Вярнуцца: 2017

№ 26 (1333)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 26 (1333), 28 чэрвеня 2017 г.


"Лідскае піва": з павагай да гісторыі і мовы

Бровар "Лідскае піва" 22 чэрвеня прэзентаваў новы гатунак - "Менскае, 1918". Ён прымеркаваны да 100-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое адбылося 25 сакавіка 1918 года.

На этыкетцы гатунку размешчаныя бел-чырвона-белыя абрысы БНР. Этыкетка выкананая ў стылістыцы старажытнага вітража.

"Новы прадукт прымеркаваны да даты, калі Менск упершыню стаў сталіцай незалежнай дзяржавы", - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Піва вырабленае ў стылі "еўрапейскі лагер". Мае 4,7% мацунку. Прэзентацыя новага гатунку адбылася ў кавярні "Грай". Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі прачытаў лекцыю пра памятныя мясціны БНР у Менску.

Гэта ўжо не першыя "гістарычныя" гатункі піва ад "Лідскага". Сёлета ў лінейцы з'явіліся лагеры "Менскае, 1067" і "Менскае, 1499", адзін з якіх прысвечаны заснаванню Менска, а другі - наданню гораду Магдэбургскага права.

Зміцер Панкавец, фоты Сяргея Гудзіліна.


"Лідскае піва" правяло ў Менску дыктоўку на беларускай мове

ААТ "Лідскае піва" імкнецца падтрымаць ужыванне беларускай мовы: 24 чэрвеня кампанія ў Нацыянальнай бібліятэцы зладзіла "Агульную дыктоўку". Тэкст дыктоўкі выбралі невыпадковы - урывак з кнігі Міхаіла Валодзіна "Менскія гісторыйкі", бо дыктоўка прымеркаваная да 950-годдзя Менска.

Удзельнікаў дыктоўкі, якія атрымалі найвышэйшыя балы, чакалі адмысловыя прызы ад арганізатараў. Але, падобна, для шмат каго удзел у падобнай імпрэзе - ужо падарунак.

- Я вырашыла, што трэба нейкі такі крок зрабіць, каб пачаць размаўляць па-беларуску, і гэтае мерапрыемства будзе для мяне такім крокам, - кажа ўдзельніца дыктоўкі.

Пасля Менска кампанія хоча зладзіць дыктоўкі і ў рэгіёнах. Як прызнаюцца арганізатары, сённяшняя дыктоўка - гэта і для іх чарговы крок да поўнага пераходу на беларускую мову.

Паводле СМІ.

Нягледзячы на ўвесь патрыятызм, папярэджваем: лішняе ўжыванне піва шкодзіць здароўю.


Юбілей у Ганны Сурмач

Ганна СУРМАЧ нарадзілася 4 ліпеня 1947 года ў вёсцы Пацэвічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970). Была супрацоўнікам Дзяржаўнага архіва Менскай вобласці (1970-1973), інспектарам архіўнага аддзела Менскага аблвыканкама (1973-1977), загадчыцай аддзела камплектавання Дзяржархіва Менскай вобласці (1977-1982), дырэктарам Цэнтральнага дзяржархіва літаратуры і мастацтва Беларусі (1982-1993). З ліпеня 1993 года старшыня Рады грамадскай арганізацыі - Аб'яднанне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Была кіраўніком рабочых груп па падрыхтоўцы і правядзенні Першага і Другога з'ездаў беларусаў свету ў Менску (1993, 1997), двойчы абіралася на іх старшынёй Рады Аб'яднання беларусаў свету. Зрабіла свой унёсак у ажыццяўленне праграмы адраджэння выявы духоўнай святыні беларускага народа - Крыжа святой Ефрасінні Полацкай (унікальнага твора ювелірнага мастацтва XII ст.), пачатай па ініцыятыве Аб'яднання "Бацькаўшчына" (завершана ў 1998). Многае зрабіла ў справе выяўлення, збору і перадачы на захоўванне ў дзяржархівы Беларусі архіваў Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама дакументаў пра беларускі нацыянальна-адраджэнцкі рух, асабістых архіваў дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва, архіваў беларускай эміграцыі. Актыўна выступае ў перыядычным друку, мае навуковыя публікацыі. Падчас працы ў сістэме дзяржархіваў узнагароджвалася ведамаснымі граматамі; у 1995 годзе грамадскім Фондам святой Ефрасінні Полацкай ёй прысвоена званне "Жанчына года". Ёсць сын.

Вікіпедыя.


Купалле рушыла па планеце

Ад 23 чэрвеня па новым стылі да 24 чэрвеня па старым стылі беларусы будуць адзначапць Купалле. Першыя Купальскія святы стартавалі з Ракава і Кульнева на Беларусі.

Трэці раз запар адбылося мерапрыемства пры беларускіх песнях над Сакольскім залівам. Сёлета Сакольскае староства падпісала паразуменне з Беларускім грамадска-культурным таварыствам (БГКТ). Гэта гарант, што свята Купалы ў Саколцы стане пастаянным мерапрыемствам у культурным каляндары года. На сакольскай купальночцы выступілі гурты з Сакольшчыны, Гайнаўшчыны ды госці з Менска.

У Празе Чэшскай прайшло штогадовае Купалле, якое ладзіць фэйсбук-суполка "Беларусы Чэхіі".

У ноч на 25-е чэрвеня амерыканскія беларусы чарговы раз адзначылі Купалле. Падрыхтоўкай і арганізацыяй святкавання займаліся сябры Беларуска-амерыканскага згуртавання "Пагоня" - старшыня Віталь Зайка, Валянціна Якімовіч і сям'я Алены і Юрыя Кавальчукоў. Многія з гасцей прыехалі на Купалле ўпершыню, а некаторыя прывезлі з сабой і маленькіх дзяцей. Валянціна Якімовіч патлумачыла значэнні купальскіх сімвалаў і спеваў, каб кожны лепш зразумеў сэнс гэтага свята і гульняў вакол вогнішча.

Паводле СМІ.На фота: Купалле ў Ракаве.


Беларуска-польскія навуковыя стасункі ў галіне лінгвістычных даследаванняў у 2012-2017 гг. у святле 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін

Выступ намесніка старшыні ТБМ, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім на канферэнцыі ў Варшаве, прысвечанай 25-годдзю падпісання Дагавора аб дабрасуседстве і супрацоўніцтве, якая адбылася 20 чэрвеня 2017 г.

Гісторыя ўзаемадачыненняў беларускага і польскага народа сягае ў глыбокую даўніну. Мы перажылі шмат розных перыядаў, што і не дзіўна. Так складвалася жыццё, мы былі то разам, то паасобку, як і з іншымі нашымі суседзямі. Нашы продкі разам перамагалі пад Грунвальдам і Оршай, пад Венай і Камянцом, пад Леніна і Монтэ-Касіна. Лёсы многіх нашых грамадзян пераплецены, бо шмат якія сем'і апыналіся па розныя бакі дзяржаўных межаў у сілу палітычных абставін. Сёння ў найноўшай гісторыі мы адзначаем 25 гадоў усталявання дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. І можам зазначыць, што гэта новы этап, які з самага пачатку займеў шырокі размах і зацікаўленасць з абодвух бакоў, асабліва ў галіне культуры і навукі. Шмат у гэтым плане зрабілі першы Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Пётр Краўчанка і першы Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Эльжбета Смулкова. Пра гэта шмат ужо напісана і сказана, таму ў сваім выступе я хацела б спыніцца на той дзейнасці, якую на працягу апошніх пяці гадоў праводзяць кіраўніцтва і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, дзе я працавала да абрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

На сённяшні дзень у Інстытуце выконваецца некалькі сумесных з Польскай акадэміяй навук тэм і праектаў: "Даследаванне семантычнай матывацыі ў беларускай і польскай мовах у дыяхранічным дыяпазоне", "Сусветная бібліяграфія славістычнага мовазнаўства", "Выкарыстанне этымалагічных даных у этналінгвістычных даследаваннях", "Беларускі і польскі пераклады Карана татараў Вялікага Княства Літоўскага", "Даследаванні па дыялекталогіі польскай і беларускай моў", "Беларуская і польская канфесійная лексіка". Хачу адзначыць, што ў выкананні названых тэм актыўна задзейнічаны як добра вядомыя ў славянскім мовазнаўстве вучоныя (Г.А. Цыхун, М.П. Антропаў, І.Л. Капылоў, В.М. Курцова), так і маладыя перспектыўныя навукоўцы (Н.А. Снігірова, Ю.М. Маліцкі, І.У. Галуза). Важным вынікам у межах выканання праекту "Даследаванні па дыялекталогіі польскай і беларускай моў" стала правядзенне сумеснай з Польскай акадэміяй навук канферэнцыі "Беларуска-польскія культурнамоўныя ўзаемадачыненні: ад гісторыі да сучаснасці", якая адбылася 5-6 кастрычніка 2016 г. у Менску, а таксама выданне аднайменнага зборніка навуковых артыкулаў. Фактычна, за ўсю гісторыю дзейнасці Інстытута мовазнаўства - гэта першая мовазнаўчая сумесная акадэмічная канферэнцыя. Шмат праходзіла розных навуковых лінгвістычных канферэнцый у іншых установах, а па лініі міжакадэмічнага супрацоўніцтва - толькі адна. Хацелася б, каб такія канферэнцыі займелі працяг і ў перспектыве сталі больш рэгулярнымі.

Паміж акадэмічнымі ўстановамі Інстытутам славістыкі ПАН і Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі дзейнічае праграма безвалютнага абмену. Навукоўцы актыўна карыстаюцца гэтымі магчымасцямі для ўзаемаабмену вынікамі даследаванняў, а таксама для працы з бібліятэчнымі фондамі Польшчы і Беларусі. У межах выканання названых праектаў адбылося шмат узаемных візітаў і паездак. Падчас такіх сустрэч навукоўцамі былі прачытаныя лекцыі па актуальных пытаннях беларускага і польскага мовазнаўства. Так, дырэктар Інстытута мовазнаўства І.Л. Капылоў выступіў з дакладам "Беларуска-польскія мовазнаўчыя стасункі: гісторыя, традыцыі, перспектыва" на сімпозіюме "Польска-беларускія сумесныя даследаванні ў галіне гуманітарных навук" у Варшаве ў сакавіку 2016 г., а таксама прачытаў лекцыю для прафесарска-выкладчыцкага складу кафедры і студэнтаў філалагічнага факультэта аддзялення беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта "Тапанімія Беларусі ў яе сувязі з матэрыяльнай і духоўнай культуры народа" восенню 2016 г. Перад прафесарска-выкладчыцкім складам кафедры і студэнтамі філалагічнага факультэта аддзялення беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта з лекцыяй "Асноўныя напрамкі даследаванняў і іх вынікі ў галіне беларускай нацыянальнай дыялекталогіі ў ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя" выступіла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгва-геаграфіі В.М. Курцова. Польскі знаны даследчык М. Янковяк выступіў перад супрацоўнікамі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры з дакладам "Беларуска-латышскія моўныя і культурныя кантакты".

Заключаныя дамовы па вышэйназваных праектах і тэмах спрыялі таму, што ў 2016 г. навукоўцы ажыццявілі сумесную дыялекталагічную экспедыцыю на Падляшша, памежны рэгіён Беластоцкага ваяводства, падчас якой была сабраная каштоўная рознааспектная лінгвістычная інфармацыя. Далейшая апрацоўка сабраных матэрыялаў у перспектыве паслужыць напісанню манаграфій, будзе выкарыстана пры аналізе сацыялінгвістычнай сітуацыі на Беласточчыне і ўкладанні хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі. Важным складнікам навуковай дзейнасці з'яўляецца ўдзел у канферэнцыях. Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства ў 2015 - 2016 гг. прымалі ўдзел у 16 навуковых канферэнцыях, якія адбыліся ў Польшчы. Гэта гаворыць пра тое, што ёсць запатрабаванасць і ёсць патэнцыял для ажыццяўлення такіх навуковых нарадаў. У сваю чаргу польскія навукоўцы ўдзельнічалі ў працы І Міжнароднага кангрэсу беларускай культуры і ў вышэйназванай акадэмічнай канферэнцыі.

Дзякуючы наладжаным сувязям адбываецца плённая супраца па падрыхтоўцы і выданні навуковых часопісаў і іншых перыядычных выданняў. Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства ўваходзяць у склад рэдакцыйных калегій розных польскіх выданняў. М.П. Антропаў з'яўляецца замежным рэцэнзентам перыядычных выданняў "Socjolingwistyka" i "Etnolingwistyka", Г.А. Цыхун - член рэдкалегіі Acta Albaruthenica, Я.В. Волкава ўваходзіць у рэдакцыйную калегію навуковага часопіса "Zeszyty Luzyckie", Н.А Снігірова была няштатным членам рэдакцыйнай калегіі польскага навуковага часопіса "Rocznik Instytutu Polsko-Rosyjskego".

У сваім кароткім аглядзе я прывяла толькі частку таго, што і як робіцца ў галіне лінгвістычных даследаванняў на падставе дамоў, заключаных паміж Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі і Інстытутам славістыкі Польскай акадэміі навук. Але нават прыведзеныя факты сведчаць пра тое, што ў беларускай і польскай лінгвістычнай навуковай супольнасці ёсць зацікаўленасць у сумеснай працы, ёсць важкія вынікі ў выглядзе правядзення канферэнцый, сімпозіюмаў, выдання зборнікаў, матэрыялаў канферэнцый, сумесных экспедыцый. Таму хочацца верыць, што ў такой дзейнасці будуць і далейшыя перспектывы. Бо размаўляючы мовай культуры, адукацыі і навукі можна дамагчыся найбольшай выніковасці і прадуктыўнасці, у тым ліку калі не пазбягаеш закранаць і праблемныя пытанні.

Не магу не адзначыць і падтрымку з польскага боку шматлікіх грамадскіх ініцыятыў, у выніку якіх было выдадзена шмат перакладной мастацкай літаратуры, праведзена многа культурніцкіх мерапрыемстваў. У сваю чаргу хачу паведаміць, што і наша грамадзянская супольнасць, у прыватнасці ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", уносіць свой уклад у развіццё добрасуседскіх адносін і спрыяе культурнаму ўзаемадзеянню. Вось ужо некалькі гадоў у нашай сядзібе ўсе ахвотныя могуць наведваць курсы польскай мовы, якую вядуць сябры нашай арганізацыі. Істотным момантам з'яўляеццца тое, што гэтыя курсы выкладаюцца праз беларускую мову. Такім чынам, для нашага ўзаемадзеяння і ўзаемаразумення нам не патрэбны пасярэднікі, нашы мовы і культуры становяцца блізкімі наўпрост.

Асобна хачу падзякаваць уладам Рэспублікі Польшча за спрыянне ў прадастаўленні магчымасці навучання беларускім студэнтам у розных навучальных установах вашай краіны. У сённяшніх варунках глабалізацыі, калі рухомасць грамадзян, асабліва моладзі, набывае дынаміку, вельмі важна, калі яны маюць магчымасць павучыцца за межамі краіны, далучыцца да сучасных тэхналогій навучання, стажыравацца ў лепшых навучальных і навуковых установах Польшчы. Вельмі істотным для нас з'яўляецца і той факт, што на беларускай мове існуюць праграмы на польскім радыё і тэлебачанні, у 2005 годзе выйшла ў свет кніга "Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і народа Х-ХХІ стст.", якую ўклаў М. Семаковіч і якая была распаўсюджана польскай амбасадай у беларускіх бібліятэках і ВНУ. Было б добра, каб адпаведная гісторыя Беларусі выйшла на польскай мове. Натуральна, што ўсе гэтыя важныя для нашых добрасуседскіх стасункаў рэчы адбываюцца на падставе ўсталяваных дыпламатычных адносін.

Напрыканцы свайго выступу хачу яшчэ раз падкрэсліць той факт, што зададзены 25 гадоў таму дыпламатычны вектар развіцця адносін паміж нашымі краінамі спрыяе лепшаму ўзаемаразуменню і ўзаемадзеянню. І менавіта такія ўзаемапаважлівыя адносіны здольныя закласці трывалы падмурак для далейшых стасункаў паміж нашымі дзяржавамі і народамі.


Імпрэза ў гонар Васіля Быкава

17 чэрвеня, у суботу, мы адзначылі дзень народзінаў славутага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Хоць непасрэдная дата нараджэння знакамітага творцы - 19 чэрвеня, але сёлета гэта працоўны дзень, панядзелак. Прыгожыя мясціны малой радзімы майстра прытулілі нас ужо не ўпершыню. Імпрэза ладзілася, як звычайна, Віцебскай абласной радай ТБМ і грамадскім рухам "За свабоду".

Адкрыў Літаратурныя сустрэчы прывітальным словам Юрась Бабіч - старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ. Потым успамінамі пра Васіля Ўладзіміравіча падзяліўся ганаровы старшыня Віцебскай абласной рады Іосіф Навумчык.

Вядомы пісьменнік і перакладчык Уладзімір Папковіч прачытаў свае вершы, прысвечаныя Быкаву, а таксама анансаваў прэзентацыю новай уласнай кнігі.

Выкладчыцы ВДУ імя П.М. Машэрава Вольга Сянькова і Любоў Глазман, а таксама выкладчыца ПДУ Вера Гямбіцкая прапанавалі ўсім прысутным успомніць творчасць Васіля Быкава, пазнаць урыўкі з яго твораў і даведацца цікавыя звесткі з яго жыцця падчас адмысловай віктарыны. Спачатку госці свята не надта актыўна ўдзельнічалі, саромеліся адказваць, але хутка ўсе ажывіліся і з задавальненнем прапаноўвалі свае версіі.

Кранальна, з душой разважаў пра творчасць пісьменніка і асабістае стаўленне да Быкава малады настаўнік сярэдняй школы №12 г. Віцебска Антон Арцямёнак. Ён, дарэчы, прызнаўся, што ўпершыню быў у Бычках на падобным свяце яшчэ вучнем 11-га класа. Малады спецыяліст распавёў сярод іншага і пра тое, які ўплыў аказалі творы пісьменніка на яго светапогляд.

Ужо стала добрай традыцыяй ушаноўваць памяць не толькі Васіля Ўладзіміравіча, але і ягоных сяброў, славутых і таленавітых паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Таму было варта прачытаць штосьці такое, што магло б перадаць увесь каларыт іх сяброўскіх адносін, родных мясцін. Барадулін прысвяціў дастаткова вершаў Быкаву. Адзін з іх называецца "Па словах Быкава іду!" Яго прачытала студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава Крысціна Дайлідзёнак.

У пэўным сэнсе вершаваныя радкі ўдала працягнуў бешанковіцкі паэт і бард Георгій Станкевіч са сваімі запамінальнымі лірычнымі песнямі, а пасля і полацкі музычны гурт "Sumarok" на чале са старшынём Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ Ігарам Палынскім. Іх спевы надалі бадзёры настрой усім прысутным. Да рытмічных мелодый вырашыў далучыцца і Леанід Лаўрыновіч, які нават паклаў на музыку адзін з вершаў Янкі Купалы.

Так завяршылася першая частка святочнай імпрэзы.

Далей нас чакала адна з галоўных падзей дня. У гэтым годзе адбылося ўручэнне дзясятай, юбілейнай узнагароды - прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі". Лаўрэатам стаў Зміцер Дашкевіч.

Святочнае мерапрыемства закончылася выступам вядомага барда Віктара Шалкевіча.

Несумненна, чарговая Быкаўская літаратурная імпрэза ўдалася! Такую выснову можна было зрабіць, пагутарыўшы са шматлікімі гасцямі і непасрэдна з удзельнікамі, а таксама з мясцовымі жыхарамі, якія прызналіся, што ўвесь год жывуць чаканнем наступнага свята.

Крысціна Дайлідзёнак, студэнтка ВДУ імя П. Машэрава, сябра ТБМ.


Выйшаў "Слоўнік асабовых уласных імён"

Выйшаў "Слоўнік асабовых уласных імён", аўтарамі якога з'яўляюцца ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Раманцэвіч. Мэта слоўніка - забяспечыць патрэбы сучаснай беларускай афіцыйнай іменаслоўнай практыкі; павысіць культуру вуснага і пісьмовага маўлення жыхароў Беларусі ў гэтай сферы моўнай дзейнасці.

Наш кар.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Стальмашня (колесня) - майстэрня стэльмаха.

Стрыхоўка (дощечка для подравнивания соломы на крыше) - рабрыстая дошчачка з ручкаай для выраўнівання саломы, калі крыюць страху.

Стужачка (кадка) - кубел.

Студзень, квашаніна, студзіна, халоднае (холодец) - застылы адвар свінных ці ялавічных костачак і вушэй.

Студня, калодзеж (колодец) - штучная выкапаная крыніца з невялікай надбудоўкай над зямлёй.

Ступа (ступа) - 1) драўляная прылада для вырабу таўкачом круп з ячменю, грэчкі і проса; 2) самалоўнае прыстасаванне для лоўлі парнакапытных, пераважна ласёў.

"Ступка" - традыцыйны танец.

Ступіца (ступица) - асноўная частка кола, у якую ўстаўляюцца спіцы, а ў сярэдзіну яе прапускаецца вось.

Стыкальнік (истыкальник) - драўляны брусок аднае даўжыні з бердам з дзвюма прывязанымі на канцах вяровачкамі; ужываецца, каб паўней і шчыльней саткаць аснову.

Стэльмах (тележник) - майстар па вырабе калёсаў.

Суборная субота, зборная субота (девичник) - вечарынка напярэдадні вяселля.

"Субота" - гарадскі бытавы танец.

Сувой (сувой, трубка полотна) - цэлы кавалак палатна, скручаны ў трубку.

Судзень, судзенчык - вялікая карзіна з вечкам для захоўвання каўбас і сала (в. Ляхавічы Крамяніцкага с/с Зэльвенскага р-на).

Судзіна (бочка) (корзина) - вялікая бочка з вушкамі для захоўвання збожжа (Баранавіцкі раён).

Сукала (сучило, сукало) - прылада для пераматвання нітак на цэўку.

Сукаватка, вершаліна (суковатка) - першабытная прылада працы для апрацоўкі зямлі, яловая верхавіна з завостранымі сукамі для рыхлення глебы.

Сукальнік - сукала (в. Сыраежкі Кватэрскага с/с Бераставіцкага р-на).

Сукман (плащ) - суконны плашч.

Сукнавальня (сукновальня) - валюшня.

Сукня, суконнік (юбка) - спадніца, пашытая з купленага сукна (Тураўскі раён).

Суконка (суконка) - 1) суконная ануча; 2) мянушка.

Супоня (супонь) - повад, якім звязваюць хамут, запрагаючы каня.

Супрадкі (посиделки) - сумеснае прадзенне ў адной хаце.

Сурдушчык (сюртук) - верхняя вопратка смаргонскіх мяшчанак, якія насілі яе толькі па святах. Шылі яе з тонкага сукна на ватнай падкладцы. На лета да яе прышывалі аксамітны каўнер, а на зіму - футравы (Малчанава, с. 156).

Суржык - страва, звараная з мукі, падрыхтаванай з роўных частак зярнят жыта, гароху, грэчкі, ячменю, аўсу, бабоў, пшаніцы. (Малчанава, с. 193).

Сурма (сурьма) - музычны інструмент, доўгая труба.

Сурмач (сурьмач) - 1) той, хто падае сігнал сурмою; 2) прозвішча.

Сурвэтка (художественная салфетка) - мастацкі (тканы, вязаны ці плецены) невялікі выраб для ўпрыгожвання ў хаце.

Сутана (сутана) - верхняе доўгае цёмнага колеру адзенне каталіцкага духавенства, якое носяць па-за службай.

Сушня (овин) - памяшканне для сушкі збожжавых, льнотрасты і канопляў.

Сцірта (скирда) - вялікі стог сена, саломы або снапоў збажыны, прызначаных для захавання пад адкрытым небам.

Сцізорык (перочинный нож) - невялікі складаны кішэнны нож.

Сцябла - традыцыйнае прыстасаванне для перавозу рыбных сетак у лодцы.

Сыгнэт - пярсцёнак з пячаткай.

Сынку - ласкавы зварот у даўнім клічным склоне да мужчыны, часцей хлопчыка.

Сыр (сыр) - старадаўні малочны прадукт харчавання. Кіслае малако ставяць у печ, каб яно стварожылася. Пасля выліваюць у клінок і падвешваюць, каб сцякала сыроватка, а пасля кладуць паміж дзвюмя дошчачкамі або пад камень, каб адціснуць усю сыроватку. Атрымліваем сыр, які можна і пасушыць.

Сырамяць, сырыца (сыромять) - саматужна апрацаваная нядубленая шкура буйной рагатай жывёлы.

Сырніца (сырник) - будынак для сушкі і захоўвання сыру.

Сырніца, маканіна - малочная страва, кавалкі сухога сыра здрабнялі, залівалі малаком, варылі і потым дабаўлялі масла.

Сыта (сыта) - засалоджаная мёдам або цукрам гатаваная вада як абрадавая страва на куццю і памінках.

Сябрыны - звычай сумеснага карыстання сенажаццю, пашай, пчоламі і г.д.

Сявенька, сеўнік, сяўня, лубка (севалка, лукошко) - саломеная круглая альбо авальная каробка з вушкамі для пераноскі і пасеву збожжа і іншага насення (семя, канаплі).

Сявец (передник) - фартух для пераноскі насення ў час сяўбы (вёскі Крамяніцкага с/с Зэльвенскага р-на).

Сядзіба, сяліба (усадьба, двор) - падворак каля хаты.

Сядло (седло) - сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня.

Сядміца (седмица) - старадаўняя славянская назва тыдня.

Сядок (седок) - 1) коннік, верхавы; 2 ) той, хто едзе на калёсах або санях.

Сякера (топор) - прылада працы для апрацоўкі драўніны. Складаецца з жалезнага ляза з абухом, у які ўсталена тапарышча (драўляная ручка).

Сяло (село) - вёска, у якой ёсць царква.

Сяльпо (сельпо) - сельскае спажывецкае таварыства.

"Сямёнаўна" - гарадскі бытавы танец.

Сям'я (семья) - першасная этнадэмаграфічная аснова, якая заснавана на шлюбе, кроўна-сваяцкіх адносінах людзей, на агульнасці побыту, узаемнай маральнай адказнасці і сацыяльнай неабходнсці ў фізічным і духоўным выхаванні чалавека.

Сяннік (сенник, тюфяк) - мяшок, напханы сенам, на якім спяць.

Сярмяга, сярмяжына (сермяга) - верхняе адзенне з грубага нефарбаванага даматканага сукна.

Сярмяжнік (бедняк) - вясковы бядняк у дарэвалюцыйнай Расіі.

Сярнічка (спичка) - запалка.

Сярпанка (серпянка) - намітка.

Сястранка, сяструнка - дваюрадная сястра.

Сячкарня (соломорезка) - ручная машына для рэзкі саломы на корм жывёле.

Т

Тавар (товар) - буйная жывёла, уключаючы авечак і свіней. Птушка свойская за тавар не лічылася (в. Садавічы Капыльскага раёна).

Талака - калектыўная бяслатная ўзаемадапамога пры тэрміновай рабоце.

"Талакуха", "Талака" - старадаўні традыцыйны танец. Масавы кругавы танец, які звычайна выконвалі пасля застолля ў талацэ. Два кругі, адзін у адным рухаліся ў розныя бакі, а пасля ўдзельнікі пераходзілі з аднаго круга ў другі. Упершыню танец быў запісаны П. Шпілеўскім у сярэдзіне ХІХ ст.

"Талакно" - імпрвізаваны танец мужчын у Рагачоўскім райне з кароткай песняй пра талакно.

Талакно (толокно) - мука з ачышчанага пражанага аўса, з якой робяць мілту.

Такавішча - месца, дзе такуюць птушкі.

Такарня (токарня) - такарная майстэрня.

Талер (талер) - 1) срэбная манета ў Вялікім Княстве Літоўскім вагой 28 - 32 г.; 2) вага срэбра, роўная вазе аднаго талера.

Талерка (тарелка) - сталовая пасудзіна круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі.

Талеркі (тарелки) - самагучальны саўдарны музычны інструмент. Уяўляе сабой дзве аднолькавыя або розныя па велічыні металічныя дыскі з пукатасцю па сярэдзіне, у цэнтры якой - невялікія круглыя адтуліны для прасоўвання рэменя, за які трымаюць талеркі.

Талісман (талисман) - прадмет, які паводле забабонных уяўленняў прыносіць яго ўладальніку шчасце і ўдачу.

Талмуд (талмуд) - збор дагматычных, рэлігійна-этычных і прававых палажэнняў іўдаізму.

Талька - маток нітак.

Тапарышча (топорище) -1) ручка сякеры; 2) мера даўжыні, роўназ ручку ад сякеры.

Таптуха (топтуха) - сетка для лоўлі рыбы.

Тарантас (тарантас) - дарожная павозка на чатырох колах, звычайна крытая.

Татары (татары) - прыбылы да нас у Беларусь на службу або ўзяты ў палон народ з Азіі або Крыма. Татары з'явіліся ў нас у ХІV ст. пры вялікіх князях Гедзіміне і Вітаўце.

Тарка (тёрка) - прадмет кухоннага ўжытку - металічная пласцінка з дзіркамі, якая служыць для раздрабнення, расцірання чаго-небудзь (напрыклад, гародніны).

Тарпа, запер (отсек гумна) - застаронак у гумне, у якім захоўвалі неабмалочаныя збожжавыя культуры (Вілейскі раён). Адна тарпа была з аднаго боку ад малатаўні, а другая тарпа - з другога боку ад малатаўні.

Тартак (лесопилка) - лесапільны цэх альбо завод на рацэ, дзе распілоўваюць бярвенні на дошкі і брусы.

Татэм (тотем) - пэўны від жывёл, раслін ці які-небудзь прадмет нежывой прыроды, які аб'ектам рэлігійнага пакланеня.

Таўканіца, таўканіна, камы, каша (картофельное пюре) - са зваранай абабранай бульбы таўклі качалкай кашу, у якую дабаўлялі сала і іншыя прысмакі. (Малчанава, с. 199.)

Таўкач (толкач) - прылада ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом, якой таўкуць што-небудзь (напрыклад, крупы ў ступе).

"Таўкачыкі" - старадаўні традыцыйны танец. Імітуе таўчэнне і абіванне зерне ў ступе.

"Таццянка" - традыцыйны танец, вядомы ў Чавускім раёне, які выконваюць дзве пары, спяваючы песню пра Таццяну.

Тачыла (точило) - станок для навострывання лёзаў рэжучых інструметаў.

Тканка, тканіца, кібалка, капіца, лямец (кибалка) - абручык, на які ўкладвала валасы замужняя жанчына.

Ткацтва (ткачество) - выраб тканіны з пражы.

Ткалля, ткачыха (ткачиха) - жанчына, якая тчэ кросны.

Ткацтва паясоў - выраб на маленькім ткацкім станку паясоў.

Тога (тога) - у старажытных рымлян было верхняе мужчынскае адзенне, доўгі плашч без рукавоў.

Ток (ток) - 1) гумно; 2) малатаўня ў гумне, глінабітная ўтрамбаваная падлога, на якой малацілі цапамі (Вілейскі раён).

Токар (токарь) - спецыяліст па апрацоўцы дрэва, металу шляхам абточвання.

Толь (толь) - тоўсты насычаны воданепранікальным саставам кардон, які выкарыстоўваецца для пакрыцця даху.

Тор - дарога, след, пакінуты калёсамі.

Тора - старажытнаяў-рэйская назва Пяцікніжжа Майсеева, тэкст малітваў напісаны ад рукі на пергаменце.

Торба (сума) - 1) невялікі мяшок звычайна з даматканай тканіны: 2) аброк - мяшок з сечкай і аўсом, што адзяваўся на галаву каню.

Торбачнік (нищий) - жабрак.

Торгала (торгало, пастка) - нерухомы самаападны самалоў для здабычы куніц, гарнастаяў, норак, вавёрак, тхароў.

Трайня (тройня) - падоўжны брус у калёсах, які злучае пярэднюю вось з задняй.

Тракт, гасцінец (тракт) - шырокая праезджая дарога.

Трама (трам) - апорная бэлька, якая падтрымлівае столь.

Транты (тряпьё) - лахманы.

Трапальня (трепальня) - памяшканне для трапання валакна. Звычайна ў сялян лазня была трапальняй.

Трапальнік - драўляны стол, на які кладуць кудзелю для выбівання трапачкай (трапалам) кастры (в. Дайнова Жылінскага с/с Іўеўскага раёна).

Трапар (тропарь) - малітоўны верш для спеву ў гонар якога-небудзь праваслаўнага святога.

Трапло, трапашка (трепало) - 1) плоскае драўлянае прыстасаванне накшталт мяча, якое служыць для выбівання кастрыцы са сцёртага ў церніцы лёну; 2) чалавек, які гаворыць лухту, зашмат гаворыць.

Трапкач (рушник) - ручнік з доўгімі махрамі.

Трасілка (трясилка) - машына для ачысткі льнянога валакна.

Трасуны (трясуны) -двухрогія драўляныя вілкі (Малчанава, с. 41).

"Трасуха", "Пацяруха" - старадаўні традыцыйны танец. Танцуюць дзве пары дзяўчат і хлопцаў, патрэсваючы рукамі і плячамі.

Трасянка (трясянка) - корм для свойскай жывёлы, падрыхтаваны з тонкай саломы і сена.

Траціна (третина) - 1) старая мера плошчы - трэцяя частка надзельнага ўчастка зямлі (звычайна валокі); 2) адна з трох роўных частак чаго-небудзь. Сялянін, які меў трацінку зямлі, лічыўся ў вёсцы сярэдняга дастатку, бо былі і бяднейшыя.

Трашчотка (трещётка) - 1) прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараецца трэск, шум, стук, лёскат; 2) машына для ачышчэння лёну; 3) той, хто шмат гаворыць, балбатун (балбатуха).

"Траян", "Тройка" - традыцыйны танец, які выконваецца ўтрох.

Труба (труба) - духавы музычны інструмент. Даўжыня вар'іруецца ад 1,3 м да 3 м. Выраблялі з хвоі або бляхі. Выкарыстоўвалі пастухі, паляўнічыя і вайскоўцы. Некаторыя музыкі маглі на трубе сыграць польку, вальс, кадрыль.

Трубка (трубка) - умоўная прыблізная мера палатна.

Труска (труска) - адзінка для вымярэння хмелю.

Тройца (Троица) - свята Сёмухі.

Трыбух, кіндзюк (кушанка) - страўнік забітай жывёліны запаўняўся грэцкай кашай са скваркамі або невялікімі кавалачкамі сала і запякаўся на скаварадзе ў печы (Малчанава, с. 201).

Трывуголка (треуголка) - даўней трохвугольная форменная шапка.

Трыгубіца, трохсценка, абарэц, ражоўка, баўтуха (трегубица) - традыцыйная рыбалоўная снасць, якая складаецца з трох сеткавых палотнішчаў: аднаго густога, паміж двума рэдкімі, з вялікамі вочкамі.

Трыёдзь (триодь) - хрысціянская богаслужэбная кніга, у якой змешчаны трохпесенныя каноны. Слой тынку на паверхні

Трызна (тризна) - язычніцкі пахавальны абрад у старажытных славян. Цяпер іншы раз гэтым словам называюць памінкі.

Тры каралі, Аб'яўленне Пана (Три короля) - каталіцкае свята Трох каралёў, якое адзначаецца 6 студзеня. Каталікі на дзвярах хаты ў сенях крэйдай пішуць тры літары: К+М+ Б, якія сімалізуюць імёны Каспар, Мельхіёр і Балтазар. Яны папярэджаныя анёлам прыйшлі першымі пакланіцца немаўляці Ісусу.

Трысценнік, трысцен, ляцён (трёхстенная пристройка) - зрубнае памяшканне, якое складаецца з трох сцен, дабудаваных да асноўнай хаты. Звычайна ў трысценіку рабілі печ, і тут яна была кухняй і сталоўкай. Распаўсюджана была пасля апошняй вайны ў Цэнтральнай Беларусі.

Тузін (дюжина) - лік 12.

Тук (растопленный жир) - гарачы тлушч з печанага сала. У тук мачалі бліны, бульбу, хлеб

Тунікападобны крой - кавалак тканіны складваецца папалам па ўтку, у верхняй частцы з бакоў пакідваюцца адтуліны для рук, а па сярэдзіне перагіну робяць выраз для галавы і спераду разрэз.

Тураўскі карагод (туровский хоровод) - веснавы карагод з караваем на Юр'е (23 красавіка с. ст.) . Бытаваў на Палессі.

Турыцы, туры, летніцы (праздник тура) - старажытны абрад пакланеня туру, якога ў некаторых лічылі "жывёльным богам". Існавала гульня "У тура".

Тушонікі, тушанка (тушёнка) - тушаная бульба. Ачышчаную бульбу разразалі на кусочкі тушылі (без вады) з салам або слівамі ў печы.

(Працяг у наст. нумары.)


Свята навукі і памяці

22 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя - ХХV Гарэцкія чытанні "Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць". Сёлетняя канферэнцыя была прысвечана літаратурна-мастацкай і навуковай дзейнасці братоў Гарэцкіх (у сувязі з абвяшчэннем 2017 года Годам навукі). Вучоныя, літаратурныя крытыкі, пісьменнікі і журналісты дапамагаюць адкрываць новыя старонкі дзейнасці братоў Гарэцкіх.

Ва ўступным слове да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч падзякаваў арганізатарам за руплівасць. Неабходна і далей працаваць па папулярызацыі спадчыны братоў Гарэцкіх.Дз. Яцкевіч паведаміў пра тое, што лёс сядзібы-музея Максіма Гарэцкага у Малой Багацькаўцы меў абмяркоўвацца 23 чэрвеня на круглым стале па музеефікацыі літаратурных мясцін ў Магілёве. Навукоўцы лічаць нямэтазгодным перанос сядзібы ў Мсціслаў.

Галоўны рэдактар часопіса "Маладосць" Святлана Воцінава адзначыла, што яе натхняе арганізаваная, сістэматызаваная, зробленая з ласкай і захапленнем праца па даследванні дзейнасці братоў Гарэцкіх, якая доўжыцца цягам многіх гадоў. "Поспех суправаджае менавіта такую цяжкую і мэтанакіраваную працу," - падкрэсліла яна.

Акадэмік НАН Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі праінфармаваў грамадскасць пра важныя падзеі і публікацыі ў друку, якія адбыліся цягам прамінулага года. Выйшаў з друку зборнік матэрыялаў XXIV Гарэцкіх чытанняў з дакладамі Ядвігі Аношкі, Розы Зінавай, Лідзіі Савік, Алены Ждановіч, Сяргея Запрудскага, Тамары Тарасавай і іншых. Алена Ўладзіміраўна Ярмоленка абараніла дысертацыю ў Гомельскім універсітэце імя Ф. Скарыны, з'явіўся шэраг артыкулаў на старонках "Звязды", "Народнай волі" і "Нашага слова".

Маштабную працу прайшоўшага года прааналізаваў слынны знаўца спадчыны братоў Граэцкіх член карэспандэнт НАН, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці стварэння гісторыі ўплывовых дынастый, у прыватнасці, дынастыі Гарэцкіх. Радавод сям'і Гарэцкіх ахоплівае 79 асоб. Заслугоўваюць увагі даследчыкаў Еўфрасіння Гарэцкая, маці пісьменніка і акадэміка, Леаніла Чарняўская-жонка Максіма Іванавіча, Ларыса Восіпаўна, жонка Гаўрылы Іванавіча, Галіна Максімаўна Гарэцкая і іншыя. У іх, гэтых асобах, праяўляецца непаўторнасць і адметнасць душы народа.

Браты Гарэцкія аказалі значны ўплыў на навуковае, літаратурнае і культурнае жыццё Беларусі, на педагогіку і сцэнічнае жыццё. П'еса " Дзве душы" паспяхова ідзе на сцэне ў Купалаўскім тэатры ў Менску.

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, доктар геолага-мінералагічных навук, выступіў з дакладам пра свайго бацьку - "Г. Гарэцкі: эканаміст і геолаг". Ён быў вядомым беларускім эканамістам, географам, адным з заснавальнікаў і самым маладым акадэмікам Беларускай акадэміі навук, дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. У пазнейшыя часы ён засвоіў прафесію геолага і стаў доктарам геолага-мінералагічных навук, заслужаным дзеячам навукі Беларусі. Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі пакінуў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі, артыкулы і ўспаміны пра М. Горкага, Я. Коласа, Я. Купалу, М. Гарэцкага. Сіла яго духу была такой вялікай, што ён пераадолеў рэпрэсіі, цяжкія ўмовы жыцця і прынёс вялікі плён у навуцы.

Са змястоўнымі паведамленнямі ў пленарным паседжанні выступілі доктар філалагічных навук Тамара Тарасава і кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі з Менска. Працай у навуковых секцыях кіравалі кандыдаты філалагічных навук Таіса Грамадчанка і Алена Гурская.

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. На навукова-практычнай канферэнцыі ХХV Гарэцкія чытанні 2. Даследчыкі жыцця і дзейнасці братоў Гарэцкіх


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал. Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатол. Аніскевіч Ганна Ўладзіміраўна Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўласевіч Алеся Дзянісаўна Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Бабчанок Марына Сяргееўна Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Ўладзіміраўна Бацілава Надзея Мікалаеўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Белы Іван Юр'евіч Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Аляксан. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бразгуноў Алесь Уладзімір. Бубешка Ўладзімір Бумажэнка Я.М. Буцко Павел Анісімавіч Быстрык Арцём Аляксандр. Бязрукая Маргарыта Юр'еўна Варапаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Верамоўскі Аляксей Мікал. Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галавань Алесь Галай Аркадзь Апанасавіч Гаўрыленка Вольга Герасімовіч Казімір Станіслав. Гікс Станіслаў Анатольевіч Гіркін Сяргей Уладзіміравіч Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Сяргеевіч Гоўша Ларыса Аляксандраўна Грузноў Валеры Іосіфавіч Грынько М.У. Гулевіч Пётар Фёдаравіч Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Данілаў Павел Фёдаравіч Даніловіч Мар'яна Даўмантовіч Іван Уладзімір. Дзергачоў Аляксандр Март. Дзянісаў Гальляш Дзяржаўцаў Ян Аляксеевіч Дзяшук Юры Віктаравіч Догіль Андрэй Алегавіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сяргееўна Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Віктар. Жук Марына Мікалаеўна Жыгальская Вольга Анатол. Завальнюк Уладыслаў Мацв. Залацілін Аляксандр Валер. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зылева Святлана Васільеўна Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казак Алеся Дзмітрыеўна Казакоў Ігар Яўгенавіч Казлова Алена Казлова Святлана Мікалаеўна Казляк Любоў Калеева Вераніка Ўладзімір. Кальцова Зінаіда Іванаўна Камароў Васіль Васільевіч Карабач Віталь Віктаравіч Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятроўна Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Сяргеевіч Кобер Таіса Копаць Алег Міхайлавіч Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Красноўскі Аляксандр Віктар. Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крукоўскі Вадзім Віктаравіч Крываручанка Ігар Мікалаев. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Крэнт Зміцер Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузняцоў Ігар Мікалаевіч Кузьміч Алег Андрэевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сяргеевіч Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лява Арцём Лявіцкі Антон Мікалаевіч Ляўчук Вольга Васільеўна Ляўчук Леанід Аляксандравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Паўлаўна Максімава Кацярына Максуць Надзея Віктараўна Маліцкая Кацярына Сяргееўна Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванавіч Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місцюкевіч Аляксандр Іван. Місько Алег Пятровіч Міхалевіч Аляксандр Анатол. Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Муржак Эвеліна Ігараўна Мядзведзеў Кірыл Наварай Уладзімір Ціханавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Нагдаляп Андрэй Мікалаевіч Назаранка Людміла Станіслав. Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкоў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Някляеў Уладзімір Пракопавіч Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер'еўна Піліпішын Павел Барысавіч Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзім. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксанд. Радзіонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамановіч Станіслаў Канстан. Рамашкевіч Кацярына Ўладз. Рамук Алена Расказава Лізавета Пятроўна Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Савіч Дзмітры Ўладзіміравіч Савянкова Таццяна Анатол. Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Ўладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Саўчанка Андрэй Віктаравіч Сахно Таццяна Анатольеўна Сватко Павел Аляксандравіч Семчык Ганна Аляксандраўна Семяненка Максім Уладзімір. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леанід. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыраваткаў Аляксандр Васіл. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сюбарава Серафіма Іванаўна Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Ўладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Танкевіч Аляксандр Яўгенавіч Ткачова Вольга Ткачэнка Антон Алегавіч Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Турчак Наталля Ўладзімір. Уласава Руслана Ігараўна Усцінава Людміла Нікіфараўна Філіповіч Валер Аляксеевіч Хаданёнак Віктар Мамертавіч Хасанаў Ігар З. Храпавіцкая Тамара Аркадз. Хрол Часлаў Часлававіч Цімохін Ілья Вітальевіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзіміравіч Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюшкевіч Сяргей Анатол. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чувахова Алена Ўладзіміраўна Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзімір. Шалупенка Васіль Іванавіч Шапуцька Ганна Віктараўна Шарашовец Аляксандр Мік. Шафаловіч Аляксандр Пятр. Шкутко Анастасія Эдуардаўна Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктаравіч Шымірка Анатоль Шынкевіч Уладзімір Мікал. Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Святлана Вячаслав. Шэмет Антон Аляксандравіч Шэравера Руслан Уладзімір. Юран Антон Ярмац Аляксандр Аляксанд. Яскін Андрэй Алегавіч Яўмен (Сяменчык) Настасся Яўцюшкіна Таццяна Аляксан. Ячычка Віктар


Намаганнямі Таварыства беларускай мовы паслуга РУП "Белтэлекам" "195 - прагноз надвор'я" зноў загучыць па-беларуску

У красавіку і траўні 2017 года паслуга 195, дзякуючы якой грамадзяне могуць атрымаць інфармацыю пра актуальны прагноз надвор'я, была цалкам пераведзена на рускую мову. Многія сябры ТБМ адрэагавлі на дадзеную сітуацыю своечасова і звярнуліся ў Адміністрацыю Прэзідэнта і да кіраўніцтва РУП "Белтэлекам" з просьбай вярнуць беларускую мову да дадзенай паслугі.

З атрыманых адказаў вынікае, што паводле папаряэдняй дамовы з РУП "Белтэлекам" з 10 ліпеня служба будзе працаваць на абедзвюх дзяржаўных мовах. Цалкам адказы можна прачытаць далей. Даведкі і пытанні пра рассылку ТБМ акрамя электроннай пошты можна задаць па тэл. (8017)2848511.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот аб спыненні працы службы 195 РУП "Белтэлекам" на беларускай мове.

З 2001 года РУП "Белтэлекам" аказваецца паслуга "195 - прагноз надвор'я", якая дае магчымасць кожнаму праслухаць па тэлефоне інфармацыю аб стане надвор'я ў г. Мінску і абласных цэнтрах. Гэтыя звесткі прадстаўляюцца Рэспубліканскім цэнтрам па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Гідрамет).

На сённяшні дзень РУП "Белтэлекам" адпрацоўвае пытанне аб прадастаўленні Гідраметам сінаптычнай інфармацыі на дзвюх мовах для яе агучвання і размяшчэння на аўтаінфарматары сіламі спецыялістаў філіяла Мінскай гарадской тэлефоннай сеткі.

Больш таго, дасягнута папярэдняя дамоўленасць паміж Гідраметам і РУП "Белтэлекам" аб прадастаўленні з 10 ліпеня бягучага года тэкставай інфармацыі аб прагнозе надвор'я ў г. Мінску і абласных гарадах на дзвюх дзяржаўных мовах.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь М.У. Рыжанкоў.



Старшыні ГА "Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны" А. Трусаву,

вул. Румянцава, д. 13, г. Мінск, 220034

Адказ на зварот № 57

ад 23.05.2017

Ваш зварот аб карыстанні службай 195, разгледжаны ў філіяле "Мінская ГТС" РУП "Белтэлекам".

Згодна з артыкулам № 2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ад 26 студзеня 1990 г. дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

Таксама згодна з артыкулам 13 ("Мова ў сферы абслугоўвання"):

- На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова.

У сувязі са змяненнем дамоўных адносін паміж Гідраметэацэнтрам і РУП "Белтэлэкам" і прывядзеннем працы службы 195 да адзінага фармату па ўсёй Рэспубліцы Беларусь, запіс інфармацыі з 10 мая 2017 года робіцца на рускай мове, што не супярэчыць закону.

На беларускай мове працуе служба часу 188, і часткова служба 196 "Сказки и песни для детей", астатнія службы падаюць інфармацыю на рускай мове.

На сённяшні дзень у сувязі са шматлікімі зваротамі абанентаў з просьбай прадастаўлення інфармацыі на беларускай мове філіялам "Мінская ГТС" адпраўлены запыт у Гідраметэацэнтр з прапановай прадастаўлення прагнознай інфармацыі аб надвор'і на беларускай мове.

Аб прынятым рашэнні Вам будзе паведамлена дадаткова.

У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы можаце яго абскардзіць ва ўстаноўленым парадку ў РУП "Белтэлекам" пісьмова на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Энгельса, д. 6.

Выказваю Вам сваю павагу і спадзяюся на разуменне,

Дырэктар Э.А. Белакурскі.


Германіі прапанавалі стварыць у Беларусі СП па вытворчасці электрамабіляў

Навіны Германіі

Германія застаецца для Беларусі самым важным гандлёва-эканамічным партнёрам у Еўрасаюзе, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 1 чэрвеня ў Менску на паседжанні беларуска-германскай няўрадавай рады дзелавога супрацоўніцтва.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што яшчэ некалькі гадоў назад узаемны таваразварот дасягаў 4,8 млрд даляраў, у Беларусі паспяхова працуюць каля трохсот кампаній з нямецкім капіталам.

- Патэнцыял нашага супрацоўніцтва значна вышэйшы за яго цяперашні ўзровень, - лічыць Уладзімір Макей.

Ён падкрэсліў, што Беларусь надае вялікую ўвагу дзейнасці беларуска-германскай дзелавой рады, створанай у 2009 годзе па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Аднак рада доўгі час не збіралася (падчас дзеяння санкцый ЕС. - БЕЛАПАН.).

- Тут будуць сустракацца і працаваць людзі ад бізнэсу. Бізнэс кажа на адной мове, бізнэс хутчэй дзейнічае, бізнэс можа працаваць нават у тых краінах, паміж якімі могуць існаваць нават нейкія палітычныя цяжкасці, - сказаў міністр, пры размове з журналістамі.

Па яго меркаванні, больш цеснае перапляценне эканамічных інтарэсаў "дазволіць выйсці і на хутчэйшае рашэнне некаторых палітычных цяжкасцяў, якія, вобразна кажучы, існуюць паміж Усходам і Захадам".

Макей арыентаваў чальцоў рады шукаць рэальныя бар'еры ў двухбаковым супрацоўніцтве і спрыяць іх ухіленню.

Таксама міністр падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў нямецкім досведзе рэфармавання заканадаўства, прыватызацыі прадпрыемстваў ва ўсходняй Германіі. Ёсць і зацікаўленасць у прыходзе кампаній, занятых у сферы ўзнаўляльнай энергетыкі і перапрацоўкі адыходаў.

Міністр прапанаваў германскаму бізнэсу стварыць у Беларусі сумеснае прадпрыемства па вытворчасці электрамабіляў.

- Думаю, што для гэтага ёсць неабходныя ўмовы і адпаведныя напрацоўкі. Калі мы разам з вамі паспрабуем гэта зрабіць і рэалізуем ідэю, гэта стане сур'ёзным унёскам у развіццё нашага двухбаковага эканамічнага ўзаемадзеяння, - адзначыў кіраўнік МЗС.

Пры гэтым ён не ўдакладніў, хто ў такім разе можа стаць партнёрам з беларускага боку.

Беларусь гатовая, адзначыў міністр, адвесці германскаму бізнэсу адмысловую ролю ў мадэрнізацыі і структурнай перабудове сваёй эканомікі.

- Мы вітаем выхад германскага бізнэсу, які цяпер адстае ад іншых краін ЕС у засваенні беларускага рынку, на перадавыя пазіцыі сярод замежных інвестараў. Мы разумеем, што з гэтым звязаны адпаведныя крокі, якія павінен ажыццявіць урад Беларусі. Перакананы, што ў нашым далейшым узаемадзеянні мы выйдзем на ўзаемнае разуменне па форме, хуткасці і фармату дадзеных крокаў, - дадаў Макей.

Міністр таксама выказаў надзею на тое, што фундатары прыйдуць у такія сферы, як аўтамабілебудаванне, хімія і нафтахімія, энергетыка, высокія тэхналогіі, фармацэўтыка, электроніка, транспарт, вырошчванне і перапрацоўка сельгаспрадукцыі.

БелаПАН.На фота МЗС: паседжанне Беларуска-германскай няўрадавай рады дзелавога супрацоўніцтва


Дзелавы і турыстычны патэнцыял Беларусі прэзентавалі ў Берліне

Дзелавы і турыстычны патэнцыял Беларусі прэзентавалі ў Берліне падчас працоўнага візіту намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі ў ФРГ, дзе ён прыняў удзел у 8-м штогадовым форуме "Стратэгія Еўрапейскага звяза для рэгіёна Балтыйскага мора". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага замежнапалітычнага ведамства. У сваім выступе Алег Краўчанка акцэнтаваў увагу на ўнёску Беларусі ва ўмацаванне бяспекі, стабільнасці і росквіту рэгіёна, падкрэсліў важнасць пашырэння рознапланавага інклюзіўнага рэгіянальнага супрацоўніцтва з уцягваннем усіх зацікаўленых дзяржаў. У якасці прыярытэтных кірункаў такога ўзаемадзеяння намміністра вылучыў тэматыку ўзаемазвязанасці, аховы навакольнага асяроддзя, адукацыі. Асобныя аспекты супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Балтыйскага рэгіёна, у прыватнасці ў экалагічнай і адукацыйнай сферы, былі прадстаўлены ўдзельнікам семінара экспертамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і БДУ. На форуме быў арганізаваны нацыянальны стэнд Беларусі з прэзентацыяй дзелавога і турыстычнага патэнцыялу. Падчас візіту ў Берлін намкіраўніка МЗС правёў шэраг двухбаковых перамоў. Акрамя таго, адбыўся абмен меркаваннямі па шырокім спектры актуальных знешнепалітычных пытанняў з вядучымі экспертамі па рэгіёне Ўсходняй Еўропы Германскага таварыства знешняй палітыкі і Германскага інстытута міжнароднай палітыкі і бяспекі фонду "Навука і палітыка". Дасягнуты дамоўленасці пра наладжванне кантактаў і ўзаемадзеянне паміж аналітычнымі структурамі дзвюх краін.

БЕЛТА.На фота МЗС: Алег Краўчанка падчас выступу.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Войска Ордэна мела дысцыплінаваныя вайсковыя адзінкі, што складаліся з прафесійных ваяроў. Крыжакі мелі добрую выведку і ўмелі будаваць і здабываць мураваныя замкі. Кіраваў Ордэнам вялікі магістр (гохмайстар), якога выбірала пажыццёва ордэнская рада (капітупа). Капітула складалася з краёвых магістраў (ландмайстраў), чыноў Ордэна і сяброў сталічнага канвента. Канвент - гэта орган мясцовага кіравання, у які ўваходзілі рыцары, святары і службовыя браты. Дзяржава Тэўтонскага ордэна дзялілася на акругі - камтурыі, на чале з комтурамі, якія мелі вялікую ўладу і самастойнасць.

У пачатку XIII ст. Ордэн запрасілі ў Еўропу, каб ваяваць з язычнікамі. Спачатку, у 1211 г. гэта зрабіў венгерскі кароль у Сяміградзе, каб ваяваць з качэўнікамі. Рыцары адбілі напады качэўнікаў, але потым венгерскі кароль адабраў у іх падараваныя землі, і Ордэн мусіў з Венгрыі сысці. Наступным, хто звярнуўся па дапамогу да крыжаносцаў, стаў мазавецкі князь Конрад, на землі якога ўвесь час нападалі ваяўнічыя прусы. За дапамогу ён абяцаў Ордэну Хэльмінскую зямлю і ўсе іншыя землі, якія ордэнцы адбяруць у язычнікаў-прусаў. На славянскіх землях крыжаносцаў пачалі называць крыжакамі.

У 1226 г. імператар Фрыдрых II пацвердзіў сваім актам абяцанні Конрада. Гістарычную Прусію складала 12 вобласцяў, населеных рознымі балцкімі плямёнамі. Акрамя прусаў, тут жылі скальвы, ламаты і яцвягі. Але іншыя плямёны прызнавалі панаванне на гэтых землях прусаў як больш моцнага племені. Глебы ў Прусіі былі ўрадлівыя, тут было шмат лясоў, дзе вадзіліся туры, ласі і буйвалы. Прусы актыўна гандлявалі бурштынам і футрам. З 1230 года крыжакі грунтоўна пасяліліся на новым месцы. Першы свой замак яны збудавалі з дапамогай Конрада на высокай гары на левым беразе Віслы і назвалі яго Фогельзангам. У 1231 г. крыжакі на месцы прускага капішча, дзе стаяў святы дуб, заклалі замак і горад Торунь. У 1237 з'явіўся Эльбланг, у 1239 - Балга, і г. д. У XIII ст. крыжакі спачатку будавалі драўляна-земляныя замкі, а пазней - у XIV ст. - мураваныя. Прусы зацята абараняліся, аднак спыніць павольны, але няспынны наступ крыжакоў на свае землі не змаглі.

У 1254 г. крыжакі захапілі яшчэ адну прускую зямлю Самбію, дзе ў 1255 г. збудавалі замак Кёнігсберг. Аднак у верасні 1260 г. прусы паўсталі. Яны палілі касцёлы, капліцы, дамы хрысціян, забівалі святароў. Некаторых палонных прыносілі ў ахвяру сваім багам. Так яны спалілі разам з канём у поўным узбраенні палоннага рыцара крыжака. Сабраўшы вялікую дапамогу ў Германіі, крыжакі на працягу 14 гадоў паступова здушылі паўстанне прусаў. Шмат прусаў уцякло з сем'ямі на Беларусь і пасялілася ў ваколіцах Гародні. Апошняй у 1283 г. крыжакамі была заваявана Судовія.

Забраныя землі засялялі нямецкія каланісты, але мясцовыя жыхары, якія прымусова сталі каталікамі, яшчэ да XVI ст. захоўвалі элементы паганства і прускую мову. Заваяваных балтаў падзялілі на дзве групы: вольныя і нявольныя. Тыя, якія не здрадзілі крыжакам падчас паўстання, мелі больш правоў і маглі жыць у гарадах. Былыя паўстанцы зрабіліся нявольнымі халопамі, жылі толькі ў вёсках і працавалі на нямецкіх паноў, якія да 1350 г. актыўна засялялі прускія землі.

Да 1410 г. Прусія ўжо мела 93 гарады і каля 1400 новых вёсак. Захапіўшы Прусію, крыжакі напалі на Літву, але ў 1259 г. ля возера Дурбе былі разбітыя. Узмацніўшыся пасля 1283 г. яны аб'явілі вайну новай дзяржаве ВКЛ і пасля смерці князя Войшалка прад'явілі прэтэнзіі на беларускія землі. Неўзабаве яны зруйнавалі Гародню. У 1291 г. крыжаносцы страцілі апошні горад у Палесціне, Акру, і Тэўтонскі ордэн канчаткова перабраўся ў Прусію. Сталіцай Прусіі ў 1303 г. стаў горад і замак Марыенбург (Мальбарк).

5. Утварэнне ВКЛ. Старажытны Наваградак

Гісторыю ВКЛ трэба пачынаць з гісторыі Наваградка, які ў другoй палове XII - пачатку XIII стст. зрабіўся буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам і на пачатку XIII ст. стаў сталіцай асобнага ўдзельнага княства. Цікава, што гэта адзіны вялікі беларускі горад, які не стаіць на рацэ. Ад Наваградка да Нёмана адлегласць складае каля 20 км. Горад узнік у канцы X - пачатку XI стст. і ў XII ст. складаўся з дзядзінца на сённяшняй Замкавай Гары, вакольнага горада (на ўзвышшы Малы замак), пасада і курганнага магільніка ў ваколіцах горада. Археолагі раскапалі рэшткі вялікіх дамоў драўляна-глінабітнай канструкцыі плошчай 70 -100 м 2. Пры іх пабудове выкарыстоўвалі камень-вапняк і цэглу. Унікальная з'ява для беларускага горада - гэта зашклёныя вокны, аналагічныя вокнам тагачасных храмаў. Сцены адной з пабудоў XII ст. былі атынкаваныя знутры і распісаныя фрэскамі. Значыць, тут жылі вельмі багатыя людзі і, магчыма, мясцовыя князі. Пры раскопках Наваградка сабралі ўнікальную калекцыю візантыйскага і ўсходняга шклянога посуду з розных мусульманскіх краін, зробленага у майстэрнях Сірыі і Ірана. Паводле колькасці прывазных імпартных рэчаў (шоўк, бурштын, ювелірныя вырабы), Наваградак не мае сабе роўных не толькі сярод беларускіх гарадоў, але і шмат якіх гарадоў усёй былой Кіеўскай Русі. У горадзе таксама захавалася Барысаглебская царква XII ст., у будаўніцтве якой прынялі ўдзел віцебскія і полацкія будаўнікі. Таму не выпадкова, што менавіта вакол Наваградка пачало ўзнікаць новае дзяржаўнае ўтварэнне, якое спачатку мела розныя назвы: "Літва"( "Літоўскае княства", "княства Літоўскае і Наваградскае" і нават "Вялікае княства Наваградскае". У XX ст. у сувязі з рознай палітычнай кан'юктурай было шмат спрэчак аб месцазнаходжанні і лакалізацыі "летапіснай Літвы". Тэрмін "Літва" ўпершыню згадваецца ў нямецкіх пісьмовых крыніцах пад 1009 г. Большасць беларускіх даследчыкаў, пачынаючы з Міколы Ермаловіча, лічаць, што племя "літва" і яго тэрыторыя была на балцка-славянскім памежжы і займала паўночны захад сучаснай Беларусі і паўднёвы ўсход сучаснай Літвы. Прычым кожны гісторык па-рознаму вызначаў межы гэтага балцкага этнасу. У 40-я гг. XIII ст. наваградскія баяры запрашаюць на пасаду князя Міндоўга, які быў адным з князёў суседняй Літвы.

У 1235 г. летапіс пісаў пра "Літву Міндоўга". У 1246 г. ён прымае праваслаўную веру, каб стаць наваградскім князем, і далучае да наваградскай зямлі землі свайго племені. Так і ўзнікла на мапе Еўропы Вялікае Княства Літоўскае.

А цяпер пагаворым пра сталіцу ВКЛ. Беларускія і польскія гісторыкі лічаць першай сталіцай ВКЛ Наваградак ( Навагрудак). Літоўскія даследчыкі імкнуцца пра Наваградак у сваіх працах не згадваць. У адной са сваіх калектыўных прац па гісторыі Літвы, перакладзенай на розныя замежныя мовы, у тым ліку на беларускую, яны пішуць, што ў 1219 г. Літва была яшчэ не дзяржавай, а толькі канфедэрацыяй земляў, якая не мела аднаго валадара. У гэты час Міндоўг быў толькі чацвёртым сярод старэйшых князёў. Літоўская дзяржава на чале з Міндоўгам утварылася, на іх думку, каля 1240 г. Каб замацаваць сваю ўладу, у 1251 г. ён пахрысціўся, аддаўшы крыжакам за гэта вялікую частку Жамойці, і 6 ліпеня 1253 г. стаў каралём. У 1264 г. гаспадаром Літвы стаў сын Міндоўга Войшалк, які прыняў праваслаўную веру, а землі (у гэтым выпадку Наваградак, куды Войшалка пасадзіў бацька) далучыліся да Літоўскай дзяржавы.

На мапе Старадаўняй Літвы яны паказваюць аб'яднаныя Міндоўгам землі балтаў, дзе пазначана Вільня, а потым, далучаную Міндоўгам Чорную Русь, але Наваградак тут не пазначаны зусім,

Беларускі даследчык Мікола Ермаловіч лічыў, што Міндоўг фактычна не быў стваральнікам ВКЛ, і не ён зрабіў сваёй сталіцай Наваградак (Новагародак), а сам Наваградак выбраў яго сваім князем. Ермаловіч аспрэчвае сцверджанне тых гісторыкаў, якія лічаць, што сталіцай Міндоўга была Вільня, а не Наваградак. Даследчык прыводзіць на карысць першай сталіцы ВКЛ Наваградка і тапанімічныя звесткі. У Наваградку ёсць гара Міндоўга і гай Міндоўга.

Маладая дзяржава сутыкнулася з моцным супернікам, які таксама меў планы на Панямонне, а менавіта з Галіцка-Валынскім княствам. У 1248 г. валынцы напалі на Наваградскую зямлю і спустошылі яе. Каб адбіць нападнікаў, Міндоўг мусіў заключыць ваенны саюз з Лівонскім ордэнам, прыняць каталіцтва і ў 1252 ці ў 1253 г. стаў каралём, атрымаўшы карону ад Рымскага Папы. Аднак сярод літоўскай знаці ўзнікла змова супраць Міндоўга, і адзін з іх, Даўмонт, забіў Міндоўга, а потым з дружынай уцёк у Пскоў, дзе стаў служылым князем і прыняў праваслаўе.

Уладу ў Наваградку пераняў сын Міндоўга Войшалк, які быў праваслаўным і заснаваў у ваколіцах горада Лаўрышаўскі манастыр Кіраваў ён дзяржавай нядоўга - з 1264 па 1267 год. Заключыўшы саюз з галіцка-валынскімі князямі, ён у 1267 г. перадаў уладу свайму сваяку, галіцкаму князю Шварну (1267-1270), але неўзабаве быў забіты другім галіцка-валынскім князем, братам Шварна, Львом Данілавічам, які быў абураны, што Войшалк перадаў уладу не яму.

Пазней, пасля смерці Шварна, князем ВКЛ стаў Трайдэн (Трайдзень) (1270-1282). Ён адмовіўся ад саюзу з галіцка-валынскімі князямі і даў прытулак уцекачам ад нападаў крыжакоў з Прусіі Гэта не спадабалася крыжакам, і яны пачалі вайну з ВКЛ, што доўжылася болей за сто гадоў. У канцы XIII ст. згадваюцца наступнын князі ВКЛ: Будзікід, потым яго брат Будзівід, а яшчэ пазней - яго сын Віцень.

6. Княжанне Віценя (1295-1316)

Дзякуючы Віценю ў 1296 г. быў прыняты гістарычны герб Беларусі - славутая Пагоня. Віцень значна пашырыў межы ВКЛ. У 1307 г. было далучана на правах аўтаноміі Полацкае княства, а ў 1315 г. - Берасцейская зямля. Віцень праводзіў актыўную знешнюю палітыку, ваяваў з палякамі і крыжакамі. Віцень распачаў будаўніцтва мураваных замкаў у ВКЛ, як перашкоду і абарону ад крыжацкіх нападаў. Магчыма, што менавіта ён на мяжы XIII і XIV стст. збудаваў Медніцкі і Крэўскі замкі. Паводле летапісных крыніц вялікі князь Віцень загінуў ад удару маланкі. Менавіта пры ім працэс станаўлення і ўмацавання ВКЛ стаў незваротным.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Вітынгі - вольныя прускія сяляне на службе ў ордэнскім замку.

Канвент - рада, якая складалася з 12 ордэнскіх рыцараў пад кіраўніцтвам комтура.

Комтур - ордэнскі чыноўнік высокага рангу. Кіраўнік комтурства, адміністрацыйнай адзінкі крыжацкага ордэна.

Комтурскі замак, або замак канвента - галоўны замак комтурства, рэзідэнцыя комтура і канвента.

Крыжак - удзельнік крыжовых паходаў заходнееў-рапейскіх рыцараў у ХІІІ-ХV стст. на славянскія і балцкія землі

Латгалы - усходнебалцкае племя, якое жыло побач з крывічамі.

Лівонія - зямля ліваў. Пазней - назва тэрыторый Латвіі і Эстоніі, заваяваных крыжаносцамі-крыжакамі.

Лівы - племя фіна-ўгорскага паходжання, якое плаціла даніну Полацку.

Магістр - кіраўнік ордэна, які выбіраўся пажыццёва.

Ратнікі (альбо кнехты) - наёмныя ваяры ордэна.

Прусы - група плямён, народ заходнебалцкай моўнай групы.

Фогт - кіраўнік замка.

НАЙВАЖНЕЙІІІЫЯ ПАДЗЕІ

1009 г. - першая згадка пра Літву ў пісьмовых крыніцах.

1201 г. - заснаванне г. Рыгі.

1202 г. - стварэнне ордэна мечаносцаў.

1209 г. - крыжаносцы захапілі г. Герцыке - калонію Полацка.

1230 г. - з'яўленне Тэўтонскага ордэна на мяжы Мазовіі і Прусіі.

1236 г. - Рымскі Папа абвясціў крыжовы паход супраць балцкіх плямёнаў.

1235 г. - бітва пад Саўле, разгром крыжакоў.

1237 г. - ордэн мечаносцаў стаў васалам Тэўтонскага Ордэна.

1253 г. - каранацыя князя ВКЛ Міндоўга ў Наваградку.

1255 г. - заснаванне г. Кёнігсберга.

1264 г. - забойства Міндоўга - пачатак княжання яго сына Войшалка.

1270 г. - заснаванне замка Марыенбург (будучая сталіца Ордэна).

1295-1315 гг. - уладаранне ў ВКЛ князя Віценя.

1296 г. - князь Віцень зацвердзіў дзяржаўны герб ВКЛ "Пагоню".

(Працяг у наст. нумары.)


Вобраз Францішка Скарыны ў творах літаратуры і мастацтва

"Сэнс вечнай кнігі

да нас даходзіць тады,

Калі ад нас адыходзяць

нашы гады…"

( Р. Барадулін.)

Да прыцягальнага вобраза Ф. Скарыны звярталіся мастакі, скульптары, паэты і празаікі ва ўсе часы. Народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка ўвасобіў яго ў вялізным роспісе "Асветнікі" ў менскім Доме Настаўніка і ў карціне "Роднае слова". Увекавечыў мысляра ў дрэве скульптар Аляксей Глебаў. Па яго ж праекце пастаўлены помнік Францішку Скарыну ў Полацку. Помнікі асветніку знаходзяцца ў Менску, Лідзе, Полацку, Вільні, Празе. Аўтарам скульптуры каля Нацыянальнай бібліятэкі з'яўляецца Аляксандр Дранец.

Асветніку прысвяцілі свае вершы Максім Багдановіч, Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Броўка, паэму " Самота паломніцтва" - Рыгор Барадулін. У 2007 годзе ў маскоўскім выдавецтве "Терра-Книжный клуб" выйшаў гістарычны раман Міхаіла Расолава " Францыск Скарына".

З беларускай незалежніцкай пазіцыі падае вобраз асветніка доктар юрыдычных навук, прафесар, акадэмік Расійскай акадэміі славеснасці Міхаіл Расолаў, які быў народжаны на Беларусі, але большую частку жыцця працаваў у Расіі. З чулай душой ён суправаджае юнака Франака ад дзіцячых крокаў да свядомага выбару лекара і друкара духоўных кніг. Па кнізе мы можам уявіць сябе аблічча купца Лукаша Скарыны, які вядзе гандаль гарнастаямі і сабалямі, і яго старэйшага сына Івана, які дапамагае яму ў паездках ў Рыгу, у Вільню, Познань.

А малодшага сына цягне да чытання. Васьмігадовы Франак пабачыў на полацкім кірмашы друкаваную кнігу ў скураным пераплёце з Майнца, памацаў літыя літары, і яго душу кранула мара пра кнігі. "Татачка, міленькі, набудзь мне гэтыя кніжкі, я хачу па-латыні навучыцца!" - просіць ён бацьку. У полацкіх манахаў-бернардзінцаў пачаў Францішак вучыць лацінскую мову.

Праз шэсць гадоў Лукаш Скарыніч вязе сына ў Вільню ў калегіюм пры кафедральным саборы, і юнак выказвае бліскучыя веды ў Святым Пісьме, лаціне, народнай медыцыне і рыторыцы. Канонік, які прымае іспыт, здзіўлены яго ўзроўнем.

Горад Кракаў акружаны фартыфікацыйнымі вежамі. Зімой 1504 года трымае іспыт "праваслаўны студыёзус, не чужды лацінству". Яго прыцягвае Пталемеева аўдыторыя. Тут вучоныя-астраномы пазнаюць Сусвет, вылічваюць рух планет, тэолагі вядуць дыспуты. У 1506 годзе Францішак узведзены ў ступень бакалаўра кананічнага права. Ён працягвае заняткі на семінарах вольных мастацтваў і наведвае заняткі на юрыдычным факультэце.

9 лістапада 1512 года магістр Францыск абараняе іспыт на ступень доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце ў прысутнасці дактароў - Фадзея Мусаці, магістра Варфаламея а Вольта, магістра прасвітара Якаба дэ Курта, магістра Гераніма Катанеса, магістра Францыска дэ Ноалі і іншых.

У 1512 годзе ў Венецыянскай Новай Акадэміі Альда Мануцыя Скарына вывучае друкарскі варштат, ліцеры, гравюры, майстэрства венецыянскіх друкароў, якое яны перанялі ад германцаў.

У 1517 годзе ў залатой Празе доктар Рус прыступіў да ажыццяўлення сваёй мары - да выдання Бібліі на старажытна-беларускай мове. Залатая Прага з мастамі праз Влтаву, з дзіўным Пражскім Градам, з гатычнымі саборамі і каралеўскім палацам уразіла яго велічнай строгасцю. Павел Севярын прыняў доктара Руса ў сваёй святліцы, адкуль была бачна Влтава і Карлаў Мост, і паказаў сваю друкарню. Тут працавалі старыя майстры, якія ў свой час друкавалі чэшскую Біблію. У Скарыны ўжо ўсё было падрыхтавана: і пераклады, і спіс кніг Бібліі, і прадмовы.

У чорнай блюзе з нарукаўнікамі, са скураной стужкай на ілбе, каб не перашкаджалі валасы, з маленькай лупай, асветнік схіляўся над варштатам. Дапамагалі яму майстры і памочнікі.

Скарына даў свайму народу Біблію на зразумелай мове, каб беларусы навучыліся па выдадзеных ім кнігах чытаць. Ён задаволіў попыт на кнігі, бо тады ва ўмовах войнаў, татарскіх нападаў ды маскоўскіх захопаў у ВКЛ не хапала кніг, яны перапісваліся ў манастырах ад рукі. І вось з'явіўся друкар, які за два гады ў Празе выдаў больш за дзесяць тысяч кніг, якія не маглі б і за дзесяць гадоў адолець сто перапісчыкаў. Друкаваў свае кнігі Скарына для простых людзей, каб чыталі іх не ў храмах, а дома ці ў бібліятэках, каб вучылі дзетак па гэтых зручных па фармаце кнігах.

Светлай і прыгожай была душа ягоная, не было ў ёй чорных помыслаў ні атруты зайздрасці. Вочы яго лучыліся святлом Сафіі-Прамудрасці, запаветамі Еўфрасінні Полацкай, любоўю яго матулі Паліны, малітвы да Госпада ўмацоўвалі яго ў цяжкія гадзіны быцця. Чуллівае яго сэрца прагнула дзяліцца светам ісціны Хрыстовай з людзьмі. Вышэйшая мэта рабіла яго мудрэйшым і мацнейшым. Любоў, якая па слову апостала Паўла, "усяму спадзяецца, усё пераносіць, не мысліць злога" авятляла шлях друкара. Ён цвёрда пераносіў цягаты, няўдачы і фінансавыя страты.

Адным з таленавітых даследаванняў у галіне літаратуры, вартых тытана Адраджэння і гонару нашай нацыі, з'яўляецца раман-эсэ Алега Лойкі "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае", які выйшаў у 2009 годзе.

Вось якім прадстае асветнік ў 1520 годзе ў дарозе з Прагі ў Вільню: "Скарына апрануты ў доктарскую мантыю. Перад кожным замкам і кожнай гарадской брамай ён абмацвае, ці на месцы, ці на русай галаве яго чырвоны берэт доктара. Мантыя робіць яго мацнейшым, берэт жа ўраўнівае яго ў правах з кармазынавым кунтушом. А прывілеі яго як доктара лекарскіх навук - то ж прывілеі і вязомых ім кнігадрукаў. Свабодны, чысты шлях яго мантыі, яго берэта - свабодны, вольны шлях яго кнізе!" - піша Алег Лойка.

500-годзе скарынаўскага вычыну дае шанец больш глыбока асэнсаваць змест Бібліі. Сёння Біблія грунтоўна вывучаецца хрысціянскімі супольнасцямі ў межах праграмы нядзельнай школы і катэхітычных лекцый у духоўных навучальных установах. У найноўшыя часы на беларускую мову кнігі Бібліі перакладалі Васіль Сёмуха, Анатоль Клышка і Антоні Бокун.

Э. Дзвінская.На здымках: 1. Ф. Скарына. Скульптура Аляксея Глебава 2. Помнік Ф. Скарыне ля Нацыянальнай бібліятэкі (аўтар - Аляксандр Дранец) 3. Роднае слова. Г. Вашчанка 4. Ф. Скарына. Алесь Пушкін.


Унёсак у кніжную Скарыніяну

У выдавецкім доме "Беларуская навука" выйшла кніга "Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына", падрыхтаваная да выдання Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Кніга ўяўляе сабой зборнік артыкулаў, прысвечаных асобе, дзейнасці і спадчыне Францыска Скарыны - ураджэнца Полацка, доктара медыцыны, першадрукара Вялікага Княства Літоўскага, перакладчыка і выдаўца Бібліі, пісьменніка. Аўтары артыкулаў прадстаўляюць не толькі розныя краіны, але і розныя галіны гуманітарных ведаў, навуковыя зацікаўленні, нацыянальныя і навуковыя школы, розныя падыходы ў даследаваннях. У артыкулах разгледжаны пытанні, якія звязаны з перадумовамі дзейнасці Скарыны, тыпамі і моўнай мадэллю яго перакладаў кніг Бібліі, значэннем асобных сімвалічных выяў Скарыны, месцазнаходжаннем яго друкарні ў Празе, паходжаннем інфармацыі аб магчымай паездцы Скарыны ў Маскву, іншыя пытанні. Упершыню публікуецца корпус дакументаў, якія праліваюць святло на фарміраванне культурных практык, звязаных з ушанаваннем асобы Францыска Скарыны ў Беларусі ў XX ст., на роль у гэтым Інстытута беларускай культуры, а ў далейшым - Акадэміі навук БССР.

Наш кар.


Памятаем пра справы Скарыны

У Менску 14 чэрвеня прайшоў СкарынаQuiz - інтэлектуальна-забаўляльная гульня да 500-гадовага юбілею выдання беларускай Бібліі.

У гульні прынялі ўдзел навучэнцы і выпускнікі ВНУ, прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў, гісторыкі, журналісты і ўсе ахвочыя. Гульцы аб'ядналіся ў каманды пад назвамі "ФС-500", "Палескія", "БіЛінгва", "Прыгожы малюначак", " Файная літарка" і інш.

Інтэлектуальная гульня нагадала пра асноўныя моманты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Францішка Скарыны. Кола пытанняў ахоплівала храналогію яго жыцця, навукі, якімі авалодваў першадрукар у Кракаўскім універсітэце, асаблівасці яго выдавецкай справы, геаграфічныя мясціны, звязаныя з яго дзейнасцю, творы жывапісу, літаратуры і мастацтва, прысвечаныя асветніку. Лягчэй знаходзіць адказы было тым, хто цягам года наведваў Скарынаўскія вечарыны і чытаў кнігі пра асветніка. Удзельнікі віктарыны мабілізавалі сваю памяць, адчулі асалоду пошуку агульных рашэнняў у камандзе і гонар ад спаткання са спрадвечным.

Спонсарамі гульні выступілі інтэрнет-крамы: imbryk.by, simbal.by і творчая група - kinakong.by. Віктарына нагадала пра тое, што наперадзе чакае шмат цікавых і захапляльных мерапрыемстваў, якім багаты юбілейны год. Так, 7 чэрвеня ў Тэатры беларускай драматургіі адбудзецца прэм'ера спектакля "1517".

Найбольшую колькасць балаў пасля васьмі тураў і бліц-раўнду набрала каманда "БіЛінгва". Пераможцы былі ўзнагарожданы падарункамі. Кожны ўдзельнік гульні таксама атрымаў "Малую падарожную кніжку" ў сучасным выданні. На заканчэнні імпрэзы Барыс Гарбачэўскі і яго каляжанкі выканалі спевы для грамады пра Францішка Скарыну.

Э. Дзвінская,фота аўтара.


Залаты юбілей лідскага "Суквецця"

21 чэрвеня ў памяшканні Лідскага гістарычна-мастацкага музея адбылася вечарына, прымеркаваная да 50-годдзя літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". На святочным мерапрыемстве прысутнічалі лідскія паэты, а таксама тыя, хто супрацоўнічае з літаб'яднаннем, мае да яго дачыненне. Вядоўцамі святочнай праграмы былі кіраўнік "Суквецця" Алесь Хітрун (ён жа - яе арганізатар) і маладая паэтэса, якая параўнальна нядаўна ўлілася ў калектыў літаратурнага аб'яднання, Анастасія Яловік.

Часам утварэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" ўмоўна прынята лічыць чэрвень 1967 года, калі суполку літаратараў пры рэдакцыі газеты "Ўперад" (папярэдніцы "Лідскай газеты") узначаліў адказны сакратар Віктар Кучынскі (выразка з газеты "Ўперад" з нататкай аб гэтым перададзена ў літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея). Пасля Віктара Кучынскага літаб'яднанне доўгі час, больш за трыццаць гадоў, узначальваў Уладзімір Васько, а з 2004 па 2011 год "Суквеццем" кіраваў Міхась Мельнік (і Уладзімір Гаўрылавіч, і Міхась Іванавіч прысутнічалі на вечарыне, расказвалі аб колішняй дзейнасці "Суквецця"). Са студзеня 2012 года літаб'яднанне ўзначальвае Алесь Хітрун.

- Наша "Суквецце" працягвае актыўна дзейнічаць, - гаворыць Алесь. - Вось ужо сёмы год лідскія паэты збіраюцца на паседжанні літаб'яднання ў доміку Таўлая - літаратурным аддзеле гістарычна-мастацкага музея. Сама атмасфера ў гэтым доміку па вуліцы Замкавай напоўнена паэзіяй і гісторыяй. Тут паэты чытаюць і абмяркоўваюць вершы, маюць зносіны паміж сабой, знаходзяць новых сяброў і аднадумцаў. З намі таксама сябруюць кампазітары, краязнаўцы, гісторыкі, пажылыя людзі з аддзялення "Актыўнае даўгалецце". Як і раней, паэты Лідчыны выступаюць у школах, бібліятэках, заяўляюць аб сабе праз новыя выдадзеныя кнігі паэзіі. Як і раней, мы, як кажуць, не варымся ва ўласным соку, а наладжваем і падтрымліваем сувязі з паэтамі і пісьменнікамі, якія жывуць па-за межамі Лідчыны, запрашаем іх да сябе ў госці, арганізоўваем сустрэчы.

Алесь таксама адзначыў, што дзейнасць літаб'яднання па-ранейшаму актыўна падтрымлівае рэдакцыя "Лідскай газеты", пры якой яно існуе, а падтрымка заўсёды дае творчым людзям натхненне. Вершы лідскіх паэтаў рэгулярна друкуюцца на літаратурнай старонцы "Лідскай газеты", амаль у кожным выпуску літстаронкі з'яўляюцца новыя імёны. Дарэчы, у бягучым, юбілейным для літаб'яднання, годзе літаратурная старонка "Суквецце" змяніла свой фармат - у ёй з'явіліся дзіцячая рубрыка "Каласок", гумарыстычная рубрыка "Асака". Ёсць задумка стварыць на сайце "Лідскай газеты" закладку "Суквецце" - электронны варыянт літаратурнай старонкі - каб з творчасцю лідзян пазнаёмілася яшчэ больш шырокае кола чытачоў. А знаёміць ёсць з кім. За 2012-2016 гг. у "Лідскай газеце" былі змешчаны вершы 101 лідскага паэта. Друкуюцца творы сяброў літаб'яднання і ў альманаху "Ад лідскіх муроў" - літаратурна-мастацкім выданні Лідчыны.

Лідскае "Суквецце" ўваходзіць у лік самых моцных і вядомых літаратурных аб'яднанняў Гарадзенскай вобласці, ведаюць аб ім і далёка за межамі Гарадзеншчыны. Наперадзе ў літаб'яднання - нямала задумак, у тым ліку цікавых літаратурных сустрэч.

З залатым юбілеем літаратурнае аб'яднанне павіншавала і пажадала яму далейшых творчых поспехаў галоўны рэдактар "Лідскай газеты", пры якой і існуе літаб'яднанне, Кацярына Серафіновіч. Віншавалі "Суквецце" і расказвалі аб супрацоўніцтве з ім рэдактар часопісаў "Лідскі летапісец" і "Ад лідскіх муроў", газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік, дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ганна Драб, кіраўнік творчай музычнай майстэрні "Родник" пры Лідскім каледжы Святлана Мазітава.

З даследчай працай "Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце": гісторыя і сучаснасць" азнаёміла прысутных кіраўнік гэтай працы, настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 11 Наталля Анашкевіч (даследаваннем займаліся адзінаццацікласніцы згаданай школы Вераніка Аляхновіч і Дыяна Жэгала). Дарэчы, Наталля Мікалаеўна да юбілею распрацавала лагатып "Суквецця", бэйджыкі з гэтым лагатыпам былі раздадзены перад пачаткам імпрэзы кожнаму сябру літаб'яднання.

Вершы, прымеркаваныя да юбілею літаб'яднання, чыталі Святлана Цішук, Ірэна Сліўко, Таццяна Сямёнава, Ірына Бараздзіна, Жанна Сянкевіч, Ірына Маркевіч, Святлана Антонік і іншыя лідскія паэты. Гучалі таксама песні ў выкананні Сяргея Чарняка, Жанны Сянкевіч, Анастасіі Яловік, аўдыязапісы песень на словы лідскіх паэтаў. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць тых сяброў "Суквецця", якіх ужо няма з намі: Віктара Бачарова, Леаніда Вінніка, Смарагда Сліўко, Пятра Макарэвіча і іншых.

У заканчэнне імпрэзы лідскімі паэтамі быў дружна выкананы гімн "Суквецця" на словы аднаго з яго актыўных сяброў, супрацоўніка рэдакцыі "Лідскай газеты" Алеся Мацулевіча.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Гарадзенскае абласное аддзяленне ГА "Саюз беларускiх пiсьменнiкаў" Старшынi лiтаратурнага аб'яднання "Суквецце" Хiтруну Аляксандру Часлававiчу

Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза беларускiх пicьменнiкаў вiншуе сяброў лiтаб'яднання "Суквецце" з пяцiдзесяцiгадовым юбiлеем. За паўстагоддзя cваёй плённай дзейнасцi Ваша лiтаб'яднанне зрабiла значны ўклад у культурнае жыццё Лiдчыны, Гарадзенскай вобласцi i ўсяго прынёмскага рэгiёна. Прапаганда беларускай мовы, лiтаратуры за ўзгаданы значны перыяд была прыарытэтнай задачай лiтаратараў Лiдчыны. А cталыя i маладыя паэты i пiсьменнiкi, якiх аб'ядноўвала i аб'ядноўвае "Суквецце", заўсёды будуць гонарам як Гарадзеншчыны, так i ўсяе Беларусi. Сябры абласнога аддзялення Саюза беларускiх пiсьменнiкаў зычаць Вам, а ў вашай асобе i ўсiм сябрам лiтаб'ядннаня "Суквецце" творчых поспехаў, здароўя i ўсяго найлепшага.

Старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускiх пiсьменнiкаў" В.Я. Дубатоўка.

Мы - паэты

(Песня паэтаў Лідчыны)


Чакаем трэцяй серады -

чарговае сустрэчы.

Настане дзень той - і тады

зноў разам мы, паэты.


Збіраемся "Суквеццем" зноў

у доміку Таўлая,

бо ў Лідзе існуе даўно

традыцыя такая.


Мы на сустрэчы, бы на ўрок,

прыносім сшыткі, кніжкі,

таму што творчы мы народ,

вянок паэтаў лідскіх.


Збіраецца "Суквеццем" зноў

у доміку Таўлая

паэтаў Лідчыны вянок,

прынёманскага краю.


Ціхенька кніжка шалясціць

ці сшытачак лістамі -

і непрыкметна час ляціць

у гутарках, чытанні.


Збіраемся "Суквеццем" зноў

у доміку Таўлая.

Майстры паэзіі, са слоў

паэмы мы ствараем.

Алесь Мацулевіч.

Жыватворчыя сустрэчы

Сябрам сваім, лідскім паэтам, адрасую гэтыя радкі.

Жыву самотна, шчыра веру:

Пасля паседжання "Суквецця"

Запоўніце маю кватэру

Сваёй прысутнасцю

прыветнай.


За Вашы радасныя ўсмешкі,

Задумак творчых навізну,

За жарты і экспромты-вершы

Я Вас, сябры мае, люблю.


Мне з Вамі хоць на

светакрай…

Шчасліваю такой бываю…

Шчэ не адзін сустрэнем май -

Надзею грэю, не губляю.


Не здрадзім краю мы свайму,

Не збочым са сваёй сцяжыны,

Заўжды паклонімся дабру,

Якое з бездані падыме.


За Вашых думак чысціню,

За свет вачэй прыветных

Вашых

Я Вас, сябры мае, люблю!

Часцей бы слухаць Вас

і бачыць!

Алеся Бурак.

У Пушчы паэзіі

Я згубіўся ў Пушчы

паэзіі нашай,

на бяросце друкую

я вершы свае.

Прымірыцеся, людзі,

з такою прапажай.

Дзякуй Богу, што Пушча

натхнёна жыве.


Не пачуеце вы,

дык пачуюць казулі,

хто тут голас

з глухога кутка падае.

Мае рыфмы-зязюлі

яшчэ не заснулі,

рытмам дзяцел

усякіх нячысцікаў б'е.


Тут мяне абміне

ўсялякае ліха,

тут ніколі

ў дугу аніхто не сагне,

і бабёр малады

з маладою бабрыхай

з надазёрнай вярбы

помнік выгрызуць мне.

Уладзімір Васько.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX