Вярнуцца: 2017

№ 44 (1351)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 44 (1351), 1 лістапада 2017 г.


Выкарыстоўваць усе магчымасці, каб беларуская мова стала рэальна дзяржаўнай

29 кастрычніка ў адукацыйным цэнтры Ёханеса Раў у Менску адбыўся XIII справаздачна-выбарчы з'езд ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Наша грамадская арганізацыя, якая абараняе родную мову як нацыянальную каштоўнасць, сёння налічвае 6400 сяброў у розных рэгіёнах краіны і цягам году мае свайго прадстаўніка ў Парламенце Рэспублікі Беларусь. Актыўнымі сябрамі ТБМ з'яўляюцца пісьменнікі, выкладчыкі беларускай мовы школ і ВНУ краіны, прафесура сталічных і рэгіянальных універсітэтаў, вучоныя, мастакі і іншыя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі. XIII з'езд ушанавалі сваёй прысутнасцю і выступленнямі амбасадар Украіны Ігар Кізім і амбасадар Чэхіі Мілан Экерт. Падтрымку дэлегатам з'езду выказаў старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Даслаў пісьмовае вітанне Роберт Райлі, Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь.

На працягу 19 гадоў арганізацыю узначальваў кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў, які пераняў паходню любові да роднага слова ад слынных паэтаў - Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна. 29 кастрычніка ён перадаў свае паўнамоцтвы спадарыні Алене Анісім, якая была абрана большасцю галасоў дэлегатаў з'езда. Сябры ТБМ падзякавалі Алегу Трусаву за шматгадовую плённую дзейнасць і пакінулі за ім тытул ганаровага старшыні.

- Наша Гарадзенская суполка ТБМ вылучала тры кандыдатуры: Лявона Баршчэўскага, Уладзіміра Коласа і Алену Анісім. Я даўно ведаю спадарыню Алену, бо яна - мая зямлячка, мы паходзім з ёй з адной мясцовасці, - сказаў прафесар Аляксей Пяткевіч, які выкладае ў Гарадзенскім універсітэце цягам 40 гадоў. - Гэта яркая індывідуальнасць нацыянальна стойкага характару. Ёй уласціва здольнасць паспяхова рабіць канкрэтную справу. Яна бяспяпрэчна заслугоўвае павагі.

- На канферэнцыі Віцебскай арганізацыі мы вырашылі, што прызначыць Алену Анісім новай старшынёй вельмі слушна, бо спалучэнне досведу кіраўніцтва ТБМ і дэпутацкай дзейнасці - добрая магчымасць, каб унесці яшчэ большы ўклад у развіццё беларускай мовы. Яна будзе выкарыстоўваць сваю палітычную вагу ў справе распаўсюду беларускай мовы, - адзначыў былы супрацоўнік Віцебскага педынстытута імя Машэрава Анатоль Родзік.

- Што датычыць планаў на будучыню, мы будзем працягваць нашу правабарончую дзейнасць, каб адстойваць правы на родную мову, запісаныя ў Канстытуцыі, - адзначыла па абранні яе на пасаду старшыні ТБМ Алена Анісім. - Будзем прыкладаць свае намаганні на пашырэнні ўжытку беларускай мовы ў сферы адукацыі, сферы інфармацыі і заканадаўства. Мы будзем працаваць з бацькамі, каб павялічыць колькасць беларускіх класаў, і з настаўнікамі, каб у нас былі годныя кадры. Будзем працаваць і з бізнес-структурамі, якія сёння прыхільна ставяцца да беларускай мовы, будзем супрацоўнічаць з Міністэрствам культуры, выкарыстоўваць усе магчымасці, каб беларуская мова стала дзяржаўнай. Мова - наша нематэрыяльная каштоўнасць.

Першым намеснікам старшыні ТБМ абраны спадар Уладзімір Колас, кіраўнік беларускага Нацыянальнага ліцэя, які ўзначальвае Раду беларускай інтэлігенцыі. Пасады яшчэ трох намеснікаў занялі Дзяніс Тушынскі, Аляксандр Давідовіч і Станіслаў Суднік.

- У сферы культуры мы можам дабіцца шмат шляхам перамоваў з прадстаўнікамі дзяржаўных структур, - выказаўся на з'ездзе Рыгор Сямёнавіч Сініца. - У Менску нашымі намаганнямі каля ратушы паўстаў войт з граматай Магдэбурскага права, а ў Віцебску - помнік князю Альгерду, нядаўна паўсталі помнікі С. Манюшку і В. Дуніну-Марцінкевічу. - Мы вядзем перамовы з мэрам пра помнік Глебу Менскаму. Трэба разумна даводзіць свае прапановы прадстаўнікам улады і пераконваць людзей у дзяржаўных кабінетах. Беларус мусіць быць талерантным і ахайным, быць прыкладам паводзін у знешнім выглядзе, ён не мае права з'яўляцца на публіцы нецвярозым, і тады мы зможам дамагчыся сваіх мэтаў! - падкрэсліў старшыня Беларускага саюза мастакоў і сябар ТБМ.

Значным было на з'едзе выступленне першага міністра замежных спраў незалежнай Беларусі Пятра Кузьміча Краўчанкі, які стаяў ля вытокаў стварэння ТБМ у 1989 годзе, працаваў у Вярхоўным Савеце 12 і 13 склікання, і з'яўляецца сябрам Рады ТБМ. Сёння ён працуе ў Міжнародным фондзе імя Міхала Клеафаса Агінскага. Сёлета ён арганізаваў паездку 30 сяброў ТБМ у Падую, Фларэнцыю, Рым.

- Мы павінны прыкласці намаганні, каб наша мова рэальна стала дзяржаўнай, - адзначыў Пётр Краўчанка. - Сябры ТБМ усюды павінны паказваць сваю інтэлігентнасць і шляхетнасць, быць добразычлівымі і адмовіцца ад рэзкай крытыкі, шукаць кампрамісы і дэманстраваць узаемную павагу.

Свае прапановы з'езду выказаў прафесар Мікалай Іванавіч Савіцкі.

Прадстаўнікі маладога пакалення ТБМ засведчылі пра сваё жаданне актыўна працаваць далей.

- Мы запрашаем у Магілёў цікавых харызматычных асобаў: Эдуарда Акуліна, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Краўцэвіча, - распавёў Алег Дзьячкоў. Ён ўзняў пытанне захавання літаратурных музеяў Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы і Алеся Адамовіча, і заклікаў усіх сяброў ТБМ наведаць гэтыя музеі.

- Мы пачыналі адстойваць свае моўныя правы яшчэ ў школе, калі патрабавалі дзённікі і падручнікі на беларускай мове, - сказаў Кірыл Шык з Фрунзенскай арганізацыі Менска. - Да дзейнасці ў ТБМ нас заахвоціў выкладчык Алесь Чэчат. Моладзь нашага раёна нядаўна праводзіла флэшмобы ў падтрымку беларускіх выданняў: "Сфатаграфуйся з беларускай кнігай", " Сфатаграфуйся з газетай "Наша слова". Актыўную дзейнасць для дзетак і маладых бацькоў вядзе ў Гомелі Алеся Аўласевіч.

- Мы мусім не толькі гаварыць, але і спяваць па-беларуску, - падкрэсліў сябра Лідскай арганізацыі ТБМ бард Сяржук Чарняк. Як народ спявае, так ён і працуе!

С. Чарняк выканаў песні на вершы Максіма Багдановіча і Лявона Вольскага.

З'езд ТБМ прыняў дзве рэзалюцыі - пра неабходнасць беларускамоўнай вышэйшай адукацыі і пра тое, каб Парламент прымаў законы адразу ў дзвюх версіях: рускай і беларускай, і тры пастановы: "Аб унясенні ў парадак дня сесіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь законапраекту "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", "Аб заснаванні электроннай версіі газеты "Наша слова", "Аб ініцыяванні прыватнай беларускамоўнай адукацыі". Рэдактарам газеты "Наша слова" пераабраны Станіслаў Вацлававіч Суднік.

- Важна захаваць штотыднёвік, які сведчыць пра дзейнасць арганізацыі, - адзначыў ён.

На з'ездзе абмяркоўвалася перспектыва стварэння электроннага варыянту газеты " Наша слова".

Эла Оліна. Здымкі С. Судніка.


135 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа

Якуб КОЛАС, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (3 лістапада 1882, засценак Акінчыцы Менскага пав. Менскай губ. (цяпер у межах г. Стоўбцы) - 13 жніўня 1956, Менск; псеўданімы: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй "сацыяліст", Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш.) - беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Янкам Купалам) сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і Міхала Казіміравіча і Ганны Юр'еўны (народжаная Лёсік) з вёскі Мікалаеўшчына (цяпер за 12 км ад Стоўбцаў). Неўзабаве па нараджэнні Костуся, так звалі Канстанціна дома, сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (або Сухошчына), потым, у 1890-1904 гадах, Міцкевічы жылі ў леснічоўцы Альбуць паблізу Мікалаеўшчыны.

Скончыў 2-гадовае Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча (1894). Наступныя тры гады жыў у Альбуці, дапамагаў на гаспадарцы бацькам, шмат чытаў, рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю.

На кошт скарбу ў 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Па сканчэнні семінарыі (1902) працаваў настаўнікам на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя і фальклорныя запісы. Актыўна ўдзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з'ездзе (9.7-10.7.1906) у Мікалаеўшчыне, з'езд разагнала паліцыя і К. Міцкевічу сярод іншых забаранілі настаўнічаць.

Зімою 1906-1907 года Я. Колас жыў у родных у леснічоўцы Смалярня, без адпаведнага дазволу адкрыў прыватную школу. У 1907 годзе прыехаў у Вільню, пачаў працаваць загадчыкам літаратурнага аддзела "Нашай нівы", але праз некалькі тыдняў паводле загаду паліцыі пакінуў горад. У студзені-красавіку 1908 г. працаваў у прыватнай беларускамоўнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён), арганізатарамі якой былі Тарэза Гардзялкоўская і яе сын Канстанцін Гардзялкоўскі. Неўзабаве быў арыштаваны і 15.9.1908 года асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. Увесь тэрмін Я. Колас адбываў у Менскім астрозе. Па вызваленні (1911) з верасня Я. Колас без дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у Лунінцы, у 1912 годзе атрымаў Пасведчанне пра дабранадзейнасць і да 1914 года афіцыйна працаваў настаўнікам ў Купяцічах паблізу Пінска, а затым у Пінскім 3-м прыходскім вучылішчы. У чэрвені 1913 года Я. Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. У гэты ж перыяд, у жніўні 1912 года, на леснічоўцы Смольня паблізу Мікалаеўшчыны Я. Колас пазнаёміўся з Янкам Купалам, гэтай сустрэчай пачалося іх сяброўства.

Падчас 1-й сусветнай вайны з 1915 года разам з сям'ёю ў бежанстве ў Маскоўскай губерні. Мабілізаваны, скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква, 1916) і служыў у запасным палку ў Пермі. У званні падпаручніка летам 1917 года адпраўлены на Румынскі фронт, але неўзабаве за станам здароўя атрымаў адпачынак. Урэшце, як настаўнік Я. Колас быў вызвалены ад вайсковай службы і застаўся з сям'ёю ў Абаяні, працаваў настаўнікам і школьным інструктарам.

У 1921 годзе Я. Колас выкліканы ўрадам БССР вярнуўся ў Менск. Супрацоўнічаў з Навукова-тэрміналагічнай камісіяй Народнага камісарыята асветы, Літаратурнай камісіяй па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульту, быў выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх педагагічных курсах.

У 1920-я-1930-я гады Я. Колас актыўна ўдзельнічае ў навуковым і грамадска-палітычным жыцці БССР. З 1928 года ён акадэмік АН БССР, з 1929 - член яе Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт. У 1927-1929 гадах кандыдат у члены ЦВК БССР, у 1929-1931 і 1935-1938 - член ЦВК БССР. Удзельнік 1-га Усебеларускага з'езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з'езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934), на абодвух з'ездах абраны ў кіруючыя органы саюзаў пісьменнікаў. Нягледзячы на прызнанне заслуг Я. Коласа з боку савецкай дзяржавы - у 1926 годзе ён атрымаў званне Народнага паэта Беларусі і пажыццёвую пенсію - пісьменнік трапіў пад хвалю рэпрэсій 1920-х-1930-х гадоў. З сярэдзіны 1920-х у доме Я. Коласа не раз праводзілі ператрусыі, самога пісьменніка выклікалі на допыты. Савецкія органы дзяржбяспекі спрабавалі прыцягнуць Я. Коласа да шэрагу спраў, у т.л. г.зв. "Лістападаўскай" і "Саюза вызвалення Беларусі". Ён вымушаны быў каяцца ў "памылках". У 1930-я рэпрэсаваны і загінулі многія знаёмыя, калегі і сваякі Я. Коласа, у т.л. матчын брат Язэп Лёсік і жончын брат Аляксандр Каменскі. Самому Я. Коласу не раз пагражаў арышт і рэпрэсіі, але, мусіць, на гэта не было атрымана дазволу вышэйшага савецкага кіраўніцтва. Гэтыя падзеі негатыўна адбіліся на псіхалагічным стане пісьменніка, адпаведна і на яго творчасці...

Вікіпедыя.


Вітальнае слова да ХІІІ з'езда ТБМ ад амбасады ЗША

Мінск, Беларусь

27 кастрычніка 2017 г.

Дэлегатам XIII з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Для мяне вялікі гонар вітаць дэлегатаў Трынаццатага з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Мова - адна з найгалоўных каштоўнасцяў нацыі, якая робіць яе адметнай. I на працягу дзесяцігоддзяў дзейнасць вашага таварыства спрыяе пашырэнню выкарыстання беларускай мовы і ўзмацненню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, нягледзячы на няпросты характар моўнай сітуацыі ў краіне і складанасці, з якімі сутыкаюцца ў сваёй працы незалежныя арганізацыі. У Менску і падчас паездак па краіне я чую, што беларуская мова паступова становіцца больш папулярнай сярод людзей і кампаній, што робіць ролю вашага таварыства яшчэ больш важнай. Я хачу пажадаць вам поспехаў у рэалізацыі праекта нацыянальнага ўніверсітэта, як і ў вашых іншых праграмах і праектах. Уся гэта праца спрыяе развіццю Беларусі як дэмакратычнай, паспяховай і незалежнай краіны.

Жадаю вам плённай працы і далейшых поспехаў у распаўсюджванні роднага слова!

З павагай,

Роберт Райлі, Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь.


Мы - такія…

Так, мы такія… Нас 6 тысяч - старых і крыху маладзейшых, разумных і не вельмі, энергічных і вялых. Тысячная частка дарослага складу нашага народа. Мы нечага хочам. Хочам болей, чым іншыя 999 частак. Мы аб'ядналіся. І нешта робім. І яно, тое нешта, робіцца. Але ж неяк марудна. Вельмі марудна. Мы старэем і пачынаем пабойвацца: вось прыдзе яно, тое, аб чым марым, а я не пабачу. Крыўдна! І пачынаем падганяць - давай, давай, хутчэй. Пачынаем сцябаць адзін аднаго. Хто-ніхто нават пачынае напінацца болей, але воз - той, якога 999 - на гэтыя напінанні не рэагуе. Адчапіць той воз і паскакаць? Ды куды ж? І што мы без воза!

Мы такія… Нас 6 тысяч, а "Наша слова" выпісваюць 600. Мы такія… Нас 6 тысяч. Складак, сабраных хаця б па пенсійным тарыфе, хапіла б на аплату арэнды сядзібы. Але ў нас чамусьці не хапае. І пачынаем шыпець адно на аднаго: ды што мы за арганізацыя! А мы такая ж арганізацыя, як і ўвесь народ. "А мо, яно і без мяне зробіцца…" Дык жа і зробіцца. Але хочацца хутчэй…

Мы хочам нашай мовы як адзінай дзяржаўнай. І правільна хочам. І нешта ў патрэбным кірунку робім. Робім, робім, робім… Але робіцца марудна. Цёмныя сілы сёння мацнейшыя за нас. Хочацца хутчэй. І пачынаем заклікаць. Каго? Вось гэтую тысячную частку народа, якая і без заклікаў гэтага ж хоча.

Ну пайшоў бы той закліканец на вуліцу і пачаў заклікаць першых сустрэчных. Дык не ж, не пойдзе. Бо там не зразумеюць, аплююць, назавуць дурнем, абмацюкаюць на "великом и могучем". І не паглядзяць, што ты дэпутат ці акадэмік, пісьменнік ці мастак.

Народ не гатовы да таго, каб ПАЧУЦЬ такі заклік. Ён даў нам прыстойную фішку: роўнасць. Да гэтай моўнай роўнасці яшчэ далёка, як да Месяца. Але гэтага можна дамагацца, бо і Канстытуцыя на тое ёсць, і вынікі рэферэндуму. А мова як адзіная дзяржаўная… Трэба чакаць. Нешта рабіць і - чакаць. А хочацца хутчэй. Як жа хочацца хутчэй!.. І пачынаем у нецярпенні папракаць таго, хто побач.

У тэатры паставілі спектакль беларускамоўны - чаму ты не пайшоў?!

Часопіс беларускі - чаму не выпісаў?

Збіраюць грошы на адкрыццё музея - чаму ты не даў? Ах, даў? А чаму так мала?

Музей адкрылі - чаму не ходзіш?

Кнігу цікавую выдалі - чаму не купіў, не чытаеш?

Вандроўка па мясцінах слыннага Паэта - чаму не паехаў?! Ты зрабіў нешта маленькае. А чаму не зрабіў большага?..

Папрокі, папрокі, папрокі…

А мо, хопіць гэтай пацучынай грызні ў скрынцы? Няхай кожны робіць, што хоча і што можа. Не выпісвае газеты? - Дык жа ў статуце такі абавязак не прапісаны. Вось плаціць складкі - такі абавязак там пазначаны, гэтага варта і запатрабаваць. А хадзіць у музеі, на спектаклі, купляць кнігі - няхай чалавек сам вырашае, што яму па душы. Зробім нешта такое, каб яму захацелася, каб яго пацягнула туды, - добра. А не зможам зрабіць, - прымем без папрокаў яго ленасць, вяласць.

Мы такія. Недасканалыя, слабыя, сквапныя, хітрыя, сівыя і рудыя, усякія… Мы такія. І хочам да нас, вось такіх, павагі.

Не рабіце мяне вінаватым перад усімі! Вось той, хто не прыйшоў у арганізацыю, - ён не вінаваты. А той, хто напісаў: "Прыміце ў сябры", адразу становіцца вінаватым.

Мама родная! Ды вазьміце вы ваша пасведчанне! Не хачу я быць вечна вінаватым. Буду рабіць нешта сам па сабе. Няхай маленькае, кволае, сціплае. Можа, што прыдасца маёй Радзіме.

"Народ, Беларускі Народ!

Ты - цёмны, сляпы,

быццам крот…"

Гэтаму крыку ўжо болей за стагоддзе. Паэт таксама марыў, хацеў, жадаў. І рабіў. Рабіў адзін, без ніякай арганізацыі. Рабіў далёка ад Радзімы. Бо верыў, што робіць не пустое. І не папракаў тых, хто не робіць. Папракаў Народ, пішучы слова з вялікай літары, але не папракаў нікога канкрэтна. Не падганяў, не аблайваў…

Сказаў пра гэта на з'ездзе. І ўстаў сталага ўзросту дэлегат: "А вось у тваёй кніжцы чатыры памылкі на вокладцы!" Няма там ніякіх памылак. А чаму ён так сказаў? Можа, пакрыўдзіўся, што адбіраю яго права на папрокі, і захацелася вось так куснуць. Не знайшоў, як, дык прыдумаў такую нагоду. Ну кусні, родненькі! Мне не баліць. А што крыху непамысна, дык перацярплю, калі табе з гэтага весялей жыць стане. Мы такія…

І вось мы, такія, будуем новую Беларусь. І збудуем жа! Ну, можа, не мы, а нашы нашчадкі, такія ж, як мы. Ці, мо, крыху ўжо не такія…

А мы вось такія…

Міхась Булавацкі.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

589. Кедраўкіна (Лідзія) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Кедраўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кедраўкіна. ФП: кедраўка ('невялікая лясная птушка атрада вераб'іных цёмна-бурага колеру з белымі плямамі, якая харчуецца кедравымі арэшкамі') - Кедраўка (мянушка, потым прозвішча) - Кедраўкіна.

590. Кілімянёнкаў (Захар) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Кіліменка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кілімянёнкаў. ФП: кілім ('шасцяны бязворсавы дыван ручной работы') - Кілім (мянушка, потым прозвішча) - Кіліменя (нашчадак Кіліма, фармант - еня) - Кілімянёнак ('нашчадак Кілімені', фармант -ёнак ) - Кілімянёнкаў.

591. Кільчэўскі (Аляксандр) - вытвор з фармантам -эўскі ад тапоніма Кількі / Кільча і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Кільчэўскі.

592. Кіндзер (Аксана) - семантычны вытвор ад апелятыва кіндзер (яўр.) 'дзіця'.

593. Кірвель (Станіслаў) - форма асваення літоўскага прозвішча Kirwelis (з адпадзеннем фінамі -is).

594. Кірковіч (Вольга) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Кірка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кірковіч. ФП: Кір (імя <грэч. kyros 'улада, права, сіла') - Кірко (варыянт яго) - Кірко (празванне, потым прозвішча) - Кірковіч.

595. Кірычэнка (Андрэй) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Кірык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кірыч(к/ч) энка. ФП: Кірык (імя <грэч. 'вястун, вяшчун') - Кірык (прозвішча) - Кірычэнка.

596. Кірэйша (Ванда) - вытвор з фармантам -ша ад антрапоніма Кірэй і значэннем 'асоба жаночага полу' (жонка названага чалавека).

597. Кіслік (Навум) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Кіслы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кіслік. Параўн. Асіпік, Карпік, Худык, Ярошык. ФП: кіслы ('які мае своеасаблівы смак, падобны на смак лімона, журавін') - Кіслы (мянушка) - Кіслы (прозвішча) - Кіслік.

598. Клачко (Аляксей) - другасная форма, першасная Клачок - семантычны вытвор ад апелятыва клачок - пам.-ласк. ад клак 'тое, што і пыж 'затычка, якой забіваюць зарад у зброі, што зараджаецца з дула'.

599. Клімавец (Яўген) - вытвор з суфіксам -ец ад 1) антрапоніма Клімаў і значэннем 'нашчадак названай асобы': Клімавец: 2) тапонім Клімава / Клімавічы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча'; Клімавец. ФП: Клімент (імя -лац. 'міласэрны, літасцівы, ласкавы') - Клім (народна-гутарк. форма) - Клім (мянушка, потым прозвішча) - Клімаў (прозвішча) - Клімава - Клімавічы (тапонім ад прозвішча Клімавіч - вытвор з -авіч і значэннем 'нашчадак Кліма') - Клімавец.

600. Клімаш (Юрый) - народна-гутарковая форма з фіналлю - аш ад імя Клім (лац. clemens 'міласэрны, літасцівы, ласкавы') набыла ролю прозвішча.

601. Клімашэвіч (Лідзія) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Клімаш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Клімашэвіч. ФП: Клімент (імя <лац. clemens 'міласэрны, літасцівы, ласкавы') - Клімаш (народна-гутарк. форма) - Клімаш (мянушка, потым прозвішча) - Клімашэвіч.

602. Клінтуховіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Клінтух і значэннем 'нашчадак названай асобы': Клінтух (мянушка, потым прозвішча) - Клінтуховіч.

603. Клічкоўская (Алёна) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Клічкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Клічкоўская. ФП: клічка ('імя, якое даюць свойскай жывёле', 'мянушка чалавека дзеля жарту, насмешкі, у канспірацыі') - Клічка (мянушка, потым прозвішча) - Клічкі (тапонім з прозвішчамі Клічка, Клічко) - Клічкоўская.

604. Клішэвіч (Лідзія) - вытвор з фармантам -эвіч ад антрапоніма Кліш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Клішэвіч. ФП: Кліш (імя) - Кліш (народна-гутар. форма, мянушка) - Кліш (прозвішча) - Клішэвіч.

605. Клыбік (Валянціна) - семантычны вытвор ад апелятыва клыбік 'клышаногі', утварэнне ад клыба 'нага' (СНМЗ, с. 61).

606. Клыга (Зінаіда) - семантычны вытвор ад апелятыва клыга - нульсуфіксавае ўтварэнне ад клыгаць 'марудна ісці (клыпаць), накульгаючы, перавальваючыся з нагі на нагу'.

607. Ключко (Зміцер) - семантычны акцэнтаваны вытвор ад апелятыва ключка 'частка калодзежа з жураўлём - жэрдачка (шост), на якую вешаецца вядро для вады (з калодзежа) (в. Грабава, Зэльв. р-н)'. Для адмежавання ад апелятыва ўзнікае форма Ключко (< Ключка).

608. Ключнікава (Ірына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Ключнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ключнікава. ФП: ключнік ('слуга ў панскім маёнтку, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты харчавання і ключы ад месца іх захоўвання') - Ключнік (мянушка, потым прозвішча) - Ключнікава.

609. Кляпач (Таісія) - семантычны вытвор ад апелятыва кляпач 'той, хто займаецца кляпаннем - злучае металічныя часткі заклёпкамі, ніткамі' або 'ударамі малатка вострыць лязо касы' ( кляпач).

610. Кляцкоў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Кляцко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кляцкоў. ФП: клец / клёц ('зуб бараны' (Нас.)), 'зуб грабель' (Даль) - клецка (памянш. да клец 'невялікі зуб') - Клецка (мянушка, потым прозвішча) - Кляцко (прозвішча) - Кляцкоў.

611. Кляшчук (Анатоль) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Клешч і значэннем 'нашчадак названай асобы': Клешчук - Кляшчук. ФП: клешч ('невялікая членістаногая жывёліна атрада павукападобных') - Клешч (мянушка) - Клешч (прозвішча) - Кл ешчук - Кляшчук.

612. Кнышаў (Вадзім) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Кныш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кнышоў. ФП: кныш ('перапечка з маслам', 'здобная булка', а таксама 'маларослы чалавек') - Кныш (мянушка, потым прозвішча) - Кнышаў. З гэтым коранем бытуюць прозвішчы Кнышэвіч, Кнышэня, Кнышэўскі і іншыя.

613. Кобрусеў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Кобрусь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кобрусеў. ФП: кобра ('ядавітая змяя сямейства аспідавых з плямамі на шыі') - Кобра (мянушка, потым прозвішча) - Кобрусь (экспрэсіў ад Кобра, фармант - усь; параўн. бабуся, татусь 'татка, татуля') - Кобрусеў.

614. Кобызеў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Кобыз і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кобызеў. ФП: кобыз ('казахскі струнны смычковы інструмент') - Кобыз (мянушка, потым прозвішча) - Кобызеў.

615. Козіч (Ганна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Каза і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Каза - Козіч (Як і Кузьма - Кузьміч). ФП: каза (жывёліна) - Каза (мянушка) - Каза (прозвішча) - Козіч.

616. Коласава (Вераніка) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Колас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Коласава. ФП: колас ('суквецце большасці злакаў і некаторых іншых раслін', 'суквецце з пладамі, насеннем гэтых раслін') - Колас (мянушка) - Колас (прозвішча) - Коласава.

617. Комлік (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва комлік 'невялікі камель'.

618. Копаць (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва копаць 'сажа, якая асядае слоем на паверхні чаго-н.'; 'куродым'.

619. Копач (Валянціна) - семантычная акцэнтаваная форма ад апелятыва капач 'той, хто займаецца капаннем зямлі; землякоп', а таксама 'прылада для капання зямлі, выкопвання карняплодаў і пад.'.

620. Корзун (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва корзун 'без пярэдніх зубоў, шчарбаты' (Даль).

621. Косінец (Анатоль) - вытвор з суфіксам - ец ад тапоніма Косіна і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Косінец. ФП: кося ('падзыванне каня') - ` Кося (мянушка, потым прозвішча) - Косіна ('уладанне Косі') - Косінец.

622. Коўган (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва коўган / каўган 'няўмека, нячысты' (П. Сцяцко. Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны), 'дурная галава, дурань' ('грубая, непрыгожая пасуда') (Даль).

623. Кошаль (Антаніна) - другасная форма, першасная Кашэль - семантычны вытвор ад апелятыва кашэль 'вялікая кашолка, звычайна з лучыны', 'тое, што і кашалёк'. Або форма рус. кошель 'кашэль' ці беларускага кашаль набыла ролю прозвішча.

624. Кошэр (Абрам) - семантычны вытвор ад апелятыва кошар / кошар: у вернікаў-яўрэяў - дазволеная 'іудзейскай рэлігіяй страва'.

625. Кравец (Міра) - семантычны вытвор ад апелятыва кравец 'спецыяліст у жыцці адзення, пераважна мужчынскага'. Гэты апелятыў даў шмат дэрыватных антрапонімаў: Краўцоў, Краўцэвіч, Краўчук, Краўчэня, Краўчанка і іншыя.

626. Крадзіна (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка крадзена 'здабытая крадзяжом, украдзеная'. Форма з ' для адмежавання ад апелятыва.

627. Крайноў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Крайні і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крайноў. ФП: крайні ('які знаходзіцца на краі', 'найбольш аддалены', 'надзвычайны, выключны', 'найбольш радыкальны, рашучы, непрымірэнчы', 'які нельга адкладваць, пераносіць'; апошні (пераважна пра час)) - Крайні (мянушка, потым прозвішча) - Крайноў.

628. Краквін (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Краква і значэннем 'нашчадак названай асобы': Краквін. ФП: краква (<рус. кряква) 'крыжанка' (дзікая качка) - Краква (мянушка, потым прозвішча) - Краквін.

629. Крамко (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва крэм ст.-бел. 'дрэва, прыдатнае для бортнага пчалярства' - крэмка (пам.-ласк. форма) - Крамко (для адмежавання ад апелятыва).

630. Красікава (Ірына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Красік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Красікава. ФП: краса (апелятыў з трыма значэннямі: 1) 'хараство, прыгажосць; што-небудзь прыгожае, прывабнае'; 2) 'упрыгожанне чаго-небудзь'; 3) 'пылок на злакавых раслінах у час красавання') - Краса (мянушка, потым прозвішча) - Красік (вытвор з суф. -ік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Красік) - Красікава.

631. Краскоўкі (Валяр'ян) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Краскі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Краск-оўскі. ФП: краска (тое, што і кветка) - Краска (мянушка, потым прозвішча) - Краскі (тапонім - 'мясціна, паселішча з асобамі, якім маюць прозвішчы Краска') - Краскоўскі. Або непасрэдна ад антрапоніма Краска з фармантам прэстыжнасці -оўскі і значэннем 'нашчадак названай асобы, бо як шляхетнае найменне': Краскоўскі.

632. Красны (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва красны 'прыгожы' (нар.-паэт.).

633. Красулін (Вячаслаў) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Красуля і значэннем 'нашчадак названай асобы': Красулін. ФП: красуля (рэг. адэкват да нарматыўнага красуня 'прыгожы чалавек'; пра што-н. надта прыгожае, у народзе словам Красуля называлі карову) - Красуля (мянушка) - Красуля (прозвішча; параўн. Казуля) - Красулін.

634. Красуцкі (Сяргей) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Красукі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Красукскі - Красуцкі. ФП: краса ('хараство, прыгажосць', 'што-н. прыгожае, прывабнае', 'упрыгожанне, слава чаго-н.'; 'пылок на злаках у час іх красавання') - Краса (мянушка, потым прозвішча) - Красук ('нашчадак Красы') - Красукі ('паселішча з прозвішчам Красук') - Красуцкі.

635. Кратовіч (Андрэй) - форма бацькаймення з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад прозвішча Крот і значэннем 'нашчадак асобы': Кротовіч - Кратовіч. Гл. Крацёнак.

636. Краўчанка (Андрэй) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Краўчы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Краўчанка. ФП: краўчы ('пасада і прыдворны чын у Рускай дзяржаве 15-пачатку 18 ст. - барын, які ведыў царскім сталом' - ТСБМ, т.2, с. 725) - Краўчы (мянушка) - Краўчы (прозвішча) - Краўчанка ('памочнік Краўчага') - Краўчанка. Або ад апелятыва краўчанка 'памочнік краўчага', якое набыло ролю прозвішча.

637. Крахаль (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва крахаль 'вадаплаўная птушка сямейства качыных з доўгай тонкай дзюбай'.

638. Крахмальчык (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва крахмальчык - памянш.-ласк. ад крахмал (рус. або рэг. крахмал 'крухмал' - мучністы вуглярод). Або ад крахмальшчык 'той, хто крухмаліць' ці 'той, хто вырабляе крухмал' (з скарачэннем (спрашчэннем) асновы).

639. Крацёнак (Аляксандр) - вытвор з фармантам -ёнак ад антрапоніма Крот і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кротёнак - Крацёнак. ФП: крот ('невялікая млекакормная жывёліна, прыстасаваная жыць пад зямлёй, а таксама футра гэтай жывёліны') - Крот (мянушка, потым прозвішча) - Крацёнак. Або непасрэдна ад апелятыва крацёнак 'дзіцяня крата' шляхам пераасэнсавання на падставе адпаведных асацыяцый.

640. Крачкоўскі (Адам) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Крачкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Крачкоўскі. ФП: крачок ('куст' ПГССЛ) - Крачкі (тапонім) - Крачкоўскі.

641. Крашэўская (Антаніна) - вытвор з фармантам -эўская ад тапоніма Крашына і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці,паселішча': Краш(ын)эўская, або вытвор з фармантам -эўская ад тапоніма Крашэцце і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Краш(эцце) эўская. ФП: крашэцце ('седала') - Крашэцце (тапонім) - Крашэўская.

642. Крокас (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва крокас 'дзікі шафран' (яблыкі).

643. Кругліч (Святлана) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Круглы і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кругліч. ФП: круглы ('які мае форму круга', 'поўны, абсалютны (разм.)'; 'вылічаны без дробных адзінак'; 'увесь, цэлы (са словам год, дзень, суткі)') - Круглы (мянушка, потым прозвішча) - Кругліч.

644. Круглоў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Круглы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Круглоў. ФП: круглы ('які мае форму круга', 'поўны, абсалютны', 'увесь, цэлы' (са словам год. дзень, суткі)) - Круглы (мянушка, потым прозвішча) - Круглоў.

645. Круглянскі (Фёдар) - вытвор з фармантам -янскі ад тапоніма Круглае і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Круглянскі.

646. Крупенка (Юлія) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Крупа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крупенка. ФП: крупа і крупы ('цэлыя або сечаныя зярняты розных культур') - Крупа (мянушка, потым прозвішча) - Крупенка. Або ад крупеня ('крупяны суп'), якое стала прозвішчам з фармантам - ка і значэннем 'асоба жаночага полу', параўн. бягунка (ад бягун).

647. Крупец (Леанід) - вытвор з суфіксам -ец ад 1) тапоніма Крупа і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Крупец; 2) антрапоніма Крупа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крупец. ФП: крупа (рэг.) / крупы ('прадукт харчавання, які складаецца з ачышчаных цэлых або сечаных зярнят розных культур') - Крупа (мянушка) - Крупа (прозвішча) - Крупа (мясцовасць) - Крупец.

648. Кручкоўская (Таццяна) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Кручкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Кручкоўская.

(Працяг у наст. нумары.)


Пра беларускую мову на беларускім тэлебачанні

Сакратарыят Савета Рэспублікі

Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь

копія: Савет Міністраў

Рэспублікі Беларусь

Аб адказе на пытанні дэпутата Анісім А.М.

У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2017 года № 09/133-33/11801р Міністэрствам інфармацыі ў межах кампетэнцыі разгледжаны прадстаўленыя ў наш адрас пытанні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анісім А.М. Па сутнасці ўзнятых праблем паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Улічваючы гэта, вядучыя дзяржаўныя тэлерадыёкампаніі краіны ажыццяўляюць вяшчанне на абедзвюх мовах.

Даведачна.

Трэба адзначыць, што ў сувязі з тым, што вяшчанне беларускіх тэлеканалаў. "АНТ", "СТБ", "Расія-Беларусь" і "НТБ-Беларусь" грунтуецца на платформах папулярных расійскіх тэлеканалаў ("Першы канал. Сусветная сетка", "РЕН ТВ", "РТР-Планета" і "НТБ" адпаведна), асноўная частка тэлекантэнту - рускамоўная.

Аднак, трэба адзначыць, што сёння выкарыстанне роднай мовы актыўна пашыраецца ў тэле- і радыёэфіры як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных тэлерадыёкампаній. У прыватнасці, вяшчанне Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёканала "Культура" і радыёстанцыі "Сталіца" ажыццяўляецца цалкам на беларускай мове. Акрамя таго, у мэтах папулярызацыі роднай мовы створаны шэраг праграм, якія знаёмяць тэле- і радыёаўдыторыі з правільным напісаннем, вымаўленнем і паходжаннем асобных беларускіх слоў. Так, на міжнародным спадарожнікавым тэлеканале "Беларусь 24" Белтэлерадыёкампаніі гэта тэлепраграма "Артыкул", на тэлеканале "Беларусь 3", дзе большая частка праграм - на беларускай мове, - "Гаворым па-беларуску", "Дыя@блог", на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё - праграмы "Моўная хвілінка" і "Роднае слова"; на радыёканале "Культура" - "Размаўляем па-беларуску"; на радыёстанцыі "Беларусь" - "Вывучаем беларускую", "З каранёў славянскіх" і інш.

У эфіры вядучых рэспубліканскіх тэлеканалаў дэманструюцца як дакументальныя, так і мастацкія стужкі на роднай мове вытворчасці РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".

Рэспубліканскімі тэлекампаніямі створаны шэраг цудоўных праектаў на беларускай мове: "Талент краіны", "Легенды. Ьіуе", мюзікл "Папараць-кветка" ("АНТ"), "Залатая калекцыя беларускай песні", дакументальны фільм "Святыні Беларусі", інфармацыйныя праграмы "Міншчына" і "Цэнтральны рэгіён" ("СТБ") і інш.

Акрамя гэтага, рэалізаваны шэраг іншых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы як у Рэспубліцы Беларусь, так і за мяжой.

Што тычыцца функцыянавання тэлеканалаў спартыўнай, культурнай, адукацыйнай і навуковай тэматыкі, то такія тэлеканалы на нашым тэлебачанні не толькі ёсць, але і паспяхова ажыццяўляюць сваю дзейнасць. Гэта тэлеканалы "Беларусь 3" і "Беларусь 5" Белтэлерадыёкампаніі, створаныя ў мэтах папулярызацыі беларускай культуры і спорту.

Трэба адзначыць, што ўсе праекты тэлеканала "Беларусь 3" уласнай вытворчасці - выключна на беларускай мове. Сярод іх такія, як "Майстэрня", "Музеі Беларусі", "Калейдаскоп" (аб навінах культуры), "Тэатр у дэталях", "Хата на хату" (аб нацыянальных фальклорных традыцыях), "Нацыянальны хіт-парад", "Калыханка", "Дабраранак" і іншыя.

Значнае пашырэнне выкарыстання роднай мовы назіраецца і ў эфіры спартыўнага тэлеканала "Беларусь 5", дзе на беларускай мове выходзяць такія праекты, як "Дзённікі футбольнай лігі чэмпіёнаў", "Дзённікі Чэмпіянату свету па футболу 2018 года", трансляцыі адзінаборстваў па футболу, баскетболу і іншых відах спорту. Болыпасць міжнародных спартыўных мерапрыемстваў каментатары Белтэлерадыёкампаніі ажыццяўляюць таксама на беларускай мове.

Акрамя таго, на сённяшні дзень дырэкцыяй тэлеканала вядзецца работа па падрыхтоўцы серыі беларускамоўных дакументальных фільмаў аб сусветных зорках спорту.

Міністр А.М. Карлюкевіч.



Ю.П. Бондару,

Міністру культуры.

пр-кт Пераможцаў, 11,

220016, г. Мінск

Аб ушанаванні памяцінароднага паэта Рыгора Барадуліна

Шаноўны Юрый Паўлавіч!

Прайшло тры гады, як пайшоў у лепшы свет знакаміты пісьменнік, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. На жаль, пакуль яго імя належным чынам не ўшанавана ў нашай краіне.

У сувязі з гэтым мы прапануем стварыць ва Ўшацкім раёне, месцы, дзе нарадзіўся Барадулін, літаратурны мемарыяльны музей у яго гонар. На тым месцы, дзе некалі стаяла хата, дзе нарадзіўся і вырас Барадулін, ён пазней збудаваў дом, дзе жыў і працаваў у цёплы перыяд года. Дом добра захаваўся, там ёсць шмат асабістых рэчаў знакамітага паэта, але там ніхто не жыве, і ён паступова прыходзіць у заняпад.

Жонка Рыгора Барадуліна згодна прадаць дзяржаве гэты будынак, дзе можна стварыць вышэйзгаданы музей з яе дапамогай.

Мы спадзяемся на Вашую падтрымку ў гэтым пытанні.

З павагай, Старшыня ГА ТБМ Трусаў А.А.


130 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага

Цішка ГАРТНЫ, сапр.: Зміцер (Змітро) Хведаравіч Жылуновіч (23 кастрычніка 1887, м. Капыль, Слуцкага павета Менскай губерні, цяпер Капыльскі раён Менскай вобласці - 11 красавіка 1937, Магілёў, псіхлячэбніца) - беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР (1928).

Паходзіць з сялян. У 1905 годзе скончыў двухкласную школу ў Капылі. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне.

Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907, з 1906 член Капыльскай арганізацыі РСДРП. Ствараў рукапісныя часопісы.

У траўні 1913 года пачаў працу на заводзе "Вулкан" у Санкт-Пецярбургу. У 1914 годзе пераходзіць на завод "Айваз".

З лютага па снежань 1918 - сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты "Дзянніца". З кастрычніка 1918 прыняты ў РКП(б). Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня Часовага ўрада яе.

У 1919-1920 - сакратар газеты "Красная звезда" (Харкаў), палітработнік на Паўднёвым фронце Чырвонай Арміі. Потым - літаратурны супрацоўнік у штабе Заходняга фронту (у Смаленску). З 1920 года - сакратар і адказны рэдактар газеты "Савецкая Беларусь".

З 1921 жыве ў Менску. Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынём Галоўмастацтва БССР, з'яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта і навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні рэвалюцыйнага руху на Беларусі.

У сакавіку 1922 г. наведаў Берлін, наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. За два месяцы было надрукавана 10 назваў агульным накладам 138 500 асобнікаў (у тым ліку кніга паэзіі "Песьні працы і змаганьня" і першая частка рамана "Сокі цаліны" Гартнага). У красавіку 1922 узначаліў беларускае кааператыўнае выдавецтва "Адраджэнне", выпусціўшае за адзін год 14 кніг. Неўзабаве выдавецтва было абвінавачана ў "нацыянал-шавінізме" і было пераназвана як "Савецкая Беларусь". У снежні выдавецтва выпусціла № 1 часопіса "Полымя", рэдактарам якога стаў Жылуновіч. У гэтым жа годзе разам з часкай іншых творцаў пытае дазволу на стварэнне беларускай літаратурнай арганізацыі "Вір". Статут "Віру" зацверджаны не быў.

У 1925 зноў ездзіў у Берлін з мэтай удзелу ў Другой Усебеларускай канферэнцыі. У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі "Полымя". Член ЦВК БССР у 1920-1931. Акадэмік БелАН з 1928. Удзельнік Саюза пісьменнікаў СССР з 1934. У 1934-1936 працаваў ў Інстытуце гісторыі БелАн.

Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай "за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі". Арыштаваны 15.11.1936, пераведзены (7.4.1937) ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках - скончыў жыццё самагубствам).

Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 г. устаноўлены помнік. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955 г. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987 г.

Вікіпедыя.


Новая кніга прафесара

18 кастрычніка 2017 года у офісе TUT.BY адбылася творчая сустрэча з вядомым навукоўцам, доктарам гістарычных навук Аляксандрам Аляксандравічам Гужалоўскім, з нагоды выхаду ягонай чарговай кнігі "Сексуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі 1917-1929 гг." (выдавец А.М. Янушкевіч).

Папярэдняя з'явілася на свет у 2012 годзе і мела назву "Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР". Мне выданне аўтар падпісаў 14 лютага 2013 года ў Кніжным салоне.

Літаратурная навінка з'яўляецца першым ў айчыннай гістарыяграфіі комплексным даследаваннем радыкальных змен у сямейная-шлюбных адносінах і сексуальным жыцці беларускага грамадства пасля 1917 года.

Першае дзесяцігоддзе савецкай улады характарызуецца неверагоднай па сённяшніх мерках свабодай нораваў. Сексуальная рэвалюцыя (менавіта такі тэрмін выкарыстоўваецца ў навуцы) прывяла да дэзарганізацыі традыцыйнага сямейная-шлюбнага ладу і нарматыўнай няпэўнасці, паслаблення інстытуту шлюбу, і заснаванай на ім сексуальнай маралі.

Кніга мае наклад 500 асобнікаў і напісана на багатым фактычны матэрыяле, з прыцягненнем новых архіўных крыніц.

Рэцэнзентамі з'яўляюцца: дактары гістарычных навук, прафесары І.І. Калачова і І.Р. Чыкалава. У афармленні вокладкі выкарыстаны плакат А. Страхава-Браслаўскага 1926 года. Апрацоўкай ілюстрацый займаўся Алесь Жынкін, а карэктурай - Віктар Іваноў.

На мерапрыемстве прысутнічала каля 50 чалавек, сярод якіх: Андрэй Кіштымаў, Максім Клімковіч, Ніна Стужынская, Сяргей Тарасаў, Максім Гальпяровіч, Сяргей Макарэвіч, Ігар Гатальскі, Базыль Ермаловіч і іншыя асобы. Добрую прамову пра аўтара і яго працу агучыла Таццяна Бембель!

Было вельмі цікава прысутнічаць на вечарыне, якая цягнулася 2 гадзіны і закончылася аўтографсесіяй прафесара. Ахвотныя свабодна маглі ўсяго за 15 рублёў набыць унікальнае выданне, ад якога адмовілася адно дзяржаўнае выдавецтва.

Кніга будзе цікавай як спецыялістам, так і самаму шырокаму колу чытачоў!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, краязнавец.


У Карэлічах высвятлялі, кім былі партызаны

17 кастрычніка група сяброў Баранавіцкага ТБМ прыехала ў Карэлічы для ўдзелу ў працы круглага стала, прысвечанага тэме асвятлення партызанскага руху на тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна. Асноўныя даклады ад двух апанентаў. Пісьменніца Ірына Шатыронак з Гародні прадстаўляла прасавецкі погляд на партызанскі рух. Краязнавец, сучасны даследчык партызанскага руху Аляксандр Самец агучваў дакументальныя архіўныя матэрыялы і ўспаміны сведкаў тых падзей, партызан і мясцовых жыхароў, якія аб'ектыўна апісваюць падзеі часоў Другой сусветнай вайны на тэрыторыях Карэліцкага і прылеглых раёнаў на прыкладзе дзейнасці так званай Першай Беларускай кавалерыйскай брыгыды і яе камандзіра Дзмітрыя Дзенісенкі. Ён прывёў мноства фактаў варварскіх адносін да мясцовага насельніцтва, забойстваў сярод партызан у барацьбе за ўладу, забойстваў і рабаванняў невінаватых мясцовых жыхароў, нават спальванняў населеных пунктаў. Усё гэта замоўчвалася пры Савецкай уладзе і замоўчваецца цяпер такімі даследчыкамі, як пісьменніца Ірына Шатыронак. Спадара Аляксандра падтрымалі амаль усе выступоўцы, прыводзілі факты, якія негатыўна паказваюць дзейнасць партызан, выяўляюць прыпіскі баявых поспехаў. Былы дырэктар школы, гісторык Аляксандр Быстрык паказаў няпраўду пра партызанскі рух у сучасных школьных падручніках. Выступ Ірыны Шатыронак быў даволі доўгім, больш падобным на славесную эквілібрыстыку. Бо як можна абвергнуць архіўныя матэрыялы і зключэнне ваеннай пракуратуры аб прызнанні камандзіра брыгады Дзмітрыя Дзенісенкі ваенным злачынцам за забойства свайго канкурэнта, камандзіра партызанскага атрада Дзмітрыя Семянцова! У цэлым абмеркаванне тэмы прайшло даволі карэктна, усе выступоўцы сыходзіліся на тым, што падзеі партызанскага руху не падпадаюць толькі пад "белую" ці "чорную" ацэнку.

За сталом прагучала, што Ірына Шатыронак апошнім часам сем разоў публікавала ў мясцовай газеце свае матэрыялы з аднабаковым поглядам на гісторыю партызанскага руху, а Аляксандру Самцу не дазволілі надрукавацца ні разу. Гэта паказвае заангажаванасць мясцовай газеты "Полымя".

З цікавым дакладам выступіў мадэратар круглага стала, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Абрамчык. Ён прадставіў кампіляцыю з электронных перакладаў успамінаў былых мясцовых яўрэяў, якія выжылі ў час вайны і трапілі ў розныя краіны Свету. Для нас было дзіўна чуць, што мясцовае насельніцтва адносілася да яўрэяў не зусім так, як прынята лічыць. Быў паказаны толькі адзін выпадак, калі беларусы дапамаглі яўрэям. Прагучала пытанне: "Чаму так адносіліся беларусы да яўрэў?" Але адказу ніхто не даў.

Мікалай Падгайскі.


Актывісты БНФ ушанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы

Упершыню больш як за 20 гадоў у Свіслачы і Якушоўцы актывісты з усёй Беларусі ўшаноўваць памяць паўстанцаў будуць не ў адзін дзень, а на працягу двух месяцаў, каб пазбегнуць пераследу з боку ўладаў.

Памятныя імпрэзы распачалі сябры БНФ з Гародні і Менска.

Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў расказаў Радыё Свабода, што марафон ушанавання памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы ў новым фармаце распачалі фронтаўцы:

- У Свіслач прыехалі лідары партыі Рыгор Кастусёў і Аляксей Януковіч. Усяго было 12 чалавек, мы традыцыйна наведалі магілу Віктара Каліноўскага, усклалі кветкі і запалілі знічы каля помніка Кастуся Каліноўскага, Рамуальда Траўгута, а таксама з'ездзілі ў Якушоўку. Увесь час, як і ў папярэднія гады, нас суправаджалі міліцыянты ў цывільным і фільмавалі на камеру.

Актывіст Язэп Палубятка расказаў, што іх група складалася з 10 чалавек - да пяці мастаўчан дадаліся гарадзенцы з сацыял-дэмакратычнай партыі.

На тыдні да акцыі далучацца іншыя рэгіёны.

Радыё Свабода.


ВЫСТАВА "МЯЖА"

Навіны Германіі

Дзе канчаецца Еўропа і дзе пачынаецца Азія? На што ўплываюць межы і хто іх праводзіць? Вось асноўныя пытанні новага выстаўнага праекту Гётэ-Інстытута "Мяжа". Удзельнікі выставы - маладыя мастакі з 16-ці гарадоў 11-ці краін Еўропы і Азіі. Выстава да 6 лістапада працуе ў Менску ў Культ.цэнтры KORPUS.

"Мяжа" - выстаўны праект Гётэ-Інстытута, які паказваўся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Краснаярску, Кіеве, Тбілісі, Менску, Дортмундзе, а таксама ў Цэнтральнай Азіі. Куратары праекту - Інку Арнс і Тыбо дэ Ройтэр. Пры сяброўскай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.

Праект "Мяжа" даследуе і аналізуе межы і іх узнікненне ў самых розных формах: як тэрытарыяльныя межы, культурныя, асабістыя ці сацыяльныя бар'еры, як прылада, якая адлучае "нас" ад "іншых. "Чырвонай лініяй" пры гэтым служыць геаграфічная і культурная мяжа паміж Еўропай і Азіяй і немагчымасць знайсці цэнтр Еўропы. Больш за 20 мастакоў з розных краін свету інтэрпрэтуюць тэму мяжы. Астрыд Везе, кіраўнік аддзела культурных праграм Гётэ-Інстытута ў Маскве адзначае:

- Наша мэта - спрыяць самаму рознабаковаму даследаванню працэсаў, матываў і прычынаў узнікнення межаў.

У выставе ўдзельнічаюць: Уміда Ахмедава і Алег Карпаў (Ташкент, Узбекістан), Аліса Бергер (Кёльн, Германія), Вірон Эрол Верт (Берлін, Германія), Айтэгін Джумаліеў (Бішкек, Кыргызтан), Наталля Дзю (Алматы, Казахстан), Саўле Дюсенбіна (Алматы, Казахстан), Анастасія Жыўкава (Кіеў, Украіна), Вольга Жытліна (Санкт-Пецярбург, Расія), Каця Ісаева (Масква, Расія), Антон Карманаў (Новасібірск, Расія), Аліна Копіца (Кіеў, Украіна), "Куды бягуць сабакі" (Екацярынбург, Расія), Гайша Маданава (Алматы, Казахстан / Мюнхен, Германія), Таўс Махачава (Масква, Расія), Элеанор дэ Монтэск'ю (Берлін, Германія), Станіслаў Муха (Берлін, Германія), Гамлет Аўсяпян (Ашнак, Арменія), Марат Райымкулаў (Бішкек, Кыргызстан), Ала і Аляксей Румянцавы (Душанбэ, Таджыкістан), "Хінкалі Джус" (Грузія), Аляксандр Угай (Алматы, Казахстан), Фархад Фарзаліеў (Баку, Азербайджан), Сяргей Шабохін (Менск, Беларусь).

У фокусе праекту - маладое пакаленне мастакоў.

Беларускі мастак Сяргей Шабохін прадставіў на выставе сваю ўстаноўку "Мы суровыя спажыўцы культурных рэвалюцый". Каментуючы сваю працу на выставе, Сяргей Шабохін адзначыў:

- Мой унёсак у экспазіцыю выяўлены творам-лозунгам, створаным з неону. Гэта надпіс WEASTERN CONSUMERS OF CULTURAL REVOLUTIONS, дзе ў першым слове напераменку змяняюцца літары W і A, а, такім чынам, лозунг можна перавесці як "Заходнія/усходнія спажыўцы культурных рэвалюцый". Гэты неон з'яўляецца часткай крытычнага і даследчага праекту, які разглядае кардынальна адрознае стаўленне да спадчыны віцебскага авангарду ў Заходняй і Ўсходняй Еўропе на прыкладзе заняпаду, разбурэння, падыходу да рэстаўрацыі і планавання музея ў будынку, дзе ў 1920-я гады працавала група УНАВІС у Віцебску. У праекце я крытыкую стваральнікаў будучага музея. Праект у тым ліку фіксуе тое, як досвед супрэматыстаў быў паступова адпрэчаны ў Беларусі, але стаў асімілявацца на Захадзе, дзе атрымаў прызнанне і паўплываў на дызайн, а сёння вяртаецца ў гарадскую прастору Віцебску ў выглядзе рэкламы тавараў спажывання.

www.goethe.de.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пасля смерці Хокана VI і яго сына Олафа ў 1387 г. улада канчаткова перайшла да каралевы Даніі Маргарыты. Пачаўся доўгі этап уплыву дацкай культуры на нарвежскую ва ўсіх сферах жыцця, асабліва ў моўным пытанні. Аднак за незалежнасць краіны актыўна змагаліся вышэйзгаданыя баглеры, якіх падтрымлівалі простыя людзі.

3. Швецыя і Фінляндыя

У пачатку XIV ст. у Швецыі ішла міжусобная вайна паміж, з аднаго боку, сваякамі караля Біргера І, яго малодшымі братамі герцагамі Эрыкам і Вальдэмарам, і, з другога боку, самім каралём. У 1310 г. краіна распалася на дзве часткі, каралеўскую і герцагскую, але вайна працягвалася доўга, і пераможцаў у ёй не было. У 1319 г. магнаты Швецыі перадалі карону нарвежскаму каралю Магнусу ІІ Эрыксану (1319-1363). Пры гэтым яны абмежавалі яго правы і падпісалі з ім "Вольную грамату", у якой замацавалі свае прывілеі і права выбіраць караля. Права караля на распараджэнне падаткамі абмяжюўвала дзяржаўная рада ( рыксрод). У 1323 г. была ўсталявана дзяржаўная мяжа паміж Фінляндыяй - калоніяй Швецыі - і Наўгародскай рэспублікай.

У 1347 г. у горадзе Эрэбру быў прыняты першы агульнашведскі збор законаў. У 1356 г. старэйшы сын Магнуса Эрык атрымаў пад сваё ўладаранне Фінляндыю і востраў Готланд, але праз два гады ён памёр, і зноў уся краіна аб'ядналася пад кіраўніцтвам караля Магнуса.

У 60-я гг. XIV ст. пачалася вайна Швецыі з Даніяй. У 1363 г. караля Магнуса пазбавілі кароны і на яго месца абралі немца, сына герцага Мекленбурга, Альбрэхта І (1363-1389). Канфлікт з Даніяй не заціхаў, і кароль хацеў аслабіць пазіцыі шведскіх магнатаў. Тыя звярнуліся па дапамогу да дацкай каралевы Маргарыты, і яе войска ў 1389 г. разбіла армію караля Швецыі, які пасля паразы быў пазбаўлены кароны. У 1396 г. яе атрымала Маргарыта. Яна вярнула сабе землі, раздзеленыя папярэднікамі як падарункі розным магнатам, і забараніла іх набываць асобам, звязаным з выплатай дзяржаўных падаткаў. У 1397 г. Швецыя падпісала Кальмарскую унію. Пасля паўстання 1457 г. кіраўнік Швецыі (рэгент) Стэн Стурэ ўмацаваў пазіцыі мясцовых гараджан і нацыянальныя інстытуты ўлады. У 1477 г. ён атрымаў дазвол рымскага Папы Сікста IV на заснаванне ў Упсале першага на тэрыторыі Скандынавіі ўніверсітэта. У 1413 г. у Швецыі склалі падатковы спіс усіх катэгорый сялян, дзе былі пазначаны іх маёмасць і сума падаткаў. Каб умацаваць шведскае сялянства, стварылі сістэму ёрдаў, пры якой падаткі пачалі плаціць разам групы людзей. Спачатку ў такую групу ўваходзілі 4 чалавекі (два багатыя і два бедныя), а потым - 6 чалавек. Такім чынам сяляне маглі пазбегнуць галечы і захаваць сваю маёмасць.

Скандынаўскія гарады былі малымі і напалову аграрнымі. Самыя вялікія - Капенгаген і Стакгольм - мелі 10 і 9 тысяч жыхароў адпаведна. У гарадах дамінавалі нямецкія перасяленцы, якія ўзялі ў свае рукі гандаль і гарадское самакіраванне.

Самай эканамічна развітой тэрыторыяй Швецыі быў Бергсладэн. Тут здабывалі медную і жалезную руду, выплаўлялі з яе метал, а таксама выраблялі драўнінны вугаль. У XIV ст. шведы вывозілі адсюль на продаж медзь, у XV ст. - жалеза, а ў канцы XV ст. - больш за дзесяць відаў каляровых (чорных) металаў, у тым ліку сталь і чыгун.

У 1495 г. адбыўся ваенны канфлікт Швецыі з Маскоўскай дзяржавай, калі войска Івана III уварвалася ў Фінляндыю, але поспеху там не атрымала.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Баглеры ("пасошнікі") - аб'яднанне (партыя) нарвежскіх сялян, гараджан і дробнай шляхты, якія змагаліся за незалежнасць краіны.

Одальнае права - перавага сваякоў на куплю зямлі, што належала сялянам.

Рыксдаг - шведскі парламент.

Рыгсрод - дзяржаўная рада Даніі, што складалася з буйных феадалаў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1310 г. - распад Швецыі на дзве часткі.

1326-1330 гг. - уладаранне караля Даніі Вальдэмара III.

1340-1375 гг. - уладаранне караля Даніі Вальдэмара IV.

1359 г. - скліканы першы шведскі парламент.

1380-1814 гг. - дацка-нарвежская унія.

17 чэрвеня 1397 г. - падпісана Кальмарская унія.

1477 г. - адкрыццё ўніверсітэта ў Упсале (першага ў Скандынавіі).


РАЗДЗЕЛ XXII. ЗАХОП ТУРКАМІ ВІЗАНТЫІ I ПАЎДНЁВА-СЛАВЯНСКІХ ДЗЯРЖАЎ

1. Візантыя ў ХІV - ХV стст.

2. Узнікненне дзяржавы Асманаў.

3. Балгарыя і Сербія ў XIV ст.

4. Абпога і штурм Канстанцінопаля.

1. Візантыя ў ХІV-ХV стст.

У гэты час, з выняткам невялікага перапынку, калі ўладу захапіў Іаан VI Кантакузен (1347-1354), у краіне ўладарыла вышэйзгаданая дынастыя Палеолагаў (1261-1453 гг.). Пачынаючы з імператара Андраніка II (1282-1328), Візантыя ўвесь час знаходзілася ў пасіўнай абароне, паступова губляючы свае землі як у Азіі, так і ў Еўропе. Улада імператараў падупала: на Балканах імперыі пагражалі сербы, а ў Азіі - туркі-асманы. Пасля захопу крыжносцамі сталіцы насельніцтва краіны з недаверам ставілася да каталіцкай Еўропы і рашуча выступала супраць царкоўнай уніі з Рымам. Частка феадалаў і купцоў мела цесныя сувязі з Венецыяй і Генуяй, але іх тавары падрывалі дабрабыт мясцовых рамеснікаў. У краіне адбываліся грамадзянскія войны, якія яе моцна аслаблялі. Самая вялікая вайна праходзілаз 1341 па 1355 гг., калі з аднаго боку ваявалі прыхільнікі малагадовага імператара Іаана V Палеолага, яго маці і канстанцінопальскага патрыярха, а з другога - мясцовыя феадалы з правінцыі на чале з рэгентам пры малым імператары - Іаанам Кантакузенам. У вайну ўцягнулі суседзяў: туркаў, сербаў і балгараў. У 1342 г. супраць Кантакузена паўсталі жыхары вялікага горада Салонікаў. У 1345 г. да ўлады ў горадзе прыйшлі зілоты, радыкальная групоўка бедных гараджан і маракоў. У 1347 г. Кантакузен захапіў уладу ў сталіцы і дзяржаве. Але, прайграўшы вайну з генуэзцамі ў 1354 г., ён быў змушаны адмовіцца ад трона і сысці ў манастыр. Краіна пачала развальвацца на асобныя часткі. Туркі ўвесь час наступалі і забіралі адну тэрыторыю за другой. Апошнія імператары Візантыі шукалі паратунак ад туркаў на Захадзе. Рым арганізаваў два крыжовыя паходы супраць туркаў, у 1396 і 1444 гг., але тыя два разы разбілі крыжаносцаў.

Каб пазбегнуць турэцкай агрэсіі, імператар Візантыі Іаан VIII Палеолаг і канстанцінопальскі патрыярх прыйшлі ў 1439 г. на Ферара-Фларэнтыйскі сабор, дзе сабраліся кіраўнікі каталіцкай царквы, і падпісалі унію, у якой візантыйцы прызнавалі ўладу Рымскага Папы і асноўныя каталіцкія дагматы. Аднак насельніцтва і святары Візантыі, а таксама лідары іншых праваслаўных цэркваў унію не прызналі. Візантыйскі феадалізм адрозніваўся ад заходнееўрапейскага, бо тут васалаў не было, а сеньёр быў толькі адзін, імператар. Апошні даваў феадалам землі ў карыстанне, але іх рэдка можна было перадаць у спадчыну. Таму феадал у Візантыі толькі пажыццёва распараджаўся зямлёй, а пасля яго смерці імператар мог гэтую зямлю забраць.

Вялікія вотчыны ў краіне мелі толькі імператарская сям'я, буйныя чыноўнікі і манастыры. Галоўную частку сялян складалі парыкі, якія былі замацаваныя за ўласнікамі зямлі. Парыкі былі прыватна-ўласніцкімі і дзяржаўнымі, але ўсе плацілі дзяржаўныя падаткі. Значная частка сялян была беднаю і мела малую маёмасць. У гарадах Візантыі не было такога самакіравання, як у Заходняй Еўропе. Галоўная ўлада тут была ў руках або дзяржаўных чыноўнікаў, або буйных феадалаў. Таксама ў Візантыі не было мануфактур, і таму мясцовыя рамеснікі не маглі быць канкурэнтамі італьянцам. У XV ст. пачынаўся поўны заняпад гарадскога жыцця.

2. Узнікненне дзяржавы Асманаў

Асманская імперыя - гэта велізарная шматнацыянальная дзяржава, якая займала тэрыторыю на трох кантынентах (Азія, Афрыка і Еўропа) і існавала з 1299 па 1923 гг. У Еўропе яе называлі Атаманскай імперыяй, Высокай Портай ці проста Портай.

У Малую Азію продкі сучасных туркаў прыйшлі з Сярэдняй Азіі. Арабскія халіфы запрашалі цюркскія плямёны на вайсковую службу дзеля змагання з Візантыяй. У XI ст. частка гэтых плямёнаў паводле імя іх кіраўніка Сельджука пачала называцца туркамі-сельджукамі.

Менавіта з іх асяродку з'явіўся заснавальнік новай мусульманскай дзяржавы Асман I (1299-1324), які кіраваў невялікім княствам ( бейлікам) на тэрыторыі Малой Азіі. У час яго ўладарання бейлік быў пераўтвораны ў султанат, а сам Асман стаў султанам.

Паводле формы кіравання яго дзяржава была дэспатыяй, калі ўся ўлада належала аднаму чалавеку, спадчыннаму манарху, які ўладарыў дзякуючы складанаму ваенна-бюракратычнаму апарату. Яго ўлада была неабмежаванай, а воля лічылася законам.

Туркі мелі вялікае войска. Яго аснову складала пяхота, якую стварылі янычары, маладыя хлопцы ў асноўным хрысціянскага паходжання. Іх у малым узросце бралі ў палон, аддавалі на выхаванне ў турэцкія сем'і, дзе яны рабіліся ісламскімі фанатыкамі і аддана служылі султану. За гэта яны мелі розныя прывілеі. Другая частка войска - феадальнае апалчэнне, ваенныя атрады мясцовых феадалаў. Трэцюю частку складалі кавалерыя, вайсковыя адзінкі качэўнікаў. Пазней у туркаў з'явілася артылерыя і марскі флот.

Турэцкія ваяры атрымоўвалі за сваю службу ў спадчыннае валоданне землі з мясцовымі сялянамі - цімары. Але спадчыннае валоданне было толькі ў тым выпадку, калі дзеці і ўнукі ўласнікаў цімараў не мелі сваёй панскай гаспадаркі і не маглі павялічыць памер падаткаў са сваіх сялян (які дакладна вызначаўся дзяржавай). Таксама яны не маглі самі судзіць сваіх сялян. Гэта рабілі суддзі, прызначаныя ўладамі. Вайскоўцы ( аскеры) таксама выконвалі і адміністрацыйныя функцыі. Сяляне ( рая), рамеснікі, гандляры плацілі дзяржаўныя падаткі, падаткі на нерухомасць, жывёлу, ваду і г.д. Султан лічыўся халіфам - лідарам ісламу. Ён прызначаў візіра і шэйх-уль-іслама, кіраўніка ўлемы - карпарацыі вышэйшага духавенства. Вялікую ролю ў турэцкім грамадстве мелі муфціі (юрысты), кадзі (суддзі) і імамы (духоўныя настаўнікі). Усе яны мелі спецыяльную адукацыю і вучыліся ў медрэсэ, навучальных установах пры мячэцях. Дзяржаўнай рэлігіяй быў іслам суніцкага кірунку. Усе немусульмане плацілі большыя падаткі, чым ісламскія вернікі, і не маглі займаць кіроўныя пасады ў дзяржаве. Напачатку туркі-асманы пашыралі сваё панаванне ў Малой Азіі. У 1326 г. яны захапілі Прусу (Бурсу), 1330 г. - Нікею, у 1337 г. - Нікамедыю і выйшлі да ўсходняга ўзбярэжжа Мармуровага мора, што ўжо было блізка да сталіцы Візантыі. Спачатку туркі былі саюзнікамі візантыйцаў у іх міжусобных войнах, удзельнічалі ў паходах на Сербію і Балгарыю. У 1352 г. у якасці ўзнагароды яны атрымалі ад Візантыі цвердзь Цымле на паўвостраве Галіпалі, на другім беразе Мармуровага мора. У 1359 г. туркі ўпершыню наважыліся напасці на Канстанцінопаль, але пацярпелі паразу. Затое ў 1361 г. яны захапілі горад Андрыянопаль, а ў наступным годзе - Філіпаль (сённяшні Плоўдзіў).

Асманская дзяржава ўмацавалася ў часы ўладарання султана Мурада I (1360-1389). З дапамогай генуэзскага флоту армія туркаў у 1376 г. пераправілася з Азіі на Балканы. За 30 гадоў асманы захапілі амаль усе еўрапейскія землі Візантыі, Сербію і Балгарыю і перанеслі сваю сталіцу ў горад Андрыянопаль. У 1394 г. імі быў здабыты другі паводле велічыні візантыйскі горад, Салонікі.

Імператар Візантыі Іаан V Палеолаг пачаў прасіць дапамогі ў Рыма, той накіраваў на туркаў крыжаносцаў. Асноўная бітва адбылася ў Балгарыі ў верасні 1396 г. каля горада Нікапаля. Крыжаносцаў разбілі і ўзялі ў палон каля 10 тысяч рыцараў. Потым ім амаль усім на загад султана адсеклі галовы. Туркі аблажылі Канстанцінопаль, трымалі яго некалькі гадоў у аблозе, але спроба штурму горада ў 1400 г. зноў была няўдалай.

(Працяг у наст. нумары.)


Генерал Кіпрыян Кандратовіч у Парыжы

Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі

Леанід Лаўрэш

18 студзеня 1919 г. у Парыжы адкрылася міжнародная канферэнцыя, якая была павінна падвесці вынікі Першай сусветнай вайны. 22 студзеня 1919 г. Антон Луцкевіч падпісаў мемарандум беларускага ўрада да старшыні Парыжскай мірнай канферэнцыі, у якім абгрунтаваў права беларускага народа на дзяржаўнае існаванне, падаў этапы фармавання беларускай дзяржаўнасці, выказаў просьбы аб дапамозе Беларусі ў гэтай справе і дапушчэнні прадстаўнікоў БНР на канферэнцыю "дзеля абароны інтарэсаў беларускага народа і дачы патрэбных інфармацый".

Сярод іншых, мемарандум меўся завезці ў Парыж генерал Кіпрыян Кандратовіч, які на пачатку студзеня вярнуўся з перамоваў з камандаваннем Обер-Оста і далажыў Луцкевічу, што немцы выступаюць супраць стварэння арміі. Луцкевіч запісаў у дзённіку, што генерал "маецца ехаць у Парыж сваім коштам. Пры нашых рэсурсах гэта шчасце". У выніку ў Парыж, са спазненнем больш чым на месяц выехалі сябры дэлегацыі Кандратовіч, Азнабішын і сакратар дэлегацыі Баркоў. Антон Луцкевіч далучыўся да іх у канцы траўня (знаходзіўся ў сталіцы Францыі на працягу трох месяцаў) і ўжо на месцы ўключыў у склад дэлегацыі "новаспечанага" палкоўніка Яўгена Ладнова, прыехаўшага з беларускага асяродка ў Адэсе.

22 студзеня 1918 г. генерал Кандратовіч атрымлівае ад урада БНР дыпламатычнае пасведчанне. Як сябар дэлегацыі БНР на Парыжскую мiрную мiжнародную канферэнцыю генерал у лютым 1919 г. найперш прыехаў у нямецкую сталiцу. Разам з першым афiцыйным пасланнiкам БНР у Германіі капiтанам Антонам Борыкам генерал Кiпрыян Кандратовiч нейкi час вёў беларускую працу сярод палонных вайскоўцаў­беларусаў у Германii. У нямецкiх лагерах для ваеннапалонных знаходзiлася каля 60 000 беларусаў, у тым ліку і з iх беларускi ўрад спадзяваўся сфармаваць вайсковыя аддзелы, якiя пазней маглi скласцi ядро нацыянальнага войска.

Доўгая працэдура атрымання пропуску ў Парыж прымусіла ўсю дэлегацыю правесці тры месяцы ў Берліне.

У красавiку 1919 г. беларуская дэлегацыя на Парыжскую мiрную канферэнцыю падае амбасадарам Францыi, Англii i ЗША ў Берлiне мемарандум ад iмя Рады мiнiстраў БНР з просьбаю прызнаць беларускую дзяржаву.

25 чэрвеня 1919 г. Антон Луцкевіч у сваім лісце да Дыпламатычнай Місіі БНР у Берліне, сярод іншага, паведамляе: "Наладжываецца справа "заходняга антібольшэвіцкага фронту" (паводле запіскі ген. Кондратовіча, якую дашлю), а разам з тым і выступленьня на гэтым фронці і нашых войск".

У сярэдзіне лістапада 1919 г. кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Парыжы Аўген Ладноў паведаміў Радзе БНР: "Ва французскім Міністэрстве замежных спраў генералу Кандратовічу і мне было сказана: "Сфармуйце хаця б невялікую воінскую частку, і мы Вам асігнуем неабходныя грашовыя сродкі і дадзім ваенна-тэхнічныя матэрыялы" ... Французскі генерал Рампон па просьбе беларускай дэлегацыі ў Парыжы, вылучыў у цвердзі Вердэн каля 200 чалавек беларусаў ... Ведаючы, што на сфармаванне роты ў 200 чалавек, пры кошце ўтрымання аднаго чалавека ў месяц - мінімальна 300 фр., патрабуецца 60 000 фр. у месяц" .

Але грошай не было. 8 студзеня 1920 г. той жа Яўген Ладноў піша Антону Луцкевічу: "Заплаціў жалаванне за студзень, [за] кватэру да 5 сакавіка, і селі на мель. Грошай больш няма, бо курс маркі 20-21 санцім. Азнабішын з'язджае ў Берлін к Баркову. Генерал [Кандратовіч] охае і ахае, што будзе далей!" . Праз 4 дні Ладноў піша Луцкевічу: "Азнабішын збіраецца з'ехаць у Берлін да Баркова. Генерал занепакоены нашым далейшым лёсам і адсутнасцю сродкаў" .

13 снежня 1919 г. з-за расколу ў Радзе БНР паміж эсэрамі (БПС-Р) і Беларускай партыяй сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), быў створаны пяты (паралельны) Урад БНР на чале з В. Ластоўскім. Да таго ж з'явіўся цалкам самазваны "ўрад" А. Бахановіча. Праца дэлегацыі прыпынялася, у сярэдзіне лютага 1920 г. Ладноў сярод іншага, паведаміў Луцкевічу: "У выніку правакацыі атрымалася тры ўрады. ... Сёння князь Львоў паведаміў Кандратовічу, што руская дэлегацыя ... пастанавіла заявіць Мірнай Канферэнцыі, што яна супраць незалежнай Беларусі і выступае за раздзел яе паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. ... У нас сёння абедаў Ф.І. Родзічаў. Ён едзе ў Варшаву ў якасці пасла. Я азнаёміў яго з справамі і патлумачыў, што мы ўсёй душой з імі, але нас дзеляць, і таму адзіны для нас выхад - незалежнасць. ... генерал "дапоўніў" мае тлумачэнні: "Луцкевіч католік, вялікі, вельмі вялікі "самасційнік". Ім шмат хто незадаволены ..." ... Кандратовіч моцна заняўся камерцыяй - стараецца ўладаваць гандлёвыя дачыненні паміж Поўднем Расіі і Іспаніяй. Зразумела, хоча зарабіць" .

Непаразуменне паміж кіраўніком беларускай дэлегацыі і Кандратовічам нарасталі, генерал зноў атрымліваў тыповыя абвінавачванні на класавай глебе: "Ад генерала прыходзіцца ўсё хаваць. ... Ён дрыжыць за свой маёнтак і таму супраць усіх выступаў супраць палякаў. ... прымагчымасці наняць людзей, яго трэба прыбраць". У пісьмах да Луцкевіча Яўген Ладноў інтрыгуе супраць іншых сяброў дэлегацыі і патрабуе іх адстаўкі.

13 лютага 1920 г. Антон Луцкевіч афіцыйна выключыў Кіпрыяна Кандратовіча са складу беларускай дэлегацыі: "Гэтым падаю да Вашага ведама, што Член Дэлегацыі Генерал-ад-інфатэрыі Кіпрыян Кандратовіч ... выключаецца са складу Дэлегацыі" . Тады ж быў адстаўлены і Азнабішын .

Яўген Ладноў паведаміў Антону Луцкевічу, што "тэлеграмы (аб адстаўцы Кандратовіча і Азнабішына - Л. Л.) падшыў ў справу і нікому ні слова. ... У дадзены момант нельга нікога выключаць з дэлегацыі".

28 лютага 1920 г. і сам Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў.

Лісты Ладнова да Луцкевіча пакінулі на мяне дзіўнае ўражанне. Бачна, што Яўген Ладноў лічыў сабе вялікім знаўцам людзей і палітыкі. Яго лісты да Луцкевіча напоўнены павучаннямі, як павінен сябе паводзіць Старшыня ўрада, што рабіць, каму верыць, на што спадзявацца і г. д. Антон Луцкевіч у сваіх паказаннях на допытах у НКУС сказаў пра Ладнова: "…Трэба заўважыць, што ён валодаў нейкім асаблівым талентам заварожваць і пераконваць людзей: у першы момант яму нават вельмі цяжка нешта заспрэчыць, гэтак уплывае ён на слухачоў".

На нарадзе Прэзідыума Рады БНР і Рады Народных міністраў БНР у Рызе, 30.05. 1920 г. Ладноў расказаў дзіўную змову, якая склалася яшчэ ў канцы жніўня 1919 г.: "Пасля арэштавання Французскай паліцыяй на Парыжскім вакзале Азнабішына, выкралося сьледствам, што ешче ў прошлым году ў Берліне Ознобішын, Кондратовіч і Борков заснавалі монархічна-патрыотычную расейскую організацыю, звязаліся з нямецкімі манархістамі і прыкрываючыся мандатамі Беларускай дэлегацыі знасіліся ўвесь час з немцамі. Французская паліцыя даўно прымечала за імі нейкую нелегальную работу і атгэтуль ішло недаверье Французаў да ўсёй Беларускай дэлегацыі. Гр. Ладнову каштавала многа высілкаў, каб ачысціцца асабіста ад падазрэнняў ... і каб ачысціць ад падазрэнняў ўсю работу Беларускай Місыі ў Парыжы" .

Зараз цяжка сказаць што стаяла за словамі Я. Ладнова. Магчыма гэта была ягоная асабістая правакацыя, магчыма французская паліцыя і сапраўды нешта западозрыла - толькі што скончылася вайна, і група асоб, якія прыехалі з Германіі, павінна была выклікаць павышаную ўвагу французскіх уладаў. Можа, наогул нічога не было. Аднак толькі пасля гэтай нарады Прэзідыума Рады БНР у траўні 1920 г., Ладноў рассылае замежным дыпламатам інфармацыю аб спыненні паўнамоцтваў Кандратовіча і Азнабішына. У якасці даведкі, дадам, што ў жніўні 1920 г. бальшавікі пад Лідай расстралялі 40 закладнікаў, сярод якіх была жонка і дачка Азнабішына.

У 1921 г. стала вядома што Яўген Ладноў з'яўляецца супрацоўнікам ІІ-га аддзела Генеральнага штабу польскага войска. "Ладноў на дадзены момант з'яўляецца адным з галоўных інфарматараў нашага Генеральнага штаба. На вывядоўчую акцыю Ладнова было асігнавана 5 тысяч франкаў у месяц. Тэрыторыяй дзейнасці з'яўляецца Парыж і Прага", - паведаміў у сярэдзіне 1921 г. невядомы карэспандэнт, верагодна, афіцэр "двуйкі".

Як вынік, 8 траўня 1921 г. Ладноў выключаны са складу ўрада БНР. Калі ён вярнуўся ў Парыж, яго чакала распараджэнне з боку Вацлава Ластоўскага здаць усе справы дэлегацыі на рукі генерала Кіпрыяна Кандратовіча. Такім чынам безвыніковымі аказаліся шматгадовыя інтрыгі платнага агента "двуйкі" супраць старога генерала. Праўда перамагла.

Але канчаткова Я. Ладноў быў адрынуты беларускім рухам толькі праз 2 гады. 10 траўня 1923 г. беларускае прэс-бюро распаўсюдзiла iнфармацыю аб тым, што Я. Ладноў з'яўляецца правакатарам, i рэкамендавала ўсiм беларускiм арганiзацыям i дзеячам "пазьбягаць блiзкага знаёмства з iм". Як вынікае з паказанняў Антона Луцкевіча і Браніслава Тарашкевіча, дадзеных імі пасля арышту НКВД, ІІ-гі аддзел Генеральнага штаба Польскага войска ўздзейнічаў на беларускіх палітыкаў як раз праз свайго агента Яўгена Ладнова.


"Беларуская Энцыклапедыя" піша, што К. А. Кандратовiч застаўся жыць у Парыжы i яго далейшы лёс невядомы. Такую самую iнфармацыю дае i лiтоўская гiстарычная энцыклапедыя, выдадзеная ў Бостане.

Генерал і насамрэч на некалькі гадоў застаўся ў Парыжы. У Архіве БНР захавалася тэлеграма Кандратовіча з Парыжа да Вацлава Ластоўскага, датаваная 02.07.1921: "Ластоўскі. Гатэль Метраполь, Коўна. Ваш ліст, верагодна, не дайшоў, адпраўце копію". 19.07.1921 г. Кандратовіч дасылае з Парыжа Ластоўскаму ў Коўна ліст з паведамленнем аб тым, што нейкі Альберт Бодры аддаў архівы Місіі БНР у Парыжы і друкавальныя машынкі Ладнову.

Кіпрыян Кандратовіч застаўся ў Парыжы з-за асабістых прычын. У 1920 цi 1921 г. у генерала ў Парыжы нарадзiўся сын Уладзiмiр. Пакуль што я валодаю мiнiмумам iнфармацыi пра сына генерала - Кандратовiча Ўладзiмiра Кiпрыянавiча. Але вiдочна, што ён нарадзiўся не ад шлюбу з Адай фон Рыхтар. Адзiнае згадванне пра яго знайшлося ў кнiзе А.А. Угрымава "З Масквы ў Маскву праз Парыж i Варкуту".

Вядома, што яшчэ ў 1922 г. генерал быў падпісчыкам урадавай беларускай газеты "Беларускі Сьцяг", жыў ён тады ў раёне Парыжа Нёі-сюр-Сен (Neuilly-sur-Seine) . У XX стагоддзі гэта прадмесце стала прытулкам заможных жыхароў Парыжа, асабліва бізнесменаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі.

У 1923 г. Кандратовіч надрукаваў серыю цікавых артыкулаў пад рубрыкай "Ад нашага парыжскага карэспандэнта" ў беларускай газеце "Наш Сьцяг". Артыкулы расказваюць пра падзеі Еўропе і Лізе Нацый, і з тэкстаў бачна, што аўтар уважліва назірае за палітычным жыццём, мае дастаткова левыя погляды, мае добрыя сувязі і сталыя кантакты ў еўрапейскіх дзяржаўных сферах.

Калі верыць некралогу надрукаванаму ў 1932 г. у віленскай газеце "Слова", генерал быў кавалерам вышэйшай французскай узнагароды, ордэна Ганаровага легіёна (Kawaler orderu Wielkiej wstаgi Legji Honorowej), які, верагодна, атрымаў падчас свайго жыцця ў Парыжы.

Страты Францыі падчас Першай сусветнай вайны - больш за 1 мільён загінуўшых з 19 мільёнаў мужчынскага насельніцтва. Найбольшыя страты - каля 30% - панесла самая маладая ўзроставая група салдат 18-25 гадоў. У 1921 г. ў Францыі на кожных 9 мужчын 20-39 гадоў прыпадала 11 жанчын. Боль вайны гарэў у кожным французскім сэрцы. Менавіта таму правакатар Ладноў рабіў паклёп аб працы Кандратовіча на немцаў. І таму узнагароджанне генерала Кандаратовіча вышэйшай нацыянальнай узнагародай - гэта прызнанне саюзнікамі яго вайсковых заслуг падчас вялікай вайны і, як мінімум адабрэнне дыпламатычнай дзейнасці на карысць беларускай дзяржавы.


Згодна са спісам афіцэраў Генеральнага штаба з архіва галоўнакамандуючага рускай арміяй у эміграцыі, 1 сакавіка 1924 г. генерал яшчэ жыў у Парыжы.


Вяртанне ў свой маёнтак Гародна пад Лідай было выклікана хуткім пагаршэннем стану здароўя. Вядомы мастак, рэстаўратар, гісторык мастацтва і дацэнт Віленскага ўніверсітэта Ежы Хапэн (Jerzy Hoppen, 1891-1969), які ўвосень 1938 г. гасцяваў у гаспадыні маёнтка Гародна Ады Кандратовіч (генерал памёр у 1932 г.), вывучаў палац і напісаў цікавы нарыс у віленскай газеце "Слова". Даследчык залічыў гарадненскі палац да найбольш каштоўных помнікаў Віленшчыны. "Вялікі аднапавярховы дом, пабудаваны на невысокім узгорку, з велічным ганкам, манументальнымі сходамі і высокай пад'язной дарожкай, проста ўражвае сваім выглядам. ... Гародна захавалася да нашых дзён і зараз з'яўляецца маёмасцю жонкі генерала Кандратовіча. ... Акрамя выдатнага жылога дома гарадзенскі двор складаецца яшчэ з найпрыгажэйшага парку і капліцы. У парку маецца штучны стаў у форме вельмі выцягнутага простакутніка, пры канцы става - вялікая альтанка на мураваных калонах. Жылы дом - цудоўны ўзор станіславаўскага стылю (часоў караля Станіслава Панятоўскага - Л. Л.) ... знутры прасторны, з высокай столлю, каміны той эпохі, кафляныя печы таксама з XVIII ст. з гербам Тышкевічаў Лялівай. Сцены, калісьці абабітыя ядвабнай тканінай, сёння выклеены шпалерамі, але захвалі рамы і ліштвы, на якіх трымалася ядваба. Дзверы, супрапорты і рамы ад люстраў таксама добра захаваліся. Усё гэта сніцарскай работы, выканана з дрэва ці з адмысловай масы, мае белы колер з пазалотай і нясе на сабе адбітак таленавітага майстра і архітэктара ... Міфалагічныя і алегарычныя сцэнкі, якія ўпрыгожваюць рамы люстраў, інтэграваныя ў супрапорты ... Ёсць у іх нейкая лёгкасць, добры густ і атмасфера салонаў" , - пісаў Ежы Хапэн.

Аднак Першая сусветная вайна не пашкадавала Гародна. Удава генерала расказала даследчыку, што ў гэты час была вывезена ў Германію ўся бронза. Да дзвярах засталіся сляды ад ранейшых клямак і акуццяў, а на прыгожым мармуровым каміне - толькі адтуліны ад цвікоў, якімі была прымацавана дэкаратыўная бронза. Аднак над камінам захаваўся медальён з залатой аздобай з выявай галавы Станіслава Аўгуста. З мэблі немцы пакінулі некалькі крэслаў і фатэляў у стылі Людовіка XVI і столікі пад люстрамі.

Ежы Хапэн заўважыў, што сям'я генерала Кандратовіча цалкам усведамляе каштоўнасць гэтага помніка і старанна яго захоўвае. "Усё утрымліваецца з незвычайным піетэтам да твораў мастацтва" .

Далей даследчык піша пра вялікую мураваную капліцу ці нават касцёл у стылі віленскага барока, па меркаванні Хапэна - капліца пабудавана раней за палац і не мае ніякага дачынення да станіславаўскага стылю, на франтоне месціцца выраблены з тынку рэльеф з трыма гербамі фундатараў, сярод якіх чамусьці няма Лялівы Скумін-Тышкевічаў. У той час унутры капліцы добра захаваўся багаты алтар і хоры, абапёртыя на слупы, якія нагадваюць такія ж у віленскім касцёле св. Духа. Падлога з цэглы. На дзвярах акуцці ў стылі ракако. "Несумненна капліца мае агульныя рысы з архітэктурай віленскіх касцёлаў", - паведамляў гісторык мастацтва.

Ежы Хапэн закончыў артыкул такімі словамі: "Увесь гэты прыгожы маёнтак, які складаецца з сядзібы, старых каштанавых алей у парку, мураваных лаў і да нашага часу рэгуляванага става з альтанкай, адлюстроўвае эпоху, ахінутую моцным захапленнем да асобы караля, з якім гэтак арганічна асацыявалася прыгажосць".

Можна дадаць што жонка генерала Ада Кандратовіч мела аўтамабіль і пры канцы 1930-х гг. у яе маёнтку меўся адзіны тэлефон у Гародна, які меў № 3.


Вяртанне вершаў і песень закатаваных паэтаў

У менскай кнігарні "Ў" працягваецца праект музычнага партала Tuzinfm "(Не) Растраляная паэзія". Усяго запланавана 12 лекцый, прысвечаных Валерыю Маракову, Ізі Харыку, Алесю Дудару, Тодару Кляшторнаму і іншым. Вядомыя лектары, якія бяруць удзел у праекце, лічаць сваім абавязкам распавесці сучаснікам пра загінуўшых ў 1937 годзе паэтаў і такім чынам аддаць ім даніну памяці. Яны асабіста пранікліся хвалюючай тэмай і адшукалі шмат звестак з розных крыніцаў пра лёс паэтаў.

На адной з першых сустрэч Лявон Вольскі прадставіў сваю новую песню, напісаную на верш Ю. Таўбіна "Ты помніш...". Андрэй Хадановіч распавёў пра жыццё і творчасць паэта, а таксама прадставіў кнігу Юлія Таўбіна.

20 кастрычніка настаўніца гімназіі і даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец пазнаёміла з жыццём і дзейнасцю Міхася Чарота, а гурт "Дзецюкі" паклаў яго твор на музыку.

Свой аповед спадарыня Ганна распачала з вядомай песні "Купалінка", якую ўсе прысутныя адразу ўзгадалі і заспявалі разам. Словы яе належаць Міхасю Чароту, а музыка - Уладзіміру Тэраўскаму. Упершыню "Купалінка" прагучала ў 1921 годзе як фрагмент музычнага суправаджэння спектакля "На Купалле" ў першым тэатры беларускай драмы (зараз Купалаўскі тэатр). Спектакль меў вялікі поспех і ў 20-я гады вытрымаў больш за 400 паказаў. Сёння мы з жалем асэнсоўваем той факт, што абодва - аўтар вершаў і аўтар музыкі " Купалінкі " - былі растраляныя, але іх твор жыве ўжо амаль сто гадоў і застаецца ў культурным кантэксце.

Міхаіл Кудзелька (Чарот) нарадзіўся 7 лістапада 1986 года. Ён шчыра прыняў ідэі рэвалюцыі і лічыў сабе адданым пралетарскім паэтам. "Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар", - пісаў ён. Ён атрымаў адукацыю ў народным вучылішчы і Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. На экране былі прадэманстраваны фотаздымкі маладога Міхася Чарота, якія сведчасць пра яго адоранасць і ўзнёсласць душы, была ўзгадана яго каханая - Алеся. Першы зборнік паэта "Завіруха" выйшаў у 1922 годзе.

Міхась Чарот у 1923 г. удзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб'яднання "Маладняк", але выйшаў з яго ў канцы 1927. Некаторы час ён быў сябрам аб'яднання "Полымя", затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У 1924 ён вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У зборніку навел "Веснаход" (1924) М. Чарот сцвердзіў сябе як майстар прозы.

Паэт перажыў першую хвалю рэпрэсій пачатку 30-тых гадоў, але быў пазбаўлены сваёй пасады галоўнага рэдактара газеты "Советская Белоруссия". Ён зразумеў нязбытачнасць сваіх юначых мараў. 24 студзеня 1937 года М. Чарот быў арыштаваны як удзельнік "контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі".

Ганна Севярынец прачытала апошні верш Міхася Чарота "Прысяга", які паэт пасля допытаў і катаванняў выдрапаў на сцяне ў камеры вязніцы НКУС.

"Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі, мае бары,

Кажу вам, я - не вінаваты."

Спадарыня Ганна з'яўляецца аўтарам-укладальнікам кнігі пра Ўладзіміра Дубоўку "Ён і пра яго". Летась яна атрымала ўзнагароду літаратурнага конкурсу "Першая глава" за аповесць " Дзень святога Патрыка". Цыкл лекцый пра рэпрэсаваных паэтаў працягнецца да канца лістапада.

Э. Дзвінская.На здымку: 1. Міхась Чарот. 2. Ганна Севярынец, фота аўтара.


Ва ўшанаванне памяці ахвяр сталінскага палітычнага тэрору. Вершы-прысвячэнні Сяргея Панізьніка, пакаранага ў 1975 г. ..." за связь с националистическими деятелями, пропаганду их в печати, потерю классовой бдительности" (Уручча, 120-я дывізія)

Будзіцеляў заву

Мечаносцам Курапатаў - у пракляцце


Загадвалі: "Канчаць!"

А Сталіна пячаць

і слугачоў знішчала.

Звяры яшчэ рычаць:

"Нас трэба велічаць!

Што? Партыя ілгала?"


Шукаў, ды не знайсці

зямлю, дзе пры жыцці

каб "тройка" прызначала

найлепшы выхад мець -

у лагерную клець

ад слізкага прычала.


А ходзікі бягуць …

Чутно: станкі гудуць.

Было: гудзелі людзі:

"Твой правадыр - навек?

Мы не дапусцім здзек!"

…Ды зноў я пры аблудзе.


Будзіцеляў заву

пазалаціць канву,

пазначыць велічыны, -

па іх Ратай, Паэт

агучаць сілуэт

абуджанай Айчыны.

"Пілую вершам краты"

Пракурор

праз кодэкса артыкул

углядаўся

ў кожны мой радок,

нават пальцам

асцярожна тыкаў

і ацэньваў: за радок - гадок.

Валянцін Таўлай.


За радок - гадок:

толькі крок убок, -

муза - корчыкам.


Каб жа быў шасток…

Не ўзляціць браток

з яркай почапкай.


Не Парнас - грудок.

Быў паэт - гудок!

…Дух на ворчыку.



Мо знайсці масток?

Вунь гатоў хадок

славіць "кормчага".


Пракурорскі змрок…

На пяро - курок

з чорным росчыркам.


У ЗОНЕ неМАЎЧАННЯ СЯРГЕЯ ГРАХОЎСКАГА

Грахоўскі грэх адзіны меў:

Небеларусам быць не ўмеў.

Адбыў жыццё, ў якое гром

Біў перунамі. А паром

Пад маланёю над чалом

На быстраку ракі нямеў.


Грахоўскі меў

у тундру шлях,

Дзе праз ГУЛАГ

айчынны дах

Не быў відзён. Ламаўся крок,

Але не згас у вязня зрок.


З БІЛЕТАМ ВОЎЧЫМ

праз разлом

Прайшоў…

Данёс барвовы том…

І сёння праз радкі смугі

Мігцяць над ачарнелым злом

ТАКІЯ СІНІЯ СНЯГІ…


Пад імі ў схованцы арэх -

Як той непрабачальны грэх

Крамлёўскага правадыра…

… У кары - моцная кара.

Зак. 19.6.2012 г.

Стваральнікі Памяці

Паэты не вечныя:

жыццё без гарантыі, -

але - невылечныя,

але - не парадныя.


Змушалі пад мушкамі

ісці ў гладыятары…

Паэты не гушкалкі -

кіпучыя кратэры.


Смуродныя сталіны

мясілі сякерамі.

Адметныя таленты

знішчалі з паперамі…


Паэты не нолікі.

На трон не нахільныя.

…Глядзім на іх воблікі

ужо надмагільныя, -


са славаю свечнаю,

судзьбінаю грознаю:

гараць словы вечныя

любоўю запознаю.

х х х

А мы не на паперці, -

паэты бяседныя.

Ахоўнікі Памяці -

у ёй і аседлыя.


Мы - Нацыі лечыва.

І рыфмай калючаю

калышам спрадвечную

Айчыну зыбучую.

12.04.2017 г.

Хачу Айчынай звацца я!

Насельніцтва - не нацыя,

але чуваць вібрацыя:

народу трэба змога,

каб сцвердзіўся й нябога.


Калі ж падлічваць строга

электарата гузікі,-

абшар зусім не вузенькі.

Раскрыльваюцца вусенкі:

- Нас многа, многа, многа

ля роднага парога.


Гулагамі-ліквідамі

Галовы нам раскідвалі.

Сціраліся і гены…

Не зніклі пад страхоццямі

І жарабкі з аброцямі,

ля іх - абарыгены.


Бо з руні атуросткавай

Па-над біблейскім востравам

гула пчала Скарыны.

Захочам - вецер зменіцца.

Купалле - каб асмеліцца

і выбрацца з адрыны.


Хачу Айчынай звацца я!

Вунь для сустрэч - дарога.

Нас на гасцінцы многа:

не знікла папуляцыя.

І Бацькаўшчыны Грацыя,

натхняючы любога,

высвечвае: Вы - нацыя!


…Абліччы нашы мацае:

- Вас многа?

- Так, нас многа

ля Праведнага Бога!

2016 г.

Хроснік Янкі Купалы

Памяці Сяргея Новіка-Пеюна


Паэтаў планіда не кратае

рукамі лагоды.

Яна чацвяртуе за кратамі

крукамі нягоды.


На годы ссылае ў нясповедзі

на зімную безлюдзь.

У катаў паэты - для поедзі…

Ды - косткаю - песня!


І "Зорачкі" з лагернай наледзі

прыходзяць на помач.

Быў Янка Купала - у памяці.

І ў памяці - Поўнач.


О "Сэрца, не плач!"

З горкай чараю

і словам сыноўнім -

п р ы в о л л е!

І поўня над Шчараю

вальсуе на Слонім.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX