Вярнуцца: 2017

№ 33 (1340)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 33 (1340), 16 жніўня 2017 г.


Святлана Алексіевіч: Беларускай нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова нацыянальнай дзяржавы з нацыянальнай мовай

12 і 13 жніўня лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч наведвала Гомельшчыну. Першая сустрэча на зямлі, дзе прайшло юнацтва пісьменніцы, адбылася ў Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры і была арганізавана, акрамя гэтага цэнтра, яшчэ і намаганнямі абласных філіяў Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Святлану Алексіевіч у Гомелі чакалі. Яе сюды запрашалі яшчэ да вядомай цырымоніі ў Швецыі. Але сустрэча адбылася толькі цяпер. Прычым, гэта першая паездка нобелеўскай лаўрэаткі ў рэгіён Беларусі. Арганізатары спрабавалі зладзіць сустрэчу ў абласной бібліятэцы, але кіраўніцтва ўстановы адмовілася прымаць у сваіх сценах уладальніцу Нобеля, таму імпрэза прайшла ў дастаткова сціснутым фармаце.

У памяшканне, дзе адбывалася сустрэча, змясціліся не ўсе, шмат людзей назіралі відэатрансляцыю ў двары грамадска-палітычнага цэнтра і толькі потым мелі магчымасць падыйсці да пісьменніцы. На сустрэчы са Святланай Алексіевіч былі не толькі жыхары абласнога цэнтра, але і людзі з Веткі, Рэчыцы, Калінкавіч, Мазыра і Менска.

Пачаў сустрэчу палітык Уладзімір Кацора. Ён пацікавіўся меркаваннем Святланы Алексіевіч наконт таго, ці праўдзівымі былі яе рэспандэнты ў кнігах, якія выйшлі з-пад пяра пісьменніцы ў савецкія гады і ў першыя гады пасля знікнення СССР, і што змяніла б аўтарка ў тых кнігах з вышыні сёняшняга часу.

Пісьменніца асабліва адзначыла, што дакумент - гэта жывая рэч, якая змяняецца разам з чалавекам, з часам.

Паэтка Ларыса Раманава пацікавілася, як Святлана Алексіевіч здолела прапусціць праз сябе столькі жудаснай інфармацыі, ствараючы свае кнігі. Нобелеўская лаўрэатка звярнула ўвагу на тое, што яна ўбачыла ў анкалагічнай лякарні ў Бараўлянах, дзе лекарам даводзіцца бачыць смерці дзяцей, гаварыць бацькам, што шанцаў няма.

Ларыса Раманава падарыла Святлане Алексіевіч ручнік, які быў вытканы ў Ветцы: "Гэта ад усіх людзей, хто любіць нашу Беларусь".

Журналістка Юлія Сівец запыталася пра магчымасць паўтарэння Данбаса на памежжы, якім з'яўляецца Гомельшчына.

- Усё можа быць. Побач з намі такі непрадказальны сусед, у яго такія непрадказальныя геапалітычныя фантазіі. І пачуццё імперскасці вельмі моцнае ў расійцах. Неяк мы здымалі паводле маіх кніг кіно з японцамі і апынуліся ў Усць-Куце. Чалавек, які вёз нас на аўтобусе быў такі рады, што зможа зарабіць, бо там работы няма. І ўвечары мы селі паесці, а рэжысёр Камакура кажа: "Якога д'ябла вы лезеце то ва Украіну, то ў Чачню, то яшчэ некуды?" І вы ведаеце, гэты мужык устаў, паслаў нас усіх матам і пакінуў нас у тайзе. І гэта тая імперскасць, якая не недзе ў Пуціна ці ў каго, а вось - вось яна!

Пра сваё стаўленне да будаўніцтва АЭС у Беларусі Алексіевіч адказала рэзка адмоўна, узгадаўшы і намеры ўлады выкарыстоўваць землі, пацярпелыя пасля чарнобыльскай аварыі.

Пра пошук беларусамі нацыянальнай ідэі спыталася ў Святланы Алексіевіч журналістка Марыя Шыманоўская.

- Гэта вечная тэма. Пры Ельцыне расійцы шукалі нацыянальную ідэю. Цяпер яны яе знайшлі - мілітарызацыя. У Расіі любое расчараванне заканчваецца вяртаннем да мілітарысцкага шляху, - адзначыла нобелеўская лаўрэатка. - А ў нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова. Я пэўны час меркавала, што ўлада пасля Крыма перахопіць у апазіцыі гэтую нацыянальную ідэю. Не можа быць нейкай паветранай нацыянальнай ідэі. Для нас - беларусаў - яна вельмі канкрэтная. У нас няма сваёй дзяржавы, бо мовы няма, школы не на беларускай размаўляюць, у беларускай літаратуры мізэрныя наклады. Гэта вельмі сур'ёзная праблема.

Напрыканцы сустрэчы са Святланай Алексіевіч у двары грамадска-палітычнага цэнтра адбыўся невялікі канцэрт гомельскіх бардаў Вальжыны Цярэшчанкі і Андруся Мельнікава, а ўсе, хто прыйшоў з кнігамі, маглі атрымаць подпіс ад аўтаркі.

Андрусь Гаёвы , фота Ірыны Паляковай.


Украінскія студэнты Ўсходнееўрапейскага ўніверсітэта пачнуць вывучаць беларускую мову

Студэнты Ўсходнееў-рапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Ўкраінкі ў горадзе Луцк з новага навучальнага года пачнуць вывучаць беларускую мову.

Як паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку дэкан факультэта філалогіі і журналістыкі гэтай ВНУ Юры Громік, беларускую мову ўводзяць у праграму на спецыяльнасці "Філалогія (ўкраінская мова і літаратура)" на падпарадкаваным яму факультэце.

Вывучаць мову суседняй дзяржавы будуць студэнты 1 курса, якія займаюцца па згаданай спецыяльнасці.

Паводле дэкана, весці заняткі з украінскімі навучэнцамі будзе выкладчык, камандзіраваны з Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сёлета ў ліпені падчас сустрэчы ў Кіеве прэзідэнты Пятро Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся пра вывучэнне на парытэтнай аснове беларускай мовы ва Ўкраіне і ўкраінскай у Беларусі.

Радыё Свабода. На здымку: Луцк.


Біблія для ўсёй сям'і

Беларусы ў часы Адраджэння не адставалі ад Заходняй Еўропы. Пра гэта нагадалі менскія пратэстанцкія цэрквы, якія зладзілі свята "Біблія для ўсёй сям'і" ў гонар 500-годдзя айчыннага кнігадруку. Гаворыць Арцём Бабоўнікаў:

- Я ў вобразе Францішка Скарыны. Хадзілі мы ў старажытных строях па вуліцах горада - заходзілі ў Траецкае прадмесце, праходзілі каля ратушы, віншавалі ўсіх мінакоў з гэтай нагоды, раздавалі буклеты. За вечар раздалі паўтары тысячы. Рэакцыя людзей была вельмі станоўчая і пазітыўная. Некаторыя ведалі, некаторыя не ведалі, то мы крыху распавядалі ім пра нашую гісторыю, пра нашую краіну, што значыць гэтае свята для нас зараз, нас сённяшніх, бо і сёння актуальныя тыя праблемы, якія тады былі, мы так лічым.

Назаўтра, пасля касцюмаваных праходаў па цэнтры сталіцы, адбылося свята "Біблія для ўсёй сям'і", якое сабрала на падворку царквы "Благадаць" каля дзвюх сотняў чалавек.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.



Да ведама сяброў ТБМ г. Менска. 24 жніўня ў 18.00 у сядзібе ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца справаздачна-выбарчы сход сяброў Савецкай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска.


Нас аб'ядноўвае Скарына

Аляксандр Суша, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці, які з'яўляецца аўтарам некалькіх манаграфій пра Францішка Скарыну, выдадзеных ў юбілейным годзе, узяў удзел у святкаваннях 6 жніўня ў Менску.

- Францыск Скарына - знакавы чалавек для нашай культуры. Яго спадчына падаецца мне найбольш актуальнай. Яшчэ сто год таму беларусы зусім мала ведалі пра Скарыну, нягледзячы на яго заслугі. У некаторы перыяд памяць пра яго адышла ад той зямлі, якой ён прысвячаў свае кнігі. Апошнія сто год былі часам вяртання. Яго спадчына двухаб'ёмная.

Першая частка - гэта ўласна кніжная спадчына, якая з'яўляецца матэрыяльным увасабленнем генія і таленту Францыска Скарыны - пражскія і віленскія выданні. Упершыню быў зроблены глыбокі і поўны ўлік усіх захаваных у свеце асобнікаў кніг Францыска Скарыны і рукапісных копій яго арыгінальных выданняў. Сёння мы ведаем дакладную колькасць гэтых асобнікаў. Максімальна дэталізаваная методыка падліку (калі лічыць усе пражскія выданні, 23 выпускі): у свеце можна налічыць 519 асобнікаў такіх кніг. У большасці - гэта фрагменты кніг: палова альбо частка кнігі. Тым не менш, усе яны для нас важныя, каштоўныя і цікавыя. Паралельна з гэтым мы вядзём улік Скарынаўскай спадчыны па ўсім свеце, апісваем кожную адзінку, аналізуем рукапісныя знакі на кнігах, пячаткі бібліятэк, кнігазбораў папярэдніх уладальнікаў. Праца будзе працягвацца.

Акрамя таго, ствараюцца лічбавыя копіі выданняў Францыска Скарыны, лепш сказаць, паўнавартасная электронная бібліятэка яго выданняў з усяго свету. На Беларусі было толькі 10 кніг у Нацыянальнай бібліятэцы. І вось нядаўна адзін асобнік "Малой падарожнай кніжкі" з 18 частак быў набыты "Белгазпрамбанкам". Сёння мы спрабуем рабіць некаторыя захады па вяртанні кніг Скарыны на Радзіму. Магчымае часовае экспанаванне гэтых кніг.

Другая частка, якая асабіста мне вельмі цікавая, - гэта вобраз асветніка, створаны ў нашай мянтальнасці. Верагодна, ён не задумваўся пра вялікую славу, але сёння Скарына выконвае важную ролю для беларускага грамадства, не меншую, чым пры яго жыцці. Ён не з'яўляецца дзеячам мінулай эпохі, а існуе сёння паміж нас. Яго імя носяць праспекты, плошчы, набярэжныя, ён прысутнічае ў нашай мянтальнасці як сімвалічная персона. Ён лучыць нас з многімі гарадамі і краінамі - з Прагай, Падуяй, Венецыяй. Ён з'яўляецца адным з сімвалаў, якім беларусы ганарацца незалежна ад канфесійнай, палітычнай і этнічнай прыналежнасці. Ён не канфліктны і не выклікае супярэчання розных субкультур, ён нас яднае. Беларусы мітраполіі і дыяспары, школьнікі, студэнты, прафесура, беларускамоўныя ці польскамоўныя людзі, - усе ведаюць, хто такі Скарына. Мы можам толькі здагадвацца пра яго знаходжанне ў цэлым шэрагу населеных пунктаў. Мне пашчасціла наведаць некаторыя з іх.

- Якія падзеі, звязаныя са скарыназнаўствам, чакаюць нас у бліжэйшы час?

- 14-15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы будзе праходзіць Міжнародны кангрэс, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. 13 верасня мы адкрыем выставу, дзе будуць прадстаўлены выданні асветніка з розных краін. Мы пакажам еўрапейскія першадрукі з Германіі, Францыі, Італіі, Чэхіі. Мы прадэманструем выдавецкія тэхналогіі розных часоў, зробім адукацыйныя і забаўляльныя прасторы, каб можна было займацца адукацыяй і выхаваннем. Кангрэс будзе мець навуковыя і грамадскія мэты для філолагаў, кнігавыдаўцоў, распаўсюднікаў кніг. Адбудуцца прэзентацыі, майстар-класы, арыентаваныя на шырокую аўдуторыю.

Беларускім даследчыкам сёння не хапае сістэматычнай працы з архіўнымі крыніцамі за мяжой. Літоўцы, палякі, расіяне робяць даследчыя экспедыцыі, арганізуюць даследчыя цэнтры, як у Рыме, якія мэтава вывучаюць архіўныя зборы Ватыкана, беларусам гэтага не хавае. Выезды з'яўляюцца на месяц-два. Гэты кірунак нам яшчэ многа дасць. Нам вельмі важна ангажаваць у скарыназнаўства замежных даследчыкаў.

- Хто сёння ў свеце пільна вывучае спадчыну Скарыны?

- Дзесяцігоддзямі займаецца гэтым пытаннем Яўген Львовіч Неміроўскі ў Маскве, які яшчэ за савецкім часам вывучаў біяграфію Скарыны, Юрый Лабунцаў, супрацоўнік Расійскай Акадэміі навук, які напачатку 90-тых падрыхтаваў некалькі кніг пра Скарыну, Марыя Аляксееўна Ярмалаева з Цэнтра даследванняў кніжнай культуры Джаміля Рамазана.

У Чэхіі плённа працуе Францішка Сокалава. Яе ўнёсак у развіццё скарыназнаўства вельмі вялікі. Яна выпусціла шэраг публікацый, за што яе вызначылі ганаровым прафесарам Полацкага ўніверсітэта. Пётр Войт лічыцца адным з лепшых кнігазнаўцаў Еўропы. Ён зрабіў шмат яркіх публікацый, прысвечаных чэшскаму кнігадрукаванню. У нас у свой час зрабіла фурор кніга Алега Лойкі "Францыск Скарына або Сонца Маладзіковае."

- Як першадрукар стаў важнай асобай менавіта ў Вашым жыцці?

- Як любы беларус, я меў магчымасць часта чуць імя Францыска Скарыны. У маім дзяцінстве адбываўся юбілей 1990 года, які шырока святкаваўся. Я жыў на праспекце Скарыны, у мяне ў пашпарце і ў медычнай картцы быў пазначаны такі адрас. Гэта імя для мяне шмат значыла. Калі я вучыўся ў 2-м класе 190-й менскай школы, звычайна школьнікі ўступалі ў арганізацыю, якая называлася "Октябрята". Адбываліся пэўныя грамадскія зрухі, і паўставала пытанне аб мэтазгоднасці далучэння да такой арганізацыі. Ва ўсёй нашай школе (а можа і ва ўсім Менску) адзін наш клас вырашыў, што мы не хочам быць "Октябрятами". Аказалася, што савецкае заканадаўства гэта дазваляе. У выніку мы стварылі сваю грамадскую арганізацыю і назваліся "Скарынічамі", начапілі на сабе значкі з сонцам і паўмесяцам, і з вялікім гонарам гулялі па школе. У нас была свая цырымонія прыёму, і ўсе нам зайздросцілі.

Калі я прыйшоў у Нацыянальную бібліятэку пасля заканчэння ўніверсітэта культуры, я пачынаў працаваць з аддзела рукапісаў і старадрукаваных выданняў (рэдкай кнігі), які захоўваў выданні Скарыны.

У момант пераезду бібліятэкі ў новы будынак на маіх вачах будаваўся помнік Скарыну. Памятаю ўсе абставіны яго ўзвышэння. Я займаўся ў той час важнай і адказнай справай - арганізацыяй транспарціроўкі старадрукаваных выданняў.

Гутарыла Эла Дзвінская , фота аўтара: 1. Аляксандр Аляксандравіч Суша; 2. Асобнікі кніг Скарыны ў Нацыянальнай бібліятэцы.


Мужны сейбіт кніг і асветы

6 жніўня ў дольнай залек Чырвонага касцёла спадар Мікола Купава адкрыў выставу, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Мастацкую Скарыніяну папоўнілі творы Алеся Мары, Віктара Крука, Алы Губарэвіч і іншых. Падуя, Кракаў, Вільня, Полацк адлюстраваныя на карцінах, габеленах і ў ажурных узорах з паперы.

Распачынае экспазіцыю малюнак Еўгена Куліка, зроблены ў мінулым стагоддзі. Маладога Франака Скарыніча ў Полацку прадстаўляе партрэт пэндзля Міколы Купавы. Карціны " Дыспут Скарыны з Парацэлісам" і "Пачатак" Алеся Мары перадаюць вобраз лекара і асветніка ў сталыя гады. Ала Губарэвіч прадставіла працы ў галіне ткацтва, габелена. На іх вытканы знак першадрукара, выявы гарадоў і мясцін, звязаных з яго працай. Ніна і Генадзь Сакаловы-Кубай вырабілі далікатныя выцінанкі з асветнікам ў мантыі і бярэце, і з вобразамі Марыянскага касцёла ў Кракаве. На адкрыцці вернісажу для гасцей выступіў музычны гурт "Балцкі субстрат".

Вялікая выстава Беларускага саюза мастакоў у Палацы мастацтваў на гэту тэму рыхтуецца на лістапад.

Э. Дзвінская, фота аўтара.


Нацбанк выпусціў манеты "Шлях Скарыны. Вільня"

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь з 7 жніўня 2017 года выпусціў у абарачэнне памятныя манеты "Шлях Скарыны. Вільня" серыі "Шлях Скарыны", паведамляе прэс-служба ўстановы.

Срэбную - намiналам 20 рублёў, вагой 33,62 г, дыяметрам 50,00 мм, пробай сплаву 925, тыражом 2 000 штук;

Медна-нікелевую - наміналам 1 рубель, вагой 19,50 г, дыяметрам 37,00 мм, тыражом 3 000 штук.


Прозвішчы Беларусі

Новая серыя

Павел Сцяцко

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

30. Альшэўскі (Дзяніс) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Альшэўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Альшэў(к)-скі.

31. Амбросавіч (Пётр) - вытвор з суфіксам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Амброс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Амбросавіч. ФП: Амбражэй (імя, з мовы грэкаў 'бессмяротны, Боскі') - Амброс (таго ж паходжання, стала асобным імем) - Амброс (празванне, потым прозвішча) - Амбросавіч. А таксама акцэнтаваная форма Амбрасовіч (гл.).

32. Амбрушкевіч (Юліяна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Амбрушка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Амбрушкевіч. ФП: Амброс (імя, з мовы грэкаў ambrosios 'бессмяротны') - Амбрушка ('нашчадак Амброса', фармант -ушка) - Амбрушка (празванне, потым прозвішча) - Амбрушкевіч.

33. Амельчанка (Юлія) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Амелька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Амельч(к/ч)-анка. ФП: Емяльян (лац. 'рымскае радавое імя' - 'удзельнік спаборніцтва') - Амелька (народны варыянт) - Амелька (празванне, потым прозвішча) - Амельчанка.

34. Амяльчэня (Уладзімір) - вытвор з акцэнтаваным фармантам - эня ад антрапоніма Амелька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Амель-ч(к/ч)-эня - Амяльчэня. ФП: Емяльян (імя <лац. Aemilus 'спаборнік') - Амелька (народная форма - Омелько, 1567 г.) - Амелька (празванне, потым прозвішча) - Амельчэня - Амяльчэня.

35. Амялюсік (Алена) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Амялюся і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Амялюсік. ФП: Амалія (імя <ст.-герм. amal 'працавітасць') і Амелія ('тс') - Амелюся (вытвор з суф. экспрэсіўнасці -юс-я 'ласкальная форма') - Амялюся (прозвішча) - Амялюсік.

36. Андрайкавец (Наталля) - вытвор з суфіксам -ец ад 1) антрапоніма Андрэйкаў і значэннем 'нашчадак названай асобы': Андрэйкав-ец; 2) тапоніма Андрэйкава і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Андрэйкавец. ФП: Андрэй (імя <грэч. andreios 'мужны, храбры') - Андрэйка (эмац.-ацэн. фор-ма, фармант -ка) - Андрэйкаў ('нашчадак Андрэйкі', фармант -аў) - Андрэйкава (тапонім) - Андрэйкавец.

37. Андропаў (Юрый) - другасная форма, першасная Антропаў - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Антроп і значэннем 'нашчадак названай асобы': Антропаў. ФП: Антроп (імя, з мовы грэкаў 'прыстойны') - Антроп (прозвішча) - Антропаў - Андропаў (азванчэнне т-д).

38. Андрусік (Марыя) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Андрусь і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Андрусік. ФП: Андрэй (імя) - Андрусь (эмац.-ацэн. форма, фармант -усь) - Андрусь (мянушка, потым прозвішча) - Андрусік.

39. Андрэйчыкава (Жанна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Андрэйчыкаў і значэннем 'нашчадак названай асобы': Андрэй-чык-ава. ФП: Андрэй (імя, з мовы грэкаў `мужны, храбры`) - Андрэйчык (вытвор з суфіксам -чык і значэннем `нашчадак Андрэя`) - Андрэйчыкава.

40. Анікевіч (Ірына) - вытвор з суфіксам бацькаймення ад антрапоніма Анікей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анікейевіч - Анікевіч. ФП: Анікей (імя, з мовы грэкаў 'пераможца') - Анікей (празванне, потым прозвішча) - Анікевіч.

41. Анісава (Клаўдзія) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Аніс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анісава. ФП: Анісій (імя, з мовы грэкаў 'карысць') - Аніс (народны варыянт) - Аніс (празванне, потым прозвішча) - Анісава.

42. Анісімава (Алёна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Анісім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анісімава. ФП: Анісім (імя <грэч. 'карысны') - Анісім (мянушка, потым прозвішча) - Анісімава.

43. Анісовіч (Надзея) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацька-ймення -овіч ад антрапоніма Аніс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анісовіч. ФП: Анісій (імя, з мовы грэкаў 'карысны') - Анісь / Аніс - Анісавіч - Анісовіч.

44. Аніська (Пётр) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Анісь і значэннем 'жонка названай асобы': Аніська. Або як памян.-ласк. ад Анісь - Анісій.

45. Анічэнка (Алесь) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Анікей з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аніч(к/ч)-энка. ФП: Анікей (імя < грэч. nike 'перамога', Аникей, 1578) - Анікей (прозвішча) - Анічэнка.

46. Анішчык (Ірына) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Анісь і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы' Аніш(с/ш)-чык. ФП: Анісій (імя) - Анісь (разм. форма) - Анісь (прозвішча) - Анісчык - Анішчык.

47. Антанёнак (Павел) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Антон (<лац. 'спаборнік') і значэннем 'нашчадак названай асобы': Антанёнак.

48. Антушэвіч (Антон) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Антух і значэннем 'нашчадак названай асобы': Антуш(к/ш)-эвіч. ФП: Антон (імя <лац. Antonius 'спаборнік') - Антух (народна-гутарк. форма) - Антух (мянушка, потым прозвішча) - Антушэвіч.

49. Ануфровіч (Алёна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Ануфры і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ануфровіч. ФП: Ануфрый (з мовы грэкаў 'мець асла') - Ануфры (мянушка, потым прозвішча) - Ануфровіч.

50. Ануфрык (Славамір) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Ануфрый і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ануфрык. Або як памян.-ласк. ( Ануфрык ад Ануфрый). ФП: Ануфрый (імя <грэч. 'мець асла') - Ануфрык.

51. Апіё (Мікалай) - трансфармаваная семантычная форма ад апелятыва опій (опіум) 'высушаны малочны сок з няспелых галовак маку, які ўжываецца як наркатычны сродак'.

52. Арлюк (Марына) - семантычны вытвор ад апелятыва арлюк 'птушка арлец' (рэг.). Або вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Арол і значэннем 'нашчадак названай асобы': Арлюк. ФП: арол ('драпежная дужая птушка з загнутай дзюбай сямейства ястрабіных, якая звычайна жыве ў гарыстай мясцовасці або ў стэпе'; перан. ('пра смелага, гордага чалавека')) - Арол (мянушка, потым прозвішча) - Арлюк.

53. Арочка (Мікола) - семантычны вытвор ад ст.-бел. арка (памянш.-ласк. форма з суф. -ка). ФП: арка - арачка -Арачка (мянушка, потым прозвішча) - Арочка.

54. Архараў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Архар і значэннем `нашчадак названай асобы`: Архараў. ФП: архар (`дзікі горны баран, які водзіцца ў гарах Цэнтральнай Азіі`) - Архар (мянушка, потым прозвішча) - Архараў.

55. Арцёменка (Кацярына) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Арцём і значэннем 'нашчадак названай асобы': Арцёменка. ФП: Арцём (імя <грэч. artemis 'здаровы, непашкоджыны') - Арцём (празванне) - Арцём (прозвішча) - Арцёменка.

56. Арцімовіч (Анатоль) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Арцім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Арцімовіч. ФП: Арцём (імя) - Арцім (варыянт яго) - Арцім (празванне, потым прозвішча) - Арцімовіч.

57. Арцюх (Сяргей) - народна-гутарковая форма з афіксам -юх ( Арцюх) да імя Арцём (з мовы грэкаў 'здаровы, непашкоджаны') набыла ролю прозвішча.

58. Арцюшкевіч (Мікалай) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Арцюшка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Арцюшкевіч. ФП: Арцём (імя, з мовы грэкаў 'здаровы, непашкоджаны') - Арцюх (народна-гутарк. форма, суфікс -юх) - Арцюшка ('жонка Арцюха', фармант -ка) - Арцюшка (мянушка, потым прозвішча) - Арцюшкевіч.

59. Арэф'ева (Дар'я) - вытвор з фармантам -ева (-эва) ад антрапоніма Арэфій (грэч. arete 'доблесць, дабрадзейнасць') і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Арэфійэва - Арэф'ева.

60. Асановіч (Агнія) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Асан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асановіч. ФП: Асан (імя) - Асан (празванне, потым прозвішча) - Асанавіч - Асановіч. Або ад апелятыва асан 'сухарлявы, хударлявы' (башкір.), што набыў ролю прозвішча ( Асан), ад якога - Асановіч.

61. Аса ула (Рыгор) - другасная форма, першасная Есаул (а) - семантычны вытвор ад апелятыва еса у л 'казацкі афіцэрскі чын (асоба), роўны капітану ў пяхоце (у царскай арміі)'. Форма жаночага роду - Еса у ла - 'жанчына'.

62. Асееў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Асей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асейеў. ФП: Яўсей (імя, з мовы грэкаў 'набожны') - Асей (разм. форма) - Асей (мянушка, потым прозвішча) - Асееў.

63. Асланаў (Руслан) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Аслан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асланаў. ФП: Аслан (імя кабардзіна-чэркескае ) - Аслан (празванне, потым прозвішча) - Асланаў.

64. Асмыковіч (Кацярына) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Асмык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асмыковіч. ФП: асмык ('ачоскі' - ВСБМ: асмычыны) - Асмык (мянушка, потым прозвішча) - Асмыковіч.

65. Асоўскі (Лешак) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Асоўка ці Асовы ('лес асовы - асінавы') і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Асоўскі. Або ад Асы (тапонім) і фармантам -оўскі: Ас-оўскі.

66. Астапенка (Змітрок) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Астап і значэннем 'нашчадак названай асобы': Астапенка. ФП: Яўстафій / Яўстахій (імя, <грэч. 'устойлівы; ураўнаважаны; здаровы') - Астап (імя, вядомае з XVI ст.) - Астап (прозвішча) - Астапенка.

67. Асташкевіч (Ірына) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Асташка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асташкевіч. ФП: Астап (імя) - Астах і Асташка (народна-гутарковая формы) - Асташка (мянушка, потым прозвішча) - Асташкевіч грэч. 'устойлівы: ураўнаважаны; здаровы'.

68. Асторына (Аляксандра) - вытвор з фармантам -ына ад антрапоніма Астра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Астар (Р. мн. ад Астра) -ына. ФП: Астра (імя, з мовы грэкаў: astron 'зорка') - Астора (мянушка, потым прозвішча) - Асторына.

69. Атраховіч (Алёна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Атр о х і значэннем 'нашчадак названай асобы': Атрохавіч - Атраховіч. ФП: Трафім ('імя, з мовы грэкаў 'кармілец, гадаванец') - Атрох (народны варыянт) - Атрох (прозвішча) - Атраховіч.

70. Аўдзюшка (Віктар) - вытвор з фармантам -юшка ад антрапоніма Аўдзей і значэннем 'асоба жаночага полу ((жонка, дачка намінанта) Аўдз-юшка)'. Або ласк. форма ад Аўдзей (<з мовы грэкаў 'мілагучны').

71. Аўласенка (Генадзь) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Аўлас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аўласенка. ФП: Улас (імя, <грэч. 'просты, вялы') - Аўлас (народна-гутарковая форма) - Аўлас (мянушка, потым прозвішча) - Аўласенка.

72. Аўхіменя (Міхаіл) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Аўхім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аўхіменя. ФП: Яўхім (імя <грэц. 'дабрадушны, дабразычлівы') - Аўхім (нар.-гут. форма) - Аўхім (мянушка, потым прозвішча) - Аўхіменя.

73. Аўчароў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Аўчар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аўчароў. ФП: аўца (рэг. рус. о вца 'авечка') - аўчар ('работнік, які даглядае авечак') - Аўчар (мянушка) - Аўчар (прозвішча) - Аўчароў.

74. Ахрыменка (Аляксей) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Ахрым і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ахрыменка. ФП: Яфрэм (імя <яўр. 'плод') - Ахрэм і Ахрым (разм.) - Ахрым (мянушка, потым прозвішча) - Ахрыменка.

75. Ашмянцаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Ашмянец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ашмянцаў - Ашмянцаў. ФП: ашмянец ('з вёскі Ашмяны') - Ашмянец (мянушка, потым прозвішча) - Ашмянцаў.

76. Бабаева (Алёна) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Бабай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бабайева. ФП: бабай ('стары дзед, дзядзька, цесць', 'стары' (Даль)) - Бабай (мянушка, потым прозвішча) - Бабаева.

77. Бабаед (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва бабаед 'той, хто есць боб' ( боба-ед - бабаед).

78. Бабко (Зарына) - другасная форма, першасная - Бабка або Бабок. Б а бка - семантычны вытвор ад апелятыва б а бка, які мае 6 значэнняў: 1) 'Тое, што і баба': матчына або бацькава маці; старая жанчына ўвогуле; замужняя жанчына; жонка; жанчына, што прымала роды; (разм.) 'пра слабахарактарнага нясмелага мужчыну'; 2) (спец.) 'ударная частка механічнага молата для забівання паляў і для іншых мэтаў'; 3) 'сталёвае кавадла для кляпання касы'; 4) 'страва, прыгатаваная з дранай або тоўчанай бульбы'; 5) 'Тое, што і абабак' (грыб падбярозавік); 6) 'дзясятка снапоў, накрытых распасцёртым снопам'. Бабок - семантычны вытвор ад сепелятыва бабок 'балотняя травяністая расліна з сакавітым лісцем'; 'бабоўнік'.

79. Багам аз (Яна) - семантычны вытвор ад апелятыва багамаз: (разм. састар.) 'іканапісец', а таксама (разм.) 'Пра мастака'; (разм. жарт.) Пра мурзатага, запэцканага чалавека.

80. Баговіч (Ігар) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Бог і значэннем 'нашчадак названай асобы': Богавіч-Баговіч. ФП: 1) Бог ('вярхоўная ўсемагутная істота, якая стварыла свет і кіруе ім'); 2) Бог (адмысловы спецыяліст) - Бог (празванне) - Бог (прозвішча) - Богавіч (бацькайменне) - Баговіч.

81. Баграёнак (Вікторыя) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Баграй і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баграйонак. ФП: баграй ('светлабуры вол' (ВСБМ)) - Баграй (мянушка, потым прозвішча) - Баграёнак. Або ад апелятыва баграй ('пурпуровы, густа-чырвоны колер') шляхам яго анімізацыі (пераход у прозвішча).

82. Бадзюкова (Антаніна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Бадзюк і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Бадзюкова. ФП: бадзюк (рэг.) 'тое, што і бадзяк' - 'шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з калючкамі на лісці і пурпуровымі кветкамі' - Бадзюк (мянушка, потым прозвішча) - Бадзюкова.

83. Бадранкова (Аліса) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Бадранок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бадранкова. ФП: бодры (рус. бодрый 'бадзёры') - Бодры (мянушка, потым прозвішча) - Бадранкова (-рус. Бодренкова).

84. Бажэнка (Віктар) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Бажэн і значэннем 'жанчына названай асобы (жонка, дачка)': Бажэнка. ФП: Бажэн (імя, ст.рэдк., слав. 'жаданы, мілы') - Бажэн (празванне, потым прозвішча) - Бажэнка. Або вытвор з -ка ад Бажэна (жан.) ад Бажэн і значэннем памянш.-ласкальнасці набыў ролю прозвішча.

85. Байбаковіч (Мікалай) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Байбак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Байбаковіч. ФП: байбак ('стэпавы сурок', а таксама: 'маруда, гультай, абібок') - Байбак (мянушка, потым прозвішча) - Байбаковіч.

(Працяг у наст. нумары.)


Пра вясковыя музеі

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Аб вясковых музеях

Віцебскі раённы выканаўчы камітэт (далей - райвыканкам) на Ваш зварот, які паступіў у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытанні лёсу літаратурна-мемарыяльных музеяў і памятных мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомых беларускіх пісьменнікаў, паведамляе наступнае.

У Віцебскім раёне надаецца вялікая ўвага папулярызацыі творчасці беларускіх пісьменнікаў. Ва ўсіх агульнаадукацыйных установах, а таксама навучальных установах прафесійнай адукацыі, размешчаных на тэрыторыі раёна, арганізаваны і актыўна функцыянуюць музеі розных відаў. Шырокую асветніцкую дзейнасць у гэтым напрамку вядзе дзяржаўная ўстанова "Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей", дзе арганізаваны выставачныя экспазіцыі, прысвечаныя землякам-краязнаўцам, пісьменнікам і паэтам Віцебшчыны: Сапунову А.П., Нікіфароўскаму М.Я., Сімановічу Д.Г. і інш.

У гісторыка-этнаграфічным музеі "Гісторыя Заронаўскага краю" створана міфалагічная зала (па творы Нікіфароўскага М.Я. "Нячысцікі"). Музей паста'янна наведваюць не толькі беларускія дэлегацыі, але і дэлегацыі з блізкага і далёкага замежжа. Так на працягу чэрвеня - ліпеня 2017 года музей наведалі работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Англіі. Сярод пастаянных наведвальнікаў музеяў, сельскіх бібліятэк раёна - навучэнцы ўстаноў адукацыі, іх бацькі, мясцовыя жыхары, а таксама госці раёна.

У музеях ладзяцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі беларускай мовы і культуры, а таксама прымеркаваныя да юбілейных дат жыцця вядомых беларускіх пісьменнікаў. У сакавіку 2017 года ў рамках міжнароднага праекту адбылася навуковая канферэнцыя "Сапуноўскія чытанні", прысвечаная гісторыка-культурнай спадчыне гісторыка, археографа, краязнаўцы Сапунова А.П.

Перыяд чэрвень - верасень 2017 года асабліва насычаны мерапрыемствамі: у цяперашні час праходзіць конкурс чытачоў "Лета і кніга 2017"; актыўна вядзецца праца над фотапраектам "Літаратурны персанаж" у рамках культурна-асветніцкага праекту "I вечным застанецца слова" (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання); да 135-годдзя са дня нараджэння Я. Купалы 7 ліпеня 2017 г. арганізаваны шэраг асветніцкіх, грамадска-значных мерапрыемстваў ва ўсіх установах адукацыі і культуры; дзіцячы хэнд-мэйд "Паштоўка для пісьменніка-юбіляра" праходзіць у бібліятэках; вядзецца актыўная праца па падрыхтоўцы да святкавання 100-годдзя П. Панчанкі, Я. Брыля, 135-годдзю Я. Коласа, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і інш. Творчасць беларускіх аўтараў складае аснову сцэнарных планаў работнікаў культуры народных святаў "Купалле", "Дажынкі", "Каляды" і інш.

Растлумачваем, што ў адпаведнасці з артыкулам 7, 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" Вы маеце права абскардзіць дадзены адказ у Віцебскі абласны выканаўчы камітэт.

Намеснік старшыні К.М. Карабач.



Старшыні ГА "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.

Аб разглядзе звароту

Разгледзеўшы Ваш зварот да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Качанавай Н.І. па пытанні захавання вясковых літаратурна-мемарыяльных музеяў, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт паведамляе аб стане музеяў Магілёўскай вобласці паводле спісу.

Так, музей Алеся Адамовіча плануецца зрабіць у будынку былой аптэкі, дзе працавала маці пісьменніка, за дабрачынныя сродкі фізічных і юрыдычных асоб. Гэта драўляны будынак, 1935 года будоўлі, агульнай плошчай 93,35 м.кв. Прыняты бязвыплатна з рэспубліканскай уласнасці (раней належаў РУП "Фармацыя") у камунальную ўласнасць Бабруйскага раёна рашэннем Бабруйскага райвыканкама ад 3 верасня 2007 г. № 12-23. У адпаведнасці з дадзенымі бухгалтарскага ўліку зношанасць будынка складае 100 працэнтаў.

Рашэннем пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова - метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны (пратакол ад 27.09.2005 № 112), дадзены аб'ект не ўяўляе асаблівых адметных архітэктурных якасцей, адпавядаючых крытэрыям каштоўнасці.

Пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама адкрыты дабрачынны рахунак для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка пад музей. Па стане на 20 чэрвеня 2017 г. на рахунак паступіла 11 811,45 руб. Збор грашовых сродкаў працягваецца.

У маі б.г. у п. Глуша адбылася нарада з удзелам дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Яцкевіча Д.Л., на якой разглядаліся пытанні аб стварэнні назіральнага савета і эскізнага праекту будынка з функцыямі памяшканняў музея.

У цяперашні час распрацавана палажэнне аб назіральным савеце па стварэнні і дзейнасці музея Алеся Адамовіча, узгадняецца склад дадзенага савета.

Літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна з'яўляецца філіялам установы культуры "Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей", да студзеня 2011 г. знаходзіўся ва ўласнасці ўстановы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры". Будынак музея пабудаваны ў 1993 г. да юбілея пісьменніка, на тым месцы, дзе размяшчаўся дом сям'і Гарэцкіх. Будынак ўяўляе тыповую вясковую жылую пабудову канца XIX ст.

У цяперашні час пасада загадчыка філіялам з'яўляецца вакантнай. Работнікамі УК "Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей" (далей - раённы музей) на пастаяннай аснове праводзіцца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, бягучы рамонт будынка. Правядзенне экскурсій ажыццяўляюць работнікі раённага музея.

У в. Малая Багацькаўка налічваецца 15 домаўладанняў. Насельніцтва складае 23 чалавекі, з якіх: 2 - працаздольныя, 1 - школьнік, астатнія - пенсіянеры. Жыхароў вёскі абслугоўвае аўталаўка і выязны пункт пошты. Насельніцтва таксама карыстаецца паслугамі сацыяльна значных аб'ектаў у аграгарадку Курманава: крама, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, аддзяленне Беларусбанка, дом культуры, бібліятэка, школа, бытавыя паслугі.

Перанос музея ў раённы цэнтр на дадзены момант не плануецца.

У выпадку нязгоды з разглядам звароту, у адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", Вы маеце права абскардзіць адказ у судзе.

Намеснік старшыні А.М.Кунцэвіч.


Завяршыўся самы буйны фэст цяжкага рока

Навіны Германіі

У вёсцы Вакен, што ў федэральнай зямлі Шлезвіг-Гальштэйн, прайшоў самы вялікі ў свеце фэст цяжкага металу пад адкрытым небам.

Wacken Open Air праходзіць з 1990 года. Вёсачка размешчана на паўдарогі паміж Гамбургам і Фленсбургам і вызначаецца характэрнымі для поўначы Нямеччыны прыроднымі асаблівасцямі: паплавамі з рэдкімі дрэвамі, адзначае DW.

У першы год на фэст прыехалі некалькі сотняў чалавек: шэсць груп гралі на полі, дзе звычайна пасвяцца каровы, у наваколлях вёскі, якая налічвае меней за дзве тысячы жыхароў. У нашы дні ў Вакене збіраюцца дзясяткі тысяч аматараў цяжкай музыкі, граюць больш за сотню груп, а квіткі распрадаюцца за год наперад.

Сёлета арганізатары паведамілі пра 150 груп і 75 тысяч наведвальнікаў. Рок-фэст праходзіў з серады па суботу (2-5 жніўня).

Пасля дажджоў у чацвер госці перасоўваліся па тэрыторыі на надзіманых матрацах ці санках.

Аматары рока шмат п'юць, аднак паліцыя і службы выратавання апісваюць іх як "пераважна вясёлых і мірных", адзначае europe-today.ru.

З меркаванняў бяспекі, як і летась, дзейнічала забарона на заплечнікі і торбы. Упершыню тэрыторыю фэсту забяспечваў півам трубаправод. Пры поўнай нагрузцы ў 10 разлівачных установак паступала 10 000 літраў напою ў гадзіну.

Галоўнымі падзеямі сталі выступы спевакоў Эліса Купера і Мэрыліна Мэнсана, а таксама груп Turbonegro, Accept і Megadeth. З сямейнага свята, якое адбылося 20 гадоў назад, вырасла буйное камерцыйнае мерапрыемства.

Пры канцэртах у Вакене гучнасць дасягае 120 дэцыбел. Потым у кемпінгах пачынаецца вечарынка. Калі адзін з гасцей пажаліўся на гучную музыку, паліцыянты параілі яму заткнуць вушы.

Прыкладна адна траціна наведвальнікаў прыехалі з-за мяжы. Частку прыхільнікаў прывезлі спеццягнікі, у ліку якіх Metal-Train. У аэрапорце Гамбурга пасажыры, якія паказвалі квіток на фэст, мелі зніжку на ежу і напоі.

DW. Фота з сайта europe-today.ru.


Рэйд па цэнтральнай Беларусі

22-23 ліпеня 2017 г, узрадаваўшыся, што, нарэшце, прыйшло лета, Магілёўскае ТБМ здзейсніла двухдзённы рэйд па цэнтральнай Беларусі.

Спачатку транзітам завіталі ў Койданава - сучасны Дзяржынск. Там жывуць нашыя даўнія сябры Марыя і Валянцін Бакіноўскія - сапраўдныя беларусы, якія раней з намі шмат разоў вандравалі, але зараз да нас далучыцца не могуць. Мы былі дужа радыя з імі сустрэцца і пагаманіць!

І першае месца, куды мы патрапілі - вёска Баравое. Калісьці тут знаходзіўся радавы маёнтак шляхецкага роду Дыбоўскіх, а зараз, на павароце да вёскі, засталіся толькі рэшткі капліцы-ўсыпальніцы, пабудаванай у канцы XIX стагоддзя. З гэтага старажытнага роду паходзяць вядомыя ў Беларусі і замежжы людзі - браты Дыбоўскія - Бенядзікт і Ўладзіслаў. Абодва буйныя вучоныя, заолагі, прыродазнаўцы, удзельнікі паўстання Кастуся Каліноўскага. Бенядзікт упершыню ў навуцы апісаў жывёльны і раслінны свет Байкала, правёў серыю замераў тэмпературы вады ў Байкале да глыбіні 1320 метраў. За сваё жыццё напісаў больш за 170 навуковых прац і за выдатныя навуковыя дасягненні ў 1927 годзе яго абралі членам-карэспандэнтам АН СССР. Уладзіслаў даследаваў выкапнёвыя рэшткі Сібіры, Прыбалтыкі, вывучаў флору і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклор. Вынікі яго навуковай дзейнасці былі надрукаваныя ў шматлікіх навуковых працах. Акрамя таго, з-пад яго пяра выйшлі такія кнігі, як "Беларускія загадкі з Мінскай губерні", "Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета". Пра такіх выдатных землякоў аўтар гэтага тэксту, да свайго сораму, не чула, таму ўжо спачатку не пашкадавала, што паехала.

Наступным на нашым шляху паўстала мястэчка Вялікія Навасёлкі. Тут з ХVI стагоддзя жылі прадстаўнікі шляхецкага роду Кастравіцкіх. Першым на вочы трапляецца вялікі напаўразбураны будынак, без даху, зарослы ўнутры хмызняком, і адразу думаеш - ну вось, чарговы палац пачатку XIX стагоддзя, які развальваецца. Але ж не, гэта стайня, палац, пабудаваны ў стылі класіцызму, хаваецца ў парку крыху далей. Ідэнтыфікаваць яго цяжкавата, бо звонку ён аббіты сайдынгам, вокны перароблены. Відаць, сенняшнім гаспадарам (тут зараз знаходзіцца лякарня) гісторыя ўяўляецца не надта каштоўнай. Але, як часта бывае ў нашай дзяржаве, на ўсё грошай не хапіла, таму калі абысці будынак ззаду, то выгляд ён мае даволі аўтэнтычны, толькі пафарбаваны ў традыцыйны для лякарань жоўты колер.

Род Кастравіцкіх пакінуў глыбокі след як у беларускай, так і ў еўрапейскай гісторыі. Уладальнік сядзібы Караль Кастравіцкі за ўдзел у паўстанні 1863 года быў сасланы з сям'ёй у Сібір. Там у яго нарадзіўся сын Казімір, у будучыні - знакаміты Карусь Каганец, беларускі паэт, празаік, драматург, мастак, скульптар, укладальнік першага беларускага буквара і аўтар вадэвіля "Модны шляхцюк". Таксама з роду Кастравіцкіх паходзіць і легендарны французскі паэт і містыфікатар, адзін з найбольш уплывовых дзеячаў еўрапейскага авангарду XIX ст. Гіём Апалінэр. Дарэчы, памерлі яны ў адзін год, у 1918, і магіла Каруся Каганца знаходзіцца зусім недалёка. У 90-я гады, намаганнямі гісторыка Лявона Ермаловіча, яна была добраўпарадкавана, і зараз зацікаўленыя людзі, накшталт нашай невялікай группы, могуць да яе падысці і ўшанаваць памяць знакамітага беларуса.

Далей едзем яшчэ з большым энтузіязмам, бо наш экскурсавод, старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў, нас вельмі заахвоціў, абяцаючы ўзабрацца на самы высокі пункт Беларусі - гару Дзяржынскую. Не паспелі мы ўявіць усе цяжкаці пад'ёму і адчуць набор вышыні, як пабачылі перад вачыма камень на невялікім узвышэнні, надпіс на якім сведчыць, што мы знаходзімся на вышыні 345 м над узроўнем мора. Увесь энтузіязм адразу знік, назва "гара" гэта вельмі гучна, на ёй нават наваколле агледзець немагчыма. Але гэта ўжо асаблівасці нашага раўніннага рэльефу.

Крыху расчараваныя, мы рухаемся наперад. Але гэтае пачуццё адразу праходзіць, калі мы заварочваем у маляўнічы парк Ваньковічаў. Першым нас сустракае вязізны ясень, гэтаму дрэву больш за 200 гадоў і ён дакладна памятае былых гаспадароў мястэчка. Сонейка досыць добра прыпякае, таму, патрапіўшы ў засень дрэваў, павольна прагульваемся да сядзібы XIX ст., аднаго з найстарэйшых у Беларусі шляхецкіх маёнткаў. Яна займае жывапісную тэрасу і пойму невялікай рачулкі Валмянка. За сваю шматвяковую гісторыю Волма належала найбольш уплывовым магнацкім княжацкім родам Гаштольдам, Радзівілам, Валадковічам, Піліповічам. А ў пачатку XIX ст. адышла Ваньковічам, старадаўняму беларускаму роду, першае згадванне пра які датуецца 1499 г. Зараз тэрыторыя сядзібы належыць міжнароднаму экалагічнаму інстытуту імя Сахарава. Захаваўся не толькі будынак сядзібы, але і некалькі гаспадарчых будынкаў і нават руіны каплічкі. Паглядзець ёсць што, але ж у нас вельмі насычаная праграма, таму развітваемся з Волмай і накіроўваемся ў Івянец.

Тут мы пабачылі касцёл Святога Міхала Араханёла і кляштар францысканаў 18 ст. Па касцёле нам экскурсію праводзіў каталіцкі манах. Прыгожы будынак у стылі віленскага барока за 250 год існавання амаль не змяняў свайго знешняга выгляду, затое прызначэнне мянялася шмат разоў. Спачатку пасля паўстання Каліноўскага касцёл быў перададзены праваслаўнаму прыходу, затым з 1920 года зноў стаў каталіцкім, а пасля вайны яго напаткаў лёс многіх храмаў Беларусі - у яго будынку размяшчалася прадуктовая крама, а пазней вытворчы цэх Менскага праектна-канструктарскага тэхналагічнага інстытута. З прычыны гэтага нічога акрамя сцен з гістарычнай спадчыны не захавалася. Але хаця б так, бо колькі мы ведаем падобных будынкаў, якія стаяць у руінах ці ўвогуле зніклі з твару зямлі.

Пасля нас чакае царква Святога Георгія ў вёсцы Слабодка. Драўляная прыгажуня пабудовы канца 19 ст. добра бачна з дарогі, і вельмі складана ўявіць, як яна перажыла ўсе войны і рэвалюцыі, якія прыйшліся на яе два вякі існавання. Да нядаўняга часу царква патанала ў зеляніне раскідзістых, старых дрэваў, але ім пашчасціла меней, і зараз на зямлі валяюцца толькі тоўстыя, у некалькі абхопаў, ствалы. Складана сказаць, чаму іх спілавалі, бо мы не спецыялісты, але заўсёды шкада, калі гіне нешта, бачыўшае сусвет стогадовай даўнасці.

Пакідаем за спіной адзіную праваслаўную царкву па нашым маршруце, а далей толькі касцёлы, касцёлы, касцёлы - Найсвяцейшага Сэрца Езуса 1931 года пабудовы ў Хатаве (яго драўляны папярэднік вядомы з канца 18 ст.); Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Налібакі не вельмі тыповага для касцёлаў знешняга выгляду ў стылі мадэрн, бо дабудаваны быў толькі ў 1994 г., хаця парафія ў гэтых мясцінах іставала аж з 15-га стагоддзя; Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі 16-17 ст. у вёсцы Дзераўная; касцёл Святога Юзафа-рамесніка пач. 20 ст ў Рубяжэвічах.

Удосталь нагледзеўшыся на розныя эпохі і архітэктурныя стылі, нарэшце, ставім намёты на маляўнічым беразе Нёмана. А далей усё ў духу такіх адпачынкаў, з размовамі ля вогнішча, начным купаннем, зорным небам, якое ў горадзе ніколі не ўбачыш, і туманам над рэчкай перад світаннем. Час прайшоў незаўважна, мы гатовы былі заставацца тут бясконца, бо для нас, гарадскіх жыхароў адпачынак на ўлонні прыроды ўдалечыні ад цывілізацыі гэта нешта экзатычнае і таму вельмі жаданае. Але ж мары марамі, а жыццё бяжыць наперад, і нам трэба не адставаць.

Наступны дзень падрыхтаваў нам не горшае надвор'е, а кіраўнік групы не горшую, а, мабыць, і цікавейшую праграму. Альбуць, Акінчыцы, Смольня - мала хто не ведае гэтыя назвы, бо гэтыя мясціны неразрыўна звязаныя з жыццём беларускага паэта, празаіка, драматурга, і грамадскага дзеяча Якуба Коласа. Тут ён нарадзіўся і правёў дзяцінства, тут сфарміравался любоў да Радзімы і цікавасць да беларускай культуры. Зараз гэта музейныя комплексы, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Пра жыццё і творчасць народнага паэта, а таксама пра лёс яго родных вельмі цікава распавялі нам тутэйшыя экскурсаводы, у тым ліку і сваячка паэта Соф'я Пятроўна Міцкевіч. А ўявіць тагачасны лад жыцця дапамаглі цудоўныя музейныя экспазіцыі. Хосьці быў тут упершыню, хосьці некалькі разоў, але кожны дакладна пачуў і пабачыў штосьці для сябе новае і карыснае.

На гэтым наша праграма далёка не скончылася, і вось мы зноў, любуючыся з вокнаў аўтобуса на родныя краявіды, у дарозе. На гэты раз едзем у веску Наднёман да сядзібы Наркевічаў-Ёдкаў. Маёнтак вядомы з ХVI стагоддзя і належаў Алелькавічам, Радзівілам, а з 1823 года - Ёдкам. Непасрэдна будынак сядзібы, парэшткі якога мы зараз бачым, быў пабудаваны ў 1820-1830-х гг. Буйны землеўласнік, славуты на ўсю Еўропу навуковец, адкрывальнік электраграфіі і бяздротавай перадачы электрычных сігналаў Якуб Наркевіч-Ёдка змясціў тут метэаралагiчную станцыю. Пры Якубе ў палацы і іншых пабудовах сядзібы былі абсталяваны электраграфічная, хімічная, электрабіялагічная лабараторыі. Па сутнасці, у памяшканнях палаца пачыналася беларуская навука.

Яшчэ адзін цікавы факт, што менавіта Якуб Наркевіч-Ёдка паспяхова правёў у Вене двума-трыма гадамі раней за А. Папова эксперыменты па перадачы радыёсігналаў. Гэта адзначалася ў пратаколе паседжання Французскага фізічнага таварыства за 1898 г., прысвечанага працам па перадачы радыёсігналаў. А свой прыярытэт у гэтым ён не адстойваў толькі таму, што вызначальным навуковым кірункам для яго стала вывучэнне ўласцівасцяў атмасфернай электрычнасці і яго ўздзеянне на жывую прыроду, прымяненне гэтай распрацоўкі ў медыцынскіх мэтах.

Вось такі таленавіты быў у нас зямляк, якога за мяжой да гэтага часу памятаюць і шануюць, а мы, беларусы, нічога пра яго не ведаем і ў школах не вывучаем. А было б вельмі карысна нам разумець, што беларус гэта не толькі селянін, які ўсё жыццё на зямлі працаваў і навукі не ведаў, але яшчэ і вучоны сусветнага маштабу, здабыткі якога да гэтага часу паўсюдна выкарыстоўваюцца.

Знаёмства з выбітнымі суайчыннікамі працягваем у вёсцы Кухцічы (зараз Першамайск), дзе знаходзіцца сядзібна-паркавы комплекс Завішаў, з роду якіх паходзіць дзяячка беларускага культурнага руху, мецэнатка Магдалена Радзівіл. Да нашых часоў сама сядзіба, пабудаваная ў 19 ст. у стылі класіцызму, нажаль не дажыла, захаваліся толькі 2 флігелі ды капліца-пахавальня 19 ст., па другіх меркаваннях кальвініскі збор 16 ст. Але знаходзяцца яны ў дрэнным стане, відавочна не выкарыстоўваюцца і паціху разбураюцца. Вельмі шкада, што так, бо апошняя ўладальніца, Магдалена Радзівіл, шмат чаго рабіла на карысць беларускай культуры. Яна адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы, фінансавала выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца", Беларускае выдавецкае таварыства, газету "Беларус", таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і інш. У знак удзячнасці ёй на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча "Вянок" змешчаны герб Завішаў "Лебедзь".

Усё добрае калі-небудзь заканчваецца, і наша вандроўка таксама. Але ўсё ж неяк нечакана зразумелі мы гэта пад'язджаючы да апошняй кропкі маршруту - горада Узды. Тут нас чакала капліца-пахавальня Завішаў цікавай, дарэчы, пірамідальнай формы і ў прамянях вечаровага сонейка надаючая нейкую містычнасць навакольнаму пейзажу, і драўляны касцёл Адшукання Святога Крыжа пабудаваны Казімірам Завішам у 1798 годзе. Будынак вельмі прыгожы, можна сказаць унікальны, бо 200-гадовых драўляных касцёлаў на Беларусі няшмат, а тут яшчэ захавалася нават аўтэнтычная агароджа з каванай брамай. Вось такая цікавая кропка атрымалася ў нашым маршруце. 2 дні, цудоўнае надвор'е, 17 мясцін, 3 музеі, безліч цікавай інфармацыі і шмат эмоцый, лепей правесці гэтыя выходныя для аматараў беларушчыны было проста немагчыма!

Яўгенія Хмуровіч, Магілёў, на здымках: 1. Койданава. У гасцях у Валянціна і Марыі Бакіноўскіх. 2. Па мясцінах Якуба Коласа. Альбуць. 3. Кухцічы. Парэшткі сядзібы Магдалены Радзівіл.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

6. Завяршэнне аб'яднання Францыі

Пасля заканчэння Стагадовай вайны Карл VII зрабіў удалую вайсковую рэформу. Ён стварыў рэгулярную армію з розных родаў войскаў: кавалерыю (дзе служыла дваранства); інфантэрыю (пяхота, дзе служылі сяляне і гараджане); артылерыю (якая дапамагала штурмаваць варожыя замкі і гарады). У 1438 г. у Францыі абмежавалі папскую ўладу, пачалі самі выбіраць біскупаў і абатаў, зменшылі правы Папы на розныя плацяжы і абмежавалі правы папскага суда. Каб умацаваць сваю ўладу, у другой палове XV ст. французскія каралі пачалі надаваць дваранства людзям, якія паходзілі з сялян і гараджан. Сярод іх было шмат фінансавых чыноўнікаў і суддзяў.

Далейшае ўмацаванне краіны адбылося пры вышэйзгаданым каралі Людовіку XI (1461-1483). Кароль быў кволым і згорбленым, невысокага росту, з непрыгожым тварам. Але пры гэтым ён быў вельмі хітры і добра разбіраўся ў дыпламатыі. Ён не любіў багатых сеньёраў і браў на службу толькі адданых яму людзей, нягледзячы на іх на паходжанне. Ваяваць ён не любіў і дзейнічаў подкупам, дыпламатычным шляхам і рознымі хітрыкамі. Людовік XI здолеў без вайны знішчыць галоўнага ворага, Бургундыю, а потым у 1481 г. далучыць да краіны Праванс разам з Марселем, які раней знаходзіўся ў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

У краіне Людовік XI падтрымліваў гарады, прамысловасць і гандаль. Ён даваў ільготы і прывілеі рамеснікам і купцам, спрыяў узнікненню нацыянальнай буржуазіі. У Ліёне ён дамогся выпуску шаўковых тканін і правядзення вялікіх кірмашоў. Таксама ён спрыяў развіццю металургіі, кнігадрукавання і шкларобства.

Пасля смерці Людовіка ў 1483 г. каралём стаў яго непаўнагадовы сын Карл VIII. Пакуль ён быў малы, краінай кіравала яго старэйшая сястра. У 1484 г. яна склікала Генеральныя штаты ў горадзе Туры, на якіх дэпутаты прасілі знізіць падаткі і абмежаваць каралеўскую ўладу. Аднак улады з гэтым фактычна не пагадзіліся, распусцілі парламент і не збіралі яго аж 75 гадоў. У 1491 г. Карл VIII ажаніўся з Ганнай Брэтонскай. Год далучэння да Францыі Брэтані, дзе жыў кельцкі народ брэтонцаў, лічыцца датай канчатковага аб'яднання Французскага каралеўства.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Арлеанская дзева (Латарынгская дзева) - так французы называлі Жанну д'Арк.

"Вайна Чырвонай і Белай ружы" - міжусобная вайна ў Англіі ў XV ст.

Валуа - дынастыя французскіх каралёў.

Жакерыя - сялянскае паўстанне ў Францыі ў XIV ст.

Плантагенеты - дынастыя англійскіх каралёў.

Цюдары - дынастыя англійскіх каралёў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1337 г. - пачатак Стагадовай вайны.

1346 г. - бітва пры Крэсі, захоп англічанам г. Кале.

1356 г . - бітва пры Пуацце.

1358 г. - сялянскае паўстанне Жакерыя.

1381 г. - сялянскае паўстанне Уота Тайлера ў Англіі.

1412-1431 гг. - Жанна д'Арк.

1415 г. - бітва пры Азенкуры (Стагадовая вайна).

1429 г. - зняцце аблогі з Арлеана (Стагадовая вайна).

1453 г. - канец Стагадовай вайны.

1485 г. - да ўлады ў Англіі прыйшоў Генрых VII, заснавальнік дыннастыі Цюдараў.

РАЗДЗЕЛ XVI. СВЯШЧЭННАЯ РЫМСКАЯ ІМПЕРЫЯ. ГУСІЦКІЯ ВОЙНЫ

1. Палітычная сітуацыя ў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

2. "Залатая була".

3. Ганзейскі саюз гарадоў.

4. Тэўтонскі і Лівонскі ордэны ў ХІV-ХV стст.

5. ІІІвейцарыя.

6. Венгрыя.

7. Чэхія.

8. Гусіцкія войны.

1. Палітычная сітуацыя ў Свяшчэннай Рымскай імперыі

З 1298 па 1308 г. імператарам дзяржавы быў Альбрэхт І Аўстрыйскі з дому Габсбургаў, які марна спрабаваў пашыраць уладанні свайго дамену. З 1308 г. да ўлады ў імперыі прыйшла дынастыя Люксембургаў, якія былі нязначнымі князямі Германіі, але імкнуліся пашыраць свае валоданні, і гэта ў іх атрымалася. Генрых VII Люксембургскі ажаніў свайго сына з дачкой чэшскага караля, і Люксембургі сталі яшчэ і чэшскімі каралямі. Пасля смерці Генрыха ў выніку міжусобнай спрэчкі да ўлады прыйшоў Людвіг IV Баварац (1314-1346), які выступіў за абмежаванне фінансавых палітычных прэтэнзій Рымскага Папы ў Германіі. Яго падтрырымалі бюргеры і, часткова, духавенства. Папа Іаан XXII адлучыў Людвіга ад царквы, але той абвясціў Папу ерэтыком, і яго войскі занялі Рым. Там абралі новага Папу, Мікалая V, які каранаваў Людвіга імператарскай каронай. Аднак у 1328 г. у Людвіга скончыліся грошы, каб плаціць наёмнаму войску, і ён разам з Мікалаем V мусіў пакінуць Рым. Яшчэ пры яго жыцці нямецкія князі выбралі новага кіраўніка, чэшскага караля Карла IV (1346-1378). Неўзабаве Людвіг Баварац памёр.

2. "Залатая була"

Карл IV, які атрымаў у Францыі добрую адукацыю, у першую чаргу дбаў пра Чэхію і зрабіў яе цэнтрам Свяшчэннай Рымскай імперыі, а горад Прагу - яе неафіцыйнай сталіцай. Ён збудаваў у Празе славуты Карлаў мост, а ў 1348 г. заснаваў Пражскі (ці Карлаў) універсітэт - першы ў імперыі. Карл IV запрасіў у Чэхію шмат нямецкіх перасяленцаў-каланістаў, якія прынеслі з сабою нямецкую мову і культуру. У 1356 г. ён выдаў дакумент, т. зв. "Залатую булу", у якой прызнаў поўную самастойнасць курфюрстаў Германіі і адмовіўся ад умяшання ў іх унутраныя справы.

Было пацверджана, што нямецкага караля выбіраюць 7 курфюрстаў без ухвалення Рымскага Папы, але толькі Папа мог каранаваць караля імператарскай каронай. Выбранне адбывалася ў горадзе Франкфурце-на-Майне большасцю галасоў курфюрстаў. Такі парадак выбараў імператара існаваў аж да 1806 г. Курфюрсты атрымалі правы на свой вышэйшы суд, распрацоўку зямных нетраў, чаканку манеты і самастойнае збіранне мыта. Яны нават маглі паміж сабою ваяваць, калі вайна "законна аб'яўлена" за тры дні да пачатку ваенных дзеянняў. Тэкст дакумента пераплялі ў прыгожую вокладку, да якой прымацавалі залатую пячатку (ці булу). Таму гэты дакумент спачатку назвалі "Кнігай з залатой булай", а потым - проста "Залатой булай".

Такім чынам, на чале дзяржавы быў імператар, які адначасова быў і германскім каралём. Пры ім быў спецыяльны орган кіравання, у які ўваходзілі буйныя свецкія і духоўныя феадалы ды прадстаўнікі гарадоў. Гэтая ўстанова называлася рэйхстагам, аднак значнай рэаальнай улады яна не мела. У XV ст. вялікая краіна пачала распадацца. Так, пасля Грунвальскай бітвы 1410 г. Тэўтонскі ордэн страціў шмат земляў і ператварыўся ў васала польскага караля, а Лівонскі ордэн стаў самастойным. У другой палове XV ст. са складу імперыі выйшлі Чэхія, Венгрыя і Швейцарыя.

3. Ганзейскі саюз гарадоў

У XIV-XV стст. назіраецца росквіт нямецкіх гарадоў. Іх было каля 3500, і жыло ў іх у той час ад 13 да 15 млн. чалавек. Паступова склаліся тры зоны канцэнтрацыі гарадскога жыцця са сваімі эканамічнымі інтарэсамі.

1. Гарады паўночнай Германіі (Брэмен, Гамбург, Любек, Ростак, Вісмар і інш.), якія знаходзіліся на ўзбярэжжы Паўночнага і Балтыйскага мораў. Яны гандлявалі з Лонданам, Ноўгарадам, Полацкам, Віцебскам, Смаленскам, Бруге і інш.

2. Гарады Паўднёвай Германіі (Аўгсбург, Нюрнберг, Ульм, Базель, Вена і інш.). Яны пераважна гандлявалі з Італіяй (Мілан, Венецыя, Генуя) і з прыдунайскімі землямі.

3. Гарады, якія стаялі на Рэйне - ад Кёльна да Страсбурга. Яны ўзялі пад кантроль гандлёвыя шляхі з паўночнай у паўднёвую Еўропу. Паступова пачалі складацца згуртаванні гарадоў, якія мелі назву ганзы. Самым моцным з іх стала паўночна-нямецкая Ганза, ці Вялікая нямецкая Ганза. Спачатку, у XII ст. гэта было аб'яднанне асобных нямецкіх купцоў, потым - у XIII ст. - гэта хаўрус купецкіх сем'яў, а з канца ХІІІ па сярэдзіну XIV стст. - гэта ўжо саюз гарадоў. Яго ядро - гэта саюз паміж Любекам і Гамбургам, падпісаны ў 1241 г. Канчаткова Ганза (або Ганзея) склалася ў 1356 г., калі яе і пачалі называць "Нямецкай (Вялікай) Ганзай". Акрамя нямецкіх гарадоў Гамбурга, Брэмена і Любека, у яе ўвайшлі Данцыг, Кёнігсберг, Рыга, Рэвель, Дэрпт, горад Вісбю на востраве Готланд і шэраг нідэрландскіх гарадоў. Пачынаючы з XIII ст., ганзейцы актыўна гандлявалі з Полацкам, Віцебскам і Смаленскам, дзе мелі свае дамы, а ў Полацку і Смаленску - нават мураваныя касцёлы. Шмат у якіх гарадах яны мелі свае кварталы (двары), як гэта мела месца ў Ноўгарадзе. Яны прывозілі ў Германію з балтыйскіх краін, ВКЛ, Ноўгарада, Пскова розную сыравіну і прадукты. Стратэгічным таварам Ганзы бымі селядцы, якімі яна забяспечвала амаль усю Еўропу, у тым ліку і Беларусь. У абмен на прадукты і сыравіну ганзейцы прывозілі ў краіны Ўсходняй Еўропы сукно, вырабы з металу, віно, лекі і ўсходнія тавары, асабліва вострыя прыправы.

Ганзейскі звяз канчаткова аформіўся ў другой палове XIV ст. Сталіцай стаў горад Любек, дзе адбываліся з'езды ( ганзатагі) прадстаўнікоў усіх ганзейскіх гарадоў, дзе і вырашаліся бягучын пытанні. Ганза мела сваё войска, асабліва флот і не раз ваявала. Так з 1368 па 1369 г. ішла вайна з Даніяй, сур'ёзным канкурэнтам Ганзы. Войскі Ганзы захапілі Капенгаген, і Данія была пераможана. Росквіт Ганзы прыпадае на XIV - першую палову XV стст., калі ў яе ўваходзіла каля 160 гарадоў. У другой палове XV ст. з'явіліся моцныя канкурэнты, купцы з Англіі, Нідэрландаў і зноў Даніі. Свой уплыў Ганзейскі саюз страціў пасля вялікіх геаграфічных адкрыццяў, калі кардынальна змяніліся кірункі асноўных гандлёвых шляхоў. Але фармальна Ганза існавала да 1669 г.

4. Тэўтонскі і Лівонскі ордэны ў XIV-XV стст.

Войны Тэўтонскага ордэна. У пачатку XIV ст. Тэўтонскі ордэн стаў вялікай дзяржавай. Яму належалі Прусы, Курляндыя, Семігалія частка Лівоніі і некалькі паветаў Жмудзі. У Ордэн ахвотна ўступалі як буйныя нямецкія феадалы, так і звычайная шляхта. Не спыняючы вайны з ВКЛ, Ордэн распачаў доўгую вайну з Польшчай за Памор'е (1309-1343 гг.). Крыжакі ўжо не змагаліся з язычнікамі, а пайшлі на сваіх каталіцкіх братоў, каб злучыцца з астатняй Германіяй па сухім (беразе Балтыйскага мора). Але на Памор'е, акрамя мясцовых князёў прэтэндавалі яшчэ польскія каралі і брандэнбургскія маркграфы. У 1294 г. польскі кароль захапіў Памор'е, але праз два гады яго забілі брандэрбургцы. У 1295 г. яны атрымалі ад германскага імператара прывілеі на валоданне Памор'ем. Каб вярнуць сабе гэтую тэрыторыю, іншы польскі кароль Уладзіслаў Лакетак звярнуўся па дапамогу да Ордэна і дамовіўся, што крыжакі будуць бараніць замак у Гданьску. Адбіўшы наступ на Гданьск, крыжакі за службу запатрабавалі грошы. Але грошай у палякаў не было. Тады крыжакі знянацку захапілі Гданьск і выкупілі ў Брандэрбурга правы на валоданне Памор'ем.Усё гэта ў 1311 г. пацвердзіў германскі імператар. Ордэн вельмі хутка захапіў у Польшчы астатнія паморскія замкі і заняў абодва берагі Віслы да ўпадзення яе ў Балтыйскае мора. Паралельна ішла вайна і з ВКЛ, прычым ішла яна з пераменным поспехам, і канца гэтай вайне не было.

Уладзіслаў Лакетак ажаніў свайго сына Казіміра з дачкой вялікага князя Гедыміна Альдонай, і яны з Гедымінам выступілі разам супраць крыжакоў. У 1326 г. саюзнікі спустошылі ваколіцы Франкфурта-на-Одэры. У 1341 г. крыжакі падчас аблогі аднаго з іхніх замкаў з гарматы забілі Гедыміна, але вайну з імі працягвалі Альгерд і Кейстут.

(Працяг у наст. нумары.)


Нясвіж у сэрцы і снах…

Нясвіж. Радасны і ўзнёслы, ты нараджаеш творцаў, а пасля, нават у далечыні ад твайго ласкавага пагляду, яны любяць цябе столькі, колькі б'ецца іх сэрца, і вяртаюцца сюды з любых шляхоў, з любых дарог, у любую пару года, а калі гэта становіцца недасягальным, горад юнацтва прыходзіць у снах, назаўсёды пасяліўшыся ў сэрцы. Самыя лепшыя і самыя сумныя ўспаміны звязваюць з Нясвіжам ганаровага грамадзяніна нашага горада Станіславу Вятр-Партыку. Яна нарадзілася тут 27 траўня 1930 года. Праз дзесяць гадоў стрціла бацьку, які быў забіты ў г. Цвер, а пасля і любімы горад. Разам з маці ў дзень забойства бацькі іх, як "недабранадзейных элементаў", у "цяплушках" адправілі на Ўсход. Яна вырасла ў стэпах Паўночнага Казахстана. Разам з мамай працавала ў мясцовым калгасе ўсе доўгія, халодныя і галодныя шэсць гадоў. Седзячы з маці ў цёмнай і прамерзлай зямлянцы, нібы казку слухала пра горад свайго дзяцінства. Гэта казка плыла з вуснаў яе матулі і абяцала магчымасць вяртання. У 1946 годзе яны пераязджаюць у Тарноў - родны горад бацькі, і ўсё пачынаецца спачатку: вучоба ў школе, інстытуце, педагагічная і грамадская дзейнасць, толькі Нясвіж не сцёрся з памяці, пасяліўшыся там назаўсёды.

Вершы Станіслава Вятр-Партыка пачала пісаць яшчэ ў Казахстане. У сяле Яленка, калі ёй было пятнаццаць гадоў, перамагла ў конкурсе на лепшы паэтычны твор сярод вучняў школы. Станіславу запрасілі на раённае радыё. Верш быў рускамоўны, але, узяўшы мікрафон, на адным дыханні выпаліла па-польску:

"Люблю цябе, Татачка!

Беражы здароўе!

Шлю прывітанне Табе,

Татачка!

У далёкае Асташкава."

Яна думала, што гэтыя словы дойдуць да яго. Настаўнік збялеў, як сцяна і некалькі разоў паўтарыў: "Што ты сказала?" Мікрафон адключылі, але дэбют адбыўся.

Сёння Станіслава Вятр-Партыка - аўтар зборнікаў "Вяртанне да санаты і іншыя вершы на мяжы стагоддзяў", "Адлюстраванне ў кропельцы расы", "Балада аб страчаным доме" і некаторых іншых. Яе творы гучаць аднолькава прыгожа на польскай, рускай і беларускай мове.

У інтэрвію штотыднёвіку "Горад і людзі" Станіслава Вятр-Партыка сказала, што нясвіжац Уладзімір Трафімавіч Жылко пераклаў самы галоўны яе верш "Бацькам". Калісьці Ўладзімір Трафімавіч і пані Станіслава сустракаліся ў Нясвіжы, у бібліятэцы і ў Польскім доме. Пані Станіслава падаравала свае кнігі нясвіжскаму паэту, і ён вельмі зацікавіўся яе творчасцю, зрабіўшы шмат перакладаў.

Паэтычным словам адорвае Гасподзь. У ссылцы, у перыяд адзіноты і адчаю нараджаліся маналогі - малітвы да Бога, якія пані Станіслава запісвала толькі для сябе, а кола зацікаўленых паэзіяй узнікла пасля. У Нясвіжы самым першым перакладчыкам вершаў Станіславы Вятр-Партыкі стала сябра раённага літаратурна-музычнага аб'яднання "Валошкі" Наталля Бордак. У 2007 годзе падчас прэзентацыі зборніка вершаў "Нясвіж у сэрцы і снах" упершыню з яе вуснаў прагучаў верш Станіславы Вятр-Партыка "Малітва".

Калі чалавек шмат перажыў, яму не хочацца хаваць свае ўспаміны ад іншых. Спытаеце, навошта? Думаю, каб гісторыя не паўтарылася зноў, каб яе сумныя моманты засталіся толькі на паперы кніг па гісторыі, каб папярэдзіць наступныя пакаленні, што так нельга і чалавек - гэтата асоба, якую трэба паважаць, а яго таленты і здольнасці не закопваць, а даць магчымасць развіць, пасеяць элітнае зерне ва ўрадлівую зямлю Бацькаўшчыны для тых, хто прыйдзе пасля. Станіслава Вятр-Партыка шмат займалалася грамадскай дзейнасцю ў "Таварыстве сібіракоў" і таварыстве "Сям'я Катынская", "Таварыстве несвіжан і сяброў 27 палка ўланаў імя Стэфана Баторыя", выступала на радыё і ў прэсе, ладзіла шматлікія выступленні перад моладдзю. Праводзіла вучэбныя семінары, цыклы лекцый "Табе, Польшча", пісала ўспаміны аб Сібіры, Катыні. Яна з'яўляецца арганізатарам шматлікіх семінараў і канферэнцый аб "Галгофе Ўсходу", дзе яе слухалі тысячы чалавек. Станіслава Вятр-Партыка праслаўляе свой Нясвіж, дапамагае наладжваць міжнародныя сяброўскія сувязі. "Люблю Тарнаў, - гаворыць пані Станіслава. Ён прыгожы. Тут многа месцаў для сустрэч. Але Польскі дом у Нясвіжы прасторней, належыць Саюзу палякаў".

Станіславу Вятр-Партыку з многімі нясвіжцамі звязвалі і звязваюць добрыя адносіны і сяброўскія стасункі. Пераклады твораў нашай зямлячкі з'яўляліся ў раённай газеце "Нясвіжскія навіны", і перш, чым вершы былі вынесены на суд нясвіжцаў, яны траплялі ў рукі рэдактара Соф'і Ўладзіміраўны Любанец, якая першай, пасля аўтараў, магла скласці сваё ўяўленне аб іх дасканаласці.

Нядаўна Станіслава Вятр-Партыка падаравала гораду свае кнігі паэзіі і прозы, кнігі аб родным Нясвіжы іншых аўтараў, фотаздымкі і некалькі лялек са сваёй калекцыі, тое, што вельмі цешыла яе сэрца. А сэрца, як вядома, засталося ў Нясвіжы. Сюды трапілі і гэтыя рэчы, склаўшы экспазіцыю ў музеі Нясвіжскай цэнтральнай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.

Калісьці лепшы сябар ксендза Гжэгажа Каласоўскага мітрафорны протаіерэй Дзімітрый Хмель сказаў: "Не ганіся за славай. Сумленна працуй, добра выконвай сваю справу, а слава цябе сама знойдзе." Гэтыя словы спраўджваюцца ў лёсах многіх нясвіжцаў і не толькі нясвіжцаў. Станіслава Вятр-Партыка была выгнанніцай, а стала ганаровым грамадзянінам горада яе сноў і мар, нашага роднага Нясвіжа. Гэтым высокім званнем яна была ўганаравана ў 2013 годзе. 3 ліпеня, у Дзень горада, яна атрымала стужку і пасведчанне аб прысваенні звання Ганаровага грамадзяніна з рук старшыні Нясвіжскага райвыканкама Івана Іванавіча Крупко. У той дзень яна атрымала і самую важную ўзнагароду г. Тарнова. Акрамя гэтага пані Станіслава адзначана ганаровымі ўзнагародамі: Залатым крыжом Заслугі, Крыжам сасланых у Сібір, Медалём Дзяржаўнага камітэта адукацыі, медалём "Захавальнікі месцаў народнай памяці", Крыжом ахоўніка Львова. Але самая галоўная яе ўзнагарода - гэта людзі, яе землякі, якія памятаюць яе, шануюць яе паэтычнае слова, цікавяцца яе лёсам і стараюцца браць прыклад стойкасці, любові, незласлівасці, настойлівасці і добрай памяці пра сваю Радзіму, свой Нясвіж.

Валянціна Шчарбакова. На здымках: 1. С. Вятр-Партыка (справа) і перакладчык У. Жылко (злева); 2, 3, 4. На імпрэзе, прысвечанай творчасці С. Вятр-Партыкі. Фота Святланы Польскай.


Станіслава Вятр-Партыка

Малітва

Я павінна вярнуцца, мой Бог літасцівы,

Мне патрэбна, о Божа пранесці свой крыж!

Там пакінутых спраў вельмi шмат, як на дзіва -

Ты, дазволь у каханы вярнуцца Нясвіж.

Мне адсюль праз Мялец, Белавежу і Пільзна,

Дзесь блакітную пацерку, каб адшукаць.

Каля Слуцкае Брамы шчасліваю трызнай

Будзе Ёська галодны рагалік чакаць.


Мне да пана Ананькі патрэбна забегчы

І да пані Крашэўскай часопіс аднесці.

У гамак пад каштанам на хвілю прылегчы

І аб мілай старонцы размову павесці.

Добры Божа, хацела б з'явіцца туды я,

Каб сабраць фотаздымкі ўроскід на доле,

Там пакінула скрыні ў камодзе пустыя

І самотных жукоў без надзеі на волю.


Паглядзець, "Жабка Эрдаль" як танчыць уранні,

Сцежкай, Ванду наведаць хаця б на хвілінку -

Неабходна ў Нясвіж… кветнічку на верандзе

Хоць прылашчыць лісточкі, галiнкi, сцяблінкі.

Можа скача на конях, а можа йдзе пешшу

Князь таксама ў Нясвіж, на свой замак зірнуць.

А я можа застану штандары на вежы -

Гэтак час у мінулае крыху вярнуць?


Кажушок закапанскі амаль яшчэ новы

Назаўсёды застаўся нясвіжскаю казкай,

Не сагрэе мяне ўжо зімою пуховай -

Ціш малітвы лагодзіць мой сум шчодрай ласкай.

Добры Божа, ў Нясвіж мне дазволь на хвіліну -

Там пярсцёнак з бурштынам, гадзіннік і ... сон

Век стаіць прад вачыма жывая карціна,

Толькі сэрца з Нясвіжам пяе ва ўнісон.

Пераклад Наталлі Бордак.

Родная зямля

Хай далёка, хай межы і лес,

Ды за імі чароўны ёсць горад.

Там русалка і бронзавы "pies"…

Успамінаў дзяцінства там мора!


Там над возерам з ранку да ранку

Брама Слуцкая замак пільнуе…

Нібы зноў тут ёсць пане Каханку,

І Нясвіжскае княства пануе…


Я ўжо тут, я прыйшла пакланіцца

І ні помніць ніякага зла,

Да радзімых магіл прыхіліцца,

Я к табе па пяшчоту прыйшла.


…Як раней, стаяць хаты на горках,

Як раней, тут радкамі каштаны,

Як раней, скрыпяць дзверы ў каморках,

Як раней, не падмазаны брамы.


І на шыбах, замерзлых пад ранне,

Узнікаюць той памяці знакі.

А на кухні падскоквае чайнік…

О, Нясвіж! Ты ёсць наша Ітака!!!

Пераклад Уладзіміра Жылко.


Вандроўка па гістарычных мясцінах Наваградчыны

Баранавіцкая арганізацыя ТБМ арганізавала 29 ліпеня вандроўку па гістарычных мясцінах Наваградчыны. 50 чалавек праехалі аўтобусам за дзень з Баранавіч праз В. Сваротву, Наваградак, Усялюб да Любчы, наведаўшы Лаўрышаўскі манастыр і Шчорсы.

Першым пунктам прыпынку была в. Вялікая Сваротва Баранавіцкага р-на. Праехаўшы ўздоўж алеі англійскага дубу, якая захавалася да нашых дзён, мы накіраваліся да адзінага ў Еўропе трохкутнага храма. Па некаторых звестках да сярэдзіны 18 ст. тут месцілася паганскае капішча, якое мела форму раўнабедранага трохкутніка, і да якога вялі тры дарогі. Пасярэдзіне стаяла бажніца з трыма абліччамі Бога, які глядзеў у тры розныя бакі. Першапачатковы драўляны ўніяцкі храм быў пабудаваны на гэтым жа месцы ў 1747 годзе пісарам скарбовым ВКЛ Мікалаем Аўсяным. Гэты храм меў тры ўваходы, па адным з кожнага боку, алтар месціўся пасярэдзіне. Дзякуючы такой незвычайнай архітэктуры маліцца ў храме маглі прадстаўнікі трох канфесій: католікі, праваслаўныя і ўніяты. Падчас вайны 1812 года драўляны храм згарэў. А ў 1823 годзе Якуб Незабытоўскі, тагачасны ўладальнік маёнтка ў В. Сваротве, узнаўляе храм на старым месцы, адбудаваўшы яго з цэглы і бутавага каменю з арачнымі аконнымі праёмамі ў сценах, таўшчынёй 1 м. У 2009 годзе па ініцыятыве айца Георгія Сапуна храм быў адноўлены і цяпер дзейнічае як праваслаўны.

У Наваградку шмат адметных месц, па якіх нас вадзіў мясцовы краязнавец Зміцер Солтан. Гэта не толькі ў старыя часы вялікі горад, у якім магнаты лічылі за гонар мець нерухомасць. Гэта і сёння можа быць горад-музей. Але, на жаль, у Наваградку падобна ніколі не было і цяпер няма не толькі высока кампетэнтных спецыялістаў па захаванні гістарычнай спадчыны, а і грошай. Аб чым сведчыць сучасная забудова-перабудова цэнтра. Вандроўнікі наведалі і агледзелі самыя цікавыя гістарычныя аб'екты Наваградка:

Свята-Мікольскі кафедральны сабор пабудаваны ў 1780 годзе з цэглы ў выглядзе карабля. У канцы 18 - пачатку 19 стагоддзя храм належаў рыма-каталіцкаму францысканскаму манастыру. У 1839 годзе францысканскі касцёл быў зачынены. У 1848 годзе перададзены праваслаўнай царкве і пераасвечаны як Свята-Мікалаеўскі сабор.

Барысаглебская царква 16-19 ст. з'яўляецца адным з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры Беларусі. Пабудавана на месцы храма 1-й паловы 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў. Храм, падчас свайго існавання шмат разоў перабудоўваўся і рэканструяваўся. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр, з 1624 г. - жаночы, з 1628 г. - мужчынскі манастыр базыльянаў, з 1839 г. - праваслаўная царква. Пасля Другой сусветнай вайны будынак выкарыстоўваўся як архівасховішча. Для набажэнстваў адкрыты у 1990-х гг. Фара Наваградка, заснаваная Вялікім князем Вітаўтам у 1395 годзе, у якой у 1422 годзе Ўладзіслаў Ягайла пабраўся шлюбам з Сафіяй Гальшанскай, пачынальніцай дынастыі Ягелонаў. А 12 лютага 1799 года тут прыняў хрост сын Барбары і Мікалая Міцкевічаў, які атрымаў імя Адам. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) касцёл працягваў дзейнічаць. Але пасля нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года расейскія ўлады зачынілі касцёл. Помнік паступова прыходзіў у заняпад. У 1906 годзе касцёл вярнулі католікам, і ў 1921 годзе пачалося аднаўленне касцёла.

Міхайлаўскі касцёл былога Дамініканскага манастыра (Касцёл Святога Міхала Арханёла) першай паловы 18 ст. - помнік архітэктуры барока і класіцызму. У 1624 годзе ваявода Віленскі Крыштап Хадкевіч заснаваў у Наваградку кляштар дамініканаў, першыя пабудовы якога былі драўлянымі. На іх месцы каля 1724 года быў пабудаваны мураваны касцёл і кляштарны корпус. Пасля паўстання 1830 - 1831 гг. улады Расейскай імперыі зачынілі школу пры касцёле, а ў 1853 годзе ліквідавалі кляштар. У 1850-я гг. касцёл быў перабудаваны ў стылі класіцызму. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі касцёл, зруйнавалі вежу-званіцу і кляштарны корпус.

Курган у гонар Адама Міцкевіча, насыпаны у 1924-1931гг., знаходзіцца недалёка ад замчышча. Зямлю на курган звозілі жменькамі, сумкамі, чамаданамі з усіх месцаў, дзе бываў Адам Міцкевіч.

У Наваградку апроч экскурсіі па гістарычных мясцінах мы наведалі карцінную галерэю мастака Кастуся Качана. Азнаёміліся з жывапісам, які адлюстоўвае жыццё беларускіх мястэчак, калекцыяй шкла і старажытнай мэблі, а таксама з працэсам заварвання кавы ў венскай кававарцы.

Нахадзіўшыся па Наваградку трохі адпачылі ў час пераезду да Ўсялюба, дзе наведалі Касцёл Святога Казіміра 15-17 ст., які ўпершыню згадваецца ў 1422 годзе на пячатцы Яна Няміры, канюшага Вітаўта Вялікага. Асвечаны ў 1642 годзе ў імя Святога Казіміра, храм некалькі разоў на працягу сваёй гісторыі мяняў назву ў некаторых крыніцах называецца таксама "Касцёлам Узвышэння Святога Крыжа" альбо "Касцёлам Святога Яна Хрысціцеля". Паўторнае асвячэнне храма ў імя Святога Казіміра адбылося 14 верасня 1991 года. Храм дзейнічае, нягледзячы на тое, што да цяперашніх часоў вядуцца рамонтныя работы. Знаходзяцца людзі, якія дапамагаюць і матэрыяльна, і працаю, і парадай. Але яшчэ шмат што трэба зрабіць, і любая дапамога будзе пажаданай.

Пасля паехлі ў Любчу. Любчанскі замак - помнік палацава-замкавага дойлідства канца 16 - 1-й паловы 17 ст. Пабудаваны ў 1581 годзе магнатам Янам Станіслававічам Кішкам, пазней, у якасці пасагу, замак адышоў да Радзівілаў. Цяпер на замчышчы ў Любчы вядуцца рэстаўрацыйныя работы, асабліваць якіх у тым, што вядуцца яны намаганнямі валанцёраў на недзяржаўныя сродкі і прыватныя ахвяраванні.

Ад Любчы недалёка да Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, што быў заснаваны ў 1262 годзе сынам Міндоўга Войшалкам, які ў хрышчэнні меў імя Лаўрыш альбо Лаўрын. Гэта быў першы з беларускіх манастыроў, які, паводле гістарычна-дакументальных звестак, у мінулым называлі лаўрай. Першым настаяцелем манастыра, паводле падання, быў Елісей. Яго забіў звар'яцелы паслушнік, які дакрануўшыся пасля да Елісея, вылечыўся ад вар'яцтва. Елісей быў пахаваны ў манастырскай царкве. На думку даследчыка Аляксандра Краўцэвіча месца, на якім адбудоўваецца цяперашні манастыр, знаходзіцца за 4 км ад старажытнага месца першапачатковага заснавання манастыра.

У Шчорсах падзівіліся незвычайнай прыгажосці комплекса гаспадарчых пабудоваў Храптовічаў. Там, воддаль ад дарогі ён стаіць як гарадок з дамамі і круглымі вежамі з чырвонай цэглы.

Вельмі інфармацыйна насычанай атрымалася вандроўка. Экскурсаводамі былі не прафесіяналы, але кампетэнтныя людзі - архітэктар, акадэмік Баляслаў Тумашчык, продкі якога двойчы кіравалі ўзнаўленнем Сваротваўскай трохкутнай царквы і краязнавец з Наваградка Зміцер Солтан. Цікавы і павучальны быў расповед пробашча касцёла ва Ўсялюбе айца Віталія, а таксама жонкі мастака Кастуся Качана ў карціннай галерэі Наваградка.

Дзякуючы таму, што быў поўны аўтобус вандроўнікаў, грошай, сабраных за паездку, хапіла не толькі на аплату аўтобуса, і экскурсіі, але і на ахвяраванне для ТБМ. Цікавасць да такіх вандровак пашыраецца.

Таццяна Кісель, г. Баранавічы.


На чыгуначным вакзале ў Стоўбцах абвесткі перавялі на рускую мову, бо "пасажыры не разумелі беларускай"

Летам інфармацыйнае суправаджанне на вакзале горада Стоўбцы перайшло з беларускай на рускую мову. Што сталася прычынай такога рашэння?

Справа ў тым, што тры месяцы таму начальнікам станцыі стала Святлана Канатопава, менавіта яна прыняла адпаведнае рашэнне.

- Да мяне звярталіся пасажыры вусна, што яны не разумеюць, пра што ідзе гаворка, калі паведамленні былі на беларускай мове. Прасілі перадаваць інфармацыю на рускай мове. Асабліва былі пытанні адносна "Паўднёвага" і "Паўночнага" бакоў платформы", - расказвае спн. Канатопава.

Яна спасылаецца на загад ад 27 верасня 2013 года за подпісам намесніка начальніка Беларускай чыгункі "Адзіны рэгламент інфармацыйнага забяспячэння пасажыраў на вакзалах, станцыях і прыпыначных пунктах Беларускай чыгункі". Згодна з пунктам 4.17 гэтага прыказа, "перадачу радыёінфармацыі на чыгуначных станцыях ажыццяўляюць на беларускай або рускай мовах".

Спадарыня Канатопава тлумачыць, што ўсе шыльды на вакзале пакуль на рускай мове, таму і ў інфармацыйным апавяшчэнні было прынята рашэнне карыстацца ёй.

Аднак у 2017 годзе з'явіўся "Стандарт арганізацыі адзінай сістэмы інфармацыйных носьбітаў, якія прызначаныя для інфармавання пасажыраў вакзалаў, станцый, прыпыначных пунктаў Беларускай чыгункі". Дык вось, згодна з ім, усё візуальнае афармленне на вакзалах і прыпынках мусіць быць толькі на беларускай мове - гэта значыць, інфармацыя па білетных касах, камерах захоўвання, усе інфармацыйныя стэнды будуць аформлены па-беларуску.

Святлана Канатопава пераконвае, што да канца 2017 года вакзал у Стоўбцах таксама цалкам выканае патрабаванне гэтага стандарту. Тады, магчыма, можна будзе зноў звярнуцца да пытання беларускай мовы ў абвестках.

- З пасажыраў вельмі малы працэнт просіць інфармацыі па-беларуску. Скардзіліся, што не разумелі, як прайсці да цягнікоў. Для мяне больш важна, каб чалавек з'ехаў у правільным кірунку, чым папулярызаваць беларускую мову. Асноўны паток пасажыраў рускамоўны. Таму мы прытрымліваемся абвестак, зразумелых большасці пасажыраў, - патлумачыла "НН" начальніца стаўбцоўскага вакзала.

Дэпутаткай ад Стаўбцоўскай акругі з'яўляецца намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. ТБМ ужо накіравала зварот у Стоўбцы з нагоды гэтай сітуацыі.

Зміцер Панкавец.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX