктарам СШ №2 Валожына.

Пасля чэрвеня 1941 г. да 1942 г. хаваўся ад немцаў. Потым стаў настаўнікам гандлёвай школы ў Валожыне. У 1944 г. вывезены ў Германію па падазрэнні ў сувязях з партызанамі, вызвалены ў 1945 г., служыў у Чырвонай Арміі.

У 1946-1947 гадах працаваў настаўнікам, у 1947 годзе звольнены з настаўніцкай працы. Стаў праваслаўным святаром. У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане. У 1956 годзе вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. У 1963-1974 гадах зноў настаўнічаў. Скончыў Менскі педінстытут (1970). Рэабілітаваны ў 1978 г.

Дэбютаваў у 1929 годзе пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева ў часопісе "Шлях моладзі", дзе публікаваўся і пазней. Аўтар паэм "Замкі і людзі" (1968), "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага" (1984).

Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. Крашэўскага "Хата за вёскай", (1989), паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і інш.

Рукапіс перакладу паэмы "Пан Тадэвуш" зроблены ў лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Вікіпедыя.


У лета - з беларускай мовай

У Гомелі вырабілі марозіва з цалкам беларускамоўнай упакоўкай: "Гэта наш адказ на спрэчкі пра мову".

Гэтае марозіва вы не купіце ні ў якой іншай краіне свету. Усё таму, што на абгортцы "Белага полюса" няма ніводнага слова на іншай мове, акрамя беларускай. А этыкеткі, дзе ўсё напісана па-беларуску, можна выкарыстоўваць толькі ў нашай краіне. За мяжой такі прадукт распаўсюджваць нельга. Вось і выходзіць, што "Белы полюс" - марозіва выключна для беларусаў і гасцей краіны.

Што праўда, гомельская кампанія "Інгман марозіва" і не збіралася вырабляць яго на экспарт. Супрацоўнікі кампаніі паглыбіліся ва ўласную гісторыю і зразумелі, што яны ці не адзіныя, хто займаецца вытворчасцю гэтага салодкага прысмаку ад 1939 года па сёння, хоць цяпер і пад іншым брэндам.

- Мы зразумелі, што, па сутнасці, адзіныя на працягу амаль васьмі дзесяцігоддзяў робім прадукт, які дорыць радасць і дзецям, і дарослым. Так прыйшла думка зрабіць традыцыйнае беларускае марозіва, і з'явіўся "Белы полюс", - распавядае галоўны менеджар па маркетынгу Максім Журовіч.

У кампаніі вырашылі, што рабіць традыцыйнае не па-беларуску папросту дзіўна.

- Мы разумеем, што сёння ў грамадстве руская мова дамінуе. Але мы разумеем і тое, што наша мова - гэта штосьці большае, чым проста сродак зносін. Яна ўнутры кожнага беларуса, як казка з дзяцінства, тое, што знаходзіцца ў нашай душы. Мы можам не размаўляць на мове, але мы ведаем, што яна ёсць. Калі статыстыка паказвае, што беларусы не размаўляюць у паўсядзённым жыцці па-беларуску, гэта не значыць, што беларусы не любяць ці дрэнна ставяцца да мовы, зусім наадварот, - працягвае Максім. - Наша марозіва было адказам на ўсе гэтыя размовы і спрэчкі. Мы вырашылі не спрачацца, а проста зрабіць.

Настасся Роўда, фота Ірыны Арахоўскай.


Мова як фактар ідэнтычнасці і складнік нацыянальнай бяспекі краіны

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, Першы намеснік старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алена Анісім (Менск)

Існуюць два погляды на ролю беларускай мовы ў плане нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Выказванні і дыскусіі на гэты конт можна знайсці ў шматлікіх матэрыялах у сродках масавай інфармацыі як друкаваных, так і электронных. Паводле аднаго з такіх меркаванняў - беларуская мова з'яўляецца вызначальным фактарам нацыянальнай прыналежнасці. Так лічаць прафесар Л.М. Лыч, прафесар М.І. Савіцкі і іншыя прадстаўнікі беларускай навуковай інтэлігенцыі. Прыхільнікі іншага погляду (яго прытрымліваецца, напрыклад, Ю. Чарняўская) лічаць, што мова не адыгрывае ключавой ролі ў гэтым пытанні. У якасці аргументу прыводзяць прыклад Швейцарыі, Фінляндыі, Канады і іншых краін, дзе прынятыя дзве ці больш дзяржаўныя мовы.

Трэба сказаць, што наша моўная сітуацыя даволі неардынарная. З аднаго боку, мы маем дастаткова распрацаваную літаратурную мову, якая мае статус дзяржаўнай і можа выкарыстоўвацца ў розных сферах грамадскага жыцця. З іншага - беларуская мова практычна не ўжываецца ў структурах улады. Яна надзвычай абмежаваная ў сваім выкарыстанні ў інфармацыйнай тэле- і радыёпрасторы, выцясняецца са сферы адукацыі. Нягледзячы на канстытуцыйнае права карыстацца беларускай мовай без абмежаванняў, на практыцы ажыццявіць гэтае права даволі складана, а ў некаторых выпадках - немагчыма. Гэта асабліва відавочна праяўляецца менавіта ў сферы адукацыі. Напэўна, па гэтай прычыне на падставе статыстычных звестак па агульнай колькасці вучняў, якія навучаюцца на беларускай мове, ЮНЕСКА залічыла беларускую мову ў спіс знікаючых моў. Тым самым на міжнародным узроўні засведчана тэндэнцыя, пра якую не адно дзесяцігоддзе з трывогай гаварыла наша нацыянальная эліта. Мы не будзем зараз спыняцца на аналізе тых працэсаў, якія паслужылі прычынай такога стану рэчаў. Пра гэта ўжо шмат напісана. Разгледзім рэакцыю грамадства. І тут мы абавязаны адзначыць: у апошні час у Беларусі з'явілася шмат ініцыятыў і кампаній (моўныя курсы, да прыкладу, "Мова нанова", "Жывая мова", "Моваведа" і інш.), удзельнікі якія сваёй дзейнасцю пашыраюць сферу выкарыстання беларускай мовы і тым самым вызначаюць сваю нацыянальную прыналежнасць. Для такіх актыўных маладых людзей (а размова вядзецца найперш пра іх) пытанне нацыянальнага самавызначэння наўпрост звязанае з беларускай мовай. Многія з іх выбіраюць беларускую мову ў якасці сродку зносін з сябрамі, у працоўнай сферы, у побыце. Часам гэта дапаўняецца элементамі ў адзенні (вышыванкай), а таксама выкарыстаннем нацыянальнай сімволікі: бел-чырвона-белага спалучэння колераў і герба "Пагоня". Такім чынам гэтыя людзі пазіцыянуюць сябе як носьбіты беларускай культуры. Варта зазначыць, што такія з'явы выразна абазначыліся і набылі значнае пашырэнне пасля анексіі Крыма і падзей у Луганскай і Данецкай абласцях.

Сугучнае меркаванне адносна такога грамадскага вызначэння ролі мовы ў дзяржаватворчасці сфармуляваў у інтэрв'ю для радыё "Свабода" ізраільскі журналіст, нараджэнец Беларусі, Барыс Штэрн. У прыватнасці, ён сказаў наступнае: "Мова - гэта асноўнае, што адрознівае адзін народ ад другога. Калі я чытаў кнігі пра гісторыю габрэяў, гісторыю Ізраіля, то заўважыў, што іўрыт як мова ёсць краевугольным каменем у Ізраілі і самаідэнтыфікацыяй габрэяў ва ўсім свеце. Краіна, якая мае назву Дзяржава Ізраіль, пачалася з мовы, з таго, што некалькі асобаў у Еўропе вырашылі адрадзіць гэтую мову і зрабіць яе тым самым падмуркам. Ізраіль - прыклад таго, як нацыянальная дзяржава пабудаваная вакол мовы. Важна, што мова - краевугольны камень у дзяржаве і ідэнтыфікацыі. Ад гэтага ўсё пачалося і гэтым усё працягваецца." [1]

У дачыненні да нашай сітуацыі мы можам сказаць, што аднаго самавызначэння грамадзян недастаткова для таго, каб краіна пазіцыянавалася і ўспрымалася менавіта як беларуская. Для гэтага патрэбна адпаведная палітыка, найперш унутраная. Бо, па вызначэнні беларускага філосафа В. Акудовіча, "Палітыка, як форма ўлады - гэта перадусім мова". [2:203]

І кажучы пра гэты ўзровень, мы мусім зазначыць: у нас шмат што задакументавана і ўзаконена. Так, у Кодэксе аб культуры ў артыкуле 69 сказана наступнае:

"Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці.

2. Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцей адносяцца звычаі, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), беларуская мова (вусная і пісьмовая), іншыя мовы, іменаслоўныя традыцыі і традыцыйныя нацыянальныя формы звароту да людзей, змест геральдычных аб'ектаў, уласных геаграфічных назваў (тапонімаў) і вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, іншыя нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека." [3:50]

У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны ў якасці асноўных нацыянальных інтарэсаў пазначана:

"- развіццё інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, захаванне і павелічэнне яго культурнай спадчыны, умацаванне духу патрыятызму.." [4:10]

Нягледзячы на тое, што тут няма прамога ўказання на дзяржаўную беларускую мову, складана ўявіць, як можна быць патрыётам Беларусі і захоўваць культурную спадчыну без паважлівых адносін да мовы тытульнай нацыі. Таму прыводзім тут выказванне Кіраўніка краіны А. Лукашэнкі, які падчас свайго выступу ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь 7 кастрычніка 2016 г. больш прама сказаў пра ролю мовы:

"Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова."

Такім чынам, у сённяшняй сітуацыі, калі ва ўсім свеце назіраецца актуалізацыя пытанняў дзяржаўнасці, мова становіцца адным з галоўных фактараў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і ўстойлівасці дзяржавы. Нам, беларусам, важна скансалідаваць свае дзеянні і падштурхнуць дзяржаўныя органы ўлады перайсці ад дэкларатыўных заяў да практычных паслядоўных і няўхільных дзеянняў у пашырэнні выкарыстання беларускай мовы. Толькі ў такім выпадку наша краіна зможа пазіцыянаваць сябе як адметны паўнавартасны дзяржаўны суб'ект міжнароднай супольнасці.

Крыніцы: 1. https://www.svaboda. org/a/28488651.html 2. В. Акудовіч. Код адсутнасці. Мн. 2007. 3. Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь. Мн. 2016. 4. Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Мн. 2010.


МОВА СВЯТАСЦІ ЎЛАДЗІМІРА ЯСКОВІЧА

На 65-м годзе жыцця развітаўся з гэтым светам паэт і журналіст Уладзімір Ясковіч. У гады перабудовы ён працаваў у газете "Знамя юности", а далей пайшоў складанымі шляхамі прадпрымальніцтва. Ужо ў новым стагоддзі вызначыўся яго бліскучы паэтычны дар, вынікам чаго стаў выхад у свет двух зборнікаў вершаў высокай пробы. Што характэрна - у гэтых кнігах паспяхова "суіснуюць" творы як на рускай, так і на беларускай мовах.

На паліцах і ў шуфлядах рабочага стала засталося шмат самых розных твораў. Некаторая частка з іх падрыхтавана да друку ў кнізе "На сонечным баку". Я ж хачу прапанаваць увазе чытачоў "Нашага слова" публіцыстычны артыкул "Мова святасці", які Ў. Ясковіч даслаў мне па электроннай пошце 19 студзеня 2017 года літаральна за два дні да сваёй канчыны.

Уладзімір БРУЙ, пісьменнік, перакладчык.


У Атлас моў, якім пагражае небяспека знікнення, аўтарытэтная міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА занесла і беларускую мову.

Так, наша родная мова апынулася ў своеасаблівай Чырвонай кнізе.

І не адно таму, на маю думку, што апошнія дваццаць гадоў тутэйшыя ўлады не толькі самі грэбуюць ёю, але і людзям замінаюць ведаць мову, размаўляць, выкарыстоўваць напоўніцу там, дзе гэта нават законам дазволена: ва ўладных ўстановах, на пошце ці ў судах...

Можа, таму мова гіне, што няма ў ёй - ад веку не было, і не прарасло ў ёй дагэтуль пустазелле калючых варожых словаў так званай ненарматыўнай лексікі, якую палюбіў сённяшні свет? Пэўна, многім з нашага грамадства і самім цяпер непатрэбна мова, якой немажліва зняважыць, параніць душу чалавека і нават забіць яго...

Між тым, як факт прызнана, што мова зямлі нашай мякчэйшая, чым, да прыкладу, расейская, больш цёплая і шчырая, больш пластычная і меладычная. Да таго ж яна больш шматслойная і шматсэнсоўная. А паводле спеўнасці наша мова стаіць другой пасля італійскай.

Усё гэта дае падставу сцвярджаць: нашу родную мову Творца даў нам для словаў любові і ўзнёслае пропаведзі Евангельскай весткі. Нездарма яна ў хрысціянскім Сярэдневеччы была мовай першадрукара Бібліі ва Ўсходняй Еўропе і мовай Евангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне.

Беларуская мова дадзена нам яшчэ і на тое, каб несці людзям светлы і чысты дух высока пабожнай і глыбока чалавечай паэзіі! Яна - мова чысціні і святасці.

Мова не толькі сродак зносін. Мова - гэта і самасвядомасць, нацыянальны гонар і годнасць. Навукоўцы сцвярджаюць, што існуе непасрэдная сувязь паміж мовай і менталітэтам народа.

Некалі наша мова была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага і сродкам дыпламатычных зносін у межах Балта-Чарнаморскага міжмор'я. Той, хто валодае беларускай мовай, і сёння лёгка знаходзіць паразуменне з балгарамі ды палякамі, з сербамі ды харватамі, з украінцамі ды нават немцамі - у нямецкай мове столькі нашых словаў, што цалкам чужой яе цяжка назваць.

А цяпер вытанчаная і дагэтуль налітая жывой славянскай сілаю мова, у якой пульсуе створаны Богам сусвет, сыйдзе ў нябыт?!

Штогод на зямлі знікае каля 50 моваў. Пройдзе месяц, і зноў не стане чатырох з тых 2500, якім ужо вынесены прысуд. У гэтым спісе сёння знаходзіцца і мова нашай роднай зямлі…

Выбар, вядома, робяць людзі. Думаю, што д'ябал задаволены выбарам той часткі беларусаў, якія павыракаліся мовы святасці - чыстай ды празрыстай, бо струменіць яна з глыбінь душы народнай, дзе месца для яе вызначана Самім Госпадам нашым.

ЖЫВІ, НАША МОВА!

Як згубім мову - згінем самі!

Бы жабракі, памкнемся ў свет

сярод чужых шукаць прыстанак

ды школіць іхні альфабэт.

І на зямлі сваёй не будзем

гаспадарамі ўласных ніў,

калі адвечнае забудзем -

чым нас Сам Госпад надзяліў.

Уладзімір Ясковіч.


Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы

Выдавецкі дом "Беларуская навука" выпусціў новае сацыяльна значнае выданне: "Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы"

Упершыню прапануецца апісанне літаратурнага вымаўлення больш за 117 000 слоў, у тым ліку новых запазычанняў. Слоўнік дае неабходныя звесткі пра вымаўленне праз падачу поўнай транскрыпцыі слоў, што бытуюць у сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Прызначаецца мовазнаўцам, настаўнікам, выкладчыкам, студэнтам, журналістам, пісьменнікам і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі арфаэпіі беларускай мовы.

ISBN 978-985-08-2128-7.

Беларуская навука, 2017.

Цана аднаго асобніка з ПДВ - 22.31 бел. руб.

Па пытаннях набыцця звяртацца ў аддзел маркетынгу Выдавецкага дома "Беларуская навука": тэл./факс 8 (017) 369 83 27, 2686417, e-mail: belnauka@mail.ru.

В выпадку зацікаўленасці ў набыцці гэтага выдання выдавецтва можа ажыццявіць дастаўку прадукцыі транспартам за кошт прадаўца і прадставіць на 2-3 месяцы адтэрміноўку плацяжу.

Аддзел маркетынгу.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Рамазан (рамазан) - 1) дзевяты месяц мусульманскага месячнага каляндара; 2) месяц посту на рамазан.

Рама (рама) - прамавугольнік з брусоў або планак для розных патрэб (напрыклад, аконная, дзвярная).

Рамка (рамка) - невялікая рама (для фотакартак або люстэрка).

Раманс (романс) -1) невялікі вакальны твор для голасу; 2) лірычны любоўны верш песеннага складу.

Рамізнік (кучер) - наёмны фурман.

Рамачнік (улей) - рамачны вулей - разборны вулей з рухомымі рамкамі.

Раніцы - агульная ранішяя малацьба збожжавых у панскім гумне (прыгонная павіннасць).

Раскаты, роспускі, расцяжнік, багулы, дронкі (роспуски) - панарад, чатырохколавы воз без кузава; калёсы, прыстасаваныя для перавозкі бярвенняў.

"Расхадная", "Расходжая" - імправізацыйны танец на дваіх. Музычны памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Выканаўцы сыходзіліся да сярэдзіны пляцоўкі. А пасля расходзіліся ўбакі. Звычайна пасля такога танцу разыходзіліся дадому. Бытаваў у Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

Рассоха, саха (соха) - слуп з развілінай.

Раўгеня (ржаной суп) - кісласалодкая рэдкая страва з жытняй мукі. Вядомая на паўночным захадзе Беларусі.

Ратай, араты (пахарь) - той, хто арэ.

Рашчына, рошчына (закваска) - закваска цеста.

Ровар (велосипед) - веласіпед (у вёсках Заходняй Беларусі).

Рог (рог) - музычны інструмент.

Род (род) - шэраг пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка.

Рожа (рожа) - заразная скураная хвароба, якую паспяхова лячылі народныя знахары.

Рой (рой) - частка маладых пчол, якія аддзяліліся ад старой матчынай сям'і.

Рублёвы ганчарны посуд - ёмкасць памерам 2 літры. (в. Ракава, Івянец).

Рублёўка (рублёвка) - манета або казначэйскі білет вартасцю 1 рубель.

Рудак - рудыя сасновыя сухія галінкі (Вілейскі раён).

Руднікі (рудники) - майстры па выплаўцы жалеза з руды.

Рудаўка (болотная вода) - балотная рыжая вада.

Рудня (рудня) - 1) памяшканне, дзе здабывалі жалеза руды; 2) месца, дзе здабывалі балотную руду.

Рукавіца (варежка, рукавица) - адзенне на далонь рукі з аддзелам звычайна толькі для вялікага пальца.

Рукамый, рукамыйнік (рукомойник) - невялікая ганчарная пасудзіна для ўмывання.

Рулі - страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці ў падсалоджаную ваду або ў падсоленую (з алеем) ваду.

Рум (рум) - месца для складу бярвенняў на беразе ракі для сплаву.

Руно (руно) - пэўная колькасць воўны.

Рунь (озимь) - усходы азімых культур. Калі ўвосень падмярзала зямля, дык па руні пасвілі жывёл.

Русалка (русалка) - міфічны персанаж - прыгожая дзяўчына, якая жыве ў вадзе, у лесе і ў полі.

Русалле (русалье) - провады русалкі ў наступную нядзелю пасля Сёмухі.

Русальная нядзеля (русальное восресенье) - наступная нядзеля пасля Сёмухі.

Русальны тыдзень (русальная неделя) - наступны тыдзень пасля Сёмухі.

Русіны (русины) - этнічная назва славянскай народнасці. Тэрмін адносіўся да розных груп славян. У Сярэднявеччы такім тэрмінам называлі палачанаў і некаторых жыхароў Русі. У наш час русінамі назаваюць групу насельніцтва, што жыве ў Закарпацкай Украіне.

Рускія (русские) - народ, які гаворыць на рускай мове і адносіць сябе да рускай нацыі.

Рускі свет (русский мир) - рускамоўнае насельніцтва ва ўсім свеце, элемент імперскай ідэалогіі.

Рушанне - збор апалчэння ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ручайка - 1) (веретено с пряжей) верацяно з напрадзенымі ніткамі; 2) (пучок) жменя лёну ці канопляў.

Ручка (ручка) - 1) жменька зжатай збажыны; 2) брус (іх 4) у калёсах для замацавання ў іх драбінаў або плеценага каша (паўкаша); 3) адзінка вымярэння; посуд для захоўвання мёду, аб'ём якога 15,5 гарнца. У ХІ-ХVІІ стст. выкарыстоўвалася ў якасці падатковай адзінкі для спагнання мядовай даніны cа скарбовых пушчаў.

Ручная малатарня (молотилка ручная) - малатарня, якая прыводзілася ў рух рукамі чатырох чалавек. За дзень на такой машыне можна было змалаціць да 10 коп жыта.

Ручнік (рушник, полотенце) - прадаўгаваты кавалак тканіны бытавога і абрадавага прызначэння.

Ручнік (кувшин) - збанок з ручкай (Браслаўскі раён).

Рыбак (рыбак) - мужчына, які ловіць рыбу.

Рыбачка (рыбачка) - жанчына, якая ловіць рыбу.

Рыбалоўства (рыболовство) - здабываючы промысел, адзін з самых старажытных заняткаў нашых продкаў.

"Рыбка" - танец-гульня. Тэмп хуткі. Выконваецца пад вясёлую музыку. "Рыбак" павінен злавіць "рыбку". Бытаваў у Браслаўскім раёне.

Рыбнік (рыбник, садок) - 1) той, хто займаецца рыбнай гадоўляй; 2) садок для рыбы.

Рыдчыкі (картофельный суп) - булён (вадкая страва з бульбы) на Палессі.

Рызніца (ризница) - памяшканне ў царкве, дзе захоўваюцца рызы і царкоўнае начынне.

Рыза (риза) - адзенне святара для богаслужэння.

Рыззё (тряпьё, ветошь) - старое падранае адзенне.

Рызнік, анучнік (тряпочник) - той, хто збірае рыззё.

Рымар (шорник) - майстар па вырабу збруі (вупражы).

Рымарства (шорничество) - рамясло па вырабе збруі (вупражы).

Рыхтык (точно) - якраз, дакладна.

Рэмень, рамень (ремень) - доўгая паласа вырабленай скуры.

Рына (водосток) - жолаб, труба для сцёку вады.

Рынак (базар) - месца рознічнага гандалю.

Рынка (сковорода на ножках) - гліняная пасудзіна для смажання страў Круглая плоская на трох ножках і з доўгай драўлянай ручкай.

Рэвізія, люстрацыя (ревизия) - праверка эканамічнага стану дзяржаўнай нерухомай маёмасці, вызначэнне прыбытковасці і ўстанаўленне памераў даходаў у скарб.

Рэгент (регент) - дырыжор хору, пераважна царкоўнага.

Рэдзіва (жидкое) - штосьці рэдкае.

Рэдзь - тое, што і столка.

Рэзгіны, рэзвіны (приспособление для переноски сена и соломы) - звязанае з вяровачак прыстасаванне з дзвюх паўдужак для пераноскі сена і саломы.

"Рэпка" - танец-гульня. Мэта яго - выцягненне дзіцяці ("рэпкі" ) з агульнага рада. Зафіксаваны нядаўна даследчыкамі Менскага інстытута культуры ў Свіславіцкім раёне.

Рэпнік (репник) - бацвінне з рэпы.

Рэхва (железный обруч на деревянное колесо) - металічная паласа, якая пакрывае колы калёсаў.

Рэшата, сіта (решето) - сетка з бічаёй (шырокім абручом) для прасявання мукі, збожжа.

С

Сабакарня (псярня) - памяшканне для сабак, сабачнік.

Сабакар, сабачнік (псарь) - чалавек, які даглядае сабак.

Сабор (сабор) - 1) галоўная або вялікая царква ў горадзе або манастыры; 2) сход або з'езд вышэйшага духавенства хрысціянскай царквы.

Сабрат (собрат) - таварыш па прафесіі.

Саган (чугун, горшок) - чыгунны гаршчок або кацёл для стравы.

Сад (сад) - месца, дзе растуць пладовыя дрэвы. Звычайна каля хаты або панскага палаца.

Садавіна (фрукты) - плады садовых дрэў.

Садавод (садовод) - той, хто займаецца садаводствам.

Саета (тонкое сукно) - тонкае высокагатункавае сукно.

Саж (корзина) - сплеценая з лазы ёмістасць для захоўвання каўбас і мяса, грыбоў, для сушэння сыроў і лекавых траў.

Сажа (сажа, копоть) - 1) прадукт няпоўнага згарання паліва, што асядае ў коміне; 2) (головня) - хвароба хлебных злакаў.

Сажань (сажень) - 1) старая мера даўжыні, роўная 2,134 м; 2) прылада для абмервання зямельных участкаў даўжынёй адзін сажань.

Сажалка (пруд) - 1) штучны вадаём; 2) (садок) садок для рыбы.

Сак, сачок (сак) - 1) жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто; 2) рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч.

Сакас (сакос) - адзенне архірэя ў час набажэнства.

Сакатуха (курица-кокотунья) - 1) курыца, якая сакоча; 2) (стрекотунья) - балбатлівая жанчына.

Сакваяж (саквояж) - дарожная сумка з замком.

Сакуны (сакуны) - жыхары басейна сярэдняга цячэння Прыпяці і Арэсы, якія да пачатку ХХ ст. у сваёй гутарковай мове захавалі цвёрдае са ў зваротных дзеясловах, якія маюць часціцу ся: пагаліўса, пасварыўса, закахаўса.

Саладуха (кулага) - вадкая страва з жытняй мукі.

Саладзільня, саладоўня (солодовня) - памяшканне, дзе прарошчваюць зерне на солад.

Саладзільшчык (солодовник) - рабочы, які гатуе солад.

Саладзільшчыца (солодовница) - рабочая, якая гатуе солад.

Саламяннік - 1) шыянка, карчага - вялікая саламяная ёмкасць для захоўвання збожжа; 2) саламяны вулей.

Салавар, салатоп (саловар) - той, хто займаецца вытапліваннем сала.

Салаварня, салатопка, салатопня (саловарня) - прадпрыемства, дзе вытопліваюць сала.

Саланіна (солонина) - свіное пасоленае сала.

Саланіца (солонка) - невялікая драўляная або шкляная пасудзіна, у якой падаюць соль на стол.

Салатніца (салатница) - сталовая пасудзіна для салаты.

Салаш (шалаш) - будан (Палессе).

Салея (солея) - узвышэнне перад іканастасам на ўсю яго даўжыню ў праваслаўнай царкве.

Салонка (картофель, сваренный посоленный) - звараная ачышчаная пасоленая бульба.

Сальцісон (зельц) - каўбасны выраб з прасаваных вараных здробненых кавалачкаў мяса з свіной галавы, печані, языка, сэрца, лёгкіх.

Салявар (солевар) - рабочы, спецыяліст па соляварэнні.

Салянка (солонка) - 1) сальніца - невялікая пасудзіна для солі; 2) густы суп з дробнанарэзанымі кавалачкамі мяса або каўбасы з вострымі прыправамі.

Салянка (солянка) - пасудзіна, памерам 1/6 віленскай бочкі, што складае 67,75 л.

Самабітка (самобитка) - калода, прычэпленая да бортнага дрэва, якая замінае мядзведзю залезці на дрэва па мёд.

Сані (сани) - зімовая павозка на палазах.

Санкі, саначкі (саночки) - невялікія сані для катання з горак і перавозкі грузаў уручную.

Саракі (сороки) - веснавое свята сустрэчы першага выраю.

Сарачыны (сорочины) - памінальны абрад праз 40 дзён пасля смерці сваяка.

Сарочка (сорочка, рубаха) - кашуля.

Саха (соха) - 1) бярвяно з развілінай уверсе; 2) драўляная прылада для ворыва, якая мае рабочай часткай развіліну.

Сахор (вилы) - двухзубыя драўляныя вілкі з жалезнымі наканечнікамі на канцах для выкідвання гною з хлява, чатырохзубая жалезная прылада, якая прыйшла на змену драўлянаму сахару.

Сачні (блины толстые) - тоўстыя мучныя бліны з начынкай.

Сачык, сачок (сачок) - верхняе кароткае жаночае адзенне.

Саян (юбка) - спадніца з прышыўным ліфам-кабатам (Магілёўская і Гомельская вобл.).

Сват (сват) - 1) асоба, якая сватае жаніху нявесту або нявесце жаніха; 2) бацька мужа ў адносінах да жончыных ці бацька жонкі да мужавых бацькоў; 3) жанаты ўдзельнік вяселля.

Свацця, сванька (сваха) - жанчына, якая сватала нявесту жаніху ці жаніха нявесце; 2) маці мужа ў адносінах да жончыных або маці жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў.

Свёкар (свекор) - бацька мужа.

Светач, дзед (светоч) - прыстасаванне для трымання лучыны пры яе гарэнні (для асвятлення памяшкання).

Свечка (свеча) - палачка з тлушчанага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення.

Свечнік (подсвечник) - падсвечнік (Аршанскі раён).

Свідар (бур) - тое, што і вялікі свярдзёлак.

Свінапас (свинопас) - пастух, які пасе свіней.

Свінарка (свинарка) - працаўніца, якая даглядае свіней.

Свінарнік (свинарник) - хлеў для свіней.

Свіран (клеть, амбар) - халодны будынак для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў.

Свіронак, свірнік (амбарчик) - невялікі свіран.

Світа (кафтан) - доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна.

Світка, сярмяга, марынатка, латуха (кафтан) - верхняе адзенне мужчын і жанчын простага пакрою з адкладным каўняром.

Світэр, свэтар (свитер) - цёплая вязаная фуфайка без зашпіляк з высокім каўняром.

Свісток (свисток) - прыстасаванне, пры дапамозе якога адбываецца свіст.

Свістун (свистун) - той, хто свішча, хто любіць свістаць.

Свісцёлка, свістулька (свистёлка) - духавы народны музычны інструмент у выглядзе дудкі з дрэва або чароту.

Свякроў, свякроўка, свякруха (свекровь) - маці мужа.

Свярдзёлак (буравчик) - невялікі свердзел.

Святліца (светлица, горница) - жыллёвае памяшканне хаты.

Свяча - свята свечкі, грамадская ці сямейная вечарына, прымеркаваная да пэўнага царкоўнага свята.

Седала - 1) жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня; 2) гняздо, дзе нясуцца куры; 3) абжыты куток для чалавека, дзе ён жыве шмат гадоў.

Седлавіна - прагін у спіне жывёлы (коней).

Сежа - замаскаванае месца, у якім паляўнічы падпільноўвае сваю здабычу.

Сейбіт (севец, сеятель) - той, хто засявае зямлю насеннем.

Сенечкі, кладоўка, клець (амбар) - халоднае памяшканне для захоўвання прадуктаў (в. Садавічы Капыльскага раёна).

Сені, сенцы (сени) - халоднае памяшканне паміж жылой часткай хаты і ганкам.

Сельмаг (сельмаг) - сельскі магазін.

Сельніца (сеновал) - прасторнае памяшканне для захоўвання кармоў жывёле. (І. Сербаў. Вічынскія паляне, с. 73.)

Сельсавет (сельсовет) - найменшая тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка ў сельскай мясцовасці ў савецкі і паслясавецкі час, якая аб'ядноўвала некалькі вёсак аднаго раёна.

Сельская грамада (сельская община) - грамадскае аб'яднанне некалькі вёсак у паслярэформенны час, звычайна тых, якія адносіліся да аднаго маёнтка.

Семачкі, семкі - насенне сланечніку.

Сёмуха, Зялёныя святкі, Тройца (Троица) - свята праз 7 тыдняў пасля Вялікадня.

Сем'е, семя - ільняное насенне.

(Працяг у наст. нумары.)


Фестываль "Салаўё-2017" на сядзібе незалежнага музыкі

4 чэрвеня на аграсядзібе Вайцюшкі на мяжы Лідскага і Наваградскага раёнаў адбыўся мастацка-паэтычны і музычны фестываль "Салаўё-2017". Тут цягам тыдня праходзіў пленэр творцаў з розных гарадоў, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У пленэры ўдзельнічалі мастакі і скульптары з Менска і Гародні: Кацярына Сумарава, Алег Усціновіч, Валянціна Шоба, Ігар Засімовіч і Кацярына Зантарыя.

Убачыўшы ў шэрым валуне абрысы крылаў, скульптар Ігар Засімовіч тры дні шліфаваў і апрацоўваў камяні. Яны склалі кампазіцыю "Крылы" і былі ўмацаваны непадалёку ад сядзібы. Сябар, пабачыўшы працу, ўзгадаў метафару Ул. Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі".

На чатыры дні прыехала ў Вайцюшкі скульптар і выкладчыца Кацярына Зантарыя. Звычайны шэры валун яна ператварыла ў стол, засланы ручніком, на якім па-хатняму размясціліся чыгунок з бульбай і талерка з яблыкамі.

- Працаваць тут нам спрыяла паветра і ўсё рабілася па натхненні! - кажа Ігар Засімовіч.

Уладзімір Панцялееў з Гародні перадаў на пленэр сваю працу ў камні " Лідзейка". Яна сімвалізуе прыток Нёмана. Алег Усціновіч зрабіў літары і пячаткі з дрэва. Кацярына Сумарава ператварыла магутны дубовы зрэз у скарынаўскі знак "Месяц і сонца". Яе дачка Марыйка натхнілася скарынаўскімі літаграфіямі і зрабіла свае малюнкі. Вядомая мастачка з Гародні Валянціна Шоба вырабіла літары і кампазіцыі з пяску. Пясок успрымаецца ёй як культурныя слаі, якія напластоўваюцца адзін на адзін.

4 чэрвеня на фестываль прыехалі больш за 100 чалавек з Менска і розных куткоў Гарадзеншчыны. Надвор'е стаяла цёплае і лагоднае. Наведвальнікі фэсту гулялі па лесе, дзе дубы схіляюць свае шаты, і ўздоўж Нёмана, плёскаліся ў рацэ, хадзілі басанож па чыстым і цёплым пясочку. Свята распачалося а другой гадзіне.

Разнастайнай была літаратурная частка фестывалю. Яна пачалася з прэзентацыі кнігі падарожных нататкаў "Простыя словы" Змітра Вайцюшкевіча.

Крыху раней ва ўступным слове да выхаду кніжачкі Максім Жбанаў прызнаваўся: "Мы дзесяць год працавалі са Змітром на Радыё Рацыя. Зміцер цудоўна распавядае, ён шыкоўны стыліст. Я вельмі рады, што нарэшце мы пачулі яго аўтарскі голас. Кніжку можна чытаць з любой старонкі і гэта будзе стоадсоткавая музыка і драйв. Сэнс кніжкі ў тым, што яна даўжэйшая за радыё. Гэта працяг нашай радыё - гісторыі. Тут ёсць аўтарская шчырасць і сапраўднае беларускае прамаўленне. Атрымаўся лірычны дзённік у свабодным фармаце." Артыст падараваў сваю кніжачку і падпісаў яе ўсім ахвочым.

На фестывальнай сцэне пад тэнтам з чытаннем вершаў выступілі маладыя лірыкі і аўтарытэтныя ў літаратуры асобы: Ігар Рыжкоў, Наста Кудасава, Аксана Спрынчан, Алесь Ліпай, Уладзімір Някляеў. Слухачы месціліся на зялёнай траўцы і лавах пад дрэвамі. З вуснаў актывістаў ТБМ прагучалі вершы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Разважаючы пра падрыхтоўку да юбілеяў волатаў і песняроў Я. Купалы і Я. Коласа, Уладзімір Някляеў адзначыў, што дзяржаўныя юбілейныя мерапрыемствы, хутчэй за ўсё, будуць насіць фармальны характар, а ў той час неабходна, каб паэзія нашых геніяў даходзіла да сэрцаў людзей і сілкавала дух народа.

У. Някляеў паведаміў, што напісаў аповесць, прысвечаную Я. Купалу, дзе ён імкнуўся перагледзець факты жыцця і гібелі паэта, а таксама пераасэнсаваць сваю творчасць з вышыні ўзросту, большага за купалаўскі. Яго дэкламацыя вершаў і ўрыўка з паэмы "Прошча" атрымалася ўзрушанай і эмацыйнай. У фармаце "Вольны мікрафон" выступілі паэты з Берасцейшчыны.

Арганізатар, менеджар і дырэктар фестывалю З. Вайцюшкевіч быў прыемна ўражаны вялікай колькасцю гасцей, у тым ліку і дзяцей. Ён падзякаваў усім удзельнікам пленэра і літаратурных чытанняў ды гасцям сядзібы. Спявак зладзіў невялікі імправізаваны канцэрт з папулярных твораў для грамады. Прагучалі песні на вершы Ул. Някляева, Г. Бураўкіна, а таксама - Я. Нагавіцы. Потым са спевамі выступіў бард Сяржук Чарняк з Ліды. Нефармальны характар мерапрыемства нёс асаблівую атмасферу цяплыні і сяброўства.

Фестывалі на Нёмане, арганізаваныя артыстам, з кожным годам набываюць большую папулярнасць. Падобныя імпрэзы пройдуць сёлета ў ліпені і жніўні.

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. З. Вайцюшкевіч чытае ўрыўкі з новай кнігі "Простыя словы"; 2. Скульптар Ігар Засімовіч і яго праца "Крылы"; 3. На фэсце "Салаўё-2017" у Вайцюшках.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

"Маляўнічая гісторыя" Ўладзіміра Арлова прыйшла і ў Ліду

7 чэрвеня ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкi Купалы адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага беларускага майстра гістарычнай літаратуры Ўладзіміра Арлова "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі". Гэтая кніга - першая з задуманай пісьменнікам трылогіі па гісторыі Беларусі. Уладзімір Арлоў працаваў над ёй чатыры гады, выдатны беларускі мастак-афармляльнік Павел Татарнікаў - шэсць гадоў.

Кніга адразу знайшла свайго чытача. Толькі ў пачатку бягучага года ў Менску хутка разышліся першыя тры тысячы экземпляраў - былі выдадзены новыя тры тысячы. З Менска кніга "пайшла" па іншых гарадах краіны, і вось днямі дабралася і да Ліды.

- Калі параўноўваць з папярэднімі маімі гістарычнымі кнігамі, - гаворыць пісьменнік, які прыехаў на прэзентацыю сваёй кнігі ў Ліду, - то можна сказаць, што гэта "Краіна Беларусь" для дзяцей і падлеткаў. Але карысна будзе прачытаць яе і дарослым.

Першая частка трылогіі - "Ад Рагнеды да Касцюшкі" - ахоплівае час ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя і заканчваецца паўстаннем 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, пасля паражэння якога Беларусь была ўключана ў склад Расійскай імперыі. У кнігу ўвайшлі цікавыя, пазнавальныя і багата ілюстраваныя гістарычныя апавяданні, знайшлося ў ёй месца таксама легендам і паданням. Як ужо адзначалася, кніга багата аздобленая малюнкамі Паўла Татарнікава - мастака-афармляльніка кніг, запатрабаванага не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Гістарычныя апавяданні ў кнізе суправаджаюць больш за дзвесце ілюстрацый, у тым ліку больш за 65 партрэтаў нашых славутых суайчыннікаў, пачынаючы ад Рагвалода і Рагнеды.

Адзін з экземпляраў сваёй кнігі "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі" Ўладзімір Арлоў падарыў Лідскай дзіцячай бібліятэцы. Пісьменнік таксама адзначыў, што запланавана выдаць яшчэ дзве часткі "Маляўнічай гісторыі" (праца над другой часткай ужо ідзе). Аўтар трылогіі спадзяецца, што і наступныя дзве кнігі будуць прэзентаваны ў тым ліку і ў Лідзе.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

"Ідалапаклонніца" па-беларуску

25 траўня 2017 года ў менскай бібліятэцы № 14 імя Ф. Багушэвіча, якой загадвае Наталля Анатольеўна Стрыгельская, адбылася творчая сустрэча з маладым літаратарам і перакладчыкам Алесем Емяльянавым-Шыловічам. Адбылася прэзентацыя кнігі Галіны Пасвятоўскай "Ідалапаклонніца".

Польская паэтка нарадзілася ў 1935 годзе ў Чанстахове. З прычыны хваробы сэрца большую частку жыцця правяла ў санаторыях, дзе і пазнаёмілася са ваім мужам Адольфам Рышардам Пасвятоўскім (таксама хворым на сэрца),які памёр праз два гады пасля шлюбу. У 1958 г. пані Пасвятоўская прайшла складаную аперацыю ў Злучаных Штатах. Па вяртанні ў Польшчу скончыла філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта. Пры жыцці паэткі пабачылі свет тры аўтарскія зборнікі "Гімн ідалапаклонніцы" (1958), "Сённяшні дзень" (1963 г.) і "Ода рукам" (1967). Памерла ў 1967 г. пасля няўдалай аперацыі. Пасмяротна выдадзена кніга вершаў "Яшчэ адзін успамін" (1968). Творы перакладзены на ўкраінскую, нямецкую, партугальскую, рускую, персідскую і шмат іншых моваў.

Кніга "Ідалапаклонніца" выдадзена пры фінансавай падтрымцы польскага інстытута ў Менску ў выдавецтве "Кнігазбор" у 2016 годзе. Наклад выдання - 300 асобнікаў. Рэдактарам з'яўляецца інтэлегент-празаік і паэт Андрэй Хадановіч, а карэктарам - Наталля Кучмель. Мне асабіста спадабаліся вершы: "Пра вераб'ёў", "Да цябе", "Варта дакрануцца, каб ты аджыў" і іншыя.

Трэба адзначць, што на імпрэзе прысутнічалі сябры Фрунзенскай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска: Яўген Гучок, Павел Чайкоўскі, Алена Драздовіч, Мікола Бамбіза,супрацоўнікі бібліятэкі № 14 імя Ф. Багушэвіча. Напрыканцы імпрэзы адбыўся шчыры дыспут пра сучасную літаратуру.

Аляксей Шалахоўскі , гісторык культуры, журналіст-фрылансер.



Старшыні Фэдэрацыі

прафсаюзаў Беларусі

Сп. М.С. Орда

220126, Мінск

пр. Пераможцаў, 21

СПРАВАЗДАЧА

На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі № 30 ад 29.04.2017 г., заключанага на падставе Пастановы выканкама Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ад 29.04.2017 № 242, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 420, 00 (чатырыста дваццаць) беларускіх рублёў.

У адпаведнасці з дагаворам грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, музеяў, гімназій і школ горада Менска, а таксама ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на беларускамоўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь. У дадатку №1 да справаздачы абазначаны суб'екты падпіскі і грашовыя сумы.

Да справаздачы дадаюцца копіі плацёжных дакументаў на дзвюх старонках.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


ТБМ звяртаецца па дапамогу

Таварыства беларускай мовы вымушана зноў звярнуцца да сяброў арганізацыі і прыхільнікаў роднай мовы з просьбай падтрымаць арганізацыю сваімі ахвяраваннямі ў сувязі з павелічэннем з красавіка 2017 арэнднай платы за менскі офіс (складае каля 2000 BYN) і неабходнасці фінансавай падтрымкі нашай газеты "Наша слова" (частка накладу якой распаўсюджваецца бясплатна).

У менскім офісе ладзяцца курсы мовы "ПраМова", пераклад заканадаўства на беларускую, штогадовая Агульнанацыянальная дыктоўка па-беларуску, выставы і прэзентацыі, курсы па беларускай мове і гісторыі Беларусі для школьнікаў, лекцыі пра гісторыю Беларусі, курсы замежных моваў праз беларускую. ТБМ рэгулярна звяртаецца да ўладаў і дамагаецца назваў вуліц у гонар беларускіх дзеячоў, ладзіць кампанію па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання і многае іншае.

Пералічыць унёскі і ахвяраванні можна праз сістэму разліку "Расчет" (АРІП) і iPay (інструкцыя тут http://tbm-mova.by/pubs103.html). Памеры ўнёскаў можна паглядзець па спасылцы http://tbm-mova.by/interesting9.html.

Таксама грашовыя сродкі можна прыносіць у офіс ТБМ на Румянцава, 13 штодня (акрамя суботы і нядзелі) з 15.00 да 19.00, альбо пералічыць УВАГА! да 04.07.2017 г. на рахунак ТБМ - УНП ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 100129705, р/р 3015741233011 у Аддзяленні № 539 па Мінску і Мінскай вобласці ААТ "Белінвестбанк", код 739.

Ад 04.07.2017 г. стары нумар рахунка дзейнічаць не будзе, сродкі можна будзе пераводзіць на новы нумар рахунка УНП ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 100129705, р/р BY84BLBB30150100129705001001, код банка BLBBBY2X.

Спісы ахвярадаўцаў (з іх згоды) рэгулярна друкуюцца ў "НС", змяшчаюцца на партале ТБМ.

УВАГА! Зменена размяшчэнне месцазнаходжання ў сістэме АРІП і новыя нумары рахункаў з 4 ліпеня.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У 987 г. у Візантыі пачаўся рокаш супраць імператара Васілія II, і паўстанцы захапілі значную частку краіны. Тады імператар папрасіў дапамогі ў кіеўскага князя Ўладзіміра і за гэта паабяцаў выдаць за яго сваю сястру Ганну. Дзякуючы дапамозе Ўладзіміра Васілій II перамог і захаваў сваю ўладу, а Ўладзімір пакінуў сваю жонку полацкую князёўну Рагнеду, ад якой меў шмат сыноў. АлеВасілій II забыўся на сваё абяцанне, і тады Ўладзімір вырашыў захапіць Херсон, які славяне называлі Корсунь. Пасля доўгай аблогі (дзевяць месяцаў) горад быў захоплены, і Ўладзімір зноў запатрабаваў у Васілія шлюбу з ягонай сястрой. Той тады прапанаваў Уладзіміру ахрысціцца, і ён з гэтым пагадзіўся. Ганна прыехала ў Херсон, Уладзімір узяў хрост і павянчаўся з прынцэсай. З Херсона ён забраў у Кіеў хрысціяінскія рэліквіі і нават антычныя скульптуры, якія потым паставіў у Кіеве. Пазней у Крым прыйшлі спачатку печанегі, а потым полаўцы, але Херсона яны не чапалі і актыўна гандлявалі з яго насельнікамі У XIII ст. у Крым прыйшлі мангола-татары, якія не раз рабавалі і Херсон. У 1350 г. Херсон трапіў пад уладу генуэзцаў і прыйшоў у заняпад. Канчаткова горад апусцеў у сярэдзіне XV ст.

4. Тмутаракань

Горад быў заснаваны на Таманскім паўвостраве грэкамі з вострава Лесбаса ў VI ст. н. э. і спачатку меў назву Германаса. Потым ён увайшоў у склад Баспорскага царства. У VI ст. Баспор стаў часткай Візантыйскай імперыі. Неўзабавае горад захапілі войскі Цюркскага каганата, і ён атрымаў назву Тументархан. У ІХ-Х стст. ён стаў хазарскім і часам меў назву Самкерц. Горад быў добра ўмацаваны, і тут жылі грэкі, армяне, хазары і аланы. Сярод іх былі хрысціяне, іўдзеі і язычнікі. Жыхары ў асноўным займаліся гандлем, а таксама вінаробствам.

Пасля разгрому Хазарыі горад перайшоў пад уладу Кіева, стаў сталіцай Тмутараканскага княства і пачаў называцца Тмутаракань. Княства існавала з другой паловы X і ў XI стст. У яго тэрыторыю акрамя Таманскага паўвострава ўваходзіла і частка паўднёвага Крыма з горадам Керчу, які славяне называлі Корчаў. Горад меў добры порт, і праз яго ішоў гандаль Кіева з Візантыяй і народамі Паўночнага Каўказа. З 988 па 1036 гг. княствам кіраваў сын полацкай Рагнеды Мсціслаў Уладзіміравіч, які ў 1022 г. збудаваў у Тмутаракані царкву Багародзіцы. Княства было самастойнай дзяржавай пры князі Расціславе з 1064 па 1066 гг. У 1068 г. князь Глеб змерыў адлегласць ад Тмутаракані да Корчава, пра што сведчыць надпіс на Тмутараканскім камені. З 1083 па 1094 г. горад быў пад кантролем Візантыі, пра што сведчаць надпісы на пячатках чарнігаўскага князя Алега. Пасля 1094 г. пра Тмутаракань кіеўскія летапісцы ўжо не згадваюць.

У візантыйскіх крыніцах XII ст. горад як візантыйскае ўладанне мае назву Таматарха. Візантыі ён належаў да 1204 г. У ХІІІ-ХV стст. гэта - калонія Генуі, якая называецца Матрэга. Адначасова з Генуяй горадам кіруюць адыгейскія князі. У 1475 г. горад захапілі туркі.

5. Волжская Булгарыя

У 965 г. пасля знішчэння Хазарскага каганата падначаленая яму Булгарыя стала незалежнай краінай. У 922 г. булгары прымаюць іслам, а іх кіраўнік прымае тытул эміра. У 1006 г. Кіеў заключыў з Волжскай Булгарыяй гандлёвую дамову, у адпаведнасці з якою булгарскія купцы маглі вольна гандляваць на Ацэ і Волзе, а кіеўскія - у Булгарыі. У ХІ - пачатку ХІІІ стст. булгары з пераменным поспехам ваююць з суздальскімі і ўладзімірскімі князямі. У 1223 г., калі войскі мангола-татараў пасля перамогі над Кіевам і полаўцамі ішлі праз землі булгар, яны былі разбітыя іх войскам. Аднак ужо ў 1229 г. булгары і полаўцы атрымалі паразу ад мангола-татараў на рэчцы Ўрале.

У 1236 г. армія манголаў на чале з Субэдэем разграміла ўсю краіну, спаліла іх гарады і забіла шмат людзей. Пасля чарговых паходаў манголаў у 1239 і 1240 гг. уся тэрыторыя Волжскай Булгарыі увайшла ў склад Залатой Арды. Аднак у XV ст. булгары аднавілі сваю дзяржаўнасць у выглядзе Казанскага ханства са сталіцай у г. Казань.

Першай сталіцай Булгарыі быў горад Булгар, сённяшні горад Болгар у Татарстане. У XII ст. сталіцай стаў Біляр.

Згодна з падлікамі навукоўцаў насельніцтва краіны складала 1,5 - 2 млн. чалавек. Волжскія булгары сталі продкамі сучасных казанскіх татараў і чувашоў.

6. Стварэнне Залатой Арды

Назва краіны "Залатая Арда" ўпершыню згадваецца ў 1566 г. у рускім творы "Казанская гісторыя". У персідскіх ці золатаардынскіх крыніцах краіна называецца "Ўлус". Слова "арда" тут мае значэнне як стаўка ці парадны лагер кіраўніка краіны. У славян "ардой" спачатку называлі войска, але на мяжы ХІІІ-ХІV стст. гэта ўжо краіна. Заходнееўрапейскія крыніцы гэтую краіну ведалі пад назвай "краіна татар", "зямля татар" або проста "Татарыя". Кітайцы далі манголам назву "татары", або "тартар". Пачатак стварэння Залатой Арды гісторыкі адносяць да 1224 г., калі Чынгісхісхан падзяліў сваю імперыю паміж сынамі. У гонар сына Чынгісхана Джучы яго краіну пачалі называць Улус Джучы. Пасля заходняга паходу (1236-1242 гг.) сына Джучы Бату (Батыя) Улус Джучы пашырыўся на захад, і яго цэнтрам стала Ніжняя Волга.

Пасля смерці Бату правадыром імперыі стаў яго брат Берке (1257-1266), які яшчэ ў маладосці прыняў іслам. Гэта дапамагло яму атрымаць падтрымку ўплывовых мусульманскіх колаў Волжскай Булгарыі і Сярэдняй Азіі. Шмат якія адукаваныя мусульмане зрабіліся дзяржаўнымі чыноўнікамі, што ўмацавала новую дзяржаву. У ардынскіх гарадах будуюць мячэці і мінарэты, медрэсэ і караван-сараі. Сталіцай дзяржавы стаў горад Сарай-Бату, каля Астрахані. Пазней сталіцай быў Сарай-Берке (магчыма, гэта быў той самы горад). Берке запрасіў з Персіі і Егіпта навукоўцаў, багасловаў і паэтаў, а з Харэзма - рамеснікаў і купцоў. У часы ўладарання наступнага хана, Менгу-Цімура (1266-1282), Улус Джучы канчаткова стаў незалежным ад цэнтральнага ўрада ў Манголіі. Адбылося гэта ў 1269 г. Пасля смерці Менгу-Цімура і міжусобнай барацьбы паміж рознымі кланамі да ўлады ў 1299 г. канчаткова прыйшоў хан Тахта. Да 1240 года мангола-татары ўключылі ў склад Залатой Арды паўночна-ўсходнія і паўднёвыя землі былой Кіеўскай Русі. Найбольш пацярпелі землі будучай Расійскай дзяржавы, дзе з 1240 па 1480 гг. устанавілася панаванне, ці іга мангола-татараў - вялікіх ханаў Залатой Арды. Каб лягчэй было кіраваць, вялікія ханы Залатой Арды падзялілі захопленыя землі на невялікія ўдзельныя княствы, якія былі золатаардынскімі васаламі Каб распараджацца сваім удзелам, удзельны князь павінен быў прасіць у вялікага хана дазвол на кіраванне сваім княствам. Гэты дазвол у выглядзе спецыяльнай дазвольнай граматы меў назву ярлык. Галоўны ярлык хан даваў Уладзімірскаму князю, які ў сваю чаргу меў уладу над іншымі ўдзельнымі князямі. Ярлык на вялікае Ўладзімірскае княжанне даваў дазвол на збор даніны з мясцовага насельніцтва ў казну Залатой Арды. Гэтая даніна мела назву "выхад". Непасрэднымі прадстаўнікамі хана Залатой Арды былі яго намеснікі - баскакі, якія мелі карныя вайсковыя атрады дзеля кантролю за зборам даніны. Татары перапісалі ўсё насельніцтва і ўстанавілі памер даніны для кожнага чалавека. Першы ярлык на вялікае княжанне атрымаў Аляксандр Неўскі, які на той час быў пераяслаўскім князем.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Амфара - таўстасценная гліняная пасудзіна з высокім вузкім горлам і дзвюмя ручкамі, прызначаная для транспартавання і захоўвання віна, алею, іншых вадкасцей. На тэрыторыю Беларусі амфары прывозіліся ў асноўным з грэцкіх калоній у Крыме.

Арда - 1) Дзяржава, саюз плямёнаў у старажытных цюркскіх народаў. 2) Цюркскае войска, якое нападала на славянскія землі.

Кальчуга - від засцерагальнага ўзбраення. Уяўляе сабой сплеценую з металічных кольцаў кашулю.

Каменная баба - скульптурная выява палавецкіх язычніцкіх багоў.

Курэнь - аб'яднанне некалькіх сваяцкіх сем'яў у полаўцаў, балгар і іншых качавых народаў.

Печанегі - саюз качавых плямёнаў, які склаўся ў VIII-IX стст.

Полаўцы (кыпчакі, куманы) - качавы народ цюркскага паходжання.

Улус - 1) Аўтаномная частка мангольскай імперыі, дзяржава. 2) Пасяленне, стойбішча ў народаў Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі, Сібіры.

Хан - тытул феадальнага правіцеля ў народаў Усходу ў эпоху Сярэднявечча, а таксама асоба, якая мела гэты тытул.

Чорныя клабукі - мірныя цюркі, народ, які жыў на паўднёвых межах Кіеўскай Русі і служыў у войску кіеўскіх князёў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

882 г. - печанегі дайшлі да Крыма.

968 г. - аблога Кіева войскам печанегаў.

972 г. - забойства печанегамі кіеўскага князя Святаслава.

988 г. - кіеўскі князь Уладзімір захапіў у Крыме візантыйскі горад Херсанес (Корсунь).

1010 г. - частка печанегаў прыняла іслам, а другая частка - праваслаўе ад Візантыі.

1036 г. - аблога печанегамі Кіева і іх разгром князем Яраславам Мудрым.

1046-1047 г. - уварванне печанегаў у Балгарыю і вайна з Візантыяй.

1055 г. - з'яўленне полаўцаў каля межаў Кіеўскай Русі.

1185 г. - няўдалы паход кіеўскага князя Ігара Святаслававіча на полаўцаў.

1186 г. - з'яўленне полаўцаў у Балгарыі.

1223 г. - бітва на р. Калцы.

1236-1242 гг. - еўрапейскі паход хана Батыя.

1240 г. - спусташэнне Кіева войскамі Батыя.

1266 г. - утварэнне Залатой Арды.


РАЗДЗЕЛ XII. ТЭЎТОНСКІ ОРДЭН I ЗАВАЯВАННЕ НАРОДАЎ ПРЫБАЛТЫКІ. УТВАРЭННЕ ВКЛ

1. Балцкія і фіна-ўгорскія плямёны Прыбалтыкі ў ІХ-ХІІ стст.

2. Славянская каланізацыя. Гарадзенскае княства.

3. З'яўленне крыжакоў на землях Латвіі і Эстоніі. Ордэн мечаносцаў.

4. Тэўтонскі ордэн ў XIII ст.

5. Утнарэнне ВКЛ. Старажытны Наваградак.

6. Княжанне Віценя.

I. Балцкія і фіна-ўгорскія плямёны Прыбалтыкі ў ІХ-ХІІ стст.

На тэрыторыі сённяшняй Эстоніі ў Высокім Сярэднявеччы жылі фіна-ўгорскія плямёны, у асноўным гэта продкі сённяшніх эстонцаў. Уздоўж Рыжскага заліва жылі лівы - таксама фіна-ўгорскі народ. На тэрыторыі Латвіі былі паселішчы вялікіх балцкіх плямёнаў куршаў, зямгалаў, селаў. Іншыя балцкія плямёны насялялі тэрыторыю Прусіі і Літвы - гэта прусы, жэмайты (жмудзь), аўкштайты, галінды, куршы і яцвягі. На тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны яцвягаў, летапіснай літвы і дайнавы. Усе вышэйзгаданыя народы і плямёны ў Х-ХІІ стст. былі язычнікамі і верылі ў розных багоў, а таксама пакланяліся розным прыродным з'явам. Так, у нямецкіх крыніцах ХVІ-ХVІІ стст. захаваліся звесткі пра прускіх багоў. Пад свяшчэннымі дубамі ў прусаў стаялі ідалы (стоды). Сярод іх галоўнымі былі бог падземнага свету - Пакулас, бог маланак і грому - Пяркунас і бог збожжа - Патрымпас. Абслугоўвалі святыя месцы прусаў святаркі- вайдэлоткі. Галіцка-Валынскі (Іпацьеўскі) летапіс пад 1252 г. згадвае пра чатырох балцкіх багоў. Пра дахрысціянскія традыцыі сведчаць латышскія і літоўскія народныя песні-дайны. Продкі латышоў, якія былі земляробамі, верылі ў нябеснага айца, або Божаньку. Яго ўяўлялі як добрага дзядулю, які ходзіць па зямлі, дапамагае добрым людзям і карае злосных. Верылі таксама ў Юміса - бога ўраджаю, і ў Маці-зямлю - багіню падземнага свету. У лясоў была Маці лесу, а ў мора - Маці мора. Пакланяліся Сонцу, заступніку сіротаў, і Месяцу, богу вайны. Лёс чалавека вызначала багіня Лайма. Народным летнім святам было "Ліга", якое адпавядае беларускаму Куплллю. У Х-ХІІ стст. прыбалтыйскія народы актыўна ўдзельнічалі ў міжнародным гандлі. У якасці грошай выкарыстоўваліся срэбныя зліткі, арабскія і заходне-еўрапейскія манеты. Народы, якія жылі на берагах Балтыйскага мора, былі добрымі мараплаўцамі і мелі свае караблі. Яны гандлявалі бурштынам, воскам, мёдам і футрам. З бурштыну ў Заходняй Еўропе выраблялі ўпрыгожванні, а з воску - свечкі, неабходныя ў часы набажэнства. Таксама славіліся мячы, якія выраблялі куршы. У XII ст. шмат якія прыбалтыйскія народы былі ў стадыі пераходу ад першабытнага ладу да феадальнай дзяржавы. Яны ўжо падзяляліся на багатых і бедных, мелі протагарады - умацаваныя гарадзішчы, дзе жылі іх князі і племянная знаць. Князі мелі свас вайсковыя дружыны, з якімі яны нападалі на суседзяў, у тым ліку і на славянскія землі. Самымі ваяўнічымі з іх былі эсты, куршы, прусы і летапісная літва.

(Працяг у наст. нумары.)


Новае з гісторыі лідскай архітэктуры

Леанід Лаўрэш

Лідская гімназія. Першасны праект Лідскай гімназіі Ежы Бейля не дачакаўся рэалізацыі, бо верагодна, быў занадта дарагі. Аднак планы пабудовы гімназіі не былі адкладзены. Тады Бейль зрабіў пэўную карэктуру першаснага праекту. Памеры будынка былі паменшаны, зменены формы фасадаў. Замест прыгожага, класічнага будынка з цэнтральным рызалітам і багатай дэкарацыяй з "дыяментавай" рустоўкай 1 сцен быў спраектаваны, а потым пабудаваны больш сціплы будынак з выразным ухілам у мадэрнізм. Уплыў функцыяналізму адчуваецца ў бакавых фасадах, апаясаных гарызантальнымі пасамі вокнаў. Гэта яшчэ не ёсць стужкавыя вокны ў стылі Ле Карбюззе (дзякуючы каркаснай канструкцыі і адсутнасці апорных сценаў у сучасным будынку, стужачныя вокны Ле Карбюззе рабіліся практычна любой велічыні і канфігурацыі, у тым ліку маглі быць свабодна працягнуты стужкай ўздоўж усяго фасада), пры традыцыйнай канструкцыі будынка гэта было зрабіць немагчыма, аднак аконныя праёмы кожнага з паверхаў злучаны гарызантальнымі ліштвамі ў форме паласы - гэта і стварае выгляд вокнаў Ле Карбюззе. Таксама ідэі функцыяналізму праяўляюцца ў выкарыстанні прынцыпу залежнасці функцыі ад формы. Гэта добра бачна на прыкладзе пабудовы паўдзённага фасада, дзе ад абрысаў агульнага будынка выразна аддзелены аб'ём гімнастычнай залы.

Будынак сучаснай Лідскай школы №1 з'яўляецца цікавай ілюстрацый праблемы каадукацыі (сумеснага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак) у міжваенны перыяд. Праблема мела вялікі ўплыў на праектаванне школ. Першыя каадукацыйныя школы з'явіліся у другой палове XIX ст. Але каадукацыя яшчэ доўга заставалася дыскусійнай праблемай. Таму школы ў архітэктурным сэнсе часта праектаваліся ў адным будынку, але былі падзеленыя на дзве паловы з асобным уваходам. У вёсках і малых мястэчках сумеснае навучанне мела і эканамічны сэнс з-за невялікай колькасці вучняў. Некаторыя, больш рэдка ўжываныя памяшканні - гімнастычная зала, спецыялізаваныя навучальныя класы ці адміністрацыйныя памяшканні, праектаваліся супольнымі, але так, каб хлопцы не маглі патрапіць на жаночую палову. Такія "сіметрычныя" школы добра атрымлівалася праектаваць у стылі неакласіцызму, дастаткова папулярным у 1920-х гг. у Еўропе. Адно крыло школы было мужчынскім, а другое жаночым, яны мелі свае ўваходы, а ў частцы, якая злучала два крылы школы, месціліся пакоі настаўнікаў, гімнастычная зала, тут жа быў галоўны ўваход у школу. У новым гмаху размясціліся агульнаадукацыйныя школы № 1 і 2, левае крыло для хлопчыкаў, правае - для дзяўчынак. Будынак сучаснай Лідскай школы № 1 ёсць ідэальным узорам такога праекту. Аналагічная ідэя была рэалізавана ў шмат якіх школьных будынках таго часу.

Лідская пошта. Насуперак гарадскім легендам, будынак быў спраектаваны ў 1936 г. Вандай Баэрнер-Пшэўлоцкай (Wanda Boerner-Przewlocka) якая раней спраектавала будынак пошты ў г. Івонічы і жылыя дамы катэджнага тыпу для працаўнікоў пошты ў Варшаве. Верагодна заказ на праектаванне будынка пошты ў Лідзе архітэктар атрымала праз адпаведныя кантакты - яе дзядзька, Ігнат Баэрнер ў 1929-33 гг. быў міністрам поштаў і тэлеграфаў Польшчы.

З боку гледжання архітэктуры гмах пошты складаецца з кубічных аб'ёмаў з элементамі, тыповымі для стылю Ле Карбюззе - першы паверх знаходзіцца трошкі ў глыбіні што падкрэслена больш цёмным колерам і на першым плане бачны канструкцыйныя слупы. У галоўным аб'ёме будынка знаходзіўся паштова-касавая зала і бочная тэлеграфна-тэлефонная зала з агульным вестыбюлем. Вакол паштова-касавай залы месціліся памяшканні розных паштовых службаў. Для працаўнікоў пошты меліся асобныя выхады з боку і тылу будынка. На другіх-чацвёртых паверхах знаходзіліся розныя офісныя памяшканні, а таксама тэлефонная і тэлеграфная станцыі, а ў бочным крыле пошты - кватэры.

1 Рустоўка - у архітэктуры абліцоўванне знешніх сцен будынка або іх некаторых частак чатырохкутнымі, правільна складзенымі і шчыльна прыгнанымі адзін да другога камянямі, пярэдні бок якіх пакінуты неабчэсаным ці абчэсаным вельмі груба, і толькі па краях абведзены невялікай гладкай паласой. Пры "дыяментавай" рустоўцы камяні абчэсаны ў форме дыямента.

Здымкі: 1. Лідская гімназія з гімнастычнай залай і стужкавымі вокнамі Ле Карбюззе ў правым фасадзе (NAC). 2. Лідская "сіметрычная" каадукацыйная школа № 1, 2. 3. Лідская пошта ў 1938 г. фота з кнігі (Pszczolkowski Michal. Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921-1939).


Як нямецкі фатограф 100 гадоў назад зарабляў на беларускіх краявідах

Навіны Германіі

Група беларускіх архітэктараў і рэстаўратараў сабрала калекцыю фотакартак Лынтупаў і ваколіцаў, зробленых амаль невядомым у Беларусі фатографам.

Нямецкі фатограф Фрыц Краўскопф нарадзіўся ва Ўсходняй Прусіі ў 1882 годзе. Як нямецкі вайсковец ён трапіў у Беларусь падчас Першай сусветнай вайны. У перыяд акупацыі Краўскопф жыў у Лынтупах на Пастаўшчыне. Пра вайсковую кар'еру Краўскопфа вядома няшмат, а вось вынікі ягонай працы як фатографа захаваліся добра.

- Ён чамусьці меў магчымасць адносна вольна перамяшчацца ўздоўж лініі фронту, па ваколіцах Лынтупаў, - кажа архітэктар і рэстаўратар Вадзім Гліннік, які разам з паплечнікамі сабраў вялікую калекцыю фатаздымкаў Краўскопфа. - Пры гэтым Краўскопф не быў вайсковым фатографам і не фатаграфаваў месцы баёў. Ён займаўся тым, што рабіў здымкі беларускіх краявідаў, друкаваў іх на паштоўках і прадаваў нямецкім салдатам.

Вядома, што на тэрыторыі Беларусі Фрыц Краўскопф знаходзіўся ў 1916-17 гадах. Толькі ў Лынтупах фатограф зрабіў каля 400 здымкаў. Акрамя гэтага Краўскопф фатаграфаваў Камаі, Шэметава, Кабыльнік (цяперашнюю Нарач). Асабліва цікавыя здымкі Краўскопфа, зробленыя ў Полацку.

Агулам за два гады ў Беларусі Краўскопф зрабіў некалькі тысяч фатаграфій. Аднак ягонае імя амаль невядомае беларускім гісторыкам і краязнаўцам.

- Дасюль лічылася, што Краўскопф усяго толькі друкар. Але даследаванні куратара нашай выставы Ядвігі Лукашык даказалі, што ён асабіста фатаграфаваў. І потым са сваіх уласных фатаздымкаў рабіў адбіткі і выпускаў паштоўкі, - кажа Вадзім Гліннік.

Арганізатары выставы высветлілі, што адзін з вядомых здымкаў касцёла ў Камаях таксама належыць Краўскопфу. Вадзім Гліннік кажа, што імя немца неабходна вярнуць ва ўжытак гісторыі беларускага мастацтва і культуры.

Пасля вайны Фрыц Краўскопф вяртаецца ў Прусію, дзе праз два гады адкрывае друкарню, фатаграфуе ваколіцы Кёнігсберга і мірнае жыццё Прусіі. Становіцца даволі вядомым фатографам. З успамінаў ягонага сына вядома, што дзякуючы фатаграфіі Краўскопф даволі добра зарабляў і нават мог сабе дазволіць набыць аўтамабіль "Мерседэс" высокага класу. Ва ўсёй Прусіі ў той час былі толькі дзве такія машыны.

Большая частка архіва Краўскопфа была знішчана ў 1945 годзе падчас штурму Кёнігсберг савецкімі войскамі. Тады ж загінуў і сам Краўскопф, які адмовіўся ехаць у эвакуацыю. Ацалела толькі частка негатываў. У 1954 годзе была выдадзеная кніга з фотаздымкамі ахопленага агнём Кёнігсберга, іх Краўскопф рабіў у апошнія дні жыцця. Захаваць здымкі ўдалося дзякуючы тром сынам, якія своечасова вывезлі негатывы. Усе трое пазней таксама сталі фатографамі.

- Нам было вельмі цікава прасачыць стаўленне Краўскопфа да беларускіх краявідаў. Ён не здымаў страшных ваенных эпізодаў. На ягоных здымках няма жахаў вайны, няма рэпартажаў з лініі фронту. Краўскопф у асноўным здымаў тылы, адпачынак нямецкіх салдат, яго вельмі цікавіла жыццё мясцовых беларусаў. Ёсць шмат партрэтаў лынтупскіх дзяцей, шмат назіранняў за архітэктурай, - кажа Вадзім Гліннік.

Рэстаўратар дадае, што дзякуючы паштоўкам Краўскопфа цяпер можна больш дакладна аднавіць будынкі ў Полацку. Фатограф вельмі актыўна падарожнічаў. Акрамя Беларусі, шмат здымаў у Латвіі і Польшчы.

Паштовачны бізнэс фатографа квітнеў. На большасці сабраных Вадзімам Гліннікам і яго калегамі паштовак можна пабачыць пасланні ад нямецкіх салдат сваім родным. Яны апісваюць сваё жыццё ў Беларусі і службу на фронце. Здымкі Краўскопфа фактычна былі для іх тым самым, што цяпер інстаграм: з іх дапамогай салдаты паказвалі родным сваё жыццё.

- Цікава, што калі тэрыторыя Беларусі перайшла пад кантроль расейскіх салдат, яны таксама дасылалі дадому паштоўкі Краўскопфа. Мабыць, знаходзілі іх на месцах, дзе паштоўкі друкаваліся, і дасылалі дадому. Існуюць нямецкія паштоўкі з подпісамі па-расейску, - кажа Вадзім Гліннік.

Група архітэктараў і рэстаўратараў, якія ладзяць выставу паштовак, сёння стварае Лынтупскі культурны цэнтр "Культыватар". Праз аўкцыёны яны набываюць фотакарткі. Каля 40 з іх будуць пастаянна выстаўляцца ў Лынтупах.

- Як чалавек пунктуальны, Краўскопф большасць сваіх здымкаў падпісваў і нумараваў. Па іх можна аднавіць шлях ягоных перамяшчэнняў… Для пачатку стагоддзя ягоныя фота маюць выдатную якасць, - кажа Гліннік.

Фрыц Краўскопф быў далёка не адзіным нямецкім фатографам, які працаваў у Беларусі сто гадоў таму. Аднак ягоныя здымкі ўнікальныя тым, што паказваюць жыццё беларусаў, яны захавалі архітэктурныя дэталі Лынтупаў і Полацка. Існуе нават некалькі картак, зробленых з борта аэраплана - за сто год да папулярнасці дронаў. Яны з'явіліся дзякуючы таму, што ў Лынтупах дзейнічаў нямецкі аэрадром. Вядомыя нават пахаванні нямецкіх лётчыкаў, якія загінулі пры няўдалых палётах.

- Краўскопф друкаваў паштоўкі і прадаваў іх салдатам, зарабляў такім чынам на жыццё, - кажа Вадзім Гліннік. - А мы дзякуючы гэтаму маем выдатныя дакументы пра жыццё ў Беларусі роўна сто гадоў таму.

Радыё Свабода.


Юбілейная выстава Міколы Купавы ў Палацы мастацтва

7 чэрвеня ў менскім Палацы мастацтва была адкрыта выстава "Айчына светлая мая", прысвечаная 50-годдзю творчай дзейнасці Міколы Купавы, і разам з ёй - экспазіцыі яго калегаў Аляксандра Квяткоўскага і Аляксандра Дзяшко, а таксама - Рэспубліканская выстава партрэтаў.

Мікола Купава - вядомы беларускі творца з выразна акрэсленай грамадскай пазіцыяй. Ён - уладальнік найвышэйшай узнагароды ў галіне кніжнага мастацтва - дыплома і медаля імя Францішка Скарыны, лаўрэат прэміі Беларускага фонду імя Тадэвуша Касцюшкі, пераможца конкурсу "Вечныя гарады". Ён з'яўляецца сябрам Саюза мастакоў з 1978 года і сябрам суполкі "Пагоня".

Мікалай Мікалаевіч скончыў аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1976 годзе, дзе яго настаўнікамі былі прафесар Павел Любамудраў, дацэнт Васіль Шаранговіч. Мікола Купава выкладаў у мастацкай вучэльні імя Глебава ў 1976-78 гадах, на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ў 2002-2006 гадах. У 1998-2004 гг. мастак быў старшынём суполкі "Пагоня".

Мікола Купава працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, жывапісу і экслібрысу. Даследуе беларускую архітэктуру, у прыватнасці, аршанскае абарончае і сакральнае дойлідства. Ён выканаў мастацкае аздабленне звыш 30-ці кніжак і альбомаў, стварыў выявы знаных дзечаў гісторыі і культуры Беларусі: Канстанціна Астрожскага, Ефрасінні Полацкай, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Івана Луцкевіча і іншых. М. Купава браў удзел у больш як 90 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставах.

З уступным словам да шматлікіх знаных гасцей выставы звярнуўся старшыня Беларускага саюза мастакоў і сябар СБП Рыгор Сітніца:

- Мікалай Мікалаевіч ў добрай творчай і фізічнай форме сустрэў свой юбілей. Ён паклаў жыццё на сцвярджэнне нашых нацыянальных святыняў, а значыць - на замацаванне нас у вечнасці, адзначыў Рыгор Сітніца. - Тады, калі яшчэ мала хто з нас марыў пра нацыянальную дзяржаву, ён у сярэдзіне 70-тых гадоў ведаў, што такая дзяржава адбудзецца, і вось яна адбылася высілкамі тых людзей, якія былі побач са спадаром Мікалаем і рабілі разам агульную справу. Сёння мы бачым вынік: ёсць наша дзяржава, мацнее наша нацыя, і мы маем юбілейную выставу Мікалая Мікалаевіча Купавы.

- Мікалай Мікалаевіч - наш настаўнік, на яго творах мы вучыліся, сказаў старшыня суполкі "Пагоня" Ігар Марачкін.- З ім мы аб'ездзілі шмат пленэраў, шмат вандравалі па Беларусі. Мы жадаем яму творчых поспехаў і далейшай плённай працы!

- Мы пазнаёміліся са спадаром Купавам, калі ён быў дырэктарам менскай мастацкай вучэльні, - успамінае акадэмік НАН Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі. - Мікола Купава - з той кагорты выдатных нацыянальных мастакоў, якія ўзначалі наш нацыянальны рух. Сярод іх былі Лявон Баразна, Аляксей Марачкін і іншыя. Ён столькі зрабіў, каб Беларусь была адзіная, багатая, незалежная!

Спадар Мікола Купава выказаў ўдзячнасць Беларускаму саюзу мастакоў за падтрымку ў арганізацыі выставы і сваім землякам, родным, калегам, якія прыехалі з іншых гарадоў і вёсак на свята, якое бывае раз у пяцьдзесят гадоў, і падзялілі з ім радасць адкрыцця вернісажу. З Воршы падтрымаць земляка прыбыў старшыня Аршанскай суполкі ТБМ Юрась Нагорны. Ён прачытаў верш з радкамі, прысвечанымі сябру:

"Руплівец Мікола Купава

нам страчанае вяртае."

- Спадар Мікола Купава вельмі часта ладзіць у нас у горадзе свае вернісажы. У канцы 2016 года ён удзельнічаў з дакладам на канферэнцыі, прысвечанай адраджэнню базыльянскіх муроў, - сказаў М. Нагорны. Адкрыццё выставы наведалі кампазітар Ігар Лучанок, народныя мастакі Васіль Шаранговіч і Ўладзімір Тоўсцік, Аляксей і Ігар Марачкіны, і шматлікія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі краіны.

Крыху раней да падзеі сп. М. Купава дзяліўся сваімі ўспамінамі з сябрамі ТБМ.

- Спадар Мікола, Аршанскі край Вам дарагі і Вы шмат робіце для яго. З чым гэта звязана?

- Я нарадзіўся 31 студзеня 1946 года ў Воршы. Гэта месца вельмі актуальнае для мяне, таму што гэта мой родны кут. Застаўся ў памяці бераг над Аршыцай, уніяцкі храм. Тое, што я бычыў, было моцным імпульсам для майго сталення. Гэта царква выхавала ў мяне разуменне прыгожага, дабрыню, шматлікія станоўчыя якасці. Каля я выходзіў на падворак, я бачыў гэты храм, які быў як аршанскі Нотр-Дам. Ён быў збудаваны па-за цэнтрам горада ў 1758 годзе. Паўтары метры была таўшчыня муроў.

Нам маёй памяці былі яшчэ старыя помнікі 17-га стагоддзя, якія стваралі аблічча горада. У 1969 годзе я скончыў мастацкую вучэльню ў Менску і ехаў наведваць бацькоў. З паўкіламетра мне засталося ісці. Я ледзве не абамлеў, калі ўбачыў, што чыгунная баба разбурае сцяну храма. У 20-30 гады ў храме быў музей, потым - сховішча. Хлапчукі лезлі туды праз дзірку, там была процьма галубоў. Шкадую, што не асмеліўся туды з імі залезці.

Я жахнуўся ад таго, што быў адбіты правы неф. Я пачаў здымаць на фотаапарат, напісаў ліст ў "ЛіМ" і ў Савет Міністраў. Калі я пазнаёміўся з Караткевічам, ён сказаў, што таксама пісаў звароты. Караткевіч бываў у Воршы наездамі, але бываў рэгулярна. Потым ўсё знеслі, застаўся толькі кляштар і кавалак сцяны царквы.

Праз год, у 1970-тым годзе, я паступіў у інстытут, пачаў сур'ёзна займацца і з таго часу адчуў сябе прыналежным да творцаў. Калі я абараняўся ў 1976 годзе, я ўзяў за тэму паўстанне Кастуся Каліноўскага. У мяне была серыя аркушаў, яны былі прывязаныя да кнігі Кісялёва "Сейбіты вечнага". Я праілюстраваў кнігу, і яна паслужыла мне пачаткам тэмы. Нарэшце, я стварыў тры партрэты Кастуся Каліноўскага…

Боскі дар творчасці, накіраваны на перамяненне свету і на тое, каб прыгажосць і гармонія ратавалі душу чалавека, прынёс вялікі плён. 50 гадоў творчай дзейнасці - гэта паўстагоддзя служэння Прыгажосці і Ісціне.

Эла Дзвінская. На фота аўтара: 1. М.М. Купава на юбілейнай выставе. 2. Аўтапартрэт М. Купавы, 1975 год.


Да Язэпа Драздовіча

У першы дзень лета, 1 чэрвеня, магілёўская грамада ТБМ імя Ф. Скарыны накіравалася на выставу твораў Язэпа Драздовіча. Экскурсію па экспазіцыі нам праводзіў сябар ТБМ, супрацоўнік музея гісторыі Магілёва Яўген Балбераў. Постаць Драздовіча незвычайная ў нашай культуры. Ён - і мастак, і скульптар, і гісторык, і грамадскі дзеяч. Прайшлі дзесяцігоддзі і яго спадчына як ніколі запатрабаваная. Выходзяць альбомы і кнігі , прысвечаныя выбітнаму Беларусу. А яго касмічныя мары і творы ўсіх здзіўляюць і ўражваюць дагэтуль сваёй незвычайнасцю.

Многія магілёўцы, асабліва са старэйшага пакалення, для сябе ўпершыню адкрылі гэтага чалавека і былі прыемна здзіўленыя, што мы маем такога творцу. Мы пабачылі партрэт Ф. Багушэвіча і скульптурныя выявы, Ф. Скарыну і незямных істот… Было што паглядзець і над чым паразважаць.

Алег Дзьячкоў.


"Валадар загадак"

16 чэрвеня 2017 года а 19-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзентацыя кнігі паэзіі Ігара Кулікова "Валадар загадак". Гэта чацвёртая кніга паэта, у яе ўвайшлі вершы, напісаныя ў 2015 - 2017 гадах, а таксама пераклады "Рыгведы", Фрыдрыха Гёльдэрліна і Джакама Леапардзі. Пераклады Ігара Кулікова так ці іначай перагукаюцца з асноўным зместам кнігі. Аўтар адчуваў патрэбу не толькі перастварыць гэтыя тэксты ў беларускай мове, але і аддаць такім чынам даніну павагі паэтычным геніям мінуўшчыны.

Ігар Кулікоў - паэт і перакладчык з санскрыту ды іншых моў. Адзін з пераможцаў Конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009), дыпламант прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча (2011).

У прэзентацыі возьмуць удзел беларускія паэты Міхаіл Баярын, Кацярына Масэ, Антон Рудак, Галіна Сіўчанка, Міхал Бараноўскі ды Яўген Бясчасны.

Запрашаем усіх! Уваход вольны!

Вечарына адбудзецца па адрасе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча г. Менск, вул. М. Багдановіча, 7а, даведкі па тэлефоне: 334 42 69.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX