Вярнуцца: 2017

№ 30 (1337)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1337), 26 ліпеня 2017 г.


27 ліпеня 1990 года прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі

Ключавы дакумент, які абвясціў аб незалежнасці Беларусі ад СССР, Дэкларацыя, быў прыняты Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года і набыў канстытуцыйную сілу 25 жніўня 1991 года. Дзень прыняцця Дэкларацыі з 1991 па 1996 гг. адзначаўся як Дзень незалежнасці Беларусі.

Згодна з Дэкларацыяй, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу» (арт. 1). Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці гэта азначала спыненне дзейнасці на Беларусі саюзных законаў.

Вялікія беларусы свету


215 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі

Ігнaт ДАМЕЙКА (1802-1889). Нapaдзiўcя 31 лiпeня 1802 г. y poдaвaй cядзiбe Мядзведкa. Гэтa нeдaлёкiя вaкoлiцы мяcтэчкa Мip Нaвaгpaдcкaгa пaвeтa. У ceм гaдoў Ігнacь cтpaцiў бaцькy, выxoўвaўcя ў бaцькaвыx бpaтoў. Адзiн з ix, тaкcaмa Ігнaт Дaмeйкa, yзяў ягo дa cябe ў мaёнтaк Жыбyртoўшчынa ў Лiдcкiм пaвeцe. Вyчыўcя Ігнacь y пiяpcкaй шкoлe ў Шчyчынe. Быў тaм пaд aпeкaй Анyфpыя Пeтpaшкeвiчa, з якiм paзaм yвaxoдзiў пoтым y Тaвapыcтвa фiлaмaтaў. У 1822 г. cкoнчыў Вiлeнcкi ўнiвepciтэт. Кaлi пaчaлocя cлeдcтвa пa cпpaвe фiлapэтaў i фiлaмaтaў, ягo apыштaвaлi. Алe пpaз пaўгoдa вызвaляюць i aдпpaўляюцьy Зaпoллe пaд нaгляд пaлiцыi.

У чac Лicтaпaдaўcкaгa пaўcтaння (1831 г.) Дaмeйкa cтaнoвiццa ў шэpaгi змaгapoў зa вызвaлeннe Айчыны aд мacкoўcкaгa "пpылyчэння". Пacля paзгpoмy пaўcтaння выexaў y эмiгpaцыю. У Дpэзданe cycтpэўcя з Адaмaм Мiцкeвiчaм i paзaм з iм i iншымi зeмлякaмi выexaў y Пapыж. Дaпaмaгaў Адaмy Мiцкeвiчy ў выдaннi ягo твopaў, y тым лiкy "Пaнa Тaдэвyшa".

У Пapыжы Ігнaт Дaмeйкa дoбpa пaпoўнiў cвae вeды ў пpыpoдaзнaўcтвe, зaкoнчыў тaм Гopнyю шкoлy. Адaм Мiцкeвiч знaйшoў ямy мecцa пpaцы ў дaлёкaй aмepыкaнcкaй кpaiнe - Чылi. Пpaгны дa вaндpaвaнняў Ігнaт Дaмeйкa згaдзiўcя aдпpaвiццa зa aкiян. Еxaў тyды нa пэўны чac, a зacтaўcя нa ўcё жыццё. Стaў пpaфecapaм мiнepaлoгii ў Кaкiмбa i Сaнт'ягa. Аpгaнiзaвaў шыpoкae вывyчэннe пpыpoдныx бaгaццяў Чылi. Ён нeaднapaзoвa выбipaўcя pэктapaм Чылiйcкaгa ўнiвepciтэтa ў Сaнт'ягa, быў aб'яўлeны нaцыянaльным гepoeм Чылi. На яго помніку ў Сант'яга дэ Чылі выбіта лаканічна "Гpaндэ Эдyкaдop", штo пa-нaшaмy aзнaчae - Вялiкi Аcвeтнiк. У яго творах на іспанскай і іншай мовах шмат беларускіх слоў...

Вікіпедыя.


205 гадоў з дня нараджэння Юзафа Ігнацыя Крашэўскага

Юзаф Ігнацы КРАШЭЎСКІ (28 ліпеня 1812, Варшава, Вялікае герцагства Варшаўскае - 19 сакавіка 1887, Жэнева, Швейцарыя).

Бацькі Ю. Крашэўскага паходзілі і мелі родавы маёнтак на Пружаншчыне. Юзаф Крашэўскі скончыў Свіслацкую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гадоў, сядзеў у віленскай турме. З 1833 жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан, з 1837 на Валыні, спачатку ў маёнтку Амельна, потым Гродак, Губін, а ў 1853 г. - у Жытоміры. У Вільні 10 гадоў рэдагаваў часопіс "Athenaeum" ("Атэнеум"), у 1858 стаў рэдактарам "Gazety Codziennej", пазней "Gazety Polskiej", друкаваўся ў газеце "Kurier Wilenski". З 1859 перабраўся ў Варшаву. Калі пачалося паўстанне 1863-1864, Крашэўскі, назаўжды пакінуў Польшчу.

"Беларускі Дзюма" Ю. Крашэўскі напісаў больш за 600 тамоў твораў: 223 раманы і аповесці, навуковыя працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве, філасофіі і інш. Напісаў цыкл аповесцей "Уляна" (1843), "Хата за вёскай" (1855), "Гісторыя калка ў плоце" (1860) і інш., сацыяльна-бытавых раманаў "Чарадзейны ліхтар" (1843-44), "Два светы" (1856), "Могілкі" (1874) і інш. Падзеі паўстання 1863-64 гг. адлюстраваны ў раманах "Дзіця Старога Горада" (1863), "Мы і яны" (1865), "Дзядуля" (1869) і інш. Для раманаў "Апошняя з слуцкіх князёў" (1841), "Сеймавыя сцэны" (1875), "Кунігас" (1882), "Маці каралёў" (1883), "Кароль у Нясвіжы. 1784" (1887) і інш. характэрны зварот да мінуўшчыны Беларусі, дакументальнасць. Сярод лепшых гістарычных раманаў - саксонская трылогія "Графіня Козель" (1874), "Бруль" (1875), "З часоў Сямігадовай вайны" (1876), а таксама "Старое паданне" (1876) - першы твор з цыклу 29 раманаў, прысвечаных гісторыі Рэчы Паспалітай. Аўтар зборнікаў "Паэзія" (т. 1-2, 1838) і "Гімны смутку" (1857), паэтычнай трылогіі з гісторыі Літвы "Анафеляс" (1840-45), 20 драматычных твораў, у т.л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы "Кастэлянскі мёд" (1860), "Пане Каханку" (1867).

Вікіпедыя.


70 гадоў Аляксандру Мілінкевічу

Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гародні ў сям'і беларускіх інтэлегентаў, бацька - вядомы педагог, заслужаны настаўнік БССР. Прадзед і прапрадзед удзельнічалі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага, за што былі рэпрэсаваныя. Дзед быў актывістам беларускага руху 20-х гадоў у Заходняй Беларусі.

Жанаты, мае двух сыноў, Аляксандра і Вітаўта, і ўнучку Марыю.

У 1965 г. скончыў Гарадзенскую СШ № 1 з залатым медалём. У1969 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы з адзнакаю. У 1972 г. скончыў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР па спецыяльнасці "Фізічная электроніка, у тым ліку квантавая". У 1976 г. абараніў дысертацыю "Механізмы генерацыі звышмоцных лазерных імпульсаў". Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.

Аўтар 65 навуковых прац па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, гісторыі культуры, архітэктуры, адукацыі, навукі і тэхнікі Беларусі, аўтар артыкулаў у энцыклапедыях "Гісторыя Беларусі" і "Архітэктура Беларусі".

Як грамадскі лідар і палітык, стажыраваўся ў ЗША, Германіі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы і іншых краінах па пытаннях дзяржаўнага кіравання, эканамічных рэформаў і правоў чалавека. Вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і досвед развіцця спорту ў Канадзе.

Родная мова - беларуская. Выдатна валодае рускай, французcкай і польскай мовамі, а таксама англійскай і ўкраінскай.

З 1969 г. працаваў настаўнікам фізікі ў Гарадзенскай школе № 16. У 1972-1976 гг. - малодшы навуковы супрацоўнік у Інстытуце фізікі АН БССР. У 1976-1978 гг. - інжынер і старшы выкладчык Гарадзенскага педінстытута. У 1978-2000 - дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1980-1984 гг. - загадчык кафедры фізікі ва ўніверсітэце горада Сеціф, Алжыр. У 1986-1993 гг. - аўтар і вядовец краязнаўчых тэлеперадач на Гарадзенскім абласным тэлебачанні. У 1990-1996 гг. - намеснік старшыні Гарадзенскага гарвыканкама; займаўся пытаннямі адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорту, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны. Падаў у адстаўку падчас падрыхтоўкі рэферэндуму 1996 года.

Грамадска-палітычная дзейнасць: у 1988-1992гг. - арганізатар рэстаўрацыі аднаго з найстаражытнейшых у Еўропе вежавых гадзіннікаў - ратушнага гадзінніка ў Гародні; у 1996-2003 гг. - старшыня Гарадзенскага абласнога грамадскага аб'яднання "Ратуша", ліквідаванага ўладамі; у 1999-2005 гг. - старшыня Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў; у 1999 г. - ніцыятар стварэння аб'яднання "Рэгіянальная Беларусь"; у 2001 г. - кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Сямёна Домаша; у 2003-2005 гг. - старшыня Гарадзенскага "Таварыства Беларускай Школы"; у 2005-2007 гг. - старшыня Рады Аб'яднаных Дэмакратычных Сілаў; у 2006 г. - кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь; з 2006 па 2016 г. - старшыня Руху "За Свабоду".

У 1989 г. узнагароджаны ордэнам "За заслугі перад польскай культурай" за тое, што знайшоў парэшткі Станіслава Панятоўскага, апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага. У 2006 г. - лаўрэат прэміі Еўрапейскага Парламента "За свабоду думкі" імя А. Сахарава. Мае іншыя ўзнагароды. У 1969 г. - чэмпіён БССР па баскетболе.

Вікіпедыя.


Паважаны беларускі энцыклапедыст

Савік Мікалай Пятровіч (нарадзіўся 23 ліпеня 1937 г. у г. Дзяржынску Менскай вобласці), фізік-кібернетык, энцыклапедыст, нарысіст.

Падчас акупацыі

Сям'я Савіка М. жыла ў 30-я гады ў Балотнінскім раёне Навасібірскай вобласці, і там нарадзіліся яго старэйшыя сёстры і брат. Потым быў пераезд у горад Дзяржынск Менскай вобласці, дзе нарадзіліся Мікалай і малодшы брацік Слава.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны сям'і далі пакойчык на другім паверсе драўлянага двухпавярховага барака на ўскрайку горада, які стаяў каля самой шашы Менск-Берасце і ў якім жылі работнікі Дзяржынскай МТС, першай у БССР, дзе працаваў бацька. Малая радзіма маці - вёска Цяўлава Дзяржынскага раёна.

Мікалай успамінае жахі вайны, бо яна адабрала ў яго сястру і малодшага браціка. Акупацыя была жудаснай, у Дзяржынску размяшчалася некалькі карных нямецкіх частак. На былой МТС ваенна-палонныя чырвонаармейцы рамантавалі тэхніку, там быў утвораны лагер (гэта цераз шашу метраў за 40-50 ад берага).

Чутно было, як расстрэльвалі яўрэяў (іх знішчана было больш за тры тысячы на ўскрайку горада каля польскага касцёла). Іншы раз здаралася бачыць расстрэл палонных, якіх гналі па шашы і якія не маглі больш ісці ў калоне.

Навуковая дзейнасць

У 1954 годзе Мікалай Савік закончыў Койданаўскую школу № 1 Менскай вобласці, фізічны факультэт БДУ (1959), курсы па ЭВМ тыпу "Мінск" і Адзінай сістэмы (АС ЭВМ), Цэнтральныя курсы Савецкай Арміі (Масква, 1962), самастойна авалодаў праграмай БДЭУ.

З 1959 г. у АН БССР: ст. інжынер-канструктар у Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі, галоўны інжынер, загадчык навукова-даследчай групы. У 1977 г. па пастанове Прэзідыума АН БССР пераведзены ў складзе лабараторыі аўтаматызацыі навуковых даследаванняў у Інстытут тэхнічнай кібернетыкі (ІТК) АН БССР. З 2005 г. у навукова-інжынерным рэспубліканскім прадпрыемстве "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН Беларусі.

Выканаў шэраг важных праектаў і заданняў Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхніцы Савета Міністраў СССР, Прэзідыума АН БССР. Кіраваў стажыроўкай групы в'етнамскіх спецыялістаў і дапамог ім у асваенні вылічальнай тэхнікі.

В'етнамскія спецыялісты атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў асноўным у КНР, а потым дэталёва і настойліва павышалі кваліфікацыі ў Савецкім Саюзе, у выніку сталі вядучымі спецыялістамі на сваёй радзіме, а некаторыя буйнымі кіраўнікамі і вучонымі.

Адзначым, што па даручэнні Дзяржкамітэта па навуцы і тэхніцы СССР М. П. Савік арганізаваў у далёкім 1973 г. першы ў Савецкім Саюзе семінар па замежных мікра-ЭВМ тыпу "Wang". На працягу паўтара года іх работа дэманстравалася ў Інстытуце матэматыкі АН БССР, куды запрашаліся члены ўрада, Прэзідыум АН БССР, кіраўнікі НДІ і заводаў СССР. Такім чынам з замежнымі навінкамі не толькі пазнаёміліся тысячы савецкіх спецыялістаў, але іх масава закупілі некалькі міністэрстваў СССР, банкі, чыгунка, спартыўныя ведамствы. Гэта было як папярэджанне айчыннай галіне вылічальнай тэхнікі, якая праз некалькі гадоў сутыкнулася з наплывам персанальных ЭВМ, асабліва з Паўднёва-Усходняга рэгіёна. Наша айчынная галіна ЭВМ значна страціла свае пазіцыі. Горка і крыўдна для Мікалая Пятровіча ўсведамляць, што тэрыторыю некалі магутнага завода імя С. Арджанікідзэ выставілі на продаж. Але ж на заводзе і ў НДІ ЭВМ працавалі тысячы спецыялістаў, у т. л. дзесяткі іх атрымалі ў свой час Дзяржаўныя прэміі СССР, а двое: Г.Дз. Смірноў і Ю.У. Карпіловіч - Ленінскую прэмію. Інфармацыя аб гэтым і аб усіх лаўрэатах з названых арганізацый падрабязна прадстаўлена ў матэрыялах сабраных і апрацаваных М.П. Савікам для Беларускай энцыклапедыі ў 18 тамах і 6-томнай энцыклапедыі "Рэспубліка Беларусь".

М.П. Савік - і сам удзельнік распрацоўкі шэрагу складаных вылічальных, у т.л. шматмашынных і шматпрацэсарных сістэм рознага прызначэння і абароннага ў тым ліку. Ён з'яўляецца пераможцам Усесаюзнага конкурсу работ па ўдасканаленні кіравання народнай гаспадаркай (1976), конкурсу Акадэміі навук БССР і рэспубліканскага конкурсу на комплекснай аўтаматызацыі навуковых і эксперыментальных даследаванняў у фізіцы, хіміі, тэхніцы, а таксама конкурсу ІТК АН БССР на лепшую навукова-тэхнічную распрацоўку (1986).

М.П. Савік аўтар больш, чым 1200 апублікаваных навуковых, навукова-папулярных прац, артыкулаў у энцыклапедыях Беларусі (БЭ ў 18 т., "Республика Беларусь" у 6 т., Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т.) і Расійскай Федэрацыі ("Космонавтика и ракетостроение. А-Я: биографическая энциклопедия", изд-во "Столичная энциклопедия", 2006), кнігах "Памяць" гарадоў Менска, Віцебска, Полацка, а таксама Стаўбцоўскага, Карэліцкага, Воранаўскага і іншых раёнаў. Ён - аўтар нарысаў аб буйнейшіх вучоных кібернетыкі, інфарматыкі, фізікі, матэматыкі, лаўрэатах Ленінскай прэміі (У.А. Каробкін, В.А. Жулега, Я.Ф. Шахаў, Г.Дз. Смірноў, Ю.У. Карпіловіч), Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі (з НАН Беларусі, БДУ, БНТУ, БДУІР, канцэрна "Планар", ААТ "Пеленг", "Бел-ОМА", "НДІ ЭВМ", "БЭМЗ", "МПАВТ" і інш.), навуковы кансультант "Беларускай энцыклапедыі" ў 18 т., рэдактар шэрагу выданняў.

На апублікаваныя работы М.П. Савіка і рэалізаваныя сістэмы далі спасылкі ў кнігах і брашурах, у доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыях вучоныя з розных устаноў: Ю.Г. Косараў (ІМ СА АН СССР); В.І. Смірноў (ВЦ СА АН СССР); В.Б. Злаказаў (АІЯД); У.Дз. Шымановіч, В.В. Сіўчык, Я.А. Яршоў-Паўлаў, Дз. К. Буслаў, М.І. Чубрык, Л.Я. Крацько, В.В. Ажаронак (усе з ІФ АН БССР); А.У. Скачак, А.М. Крот, М.Б. Шыхаў, Р.Х. Садыхаў, М.М. Лягонін (ўсе з ІТК АН БССР); Зайка В.А. (ІЭ АН БССР).

Вехі, звязаныя з касмічнай эпохай

М.П. Савік вучыўся на 4-м курсе фізічнага факультэта БДУ, калі 4 кастрычніка 1957 г. запускалі першы штучны спадарожнік Зямлі. З гэтага выпадку рэктарат БДУ даручыў яму выступіць па радыё ад імя студэнцкай моладзі (М. Савік быў намеснікам старшыні прафкама ўніверсітэта, членам стыпендыяльнай камісіі). Запіс, у якім выступалі таксама буйныя вучоныя Беларусі, найперш фізікі-акадэмікі і знаўцы дасягненняў у галіне ракетабудавання, перадаваўся ў эфіры некалькі дзён запар, бо незадоўга да гэтай падзеі ў друку з'явілася паведамленне аб стварэнні ў СССР міжкантынентальных балістычных ракет.

"Он был мал, этот самый первый ИСЗ нашей старой планеты, - гаварыў С.П. Каралёў, - но его звонкие позывные разнеслись по всем материкам и среди всех народов как воплощение дерзновенной мечты человечества".

Калі па размеркаванні ў 1959 г. М.П. Савік пачаў працаваць у Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР, з'явіліся першыя айчынныя ЭВМ "Урал" (былі ў АН БССР і БДУ). Потым пачаўся выпуск ЭВМ на заводзе ў Менску. Каб павысіць магутнасць ЭВМ і зменшыць час рашэння задач, было вырашана аб'яднаць некалькі ЭВМ "Мінск-2" і "Мінск-22" у шматмашынную сістэму і выкарыстаць падобную сістэму для кіравання касмічнымі аб'ектамі. Ідэолагамі і навуковымі кіраўнікамі праекту былі супрацоўнікі Інстытута матэматыкі СА АН СССР Э.У. Яўрэінаў і Ю.Г. Косараў, а галоўным канструктарам - Г.П. Лапато, начальнік СКБ, пазней дырэктар НДІ ЭВМ і член-карэспандэнт АН СССР. Сістэма "Мінск-222" стваралася на базе трох ЭВМ "Мінск -2" і "Мінск-22" - ЭВМ другога пакалення, на паўправадніковых элементах - і займала амаль увесь першы паверх ІМ АН БССР.

Праграмісты, у першую чаргу з ІМ СА АН СССР, працавалі з уздымам над праблемамі распаралельвання алгарытмаў рашэння задач і радаваліся ўдачам. Пазней у буйных цэнтрах кіравання касмічнымі аб'ектамі былі створаны і дзейнічалі 7 экзэмпляраў сістэмы (у Мурманску, Падмаскоўі, Крыме і г.д.). М.П. Савіку давялося удзельнічаць у гэтых маштабных работах як добраму знаўцу ЭВМ тыпу "Мінск" і дарадцу сібірскіх праграмістаў, у т.л. ўдасканальваць сістэму каманд "Мінск-22" для устойлівай работы і паскарэння рашэння задач.

Гэтыя працы паслужылі асновай стварэння сістэм аўтаматызацыі эксперыментальных даследаванняў у фізіцы, тэхніцы і выкарыстання ЭВМ ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. У 1968 г. па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Леаніда Іванавіча Кісялёўскага ў лабараторыі спектраскапіі нізкатэмпературай плазмы Інстытута фізікі АН БССР былі пачаты работы па касмічнай спектраскапіі Зямлі. Яны былі накіраваны на стварэнне спецыяльнай апаратуры і вывучэнне невядомых у той час фізічных і аптычных уласцівасцяў атмасферы і паверхні Зямлі, а таксама прыкладныя даследаванні, якія потым праводзіліся з арбітальных навуковых станцый "Салют", "Мір" і Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС). Савік М.П удзельнічаў у распрацоўкы структуры, лагічных і электронных схем арганізацыі эксперыментальных спектраскапічных даследаванняў нізкатэмпературнай плазмы з ужываннем ЭВМ у Інстытуце матэматыкі і эксперыментальнай устаноўкі ў Інстытуте фізікі АН БССР. Прадуктыўнасць працы эксперыментатараў лабараторыі Л.І. Кісялёўскага ў рэжыме on-line ўзрасла ў некалькі разоў, зменшывалася патрэбнасць у элекраэнергіі, якая сілкавала ўстаноўку.

Пра сістэму даведаліся многія арганізацыі падчас дакладу на пленарным паседжанні Ленінградскай школы па аўтаматызацыі навуковых даследаванняў, якое праходзіла пад старшынством віцэ-прэзідэнта АН СССР Я.П. Веліхава. З дзеяннем сістэмы прыязджалі знаёміцца члены прэзідыума і дырэктары навуковых устаноў АН БССР, прарэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава акадэмік А.Р. Хахлоў, акадэмік Я.П. Веліхаў, рэдакцыя часопіса АН СССР "Приборы и техника эксперимента".

Экспанат "Аўтаматызаваная вымяральна-вылічальная сістэма спектральных даследаванняў плазмы з дыстанцыйнай перадачай і апрацоўкай інфармацыі" атрымаў найвышэйшую адзнаку на юбілейнай выставе "250 гадоў АН СССР" на ВДНГ СССР (г. Масква, 1975), дзе Л.І. Кісялёўскі і М.П. Савік атрымалі медалі ВДНГ.

Пазней распрацоўкі, у якіх удзельнічаў Савік М.П. яшчэ некалькі разоў дэманстраваліся на ВДНГ, у тым ліку экспанат "Дыялагавая сістэма збору і апрацоўкі вынікаў лётных эксперыментаў", прадстаўлены суместна з супрацоўнікамі Інстытута электронікі АН БССР.

Беларусь на працягу многіх гадоў прымала актыўны удзел у савецкіх касмічных праграмах. Апаратура, распрацаваная вучонымі і спецыялістамі Беларусі пад кіраўніцтвам акадэміка Л.І. Кісялёўскага, д. ф-м. н. У.Я. Плюта і іншых, функцыянавала на касмічных апаратах і доўгачасовых арбітальных станцыях. З гэтай апаратурай у космасе працавалі многія касманаўты, у тым ліку выхадцы з Беларусі П.І. Клімук і Ў.В. Кавалёнак, якія сталі двойчы Героямі і генерал-палкоўнікамі.

Але прайшоў час, і Рэспубліка Беларусь зрабіла новыя буйнымі крокі ў засваенні касмічных тэхналогій у інтарэсах народнай гаспадаркі. У 2003 г. быў заключаны кантракт паміж НАН Беларусі і РКК "Энергія" Раскосмаса, у рамках якога ствараўся першы беларускі касмічны апарат БелКА. Галоўным канструктарам быў акадэмік РАН, лаўрэат Ленінскай і дзяржаўнай прэмій Ю.П. Сямёнаў. У ААТ "Пеленг" (Менск) была створана электронна-аптычная апаратура дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ), а беларускімі вучонымі праведзена эканамічнае абгрунтаванне, распрацаваны базавыя тэхналогіі і асвоены праграмна-тэхнічныя сродкі сістэмы БКСДЗ для прыёму, апрацоўкі і перадачы карыстальнікам дадзеных ДЗЗ.

Савікам М.П. былі падрыхтаваны тэхніка-эканамічнае заданне і іншыя дакументы па страхавой абароне БелКА з улікам надзейнасці канвярсоўнай ракеты "Днепр" і характарыстык БелКА. Пасля доўгіх абмеркаванняў і прыкідак спыніліся на тым, што НАН Беларусі будзе страхаваць толькі перыяд запуску БелКА, падчас якога павінны былі ляцець яшчэ 17 іншых апаратаў з Расіі, Італіі, Паўднёвай Амерыкі і ўніверсітэтаў ЗША.

Але ўсе дэлегацыі, прысутныя пры запуску са стартавай пляцоўкі Байканура, у той вечар чакала расчараванне - палёт ракеты-носьбіта перапыніўся.

За атрыманыя па страхоўцы грошы быў заключаны кантракт на стварэнне новага спадарожніка з Усерасійскім НДІ электрамеханікі. У гэтым інстытуце некалі пачынаў працу дырэктар нашага НДІ ЭВМ, член-кар. АН СССР Г.П. Лапато, пра якога М.П. Савік напісаў немала нарысаў.

Савіку М.П давялося зноў займацца страхавой абаронай новага касмічнага апарата. Ён упершыню, добра валодаючы дадзенымі аб пабудове апарата, яго сістэмах і падсістэмах, распрацаваў дзве методыкі разліку страхавой выплаты ў выпадках поўнай або частковай гібелі апаратаў, якія маюць дзве здымачныя сістэмы і лятаюць на вышыні 520 км.

На гэты раз пасля некалькі пераносаў у Расіі тэрмінаў запуску, прызначанага на 2009 г., 22 ліпеня 2012 года запуск беларускага спадарожніка надзейнай ракетай "Саюз-ФГ" з разгонным блокам "Фрэгат" прайшоў удала. Аб пачатку палёту спадарожніка па сонечна-сінхронай калязямной арбіце М.П. Савік перадаў пісьмовае паведамленне страхаўшчыкам - Белдзяржстраху і Белэксім-гаранту. Потым, у жніўні 2012, М.П. Савіку было даручана скласці паведамленне ў Інтэрнэце аб атрыманні першых здымкаў зададзеных участкаў зямной паверхні, а ў канцы таго ж 2012 года - распрацаваць базавы варыянт методыкі вызначэння цаны за здымкі, атрыманыя з БКА. Гэта быў адначасова і шчастлівы для М.П. Савіка год, і вельмі цяжкі па напружанасці яго працы - прыйшлося двойчы шпіталізавацца, а ў сакавіку 2013 г. "абзавесціся" электракардыясты-мулятарам. Але выключная працаздольнасць, дабразычлівасць, памяркоўнасць, уласцівыя Мікалаю Пятровічу, сілкуюць его духоўныя сілы і плённы шлях. Мікалай Пятровіч вядомы як самаадданы папулярызатар айчыннай навукі, для многіх выдатных дзеячаў беларускай навукі і тэхнікі ён стаў іх першым біёграфам. Сціпласць, звычка заўсёды прыйсці людзям на дапамогу прынеслі яму заслужаны аўтарытэт і велізарную павагу калег і ўсіх, хто яго ведае. Сардэчна жадаем Мікалаю Пятровічу цудоўнага настрою, натхнення і здзяйснення ўсіх яго задумак.

Лосік Г.В., Залаты С.А., Ткачэнка В.В., Несянчук А.А., Рымская М.А.


Выступ Алены Анісім на прэзентацыі "Гісторыі Латвіі" па-беларуску ў Амбасадзе Латвіі

На прэзентацыі выдання "Гісторыя Латвіі" ў перакладзе на беларускую мову ў Амбасадзе Латвіі ў Беларусі 19 ліпеня 2017 спн. Алена Анісім выступіла з прамовай. У ажыццяўленні гэтага выдання прымалі ўдзел сябры ТБМ, сп. Алег Трусаў, сп. Лявон Баршчэўскі, перакладчык сп. Ягор Сурскі. Таксама ўдзел у мерапрыемстве бралі міністры замежных спраў Латвіі і Беларусі. Цалкам тэкст прамовы далей.

Паважаны спадар Міністр!

Паважаны спадар Амбасадар!

Шаноўныя прысутныя!

Сёння ў нас выдатная нагода прысутнічаць у Амбасадзе Латвіі ў Беларусі. Упершыню мы маем выданне гісторыі Латвіі на беларускай мове. У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання - гэта сімвалічная падзея, якая падкрэслівае важнасць і значнасць асветніцкай дзейнасці, акрамя таго, гэта выдатны падарунак для кожнага культурнага чалавека. Тым больш прыемна, што выданне гэтай кнігі лучыць два народы, якія маюць працяглы перыяд сяброўства як праз палітычныя абставіны, так і праз людскія лёсы.

Карыстаючыся нагодай, хачу сказаць, што мы ўдзячныя ўладам Латвіі за ўвагу і падтрымку грамадскіх арганізацый і дзеячаў беларускай культуры, якія стала жывуць у вашай краіне.

Мы спадзяёмся, што такія культурніцкія ініцыятывы і праекты як з вашага, так і з нашага боку будуць і надалей спрыяць таму, каб нашы краіны і народы ладзілі ўзаемаадносіны, абапіраючыся на лепшыя традыцыі гістарычнага мінулага: прынцыпы добрасуседства і ўзаемнай павагі.

Першы намеснік старшыні ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім.


Аб стварэнні рэстаўрацыйнага цэнтра

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб стварэнні рэспубліканскага

рэстаўрацыйнага цэнтра

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрствам культуры сумесна з установай "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь" разгледжана прапанова грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб стварэнні на базе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь рэспубліканскага рэстаўрацыйнага цэнтра.

Гэтае пытанне сапраўды з'яўляецца надзвычай важным і актуальным. У маі 2016 года на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры было абмеркавана шырокае кола праблем, звязаных з рэстаўрацыяй і кансервацыяй культурных каштоўнасцей, а таксама было даручана Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь унесці прапановы аб магчымасці стварэння Рэспубліканскага рэстаўрацыйнага цэнтра.

Сёння аддзел навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з'яўляецца буйнейшай рэстаўрацыйнай службай у сістэме дзяржаўных музеяў Беларусі і фактычна выконвае шэраг функцый рэспубліканскага рэстаўрацыйнага цэнтра. У прыватнасці, у аддзеле праходзяць стажыроўку студэнты профільных накірункаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, перападрыхтоўку мастакі - рэстаўратары музеяў краіны. Перыядычна спецыялістамі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь выконваюцца рэстаўрацыйныя, кансервацыйныя і навукова-даследчыя работы па заяўках асобных дзяржаўных музеяў.

Для таго, каб задаволіць патрэбы ўсіх музейных устаноў краіны, таксама мець магчымасць аказання адпаведных паслуг насельніцтву неабходна істотнае кадравае і тэхнічнае ўмацаванне вышэйзгаданага аддзела, павелічэнне плошчаў пад рэстаўрацыйныя майстэрні. Падобныя ўмовы будуць створаны пасля завяршэння работ па фарміраванні музейнага комплексу Нацыянапьнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Дадзены адказ можа быць абскарджаны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Намеснік Міністра А.А. Яцко.

Сымон Барыс


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Э

Эдэм (Эдем) - паводле біблейскага падання, краіна, дзе жылі Адам і Ева.

Эканом (эконом) - беражлівы, гаспадарлівы чалавек.

Экзагамія (экзогамия) - забарона шлюбу паміж кроўнымі родзічамі.

Эндагамія (эндогамия) - звычай, які дазваляў шлюб толькі паміж членамі адной грамадскай групы (племя, часам роду).

Экзарх (экзарх) - у праваслаўнай царкве галава асобнай царкоўнай вобласці ці самастойнай царквы.

Экзархат (экзархат) - тэрыторыя або вобласць, на якую распасюджваецца ўлада экзарха.

Электрапрас, электражалязка (электроутюг) - электрычны прас.

Электрасамавар (электросамовар) - элетрычны самавар.

Электрык (электрик) - блакітны ці сіні колер з шэрым адценнем.

Электрык (электрик) - спецыяліст па электатэхніцы.

Электрычка (электричка) - цягнік з электрычнай цягай.

Эркер (эркер) -паўкруглы, трохвугольны або шматгранны зашклённы выступ у сцяне будынка.

Этажэрка (этажерка) - прадмет мэблі у выглядзе некалькіх, размешчаных адна над другой паліц на стойках.

Этнаграфія (этнография) - навука, аб'ектам вывучэння якой з'яўляецца матэры-яльная і духоўная культура народаў.

Этналогія (этнология) - народазнаўства.

Этнограф (этнограф) - спецыяліст у галіне этнаграфіі.

Этнонімы (этнонимы) - назвы народаў, саманазвы, назвы этнічных груп (напрыклад, палешукі, яцвягі).

Этнолаг (этнолог) - спецыяліст у галіне этналогіі.

Этнас (ад грэч. еhnos - народ) (этнас) - гістарычна ўзнікшы від устойлівай сацыяльнай групоўкі людзей, прадстаўленай племем, народнасцю, нацыяй.

Эфес (эфес) - ручка халоднай зброі(шаблі, шпагі і г. д.).

Эхаць (эхать) - выражаць пачуцці жалю, захаплення, вымаўляючы "эх".

Эцюднік (этюдник) - плоская скрынка, з якой ходзяць на эцюды.


Ю

Ювелір (ювелир) -1) майстар, які вырабляе прадметы мастацтва, упрыгожванні з каштоўных металаў, з каштоўнымі каменямі; 2) прадавец ювелірных вырабаў.

Юда (Юда) - здраднік. Назва ад імені аднаго з вучняў Хрыста, які прадаў свайго настаўніка за 30 срэбнікаў.

Юдафіл (юдофил) - прыхільнік усяго яўрэйскага.

Юдафоб (юдофоб) - ненавіснік яўрэяў, антысеміт.

Юнак (юноша) - малады чалавек, хлопец.

Юначка (девушка) - маладая дзяўчына, якая не дасягнула сталасці.

Юнга (юнга) - падлетак на караблі, які рыхтуецца стаць матросам і вывучае марскую справу.

Юнкер (юнкер) - у царскай Расіі выхаванец вайсковага вучылішча, якое рыхтвала афіцэраў.

Юрага - падонкі канаплянага алею.

Юр'я, Юрай (Юрьев день, праздник Святого Георгия) - свята ў гонар Св. Юрыя, якое адзначаецца вясною 7 траўня і ў снежні. У народзе пра гэты прысвятак казалі: "Два Юр'і і абодва дурні - адзін галодны, а другі халодны".

"Юрачка" - традыцыйны карагодны танец. Тэмп жвавы. Усе рухаліся па крузе парамі, апрача аднаго лішняга "Юрачкі", які прытанцоўваў сола. Калі карагод абходзіў круг, хлопец забіраў сабе партнёршу з першай пары і лішнім станавіўся другі хлопец. Так паўтаралася пакуль "Юрачкам" пабываюць усе хлопцы. Пры гэтым карагод спяваў:

"Ах, ты, Юрачка,

што не жэнішся?

Прыйдзе зімачка,

куды дзенешся?"

"Юрачка" адказваў:

"Я на печы ў кутку

Ўсю зімачку прасяджу".

Юрок, вірок - драўляны цыліндрык з праколатымі дзіркамі на канцах, якім звівалі спрадзеныя ніткі ў клубок.

Юрыць (возбуждаться) - заігрываць, заляцацца.

Юхт (юфть) - гатунак скуры са спецыяльна апрацаваных конскіх, каровіных і свіных шкур.

Юшка - 1) (уха, ушица) рыбны, мясны ці грыбны адвар (страва) ; 2) (вьюшка) тое, чым закрываюць комін, каб не выходзіла з хаты цяпло.

Я

"Яблычка" ("Яблочко") - гарадскі бытавы танец. Узнік на флоце бытаваў у горадзе і ў пасляваенны час на вёсцы.

"Явар" - гульнёвы карагод. Запісаны ў Ганцавіцкім раёне.

"Ягорый" - народнае прадстаўленне з лялькамі, прысвечанае ўслаўленню Юр'я, міфічнага апякуна жывёлы.

Ядрыца (ядрица) - грэцкія крупы, атрыманыя ў ступе.

Яечня (яичница) - страва, спечаная з малака і яек.

Якар (якорь) - прыстасаванне для ўтрымання на месцы лодак, караблёў; металічны стрыжань з лапамі, якія зачэпліваюцца за грунт.

Ялавіна (перелог) - зямля, неараная некалькі гадоў запар, аблога, папар.

Ялавіца, ялаўка (яловица, яловка) - перадойка, ялавая (бясплодная) карова.

Ялавічына (говядина) - мяса каровы або цяляці на ежу.

Яма, ямскі двор (яма) - паштовая станцыя ў Маскоўскай дзяржаве ў ХІV-ХІХ стст.

Яна (праздник Ивана Крестителя) - свята ў гонар нараджэння Івана Прадцечы, якое адзначаецца праваслаўнымі 7 ліпеня (па н. ст.).

"Янка" - адзін з варыянтаў танца полькі.

Япрук, вяпрук (кабан дикий) - дзік, самец свіні.

Ярмо (ярмо) - драўляная вупраж для запрэжкі валоў.

Ярыла (Ярило) - язычніцкі бог сонца і ўрадлівасці.

Ярылавіца (яриловица) - язычніцкае святкаванне ў гонар боства Ярылы. Святкавалі ў залежнасці ад мясцовай традыцыі на Юр'е, на Сёмуху, на русальным тыдні або на Купалле.

Ярына (яровые, ярь) - збожжавыя культуры, якія высяваюцца вясной.

Ярыца (яровая рожь) - яравое жыта, якое сеялі вясной.

Ярэмец (яремец) - ярмо на аднаго вала.

Яселка (яселка) - скрынка з нерухомымі лялькамі. Бытавала ў заходняй частцы Беларусі.

Яслі, катух (ясли) - адгароджаны ў хляве куток, у які клалі сена ці трасянку на корм жывёле.

"Ясь" - гарадскі бытавы танец. Хуткі парны танец. Суправаджаецца прыпеўкай: "Ой, ты, Ясю, ніці краў?" Бытаваў у Бераставіцкім раёне.

Ятвягі, яцвягі, судзіны (ятвяги) - група заходне-балцкіх плямён, якія ў Х стагоддзі насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўем ракі Нараў.

Ятроўка (невестка) - жонка аднаго брата ў адносінах да жонкі другога брата.

Яўрэі, габрэі, жыды (евреи) - іудзейскі народ, які пачаў сяліцца ў Беларусі з канца 14 ст.

Ячменішча, ячнішча (ячменище) - поле пасля зжатага ячменю.

Ячмень (ячмень) - 1) збожжавая культура, з якой рыхтуюць крупы, муку, солад; 2) вострае гнойнае запаленне тлушчавых залоз павек.

Ячны (ячменный) - тое, што атрымана з ячменю.

"Яшчур" ("Ящур") - народная гульня.


Лужычане жывуць у Германіі і не забываюцца мовы сваёй

Навіны Германіі

Лужыца - рэгіён, размешчаны на тэрыторыі нямецкіх земляў Саксонія і Брандэнбург. У гэтым рэгіёне жыве невялікая славянская нацыянальная меншасць - лужычане або лужыцкія сербы. (Не блытаць з балканскімі сербамі!)

У лужыцкіх сербаў свая асобная мова, нават дзве: верхнелужыцкая і ніжнелужыцкая. Лужычане ў Саксоніі гавораць на верхнелужыцкай мове, а ў Брандэнбургу - на ніжнелужыцкай. Наагул можна сказаць, што верхнелужыцкая мова бліжэйшая да чэшскай мовы, а ніжнелужыцкая - да польскай.

У канцы чэрвеня мы наведалі паўднёвую частку Лужыцы, якая знаходзіцца ў Саксоніі. Мы прыехалі сюды зайсці ў рэдакцыю газеты "Serbske Nowiny", якая месціцца ў горадзе Будышын (Баўцэн), культурным цэнтры лужыцкіх сербаў, а таксама пабываць на міжнародным фальклорным фестывалі, які арганізуецца раз на два гады.

Ацэньваецца, што ў 40-тысячным Будышыне каля 10% насельніцтва складаюць этнічныя лужыцкія сербы. Горад прыгожа раскінуўся над ракой Шпрэўяй (Шпрэе), за 50 кіламетраў на ўсход ад Дрэздэна. У горадзе вылучаецца гістарычны цэнтр з замкам Ортэнбург, які быў збудаваны яшчэ ў Х стагоддзі і перабудаваны ў гатычным стылі ў другой палове XV стагоддзя.

Лічыцца, што ў Германіі жыве каля 60 тысяч лужыцкіх сербаў - 20 тысяч у Верхняй Лужыцы і 40 тысяч у Ніжняй Лужыцы. Аднак гэтыя дадзеныя не пацверджаныя ніякімі падлікамі: у агульнанацыянальных нямецкіх перапісах этнічнае паходжанне не адзначаецца.

Галоўны рэдактар штодзённай газеты "Serbske Nowiny" Янак Воўчар (па-лужыцку Janek Wowсer; па-нямецку Janek Schаfer) сказаў нам, што на верхнелужыцкай мове ўсё яшчэ гавораць каля 20 тысяч чалавек. Усе яны, зразумела, валодаюць і нямецкай мовай. І няблага разумеюць сумежныя славянскія мовы: чэшскую і польскую. Мы без праблемаў дагаворваліся з лужычанамі на чэшскай мове. Зразумець іхнюю верхнелужыцкую нам было нашмат цяжэй, чым ім нашую чэшскую.

Сітуацыя з ніжнелужыцкай мовай значна больш складаная - некаторыя кажуць, што гэтая мова ўжо амаль памерла. Тым не менш, існуе адмысловая праграма падтрымання і ажыўлення ніжнелужыцкай мовы для дзяцей у дзіцячых садках і школах Ніжняй Лужыцы.

А як ставяцца да нацыянальнай меншасці прадстаўнікі большасці - немцы? Мы папрасілі нашага суразмоўцу адказваць на нашы пытанні на сваёй роднай мове, якую беларусам рэдка дзе і калі даводзіцца чуць.

Газета "Serbske Nowiny" выходзіць пяць разоў на тыдзень. Распаўсюджваецца выключна праз падпіску. Цяпер у яе - 1000 падпісчыкаў. Раз на месяц выходзіць нямецкамоўны дадатак да газеты. Газета пачала выходзіць у 1842 годзе, а ў 1854 атрымала назву "Serbske Nowiny". У 1937 годзе нацысты закрылі гэтае выданне. У часы Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі газета ўзнавіла выхад пад новай назвай - "Nowa doba". У 1989 годзе вярнулася да традыцыйнай назвы. У рэдакцыі працуюць 13 чалавек: 7 рэдактараў-журналістаў, стажор, фатограф, стыль-рэдактар, 2 графічныя рэдактары, сакратарка.

Газета "Serbske Nowiny" выходзіць у выдавецтве "Domowina" ў Будышыне. Выдавецтва месціцца ў тым самым будынку, што і газета. У тым самым будынку знаходзіцца таксама лужыцкая кнігарня. "Domowina" атрымлівае фінансавыя сродкі з Фонду лужыцкага народа, прыблізна 2 мільёны еўра на год. У сваю чаргу, Фонд лужыцкага народа атрымлівае штогод амаль 17 мільёнаў еўра: 8,2 мільёна ад федэральнага ўраду; 5,7 мільёна ад зямлі Саксонія; 2,9 мільёна ад зямлі Брандэнбург.

Па дарозе з рэдакцыі мы абышлі будынак, дзе месцяцца ўсе лужыцкія культурныя ўстановы, і зазірнулі ў кнігарню. Лужыцкія кнігі выходзяць рэгулярна, хоць і нягуста. Актыўна пішуць некалькі дзясяткаў літаратараў, але над імі па-ранейшаму ўзвышаюцца постаці сучасных класікаў - паэта Кіта Лорэнца і празаіка Юрыя Брэзана. На жаль, фатаграфаваць нам у самой кнігарні не дазволілі - рэжымны аб'ект… Затое нам пашэнціла скупіць у букіністычным аддзеле два апошнія асобнікі "Верхнялужыцка-расейскага слоўніка" 1974 года выдання, набылі і што з гэтым слоўнікам пачытаць.

На вуліцах у Будышыне лужыцкай мовы асабліва не пачуеш. Але ёсць месцы, якія трэба ведаць. Апрача ўжо згаданага "бастыёна", дзе месцяцца культурныя ўстановы, рэдакцыі і кнігарня, ёсць яшчэ Сербскі музей з даволі добрай і ўсеахопнай экспазіцыяй.

Яшчэ адін абавязковы пункт праграмы кожнага госця лужыцкай сталіцы - рэстаран сербалужыцкай кухні "Wjelbik", які славіцца сваёй гасціннасцю і кулінарнай аўтэнтыкай.

Спыніліся мы ў гатэлі "Dom Eck" - "Саборны рог", які месціцца каля Кафедральнага сабора, як раз на рагу. Праўда, дзеля таго, што мы ведалі толькі нямецкую назву, ідэнтыфікаваць гатэль, не зазіраючы ў слоўнік, удалося не адразу.

Якраз у Кросчычах - дзе жыве тысяча чалавек, амаль усе з якіх гавораць на верхне-лужыцкай мове - 24 чэрвеня адбыліся найважнейшыя канцэрты сёлетняга Міжнароднага фальклорнага фестывалю ў Лужыцы, на які былі запрошаныя фальклорныя калектывы з тузіну замежных краінаў, у тым ліку і "Крупіцкія музыкі" з Беларусі. Дарэчы, гэты калектыў, створаны ў вёсцы Крупіцы Менскага раёна 35 гадоў таму, на нашу думку меў найлепшы выступ на фестывалі ў Кросчыцах.

Але цікавейшымі за выступы ўдзельнікаў фэстывалю былі жывыя кантакты з мясцовымі людзьмі.

Каля 5 тысяч дзяцей у Верхняй Лужыцы ходзяць у лужыцкія і дзвюхмоўныя, лужыцка-нямецкія, школы. У малодшых класах усе прадметы выкладаюцца па-лужыцку; у старэйшых - такія прадметы як фізіка і матэматыка выкладаюцца па-нямецку і па-лужыцку. Мы пагаварылі з сям'ёй Клеменса і Юдыт Шкодаў з вёскі Панчыцы пра тое, ці лёгка захоўваць сваю мову, культуру і традыцыі лужыцкім сербам, ім у сям'і і лужыцкім сербам у Саксоніі.

На развітанне Юдыт з дзецьмі заспявалі нам лужыцкую песеньку.

Апошняя сустрэча чакала нас ужо, калі мы збіраліся вяртацца ў Прагу. Проста на фестывальнай вуліцы нас пазналі нейкія беларускія людзі - Пятро і Марлена. Як выявілася, яны тут не першы і не другі раз, цікавяцца лужыцкай сітуацыяй, маюць тут сяброў, з якімі падтрымліваюць творчыя кантакты. Сябры гэтыя таксама стаялі побач - гэта быў вядомы нават і ў Беларусі сербалужыцкі "антыфолк-панк-шансон"- дуэт Berlinska drоha - Ута і Паўль. На фоне фестывальных бутафорскіх "вышыванак" яны глядзеліся сапраўды жыва і арыгінальна.

Ян Максімюк, Сяргей Шупа, svaboda.org.


Спрыяць захаванню беларускай нацыі ў сусветнай прасторы

Сёмы з'езд беларусаў свету стаў адной з найважнейшых беларускацэнтрычных падзеяў 2017 года. Сёлета ў з'ездзе ўзялі ўдзел беларусы з 20 краінаў свету. Сярод іх былі прадстаўнікі розных канфесіяў, палітычных кірункаў, знаныя палітыкі, літаратары, навукоўцы. На з'ездзе адзначалася, што 35% беларусаў жывуць у бліжнім і дальнім замежжы, што складае ад 3 да 4 млн. чалавек.

У справаздачным дакладзе старшыня МГА ЗБС "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская 15 ліпеня распавяла пра дзейнасць арганізацыі за прайшоўшыя 4 гады. Яна акцэнтавала ўвагу на выданні кніг вядомых беларускіх пісьменнікаў замежжа і вялізарнай культурнай дзейнасці ў краіне ў межах кампаніі " Будзьма беларусамі!", якая праводіцца з 2008 года.

Прадстаўнік МЗС Вадзім Пісарэвіч распавёў пра дні культуры Беларусі, якія ладзяцца ў розных краінах свету, і падрыхтоўку III Фестывалю мастацтва беларусаў замежжа, які пройдзе ў верасні. Актуальнай з'яўляецца распрацоўка турыстычных маршрутаў, якія робяць Беларусь атракцыйнай для гасцей з замежжа. Не абмінуў ён і тэму прасоўвання беларускіх тавараў у іншых краінах.

Алег Рудакоў з Іркуцка заклікаў паўсюдна распрацаваць сістэму інтэрактыўных мерапрыемстваў, якія б спрыялі захаванню беларускага этнасу: курсаў па вывучэнні мовы, культуры і гісторыі, традыцыйных рамёстваў, аўтэнтычнай песні і музыкі.

- Наша суполка дзейнічае ў Канадзе, яе аддзелы знаходзяцца ў Таронта і ў Атаве, - распавяла Валянціна Шаўчэнка. - Мы ладзім шмат палітычных і культурных імпрэзаў. Нядаўна мы распачалі курсы " Мова - нанова". Мы з'ехалі ў Канаду як прафесіяналы: я - праграміст, мой муж - інжынер, з намі - дзве дачкі. Мы там жывём і размаўляем па-беларуску.

Надзея Нортан з Сан-Францыска прадстаўляла суполку з 420 чалавек у ЗША. Беларускія жыхары Нью-Ёрка і Вашынгтона камунікуюць у Фэйсбуку, святкуюць Дзень Волі і рэгулярна запрашаюць беларускіх музыкаў з канцэртамі. Кацярына Фаронда распавяла пра дзейнасць у галіне бізнесу, а таксама пра гуманітарныя праграмы для беларускіх дзетак, хворых на феніл-кетанурыю, якія ажыццяўляе сумесная амерыканска-беларуская арганізацыя "Thе Saviour".

Краязнаўца Мікалай Паўловіч з Даўгаўпілса расказаў пра дзейнасць культурна-асветніцкага таварыства "Ўздым":

- Наша суполка ў Даўгаўпілсе дзейнічае на працягу 30-ці гадоў. Да нас прыходзілі былыя дырэктары заводаў, беларускасць нас з'яднала. Я збіраю ўсё, што датычыцца беларусаў Латвіі. Рэдактарам сайта з'яўляееца Людміла Сінякова.

Для тутэйшых беларусаў лідар гурта "Палац" Алег Хаменка ўзняў важную тэму распрацоўкі канцэпцыі нацыянальнага дэвізу. Ён узгадаў дэвізы, які складаліся гістарычна, напрыклад, Радзівілаўскі: " Бог нам раіць" ці Купалаўскі " Людзьмі звацца!". На думку спевака, у дэвізе павінны прысутнічаць такія важныя паняцці, як Гонар, Годнасць, Грамадзянскасць. Сёння беларусы вітаюць адзін аднаго воклічам: "Жыве Беларусь!" і чуюць у адказ: "Жыве вечна!"

Сёмы з'езд беларусаў свету прайшоў у святочнай і дзелавой атмасферы супрацоўніцтва. На ім сябры ТБМ імя Ф. Скарыны і іншых арганізацый змаглі завязаць шэраг кантактаў з прадстаўнікамі замежжа.

У выніку чарговых выбараў 16 ліпеня старшынёй ЗБС "Бацькаўшчына" была абрана Алена Макоўская, узначаліць Раду "Бацькаўшчыны" Ніна Шыдлоўская.

Эла Дзвінская, фота аўтара.


Васіль Якавенка: "Нашы каштоўнасці для Чаргінца заўсёды былі чужымі"

Грубы выступ старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца на прэс-канферэнцыі 11 ліпеня ў адрас сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Арлова і Васіля Якавенкі ўзбурыў пісьменніцкую грамадскасць. Пісака, які ў асноўным вырабляў чытво, абазваў вядомых пісьменнікаў "хлопчыкамі ад пяра". Акрамя таго сказаў, што "яны адкрыта ўслаўляюць фашызм і патрабуюць назваць у Менску вуліцу імем Вільгельма Кубе, генеральнага камісара Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі". Абодва "хлопчыкі" ўжо заявілі, што гэта хлусня. Калі М. Чаргінец не знойдзе пацвярджэнне сваім словам, то, падобна, ён проста ашальмаваў паважаных літаратараў.

Пісьменнік Васіль Якавенка пагадзіўся даць эксклюзіўнае інтэрв'ю для беларускага літаратурнага партала "ЛітКрытыка.by".

- Паважаны Васіль Цімафеевіч, вы ўжо крыху адышлі ад такога няўцямнага і неабгрунтаванага выпаду? М. Чаргінец заявіў, што шукае пацверджанне сваім словам у вашай кнізе. Ці знойдзе ён факты ў сваё апраўданне?

- Першая мая рэакцыя на гэты выпад калегі-літаратара - рогат ад нечаканасці і навізны аблуднага ў такім разе абвінавачвання.

Адно блізкія мне людзі са здзіўленнем пачалі дапытвацца, ці праўда гэта, што я прапаную аднавіць тут, на сваёй радзіме, фашызм і адну з вуліц у Менску назваць іменем акупанта Кубэ?.. Тады я, шэльма ўтрапёны, ківаў ім, прымаючы гульню ў паддаўкі Чаргінца, бо тое абвінавачванне інакш мной і не ўспрымалася, - маўляў, усё праўда-праўда... я такі рэхнуўся, і першым гэта заўважыў і апавясціў усяму свету былы футбаліст Пінхасік, ён тады актыўна пасаваў сябрукам. Але ж мне хочацца быць карэктным і думаць, што Чаргінец ператаміўся ў інтрыгах і забіў не просты, а ганебны гол зусім не ў мае, а ў свае вароты!

- Вядома, што ваша кніга "Пакутны век" была высока ацэненая пасля выхаду ў свет у 2006 годзе. Яна вытрымала не адно выданне. Многія літаратурныя крытыкі параўноўваюць раман не толькі з раманам "Война и мир", але і з "Апошнім з магікан". Вельмі прыхільна паставіўся да яе, прачытаўшы (на рускай мове - "Надлом. Кручина вековая") Данііл Гранін. Ён пісаў: "Факты, якія прыведзены, не вельмі зручныя для прынятага афіцыйнага пункту гледжання як у самой Беларусі, так і ў Расіі. Але яны праўдзівыя, сумленныя і паказваюць жыццё ў непрычасаным гісторыкамі выглядзе".

Як вы лічыце, чаму М. Чаргінец праз столькі гадоў апалчыўся супрать вас? Што, на вашу думку, паслужыла прычынай яго нападак?

- Я думаў над гэтым. І мне нават падказвалі прычыну, няйначай: гэты аўтар стварыў свой "раман", як бы падобны на мой, але ў ім вобраз ката беларускага народа Кубэ трактаваў з іншых пазіцый. Ну і няхай бы, гэта яго права. Не аспрэчваю. Ён захаваў адкінутую ўжо на сметнік савецкую традыцыю і завучаную ваяўнічую рыторыку Бэндэ ў пісьме. Наздароўе! Іншага яму не дадзена… Толькі ўзнікае пытанне: у чым яму замінаў В. Якавенка са сваім знакавым, як той-сёй лічыць, творам "Пакутны век"?

Адказ тут прасцей знайсці, калі мы прыгадаем, што за размова ішла на той прэс-канферэнцыі. А вялася яна пра тое, якія творы Саюз пісьменнікаў Беларусі рэкамендуе або не рэкамендуе Міністэрству адукацыі для вывучэння ў школах і ВНУ. І тут Чаргінец пачуваў сябе гаспадаром становішча, калі наогул не героем Шыпкі.

Лагічна дапусціць, што яму край хацелася ўпхнуць у пералік таго, што рэкамендавалі, і свой той ці іншы раман. Прынамсі, рычагі ўплыву знаходзіліся ў ягоных руках.

Аднак яго нейк сумота брала, бянтэжыла прызнанне ў грамадстве трылогіі "Пакутны век". Дапусцім…

Цалкам можна дапусціць і нешта больш істотнае.

У апошнія гады ў Беларусі злёгку і далей болей пачаў вызначацца паварот грамадства да сваёй нацыянальнай гісторыі, культуры, тытульнай мовы - каштоўнасцей, якія для Чаргінца заўсёды былі чужымі. І ён пачаў панікаваць не менш за агентаў "русского мира" і памкнуўся хоць як-небудзь супрацьпаставіць сябе гэтаму аб'ектыўнаму і гістарычна абумоўленаму працэсу беларусізацыі. Таму, адчуваючы сваю сілу ды сваю ўдаўнелую беспакаранасць, падтрымку ў некаторых прыўладных структурах ён і абрынуўся з галаслоўнымі і знішчальнымі, як яму, відавочна, здавалася, абвінавачваннямі на тых пісьменнікаў, якія найбольш актыўна раскрывалі і прапагандавалі ў сваіх кнігах і публічных выступах беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Але гэты дзеяч і тут не арыгінальны, бо гісторыя беларускай літаратуры памятае аглабельнага крытыка 30-х і пазнейшых гадоў, імя яго - Лукаш Бэндэ.

Магчыма, аднак, падобная версія паводзін Чаргінца не здольна ўсіх пераканаць. І не трэба… Тады падстаў для злоснага і абсурднага ўчынку гэтага сучаснага Бэндэ мы зусім не знойдзем, калі ён толькі не душэўна хворы.

- Ведаю, што вы прэзентавалі нядаўна сваю кнігуна рускай мове ў Маскве. Хацелі прэзентаваць у Беларусі, нават атрымалі згоду старшыні Прэзідыума НАН Беларусі В. Гусакова, які даў даручэнне вучонаму сакратару Алесю Каваленю. Аднак усё застапарылася ў Івана Саверчанкі. Ці так гэта?

- Алесь, я ўжо перастаў здзіўляцца ўсялякім дзіўным і дзікім прыгодам вакол майго рамана "Пакутны век". Несуразіц шмат. І надараюцца яны таму, што нямала ў нас чытачоў, якія проста не прывыклі да такіх гранічна шчырых, неатрэсеных ад жыцця, праўдзівых рэчаў у літаратуры, як і да пазіцый ці нават канцэпцый нацыянальнай талерантнасці, згоды, суверэннасці асоб і іх думак, дзе ў аснове асноў ляжаць інтарэсы нацыі. Ляжыць клопат пра цывілізаваную супольнасць. Мы перасталі разумець свой народ і не навучыліся жыць проста без ворагаў за межамі сваёй сядзібы, за плотам… Ворагі павінны быць, бо яны заўсёды былі, і мы такія… насцярожлівыя, асцярожныя.

Сапраўды, былі намеры правесці прэзентацыю маіх выданняў "Пакутнага веку" ў Маскве і Менску. Для вас будзе дзіўным, калі я скажу, што менавіта М. Чаргінец у Маскве закінуў слова, каб наладзілі тую прэзентацыю. Па іроніі выпадку…

Але, калі сучасныя масквічы ўзяліся чытаць кнігу, то нейкім графаманам ад літаратуры падалося, што я не ўпісваюся ў іх карагод, і яны мне сказалі: "Знаете, ваша трилогия раскрывает не российские ценности!" Я не стаў з імі спрачацца. Я не ставіў задачы раскрыцця расійскіх каштоўнасцей. Як вы ведаеце, у маім творы паказаны беларускія і пераважна агульначалавечыя каштоўнасці. А гэта Маскве цяпер не цікава. Прэзентацыя не адбылася. Наогул, пацёршыся там, я ўбачыў, што расійскія пісьменнікі вельмі змяніліся пад уплывам вялікадзяржаўнай рыторыкі. Няма ў іх ні дабрасардэчнасці, ні цяпла да нас.

Ну і радавала, безумоўна, падрыхтоўка да прэзентацыі маёй трылогіі ў бібліятэцы НАН Беларусі. Але ўжо за дзень да падзеі мне паведамілі, што яна адмяняецца. Вось табе і маеш, новы сюрпрыз.

Вы, Алесь, тут пералічылі імёны, якія, верагодна, мелі адносіны да гэтай дзеі ў НАН Беларусі. Уласна я арганізацыйнымі пытаннямі не займаўся, і для мяне застаецца таямніцай, хто прыклаў руку да адмены падрыхтаванай літаратурнай сустрэчы. Адно ведаю, на кіраўніка Інстытута літаратуры Івана Саверчанку, як і на вышэйшыя ўлады ў гэтай справе недарэчна ўскладваць "віну".

- Даруйце, з вамі ўСаюзе беларускіх пісьменнікаў яшчэ больш недарэчная гісторыя была. Вы выйшлі з той пісьменніцкай арганізацыі…

- Не-е, было інакш. Мяне адтуль выключылі з-за несупадзення пазіцый кіраўніцтва з маімі. Больш за тое, лічу, што нада мной учынілі грамадзянскую страту, папярэдне моцна і безаглядна абылгаўшы і пасля шальмуючы. Але не будзем аспрэчваць іх права быць нядобрасумленнымі людзьмі. З'ява занядбання маралі сёння ўвогуле пашыраная.

- Васіль Цімафеевіч, цікава, як вы цяпер глядзіце на адзін і другі саюзы нашых пісьменнікаў?

- Вы правільна сказалі "нашых". Але агульнага паміж імі - кот наплакаў! Нядаўна мне патэлефанаваў адзін паважаны прыяцель, пісьменнік таксама, і пачаў пераконваць у тым, што трэба стварыць трэці саюз, але каб ён быў ачышчаны ад брыдоты, скверны. Я сказаў, што гэта немагчыма, таму што самой прыродай прадугледжана іншае, і ёсць Бог, і ёсць Д'ябал.

А калі так, то дзеля выхавання і падтрымкі сапраўдных талентаў, нам варта было б ліквідаваць пралік палітыкаў, якія на нашай памяці падтрымалі стварэнне "свайго" праўладнага саюза пісьменнікаў. Гэта вялікая недарэчнасць - яна спараджае і ўзмацняе раскол лепшых сіл нацыі і падтрымлівае варожасць палавінак, адной да другой і да цэлага. Уменнем раскалоць і прыдушыць тую ці іншую частку грамадства, асобных груп насельніцтва славіліся бальшавікі. Дарэчы, бліскуча прадэманстраваў іх тактыку ў гэтым і М. Чаргінец. Ну, а нам навошта іхняя практыка?

Нам, дазвольце падкрэсліць, важна фарміраваць сёння і заўжды адзінае, моцнае грамадства, адзіны народ і паклапаціцца пра вышэйшую стадыю яго развіцця - нацыю. Гэта вельмі высокая мэта для ўсіх і кожнага, бо нічога ж больш прыгожага, багатага на скарбы духоўнай і матэрыяльнай культуры, на радасць быцця я не магу сабе ўявіць.

Гутарыў Алесь Новікаў.


Новы раман Вольгі Іпатавай з'яднае навуковыя гіпотэзы і легенды

У VII з'ездзе беларусаў свету ўзяла ўдзел пісьменніца Вольга Іпатава разам з мужам Ягорам Фядзюшыным. Вольга Міхайлаўна распавяла пра сябе:

- Мы жывем у Бэры за 100 кіламетраў ад Таронта, туды мы ездзім у беларускую царкву, па магчымасці прымаем удзел у грамадскім жыцці. Дапамагаем гадаваць унукаў Аліну, Міхася і Данілу. Наш сын, доктар-онкагематолаг, з'яўляецца актывістам беларускай дыяспары ў Канадзе. Я працавала над вельмі цікавай тэмай, прысвечанай гіпербарэям, яна здзівіць многіх. Пішу раман, які спалучыць элементы навуковага даследвання і казкі. Спадзяюся адкрыць новую старонку ў беларускай літаратуры.

Сучасны прафесар Чудзінаў прасочвае сувязь беларусаў з этрускамі і з самымі далёкімі незапамятнымі часамі. Сёння гэта здаецца неверагодным. Я нашла шмат пацверджанняў вучоных і паэтаў, пачынаючы з 5 стагоддзя да нашай эры, якія пісалі пра легендарную паўночную краіну Гіпербарэю. Кацярына II адправіла спецыяльны карабель з экспедыцыяй у пошуках Гіпербарэі з яе цудамі. На секцыі "Беларуская мова і культура - аснова нашай дзяржаўнасці" я выступіла з дакладам "Беларуская мова і гіпербарэі".

Я шчаслівая дыхаць родным паветрам. Якія б тут складанасці не былі, гэта наша родная зямля, тут нашы продкі. Наша краіна - Беларусь!

Эла Оліна. На фота аўтара: 1. Вольга Іпатава і Ягор Фядзюшын; 2. Пісьменніца і актывісты ТБМ.


"Белпошта" - гораду Магілёву

РУП "Белпошта" ў серыі "Гарады Беларусі" выпусціла блок марак, прысвечаны гораду Магілёву.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Той стан рэчаў, калі мастацтва ў першую чаргу адлюстроўвае не рэлігійныя аспекты, а прыгажосць чалавека, яго цела і думак, атрымаў назву антропацэнтрызм. Галоўнымі выразнікамі культуры Адраджэння былі прадстаўнікі новай, свецкай інтэлігенцыі, вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

Мануфактурная вытворчасць. У XIV - першай палове ХV стст. эканоміка Паўночнай Італіі пачала імкліва развівацца. Гэта, у першую чаргу, здарылася дзякуючы рамяству і гандлю. Цэхавая вытворчасць заходнееўра-пейскіх гарадоў абмяжоўвала выпуск тавараў большай колькасці і лепшай якасці, бо гэта забараняў статут цэха. У сваю чаргу, цэхавую сістэму бараніла каралеўская ўлада. Гарадскія камуны Паўночнай Італіі, якія не мелі залежнасці ад каралеўскай улады, скасавалі цэхавыя абмежаванні, і італьянскія майстры маглі працаваць ва ўмовах поўнай канкурэнцыі, што штурхала наперад эканоміку гарадоў-дзяржаў Італіі. Каб вырабляць больш якасных тавараў, рамеснікі Італіі ўвялі падзел працы ў межах адной майстэрні. Калі раней адзін і той жа рамеснік вырабляў нейкую рэч сам, ад пачатку яе вытворчасці і да заканчэння, то цяпер вытворчы працэс падзяляўся на вялікую колькасць (да 20-25-ці) асобных аперацый Кожную такую аперацыю выконвала асобная група майстроў. Так, пры вырабе сукна адны толькі мылі воўну, другія - сушылі, трэція - часалі, чацвёртыя - фарбавалі і г. д. Такім чынам рамесныя майстэрні ператварыліся ў мануфактуры, дзе працавала шмат наёмных працаўнікоў. Мануфактура - гэта прадпрыемства, дзе існуе падзел працы і ручной рамеснай тэхнікі. Уласнік мануфактуры толькі закупляў сыравіну і прадаваў гатовыя вырабы. За працай сачыў асобны наглядчык, які залежаў ад уласніка. Працаўнікі працавалі за грошы і былі непасрэдна зацікаўленыя ў вырабе як найбольшай колькасці якаснай прадукцыі. Найбуйнейшыя мануфактуры знаходзіліся ў Фларэнцыі.

Грамадскі лад і палітычная раздробленасць Паўночнай і Цэнтральнай Італіі. У сувязі з развіццём мануфактурнай вытворчасці ў гарадах склалася эліта з вельмі багатых людзей, якія належалі да вялікіх сем'яў. Прадстаўнікі гэтых сем'яў і захапілі ўладу ў сваіх гарадах, прычым яны імкнуліся свае пасады перадаваць у спадчыну. Яны пачалі рознымі шляхамі набываць шляхецкія тытулы і рабіцца герцагамі, графамі і маркізамі. Былыя гарадскія камуны пачалі ператварацца ў герцагствы і графствы. Так, вялікую ролю ў Паўночнай Італіі набыло Міланскае герцагства. Гарады-дзяржавы Італіі багацелі за кошт гандлю з далёкімі краінамі і не мелі трывалых эканамічных і сувязяў паміж сабою. Больш за тое, яны былі канкурэнтамі і таму вялі паміж сабою міжусобныя войны, асабліва Венецыя і Генуя. Асобную пазіцыю займаў Рым, дзе галоўным феадалам быў Рымскі Папа. У канцы XIII ст. войскі Генуі перамаглі Венецыю, і пасля гэтага амаль сто гадоў генуэзцы панавалі на гандлёвых шляхах Міжземнамор'я. Але ў канцы XIV ст. у выніку чарговай вайны перамагла Венецыя.

Архітэктура і скульптура. Італьянскія архітэктары распрацавалі новыя кірункі ў гісторыі архітэктуры. Гэта ўрбаністыка - навука пра тое, як рэгулярна забудоўваць гарады ці будаваць новыя, і садова-паркавая архітэктура. У Італіі прыдумалі новыя тыпы будынкаў - палацы, вілы (загарадныя дамы з паркам і садам), шпіталі і фантаны. Была вернутая антычная ордарная сістэма, з'явіліся вялікія вокны ў жылых будынках і балконы перад імі. Пачынальнікам архітэктуры Рэнесансу быў італьянскі архітэктар, навуковец і скульптар Філіпа Брунэлескі (1377-1446). Ён здолеў зрабіць адзін з самых вялікіх купалаў у Еўропе (да 42 м у дыяметры) у саборы Санта-Марыя дэль Ф'ёрэ ў Фларэнцыі. Таксама ён збудаваў капліцу Пацы ў Фларэнцыі, фасад якой упрыгожыў шасцікалонны карынфскі порцік.

У XV ст. у Італіі назіраецца росквіт манументальнай скульптуры. Самым знакамітым скульптарам у гэты час тут быў Данатэла (1386-1466). Ён стварыў новы тып круглай скульптуры, не звязанай з архітэктурай; распрацаваў скульптурны партрэт-бюст (што нагадваў рымскія бюсты), быў аўтарам першага коннага манумента ў эпоху Рэнесансу. Ён таксама адрадзіў мастацтва выяўлення аголенага чалавечага цела.

У першай палове XV ст. у Італіі на аснове геаметрыі і оптыкі мастакі стварылі навуковую тэорыю лінейнай перспектывы. Яны навучаліся будаваць на плоскасці трохмерныя выявы, арыентаваныя на вока гледача.

Актыўна развівалася і вайсковая справа. У XV ст. быў прыдуманы лафет, спецыяльная павозка двух колах, на якую клалі бронзавую гармату. Так з'явілася палявая артылерыя. Італьянскія інжынеры прыдумалі новы тып замка - бастыённы, дзе асноўныя ўмацаванні былі ў выглядзе земляных валоў, насыпаных у выглядзе розных геаметрычных фігур (бастыёнаў).

2. Венецыя

Гэты горад узнік у V ст. і да X ст. належаў Візантыі. У IX-XIII стст. ён заняў выспы, якія былі аддзелены пралівам шырынёй 4 км ад мацерыка. У горадзе не было набярэжных, дамы і завулкі выходзілі да вады, і людзі перасоўваліся на вузкіх і вяртлявых лодках- гандолах. У 1063 г. пачалі будаваць самы галоўны храм Венецыі - базіліку Святога Марка, які скончылі толькі ў XVI ст. Будынак мае пяць купалаў і каля пяцісот калон, прывезеных з розных месцаў. Інтэр'ер храма аздоблены пазалотай і мазаікамі з каляровага шкла-смальты. У ХІІ-ХVІ стст. перад саборам узнікла вялікая плошча

Пачынаючы з 1204 г., існавала венецыянская марская дзяржава, у якую ўваходзілі востраў Крыт і некаторыя гарады Грэцыі, а з XV ст. - і востраў Кіпр. Венецыянцы мелі вялікі гандлёвы і ваенны флот. У іх былі караблі, якія рухаліся з дапамогай вёслаў (галеры) і караблі пад ветразямі - навы і кокі.

Палітычны ладам краіны была алігархічная рэспубліка. У канцы XIII - пачатку XIV стст. уладу захапілі багатыя сем'і горада. Iх імёны былі запісаны ў "Залатую кнігу", і толькі з іх ліку выбіралася кіраўніцтва краіны. Паўнапраўнымі грамадзянамі рэспублікі зрабіліся каля 2000 багатых сем'яў. З іх кола абіралася Вялікая рада ў колькасці 480 чалавек. Рада выбірала кіраўніка краіны, дожа, які кіраваў Венецыяй пажыццёва. Пры дожу быў і выканаўчы орган кіравання - Малая рада, або Сіньярыя.

(Працяг у наст. нумары.)


Культурнае піцейства - некультурнае самазнішчэнне

*** На кожную тысячу прыбытку ад продажу спіртнога, каму б яна ні дасталася - дзяржаве, кааператару, карчмару, - страт прыпадае ў шэсць разоў болей! Гэтую няхітрую арыфметыку даўно вылічылі спецыялісты, уразумелыя, што без ацверазення ў чалавека і любой дзяржавы няма будучыні. На жаль, такую статыстыку мы не чуем у эфіры, не чытаем у друку.

Дэманстратыўная прапаганда "культурапіцейства" шмат гадоў запар засмоктвае ў бездань алкагалізацыі моладзь, падлеткаў, дзяцей.

*** У СССР каля 60% забітых і 80% забойцаў падчас злачынства былі нецвярозымі. Тое ж тычыцца паловы самагубцаў і загінулых у аўтадарожных здарэннях. Свой журботна-жахлівы ўклад уносіць алкаголь у іншыя віды заўчасных смерцяў.

*** У горкіх п'яніц і простых выпівох хітруны і бандзюгі лёгка выкупляюць жыллё ў гарадах, зачастую за грашы, пакідаюць на палетках і ў лясах "выпадкова забітых", "самагубцаў", "зніклых без вестак" - былых гаспадароў кватэр.

*** Паводле славутага акадэміка Фёдара Углова: выратаванне ад п'янства ёсць. Яно простае, вельмі дзіцячае па глыбіні рашэння: выключыць з ужывання алкаголь. Алкаголік - гэта чалавек, які ніколі не вылечыцца. Шмат ёсць хвароб, ад якіх цяжка, а то і нельга вылечыцца: рак, СНІД, інш. Але, ведаючы свой дыягназ - алкагалізм - чалавек цяміць: можа не памерці, а жыць. Дастаткова выключыць з ужывання гэты найстрашэнны яд. І не трэба яму і дзяржаве ніякіх дарагіх лекаў ...

*** Калі коратка адказаць на пытанне, чаму людзі п'юць, трэба сказаць: п'юць, бо не маюць сілы волі, каб адбіцца ад прыцягальнай насалоднасці гарэлкавага наркотыку, балазе ён шырока рэкламуецца ў кіно і на тэлевізіі, свабодна прадаецца. П'юць, бо алкаголь зрабілі легалізаваным, прадаюць яго па нізкай цане, п'юць, бо не ведаюць усёй праўды пра алкаголь. Асноўная прычына ў гэтым. Астатняе - "перадумовы", якіх столькі, колькі п'яніц на Зямлі.

*** Нездарма ўсе дзяржавы свету драконаўскімі метадамі абгароджвалі і агароджваюць сваіх грамадзян ад згубнага дзеяння алкаголю, не дапускаюць алкагалізацыі "без берагоў", разбушаванай сёння ў нашай Айчыне.

*** Рэклама стварыла ў маладых людзей памылковае перакананне, што піць піва - прыгожа і амаль бясшкодна, нават модна, адзначала супрацоўніца Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Жылевіч. Паведаміла жахлівыя лічбы росту ўжывання піва. 35 тысяч п'яных мінчан у 2006 годзе трапілі ў медыцынскія ўстановы, 9 тысяч з іх шпіталізаваны, болей трохсот памерла. Болей 34 тысяч ап'янелых не дапусцілі на працу ў Беларусі за год. Загінулі на працоўных месцах 244 чалавекі, кожны трэці з іх быў п'яным.

На ўліку ў менскім гарадскім наркалагічным дыспансеры ў 2006 годзе болей 37 тысяч чалавек, з іх амаль 5 тысяч падлеткаў і 6 тысяч жанчын ("Звязда", 3.5.2007).

*** Паводле брытанскіх навукоўцаў алкаголь больш шкодзіць арганізму, чым гераін ці крэк. Ён у тры разы болей шкодны за какаін і тытунь, любыя распаўсюджаныя наркотыкі. Ён аснова крымінагеннай і эканамічнай злачыннасці, медыцынскіх няўладзіцаў. Па падліках навукоўцаў Індыі і ЗША страты ад алкаголю перавышалі прыбыткі ў 5 - 6 разоў. ("Зв.", 16.11. 2010).

*** У Беларусі болей за чатыры тысячы хранічных алкаголікаў прафілакуюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях. Амаль тысяча з іх жанчыны. На ўтрыманне шасці ЛПП і 25 медвыцвярэзнікаў за год выдаткоўваецца амаль 80 млрд руб. (80 млн дол.) ("Народная воля", 23.10.2012).

*** Усім відавочна, без сацыяльных, адміністрацыйных і прававых мер стрымання дэградацыі, люмпенізацыі насельніцтва і нарастання злачыннасці грамадству не абысціся. У краінах з расквітнелымі рынкавымі адносінамі працадаўцы маюць звычай казаць прэтэндэнту на працу такія словы: "П'яце? Курыце? Вы нам не падыходзіце". Коратка і ясна. Піць алкаголь там не прэстыжна. Інтэлект пад наркозам "у іх" не каціруецца.

*** Дзякуючы аднабокім намаганням прэсы ў грамадстве ўсё болей хлусліва сцвярджаецца: вопыт прымусовай цвярозасці - заўсёды і безумоўна - горкі вопыт. Гэта нібыта красамоўна пацвярджаецца крахам нядаўняй антыалкагольнай кампаніі ў СССР, усімі гістарычнымі прыкладамі, у прыватнасці няўдалымі спробамі ўвядзення сухога закона ў царскай Расіі, ЗША.

Зроблена многае, каб скампраментаваць саму ідэю заканадаўчага абмежавання спажывання алкаголю, каб сказіць і ачарніць адну з самых выдатных старонак нашай гісторыі, калі на працягу ўсяго адзінаццаці гадоў - 1914-1925 гг. - пад абаронай закона народ паспяхова пераадольваў закаранелую хваробу, п'янства.

*** Барыс Іванавіч Іскакаў, доктар эканамічных навук, прафесар Расійскай эканамічнай Акадэміі імя Г. В. Пляханава яшчэ ў 1985 годзе вылічыў, што ў кішэню алкагольнай мафіі ў тыя гады (калі ў CCCР была дзяржаўная манаполія на алкагольную прадукцыю) асядала да дзесяці мільярдаў залатых рублёў. Залатых, а не драўляных! Уяўляеце, на тыя залатыя грошы яны маглі скупіць каго заўгодна ад верху да нізу, перш за ўсё, сродкі масавай інфармацыі. Ужо тады СМІ знаходзіліся ў руках славянскіх нядобразычліўцаў, ну а што адбываецца цяпер, разумее і немаўля. Народ гіне ад п'янства, курэння, а дзяржаўцы маўчаць, як бы не бачаць. Штогадовыя эканамічныя страты ад спажывання гарэлкі, віна і піва складалі да 300 мільярдаў рублёў (у цэнах 1980), у 3-6 разоў перавышалі даходы ад продажу алкаголю.

*** Пры савецкай уладзе ў нас з'явіўся закон супраць спекуляцыі. Былі спекулянты? Так, былі. Прыкладна адзін з тысячы. Але такім пагарджалі, грамадская свядомасць не прызнавала спекулянтаў. Потым раптам рэфарматарам-дазваляльнікам прыйшло ў галаву прыбраць закон супраць спекуляцыі. Што чалавек і дзяржава атрымалі? Масавую спекуляцыю. Яна ўсё запаланіла, усім агідзела.

*** Уявіце, заўтра мы адменім закон на рабаванне з узломам. Як думаеце, зусім знікнуць рабаванні з узломам? Ці не пойдуць прыстойныя людзі самі рабаваць каго-небудзь, калі ў іх саміх усё выцягнулі, абрабавалі, а неяк далей жыць трэба? Таму неабходна дакладна і ясна казаць: усякія ўзгадкі быццам забаронныя меры нічога не даюць - хлусня!

*** Алкагалізм, наркаманія і курэнне не хваробы. Гэта шкодныя звычкі, іх можна зжыць забароннымі мерамі. Як бацькоўская папруга на першым этапе часта вылечвае ў сына/дачкі спробы курэння, прыхільнасць да яго.

*** Закон РФ ад 19 снежня 1919 г., ленінскі закон "Аб цвярозасці", прадугледжваў: за выраб і продаж самагонкі, а тады быў "сухі закон", - 5 гадоў турмы без якіх-небудзь варыянтаў, і поўная канфіскацыя маёмасці. Перасталі гнаць, піць.

*** У 1987 годзе смяротнасць ад сурагатаў была значна ніжэйшая, чым у 1984 годзе! У 1995 годзе загінула ў РФ ад сурагатаў 56 тысяч чалавек, у 1987 годзе - 11 тысяч, такім чынам ад сурагатаў ў 1995 годзе загінула у РФ у 5 разоў больш, чым у СССР у 1987 годзе.

*** Кантрабанда, самагонаганенне, ужыванне тэхнічных сурагатаў дадуць у 5-6 разоў меней стратаў, чым цяперашні алкагольны разліў.

*** Паводле Бібліі: ахвяры Богу не павінны даваць алканосьбіты і вырабляльнікі алкаголю. Бог выступае за абсалютнае непітуства, абавязвае кожнага строга выконваць асабісты "сухі закон", патрабуе, каб ахвярнае (ускураць фіміям, кадзільні) не ўтрымлівала наймалай алкагольнай пары. Святары-парушальнікі рытуалу безалкагольнасці ахвяраў Богу караюцца (Левіт, гл. 2, арт. 4,11).

*** Афіцыйная алкастатыстыка звычайна зфальсіфікаваная, перабольшаная, скажоная, не адлюстроўвае няўлічаную мафіёзную і хатнюю алкавытворчасць. Не ўлічвае кантрабандны алкаімпарт, алкасурагаты.

*** Цары ўтрымлівалі дэмапатэнцыял (Потенциал демографический (демопотенциал) - количественное отношение неалкозависимой части данного народа к населению всей Земли) Расіі на ўзроўні 6-7, Ленін ў 1924 г. здаў справы нашчадкам з дэмапатэнцыялам краіны 6%, Сталін у 1953 г. здаў справы з савецкім дэмапатэнцыялам каля 5%. Выпівоха Хрушчоў значна прапіў стратэгічную спадчыну, знізіў дэмапатэнцыял краіны к 1964 году ў паўтары разы - да 3%. Алкаголік Брэжнеў, сцвярджае Ф. Углоў, яшчэ больш прапіў і праматаў спадчыну, удвая знізіў савецкі дэмапатэнцыял - да 1,6%.

*** Сапраўднае распойванне народаў пачалося ў эпоху Хрушчова і Брэжнева, перабудовы. Танны імпартны спірт плынню хлынуў з-за мяжы. Зачастую фальсіфікаваны. Падатак ад гарэлкі паступаў у мясцовы бюджэт, данельга абмежаваны па ўсіх кірунках саюзнымі міністэрствамі. Райгарадкам і аблгарадам стала выгадна набываць, піць, прадаваць. Вось і далі алкагалізацыйны ход у калектывы, раёны, вобласці.

*** Даследаванні ў Беларусі і за мяжой устанавілі, што жыццядзейнасць арганізма залежыць ад наступных фактараў: арганізацыі аховы здароўя (10%), спадчыннасці (16%), навакольнага асяроддзя (21%), ладу жыцця (53% ).

*** Апошнія даследаванні амерыканскіх навукоўцаў цвёрда сведчаць: жанчына, якая паліць падчас цяжарнасці мае шанец ад 6 да 90% нарадзіць разумова адсталае дзіця, нават поўнага дэбіла.

*** Другі бок - духоўная галеча маладых людзей. З'явіліся наркаманы (даволі шмат) сярод дзяцей заможных "новых рускіх". У іх матэрыяльных праблем няма, проста духоўная галеча бацькоў пералілася на дзяцей.

*** У цяперашні час патрыятызм кожнага чалавека нашай Беларусі павінны вымярацца па яго адносінах да праблемы алканаркаманіі.

*** Толькі цвярозым можна адчуць усе вартасці жыцця. Алкаголь ламае ў п'янага розум, як у псіхічна хворага. Навошта добраахвотна рабіць з сябе дурня?

*** Цвярозы адчуў першыя сігналы абмаражэння носа, рук - неадкладна прымае меры. Патрэ замерзлае, прыкрые, ўцяпліць. Выпілы сігнал болю не чуе, алкаголь прытупіў ці нават паралізаваў такія сігналы.

*** Наймоцна выказаўся пра алкаголь балгарскі паэт Пятро Славейнаў: "Алкаголь губіць: 1. Грошы; 2. Час; 3. Характар; 4. Здароўе; 5. Незалежнасць; 6. Годнасць; 7. Пачуцці; 8. Самакіраванне; 9. Павагу; 10. Спакой; 11. Дабрабыт сям'і; 12. Будучыню; 13. Гонар Айчыны; 14. Жыццё; 15. Душу ... "

*** Нездарма яшчэ Кацярына II ўвяла ў імперыі гарэлкавую манаполію - надта эканамічна выгадная гэтая справа ("Советская Белоруссия", 5-6.01.1997). У гэтым нумары павядалі, як гнаць гарэліцу ў хатніх умовах. Такую праўду і хлусню публікуе газета, з самым масавым накладам у Беларусі. Трэба было б удакладніць, што пры гэтым сказала царыца: "П'яным народам лягчэй кіраваць". Вось што было ў яе галоўным козырам.

*** Асноўная ўвага ворагаў гарбачоўскага сухога закона была засяроджана на тым, што СССР атрымаў велізарныя эканамічныя страты - 37 мільярдаў рублёў не паступілі ў дзяржаўны скарб. Разгледзім факт уважліва.

Да 1985 года спажыванне алкаголю дасягнула ў СССР катастрафічных памераў - 20-25 літраў за год на душу насельніцтва. З улікам самагонаганення. Нарастала смяротнасць. Хворых і аслабленых дзяцей з кожным годам нараджалася болей, чым здаровых.

Пасля ўвядзення закона:

...смяротнасць мужчын у працаздольным узросце скарацілася на 37%, сярэдняя працягласць жыцця мужчын вырасла з 62,5 да 65 гадоў;

- штогод нараджалася на 500-600 тысяч немаўлят больш, чым у любым з папярэдніх 46 гадоў. Гэта былі ў асноўным здаровыя дзеці;

- гандаль сапраўды недаатрымаў 37 мільярдаў рублёў у ранейшых цэнах. Падзяліўшы гэтую лічбу на колькасць дадаткова народжаных малых можам даведацца "цану" іх жыцця. (37 000 000 000 : 600 000 = 61 000 (руб.)). У ЗША - пад 100 000 долараў.

У ашчадныя касы было ўнесена на 46 мільярдаў рублёў больш, чым раней, на 9 мільярдаў рублёў перакрылі той самы алкагольны "недабор" (46 - 37 = 9);

- Колькасць прагулаў знізілася на 35%;

- Прадукцыйнасць працы штогод ўзрастала на 1%, што давала казне дадаткова 9 мільярдаў рублёў штогод.

Прыбытак ад цвярозасці ў 3-4 разы перавысіў алкагольны недабор. Асабліва трэба падкрэсліць, ні адна краіна свету ад ўжывання алкаголю эканамічна не выйграе, наадварот - губляе.

Тут варта адзначыць, гады адноснага працверажэння (1986-1987), калі спажыванне алкаголю знізілася да 3-4 літраў на чалавека, былі для СССР самымі лепшымі па ўсіх эканамічных паказчыках.

*** У перыяд 1981 - 1985 г.г. у сярэднім спісвалася па 85 тысяч га вінаграднікаў, 1985 - 1989 гг. - 74 тысячы гектараў, што на 11 тысяч га менш. У ранейшыя гады замены/высечкі няўжыўных вінаграднікаў на 90% і больш засаджвалі тэхнічнымі гатункамі вінаграду, якія ішлі на вытворчасць алкагольных вырабаў.

Пасля Указу становішча рэзка змянілася: высечаныя плантацыі засаджвалі пераважна сталовымі гатункамі, каб дзеці, падлеткі, сталыя людзі больш елі вінаграду і менш пілі алкаголю. Гэта не ўсім падабалася, асабліва ціхім і няціхім спойвальнікам народа.

*** Уведзены ў 1985 г. сухі закон шмат прынёс карысці. Безалкагольныя вяселлі не разаралі бюджэт сям'і. Росказні быццам сухі закон аслабіў Савецкі Саюз, шмат высеклі вінаграднікаў - з пляткарскіх опер. Высеклі 240 тысяч га вінаградных лоз, гэта так, але забываюць узгадаць, высеклі ў асноўным стары лазняк, адначасова заклалі ўдвая болей маладых гатунковых вінаграднікаў. За адзін 1987 год у адной Беларусі ў 4 разы меней смерцяў.

Пасля ўвядзення сухога закона ў Савецкім Саюзе (1985) ў Беларусі была самая маленькая колькасць тапельцаў - 560 чалавек за год. Цяпер топіцца болей 800, у 2009 - 838 чалавек, 70% тапельцаў - п'яныя. ("Зв.", 15.7.2010). 60 % танулых паспяваюць выцягнуць выратавальнікі.

Як ні парадаксальна, гінуць не толькі ў рэках і азёрах - у ваннах (31 чалавек у 2009), лужынах, пры ныраннях.

*** Наша паўночная вобласць, Віцебская, лічыцца самай чыстай па радыенуклідах, але разам з тым яна, рэкардсмен па ракавых захворваннях. Бо лідар па ўжыванні алкагольна-курыльнай прадукцыі.

*** "Алкаголь выводзіць з арганізма радыёнукліды", "алкаголь дапамагае выжыць пры радыяцыйнай небяспецы" - гэта самая, мабыць, страшная хлусня стагоддзя, паднесеная народам сродкамі масавай інфармацыі, вяла да найцяжэйшых трагічных наступстваў.

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


Свята яйка

Кожны філіял ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" мае сваё брэндавае мерапрыемства. Работнікі філіяла "Крупаўскі Дом культуры" вырашылі зрабіць брэндам свята яйка. Існуюць жа святы: бульбы , хлеба, малака, сала, агурка. Чаму б не яйка? На самой справе адзначаць такое свята прычын шмат. І найпершая - гэта харчовая каштоўнасць яек. Іх карысць і дзяшавізна робяць гэты прадукт амаль што адным з самых галоўных прадуктаў. А яшчэ - добрая палова жыхароў аграгарадка Крупава працуе на птушкафабрыцы філіяла "Дзітва" ААТ "Лідахлебапрадукт".

Ніхто нават з арганізатараў і не падазраваў, што атрымаецца такое незвычайнае свята, яйкавая накіраванасць якога вытрымлівалася на працягу ўсяго мерапрыемства.

Вядоўцы, мясцовыя жыхаркі Алена Войсят і Валянціна Бальцэвіч, як сапраўдныя артысткі, з вясковым каларытам вялі праграму, утрымліваючы ўвагу землякоў. Праграма пачыналася з выступлення народнага мужчынскага вакальнага ансамбля "Кронан" Бярозаўскага Дома культуры. Вяселля і гумару хапіла на ўсіх прысутных. Гумарыстычныя байкі расказваў Мікалай Мінько, тэатр мініяцюр "Балагур" з Ганчарскага Дома культуры парадаваў крупаўчан гумарыстычным прадстаўленнем на тэму свята. А народны тэатр "Бераг" Мінойтаўскага цэнтра культуры і вольнага часу прадставіў казку "Курачка Раба на новы лад", якая спадабалася і дзецям, і дарослым.

Напрыканцы свята ўсе прысутныя танчылі кракавяк, а затым удзельнічалі ў гульнях і атрымлівалі падарункі. Смачны момант свята: дэгустацыя страў з яек, прыгатаваных крупаўскімі гаспадынямі. А ў спаборніцтве паміж вуліцамі аграгарадка на выпяканне пірагоў перамаглі Таццяна Вінча з вуліцы Маладзёжнай і Вольга Часноўская з вуліцы Азёрная. На пажаданне вяскоўцаў і ў наступным годзе правесці такое свята, работнікі Крупаўскага Дома культуры паабяцалі, што абавязкова арганізуюць, толькі ўжо ў кастрычніку, калі святкуецца Міжнародны дзень яйка.

Ганна Некраш, вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


Выйшаў "Верасень" № 16

Выйшаў з друку чарговы, шаснаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Вікторыі Смолкі, Аліны Паўлоўскай, Марыі Бадзей, Веранікі Міхалёвай, Марыны Валасар, Ганны Рудак, Марыі Магдалены Палхоўскай, Кацярыны Шчаснай, Дар'і Дарошкі, Аляксея Лужынскага, Антаніны Хатэнкі.

Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Аляксея Палачанскага, Таццяны Казановіч, Яўгена Мартыновіча, Аляксандра Труса, Паўла Ляхновіча, Вінцэся Мудрова.

У раздзеле "Пераклады" друкуюцца вершы ўкраінскай паэткі Людмілы Юферавай у перакладзе Дзмітра Шчарбіны, а таксама ўспаміны Пятра Франко, пераствораныя па-беларуску Юрыем Кур'яновічам.

Раздзел "Драматургія" прадстаўлены трагіфарсам Эдуарда Дубянецкага "Дэвальвацыя".

Раздзел "Крытыка" адкрывае артыкул Таццяны Мацюхінай аб неарамантычных матывах у паэзіі Ўладзіміра Жылкі. Сакрэтамі творчай кухні ў гутарцы з Эдуардам Акуліным дзеліцца Людміла Шчэрба. Друкуюцца настальгічныя эсэ Алеся Гібка-Гібкоўскага і Раісы Крывальцэвіч. Аб ролі кнігі ў жыцці чалавека - гутарка Тамары Аўсяннікавай з Эдуардам Мядзведскім. Аб жыццёвых "шляхах і кратах" Валянціна Таўлая - аднайменны артыкул Сяргея Чыгрына. На пытанне: "Што можна сыграць на гармоні?" - адказвае ў сваім артыкуле пра хальчанскага музыку Емяльяна Бабкова Генадзь Лапацін. Крытычную ацэнку новай кнігі Аляксея Арцёмава "Скрозь кіламетры" дае ў сваёй рэцэнзіі "Унук Багдановіча?.." Анатоль Трафімчык.

Вокладка нумара - Дар'я Бунеева. Мастацкае афармленне і ілюстрацыі - Валерыя Праслава.

Пытайце "Верасень" № 16 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by.

Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: vera-senchas@gmail.com.


У Гародні прэзентавалі новую кнігу Валянціна Дубатоўкі

Які ён сапраўдны лёс беларуса?

Гарадзенскі літаратар Валянцін Дубатоўка ў сваёй найноўшай кнізе "Чужы" паказвае праўду без аздобаў. Прэзентацыя зборніка прайшла ў зале Свята-Пакроўскага праваслаўнага сабора. На культурную падзею прыехалі госці - сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Гарадзеншчыны і Менска. Аўтар у сваім цэнтральным творы, аповесці "Чужы", звярнуўся да драматычных падзеяў 30-х-50-х гадоў мінулага стагоддзя. Кажа Валянцін Дубатоўка:

- Вайна, якую нам прадстаўлялі савецкія ўлады, вайна, дзе ўсе перамагаюць і толькі радуюцца поспехам, выйграным бітвам, такой вайны не было. Беларускі народ памятае вайну, дзе гінуць беларускія людзі, гэта ўспрыманне вайны як вялікага, неахопнага гора. Калі гавораць, што вайна для Беларусі таксама пераможная, дык на мой роздум, на маю думку яна ўяўляецца зусім іншай. Гэта калі людзі кожны раз шукаюць як выжыць.

Выступіць на імпрэзе змаглі музыкі і калегі па літаратуры. Некаторыя з выступоўцаў падзякавалі Валянціну, што адкрывае падзеі сапраўднай гісторыі, тых лёсаў, якія не былі ў савецкіх кніжках, калі ахвярамі і забойцамі аказваліся людзі аднае зямлі - нашай Беларусі. Паэт Анатоль Брусевіч кажа пра кнігу Дубатоўкі:

- Я думаю, што ў Валянціна Дубатоўкі не толькі тэма вайны, гэта надта шырока. Больш, відаць, узаемастасункаў чалавечых. Вайна - гэта толькі нейкі фон, на якім адбываюцца падзеі. Вайна ужо як бы мінула, а героі дзейнічаюць у паслеваенным часе. І "Чужы" - гэта нейкі сімвал, гэта матыў, які распаўсюджаны не толькі ў беларускай літаратуры, але і ў сусветнай літаратуры. Напісанню кнігі папярэднічала доўгая палявая праца Валянціна Дубатоўкі, як даследчыка вуснай гісторыі беларускіх вёсак. Многія персанажы маюць рэальных прататыпаў.

Прафесар Аляксей Пяткевіч, які быў адным з рэдактараў твора "Чужы", сказаў, што па структуры яго варта ўважаць за раман. Выйшла кніга дзякуючы выдавецтву "Кнігазбор".

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. На фота аўтара - Валянцін Дубатоўка з калегамі па пяры Юркам Голубам, Міхасём Скоблам і Ўладзімірам Хільмановічам.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX