Папярэдняя старонка: 2017

№ 32 (1339) 


Дадана: 08-08-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 32 (1339), 9 жніўня 2017 г.


500 гадоў ад пачатку беларускага кнігадрукавання

Слаўны юбілей беларускай друкаванай кнігі адзначылі ў сталіцы

У Менску ўрачыстасці 500-годдзя кнігадрукавання распачаліся святой імшой ў касцёле св. Сымона і Алены, якую цэлебраваў Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваім казанні ён адзначыў:

- У гэтым годзе мы святкуем слаўны юбілей беларускага кнігадрукарства. Каталіцкі касцёл прымае ў гэтым актыўны ўдзел. 22 ліпеня ў Друі праходзіў мастацкі пленэр "Скарынер". 1 жніўня духоўную спадчыну асветніка абмяркавалі ў кангрэгацыі айцоў-марыянаў у Рыме. Восенню плануецца правядзенне навуковага сімпозіюму, прысвечанага юбілею.

Францішак Скарына прэзентаваў сваю першую кнігу 6 жніўня 1517 года, на свята Перамянення Пана, - сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. - Біблія - гэта вечна жывое і дзейснае слова, дадзенае нам з мэтай змены нашага жыцця, нашага духоўнага перамянення. Гэта асабліва важна зразумець у сучасным свеце, калі чалавек ставіць сябе на месца Бога і ўстанаўлівае свае маральныя законы і этычныя нормы.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што Біблія і сёння з'яўляецца сусветным бестселерам і заклікаў, каб яна стала настольнай кнігай беларусаў.

- У многіх яна ёсць у дамах, але запылілася. Прыйшоў час "адпыласосіць" Біблію гарачым імкненнем пазнаць яе. Няхай юбілей 500-годдзя кнігадрукавання і духоўна-асветніцкае свята ў гонар Францішка Скарыны стануць новым імпульсам вывучэння Бібліі, каб на яе падмурку наша краіна перамянялася і будавала шчаслівую будучыню, - заклікаў іерарх каталіцкага касцёла.

Ля будынка Чырвонага касцёла адбылася навукова-асветніцкая канферэнцыя. З прамовамі аб дзейнасці пачынальніка кнігадрукавання выступілі духоўныя асобы, навукоўцы, грамадскія дзеячы.

- Біблія пачала друкавацца з Псалтыра, з кнігі малітвы, - сказаў архімандрыт Сяргей Гаек. - У ёй Скарына бачыў крыніцу моцы хрысціянскага жыцця. Гэта быў хрысціянскі гуманіст, інспіраваны словам Божым і малітвай.

Ігар Уладзіміравіч Міхайлаў, старшыня Біблійнага Таварыства адзначыў не толькі адукаванасць, энцыклапедычныя веды Францішка Скарыны, але і духоўную мэту, якая ім кіравала: пакінуць назаўсёды народу вечную і невычэрпную мудрасць.

Страшыня беларускага клуба "Сябрына" ў Літве спадар Стэх, расправёў пра святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Вільні.

Доктар гістарычных навук Іван Саверчанка падкрэсліў тры асноўныя моманты значымасці скарынаўскай дзейнасці. Выданнем Бібліі першадрукар заклікаў шанаваць Бога - Стваральніка ўсяго існага свету і вывучаць законы, пакладзеныя ў аснову ўсяго створанага. Па-другое, ён заклікаў цаніць і развіваць асобу чалавека, як вяршыню ўсяго стварэння. Па-трэццяе, ён надаў увагу развіццю талентаў асобы, каб "дасканалы быў чалавек Божы".

- Дзейнасць філосафа, асобы эпохі Адраджэння Францішка Скарыны з'яўляецца прынцыпам гуманітарных грамадстваў усяго свету, - адзначыў Іван Саверчанка.

Паэт Алесь Разанаў, які зрабіў паэтычныя пераклады прадмоваў Ф. Скарыны, падкрэсліў, што асветнік выкладаў людзям навуку Хрыстову і вучыў цаніць Боскі пачатак у чалавеку.

Пра даследванні Скарынаўскай спадчыны распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай працы Алесь Суша.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў зрабіў экскурс ў гістарычную эпоху, у якую жыў Ф. Скарына. Каб працягваць справу Францішка Скарыны старшыня грамадскай арганізацыі заклікаў 25 гадзін у суткі размаўляць па-беларуску з сям'ёй і калегамі.

Праз друкаванае слова беларусы здолелі не толькі далучыцца да інтэлектуальнай традыцыі свету, але і заявіць пра сябе. Скарына зрабіў крок да таго значэння, якое беларусы маюць у культурным сусветным развіцці, - адзначалі навукоўцы.

У дольнай зале касцёла распачала дзейнасць выстава твораў беларускіх мастакоў на скарынаўскую тэму. Тут прадстаўлены працы Міколы Купавы, Алеся Марачкіна, Віктара Крука, Алы Губарэвіч і іншых.

У Менскім Палацы мастацтваў 5 жніўня была разгорнута выстава моладзёвай і дзіцячай творчасці "Францыск Скарына - наш лёс, наша мінулае, наша будучыня".

(У наступных нумарах мы прапануем вам інтэрв'ю з сучаснымі даследчыкамі Скарынаўскай спадчыны.)

Эла Дзвінская, фота аўтара.


85 гадоў Адаму Мальдзісу

Адам Восіпавіч МАЛЬДЗІС (нар. 7 жніўня 1932, в. Расолы, Астравецкі раён, Гарадзенская вобласць) - беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст. Доктар філалагічных навук (1986), прафесар (1990).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956). Працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты "Сцяг Ільіча" (1956-1959). У 1962 скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. У 1962-1991 працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР: з 1962 - навуковы супрацоўнік, з 1981 - загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры (1981-1991). У 1990 як чалец дэлегацыі БССР удзельнічаў у працы 45-й сесіі ААН. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1965. Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989. У 1991-1998 дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 1987 старшыня камісіі "Вяртанне" Беларускага фонду культуры, у 1991-2005 прэзідэнт (з 2010 ганаровы старшыня) Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, у 1996-2006 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Сябар рэспубліканскай Рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка "Беларускія пісьменнікі" (Т. 1-6; 1992-1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня "Кантакты і дыялогі" (1996-2002). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1980), Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1982); узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ордэнам Францыска Скарыны (2013).

У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954. Даследуе гісторыю беларускай культуры і літаратуры 17-19 стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя сувязі, інш. тэмы...

Вікіпедыя. (Пра А. Мальдзіса чытайце на ст. 2-3.)


Адаму Мальдзісу - узнёсламу Жыценю Дома Беларусі

Было: уведаў я пра стваральную чыннасць Маціцы Галіцка-Рускай, Серба-лужыцкай, Славацкай, Чэшскай, Харвацкай - іншых культурна-асветных інстытутаў у гісторыі славянскага народазнаўства.

Адам Іосіфавіч Мальдзіс быў заснавальнікам у 1991 г. і першым дырэктарам "Маціцы Беларускай" - Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны, дзе і я стараўся пазначаць у дыфузіі культур іскрынкі беларуска-латышскага спараднення.

І вершы, прысвечаныя Творцу Адаму Мальдзісу, пачалі ў мяне ў тыя часы дапаўняць ранейшы наробак. Шматзначнае слова "маціца" ёсць і ў нашай мове: гэта адна з бэлек, на якой трымаецца ў хаце столь. Цудоўны вобраз, які мацуе радкі гэтага верша, распачатага яшчэ ў 1997 годзе, а сёння, дапрацаваны ў натхненні, адрасуецца ўжо 85-гадоваму Юбіляру з патаемнай зямлі Гудаў:

МАЦІЦА МАЛЬДЗІСА

Даўно ў Святліцы Мальдзіса

забранзавелі маціцы:

яны ўтрымалі столь!

Бо сам Адам, нібы Атлант!

Жыццеўзнясенняў ён гарант,

дыфузіі кароль.

Дапамагаў і бэлечкам

даць волю нашым цемечкам :

сябры - на вышыні.

Адам з Еўропай гутарыў

пра выверты "гайні":

- Не быць Айчыне хутарам!

* * *

І не асесць на пні…

Бо назбіраў пад маціцу

Скарына разам з Мальдзісам

планеты карані.

Так, Доля - наша прасніца!

Дом Беларусі ладзіцца

у сценах дабрыні.

* * *

Каб летуцелі дні -

ты ў бронзаваую маціцу

звані, Адам, звані!

І ўсё ж хочацца ўскалыхнуць сваё натхненне на мерыдыянах і паралелях - своеасаблівых арэлях Адама Мальдзіса, каб узгадаць некаторыя падзеі нашага агульнага летазлічэння.

1980 - 1981

Галоўная рэдакцыя літаратурна-драматычных праграм Рэспубліканскага тэлебачання правяла два выпускі перадачы "Спадчына". У 1980 г. Адам Мальдзіс распавядаў тэлегледачам пра Полацак і пра народжанага ў гэтым старажытным горадзе Францішка Скарыну. Прывёў новыя доказы дзейнасці і такіх асветнікаў, як Каятан Марашэўскі, Ян Баршчэўскі.

Мы пабывалі і ў Валынцах Верхнядзвінскага раёна, на радзіме першай беларускай "Камедыі". Адам Іосіфавіч раскрыў дзейнасць Міхала Цяцерскага, які зрабіў пераробку мальераўскай п'есы "Доктар па прымусу". А хвалі возера Нешчарда выкалыхвалі нам воблікі Яна Баршчэўскага.

Запіс новай тэлеперадачы "Спадчына" праходзіў 7-8 снежня 1981 г. у Вільнюсе-Вільні. Яна была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Адам Мальдзіс зноў быў аўтарам і вядоўцам. А дапамагалі нам Янка Багдановіч, Альбінас Жукаўскас, Костас Корсакас, Альма Лапінскене.

1984

30-гадовы юбілей шлюбу Адама Іосіфавіча з Марыяй Каролеўнай госці адзначалі ў іх кватэры, а фатаграфавацца выйшлі на дзялянку перад домам. У прытульнай сябрыне аказаліся разам з сямейнікамі Генадзь Кісялёў з Янінай Міхайлаўнай, Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч з Аляўцінай Цімафееўнай, Рагойша Вячаслаў, Таццяна Кабржыцкая з сынамі Севам і Максімам, каля іх глядзела ў фотааб'ектыў мужа Людміла Панізьнік.

1985

У 1981 г. я пазнаёміўся ўпершыню з творамі Язэпа Дылы, сабранымі пад адной вокладкай Адамам Мальдзісам. А ў 1984 г. выйшла яго кніга "Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў". Падумалася: а мы, людзі новага часу, ці з'яўляемся спадчыннікамі К. Каліноўскага, У. Серакоўскага - герояў гэтай аповесці і многіх іншых кніг Адама Іосіфавіча…

Верш "Спадчыннікі" быў надрукаваны ў "ЛіМе" ў 1985 г.

СПАДЧЫННІКІ

Адаму Мальдзісу


Будучыня, моцны твой падмурак!

Для усіх - зямлян і землякоў -

вырасталі помнікі культуры,

памяць нерастрачаных вякоў.

Мы - ахова памяці і працы.

Спадчыну - на крошку! - не паруш.

Трэба не крыжамі выстаўляцца -

помніць пра распяцці добрых душ.

Бо цаглінка кожная у замку -

нашых продкаў скамянелы крык.

Толькі праца - вечная! І заўтра

хай мацуе праца мацярык.

На дарозе творчага сталення

нам любоў за вернага ганца.

У тваіх, Айчына, пакаленняў

столькі працы - не відаць канца!

1987

На той час маімі "ўніверсітэцкімі" падручнікамі былі кнігі "Падарожжа ў ХІХ стагоддзе", "Таямніцы старажытных сховішчаў", "Астравеччына, край дарагі…", "З літаратурназнаўчых вандраванняў"…

А як некрыкліва адзаначыць 55-годдзе ад нараджэння шаноўнага Творцы, пачатак яго афіцыйнай навуковай дзейнасці ў 1962 г., уступленне ў Саюз беларускіх пісьменнікаў у 1967 г., уганараванне доктара філалагічных навук у 1987 г.?

Верш "Страты" з эпіграфам А. Мальдзіса быў змешчаны ў "Дні паэзіі" за 1988 год.

СТРАТЫ

Гістарычны лёс беларускага народа склаўся так, што яго матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці разышліся, расплыліся літаральна па ўсім свеце.

Адам Мальдзіс.


Не хочацца бяссоніцай параніцца.

І ўсё ж паўночы сну пайшло у спраты.

Высвечваюцца светлазорнай раніцай

усе мае разбуджаныя страты.

Яны - як дзіркі рваныя у полагу.

Яны - як прорвы чорныя

ў стагоддзях.

Любая страта не знікае сполахам -

нястачаю нашчадкам пераходзіць.

Ці вернецца нектар у соты родныя?

Запоўняцца набыткамі прагалы?

А нехта ж верыць:

мы былі бясплодныя.

Дакуль жа век мой будзе абалганы?

Абкрадзеныя продкі,

вы пакрыўджаны.

Мы ж, спадчыннікі, самі вінаваты.

Шыкоўненька пад новенькімі крыламі

растуць сыны руінаў - бюракраты.

Яшчэ не хутка іх улада ляснецца,

хоць рычагі у іх пахаладзелі…

А Беларусь была і ёсць уласніцай

любой сваёй няспраўджанай надзеі.

І заўтра хтось яшчэ адзін абудзіцца,

забыўлівасці выламае краты.

Святла - у спраты!

Ажывайце, страты,

і ўсё, у што паверылі мы,збудзецца !

1989

"Пра ўсё сказаць прыйшла пара". Гэта не мне быў наказ з Нябёсаў. Хаця…А па праўдзе - 23-24 красавіка 1989 г. Варнянскі сельскі клуб на Астравеччыне - на вялікай, а не "малой" радзіме Мальдзіса, як звыкліся некаторыя аўтары пісаць пра родны мацярык, праходзіла Свята паэзіі. Усе, хто хацеў і мог, выказаліся прозаю і вершамі. А вось наступны хваласпеў, які я хачу паказаць, першымі радкамі праклюнуў паперу пад дзюбамі буслоў у Палушах. У "маёнтку дзеда Караля" - а папраўдзе - бацькі Марылі Каролеўны, жонкі Адама Іосіфавіча, і машыне месца знайшлося, і я ўтульна пераначаваў сярод рарытэтаў "кулацкага", а па праўдзе - барозна-папарнага жыцця. Нарэшце вынырнуў ужо з майго архіва тоў здзіў:

ПА ВУШЫ Ў ПАЛУШАХ

Хата дзеда Караля

так падобна да вулля:

пчолачка з каронаю -

Марыя Каролеўна!

І не труцень - сам Адам.

Не фазэнда тут, а храм!

Вунь на крону - неба столь -

бусел ускараскаўся.

Хай жа будуць краскамі

і - у золь

з бабкаю Параскаю

дзед Кароль!

1994

Пра бабку Параску, якая жыла на Шляху з Грэкаў у Варагі, я яшчэ раскажу. А зараз стукаецца ў шыбіну памяці сам аўтограф Адама Восіпавіча з кнігі "І ажываюць спадчыны старонкі", якая пабачыла свет у 1994 г. у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Дарчы надпіс, калі прачытаць услух, гучыць так: "Дарагім Панізьнікам - аўтар, госць колішні хаткі бабкі Параскі ў яе 15-годдзе. А. Мальдзіс".

"Гістарычная" дакладнасць тут неверагодная. Гэта ў 1979 г. была набыта ў Цінкаўцах хаціна ад сына Белавус Параскі родам з-пад Дзісны. Праз год я пачаў збіраць "эхспанаты" для будучага музея.

2007

Пад Бігосавам, амаль на беразе Дзвіны ў Верхнедзвінскім раёне, з 1980-га да нядаўняга часу існаваў заснаваны мною Музей на Шляху з Грэкаў у Варагі "Хата бабкі Параскі". Аднаго разу Адам Іосіфавіч там быў у наначках пасля наведання вёскі Валынцы.. Хацелася яму яшчэ раз узгадаць мясціны, дзе існавала Забельская калегія.

Ступілі, успамінаю, на бугры даўніх пахаванняў тутэйшых знакамітасцяў. Муры-скляпенні раскурочаныя… Побач аднаго дашчэнту рарабаванага склепа на кій быў уздзеты чэрап продка… На радзіме "Камедыі" мы здрыгануліся ад праяваў "выхаваных" атэістаў-варвараў.

Але якая радасць апанавала мяне ад наведання ўжо згаданай хаты дзеда Караля ў Палушах. Яшчэ раз нагадаў пра яе Адаме ў новым падарунку - у кнізе з выдавецтва "Лімарыус". Чытаю: "Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса". А дарчы надпіс такі: "Дарагому Сяргею Панізьніку, уладальніку гістарычнай "Хаты бабкі Параскі" - ад нібыта гаспадара хаты дзеда Караля. А. Мальдзіс. 4.12.2007".

Усе гэтыя дарчыя надпісы можна знайсці на 50-й старонцы ў кнізе-альбоме "Аўтографы з кніжніцы Сяргея Панізьніка (1960-2011)".

2009

З выдавецтва "Кнігазбор" у 2009 г. мы атрымалі таміны ў 452 старонкі пад назвай "Тысяча гадоў добраму суседству. Беларуска-літоўскае гістарычнае і літаратурнае сужыццё". Складальнікам быў я, а галоўным рэдактарам А. Мальдзіс. Ён жа ініцыятар і апякун-арганізатар. Бо выданне было здзейснена пры дапамозе Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і грамадскай арганізацыі "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў", самым актыўным сябрам якой была навуковец і перакладчыца Альма Лапінскене з Вільні.

1000-годдзе першай згадкі пра найменне "Літва" мы адзначылі вельмі ўзнёсла. З гумарам быў названы наступы мой верш:

МІЛЕНЕ-УМНАМУ АДАМУ МАЛЬДЗІСУ

Хто Альмачку здаўна вітаў?

Dabar as viska supratau!*

Літоўска-беларускі КОЛАС

узвысіў Ты за небакрай.

Лапінскене, а з ёй Багдонас

падвышаны займеюць тонус:

- Gerai**, - прамовяць. - Neblogai!***

Тысячагодні юбілей

падоўжыцца і надалей.

Сумесны будзем весці рэй!

І пра Расолы, Гудагай

пасунешся, Адам, у Рай****, -

добрасуседства азываць,

сваё Стокніжжа выдаваць.

----------------------------------------

*Dabar as viska supratau! (літ.) - Цяпер я ўсё зразумеў!

**Gerai (літ.) - Добра .

***Neblogai (літ.) - Няблага!

****Рай - вёска ў Гарадзенскай вобл.

2012

Юбілейны год Адама Мальдзіса. Розніца між вёснамі-летамі ў нас - роўна 10. Таму загадзя пачаў складваць Адаму Іосіфавічу верш-прысвячэнне.

НА ДАМАЛОТКІ

Зноў праз весніцы ад Жыценя

атрымаеш бохан.

Будзем жыць як набяжыць ці не?

Не! Будзем слухаць Бога.

Нам з табой, Адам, пры Балтыцы

гудзьбаваць прасторы.

Юбілеі - каб упарціцца,

лушчыць недаборы.

І здабытак браць не ў рэзьгіны -

для Праабражэння.

Юбілеі - гэта хрэсьбіны

новага служэння.

Будзем заўтра з дамалоткамі

ты і я за туза -

з мроямі салодкімі,

думамі-малодкамі

дні за лейцы тузаць.

-----------------------------------------

6 жніўня адзначаюць свята Праабражэння Ісуса паводле каталіцкага календара.

2016

Адам Іосіфавіч 17 красавіка 2016 г. паведаміў: "Збіраюся на Астравеччыну. Буду ў Астраўцы, Рымдзюнах і Малях…"

Пра будаўніцтве Астравецкай атамнай электрастанцыі шораху на ўсіх суседніх землях многа. Я асцерагаўся трывожыць нашага Адомаса-Антраса-Гудаса (дарэчы: гуды ў разуменні балтаў - майстры, умельцы), але ўрэшце-рэшт асмеліўся на такое пяцірадкоўе:

Прашу Нябёсы ў сіні, зеллі, -

Каб людзі Т А М не ачарсцвелі,

І каб Адамавы Рымдзюны,

Як той Чарнобыль, не аселі

На гнеўных ізатопаў дзюны.

Заканчэнне 2016 года запомнілася такімі мальдзісаўскімі радкамі: "Віншую з 500-годдзем беларускага і тым самым усходнеславянскага кнігадрукавання і 800-годдзем успамінання нашага этнічнага наймення ў пісьмовай (лацінамоўнай) крыніцы - Albarussia!

31.12.2016 г."

Нашы суседзі адшуканы тапонім "Літва" выкарысталі на 1000 працэнтаў. Мне ж падзякаваць за паведамленне давялося вось толькі так:

Наша Альба!

Знікне жальба, -

мы ад вусця

хваляў-гусцяў

паплывём не ўскось, а прама,

Дзякуй ветразю Адама!


Заўтра Мальдзіса стырно

паяднае Высь і Дно.

Плынь не будзе заскарузлай,

бо з крыніцы беларускай.

Колькі ж год ёй? Восемсот!

Мацярык - у разварот!

2017

Чым надзелена мудрасць? З прадмовы Ф. Скарыны да кнігі "Прыпавесці Саламона" (Прага, 1517) можна вычытаць: "У ёй сапраўды ёсць дух - разумны, разважлівы, сціплы, даступны, рухомы, несапсаваны, сапраўдны, салодкі, чысты, сталы, добры! І ўсімі астатнімі цнотамі мудрасць надзелена".

Пакуль разбіраўся з цытатаю вынослівага Палачаніна, раптам з абажура, бо няма маціцы пад столю, скаціўся лісток календара ад 7 жніўня 2002 года. У тэксце на ім Алена Васілевіч узгадала лонданскае віншаванне ад Адама Мальдзіса ў 1982 г., пералічыла (амаль лірычна) усе адметнасці-выдатнасці-дасведчанасці доктара, прафесара, лаўрэата, медаліста з узнёслымі крыламі…

І прызналася на заканчэнне: "Яго вуснае Слова можна слухаць, не стамляючыся, бясконца! Златавуст! Аратар - без позы! Цыцэрон!"

І вось хачу пачаць самы свежы верш-прысвячэнне "Скарынаўская вязь", эпіграфам да якога ахвоцяцца радкі і з прадмовы Францішка Скарыны, і з каляндарнага выспаведвання Алены Васілевіч.

СКАРЫНАЎСКАЯ ВЯЗЬ

І мовіць Ганна Запартыка:

- Зацыраваў Адам свой схрон.

Ён Таямніцаў уладыка:

тырчыць з архіваў Цыцэрон.

Ля слоў Алены Васілевіч

у поўнай згодзе словы Ганны:

- Аратар? Саламон? Ён - веліч

і Златавуст неабалганы!

На цаліку вякоў - Араты.

Узяць яго "снапы" ў музей?

Хай Словам скіне крагі з варты

і Клічам зрушыць Калізей!

Так, гладыятарам Адась

сваіх Расолаў не аддасць.

Гучаць "Sto lat!" яму парады.

Ён мемуарна верне страты.

Між чытачоў не будзе звады:

Скарынаўская

у Адама

вязь!

З паклонам -

Сяргей Панізьнік.

30.07.2017 г.


Прозвішчы Беларусі

Новая серыя

Павел Сцяцко

Разглядаюцца новыя прозвішчы, занатаваныя з навуковых і навукова-папулярных выданняў, перыядычнага друку Беларусі; некаторыя ранейшыя прозвішчы, што атрымалі новую аўтарскую інтэрпрэтацыю. Сістэма апісання падлеглых аналізу онімаў у асноўным захоўваецца пры разглядзе адапелятыўных утварэнняў. Адымёнавыя прозвішчы маюць дадатковую кваліфікацыю - паказваецца, з якой мовы-першаасновы прыйшло імя і якое яго там значэнне.

Для нашых новых чытачоў дзеля лаканічнасці выгляду і адэкватнага разумення яго сэнсу выкарыстоўваюцца ў тэксце некаторыя тэрміны. Апелятыў - агульны назоўнік. Онім - уласнае імя. Антрапонім - асабовае ўласнае імя. Тапонім - уласная назва геаграфічнага (ланшафтнага) аб'екта. Акцэнтаванне - спосаб утварэння новых слоў шляхам змены месца націску ў слове. Бацькайменне - імя па бацьку. Рэгіянальнае слова (рэг.) - не агульнапашыранае. Вытвор - вытворнае слова, утварэнне. Фармант - суфікс разам з канчаткам (і нулявым). Нашчадак - сын (дачка), спадчыннік, дзіця. Формула прозвішча (ФП) - фіксацыя этапаў утварэння прозвішча, яго паходжання.

1. Абакунчык (Ганна) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Абакун і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Абакунчык . ФП: Абакум (імя, ст.-яўр. 'абдымаць') - Абакун (разм. варыянт) - Абакун (мянушка, потым прозвішча) - Абакунчык . Або як памян.-ласк. ад Абакун .

2. Абдулаева (Святлана) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Абдулай і семантыкай `нашчадак (дачка) названай асобы`: Абдулайева . ФП: абдуліць ('абсыпаць' - Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча, 1979, т. 1, с. 31, параўн. літоўск. duliti `ператварыцца ў пыл`) - абдулай ('той, хто абсыпае'; параўн. валачай 'валацуга') - папіхай 'папіхач' (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. Мінск, 1977, с. 23) - Абдулай (мянушка, потым прозвішча) - Абдулаева .

3. Абозная (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва абозная 'тая, хто суправаджае абоз або звязана з перавозкамі абозамі' (або 'чарада фурманак, падвод з людзьмі або з паклажаю ў дарозе', а таксама 'сукупнасць транспартных сродкаў спецыяльнага прызначэння').

4. Агрызка (Алёна) - семантычны антрапанімічны вытвор ад апелятыва агрызка 'той, хто агрызаецца'.

5. Ададурава (Валянціна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Ададур і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ададурава . ФП: аддадурыць ('адставіць' СНМЗ) - аддадура ('той, хто аддадурвае' - 'адстаўляе' (зад)) - Аддадура / Ададура (мянушка, потым прозвішча) - Ададурава (народзінка Зэльвеншчыны і Слонімшчыны).

6. Адамковіч (Алесь) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Адамка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Адамковіч . ФП: Адам (імя <ст.-яўр. adam - 'чалавек') - Адамка (памянш.-ласк. форма) - Адамка ('жонка (дачка) Адама') - Адамка (прозвішча) - Адамковіч .

7. Адаська (Люцыя) - варыянт імя Адам (<ст.-яўр. 'чалавек', з экспрэсіўным суфіксам -ась (+ка) набыў ролю прозвішча (праз ступень празвання)).

8. Адзінцова (Інэса) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Адзінец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Адзінцов а. ФП: адзінец ('адзінокі, бессямейны; бабыль') - Адзінец (мянушка) - Адзінец (прозвішча) - Адзінцова .

9. Адзярыха (Казімір) - вытвор з фармантам -ыха ад антрапоніма Адзёр і значэннем 'жонка названай асобы'. Адзёр - семантычны вытвор ад апелятыва адзёр 'заразная, пераважна дзіцячая, хвароба, якая суправаджаецца высыпкай, запаленнем дыхальных шляхоў і гарачкай'.

10. Адзярыха (Казімір) - вытвор з фармантам -ыха ад антрапоніма Адзёр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Адзёрыха - Адзярыха . ФП: адзёр ('заразная, пераважна дзіцячая, хвароба, якая суправаджаецца высыпкай, з апаленнем дыхальных шляхоў і гарачкай') - Адзёр (мянушка, потым прозвішча) - Адзярыха ('жонка асобы з прозвішчам Адзёр ', фармант -ыха ) - Адзярыха (прозвішча).

11. Адэльскі (Эмануіл) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Адэльск і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Адэльскскі - Адэльскі (накладанне суфікса - ск- на фіналь утваральнай асновы).

12. Ажгірэй (Кацярына) - семантычны вытвор ад апелятыва ажгірэй 'раззлаваны' (ад татар. ажгыру ('раззлавацца') і фармант -эй : ажгірэй ).

13. Аз а ранка (Вікторыя) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Азар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Азаранк а. ФП: Азар (імя ст.-яўр. 'Бог памог') - Азаранка (празванне) - Азаранка .

14. Акінчыц (Іван) - другасная форма, першасная Акінчыч - вытвор з суфіксам -ыч ад антрапоніма Акінка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Акінч(к/ч)-ыч . ФП: Ака (імя ўласн. муж.) - Акін ('нашчадак Акі ', суфікс -ін ) - Акінка ('жонка, дачка Акіна ', фармант -ка ) - Акінчыч - Акінчыц (дысіміляцыя чч - чц ).

15. Аксёнкіна (Таццяна) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Аксёнка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аксёнкіна . ФП: Аксён (імя, з мовы грэкаў 'павялічвацца, узрастаць, памнажацца') - Аксёнка (народна-гутар. форма, фармант -ка ) - Аксёнка (мянушка, потым прозвішча) - Аксёнкіна .

16. Аксень (Артур) - форма імя Аўксенцій (з мовы грэкаў 'павялічваюцца, узрастаюць') набыла ролю прозвішча. Як і Аксель і інш.

17. Аксючыц (Ірына) - другасная форма, першасная Аксюціч - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Аксюта і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аксюціч . ФП: Аксіння (імя, з мовы грэкаў 'гасціннасць') - Аксюта (эмац.-ацэн. форма з фармантам -юта ) - Аксюта (прозвішча) - Аксюціч - Аксючыц (з зменай ц-ч ).

18. Акудовіч (Паліна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Акуда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Акудовіч .

19. Акула (Кастусь) - семантычны вытвор ад імя Акула (лац. 'арол', грэч. 'жолуд' (плод дуба)). Або ад апеятыва акула 'вялікая драпежная марская рыба з вераценападобным целам і вялікай пашчай'.

20. Акулевіч (Пётр, Рыгор) - форма бацькаймення з фармантам - евіч ад антрапоніма Акула і значэннем 'нашчадак названай асобы': Акулевіч . ФП: Акула (імя <лац. 'арол' або грэч. 'ядомы жолуд, плод дуба') - Акула (прозвішча) - Акулевіч .

21. Аладзева (Любоў) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Аладзя і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аладзева . ФП: аладзя (ст.-бел. 'аладка') - Аладзя (мянушка, потым прозвішча) - Аладзева .

22. Алаў (Антон) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Алы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Алаў . ФП: алы (<рус. алый 'пунсовы, ярка-чырвоны') - Алаў (мянушка, потым прозвішча) - Алаў . Або: Ала (жан. імя) - Алаў ('які належыць Але') - Алаў (бацькайменне, потым прозвішча).

23. Алейчанка (Юлія) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Алейка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Алейч(к/ч)-анка . ФП: алей ('тлушч з расліннага насення (канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад.)') - алейка (памян.-ласк. форма, фармант -ка ) - Алейка (мянушка, потым прозвішча) - Алейчанка .

24. Алейчанка (Юлія) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Алейка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Алейч(к/ч)-анка . ФП: алей 'тлушч з насення раслін') - алейнік ('той, хто вырабляе алей') - алейка ('жанчына, якая вырабляе, прадае алей') - Алейка (мянушка, потым прозвішча) - Алейчанка .

25. Александроўская (Ларыса) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Аляксандравічы і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Александроўская . ФП: Аляксандр (імя) <грэч. 'мужчына-абаронца' - Аляксандравіч (прозвішча, фармант -овіч ) - Александровічы (тапонім з прозвішчамі Александровіч ) - Александроўская .

26. Алімаў (Леў) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Алім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Алімаў . ФП: Алім (імя) - Алім (прозвішча) - Алімаў .

27. Аліхвер (Надзея) - імя (з мовы грэкаў 'вольны, свабодны') набыло ролю прозвішча.

28. Алыцкая (Святлана) - вытвор з фармантам - ская ад тапоніма Алыча і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Алычская - Алыцкая . ФП: алыча - ('паўднёвае пладовае дрэва сямейства ружакветных, род дробнай слівы, плод гэтага дрэва') - Алыча (тапонім) - Алыцкая .

29. Альфёраў (Жозеф) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Альфёр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Альфёраў . ФП: Аліхвер (імя гл. вышэй) - Альфёр (народна-гутарк. форма) - Альфёр (мянушка, потым прозвішча) - Альфёраў .

(Працяг у наступным нумары.)


215 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі 31 ліпеня - 03 жніўня 2017 г. правяла Міжнародную навуковую канферэнцыю «Геалогія і мінеральна-сыравінныя рэсурсы Захаду Усходне-Еўрапейскай платформы: праблемы вывучэння і рацыянальнага выкарыстання», прысвечаную 215-годдзю з дня нараджэння І. Дамейкі.

На прадстаўнічы навуковы форум прыбылі навукоўцы і госці (у тым ліку нашчадкі І. Дамейкі) з многіх краін свету.

Выступ Алены Анісім з нагоды канферэнцыі ў сувязі з 215-годдзем Ігната Дамейкі 31 ліпеня 2017 г.

Сёлета ў нас знамянальная падзея - мы адзначаем 215 гадоў з дня нараджэння славутага сына нашай зямлі Ігната Дамейкі. Шмат што сыходзіцца ў гэтым годзе - 500 гадоў беларускага кнігадрукавання, Год навукі, 100-годдзе аднаўлення нашай дзяржаўнасці. І вельмі важна, што мы сёння асэнсоўваем дзейнасць выдатнага навукоўца, грамадскага дзеяча свайго часу, вяртаем яго імя ў нашу гісторыю. Прыклад Ігната Дамейкі, чалавека, які не змог рэалізаваць свой талент напоўніцу на радзіме, але ніколі не забываў, адкуль ён паходзіць, вучыць нас многаму. Найперш таму, што таленавіты і мэтаскіраваны чалавек абавязкова здолее раскрыць свой патэнцыял, калі будзе да гэтага імкнуцца сам, знойдзе прыхільнікаў і паплечнікаў. А тыя намаганні, якія прыкладаў Ігнат Дамейка, сумленна і самааддана працуючы ў абранай галіне, прынеслі яму і павагу, і задавальненне, і прызнанне, і ўдзячнасць народа, у чыёй краіне ён знайшоў прытулак і працу.

Аналізуючы прафесійную дзейнасць Ігната Дамейкі, мы павінны адзначыць самае важнае: ён быў і застаецца сынам сваёй зямлі. Нездарма ў апошнія гады свайго жыцця ён імкнуўся пабыць на радзіме, каб вярнуцца да вытокаў і падзяліцца сваім поспехам з роднымі і блізкімі людзьмі. Наш абавязак - аддаць належнае кожнаму з сыноў і дачок беларускай зямлі, дзе б яны ні былі, у які б час не працавалі. Наша ўдзячнасць і павага кожнаму знакамітаму нараджэнцу зямлі беларускай - гэта асэнсаванне таго, што зямля наша славіцца таленавітымі людзьмі, гэта ўсведамленне таго неаспрэчнага факту, што менавіта людзі з'яўляюцца асноўным багаццем любой краіны. І ўшанаванне і прызнанне іх заслуг - гэта натуральны працэс умацавання незалежнасці нашай краіны.

Наша шчырая ўдзячнасць павінна быць адрасаваная ўсім нашчадкам Ігната Дамейкі за іх адкрытасць, прыязнасць і прыхільнасць да яго радзімы.


Каталіцкі касцёл Чылі рыхтуе кананізацыю беларуса Ігната Дамейкі

У менскім Чырвоным касцёле 31 ліпеня, у дзень 215-годдзя вядомага беларуса Ігната Дамейкі (1802-1889), даследчыка-геолага, мінеролага, нацыянальнага героя Чылі, было абвешчана пра тое, што каталіцкі касцёл Чылі вядзе падрыхтоўчую працу для кананізацыі Дамейкі, піша krynica.info.

Пра гэта пробашчу Чырвонага касцёла кс. Уладзіславу Завальнюку паведаміла дэлегацыі з Чылі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі сям'і Дамейкі. У Беларусь прыехалі тры праўнукі дона Ігнацыё і адзін прапраўнук.

З нагоды ўрачыстага выпадку ў касцёле адбылася адмысловая святая імша.

Наш кар. Здымак Элы Дзвінскай.


На Дзятлаўшчыне збіраюцца аднаўляць сядзібу, дзе жыў Ігнат Дамейка

Пра сваю ідэю аднавіць сядзібу і стварыць пры ёй музей уласнік будынка Канстанцін Шуляк распавёў падчас візіту нашчадкаў Дамейкі ў Жыбартоўшчыну 4 жніўня 2017 г.

- Мы б хацелі аднавіць, наколькі гэта магчыма, - сказаў Канстанцін Шуляк.

Жыбартоўшчына належала дзядзьку Дамейкі - таксама Ігнату. Будучы навуковец жыў тут у 1822-1823 гадах. Маючы 82 гады, Дамейка зноў прыехаў у Жыбартоўшчыну да дачкі і зяця, якія жылі ў маёнтку.

- Вельмі прыемна быць у месцы, дзе наш продак правёў шчаслівыя гады ў сваім дзяцінстве, - сказала Пас Дамейка, Ігнатава праўнучка, падчас візіту ў Жыбартоўшчыну. - У сваіх успамінах ён пісаў: "Я вельмі шчаслівы знаходзіцца тут. У тым самым пакоі, дзе я жыў дзіцем".

- Мы яго лічым не толькі героем Чылі, але і героем Беларусі, - сказаў Аляксандар Дубовік, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама.

Канстанцін Шуляк патлумачыў, што арганізуе на тэрыторыі маёнтка аграсядзібу. Найперш пабудуе гасцявы дом, а потым возьмецца за аднаўленне сядзібы Дамейкаў. Цяпер сядзіба ў аварыйным стане і патрабуе кансервацыі.

Таксама Канстанцін Шуляк плануе адкрыць тут музей. Ён будзе прысвечаны гісторыі мясцовага краю, у тым ліку сям'і Дамейкаў.

- Спадзяёмся, што праз колькі год вы ці вашы дзеці зможаце прыехаць сюды і прыпыніцца, - сказаў Канстанцін Шуляк.

"Радыё Свабода".


У Менску прэзентавана кніга пра Ігната Дамейку

31 ліпеня споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння навукоўца-мінеролага, геолага Ігната Дамейкі, ураджэнца в. Вялікая Мядзведка Наваградскага павета Менскай губерніі, удзельніка Таварыстваў філаматаў і філарэтаў і паўстання 1830-1831 гадоў, нацыянальнага героя Чылі.

У Менск прыехалі праўнукі Ігната Дамейкі - Пас, Сесілія і Мігель Дамейкі. Госці ўзялі ўдзел у навуковай канферерэнцыі "Геалогія і мінеральныя рэсурсы Захаду Усходне-Еўрапейскай платформы", прысвечанай юбілею даследчыка, якая праходзіла ў Нацыянальнай Акадэміі навук з 31 ліпеня па 3 жніўня.

31 ліпеня ў Міністэрстве замежных спраў адбылася прэзентацыя кнігі сеньёры Дамейкі "Ігнат Дамейка: з Мядзведкі - Сант'яга-дэ-Чылі (1802-1889)", перакладзенай з іспанскай на беларускую мову. Пас Дамейка жыве ў Аўстраліі, у яе пяць дачок і шасцёра ўнукаў. Яе бацька быў палітыкам, які быў вымушаны з'ехаць з сям'ёй у эміграцыю.

- Я вельмі ўсхвалявана цырымоніяй , - сказала сеньёра Пас Дамейка, праўнучка Ігната Дамейкі. - Мне вельмі прыемна бачыць яго партрэт у касцёле. Дон Ігнацыё быў добрым мужам і сем'янінам, у яго было чацвёра дзяцей, і сёння ў Чылі жывуць каля 200 яго нашчадкаў. Апошнія 20 гадоў я прысвяціла даследванню жыцця майго прадзеда. Пасля таго, як я перанесла аперацыю, і некалькі імкненняў перажывала клінічную смерць, дон Ігнацыё прыцягнуў мяне да сябе. Калі я прышла ў прытомнасць, то вырашыла, што буду даследваць яго жыццё. Я паехала на Беларусь, у Літву, Польшчу, Францыю, Чылі. На іспанскай мове я напісала кнігу, якая была выдадзена ў Чылі і перавыдадзена па-ангельску ў Аўстраліі. Самымі шчаслівымі, поўныя падарожжаў і прыгодаў, былі апошнія 20 гадоў майго жыцця, якія я прысвяціла майму прадзеду. У кнізе я імкнулася паказаць паўнату яго асобы. Ён быў рамантыкам і адначасова рэлігійнай асобай, навукоўцам, добрым бацькам.

Пра экспедыцыю ў Чылі прадстаўнікоў Беларусі, якая адбывалася ў 2012 годзе, распавеў касцельны актывіст Леанід Галубоўскі.

- На 200-годдзе Ігната Дамейкі ў інстытуце геалогіі НАН праводзілася канферэнцыя. Выкладчыкі геаграфічнага ўніверсітэта БДУ ў 2012 годзе адправіліся ў Чылі на чале з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам, наведалі ўніверсітэт у Сант'яга, дзе працаваў наш суайчыннік.Там стаіць бюст Ігната Дамейкі. Капсулу з зямлёй з Беларусі мы даставілі ў радавую спачывальню сям'і Дамейкаў у Сант'яга. Удзельнікі экспедыцыі пабывалі ў гарах, наведалі Патагонію, экватарыяльныя раёны краіны і горад Ла-Серэна. Былая горная школа ў Ла-Серэне, а сёння - універсітэт, носіць імя Ігната Дамейкі. Нас правялі па аўдыторыях гэтага ўніверсітэта, паказалі калекцыю мінералаў з усяго свету, якую збіраў Дамейка. У геалагічным музеі стаіць помнік вучонаму. З Чылі на Беларусь таксама была дастаўлена каспула з зямлей. У Менску ў сярэдняй школе №120 ёсць музей, прысвечаны вялікаму падарожніку і навукоўцу. Вучні школы пішуць пра яго свае даследванні і выступаюць на гарадскіх вучнёўскіх канферэнцыях.

У Чылі вельмі шануюць даследчыка-мінеролага, прафесара Ігната Дамейку. У яго гонар названыя вуліцы ў Сант'яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Менску, Наваградку, Лідзе, Крупаве...

Э. Дзвінская. На фота "Свабоды": 1. Нашчадкі Дамейкі ў Менску; 2. Пас Дамейка са сваёй кнігай, выдадзенай па-беларуску; 3. Уладзімір Макей і Пас Дамейка.


Юбілейныя мерапрыемствы з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава прайшло святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

- Менавіта 6 жніўня 1517 года выйшаў у свет "Псалтыр" - першая друкаваная кніга са Святога Пісання на беларускай мове таго часу, - адзначае біскуп Аляксандр Яшэўскі. - Для Скарыны першасным было не проста надрукаваць кнігу і стаць першадрукаром на нашых землях. Найбольш важным для яго было выданне менавіта Бібліі на мове, зразумелай звычайным людзям, каб Божае слова чыталі і каб - як казаў сам Скарына - "лекі для душы і для цела" адтуль бралі.

Святкаванне распачалося святой iмшой у 11.00, падчас якой супольнасць на чале з іерархам і душпастырамі дзякавалі Стваральніку за дар Божага слова на роднай мове.

Пасля святой iмшы з навуковым дакладам на тэму "Францішак Скарына: знаёмы і не знаёмы" выступіў Віталь Еўмянькоў, кандыдат філалагічных навук, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, дацэнт МДУ імя А.А. Куляшова.


У Празе адбыліся міжнародны навуковы сімпозіюм "Скарына і Прага", адкрыццё дзвюх выставаў, прысвечаных беларускаму асветніку і ўскладанне кветак да памятных мясцін - да шыльды Скарыну на будынку Славянскай бібліятэкі і да месца, дзе магла быць яго друкарня.

Па матэрыялах друку.


Гомельскі дызайнер-мастак Дзмітрый Казлюк ідэю свайго арт-праекту з выявай першага беларускага кнігадрукара Францішка Скарыны прапанаваў кіраўніцтву аднайменнага ўніверсітэта ў 2015 годзе. Грошы на матэрыялы для графіці было вырашана сабраць з дапамогай сацыяльнай краўдфандынгавай пляцоўкі, але неабходнай сумы сабраць не ўдалося. Тады гамяльчук вырашыў стварыць малюнак сваімі сіламі, часткова з грашыма дапамагла ВНУ.

На стварэнне графіці пайшло дзевяць дзён і 60 кг фарбы. Ужо падчас працы Дзмітрый даведаўся, што 6 жніўня - сімвалічны для беларускага кнігадрукавання дзень. Таму ён стараўся паспець скончыць свой праект менавіта да гэтай даты. У выніку рыштаванні былі прыбраныя 4 жніўня, якраз у дзень нараджэння самога Дзмітрыя.

- Партрэт Францішка Скарыны зроблены ў аўтарскай тэхніцы. Гэта нешта сярэдняе паміж алоўкавым малюнкам і гравюрай. Выкарыстоўвалася спецыяльная фасадная фарба, якой не страшныя сонца ці дождж, а значыць, малюнак будзе даўгавечным, - распавёў гамяльчук.

Радыё Свабода.


Рэспубліканская экспертна-мастацкая рада па манументальна-дэкаратыўным мастацтве на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхасём Баразной ухваліла эскізны праект скульптара Геніка Лойкі - помнік-бюст першадрукара Францішка Скарыны.

Помнік маюць усталяваць ужо сёлета ўвосень - у цэнтры Кішынёва, у скверы насупраць беларускай амбасады. Паводле Гэніка Лойкі, за комплексную рэалізацыю праекту адказвае архітэктар Віталь Арабей. Ідзе змаганне і за напісанне імя Скарыны. Згодна з умовамі конкурсу на помніку павінен значыцца Францыск , аўтар жа настойвае на Францішку .

Радыё Свабода.


100 гадоў "ЗВЯЗДЗЕ"

"Звязда" - дзяржаўная рэспубліканская газета на беларускай мове, якая выдаецца ў Беларусі.

Наклад - 25 тыс. асобнікаў. У 1972 годзе наклад складаў 100 тыс. асобнікаў.

Першы нумар газеты (на рускай мове) выйшаў 9 жніўня 1917 года ў Менску. У 1917 годзе частка нумароў выйшла пад загалоўкамі "Молат" і "Буравеснік". Была органам Менскага камітэта РСДРП(б). З лютага па снежань 1918 года і з чэрвеня па жнівень 1920 года друкавалася ў Смаленску, а ў красавіку 1919 года - у Вільні; астатні час - у Менску. У 1920 годзе стала друкаваным органам ЦК КП(б) Беларусі. У 1925 годзе частка матэрыялаў пачала публікавацца на беларускай мове, а ў 1927 годзе газета стала цалкам беларускамоўнай.

У жніўні 1941 года з-за нацысцкай акупацыі выданне газеты было спынена. У траўні - верасні 1942 года і студзені 1943 - ліпені 1944 года газета выходзіла падпольна; многія чальцы рэдакцыі загінулі, акупанты гатовыя былі выплаціць 75 тысяч марак таму, хто пакажа, дзе друкавалася падпольная газета "Звязда". 10 ліпеня 1944 года, пасля вызвалення Менска савецкімі войскамі, выданне газеты было афіцыйна адноўлена.

Газета ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені (1965) і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967).

Заснавальнікамі газеты з'яўляюцца Савет Міністраў, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Вікіпедыя.


Віншуем калегаў-звяздоўцаў з паважным юбілеем .


Стыпендыяльная праграма DAAD для навучання на праграмах развіцця (Германія)

Навіны Германіі

Арганізацыя The German Academic Exchange Service (DAAD) прапануе стыпендыі для навучання ў Германіі для замежных студэнтаў на праграмах магістратуры і аспірантуры ва ўніверсітэтах Германіі. Мэта праграмы падрыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў з краін, якія развіваюцца. Спіс праграм, навучаючыся на якіх можна атрымаць стыпендыю, можна паглядзець перайшоўшы па спасылцы. Стыпендыі выплачваюцца ў перыядзе ад 12 да 24 месяцаў, дэдлайн 30 кастрычніка.

Стыпендыя складаецца з:

- штомесячнай стыпендыі памерам у 750 €, для кандыдатаў, якія маюць доктарскую ступень стыпендыя складае 1000 € у месяц;

- транспартных выдаткаў;

- аплаты медыцынскай страхоўкі і страхоўкі ад няшчасных выпадкаў (калі гэтыя выдаткі не аплачваюцца іншай арганізацыяй).

Патрабаванні да кандыдатаў і кандыдатак:

- працуюць альбо ў грамадскай арганізацыі, альбо ў прыватнай ці дзяржаўнай кампаніі ў адной з краін, якія развіваюцца і ўцягнутыя ў планаванне і правядзенне праектаў, якія маюць акцэнт на палітыцы развіцця ў тэхналагічнай, эканамічнай, або сацыяльнай сферах;

- маюць дыплом бакалаўра, або эквівалент у адпаведнай дысцыпліне;

- атрымалі ступень з добрымі адзнакамі (кандыдаты павінны быць у ліку лепшых студэнтаў) і маюць не менш 2-х гадоў вопыту работы ў адпаведнай сферы;

- атрымалі навуковую ступень не больш за шэсць гадоў таму;

- хочуць навучацца на нямецкай мове павінны мець такія вынікі аднаго з тэстаў на веданне мовы: DSH 2 ці TestDaF 4, ведаць нямецкую мову на ўзроўні А2, або В1;

- хочуць навучацца на англійскай мове павінны мець такія вынікі аднаго з тэстаў на веданне мовы: IELTS (вынік 6), або TOEFL (мінімум: 550 пісьмовы тэст, 213 тэст здадзены на кампутары, 80 тэст здадзены праз інтэрнэт);

Заяўкі на паступленне разам з дакументамі варта адпраўляць непасрэдна на электронны адрас абранай праграмы. Дэдлайн для падачы заяўкі для розных курсаў розны, і можа быць у перыядзе са жніўня па кастрычнік.

Неабходныя дакументы:

- рэгістрацыйная форма;

- СV з подпісам (для напісання CV неабходна выкарыстоўваць узор http://europass.cedefop.europa.eu/);

- матывацыйны ліст з подпісам;

- рэкамендацыйны ліст з універсітэта, які павінен мець подпіс і штамп і таксама мець свежую дату;

- рэкамендацыйны ліст ад працадаўцы, які павінны мець подпіс і штамп і таксама мець свежую дату;

- пацверджанне аб працаўладкаванні ў роднай краіне кандыдата і, калі магчыма, гарантыю аб вяртанні на пасаду пасля заканчэння навучання;

- пацверджанне ведання мовы: англійскай - IELTS МЛМ TOEFL, нямецкай - неабходна для курсаў, якія выкладаюцца на нямецкай;

- копіі атрыманых вучоных ступеняў:

- копіі акадэмічнай выпіскі з ацэнкамі;

- копія сертыфіката аб заканчэнні школы.

Для паступлення на некаторыя курсы магчыма спатрэбяцца дадатковыя дакументы.

АДБ "Брусель".



Увага! З 26 ліпеня змяніўся нумар тэлефона Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Новы нумар (8017) 2638511.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пачалася і міжусобная вайна паміж герцагамі Бургундыі і Арлеана. У 1413 г. у Англіі з'явіўся новы кароль, Генрых V Ланкастарскі . У жніўні 1415 г. ён з вялікім войскам напаў на Францыю. У 1416 г. да яго далучыўся герцаг Бургундыі са сваім войскам. У кастрычніку 1415 г. адбылася вялікая бітва каля вёскі Азенкур на поўначы Францыі. Французы былі разбітыя. Англічане паступова захапілі ўсю поўнач Францыі, у тым ліку і Парыж.

21 траўня 1420 г. у Труа бакі падпісалі мірную дамову, паводле якой пасля смерці караля Францыі Карла VI каралём краіны станавіўся Генрых V. Сын Карла VI дафін Карл губляў свае спадчынныя правы на французскую карону. Аднак дафін Карл з гэтым не пагадзіўся і аб'явіў дамову ў Труа незаконнай. У 1422 г. амаль адначасова паміраюць Генрых V (у яго застаўся 9-месячны спадкаемца Генрых VII), і Карл VІ. Дафін Карл паехаў на поўдзень Францыі і ў Пуацце быў абвешчаны каралём Карлам VII . Аднаку Еўропе яго каралём не прызналі, бо ён не змог паводле традыцыі каранавацца ў Рэймскім саборы.

Францыя распалася на тры часткі: Паўночную, дзе знаходзіліся англічане, Бургундыю - саюзніка Англіі, і Цэнтральную, разам з паўднёвай часткай (тэрыторыя на поўдзень ад Луары), дзе прызнавалі ўладу Карла VII.

Вайна паміж аглічанамі і французамі працягвалася. У кастрычніку 1428 г. войскі англічан аблажылі буйны горад і цвердзь Арлеан, які меў важнае стратэгічнае значэнне. Здавалася, выратаваць яго мог толькі цуд. I такі цуд здарыўся ў 1429 г.

Жанна д'Арк. Нягледзячы на доўгія паразы ў вайне з Англіяй у французскім народзе існавала надзея на цуд, які выратуе здрапежаную краіну ад захопнікаў. Было распаўсюджана павер'е, што з дубовага лесу, які знаходзіцца на мяжы з Латарынгіяй, з'явіцца Дзева - вызваліцельніца Францыі. I вось у 1429 г. цуд здарыўся ў выглядзе Жанны д'Арк, якую назавуць спачатку Латарынгскай , а потым Арлеанскай дзевай.

Гэтая дзяўчына нарадзілася ў 1412 г. у вёсцы Дамрэмі, на мяжы Латарынгіі і Шампані, у сялянскай сям'і. Дзяўчынка расла вельмі ўразлівай і была рэлігійна-экзальтаванай асобай. У 15 гадоў яна і яе сям'я сутыкнуліся з жахамі вайны. Жанне падчас малітваў пачалі з'яўляцца прывіды і чуцца галасы, якія намаўлялі яе выратаваць дафіна Францыі і вярнуць яму каралеўскі трон. Жанна вырашыла, што менавіта яна абраная Богам стаць выратавальніцай роднай краіны. З вялікімі цяжкасцямі і прыгодамі яна дабралася да замка Шынона (каля горада Буржа ) і дамаглася сустрэчы з дафінам Карлам. Яна пераканала яго ў сваёй богаабранасці і прапанавала накіраваць яе разам з войскам на дапамогу Арлеану, які быў у варожай аблозе. Дафін дазволіў ёй далучыцца да войска і фармальна яго ўзначаліць. У сапраўднасці ім, вядома, кіравалі дасведчаныя камандзіры-прафесіяналы. Жанна надзела рыцарскія даспехі і прыняла непасрэдны ўдзел у баях. 8 траўня аблога Арлеана была знятая, і англічане адступілі.

Папулярнасць Жанны ў краіне вырасла, і яна настаяла, каб дафін прабіўся праз варожае атачэнне ў горад Рэймс, каб там афіцыйна каранавацца паводле старадаўняга звычаю. Вытрымаўшы некалькі бітваў з англічанамі, Карл разам з Жаннай у ліпені 1429 г. увайшлі ў Рэймс, дзе ў прысутнасці Жанны адбылася каранацыя Карла.

Жанна вырашыла вызваліць ад англічан сталіцу Францыі Парыж, але яе атрад не здолеў гэта зрабіць. Вайна працягвалася. У траўні 1430 г. пры аблозе горада Камп'ена Жанна трапіла ў палон да бургундцаў. Яны за вялікія грошы перадалі яе ў рукі англічан. Потым у Нармандыі ў горадзе Руане яе судзілі судом інквізіцыі, абвінавацілі ў вядзьмарстве і 30 траўня 1431 г. спалілі на вогнішчы. Праз 25 гадоў справу Жанны перагледзелі і адмянілі руанскі прысуд.

(У 1909 папа Пій X абвясціў Жанну дабраславёнай, а 16 траўня 1920 года папа Бенедыкт XV кананізаваў яе. Дзень памяці - 30 траўня. У наш час практычна ў кожным каталіцкім храме Францыі ёсць статуя святой Жанны д'Арк. Арлеанская дзева падаецца ў мужчынскім косцюме, з мячом у руцэ. Рэд. )

Пасля смерці Жанны англічане пачалі цярпець паразы. У 1435 г. герцаг Бургундыі Філіп ІІІ замірыўся з Карлам VII, і англічане страцілі моцнага ваеннага саюзніка. У 1436 г. іх выгналі з Парыжа, а потым у чэрвені 1451 г. - з горада Бардо і правінцыі Гасконь. Восенню 1452 г. войскі Англіі зноў захапілі гэты горад. Аднак французы на чале з Карлам VII 16 ліпеня 1453 г. разбілі ворага ў бітве каля Шатыёна. 19 кастрычніка 1453 г. здаўся англійскі гарнізон у Бардо. Стагадовая вайна скончылася. У англічан застаўся толькі горад Кале.

2. Паўстанне Жакерыя

Гэта было адно з самых масавых паўстанняў французскіх сялян у эпоху Сярэднявечча. Паўстанне пачалося ў 1358 г. падчас Стагадовай вайны. Назва паўстання паходзіць ад крыху здзеклівага слова "жак", што прыблізна адпавядае нашаму слову "мужык". "Жакамі" французскія феадалы зняважліва называлі сваіх сялян.

Прычын паўстання было шмат. У 1348 г. у Францыі лютавала эпідэмія чумы, падчас якой трэцяя частка жыхароў краіны памерла. Вядома, што ў першую чаргу пацярпелі сяляне-беднякі. Падчас вайны сялян абклалі вялікімі падаткамі, а іх вёскі рабавалі як англійскія, так і французскія салдаты-наёмнікі. Непасрэднай прычынай паўстаня было рашэнне дафіна Карла сялянскімі рукамі ўмацоўваць замкі вакол Парыжа. Таксама сяляне былі павінны забяспечыць гарнізоны гэтых замкаў харчамі. Паўстанне пачалося 28 траўня 1358 г. Паўстанне ахапіла ўсю цэнтральную Францыю. Узначаліў яго селянін Гіём Каль (ці Карль ). Колькасць паўстанцаў дасягнула амаль ста тысяч чалавек. Яны палілі і рабавалі феадальныя замкі і мелі на мэце пазабіваць усіх феадалаў-прыгнятальнікаў. Пры гэтым яны не выступалі супраць манархіі і нават мелі на сваіх сцягах выяву лілеі - герб дынастыі Валуа. Спачатку французская шляхта разгубілася, але потым запрасіла на дапамогу караля Навары (суседкі Францыі на поўдні) Карла Злога , які прэтэндаваў і на французскую карону. Ён сабраў войска, каля тысячы французскіх і англійскіх рыцараў, і рушыў на паўстанцау Войска паўстанцаў, значна большае, чым армія феадалаў, выйшла насустрач. 8 чэрвеня войскі сустрэліся каля вёскі Мэло . Хітры Карл Злы прапанаваў перамір'е і перамовы. Сяляне пагадзіліся, а калі іх лідар Гіём Каль з'явіўся для перамоваў, ён быў вераломна схоплены, пасля чаго рыцары знянацку напалі на сялян. Застаўшыся без камандзіра, сялянскае войска атрымала паразу, а іх лідара пасля жахлівых катаванняў забілі. Пераможцы два месяцы пераследавалі паўстанцаў і знішчылі каля 20 тысяч чалавек.

3. Паўстанне Уота Тайлера

У 60-я - 70-я гг. XIV ст. у Англіі пачаўся антыкаталіцкі рух, які доўжыўся больш за 100 гадоў. Ён быў звязаны з тым, што рымскія папы трапілі пад уплыў Францыі. Лідарам гэтага руху стаў Джон Уікліф (1320-1386) - святар, багаслоў, прафесар Оксфардскага ўніверсітэта. Ён лічыў, што духоўная ўлада павінна быць падначаленая свецкай уладзе, а царква мусіла адмовіцца ад зямельнай маёмасці. Менавіта ён пераклаў Біблію з лацінскай на англійскую мову. Спачатку ён набыў вялікую папулярнасць у краіне, але пасля сялянскага паўстання 1381 г. улады пачалі баяцца ўплыву яго ідэй на просты народ і перасталі яго падтрымліваць. Уікліф пакінуў Оксфард і неўзабаве памёр.

Але засталіся яго вучні, бедныя святары-прапаведнікі. Іх дзейнасць пераследавалася афіцыйнай каталіцкай царквой, а гэтыя людзі атрымалі назву лоларды . Адзін з гэтых святароў, Джон Бол , стаў адным з правадыроў сялянскага паўстання. Ён прапаведаваў сацыяльную роўнасць усіх людзей у краіне. Падставай для сялянскага паўстання быў усеагульны падатак на вайну, уведзены ў 1380 г. Калі ў наступным годзе пачалі збіраць гэты падатак, сяляне паўсталі. Найбольш паўстанцаў было ў графствах Кент і Эсэкс , на паўднёвым захадзе Англіі. Сярод іх вялі актыўную дзейнасць прапаведнікі лоларды на чале з Джонам Болам і селянінам Уотам Тайлерам . Паўстанцы грамілі маёнткі і кляштары, знішчалі дакументы, у якіх былі запісаны іх павіннасці. Іх падтрымалі дробныя рыцары і гараджане. Атрады паўстанцаў падышлі да Лондана. Ноччу бедныя гараджане адчынілі гарадскія брамы, паўстанцы ўвайшлі ў горад і разрабавалі каралеўскі палац. Малагадовы кароль з дваром схаваліся ў замку Таўэр. 14 ліпеня ў лонданскім прыгарадзе кароль Рычард ІІ сустрэўся з паўстанцамі-сялянамі, якія горача яго віталі, бо лічылі вінаватымі толькі яго дрэнных дарадцаў. Рычард II пагадзіўся з патрабаваннямі паўстанцаў, але прыгоннае права пакінуў без зменаў. Адначасова паўстанцы ўварваліся ў каралеўскі замак Таўэр і жорстка расправіліся з атачэннем караля, якое і было, на іх думку, ва ўсім вінаватым. Большая частка паўстанцаў, задаволеная абяцаннямі караля, пакінула Лондан. Але тыя, хто застаўся, на чале з Уотам Тайлерам, запатрабавалі новай сустрэчы з каралём. Падчас перамоваў мэр Лондана забіў Уота Тайлера. Кароль Рычард выехаў да паўстанцаў, зноў шмат чаго ім паабяцаў, і тыя таксама пакінулі сталіцу Англіі. Англійскі парламент прыняў закон, паводле якога пераслед большасці паўстанцаў быў спынены. У выніку прыгонная залежнасць сялянства аслабла і паступова знікла.

4. Міжусобная вайна XV ст. у Англіі

Пасля паразы Англіі ў Стагадовай вайне ў краіне пачалася доўгая міжусобная вайна паміж дзвюмя ўплывовымі феадалыіммі групоўкамі, што змагаліся за ўладу. Гэта вайна ў гісторыі атрымала прыгожую назву "вайна Чырвонай і Белай ружы" . Чырвоная ружа аздабляла герб роду Ланкастараў , а белая ружа - складовая частка герба роду Ёркаў . Каралеўская ўлада моцна падупала, а ўлада вялікіх феадалаў узмацнілася. Вельмі збяднела дробнае рыцарства, якое пасля вайны з Францыяй вярнулася ў краіну, поўніла войскі варагуючых бакоў. Першым свае прэтэнзіі на каралеўскі трон выказаў герцаг Рычард Ёрк . У 1455 г. яго войска разбіла армію караля Эдуарда III. Аднак неўзабаве ён дасягнуў кампрамісу з каралём, і вайна часова спынілася. У 1459 г. войскі Ланкастараў умацаваліся і ў 1460 г. разбілі атрады Рычарда Ёрка, а ён у гэтай бітве загінуў. Аднак яго сын Эдуард Ёрк у дзвюх бітвах у 1461 г. разбіў войскі Ланкастараў, і іх камандзір Генрых VI уцёк у Шатландыю. Эдуард Ёрк стаў каралём, умацаваў сваю ўладу. У 1464 г. ён зноў разбіў войскі Генрыха VI і ўзяў яго ў палон. Але частка Ёркаў, не задаволеная яго кіраваннем, перайшла ў варожы лагер, захапіла Лондан, вызваліла Генрыха VI і зноў абвясціла яго каралём. Эдуард IV Ёрк уцёк у Галандыю, атрымаў там падтрымку Бургундыі, потым, у 1471 г., вярнуўся ў Англію, захапіў Лондан, зноў пасадзіў Генрыха VI у турму, дзе той і памёр.

Канец яго ўлады прайшоў спакойна. У Англіі назіраўся эканамічны пад'ём аж да яго смерці ў 1483 г. Зноў узнавілася міжусобная вайна, у якой загінулі амаль усе ўплывовыя Ёркі і Ланкастары. У выніку да ўлады ў 1485 г. прыйшоў кароль Генрых VII , далёкі сваяк роду Ланкастараў, які заснаваў новую дынастыю Цюдараў .

У канцы XV ст. феадальная сістэма Англіі амаль цалкам разбурылася. Лендлорды адмовіліся ад земляробства ў сваіх маёнтках, пачалі на сваіх землях пасвіць і разводзіць авечак, а залежных сялян выганяць у гарады. Пачаўся т. зв. працэс "абгароджвання" , які набярэ сілу пазней, у ХVІ ст. Пасля паўстання 1381 г. знікла прыгонная залежнасць сялян. Сяляне падзяліліся на вольных сялян, ёўменаў , і беднякоў, якія не мелі зямлі і зрабіліся батракамі. Ёўмены служылі ў англійскай арміі, мелі дома баявыя лукі і былі элітай англійскай арміі падчас Стагадовай вайны.

Калі англійскія купцы асвоілі далёкія марскія шляхі, вельмі актывізаваўся марскі гандаль Англіі. А кароль Генрых VII Цюдар (1485-1509) зрабіў Англію краінай з моцнай каралеўскай уладай, квітнеючай эканомікай, магутнай арміяй і флотам.

5. Герцагства Бургундыя

Росквіт гэтай дзяржавы прыпадае на XV ст. У пачатку стагоддзя гэта была вялікая краіна з вялізнай арміяй. Герцагі Бургундыі далучылі да сваіх земляў Бургундскае графства (якое належала Свяшчэннай Рымскай імперыі), значную частку Нідэрландаў (Фландрыя, Брабант) і Люксембург. З 1416 па 1435 г. Бургундыя была саюзнікам Англіі і ваявала з Францыяй. Чарговы росквіт краіны звязаны з герцагам Карлам Смелым (1467-1477). Ён не жадаў падпарадкоўвацца каралю Францыі і хацеў ператварыць сваю дзяржаву, у якую ўваходзілі некалькі герцагстваў і графстваў, у самастойнае каралеўства. У другой палове XV ст. Бургундыя мела вялікую армію і зрабілася адной з самых моцных краін Заходняй Еўропы. Тэрыторыя Бургундыі ахоплівала паўколам Францыю на паўночным усходзе. Карл Смелы здолеў утварыць і ўзначаліць кааліцыю прынцаў каралеўскай крыві, якую назвалі Лігай грамадскага дабра . Аднак кароль Францыі здолеў рознымі спосабамі разваліць яе. Карл Смелы валодаў дзвюмя не злучанымі паміж сабою тэрыторыямі, Нідэрландамі і Бургундыяй і хацеў іх аб'яднаць. Таму ён увесь час ваяваў з герцагам Латарынгіі і Швейцарыяй. Французскі кароль даваў фінансавую дапамогу ворагам Бургундыі. У 1477 г. паміж войскамі Бургундыі і арміяй Латарынгіі і Швейцарыі адбылася вялікая бітва пры горадзе Нансі . Людовік ХІ, кароль Францыі, падкупіў наёмнікаў, якія і забілі падчас бітвы герцага Карла Смелага. Пасля гэтага французы захапілі заходнюю частку Бургундыі, якую кароль Людовік XI адразу далучыў да свайго дамена. Таксама ў Францыю ўвайшла і частка Нідэрландаў. Астатняя частка Бургундыі ўвайшла ў імперыю Габсбурга. Так закончыла сваё існаванне вялікая еўрапейская краіна.

(Працяг у наст. нумары.)


Культурнае піцейства - некультурнае самазнішчэнне

Валер Санько

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

*** Статыстыка Н. Буланкінай няўмольная. Палова выхаванцаў у дзіцячых дамах будзе піць, кожны чацвёрты-пяты трапіць за краты, яшчэ столькі зсамагубнічае. Чалавек з набытай алкагольнай залежнасцю спародзіць на свет такога ж сына, вераемнасць 60-85%. У цяжкім пасляваенні ў раёнах не было таварыстваў глухіх і сляпых, дамоў для недаразвітых. Цяпер ёсць. Нават у вясковых школах ствараліся класы для такіх дзяцей. Дзяржаве стала сорамна ад утворанага самазнішчэння, расфармавалі, размеркавалі няшчасненькіх недапетраных дзетак па здаровых класах, няхай асаджваюць уніз разумнейшых.

Беларусь жыве ў рэжыме самазнішчэння. Страшэнны Рубікон перайшла ў пачатку 90-х таго стагоддзя. Куды падае беларуская нацыя і дзяржава? ("НВ", 21.11.2008) .


*** Лячэнне ад алкагалізму, залежнасці ад яго цяжкая задача. Усемажлівыя абяцанні хутка і назаўжды вылечыць, на думку менскага нарколага Ўладзіміра Максімчука, перабольшванні, зацягванне фірмамі хворага ў грашоўныя выдаткі. Ніводзін з самых рэкламаваных сёння метадаў і спосабаў лячэння не дае 100 % -най гарантыі вылечвання. Максімчук ведае шмат няўдалых спробаў дапамогі метадам полімадальнай рытмічнай стымуляцыі ў недзяржаўных медустановах. І г.д.

Пакуль навуковыя даследаванні цвёрда ўстанавілі: ні адно лякарства рэальна не можа вылечыць ад пахмельных праблемаў, запояў. Традыцыйныя медыцынскія сродкі сумесна з народнымі дапамогуць выпівоху не стаць адкідам грамадства, лішнім у сям'і. Толькі пры яго жаданні. Так званае ўмеранае спажыванне напояў або культурнае піццё - часовае расцягванне непазбежных захворванняў.

Хітрамондрасць спойвальнікаў народа і дзяржаўных абыякаўцаў даходзіць да пошласці, нізасці. Апраўдваюць сябе былым. Вывуджваюць даўнія рэдкія факты падзейнага цыклу (вяселле, нарадзіны, пахаванне), каляндарнага (пачатак сяўбы, завяршэнне жніва, Пакровы, асяніны, Вадохрышча, Каляды) і рэлігійнага (Сёмуха, Нараджэнне Хрыста, Вялікдзень) цыклаў, калі ўжываліся хмельныя напіткі ў старажытнасці - у тым ліку ВКЛ - і распаўсюджваюць на штодзённае забулдыжніцтва.

Усемажлівыя пераўвелічэнні выпівонства ў старажытнасці і царскай імперыі - ад жадання апраўдаць разлівы цяперашніх алкагольных рэк.

*** Гарэлку на Беларусі пачалі шырока гнаць пасля далучэння да Расіі. У 1876 годзе мешчанін Носель Зелікавіч Пупко ў Віленскай губерніі выпусціў вялікую партыю піва. Афіцыйна карчму па-за горадам дазвалялі трымаць толькі на дарожных трактах і ў вялікіх мястэчках. У гарадах ВКЛ - Гародня, Масты, Наваградак, Слонім - піва выраблялі мала. Вайна і ўведзены 18.9.1914 антыалкагольны царскі закон паспрыялі таму, што на франтах п'яных не было.

*** Хто-небудзь з першай ступені сваяцтва (маці, бацька, браты, сёстры) пакутавалі ад алкагольнай залежнасці - рызыка алкагалізацыі іхніх нашчадкаў у 5 разоў вышэйшая, іхнія сваякі нізашто не павінны ўжываць хоць грам алкаголю.

Калі чалавек пачынае шукаць нагоду выпіць, значна весялее пасля піўца/вінца, сочыць, каб разлівалася пляшка строга пароўну, каб яму не зменшылі дозу, тым болей выпівае чарніла на адзіноце - не патрэбна сумнявацца, у яго алкагольная залежнасць.

Шлюб, нараджэнне дзіцяці, хрысціны, прафесійны рост, развод, уграшоўванне, прэмію, збядненне... - ніколі не адзначайце напоямі. Ілюзіі - сёння выпіў, заўтра ацверазею, нічога не забаліць, мяне нехта вылечыць - застануцца ілюзіямі. Асабліва канцоўна выпівоху, калі страціў асноўныя чалавечыя матывацыі - пазбыўся дзяцей, сяброў, сям'і. Любыя спробы вылечвання такога бязвольніка як правіла безвыніковыя.

Павышаюць настрой, фізічнае задавальненне праца, ежа, секс, сям'я, узнагароды, любому неабходна баяцца таго, што стварае ілюзію поўнага шчасця - алкаголю, наркотыкаў. Пагэтаму важна інфармаваць чалавека, інфармаваны абаронены ад шкоды. Праўдзівая інфармацыя знімае арэол задавольства з спіртных, наркотных.

Іудэям і арабам рэлігія дазваляе ўзяць чарку з віном, як выключэнне, калі доўга падарожнічаюць, хварэюць. А ў нас... няма абмежку.

*** Лозунгі, ідэі культур-піцейшчыкаў: алкаголь сам па сабе жыццё чалавеку не кароціць. Уся справа ў меры, колькасці. - Няпраўда, якая не патрабуе абвяржэння

Пасля 40 гадоў мужчынам піва, алкаголь карысныя, прадаўжаюць эрэкцыю, запавольваюць семязвяржэнне. - Хлусня, выдумаль. Нязначная зацяжка семявывяржэння пасля бутэлькі піва, чаркі гарэлкі будзе 1-3 гады, яно так, потым рэзкі абрыў, наогул эрэкцыі няма, у сперме няма жыўчыкаў. Акты усё радзей і радзей. Статыстыка менскіх медыкаў 1978 года несуцяшальная для выпівох горада, траціна здаровых 37-гадовых мужчын - на 90 % імпатэнтныя слабакі.

Алкаголь сагравае, нясе разрадку. - Няпраўда, цяпло ў ахалодзе найпершы прызнак замярзання, абмарожвання. Перад сыходам у Той свет да любога прыходзіць цяпло, задаволенасць.

Для расцірання замерзлых ужываюць спірт. - 1-2 хвіліны, для знешняга, скуры і мускулаў, не для ўнутранага.

Адразу пасля лазні або праз 3-4 гадзіны пасля карысна хлябаць піва, віно. - З тых жа операў, культурпіцейных, нацяжкавых. У новых абвяржэннях няма патрэбы.

Жывое піва мае шмат вітаміну Б. Карысна з тоўчаным часнаком. Стымулюе страўнікава-кішэчны тракт. Толькі трэба ведаць, з чаго піва зроблена. - Усё перавернута з ног на галаву. Талкуюць пра частку арганізма, аб прыватным (лазня, настрой, абмарожванні, гадзіна, вечар, раніца), не пра цэлы арганізм, не пра стан арганізма праз год, тры гады.

Расія радзіма алкагалізму. - Грубая няпраўда, адрыжка халоднай вайны.

*** Алкаголь дапамагае развіццю чалавецтва і маралі. - Як вош і лішай памагаюць росту чалавека.

Ёсць многа выпадкаў творчых азарэнняў. - Рэдкія. Любы градусны напой разбурае творчасць, за ўсё радчэйшым непрацяглым узбуджэннем ідуць прыгнечванне, тармажэнне, сон, трывогі, хваробы, потым ранняя смерць. Ап'яненне нізіць логіку мыслення, а не прыбліжае да анёльскага прасвятлення. Многія таленты не натхняліся градусамі, разбуралі творчыя сілы, прапівалі таленты, розум, зарана сціралі сябе з планіды (Мусаргскі, Ясенін, Хемінгуэй, Высоцкі, Блатун, Канапелька, Вышынскі...).

Алкаголік безабаронны перад любой перашкодай, пачынае рана вянуць. Сур'ёзныя хранічныя хваробы ў яго ўжо ў 30-40 гадоў.

*** У 1985 годзе асноўная маса народу СССР была за ацвярожванне гарамадства, 18 % сумнявалася ў поспеху справы, праз 4 гады сумнявалася 57 %. Бо даведзеная адзінай партыяй, камуністычнай, практычна да эканамічнага банкруцтва багатая дзяржава не магла выдзеліць Усесаюзнаму Дабрахвотнаму Таварыству Барацьбы за Цвярозасць хоць кроплю грошай, атрымваных ад продажу віна, гарэлкі. Усе сацыялістычныя краіны такія адлічэнні рабілі - 3-5%, - а багаты СССР ні рубля.

Страты ад п'яніцаў у краіне 14-19 млрд рублёў (18-25 млрд долараў), на лячэнне алкагалізму ў СССР штогод расходаваўся амаль мільярд рублёў (1,33 млрд долараў), а на антыалкагольныя патрэбы... у 1990 годзе ніякіх грошай не было. Ніякіх. Існуй таварыства як хочаш. ("Трезвость и культура", М., 1990, №4).

*** Закон, па якім планавалася караць кіраўнікоў прадпрыемстваў, прафсаюзныя і партыйныя арганізацыі, адміністрацыі сельсаветаў і раёнаў за ўтойванне прагульшчыкаў і п'яніц, так і не быў прыняты. Наркалагічныя службы па-ранейшаму падпарадкаваліся прадпрыемствам, а не раённым паліклінікам. З цярпеннем і літасцівасцю адносіліся да алкаголікаў і выпівохаў - атрымалі распітоўных падлеткаў.

*** Барацьбу за цвярозасць паступова падмянілі барацьбой з п'янствам, барацьбу з п'янствам - барацьбой з самагоншчыкамі. Так, запаволілася пашырэнне радоў п'яніц, меней стала ранішніх апахмельшчыкаў і малаўжыўных, але ўдзел дзяржавы ў забеспячэнні насельніцтва алкаголем не перапыніўся. Асноўны тагачасны лозунг грамадства - культурнага ўжывання алкаголю быць не можа! - паступова стаў падмяняцца ўсемажлівымі скаргамі на дэфіцыт цукру, адэкалонаў.

Амаль палова тэрыторыі Расіі ў 1989 годзе не была ахоплена актыўнай ацверажальнай работай.

*** Нястомны барацьбіт за ацвераджэнне народа Акадэмік Фёдар Рыгоравіч Углоў, адзін з аўтараў увядзення выдатнай антыалкагольнай кампаніі ў СССР (1985), у 1989 годзе няраз падкрэсліваў, што ў краіне штогод рэгіструецца 550 тысяч новых алкаголікаў (!); калі ацвярэзніцкімі сіламі вызваляць ад алкагольнай залежнасці штогод 500 тысяч, то ўсё роўна гэтага мала, краіна і таварыства будуць таптацца на месцы; справядліва прасіў/патрабаваў, каб ва ўсіх старэйшых класах школы праводзіліся 20-гадзінныя заняткі па супрацьалкагольнай прапагандзе. Усяго 20-гадзінныя, на год - 20 гадзін. Нічога не было зроблена.

*** Як застацца цвярозым

Нармальнаму чалавеку, тым болей выпівоху, які даў зарок не браць у рот нават кроплі спіртнога, спачатку няёмка ў пітушчай кампаніі. Усе звяртаюць на яго ўвагу, чакаюць тлумачэнняў. Запамятайце параду медыкаў: пастаўцеся да адбыванага з гумарам. Вы можаце прыдумаць масу тлумачэнняў, якія не толькі дапамогуць вам з годнасцю выйсці з узніклай сітуацыі, але і выклічуць цікавасць да вашай персоны.

Першае. Можаце сказаць, што вы сябра якой-небудзь секты (выдумайце любую!), вам забаронена ўжываць спіртное. Пра вас падумаюць: які цікавы і загадкавы чалавек.

Другое. Можна сказаць, што заўтра ўраніцы важнае дзелавое спатканне, або будзе тэставанне і вам нельга рызыкаваць. Пра вас з павагай падумаюць: "О! Гэта чалавек справы!"

Трэцяе. Можна напалову жартам, напалову ўсур'ёз выдаць: у суботу (чацвер, панядзелак і г. д. - у залежнасці ад дня тыдня) вы ніколі не п'яце, гэта справа прынцыпу. Пра вас падумаюць: гэта чалавек цвёрдых прынцыпаў!

Чацвёртае. У рэшце рэшт, можаце адкрыта сказаць, што не п'яце, бо лечыцеся ад алкагалізму. Магчыма, тлумачэнне некага шакіруе, хтосьці ўспрыме жартам, але ўсе ацэняць вашу смеласць.

Не бойцеся здавацца арыгінальным, не спяшайцеся дзейнічаць, як усе. Калі застоліца не ацэніць гэтага, стане прымушаць выпіць хоць трошачкі, адну чарачку, сыйдзіце. Яна не заслугоўвае вашай увагі. ("Сям'я", 2003) .

*** Памятайце:

1. Піва любой моцнасці павінна называцца не іначай, як спіртавы напой.

2. Піва - шкодны для любога арганізма напой .

3. Піва - неспажыўны напой, не ежа.

4. Пры астатніх роўных умовах нават 2%-е піва, хоць здавалася менш небяспечнае за 4%-е, зробіцца небяспечным і горшым злом для чалавечай псіхікі, чым 4%-е піва - з-за шкодных прымесяў, якія абавязкова будуць дадавацца вытворцамі і прадаўцамі для патрэбнага наркатычнага ўздзеяння на пакупніка.

5. Рост спажывання піва не памяншае спажыванне гарэлкі.

6. Дазвол свабоднага продажу піва, нават пры абсалютнай забароне вытварэння і продажу гарэлкі, стварае і павышае піўны алкагалізм мужчын і, жахліва, захоплівае жанчын, дзяцей.

*** Хворыя, расп'янелыя славянскія краіны і яшчэ не спітыя народы: узважвайце палымяныя словы ўласных мудрацоў, прарокаў. Ніводзін з іх словам не агітаваў за алкаголь, іначай не лічыўся б мудрацом.

Выжыць або спіцца, ацверазець або загінуць!

22.6.2017 г.


У Зэльве адзначылі 107-я ўгодкі нараджэння Ларысы Геніюш. Яна нарадзілася 9 жніўня 1910 года

У Зэльвенскай праваслаўнай царкве літургія адбываецца на беларускай мове. У храме поўна людзей. Пасля службы бацюшка аб'яўляе, што зараз адбудзецца паніхіда за Ларысу Геніюш. Усе прысутныя на службе ведаюць, хто яна такая. Дадаюцца яшчэ людзі, якія прыехалі з Слоніма, Свіслачы, Менска, Гародні.

Падчас паніхіды ў храме цішыня, толькі выразна гучаць словы бацюшкі і спеў хору. Гарадзенскі прафесар Аляксей Пяткевіч, які асабіста добра ведаў Ларысу Геніюш, выйшаўшы з храма кажа, як бы радавалася паэтка, каб магла пачуць, як хораша ў храме гучыць беларуская мова.

Пасля паніхіды ў царкоўным доме сабраліся ўсе, хто прыехаў, каб ушанаваць памяць вялікай паэткі. Прафесар Пяткевіч узгадвае, як у савецкія часы запрасіў Геніюш на сустрэчу са студэнтамі гарадзенскага ўніверсітэта. Студэнты захацелі купіць кветкі для паэткі, але ў той час у гарадскіх крамах кветкі не прадаваліся. Яны вырашылі папрасіць кветак ў жыхароў прыватных дамоў, але ім з гэтым таксама не пашэнціла.

І вось на вуліцы яны пабачылі жанчыну, якая несла ў руках вялікі прыгожы букет. Яны звярнуліся да яе з просьбай, патлумачылі, што чакаюць госця і жанчына аддала ім кветкі. Але якім было іх здзіўленне, калі на сустрэчу да іх у аўдыторыю прыйшла тая самая жанчына...

Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік быў таксама частым госцем у хаце Ларысы Геніюш, яго таксама вабіла ейная гасціннасць і шляхетнасць, добрыя парады і цікаўныя размовы. Аднаго разу ён ехаў здымаць у Ружаны фільм пра замак Сапегаў, а Ларыса Геніюш параіла яму зайсці ў касцёл да мясцовага ксендза, каб той распавёў яму гісторыю замка.

Мне напачатку сказалі, што ксёндз не зможа за мною паразмаўляць і нават не адчынілі храм, і я папрасіў перадаць ксендзу прывітанне ад Ларысы Геніюш. Пасля гэтага выйшаў ксёндз і сказаў, што дапаможа мне ва ўсім, у чым толькі зможа. Высветлілася, што ксёндз, як і Ларыса Геніюш, таксама быў у ГУЛАГу, і творчасць Геніюш была яму знаёмай і блізкай.

У царкоўным доме вершы Геніюш чыталі Міхась Скобла, Вячка Скобла, спявала песні на словы Геніюш Таццяна Матафонава, нават правялі віктарыну па творчасці Ларысы Геніюш.

Вершы Геніюш прагучалі і на ейнай магіле.

Радыё Свабода.


Нашчадкі Ігната Дамейкі на Лідчыне

Нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка ўсё жыццё лічыў сябе ліцвінам, вельмі любіў зямлю, на якой нарадзіўся, і назаўжды ўвабраў у сябе культурныя і палітычныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. Сёння ў свеце пражывае каля двухсот яго прамых спадчыннікаў. Яны паважаюць памяць свайго вялікага продка, наведваюць месцы, звязаныя з яго жыццём. У гонар 215-гадовага юбілею нашага знакамітага земляка Ігната Дамейкі надоечы прайшлі імпрэзы ў Менску. Ганаровымі гасцямі на імпрэзах былі прамыя нашчадкі навукоўца, якія прыехалі ў Менск з Чылі, Аўстраліі, ЗША. Сярод іх - праўнучка навукоўца Пас Дамейка з Аўстраліі, якая напісала кнігу пра свайго знакамітага продка (нядаўна кніга была перакладзена на беларускую мову).

2 і 3 жніўня нашчадкі Ігната Дамейка ў суправаджэнні прадстаўнікоў навуковай грамадскасці, журналістаў наведалі памятныя месцы на Гарадзеншчыне, звязаныя з жыццём іх продка.

Другога жніўня іх маршрут пралёг праз Карэліцкі і Наваградскі раёны. Там яны наведалі Вялікую Мядзведку, дзе захаваўся падмурак дома, у якім нарадзіўся Ігнат Дамейка, і сямейны касцёл (цяпер гэта праваслаўная царква), а таксама ўсталяваны помнік навукоўцу. Затым быў пераезд у Мір. Нашчадкі Дамейкі пабывалі ў Мірскай школе, дзе размяшчаецца прысвечаны навукоўцу музей, наведалі магілу яго бацькі. У Мірскім замку з іх удзелам прайшло адкрыццё выставы, прысвечанай іх знакамітаму продку, на якой была прадстаўлена каталагізаваная ім калекцыя мінералаў з Горнай школы ў Парыжы. У праграму на Наваградчыне было ўключана, у прыватнасці, наведванне музея Адама Міцкевіча, які быў блізкім сябрам Ігната Дамейкі, возера Свіцязь. Трэцяга жніўня ў Дзятлаўскім раёне нашчадкі навукоўца пабывалі ў Жыбуртоўшчыне, такой мілай сэрцу Ігната Дамейкі, дзе да нашых дзён захаваўся шляхочы дом. У Шчучыне замежныя госці наведалі касцёл Святой Тэрэзы і калегіюм піяраў, а таксама пабывалі ў адноўленым палацы Друцкіх-Любецкіх. А потым іх ветліва сустрэла Лідская зямля.

На Лідчыне, у Крупаўской сярэдняй школе, з 1995 гады функцыянуе музей Ігната Дамейкі (дарэчы, у гэтым жа 1995 годзе ў Крупаве яго імем назвалі былую вуліцу Лідскую). Заснавальнікам музея з'яўляецца Іван Гівойна (да выхаду на пенсію ён быў дырэктарам СШ, а цяпер - настаўнік гісторыі). Крупаўская школа і стала першым прыпынкам нашчадкаў навукоўца на Лідчыне. Тут гасцей з Чылі, Аўстраліі, ЗША, а таксама прыбылых з імі навукоўцаў, даследнікаў сустракалі старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч, начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Кадлубай, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Леўшунова і іншыя прадстаўнікі райвыканкама, дырэктар Крупаўскай СШ Наталля Агіенка, прадстаўнікі Крупаўскага і Дзітвянскага сельскіх саветаў, Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

У двары школы з хлебам-соллю віталі гасцей навучэнцы ў нацыянальных беларускіх строях. Затым усе прайшлі да памятнага знака Ігнату Дамейка, усталяванага ля сцен навучальнай установы ў 2002 годзе да двухсотгадовага юбілею навукоўца. У вітальнай прамове кіраўнік раёна Міхаіл Карповіч адзначыў, што хоць Ігнат Дамейка параўнальна нядоўга жыў на Лідчыне, сёння яго землякі гэтым вельмі ганарацца і памятаюць яго. У прыватнасці, імем Ігната Дамейка названы вуліцы ў Лідзе і тут, у Крупаве. У слове ў адказ госць з Чылі Мігель Заўшкевіч-Дамейка падзякаваў мясцовай ўладзе, асабіста Міхаілу Карповічу і ўсім прысутным за сардэчны прыём. "Вялікі дзякуй!" - сказаў ён у завяршэнне па-беларуску. І дадаў: "Жыве Беларусь!".

Пасля ўсе прайшлі ў школьны музей. Вучні школы пазнаёмілі гасцей з экспазіцыяй музея, пры гэтым у сваіх каментарах асобна спыняліся на фактах біяграфіі знакамітага навукоўца, звязаных з Прынёманскім краем, і, вядома, з маёнткам Заполле, размешчаным недалёка ад Крупова. Таксама юныя экскурсаводы не хавалі, што будуць вельмі радыя, калі паміж нашчадкамі Ігната Дамейкі і школьным музеем усталююцца цёплыя адносіны ў будучыні.

Асабліва ўрачыстым быў момант, калі кіраўніку школьнага музея Івану Гівойне ад старшыні літоўскага таварыства імя Ігната Дамейкі, акадэміка Альгімантаса Грыгялюса былі ўручаны два асобнікі напісанай ім кнігі пра выбітнага навукоўца. Сам акадэмік, нажаль, не змог прыехаць. Каштоўны дарунак (адзін асобнік для музея, а другі - асабіста для Івана Барысавіча) уручаў старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Алег Гайдукевіч, які дапамагаў літоўскаму аўтару пісаць кнігу.

Ад'язджаючы з Крупава, нашчадкі Дамейкі пакінулі падзячныя запісы ў музейнай кнізе водгукаў. Наперадзе іх чакаў асабліва трапяткі момант - яны мелі ступіць на зямлю былога фальварка Заполле, па якой хадзіў іх знакаміты продак.

І вось ззаду застаўся параўнальна нядоўгі адрэзак дарогі па сельскай гравейцы, і аўтобус спыніўся на павароце на былы фальварак. Прыпынак тут зроблена невыпадкова. На гэтым павароце ў 1995 годзе быў усталяваны памятны знак Ігнату Дамейку. А адразу за паваротам да былога фальварка і сёння вядзе алея з векавых дрэў. Алея завяршаецца вялікай палянай, дзе захаваліся прыступкі і падмуркі сядзібнай хаты. Было відавочна, што для нашчадкаў Дамейкі тыя хвіліны ў іх жыцці, калі яны хадзілі па гэтай зямлі і дыхалі гэтым паветрам пад велізарнымі дрэвамі, былі асаблівымі і незабыўнымі.

"Лідская газета".


Свята сярэднявечнай культуры ў Мсціславе

Свята сярэднявечнай культуры "Рыцарскі фэст" праходзіла 4-6 жніўня ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. Сюды з'ехаліся тысячы гледачоў з усіх канцоў Беларусі, Расеі і іншых краін, каб акунуцца ў атмасферу даўніны, пазнаёміцца з гісторыяй раённага цэнтра і навакольных земляў. Арганізатарам удалося на некалькі дзён ператварыць сучасны горад у сярэднявечны, дзе на вуліцах з'яўляюцца дамы, рыцары, лучнікі і коннікі.

На фестываль прыехалі музычныя, танцавальныя і тэатральныя групы, народныя ўмельцы. У гэтым, дзесятым форуме бяруць удзел каля 300 ваяроў з 39 рыцарскіх клубаў і клубаў гістарычнай рэканструкцыі розных гарадоў Беларусі і Расеі. Арганізатарамі свята выступаюць Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт, Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна пры падтрымцы экстрым-тэатра "Берсерк".

belta.by. Фота Алега Файніцага .

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX