Вярнуцца: 2017

№ 47 (1354)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 47 (1354), 22 лістапада 2017 г.


Новы Запавет на сучаснай беларускай літаратурнай мове

15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы быў прадстаўлены грамадскасці і чытацкім колам новы пераклад на беларускую мову Новага Запавета, які завершыла Біблейская камісія да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання.

Да сённяшняга дня ні адзін з раней зробленых перакладаў Новага Запавета на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі.

"Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста" - плод саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, якія распачалі гэтую працу 25 гадоў таму па дабраславенні мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, цяпер ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь.

Выкладчык Інстытута тэалогіі протаіерэй Сергій Гардун распавёў пра асаблівасці лексікі аўтарскіх перакладаў Евангелля Л. Дзекуць-Малея і В. Гадлеўскага, Я. Станкевіча, П. Татарыновіча, У. Чарняўскага, М. Міцкевіча, В. Сёмухі, А. Клышкі.

У тэкстах Васіля Сёмухі ўжывалася шмат новатвораў, такіх як "мілажаль", "мілата". Ксёндз Пётр Татарыновіч згодна з каталіцкай традыцыі называў Хрыста "Баранкам Божым", у новым перакладзе Біблейскай камісіі выбраны выраз: "Агнец Божы".

Не была забыта руплівасць па перакладзе Евангелля ў Таронта Антося Галіны, брата Якуба Коласа. Узгадваючы яго, міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч пажадаў, каб мы былі галінкамі аднаго дрэва, якія развіў Ісус Хрыстос.

Старшыня ТБМ Алена Анісім падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да вялікай працы і выказала ўпэўненасць, што новы пераклад будзе выкарыстаны ў штодзённым ужытку.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел уручыў узнагароды тым, хто працаваў над перакладам: кандыдату багаслоўя протаіерэю Сергію Гардуну, бакалаўру багаслоўя протаіерэю Аляксандру Пачопку, доктару філалагічных навук Івану Чароце, кандыдату філалагічных навук Уладзіміру Васілевічу, кандыдату багаслоўя Алесю Каралю, протаіерэю Георгію Латушку.

Пераклад зроблены з старажытнагрэцкага тэксту, традыцыйна ўжытнага ў праваслаўнай царкве. Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.

Кніга надрукавана ў праваслаўнай друкарні Orth-druk (Беласток, Польшча) накладам у 6 тысяч асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. З іх 500 асобнікаў - падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам. Выдавецкая рада падрыхтуе яшчэ некалькі варыянтаў афармлення кнігі, каб яна стала настольнай кнігай для хрысціян, - адзначалася на прэзентацыі.

Выданне тэкстаў Свяшчэннага Пісання Новага Запавету ў новым перакладзе на сучасную беларускую мову мае агульнанацыянальнае і гістарычнае значэнне. Цяпер у грамадзян Беларусі з'явілася магчымасць чытаць і вывучаць Свяшчэннае Пісанне на роднай мове ў высокапрафесійным перакладзе.

Мерапрыемства завершыла выступленне Мітрапалічага хору Свята-Духава кафедральнага сабора Менска пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Э. Оліна, фота з СМІ і аўтара. 1. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел; 2. Выступае Алена Анісім.


180 гадоў з дня нараджэння Міхала Эльвіра Андрыёлі

Міхал Эльвіра АНДРЫЁЛІ (26 лістапада 1837, Вільня - 23 жніўня 1893, Налянчоў) - мастак (жывапісец і графік) і ілюстратар, які працаваў у Літве, Польшчы, Францыі; прадстаўнік рамантызму. Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў.

Бацька Міхала Эльвіра Андрыёлі, італьянец Франчэска Андрыёлі (1794-1861), служыў у арміі Напалеона і, патрапіўшы ў палон да рускіх, пасяліўся ў Вільні. Жывапісец, разьбяр і дойлід, ён працаваў скульптарам (рэстаўраваў скульптуры кафедральнага сабора).

Свайго сына ён адправіў у Маскву вучыцца медыцыне (1855). Але Міхал Эльвіра супраць волі бацькі, услед за сваім сябрам, мастаком Вінцэнтам Сляндзінскім перайшоў у Вучылішча жывапісу і скульптуры Маскоўскага мастацкага таварыства, дзе займаўся пад кіраўніцтвам земляка, мастака Сяргея Заранкі, а таксама вядомага расійскага мастака-перасоўніка Аляксея Саўрасава. У 1857-1859 гадах вучыўся ў імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, затым удасканальваўся ў Акадэміі святога Лукі ў Рыме (1860-1861).

Вярнуўся ў Літву і ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года, ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута. Пасля паразы паўстання хаваўся ў Вільні, Коўне, Маскве, але быў арыштаваны і пасля суда адпраўлены адбываць заключэнне ў Рыгу. Здолеў выбрацца за мяжу і праз Швецыю і ў Данію з'ехаў у Англію. Абаснаваўся ў Лондане, затым перабраўся ў Парыж. На радзіму вярнуўся як эмісар Камітэта польскай эміграцыі, у 1866 г. быў схоплены і сасланы ў Вятку. У Вятцы прабыў з 1868 па 1871, распісваў кафедральны сабор; памочнікам у яго быў будучы вядомы рускі мастак В.М. Васняцоў. Пісаў партрэты (у тым ліку ўладыкі Апалоса), даваў прыватныя ўрокі малявання. Сярод яго вучняў быў малодшы брат Віктара Васняцова А. М. Васняцоў.

Памілаваны ў 1871 годзе, пераехаў у Варшаву, дзе працаваў ілюстратарам для часопісаў "Тыгоднік Ілюстраваны" ("Tygodnik Ilustrowany"), "Klosow" і іншых выданняў; ілюстраваў творы Адама Міцкевіча, Юліюша Славацкага, У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі, Ю. Крашэўскага і іншых беларускіх і польскіх пісьменнікаў і паэтаў. Апроч ілюстрацый да "Пана Тадэвуша", асабліва вядомыя ілюстрацыі Андрыёлі да паэм Міцкевіча "Гражына" і "Конрад Валенрод", створаныя ў 1879-1882 гадах.

Да 1880 года Андрыёлі жыў у Стасінове (цяпер частка Мінска-Мазавецкага), дзе купіў маёнтак з садам у сям'і Тарчыньскіх. Пазней пераехаў на поўнач ад Карчава ў фальварак Анелін.

Пахаваны на могілках у Налянчове (Люблінскае в-ва).

Вікіпедыя.


110 гадоў з дня нараджэння Міхася Скрыпкі

Міхась (Міхаіл Аляксандравіч) СКРЫПКА (26 лістапада 1907, в. Месціна, цяпер Бярэзінскі р-н - 8 кастрычніка 1991) - беларускі пісьменнік-сатырык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум (1930). Працаваў настаўнікам у Рагачоўскім раёне. Скончыў завочна літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1940). У час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах, у 1944-1945 - у Чырвонай Арміі. Пасля вайны працаваў настаўнікам у школах Магілёўшчыны і Меншчыны, у т.л. у 1952-1954 г. - настаўнікам Талькаўскай СШ. У 1965-1971 працаваў намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР.

Дэбютаваў у друку у 1927. Аўтар зборнікаў баек, вершаў, мініяцюр "Сатыра і гумар" (1958), "Сатырычны калаўрот" (1967), "Ад смеху не ўцячэш" (1975), зборнікаў аповесцей, апавяданняў і гумарэсак "Мая хата не з краю" (1959), "Пад корань" (1962), "Усяк бывае…" (1963), "Шануючы вас" (1982), кніжак антырэлігійных нарысаў "Сцеражыся цемрашалаў!" (1964), "Дзіва ў кошыку" (1983), "Злазьце - прыехалі!" (1985), "З сэрцам і перцам" (1987), кніжкі апавяданняў для дзяцей "Дзіва ў рэшаце" (1963) і вершаванага зборніку "Пад смешнай вясёлкай" (1971). Выйшла кніга выбраных твораў "І з перцам і з сэрцам" (1977).

Выступаў як драматург. Аўтар сцэнарыя кароткаметражнай тэлекамедыі "Акадэмік" (пастаўлена ў 1963). Аўтар звыш трыццаці аднаактовых п'ес, камедый для мастацкай самадзейнасці "Дадому" (1958), "Тэлеграма" (1959), "Землякі" (1962), "Чорт дапамог" (1963), "Навагодняя сустрэча" (1963), "Небяспечны госць" (1964), "На сваю галаву" (1966) і інш.

Перакладаў з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя вершы А. Твардоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Барто, С. Алейніка, А. Вішні, П. Глазавога і інш.

Вікіпедыя.


Дзеля нацыянальнай памяці

Н.І. Качанавай,

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Аб ушанаванні памяці Адама Кіркора

Шаноўная Наталля Іванаўна!

У наступным годзе споўніцца 200 гадоў з дня нараджэння Адама Кіркора, вядомага беларускага краязнаўца, археолага, гісторыка і выдаўца, аўтара 3-га тома Энцыклапедыі "Живописная Россия", які цалкам прысвечаны Беларусі.

У сувязі з гэтым мы прапануем:

1) Надаць імя Адама Кіркора аднаму з беларускіх музеяў.

2) Выдаць паштовую марку і адпаведны канверт у гонар А. Кіркора.

3) Даручыць Нацыянальнаму Банку Беларусі выдаць з гэтай нагоды юбілейную манету.

4) Надаць імя Адама Кіркора адной з вуліц нашай сталіцы.

З павагай, Старшыня ТБМ А. Анісім.



Ю.П. Бондару,

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь.

Пр. Пераможцаў, 11,

220004, Мінск.

Аб ушанаванні памяці Казіміра Семяновіча

Шаноўны Юрый Паўлавіч!

Асоба Казіміра Семяновіча займае значнае месца ў нашай гісторыі. Чалавек, які першым у свеце распрацаваў тэорыю ракетнай зброі, заслугоўвае значна большага ўшанавання, чым зараз.

У сувязі з гэтым просім уключыць у план Вашага Міністэрства распрацоўку і ўсталяванне ў г. Мінску помніка нашаму знакамітаму земляку. Адным з месцаў для размяшчэння помніка можа быць сквер насупраць Дома Афіцэраў у цэнтры нашай сталіцы.

Даводзім таксама да Вашага ведама, што праект гэтага помніка ўжо распрацаваў вядомы беларускі скульптар Іван Місько.

З павагай, Старшыня ТБМ А. Анісім.



Ю.П. Бондару,

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь.

Пр. Пераможцаў, 11,

220004, Мінск.

Аб размяшчэнні інфармацыі на дзяржаўнай беларускай мове ў экспазіцыі ў Косаве

Шаноўны Юрый Паўлавіч!

У сродках масавай інфармацыі шырока асвятлялася адкрыццё экспазіцыі ў Косаўскім палацы. Пры гэтым адзначаецца, што інфармацыя на дзяржаўнай беларускай мове адсутнічае.

У сувязі з гэтым прапануем Вам прыняць неабходныя захады для таго, каб у Косаўскім палацы з'явілася ўся інфармацыя на дзяржаўнай беларускай мове.

Спадзяемся, што ва ўстановах культуры, якія падпарадкоўваюцца Вашаму Міністэрству, больш не будзе такіх выпадкаў ігнаравання дзяржаўнай беларускай мовы.

З павагай, Старшыня ТБМ А. Анісім.


Мы жывём на адной зямлі, і трэба дамаўляцца

Аўтарытэтным было выступленне на ХIII з'ездзе ТБМ старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы. Мы працягнулі нашу размову з Рыгорам Сямёнавічам ў офісе творчай арганізацыі. Спадар Рыгор узначальвае згуртаванне айчынных мастакоў з 2013 года. Вопытны графік выкладаў у Беларускім каледжы і ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Рыгор Сітніца вядомы таксама як паэт і публіцыст. Яго творы друкаваліся ў часопісах "Полымя" і "Дзеяслоў", а таксама - за мяжой. Ён з'яўляецца лаўрэатам літаратурных прэмій "Полымя" (2001) і "Залаты апостраф" (2006).

- Рыгор Сямёнавіч, на з'ездзе Вы ўзнялі важную тэму супрацоўніцтва ТБМ з дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі.

- Я вельмі ўсцешаны тым, што ТБМ мае свайго прадстаўніка ў Парламенце. Яшчэ лепш, каб іх было дзесяць. Кожны дзень беларускай незалежнасці працуе на тое, каб мянялася свядомасць урадавых людзей. Пахадзіўшы па розных кабінетах, я нідзе не сустракаў ворагаў беларушчыны. Прынамсі, адкрытых праціўнікаў я не бачыў. Дык навошта нам сварыцца, ці не лепей нам пашукаць кропкі ўзаемапаразумення?! Узгадваю тыя помнікі, якія мы паставілі яшчэ з тагачасным камуністам Генадзем Карпенкам. Мы былі ледзь не на супрацьлеглых пазіцыях. Там дзе трэба было, я яго пераканаў, што павінна паўстаць у горадзе скульптура войта з граматай, каб моладзь ведала, што такое Магдэбургскае права.

Скульптуры Манюшкі і Дуніна-Марцінкевіча павінны былі паўстаць яшчэ ў 2014 годзе да хакейнага чэмпіянату. Але некаторыя гісторыкі запярэчылі ў дэталях. Тады мне давялося даказваць, што мы лепім мастацкі вобраз, а не гістарычны дакумент. Я прыводзіў прыклады тагачаснаму мэру, што Пётр І не гарцаваў на кані і не душыў змея, але такі помнік стаіць у Пецярбурзе. Мінін і Пажарскі таксама ніколі побач не сядзелі, бо адзін быў князь, а другі - мешчанін. Але на помніку яны - побач. Давялося тлумачыць усё гэта, і фінансаванне на 2 гады было згублена. Урэшце, удалося дамовіцца. Мы жывём на адной зямлі, і трэба дамаўляцца. Дамовіцца можна толькі сваім аўтарытэтам і адэкватнымі паводзінамі. Ёсць людзі, якія не гавораць па-беларуску, але маюць беларускую свядомасць. Трэба выкарыстоўваць сітуацыю для нашай справы. Сёння час спрыяе нам. Такі ход гісторыі. З'яўляюцца новыя і новыя зацікаўленыя людзі. Шмат беларускамоўных людзей з'явілася ў царкве. Кожны дзень незалежнай беларускай дзяржавы падымае нас. Кожнаму з нас хацелася, каб увсё прыйшло адразу. Але будзе ўсё паступова. Мы павінны ведаць, што ёсць час на самарэалізацыю, якая павінна выліцца ў канкрэтныя справы.

Мы з Беларускім саюзам мастакоў робім выставы пад кожнае нацыянальнае свята, і ніхто нам не пярэчыць (да юбілею Грунвальда, да 1000-годдзя гістарычнай Літвы). Праводзілі выставу памяці Альгерда, рабілі дзве выстаўкі на тэму Курапатаў. Трэба даказваць свае пазіцыі сваім аўтарытэтам і сваімі паводзінамі.

- Вы спрыялі ўшанаванню памяці Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна правядзеннем вечарын у сваёй зале.

- Мы завяршаем працу над вялікай мемарыяльнай дошкай Рыгору Барадуліну, падрыхтавалі месца для яе. Яе аўтар - Ігар Засімовіч. Неўзабаве, яна будзе ўсталявана на доме па вул. Мележа, дзе жыў народны паэт.

У наступным годзе будзем выходзіць з ініцыятывай да мэра Менска аб усталяванні дошкі да 100-годдзя БНР. З маладзечанцамі распрацоўваем ідэю паставіць помнік Янку Купалу-шляхціцу. Ніколі Купала не насіў касаваротку, як зрабілі на помніку ў скверы. Ён быў шляхетнага паходжання, вельмі модным і прыгожым хлопцам. Ён вучыўся ў Пецярбурзе, сябраваў з Сяргеем Гарадзецкім - адным з выбітных дзеячаў сярэбранага веку паэзіі, і мусіў адпавядаць таму асяроддзю.

У Віцебску мы паставілі помнік вялікаму князю ВКЛ Альгерду. Працуем над помнікам Гедзіміну ў Лідзе. Застанецца ў Наваградку паставіць Міндоўга. Нарэшце, ужо і ўлада зразумела, што гісторыя ахоплівае не 100 гадоў, і ідзе на супрацоўніцтва.

- Мастакі актыўна далучыліся да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання?

- Сёлета мы праводзілі мастацкі графічны пленэр у Полацку, міжнародны пленэр "Скарынэр" ў Друі, працы з якога дэманстраваліся ў Менскім Чырвоным касцёле. 17 лістапада будзе адкрыта вялізарная выстава ў Палацы мастацтваў "Скарыніяна". Натуральна, што адбудзецца выстава да 100-годдзя БНР. Мастакі адкрываюць экспазіцыі на свае заробленыя сродкі.

- Што будзе прадстаўлена з Вашай асабістай творчасці ў бліжэйшы час?

- У траўні 2018 года ў Нацыянальным мастацкім музеі пройдзе мая персанальная выстава. Выйшаў альбом з графічнымі працамі на 240 старонак. Хутка выйдзе кніга вершаў "Ток". Я выбраў назву ёмкую, шматзначную. Яна ахоплівае сэнсы: ток крыві, жыцця, ток, дзе малоцяць зерне. 23 студзеня ў вялікай зале Філармоніі адбудзецца мая аўтарская вечарына.

Гутарыла Эла Дзвінская, На фота аўтара: Рыгор Сітніца выступае на ХIII з'ездзе ТБМ.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

760. Мазурык (Адам) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Мазур і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мазурык. ФП: мазур (мн. мазуры 'этнаграфічная група палякаў, якая насяляе паўночна-ўсходнюю частку Польшчы') - Мазур (мянушка, потым прозвішча) - Мазурык. Або семантычны вытвор ад апелятыва мазурык (разм.) 'злодзей, махляр, ашуканец'.

761. Мазурэнка (Сяргей) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Мазур і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мазурэнка. ФП: мазур (мн. мазуры 'этнаграфічная група палякаў, якая насяляе паўночна-усходнюю частку Польшчы') - Мазур (мянушка, потым прозвішча) - Мазурэнка.

762. Майданаў (Дзяніс) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Майдан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Майданаў. ФП: майдан ('плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца базары'; а таксама 'адмысловы від курганаў, старажытных магілаў, звычайна раскапаных зверху') - Майдан (мянушка, потым прозвішча) - Майданаў.

763. Майсеенкаў (Анатоль) - вытвор з прыналежным суфіксам - аў ад антрапоніма Майсеенак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Майсеенкаў. ФП: Майсей (імя <ст.-яўр. 'заканадаўца') - Майсеенак ('нашчадак Майсея', суф. -енак) - Майсеенкаў.

764. Майсяёнак (Аляксандр) - вытвор з суфіксам недаросласці - ёнак ад антрапоніма Майсей і зна-чэннем 'нашчадак названай асобы': Майсяёнак. Гл. Майсеенкаў.

765. Макаёнак (Андрэй) - вытвор з суфіксам -онак ад антрапоніма Макай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Макайонак - Макаёнак. ФП: макай ('той, хто макае' (намочвае скуру пры яе апрацоўцы падчас вырабу аўчын і пад.)). Макай (мянушка, потым прозвішча) - Макаёнак. Або вытвор ад Макей (імя <грэц. 'насмешнік') з суфіксам -ёнак і спрашчэннем структуры дэрывата: Макеёнак - Макяёнак - Макаёнак.

766. Макацёр (Цярэшка) - семантычны вытвор ад апелятыва макацёр 'гліняная пасудзіна, у якой звычайна труць мак, ільняное і канаплянае семя і інш.'.

767. Макейчык (Кароль) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Макей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Макейчык. ФП: Макей (імя, з мовы грэкаў з семантыкай 'насмешнік') - Макей (прозвішча) - Макейчык. Або як памянш.-ласк. да Макей - Макейчык.

768. Макітрук (Святлана) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Макітра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Макітрук. ФП: макітра ('тое, што і макацёр', 'гліняная пасудзіна, вузкая ўнізе і шырокая зверху, у якой звычайна труць мак, льняное і канаплянае семя і інш.') - Макітра (мянушка, потым прозвішча) - Макітрук.

769. Маклакаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Маклак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маклакаў. ФП: маклак / макляк ('пра надта мокрае', 'змакрэлы') (СНМЗ) - Маклак (мянушка, потым прозвішча) - Маклакаў.

770. Макоўскі (Канстанцін) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Макаўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Макоў(к)скі.

771. Макрыцкая (Зінаіда) - вытвор з фармантам -ская (-ская) ад тапоніма Макрыца і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Макрыцская - Макрыцкая. ФП: мокры ('насычаны вільгаццю; сыры') - макрыца ('мокрае месца, мясціна', макрыца) - Макрыца (тапонім) - Макрыцкая.

772. Максімук (Святлана) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Максім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Максімук. ФП: Максім (імя -грэц. Maximos 'самы вялікі') - Максім (прозвішча) - Максімук.

772. Макушэнка (Ігар) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Макуха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Макуш(х/ш) энка. ФП: макуха 'рэшткі семя (льнянога, сланечнікавага і пад.) пасля выціскання з яго алею' - Макуха (мянушка, потым прозвішча) - Макушэнка.

773. Малаш (Міхаіл) - гутарковая форма кананічнага Малахій або Малафей (ст.-яўр. 'мой пасланец') набыла ролю прозвішча.

774. Малашка (Валерый) - гутарковая форма імя Малафей / Малахій (ст.-яўр. 'мой пасланец') набыла ролю прозвішча. Або вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Малах і значэннем 'асоба жаночага роду (жонка, дачка)': Малаш(х/ш)ка.

775. Маленчанка (Рыма) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Маленькі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маленчанка. ФП: малы ('невялікі, нізкі ростам; нядоўгі, слабы; малаважны, малалетні') - маленькі (пам.-ласк. форма) - Маленькі (мянушка) - Маленькі (прозвішча) - Маленчанка. Або ад імя (ст. рэдк.) Мал (лац. malus 'злы, дурны').

776. Малкіна (Ія) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Малка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Малкіна. ФП: малка ('малая - ж. ад малік' 'малы' ('малютка' - Нас.)) - Малка (мянушка, потым прозвішча) - Малкіна.

777. Мальчэўская (Алёна) - вытвор з фармантам -эўская ад тапоніма Малькі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Мальч(к/ч) эўская. ФП: малёк ('маленькая рыбка, якая нядаўна выйшла з ікры') - Малёк (мянушка, потым прозвішча) - Малькі ('паселішча з прозвішчамі Малёк, тапонім') - Мальчэўская. Або ад малько 'малы чалавек, малеча' - Малькі / Малеча - Мальчэўская.

778. Мамка (Вікторыя) - семантычны вытвор ад апелятыва мамка 'мама-донар'.

779. Мамчыц (Адам) - другасная форма, першасная Мамчыч - вытвор з суфіксам бацьканаймення - іч ад антрапоніма Мамка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мамкыц - Мамчыч - Мамчыц. ФП: мамка - Мамка (гл.) - Мамчыч - Мамчыц.

780. Манаеў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Манай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Манайеў. ФП: Мануіл (імя <ст.-яўр. 'з намі Бог') - Манай (народна-гутарк. форма) - Манай (празванне. потым прозвішча) - Манаеў.

781. Мандроўская (Зінаіда) - вытвор з фармантам -ская / -оўская ад тапоніма Мандроўка / Мондрыкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Мандроў(к)ская, Мондр(-ык-)оўская. ФП: мондры (<польск. mаdry 'мудры, разумны') - мондрык ('мудры, разумны чалавек') - Мондрык (мянушка, потым прозвішча) - Мондрыкі ('мясцовасць, паселішча з прозвішчамі Мондрык') - Мандроўка (тапонім) - Мандроўская.

782. Манкевіч (Алена) - вытвор з фармантам -евіч ад антрапоніма Манко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Манкевіч. ФП: Манко ('той, хто маніць, абманвае': манко) - Манко (мянушка, потым прозвішча) - Манкевіч. Або варыянт імя Мануіл (ст.-яўр. 'з намі Бог') - Манко (1541) з фармантам -евіч: Манк(о)евіч.

783. Мар'яннічэнка (Вадзім) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Мар'яннік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мар'янніч(к/ч)энка. ФП: мар'яннік ('аднагадовая расліна сямейства залознікавых') - Мар'яннік (мянушка, потым прозвішча) - Мар'яннічэнка.

784. Марачкін (Аляксей) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Марачка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Марачкін. ФП: марачка (жан. да марак, а таксама 'жонка марака') - Марачка (мянушка, потым прозвішча) - Марачкін.

785. Маркач (Ларыса) - семантычны вытвор ад апелятыва маркач 'баран-вытворнік'.

786. Маркачоў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам - аў ад антрапоніма Маркач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маркачоў. ФП: маркач ('баран-вытворнік') - Маркач (мянушка) - Маркач (прозвішча) - Маркачоў.

787. Маркевіч (Мікола) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Марка / Марк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маркевіч. ФП: Марк і Марка (улас. імёны <лац. Marcus 'вялы, слабы') - Марк (прозвішча) - Маркевіч.

788. Маркеева (Таццяна) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Маркей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маркейева. ФП: Маркей (старадаўняе імя) - Маркей (мянушка, потым прозвішча) - Маркеева.

789. Мармыш (Анастасія) - семантычны вытвор ад апелятыва мармыш (ВСБМ), які мае розныя значэнні: 1) 'мармытун (гаворыць ціха, невыразна)'; 'балбатун'; 2) 'разнавіднасць блясны (для лоўлі рыбы)'.

790. Мармышаў (Аляксей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў антрапоніма Мармыш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мармышаў. ФП: мармыш ('невялікі вадзяны рачок') - Мармыш (мянушка) - Мармыш і Мармыш (прозвішча) - Мармышаў і Мармышоў.

791. Мартынчук (Васіль) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Мартын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мартынчук. ФП: Мартын (імя <лац. Martinus - Mars) - Мартын (празванне, потым прозвішча) - Мартынчук.

792. Мартынюк (Андрэй) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Мартын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мартынюк. ФП: Марцін (імя <лац. Martinus - вытвор ад Mars, Martin) - Мартын (варыянт з цвёрдым [т], які набыў ролю нармаванага імя) - Мартын (прозвішча) - Мартынюк.

793. Маруда (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва маруда 'чалавек, які вельмі павольна ўсё робіць', 'марудны'.

794. Марук (Алёна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Мар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Марук. ФП: Мар (імя, старае, рэдкае <лац. marus 'мужчына, мужны') - Мар (мянушка, потым прозвішча) - Марук.

795. Мархель (Таццяна) - форма трансфармацыі антрапоніма Мархольд (мена фіналі -хольд на - хель), якая набыла ролю мянушкі, а потым прозвішча.

796. Марчанка (Аляксандр) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Марк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маркенка - Марч(к/ч)анка. ФП: Марк (імя <лац. 'быць вялым, слабым') - Марк (мянушка, потым прозвішча) - Марчанка.

797. Марыніч (Максім) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Марын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Марыніч. ФП: Марын (імя, <лац. marinus 'марскі') - Марын (празванне, потым прозвішча) - Марыніч.

798. Масакоўскі (Уладзімір) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Масакі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Масак-оўскі. ФП: Майсей (імя <ст.-яўр. Mose 'яўрэйскі заканадаўца') - Мас і Масак (варыянты імя) - Масак (мянушка) - Масак (прозвішча) - Масакі ('мясцовасць з прозвішчамі Масак') - Масакоўскі.

799. Маскальчук (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Маскаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маскальчук. ФП: маскаль (ст. бел. маскаль 'падданы Маскоўскай дзяржавы' (Нас.)) - Маскаль (мянушка, потым прозвішча) - Маскальчук. Або пам.-ласк.-зневаж. форма да Маскаль.

800. Маскоўка (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва маскоўка 'невялікая птушка з роду сініц'.

801. Маслоўская (Таццяна) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Маслы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Маслоўская. Або шляхетная форма ад антрапоніма Масла.

802. Маслюкоў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Маслюк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маслюкоў. ФП: маслюк (рэг.) масляк ('грыб з жоўтакарычневай слізістай шапкай', суфікс -юк: маслюк) - Маслюк (мянушка, потым прозвішча) - Маслюкоў.

803. Мастоўская (Таццяна) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Масты і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Мастоўская.

804. Масько (Таццяна) - народна-гутарковая форма імя Майсей (<ст.-яўр. Mose 'яўрэйскі заканадаўца') набыла ролю прозвішча ( Мось з 1564 г.) - Мосько - Масько.

805. Маталыцкі (Міхаіл) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Маталыкі і значэннем 'народзінец названай мясціны': Маталыкскі > Маталыцкі.

806. Матузка (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва матуза і матуз 'вяровачка, зборка, пасма для завязак'. Або вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Матуз і значэннем 'жонка названай асобы': Матузка.

807. Матушкіна (Аксана) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Матушка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Матушкіна. ФП: матушка ('жонка святара, пападдзя') - Матушка (мянушка) - Матушка (прозвішча) - Матушкіна.

808. Матэйка (Ян) - гутарковая форма ад імя Мацвей (ст.-яўр. 'Божы дары'). ( Матэвуш) набыла ролю прозвішча (утварэнне: Мат(эуш) - эйка).

809. Маханько (Андрэй) - відаць, другасная форма, першасная Махаонька - семантычны вытвор ад апелятыва махаон 'буйны дзённы матыль з жоўтымі крыламі ў чорныя крапінкі', які стаў мянушкай і потым прозвішчам Махаон, ад якога з фармантам -ька ўзнікла назва асобы жаночага роду Махаонька, канцавое - ко для абмежавання ад апелятыва ці паводле моды (уплыў рускай мовы) - Махаонько - Маханько.

810. Мацулевіч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення - евіч ад антрапоніма Мацуль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мацулевіч. ФП: Мацвей (<ст.-яўр. 'Божы чалавек') - Мацуль (з 1558 г.) - Мацуль (прозвішча) - Мацулевіч.

811. Мацюшка (Аляксей) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Мацюша і значэннем 'нашчадак (жонка, дачка) названай асобы': Мацюшка. ФП: Мацей (імя <ст.-яўр: 'Божы чалавек') - Мацюша (ласк. форма) - Мацюша (празванне) - Мацюша (прозвішча) - Мацюшка. Або ласк. ад Мацей (Мацвей).

812. Мацюшкова (Дар'я) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Мацюшка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мацюшкова. ФП: Мацей (імя, <ст.-яўр. 'Божы чалавек') - Мацюш (разм. форма з фармантам -юш) - Мацюшка (памянш.-ласк. да Мацюш, фармант -ка) - Мацюшка (мянушка, потым прозвішча) - Мацюшкова.

813. Мацюшэўскі (Рыгор) - вытвор з фармантам -скі/-эўскі ад тапоніма Мацюшэўка / Мацюшы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Мацюшэўскі, Мацюшэўскі. ФП: Мацвей і Мацей (імя) - Мацюша (народна-гуарковая форма) - Мацюшы ('паселішча з прозвішчамі Мацюша') - Мацюшэўка (тапонім) - Мацюшэўскі.

814. Машко (Яўген) - народна-гутарковая форма канан. імя Майсей (<ст.-яўр. Mose 'яўрэйскі заканадаўца') набыла ролю прозвішча.

815. Машкова (Дзіяна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Машко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Машкова. ФП: Эпімах (ст. рэдк. імя, з мовы грэкаў 'аказваць ваенную дапамогу') - Апімах (народная форма) - Машко (мянушка, потым прозвішча) - Машкова.

816. Машлякевіч (Раман) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Машляк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Машлякевіч. ФП: машляк (рэг.) 'масляк' (грыб) - Машляк (мянушка, потым прозвішча) - Машлякевіч.

817. Медзюк (Алёна) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Медзь і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Медзюк. ФП: медзь ('хімічны элемент, метал чырванаватага колеру, выраб з гэтага металу'; (перан.) 'медныя грошы') - Медзь (мянушка) - Медзь (прозвішча) - Медзюк.

(Працяг у наст. нумары.)


Узгадваючы гістарычны дзень у Падуі

У ланцугу творчых юбілейных імпрэз, прысвечаных Францішку Скарыну, выдатнае мерапрыемства ў мастацкай галерэі арганізаваў вядомы графік і грамадскі дзеяч Мікола Купава, адзін з самых апантаных удзельнікаў святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Ён выступіў з ідэяй ушанаваць дзень 9 лістапада, у які ў 1512 годзе Ф. Скарына абараніў у Падуі годнасць доктара лекарскіх навук, і зрабіць гэты дзень нацыянальным Днём медыцынскага работніка.

Верагодна, такая ідэя заслугоўвае права на абмяркаванне ў асяродзі саміх медыкаў, тым больш што ў іх шэрагах становіцца ўсё больш прыхільнікаў беларушчыны. Магчыма, што з часам адзначэнне гэтага дня стане традыцыйным, як ужо ўвайшло у традыцыю ў дэмакратычным асяроддзі адзначаць 8 верасня Дзень беларускай вайсковай славы.

З гэтай нагоды 11 лістапада ў менскім Палацы мастацтваў адбылася сустрэча навукоўцаў у галіне медыцыны, пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў і мастацтвазнаўцаў, усіх, хто звязаў сваю дзейнасць з тэмай Ф. Скарыны.

На імпрэзе з лекцыяй пра эпоху Францішка Скарыны выступіла доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая. Яна распавяла пра новыя знаходкі ў галіне скарыназнаўства. Да гасцей прамовіў паэт Алесь Разанаў, аўтар кнігі ""Маем найбольшае самі". На імпрэзе з дакладам "Лекар Францыск Скарына і яго час" выступіў доктар менскага кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтра Віталь Равінскі. Спадар Мікола Купава распавёў пра партрэт Скарыны ў кнігах Бібліі 1517,1518 гадоў. Выдатную атмасферу эпохі Рэфармацыі стварыў выкананнем старадаўняй музыкі гурт блокфлейтаў "Вrevis" пад кіраўніцтвам Паўла Сурагіна.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Выступае Алесь Разанаў; 2. Мікола Купава і гурт блокфлейтаў "Вrevis".


ПРЫЕМНА ЧУЦЬ

У рускамоўі, якое апанавала Лунінеччыну, тутэйшае аддзяленне Беларускай чыгункі - гэта астравок беларускасці. У Лунінецкім вакзале пануе двухмоўе: вакзальныя шыльды і апавяшчэнні аб руху цягнікоў, а таксама надпісы на пероне і ўказальнікі платформаў - усё ў рамках закона аб мовах. Хораша, ладна.

А яшчэ прыемней ехаць у дызель-цягніках, дзе ўсе аб'явы гучаць па-беларуску. Радуе слых: "Шаноўныя пасажыры!", "Асцярожна - дзверы зачыняюцца.", "Наступны прыпынак…". Прыемна!

Сцяпан Нефідовіч, аг. Любань Лунінецкага раёна.


Гарадзенскае ТБМ выступіла ў падтрымку арт-галерэі "Крыга"

Гарадзенская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы выступіла ў падтрымку гарадзенскай арт-галерэі "Крыга". Зварот з просьбай вярнуць права на арэнду памяшканняў, якія выкарыстоўваліся як выставачныя плошчы "Крыгі", накіравалі ў абласныя і гарадскія структурныя адзінкі выканаўчай улады сябры рады Таварыства беларускай мовы.

У звароце падкрэсліваецца значны ўклад у развіццё культуры Гародні, які зрабіла арт-галерэя. Дырэкцыя крэатыўна выкарыстоўвала малыя плошчы, для правядзення вернісажаў, лекцыяў, творчых сустрэчаў. Сябры абласной Рады ТБМ заклікаюць спрыяць захаванню гэтай культурнай пляцоўкі ў цэнтры горада. Нагадаем, што УЖРЭП Ленінскага раёна ажыццявіў рэйд па высяленні арт-галерэі "Крыга" з арандаваных памяшканняў і разарваў дагавор арэнды з дырэкцыяй.

Беларускае Радыё Рацыя.


Навуковая канферэнцыя "Каласавіны"

2 лістапада 2017 года міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным літаратурна - мемарыяльным музеем Якуба Коласа правялі ХХХІ міжнародную навуковую канферэнцыю "Каласавіны", прысвечаную 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Мерапрыемства распачалося з урачыстага гашэння паштовай маркі.

Перад прысутнымі з прывітальным словам выступіў доктар тэхнічных навук, прафесар, сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Свой даклад зрабіла і сакратар літаратурна-мемарыяльнага музея Анастасіі і Марыі Цвятаевых (г. Аляксандраў) Эльвіра Барысаўна Калашнікава.

Пленарным паседжаннем кіраваў член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч. У Працы секцый прынялі ўдзел 45 чалавек. Мне асабіста спадабаліся даклады Маргарыты Юр'еўны Латышкевіч "Якуб Колас і перакладчыцкая дзейнасць часопіса "Маладосць" ", а таксама Алесі Іванаўны Шамякінай, якая працуе старшым навуковым супрацоўнікам аддзела выданняў і тэксталогіі філіяла "Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы" ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі". Яе даклад меў назву: "Апавяданні Якуба Коласа першай паловы 1920-х гадоў". Адбылася цікавая дыскусія. Было зададзена шмат пытанняў.

3 лістапада 2017 года ў малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся двухгадзінны святочны канцэрт "Спяшайцеся з паэтам стрэцца...". Гледачы дзве гадзіны сустракалі апладысментамі музыкаў і артыстаў. Публіка з захапленнем слухала спевы народнай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Мархель і маладых артыстаў! У зале прысутнічалі беларускія пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Уладзімір Мазго, Яўген Хвалей, Алесь Камароўскі, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Навумовіч, а таксама кіраўнікі ўстаноў культуры сталіцы. Было цікава. Потым прысутныя ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу!

Аляксей Шалахоўскі.


У ваколіцах Магілёва

Беларускі гурток ТБМ г. Магілёва 16 лістапада ў чацвер праводзіў паэт і краязнавец Лявон Восіпаў. Спадар Лявон напачатку прачытаў для прысутных свае творы, а потым з задавальненнем распавядаў пра свае краязнаўчыя вышукі. Паколькі ў спадара Лявона, як ён казаў, усе продкі з "Магілёўскай губерні", то і геаграфія расповеду была досыць шырокая: Магілёўскі, Шклоўскі, Дрыбінскі, Быхаўскі і іншыя раёны. Вось што распавёў пра нядаўняе сваё падарожжа ў вёску Кароўчына, што ў Дрыбінскім раёне.

- Сёмага лістапада 2017 года, стагоддзе кастрычніцкага перавароту, вёска Кароўчына, 50 кіламетраў ад Магілёва. Я з мясцовым святаром айцом Уладзімірам на сельскіх могілках з дапамогай мясцовых жыхароў сабраўся ўсталяваць на месца надмагільную пліту на магіле жонкі пратаіерэя Зубоўскага Захарыя Пятровіча Марыі Данілаўны. Шмат год назад нехта рабаваў магілу. На вуліцах ні аднаго чалавека і цішыня. У вокнах няма святла. Адчуванне закінутага месца. Прыйшоўшы на могілкі, убачылі перакуленую пліту побач з магілай протаіерэя Зубоўскага Захарыя Пятровіча. Ён амаль 50 гадоў праслужыў святаром у вёсцы Кароўчына, у яго дабрачынні было 17 цэркваў. Памёр 18 траўня 1873 года. З Божаю дапамогай, мы на працягу гадзіны вярнулі каменную пліту на месца. Па дарозе назад зайшлі на зарослае хмызняком старое царковішча. Перад вайной будынак зачыненай царквы разабралі і перавезлі ў Трылесіна. Але скарыстацца ім не змаглі. Па нейчай халатнасці, яна згарэла. Па дарозе сустрэў двух мясцовых жыхароў, якія, мабыць, адзначылі ўгодкі рэвалюцыі, адзін з іх спрабаваў раздобрыць святара на паўлітра спіртнога.

Развітаўшыся каля царквы, пераабсталяванай са старой хаты, я пайшоў на месца сядзібы прафесара батанікі і садоўніцтва Горацкага зямельнага інстытута і вучэльні Эдуарда Фёдаравіча Рэго. Месца, дзе стаяў фальварак, зарастае хмызняком і дрэвамі. Самотна стаіць лістоўніца, адзіная сведка ранейшага гаспадара. Сад, які садзіў Э.Ф. Рэго і яго сын Роберт, знішчаны. А па кнігах Э.Ф. Рэго вучыўся І. Мічурын. Частка зямлі, былой пад фальваркам, мабыць перадалі каму то пад лецішча. А гэта магло быць мясцовым брэндам. Калісьці тут кіпела жыццё. Плён садоў ішоў на два вінныя заводы. У сям'і Рэго былі два вадзяныя млыны і сажалкавая гаспадарка. Зараз тут напаўзакінутыя вытворчыя памяшканні механізаванага двара і рэбры недабудаваных вытворчых будынкаў. Вёска, дабудаваная для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны губляе людзей. Моладзь з'язджае. Дзіцячы сад часткова пустуе. Частку яго будынка перадалі цэнтру рамёстваў і бібліятэцы. Памяншаецца і лік вучняў у перабудаванай школе.

Спадар Лявон Восіпаў не толькі вандруе па родных мясцінах, але і працуе ў архівах Піцера і Масквы. Так што размова на гуртку атрымалася цікавая і змястоўная.

Алег Дзьячкоў.Магілёў.


Беларусь адгортвае новую старонку адносінаў з Германіяй

Навіны Германіі

Беларусь адгортвае новую старонку адносін з Германіяй, накіраваную ў лепшы бок. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада на сустрэчы з віцэ-канцлерам, федэральным міністрам замежных спраў Зігмарам Габрыэлем, паведамляе БелТА.

- Шмат гавораць пра мінулае нашых адносін, негатыўныя факты і фактары. Але ў Менску ёсць шмат таго, што ў станоўчым плане характарызуе нашы дзяржавы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Час ідзе, ён мяняе многае. Так і ў сучасным свеце нашы адносіны змяняюцца з цягам часу, - заўважыў ён. - Я вельмі спадзяюся і ўпэўнены, што мы адкрываем новую старонку ў нашых адносінах, накіраваную ў лепшы бок.

Кіраўнік дзяржавы выказаў словы ўдзячнасці германскаму боку за штогадовую дапамогу ў аздараўленні беларускіх дзяцей з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый.

Акрамя таго, ён выказаў удзячнасць за тэхналагічную падтрымку, што аказваецца беларускай эканоміцы.

- Амаль увесь імпарт з Германіі - гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, тэхналогіі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы б вельмі хацелі, каб гэты пазітыўны працэс меў свой далейшы працяг на больш высокім эканамічным узроўні, - падкрэсліў Прэзідэнт, прапанаваўшы нямецкаму боку звярнуць увагу на індустрыяльны парк "Вялікі камень", дзе створаны самыя льготныя ўмовы для інвестараў. Праект рэалізаваны з улікам сусветнага досведу стварэння падобных паркаў.

Беларускі лідар запэўніў:

- Калі мы дамовімся і паабяцаем вам нешта зрабіць, мы абавязкова зробім.

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў германскі боку ўважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі і аб'ектыўна яе ацэньваць:

- Калі гэта так будзе, то ў нас усё атрымаецца. З тэрыторыі Беларусі вы ніколі не атрымаеце ні аднаго сігналу ў парушэнне цэласнасці і бяспекі еўрапейскага кантынента.

БелТА.


Віцэ-канцлер Германіі: "Я быў бы рады, калі б на саміт ад Беларусі прыехаў Лукашэнка"

Віцэ-канцлер, міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль быў бы рады, калі б на саміт у Брусель ад Беларусі прыехаў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта прадстаўнік афіцыйнай Германіі заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша Tut.by.

- Я быў уражаны прыхільнасцю Беларусі да еўрапейскай згуртаванасці. Прэзідэнт Лукашэнка і я шмат размаўлялі пра інтарэсы Еўропы. Я сказаў, што Беларусь можа стаць мостам паміж ЕАЭС і ЕС, Беларусь не павінна выбіраць. Мы таксама размаўлялі шмат пра сітуацыю ва Ўкраіне, - сказаў Габрыэль. - Я вельмі рады, што ўдалося адмяніць санкцыі ЕС супраць Беларусі. Я б хацеў, каб калі-небудзь ваша краіна стала сябрам Рады Еўропы, бо там прадстаўлена 47 дзяржаў і не хапае толькі адной.

Перад вылетам у Менск віцэ-канцлер нагадаў, што (у свеце) часам забываюць, што "Беларусь - краіна ў самым сэрцы Еўропы" і адзначыў, што Германія хоча наладзіць больш цесныя адносіны з Беларуссю.

- Гэта было цяжка ў мінулым, і ў будучыні гэта будзе нялёгка, - сказаў віцэ-канцлер. - Але за апошнія два гады паміж ЕС і Беларуссю паўстала асцярожнае збліжэнне. Мы хочам працягваць падтрымліваць, асабліва перад самітам ЕС з краінамі Ўсходняга партнёрства на наступным тыдні. Вядома, для гэтага неабходны прагрэс па частцы дэмакратыі і правоў чалавека.

Tut.by.



Згодна з рашэннем Лідскага райвыканкама ад 02.10.2017 г. № 1012 Лідскім ГУП ЖКГ адкрыты дабрачынны рахунак № ВY62АКВВЗ1320000002464200000 у філіяле АСБ "Беларусбанк" код банка АКВВВY2Х для пералічэння дабрадзейных (спонсарскіх) ахвяраванняў на стварэнне помніка заснавальніку горада Ліды вялікаму князю Гедыміну.


Дзве прэзентацыі "Гісторыі Сапегаў"

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы і ў Народным музеі Слонімскай сярэдняй школы № 4 адбыліся прэзентацыі кнігі "Гісторыі Сапегаў".

У Дзятлаўскай бібліятэцы прэзентацыю распачаў мясцовы грамадскі дзеяч, былы педагог, сябар ТБМ Валерый Петрыкевіч. Ён распавёў прысутным пра Сапегаў і Дзятлаўшчыну. А потым даў слова каардынатару выдання і рэдактару Міхасю Скоблу. Міхась Скобла адзначыў, што "Гісторыя Сапегаў" - гэта своеасаблівая энцыклапедыя роду Сапегаў, які пакінуў значны след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

- На старонках выдання, - распавёў Міхась Скобла, - апублікавана 85 жыццяпісаў найбольш выдатных яго прадстаўнікоў. А таксама апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і фундацый.

У Народным музеі Слонімскай сярэдняй школы №4 прэзентацыю "Гісторыі Сапегаў" распачаў літаратар, краязнавец і гісторык Сяргей Чыгрын. Ён распавёў пра ролю Льва Сапегі ў гісторыі слонімскай зямлі. А потым выступаў Міхась Скобла. Выступленні гасцей дапаўняла цудоўнымі песнямі выдатная беларуская спявачка Таццяна Грыневіч.

Беларускае Радыё Рацыя.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Рымша Алесь - 50 р.

2. Мельнікаў Юрась - 15 р.

3. Недзялкоў Яраслаў - 10 р.

4. Мудроў Алег - 10 р.

5. Гняткоў Валеры - 10 р.

6. Паўловіч Віктар - 10 р.

7. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

8. Мельнікаў Алесь - 10 р.

9. Сідараў Сяргей - 10 р.

10. Пісарэнка Алесь - 10 р.

11. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.

12. Фарнэль Кастусь - 5 р.

13. Гацкі Ўладзімір - 10 р.

14 Жукаў Вітаўт - 5 р.

Усе Наваполацк.

1. Пракаповіч П. - 50 р.

2. Нагорны - 24 р., г. Орша

3. Абраменка Аляксей - 12 р., г. Орша

4. Лазоўскі А., Мінец В., Пантус С. - 35 р, Лідскі р-н

5. Асіпцова Алена - 8 р., г. Магілёў

6. Наталля - 20 р., г. Магілёў

7. Сямашка Ўладзімір - 5 р., г. Берасце

8. Анташкевіч К.А. - 10 р., г. Менск

9. Бойса І.Б. - 15 р., г. Ліда

10. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск

11. Максімовіч - 1 р., г. Менск

12. Асмыковіч Міхась - 5 р., г. Менск

13. Анісім Алена - 1200 р., г. Менск

14. Галаўнёў Мікалай - 120 р., г. Менск

15. Птушка - 5 р., в. Хільчыцы

16. Ляскоўскі Ўладзіслаў - 50 р., г. Шаркаўшчына

17. Шаркаўшчынская суполка ТБМ - 60 р.

18. Васілючак Міхась - 20 р., г. Гародня

19. Восіпава Аляксандра - 10 р., г. Гомель

20 Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


СТВАРЭННЕ ІСПАНСКАЙ ІМПЕРЫІ I ПАРТУГАЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. ПАЧАТАК ВЯЛІКІХ ГЕАГРАФІЧНЫХ АДКРЫЦЦЯЎ

1. Кастыльскае каралеўства.

2. Каралеўства Арагон.

3. Узнікненне Іспаніі.

4. Партугалія.

5. Пачатак геаграфічных адкрыццяў у XV ст.

1. Кастыльскае каралеўства

У пачатку XIV ст. на Пірэнеях існавала пяць краін: каралеўствы хрысціян-каталікоў Навара, Арагон, Кастылія і Партугалія, а таксама мусульманскі Гранадскі халіфат. Аднак Навара і Гранада не былі ўплывовымі краінамі, а Арагон меў свае інтарэсы ў Італіі. Таму за гегемонію на паўвостраве вялі змаганне Кастылія і Партугалія.

У пачатку XIV ст. у Кастыліі ішло змаганне за ўладу паміж рознымі прыдворнымі групоўкамі. Аднак, калі малады кароль Альфонс XI пачаў самастойна кіраваць краінай, сітуацыя ў ёй палепшылася. Кароль перамог магнатаў з апазіцыі з дапамогай картэсаў і сярэдніх феадалаў. Ён таксама ў 1340 г. разбіў войскі мараканскіх арабаў, якія хацелі замацавацца на Пірэнеях. Пасля смерці Альфонса XI каралём стаў яго адзіны законны сын Педра І (1350-1369). Але супраць яго выступілі яго пазашлюбныя браты ад іншай жанчыны, каханкі караля. У 1369 г. караля забілі, і да ўлады прыйшла іншая дынастыя на чале з каралём Энрыке II (1369-1379). Пачынаючы з 1387 г., у Кастыліі вялікую ролю займела каралеўская рада, якою кіравалі магнаты. У канцы XIV - першай паловеХV стст. каралі Кастыліі ўвесь час варагавалі са сваімі магнатамі. Так, кароль Энрыке IV у 1468 г. назваў сваю зводную сястру Ісабелу пераемніцай каралеўскай улады ў Кастыліі. Але яна, без яго згоды, у 1469 г. выйшла замуж за сына і спадчынніка караля Арагона Фердынанда. Пасля смерці Энрыке IV у 1474 г. Ісабела абвясціла сябе каралевай Кастыліі і ў 1479 г., пасля выгнання партугальцаў, стала сапраўднай уладаркай Кастыліі. У тым жа годзе яе муж Фердынамд пасля смерці свайго бацькі стаў каралём Арагона.

Такім чынам, аформілася унія дзвюх суседніх хрысціянскіх дзяржаў. Эканоміка Кастыліі актыўна развівалася. Кастыльцы пачалі разводзіць танкарунных авечак мерыносаў, воўну з якіх везлі на продаж у Італію, Англію і Францыю. У 1480 г. колькасць авечага статку ў краіне дасягнула 5 млн. галоў. Вельмі хутка ў краіне развівалася аліўкаводства. Рамеснікі Кастыліі выраблялі на продаж сукно, аліўкавы алей, жалеза, будавалі добрыя караблі. Жыхары Кастыліі плацілі два віды падаткаў. Адны падаткі прызначаліся картэсамі, а другія - непасрэдна каралём. Вялікім падаткам была алькабала - падатак на гандлёвыя аперацыі, звязаныя з продажам маёмасці. Спачатку гэты падатак складаў 5 % ад кошту аперацыі, а потым вырас ажно да 20 %. Цікавым падаткам была траціна. Гэта - дзявятыя часткі царкоўнай дзесяціны, якія з дазволу Папы ішлі ў каралеўскую казну. Сярод феадалаў было шмат вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў войнах з Партугаліяй або ў міжусобных канфліктах. Кастыльскія магнаты складалі групу грандаў, а сярэднія феадалы ў XIV ст. запазычылі ад французаў тытулы герцагаў, маркізаў і віконтаў.

2. Каралеўства Арагон

Каралі Арагона ў канцы XIII - пачатку XIV стст. праводзілі актыўную знешнюю палітыку ў краінах Міжземнага мора. У 1302 г. каралі Арагона канчаткова далучылі да сваёй дзяржавы Сіцылію.

З 1326 па 1387 г. васалам Арагона было Афінскае герцагства на Балканах. У першай палове XIV ст. да Арагона былі далучаны Сардзінія і Маёрка. Таксама ў склад Арагона вярнуліся Балеарскія астравы і Русільён. Кароль Арагона Педра IV (1336-1387) пачаў доўгую вайну з Кастыліяй (1356-1366 гг.), але поспехаў у ёй не дасягнуў. У XV ст. Арагон значна ўзмацніўся, асабліва пры каралі Альфонсе V (1416-1458).

У 1442 г. Арагон далучыў да сябе Неапалітанскае каралеўства, і сталіцай Арагона стаў італьянскі горад Неапаль. Аднак пасля смерці Альфонса V у Арагоне пачаўся міжусобны канфлікт паміж яго сваякамі. У гэты самы час пачалася грамадзянская вайна ў Каталоніі, аўтаномнай частцы Арагона, але ў 1472 г. Каталонія зноў прысягнула каралю Арагона Хуану II. Пасля яго смерці сын караля Фердынанд стаў каралём Арагона, а яго дачка Элеанора - каралевай Навары. У адрозненне ад Кастыліі, дзе сяляне мелі больш незалежнасці ад феадалаў, у Арагоне яны былі амаль цалкам прыгоннымі, асабліва ў Каталоніі. У 1381 г. феадалы атрымалі права караць сялян рознымі карамі (голадам, холадам, смагай), ад якіх тыя маглі памерці.

3. Узнікненне Іспаніі

Як ужо згадвалася, у 1474 г. у выніку шлюбу каралевы Кастыліі Ісабелы і караля Арагона Фердынанда была аформлена унія двух каралеўстваў. Аб'яднаная краіна пачала называцца Іспаніяй, але спачатку абодва каралеўствы вялі сваю ўнутраную палітыку і мелі сваю эканоміку.

Каб кіраваць разам, Фердынанд і Ісабела стварылі некалькі агульных для сваіх каралеўстваў радаў. У 1480 г. былі аб'яднаныя фінансы, у 1483 г. уведзена інквізіцыя і прыняты агульныя законы.

У 1480 г., паводле пастановы картэсаў, магнатам забаранілі чаканіць свае манеты і будаваць новыя замкі. Усе духоўныя рыцарскія ордэны пераходзілі пад кантроль караля. Змянілася структура каралеўскай рады: яна стала колькасна невялікай і цалкам падкантрольнай каралю. Сяляне атрымалі права пакідаць сваіх сеньёраў.

У 1481 г. армія Гранадскага эмірата напала на Кастылію, аднак кастыльцы разбілі арабаў, да канца 1490 г. занялі большую частку іх тэрыторыі, а ў пачатку 1492 г. захапілі іх сталіцу і, урэшце, знішчылі эмірат. Так завяршылася Рэканкіста. Спачатку ніякіх рэпрэсій супраць мясцовых мусульман ( маўраў) не было. Аднак у 1502 г. усіх мусульман, якія адмовіліся прыняць хрысціянства, выгналі з Іспаніі. Засталіся толькі тыя, хто пагадзіўся гэта зрабіць. Іспанцы называлі іх марыскамі. У 1497 г. у Іспаніі была праведзена грашовая рэформа. Быў адчаканены залаты дукат (3,54 г золата) і вызначаны стабільныя суадносіны залатых, срэбных і медных манет. Срэбныя манеты называліся рэаламі і мелі распаўсюджванне разам з дукатамі ў розных еўрапейскіх краінах.

4. Партугалія

У пачатку XIV ст. краіна дасягнула значных поспехаў у сваім развіцці. У 1312 г. пасля забароны і ліквідацыі ў заходнееўрапейскіх краінах ордэна тампліераў партугальцы захавалі яго філію ў сваёй краіне пад назвай "ордэн Хрыста". У наступныя дзесяцігоддзі, аднак, краіна перажывае розныя крызісы і разбурэнні. Яе даймаюць голад і неўраджаі, эпідэмія чумы, войны з Кастыліяй і грамадзянская вайна (1384-1387 гг.). У выніку грамадзянскай вайны паміж паўночнай і паўднёвай часткамі краіны да ўлады прыйшла Авіская дынастыя, заснаваная каралём Жуанам І (1385-1433). У 1431 г. быў падпісаны вечны мір з Кастыліяй.

Наступны кароль Партугаліі Дуартэ І (1433-1438) быў вядомым пісьменнікам, які ўнёс значны ўклад у развіццё літаратурнай партугальскай мовы. Аднак неўзабаве ён памёр ад чумы, пакінуўшы шасцігадовага сына Афонсу V Афрыканскага (1438-1481), які пасля шлюбу з дачкой караля Кастыліі заявіў прэтэнзіі на кастыльскую карону, але беспаспяхова. Яшчэ пры жыцці Афонсу да ўлады ў краіне прыйшоў яго сын Жуан II Дасканалы (1481-1495). Ён пачаў бязлітасную барацьбу з мясцовымі магнатамі. Некалькі дзясяткаў магнатаў загінула, а іх землі забраў сабе кароль. Усё пятнаццатае стагоддзе партугальцы вялі актыўную замежную палітыку, асабліва на афрыканскай тэрыторыі, што істотна пашырыла іх уплыў не толькі ў Еўропе, але і ў цэлым свеце.

У партугальскім грамадстве, акрамя феадалаў і сялян, склалася моцная праслойка купцоў-гандляроў з ліку "прыстойных гараджан". Сярод іх з'явілася шляхта, якая мела вялікія марскія караблі і займалася гуртавым гандлем. Трывалыя гандлёвыя сувязі партугальцы ўстанавілі з Фландрыяй і Бургундыяй.

Партугальскія сяляне былі асабіста вольнымі дробнымі землеўласнікамі і арандатарамі, а землі феадалаў апрацоўваліся наёмнымі работнікамі. Партугалія мела два эканамічныя раёны - гарадскі, на марскім узбярэжжы, і ўнутраны, аграрны. Акрамя земляробства, у краіне актыўна развівалася авечкагадоўля. У XV ст. партугальцы праводзілі актыўную каланіяльную палітыку. У 1424-1425 гг. яны засялілі востраў Мадэйру, адкуль у краіну пачалі вывозіць да 3,5 тысяч тон збожжа штогод. Тут былі закладзеныя плантацыі цукровага трыснягу, і партугальцы не толькі мелі ўласны танны цукар, але і вывозілі яго на экспарт. Акрамя цукру, у краіну з калоній пастаўлялі золата, прыправы, каштоўную драўніну і слановую косць. У 1441 г. сюды была прывезена і першая партыя афрыканскіх нявольнікаў.

У 1443 г. была заснавана першая ў свеце кампанія па заморскім гандлі і марскіх падарожжах. Кіравалі краінай кароль і картэсы. На працягу ХІV-ХV стст. каралеўская ўлада ўзмацнілася, а ў картэсах вырас уплыў дэпутатаў ад гарадоў. З 1331 г. гарадскія дэпутаты праводзілі свае пасяджэнні асобна. Каралі Партугаліі падтрымлівалі гарады. Так, кароль Жуан I даў права гарадам Лісабону і Порту пасылаць у картэсы па чатыры дэлегаты ад кожнага горада замест ранейшых двух. Картэсы ў краіне склікаліся значна часцей, чым у суседзяў. Напрыклад, кароль Жуан I склікаў парламент 25 разоў, а Афонсу V - 20.

5. Пачатак геаграфічных адкрыццяў у XV ст.

Піянерамі ў гэтай справе былі партугальцы. У 1415 г. яны захапілі афрыканскі горад Сеўту, а ў 1418 г. адкрылі і потым засялілі востраў Мадэйру. Першым ініцыятарам марскіх вандровак партугальцаў і іх фундатарам стаў з 1420 г. магістр ордэна Хрыста, трэці сын караля Жуана I прынц Энрыке. У 1418 г. ён заснаваў школу мараходства ды абсерваторыю і пачаў будаўніцтва (з 1440 г.) новых вялікіх марскіх караблёў - каравел. У 1432-1435 гг. партугальцы адкрылі Азорскія астравы. У Афрыцы - Зялёны мыс (Каба-Вердэ) з астравамі, рэкі Сенегал і Гамбію, а ў 1460 г. - узбярэжжа Сьера-Леонэ ў Гвінейскім заліве. Войскі Партугаліі здзейснілі тры марскія экспедыцыі супраць арабскага Марока і захапілі горад Танжэр. У 1488 г. партугальцы дасягнулі мыса Добрай Надзеі і ўзялі пад свой кантроль увесь заходні бераг Афрыкі, дзе былі збудаваны апорныя гандлёвыя і ваенныя базы. У 1498 г. адмірал Васка да Гама даплыў да 1ндыі, а ў 1500 г. партугальцы ў Новым Свеце адкрылі ўзбярэжжа Бразіліі.

Галоўнымі канкурэнтамі Партугаліі ў справе геаграфічных адкрыццяў выступіла спачатку Кастылія, а потым - аб'яднаная Іспанія. Канфлікт з Кастыліяй працягваўся з 1449 па 1453 гг. Партугальцы напалі на Канарскія выспы, а кастыльцы - на базы Партугаліі ў Афрыцы. Ворагаў замірыла була Папы Мікалая V, у якой Канары дасталіся Кастыліі, а афрыканскае ўзбярэжжа - Партугаліі. Аднак хутка сітуацыя пагоршылася. У 1476 г. Ісабела Кастыльская забараніла сваім падданым гандляваць з Партугаліяй на Канарах, а потым арганізавала тры экспедыцыі ў афрыканскую Гвінею. Але потым Партугалія адмовілася ад прэтэнзій на карону Кастыліі, а тая прызнала выключнае права Партугаліі ў каланізацыі Афрыкі. Пасля ўтварэння аб'яднанай дзяржавы іспанцы вырашылі прадоўжыць сваю марскую экспансію. Яны запрасілі на службу вышэйзгаданага генуэзца Хрыстафора Калумба (1451-1506), які за іспанскія грошы, з мэтай пошуку самай кароткай дарогі ў Індыю ў перыяд з 1442 па 1504 гг. здзейсніў чатыры марскія экспедыцыі. У 1492 г. Калумб, ведаючы кірункі ветру ( ружы вятроў) на трох каравелах дасягнуў берагоў Амерыкі. Спачатку, 12 жніўня 1492 г., ён даплыў да Канарскіх астравоў, а восенню, 12 кастрычніка, дабраўся да Багамскіх выспаў. За час сваіх экспедыцый Калумб адкрыў для еўраейцаў Саргасава і Карыбскае моры, Вялікія Антыльскія і частку Малых Антыльскіх астравоў, а таксама дасягнуў берагоў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.

Другі першаадкрывальнік, галоўны штурман Іспаніі, Амерыга Веспучы ў 1499-1500 гг. дасягнуў паўночных і ўсходніх берагоў Паўднёвай Амерыкі, дзе знайшоў і апісаў дэльту ракі Амазонкі. Ён прапанаваў назваць новыя землі Новым Светам. Аднак у 1507 г. картограф з Латарынгіі Вальдэмюлер назваў гэты мацярык Амерыкай у гонар самога Веспучы. З 1538 г. гэтая назва распаўсюдзілася і на Паўночную Амерыку. Першае сваё пасяленне іспанцы заснавалі на востраве Гаіці і назвалі яго Эспаньёла.

Каб спыніць канфлікт паміж іспанцамі і партугальцамі, Рымскі Папа Аляксандр VI у 1495 г. выдаў булу, у якой пазначыў лінію падзелу свету ад полюса да полюса на адлегласці 100 ліг ад астравоў Зялёнага мыса. Усе землі на захад ад гэтай лініі, вядомыя і невядомыя належалі Іспаніі, а на ўсход ад яе - Партугаліі. У 1494 г. паводле Тардэсільянскай дамовы, лінію падзелу свету перанеслі яшчэ на 270 ліг, і яна прайшла паміж 48° і 49° заходняй даўгаты. Такім чынам адбыўся першы падзел свету, і канчаткова ўтварыліся дзве марскія імперыі, Іспанская і Партугальская.

(Працяг у наст. нумары.)


Курыць - пляваць на неба, сонца і зямлю

Валер Санько

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

У ЗША курыць у 4-5 разоў меней людзей, чым у былым СССР (Расіі). Там і ў многіх еўрапейскіх краінах прапаведуюць:

1. Права на свежае паветра, незабруджанае тытунёвым дымам - неад'ёмная частка права чалавека на здароўе і жыццё ў чыстым вакольным асяроддзі.

2. Кожнае дзіцё і падлетак маюць права на абарону ад усіх відаў рэкламы тытуню, на любую неабходную санітарна-асветную дапамогу ў імкненні ўтрымацца ад спажывання тытуню.

3. Усе грамадзяне маюць права дыхаць чыстым незадымленым паветрам у грамадскіх будынках і транспарце, на працоўным месцы.

4. Кожны мае права на інфармацыю пра страшную небяспеку тытуню для здароўя. ("Здоровье мира", №1, 1989, СААЗ).

Мінісоцкі план барацьбы з курэннем (1986) не толькі строга забараняе курава, ён прадугледзеў стварэнне Цэнтра і Камітэта па барацьбе з курэннем ва ўсіх штатах ЗША. Актывізавалася барацьба з курэннем у Нарвегіі, Англіі, Швецыі, Германіі, Даніі. Амерыканскія навукоўцы падлічылі, хто выкурвае штодня 1,5 пачкі - за год атрымлівае дозу абпраменьвання роўную трохсотразаваму прасвечваню на рэнтгене.

У ЗША даўно ўсе супраць курэння, прыняты адпаведныя законы, ніхто не можа курыць у грамадскіх месцах, на вуліцах таксама. Любыя праграмы рэкламы згорнуты. Многія тытунефірмы спансуюць лячэнне ад курэння, загладжваюць правіны.

Францыя першая ў Еўропе прыняла закон супраць курэння ў грамадскіх месцах.

У Еўропу тытунь прыйшоў з Амерыкі, прывезлі матросы Хрыстафора Калумба з Кубы, правінцыі Табага (адсюль назва "табака"). У Расію яго прывезлі ангельскія курцы ў 1585 годзе, прывучылі некаторых памораў Архангельска да курава.

Вывяржэнне дыму і агню з жывога ў славян звязвалася з нячыстымі сіламі. Царква і ўлады рэзка пратэставалі супраць заморскай поскудзі, стваранай купцамі, фабрыкантамі, плантатарамі патайной індустрыі тытунёвых вырабаў. Так званы рускі рэфарматар Пётр Першы афіцыйна дазволіў гандаль і курэнне ў Расіі (1697), прапагандаваў. Атрыманую ў замежжы алкагольна-тытунёвую запраграмаванасць ён насаджаў сярод прыдворных, службоўцаў, ваенных. Уводзілася дурноцце, тытунёваму яду прыпісвалі лячэбныя якасці - дым адганяе хваробы, у тым ліку чуму, прастуду, ліхаманку, насмарк.

Краіна СССР далучылася да супрацьтытунёвай канвенцыі бяздарна позна, у СССР ад тытуню штогод памірала 500 тысячаў чалавек. У Расіі Дума прагаласавала супраць курэння ў грамадскіх месцах у красавіку 2008. Адразу загаласілі творчыя інтэлігенты: яны супраць тытуню, але супраць і любой забароны, нельга стрыгчы нагала адразу. Раілі павышаць цану на цыгарэты, не ўсюды і не ўсім прадаваць, забарону ўводзіць паэтапна.

То бок выхалошчвалі харошую ідэю.

Напаўграматнае дзяўчо хоча выглядаць гламурна, прэстыжна, куртуазна, даступна, ідзе па вуліцы і дыміць. Выхаваўчую размову з такою весці бескарысна. Трэба было талкаваць, удзёўбваць калі ёй ішоў 9 - 12 год. Зараз яна ўсё ведае, усіх і ўсё крытыкуе. Адмовіцца ад згубнай прывычкі не можа, няма сілы волі. Нават у цяжарнасці адмаўляецца толькі кожная пятая.

- Што б вы ёй параілі? - пытае Аляксея Бялько суразмоўца, тата студэнткі каледжа.

- Лупцаваць, - рэжа няўсміхлівы. - Як некалі дзяды і бацькі лупілі нас. Абмяжоўваць яе выдаткі на ўсё.

- Дабро праз папругу і дубец?

- Іначай нельга. Малое лезе на чырвонае святло, што робіць тата? Спрачацца, доказніцца на шматаўтобусным перакрыжаванні не выпадае. Вучыць, настаўляць будзе пасля, а цяпер тата, мама хапае мальву за руку, чымдзержа перыць па задніцы, адцягвае ад бяды.

Няцямкіх няма. Ацалелае дзяўчо ўрок пераходу вуліцы засвоіла хутка.

Настаўляць падрост трэба ад курэння, задоўга да курэння.

У любой праграме вылечвання, асабліва па праграме славутага на ўвесь свет і не прызнанага ў СССР ленінградца Генадзя Андрэевіча Шычко, ураджэнца Беларусі, ёсць накірункі - супрацькурыльны, -алкагольны, -аб'ядальны, -хіміялекавы... Любую справу трэба з нечага пачынаць.

Лепей за ўсё змяніць праграму мыслення, паводзін. Курэц і алкаш маюць праграму на спажыванне, ужо звычную неабходнасць тытуню і алкаголю. У іх тытунёва-алкагольная запраграмаванасць не на замену ўласных перакананняў, якія пасля пераналадзяць ганебную звычку - на яе апраўданне.

Чалавек разумная істота, паводле Г. А. Шычко, ён заўжды выбірае паміж карысным і шкодным, светлым і цёмным, ён абавязаны ўцяміць: адной-двух зацяжак дастаткова для напаўнення цела нікацінам. Нікацінавая прыемнасць - часовая, хутка развіваецца, нашмат горшая за фізічныя ўдары, падступная як піва, гарэлка.

Астатняе курэц даробіць ад звычкі ці сквапнасці. Кожны трэці паміралы ў свеце - алкагольная ахвяра, кожны пяты - тытунёвая. Ад тытуню і п'янства ў СССР штодня гінула амаль дзве тысячы чалавек.

Кожны другі мужчына і пятая жанчына ў Беларусі кураць.

Хто ўцягвае малога ці нявопытнага ў курэнне - сябе ўцягвае ў дрыгву і лёсаносныя тычкі, удары.

Супраць курава неабходна вынайсці дзейсны для ўсіх сродак. Як грэх у Манголіі шаманская забарона на забруджванне зямлі, як у будзістаў імкненне да абагачэння - грэх, так у беларусаў павінна стаць грахом выкурванне цыгарэты, лаянкавае слова, піўная чарка.

Цяжарная выкурыла цыгарэту - дзесяць хвілін у плода няма плацэнтарнага кровазвароту (тэлеперадача 2.3.2013).

У дзяцей курцоў змалку алергіі, астмы, язвы, гастрыты.

У самага здаровага курца праз дзесяць гадоў пакашліванне, няма цягі да яды, баліць сэрца, слабая эрэкцыя, праз дваццаць - прыкметныя фізіялагічныя змены ў бронхах, лёгкіх. Рак не за гарамі - бліз варот.

Курэнне - гэта прыём у цела і вылет у паветра 400 шкодных рэчываў.

Курыльшчыцы ў два разы болей расходуюць касметыкі, часу, грошай на шпаклёўку і расфарбоўку састарэлага твару. Хлопцу лепей не сустракацца з курыльшчыцай, якая б добрая і прыгожая яна не была, якім бы начальнікам не быў яе тата, дзядзька. Бо хлопцу прыдзецца купляць замест кніг і духоў, кветак і цукерак тытунёвыя палачкі, імпартныя цыгарэты, дыхаць выпушчанаю з мілага роціка атрутаю.

Вельмі цяжка не пачаць курыць маладому падлеццю, асабліва пры сузіранні замежнай прывабнай сігары, пры зверхных паблажлівых рэпліках аднакласнікаў, сябрукоў: слабак; адсталы; ты нам не кампанія; мамчын сынок; выдзеліцца хочаш...

Яшчэ цяжэй маладому кінуць паліць. Былыя ўдалыя рэдкія дробязныя зацяжкі, далікатныя кольцы дыму ператварыліся ў прысоскі спрута. Марыў быць асобаю, а стаў папіхайлам, рабом. Кеміць, страшныя зазнае страты, матэрыяльныя і фізічныя, пазбавіцца згубы не долее.

Многія баяцца, кіне смаліць, патаўсцее. Не петраць, замена цыгарэты садавінаю, гароднінаю, адпачынкам у вёсцы, на дачы, возеры, прабежкамі, купаннямі ўстакроць ахарошыць фігуру, палепшыць здароўе.

Пякуткія іскры

Выкручванні прадаўцоў: муштукі амаль поўнасцю знішчаюць паступленне нікаціну ў арганізм. - Няпраўда, навука не пацвярджае гэта.

Два самыя галоўныя факты, якія істотна скарачаюць прыгожай палавіне жыццё, паводле амерыканскіх неўролагаў: бесперастанная вайна жанчын за роўнасць правоў у грамадстве апошнія 150 гадоў і вялікая іх залежнасць ад нікаціну. У асноўным гэта так званыя простыя жанчынкі, з малымі ўзроўнямі даходу, бяздзетныя ці маладзетныя. Яны кураць, каб зняць стрэс, пахудзець. Не цямяць, курава нашмат небяспечней за лішнюю вагу.

У ЗША рак лёгкіх выйшаў не першае месца заўчасных смерцяў. Удвая павялічылася колькасць памерлых кабет. Лік памерлых ад смалення звычайных цыгарэт роўны ліку спажывальніц цыгарэт з нізкім утрыманнем нікаціну, якія так любяць інтэлігентныя і звышінтэлігентныя жанчыны.

Курэнне ў маладой жанчыны супастаўнае з выдаленнем у яе аднаго яечніка; шанцы зацяжараць у такой нашмат змяншаюцца, выкідышы на 30% часцей, яны супастаўна ў пяць разоў часцей нараджаюць мёртвае дзіцё.

Кідаць маладусе курыць неабходна за паўтара гады да наступлення цяжарнасці. Толькі за такі час з большага ачысціцца арганізм ад шкодных рэчываў.

У курыльшчыц у два разы хутчэй узнікае перадменструальны сіндром - болі ў паясніцы, грудзях, прышчы, масціты.

На рашучыя, проста драконаўскія меры барацьбы з паленнем наважылася Брытанія: забараніць аўтаматы продажу тытунёвых вырабаў, выдаляць з цыгарэтных пачак любыя брэнды, паўсюдна не дапускаць паленне ў грамадскіх месцах.

Дэпутаты Еўрапарламента прапанавалі ліквідаваць продаж тытунёвых вырабаў у краінах Еўрасаюза да 2025 года. Тытунь будзе па-за законам, яго не стануць вырабляць і прадаваць у Еўрасаюзе.

Рэкамендацыі доктара Роберта Вагнера тым, хто яшчэ не кінуў паліць:

1. Старацца выкурваць як мага менш цыгарэт, імкнуцца, каб сёння выкурыў меней, чым учора.

2. Зацягвацца рэдка і неглыбока.

З. Не паліць на галодны страўнік, асабліва нашча - прадукты распаду тытуню змешваюцца са слінай, пашкоджваюць страўнік.

4. Паміж зацяжкамі не пакідаць цыгарэту ў роце.

5. Выкідваць яе недакуранай на адну траціну.

6. He паліць на хаду, асабліва паднімаючыся nа лесвіцы.

7. Як мага даўжэй не курыць пасля значнай фізічнай нагрузкі.

8. Аддаваць перавагу цыгарэтам з фільтрам.

9. Час ад часу ладзіць перапынкі ў курэнні (не палю да панядзелка, да канца месяца, дня нараджэння, да Новага года...).

10. He паліць, калі паліць не хочацца.

Кожны курака ў зоне рызыкі. У дзень выкурыў дзесяць цыгарэт - залежны, дзве пачкі - хворы.

Першы крок да некурэння - расцяміць усю праўду пра зло. Дасюль усе перасцярогі для Івана - блеф; займеў язву, імпатэнцыю, а то і сухоты - не проста злёту кінуў, у бальніцах выплакваецца. Ён, ці бачыце, не чуў, як дымам прапахла яго вопратка і блізкіх, не ведаў, што цыгарэта наркотык, зніжае сексуальную, фізічную сілу, нават рост да 3-5 см за 10-15 гадоў, павышае прастуднасць.

Тры тысячы чалавек штогод захворвае на рак лёгкіх у Беларусі. Эфектыўнасць любога лячэння ў курцоў нашмат ніжэйшая.

За апошнія 10 гадоў у Беларусі захварэлі на рак 338 тысяч чалавек, болей 100 тысяч - з-за прыхільнасці да курэння. ("Ва-Банк", 17.3.08).

Калі супрацоўнік сам не курыць, а працуе з курцамі - штодня выкурвае 14 цыгарэт. (Радыё Беларусі, 21.11.2013).

1% з 32 тысячаў аўтааварый у ЗША па віне цыгарэт. У ЗША забаранілі ў аўтамабілі курыць і гаварыць па сотавым. Першынство новаўвядзення за штатам Нью-Джэрсі. У Нью-Ёрку шырока прадаюцца супрацьпажарныя цыгарэты, яны гаснуць, калі імі не зацягвацца.

Болей за мільярд дзяцей да 14 гадоў на планеце пасіўныя курыльшчыкі. Дзевяць з дзесяці абдымваюцца ў грамадскіх месцах. Асабліва небяспечна гэта для дзяўчынак. Жанчыны, якія жылі з мужам курцом, захворвалі інфарктам, стэнакардыяй, дысфункцыяй на 58% часцей за тых, чые мужыкі не курылі.

Паводле Міжнароднай класіфікацыі захворванняў тытунёвая залежнасць разам з алкагольнай і наркатычнай аднесена да "разумовых і паводзінскіх расстройстваў, абумоўленых выкарыстаннем псіхаактыўных спалучэнняў".

Штогод 31 траўня планета адзначае сусветны дзень некурэння. Апытанні ў менскіх школах паказалі, што ўпершыню паспрабавалі курыць у 10 гадоў 21% дзяцей. Яны ў асноўным, 62%, з курцоўных сем'яў. Для задавальнення палілі 20% старшакласнікаў, для зняцця стрэсу - 6%, каб трапіць у кампанію, спадабацца пасябручкам - 8%.

Хаця ёсць загад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ (№177, 1999), паводле якога нельга курыць у падсобных і дапаможных памяшканнях, кватэры, вестыбюлях, калідорах, галерэях, лесвічных маршах, бліз ліфтоў - ён амаль нідзе поўнасцю не выконваецца. У сем'ях курцоў хвароб, асабліва лёгачных, утрая болей, чым у некурцоў. Ведаюць усе, адна выкураная цыгарэта - мінус 15 хвілін жыцця, штодня выкурваны пачак - мінус пяць гадоў ад запланаванага жыцця. Амаль палова дарослых у Беларусі курыць, тытунёвы дым утрымлівае звыш чатырох тысячаў хімічных злучэнняў, з іх 43 моцныя канцэрагены, - ведае народ статыстыку і не чухаецца. 15,5 тысячаў чалавек у 2006 годзе памерла ў дзяржаве ад курава, у той час як ад аўтааварыяў прыкладна 2 тысячы.

Апошні час курэнне ўзмоцнена саступае піву. Жахліва, яго утрая болей спажываюць падлеткі. Чым меншая адукаванасць у грамадстве, тым болей у ім кураць, выпівошнічаюць, лаюцца.

У Еўропе курыць 215 мільёнаў чалавек.

Як бы тытунёвыя кампаніі не супраціўляліся, усё болей людзей разумее згубную залежнасць. 27 тысячаў чалавек у 2007 годзе адмовіліся ад курэння ў Германіі. Дапамаглі гэтаму лозунгі "Курэнне - адна з прычын бясплоддзя", "Курэнне - хуткі шлях да інфаркту, інсульту, раку", "У курца слабейшая памяць, дурнейшыя дзеці".

...Наркотыкі, зброя, алкаголь і табак даюць найбольшыя прыбыткі ў свеце.

Расія займае трэцяе месца ў свеце па колькасці вытваранага тытуню, першае па спажыванні на душу. Болей за 500 тысячаў чалавек штогод памірае ў Расіі ад тытунёвых хвароб.

Ілжывая моладзевая прэстыжнасць - нежаданне быць белай варонай, хочацца быць сваім ў маладзёжнай кампаніі. Стала курыць па абстаноўцы, займела імідж крутой, элітнай, прэстыжнай, смелай, кампанейскай. Для 14-18-гадовых надта важна мець аўтарытэт у блізкіх, кампаніі.

Кінуў хлапчына смаліць - у пустапарожняй падлеткавай кампаніі з запрыстойнелым стала нецікава, адколаты кавалак ад ільдзіны, з ім няма пра што сумовіць. Некурэннем ён высвечвае тупую шчарбатасць курцоў, таму яго аддаляюць.

Паўторымся зноў сумысля

Прывычка курыць спярша развіваецца, другая яе стадыя - залежнасць, трэцяя - хвароба. Ад курыльскай хварабітнасці самі адракаюцца нямногія, прыблізна 10%.

Запамятайце: курыць - пляваць на неба і зямлю, слабіць сябе, аднімаць і так аслабленыя здольнасці ўласных дзяцей.

(Працяг у наступным нумары.)


Чорная ноч беларускага народа

Магілёўскія актывісты Таварыства беларускай мовы адзначылі каля Крыжа памяці ахвяраў сталінскага тэрору гадавіну "Ночы расстраляных паэтаў".

Да пясчанага кар'ера, што на праспекце Дзімітрава, дзе знайшлі свой апошні прытулак ахвяры сталінскага рэжыму, прыйшлі больш за тры дзясяткі актывістаў суполкі і неабыякавых грамадзян. Грамада асвятліла пляцоўку каля крыжа зьнічамі, а сам сімвал пакут абвязала вышыванымі бел-чырвона-белымі стужкамі.

Кіраўнік гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў ва ўступным слове казаў:

- Мы сабраліся тут, каб успомніць тых, каго забілі 80 гадоў таму ў чорную ноч беларускага народа. Тады палегла наша эліта. У тую ноч былі расстраляныя больш за сотню выбітных дзеячоў беларускай культуры, мастацтва ды навукі. Сярод іх былі і выхадцы з Магілёўшчыны. Мы вырашылі сёньня сабрацца ня ў цёплым офісе, а ля Крыжа ў непагадзь. Тут забітыя сотні безыменных і бязвінных нашых суайчыннікаў. Хто іхную памяць ушануе, як не мы?

Пра гісторыю мясціны, над якой зараз узвышаецца крыж, расказаў старшыня абласной арганізацыі ТБМ і адзін з заснавальнікаў магілёўскай філіі "Мартыралогу Беларусі" Міхась Булавацкі. Паводле яго, праўда пра кар'ер на Дзімітрава ўскрылася ў 1987 годзе, калі адсюль бралі пясок. Была створана камісія, якую ачоліў намеснік старшыні Кастрычніцкага райвыканкама Мартыненка. У кар'еры адшукалі каля ста шкілетаў. Работы спынілі, а вынікі працы камісіі засакрэцілі. Крыж на ўскрайку кар'ера паставілі на Дзяды ў 1989 годзе, казаў людзям Булавацкі. Праз год таксама на Дзяды каля крыжа адбыўся першы мітынг, на якім прыгадалі бязвінна забітых ў сталінскія часы людзей.

- На пачатку 1990-х гадоў улада давала гукаўзмацняльную апаратуру. На пляцоўцы ля Крыжа сабралася на першы мітынг блізу дзвюх тысяч чалавек. Такія афіцыйныя мітынгі праводзіліся на Дзяды да 1994 года. У 1995 годзе дазволу на мітынг не было, і яго не праводзілі, - згадваў Булавацкі.

Паводле яго, у першыя гады аднаўлення незалежнасці Беларусі Камітэт дзяржаўнай бяспекі супрацоўнічаў з тымі, хто збіраў сведчанні пра масавыя расстрэлы. Былі знойдзеныя чатыры мясціны, дзе забівалі людзей, аднак толькі кар'ер на Дзімітрава КДБ прызнаў месцам расстрэлаў.

- Імёны тых, каго тут забівалі, сказалі ў КДБ, нібыта не фіксаваліся. Але, можа, некалі пра іх даведаемся, - выказаў спадзеў Міхась Булавацкі.

Там, дзе цяпер кар'ер, у 1930-я гады саўгасам Давыдаўка быў зроблены жывёльны могільнік, які пазней абнеслі плотам і паставілі ахоўніка. Штоноч сюды прывозілі людзей і стралялі іх. Тут жа закопвалі. Паводле Булавацкага, сабраныя сведчанні тых, хто быў міжвольным сведкам знішчэння людзей. Актывіст казаў, што забіваць у кар'еры бальшавікі пачалі ў 1921 годзе. Аднымі з першых іх ахвярамі сталі каталіцкія святары. Дарэчы, дзед спадара Міхася так сама быў расстраляны ў тыя жудасныя часы.

Калі кажуць, што няма ніводнай сям'і, якая б не пацярпела ад Другой сусветнай вайны, то няма і такой сям'і, якую б не закранулі сталінскія рэпрэсіі, таму яны гэткія ж знакавыя для Беларусі, як і апошняя вайна.

Два гады таму на месцы масавых расстрэлаў грамадзян, якія адбываліся ў 1920-30 гады, мясцовыя актывісты Таварыства беларускай мовы ўсталявалі Крыж памяці. Сродкі на яго збіралі талакою. Талакою пяціметровы сімвал у памяць пра бязвінна забітых і ўсталявалі. Актывісты адраджэнцкіх арганізацыяў усталявалі ў 1989 годзе на гэтым месцы крыж. Тады ім дапамагала і ўлада. Крыжы з часам парахнеюць, трухлеюць і іх варта мяняць. Памятны знак зроблены ў форме крыжа Ефрасінні Полацкай. Ён узвышаецца над кар'ерам. Разам з крыжам усталяваная і мармуровая пліта з надпісам: "Крыж памяці аб бязвінна забітых у 20-30 гады 20 стагоддзя". Рашэнне пра ўсталяванне крыжа прымала рада арганізацыі. Ажыццявіць задуманае дапамог прадпрымальнік Уладзімір Пухоўскі. Такім чынам, цяпер у Магілёве на месцы сталінскіх расстрэлаў усталяваныя два крыжы і памятная дошка.

У заключэнне: даследчыкі вінавацяць "КПСС і яе філіял у Беларусі (КПБ(б), КПБ):

- у знішчэнні больш як 1,5 млн беларусаў па прыкмеце іх маёмаснага становішча і антыкамуністычных перакананняў, у рэпрэсіях супраць іншых палітычных партый;

- у ліквідацыі больш як паловы святароў рымска-каталіцкай, праваслаўнай і іншых канфесій;

- у рэпрэсіях і знішчэнні да 90 % інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі;

- у выцясненні беларускай мовы і прымусовым навязванні рускай мовы;

- у стварэнні рэпрэсіўнай структуры, якая ў маштабах усёй Беларусі шырока ўжывала жорсткія здзекі і гэтым наносіла нацыі непапраўную маральную шкоду".

Н.М. Шамянкова, г. Магілёў.


Скарынаўскія чытанні "Кніжная традыцыя ВКЛ"

17 лістапада ў Акадэміі навук Літвы адбылося адкрыццё Скарынаўскіх чытанняў-2017 "Кніжная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага", прысвечаных юбілею 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У цырымоніі адкрыцця мерапрыемства прыняў удзел Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што юбілей беларускага кнігадрукарства "шырока адзначаецца не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, асабліва звязаных з імем і дзейнасцю нашага земляка". Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае ў гэтым працэсе актыўны ўдзел, як таксама Праваслаўная Царква, пратэстанцкія супольнасці, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі. -

- Жыццё нашага славутага суайчынніка цесна звязана з Вільняй. Каля 1520 года ён пераехаў у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, дзе выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна, заснаваў першую ва Ўсходняй Еўропе друкарню і пачаў кнігадрукаванне. Тут ён выдаў "Малую падарожную кніжку", якая ўключае ў сябе Псалтыр і многія рэлігійныя тэксты "Апостала", - нагадаў арцыпастыр. Па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, "Скарынаўскія чытанні" арганічна ўпісваюцца ў сусветнае святкаванне юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам і з'яўляюцца знакам пашаны да выдатнага сына нашага народа".

- Выданне першай друкаванай кнігі ў тыя часы ва Ўсходняй Еўропе было нечым большым за тэхнічны прарыў, бо пэўныя палажэнні з Бібліі ўвайшлі ў заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага, якое ў тыя часы перажыло вялікі духоўны ўздым, - заўважыў арцыбіскуп. - Божы Провід распарадзіўся так, што Францішак Скарына выдаў Псалтыр 6 жніўня 1517 г. - у свята Перамянення Пана. Біблія - гэта вечна жывое і дзейснае Божае слова, якое дадзена нам з мэтай нашага духоўнага перамянення. Скарына падарыў свайму народу самае каштоўнае, што можа быць - Біблію на роднай мове, каб людзі яе разумелі, вывучалі і перамянялі сваё жыццё.

catholic.by.


У Слоніме ўшануюць Алега Лойку

У пятніцу, 24 лістапада, у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбудзецца вечарына "Паэт зямлі слонімскай", прысвечаная памяці доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, пісьменніка, навукоўца і перакладчыка Алега Лойкі (1931-2008). У вечарыне памяці слыннага слонімца прымуць удзел выкладчыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта - дактары філалагічных навук прафесары Вячаслаў Рагойша і Алесь Бельскі, кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей, пісьменнік, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын, бард і журналіст Зміцер Бартосік, сваякі і землякі Алега Лойкі. У гэты самы дзень у бібліятэцы адкрыецца музейны пакой, прысвечаны Алегу Лойку.

Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX