Вярнуцца: 2017

№ 48 (1355)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 48 (1355), 29 лістапада 2017 г.


97-я ўгодкі ад пачатку Слуцкага збройнага чыну Дзень герояў

25 і 26 лістапада на Случчыне адбыліся ўшанаванні Слуцкага збройнага чыну.

25 лістапада двума аўтобусамі прыехалі на Случчыну 60 жыхароў Менска. Яны прывезлі ў тым ліку вялізны бел-чырвона-белы сцяг, пашыты ветэранам нацыянальнага руху Нінай Багінскай.

Арганізатарам акцыі выступіла Партыя БНФ і яе старшыня Рыгор Кастусёў. Ва ўшанаванні ўзялі ўдзел таксама хрысціянскія дэмакраты і маладафронтаўцы.

Ушанаванне пачалося з сяла Грозава Капыльскага раёна. Цяпер гэта сонная вёска, а продкі грозаўцаў былі ого-го. У 1920 годзе жыхары Слуцкага павета сфарміравалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.

Пасля ўдзельнікі наведалі Семежава і Вызну. Затым калона з Менска, прыехала ў Слуцк, дзе была зладжаная дазволеная акцыя - шэсце і святочны мітынг, у якім узялі ўдзел каля 150 чалавек. І шэсце, і мітынг былі дазволены. Усё прайшло без інцыдэнтаў, былі, канешне, людзі ў цывільным, але правядзенню акцыі ўлады, можна сказаць, не заміналі, хоць змянілі маршрут, не дазволіўшы прайсці калонай па галоўнай вуліцы Слуцку. Удзельнікі акцыі ходнікамі пры вуліцы Віленскай прайшлі да гарадскога парку культуры, дзе ў 15:20 пачаўся мітынг. "Малады фронт" тым часам ладзіў экскурсію па мясцінах Слуцкага збройнага чыну, прымеркаваную да пачатку паўстання.

Старшыня партыі БНФ - Рыгор Кастусёў адзначыў:

- Мы адзначаем кожны год гэтыя падзеі, каб нашыя нашчадкі не забывалі аб тым, што былі людзі, якія цаной свайго жыцця адстойвалі незалежнасць нашай краіны. І тое, што Беларусь атрымала нарэшце незалежнасць, ёсць і заслуга тых людзей.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец выказаў сваё меркаванне:

- Я думаю, што прадстаўнікі міліцыі ў незалежнай Беларусі маглі б і павінны выводзіць увесь свой асабісты склад у гэты дзень пад крыж прымаць прысягу на вернасць Беларусі і разгортваць бел-чырвона-белыя сцягі. А тое, што яны зараз спрабуюць згарнуць гэтыя мерапрыемствы - гэта проста ганьба.

Таксама дазвол на мітынг атрымала Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, але на 26-га лістапада.

Больш за 50 сяброў партыі выправіліся з Менска, каб ушанаваць памяць герояў. Удзельнікі акцыі наведалі мястэчкі Грозава, Семежава ды Вызну. Завершылася мерапрыемства мітынгам у Слуцку.

- Нясіце слова праўды пра гісторыю Беларусі! Не забывайце герояў! - заклікаў намеснік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі: - Людзі ачмураныя, падманутыя прапагандай. Ідзіце да людзей, заклікайце ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах! Можна было б шмат гаварыць пра падзеі Слуцкага збройнага чыну і пра сваё шанаванне герояў. Але ў 100 разоў больш важнае тое, што гэтыя людзі ахвяравалі сваім вольным часам, праехаліся ў гэты непагодны дзень па ўсіх гэтых мясцінах і засведчылі на месцах сваю павагу.

Слуцкі збройны чын - гэта ўзброенае паўстанне супраць савецкай улады, якое адбылося ў 1920 годзе. Паўстанцы спрабавалі ўстанавіць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі. Гісторыя Слуцкага паўстання замоўчвалася ў савецкія часы. Цяпер угодкі гэтых падзей адзначаюць прадстаўнікі незалежных партый і рухаў краіны, бо статусу дзяржаўнага свята гэтая падзея не мае дагэтуль.

Паводле Радыё Рацыя.


Юбілей Дануты Янаўны

Данута Янаўна БІЧЭЛЬ нарадзілася 3 снежня 1937 г. у вёсцы Біскупцы, Лідскага раёна ў сялянскай сям'і. Паступіла ў Лідскае педвучылішча, а пасля закрыцця яго скончыла Наваградскае педагагічнае вучылішча (1957), аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (1962) З 1962 года выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гародні. Член СП СССР (1964). З 1982 загадчыца Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гародні. Член Беларускага ПЭН-цэнтра (1989). Вядомая грамадская дзеячка, адна з арганізатараў і актыўных удзельнікаў суполкі Максіма Багдановіча, з верасня 1988 года - член БНФ. Прымала ўдзел у мітынгах, якія праходзілі ў Гародні. Каардынавала дзейнасць рэгіянальных суполак БНФ у Гарадзенскай вобласці. Была адным з ініцыятараў выпуску самвыдавецкай газеты "Рэанімова". Уваходзіла ў групу падтрымкі кандыдата ў дэпутаты ВС БССР М. Ткачова (1990).

У друку выступае з 1958 (газета "Літаратура і мастацтва"). У вершах, арганічна звязаных з народна-паэтычнай традыцыяй, апявае Радзіму, жыццё працаўнікоў вёскі, прыгажосць роднай зямлі.

Аўтар зборнікаў паэзіі "Дзявочае сэрца" (1961), "Нёман ідзе" (1964), "Запалянкі" (1967), "Доля" (1972), "Ты - гэта ты" (1976), "Браткі" (1979), "Дзе ходзяць басанож" (1983), "Загасцінец" (1985), "Даўняе сонца" (1987), "А на Палессі" (1990), "Божа, мой Божа" (1992), "Снапок" (1999), "На белых аблоках сноў" (2002), "Стакроткі ў вяночак Божай Маці" (2004), "Ойча наш…" (2008). Выйшаў збор выбраных твораў у выдавецтве "Беларускі кнігазбор" (2016). Напісала паэмы і кнігі вершаў для дзяцей "Перапёлка" (1968), "Грыб-парасон" (1969), "Дзічка" (1971), "Рыжая палянка" (1971), "Дагані на кані" (1973), "Лузанцы" (1982), "Габрынька і Габрусь" (1985). Аўтар кнігі нарысаў, мемуараў і эсэ "Хадзі на мой голас" (Вроцлаў, 2008), выдала кнігу прозы "Мост святога Францішка" (2010) і інш.

Вікіпедыя.


Якім быць Нацыянальнаму ўніверсітэту?

25-25 лістапада ў Менску праходзіла Міжнародныя канферэнцыя "Нацыянальны ўніверсітэт у 21 стагоддзі: місія і выклікі", скліканая па ініцыятыве ТБМ і Аргкамітэта ўніверсітэта"Альбарутэнія".

Супольная размова навукоўцаў і выкладчыкаў была спробай зазірнуць у будучыню і запачаткаваць новую акадэмічную супольнасць, якая будзе мець нацыятворчы характар, стыль і падыходы 21-га стагоддзя.

Алег Анатольевіч Трусаў зрабіў экскурс у гісторыю сусветных універсітэтаў, пачынаючы ад часоў Візантыі і Арабскага Усходу, Віленскага ўніверсітэта і Полацкай іезуіцкай акадэміі да заснавання БДУ. У сваім дакладзе Алег Трусаў распавёў пра дзейнасць Таварыства беларускай мовы па прасоўванню ідэі стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта, пачынаючы з чэрвеня 1998 года, калі Рада ТБМ упершыню ўзняла гэта пытанне. 10 кастрычніка 1999 года Рада ТБМ зацвердзіла асноўныя палажэнні ад стварэнні Статута ўніверсітэта. У ліпені 2000 года Алег Трусаў сустрэўся з міністрам адукацыі Васілём Стражавым і перадаў яму подпісы актывістаў ТБМ у падтрымку стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта. На лістапад 2000-га года ідэю падтрымалі 33.936 чалавек, а на травень 2001 года было сабрана 50.000 подпісаў. Аднак, у той перыяд задача, якая атрымала масавую падтрымку, была адхілена прадстаўнікамі ўладаў.

Задума стварэння вышэйшай навучальнай установы не знікла, а набыла новае гучанне з далучэннем Беларусі да Балонскага працэсу ў 2015 годзе. Зноў быў скліканы Аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта, які працуе два гады. Нарэшце, дэпутат Парламента Алена Мікалаеўна Анісім атрымала станоўчы адказ на прапанаваную ідэю.

У верасні 2017 года было атрымана памяшканне для запачаткавання працы Нацыянальнага ўніверсітэта як структурнага падраздзялення ТБМ імя Ф. Скарыны. "Такім чынам, закладзены першы камень у падмурак Нацыянальнага ўніверсітэта, - сказаў А. А. Трусаў - Мы будзем рухацца ад рэгістрацыі назвы "Альбарутэнія" да рэгістрацыі Статута і атрымання ліцэнзіі на дзейнасць універсітэта. Частку дакументаў мы атрымаем да 25 сакавіка, да 100-тых угодкаў абвяшчэння БНР. Для атрымання ліцэнзіі неабходна, каб колькасць прафесароў і кандыдатаў навук будучай ВНУ складала 30 адсоткаў. Калі мы атрымаем ліцэнзію, магчыма, Еўрапейскае Партнэрства выдзяліць нам сродкі". Алег Трусаў пажадаў усім калегам і аднадумцам плённай працы па развіцці Нацыянальнага ўніверсітэта "Альбарутэнія".

Кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч распавёў пра акадэмічны профіль будучай установы. Ён адзначыў, што ад пачатку вызначаны шэсць накірункаў навучання, якімі стануць: лінгва-краязнаўства, культурная спадчына, медыя і камунікацыя, інфарматыка, дзяржаўнае кіраванне.

- Важна, каб выпускнікі ўніверсітэта ўключаліся ў стварэнне беларускай дэмакратычнай інтэлектуальнай прасторы, - заўважыла Ірына Дубянецкая.

- Новы Нацыянальны ўніверсітэт павінен ставіць мэты больш высокія і выкшталцоныя, - лічыць Павел Баркоўскі. - Даследчыкі, якія будуць працаваць ва ўніверсітэце, павінны будуць вырашаць сусветныя праблемы і пытанні, якія нясе новае стагоддзе. Акадэмічная пляцоўка павінна захоўваць дыалагічны характар, кіраваць працэсамі прадукавання новага мыслення.

- Універсітэт - гэта асобая супольнасць людзей, якая захоўвае вышэйшы ўзровень мыслення і трансляцыі сучасных ведаў, - адзначыў Уладзімір Мацкевіч. Алег Трусаў падкрэсліў неабходнасць стварэння навуковых школ у розных галінах. На канферэнцыі прагучала думка пра тое, што ўніверсітэт можа стаць асяродкам выхавання новых філарэтаў і філаматаў 21-га стагоддзя, якія пакінуць яскравы след у гісторыі і культуры краіны.

Надзвычай цікавае паведамленне зрабіў Аляксей Яскевіч. Ён прааналізаваў па розных крытэрах досвед чатырох сучасных універстэтаў у Расіі і ва Ўкраіне: Вышэшай эканамічнай школы, Кіева-Магілянскай акадэміі, Еўрапейскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсіта і Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэта. Яны дасягнулі пэўных поспехаў, дзякуючы незалежнаму ад дзяржавы статусу, мэтавым праграмам і ўдаламу фандрайзінгу. Малады выкладчык параўнаў тое, што ёсць за мяжой, з тым, што ёсць і можа быць у нашай краіне.

У выступленнях і дыскусіі прынялі ўдзел Алена Анісім, Дзяніс Тушынскі, Андрэй Вардамацкі, Сяргей Запрудскі, Алесь Астроўскі, іншыя навукоўцы і выкладчыкі.

Аналізуючы функцыянал універсітэта, дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі падкрэсліў, што новая ўстанова павінна стаць кропкай фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці, кропкай стабільнасці палітычных арыентацый беларусаў, пунктам росту здольнасцяў жыцця ў поліпарадыгматычным свеце.

Апытаныя рэспандэнты сярод перавагаў Нацыянальнага ўніверсітэта называюць патрыятызм і павагу да беларускай нацыі, унікальнасць і незвычайнасць, мінусамі лічаць слабое валоданне абітурыетамі беларускай мовай, неканкурэнтаздольнасць і іншыя рысы.

Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра свае намаганні па стварэнні дыстанцыйнага вольнага ўніверсітэта, інтарэсы якога прадстаўляе грамадская арганізацыя ў Варшаве. Гэта будзе яшчэ адна альтэрнатыўная магчымасць набыцця вышэйшай элітнай адукацыі.

Другі дзень канферэнцыі быў прысвечаны даследчыцкім рысам будучага Нацыянальнага ўніверсітэта, выпрацоўцы дыдактыкі і лагістыкі новай вышэйшай навучальнай установы. З паведамленнямі выступілі Андрэй Крывалап, Галіна Івуць, Ірына Лаўроўская, Пётр Рудкоўскі, Ала Баранава і іншыя даследчыкі.

- Я вельмі задаволены высокім узроўнем канферэнцыі, - адзначыў прафесар Алесь Астроўскі з Гародні. - На ёй прайшла рэкагнасцыроўка сіл у шырокім дыяпазоне поглядаў. Тыя, хто будзе выхоўваць моладзь і ўплываць на фарміраванне яе поглядаў, вызначылі шляхі руху наперад.

Эла Дзвінская, фота аўтара 1. Алег Трусаў, Павел Цярэшчанка, Уладзімір Колас, Алена Анісім; 2. Аляксей Яскевіч; 3. Алена Сакалова; 4, 5. На канферэнцыі.


Нацыянальны ўніверсітэт - адзін з падмуркаў існавання незалежнай Беларусі

Першы ўніверсітэт на нашых тагачасных землях з'явіўся ў XVI ст. у Вільні, дзякуючы Стэфану Баторыю і ордэну езуітаў. Палітыкай ордэна было стварэнне ў Еўропе і за яе межамі цэлай адукацыйнай сістэмы езуіцкіх калегіюмаў і акадэмій, у якіх можна было атрымаць на той час якасную адукацыю. Таму не выпадкова, што другі ўніверсітэт на тэрыторыі Беларусі з'явіўся ў Полацку ў выглядзе езуіцкай акадэміі, як гэта было раней у Вільні.

Але гэтыя навучальныя ўстановы не былі нацыянальнымі, яны не рыхтавалі беларускіх патрыётаў, а гадавалі адэптаў каталіцкай царквы, таму ў аснове адукацыі была латынь.

У XVIІІ ст. еўрапейская адукацыя пад уплывам ідэй Асветніцтва і Рэфармацыі становіцца свецкай і нацыянальнай. Выкладанне большасці прадметаў вядзецца ўжо на мясцовых мовах. У Віленскім універсітэце пераважнай мовай навучання становіцца польская.

У ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася цалкам у складзе Расійскай імперыі, мова навучання з польскай паступова стала рускай, а беларуская фактычна трапіла пад забарону ажно да 1905 г.

Нават дазволіўшы кнігадрукаванне і выхад газет на беларускай мове, расійскія ўлады да апошніх дзён існавання Расійскай імперыі забаранялі беларускамоўную школьную адукацыю, таму першыя школы і семінарыі на роднай мове ўзніклі толькі падчас Першай сусветнай вайны на акупаванай немцамі тэрыторыі Заходняй Беларусі. Ужо тады прыхільнікі беларушчыны марылі пра адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэта, які б на беларускай мове гадаваў нацыянальную беларускую эліту.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ідэя адкрыцця беларускага нацыянальнага ўніверсітэта пачала публічна агучвацца на розных сходах і з'ездах, а з 1918 г. стала адным з кірункаў дзейнасці ўрада БНР. У 1919 г. польскія ўлады аднаўляюць Віленскі ўніверсітэт, а ў 1921 г. у Менску (тагачасная назва сталіцы БССР) пачынае дзейнічаць савецкі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). Тут у 20-х гадах беларуская мова становіцца адной з моваў выкладання шматлікіх прадметаў на розных факультэтах, а навуковыя супрацоўнікі Інбелкульта, многія з якіх былі беларускамоўнымі, адначасова з'яўляліся і ўніверсітэцкімі выкладчыкамі.

Сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў нанеслі велізарны ўдар па студэнтах і выкладчыках БДУ, многіх з іх знішчыўшы фізічна, а беларуская мова перастала гучаць у сценах універсітэта. У 60-70-х гадах ХХ ст. студэнты беларускага аддзялення філфака БДУ змагаліся за тое, каб іх навучалі па-беларуску, але поспеху ў гэтым змаганні не мелі. Сітуацыя стала паляпшацца ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. За пяць гадоў новай беларусізацыі (1990-1995 гг.) сотні выкладчыкаў ВНУ перайшлі на беларускую мову навучання. Яны пісалі і выдавалі новыя падручнікі, дапаможнікі, слоўнікі, розную метадычную літаратуру. Рэферэндумы 1995 і 1996 гадоў спынілі гэты працэс і павярнулі кола беларускай гісторыі назад у мінулае.

Аднак змаганне за беларускамоўную адукацыю ў ВНУ было працягнута. У чэрвені 1998 г. Рада ТБМ узняла пытанне пра стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта (БНУ). У верасні 1998 г. адбыліся пікеты і мітынгі ТБМ з удзелам моладзевых аб'яднанняў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі і стварэння БНУ. Быў накіраваны зварот да старшыні Савета Міністраў Сяргея Лінга і міністра адукацыі Васіля Стражава з патрабаваннем адкрыць БНУ.

10 кастрычніка 1999 г. Рада ТБМ зацвердзіла ініцыятыўную групу па распрацоўцы Статута і Палажэння аб БНУ. На сваё першае паседжанне ініцыятыўная група ў складзе 68 чалавек сабралася 1 снежня 1999 г. Кіраўніком групы быў абраны акадэмік Радзім Гарэцкі.

12 студзеня 2000 г. былі абмеркаваныя канцэпцыя БНУ і канцэпцыя прыродазнаўчага факультэта. 15 сакавіка 2000 г. праект канцэпцыі БНУ надрукавалі ў газеце "Наша слова" (№ 11). 16 красавіка канцэпцыя і Статут БНУ былі зацверджаны. Ужо 7 чэрвеня 2000 г. газета "Наша слова" надрукавала канцэпцыю БНУ, падрыхтаваную Барысам Кітом.

Сябры і прыхільнікі ТБМ пачалі збіраць подпісы грамадзян Беларусі ў падтрымку адкрыцця ў Беларусі БНУ. У ліпені 2000 г. старшыня ТБМ Алег Трусаў меў сустрэчу з міністрам адукацыі Васілём Стражавым, якому былі перададзены ксеракопіі сабраных подпісаў. Па стане на 1 лістапада 2000 г. было сабрана 33926 подпісаў, а на 20 траўня 2001 г. колькасць подпісаў дасягнула 50 тысяч.

28 студзеня 2006 г. старшыня ТБМ Алег Трусаў сустрэўся з прадстаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і абмеркаваў з імі пытанне пра адкрыццё БНУ. Ужо 15 лютага 2006 г. ТБМ атрымала афіцыйны адказ за подпісам першага намесніка Міністра адукацыі А. І. Жука, у якім паведамлялася пра немэтазгоднасць адкрыцця БНУ.

22 лістапада 2006 г. сакратарыят ТБМ зноў прапанаваў уладам адкрыць у Менску БНУ і надаць яму імя Якуба Коласа. Гэта прапанова таксама была адрынута. Аднак ідэя існавання БНУ з беларускай мовай навучання не памёрла і зноў набыла новае гучанне пасля далучэння Беларусі да Балонскага працэсу.

Сітуацыя з узроўнем адукацыі ў нашай краіне, асабліва ў сярэдняй школе, пагаршаецца з кожным годам. Гэтаму спрыяюць розныя аб'ектыўныя і суб'ектыўныя фактары. Да іх можна аднесці перапоўненыя класы ў гарадскіх школах, нізкія заробкі настаўнікаў, праз гэта і непрывабнасць дадзенай сферы для мужчын, дрэнную падрыхтоўку настаўнікаў у ВНУ, бо на педагагічных спецыяльнасцях часта вучацца самыя слабыя студэнты.

У глыбокім крызісе апынуліся і нашы ВНУ, асабліва пасля таго, як іх гвалтам перавялі на 4 гады навучання, і гэта тады, калі нават у СССР усе ўніверсітэты, у адрозненне ад інстытутаў, вучылі студэнтаў 5 гадоў.

Нашы студэнты дрэнна ведаюць замежныя мовы і нават родную беларускую, не маюць досведу ў ІТ-тэхналогіях і сучасных камунікацыях. Адукацыйны працэс у школах і ВНУ павінен быць пабудаваны так, каб вучні і асабліва студэнты мелі вольны час на атрыманне практычнага досведу, на развіццё сваіх талентаў у розных сферах жыцця.

Пасля далучэння ў 2015 г. да Балонскага працэсу нам трэба імкнуцца да стварэння Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, скасавання размеркавання выпускнікоў, выдачы льготных крэдытаў студэнтам прыватных ВНУ, пашырэння інстытуцыйнай аўтаноміі, пашырэння тэрмінаў знаходжання выкладчыкаў і студэнтаў у замежных краінах з мэтай навучання і абмену досведам у выкладчыцкай і навуковай працы без неабходнасці атрымання дазволу міністэрства.

Таму зноў быў створаны аргкамітэт па стварэнні БНУ, які плённа працуе апошнія два гады. Сёлета старшыня ТБМ Алена Анісім публічна задала пытанне кіраўніку Беларусі аб адкрыцці БНУ і атрымала адказ, які ўпершыню не быў адмоўным. У верасні 2017 г. ТБМ афіцыйна атрымала ў Менску памяшканне для размяшчэння аргкамітэта па стварэнні будучага ўніверсітэта як структурнага падраздзялення ТБМ. Такім чынам, закладзены першы камень у падмурак БНУ.

Далейшымі крокамі будзе рэгістрацыя Статута і атрыманне ліцэнзіі на дзейнасць БНУ як прыватнай навучальнай ўстановы. Спадзяюся, што гэта атрымаецца зрабіць да 25 сакавіка 2018 г. - сотых угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ.


ПРА СВЯТОЕ - ТОНАМ СПАКОЙНАГА РОЗДУМУ

Сябар напісаў заклік да ўсіх ядзерных дзяржаў, каб яны знішчылі сваю ядзерную зброю. Прынёс мне, каб і я падпісаў. Я патлумачыў, што заклік прыгожы, але ў сённяшніх умовах зусім нерэальны і таму можа выклікаць толькі ўсмешку. І падпісаць адмовіўся. І тут ТАКОЕ пачуў на свой адрас!..

Спынюся тут. Ніхто мне такога закліку падпісваць не прапаноўваў. Але заклік Міколы Савіцкага за беларускую мову як адзіную дзяржаўную з той жа оперы. Мне, натуральна ж, вельмі хочацца, каб так было. Упэўнены, гэтага ж хочацца і любому сябру ТБМ. Прынамсі, на з'ездзе ніхто не падняў руку супраць таго, каб наша родная мова стала адзінай дзяржаўнай. Але ж вырашаць гэта будзе не Трусаў, не Савіцкі і нават не ТБМ поўным сваім складам у адну тысячную дарослага насельніцтва краіны. Вырашаць будзе народ, які сёння не гатовы пачуць і зразумець гэты заклік, тым болей падтрымаць яго.

Я напісаў пра тое ў "НС" пасля з'езда (1.ХІ). Гэта была рэпліка ў адказ спадару Савіцкаму. Але Мікола Іванавіч зрабіў выгляд, што не пачуў гэтай рэплікі ці не зразумеў яе. Таму варта выказацца больш разгорнута.

Час ад часу я наведваю більярдны клуб. Там збіраюцца пакачаць шары мужыкі, якія кантактуюць паміж сабой на "великом и могучем". Тым не менш, маю беларускую гаворку там разумеюць і паважаюць. Ніякай агрэсіі яна не выклікае. Наадварот, некаторыя спрабуюць са мной размаўляць па-беларуску ці хаця б устаўляць у сваю гаворку беларускія словы, успамінаюць выслоўі, якія чулі ў дзяцінстве ад бацькоў. На фуршэце ў гонар 15-годдзя клуба яго гаспадар сказаў, што першы тост павінен быць на беларускай мове і даў слова мне. Афішы некаторых турніраў на маю прапанову друкуюцца па-беларуску. І г.д. Беларуская мова ў такім сціплым выглядзе там жыве.

Наведвальнікі більярднага клуба - гэта маленькая кропелька нашага народа. Варта адзначыць, што ў гэтую кропельку ўваходзяць людзі, крыху больш актыўныя, чым сярэднестатыстычны жыхар Беларусі, бо більярд - забава не танная і забаўляюцца ёю тыя, хто мае лішнія грошы. Прадпрымальнікі, супрацоўнікі банкаў, гандляры, кіраванцы, але ёсць і нізавыя работнікі, энергетыкі, пенсіянеры, нават студэнты і школьнікі. Ёсць нават грамадзянін Расіі, які пераехаў у Магілёў з Масквы і распачаў тут сваю вытворчасць. Дык вось, ва ўсяго гэтага народу стаўленне да маёй мовы цалкам станоўчае, прыхільнае. Той расійскі вытворца аднойчы нават быў фундатарам "Беларускага пяціборства".

Але ўявіце, што я прыйшоў у клуб і заяўляю: з заўтрашняга дня мы ўсе павінны гаварыць па-беларуску. Спачатку людзі падумаюць, што гэта такі не вельмі ўдалы жарт і злёгку пасмяюцца. Калі ж усвядомяць, што я не жартую, то тады я і пачую тое самае ТАКОЕ. З усімі шматпавярховымі вывертамі расейскага мату. І з гэтага моманту да маёй мовы стаўленне зменіцца на агрэсіўнае.

Тое самае адбудзецца і з усім нашым народам, калі заклік спадара Савіцкага агучыць публічна. Мікола Іванавіч мог бы адчуць гэта сам, калі б выйшаў на вуліцу і пачаў сустрэчным прапаноўваць далучыцца да свайго закліку. Але ён не хоча наклікаць агрэсію людзей да сябе, ён хоча, каб гэтая агрэсія была на адрас Алега Трусава ці Алены Анісім і ўвогуле на Таварыства. Навошта яму тое?

Не думаю, што гэта свядомае шкодніцтва. Хутчэй чалавек не разумее ўсіх наступстваў сваёй ініцыятывы. Ён сядзіць за сталом з кампутарам і размаўляе з маніторам, а народ недзе там, за сценамі кватэры. І чалавек уяўляе той народ у межах сваіх ідэалаў: вось, заклікаць бы народ - і справа закіпіць! І ён прадукуе прыгожыя заклікі кшталту адмовіцца ўсім ядзерным краінам ад ядзернай зброі. І калі вопытны палітык (А. Трусаў ці хто іншы) патлумачвае яму, што зараз яшчэ не час для такіх заклікаў, што такія ініцыятывы не на карысць, а на шкоду, то Мікола Іванавіч пачынае закіпаць, кідацца словамі кшталту "духоўная нікчэмнасць" ці падобнымі іншымі.

Мне скажуць: дык жа беларуская мова не так даўно ўжо была адзінай дзяржаўнай. Так, была. На энтузіязме толькі што здабытай незалежнасці і пад ціскам актыўных сіл тое было прынята. Прайшло! Але ўтрымаць тое не здолелі.

А зараз час зусім не такі, якім ён быў 25 год таму. Рэальнасці іншыя. Размеркаванне сіл іншае. Дык што, нам трэба змірыцца з другаснай роллю нашай мовы і перастаць змагацца за яе? Канешне ж, не! Змагацца трэба. Толькі варта рабіць тое разумна. Разумеючы, што гістарычныя працэсы адбываюцца не імкліва. Імкліва робяцца рэвалюцыі і войны. А іншае робіцца павольна, паступова, крок за крокам. З роздумам.

Гэтак жа павольна і ўдумліва трэба ісці да мэты "беларуская - адзіная дзяржаўная мова". З чаго пачаць? Ну хаця б з таго, каб дамагацца рэальнай роўнасці моваў. Гэтага дамагацца можна і варта ўжо з-за таго, што падставы для такога дамагання змяшчаюцца ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у выніках рэферэндуму і яшчэ ў тым, што заклік роўнасці не выклікае агрэсіі ў народзе.

А роўнасці сёння зусім ніякай няма. Доказу гэтага сцвярджэння і прысвечана мая апошняя кніга "Беларус у Беларусі. Эпісталярыі пра мову і маральнасць". На дасягненне гэтай роўнасці і трэба кідаць усе наяўныя сілы, якіх у нас не так ужо і шмат. Ініцыятыва ж спадара Савіцкага прымушае траціць тыя сілы на ўнутраныя спрэчкі, чаго не хацелася б.

А пад канец хочацца нагадаць параду вялікага матэматыка, паэта і дзяржаўнага дзеяча Амара Хайяма:

" Калі на цябе нейк сышла благадаць,

Можаш усё ты за праўду аддаць,

Ды, святы чалавек,

не спрабуй крыўды мець

На таго,

хто не хоча за праўду цярпець".

Міхась Булавацкі.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пач. у пап. нумарах.)

818. Мезенцаў (Віктар) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Мезенец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мезенцаў. ФП: мезенец ('пяты, самы малы палец на руцэ, назе') - Мезенец (мянушка, потым прозвішча) - Мезенцаў.

819. Мельчанка (Мікалай) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Мелька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мельч(к/ч)анка. ФП: мель ('неглыбокае месца ў рэчцы, возеры, морка') - мелька ('памянш. форма, фармант -ка') - Мелька (мянушка, потым прозвішча) - Мельчанка.

820. Меяроўская (Вольга) - вытвор з фармантам -оўская ад антрапоніма Меер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Меероўская - Меяроўская.

821. Мікалуцкі (Аляксандр) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Мікалучы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Мікалучскі - Мікалуцкі.

822. Мікель (Сяргей) - гутарковая форма імя Мікіта (з мовы грэкаў 'пераможца') набыла ролю прозвішча.

823. Мілевіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Міль з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мілевіч. ФП: Мілій (імя <грэч. melis 'яблыня') - Миль (1539) - Мілевіч. Адсюль і тапонім Мілявічы (в. у Мастоўскім раёне).

824. Мінейка (Зыгмунд) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Міней і значэннем 'жанчына (жонка, дачка) названай асобы': Мінейка. Або як пам.-ласк. (ці зневаж.) форма ад Міней. ( Міна (грэч. mena, menas 'месяц')).

825. Мінчанка (Наталя) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Мінко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мінч(к/ч)анка. ФП: Міна (<грэч. mena, menas 'месяц / імя') - Мінка / Мінко (вытвор з фармантам -ка/-ко і значэннем памянш.-ласк.) - Мінко (празванне, потым прозвішча) - Мінчанка.

826. Мінютка (Тамара) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) мінютка - эквівалента мінутка - ласк. да мінута.

827. Мірановіч (Міхась) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Мірон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міронавіч - Мірановіч. ФП: Мірон (грэч. myron 'пахкае рэчыва міра') - Мірон (імя, потым прозвішча) - Мірановіч.

828. Мірашнічэнка (Алёна) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Мірашнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мірашніч(к/ч)энка. ФП: Мірон (імя <грэч. myron - міра - 'пахкае рэчыва') - Мірош і Міраш, Мірашнік (варыянты) - Мірашнік (мянушка, потым прозвішча) - Мірашнічэнка.

829. Мірошык (Аксана) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Мірош і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мірошык. ФП: Мірон (імя <грэч. 'цяжкае рэчыва') - Мірош (народна-гутарк. форма) - Мірош (мянушка, потым прозвішча) - Мірошык.

830. Мірук (Алёна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Мір і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мірук. ФП: мір (апелятыў з значэннямі: 1) 'адсутнасць варожасці, вайны; згода'; 'пагадненне бакоў аб канчатковым спыненні ваенных дзеянняў;' 2) 'сельская грамада'/ - Мір (імя, новае)) - Мірук.

831. Мірэйчык (Надзея) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Мірэй і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мірэйчык. ФП: Мірон (імя, ад грэч. myron 'пахкае рэчыва') - Мірэй і Мірэйка (народна-гутар. формы, потым мянушкі) - Мірэй (прозвішча) - Мірэйчык. Або як памянш.-ласк. ад Мірон.

832. Міскевіч (Валерый) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Міско і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міскевіч. ФП: Міхаіл (імя <ст.-яўр. 'роўны Богу Яхве') - Міско (народная форма, з 1528 г.) - Міско (празванне, потым прозвішча) - Міскевіч.

833. Місюк (Анатоль) - народна-гутарковая форма ад кананічнага Міхаіл (ст.-яўр. 'роўны Богу') набыла ролю прозвішча.

834. Міхадзюк (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Міходзь і значэннем 'нашчадк названай асобы': Міходзюк - Міхадзюк. ФП: Мяфодзій (імя, з мовы грэкаў 'метад, тэорыя') - Міходзь (народны варыянт імя) - Міходзь (празванне, потым прозвішча) - Міхадзюк.

835. Міхасюк (Яўген) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Міхась і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міхасюк. ФП: Міхаіл (імя -ст.-яўр. 'роўны богу Яхве') - Міхась (варыянт слова Міхаіл, які стаў нарматыўным сучасным імем) - Міхась (прозвішча) - Міхасюк.

836. Міхачэўскі (Дзмітрый) - вытвор з фармантам -эўскі/-скі ад тапоніма Міхачы / Міхачоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Міхачэўскі, Міхачэў(ка)скі. ФП: Міхаіл (гл. Міскевіч) - Міха (народная форма (скарот) ад Міхаліна) - Міхач (экспрэсіў ад Міх (Міха, Міхаіл)) - Міхачы і Міхачоўка (тапонімы) - Міхачоўскі - Міхачэўскі.

837. Міхнавец (Дзіна) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Міхнава з значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Міхнавец. Або ад прозвішча Міхно (< Міхаіл <ст.-яўр. 'роўны Богу Яхве') з суфіксам -авец: Міхнавец.

838. Міхневіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Міхно і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міхневіч. ФП: Міхаіл (імя <ст.-яўр. Mikael 'роўны Богу') - Міхно (народная форма, з 1528 г.) - Міхно (мянушка, потым прозвішча) - Міхневіч.

839. Мішчанка (Алег) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Мішка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мішч(к/ч)анка. ФП: Міхаіл (імя <ст.-яўр. 'роўны Богу Яхве') - Міша - Мішка - Мішчанка.

840. Мокша (Мар'ян) - семантычны вытвор ад апелятыва мокша 'адна з дзвюх этнаграфічных груп мардоўскага народа'.

841. Моніч (Мікіта) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Мон (з мовы грэкаў: monos 'адзін, адзінокі') і значэннем 'нашчадак названай асобы': Моніч. Параўн. Кузьміч. Магчымая рэдэрывацыя: Моніка > Мон.

842. Морава (Антаніна) - семантычны вытвор ад апелятыва морава (-рэг. варыянт (фармант -ава, як сінява - сінь, шэрава 'шарэзны')) ад мор 'павальная смерць, эпідэмія'.

843. Моўчан (Міхаіл) - семантычны вытвор ад апелятыва моўчан (рэг.) 'маўклівы чалавек'; параўн. укр. мовчан 'маўчун' (Грынч.).

844. Моцевіч (Кацярына) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Мот і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мотевіч - Моцевіч - Мацевіч. ФП: мот ('марна-траўца') - Мот (мянушка, потым прозвішча) - Моцевіч / Мацевіч.

845. Мужычэнка (Ягор) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Мужык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мужыч(к/ч)энка. ФП: мужык (апеятыў мае розныя значэнні): 1) 'селянін' (састар.); 2) 'тое, што і муж (жанаты мужчына ў адносінах да сваёй жонкі)'; 3) 'грубы', невыхаваны чалавек (разм.) - Мужык (мянушка, потым прозвішча) - Мужычэнка.

846. Мукавозчык (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва мукавозчык 'той, хто возіць муку' (мукавозчык).

847. Мураўёў (Дзмітрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Муравей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мураўёоў. ФП: муравей (рус. 'мурашка') - Муравей (мянушка, потым прозвішча) - Мураўёў.

848. Мурашкін (Аляксандр) - вытвор з прыналежным прыметнікавым суфіксам -ін ад антрапоніма Мурашка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мурашкін. ФП: мурашка ('невялікае насякомае атрада перапонкавакрылых, якое жыве вялікімі калоніямі') - Мурашка (мянушка, потым прозвішча) - Мурашкін.

849. Мусіенка (Святлана) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Мусій і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мусійенка - Мусіенка. ФП: Майсей (імя <ст.-яўр. Mose - 'яўр. заканадаўца') - Масей і Мусей (народн. форма; укр. МусійМойсей)) - Мусій (празванне, потым прозвішча) - Мусіенка.

850. Мускі (Барыс) - народная форма старажытнага рэдкага імя Мусікій набыла ролю прозвішча.

851. Мутко (Віталь) - семантычны вытвор ад апелятыва мутко (-утварэння (фармант -ко) ад муціць 'рабіць мутным (пра ваду)', 'не даваць спакою, трывожыць', 'браць на ваніты') - 'той, хто муціць' ці 'той, каго муціць'. Або ад першаснага Мітко - народнай формы ад Мітрафан.

852. Мухаяраў (Вадзім) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Мухаяр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мухаяраў. ФП: мухаяр ('баваўняная тканіна з дабаўленнем воўны або шоўку') - Мухаяр (мянушка, потым прозвішча) - Мухаяраў.

853. Мушынскі (Міхась) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Мушына і значэнне 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Мушынскі.

(Працяг у наст. нумары.)


ЛІЦВІНЫ Ў НАПАЛЕОНАЎСКАЙ ГВАРДЫІ - НЕВЯДОМАЯ СТАРОНКА НАШАЙ ГІСТОРЫІ

Уладзімір Лякін. Ліцвіны ў гвардыі Напалеона. - Мінск: Тэхналогія, 2017. - 335 с.

Хто такія ліцвіны? Як адзначаў яшчэ 90 гадоў таму вядомы польскі вучоны Аляксандр Брукнер пісаў: "Mowimy ciagle "litewski, Litwin", ale to tylko zamiast "bialoruski, Bialorus", bo w roku 1510 nikomy nic o Litwie wlasciwej, etnograficznej ani snilo sie; jeszcze Rej w roku 1562 Litwinem Bialorusina nazywal, a w Moskwie i w XVII wieku "litowskij" tyle, co bialoruski" ("Увесь час кажам "літоўскі, ліцвін", але гэта толькі замест "беларускі, беларус", бо ў 1510 годзе нікому нічога пра ўласна Літву, Літву этнаграфічную нават не снілася; яшчэ Рэй у 1562 годзе называў ліцвінам беларуса, а ў Маскве і ў XVII стагоддзі "литовский" азначала "беларускі""). Пазней, як вядома, ліцвінамі называлі сябе Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка ды іншыя славутыя сыны нашай зямлі.

Нават сёння, паводле сведчання навукоўцаў-этнографаў, ліцвінамі называюць сябе нямала беларусаў не толькі ў Рэспубліцы Беларусь (на Берасцейшчыне, Гарадзеншчыне, Віцебшчыне, Меншчыне), але і за яе межамі: на ўкраінскім Палессі, на поўначы Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны, на заходняй Браншчыне і Смаленшчыне. Таму Ўладзімір Лякін, аўтар кнігі "Ліцвіны ў гвардыі Напалеона", якая пабачыла свет у выдавецтве "Тэхналогія", справядліва лічыць тэрмін "ліцвіны" гістарычным этнонімам беларусаў.

Такім чынам, ліцвіны - гэта нашыя продкі, і тыя, хто жыў у Вялікім Княстве Літоўскім, і тыя, хто захоўваў яго спадчыну і традыцыі пасля знікнення дзяржавы з мапы Еўропы. Менавіта пра іх - высакародных, адважных, самаахвярных - ідзе гаворка ў памянёнай кнізе.

Выданне знаёміць чытачоў з малавядомай старонкай айчыннай гісторыі. Яно апавядае пра ўдзел нашых прадзедаў у 1807-1815 гадах у элітных фармаваннях французскай арміі - гвардыі Напалеона. Маладыя людзі апынуліся ў адным шыхце пад Імператарскімі арламі з адной мэтай: вярнуць незалежнасць Радзіме. Рухаючыся следам за аўтарам, чытачы могуць патрапіць не толькі на палі бітваў у Іспаніі, Расеі, Германіі, Францыі (пад Самас'ерай, пры Рацісбоне, Эслінгу, Ваграме, Аламейдэ ды інш.), але і на велічныя парады, пазнаёміцца з штодзённым жыццём, зброяй і падрыхтоўкай тых, пра каго Напалеон сказаў: "Вы вартыя маёй Старой Гвардыі! Вы - найлепшая кавалерыя!". Вялікую цікавасць выклікае дадатак: кароткія біяграфічныя звесткі пра больш за тысячу нашых суайчыннікаў-гвардзейцаў. Шмат хто з дапытлівых чытачоў пазнае сярод іх сваіх прадзедаў.

16 лістапада ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася першая прэзентацыя "Ліцвіноў". Госці імпрэзы, сярод якіх былі польскі амбасадар Конрад Паўлік і дарадца па культуры і супрацоўніцтве амбасады Францыі Эльза Піньёль, шмат казалі пра актуальнасць выдання, ягоную карысць для беларускай культуры і ўзаемаразумення народаў Францыі, Польшчы і Беларусі. Як адзначыла старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, перакладніца і мадэратарка сустрэчы Алена Анісім, прэзентацыю кнігі "Ліцвіны ў гвардыі Напалеона" можна лічыць свайго роду ўнёскам ТБМ і выдавецтва "Тэхналогія" ў святкаванне 100-годдзя аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Дарэчы, першыя два дзясяткі асобнікаў разляцеліся літаральна за паўгадзіны, што дае надзею на далейшае павышэнне зацікаўленасці грамадства ў вывучэнні ўласнай гісторыі і культуры. Шукайце гэтае надзвычай змястоўнае выданне на паліцах менскіх крамаў "Акадэмкніга", "Светач", "Цэнтральная кнігарня" і ў іншых гандлёвых пунктах краіны.

Аксеня Тарасевіч.На фота: 1. Вокладка кнігі. 2. Старшы вахмістр і шэвалежэр (конны) гвардзейскага 3-га палка шэвалежэраў-уланаў. Ілюстрацыя з кнігі. 3. Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. 4. Старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. 5. Аўтар Уладзімір Лякін падпісвае кнігу.


Юбілейная "Скарыніяна" ў фарбах, бронзе і дрэве

Важкі ўклад у асэнсаванне 500-годдзя беларускай кнігі ўносяць мастакі і скульптары, графікі і кніжныя ілюстратары. На выставе ў менскім Палацы мастацтваў прадстаўлены працы ў розных жанрах, якія адлюстроўваюць выдавецкі вычын Францішка Скарыны, выяўляюць розныя грані яго асобы.

Значную частку экспазіцыі складаюць партрэты і скульптурныя выявы першадрукара. Сярод іх, найперш, прыцягваюць увагу партрэты пэндзля Георгія Паплаўскага ("Францыск Скарына"), Алеся Цыркунова ("Першадрукар"), Юрыя Каралевіча ("Адраджэнне"), скульптурныя бюсты з таніраванага і белага гіпсу Льва і Сяргея Гумілеўскіх, постаць асветніка, адлітая ў бронзе Паўлам Лукой. Велічна ўзвышаецца над усёй экспазіцыяй скульптура Францішка Скарыны з дрэва аўтарства Сяргея Гумілеўскага.

Родным мясцінам ас-ветніка прысвечаны творы Івана Козела "Полацк", Уладзіміра Пракапцова - "Нараджэнне дня" і Аксаны Хамко - "Шляхамі Скарыны".

Роздум пра Кнігу кніг, Слова, якое было ад пачатку, пранізвае працы Паўла Хадаровіча "Прадмова", Алены Шлегель "Алфавіт" і іншыя. Майстры плаката - Генадзь Мацур, Аляксандр Кулажанка, Сяргей Саркісаў падрыхтавалі ў юбілейным годзе серыі ёмкіх і лаканічных знакавых твораў на тэму беларускага слова і літары. У межах выставы прадстаўлены мастацкі праект "Беларускі АРТ-Алфавіт", куратарам якога з'яўляецца віцебская мастачка Кацярына Мяснікова. У выставачным праекце ўдзельнічаюць знакавыя прадстаўнікі беларускай графічнай школы - Юрый Якавенка, Павел Татарнікаў, Леў Алімаў, Міхаіл Басалыга, Раман Сустаў.

Што новага прыўносіць сёлетняя "Скарыніяна" ў параўнанні з працамі майстроў жывапісу 70-90 гадоў мінулага стагоддзя? На выставе зацікаўлены глядач знойдзе шэраг прац ў новых незвычайных тэхніках. Напрыклад, Канстанцін Вашчанка выканаў вялікую кніжную гравюру са скарынавых кніг з полісціролу. Таццяна Сакалоўская падрыхтавала працу ў змешанай тэхніцы на дрэве, а Таццяна Ласка вышывала літары беларускага алфавіту на тканіне. Аматарам беларускай кнігі будзе цікава бліжэй пазнаёміцца з акварэльнымі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава да кнігі "Айчына: маляўнічая гісторыя".

Акрамя твораў выяўленчага мастацтва на выставе прадстаўлены адноўлены Ўладзімірам Ліхадзедавым друкарскі станок Францішка Скарыны, на якім дэманструецца працэс старажытнага кнігадрукавання. Выстава працягне сваю працу да 3 снежня.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Юбілейная выстава "Скарыніяна"; 2. Скульптурная выява першадрукара. Аўтар - Сяргей Гумілеўскі; 3. Партрэт Ф. Скарыны Георгія Паплаўскага; 4. Гравюра з полісціролу Канстанціна Вашчанкі.


Дзень герояў у Лідзе

Сябры ТБМ і БНФ з Ліды ды Бярозаўкі адзначылі Дзень герояў. Актывісты вырашылі наведаць памятныя мясціны, якія ёсць у Лідзе, што так ці іначай звязаныя са змагарамі за незалежнасць Бацькаўшчыны. Гэта магілы ўдзельнікаў паўстання 1863 года, а таксама месца пахавання актывістаў беларускага падполля, якія загінулі ў час Другой сусветнай вайны. Кіраўнік Лідскай раённай арганізацыі БНФ Сяргей Пантус адзначыў:

- Мы прыйшлі сюды, каб захаваць традыцыю, захаваць памяць і аддаць належную даніну нашым продкам, якія змагаліся за нашу Бацькаўшчыну. Былі вельмі прыемна ўражаныя, магілы Валерыі Цехановіч і Юльяна Саковіча прыбраныя, пакладзены новыя вянкі, знічы пастаўленыя. Гэта гаворыць пра тое, што народ паціху абуджаецца і памятае сваіх герояў, гэта вельмі станоўчая прыкмета.

Сёння новае пакаленне лідзян працягвае традыцыі, заснаваныя папярэднікамі.

Беларускае Радыё Рацыя.


БЕЛАРУСКА-НЯМЕЦКІ НКА ФОРУМ

Навіны Германіі

Беларуска-нямецкі форум "Сase Exchange Weekend", які пройдзе 9-10 снежня 2017 г. у Менску.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускіх некамерцыйных арганізацыяў ды ініцыятываў з Беларусі, а таксама валанцёры і маладыя спецыялісты.

Мэта форуму - абмяняцца лепшымі практыкамі паміж прадстаўнікамі і прадстаўніцамі нямецкіх і беларускіх арганізацыяў у наступных абласцях: рэгіянальныя праекты, нефармальная адукацыя і моладзь, правы чалавека, сацыяльная інклюзія, ахова навакольнага асяроддзя, культура.

Таксама ў беларускіх НДА будзе магчымасць наладзіць партнёрства з нямецкімі калегамі.

У праграме мерапрыемства - панэльная дыскусія, майстар-класы, прамы абмен досведам, выстава беларускіх НДА, вывучэнне найбольш удалых кейсаў, прэзентацыя магчымасцяў, якія прапануе Германія для Беларусі.

У першы дзень, 9 снежня 2017 г., вас чакаюць:

- выстава-кірмаш праектаў і ініцыятыў грамадскіх арганізацый: вы даведаецеся, колькі карысці можна прынесці грамадству ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя, культуры, развіцці нефармальнай адукацыі, лічбавых свабод і не толькі;

- панэль з удзелам нямецкіх экспертаў і праца ў шасці секцыях па выбары, акрамя таго, у першы дзень форума мы прапануем вам паўдзельнічаць у крэатыўных майстар-класах і пазнаёміцца з калегамі з іншых арганізацый;

- нефармальныя зносіны падчас фуршэта.

У другі дзень Форума, 10 снежня 2017 г., вашай увазе будуць прадстаўлены магчымасці нямецкіх праграм для беларускіх арганізацый і адмыслоўцаў, а таксама запатрабаваныя майстар-класы па выкарыстанні бізнэс-інструментаў у маркетынгу НКО, ролі PR-а для паспяховай працы арганізацый трэцяга сектара і інструментаў правядзення эфектыўнага збору сродкаў праз краўдфандынгавыя платформы.

Арганізатары форума: Некамерцыйная арганізацыя АДБ Брусель, праваабарончая ўстанова "Human Constanta" і нямецкая кансалтынгавая арганізацыя Каапфорум Інтэрнацыяналь (Германія).

Партнёры форума: Установа "Цэнтр экалагічных рашэнняў", Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", Галерэя сучаснага мастацтва "Ў", каледж Ліберал артс у Беларусі "ECLAB".

Форум арганізуецца ў рамках праграмы "Рэсурсавы цэнтр НКА" пры падтрымцы МЗС Германіі.

АДБ Брусель.


Выстава ў Палацы мастацтваў

14 лістапада 2017 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў - Палац мастацтва адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы памяці мастака і педагога Юрыя Васільевіча Гаўрына (1943-2016 гг.),які пакінуў пасля сябе не толькі творчую спадчыну, якой ганарыцца Беларусь, але і ўдзячную памяць сярод прыхільнікаў яго таленту, а таксама шматлікіх студэнтаў Беларускага інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, дзе ён выкладаў (быў прафесарам) жывапіс і малюнак на працягу 13 гадоў.

Мастак быў надзелены вельмі каштоўным талентам душэўнай дабрыні, мудрасці ва ўзаемаадносінах з калегамі і сябрамі, талентам самаахвярнай любові да сваіх блізкіх,дзяцей і ўнукаў.

Мастак нарадзіўся у самы разгар (1943 г.) вайны ў Самаркандскай вобласці, але па волі лёсу апынуўся ў Беларусі, якая стала для мастака другой радзімай, дзе ён жыў і працаваў з 1948 г. і да апошняга дня.

Цяжкія пасляваенныя гады, дзяцінства і юнацтва спадара Гаўрына звязаны з мястэчкам Дуброўна пад Віцебскам, адкуль пачынаўся шлях майстра ў мастацтва. Прафесійную адукацыю ён атрымаў у Менскім мастацкім вучылішчы (1966 г.) і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1972 г.)

Пачынаючы з 1965 года Ю.В. Гаўрын ўдзельнічаў у мастацкіх выставах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню - у Бельгіі, Італіі, Аўстрыі. З 1978 года сябра Беларускага саюза мастакоў. Творчасць спадара Юрыя разнастайная і па манеры выканання і па тэматыцы.

У экспазіцыю выставы ўключаны жывапісныя творы Ю.В. Гаўрына, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў нашай краіны, а таксама ў сям'і мастака.

На адкрыцці выставы ў зале сабралася каля 150 чалавек; сярод якіх Зміцер Сурскі, Соф'я Жыбулеўская, Валеры Шкаруба, Базыль Ермаловіч. Перад прысутнымі выступілі: мастакі Рыгор Сітніца, Мікола Купава, Уладзімір Зінкевіч, Уладзімір Тоўсцік, а таксама дыпламат Сяргей Мартынаў.

Было вельмі цікава. Раю наведаць выставу мінчукам і гасцям беларускай сталіцы.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст фрылансер.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Алькабала - падатак на здзелкі, звязаныя з адчужэннем нерухомасці.

Гранд - магнат, багаты феадал.

Ідальга - іспанскі шляхціц, які служыў у караля, ці багатага феадала.

Інквізіцыйны трыбунал - іспанская інквізіцыя, якая вяла пераслед габрэяў, мусульман і ерэтыкоў.

Маўр - мусульманін, жыхар Гранадскага эмірата.

Марыск - мусульманін, які перайшоў у хрысціянства.

Каравела - марскі карабель, які ў XV ст. меў дзве або тры мачты і даўжыню ад 20 да 25 м.

Картэсы - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў каралеўствах Пірэнейскага паўвострава.

Факторыя - гандлёвы пасёлак еўрапейскіх купцоў у каланіяльных краінах.

Эльдарада - міфічная краіна, багатая на золата і каштоўныя камяні, якую шукалі на тэрыторыі Лацінскай Амерыкі іспанскія заваёўнікі.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1385-1433 гг. - уладаранне Жуана I, партугальскага караля.

1415 г. - захоп партугальцамі Сеўты.

1451-1506 гг. - Хрыстафор Калумб.

1469 г. - шлюб Фердынанда Арагонскага і Ізабелы Кастыльскай. Утварэнне Іспаніі.

1479 г. - Кастыльска-Арагонская унія.

1480 г. - стварэнне інквізіцыйнага трыбунала ў Іспаніі на чале з Тарквемадам.

1488 г. - адкрыццё партугальцамі мыса Добрай Надзеі.

1492 г. - падзенне Гранадскага эмірата і завяршэнне Рэканкісты.

1492-1503 гг. - чатыры экспедыцыі Калумба, адкрыццё Амерыкі.

1498 г. - адкрыццё марскога шляху з Еўропы ў Індыю Васка да Гамам.

1500 г. - адкрыццё партугальцамі Бразіліі.


РАЗДЗЕЛ XXV. МАСТАЦТВА ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ. РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ I ТЭХНІКІ Ў ХІV-ХV стст.

1. Феномен італьянскага Адраджэння і яго этапы.

2. Пачатак Паўночнага Рэнесансу.

3. Змены ў архітэктуры Еўропы ў ХІV-ХV стст.

4. Развіццё навукі і тэхнікі.

5. Узнікненне ўсходнеспавянскай і еўразійскай цывілізацый (замест заключэння).

1. Феномен італьянскага Адраджэння і яго этапы

Да пачынальнікаў культуры Адраджэння, або Рэнесансу, адносяць італьянскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У першую чаргу, гэта пісьменнікі Дантэ, Петрарка, Бакача і мастак Джота.

Дантэ Аліг'еры (1265-1321) паходзіў са шляхецкай сям'і, быў паэтам і палітычным дзеячам, стваральнікам сучаснай літаратурнай італьянскай мовы. Ён напісаў унікальную паэму з трох частак (100 песень), "Пекла", "Чысцец" і "Рай", якая мела назву "Камедыя", ці "Боская камедыя". У галіне палітыкі ён імкнуўся да аб'яднання Італіі і адстойваў незалежнасць свецкай улады ад улады Папы.

Франчэска Петрарка (1304-1374) нарадзіўся ў сям'і юрыста (натарыуса), атрымаў духоўны сан. Быў таленавітым лірычным паэтам, пісаў не толькі на лаціне, але і па-італьянску. Асноўны твор жыцця - "Кніга песень", што складаецца з 317 санетаў і іншых паэтычных твораў. Як і Дантэ, ён заклікаў да міру і еднасці Італіі.

Джавані Бакача (1313-1375) паходзіў з купецкай сям'і. Стварыў класічны тып рэалістычнай італьянскай навелы. Асноўны яго твор - "Дэкамерон" складаецца са ста навел, героі якіх - простыя і багатыя людзі Італіі, ад каралёў і рыцараў да сялян і рамеснікаў.

Джота дзі Банданэ (1266-1337) - мастак, папярэднік рэалізму ў італьянскім жывапісе. Галоўная праца яго жыцця - роспіс Капэлы дэль Арэна ў Падуі (1304-1306 гг.). Ён паўнавартасна ўвёўу жывапіс інтэр'ер і ўмела выяўляў трохмерную прастору.

Эпоху, калі жылі і працавалі вышэйзгаданыя асобы, называюць Протарэнесансам, ці Перададраджэннем. Уласна Рэнесанс падзяляюць на тры этапы: Ранні (другая палова ХІV-ХV стст.), Высокі (канец XV - пачатак XVI стст.) і Позні (XVI - першая палова XVII стст.).

Сандра Батычэлі (каля 1445-1510) стварыў алегарычныя палотны з глыбінным гуманістычным сэнсам, "Вясна" (1482 г.) і "Нараджэнне Венеры" (1485 г.). Да найбуйнейшых геніяў Рэнесансу адносяць Леанарда да Вінчы і Мікеланджэла Буанароці. Самым універсальным геніем у гісторыі чалавецтва прынята лічыць Леанарда да Вінчы (1452-1519), які праявіў сябе ў розных сферах мастацтва, навукі, музыкі, астраноміі і механікі. Леанарда жыў у розных італьянскіх гарадах (Фларэнцыі, Мілане, Венецыі і Рыме), а скончыў сваё жыццё ў Францыі. Пасля сябе ён пакінуў мноства праектаў розных тэхнічных прыладаў і механізмаў, у тым ліку падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў, вадалазнага касцюма і парашута. З маладых гадоў Леанарда актыўна займаўся жывапісам, і яго карціны сёння можна ўбачыць у розных музеях свету.

У 1498 г. ён намаляваў вялізную фрэску "Тайная вячэра" для рэфекторыя (тра пезнай) міланскага дамініканскага кляштара, а ў 1503 г. стварыў свой галоўны шэдэўр, партрэт "Мона Ліза" ("Джаконда"). Кароль Францыі Францыск I лічыў яго першым каралеўскім мастаком, архітэктарам і інжынерам. Леанарда да Вінчы лічыцца заснавальнікам "Высокага Адраджэння", які пакінуў пасля сябе групу вучняў, што склала т. зв. "Ламбардскую школу".

Яшчэ адзін геній Рэнесансу - Мікеланджэла Буанароці (1475-1564), скульптар, мастак, архітэктар і паэт. У маладыя гады ён засведчыў сябе як выдатны разьбяр дзякуючы такім кампазіцыям, як "Бахус" і "П'ета".

2. Пачатак Паўночнага Рэнесансу

Паўночным Адраджэннем называюць рэнесансавую культуру XV - пачатку XVII стст. у краінах Еўропы, што знаходзяцца на поўнач ад Італіі. Гэтая культурніцкая з'ява ўзнікла на сто гадоў пазней, чым у Італіі, але была больш разнастайнай. Яна спалучалася з сярэднявечнымі традыцыямі і магутнымі рэлігійнымі (рэфарматарскімі) і нацыянальнымі рухамі.

Як і ў Італіі, у культуры паўночных краін сярод розных мастацкіх накірункаў пераважаў жывапіс. Найбольш яскрава гэта праявілася ў Нідэрландах і Нямеччыне. У мастацтве Поўначы адчуваецца моцны ўплыў готыкі і яе эвалюцыя ў бок свецкай культуры. Мастакі Нідэрландаў і Нямеччыны першымі ў Еўропе пачалі карыстацца алейнымі фарбамі.

Славутым майстрам і пачынальнікам нідэрландскай нацыянальнай школы быў мастак Ян ван Эйк (1390/1400-1441). Менавіта яму прыпісваюць вынаходніцтва тэхнікі алейнага жывапісу. Тагачасныя мастакі самі рабілі розныя фарбы з рэчываў расліннага ці мінеральнага паходжання. Адным з кампанентаў такіх фарбаў было курынае яйка. Такія фарбы мелі назву "тэмперы" і мелі істотны недахоп: яны хутка высыхалі. Ян ван Эйк замяніў яйка алеем, і яго фарбы далі магчымасць працаваць павольна і прамалёўваць па некалькі разоў усе дэталі малюнка. У XV ст. тэхніка алейнага жывапісу з Нідэрландаў прыйшла ў Германію і Францыю, а потым і ў Італію. З 1425 г. Ян ван Эйк працуе і жыве ў Бургундыі, а з 1431 г. і да самай смерці - у фламандскім горадзе Бруге. Самы яго славуты твор, выкананы на пару са старэйшым братам Гюбертам, гэта "Генцкі алтар" - шмат'ярусная кампазіцыя дваццаці шасці карцін з выявамі 258 чалавечых фігур. Ян ван Эйк - адзін з першых у Еўропе стваральнік свецкага жывапіснага партрэта. У 1432 г. ён намаляваў першы ў Заходняй Еўропе парны партрэт - мужа і жонкі Арнальфіні (сям'я багатага італьянскага купца і банкіра).

Агульнаеўрапейскую вядомасць набыў нямецкі мастак, тэарэтык мастацтва Альбрэхт Дзюрэр (1471-1528). У яго творах шмат фантастычных вобразаў і алегорый.

(Працяг у наст. нумары.)


Курыць - пляваць на неба, сонца і зямлю

Валер Санько

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

У курца меней грошай, часу.

Цыгарэціна ў руках - нямодна, непрэстыжна, смуродна.

Не жадаеш хуткай хварабітнасці, інваліднасці - не пасмоктвай нават лёгкую прыгожую цыгарэтку.

Уцягваеш у дымніцтва маладзёна - атрымліваеш злопажаданні і праклёны ад падлетка, яго родных.

Абкурваеш другіх - грэшыш.

Не толькі хтосьці аслабне ад тваіх дымоў, захварэе, а і ты сам, табе асабліва забядоціцца ад праклёнаў хворых, вымаўленых і невыказаных.

Дай закурыць, дай прыкурыць - лішнія просьбы, прабіваюць біяполе просьбітніка.

Ад запальніцы, цыгарэты, запалкі перадаеш свой агонь чужому - перадаеш кроплі сілы, удачы, заможнасці. Ні адна разумная гаспадыня вуголле з печы не пазычыць суседцы, не хоча расставацца з так цяжка набытым дабрабытам. А нятумкі курэц жычлівіць, перадае чужаніту свой агонь, запальніцу.

У кватэры: злётай купі цыгарэт, не забудзь заадно запалкі; па дарозе: супыніся, скокну куплю цыгарэт. Усё гэта лішнія, непатрэбныя існаванню просьбы, ад іх церпіць тваё біяполе.

Любы курэц за год забівае два вялікія дрэвы, знішчае іх высакародную неабходную Зямлі працу - выдзелены кісларод.

Цыгарыш бліз ліфта, а не ў кватэры - сваіх дзяцей трохі аберагаеш, яны спяць, дым ім шкодны, а суседніх дзетак у калясцы ці ў таварыскай падлеткавай кампашцы - абкурваеш. Яны ўдыхваюць тваю атруту. І хочаш, каб іх біяполе і розум спрыялі табе. Не атрымаецца.

Пакурыў на вуліцы, у калідоры, мыйні, у фортку - усё роўна не збярог сямейнікаў. Увайшоў у пакой без цыгарэты, не задаволься ўласнай інтэлігентнасцю - абкурваеш усіх у кватэры, ты ж дыхаеш.

Мноству жанчын агіджваюць пустыя абяцанні бязвольных мужычкоў - свядома/несвядома знаходзяць спосаб папомсціцца, тым ці іншым спосабам караюць смальяннікаў.

Плюнуў на зямлю, пашыраная звычка курцоў - саграшыў. Нельга біць ваду, раскідаць агонь, пляваць на зямлю, абгнюшваць паветра лаянкаю. Жывыя іпастасі, як Божая існасць, доўга церпяць, але моцна б'юць. Кара іх прыпадае не адно на самога, на тваіх блізкіх таксама.

Аслабляць або забіваць Яго стварэнне - чалавека - грэх вялікі.

Бог не стварыў чалавека для чорнага, зла. Анёл твой ахоўвае цябе, дык не трэба анёлу падкурваць крылле.

Смерць ад кожнага чалавека хоча адсунуць анёла ахоўніка. Дачасна і незаслужана не долее. Да курца труноўнай падступіцца лягчэй.

Фруктовыя кактэйлікі-заменнікі кальянаў неэфектыўныя. Замежная бачнасць барацьбы з куравам. Нават калі пабудуюць рэстараны і сталоўкі для курцоў, усё роўна ваколле заваняюць. Элітныя цыгарныя клубы - вынаходствы тоўстасумаў, мільянераў.

Толькі пакаральнымі і забароннымі мерамі можна штосьці зрабіць у Беларусі.

Прадукты згарання любой арганікі - дым, сажа - надзвычай шкодныя. Асабліва ў тытунях цыгарэт - маленькіх АЭС пад носам. Статыстыка ўсяго свету ясна гаворыць.

Курыльні ў некаторых аэрапартах Расіі ўсё-такі адкрылі. Дарэмна. Там шкодных рэчываў у 200 разоў болей, чым у паветры. Усё з курыльні пераплывае ў залы.

Камунікатыўная функцыя цыгарэты, так званая сяброўская - блеф, выхаваўчая - блеф. Любая прапаганда пра задавальненне ад курава павінна карацца.

Дзяржава павінна стварыць умовы, каб курэц сам не зажадаў курыць, было яму нявыгадна паліць. - Усё для яго, а сам ён што і хто? Досыць з бязвольнікам вазіцца.

Пра гульняманію, забарону казіно ў Расіі абаронцы казалі тое ж. Ах, ах, столькі людзей абмяжоўваецца ў правах. Падлічылі, колькі выручылі сем'яў ад фінансавага разору, разводаў, самагубстваў - ахі выпарыліся, талкаванні аб правах бязвольных і проста тупашкодных зніклі.

Цыгарэтнік смаліць хвіліны, не на службовым месцы - у туалеце, калідоры, а рабочыя ў яго дымных выдыхах працуюць і ходзяць гадзіны. Пра іх здароўе хто дбае? Курцам нажыўляюць пластыры ад табакакурэння, праводзяць курсы, чытаюць лекцыі, адкрываюць курыльні на працы, у аэрапартах. Як жа, ім неабходна жыць прыстойна. А для некурцоў што спецыяльна грамадства робіць? Нічога. Каго дзяржава дыскрымінуе?

Курэнне - не жыццёвая неабходнасць. Чалавек і чалавецтва без яго абыходзіліся тысячагоддзямі. Самаму заядламу курцу/выпівоху доктар ціха і няветліва аб'явіць: можаце з лячэннямі не выстарвацца, курыце і выпівайце, праз паўгода вас не будзе. Вынік у 90% аднолькавы - імгненная адмова ад цыгарэты і піўца, самагоння і вінца.

Новыя цыгарэты прапітваюцца дзвюма сотнямі розных саставаў, каб у руках маладзёнаў прыгожа дымелі.

Некалькі дзесяцігоддзяў назад хлопцу патрэбна было з паўгода смаліць "Махорку", "Прыму" ці "Беламор", каб стаць заўзятым курцом. Цяперашнія спайсавыя рэдкія зацяжкі нявінных мадняцкіх цыгарэтак уцягваюць у курадымную звычку ў цэлым за 3-4 пакуры, асобных за 2-3. Рэчывы тыпу спайсаў злёту бяруць цыгарэтніка ў залежнасць.

Звычайны тытунь амаль не гарыць, не тлее, сцвярджае доктар Уладзімір Іваноў, загадчык наркалагічнага рэабілітацыйнага аддзялення РНПЦ у Менску. Улічым размытасць межаў паміж звычайнай цыгарэтай і крымінальным спайсам, абсалютную непадрыхтаванасць да гаркэчнага ўздзеяння арганізма 13-14-гадовых пачаткоўцаў і лёгка ўцямім: залежных позна папярэджваць ад шкоды дымакурства. Шлях ад іх да мацнейшых засмоктвальнікаў, "Марак", меней дзюбы вераб'я.

"Маркі" - прапітаныя наркотыкам кусочкі паперы - і выстаўленыя на сталах дыскатэк, ахаладжальныя напоі, у якія ўсё часцей дадаюць узбадзёрныя рэчывы кшталту ЛСД, адпраўляюць падлеткаў у цвёрдую залежнасць, на бальнічныя ложкі, а то і глыбей. "Маркі" выклікаюць галюцынацыі, ваніты, трызненні.

Самае страшнае, як не стараюцца спахопленыя родныя адлучыць дарагога нашчадка ад заразы, як правіла такое бескарысна. Мала хто ведае, сцвярджае доктар Іваноў, што ад курэння ў Беларусі штогод памірае 20 тысячаў чалавек, ад гарэлкі - 6-10 тысячаў. ("Народная воля", 08.4.2014).

Спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі 80-150 тысячаў. Столькі ў Галандыі. Любы залежны (курыльшчык, алкаголік, наркаман, карцёжнік) вельмі лёгка становіцца прыдуркаватым, няздатным на цвярозае існаванне. Кожны з іх спадзяецца на ўласную волю і розум: я магу ўсё кінуць, калі што - звярнуся да доктара, - аднак ніводны дзяжнуты не цяміць: няма уколаў і таблетак ад тытуню, гарэлкі, спайса. Бог чалавеку не слуга і не нянька, кожнаму дасць карову, карміць і даіць не будзе, сам думай, старайся.

Курэнне - найпрамы і лёгкі шлях да сапраўднага наркоцтва.

Пасля развалу СССР ТТК праігнаравалі савецкія законы, здзейснілі наймаштабную рэкламу тытунёвых вырабаў. Амерыканскія, іншыя кампаніі зрабілі ўсё, каб забіць, а не - дык выхаласціць меркаваны закон "Пра абмежаванне курэння тытуню".

Паводле дадзеных старшыні Камітэта Дзярждумы па ахове здароўя насельніцтва Н.Ф. Герасіменкі у Расіі курыць 70% мужчын, 28% жанчын, 50% падлеткаў. ("Московские новости", 22-28.12.2006).

(Працяг у наст. нумары.)


Зробленае застаецца

Чалавек можа зрабіць многае. Галоўнае - бачыць перад сабой мэту.

Прыклад гэтаму прыватны мастацкі музей светлай памяці Анатоля Белага ў горадзе Старыя Дарогі. Яшчэ з юначых год А. Белага вабіла ўсё, што тычылася сапраўднай, але тады закрытай гісторыі Беларусі. Яго цікавілі звесткі і прадметы, якія хоць крышку прыадчынялі тайну над мінулым, над амаль забытымі знакамітымі асобамі і героямі зямлі беларускай. Здзяйсненню гэтай мары ён прысвяціў сваё жыццё: адкрыў музей на сваёй малой радзіме - у Старых Дарогах.

Афіцыйна адкрыты ў 1999 годзе музей мае чыста беларускую накіраванасць. Адсюль палягае, што ўсе аўтары (а іх звыш 200) карцін, скульптур, медалёў, плакетак, экслібрысаў, кніг, ілюстрацый для кніг і інш. у сваіх творах адлюстроўвалі гісторыю і культуру нашай Бацькаўшчыны.

Ідэалагічны кірунак культурнага асяродка, ды яшчэ ў правінцыі, у тыя гады ў нейкай ступені здзіўляў, але і прыцягваў сваёй беларускасцю, а яго стваральнік, будучы чалавекам мэтанакіраваным і нават прарокам у сваёй Айчыне, верыў, што вынікі яго працы і працы таленавітых добраахвотных прыхільнікаў беларускай справы - гэта скарб, які не прападзе, не растворыцца, а будзе здабыткам усяго народа.

І сапраўды, азнаёміўшыся з экспазіцыямі рознай тэматыкі ў залах музея, прыходзіш да высновы: у музеі ўсё для Беларусі і ўсё пра Беларусь ад старажытнасці да сучаснасці. Як і прагназаваў А. Белы, музей набывае ўсё больш шырокую папулярнасць: яго пастаянна наведваюць школьнікі (і не толькі Старадарожчыны) і студэнты; прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа (сем'і, турыстычныя групы і асобныя навевальнікі); цікавяцца музеем і СМІ (да прыкладу, карэспандэнты газет, культурная пляцоўка і грамадская арганізацыя Арт Сядзіба, тэлеканал "Мір" і інш.).

Наведвальнікі пішуць свае ўражанні ў кнізе водгукаў. Да прыкладу, некалькі выказванняў за жнівень гэтага года:

"С восхищением и благодарностью за любовь к Белоруси и умение собрать и сохранить бесценные реликвии национальной истории и культуры Белоруси, которая была домом для евреев в течение многих столетий" (Тель- Авив, университет, доктор исторических наук Леон Смиловицкий).

"Проживая на Стародорожчине, невозможно не заметить уникальный музей - островок истории и культуры Беларуси. Благодаря судьбе, у меня появился шанс прикоснуться к сокровищам белорусской культуры. Как для юного ценителя белорусской литературы - это великолепный случай для знакомства..."; "Огромное спасибо за великолепную экскурсию. Великий музей! Ради таких моментов хочется трудиться и прославлять свою Родину."; "Пройдя всю экспозицию, я почувствовала великий восторг... нельзя передать словами все мои ощущения от увиденного, просто хочется выразить благодарность за дело рук Анатолия Ефимовича." (Ангелина, Александра, Ольга - студентки, Старые Дороги).

Фонд музея ўзбагачаецца. Мастакі, скульптары, майстры прыгожага пісьменства ахвяруюць свае творы. У экспазіцыі музея знаходзіцца каля 70 твораў вядомага беларускага скульптара Ўладзіміра Мелехава, а зусім нядаўна пры наведванні музея майстар ахвяраваў яшчэ два: барэльефы паэтэсы, нязломнай дачкі Беларусі Ларысы Геніюш і народнага паэта, грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча.

Цэлую галерэю графічных твораў падарыў адзін з лепшых беларускіх партрэтыстаў, мастак Міхаіл Будавей. У тэматычнай зале "Сучасная Беларусь" знайшлі сваё пачэснае месца партрэты народнага пісьменніка Янкі Брыля, вядомага грамадскага дзеяча і пісьменніка Васіля Быкава, змагара за беларускую мову Ніла Гілевіча, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, драматурга Андрэя Макаёнка, грамадскага дзеяча і доктара сельска-гаспадарчых навук Івана Нікітчанкі, народнага паэта Пімена Панчанкі - аўтара бязлітасна-праўдзівага твора "Паэма сораму і гневу", паэтэсы Яўгеніі Янішчыц - "палескай ластаўкі" (са слоў Н. Гілевіча).

Ужо прайшло шэсць гадоў, як пайшоў у іншы свет стваральнік музея, але зробленае ім засталося.

Некалі ў адным з інтэрв'ю А. Белы сказаў: "...мы селі ў свой нацыянальны "цягнік". Засталося дадаць, што гэты "цягнік" рухаецца. І яшчэ, будзем спадзявацца, што мастацкі музей Анатоля Белага, як і іншыя славутасці горада Старыя Дарогі, будзе ўключаны ў адзін з турыстычных маршрутаў Менскай вобласці.

Надзея Сармант.


Стоячы на экватары

Прыемна здзіўляе і, безумоўна, радуе творчае жыццё-дзейнасць літаратурнага клуба "Экватар" пры сталічным (Цэнтральным) Доме афіцэраў, якое ўзначальвае вядомы беларускі паэт Вячаслаў Корбут. Свае творы з голаса члены клуба прадстаўляюць на суд і радасць сваім прыхільным слухачам пры сустрэчах з імі па ўсёй Беларусі, праўда, у асноўным у вайсковых аудыторыях. За бягучы год такіх прадстаўленняў было каля двух дзесяткаў. Там жа адбываецца і прэзентацыя клубных выданняў.

Асноўнай жа друкаванай трыбунай клуба з'яўляецца альманах "Літаратурны экватар", заснаваны ў 2012 г., які ўвасабляе калектыўную працу ў абсягах паэзіі, прозы, дакументалістыкі, гумару і інш. Сёлета (2017 г.) выйшаў у свет ужо яго шосты выпуск у сталічным выдавецтве "Ковчег". Аб'ём выдання - 436 старонак пры фармаце 84х108/32; наклад - 230 асобнікаў. Укладальнікі і гэтага (штогадовага) выдання Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская, яна ж - і строга-патрабавальны шэф-рэдактар. Асноўнай частцы выдання папярэднічаюць уступныя артыкулы В. Корбута "У пошуках спрадвечнай ісціны" і І. Вінарскай "Восеньскія вынікі на "Экватары", у якіх распавядаецца пра працы і дні клуба і яго канцэртнай брыгады, пра рост і дасягненні аўтарскага патэнцыялу экватарцаў - паэтаў і празаікаў і асабліва пра, так бы мовіць, узмацненне іх прафесійнага майстэрства. Менавіта за гэта некаторыя аўтары "Літаратурнага экватара" і ў 2017 годзе былі адзначаны прызамі і ганаровымі месцамі на Міжнародных літаратурных конкурсах (Р. Паўлючук, І. Цуканава, Л. Лазута).

Паказальна (і гэта, бадай, - галоўнае) і шосты нумар альманаха сваім зместам прасякнуты любоўю і павагай да Радзімы, да яе каранёў і традыцый, гістарычнага мінулага. Не абмінаюць сваёй увагай аўтары тэм любові да ўсяго жывога, захапляюцца прыгажосцю чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, непаўторнасцю прываблівых карцін роднай прыроды, абураюцца тым пачварным, што сустракалася і сустракаецца ў жыцці. Калі карацей, дыяпазон-парадыгма аб'ектаў іх назірання і апявання - шырокі, амаль неабсяжны. Вось колькі паэтычных радкоў у падмацунак сказанаму:

***

Як ты гаворыш пра Дняпро,

Гавораць толькі пра каханне.

Нібы ідзеш з ракі дамоў

Па сонечным мерыдыяне.

(К. Мяшкова.)

***

Я веру, што ты, беларус,

будзеш светам прызнаны,

І сам свой гасцінец на шчасце

ўнукам пакінеш,

Не будзеш ты болей нікім

за свой хлеб папіханы,

І ў мораку дзён за свой чын

чалавека не згінеш.

(В. Корбут.)

У гэтым выданні, таксама шматгранным і шматжанравым, узялі ўдзел трыццаць чатыры аўтары. Усе яны годна прадстаўлены каляровымі фота на трох старонках вокладкі "Літаратурнага экватара". А дзякуючы ідэі І. Вінарскай у выпуску размешчаны фотаздымкі (тры блокі) важнейшых момантаў з жыцця клуба.

Узыйшоўшы на экватар "Літаратурнага экватара, мне неяк цяжкавата ды, можа, не зусім карэктна аддаваць перавагу таму ці іншаму паэту ці празаіку, тым больш, калі я іх усіх паважаю і нават болей - захапляюся імі, іх прыхільнасцю да літаратурнай творчасці, калі за ўсіх радуюся, калі ўсім жадаю Дабра і Поспехаў на ўсіх пуцявінах жыцця, а асабліва ў творчасці.

Прыемна адзначыць, што сяброўскія пачуцці паміж членамі "Экватара" трымаюць у іх памяці і душы вобразы сваіх калег Валерыя Скакуна і Ўладзіміра Марозава, якія адыйшлі ў іншы свет і што пацверджаннем гэтаму з'яўляецца прысутнасць у альманаху іх твораў і фота.

І яшчэ. І шосты выпуск "Літаратурнага экватара" выглядае прэзентабельна і наўрад ці саступіць сваім зместам і формай любому выданню нашых дзён, за выключэннем, бадай, спецвыданняў. Праўда, першая старонка вокладкі альманаха ўсё ж крыху не на ўзроўні ў сэнсе колеравай выразнасці.

А ў заключэнне застаецца павіншаваць аўтараў, і ўсіх тых, хто спрычыніўся да з'яўлення ў свет такога важнага, важкага і дыхтоўнага выдання, і, канешне, яго чытачоў.

Гучок Яўген,паэт, публіцыст.



Згодна з рашэннем Лідскага райвыканкама ад 02.10.2017 г. № 1012 Лідскім ГУП ЖКГ адкрыты дабрачынны рахунак № ВY 62АКВВЗ1320000002464200000

у філіяле АСБ "Беларусбанк" код банка АКВВВY2Х для пералічэння дабрадзейных (спонсарскіх) ахвяраванняў на стварэнне помніка заснавальніку горада Ліды вялікаму князю Гедыміну.


Літаратурныя сустрэчы

І плыве яе радок, і звініць яе слова

22 лістапада ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшлі літаратурна-музычныя зазімкі "І плыве твой радок, і звініць тваё слова", прысвечаныя творчасці беларускай паэтэсы Дануты Бічэль, якая зусім хутка адзначыць свой 80-гадовы юбілей. На сустрэчу з Данутай Янаўнай былі запрошаны сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", а таксама вучні сярэдняй школы № 1. Вядоўцай імпрэзы была бібліёграф Галіна Курбыка.

Данута Янаўна Бічэль - паэтэса, літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984). Яна наша зямлячка, бо нарадзілася ў вёсцы Біскупцы, што на Лідчыне. Была стваральніцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гародні, доўгі час працавала ў гэтым музеі, некалькі гадоў з'яўлялася яго дырэктарам. Аўтар мноства зборнікаў паэзіі, дзвюх кніг прозы, праявіла сябе і як дзіцячая пісьменніца. Многія вершы паэтэсы змешчаны ў школьных падручніках, пакладзены на музыку. Асобнае месца ў яе творчасці займае духоўная паэзія: вершы-малітвы, вершы-медытацыі і г. д. Як і яшчэ адна наша зямлячка, Хрысціна Лялько, Данута Бічэль з'яўляецца найярчэйшай прадстаўніцай беларускамоўнай духоўнай літаратуры. У мінулым годзе ў серыі "Беларускі кнігазбор" выйшла кніга выбраных вершаў паэтэсы. Данута Бічэль стала першай (і пакуль адзінай) нашай зямлячкай (г. зн. ураджэнкай Лідчыны), чые творы выдадзены ў "Беларускім кнігазборы".

Як прызналася Данута Янаўна, у апошні час яна рэдка выступае перад аўдыторыяй. Даўно, гадоў пяць, не прыязджала яна з Гародні на Лідчыну - сваю малую радзіму. Кожны раз прыязджае сюды з вялікай радасцю: на Лідскай зямлі прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, менавіта Лідчына дала ёй натхненне для першых спроб пяра. З цеплынёй і замілаваннем расказвала паэтэса ў час імпрэзы аб сваім дзяцінстве, праведзеным ля берагоў рэчкі Гаўі, аб гадах вучобы ў Лідскім педагагічным вучылішчы.

- Ліда - першы горад у маім жыцці, - гаварыла Данута Бічэль. - Сюды я дабіралася з вёскі басіком, праз балоцістую мясцовасць, у Лідзейцы мыла ногі. У тыя гады Ліда была для мяне, вясковай дзяўчынкі, цудоўнай краінай, дзе мяне вучылі ўсяму… Памятаю, да нас, першакурсніц, прыязджаў Кандрат Крапіва. Паслухаўшы мае вершы (многія ў юнацтве спрабуюць пісаць вершы), вядомы пісьменнік параіў даслаць іх у "Вожык". У "Вожык" я тады вершы не даслала (мабыць, саромелася), аднак мае спробы пяра часта сталі з'яўляцца ў насценгазеце вучылішча. Такой была мая "стартавая пляцоўка" ў друку… Пасля Ліды быў Наваградак, а затым - Гародня, дзе я, скончыўшы педінстытут, там і засталася жыць.

Данута Янаўна чытала перад прысутнымі некаторыя свае вершы, расказвала аб значным уплыве на сваю творчасць вершаў і паэм Адама Міцкевіча (чыя Гражына з'яўляецца яе любімай літаратурнай гераіняй), пра свайго ўнука Станіслава, які зараз жыве ў далёкай Філадэльфіі, працуе там шафёрам-дальнабойшчыкам і нават, ідучы па слядах бабулі-пісьменніцы, напісаў кнігу аб сваім жыцці ў Амерыцы.

Акрамя Дануты Бічэль, гасцямі імпрэзы былі старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса "Новы замак", кандыдат філалагічных навук Янка Трацяк. Музычную і песенную складовую мерапрыемства забяспечылі сваімі выступленнямі лідскі бард Сяргей Чарняк, удзельніцы ансамбля пажылых людзей "А ну-ка, девушки!", якія, дарэчы спявалі па-беларуску.

Пасля імпрэзы кожны ахвочы мог набыць любую з прывезеных Данутай Бічэль кніг.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX