Вярнуцца: 2017

№ 49 (1356)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1356), 6 снежня 2017 г.


Помнік Паэту

Па сталічным адрасе: вул. Камуністычная, 24, пры прадзюсерскім цэнтры Шакуціна - цэнтры маладых творчых талентаў і найноўшай аўдыёстудыі - усталявана "Скульптурная кампазіцыя, прысвечаная Паэту". Так імянуецца яна афіцыйна, а паводле словаў аўтара помніка Ўладзіміра Слабодчыкава за прататып узяты малады і рамантычны Ўладзімір Караткевіч тых дзён, калі скончыў ён гістарычна-філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта і прыехаў жыць і працаваць у Менск. Падабенства і пазнавальнасць аблічча пацвердзілі ўжо і сябар паэта, літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша, і фотамастак Георгі Ліхтаровіч, і многія іншыя творцы, і нават рабочыя, якія мантавалі скульптуру на пастамент. Акрамя таго, скульптар са згоды замоўцаў намерваецца падмацаваць выяву і паэтавым аўтографам.

Падобна на тое, што сталічны раён Асмолаўка, які стаіць сёння пад пагрозаю, не згіне. Наадварот, яна - пабагацела: у радыусе двух-трох кварталаў, блізу Тэатра оперы і балету і будынка дзяржаўнага радыё можна пабачыць мемарыяльную шыльду Лесі Ўкраінцы, помнікі Максіму Багдановічу і Тарасу Шаўчэнку, а таксама бюст Тадэвуша Касцюшкі (на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі).

Хтосьці стане касавурыцца, маўляў, гэта не сапраўдны помнік, а толькі гарадская ці так званая садова-паркавая скульптура на паўпрыватнай тэрыторыі. Але хочацца рашуча запярэчыць: хіба не падзея сёння - з'яўленне ў сталіцы хай сабе і досыць камернага помніка Паэту?! Да таго ж адно не адмяняе, не адмаўляе другое. Прыйдзе час і на важкі, велічны манумент аднаму з нацыятворцаў.

Таму хочацца спадзявацца, што неўзабаве калегі-літаратары, аматары творчасці Уладзіміра Караткевіча і ўсяго краснага пісьменства, закаханыя, маладзёны, школьнікі і студэнты панясуць кветкі да помніка Паэту. І, мабыць, асабліва шмат ляжа тых кветак у Сусветны дзень пісьменніка 3 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі 20 сакавіка і на дзень нараджэння Ўладзіміра Караткевіча 26 лістапада. Гэтаксама хочацца спадзявацца, што народзіцца ў Менску і новая традыцыя - ушанаваць Паэта будуць прыходзіць і маладыя хаця б з найбліжэйшага Дома шлюбаў па-над Свіслаччу.

Уладзімір Сіўчыкаў. Фота аўтара.


Каляндар "Родны край"

Сёлета ізноў паменшаны наклад календара "Родны край". Цяпер гэта 4000 асобнікаў на ўсю Беларусь. Летась было 5000, пазалетась - 6000. Выдавецтва "Беларусь" зноў упарта вядзе справу да таго, каб неўзабаве сказаць: "Выпуск спыняем, не купляюць". Разам з тым у Лідзе каляндар толькі мільгнуў і разышоўся, абяцаюць завезці яшчэ партыю, але калі тое будзе. Такі ў нас маркетынг. Вязуць туды, дзе не купляюць, а туды, дзе разбіраюць, даюць мізер. І так з году ў год. А ўжо цэлы месяц у Лідзе календара няма, цэлы месяц людзі заходзяць, паглядзяць, бяруць нешта іншае. Але тое іншае - не "Родны край" і зусім не роднае.

Наш кар.


165 гадоў з дня нараджэння Вандаліна Шукевіча

Вандалін ШУКЕВІЧ (10 снежня 1852, в. Нача Лідскага павета, цяпер Воранаўскі раён - 1 снежня 1919) - беларускі археолаг і этнограф, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук.

Вандалін нарадзіўся ў сям'і адваката Аляксандра Шукевіча і Аліны Воўк-Карачэўскай. Маёнтак Нача ў Лідскім павеце з'яўляўся маёмасцю маці. Пасля нараджэння Вандаліна бацькі развяліся, і ўвесь цяжар выхавання лёг на добра адукаваных і, разам з тым, глыбока веруючых маці і бабулю. Яны фармавалі характар будучага вучонага і займаліся яго адукацыяй.

З 1883 В. Шукевіч даследаваў археалагічныя помнікі на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы. Адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку, вёў раскопкі грунтавых і курганных могільнікаў каля вёсак Нача, Пузелі (Воранаўскі раён), Вензаўшчына, Дварчаны, Апонаўцы, Сырні, Чарнішкі (Шчучынскі раён). Даследаваў 16 курганоў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў XIII-XIV стст.

Паміж 1884 і 1894 гадамі Шукевіч знайшоў 27 пахаванняў у Вензаўшчыне, 14 у Апонаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрушанцах, 19 у Пузелях - усяго 120 пахаванняў у 8 могільніках. Восенню 1903 года Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце, адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч даследаваў Троцкі, Лідскі і Радунскі замкі.

У ваколіцах Ліды Шукевіч запісваў народныя паданні, легенды, прыкметы, якія потым публікаваў у часопісах. Дзве вялікія цікавыя працы Вандаліна Шукевіча данеслі да нас сотні запісаў помнікаў духоўнай народнай творчасці. Так, у артыкуле "Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, прадказанні і інш.), сабраныя ў Віленскай губ." змешчана 432 запісы. Гэты збор дапаўняецца тэкстамі 15 легенд, паданняў, чарадзейных апавяданняў і 159 вераванняў, прымхаў у артыкуле "Некаторыя вераванні, прымхі і забабоны нашага люду, легенды і паданні". Значную цікавасць уяўляе і артыкул Шукевіча "Старажытныя лекавыя сродкі", прысвечаны народнай медыцыне.

Вікіпедыя.


70 гадоў Алесю Разанаву

Алесь РАЗАНАЎ нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці. Тры гады вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Менскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. У кастр. 1968 г. студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом на імя П.М. Машэрава (ліст падпісала некалькі сотняў чалавек) дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку арганізатары падпісання ліста атрымалі ярлыкі "буржуазных нацыяналістаў". Пасля таго як Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Тоўкун з'ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш два першыя ўзімку 1969 былі выключаны з БДУ (праз няздачу заліку па вайсковай падрыхтоўцы; да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, рэктару БПІ Сяргею Гусаку і загадчыку кафедры беларускай мовы і літаратуры БПІ Ўладзіміру Калесніку, А. Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Берасцейскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1970 г.

Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, з 1972 года ў Менску - літсупрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва", з 1974 года - рэдактарам у выдавецтве "Мастацкая літаратура", з 1994 года - у часопісе "Крыніца"... Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1972 г. Пачаў друкавацца ў 1961 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі "Адраджэнне" (1970), "Назаўжды" (1974), "Каардынаты быцця" (1976), "Шлях-360" (1981), "Вастрыё стралы" (1988), "У горадзе валадарыць Рагвалод" (1992), "Паляванне ў райскай далiне" (1995), "Рэчаiснасць" (1998).

Перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу К. Саі для дзяцей "Гэй, хавайцеся!" (1982), п'есу У. Шэкспіра "Сон у летнюю ноч" (аўт. "Сон у Іванаву ноч" у зборніку "Тры камедыі", 1989), раман Ё. Авіжуса "Час, калі пусцеюць сядзібы" (1989), выбраную паэзію У. Бэрзыньша (2013). Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы "Выйду з сэрцам, як з паходняй!.." (1982). Выдаў па-нямецку зборнік "Wortdichte" (2003).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1990). Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2012)...

Вікіпедыя.


Суіснаванне дзяржаўных моў паводле фінскага і беларускага заканадаўстваў

Уводзіны

Дзяніс Тушынскі

У многіх артыкулах Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" для раздзялення беларускай і рускай моў выкарыстоўваецца злучнік "або". Паміж найменнямі моў 23 разы стаіць спалучэнне "і (або)", 15 разоў - злучнік "або" і 2 разы - злучнік "ці". Толькі 7 разоў паміж дзяржаўнымі мовамі стаіць злучнік "і". Толькі адна з моў можа выкарыстоўвацца, у прыватнасці, у заканадаўстве, у медыцыне, у бытавым абслугоўванні, у міжнародных дамовах, ва ўзброеных сілах, у афіцыйных аб'явах, у маркіроўцы тавараў.

Дазволеная законам неабавязковасць ўжывання абедзвюх дзяржаўных моў часта з'яўляецца падставай для ігнаравання моўных правоў жыхароў краіны. Напрыклад, па законе арганізацыя мае права выбару мовы бланкаў для кліентаў. У Беларусі арганізацыя найчасцей выбярэ рускую мову і толькі яе - ігнаруючы правы беларускамоўнага кліента. Некалькі канкрэтных прыкладаў: пераважная большасць інтэрнэт-сайтаў выканаўчых камітэтаў не мае беларускамоўнай версіі, а ў эталонным банку дадзеных прававой інфармацыі толькі 3,1% нарматыўных прававых актаў па-беларуску.

Такая сітуацыя з'яўляецца таксама і сацыялінгвістычнай праблемай. Невялікае месца беларускай мовы ў афіцыйнай моўнай прасторы краіны ставіць пад пагрозу яе далейшае існаванне. Сярод фактараў (не)бяспекі для моў, вылучаных ЮНЭСКА, фігуруюць прысутнасць мовы ва ўсіх сферах жыцця і стаўленне дзяржавы да мовы, у тым ліку да яе афіцыйнага выкарыстання. Беларуская мова ўнесена ў "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне", выдадзены ЮНЭСКА.

У 2003 годзе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у рашэнні ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 адзначыў, што "пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі беларускай і рускай моў на практыцы баланс іх выкарыстання не заўсёды захоўваецца" . Тады ж для забеспячэння фактычнай роўнасці дзяржаўных моў суд прапанаваў разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон аб мовах "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і іншыя акты змяненняў і дапаўненняў, але зменаў у Закон аб мовах не зроблена дагэтуль.

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" неаднаразова накіроўвала прапановы па ўдасканаленні моўнага заканадаўства ў дзяржаўныя інстанцыі, але атрымлівала адмовы змяняць Закон аб мовах. Так, у 2012 годзе Пастанянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адзначыла, што абавязковае ўжыванне дзвюх моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця прывядзе да значнага павялічэння расходаў і дакументазвароту і паставіла пытанне аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі закона аб змяненнях у Закон аб мовах. Камісія, аднак, лічыць, што змены ў бок адначасовага ўжывання дзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця не супярэчаць Канстытуцыі і будуць спрыяць фактычнай роўнасці моваў. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь адзначае, што айчыннае заканадаўства ідзе шляхам паступовага пашырэння выкарыстання беларускай мовы, што адлюстравана у пэўных заканадаўчых актах .

У 2015 годзе старшыня Канстытуцыйнага суда П.П. Міклашэвіч у пасланні Прэзідэнту і Парламенту Беларусі адзначыў, што "заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах…, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 Канстытуцыі пра роўнасць дзвюх дзяржаўных моў".

Для рэгуліроўкі праваадносін, што датычацца дзяржаўных моў, В.І. Самарын прапануе выкарыстоўваць тэорыю слабага боку ў праваадносінах. Адно з яе палажэнняў заключаецца ў тым, што праваадносіны, адным з бакоў якіх з'яўляецца грамадзянін, які пазбаўлены магчымасці як роўны ўздзейнічаць на іх змест, адносяцца да праваадносін са слабым бокам. Адпаведна, выбар сярод прадугледжаных законам моў павінен ажыццявіць грамадзянін. Асабліва гэта тычыцца праваадносін, адным з бакоў якіх з'яўляецца дзяржава. Відавочна, што ў Законе аб мовах грамадзянін у большасці выпадкаў як слабы бок не разглядаецца.

Айчынныя аўтары адзначаюць, што рэфармаванне айчыннага моўнага заканадаўства варта грунтаваць на вывучэнні і магчымым пазычэнні пэўных аспектаў замежнага заканадаўства, у т.л. фінскага. Пры гэтым шэраг важных палажэнняў апошняга ў айчыннай літаратуры не аналізаваўся.

Мэта гэтага артыкула - разгледзець некаторыя палажэнні фінскага моўнага заканадаўства, якія могуць у той ці іншай ступені паслужыць узорам пры рэфармаванні моўнага заканадаўства Беларусі. Рэспубліка Фінляндыя абрана для параўнання па некалькіх прычынах. З аднаго боку, у Фінляндыі таксама дзве дзяржаўныя мовы. З іншага боку, Беларусь і Фінляндыя маюць важныя для мэт нашага параўнання адрозненні. Па-першае, шведская мова - першая толькі для 5,4% насельніцтва краіны (але з'яўляецца абавязковым прадметам у фінскамоўных школах). Па выніках жа айчыннага перапісу 2009 года, рускую мову назвалі роднай (што, па ідэі арганізатараў перапісу, было эквівалентна першай мове) 41,5% насельніцтва, беларускую - 53,2%. Яшчэ адно адрозненне заключаецца ў тым, што большасць шведскамоўнага насельніцтва сканцэнтравана ў пэўных рэгіёнах краіны.

Можна было б чакаць, што такая мінарытарная і адносна лакальная ў Фінляндыі шведская мова будзе менш абаронена фінскім заканадаўствам (прынамсі, на нацыянальным узроўні), чым беларуская мова (мова тытульнай нацыі і родная мова большасці насельніцтва, распаўсюджаная па ўсёй краіне) - заканадаўствам беларускім. Фактычна, аднак, часта адбываецца адваротнае, што падкрэслівае неабходнасць рэформы айчыннага моўнага заканадаўства.

Палажэнні аб мовах у канстытуцыі Фінляндыі

У фінскай канстытуцыі моўнаму пытанню прысвечана больш месца, чым у беларускай. Згодна канстытуцыі Фінляндыі, нацыянальнымі мовамі краіны з'яўляюцца фінская і шведская. У раздзеле "Асноўныя правы і свабоды", у артыкуле 6 "Роўнасць" прапісана, што ні да каго, акрамя як па прымальнай прычыне, нельга ставіцца інакш, чым да іншых людзей на падставе ў т.л. мовы. У канстытуцыі прапісана, што дзяржаўныя ўлады забяспечваюць культурныя і сацыяльныя патрэбы фінскамоўнай і шведскамоўнай супольнасцяў на роўных умовах. Мэта адміністратыўнага падзелу краіны - забяспечыць роўнасць у атрыманні паслуг на сваёй мове для гэтых супольнасцяў.

У працы парламента выкарыстоўваецца фінская ці шведская мова. Пры гэтым урад і іншыя структуры павінны перадаваць дакументы на разгляд гэтага органа на абедзвюх мовах. Ліставанне парламента, справаздачы і заявы яго камітэтаў і г.д. павінны быць дзвюхмоўнымі.

Бачна, што фінская канстытуцыя скіравана на забеспячэнне роўнасці правоў дзвюх асноўных моўных грамадаў - ажно настолькі, што роўнасць па моўнай прыкмеце згаданая сярод асноўных правоў і свабод. У нашай жа канстытуцыі гэта роўнасць прама не прапісана.

Адзін з падыходаў да моўных правоў заключаецца ў тым, што апошнія з'яўляюцца неад'емнай часткай фундаментальных правоў. У такім выпадку можна дапусціць, што ў замацаванае ў нашай канстытуцыі права на годнасць асобы ўваходзіць і права чытаць афіцыйныя тэксты законаў ці этыкеткі на дзяржаўнай беларускай мове. Але гарантыі рэалізацыі гэтых правоў у заканадаўстве не прапісаныя.

Фінскі закон аб мовах і іншыя законы

Фінскі Закон аб мовах 2004 года распаўсюджваецца на суды і іншыя дзяржаўныя ўстановы; незалежныя арганізацыі, якія дзейнічаюць паводле публічнага права; улады камун, парламент і адміністрацыю прэзідэнта. Закон мусіць забяспечваць, каб моўныя правы чалавека рэалізоўваліся так, каб у чалавека не ўзнікала неабходнасці адмыслова патрабаваць гэтага.

У айчынным Законе аб мовах, як і ў канстытуцыі, няма прамой згадкі роўнасці па моўнай прыкмеце, тады як фінскі закон паўтарае адпаведнае палажэнне канстытуцыі. Дзяржаўныя ўстановы павінны бараніць традыцыі моўнай культуры краіны і спрыяць выкарыстанню абедзвюх моў.

Фінскі Закон аб мовах, вылучае адна- і дзвюхмоўныя камуны. Камуна (kunta (фін.), kommun (швед.)) - гэта нізавы ўзровень адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу; зараз у краіне 313 камун. Да якой групы належыць пэўная камуна, кожныя дзесяць год вызначае ўрадавы дэкрэт на аснове афіцыйных статыстычных дадзеных. Па законе, камуна прызнаецца дзвюхмоўнай, калі прадстаўнікоў моўнай меншасці ў ёй як мінімум 6% ці 3000 чалавек. Дагэтуль дзвюхмоўная камуна прызнаецца аднамоўнай, калі колькасць прадстаўнікоў моўнай меншасці ў ёй стала ніжэй за 3000 чалавек ці за 6%. Па патрабаванні ўладаў камуны ўрадавы дэкрэт можа абвясціць яе дзвюхмоўнай, нават калі камуна не адпавядае азначаным вышэй крытэрыям. Калі дзвюхмоўная камуна робіцца часткай аднамоўнай, то апошняя становіцца дзвюхмоўнай.

Зараз у Фінляндыі 33 дзвюхмоўныя камуны (у 15 з іх мовай большасці з'яўляецца шведская), у якіх жыве 1,7 мільёнаў чалавек з амаль 5,3 мільённага насельніцтва. Колькасць прадстаўнікоў меншасці ў дзвюхмоўных камунах адносна невялікая: 140 тысяч шведскамоўных жыве ў дзвюхмоўных камунах, дзе мова болшасці - фінская, а 44 тысячы фінскамоўных - у тых, дзе мова большасці - шведская. Ёсць таксама 16 шведскамоўных камун на Аландскіх астравах, якія з'яўляюцца аўтаноміяй у складзе Фінляндыі. Для пераважнай большасці насельніцтва аўтаноміі родная мова - шведская, якая з'яўляецца і яе адзінай афіцыйнай мовай (малюнак 1).

Лагічна параўнаць айчыннае моўнае заканадаўства з тымі палажэннямі фінскіх законаў, якія тычацца як краіны ўвогуле, так і дзвюхмоўных камун.

Фінскі Закон аб мовах вылучае і адна- і дзвюхмоўныя ўстановы. Да апошніх адносяцца тыя органы цэнтральнага дзяржаўнага кіравання, улады камун і міжкамунальныя кіроўныя арганізацыі, у чыю сферу дзейнасці ўваходзіць як мінімум адна дзвюхмоўная камуна.

Законатворчасць

У згаданым вышэй пасланні Канстытуцыйнага суда адзначана, што нават ў савецкія часы кодэксы ў Беларусі былі дзвюхмоўнымі. Аднак сёння беларуская мова амаль знікла са сферы законатворчасці. У Фінляндыі ж законы, пастановы, і прававыя нормы арганізацый прымаюцца і публікуюцца на дзвюх мовах. Законапраекты публікуюцца па-фінску, але публікацыя мусіць змяшчаць кароткі змест і поўны тэкст законапраекта па-шведску.

Паводле Акта аб працы паламента, яго асноўнай мовай з'яўляецца фінская, але ў дзейнасці прысутнічае і шведская, напрыклад, пратаколы пленумаў публікуюцца па-фінску са шведскім рэзюме, а прапановы канцылярскай камісіі для пленума перакладаюцца на шведскую.

Судаводства

Айчынны Закон аб мовах, а таксама Грамадзянскі, Крымінальна-працэсуальны і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях прапісваюць што судаводства вядзецца на беларускай або рускай мовах, але не абазначаюць, як выбіраецца адна з моў у канкрэтным выпадку. Фінскі Закон аб мовах адзначае, што ў дзвюхмоўных судах у справе паміж установай і прыватнай асобай, мова адміністратыўнага судаводства - гэта мова прыватнай асобы. Калі абодва бакі - установы, то мовай працэсу будзе мова істца. Мовай крымінальнага судаводства з'яўляецца мова адказчыка. Калі мовы адказчыкаў розныя, то мову выбірае суд, зыходзячы з іх інтарэсаў. Калі гэта не ўдаецца, то выкарыстоўваецца мова большасці ў рэгіёне дзейнасці суда.

Абслугоўванне і інфармаванне насельніцтва

Згодна фінскаму Закону аб мовах, установы павінны забяспечваць рэалізацыю моўных правоў індывіда ў межах сваёй кампетэнцыі.

Адпаведныя міністэрствы мусяць забяспечыць, каб па ўсёй краіне на абедзвюх мовах была даступна інфармацыя, важная для жыцця, здароўя, уласнасці індывіда і навакольнага асяроддзя.

Калі фінская дзвюхмоўная ўстанова ў курсе, якой ёсць мова адрасата, то яна павінна выкарыстоўваць менавіта яе, а калі не - то абедзве. Адрозненнем ад айчыннага заканадаўства з'яўляеццца абарона слабога бока. Дзяржаўныя і камунальныя ўстановы інфармуюць насельніцтва дзвюхмоўных камун на фінскай і шведскай; шыльды і дарожныя знакі афармляюцца там на дзвюх мовах; тэксты на ўпакоўках прадуктаў - таксама, прычым абедзве версіі мусяць выглядаць аднолькава.

Фінскія ўстановы павінны дэманстраваць сваю дзвюхмоўнасць кліентам рознымі спосабамі. У Беларусі ж праводзяцца грамадскія кампаніі ў абарону права на беларускамоўнае абслугоўванне ці інфармаванне.

Пратаколы паседжанняў радаў дзвюхмоўных камун, пастановы і г.д. робяцца на дзвюх мовах. Дзяржпрадпрыемствы і прадпрыемствы, якімі кіруюць дзвюхмоўныя камуны, павінны абслугоўваць і інфармаваць насельніцтва на дзвюх мовах, праўда толькі ў той ступені, у якой гэта будзе палічана мэтазгодным для прадпрыемства. Калі кіраўнічая функцыя ўскладаецца законам на індывіда, то на яго распаўсюджваецца ўсё тое, што ў Законе аб мовах сказана пра ўстановы.

На фінскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы распаўсюджваюцца тыя ж палажэнні, што і на дзвюхмоўныя ўстановы ў рэгіёнах, дзе мова большасці - фінская.

У фінскіх законах аб правах пацыентаў і карыстальнікаў сацыяльных паслуг пазнанана, што іх родныя мовы павінны наколькі гэта магчыма брацца да ўвагі пры аказанні ім адпаведных паслуг.

Адукацыя

Колькасць навучэнцаў устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання змяншаецца. У 2014 - 2015 навучальным годзе цалкам па-беларуску навучалася ўсяго 300 студэнтаў (0,1%). За год да гэтага іх было ўдвая больш. У краіне няма ВНУ, дзе выкладалі б цалкам па-беларуску. Немагчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю па-беларуску называецца прычынай нежадання бацькоў аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы і школы.

Паводле фінскага Закона аб універсітэтах, мовай выкладання і экзаменаў у агульным выпадку з'яўляецца фінская. Аднак у некаторых універсітэтах гэтых моў дзве, а ў трох ВНУ яна шведская.

У папярэднія гады ў Беларусі масава закрываліся малакамплектныя школы, у большасці якіх навучанне вялося па-беларуску. Дзяцей пры гэтым пераводзілі ў рускамоўныя школы. У фінскім Законе аб базавай адукацыі прапісана, што камуна можа змяніць месца навучання, не мяняючы пры гэтым мову навучання.

Мовай фінскага войска з'яўляецца фінская, але ў ім павіна быць мінімум адно шведскамоўнае падраздзяленне. Прызыўнік мае права быць накіраваным у падраздзяленне са сваёй мовай ці прайсці альтэрнатыўную службу на ёй. Падобных палажэнняў у айчынным заканадаўстве няма.

Беларускае заканадаўства не прапісвае, якая арганізацыя адказная за нагляд за забеспячэннем моўных правоў. Фінскі Закон аб мовах абазвязвае ўрад кожны выбарны перыяд рабіць перад парламентам справаздачу аб выкананні моўнага заканадаўства і забеспячэнні моўных правоў.

Заключэнне. Пры рэфармаванні айчыннага моўнага заканадаўства з фінскага досведу можа быць скарыстана абарона слабага боку; забеспячэнне рэальнай роўнасці дзяржаўных моў; дэтальнасць палажэнняў; актыўнае прапанаванне дзвюхмоўных паслуг; справаздачнасць урада за забеспячэнне моўных правоў на ды іншае.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

854. Мыслівец (Людміла) - семантычны вытвор ад апелятыва мыслівец, які мае розныя значэнні: 1) 'паляўнічы з гончымі сабакамі' (Нас.); 2) 'разумнік, мысляр' (Грынч.).

855. Мысліўчык (Ірына) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Мыслівец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мысліўч(ц/ч)ык. ФП: мысліць ('разважаць, супастаўляючы з'явы рэчаіснасці, думкі і робячы з іх вывады') - мыслівы ('здолены глыбока і самастойна мысліць') - мыслівец ('мыслівы чалавек') - Мыслівец (мянушка, потым прозвішча) - Мысліўчык.

856. Мяльгун (Анатоль) - другасная форма, першасная Мільгун - семантычны дэрыват ад апелятыва мільгун 'тое, што мільгае - свеціцца, бліскае коратка, з перапынкамі'; утварэнне з суфіксам -ун: мільгун.

857. Мянанава (Вікторыя) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Мянан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мянанава. ФП: Мянандр (імя, з мовы грэкаў 'магутны, дужы чалавек') - Мянан (народны варыянт яго) - Мянан (празванне, потым прозвішча) - Мянанава.

858. Мятліцкі (Мікола) - вытвор з суфіксам -цкі (<скі) ад антрапоніма Мятліца з семантыкай прэстыжнасці: Мятліцскі - Мятліцкі. Або ад тапоніма Мятліца з семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Мятліцскі - Мятліцкі. ФП: мятліца ('шматгадовая расліна з суквеццем у выглядзе мяцёлкі') - Мятліца ('мясціна, дзе расце мятліца') - Мятліцкі.

859. Мяцёлка (Леанід) - семантычны вытвор ад апелятыва мяцёлка, які мае розныя значэнні: 1) тое, што і мятла; 2) суквецце некаторых раслін (нагадвае форму мятлы); 3) мятліца (абл.).

860. Мяцюн (Таццяна) - семантычны вытвор (з суфіксам -юн) ад апелятыва мяцюн 'той хто мяце', 'тое што мяце'; 'мяцеліца'.

861. Навікевіч (Таццяна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Новік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Новікевіч - Навікевіч. ФП: новы ('упершыню створаны або зроблены, які узнік, з'явіўся нядаўна', 'незнаёмы, малавядомы', 'не той, што быў раней') - Новы (мянушка) - Новы (прозвішча) - Новік ('нашчадак Новага') - Навікевіч.

862. Навойчык (Аляксандр) - семантычны вытвор з суфіксам -чык ад апелятыва навой 'вялік у кроснах, на які навіваюцца ніткі асновы'. Антрапонім можа мець і дадатковае значэнне 'нашчадак асобы з прозвішчам Навой': Навойчык. Параўн. Адам і Адамчык, Рымар і Рымарчык.

863. Нагорны (Васіль) - семантычны вытвор ад апелятыва нагорны 'які знаходзіцца на гары (узвышшы, узгорку)'.

864. Нажадзюбіч (Алег) - вытвор з фармантам бацькаймення -іч ад антрапоніма Нажадзюб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Нажадзюбіч. ФП: нажадзюб ('трапічная марская птушка, блізкая да чаек') - Нажадзюб (мянушка, потым прозвішча) - Нажадзюбіч.

865. Наздрына (Ларыса) - семантычны акцэнтаваны вытвор ад апелятыва наздрына - утварэнне з павеліч.-узмац. фармантам -ына ад ноздра 'адна з парных вонкавых адтулін носа'.

866. Найдзенка (Васіль) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Найда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Найдзенка. ФП: найда ((рэг.) 'той, каго знайшлі', 'знойдзенае дзіця') - Найда (мянушка, потым прозвішча) - Найдзенка.

867. Нановіч (Алег) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Нон з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Нонавіч - Нановіч. ФП: Нон (імя < лац. nonus 'дзевяты') - Нон (празванне, потым прозвішча) - Нановіч.

868. Насановіч (Ларыса) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Насан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Насанавіч - Насановіч. ФП: нос ('орган нюху') - насан (насаты чалавек) - Насан (мянушка, потым прозвішча) - Насановіч.

869. Наскевіч (Іван) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Наско і значэннем 'нашчадак названай асобы': Наскевіч. ФП: нос ('орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы') - насок (памянш.-ласк. форма да нос) - Насок (мянушка) - Наско (прозвішча) - Наскевіч.

870. Невяроўскі (Сяргей) - вытвор з фармантам -скі/-оўскі ад тапоніма Невяроўка / Невяры і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Невяроў(к)скі, Нявераўскі - Невяроўскі.

871. Нектаровіч (Сцяпан) вытвор з суфіксам -овіч ад антрапоніма Няктар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Няктаравіч. ФП: Няктар (імя < грэч. nectar 'нектар, пітво багоў') - няктар (празванне, потым прозвішча) - Нектаровіч.

872. Нелюб (Кацярына) - семантычны вытвор ад апелятыва нелюб 'той (тая), каго не любяць' (хто не любіць).

873. Нема (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва нема 'прамысловая рыба сямейства ласосевых, якая водзіцца ў паўночных рэках і марах' (ТСБМ, Т. 3, с. 373). Бытуе і ў форме Немо / Нэмо (польск. Nemo). Або ад прыслоўя нема 'дзіка, распачна (крычаць, галасіць, раўці і пад.)', а таксама 'моўчкі, без слоў' - шляхам антрапанімізацыі (пераход у антрапонім).

874. Немагай (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва немагай 'пра нямоглага чалавека': не магу - немагай. Параўнаем: папіхай 'папіхач', мышляй 'кемлівы', лягчай 'канавал'.

875. Немчанінава (Таццяна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Немчанін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Немчанінава: немцы ('народ, які складае асноўнае насельніцтва Германіі') - немчанін ('жыхар Нямеччыны: параўн. мінчанін') - Немчанін (мянушка) - Немчанін (прозвішча) - Немчанінава.

876. Неркавіч (Арнольд) - вытвор з фармантам бацькаймення - авіч ад антрапоніма Нерка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Неркавіч. ФП: нерка ('рыба сямейства ціхаакіянскіх ласосяў'). Нерка (мянушка, потым прозвішча) - Неркавіч.

877. Несцяроўскі (Мікалай) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Несцераўка і значэннем 'жыхар названай мясціны': Несцераў(к)скі - Несцяроўскі. ФП: Несцер (імя <грэч. Nestor) - Несцер (прозвішча) - Несцераўка ('мясціна з прозвішчамі Несцер') - Несцяроўскі.

878. Нетрэбка (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва нетрэбка / нятрэба 'той, хто кажа "не трэба / нятрэба"` - г.зн. "не варта", "не патрэбна", "не пажадана"'.

879. Неўмяржыцкі (Сяргей) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Неўмяржыкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Неўмяржыкскі - Неўмяржыцкі. ФП: няўмержыкі ('мясціна з незамерзлай глебай, вадой') - Няўмержыкі (тапонім) - Неўмяржыцкі.

880. Ніжнік (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва ніжнік, які мае розныя значэнні: 1) 'валет' (Нас.); 2) 'ніжні камень у жорнах'.

881. Ніжнікава (Алёна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Ніжнік і значэннем 'нашчадак (дачка) названа асобы': Ніжнікава. ФП: ніжнік ('частка жорнаў - ніжні камень', а таксама (саст. малодшая фігура ў картах; валет)) - Ніжнік (мянушка) - Ніжнік (прозвішча) - Ніжнікава.

882. Нізавец (Алег) - вытвор з суфіксам -авец ад тапоніма Ніз / Нізы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Нізавец. Або ад антрапоніма Нізавы з суфіксам -ец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Нізавец.

883. Нікалаевіч (Рыгор) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Нікалай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Нікалайевіч. ФП: Нікалай (імя (рус.) белар. Мікалай) - Нікалаевіч (бацькайменне) - Нікалаевіч.

884. Нікітчанка (Іван) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Нікітка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Нікітч(к/ч)анка. ФП: Нікіта (імя, з мовы грэкаў 'пераможца', з 1539 г.) - Нікітка (памянш.-ласк. ці зневаж. форма) - Нікітка (мянушка, потым прозвішча) - Нікітчанка.

885. Нісцюк (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Нісця (-Несця) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Нісцюк. ФП: Несцер (імя, з мовы грэкаў Nestor) - Несця (гутарк. форма) - Несця (мянушка, потым прозвішча) - Несцюк - Нісцюк.

886. Нічыпаровіч (Галіна) - вытвор з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Нічыпар і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Нічыпаровіч. ФП: Нічыпар (імя з мовы грэкаў 'пераможца') - Нічыпаравіч (бацькайменне) - Нічыпаровіч.

887. Нядбайлаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Нядбайла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Нядбайлаў. ФП: нядбайла ('той (тая), хто абыякава адносіцца да сваіх абавязкаў, да справы; лянівы') - Нядбайла (мянушка, потым прозвішча) - Нядбайлаў.

888. Нядзельская (Альжбета) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Нядзелькі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Нядзель(кі)ская.

889. Някрасава (Святлана) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Някрас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Някрасава. ФП: Некрас (рус. некраса) 'непрыгожы чалавек ці жывёліна' (Даль) - Некрас (мянушка, потым прозвішча) - Некрасава - Някрасава.

890. Нямковіч (Ніна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Нямко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Нямковіч. ФП: нямы ('пазбаўлены здольнасці гаварыць', (перан.) 'маўклівы, ціхі', (перан.) 'скрыты, затоены') - Нямко (мянушка, потым прозвішча) - Нямковіч.

891. Няпеўная (Наталля) - другасная форма, першасная Няпэўная - семантычны вытвор ад апелятыва няпэўны (-ая) 'які не заслугоўвае даверу', 'ненадзейны, дакладна не ўстаноўлены', 'пазбаўлены цвёрдасці, нерашучы'.

892. Нясвіжская (Альжбета) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Нясвіж і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Нясвіжская.

893. Няхайчык (Аксана) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Няхай і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Няхайчык. ФП: няхай ('той, хто не ахайвае, не адчаворвае', а таксама 'той, хто любіць адкладваць справу на пасля' (Нас.)) - Няхай (мянушка, потым прозвішча) - Няхайчык.

894. Пабягайла (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва пабягайла 'той, хто на пабягушках' (на пасылках, для дробных паслуг): утварэнне: пабягайла.

895. Пагарэлая (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва пагарэлая 'тая, якая пагарэла'.

896. Падаляк (Тацяна) - семантычны вытвор ад апелятыва падаляк (укр.) 'жыхар Падолля'.

897. Падбягайла (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва падбягайла 'той, хто падбягае' ( падбягайла).

988. Паддубскі (Міхаіл) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Паддуб'е і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Паддубскі: ФП: дуб (буйное ліставое дрэва з цвёрдай драўнінай і платамі-жалудамі) - Дубы (тапонім) - Паддуб'е (- Пад дубамі - тапонім) - Паддубскі.

989. Падліскавец (Генадзь) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Падліскава і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Падліскавец. ФП: падлісак ('маладая лісіца', а таксама 'помесь лісіцы і сабакі') - Падлісак (мянушка, потым прозвішча) - Падліскава (ўладанне жыхара з прозвішчам Падлісак, прыналежны суфікс -ава) - Падліскава (тапонім) - Падліскавец.

990. Падольская (Алена) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Падолле і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Падольская.

991. Падскробка (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва падскробка / падскрэбуха 'хлеб з аскробак цеста, паскрэбак' (СНМЗ).

992. Палікарпук (Ала) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Палікарп і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Палікарпук. ФП: Палікарп (імя <грэч. polykarpos 'урадлівы, шматпладовы') - Палікарп (мянушка, потым прозвішча) - Палікарпук.

(Працяг у наст. нумары.)


Аб ушанаванні памяці К. Каліноўскага

Кіраўніку

Адміністрацыі Прэзідэнта

спн. Н. I. Качанавай,

220016, г. Мінск,

вул. Маркса, 38

Аб ушанаванні памяці Кастуся Каліноўскага

Паважаная Наталля Іванаўна!

Нядаўна ў СМІ паведамляліся навіны пра тое, што ў Вільні на гары Гедыміна былі знойдзеныя магілы паўстанцаў 1863-1864 гг. і сярод іх, магчыма, ёсць парэшткі нацыянальнага героя Беларусі Канстанціна (Кастуся) Каліноўскага.

У сувязі з гэтым мы прапануем звярнуцца да ўладаў Літвы з просьбай (пасля правядзення неабходнай экспертызы Літвой) перадаць у Беларусь парэшткі Канстанціна Каліноўскага і правесці іх перапахаванне на высокім дзяржаўным узроўні.

Будзе дарэчы аформіць гэтую прапанову ў выглядзе Прэзінэцкага дэкрэта, у якім таксама варта прадугледзець устаноўку помніка К. Каліноўскага ў Мінску і чаканку адпаведнай манеты Нацыянальным банкам Беларусі.

З павагай, Старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Трусаў А.А.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб ушанаванні памяці

К. Каліноўскага

У адпаведнасці з даручэннямі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 2017 г. № 10/535-82 і ад 31 кастрычніка 2017 г. № 10/206-102 Міністэрствам культуры сумесна з Міністэрствам замежных спраў, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь разгледжаны зварот А.А. Трусава аб перапахаванні парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі і ўшанаванні яго памяці. Па выніках паведамляем наступнае.

Па стане на кастрычнік 2017 г. літоўскімі даследчыкамі знойдзены парэшткі 11 з 21 пакараных удзельнікаў паўстання. Раскопкі працягваюцца.

Устаноўлена, што пахаванні зроблены ў другой палове - канцы XIX стагоддзя; асобы, знойдзеныя ў пахаваннях, былі пакараныя праз павешанне і расстрэл.

З высокай верагоднасцю ідэнтыфікаваны парэшткі аднаго з удзельнікаў паўстання - Жыгімонта Серакоўскага (рознымі метадамі даследаванняў вызначаны ўзрост, спосаб і дата пакарання, знойдзены імянны заручальны пярсцёнак).

На думку літоўскіх даследчыкаў, у ліку выяўленых маюцца парэшткі і К.Каліноўскага. Гэтая здагадка заснавана на супадзенні па ўзросце, спосабу і даце пакарання, выніках мадэлявання і фотаідэнтыфікацыі асобы (параўноўванне чэрапа з фотаздымкамі К. Каліноўскага). Для пацвярджэння сапраўднасці здагадкі патрабуецца правядзенне генетычнай экспертызы.

Пастаноўка пытання пра перапахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 года заўчасная да моманту, пакуль не будуць выяўлены і даследаваны парэшткі ўсіх пакараных (21 чалавек).

Акрамя таго, трэба адзначыць, што на дадзеным этапе ў асяроддзі літоўскай палітычнай і навуковай супольнасцяў пераважае меркаванне аб магчымасці перапахавання ўсіх парэшткаў у адным месцы.

Адносна прапаноў аб ушанаванні памяці кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі і Літвы паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларус ад 19 верасня 2008 г. № 1372 "Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальнга-дэкаратыўнага мастацтва" творы манументальнай скульптуры ў г. Мінск ствараюцца і ўстанаўліваюцца на падставе рашэння Мінскага гарвыканкама і па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Пытанне ўстаноўкі помніка К. Каліноўскаму ў г. Мінску разглядалася Мінскім гарвыканкамам неаднаразова. Улічваючы, што імем вядомага дзеяча названа адна з вуліц горада і на доме № 55 па вул.Каліноўскага ўстаноўлена мемарыяльная дошка, неабходнасць стварэння і ўстаноўкі помніка К. Каліноўскаму ў г. Мінску адсутнічае.

Трэба адзначыць, што помнік К. Каліноўскаму работы З. Азгура ўстаноўлены ў 1958 г. у г. Свіслач Гродзенскай вобласці.

Па пытанні выпуску памятнай манеты, прысвечанай К. Каліноўскаму, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (далей - Нацбанк) адзначыў, што ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі памятныя манеты ў абарачэнне выпускаюцца ў азнаменаванне найважнейшых падзей у гісторыі дзяржавы і ўсяго чалавецтва, а таксама з мэтай прапаганды культурнай і гістарычнай спадчыны, дасягненняў у галіне навукі і спорту, аховы навакольнага ассяродзя.

Акрамя таго, згодна з канцэптуальным падыходам Нацбанк выпускае памятныя манеты, прысвечаныя выдатным асобам і іх юбілеям, роўным 100 і больш гадоў і пры гэтым кратным 50.

Такім чынам, выпуск у абарачэнне памятнай манеты, прысвечанай Кастусю Каліноўскаму, плануецца толькі ў аддаленай перспектыве.

Дадзены адказ можа быць абскарджаны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Намеснік міністра А.А. Яцко.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні

Абдулаева Святлана Іосіфаўна Агуновіч Эдуард Адамоніс Валянцін Канстанцін. Аксючыц Галіна Ўладзімір. Аксючыц Ганна Аляксандр. Алейнік Віталь Алексяюк Дар'я Аляксандр. Альшэўскі Андрэй Здзіславав. Андрасовіч Таццяна Валянцін. Андрэенка Яўген Барысавіч Аношка Любоў Іосіфаўна Антаноўская Людміла Анцыповіч Мікалай Ардынская Людміла Іосіфаўна Арцюшэнка Вікторыя Ўладз. Асадчая Алена Вадзімаўна Асіповіч Ананій Канстанцыев. Атрахімовіч Вячаслаў Аўласка Ала Афанасенка Кацярына Уладз. Багінская Аўгіння Ніна Рыгор. Багнюк Любоў Баеў Канстанцін Генадзевіч Бандарчык Вікторыя Ігараўна Бараноўскі Аляксандр Уладз. Бартошык Наталля Пятроўна Батура Міхаіл Пятровіч Бацян Валянціна Бацяноўскі Аляксандр Рыгор. Баярчук Алена Бедка Іван Белая Алена Іванаўна Белка Сяргей Мікалаевіч Белы Аляксей Ільіч Берняковіч Іна Бойка Валянцін Юр'евіч Буданаў Зміцер Львовіч Букачова Алена Ўладзіміраўна Бурак Жанна Генадзеўна Бурносаў Раман Генадзевіч Бусловіч Святлана Анатол. Вабішчэвіч Аляксандр Мікал. Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Верабей Янка Міхайлавіч Водзіч Наталля Волкава Ала Гагуліна Юлія Аляксандраўна Гайдаровіч Анжэліка Галіноўская Ніна Васільеўна Галкоўскі Аляксандр Алякс. Гарох Мікалай Андрэевіч Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Гацкі Ўладзімір Венядзімавіч Гінько Марыя Уладзіміраўна Глазман Любоў Якаўлеўна Гнятуля Алег Аляксандравіч Гракун Валянціна Іосіфаўна Грамыка Алена Віктараўна Гром Ігар Віктаравіч Груздзеў Аляксандр Ігаравіч Грыгаровіч Вітаўт Іванавіч Грыневіч Ганна Васільеўна Грыцаў Тарас Грэйт Таццяна Міхайлаўна Грэская Браніслава Гук Уладзімір Пятровіч Гурыновіч Генадзь Аркадзев. Гярэра Менгана Ідаэль Ідаэл. Дабрынец Аляксей Васільевіч Давідовіч Дзмітры Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Дамарацкі Аляксандр Уладзім. Дарафей Іна Сцяпанаўна Дашкевіч Вікторыя Віктараўна Дашкевіч Галіна С. Двілянская Бэла Дземідовіч Ігар Славаміравіч Дзем'яновіч Таццяна А. Дзяменцева Ірына Донаў Павел Пятровіч Доўжык Андрэй Ігаравіч Дрозд Юля Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Дучыц Людміла Ўладзіміраўна Егіпцава Таццяна Ўладзімір. Ермалёнак Марыя Георгіеўна Еўдакіменка Святлана Жаўнярчук Ларыса Васіл. Жучкова Наталля Яўгенаўна Захарэвіч Андрэй Леанідавіч Зелянко Вольга Ўладзіміраўна Зімніцкая Ірына Змушка Валерыя Аляксандр. Зорко Ірына Аляксандраўна Зусько Сяргей Зылеў Дзяніс Уладзіміравіч Ільініч Дар'я Сяргееўна Каваленка Святлана Пятроўна Кавалеўскі Сяргей Мікалаевіч Кажан Анатоль Лазаравіч Казачок Ларыса Каласоўскі Юрась Уладзімір. Калбанёў Віталь Васільевіч Калыска Ірына Каляда Ірына Камароўская Зінаіда Іванаўна Камароўскі Андрэй Уладзімір. Кардаш Глеб Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Каркота Анэліка Карпенка Аляксей Аляксеевіч Касатая Таццяна Ўладзімір. Каспяровіч Паліна Ўладзімір. Кастанаў Аляксандр Кашчэеў Аляксандр Кім Таццяна Андрэеўна Кліменка Наталля Віктараўна Клімковіч Ірына Яўгенаўна Клок Валянціна Клютчэня Андрэй Колабава Ірына Навумаўна Конан Генадзь Краўчук Сяргей Ксянзова Святлана Пятроўна Курневіч Лізавета Васільеўна Курчынскі Браніслаў Бранісл. Курыльчык Мікалай Пятровіч Кутасаў Аляксандр Аляксанд. Кутырло Віталь Эдуардавіч Кухарчык Вольга Сяргееўна Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Лагвінец Антон Аляксандравіч Лапцэвіч Зміцер Лашук Міхаіл Лемцюгова Валянціна Пятр. Літвінаў Мікалай Сяргеевіч Логвінава Вольга Іванаўна Лозка Алесь Юр'евіч Лукашэвіч Алена Лук'янцаў Алег Луцковіч Алена Сяргееўна Лявіцкі Ягор Вацлававіч Ляшковіч Дзмітрый Іосіфавіч Макарэвіч Нікадзім Аляксан. Макарэвіч Рыгор Арсеньевіч Малахаў Зміцер Мамай Часлава Чаславаўна Мамчыц Раман Эдуардавіч Марговіч Людміла Васільеўна Мароз Аляксей Уладзіміравіч Мароз Валянціна Іванаўна Матчэня Алег Мацкевіч Міхаіл Мікалаевіч Мікалаеў Андрусь Васільевіч Мілаш Валеры Ўладзіслававіч Міткавец Аляксандр Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Мядзведзева Валянціна Мядзюта Аляксандр Нікіціна Зінаіда Новік Мікалай Аляксандравіч Новік Таццяна Новікаў Аляксандр Пятровіч Падгол Уладзімір Паляшчук Наталля Пантус Сяргей Іванавіч Панцюхаў Ілля Сяргеевіч Панцялей Аляксандр Уладзім. Папека Мікалай Пархімовіч Сяргей Аляксанд. Патоцкі Генадзь Мікалаевіч Паўлавіцкі Станіслаў Пахлопка Ніна Аляксееўна Пахолак Раман Аляксандравіч Пека Зоя Пятроўна Півавар Мікалай Васільевіч Піменава Алена Анатольеўна Пішчулёнак Марына Плакса Ўладзімір Поцька Віталь Станіслававіч Пракаповіч Ігар Міхайлавіч Пракопчык Ірына Міхайлаўна Прыбыльская Наталля Пудаў Дзмітрый Леанідавіч Пятроўская Алена Аляксанд. Рагацэвіч Вольга Анатольеўна Раеўскі Аляксандр Аляксанд. Рамашкевіч Алег Аляксандр. Русецкая Ала Рыбачкін Віктар Барькавіч Рыжая Аляксандра Васільеўна Рыжыкава Людміла Савіцкая Тарэза Міраславаўна Сагідуліна Лідзія Дзмітрыеўна Садовіч Юрый Аляксандравіч Сакалоў Багдан Анатольевіч Салаш Вольга Свідуновіч Галіна Севярынец Павел Канстанцін. Семяненка Таццяна Леанід. Серадзюк Дзіяна Эдуардаўна Сівы Сяргей Скуратовіч Аляксей Анатол. Слінько Аляксандр Віктаравіч Сныткіна Вольга Анатольеўна Станішэўскі Віталь Валянцін. Станкевіч Наталля Аляксандр. Стралко Валер Васільевіч Стральцоў Аляксандр Віктар. Сугака Лявон Супаненка Павел Ігаравіч Сыраід Яна Трафімчык Таццяна Ўладзім. Трушко Ўладзімір Тулжанава Марыся Аляксан. Урублеўская Лізавета Мікал. Федаровіч Святлана Іванаўна Фунт Аляксандра Сяргееўна Халезіна Дзіяна Хальпукова Вольга Харак Анастасія Ўладзімір. Хітрыкава Галіна Ўладзімір. Худанёнак Ірына Цівончык Мікалай Канстанц. Ціханчук Алена Ігараўна Цыва Андрэй Вітальевіч Цыганкова Таіса Мікалаеўна Цыцыліна Таццяна Міхайл. Чуйко Аляўціна Аляксееўна Шалахоўскі Аляксей Леанід. Шалкоўская Людміла Віктар. Шаравар Мікалай Лазаравіч Шарко Вольга Сяргееўна Шаршун Алена Сяргееўна Швед Аляксандр Аляксандр. Шушкевіч Станіслаў Станісл. Шчарбакова Марта Алякс. Шчарбіцкі Андрэй Віктаравіч Шчэрбік Зміцер Васільевіч Шыловіч Дзмітры Мікалаев. Шыманец Віржыня Шымук Марыя Дзмітраўна Шынкевіч Сяргей Іванавіч Шыцёнак Наталля Шышко Вальдэмара Альберт. Шышко Іван Валянцінавіч Шэпетаў Мікалай Васільевіч Юданаў Віктар Канстанцінавіч Юшкевіч Міхаіл Валянцінавіч Яголда Марына Ўладзіслав. Янкін Ігар Андрэевіч Ярошкіна Ірына Фёдараўна Яўменаў Альберт Піліпавіч


Слоўнік асабовых уласных імён

22 лістапада 2017 года ў менскай бібліятэцы № 14 імя Ф. Багушэвіча, якой загадвае Наталля Анатольеўна Стрыгельская, адбылася творчая сустрэча з вядомым лінгвістам і перакладчыкам Валянцінай Карлаўнай Раманцэвіч, якая працуе ў складзе групы вучоных філолагаў пры менскім касцёле Святога Сымона і Алены. Нагода - выхад "Слоўніка асабовых уласных імён ", якія з'явіліся ў выдавецтве "Народная асвета" у верасні 2017 года.

Напісаць слоўнік (скласці яго) дапамагаў магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук ксёндз-дэкан Менскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Ўладзіслаў Мацвеевіч Завальнюк.

Выданне з'яўляецца нарматыўным даведнікам па выкарыстанні асабовых ўласных беларускіх імён у афіцыйнай і паўсядзённай практыцы, іх правапісе і скланенні, а таксама па ўтварэнні імён па бацьку. У слоўніку пададзены найбольш пашыраныя (праваслаўныя і каталіцкія) хрысціянскія імёны, што выкарыстоўваюцца пры хрышчэнні дзяцей.

Наклад кнігі - 1500 асобнікаў. Слоўнік адрасуецца работнікам ЗАГСаў, натарыяльных кантор і юрыдычных кансультацый, работнікам друку і інш. Для выкарыстання ў канфесійнай іменаслоўнай практыцы. Ён будзе карысным для настаўнікаў, студэнтаў, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца сучасным беларускім іменасловам...

Слоўнік напісаны пад агульнай рэдакцыяй акадэміка НАН Беларусі, доктара філалагічных навук Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца. Дапамогу ў складанні слоўніка аказалі: пратаіерэй Яўген Грамыка, дэпутат і старшыня ТБМ Алена Анісім, прафесар Валянціна Пятроўна Лемцюгова, Ірына Алегаўна Гапоненка, Адам Іосіфавіч Мальдзіс, а таксама выкладчыкі УА "Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт" (лінгвагуманітарны каледж пры МДЛУ) Алесь Віктаравіч Чэчат і Лілея Пятроўна Чэчат!

Трэба адзначыць, што на імпрэзе прысутнічалі сябры Фрунзенскай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска Святлана Багданкевіч, Людміла Ліцвінава, Яўген Гучок, Генадзь Кажамякін, Мікола Бамбіза, Кірыл Шык. Творчая сустрэча адбылася дзякуючы арганізатарскім здольнасцям Паўла Чайкоўскага і Наталлі Стрыгельскай. На сустрэчы прысутнічала студэнцтва.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст - фрылансер.


Завяршылася падача заявак на конкурс эскізных праектаў помніка "Заснавальнік замка - князь Гедымін" у Лідзе

Ля сцен Лідскага замка ўсталююць помнік заснавальніку горада - князю Гедыміну. Завяршылася падача заявак на конкурс эскізных праектаў помніка "Заснавальнік замка - князь Гедымін", які праводзіў Лідскі райвыканкам, паведамляе grodnonews.by.

- Мы атрымалі сорак заявак ад прафесійных скульптараў, архітэктараў з Ліды, Гародні, Менска, Віцебска, Магілёва, - распавядае намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. - Далей, да 15 студзеня ўдзельнікі конкурсу прадставяць нам свае эскізныя праекты, з якіх экспертная рада (камісія), у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўлады, прафесіяналы ад мастацтва, прадстаўнікі грамадскасці, СМІ, абярэ лепшы эскіз і вызначыць пераможца. Гэтая праца і будзе ўвасоблена.

Віктар Пранюк падкрэслівае, што сур'ёзных абмежаванняў і ўмоў творчым людзям не ставяць: важна, каб выява заснавальніка Ліды адпавядала гістарычнаму выбразу і была пададзена на кані.

- Гэта даніна павагі чалавеку і дзяржаўнаму дзеячу, які змог аб'яднаць рознакультурныя і рознамоўныя народы Вялікага Княства Літоўскага, - падкрэслівае ён. - Ён з'яўляўся адным з найзыркіх прыкладаў мудрага кіраўніка-патрыёта, сімвалізуе справядлівасць і адзінства.

Помнік вялікаму князю Гедыміну, паводле генеральнага плану, будзе ўсталяваны ў скверы на скрыжаванні вуліц Грунвальдская і Замкавая, каля паўночнай сцяны Лідскага замка за кошт сродкаў добраахвотных ахвяраванняў грамадзян і арганізацый, спонсарскіх сродкаў.

Лідзяне бурна абмяркоўваюць тэму праз СМІ і сацыяльныя сеткі. Яны аднадушныя ў меркаванні, што помнік Гедыміну ўмацуе турыстычны патэнцыял Лідскага рэгіёна і ўзмоцніць патрыятызм новых пакаленняў.

Гедымін - вялікі князь літоўскі (1316-1341), падчас кіравання якога тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая, лічыцца заснавальнікам Ліды: у 1323 годзе ён пачаў будаўніцтва Лідскага замка, вакол якога паступова вырасла паселішча, увёў назву Ліда ў гістарычныя хронікі. Памяць пра заснавальніка Ліды захоўваецца ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі, у назве вуліц і аб'ектаў.

Хартыя-97.


Згодна з рашэннем Лідскага райвыканкама

ад 02.10.2017 г. № 1012 Лідскім ГУП ЖКГ адкрыты дабрачынны рахунак

ВY62АКВВЗ1320000002464200000

у філіяле АСБ "Беларусбанк" код банка АКВВВY2Х для пералічэння дабрадзейных (спонсарскіх) ахвяраванняў на стварэнне помніка заснавальніку горада Ліды вялікаму князю Гедыміну.


Спачуванне Анатолю Вярцінскаму

Сакратарыят ТБМ выказвае шчырыя спачуванні шматгадоваму сябру Рады ТБМ Анатолю Вярцінскаму.

Раніцай 28 лістапада пасля працяглай хваробы памерла Ада Сямёнаўна Вярцінская - выкладчыца, заслужаны педагог Рэспублікі Беларусь, паведамляе прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Ада Сямёнаўна - жонка пісьменніка Анатоля Вярцінскага. Яны былі разам ад 1960 года.

У Вярцінскіх - трое дзяцей: сын - кардыёлаг, да таго ж ён яшчэ спецыяліст па ультрагукавым даследаванні. Адна дачка скончыла факультэт радыёфізікі і электронікі, другая вывучала інфарматыку і праграмаванне.

Адпяванне прайшло ў Елізавецінскім храме ў Навінках. Пахавалі Аду Сямёнаўну Вярцінскую на Заходніх могілках г. Менска.

Вечная памяць.


У Германіі дзецям забаранілі насіць "разумныя" гадзіннікі: вядомыя прычыны

Навіны Германіі

Федэральнае сеткавае агенцтва Германіі ўвяло забарону на выкарыстанне смартгадзіннікаў дзецьмі. Ведамства параіла бацькам выкінуць ці знішчыць "разумныя" гадзіннікі і не парушаць законы Германіі.

Прычынай для забароны "разумных" гадзіннікаў стала функцыя, якая дазваляе слухаць усё, што адбываецца ў карыстальніка. Такая тэхналогія была ўспрынята экспертамі, як сачэнне, якое супярэчыць законам Германіі.

Па словах прадстаўнікоў Федэральнага сеткавага агенцтва, бацькі часта выкарыстоўвалі "галасавы маніторынг", каб слухаць, што адбываецца на занятках у школе. Ні настаўнікі, ні самі вучні не падазравалі, што за імі сочаць бацькі. Вядома, што з дапамогай адмысловай праграмы тэлефона можна ўключыць мікрафон на смартгадзінніках. Таму менавіта такія прылады падпадаюць пад забарону.

Deutsche Welle.


Калі за адраджэнне мовы,чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2018 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 70. Цана змянілася нязначна. У 2018 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У першую чаргу гэта серыя гравюр "Апакаліпсіс", створаных ў 1498 г. Вялізным дасягненнем сусветнай графікі з'яўляюцца некалькі сотняў гравюр Дзюрэра. Вядомы ён і сваімі жывапіснымі палотнамі.

Стваральнікамі нідэрландскай школы рэнесансавай музыкі былі кампазітары Ян Окегем (каля 1420-1495), Якаб Обрэхт (каля 1450-1505), Жаскен Дэпрэ (каля 1450-1521) - аўтары месаў і песень, майстры поліфаніі, у творах якіх адчуваўся ўплыў народнай харавой культуры.

3. Змена ў архітэктуры Еўропы ў ХІV-ХV стст.

З XIV ст. у гарадах мураванае будаўніцтва выходзіць на пярэдні план. З каменю і цэглы пачынаюць будаваць жылыя дамы, што, безумоўна, было прагрэсам, асабліва з улікам тады шматлікіх гарадскіх пажараў. Ужо ў XV ст. у Фларэнцыі мураваныя дамы пераважалі над драўлянымі. Шмат мураваных будынкаў у гэты час з'явілася і ў Парыжы. А вось у Лондане цаглянае будаўніцтва пашырылася толькі ў XVI ст. У ХІV-ХV стст. у Еўропе пачала ўжываццая дахоўка, новы матэрыял для накрыцця дахаў, які не баяўся ні агню, ні вільгаці. Паколькі зямля ў гарадах была вельмі дарагою, то там будаваліся дамы на некалькі паверхаў з глыбокімі сутарэннямі пад домам. Падлогі дамоў на першым паверсе былі земляныя. Узімку іх засцілалі сенам, а ўлетку - духмянай травою. На верхніх паверхах падлога была драўлянаю, але, пачынаючы з XIV ст., у багатых палацах з'явіўся паркет. Пакоі аздаблялі дыванамі, якія вешалі на сцены або сцялілі на сядзенні. У XV ст. у гарадах Італіі дываны з'явіліся і на падлозе.

У XV ст. з'явіліся шпалерныя тканіны, якімі аздаблялі інтэр'еры будынкаў. Гэта былі аксаміт, шоўк, атлас, адамашак, парча і ціснёная скура. У Фландрыі ў гэты час з'явіліся габелены, на якіх асноўнымі сюжэтамі былі сцэны з антычнай і біблійнай міфалогіі ды розныя гістарычныя падзеі. Існавалі і тканевыя шпалеры (мільфлёры) з маляўнічымі сцэнкамі з жыцця сеньёраў і сялян. У багатых дамах у вокнах з'явіліся рамы, якія складаліся са шкляных шыбак рознай формы, устаўленых у свінцовыя абоймы. Самым лепшым асвятленнем былі васковыя свечкі, якія каштавалі ў той час дорага. З сярэдзіны XV ст. у Германіі і іншых паўночных краінах у дамах з'явіліся вялікія кафляныя печы, аблямаваныя кафляй, пакрытай глазурай. На вонкавых пласцінах гэтай кафлі былі рэльефныя выявы расліннага і геаметрычнага арнаментаў, а таксама розныя сюжэтныя кампазіцыі і гербы ўладальнікаў дома. Водаправод і каналізацыя ў дамах адсутнічалі. Ваду ў асноўным бралі з калодзежаў, выкапаных у дварах. З XIII ст. у гарадах з'явіліся грамадскія лазні, дзе мужчыны і жанчыны часта мыліся разам. Мэбля была вельмі простай - сталы, лавы ці ўслоны, і куфры. Гаспадар дома меў асобнае крэсла, што падкрэслівала яго асаблівы стан у сям'і. Галоўны элемент інтэр'еру - гэта ложак, які ў багатых дамах меў шырыню да 4 метраў. Зверху ложак закрываў балдахін, што абапіраўся на калонкі. У XV ст. на вуліцах Фларэнцыі з'явіліся першыя ліхтары.

Пачынальнікам рэнесансавай архітэктуры быў вышэйзгаданы архітэктар Філіпа Брунэлескі, які дэталёва распрацаваў законы лінейнай перспектывы. Брунэлескі ў сваім будаўніцтве вярнуў ва ўжытак такія элементы антычнай спадчыны, як калоны, пілястры і аркі (выгбы).

У другой палове XV ст. адным з найбуйнейшых італьянскіх дойлідаў эпохі Рэнесансу быў Леон Батыста Альберці (1404-1472). У сваіх праектах ён знайшоў кампраміс паміж ужо існуючымі традыцыямі звычайнай гарадской забудовы і новымі архітэктурнымі прыёмамі, што вынайшаў Брунэлескі.

У архітэктуры збудаваных ім палацаў адсутнічаюць калоны і паўкалоны, але вобраз антычнай архітэктуры ўвасоблены праз рэльефы плоскіх пілястраў і антаблементаў. Таксама Альберці ўпершыню выкарыстоўваў чляненне трох ярусаў фасада палаца Ручэлі ўФларэнцыі пілястрамі розных ордараў. У канцы XV ст. рэнесансныя тыпы будынкаў - гарадскія палацы і загарадныя вілы з'яўляюцца ў розных абласцях Італіі. Вылучаецца сваёй асаблівасцю архітэктура Венецыі, дзе гатычныя традыцыі спалучаны з рысамі Рэнесансу.

У дойлідстве паўночных краін Еўропы ў XIV-XV стст. панавала гатычная архітэктура, якая дасягнула свайго росквіту і атрымала прыгожую назву "полымная". У гэты час былі дабудаваны шмат якія гатычныя саборы, у тым ліку і вышэйзгаданы славуты сабор Парыжскай Божай маці.

Пэўную асаблівасць мела іспанская готыка, якая ў XIV-XV стст. была насычана элементамі маўрытанскага стылю. Іспанскія касцёлы часта перабудоўваліся з мячэцяў. Напрыклад, званіца сабора ў Севільі - гэта перабудаваны мінарэт. Тут існаваў асобны архітэктурны стыль "мудэхар" (мусульманскі), калі архітэктары-арабы будавалі з цэглы касцёлы з маўрытанскімі скляпеннямі.

Сваю нацыянальную асаблівасць атрымала і гатычная архітэктура Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XV - пачатку XVI стст. склалася беларуская готыка, якая мела свае асаблівасці. Гэта - шырокае ўжыванне вялікамернай цэглы-пальчаткі, арыгінальная планіроўка замкавых вежаў - васьмігранныя верхнія паверхі пастаўлены на прамавугольныя ніжнія, арнаментальныя матывы на сценах будынкаў, выкладзеныя з цёмнай (перапаленай) цэглы-клінкера і існаванне абарончых храмаў-цвердзяў. На тэрыторыі Беларусі ў гатычным стылі будаваліся і праваслаўныя храмы, што вылучае праваслаўную беларускую архітэктуру з ліку іншых адпаведных напрамкаў у Еўропе. Традыцыйная готыка знайшла таксама сваё ўвасабленне, найперш у знакамітым касцёле св. Ганны ў Вільні, якому прысвяціў свой вядомы верш класік нашай паэзіі Максім Багдановіч.

У гэты час, асабліва ў другой палове XV ст., традыцыі позняй заходнееўрапейскай готыкі можна прасачыць у Ноўгарадзе і Маскве, куды былі запрошаныя архітэктары і будаўнікі з Італіі ды іншых краін.

4. Развіццё навукі і тэхнікі

У эпоху Адраджэння філасофія і навука паступова адыходзяць ад тэалогіі і схаластыкі. Узнікаюць такія плыні, як "філасофская антрапалогія" - вучэнне пра чалавека, яго сутнасць і прызначэнне ў свеце, і "філасофія гуманізму", у якой чалавек разглядаецца як найвышэйшая каштоўнасць. У гэты час, акрамя грамадзянскага гуманізму, узнікае і другі яго напрамак - эпікурэйскі. Яго стваральнікам у першай палове XV ст. быў Ларэнца Вала. Ён жыў і працаваў у Мілане, Неапалі, Павіі і Рыме, дзе быў сакратаром папскай курыі. Ён крытыкаваў існаванне манаства і лічыў свецкую культуру і хрысціянскую рэлігію незалежнымі сферамі. Мараль Ларэнца Валы несла свецкі і антыаскетычны характар, апраўдвала чалавечыя радасці жыцця і супярэчыла прынцыпам афіцыйнай каталіцкай маралі. Гэта вельмі не падабалася клерыкам, і ў 1444 г. Валу прыцягнулі да суда інквізіцыі, ад прысуду якой яго, аднак, вызваліў кароль Неапаля.

Яшчэ адна філасофская плынь атрымала назву "пантэізм". У ёй Бог - гэта прырода, і ён не можа існаваць за яе межамі. Выдатным мысляром эпохі Рэнесансу быў Мікола Кузанскі (1401-1464), нямецкі філосаф, тэолаг і палітычны дзеяч. Ён стаяў на пазіцыях "пантэізму", першы склаў геаграфічную карту Еўропы і прапанаваў рэформу юліянскага календара.

(Працяг у наст. нумары.)


Курыць - пляваць на неба, сонца і зямлю

Валер Санько

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

ВЫТВОРЦЫ. ТТК паводзіцца ў Расіі, як у слабаразвітай краіне, дзе слабае заканадаўства, пластычны ўрад, неарганізаваная грамадзянская свядомнасць. Заклікі супрацьтытунёвых актывістаў выгнаць лабістаў-тытуннікаў з Грамадскай палаты Расіі не пачутыя. ТТК у 2006 годзе захапілі механізм прыняцця рашэнняў па тытунёвай палітыцы ў Расіі ўжо адкрыта, ад імя грамадства, сцвярджае Андрэй Дзёмін, прэзідэнт РАОЗ, прафесар медінстытута імя Сечанава.

Любую інфармацыю, здатную разбудзіць у спажыўца цягу да куплі цыгарэтаў, прапанавалі абмежаваць прадстаўнікі Беларусі і Расіі на Еўразійскай эканамічнай камісіі ў 2014 годзе. Сустаршыня Расійскай супрацьтытунёвай кааліцыі Дар'я Халтурына лічыць, тытунёвыя вытворцы выкарыстоўваюць цыгарэтныя пачкі для стымулявання спажывання тытуню і для зніжэння эфектыўнасці пастрахотных графічных папярэджванняў.

- Патрыятычныя і рамантычныя вершы пра курэнне, малюнкі прадуктаў і фруктаў, аб'явы пра латарэі на тытунёвых пачках накіраваны не проста на адурманьванне грамадзян, адцягваюць увагу бязвольных ад смяротнай і анкагеннай небяспекі курэння, - сцвярджала Халтурына.

Мноства навукоўцаў, камісій, уладнікаў вусна і пісьмова супраць тытунекурэння... і 20 гадоў не могуць адолець супрацьдзеянне тытунёвых лабістаў. Даходзіць да смешнага, тытунёвыя фірмы пачалі турбавацца пра бюджэт Расіі. Страты вытворцаў з-за змены упаковак ацэньваюць у 16 мільёнаў долараў, паменшыцца, ці бачыце, падатак у рускую казну. Яшчэ большыя страты прынясе перарэгістрацыя дзясяткаў назваў таварных знакаў, розніца цэн у Расіі (52 расійскія рублі за пачку), у Беларусі (30), у Казахстане (42) ("Известия", 18.4.2014).

КАРА. За кінуты на зямлю акурак у Англіі штраф да 80 фунтаў.

НАРКОТЫК. Тытунекурэнне, паводле ВОЗ, мала адрознае ад другіх наркотыкаў.

Пачынаюцца нярадасныя медыцынскія праяўленні ў курца літаральна праз паўтара-два гады актыўнага курэння. "Кашаль курца", "лёгачнае сэрца", хранічнае запаленне сценак бронхаў, лёгкіх, хваробы сэрца, імпатэнцыя, бясплоднасць, псіхозы... - тыя хваробы нясе сабе курэц. Храпуць курцы ў тры разы часцей.

У Канадзе ўвялі забарону продажу цыгарэт з назвамі "мяккія", "лёгкія". Паводле міністра аховы здароўя Канады яны выклікаюць у курца ілжывае пачуццё бяспекі, а фактычна не меней шкодныя. Даследчыкі з Пітсбургскага ўніверсітэта ўстанавілі, усяго адна зацяжка цыгарэты можа пашкодзіць ДНК, з'яўляецца першым гіблым крокам да развіцця раку і захворванняў сэрца. У мужчын курэнне дэфармуе сперматазоіды, развівае імпатэнцыю. Сперма дзвюх трацінаў, 67%, хранічных курцоў не прайшла спецыяльны лабараторны тэст ва ўніверсітэце Бафала, ЗША. Здольнасць яе да апладнення - усяго 25%.

НАРАДЖЭННЕ. Крывяносныя сасуды плода непасрэдна звязаныя з кровазваротам маці. Ядавітыя цыгарэтныя рэчывы курыльшчыцы асядаюць у арганізме ненароджанага, могуць выклікаць глыбокія дэфекты развіцця, крывацёкі, у яе - выкідышы, заўчасныя роды. У малацэ курыльшчыц утрымліваецца да 0,5 мг нікаціну. Смяротная доза для малога - 1 мг.

Адна з вялікіх прычын бясплоддзя ў жанчын, на 30% - захапленне цыгарэтамі. Спантанныя аборты ў іх на 40 - 60% часцей. 67% курыльшчыц нараджаюць немаўлят з адхіленнямі: у іх меншая даўжыня цела, акружнасць галавы, грудной клеткі, запаволенасць інтэлектуальнага і эмацыйнага развіцця, яны пазней пачынаюць чытаць, лічыць. "Фетальны тытунёвы сіндром" будзе сказвацца на абкураным ва ўлонні дзіцяняці ўсё жыццё.

Адна з прычын, чаму болей нараджаецца дзяўчынак, чым хлопчыкаў - курэнне на інтымнай блізкасці, лічаць японскія навукоўцы.

Выкурванне адной цыгарэты па таксічнасці для лёгкіх раўнацэнна знаходжанню на шумнай аўтатрасе 10 - 12 гадзін.

У апошнія гады амаль ва ўсіх краінах курэнню аб'яўлена вайна. Тытунёвыя кампаніі тут жа запусцілі новыя пасткі, іхняя зброя на рынку цяпер часта маскавалася пад лёгкія, мяккія цыгарэты, з нізкім утрыманнем смолаў, з фруктовымі водарамі, шакаладнымі пахамі, цыгарэты з паніжанай шкоднасцю, без нікаціну і г.д. Вынаходлівая рэклама асабліва прыцягвае курцоў-пачаткоўцаў.

Калі зыходзіць з гэтых лічбаў, то ў Беларусі з курэннем звязана амаль 12 тысячаў выпадкаў раку, штогод гінуць 4,2 - 5,1 тысячы чалавек. Яно і не дзіва, пад маркай барацьбы з курэннем і алкагалізмам ва ўсю рэкламуецца беларускае піва і цыгарэты. Зніжаюць квоты на імпарт цыгарэт і адначасова практычна павялічваюць выпуск сваіх утрая, як было ў 2005 годзе. ("Аргументы і факты ў Беларусі", № 44, 2005).

У 2008 годзе за курэнне ў неадпаведных месцах у Беларусі аштрафавана ўсяго 763 чалавекі.

Вучоныя Велікабрытаніі і Беларусі лічаць, што падлеткі і дзяўчаткі часта кураць "дзеля понту", каб запоўніць пустэчу ў размове, пераадолець узніклую няёмкасць, прадэманстраваць даросласць і круцізну, даступнасць.

Любая цыгарэта шкодная, яна хімічная фабрыка для ўсяго жывога. Выдзяляе больш за 4 тысячы шкодных злучэнняў, у тым ліку 40 канцэрагенных.

Курэнне ў кватэры мацней забруджвае паветра, чым гарэнне газавай пліты, шкодныя цыгарэтныя смолы асядаюць на шпалерах і сценах, столі і тканінах. Канцэрагенныя рэчывы гадамі выдзяляюцца ў жыллі курца з яго лёгкіх, вопраткі, дыму; удыхаюць іх усе. Асабліва чуйныя да іх дзеці, хатнія жывёлы.

У сярэднім курыльшчык расходуе на адну цыгарэту 5-10 хвілін, за суткі - 100-200 хвілін. 2 метры вакол курца небяспечная дымавая зона. Табачны смурод з яго рота, а ён мкнецца пацалаваць дзіця, жанчыну - фізічна адварочвае родных ад сябе. Тата курыць - у дзіцяці за зіму 6-7 разоў прастуда. Генна курэнне перадаецца дзецям, забівае інтэлект, глушыць мозг. Рыбкі ў акварыумах курцоў часцяком хутка дохнуць. Курава нясе чалавеку 20-25 хвароб.

Хатні бацькоўскі чарнобыль рана выклікае 30% хваробаў у дзяцей. Курыць маці і бацька - 60% дзяцей хварэюць, яшчэ дзед і баба смаляць - дзіця зусім хворае, худое, змалку носіць акуляры.

Даказана, бясспрэчна прызнана - падаткі ад тытунёвай прамысловасці ў шмат разоў меншыя за страты на лячэнне хвароб ад курэння.

Водсветы (пякуткія іскры)

З 1998 года ў парках і на пляжах шматмільённага Нью-Ёрка, на большасці пляжаў Іспаніі, Аўстраліі забаронена курыць, выпіваць, выгульваць сабак. У кафе, рэстаранах, барах нельга курыць.

27 дзяржаў ЕС вуснамі Міністраў аховы здароўя дамовіліся аб поўнай забароне на ментолавыя і іншыя араматызаваныя цыгарэты, якія перш за ўсё прыцягваюць моладзь Еўропы да курэння. Чэрвеньскае 2013 года безадмоўнае рашэнне ўпершыню паставіла вялікі гузак тытунёвым картэлям. ("НВ", 02.7.2013).

Папера ў зямлі і траве разлагаецца 2-10 гадоў, кансервавая банка 90 гадоў, фільтр ад цыгарэты 100 гадоў, поліэтыленавы пакет 200 гадоў, пластмасса 500 гадоў, шкло 1000 гадоў ("Ва-Банк", 06.3.2006).

Аплата за цыгарэты - малая частка выдаткаў курца. Неабходна ў іхнія выдаткі закладваць расходы на лячэнне, якія аплачвае працадаўца і дзяржава, сям'я і вакольныя. У жанчыны, якая жыве з курцом, на 70% павялічваецца рызыка раку малочнай залозы.

(Працяг у наст. Нумары,)


ЮБІЛЕЙНАЯ ВЫСТАВА Ў ПАСТАВАХ

У наш такі няпросты час культурнае жыццё Беларусі віруе не толькі ў сталіцы. І гэта радуе. Паставы - звычайны райцэнтр Віцебскай вобласці. Звычайны і незвычайны. Былы палац Тызенгаузаў, архітэктурная асаблівасць забудовы плошчы, якая часткова захавалася з часоў 17 стагоддзя. Менавіта гэтыя абставіны, ды яшчэ прыгожыя краявіды азёрнага краю прывабліваюць зноў і зноў людзей творчых і неабыякавых. Вось такім чалавекам з'яўляецца наш беларускі мастак Алесь Цыркуноў. Ён не ўпершыню прыязджае на Пастаўшчыну, што можна зразумець, убачыўшы палотны мастака.

Няўлоўны, надзвычайны свет

Яскравых фарбаў, думак і памкненняў.

І хочацца душой абняць Сусвет,

Не супыніць нястомны бег імгненняў.

500-годдзе выдання Бібліі Францішкам Скарынам, 185-годдзе з дня нараджэння Альфрэда Ромера, мастака, які пэўны час жыў і тварыў на Пастаўшчыне. Гэтым выбітным асобам і прысвечана цяперашняя выстава Алеся Цыркунова. "Паўстанец Альфрэд Ромер у Дынабургскай цытадэлі". "Роздум аб Бацькаўшчыне. Паводле А. Ромера". Глыбокае пранікненне ў сутнасць асобы выдатнага мастака, у свет яго думак і памкненняў прымушае прыпыніцца і задумацца аб тым, якая гісторыя была ў беларусаў, якія людзі яе стваралі ў свой час.

Навогул, партрэту, як сродку выяўлення асобы чалавека, мастак Алег Цыркуноў надае ўвагі больш за ўсё. "Уладзімір Дубоўка. Змогшы пакуты", "Нязломны Расціслаў Лапіцкі", "Пакутнік Беларусі святар Вінцэнт Гадлеўскі", "Гартаваныя ліхалеццем. Алеся і Антон Фурсы". "Заступніца Беларусі св. Еўфрасіння полацкая з вярыгамі". Гэта далёка не поўны пералік твораў мастака ў жанры партрэту. І дзіўная справа: мы не толькі бачым перад сабой выявы пэўных гістарычных асобаў, але яшчэ разумеем іх думкі, іх жыццёвыя мэты і тое, дзеля чаго яны жылі на зямлі. Напэўна, у гэтым і заключаецца галоўная мэта кожнага сапраўднага мастака. Менавіта тут і праяўляецца сіла яго майстэрства. Нават тыя палотны, на якіх быццам бы проста знаёмыя беларускія краявіды, прымушаюць глядача задумацца над сутнасцю быцця, бо і тут чуецца подых стагоддзяў беларускай гісторыі, людскія жыцці, адданыя за свабоду і незалежнасць краіны. "Гервяты ў зацятым чаканні", "Трывожны ранак у Варнянах", "Суворая часіна", "Зямля пад крыжам". Хочацца прыпомніць яшчэ карціны: "Ранак у Лынтупах", "Краявід з касцёлам у Камаях". Бо гэта нашая пастаўская зямля, мілыя сэрцу краявіды. Адметнай з усіх бакоў з'яўляецца карціна "Містэрыі плошчы (Паставы)". Гэта жывая гісторыя нашага Пастаўскага краю. Ніяк не пройдзеш міма. Захочацца зноў і зноў глядзець і бачыць яскравыя выявы гістарычных асоб і старадаўніх будынкаў. Адчуеш подых жывой гісторыі. Так і хочацца сказаць: "Дзякуй, табе, мастак, за радасць сустэчы з сапраўдным мастацтвам".

Людміла Цыбульская,сябра Пастаўскай суполкі ТБМ. На здымках: 1. Алесь Цыркуноў на выставе; 2. Нязломны; 3. Сядзіба А. Ромера ў Каралінове.


Лідская вандроўка Навума Гальпяровіча

Літаратурныя сустрэчы

Днямі ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася сустрэча з паэтам, празаікам, публіцыстам, літаратурным крытыкам, галоўным дырэктарам міжнароднага вяшчання беларускага радыё (радыёстанцыя "Беларусь"), тэлевядоўцам праграмы "Дыяблог пра мову" (канал "Беларусь 3") Навумам Гальпяровічам. На сустрэчу былі запрошаны паэты Лідчыны, прыхільнікі мастацкага слова, пажылыя людзі з суполкі "Актыўнае даўгалецце", старшакласнікі сярэдняй школы № 11. У Ліду Навум Якаўлевіч, ганаровы грамадзянін горада Полацка, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, прыехаў па запрашэнні кіраўніка літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Алеся Хітруна.

Сустрэча з паэтам невыпадкова праходзіла ў выставачнай зале музея, дзе ў гэтыя дні дзейнічае выстава карцін вядомага лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава: на шэрагу карцін выяўлены знакамітыя людзі Беларусі, з некаторымі з іх Навуму Гальпяровічу даводзілася сустракацца. Дарэчы, прысутнічаў на мерапрыемстве і сам аўтар карцін.

Варта адзначыць, што перад сустрэчай у музеі госць з Менска наведаў Лідскі замак, домік Таўлая, выступіў у прамым эфіры Лідскага тэлебачання. Уражанні ад наведвання нашага горада засталіся ў яго самыя прыемныя.

- Лідчане могуць ганарыцца сваім горадам, - адзначыў Навум Якаўлевіч. - Па радыё пра вашу Лідчыну, пра яе людзей, пра яе славутасці можна гаварыць доўга.

Сам жа паэт родам з Полацка. Гэты найстарэйшы беларускі горад, радзіма Ефрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Сімяёна Полацкага, як прызнаўся Навум Гальпяровіч, пабудаваў усё яго жыццё.

Расказваў паэт пра спецыфіку працы на міжнародным вяшчанні беларускага радыё, якое вяшчае на дзевяці мовах, расказвае свету пра нашу Беларусь, закрануў свае падарожжы па краіне, журналісцкія сустрэчы, згадаў пра свой перыяд працы ўласным карэспандэнтам Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. Гаворачы пра журналісцкую працу, Навум Якаўлевіч падкрэсліў важнасць паглыблення журналіста ў тую ці іншую тэму (напрыклад, калі журналіст рыхтуе сельскагаспадарчы рэпартаж, ён сам павінен штосьці разумець у сельскай гаспадарцы, калі сустракаецца з якімсьці навукоўцам - быць "у тэме" ў адпаведнай галіне навукі, і г. д.). Для самаго Навума Гальпяровіча паездкі па гарадах і вёсках краіны, сустрэчы з рознымі людзьмі служаць яшчэ і падпіткай для літаратурнай творчасці.

Навум Якаўлевіч шмат адказваў на пытанні з залы. А пытанні паступалі розныя: "Калі навучыліся чытаць?", "Калі напісалі свой першы верш?", "З кім з беларускіх паэтаў сябруеце?" і г. д. Дарэчы, Навум Гальпяровіч, як чалавек, якому па рабоце даводзіцца бываць у розных кутках Беларусі, як беларускі літаратар, асабіста сустракаўся з многімі вядомымі паэтамі і пісьменнікамі. Чытаць жа ён вельмі любіць з дзяцінства, яшчэ ў дзіцячым узросце шмат чаго прачытаў з Гогаля, Талстога, Чэхава.

У час сустрэчы ў музеі таксама адбылася прэзентацыя новай кнігі вершаў паэта "Час лістападу". Гэта была першая прэзентацыя названай кнігі. Навум Якаўлевіч чытаў асобныя вершы з новага і старых паэтычных зборнікаў, а таксама невялікую паэму са сваёй новай кнігі.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Яму належаць такія мудрыя словы: "Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!"

У гэтым годзе на Беларусі адзначалася 100-годдзе з дня народзін Народнага пісьменніка Янкі Брыля. Каб адзначыць гэтую дату, ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва запрасіла вядомага беларускага гісторыка і літаратуразнаўца, публіцыста і літаратурнага крытыка Анатоля Сідарэвіча выступіць 21 лістапада на імпрэзе ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы. Менскі госць у свой час добра ведаў Янку Брыля і шмат іншых беларускіх пісьменнікаў і дзеячоў. Спадар Анатоль, сведка шматлікіх гістарычных падзеяў, харызматычна і дасведчана з дэманстрацыяй фатаздымкаў распавёў пра асаблівасці біяграфіі Янкі Брыля, пра яго жыццё і творчасць у Заходняй Беларусі, пра службу ў Войску Польскім і многае іншае.

Янка Брыль - апошні Народны пісьменік савецкай эпохі. Ён апошні насіў званне "Народны пісьменнік БССР", якое атрымаў ў 1981 годзе. Для многіх так і засталося загадкай, як Янка Брыль атрымаў гэтае званне. Бо не зусім тыповы "Народны", усё жыццё заставаўся беспартыйным, і гэта вельмі здіўляла яго сяброў, якія лічылі, што званне "народнага" нельга атрымаць, не ўступіўшы ў партыю. Толькі яшчэ два пісьменнікі з народных не былі партыйнымі - Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. У двухтомніку Янкі Брыля не было ніводнага разу слова "партыя", што таксама было незвычайна на тыя часы.

Янка Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 г. у Адэсе ў сям'і чыгуначніка. У 1922 г. разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загор'е, што на Гарадзеншчыне. У 1939 г. быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку II Cусветнай вайны, у верасні таго ж года, трапіў у нямецкі палон, з якога ў сорак першым годзе ўцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў.

Першая кніга Янкі Брыля пад назвай "Апавяданні" выйшла адразу пасля вайны, у 1946 годзе. У яе ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць "У сям'і", прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. У розныя гады Янка Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў "Маладосць" і "Полымя", працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне "Маці". У пачатку 1960-х з'явілася ў друку галоўная праца пісьменніка, вядомы раман "Птушкі і гнёзды". Гэты раман стаў аўтабіяграфічным творам і быў прынцыпова новым словам у жанры рамана. Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Ўладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць "Я з вогненай вёскі…" - жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Уся творчасць Янкі Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця. Яму належаць такія мудрыя словы: "Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!".

Сустрэча працягвалася каля дзвюх гадзін. Усе прысутныя былі вельмі ўдзячныя Анатолю Сідарэвічу за тое, што ён здолеў завітаць у Магілёў і падзяліцца сваімі багатымі ведамі па гісторыі Беларусі. Як сведку пэўных падзей прысутныя задавалі яму пытанні, якія тычыліся не толькі постаці Янкі Брыля, але і ўвогуле тых цікавых і складаных часоў. Пытанні былі пра дзейнасць беларускіх пісьменнікаў падчас гітлераўскай акупацыі, пра ўзаемадачыненні з пісьменнікамі з Магілёўшчыны: Пысіным, Стральцовым, Адамовічам, Кудраўцом.

Наталля Шамянкова, Магілёў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX