Вярнуцца: 2017

№ 35 (1342)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1342), 30 жніўня 2017 г.


Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Спецыяльная сесія Сусветнага бібліятэчнага і інфармацыйнага кангрэсу 21 жніўня, якая прайшла ў польскім Уроцлаве, была прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Спецыяльная сесія "500-годдзе беларускага кнігадрукавання" стала першым мерапрыемствам у гісторыі штогадовага Сусветнага бібліятэчнага і інфармацыйнага кангрэсу, ініцыіраваным і арганізаваным Беларуссю. Гэты факт нараўне з уключэннем юбілею ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА пацвярджае значнасць спадчыны Францішка Скарыны для беларускай, усходнеславянскай і ў цэлым еўрапейскай культуры, адзначылі ў бібліятэцы. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прэзентаваў удзельнікам міжнародны навуковы і выдавецкі праект па факсімільным аднаўленні кніжнай спадчыны Францішка Скарыны і расказаў аб гісторыі рэалізацыі праекту. Ініцыятары і асноўныя выканаўцы - Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Банк БелВЭБ. Зладжаная работа дала магчымасць дасягнуць мэты - сабраць электронныя копіі разгрупаваных па ўсім свеце экземпляраў выданняў Францішка Скарыны і аднавіць іх у выглядзе калекцыі факсімільных выданняў. Як вынік, на працягу пяці гадоў (з 2013 па 2017 год) свет убачыў 21 том унікальнага выдання. На мерапрыемстве прайшла цырымонія дарэння шматтомнага факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, бібліятэкам Уроцлаўскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша выступіў з дакладам "Выданні Францыска Скарыны ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі і замежных краін". Таксама ў час сесіі прагучалі даклады па спадчыне Скарыны прадстаўнікоў Расеі і Польшчы.

Удзельнікі сесіі атрымалі запрашэнне на міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" і выстаўку "Францыск Скарына і яго эпоха", якія пройдуць у Менску ў верасні.

belta.by.


Беларускія групы ў школе і дзіцячым садку Варшавы

У Варшаве ўпершыню ў найноўшай гісторыі з'явяцца беларускія групы ў школе і дзіцячым садку. Беларускія дашкольныя і школьныя групы пачнуць працаваць з верасня ў пачатковай школе № 395 Варшавы. Пра гэта гаворыцца ў лісце дырэктаркі аддзела адукацыі Адміністрацыі прэзідэнта Варшавы Ёанны Гаспадарчык. Актывістка Караліна Лукашэвіч, якая паведаміла пра беларускія группы ў Варшаве ў сваім фэйсбуку, заклікае іншых бацькоў Варшавы далучацца. Да 20 верасня зацікаўленыя могуць падаць заявы. З'яўленне класа з беларускай мовай ёсць вынікам супольных намаганняў бацькоў, якія пажадалі, каб іх дзеці ўжо ў садку вывучалі беларускую мову.

Беларускае Радыё Рацыя.


90 гадоў з дня нараджэння Алеся Адамовіча

Алесь АДАМОВІЧ , сапр. Аляксандр Міхайлавіч Адамовіч (афіц. 3 верасня 1927/ у сапр. 3 жніўня 1926, в. Канюхі, Капыльскі раён - 26 студзеня 1994, Масква) - беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся ў сям'і службоўцаў. З 1928 г. сям'я пражывала ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у 1942 Алесь Адамовіч, вучань сярэдняй школы - сувязны, з 1943 - баец партызанскага атрада імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Менскага злучэння. У 1944-1945 па накіраванні ЦШПР - студэнт Ленінагорскага горна-металургічнага тэхнікума (Алтайскі край). У 1945 вярнуўся ў Беларусь, экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу. У 1945-1950 вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, у 1953 скончыў аспірантуру пры ўніверсітэце і працаваў там жа на кафедры беларускай літаратуры. У 1954-1962 і з 1966 - навуковы супрацоўнік, у 1976-1983 - загадчык сектара літаратурных узаемасувязей Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1962-1966 вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, у 1964-1966 выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівесітэце. У 1982 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 - дырэктар навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве. Народны дэпутат СССР (1989). Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1957). Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989.

Памёр у 1994 г. ад хваробы сэрца.

Выйшлі раман "Война под крышами" (1960), які разам з раманам "Сыновья уходят в бой" склалі дылогію "Партизаны" (1963, па сцэнарыі пісьменніка пастаўлена аднайменная кінадылогія, 1970), "Хатынская аповесць" (Масква, 1972; на беларускай мове ў 1976, інсцэніравана ў 1977), аповесці "Асия. Последний отпуск" (1975), "Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев" (1981), "Последняя пастораль" (часопіс "Новый мир", 1986). У 1985 г. на кінастудыі "Масфільм" пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм "Иди и смотри" (сцэнарый А. Адамовіча і Э. Клімава, апублікаваны ў 1986, у аснову якога пакладзены "Хатынская аповесць" і "Каратели…"). Фільм заняў першае месца на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985), узнагароджаны залатым прызам. У 1987 г. выйшла кніга апавяданняў і эсэ "Моление о будущем". Адзін з аўтараў дакументальных кніг "Я з вогненнай вёскі…" (з Я. Брылём, У. Калеснікам, 1975) і "Блокадной книги" (з Д. Граніным, Масква, 1979, 2-е, поўнае выданне, у перакладзе на беларускую мову ў 1985).

А. Адамовіч адным з першых падняў у літатартуры тэму Чарнобыльскай катастрофы, яе сапраўдных маштабаў. Выступаў як крытык і літаратуразнавец.

Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны" і медалямі. Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976) - за "Хатынскую аповесць"...

Вікіпедыя.


У Гомелі другі год запар набралі беларускамоўны клас

Беларускамоўны першы клас набрала гімназія № 36 імя Івана Мележа на вуліцы Братоў Лізюковых у Гомелі. Весці клас будзе маладая настаўніца, выпускніца Гомельскага педагагічнага каледжа імя Выгоцкага Кацярына Казлова. Родам яна з радзіміцкай глыбінкі - з Чачэрскага раёна.

У Менску дзейнічаюць 6 беларускамоўных школ ды гімназій і адзін напаўпадпольны ліцэй. Трымаецца беларускамоўная гімназія ў Барысаве. Існуе беларускамоўная паралель у лідскай СШ № 16. Групы бацькоў нядаўна дабіліся таксама адкрыцця беларускамоўных класаў у Гародні, Берасці, Баранавічах, Магілёве.

Радыё "Свабода. На фота : настаўніца беларускамоўнага класа ў Гомелі Кацярына Казлова (злева) і завуч Таццяна Гарбачова.


Маральны выбар прафесара Астроўскага

Сярод выкладчыкаў сістэмы вышэйшай адукацыі ёсць асобы, якія непахісна і прынцыпова стаяць на пазіцыі беларушчыны. У 90-я гады такіх выкладчыкаў ва ўніверсітэтах было значна больш. Тыя, хто не пайшоў наперакор сумленню, церпяць ціск з боку сістэмы. Пра гэта мы пагаварылі з прафесарам Алесем Аляксандравічам Астроўскім, які 34 гады выкладаў у Гарадзенскім медуніверсітэце і быў звольнены ў 2014 годзе. За паўстагоддзя існавання медыцынскага ўніверсітэта ў Гародні ён быў адным доктарам навук на кафедры медыцынскай біялогіі. Прафесар напісаў дапаможнікі і метадычкі, стварыў навуковую школу: пяць яго вучняў абаранілі кандыдацкія дысертацыі, сярод іх ёсць дысертацыя на беларускай мове. Каб мець чыстае сумленне прафесару Астроўскаму прыйшлося ахвяраваць сваёй кар'ерай.

Як сапраўдны патрыёт, ён перажывае за лёс беларускага народа, які, на яго думку, звязаны з яго элітай: лекарамі, настаўнікамі, выкладчыкамі, інжынерамі, юрыстамі, сапраўднымі сацыёлагамі і палітолагамі - тымі, хто вызначае прагрэс грамадства. Навукоўцу з вялікім досведам цяжка бачыць разбурэнне сістэмы адукацыі, заняпад навукі, якія вертыкаль ажыццяўляе ў інтарэсах расійскай імперыякратыі.

У сакавіку 2017 года прафесар А. Астроўскі, сябар ТБМ імя Ф. Скарыны, адзначаў свае 60-годдзе.

Спадар Алесь Астроўскі нарадзіўся ў Гародні ў 1957 годзе. Ён жыве з сям'ёй ў сучасным мікрараёне Дзевятоўка, які захоўвае гістарычную назву былой вёскі, на вуліцы Малышчынскай. Алесь Аляксандравіч у другім шлюбе з жонкай Аксанай Барысаўнай гадуе трох дзяцей: светлых, кемлівых і разумных Святлану, Яна і Васіля.

Спадар Алесь скончыў школу № 15 па вул. Міру, у 1974 годзе паступіў, а ў 1980 скончыў з адзнакай Гарадзенскі медінстытут і быў накіраваны на кафедру медыцынскай біялогі. Стратэгічная задача кафедры - даць уяўленне аб медыцыне як аб цэласнай сістэме ведаў, звязаных агульнабіялагічнымі з'явамі.

Да дэмакратычнага руху Алесь Астроўскі далучыўся ў сярэдзіне 80-тых гадоў у хуткім часе пасля атрымання пасведчання аб абароне кандыдацкай дысертацыі.

- Пры Гарбачове і яго перабудове распачыналася палітыка галоснасці, - успамінае гэтыя падзеі Алесь Астроўскі. - Шмат гаварылася пра тое, як падымаць мясцовыя пытанні і вырашаць іх. Шчырае жаданне паправіць сітуацыю заахвочвала людзей да ўступлення ў грамадскія арганізацыі. У Гародні быў створаны клуб "Паходня", у які я ўступіў у 1986 годзе. Кіраўнікамі клуба былі Мікола Таранда і Міхась Ткачоў. Навуковы кіраўнік, які бачыў мой праўдалюбны характар, параіў мне ўступіць у партыю, дзе можна было дзейнічаць разам з аднадумцамі. У 1988 г. я годзе ўступіў у партыю БНФ, (у пэўны перыяд быў сябрам Сойму і старшынём піяраўскай камісіі).

У 2000-2001 гадах я быў старшынём камісіі па сувязях з грамадскасцю. Адпрацаваўшы 6 дзён, у нядзелю вымушаны быў ехаць у Менск дзеля грамадскай працы. Камісія збіралася ў складаных умовах. Стратэгічнай мэтай было друкаванне ўлётак да масавых акцый з фактамі аб сітуацыі на Беларусі, аргументамі і прапановамі. У тыя гады я вывучаў такое пытанне, як псіхалогія масы, цікавіўся працамі замежных сацыёлагаў і псіхолагаў, такіх як Эрых Фром, Серж Масковіч і ншых.

У 2004 годзе я вылучаўся кандыдатам ў дэпутаты разам з кандыдатам ад улады - Буравай. Па акрузе, якая ахоплівала трэццюю частку Гародні (вуліцы Ўрублеўскага, Дамброўскага і іншыя). Гэта быў апошні год, калі яшчэ можна было праводзіць экзітпулы. Апытанне, масава праведзенае на ўчастку, дзе я збіраў подпісы, паказала, што я выйграў. У нармальнай дэмакратычнай дзяржаве я быў бы ўжо дэпутатам парламента. З камандай з 25-ці чалавек я сабраў 4.000 подпісаў.

- Спадар Алесь, раскажыце, калі ласка, як Вы звярнуліся да роднай мовы ў выкладчыцкай дзейнасці.

- Беларуская мова пачалася з "Паходні". Паступова ў 80-я гады я пачаў размаўляць па-беларуску. З 1990-тых гадоў адну лекцыю праводзіў па-беларуску, з расейскамоўнымі гаварыў па-расейску, з беларускамоўнымі - па-беларуску. У 1995 годзе праходзіў моўны реферэндум аб ўвядзенні другой дзяржаўнай мовы - расейскай - і забароне нацыянальных сімвалаў. Для мяне стала відавочным, што гэты рэферэндум прызначаны для знішчэння беларускай мовы. У той перыяд мы зразумелі, што нам навязваецца наўмысна створаная моўная інваліднасць. Нас пазбаўляюць нармальнай жывой мовы і адукацыі на беларускай мове. У школе беларуская мова існуе як рудымент, ад якога трэба пазбавіцца.

Любы прыстойны чалавек патрапляе ў сітуацыю маральнага выбару. Або ты згаджаешся, схіляеш галаву пад цяжарам ціску прамаскоўскіх уладаў, або падымаеш галаву і тырчыш, як цвік на дарозе. Ты вымушаны стаяць, але захоўваеш сваю годнасць як чалавек. У той перыяд я даў сябе абяцанне, што калі я жыву ў Беларусі, то павінен прызнаваць, што мова належыць да святых агульнанацыянальных каштоўнасцяў, такіх як зямля, памяць пра герояў, пра сімвалы, гістарычная памяць, наша цудоўнейшая нацыянальная культура. Мова - святая агульнанацыянальная каштоўнасць. Калі я чалавек, я павінен за яе змагацца. Я прыняў рашэнне з 1995 года перайсці на выкладчыцкую дзейнасць цалкам на беларускай мове. Калі цвёрда стаіш на сваіх пазіцыях, тлумачыш іх прычыны, то паступова людзі пачынаюць разумець. Давялось убачыць здзіўленне ў вачах многіх маіх калег, пакуль яны не пачалі ўспрымаць гэта нормай.

- Як успрынялі Ваша рашэнне студэнты?

- Вельмі проста. Мы беларусы? Усе мову ў школе вывучалі? - Усе. Цяпер вы ўбачыце, як гэта прыгожа і элементарна калі вы слухаеце лекцыі і выкладчык усё вам тлумачыць на беларускай мове. Адказваць можна, як хочаце. Вы робіце самі свой маральны выбар. Ацэньваць я буду веды па прадмеце. Я ведаю ўкраінскую, польскую, беларускую і ангельскую, а вы можаце адказваць на любой мове, я буду высвятляць веды. Ніякіх канфліктаў у нас не было. Пасля першага і другога занятка ў групах былі спрэчкі, але потым ва ўсіх выпадках студэнцкая большаць згаджалася, што ўсё гэта нармальна, здорава, і Астроўскі мае рацыю. А той, хто прыехаў на нашу зямлю, павінен такія ўмовы прыняць. Гэта зямля беларускага народа. Чалавек не абавязан губляць людскае аблічча.

Быў такі факт. Калі ў нас ў медуніверсітэце з'явіліся замежныя студэнты, паўстала пытанне аб выкладанні па-ангельску. Праблема была вырашана за адзін год: была падрыхтавана праграма і выдадзены адпаведныя падручнікі на ангельскай мове. Гэта сведчыць, што пры жаданні вельмі лёгка было б перайсці на беларускую мову.

- Ці шмат у Вас аднадумцаў сярод выкладчыкаў універсітэтаў у Гародні?

- Ёсць у нас філолагі, гісторыкі, біёлагі, фізікі, матэматыкі, якія выкладаюць па- беларуску. На пачатку 90-тых гадоў, у часы Шушкевіча, па міністэрстве адукацыі быў зроблены заклік да выкладчыкаў пераходзіць на беларускую мову. Чатыры чалавекі ў нашым медуніверсітэце гэтым скарысталіся (Мікалай Стасевіч, Сяргей Мальчык, Віктар Варанец і я). Асабліва гэтая перамена закранула Гарадзенскі педагагічны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, і тады напачатку 90-тых на беларускую мову перайшлі дзесяткі выкладчыкаў.

У 1996 годзе я арганізаваў у Гародні Таварыства беларускай вышэйшай школы. Мы пісалі звароты ў Савет Міністраў пра тое, што школьнікі маюць права адпаведна з канстытуцыяй далей вучыцца па-беларуску ў ВНУ. Больш за 70 выкладчыкаў падпісаліся пад такім зваротам. Мы звярталіся ў фонды, каб мець магчымасць заахвоціць выкладчыкаў, якія напісалі падручнікі на беларускай мове. Мы рабілі сацыялагічнае даследванне, як студэнты ацэньваюць выкладчыкаў, якія чытаюць лекцыі на роднай мове. Лепшых з іх мы прэміравалі.

Дзякуючы такім людзям як прафесар Міхась Ткачоў, Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, Ігар Кузьмініч і іншым было створана элітнае беларускамоўнае асяроддзе з выкладчыкаў ВНУ. Мы асабіста адзін аднага падтрымлівалі.

Выкладчыкі, якія займалі патрыятычныя пазіцыі, з часам падвяргаліся пэўным рэпрэсіям. Колькасць людзей, якія выкладаюць па-беларуску зменшылася, але яны засталіся. У 2005 годзе суд праз прымусовую ліквідацыю зачыніў Таварыства вышэйшай беларускай школы.

Калі ў 1995 годзе 75 % першакласнікаў пачыналі вучыцца па-беларуску, то пасля рэферэндуму 1995 года пачаўся ціск, і ў Гародні не стала ніводнага школьніка, які б вучыўся па-беларуску! Сёння такіх школьнікаў больш за 50. У нас у горадзе дзве школы з прыхільнасцю ставяцца да роднай мовы: 32-ая і 34-тая, і дзве гімназіі - № 7 і № 10. Мае старэйшыя дзеці вучыліся ў 32-ой школе.

У 2013-2014 гадах з універсітэтаў у Гародні звольнілі шмат навукоўцаў. Рабілася гэта па тэхналогіі: выкладчык не праходзіць па конкурсе на пасаду. Ніякіх прэтэнзіяў не было да якасці выкладання, выхавання і патрыятычнай працы - яна вялася на вышэйшым узроўні! Такіх асобаў мы налічылі з Ігарам Кузьмінічам каля 20 чалавек, у асноўным - выкладчыкі педуніверсітэта імя Янкі Купалы. А я, у прыватнасці, быў звольнены з медуніверсітэта.

Дваццаць гадоў я выкладаў па-беларуску! Мае дзеці - школьнікі, жонка - навуковы супрацоўнік, як нам было пражыць у той момант? Мае сябры, якія вымушаны былі з'ехаць у эміграцыю ў Нямеччыну - Яўген Мурашка і Галіна Арцёменка, звярнуліся да праваабаронцаў. Дапамогу аказала арганізацыя "Салідарнасць". І толькі сёлета, праз тры гады мне была прапанавана праца ў навуковым інстытуце.

Я паклаў уласную кар'еру, каб застацца чалавекам і мець чыстае сумленне. Не ўсе могуць прайсці праз барацьбу і не сагнуцца, але мы памятаем, што жылі людзі на Гарадзеншчыне, якія маглі вытрываць і не зламацца: Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, Алесь Белакоз і іншыя.

- Ці лёгка даецца вучоба Вашым дзецям?

- Дачка ідзе ў восьмы клас, сын - у сёмы, а малодшы - у чацвёрты клас. У 2010 годзе мы ўсёй сям'ёй выходзілі на плошчу, каб прабіць адраджэнне беларускага школьніцтва. Нас усіх арыштавалі (у тым ліку, малых дзяцей), але беларускамоўнае школьніцтва мы прабілі. Мы павінны падтрымліваць і тых, хто выхоўвае моладзь - менавіта выкладчыкаў!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота з архіва сям'і Астроўскіх: 1. Прафесар А. Астроўскі; 2. Алесь Аляксандравіч, Аксана Барысаўна і дзеці; 3. Сям'я Астроўскіх на акцыі ў 2010 годзе; 4. Васіль, Ян і Святлана Астроўскія са школьнымі ўзнагародамі.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

142. Благава (Ганна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Благі і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Благава. ФП: благі - апелятыў з рознымі значэннямі: 'які не мае станоўчых якасцяў, не адпавядае патрабаванням'; 'дрэнны ў маральных адносінах'; 'худы, хваравіты'; 'непрыемны для іншых (пра манеры, характар)' - Благі (мянушка) - Благі (прозвішча) - Благава.

143. Блажко (Сяргей) - вытвор з фармантам -ко ад антрапоніма Благі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Блаж(г/ж)ко. ФП: благі (апелятыў мае шмат значэнняў нестаноўчага кірунку; нездаровы, хваравіты, худы, агідны і пад.) - Благі (мянушка, потым прозвішча) - Блажко. Або народная форма ад Блажэй (імя, з мовы грэкаў 'просты, грубы') - Блажко.

144. Блешчык (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва блешчык 'блішчастая рэч', 'бляшня (блясна / 'прылада для рыбы ў выглядзе бліскучай металічнай бляшкі').

145. Блоцкая (Ірына) - вытвор з фармантам -цкая (-ская) ад тапоніма Блота (польск. bloto 1. 'гразь, слота, хлюпата; халепа'; 2. 'балота, багна, твань, дрыгва') - Блота (тапонім) - Блоцкая.

146. Блошка (Павел) - семантычны вытвор ад апелятыва блошка 'невялікая блыха', а таксама 'насякомае сямейства жукоў-лістаедаў, шкоднік сельскагаспадарчых раслін'.

147. Бобрыкаў (Аляксей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Бобрык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бобрыкаў. ФП: бабёр ('жывёліна атрада грызуноў, якая жыве ў лесе каля рэк і вадаёмаў і мае каштоўнае футра') - Бобрык ('малады бабёр') - бобрык (футра з бобрыка) - Бобрык (мянушка, потым прозвішча) - Бобрыкаў. Або ад апелятыва бобрык 'від сукна з кароткім стаячым ворсам', які набыў ролю мянушкі, стаў прозвішчам, ад яго Бобрыкаў.

148. Бойка (Валерый) - семантычны вытвор ад апелятыва бойка, які мае шмат значэнняў: 1) `пасудзіна для збівання вяршковага (з смятаны) масла`; 2) `церніца`; 3) `прэс для выціскання алею`; 4) `трамбоўка`; 5) `бойка`. (Тураўскі слоўнік).

149. Бокша (Андрэй) - варыянт імя Багуслаў (<слав. ад асноў са значэннем 'Бог', 'багацце' і 'слава') набыў ролю прозвішча.

150. Болтрук (Андрэй) - другасная форма, першасная Балтрук - Барталамей (народны варыянт арамейскага імя Bar-Tolmai 'сын Талмая') ролю прозвішча набыла праз празванне (мянушку). Ад імя Барталамей (каталіцкае, правасл. Варфаламей) узніклі прозвішчы Баўтрык, Бутрым, Барташ, Бартко і інш.

151. Болтрык (Андрэй) - народны варыянт ад Барталамей (арам. 'сын Талмая') набыў ролю прозвішча, бытуе і ў форме Боўтрык.

152. Брага (Эліна) - семантычны вытвор ад апелятыва брага 'рошчына з соладу, мукі і бульбы, з якой гоняць спірт, гарэлку', 'адыходы пасля такой перагонкі ў выглядзе асадку', 'пітво дамашняга вырабу з хмелем і цукрам'.

153. Бранавец (Галіна) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Бранавы і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Бранавец. Або ад тапоніма Бранава і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Бранавец. ФП: браны (вытвор з фармантам -ны ад браць (з шматлікімі значэннямі)) - Браны (мянушка, потым прозвішча) - Бранаў ('нашчадак Брана', суфікс -аў) - Бранава ('уладанне бранава') - Бранавец.

154. Бранішэўская (Святлана) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Бранішэўка і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Бранішэўская. ФП: Браніслаў (славянскае імя - 'бараніць славу', ахоўваць), Броніш і Бронісь (варыянты імя) - Бранішэўка ('мясцовасць з імёнамі (прозвішчамі)' Бронісь / Броніш) - Бранішэўская.

155. Бродскі (Ігар) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Броды і азначэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Бродскі. ФП: брод (апелятыў з значэннем 'неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі, возера, зручнае для пераходу, пераезду') - Брод (мянушка, потым прозвішча, якія ўзніклі шляхам семантычнага вытвору) - Броды (тапонім з прозвішчамі Брод) - Бродскі.

156. Броска (Людміла) - другасная форма, першасная Бросок (рус.) 'кідок' (кіданне). Або ад броском (рус.) 'кідком' (прысл.) ці трансфармацыя броска (ад прыметніка броский) 'ярка, яскрава, прыметна, прыкметна, кідка, рэзка'.

157. Броўка (Пятрусь) - семантычны вытвор ад апелятыва броўка 'лінія перагіну, выступ на краі чаго-небудзь (дарогі, кручы і пад.)'.

158. Броўкін (Вячаслаў) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Броўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Броўкін. Гл. Броўка.

159. Брылеўская (Ніна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Брылёўка і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Брылеў(к)ская. ФП: брыль ('казырок шапкі', 'капялюш (з палямі)') - Брыль (мянушка, потым прозвішча) - Брылі і Брылёўка (тапонім) - Брылеўская. Або шляхетнае найменне - варыянт прозвішча Брыль ці вытвор з значэннем 'нашчадак асобы з прозвішчам Брыль'.

160. Брытанава (Сняжана) - другасная форма, першасная Братанава - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Братан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Братанава. ФП: братан (рэг.) 'сын брата, плямяннік' - Братан (мянушка, потым прозвішча) - Братанава - Брытанава.

161. Бубновіч (Іна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Бубен і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бубновіч. ФП: бубен ('музычны інструмент', (перан.) 'балбатун' (ВСБМ) - Бубен (мянушка) - Бубен (прозвішча)) - Бубновіч.

162. Буева (Жанна) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Буй і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Буйева. ФП: буй ('высокае адкрытае месца для ветру', 'сігнальны паплавок на рацэ, возеры, у бухце для абазначэння мелі, месца рыбацкай сеці і пад.') - Буй (мянушка, потым прозвішча) - Буева. Або ад рэг. буй 'буян', 'скандаліст' (Нас.).

163. Бужан (Надзея) - семантычны вытвор ад апелятыва бужан <польск. burzan 'бур'ян' ('буйнасцябловае пустазелле').

164. Буйко (Раман) - семантычны вытвор (з фармантам -ко) ад буй 'буян, скандаліст'. Або другасная форма ад буёк 'сігнальны паплавок', якая набыла значэнне прозвішча ў выніку пашыранай у беларускай народнай мове замены фіналі -ок (-ёк) на -ко для адмежавання прозвішча ад апелятыва: Кіёк - Кійко, Бажок - Бажко, Лясок - Ляско, Чарток - Чартко і пад. Мадэль заснавана на прыкладзе браток - братко (у ролі зваротка).

165. Буйневіч (Дар'я) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Буйны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Буйневіч. Утваральнае слова-апелятыў мае розныя значэнні з гледзішча яго націску: буйны 'неспакойны, дзёрзкі, свавольны', а таксама 'моцны парывісты' (пра вецер), 'багаты, раскошны' (пра расліннасць; буйны 'падкрэслена вялікі' (сярод аднародных адзінак больш чым сярэдняга померу), а таксама 'вялікі і эканамічна магутны', 'выдатны па значэнні, уплыве', 'важны, сур'ёзны', 'багаты, шчодры', 'хуткі, магутны', 'значны па выніках, важны па значэнні'). ФП: буйны (апелятыў) - Буйны (мянушка) - Буйны (прозвішча) - Буйневіч.

166. Буйніч (Міхаіл) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Буйны і значэннем `нашчадак названай асобы`: Буйніч. ФП: буйны ('неспакойны, дзёрзкі, свавольны, моцны, парывісты'; 'багаты, раскошны' (пра расліны). А таксама буйны ('падкрэслена вялікі', 'эканамічна магутны', 'важны па значэнні', багаты, шчодры, хуткі, магутны, 'значны па выніках').

167. Буланава (Святлана) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Буланы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Буланава. ФП: буланы ('светла-жоўты з чорным хвастом і чорнаю грываю (пра масць коней))' - Буланы (мянушка, потым прозвішча) - Буланава.

168. Булатовіч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Булат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Булатова. ФП: булат ('даўнейшая ўзорыстая сталь для клінкоў, а таксама клінок (меч, шабля, кінжал з яе)') - Булат (мянушка, потым прозвішча) - Булатовіч.

169. Бунчук (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва бунчук 'дрэўка з прывязаным конскім хвастом як сімвал улады (у казацкіх атаманаў, украінскіх і польскіх гетманаў)' (ТСБЛМ, 2016, с. 123).

170. Бунько (Наталія) - другасная форма, першасная Бунька - семантычны вытвор ад апелятыва бунька 'шкляная пасудзіна, слоік, гляк', а таксама 'бурбалка' (Слоўнік Паўдн.-Зах. Беларусі). Форма з канцавым "О" дзеля абмежавання ад апелятыва.

171. Буракоўскі (Міхаіл) - вытвор з фармантам шляхетнасці - оўскі ад антрапоніма Бурак: Буракоўскі. ФП: бурак (мн. буракі 'двухгадовая агародная расліна сямейства лебядовых' і 'чырвоныя або белыя караняплоды гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як корм, харч і сыравіна, а таксама страва, прыгатаваная з іх') - Бурак (мянушка, потым прозвішча) - Буракоўскі. Або ад тапоніма Буракі з значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці'.

172. Бурдзь (Васіль) - семантычны вытвор ад апелятыва бурдзь / бурдзюк 'мяшок з шкуры жывёлы для захоўвання і перавозкі віна і іншай вадкасці' (з цюрк.моў).

173. Буслюк (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Бусел і значэннем 'нашчадак названай асобы': Буслюк. ФП: бусел ('вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і высокімі нагамі') - Бусел (мянушка, потым прозвішча) - Буслюк. Або семантычны вытвор ад апелятыва буслюк 'малы бусел'. Ці памян.-ласк.-зневаж. ад Бусел - Буслюк.

174. Бусько (Анатоль) - семантычны вытвор ад апелятыва бусько 'бусел' (скарот ад буселко).

175. Бутар (Ніна) - першаснае Бутэр (з нямецкай мовы: Butter ('масла' (сметанковае))) у выніку падпарадкавання беларускаму фанетычнаму закону акання набыло форму Бутар (як лідар < лідэр). Параўн. бутарброт ('масла' і 'хлеб').

176. Бутрым (Вікторыя) - народная форма кананічнага імя Барталамей набыла ролю прозвішча.

177. Бутрымовіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Бутрым і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бутрымовіч. ФП: Барталамей (імя, арамейскае 'сын Талмая') - Бутрым (народнае) - Бутрым (мянушка, потым прозвішча) - Бутрымовіч.

178. Бутылін (Міхась) - прыметнікавая форма з суфіксам -ін ад антрапоніма Бутыль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бутылін. ФП: бутыль (рус. 'бутля') - Бутыль (мянушка, потым прозвішча) - Бутылін.

179. Бутэвіч (Анатоль) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Бут і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бутэвіч. ФП: бут ('будаўнічы камень у падмурку будовы', 'авадзень' (Даль), укр. 'маладая зялёная цыбуля', 'бот', польск. 'bot' бот (абутак)) - Бут (мянушка, пазней прозвішча) - Бутэвіч.

180. Буяк (Аліна) - семантычны вытвор ад апелятыва буяк, які мае два значэнні: 1) 'бугай' (бык); 2) 'начная балотная птушка сямейства чапляў'.

181. Быстракова (Наталля) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Быстрак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Быстракова. ФП: быстры ('які хутка цячэ, лётае, бегае', 'жывы, праніклівы' (пра вочы, позірк і пад.)) - Быстрак ('пра раку, птушку, асобу' фармант -ак) - Быстрак (мянушка, потым прозвішча) - Быстракова.

182. Быстрымовіч (Марыя) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Быстрым і значэннем 'нашчадак названай асобы': Быстрымовіч.

183. Быстрыцкая (Леанора) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Быстрыца і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Быстрыцская - Быстрыцкая. ФП: быстры ('які хутка цячэ, лётае, бегае') - Быстрыца (тапонім) - Быстрыцкая. Або як прэстыжная форма да антрапоніма Быстрая.

184. Бысюк (Рыгор) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Бысь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бысюк. ФП: бысь ('падзыўное слова да бычкоў ("бысь! - бысь!")') - Бысь (мянушка) - Бысь (прозвішча) - Бысюк.

185. Быхавец (Юзаф) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Быхаў і семантыкай 'народзінец, жыхар названага паселішча': Быхавец.

186. Бычко (Генадзь) - другасная форма, першасная Бычок - семантычны вытвор ад апелятыва бычок, які мае шмат значэнняў 1) 'малады бык'; 2) 'род дробнай марской рыбы сямейства бычковых'; 3) 'народная назва бугая - (начная балотная птушка)'; 4) 'недакурак'; 5) 'старажытны беларускі народны танец'. Мена фіналяў -ок/-ко - нярэдкая з'ява ў антрапаніміі: Бажок - Бажко, Лясок - Ляско, Чарток - Чартко.

187. Бязмен (Анатоль) - семантычны вытвор ад апелятыва бязмен 'ручная рычажная або спружынная вага'.

188. Бязручка (Фёдар) - семантычны вытвор ад апелятыва бязручка 'чалавек, жанчына, што не мае рукі (рук)' і (перан.) 'няспрытны ў рабоце, няўмека'.

189. Бялугіна (Алёна) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Бялуга і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бялугіна. ФП: бялуга ('каштоўная прамысловая рыба сямейства асятровых') - Бялуга (мянушка, потым прозвішча) - Бялугіна.

190. Бялькевіч (Іван) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Бялько з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бялькевіч. ФП: Бялько ('бландзін') - Бялько (мянушка, потым прозвішча) - Бялькевіч.

191. Бярозка (Георгій) - семантычны вытвор ад апелятыва бярозка, які мае два значэнні: 1) 'невялікая бяроза'; 2) 'травяністая расліна сямейства бярозкавых з белымі ці ружовымі кветкам і павойным сцяблом'.

192. Бярозкін (Яўген) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Бярозка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бярозкін. Гл. Бярозка.

193. Важнік (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва важнік 'той, хто аболугоўвае вагі (прылада для ўзважвання)' - Важнік.

194. Вайніловіч (Эдвард) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Вайніла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вайнілавіч - Вайніловіч. ФП: воін ('той, хто змагаецца з ворагам, баец, вайсковец (высок.)') - вайн іла (пра воіна (пахв.)); параўн. рус. ветрило 'ветразь' (паэт. саст.) - Вайніла (мянушка, потым прозвішча) - Вайніловіч.

195. Вайцешка (Андрэй) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Войцех і значэннем 'жонка названай асобы': Войцеш(х/ш) ка - Вайцешка. ФП: Войцех (імя -слав. вой 'ваяўнік' і цех 'уцеха, пацеха') - Войцех (празванне, потым прозвішча) - Вайцешка, нярэдка набывае форму з фінальным "о" - Вайцешко (для адмежавання ад наймення жаночай асобы).

196. Вайцюшкевіч (Зміцер) - вытвор з суфіксам бацькаймення - евіч ад антрапоніма Вайцюшка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вайцюшкевіч. ФП: Войцех (імя, ад асноў вой 'ваяўнік' і цех 'уцеха, пацеха') - Войцюх (варыянт імя, суфікс -юх: Войцюх) - Вайцюшка (асоба жаночага полу, фармант -ка: Вайцюш(х/ш)-ка) - Вайцюшкевіч. Або вытвор ад апелятыва войт (-польск. wojt 'начальнік гарадскога пасялення' у сярэднявечнай Польшчы, Украіне, Беларусі) ці 'старшыня сельскай грамады ў Польшчы да 1950 г.', які стаў мянушкай, потым прозвішчам - Вайцюха і Вайцюшка (ацэнк. форма з фармантам - юха/-юшка) - Вайцюшка (празванне, потым прозвішча) - Вайцюшкевіч.

197. Вакульчык (Валерый) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Вакула і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вакульчык. ФП: Вакула (імя; з мовы грэкаў 'пастух') - Вакула (прозвішча) - Вакульчык. Або як пам.-ласк. ад Вакула - Вакульчык.

198. Валадось (Аркадзь) - народна-гутарковая форма (з фіналлю -ось) ад Уладзімір (імя, слав. ад уладаць, валодаць і мір) набыла ролю прозвішча.

(Працяг у наст. нумары.)


Канферэнцыя Баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

У суботу 12 жніўня, на сядзібе ТБМ у вёсцы Русіны на вуліцы Сасновая, 5 адбылася канферэнцыя Баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

У парадку дня канферэнцыі былі cпараваздача кіраўніцтва Рады, справаздача рэвізійнай камісіі, выбары старшыні Баранавіцкай рады ТБМ і яе склад, выбары дэлегатаў на справаздачна-выбарчы з'езд ТБМ.

Старшынём адзінагалосна зноў быў абраны Мікалай Падгайскі, дэлегатамі на з'езд ТБМ у Менск абраныя Таццяна Кісель і Аркадзь Несцярук.

На прыканцы сустрэчы дзейны і зноў абраны старшыня баранавіцкага ТБМ-а, Мікалай Падгайскі, сумна адзначыў тое, што ў арганізацыі не хапае моладзі, а без маладых існаванне арганізацыі ў будучым знаходзіцца пад вялікім пытаннем.

Прэс служба Баранавіцкай рады ТБМ.


Грушаўскі фестываль

У нядзелю 20 жніўня баранавіцкія сябры ТБМ наведалі фестываль сучаснага мастацтва "ДАХ"-32, прысвечаны 275-й гадавіне з дня нараджэння выбітнага вайсковага і палітычнага дзяяча Вялікага Княства Літоўскага Тадэвуша Рэйтана.

Мерапрыемства ўжо пяты год запар ладзіцца грамадскімі актывістамі на сядзібе роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Тут у атачэнні грушаўскіх муроў арганічна спалучыліся мінуўшчына і сучаснасць - фальклор і бардаўская ды рок-музыка, гістарычныя чытанні і выставы работ мастакоў - нашых сучаснікаў.

Адкрылі фестываль "ДАХ"-32 майстры шаблі Вадзім Карповіч і Вадзім Алейнік, правёўшы лекторый на тэму "Чым ёсць "крыжовая шабля" XVII-XVIII стагоддзяў", затым яны паказалі двубой. Для шматлікіх ахвочых яны правялі майстар-класы па фехтаванні на шаблях, і рыцарскія забавы. Праз гэтыя майстар-класы і рыцарскія забавы гледачы пазнаёміліся з тым, як у далёкія часы загартоўваліся шляхетныя ліцвіны-беларусы, чыім галоўным абавязкам было бараніць Бацькаўшчыну.

Акрамя таго ў Грушаўцы наведвальнікам і гасцям фестывалю пашчасціла сустрэцца і паслухаць папулярных сучасных выканаўцаў. Сярод якіх Віктар Сямашка, выканаўца эксперыментальнага джазу, Аляксей Жбанаў, у яго выкнанні прыгожа гучалі "Спевы філаматаў", а Раман Яраш мілагучна спяваў у стылі журба-блюз. Прысутныя былі зачараваныя цудоўнымі бардаўскімі спевамі ў выкананні Таццяны Грыневіч, а Юлія Літвінава парадавала гасцей традыцыйнымі беларускімі народнымі спевамі.

У дадатак да ўсяго гэтага госці мастацкага фестывалю смакавалі смачную духмяную гарбату з разнастайных зёлак ад эка-сядзібы "Дайнаўскі двор" і майстэрні "Eco-PRASTORA" Змітра Мурашкі і Юліі Літвінавай, ды змаглі пагуляць ў настольную гульню "Полацкія археолагі".

Разынкай Грушаўскага мастацкага фестывалю "ДАХ"-32 стаў беларускі гурт "Rеlikt", які грае ў стылях арт-рок, фолк-рок, альтэрнатыўны рок, пост-рок, піянеры беларускамоўнага пост-металу.

Свята ў старажытнай Грушаўцы ўдалося і мы ўсе ў добрым настроі і гуморы вярталіся дамоў у Баранавічы.

Тадэвуш Рэйтан быў дэпутатам Сойму Рэчы Паспалітай ад Новагародскага ваяводства ВКЛ. Ён актыўны ўдзельнік "падзельнага" сойму Рэчы Паспалітай, разам з нешматлікімі іншымі пасламі рашуча супрацьдзейнічаў анексіі зямель дзяржавы. Менавіта яму належыць вядомае выказванне-заклік: "Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!".

Уладзімір Гундар. На фота: 1. Двубой Вадзіма Карповіча і Вадзіма Алейніка; 2. Гурт "Rеlikt".


Не стала Чалавека, Настаўніка, Творцы

Лідскай паэтэсы Алесі Бурак не стала на 87 годзе жыцця

Алеся Аляксандраўна Бурак, да замужжа Рудчанка, нарадзілася 17 снежня 1930 г. у вёсцы Варацец Хойніцкага раёна ў сялянскай сям'і. Закончыла Дукорскую СШ Пухавіцкага раёна і Менскі педінстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці выкладчыка псіхалогіі, логікі і педагогікі ў педвучэльні з правам выкладання беларускай мовы і літаратуры ў школе. Выйшла замуж на 4-м курсе інстытута і першы год працавала на Лідчыне ў Красноўскай СШ Лідскага раёна, куды быў накіраваны муж Бурак Георгій Фёдаравіч. З 1955 года жыве ў Лідзе. Працавала ў асноўным у 8-й і 11-й гарадскіх школах. Першыя тры гады пасля інстытута выкладала псіхалогію ў 9-х класах і логіку ў 10-х класах. На працягу працоўнай дзейнасці была піянерважатай і бібліятэкарам, выкладчыкам анатоміі і беларускай літаратуры, этыкі і эстэтыкі ў музвучэльні, вяла ўрокі працы.

Была беспартыйнай. З-за халоднага і галоднага ваеннага дзяцінства і цяжкага пасляваеннага юнацтва (у сям'і былі чатыры дачкі, бацька загінуў на фронце ў 1941 годзе), часта хварэла і таму была ў няміласці ў партыйнай наменклатуры. Фізічныя і маральныя пакуты прывялі ў 1978 годзе да іваліднасці ІІ групы, з 2002 года - інвалід І групы.

Захаплялася ручной працай. Яе рэчы, зробленыя шыдэлкам, маюць многія лідзяне. Вершы пачала пісаць у школе. Друкавалася ў газетах "Уперад" ("Лідскай газеце"), "Гродзенскай праўдзе", "Вечернем Минске", "ЛіМе", "Вместе", "Нашым слове", энцыклапедыі "Женщины Беларуси" (Том І, 2001) і ў часопісах "Лідскім летапісцы", "Ад лідскіх муроў".

Аўтар зборніка вершаў "Прастора дабрыні" (2008). З'яўлялася сябрам літаратурнага аб'яднання "Суквецце" з самага пачатку яго ўзнікнення. Рэдагавала вершы, давала парады як сталым так і маладым паэтам. Яна была знаёма з вядомымі творцамі Беларусі, у свой час перапіску вяла з паэтам-песеннікам Адамам Русаком, знаёмай была з Авяр'янам Дзеружынскім, Іванам Мележам, прафесарам Марыяй Андрэеўнай Жыдовіч, Васілём Савічам Гарбацэвічам, Васілём Быкавым, нават пашанцавала і з Якубам Коласам, мела сяброўскія зямляцкія адносіны і з Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам (намеснікам міністра інфармацыі) і з іншымі. Па-гэтаму лічылася самай старэйшай паэтэсай Лідчыны. Алеся Аляксандраўна была ў курсе ўсіх спраў, якія датычыліся літаратурнай дзейнасці Лідскага краю. Яна прымала ўдзел у шматлікіх літаратурных конкурсах, у якіх атрымлівала пераможныя месцы, выступала і на Лідскім радыё.

Нягледзячы на выпрабаванні лёсу, Алеся Аляксандраўна не страціла сваёй каляіны, была вернай сваёй прафесіі, захавала свае найлепшыя рысы характару, такія як шчырасць, шчодрасць, дабрыня, спагада, аптымізм, няўрымслівасць, якія можна замяніць трыма словамі: Чалавек, Настаўнік, Творца.

У літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея размяшчаецца стэнд і захоўваюцца матэрыялы Алесі Бурак пра яе жыццёвы і творчы лёс. Да апошняй хвіліны займалася творчай справай, дапамагала рэдагаваць ўспаміны сведкаў ваенных падзей, сярод якіх была і яна сама.

Яе не забывалі лідскія літаратары. Яе яны і не забудуць… Была. Ёсць. Будзе.

24 жніўня на 87 годзе жыцця Алесі Аляксандраўны Бурак не стала.


Сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Ніжэй змяшчаецца адзін з апошніх вершаў Алесі Бурак, які яна даслала ў газету "Наша слова" яшчэ пры жыцці.

Алеся БУРАК

Урок беларускай мовы

"Гэты верш без перакладу

Абмяркуем мы з табой…"

Марыя Масла.

Крочыць, лунае родная мова

У гутарках, жартах шматлікіх людзей,

У спевах, прамовах, на ўлонні гаёвым,

На хвалях надвор'я, на плынях падзей.

Прастора, палеткі, прысады, краіна.

Улада, грамадства, дзяржаўнасць, Айчына.


Узгорачак, сажалка, вёска, сядзіба,

Бяспека, адданасць, ахоўнасць, радзіма.


Сумленне, прыстойнасць, дасведчанасць, воля.

Квяцістасць, пялёсткі, хваінка, таполя.


Вяргіня, пралеска, язмін, канюшына,

Гарлачык, валошка, рамонак, шыпшына.


Узлесак, абабак, дрыгва, журавіны,

Цыбуля, кавун, гарбузы, садавіна,


Ажына, сланечнік, парэчкі, суніцы,

Крышталь, дыяменты, бурштын, завушніцы.


Апратка, спаднічка, сукенка, хусцінка.

Вандроўка, прыгоды, чыгунка, сцяжынка.


Альтанка, арэлі, буслянка, шпакоўня.

Паветра, блакітнасць, прасветленасць, поўня.


Вясёлка, сузор'е, прамень, бліскавіца,

Хмурынка, завея, сумёт, аканіцы.


Будынак, цаглінка, тынкоўка, фарбоўка,

Каморка, цабэрак, сякера, рыдлёўка.


Далонь, працаздольнасць, свядомасць, развага,

Агляд, перамога, удзячнасць, павага.


Кватэра, утульнасць, сурвэтка, скарынка.

Цырульня, парфума, гадзіннік, хвілінка.


Паштоўка, чытальня, натхненне, дасціпнасць,

Цнатлівасць, удзельніцтва,

кемлівасць, сціпласць.


Папера, аловак, аркуш, маляванне,

Падручнік, пытанне, адказ, хваляванне,


Выдатнік, адзнака, хвала, ўзнагарода,

Увага, цікавасць, падзяка, лагода.


Асвета, адказнасць, давер, выхаванне.

Світанак, жаўрук, калыханка, змярканне,


Спатканне, пачуцці, каханы, адзіны,

Пяшчота, вяселле, калыска, радзіны.


Вяндліна, цырата, відэлец, патэльня,

Нагода, частунак, сябры, прабачэнне.


Прыпеўкі, усмешкі, цукеркі, дарунак,

Спагада, надзея, абраз, паратунак.


Тусуюцца словы годнае мовы,

Патрапіць імкнуцца ў рытмічны слупок,

І кожнае з іх у нягоду, знямогу

Быццам з гаючай крыніцы глыток.

Аўтар спланаванага ўрока прыгожай беларускай мовы Алеся Бурак.


Сто гадоў мы вас чакалі,

Дзвесце - не забудзем!

Сяргей Панізьнік

І мае сляды гарэлі, што вялі з-над Свіцязі...

Словы знойдзеныя грэлі: - Praha, Pravda vitezi!

Жыць па праўдзе, па свабодзе - вырывацца з панцыра.

... І за мною ходзяць, ходзяць здані акупацыі.

А на здані, што прыджгалі, млувілі:

- Не спудзімся!

Сто гадоў мы вас чакалі, дзвесце - не забудземся.

У ноч на 21 жніўня 1968 года пачалася аперацыя "Дунай" для патушэння "Пражскай вясны". Міlovice nad Labem, гарадок за 40 км ад Прагі стаў сталіцай Цэнтральнай групы войск, генералам якой падпарадкоўваліся 83 акупацыйныя гарнізоны па ўсёй Чэхаславакіі. Я служыў газетчыкам дывізіёнкі. На 20 гадоў раней за Гарбачова папрасіў прабачэння ў чэхаў за маю нецывільную прысутнасць. Паспеў перакласці вершы тагачасных творцаў, а таксама будзіцеляў нацыі, якія ратавалі супляменнікаў ад анямечвання-скалечвання. Прыносілі радасць сустрэчы з Забэйдам-Суміцкім, Вацлавам Жыдліцкім, амаль беларусам Мілаславам Зімам... Дзяліўся весткамі пра Скарыну ў акружной газеце, дзе служыў загадчыкам рэдакцыі беларус Аркадзь Пінчук.

На здымках: 1. На танкавым палігоне каля гатычнага замка Бэздзез; 2. Людвік Свобада запальвае Вечны агонь у мілавіцкім мемарыяле; 3. Зямляк, падпалкоўнік Аркадзь Пінчук пераведзены служыць у ЦГВ з лагоднага для нас абодвух Львова; 4. Начальнік Палітупраўлення ЦГВ генерал-лейтэнант Золатаў С. М. настаўляе правільна асвятляць падзеі групу пісьменнікаў з Прагі. Сярод запрошаных гасцей былі Іван Скала, Вацлаў Капліцкі, які распавёў мне пра наведанне Прагі Янкам Купалам.

Фота С. Панізьніка.


Філіял "МОСТААТРАД № 88" запрашае на працу:

- бетоншчыкаў,

- цесляроў (плотнікаў),

- арматуршчыкаў

з досведам працы на будаўнічых пляцоўках.

Заработная плата ад 500 руб.

Тэлефон для даведак: 8(044)755-74-32, вэлкам; (017)345-86-72 (аддзел кадраў).

Адрас прадпрыемства: г. Мінск, вул. Прамысловая, д. 16

(аўт. № 66 ад станцыі метро "Магілёўская" да канчатковага прыпынку "Прамысловая").


Кіраўнік МЗС Германіі папярэдзіў пра пагрозу "халоднай вайны 2.0"

Навіны Германіі

Міністр замежных спраў ФРГ Зігмар Габрыэль заявіў, што Германія знаходзіцца на лініі фронту новай халоднай вайны, а канцлер Ангела Меркель зрабіла сур'ёзную памылку, далучыўшыся да закліку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і стаўшы на шлях пераўзбраення. Такую думку кіраўнік МЗС ФРГ выказаў у інтэрв'ю Bild, паведамляе Reuters.

Па словах міністра, маючы справу з Трампам і прэзідэнтам Расіі Ўладзімірам Пуціным, Германія атрымала суседзяў з Усходу і Захаду, якія вераць "не ў сілу права, а права моцнага".

- Мы знаходзімся ў стане халоднай вайны 2.0. Проста ў цэнтры. Мы апынуліся перад новай фазай ядзернага ўзбраення на Усходзе і Захадзе, - сказаў міністр.

Ён таксама раскрытыкаваў рашэнне Меркель павялічыць вайсковыя выдаткі да $ 70 млрд.

- Я лічу, што гэта сур'ёзная памылка, - заявіў Габрыэль.

Германія і іншыя чальцы НАТА яшчэ да абрання Трампа паабяцалі павялічыць свае выдаткі на абарону да 2% ВУП. Нягледзячы на тое, што большасць з краін-удзельніц альянсу ўжо павялічылі свае вайсковыя выдаткі, толькі нямногія дасягнулі мэты ў 2%. І Германія пакуль не ўвайшла ў іх лік, дадае агенцтва.


"Фіндус з'язджае"... у беларускія кнігарні!

Аматараў смешных гісторый шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста пра дзядулю Пэтсана і кацяня Фіндуса чакае прыемны падарунак! Серыя "Каляровы ровар" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве "Кнігазбор" папоўнілася чарговай кнігай, перакладзенай на нашую мову, як і папярэднія, Надзеяй Кандрусевіч. І ад сёння гэты кніжкавы рознакаляровы цуд даступны ў крамах Менска ды іншых гарадоў.

"Фіндус з'язджае" - шостая па ліку "абеларушчаная" кніга. У 1990 годзе Свэн Нурдквіст напісаў для тэатра гісторыю, Стэфан Муберг зрабіў драматургічную апрацоўку тэксту і паставіў спектакль у тэатры Resenаr у Стакгольме. Выданне створана паводле гэтай п'есы.

У гэтай казцы распавядаецца пра тое, як стары Пэтсан вырашыў трошкі правучыць гарэзлівага і непаслухмянага коціка Фіндуса, які будзіў дзядулю а чацвёртай раніцы, і перасяліў яго ў маленькі асобны драўляны дамок а-ля вясковая прыбіральня. Што з гэтага выхаваўчага працэсу атрымалася, і ці можа дзядуля жыць адзін і не сумаваць без кацяняці-непаседы, кожны ахвотны зможа дазнацца са старонак шыкоўна ілюстраванай кнігі.

Прэзентацыя новага выдання запланаваная на пачатак верасня! Запрашаем дзетак і іх бацькоў! Сачыце за абвесткамі на сайце lit-bel.org.

Дзе шукаць Фіндуса, які з'ехаў:

Менск - "Цэнтральная кнігарня" (пр-т Незалежнасці, 19), "Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72), "Кнігі і кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14), "Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2), "Светач" (пр-т Пераможцаў, 11), "Веды" (вул. К. Маркса, 36), "Галіяфы" (вул. Няміга 3, павільён 66), этнакрама "Рагна" (вул. Сухая, 4), ІП А. Яўдаха (Knihar Knihiby), Алесь Дудар (Арэнасіці), Павел Белавус (Pavel Belavus), Валеры Есіпёнак (Маскоўска-Венскі);

Гародня - "Праметэй" (вул. Савецкая, 10), "Цудоўня" (вул. Вялікая Траецкая, 16), "Бэбі-бук" (вул. Савецкая, 18, ГЦ "Нёманскі);

Берасце - "Іскра" (вул. Пушкінская, 4);

Гомель - "Буква У" (вул. Мазурава,117 г);

Наваполацк - "Дом кнігі" (вул. Маладзёжная, 145);

Бабруйск - "Крыніца ведаў" (вул. Горкага, 31);

Маладзечна - "Спадчына" (вул. Прытыцкага, 7).

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

6. Венгрыя

З 1310 па 1382 г. Венгрыяй кіравалі каралі Анжуйскай дынастыі Карл Роберт (1310-1342) і яго сын Лаяш I Вялікі (1342-1382). У 1335 г. Венгрыя заключыла вайсковы і гандлёвы саюз з Чэхіяй і ІІольшчай. Была зроблена грашовая рэформа, уведзена залатая манета - фларын, і падаткі з сялян пачалі браць грашыма. У XIV ст. сталіцай краіны стаў горад Буда на Дунаі. Развівалася жывёлагадоўля і вінаградарства. Па ўсёй краіне ўзніклі гандлёвыя вёскі-мястэчкі. Іх стала каля 800. Актыўна развівалася эканоміка Трансільваніі - усходняй Венгрыі. Тут пасялілася шмат немцаў-каланістаў з Саксоніі. Таксама пэўныя прывілеі атрымала і мясцовае насельніцтва - волахі ( улахі), нягледзячы на тое, што яны былі праваслаўнымі. Каралі Анжуйскай дынастыі ліквідавалі незалежныя ўладанні славацкіх магнатаў, бо праводзілі палітыку цэнтралізацыі. У ХІІІ-ХІV стст. у Славакію прыехала шмат нямецкіх каланістаў, а ў сярэдзіне XIV ст. узмацнілася феадальная залежнасць славацкага сялянства. З 1387 па 1437 г. венгерскім каралём быў Сігізмунд Люксембург, які ў 1411 г. адначасова стаў каралём Германіі, з 1433 г. - і імператарам Рымскай імперыі. У 1421 г. ён выдаў сваю дачку замуж за Альбрэхта V Габсбурга: апошні з 1437 г. стаў каралём Венгрыі. У 1396 г. Сігізмунд пры падтрымцы Венецыі ўзначаліў крыжовы паход супраць туркаў. Але тыя разбілі яго войска ў тым жа годзе пад Нікапалем.

Новая вайна з туркамі пачалася ў 1443 г. Венгерскі палкаводзец Янаш Хуньядзі пры падтрымцы Рымскага Папы і Венецыі сабраў новую крыжацкую армію (каля 30 тыс. чалавек) і выправіўся за Дунай. Туркі былі разбітыя, і Венгрыя падпісала з імі выгодную для сябе дамову. Аднак у лістападзе 1444 г. армія турэцкага султана разбіла крыжаносцаў пад Варнай і ўсталявала свой кантроль над Еўропай, на поўдзень ад Дуная. У 1456 г. войска Венгрыі на чале з Хуньядзі разбіла турэцкую армію пад Бялградам, і Венгрыя была на 70 гадоў пазбаўлена ад турэцкай агрэсіі. У 1473 г. у Венгрыі ўзнік парламент і Дзяржаўны сход, у які ўваходзілі бароны, святары і шляхта. З 1475 г. да іх дадаліся і прадстаўнікі гарадоў.

Чарговы росквіт Венгрыі звязаны з каралём Мацьяшам I Корвінам (1458-1490). Гэта быў вельмі папулярны ў Венгрыі чалавек, народны герой і персанаж шматлікіх казак і паданняў. Ён стварыў магутнае наёмнае войска, у склад якога ўваходзіла кавалерыя, пяхота, баявыя вазы, артылерыя і Дунайскі флот. Ён захапіў Маравію і Сілезію, у 1485 г. - Вену, якую зрабіў сваёй сталіцай, і марыў стварыць незалежную Дунайскую імперыю. З 1490 г. каралём Венгрыі стаў Ласла II Ягелон, прадстаўнік новай дынастыі.

7. Чэхія

У XIV ст. Чэхія была самай багатай і прамыслова развітай часткай Свяшчэннай Рымскай імперыі. З сярэдзіны XIV ст. у краіне назіраецца гаспадарчы ўздым. У краіне здабываюць шмат срэбра, з якога вырабляюць якасную срэбную манету, працуе шмат майстэрняў па вырабе сукна і палатна, актыўна развіваецца сельская гаспадарка, і хутка растуць гарады. Прага са сваім універсітэтам стала буйнейшым, навуковым і рамесным цэнтрам Еўропы. Аднак у гэтыя часы ў Чэхію пераехала шмат немцаў, якія захапілі ўладу ў гарадах і праводзілі палітыку анямечвання мясцовага насельніцтва. Таксама ў краіну з Германіі перасялілася шмат нямецкіх каталіцкіх святароў і манахаў. Пражскі архібіскуп прызнаваў уладу толькі Рымскага Папы. Сам ён меў ва ўласнасці 900 вёсак і шмат гарадоў. Каталіцкая царква таксама актыўна гандлявала індульгенцыямі.

У пачатку XV ст. у Чэхіі пачаўся масавы народны рух супраць засілля каталіцкай царквы начале з Янам Гусам (1370-1415). Апошні паходзіў з простай сялянскай сям'і з Паўднёвай Чэхіі. Будучы вельмі здольным, ён атрымаў цудоўную адукацыю, скончыў Пражскі ўніверсітэт, стаў спачатку яго прафесарам, апотым і рэктарам, першым чэхам на такой высокай пасадзе. Ён часта выступаў з прамовамі, у якіх крытыкаваў духавенства, абураўся іх паводзінамі, асабліва рымскіх папаў, а потым прапанаваў рэфармаваць царкву ў Чэхіі і падпарадкаваць яе не Папу, а каралю. Таксама ён прапанаваў забраць у царквы зямлю і іншую маёмасць і забараніць продаж індульгенцый. Гус змагаўся таксама за адраджэнне чэшскай мовы і культуры, ён выступаў з казанямі на роднай мове, пісаў на ёй і пераклаў на чэшскую мову Біблію. Супраць яго выступілі ўлады імперыі. Яму забаранілі чытаць казані, яго пракляў пражскі арцыбіскуп і загадаў спаліць усе яго кнігі. Тады Гус выехаў з Прагі на сваю малую Радзіму і там далей прапаведаваў сярод сялян. У 1414 г. яго выклікалі на царкоўны сабор у горадзе Канстанцы, на поўдні Германіі, дзе абвінавацілі ў ерасі і 6 ліпеня 1415 г. спалілі на вогнішчы.

8. Гусіцкія войны

Пасля пакарання Гуса яго прыхільнікі аб'ядналіся і пачалі называць сябе ў яго гонар гусітамі. У 1419 г. яны паўсталі, захапілі Прагу, пасля паўстанне ахапіла ўсю Чэхію. Так пачаліся гусіцкія войны (1419-1434 гг.). Паўстанцы-гусіты падзяліліся на дзве ўплывовыя плыні. Першая плынь, да якой належалі феадалы, рыцары і бюргеры, называліся чашнікамі, або памяркоўнымі. Яны выступалі за змены ў каталіцкім абрадзе прычашчэння ( эўхарыстыі), калі людзей прычашчалі толькі хлебам, а святароў - віном. Яны хацелі, каб усіх вернікаў прычашчалі і хлебам, і віном (з адной чашы). Адсюль і іх назва. Чашнікі хацелі выгнаць з Чэхіі немцаў і забраць землі у каталіцкай царквы.

Другую плынь складалі радыкальныя элементы - сяляне, дробныя рамеснікі і глрадская бедната. Яны зрабілі свой умацаваны лагер на гары Табар на поўдні Чэхіі і пачалі называцца табарытамі.

Табарыты выступалі за стварэнне грамадства роўных, гэта значыць, за поўны перадзел ўласнасці, чаго не хацелі багатыя чэхі. У 1420 г. Рымскі Папа абвясціў крыжовы паход супраць гусітаў (усяго крыжовых паходаў было пяць, з 1420 па 1431 гг.). У Чэхію ўварвалася статысячнае войска, якое знішчала ўсё на сваім шляху. Аднак гусіты пад Прагай разбілі крыжакоў. Паразай скончыліся і наступныя чатыры крыжовыя паходы. Галоўную вайсковую сілу паўстанцаў склалі табарыты на чале з бліскучым палкаводцнм Янам Жыжкам. Ён стварыў практычна новы тып еўрапейскага войска: гэта была мабільная пяхота, якая хутка рухалася на баявых вазах. Баявы воз быў вайсковай адзінкай у колькасці 10 чалавек: гэта - вазніца, кіроўца коньмі, чатыры чалавекі з баявымі цапамі, грознай збронй супраць рыцараў, і ваяры, узброеныя арбалетамі, лукамі і аркебузамі Таксама на вазах былі і невялікія гарматы, якія білі простай наводкай па ворагу на ўзроўні грудзіны каня.

Ян Жыжка прыдумаў новую сістэму абароны вагенбург - умацаваннне з баявых вазоў у выглядзе чатурохкутніка, кола або паўкола, якое магло дадаткова ўмацоўвацца равамі ці іншымі перашкодамі Таму рыцарская нямецкая конніца нічога не магла зрабіць з такімі ўмацаваннямі табарытаў. Пакуль табарыты паспяхова ваявалі, чашнікі захапілі ўладу ў гарадах, адабралі землі ў каталіцкай царкнм, пасля чаго яны вырашылі выступіць супраць табарытаў. У 1434 і адбылася бітва пры Ліпанах, у якой табарыты пацярпелі паразу.

У выніку гусіцкіх войнаў улада каталіцкай царквы была істотна абмежаваная: ёй перасталі плаціць дзесяціну, адбыўся росквіт чэшскай культуры. Чэшская мова набыла статус дзяржаўнай разам з нямецкай.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Ганза - гандлёвы саюз паўночных гарадоў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Гусіты - паслядоўнікі Яна Гуса.

Кантон - аўтаномная частка Швейцарыі.

Курфюрст - князь у Свяшчэннай Рымскай імперыі, кіраўнік вялікай аўтаномнай часткі краіны, феадал, які мог выбіраць імператара.

Памяркоўныя - частка гусітаў, да якой належалі чэшскія феадалы і бюргеры.

Рэйхстаг - саслоўна-прадстаўнічая ўстанова, спецыяльны орган кіравання пры нямецкім імператары.

Табарыты - частка гусітаў, да якой належалі сяляне і дробныя гарадскія рамеснікі.

Царкоўны сабор - вышэйшы орган каталіцкай царквы.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1356 г. - зацвярджэнне "Залатой булы".

1410 г. - Грунвальдская бітва.

1370-1415 гг. - Ян Гус.

1414-1418 гг. - Канстанцкі сабор.

1419 г. - паўстанне ў Празе.

1420 г. - першы крыжовы паход супраць гусітаў.

1434 г. - бітва пры Ліпанах.

1444 г. - параза крыжаносцаў ад туркаў пад Варнай.

1448 г. - перамога туркаў над венграмі на Косавым полі.

1499 г. - Базельскі мір паміж Швейцарыяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй.

РАЗДЗЕЛ XVII. ПОЛЬШЧА Ў ХІV-ХV стст.

1. Польшча ў часы Ўладзіслава Лакетка.

2. Уладаранне Казіміра Вялікага.

3. Людовік Венгерскі і яго дачка Ядзвіга.

4. Польшча ў часы дынастыі Ягелонаў.

1. Польшча ў часы Ўладзіслава Лакетка (1320-1333)

У першай палове XIV ст. у Польшчы пачаўся працэс аб'яднання розных асобных земляў. Гэтаму спрыяла і эканоміка краіны, бо развіваліся сельская гаспадарка, гандаль і рамёствы, а таксама раслі гарады. Лідарам аб'яднання краіны стаў вышэйзгаданы Ўладзіслаў Лакетак, які ў 1320 г. аднавіў каралеўскі тытул. Лакетак павінен быў увесь час ваяваць з суседзямі: Брандэнбургам, Тэўтонскім ордэнамм, а таксама з Янам Люксембургам, каралём Чэхіі. Крыжакі шмат разоў займалі Гданьскае Памор'е, Дабжынскую зямлю і Куявію. Ян Люксембургскі падпарадкаваў сабе большасць сілезскіх княстваў. Аднак Лакетак разбіў крыжакоў у бітве пад Плоўцамі (1331 г.), а потым наладзіў добрыя стасункі з Венгрыяй і ВКЛ.

У гэты ж час у Польшчы пашыраецца адукацыя і культура. Пры кафедральных саборах і кляштарах узнікае сетка парафіяльных школ. Актыўна дзейнічалі манахі з ордэнаў св. Францыска і св. Дамініка. Яны вучылі чытаць і пісаць на лацінскай мове, а таксама навучалі граматыцы, рыторыцы, музыцы і дыялектыцы. Ва ўдзельных польскіх княствах пашыраецца канцылярская справа. У гэтыя часы была створана знакамітая "Багародзіца", славутая царкоўная песня і адначасова ваярскі рыцарскі гімн (першаўзор, хутчэй за ўсё, паходзіць з Беларусі). Кракаўскі біскуп Вінцэнт Кадлубак напісаў "Польскую хроніку" - своеасаблівы летапісны твор.

2. Уладаранне Казіміра Вялікага (1333-1370)

Кароль Казімір быў апошнім прадстаўніком дынастыі Пястаў на каралеўскім троне Польшчы. Тая Польшча, якую ён атрымаў у спадчыну ад папярэдніка, была невялікай і складалася з дзвюх частак - Вялікапольшчы і Малапольшчы. Спачатку Казімір замірыўся з Янам Люксембургскім, аддаў яму захопленыя ім сілезскія землі, а той у сваю чаргу, адмовіўся ад прэтэнзій на польскую карону. Казімір выменяў у Ордэна Куявію і Дабжынскую зямлю на Гданьскае Памор'е. Асноўным напрамкам яго міжнароднай дзейнасці быў Усход. Вялікі князь Галіцка-Ўладзімірскі Баляслаў з дынастыі мазавецкіх Пястаў адпісаў Казіміру сваю дзяржаву ў спадчыну.

(Працяг у наст. нумары.)


Ксёндз Віктар Шутовіч і горад Ліда

Леанід Лаўрэш

Ксёндз Віктар Шутовіч нарадзіўся ў вёсцы Шутовічы былой Смаргонскай воласці. Пачатковую адукацыю атрымаў у Смаргоні і потым паступіў Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1913 г. пасля чаго быў высвечаны на святара: "З духоўнай семінарыі я выйшаў мала да жыцця прыгатаваны. А да беларускага жыцця, дык тады я быў скарэй упярэджаны, чым з ім абзнаёмлены. Надта многа гаварылася тады аб літвінох, пра беларусаў таксама ўжо добра чувалася. Дзіўныя мне словы "літвоман", "бялорусоман" аб мае вушы абіваліся. ... Старэйшыя ксяндзы нас маладых гэтымі словамі страшылі. ... тады хапіла толькі малога падазрэння, што нехта з ксяндзоў мае нахіл у літоўскі ці беларускі бок, каб яго за гэта кідаць як найдалей ад Вільні і ад людскіх беларускіх ці літоўскіх асяродкаў" .


Святарскую працу ксёндз Віктар Шутовіч пачаў у Лідзе, і хоць працаваў тут не працяглы час, але лідскі перыяд быў важным, вызначальным і адбіўся на ўвесь далейшы жыццёвы шлях. Вось што пісаў а. Віктар у сваіх успамінах: "Я не жалеў Вільні і радасна паехаў на вікарага ў Ліду. Шчырым сэрцам там спаткалі мяне: кс. дзекан Шкоп і двух ягоных вікарых.

Сярод ксяндзоў я трымаў польскі тон. На плябаніі і ў касцёле я гаварыў у Лідзе па-польску. Па дварох я езьдзіў на гарбаткі і адведвалі мы ў Лідзе чыноўнікаў, якія хоць цару служылі, але ў часе з сабой яны гаварылі па-польскі. Мяне ўжо тады да гэтых сфераў лішне не цягнула. У такіх гасьцях я часта пазяхаў і дамоў рупіўся. Я спасьцярог вялікую розніцу паміж жыцьцём на плябаніі і жыцьцём парахвіянаў. Саткнуўся я з людзьмі ў спавядніцы і чуў, што ім памагчы трэба па-беларуску. Тады яшчэ я ня быў сьвядомым беларусам, але ўжо нешта падобнае ў мяне завязывалася. У Лідзе я спаткаўся з беларускім, хоць нясьвядомым яшчэ сьветам. Як паеду я на вёску, ды з людзьмі сваімі спаткаюся, тады я чую, што жыву і для людзей працую. Хоць тады я не гаварыў так з людзьмі па-беларуску, як гэта раблю цяпер. Але я людзям гэтым пяяў беларускія песьні і людзі мяне за гэта любілі. Гэна маё спатканне з людзьмі было дужа натуральнае, а на'т і рамантычнае ў тым сэнсе, што ў маёй душы развівалася нейкая шырокая любоў да ўсіх тых людзей, сярод якіх я працаваў. Я езьдзіў па калядзе ў самыя далейшыя вёскі. Любіў я тады хадзіць і езьдзіць па берагох Нёмна. Там я спатыкаўся з праваслаўнымі, але і да іх я ў душы сваёй ня тое чуў, што на маім месцы чуў другі ксёндз польскі. Расказвалі мне гэныя беларусы, як у іх перад гэтым быў кс. В., што праваслаўных сьвяціў вадой з Нёмна, а праваслаўныя яго баяліся і ад яго ўцякалі і жаліліся на яго свайму бацюшку. У гэных вёсках я начаваў, і пятухі мяне там раніцай будзілі. ...

У Лідзе я любіў хадзіць у акружны суд і да прысягі людзей даводзіць. І зноў з новым для сябе сьветам я спаткаўся там. Расейскі царскі суд выглядаў дужа паважна. Яны на'т па рублю плацілі духавенству за кожную прысягу. На гэных судох засядалі прысяжныя, сьмятанка з тутэйшых людзей у павеце. Раз гэтак на судзе я побач сядзеў са старэнькім бацюшкам, настаяцелем ў Лідзе (верагодна, а. Іосіф Каяловіч - Л.Л.) . Ён, нахіліўшыся да мяне, далікатна мяне запытаў, якой я народнасьці. У гэтым часе кожны ксёндз, калі гаварыў з бацюшкам, дык мусіў яму сказаць, што ён паляк. У даным выпадку гэта і я зрабіў. А гэны на мяне ўталопіў свае вочы і пытаецца далей, дзе я ўроджаны. Тут я сказаў яму праўду, што з Ашмянскага павету. Тады бацюшка на гэта ўсьміхнуўся, кіўнуў галавой і да мяне кажа: "Які з цябе паляк Ашмянскага ўезду?!" Гэны бацюшкаў сказ мне надта глыбока залез у душу, я яго і сёння помню. Многа я ўжо і перад гэтым думаў, хто я такі? ... Я ведаў добра што я не расеец і ў душы сваёй я польскасьці не прызнаваўся, бо я чуў там, што я не паляк. ...

Але жыццё мяне папхнула ў шырэйшы свет. Па чатырох месяцах у Лідзе, мяне паклікалі на вікарага ў Віленскую катэдру" .


Хутка з Вільні кс. Віктар Шутовіч паступіў ў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Скончыў два курсы акадэміі і не маючы грошай каб вучыцца далей, пакінуў вучобу Аднак падчас вучобы кс. Віктар прыязджаў у Ліду: "Калі я з Акадэміі на каляды прыехаў у Ліду, ды за сталом засеў з ксяндзамі, ды горача павёў новыя гутаркі аб беларускіх справах, мяне даўнія мае калегі і дэкан не пазналі. Сіла маіх аргумэнтаў іх здзівіла. Там за сталом быў і старшы мой калега з Акадэміі кс. Шырокі, але ён маўчаў і не мяшаў мне ў маіх вывядах" .


У 1917 г. а. Віктар Шутовіч прызначаны пробашчам ў касцёл вёскі Барадзенічы тагачаснага Браслаўскага павета, дзе прабыў да 1927 г. 10 гадоў ён па-беларуску рабіў казанні ў касцёле, арганізоўваў беларускія школы, збіраў фальклор. Але ў 1927 г. а Віктара прынудзілі пакінуць свой прыход, ён зноў быў пераведзены вікарыем ў Ліду.

"Беларуская Крыніца" ў 1927 г. пісала: "12 студня сёл. г. па загаду Я. Э. Віленскага Арцыбіскупа Ялбжыкоўскага вядомы беларускі народны дзеяч Кс. В. Шутовіч пазбаўлены парафіі ў Барадзенічах, Браслаўск. пав., і назначаны на вікарага ў Ліду. Дэлегацыя адусей парафіі, просьбы з цэлым мноствам подпісаў, каб затрымаць у Барадзенічах Кс. Шутовіча не памаглі нічога. Прычыны такой вялікай кары на Ксяндза-Беларуса, паданыя афіцыяльна Кс. Шутовічу Я. Э. Арцыбіскупам, зводзяцца да трох: ненавісьць народу, дрэнная слава ў паважных людзей, а асабліва ў суседніх ксяндзоў і ўрэшце дзейнасьць на шкоду Касьцёла ў Ёдах. ...

Ненавісьці да Кс. Шутовіча ў яго парафіян няма ані сьледу. Уся парафія нязвычайна яго любіць і шануе. Маюць да Кс. Ш. ненавісьць насланыя нам дзеля сеяньня польскай "культуры" розныя чужынцы, як сышчыкі, паліцыянты, вучыцялі. Людзі гэтыя з касьцёлам пераважна ня маючыя нічога супольнага маюць сваёй мэтай нішчыць усе праявы беларускага жыцьця. Ясна, што Ксёндз-Беларус, верна служачы свайму народу, не даваў спадобны гэткім асобам. Як даведваемся, нават жменя так званай шляхты ў пар. Барадзеніцкай да Кс. Шутовіча ня мае ніякай ненавісьці, а толькі, дзеля сваей умысловай агранічанасьці, хацела-б, каб у касьцеле ў Барадзенічах ня было зусім мовы беларускай. А гэта нешта цалком іншае ад ненавісьці да самога пробашча, як пастыра і чалавека.

А йшчэ дзіўней выглядае закід Кс. Шутовічу, што ён дзеля таго ня можа астацца ў парафіі, што быццам утраціў добрае імя ў паважных людзей, асабліва ў суседніх ксяндзоў!

Праўда, добрага імя Кс. Шутовіч ня мае ў рознага роду сышчыкаў, праўда такжа, што ня мае ён добрага імені і ў некаторых ксяндзоў суседніх, якія полёнізуюць праз Касьцёл беларускі народ і глумяць усялякія яго адраджэнскія пачынаньні. Але паводле канонічнага права тады ёсьць утрата добрага імені, калі гэтае добрае імя пробашч сапраўды ўтраціў недастойным жыцьцём сваім, або сваякоў, з якімі жыве, або калі выявіўся які даўнейшы немаральны ўчынак пробашча. А гэтага ўсяго ніхто ня сьмее закінуць Кс. Шутовічу.

Урэшце трэці закід больш чым дзіўны. Зводзіцца ён да таго, як мы ўжо ўспомнілі, што Кс. Ш. працаваў на шкоду Касьцёла, што быццам выявілася ў Ёдах. Аказваецца, што тут трэба разумець вось што. Група польскіх авантурнікаў для полёнізатарскіх мэтаў пастанавіла забраць на касьцёл праваслаўную царкву ў Ёдах. Рэч ясная. што да такой "работы" найлепш было б ужыць мяйсцовага пробашча Кс. Шутовіча, але гэты на такую авантуру не пашоў. Здаецца, што калі-б хто з нас быў большым каталіком, як сам Папеж, дык усёж-дыкі ў гэтай справе прызнаў бы слушнасьць не каму іншаму як Кс. Шутовічу.

Гэткія закіды, аднак пастаўлены Кс. Шутовічу ўладай духоўнай афіцыяльна. Аснова іх, як бачым - прадусім палітычная.

Прыватна ... Арцыпастыр падчорківае, што Кс. Шутовіч, як ксёндз і як чалавек, дужа добры, але што ён адначасна не тактычны і не разьбітны (nie roztropny) і што прадусім дзеля гэтага пазбаўляецца парафіі. Дапусьцім, што так. Але адначасна дазволім запытацца, хто з людзей, будучым на такім ці іншым грамадзкім становішчы, такіх "грахоў" не дапускаецца? Няхай кожнаму адкажа яго сумленьне" .

Арцыбіскуп паабяцаў вернікам, якія склалі да яго дэлегацыю, што не будзе іх крыўдзіць і "дасьць другога ксяндза або Беларуса або ўмеючага па беларуску". Але новы ксёндз Станіслаў Мажэйка не ўмеў ці не жадаў размаўляць па-беларуску "калі-ж адважыцца гэта рабіць, дык хіба толькі дзеля таго, каб абсьмяяць беларускую мову" і ніяк не спрыяў беларускай справе . У верасні 1928 г. былы парафіянін а. Віктара пісаў, што кс. Мажэйка павінен быў пасля Шутовіча "... перарабіць нашу парахвію з беларускай на польскую. Вось ён працаваў над гэтым шчыра ... Але, ... у нашай парафіі беларускі дух не аслаб".


Пра свой другі, кароткі, побыт у Лідзе а. Віктар піша ў мемуарах толькі адзін сказ: "Пасьля гэтага быў я назначаны на вікара спярша ў Ліду ..." .

Нехта з беларускіх дзеячаў наведаў а. Віктара ў Лідзе. Вось што ён напісаў у "Беларускай Крыніцы" пра гэты візіт: "Ліда. Будучы надоячы ў Лідзе, захацелася мне пазнаёміцца з нашым новым вікарым кс. Шутовічам і выразіць яму свой жаль з прычыны таго гвалту, які ён церпіць ад сільных гэтага сьвету.

Але не думайце, чытачы, што так лёгка ўбачыцца і пагаварыць з кс. Шутовічам, як гэта на першы пагляд здаецца. Каб дайсьці да яго, трэба запасціся вялікай порцыяй нахальства, хітрасьці, а на'т подступу. Ведаючы аб гэтым, я пазваніў на плябанію. Адпёр дзверы нейкі ксёндз і запытаўся, чаго мне трэба. На мой адказ, што хацеў-бы відзецца з кс. Шутовічам, ён вельмі падазрона аглядзеў мяне з ног да галавы, стаў разпытвацца, хто я такі, скуль, чаго хачу ад кс. Шутовіча, што маю супольнага з ім і г.д. Калі я ў чыстай польскай мове адказаў, што кс. Шутовіч ёсьць маім крэўным і школьным калегай, гэты ксёндз-дапрошчык відавочна ўспакоіўся і ненашоўшы нічога "антыпаньствовага" ў маіх словах і агульным выглядзе, казаў мне пачакаць у ганку, а сам пайшоў у пакой. Празнекалькі мінут выйшаў другі ксёндз невялікага росту, але вельмі тоўсты (верагодна - ксёндз-дэкан Баярунец - Л. Л.) , і пачаў нанова рабіць дапрос. Вось тут то я і пазнаў, што маю дзела з старшым, бо ні адзін сышчык, ані сьледавацель мяне так не дапрашываў падрабязна, як гэты ксёндз. Хоць я моцна стараўся захаваць супакой і адказваць не заікаючыся, але гэты тоўсты дапрошчык відаць пазнаў мой подступ, з пагардай адвярнуўся ад мяне, нічога не сказаў, а толькі тыкнуў пальцам на сходы, што мела значыць - там жыве кс. Шутовіч, і пайшоў у пакой. Я паднімаючыся на сходах сумна разважаў над навукай Хрыстуса і паступкамі некаторых яго слуг, як прыкладам гэты тоўсты ксёндз-дапрошчык. Кс. Шутовіча найшоў такім, якім яго знаў з газэт: энэргічным і ахвотным да далейшай працы на ніве адраджэння нашага народу. З далейшай гутаркі я пазнаў, што гэта чалавек жалезнай волі, што ніякая бура яго ня зломіць, ніякія гвалты, уціскі не заб'юць яго, што ён жыцьцё сваё сваё зложыць на аўтар адраджэньня нашай Бацькаўшчыны. Дык памажыж яму, Божа, у яго працы і дай яму дачакаць лепшага заўтра!

С. Хлопскі."


На пачатку 1928 г. "Беларуская Крыніца" паведаміла што кс. Шутовіча будуць судзіць па арт. 129., частка 1., пункты 3 - 6 К.К. за "падбурэнне адной часткі насельніцтва проці другой". Суд адбыўся ў Браславе ажно 15-га снежня і на падставе амністыі справа а. Віктара Шутовіча была скасавана .

У 1928 г. а. Віктар Шутовіч быў пераведзены ў вёску Тшцяна (Trzciana) каля Ломжы. З 1929 па 1932 г. служыў у ЗША.

У 1932 г. пераведзены вікарыем і прэфектам у Хорашчы (Choroszcz) каля Беластока. З вясны 1944 г. па 1945 г. служыў у Чырвоным касцёле Менска. 26 студзеня 1945 г. арыштаваны савецкімі ўладамі, прысуджаны да 10 гадоў турмы. Выйшаў на волю 20 сакавіка 1955 г., з 1956 г. нелегальна служыў у Барысаве, дзе і памёр 1 сакавіка 1960 г.

А. Віктар Шутовіч з'яўляецца складальнікам зборніка "Калядныя песьні", выдадзенага Нінай Абрамчык у Берліне і аўтарам драмы "950 гадоў хрысціянства на Беларусі".


"Розум свеціць і ў цемры..."

(Думкі пасля прачытання кнігі)

Нядаўна выйшла з друку чарговая кніга вядомага беларускага паэта Яўгена Гучка. Яе своеасаблівасць не толькі ў інтрыгуючай назве "Маё пяцікніжжа", якая ў нейкай ступені асацыюецца з філасофскім пачаткам, а і ў тым, каму аўтар яе прысвячае: "Усім, сабе і нікому прысвячаецца". Апошняя фраза, на маю думку, не толькі зацікаўлівае чытача сваёй незвычайнасцю, а яшчэ яна адначасова дае зразумець, што аўтар не навязвае свайго пункту гледжання на тую ці іншую праяву жыцця, а нібыта вымушае чытача на дыскусію з самім сабою, з усімі, каб выкрышталізаваць з нагруваджаных зямных праблем драбінку нябеснай ісціны. Відаць, з гэтай нагоды ў паэта нарадзіліся наступныя радкі:

Даеш інфармацыю-факт,

А яны, няўдзячныя,

цёмныя, вінавацяць мяне,

Маўляў, сваю думку навязваю. (с. 475)

Паэтычна-філасофскае адценне маюць і назвы кніг у "Пяцікніжжы": "Мая дама" (гэта Паэзія), "Сум аблокаў", "Не ўпісаўся ў паварот", "Законы неба не адмяняюцца", "Асарці". Аб глыбіні і шырыні разважанняў і думак паэта сведчаць і назвы раздзелаў у кнігах: "Законы Дабра - уверх нагамі", "Бы перапёлка ў жыце", "Мы сягоння такія", "Краіна небазабыцця", "Маладзее чалавек пры справе", "Бойся каўтуна ў галаве" і інш.

У сваіх разважаннях аўтар кнігі балансуе на мяжы духоўнага і матэрыяльнага (нябеснага і зямнога), шукае сувязь і адасобленасць, залежнасць і самастойнасць паміж гэтымі катэгорыямі-паняццямі.

Творчасць паэта ахоплівае калі не ўсе, то бальшыню тых праблем, з якімі сутыкаецца кожны чалавек, а значыць і народ. Ды і наогул, уся паэзія Я. Гучка арыгінальная: многія двух-, трох-, чатырохрадкоўі могуць служыць эпіграфамі, а то і тэмамі для артыкулаў і дыскусій філасофскага, патрыятычнага, грамадска-палітычнага, культурнага і інш. кірункаў.

Чалавек - багаты на словы,

А на справы, вядома -

Дух. (с. 776)

* * *

Народ не тады народ,

Калі да яго звяртаецца хтосьці;

Народ тады - ёсць народ,

Калі да сябе ён звяртаецца сам.

(с. 690)

Яны могуць успрымацца як аўтарскія афарызмы і прыказкі:

Трава вышэй калена,

А ці будзе з яе сена. (с. 203)

* * *

Не такі ён ўжо і леў,

Калі сам ідзе у хлеў. (с. 172)

* * *

Ад продкаў здрады

Заўжды нашчадкі маюць страты.

(с. 217)

У сваёй творчасці паэт-публіцыст шырока асвятляе і выказвае сваё бачанне ўзаемаадносін, такіх няпростых і супярэчлівых, паміж асобай і грамадствам, а наступныя радкі нібы падводзяць рысу пад яго думкамі.

Я нікому нічога не вінен,

Як і ніхто нічога не вінен мне,

Але мы кожны - цэлага палавіна,

А без цэлага нічога не будзе, не.

Ні ў любові, ні ў працы, ні ў барацьбе...

Даўно гэта зверыў я сам на сабе.

(с. 25)

Аўтар, аналізуючы няпростыя для беларускага народа гістарычныя падзеі і рэаліі сучаснасці, не губляе веру ў адраджэнне Бацькаўшчыны і аптымістычна заяўляе:

І ўсё ж Беларусь не знікне

і не сатрэцца,

Нідзе ёй, крынічнай, не дзецца...

Хто сабой ахвяруе з ёю у сэрцы,

Усё гэта Творцу перадаецца. (с. 295)

Любоў да роднай мовы, непрымірымасць з яе другарадным статусам у дзяржаве, якая носіць яе назву - Беларусь, пошукі і выкрыццё адказных і вінаватых ва ўзнікненні і існаванні гэтай, так доўга невырашальнай праблемы, праходзіць чырвонай ніццю праз усю паэзію Яўгена Гучка.

...Але нідзе роднай мовы

Не адпраўляюць у смецце. (с. 303)

* * *

За мову зацята трымаюцца тыя,

Хто - нібыта са сталі,

Выракаюцца ж мовы тыя,

Што пластылінавымі сталі. (с. 306)

* * *

Калі вы здольныя і разумныя

Адмыслова,

Дык чаму ж не даецца вам

Беларускае слова?

Ёсць у кнізе і такія радкі, якія лёгка запамінаюцца:

Калі ўжо замест "Не бойся"

Будуць казаць беларусы: "Смялей!"? (с. 558)

Пытанне нібыта рытарычнае, але на яго трэба адказаць кожнаму з нас, адказаць самому сабе, адказаць перад усімі. Гэта і будзе рух у будучыню Беларусі.

З іроніяй піша аўтар і пра адмоўныя звычкі і рысы характару людзей (крывадушнасць, падхалімства, зайздрасць, баязлівасць, п'янства і інш.):

У яго заўжды турбота:

Незаўважаным быць за плотам.

(с. 175)

* * *

У кожнага хамелеона

На дзень па некалькі сезонаў. (с. 190)

* * *

Яго смеласць - то нахабства,

Праяўляецца ў прасторы рабства.

(с. 170)

Па-справядлівасці трэба адзначыць, што паэзію Яўгена Гучка немагчыма прааналізаваць да канца, уставіць у нейкія рамкі - яна шматтэмная, рознапланавая. Чытач, безумоўна, мае права пагаджацца ці супярэчыць аўтару, але, узяўшы ў рукі "Пяцікніжжа", абыякавым ён не застанецца. Хочацца дадаць, што паэт улюблёны ў сваю малую радзіму - Слуцк, таму, відаць, на вокладцы мы бачым старажытную Слуцкую браму.

Віншуем аўтара, чытачоў, выдаўцоў (ІБГК) з выхадам кнігі. Пажаданнем усім нам будуць радкі з кнігі:

Няхай супакаення нам не будзе,

Няхай трывожыць нас

І Беларусь нябесная таксама. (с. 451)

Надзея Сармант.



Справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Лідскай і Лідскай гарадскойарганізацый Грамадскага аб'яднання ТБМ імя Ф. Скарыны пройдуць 2 верасня 2017 г. у 11.00 на 3-м бібліятэчным філіяле ў мікрараёне Маладзёжны г. Ліды.

Спіс дэлегатаў вызначаюць рады арганізацый, а таксама кіраўнікі суполак ТБМ.



Да ведама сяброў ТБМ г. Менска.5 верасня ў 18.00 у сядзібе ТБМ(г. Менск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца справаздачна-выбарчы сход сяброў Ленінскай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска.


У Зэльве прэзентавалі "Гісторыю Сапегаў" і прыгадалі Пятра Марціноўскага

У прыходскім доме Зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы адбылася прэзентацыя кнігі "Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы. Маёнткі. Фундацыі", якую склаў Яўстах Сапега. Але перад пачаткам самой прэзентацыі, выступоўцы згадалі пра былога кіраўніка зэльвенскага раённага літаратурнага аб'яднання "Зоры над Зальвянкай" Пятра Марціноўскага (1932-2006).

Пятро Марціноўскі жыў у вёсцы Дзярэчын, працаваў настаўнікам у мясцовай школе. Яго хату ў Дзярэчыне творчая моладзь і пісьменнікі жартам называлі "Домам літаратараў". Там пабывалі і гасцілі дзесяткі пісьменнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў. Пётр Марціноўскі добра ведаў і сябраваў з Ларысай і Янкам Геніюшамі. У 2002 годзе ён выдаў у Слоніме кнігу ўспамінаў пра Ларысу Геніюш "Наша Лорка". Светлымі згадкамі пра Пятра Марціноўскамі падзяліліся Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын, Валянцін Дубатоўка, Юрка Голуб, дачка Таццяна. Сяргей Чыгрын прапанаваў выдаць кнігу ўспамінаў пра Пятра Марціноўскага.

Пасля згадкі пра Пятра Марціноўскага, Міхась Скобла прэзентаваў кнігу "Гісторыя Сапегаў". Бо менавіта ён з'яўляўся каардынатарам выдання і рэдактарам. А фінансавала кнігу кампанія Wargaming, якую ўзначальвае былы вучань Пятра Марціноўскага, выпускнік Дзярэчынскай СШ Уладзімір Кіслы, а дачка Пятра Марціноўскага ў гэтай кампаніі працуе галоўным бухгалтарам. Пра кнігу "Гісторыя Сапегаў" Міхась Скобла сказаў, што гэта своеасаблівая энцыклапедыя роду Сапегаў. На яе старонках публікуюцца 85 жыццяпісаў найбольш выдатных яго прадстаўнікоў, сярод якіх канцлер Леў, гетман Казімір Ян, генерал артылерыі і ўдзельнік паўстання 1794 года Францішак, мецэнат паўстання 1830 года Яўстах Каятан і іншыя. У кнізе таксама прапануюцца апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і фундацый, нарысы па генеалогіі і геральдыцы Сапегаў, спісы пасадаў, займаных імі ў ВКЛ.

Аксана Фок,Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX