Вярнуцца: 2017

№ 46 (1353)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1353), 15 лістапада 2017 г.


ДЗЯДЫ - 2017

У Менску адбыліся традыцыйныя шэсце і мітынг у Лошыцкім яры, дзе ў 30 - 40-х гадах мінулага стагоддзя адбываліся масавыя расстрэлы. Мерапрыемства арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянскай партыя БНФ. Яно было дазволена Менгарвыканкамам. Людзі ішлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі КХП-БНФ з транспарантамі "Дзяды", "Малітва за Беларусь" і "Малітва за беларускі народ". У Лошыцкі яр прыйшло каля 50 чалавек са сцягамі, знічамі, кветкамі. Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, выступаючы на мітынгу, падкрэсліў неабходнасць памятаць пра злачынствы, якія адбываліся на беларускай зямлі ў сталінскія часы.

- Кожны год мы прыходзім сюды, нягледзячы на любое надвор'е. Што б там не адбывалася, мы тут. Гэта вельмі добра. Гэта значыць, мы жывём. Жыве нашая нацыя. Выходзяць маладыя людзі. Бачылі сёння маленькую дзяўчынку, якая прыйшла сюды з бабуляй. Яна ўжо ў сваім узросце разумее, што памяць - гэта вельмі важны чыннік чалавечага існавання. Бо чалавек, калі ён не памятае, калі ён не паважае папярэднія пакаленні, - цяжка назваць у поўным сэнсе такога чалавека чалавекам. А нацыя, якая забывае, не мае перспектыў. І таму тыя, хто хоча знішчыць беларускую нацыю, робяць стаўку на бяспамяцтва. Нам нельга забываць аб нашай трагічнай гісторыі, - падкрэсліў Беленькі.

На мітынгу зачыталі зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, у якім ён распавёў аб расстрэлах у Лошыцкім яры і ў іншых месцах Беларусі і ўвогуле аб рэпрэсіях, якія нанеслі вялізарныя страты беларускаму народу.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя.


Як жывецца беларусу ў Беларусі

21 лістапада ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) адбудзецца прэзентацыя кнігі Міхася Булавацкага "Беларус у Беларусі. Эпісталярыі пра мову і маральнасць".

Пачатак: 17-30.

Кнігу пісалі больш за сто асобаў, герояў і антыгерояў сённяшняй беларускай гісторыі, не ведаючы, што яны пішуць кнігу, бо гэта зборнік ліставанняў беларуса, які жыве ў Беларусі, з уладнымі структурамі (міністэрствамі, абл-, гар- і райвыканкамамі, банкамі, судамі, пракуратурай ды іншымі інстанцыямі), які выразна раскрывае палітыку сённяшняй улады ў дачыненні да мовы, адукацыі, выбарчай сістэмы краіны. Кніга выдадзена за мяжой, бо беларускія выдавецтвы з перасцярогай паставіліся да яе выдання.

Запрашаем азнаёміцца з кнігай, з яе аўтарам-складальнікам, з яе героямі і антыгероямі.

Сакратарыят ТБМ.


80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Лукшы

Валянцін Антонавіч ЛУКША (16 лістапада 1937, Полацк - 2012) - беларускі паэт, публіцыст, драматург.

Нарадзіўся ў сям'і службоўца. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956) і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1976). Працаваў памочнікам таксатара Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі. У 1958 г. - інструктар Полацкага гаркама камсамолу, камсорг трэста № 16 "Нафтабуд". З 1961 г. - літсупрацоўнік полацкай газеты "Сцяг камунізму", загадчык аддзела міжраённай газеты "Ленінская іскра" (Полацк), карэспандэнт Беларускага радыё, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва рэспубліканскай газеты "Чырвоная змена", адказны сакратар штомесячніка "На экранах Беларусі", з 1973 г. - старшы рэдактар, з 1975 г. - галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, у 1980-1998 гг. - дырэктар выдавецтва "Юнацтва".

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1956 г. (апублікаваны верш у "Віцебскім рабочым"). Выйшлі кнігі вершаў "Гарады нараджаюцца сёння" (1964), "Атава" (1969), "Споведзь" (1973), "Белыя берагі" (паэма-хроніка, 1981), "Радзімыя плямы" (вершы і фельетоны, 1982), "Сляды памяці" (вершы і паэма, 1986), "Агонь і попел" (драматычныя паэмы, 1989), кніжкі вершаў, казак для дзяцей "Аркестр" (1972), "Зялёная бальніца" (1974), "Лета - круглы год" (1978), "Крылаты цэх" (1982), "Чароўны камень" (1987). Выдаў кнігі публіцыстыкі "Наша полацкая прафесія" (1966), "Рамантыкі шасцідзесятых" (1967), "Дзесяць дарог да чароўнага" (1970), "Полацк" (1973).

Аўтар п'ес, пастаўленых на тэатральнай сцэне, тэлебачанні і радыё, "Інтэгралы на цэгле" (1974), "Мая радня" (1975), "Свае крылы" (1976), "Вецер веку" (паводле аднайменнага рамана І. Гурскага, 1977), "Калі вяртаюцца буслы" (1982), "Асоль" (паводле твораў А. Грына, 1984), "Пад шыфрам "Зорачка" (1985), "Чароўны камень" (1985).

Пераклаў п'есы С. Міхалкова "Дарагі хлопчык" (1986), М. Рошчына "Уся Надзея" (1986), Е. Тарахоўскай "Казка пра Ямелю" (1990). Напісаў лібрэта оперы "Барвовы золак" (пастаўлена ў 1979).

Вікіпедыя.


70 гадоў Анатолю Ярмоленку

Анатоль Іванавіч ЯРМОЛЕНКА (нарадзіўся 15 лістапада 1947, Казятын, Вінніцкая вобласць, УССР) - беларускі спявак (лірычны тэнар), мастацкі кіраўнік гурта "Сябры".

У 1969-1971 гадах выступаў у складзе ВІА "Сувенір" (разам з Аляксандрам Градскім і Аляксандрам Буйновым). У 1971-1973 у складзе ВІА "Песні над Сожам". Ад 1974 мастацкі кіраўнік гурта "Сябры". У 1976 скончыў Гомельскую музычную вучэльню. Валодае багатым на тэмбральныя афарбоўкі голасам. Для ягонага выканання характэрныя яркая індывідуальнасць, сцэнічная прывабнасць. Першым выканаў песні шматлікіх папулярных беларускіх і расейскіх кампазітараў (Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Мікалая Сацуры, Эдуарда Ханка). Ад 1990 г. жыве ў Менску.

У 1984 узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамолу БССР. Ад 1985 заслужаны артыст БССР. У 2000 менаваны Заслужаным дзеячом мастацтваў Рэспублікі Крым. Народны артыст Беларусі ад 2003. Узнагароджаны ордэнам Францішка Скарыны. Жанаты, мае двух дзяцей - музыкаў Святаслава і Вольгу - і ўнука Анатоля - школьніка, які вядомы таксама пад сцэнічным псеўданімам DJ Anatol'.

Вікіпедыя.



Згодна з рашэннем Лідскага райвыканкама

ад 02.10.2017 г. № 1012 Лідскім ГУП ЖКГ

адкрыты дабрачынны рахунак

№ ВY62АКВВЗ1320000002464200000

у філіяле АСБ "Беларусбанк" код банка АКВВВY2Х для пералічэння дабрадзейных (спонсарскіх) ахвяраванняў на стварэнне помніка заснавальніку горада Ліды вялікаму князю Гедыміну.

11 лістапада 2017 года ў Лідзе ўжо прайшоў суботнік, сродкі ад якога пойдуць на будаўніцтва помніка.


"Задача нацыянальнай эліты: актывізаваць нацыятворчыя працэсы"

6 лістапада ў Менску адбылася канферэнцыя "Беларуская нацыянальная ідэя ў еўрапейскім кантэксце" з удзелам вядомых пісьменнікаў, гісторыкаў і багасловаў.

Як стагоддзямі напрацоўвалася беларуская нацыянальная ідэя ў творах асветнікаў, літаратараў і навукоўцаў, у помніках культуры, у дзейнасці Праваслаўнай і грэка-каталіцкай царквы, Каталіцкага касцёла і намаганнях айцоў-заснавальнікаў БНР - пра гэта дыскутавалі Алена Анісім, Павел Севярынец, Леанід Лыч, Пётр Рудкоўскі, Алег Краўцоў, Аляксей Янукевіч, Анатоль Тарас і іншыя. Важным тэзісам, прагучаўшым на канферэнцыі, было прызнанне адыходу ад канцэпцыі будавання сацыялістычнай безнацыянальнай народнасці, якая панавала на Беларусі з 1917 па 1991 год, і выпрацоўка новага нацыянальнага праекту.

Анатоль Астапенка ўзгадаў, што першая падобная канферэнцыя праходзіла ў 1999 годзе ў Гародні. З тых часоў сталі традыцыйнымі кангрэсы даследчыкаў у Коўне і ў Варшаве. Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць адышоўшых навукоўцаў: Ул. Конана, Ю. Хадыкі, А. Грыцкевіча, С. Яновіча.

Доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, ўзгадваючы пра дзейнасць Францішка Скарыны, падкрэсліла ўплыў яго друкаванай Бібліі на выкрышталізоўванне нацыянальнай думкі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

- Кожны пераклад Бібліі на нацыянальныя мовы спрыяў магутным культуратворчым працэсам, - зазначыла даследчыца.

Старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім адзначыла:

- Кожная нацыянальная ідэя ганарыцца сваім этнасам, яго сутнасцю. Дзеячы ўсіх стагоддзяў, пачынаючы ад шляхты да ўдзельнікаў вызвольных паўстанняў, адчувалі сваю адказнасць за лёс народа, ставілі пытанне яго развіцця, яго адметнасці. Кастусь Каліноўскі выразіў гэта ў словах: "Калі ж ты будзеш шчаслівы, мой народзе?" У ХIX-м стагоддзі ішло фіксаванне на культуры, збіранне вялікага этнаграфічнага і паэтычнага матэрыялу. На працягу стагоддяў выспела ідэя: свая дзяржава, якая была абвешчана амаль сто гадоў таму. Беларусаў аб'ядноўваюць пошукі лепшай долі, але самае большае шчасце: жыць на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Беларус мусіць быць гаспадаром у краіне, напоўніцу рэалізаваць свой талент у межах сваёй адметнай культуры і займаць годнае месца паміж еўрапейскімі народамі. Сёння ТБМ засяроджвае сваю ўвагу на тым, каб зрабіць свой унёсак у нацыянальную ідэю стварэннем Нацыянальнага ўніверсітэта, інфармацыйным забеспячэннем усіх працэсаў на беларускай мове, законатворчасцю на роднай мове.

- Бог даў зямлю і мову, наша задача ствараць і развіваць незалежную дзяржаву, - сказаў Аляксей Янукевіч. Гэта ідэя апаноўвала нацыянальныя эліты на пачатку ХХ стагоддзя. Пасля Першай сусветнай вайны імперыі пачалі развальвацца, і тады дзечы БНР абвясцілі дзяржаўнасць Беларусі. Другая хваля надышла, калі нацыянальная ідэя стала запатрабаваная ў якасці абароны ад імперскага рэваншызму - у часы развалу "імперыі зла" ў 1991 годзе, калі заснавальнікі Беларускага Народнага Фронту, узяўшы на сябе смеласць і адказнасць, дамагліся абвяшчэння Рэспублікі Беларусь. Трэці момант - гэта цяперашні час, калі Беларусь выступае супраць імперскага рэваншызму, у той час момант, калі расійскія палітыкі развязалі вайну ва Ўкраіне і захапілі Крым. Сёння беларуская нацыянальная ідэя можа абараніць нашу краіну і нашу нацыю.

- Перакрыжаванне юбілеяў 100-годдзя БХД і 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 500-годдзя Рэфармацыі, 135-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа, 200-годзе дзейнасці філаматаў даюць багаты плён для разважанняў, - выказаў сваю пазіцыю сустаршыня БХД Павел Севярынец. - Беларуская хрысціянская дэмакратыя нацыянальную ідэю пераасэнсоўвае і дае шматлікія адказы. Самыя цікавыя тэзісы мы знаходзім ў працах ксяндза Адама Станкевіча. Беларусь стала часткай Еўропы з прыняццем хрысціянства, з'явілася пісьменнасць, мы ўключыліся ў агульнацывілізацыйны працэс. 1000 гадоў пабудовы сваіх праектаў сведчаць пра родавыя рысы беларускай нацыянальнай ідэі. У Полацкам княстве прысутнічала веча, якое мела рысы хрысціянскай дэмакратыі, ВКЛ мела праявы шляхецкай хрысціянскай дэмакратыі, у ХХ-тым стагоддзі ішла праца каталіцкіх і праваслаўных патрыётаў, якія мелі свой нацыянальны праект, посткамуністычнае адраджэнне набыло характар хрысціянскай дэмакратыі.

Павел Севярынец падкрэсліў вялізную ролю Каталіцкага касцёла ў сёняшней беларусізацыі.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў ролю хрысціянскага сацыяльнага служэння ў перамене светапогляду грамадства, а таксама дзейнасці праваслаўных брацтваў і асветніцкіх арганізацый.

- Неабходны ўплыў хрысціянскай думкі ў грамадстве, - падкрэсліў ён.

- Савецкая мадэль разглядала Беларусь як сацыялістычную нацыю, - адзначыў Алег Краўцоў. - Логіка пабудавання камуністычнай будучыні прымушала адмовіцца ад этнічнай самабытнасці.

У 1991 годзе з момантам самароспуску СССР будаўніцтва камунізму спынілася, і разам з гэтым знік сэнс існавання беларускай сацыялістычнай нацыі. Нацыя засталася, але яна не стала ў адначассе еўрапейскай. Постсавецкая наменклатура не можа будаваць дэмакратычнае грамадства. Задача нацыянальнай эліты: актывізаваць нацыятворчыя працэсы. Для гэтага трэба разумець, якім павінен быць новы нацыянальны праект. Нам неабходна не проста працягнуць шлях творцаў БНР, а пераадолець тое негатыўнае, што ўжывілася ў савецкую бытнасць. Нам патрэбна іншая мадэль нацыі з іншымі светапогляднымі ўстаноўкамі.

Леанід Міхайлавіч Лыч узгадаў 90-тыя гады, калі гісторыкаў запрашалі на арганізаваныя дзяржавай канферэнцыі па выпрацоўцы нацыянальнай ідэі. Прафесар Л. Лыч падкрэсліў неабходнасць сёння ўмацоўваць кадравы патэнцыял даследчыкаў беларушчыны.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Ірына Дубянецкая, Пётр Рудкоўскі, Аляксей Янукевіч. 2. Алена Анісім, Віталь Рымашэўскі, Алег Краўцоў. 3. Павел Севярынец, Анатоль Астапенка, Леанід Лыч.


Чаму дэлегаты 13 з'езда ТБМ не паставілі на галасаванне праект пастановы "Беларуская мова як адзіная дзяржаўная - галоўны гарант рэальнага суверэнітэту нашай Бацькаўшчыны"?

Як вядома, з'езд адбыўся 29.10.2017 года. Праект пастановы быў прадстаўлены кіраўніцтву ТБМ 05.10.2017 г. - гэта значыць за 23 дні да з'езду.

Тэкст праекту змешчаны ў артыкуле аналагічнай назвы ў газеце "Наша слова" № 43, 25 кастрычніка 2017 г.

Мэта праекту - ад імя ТБМ імя Ф. Скарыны гучна заявіць аб рэальным трагічнатупіковым стане дзяржаўнай беларускай мовы ў Беларусі ва ўмовах дзяржаўнага "двухмоўя" і назваць эфектыўныя шляхі выхаду; запусціць пытанне аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове ў інфармацыйную прастору Бацькаўшчыны і сусвету; спрыяць абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці беларуса.

Мой адказ на пастаўленае пытанне ў загалоўку артыкула.

За доўгі жыццёвы шлях ніколі дагэтуль ні разу не адчуваў адначасна такога гонару і сораму. Дэлегаты сустрэліся, столькі радасці і ўсмешак, абдымкаў. Радаваўся і я. Вось яны - творцы і абаронцы беларускай мовы для беларусаў!

Упэўнены, што ўсе дэлегаты мелі жаданне падыскутаваць, намеціць канкрэтныя планы. Аднак у зале паседжанняў дэлегаты чамусьці змяніліся? Фактычна былі замарочаныя, асірацелыя, пахмурныя і панурыя, прыгнёныя. Панавала бязвер'е. Гэта маё асабістае ўражанне. Яно можа і памылковае, а таму звяртаюся з паважлівай просьбай да дэлегатаў на старонках "Нашага слова" выказацца шчыра. Як я мяркую, гэта важна для дзейнасці ТБМ у нашай сітуацыі і гістарычнай будучыні беларускай нацыі.

Заклікаю дэлегатаў і чытачоў спакойна і адказна, з разуменнем лёсавызначальнай нацыятворнай і дзяржаватворнай праблемы - адзіная дзяржаўная беларуская мова ў Беларусі - патлумачыць самаму сабе, кіраўніцтву ТБМ і грамадскасці ўжо гістарычную ганебную падзею, якая адбылася на з'ездзе ТБМ 29 кастрычніка 2017 года.

У зале з'езда над дэлегатамі луналі дэманскія сілы: апанавала жорсткая духоўная нікчэмнасць; саступілі са сваіх цвёрдых гуманных пазіцый; не жывём вольнай, незалежнай думкай; адвыклі ўспрымаць нейкі заклік ды нешта рабіць для сябе і грамадства; падсвядомы страх і маўчанне большасці.

Толькі пры пэўнай унутранай самапавазе да сябе і здаровым гонары асоба здольная актыўна прымаць удзел у вырашэнні любых асабістых і грамадсказначных праблем. Успомнім думкі і практычныя дзеянні навукоўцаў і гістарычных асобаў.

Яшчэ ў 1921 годзе беларускі філосаф Ігнат Абдзіраловіч тлумачыў беларусам, што Расея ніколі не прызнавала нас як беларусаў, а значыць і беларускую мову, так як і панская Польшча.

Дэлегаты не дайшлі да беларускай мовы, а мова - да дэлегатаў. І гэта ёсць нацыянальнай праблемай. А без мовы што мы, хто мы, навошта мы тут? Уражанне, што дэлегаты з'езда ТБМ ні ў што не верылі, ні пра што не думалі. А беларуская мова - выгнанніца, быццам, нікога і не ўстрывожыла. Панаваў супакой і непарушнасць усталяванага за 17 год парадку. Прапанова аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове ў атмасферы згоды і дагоды не была пачутая, а праігнараваная. Мяркую, што гэта падзея гістарычная і ганебная для беларускага этнасу.

Не забываем вядомае з нашай трагічнай гісторыі:

Кацярына II, 1796 г.

"…Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ её белорусами, чем на века привяжем её к России. Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя."

У Еўропе ў 20 стагоддзі паводле UNESCO вымерлі 7 моваў, з іх 4 у Расейскай Федэрацыі. Беларуская мова гэтай арганізацыяй уключаная ў Атлас сусветных моваў, якія пад пагрозай вымірання. Калі ў краіне на этнічнай мове ў сістэме адукацыі займаецца менш 30% вучняў - навука лічыць, што гэта мова перайшла мяжу да вымірання. А што ў нас?

У мінулым навучальным годзе - 13,3 працэнты, а ў сталіцы Менску, дзе пражывае чвэрць насельніцтва Беларусі - аж!!! - 1,8 працэнта. Што гэта, калі не класічны лінгвацыд (мовазабойства)? Чаму ж шаноўныя дэлегаты з'езда ТБМ пабаяліся, калі не крычаць перад усім светам: "Ратуйце!", дык хаця б падняць руку ў падтрымку ўсталявання ў Беларусі рэальнага беларускамоўнага жыццёвага асяроддзя?

Мікола Савіцкі,прафесар, дэлегат з'езда.


Ну дык, чаму ж сотня дэлегатаў з усёй Беларусі не пранікнулася клопатам пра адзіную дзяржаўную мову? І ці так гэта на самай справе?

Што патрэбна сёння - адвечныя песні жальбы ці гучны лямант: "Ратуйце"? Ці не тое і не другое?

Мо хто з кіраўніцтва ТБМ ці з дэлегатаў наважыцца такі выказацца з гэтай нагоды.

Рэд.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

703. Лапеха (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва лапеха 'з вялікімі лапамі' (пра яліну, жывых істот, у тым ліку і чалавека). Гл. Лупеха.

704. Лапкоўская (Алёна) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Лапкі і значэннем 'жыхарка мясціны, названай утваральным словам': Лапкоўская.

705. Лапчынскі (Леанід) - вытвор з фармантам -ынскі / -скі ад тапоніма Лапкі / Лапчыны і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Лапчынскі, Лапчынскі. ФП: лапа ('ступня або ўся нага ў жывёл, а таксама (разм.) пра руку або нагу чалавека'; 'галіна хвойнага дрэва; частка інструмента') - Лапа (мянушка, потым прозвішча) Лапка і Лапчына - (вытворныя найменні прадметаў і семантычныя вытворы асобы) - Лапкі, Лапчыны (тапонімы) - Лапчынскі.

706. Лаўцэвіч (Уладзімір) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Лавец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лаўцэвіч. (< Лавецэвіч). ФП: лавец ('той, хто займаецца лоўляй рыбы, звера як промыслам') - Лавец (мянушка, потым прозвішча) - Лаўцэвіч.

707. Лахманенка (Леанід) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Лахман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лахманенка. ФП: лахман / мн. лахманы 'старое паношанае або падранае адзенне, рыззё; анучы') - Лахман (мянушка, потым прозвішча) - Лахманенка.

708. Лашкоўскі (Яўген) - вытвор з фармантам -оўскі/-скі ад тапоніма Лашакі / Лашкаўка і знаэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Лашкоўскі, Лашкоўскі.

709. Левандоўская (Ганна) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Леванда і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Левандоўская.

710. Леўшуноў (Алесь) - вытвор з суфіксам -оў ад антрапоніма Ляўшун з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ляўшуноў - Леўшуноў. ФП: ляўша ('той, хто валодае левай рукой лепш, чым правай') - ляўшун ('тое, што і ляўша') - Ляўшун (мянушка, потым прозвішча) - Леўшуноў.

711. Лінкевіч (Алесь) - вытвор з суфіксам -евіч ад антраоніма Лінка (Лінко) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лінкевіч. ФП: Лін (імя < грэч. linos 'журботная песня') - Лінко - Лінкевіч.

712. Лісковіч (Віктар) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Лісок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лісковіч. ФП: ліс ('самец лісы') - лісок (памян.-ласк. форма) - Лісок (мянушка, потым прозвішча) - Лісковіч.

713. Лісоўскі (Эдуард) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Лісаўка і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Лісаў(к)скі- Лісоўскі. Або як шляхетнае ад Ліс - Лісоўскі.

714. Лістапад (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва лістапад 'адзінаццаты месяц каляндарнага года', 'ападанне лісця восенню' ('у цёплых краінах - перад наступленнем засухі'); 'час гэтага ападання'.

715. Літвінёнак (Святлана) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Літвін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Літвінёнак. ФП: літвін (ст. бел. 'літовец, жыхар Літвы') - Літвін (мянушка, потым прозвішча) - Літвінёнак.

716. Літвінянчук (Барыс) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Літвіненка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Літвінянч(к/ч)ук. ФП: Літвін ('жыхар Вялікага Княства Літоўскага') - Літвін (мянушка, потым прозвішча) - Літвіненка ('нашчадак Літвіна, фармант -енка') - Літвінянчук.

717. Ліхацэвіч (Анатоль) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -эвіч ад антрапоніма Ліхач з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ліхачэвіч- Ліхацэвіч (вынік дысіміляцыі: чч - цч). ФП: ліхач ('рамізнік з франтаватым экіпажам на добрым кані (уст.)', а таксама 'шафёр, які грэбуе правіламі бяспекі язды') - Ліхач (мянушка, пазней прозвішча) - Ліхачэвіч - Ліхацэвіч.

718. Ліхота (Людміла) - семантычны вытвор ад апелятыва ліхота 'тое, што і ліха' (ліхасць) - няшчасце, бяда; у фальклоры: 'нячыстая сіла, чорт', - утварэнне: ліхота.

719. Ліхтаровіч (Георгій) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Ліхтар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ліхтаровіч. ФП: ліхтар ('асвятляльны прыбор з крыніцай святла ў выглядзе шклянога шара або футарала са шклянымі сценкамі', 'шкляны праём у даху, а таксама зашклёны выступ у будынку') - Ліхтар (мянушка, потым прозвішча) - Ліхтаровіч.

720. Лічэўскі (Павел) - вытвор з фармантам -эўскі ад тапоніма Лічкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Лічэўскі. ФП: ліцо (бел. рэг. і рус. 'твар', 'асоба') - Ліцо (мянушка, потым прозвішча) - Лічкі (мн. л. ад Ліцо) - Ліч(к) эўскі.

721. Лобазева (Алёна) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Лобазь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лобазева. ФП: лобаз / лабозь 'падліза, падхалім, абманшчык' (Фасмер) - Лобазь (мянушка, потым прозвішча) - Лобазева.

722. Лобач (Марыя) - семантычны акцэнтаваны вытвор ад апелятыва лабач 'лабасты, з вялікім ілбом' (баран, іншая жывая істота), а таксама 'пра чалавека з высокім пакатым ілбом', нармат. лабач, форма Лобач для абмежавання ад апелятыва. У рускай мове яго эквівалент лобан (БРС - 88: лабачча, м. прост. (большелобый) лобан).

723. Лозка (Сцяпан) - семантычны вытвор ад апелятыва лозка - пам.-ласк. ад лаза 'кусты некаторых парод вярбы, вінаграду', а таксама 'доўгае гнуткае галлё некаторых хмызнякоў'.

724. Лубнеўская (Наталля) - другасная форма, першасная Лубянеўская - вытвор з фармантам -еўская ад тапоніма Лубянка і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Лубян(к) еўская. ФП: луб ('валакністая тканка раслін, пласт, кавалак кары ліпы, вяза і іншых ліставых дрэў разам з валакістай унутранай часткай') - лубянка ('ручны кораб з дубу, бяросты для захоўвання, пераносу, пакавання чаго-небудзь') - Лубянка (тапонім) - Лубянеўская - Лубнеўская.

725. Лугавец (Людміла) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Лугавы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лугавец. ФП: луг ('сенажаць, пераважна заліўная', а таксама 'шчолак' (для мыцця)) - лугавы ('які адносіцца да лугу'; 'які расце, жыве на лузе', 'размешчаны на лузе') - Лугавы ('мянушка, потым прозвішча') - Лугавец. Або вытвор з суфіксам -авец ад тапоніма Лугі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Лугавец.

726. Лук'янчык (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Лук'ян і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лук'янчык. ФП: Лук'ян (імя <лац. Lucianus 'сын Лукі') - Лук'ян (празванне, потым прозвішча) - Лук'янчык. Або як памянш.-ласк. ад Лук'ян.

727. Лукашын (Фёдар) - вытвор з прыналежным суфіксамын -ын (-ін) ад антрапоніма Лукаш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лукашын. ФП: Лукаш (імя <лац. Lukas - Lux 'святло') - сучасныя аўтарытэтныя слоўнікі падаюць як раўнапраўныя імёны Лука і Лукаш - Лукаш (мянушка, потым прозвішча) - Лукашын.

728. Лукоўская (Алеся) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Лука / Лукоўка і значэннем 'жыхарка названай мясціны': Лукоўская, Лукоў(к) ская.

729. Лунёва (Любоў) - вытвор з фармантам -ёва ад антрапоніма Лунь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лунёва. ФП: лунь ('драпежная птушка сямейства ястрабіных з шаравата-белым апярэннем у дарослых самцоў; мышалоў') - Лунь (мянушка, потым прозвішча) - Лунёва.

730. Лупеха (Ігар) - семантычны вытвор ад апелятыва лупеха 'лупатыя' (пра асобу, жывёліну); структура: лупеха; параўн. лысая - лысеха.

731. Луцкевіч (Іван) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Луцка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Луцкевіч. ФП: Лук'ян (імя < лац. Lucianus 'сын Лукі') - Луц (1539) - Луцка - Луцкевіч.

732. Луцкі (Андрэй) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Лука і значэннем 'жыхар названай мясцовасці': Лукскі - Луцкі. ФП: лука ('дугападобны паварот ракі, а таксама мыс, які абгінаецца ракой; лукавіна') - Лука (тапонім) - Луцкі.

733. Луцэвічэўскі (Габрыель) - вытвор з фармантам -эўскі ад тапоніма Луцэвічы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Луцэвічэўскі. ФП: Лука (імя <лац. Lukaslux 'святло') - Лука (мянушка, потым прозвішча) - Луцэвіч (бацькайменне ад Лука, фармант -евіч, чарг. к/ц) - Луцэвічы (тапонім) - Луцэвічэўскі.

734. Луцэнка (Барыс) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -энка ад антрапоніма Лука і значэннем 'нашчадак названай асобы': Луц(к/ц)энка. ФП: Лука (імя ад нац. Lukas - Lux 'святло') - Лука (прозвішча) Луц (к/ц) -энка.

735. Лушчык (Люцына) - семантычны вытвор ад апелятыва лушчык 'расколаты прут (для пляцення кашоў)', а таксама 'спелы арэх' ( лушчанец) (- утварэнне ад лушчыць) (СБГПЗБ).

736. Лысуха (Марыя) - семантычны вытвор ад апелятыва лысуха, які мае два значэнні: 1) 'вадаплаўная птушка з шаравата - чорным апярэннем і голым ярка-белым участкам скуры на лобе'; 2) 'з белай плямай на лобе' (пра карову; цяля і інш.), утварэнне ад лысы, фармант -уха.

737. Лычак (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва лычак 'вяроўка з лыка' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі).

738. Люткевіч (Канстанцін) - вытвор з суфікам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Лютко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Люткевіч. ФП: люты ('злы, бязлітасны', 'вельмі моцны ў сваім праяўленні, невыказна цяжкі') - лютко ('пра лютага чалавека') - Лютко (мянушка, потым прозвішча) - Люткевіч.

739. Люткоўская (Галіна) - вытвор з фармантам -оўская/ская ад тапоніма Люткі / Люткова і значэннем 'народзінец, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Люткоўская, Люткоўская.

740. Люцік (Данута) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Люты і значэннем 'нашчадак названай асобы': Люцік. ФП: люты ('злы, крыважадны (пра жывёл)', 'жорсткі, бязлітасны' (пра чалавека, яго стан); 'другі месяц каляндара') - Люты (мянушка, потым прозвішча) - Люцік. Або семантычны вытвор ад батан. люцік ('казялец, кураслеп').

741. Лявончанкава (Алёна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Лявончанка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Лявончанкава. ФП: Лявон (імя <грэч. Leon 'леў', лац. Leo, Leonis) - Лявонка (памян.-ласк. форма, фармант -ка) - Лявонка (мянушка, потым прозвішча) - Лявончанка ('нашчадак Лявонка', фармант -анка) - Лявончанкаў.

742. Лягчылаў (Кузьма) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Лягчыла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лягчылаў. ФП: лягчыць ('пакладаць, кастрыраваць') - лягчыла ('пакладаннік') - Лягчыла (мянушка, пазней прозвішча) - Лягчылаў.

743. Лядзян (Дзяніс) - семантычны вытвор ад апелятыва лядзян 'лёд, замёрзлае рэчыва' (Даль); параўн.: лядзяны - ледзяны - лёд.

744. Ляжневіч (Іван) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Лежань і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лежань (Р. Лежня) - Ляжневіч. ФП: лежань ('чалавек, які любіць доўга спаць, ляжаць; лодар; лежабок') - Лежань (мянушка, пазней прозвішча) - Ляжневіч.

745. Ляйко (Тамара) - зыначаная форма ад Лейка (з акцэнтаваннем на апошнім складзе), якое ад апелятыва лейка 'прыстасаванне ў выглядзе конуса з вузкай трубкай для пералівання і фільтравання вады', а таксама 'пасудзіна для палівання раслін у выглядзе вядра з трубкай'.

746. Ляковіч (Міхась) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Ляк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ляковіч. ФП: ляк ('гаршчок з вузкім горлам для вады' а таксама 'расол з селядцоў'; 'лёк, халоднае з рыбы' (СНМЗ)) - Ляк (мянушка, потым прозвішча) - Ляковіч.

747. Лялевіч (Анна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Ляля і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Лялевіч - Лялевіч. ФП: ляля ('спешчаная дзяўчына') - Ляля (празванне, потым прозвішча) - Лялевіч. Або ад імя Лёля (варыянт імя Алена з мовы грэкаў 'сонечная', 'зіхаценне', 'бляск') -евіч; Лёля - Лёлявіч - Лялевіч.

748. Ляндарык (Зянон) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Ляндар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ляндарык. ФП: ляндар (саст.) 'гаспадар, уладальнік карчмы' - Ляндар (мянушка, потым прозвішча) - Ляндарык.

749. Лянкевіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Лянко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лянкевіч. ФП: Леанід (імя, з мовы грэкаў 'від льва') - Лянко (народна-гутар. экс-прэс. форма) - Лянко (мянушка, потым прозвішча) - Лянкевіч.

750. Лясун (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва лясун 'лясны дух, чалавекападобная казачная істота, якая жыве ў лесе' (міфалогія).

751. Лятун (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва лятун, які мае некалькі значэнняў: 1) 'той, хто лятае, добра скача'; 2) састар. 'лётчык'; 3) 'той, хто частка мяняе месца працы ў сувязі з асабістай выгадай'.

752. Ляўкоўская (Наталля) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Ляўкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Ляўкоўская.

753. Ляшэнка (Ігар) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Лях і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ляш(х/ш) энка. ФП: лях (рэг. 'паляк') - Лях (мянушка, пазней прозвішча) - Ляшэнка.

754. Магільніцкі (Ігар) - вытвор з фармантам -іцкі ад тапоніма Магільнае і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Магільніцкі.

755. Мажджэр (Кацярына) - семантычны вытвор ад апелятыва мажджэр 'металічны таўкач'.

756. Мажэйка (Антаніна) - форма кананічнага імя Майсей (ст.-яўр. Mose - `яўр. заканадаўца`, варыянт Масейка) набыла ролю прозвішча: Можейко (з 1540 г.) або ад балцкага mazas (мажас) - малы. Мажэйка нашчадак Мажаса цераз фармант -ка.

757. Мазго (Ўладзімір) - другасная форма, першасная Мозаг - семантычны вытвор ад апелятыва мозаг ( -мозг), дзе збег зычных у фіналі слова падзяляецца галосным; як літар ( -літр), метар і пад. у тым ліку і ў антрапонімах Аляксандар. Форму мозаг ( мозак) бачым у тэкстах Якуба Коласа. Формы Мозаг - Мазго адпавядаюць разгледжаным мадэлям Чарток - Чартко, Кіёк - Кійко, Бажок - Бажко.

758. Мазураў (Кірыл) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Мазур і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мазураў. ФП: мазур (мн. мазуры 'этнаграфічная група палякаў, якая насяляе паўночна-ўсходнюю частку Польшчы') - Мазур (мянушка, потым прозвішча) - Мазураў.

759. Мазуронак (Вольга) - вытвор з суфіксам -онак ад антрапоніма Мазур і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мазуронак. ФП: мазур (мн. мазуры 'этнаграфічная група палякаў, якая насяляе паўночна-ўсходнюю частку Польшчы') - Мазур (мянушка, потым прозвішча) - Мазуронак.

(Працяг у наступным нумары.)


Ліст да Міністэрства адукацыі

22 ліпеня 2017 г. партал tut.by апублікаваў матэрыял: "Як вучыць дзяцей на мове?" Бацькі кажуць, што не хапае садкоў і школ, Мінадукацыі - няма жадаючых.

Абмеркаванне праблемаў беларускамоўнай адукацыі праводзілася ў Таварыстве беларускай мовы. У размове ўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. (https://news.tut.by/society/552343.html)

Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі, сказала, што ва ўстанове "таксама перажываюць", што колькасць тых, хто вучыцца па-беларуску, скарачаецца і дадала:

- Пытанне ў тым, што няма жадаючых вучыцца па-беларуску!

Гэтая формула, якой трымаецца Міністэрства адукацыі ў моўным пытанні, выяўляе сутнасць праблемы.

Міністэрства адукацыі, выкарыстоўваючы гэтую формулу, самаўхілілася ад абавязкаў развіваць родную мову і адукоўваць падрастаючае пакаленне, дапамагчы ўсвядоміць яму, што родная беларуская мова, якой карысталіся і якую развівалі сотні пакаленняў нашых продкаў, ёсць крыніца разумовых здольнасцяў беларусаў.

У 2006 годзе Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю ААН "Аб ахове і спрыянні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення" і гэтым узяла на сябе абавязкі перад міжнароднай супольнасцю і цывілізацыяй спрыяць развіццю беларускай мовы і беларускай культуры. Але на практыцы з боку Міністэрства ададукацыі мы гэтага не назіраем.

Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў сельскай мясцовасці жылі 70% беларусаў (перапіс 1959 г.) У гэтыя гады беларускія дзеткі, ва ўзросце калі закладаюцца асноўныя разумовыя здольнасці (ад нараджэння і да 12 гадоў), чулі беларускую гаворку, беларускую калыханку і песню. Існаваў натуральны працэс перадачы ведаў па выхаванні дзетак ад старэйшых маладым. Натуральнасць працэсу палягала ў тым, што не трэба было тлумачыць, у чым каштоўнасць роднай беларускай мовы. Ёй карысталіся як паветрам і развівалі яе адпаведна са зменамі умоваў жыцця. Інтэлектуальны патэнцыял беларусаў, які ўзрошчаны на багатай беларускай мове, стаў грунтам для інтэлектуальна развітай асобы, для вырошчвання кваліфікаваных кадраў ва ўсіх сферах. У сувязі з урбанізацыяй, перасяленнем сельскіх людзей у гарады адбыліся карэнныя змены асяродку і ўмоваў выхавання дзетак у беларускіх сем'ях. Горад сустрэў сельскага беларуса варожа. Савецкая машына русіфікацыі перамалола ўжо тры-чатыры пакаленні. У выніку беларускія сем'і ў гарадах згубілі інтэлектуальную сувязь са сваімі продкамі. Пры гэтым, згубіўшы натуральныя ўмовы выхавання дзяцей, не атрымалі ведаў па выхаванні іх у новых умовах.

Для дэзарыентацыі беларусаў паслядоўна былі ўжыты шэраг русіфікацыйных формулаў:

1. "Русский язык великий и могучий". Таму, каб набыць лепшыя веды і быць адукаваным чалавекам, трэба карыстацца "русским языком".

2. "Роднай мовай для чалавека з'яўляецца тая, якой ён авалодаў у маленстве".

3. Беларуская мова неабавязковая і непатрэбная.

4. "Какая разница на каком языке говорить", ды інш. падобныя "прапагандызмы".

Савецкія педагогі карысталіся яшчэ адной фальшывай фармулёўкай - "разумовыя здольнасці ад мовы не залежаць".

Дзеля ўкаранення асіміляцыі педагагічная практыка рэжыму прыняла абрэзаную канцэпцыю ролі мовы ў развіцці чалавека. З пераліку функцый мовы выключана яе важная функцыя - фармаванне разумовых здольнасцяў чалавека. Фактычна адкінута эвалюцыя разумовага базіса канкрэтнага этнасу, які грунтуецца перш за ўсё на развіцці мовы і, адпаведна, - на моўнай культуры гэтага этнасу.

Вось афіцыйная пазіцыя Міністэрства адукацыі па моўным пытанні для дашкольных устаноў: "Обучение и воспитание в учреждении дошкольного образования осуществляются на белорусском и (или) русском языках. Основной язык обучения и воспитания в учреждении дошкольного образования (белорусский или русский) определяется его учредителем с учетом пожеланий законных представителей воспитанников." (старонка 28, Інструктыўна-метадычны ліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2014/2015 навучальнага года).

У пытанні важнасці роднай мовы для раскрыцця разумовых здольнасцяў дзяцей Міністэрства адукацыі, як сведчыць гэтая пазіцыя, ухілілася ад беларускай адукацыі дзяцей і ад асветы "законных представителей воспитанников". На цяперашні час і "учредители" і "законные представители" (беларусы) ў бальшыні ўжо асіміляваныя і чужую мову памылкова лічаць "роднай" (так ім сказалі яшчэ ў асімілятарскай школе) .

Падмена паняцця роднай мовы вядзе да адмаўлення эвалюцыі разумовых магчымасцяў, да адмаўлення ролі продкаў канкрэтнага чалавека ў напрацоўцы яго біялагічнага базісу разумовых здольнасцяў.

Знішчэнне беларускай мовы зніжае полімарфізм структуры мазгоў для ўсіх ўсходне-славянскіх народаў і тым самым зніжаецца інтэгральная характарыстыка разумовага патэнцыялу гэтых народаў, а для беларусаў гэта абазначае непасрэдную дэградацыю разумовых магчымасцяў.

Каштоўнасць шматлікасці моваў і культур народаў неаспрэчная. Полімарфізм структуры мазгоў, які сфармаваны рознымі народамі з рознымі мовамі і культурамі, забяспечыў шырокі паралелізм развіцця чалавечай цывілізацыі. Таму такая хуткасць гэтага развіцця.

У Беларусі замацавана асіміляцыйная практыка ў асіміляцыйных методыках на ўсіх узроўнях выхавання і адукацыі. Сцверджаньні, што гэтыя асіміляцыйныя методыкі абапіраюцца на дасягненні сучаснай навукі, проста недарэчныя. Навука кажа пра іншае.

Асіміляцыйная практыка ў выхаваўча-адукацыйным працэсе абапіраецца не на навуку, а знаходзіцца пад ціскам палітычнай экспансіі "русского мира", які сам інтэлектуальна дэградуе, знішчаючы ўсе іншыя мовы і культуры вакол сябе.

Ёсць таксама адмоўны эканамічны аспект асіміляцыі.

Найбольш актыўная частка беларусаў вымушана працаваць за межамі Беларусі, ствараць каштоўнасці і папаўняць бюджэты ў чужых краінах, нарабляць на пенсіі не сваім бацькам і настаўнікам, а чужым людзям. Атрымліваецца, што бацькі і настаўнікі беларусаў-мігрантаў, выхоўваючы і навучаючы іх не па-беларуску, але па-расейску, працуюць тым самым на Расею, бо рыхтуюць для яе бясплатную адукаваную рабочую сілу. (Каб выгадаваць, выхаваць, адукаваць дзіця ад нараджэння да 20 гадоў, для сям'і і дзяржавы гэта каштуе 60-100 тысяч рублёў, і ўсё тое дзеля каго?)

Выхаванне і школьнае навучанне на "русском языке" зрабіла беларусаў рэгіянальнымі касмапалітамі ў арэале "рускага міра". Таму, замест таго, каб уладкоўваць сваю краіну, працаваць на сябе, яны едуць працаваць у Расею. Прыкладна 1 млн. беларусаў працуюць на расейскі бюджэт і напрацоўваюць каля 30 мільярдаў даляраў расейскага ўнутранага валавага прадукту. (Тут таксама адна з прычын намаганняў Расеі па ўкараненні ў Беларусі "русского языка".)

Такім чынам, самыя настаўнікі і выхавацелі сталі ахвярамі сваёй асіміляцыйнай дзейнасці, іх бядотны стан з'яўляецца вынікам іх жа працы . Прыстойны ўзровень аплаты працы педагогаў будзе тады, калі па-беларуску выхаваныя і навучаныя імі дзеці (канешне, разам з бацькамі) застануцца жыць і працаваць у Беларусі, і ўзровень іх разумовых здольнасцяў і ведаў будзе дастатковы не толькі для авалодання новымі прафесіямі, але і для генерацыі далейшага развіцця краіны.

Як спыніць разумовую, моўную і культурную дэградацыю? Як вярнуць выхаванне і адукацыю на шлях нацыянальнага развіцця? (Абмінаем тут палітычны аспект, зыходзім з таго разбуранага стану, які ёсць.)

Пачынаць трэба з педагагічнай адукацыі сем'яў.

Паколькі патэнцыял разумовых здольнасцяў чалавека фармуецца ў асноўным да 6-7 гадоў і завяршаецца ў 12-14, асаблівую ўвагу пры сямейнай педагагічнай адукацыі трэба надаць маладым сем'ям, бацькам, у якіх малыя дзеці.

Ёсць розныя метады і прапановы па нацыянальнай нармалізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу. Адзін з такіх канкрэтных метадаў прапануецца ў Народнай Праграме "Вольная Беларусь" (надрукавана асобным выданнем і ў Сеціве). Зразумела, што шмат залежыць ад палітычных рашэнняў і карэнных рэформ. Але нават у існых абставінах ёсьць магчымасьці пры нефармальным падыходзе і актыўнай ініцыятыве міністэрскіх арганізацыяў паправіць становішча. Напрыклад, праца з маладымі сем'ямі, пашырэнне выкладання на беларускай мове ва ўніверсітэтах, укараненне мовы ў практыку дзяржаўных устаноў (найперш якраз у Міністэрствы адукацыі і Міністэрства культуры), узалежніць класнасць дзяржаўных чыноўнікаў ад ведання і выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы і іншыя падыходы па павелічэнні прэстыжу і ўжывання нацыянальнай мовы.

Каб прапановы і праца не павіслі ў паветры, пажадана на грамадскіх пачатках пры спрыянні найперш Міністэрства адукацыі стварыць цэнтр (клуб спачатку толькі ў Менску), які распачаў бы распрацоўку метадычных матэрыялаў і падрыхтоўку кансультантаў-валанцёраў для асветніцкай працы ў беларускіх сем'ях. Патрэбныя актывісты, якія ўключыліся б у такую справу.

Вядома, пазіцыя Міністэрства адукацыі тут вырашальная. З свайго боку сведчу гатоўнасць невялікага пакуль што кола людзей, каб прыняць удзел у добрай справе нацыянальнай адукацыі маладога пакалення.

Спадзяемся на каментар гэтага ліста з боку Міністэрства адукацыі. Гэты ліст, адкрыты, друкуецца таксама ў Сеціве. Магчымыя пытанні і прапановы аб супрацы можна даслаць на эл. адрас: h.buducynju@gmail.com, таксама пазваніць па тэлефонах: 375 29 3452453; 375 33 3954383.

Сяргей Папкоў,намеснік старшыні КХП-БНФ. 22 кастрычніка 2017 г.


Сістэматызаванне і факсіміле ўсіх нумароў "Крыніцы"

1 лістапада ў Менску адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання газеты "Крыніца", прымеркаваная да яе стагоддзя. Праект ажыццявілі сябры партыі БХД і каманда міжканфесійнага хрысціянскага інфармацыйнага парталу Krynica.info. У першы том ўвайшлі нумары - 1917 па 1926 год. Ідэя ажыццяўлення факсімільнага выдання належыць Максіму Гацаку - сённяшняму рэдактару партала Krynica.info. Нумары газеты былі знойдзены ў бібліятэцы Акадэміі Навук і ў Віленскіх архівах. Фінансавую падтрымку аказала Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі на чале з Міколай Пачкаевым.

На прэзентацыі выступілі выдавец факсіміле "Нашай Нівы" Зміцер Санько, кіраўнік Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі Мікола Пачкаеў, сустаршыня БХД Павел Севярынец і яго жонка Вольга, якая яму дапамагала, галоўны рэдактар парталу Максім Гацак, кіраўніца Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў Вікторыя Чаплева, адзін з лідараў КХП-БНФ Алесь Чахольскі.

Газета "Крыніца", заснаваная ў 1917-м як партыйнае выданне хрысціянскіх дэмакратаў, з цягам часу ператварылася ў масавае агульнабеларускае медыя, і выходзіла ў Вільні да 1940 года. За ўвесь час выйшла 768 нумароў газеты. "Крыніцу" пераследвалі польскія ўлады і замоўчвалі савецкія: для іх гэта была "буржуазная нацыяналістычная прэса". Газету рэдагавалі кс. Адам Станкевіч, Браніслаў Туронак, Павел Каруза, дзед Зянона Пазьняка - Ян Пазьняк.

Прэзентацыю выдання эмацыйна ўзмацніў гурт "Laudans".

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымку: 1. Максім Гацак.


Пра музей імя Алеся Белакоза

Ю.П. Бондару,

Міністру культуры.

пр-кт Пераможцаў, 11,

220016, г. Мінск

Аб ушанаванні

памяці Алеся Белакоза



Шаноўны Юрый Паўлавіч!

У в. Гудзевічы Мастоўскага р-на існуе ўнікальны музей, створаны вядомым беларускім краязнаўцам і настаўнікам, дэпутатам Гродзенскага абласнога савета Алесем Белакозам, які доўгі час быў дырэктарам гэтага музея.

Грамадскасць Мастоўшчыны ўжо звярталася да мясцовых уладаў з прапановай надаць імя Белакоза вышэйназванаму музею, але падтрымкі з іх боку не атрымала.

У сувязі з гэтым просім Міністэрства культуры падтрымаць ініцыятыву жыхароў Гродзенскай вобласці аб наданні Гудзевіцкаму музею імя Алеся Белакоза.

З павагай, Старшыня ГА ТБМ Трусаў А.А.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

г. Мінск, вул. Румянцава,13,

220034

Адказ на зварот

На Ваш зварот, накіраваны ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе наступнае.

Пытанне надання ўстанове культуры "Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей" назвы "імя Алеся Белакоза" вывучалася Мастоўскім раённым выканаўчым камітэтам у чэрвені-ліпені бягучага года.

Установа культуры "Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей" з'яўляецца добра вядомым культурным і турыстычным аб'ектам не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Справа збірання і захавання народнай спадчыны, якую распачаў Алесь Мікалаевіч Белакоз у 1968 годзе, паспяхова працягваецца і сёння супрацоўнікамі музея. Музейныя фонды налічваюць 16714 прадметаў асноўнага фонду і 5426 - навукова-дапаможнага, і праца па іх павелічэнні будзе працягвацца. Штогод расце колькасць наведвальнікаў музея, што з'яўляецца найлепшым паказчыкам яго вядомасці і папулярнасці. Так, напрыклад, за 2016 год у музеі пабывала 5056 экскурсантаў на экспазіцыях і выставах і 3761 - на культурна-асветніцкіх мерапрыемствах, што рэгулярна ладзяцца ў музеі.

Увогуле, не змяншаючы і не прыніжаючы ролі А.М. Белакоза ў стварэнні Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея, трэба адзначыць, што сучасная ўстанова культуры "Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей" існуе і развіваецца дзякуючы працы многіх людзей, імёны якіх варты ўшанавання.

Актыўны ўдзел у стварэнні музея прымалі вучні і настаўнікі Гудзевіцкай школы. Вялікая падтрымка, у тым ліку і фінансавая, была аказана з боку тагачаснага старшыні калгаса "Іскра" Міхаіла Сцяпанавіча Пронькі. Менавіта пры яго дапамозе была адкрыта сялянская сядзіба, дзе сёння праводзяцца тэатралізаваныя экскурсіі. Значны ўклад у фарміраванне музея ўнёс і тагачасны старшыня Мастоўскага райвыканкама Ўладзімір Іванавіч Вашко, які не абыякава ставіўся да праблем музея і паспрыяў прысваенню яму статусу дзяржаўнага.

У 2004 годзе дырэктарам музея была прызначана Вольга Віктараўна Клімуць. У музеі сталі праходзіць сустрэчы з пісьменнікамі. З 2007 года працуе "Літаратурная гасцёўня", на якой праходзяць сустрэчы членаў Гродзенскага абластнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з жыхарамі раёна, вучнямі школ. Па ініцыягыве В.В. Клімуць была распачата праца па захаванні мясцовых традыцый народнага ткацтва. Супрацоўнікі музея авалодалі тэхнікай падвоеннага ткацтва і перадаюць гэтае рамяство дзецям, удзельнікам музейнага гуртка.

Пасля праведзенага рамонту і рээкспазіцыі літаратурнага аддзела ў 2015 годзе, усе аглядныя экскурсіі ў музеі пачынаюцца з аповеду пра яго стваральніка Алеся Мікалаевіча Белакоза. Наведвальнікам дэманструецца матэрыял пра Алеся Мікалаевіча (бюст работы Г. Лойкі, графічны партрэт работы В. Целеша, асабістыя рэчы, кнігі, фотаздымкі) усё гэта размешчана на першым стэндзе экспазіцыі "Літаратурны свет Бацькаўшчыны". У гэтым можна пераканацца наведаўшы музей.

З улікам вышэй прыведзенага, Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт палічыў немэтазгодным унясення змяненняў у назву ўстановы культуры "Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей".

У адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011г. №300-3 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" у выпадку нязгоды з дадзсным адказам Вы маеце права абскардзіць яго ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце (230023 г. Гродна, вул. Ажэшка, 3).

Старшыня Ю.М. Валеваты.


"Рада мудрацоў" заявіла пра эканамічны бум у Германіі

Навіны Германіі

Рада эканамічных экспертаў пры ўрадзе ФРГ павялічыла прагноз на 2017 год з 1,4 да 2,0 працэнтаў, на 2018-ты - да 2,2 працэнта, піша DW.

Эканоміка Германіі паступова ўваходзіць у фазу бурнага росту, лічыць Рада эканамічных экспертаў пры ўрадзе ФРГ (так званая "Рада мудрацоў"). Прадстаўляючы 8 лістапада, штогадовае экспертнае заключэнне, аналітыкі паведамілі пра значнае паляпшэнне эканамічнага прагнозу - з 1,4 да 2,0 працэнтаў у 2017 годзе і да 2,2 працэнта ў 2018-м. Тым часам у сваім афіцыйным прагнозе ўрад ФРГ зыходзіць з таго, што паказчык росту ВУП па выніках бягучага года складзе 1,9 працэнта.

"Нямецкая эканоміка знаходзіцца на магутным і доўгачасовым уздыме", - гаворыцца ў 463-старонкавым дакуменце пад назвай "За накіраваную ў будучыню эканамічную палітыку". Аснову эканамічнага ўздыму складаюць "прыватнае спажыванне, дзяржаўныя выдаткі і інвестыцыі ў будаўніцтва", якія стабільна растуць на працягу апошніх гадоў.

"Акрамя таго, кампаніі зноў пашыраюць інвестыцыі ў тэхнічнае абсталяванне, даследаванні і распрацоўкі", - паказваюць аўтары экспертнага заключэння. Таксама яны адзначылі дынамічнае развіццё важных экспартных рынкаў, першым чынам, у еўразоне.

Адначасова аналітыкі папярэдзілі пра небяспеку празмернай загружанасці кампаній. "Прыкладам напружанай сітуацыі ў нямецкай эканоміцы з'яўляюцца складанасці ў фірмаў знайсці новых супрацоўнікаў на адкрытыя вакансіі", - удакладнілі яны. Асабліва складаная сітуацыя, звязаная з працай на мяжы вытворчых магутнасцяў, па ўсёй бачнасці, склалася ў будаўнічай галіне, гаворыцца ў дакуменце.

Па дадзеных Інстытута даследавання рынка працы і кар'еры (IAB), у трэцім квартале 2017 года ў Германіі мелася амаль 1,1 мільёна вольных вакансій. Гэта на 174 тысячы больш, чым у тым жа квартале мінулага года, паведаміла арганізацыя 6 лістапада.

"Рада мудрацоў" пры ўрадзе ФРГ была створана ў 1963 годзе, з 2013 года старшынём з'яўляецца Крыстаф Шмідт (Christoph Schmidt). Акрамя яго, у раду ўваходзяць Петар Бофінгер (Peter Bofinger), Ларс Фэльд (Lars Feld), Ізабель Шнабель (Isabel Schnabel) і Фолькер Віланд (Volker Wieland).

DW.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на першае паўгоддзе 2018 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 70. Цана змянілася нязначна. У 2018 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

2. Авіньёнскі палон папаў (1309-1377 гг.)

У 1305 г. Папам пад уплывам Францыі абралі французскага кардынала, які ўзяў сабе імя Клімент V. Ён не захацеў жыць у Рыме і спачатку пасяліўся ў Ліёне, а потым у 1309 г. - у горадзе Авіньёне, на мяжы з Францыяй. Авіньён знаходзіўся ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі і належаў графам Праванса. Такім чынам, з 1309 па 1377 г. папы жылі не ў Рыме, а ў Авіньёне. Папскі замак-палац быў добра ўмацаваны, а бяспеку папам гарантавалі каралі Францыі.

Дзякуючы выказванню паэта Франчэска Петраркі, які параўнаў знаходжанне Папы з біблейскім вавілонскім палонам, час знаходжання папаў у Авіньёне назвалі "авіньёнскім палонам". З ініцыятывы Папы Клімента V у складзе калегіі кардыналаў, якія маглі абіраць новага Папу, большасць пачалі складаць не італьянцы, а французы. Такім чынам усталяваўся трывалы саюз паміж каралямі Францыі і папамі, якія таксама былі французамі. Клімент V падтрымаў Філіпа IV, які знішчыў ордэн тампліераў і забраў сабе іх багацці.

Падчас Стагадовай вайны папы былі на баку Францыі, што абурала Англію і яе хаўруснікаў. Авіньёнскія папы былі вельмі багатымі, бо ўсе архібіскупы, біскупы і абаты мусілі плаціць ім за прызначэнне на свае пасады трэцюю частку даходаў са сваіх бенефіцыяў. Аднак вернікі былі абураныя тым, што папы не жылі ў Рыме і патрабавалі вяртання іх у сваю дзяржаву. Урэшце, у 1377 г. Папа Рыгор XI вярнуўся ў Рым.

3. "Вялікі раскол" (1378-1417 гг.)

Праз год, у 1378 г. Рыгор XI, француз з паходжання, памёр. Пад ціскам жыхароў Рыма Папам абралі італьянца Урбана VI. Ён адразу пачаў выдаляць з калегіі кардыналаў французаў і ўводзіць туды італьянцаў. Французскі кароль разам з французскімі кардыналамі запатрабавалі ад Урбана VI вярнуцца ў Авіньён. Калі ён адмовіўся, кардыналы неітальянскага паходжання абралі новага Папу, Клімента VII. Але ў Рыме яго не прынялі, і ён пасяліўся ў Авіньёне. Такім чынам, у Еўропе адначасова пачалі існаваць два папы, адзін у Рыме, другі - у Авіньёне. Кожны папа лічыў толькі сябе законным правадыром каталікоў усяго свету, а другога называў самазванцам. Такая сітуацыя доўжылася з 1378 па 1417 гг. і атрымала назву "вялікага расколу", бо царкву адначасова ўзначальвалі два (а з 1409 г. ажно тры) папы. Авіньёнскага Папу прызнавалі Францыя, Шатландыя, Неапалітанскае каралеўства, Кастылія і частка князёў Нямеччыны. На баку Рымскага Папы былі Англія, Фландрыя, Партугалія, Венгрыя і некаторыя іншыя краіны. Асобныя дзяржавы былі нейтральнымі, а некаторыя, у залежнасці ад абставін, мянялі сваю прыхільнасць. Аднак авіньёнскія папы ў той час былі мацнейшымі, і іх войскі часта гаспадарылі ў Рыме. Папа Урбан VI нават мусіў уцякаць з Рыма ў Геную.

Каталіцкі раскол вельмі непакоіў вернікаў - як простых людзей, гэтак і феадалаў. Тыя заклікалі папаў замірыцца, разам пайсці ў адстаўку і потым выбраць новага, адзінага Папу. Французскі кароль у пачатку XV ст. абвясціў пра свой нейтралітэт і адмовіўся ад падтрымкі Авіньёна. Яго падтрымалі кіраўнікі Чэхіі, Венгрыі і Навары. Кардыналы абодвух папаў пачалі паміж сабою перамовы аб аб'яднанні і склікалі ў 1409 г. у Пізе сабор, куды прыехалі не толькі духоўныя іерархі, але і прадстаўнікі свецкіх уладаў, асобных гарадоў і ўніверсітэтаў. Сабор пазбавіў пасад папаў як у Рыме, так і ў Авіньёне і абраў агульнага Папу Аляксандра V. Але папы не пайшлі ў адстаўку, і на свеце стала тры папы (трэці - Аляксандр Пізанскі). Пасля смерці Аляксандра V трэцім папам стаў Іаан XXIII.

4. Канстанцкі сабор (1414-1418 гг.) і саборны рух

Ініцыятарам склікання Канстанцкага сабора стаў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд. Ён настаяў, каб гэты сабор склікаў Папа Іаан XХIII, які і прысутнічаў на гэтым саборы. Рымскі Папа Рыгор XII прыслаў ліст аб сваім адрачэнні і атрымаў званне кардынала. Бенедыкт XIII - па-па з Авіньёна - адмовіўся адракацца, і яго пазбавіў пасады Канстанцкі сабор. Ён не пагадзіўся з гэтым, алс мусіў з Авіньёна ўцячы ў Іспанію, дзе і памёр. Іаана ХХІІІ таксама адправілі ў адстаўку. Новым, адзіным Папам у 1417 г. сабор абраў Марціна V. Так урэшце было адноўлена адзінства каталіцкай царквы.

У часы "вялікага расколу" ў каталіцкай царкве некаторыя дзеячы выступілі за абмежаванне манархічнай улады Папы. Яны лічылі, што найвышэйшым органам улады ў каталіцкай царкве павінен быць сабор, а яго рашэнні мусяць быць абавязковымі і для Папы. Таму гэты рух і атрымаў назву " саборнага". Прыхільнікамі "саборнага руху" былі розныя людзі, сярод іх і прадстаўнікі вышэйшага духавенства, і ўніверсітэцкія прафесары, і багасловы, і некаторыя свецкія кіраўнікі. Яны падзяліліся на памяркоўных і радыкалаў.

Памяркоўныя прызнавалі ўсяленскі сабор як найвышэйшую інстанцыю ў каталіцкай царкве, якая можа адправіць у адстаўку Рымскага Папу.

Але ў штодзённым духоўным жыцці каталікоў іх кіраўніком па-ранейшаму заставаўся Папа. Радыкалы ішлі далей і патрабавалі зрабіць дэмакратычным усё кіраванне царквою, а Папа меўся быць толькі галоўным царкоўным чыноўнікам, якім кіруе сабор.

На Канстанцкім саборы прыхільнікі саборнага руху дасягнулі пэўных поспехаў. Было пастаноўлена абвясціць Канстанцкі сабор усяленскім, а выкананне яго рашэнняў - абавязковым для ўсіх. Апроч таго, удзельнікі дамовіліся аб скліканні наступных усяленскіх сабораў і вызначылі канкрэтныя даты іх правядзення. Аднак гэтыя тэрміны выкананыя не былі. Эпідэмія чумы перашкодзіла правесці чарговы сабор у 1422 г., і наступны сабор быў скліканы Папам толькі ў 1431 г. у Базелі.

Спачатку на Базельскім саборы мелі перавагу прыхільнікі саборнага руху. Гэта, відавочна, не спадабалася Папу Яўгену IV, і ён распусціў сабор. Аднак удзельнікі сабору Папу не паслухаліся і праводзілі пасяджэнні далей без яго. Яны стварылі некалькі камісій, якія істотна абмяжоўвалі ўладу Папы і бралі ў свае рукі асноўныя прыбыткі царквы. Папу пакідалі толькі даходы ад яго ўласнай дзяржавы.

Аднак Папа Яўген IV і яго пераемнікі выступілі супраць гэтых рашэнняў і выконваць іх не збіраліся. Яны пачалі шукаць дапамогі ў буйнейшых манархаў Еўропы, а за гэта далі ім магчымасць умешвацца ў царкоўныя справы на сваіх тэрыторыях. Каб умацаваць свае пазіцыі, Яўген IV скарыстаўся просьбаю аб дапамозе супраць туркаў візантыйскага імператара, які прасіў яе не ў сабора, а непасрэдна ў Рымскага Папы. Яўген IV запрасіў удзельнікаў сабора спачатку пераехаць у Ферару, а потым і ў Фларэнцыю, каб правесці перамовы з Візантыяй аб заключэнні царкоўнай уніі. Значная частка біскупаў паслухалася Папу і спачатку ў 1438 г. прыехала ў Ферару, а потым, у 1439 г., - і ў Фларэнцыю. Але сем біскупаў, якія не паслухалі Папу і засталіся ў Базелі, у 1438 г. абвясцілі пра адстаўку Яўгена IV і абралі новага Папу Фелікса V. Аднак яны зрабілі дзве істотныя памылкі, што прывяло іх да паразы. Па-першае, новы Папа быў свецкай асобай, савойскім герцагам, і духоўнага звання раней не меў, а гэта парушала кананічнае права. Па-другое, у такой малой колькасці (толькі сем чалавек) яны не мелі права абвяшчаць пра адстаўку Яўгена IV.

У той час на пасяджэннях Ферара-Фларэнтыйскага сабора была вялікая візантыйская дэлегацыя (каля 700 чалавек) на чале з імператарам і патрыярхам. Пасля працяглых дыскусій 6 ліпеня 1439 г. быў падпісаны дакумент аб аб'яднанні (уніі) дзвюх цэркваў - каталіцкай і праваслаўнай. Візантыйцы прызналі вяршэнства Папы і прынялі некаторыя каталіцкія догматы веры. На працягу наступных шасці гадоў былі падпісаны падобныя уніі з маранітамі і егіпецкімі коптамі. Аднак насельніцтва Візантыі і іншых праваслаўных краін унію не прызнала. У 1443 г. у Іерусаліме тры праваслаўныя патрыярхі, іерусалімскі, александрыйскі і антыяхійскі, асудзілі унію і таксама заклікалі вернікаў яе не прызнаваць.

Паступова саборны рух аслабеў. У 1460 г. Папа Пій II у сваёй буле асудзіў яго як з'яву і пацвердзіў ранейшы пастулат, што ўлада ў царкве належыць не сабору, а толькі Рымскаму Папу як пераемніку апостала Пятра. Гэтая була фактычна забараніла саборны рух у каталіцкай царкве.

Пасля ліквідацыі туркамі Візантыі сітуацыя ў хрысціянскім свеце раптоўна змянілася, бо змяніўся і сам каталіцкі свет. У рамках адзінай каталіцкай царквы ў асобных дзяржавах пачынаюць узнікаць мясцовыя нацыянальныя цэрквы. Іх духавенства - і, галоўнае, вернікі - у першую чаргу лічылі сябе падданымі свайго караля і толькі потым - папскага стальца. Нацыянальна-дзяржаўныя цэрквы раней за іншых узніклі ў Англіі і Францыі. Першымі сваю аўтаномію ў межах адзінай каталіцкай царквы абвясцілі французы ў 1438 г. на саборы французскага духавенства. Кароль Карл VII падтрымаў іх і сваім распараджэннем надаў гэтаму рашэнню сілу дзяржаўнага закона. Улада Рымскага Папы ў краіне была абмежавана, а роля караля ў духоўных справах павялічылася, бо кароль цяпер мог даваць свае рэкамендацыі пры выбарах духоўных асоб рознага рангу. У Англіі яшчэ ў 1351 г. папам было забаронена прызначаць духоўных асоб і даваць апошнім бенефіцыі ў выпадку, калі тыя былі іншаземцамі. У 1398 г. англійскі кароль Рычард II падпісаў канкардат з Рымскім Папам, паводле якога ўсе вышэйшыя духоўныя пасады ў краіне маглі займаць толькі жыхары Англіі.

Пасля ўзнікнення Іспаніі яе каралі падпарадкавалі сабе мясцовую царкву і ўзялі ў свае рукі інквізіцыю, як зброю супраць іншадумцаў і іншаверцаў. З крытыкай каталіцкай царквы - найбуйнейшага землеўласніка ў Еўропе - выступалі вядомыя багасловы і вальнадумцы. Сярод іх былі вышэйзгаданыя прафесар тэалогіі Оксфардскага ўніверсітэта Джон Уікліф, рэктар Пражскага ўніверсітэта Ян Гус, італьянскі рэлігійны рэфарматар Джыралама Саванарола. На жаль, іх лёсы склаліся трагічна, але менавіта яны заклалі духоўныя падмуркі рэфармацыі ў XVI ст. Некаторыя рэфарматары ў розных краінах выступалі таксама за адмену цэлібату і продажу індульгенцый, якія паскаралі (за грошы, вядома) хуткі пераход душы нябожчыка з чыстца ў рай.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Була - пасланне, зварот Рымскага Папы, змацаваная круглай пячаткай.

Дамініканцы - сябры манаскага каталіцкага ордэна, заснаванага ў XIII ст. манахам Дамінікам дзеля змагання з ерэтыкамі. Дамініканцы кіравалі інквізіцыяй.

Канклаў - сход кардыналаў, на якім выбіраюць новага Папу.

Канкардат - дамова паміж кіраўніцтвам пэўнай дзяржавы і Рымскім Папам аб прынцыпах дзейнасці каталіцкай царквы на тэрыторыі гэтай дзяржавы.

Легат - пасланец Рымскага Папы з асобым даручэннем у пэўную краіну.

Нунцый - пастаянны дыпламатычны прадстаўнік Рымскага Папы пры ўрадзе якой-небудзь дзяржавы.

Цэлібат - забарона каталіцкім святарам уступаць у шлюб. Існуе з XI ст.

Чысцец - дагмат каталіцкай цэрквы, уведзены ў 1439 г. Паводле яго, месца, дзе душа нябожчыка знаходзіцца перад тым, каб трапіць у рай, праходзіць ачышчэнне.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1300 г. - першы юбілейны год каталіцкай царквы.

1309-1377 гг. - Авіньёнскі палон папаў.

1312 г. - ліквідацыя ордэна тампліераў.

1320-1384 гг. - Джон Уікліф.

1347 г. - паўстанне ў Рыме на чале з Кола дзі Рыенца.

1378-1417 гг. - "Вялікі раскол" у каталіцкай царкве.

1414-1417 гг. - Канстанцкі сабор.

1438-1445 гг. - Ферара-Фларэнтыйскі сабор.

1439 г. - Фларэнтыйская царкоўная унія.

1452-1498 гг. - Джыралама Саванарола.

(Працяг у наст. нумары.)


Курыць - пляваць на неба, сонца і зямлю

Валер Санько

He ўбачыць курца, які ні разу не папрасіў бы цыгарэту ці запалку. Няма такога. Hi на Беларусі, ні ў іншым кутку зямлі.

Знайдзіце вядро ці бочку, якія б не запоўніліся ад капання маленькіх рэдзенькіх кропелек вады. Праз дзень ці тыдзень, месяц ці квартал вынік вядомы - вада пераліецца з посуду, замакрэе падлога, загніе хата, кватэра.

Любая выкураная цыгарэта для здароўя курца - тая ж кропля. Палова вадзяной частай кропелькі - паступова загнівае жыллё, выкураная цыгарэта - непазбежна захворвае ўвесь арганізм чалавека. Медыцынская статыстыка вядомая - яна страшная, з кожным годам пагаршаецца: у сям'і курца, калектыве, дзяржаве.

Унутраны стан курыльшчыка вельмі хутка праходзіць наступныя стадыі: сорам, ніякаватасць, абыякавасць да заўваг пабочных, прыемнасць, пачаткі прастуджванняў, насмаркаў, стома пры хадзе, задышкі, забыўлівасць, аслабленне памяці, пастаянная сухасць у роце, няўважлівасць да сябе і блізкіх, цяжкая галава, свары, пачаткі палавой слабасці, зафіксаваныя нават у бальніцах бранхіты, ларынгіты, гастрыты, хваробы сэрца, лёгкіх, імпатэнцыя, інваліднасць, дачасная смерць. Здаровы разумны чалавек праз цыгарэту заўчасна і ўпэўнена вядзе сябе да нямогласці фізічнай і духоўнай, хуткай старасці, смерці. Дзікунства.

У пачаткоўцаў, маладых курцоў востра праяўляюцца раздражненне, нематываваныя зрывы на грубасць, неспакой з-за дробязнасці. Ганарлівая пыха і выстаўленне - я ўжо дарослы, самастойна прымаю рашэнні - часта змяняюцца прыдушаным настроем, галаўным болем, нават галавакружэннем, у сталага - адчуванне цялесных недахопаў, калі не выкурыць цыгарэту; ён можа лёгка заснуць у студэнцкай ці школьнай аўдыторыі, каля станка, на аўтобусным прыпынку.

Тытунёвая прамысловасць, паводле статыстыкі амерыканцаў, за год забівае на зямлі чатыры мільёны чалавек*. Прыблізна 50% прыватных прадпрыемстваў ЗША і ўстаноў не бяруць на працу курцоў, а ўзялі (няма дзе дзявацца) - на 10-12% зменшваюць зарплату.

Курэц і яго сям'я гнятуць сваю існасць, ашчасліўліваюцца язвамі, лішаямі.

He забудзем грашоўны бок курэння. З дымам цыгарэты курэц распускае заўсёды патрэбныя сям'і грошы, абкрадвае сябе, дзяцей, наклікае крыўдлівыя папрокі малечы і жонкі, сам уцягвае ў наркотную атруту сямейнікаў, асабліва сыноў, забруджвае ўсіхныя лёгкія, розум і душы, заслабляе сваю і крэўнікаў генную аснову.

Эстэтычны бок: брудныя пальцы, агідны пах з рота, пракураныя смуродныя рэчы - зло для чалавека, грамадства, планеты.

Старабытныя, святаязычніцкія беларускія прыкметы

Асобныя паўтараюцца, вар'іруюцца для а) лепшага засваення; б) усё вялікае ўторыцца; в) на тое і прыкмета, каб часціцца ў памяці.

1. Курыш - падкурваеш дымам неба, космас, астрал (кожны выбяры ўпадабаны сінонім) - не чакай спагады і пахвалы за свой пастаянны грэх ад неба, універсума, Бога.

2. Адзін курэц за год знішчае працу двух вялікіх дрэў. Вытвораны імі кісларод тытунёўшчык спальвае.

3. Травы, кветкі, лістота дрэў церпяць ад тытунніка, іх боль таксама на ім.

4. Хто ўцягвае малога ці нявопытнага ў курэнне - сябе ўцягвае ў дрыгву і лёсаносныя тычкі, удары.

5. У курца з'ядаюцца зубы, слабеюць сэрца, вочы, лёгкія, імунная сістэма.

6. Горшыць, знішчаць свой цялесны храм - грашыць.

7. Акуркі цыгараты, абпалкі сернікаў, попел, пачкі з-пад цыгарэтаў кідаеш на зямлю - плюеш на зямлю. Усемагчымыя напаўінтэлігентныя слоўныя выбрыкі - маўляў, кідаю акуркі ў попелкі, сметніцы - адгаворкі шэрых і недалёкіх, хітрусенькіх. Кожная кінутая цыгарэта на зямлю - плявок на зямлю.

8. Сплёўваеш сліну і харкавінне на зямлю - не чакай спагады ці пахвалы ад яе за ўласнае пастаяннае блюзненне, выхаркванне. Зямля найлепшая маці, - які б тупы не быў сын, не можа ад яго поўнасцю адрачыся, церпіць, даруе, але не долее лепей духоўна памагаць яму ў дзеях, не супыніць укарот яго дзён.

9. Бабка прыбірае пад'езд, вуліцу, вылоўлівае са шчылін і бакавіння акуркі, выносіць. На кім яе злопажаданні, а то і праклёны? Не толькі на неахаях і разбэрсліўцах - найперш на курцах.

10. Хочаш выраджацца - куры, хутчэй і болей зацягвайся. Вырадзішся.

11. Прыйшоў з зямлі і пойдзеш фізічна туды, а плюеш на яе сваю люльку/калыску - ні на якую літасцівасць у крытычных выпадках ты ці блізкія не можаце разлічваць ад карміцелькі. He можаце.

12. Іншых абкурваеш - грэшыш. Выходзіш дыміць у туалет, на лесвіцу, у хаце не курыш - не выкручвайся, твае лёгкія увесь час дыхаюць тытунём, нікацінам, крэноламі, усё выдыхаеш на кватэру. Змушваеш крэўных дыхаць тваім смуродам.

13. Сам абяшкоджваешся фільтрам, а маці, сястра, жонка, дзеці - пасіўныя курцы - у пяць разоў болей удыхаюць тваіх адходаў, блёкату, гадства.

14. Не ведаў пра грэшную зашкоду - не цямні. Усё жыццё выкручваешся. Ведаеш правілы руху, не ведаеш, а трапіў пад аўто/цягнік - вынік аднолькавы. Няведанне закона не вызваляе ад яго выканання.

15. Абдымваешся - прабіваеш уласнае біяполе. З вядзерца вада капкапае - хата загнівае, хутка загнівае.

16. Просьба да другога - прыніжэнне сябе. Болей просьбаў, болей заніжэнняў. Курэц пастаянна просіць: дай цыгарэту, пакінь курнуць, дай запалку, давайце прыпынімся, забягу куплю цыгарэт - пастаянна нізіць сябе, топча.

17. Шкрабеш неба і людзей пустымі нясконцымі просьбамі - не чакай спогадзі воблакаў, самога неба.

18. Кожнае дыханне патрабуе абнімання, ззаўчаснелы курэц, як і алкаш, рана слабее, фізічна не здатны на працяглыя абдымкі з жонкаю. Шмат іх плача ў падушку, бо курэц толкам не выконвае абавязкаў у ложку. Выконвае - не атрымліваюць жанкі паўнацэнных бялкоў, гармонаў.

19. Мноства жанчын і дзяцей захворваюць на псіхічныя і нервовыя хваробы з-за пастаянных выдуркаў курцоў/алкашоў.

20. Дзеўка курыць - няроды, выкідышы на траціну часцей.

21. Дзеці іх ужо закадзіраваныя на схільнасць да курава, алкагалізму, наркаты.

22. Не хочаш раздражнёную жонку-курыльку, з дзеўкаю-курыльшчыцаю не хаўрусуй.

23. Свякруха/свёкар не жадае нявестку курыльшчыцу, а цёшча/цесць зяця курца.

24. Ад курэння ламаецца, сіпне голас мужчыны, жанчыны, зарана твар грубее, маршчынее, жаўцеюць і развальваюцца зубы.

25. Курыльшчыцы ў два разы болей расходуюць касметыкі, часу, грошай на шпаклёўку і расфарбоўку састарэлага твару.

Маладая дурнічка-школьніца пачынае зацягвацца дымам, бо мроіцца, гэта модна і прыгожа (60%), бо сяброўка цыгарэтніць - хоча падабацца старэйшым хлопчыкам (40%). Абедзве даступныя, стараюцца падобніць кінагероям, не разумеюць найважнага для дзяўчат: толькі 1% юнакоў адабраюць курыльшчыц, 15% - абыякаўнічаюць, 84% - ставяцца рэзка адмоўна.

Ніхто з разумных талковых хлопцаў не хоча жонкаю курыльніцу. У замежжы дзяўчаты адвучваюцца курыць, гэта сорамна, непрэстыжна, страты фізіялагічныя, фінансавыя, а беларускія дурнічкі наслухаюцца павярхоўніцтва айчыннай і заходняй варожай рэкламы - пачынаюць смаліць. Грэшаць перад продкамі, нашчадкамі.

Пры нядаўнім апытанні з трохсот хлопцаў усяго двум было ўсё роўна, будзе курыць яго жонка ці не, астатнія (!) рэзка пратэставалі.

Дзяўчына спяшыла быць сучаснай, моднай, а трапіла ў катэгорыю жанчын, якіх не церпяць свякрухі і супрацоўнікі, ад якіх адварочваюцца сур'ёзныя мужчыны, сыходзяць хлопцы, мужы.

26. Дзяўчына курыць - траціць вялікія шанцы ўладкавацца на добрую працу. Уладзіцца - належнага аўтарытэту ў супрацоўнікаў не мецьме.

27. Жанчына курыць - дзіця калечыць, да нараджэння і пасля. Курылька ў тры-чаты-ры разы цяжэй і даўжэй нараджае. На траціну дзеці курыльшчыкаў з аслабелым генным фонам. Дзеці курыльшчыка, асабліва курыльшчыцы, пры ўсіх роўных магчымасцях на чвэрць меней здатныя да вучобы, працы. Гэта статыстыка не СНД-эўская, з далёкага замежжа (ЗША).

Тручэнне сябе і ваколля тытунёвым ядам - ганебная для цывілізаванага чалавека звычка. Паўмільёна мужчын сярэдняга ўзросту (35 - 69) штогод памірае ў Расіі, у 42% прычына смерці - курэнне. Яно перавышае анкалагічныя хваробы на 59%, сардэчна-сасудзістыя - на 44%, хваробы лёгкіх - на 70%. Захварэлыя курцы ўдвая раней паміраюць, чым некурцы.

Курэц па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ) ўкарочвае сваё жыццё на 18 - 20 гадоў, а то і трыццаць. Кожны так ці інакш пачынае захворваць праз 7 - 8 гадоў смалення. Рэклама, замоўчванне шкоды ад тытуню - свядомая дэзынфармацыя. Бязбожнае выхаванне моладзі, адсутнасць у чалавека адказнасці перад сям'ёй і блізкімі памагаюць крочыць тытунёваму наркотыку.

Малады хлопец штодня выкурвае 15 - 20 цыгарэтаў - скарачае жыццё на 12 гадоў ужо да саракагоддзя. Выкураная цыгарэта адбірае 15 хвілін жыцця. Курыльшчыкі ў 30 разоў часцей хварэюць на рак лёгкіх.

У тытунёвым дыме нямала палонію-210. Ад аднаго выкуранага пачка цыгарэт жанчына атрымвае дозу абпраменьвання ў сем разоў большую за ўсталяваную міжнародным пагадненнем па абароне ад радыяцыі.

У курыльшчыцы ў 25 гадоў праблемы з нараджэннем дзіцяці. Яно на 20 - 23% генетычна стане заслабленае. Нікацін ад закурылай цяжарніцы літаральна праз 3-5 хвілін праз плацэнту ў сэрцы і мазгах плода, народжанае дзіця фізічна і разумова моцна адстае ад равеснікаў.

Яно надыхалася не толькі нікаціну і серавадароду, аміяку і вокісу вугляроду, эфірных алеяў, а і стопрацэнтных канцэрагенаў - бензапірэну, палонію-210.

Дзеці да пяці гадоў з сям'і курца на 73,9% часцей хварэюць, курыць мама і тата - на 77%. У сям'і курца кашляюць днём і ноччу. Большасць дзяцей з недахопамі развіцця (калекаў, інвалідаў...) нараджаецца ад курыльшчыкаў і выпівохаў.

Колькі пахвалы людзям, што выхоўваюць хворае дзіцё, інваліда, і ні слова асуджэння бацькам, якія нарадзілі хварабітнае замест нармальнага. Паводзьцеся толкам маладыя і сталыя - не будзе у вас бракусоў. Аляксей Бялько супраць метадаў грэчаскай Спарты і Старажытнага Рыма, калі нявартасных дзяцей проста выкідвалі на звалкі-сметніцы. Нават не закопвалі. Цяперашнім бацькам патрэбна задумацца аб прычынах узрослай плыні ненармальных дзяцей ў цывілізаваных грамадствах ХХ-ХХІ стагоддзя. Іх асабістая віна высвеціцца многім.

Горка пазіраць на каляску з немаўлём, якую вязе бацька/маці з цыгарэтай у роце. Менавіта такіх рупліўцаў" сустракаюць праблемы пры доглядзе дзяцей, яўныя і патайныя праклёны неда- і слаба-развітых дзетак.

Розных накірункаў вялікія вучоныя свету сцвярджаюць: курэнне - павольнае самагубства. Сапраўдная нацыянальная трагедыя, калі нічога не падазравалыя дзеці, што жывуць бліз курыльшчыка, самі набываюць гэтую згубную прывычку.

Да хвароб ад курэння адносяцца язва страўніка, каранарная хвароба сэрца, бранхіт, эмфізема лёгкіх, трамбозы, зніжэнне палавой актыўнасці, імпатэнцыя, гіпертанія... Лёгкія 50-гадовых курцоў зношаныя, як у 80-гадовых некурцоў. У 1900 годзе на кожнага амерыканца старэй за 15 гадоў прыходзілася 54 цыгарэты на год, у 1958 - 3700 цыгарэт. У адным кілаграме тытуню, які курэц выкурвае за месяц, 70 мл тытунёвага дзёгцю. То бок за 10 гадоў праз курыльшчыка праходзіць звыш 8 л тытунёвага дзёгцю.

Курэц удвая часцей не выходзіць на працу па бюлетэнях, у пяць разоў часцей адсутнічае на працы, часта траўмуецца. Самы генетычна здаровы дзесяць гадоў пакурыў - у 3,5 разоў часцей хварэе.

Калі ў нармальнага чалавека ні з таго, ні з сяго млосць, ірвота, халодны пот, гэта сімптомы атручвання нервовых клетак мозгу. Стэнакардыя ў курцоў у 13 разоў, інфаркт міякарду ў 12 разоў часцей, чым у некурцоў; у дымароў кульгавасць, рэзкі боль у нагах, сухая маршчыністая скура, пажаўценне твару, друзлыя цягліцы, тусклы погляд, вяласць рухаў.

У СССР курцы паміралі на 15 гадоў раней: ад хвароб сэрца на 18 гадоў, ад бранхіту на 14 гадоў, ад раку лёгкіх на 11 гадоў. Пры некалькіх хваробах курэц загінаецца ўдвая раней часу.

Выкурванне дзвюх цыгарэт значна павышае кіслотнасць у страўніку, больш чым на адну гадзіну. Менавіта па-гэтаму многія еўрапейскія медыкі зусім адмаўляюцца лячыць гастрыты і язвы страўніка ў курцоў. Эфект лячэння ў такіх хворых нізкі, а то і бескарысны. Узнаўленне балячак у 4 разы часцей.

У ЗША вучоныя вывелі страшную статыстыку: штогод у краіне 300 тысяч ранніх смерцяў ад курава.

...Дзеці курыльшчыцаў адстаюць у разумовым і фізічным развіцці, бо яны спажывалі нікацін у грудным малацэ. Калі хлопчык выкурыў усяго дзве цыгарэты да 12 гадоў, 70% з іх стане курыць.

Нікацін па таксічнасці не ўступае сінільнай кіслаце, дзейнічае на цэнтр палавой функцыі, парушае менструацыі, часам перапыняе іх, зніжае слых, смакавыя, нюхальныя, зрокавыя функцыі.

Тытунёвую прамысловасць часам лічаць выгаднаю - з-за падаткаў, збораў, лёгкага вырошчвання, хуткага атрымання цыгарэт. Усе забываюць, што для сушкі лісцяў тытуню расходуецца шмат лясных рэсурсаў. У СССР для гэтага спальвалі мільярд дрэваў. Паперы не хапае, на цыгарэты, пачкі і каробкі знаходзіцца. Расходавалі штогод на тытунёвыя вырабы 100 тысяч тон першакласнай паперы. У 1976 годзе ў СССР сабралі 299 000 тон тытуню, зрабілі 340 мільярдаў цыгарэт.

Першакласныя землі засейваюцца тытунём, спальваецца мільярд дрэваў, вылятаюць у неба тысячы тон першакласнай паперы, упустую ідзе праца тысячаў рабочых, гандляроў, інжынераў, сотняў вучоных... - каб СССР траціў паўмільёна чалавек ад хвароб, звязаных з тытунём.

Сусветная тытунёвая прамысловасць пастаўляе на рынак каля чатырох трыльёнаў цыгарэт, прыбытак ад іх продажу - 85 - 100 мільярдаў долараў, па дадзеных СААЗ ("Здоровье мира", ІІ - ІІІ, 1980). (Паводле Ф. Р. Углова).

Акадэмік Фёдар Рыгоравіч Углоў, вялікі хірург і барацьбіт за здароўе народаў СССР і Расіі, рабіў хірургічныя аперацыі ў сто гадоў, ён усё жыццё рэзка адмаўляў чуму сучаснага чалавецтва - курава і п'янства. У размове са мною назваў мноства новых фактаў, падзей, прозвішчаў. Асабліва ўразіла мяне яго велізарная публікацыя "Самазабойцы" ("Возрождение России". С.-Петербург, 1995). Яго ціхія словы набатна гучаць праз гады:

- Мы і вы робім вялікую справу, як можна ратуем славянства ад курава і алкагалізацыі. Аднак трэба ясна ўсведамляць: калі ўрад не пачне энергічна змагацца з гэтай наркатою - яна ўсіх затопіць: народ, урад, дзяржаву. Болей таго, ведайце, тытунёўства цягне за сабою марыхуану, опій, наркату. Не хочам знікнуць з планеты, абавязаны на ўрадавым узроўні, не толькі сямейным і медыцынска-выхаваўчым, прымаць меры засцярогі супраць курава і п'янства, - гаварыў ён мне і барацьбіту з такім агідствам Валянціну Талкачову на канферэнцыі ў Менску.

(Працяг у наст. нумары.)


Музычныя ўрачыстасці юбілейнага года

31 кастрычніка ў Менску адбылася важная падзея, прысвечаная юбілейнаму году 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 500-годдзю Рэфармацыі ў Еўропе.

Таленавіты дырыжор, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў арганізаваў канцэрт духоўнай музыкі ў вялікай зале Белджяржфілармоніі. Разам з доктарам тэалогіі Ірынай Дубянецкай ён прадставіў панараму еўрапейскай музыкі эпохі Залатога веку Беларусі. Уся праграма каментавалася на літаратурнай беларускай мове ў лепшых традыцыях музычных салонаў.

Залу запоўнілі вернікі ўсіх канфеcій і аматары класічнай музыкі. Мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін упрыгожылі файе сваімі карцінамі, творчая група царквы "Ян Прадвеснік" у шляхетных строях вітала гасцей. Госці імпрэзы змаглі атрымаць друкаваныя аркушы з Бібліі Францішка Скарыны, зробленыя на адноўленым варштате.

Вечарыну адкрыў харал М. Лютэра "Цвярдыня наша - Вечны Бог". У выкананні сімфанічнага аркестра "Сapella Academia" і ансамбля салістаў "Вытокі" прагучалі творы І.С. Баха, Г.Ф. Гендэля, А. Дворжака, Мендэльсона-Бартольдзі, а таксама кампазітара Вацлава з Шамотул. Эпоха Рэфармацыі дала новую хвалю пераасэнсавання хрысціянства, і гэтыя працэсы адбіліся ў музыцы нямецкіх і чэшскіх кампазітараў.

Саліст Ілля Сільчукоў выканаў два фрагменты хваласпеваў з "Любчанскага канцыяналу" 1618 года - евангелічнага нотнага зборніка, выдадзенага ў мястэчку Любча. У выкананні арганіста Юрыя Габруся прагучала прэлюдыя на харал "Кyrie, Gott heiligier Geist". Салістка Наталля Акініна (меца-сапрана) прадставіла дзве арыі з араторыі " Месія". У выкананні салістаў Іллі Сільчукова і Юрыя Габруся прагучаў гімн Дж. Ньютона "Цудоўная ласка".

"Там над вечнаю краінай,

Бог, адвечны ў любові"

Аляксей Фралоў праявіў высокае мастацтва дырыжыравання. Ён уважліва прыслухоўваўся да кожнай скрыпкі і флейты, адчуваў кожны інструмент ў аркестры і даваў накірунак меладычным і вытанчаным гукам, прапускаючы іх праз сваю душу.

- Гэта цудоўна арганізаваная містэрыя на Божую хвалу. За гэтыя 500 гадоў жыве і ўзмацняецца любоў да Бога праз музыку і слова. Вельмі ўразіла высокамастацкая перадача такога складанага перыяду, як Рэфармацыя. Мастацтва музыкантаў вышэй пахвалы! - адзначыла паэтка Ядвіга Іванаўна Рай.

- Я ў захапленні ад канцэрту і атрымала вялікае эмацыйнае задавальненне. Я даўно ведаю Аляксея Фралова. У адным чалавеку столькі талентаў, якія даюць, напэўна, эпохі пераломныя, адраджэнцкія. І музыкант, і дырыжор, і музыказнаўца, і даследчык, і папулярызатар - проста харызматычная асоба, якая яднае і прыцягвае да сябе. Я не толькі прысутнічала на яго канцэртах, але ўдзельнічала ў цудоўных экскурсіях і слухала аповеды пра старажытную музыку, - сказала слухачка, якая назвалася Тамарай Мікалаеўнай.

Аляксей Фралоў кансалідаваў музыкантаў на выкананне складаных твораў і выдатна склаў праграму канцэрту. Ён выбраў узнёслыя і дынамічныя творы, хваласпевы. У мінулым годзе музыкант паспяхова ажыццявіў міжнародны праект "Карона Скандынаўскага архіпелага".

8 лістапада ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца яшчэ адзін канцэрт пад кіраўніцтвам А. Фралова " TUBA MIRUM" з удзелам Менскага канцэртнага аркестра "Няміга" , Minsk trombone quartet і спецыяльнага госця - прафесара Жака Мажэ ( трамбон) з Францыі.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1-2. Аляксей Фралоў, аркестр і Дзяржаўны камерны хор; 3. Госці і ўдзельнікі імпрэзы.


Да юбілею Якуба Коласа

11 лістапада ў Лідскім політэхнічным ліцэі прайшла літаратурная імпрэза да 135-годдзя з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа. Арганізавала мерапрыемства выкладчыца беларускай мовы Галіна Андрэеўна Кіслая.

У сустрэчы бралі ўдзел намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік, намеснік старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Сяргей Трафімчык і шаноўны госць з Менска, лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройця, пісьменнік і бард Зміцер Бартосік. Акрамя навучэнцаў прысутнічалі і выкладчыкі.

Гэты ліцэй вызначаецца ў Лідзе паважным стаўленнем да беларускай мовы. Сёлета тут упершыню прайшла агульнанацыянальная дыктоўка. Дзеці бяруць удзел у раённай алімпіядзе па беларускай мове.

Наш кар.


Новая выстава ў Менску

1 лістапада ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё выстаўкі члена Беларускага саюза мастакоў Віктара Кірылавіча Барабанцава "Фарбы жыцця". Выстаўка прысвечана 70-гадоваму юбілею мастака.

На выставе экспануецца больш за 80 жывапісных работ мастака, створаных за апошнія 10 гадоў. "Фарбы жыцця" Віктара Барабанцава - гэта яго філасофія стварэння. Ні на адной карціне аўтара вы не ўбачыце крыві або зброі. Ўся творчасць майстра прасякнута святлом і прыроднай гармоніяй.

Віктар Барабанцаў паслядоўны прыхільнік рэалізму і лічыць гэты кірунак мастацтва невычэрпным. Ён працуе ў жанры пейзажа, нацюрморта, партрэта, тэматычнай кампазіцыі. Удумліва шукае сюжэты для кожнай карціны. Яго творчасць вызначаецца эпічным поглядам на Радзіму. Вада, лес, аблокі, палеткі, неба, дарогі... Усё мае сваё жывое дыханне.

Нам вельмі спадабаліся рэалістычныя, натхнёныя пейзажы, якія ўслаўляюць родную прыроду: "Жнівень", "Квітнеючы май", "Сакавіцкі сонечны дзень", "Яблычная пара", "Лясная рака"...

Тэма беларускіх святаў праходзіць праз ўсю творчасць мастака: "Калядная зорка да нас завітала", "Ула. Святочная раніца", "На Каляды". Мастак імкнецца паказаць шматграннасць святочных традыцый, а таму манументальна падыходзіць да кожнага палатна, якое адметна сюжэтам, глыбінёй, фарматам, прасторай і адлюстроўвае атмасферу гістарычнасці.

Віктар Барабанцаў - вядомы і як майстар партрэтнага жанру. Творы майстра створаны з натуры. Нам асабіста, як сябрам ТБМ, было прыемна пабачыць на выставе партрэты народннага паэта Ніла Гілевіча і славутай пісьменніцы Вольгі Іпатавай!

На адкрыцці выставы сабралася больш за 150 прадстаўнікоў творчай інтэллегенцыі, сярод якіх сябар творцы, народны артыст Эдуард Ханок. Мы былі вельмі задаволены, што наведалі імпрэзу.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, краязнавец, журналіст.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX