Папярэдняя старонка: 2017

№ 50 (1357) 


Дадана: 12-12-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1357), 13 снежня 2017 г.


100 гадоў таму назад у Менску сабраўся Першы Ўсебеларускі З'езд (Кангрэс)

Першы Ўсебеларускі з'езд прайшоў у Менску 18-30 снежня 1917 года ў гарадскім тэатры. Ён быў скліканы Вялікай беларускай радай, на яго сабраліся беларускія палітычныя дзеячы з усіх губерняў, а таксама прадстаўнікі беларускамоўных паветаў Ковенскай і Віленскай губерняў. У З'ездзе ўзялі ўдзел 1872 дэлегаты. Старшынём быў абраны кіраўнік Беларускай вайсковай рады Янка Серада, у будучыні першы старшыня Рады БНР.

З'езд абвясціў права беларускага народа на незалежнасць і самавызначэнне, а таксама на дэмакратычны ўрад.

З'езд абраў Раду, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партыяў. Бальшавікі разагналі з'езд, але працэс абвяшчэння незалежнасці быў запушчаны. Праз тры месяцы, 25 сакавіка 1918 года, была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

(Працяг тэмы на ст. 4.)


Каля Ўсебеларускага з'езду

Змітрок Бядуля

Мінскі гарадскі тэатр ужо быў перапоўнены а 7½ гадзіны ўвечары. Сялянскія світкі і шэрыя салдацкія шынялі мігацелі ўсюды. Усе ў святочным настроі чакалі гэтай вялікай містэрыі - адкрыцця з'езду.

А 8-й гадзіне аркестр ваеннай музыкі граў Марсельезу. Потым выступіў беларускі хор у нацыянальных вопратках. Над іх галовамі красаваліся беларускія нацыянальныя сцягі.

Спявалі беларускія гімны: "Ад веку мы спалі", "А хто там ідзе" і "Чырвоны знак". Усе слухалі гімны стоячы, без шапак.

Пасля гімнаў успаміналі ўставаннем усіх барцоў-беларусаў, паўшых за волю. Потым пайшлі віншаванні ад розных беларускіх і другіх арганізацыяў усялякіх нацыянальнасцяў. Тыя прамовы, што гаварыліся па-беларуску, спатыкаліся сялянамі і салдатамі бурнымі апладысментамі і авацыямі.

Выдатны, іскрывы былі некаторыя прамовы, слухаючы іх, шмат хто плакаў.

Ад самага сэрца шчыра вітаў прадстаўнік ад украінцаў. Кончыў ён сваю прамову такімі гарачымі словамі:

"Вашае гора - нашае гора!

Вашае свята - нашае свята!"

Быў прадстаўнік ад кубанскага казацтва, каторы ўпэўняў, што кубанскія казакі заўсёды рады дапамагчы беларусам. Тое казаў і прастаўнік ад мусульман.

Арганізацыя жалезнадарожнікаў-беларусаў прыслала свайго прадстаўніка, каторы прынёс ад іх імені абяцанне, што ўся тутэйшая жал[езная] дарога дапаможа Вялікай і Вайсковай беларускім радам.

Прадстаўнік ад жыдоўскага пралетарыяту вітаў з'езд і ўвесь беларускі народ, кажучы, паміж іншым, што тут, на Беларусі, ніколі жыдоўскіх пагромаў не было, што беларускі народ жыў па-суседску з жыдамі і заўсёды адносіўся да жыдоў прыхільней, як усе другія народы Расіі.

Выступіў з прамовай прадстаўнік ад бальшавікоў, нейкі латыш, каторы ў канцы сваёй прамовы прапанаваў зняць і знішчыць беларускі нацыянальны штандар дзеля таго, што гэта ёсць рэч непатрэбная.

Паднялося абурэнне. Выступіў селянін і казаў: "Нам не патрэбны гэткія латышскія вучыцелі". А стары генерал-беларус пацалаваў беларускі нацыянальны штандар.

Вітанні гаварыліся да 1-й гадзіны ночы і назаўтра да абеду.

Вольная Веларусь. 1917. № 34, 15 снежня.

Падпісана крыптанімам З. В.

Частковы перадрук гл.: Мельнікава З. П. "На горне душы...". С. 125-126.


"Белсату" - 10 гадоў

Спадарожнікавае тэлебачанне, ідэя якога нарадзілася ў ТБМ, якое не пускаюць у кабельныя сеткі ў Беларусі, нягледзячы на цяжкасці, знайшло сабе масу прыхільнікаў у краіне. Так, паводле сёлетніх даследаванняў, марку "Белсат" распазнае кожны трэці жыхар нашай дзяржавы. Пра тое, як запускаўся "Белсат", у эфіры Радыё Рацыя напярэдадні юбілею ўзгадвала дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўская-Гузы:

- Мы пачыналі гэтую працу яшчэ ўлетку 2006 года, то бок 11 з паловай гадоў таму мы атрымалі першыя грошы на трэнінг журналістаў і падрыхтоўку тэхнічнага праекту тэлебачання. Тады гэта ўсё пачалося. Мы ўсе тады не ведалі, як гэта робіцца - я ніколі не будавала тэлеканал. У той час я была дырэктарам, пазней віцэ-дырэктарам канала "Палонія", і гэта мне шмат дало. Дапамог мне наш фінансавы шэф, які ў прынцыпе давёў да таго, што ўсё гэта было ў стане дайсці да жыцця, фармальна пачаць існаваць. Памятаю людзей, якія мне дапамаглі, без якіх я б нічога не збудавала. Памятаю той момант, калі змяніўся ўрад - у 2007 годзе. Праект задумваўся яшчэ падчас першага ўрада "Права і Справядлівасці" (тады гэта быў кааліцыйны ўрад), а потым да ўлады прыйшла "Грамадзянская Платформа", і было пытанне, ці гэта праект не спыняць. Памятаю, як мае сябры ў "Платформе", якія падтрымлівалі гэты праект, казалі: "Хутчэй, хутчэй пачынайце, каб вы былі, каб гэта ўжо сталася пост-фактум". І мы сапраўды вельмі спяшаліся. І 10 снежня 2007 года нам удалося выдаць першую гадзіну. Увогуле, умовы, у якіх мы гэта рабілі, абсталяванне - гэта светлавыя гады ў параўнанні з тым, што цяпер. Таму, магу зазначыць, што першае пачуццё, якое ў мяне ёсць, гэта пачуццё недаверу, што ўсё гэта ўдалося. Немагчыма!

РР: Доўгія гады Вас не пускалі ў Беларусь, менавіта праз Вашую дзейнасць. Але сёлета Вы былі ў Беларусі. Ці адчулі Вы, як кажуць па-ангельску feedback, пачулі меркаванні ад беларусаў наконт "Белсату"?

- Меркаванне наконт "Белсату" я пачула з вельмі кампетэнтных вуснаў. Мы правялі вялікія даследаванні ў Беларусі, як колькасныя, на рэпрэзентатыўнай групе 3000 чалавек, так і фокусавыя - 18 групаў ва ўсёй Беларусі - распытвалі нашых гледачоў. Мы знайшлі іх паўсюль. Мы мелі іх у вялікіх і маленькіх гарадах. Гэта было надзвычай цікавае пачуццё, паглядзець на нашых гледачоў, пачуць, пра што яны гавораць. Я была з трымя групамі, і гэта было незвычайнае перажыванне, я магла пабачыць, як выглядае наш рэальны глядач. Наогул, я люблю ездзіць у Беларусь. Беларусь - гэта нялёгкая краіна, яе трэба пазнаць, на маю думку. Але, калі я не бываю ў Беларусі раз на год, то маю адчуванне, што я адрываюся ад зямлі.

РР: 10 гадоў - гэта ўсё ж такі вялікі тэрмін. Хацеў бы ў Вас запытацца пра планы, як кароткачасовыя, а ведаем, што на наступны год "Белсат" ужо будзе мець фінансаванне, але таксама доўгатэрміновую перспектыву, умоўныя 10 гадоў. Што будзе, калі ў Беларусі ўсё ж такі зменіцца рэжым, і ў Польшчы адпадзе неабходнасць падтрымаліваць дэмакратычныя працэсы?

- Калі казаць пра кароткатэрміновыя планы, то мы маем планы розных праграмных зменаў. Хочам дастасоўвацца да нашага гледача, прывабліваць новага гледача, дастасоўвацца да тэхналагічных зменаў. Увогуле, цэлыя тэхналагічныя пакаленні змяняюцца кожныя тры гады. Хочам таксама ў нейкай ступені развіць інфармацыйны плацдарм увогуле шырэй на Усход. Маем перакананне, што Беларусь як частка былой прасторы Савецкага Саюза з'яўляецца ахвярай расейскай прапагандысцкай агрэсіі. Будзем спрабаваць гэтаму супрацьстаяць, будзем працаваць над гэтым у бліжэйшы год. Калі ж гаворка ідзе пра дзесяцігоддзе, то ніхто не ведае, што здарыцца, тут патрэбна варажбітка. Але мы працуем для таго, каб некалі пераехаць у Менск. Не ведаю, ці са мной. Магчыма, я ўжо застануся ў Польшчы. Але думаю, што калегі павінны будуць пераехаць. Мы ствараем кадры для беларускага тэлебачання, будучых беларускіх медыяў. Я ў гэтым глыбока ўпэўнена. Зрэшты, ужо цяпер частка нашых супрацоўнікаў працуе ў іншых медыях. Агулам жа лічу, што пераезд у Менск - гэта наша мэта. Магчыма, мы будзем функцыянаваць у іншых варунках, можа, на вольным рынку. Трэба мець такую ідэю.

РР: Каб марка "Белсату" была захавана.

- Сапраўды, бо гэта ўжо марка!

Беларускае Радыё Рацыя.


Кароткая справаздача пасля з'езда

Паважаныя сябры!

Прайшло крыху больш за месяц з майго абрання на пасаду старшыні ТБМ. Я ўдзячная ўсім, хто падтрымаў маё абранне, і падчас з'езду, і пасля яго. Адчуваю вялікую адказнасць за лёс арганізацыі, і за стан беларускай мовы ў нашым грамадстве. Таму звяртаюся да вас з першай кароткай справаздачай за паўтара месяцы дзейнасці ў якасці кіраўніка арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

За гэты перыяд мы - кіраўніцтва ТБМ - зрабілі наступнае. 16 лістапада ў бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі правялі прэзентацыю кнігі "Ліцвіны ў гвардыі Напалеона", дарэчы, падчас выставы ў Варшаве гэтае выданне выклікала значную цікавасць у наведнікаў.

25-26 лістапада адбылася канферэнцыя "Нацыянальны ўніверсітэт: місія і выклікі", а 27-28 лістапада мы з Паўлам Церашковічам (сябрам аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта з беларусай мовай навучання) ўдзельнічалі ў Міжнароднай канферэнцыі ў Варшаве, дзе абмяркоўваліся пытанні, датычныя развіцця вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. Досвед гэты будзе вельмі карысным у нашай працы над стварэннем універсітэта. Трапіць на такую канферэнцыю мы змаглі пры падтрымцы польскай Амбасады, за што ім вялікая падзяка.

5 снежня ў нашай сядзібе прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай 100-годдзю Усебеларускага з'езда, якую напісалі С. Рудовіч і В. Герасімаў. Выданне падрыхтаваў аргкамітэт па святкаванні сотых угодкаў БНР на чале з Радзімам Гарэцкім, запачаткаваны ў Вільні ў 2015 г.

А яшчэ мы абнавілі мэблю ў нашай сядзібе дзякуючы дапамозе чэшскай Амбасады.

30 лістапада адбылося паседжанне Сакратарыята, на якім былі размеркаваны абавязкі паміж намеснікамі старшыні ТБМ і прааналізаваны фінансавы стан і перспектывы. Акрамя таго, было прынята рашэнне давесці да ўсіх сяброў арганізацыю просьбу дасылаць свае прапановы ў план дзейнасці арганізацыі на 2018 г. Іх можна дасылаць з пазнакай "план" на наш электронны адрас siadziba@gmail.com ці па пошце: 220034 вул. Румянцава, 13, г. Мінск. Зразумела, што запланаваныя мерапрыемствы павінны быць рэальнымі і выканальнымі, пра што павінны дбаць у тым ліку кіраўнікі суполак, і абласных, і раённых арганізацый.

Шаноўныя сябры! Апошнія дваццаць гадоў мы мелі няпростую сітуацыю з выкарыстаннем беларускай мовы ў грамадстве. Дзяржаўная беларуская мова амаль знікла ў сферы дзяржаўных органаў улады, мала ўжывальная ў сферы адукацыі і ў дзяржаўных СМІ. Але дзякуючы намаганням як сяброў ТБМ, так і грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікам замежнага і беларускага бізнесу, стаўленне да беларускай мовы пачало змяняцца. Наперадзе шмат працы: і па адкрыцці школ з беларускай мовай навучання, і па адкрыцці ўніверсітэта, і ў беларусізацыі заканадаўства, і ў напаўненні інфармацыйнай прасторы арыгінальным кантэнтам на беларускай мове. Таму так важна скансалідаваць нашыя намаганні і настойліва і неадступна працаваць штодня.

Я хачу выказаць вялікую падзяку ўсім, хто падтрымлівае нас матэрыяльна, дасылаючы штомесяц (а то і часцей) свае ахвяраванні. Насамрэч, такія рэгулярныя ўнёскі дазваляюць нам аплочваць арэнду сядзібы, дзе мы можам вольна ладзіць нашы розныя мерапрыемствы. Да слова сказаць, калі кожны сябра ТБМ (а іх у нас у базе налічваецца звыш 6 тысяч) штомесяц пералічыць па 2 рублі, то многія праблемы фінансавага плану будуць вырашаныя. І мы змаглі б замахнуцца і на правядзенне розных конкурсаў, і арганізаваць цікавыя адукацыйныя курсы, і праводзіць культурніцкія імпрэзы.

Шаноўныя сябры ТБМ!

Мы здолелі ў свой час выстаяць і абараніць арганізацыю, сфармаваць дзейную каманду. Я ўпэўнена, што мы зможам шмат што зрабіць, калі будзем штодня паўсюль размаўляць на беларускай мове, раіцца па ўсіх пытаннях, датычных дзейнасці арганізацыі, падтрымліваць адзін аднаго і дамагацца канкрэтных вынікаў кожны на сваім месцы.

Старшыня ТБМ Алена Анісім.


Да кодэксу гонару Нацыянальнага ўніверсітэта

Актывістка ТБМ з Менска, дацэнт кафедры педагогікі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук Ала Савічна Баранава ўнесла шэраг прапаноў, выступаючы на канферэнцыі, прысвечанай стварэнню Нацыянальнага ўніверсітэта.

- Нацыянальны ўніверсітэт павінен адпавядаць высокім прынцыпам арганізацыі самастойнай працы студэнтаў, - адзначыла ў сваім дакладзе выступоўца. - Арганізацыя эфектыўнай працы студэнтаў патрабуе самаарганізацыі і матывацыі. На сучасным этапе ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь распрацавана палажэнне аб самастойнай працы студэнтаў, выпрацавана праграма кантролю за яе якасцю, канцэпцыя педагагічнага забеспячэння самастойнай вучэбнай дзейнасці, ёсць метадычны дапаможнік на гэтую тэму. Традыцыі лепшых універсітэтаў надаюць значэнне самастойнай працы студэнтаў і крытычнаму мысленню.

Найбольш практыкаваныя сёння формы самастойнай працы студэнта: гэта індывідуальныя кансультацыі, рэфераты, эсэ, падрыхтоўка прэзентацый, партфоліо, аналіз канкрэтных сітуацый (case study). Студэнты любяць выкарыстанне мультымедыйных сродкаў у працэсе індывідуальнай працы, відэафільмы і відэа-ўрокі, знаходзяць запісы галасоў пісьменнікаў і педагогаў.

Сёння патрэбна актуалізацыя навуковай дзейнасці студэнтаў, пошук матэрыялу і вызначэнне тактыкі выканання даследвання. Са студэнтамі могуць быць заключаны кантракты на самастойнае вывучэнне часткі курса, ці ўсяго курса.

Вучэбны кантракт - гэта тэхналогія рэалізацыі індывідуальнага вучэбнага плана. Стымуляванне актыўнай самастойнай дзейнасці забяспечваецца рэйтынгам, акадэмічнай паспяховасцю, дадатковымі баламі за ўдзел у студэнцкіх круглых сталах, навуковых канферэнцыях, за публікацыі студэнцкіх прац.

Вялікае значэнне маюць акадэмічныя свабоды - прадстаўленне пэўных праў выкладчыкам ВНУ і студэнтам. Гэта азначае магчымасць выбіраць тэму і методыку адпаведна сваім асабістым меркаванням і поглядам. Прадастаўленне ВНУ акадэмічных свабод на сучасным этапе развіцця адукацыі - гэта ўсімі прызнаныя прынцыпы адукацыйнага права, якія замацаваны ў міжнародных прававых дакументах універсітэтаў. У Вялікай Хартыі еўрапейскіх універсітэтаў (Балонія, 1988) яны аднесены да сучасных прынцыпаў студэнцкага жыцця. На сучасным этапе развіцця ўніверсітэт разглядаецца як гістарычна-культурны феномен. Важным з'яўляецца культурна-адукацыйнае асяроддзе, якое спараджае высокія думкі. Універсітэты заўсёды былі цэнтрамі культуры, якія ўплывалі на ўсё грамадства. Сучаснай тэндэнцыяй з'яўляецца развіццё карпаратыўнай і прадпрымальнай культуры ўніверсітэта. Улічваецца кодэкс гонару, як у Оксфардзе і Кэмбрыджы, калі сорамна падвесці сваіх калег і сяброў.

Хацелася, каб наш Нацыянальны ўніверсітэт таксама меў такую высокую планку. Важнае значэнне мае фарміраванне студэнцкай субкультуры. У Нацыянальным універсітэце трэба вывучаць і захоўваць беларускую культуру, развіваць яе традыцыі, а таксама вывучаць іншыя культуры.

Падрыхтавала Э. Дзвінская. На здымку: Ала Баранава.


Пра выбітное і яшчэ пра тое-сёе

Сярод некаторых беларусаў стала модным ужыванне слова выбітны.

На нашым радыё можна пачуць такое: выбітны пісьменнік, выбітны твор, выбітнае даследаванне… На жаль, "грашаць" ужываннем гэтага слова і некаторыя аўтары "Нашага слова" і інш. А зусім нядаўна пачула па беларускім тэлебачанні такі ляпсус: выбітныя штучныя збудаванні (натуральнае збудаванне - хіба толькі горы, пячоры ды мурашнік…), што і вымусіла мяне напісаць у газету. Давайце ж паразважаем, што азначае гэта слова і ці варта яго ўжываць, узбагачае яно нашу мову ці, наадварот, збядняе яе, нават наносіць шкоду. Не хацелася б нікога пакрыўдзіць, проста выказваю тое, пра што баліць.

Як я разумею, слова гэта характарызуе чалавека, які, дзякуючы сваёй напорыстасці, мэтанакіраванасці, дабіваецца нечага ў жыцці, як кажуць, выбіваецца ў людзі. І гэта асоба, хутчэй, не адыгрывае значную ролю ў гісторыі краіны, свету. Калі ж гутарка ідзе пра такіх дзеячаў, як Ф. Скарына, К. Астрожскі, Вітаўт, Т. Рэйтан, Т. Касцюшка, К. Каліноўскі, Янка Купала, М. Багдановіч, У. Караткевіч (спіс можна доўжыць і доўжыць), і калі іх характарызуюць як выбітных, то прыніжаюць значнасць гэтых асоб.

Колькі сябе помню, ніколі не карысталася гэтым словам, не памятаю, каб хтосьці з моладзі ці са старэйшых ужываў яго. Няма яго і ў Якуба Коласа, у Я. Брыля, В. Быкава, У. Караткевіч, А. Мальдзіса… Шукала яго і ў розных беларускіх слоўніках - нідзе не знайшла. Дык і не дзіва! Адкуль яно можа там быць, калі гэта не беларускае, не наша слова. Гэта яўная калька з польскай мовы. Магчыма, у польскай мове яно нясе іншы сэнс, іншую нагрузку, таму і ўжываецца там натуральна. Але толькі не ў нас. Дык навошта ім карыстацца? Хіба бракуе сваіх слоў? Ды каб яно хоць прыносіла нейкую карысць. Наадварот, яно збядняе нашу мову, спрашчае наша мысленне. З'яўляючыся бяспечным для аўтара словам-шаблонам, не дае дакладнай, канкрэтнай характарыстыкі пэўнай асобе, затушоўвае яе індывідуальнасць. Ды калі яшчэ ўжываць гэта слова ў адносінах да нейкага прадмета, падзеі, дзеяння, то вырысоўваецца такая карціна: Скарына… Касцюшка… Быкаў… даследаванне… збудаванне… - гэта ўсё выбітное. Па вызначэнні ЮНЭСКА, беларуская мова знаходзіцца на мяжы поўнага знішчэння ("Наша слова" пісала). У той час, калі наша мова ледзь дыхае, дык мы яшчэ і здзекуемся з яе - засмечваем, выбіваем, дабіваем… А ўжываюць гэтае моднае слоўца, відаць, тыя, хто або не карыстаецца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, або стаў нядаўна гаварыць па-беларуску, або ёсць на гэта якіясь іншыя прычыны… У любым выпадку добра было б, акрамя інтэрнэта, заглядаць у аўтарытэтныя мовазнаўчыя выданні, чытаць класіку, прыслухоўвацца да размовы старэйшых носьбітаў беларускай мовы. Мова ж наша багатая, і можна падабраць правільнае азначэнне, якое найбольш трапна характарызуе тую ці іншую асобу. А сінонімаў-азначэнняў у нашай мове шмат. Напрыклад, знакаміты, вядомы, славуты, слынны, праслаўлены, вялікі, знатны, легендарны, відны, выдатны, таленавіты, паважаны, шаноўны, заслужаны, незабыўны, любімы і г.д.

Дык як, якім чынам гэтае слова прыйшло да нас (спадзяюся не надоўга)? Можа, з заходнім ветрам прыбілася яно? Ёсць жа сёння беларусы, якія стараюцца выбіцца ў людзі (стаць выбітнымі) праз карту паляка. "Выбіваюцца" не толькі католікі, але і праваслаўныя. Ведаю не адных такіх, якія хацелі б нават змяніць сваё веравызнанне. Іх права. Але хочацца крыкнуць: людцы добрыя, што ж вы робіце!? Хочаце задаволіць свае часовыя меркантыльныя інтарэсы, патрафляючы чужым інтарэсам, чужой дзяржаве. Пра такіх у свой час Цётка пісала так: "Чужых багоў прымаеце: чужую гутарку, звычаі, чужое імя… Для сваіх вы прападаеце." Але ж і сярод чужых вы сваімі не станеце, для іх як былі вы "крэсовы", жабракамі, такімі і застанецеся. Але ж, па словах М. Багдановіча, адны жабракі могуць толькі браць, а мы, беларусы, як вядома, многае і многіх далі свету - Міцкевіча, Агінскага, Манюшку, Касцюшку, Дастаеўскага, Дамейку… Памятайма, шаноўныя, пра гэта і будзьма сапраўднымі сынамі і дочкамі для нашай Маці-Беларусі!

Людвіка Таўгень, сябра ТБМ.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

903. Палінін (Сяргей) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Паліна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Палінін. ФП: Паліна (імя, скароч. варыянт ад Апалінарыя ці франц. Pauline) - Паліна (прозвішча) - Палінін (-даслоўнае Палінін сын (нашчадак)).

904. Паліўка (Вера) - семантычны вытвор ад апелятыва паліўка 'паліванне (раслін), паліўка'; а таксама 'соўс, падліўка' (укр.).

905. Палубінскі (Адам) - вытвор з фармантам -інскі ад тапоніма Палубы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Палубінскі. ФП: палуба (гл. Палубятка) - Палуба (антрапонім) - Палубы (тапонім) - Палубінскі.

906. Палубятка (Язэп) - семантычны вытвор ад апелятыва палубятка - памянш.-ласк. ці зневаж. ўтварэнне з фармантам -ятка ад палуба, якое мае розныя значэнні: 1) 'карабельная палуба'; 2) 'павозка, фура з закрытым верхам'; 3) 'дублістае дрэва'; 4) 'крыты столік на рынку'; 5) 'нязграбная лялька (асоба)'; 6) 'ведзьма'.

907. Палуян (Віктар) - народная форма імя Паліён (з мовы грэкаў 'шматслаўны') набыла ролю прозвішча ( Полуян, 1528).

908. Палынскі (Анатоль) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Палынка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Палын(к)скі.

909. Панамароў (Пётр) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Панамар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Панамароў. ФП: панамар (рус. пономарь 'дзяк, дзячок') - Панамар (мянушка) - Панамар (прозвішча) - Панамароў.

910. Панамарэнка (Панцеляймон) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Панамар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Панамарэнка. Гл. Панамароў.

911. Панізоўская (Ніна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Панізоўе з семантыкай 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Панізоў(е)ская. ФП: панізоўе ('мясцовасць па ніжнім цячэнні ракі') - Панізоўе (тапонім) - Панізоўская.

912. Панізьнік (Сяргей) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва панізнік 'той, хто жыве ў панізіне - мясцовасці па ніжнім цячэнні ракі'. ФП: ніз (нізкае месца) - нізініна - панізьнік - Панізнік (мянушка) - Панізнік - Панізьнік.

913. Паніч (Адам) - семантычны вытвор ад апелятыва паніч 'сын пана, малады пан', а таксама 'спешчаны чалавек; беларучка'.

914. Панкевіч (Ігнат) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Панко (<Панок) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Панкевіч. ФП: пан ('уладальнік маёнтка, памешчык', 'прывілеяваная асоба', а таксама 'пра чалавека, які ўхіляецца ад працы, набывае звычкі пана') - панок ('небагаты пан') - Панок (мянушка) - Панко (прозвішча) - Панкевіч.

915. Панко (Людміла) - другасная форма, першасная Панок - семантычны вытвор ад апелятыва панок 'небагаты пан', а таксама 'форма ласкавага звароту да пана'. ФП: панок ('небагаты пан') - Панок (мянушка) - Панко (прозвішча) - [для адмежавання ад апелятыва фінальнае -ок заменена на -ко на ўзор браток > братко (у зваротку)]. Або форма (варыянт) імя Панцеляймон (грэц. 'дасканаласць')).

916. Панова (Таццяна) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -ова ад антрапоніма Пан і значэннем `нашчадак названай асобы` - Панова. ФП: пан 'чалавек з прывіеляваных класаў (памешчык, дваранін і пад.)', а таксама зварот да чалавека (пан), які ўхіляецца ад працы сам і мае моду перакладаць работу на іншых (разм.), а таксама форма звароту (ветлівага). Пан (мянушка) - Пан (прозвішча) - Панава (бацькайменне) - Панова.

917. Панок (Зінаіда) - семантычны вытвор ад апелятыва панок 'небагаты пан', а таксама 'форма ветлівага звароту да пана'. Нярэдка форма з фінальным -ок трансфармуецца ў форму з канцавым -ко: Панок - Панко. На ўзор браток - братко і ў антрапаніміі: Чарток - Чартко, Бажок - Бажко і пад.

918. Панцялеева (Ганна) - вытвор з фармантам -ева (-эва) ад антрапоніма Панцялей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Панцялейэва - Панцялеева. ФП: Панцеляймон (грэч. Panteleemon < pantelea 'дасканаласць') - Панцялей (празванне, потым прозвішча) - Панцялеева.

919. Панцялей (Аляксандр) - уласнае імя ад Панцеляймон (<грэц. 'дасканаласць') набыло ролю прозвішча.

920. Паншына (Зінаіда) - вытвор з фармантам -ына ад антрапоніма Панша і значэннем 'нашчадак названай асобы' Паншына. ФП: пан ('чалавек з прывілеяваных класаў (памешчык, дваранін і пад.)', 'пра чалавека, які ўхіляецца ад працы сам і мае моду перакладваць работу на іншых, а таксама форма ветлівага звароту да афіцыйных асоб, грамадзянін іншых краін') - Пан (мянушка, потым прозвішча) - Панша (жан. да Пан або 'жонка Пана') - Панша (мянушка, потым прозвішча) - Паншына.

921. Панюшкіна (Ала) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Панюшка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Панюшкіна. ФП: Панцеляймон (імя <грэч. 'дасканаласць') - Панцюх (народна-гутарковая форма) - Панцюх (мянушка, потым прозвішча) - Панцюшкіна ('нашчадак Панцюха', фармант -ка, чарг. х/ш) - Панцюшкіна.

922. Паплаўская (Ядвіга) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Паплавы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Паплаўская. ФП: поплаў ('луг у пойме ракі') - Паплавы (тапонімы ад поплаў) - Паплаўская.

923. Папраўка (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва папраўка - 1) утварэнне з фармантам - ка ад паправіцца 'выправіць сваю памылку (пры выказванні)', 'палепшыцца, змяніцца на лепшае (пра здароўе), стаць здаравейшым, памажнець'; 2) 'змена, дадатак, якія папраўляюць што-н.').

924. Папчэня (Людміла) - вытвор з фармантам -эня ад антрапоніма Папок і значэннем 'нашчадак названай асобы'. Папок (Р. ск. Папка) - Папч(к/ч)эня. ФП: поп ('святар') - Папок (памян.-ласк. форма, суфікс - ок). Папок (мянушка, потым прозвішча) - Папчэня.

925. Парашчанка (Яўгенія) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Параска і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Парашч (ск/сч) -анка: ФП: Праскоўя (імя з мовы грэкаў 'пярэдадзень свята, пятніца') - Параска (гутарк. форма) - Параска (прозвішча) - Парашчанка.

926. Парашчук (Андрэй) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Параша і значэннем 'нашчадак названай асобы': Парашчук. ФП: Парфен (імя <грэч. parthenos 'чысты, некрануты') - Параша (народны варыянт) - Параша (празванне, потым прозвішча) - Парашчук. Адсюль і Парашэнка.

927. Пархімовіч (Галіна) - вытвор з фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Пархім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пархімовіч. ФП: Парфен (імя < грэч. 'чысты, некрануты') - Парфен (з 1528 г.) - Пархім (з 1726 г. - імя) - Пархім (прозвішча) - Пархімовіч.

928. Пархімчык (Галіна) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Пархім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пархімчык. ФП: Парфен (імя, <грэч. - 'чысты, некрануты') - Пархім (народна-гутарковая форма) - Пархім (мянушка, потым прозвішча) - Пархімчык.

929. Парчук (Надзея) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Парча і значэннем 'нашчадак названай асобы': Парчук. ФП: парча ('шчыльная ўзорыстая шаўковая тканіна, патыканая залатымі або сярэбранымі ніткамі') - Парча (мянушка, потым прозвішча) - Парчук.

930. Паспелава (Наталля) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Паспелы і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Паспелава. ФП: паспелы ('які зрабіўся, стаў спелым') - Паспелы (мянушка, потым прозвішча) - Паспелы - Паспелава.

931. Пастарнак (Вадзім) - семантычны вытвор ад апелятыва пастарнак 'агародная і дзікарослая расліна з прыемным пахам, карняплодам з жоўтымі кветкамі; ужываецца як прыправа'.

932. Патолічаў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Патоліч і значэннем 'нашчадак названай асобы': Патолічаў. ФП: патоля ('спачувальныя адносіны да слабейшых, спагада'; 'задаволенасць, супакоенасць', а таксама 'патуранне, патаканне') - Патоля (мянушка, потым прозвішча) - Патоліч ('нашчадак Патолі', 'суфікс бацькаймення -іч') - Патолічаў.

933. Паўлоўская (Аліна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Паўлава і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Паўлаўская - Паўлоўская.

934. Паўлюць (Вячаслаў) - экспрэсіўная форма імя Павел (лац. paulus 'малы') набыла ролю прозвішча.

935. Паўлючкоў (Міхаіл) - вытвор з прыналежным суфікса -оў ад антрапоніма Паўлючок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Паўлючкоў. ФП: Павел (імя, ад лац. paulus 'малы') - Паўлюк (вытвор з суфіксам -юк і значэннем 'нашчадак Паўла') - Паўлючок (вытвор з суфіксам -ок ад Паўлюк і значэннем 'нашчадак Паўлюка') - Паўлючкоў.

936. Пацееў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Пацей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пацейеў - Пацееў. ФП: Іпат (імя <грэч. 'найвышэйшы') - Пацей (народна-гут. фо-рма яго) - Пацей (мянушка, потым прозвішча) - Пацееў.

937. Пацейка (Ванда) - вытвор з фармантам - ейка ад антрапоніма Пац і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пацейка. Або памянш.-ласк. форма ад Пац (<Іпат): Пацейка. Гл. Пацэнка.

938. Пацэнка (Ірына) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Пац і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пацэнка. ФП: Іпат (імя <грэч. 'найвышэйшы') - Пац (народна-гутарковая форма) - Пац (мянушка, потым прозвішча) - Пацэнка.

939. Пачопка (Янка) - семантычны вытвор ад апелятыва почапка (з акцэнтаваннем другога склада) 'назва дэталяў у выглядзе колца ці паўколца, які злучаюць што-небудзь' (спец.), а таксама 'вяровачка, раменчык і пад., на якія чапляюць, падвязваюць што-небудзь'.

940. Пашчанка (Сяргей) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Пашка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пашч(к/ч)анка. ФП: Павел (імя <лац. paulus 'малы') - Пашка (народна-гутарк. форма з афіксам -шка) - Пашка (мянушка, потым прозвішча) - Пашчанка.

941. Пекан (Адольф) - семантычны вытвор ад апелятыва пекан 'амерыканскі арэх'.

942. Пекарэц (Рышард) - вытвор з суфіксам -эц ад: 1) антрапоніма Пекар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пекарэц; 2) тапоніма Пекары і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Пекарэц.

943. Пенкіна (Святлана) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Пенка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пенкіна. ФП: пенка ('плеўка, якая ўтвараецца на некаторых вадкасцях пры іх астыванні', а таксама 'лёгкі, порысты вогнетрывалы матэрыял, які ўжываецца, напр., для вырабу люлек для курэння') - Пенка (мянушка, потым прозвішча) - Пенкіна. Або ад апелятыва пенка ('пеўчая птушка') - Пенка (мянушка, потым прозвішча) - Пенкіна.

944. Перагуд (Тамара) - семантычны вытвор ад апелятыва перагуд 'працяжнае гудзенне, якое то знікае, то ўзмацняецца'.

945. Перліна (Галіна) - семантычны вытвор ад апелятыва перліна - форма адзінкавасці ад перл 'жэмчуг'.

946. Пернікаў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Пернік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пернікаў. ФП: пернік ('салодкае печыва на мёдзе, патацы або цукры з духмянымі прыправамі') - Пернік (мянушка) - Пернік (прозвішча) - Пернікаў.

947. Петруль (Максім) - народна-гутарковая форма імя Пётр (з мовы грэкаў < petros 'скала, уцёс; каменная глыба') набыла ролю прозвішча.

948. Петрушэнкава (Вольга) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Петрушэнка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Петрушэнкава. ФП: Пётр (з мовы грэкаў: petros 'скала, уцёс, каменная глыба') - Петрусь (народная форма, якая стала нармаваным асабовым імем, падаецца слоўнікамі) - Петрусенка / Петрушэнка ('нашчадак Петруся', фармант -енка) - Петрусенкава - Петрушэнкава. Або ад Пятруша - Петрушэнкава.

949. Пеўнева (Наталля) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Певень і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Пеўнева. ФП: певень ('самец курыцы', (перан.) 'пра задзірыстага чалавека', забіяку) - Певень (мянушка) - Певень (прозвішча) - Пеўнева.

950. Пецельчыц (Ганна) - другасная форма, першасная Пецельчыч - утварэнне з суфіксам бацькаймення -ыч ад антрапоніма Пецелька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пецельч(к/ч)ыч. ФП: пецелька (памянш. да пятля 'прыстававанне з вяроўкі ці інш. матэрыялу для мацававання за іншы прадмет') - Пецелька (мянушка) - Пецелька (прозвішча) - Пецельчыч - Пецельчыц (дысіміляцыя фінальных чч-чц).

951. Пешкур (Аліна) - другасная форма, першасная Печкур - семантычны вытвор ад мапелятыва пячкур 'рыба пячкур', 'рыба бычок (КСЧ) або 'пячнік''. Мажліва і ад пешкур 'той, хто любіць пешкі рухацца' - Пешкур (Параўн. дзяўчур 'той, хто любіць дзявочую кампанію'.

952. Пігулеўская (Таццяна) - вытвор з фармантам -ская/-еўская ад тапоніма Пігуль / Пігулеўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Пігулеўская, Пігулеў(к)ская. ФП: пігула і пігулка ('таблетка') - Пігула (мянушка, потым прозвішча) - Пігулы і Пігулеўка (тапонімы) - Пігулеўская.

953. Пілянчук (Вольга) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Пільня і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Піленчук. ФП: пільня ('спецыяльнае памяшканне для механічнай распілоўкі лесу') - Пільня (мянушка) - Пільня (прозвішча) - Пілянчук.

954. Пімашэнка (Дзмітрый) - вытвор з фармантам бацькаймення -энка ад антрапоніма Пімаш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пімашэнка. ФП: Пімен (імя, з мовы грэкаў, з семантыкай 'пастух', (перан.) 'кіраўнік, настаўнік') - Пімаш (народна-гутарк. форма) - Пімашэнка.

955. Пінкоўская (Іна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Пінкі / Пінкава і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Пінкоўская, Пінкоўская.

956. Піцько (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва піцько 'той, хто любіць піць, піццё, аматар піцця' (утварэнне: піцько; параўн.: брыцько, хадзько, мазько).

957. Плавінскі (Мікола) - вытвор з фармантам - інскі ад тапоніма Плавы (слова плавы падаецца ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы" Ф. Піскунова) і значэннем 'жыхар названай мясціны': Плавінскі. Або ад апелятыва плавільня ('памяшканне, дзе плавяць метал'), якое набыло ролю тапоніма - Плавільня; да асновы далучаны суфікс -скі: Плавільнскі, які набыў больш вымоўную форму Плавінскі (шляхам скарачэння гукаспалучэння "льн" ў "н").

958. Пліско (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва пліска 'невялікая птушка атрада вераб'іных з доўгім вузкім хвастом' (з заменай канцавога а на о для адмежавання ад апелятыва).

959. Плыткевіч (Сяргей) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Плыткі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Плыткевіч. ФП: п лыткі ('неглыбокі, мелкі', 'з мелкім дном, з невысокімі берагамі' (параўнальна з іншымі прадметамі)) - Плыткі (мянушка, потым прозвішча) - Плыткевіч.

(Працяг у наст. нумары.)


Веха ў гісторыі станаўлення дзяржаўнасці

З нагоды стагоддзя адкрыцця I Усебеларускага з'езда на сядзібе ТБМ адбылася вечарына з прэзентацыяй новага выдання, прысвечанага гісторыі з'езда. Старшыня ТБМ спадарыня Алена Анісім прывітала ўсіх прысутных і выказала спадзяванне, што 100-годдзе БНР стане кансалідуючай падзеяй для краіны і днём аб'яднання нацыянальных сіл.

Даследчыкі Валерый Герасімаў і Станіслаў Рудовіч прадставілі новую кнігу "Іх звала Беларусь святая", якая выйшла ў выдавецтве "Кнігазбор" накладам 300 асобнікаў. Спадар Мікола Люцко, які падтрымаў фінансава гэтае навукова-папулярнае выданне, распавёў пра дзейнасць Аркамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР. Віленскія і Менскія грамадскія арганізацыі і суполкі ТБМ спрыялі выпуску кнігі.

18 снежня (5 снежня стст.) 1917 года ў Менску пачаў працу Усебеларускі з'езд, які абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і ўсталяванне рэспубліканскага ладу. Прадстаўнічы форум стаў кульмінацыйным момантам нацыянальнага адраджэння ХХ стагоддзя і пачаткам канстытуцыйнага афармлення беларускай дзяржаўнасці нашага часу.

- З'езд быў скліканы ў канцы 1917-года, - узгадаў падзеі тых часоў спадар Станіслаў Рудовіч. - Трэці год ішла Першая сусветная вайна, тэрыторыя Беларусі была арэнай бітвы паміж германскімі і расійскімі войскамі. Гарадзеншчына была акупавана немцамі. Цэнтральная Беларусь, Віцебшчына і Магілёўшчына заставаліся пад Расійскай юрысдыкцыяй. У кастрычніку бальшавікі здзейснілі пераварот. Большасць насельніцтва бальшавікоў не падтрымлівала, што паказаў Усерасійскі ўстаноўчы сход. Астатнія палітычныя сілы ўспрымалі іх як узурпатараў.

Бальшавікі выступілі з неадкладнай праграмай будаўніцтва сацыялізму, але краіна да гэтага не была гатова, перажывала татальны крызіс у перыяд вайны. Пачалося процідзеянне бальшавіцкім уладам у розных кутках Расійскай імперыі. Украіна і Латвія ўзялі курс на самастойнасць. Беларусь аказалася ў вельмі складанай сітацыі. Над ёй навіслі пагрозы. Адбываліся напады салдат на мясцовых жыхароў, людзі былі неабароненымі. Беларусы былі вымушаны самаарганізавацца і ўзяць свой лёс у свае рукі. Бальшавікі стварылі на беларускай тэрыторыі Абласны выканаўчы камітэт і Савет народных камісараў Заходняй вобласці. Ва ўладзе былі не мясцовыя ўраджэнцы, іх лёс Беларусі не цікавіў.

Патрэбна было сфарміраваць сваю ўладу. І Усебеларускі з'езд быў скліканы з мэтай сфарміраваць кіраўнічы орган улады. З такой ініцыятывай выступіла Вялікая беларуская рада ў Менску.

З'езд сабраў шмат беларускіх палітычных дзеячаў ад усіх населеных беларусамі губерняў. Беларускі абласны камітэт з Петраграда стаяў на заходне-русісцкіх пазіцыях. Афіцыйнае адкрыццё з'езда адбылося 20 снежня з аркестрам і ўрачыстасцямі, адчуваннем гістарычнай значнасці моманту, " - распавёў аўтар-укладальнік кнігі.

На І Усебеларускім з'ездзе прысутнічалі 1872 дэлегаты, з якіх 1167 з правам рашаючага голасу. З'езд абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўрада. Падчас паседжання назіралася розніца ў палітычных поглядах паміж дэлегатамі ад Беларускай Сацыялістычнай Грамады. і т. зв. "абласнікамі", якія прадстаўлялі галоўным чынам рэгіёны Усходняй Беларусі. Калі першыя казалі пра пэўную форму аўтаноміі альбо незалежнасць краіны, то другія бачылі будучыню Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі. Была абрана Рада Кангрэса, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партый, а таксама Выканаўчы камітэт Рады Кангрэса.

30 снежня 1917 года будынак, у якім праходзіў Кангрэс быў акружаны бальшавіцкімі атрадамі, а дэлегаты былі разагнаныя. Рада Кангрэса і яе Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасць у падполлі. Пазней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

У кнізе "Іх звала Беларусь святая" можна падрабязна прачытаць пра арганізатараў і ўдзельнікаў з'езда, пабачыць архіўныя фотаздымкі і дакументы. Аўтары мяркуць перавыдаваць яе па меры распаўсюду, каб пазнаёміць з гісторыяй большую колькасць чытачоў. Напрыканцы вечарыны для грамады выступіў бард Сяргей Кудласевіч, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Валерый Герасімаў і Станіслаў Рудовіч; 2. Сябры ТБМ слухаюць выступленне Міколы Люцко.


Улады прызналі Першы Ўсебеларускі з'езд

Першы Ўсебеларускі з'езд 1917 года прадэманстраваў каштоўнасці, значныя і для цяперашняга дня. Пра гэта гаворыцца ў прывітанні Аляксандра Лукашэнкі, якое ён накіраваў гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі "Падзеі 1917 года ў гістарычным лёсе Беларусі", паведамляе БелТА.

Прывітанне зачытаў удзельнікам канферэнцыі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

"Падзеі 1917 года спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, выразілася ў скліканні I Усебеларускага з'езда. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас і да цяперашняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці", - гаворыцца ў прывітанні.

"Звяртаючыся на Ўсебеларускіх народных сходах да меркавання тых, хто сваёй працай стварае нашы багацці, бачым і другі ўрок гісторыі нашай дзяржаўнасці: толькі адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народа з'яўляецца гарантам выбару і захавання самастойнага шляху развіцця", - падкрэсліў кіраўнік краіны.

На Ўсебеларускім з'ездзе ў 1917 годзе выразна прагучала фундаментальная ідэя - стварэнне свайго ўніверсітэта. "Сёння мы яшчэ больш разумеем, што без адукацыі, без навукі мы не зможам умацаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Бо асноўная яе мэта - стварэнне не толькі матэрыяльных, але і духоўных асноў для развіцця Чалавека", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА.


З нядаўняга мінулага

Змітрок Бядуля

Пасля сталеццяў гвалтавання

Над нашым цёмным мужыком,

Пасля вандалаў акпіванняў,

Што сыпалісь на наш народ,

Пасля таго, як край ў нядолі

Ў мацнейшых быўшы батраком,

Народ устаў пад гулам волі,

Давай склікаці веча-сход.


На гулкі звон прачнулісь людзі,

Каб Беларусь адбудаваць,

Агні любові грэлі грудзі,

Ўваскросла вера ў лепшы лёс.

Вось зажадалі і ратаі

Ад гора край свой ратаваць, -

Іх звала Беларусь святая

Малітвай шчырай да нябёс:


"Ідзі, ўвесь люд, што пад ярмамі

Не страціў гонару душы!

Ідзі, ўвесь люд, крывёй, слязамі

ІІІто абліваў абшар раллі!

Устань ад сну, устань ад мукі,

Бо досыць скардзіцца ў цішы,

Забудзь бяду, бо годзе мукі -

Ты гаспадар сваёй зямлі".


"Ты болей ад усіх славянаў

Загады старых дзён спаўняў.

Табой на гуслях аспявана

Уся бывальшчына твая.

Ў глухіх куткох ты родну мову -

Багаты скарб свой - пільнаваў.

Шапталі сны табе дубровы

I вабіў рогат ручая".


"Твая душа крыштальна-чыста

I шчыры думкі у цябе -

Іх гадаваў абшар квяцісты

I аксамітныя лугі.

Гэй, досыць гнуць свой карк балючы,

Ты не загінеш ў барацьбе.

Ў цябе запас жыцця магучы,

Бі аб каменні ланцугі!"


"Будуй жыццё на лад сучасны,

Чужым ты досыць будаваў.

Ідзі на шпях свой родны, шчасны,

Ідзі да сонца упярод!

О, ты ня згінеш, ты адважны,

Ты для чужых кроў праліваў,

Ідзі цяпер, бо момант важны,

Пад свой штандар ідзі, ўвесь род!"


Вось ў сэрца Беларусі-маці -

У Менск на гулкі кліч прыйшлі

Свае жаданні расказаці

I думкі шчыра гаварыць.

Аб быўшых днях, аб часе новым

Цікава гутаркі вялі,

Гарача сыпалісь прамовы

Аб тым, як нам шчасліва жыць.


Былі старыя, маладыя

З усіх глухіх сваіх куткоў,

З хатомкамі дзядзькі лясныя,

I з розных гарадоў народ.

Былі з чужых краёў нядолі -

Прадстаўнікі уцекачоў.

Было і шмат ад бітваў поля -

Усе ішлі на родны сход.


Было больш тысячы народу

Ад беларускіх земляў ўсіх:

З паўдня, з паўночы, з захаду, усходу,

З Вільні, з-пад Нёмна, з-пад Дзвіны.

З усіх дванаццаці губерняў

I многа з розных месц другіх,

З багатых глеб адборна зерне

Было прыслана без маны.


У слаўным Менску гмах шпяхецкі

Гудзеў-звінеў, як бы царква,

Рэч Паспалітая бяз спрэчкі

Падняла галаву сваю.

Ўваскросла з гробу наша Маці

З дэвізам: "Беларусь жыва!"

Пагоня зноў прыйшла вітаці

Ўсю беларускую зямлю.


А вораг п'яны, вораг дзікі

З стральцамі гідкімі услед

Прыйшоў, падняў шалёны крыкі,

Штыхамі веча разагнаў.

Ў шляхецкім гмаху пацямнела,

Заплакаў ў цені сівы дзед.

Хтось заспяваў аб волі смела,

Хтось ў роспачы ў кутку сгагнаў.


I павялі сыноў народу

У бальшавіцкую турму,

А рэшта, ўсе ад веча-сходу

Паразбрыліся хто куды,

Каб гвалт маскоўскі, гвалт саромны

Па свету расказаць ўсяму,

I каб народ свой бедны, цёмны

Зноў ратаваці ад бяды.


I вось гвалтаўнікі чужыя

Па нашых вёсках і мястох

Банкеты ладзілі страшныя,

Край абліваючы крывёй.

А беларус чужым астаўся

У родных у сваіх мяжох,

I, як раней, чужак смяяўся

Над беларускаю душой...


Аль не заглух крык пяруновы

Аб новым радасным жыцці,

I шлях свой вольны, шлях свой новы

Ўжо не пакіне селянін.

Ўсе перашкоды, ўсе каменні

Ён спіхне з простага пуці,

I стане ён пасля цярпення

Гаспадаром сваіх раўнін.


А ты, Баян наш, наладзь ліру,

I струны пальцамі крані,

Ў святочны дзень на хмельным піру

Няхай успомне ўвесь народ

Аб тым, як беларус да волі

Душою рваўся ў нашы дні,

I колькі меў ён шчэ нядолі,

I колькі меў ён перашкод.

Беларусь. 1919. № 52 (79), 24 снежня.

Падпісана псеўданімам Ясакар.


Аб ушанаванні памяці Язэпа Драздовіча

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Качанавай Н. I.

вул. К. Маркса, 38,

220016, г. Мінск

Аб ушанаванні памяці Язэпа Драздовіча

Шаноўная Наталля Іванаўна!

У наступным годзе споўніцца 130 гадоў з дня народзінаў знакамітага мастака, краязнаўца і грамадскага дзеяча Язэпа Драздовіча. У сувязі з гэтым мы прапануем:

1) Паставіць мемарыяльны знак у гонар Драздовіча ў мясцовасці Пунькі Віцебскай вобласці на тым месцы, дзе была яго сядзіба.

2) Надаць імя Драздовіча вуліцам у Віцебску і Мінску.

3) Надаць імя Драздовіча Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь.

З павагай, Старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Трусаў А.А.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб ушанаванні памяці Я.Драздовіча

У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2017 г. № 10/535-96 Міністэрствам культуры сумесна з Віцебскім аблвыканкамам, Мінскім гарвыканкамам і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь разгледжаны зварот А.А.Трусава, старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", аб ушанаванні памяці Язэпа Драздовіча. Па выніках паведамляем наступнае.

1. Памяць пра Язэпа Драздовіча ў Віцебскай вобласці увекавечана праз стварэнне помніка-бюста вядомаму земляку ў г. Глыбокае (адкрыты 2 верасня 2012 года). Імя мастака носяць вуліцы ў Глыбокім, Оршы, Шаркаўшчыне, а таксама дзіцячая мастацкая школа ў г. Глыбокае. У 1982 годзе на магіле Язэпа Драздовіча ў вёсцы Ліпляне Глыбоцкага раёна ўсталяваны помнік з барэльефам работы скульптара А. Шатэрніка.

Глыбоцкім райвыканкамам у 2017 годзе быў распрацаваны і рэалізуецца раённы план па арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 130-гадоваму юбілею з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Так, праведзены работы па добраўпарадкаванні магілы мастака, надрукаваны ілюстрацыйныя наборы паштовак, буклеты, прысвечаныя жыццю і творчасці мастака, арганізаваны тэматычныя выставы "Вечны вандроўнік" і "Беларускі "небазнаўца" ў бібліятэках раёна. Адначасова вядзецца падрыхтоўка дакументаў для вынясення на разгляд Віцебскага абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны надання магіле Язэпа Драздовіча статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Таксама Глыбоцкім райвыканкамам разглядаецца пытанне аб стварэнні ў 2018 годзе памятнага знака на радзіме мастака. Але канчатковае рашэнне на сённяшні дзень не прынята, так як ад сядзібы Драздовічаў нічога не захавалася, вёска Пунькі нежылая, а верагоднае месца размяшчэння сядзібы парасло лесам. Таму рашэнне пра мемарыялізацыю месца нараджэння мастака будзе прымацца з улікам названых акалічнасцяў.

2. У адпаведнасці з рашеннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30.07.2004 № 1520 імя Язэпа Драздовіча прысвоена вуліцы ў Ленінскім раёне горада.

Пытанне наймення новай вуліцы ў гонар вядомага земляка будзе разглядацца Віцебскім гарвыканкамам пры вызначэнні назваў вуліц у новых мікрараёнах горада.

3. Жыццё і творчасць Язэпа Драздовіча, які пакінуў адметны след у беларускім мастацтве першай паловы XX стагоддзя, былі звязаны пераважна з Віцебшчынай. Таксама неабходна адзначыць, што вядомы мастак, пісьменнік, этнограф не меў непасрэднага дачынення да станаўлення і развіцця вядучага мастацкага музея Беларусі.

З улікам вышэйзгаданага, наданне імя Я. Драздовіча Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь лічым немэтазгодным.

Дадзены адказ можа быць абскарджаны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы В.М. Чэрнік.


Нямецкую вёску прадалі на аўкцыёне

Навіны Германіі

Невялікая нямецкая вёска Альвіне (Alwine), якая знаходзіцца ў федэральнай зямлі Брандэнбург, была прададзена ў суботу, 9 снежня, на аўкцыёне ананімнай асобе за 140 тысяч еўра. Пакупнік, які прапанаваў выніковую суму па тэлефоне, сваёй купляй "жадаў зрабіць штосьці добрае", заявіў Маціяс Кнаке (Matthias Knake), старшыня аўкцыённага дома, які займаўся продажам, паведамляе "Нямецкая хваля".

У Альвіне, якая знаходзіцца прыкладна за 140 кіламетраў ад нямецкай сталіцы, жыве каля 20 чалавек, пераважна пенсіянеры. Будынкі ў вёсцы часткова разбураны, часткова патрабуюць рамонту. Пра пакупніка вядома, што ён жыве ў Берліне. Па хуткім часе ён мае намер сустрэцца з бургамістрам Альвіне.

Як паведаміў Маціяс Кнаке, пошук пакупніка стаў складанай задачай для аўкцыённага дома. Шэраг патэнцыйных пакупнікоў пасля наведвання вёскі адмовіўся ад угоды, бо ў іх не было сродкаў на рамонт будынкаў. Ананімны бізнесмэн быў адзіным прэтэндэнтам на пакупку.

Да аб'яднання Германіі Альвіне адносілася да размешчанай па суседстве вугальнай фабрыкі. Аднак неўзабаве пасля аб'яднання краіны фабрыка закрылася, а моладзь пакінула вёску. У 2000 годзе вёску набылі два браты за сімвалічную цану ў адну марку, аднак разбурэнне вёскі працягнулася. Пасля смерці аднаго з братоў другі выставіў вёску на продаж. Стартавы кошт складаў 125 000 еўра.

DW.


Паштовая марка як сімвал краіны

У Нацыянальнай бібліятэцы 8 снежня ў межах вялікага выставачнага праекта адкрылася філатэлістычная выстава "Спадчына і гонар Беларусі", якая прадстаўляе прадукцыю РУП " Белпошта", прысвечаную юбілею беларускага кнігадрукавання.

На выставе прадстаўлены маркі, мастацкія канверты, паштовыя мініяцюры, прысвечаныя Францішку Скарыну і яго творчасці , кніжнай традыцыі ў цэлам, асветнікам і выбітным асобам Беларусі. Сярод экспанатаў - выдадзеныя за апошнія 5 гадоў паштовыя маркі і блокі да юбілеяў К. Тураўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа.

- Маркі калекцыянуюць ва ўсім свеце. На першы погляд, дробны кавалачак паперы, які выконвае ўтылітарную ролю, мае мастацкую каштоўнасць. Марка - гэта сімвалічны аб'ект, які паказвае краіну і яе важнейшыя сімвалы. Па марках замежнікі пазнаюць сэнс нашых каштоўнасцей, разумеюць важнейшыя даты ў нашай гісторыі. Часам кажуць, што марка - сведчанне сталасці краіны, - адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі спадар Алесь Суша.

- Сімвалічна, калі мы пачалі па крысе святкаванне стагоддзя нашай дзяржаўнасці ў розных формах з 1917 года да 1920-тых, ад БНР, ССР ЛітБел, ССРБ і БССР, узгадаць пра такі сімвал, як марка. Усе гэтыя сто гадоў яна ішла разам з дзяржавай. Першая беларуская марка з'явілася вясной 1918 года з выявай Францішка Скарыны. Яна была адной з трох марак у серыі, коштам 2 рублі. Маркі ствараліся на тэрыторыі Беларусі і па-за яе межамі. На выставе можна пабачыць маркі, выпушчаныя беларускай эміграцыяй. Напрыклад, у 1972 годзе ў Нью-Ёрку быў выпушчаны цэлы блок марак.

- Марка - гэта мініяцюра, цікавая мастакам і дызайнерам, - распавяла Дана Казіміраўна Казакова, начальнік адзела выдавецкага цэнтра "Марка". "Белпошта" не праходзіць міма юбілеяў пісьменнікаў і паэтаў. На паштовых мініяцютарах можна знайсці партрэты В. Дуніна-Марцінкевіча, М. Танка, А. Куляшова. Каб стварыць паштовую мініяцюру з дакладнасцю, мы звяртаемся ў Нацыянальную бібліятэку. Нашы маркі і паштоўкі ідуць у 180 краін свету.

Цікавую частку экспазіцыі складаюць маркі і паштовыя карткі 1918-1990 гадоў з асабістай калекцыі спадара Алеся Сушы. Сярод іх асаблівую каштоўнасць уяўляе першая беларуская марка з гравюрай Ф. Скарыны, якой 100 гадоў.

Э. Дзвінская, фота аўтара. Юбілейная марка з Ф. Скарынам; 2. А. А. Суша і Д.К. Казакова.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У ХІV - ХV стст. царква паступова страчвае сваю манаполію ў духоўным жыцці, а ўніверсітэты робяцца цэнтрамі інтэлектуальнага жыцця. У канцы XV ст. у Еўропе працавала 69 універсітэтаў. Выкладанне ў іх ішло на лацінскай мове, што рабіла адукацыю з'явай універсальнай. Сярод студэнтаў пераважалі людзі сярэдніх пластоў грамадства, збольшага дзеці гараджан. Пры ўніверсітэтах ствараліся бібліятэкі, і была наладжана сістэма перапісвання кніг. Так, бібліятэка Сарбоны ў Парыжы ў сярэдзіне XIV ст. мела 1720 тамоў рукапісных кніг. У XV ст. з'явілася кнігадрукаванне, што выклікала істотныя змены ў адукацыі. У 1423 г. галандзец Костэр прыдумаў шрыфт для друкавання кніг з драўляных літар, але гэта не было эфектыўна. У 1445 г. нямецкі майстар-ювелір Ёган Гутэнберг прыдумаў металічны наборны шрыфт і неўзабаве запусціў друкарскі варштат.

Да 1500 г. друкарні існавалі ўжо ў 260 гарадах Еўропы, іх колькасць складала 1050. З іх 532 друкарні знаходзіліся ў Італіі. Усе кнігі, надрукаваныя ў Еўропе да 1500 г. называюцца інкунабуламі. Цяпер вядома каля 40 тысяч назваў такіх выданняў. Англійскі філосаф Рэнесансу Фрэнсіс Бэкан аднёс вынаходніцтва кнігадрукавання, пораху і компаса да найлепшых дасягненняў тагачаснага чалавецтва.

У сялянскім побыце да XIV ст. пераважаў драўляны і алавяны посуд. У краінах усходняй і паўднёвай Еўропы - гліняны (керамічны). У XIII-XIV стст. пачынаецца масавы выраб шклянога начыння. Самы знакаміты посуд выраблялі венецыянцы. Яны ж першымі пачалі вырабляць і прадаваць шкляныя люстэркі. У XV ст. з'явіўся фаянсавы посуд, названы ў гонар горада Фаэнцы ў Італіі, дзе яго выраблялі ўпершыню ў Еўропе. У XV ст. у Фларэнцыі з'явіліся ва ўжытку першыя чатырохзубыя відэльцы. У гэтыя часы ў Еўропе з'яўляюцца таверны, корчмы і заезныя дамы, дзе людзі маглі весела правесці свой вольны час, у тым ліку падчас падарожжа.

У ХІV-ХV стст. еўрапейцы вынайшлі агняпальную зброю, дзякуючы якой здолелі захапіць увесь свет. У першую чаргу - гэта гарматы розных відаў і калібраў. У другой палове XIV ст. з'явіліся бамбарды. Іх ствалы спачатку былі драўляныя, змацаваныя абручамі, а потым іх рабілі з жалезных палосак, змацаваных ужо металічнымі кольцамі. Яны стралялі каменнымі ядрамі вагою да 330 кг на адлегласць да 700 м. Даўжыня бамбарды з драўляным станком дасягала да 15 м, а вага - да 1000 пудоў. У канцы XV ст. у арміі французскага караля Карла VIII з'явіліся гарматы на лафеце, якія перавозіліся на конях. Выкарыстанне ж самай першай гарматы ў Еўропе зафіксавана ў Фландрыі ў 1314 г. Неўзабаве гарматы з'явіліся на ўзбраенні крыжацкага Тэўтонскага ордэна: крыжакі менавіта з гарматы здолелі забіць вялікага князя Гедыміна.

Агняпальную зброю для бліжняга бою - пісталет - прыдумалі ў XV ст у горадзе Пістоя, каля Фларэнцыі, і назвалі ў гонар гэтага горада. Для хуткасці стральбы ў XV ст. прыдумалі кнотавы замок, з дапамогай якога хуткасць стральбы гармат і іншай агняпальнай зброі істотна павялічылася.

5. Узнікненне ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый (замест заключэння)

Да канца XV ст. канчаткова сфармавалася еўрапейская цывілізацыя, якая грунтуецца на антычнай спадчыне. Еўрапейская адукацыя будавалася на вывучэнні старажытных грэцкіх і лацінскіх аўтараў. Асноўныя тэрміны палітычнай еўрапейскай культуры - такія, як дэмакратыя, рэспубліка, дэспатыя і імперыя - грэцкага альбо лацінскага паходжання. Сам тэрмін "культура" паходзіць з лацінскай мовы.

Хрысціянская рэлігія вырасла таксама на антычнай глебе. Яе да XV ст. успрынялі праз Рым і Візантыю амаль усе народы Еўропы. Хрысціянства зрабілася важнай складовай часткай еўрапейскага свету. Падзел на каталіцкую і праваслаўную цэрквы істотна адбіўся на лёсах Еўропы. Да канца XII ст. у Еўропе захоўвалася пэўная раўнавага паміж каталіцызмам і праваслаўем. Пры гэтым значную частку Іспаніі займалі мусульмане, а на поўдні і поўначы жылі народы, якія былі язычнікамі.

У XIII ст. сітуацыя ў Еўропе кардынальна змянілася. Спачатку немцы з'явіліся ў Прыбалтыцы і Прусіі. Адначасова, падчас чацвёртага крыжовага паходу, крыжаносцы захапілі Канстанцінопаль і стварылі Лацінскую імперыю. Бітва на рацэ Калцы распачала вялізную экспансію ў Еўропу язычнікаў - мангола-татараў. У выніку іх заваяванняў частку Еўропы заняла Залатая Арда, якая ў XIV ст. прыняла іслам.

У цэнтры Еўропы ўзнікла новая дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае, першая краіна на кантыненце, дзе напачатку існавалі адначасова дзве дзяржаўныя рэлігіі - язычніцтва і праваслаўе. Толькі ў нашай сталіцы Вільні ў XIV ст. (да Крэўскай уніі) можна было пабачыць праваслаўную царкву, каталіцкі касцёл і язычніцкае капішча са святым дубам і ахвярным агнём. Менавіта адсюль ідуць вытокі нашай рэлігійнай талерантнасці, якую не здолеў пераадолець Ягайла, затое ўмацаваў Вітаўт, які запрасіў на пастаяннае жыхарства ў ВКЛ іўдзеяў і мусульман-сунітаў.

Як адзначаюць мовазнаўцы, ужо ў Дагаворнай грамаце смаленскага князя Мсціслава Давыданіча з Рыгай і Гоцкім берагам (1229 г.) выразна праглядаюцца рысы жывой беларускай мовы, істотна адрознай ад пісьмовай царкоўнаславянскай.

У гэты самы час у праваслаўных храмах суседняй Масковіі ўсе мусілі маліцца за здароўе ханаў Залатой Арды ды іх сем'яў. ВКЛ у ХІІІ-ХV стст. стала фарпостам хрысціянскай еўрапейскай цывілізацыі на мяжы з мусульманскай еўразійскай цывілізацыяй Залатой Арды. Пачалося змаганне за землі былой Кіеўскай Русі, якое ішло з пераменным поспехам. У часы Альгерда, пасля бітвы на Сініх Водах, значная частка Ўкраіны разам з Кіевам увайшла ў склад ВКЛ, а Вітаўт, далучыўшы да сваёй дзяржавы Вялікае Княства Смаленскае і іншыя невялікія княствы, максімальна пашырыў на Усход межы хрысціянскай цывілізацыі.

На тэрыторыі ВКЛ сфармавалася ўсходнеславянская хрысціянская цывілізацыя, дзе суіснавалі каталіцкая і праваслаўная царква, дзейнічала ў якасці адзінай дзяржаўнай старабеларуская (яна ж стараўкраінская) мова з кірылічным алфавітам і высокай мастацкай культурай. Навукоўцы лічаць, што гэтая цывілізацыя існуе больш за васемсот гадоў, прычым тэрыторыя рассялення славян тут істотна не змянілася, а суадносіны славянскіх народаў да іншых этнічных групаў на Беларусі знаходзяцца ў прапорцыі 30:1, а на тэрыторыі Украіны - 24:1. Суадносіны вернікаў-хрысціян да вернікаў-мусульман на Беларусі складаюць 90:1, а на Украіне - 27:1.

Пасля 1480 г., пасля канчатковага выхаду са складу Залатой Арды Вялікага Княства Маскоўскага сітуацыя на ўсходзе Еўропы кардынальна змянілася. Узнікла новая хрысціянская дзяржава, якая пачала імкліва пашыраць свой уплыў на былыя землі Залатой Арды, населеныя мусульманамі. Дайшоўшы да Ціхага акіяна і захапіўшы Аляску, Расія (існуе з 1497 г.) з'яўляецца велізарнай еўразійскай цывілізацыяй, што мае за сабою пяць стагоддзяў развіцця. За гэтыя часы яе тэрыторыя павялічылася ў дзясяткі разоў, і на ёй жыве вялікая колькасць неславянскіх народаў фіна-ўгорскага і цюркскага паходжання. Суадносіны славян і неславян на тэрыторыі Расіі, паводле стану на 2010 г. выглядаюць як 4,8:1 (славяне - 82,7 %, іншыя - 17,3 %). Пад уздзеяннем дэмаграфічнага фактару за апошнія гады колькасць неславянскага насельніцтва Расіі павялічваеца ў параўнанні са славянскім.

Суадносіны вернікаў-хрысціян Расіі і вернікаў-мусульман - 7:1, што няможна параўнаць з Беларуссю і Ўкраінай. У сучаснай Расіі аднавілася еўразійская ідэалогія, вытокі якой сягаюць у XIX ст. Рускі гісторык Мікалай Данілеўскі разглядаў Расію як асобную цывілізацыю, якая павінна асіміляваць Еўропу; заклікаў славян вызваліцца з-пад турэцкага і германскага ўплываў і ўтварыць Славянскую імперыю. Жаданне захапіць Басфор і Дарданелы разам з Канстанцінопалем уцягнула Расійскую імперыю ў Першую сусветную вайну, якую яна прайграла і знікла з карты Еўропы.

Аднак ідэалогію еўразіянізму ў першай палове XX ст. працягвалі развіваць рускія эмігранты на Захадзе і некаторыя сучасныя савецкія і сённяшнія расійскія навукоўцы. Так, вядомы гісторык-этнолаг Леў Гумілёў сцвярджаў, што "ваенны і палітычны досвед Чынгісхана, які злучыўся з рускім праваслаўем, у XIV ст. даў жыццё Маскоўскай Русі".

Трэба сказаць, што большасць расійскіх навукоўцаў розных палітычных поглядаў разглядалі Кіеў і Кіеўскую Русь як сваю гістарычную вотчыну. Узнікненне незалежнай Украіны са сваім поглядам на гісторыю прыводзіць да думкі, што сучасная Расія не мае ніякага дачынення да Кіеўскай Русі, бо належыць да іншай, еўразійскай, а не ўсходнееўрапейскай цывілізацыі. I, вывучаючы гісторыю еўрапейскага Сярэднявечча, пра гэта трэба заўсёды памятаць.

АСНОЎНЬІЯ ТЭРМІНЫ

Банк - установа, дзе ажыццяўляюцца грашовыя аперацыі, аперацыі з золатам, замежнай валютай.

Буржуазія - пануючы клас капіталістычнага грамадства, які валодае сродкамі вытворчасці і выкарыстоўвае наёмную працу.

Інтэлігенцыя - асобная група людзей, якія займаюцца разумовай працай.

Лафет - станок, на якім умацоўваецца ствол гарматы.

Рэнесанс (Адраджэнне) - 1) Эпоха Адраджэння (ХІV-ХVІ стст.), час росквіту навук і мастацтваў, які прыйшоў у Еўропе на змену Сярэднявеччу. 2) Архітэктурны стыль эпохі Адраджэння.

Санет - лірычны верш з 14 радкоў, атрымаў распаўсюджанне ў эпоху Адраджэння.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1304-1374 гг. - Франчэска Петрарка.

1313-1375 гг. - Джавані Бакача.

1377-1446 гг. - Філіпа Брунэлескі.

XVст. - з'яўленне вулічнага асвятлення (Фларэнцыя), фаянсавага посуду ў Еўропе.

1404-1472 гг. - Леон Батыста Альберці.

1407-1457 гг. - Ларэнца Вала.

Каля 1445 г. - з'яўленне друкарскага станка Ёгана Гутэнберга, пачатак кнігадрукавання.

1452-1519 гг. - Леанарда да Вінчы.


Лідскі замак адраджае эпоху Гедыміна

Да аднаўлення Лідскага замка сур'ёзна прыступілі ў 2010 годзе, хоць першыя крокі па раскручванні гэтага брэнду былі зроблены за пяць гадоў да пачатку глабальных змен. І вось літаральна праз некалькі тыдняў будзе пастаўлена тоўстая кропка ў рэканструкцыі паўночна-ўсходняй вежы цвердзі. Спецыялісты прагназуюць віток цікавасці турыстаў да гэтага аб'екта. А пакуль ён яшчэ не адкрыўся, карэспандэнт "Рэспублікі" паспяшалася туды і дазналася, чым ён будзе дзівіць гасцей.

На першым этапе рэканструкцыі аднавілі паўднёва-заходнюю вежу і заходнюю сцяну, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Потым работы вяліся павольней, але аблічча замка паступова змянялася. Як гэта часта бывае пры такога роду рэканструкцыях, не абышлося без спрэчак з нагоды з'яўлення на дваровай тэрыторыі будынкаў, якіх там быць не магло. Аднак час паказаў: гістарычныя факты без прывязкі да сучаснага жыцця горада мала што значаць.

Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк уважліва сочыць за зменамі што адбываюцца ў замку:

- Завяршаецца трэці пускавы комплекс, які ўключае ў сябе рамонтна-будаўнічыя работы ў паўночна-усходняй вежы замка. Усяго выдзелена 412 тысяч рублёў, з іх 172 тысячы зарабілі на абласным суботніку, 240 тысяч было выдзелена са сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы. Будаўнічыя работы фактычна ўжо завершаны. Ідзе наладка ахоўнай і пажарнай сігналізацыі. За час рэканструкцыі некалькі змяніліся нормы і патрабаванні, таму даводзіцца "ваяваць" c прадстаўнікамі МНС. Яны хочуць усталяваць на шляхах выйсцяў дыманепранікальныя дзверы, якія відавочна не ўпісваюцца ў агульную карціну сярэднявечнага інтэр'еру. Таксама будаўнікі працуюць над вырабам медных вадасцёкавых труб. Проста так іх купіць нельга. У сутнасці, на гэтым тыдні застанецца запусціць ацяпленне, каб нашы музейныя работнікі маглі заняцца напаўненнем залаў экспанатамі. Дубовая мэбля замоўлена, частка яе ўжо дастаўлена. Калі ўсё пойдзе па плане, то да калядных свят адбудуцца ўхошчыны.

Застануцца толькі работы па ўводзе яшчэ адной вежы - паўднёва-заходняй. На ўсё пра ўсё патрабуецца каля 400 тысяч рублёў. Але старшыня аблвыканкама Ўладзімір Краўцоў падчас нядаўняй відэаканферэнцыі ўжо паабяцаў аказаць садзейнічанне ў пошуках неабходнай сумы. Таму ёсць надзея, што да імпрэзы 695-годдзя Ліды, якая пройдзе ў верасні, цалкам будуць закрыты ўсе пытанні...

Паводле "Рэспублікі".


Курыць - пляваць на неба, сонца і зямлю

Валер Санько

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

У Менску нарэшце правільна пастанавілі: калі хто смаліць у калідоры, пад'ездах, лесвічных маршах, яго могуць аштрафаваць на 10-30 базавых велічыняў.

У еўрапейскіх курцоў зусім дрэнныя справы. Іх выгналі з пабаў і грамадскіх месцаў, прымусілі ў самалётах гарэтнічаць без тытуню, а цяпер не бяруць на працу. Асабліва ірландскія і французскія кампаніі.

З-за аднаго курца заводы Францыі трацяць 4 тысячы еўра ў год. Многія прадпрыемствы, фірмы ў аб'явах аб прыёме на працу адкрытым тэкстам пішуць: "Курцоў просім не турбаваць". Праца без курыльшчыкаў папярэджвае тысячы інфарктаў, інсультаў, выклікаў медыкаў на прадпрыемства.

Шматлікія заявы курцоў ЗША ў суды: намі грэбуюць, лесбіянкам і геям, мусульманам і габрэям праца ёсць усюды, а нам не ўсюды, дзе справядлівасць... - карысці не даюць. Прыватнік ці акцыянернае таварыства самі ўстанаўліваюць правілы прыёму на працу, адабраюць іх прафсаюзамі. Кідайце настойнікі курыць - возьмуць, параілі ў судах.

Паводле галоўнага нарколага дзяржавы Ўладзіміра Максімчука (2007) у аварыях штогод у Беларусі гіне 2000 чалавек, ад курэння - 15,5 тысячаў.

Метадаў адвыкання ад курава шмат

Замена моцных цыгарэт на слабыя, змяншэнне колькасці выкурваных цыгарэт, цукеркі замест цыгарэт, рыўкова-рэзкая адмова ад курава. Спосабы таксама розныя: аб'явіць сябрам і знаёмым, з такога дня кідаю курыць, узяць цыгарэту ў рот, гарэлую сернічку/запальніцу паднесці да цыгарэты і не прыкурваць; жавальныя супрацьнікацінавыя гумкі; не піць моцны чай, чорную каву; выкарыстоўваць травы і аўтагенную трэніроўку; паболей рухацца, працаваць па гаспадарству. Галоўнае пераконвайце сябе: кінуў я курыць назаўжды; у мяне моцная воля, я не размазня, веру ў сябе.

Водсветы (пякуткія іскры)

У Даніі прапанавалі павялічваць працоўны дзень курцам на час, патрачаны на курава. У Бельгіі ва ўсіх навучальных установах забаронена смаліць студэнтам і выкладчыкам; у школах закрылі пакоі для смалення; клас, у якім не кураць вучні, улетку бясплатна едзе на экскурсію ў адну з еўрапейскіх сталіц.

На курцоў у грамадскіх месцах Антверпена штрафы да трохсот еўра.

За курэнне ў рэстаранах, барах, начных клубах, кафе Нью-Ёрка штраф да 2000 долараў. У ЗША поўнасцю забаронена рэклама тытунёвых вырабаў, яна, вывелі законадаўцы, разбурае нацыянальны генафонд, нішчыць дзяржаву.

Курэнне ў школах Японіі прыроўнена да атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі.

У 2003 годзе прэзідэнт Украіны Леанід Кучма падпісаў указ пра забарону рэкламы тытуню і алкаголю ў СМІ.

Нават мяккая рэклама курава забаронена ў Лондане, Празе, Рызе, Будапешце, Берліне.

Беларусь неўзабаве выйдзе на першае месца ў свеце па колькасці развядзёнак і мамаўадзіночак, прычыну да нядаўняга часу стараліся не называць або маскаваць: з-за прыхільнасці да тытуню, піва, віна, гарэлкі многія беларускія мужыкі к 30 гадам становяцца напаўімпатэнтамі. Нават калі абнімаюць жанчыну - не ўзносяць яе ў воблакі, на гору.

Як не ўзгадаць дзеянні канадскіх уладнікаў, якія дазволілі на цыгарэтных пачках пісаць "Курэнне вядзе да імпатэнцыі".

Так званыя лёгкія цыгарэты зачастую болей шкодныя - курэц для поўнага насалодства мусіць глыбей зацягвацца, незалежна ад якасці цыгарэтаў.

Генетычныя якасці перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Дзеці курцоў не проста слабей фізічна - яны незмікітныя розумам, таўсцейшыя, плаксівыя, запаволеныя ў рухах, раней пачынаюць курыць.

У курцоў/выпівохаў шмат бясплоддзя, дзеці з адхіленнямі нараджаюцца ў 8-9 разоў часцей, чым у нармальных сем'ях, болей хвароб, даўжэй вылечваюцца.

Ты аслабляеш/знішчаеш генетычны код прашчураў - не чакай прамой і непрамой памогі ад іх, зямных і ўжо Тамашніх.

ЛОГІКА КУРЦОЎ. Будучыя хваробы і эканамічныя затраты здароваму курцу нястрашныя. Ён ведае, курыць дрэнна, але яму дыміць прыемна, хваробы прыдуць няскора; колькі лёс дасць, столькі пражыве; ды і як нармалёва жыць, калі ўсюды сляды Чарнобыля, эканамічныя нястачы.

Упэўненасць такога бязграматніка, спадзяванне на станоўчы эфект курэння не замяняе галоўнага правіла прыроды - жыццё сталага курца па якасці і гадах удвая карацей адведзенага лёсам, генамі. Дарэмна маладзёнам іллюзійнічаў пра мажлівасць курцу ўсё-такі захаваць грошы і здароўе: спадзяванні на прэстыжнасць новага хобі сярод саслужыўцаў, пазбаўленне з асабістай жыццёвай няўпэўненасці, набыццё аднадумцаў сярод ветэранаў, хуткае зняцце стрэсаў і нягодаў курэннямі. Усё марна.

НАРОДНАЕ. "Параджэнне пекла - трава нячысціка", - казалі беларусы на тытунёвыя лісты. Пераконвалі сямейнікаў расстацца з ядавітым дымам, не прымалі легкадумнае "паспеем, куды спяшыць".

25% шкодных рэчываў табачнага дыму згараюць; 25% - засмоктвае курэц; 50% атручваюць паветра ў памяшканні. Паветра ў 4,5 разы мацней забруджвае тытунёвы дым, чым газы аўтамабіляў.

Рэкамендацыі. Пры сустрэчы з курцом аддаляйцеся мінімум на 2-5 метраў. Такую чарнобыльскую зону выдыхамі стварае кожны з іх.

Не прыняў курца на працу - сэканоміў 10% на зарплаце, 30% на выплаце страховак хворым і ад пажараў, 50% на амартызацыі мэблі, 50% на прыбіранні памяшканняў, 75% на выплаце дапамогі па непрацаздольнасці. (В. А. Талкачоў. Як адмовіцца ад тытунёвай залежнасці: эфектыўны спосаб расстацца з цыгарэтай).

Большасць бедаў чалавека ад неасветнасці, злосці, сквапнасці і юру, менавіта яны найперш вядуць чалавека да курава, п'янства, наркаты, адбіваюць ад малітваў, настрою на ўнутраную чысціню арганізма і духу. Высокая духоўнасць чалавека павышае пласты полевай энергетычнай абароны. Высокадухоўнаму любое зло і слова не прынясе шкоды.

Большасць курцоў пераацэньвала сваю залежнасць ад тытуню. 65% адмоўнікаў радасна і сумна прызнаюцца: калі б ведалі, як лёгка кінуць курыць, даўно б адмовіліся ад тытунёўства. Памагчы ім, у асноўным дабрачным, працавітым, абавязак сям'і, калектыву, грамадства.

49% пачалі курыць за кампанію з прыяцелямі, ад жадання быць дарослымі - 17,8%. Падлеткі не хацелі курыць, пачалі дзеля ўявы, понту, каб прадэманстраваць даросласць і круцізну. Цыгарэта дапамагае многім з іх запоўніць пустэчу ў размове, пераадолець прыроджаную нясмеласць, узніклую няёмкасць.

У пажылога курыльшчыка ў 3-4 разы горшы зрок. Блізарукасць у курыльшчыцаў дзяўчат нашмат большая, чым у хлопчыкаў.

За апошнія 10 гадоў ад курэння і ракавых захворванняў пацярпелі больш за 100 тысяч чалавек.

У 60% цяжарных, якія кураць, 100%-ныя хваробы дзяцей і адхіленні ад нормы.

Дзецям у нармальных сем'ях з трох гадоў трэба пачынаць тлумачыць шкоду дрэнных звычак, любых звычак. Апошні час асобныя разумнікі сталі выплетваць, што электронныя цыгарэты пазбаўляюць ад яду курава, самі па сабе не шкодныя. Глупства зялёнае абверглі навукоўцы розных краін. У аэразолі электроннай цыгарэты ёсць асабліва высокатаксічны нікацін. Ён выклікае хуткае развіццё тытунёвай залежнасці. У падлеткаў некурцоў электроннае смаленне можа з першых спроб развіць нікацінавую залежнасць. Выдыхі электроннага прыгожага моднага смалення ўтрымліваюць надта шмат злых рэчываў, у тым ліку цяжкія металы - медзь, волава, нікель.

У памяшканні ад дыхання курцоў людзі атрымліваюць на 80-90% той самы шкодны эфект. Ён пакурыць на вуліцы, у калідоры, туалеце - зойдзе ў пакой і практычна абкурвае дыханнем вакольных. У такіх некурцоў часцей, чым ў саміх курцоў, баліць галава, павышаецца ціск. У іх часцей інсульты, траўмы, анкалогія, суіцыды (Зв., 16.4.2015).

БАРАЦЬБА. Самае цяжкае - ломка стэрэатыпаў, маўляў кінуць паліць няцяжка. Няпраўда, трэба захацець. 75% курцоў не маюць фізічнай залежнасці ад татуню. Усемагчымыя рэкламныя акцыі ("Мальбара", "ЛМ", "ЛД") з латарэямі, падарункамі і прызамі нашмат пераўзыходзяць антытынёвыя сціплыя аб'явы.

Японцы ўстанавілі: у курцоў болей нараджаецца дзяўчынак.

У Чэхіі з 1 студзеня 2006 дзейнічае закон пра забарону курэння ў публічных месцах, у тым ліку на прыпынках транспарту, на працоўных месцах, у адміністрацыйных будынках.

ХВАРОБЫ. Існуе 14 хвароб, з'яўленне якіх у чалавека звязваюць менавіта з курэннем. Выразна даказана, хваробы бронхалёгачнай сістэмы на 92% выклікае курэнне; рак вуснаў, гартані, глоткі - на 90% ад курэння; аблітэрацыйны эндартэрыіт, калі артэрыі зарастаюць і надыходзіць гангрэна канечнасцяў - на 95% ад курэння; 72% раку падстраўнікавай залозы, 70% раку мачавога пухіра - курэнне; 25% ішэмічнай хваробы сэрца - курэнне. Ні адзін нармальны ў свеце ўжо не спрабуе даказваць, што паліць шкодна - гэта аксіёма. Цяпер неабходна толькі своечасова даносіць веды пра зло курава дзецям і бяздарным дарослым.

Рэкамендацыі

Растлумачце хлапчаняці: калі ён лічыць сябе асобай, то цалкам можа адмовіцца ад прапановы закурыць, не асцерагацца насмешак. Яму дастаткова сказаць: "Я не хачу". Можна сказаць "не" без тлумачэння прычын, адмовіцца і растлумачыць прычыны адмовы, праігнараваць прапановы, наогул пастарацца не трапляць у непажаданыя сітуацыі.

І нарэшце, калі дзіця спытае, чаму столькі дарослых паліць, хаця ведаюць, што ўсё так дрэнна, скажыце: яны проста не могуць кінуць паліць; ласкавая цыгарэта - гэта злая залежнасць амаль на ўсё жыццё, ад яе нават пры вялікім жаданні пазбаўляюцца ўсяго 2-3 чалавекі з 10.

Факты:

- Калі чалавек закурыў у 15 гадоў, працягласць яго жыцця змяншаецца больш чым на 8 гадоў. Хто пачаў курыць да 15 гадоў памірае ад раку ў 5 разоў часцей, чым хто пачаў курыць пасля 25 гадоў.

- З закурылых у падлецтве кожны чацвёрты памрэ ад звязаных з курэннем захворванняў.

- Хто выкурвае 20 цыгарэт на дзень, ён дыхае паветрам, забруджанасць якога ў 580-1100 разоў перавышае санітарныя нормы.

- Узровень смяротнасці дзяцей пры родах маці-курылькі на 30% вышэй, чым у некурцоўных.

- 90% мужчын асуджаюць жаночае паленне.

- 80% курцоў выраслі ў сем'ях, дзе палілі бацькі.

- У тытунёвым дыме змяшчаецца 4 тысячы разнастайных хімічных злучэнняў, 43 з іх канцэрагены.

- Паленне ўсяго адной цыгарэты па таксічнасці адпавядае ўдыханню 17,5 куб. м забруджанага паветра на аўтамагістралі, для гэтага трэба быць на ёй 20-30 гадзін.

- Пры хуткім паленні выхад нікаціну ў асноўны дым павялічваецца ўдвая.

- У бліжэйшай да недакурка частцы цыгарэты значна большыя дозы нікаціну, не варта выпальваць яе да самага канца.

- У маладым узросце парушаныя функцыі арганізма пры адмове ад курэння аднаўляюцца значна лягчэй. Так, у 17-гадовага юнака дыхальная функцыя нармалізуецца ўжо праз некалькіх тыдняў. (Зв., 17.11.2005).

Бацькі павінны звярнуць увагу, калі дзіця...

- пазбягае іх, часта і надоўга знікае з дому або замыкаецца ў сваім пакоі. Пытанні, зададзеныя нават самым далікатным чынам, выклікаюць у дзіцяці ўспышку гневу;

- змяніла кола кантактаў - старыя сябры зніклі, а новыя нічога не паведамляюць пра сябе, усяляк пазбягаюць увагі дарослых;

- ператварае дом у "штаб-кватэру" - часта звоніць тэлефон, размовы па ім вядуцца выключна з дапамогай слэнгу (жаргонных і кодавых слоў, намёкаў);

- знаходзіцца ў стане, падобным на ап'яненне, але паху алкаголю няма. Пры гэтым парушана каардынацыя рухаў, маўленне. Смяецца не да месца, зрэнкі пашыраны або звужаны;

- не цікавіцца ні вучобай, ні сям'ёй, ні ранейшымі захапленнямі. Праяўляе раздражнёнасць, эгаізм, запальчывасць. Хлусіць;

- то поўны энергіі, вясёлы, то становіцца змрочным, пасіўным, кволым, плаксівым;

- часта просіць грошы, і дакладна не зразумела, для чаго яны патрэбны. З дома знікаюць рэчы і грошы.

Не ўпускайце жыццё сваіх дзяцей з-пад увагі. Калі вам стала вядома пра месца атрымання курыльных сумесяў, не адкладвайце - звяртайцеся ў міліцыю па месцы жыхарства. (Зв., 24.9.2014).

Амаль 800 (!) тысячаў чалавек свету штогод цяжка памірае ад курава. Дыскусіі пра яго нейкую карысць закончаныя, вынікі атрыманыя. Курава шкоднае!


Адукацыя мае быць беларускамоўнай

У Нацыянальнай бібліятэцы 8 снежня Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі правёў фінал конкурсу "Студэнт года".

За званне змагаліся 10 студэнтаў з розных беларускіх ВНУ.

Тэматыку конкурсу вызначылі як "Беларусь - крыніца натхнення", выступіць таксама запрасілі гурт Naviband - зала падпявала ім стоячы.

Ну а перамагла 19-гадовая студэнтка Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Радковіч - дзяўчына скарыла журы сваёй шчырасцю і харызмай, таксама залу сваімі галасамі рвалі дзясяткі чалавек падтрымкі.

Валячыся ад стомы з ног, дзяўчына знайшла сілы сказаць пару словаў для "Нашай Нівы".

- Чаму я гавару па-беларуску? Усё заклалася ў дзяцінстве - я хадзіла ў беларускамоўны садок і школу. Мая пазіцыя такая: мы - беларусы, мы - нацыя. У нас ёсць мова, на якой мы мусім гаварыць, - сказала яна. - Выкладчыкі і аднагрупнікі мой выбар адназначна ўхваляюць, я ж актывістка - мной нават ганарацца ў пэўным сэнсе, бо я прадстаўляю факультэт і ўніверсітэт. Я ж не адна беларускамоўная, у нас шмат такіх. "І "Нашу Ніву" я чытаю. І на суполку вашую "УКантакце" падпісаная, - запэўніла дзяўчына.

- Я лічу, што трэба больш выкладаць на мове, адукацыя мае быць беларускамоўнай, каб больш мовы было ў жыцці, - падсумавала яна, адказваючы на пытанні пра хібы айчыннай адукацыі.

Аднагрупнікі Аляксандры называюць яе рухавіком, які не сядзіць на месцы.

Дзяўчына паходзіць са Слонімшчыны, марыць працаваць вядоўцай на тэлебачанні ці на радыё.

Арцём Гарбацэвіч, фота прэс-службы БРСМ.


З кім я шчаслівы быў

3 лістапада 2017 года спаўнялася 135 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча). Аб тым, якім мужам, бацькам, дзедам быў пісьменнік, чые творы вядомы ўсім беларусам са школы, распавялі яго ўнучкі - Марыя Міхайлаўна Міцкевіч і Вера Данілаўна Міцкевіч у Магілёве 26 лістапада. Абласная бібліятэка і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны правялі вечарыну, на якой госці прэзентавалі цікавую фотапрэзентацыю пра свайго легендарнага дзядулю.

Марыя Міхайлаўна МІЦКЕВІЧ - унучка не толькі славутага пісьменніка Янкі Маўра, але і Якуба Коласа! Яе маці Наталля Іванаўна - дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч - сын Якуба Коласа.

МІЦКЕВІЧ Вера Данілаўна - архівіст, даследчыца творчасці Якуба Коласа. З 1991-2001 гг. - вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. З 1993 года выступае ў друку з публікацыямі пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Якуба Коласа.

Але ў гэтым артыкуле я распавяду не пра ўсё, што нам паведамілі Марыя Міхайлаўна Міцкевіч і Вера Данілаўна, а толькі пра тое, якім быў у сям'і Якуб Колас, пра яго каханую жонку і дзяцей.

Якуб Колас пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай, у 1912 годзе ў Пінску. Туды, у вучылішча Канстанцін Міцкевіч быў накіраваны настаўнікам. У пінскай чыгуначнай школе настаўніцай пачатковых класаў працавала Марыя Дзмітрыеўна Каменская. Сустрэліся яны на занятках па ўдасканаленні педагагічнай работы, якія праводзіў Колас для маладых настаўнікаў. Коласу адразу спадабалася сімпатычная маладая дзяўчына, а ўжо праз год Марыя Дзмітрыеўна стала яго жонкай. Цікава, што яна сама прапанавала паэту ажаніцца, бо бачыла, што падабаецца маладому настаўніку, але ў яго не хапала рашучасці прызнацца ў сваіх пачуццях. Для пісьменніка сустрэча з Марыяй Дзмітрыеўнай была падарункам лёсу. Сястра Якуба Коласа Алена Лойка ў сваіх успамінах пісала: "Каб не такая жонка брату надарылася, то, можа, ён і такім вялікім не стаў бы".

Менавiта з яе "спiсваў" паэт Сымонкаву Ганну ў паэме "Сымон-музыка".

...Ён нiколi не забудзе,

Покi жыць на свеце будзе,

Пары ясненькiх вачок,

Тонкiх бровак, тварык ветлы,

I на губках такi светлы,

Такi добранькi смяшок...

Дык то Ганна!

Ну й дзяўчынка!

I прыўдалая ж яна!..

Яшчэ да вяселля Якуб Колас прысвяцiў Марусi цыкл вершаў. З гэтай нiзкi захаваўся толькi адзiн верш - "Дзяўчыне".

Тры гады, якія правёў у Пінску Якуб Колас, былі вельмі плённымі ў ягоным жыцці. Менавіта тут заклаўся падмурак ягонай сям'і, нарадзіўся першы сын Даніла. І Піншчына натхніла пісьменніка напісаць трылогію "На ростанях".

У сям'і Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны нарадзілася трое сыноў: Даніла, Юрый, Міхась. Марыя Дзмітрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў свайго мужа. Яна ведала шмат беларускіх народных песень, часта спявала "Ой, зацвіла ружа, белы цвет", "З гары па даліне галубы ляталі". Унучкі Коласа распавядалі пра сваю бабулю: лёс яе сапраўды быў шчаслівы, але і цяжкі. Нялёгка быць жонкай паэта-генія. Быць побач з ім - і быць не навідавоку, як бы ягоным ценем: ствараць атмасферу ўтульнасці ў хаце і гадаваць дзяцей, падтрымліваць сувязь са шматлікімі родзічамі і прымаць гасцей. І ўсё гэта - праз дзве сусветныя вайны, праз горкія страты самых блізкіх людзей... Марыі Дзмітрыеўне не пашчасціла пабачыць аніводнага ўнука ці ўнучкі. А калі ў дзеда Якуба нарадзілася першая ўнучка, яе, зразумела, назвалі Марыяй.

"Мілы друг мой", "мая зорка", "мая добрая дружачка", "мая святыня", "яснюсенькая зорка" - так пяшчотна называў Якуб Колас сваю жонку. У сям'і панавалі пачуцці любові, вернасці і адданасці. Апошнiя чатыры гады жыцця для Марыi Дзмiтраўны былi цяжкiм выпрабаваннем... Iшла Вялiкая Айчынная вайна. Мiцкевiчы пакiнулi ахоплены пажарамi Менск, дзевяць дзён дабiралiся да Масквы. Потым эвакуявалiся ў Ташкент... Апошнi лiст ад сына Юркi з фронту... Гарачы ташкенцкi клiмат... Несцiханы боль за лёс краiны, за родную Беларусь, за людзей, за сына. Сын Юрка загінуў у першыя месяцы вайны … Яна моцна перажывала, хварэла. Усё пераплялося - i гэтая навала канчаткова "ўдушыла" яе - добрую, разумную, але i слабую жанчыну. Марыя Дзмiтраўна памерла ў Маскве, у бальнiцы ў хуткім часе пасля перамогі. Яе перавезлi ў Менск у труне на самалёце i пахавалi на Вайсковых могiлках. Побач Канстанцiн Мiхайлавiч пакiнуў месца i для сябе. Калі яе не стала, Якуб Колас вельмі перажываў, ён пісаў: "Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы".

Праз некаторы час асірацелы Колас пісаў:

І толькі мне

адно сягоння горка:

Няма таго, з кім думкі я дзяліў,

З кім тут стаяў,

З кім я шчаслівы быў, -

Пагасла ты,

яснюсенькая зорка.

Колас пранёс праз усё жыццё вернасць, маральную чысціню і высакародства пачуццяў да сваёй Марусі. У адным з лістоў да свайго сябра паэт пісаў, што такія жанчыны, як яго жонка, пападаюцца не часцей, як адна на дзясятак тысяч. На яго дарозе траплялася многа прыгожых дзяўчат і маладзіц. Шмат кім з іх ён глыбока захапляўся, але перад Марыяй Дзмітрыеўнай ён быў чысты.

У ліпені на званіцы Свята-Варварынскай царквы ў Пінску з'явілася мемарыяльная дошка, якая будзе напамінаць аб значнай падзеі - вянчанні беларускага песняра ў Пінску.

Цікава, што ў сям'і Якуба Коласа ёсць традыцыя: усе жанчыны захоўваюць прозвішча песняра - Міцкевіч.

Міхась Канстанцінавіч, бацька Марыі Міхалаўны, расказваў, што Якуб Колас з вялікай любоўю і пяшчотай ставіўся да сваіх сыноў, стараўся падтрымліваць іх захапленні, праводзіў часы летніх адпачынкаў разам з дзецьмі на прыродзе. За ўсё жыццё сыны Якуба Коласа ні разу не чулі, каб ён павысіў голас на каго-небудзь з сваіх блізкіх.

Якуб Колас вельмі любіў сваіх унукаў, сумаваў, калі доўга іх не бачыў, купляў ім цукеркі.

Вядома, што ў Коласа ў радаводзе 380 чалавек. Сярод нашчадкаў Якуба Коласа паэтаў і пісьменнікаў няма, толькі Міхась Канстанцінавіч часам піша вершы і эпіграмы, пісаць ён стаў у даволі сталым узросце. А вось настаўніцкі талент Якуба Коласа перадаўся яго нашчадкам.

Марыя Міхайлаўна Міцкевіч і Вера Данілаўна Міцкевіч удзячны свайму дзеду Якубу Коласу за літаратурную спадчыну, якую ён нам пакінуў, гэта сапраўдны скарб! А яшчэ сказалі б "дзякуй" за тое, што ўзгадаваў такіх добрых сыноў і заклаў шмат сямейных традыцый, якія яны стараюцца захоўваць і працягваць.

Наталля Шамянкова, Магілёў. Фота - Алесь Сабалеўскі.


У Бярозаўцы знайшлі ўнікальную кнігу з бібліятэкі Вандаліна Шукевіча

У Бярозаўцы Лідскага раёна знойдзена кніга з бібліятэкі вядомага беларускага археолага і даследчыка, акадэміка Кракаўскай акадэміі навук Вандаліна Шукевіча. Пра тое, што кніга належала навукоўцу, а пасля яго дачцэ Галіне, сведчаць адпаведныя імянныя пячаткі на яе старонках. Паэтычны зборнік "Plejada polska", выдадзены ў Пецярбургу ў 1857 годзе. Яна выпадкова знайшлася сярод іншых кніг у звычайнай гарадской кватэры, уласнік якой нават і не здагадваўся пра тое, што мае.

Пра ўнікальнасць і значнасць знаходкі кажа аўтар кнігі "Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца" з серыі "100 выдатных дзеячаў беларускай культуры" Лявон Лаўрэш:

- Гэта шараговая кніга з бібліятэкі Шукевіча. Вельмі цікава ведаць, што гэту кнігу чытаў Шукевіч. Невядома адкуль яна, які яе лёс быў пасля 1919 года, калі Шукевіч памёр. Яна магла пайсці па букіністах віленскіх, а магла трапіць у сялянскую хату і нейкім чынам не трапіць у печ. Тым не менш вельмі добра, што яна ўсплыла. Для Беларусі, якая вельмі бедная на такога роду рэчы, гэта кніга мае вельмі вялікую каштоўнасць.

Таксама ўнікальнасць знаходкі заключаецца ў тым, што знойдзеная кніга з'яўляецца прыжыццёвым выданнем таленавітага беларускага паэта Ўладзіслава Сыракомлі. Сярод іншых, на старонках зборніка надрукаваны і яго верш "Лірнік вясковы". Нагадаем, што кніга з бібліятэкі Вандаліна Шукевіча выдадзена ў 1857 годзе, а паэт пайшоў з жыцця ў 1862 г.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX